Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Сяргей Чыгрын 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Сяргей Чыгрын нарадзіўся 24 верасня 1958 года ў вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёна. Скончыў тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча і філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Жыве ў Слоніме, працуе загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра.

Выдаў зборнікі паэзіі "Шчырая Шчара" (1993), "Горад без цябе" (1999), "Лірыка" (2007), "Камень Міндоўга" (2009), кнігі гісторыка-краязнаўчых і літаратурных артыкулаў "Янка Купала і Слонімшчына" (1993), "Родам са Слонімшчыны" (2003), "Пакліканыя на родны парог" (2005), "Чамяры і чамяроўцы" (2006), "У пошуках слонімскіх скарбаў" (2007), "Беларуская Беласточчына" (2008), "З беластоцкай зямлі" (2008), "Тэатр у Слоніме" (2008), "Мастак Антон Карніцкі" (2009), "Жыў роднай песняй" (2010), "Альбярцін" (2011), "Такі іх лёс" (2012), "Па слядах Купалы і Коласа" (2012), "Слонімскія падмуркі" (2012), "Сярод сваіх людзей" (2012), "Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны" (2013), "Слонімскі буквар" (2013), "Легенды і паданні Слонімшчыны" (2013) "Іншых шляхоў не было" (2013), "Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках" (2014), "Хочацца дахаты" (2014), "Слонім і ваколіца" (2014) "Шляхамі Беласточчыны" (2015), "Мора Віктара Шведа" (2015), "На радзіме Ігната Дварчаніна" (2016), "Гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны" (разам з Сяргеем Яршом, 2016), "Гістарычная мазаіка Слонімшчыны" (2019) і іншыя.

Уклаў і выдаў у Беластоку літаратурную спадчыну С. Грынкевіча, Ф. Грышкевіча, У. Казлоўшчыка ("Вяртанне да сваіх", 1999), а таксама гістарычныя нарысы Міколы Шкялёнка ("Беларусь і суседзі", 2003). Сабраў і выдаў літаратурную спадчыну Сяргея Хмары "Рабінавы хмель" (2009), Леаніда Трубача "Паміж песняй і болем" (2010), Юрыя Весялкоўскага "Я веру" (2009), кнігу артыкулаў "Музей у Гудзевічах" Алеся Белакоза (2012) і інш.

Літаратурныя пародыі на паэтаў Лідчыны

Верш без слоў

Так чыста, гладка зроблен верш.

І слоў нямнога - толькі жменька.

Уладзімір Васько.


Напісаў я верш без слоў,

А навошта ў вершах словы,

Верш прынёс сябрам дамоў:

Вось, чытайце, верш чарговы.

Верш цудоўны, хоць без слоў,

Праўда, сэнсу - на капейку…

Абмяняў я для сяброў

Шчыры вершык на гарэлку.

Птушка-паэт

Магу і сарокаю быць,

І буслам, і сокалам смелым.

Уладзімір Васько.


Стану я сарокаю,

Сокалам і буслам,

Вершаў нагалёкаю -

Прачытаю вусна ўсім.

Стану я сініцаю,

Ластаўкаю стану,

Вершы будуць сніцца -

Не прачнуся рана.

Можа стану галкаю,

Ці шпаком ля хаты,

Бо пішу я змалку

Вершыкі заўзята.

Землякі мне вераць,

Зычаць мне удачы…

Калі хто падстрэліць -

Куліком заплачу.

Ці мая?

Там шэпчуць травы пра каханне,

І лес шуміць, што ты - мая.

Уладзімір Васько.


Мне лес шаптаў, што ты мая,

Шапталі травы - ты мая,

Кусты шапталі - ты мая,

І быў шчаслівы ў Лідзе я.

І перац горкі мне шаптаў,

І праўду пра цябе казаў,

Гарбуз шаптаў, капуста, рэпка,

Што ты мяне кахаеш крэпка…

Маўчалі толькі боб з цыбуляй,

Што ад твайго кахання - дуля.

Шампанскае і пчолы

Пчаляры закрываюць сезон:

П'юць шампанскае…

Алесь Мацулевіч.


Селі за стол пчаляры

Піць шампанскае з пчоламі,

І пілі аж да той пары,

Пакуль дужа не сталі вясёлымі.

І закусвалі мёдам з сотамі,

І тосты казалі пчолам,

І так добра пілося з пчоламі,

Пад келіхі звонаў.

Ды Алесь закурыў цыгарку,

Закурылі і ўсе…

І білі пчолы па карку

Джаламі па чарзе.

І ўбакі разбягаліся хлопцы -

Хто куды…

Дапівалі шампанскае пчолы

Ад нуды.

Сырадой

О, сырадою-сырадою,

Як я даўно цябе не піў!

Мінск мінеральнаю вадою

Амаль штодзень мяне паіў.

Тадэвуш Чарнавус.


Хачу напіцца сырадою,

Я мінералкі не хачу,

І будзем тлустыя з табою,

Як я на вёску заскачу.

У вёсцы добра, ёсць карова,

Яна чакае там мяне.

Таму заўсёды піць гатовы я

З табою, сябра, нараўне.

Ах, сырадою, сырадою,

Я так цябе заўжды люблю,

Больш за жанчыну маладую,

З якою побач з ёю сплю.

Люблю цябе я больш за піва,

Каньяк, шампанскае, віно…

Бо з сырадоем я шчаслівы,

Я б без яго памёр даўно.

Але мяне ратуюць лекі -

Рагулі нашай сырадой…

Хай мінералку п'юць калекі,

А я напітак маю свой.

Словы

Ляцяць кудысьці мае словы,

Вятрыскам разагнаныя,

Я без іх, як без падковы,

Конь не падкаваны.

Як злавіць іх, падскажыце…

Алесь Хітрун.


Паляцелі мае словы -

Не магу я іх злавіць,

Заглянуў пад куст яловы,

Раптам слова там сядзіць.

Не, няма там ані слоўка,

І на полі іх няма,

Замяла іх можа лоўка

Ў лесе снежная зіма?

Я шукаў усюды словы,

І у горадзе шукаў…

Нехта хітры, адмысловы

Ад мяне кудысьць схаваў.

Дзе ж падзеліся вы, словы?..

Я ж без вас не пражыву..

Я без іх, як без падковы,

Конь, што есць адзін траву.

Шмат гадоў лаўлю я словы,

І ніяк іх не знайду.

Можа раптам выпадкова

Яны трапілі ў бяду?

І бяда мне адказала,

Што без слоў маіх жыве.

Твае словы - падсказала -

Ўсе гняздзяцца ў галаве.

Пясняр Юпітэра

Жудасны Марс узышоў над Зямлёю…

Мне лётчык сказаў:

"Навучыся лятаць"…

Валера Мацулевіч.


Куплю чаравікі і новы світэр

І развітаюся сумна з Зямлёй,

Вершы пісаць палячу на Юпітэр,

Добра там пішацца ў цемры глухой.

Сяду шчаслівы я на ракету,

І палячу ад людзей, ад Зямлі.

Буду я там самым першым паэтам,

Бо на Зямлі іх, як бульбы ў раллі.

Дробных паэтаў і дужа вялікіх -

Іх на Зямлі немагчыма злічыць.

На прэзентацыі буду я клікаць,

Хто пажадае - туды прыляціць.

Буду пясняр на вялікім Юпітэры,

Вершы замерзнуць мне там не дадуць.

Вы прысылаце з Зямлі толькі світэры,

Каб не змаглі мяне ветры прадуць.

Каханне з пілой і долатам

Ты адчуй усю горыч тугі,

Што пілуе мяне, як пілою…

Святлана Курловіч.


Ты пілуеш мяне, як пілою,

Абцугамі выцягваеш нервы,

А мне хочацца быць з табою,

А мне хочацца быць табе вернай.

Ты рубанкам мяне стругаеш,

І сякерай махаеш ля носа.

Ты ж таксама мяне кахаеш,

І з маім ты звязаўся лёсам.

Ты ж дзяўбешся штодня долатам,

І свярдзёлкам ты свідруеш душу…

Для мяне ж ты ўсяроўна - золата,

І да смерці кахаць цябе мушу я.

Гэй і шмык

Гэй-гэй-гэй…

Шмык-шмык-шмык…

Так-так-так…

Ду-ду-ду…

Та-та-та…

Ту-ту-ту…

Ірына Багдановіч.



Гэй-гэй-гэй!

Усміхнуўся мне яўрэй,

Шмык-шмык-шмык!

На спатканне зваў калмык.

Так-так-так!

Падарыў аўто паляк.

Та-та-та!

Ад машыны - любата.

Шмык-шмык-шмык!

К чорту бедны той калмык.

Ду-ду-ду!

На спатканне не пайду.

Танцы ў Падкляпанцах

За светам недзе вёска Падкляпанцы,

А там жывуць манюкі, ашуканцы.

Былі аднойчы

У Падкляпанцах танцы…

Данута Бічэль.


Прыехала я ў вёску Падкляпанцы,

А там адны манюкі, ашуканцы.

Пайшла адна вясёлая на танцы,

І там таксама хлопцы-ашуканцы.

Пад музыку не таньчыла я танцы,

Бо там былі п'янчугі, ашуканцы.

І ўсе спявалі песні там, дарэчы, -

Баялася я хлопцам запярэчыць.

Ад гэтых песень прападаў настрой,

Бо я там аказалася чужой.

Крычалі ў клубе хлопцы ў Падкляпанцах,

Дзе мне было, паверце, не да танцаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX