Віктар Праўдзін (Праўдзін Віктар Аляксандравіч) нарадзіўся 11 траўня 1955 года ў г. Ліда Гарадзенскай вобласці.
Працаваў у праваахоўных органах, быў намеснікам галоўнага рэдактара літаратурных часопісаў "Нёман" і "Полымя", галоўным рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура", першым намеснікам старшыні ГА "СБП" і першым сакратаром ГА "СПБ".
Друкуецца з 1986 года.
Аўтар кніг: "Візіцёр з Поўначы" (1991), "Боль, альбо Споведзь міліцыянера" (1996), "Эксгумацыя" (1997), "Шлях да Галгофы" (2003), "Таямніцы мінскіх скрыжаванняў" (2013) , "Іду насустрач" (2013), "Парыж, Эйфелева вежа і..." (2020), "Нелюбімыя гінуць ("Спакушэнне") (кніга другая, 2021), раманаў "Вяртанне з апраметнай" (1999), "Танцавальны марафон" (2001), "Нелюбімыя гінуць" (2003) і інш.
Узнагароджаны медалём Ф. Скарыны, нагрудным знакам "Выдатнік друку Беларусі", лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі "Проза" за раман "Парыж, Эйфелева вежа і..." (2021).
Трыццаць міль да святасці...
(Апавяданне)
І не бойцеся тых, што забіваюць цела,
але ж душы забіць не могуць;
бойцеся ж болей таго, хто можа
і душу, і цела загубіць у геене.
(Евангелле паводле Матфея, раздзел 10)
Вясна тысяча дзевяцьсот дзевятнаццатага года выдалася позняй, халоднай і трывожнай. Дзісёнка, як заўсёды, пагражала вясновай паводкай і праваму берагу Стара-Шаркаўшчыны, і леваму. Людзі, чые агароды і хаты туліліся бліжэй да рэчышча, з хваляваннем прыслухоўваліся да начнога гулу і грукату, тут і дзеці ведалі, што вада нясе лёд, і на звілістых паваротах грувасткія глыбы хутка створаць заторы. І тады - бяда не праміне... Рака імгненна ўзнімецца, і вада некалькі тыдняў будзе гаспадарыць не толькі ў Стара-Шаркаўшчыне, але і ў Нова-Шаркаўшчыне, і ў бліжэйшых вёсках і хутарах.
Ужо цяпер, яшчэ да магчымага разліву, чуецца манатонны стук, і ў паветры едка, удушліва пахне смалой. Гэта мужыкі канапацяць і прасмальваюць лодкі - адзіны транспарт, які злучыць жыхароў, чые хаты месцяцца непадалёк Свята-Успенскага храма, з "вялікай зямлёй".
"Зямля, можа, і вялікая, - дабрадушна пасміхаюцца мужыкі-перавозчыкі, - але ж усе дарогі і сцежкі бягуць сюды, да царквы, да бацюшкі Канстанціна..."
Паводкай і сапраўды ў першую чаргу ад навакольнага свету будзе адсечана царква. А яна во - зусім новенькая, прыгожая і стромкая. Золатам зіхацяць купалы ў скупых сонечных праменях, яны то купаюцца ў раздольным вясновым небе, то, здаецца, плывуць разам з аблокамі над зямлёй. І штодня чуецца ў вышыні чароўны, прызыўны перазвон, які сагравае, радуе сэрцы і душы прыхаджан, дае кожнаму надзею на здзяйсненне мар і жаданняў.
Людзі бачаць, як бацюшка Канстанцін па некалькі разоў за дзень доўгім шастом абмярае берагі Дзісёнкі і занатоўвае ў тоўстым журнале, на колькі ўзнялася вада. А бывае, торкне ў адным месцы шост і доўга стаіць на беразе, здаецца, любуецца вірлівай, у берагах пеннай вадой. Канешне, бацюшку павадак турбаваў, але большы клопат быў пра тое, што адбываецца ў новым свеце, да гэтых дзён яшчэ нязведаным і чужым, паганай воляй перавернутым дагары нагамі.
Не абмінулі Стара-Шаркаўшчыну ні вайна, ні нямецкая акупацыя, ні бальшавіцкі пераварот, ні доўгае безуладдзе... Тая вакханалія, што адбывалася ў Маскве, Петраградзе, а трошкі пазней і ў Мінску, людзі спадзяваліся, абыдзе бокам гэткае захалусце, як Стара-Шаркаўшчына, але напрыканцы мінулага года прыехаў чалавек у скуранцы, апяразаны шырокай дзягай, на якой матлялася кабура з маўзерам, і адразу некалькі чалавек з мясцовых абвясцілі сябе бальшавікамі і адпаведна - савецкай уладай на тэрыторыі, вызваленай ад нямецкай акупацыі.
Спярша людзі з недаверам і нават з насмешкай паставіліся да новых начальнікаў. Яшчэ пры цары ім і рукі ніхто не падаў бы... І як ручкацца з былым акалодачным наглядчыкам, асуджаным за забойства, ці з мясцовымі п'яніцамі?.. Але дужа хутка местачкоўцы на сабе адчулі, што новая ўлада заснавана і будзе апірацца на сілу, на рэвальверы і вінтоўкі. Пачаліся арышты, канфіскацыя маёмасці ў непажаданых новай уладзе людзей. Пайшла пагалоска пра нейкую незразумелую экспрапрыяцыю экспрапрыятараў...
І пацягнуліся людзі да бацюшкі Канстанціна па парады. Да гэтага ніхто нават у страшным сне ўявіць не мог, што хтосьці ў адкрытую (акрамя злодзеяў і бандытаў) можа прыйсці ў хату і, грозячы зброяй, забраць нажытае... Ды яшчэ спаслацца на закон... Маўляў, цяпер так будзе заўсёды: забіраць у багатых і дзяліць сярод бедных... У асяродку местачкоўцаў пайшла ціхая пагалоска, што гэткай уладзе трэба супраціўляцца...
Бацюшка Канстанцін ведаў, што ён Богам надзелены быць святаром, што ён не можа дапусціць аніякага непадпарадкавання ўладзе, бо сказана:
"Кожная душа няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам, бо няма ўлады не ад Бога; а існыя ўлады Богам устаноўлены.
Бо хто працівіцца ўладзе, той супрацьстаіць Божаму ўстанаўленню; а хто супрацьстаіць, той сам на сябе накліча асуджэнне" (Да Рымлян Пасланне Святога Апостала Паўла).
Бацюшка Канстанцін у шчырай малітве шукаў выйсце... І цуд здарыўся... Новы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Ціхан выпусціў некалькі пасланняў, у якіх тлумачыў людзям і служыцелям Царквы сэнс таго, што адбываецца ў грамадстве з царкоўнага пункту погляду. Ён перасцерагаў ад удзелу ў грахах і злачынствах, у каторыя ўцягвалі просты народ бальшавікі... Патрыярх адхіляў удзел Царквы ў барацьбе супраць савецкай улады і зваў да прымірэння... Ён заклікаў "верных дзяцей царквы" не да ўзброенай барацьбы, а да пакаяння і духоўнага малітвеннага подзвігу:
"... противостаньте им силою веры вашей, вашего властного всенародного вопля, который остановит безумцев и покажет им, что не имеют они права называть себя поборниками народного блага"
Патрыярх Ціхан умаляў праваслаўны народ "не сходить с пути крестного, ниспосланного Богом, на путь восхищения мирской силы", перасцерагаў, каб не дазвалялі ўцягнуць сябе ў жаданне помсты. Служыцелям Царквы Патрыярх нагадваў, што яны "по своему сану должны стоять выше и вне всяких политических интересов".
Прыхаджане слухалі ўзнёслыя пропаведзі бацюшкі Канстанціна, і атрутная, помслівая злосць, набраная і прымножаная несправядлівасцю, знікала, быццам выпаралася, саступала месца малітвеннаму захаванню евангельскіх запаведзяў і неабходнасці трымацца адно аднаго, каб разам перажыць ліхую гадзіну.
2
Але ж і бальшавіцкая ячэйка ў Стара-Шаркаўшчыне, як кажуць, не спала ў шапку... Бальшавікі, каб выслужыцца перад вышэйшым начальствам, усімі сіламі вышуквалі хоць які-небудзь кампрамата на Канстанціна Жданава... І не знаходзілі. Яны спакушалі бяднейшых прыхаджан адабранай у багатых маёмасцю і жыўнасцю, каб людзі толькі сказалі, што "поп Жданаў, вядзе антысавецкую агітацыю, падбухторвае людзей да барацьбы"... Але ўсё марна, "юды" не знайшлося ў мястэчку.
І тады хтосьці з бальшавікоў успомніў, што ў тысяча дзевяцьсот шаснаццатым годзе Стара-Шаркаўшчынскі прыход наведаў архіепіскап Віленска-Літоўскі Ціхан, будучы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. А Жданаў і да бальшавіцкага перавароту, і пасля нямецкай акупацыі часта наведваў Маскву... З гэтых меркаванняў выходзіла, што з апальным Патрыярхам, якога новая ўлада лічыць контррэвалюцыянерам і памагатым белагвардзейцаў, мясцовы поп мог мець антыдзяржаўныя стасункі.
Гэтая версія імгненна стала галоўнай падставай для арышту Канстанціна Жданава. Настаў дзень, калі ў бальшавікоў выспеў канчатковы план расправы з ненавісным ім чалавекам.
- Уяўляеце, таварышы... - наразаючы вялікія лусты сала нямецкім штыкавым цесаком, цяжка ўздыхнуў Фама. - У Стара-Шаркаўшчыне - асінае гняздо контррэвалюцыі, якім праз нашага папа кіруе сам Патрыярх Маскоўскі!.. Я гэткага ўявіць не магу... Без ста грамаў, канешне...
- З папом вырашым па-рэвалюцыйнаму! - грукнуў кулаком па стале п'янаваты Міхай, ды так, што захістаўся бутыль з мутнаватай вадкасцю. - Цяпер мы - улада... Да нас людзі павінны ісці з працягнутай рукой...
- Калі не пазбавімся ад белагвардзейскага элемента, самі трапім у жорны рэвалюцыйнай малатарні, - азваўся хрыплы голас з прыцемненага кутка. - Сягоння Жданаў на трэбах... Цямнее рана... Па дарозе да царквы і перахопім у якім цёмным закутку...
- Правільна, Алекс, - засоўваючы за шырокі рамень рэвальвер, пагадзіўся Фама. - Будзем арыштоўваць, ці адразу ў распыл?..
- Расстраляць паспеем, спярша допыт учынім, - устаючы з рыпучага крэсла, уладна зазначыў Алекс. Ён узяў за рыла бутлю з самагонкай, зірнуў праз яе на бледнае святло, што струменілася з даўнавата не мытага акна, задаволена крактануў:
- Добрая, зараза, але піць не будзем... Адпачнём перад адказнай справай... І галоўнае: поп павінен віну прызнаць і пакаянную падпісаць... Гэта не толькі, каб у бальшавіцкім камітэце Дзісны ведалі, што і мы не лыкам шыты. Глядзіш, таварышы з Мінска, а можа, і з самой Масквы, адзнаку паставяць... Што ні кажы, а раскрыць папоўскую змову супраць савецкай улады варта па меншай меры ордэна...
- Ну, Алекс, ты галава! - у захапленні прыцмокнуў губамі Фама і адразу падцягнуў жывот, выпучыў грудзі і прыклаў далонь да месца на гімнасцёрцы, дзе хутка заблішчыць ордэн. - Ты проста стратэг...
- У шахматы гуляе, вось і думае на некалькі хадоў наперад, - дапіўшы тое, што заставалася ў бруднай, да іржавага асадку, шклянцы, буркнуў Міхай. - Я згодзен з планам Алекса, толькі лепш прэмія, чым ордэн...
3
Іерэя Канстанціна Жданава арыштавалі тым жа вечарам. І вяроўкі не спатрэбіліся, што бралі хаўруснікі на выпадак, калі "ворагам" будзе аказана супраціўленне і давядзецца яго звязваць. Непадалёк ад абранага месца яны прывязалі коніка з павозкай і сцішыліся пад кронамі высачэзных таполяў.
Святар спыніўся адразу, як толькі пачуў, што кляцнулі затворы вінтовак. Бацюшка Канстанцін даўно зразумеў: рана ці позна новая ўлада ім зацікавіцца. А калі ў прыцемках угледзеў бальшавікоў і настаўленыя на яго карабіны, паставіў каля ног невялікі чамадан з начыннем, неабходным у трэбах, зняў акуляры і, насоўкай праціраючы шкельцы, раўнадушна ўсміхнуся:
- Напэўна, я важная персона, калі ўтрох сустракаеце?.. Хапіла б і пасыльнага з цыдулкай... Чалавек я законапаслухмяны... Клікніце, і абавязкова прыйду...
- Ты, грамадзянін Жданаў, ручкі свае заграбастыя, прапахлыя зеллем і дымам атрутным, падымі, - прасіпеў у патыліцу святара Міхай, балюча торкнуў дулам рэвальвера між лапатак і, спрактыкавана абмацаўшы цела, ціха сказаў: - Чысты... Зброі няма... Толькі крыж...
- Гэта няпраўда, - запярэчыў бацюшка Канстанцін, - якраз крыж і ёсць мая зброя...
- Ты з намі не шуткуй, - падскочыў да затрыманага Фама і, ухапіўшы святара за грудкі, прасіпеў у твар сівушным перагарам: - Свой опіумны тлум пакінь для дурняў...
- Астынь Фама! - пагрозліва рыкнуў Алекс. Ён падхапіў чамадан, страсянуў у руцэ, быццам узважваючы, і важна, з начальніцкімі ноткамі ў голасе, дадаў: - Даставім арыштаванага на базу, там і абшукаем, і дапытаем... А крыж, Фама, з яго знімі... Сам поп гэтага не зробіць... Ды ланцужок не парві, пэўна ж серабро...
Бацюшку Канстанціна падвялі да падводы, пасадзілі, і Фама моцна, з усёй сілы зацягваючы на руках зашмаргу, па-блазенску рагатнуў:
- Для надзейнасці... Каб не змог перахрысціцца і бога свайго паклікаць на падмогу...
- Гасподзь бачыць беззаконне! - адчуваючы, як нашмальцаваная воскам вяроўка глыбей і глыбей балюча ўпіваецца ў скуру, выдыхнуў бацюшка Канстанцін. - Лепш скажыце, за што арыштавалі?
Хаўруснікі не адказалі. Яны моўчкі ладкаваліся на падводзе так, каб старонняе вока, убачыўшы іх, не адразу разабралася, каго вязуць. Сваімі целамі яны быццам прыкрылі арыштаванага. І сапраўды, у такой "кампаніі", ды амаль ноччу, цяжка было разглядзець, хто ёсць хто.
На самай справе бальшавікі спінамі прыкрылі бацюшку не проста так: яны баяліся людскога гневу, бо ведалі, што для жыхароў Стара-Шаркаўшчыны, святар - бясспрэчны аўтарытэт. Але таго, што праз паўгадзіны, як прывезлі арыштаванага, ва ўчастак завітаюць прадстаўнікі Царкоўнапрыхадскога савета, бальшавікі не чакалі.
Хаўруснікі толькі паспелі зачыніць бацюшку ў наспех збіты катух для затрыманых і арыштаваных, а самі, павесялелыя ад удала праве-дзенай "аперацыі", выставілі на стол самагонку і закуску, як у дзверы, спярша асцярожна, а потым мацней, настойліва пастукалі.
У пакой увайшлі трое: два селяніны і невысокая прыгожая жанчына ў зеленаватым жупане. Маладзіца цяжка дыхала, з-пад похапкам накінутай на галаву чорнай хусцінкі выбілася пасмачка валасоў і прыліпла да спатнелага ілба. Яна дрыжачымі ад хвалявання пальцамі штораз падпіхвала валасы пад хустку, але яны зноў і зноў падалі.
- А вось і хадайнікі! - важна выходзячы насустрач і распраўляючы гімнасцёрку пад шырокай салдацкай дзягай, заўсміхаўся Фама. Ён блазнавата падміргнуў жанчыне і, скалячы вялікія жоўтыя зубы, выдыхнуў: - Зямля і праўда круглая... І сяляне прыйшлі, і суседзі, і... былыя сябры, і нават сваякі... Так, Ганна?..
- Ніякі ты мне - не сваяк? - непрыязна зірнула на Фаму жанчына, але праз секунду яе голас задрыжэў, Ганна ўсхліпнула і, ледзь стрымліваючы слёзы, ціха, скорагаворкай, выдыхнула: - Нашто вам бацюшка?.. Адпусціце!.. Ён жа не бандыт які... Жыве для людзей... Сынок, Георгій, адзін дома... Хто ж яго, сірату, дагледзіць, калі бацьку арыштавалі?..
- Ты, Ганна, тут сырасць не разводзь, - хаваючы пад стол бутлю з самагонкай, рыкнуў Міхай. - Тут палітыка... А гэта - не бабскага розуму справа...
- Мужыкі, - выйшаў наперад чалавек ў вайсковым шынялі. - А можа, выкуп?..
- У абарону бацюшкі, калі трэба, мы і подпісы можам сабраць, - умольна склала рукі на грудзях Ганна. - Гэтак раней было... Пачытае начальства і змілуецца... Прыслухаецца да просьбы прыхаджан...
- Вы што!?. - грукнуў па стале рукаяткай рэвальвера Алекс. - Хабар прапаноўваеце!?. Савецкая улада - непадкупная!.. Вы толькі гляньце на іх!.. Цара ўспомнілі?.. Вон адсюль! Не то... - Ён рэзка крутнуў барабан пісталета і наставіў рэвальвер на маладзіцу. - Лічу да трох... Потым страляю... За нападзенне на дзяржаўную ўстанову...
Пакуль Фама зачыняў за прыхаджанамі дзверы, Міхай, стоячы каля акна, нейкі час цікаваў за шэрымі сілуэтамі хадайнікаў. Трэба было ўпэўніцца, што ні ў панадворку, ні паблізу дома нікога няма. Потым, прысмальваючы самакрутку, доўга цмокаў моцна сцятымі губамі і, пыхнуўшы дымам, заклапочана сказаў:
- Пагалоска, што Жданаў арыштаваны, па Стара-Шаркаўшчыне разляціцца імгненна... Заўтра сюды прыйдуць не тры вернікі, а тысяча тры.. Што рабіць будзем? Супрацьстаяць не зможам, сілы не хопіць... Мо апярэдзім заступнікаў і папросім падмогі ў камітэта?
- Эх, нам бы кулямёт, - ажывіўся Фама. - А лепш два... Устанавілі б на гарышчы з двух бакоў і... та-та-та-та... Усё наваколле ў прыцэле...
- Глядзі, каб сам не аказаўся на мушцы, - незадаволена буркнуў Міхай. - Цяпер рашэнне прымаць трэба, а не ў "та-та-та" гуляць...
- Значыцца, так!.. - устаў з-за стала Алекс. Ён гаварыў коратка, адрывіста, быццам аддаваў загады. - Падмога не спатрэбіцца... Жданаў - наш казырны туз... Мы не будзем дзяліцца славай і самі давядзём пачатае да канца. Перакусім і пачнём допыт... І, як толькі поп падпіша павінную, даставім яго ў Дзісну... Няхай там вырашаюць, што з ім рабіць.
Праз некалькі гадзін злыя, добра падпіўшыя бальшавікі, ускінулі на падводу моцна збітага бацюшку Канстанціна і з вялікай перасцярогай пакінулі Стара-Шаркаўшчыну. Усе трыццаць міль, ажно да самай Дзісны, дзе вялі арыштаванага, дзе ехалі, але "ўладары новага жыцця" часта і са страхам у вачах аглядваліся, ці не гоніцца за імі праваслаўны люд.
Бацюшка ніякіх папер не падпісаў, змовы з Патрыярхам Ціханам супраць улады не прызнаў і пісьмова не пацвердзіў. На ўсе правакацыйныя пытанні адказваў адно: "Я - толькі святар і служу адпаведна Царкоўнаму Статуту..."
4
Допыты бацюшкі Канстанціна доўжылася і ў турэмных засценках Дзісны, і катавалі яго тыя ж самыя, старашаркаўшчынскія бальшавікі.
- Поп ваш, вы прывезлі, вы і расстрэльвайце, калі ён вораг савецкай уладзе... А ў мяне і сваіх "расстрэльных" хапае... Камеры перапоўненыя... Работы вышэй носу... Сам ведаеш, што пасля замаху на жыццё нашага правадыра, таварыша Леніна, на "белы тэрор" мы адказалі сваім, "чырвоным тэрорам", - пачуўшы пра магчымую змову Патрыярха Маскоўскага з папом са Стара-Шаркаўшчыны, хаваючы недаверлівую, нават грэблівую ўсмешку ў пышных вусах, не даслухаў, перапыніў Алекса галоўны камісар Дзісненскага павета. - І ў бальшавіцкі камітэт скардзіцца не хадзі, скажуць тое самае, калі не больш. А я надалей папярэджу: партыя вам даверыла архіважную справу - устанаўленне савецкай улады, партыя дала зброю, а вы без усялякіх фактаў, падсоўваеце "ліпу" пра Маскоўскага Патрыярха... Прыцягнулі сюды паўжывога папа - і што?.. Маўляў, ты камісар, ты і разбірайся?.. А нам дай узнагароду, мы ж сваю справу зрабілі, арыштавалі "белагвардзейскага прыхвасня"... Не, даражэнькія!.. Партыя прыняла вас у свае рады - гэта і ёсць узнагарода! А калі спатрэбіцца, партыя прыцягне і да суровай адказнасці... Памятай, таварыш Алекс: суровай і справядлівай...
Калі Алекс пераказваў размову паплечнікам, Міхай раптам зморшчыўся, уцягнуў галаву ў плечы, у бясколерных вачах бліснуў непрыхаваны спалох. І было з чаго. На гэтай службе ён адвык працаваць на зямлі і зусім злайдачыўся. "А нашто гарбаціцца? - часта разважаў Міхай. - Толькі пужні якога прыцісклівага гаспадара наганам ці вінтоўкай - і дабро само прыплыве ў рукі..." А вось, што такое справядлівая і суровая бальшавіцкая расправа, ён добра ведаў... Міхай пракаўтнуў даўкі камяк і ўпалым голасам прагугнявіў:
- Выходзіць, камісар не паверыў?..
- Трэба пакаянную выкалаціць!.. Тады ўсе павераць, - рукой, як шабляй, секануў паветра Фама і адразу расчаравана, быццам скардзячыся, ускрыкнуў: - Ну, не можа чалавек цярпець гэткага болю!.. Каторы і аднаго ўдару не вытрымлівае... Усё падпісвае... Чаго не было - пацвярджае... А Жданаў быццам з жалеза... На сваім стаіць - хоць на кускі рэж...
- Ён маўчыць і будзе маўчаць, - перапыніў хаўрусніка Алекс. - Цяпер трэба думаць, як самім выкруціцца!.. Вяртацца ў Стара-Шаркаўшыну з папом не выходзіць, а без яго - яшчэ горш... Людзі запытаюцца, а мы што скажам?..
- Ты, Алекс, перахітрыў самога сябе і нас у спакусу ўвёў, - незадаволена буркнуў Міхай. - Славы захацелася... Ордэна на грудзі...
- А што калі... - Фама шматзначна дакрануўся да дзяржальна рэвальвера. - Так сказаць, уціхую ў распыл... Па законе рэвалюцыйнага часу...
- А ў Стара-Шаркаўшыне скажам, што Жданава здалі чэкістам і цяпер з ім будуць разбірацца ў Дзісне, - падхапіў ідэю Міхай. - І няхай прыхаджане чалабітную пішуць у павет і подпісы збіраюць ў абарону папа... Час пройдзе - і ўсё забудзецца... А што не забудзецца - на барацьбу з рэвалюцыйнай контрай спішацца... І, галоўнае, мы ў начальства давер адновім...
- Так і зробім, - пагадзіўся з хаўруснікамі Алекс і, трошкі падумаўшы, дадаў: - Ад папа гэтай жа ноччу і пазбавімся... Правядзём ліквідацыю без лішняга шуму... А наконт пагалоскі - гэта правільна, падтрымліваю ... Каму ахвота - няхай у Дзісне шукае свайго дабрадзея...
Цішком расправіцца з бацюшкам Канстанцінам не атрымалася. Калі ноччу хаўруснікі разам з ахоўнікам, які прадставіўся Васілём, прыйшлі ў камеру забіраць арыштаванага, на падлозе каля Жданава сядзеў святар і перавязваў яму раны белымі кавалкамі тканіны. Па ўсім, гэтая матэрыя раней была кашуляй.
- Ты хто такі? - прасіпеў Міхай і, выхапіўшы з рук святара матэрыю, наводмаш садануў яго ў грудзі.
- Аляксей Сакалоў, - сілячыся ўзняцца на ногі, задыхаючыся прашаптаў арыштаваны. - Настаяцель Язненскай... Спаса-Прэабражэнскай царквы.
- Ведаеш, поп, каму раны залізваеш? - прыкрываючы рукавом нос, каб не чуць удушлівага паху гніення скалечаных цел, зморшчыўся Фама.
- Айцу Канстанціну, іерэю Свята-Успенскага хра-а-а... - Святар зноў атрымаў нечаканы ўдар пад дых, раптоўна змоўк, закашляўся і, хапаючы ротам паветра, быццам выкінутая на бераг рыбіна, паволі асеў на падлогу.
- Бачу, што ведаеш, - паціраючы рукі, нервова рагатнуў Міхай і, свідруючы хаўруснікаў безжыццёвым алавяным позіркам, запытаўся: - Што рабіць будзем?..
Медзведзяваты высачэзны ахоўнік з выпучанымі вачыма нечакана бразнуў ключамі, плюнуў на акрываўленыя целы арыштаваных шалупіннем семачак, якія пастаянна лушчыў, і гучна прабасіў:
- Тут усе - "смяротнікі"... Калі заместа мяне і гэтага "шлёпнеце", - ён кіўнуў на Сакалова, - пачастую... І добры магарыч выстаўлю, калі з жаночай камеры яшчэ дзвюх баб прыхопіце...
- А іх за што? - міжвольна вырвалася ў Фамы.
- Не лезь, жаба, пад калёсы!.. - незадаволена буркнуў Міхай. - Менш ведаеш - лепш спіш... Не адны мы тут...
- Дакладна не ведаю, - неахвотна басіў ахоўнік. - На гэтай працы ўсяго месяц... Хто да мяне быў - расстралялі. Смяротнікаў прадаваў... золатам браў... А жанчыны, калі меркаваць па іхняй старой апратцы, маглі быць паломніцамі... Хтосьці казаў - стараверкі... Іх на бальшаку, на полацкай дарозе затрымалі. У манастыр ішлі... Ефрасінні Полацкай памаліцца... А тут разнарадку па свяшчэннаслужыцелях прыслалі... Яе ж выконваць трэба!.. Вось паломніц дзеля "планавай галачкі" і арыштавалі, і прыгаварылі... Ці так было, сказаць не магу... Адно ведаю: бабы ў нас дзеля забавы і ўцех... Хто так распарадзіўся, таксама невядома. Начальства штомесяц мяняецца, нават часцей, а яны як жылі, так і жывуць на павышаным пайку... А прыгавор ляжыць пад сукном... Вось такія пірагі... Сягоння начальнік выклікаў і крычыць: "...наводзь, Васілій, парадак..." Знайшоў крайняга... А я не змог!.. Хоць бабы самі прасіліся... Плакалі, божкалі, галасілі, што жыць у блудзе не могуць, а самагубства ўчыніць - для іх яшчэ большы, недаравальны грэх... А як расстраляць чалавека, калі просіцца? Дзеля забавы - рука не паднялася. Мне ворага падавай!.. Ну дык што, дапаможаце таварышу па партыі?
Фама і Міхай запытальна зірнулі на Алекса, і той, трошкі падумаўшы, згодна кіўнуў:
- Дапаможам.
Хаўруснікі адразу падхапілі пад пахі абодвух святароў і волакам выцягнулі ў доўгі прыцемнены калідор.
- Вы мяне трошкі пачакайце, - радасна, што знайшліся памагатыя, ускрыкнуў Васілій. Ён нейкі час мітусліва перабіраў на поясе звязку ключоў і, калі наткнуўся на патрэбны, адразу заспяшаўся. Кіруючыся да выхаду, ахоўнік, не азіраючыся, адным духам выпаліў:
- Бабы цяпер у другім памяшканні, пабягу па іх... А папам вады дайце, каб ачухаліся, а то на сваіх плячах пацягнеце... І мінут праз дваццаць выходзьце.
- Ты пачастунак нясі, - наўздагон крыкнуў Фама. - Спярша магарыч, потым страляць...
Калі хаўруснікі вывелі арыштаваных на вуліцу, а святары, падтрымліваючы адно аднаго, спусціліся з велікаватага ганка, то і дзесяці крокаў не паспелі зрабіць, як з цемры вынырнулі дзве жанчыны, апра-нутыя ў аднолькавыя, да непрыстойнасці пошлыя сукенкі. Яны разам укленчылі перад бацюшкам Канстанцінам, і насцярожаную начную цішыню працяў самотны, надарваны малітоўны крык:
- Малі Бога за нас, ба-а-а-цю-шк-а...
- А гэта яшчэ хто такія? - спалохана ўскрыкнуў Алекс.
Паплечнікі зрэагавалі позна. Фама і Міхай схапіліся за зброю і нейкі час баязліва ўзіраліся ў цемру, яны чакалі, што адтуль вось-вось пачуюцца стрэлы?.. А калі зразумелі - жанчыны адны, - быццам ашалелыя сабакі, кінуліся біць безабаронных. І раптам у цемры сапраўды грымнуў стрэл, і адразу з-за вугла выбег запыханы ахоўнік з зялёным вайсковым мяшком у адной руцэ і наганам у другой.
- Думаў, уцяклі, - пераходзячы на хаду, здалёк, цяжка дыхаючы, гукнуў служка і нечакана рассмяяўся. - Толькі сказаў, што за імі святары прыехалі, дзевак і след прастыў, толькі лыткі заблішчэлі... Бягуць... самі не ведаюць, куды бягуць... А каб шуснулі ў другі бок, і куля не дагнала б... - Ён асцярожна, але шкло ўсё ж дзынкнула, паклаў мех каля ног Алекса і, паглядзеўшы на Фаму, гучна, каб пачулі ўсе, сказаў: - Магарыч, як дамаўляліся... А яны, - ён кіўнуў на сядзячых на зямлі жанчын, - цяпер вашы... Не падвядзіце, мужыкі, зрабіце, што абяцалі... Нейкі начальнік павінен прыехаць... Во, успомніў, рэвізор... А прыгавор не выкананы...
5
З гарадка выйшлі даволі хутка. Паперадзе ішоў Алекс з рыдлёўкай і начным ліхтаром, які быў не так ужо і патрэбны. Следам, мармычучы нешта невыразнае, напаўголыя жанчыны, потым - босыя святары. Фама і Міхай з ускінутымі вінтоўкамі шморгалі расхлябанымі ботамі з правага боку і з левага.
За гэтай незвычайнай трагічнай працэсіяй сачыла зорнае начное неба і з халодным, ледзяным сумам назірала поўня. І былі яны адзінымі сведкамі, маўклівымі і абыякавымі да людскога гора і зладзейства. Нечакана пасвяжэлы ветрык пачаў даносіць лёгкія ўсплёскі. Дзісёнка ўсё ж выйшла з берагоў і цяпер спяшалася наталіць заліўныя лугі і напоўніцу даць вады Заходняй Дзвіне, каб яна, шырокая і прыгожая, імклівым патокам несла воды тутэйшых рэк і рачулак да Балтыйскага мора і на сваім шляху ўсім народам урачыста абвяшчала вясну, абвяшчала новае жыццё.
- Алекс, - гукнуў Фама, - пуза "марш" грае, можа, перакусім?
- І то праўда, - азваўся Міхай, - не паміраць жа з голаду разам з папоўскім адроддзем.
- Скінем назолу і прысядзем дзе-небудзь каля ракі, - адказаў Алекс, але праз хвіліну змяніў рашэнне: - Можна пазбавіцца ад...
- Баб! - у адзін голас ускрыкнулі канваіры.
Праз дзесяць хвілін хаўруснікі зрабілі прывал. Жанчын адразу павялі да блізкага, амаль непралазнага хмызняку. Яны, апранутыя ў летнія сукенкі, нейкі час ішлі моўчкі. Іх целы, згорбленыя і спакутаваныя, дрыжэлі ад холаду і нервовай трасучкі. Яны прадчувалі хуткую расправу.
- Як завуць вас, матушкі? - паспрабаваў крыкнуць ім у след бацюшка Канстанцін, але замест слоў з грудзей жанчын вырваліся толькі няўцямныя хрыплыя гукі.
- Бог ведае..., - адгукнуліся яны... А можа, гэта толькі падалося...
І раптам жанчыны запелі. Спярша ціха, быццам мацаючы і ладкуючыся да начной цішыні, а потым галасы загучалі моцна, упэўнена. І палілася святая запаветная малітва і ўшыркі, і ў вольнае, вечна прывабнае неба, і ў сэрцы тых, хто чуў і мог чуць... І больш не было ў целах трасучкі, жанчыны ішлі без боязі, з высока ўзнятымі галовамі, і, здавалася, яны не толькі ведаюць, але і бачаць будучыню, і з бязмежнай радасцю прымаюць наканаванае. Яны ішлі насустрач Таму, у Каго верылі, дзеля Каго цярпелі абразу, здзек і абразу, і ўжо ніхто не сумняваўся, што яны сапраўды "Божыя людзі."
- Приближается, душе, конец, приближается, и нерадиши, ни готовишися, время сокращается: востани, близ при дверех Судия есть: Яко соние, яко цвет, время жития течет: что в суе мятемся? Помилуй мя, Боже, поми…
Грымнулі стрэлы... і абарваліся галасы... А малітва гучала... Яе падхапілі бацюшкі, Канстанцін і Аляксей... З апошніх сіл святары шапталі малітву зламанымі сківіцамі... З распухлых, акрываўленых вуснаў зляталі бессмяротныя словы:
- Воспряни о душе моя, деяния твоя яже соделала еси помышляй, и сия пред лице твое принеси, и капли испусти слез твоих; рцы со дерзновением деяния и помышления Христу, и оправдайся.
- Што вы тут шэпчаце?.. Маўчаць!... - падбег да іх Алекс, збіў з ног і каванымі абцасамі пачаў таптаць расхрыстаныя целы. Таптаў і прыгаварваў: - Сабраць бы ўсіх папоў разам, - ён зірнуў на кусты, адкуль даносіўся шоргат рыдлёўкі, усміхнуўся, - і галасістых паломніц таксама... І прымусіць "Інтэрнацыянал" спяваць... Вось гэта быў бы канцэрт... Ха-ха-а...
Праз паўгадзіны Міхай і Фама вярнуліся. Хаўруснікі трошкі адышлі ад ляжачых на зямлі акрываўленых святароў ("...каб апетыт не псавалі...") і адразу пачалі патрашыць мех, што даў Васілій. Ахоўнік і сапраўды не пашкадаваў ні самагонкі, ні закускі, і вельмі хутка бальшавікі, як кажуць, і "лыка не вязалі."
Бачачы, што забойцы аніякай увагі на іх не звяртаюць, айцец Аляксей пачаў падбухторваць бацюшку Канстанціна на ўцёкі.
- Я нікому нічога дрэннага не зрабіў. Што Бог пашле, тое і буду цярпець. - Адказаў бацюшка Канстанцін і прытуліўся спаласаванай бізунамі спінай да сырой, яшчэ халоднай зямлі. Гэтак боль трохі менеў, зямля адцягвала... - А ты, айцец Аляксей, бяжы, - шаптаў бацюшка Канстанцін, - бяжы паўз раку на Германавічы... дасць Бог, на лодку патрапіш, а тады на другі бераг... Людзям праўду раскажы...
Прайшло добрых паўгадзіны, пакуль бальшавікі заўважылі, што аднаго "смяротніка" не хапае. Перапалоханыя Міхай і Фама кінуліся шукаць уцекача ў кустах, каля ракі, але Алекс спыніў іх:
- Уцёк, ну і хрэн з ім, - вылаяўся ён, выплюнуў недакурак пад ногі, растаптаў і, вылупіўшы глыбока запалыя мутныя вочы, пагардліва ўсміхнуўся: - Справаздачы ніхто не патрабаваў, а на давер'і - толькі дурні жывуць... Запомніце! Прыгаворанага мы расстралялі... А вось чаму Жданаў не ўцёк?
П'яны бальшавік падышоў да ляжачага на зямлі святара і з ўсёй сілы ўдарыў нагой.
- Поп, чаму ты не збег?.. - рыкнуў ён і, не чакаючы адказу, грозячы некаму нябачнаму, тыцнуў пальцам у неба і ва ўсё горла закрычаў: - Ведаю гэтую пароду, даводзілася расстрэльваць... Смерць прыме, а на сваім стаяць будзе...
- Супакойся, Алекс, - падышоў да хаўрусніка Фама і працягнуў да краёў напоўненую шклянку. - Выпі, і павядзём далей... Нам яшчэ капаць...
- Ну, ужо ж не, - вызверыўся Міхай, - няхай поп сабе сам магілу капае...
Хаўруснікі ўдарамі ног прымусілі бацюшку Канстанціна ўстаць і напрасткі, па ледзь прыкметнай сцежцы, што змяёй вілася ў хмызняку і кустах вербалозу, павялі да вядомай ім пясчанай паляны. Цяпер п'яныя хаўруснікі як асатанелі і з відавочнай асалодай спаганялі, зрывалі злосць за свае няўдачы на святары. Яны безупынна штурхалі бацюшку, білі нагамі і прыкладамі, але білі так, каб чалавек яшчэ мог трымацца на нагах. Забойцам гэтага было мала... Яны злымі, непрыстойнымі словамі пачалі абражаць веру, зневажаць айца Канстанціна, кпіць з прыхаджан і яго родных, брыдкасловіць... Іерэй, цяжка, як не свае, перастаўляючы распухлыя непаслухмяныя ногі, не адказваў і, каб не чуць брыдоты, ціха шаптаў малітвы. Гэтае зацятае, велічнае маўчанне яшчэ больш раз'юшвала забойцаў, і яны ў бяссільнай азвярэлай злосці часцей і часцей накідваліся на сваю ахвяру.
Да месца пакарання каты ўжо цягнулі бацюшку Канстанціна, падхапіўшы пад рукі. На паляне канваіры кінулі амаль беспрытомнае цела на зямлю, Алекс уваткнуў побач рыдлёўку і пагрозліва рыкнуў:
- Як ачухаешся, капай... Глыбіню, шырыню і даўжыню - ведаеш...
Айцу Канстанціну хацелася як мага хутчэй наблізіць развязку, і ён адразу дзвюма рукамі ўхапіў рыдлёўку. Апіраючыся на яе і перасільваючы ва ўсім целе неймаверны боль, ён паціху ўстаў, спярша на калені, потым на слабыя, хісткія ногі.
- А ён жывучы, - назіраючы за ахвярай і раскладваючы закуску вакол пляшкі з самагонам, здзекліва ўсміхнуўся Міхал.
- Поп, цяпер зрабі пяць крокаў і капай... - рэзка крыкнуў Алекс і ўжо цішэй дадаў, - толькі нас не прыспешвай, хочацца...
- І выпіць, і закусіць, - зарагатаў Фама. - Ты ж сябе не расстраляеш і не закапаеш...
Пясчанік, набрынялы снегам за доўгую зіму, капаўся лёгка, і праз гадзіну бацюшка Канстанцін ужо стаяў у па калена выкапанай яміне, а яшчэ праз трыццаць мінут глыбіня была па самыя грудзі.
На паляне, за некалькі крокаў ад чалавека-смяротніка, ішла п'яная гульба. Бальшавікі гарланілі "Інтэрнацыянал", і цяжка было разабраць словы, здавалася яны спаборнічалі, хто каго перакрычыць... Галасы супадалі і зладжана, ва ўнісон гучалі, калі хаўруснікі старанна, з асаблівай асалодай выцягвалі адзін радок: "… кто был ничем, тот станет всем..."
- Ці не засумаваў попік у магіле? - перакуліўшы чарговую бутэльку ўверх дном (як аказалася, яна была апошняй), нечакана перарваў выццё Фама.
- Шкада, што ўсё добрае хутка заканчваецца, - не паверыў Фаме Міхай, сам перагледзеў пляшкі і, калі ўпэўніўся, што больш нічога няма, рашуча сказаў: - Трэба канчаць Жданава, хопіць, нацярпеліся мы з ім...
Пакуль Міхай і Фама ператрасалі мех, быццам з пустога магло нешта вываліцца, Алекс выцягнуў бацюшку Канстанціна з ямы і, наставіўшы рэвальвер, п'яна крычаў:
- Скажы, чаму ты не ўцёк?.. Няўжо жыць не хочаш?..
- Жыць хачу, - спакойна адказаў бацюшка Канстанцін.
- А-а-а!.. - у блазенскай усмешцы скрывіўся твар бальшавіка. - Хочаш - і не ўцёк? Гэтак не бывае.
- Бывае, - ціха адказаў бацюшка Канстанцін. - Бывае, калі чалавек не вінаваты...
- А калі не вінаваты - скінь расу, адцурайся ад усяго папоўскага і жыві, як грамадзянін новай, савецкай дзяржавы... Мы табе і пасаду прыдумаем... Як наконт памочніка чэкіста?.. З табой хутка ўсіх ворагаў перастраляем... Ты ж іх спавядаў і ведаеш, хто, дзе і ў чым грашыў...
- Слова Хрыстова - мая зброя!..
- Значыцца, ты вінаваты!.. - крычаў бальшавік, наставіўшы рэвальвер прама ў твар бацюшку. - Перад нашай уладай вінаваты ўжо тым, што ты - поп!.. Усе папы вінаватыя!.. Вы - п'яўкі на целе народа...
- Алекс, не страляй!.. - зразумеўшы, што вось-вось грымне стрэл, хістаючыся, падбег Міхай і з усёй сілы ўдарыў бацюшку нагой у жывот. - Куля для яго - дужа лёгкая смерць... - выдыхнуў ён і, падхапіўшы з зямлі рыдлёўку, замахнуўся...
З-за п'янага стану Міхай па галаве ахвяры не патрапіў... Востры і бліскучы ад частага капання штык рыдлёўкі толькі слізгануў па плячы і трапіў у босую нагу.. З месца адсечанай пяткі, ва ўсе бакі пырснула ярка-чырвоная кроў...
- Хачу памаліцца… - Перасільваючы пякельны боль, бацюшка Канстанцін бясстрашным позіркам паглядзеў на Алекса. Паглядзеў... убачыў шкляныя, амярцвелы вочы і... адчуў дыханне смерці...
- Маліся, - нечалавечым грудным голасам праракатаў кат.
Не паспеў бацюшка Канстанцін і "Отче наш..." уголас прапець, як на яго з усіх бакоў пасыпаліся ўдары... Ён трымаўся з апошніх сіл... Апошняе, што ўбачыў, гэта быў цень чалавека, які замахнуўся на яго рыдлёўкай...
Забойцы бачылі, што збіты амаль да смерці святар яшчэ жывы, бачылі, як на ягонай шыі пульсуе артэрыя, бачылі, што на губах пры дыханні пеніцца сукравіца, і наўмысна, каб бацюшка Канстанцін пакутаваў як мага даўжэй, жывога спіхнулі нагамі ў свежую, неглыбокую магілу...
Э П І Л О Г
І сягоння, як і сто гадоў таму, дабравесцяць званы Свята-Успенскага храма, іх мелодыі лунаюць над Шаркаўчынай і наваколлем. Тут зноў гучыць малітва, а людзі, як і сто гадоў назад, ідуць да бацюшкі Канстанціна... Ідуць з болем і радасцю... Ён глядзіць з вышыні і радуецца разам з намі, калі нам добра, і смуткуе, калі на душы цяжка і трывожна.
Зірне бацюшка Канстанцін з іконы і скажа... Так, Ён скажа, а ты, сягонняшні, ці можаш і, галоўнае, ці хочаш яго пачуць?.. А калі хочаш, то станеш на калені, памацаеш далонямі кафельную плітку, якую адна да адной прыладжваў бацюшка Канстанцін, прыгадаеш трыццаць міль, апошнія трыццаць міль, які прайшоў Ён да святасці, і адчуеш, і зразумееш, што гэтыя крокі бацюшка зрабіў для нас, для нашых дзяцей і ўнукаў, для дзяцей унукаў нашых... Ён ішоў на сваю галгофу, каб веру і любоў аддаць усім людзям!..
2019 г.