Папярэдняя старонка: ПРОЗА

Леанід Лаўрэш 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Леанід Лявонцьевіч Лаўрэш (нар. 1 сакавіка 1963, Ліда) - пісьменнік (сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2018 па 2021 г.), незалежны даследчык. Скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1985), інжынер. Жыве ў Лідзе. Аўтар 12 кніг і больш за 300 артыкулаў.

Цягам гадоў

У 2014 г. кожны вечар чытаў віленскую прэсу 30-х. Калі дайшоў да жніўня 1938 г., пачатак катастрофы пачаў адчувацца нават скурай. Праглядаючы некралогі, зафіксаваў сябе на думцы, што вось ён добры лёс - памерці ў 1938 г.


Мой унук у свае 2,5 годзіка аддаваў перавагу навукова-папулярнаму фільму BBC пра даследаванні Месяца і не жадаў глядзець мульцікі. Калі і зараз, ён у свае 4,5 года праз вакно бачыць Месяц ці зоркі, заўсёды радуецца і цягне да іх ручкі. Аднойчы на раніцы плакаў і не хацеў ісці ў садок, покуль не ўбачыў Месяц. Убачыўшы ў небе срэбны сярпок, пачаў усміхацца і з задавальняем пайшаў на двор, "каб прывітацца з Месячыкам".

Усё ж кроў вялікая рэч, з дзяцінства мяне больш за ўсё цікавалі зоркі і, праз нейкі час мне будзе каму падараваць свае тэлескопы.


Дом маіх бацькоў знаходзіўся недалёка ад рынка. У канцы 1960-х - пачатку 1970-х, кожную нядзелю, гадзін з 4 раніцы, праз адчыненую летам фортку быў чутны візгат парсюкоў - сяляне, як і ў мінулыя стагоддзі, везлі на гарадскі рынак свой адвечны тавар. І нават калгаснае жыццё не змяніла нічога. Але да канца 1970-х стала ціха - натуральным чынам сышлі тыя, хто раней быў гаспадаром, і нядзельнай раніцай стала ціха.


Занатаваў падчас пандэміі каранавіруса: "Калі раней фраза "чхаў я на вас" успрымалася як абраза, дык зараз гэта пагроза!"


Той, хто ведае, зразумее, што смерць ад каронавіруса непараўнальна больш гуманная, чым смерць у дэменцыі. Калі мог бы выбіраць, замест дэменцыі выбраў бы каронавірус, нават з мінусам 10 гадоў жыцця.


Калі ў сакавіку 2013 г. злягла (і больш не паднялася) маці, дзеля псіхалагічнай разгрузкі пачаў многа хадзіць. Потым замераў, што атрымлівалася па 15 000 крокаў штодзень. На працу і з працы. Палову жыцця прахадзіўшы ў паліто, касцюмах і туфлях, але менавіта тады канчаткова перайшоў на любімыя з даўніх часоў джынсы Wrangler і вопратку фірмы "Калумбія", прычым "Калумбія" з таго часу з вялікім адрывам дамінуе "па ўсіх намінацыях".


Прадаў свайго "Опеля" і адразу адчуў, як паменшылася задавальненне ад звычайных штодзённых шпацыраў па 15 000 крокаў. Усё ж, калі аўтамабіль увесь час чакае цябе каля пад'езда, задавальненне ад шпацыраў, значна большае. Купіў новае аўто. І адразу хадзіць стала цікавей.

Працуючы над кнігай "Шэпт пажоўклых старонак" не розумам, а сваёй скурай адчуў, што я "мяса ад мяса і костка ад косткі" свайго беларускага народа. Толькі дзеля гэтага можна было напісаць кнігу ў 1,6 мільёна знакаў.


Калі перад табой мур, які немагчыма пераадолець, бо супраць цябе ўсе чалавечыя і прыродныя законы, застаецца толькі надзея на калі-небудзь … а можа калі-небудзь?


Самай неардынарнай падзеяй са мной у сацыяльных сетках, быў "бан" і скасаванне сяброўства за "лайк". За тое што паставіў лайк пад навагоднім пастом. Дальбог! Пстрык, як таракана ....


Жанчына на чэрвеньскім рамонкавым полі збірае кветкі - ніколі ў жыцці не бачыў нічога прыгажэйшага.

Мой самы лепшы на свеце тата - Лаўрэш Лявонцій Васільевіч (1923-2009), у польсай форме (прыкладна 1944 г.) і ў форме Чырвонай арміі (лета 1945 г.).

Гэта мой самы лепшы на свеце тата - Лаўрэш Лявонцій Васільевіч (1923-2009). Якім чынам заходні беларус ужо ў верасні 1941 г. патрапіў у Чырвоную Армію, само па сабе з'яўляецца асобнай і цікавай тэмай (тым больш калі ведаць, што 18 гадоў яму споўнілася толькі ў снежні). На першым здымку ён у польскай форме, заходняга беларуса з "паўшэхнай школай" у 1944 г. перавялі ў Войска Польскае. На другім - у форме Чырвонай Арміі, у якую зноў вярнулі ў 1945 г. Да 1944 г. - аніводнай узнагароды - заходнікам, мякка кажучы, не давяралі. Па выніках вайны - 4 медалі: "За отвагу", "За освобождение Варшавы", "За взятие Берлина", "За победу над Германией" і не ўручаны ордэн Чырвонай зоркі (узнагарода гэтак і не знайшла героя). Дарэчы - такая колькасць рэальных, баявых узнагарод амаль што ва ўсіх сапраўдных франтавікоў. Тата ніколі не любіў расказваць пра вайну.


Тата расказваў, як на фронце, ён выпускнік "паўшэхнай школы" (польская сямігадовая школа), тлумачыў выпускніку савецкай школы размеркавання тавараў праз карткавую сістэму. Савецкі чалавек казаў: "Дык кожны, хто захоча, скупіць увесь тавар і нічога не будзе, паліцы будуць пустыя". Бацька не казаў, што яны ў вас і так пустыя, і тады, пэўна, не надта разумеў пра баланс паміж таварнай і грашовай масамі ў рынкавай эканоміцы (гэта падчас перабудовы мы ўсе сталі эканамістамі), але адказваў пераканаўча:

- Калі ўсе скупіць, дык яўрэй Мойша яшчэ прывязе!

- А калі я пажадаю вагон ботаў?

- Толькі заказвай, Мойша табе і два вагоны ботаў прывязе!


Адказаў на пытанне рэдакцыі часопіса "Маладосць" (№ 6, 2019 г.), каго б я бачыў нобелеўскім лаўрэатам:

Калі б ад мяне залежала справа прысуджэння Нобелеўскай прэміі па літаратуры і прысудзіць можна было пасмяротна, я ўганавараў бы гэтай прэміяй Сяргея Пясецкага. Чалавека, якога нават з турмы вызваліў першы напісаны ім раман "Каханак Вялікай Мядзведзіцы". Раман гэты адразу быў перакладзены на адзінаццаць моў.

Чытаю Пясецкага больш за дваццаць гадоў і заўсёды атрымліваю эстэтычнае задавальненне ад якасці яго прозы. Героі яго раманаў не могуць не захапляць, апісаныя ім няпростыя жыццёвыя сітуацыі заўсёды выклікаюць давер: адчуваеш, што так, менавіта ўсё так і было, як гэта ў рамане пададзена. Да таго ж, значная частка падзей у раманах Пясецкага адбываецца на Лідчыне, і гэта не дзівіць: менавіта на Лідчыне ён рабаваў, у Лідзе яму прысудзілі расстрэл, і калі б пасля суда будучага пісьменніка не памілавалі, дык нікому не вядомы на той час выведнік і кантрабандыст знайшоў бы свой апошні спачын каля старых лідскіх могілак - у месцы, дзе расстрэльвалі асуджаных падчас ваеннага становішча ў Заходняй Беларусі 1920-х гадах. Аднак і пасля выхаду з турмы Пясецкі жыў на Лідчыне, пра што я спадзяюся распавесці ў адным з будучых нумароў паважанага мною часопіса "Маладосць". Таму Сяргей Пясецкі асабіста для мяне - яшчэ і шматгадовая і цікавая тэма, вартая вывучэння.

Вядома, што апошнім часам Нобеля па літаратуры даюць ці за новы, раней ігнараваны грамадскасцю жанр, ці за адкрыццё нейкай новай культурнай тэрыторыі. Лічу, што менавіта гэтую новую тэрыторыю недзе паміж Мінскам, Гроднам і Вільняй для сусветнай літаратуры якраз і адкрыў Пясецкі. У самым цэнтры гэтай тэрыторыі ляжыць мая малая радзіма.

У 1938 годзе Сяргей Пясецкі ўжо намінаваўся на літаратурную прэмію Нобеля, але не атрымаў яе, і таму я, выкарыстоўваючы права, дадзенае мне рэдакцыяй часопіса, вылучаю на Нобеля пісьменніка Сяргея Пясецкага.

Думаю, што чытачы мяне падтрымаюць.


Адказаў на пытанне рэдакцыі часопіса "Маладосць" (№ 7, 2020 г.), "Якія людзі патрэбны ў будучыні Беларусі?"

Як чалавек, які пражыў шмат гадоў, я упэўнены, што ўсім нам патрэбны інтэлектуалы сусветнага ўзроўню, прычым, як высокія прафесіяналы ў асобных галінах, так і рэдкія цяпер прадстаўнікі "шырокага профілю", здольныя да сінтэзу ведаў. А для інтэлектуала маюць значэнне прагнасць да новых ведаў і інтэлектуальная сумленнасць. А яшчэ нам патрэбна такая якасць, як здольнасць радавацца чужым поспехам, добрым чужым кнігам, артыкулам, навуковым адкрыццям. Чалавек, які не можа ацаніць чужую якасную працу, і сам ніколі не зробіць нічога каштоўнага.

Адмаўляцца, думаю, трэба найперш ад зайздрасці - яна забівае чалавека як асобу, вынішчае ў ім здольнасць да творчай працы і пазбаўляе адчування шчасця. А няшчасны чалавек не можа быць творчай асобай.


Дурань - гэта не адсутнасць розуму. Калі б так, дык дурань статыстычна рабіў бы 50% спраў правільна, а 50% па-дурному. Але насамрэч дурань усё робіць па-дурному. Дурань - гэта такі адмысловы розум.


Добры чалавек - гэта перш за ўсё разумны чалавек. Ён можа ўявіць сябе стан іншага і не рабіць яму балюча. Злы чалавек - часцей за ўсё дурань.


Замежныя студэнты, якія вучыліся са мной разам, два разы на год ездзілі ў Еўропу да сяброў ці сваякоў і прывозілі адтуль па пяць японскіх магнітафонаў, джынсы і ўсё астатняе, чаго не бачылі ў Савецкім Саюзе. У Менску, прадаўшы аптавіку тавар, замежны студэнт кожныя паўгода меў не менш за 10 000 рублёў прыбытку і да таго ж яго стыпендыя была значана большай за нашу (здаецца ад 90 да 120 рублёў). Гэтак, маючы штогод па 20 000 рублёў ён і жыў.

Самым цяжкім для нас было адказаць, як я буду жыць на заробак інжынера ў 130 рублёў у месяц на пачатку кар'еры і рублёў 180, як шчасце, у сталым узросце. "Як ты з сям'ёй пражывеш на 1 500 рублёў у год?" - пытаўся студэнт-лацінас у мяне, калі я купляў у яго джынсы за 180 рублёў. Што я мог яму сказаць? Быў рады што за два месяцы ў студэнцкім будатрадзе, катаржнай працай па 10-11 гадзін з адным выхадным на тыдзень зарабіў 700 рублёў і купляю ў яго джынсы.


Мой афрыканскі сябар і "сукамернік" па пакоі ў інтэрнаце Ніксан, расказваў, як у заходнегерманскім цягніку ён падчас канікул курыў папяросы "Беламорканал". Гэта былі танныя савецкія папяросы набітыя нейкім жудасным тытунём. Немцы вырашылі, што ён курыць марыхуану, бо акрамя пякельнага паху гэтыя папяросы "ўстаўлялі", як сапраўдны наркотык. Ніксан хваліўся, што тады ж ён пачаставаў немцаў і адразу вельмі дорага распрадаў увесь свой запас "Беламору", бо пакупнікі вырашылі, што гэтае зелле - наркотык.


Неяк вясной 1985 г., каб патрапіць на выступ Сяргея і Таццяны Нікіціных у Мінску, я "страляў" білеты каля Палаца прафсаюзаў, дзе і павінен быў адбыцца канцэрт. Адышоўшы трошкі ў бок, наткнуўся на саміх Нікіціных, якія ў суправаджэнні нейкай дамы ішлі ў палац з боку сучаснай Зыбіцкай. Хапіла нахабства папрасіць білет і ў іх - Таццяна кіўнула на Сяргея, Сяргей на Таццяну, але білет ад іх я не атрымаў. Вярнуўся да Палаца прафсаюзаў, і жаданы білет прадала мне прыгожая дзяўчына з магнітафонам у руцэ. У зале сядзелі побач, яна відавочна таксама была студэнткай, і я да сёння не разумею, чаму мы не пазнаёміліся.

Але я не пра гэта.

Пры канцы канцэрту Сяргей і Таццяна выканалі песню неверагоднай прыгажосці і моцы: "Перавядзі мяне праз майдан ці апошняя просьба старога лірніка". Словы песні - пераклад на рускую мову ўкраінскага верша Віталя Кароціча, напісанага пасля гібелі сына паэта. Толькі праз шмат гадоў стаў праяўляцца прарочы змест геніяльнага верша, а слова "майдан" атрымала дадатковы сэнс. Як па мне, дык украінскі тэкст значна лепей, чым пераклад Юны Морыц.


Убачыў ўсё тых жа, класічных бабулек каля пад'езда, якія не памяняліся за 40 гадоў і зразумеў, што мае равесніцы. Якім чынам яны ўзнаўляюцца ўвесь гэты час? Але і жанчыны, якія былі дзяўчатамі маёй маладосці, застаюцца ўсе такімі ж прыгажунямі ў джынсах. Нейкія дзве супрацьлеглыя жаночыя пароды.


Цяжка растлумачыць сучасным, ужо нават і не маладым людзям, што такое раней было замежжа для нас. Самым нескладаным было выехаць у Балгарыю, але турпаездка ў Балгарыю каштавала недзе 4 месячныя заробкі інтэлігентнага чалавека, патрабаваўся дазвол і характарыстыка з месца працы з подпісам дырэктара, парторга (і не важна, што ты не камуніст) і прафарга. Потым вырабляўся адмысловы замежны пашпарт, ішлі інструктажы і г. д. Такая турпаездка была шчасцем на ўсё жыццё - чалавек пабываў за мяжой! Пры выедзе ў так званыя "капкраіны" ўсё было ў 10 разоў складаней. Да гэтага часу сярод людзей майго пакалення захаваўся жарт: "Мяне хутка ўжо пачнуць выпускаць у Балгарыю". Што азначала: пасля трапляння ў няміласць жыццё наладжваецца.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX