Папярэдняя старонка: ПРОЗА

Уладзімір Васько 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Бляшанка

(Апавяданне)

З лесу, які літарай "Г" абступае дачныя ўчасткі, з каляскай, загружанай тонкімі галінамі-дровамі, якраз на заломе гэтай жывой літары высунуўся Іосіф Кашавэла. Ён глянуў налева і ўбачыў на лаўцы, усталяванай побач з "катэджам", знаёмага дачніка, ні імя, ні прозвішча якога ён не ведаў - так проста пры сустрэчы віталіся, мімаходзь перакідваліся асобнымі словамі, кшталту такіх, як і што расце на ўчастку.

Было гэта дваццатага красавіка 2021 года. Лес яшчэ не апрануў зялёнай вопраткі, але ляшчына ўжо зазелянела. Дзьмуў халодны вецер, і Кашавэла падумаў: "От, прыцягну дровы і сагрэюся самаробным вінаградным віном". А тут падвярнуўся пад руку гэты знаёмы дачнік - няблага. Кашавэла спыніўся і памахаў рукой - той адказаў узаемнасцю, падняўся і пакіраваў да веснічкаў. Кашавэла сцягнуў каляску з дарогі ўбок, да лесу, і пакрочыў яму насустрач. Паціснулі адзін аднаму рукі.

- Слухай, - прамовіў Іосіф. - У мяне ёсць самаробнае віно. Ты не супраць, калі я прынясу сюды бутэльку?

- Абсалютна не.

- Чакай.

Кашавэла зацягнуў дровы на ўчастак, скінуў у прымітыўную падпавець, там паставіў і каляску, а сам палез у падвал і з трохлітровага слоіка наліў у бутэльку халоднага віна. Калі вылез на паверхню, схамянуўся: "Чорт яго ведае - гэтага Малюгіна: ці ёсць у яго чаркі і закусон? На ўсякі выпадак захаплю і іх, каб пасля не вяртацца". Малюгіным Іосіф абзываў свайго знаёмага так пра сябе, з прычыны невысокага росту гэтага чалавека.

Малюгін сядзеў на лаўцы і чакаў.

- Тут будзем выпіваць, ці ў катэджы? - спытаў Кашавэла.

- Тут замерзнем. Палезем у сярэдзіну.

- Але я люблю любавацца лесам.

- Нічога. Палюбуешся ў наступны раз, - настаяў на сваім Малюгін.

Дзверы ў драўляную прыёмную-гасцінную былі адчынены, а з яе ў залу ўвогуле не было дзвярэй. Сама гасцінная нагадвала дашчаты туалет, распілаваны ўпоперак напалавіну. Нагнуўшыся, па чарзе ўпрыціск улезлі ў сярэдзіну. Малюгін падсунуў госцю напалавіну паламаную скрынку, прыдатную пад бульбу, і прапанаваў сесці. Кашавэла сеў - скрынка затрашчала.

- Зараз цвікоў наганю ў задніцу.

Тады Малюгін накінуў на скрынку нейкі стары заношаны лахман. Сядзець стала ямчэй.

Малюгін дастаў з залы нізкую, невялічкую табурэтку і паставіў пасярэдзіне гасціннай, а сам сеў на перавернутае ўгору дном пластмасавае вядро так, што ногі былі ў гасціннай, а тулава ў зале.

Кашавэла дастаў з пакета бутэльку віна, дзве палоскі хлеба і два скрыдлікі каўбасы. Адну чарку падсунуў бліжэй да Малюгіна, другую да сябе. Разліў. Чокнуліся. Перакулілі.

- Слабое, - расчаравана працадзіў Малюгін.

- А што я зраблю? Якое ўдалося…

- З парэчкаў не спрабаваў гнаць?

- Не.

- Я адзін раз зрабіў. Паскудства. Думаў атручуся. Усё выліў на зямлю.

- Можа не ўмееш рабіць, - папракнуў Кашавэла гаспадара.

- Можа і не ўмею. Але рабіў па рэцэпце, які выпісаў з кнігі. І за кнігу ў магазіне аддаў дваццаць рублёў. Толькі адны расходы. Ніякага толку.

- Рэцэпты бываюць фальшывыя. Не ганяйся за імі.

Кашавэла, не ўстаючы, агледзеў памяшканне. У зале было цемнавата, але сёе-тое ўдалося разгледзець: у кутку стаялі граблі, сахор, рыдлёўка, каля сцяны на дзвюх цаглінах ляжала вузкая дошка.

- На чым ты адпачываеш, калі заморышся?

- На гэтай дошцы.

- З яе ж можна ўпасці, як будзеш варочацца.

- Я ляжу толькі на спіне і стараюся не круціцца.

- Дзе ты прыдбаў такі катэдж? - спытаў Кашавэла.

- Зяць аднекуль прыцягнуў.

- Я не разбяруся - гэта жалезны кузаў-буда ад якой машыны ці спецыяльна звараная скрыня для цябе, бляшанка?

- Я і сам не ведаю. Прыцягнуў зяць, кінуў на зямлю і сказаў: "Карыстайся".

- І падмурка няма.

- А ён і не патрэбны.

У бляшанцы на ўвесь рост таксама нельга было ўстаць, перамяшчацца ўдавалася толькі прыгнуўшыся.

- У мяне ўсяго толькі тры соткі, - працягнуў размову Малюгін. - Ва ўсіх па шэсць, а ў мяне - тры. Начальнік кааператыва Мікалай Борыс аднойчы кажа: "Калі хочаш, бяры гэтую рэшту - вуглавую палоску. Усе ад яе адмаўляюцца". Я і ўзяў. І ці варта тут будаваць які цагляны ці драўляны домік? Дастаткова і такой бляшанкі.

- Яно то так… Празмерна турбавацца не варта… Вось мы чаркуемся, чалавек, з табой, а я нават не ведаю, як цябе зваць.

- Жора. Альбо заві проста - Жаржэта. Так мяне называе жонка.

- А прозвішча?

- Уласаў.

- Уласаў?! Здраднік Радзімы?

- Ніякі я не здраднік. Аднафамілец. Ведаеш, колькі Уласавых у Расіі - больш, чым зорак на небе.

- Дык ты хто - расіянін?

- З Пензенскай вобласці. Служыў тут у Паўднёвым гарадку. Закахаўся ў мясцовую дзяўчыну, ажаніўся - і з маладых гадоў жыву ў Лідзе. А зараз мне восемдзесят.

- Мне таксама.

- А цябе то як зваць? - запытаў Жаржэта.

- Мяне? Іосіф. Але жонка таксама называе па-іншаму - Юзуня. Зняважліва. Аднак я прывык ужо. У мяне, як бачыш, смуглявы твар. Дык калі як завядзёмся сварыцца - яна выкрыквае: "Кітаец ты!"

Мужчыны, каб крыху выпрастаць спіны, высунуліся на двор. Пры драцяным плоце ў пяску на суседнім участку капашыліся куры. Яны няспынна сакаталі, выводзілі нуднае "ко-ко-ко", а два пеўні, па чарзе ўзлятаючы на казлы для распілоўкі дроў, гучна кукарэкалі і перашкаджалі дачнікам размаўляць.

- Чаго яны так моцна гамоняць? - запытаў Юзуня.

- Гаспадыня іх корміць да адвалу, ну і прыход вясны адчулі.

- Турні ты іх.

Жаржэта стукнуў нагой аб сетку і выкрыкнуў:

- Акыш!

Куры і пеўні крыху адбегліся.

- Аддаў бы ты суседцы сваю бляшанку на куратнік, а сабе збіў бы з дошак новы домік.

- Позна ўжо. На мой век хопіць і гэтай бляшанкі…

Неўзабаве ў паветры пахарашэла, парахманела, пацяплела. На паўднёвы край неба насунулася цёмная хмара, недзе далёка загрукатаў гром. Юзуня занепакоіўся, але нічога не сказаў.

- Мяне іншы раз запрашае Фэлік, - прамовіў Жаржэта. - Нядаўна прыехаў з літровай папяровай банкай віна і таксама паклікаў. Толькі папярэдзіў: "Можа наляцець жонка, дык ты скажы, што гэта ты мяне частуеш". Я даў згоду. І праз якой паўгадзіны жонка Фэліка, сапраўды, наляцела: "Алкашы! Людзі працуюць, а яны вось чым займаюцца". Натуральна я, як і дамаўляліся, усю віну ўзяў на сябе: "Гэта я рашыў пачаставаць Фэліка. Хочам адзначыць пачатак дачнага сезону". - "Я вам зараз пакажу пачатак сезону, уласаўцы вы недабітыя! Навошта ты, Уласаў, спойваеш майго мужа?! Яй-богу зараз пабягу і калом памалачу ўсе вокны ў тваім катэджы!" - "Малаці", - адказаў я.

- Дык у тваёй бляшанцы ж няма вокнаў, - уставіў слова Юзуня.

- А што ты дурной бабе скажаш. Няхай бяжыць, няхай грукае калом па жалезе, нічога з ім не станецца.

Між тым хмара насоўвалася ўсё бліжэй і бліжэй. Маланка рэзка перакрэслівала неба і падала долу.

- Давай пяройдзем у мой домік, - прапанаваў Юзуня. - Мой драўляны, там спакайней. А ў гэты можа бабахнуць.

- Я кожны раз ад навальніцы хаваюся сюды - і нічога, ні разу не стрэльнула.

- Усё-такі… Пры жаданні я яшчэ нацаджу бутэлец вінаграднага…

- Ну раз так настойваеш, то пайшлі.

Мужчыны зграблі з табурэткі рэшткі правіянту, узялі чаркі, бутэльку з недапітым віном і пакрочылі па прылясной дарозе. Домік Юзуні мясціўся непадалёку - цераз сем дач ад Жаржэтавай. Жаржэту ўразіў ганак з пафарбаванымі ў блакітны колер пярыламі, прыгожыя, узорчатыя вокны веранды. У самым доміку было не вельмі чыста і прыбрана. Сцены, праўда, абклеены здатнымі белымі шпалерамі. У адным кутку над ложкам красаваліся выразкі з нямецкага часопіса мод з выявамі прыгожых жанчын, у другім па абодва бакі - геаграфічныя карты: "Палітычная карта свету", "Саюз Савецкіх Сацыялістых Рэспублік", "Беларуская ССР". За канапай на высокіх ножках стаяў стары тэлевізар, які не працаваў, а проста знаходзіўся для аздаблення пакоя. На канапе валяліся старыя газеты, кнігі, цалафанавыя мяшочкі. Юзуня адсунуў усё ў кучы ўбок і прапанаваў Жаржэту сесці, а сам прыставіў да канапы невялічкі столік - звычайны ліст фанеры, прыбітай цвікамі да арэхавых ножкаў. Мужчыны расклалі і расставілі прынесенае і пачалі працягваць палудзень. Юзуня разліў вінаграднае па чарках. Нешта Жаржэта крыху замарудзіў са сваёй дозай - і Юзуня прыспешыў яго:

- Давай, братове, а то зараз як бабахне - не паспееш і дапіць.

А над лесам, над дачамі на ўсю моц разбушавалася навальніца. Гром лупіў то тут, то там, па вокнах гучна барабанілі буйныя кроплі дажджу.

- Гэта ж трэба так рана загрымела… Ніколі, здаецца, такога яшчэ не было, - загаманіў Жаржэта. - Мусіць, не зусім добра - гром на голае голле?

- Чаму на голае? Ляшчына ўжо зазеленела.

- Ляшчына, а астатнія дрэвы?

- Нічога, затое ўсё будзе добра расці, - заспакоіў яго Юзуня.

- А што расці? Яшчэ ж нічога не пасаджана, акрамя зімовага часныку.

- А трускалкі, а крапіва… Я люблю суп з маладой крапівы. Кажуць, у ёй ёсць усе элементы з табліцы Мендзялеева.

- Фу, - надзьмуў вусны Жаржэта, - ненавіджу гэтую пякучку.

- Звараная не пячэцца.

Спакваля бутэлька апусцела.

- Можа дастаць з падвала яшчэ адну? - запытаў Юзуня.

- Будзе лішняй… Я і так захмялеў, як сабака. Ведаеш, стары… узрост… Ды і дахаты пара ехаць. Праз сорак хвілін аўтобус на Ліду.

- Я таксама на гэтым паеду. Няма чаго мне тут рабіць.

Мужчыны паўставалі, вылезлі з-за століка. Юзуня схаваў пустую бутэльку за канапу. Выйшлі на ганак. На поўдні пачало падкасвацца, праясняцца неба. Вялізная цёмная хмара сплывала на поўнач. Апошнія кроплі дажджу яшчэ стукалі па даху, але ўжо не з такой сілай, як упачатку. Паступова ўсё сціхла.

Юзуня пазачыняў дзверы, навесіў замок на веснічкі.

Дарога, па якой яны ішлі і паабапал якой яшчэ ярчэй зазелянела ранняя вясновая трава, прывітала іх прыемнай свежасцю.

- Люблю такую пару, - прызнаўся Жаржэта. - Першыя лісцікі на ляшчыне, першыя бутоны на бярозах - душа радуецца.

- А я люблю, калі ўжо ўсё наўкола пазелянее - у лесе, на дачах, у полі. Люблю суцэльную зелень.

- Каму што …

Неўзабаве яны параўняліся з участкам Уласава.

- Ой, ліха! - ускрыкнуў Юзуня. - Няма катэджа!

- Ах, Божа! Што гэта зрабілася?! - усклікнуў Жаржэта.

У роспачы яны стаялі і пазіралі ў той бок, дзе яшчэ зусім нядаўна ўзвышаўся на паўтара метра над долам жалезны "катэдж". Для дваіх стала зразумелым: гром размазаў бляшанку Жаржэты па зямлі.

- А што я табе казаў, - заспакоіў расстроенага Уласава Кашавэла, - не пайшлі б мы тады ў мой домік, дваім тут нам была б хана…

25.04.2021 г.

Злыдух

(Апавяданне)

У Змітруках усе яго баяліся: пры малейшым канфлікце ён кідаўся біцца. І пускаў у ход не кулакі, а ўсё, што толькі траплялася пад рукі. Сілу Злыдух меў не каб вельмі, нават, можна сказаць, слабую - выручалі прылады, прадметы.

Неяк пагодным летнім днём на падворку ў Язэпа моладзь наладзіла танцы. Хоць трошкі і пыліла пад нагамі, але хто на гэта звяртаў увагу: граў гармонік, у жылах хлопцаў і дзяўчат гарэла маладая кроў, усё хадзіла хадуном, цераз край біла энергія. Ніхто і не ведаў, куды гэта энергія можа выліцца, а вылілася яна ў бойку паміж хлопцамі. Самы высокі з іх Мішка Лапуць насадзіў Злыдуху сінякоў пад вачыма.

- Во, - загаманілі дзяўчаты, - хоць на аднаго нарваўся.

Злыдух не абмяк, не разгубіўся. Ён схапіў каля дрывотні тоўстую дубовую калоду (адкуль і сілы ўзяліся?), падбег да натоўпу і як грукнуў Мішку ў грудзі, дык той, як сноп, упаў на зямлю. Ледзьве ў раённай бальніцы за месяц адхаялі.

Злыдух глядзеў на людзей неяк з-пад ілба з прытоенай злосцю. Ён да каго нават і пальцам не даткнуўся, а чалавеку ад яго ядавітага позірку зялёна-шэрых вачэй здавалася, што ён яго ўжо стукнуў.

Свае вясковыя дзяўчаты не хацелі выходзіць за Злыдуха замуж: баяліся яго паскуднага характару, дык ён знайшоў прыгожую, рахманую дзяўчыну недзе аж за дваццаць кіламетраў, у Дагілянцы. На першых парах суджаная "не раскусіла" Злыдуха. І нават, калі пайшлі дзеці (зусім яшчэ маленькія), Злыдух упарта трымаў сябе ў руках.

Аднак маладая Наталька прадчувала, што вось-вось нячыстая сіла выбухне з яе мужа. І не занадта доўга давялося чакаць такога моманту. Хутка над дзіцячымі галоўкамі засвістала канапляная пуга. Злыдух сек малых дзетак па сцёгнах, па плячах.

- За што ты іх б'еш?! - крычала ў роспачы Наталька. - Што яны такое дрэннае зрабілі?!

- Маўчы! Бо і табе зараз перацягну. Не патурай дзецям. Чужую моркву парвалі. Што, сваёй мала?

- От, калі дзве морквачкі вырвалі - не збяднее сусед. Аддадзім восенню ўдвая больш.

- Вучы, вучы, то зараз на комін залезуць.

А яшчэ Злыдух знайшоў другое, вельмі здатнае, лякарства для выхавання малых. За малейшую правіннасць ён напіхваў хлопчыкам у порткі крапівы і не даваў іх скідаць. Тыя дзікім голасам пішчалі, крычалі, плакалі, падскоквалі ад болю, а цвёрдасардэчны бацька радаваўся такому пакаранню дзяцей. Зноў з хаты выскоквала Наталька і кідалася выратоўваць сваіх блізняткаў - тады і ёй перападала. Злыдух вырваў з-пад плоту крапіву і сек жонку па руках, па твары, па шыі.

- Хоць сам папяку рукі, але адвучу, як без дазволу выбіраць яйкі з курыных гнёздаў! - крычаў Злыдух.

- Малыя ж есці хочуць, - заступалася Наталька.

- Без бацькоўскага дазволу каб і аднаго кроку не ступілі.

У дзяцей чырванелі попкі, ножкі, целы пакрываліся пухірамі, балелі. Маці прыкладвала розныя прымочкі, лісты ад капусты, ад клёнаў. Гэтак лячыла…

… У той марозны дзень Злыдух падняўся раней звычайнага. Накарміў аўсом каня, агледзеў сані, набіў сечкай вялізную конскую торбу, каб было што паесці каню ў лесе, пакуль гаспадар будзе нарыхтоўваць дровы. Пасля прыйшоў у хату падсілкавацца перад дарогай, а сняданак не быў гатовы. Злыдух выхапіў з качаргешніку качаргу і давай дубасіць Натальку па рахманых плячах, па прыгожых нагах, прыгаворваючы:

- Вось табе сала, вось табе бліны! Вось табе ўрок на будучае.

У запеччы залямантавалі дзеці:

- Тата, не бі маму!

- Зараз і вам дастанецца!

Злыдух бразнуў дзвярыма і галодны паехаў у лес. А вярнуўшыся адтуль, яшчэ пахадзіў качаргою па збалелых плячах жонкі. З тае пары сінякі з яе спіны не злазілі. Наталька ўздыхала і плакала:

- Госпадзі, за што ты пакараў мяне такім мужам? Лепей я ў сваёй вёсцы выйшла б замуж за самага апошняга хлопца - і то ў маёй душы было б больш радасці.

Прадучы кудзелю, Наталька іншы раз скіроўвала асцярожныя позіркі на мужа, які латаў стары, парваны ў лесе кажух. У нярвознасці ў Злыдуха штосьці не ладзілася, ён неразборліва барматаў нешта сабе пад нос, апантаны, кідаў пад ногі шыла, іголку, крычаў:

- На! Можа ў цябе лепш атрымаецца?!

- З шылам больш мужчыны возяцца, - адказала Наталька.

Тады Злыдух зноў ухапіўся за качаргу. Але чамусьці перадумаў, абсеў, паставіў яе назад у качаргешнік.

Гледзячы на злосныя выхадкі Злыдуха, суседка Хведарча (мужа звалі Хведар), перажывала, непакоілася за лёс Наталькі і аднаго разу ў агародзе пад час праполкі морквы сказала:

- Наталька, бяры дзетак і ўцякай у сваю вёску, бо ён цябе тут закатуе.

- Не, цётка, што будзе - тое будзе. Не пабягу я адсюль. У нас падумаюць, што муж прагнаў з дому. Цяжка даказаць вяскоўцам, хто правы, хто вінаваты.

- Ну глядзі… Але ж і пабоі цярпець нялёгка.

- Што зробіш?.. Мусіць, мая такая доля…

… Да 1949 года ў Заходняй Беларусі яшчэ не было калгасаў. Людзі самі апрацоўвалі свае палоскі зямлі, спажывалі вырашчаны на ёй ураджай. Аднак дзяржава спаганяла аброк у выглядзе пэўнай колькасці пудоў збожжа (у залежнасці ад памераў палосак), і разлічвацца з дзяржавай бало абавязковым правілам. У каго складвалася так званая "нядоімка" - недаадпраўка зерня, на тое быў агент па нарыхтоўках, які хадзіў па хатах і трывожыў сялян.

Завітаў ён аднойчы і ў двор Злыдуха. Злыдух убачыў яго праз вакно і выскачыў з хаты на падворак.

- Чаму не разлічыўся з дзяржавай? - сустрэў яго пытаннем агент па нарыхтоўках Гарбель. - За табой лічыцца нядоімка - пяць пудоў.

- Я толькі пакінуў крыху жыта на насенне. Больш у мяне няма.

- Бяры ключы ад гумна. Пойдзем паглядзім, колькі ў цябе яшчэ не абмалочанага.

- Я згубіў ключы.

- Пайшлі! Я адчыню і без ключоў.

Дваіх яны пакрочылі да гумна. Гарбель паварушыў вялізны замок - рукамі, канешне, яго не адамкнуць. Пачаў хадзіць па гумнішчы, шукаючы якой-небудзь металічнай прылады - пад плотам убачыў камень велічынёй з два мужчынскія кулакі, вярнуўся да дзявярэй і пачаў стукаць ім па замку.

- Не бі, - упрошваў Злыдух. - У мяне няма за што купіць новы.

Гарбель не слухаў і яшчэ мацней застукаў каменем па замку.

Злыдух агледзеўся вакол сябе: каля сцяны гумна ляжалі дзве старыя аглоблі без атосаў. Злыдух схапіў адну з іх і, пакуль Гарбель стукаў каменем па замку, з усяго размаху апусціў аглоблю на галаву агенту па нарыхтоўках. Той адразу скурчыўся, асеў, упаў на зямлю. Злыдух стаяў, пазіраў і думаў: "Ці не замала ён атрымаў? Ці не дабавіць яшчэ?"

Пасля наблізіўся, узяў аберуч за плячо і перавярнуў агента на спіну - дабаўляць больш не было сэнсу: Гарбель быў мёртвы. І тут Злыдуха апанаваў страх: уяўны змрок турмы навіс над галавою. "Што рабіць? - разважаў ён. - Куды яго падзець?" Злыдух яшчэ некалькі хвілін пастаяў у ваганні. Пасля ўзяў агента за ногі, зацягнуў за гумно і ўкінуў у крапіву, якая густа разраслася ў невялічкім садочку. Зверху накідаў на марнатку зелля. Сам вярнуўся ў хату.

- Ну што, адамкнуў агент замок? - пацікавілася Наталька.

- Не даў рады.

- Аддай ты гэту нядоімку. Няхай не вяжуцца.

- Мусіць прыйдзецца аддаць, бо яны не адчэпяцца.

- Куды ён пайшоў?

- Недзе па загуменні на сярэдзіну вёскі.

Спакойны голас Наталькі крыху расслабіў Злыдуха, аднак трывога не пакідала яго ні ўдзень, ні вечарам. Патрэбна было нешта рабіць - не ляжаць жа доўга Гарбялю ў крапіве. Ноччу Злыдух падняўся, апрануў парваную на локцях марнатку, старыя заношаныя порткі і паціхеньку пашыбаваў за гумно. Там пастаяў, агледзеўся, прыслухаўся - ні выкрыку, ні гуку ніадкуль не даносілася. Ён зноў узяў Гарбяля за ногі і загуменнай дарогай пацягнуў на сярэдзіну вёскі. Параўняўшыся з гумном Мішкі Лапуця, паклаў агента пад плот, нічым не прыхаваў, а сам, азіраючыся, подбегам паспяшыў дамоў.

Наталька ці не чула, як выходзіў і прыходзіў муж, ці прытваралася спячай - голасу не падавала, і Злыдух, раздзеўшыся, палез пад коўдру.

А назаўтра ўся вёска была ў шоку: нехта прыбіў агента. Наехала міліцыі. Цягалі і дапытвалі Мішку Лапуця, але ў таго ніякой нядоімкі за плячыма не было, і ўвогуле ніякага граху ў душы ён не адчуваў - і гэта адбівалася на ягоным чыстым твары. Апытвалі людзей, вылічвалі, і нехта, нібы па сакрэту, сказаў, што чуў моцны крык і стук каменя аб жалеза на Злыдухавым гумнішчы. Павязалі Злыдуха і адвязлі ў райцэнтр.

Там следчы Імак доўга не думаў, не разважаў, як падступіцца здалёк, а адразу задаў прамое, каверзнае пытанне:

- За што ты стукнуў агента па нарыхтоўках?

- Няхай не біў бы каменем замок. Няхай пагаварыў бы па-добраму.

І вопытнаму следчаму без лішніх допытаў стала зразумела: агента пазбавіў жыцця Злыдух. Заставалася толькі выехаць на месца здарэння, паглядзець, чым біў, і даведацца, як біў. І два міліцыянеры са следчым прыехалі да гумнішча Злыдуха, агледзелі падзёўбаны каменем замок, кінулі позіркі на аглоблю, якая валялася каля дзвярэй гумна.

- Калом біў? - спытаў следчы.

- Не, аглобляй.

- Гэтай?

- Гэтай.

- Можна было б стукнуць кулаком ці адштурхнуць агента ад замка.

- Ага, адштурхнеш такога вярзілу. Я супраць яго, як кот супраць аўчаркі.

- Слабей ударыў бы хоць …

- Не разлічыў сілы. Думаў толькі напалохаю, а атрымалася…

- Ну што паедзем назад? - звярнуўся следчы да міліцыянераў.

- Аглоблі не будзем браць? - пацікавіўся старэйшы з іх капітан Мурзін. - Усё ж рэчавы доказ.

- А навошта? Чыстасардэчнае прызнанне - і гэтага хопіць.

Зноў усе разам са Злыдухом паехалі ў райцэнтр.

Суд асудзіў Злыдуха на дваццаць пяць гадоў турэмнага зняволення. Тэрмін пакарання адправілі адбываць на востраў Салаўкі, што пад Паўночным Ледавітым акіянам. Адтуль Злыдух дамоў не вярнуўся…

(Наталька на чацвёртым годзе зняволення Злыдуха пісала ліст на імя Лаўрэнція Берыі, каб што-колечы даведацца пра свайго мужа, аднак адказу не атрымала…)

18.05.2021 г.

Нячыстыя грошы

(Апавяданне)

Пастух сельскага вытворчага кааператыва "Сліжы" Зорык Якімчык паклаў на купіну старую ватоўку і сеў. Новых ватовак зараз, мабыць, не выпускаюць: прайшла мода на іх. Дык ён цягае з сабою ў поле заношаную, выбеленую на сонцы. Бярэ не для таго, што халаднавата, цяпла хапае і ў марнатцы - на двары ўсё ж лета, а проста для таго, што добра на ёй сядзець, паслаўшы на камень ці купіну.

І на гэты раз Зорык уладкаваўся на сваёй зімовай вопратцы ў цяньку, пад густым лазовым кустом. Статак пасвіўся здатна, увішна паядаючы траву, і турбавацца, што ён куды-небудзь рынецца не было патрэбы.

Зорык сядзеў і аглядаў наваколле. Неўзабаве па чыгунцы загрукатаў цягнік. Пастух пахіліў галаву налева і пералічыў вагоны, іх было пяць. Ну вядома ж, цягнік імчыцца на Маладзечна. І раптам праз акно з апошняга вагона каршуном выскачыла нешта цёмнае і ўпала пад адхон. Зорыка падмыла цікавасць: што б там магло быць, і калі цягнік схаваўся за далёкім лесам, пастух устаў, яшчэ раз акінуў беглым позіркам вялікі статак і пакрочыў туды, куды ўпаў невядомы прадмет.

Знайсці яго было не цяжка: пільным позіркам Зорык улавіў тое месца, куды паляцела нешта невядомае, і неўзабаве напароўся на невялікі звычайны чамаданчык цёмна-карычневаго колеру.

Зорык падняў знаходку, паспрабаваў яе адчыніць. Замок не паддаваўся. Тады пастух закруціў чамаданчык у ватоўку і вярнуўся да свайго статку. А якраз наступіў час гнаць каровы на дойку, і, размахваючы кіем, пакрыкваючы, Зорык пахіляў быдла да фермы. Каб быў другі пастух, рабіць гэта было б прасцей, але той на сёння адпрасіўся, спаслаўшыся на тое, што блага сябе адчувае і хоча пад'ехаць ў паліклініку. Аднаго каровы не вельмі слухалі, і Зорык спакваля падціскаў то адзін, то другі край статку і нарэшце яго выраўняў і накіраваў на шматлікія сцяжынкі, што вялі да фермы.

А ўнутры няспынна падмывала даведацца, што ж там ляжыць у чамаданчыку. Некалькі разоў ён патрос знаходку разам з ватоўкаю перад сабою - нешта паціхеньку грукала ў сярэдзіне.

Здалёк пастух убачыў, што каля кароўнікаў ужо мітусяцца даяркі, чакаючы, сваіх пярэсценькіх для дойкі, і, падагнаўшы статак крыху бліжэй да фермы, сам павярнуў убок да свае недалёкай вёскі Каўтуны.

Жонкі дома не было: яна працуе даяркай і пайшла ўжо на ферму. Зорык адразу пакіраваў у свіронак і, дастаўшы са скрыначкі адвёртку, малаток, пачаў увіхацца над чамаданчыкам. Замок хутка паддаўся - і Зорык прыпадняў верхняе вечка. Бацюхны! Што ён тут убачыў?! Поўны чамаданчык даляраў, пісталет, некалькі абоймаў патронаў і нешта ў пакеціках накшталт наркотыкаў. "Кантрабанда! - стрэльнула думка ў галаву пастуха. - Што рабіць? Можа аднесці чамаданчык назад, на тое самае месца, дзе падабраў, каб не ўліпнуць у якую-небудзь паскудную гісторыю. Але ж даляры… Яны пад плотам не валяюцца…" Думкі роем дзікіх пчол разварушыліся ў галаве Зорыка.

Нарэшце ён рашыў: чамаданчык назад не адносіць. Бо яго ўся-роўна знойдзе хто-небудзь іншы, больш смялейшы, і прысвоіць сабе.

Вярнуўшыся ў сенцы, па крутой драўлянай лесвіцы Зорык ускарабкаўся на гарышча, пад трэцяй ад шчыта кроквай разгроб сухое кляновае лісце, якім дзесяць гадоў таму назад ён уцяпліў столь, і паклаў у ямку чамаданчык. Зноў засыпаў яго лісцем. З надзеяй, што яго тут ніхто не знойдзе, апусціўся ўніз, пераступіў парог кухні.

Боршч у чыгунку, які Зорык жалезнай качаргой выцягнуў з печы, быў яшчэ цёплы і гаспадар, наліўшы яду ў міску, пачаў харчавацца. Аднак ні боршч, ні кавалачак мяса ў ім, ні нават моцная кава, якою ён пасля запіў яду, не выбілі з галавы думак пра знаходку.

Зорык пайшоў у залу і, скінуўшы боты, прылёг на канапу. "І чорт яго ведае, - разважаў ён, - хто мог выкінуць гэты чамаданчык з вагона. Мабыць, не ад дабра чалавек так паступіў. Тут штосьці нячыстае. Ну дапусцім, ён кантрабандыст. Стаяў у тамбуры і курыў, а тут у папярэднім вагоне міліцыянеры з аўчаркаю правяраюць у пасажыраў пакеты, сумкі, рэчмяшкі, чамаданы. Дойдзе чарга і да яго - і усё, капут. Кантрабандыст вярнуўся ў свой апошні вагончык і, каб пазбегнуць бяды, выкінуў чамаданчык праз вакно, не пашкадаваў і даляраў. А можа ўсё адбывалася і па-іншаму, хто яго ведае. Ну нешта ўсё ж напалохала чалавека, аднекуль адчуў ён знак трывогі". "А колькі ж там даляраў?" - азадачыўся Зорык і зноў палез на гарышча. Укленчыў пад кроквай, дастаў чамаданчык і пералічыў усе купюры. Даляраў аказалася больш, як семсот тысяч. "Вось гэта дык знаходка! У адно імгненне я стаў багатым".

Зорык зноў вярнуўся на сваю канапу. Прылёг. Працягнуў рукою па сівых валасах. "А што, каб чамаданчык здаць у міліцыю, - памяркаваў ён. - І рукі былі б чыстыя… Але не… А раптам вылавілі ці вылавяць таго кантрабандыста, пачнуць мяне цягаць па судах як сведку. Навошта мне на старасць такая марока? А той адсядзіць тэрмін, вернецца, ды яшчэ мяне прыб'е ноччу… Не, на такое я не пайду. Вось, як той расіянін казаў, "не было печали, так черти накачали"".

Аднак пара гнаць статак у поле. Дойка ўжо, напэўна, скончылася.

Па дарозе Зорык занепакоіўся: "А можа хто бачыў, як я падбіраў чамаданчык, і данясе ў міліцыю. Мяне возьмуць за жабры. Альбо той кантрабандыст выйшаў чыстым з вады і будзе лазіць па навакольных вёсках, апытваць людзей, ці не знаходзіў хто яго карычневага чамаданчыка. А хтосьці возьме і скажа: "Гэта Зорык Якімчык падабраў твой чамаданчык". Таксама сітуацыя не з лепшых, бо пры перадачы знаходкі кантрабандысту, ці як яшчэ яго назваць, могуць бравыя хлопцы наляцець і дваіх павязаць. Ад іх нічога не ўтоіш. Давядзецца пакаштаваць турэмнага хлябца".

Пасля абеду Зорык пахіліў свой статак у супрацьлеглы ад чыгункі бок і, калі каровы прагна прыпалі да травы, паслаў на камень ватоўку і сеў. Сюд-тут ён пазіраў туды, дзе пашчасціла натрапіць на багаты чамаданчык: ці не лазіць там у пошуках той злашчасны кантрабандыст ці яго пасярэднік? Але там нікога не было.

Думкі ўсё ж крута мітусіліся ў галаве пастуха, і ён паміж іншым прыкінуў: а ці не падзяліцца сваімі разважаннямі з напарнікам, другім пастухом Сцяпанам Дзюкам - можа ён што добрае нараіць. Але не: Дзюка не стрыманы на язык. Ён скажа пра знаходку каму-небудзь іншаму - і пайшло-паехала, дойдзе да органаў, мяне павяжуць, як ката перад аперацыяй.

Зорак гэтую версію адкінуў. "Можа сказаць жонцы? - разважаў далей Зорык. - Яна баба талковая, умее да месца падкінуць трапную параду. Аднак невядома, як яна адрэагуе на маю нечаканую вестку. Магчыма, накінецца, накрычыць, загадае аднесці знаходку назад, каб не ўвяз у якую судовую справу. Не, пакуль і ёй нічога не буду гаварыць".

Рэшту дня Зорык правёў без асаблівай трывогі. Думкі самі сабой спакваля ўлягліся, паспакайнела на душы. А тут яшчэ і сонца замоцна прыпякло - і ён падаўся у засень дрэў, якія заманлівым шнурком выцягнуліся ўздоўж неглыбокай рачулкі.

Вечарам Зорык цвёрда загадаў сабе спаць і нават не ўспамінаць пра той маленькі чамадачык на гарышчы. Ды дудкі. Зноў усё бурна разварушылася ўнутры, сон не ішоў. "Ну добра, - мяркаваў пра сябе пастух. - Знайшоў даляры. Знайшоў - і ўсё. І каму якая справа да гэтага? Мог бы іх знасці і хто іншы. Пашчасціла мне. А вось пісталет, патроны, наркотыкі… За гэта, калі агледзяць, адразу возьмуць за хобат. Трэба ад іх пазбавіцца".

Раніцай, калі жонка пайшла на працу, (яна заўсёды выходзіла на гадзіну раней за мужа), Зорык узяў цалафанавы пакет, ускарабкаўся на гарчышча, разгроб кляновае лісце і дастаў чамаданчык. Даляры, складзеныя ў невялікія стосікі і перавязаныя гумкамі, пераклаў у пакет і зноў схаваў пад сухім лісцем, а чамаданчык, у якім засталіся пісталет, патроны і пакецікі з наркотыкамі, панёс уніз. На кухні зняў з вешалкі ватоўку, захутаў у яе чамаданчык і пашыбаваў у падпаветку. Там ён туга перавязаў знаходку алюмініевым дротам, моцна, наглуха прычапіў да чамаданчыка гіру ад сячкарні, якая ўжо не была патрэбная: каровы не трымалі, сечкі не рэзалі. Усё захутаў у тую ж выручалачку-ватоўку, замкнуў сені і пакрочыў у лес.

Людзі маглі прыкмеціць: чаму гэта Зорык не па прамой дарозе шубые на ферму, а апісвае дугу. Але каму якая справа да яго сцяжын-дарог. А ватоўка? З ёю ён ніколі не разлучаецца - гэта ўсе добра ведаюць.

У лесе Зорык натрапіў на круглае, метраў шэсць у дыяметры, зацягнутае зялёнай раскай і цінай азерца. "Вось тут табе і будзе магіла", - ціха прамовіў ён, дастаў з ватоўкі і разам з гірай кінуў на сярэдзіну азерца свой чамаданчык. Раска разышлася, утварыўшы невялікае акенца на тым месцы, куды ўпаў груз. З дна на паверхню вады забулькалі брудныя бурбалкі. Потым ўсё супакоілася. Раска зышлася, зацягнуўшы сабою часовае азернае акенца. У душы Зорыка ўсталявалася небывалая палёгка. Ён амаль подбегам шыбаваў на ферму, не адчуваючы за сабою някай віны за зробленае.

На ферме даяркі ўжо заканчвалі дойку кароў, каля дзвярэй крайняга кароўніка з кіем у руцэ, нацягнуўшы белую кепку на вочы, стаяў яго напарнік Сцяпан Дзюка. Зорык наблізіўся і падаў руку.

- Ну як, справіўся адзін? - спытаў Сцяпан.

- А што тут спраўляцца. Сядзі ды назірай за статкам, каб не ўлез у шкоду.

У полі Зорыка падмывала некалькі разоў прагаварыцца, але ён тут жа спахопліваўся і падкусваў язык. А тут яшчэ Дзюка неяк падазрона, як падавалася Якімчыку, пазіраў на свайго напарніка. Можа ведае што?.. І Зорык стараўся трымацца паводдаль ад Сцяпана, пераходзіў на другі бок статку.

Начэй пяць Зорык спаў спакойна. На шостую зноў нешта засвярбела ў галаве: "Ці надзейнае ўсё ж гэта месца - гарышча? Бацька некалі казаў, што ў вайну немцы і паліцаі, калі чаго ці каго шукалі, у першую чаргу ператрасалі гарышча, а пасля ўжо пароліся ў хаце. І зараз, натрапіўшы на мой след, міліцыянеры ці хто-небудзь іншы з праваахоўнікаў, таксама могуць узабрацца на гарышча - і тады бывай і не чакай сяло роднае.

Зорык круціўся ў пасцелі, як вуж у мяшку. Паляжыць крыху на левым баку - перавернецца на правы, паляжыць на правым, перавернецца на спіну, уставіўшы вочы ў столь. "Усё-такі трэба перахаваць грошы", - цвёрда рашыў ён. Пад раніцу заснуў. Разбудзіла жонка:

- Зорык, уставай! Пара ісці на работу. Паднімайся! Сняданак на стале.

Зорык залыпаў вачыма, не цямячы, што адбываецца, марудна, цяжка пацягнуўся, абапёрся на локаць, устаў.

- Што ты казала?

- Снедай. Я пайду на ферму.

Ён працёр чучкамі вочы, уставіў ногі ў тапкі. Хацелася спаць, але пабаяўся прыкладваць галаву да падушкі: спозніцца на працу. На кухні халоднай вадой памыў твар і хутка-хутка паснедаў.

- Куды перахаваць даляры? - услых спытаў сам сябе і ўспомніў пра тоўсты, магутны дуб у лесе, пад якім ён некалі хаваў ад бацькі перачынны ножык, знойдзены каля крамы. Баяўся, што бацька загадае аддаць ножык уладальніку. - Туды і панясу.

Зноў палез на гарышча. Яшчэ тужэй звязаў канцы цалафанавага пакета, апусціўся ўніз, уладкаваў даляры ў ватоўку і напрасткі цераз луг, па расе, крадучыся, як ліса між кустоў, паспяшыў у лес.

Пад дубам некалькі хвілін пастаяў, азіраючыся вакол сябе: ці няма каго-небудзь паблізу? Ніхто не трапіў на вока. Побач убачыў і падняў сухую, цвёрдую галіну, пераламаў на калені і давай корпацца між карэннямі велікана, разрыхляючы зямлю. Прэшчамі выгортваў пясок на паверхню. Нарэшце, ямка была гатовая. Паклаў у яе пакет з грашыма, прысыпаў пяском. Для большай маскіроўкі непадалёку наскубаў ком зялёнага моху, разаслаў над схованкай, каб не прасвечвалася свежая зямля. Зверху кінуў некалькі дробных галінак, яшчэ раз прасвідраваў позіркам наваколле і заспакоіў сябе: усё ціха і гладка.

Па дарозе на ферму Зорык вымыў расою рукі, адкінуў прэч усе думкі пра грошы.

Месяц праляжалі яны пад дубам. Зорык не тое, што не ўспамінаў пра іх: успамінаў, разважаў, аднак нічога не рабіў. Пасля стаў непакоіцца: вось наступіць восень, пасыплюцца дажджы… Дзе гарантыя, што вада не пранікне ў пакеты? Зноў жа дзікія свінні, рыючыся пад дубам, могуць адкапаць даляры і параскідаць па лесе… З мае знаходкі атрымаецца пшык. Хлеў - вось дзе для іх надзейнае сховішча.

У канцы верасня дні прыкметна пакарацелі. З дубоў пачалі ападаць жалуды. Задажджылася. Гэта яшчэ больш падагнала Зорыка адкапаць грошы. Ён прыхапіў стары звычайны, бульбяны мяшок і на сутонні, у прыцемках прабраўся да тайніка. Адкінуў галінкі, адсунуў у бок мох, які ўжо высах і парыжэў, капачкаю, з кароткім чэранем, адкапаў пакет. Дарэмна хваляваўся: даляры былі цэлыя, чыстыя, не пашкоджаныя вільгаццю. Ён уладкаваў у мяшок пакет і зноў напрасткі пакрочыў дамоў. Жонкі ў двары не было, і ён зайшоў у свіран, прыкінуў, дзе тут лепш было б пакласці мяшок. Укінуў у невысокі пусты засек. Зрэшты ў свіран Стаська амаль ніколі не заглядвае, тут мужчынская парафія - і знаходку можна было б пакласці ў любое месца. Але для перастрахоўкі няхай сабе паляжыць у засеку.

- Дзе так доўга бавіўся? - спытала Стаська, калі Зорык пераступіў парог кухні.

- Хадзіў у лес, выразаў з арэшыны чэрань для рыдлёўкі.

- А што стары паламаўся?

- Трохі трывае. Але пару разоў капнуць і трэсне. Надламаны.

Зорык абмануў сваю Стаську. Ён даўно выразаў гэты чэрань і паставіў у падпаветцы ў кут. Яна проста на яго не надыбала.

Як заўсёды, і ў гэты дзень Стаська пайшла першай на ферму. Імгненна з падворка Зорык шмыгануў у свіронак. Дастаў з засека мяшок, узяў у падпаветцы рыдлёўку і ўвайшоў у хлеў. Найбольш прыдатнай, як ён палічыў, для схованкі грошай была клетка, дзе стаяла карова. Рэшткі гною тут даўно высахлі, яна знаходзілася далей ад дзвярэй, і, не марудзячы, Зорык пачаў капаць. Выкапаў ямку амаль да калена, дастаў з мяшка пакет і закапаў. На паверхні разраўняў сухі, струхнелы гной. "Цяпер не страшны грашам ні дождж, ні снег, ні свіное рыла".

Хутка бег час. З кожным днём рабілася халадней. Неўзабаве каровы сталі на стойлае ўтрыманне, і Зорыку не патрэбна было хадзіць на ферму. А згадкі пра даляры не пакідалі яго ні на дзень. У канцы лістапада, апоўначы, ён неяк падумаў: "Чаго гэта я ваджуся з імі, як кот з прыдушанай мышшу. У горадзе сын не мае кватэры, з жонкай і двума дзяцьмі жыве ў інтэрнаце. А я ўсё чагосьці баюся, дрыжу. Дам яму хоць шэсцьдзесят тысяч даляраў, няхай купіць двухпакаёвую ці трохпакаёвую кватэру. Спытае, дзе ўзяў грошы, скажу, што разам з маці зарабілі на ферме. Хоча верыць - хоча не верыць. Гэта ўжо яго справа".

На другі дзень Зорык адкапаў грошы, аднак ад іх засталася толькі адна труха: мышы прагрызлі ў некалькіх месцах пакет, расшматалі і разарвалі на дробныя кавалачкі даляры, перамяшалі іх з пяском, зрабілі ў ямцы гняздо для сябе. Склеіць іх было немагчыма.

Гаспадар уздыхнуў і ўголас прамовіў:

- Чужыя, нячыстыя грошы… Як яны прыйшлі, так і пашлі…

26.07. - 31.07.2021 г.

Жалеза перажыве чалавека

У пачатку вёскі паказаўся чалавек з сахаром на плячы. Ён семяніў подбегам, зрэдку стрыкаючы позіркамі па падворках, цікуючы, што робіцца там.

Параўняўшыся з пенсіянерамі, якія сядзелі на лаўцы насупраць Сямашкавай хаты, ён адвярнуў галаву ў другі бок, каб не прывітацца з імі: навошта яму яшчэ такі клопат.

- Бач ты, Вінцуська ніколі не ідзе дамоў з пустымі рукамі, - заўважыў Гоман, гледзячы на каслаўку саломы, уплеценую ў сахор мінака, - хоць перавясла, а нясе з сабой.

- Гэты нічога не ўпусціць, з карэннем з зямлі выдзярэ ўсё, - дабавіў Шлапік.

У сям'і Вінцуські ўсе былі прывучаны да нажывы. Ніхто не павінен ісці дамоў проста так, без нічога. Нават дзевяностагадовая Мальвіна, цешча Вінцуські, загнаўшы на рэчку гусей і вяртаючыся дамоў, заглядвала ў калгасны двор, дзе будаўнікі ставілі нейкі драўляны будынак, і набірала ў прыпол фартуха столькі трэсак, колькі магла панесці.

Прыклад у сквапнасці паказваў сам Вінцуська. У яго портках былі глыбокія, аж да калень кішэнні, і ён набіваў іх спелымі каласамі - для курэй смачны пачастунак.

Любіў Вінцуська хадзіць у лес па грыбы, але збіраў іх без усялякай паэзіі і замілаванасці, а проста, як воўк накідваецца на соннага зайца, нападаў на іх і выдзіраў з глебы з карэннем, абы пабольш нахапаць. Шыбуючы дамоў яшчэ думаў і аб навары: зломіць, бывала, на ўскрайку бярозку ці арэшыну, пачэпіць кошык на кій і, задаволены, крочыць… Кошык можна было б несці і ў руках, як гэта робяць іншыя людзі, але кій для яго дадатковы прыбытак. Некалькі разоў схадзіў у лес - і ўжо можна адзін раз прапаліць печку.

Аднойчы Вінцуська неяк заглянуў за хлеў у свой сад і ўбачыў, як яго малодшы сын Цішка і суседскі хлопчык Паўлік абіраюць з куста жоўтыя парэчкі. Вінцуська ўзвінціўся, зняў з порткаў дзягу і давай сцябаць па плячах то Цішку, то Паўліку.

- Калгас развёў, недавярак! - крычаў ён на сына. - Навёў тут усякіх. Будзеш прыводзіць больш?

- Не буду, татачка, не буду! Колькі жыць буду - не прывяду чужога.

- Вон адсюль! - крыкнуў Вінцуська на Паўліка, і хлопчыкі дваіх праз садок пабеглі на аселіцу.

* * *

Восень у тым годзе выдалася цёплай, сухой. Па палетках і лугах густой сеткай слалася павуцінне, чапляючыся людзям і жывёле за ногі.

Бульбу людзі капалі ў адных кашулях. Пыл з-пад матыкаў сляпіў ім вочы, але гэта было не горш, чым калі б марасіў халодны, нудны дождж.

Да Вінцуські прыехалі з горада на дапамогу дочкі з мужамі і сыны, якія ўжо паспелі вырасці, з жонкамі. Яны раней за іншых пачалі завіхацца на полі, бо Вінцуська, як толькі пачало світаць, самы першы наганяў барознаў. Хто яшчэ і не прыступіў да копкі, а на сотках Вінцуські ўжо бялелі поўныя мяшкі бульбы.

Коней для выгорвання клубняў было малавата, аднак яшчэ горш пакутавалі калгаснікі ад недахопу плугоў. Многія з тых, якія яны здалі ў калгас, знасіліся ці паламаліся, астатнія, як толькі трактары выцяснілі конскую сілу, людзі разабралі па хатах.

Вінцуська і тут усіх перахітрыў: прыцягнуў дамоў аж два плугі. Іншым увогуле ні аднаго не дасталося. Затуплены, пакрыўлены, заржавелы прывалок на свой падворак і Сарафім Крынчык, з якім зараз і пакутаваў на сваіх сотках.

- Схадзі пазыч у Вінцуські лепшага, - дапякала яго жонка Стэпка. - Ты ж бачыш, што палавіна бульбы застаецца ў зямлі пасля твайго выгорвання.

Сарафім спыніў каня, агледзеўся. У баразне, сапраўды, было малавата клубняў: плуг слізгаў па паверхні і не выгорваў іх ці разрэзваў напалавіну. Сарафім як не паднімаў ручкі ўгору, а плуг усё роўна не ішоў у глыбіню: забулавацеў канчаткова.

- Не дасць, - аднекваўся Сарафім.

- А ты папрасі, - настойвала Стэпка. - Можа перад сваімі дзецьмі пасаромеецца адмаўляць.

- Ён не пасаромееца. Бачыш аднёс плуг ад дарогі аж на сярэдзіну і прыкрыў бульбоўнікам, каб ніхто не ўбачыў, каб нікому не даць, - настойваў на сваім Сарафім.

- Ну, што будзе, тое будзе, - не адступала Стэпка. - Не заб'е ж ён цябе там.

Сарафім памікаў, памікаў і пайшоў. Па дарозе да яго далучыліся яшчэ некалькі мужчын, у якіх таксама альбо зусім не было плугоў, альбо былі такія ж зношаныя. Яны ушчыльную наблізіліся да Вінцуські, які завязваў крайнія ад дарогі мяшкі. Першым пачаў Сарафім:

- Вінцук, дай плужка дзве баразны выгнаць.

Вінцуська нібы не чуў, маўчаў і увішна корпаўся каля мяшка.

- Ці чуеш? - паўтарыў Сарафім. - Пазыч плужка на мінутку.

- Няма ў мяне плужка.

- Дык вунь жа стаіць… пад бульбоўнікам.

- Гэта не плуг.

- Ручкі ж тырчаць.

- Адчапіся. Няма ў мяне плуга.

Сарафім не ўтрымаўся:

- Чаго ты шкадуеш? Жалеза? Жалеза перажыве чалавека!

Вінцуська раззлаваўся:

- Ідзі адсюль!

Астатнія мужчыны не сталі прасіць плуга і апанураныя разышліся па сваіх сотках.

Стэпка назірала за гэтай сцэнкай і абурылася, калі муж вярнуўся з пустымі рукамі:

- Каб яму бог пашкадаваў пяску на вочы. Няшчаснага плуга і таго не пазычыў. Вядома ж золата.

Яе зычны голас пачулі суседзі па сотках і прыкра паглядзелі ў бок Вінцуські, які ўвішна завязваў мяшкі.

* * *

Неўзабаве ранішняя мітусня на полі спала. Мужчыны, хто лепшым, хто горшым плугам, наганялі боразнаў і пачалі выбіраць з іх клубні. Усе так захапіліся работай, што мала хто і паглядаў на сваю вёску, якая мясцілася ў даліне кіламетры за тры ад бульбянога поля.

Першым агонь убачыў Рыгор Жук.

- Пажар! - роспачна крыкнуў ён і, падняўшыся з каленяў, працягнуў руку ў бок вёскі. - Пажар!!!

Усе, хто пачуў ягоны голас, выпрасталіся і ў жаху на імгненне застылі: у вёсцы, сапраўды, бушаваў пажар. Чорны шырокі шалік дыму густа катлаваў у неба, а знізу яго падпіралі чырвоныя, вострыя языкі полымя, прасвечваючыся праз галіны старых дрэў.

Людзі ў жаху кідалі ў барозны матыкі і, хто як мог, праз палеткі беглі да вёскі, якую ў 1914 і ў 1950 годзе пажары знішчалі дарэшты. Кожны раз яна аднаўлялася, аднак будынкі і зараз стаялі ў ёй даволі шчыльна, і сяляне баяліся, што вогненная стыхія зноў разгуляецца на ўсю моц. Абнадзейвала толькі тое, што была ціхая бязветраная пагода, і агонь увесь час шугаў угору, не скакаў на суседнія дахі.

Маладзейшыя мужчыны і жанчыны абганялі старэйшых, некаторыя з іх ужо узбеглі на грэблю, дзе было латвей бегчы, чым па полі.

- Ды рухайся ты хутчэй! - крыкнула Стэпка на Сарафіма. - Бачыш, гарыць на сярэдзіне. А там наша хата.

- Усё… Я выдахся, - адказаў Сарафім і паклаў рукі на грудзі. - Гарыць… Няхай гарыць. Няхай усё пойдзе дымам і прахам.

Вінцуська ж імгненна запрог у воз каня і са сваім сямействам абагнаў усіх бегшых, першым прыскакаў на пажар.

Гарэў як раз яго дом. Увесь будынак разам з прыбудоўкамі і хлявамі быў ахоплены прагным полымем агню. Ужо ўпаў дах, правалілася столь,чырвоныя языкі рэзка выбіваліся праз вокны і дзверы на двор.

Вінцуська схапіў з плоту коўдру, сунуў яе ў вядро з вадою, накінуў сабе на галаву і памкнуўся праз акно паглядзець, што там робіцца з чамаданам, у якім ляжалі грошы, пад ложкам. Але агонь моцна апёк яму нос, бараду, апаліў павейкі.

Вінцуська адбегся ад сцяны, ухапіўся рукамі за галаву і - бац! - абшырны інфаркт…

Усё згарэла да падмурка… Застаўся на полі толькі адзін плуг, схаваны пад бульбоўнікам…

Жалеза перажыло чалавека…

07.11.2021 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX