Сямёнава Таццяна Іванаўна нарадзілася 17 сакавіка 1935 года ў сяле Грачоўка Арэнбургскай вобласці. З 1952 па 1955 год вучылася ў дашкольным педагагічным вучылішчы ў горадзе Бузулук Арэнбургскай вобласці. Восенню 1955 года прыехала ў беларускі горад Ліду, па месцы жыхарства мужа. Працавала ў дзіцячых дашкольных установах выхавальніцай, затым загадчыцай. З 1992 года знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Вершы пачала пісаць з 5 класа, але сур'ёзна да гэтага занятку не ставілася. На працы калі-нікалі пісала сцэнарыі для дзіцячых ранішнікаў. Усур'ёз узялася за складанне вершаў, знаходзячыся на пенсіі.
З'яўляецца аўтарам двух паэтычных зборнікаў "Осенний вальс" (2012 г.) і "Позвала судьба в дорогу" (2016 г.). Прымае ўдзел у літаратурным аб'яднанні "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", з'яўляецца ўдзельніцай клуба "Актыўнае даўгалецце" пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання (валанцёр, кіраўнік літаратурнай гасцёўні "Ліра").
Наведвае грамадскае аб'яднанне "Вера. Надзея. Любоў" і аматарскае аб'яднанне "МузАльянс" Палаца культуры горада Ліды, а таксама клуб "Кветкавод", "Добрыя сустрэчы" пры раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. У вольны час увіхаецца на дачы, займаецца вязаннем, маляваннем.
Піша творы на рускай мове. Друкуецца ў "Лідскай газеце". У літаратурна-мастацкім зборніку "Ад лідскіх муроў" (№ 8 за 2012-2015 гады) вершы былі змешчаны ў перакладзе на беларускую мову Алесі Бурак.
Ганулька
Зіма была снежнай і суровай. Маразы даходзілі да сарака градусаў. Надакучлівыя завеі завывалі па некалькі дзён запар, накідаючы велізарныя гурбы. Здавалася, што зіме гэтай не будзе ні канца, ні краю. Найчасцей снегам засыпала дамы да самага даху, і людзі з цяжкасцю выбіраліся са снежнага палону, дапамагаючы адзін аднаму адкопваць жыллё і прарываючы доўгія лабірынты ў снезе ў чалавечы ўзрост. Пяцігадовай Ганульцы здавалася, што завеі ніколі не скончацца, а лета не наступіць ніколі. Але затое, калі супакойваліся завеі, яркае зімовае сонца не пакідала небасхіл цэлы дзень. Стаяла яснае надвор'е, усталёўваліся ціхія зацішныя дні. Снег звонка хрыбусцеў пад нагамі, здзіўляючы сваёй некранутай беллю. Вось тады ўся дзятва з вясёлым захапленнем выбягала на вуліцу! Акруга напаўнялася шумам і гамам, дзіцячым смехам, віскам і крыкам. Адразу з'яўляліся санкі, лыжы, лядзянкі і іншыя сродкі для катання. Высокія гурбы ў момант ператвараліся ў натуральныя горкі і без канца чулася: "Сцеражыся!". "Дарогу!" І нікога немагчыма было загнаць дахаты да самай ночы. Нікога не хвалявала, што рукавіцы на руках ператвараліся ў лядашы, вопратка ў снезе, а пад носам два ледзякі. Але затое як блішчаць радасцю і захапленнем вочы! Як гараць шчокі! Усе здаровыя і вясёлыя. Школы не забывалі і імкнуліся вучыцца добра. Вучыцца дрэнна сорамна! Ганульцы не трэба было спяшацца ў школу, і яна разам з іншымі малымі гарэзавала і каталася з горкі, насілу зацягваючы санкі на вяршыню, а потым імчалася ўніз.
Але праходзілі дні, і паступова адступала зіма. Дні рабіліся даўжэйшымі, сонца грэла мацней, і горкі пачалі асядаць, снег пацямнеў, і хутка пабеглі гаманкія хуткія раўчукі. І зноў у дзятвы спраў безліч: рабіць заставы, прарываць раўкі і скіроўваць раўчукі па новых рэчышчах, майстраваць і пускаць караблікі. Не за гарамі ўжо рухомыя гульні: лапта, выбівала, даганялкі, хованкі, класікі. Любімай гульнёй Ганулькі былі класікі. І зноў дзятве нудзіцца няма калі, усе заняты, усім весела. Ганулька сёння не гуляе са сваімі сяброўкамі. У іх у хаце дарагі госць: прыехаў дзядзька Вася, малодшы брат Ганульчынага бацькі. Ён служыў у войску недзе далёка, вызначыўся па службе і яму далі кароткатэрміновы водпуск. Ганульцы ён прывёз у падарунак вялікую прыгожую ляльку. Дзяўчынка была вельмі рада падарунку і асцярожна гуляла з лялькай. Два браты пра нешта ціха гутарылі за сталом. Ганульцы не цікава было, пра што гавораць дарослыя. І ўсё ж да яе даляцела фраза, сказаная бацькам:
- Застанься яшчэ на дзянёк, пагасцюй у мяне.
- Не магу, - адказваў дзядзька Вася. - Раптам што здарыцца, частка зрушыцца з месца, мне цяжка будзе адшукаць яе, і я не паспею да часу.
- Калі што здарыцца, хто застанецца жывы, дзяцей не кідаць. (У малодшага брата таксама была сям'я і дачка Галачка). Ганулька не разумела, пра што казалі дарослыя, але ў яе маленькім сэрцайку пасялілася трывога. У той жадзень госць з'ехаў. Хутка яна забылася пра гутарку братоў і пра сваю беспадстаўную трывогу, яе цешыла новая лялька, надыход вясны, гульні на свежым паветры.
Прыйшла пасяўная пара. У дарослых з'явіліся новыя клопаты. Вось бацька збіраецца ў поле садзіць бульбу. Ганулька пачала прасіцца паехаць разам з ім. Бацька ніяк не згаджаецца:
- Маленькая ты яшчэ, ды не адзін я еду, і не будзе мне часу цягацца з табой.
Але яна так просіць, так просіць яго, што бацька саступае і загадвае ёй збірацца, і пакуль ён запрагае каня і рыхтуе ўсё да падарожжа, Ганулька з гонарам і шчаслівым выглядам ужо сядзіць у возе на мяшку з бульбай. Ёй падабалася ехаць, падабалася, як бацька панукае каня, хвошчучы яго па спіне лейцамі. На полі яна вельмі старанна працавала, дапамагала раскладваць бульбіны ў баразне, сачыла за тым, каб радок атрымліваўся роўным.
Да абеду ўжо ўправіліся з пасадкай. Уся кампанія, суседзяў па пляцоўцы таксама запрасілі на абед, весела і дружна пасела на разасланым на зямлі брызенце, па цэнтры якога на чыстым ручніку была раскладзена ежа. Якая ж яна была смачная! У хаце яна ніколі не была такой. Ганулька на два бакі ела ўсё, што ёй прапанавалі.
- Еш, еш, дачка, - сказаў бацька, - і вучыся працаваць. Праца нікому яшчэ не нашкодзіла. Увосень прыедзем разам капаць бульбу. - Ён пяшчотна пагладзіў па галоўцы любімую дачушку.
Увосень сям'я капала бульбу ўжо без бацькі. Ён не мог пацешыцца вынікам сваёй працы, добрым ураджаем...
Грымнула вайна, і бацька з першых жа дзён пайшоў на фронт, не паспеўшы нарыхтаваць сена для каня. Яно, духмянае і ўжо высахлае, засталося ляжаць на скошанай сенажаці. З гэтай справай і іншымі гаспадарчымі клопатамі пачала ўпраўляцца маці. Ёй даводзілася надоўга адлучвацца па справах, і Ганулька заставалася за галоўную гаспадыню і няньку з малодшым братам і сястрычкай. Змянілася жыццё ва ўсіх вяскоўцаў як у дарослых, гэтак і ў дзяцей. Не стала такой бесклапотнай весялосці, і гульні, здаецца, сталі не такімі шумнымі. Усе дзеці хутка пасталелі, сталі сур'ёзнымі, памагатымі ў хаце. На іх дзіцячыя плечы і галоўкі таксама леглі нягоды вайны.
Паўсіроты ўсе, без бацькаўскага догляду,
Без падтрымкі ў бядзе і без моцнай рукі.
Дасталося ўсім холаду-голаду,
Дзеці рана сталелі пры жыцці такім...
Ганулька, галоўная мамчына памагатая, таксама хутка сталела. Яна ўсёй сваёй істотай па-даросламу перажывала за ўсё: канчаюцца дровы, мала засталося мукі, захварэла сястрычка. Ад бацькі не было ніводнай вестачкі. За гэта асабліва балела яе сэрцайка - ці жывы ён, што з ім?
Але час ішоў, Ганульцы споўнілася восем гадоў. Прыйшла пара паступаць у першы клас. Тады навучанне ўсе дзеці пачыналі з васьмі гадоў. Яна з вялікім хваляваннем пераступіла парог класа. Яе ветліва сустрэла першая настаўніца. Яна прадставіла яе класу і пасадзіла за парту перад сваім сталом. Першыя часы Ганулька вельмі бянтэжылася, але хутка прывыкла. Яна вельмі ўважліва слухала настаўніцу, лавіла кожнае яе слова і ўсё ў дакладнасці выконвала. Спачатку пісалі алоўкам палачкі і кручкі. Гэта доўжылася даволі доўга, а потым прыступілі да пісьма чарнілам. І тут пачаліся праблемы: чарніла насілі ў чарнільніцах-невылівайках, але гэта не гарантавала, што яно не разальецца, трэба было навучыцца ўмелаа набіраць чарніла на пяро, каб не паставіць кляксы ў сшыткі. Кляксаў, трэба сумленна прызнаць, хапала, і Ганульцы доўга давялося ваяваць з імі. Узімку чарніла мерзла ў чарнільніцы, трэба было яго адагрэць, растапіць. Праз некалькіх замярзанняў і адаграванняў чарніла выцвітала, рабілася бясколерным, непрыгожым. Не было сшыткаў, пісалі на газетнай паперы. У школе было пячное ацяпленне, было зімна, і дзеці займаліся, не здымаючы паліто. Сумна... Але пра гэта ніхто нават не думаў, усе лічылі гэта нормай і імкнуліся вучыцца. Ганулька вельмі палюбіла сваю настаўніцу і марыла стаць такой жа, калі падрасце.
На ўсё жыццё запомніла Ганулька першы навагодні ранішнік. Напярэдадні свята настаўніца ўсім загадала прынесці ёлачныя цацкі. Ганулька вельмі знервавалася, бо дома не было ёлачных цацак.
- А мы змайструем цацкі з паперы, - супакоіла мама.
Яна ўзяла газетны ліст, памалявала чырвонай фарбай і, калі папера высахла, выкраіла ліхтарыкі. Склейвалі ліхтарыкі ўдвюх. Атрымалася хораша, і Ганулька аднесла ліхтарыкі ў школу.
Прыйшоўшы на ранішнік, яна ахнула ад здзіўлення, убачыўшы красуню-ёлку. Тая ўся ззяла, узвышалася да самай столі і была пышная ў сваім зіхатлівым уборы. Яна ўпершыню ўбачыла дрэва, якое і зімой было зялёным, а заместа лістоў тырчалі вострыя зялёныя іголачкі, што невымоўна здзівіла яе. Не ведала яна, што гэта хвоя і што прывезлі яе з далёкага хваёвага бору, не ведала, што ў стэпавай паласе, дзе жыла Ганулька, хваёвыя дрэвы не растуць. Яна пра гэта і не думала зусім, а разам з дзецьмі ўстала ў карагод і, калі абыходзіла ёлку, шукала паглядам свае ліхтарыкі, але іх нідзе не было бачна. Яна вырашыла, што ліхтарыкі не спадабаліся настаўніцы, і тая не павесіла іх на ёлку. Як жа яна скажа пра гэта маме? Бо гэта была матуліна ідэя пра ліхтарыкі. І раптам на самым версе, каля залатога спічака, яна ўбачыла два ліхтарыкі! Узрадавалася - вось яны! Такія прыгожыя! І яшчэ харашэй здалася ёй ёлка ад яе ліхтарыкаў. Бо яна вельмі імкнулася майстраваць іх. Весяліліся доўга: вадзілі карагоды, гучна клікалі Дзеда Мароза, а ён прыйшоў не адзін, са сваёй унучкай Снягуркай, чыталі вершы Дзеду Марозу, загадвалі яму загадкі, і ён ніяк не мог адгадаць іх, гулялі ў вясёлыя гульні. Дашлі ў госці і лясныя звяркі - зайцы, мядзведзі і хітрая Ліса Патрыкееўна, якая ўсё імкнулася абхітрыць зайчыкаў, але дзеці дапамаглі зайцам схавацца ад лісы. Было пацешна і цікава. Пад канец свята Дзед Мароз раздаў дзецям падарункі - дробненькія папяровыя скрутачкі з прысмакамі. Адкуль прысмакі? Дык жа Дзед Мароз - сапраўдны чараўнік!
Вайна працягвалася, і ад бацькі так і не было ніякіх вестак, не было ніводнага ліста. Сям'я перажывала. Аднойчы настаўніца прынесла на ўрок, гэта было ўжо ў другім класе, маленькую брашурку і прачытала пра гераічны подзвіг маладой дзяўчыны, адважнай камсамолкі, якая аддала сваё жыццё змаганню з фашысцкімі захопнікамі. Пра вайсковыя дзеянні на фронце дзеці і дарослыя пазнавалі з друку і радыё, засмучаліся і цешыліся ў залежнасці ад падзей. Жыццё рабілася ўсё цяжэй. Дарослыя і дзеці шмат працавалі ў калгасе, і ўсё адпраўлялася на фронт. Самім заставалася вельмі мала, і ў ежу людзі сталі ўжываць траву: лебяду, крапіву, конскае шчаўе. Усе з нецярпеннем чакалі канца вайны. Разам з усімі чакала Перамогу і Ганулька, і свята верыла, што бацька вернецца дахаты, як толькі скончыцца вайна. Амаль чатыры доўгія гады працягвалася вайна. Ганулька ўжо падрасла, ёй пайшоў дзясяты год. І яна ўжо ўсе падзеі ўспрымала па-даросламу. Цешылася таму, што Чырвоная Армія, праяўляючы мужнасць і гераізм, гоніць ненавіснага ворага за межы Радзімы.
Прыйшла цёплая прыгожая вясна, прыйшоў Першамай, а праз тыдзень чаканая радасная вестка - Перамога! Людзі, старыя і малыя сабраліся каля сельсавета і слухалі, слухалі голас дыктара, які паведамляў пра самую важную падзею ў іх жыцці. Ганулька, моцна трымаючыся за мамчыну руку, таксама слухала, цешылася разам з усімі і мацней прыціскалася да маці. Дарослыя смяяліся і плакалі, спявалі і спрабавалі скакаць, нібы не разумелі, што ім рабіць з радасці. І ўся гэтая карціна ўрачыстасці, радасці і смутку, ярка захавалася ў памяці Ганулькі.
Пачалі чакаць вяртанні з вайны сваіх родных, салдатаў-пераможцаў. Прыйшло ўсяго некалькі чалавек, але Ганульчынага бацькі так і не было, і вестак пра яго таксама не было, але яна ўсё адно не пераставала спадзявацца і чакаць. І мама запэўнівала яе ў гэтым.
Аднойчы прысніўся Ганульцы страшны сон: гоніцца за ёй не то вялікі сабака, не то воўк, і не можа яна ўцячы, ногі цяжкія, чапляюцца за высокую траву і вось-вось схопіць яе сабака-воўк, яна ўжо не маючы сілы бегчы, спатыкаецца і валіцца, а воўк балюча хапае яе за плячо, цягне да сябе. З усёй сілы крычыць Ганулька, кліча на дапамогу, але ніводнага гуку не падаецца з яе грудзей. Ганулька задыхаецца. Да яе свядомасці даносіцца невыразны, але, здаецца, знаёмы голас. І раптам яна выразна чуе:
- Прачніся, дачушка! Гэта я, татка твой!
Сон хутка знікае.
- Татачка! Родненькі мой! Татачка! - гучна закрычала Ганулька і павісла ў бацькі на шыі, абхапіўшы яе сваімі худзенькімі ручкамі...
Пілотка
Міхась ужо вялікі, амаль дарослы, увосень ён пойдзе ў першы клас, чым вельмі ганарыцца. І хоць ён у сям'і не самы старэйшы з дзяцей, але і не наймаладзейшы, бо маладзей яго была сястрычка Волечка, і яму часта даводзілася цацкацца з ёй. А па вечарах Міхась вельмі любіў слухаць небывалыя, вельмі цікавыя аповеды старэйшых дзяцей, якія збіраліся дзе-небудзь у зацішным месцы ўдалечыні ад увагі старэйшых. І ў гэты вечар ён пасля вячэры толькі сабраўся вышмыгнуць у двор, як маці строга паклікала яго:
- Ты куды гэта проці ночы сабраўся? Кладзіся спаць, заўтра рана едзем на кірмаш. Міхась паслухмяна ўлёгся ў ложак (ён быў зусім паслухмяным хлопчыкам), але заснуць ніяк не атрымлівалася. Ён доўга варочаўся з боку на бок, вельмі ярка ўяўляў сабе, як яны будуць ехаць у горад на кірмаш. Гэта даволі далёка, і маці, вядома ж, дазволіць яму сядзець на перадку і кіраваць канём, і ён даведаецца, што такое кірмаш і які ён такі ёсць горад.
Рана да ўзыходу сонца маці пабудзіла Міхася. І пакуль ён збіраўся, яна запрэгла каня, паскладала ўсё патрэбнае ў воз, і яны адправіліся. Калі выехалі на дарогу, маці перадала лейцы сыну, і ён з вялікай адказнасцю прыняў на сябе абавязак вазака, падганяючы і без таго бадзёра бегшага коніка. Пачало ўсходзіць сонца. Яго першыя прамені асвятлялі край неба, дрэвы і кусты набывалі незвычайна выцягнутыя цені. Ноч адступала, рассейваўся змрок, нараджаўся самы доўгі дзень лета. На прыдарожных кустах, на смарагдавай зеляніне травы срабрыстым россыпам блішчала раса. Дзень абяцаў быць спякотным. Пакуль прыехалі на кірмаш, сонца ўстала ўжо вельмі высока і пякло на поўную моц. На кірмашовым пляцы было шумна, шматгалосна, аднекуль даносіліся гукі музыкі, нічога немагчыма было разабраць, і Міхасю такі кірмаш зусім не спадабаўся, асабліва, калі маці, распрогшы каня, загадвала яму сядзець на возе і нікуды не адлучацца. Вярнулася яна няхутка, прынесла нейкія набыткі, а Міхася пачаставала цукеркамі-падушачкамі і свежымі смачнымі абаранкамі. Ён узрадаваўся гасцінцам і з задавальненнем пачаў частавацца, а маці моўчкі, паспешліва запрагала каня. Твар яе быў засмучаным, рухі рэзкімі, словы адрывістымі.
- Мам, ты чаго? - спытаў хлопчык, не разумеючы, што за змена адбылася з яго матуляй.
- Вайна, сынок! - адказала яна, і горкія слёзы пацяклі па яе загарэлых шчоках.
- З кім? - спытаў ён і замоўк, не ведаючы, чым суцешыць маці.
- З немцам, - адказала яна.
Дарога дахаты аказалася невясёлай і вельмі доўгай. Маці ўсю дарогу маўчала, а Міхась не адважваўся парушыць гэта маўчанне. Здавалася, што і прырода ўся зажурылася.
У вёсцы таксама ўжо ўсе ведалі пра страшную бяду, і назаўтра ж шмат якія мужчыны ішлі на вайну. Плакалі матулі, плакалі жонкі, выпраўляючы родных на фронт. Неўзабаве праз вёску пайшлі адступаўшыя часткі Чырвонай Арміі. Ішлі групамі і ў адзіночку, змушана пакідаючы родныя гарады і сёлы. Людзі з нудой і болем праводзілі іх. У адзін з дзён праз вёску праходзіла вялікая група салдатаў Чырвонай Арміі на чале з афіцэрам. Праводзілі іх усёй вёскай. Кабеты вынеслі салдатам у дарогу хто што мог: хлеб, сала, яйкі і іншыя прадукты. Шмат хто плакаў. Тады афіцэр звярнуўся да сабраных:
- Матулі, жонкі і сёстры! Прабачце нас, што мы пакідаем вас. Вораг вельмі моцны, і мы не можам цяпер супрацьстаяць яму. Але мы вернемся і адпомсцім за вашы слёзы, за нашу зямлю, адпомсцім за ўсё! Я абяцаю вам! Міхась стаяў наперадзе і ва ўсе вочы глядзеў на афіцэра і на яго пілотку з чырвонай зорачкай. І раптам афіцэр зняў пілотку і працягнуў яе Міхасю са словамі:
- Зберажы пілотку. Я вярнуся па яе! І нічога не бойся, будзь героем!
Літаральна на наступны дзень у вёску прыехалі на матацыкле з каляскай два немцы. Людзі выйшлі паглядзець, даведацца, у чым справа. Дзятва, вядома, наперадзе, асабліва хлапчукі. Такога матацыкла ў вёсцы не было. Цікава ж. Аказалася, што вазок матацыкла амаль даверху быў напоўнены цукеркамі-падушачкамі, нібы такімі, якія маці купляла Міхасю ў горадзе. Немцы, нешта казалі на сваёй, нікому незразумелай мове і пачалі частаваць дзяцей цукеркамі з каляскі. Неўзабаве яны з'ехалі.
- Вось, немцамі палохалі... А яны нармальныя, добрыя людзі... Вось дзяцей цукеркамі пачаставалі... - нехта сказаў з натоўпу.
Усе разышліся, кожны са сваімі думкамі. Але не прайшло і дзвюх гадзін, як загулі велікагрузныя машыны, і ў вёску заехалі крытыя брызентам фургоны, а ў іх сядзелі "добрыя" людзі з аўтаматамі наперавес, іх суправаджалі тыя самыя два немцы на матацыкле, што цукеркамі толькі што частавалі - "добрыя людзі". Салдаты выскачылі з машын, адкрылі барты і пачалі загружаць у машыны хатнюю жывёлу вяскоўцаў. Падняўся неймаверны крык. Крычалі людзі, крычалі жывёлы, чуліся стрэлы, нямецкая лаянка. Было вельмі страшна.
Цішыня наступіла раптам - немцы з'ехалі, спустошыўшы двары і пакінуўшы два трупы каля адрыны. Дзве кабеты, маці і дачка, якія не аддавалі жывёлу, былі бязлітасна расстраляны на месцы.
Гнятлівая цішыня стаяла некалькі дзён. Аднойчы ранютка ў вёску зноў наляцелі нямецкія салдаты. Яны бесцырымонна размяшчаліся ў хатах, выганяючы гаспадароў разам з дзецьмі прэч. Было бачна, што яны збіраюцца жыць тут доўга.
У адзін з дзён у хаце, дзе жыў Міхась з матуляй, братам і маленькай сястрычкай, стары сусед рамантаваў печку. Міхась круціўся тут жа, дапамагаючы дзеду, падаваў яму цэглу. Раптам у хату ўваходзяць два нямецкія салдаты з аўтаматамі. Яны пачалі прыдзірліва аглядаць хату і "о, божухна!" убачылі на ложку чырвонаармейскую пілотку! З абурэннем схапілі за каўнер і старога, і хлопчыка вывалаклі іх у двор і паставілі да сцяны адрыны. Адзін з іх сарваў з пляча аўтамат і пачаў цэліцца ў Міхася. Хлопчык інстынктыўна прыціснуўся да дзеда, дрыжучы ўсім сваім худзенькім цельцам. Стары адной рукой засланіў дзіцяці вочы, а другой спрабаваў прыціснуць яго да сябе. Другі немец, старэйшага ўзросту, нешта казаў маладому, паказваючы рукой у бок адрыны, але той працягваў цэліцца.
Ад страху ў Міхася з'явіўся непрыемны металічны смак у роце, і ён моцна сціснуў зубы. Немец працягваў цэліцца і не слухаў, што казаў яму таварыш. Прагрымеў стрэл, куля каля Міхасёвых ног увайшла ў зямлю. Абодва немцы павярнуліся і пайшлі з двара, пра нешта спрачаючыся паміж сабой, а стары і Міхась доўга стаялі каля сцяны адрыны, не маючы сілы пераадолець перажытае.
Праз некалькі дзён у хату засяліўся нейкі вялікі нямецкі начальнік, а Міхасёва сям'я пачала жыць у адрыне, а потым перасялілася ў зямлянку.
Два доўгія гады немцы паварварску гаспадарылі ў вёсцы і грунтоўна спустошылі яе, і, адступаючы, бязлітасна спалілі. Людзі ўсёй вёскі ратаваліся ў лесе і вельмі чакалі вызвалення.
Вёска дагарала, калі вераснёвым днём салдаты Чырвонай Арміі прынеслі чаканае вызваленне ад фашысцкай няволі. Міхась доўга шукаў афіцэра, які падарыў яму пілотку, якую ён пасля таго выпадку захоўваў у надзейным месцы. Да вялікага жалю адважнага камандзіра сярод салдатаў не было.
Памяць сэрца
Гады нястрымна бягуць наперад, і ўсё далей адсоўваюцца страшныя падзеі кровапралітнай вайны. Наш народ урачыста адзначыў 75-годдзе Вялікай Перамогі, якая заваявана вельмі дарагой цаной.
Не ўсе прыйшлі з вайны дахаты,
Вайны крывавай, страшнай,
Ды цягнецца ў іх бой пракляты,
Магчыма, рукапашны.
Неаслабная памяць - галоўны сведка тых падзей, якія не паддаюцца чалавечаму асэнсаванню, усіх жахаў вайны, гонару і славы, масавага гераізму войска і народа.
Фашысцкая Германія раптам уварвалася на тэрыторыю нашай краіны. На мірных жыхароў ранняй перадсвітальнай парой 22 чэрвеня 1941 года пасыпаліся снарады і бомбы. Варожыя самалёты, не шкадуючы смяротнага грузу, бязлітасна бамбавалі гарады і сёлы. У першы ж дзень вайны лінія фронту працягнулася ад Баранцавага да Чорнага мора. Першымі ўдар прымалі памежнікі і воінскія часці, размешчаныя ўздоўж мяжы.
Першы ўдар ворага прыняла на сябе і 75-я стралковая дывізія, што знаходзілася ў той момант каля вёскі Збураж, непадалёк ад Маларыты. Чырвонаармейцы адчаяна біліся з узброенымі да зубоў гітлераўцамі, біліся мужна, выяўляючы масавы гераізм і стойкасць, не шкадуючы свайго жыцця. Але занадта няроўныя былі сілы, да таго ж скончыліся боепрыпасы, і яны змушаны былі адступіць, каб потым вярнуцца і аддаць належнае захопнікам...
* * *
У 1975 годзе ўжо немаладая кабета Ганна Іосіфаўна Саўчук прынесла ў Маларыцкую сярэднюю школу №1, дырэктарам якой быў Уладзімір Маркаў, фатаграфію, на якой была адлюстравана група маладых лейтэнантаў у даваеннай форме, выпускнікоў Смаленскага артылерыйскага вучылішча. Яна расказала, што, выпадкова апынуўшыся на месцы першага бою пад Маларытай, знайшла там афіцэрскую сумку-планшэт, у ёй знайшла насоўку, люстэрка і гэтую фатаграфію і як святыню захоўвала яе больш за трыццаць гадоў. А зараз вырашыла перадаць яе ў школу.
У школе працаваў пошукавы атрад "Слава", які ўзначальваўся дырэктарам. Рада атрада вырашыла высветліць, хто гаспадар гэтага здымка. Пачалося шырокае ліставанне. Пошукавікі высветлілі, што ў 235-ы полк 75-й стралковай дывізіі 5 чэрвеня 1941 года пасля заканчэння Смаленскага артылерыйскага вучылішча былі накіраваны камандзірамі звязаў Тарас Парамонавіч Куркін і Іван Сцяпанавіч Сямёнаў. Іншыя выпускнікі ў 75-ую дывізію не накіроўваліся. Але Куркіна на фатаграфіі няма. Праз Смаленскі абласны музей следапыты вызначылі адрас аднаго з выпускнікоў вучылішча Валянціна Іванавіча Хацкевіча, які паведаміў, што ў чацвёртым выпуску вучэльні было некалькі груп, гэта значыць звязаў. Мабыць, Куркін і Сямёнаў былі ў розных звязах. Значыць, гаспадаром фатаграфіі з'яўляецца Іван Сцяпанавіч Сямёнаў, які да канца выканаў свой воінскі абавязак перад Радзімай.
* * *
Атрад "Слава" паставіў перад сабой заданне - высветліць, калі Іван Сямёнаў прыбыў да месца службы, і знайсці яго сваякоў. Пра ўсё гэта было апублікавана ў газетах "Красная Звезда" (за 5 чэрвеня 1985 года) і "Сельскае жыццё". Гэта публікацыя ўзбурыла душы і сэрцы братоў Аляксея, Васіля і Мікалая Сямёнавых, якія жылі ў горадзе Лідзе. Адна справа - ведаць, што старэйшы брат, адданы воінскай прысязе, загінуў за Радзіму, змірыцца з незаменнай стратай, і зусім іншае - пачуць, дазнаццца хоць якія дэталі пра дарагога чалавека.
Мікалай Сцяпанавіч, малодшы з братоў, таксама пачаў ліставанне з архівам Міністэрства абароны, са Смаленскім артылерыйскім вучылішчам і міжнароднай арганізацыяй "Чырвоны крыж". Ён даведаўся пра баявы шлях свайго брата.
* * *
Пад канец лета 1985 года тры браты Сямёнавы паехалі ў Маларыцкую сярэднюю школу, каб сустрэцца з пошукавікамі і іх кіраўніком. Яны з велізарным хваляваннем і глыбокай падзякай слухалі аповед вучаніцы сёмага класа Алёны М., адказнай за папку з надпісам "Сямёнаў Іван Сцяпанавіч". У сваю чаргу, яны распавялі атраду "Слава", што Іван Сцяпанавіч не загінуў у першым баі, як лічылі пошукавікі, а застаўся жывы і працягваў ваяваць, атрымаў званне капітана, узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені. Загінуў 3 верасня 1944 года і пахаваны з воінскімі ўшанаваннямі на царкоўных могілках сяла Брустуроіса Бакецкага павета (Румынія), магіла № 28. Пошукавікі ў дарунак братам далі копію фатаграфіі, знойдзенай на месцы першага бою ў далёкім 1941 годзе. Яна асцярожна захоўваецца ў сямейным архіве.
Сустрэліся браты і з Ганнай Іосіфаўнай Саўчук, якая расказала, што на месцы першага бою апынулася ўвечар, калі гнала карову з пашы дахаты. Гэта было на другі дзень пасля страшнай падзеі, калі фронт адышоў. На пытанне: "Навошта ж вы захоўвалі гэты здымак? У акупацыі маглі пацярпець з-за яго" - яна адказала: "Вельмі прыгожыя хлопцы былі, і шмат хто ўжо загінуў".
P. S. Наша сям'я свята паважае памяць свайго героя і заўсёды помніць, што мільёны такіх, як Іван Сцяпанавіч, воінаў Чырвонай Арміі паклалі свае маладыя жыцці на алтар Вялікай Перамогі. Памяць народная жывая. Удзячныя нашчадкі ніколі не забудуць іх бессмяротны подзвіг.
Пераклад на беларускую мову Алеся Хітруна.