Папярэдняя старонка: Літаратура

Нічыпар Алесь. Цмокава скура 


Аўтар: Нічыпар Алесь,
Дадана: 01-03-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №47.



Аповесць


- Гэй! Сушы вёслы, калі жадаеце сёння пустымі пакінуць халодныя абдымкі Вартаўніцы загінулых (1)! - магутны хрыплы голас грамавым колам пракаціўся над белапеннымі грывамі хваляў.

- Хто гэта там брэша?! - гаркнулі з вузкай, доўга выцягнутай ладдзі, на штэўні якой разявіў ікластую зяпу пачварны вірлавокі гад.

- Спыніць бег звера вады(2) загадвае вам уладар Зорнай скалы! І як бы табе не прыйшлося шкадаваць за свае словы! - даляцеў да доўгага карабля малады, звонкі голас.

На чорным кійле(3) людзі рыхтаваліся да бітвы. Арлінагаловы, ішоў ён насустрач чужынцу - цмоку, і хвалі ў шаленстве разбіваліся аб яго чорныя грудзі.

- Няўжо тутэйшыя ўладары ходзяць па Ньёрдавай сцяжыне(4) на гэтых свіных карытах!?

Рогат мужоў вясла(5) страсянуў паветра. Велічны змей з пагардай зірнуў у арліныя вочы з вышыні штэўня. Паклаў далонь на арлінае цемя руды доўгавалосы хлопец, з рабаціннем на твары, і белымі ад гневу вялікага былі вусны яго.

- Пабачым, ці такія храбрыя сэрцы ў вас, як языкі! - крыкнуў ён.

- Ну. Годзе плявузгаць! - да нізкага борту драконагаловага каня хваляў(6) на драўлянай назе прыклыпаў сівабароды воін. Адзінае вока яго лічыла варожую моц. Сем кійле ішлі за арлінагаловым. - Я Арні, празваны Бацькам Доўгага Дракона. Я павярнуў ладдзю белым бортам(7), -халодны вецер падхапіў словы старога. - Мы не хочам сечы! Выбіраць жа вам!

- Клянуся рукой Цюра(8), ты лепшы гандляр, чым воін! - сціснуў кулакі рудавалосы юнак.

- Я жадаю размаўляць з важаром зграі, а не са шчанём, што шчэрыць зубы за спіной ваўкарэза! - плюнуў у хвалі сівы ваяка.

- Збялеў твар абражанага хлопца. Выскаліўся ён нібы звер раз'юшаны, ды дзіду зіхоткую схапіў. Але не давялося ёй піць кроў крыўдзіцеля. Высокі велічны воін стрымаў маладую руку. Павярнуў ён галаву і сонца ўспыхнула на залатой лічыне яго багата аздобленага шолама.

- Я Свафрламі і людзі завуць мяне дротам(9)! - мовіў ваяр, паклаўшы далонь на крыж мяча.

- Не спяшайся, уладар, цягнуць рыбу бітвы(10) з похваў. Язык - не баявое жалеза, але можа прыносіць большую карысць, чым сеча крывавая - сказаў аднаногі.

- Людзі твае ўжо досыць набрахаліся! - адказаў Свафрламі.

Арні паціснуў плячыма:

- Зараз можам паслухаць мяне. - Усміхнуўся дрот.

- Што ж, няхай маўчыць зброя! Кіруй да берагу. Там размаўляць будзем!

Расшпіліў уладар пасак на падбароддзі, зняў шолам цяжкі, вепруком срэбным увенчаны, і развеяў вецер яго сівыя пасмы. Дзівіўся конунг(11) славуты. Упершыню бачыў ён такі карабель. За ўсё сваё доўгае жыццё. І маленькімі вужамі здаваліся яго кійле побач з гэтым вялізным цмокам. Але пачвары на насах іх выскаляліся не менш крыважэрна.

Калі пясок заскроб ладдзёвыя кілі, з захаду, дзе кашлатыя шэрыя хмары далізвалі прагнымі чорнымі языкамі сонечную чырвань, пагрозліва напаўзала цемра. Арні нязграбна споўз з ладдзі ў прыбярэжныя хвалі і, абапіраючыся на дзіду, закульгаў на бераг, дзе ўжо чакаў Свафрламі з дружынай сваёй. Двое воінаў саскочылі з борта ўслед за правадыром. На дзяржаннях мячоў ляжалі іх магутныя рукі, светлыя вочы глядзелі спакойна і абыякава. Усмешка кранула сухія, растрэсканыя вусны Арні, калі заўважыў ён, як пад шэрым плашчом ліжуць хвалі нарвалаў ікол, што тырчыць з дротава калена замест правай нагі.

- Вітаю цябе, уладар! - мовіў Бацька Доўгага Дракона.

Дрот адказаў кіўком пасівелай галавы.

- Чаго чакаюць твае людзі? - спытаў ён. - Чаму не цягнуць на пясок вепрука хваляў(12)?

- Яны застануцца на ладдзі, конунг. Сярод


1. Вартаўніца загінулых у скандынаўскай міфалогіі адно з імёнаў Хель - гаспадыні пекла. Яна ўяўлялася магутнай веліканшай, адна палова цела якой была мёртвая і мела сіні колер, другая - колер мяса.

2. Звер вады - адзін са шматлікіх кёнінгаў карабля ў старажытнай скандынаўскай паэзіі.

3. Кійле - баявы вяслярны карабель ютаў, норгаў, саксаў англаў у V-VІ стагодзях.

4. Ньёрдава сцяжына - кёнінг мора. Ньёрд - бог мора і карабельнай справы ў старажытных скандынаваў.

5. Мужы вясла - вясляры - воіны.

6. Конь хваляў - кёнінг карабля

7. Павярнуць ладдзю белым бортам (паказаць белую тарчу) -паказаць свае мірныя намеры. Чырвоная тарча - выклік на бой.

8. Цюр - аднарукі скандынаўскі бог справядлівай вайны і воінскіх законаў. У кантынентальных германскіх плямёнаў - Ціў.

9. Дрот - літаральна "Уладар". У старажытных скандынаваў дрот аб'ядноўваў функцыі жраца і правадыра.

10. Рыба бітвы - кёнінг мяча.

11. Конунг - першапачаткова - ваенны правадыр у скандынаваў. З ІУ ст. - тытул, раўназначны каралеўскаму.

12. Вяпрук хваляў - кёнінг карабля.


вясляроў ёсць ульвхеднары(1). Ведаеш, дрот, што за воіны. Хто скажа, калі захочуць яны чалавечага мяса? А я не хацеў бы, каб сёння хтосьці хапаўся за сякеру.

Свафрламі ўсміхнуўся ў густыя, некалі залацістыя, зараз жа амаль сівыя, вусы. Арні адказаў яму ўсмешкай, зыркнуўшы сваім адзіным вокам.

- Добры карабель у цябе, стары. - мовіў уладар.

- Добры, - згадзіўся сівы мараход. - Я пабудаваў яго для чалавека, які пажадаў уладарыць на лебядзінай дарозе(2)!

Твар гаспадара Зорнай скалы, быццам высечаны з каменю, застаўся абыякавым, але бачыў Арні, як бліснулі яго крышталёва-халодныя вочы.

- Ты хочаш сказаць, што цмок гэты выйшаў на раўніну цюленяў(3) з тваіх рук?

- За гэта і празвалі мяне людзі Бацькам Доўгага Дракона.

- Што ж, Арні. Няхай твае дрэнгі(4) чакаюць на ладдзі. Як хочаш. Цябе ж, і хольдаў(5) тваіх, - дрот кіўнуў на ваяроў за спіной старога, - гасцямі сваімі бачыць жадаю!

Фіёрд глыбока ўрэзваецца ў зямлю доўгім вадзяным зубам. Чорна-шэрыя скалы ўзносяць тут у сінюю вышыню свае вострыя пікі, чапляючы вяршынямі снежна-белыя вясновыя аблокі. Вада ў фіёрдзе чорная, глыбокая, у белых карунках пены ля чорнага скальнага камню, дзе грукочуць празрыста-блакітныя струмені шматлікіх вадаспадаў. Стары дрот любіў гэта месца, поўнае змрочнай велічы, як і ён сам. З тае пары, як адсяклі яму хоры(6) ў сечы нагу, Свафрламі часта бываў сярод гэтых абветраных каменных глыбаў, дзе вясною калыхаліся ад подыху халоднага ветру белыя, як шарон зімовым ранкам, чароўныя кветкі. Казалі, сама Фрэя(7) сплятае з іх пяшчотных пялёсткаў вянкі. І не ўступяць яны белізне яе высакароднага чала, ззяючы чысцінёй першага снегу на жывым золаце валасоў. Любіў дрот слухаць таемны шэпт ветру ў скалах, любіў плёскат белагрывых хваляў і крыкі марскіх птушак. Тут хацелася жыць. Бліз фіёрду, загадае ён будаваць катухі для дрэкі - цмакагаловых караблёў-драконаў. О, Багі! Як песціць вочы гэта доўгая баявая ладдзя з крылом - ветразем на высокай мачце!

"Няма роўні "Цмоку Бездані" пад небам Мідгарда(8)" - хваліліся людзі, якія нарадзілі небывалы карабель. Родам майстры гэтыя, як і дрот, былі норгі. Суровы, мужны і ваяўнічы народ фіёрдаў. Адзін з іх, імем Арні, стаяў зараз поплеч з дротам і моўчкі глядзеў на цяжкія, свінцова-шэрыя хвалі. Быў ён кудлаты, сівабароды і аднавокі. Як і Свафрламі, адну нагу меў і дужа дроту нагадваў старога хворага ваўка, у якога яшчэ засталіся сілы для апошняга кідка.

Другі ж быў сынам яму і зваўся Хродгарам. Малады, яснавокі і меднавалосы. З мядовымі вусамі, ён рукамі валіў на зямлю раз'юшанага быка і адзінцом браў мядзведзя. Гэтымі ж рукамі спрытна трымаў ён як баявую сякеру, так і склюд цяслярскі. Уздыхнуў стары ўладар, кінуў на камень свой плашч. Сеў, спіну выпрастаў і на Арні зірнуў.

- Што, стары. Бачыш свае ладдзі на гэтых хвалях?

Карабел сеў побач з конунгам.

- Бачу, уладар.

Свафрламі паляпаў яго па плячы.

- Ці дачакаю? - у задуменні мовіў правадыр. - Эх! Сам хачу пабачыць, тваё змяінае племя, ля стырна пастаяць! Сына свайго на носе бачыць жадаю, каля галавы цмокавай! Хель ужо стукаецца безмесячнымі начамі ў мае дзверы. Але не ўбачыць ёй мяне ў сваіх туманных уладаннях. І не трушчыць Нідхёгавым(9) іклам мае старыя косці. У сечах славутых, у паходах цяжкіх дажыў я да старасці, і ў сечы жыццё маё меч варожы возьме! У Валгале(10) трымае мне месца Бацька перамогі(11). Не памру на саломе(12)! Спяшайся, Арні, на спіне твайго змея хачу ісці да Грымніра(13).

- Паспееш, дрот, перайсці Біўрост(14) шматкаляровы. Сын твой яшчэ не ў сіле.

- Дрэнгі любяць яго. Храбры. Мая кроў! - Свафрламі сціснуў сухія, моцныя кулакі. - Трох сыноў я меў. І вось, толькі аднога пакінуў мне Здрайца воінаў(15). Сігурда і Сінф'ётлі пакахалі валькірыі(16).

- У мяне таксама тры былі, - Арні кінуў у ваду


1. Ульвхеднары - тыя ж знакамітыя бярсеркі "мядзведжыя кашулі" - воіны, якіх у баі ахоплівала баявое шаленства. Яны бяззбройнымі кідаліся на ворага, кусалі сваю тарчу, не адчувалі болю ад ран і г.д. Мову замяняў ім воўчае выццё. Адгэтуль і назва. Татэмам іх быў воўк. Лічылася, што з мэтай звар'яцець у баі яны ўжывалі так званыя грыбы Одына - мухаморы. Выказваліся думкі, што вар'яцтва бярсеркаў - псіхічная хвароба, а ёсць даследчыкі, якія параўноўваюць баявое шаленства з шаманскім экстазам.

2. Лебядзіная дарога - кёнінг мора.

3. Раўніна цюленяў - мора.

4. Дрэнгі (скан.) - воіны.

5. Хольды (скан.) - ветэраны, воіны высокага рангу.

6. Хоры (хуры) - так у скандынаўскіх сагах называлася балцкае племя куршаў.

7. Фрэя - у скандынаўскай міфалогіі - багіня кахання.

8. Мідгард - у міфалогіі скандынаваў - свет людзей.

9. Нідхёг - цмок, які падгрызае карані сусветнага ясеня Ігдрасіль. Ежа яго - мярцвякі.

10. Валгала (Вальхала) - у скандынаўскай міфалогіі нябесны палац Бацькі багоў і людзей - Одына, дзе балююць Эйнхерыі (тыя, што з гонарам загінулі).

11. Бацька перамогі - адно са шматлікіх імёнаў Одына.

12. Памерці на саломе - памерці сваёй смерцю і трапіць да Хель - асудзіць сябе на вечнае нікчэмнае існаванне. Бо Валгалы - воінскага раю годны толькі той, хто загіне ў баі са зброяй у руках.

13. Грымнір - адно са шматлікіх імёнаў Одына.

14. Біўрост (Біўрэст) - літаральна "дарога, якая трасецца"- вясёлкавы мост - уваход у жытло асаў - сканд. багоў.

1. Здрайца воінаў - Одын

2. Валькірыі - літаральна "якія выбіраюць забітых" - дзевы ваяўніцы, якія кружаць над бітвай, на крылатых конях і выбіраюць найбольш храбрых воінаў для нябеснай дружыны Одына.


каменьчык. - Малодшага, Хродгара, ты бачыў. Старэйшыя ў Аднавокага(1).

- Можа дзе побач балююць яны за доўгімі сталамі, услаўляючы Уладара бітваў(2). І ўсміхаецца ён хірду(3) свайму з высокага Хлідск'яльву(4), - мовіў Свафрламі, зірнуўшы на далёкае неба. - Мы вельмі падобныя з табою, Арні. Толькі ў мяне два вокі, - усміхнуўся ён.

Бацька Доўгага Дракона паціснуў плячамі.

- Калі я насіў драўляны меч і марыў аб вычынах Сігурда Фафнірабойцы, жыў у Алі Абпаленага Бёдвар Чорны, якога яшчэ звалі Сляпаком. Алі быў мой бацька. Багатым не быў ён, але братоў па зброі ніколі не кідаў у бядзе. У лютай сечы ад выту па галаве аслеп Бёдвар. Алі добра карміў яго. Хлеб свой Бёдвар не еў дарма. Не было сагі, якой не ведаў Сляпак. Аднойчы распавёў ён мне, як розным людзям - конунгу і рабу, папрадухі (5) вырабілі адзін лёс - адзін на дваіх.

- Нам ніколі не зразумець багоў. Мы - варцобы на дошцы. І дошка для іх гульняў не толькі Мідгард, - адказаў дрот.

- Усё так, Свафрламі, - згадзіўся Арні. - Ніхто ніколі не даведаецца, навошта норны блытаюць свае ніці. Я пражыў доўгае жыццё, конунг. І я думаю, што не дарэмна. Я бачыў шмат і ведаю, Мідгард большы, чым мы можам сабе ўявіць. Ніхто не заплываў так далёка ад родных берагоў, як Арні Вандроўнік, якога ты ведаеш як бацьку Доўгага Дракона. І памятаюць яшчэ на далёкіх берагах маю звонкую сякеру і маё імя. Але памяць чалавечая перадасць срэбным струнам сконавых(6) арфаў не мае ратныя вычыны, а тое, як на маіх крылатых ладдзях зробіцца ўладаром Эгіравай бездані(7) народ краіны фіёрдаў. Мой першы дрэкі я спусціў на ваду за межамі Мідгарда. Можаш не верыць, уладар, але няма хлусні ў словах маіх. Гэтай ноччу нядоўга размаўлялі мы. Я слабы на выпіўку, а мёд твой выдатна моцны. Занадта для маёй хворай галавы...

- Не прыбядняйся, стары фукс(8), - з усмешкай сказаў Свафрламі. - Я не для тваіх жоўтых зубоў. Піў ты мала, гаварыў слушна. Ды толькі, думаецца мне, не ўсё. Мы ўжо шмат пра што дамовіліся, Арні. Ты правадыр, і лёс тваіх людзей залежыць ад цябе. Язык - не баявое жалеза, а ўсё ж - зброя. Аднавокі норг ухмыльнуўся і паскроб тоўстымі, чорнымі ад смалы пальцамі, сівую патыліцу.

- Праўда твая. Галоўнае ты не пачуў. Я скажу, а ты вырашай, ці каштуюць мае ладдзі крыві, крыві тваіх дрэнгаў. Слухай, уладар, "Цмока Бездані" пабудаваў я для Хакі ярла (9). А цяпер вось я ў цябе. між ярлам і мной - кроў вялікая. Кроў нашых сыноў. І хоча Хакі галаву маю. Мяркуй, правадыр, ці жадаеш службы маёй. І яшчэ, ведай, ніколі Арні Вандроўнік не шукаў сабе гаспадара. Не шукае і Бацька Доўгага Дракона. Нічога не адказаў Свафрламі. Бараду гладзіў і на мора глядзеў.

- Што ж, Вандроўнік. За тваіх коней крыві не пашкадую, - нарэшце мовіў ён. - А зараз жадаю выслухаць, як жыў ты, Арні, і якімі людзьмі былі твае сыны. Скажы, як можа выйсці чалавек за сцены Мідгарда і жывым вярнуцца ў свет людзей? Ці можа такое муж, жанчынай народжаны?

- Гэта доўгая сага, дрот, а словы мае шэрыя, як камяні ў цябе за спіною.

- Я люблю доўгія аповяды, - вочы мужчын сустрэліся. - Часу ў нас уволю. А сонца грэе старыя косці. - Арні адкашляўся. - Сапраўды, раніца, а ўжо так цёпла.

- Калі хочаш, слухай, уладар.

І адказаў Свафрламі:

- Хачу.

- Вечны бадзяга, мала калі начаваў я пад уласнай страхой. Быў час, была ўдача. Меў я хірд, лупы(10) ў набегах багатыя браў, і шмат хто з магутных воінаў агаляў меч па слову майму і зваў мяне правадыром. Я ведаў, чаму ідуць за мной людзі, дрот. Мая ўдача тады была вялікай. І думаў я - так будзе заўсёды.

- І я так думаў, - ухмыльнуўся Свафрламі. - Думаў, не пакіне мяне мая хамінг'я(11). Ніколі. Не ведаю, каго лепшага знайшла яна. А толькі тры зімы таму, прывёз я з паходу замест здабычы сваю нагу, - дрот змоўк і працягнуў руку па вінны мех. - Добрае віно робяць вальхі (12). Працягвай, Вандроўнік.

- У мяне было шмат жанчын, але даражэй за мілую ўлюбёнку Хель - нікога. Хель - старадаўняя, выкладзеная срэбрам сякера майго прадзеда.

Яна піла кроў румскіх(13) легіянераў яшчэ да Аларыха (14). Я пакінуў яе ў грудзях Брагі Хакісона, празванага Спеваком з Далёкіх выспаў, дзе ён піў мёд паэзіі. Я забіў яго твар да твару. Не так, як забіў яго бацька, Хакі ярл, майго старэйшага - Ульвганга. Хакі забіў сына ў спіну. Нарадзіла мне Ульвганга дзева з Бурштынавага берага Сцюдзёнага мора. Сярод жанчын, што кахалі мяне, памяці маёй годныя толькі тыя тры, што падаравалі мне годных сыноў. І першая - Золатавалосая. Я назваў яе так, бо больш цудоўных валасоў не бачыў. Даўжынёй яны сягалі каленяў і здаваліся мне залатымі змеямі. Хорамі звалася яе племя, - Арні не заўважыў, як Свафрламі сціснуў кулак. - Яна пакусала мне ўсе грудзі і скрывавіла твар, калі я быў з ёй. Я не ўзяў яе на ладдзю, адпусціў, са


1. Аднавокі - Одын

2. Уладар бітваў - Одын

3. Хірд - сканд. дружына.

4. Хлідск'яльв - літаральна "вартавая вежа" - "трон Одына"

5. Папрадухі норны - багіні лёсу.

6. Скоп (скан.) - дружынны спявак.

7. Эгірава бездань - кёнінг мора. Эгір - марскі вялікан.

8. Фукс (скан.) - ліс.

9. Ярл (сканд.) - князь.

10. Лупы (луп ) - ваенная здабыча

11. Хамінг'я - дух, увасабленне ўдачы

12. Вальхі - скандынаўская назва кельтаў.

13. Румскіх - рымскіх.

14. Аларых - правадыр готаў, які ў 410 - годзе разрабаваў Рым.


мехам крыкнуўшы, што калі будзе сын, няхай заве Ульвгангам. І вось мінулі зімы з таго набегу. Балявалі мы ў Халагаландзе тады. Суровы край. Тая зіма на дзіва марозная выдалася. На снег ясным днём нельга глядзець было - гнаіліся вочы.

І аднойчы сінім вечарам унёс у воінскі дом Ацур Мядзведжая Лапа пачарнелае ад холаду хлапчанё і сказаў, што малы гэты шукае Арні Вандроўніка, якога заве бацькам. Сам жа ён завецца Ульвгангам. А я глядзеў на тое дзіцё і ведаў: хлопец мой. І гэта было так. І я стаў ганарыцца ім, калі даведаўся, што сын мой, якому тады мінула дзевяць зім, забіў сталага мужа і здолеў адшукаць сваго бацьку ў дзікіх лясах ільдзяной Халагі. Хто скажа, што не належыць ён да роду Ульвінгаў! Застаўся жыць Ульвганг, дзякуючы намаганням старой Герд. Невядома, з дапамогай якіх багоў старая ведзьма перамагла смерць. Але сын мой пазбавіўся амаль усіх пальцаў на нагах і правай руцэ. Белая дзева(1) абпаліла іх сваім лёдзістым подыхам. Чорныя былі. Ацур бачыў сляды яе босых ног на снезе. Мядзведжая Лапа адагрэў малога сваім целам. Калі ён нёс Ульвганга ў песелішча, Белая доўга ішла ўслед і некалькі разоў бачыў Ацур між дрэў яе плашч, вытканы са срэбнага шарону. Герд, ведзьма, нагрэўшы ў полымі нож, адняла пальцы Ульвгангу, апаіўшы хлопца сон-травою. Воіны празвалі яго Бяспалым. Некаторыя ж звалі Ульвганга Ляўшой, бо трымаў ён меч левай рукой, як Цюр. Я сам вучыў сына валодаць зброяй. Цмока рукі(2) любіў ён больш за ўсё. І распавядаў мне Ульвганг, што Золатавалосая доўга чакала мяне, кожны вясновы дзень гледзячы ў сінь далягляду. І не бачыла нічога, толькі халодныя хвалі. Яна не дачакалася маёй ладдзі. Ды я пра яе тады ўжо і не помніў. Калі сын мой жыў на свеце сёмую зіму, Золатавалосую ўзяў за белыя рукі Браўлін Жалезны Бок і назваў яе жонкай. Быў ён княжага роду і паходзіў з вендаў(3). Не любіў ён маё ваўчанё, здзекаваўся ўсяк з малога. І калі Золатавалосая панесла ад яго, пажадаў Браўлін семя норскае вырваць. Але Ульвганг - мой сын! Ад вуха да вуха перарэзаў ён венду горла на яго ж ложку і кроў Браўлінава запэцкала голыя грудзі Золатавалосай. У дзевяць зім хлопчык стаў мужам. На золку, з вернымі воінамі выправіла маці Ульвганга цераз мора ў Зямлю фіёрдаў, наказаўшы дрэнгам захоўваць вернасць сыну. Была позняя восень, багатая на снег і сцюдзёныя вятры. Цяжка хадзіць па моры, але Браўлінавы браты ўсё ж нагналі на шпаркаходных лодках ладдзю майго хлопца. Вятка, Воўчым хвастом празваны, паспеў скіраваць да берага. Верныя клятве, яны палеглі ўсе пад мячамі вендаў - дзесяць чалавек. Спадзяюся ўбачыцца з імі ў Валгале. Годныя мужы, слова не парушылі, выратавалі маё ваўчанё. Пакуль рэзаліся, малы ўцёк. І два разы прыбыла поўня, пакуль яго, насмерць замерзлага, знайшоў Ацур. Славутым воінам вырас Ульвганг. Вочы сцюдзёныя, празрыстыя, як вада замерзлая. Кроў жа гарачая, нібы полымя Муспельхейма(4). Скоры на гнеў і на ўсмешку. Такім быў мой першы сын. Хакі забіў яго па-здрадніцку - у спіну, - Арні замаўчаў.

Свафрламі слухаў, прыплюшчыўшы вочы. Маўчалі даволі доўга і, нарэшце, спытаў дрот:

- Што ж не падзяліў ярл з сынам тваім?

Арні ўздыхнуў.

- Неўзабаве даведаешся. Калі не дадзела брахня мая, слухай, правадыр, далей.

Конунг хітнуў велічнай галавой.

- Род мой не ўзыходзіць да багоў, але храбрасцю сваёй, удачай і ганарлівасцю, не ўступалі ярлам мужы ад кораня Ульфілы Старога, які хадзіў у паходы яшчэ з самым славутым з Амалаў(5).

Дзед жа мой, Ульвганг Крывавая Сякера, быў адным з тых, хто падняў на тарчы Адаакра(6), абвясціўшы яго італійскім конунгам. Я быў не горшы за дзедзічаў сваіх і ўдачу меў вялікую. І кахала мяне Сванхільд Снежная - дачка Гундэвеха - конунга бургундаў(7). Дабіваліся яе мужы лепшыя, знатныя, яна ж лягла са мной, маладым, але ўжо ссечаным баявымі шнарамі. І ўзненавідзеў мяне Гундэвех, бо не лічыў сабе роўняй. І вымушаны я быў ратавацца ад гневу яго. А цераз зіму даведаўся, што нарадзіла Сванхільд Хлёда. Ён жа забіў яе. Цяжкія былі роды. Вялікі быў Хлёд. Ішоў туга і ўсё нутро маці сваёй парваў. Крывёй сплыла мая Сванхільд. Жанчыны насілу выратавалі немаўля. З тае пары ўдача мая здрадзіла мне. Гундэвех не пажадаў дараваць абразы сваёй і смерці дачкі. Як ваўка сабакамі, цкаваў ён мяне дрэнгамі сваімі. З хірда майго засталіся са мной толькі сем чалавек. І прыплылі мы ў краіну прусаў. І толькі выцягнулі на пясок ваўка берагоў(8), як заўважылі на даляглядзе ладдзі Гундэвеха. І мовіў я тады воінам сваім:

"Не заяц я, уцякаць стаміўся. Вас жа , браты мае, ад клятвы вызваляю".

Але смяяліся яны са слоў маіх. І сказаў Хагбард Лічына: "Мы абралі цябе важаром, Арні. І ты быў не дрэнны правадыр. Ніколі не скажуць людзі, што Хагбард Скаўцісон пашкадаваў сваё жыццё, калі смерць прыйшла па яго правадыра".

Бразнулі воіны зброяй аб тарчы, крыкнулі: "Хочам сёння ежы багоў пакаштаваць"!

І сталі мы спіна да спіны. У пене прыбярэжнай марудзілі бургунды і франкі. Дзівіліся. Ніколі не бачылі, каб восем сотню чакалі. Цесна стаялі мы, і вецер сплятаў у светлае воблака нашы доўгія валасы. І выйшаў наперад Гундэвех і крыкнуў маім людзям, што


1. Белая дзева - дэманічная істота, увасабленне зімы і смерці.

2. Цмок рукі - кёнінг мяча.

3. Венды - скандынаўская назва прыбалтыйскіх славянаў.

4. Муспельхейм (Муспель) - вогненная краіна ў міфалогіі скандынаваў, дзе жылі вогненныя вяліканы, з якім варагавалі скандынаўскія багі.

5. Амалы (Высокародныя ) - славуты готскі род, які даў готам шмат вялікіх правадыроў. Адным з іх быў Германарых, якога скандынавы звалі Ёрмунрэкам. Вялікі быў уладар. Але праславіўся ён не толькі сваёй доблесцю, але і лютасцю вялікай.

6. Адаакр - правадыр германскіх наймітаў, які адабраў уладу у 476 годзе ў апошняга ўладара Рымскай імперыі Ромула Аўгустула. У існаванні Заходняй імперыі была пастаўлена кропка.

7. Бургунды - германскае племя.

8. Воўк берагоў - карабель.


не годны я іх любові, і зваў ён мяне нідынгам(1). Але адказаў яму Хагбард Лічына: "Не табе зваць нідынгам таго, з кім хадзілі мы ў славутыя паходы!"

І з сілай вялікай кінуў Скаўцісон дзіду сваю ў Гундэвеха. І не здолеў абараніцца ад таго славутага кідка стары конунг. Гадзіна рукі(2) працяла яго магутныя грудзі і заенчылі, завылі ваўкамі асірацелыя бургунды. Кінуліся на нас, лютай помсты прагнучы. Як героі старажытных саг, загінулі мае воіны, пасечаныя на кавалкі крыважэрнымі веліканшамі бітвы(3). Мяне і Хагбарда жыўцом браць хацелі. І рагаталі мы з пабрацімам з ворагаў, стоячы на кучы скрываўленых целаў. Секлі і секлі, не звяртаючы ўвагі на ўласныя раны. Нарэшце, аслабелых ад стомы і страты крыві, звязенілі нас бургунды. Я тады ўжо нічога не бачыў, бо адно вока мне выбілі, а другое заліла кроў з рассечанага ілба і думаў я, што аслеп. Жахлівая смерць чакала нас, і не утрымаў Хагбард крык у грудзях сваіх, калі пачалі аддзяляць яму ад хрыбта рэбры(4). Мяне ж пажадалі бургунды кінуць падыхаць побач з распатрэшаным пабрацімам, адсекшы рукі-ногі. Узляцела сякера, і боль сціснуў цела маё ў вогненных абдымках. Адзін з Гундэвехавых дрэнгаў падняў і паказаў мне маю скрываўленую нагу. Але смяяўся я ў твар катам сваім. Каб суняць крывацёк, палілі мне рану паходняй. І вось ізноў бліснула на сонцы шырокае лязо ільдзіны сечы(5). Але гэты пацалунак яе я не атрымаў. Паваліўся мой кат на мяне са стралой у горле. Яшчэ імгненне, і жудаснае выццё, енк і скавытанне рэзнулі мне на вушах, нібы сотні мерцвякоў раптам вырваліся са змяіных буданоў Хель. Я чуў раней гэты страшны баявы кліч. Гэта ішлі ў бой прусы Вайдывута(6) конунга. Калісьці яшчэ юнаком я біўся з імі і добра памятаю, як па хрыбце паўзуць мурашкі, калі бачыш, як на цябе нясецца натоўп амаль голых мужчын з утрапёнымі вачамі і пенай на скрыўленых вуснах. Ваўкамі выюць яны, а рэву іх пазайздросціць і раз'юшаны мядзведзь. Што ні воін - бярсерк! Зброя прусаў - дзіды ды сякеры. Мячоў мала і больш бронзавыя. Але самая страшэнная зброя іх расце разам з прускімі хлапчукамі. Дубіны з крамянёвымі зубамі! Прусы завуць іх сваімі жонкамі. Кожнае смаркатае дзіцянё з Вайдывутава племя знаходзіць сабе ў лесе дубок, узрэзвае на ім кару і ўстаўляе ў надрэзы вострыя крамянёвыя асколкі. Ідуць зімы і становіцца хлопчык воінам лютым. І сячэ ён дуб, што вышчараецца каменнымі ікламі, сячэ на пагібель сваім ворагам. Страшная зброя. І зведалі цяжар дубоў гэтых спаўна бургунды. Увесь Гундэвехаў хірд утапталі ў прыбярэжны пясок звар'яцелыя ад паху крыві баяры Вайдывута конунга, празванага Бурштынавай Дзідай. Рагатаў я, калі гінулі пад прускімі дубінамі бургунды, і вось заўважыў, як паваліўся Хільдэрык, паранены дзідай у плячо. Гэта ён выпрастаў рэбры майму пабраціму. Падхапіў я з пяску нечы нож і папоўз да Хагбардава ката. І радасна мне было бачыць страх у вачах франка. Хрыпелі мы, качаліся ў пяску, як звяры, кусаліся і рэзалі адзін другога нажамі, не заўважыўшы, што скончылася сеча крывавая і скупіліся каля нас прусы цесным колам. І перамог я Хільдэрыка, бо ўзненавідзеў яго за лютую смерць Лічыны. Раскрыў я грудзі яму, выняў сэрца дрыготкае і на кавалкі яго зубамі рваў. І ківалі галовамі калматымі дзікія Вайдывутавы ваяры. Мабыць, нават яны не так часта бачылі, як грызе пераможца варожае сэрца. Два гады пражыў я ў прусаў і вялікае сяброўства меў з іхнім конунгам, а таксама і з Прутэнам - братам Вайдывутавым. Гэта Прутэнава страла выратавала маю нагу. Яны былі годныя мужы, вялікія ўладары і палюбіў я іх. Але не пажадалі норны сяброўства таго. Аднойчы Вайдывут высек вялікую зграю норскіх находнікаў, што рабавалі землі яго. І трэба ж было! Сярод палонных, якіх чакала смерць лютая, быў мой старэйшы брат Халь Валовая Скура. Амаль дзесяць зім не бачыў я яго. І ён таксама думаў, што сустрэне мяне толькі ў Валгале. Халь не вельмі любіў зброю, больш да душы брату былі яго каровы, спакойнае жыццё на бацькаўшчыне, ды прыгожая пяшчотная Цюра, што спраўна нарадждала яму сыноў. Сямёра меў. Аднойчы ўсяго гэтага не стала. У норскі бераг тады дзюбнулі насамі Прутэнавы лодкі. Калі Халь вярнуўся з гандлёвай паездкі, то на месцы маёнтка ўбачыў даўно астылае вуголле. Ды раздзюбаныя крумкаччом целы жонкі і пяці сыноў. Двое старэйшых абралі для сябе шлях воіна і даўно пакінулі бацькоўскую хату. Вось і Халь узяўся за меч. Нешта зламалася ў душы майго брата. З ціхага бонда(7) ператварыўся ён у бярсерка і шалеў у бітве. Ад паху крыві звер, што нарадзіўся ў сэрцы яго ў той дзень, рваўся на волю, і Халь не мог яго стрымаць ды і не жадаў. І сталі зваць брата Голым, бо бяззбройным і бязбронным кідаўся ён у сечу, выклікаючы жах у ворагаў. Сілу бярсеркам сваім Одын немаверную дае. Вось і Халь голымі рукамі людзей на кавалкі разрываў. Але за магуту Высокага разлічвацца трэба. Пасля бітваў амаль па два дні ачуняць не мог брат мой. Вочы мутныя, здаецца, нічога не бачаць, як на ногі ўстане, хістаецца, нібы кадушку піва высмактаў. Такім быў Халь Голы. Шмат прусаў прынялі смерць з яго рук. Ён усё ж дабраўся да Прутэна і цяжка параніў конунгава брата. Думалі, не выжыць яму. Доўга і цяжка хварэў Прутэн. Я не прасіў Вайдывута за Халя. Ведаў, адмовіць мне, хоць і біўся я за яго супраць сваіх суайчыннікаў, супраць брата і выратаваў Вайдывута ад норскай сякеры, закрыўшы правадыра тарчай сваёй. Але назіраць за мукамі Халя на вогнішчы, у гонар прускіх багоў, я не жадаў. Ноччу я парэзаў вартавых і вызваліў вязняў. Мы здолелі прабіцца да караблёў. Так я выратаваў брата. Але разам нядоўга былі мы: хутка Одын паслаў па Халя белагрудых валькірый. Ён памёр


1. Нідынг (сканд.) - баязлівяц, пракляты, чалавек не годны павагі.

2. Гадзіна рукі - дзіда.

3. Веліканша бітвы - баявая сякера

4. Аддзяліць ад хрыбта рэбры / урэзаць крывавага арла (крумкача)/ - жудаснае пакаранне смерцю, прынятае ў германскіх народаў.

5. Ільдзіна сечы - кёнінг баявой сякеры

6. Вайдывут - паўлегендарны ўладар прусаў.

7. Бонд (сканд) - вольны селянін.


пасля тынга кальчуг(1) з ютамі. Памёр ад ран. За не-калькі дзён да смерці Халя я і стары Рулаў Хрысціянін спусцілі на страху рыбаў(2) першую ладдзю з вятрылам. Думаю, дрот, трэба табе хоць некалькі словаў сказаць пра гэтага чалавека. Рулава вызваліў я з прускага палону разам з Халем. Дзівак быў стары. І, пэўна, не было ў Мідгардзе месца, дзе не пакінулі слядоў яго ногі. Казалі, ён даходзіў да самага Муспеля, дзе пякучы подых Сурта(3) зрабіў скуру людзей чорнай, як ноч. Мудры быў стары. Мала каму дазваляюць багі пабачыць столькі за адно жыццё. Доўгі час ваяваў ён на берагах цёплых мораў за золата рамейскага конунга. За вычыны на вайне быў узяты ў палац ахоўваць святую асобу ўладара. І кляўся Рулаў яму ў вернасці, за якую конунг, там ён завецца к'ярам(4), шчодра ліў залаты дождж на далоні сваіх воінаў - чужынцаў для рамеяў. Амаль усе, прыходзілі яны з захаду і поўначы. Іх мячы каштавалі дорага. Конунг ведаў, за што дае. Здрада заўсёды жыла ў залатых сценах палаца. І калі таго ўладара прыйшлі рэзаць, найміты спаўна разлічыліся за корм і слёзы Фрэі(5) сваёй крывёй. Усе яны ляглі пад варожымі мячамі. Не адзін не зрабіў кроку назад. Тым часам Рулаў здолеў вывесці к'яра падзямеллем. Цераз поўню яго ўсё роўна знайшлі і забілі. На залаты стол сеў новы конунг. Так распавядаў мне стары. Пасля смерці ўладара свайго падаўся ён да марскіх рабаўнікоў. Амаль пяць гароў сваволілі, пакуль іх да рэшты не вынішчылі імперскія ваяводы. Рулаў цудам уратаваўся. І нельга распавядаць, дзе насілі яго вятры, не хопіць слоў. Старога так і звалі - Вецер. Ужо сівога прывялі яго ніці норноў на Поўнач, дзе сышоўся ён з маім братам. Халь тады ўжо жыў за сябе і за звера, які панаваў над яго сэрцам і розумам. Трэба сказаць, што быў Рулаў воін, якіх мала. Упершаню я ўбачыў яго ў бітве, калі Вайдывут з Прутэнам тых норскіх рабаўнікоў пляжылі. Ён секся поплеч з Халем. Былі яны пабрацімамі, каб ты бачыў, дрот, як б'е ён сваім мячом! Кожны выт нёс смерць. І вось, убачыў Халь Прутэна, і пена пацякла па вуснах яго. На дзіды прусаў кінуўся ён голымі грудзьмі, і не дайсці бы брату да кроўніка свайго, каб не клінок Рулава Ветра. Скрозь натоўп ворагаў ішоў стары ўслед за пабрацімам, і не адзін меч, не адзін кій не крануўся спіны Халя, бо ахоўваў яе Рулаў. І вось, схапіліся Прутэн з Халем. Вялікі воін брат Вайдывутаў, храбрасці непамернай, але не пераадолець яму было бярсерка. Халь цяжка параніў яго - шырока грудзі раскрыў. Яшчэ імгненне, і смерць прыняў бы брат прускага ўладара, але не было болей вернага пабраціма за спіной Халя. Дзіду, што брата майго джаліць хацела, у плячо сваё прыняў Рулаў. І адзін з воінаў выцяў Голага па галаве дубінай сваёй. Думалі - забіў. Не можа галава чалавечая такі выт вытрымаць. Але ў Халя ў той час была галава мядзведжая. Жывы застаўся. Вайдывут не даў іх дарэзаць. Прускія багі любяць кроў герояў. Я ўкраў у іх ахвяру і, пэўна, адпомсцілі яны. Брат мой цераз тры поўні сеў на крылатага каня валькірыі. Для апошняга паходу я пажадаў даць яму лепшае, што меў. "Сіні Змей" - наш новы карабель, на які Рулаў паставіў мачту і сшыў з цюленевых скураў ветразь, узяў на сваю магутную спіну Халя. Ахоплены полымем, увайшоў дрэкі ў залатую браму Одынава палаца, прынёс героя да Бацькі бітваў. А цераз зіму загінуў ад венедскага мяча сівы Рулаў Вецер і гэта была вялікая страта. Калі сплываў ён крывёй у мяне на руках, то прасіў свайго Белага Бога, каб дараваў грахі яму, а мяне прасіў не помсціць за смерць яго. Што тут скажаш, дзіўны быў чалавек, як і яго ўкрыжаваны Бог. Да Хрыста я выправіў яго на ладдзі. Стары быў таго годны. Казалі мне людзі, што сустрэў ён у моры калісьці нейкага Брана(6), якога эрынцы(7) завуць святым. Цераз яго пазнаў ён Укрыжаванага, перад якім магутныя ваяры падаюць на калені. Не разумею таго.

- Некаторыя кажуць, што Хрыст падобны да Одына, - мовіў Свафрламі. - Ён прынёс сам сябе ў ахвяру, як і Высокі, павіс на дрэве.

Арні паціснуў плячамі і добра прамачыў горла з казінага мяха. Абцёр вусы і сказаў:

- Шмат хто казаў мне, што Укрыжаваны - Бог рабоў. Але той, хто казаў гэта, не бачыў Рулава. Чуў я, што Белы Бог міласэрны і праклінае вайну. Хіба не бачыць ён, як слугі яго жыўцом паляць дзяцей у славу яго? Як катуюць хрысціяне палонных сваіх? І кажуць, што так хоча ХРЫСТ! Здаецца мне, дрот, што такі бог больш падобны да Локі(8), чым да Одына. Я бачыў шмат хрысціян за сваё жыццё. Але мужам з іх годны звацца толькі Рулаў Вецер. Ніколі ад яго не пачуў я лжывага слова. У адрозненні ад сваіх адзінаверцаў, Рулаў меў адзін язык. Страшны ў сечы, ён літасцівы быў да пераможаных. Я любіў яго, - Арні зноў узяў мех з віном. - Нарадзіўся Рулаў на берагах ракі, што завецца Рубонам(9). Цяжка вымавіць, але я запомніў, як назваў яго бацька. Рэдзі(10) - такое імя атрымаў мой сябр. Ну як, уладар, не стаміў я цябе? Казаў жа, гэта доўгая сага.

- Туманны цень мінулага паўстае перад маімі вачамі і будзяць словы твае ў памяці гукі скопавай ар-фы, што спявала доўгім зімовым вечарам аб каханні Сванхільд Снежнай да простага воіна, якога, апрача яе, кахала яшчэ і Удача! А што твой Хлёд? Ці любіў ён цябе?

- Мы мала бачыліся, дрот. Сын выхоўваўся пры бургундскім двары. Пасля смерці Гундэвеха ўладарам


1. Тынг кальчуг - бітва.

2. Страха рыбаў - мора, тут - вада.

3. Сурт - у скандынаўскай міфалогіі вогненны велікан, уладар Мускельхейма. У бітве з багамі, у дзень Рагнарак, ён спаліць увесь Свет.

4. К'яр (сканд.) - кесар.

5. Слёзы Фрэі - золата.

6. Бран Святы - ірландскі святы.

7. Эрынцы - ірландцы.

8. Локі - скандынаўскі бог падману, хлусні. У апошняй бітве - дні Рагнарак, Локі будзе змагацца супраць багоў. Ён лічыцца самай таемнай асобай у скандынаўскай міфалогіі.

9. Рубон - старажытная назва Дзвіны

10. Рэдзі - славянскае Радзім.


бургундаў стаў яго старэйшы сын. - Гадамар. Не салодка было там малому, - Бацька Доўгага Дракона ўсміхнуўся. - Не любілі яго. І ён успомніў мяне. Выкінуў аднойчы караля з замкавага акна і з вернымі воінамі, пакінуў межы бургундскіх земляў. Гадамар жывы застаўся. Акно не высока было. Ногі сабе уладар паламаў. А так нічога, ачуняў, - Арні заўважыў, як хавае у пасівелых вусах усмешку Свафрламі - Хлёд адшукаў мяне і назваў бацькам. Пры мне быў ён мала, поўні тры, можа, крыху болей. З Ульвгантам на Альбіён ваяваць пайшоў. Ну як пайшоў, дык я яго і не бачыў. Не бачыў і Ульвганга. Усё біліся. Аднавокі, перад тым, як забраць маіх сыноў у свой хірд, вырашыў паказаць мне, якімі мужамі сталі яны. Ну, а Хродгара ты бачыў сёння на золку. Ён не паслухаў мяне, не застаўся на ладдзі, як я загадваў. Ён прыйшоў за мной. Не мог больш чакаць, не ведаючы, ці жывы я яшчэ. Ён добры сын, але не быць яму правадыром. Надта ж хуткі, кроў загарачая. Адразу сячэ, потым глядзіць, чыю галаву сцяў. Так, як і маці яго - яснавокая Аса Ваўчыца. Была яна дачкою заможнага бонда, Віглафа Азёрнага. І скажу я табе, дрот, не жанчына гэта была, але валькірыя. Жаночай справы не ведала і меч быў мілы рукам яе, а стрэлы ніколі не мінулі ні звера, ні чалавека. Я быў з ёй і пакахала яна мяне. І быў Аўд Медзведзянё, які хацеў Асу жонкай сваёй бачыць. Магутны дзяцюк быў. Сілу, сапраўды, мядзведжую меў. Пажадаў са мной на нажах біцца. Памятаю, з якой пагардай крывіў ён вусны, гледзячы на маю драўляную нагу. Сыты хатні сабака захацеў вырваць горла мацёраму кульгаваму ваўчыне. Ён нават не зразумеў, што адбылося, калі нож мой увайшоў яму пад сэрца. Аса стала мне жонкай. Вялікае было каханне яе. У паходах на маёй ладдзі была. Калі Хродгара нарадзіла, то нават з ім сядзець не хацела, калі вёў я сваю зграю ў набег. Ульг(1), звалі яе людзі. І вось, клікаў аднойчы Эйвінд конунг вольных правадыроў у паход на Ругу(2). Я захацеў ісці за ім. Але не ведалі мы, што белы конь(3) Пяцітварага(4) надта ж добра для ругаў прайшоў між дзідамі.

Хацелі мы браць руянскую цверджу па-сухому. З мора не ўзяць, на скале стаіць. Мяркаваў Эйвінд - палову віцязяў на скалу гэтую кінуць. Другая ж палова за дзень ходу да Арконы(5) на бераг высадзіцца і ў спіну ругам сякеру ўсадзіць, калі цемра начная над Мідгардам ўладу возьме. Думалі, знянацку на сцены заскочым, ноч дапаможа. Няхай са скалы сваёй плююць ругі на караблі конунгавы. Але так і не ўбачылі мы сцен Арконы. Як у думкі Эйвінда залез Ярмар(6), уладар руянскі, таго не ведаю. А толькі сустрэў ён нас яшчэ на ўзбярэжжы з сілай вялікай і перамогу яму багі падаравалі. Эйвінд загінуў у сечы. Мне ж нейкі руг кіем галаву прабіў. На руках вынеслі мяне воіны з бітвы. Пяць дзён праляжаў я нерухома і думалі, што мярцвяк. І чакала ўжо мяне ладдзя, але Аса стала з аголеным мячом над маім целам і мовіла, што не аддасць мяне Одыну. Не пажадалі воіны са звар'яцелай Ваўчыцай спрачацца. Згадзіліся яшчэ дзень пачакаць, а на раніцы я расплюшчыў вока. Але гаварыць не мог. Амаль дзевяць поўняў Аса карміла мяне са сваіх рук. Вярнуліся з вайны Ульвганг і Хлёд. Румскага лекара з Альбіёну прывезлі, ды вядзьмарку са Свеі(7). З іх дапамогай жонка адбіла мяне ў валькірый. А сыноў сваіх я тады так і не ўбачыў, бо сляпое было вока маё ад выту варожага. Марудна зрок да мяне вяртаўся. Цяжкая хвароба з'ела маю моц. Меч валіўся з аслабелых рук. Ведаеш, дрот, не пажадае муж такога жыцця. І гнаў я ад сябе тую, што каханнем сваім перашкодзіла мне прывітаць Гаспадара Валгалы. Замест баляванняў, баёў і пацалункаў дзеў Аднавокага, вымушаны быў я амаль кожныя сем дзён пакутаваць ад шалёных сутаргаў, якія ламалі цела маё, рвалі мне жылы. Пасля іх, калі мяне, забруджанага мачой і пенай, абмывала Аса, я нічога не памятаў. І вось аднойчы, калі побач нікога не было, мары(8) зноў авалодалі мною, але, чамусьці на гэты раз, ясным быў мой розум. Стаміўшыся катаваць мяне, нарэшце пахаваліся клятыя злыдні на кутах. Абцёршы з вусоў пену, зірнуў я на сваё ложа і зразумеў, каго напалохаліся мае каты. Ён сядзеў на мядзведжай шкуры, што служыла мне коўдрай. Доўгая белая барада, быццам туман, цякла па шырокіх грудзях. Сіні плашч дажджавой хмарай вісеў на волатаўскіх рамёнах. У руцэ трымаў ён шырокалязовую дзіду, што зіхацела ярчэй за сонца. Сэрца маё затахкала мацней. Я не бачыў яго ўсмешкі, але ведаў, зараз незнаёмец усміхаецца. І вось ён падняў галаву. З-пад лямцавага капелюша зірнула на мяне яго адзінае вока колеру сініх норскіх ледавікоў. І ў жылах маіх кроў стала лёдам. Гэта быў ён! Сеяцель Бедаў, Здрайца Воінаў, Бог Шыбенікаў, Правадыр Мерцвякоў, Бацька Перамогі, Уладар Магільных Курганоў. Шмат мае ён імёнаў. І ўхмыльнуўся Высокі скрозь сівую пену барады, прыставіў Гунгнір(9) да сцяны і мовіў:

- А што, чалавеча, доўга яшчэ парты мачыць думаеш?

Я не баяўся яго. У той час я нікога не баяўся, бо лютая злосць зжэрла ўсе мае пачуцці. І адказаў я Конунгу Нябеснай Раці:

- Зірні на свае, Бёльверк(10), можа таксама мокрыя?

Зарагатаў Уладар Дома Эйнхерыяў. Падняўся на ногі, і холадам павеяла з-пад яго доўгага сіняга плашча. Я сцяў зубы, калі каменна-цвёрдая далонь лягла на маё чало. Выццё завірухі заклала вушы. Шалёны віхор падхапіў мяне, закруціў і грымнуў аб сцяну. Галава адгукнулася болем, і сутаргі перакрывілі мой


1. Ульг (сканд.) - ваўчыца.

2. Руга (Руген, Руян) - выспа ў Балтыйскім моры.

3. Белы конь Пяцітварага - у балтыйскіх славянаў свяшчэнны конь бога вайны Гюравіта. Перад тым, як распачаць вайну, яго вадзілі між дзідамі і па тым, як пройдзе між імі святая жывёла, прадказвалі вынік вайны.

4. Пяцітвары - пяцітвары Паравіт - жахлівы бог вайны руянаў. Меч яго крыважэрны не ведаў стомы.

5. Аркона - цверджа балтыйскіх славянаў на Руяне.

6. Ярмар - так па-скандынаўску гучыць славянскае імя Ярамір.

7. Свея - Швецыя.

8. Мары - злыя духі, якія насылаюць хваробы.

9. Гунгнір -чароўная дзіда Одына, якая заўсёды б'е ў цэль.

10. Бёльверк - літаральна "злачынца", "зладзей" - адно з імёнаў Одына.


вар. Бездань праглынула мяне, і калі расплюшчыў я вока, то лёд пацёк па жылах маіх. Шорсткая дымная грыва пачварнага каня калола мне твар, спляталася з маімі валасамі. На патыліцы я адчуваў марозны подых Аднавокага, і жах слізкім гадам поўз у маё сэрца, да крыві абдзіраючы яго цвёрдай луской. Хутчэй за стралу з баявога лука ляцеў Слейпнір(1) і зоркі праносіліся міма мяне, пад капытамі сына Локі(2) зеўрала чорная бездань. Раптам барвовыя промні палымнулі на даляглядзе, падпаліўшы цемру. І аслеп я, бо цяжка воку чалавечаму бачыць ззянне Біўроста. Уздыбіўся Одынаў звер, і пачуў я, як грымнулі яго капыты аб цудоўны вясёлкавы мост, нібы асталеная(3) сякера аб моцную тарчу. Не ўтрымаўся я на конскай спіне, і сінеч нябесная прыняла мяне ў свае абдымкі. І доўга яшчэ гучаў у маіх вушах рогат Іга (4)! Нібы птушка, ляцеў я скрозь белы туман аблокаў, ляцеў, здавалася мне, цэлую вечнасць. І чароўны спакой авалодаў маёй стомленай душой. Не магу больш нічога дадаць, бо няма слоў такіх у чалавечай мове, каб зразумеў ты, дрот, што адчуў чалавек, які раптам ператварыўся ў птушку. Я бачыў свае крылы, як зараз бачу цябе, і былі яны непараўнальнай белізны. Я адчуваў іх жывую, вялічную моц і быў шчаслівы. Гэта было сапраўднае шчасце, уладар, шчасце, невядомае людзям. Не ведаю, за якія вычыны альбо пакуты, я спадабаўся яму. Але багі не любяць шчаслівых. Яны зайздросцяць ім. І крылы мае сталі дымам. І зазнаў я жах вялікі, і крык вырваўся з грудзей маіх. Пеніліся пада мной хвалі з блакітнымі грывамі, і з жудаснай вышыні ўрэзаўся я ў халоднае чэрава водаў марскіх і ўспыхнулі рознакаляровымі агнямі ў змрочнай глыбіне смарагдавыя вежы Эгірава палаца. Вада лінула ў маё горла і выдушыла з лёгкіх паветра. Сутаргі выкруцілі мне ўсё нутро, я ўздрыгнуў і нетаропка паплыў між чорных скалаў, рухаючы вялізнымі плаўнікамі. Вада павольна цякла праз мае жабры. Рыбы здзіўлена пазіралі на мяне пукатымі вачамі. Зараз я быў адной з іх. Уверсе мутна сінела неба, такое далёкае. І не паспеў я апамятацца, як закіпела, завіравала навокал вада, і пакутлівы, тужлівы стогн напоўніў уладанні Ньёрда. А цераз імгненне я біўся ў путах гіганцкага нерада, сплеценага з марскіх раслінаў, сярод дзесяткаў мерцвякоў з пасінелымі распухлымі тварамі.

У іх памутнелых зрэнках застыў страшны і велічны лік смерці. І тут я ўбачыў яе. Рыбін хвост ззяў срэбнай луской, бялей за малако Аўдумлы(5) былі пругкія дзявочыя грудзі. А даўжэзныя валасы сінню сваёй зліваліся з безданню. Чароўнае святло праменілі вочы марской дзевы, празрыстыя, нібы ледзяшы ў гномавых пячорах. Здагадаўся, уладар, хто яна? Свафрламі хітнуў галавой.

- Ран(6).

- Яна, - уздыхнуў Арні. - З усмешкай працягнула Эгірава жонка сваю гнуткую, нібы без касцей, руку і, падхапіўшы мяне доўгімі пальцамі пад жабры, выцягнула з сеці. Хвалі жорсткага болю лінулі па маім целе, і апрытомеў я ўжо на беразе. Сонца пякло бязлітасна. Я зноў быў чалавекам. Недалёка чуўся грукат сякер. Я падняўся на ногі, і перасохла ў горле маім, калі ўбачыў пад сабою агромністую галаву цмока. Пачвара люта выскаляла доўгія іклы, і я са страху адразу не зразумеў, што яна, галава гэтая, драўляная! І ўпрыгожвае яна нос велізарнага карабля. І ўздрыгнуў я, калі над вухам прагрымеў хрыплаваты голас: "Што, Алісон, падабаецца"? -

Высокі і магутны, як ясень, узвышаўся нада мной чырвонабароды, доўгавалосы муж, апрануты ў адныя кароткія парты. Пад бронзавай скурай, пакрытай старымі шнарамі, уздуваліся пры кожным руху волатаўскія цягліцы. Зірнуў ён на мяне сінімі вачамі, і ў полымі барады бліснулі снежнай белізной зубы. Волас на галаве яго быў цёмны, з сівізной, барада ж палала агнём. "Сам Локі не ведае, навошта гэта спатрэбілася Старому", - мовіў вогненнабароды, - "Але будзе так, як ён пажадае"! З гэтымі словамі ён працягнуў мне склюду. Я ўжо ведаў, хто стаіць поруч, і калацілася сэрца маё, быццам цесна ў грудзях яму стала. Доўгашыія гады за спіной асілка ўсміхаліся мне і сонца зіхацела на іх вільготна - белых іклах. І зразумеў я, не драўлянае сэрца тахкае ў гэтых вострых грудзях. І кіпела праца вакол цудоўных караблёў. Амаль голыя мужчыны варылі смалу, часалі бярвёны і сшывалі ў палосы цюленевыя скуры. Наатун(7)! І сам Ньёрд працягвае мне сякеру! Нерухома стаяў я, не падымалася рука склюду ад уладара марскога прыняць. І мовіў ён: "Ну, бяры. Не лайдачыць прыслаў цябе сюды Одын. І зойдзе ж Старому ў галаву. За Біўрост жывога прыцягнуць"!

- Ты кажаш, сам Ньёрд навучыў цябе карабельнай справе? - спытаў Свафрламі, драпаючы пазногцем касцяную тронку баявога нажа.

- Кійле будаваў я і без Ньёрдавай дапамогі, адказаў Бацька Доўгага Дракона. - А вось дрэкі... Ці бачыў ты ладдзю, дрот?

Свафрламі кіўнуў і паціснуў плячамі.

- Праўда твая, Арнід. "Цмок Бездані" годны насіць светлых багоў у вялікія бітвы. Але і мой "Арлінагаловы" - не свіное карыта. - Сустрэўшыся вачамі, мужчыны ўсміхнуліся. - Лепшыя майстры, якія ведалі кошт сваім рукам, параднілі мой карабель з халоднымі грудзямі марскіх хваляў. І ў фіёрдах яму не было роўні аж да гэтай пары. Але як не роўня "Арлінагаловаму" лодкі рыбацкія, так і ён перад "Цмокам Бездані", што меч простага воіна каля мяча вялікага ўладара. Што зрабіў бы ты з чалавекам, які абразіў бы тваю зброю, Арні? Якім бы не быў меч, але гэта меч!

- Адказ мой ведаеш, дрот. Навошта пытаеш? Ведаеш і тое, што чалавека, які абразу твайму караблю


1. Слейпнір - васьміногі конь Одына.

2. Сын Локі - Слейпнір. Бог Локі нарадзіў васьміногае жарабя ў вобразе белай кабыліцы.

3. Асталеная сякера - сякера, у якой на жалезнае лязо кавалём наварана стальная паласа.

4.. Іг - літаральна "жахллівы" - адно з імёнаў Одына.

5. Аўдумла - у скандынаўскай міфалогіі карова, якая выкарміла сваім малаком велікана Іміра і вылізала з салёнага каменю продка багоў - Буры.

6. Ран - жонка марскога велікана Эгіра. У свой нерад збірала яна патанулых у моры.

7. Наатун - "карабельны двор", жытло Ньёрда.


- але і сам не вазьму. Працягвай, далей слухаць жадаю.

Арні хітнуў галавой.

- Дзякую, конунг, што дараваў. Не толькі суровасць, але і літасць дадае велічы ўладарам.

- Асабліва, калі літасць гэтая прынясе карысць. Так хацеў ты сказаць, - ухмыльнуўся Свафрламі.

- А сапраўдную вялікасць дае розум. Мог бы і так, - мовіў Вандроўнік, і мужчыны зарагаталі.

- Дык вось, дрот, я вярнуўся ў Мідгард ноччу. Свяціла ноўня. На дварэ яшчэ марозіла, але ў паветры ўжо адчуваўся пах вясны. Я доўга ляжаў моўчкі. Да падбароддзя накрыты цёплай мядзведжай шкурай, разглядаючы развешаную на сценах зброю. Гэта быў дом мужоў! Над галавою маёй цямнелі вялізныя рогі магутнага аленя, калісьці забітага Ульвгангам на прускіх землях. У нас такіх няма. Яна ўвайшла нячутна. Я адчуў халодныя рукі на сваім твары. "Я ведала, што ты вернешся", - мовіла Аса, і дрыжэў голас яе. - "Годзі(1) загадаў перанесці цябе сюды. Ён таксама верыў у тваё вяртанне. Сем поўняў чакала я цябе, а ты ўсё бадзяўся між зорак".

Яе слёзы апяклі мне твар. Я вызваліў свае слабыя, як у дзіцяці, рукі з-пад шкуры і прыцягнуў Асу да сваіх грудзей. Як яна плакала, я бачыў першы раз. І апошні. Цераз тры зімы я амаль ачуняў ад хваробы. Падучая(2) засталася, але сутаргі прыходзілі ўжо не часта. Цераз іх прыйшлі ўспаміны Ньёрдавай навукі. Губляючы прытомнасць, я зноў бачыў драпежныя пысы дзяцей Уладара бездані. Мінула яшчэ адна зіма, і я пабудаваў ладдзю, падобную на караблі багоў. Але "Ньёрдаву Веліч" так і не прыняло мора на грудзі свае. Адбылося так, што я з Хродгарам ездзілі гандляваць добры лес для караблёў. Старэйшыя мае зноў з саксамі на Альбіён падаліся. Яны не чакалі майго вяртання. Не верылі, што яшчэ зірну на іх сваім выцвілым вокам. Што ім губляць час каля мерцвяка, калі на Альбе можна стаць ярлам! Вось тады і завітаў да мяне з аголеным мячом Грэтыр Завея. Аса, мая каханая валькірыя ўзначаліла дрэнгаў. Людзей я тады меў мала. Не ярл, шмат воінаў карміць. І калі не засталося надзеі стрымать ворагаў, Ульг загадала падпаліць "Ньёрдаву Веліч", выпусціўшы ўсе стрэлы, узялася за меч. Да апошняй кроплі крыві ў жылах ахоўвалі сваю дзеву Валгалы воіны. Ля ног яе ўсе ляглі. Застаўшыся адна, высока падняла Аса скрываўлены меч і, разрагатаўшыся Грэтыру ў твар, кінулася ў полымя, якое ўжо цалкам ахапіла ладдзю. Восем маіх дрэнгаў павяла яна ў Валгалу. Вялікае было маё гора, калі ад ацалелага трэля(3) выслухаў усё гэта. На цэлую зіму хвароба зваліла мяне з ног, і не было каму помсціць за Ваўчыцу. Сыны пагразлі ў брыцкай вайне. Аб'явіўся на Альбе магутны правадыр, ведаеш тое, дрот.

Артурам завецца ў вальхаў муж той. Пендрагонам - сынам драконавым клічуць яго. Цяжка біцца з ім. Даўно грызуцца белы і чырвоны(4), барвовая ад крыві зямля тая. Дык вось, дрот, мовіў я тым траім, што па лес са мною паехалі:

- Мужы, на Альбіён вестку сынам даслаць хачу, але здрадзілі мне ногі. Хто скажа Ульвгангу, што бацька яго вярнуўся з гасцей, ад Ньёрда, і хоча галаву Грэтыра Завеі!

- Выканаю волю тваю, правадыр! - адказаў мне Велунд Руды.

Але зарагатаў тут Хродгар і крыкнуў:

- Хто братам маім маці мая! Не жадаю дапамогі іх. За Ваўчыцу я помснікам буду!

- Не хачу, каб загінуў ты ад рукі Грэтыра, сын, падрасці крыху.

Так сказаў я малодшаму.

- Ці не муж я! - сціснуў дзяржанне мяча Хродгар.

На раніцы мы яго не знайшлі. І мовіў тады Руды:

- Вярну табе сына, Арні.

Х'ёрт з Лагчыны ўзяў свой меч і сказаў:

- Хачу ісці з Вемундам. У баі мне жыццё выратавала Аса. Буду памсціць за кунігунду(5)!

І яны пайшлі. Даглядаць мяне застаўся Ацур Мядзведжая Лапа, ды той трэль, што пасля набегу Завеі выжыў. Імя яго не помню. Раб і ўсё. Грэтыр, што не мог забраць, спаліў і ледзьве перажылі мы тую зіму. Стары верны Ацур выратаваў ад галоднай смерці ўсіх траіх. Балазе, добры паляўнік быў і неяк дачакаліся мы вясны. Хвароба паціху адпускала і я зноў мог трымаць у руках сякеру. І вось, калі блізіліся дні сонца (6), заўважыў мой трэль, як у затоку ўваходзілі тры кійле. Абапіраючыся на каштыль, я выйшаў з хаціны, што пабудаваў на папялішчы Ацур. Верны хольд у поўнай зброі стаў за маёй спіной, звузіўшы халодныя вочы. Я не паверыў, калі ўбачыў Хродгара. Насустрач мне ішоў не юнак, які ўцёк з хаты, але вусаты муж са шнарам цераз шчаку. Нічога не сказаў ён, а працягнуў мне скураны мех. Я ўзяў і зрэзаў з яго пасак. Мёртвымі вачамі глядзела мне ў твар вытрыманая ў ядлоўцавым дыме галава Грэтыра. Поруч з сынам стаяў высокі, з шырачэзнымі грудзямі воін. Паклаў ён на плячоХродгара цяжкую дзясніцу. Вочы пільныя. І спытаў я:

- Дзе Вемунд і Х'ёрт, сын?

Хродгар піхнуў ботам галаву Грэтыра і мовіў:

- Аднавокі на баль паклікаў хлопцаў тваіх! Мяне ярл выратаваў. Гэта яго меч зняў з Завеі галаву. На службу прыйшоў прасіць цябе славуты Хакі. Ладдзі цмокагаловыя з крылом - ветразем мець жадае.

Так я сустрэўся з Хакі ярлам, якога празвалі людзі Бадзягам. Не хацеў я адмовіць ярлу, але хацеў аддзякаваць за жыццё Хродгара. А ярл дужа ўлады на моры жадаў. І вось расцёршы кілем(7) цела палоннага, распырскаўшы яго кроў па чорных баках, закалыхаўся на хвалях баявы дрэкі. Па пятнаццаць румаў(4) меў ён


1. Годзі - у скандынаваў - паважаны чалавек, які ведаў законы і выконваў ролю суддзі.

2. Падучая - эпілепсія.

3. Трэль (сканд.) - раб.

4. Белы і чырвоны - драконы на харугвах саксаў і брытаў.

5. Кунігунда (сканд.) - пані, каралева.

6. Дні сонца - лета

7. Старадаўнія ўладары перад тым, як спусціць карабель на ваду, прыносілі яму ў ахвяру адну са сваіх жонак, а пазней - палонных. Няшчасных клалі на насціл, па якім ладдзя сыходзіла на хвалі.

4. Рум (скан.)- лаўка для весляра


з кожнага борта. Хакі назваў яго "Цмокам Бездані". Задаволены быў. Срэбрам мяне абсыпаў, калі ля стырна пастаяў. Не танна каштуюць караблі. І клікнуў па фіёрдах ярл хлопцаў-малайцоў. Маўляў, у каго ў жылах не вада, але кроў, каму дадзела свіней пасвіць, і хто муж, а не жанчына, таго кліча ў паход славуты Бадзяга на землі доўгавалосых конунгаў(1), багатыя румскім золатам і спакусамі. Ішлі сыны бондаў на ярлаў покліч. Маладыя дужыя, з дзяцінства звычку, як да сахі, так і да дзіды мелі. Фіёрды не нараджаюць баязліўцаў. І даў ім ярл правадыроў са свайго ўласнага хірда. Хацеў і Хродгар ісці, ды не ўзяў важар, пакінуў, бачыў Хакі, што пад маёй рукой добры карабел гадуецца. Вясляроў хапала і ў паходзе жыццём Хродгара рызыкаваць патрэбы не было.

Доўга чакалі Хакі. Вясною зніклі за даляглядам яго караблі. І вось, калі наступная вясна ўжо абсыпала апошнія пялёсткі з квітнеючых дрэваў, пачулі жыхары Арлінага фіёрда гукі баявых норскіх рагоў. У вузкае горла затокі ўваходзілі баявыя ладдзі. Цяжкія ад нарабаванага, яны нізка сядзелі ў вадзе. Першым ішоў "Цмок Бездані". Жудасную пысу знялі са штэўня. Не ў набег ішлі - дамоў вярталіся. Доўга ваяваў Хакі ў далёкіх землях. З дзевяці яго караблёў сустракалі толькі пяць. Адзін штармавыя хвалі выкінулі на камяні. Адзін у абардажным баі на дно ругі пусцілі. А на два іншыя не хапіла людзей на вёслы - у сечах галовы паклалі. Хакі загадаў спаліць іх. І вось, сыходзілі яны на родны бераг. Першым з борта ярл у чыстыя хвалі саскочыў і прыняў рог з хмельным півам з рук жонкі сваёй. За ярлам - пасівелыя хольды яго паходаў. Ганарліва падняўшы светлыя галовы, выходзілі на ўзбярэжжа сыны бондаў. Ужо не тыя хлопцы, што пайшлі за Хакі той вясной, скакалі зараз у ваду са сваіх драконаў. Бронзаваскурыя ад пякучых сонечных промняў і салёных вятроў Воўчага мора (2) шмат хто шнарамі адзначаны. З гонарам неслі яны пасечаныя ў бітвах тарчы і вышчарбленыя аб варожыя шоламы страшныя сякеры. І вочы іх ужо па-іншаму глядзелі на суайчыннікаў. Ха! Хто яны, тыя, што не пайшлі за ярлам? Ніхто! Сяляне! А мы - воіны! Самых лепшых у хірд свой клікаў Хакі. І не вярнуцца ім больш пад бацькоўскую страху. Неспакойны лёс далі ім норны. Занялі яны месца забітых ваяроў. Зараз - яны людзі ярла. Пабачыш, дрот, будучыня за імі. Такія яшчэ навядуць жаху на народы! Ну дык вось, баль быў вялкі - поўна за сталамі доўгімі! Элю амаль не пілі. Ярл віном частаваў. З усмешкай на вуснах, чырвоны ад хмелю, слухаў ён спевы срэбраструннай Торгільсавай арфы. У яго гонар спявала яна, і прыціхлі буйныя хлопцы ад чароўных гукаў. І да болю ў пальцах сціскалі кулакі маладыя ваякі, якія ўпершыню начапілі на белыя шыі сваіх жанчын золата, калі распавядаў сплятальнік песень пра славутыя вычыны ярла і верных карміцеляў крумкачоў(3) з яго хірда. Сачылі ваяры за вуснамі песняра, захопленыя, зачараваныя яго голасам, яго вялікім дарам. І ведаў ярл, цяпер жыццё іх - вайна! Вялікую сілу, магутную ўладу над людзьмі мае арфа скальда (4). Ох, вялікую!

І ўжо ніколі не забыцца ім, хлопцам гэтым, як нямелі далоні на вёслах, калі чуўся ў голасе ветру жудасны рогат Ран Выкрадальніцы, як круціўся шалёны вір лютай сечы і мільгалі перад вачамі воўчыя выскалы ворагаў, і з хрупам уразаліся сякеры ў грудзі чалавечыя, вырываючы з іх апошні крык. Як дурманіў галаву пах цёплай крыві, пах перамогі, калі скрываўленыя пальцы здзіралі з зарэзаных жанчын пярсцёнкі і срэбныя завушніцы. Як пахла страхам ад згвалтаваных дзяўчат. Ніколі не забыцца ім гэтага. Як не забыцца і нам, Свафрламі, тых жорсткіх бітваў, у якіх мы выстаялі! І пальцы тых хлопцаў не пажадаюць болей дакрануцца да сахі. І толькі тронку мяча або чэрань ведзьмы тарчаў(5) будуць ведаць іх рукі. Усё гэта бачыў я ў іх вачах. І вось, калі спыніў Торгільс песню сваю і пад рэў і енк воінаў прамачыў горла, расчыніліся дзверы, і ў залу ўвайшоў высокі муж, доўгавалосы і светлабароды.

Калючымі блакітнымі вачамі, ён па румску падняў руку і вітаў ярла. А я не верыў воку свайму. Ульвганг! Мой сын! Неўзабаве, за спіной яго, узнік залатавалосы волат і, усміхнуўшыся мне, хітнуў галавой. І не пазнаў я ў гэтым велікане з касым шнарам цераз увесь твар свайго Хлёда. Пяць зім не бачыў я сыноў. Але не з перамогай вярнуліся яны пасля доўгай вайны. Конунг брытаў, Артур Пендрагон, нарэшце спіхнуў саксаў у мора з белых скал Альбіёна. І вось сядзелі ўжо сыны мае за сталом, і слухалі воіны аповяд Ульвганга аб крывавай барацьбе з вальхамі. Пад рукой Румаборга(6) страцілі альбіёнцы сваю былую ваяўнічасць, забыліся гонар свой і славу продкаў! Але дзе ты, рах Romana(7)?! У крывавы пагной утапталі аквілы(8) тваіх жалезных легіёнаў ногі тых, каго з прыкрасцю зваў ты варварамі! Ад лёгіёнаў на выспе засталося толькі імя ды сцены цверджаў, і слабыя сталі здабычай моцных. Дурань Гуртэірн(9) калісьці сам клікаў Хенгіста і Хорсу(10), з іх дапамогай думаў уладу трымаць. З поўначы Сцяну(11) мінулі скоты і пікты(12). З-за мора прыйшлі англы, саксы, юты і турынгі(13). Альбіён запалаў і Хенгіст з братам з заступнікаў сталі ваўкамі. І вось тут з'явіўся ён - нашчадак загінуўшай


1. Доўгавалосыя конунгі - Меравінгі. Усе члены каралеўскага дома насілі доўгія валасы.

2. Воўчае мора - Балтыка.

3. Карміцель крумкачоў - воін.

4. Скальд - у старажытных скандынаваў воін - паэт. У бітвах скальды змагаліся ў першых шэрагах, каб лепш бачыць вычыны правадыра, аб якіх потым складалі песні.

5. Ведзьма тарчаў - кёнінг баевой сякеры.

6. Румаборг (сканд.) - Рым.

7. Рах Romana (лат.) - рымскі свет.

8. Аквілы - уласныя знакі легіёнаў.

9. Гуртэірн - Арні па - валійску вымаўляе імя брытонскага правадыра, вядомага нам як Вартыгерн.

10. Хенгіст і Хорса - браты, правадыры саюза германскіх плямёнаў, аб'яднанага агульнай назвай саксы.

11. Сцяна - Адрыянаў вал. Сцяна, узведзеная на Альбіёне для абароны рымскай Брытаніі ад ваяўнічых Каледонскіх (Шатландскіх) плямёнаў, якія Рыму ніколі не падпарадкоўваліся.

12. Скоты і пікты - шатландскія плямёны.

13. Англы, саксы, юты, турынгі - германскія плямёны.


імперыі, Артур! І славуты свой меч напаіў крывёй мужоў дзіды(1). - Арні змоўк і Свафрламі заўважыў, як пацямнела яго вока. - Ведаеш, дрот, як б'е у галаву на баляваннях гарачая маладая кроў, задужа разбаўленая моцнымі напоямі. Асабліва, калі справа тычыцца маладзенькіх дзяўчат, хлопцы ўжо досыць п'яныя былі, калі заспяваў Торгільс пра Снэфрыд Лебядзіную Дзеву - прыгажэйшую з жанчын, што нараджала зямля фіёрдаў. Распавядала арфа, як здабыў прыгажуню Хакі ярл у славутым паходзе сваім! І загаманілі, і завылі воіны, падымаючы поўныя турыныя рагі за вялікую ўдачу правадыра, і цёк сок вінных ягад цераз акаймаваныя срэбрам краі па светлых вусах на магутныя грудзі. Смяяўся ярл. Са срэбнага кубка піў, плёскаючы крывава - чырвонае вальскае(2) віно на аксамітавую кашулю.

І загадаў ён дзеўку на вочы весці. Снэфрыд Скулідотыр(3), сапраўды, была красуня, якіх не шмат. І калі ўвайшла яна ў залу, прыціхлі мужы, а я ўбачыў, як шэрым зрабіўся твар Ульвганга, і Хлёд схапіўся за нож. Пад мужчынскія крыкі падняўся Хакі і ўзнагародзіў Торгільса залатым змяіным абруччам за яго цудоўныя спевы. Потым зірнуў дзеве той у вочы ясныя, узяў за белую далонь і за стол пасадзіў. Снэфрыд нават не паглядзела ў яго бок. І тут выйшаў на сярэдзіну залы Ульвганг, і ўздрыгнула сэрца маё. І крыкнуў сын:

- Ты ўзяў тое, што табе не належыць!

- Я бяру, што пажадаю, Арнісон, бяру сваім мячом!

-Ты ж нічога не ўзяў на Альбіёне. Ледзьве скуру сваю дзіравую выратаваў. Дзе твая ўдача"! - зарагаталі воіны.

І сціснуў кулакі Ульвганг, і адказаў:

- Сцеражыся, ярл. Яшчэ ніхто не абразіў Арнісонаў і не разлічыўся за гэта! Аддай Снэфрыд, мне Скулі абяцаў дачку сваю яшчэ тры зімы таму! А ўдача мая пры мне. Глядзі, сваю не згубі!

Зарагатаў у твар сыну майму ярл.

- Скулі хярсіра(4) выправіў я ў Валгалу. А ты, шчанё, хочаш тое, што не браў! Прэч з вачэй!

І ўстала тут Лебядзіная Дзева і крыкнула Ульвгангу:

- Дзе быў ты, Бяспалы, калі чакала я цябе начамі доўгімі? Багацця шукаў? Дзе ж яно? Пустыя рукі твае! Дзе быў ты, калі забіваў ярл бацьку майго?! Не хачу цябе! Прэч!

Я не ведаў, што Ульвганг прасіў у Скулі яго дачку, але, пэўна, толькі адзін і зразумеў, што зараз яна спрабуе выратаваць майго сына ад ярлава гневу. Шкада яе. Але яна дрэнна ведала старэйшага Арнісона. Ульвганг ні ад кога не выносіў абразы, і нож яго ўвайшоў у белыя грудзі Лебядзінай. Адхіснуўся Хакі, а сын адвярнуўся і пакрочыў да дзвярэй, не зірнуўшы на ярла. Ганарлівасці ён меў на дзесятак. Одын любіць такіх. Маладымі кліча ў свой хірд. Мяне трымалі за плечы, і я бачыў, як Хлёд з мядзведжым рыкам перакуліў стол, калі Ульвганг сеў на лаўку з ярлавым нажом у спіне. Унук Гундэвеха, прабіўшы вепруковай косткай галаву адному з воінаў Хакі, кінуўся на забойцу брата. Як раз'юшаны мядзведзь скідвае з сябе баявых вальхскіх сабак, так раскідваў ворагаў мой сын. Хірдманы Хлёда і Ульвганга - сем бургундаў, прус і два готы агалілі баявыя нажы. Лінула кроў і хутка схапіліся воіны за сякеры. Як ні рваўся Хлёд узяць жыццё Хакі, не змог. Забіўшы чатырох ворагаў, лёг з дзесяткам ран на сваім волатаўскім целе. Хірд сыноў маіх пайшоў за правадырамі ў палац Одынаў. Да апошняга рэзаліся з ярлавымі людзьмі. Літасці ніхто не папрасіў. Хродар жа, дзякуючы віну, жывы застаўся. П'яны быў, і калі ў бойку кінуўся, нехта моцна выцяў яго лаўкай па галаве. Раз'ятраны Хакі загадаў забіць і яго, але дзядзька ярлаў, стары, цалкам галава ў сівізне, а цела ў шнарах баявых, Рудульв, мовіў важару:

- Гэта не дрэнгскап(5), ярл. Ты ў паходзе вялікую славу здабыў, але што скажуць людзі, калі заб'еш бездапаможнага, які беспрытомны ля ног тваіх ляжыць? І не трэба было Ульвгангу нож у спіну дасылаць. Гэта не дрэнгскап. Забыўшыся дзедаўскія звычаі, мы б'ём у спіну і забіваем ноччу(6). Ці так рабілі бацькі нашы? Не! Пагарда нам!

І паслухаў яго ярл. Захацеў віру даць. Калі ачуняў Хродгар, сказаў ярл:

- Срэбра вазьмі!

І мовіў сын мой:

- За братоў віры не вазьму!

Агаліў Хакі меч і крыкнуў:

- Жыццё маё хочаш! Ну, бяры!

І смяяўся Бадзяга. А я ведаў, не выстаяць Хродгару. Хлапчанё ён, меч на ярла падняць. Колькі зім вадзіў Хакі воінаў у лютыя бітвы! Я не мог апошняга сына аддаць мячу варожаму і не даў ім біцца. Старому вернаму Ацуру загадаў я трымаць сына. Хродгар у свае гады сілу немаверную мае. Але яшчэ ніхто не вырываўся з мядзведжых лап майго старадаўняга пабрарціма. І дзякаваў я багам, што не было старога на баляванні ў час бойкі. Наказаў я яму аб вязнях, што Хакі з паходу прывёз, даведацца. Ну ды пра іх потым. Сказаў я ярлу, што віру за сыноў бяру. Але няхай славуты ярл Хродгара на ўсе вятры адпусціць. А я такі карабель пабудую, што самі асы пазайздросцяць! Не верыў ярл, што дарую смерць сыноў, але вялікую патрэбу ён у руках маіх, ды галаве прабітай меў. Хітнуў галавой і меч у похвы кінуў. Малодшы зірнуў на мяне з нянавісцю. Я строс яго за плечы і гадзінай прашыпеў:

- Трэль помсціць адразу. Баязлівец - ніколі!

Ты ведаеш гэта, дрот. Ведаў і Хакі. Ацура адаслаў я з Хродгарам. Ярл багата за жыццё сыноў маіх даў. А я, як абяцаў, за ладдзю новую ўзяўся. Заўсёды на вачах ярлавых людзей быў. За кожным крокам


1. Мужы дзіды - германцы, а таксама кёнінг воінаў.

2. Вальскае (сканд.) - франкскае. Валь (сканд) Францыя.

3. Скулідотыр (сканд.) - дачка Скулі

4. Хярсір (скан.) - дробны племянны правадыр.

5. Дрэнгскап (сканд.) - воінскі гонар.

6. У скандынаваў лічылася ганебным забіваць ноччу.


сачылі. Хродгар жа прыбіўся да бярсеркаў(1)

Хакі не аднойчы паляваў на іх, але дарэмна. Ён шукаў у адным месцы, яны з'яўляліся ў іншых, рэзалі сялян, якія знаходзіліся пад ярлавай апекай. Правадыром у той воўчай зграі быў Хольдульв. Ты ўбачыш яго, дрот. Ён са мною. Зараз на ладдзі. Добры ваяка, хітры, што ліс. Невысокі, худы, зірнеш - няма на каго кулак падымаць, не тое, што зброю. Жылы адныя. Але вялікае ўменне мячом валодаць, робіць яго страшным ворагам. На Хакі ён зуб мае. За што, не кажа. Хоча таксама да ярлава горла дабрацца. Бачыўся я з ім, употай, калі назіраць за мною кінулі. І дамовіліся мы пагібель Хакі рыхтаваць. Хаўрус быў між намі. А зараз хачу сказаць пра вязняў знатных, што прывёз на ладдзі сваёй Бадзяга. Адразу поруб загадаў выкапаць. Туды іх пасадзіў і жалезы збіць не дазволіў. Воінаў на варту паставіў і нікога да вязніцы яны не пускалі. Адзін з палонных, малады, высокі і магутны, з бурштынавымі валасамі і барадой, быў сынам Вайдывута. Так, дрот, сын уладара прусаў. Я зразумеў гэта, як толькі ўбачыў яго. На дзіва прыгожы юнак. Вочы, як мора, зменлівыя. То сінь у іх ціхамірная, то лёд шэры, то бездань чорная. Такімі вачамі некалі глядзеў на мяне Вайдывут. На ўсё жыццё гэтыя вочы запомніў. Замо(2), імя сыну Бурштынавай Дзіды. Магуту ён бацькоўскую мае. Вялікая моц у целе яго! Зброяй добра гуляе. Сівавусых ваяк, быццам шчанюкоў рэзаў. Сам тое бачыў. Ну, а пра паплечніка яго, пабраціма вернага, не ведаю, што казаць стану. Упэўнены я, што страшны ён чалавек. А можа і не чалавек зусім. Мае весляры клічуць яго Цмокавай Скурай.

І не дарэмна. Пярэварацень ён! Замо заве яго Крывам. Нібы ваўчаняты сталага ваўка, слухаюць Крыва гэтага ульвхеднары. Цяжка нашым языкам вымаўляць імёны такія, я ўжо да іх звычку маю, а людзі завуць Цмокаву Скуру Крывінгам. Ён моцны кудар, усе тое ведаюць. Не аднойчы па яго загаду туга надзьмуваў вецер крыло "Цмока Бездані" і здавалася нам, што, не плыве карабель, а ляціць над хвалямі! Тварам чараўнік гэты быў бы прыгожы, каб не глыбокія шнары - ад кіпцяў мядзведжых і, пэўна, ад нажа баявога ці мо мяча. Валасы дужа доўгія, цёмныя, і жыве ў іх вуж! Я бачыў, як Крыў частаваў яго малаком. На тым беразе, ды яшчэ далёка за прусамі, гад гэты свяшчэнны. Вочы ў Цмокавай Скуры зялёныя, кашэчыя, як і ў Замо - зменлівыя. Мала хто можа вытрымаць Крываў позірк. Ні барады, ні вусаў не мае ён. Твар чамусьці голіць.

- А ты, Арні, - спытаў Свафрламі, - ці вытрымаў ты позірк яго?

- Не, адказаў Алісон.

- Колькі ж зімаў бачыў вядзьмак гэты?

- Узрост яго вызначыць цяжка, дрот. Думаю, малады яшчэ. Росту невялікага. Целам сухі, дужы. Нібы канаты карабельныя, цягліцы на целе яго, а на хрыбце поўсць расце! Ці воўчая, ці вепруковая шчэць, не разгледзеў. Здалёк бачыў, калі ён мыўся. Кажуць, уладары франкскія, Меравінгі, такое шчацінне на спінах маюць. Яшчэ магу сказаць, што воін ён вялікі. На вачах маіх узброенага мужа голымі рукамі забіў. Ну а больш пра яго нічога не ведаю. Дадаць магу толькі тое, што ад Замо пачуў. Маці яго, вядзьмарка, быццам з судынгаў(3) паходзіла. Бацька ж прыйшоў з усходу ў пушчы і балоты судынгаў на чале магутнага народа, які назваўся крывамі(4). Да гэтай пары не сціхае вайна між гэтымі плямёнамі. То замірацца, то зноў насмерць рэжуцца. Ты сустрэнешся з гэтым чалавекам, уладар. Сцеражыся яго. Ён здольны выклікаць жах у людзях. Няма ў мяне веры Цмовавай Скуры, хоць яму і абавязаны я жыццём сваім. Гнілую рану загаіў ён мне. Крыў доўга нюхаў яе, потым шаптаў нешта. Я не верыў, што ён дапаможа. Ужо сядміцу трэсла мяне ліхаманка. Цмокава Скура назваў яе імя і выгнаў з майго цела. А рану тую атрымаў я ад дзіды Рудульва. Слухай, дрот, якая была помста мая! Доўгі час бачылі мяне старым дурнем, які страціў розум пасля смерці сыноў. І Хакі ўжо не баяўся адчуць смяротны холад ад ляза нажа майго на сваім горле. За сваё жыццё я навучыўся чакаць. І вось прыйшоў той час, калі абяцанка мая стала караблём. Гледзячы на таго звера марскога, ярл цешыўся, як дзіця. Начапіў мне на сухія рукі залатое абручча і з усмешкай ляпаў на плячы. Неўзабаве абяцаў я на хвалі спусціць "Марскога Арла". Так назваў Хакі ладдзю. Бачыў бы ты, дрот, што гэта быў за карабель! На дваццаць румаў па барту! На штэўні - галава арліная ў пазалоце! Дзюба драпежная з касці рыбінай(5) выраблена. Барты па краі чарадой звяроў і птушак аздоблены. Ярл на яго срэбра не шкадаваў! Пэўна, асы пазайздросцілі. Нахваліўся я, не давялося "Арлу" на хвалях лятаць, не доўга пенілі ваду яго грудзі, але. пра тое пазьней. Прыехаў да бацькі сын - Брагі Хакісон, Скальд з Далёкіх Выспаў! Малады, магутны, вочы ясныя, светлабароды, як і мае сыны. Час прыспеў, і я болей не марудзіў. Хольдульвавы драпежнікі ўжо два дні як чакалі знака майго, сярод скал схаваўшыся. Знакам жа быў вялізны, з сівой пысай, ваўкарэз Ацура. Мядзведжая Лапа загадаў яму са мною быць, калі пайшоў з Хродгарам. Пабрацім зваў яго Дрэнгам. Паходзіў ён ад старажытных баявых сабак. Продкаў Дрэнга спускалі вальхі на легіёны Румаборга. Сабака Ацураў быў разумнейшы за некаторых людзей. Шчанём знайшоў яго Мядзведжая Лапа на руінах старой румскай цвержы на Альбіёне. Яе спалілі скоты. Калі прыйшлі мы, дамы яшчэ курыліся і крумкаччо не паспела пачаць балю. Навакол, на некалькі дзён хады, з жывых застаўся толькі руды шчанюк. А пыса яго ўжо ў маленстве была сівая. Ніколі такога не бачыў.


1. Яшчэ да эпохі вікінгаў барсеркамі называлі не толькі воінаў, якія ў бітвах упадалі ў баявое шаленства, а і рабаўнікоў - людзей па-за законам.

2. Замо - адзін з дванаццаці сыноў Вайдывута. Па легендзе ад яго пайшло самае ваяўнічае прускае племя - самбы (зембы).

3. Судынгі (судвінгі) - так на свой лад, скандынавы называлі балцкае племя судзінаў (судаваў), якое жыло на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

4. Крывы - крывічы

5. Рыбіна косць - маржовыя іклы


Незвычайны звер. Ацур забраў яго і цераз чатыры дні, як зараз памятаю, знайшоў малому матку - маладзіцу з брытаў. Ёй Дрэнга аддаў, каб карміла яго малаком з грудзей сваіх. Дастаткова малака яна мела. Немаўля нарадзіла луну таму. Калі брытку гвалцілі, дзіцё яе заенчыла, і скоты кінулі яго ў агонь. Вырас са шчаняці ваўкарэз люты, з вачамі чалавечымі. Любіў Ацура. Не аднойчы жыццё яму ратаваў. Помніцца, як пайшоў пабрацім зімою мядзведзя - бадзягу са свету звесці, але той заламаў чалавека, і смерць бы Ацуру, каб не Дрэнг. Здолеў адагнаць ён пачвару крыважэрную і па снезе дацягнуў беспрытомнага гаспадара амаль да хаты. Думаў я: абоім здыхата будзе, але самае дзіўнае не гэта, а вось што. Дрэнг заўсёды ведаў, дзе знайсці Мядзведжую Лапу, дзе б той ні бадзяўся. Ніколі не памыліўся цудоўны звер. Апрача Ацура толькі мяне слухаў ён. Хольдульву руны (1) насіў. Бярсеркава станавішча хутка знаходзіў. Панёс і ў той вечар, калі мужы баляваць селі. Клікаў Хакі і мяне на баль той, дзе ў гонар сына яго лілі віно. Я не пайшоў, спаслаўшыся на хваробу. Ярл сам завітаў у маю хаціну. Пабачыў твар мой, пенай запэцканы, і моцна руку мне сціснуў, зморшчыўшы нос ад паху мачы ў жытле маім. Усміхнуўся я, калі трэль зачыніў за ім дзверы. Чакаць заставалася нядоўга. Паклікаў я раба, і калі падышоў ён, перарэаў горла яму. Спалох яшчэ падняць надумае. Узяў Хель і выйшаў пад паўночныя зоркі. Пена з губ нябесных коней (2) намачыла траву. Пачуўся спеў арфы, і змоўклі крыкі падпітых воінаў. Голас скальда мацнеў, звінелі срэбныя струны, і ў нябесную бездань узносіліся кёнінгі, каб зіхацець між зорак, нібы каштоўныя камяні ў залатых скарбніцах уладароў Юна. Добра вывучылі Брагі Хакісона на Далёкіх Выспах. Вялікі дар даў яму Высокі. Самы каштоўны дар. Песня каханкі клёна струн (3) гоіць крывавыя раны мужоў. Забыўшыся пра помсту. Слухаў, я залаты дождж кёнінгаў, што струменіў з вуснаў Хакісона, пакуль не крануўся маёй далоні мокры нос Дрэнга. Неўзабаве цемра выпусціла з-пад свайго чорнага плашча Ацура і Хродгара. За імі нячутна з'явіўся Хольдульв. У зорным святле яго бледны твар здаваўся мне тварам мерцвяка. Нібы цень даўно пахаванага героя выйшаў з-пад кургана каб помсціць ворагам сваім. Я першы кінуў паходню на страху ярлава дома і ўбачыў іх, дрот, сваіх сыноў. Ульвганг і Хлёд усміхаліся, гледзячы на зыркае полымя. Хакі гарэў! І ніколі не было мне так радасна, як той ноччу, калі сек я тых, што не пажадалі загінуць у агні. Аслепшыя, з абпаленымі бародамі, кідаліся яны пад сякеры нам. І вось тут убачыў я вязняў, якіх выцягнуў Ацур з ямы і збіў з іх кайданы. Змораныя голадам, у шнарах і язвах, ледзьве трымаліся палонныя на нагах, але не меней за мяне помсты праглі. І чуў я, як енчыў у іх руках адзін з ярлавых дрэнгаў, якога жыўцом рвалі яны на кавалкі. Але ўдача ярла большая за маю. Хакі з лепшымі сваімі людзьмі змог прарвацца ў лес, і цемра дала ўцекачам прытулак. Хель усё ж не засталася галоднай. Напаткала яна сына правадыра, рассекла яго маладое сэрца, распырскаўшы скальдаву кроў па гарачых вуголлях. Я адпомсціў. Падвялі дзевы Одына скальду каня белакрылага, і на Захадзе палыхнула незнаёмая зорка. Хель пакінуў я ў грудзях Хакісона. Яна ўжо не пакаштуе больш высакароднай крыві. І няхай ярл ведае, калі вернецца на папялішча, чыя рука ўзяла жыццё яго адзінага сына. І пачуў я тут крык Хродгара, ды ўжо было не абараніцца мне ад дзіды Рудульва. Яна выцяла мяне ў грудзі, але ўвайшла не глыбока. Аслабелай рукой кінуў яе сівы воін. Пасечаны мячамі, не знайшоў ён сілы, каб на ногі ўстаць, калі я нахіліўся над ім. І мовіў Рудульв:

- Не будзе ўдачы табе, Арні. Не забівае сапраўдны муж ноччу. Ганьба.

Заціскаючы рану пальцамі адказаў я:

- Правадыр твой забіваў, а ты не стрымліваў руку яго.

Але Рудульв не пачуў мяне. Ён памёр з усмешкай на вуснах. Вось і ўсё, дрот.

Ярл яшчэ жывы, браты мае, цесна нам у Мідгардзе.

- А ці не быў Рудульв сынам Дагхраўну Белатвараму? - спытаў Свафрламі.

- Так, дрот, Белатвары бацька яму, - адказаў Арні. - Ты ведаў Рудульва, правадыр?

- У далёкім юнацтве мы поплеч стаялі супраць вендаў. Тады ён выратаваў маё жыццё.

- Я не хацеў смерці яму. Людзі звалі сына Дагхраўна Справядлівым. І ён, хоць і дбаў аб славе ярлавай, а малодшага майго, як целюка, зарэзаць не даў. Асы яго сустрэнуць належна, як правадыра. Загадаў пасадзіць я Рудульва за стырно "Марскага Арла".

- Няўжо спаліў?! - Свафрламі падняўся і расправаіў яшчэ магутныя плечы.

Стары карабел насупіў сівыя бровы і хітнуў ускалмачанай галавой.

- Спаліў, дрот. Барада ад слёз мокрая была. Па сынах не плакаў! Але хутка слёзы мае пахавальнае полымя высушыла. Годных мужоў у апошні паход выпраўлялі. Сваіх забітых на "Арла" паклалі. Ды хірдманаў Хакі. Добрыя воіны былі ў Бадзягі. Не адно вясло дрэкі не засталося без рук мерцвяка. І ўспыхнула полымя, і разлілося па прасмоленых дошках, лізнула вятрыла і запалаў карабель. Дрэнгі Хольдульва выбілі кліны драўляныя і, пакідаючы на насціле вогненныя смалістыя слёзы, "Марскі Арол" узрэзаў магутнымі грудзямі хвалі фіёрда. Рудульв павярнуў ладдзю на Захад. І я бачыў на карме яго велічную постаць, уладар. Валасы яго палалі і ўсміхаўся стары ваяка. І знікла ў цемры святло пажара. Дрэкі выйшаў за межы свету людзей. Багі пажадалі забраць "Марскога Арла". У Хольдульва на два караблі не было воінаў. Норны захацелі аддаць ладдзю мёртвым.

- Што ж, Арні, калі скончыў сагу сваю, вядзі на ўзбярэжжа. Хачу на твой карабель.

- Ты вырашыў, Свафрламі?

- Я вырашыў яшчэ ў пачатку нашай размовы, Вандроўнік. Зараз турбота твая - ладдзі! Скажы, колькі баяроў Хольдульв мае?


1. Руны - скандынаўскія пісьмёны. Рунам надавалі магічнае значэнне.

2. У скандынаўскай міфалогіі нябесныя коні імчаць па небасхіле сонечную калясніцу, ратуючы сонца ад пачварнага ваўка і пена з іх губ - раса.

3. Клён струн - скальд. Каханка клёна струн - арфа.


- Амаль два дзесяткі прызнаюць яго правадыром.

- Ці захоча ён ісці пад руку маю?

Арні паціснуў плячамі.

- Сам папытаеш, дрот. Пабачым. Хольдульв прыслухоўваецца да маіх слоў. Ды і Хродгар з ім ладзіць. Калі згоду ён дасць, шануй яго, конунг, ды корму людзям Хольдульвавым не шкадуй, калі багаты. Калі не, то не прасі на службу. Мячы іх каштуюць не танна, і кошт зброі сваёй яны ведаюць. Усе секачы знатныя! Жыццё іх - вайна!

Свафрламі хітнуў галавой. Адкінуў валасы з ілба і мовіў:

- Пойдуць - добра, а не, - дрот махнуў рукой, - тужыць па іх не буду. Ну, - уладар уздыхнуў, - хадзем. Хакі, пэўна, ужо калі знайшоў свайго сына з тваёй сякерай у грудзях.

Арні ўсміхнуўся, і ўсмешка яго воўчы выскал нагадвала.

- Знайшоў, дрот. Толькі цела скальда пакінуў я ахоўваць папялішча. І няхай разарвецца сэрца Бадзягі, калі пакладзе ён сына на жэглішча! Як сваіх я паклаў!

- Вайна будзе між намі, - сказаў Свафрламі. - Не ўладарыць Хакі на моры! Паб'ю яго. Падзель тваіх караблёў, Арні, меч агалю. Разумееш?

- Усё разумею, конунг.

- Дарэчы, Арні, навошта гнаіў ярл Відгутсона(1) з кударом тым, якім ты мяне страшыў?

- Таго не ведаю, уладар, але скажу, калі не ты, то жыццё Хакі яны возьмуць.

- Стала быць, хаўруснікі нам!

- А то! Але словы мае заўжды памятай. Бойся Цмокавай Скуры!

Свафрламі стаяў ля стырна, і вецер веяў яго сівую грыву. Усім целам адчуваў дрот, як з хвалі на хвалю перацякае пад ім "Цмок Бездані". Мора лізала дошкі яго чорных бартоў, змацаваныя між сабою яловымі карэнямі. Высока над бурунамі ўзлятаў змяіны штэвень, нібы дракон жадаў зазірнуць пукатымі вачамі за сінь далягляду. Стырно ясянёвае пакорліва слухалася моцнай далоні і здавалася людзям на беразе, што баявая ладдзя ляціць над белымі галовамі хваляў, і вось яшчэ імгненне - і туга выдзьмутае вятрыла зломіць чорную ад смалы мачту. Сын дрота - руды Фінбогі, стаяў ля цмокавай пысы і гучна рагатаў, калі на бледны твар яго траплялі салёныя пырскі. Далонь юнака ляжала на драконавай шыі. З малых гадоў меў звычку Фінбогі, - руку на галаву арлу класці, які доўгія гады глядзеў на хвалі з носа бацькоўскага кійле. Толькі муж можа стаяць на носе!

- Ньёрдаў лебедзь(2) адчувае дзясніцу ўладара. - мовіў Арні. - Бачу, да душы вы адзін аднаму. Што ж, дрот, прымі ў дар цмока гэтага. Няхай табе ён верным паплечнікам будзе. А "Арлінагаловаму" твайму няхай крыўды не будзе. Сын твой, казаў ты, даўно ля арла стаіць! Пажадай, конунг, яго шчаслівым зрабіць.

Бачыў Арні, як уздрыгнула на стыры(3) рука правадыра. Усміхнуўся ў вусы Бацька Доўгага Дракона. Свафрламі, крыху памаўчаўшы, зірнуў у мутна-блакітнае вока старога карабела.

- Думаю, Арні, годным аддаркам будзе табе галава Хакі. І будзь па-твойму. Гэй, сын! Табе "Арлінагаловага" даю! Валодай! Людзей сабе сам браць будзеш!

- Не пашкадуеш, бацька, - мовіў Фінбогі.

Свафрламісон паклаў не па-юнацку моцную далонь на плячо Алісона.

- Такі вяпрук белапеннай дарогі прывядзе да славы вялікай годнага мужа. І слава гэта не згасне ў вяках. Крывавымі кроплямі будзе ззяць, яна на срэбных струнах скальдавых арфаў! Ці захочаш ты, Арні, прыняць вернае сяброўства сына ўладара Зорных скал!

- У жылах тваіх, Фінбогі, цячэ Одынава кроў. Я прымаю тваё сяброўства з гонарам. Веру, будзеш ты вялікі правадыр, годны бацькі свайго!

А з берага назірала за бегам ваўка прыліваў(4) дротава дружына. І крыкнуў стары, у снезе сівізны, Гунтэр Чырвоная Кропля:

- Глядзіце, мужы буры стрэл(5), глядзіце на бег каня вады па языках хваляў! І ведайце! Нічога, больш прыгожага не ўбачыць вам за ўсё жыццё ваша! Поўнымі грудзямі ўдыхніце пах дракона - пах смалы, крыві і поту. Вецер дыхае ім! Нясе на крылах сваіх напераде цмокагаловага звера буруноў! І жахам стане пах гэты для берагоў чужых! Памятайце словы мае, мужы ікла далоні(6)!

- Вялікая мудрасць твая, Чырвоная Кропля, - мовіў Бальгер Агонь. - Цудоўнае відовішча явілі нам асы! І словы скальдаў тут - шэрая гліна!

Карабель развярнуўся носам да берага. Воіны хутка згарнулі ветразь і занялі свае румы. І, нібы крылы, выраслі вёслы на чорных бартах. Успенілі белым шаронам сінія грудзі марскія і паляцеў па сцяжыне крачак(7) драпежнік фіёрдаў(8). З кожным узмахам вёслаў вырастаў дрэкі і мацнеў на ўзбярэжжы цяжкі пах баявой ладдзі. Малады воін, высокі і магутны, з валасамі колеру светлага бурштыну, пільна сачыў сінімі вачыма за ходам карабля. Амаль без пырскаў падалі дрэвы рук(9) у пенныя хвалі. Ганарліва азіраў бераг цмок на штэўні. Не было відаць мужоў вясла. Ад чужога позірку іх надзейна хавалі шчыльна састаўленыя на бартах тарчы. Магутныя рукі нястомна гналі ладдзю ўперад і пагрозай веяла ад яе.

- Што, Замо, падабаецца?

Невысокі хударлявы муж з доўгімі цёмнымі валасамі паклаў прыгожую дзявочую далонь на плячо


1. Відгутсон - Відгут - так па скандынаўску гучыць імя Вайдывута. Відгутсон - сын Вайдывута.

2. Ньёрдаў лебедзь - карабель.

3. Стыр - стырно на ладдзях.

4. Воўк прыліваў - карабель.

5. Бура стрэл - бітва, мужы буры стрэл - воіны.

6. Ікол далоні - кёнінг мяча. Мужы ікла далоні - воіны.

7. Сцяжына крачак - кёнінг мора.

8. Драпежнік фіёрдаў - баявы карабель

9. Дрэвы рук - вёслы.


маладога ваяра. Той схамянуўся і зірнуў у твар сябру.

- Нешта казаў, Крыў?

- Я казаў, што гэта ладдзя годная таго, каб насіць у паходы Вайдывутава сына.

Замо ўсміхнуўся.

- Жадаў бы я паказаць гэты цуд уладару прусаў. Сапраўды, багі дапамагалі Арні. Колькі ўжо бачыў, колькі вяслом грывы хвалям блытаў,а ўсё нагледзецца не магу. Хараство.

Крыў адкінуў з ілба валасы, і бліснула ў іх луска вялікага вужа. Растрывожаны гад падняў галаву, страляючы языком, але пазнаўшы рукі гаспадара, хутка супакоіўся і споўз за каўнер скураной Крывавай кашулі.

- Мае багі, Замо, мацнейшыя за норгавых. Дзе былі асы, калі Грамавік ужо не першую вясну біўся са Змеем! "Цмок Бездані" будзе наш. Што лодкі твайго народа перад гэтай пачварай!? Вялікімі правадырамі быць нам, Замо. Дабро Вайдывута я памятаю. Ніколі не забудуся, як жыццём рызыкаваў бацька твой, ратуючы маці маю...

Крыў раптам замаўчаў і падняў руку, прыслухоўваючыся. Да ўзбярэжжа, скачучы з каменя на камень, нібы сарна, спускалася з невысокай скалы дзяўчынка - падлетак. Нешта крычала малая, і крыкі яе заглушаў падых мора. Крыў падхапіў дзіцё на рукі.

- Ну, чаго галосіш? Напужаў хто?

- Людзі Чырвонай Дзевы нашых рэжуць! - дзіцячыя слёзы закапалі на рукі воіна.

У гэты момант дрэкі ткнуўся вострымі грудзьмі ў пясок.

- Што здарылася?! - крыкнуў Свафрламі. Абапёршыся аб драконаву шыю.

Цмокава Скура апусціў дзяўчо на зямлю.

- Ворагі прыйшлі на тваю зямлю, правадыр, - мовіў Крыў. - Чырвонай Дзевай заве гэта малая іх важара.

З хуткасцю і спрытам, незвычайнымі для аднаногага, ускочыў Свафрламі ў сваю калясніцу. Яна даўнютка вазіла герояў, і дрот шанаваў яе больш, чым каханую жонку. На бартах яе чыстым сонечным бляскам ззяла золата з пераплаўленых рымскіх арлоў. Падхапіўшы лейцы, поруч стаў сын.

- Гэй, воіны! - крыкнуў конунг. - Чырвоная ведзьма забівае вашых жонак! Хутчэй жа за мною! Вялікую ўзнагароду за галаву яе дам!

Гікнуў Фінбогі і рванулі коні. І вецер сплёў сівізну бацькоўскай грывы, і агонь сынавых валасоў у адзіны шаль з полымя і дыму. Баявыя клічы з дзесяткаў горлаў напалохалі птушак на скалах і хірд паімчаў услед за ўладарам.

- Хто яна. Дзева гэта! А, Кормак! - перакрыкваючы гул ветру пацікавіўся Крыў у маладога каляснічага.

- Морыган(1) - адказаў Кормак. - Людзі з Эрыў(2) лічаць, што яна прыйшла з Анона(3), каб узначаліць феніяў(4), што грызуцца між сабою, і павесці іх супраць ворагаў зямлі багіні Дану(5). Я сам з Эрына(6), я ведаю, так і будзе. Упершыню з'явілася Чырвонабровая (7) на Альбе і прывяла ў Брытанію з-за Сцяны скотаў і крывёй раманабрытаў амыла зямлю тую ад рымскага пагною! А потым прыйшоў Артайс (8), і яна білася з ім і перамагла! Супраць саксаў жа яны выступілі поплеч. Была бітва вялікая і здрадзіў кароль ваяўніцы! Люта секліся скоты. Але шмат больш было саксаў-находнікаў. І адвёў Артайс войскі свае і пабілі каледонцаў ворагі. І знікла з выспы каралева прывідаў!

У фіёрдах з'явілася і прынесла з сабою смерць! Свафрламі не верыць, што яна - багіня. Ведзьмай заве! Усе ведаюць, навошта прыйшла Варона(8). Па жыццё ўладара гэтых берагоў. Ужо два разы ён ледзьве не аддаў ёй сваю галаву. Пэўна, берагуць старога норскія багі. Але кароль ужо мёртвы. Морыган возьме тое. што хоча.

- Навошта ёй стары рыкс(9)!

Крыў ледзве паспеў ухапіцца за борт, калі калясніцу падкінула на каменях. Замо за спіной яго ўсміхнуўся.

- Свафрламі забіў знакамітага друіда. Кадбада. За гэта правадыры саксаў выпілі за здароўе аднаногага не адну кадушку элю! Не ведаю, кім быў стары Кадбад для Чырвонай, але часта бачылі іх разам, - адказаў Кормак!

- Я ведаю, людзі зялёнай выспы(10) ваююць з людзьмі фіёрдаў, - мовіў раптам Замо. - Навошта служыш ты ворагам свайго народа?

Кормак усміхнуўся, выскаліўшы рэшткі зубоў.

- На радзіме шмат хто жадаў бы бачыць мяне мерцвяком! Доўгая гісторыя.

Заенчылі, завылі тут норгі, трасучы зброяй і ўбачылі хлопцы, як з-за скал, забрудзіўшы цудоўную сінеч вясновага неба, выпаўзае чорным гадам дым. У завеі сечы заўважыў Крыў яе чырвоныя валасы. Вуголлем палалі яны на голай спіне ваяўніцы. Забіўшы кароткім мячом чарговага ворага, зарагатала Чырвоная Дзева, злізаўшы кроў з ляза сваёй зброі. І сустрэўся з ёй вачыма Цмокава Скура, калі павярнула яна галаву. Гэта быў самы сіні лёд, што бачыў Крыў за ўсё сваё жыццё. Злой чырванню цяклі вогненныя пасмы па яе голым целе, пакасаваным палосамі сіняй фарбы. Бровы і ніз жывата былі афарбаваныя чырвоным, а шчокі лізалі сіняватыя змеі татуіроўкі. Пругкія грудзі ваяўніча ўздымаліся над мускулістым


1. Морыган (кельт.) - багіня вайны ў старажытных кельтаў.

2. Эрыў - Ірландыя.

3. Анон - у міфалогіі кельаў-замагільны свет.

4. Феніі - тут воіны. Воінскаяэліта, якая ў Ірландыі ахоўвала вярхоўнага караля. Феніі - члены фіяны - своеасаблівага воінскага братэрства са сваімі законамі.

5. Зямля багіні Дану - Ірландыя.

6. Эрын - Ірландыя.

7. Чырвонабровая - Морыган.

8. Артайс - Артур

9. Варона - Морыган часта яўлялася ў абліччы вароны, таму і звалі багіню вайны Варонай.

10. Рыкс - князь.

11. Зялёная выспа - Ірландыя.


жыватом. Ледзве прыкметны ў дыме пажару, над галавой яе віўся крумкач.

- Уф, пабілі! - запэцканую чужой крывёй, паклаў Замо далонь на плячо сыну судзінскай чараўніцы і крывіцкага князя.

Крыў хітнуў галавой і кінуўся скрозь натоўп воінаў. Яна знікала ў віры бітвы. Бразгатала зброя вакол. Крычалі, раўлі, енчылі і скавыталі людзі. Пахла крывёй, смерцю, жалезам і страхам, болем і роспаччу. Але крывіч сваім воўчым носам адчуваў толькі яе пах. Замо рынуўся за пабрацімам. Норгі бралі верх. Зграя, што прыйшла з Чырвонай Дзевай, зламала свае іклы аб варожыя тарчы. Калі вярнуліся з узбярэжжа дрэнгі, на кожнага з вальхаў прыйшлося па тры сякеры! Люта рэзаліся.

- Размаляваныя скоты, валійцы, эрынскія феніі да апошняга выдыху біліся за сваю багіню, прыкры-ваючы яе адыход да лесу.

- Што, Хель! - крычаў запырсканы варожай крывёй Свафрламі, трасучы ведзьмай сечы(1).

- Не ўзяць табе маёй галавы! Уцякай, уцякай, вальская сука! Але сёння мой нож нарэжа паскаў з тваёй спіны! Бярыце яе хлопцы, жыўцом бярыце! Дождж далоні(2) - узнагарода герою. Як сабаку Кадбада, на кавалкі пасяку!

Чырвоная Дзева, між тым, была ўжо бліз лесу. Яшчэ імгненне, і пушча прыняла яе ў сваё чэрава.

- Ты мог узяць яе, Крыў, - прасіпеў Замо, цяжка дыхаючы ад хуткага бегу. - Ху, ... як алені беглі!

- Вазьмі іх, пабарцім, - Цмокава Скура паказаў сваёй сякерай на трох скотаў, што стаялі на тым месцы, дзе лес праглынуў ваяўніцу. - Не дай затрымаць мяне! Я ўдагон. Потым тлумачыць буду!

З гэтымі словамі Крыў кінуўся на каледонцаў. Замо, падняўшы сваю страшную дубіну, скочыў за ім з жудасным баявым клічам прусаў. Праслізнуўшы пад мячом першага скота, крывіч глыбока распароў яму сцягно сваім доўгім бронзавым нажом. Прапусціў меч другога над сваёй галавой, кінуўшыся яму пад ногі. Перакаціўся, ускочыў, і ў некалькі кідкоў дасягнуў гушчару. Вораг кінуўся за ім, але трапіў пад кій Замо і з раструшчанымі грудзьмі зваліўся прусу пад ногі . З неверагоднай хуткасцю сын Вайдывута знёс галаву з плячэй параненага Крывам скота і цудам паспеў адбіць страшэнны выт цяжкай сякеры апошняга з ворагаў.

Змрок ужо распасцёр над зямлёй свае чорныя крумкачовы крылы, і цемра выпаўзала з самых патаемных закуткоў старажытнага лесу, ухутваючы сіняй смугой камлі магутных дубоў. Сціраючы з ілба пот, змораная доўгім і хуткім бегам, Чырвоная Дзева сплюнула ў вільготную траву густую горкую сліну. Лістовы лес застаўся за спіною. Наперадзе чарнелі сцяною вялізныя змрочныя яліны. Сабачы брэх набліжаўся. Норгі не адставалі. Дзяўчына зірнула назад. Нехта ішоў за ёй апрача пагоні. Доўга ішоў. Ледзьве не палову дня. Некалькі разоў яна бачыла яго цёмную постаць між дрэў. Хто? Адно ведала - не свой! А на роздум часу не было. З-за буралому кінуўся вялізны, амаль напалову большы за ваўка, калматы звер. Без сабачага брэху і бурчання, моўчкі. Чырвоная Дзева падняла меч.

Выскаліўшы іклы, ваўкарэз падскочыў, але зараз жа, заенчыўшы, перакуліўся ў паветры і пакаціўся па падгнілай лістоце. Бронзавая тронка нажа тырчэла з яго магутнай шыі. Другога сабаку ваяўніца хвацка секанула мячом па галаве. Гэтыя звяры не танна абышліся Свафрламі. Са шчаняці іх вучылі забіваць. Жарам прыліву(3) разлічваўся дрот за кожнага. Трэці - мацёры, шырокагруды, з абарванымі вушамі і сівай пысай, без адзінага гуку кінуўся ёй на грудзі.

Ваяўніца ўзяла яго на нож, але звер усё ж сціснуў жудасныя пашчэмкі на яе плячы і павалілася Чырвоная Дзева пад сабачым цяжарам. Кроў з слінявай зяпы лінула ёй на твар. Так скончыў свае дні Ацураў Дрэнг. Недзе недалёка, прыняўшы смерць неведама ад каго, заенчыў яшчэ адзін сабака. Спіхнуўшы з сябе мёртвага людажэрцу, абмацаўшы разарванае плячо, Морыган спакойна назірала, як з-за буралому, агаліўшы мячы, выходзілі норгі. Трое былі сталыя светлабародыя мужы, чацвёрты ж - юнак, які толькі пачаў галіць падбароддзе. Убачыўшы яго, Чырвоная Дзева зарагатала, падняўшы твар да цёмнага неба. Страшны быў смех яе, і пахаладзела кроў у жылах воінаў.

- З глузду з'ехала ведзьма, - шыпянуў Балькі, празваны Сівым Воласам.

- Зірні, - мовіў Хальвард - воін-вяпрук, які насіў замест броняў дзікову скуру, піў кроў варожую і, як шалёны, змагаўся ў бітвах.

- Усіх сабак пабіла, нават Дрэнга. Свафрламі не толькі з яе, а і з нас скуру спусціць!

Ваяўніца, нарэшце, сціхла. А рогат яе дзікі ўсё гучаў у вушах мужоў, і поўніліся страхам прымхлівымі іх суровыя сэрцы.

- Сама багіня помсты прыслала цябе, сын правадыра, - па-норску мовіла яна, гледзячы ў вочы рудому юнаку.

Голас дзевы быў хрыплы, непрыемны. І Фінбогі зрабілася ніякавата. Не гаварыла - каркала. Нібы крумкач абвяшчаў волю норнаў. Але зарагатаў сын Свафрламі ў твар Чырвонай Дзеве, хоць і цяжка было вытрымаць позірк яе. Вачэй не апусціў. Няхай бачаць бацькавы хольды, за кім у сечы хадзіць ім. Падняў руку Фінбогі, спыняючы воінаў, якія ўзялі ваяўніцу ў кола.

- Прэч! - крыкнуў ён. - Сам вазьму яе!

- Фінбогі! - раўнуў Хальвард, але было позна. Меч бразнуў аб меч і ў наступнае імгненне нож Морыган ад пахвіны да грудзей узрэзаў конунгаву сыну жывот. Апошняе, што ўбачыў хлопец, была чырвоная палоска валасоў між доўгімі мускулістымі нагамі дзяўчыны. Узмахам мяча адзяліся яна рудую галаву забітага ад цела. Перахапіўшы нож за скрываўленае лязо, з сілай кінула яго ў Хальварда. Але воін-вяпрук хвацка адбіў клінок той мячом. Бліснуўшы ў загусцеўшай цемры, зброя знікла ў гушчары. Норгі напалі з трох бакоў.

- Жыўцом, жыўцом гадзіну браць! - крычаў Хальвард.


1. Ведзьма сечы - баявая сякера

2. Дождж далоні - адзін са шматлікіх кёнінгаў золата.

3. Жар прыліву - кёнінг золата.


Змяёй вілася вальхская ваяўніца пад іх мячамі. Звінела жалеза, лаяліся скрозь зубы мужчыны. І вось, ускрыкнуў Блэінг, калі рассекла Чырвоная Дзева сцягно яму, зачапіўшы косць сваім мячом. Лінула кроў з раны глыбокай і падняла ваяўніца зброю для смяротнага выта. Але схапіў за руку яе Хальвард і тронкай свайго знакамітага Сімуля(1) выцяў дзяўчыну ў скронь. Без гуку павалілася яна хольду пад ногі. Норг з рыкам піхнуў пераможаную нагой у жывот. Балькі Сівы Волас, увагнаўшы меч у зямлю, нахіліўся над целам Фінбогі. Паківаў рана пасівелай галавой. Паклаў мазолістую далонь на белы твар юнака і заплюшчыў яго мёртвыя вочы. Тым часам Хальвард спрабаваў суняць крывацёк з раны Блэінга.

- Прыпячы трэба, - мовіў Сівы Волас і дастаў крэсіва.

- Раскладай вогнішча, - адказаў Хальвард. - Ды суку гэту клятую скруці.

- Не будзе нам ні славы, ні дабра, - прасіпеў Блэінг. - Апошняга сына забраў Аднавокі ў конунга. Што скажам яму?

Воіны маўчалі. Цемра гусцела з кожным уздыхам ветру ў вяршынях дрэў. Лес поўніўся начнымі галасамі. Стукнулі крамяні ў руках Балькі, і зыркае полымя, лізнуўшы сухое галлё, асвяціла суровы твар сівагаловага ваяра.

- Грэй нож, Балькі. Ды хутчэй, - прамармытаў Хальвард, перапэцканы Блэінгавай крывёй. - Цячэ, як з парсюка колатага. Сівы Волас не адказаў. Моўчкі выцягнуў баявы нож і ўсунуў лязо ў полымя.

- Балькі, - зноў паклікаў сябра Хальвард. - Трымай свой ікол пад рукою. Тут нехта ёсць. Я адчуваю яго вочы на сваёй патыліцы. Сівы Волас выцягнуў з агню пачырванелы нож.

- Трымай яго, Хальвард.

З гэтымі словамі воін прытуліў распаленае жалеза да раны Блэінга. Паранены засоп, пракусіў вусны, але крык стрымаў.

- Я бачыў яго там, за бураломам, - шапнуў Балькі на вуха Хальварду.

- Пэўна, сінямордыя, - Блэінг сціснуў дзяр-жанне мяча. -Але, думаю, не шмат іх, і лука яны не маюць, а то кожнаму ўжо страла ў грудзі была б.

- Што ж, - усміхнуўся ў бараду Хальвард - Яны атрымаюць сваю дзеўку, але па кавалках. Я выражу ёй тое, што робіць жанчыну жанчынай, у іх на вачах. Норг драпежна зірнуў на нерухомую ваяўніцу, скручаную па руках і нагах скуранымі паскамі.

- Яна ўсё ж адпомсіцла дроту за смерць Кадбада. Амаль зіму за ім палявала ды за сынам яго. Як у вочы конунгу зірнуць?.

- Галаву зніме. Вось жа дурань смаркаты, уявіў сябе правадыром ды воінам вялікім.

- Пабач, ачомалася крыху, - перабіў Хальварда Балькі і шэптам дадаў. - Зараз мы даведаемся, пабрацім, хто хаваецца ў цемры!


Сівы Волас падняўся на ногі.

- Ці бачыў ты, Хальвард, у сваім жыцці такую прыгажосць, - голасна мовіў воін накіраваўся да палоннай. Прысеўшы на кукішкі, ён правёў пальцамі па яе цудоўным целе. - Хочаш яе, пабрацім?

Хальвард ухмыльнуўся.

- А што, цікава, ці цнатлівая багіня вайны вальхаў?!

- Хадзі хутчэй, чаго марудзіш? Яна ўжо зачакалася!

Воіны зарагаталі. Чырвоная Дзева маўчала, калі іх рукі да болю сціскалі яе грудзі, гулялі па маладому пругкаму целу, пакідаючы на скуры крывападцёкі. Яна нібы не заўважала сваіх катаў. Сінія вочы ваяўніцы глядзелі міма норгаў, у чорную бездань неба. Хальвард, стоячы на каленях, расшпіліў пас і пачаў развязваць парты. Халодныя шэрыя вочы яго намагаліся пранізаць ноч. Аголены меч ляжаў побач. Калі хто з воінаў гэтай дзеўкі сочыць за імі, то такіх здзекаў са сваёй дротынг не вытрывае. Тут яму і смерць! Хальвард быў упэўнены - вораг адзін. І вось калыхнулася цемра і полымя высвяціла адзінокую постаць. Норгі ўскочылі на ногі. Незнаёмец нахіліўся над адным з забітых ваўкарэзаў і выцягнуў нож з яго шыі. Уваткнуў у зямлю, абціраючы ад крыві. Нетаропка агледзеў лязо і накіраваўся да вогнішча.

- Ды гэта ж Цмокава Скура! - здзіўлена мовіў Балькі, апускаючы меч.

- Бачу, спазніўся, - крыў зірнуў на Фінбогі. - Што ўладару скажаце?

- А што тут скажаш! - Хальвард вылаяўся і плюнуў. - Гэта што, ты ў гушчары хаваўся? Га? Якога ляду?!

- Той, хто хаваўся, зараз на шляху да сваіх багоў. - Крыў кіўнуў на спутанную паланянку. - Адзін з яе людзей, пэўна, зручнага моманту чакаў, каб галовы вашыя, у дыме вытрыманыя, перад жытлом сваім на палях падняць.

- Не чуў я гукаў барацьбы, - мовіў тады Балькі Сівы Волас.

Крыў паціснуў плячыма.

- А барацьбы і не было. Ён нават не пачуў крокаў смерці. Схадзі, сам пабач. За бураломам цела яго знойдзеш.

Балькі зірнуў на Хальварда. Нагнуўся і выцягнуў з вогнішча галіну, рассыпаўшы ў бакі іскры.

- А і пабачу.

Крыў усміхнуўся. У далоні яго бліснула светлая бронза . Нож увайшоў Хальварду ў падбародзе і той памёр, яшчэ не крануўшыся зямлі. Сівы Волас павярнуўся на крык Блэінга і зараз жа, раскінуўшы рукі, бразнуўся вобзем з Крывавым нажом у вачніцы. Блэінг з рыкам ускочыў на ногі. З раны струменем лінула вада жыцця(2).

Узмахнуў норг мячом, але выпаў клінок з магутнай дзясніцы. Драпежнадзюбая птушка вайны(3) са страшэннай сілай секанула яго па шыі. Жоўтавалосая галава, пырскаючы крывёй, праляцела ў паветры некалькі крокаў і, трапіўшы ў вогнішча, раскідала галлё. Крыў апусціў сякеру і абцёр Блэінгаву кроў са свайго твару. Адкінуў з ілба цёмныя, злітыя з цемрай валасы і, зірнуўшы на Чырвоную Дзеву, прысеў каля цела норга. Выцягнуў у яго з-за


1. Сімул ь (сканд.) - "прамень месяца" - імя Хальвардава мяча.

2. Вада жыцця (сканд.) - кроў.

3. Птушка вайны - клінападобная баявая сякера.


дзягі нож і вось ужо паланянка расцірала свае пасінелыя пасля тугіх путаў рукі.

- Хто ты? - нарэшце спытала яна.

- Цмокавай Скурай завуць мяне людзі фіёрдаў.

- Навошта табе жыццё маё? - ваяўніца ўстала на ногі, і крыў не адказаў. Захоплены яе незвычайнай, нечалавечай прыгажосцю.

- Што воін, язык праглынуў, ці дзевак голых не бачыў?

- Такіх не бачыў, - мовіў Крыў.

- Па-норску не кепска размаўляеш, але не норг ты. Ну. Навошта ішоў за мной? Навошта гонар і жыццё мае ратаваў?

- Закахаўся, - усміхнуўся сын крыўскага князя.

Белазубай усмешкай адказала дзева, прыкрыўшыся Блэінгавым плашчом.

- Калі ўбачыў цябе, то зразумеў, чаму ідзеш у бой голая, - бліснуў вачамі Крыў. - Мячы мужоў баяцца тваёй прыгажосці. На чале тваім бачу я святло поўні, а ў вачах - зменлівасць Воўчага мора. Як імя тваё, чароўная дзева?

- Ісці ў сечу аголенымі - святы звычай маіх продкаў, бард(1). Я не памылілася, ты бард. Ты малады, а ў позірку тваім - мудрасць. І бачу я, як ззяе чало тваё, як у Таліесіна(2). Заві мяне Морыган, як мае людзі. Яны вераць, што я і ёсць Бадб Катха(3).

- Я буду зваць цябе Марай(4). Навошта табе галава норскага ўладара?

- У галаве жыве чалавечая душа. Аднаногаму адпомсціла я. Замест яго галавы ўзяла галаву сына яго. Падкінь галля ў вогнішча, воін, тухне.

Крыў схадзіў да буралому і насёк сухіх галін. Яны весела затрашчалі на агні. Цмокава Скура прысеў ля вогнішча і працягнуў дзеве скураную біклагу. Адпіўшы норскага піва, дзяўчына закуталася ў плашч і села бліжэй да агню.

- За што ж адпомсціла. Ці за каго? - зноў пацікавіўся крыў.

- За Кадбада, - адказала Чырвоная Дзева.

- Ён быў табе бацькам?

- Два дзесяткі зім таму ён знайшоў немаўля сярод Эрынскіх пагоркаў. Гэта была дзяўчынка. На ложку з белых кветак ляжала дзіцё, а побач - меч старажытны, уваткнуты ў зямлю. І ўзяў Кадбад дзяўчо на рукі і ўбачыў, што ў крыві вусны яе і кроў на бровах дзіцяці. Быў Кадбад вялікі друід і не меў роўных у мудрасці. Здрыгануўся ён, калі зазірнуў у дзіцячыя вочы. Сіняя бездань Анона дымілася ў іх. І зразумеў Кадбад: Морыган прыйшла ў свет людзей! Укруціў у свой плашч друід малую, і павеяў тут вецер, нага-няючы чорныя хмары і барвай успыхнула неба. І закруціў вецер белыя кветкі, на якіх ляжала немаўля, вакол Кадбада і задыхнуўся ён у гэтай чароўнай завеі. Бладэйд (5). - так назваў друід дзяўчынку.

У той час імперыя ўжо памірала. Даўно пакінулі Альбіён рымляне, і цяжкая хада легіёнаў ужо калі сціхла ў далечы. І прывёз у Каледонію Кадбад тое дзіцё і мовіў правадырам ваяўнічх кланаў:

- Вось, мужы, прыйшла Нэмайн(6) на зямлю! І прыйшоў час - змыць пляму рымскага рабства з белага твару Альбы! Брыты забыліся гонар свой пад пятой Рыма. А хто з легіянераў мог пахваліцца, што бачыў вашы туманныя горы!

Так сказаў Кадбад, і была вайна. Друід жа знік, і доўгія гады ніхто пра яго нічога не ведаў. І паціскалі людзі плячыма. А ці быў ён? Багі любяць жартаваць. І ўжо не верылі каледонцы, што народжаную багіню трымаў Кадбад на руках сваіх. І вось аднойчы вяртаўся правадыр магутны Арт мак Рот з палявння, і пацямнела тут неба. Але не ад хмар навальнічных! Чорныя зграі крумкачча схавалі сонца, і аглохлі воіны ад крыкаў птушыных, і з'явілася яна вярхом на чорным вепруку! І круціў паўночны вецер ля ног вялізнага дзіка сухую лістоту, і развяваў полымя валасоў юнай Морыган! І апускалі перад ёй галовы магутныя мужы, і вочы яе былі - зоркі! За спіной Чырвонавалосай бразгалі зброяй аб тарчы тры сотні феніяў з Фотлы (7)! І аб'яднала імя Морыгу вольныя кланы. Далучыліся пікты і ўздрыгнула зямля пад коламі калясніц, калі выйшлі за Сцяну зграі згаладалых ваўкоў. Не, не ў набег ішлі скоты, як звычайна хадзілі за Вал па здабычу. Не! Гэта была вайна, у якой магутная воля Кадбада каледонскімі і эрынскімі дзідамі стварала новае каралеўства на рэштках рымскай Брытаніі. Карлеўства вольных людзей, якія ніколі не ведалі імперскай калігі(8) на сваім горле! І вось з'явіўся ён, сын Утэра, і падняў меч свой чароўны за Белага Бога і рымскую спадчыну брытаў. Біўся з намі і біўся з саксамі. Вялікі воін. Мудры правадыр. Не хацелі і мы саксаў на выспе. Таму, нарэшце, пагадзіліся між сабою Артур і Кадбад, дамовіўшыся Брытанію дзяліць. І паднялі скоты свае дзіды пад харугвамі Пендрагона і поплеч з ворагамі былымі білі германцаў. Але мовіў Артур: "Lupus pilum mutat , non mentem"(9).

І падставіў сваіх каледонскіх хаўруснікаў пад саксонскія сякеры, адвёўшы войскі свае. І была ад саксаў параза вялікая. Мудры кароль, ён назіраў, як рэжуцца між сабой ворагі яго. Не верыў Кадбаду Артур. І вось, калі рэшткі скотаў залізвалі раны свае, прыйшоў у стан іх сляпы пікт з хлопчыкам - брытам. Не разгледзець было за страшнымі шнарамі твару яго. І мовіў сляпак, што не ступіць больш нага Кадбада на зямлю Альбы. Мананан(10) частуе славутага мужа ў пакоях сваіх на дне марскім. І не верылі воіны, гледзячы ў гнойныя язвы яго вачніц. Зарагатаў сляпы, разадраў


1 . Бард - паэт у старажытных кельтаў. Асоба надзвычай паважаная.

2. Таліесін - літаральна "чало, якое ззяе" - знакаміты валійскі бард. Асоба легендарная, але некаторыя вучоныя лічаць, што паэт гэты - асоба гістарычная і жыў ён у УІ-УІІ ст. н.э.

3. Бадб Катка - "варона бітвы" - адно з імёнаў Морыган.

4. Мара (славянск.) - злосны дух, увасабленне смерці.

5. Бладэйд (кельт)- народжаная з кветак.

6. Нэмайн - утрапёнасць, паніка - адноз імёнаў Морыган (Морыгу).

7. Фотла - старажытная назва Ірландыі

8. Каліга - абутак рымскіх легіянераў.

9. "Lupus pilum mutat , non mentem" (лат.) - Воўк мяняе шкуру, а не нораў.

10. Мананан мак Лір - У кельтскай міфалогіі бог мора.


кашулю на грудзях сваіх і застагналі пікты, убачыўшы выяву ваўка на целе яго. Кенэў Воўк - правадыр самага магутнага з пікцкіх кланаў стаяў перад ваярамі. Разам з Кадбадам адплыў ён на Эрын, шукаць сяброўства караля Тары(1). Людзі з Лохлана(2) захапілі іх караблі. І Свафрламі быў правадыром норгаў. У жорсткай сечы загінуў Кадбад, і норскі кароль пасёк яго цела сякерай на кавалкі і выкінуў у мора. Галаву ж яго падараваў Аднаногі правадырам саксаў. Тыя аддарыліся золатам. А Кенэў паранены ў палон трапіў. Калі ж ворагі на Альбіёне ў набег хадзілі, спрабаваў пікт уцячы. Злавілі. Вочы вынялі, цела паходнямі палілі, ды нажамі рэзалі. А калі нацешыліся - здыхаць на беразе кінулі. Выжыў.

Крыў дакрануўся яе шчакі шурпатымі пальцамі.

- У цябе прыгожыя рукі, бард. - заўважыла дзяўчына.

- Мне яшчэ не даводзілася ратаваць багіню. - усміхнуўся крывіч.

- Кадбад загінуў і Морыган пакінула гэты свет, - адказала ваяўніца і зірнула ў вочы свайму вырата-вальніку.

- Ты забіў двух ваўкарэзаў. Чаго ж сядзеў, калі кінуліся на мяне ворагі?

- Пабачыць жадаў, якая ў баі.

- Ну, пабачыў?

Крыў хітнуў галавой.

- Кадбад добра навучыў цябе, Мара. Дзе ж хаваў ён ад людзей столькі гадоў багіню вайны?

- На Авалоне!

- Дзе?

- На выспе ў Заходніх морах. Там у яблыневых садах вучылі мяне забіваць лепшыя з ваяроў. Адтуль, калі час прыспеў, паклікаў мяне Кадбад. А зараз я папытаць хачу. Навошта норгаў пабіў? Якая табе карысць ад жыцця майго? Якой узнагароды чакаеш? Ну, што скажаш, воін?

Крыў зірнуў ёй у вочы. У іх цёмна - сіняй бездані прывідным святлом ззялі зоркі. Доўга глядзелі яны вочы ў вочы, і вытрамала ваяўніца цяжкі позірк Цмокавай Скуры. І мовіў сын крыўскага ўладара:

- За сінім дымам, што плыве ў тваіх вачах, - святло зорнае. І зоркі, якія праменяць яго, зіхацяць на нябёсах не гэтага света. Ведай жа, Зорная дзева, таму, хто служыць Гаспадару Маланкі, не трэба ўзнагароды. Ні ад кога! Крыў змоўк і паварушыў вуголле.

- Ведай і ты, Цмокава Скура. Каралева прывідаў дзякавала не ўсім. Бладэйд жа не хоча заставацца не ўдзячнай.

Скінула дзева з плячэй плашч і паваліла Крыва пад яліну ў мох вільготны, раздзёршы кашулю на яго грудзях. І як агонь палілі вусны яе шнары на твары крывіча.

- Дзе ты бадзяўся? - Замо паклаў цяжкія далоні на плечы пабраціма. - Не думаў я, што ты яшчэ жывы. Шукаў цябе, малады рыкс не вярнуўся з лесу. Сёння на золку воіны прынеслі яго. Без галавы. Са старым уладаром дрэнна. Пэўна, не перажыць яму гора вялікага. Як цела ўбачыў, так і паваліўся на рукі вітынгаў сваіх. Слова вымавіць не можа, хрыпіць толькі. А левая палова цела не слухае яго. Не рукой, не нагой не рухае. Знахарка з ім зараз. А вунь і Тора - жонка яго. Казаў я ёй, што апрача цябе ніхто ўладару не дапаможа. Воіны да гэтай пары цябе па пушчы вышукваюць. Ну, вітай, братка, гаспадыню. Потым размаўляць будзем.

Ужо немаладая, але ўсё яшчэ прыгожая жанчына глядзела на Крыва невыплаканымі вачамі. Ён зняў з пляча торбу з дзіковай скуры і працягнуў яе Торы.

- Твой сын, маці воіна, загінуў у баі, - мовіў Крыў. - Няма для сапраўднага мужа лепшай долі.

Дрыжэлі белыя пальцы Торы, калі разблытвала яна скураны пасак. І здавалася Крыву, што чуе ён, як тахкае сэрца маці. І заскрыгаталі зубамі воіны, сціскаючы рукаяткі сякер да болю ў далонях, калі дастала Тора з мяха галаву Фінбогі. Пахіснулася жанчына, і падтрымаў яе Хродгар.

- Кроў сына твайго на руках Чырвонай Дзевы, - сказаў Крыў, - яе меч узяў жыццё Фінбогі.

Ты ведаеш звычай скотаў, маці, галовамі сваіх ворагаў абкружаюць яны жытло сваё. Фінбогі знайшоў я мёртвым. Пэўна, не нагнаўшы ўцякачку, спынілі хлопцы пагоню і адпачываць селі. Ноч была. Тут іх і парэзалі. Агонь гарэў і целы забітых яшчэ не пакінула жывое цяпло. Ноч ішоў я за ворагамі. На досвітку ўбачыў забойцаў. Двое воінаў было з Чырвонай, і адзін, насадзіўшы на дзіду, нёс галаву маладога ўладара. Ваяўніца зарагатала, калі ўбачыла мяне, і крыкнула яна, што ўласнаручна ўзрэзала жывот сыну рыкса. Не спыніла ходу свайго Чырвоная, калі біўся я з яе людзьмі, далей пайшла. Скотаў я забіў. Цяжкі быў бой, але галаву Фінбогі адбіў.

- А дзе ж яе галава, Крыў? - спытаў Арні.

- Пэўна, у яе на плячах, - адказаў Цмокава Скура. - Я не ўзяў след яе. Доўга шукаў. Нічога. Крыў развёў рукамі і зірнуў на Тору. Твар жанчыны быў бялейшы за снег. Яна ўсё яшчэ трымала ў руках скрываўленую галаву свайго апошняга сына. Але вочы яе ўжо былі празрыстыя, і не было ў іх слёз. Заўсёды памятала Тора - яна жонка ўладара. І зараз вочы яе светла-шэрыя, былі цвярдзей за скалы фіёрдаў.

- Я не ведаю цябе, воін, - мовіла жанчына. - Але ты храбра біўся за нас, рызыкаваў жыццём сваім. Чула, ты высокага роду, як і твой пабрацім. Ганаруся, што вы - мае госці!

- Норны не памыляюцца. Не дарэмна ты тут, Цмокава Скура. Відгутсон казаў, што ты размаўляеш з багамі!? І нават са страшных рук дачкі Локі(3) даводзілася табе вырываць яе здабычу.

- Усё так, - кіўнуў Крыў. - Але яна не мае на мяне крыўды. Я бяру мала, даю шмат.

Пра рыкса ведаю. Калі багі таго пажадаюць, ён застанецца з табой. А зараз, гаспадыня, аддай галаву сыну. Ды загадай - да хворага, дзвярэй не адчыняць.


1. Кароль Тары - лічыўся вярхоўным каралём Ірландыі.

2. Лохлан (ірлан.) - літаральна "краіна азёр" - назва Скандынавіі ў ірландцаў.

3. Дачка Локі - Хель.


Гэй, Замо, нясі торбу маю!

Крыў выйшаў ад дрота калі на небе ўжо свяціла поўня. Вецер заказытаў ноздры пахам дыму. Цмокава Скура расправіў плечы і зірнуў навокал. Селішча было амаль пустое, і Крыў зразумеў, што цела Фінбогі аддалі Святому агню.

- Я думаў, ты там заснуў, - пачуўся голас Замо, і ў цемры белай плямай мільганула новая, дораная норгамі, кашуля Вайдывутава сына. - Ну, як там стары?

- Жыць будзе, - адказаў Крывіч.

- Я чакаў цябе, пабрацім. - Замо паправіў на плячах плашч з воўчага футра і паклаў далонь на тронку саксанскага скрамасакса(1), які вісеў ля яго сцягна. - Сын Аднаногага атрымаў сваю галаву. Над жэглішчам ужо курган пачалі насыпаць. Параненых скотаў, што ў палон трапілі, жыўцом з ім спалілі - трох чалавек. Ні адзін ані слова не вымавіў. Годныя людзі. А ты, што мне скажаш?

- Хадзем на ўзбярэжжа, Замо. Не доўга гутарыць нам. Неўзабаве сам усё пабачыш. - Крыў цяжка ўздыхнуў.

- Стаміўся я, браце.

- Думаў, не ведаеш ты стомы, пабрацім. Няўжо стаміла цябе дзева з вогненнымі валасамі? Не адна зіма мінула з тае пары, калі змяшалася кроў у нашых жылах, не адну бітву выстаялі мы поплеч.

Але такім я не бачыў цябе ніколі. Крыў узяў пабраціма за руку і зірнуў яму ў вочы.

- Там, у чэраве норскай пушчы, сярод мерцвякоў норгаў, калі ваўкі спявалі месяцу песні свае, яна належала мне! І ложам нашым былі ігліца і мох. І зоркі глядзелі на нас цераз галіны адвечных дрэў халоднымі вачыма. Цела яе абпаліла мяне, вусны выпілі душу. А вочы замарозілі сэрца маё. Яна ўжо блізка, Замо. Я чую цудоўны пах яе скуры ў паветры. Ацалелыя скоты ідуць за сваёй багіняй. Яны не раз трымалі вясло ў руках. Разумееш, Замо?

Сын Вайдывута павярнуў галаву. Недалёка, абліты святлом поўні, спаў "Цмок Бездані". Усміхнуўся прус і мовіў:

- Тора захацела аддаць яго сыну, але воіны адгаварылі. А я ведаў, што ён будзе наш. Не паслухаў мяне Арні, не пажадаў сяброўства з бацькам аднавіць...

- Ціха, - перарваў яго Крыў, прытуліўшы палец да вуснаў сябра. - Тора ідзе.

- Воўчы нюх, воўчы слых маеш, браце, - глядзеў у цемру Замо. - А, унь агні бачу. Пэўна, нас шукае. А тыя, хто паходні нясуць перад ёй - лепшыя з воінаў Аднаногага. Астатнія ўжо перапіліся каля кургана.

- Шмат піва трэба, каб належна правесці ў апошні паход правадыра. Гэтыя ж п'янымі не будуць. За ўладаром, казалі мне як сабакі хадзілі. Ён іх добра карміў. Верныя. Унь, бачыш, пяцёра іх, усе ўзброеныя. Як за Свафрламі, так і за Тору, не мяракуючы жыццё пакладуць. Старэйшага з іх, Сівавусага Эскхерэ, грэла ў сваім ложку Тора, калі муж яшчэ ў паходы на двух нагах хадзіў.

- Адкуль тое ведаеш? - папытаў Крыў.

Замо ўсміхнуўся.

- Не даводзілася мне кахаць багіню, але дзяўчаты, што Торы служылі, мае былі, доўгія языкі мелі.

Прус змоўк, паклаўшы далонь на дзяржанне баявога нажа, які праславіў імя саксаў. Полымя норскіх паходняў задрыжэла на тварах пабрацімаў. Тора спынілася насупраць Крыва. Маўклівыя воіны нерухома сталі за спіной кунігунды. Халодны вецер наляцеў раптам з мора і рвануў плашч з плячэй жанчыны. Затрашчалі, плюнулі іскрамі паходні, і мовіла жонка правадыра:

- Што вам ноччу на ўзбярэжжы спатрэбілася?

Паціснуў плячамі Крыў.

- Горача ў пакоях рыкса, адказаў ён і апусціла жанчына вочы, не вытрымаўшы позірку Цмокавай Скуры. - Я люблю мора. Сваім свежым подыхам яно вяртае чалавеку сілы.

- Я не хацела пакрыўдзіць цябе, - Тора ганарліва падняла галаву. - Зараз я была ў дрота і дзякую табе за жыццё яго. Рабы сказалі, што ты з сябрам на беразе. Адшукала вас і спытаць жадаю...

- Ведаю, гаспадыня, пытанне тваё. Рыкс устане на ногі. Толькі час патрэбны. Але ўжо не трымаць яму меч у руках. Знахарка твая ведае, што трэба рабіць. Я ўсё ёй сказаў. Ды і сама яна не дурніца.

- Чаго пажадаеш ты. Прасі!

- Ніколі не прасіў я, але браў сам. І ты не пажадаеш даць мне, чаго хачу.

- Не разумею цябе, Цмокава Скура, - мовіла Тора, пазбягаючы з Крывам вачамі сустрэцца.

- Што ж, жадаеш аддзякаваць, добра. Дай "Цмока Бездані" мне, кунігунда? Сціснула кулакі жонка Свафрламі, і ўздрыгнулі паходні ў магутных руках яе воінаў.

- Не табе хадзіць на гэтым кані хваляў. Належыць ён дроту. У яго прасі.

Ухмылка кранула цвёрдыя вусны Крыва.

- Сапраўды, не зразумела ты мяне. Няма патрэбы прасіць сыну крыўскага ўладара. У мяне просяць як ты, Тора, можаш папрасіць яшчэ!

Белым полымем успыхнулі вочы жанчыны, але застылі словы на яе збялелых ад гневу вуснах. Бо са стралой у грудзях апусціўся на калена сівавусы Эскхерэ.

- Здрада, кунігунда! - прасіпеў воін, ламаючы тронца стралы.

- Здрада! - выдыхнулі норгі, агаляючы зброю.

- Паходні тушыце! - крыкнуў Эскхерэ.

Абапёрся на меч стары ваяка і падняўся на ногі, целам сваім засланіўшы Тору. Смех Цмокавай Скуры разануў па вушах. Нянавісць дадала сілы сівасусаму норгу, і кінуўся ён на клятага чужынца. Бліснуў у святле поўні клінок яго. Баявы кліч вырваўся з горла, адгукнуўшыся болем у прабітых грудзях, і запэцкала кроў белыя вусы. І вось сячэ меч, але цемра навокал. Знік вораг. Гадам з-пад клінка выслізнуў. І рэжа лязо жоўты пясок. Плюе крывёй Эскхерэ, далонню ацірае чырвоны рот, абпіраючыся на выкладзенае золатам дзяржанне мяча. І ноч рагоча ў твар яму. Нябачнымі


1. Скрамасакс - доўгі баявы нож - улюбёная зброя саксаў.


рукамі лепіць перад вачыма жудасны лік вальхскай ведзьмы. Хрыплы крык рвецца з грудзей норга, калі джаліць яго ў жывот гадзіна вантробаў(1). Барвовымі плямамі ўспыхвае цемра ў вачах Эскхерэ і слабеюць жалезныя пальцы на золаце ікла бітвы(2), і чуецца старому воіну грукат конскіх капытоў, і апошняя ўсмешка кранае скрываўленыя вусны волата. Між зорак імчаць дзевы бітваў, гігочуць, пенай пырскаюць крылатыя коні, усміхаецца ў сівую бараду Аднавокі. Чакае хірд яго нябесны новага героя. Бладэйд паставіла нагу на грудзі Эскхерэ, вырвала дзіду з яго жывата і ўсміхнулася Крыву. Цмокава Скура паклаў далоні на яе голыя плечы.

- Колькі людзей маеш? - спытаў ён.

- Амаль два дзесяткі. Хопіць. Арт на носе адзін вяслуе і стомы ніколі не ведаў.

- Вялікі вясляр твой Арт, калі на два барты пеніць хвалі.

- А ты зірні на яго. Унь, стаіць.

Вялізны мужчына,амаль напалову вышэйшы за Крыва, стаяў побач, трымаючы за валасы жонку Свафрламі. Ля пасу яго пэцкаючы крывёй скураныя парты, матлялася адрэзаная галава забітага ім норга. Махнуў ён рукой магутнай і павалілася тварам у пясок Тора ля ног Бладэйд. Нават не зірнула на яе ваяўніца. Хістаючыся, паднялася Тора з каленяў і моўчкі кінулася на забойцу сына. Каля самых сваіх вачэй перахапіла Бладэйд яе рукі, выкруціла і рванула ўверх, ламаючы жанчыне запясці. Застагнала Тора ад жорсткага болю, пракусіла вусны і крывёй плюнула у твар Чырвонай Дзеве. Бладэйд спакойна сцерла плявок і мовіла:

- Яна твая, Арт. Рабі, што пажадаеш. Толькі хутчэй.

З рыкам разадраў воін сукенку на Торы, кінуў на пясок жонку Свафрламі і наваліўся на яе сваім магунтым целам.

- Ну, да карабля, - мовіла Бладэйд, падхапіўшы дзіду. - Мае людзі перабілі ахову. Баяцца яны доўгага змея. Думаюць - багам належыць цудоўны карабель.

Крыў усміхнуўся. Усмешкай адказала яму ваяўніца. За іх спінамі чулася мядзведжае бурчанне Арта. Тора маўчала.


Пачварная пыса цмока пагрозліва выскаляла ў святле поўні белыя іклы, вырабленыя з рыбінай косці. Бліскацела, іскрылася ў полымі паходняў залатая луска на доўгай шыі і з жахам глядзелі скоты ў жоўтыя вочы дракона і не вытрымлівалі лютага змяінага позірку. Тапталіся на месцы, сціскаючы чорнымі далонямі тронкі бронзавых бацькоўскіх клінкоў, і ніхто не цягнуў рукі, каб дакрануцца чорных прасмоленых бакоў страшнага марскога звера. Не верылі каледонцы, што рукі чалавечай слухае гэты цмок. Драмаў чароўны карабель і не жадалі парушыць воіны спакой яго. І зарагатала Морыган, і крыкнула:

- Сапраўды, карабель багоў перад вамі, мужы! Вялікі дар героям! Дык бярыце ж яго!

Рык вырваўся з дзесятка глотак, і калыхнуўся дрэкі на магутных руках і ўзрэзаў вострымі грудзямі хвалі халодныя. І, нібы чорныя крылы, узляцелі вёслы і амаль без пырскаў упалі на ваду.

Здрыгануўся звер, уздыбіўся на белых грывах хваляў і рвануўся ў бездань ночы.

- Бачу, Чырвоная Дзева, знаёмыя з вяслом рукі тваіх хлопцаў, - трымаючы стырно крыкнуў Замо. - А таму мядзведзю, што на носе вяслуе на два барты, пэўна, роўні не знойдзеш.

- Арт не толькі вялікі вясляр, - усміхнулася Бладэйд і павярнула да Крыва сваю ганарлівую галаву. Паўночны вецер кінуў у твар кудару яе чырвоныя валасы, і вочы іх сустрэліся. - Ты мой, - мовіла дзева.

Мацней затахкала сэрца Цмокавай Скуры і барвай наліліся шнары ад мядзведжых кіпцяў, калі адчуў ён на шчацэ сваёй холад яе пальцаў. Зорнае святло адлюстроўвалая ў вачах яе і не мог разгледзець зрэнкаў таемнай дзевы Крыў. Глядзеў, дзівіўся. Не было! Толькі цёмна-сіні дым - на ўсё вока, як у альваў(3), пра якіх распавядалі норскія госці на тым беразе мора. Альбо ў прускіх азярніц, на якіх калісьці вадзіў яго паглядзець Замо. Амсмары!(4) - так зваў іх сын Вайдывута.

- У нас будзе сын, - раптам мовіла Бладэйд, апусціўшы свае чароўныя вочы.

Ледзьве прыкметная ўсмешка кранула вусны Цмокавай Скуры, і ён кіўнуў галавой.

- Аб тым ведаю, - адказаў слуга Грамавіка.

Разгублена зірнула на яго ваяўніца, і Крыў узяў яе за рукі.

- Можа, ведаеш і тое, што я стамілася забіваць? Не разумею, што здарылася, а толькі на кроў глядзець мне абрыдла. Тора жывая. Арт узяў яе гонар, жыццё пакінуў. Ён заўсёды ведаў, стары мядзведзь(5), чаго я жадаю. Ніколі не памыліўся.

Крыў скінуў з плячэй сваіх воўчы плашч, што ўзяў у забітага Эскхерэ і прыкрыў ім ад сцюдзёнага марскога ветру голую спіну Чырвонай Дзевы.

- Ты сама адказала на сваё пытанне. Тады, у лесе. Морыган пакінула гэты свет, засталася Бладэйд. І яна - жанчына.

Ваяўніца апусціла галаву на грудзі яму.


За даляглядам уставала сонца. Першыя промні залацілі аблокі. Вецер сціх, і хвалі ўжо не рваліся ў шаленстве да берага. Як ноччу, не біліся аб чорныя грудзі скал. Пакорліва лізалі яны ногі Хродгара. Нерухома стаяў Арнісон, высока падняўшы цяжкую ад хмелю галаву, і вецер варушыў шорсткую грыву яго валасоў. Даносячы да ноздраў пах смерці - пах баявых караблёў. Далёка наперадзе Ньёрдавых птушак ляцеў ён і ўспомніў Хродгар словы Гунтэра Чырвонай Кроплі. Ішлі ладзі, ганарліва падняўшы звярыныя галовы, і кожны ўзмах лёгкіх вёслаў набліжаў іх да норскай зямлі. І сонечныя промні блыталіся ў вясёлкавых іскрах вадзянога пылу ля вёслаў, заліваючы мора наперадзе караблёў злой


1. Гадзіна вантробаў - дзіда.

2. Ікал бітвы - меч.

3. Альвы (сканд) - эльфы

4. Амсмары (прус.) - вадзяны народ.

5. Арт (кельт.) - мядзведзь.


крывавай чырванню.

- Што скажаш, бацька? - Хродгар павярнуўся да Арні. - Пэўна, не жадае вяртацца ўдача твая.

- А навошта ёй стары дурань? - адказаў Арні, абпіраючыся на дзіду, стаяў ён у цені навіслай над берагам скалы.

- Вялікую сілу падняў Хакі, - сказаў Хродгар.

- Можа і ён, - хітнуў галавой бацька. - Ну, хто б не быў, дуй у паселішча, хірдманаў падымай. Няхай да сечы рыхтуюцца. Я за табою паклыпаю.

- Не выстаяць супраць сілы такой, - паківаў калматай галавой Хродгар. - Не захоча Тора біцца, але нас ярлу выдаць захоча. Арні ўздыхнуў!

- Ярлу патрэбныя галовы нашы. Воіны ж лупу(1) прагнуць! Унь іх колькі. Кожны добра ўзяць хоча. Падзель гэтага ў паход ішлі. Таму і не пажадае нас Тора выдаць. Так ці так - быць сечы! Ну, зразумеў!

- А то, - усміхнуўся хлопец.

- Ідзі!

- І ты не марудзь! - ужо на бягу крыкнуў Хродгар.

- Сустрэнемся, - пад нос сабе прамармытаў стары і пацягнуў з похваў меч. - У Валгале! Што ж, ярл. Калі гэта ты, то не міне сэрца тваё дзіда Арні!

Ладдзі прыставалі да берага, тыкаліся насамі ў пясок доўгія лодкі і Арні, увагнаўшы дзіду ў зямлю, назіраў, як велікан - воін, саскочыўшы з ладдзі сваёй у пенныя хвалі, аглядае норскія скалы. І вось. Спыняецца позірк яго на адзінокай постаці Бацькі Доўгага Дракона. Арні вяртае меч у цемру похваў. Вялікан ідзе да яго, прытрымліваючы на сцягне доўгі клінок. Даўжэзная сівая барада і валасы спераду, ля скроняў, у косы заплецены, каб у баі не перашкаджалі. На нагах - парты скураныя, на плячах - плашч лісовы. Вось і ўся вопратка. Магутныя грудзі зараслі сівой поўсцю, а на чырвонай жылістай шыі, як заўсёды, вісяць мядзведжыя кіпці небывалай даўжыні. За некалькіх крокаў ад норга спыняецца сівагаловы воін. І кажа яму Арні:

- Ты стаў зусім сівы, Вайдывут конунг. Я памятаю цябе меднавалосым.

Уладар прусаў хітнуў галавой. Доўгая барада схавала ўсмешку.

- Ты свае валасы таксама выкачаў у вясновым снезе, стары бадзяга.

Усміхнуўся Вайдывут, але халоднымі, нібы камяні, былі яго цёмна-шэрыя вочы.

- Бачу, Арні, не мяне думаў сутрэць.

- Не цябе, конунг.

- А каго ж, Хакі? - Вайдывут прыгладзіў доўгія вусы.

- Яго, уладар, - адказаў карабел.

Прус насупіў касматыя бровы і магутная далонь яго сціснула выкладзеную золатам тронку мяча.

- Дзе мой сын, Арні?

Бацька Доўгага Дракона паціснуў плячыма.

- Няўжо не сустрэў яго?

- Не разумею цябе!

- Адкуль тады пра ярла ведаеш?

- Дзе мой сын, Арні?

- Жадаў бы я ведаць, конунг. Па волі Хакі гніў сын твой у яме. Разам з пабрацімам сваім. Я выцягнуў іх з той магілы, калі помсціў ярлу за сыноў.

- Гэта ведаю. Дзе ён зараз?

- Ноччу, калі паклалі на жэглішча сына тутэйшага ўладара, Замо з пабрацімам сваім, якога празвалі мы Цмокавай Скурай, на чале хеўры скотаў пасеклі ахову каля дротавай ладдзі і выйшлі ў мора на ёй.

- Ну, нарэшце, - усміхнуўся Вайдывут. - Дарос хлопец да спраў, годных мужа, а то ўсё дзевак крыў! Што ж, за жыццё яго табе дзякую. І за жыццё Крыва Змяіныя Вочы не менш удзячыны. Пра смерць сыноў тваіх ведаю, - павярнуў правадыр сівую галаву да дружыны сваёй і гаркнуў:

- Гэй, Дангерут! Цягні сюды падлу норскую.

Малады, русявы хлопец хітнуў галавой і накіраваўся да Вайдывутавай ладдзі - доўгага баявога карабля з вялізнай галавой тура на штэўні.

- Парадую цябе, Арні, - мовіў прус. - За сына аддзякую не словамі.

Маўчаў Бацька Доўгага Дракона, у вочы Вайдывута гледзячы.

- А хто ж уладарыць над скаламі гэтымі? - спытаў правадыр.

- Свафрламі конунг. Яму належаць берагі гэтыя.

- Гэта не ён выйшаў сустрэць мяне? - З усмешкай мовіў Вайдывут, зірнуўшы чераз плячо карабела.

Павярнуўся стары воін і ўбачыў сына свайго. Шырокім крокам ішоў да іх Хродгар, трымаючы ў руках аголены меч і сякеру.

- Гэта мой малодшы, - адказаў Арні.

- Аберуч б'ецца? - спытаў прус.

- Навучыў, - хмыкнуў норг.

- Сыны твае, якія загінулі, такія ж былі?

- Правадыры былі. Годныя мужы. Але гэты любіць мяне больш за іх. Яшчэ раз пытаю цябе, конунг. Адкуль пра сыноў маіх ведаеш, пра ярла?

Ухмыляўся Бурштынавая Дзіда. На Хродгара гледзячы.

- А малайчына. Адзін супраць войска ідзе - зброя голая. Такіх багі робяць вялікімі правадырамі, альбо юнымі клічуць за сінеч далягляду. А-а-а, вось і падзякаа мая.

Пад ногі Арні паляцеў вялізны куль і стары не адразу зразумеў, што гэта. А калі разгледзеў, зазірнуў прусу ў вочы.

- За Замо помста мая. Ды за сыноў тваіх, - мовіў Вайдывут, - так будзе з кожным, хто за кроў Вайдывутаву пажадае выкуп узяць, паланіўшы хоць каго з дванаццаці маіх хлопцаў. Рабі з ім, што пажадаеш. Твой агрызак.

Арні апусціў адзінае сваё вока, пачуўшы, як над вухам засоп Хродгар. Хакі ярл ляжаў ля ног яго, нязграбна махаючы абпаленымі куксамі. Рукі па локці адсечаны. Ногі - па калені.

- Рабы яго распавядалі мне, што не ў баі браў хлопца майго Хакі, - сказаў прускі правадыр. - Ладдзю Замо на ярлаў бераг хвалі выкінулі. Сына Крыў


1. Луп - здабыча.


Змяіныя Вочы з мора беспрытомнага выцягнуў, - Вайдывут у гневе раздзьмуў ноздры, з лютасцю зірнуўшы на знявечанага ім норскага ярла. - Ніхто болей не ўратаваўся. І толькі на пясок спусціў з рук Крыў цела Замо, як ярлавы сабакі, сякерамі ды дзідамі ўзброеныя, на іх кінуліся. Бачылі, як ладдзя гіне. Дзесяць чалавек было іх. Крыў жа, з нажом у далоні, стаў над Замо і трох варагаў да вашага Аднавокага выправіў. - Прус зарагатаў і плюнуў на Хакі. - Адзін, супраць дзесятка. Толькі з нажом у руцэ!

Арні паціснуў плячамі.

- Не скажу, што вычын вялікі, адному супраць дзесяці змагацца.

- Не. - згадзіўся Вайдывут. - Калі зброю добрую маеш. Ты, Арні, вялікі воін, тое ведаю не толькі я, але ніхто, апрача Крыва, не змог бы з нажом пад сякеры ісці і ад першага-другога выта смерць не прыняць! Але Змяіныя Вочы не толькі ваяка добры. Ён - слуга Грамавіка! А і яго звязенілі, дзідай плячо працяўшы. І пажадаў ад мяне за хлопцаў даніну ўзяць Хакі, бурштыну ды срэбра! Ад мяне! - Вочы - камяні Вайдывута пацямнелі. Наліўшыся крывёй, твар жа зрабіўся бялей за снежныя валасы, як бывае ў людзей, якія ніколі не мелі звычкі стрымліваць свой гнеў. - Ваяроў сваіх да мяне слаў. Прыйшлі і мовілі:

- Дай!

- Нарэшце ведаў я, дзе Замо шукаць. Скарміў іх мядзведзю і цераз поўню ўвагнаў сваю дзіду ў норскі бераг(1). І вось мае людзі сытыя крывёй, і за дымам да гэтай пары не бачна неба над фіёрдамі!.

- Будзь пракляты! - прасіпеў Бадзяга і ледзьве варушыліся яго распухлыя вусны. Уваткнуў тут Хродгар свой меч у пясок, кінуў сякеру і нож выцягнуў, нахіліўшыся над калекам.

- Конунг аддаў тваіх людзей мядзведзю, а я кіну тваё сэрца сабакам!

І ўвагнаў ён нож у цела Хакі і раскрыў грудзі яму. Захрыпеў ярл, замахаў куксамі. Запузырылася кроў на вуснах і выняў сэрца яго Арнісон, запэцкаўшы твар і грудзі свае. І сціснуў у магутнай далоні чырвоны камяк, сустрэўшыся вачамі з Вайдывутам.

-Такая смерць - літасць для сабакі! - мовіў сівы правадыр. Нічога не адказаў яму Хродгар. - Ну што ж, - прус расправіў магутныя плечы. - Збірайцеся.

- Не разумею, як гэта Крыў узяў карабель, а майстроў пакінуў. Добра б мой. Тут ясна - розум яшчэ дзіцячы. Усе мазгі - у кулаках.

- А што яшчэ, конунг, казалі табе ярлавы трэлі? - Скрывіў вусны ва ўсмешцы Арні.

- Шмат чаго, - уздыхнуў Вайдывут, - не толькі сэймін(2) жыць хоча. Ёсць яшчэ шмат людзей, для якіх жыццё каштуе больш за гонар.

- А калі адмоўлю табе, конунг? - Арні ўзяўся за чэрань сваёй дзіды і ўбачыў, як камень у вачах правадыра пакрыўся лёдам.

- Старога я не помню, Арні. Ды мы з табой і не варагавалі. Дабром пакуль прашу. Вырашаць табе. І вось што. Пойдзе сын твой і мовіць гаспадару тутэйшаму. Няхай даніну мне дасць! Не - сам вазьму ўсё. Жыццё яго таксама. Хродгар выцягнуў з пяску свой меч, але падняў Бацька Доўгага Дракона мазолістую далонь.

- Слухай, што сказаў конунг, Хродгар.

- Ды не марудзь, хлопча, мае людзі не любяць чакаць, - дадаў прус.

- Што вырашыш, бацька, - спытаў Арнісон у старога.

- Я ўжо вырашыў, - Арні зірнуў на Вайдывута. - Няхай будзе па-твайму пажаданню, конунг.

Хітнуў галавой суровы воін і паклаў цяжкую далонь на плячо карабела.

Тора стаяла на беразе. Там, дзе неба прытулялася сінню сваіх грудзей да мора, ужо калі зніклі прускія лодкі. А вецер усё гнаў ім услед белую пену аблокаў. Па правую руку жанчыны абпіраўся на дзіду Вігі Лось. Лепшы з ваяроў, ён па праву заняў месца Эскхерэ. Бераг быў пусты. Дакрануўся хольд да пляча Торы і мовіў ёй:

- Не журыся, кунігунда. Прыйдзе і наш час, і страшна адпомсцім мы. Далі шмат, але маглі згубіць усё. Нам пашанцавала - прусы ўдосталь крыві напіліся; калі ў наш фіёрд завіталі - ужо сытыя былі, таму і ўзялі срэбра, а не жыццё наша. Галоўнае - мы захавалі хірд! Хольдульв не пажадаў біцца ні з прусамі, ні за іх. Ён павёў сваю зграю на ўсход, Тора. Трэба нагнаць і выбіць, пасячы бярсеркаў. Вось зараз аб чым думай. Наробяць яны бедаў. Няўжо думаеш, што цераз уладанні Свафрламі пройдуць яны і на похвах пасак не разблытаюць(3)?

Кунігунда хітнула галавой.

- Ідзі, Вігі. Загадай хірдманам коней выводзіць.

- Я зараз, - кіўнуў Лось і хутка за скаламі знік.

І падняла жанчына рукі свае знявечаныя, і паказала іх сонцу, і енк вырваўся з грудзей яе. І павалілася Тора тварам у пясок і не варушылася болей. Доўга не было кунігунды, і зачакаліся воіны і пагналі коней на ўзбярэжжа. Агаліў Вігі меч, калі ўбачыў гаспадыню нерухомую, але не душы навокал. Апусціўся хольд на калені і перавярнуў жонку дрота на спіну.

Мёртвыя вочы Торы абыякава глядзелі ў ціха-мірную воблачна-блакітную бездань нябёс, і шурпатая, цвёрдая, як ясеневая дошка, далонь воіна сцерла з белага твара Кунігунды пясок.

Маўчалі людзі і мовіў тут Вігі:

- Вялікае гора і лютая нянавісць да ворагаў забілі яе.


З гэтымі словамі заплюшчыў хірдман сваімі жалезнымі пальцамі жанчыне вочы. Падняўся і нетаропка пакрочыў да паселішча з целам Кунігунды на руках. За спіной яго тужліва ўздыхнула мора.


1.Кінуць дзіду ў шэрагі ворага, альбо ў варожую зямлю - найстаражытнейшы звычай аб'яўлення вайны ў самых разнастайных плямёнаў.

2.Сэймін (прус.) - чэлядзь.

3.Пасак на похвах - завязаны пасак цераз крыж мяча - знак міру, развязаны - знак вайны.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX