Папярэдняя старонка: ПРОЗА

Людміла Русь 


Дадана: 17-08-2022,
Крыніца: Ліда, 2022.

Спампаваць




Русь Людміла Іванаўна нарадзілася 8 жніўня 1946 года ў сяле Міхайлаўскім Растоўскай вобласці ў сям'і вайскоўца і настаўніцы. Закончыла педагагічны інстытут. Выйшла замуж за вайскоўца. Пісаць пачала рана пад уздзеяннем атмасферы ў сям'і, дзе любілі музыку, паэзію, літаратуру. Працавала ў школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры, а потым - СШ № 9 настаўніцай сусветнай мастацкай культуры.

Піша вершы і прозу. Член некалькіх літаратурных аб'яднанняў. Пераможца і прызёр многіх літаратурных конкурсаў.

Нюрачка

Апавяданне

Снег… Круцяцца і ціха падаюць на яркую зялёную траву вялікія пушыстыя сняжынкі. Так бывае ў Гродне нярэдка перад Калядамі. У паветры вітае прадчуванне свята… Хвалюючае, трапяткое пачуццё ахоплівае людзей раптоўна і адразу: нейкае чаканне шчасця, цуда, чарадзейства. Чаканне гэтае ўзмацняецца кантрастам белага снегу на ізумруднай сакавітай і вільготнай зелені соснаў і елак. І не толькі… Дамы, дрэвы ўпрыгожваюцца гірляндамі рознакаляровых, ззяючых агеньчыкаў. У кожным доме рыхтуюцца да свята. Адусюль даносяцца неймаверна смачныя пахі "пальцам пханай" каўбасы, якую гаспадыня спяшаецца хутчэй падсушыць ля печы. Хочацца бясконца насычацца водарам ваніліну, карыцы, кардамону, якія ўжо занялі сваё месца ў цесце, у стравах.

Спяшаюся дадому, хоць так цудоўна любавацца сняжынкамі, што танцуюць у паветры, старажытнымі фасадамі касцёлаў і залатымі купаламі сабораў, будынкамі тэатраў, музеяў, асабнякоў. Як жа ўсё прыгожа, практычна нерэальна, казачна!

Вось і знаёмы дом, веснічкі, ганак… Толькі я бяруся за клямку дзвярэй, як яны самі расчыняюцца мне насустрач. Гэта мая маленькая свякроўка, мая дарагая другая мама, убачыўшы мяне праз акенца, спяшаецца абняць і пацалаваць. "Ах ты, мая міленькая мушка", - усміхаючыся, кажа яна і ціскае мяне ў абдымках, уся такая мілая, ласкавая, утульная.

Рукі свякроўкі ў духмяным цесце. Яна вымешвае яго ў вялікай місцы сваімі маленькімі кулачкамі, бо гасцей, як звычайна, збярэцца на свята шмат. З даўніх часоў павялося адзначаць Каляды ўсім разам у Ганны Фамінічны і Мікалая Іванавіча. Збяруцца сёстры і браты, дзеці і ўнукі, блізкія і далёкія знаёмыя.

"Як добра, што ты хутка вярнулася! Мне дапамога ой-ой як патрэбна," - кажа яна, і яе вочы, як вялікія спелыя вішні, ззяюць радасцю і любоўю. Мне лёгка і ўтульна ад адчування любові і ўсведамлення неабходнасці для людзей, якія яшчэ зусім нядаўна былі незнаёмыя, а цяпер сталі такімі дарагімі.

У доме весла і шумна. Хтосьці здымае з мяне футарка, нехта тут жа падае мне фартушок… Мясарубка ўжо прыкручана да стала, побач стаіць міска з набрыняўшым макам. Яго і трэба хутка перацерці, ды не адзін, а некалькі разоў - калядныя піражкі павінны быць з макам! І якія ж яны смачныя заўсёды атрымліваюцца ў нашай Ганначкі ці Нюрачкі, як яе ўсе называюць у сям'і! Стараюся прыкмячаць усе тонкасці для таго, каб пасля менавіта так балаваць яе сына.

Кафлевая печ ужо напалена і чакае з нецярпеннем прыняць дзве бляхі з пірагамі. Пасля дружна ўсёй сям'ёй лепім піражкі з макам, грыбамі, павідлам і гаворым, гаворым… Люблю слухаць расказы маёй Ганначкі, вялікай жартаўніцы. Яна практычна ніколі не маркоціцца. На маё запытанне, чаму яна часцей за ўсё бывае вясёлай, чым сумнай, адказвае: "Дык жыццё было нялёгкае. Усякіх цяжкасцяў і перажыванняў хапала. Без аптымізму ды без жартаў не ведаю, ці выжылі б? Так, і такія цяжкія часы былі!"

Ціхенька, як ручаёк, гучаў яе голас, і я проста заслухвалася дзіўнымі расказамі. Мяне заўсёды расчульваў адзін выраз Ганначкі. "Чакай, чакай! Так за якімі ж "Саветамі" гэта было? За першымі ці за другімі?" У залежнасці ад таго, за якімі "Саветамі" адбываліся тыя ці іншыя падзеі, мяняўся выраз яе мілавіднага твару, а вочы напаўняліся то сумам, то весялосцю. Гродна часта пераходзіў з рук у рукі. Мянялася ўлада, а разам з ёй і законы. "Дык вось за палякамі, - дзялілася сумна яна, - мы працавалі з раніцы да вечара. Цяжка было вельмі. Плацілі грашы, і так, як цяпер, лыжкай, смятану не елі…" Памаўчалі. Пасля, відаць, справіўшыся з сумнымі ўспамінамі, яна працягвала: "А ты пытаеш, чаму ў нас у падвале і соль, і цукар, і нават запалкі захоўваюцца разам з гароднінай ды закаткамі цэлымі корабамі? Прывыклі так, бо за немцамі на вуліцу лішні раз не высоўваліся. Страшна было. Выйшаў загад, каб праз тыдзень усе жыхары гаварылі па-нямецку. Другі раз не паўтаралі - расстрэл. Ды і пасля вайны жыць было цяжка. А жыццё то адно. Вось толькі надзея, вера ў лепшае і сагравалі ды яшчэ і жарты.

Памятаю, дзеткі маленькія яшчэ былі, усё есці прасілі, дык я ім аўсяны кісель варыла. Ён быў такі рэдзенькі, сінявата-шэры, а ўсё ж ежа якая-ніякая."

У гэтым месцы расказа яна прысела на лавачку ля акна, падпёрла твар далонямі, і слязьмі напоўніліся яе толькі што ўсмешлівыя вочы.

Я не ведала, што сказаць, проста абняла яе і ціхенька гладзіла па плячы. Памаўчалі. Пасля я паправіла яе густыя і хвалістыя валасы, што выбіліся з-пад хустачкі: "Што? Штосьці ўспомнілася?" Яна яшчэ памаўчала крыху, спраўляючыся з сумнымі ўспамінамі, і пачала так: "Аднойчы зусім грошы закончыліся. Акурат перад зарплатай. Я зварыла дзеткам булён з рэшткаў фасолі, накарміла, вымыла іх перад сном, у ложачкі паклала… Самой не да сну: што рабіць, чым раніцай пакарміць? Плакала я і малілася, малілася і плакала. Так і заснула ў слязах. Прачнулася яшчэ зацемна. Распаліла ў печы, узяла вёдры і пайшла па ваду цераз дарогу да калонкі. А да яе і не падступіцца! Вада горкай застыла пад кранам. Як вядро паставіць? Пачала я каромыслам адбіваць кусочкі лёду, каб раўнейшай зрабіць пляцоўку для вядра. У паўзмроку падалося, што нешта тырчыць з лёду. Прыгнулася ніжэй, гляджу - Маці Божая! Ды гэта ж грошы ўмерзлі ў лёд! Цэлыя тры рублі! Якое багацце! Адкуль і сілы ўзяліся?! Быццам на крыллях, ляцела дадому. Чайнік паставіла на пліту, разгладзіла далонню грошы на стале, каб упэўніцца, што не памылілася, і пабегла ў магазін. Накупіла ўсяго: і цукру, і хлеба, некалькі яек, па кавалачку масла і сыру. Дадому таксама ляцела, як на крылах. Увесь час усміхалася і Богу дзякавала.

Якое гэта шчасце - дзетак карміць, ды яшчэ так смачна! Вось і падумай: ці ёсць цуд на свеце?"

Так гаварыла мая свякруха і ўсміхалася скрозь слёзы. А я таксама ледзь не плакала ці то ад жалю, ці то ад любові да чалавека, які мне стаў такі дарагі і блізкі.

Юнацтва Нюркі праходзіла пад Гроднам у вёсцы Зарубічы сярод яловых лясоў, сярод квітнеючых палёў і лугоў. Тут упершыню сустрэла сваё каханне.

"А як гэта здарылася? Раскажыце" - папрасіла я. Яе вочы сталі, на дзіва, маладымі і прамяністымі, шчаслівымі, светлымі. Адным словам, дзіўнымі. Колькі я ўбачыла ў іх пяшчоты, трымцення. Нюрачка раптам стала падобнай да дзяўчынкі, якую зараз сама ж і ўспомніла.

"Табе, праўда, цікава?" - спытала яна сарамліва. Я кіўнула галавой, затаіўшы дыханне, баючыся парушыць кволую даверлівую сувязь між намі. А Нюрачка была ўжо там, у сваім далёкім шчаслівым часе.

"Мне і 18-ці не было, дзяўчынка зусім. У галаве толькі песні. Смех ды жарты. Вось аднойчы пад Каляды задумалі мы з сяброўкамі паваражыць. Кожная з нас склала на пасцелі "мосцік" з запалак, накрыла падушкай і лягла спаць, задумаўшы: што прысніцца, тое і збудзецца. Усю ноч ад хвалявання не магла заснуць. Заплюшчыла вочы толькі пад раніцу. А калі прачнулася, то баялася парухацца ад хвалюючага прадчування. Ціха-ціха ўстала, прыпадняла падушку і ўбачыла, што "мосцік" так і ляжыць, не парушыўся. Зноў прылягла, каб успомніць, што ж мне прыснілася, але ад хвалявання начыста ўсё забылася. Ляжала я так і ледзь не плакала ад крыўды на сябе. Раптам выразна так убачыла перад вачыма лес густы, парослыя мохам елкі, трава кругом ізумрудная і мосцік цераз нашу вузенькую рачулку. Усё намагалася ўспомніць, навошта, для чаго я іду ў лес ды яшчэ зусім адна? Пасля зімовых марозаў і снегападаў, вясенніх дажджоў самаробны мосцік не вытрымаў маёй вагі і рухнуў пад нагамі. Я нават ахнуць не паспела, а не тое, што спалохацца. Як засмяюся на ўвесь лес, ну як дураватая нейкая. І раптам хтосьці мяне ззаду схапіў ды на рукі і падняў. Хацела закрычаць, але не здолела, павярнуцца таксама не атрымліваецца, страх мяне скаваў у гэты момант. І ў той жа час мне стала ўтульна ў моцных і ласкавых абдымках. Літаральна праз пару крокаў хлопец паставіў мяне на дарожку. Я падняла вочы, паглядзела на яго, і сэрца маё раптам спынілася, а потым пакацілася, пакацілася кудысьці. Гарачая хваля сарамлівасці і радасці ахапіла мяне ад макушкі да пят. Я за-ка-ха-ла-ся! Хлопец быў высокі, светлавалосы, з сінімі, як неба, вачыма. Ён стаяў перада мной і ўсміхаўся, а вочы глядзелі цёпла і ласкава. У іх было штосьці роднае, дарагое для мяне. Ён хацеў нешта сказаць… Але сон перарваўся, я прачнулася. Трэба ж, гневалася я, не здолела даглядзець гэты дзіўны сон.

Вечарам мы з сяброўкамі сабраліся папіць чаю і падзяліцца тым, што каму прыснілася. Я так была ўзрушана сваім сном, што ўтаіла яго ад дзяўчат. Да самай вясны жыла, як у ліхаманцы, з адной марай, каб ён прысніўся мне зноў. Але чарадзейства каляднай ночы не паўтаралася, і я паціхеньку стала забывацца на свой сон.

У канцы мая я некалькі разоў пасварылася з хлопцам, які мне не падабаўся. Выбраўшы момант, я ўцякла ад яго за вёску ў лес, дзе хацела супакоіцца і прыдумаць, як адвадзіць яго ад сябе - так надакучылі яго заляцанні.

Падышла да ракі, памылася, апусціла рукі ў ваду і задумалася над тым, што ў лесе ў гэты час могуць быць ландышы. А ці не схадзіць мне па іх? Ускочыла, ступіла на няўстойлівы мосцік са страхам, успомніўшы раптам свой сон, але цікаўнасць аказалася мацнейшай, і я асцярожна зрабіла некалькі крокаў па мосціку, які, як і ў сне, трэснуў і імгненна пагрузіўся ў ваду. Стоячы па пояс у вадзе, я смяялася ўсё гучней і гучней. Не, двойчы цуда не бывае! Але, як і ў сне, мне падаў руку незнаёмы хлопец, які выйшаў з лесу. Ды яшчэ з букетам ландышаў! Я была проста ў беспамяцтве ад таго, што ён, як дзве кроплі вады, быў падобны да таго дзіўнага юнака з майго сну. І раптам - адкуль толькі ўзялася смеласць - я спытала, што ён хацеў мне сказаць у сне. А хлопец чамусьці зусім не здзівіўся і не сумеўся. Усміхнуўшыся, ён сказаў: "Сяргей, Сярожа я!"

Як я яго любіла! Усё было, як у сне: сустрэчы, сватаўство, вяселле, пераезд у Гродна… Гэта было такое шчасце! Ды вось толькі нядоўгае. Праз пяць год адняла яго ў мяне вайна. Загінуў ён. Толькі і засталіся ад палымянага кахання дзве іскрынкі - дочанькі-блізняткі Ірачка і Мірачка. Але праз два гады і Ірачкі не стала. А Мірачка так напамінае мне сёння майго Сярожаньку!

Вочы Ганны Фамінічны патухлі, але яна не заплакала, толькі цяжка ўздыхнула. Я таксама не парушала маўчання, думаючы пра тое, колькі прыйшлося ёй вынесці ў жыцці і пра тое, што моцнае каханне і шчасце, сустрэтыя аднойчы, саграваюць праз усё жыццё.

Свякроўка падышла да мяне, абняла далікатна: "Ну, што, шпілечка-кнопачка, давай далей размаітасці рыхтаваць. Каляды хутка. У пакой увайшоў наш з ёй любімы Віценька. Яна, маленькая такая, абняла нас ободвух, прыціснула да сябе моцна-моцна і, цалуючы, вымавіла: "Дзеткі мае любімыя, жывіце доўга і згодна, абавязкова згодна".

Ну хіба мы маглі яе падвесці? А наша Ганначка, усімі любімая Нюрачка, ужо напявала штосьці вясёлае. Бясконцыя шарэнгі духмяных пірагоў спрытна множыліся пад яе рухавымі рукамі. Да нас даляцела яе жартоўнае пытанне: "Дзеці, а дзеці! І чаму гэта ўсе артысткі-прыгажуні абавязкова Нюрачкі?"

Я падумала, што яна і не здагадваецца пра тое, што яна мае рацыю, наша дзіўная Нюрачка, прыгажуня постаццю, тварам, а галоўнае - душою.

Пераклад на беларускую мову Ірэны Клімовіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX