І
Неба, яшчэ не закопчанае дымам з фабрычнага каміна, было жоўтае, як латунь. Па-за дахамі фабрыкі яно гарэла асабліва ярка. Вось-вось узыдзе сонца. Я зірнуў на гадзіннік. Яшчэ не было васьмі. Без чвэрці.
Я адчыніў вароты і падрыхтаваў помпу бензакалонкі. У гэты час звычайна на запраўку ўжо пад'язджалі першыя машыны. Раптам я пачуў за спінай хрыпаты крэкат, быццам пад зямлёй круцілі заржавелы вінт. Я спыніўся і прыслухаўся. Затым я вярнуўся праз двор да майстэрні і асцярожна адчыніў дзверы. У паўзмроку памяшкання блукаў, хістаючыся, прывід. На ім была брудная, некалі белая, хустка, сіні фартух, грубыя пантофлі. Гэты прывід, які размахваў венікам, важыў не менш 90 кілаграмаў. То была наша прыбіральшчыца Мацільда Штос.
Я хвілінку пастаяў, пазіраючы на яе. З грацыяй бегемота яна сноўдалася паміж радыятарамі аўтамабіляў і глухім голасам спявала песню пра вернага гусара. На стале каля акна стаялі дзве бутэлькі каньяку. Адна ўжо была амаль пустая. Учора ўвечары яна была яшчэ поўная. Я тады забыўся схаваць яе.
- Але... фраў Штос, - сказаў я.
Спеў абарваўся. Венік упаў долу. Шчаслівая ўсмешка пагасла. Цяпер я стаў прывідам.
- Езус Хрыстус, - прамармытала Мацільда і ўтаропілася на мяне чырвонымі вачыма. - Так рана я вас не чакала...
- Разумею. Добра пайшло?
- Добра... але ж няёмка. - Яна выцерла губы. - Я аж аслупянела.
- Гэта вы ўжо занадта. Не аслупянела - ап'янела. У дым.
Яна ледзь стаяла на нагах. Яе вусны торгаліся, а вейкі хлопалі, як у старой савы. Але памалу яна прыходзіла да памяці. Яна рашуча зрабіла крок наперад.
- Пан Локамп... чалавек - толькі ўсяго чалавек... спачатку я толькі панюхала... потым глытнула... у мяне ж у страўніку заўсёды круціць... ну, а потым... потым мяне, відаць, апанаваў д'ябал. Ды і нельга ж спакушаць бедную кабеціну, пакідаючы навідавоку пляшку.
Я застаў яе такую не ўпершыню. Кожнае раніцы яна дзве гадзіны прыбірала ў майстэрні. Можна было колькі хочаш пакінуць грошай - яна не кране. Але да гарэлкі яна была ласая, як кот да сала.
Я ўзяў бутэльку.
- Вядома, каньяк, што для кліентаў, вы не кранулі. А лепшы, ад пана Кёстэра, спажылі.
Усмешка кранула выветраныя рысы Мацільды.
- Што праўда, то праўда. Ведаю смак. Але няўжо вы мяне выдадзіце, пан Локамп? Безабаронную ўдаву?
Я пахітаў галавой.
- Сёння не выдам.
Яна адпусціла падаткнутую спадніцу.
- Тады я хуценька дам лататы. А то прыйдзе пан Кёстэр... божа літасцівы!
Я падышоў да шафы і адчыніў.
- Мацільда!
Яна хуценька прыкандыбала. Я падняў карычневую чатырохкантовую бутэльку.
Яна ўзмахнула рукамі, пратэстуючы.
- Гэта не я! Шчыра! Гэту я не чапала!
- Я ведаю, - сказаў я і наліў поўную чарку. - Пілі калі-небудзь гэты?
- А няўжо ж! - Яна аблізала вусны. - Ром! Вытрыманы ямайскі!
- Выдатна! Тады выпіце чарку.
- Я? - Яна адхіснулася. - Пан Локамп, гэта зашмат! Вы смаліце мяне гарачым жалезам. Старая Штос п'е, як злодзей, ваш каньяк, а вы частуеце яе яшчэ ромам. Вы святы, святы! Лепш памерці, чым стрываць такое.
- Ну што ж... - сказаў я, робячы выгляд, што адстаўляю чарку.
- Ну добра! - Яна паспешліва схапіла яе. - Нельга адмаўляцца ад дабра. Нават калі не разумееш, за што. На здароўе! Можа, у вас дзень нараджэння?
- Так, Мацільда. Адгадала.
- Няўжо праўда? - Яна сціснула мне руку і пачала трэсці. - Віншую ад усяго сэрца! Каб грошы не выводзіліся! Пан Локамп, - яна выцерла вусны, - я так расчулена... за гэта абавязкова трэба кульнуць яшчэ адну. Я ж вас люблю, як сына.
- Цудоўна.
Я наліў ёй яшчэ адну чарку. Яна кульнула яе і ўдзячная пайшла з майстэрні.
Я схаваў бутэлькі і сеў за стол. Слабае сонца свяціла праз акно мне на рукі. Дзіўнае пачуццё, такі вось дзень нараджэння, нават калі не надаваць гэтаму вялікага значэння. Трыццаць гадоў... а былі часы, калі мне здавалася, што не дажыву да дваццаці, такой вялікай уяўлялася адлегласць. А потым...
Я дастаў з шуфляды лісток паперы і пачаў падлікі. Дзяцінства, школа - гэты кавалак быў далёка, невядома дзе, як яго і не было. Сапраўднае жыццё пачалося толькі ў 1916 годзе. Я якраз стаў навабранцам, худым, даўгалыгім, мне было васемнаццаць гадоў. Па камандзе вусатага унтэр-афіцэра я трэніраваўся на пляцы за казармай падаць і ўставаць. Аднаго разу ўвечары да мяне ў казарму прыйшла маці. Ёй давялося больш за гадзіну чакаць мяне - я не ўпакаваў як след свой рэчмяшок і быў пакараны тым, што мусіў у вольны час чысціць салдацкія прыбіральні. Яна хацела дапамагчы мне, але ёй не дазволілі. Яна заплакала, а я так змарыўся, што заснуў пры ёй.
1917 год. Фландрыя. Мідэндорф і я купілі ў шынку бутэльку чырвонага віна. Мы хацелі пабаляваць. Але не ўдалося. Ранічкай ангельцы адкрылі ўраганны агонь. Кёстэра параніла ў полудзень, Маер і Дэтэр загінулі пад вечар. А ўвечары, калі, здалося, настаў спакой і мы адкаркавалі бутэльку, газ запоўніў акопы. Мы, праўда, паспелі надзець процівагазы, ды процівагаз Мідэндорфа быў няспраўны. Калі ён спахапіўся, было ўжо запозна. Пакуль сарваў гэты і знайшоў новы, занадта шмат наглытаўся газу. З горла хлынула кроў. Ён памёр назаўтра раніцай. Твар яго ззелянеў і счарнеў. Шыя ўся была падрапана - пазногцямі ён стараўся разарваць яе, каб ухапіць паветра.
1918 год. Гэта было ў шпіталі. Некалькі дзён назад прыбыў новы транспарт. Папяровыя бінты. Цяжка параненыя. Увесь дзень туды-сюды сноўдаліся аперацыйныя каляскі. Часам яны вярталіся пустыя. Побач са мной ляжаў Ёзэф Штоль. Ён ужо быў без ног, але яшчэ не ведаў пра гэта. Убачыць было нельга, таму што коўдра накрывала замест ног драцяны каркас. Ён і не паверыў бы, бо адчуваў боль у ступаках. Уначы ў нашай палаце памерлі двое. Адзін паміраў цяжка і доўга.
1919 год. Зноў дома. Рэвалюцыя. Голад. На вуліцы бясконцы пошчак кулямётаў. Салдаты супроць салдатаў. Таварышы супроць таварышаў.
1920 год. Путч. Застрэлены Карл Брэгер. Арыштаваныя Кёстэр і Ленц. Мая маці ў бальніцы. Рак у апошняй стадыі.
1921...
Я задумаўся. Я нічога не памятаў. Год проста выпаў. У 1922-м я быў дарожным рабочым у Цюрынгіі, у 1923-м загадваў рэкламай на гумавай фабрыцы. Гэта было ў час інфляцыі. Я зарабляў дзвесце більёнаў марак у месяц. Зарплату выдавалі два разы на дзень, і пасля кожнай - паўгадзіны водпуску, каб можна было збегаць у крамы і нешта купіць, пакуль не з'явіўся новы курс даляра. Грошы трацілі сваю цану ў два разы. А потым? Што было ў наступныя гады? Я паклаў аловак. Які сэнс прыпамінаць усё гэта? Я ўжо і не памятаў дакладна. Шмат што пераблыталася. Свой апошні дзень нараджэння я спраўляў у кавярні «Інтэрнацыяналь». Тады я год працаваў тапёрам. Потым я зноў сустрэў Кёстэра і Ленца. А цяпер я сяджу тут у «Аўрама» - аўтарамонтнай майстэрні Кёстэр і К°. К° - гэта Ленц і я, майстэрня ж належыць аднаму Кёстэру. Калісьці ён быў наш аднакашнік, потым камандзір роты, потым - лётчык, праз нейкі час - студэнт, затым - гоншчык. Нарэшце ён купіў гэтую будку. Спачатку далучыўся Ленц, які некалькі гадоў басцяўся па Паўднёвай Амерыцы, потым - я.
Я дастаў з кішэні цыгарэту. Шчыра кажучы, я мог быць цалкам задаволены. Жылося мне нядрэнна, была праца і сілы. Я не хутка стамляўся, быў, як кажуць, здаровы... І ўсё ж лепш было б не думаць вельмі шмат. Асабліва вечарамі. Час ад часу нешта вярталася з былога і ўзіралася ў цябе мёртвымі вачыма. Але ад гэтага была гарэлка.
Знадворку зарыпелі вароты. Я парваў лісток з датамі свайго жыцця і кінуў у кош для папер. Дзверы імкліва расчыніліся. На парозе стаяў Готфрыд Ленц, высокі, хударлявы, з белай, як салома, чупрынай і носам, які прызначаўся некаму іншаму.
- Робі! - зароў ён. - Стары абжора! Устань і падцягніся! Твае начальнікі будуць гаварыць з табой!
- О божа! - Я ўстаў. - А я думаў, вы забудзецеся! Пашкадуйце мяне, хлопцы!
- Бач ты, чаго захацеў! - Готфрыд паклаў на стол скрутак. Там зазвінела. Услед за ім увайшоў Кёстэр. Ленц стаў перада мной.
- Робі, хто табе раніцай сустрэўся першы?
Я падумаў.
- Старая кабеціна. Яна танцавала.
- Святы Майсей! Дрэнная прыкмета. Але яна адпавядае твайму гараскопу. Я ўчора склаў. Ты нарадзіўся пад знакам Стральца, ненадзейны, хісткі, як трыснёг на ветры, на цябе ўздзейнічаюць нейкія падазроныя трыгоны Сатурна, а сёлета яшчэ і Юпітэр. Ота і я, хто замяняе табе бацьку і маці, перадаём табе штосьці, каб абараняцца. Вазьмі гэты амулет! Праўнучка інкаў аднойчы падаравала яго мне. У яе была блакітная кроў, плоскаступнёвасць, вошы і дар прадбачання. «Беласкуры іншаземец, - сказала яна мне. - Яго насілі каралі, у ім заключана сіла сонца, месяца і зямлі, не гаворачы пра іншыя малыя планеты. Дай мне за яго срэбны даляр на гарэлку - і насі сабе». Каб ланцужок шчасця не парваўся, я ўручаю яго табе. Ён будзе сцерагчы цябе і прагоніць варожага Юпітэра.
Ён павесіў мне на шыю маленькую чорную фігурку на тонкім ланцужку.
- Вось! Гэта - супроць наслання зверху. А тут - супроць зямных бед: шэсць бутэлек рому ад Ота! Ром у два разы старэйшы за цябе.
Ён разгарнуў скрутак і выставіў бутэлькі на сонца. Яны зазіхацелі, як янтар.
- Цудоўнае відовішча, - сказаў я. - Адкуль яны ў цябе, Ота?
Кёстэр усміхнуўся.
- Заблытаная справа. Доўга расказваць. Ты лепш скажы, як сябе адчуваеш? На трыццаць?
Я махнуў рукой.
- На шаснаццаць і пяцьдзесят адначасова. Нічога асаблівага.
- І ты называеш гэта «нічога асаблівага»? - запярэчыў Ленц. - Лепей быць не можа. Ты ж такім чынам уладна перамог час і жывеш два жыцці.
Кёстэр зірнуў на мяне.
- Не чапай яго, Готфрыд, - сказаў ён потым. - Дні нараджэння моцна псуюць самаадчуванне. Асабліва зранку. Ён яшчэ ачомаецца.
Ленц заплюшчыў вочы.
- Чым менш чалавек адчувае сябе, тым большая яму цана, Робі. Ці суцяшае гэта цябе хоць крышку?
- Не, - сказаў я. - Ані. Калі чалавек нечага варты, то ў такім разе ён толькі помнік самому сабе. А гэта, мне здаецца, цяжка і сумна.
- Яго пацягнула на філасофію, Ота, - сказаў Ленц. - Ён - не страчаны. Ён перажыў крызісны момант. Нялёгкі момант дня нараджэння, калі ўглядаешся самому сабе ў зрэнкі і бачыш, які ты бедалага. Цяпер можна спакойна брацца за справу і прашмараваць старому «кадзілаку» вантробы.
Мы працавалі, пакуль не сцямнела. Потым памыліся і пераапрануліся. Ленц прагна зірнуў на бутэлькі.
- Можа, скруцім адной шыю?
- Няхай вырашае Робі, - сказаў Кёстэр. - Нядобра, Готфрыд, так нахабна вымагаць з імянінніка.
- Яшчэ горш марыць смагай тых, хто павіншаваў, - запярэчыў Ленц і адкаркаваў бутэльку.
Пах рому адразу запоўніў майстэрню.
- Святы Майсей! - сказаў Готфрыд.
Мы ўсе прынюхаліся.
- Фантастычна, Ота. Трэба быць вялікім паэтам, каб знайсці адпаведныя эпітэты.
- Піць у гэтай цёмнай будзе! Шкада пітва! - вырашыў Ленц. - Ведаеце што? Мы паедзем адсюль, павячэраем, бутэльку возьмем з сабой. Вып'ем яе дзе-небудзь на волі!
- Бліскуча!
Мы адпіхнулі ўбок «кадзілак», які рамантавалі паполудні. За ім стаяла дзіўная рэч на колах. Гэта была гоначная машына Ота Кёстэра, гонар майстэрні.
Кёстэр у свой час набыў на аўкцыёне амаль задарма гэтую машыну - старую ламачыну з высокім кузавам. Спецыялісты, якія бачылі яе тады, сцвярджалі, што гэта цікавы экспанат для музея. Больвіз, гаспадар фабрыкі па пашыве жаночых паліто і гоншчык-аматар, параіў Ота перарабіць яе на швейную машынку. Але Кёстэра гэта не кранула. Ён разабраў машыну, як кішэнны гадзіннік, і корпаўся ў ёй некалькі месяцаў, бывала, аж да цёмнай ночы. Потым аднойчы ўвечары ён пад'ехаў на ёй да бара, у якім мы звычайна бавілі час. Больвіз ледзь не ўпаў ад смеху, убачыўшы яе зноў - так смешна яна выглядала. Жартам ён прапанаваў Ота заклад. Ён ставіў дзвесце марак супроць дваццаці, калі Кёстэр пагодзіцца на гонку з яго новым спартовым аўтамабілем. Адлегласць - дзесяць кіламетраў, і ён дае Ота кіламетр форы. Кёстэр згадзіўся. Усе смяяліся. Чакалася незвычайная забава. Але Ота пайшоў яшчэ далей: ён адмовіўся ад форы і спакойна прапанаваў павысіць стаўку да тысячы марак супроць тысячы. Больвіз расчаравана спытаў, ці не адвезці яго ў дом вар'ятаў. У адказ Кёстэр завёў матор. Абодва рванулі з месца. Больвіз праз паўгадзіны вярнуўся ў такім дрэнным настроі, быццам пабачыў марскога змея. Ён моўчкі выпісаў чэк, а потым - яшчэ адзін. Ён хацеў адразу ж купіць машыну. Але Кёстэр пасмяяўся з яго. Ён не аддасць яе. Але наколькі бездакорная была машына ўсярэдзіне, настолькі непрыглядны быў яе знешні выгляд. На кожны дзень мы паставілі надзвычай старажытны кузаў - лак выцвіў, крылы пакарабаціліся, верх адслужыў добры дзесятак год. Мы маглі падабраць нешта лепшае, але ў нас былі свае меркаванні. Аўтамабіль зваўся «Карл». «Карл» - прывід шашы.
«Карл», сапучы, цягнуўся па шашы.
- Ота, - сказаў я, - з'явілася ахвяра.
Ззаду нецярпліва сігналіў «б'юік». Ён імкліва даганяў нас. Неўзабаве насы зраўняліся. Чалавек за рулём зняважліва паглядзеў на нас. Яго позірк зверху ўніз абвёў нашага няўклюднага «Карла». Потым ён адвярнуўся і забыўся пра нас.
Праз некалькі секунд ён нечакана пераканаўся, што Карл усё яшчэ ідзе побач з ім. Ён усеўся крыху ямчэй, весела зірнуў на нас і прыбавіў газу. Але «Карл» не здаўся. Як тэр'ер побач з догам, ён неадступна трымаўся каля бліскучага лакаматыва з нікелю і лаку.
Чалавек мацней ухапіўся за руль. Ён яшчэ ні пра што не здагадваўся і кпліва скрывіў губы. Відаць было, што ён нам зараз пакажа, на што здольныя яго сані. Ён з такой сілай ціскануў на газ, што выхлапная труба заспявала, як хор жаўрукоў над летнім полем. Але - дарма. Ён не адарваўся ад нас. Як зачараваны, агідны і непрыглядны «Карл» туліўся да яго. Чалавек здзіўлена вылупіўся на нас. Ён не мог зразумець, як гэта пры хуткасці звыш ста кіламетраў старая скрынка ніяк не адстае ад яго. Ён з недаверам зірнуў на спідометр, ці не сапсаваўся. Потым націснуў да канца.
Машыны імчаліся ўпоравень па доўгай роўнай шашы. Праз некалькі метраў насустрач з шумам з'явіўся грузавік. «Б'юік» павінен быў адстаць, каб даць дарогі. Як толькі ён параўняўся з «Карлам», паказалася пахавальная машына са стужкамі ад вянкоў, якія развяваліся. Яму зноў прыйшлося ўступіць. Потым далягляд стаў вольны.
Чалавек за рулём тым часам страціў увесь свой форс; ён прыгорбіўся - злосны, вусны сціснутыя - яго захапіў азарт гоншчыка, і раптам гонар яго жыцця трапіў у залежнасць ад таго, ці адарвецца ён - любой цаной - ад шчанюка побач.
Мы ж, наадварот, сядзелі з абыякавымі тварамі. «Б'юіка» для нас не існавала. Кёстэр спакойна глядзеў на дарогу, я, сумуючы, пазіраў на бакі, а Ленц, хоць і сцяты ў камяк, дастаў газету і рабіў выгляд, што яму няма нічога важнейшага за чытанне.
Праз некалькі хвілін Кёстэр падміргнуў нам. «Карл» неўпрыкмет збавіў хуткасць, і «б'юік» памалу пачаў вырывацца наперад. Яго шырокія блішчастыя крылы прамільгнулі міма нас. З выхлапной трубы нам у твар грымнуў сіні дым. Паступова ён адарваўся ад нас метраў на дваццаць - і тут ужо паказаўся, як мы і чакалі, твар гаспадара ў акне. Усмешка выдавала непрыкрыты трыумф. Ён паверыў, што перамог.
Але чалавек дапусціў яшчэ адну памылку. Ён не мог стрымацца, каб не паздзекавацца з нас. Ён кіўнуў нам: даганяйце. Ён зрабіў гэта падкрэслена паблажліва і пераможна.
- Ота! - прамовіў Ленц, напамінаючы.
Ды напаміну не патрабавалася. У той самы момант «Карл» зрабіў скачок. Кампрэсар засвістаў. І раптам рука, якая махала, знікла ў акне - «Карл» прыняў выклік, ён набліжаўся. Ён набліжаўся нястрымна... ён зноў узяў сваё - і цяпер мы ўпершыню ўважліва паглядзелі на аўтамабіль побач. З нявіннымі тварамі мы запытальна пазіралі на чалавека за рулём. Цікава было б ведаць, навошта ён нам махаў. Але той сутаргава глядзеў у другі бок, і «Карл» цяпер ужо на поўным газе абыходзіў яго, увесь брудны, з крыламі, што бразгаталі, пераможны замызганы шчанюк.
- Малайчына, Ота, - сказаў Ленц Кёстэру. - Папсаваў чалавеку апетыт перад вячэрай.
Дзеля такіх пагоняў мы не мянялі «Карлу» кузава. Варта было яму з'явіцца на дарозе, і ўжо некаму карцела перагнаць яго. На іншыя машыны ён дзейнічаў, як варона з перабітым крылом дзейнічае на зграю галодных катоў. Самым мірным сямейным шарабанам карцела перагнаць яго, і нават самыя мажныя барадачы не маглі вытрываць гоначнага азарту, калі яны бачылі, як перад імі ішла ўпрысядку бразготная рухомая табурэтха. Хто мог уявіць сабе, што ў гэтай камічнай фігуры б'ецца вялікае сэрца гоначнага матора!
Ленц сцвярджаў: «Карл» выхоўвае. Ён вучыць людзей пачцівасці да вынікаў творчасці, якія заўсёды прыкрыты някідкай абалонкай. Так гаварыў Ленц, які называў сябе апошнім рамантыкам.
Мы спыніліся перад невялічкім шынком і выбраліся з машыны.
Вечар быў цудоўны і ціхі. Барозны ўзаранага поля адсвечвалі фіялетавым святлом. Краі аддавалі залаціста-карычневым водсветам. На яблычна-зялёным небе плавалі воблакі, падобныя да вялікіх птушак фламінга, а між імі хаваўся вузенькі сярпок маладзіка. Арэхавы куст трымаў у сваіх абдымках змрок і прадчуванне. Ён быў хвалююча голы, але ў пупышках хавалася чаканне. З маленькага шынка плыў пах смажаніны. Смажылі пячонку з цыбуляй. Наша душа заспявала.
Ленц рынуўся ў дом насустрач паху. Ён вярнуўся прасветлены.
- Вы не бачылі такой смажанай бульбы! Хутчэй, а то найлепшую з'ядуць!
У гэты момант з шумам падкаціла яшчэ адна машына. Мы спыніліся, аслупянелыя. Гэта быў «б'юік». Ён рэзка затармазіў каля «Карла».
- Гоп-ля! - сказаў Ленц. У нас ужо часта ў такіх выпадках здараліся бойкі.
З машыны выйшаў мужчына. Ён быў высокі і ў целе. На ім было шырокае карычневае паліто з вярблюджай шэрсці. Незадаволеным скасавураным позіркам ён глянуў на «Карла», потым сцягнуў тоўстыя пальчаткі і падышоў да нас.
- Якой маркі гэта ваша машына? - спытаў ён Кёстэра, які стаяў бліжэй за ўсіх да яго. А твар у чалавека напамінаў салёны агурок.
Мы ўсе ўтрох нейкі час моўчкі глядзелі на яго. Пэўна, ён палічыў, што мы слесары ў выхадным адзенні, якія выехалі на чужой машыне.
- Вы штосьці сказалі? - нарэшце спытаў Ота няўпэўнена, нібы падказваючы таму, што трэба быць больш ветлівым.
Мужчына пачырванеў.
- Я спытаў пра гэтую машыну, - прамовіў ён буркліва тым самым тонам.
Ленц выпрастаўся. Яго вялікі нос уздрыгнуў. Ён надаваў вялікае значэнне ветлівасці ў адносінах да сябе. Але перш чым ён паспеў адкрыць рот, раптам адчыніліся, нібы ад рукі святога духа, дзверцы «б'юіка»; выслізнула маленькая ножка, потым паказалася цененькае каленца, затым з машыны выйшла дзяўчына і павольна пайшла да нас. Ад неспадзяванасці мы пераглянуліся. Мы раней не заўважылі, што нехта ёсць у машыне. Ленц адразу змяніў паводзіны. Ён заўсміхаўся на ўвесь рабаціністы твар. Мы заўсміхаліся ўсе разам, чорт яго ведае чаму.
Таўстун пазіраў на нас разгублена. Ён страціў самаўпэўненасць і, відаць, не ведаў, што цяпер рабіць.
- Біндзінг, - нарэшце сказаў ён з паўпаклонам, быццам прозвішча магло яго ўратаваць.
Дзяўчына падышла ўжо блізка. Мы зрабіліся яшчэ ветлівейшыя.
- Дык пакажы машыну, Ота, - сказаў Ленц, кідаючы хуткі позірк на Кёстэра.
- Чаму ж не, - весела ўсміхнуўшыся, адгукнуўся Ота.
- Я і праўда паглядзеў бы яе, - сказаў Біндзінг больш міралюбна. - Відаць, хуткая, як чорт. Так мяне абставіла.
Яны ўдвух пайшлі на стаянку, і Кёстэр падняў капот «Карла».
Дзяўчына не пайшла з імі. Статная, яна моўчкі стаяла ў змроку паміж мной і Ленцам. Я чакаў, што Готфрыд скарыстае выпадак і «завядзецца». Ён быў створаны на такія сітуацыі. Але, здавалася, у яго адняло мову. Звычайна ён такаваў, як глушэц, а тут стаяў, як маўклівы манах на адпачынку, і не варушыўся.
- Прабачце, калі ласка, - сказаў я нарэшце. - Мы не заўважылі вас у машыне. Інакш мы не паводзілі б сябе так непрыстойна.
Дзяўчына зірнула на мяне.
- Але чаму ж? - запярэчыла яна спакойна. У яе быў нечакана нізкі голас. - Нічога дрэннага не здарылася.
- Не дрэнна, але і не зусім прыстойна. Гэтая машына развівае хуткасць да двухсот кіламетраў.
Яна крыху прыгнулася і ўсунула рукі ў кішэні паліто.
- Дзвесце кіламетраў?
- Дакладна - 189,2, афіцыйна зафіксавана, - горда заявіў Ленц, нібы выстраліў з пісталета.
Яна засмяялася.
- А мы падумалі - шэсцьдзесят - семдзесят.
- Бачыце... - сказаў я, - вы ж не ведалі...
- Не, - адказала яна. - Мы сапраўды не ведалі. Мы падумалі, што «б'юік» бяжыць у два разы хутчэй за вашу машыну.
- Ну вось... - Я нагой адфутболіў адламаны сучок. - У нас была занадта вялікая перавага. А пан Біндзінг, мусіць, добра раззлаваўся на нас.
Яна засмяялася.
- Вядома, у нейкі момант. Але ж трэба ўмець і прайграваць. А інакш - як жыць?
- Вядома...
Утварылася паўза. Я зірнуў на Ленца. Але апошні рамантык толькі пасміхаўся, торгаў носам, не падаючы рукі дапамогі. Шапацелі бярозы. За домам закудахтала курыца.
- Цудоўнае надвор'е, - нарэшце прамовіў я, каб парушыць маўчанне.
- Так, выдатнае, - адказала дзяўчына.
- І такое пяшчотнае, - дадаў Ленц.
- Нават незвычайна пяшчотнае, - дапоўніў я.
Зноў павісла паўза. Дзяўчына, пэўна, палічыла нас ёлупнямі. Але як я ні намагаўся, нічога разумнага не прыходзіла ў галаву. Ленц абнюхваў наваколле.
- Печаныя яблыкі, - прамовіў ён чулліва, - тут, здаецца, да пячонкі падаюць печаныя яблыкі. Далікатэс.
- Несумненна, - пагадзіўся я, праклінаючы нас абодвух.
Вярнуліся Кёстэр і Біндзінг. Біндзінг за гэтыя некалькі хвілін зусім перамяніўся. Ён, відаць, быў адзін з тых аўтадзівакоў, хто, сустрэўшы дзе-небудзь спецыяліста, з якім можна пагутарыць, расцвітае душой.
- Павячэраем разам? - спытаў ён.
- А як жа, - адказаў Ленц.
Мы ўвайшлі ў памяшканне. Каля дзвярэй Готфрыд падміргнуў мне, паказваючы на дзяўчыну.
- Слухай, яна табе ўраўнаважыць старую кабету, якая танцавала сёння раніцай.
Я паціснуў плячыма.
- Магчыма, але чаму ты змусіў аддувацца мяне аднаго?
Ён засмяяўся.
- Трэба ж вучыцца, хлопчык!
- Няма ў мяне больш ахвоты да вучобы, - сказаў я.
Мы пайшлі да астальных. Яны ўжо сядзелі за сталом. Гаспадыня якраз прынесла пячонку і смажаную бульбу. На разгонку яна прынесла яшчэ вялікую бутэльку гарэлкі.
Біндзінг аказаўся гаваруном, бурным, як горны ручай. Проста дзіўна было, чаго толькі ён не ведаў пра аўтамашыны. Калі ён пачуў, што Ота таксама ўдзельнічаў у гонках, яго прыхільнасць перайшла ўсе межы.
Я прыгледзеўся да яго больш уважліва. Ён быў мажны, высокі мужчына з густымі бровамі над чырвоным тварам; крыху хвалько, крыху шумны і, магчыма, спагадлівы, як людзі, якім звычайна шанцуе ў жыцці. Я мог сабе ўявіць, што вечарам, перш чым класціся спаць, ён сур'ёзна, з гонарам і павагай разглядае сябе ў люстэрка.
Дзяўчына сядзела паміж Ленцам і мной. Яна скінула паліто. На ёй быў шэры ангельскі касцюм. Вакол шыі была павязана белая хусцінка, падобная да гальштука жакея. Яе валасы былі рудавата-шаўкавістыя, у святле лямпы яны пераліваліся янтарным бляскам. Плечы былі вельмі прамыя, але крыху нахіленыя, рукі - вузкія, доўгія, хутчэй кашчавыя, чым мяккія. Твар быў вузкі і бледны, але вялікія вочы надавалі яму палкую сілу. Яна была вельмі прыгожая, на маю думку... але больш нічога такога я не падумаў.
Ленц жа ўвесь загарэўся. Ён цалкам перамяніўся. Яго жоўты чуб палаў, як хмель. Ён выдаў цэлы феерверк ідэй і разам з Біндзінгам завалодаў сталом. Я сядзеў ціха, нічым не прыцягваючы да сябе ўвагі - перадаваў каму-небудзь міску ці прапаноўваў запаліць. Чокаўся з Біндзінгам. Гэта я рабіў даволі часта. Ленц раптам стукнуў сябе па лбе:
- Ром! Робі, нясі ж наш імянінны ром!
- Дзень нараджэння? У каго дзень нараджэння? - спытала дзяўчына.
- У мяне, - сказаў я. - Мяне ўжо цэлы дзень даймаюць ім.
- Даймаюць? Дык вы не хочаце, каб вас віншавалі?
- Хачу, - сказаў я. - Віншаванне - гэта нешта іншае.
- Дык усяго найлепшага!
Я на момант затрымаў яе руку ў сваёй і адчуў яе цёплы, сухі поціск. Потым я пайшоў па ром. Вялікая і маўклівая ноч разлеглася вакол шынка. Скураныя сядзенні ў машыне адсырэлі. Я спыніўся, пазіраючы на гарызонт, дзе на небе абазначылася чырванаватае зарыва горада. Мне захацелася застацца тут, але мяне ўжо клікаў Ленц.
Біндзінгу ром не пайшоў. Гэта мы заўважылі ўжо пасля другой чаркі. Хістаючыся, ён падаўся ў сад. Я ўстаў, і мы з Ленцам падышлі да стойкі. Ён папрасіў бутэльку джыну.
- Шыкоўная дзяўчына, праўда? - сказаў ён.
- Не ведаю, Готфрыд, - адказаў я. - Не падумаў пра гэта.
Хвілінку ён разглядаў мяне сваімі вясёлкава-блакітнымі вачыма, а потым заматаў вогненнай галавой.
- Навошта ты жывеш, скажы, хлопчык!
- Сам даўно думаю пра гэта, - адказаў я.
Ён засмяяўся.
- Што з цябе возьмеш! Нялёгкая задачка. Але зараз я спачатку разнюхаю, што агульнага ў гэтай дзяўчыны з тоўстым аўтадаведнікам.
Ён пайшоў услед за Біндзінгам у сад. Праз нейкі час яны ўдвух вярнуліся да стойкі. Відаць, навіна была добрая, таму што Готфрыд, перад якім, мусіць, адкрылася поле дзейнасці, у радасці ад гэтага трымаўся неадступна каля Біндзінга. Яны заказалі яшчэ адну бутэльку джыну і праз гадзіну былі ўжо на «ты». Ленц, калі быў у добрым настроі, мог так забавіць, што вырвацца ад яго было цяжка. Цяпер ён проста запаланіў Біндзінга, і неўзабаве яны ўдвух ужо спявалі ў альтанцы салдацкія песні. Пра дзяўчыну за гэтай справай апошні рамантык зусім забыўся...
У шынку мы засталіся траіх. Раптам стала вельмі ціха. Цікаў гадзіннік. Гаспадыня прыбрала са стала і позіркам добрай маці пазірала на нас. Каля печы выцягнуўся руды ганчак. Час ад часу ён сонна ўзбрэхваў, ціха, высокім голасам, нібы скардзячыся. Вецер гладзіў аконныя шыбы. Яго пошум сплятаўся з урыўкамі салдацкіх песень, і мне здавалася, што маленькі пакой уздымаецца і лунае з намі праз ноч і праз гады, міма многіх успамінаў.
Настрой быў нязвыклы. Здавалася, што час спыніўся. Ён ужо здаваўся не ракой, якая выплывала са змроку і ў ім жа хавалася, гэта было мора, у якім бязгучна адлюстроўвалася жыццё. Я трымаў у руцэ чарку. Ром зіхацеў. Я прыпомніў пра запісы, якія рабіў учора ў майстэрні. Тады мне было крыху сумна. А цяпер ужо не было. Было абыякава: жыві - пакуль жывеш. Я глянуў на Кёстэра. Я чуў, як ён размаўляў з дзяўчынай. Але да слоў я не прыслухоўваўся. Я адчуваў мяккі пошум першага хмелю, які падаграваў кроў і які падабаўся мне, бо ён накідваў на невядомае покрыва прыгоды. У садзе Ленц з Біндзінгам спявалі пра Аргонскі лес. Каля мяне размаўляла незнаёмая дзяўчына. Яна гаварыла ціха і павольна, нізкім, крыху хрыпаватым голасам, які ўзбуджаў. Я выпіў чарку.
Тыя ўдвух зноў вярнуліся. На свежым паветры яны працверазелі. Мы зазбіраліся. Я дапамагаў дзяўчыне апрануць паліто. Яна стаяла блізка, распраўляючы гнуткія плечы. Рот у яе быў крыху адкрыты, усмешка, нікому не адрасаваная, была звернута ў столь. Я на момант выпусціў з рук паліто. Дзе былі дагэтуль мае вочы? Ці я спаў? Я раптам зразумеў узнёсласць Ленца.
Яна запытальна павярнулася да мяне. Я хуценька зноў паднёс паліто і зірнуў на Біндзінга, які - расчырванелы і ўсё яшчэ асалавелы - стаяў каля стала.
- Вы думаеце, што ён зможа весці машыну? - спытаў я.
- Будзем спадзявацца.
Я ўсё яшчэ глядзеў на яе.
- Калі ён не зусім надзейны, нехта з нас можа паехаць.
Яна дастала пудраніцу і адчыніла яе.
- Неяк будзе, - сказала яна. - Выпіўшы, ён кіруе яшчэ лепш.
- Лепш і, пэўна, яшчэ больш неасцярожна, - запярэчыў я. Яна скоса глянула на мяне, адарваўшы позірк ад люстэрка.
- Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра, - сказаў я.
Такая надзея была абгрунтаваная, бо Біндзінг ледзь трымаўся на нагах. А я не мог так проста развітацца з ёю.
- Можна мне заўтра патэлефанаваць, каб даведацца, як справы? - спытаў я.
Яна адказала не адразу.
- Мы, ініцыятары гэтай п'янкі, нясём пэўную адказнасць, - гаварыў я. - Асабліва я, з тым сваім ромам.
Яна засмяялася.
- Ну добра, калі вам так хочацца. Тэлефануйце: Захад - 2796.
На дварэ я адразу запісаў сабе нумар. Мы паглядзелі ўслед машыне Біндзінга і выпілі «на пасашок». Потым зароў наш «Карл». Ён імчаў праз лёгкі сакавіцкі туман, мы дыхалі часта, горад набліжаўся насустрач нам - вогненны і хісткі ў марыве. Раптам, як карабель у моры, выплыў асветлены, стракаты бар Фрэдзі. Мы кінулі якар. Золатам іскрыўся каньяк, джын блішчаў, як аквамарын, а ром быў само жыццё. Мы сталёва сядзелі на высокіх сядзеннях бара, музыка плёскалася, існасць была светлая і надзейная; сілай наліваліся нашыя грудзі, забыліся няўцешнасць пустых мэбляваных пакояў, якія чакалі нас, адчай будзённасці. Стойка бара ператварылася ў капітанскі мосцік на караблі жыцця, і мы плылі ў будучыню ў пырсках пены...
ІІ
Назаўтра была нядзеля. Я позна спаў і прачнуўся, калі промні сонца ўпалі мне на пасцель. Я хутка саскочыў з ложка і адчыніў вокны. На дварэ было свежа і ясна. Я паставіў прымус на лаўку і пачаў шукаць каву. Мая гаспадыня, фраў Залеўскі, дазволіла мне варыць каву ў пакоі. Тое, што яна падавала, было занадта слабое. Асабліва з пахмелу. Я ўжо два гады жыў у пансіянаце Залеўскі. Месца мне падабалася. Было куды пайсці - побач Дом прафсаюзаў, кавярня «Інтэрнацыяналь» і рэстаран, дзе адбываліся сходы Арміі выратавання. Перад домам, акрамя таго, былі старыя могілкі. На іх раслі дрэвы, як у парку, і спакойнымі вечарамі можна было падумаць, што жывеш у вёсцы. Але спакой наставаў вельмі позна, бо побач з могілкамі была шумная плошча з каруселямі і арэлямі.
У скарбонку фраў Залеўскі могілкі прыносілі надзейны прыбытак. Яна хваліла свежае паветра і шырокія далягляды і за гэта брала больш высокую плату. Пры рэкламацыях яна настойвала:
- Але, панове, падумайце толькі - якое месца!
Я апранаўся вельмі павольна. Гэта надавала мне адчуванне нядзелі. Я ўмыўся, пахадзіў па пакоі, пачытаў газету, згатаваў каву, пастаяў каля акна і паназіраў, як паліваюць вуліцу, паслухаў спеў птушак у высокіх дрэвах на могілках - яны спявалі, як маленькія срэбныя флейты святога бога, далучаючыся да ціхага пяшчотнага буркатання меланхалічнай шарманкі на плошчы. Я выбіраў сарочку і шкарпэткі, хоць выбіраць асабліва не было з чаго, з некалькіх сарочак і пар шкарпэтак я выбіраў так, быццам іх было ў дваццаць разоў больш; насвістваючы, я павыкідваў усё з кішэняў: дробязь, нож, ключы, цыгарэты, і раптам - учарашняя паперка з імем дзяўчыны і нумарам тэлефона. Патрыцыя Хольман. Дзіўнае імя - Патрыцыя. Я паклаў паперку на стол. Няўжо гэта сапраўды было ўчора? Як далёка ўсё адышло, амаль забылася ў шэрым тумане алкаголю... За выпіўкай жыццё было цудоўнае- ты хутка рабіўся цэльным, але паміж вечарам і раніцай зноў утвараліся прагалы, як быццам міналі гады.
Я сунуў запіску пад стос кніжак. Патэлефанаваць? Магчыма... а магчыма, і - не. Днём усё выглядала інакш, чым вечарам. Шчыра кажучы, я жыў спакойна і быў задаволены. Даволі хапіла шуму ў апошнія гады. «Толькі не падпускаць нічога блізка да сэрца, - гаварыў Кёстэр. - Тое, што падпусціш, захочаш утрымаць. А ўтрымаць нельга нічога...»
У гэты час у суседнім пакоі пачаўся ранішні вэрхал. Я шукаў капялюш, які я, відаць, учора некуды закінуў. На хвілінку я прыслухаўся. Сварыліся муж з жонкай Хасэ. Яны ўжо пяць гадоў жылі тут у маленькім пакойчыку. Гэта былі нядрэнныя людзі. Калі б яны мелі трохпакаёвую кватэру, з кухняй для гаспадыні, ды каб яшчэ дзіця - магчыма, гэта была б шчаслівая сям'я. Але кватэра каштавала шмат грошай, а дзіця ў гэтыя ненадзейныя часы - хто яго мог сабе дазволіць! Яны ўвесь час натыкаліся адно на аднаго, жонка стала істэрычкай, а муж увесь час баяўся страціць сваё месца. Тады б - капцы. Яму было сорак пяць гадоў. Беспрацоўнага яго ўжо больш ніхто не прыняў бы. У гэтым была бяда. Раней чалавек страчваў пазіцыі паволі, і заўсёды з'яўляліся новыя магчымасці, каб падняцца. А сёння за кожным звальненнем - адразу прадонне вечнага беспрацоўя.
Я хацеў ціхенька ўцячы, але ўжо пачуўся стук у дзверы. У пакой уваліўся Хасэ.
Ён плюхнуўся ў крэсла.
- Я больш не вытрываю.
Гэта быў па сутнасці мяккі чалавек з абвіслымі плячыма і маленькімі вусікамі. Сціплы, старанны служачы. Але якраз такім было сёння цяжэй за ўсіх. Ды ім, бадай, было заўжды найцяжэй. Сціпласць і стараннасць ацэньваюцца належным чынам толькі ў раманах. У жыцці іх выкарыстоўваюць, а потым адкідваюць прэч. Хасэ ўзняў рукі.
- Толькі падумайце, у канторы зноў два звальненні. Наступны - я, вось убачыце: я! - У гэтым страху ён жыў з пачатку месяца да наступнага. Я наліў яму чарку гарэлкі. Ён тросся ўсім целам. Некалі ён зламаецца, гэта было відавочна. Больш у яго не было пра што гаварыць.
- Ды яшчэ гэтыя заўсёдныя папрокі, - прашаптаў ён. Магчыма, жонка папракнула яго за сваё вартае жалю існаванне. Ёй было сорак два гады, яна ўжо амаль адцвіла і расплылася, але не выглядала такой зношанай, як муж. Яе прыгнятаў страх недалёкай старасці.
Нешта раіць не мела сэнсу.
- Слухайце, Хасэ, - сказаў я. - Пасядзіце тут спакойна, колькі вам захочацца. Мне трэба пайсці. Калі вам больш да густу каньяк, ён - у шафе. Тут - ром. Там ляжаць газеты. А пад вечар пойдзеце куды-небудзь з жонкай з гэтых чатырох сцен. Хоць бы ў кіно. Гэта будзе каштаваць вам столькі ж, колькі дзве гадзіны ў кавярні, а атрымаеце куды больш! Сёння галоўнае: забыцца! А для гэтага - не разважаць! - Адчуваючы дакоры сумлення, я паляпаў яго па плячы. Няхай сабе, кіно заўседы выручае. Там кожны можа памарыць.
Побач дзверы былі адчынены. Жанчына ўсхліпвала так гучна, што можна было пачуць знадворку. Я ішоў праз калідор. Наступныя дзверы былі прачынены. Адтуль падслухвалі. Пахла духамі. Тут жыла Эрна Бёніг, сакратарка. Выгляд мела занадта элегантны як на сваю зарплату - адзін раз у тыдзень шэф дыктаваў ёй да раніцы. Назаўтра ў яе бываў вельмі дрэнны настрой. Затое яна кожны вечар хадзіла на танцы. Каб не было танцаў, не варта было б і жыць, гаварыла яна. У яе былі два сябры. Адзін кахаў яе і прыносіў кветкі. Другога кахала яна і давала яму грошы.
Побач у пакоі жыў ротмістр граф Арлоў - расейскі эмігрант, кельнер, статыст на кіназдымках, платны партнёр у танцах, кавалер з сівымі скронямі. Ён выдатна іграў на гітары. Кожны вечар ён маліўся Казанскай Божай Маці, каб атрымаць пасаду метрдатэля ў якім-небудзь заняпалым гатэлі. На падпітку быў плаксівы. Наступныя дзверы. фраў Бэндэр, медыцынская сястра ў доме малюткі. Узрост - пяцьдзесят гадоў. Муж загінуў на вайне. У 1918 годзе двое дзетак памерлі ад недаядання. Мае рабую кошку. Больш нікога.
Яшчэ побач - Мюлер, казначэй-пенсіянер. Сакратар таварыства філатэлістаў. Жывая калекцыя марак, больш нічога. Шчаслівы чалавек.
У апошнія дзверы я пастукаў.
- Як справы, Георгі? - сказаў я. - Нічога новага?
Георгі Блок пахітаў галавой. Ён быў студэнт другога курса. Каб закончыць гэтыя чатыры семестры, ён працаваў два гады ў рудніку. Заробленыя грошы скончыліся; іх хопіць яшчэ месяцы на два. На руднік ён не мог вярнуцца - там цяпер ужо хапала сваіх беспрацоўных. Ён спрабаваў так і сяк дзе-небудзь уладкавацца. Тыдзень ён распаўсюджваў рэкламныя лісткі маргарынавай фабрыкі. Але фабрыка збанкрутавала. Неўзабаве ён атрымаў месца разносчыка газет і ўздыхнуў быў з палёгкай. Праз тры дні яго спынілі двое ў касках, адабралі газеты, падралі іх і растлумачылі, што гэты занятак не для яго. Няма чаго лезці. У іх саміх хапае беспрацоўных. І ўсё-такі ён выйшаў наступнай раніцай, хоць ужо давялося заплаціць за падраныя газеты. Нехта збіў яго роварам. Газеты паляцелі ў гразь. Зноў заплаціў дзве маркі. Ён пайшоў трэці раз і вярнуўся з разадраным касцюмам і разбітым тварам. Тады ён здаўся. Зараз у адчаі сядзеў у пакоі і зубрыў як вар'ят, быццам гэта мела нейкі сэнс. Ён еў раз на дзень. Пры гэтым не мела значэння, закончыць ён астатнія курсы ці не - на працу можна было разлічваць не раней як праз дзесяць гадоў пасля заканчэння.
Я падаў яму цыгарэты.
- Кінь ты гэта глупства, Георгі. Як я. Потым пачнеш спачатку.
Ён пахітаў галавой.
- Я ўжо тады заўважыў, пасля рудніка. Калі не займацца кожны дзень, адразу саб'ешся з тропу. А на другі раз мяне ўжо не хопіць.
Бледны твар і вушы, якія тырчаць, і блізарукія вочы, хударлявая постаць з запалымі грудзьмі... д'ябал забяры ўсё!
- Ну, бывай, Георгі.
Бацькоў у яго не было.
Кухня. На сцяне - галава дзіка. Памяць пра нябожчыка Залеўскі. Тэлефон. Паўзмрок. Пах газу і дрэннага тлушчу. Дзверы з шэрагам таблічак каля кнопкі званка. І мая між іншых. «Роберт Локамп, студэнт філасофіі. Званіць два разы». Яна была брудна-жоўтая. «Студэнт філасофіі»! Гучыць! Шмат вады сцякло. Я спусціўся па прыступках у кавярню «Інтэрнацыяналь».
«Інтэрнацыяналь» - вялізная, цёмная, задымленая кішка з мноствам задніх пакояў. Наперадзе, каля стойкі, стаяў раяль. Ён быў разладжаны, некалькі струн парвалася. Клавішы таксама былі не ўсе. Але я любіў гэтую бадзёрую музычную скрынку са стажам. Я аддаў ёй год майго жыцця, працуючы тут тапёрам.
У задніх пакоях жывёлапрамыслоўцы праводзілі свае сходы. Бывалі тут і вулічныя артысты. Наперадзе сядзелі прастытуткі.
Шынок быў пусты. Толькі пласкаступы кельнер Алоіс стаяў за стойкай.
- Як заўсёды? - спытаў ён.
Я згодна кіўнуў. Ён прынёс мне партвейн з ромам, палова на палову. Я сеў за столік і бяздумна ўтаропіўся перад сабой. Шэры прамень сонца коса падаў праз акно на бутэлькі, што стаялі на паліцах. Чэрыбрэндзі гарэў, як рубін.
Алоіс паласкаў шклянкі. Гаспадарова кошка сядзела на раялі і муркала. Я павольна паліў цыгарэту. Ад душнага паветра цягнула на сон. Дзіўны голас быў учора ў дзяўчыны. Нізкі, грубаваты, амаль хрыплы і ўсё ж мяккі.
- Дай мне пагартаць некалькі часопісаў, Алоіс, - сказаў я.
Зарыпелі дзверы. Прыйшла Роза. Роза, прастытутка з могілак, па мянушцы Жалезны Конь. Яе так ахрысцілі за нястомнасць. Яна прыйшла выпіць кубачак шакаладу. На яго яна раскашэльвалася тут кожную нядзелю. Потым яна ехала ў Бургдорф да свайго дзіцяці.
- Прывітанне, Роберт.
- Прывітанне, Роза. Як малышка?
- Паглядзім. Вось - вязу ёй.
Яна дастала з пакунка чырванашчокую ляльку і націснула ёй на жывот. «Ма-ма», - праквакала лялька. Роза свяцілася ўся.
- Казачна! - сказаў я.
- Зірні! - Яна нагнула ляльку назад. Ляпнуўшы, заплюшчыліся вочы.
- Нечувана, Роза.
Яна была задаволена і зноў запакавала ляльку.
- Ты ў гэтых справах цяміш, Роберт. З часам будзеш добрым мужам.
- Ну, ну, - сказаў я з сумненнем.
Роза любіла сваё дзіця. Яшчэ тры месяцы назад, пакуль дзіця не хадзіла, яно жыло з ёй у адным пакоі. Нягледзячы на яе занятак, гэта было магчыма дзякуючы маленькай бакоўцы. З'яўляючыся вечарам з кавалерам, яна прасіла яго, прыдумаўшы прычыну, пачакаць на двары, сама хуценька бегла наперад, штурхала дзіцячую каляску ў бакоўку, замыкала дзверы і ўпускала кавалера. Але ў снежні малую даводзілася занадта часта перапраўляць з пакоя ў халодную бакоўку. Дзіця прастудзілася і часта плакала ў прысутнасці наведнікаў. Роза мусіла разлучыцца з дачушкай, як ні цяжка гэта ёй далося. Яна здала яе ў дарагі дзіцячы прытулак. Там яна лічылася паважанай удавой. Інакш - дзіця не прынялі б.
Роза ўстала.
- Ты прыйдзеш у пятніцу?
Я кіўнуў.
Яна глянула на мяне.
- Ты ж ведаеш, што здарылася.
- Вядома.
Я не меў ніякага ўяўлення, што здарылася, але ў мяне не было жадання распытваць. Такую звычку я набыў тут за год працы тапёрам. Так было заўжды найлепш. Як і тое, што да ўсіх дзяўчат тут я звяртаўся на «ты».
- Бывай, Роберт.
- Бывай, Роза.
Я нейкі час яшчэ пасядзеў. Але я не адчуваў звыклага дрымотнага спакою. «Інтэрнацыяналь» у выхадныя дні быў мне ўтульным домам. Я выпіў рому, пагладзіў кошку і пайшоў.
Цэлы дзень я сноўдаўся. Я не ведаў, што мне рабіць. Нідзе доўга не затрымліваўся. Пад вечар я пайшоў у майстэрню. Там быў Кёстэр. Ён рамантаваў «кадзілак». Гэтую старую машыну мы нядаўна купілі за бясцэнак. Цяпер мы яго як след перабралі. Кёстэр наводзіў апошні «марафет». Мы спадзяваліся добра зарабіць на ёй. Я сумняваўся, што нам пашанцуе. У такія цяжкія часы, як цяпер, людзі купляюць малыя машыны, а не такі аўтобус.
- Мы на ім пагарым, Ота, - сказаў я. Але Кёстэр быў упэўнены.
- Гараць на сярэдніх машынах, Робі, - растлумачыў ён. - Купляюць танныя машыны і вельмі дарагія. Ёсць яшчэ людзі з грашыма. А ёсць, што выдаюць сябе за багатых.
- Дзе Готфрыд? - спытаў я.
- На нейкім палітычным сходзе.
- Вар'яцтва! Што яму там трэба?
Кёстэр засмяяўся.
- Сам не ведае. Магчыма, вясна затлуміла яму галаву. Вось і хочацца нечага свежанькага.
- Магчыма, - сказаў я. - Давай дапамагу.
Мы пракорпаліся, пакуль не сцямнела.
- Хопіць, - сказаў Кёстэр.
Мы ўмыліся.
- Ведаеш, што ў мяне ёсць? - спытаў ён і паляпаў па партманеце.
- Што?
- Білеты на бокс вечарам. Два. Пойдзем?
Я вагаўся. Ён здзіўлена паглядзеў на мяне.
- Удзельнічае Сцілінг, - сказаў ён. - Супроць Валькера. Будзе добры бой.
- Вазьмі Готфрыда, - прапанаваў я і сам з сябе пакпіў: чаму не іду? Але не хацелася, не ведаю чаму.
- У цябе планы? - спытаў ён.
- Не.
Ён зірнуў на мяне.
- Пайду дадому, - сказаў я. - Напішу пісьмы, і яшчэ тое-сёе... Таксама трэба.
- Ты захварэў? - спытаў ён занепакоена.
- Ты што, ані блізка. Магчыма, таксама вясна затлуміла галаву.
- Ну добра. Як хочаш.
Я паплёўся дадому. Але і седзячы ў пакоі, я не ведаў, чым заняцца. Без мэты я хадзіў узад-уперад. Я ўжо не мог уцяміць, што ж мяне пацягнула сюды. Нарэшце я пайшоў праз калідор да Георгі. Пры гэтым я сутыкнуўся з фраў Залеўскі.
- Вось табе і на, - сказала яна. - Вы тут?
- Цяжка не пагадзіцца, - адказаў я з ледзь прыхаваным раздражненнем.
Яна пахітала сівой галавой.
- Нікуды не пайшлі? Дзіва, ды і ўсё тут!
Я не доўга затрымаўся ў Георгі. Праз пятнаццаць хвілін я вярнуўся. Падумалася, ці не выпіць чаго. Але не хацелася. Я прысеў каля акна і пачаў пазіраць на вуліцу. Змрок на крылах кажана лунаў над могілкамі. Неба за Домам прафсаюзаў было зялёнае, як няспелы яблык. Загараліся ліхтары, але яшчэ было не зусім цёмна - здавалася, што яны мерзнуць. Я пашукаў пад кнігамі паперку з нумарам тэлефона. У рэшце рэшт... патэлефанаваць жа можна. Я ж нават амаль што даў слова. А можа, дзяўчыны і дома няма.
Я падышоў да тэлефона, зняў слухаўку і назваў нумар. Чакаючы адказу, я адчуваў, як з чорнай слухаўкі наплывае лёгкая хваля, хваля чакання. Дзяўчына была дома. Як толькі ў прыхожай фраў Залеўскі, паміж галовамі дзікоў, пахам тлушчу і кухонным бразгатаннем, раптам ціха і павольна, нібы ў задуменні, разважаючы над кожным словам, загучаў нізкі хрыплаваты голас, мая незадаволенасць сабой адразу знікла. Я павесіў слухаўку, пасля таго як, не пытаючыся пра здароўе, прызначыў спатканне на паслязаўтра. Раптам жыццё здалося не такім змрочным. «Вар'яцтва», - падумаў я і патрос галавой. Потым я яшчэ раз зняў слухаўку і патэлефанаваў Кёстэру.
- Білеты яшчэ ў цябе, Ота?
- У мяне.
- Добра. Я іду на бокс.
Пасля матча мы яшчэ крыху пахадзілі па начным горадзе. Вуліцы былі свежыя і пустыя. Зіхацелі шыльды. У вітрынах гарэла святло. У адной з іх стаялі голыя васковыя манекены з размаляванымі тварамі. У іх быў выгляд распусных прывідаў. Побач мігцелі ўпрыгожанні.
Потым мы падышлі да ўнівермага, які быў асветлены ярка, як сабор. Вітрыны пеніліся стракатым бліскучым шоўкам. Каля кінатэатра на прыступках сядзелі бледныя, схуднелыя постаці. Побач агнямі пераліваліся вітрыны прадуктовай крамы. Металічнымі вежамі ўзвышаліся выстаўленыя кансервы, на ватнай посцілцы ляжалі прывялыя яблыкі, гронка тлустых гусей была падвешана на вяроўцы, рудаватыя круглыя боханы хлеба ляжалі паміж палак сухой каўбасы. Вабілі жоўтыя і ружовыя букеты вяндліны і паштэтаў.
Мы селі на лаўку ля сквера. Было свежа. Месяц, нібы электрычная лямпачка, вісеў над дамамі. Ужо даўно пераваліла за поўнач. Непадалёк на вуліцы рабочыя паставілі палатку. Яны працавалі на трамвайнай лініі. Шыпелі зварачныя апараты, россыпы іскраў пырскалі над сагнутымі цёмнымі постацямі. Побач з імі, як палявыя кухні, дыміліся катлы з гарачым асфальтам. Мы думалі кожны пра сваё.
- Дзіўная нядзеля, ці не праўда, Ота?
Кёстэр згодна кіўнуў.
- Шчыра кажучы, радуешся, калі яна канчаецца, - сказаў я задумліва.
Кёстэр паціснуў плячыма.
- Мусіць, так звыкаешся з працай, што крышку свабоды ўжо перашкаджае.
Я наставіў каўнер.
- Ёсць штосьці няправільнае ў нашым жыцці, Ота?
Ён глянуў на мяне і ўсміхнуўся.
- Было нешта іншае, Робі.
- Праўда, - пагадзіўся я. - Але...
Яркая ўспышка аўтагена пырснула зялёным святлом на асфальт.
Палатка рабочых, асветленая ўсярэдзіне, здавалася цёплым маленькім домам.
- Як ты думаеш - закончым «кадзілак» да аўторка? - спытаў я.
- Павінны, - сказаў Кёстэр. - А чаму?
- Ды не, проста так...
Мы ўсталі і пайшлі дадому.
- Сёння са мной нешта не так, Ота, - сказаў я.
- З кожным бывае... Дабранач, Робі.
- Дабранач, Ота.
У пакоі я яшчэ крыху пасядзеў. Гэта будка раптам перастала мне падабацца. Люстра была агідная, свяціла занадта ярка, крэслы - пацёртыя, лінолеум жахліва бляклы, умывальнік, ложак, над ім карціна пра бітву пад Ватэрлоа - сюды ж нельга запрасіць прыстойнага чалавека, падумалася. Жанчыну тым больш не запросіш. У лепшым разе - прастытутку з «Інтэрнацыяналя».
ІІІ
У аўторак раніцай мы сядзелі ў двары нашай майстэрні і снедалі. «Кадзілак» быў гатовы. Ленц з лістком паперы ў руцэ пераможна пазіраў на нас. Ён у нас быў адказны за рэкламу і толькі што зачытаў нам з Кёстэрам аб'яву аб продажы машыны, якую толькі што напісаў. Яна пачынался са слоў: «Водпуск у паўднёвых краях на шыкоўнай машыне!» Гэта было нешта сярэдняе паміж вершам і гімнам.
Мы з Кёстэрам хвілінку памаўчалі. Нам трэба было спачатку крыху ачомацца ад гэтай бурлівай плыні шматфарбнай фантазіі. Ленц вырашыў, што пакарыў нас.
- Ёсць і паэзія, і бляск, праўда? - з гонарам спытаў ён. - У век дзелавітасці трэба быць рамантычным, у гэтым фокус. Процілегласці прыцягваюцца.
- Толькі не ў грашовых справах, - запярэчыў я.
- Аўтамабілі купляюць не на тое, каб укласці грошы, хлопчык, - заявіў Готфрыд, не пагаджаючыся. - Іх купляюць, каб пазбавіцца грошай. І вось тут пачынаецца рамантыка, ва ўсякім разе для камерсанта. У большасці з іх яна нават на тым і канчаецца. Як думаеш, Ота?
- Ты ведаеш... - асцярожна пачаў Кёстэр.
- Што тут доўга гаварыць, - перабіў я яго. - Гэта - рэклама курорта альбо эліксіру прыгажосці, але не аўтамабіля.
Ленц хацеў нешта сказаць.
- Хвілінку. Ты лічыш, што мы прыдзіраемся, Готфрыд. У мяне ёсць прапанова: давайце спытаем у Юпа. Вось дзе голас народа!
Юп быў наш адзіны падсобнік. Гэта быў падлетак пятнаццаці год - накшталт вучня. Ён абслугоўваў заправачную калонку, прыносіў нам сняданак, а ўвечары займаўся ўборкай. Ён быў малы, рабацінневы. Большых вушэй, чым у яго, я яшчэ не бачыў. Кёстэр кажа: калі б Юп упаў з самалёта, з ім нічога не здарылася б. Ён лёгка спусціўся б на зямлю на вушах, як на парашуце. Мы паклікалі яго. Ленц прачытаў яму рэкламу.
- Ты зацікавіўся б такой машынай, Юп? - спытаў Кёстэр.
- Машынай? - перапытаў Юп.
Я засмяяўся.
- Вядома, машынай, - буркнуў Готфрыд. - А ты думаў, што конікам-дзёгцікам?
- А ў ёй ёсць хуткасць, кулачковы вал верхняга кіравання і гідраўлічны тормаз? - спытаўся Юп спакойна.
- Авечая галава, гэта ж наш «кадзілак», - гыркнуў Ленц.
- Не можа быць, - усумніўся Юп і вышчарыўся на ўвесь рот.
- Бачыш, Готфрыд, - сказаў Кёстэр. - Вось яна - сённяшняя рамантыка.
- Каціся зноў да сваёй калонкі, Юп, пракляты сын дваццатага стагоддзя.
Ленц у сапсаваным настроі знік у майстэрні, каб, не адмаўляючыся ад паэтычнай узнёсласці, надаць аб'яве крыху тэхнічнай канкрэтыкі.
Праз некалькі хвілін у дзвярах раптам з'явіўся старшы інспектар Барзіг. Мы сустрэлі яго вельмі пачціва. Ён быў інжынер і эксперт страховачнага таварыства «Фенікс», вельмі ўплывовы чалавек пры атрыманні заказаў на рамонт. У нас з ім былі выдатныя адносіны. Праўда, як інжынер ён быў сапраўдны д'ябал, які нічога не прапусціць, але як збіральнік матылькоў - хоць да раны прыкладай. У яго была вялікая калекцыя, і мы падаравалі яму аднойчы тоўстага матыля, які ноччу заляцеў у нашу майстэрню. Калі мы ўручылі яму гэтую жывёліну, Барзіг збялеў і набыў урачыстасць. Гэта быў матыль «мёртвая галава» - незвычайная рэдкасць, якой якраз не хапала яго калекцыі. Ён нам гэтага ніколі не забываў і забяспечваў нас з той пары рамонтнымі работамі пры першай жа магчымасці. А мы яму лавілі ўсялякіх матылёў.
- Чарачку вермуту, пан Барзіг? - спытаў Ленц, які зноў аказаўся каля нас.
- Днём не п'ю. Жалезны прынцып.
- Прынцыпы трэба парушаць, інакш ад іх ніякай радасці, - заявіў Готфрыд і наліў. - За шчаслівую будучыню «паўлінавага вока» і «жамчужніцы»!
Барзіг нейкі час вагаўся.
- Калі вы так просіце, не магу адмовіцца, - сказаў ён і падняў чарку. - Але тады вып'ем і за маленькія «бычыныя вочкі».
Ён сарамліва заўсміхаўся, быццам выказаў штосьці непрыстойнае пра жанчыну.
- Я, каб ведалі, адкрыў новы від. Са шчаціністымі вусікамі.
- Хто б мог падумаць! - сказаў Ленц. - Малайцом! Тады вы вынаходца і ваша імя ўвойдзе ў гісторыю прыродазнаўства.
Мы выпілі па чарцы за шчаціністыя вусікі. Барзіг выцер вусы.
- Я да вас з добрай навіной. Можаце забраць «форд». Дырэкцыя зацвердзіла - вы робіце рамонт.
- Цудоўна, - сказаў Кёстэр. - Нам гэта вельмі дарэчы. А як справы з нашым каштарысам?
- Таксама зацверджаны.
- Без скарачэнняў?
Барзіг прыплюшчыў вока.
- Паны спачатку не вельмі хацелі. Але ўрэшце...
- За страховачнае таварыства «Фенікс» - да дна! - сказаў Ленц і наліў.
Барзіг устаў і пачаў развітвацца.
- Ведаеце, - сказаў ён, адыходзячы, - жанчына, што была ў «фордзе», усё-такі памерла некалькі дзён назад. А ў яе ж былі толькі парэзы. Відаць, страціла шмат крыві.
- Колькі ёй было гадоў? - спытаў Кёстэр.
- Трыццаць чатыры, - адказаў Барзіг. - Цяжарная на чацвёртым месяцы. Застрахаваная на дваццаць тысяч марак.
Мы адразу выехалі забраць машыну. Яна стаяла ў аднаго булачніка. Гэты чалавек на падпітку ўрэзаўся ў сцяну. Траўмы атрымала толькі жонка. Ён сам не атрымаў ніводнай драпіны.
Мы сустрэліся з ім у гаражы, калі ўжо бралі машыну на буксір. Ён нейкі час глядзеў, набычыўшыся, - мешкаватая постаць з круглай спінай і кароткай шыяй. У яго быў твар нездаровага шэрага адцення, як і ва ўсіх булачнікаў. У паўзмроку ён быў падобны да вялікага сумнага мучнога чарвяка. Ён паволі наблізіўся да нас.
- Калі будзе гатова машына? - спытаў ён.
- Тыдні праз тры, - адказаў Кёстэр.
Той паказаў на кузаў.
- І гэта таксама?
- З якой ласкі? - спытаў Ота. - Ён жа зусім не пашкоджаны.
Булачнік нецярпліва схамянуўся.
- Вядома. Але ж можна неяк выкраіць новы. У вас жа даволі вялікі заказ. Мы паладзім, праўда?
- Не, - сказаў Кёстэр.
Ён выдатна зразумеў кліента. Той хацеў бясплатна выцыганіць новы кузаў, за які страховачнае таварыства не плаціла. Нейкі час мы спрачаліся. Булачнік пагражаў, што адмовіцца ад усяго і атрымае кампенсацыю ад больш згаворлівай майстэрні. Нарэшце Кёстэр здаўся. Ён не саступіў бы, каб у нас не было такой пільнай патрэбы ў працы.
- Ну вось, адразу б так, - заўважыў булачнік з крывой усмешкай. - Я забягу неўзабаве, знойдзем матэрыял. Хацелася б пяшчотны колер беж.
Мы паехалі. Ленц паказаў на сядзенне «форда». На ім былі вялікія чорныя плямы.
- Кроў нябожчыцы жонкі. А ён вырваў новы кузаў. Пяшчотны колер беж. Маладзец. Я ўпэўнены, што ён выб'е страхоўку за двух нябожчыкаў. Жонка ж была цяжарная.
Кёстэр паціснуў плячыма.
- Магчыма, ён запэўніў сябе, што адно з адным не звязана.
- Магчыма, - сказаў Ленц. - Кажуць, што ёсць людзі, якіх такія справы суцяшаюць у горы. А нам гэта - мінус пяцьдзесят марак з заробку.
Аполудні я адпрасіўся дадому. Я дамовіўся з Патрыцыяй Хольман на пяць гадзін, але ў майстэрні я пра гэта не сказаў. Не таму, што хацеў утоіць, але мне самому яшчэ не верылася.
Яна прызначыла сустрэчу ў кавярні, якой я не ведаў. Я ведаў толькі, што гэта маленькі ўтульны шынок. Я спакойна пайшоў туды. Але калі пераступіў парог, жахнуўся. Памяшканне было запоўнена жанчынамі. Я трапіў у тыповую дамскую кавярню.
Мне з цяжкасцю ўдалося захапіць незаняты столік. Я збянтэжана азірнуўся па баках. Акрамя мяне тут былі толькі два мужчыны, і тыя мне не спадабаліся.
- Каву, гарбату, шакалад? - спытаў кельнер і змёў сурвэткай крошкі са стала на мой касцюм.
- Вялікую порцыю каньяку, - адказаў я.
Ён прынёс. Але разам з тым ён прывёў кампанію аматарак кавы, на чале з атлеткай няпершай спеласці ў капелюшы з жалобнай стужкай. Кампанія шукала месца.
- Чатыры месцы, калі ласка! - сказаў кельнер і паказаў на мой столік.
- Хвілінку, - адказаў я. - Столік не свабодны. Я чакаю.
- Так справа не пойдзе, васпан! - сказаў кельнер. - У гэты час у нас нельга загадзя займаць месцы.
Я зірнуў на яго. Потым я перавёў погляд на атлетку. Яна стаяла каля самага стала, учапіўшыся ў спінку крэсла. Я ўбачыў яе твар і адмовіўся ад далейшага супраціўлення. Нават стрэл з гарматы не пахіснуў бы гэтую даму ў яе рашучасці захапіць столік.
- А каньяку вы мне можаце прынесці яшчэ? - буркнуў я афіцыянту.
- Несумненна, васпан. Зноў двайную?
- Так.
- Калі ласка. - Ён пакланіўся. - Гэта ж столік на шэсць персон, васпан, - сказаў ён, нібы просячы прабачэння.
- Добра. Прынясіце толькі каньяк.
Атлетка, відаць, была членам таварыства барацьбы за цвярозасць. Яна ўтаропілася на маю чарку, як на пратухлую рыбіну. Каб пазлаваць яе, я заказаў яшчэ раз і ўтаропіўся на яе. Усё гэта мяне раптам насмяшыла. Што мне тут трэба? І што мне трэба ад дзяўчыны? Я нават не ведаў, ці пазнаю яе ўвогуле ў гэтай таўхатні і балбатні. Я са злосцю перакуліў у сябе каньяк.
- Прывітанне! - сказаў нехта за спіной.
Я ўздрыгнуў. Яна стаяла і смяялася.
- Вы пачалі без спазнення!
Я паставіў на стол чарку, якую ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Я раптам разгубіўся. Дзяўчына выглядала зусім інакш, чым засталася ў мяне ў памяці. Сярод гэтых укормленых кабет, якія жавалі пірагі, яна была падобная да тоненькай юнай амазонкі - свежай, ззяючай, надзейнай і недатыкальнай. «У нас з ёй нічога не можа быць», - падумаў я і сказаў:
- Адкуль вы такая, казачная? Я ж увесь час назіраў за дзвярыма.
Яна паказала направа.
- Там ёсць яшчэ адны дзверы. Але я спазнілася. Вы даўно чакаеце?
- Не, дзве-тры хвіліны, не болей. Я таксама толькі што прыйшоў.
Аматаркі кавы за маім сталом прыціхлі. Я адчуў, як патыліцу свідруюць пагардлівыя позіркі чатырох салідных маці.
- Застанемся тут? - спытаў я.
Дзяўчына хутка зірнула на стол. Вусны яе таргануліся. Яна весела зірнула на мяне.
- Баюся, што кавярні ўсюды аднолькавыя.
Я пахітаў галавой.
- Найлепшыя тыя, дзе нікога няма. Вось гэтая - нейкая д'ябальская забягалаўка, тут заражаешся комплексам непаўнавартасці. Найлепш пайсці куды-небудзь у бар.
- У бар? Няўжо бываюць бары, якія працуюць сярод белага дня?
- Ёсць адзін, - сказаў я. - Ва ўсякім разе там вельмі спакойна. Калі вы не супроць...
- Для разнастайнасці...
Я зірнуў на яе. Адразу я не змог зразумець, што яна мае на ўвазе. Я не супроць іроніі, але не ў свой адрас. На душы ў мяне было нядобра.
- Тады пайшлі, - сказала яна.
Я паклікаў кельнера.
- Тры двайных каньякі, - гыркнуў гэты пугач такім голасам, быццам патрабаваў разлік з нябожчыка ў магіле. - Тры трыццаць!
Дзяўчына павярнулася да мяне.
- Тры каньякі за тры хвіліны? Нядрэнны тэмп!
- Два я выпіў учора.
- Які хлус, - прашаптала атлетка за маёй спіной. Ёй абрыдла маўчаць.
Я павярнўўся і пакланіўся.
- Блаславёных каляд, панны.
Я хутка выйшаў.
- Вы паспрачаліся? - спытала мяне дзяўчына на вуліцы.
- Нічога асаблівага. Раблю нядобрае ўражанне на салідных дам.
- Я таксама, - сказала яна.
Я глянуў на яе. Здавалася, яна з'явілася з іншага свету. Я ніяк не мог сабе ўявіць, хто яна і як жыве.
У бары я аказаўся ў сваёй стыхіі. Калі мы ўвайшлі, Фрэд, бармен, стаяў за стойкай і да бляску цёр вялікія чаркі. Ён павітаўся са мной, як быццам бачыў мяне ўпершыню, а не цягнуў два дні назад на сабе дадому. У яго была выдатная школа і вялізны вопыт. Толькі адзін столік быў заняты. Там сядзеў, як заўсёды, Валянцін Хаўзер. Я ведаў яго яшчэ з вайны. Мы былі ў адной роце. Праз загараджальны агонь ён прынёс мне аднойчы пісьмо на перадавую, падумаўшы, што яно ад маёй маці. Ён ведаў, што я чакаю пісьма, бо маці перанесла аперацыю. Але ён памыліўся - гэта быў усяго толькі рэкламны лісток пра падшлемнікі з крапіўнай тканіны. Калі ён вяртаўся назад, яго паранілі ў нагу. Неўзабаве пасля вайны Валянцін атрымаў спадчыну. З таго часу ён яе прапіваў. Ён сцвярджаў: ён п'е за тое, што ацалеў. Няважна, што ўжо прайшло шмат гадоў. На яго думку, такое свята можа цягнуцца вечна. Ён быў адзін з тых, у каго вельмі трывалая памяць на вайну. Іншыя шмат пра што забыліся. Ён жа памятаў кожны дзень і кожную гадзіну.
Я заўважыў, што ён ужо шмат выпіў. Цяпер ён з адсутна-задумлівым позіркам сядзеў у кутку. Я памахаў рукой.
- Салют, Валянцін.
Ён зірнуў і кіўнуў.
- Салют, Робі!
Мы селі ў кутку. Падышоў бармен.
- Што вып'ем? - спытаў я дзяўчыну.
- Мусіць, марціні, - адказала яна. - Сухога марціні.
- У гэтым Фрэд спецыяліст, - сказаў я.
Фрэд дазволіў сабе ўсмешку.
- Мне, як заўсёды, - сказаў я.
У бары панавалі прахалода і паўзмрок. Пахла разлітым джынам і каньяком. Гэты востры водар напамінаў пах ядлоўцу і хлеба. Пад столлю вісеў драўляны макет парусніка. Сцяну за стойкай упрыгожвала медная чаканка. Няяркае святло люстры стварала на ёй чырвоныя водблескі, як быццам у ім адлюстроўваўся падземны агонь. Гарэлі толькі дзве лямпачкі ў маленькіх каваных бра - адна каля Валянціна і адна каля нас. На іх былі жоўтыя папяровыя абажуры, зробленыя са старых геаграфічных карт - вузкія, асвечаныя часткі свету.
Я быў крыху збянтэжаны і не ведаў, з чаго пачаць размову. Я ж увогуле не ведаў гэтай дзяўчыны і чым больш глядзеў на яе, тым больш чужой яна мне здавалася. Я даўно ўжо ні з кім так не сядзеў, я страціў навык. Больш практыкі ў мяне было ў абыходжанні з мужчынамі. Там, у кавярні, для мяне было зашмат шуму, а цяпер, тут, раптам здалося занадта ціха. Кожнае слова дзякуючы цішыні набывала такую важкасць, што цяжка было размаўляць нязмушана. Мне ўжо здавалася, што лепш было б вярнуцца ў кавярню.
Фрэд прынёс чаркі. Мы выпілі. Ром быў моцны і свежы. У яго быў смак сонца. Гэты было якраз тое, што ўтрымлівала. Я выпіў чарку і адразу зноў аддаў яе Фрэду.
- Вам тут падабаецца? - спытаў я.
Дзяўчына кіўнула.
- Лепш, чым у той кавярні?
- Я ненавіджу кавярні, - сказала яна.
- Чаму ж менавіта там мы павінны былі сустрэцца? - спытаў я здзіўлена.
- Не ведаю. - Яна зняла шапачку. - Іншае не прыйшло ў галаву.
- Тым лепш, што вам тут падабаецца. Мы часта бываем тут. Вечарам тут амаль што наш дом.
Яна засмяялася.
- Ці не сумна гэта?
- Не, - сказаў я. - Адпавядае часу.
Фрэд прынёс мне другую чарку. Ён паклаў на стол у дадатак зялёную «гавану».
- Ад пана Хаўзера.
Валянцін кіўнуў са свайго кутка і падняў чарку.
- 31 ліпеня 17-га года, Робі, - сказаў ён, запінаючыся.
Я кіўнуў яму і падняў чарку ў адказ.
Яму заўсёды хацелася піць за чыёсьці здароўе. Бывала, што вечарам я сустракаў яго, калі ён піў да месяца або да бярозавага куста каля вясковага шынка. А потым ён прыпамінаў якісьці дзень з акопнага жыцця, калі было асабліва цяжка, і быў удзячны за тое, што выжыў і можа сядзець тут.
- Гэта мой сябра, - сказаў я дзяўчыне. - Таварыш па акопах. Ён - адзіны знаёмы мне чалавек, які з вялізнага няшчасця зрабіў сабе маленькае шчасце. Ён не ведае, што рабіць са сваім жыццём, таму ён проста радуецца, што жывы.
Яна ў задуменні глянула на мяне. Палоска святла коса перакрэсліла ёй лоб і рот.
- Гэта мне зразумела, - сказала яна.
Я зірнуў на яе.
- Як вы можаце зразумець? Вы замаладая для гэтага.
Яна засмяялася. Гэта была лёгкая, трапяткая ўсмешка - смяяліся толькі вочы. Твар амаль зусім не змяніўся, ён толькі пасвятлеў, нібы засвяціўся з сярэдзіны.
- Замаладая, - сказала яна. - Што гэта за слова? Мне здаецца, нельга быць замаладым. Заўсёды - занадта стары.
Я хвіліну памаўчаў.
- Тут ёсць процьма контраргументаў, - запярэчыў я і падаў Фрэду знак прынесці што-небудзь выпіць.
Дзяўчына была такая ўпэўненая і натуральная. Я адчуваў сябе каля яе бервяном. Мне весці б лёгкую, гуллівую размову, такую размову, якая звычайна прыдумваецца толькі потым, калі застаешся адзін. Гэтак размаўляць умеў Ленц. А я рабіўся ў такіх выпадках няўклюдным і цяжкім. Готфрыд не без падставы сцвярджаў, што як субяседнік я недзе на ўзроўні паштовага сакратара.
На шчасце, Фрэд ведаў сваю справу. Ён прынёс мне замест маленькага напарстка сапраўдны кілішак, напоўнены па край. Цяпер яму не трэба будзе бегаць туды-сюды, ды і не так будзе кідацца ў вочы, колькі я п'ю. Мне неабходна было выпіць, інакш я не мог пазбавіцца ад гэтай гнятлівай цяжкасці.
- Можа, заказаць яшчэ марціні? - спытаў я дзяўчыну.
- А што вы п'яце?
- Ром.
Яна зірнула на мой бакал.
- Тое ж самае вы пілі і надоечы.
- Так, - адказаў я. - Я звычайна п'ю ром.
Яна пахітала галавой.
- Не магу ўявіць сабе, што нехта знаходзіць смак.
- Які ў ім смак, я ўжо даўно забыўся, - сказаў я.
Яна зірнула на мяне.
- Навошта ж вы тады п'яце?
- Ром, - сказаў я, узрадаваўшыся, што знайшлася тэма гаворкі, - ром п'юць не дзеля смаку. Ён не проста пітво, ён хутчэй за ўсё - сябра. Сябра, які аблягчае ўсё. Ён змяняе свет. Вось чаму п'юць... - Я адсунуў ад сябе келіх. - Але ці заказаць вам яшчэ марціні?
- Лепш рому, - сказала яна. - Мне таксама хочацца пакаштаваць.
- Добра, - адказаў я. - Але не гэтага. Гэты напачатак занадта цяжкі... Прынясі кактэйль «бакардзі», - крыкнуў я Фрэду.
Фрэд прынёс келіхі. Да кактэйля ён падаў салёны міндаль і смажаныя зярняты кавы.
- Пакінь тут бутэльку, - сказаў я.
Паступова ўсё набыло адчувальнасць і бляск. Знікла няўпэўненасць, словы нараджаліся самі, і я больш не звяртаў увагі на тое, што гавару. Я піў і адчуваў, як мяне накрывае вялікая мяккая хваля, як пустая шарая гадзіна напаўняецца вобразамі і, нібы ў казцы, над абыякавымі шэрымі ўчасткамі быцця з'яўляецца бязгучны шэраг летуценняў. Сцены бара расхінуліся, і ўжо гэта быў не бар, а куток свету, прытулак, паўзмрочны акоп, вакол якога грымела адвечная бітва хаосу і дзе мы бяспечна сядзелі, прыгнаныя загадкавым ветрам змяркання. Дзяўчына скурчылася ў сваім крэсле, чужая і таямнічая, як занесеная сюды з другога жыцця. Я чуў, што нешта гавару, але здавалася, што гавару не я, а нехта іншы, той, кім я хацеў бы стаць. Словы ўжо не адпавядалі думкам, яны зрушваліся, яны пранікалі ў іншыя, больш стракатыя сферы, чым тыя, у якіх адбываліся дробныя падзеі майго жыцця. Я ведаў, што яны ўжо не былі праўдзівыя, што яны - выдумка і хлусня, але мне было ўсё роўна - праўда - безуцешная і бляклая, і толькі пачуццё і адбіткі мары - жыццё...
На медзі бара адбівалася святло. Час ад часу Валянцін падымаў чарку і мармытаў сабе пад нос дату. За сцяной прыглушана шумела вуліца. Гул машын напамінаў крыкі драпежных птушак. Вуліца ўрывалася ў пакой, калі хто-небудзь адчыняў дзверы. Яна ўскрыквала, як зайздрослівая сварлівая старая кабета.
Ужо сцямнела, калі я праводзіў Патрыцыю Хольман дадому. Я паволі вяртаўся. Раптам я адчуў сябе адзінокім і пустым. Церусіў дробны дожджык. Я прыпыніўся каля вітрыны. Цяпер я заўважыў, што выпіў зашмат. Не таму, што я хістаўся... я адчуваў гэта выразна.
Мне раптам зрабілася невыносна горача. Я расшпіліў плашч і ссунуў капялюш на патыліцу. Чорт! Зноў я завёўся. Што я ёй наплёў? Я не адважваўся нават прыпамінаць. Я ўжо нічога не памятаў, гэта было горш за ўсё. Тут, аднаму, на халоднай вуліцы, дзе гулі аўтобусы, усё выглядала зусім інакш, чым у паўзмроку бара. Я праклінаў сябе. Зайздроснае ўражанне, пэўна, вынесла ад мяне дзяўчына! Ёй жа, пэўна, кінулася ў вочы. Сама ж яна амаль нічога не піла. На развітанне яна так дзіўна паглядзела на мяне...
Божа літасцівы! Я павярнуўся і сутыкнуўся з тоўстым нізенькім чалавекам.
- Ну! - сказаў я раз'юшана.
- Разуйце свае глядзелкі, вы - казёл набіты! - брахнуў ён.
Я ўтаропіўся ў яго.
- Мусіць, даўно людзей не бачылі, ці што? - гаўкаў ён.
Ён мне трапіў пад гарачую руку.
- Людзей бачыў, - сказаў я, - а вось піўных бочак на шпацыры - не.
Таўстун не мог апамятацца. Ён стаяў і надзімаўся.
- Ведаеце што? - зашыпеў ён. - Ваша месца ў звярынцы. Летуценным кенгуру няма чаго рабіць на вуліцы.
Я зразумеў, што перада мной майстар высокага класа ў лаянцы. Трэба было, нягледзячы на дрэнны настрой, зберагчы гонар.
- Каціся сваёй сцежкай, псіхічны неданосак, - сказаў я і ўзняў руку для благаславення.
Ён не звярнуў увагі на маю прапанову.
- Каб табе мазгі залілі бетонам, засохлая малпа! - брахаў ён.
Я адказаў яму «плоскаступнёвым вылюдкам». Ён мяне абазваў папугаем, а я яго беспрацоўным мыйшчыкам нябожчыкаў. Тады ён, ужо паважліва, ахарактарызаваў мяне як каравячую галаву, што хворая на рак. А я, ужо жадаючы скончыць лаянку, назваў яго бадзяжнымі могілкамі біфштэксаў. Яго твар раптам праясніўся.
- Могілкі біфштэксаў - гэта добра, - сказаў ён. - Яшчэ не чуў. Бяру ў свой рэпертуар. Бывай! - Ён прыўзняў капялюш, і мы з узаемнай павагай разышліся.
Лаянка мяне ўзбадзёрыла. Але злосць засталася. Калі я стаў цверазець, яна нават узмацнілася. Я здаваўся сабе выкручаным мокрым ручніком. Але паступова злосць пераходзіла і на дзяўчыну. Яна была прычынай, што я напіўся. Я наставіў каўнер. Няхай яна думае пра мяне, што хоча, мне цяпер усё роўна. Ва ўсякім разе адразу зразумела, з кім мае справу. А як па мне - няхай усё ідзе да д'ябла: што было, тое было. Нічога не зменіш. Магчыма, нават і лепш.
Я вярнуўся ў бар і набраўся да чорцікаў...
IV
Надвор'е стала цёплае і вільготнае, некалькі дзён запар ішоў дождж. Потым праяснілася, пачало прыпякаць сонца, і калі я ў пятніцу раніцай прыйшоў у майстэрню, я ўбачыў у двары Мацільду Штос, якая стаяла з венікам пад пахай. Твар у яе быў як у расчуленага кракадзіла.
- Ну, паглядзіце, пан Локамп, якое хараство! Гэта ж проста цуд!
Я спыніўся як зачараваны. Старая сліўка каля заправачнай калонкі за ноч расцвіла.
Яна ўсю зіму стаяла голая, скрыўленая, мы вешалі на яе старыя пакрышкі і надзявалі на голле слоікі з-пад алею на прасушку. Яна была для нас проста прыдатнай вешалкай на ўсё - ад анучы да капота. Яшчэ некалькі дзён назад на ёй матляліся вымытыя сінія камбінезоны. Учора яшчэ на ёй нічога не было бачна - і вось раптам за ноч яна чароўна ператварылася ў мігатлівае ружова-белае воблака, у воблака белых кветак, быццам у наш забруджаны двор заляцеў рой матылькоў.
- А пах, - летуценна прамовіла Мацільда і закаціла вочы, - цудоўны, зусім як той ром.
Я не адчуваў ніякага паху. Але адразу ж здагадаўся.
- Больш пахне каньяком для кліентаў, - запэўніў я.
Яна энергічна запратэставала.
- Пан Локамп, вы, мусіць, прастудзіліся. Магчыма, у вас у носе паліпы. Сёння паліпы амаль у кожнага. Не, у старой Штос нос як у ганчака, паверце мне, гэта ром... вытрыманы ром...
- Ну добра, Мацільда.
Я наліў ёй чарку рому і пайшоў да калонкі. Юп ужо сядзеў там. У ржавай бляшанцы з-пад кансерваў перад ім стаяла некалькі галінак.
- Што гэта такое? - спытаў я здзіўлена.
- Для дам, - растлумачыў Юп. - Калі яны прыязджаюць на запраўку, то атрымліваюць бясплатна кветку. Дзякуючы гэтаму я прадаў ужо на дзевяноста літраў больш. Залатое дрэва, пан Локамп. Каб яго не было, трэба было б зрабіць штучнае.
- Ты дзелавы хлопец.
Ён усміхнуўся. Сонца прасвечвала яго вушы, і яны былі падобныя да рубінавых царкоўных акон.
- Мяне ўжо два разы фатаграфавалі, - паведаміў ён. - На фоне дрэва.
- Глядзі, ты яшчэ станеш кіназоркай, - сказаў я і пайшоў да ямы, дзе Ленц ужо корпаўся пад «фордам».
- Робі, - сказаў ён, - у мяне ідэя. Нам трэба было б падумаць пра дзяўчыну Біндзінга.
Я ўтаропіўся на яго.
- Што ты маеш на ўвазе?
- Менавіта тое, што сказаў. Але чаго ты так утаропіўся?
- Я не ўтаропіўся.
- Нават набычыўся. Між іншым - а як завуць дзяўчыну. Пат... а далей?
- Не ведаю, - адгукнуўся я.
Ён выпрастаўся.
- Ты не ведаеш? Ты ж запісваў яе адрас! Я сам бачыў.
- Згубіў паперку.
- Згубіў! - Ён дзвюма рукамі схапіўся за сваю жоўтую чупрыну. - І дзеля гэтага я трымаў Біндзінга цэлую гадзіну ў садзе? Згубіў! Дык, можа, Ота ведае?
- Ота таксама не ведае.
Ён зірнуў на мяне.
- Варты жалю дылетант! Тым горш! Ці ты не ведаеш, якая казачная дзяўчына гэта была? Божа! - Ён узняў вочы небу. - Толькі раз сустрэнецца нешта людскае, а гэты жалобны пень губляе адрас.
- Я не ўбачыў у ёй нічога асаблівага.
- Таму што - асёл, - адпарыраваў Ленц. - Дурань, які нічога не бачыў, што ўзвышалася б над узроўнем прастытутак з кавярні «Інтэрнацыяналь». Ты - тапёр! Я яшчэ раз паўтараю: нам пашэнціла, вельмі пашэнціла з гэтай дзяўчынай! Проста ты нічога не разумееш! Ты бачыў яе вочы! Вядома ж, не. Ты бачыў толькі сваю шклянку...
- Заткніся, - перабіў я яго, бо, гаворачы пра шклянку, ён закрануў маю больку.
- А рукі, - гаварыў ён, не звяртаючы ўвагі на мяне. - Тонкія, доўгія рукі, як у мулаткі, у гэтым Готфрыд знае толк, можаш мне паверыць! Святы Майсей! Нарэшце з'явілася сапраўдная дзяўчына - прыгожая, натуральная і, што найважней, з атмасферай... - Ён прымоўк. - Ты ўвогуле ведаеш, што гэта такое - атмасфера?
- Паветра, што запампоўваецца ў кіхі, - прабурчаў я.
- Вядома, - сказаў ён з жалем і пагардай. - Паветра, канечне. Атмасфера, аўра, выпраменьванне, цеплыня, таямнічасць - тое, што адушаўляе і ажыўляе прыгажосць. Але што я кажу... твая атмасфера - водар рому...
- Перастань, а то ляпну чым-небудзь па кумпале.
Але Готфрыд гаварыў і гаварыў, і я нічога не зрабіў яму. Ён жа не сніў не ведаў пра тое, што адбылося, і кожнае ягонае слова балюча раніла мяне. Асабліва - пра выпіўку. Я ўжо амаль забыў усё і сумеў суцешыць сябе. А ён цяпер зноў раскалупаў. Ён бясконца хваліў дзяўчыну, і мне хутка ўявілася, што я і праўда страціў нешта незвычайнае і незваротнае.
Расстроены, я ўвечары пайшоў у кавярню «Інтэрнацыяналь». Тут было маё прыстанішча. І Ленц пацвердзіў гэта. Калі я ўвайшоў, тут, на маё здзіўленне, было поўна. На стойцы былі выстаўлены тарты і пірожныя, а пласкаступы Алоіс бег з падносам, які звінеў кафейным посудам, у задні пакой. Я спыніўся. Кава, у збаночках? Тут, мусіць, нейкая кампанія цалкам валяецца п'яная пад сталамі.
Але гаспадар растлумачыў мне. Сёння ў заднім пакоі развітальны вечар сяброўкі Розы - Лілі. Я стукнуў сябе па лбе. Вядома ж, мяне запрашалі! Нават як адзінага мужчыну - так са значэннем падкрэсліла Роза... Бо підэр Кікі, які таксама прысутнічаў, не лічыўся за мужчыну. Я хуценька выйшаў, купіў букет, ананас, бразготку і плітку шакаладу. Роза сустрэла мяне з усмешкай велікасвецкай дамы. На ёй была чорная сукенка з глыбокім выразам, а сама яна сядзела на ганаровым месцы за сталом. Яе залатыя зубы блішчалі. Я пацікавіўся, як пажывае яе дзіцятка, і перадаў дзяўчынцы цацку і шакалад. Роза цвіла. Кветкі і ананас я ўручыў Лілі.
- Самыя сардэчныя пажаданні!
- Ён, як заўжды, сапраўдны кавалер! - сказала Роза. - Хадзем, Робі, сядай паміж намі.
Лілі была лепшая сяброўка Розы. Яна зрабіла бліскучую кар'еру. Яна дамаглася таго, пра што дарэмна палка марыць кожная простая прастытутка: яна працавала пакаёўкай у гатэлі. Пакаёўка з гатэля не выходзіць на вуліцу на паляванне - яна жыве ў гатэлі і там заводзіць знаёмствы. Большасці прастытутак гэта недасягальна - у іх не хапае гардэробу ды і грошай, каб дазволіць сабе выбіраць кавалера. Лілі, праўда, жыла ў правінцыйных гатэлях. І ўсё ж за гэтыя гады яна сабрала каля чатырох тысяч марак. Цяпер яна думала выйсці замуж. У яе жаніха была крама газаабсталявання і радыёапаратуры. Ён усё ведаў пра яе, але адносіўся да гэтага спакойна. За будучыню ён мог не турбавацца. Гэтыя дзяўчаты рабіліся надзейнымі жонкамі. Яны паспыталі, пачым фунт ліха, таму былі верныя.
Лілі выходзіла замуж у панядзелак. Сёння Роза ў яе гонар давала развітальную вячэру. Усе прыйшлі, каб апошні раз пасядзець з Лілі. Пасля замужжа яна ўжо не прыйдзе сюды.
Роза наліла мне кубачак кавы. Алоіс падбег з вялізным пірагом, пасыпаным міндалём, разынкамі і зялёнымі цукатамі. Роза паклала мне вялікі кус. Я ведаў, як мне паводзіць сябе. З выглядам знаўцы я адкусіў і паказаў усім сваім выглядам вялізнае захапленне.
- Праваліцца мне ў пекла, упэўнены, што пірог не з крамы!
- Сама спякла, - сказала Роза, свецячыся ад шчасця. Яна вельмі смачна гатавала, і ёй падабалася, калі гэта заўважалі. Асабліва добра атрымліваліся ў яе гуляшы і пірагі. Нездарма яна паходзіла з Чэхіі.
Я азірнуўся па баках. Вось яны сядзяць за сталом, працаўніцы з вінаграднікаў пана Бога, непадманныя знаўцы людзей, салдаты кахання - Валі, прыгажуня, у якой нядаўна пад час начной прагулкі на машыне ўкралі гаржэтку з белага пясца; Ліна на драўляным пратэзе, якая ўсё яшчэ знаходзіла кавалераў; Фрыцы, падла, якая любіць пласкаступага Алоіса, хоць даўно ўжо магла мець уласную кватэру і добрага палюбоўніка, які ўтрымліваў бы яе; Чырванашчокая Маргіт, якая заўсёды ходзіць у сукенцы, якую носяць пакаёўкі, і на гэта ловіць элегантных кавалераў; Марыён, самая маладая, усмешлівая і бестурботная; Кікі, якога не лічаць за мужчыну, бо ён носіць жаночае адзенне і фарбуе вусны; саракапяцігадовая Мімі, бедалага з хворымі венамі, якой усё цяжэй выходзіць на панель. Было яшчэ некалькі наведніц бараў і рэстаранаў, незнаёмых мне, і, нарэшце, другі ганаровы госць - маленькая, сівая, зморшчаная, як печаны яблык, «мамка», суцяшальніца і апора ўсіх начных бадзяжніц, «мамка», што прадае гарачыя сасіскі на рагу Нікалайштрасэ - начны буфет і разменная каса. Акрамя франкфурцкіх сасісак падпольна прадае яшчэ цыгарэты і прэзерватывы. У яе можна пазычыць і грошай.
Я ведаў, як трэба паводзіць сябе. Ніводнага слова пра справы, ніводнага грубага напаміну - забыць выдатныя здольнасці Розы, за якія яна атрымала мянушку Жалезны Конь, забыць размовы Фрыцы з гандляром жывёлай Штэфанам Грыгаляйтам пра любоў, забыць танцы Кікі вакол каша з салёнымі бублікамі на досвітку. Размовам за гэтым столікам магла б пазайздросціць любая кампанія аматарак кавы.
- Усё ўжо падрыхтавана, Лілі?
Тая сцвярджальна кіўнула.
- Пасаг у мяне ўжо даўно гатовы.
- Цудоўны пасаг, - сказала Роза. - Нават сурвэткі з карункамі не забыла.
- Навошта тыя сурвэткі? - спытаў я.
- Ты што, Робі? - Роза зірнула на мяне з такім папрокам, што я хуценька заявіў, што прыпомніў. Ну пэўна ж, сурвэткі з карункамі... Яны былі сімвалам мяшчанскай утульнасці, свяшчэнным сімвалам сям'і, страчанага раю. Ніводная з дзяўчат не была прастытуткай па тэмпераменце. Яны былі ахвярамі буржуазнага быцця. Яны тайна марылі пра сямейны ложак, а не пра грэх. Але ў гэтым яны ніколі не прызнаваліся.
Я сеў да піяніна. Роза таго толькі і чакала. Яна любіла музыку, як і ўсе гэтыя дзяўчаты. Я на развітанне яшчэ раз сыграў усе шлягеры, якія любілі Роза і Лілі. Для пачатку «Малітву нявіннай дзяўчыны». Назва, праўда, не зусім пасавала да месца, але гэта была ўсяго толькі бразготная п'еска. Потым прагучалі «Птушыны вечаровы спеў», «Зара ў Альпах», «Калі памірае каханне», «Мільёны Арлекіна» і на заканчэнне - «Я хацеў бы на радзіму». Гэтую песню вельмі любіла Роза. Прастытуткі - вельмі жорсткія, але і вельмі сентыментальныя. Усе пачалі падпяваць. Підар Кікі спяваў другім голасам.
Лілі зазбіралася. Ёй трэба было сустрэць свайго жаніха. Роза цалавала яе ад усяго сэрца.
- Бывай, Лілі. Трымайся!
Яна пайшла, нагружаная падарункамі. Клянуся, што ў яе быў зусім іншы твар, чым да гэтага. Разгладзіліся жорсткія рысы, якія ўядаюцца ў твар кожнага, хто мае справу з людской подласцю. Твар памякчэў, на ім сапраўды зноў з'явіліся сляды дзявоцкасці.
Мы стаялі ў дзвярах і махалі Лілі рукой. Мімі раптам загаласіла. Яна сама ўжо пабывала замужам. Яе муж памёр на вайне ад запалення лёгкіх. Калі б ён загінуў, ёй далі б невялічкую пенсію і не давялося б выходзіць на панель.
Роза паляпала яе па спіне.
- Ну, Мімі, не расслабляйся! Хадзем, вып'ем яшчэ па глытку кавы.
Уся кампанія вярнулася ў змрочнае памяшканне «Інтэрнацыяналя», як кучка курэй у куратнік. Але добры настрой больш не вярнуўся.
- Сыграй нам пад канец яшчэ, Робі! - сказала Роза. - Што-небудзь вясёленькае.
- Добра, - згадзіўся я. - Давайце грымнем «Марш старых сяброў».
Потым я таксама развітаўся. Роза ўкруціла мне кавалак пірага з сабой. Я падараваў яго сыну «мамкі», які на двары рыхтаваў кацялок варыць вячэрнія сасіскі.
Я задумаўся, што мне рабіць. Ісці ў бар зусім не хацелася. І ў кіно не хацелася. У майстэрню? Я нерашуча глянуў на гадзіннік. Восем. Зараз павінен быў вярнуцца Кёстэр. Калі ён там, Ленц не будзе зноў безупынку балбатаць пра дзяўчыну. Я пайшоў.
У памяшканні гарэла святло. Не толькі ў памяшканні - увесь двор быў заліты святлом. Кёстэр быў адзін.
- Што тут робіцца, Ота? - спытаў я. - Можа, ты прадаў «кадзілак»?
Кёстэр засмяяўся.
- Не. Готфрыд зладзіў невялічкую ілюмінацыю.
Гарэлі абедзве фары «кадзілака». Машыну паставілі так, што пукі святла праз акно падалі на двор якраз на квітнеючую сліву. Карціна была цудоўная: дрэва, пакрытае беллю. Змрок з абодвух бакоў, здавалася, шумеў, як начное мора.
- Выдатна, - сказаў я. - А дзе ж ён?
- Пайшоў прынесці перакусіць.
- Бліскучая ідэя, - сказаў я. - Мяне крыху хістае. Але магчыма, што гэта з голаду.
Кёстэр кіўнуў.
- Пад'есці заўсёды карысна. Асноўны закон усіх старажытных вояў. Я сёння зрабіў таксама нешта хісткае. Заявіў «Карла» на гонкі.
- Што? - сказаў я. - Няўжо на шостае?
Ён кіўнуў.
- Чорт вазьмі, Ота, там жа ўдзельнічаюць усялякія славутасці.
Ён зноў кіўнуў.
- У класе спартовых машын - Браўмюлер.
Я закасаў рукавы.
- Тады за справу, Ота! Адмыем як след нашага пестунка!
- Стоп! - крыкнуў апошні рамантык, заходзячы. - Спачатку - падвячорак!
Ён дастаў яду - сыр, хлеб, цвёрдую вэнджаную каўбасу і шпроты. Апетыт у нас быў, як у галодных малацьбітоў. Мы запівалі халодным півам. Потым мы ўзяліся за «Карла». Мы корпаліся з ім дзве гадзіны, праверылі і змазалі ўсе падшыпнікі. Потым з Ленцам павячэралі яшчэ раз.
Готфрыд цяпер накіраваў святло і на «форд». Пры сутыкненні выпадкова адна фара засталася непашкоджанай. Цяпер яна ўзіралася з пагнутага шасі ў неба.
Ленц задаволена павярнуўся да нас.
- Ну, Робі, цягні бутэлькі. Давайце адзначым свята квітнеючага дрэва.
Я паставіў на стол каньяк, джын і дзве чаркі.
- А ты?
- Я не буду піць.
- Што? Чаму?
- Таму што мне ўжо абрыдлі гэтыя папойкі.
Ленц хвіліну разглядаў мяне.
- Наша дзіця звіхнулася, Ота, - звярнуўся ён да Кёстара.
- Пакінь яго, раз не хоча, - адказаў Кёстэр.
Ленц наліў сабе поўную чарку.
- Хлапец ужо даўно ненармальны.
- Не самае горшае, што можа быць, - заявіў я.
Месяц, вялікі і чырвоны, вылез з-за даху фабрыкі насупроць нас. Нейкі час мы сядзелі моўчкі.
- Скажы, Готфрыд, - пачаў я, - ты ж спецыяліст у сардэчных пытаннях, праўда?
- Спецыяліст! Я зубы з'еў на гэтым, - сціпла адказаў Ленц.
- Цудоўна. Мне, між іншым, хацелася б ведаць, ці заўсёды закаханыя паводзяць сябе як дурні.
- Як гэта - як дурні?
- Ну, быццам на падпітку. Балбочуць, нясуць лухту і хлусяць.
Ленц зарагатаў.
- Ах, сынок! Усё - гульня. Чароўная гульня мамы прыроды. Паглядзі на гэтую сліву. Яна таксама падманвае. Робіць сябе прыгажэйшай, чым будзе потым. Было б жахліва, калі б каханне нечым было звязана з праўдай. Дзякуй богу, усё могуць гэтыя заклятыя маралісты - але не прымушаць.
Я выпрастаўся.
- Ты думаеш, што без хлусні ўвогуле немагчыма?
- Немагчыма, дзіцятка.
- Але ж тады можаш выставіць сябе жахліва смешным.
Ленц заўсміхаўся.
- Запомні сабе адно, хлопчык: ніколі, ніколі, ніколі не выставіш сябе смешным перад жанчынай, калі робіш нешта дзеля яе. Нават у самай банальнай камедыі. Рабі што хочаш: стой на галаве, пляці несусветную лухту, хваліся, як гусак, спявай пад яе акном, толькі аднаго не рабі: не будзь дзялком. Не будзь разважлівы!
Я ажывіўся.
- А што скажаш на гэта ты, Ота?
Кёстэр засмяяўся.
- Відаць, так яно і ёсць.
Ён устаў і адкрыў капот «Карла». Я прынёс сваю бутэльку з ромам і яшчэ адну чарку і паставіў іх на стол. Ота завёў машыну. Матор гудзеў нізка і стрымана. Ленц з нагамі залез на падваконнік і ўзіраўся ў двор. Я падсеў да яго.
- Ты прыходзіў калі-небудзь да жанчыны п'яны?
- Часта, - адказаў ён, не варухнуўшыся.
- І што?
Ён скоса зірнуў на мяне.
- Ты маеш на ўвазе, калі нешта ўчворыў? Ніколі не прасі прабачэння, дзіця. Ніколі нічога не гавары. Паслаць кветкі. Без запіскі. Адны кветкі. Яны загладжваюць усё. Нават магілы.
Я зірнуў на яго. Ён не варушыўся. Яго вочы іскрыліся ў водбліску белага святла з вуліцы. Матор усё яшчэ ціха вуркатаў.
- Відаць, магу спакойна крыху выпіць, - сказаў я і адкаркаваў бутэльку.
Кёстэр заглушыў матор. Потым ён звярнуўся да Ленца.
- Месяц свеціць даволі ясна, каб не згубіць шклянку, Готфрыд. Выключы ілюмінацыю. У першую чаргу «форда». Жывёліна напамінае мне косы пражэктар, напамінае вайну. Тады было не да смеху, калі яны намацвалі твой самалёт.
Ленц кіўнуў.
- А мне гэта напамінае... а-а... усё роўна. - Ён устаў і выключыў пражэктары.
Месяц свяціў над фабрычным дахам. Ён свяціў усё ярчэй і цяпер, як жоўты папяровы ліхтар, вісеў паміж галін слівы. Галінкі ціха гойдаліся пад слабым ветрам.
- Дзіўна, - праз хвіліну сказаў Ленц. - Навошта ўсякім людзям ставіць помнікі? Чаму б не паставіць месяцу або квітнеючаму дрэву?
Я рана пайшоў дамоў. Калі я адчыніў дзверы ў калідор, пачуў музыку. Іграў грамафон Эрны Бёніг, сакратаркі. Спяваў чысты жаночы голас. Потым рассыпаліся прыглушаныя гукі скрыпак і пічыката на банджа. І зноў голас - настойлівы, мяккі, нібы да краёў напоўнены шчасцем. Я прыслухаўся, стараючыся разабраць словы. Ціхая песня жанчыны кранала, асабліва тут, у цёмным калідоры, паміж швейнай машынкай фраў Бэндэр і валізкамі сям'і Хасэ. Я глянуў на дзікаву галаву над дзвярыма кухні.
Я чуў, як служанка звінела посудам.
- ...Як бы я жыла без цябе... - спяваў голас за дзвярыма на адлегласці некалькіх крокаў.
Я паціснуў плячыма і пайшоў у свой пакой. Побач я пачуў раздражнёную лаянку. Праз некалькі хвілін у дзверы да мяне пастукалі. Увайшоў Хасэ.
- Не перашкоджу? - спытаў ён стомлена.
- Ані, - сказаў я. - Вып'еце?
- Не хочацца. Толькі пасяджу.
Ён тупа ўзіраўся перад сабой.
- Вам добра, - сказаў ён. - Вы адзін...
- Што за глупства, - адказаў я. - Невялікае шчасце - увесь час сядзець у адзіноце. Можаце мне паверыць...
Ён расслаблена сядзеў у крэсле. Яго вочы шалёным бляскам свяціліся ў паўзмроку. Пакой быў асветлены толькі святлом ліхтароў знадворку. Вузкія, апалыя плечы...
- Жыццё мне ўяўлялася зусім інакш, - сказаў ён праз нейкі час.
- Не толькі вам, - адказаў я.
Праз паўгадзіны ён зноў пайшоў у свой пакой на перагаворы з жонкай. Я даў яму некалькі газет і паўбутэлькі апельсінавага лікёру «кюрасаа», што стаяў у мяне невядома з якога часу на тумбачцы - непрыемнае, салодкае пітво, але для яго якраз. Ён усё роўна не разбіраўся.
Ён выйшаў ціха, амаль бязгучна, цень ценем, быццам ужо пагас. Я замкнуў за ім дзверы. З калідора, нібы стракатая шоўкавая хусцінка, заляцеў урывак музыкі - скрыпкі, прыглушаныя банджа.
«...як бы я жыла без цябе...»
Я сеў да акна. Могілкі ляжалі ў сінім святле месяца. Стракатыя квадраты светлавой рэкламы чапляліся за кроны дрэваў, са змроку мігцелі надмагільныя камяні. Яны былі маўклівыя і не навявалі жаху. Міма іх праносіліся, сігналячы, аўтамашыны, святло фараў слізгала па выцвілых надпісах.
Я сядзеў даволі доўга і шмат перадумаў. Я прыпомніў, як мы вярнуліся з вайны, маладыя, знявераныя, нібы гарнякі з засыпанай шахты. Мы хацелі строем выступіць супроць хлусні, эгаізму, сквапнасці, вяласці душы - супроць усяго, што пакалечыла наша жыццё. Мы ачарсцвелі, нікому не верылі, акрамя сваіх самых блізкіх таварышаў. Мы верылі толькі таму, што нас ніколі не падманвала: небу, табацы, дрэву, хлебу і зямлі... Але што з гэтага атрымалася? Усюды - запусценне, падман, забыццё. А хто не мог забыць, таму заставаліся бяссілле, абыякавасць і гарэлка. Час вялікіх людскіх і мужчынскіх мараў мінуўся. Верх узялі дзялкі. Карупцыя. Галеча.
«Вам добра, вы - адзін», - сказаў Хасэ. Усё цудоўна. Хто адзін, той не можа быць пакінутым. Але часам, вечарамі, штучны будынак разбіваўся, жыццё ператваралася ў плаксівую, імклівую мелодыю, у вір дзікага суму, жадання, песімізму і надзеі вырвацца з гэтага атупення, якое не мае ніякага сэнсу, рынуцца абы-куды з гэтага балота вечнай мітусні... Ах, гэтае вартае жалю жаданне цеплыні... ці не дастаткова было б дзвюх далоней і схіленага да цябе твару? Ці гэта - таксама падман, адмаўленне і ўцёкі? Ці ёсць што, акрамя адзіноты?
Я зачыніў акно. Не, больш нічога няма. Пад усё астатняе занадта мала грунту пад нагамі.
Але раніцай я пайшоў раней з дому, перш чым ісці ў майстэрню, пастукаў да гаспадара маленькай крамы, дзе прадаваліся кветкі. Я выбраў у яго букет ружаў і папрасіў адаслаць іх зараз жа. Для мяне было крыху нязвыкла пісаць на паштоўцы: Патрыцыя Хольман.
V
У фінансавае ўпраўленне Кёстэр паехаў у сваім старым касцюме. Ён хацеў паспрабаваць знізіць нашыя падаткі. Мы з Ленцам засталіся ў майстэрні ўдвух.
- За справу, Готфрыд, - сказаў я. - Бярэмся за тоўсты «кадзілак»!
Напярэдадні вечарам з'явілася наша аб'ява. Сёння мы ўжо маглі чакаць кліентаў - калі ўвогуле хтосьці прыйдзе. Трэба было падрыхтаваць машыну.
Спачатку мы пакрылі лак палітурай. Дзякуючы гэтаму машына адмыслова заблішчала і, здавалася, падаражэла на сотню марак. Потым заправілі машыну самым лепшым маслам, якое мелі. Поршні былі не лепшай якасці і крыху стукалі. Мы знялі гэты шум, густа змазалі іх маслам, і машына запрацавала зусім ціха. Мы густа змазалі яшчэ механізм перадачы і ў дыферэнцыял, каб цалкам зняць шум.
Потым выехалі. Непадалёк пачаўся ўчастак вельмі пабітай дарогі. Яго мы праехалі з хуткасцю 50 кіламетраў. Верх барабаніў. Мы спусцілі з кіхаў чвэрць атмасферы і паспрабавалі яшчэ раз. Цяпер было лепей. Выпусцілі яшчэ чвэрць. Цяпер нічога не варухнулася.
Вярнуліся, змазалі скрыпучы капот, зрабілі гумавыя пракладкі, залілі ў радыятар гарачай вады, каб матор адразу схапіўся, абмылі машыну з распырсквальніка знізу, каб яна блішчала і там. Потым Готфрыд падняў рукі да неба.
- Прыходзь жа, блаславёны пакупнік. Прыходзь, дарагі ўладальнік кашалька! Мы палка чакаем цябе, як жаніх чакае маладую!
Маладая затрымлівалася. Таму мы загналі пекаравага каня на яму і пачалі здымаць пярэднюю вось. Гадзіны дзве мы працавалі моўчкі. Потым я пачуў, як каля калонкі Юп засвістаў мелодыю песні: «Слухай, што ідзе знадворку...»
Я вылез з ямы і зірнуў у акно. Маленькі прысадзісты чалавек хадзіў вакол «кадзілака». Ён здаваўся дабрадзейным і салідным буржуа.
- Зірні, Готфрыд, - шапнуў я. - Ці не маладая прыйшла?
- А хто ж, - вызначыў Ленц з першага погляду. - Глянь на твар. Ён ужо недаверлівы, пакуль няма нікога. Давай! Я застануся тут у рэзерве. Прыйду на дапамогу, калі адзін не справішся. Помні мае прыёмы!
- Добра!
Я вылез.
Чалавек сустрэў мяне позіркам разумных чорных вачэй.
Я прадставіўся:
- Локамп.
- Блюменталь.
Гэта быў першы прыём: прадставіцца. Ленц сцвярджаў, што гэта стварае адразу больш інтымную атмасферу. Другі прыём: пачынаць вельмі стрымана і выслухаць кліента, каб ударыць у адпаведны час.
- Вы наконт «кадзілака», пан Блюменталь? - спытаў я.
Блюменталь кіўнуў.
- Вось ён, - сказаў я і паказаў на машыну.
- Я бачу, - адказаў Блюменталь.
Я хутка зірнуў на яго. «Увага, - падумаў я. - Хітрун».
Мы пайшлі праз двор. Я адкрыў дзверцы машыны і завёў матор. Потым памаўчаў, каб даць Блюменталю час на агледзіны. Ён, пэўна, знойдзе, што пакрытыкаваць. Тады і я пачну.
Але Блюменталь не аглядаў машыны. Ён не крытыкаваў. Ён увесь час маўчаў, стоячы як ідал. Мне нічога не заставалася, як самому пачынаць наўгад.
Я пачаў паволі і сістэматычна расказваць пра «кадзілак», як маці пра роднае дзіця, стараючыся заўважыць, ці цяміць той што-небудзь. Калі ён спецыяліст, тады трэба было б больш падрабязна спыніцца на маторы і шасі. Калі ён не разбіраецца ў машыне - на камфорце і розных дробязях.
Але ён і цяпер не выдаў сябе. Ён даваў мне выгаварыцца, пакуль я сам сабе не здаўся надзьмутым шарыкам.
- Навошта вам машына? Для язды ў горадзе ці для дальніх вандровак? - спытаў я нарэшце, каб знайсці нейкі пункт апоры.
- Для самых розных патрэб, - адказаў Блюменталь.
- Зразумела! А вы самі будзеце вадзіць ці шафёр?
- Як калі.
Як калі... Чалавек выдаваў адказы, як папугай. Здавалася, што ён належаў да нейкага Ордэна маўчальнікаў.
Каб узбадзёрыць яго, я прапанаваў яму праверыць тое-сёе ў машыне. Звычайна гэта аблягчала кантакт з кліентам. Я баяўся, што ён засне.
- Верх адкрываецца і падымаецца надзвычай лёгка для такой аграмадзіны, - сказаў я. - Паспрабуйце самі. Вы справіцеся адной рукой.
Але Блюменталь адмовіўся спрабаваць. Ён бачыць і так. Я з шумам ляпнуў дзверцамі і пацягаў за ручкі...
- Вось бачыце, ўсё як мае быць. Жалезна. Паспрабуйце самі.
Блюменталь не захацеў. Ён лічыў, што так і павінна быць. Надзвычай цвёрды арэшак!
Я паказаў яму шыбы.
- Вельмі лёгка падымаюцца і апускаюцца. На любым узроўні сядзяць мёртва.
Ён брывом не варухнуў.
- Да таго ж шкло не б'ецца, - працягваў я, ужо ў лёгкім адчаі. - Перавага, якую нельга пераацаніць. У нашай майстэрні стаіць «форд»... - Я расказаў пра няшчасны выпадак з жонкай пекара, крыху прыўкрасіўшы яго, дадаўшы туды яшчэ адно дзіця.
Думкі і пачуцці Блюменталя былі замкнёныя ў сталёвы сейф.
- Шкло, якое не б'ецца, стаіць ва ўсіх машынах, - перабіў ён мяне. - Тут нічога незвычайнага.
- Такое шкло не з'яўляецца серыйным абсталяваннем ніводнай машыны, - запярэчыў я мякка, але настойліва. - У некаторых марак толькі пярэдняе шкло такое. Але толькі не вялікія бакавыя.
Я пасігналіў і перайшоў да апісання ўнутраных выгод - скрынак, сядзенняў, кішэняў, шчытка кіравання, - я закрануў самыя дробныя дэталі, я нават працягнуў Блюменталю запальнічку і выкарыстаў магчымасць прапанаваць яму цыгарэту, каб неяк перамяніць яго настрой. Але ён адмовіўся.
- Не куру, дзякуй, - сказаў ён і паглядзеў на мяне з такім сумам, што ў мяне раптам закралася жудаснае падазрэнне: магчыма, ён ішоў зусім не да нас, магчыма, ён памыліўся - хацеў купіць нешта іншае, машыну, каб абстрочваць петлі, ці радыёпрыёмнік, а цяпер нерашуча стаяў тут, перш чым пайсці.
- Давайце пракоцімся на пробу, пан Блюменталь, - нарэшце прапанаваў я, ужо зняможаны.
- Пракоцімся? - здзівіўся ён, быццам я сказаў нейкую лухту.
- Праедземся. Вам жа трэба паглядзець, на што здольная гэтая машына. Яна проста сцелецца па дарозе, ідзе, як па рэйках. А матор цягне, быццам гэты цяжкі кузаў лягчэй пушынкі.
- Што ездзіць, - ён махнуў рукой, адмаўляючыся. - Едучы, нічога не ўбачыш. Недахопы машыны заўсёды заўважаеш толькі потым.
«А няўжо ж, д'ябал ты чыгунны, - падумаў я са злосцю. - Ці ты думаў, што я цябе буду носам тыцкаць у іх?»
- Ну, добра, не дык не, - сказаў я, страціўшы надзею. Чалавек не думаў купляць, усё было зразумела.
Але раптам ён павярнуўся, паглядзеў мне адкрыта ў вочы і сказаў ціха і рэзка і вельмі хутка:
- Колькі машына каштуе?
- Сем тысяч марак, - адказаў я не міргнуўшы, як выстраліў з пісталета. Ён не павінен быў заўважыць, што я хоць на момант задумаўся. Кожная секунда няўпэўненасці магла каштаваць тысячу марак, якія ён вытаргаваў бы. - Сем тысяч чыстымі, - паўтарыў я цвёрда і падумаў: «Калі дасі пяць, то і забірай!»
Але Блюменталь не даваў нічога.
Ён коратка засоп.
- Задорага!
- Вядома! - сказаў я, канчаткова здаючыся.
- Як гэта - вядома? - спытаў Блюменталь раптам даволі па-людску.
- Пан Блюменталь, - адказаў я, - вы сёння сустракалі хоць аднаго дзівака, каб, пачуўшы цану, сказаў нешта іншае?
Ён уважліва прыгледзеўся да мяне.
Потым на яго твары прамільгнула нешта падобнае да ўсмешкі.
- Так. Але машына сапраўды занадта дарагая.
Я не паверыў сваім вушам. Нарэшце з'явіўся доўгачаканы нармальны тон. Тон зацікаўленага чалавека. Ці нейкі новы закляты падвох?
У гэты момант у двары з'явіўся элегантны франт. Ён дастаў з кішэні газету, яшчэ раз праверыў нумар дома і накіраваўся да мяне.
- Тут прадаецца «кадзілак»?
Я кіўнуў і моўчкі глянуў на жоўтую бамбукавую палачку і скураныя пальчаткі.
- Можна паглядзець? - зноў спытаў ён без аніякага выразу на твары.
- Вось ён, - сказаў я. - Але, можа, вы пачакаеце хвілінку, пакуль што я заняты. Пасядзіце там, калі ласка.
Франт на хвілінку прыслухаўся да шуму матора, твар яго спачатку выявіў крытыку, а потым адабрэнне, і мы зайшлі з ім у майстэрню.
- Ідыёт, - буркнуў я яму і хутка вярнуўся да Блюменталя.
- Калі вы паездзіце на машыне, дык зменіце сваю думку пра цану, - сказаў я. - Вы можаце абкатваць яе столькі, колькі вам захочацца. Можа, мне вечарам заехаць па вас, каб зрабіць пробную ездку, калі гэта вам лепш падыходзіць.
Але часовы парыў ужо знік. Блюменталь зноў стаяў як гранітны прэзідэнт харавога таварыства.
- Не варта, - сказаў ён. - Мне трэба ісці. Калі я захачу зрабіць пробную ездку, то магу патэлефанаваць вам.
Я ўбачыў, што ўжо цяпер нічога не зробіш. Гэтага чалавека не пераканаеш.
- Ну добра, - пагадзіўся я. - Але, магчыма, вы далі б мне свой нумар тэлефона, каб я паведаміў вам пра з'яўленне яшчэ якой зацікаўленай асобы?
Блюменталь неяк дзіўна глянуў на мяне.
- Зацікаўленая асоба - яшчэ не пакупнік.
Ён дастаў цыгары і прапанаваў мне. Ён запаліў. «Карона»! Відаць, грошай у яго было як вошай. Але мне ўжо было ўсё роўна. Я ўзяў цыгару.
Ён зычліва падаў мне руку і пайшоў. Я глядзеў яму ўслед і ціха, але грунтоўна праклінаў яго. Потым вярнуўся ў майстэрню.
- Ну? - павітаў мяне франт Готфрыд Ленц. - Здорава я прыдумаў? Убачыў, як ты пакутуеш, і вырашыў дапамагчы. Пашанцавала, што Ота, ад'язджаючы, пераапрануўся. Я, як убачыў, што вісіць добры касцюм, галопам памчаўся, залез праз акно туды і назад і з'явіўся пад выглядам сур'ёзнага пакупніка! Выдатна, ці не праўда?
- Па-ідыёцку, - адказаў я. - Чалавек той хітрэйшы за нас абодвух, разам узятых. Паглядзі на цыгару! Марка пяцьдзесят за штуку. Ты мне адпудзіў міліярдэра.
Готфрыд забраў з рук у мяне цыгару, панюхаў яе і прыпаліў.
- Я спудзіў жуліка. Міліярдэры такіх цыгар не кураць. Яны кураць танныя, грош - штука.
- Глупства, - адказаў я. - Жулікі Блюменталямі сябе не называюць. Яны называюць сябе граф Блюменаў ці неяк падобна.
- Ён яшчэ вернецца, - прадказаў Ленц, самаўпэўнены, як заўсёды, і выпусціў цыгарны дым мне ў твар.
- Гэты не прыйдзе, - сказаў я пераканана. - Але адкуль у цябе бамбукавая палка і пальчаткі?
- Пазычыў. У краме Бэн і К°. У мяне там знаёмая прадаўшчыца. Магчыма, што я нават пакіну сабе гэтую палку. Яна мне падабаецца.
Ён самазадаволена пакруціў у паветры тоўстай палкай.
- Готфрыд, - сказаў я, - тут марна гіне твой талент. Ведаеш што? Ідзі ў вар'етэ. Там тваё месца.
- Вам тэлефанавалі, - сказала Фрыда, касавокая служанка фраў Залеўскі, калі я аполудні на хвілінку заскочыў дадому. Я павярнуўся.
- Калі?
- Паўгадзіны назад. Жанчына.
- Што яна сказала?
- Яна патэлефануе ўвечары яшчэ раз. Але я ёй адразу сказала, што не мае сэнсу. Вас увечары ніколі дома не бывае.
Я ўтаропіўся на яе.
- Што? Вы так сказалі? Божа мілы, калі ўжо вас хто навучыць размаўляць па тэлефоне?
- Я ўмею размаўляць, - нахабна заявіла Фрыда. - А ўвечары дома вас амаль ніколі няма.
- Гэта вас зусім не датычыцца, - лаяўся я. - Наступным разам раскажыце, ці ёсць у мяне дзірка ў шкарпэтках.
- Можна, - адказала Фрыда і з'едліва паглядзела на мяне чырвонымі запаленымі вачыма. Мы былі застарэлыя ворагі.
Лепш за ўсё я тыркнуў бы яе галавой у рондаль з супам, але я авалодаў сабой, выцягнуў з кішэні марку і ўціснуў ёй у руку, міралюбна пытаючыся:
- Жанчына не назвала свайго імя?
- Не, - сказала Фрыда.
- А які ў яе быў голас? Крыху прыглушаны і нізкі і як быццам хрыплаваты?
- Не ведаю, - адказала Фрыда так флегматычна, быццам я і не даваў ёй маркі.
- Цудоўны пярсцёнак у вас на пальцы, сапраўды прыгожы, - сказаў я. - Ну, падумайце добра, ці не прыпомніце...
- Не, - адказала Фрыда. Зласлівасць адбівалася на яе твары.
- Каб ты павесілася, чортаў венік, - вылаяўся я і пайшоў.
Роўна ў шэсць гадзін вечара я быў дома. Калі я адчыніў дзверы, я ўбачыў нязвыклую сцэнку. У калідоры стаяла медсястра фраў Бэндэр у акружэнні ўсіх жанчын пансіёна.
- Падыдзіце да нас, - сказала фраў Залеўскі.
Прычынай сходу было ўпрыгожанае банцікамі немаўля, якому было не больш за паўгода. Фраў Бэндэр прывезла дзіця са свайго прыюта ў дзіцячым вазку. Гэта было нармальнае дзіця. Але жанчыны нахіляліся над ім у такім вар'яцкім захапленні, быццам гэта было першае немаўля на свеце. Яны булькалі, пстрыкалі пальцамі перад вочкамі маленькай істоты і складвалі вусны ў трубачку. Нават Эрна Бёніг у кімано з драконамі ўдзельнічала ў гэтай оргіі платанічнага мацярынства.
- Прывабнае стварэнне? - пыталася фраў Залеўскі, паглядаючы з замілаваннем.
- Пра гэта можна будзе сказаць дакладна праз гадоў дваццаць - трыццаць, - выказаў я меркаванне, скоса пазіраючы на тэлефон. Я спадзяваўся, што ён не зазвоніць зараз, калі тут усе ў зборы.
- Вы паўзірайцеся на яго як след, - прапанавала мне фраў Хасэ.
Я паглядзеў. Немаўля як немаўля. Што там можна было заўважыць асаблівага? У крайнім выпадку - надзвычай маленькія ручкі. Няўжо і я быў калісьці такі?
- Бедны чарвячок, - сказаў я. - Ён і не ўяўляе, што яго чакае. Хацелася б ведаць, на якую вайну ён якраз паспее...
- Грубы чалавек, - запратэставала фраў Залеўскі. - Няўжо ў вас няма сэрца?
- Яшчэ якое, - адказаў я. - Інакш бы ў мяне не з'явіліся такія думкі.
Я падаўся ў свой пакой.
Праз дзесяць хвілін зазваніў тэлефон. Я пачуў сваё прозвішча і выйшаў. Канечне, уся кампанія была яшчэ тут. Яна не адступіла і тады, калі я паднёс да вуха слухаўку і пачуў голас Патрыцыі Хольман, якая дзякавала за кветкі.
А дзіця, якое, відаць, было самае разумнае з усіх прысутных і якому абрыдла гэтае крыўлянне, раптам зараўло.
- Прабачце, - сказаў я з адчаем у слухаўку. - Я вас не разумею, тут раз'юшана крычыць дзіця. Але яно не маё.
Дамы зашыпелі, як гняздо гадзюк, каб супакоіць дзіця. Яны дамагліся толькі таго, што яно раз'юшылася яшчэ больш. Толькі цяпер я заўважыў, што гэта сапраўды было незвычайнае немаўля. Відаць, яго лёгкія даставалі аж да ног, інакш чым можна было растлумачыць яго грымучы голас? Я трапіў у цяжкае становішча. Вачыма я злосна пазіраў на кола мацярок перада мной, а ў слухаўку стараўся вымаўляць зычлівыя словы. Ад галавы да пят ува мне бушавала бура, ад носа да падбародка - сонечны вясенні пейзаж. Заставалася загадкай, як насуперак усяму я змог дамовіцца на сустрэчу назаўтра ўвечары.
- Вам трэба ўстанавіць гукаізаляваную тэлефонную будку, - сказаў я фраў Залеўскі.
Яна таксама за словам у кішэнь не лазіла.
- Навошта? - спытала яна з іскрамі ўваччу. - У вас столькі сакрэтаў?
Я замаўчаў і адступіў. Нельга пачынаць спрэчку з чалавекам, які расхваляваны ад мацярынскага пачуцця. На яго баку мараль усяго свету.
Мы дамовіліся сустрэцца вечарам у Готфрыда. Я павячэраў у маленькім шынку і пайшоў да яго. Каб адзначыць гэты дзень, па дарозе ў краме мужчынскага моднага адзення я купіў шыкоўны гальштук. Я ўсё яшчэ дзівіўся, як гладка ўсё атрымалася, і даў сабе зарок быць заўтра сур'ёзным, як генеральны дырэктар інстытута пахавальных спраў.
Каморка Готфрыда была славутасцю. Яна ўся была завешана сувенірамі, якіх ён навёз з Паўднёвай Амерыкі. Стракатыя цыноўкі на сценах, некалькі масак, засушаны чалавечы чэрап, незвычайныя гліняныя збаны, дзіды, а галоўнае - выдатная калекцыя фатаграфій, якая займала ўсю сцяну: дзяўчаты - індыянкі і крэолкі, прыгожыя, смуглявыя, гнуткія істоты выключнай прывабнасці і пяшчоты.
Акрамя Ленца і Кёстэра былі яшчэ Браўмюлер і Граў. Тэа Браўмюлер з загарэлай, чырвонай, як медзь, лысінай прыладзіўся на валік канапы і з захапленнем разглядаў фотакалекцыю Готфрыда. Ён быў гоншчыкам-выпрабавальнікам аўтазавода і даўно сябраваў з Кёстэрам. Шостага ён удзельнічаў у гонках, на якія Ота заявіў «Карла».
Фердынанд Граў, ужо на падпітку, сядзеў за сталом - масіўны і азызлы. Калі ён убачыў мяне, шырокай лапай падцягнуў да сябе.
- Робі, - сказаў ён, запінаючыся. - Што табе трэба тут сярод страчаных людзей? Табе тут няма чаго рабіць. Ідзі адсюль. Ратуйся. Ты яшчэ можаш уратавацца.
Я зірнуў на Ленца. Ён падміргнуў мне.
- Фердынанд у лепшай форме. Ён ужо два дні прапівае дарагую нябожчыцу. Прадаў партрэт і адразу атрымаў грошы.
Фердынанд Граў быў мастак. Але ён даўно памёр бы з голаду, калі б не знайшоў сабе спецыялізацыі. Ён па фатаграфіях маляваў вельмі жывыя партрэты памерлых. З гэтага ён жыў, нават вельмі добра. Яго выдатных пейзажаў ніхто не купляў. Гэта надавала яго выказванням крыху песімістычнае адценне...
- На гэты раз я атрымаў заказ ад шынкара, Робі, - сказаў ён. - У шынкара памерла цётка, якая гандлявала воцатам і алеем. - Ён здрыгануўся. - Жахліва.
- Слухай, Фердынанд, - запярэчыў Ленц. - Не варта ўжываць такія рэзкія выразы. Ты ж жывеш з аднаго з выдатнейшых чалавечых пачуццяў - з жалобы.
- Лухта, - заявіў Граў. - Я жыву з пачуцця абавязку. Жалоба - гэта не што іншае, як пачуццё абавязку. Людзі хочуць апраўдацца за тое, чаго яны жадалі і што яны прычынілі нябожчыкам пры жыцці. - Ён паволі правёў рукой па полымнай лысіне. - Як ты думаеш, колькі разоў мой шынкар жадаў смерці сваёй цёці - а за гэта ён заказвае яе лірычны партрэт і вешае яго над канапай. Так яна яму падабаецца больш. Жалоба! Чалавек прыпамінае пра свае нешматлікія добрыя якасці толькі тады, калі ўжо позна. Тады ён крануты думкай, які высакародны мог бы ён быць, і лічыць сябе дабрадзейным. Зычлівасць, дабрыня, высакародства, - ён махнуў сваёй магутнай лапай, - гэтыя рысы пажадана бачыць у іншых, каб узяць верх над імі.
Ленц з'едліва ўсміхнуўся.
- Ты падрываеш асновы чалавечага грамадства, Фердынанд!
- Асновы чалавечага грамадства - сквапнасць, страх і карупцыя, - адказаў Граў. - Чалавек - злосны, але ён любіць дабрыню, калі ёй надзелены іншы.
Ён падставіў Ленцу сваю чарку.
- Вось так, а цяпер налі мне і не балбачы ўвесь вечар... дай і іншым слова сказаць.
Я пералез да Кёстэра. Мне раптам прыйшла ідэя.
- Ота, зрабі ласку. Заўтра вечарам мне патрэбны «кадзілак».
Браўмюлер перапыніў уважлівае вывучэнне амаль голай крэолкі-танцоўшчыцы.
- А ты ўжо ўмееш рабіць паварот? - пацікавіўся ён. - Да гэтага часу я думаў, што ты ўмееш ездзіць толькі па прамой, калі хто іншы сядзіць за рулём.
- Супакойся, Тэа, - адказаў я. - Шостага на гонках мы зробім з цябе шашлык.
Браўмюлер булькнуў, засмяяўшыся.
- Ну дык як, Ота? - спытаў я нецярпліва.
- Машына не застрахаваная, Робі, - сказаў Кёстэр.
- Я буду паўзці, як чарапаха, і сігналіць, як гарадскі аўтобус. Мне трэба праехаць толькі некалькі кіламетраў па горадзе.
Ота прыжмурыў вочы і ўсміхнуўся.
- Добра, Робі, я не супроць.
- Табе, відаць, не хапае машыны да новага гальштука? - спытаў Ленц, падышоўшы.
- Заткніся, - сказаў я і адштурхнуў яго ўбок.
Але ён не адступаўся.
- Пакажы, пакажы, хлопец! - Ён памацаў шоўк. - Цудоўна. Наша дзіця робіцца піжонам. Мне здаецца, што ты адпраўляешся на агледзіны.
- Сёння ты мяне не можаш пакрыўдзіць, ты - майстар пераўвасаблення, - адказаў я.
- Агледзіны? - Фердынанд Граў падняў галаву. - А чаму б і не? - Ён ажывіўся і павярнуўся да мяне. - Не слухай яго, Робі. У цябе для гэтага яшчэ ўсё ёсць. Для кахання патрэбна пэўная праставатасць. У цябе яна ёсць. Зберажы яе. Яна - божы дар. Страціш - больш не знойдзеш.
- Не бяры блізка да сэрца, - пасміхваўся Ленц. - Нарадзіцца дурнем - не ганьба. Ганьба памерці дурнем.
- Маўчы, Готфрыд. - Граў адмёў яго адным рухам сваёй магутнай лапы. - Пра цябе гаворка не ідзе, абозны рамантык. Цябе не шкада.
- Выгаварыся спакойна, Фердынанд, - сказаў Ленц. - Як выгаварышся, заўсёды лягчэй на душы.
- Ты - сімулянт, - заявіў Граў. - Высакапарны сімулянт.
- Усе мы такія, - усміхнуўся Ленц. - Мы жывём толькі ілюзіямі і крэдытамі.
- Так і ёсць, - сказаў Граў і па чарзе зірнуў на кожнага з нас з-пад кусцістых броваў. - Ілюзіямі мінулага і крэдытамі на будучыню. - Потым ён зноў звярнуўся да мяне: - Я сказаў: праставатасць, Робі. Тодькі зайздроснікі называюць яе дурасцю. Не крыўдзіся на іх. Гэта не недахоп, а - талент.
Ленц хацеў запярэчыць. Але Фердынанд працягваў гаварыць.
- Ты ведаеш, што я маю на ўвазе. Просты настрой, яшчэ не з'едзены скепсісам і занадта вялікім розумам. Парцыфаль быў дурны. Калі б ён быў разумны, ён ніколі не захопліваў бы кубак святога Граля. Толькі дурні перамагаюць у жыцці. Іншы ж бачыць зашмат перашкод і няўпэўнены, ці варта пачынаць. У цяжкія часы праставатасць - дарагі скарб, чароўны плашч, які хавае небяспеку, на якую разумнік бяжыць як загіпнатызаваны.
Ён пацягнуў глыток і паглядзеў на мянё вялізнымі сінімі вачыма, якія свяціліся на зморшчаным твары, як кавалачак неба.
- Не старайся ведаць занадта шмат, Робі! Чым менш ведаеш, тым прасцей жыць. Веды прыносяць волю - але і няшчасце. Хадзем, вып'ем са мной за праставатасць, дурасць і ўсё, што звязана з ёй - за каханне, веру ў будучыню, мары аб шчасці... за цудоўную дурасць, страчаны рай...
Ён сядзеў важка і масіўна, раптам пагрузіўшыся ў свае думкі і свой хмель, як адзінокі курган недатыкальнай жалобы. Яго жыццё было разбіта, і ён ведаў, што ўжо не выкараскаецца. Ён жыў у сваёй вялікай майстэрні і быў блізкі са сваёй эканомкай. Жанчына была ўстойлівая і грубая, а Граў, наадварот, нягледзячы на сваё магутнае цела, адчувальны і бездапаможны. Ён не мог пакінуць яе, і яму, відаць, было ўжо ўсё роўна. Яму было сорак два гады.
Хоць я ведаў, што гэта хмель, але, гледзячы на яго такога, я адчуваў нейкі ціхі, незразумелы жах. Ён рэдка прыходзіў да нас і піў амаль заўсёды адзін у сваёй майстэрні. Гэтак чалавек хутка ламаўся.
Усмешка мільганула на яго твары. Ён усунуў мне ў руку чарку.
- Выпі, Робі. І ратуйся. Памятай, пра што я табе гаварыў.
- Добра, Фердынанд.
Ленц завёў грамафон. У яго была процьма пласцінак з мурынскімі песнямі. Некалькі з іх прагучала цяпер - пра Місіпісі, пра збор бавоўны і пра душныя ночы на сініх трапічных рэках.
VI
Патрыцыя Хольман жыла ў вялікім жоўтым шматпавярховым доме, які быў адгароджаны ад вуліцы вузкай палоскай газона. Перад уваходам стаяў ліхтар. Свой «кадзілак» я прыпаркаваў пад ім. У рухомым святле ён быў падобны да магутнага слана, які пераліваўся чорным бляскам.
Я дапоўніў свой гардэроб. Да гальштука прыкупіў новы капялюш і пальчаткі. Акрамя таго, я апрануў паліто Ленца, выдатную шэрую апратку з шатландскай шэрсці. Такім чынам я хацеў цалкам сцерці тое першае забулдыжнае ўражанне, якое я пакінуў.
Я пасігналіў. Адразу ж успыхнула, як ракета, лесвічнае асвятленне ў пяці вокнах па вертыкалі. Загудзеў ліфт. Я ўбачыў, як ён апускаўся, нібы касмічная шахтная клетка. Патрыцыя Хольман адчыніла дзверцы і хуценька сышла ўніз па лесвіцы. Яна была ў кароткай карычневай футравай куртачцы і ў вузкай карычневай спадніцы.
- Прывітанне! - Яна падала мне руку. - Я рада, што магу выйсці. Увесь дзень праседзела дома.
Мне спадабалася, як яна падала руку, паціскаючы мацней, чым можна было чакаць. Я ненавідзеў людзей, якія падавалі руку вяла, нібы здохлую рыбіну.
- Чаму ж вы мне раней не сказалі? - адказаў я. - Я заехаў бы да вас аполудні.
- У вас так шмат часу?
- Ды не. Але неяк збег бы.
Яна глыбока ўздыхнула.
- Цудоўнае паветра! Пахне вясной.
- Калі ў вас ёсць жаданне, можам пакатацца, колькі вам захочацца, - сказаў я. - Можам выехаць за горад, у лес - я на машыне. - Я абыякава паказаў на «кадзілак», як быццам гэта быў стары «форд».
- «Кадзілак»? - Яна ў недаўменні глянула на мяне. - Гэта ваш?
- Сёння на вечар мой. А ўвогуле - уласнасць нашай майстэрні. Мы яго адрамантавалі і хочам пачаць з яго бізнес нашага жыцця. - Я адчыніў дзверцы. - Можа, спачатку паедзем у «Лазу» і павячэраем? Як вы?
- Павячэраць можна, але чаму менавіта ў «Лазе»?
Я разгубіўся. «Лаза» была адзіным прыстойным рэстаранам, які я ведаў.
- Шчыра кажучы, - прызнаўся я, - я больш нічога не ведаю. Мне здаецца, што «кадзілак» нас да нечага абавязвае.
Яна засмяялася.
- У «Лазе», напэўна, занадта важная і сумная публіка. Давайце паедзем у іншае месца.
Я быў бездапаможны. Мае сур'ёзныя намеры рассейваліся, як дым.
- Тады прапануйце вы, - сказаў я. - Месцы, якія вядомы мне, занадта прасцяцкія. Яны, здаецца, не для вас.
- Чаму вы думаеце так?
- Ну, так мне здаецца...
Яна хутка зірнула на мяне.
- Можна паспрабаваць.
- Добра. - Я рашуча перакрэсліў усю праграму. - Тады я ведаю, што рабіць. Калі вы не баязлівая. Мы пойдзем да Альфонса.
- Альфонс... гучыць выдатна, - адказала яна. - Сёння вечарам я не баязлівая.
- Альфонс - шынкар, - сказаў я. - Лепшы сябра Ленца.
Яна засмяялася.
- У Ленца, відаць, усюды сябры.
Я кіўнуў.
- Ён лёгка збліжаецца. Вы ж бачылі гэта на прыкладзе Біндзінга.
- Так, бог сведка, - адказала яна. - Гэта здарылася маланкава.
Мы паехалі.
Альфонс быў мажны, спакойны чалавек. Пашчэнкі выпіралі. Маленькія вочкі. Закасаныя рукавы. Рукі доўгія, як у гарылы. Усякага, хто быў непажаданы ў яго шынку, ён выкідваў сам. Нават членаў спартовага таварыства «Адданасць радзіме». Для вельмі дужых кліентаў у яго пад стойкай ляжаў молат. Шынок быў размешчаны ўдала: побач з бальніцай. Альфонс эканоміў на транспартных выдатках.
Валасатай рукой ён выцер светлы яловы стол.
- Піва? - спытаў ён.
- Гарэлкі і закусіць.
- А даме?
- Дама таксама хоча гарэлкі, - сказала Патрыцыя Хольман.
- Не слаба, не слаба, - сказаў Альфонс. - Ёсць свіныя скабкі з квашанай капустай.
- Сам закалоў свінню? - спытаў я.
- Вядома.
- Але дама, напэўна, з'ела б нешта лягчэйшае, Альфонс.
- Вы, відаць, жартуеце... Спачатку гляньце на скабкі.
Ён паклікаў кельнера, каб той паказаў порцыю.
- Была шыкоўная свіння, - сказаў ён. - Лаўрэатка. Дзве першыя прэміі.
- Ну, гэтага ніхто не зразумее, - адказала яму Патрыцыя Хольман, на маё здзіўленне, з такой упэўненасцю, быццам яна ўжо гадамі наведвае гэты шынок.
Альфонс падміргнуў.
- Дык дзве порцыі?
Яна кіўнула.
- Выдатна! Сам выберу.
Ён пайшоў на кухню.
- Бяру назад свае сумненні, ці туды мы трапілі, - сказаў я. - Вы Альфонса паланілі імгненна. Ён сам выбірае толькі заўсёдным кліентам.
Альфонс вярнуўся.
- Дадаў вам яшчэ свежай каўбаскі.
- Нядрэнная ідэя, - сказаў я.
Альфонс паглядзеў на нас зычліва. Прынеслі гарэлку. Тры чаркі. Трэцюю - Альфонсу.
- Што ж, на здароўе, - сказаў ён. - За тое, каб у нашых дзяцей былі багатыя бацькі.
Мы выпілі. Дзяўчына таксама выпіла да дна.
- Не слаба, не слаба, - сказаў Альфонс і вярнуўся за стойку.
- Смачная гарэлка? - спытаў я.
Яна здрыганулася.
- Моцная. Але ж я не магла зняславіцца перад Альфонсам.
Свіныя скабкі былі на славу. Я з'еў дзве вялікія порцыі, ды і Патрыцыя Хольман ела больш, чым можна было чакаць. На маю думку, яна цудоўна стасавалася з маім настроем і не вылучалася ў гэтым шынку. Яна без крыўляння выпіла з Альфонсам яшчэ адну чарку.
Ён неўпрыкмет падміргнуў мне: усё нармальна. А Альфонс ведаў толк. Магчыма, не ў тым, што датычыла прыгажосці і культуры, але ў тым, што да сутнасці і зместу.
- Калі вам пашанцуе, вы ўбачыце і чалавечыя слабасці Альфонса, - сказаў я.
- Цікава, - адказала яна. - Мне здалося, што ў яго іх няма.
- Ёсць. - Я паказаў на стол побач са стойкай. - Вунь...
- Што? Грамафон?
- Не грамафон. Харавыя спевы. У Альфонса слабасць да харавых спеваў. Не танцы, не класічная музыка, толькі хоры: мужчынскія, змешаныя хоры, на ўсіх пласцінках, якія вы бачыце, - толькі хоры. Вось гляньце, ён ідзе.
- Смачна? - спытаў Альфонс.
- Як у роднай маці, - адказаў я.
- А даме?
- Лепшых свіных скабак з роду не каштавала, - адважна заявіла дама.
Альфонс задаволена кіўнуў галавой.
- Зараз пастаўлю новую пласцінку. Вам на здзіўленне.
Ён падышоў да грамафона. Зашыпела іголка, потым магутна загучаў мужчынскі хор, які моцнымі галасамі спяваў «Маўчанне ў лесе». Гэта было надзвычай гучнае маўчанне.
З першых тактаў у шынку зрабілася ціха. Альфонс рабіўся небяспечным, калі хто непачціва паводзіў сябе. Ён стаяў за стойкай, абапёршыся на яе валасатымі рукамі. Яго твар мяняўся пад уздзеяннем музыкі. Ён задумаўся - так, як можа задумацца гарыла. Харавы спеў меў над ім незвычайную ўладу. Ён рабіўся пяшчотны, як маладзенькая лань. Ён мог улезці ў крывавую бойку, але як толькі харавы спеў кранаў яго слых, ён нібы зачараваны кідаў усё, прыслухоўваўся і быў гатовы памірыцца. Раней, калі ён быў больш запальчывы, пад рукой жонкі заўседы напагатове ляжалі яго любімыя пласцінкі. Калі рабілася небяспечна і ён з молатам у руках выходзіў з-за стойкі, яна хуценька апускала іголку, і Альфонс апускаў молат, слухаў і супакойваўся. З часам такой патрэбы не стала: жонка памерла, яе партрэт, падарунак Фердынанда Граў, якому ў знак удзячнасці заўсёды быў вольны столік, вісеў над стойкай, ды і Альфонс пастарэў і астыў.
Пласцінка закончылася. Альфонс падышоў да нас.
- Чароўна, - сказаў я.
- Асабліва першы тэнар, - дадала Патрыцыя Хольман.
- Правільна, - пацвердзіў Альфонс і ўпершыню ажывіўся. - Вы разбіраецеся! Першы тэнар - высокі клас!
Мы развіталіся з ім.
- Прывітанне Готфрыду, - сказаў ён. - Няхай заходзіць.
Мы стаялі на вуліцы. Ліхтары перад дамамі адкідвалі неспакойныя водбліскі і цені ўверх, у галлё старога дрэва. На галінках ужо быў лёгкі зялёны бляск, і дзякуючы мігатліваму невыразнаму святлу знізу дрэва здавалася больш магутным і высокім. Здавалася, што крона губляецца ў змроку, як вялізная рука з растапыранымі пальцамі, якая з надзвычайнай жалобай учапілася ў неба.
Патрыцыя Хольман зябка ўздыхнула.
- Вам холадна?
Яна ўзняла плечы і схавала рукі ў рукавы курткі.
- Толькі спачатку. Там было даволі цёпла.
- Вы занадта лёгка апрануліся, - сказаў я. - Вечарам холадна.
Яна адмоўна пахітала галавой.
- Я не люблю цяжкай вопраткі. Дый хочацца, каб нарэшце пацяплела. Не выношу халадоў. Асабліва ў горадзе.
- У «кадзілаку» цёпла, - сказаў я. - На ўсякі выпадак я ўзяў плед.
Я дапамог ёй сесці ў машыну і накрыў калені пледам. Яна падцягнула яго вышэй.
- Цудоўна! Вось так - выдатна! Холад наводзіць сум.
- Не толькі холад. - Я сеў за руль. - Пакатаемся крыху?
Яна кіўнула.
- Ахвотна.
- Куды?
- Проста паедзем паволі па вуліцах. Усё роўна куды.
- Добра.
Я завёў машыну, і мы паволі і без мэты паехалі па горадзе. Быў час пік. Мы несліся амаль бязгучна, так ціха працаваў матор. Здавалася, што машына - карабель, які нячутна імчыцца па стракатых каналах жыцця. Вуліцы праносіліся міма, светлыя парталы, агні, рады ліхтароў, салодкая, мяккая, вячэрняя мітусня быцця, мяккая ліхаманка асветленай ночы, а над усім, паміж краямі дахаў - жалезна-шэрае, вялікае неба, якое адкідвае сваё святло на горад.
Дзяўчына моўчкі сядзела побач са мной; святло і цені прабягалі з акна па яе твары. Я час ад часу пазіраў на яе. Яна зноў напомніла мне пра вечар, калі я ўбачыў яе ўпершыню. Яе твар пасур'ёзнеў, ён здаваўся больш адчужаным, чым раней, але вельмі прыгожым. Гэта быў твар, які паланіў мяне тады і не адпусціў. Мне здавалася, што ў ім было нешта ад таямнічасці цішыні, характэрнай для рэчаў, блізкіх да прыроды - дрэў, воблакаў, жывёлін, а часам - для жанчын.
Мы выехалі на ціхія прыгарадныя вуліцы. Вецер памацнеў. Здавалася, ён гнаў ноч перад сабой. На вялікай плошчы, вакол якой спалі маленькія домікі, акружаныя садамі, я спыніў машыну.
Патрыцыя Хольман страпянулася, быццам спала.
- Прыгожа, - сказала яна праз хвіліну. - Калі б у мяне была машына, я вось так ціха каталася б кожны вечар. У гэтым ёсць нешта казачнае - вось так бясшумна ехаць, дзе хочаш. Быццам і не спіш, але ў той самы час сніш штосьці. Мне здаецца, тады і людзі не патрэбны табе вечарам.
Я дастаў з кішэні пачак з цыгарэтамі.
- А ўвогуле хочацца, каб вечарам нехта быў побач...
Яна кіўнула.
- Хочацца. Калі цямнее, на душы робіцца ніякавата.
Я разарваў пачак.
- Амерыканскія. Вам падабаюцца?
- Так. Нават больш, чым нейкія іншыя.
Я даў ёй прыпаліць. На імгненне блізкае цёплае святло запалкі асвятліла яе твар і мае рукі, і ў мяне раптам з'явілася вар'яцкая думка, што мы ўжо даўно блізкія. Я апусціў шыбу, каб даць выйсці дыму.
- Вы хочаце павесці машыну? - спытаў я. - Вам, пэўна, было б прыемна.
Яна павярнулася да мяне.
- Хацелася б. Але не ўмею.
- Сапраўды?
- Не ўмею. Ніколі не вучылася.
Тут я вырашыў скарыстаць выпадак.
- Біндзінг жа даўно мог навучыць вас, - сказаў я.
Яна засмяялася.
- Біндзінг занадта закаханы ў сваю машыну. Ён нікога не падпускае да руля.
- Гэта неразумна, - заявіў я, задаволены, што магу ўпікнуць таўстуна. - Я даю вам праехаць без усялякіх ваганняў. Садзіцеся.
Я насуперак усім папярэджанням Кёстэра вылез, каб памяняцца месцамі. Яна захвалявалася.
- Але ж я сапраўды не ўмею кіраваць.
- Умееце, - запярэчыў я. - Вы ўсё ўмееце. Толькі не ведаеце пра гэта. - Я паказаў ёй пераключэнні.
- Вось, - сказаў я. - А цяпер - наперад!
- Хвілінку! - Яна паказала на аўтобус, які адзінока каціўся па вуліцы. - Можа, прапусцім яго спачатку?
-Ні ў якім разе!
Я імгненна ўключыў хуткасць і адпусціў педалю счаплення. Яна сутаргава ўхапілася за руль, напружана ўзіраючыся ў вуліцу.
- О божа, мы едзем занадта хутка.
Я зірнуў на спідометр.
- Зараз вы едзеце з хуткасцю 25 кіламетраў у гадзіну. На самай справе гэта толькі дваццаць. Нармальная хуткасць для марафонца.
- А мне здаецца, што восемдзесят.
Праз некалькі хвілін першы страх знік. Мы ехалі ўніз па шырокай роўнай вуліцы. «Кадзілак» крыху вадзіла ў бакі, як быццам ён быў запраўлены не бензінам, каньяком. Часам ён праходзіў падазрона блізка ад бардзюра, але паступова справа наладзілася, і ўсё атрымлівалася так, як я і думаў: я атрымаў перавагу, бо мы раптам сталі настаўнікам і вучаніцай, і я гэта выкарыстаў.
- Увага, - сказаў я. - Там стаіць паліцэйскі.
- Спазніліся. А што будзе, калі ён мяне заловіць? У мяне ж няма правоў.
- Мы ўдваіх трапім у турму.
- О святы божа! - Яна спуджана пачала нагой шукаць тормаз.
- Газу! - крыкнуў я ёй. - Газу! Мацней націснуць. Нам трэба праскочыць горда і хутка. Найлепшы сродак супроць закона - нахабства.
Паліцэйскі не звярнуў на нас ніякай увагі. Дзяўчына ўздыхнула з палёгкай.
- А я і не ведала, што паліцэйскія могуць быць падобны да вогненных драконаў, - сказала яна, калі мы аддаліліся на некалькі сотняў метраў.
- Яны плююцца агнём толькі тады, калі на іх наедзеш. - Я паволі прытармазіў. - Вось тут у нас шыкоўная пустая бакавая вуліца. Тут мы і павучымся як след. Спачатку зрушваць з месца і спыняцца.
У Патрыцыі некалькі разоў глух матор. Яна расшпіліла куртку.
- Мне горача. Але я навучуся! - Седзячы за рулём, яна старанна і ўважліва сачыла, што я паказваю. Потым, усхвалявана коратка ўскрыкваючы, яна рабіла першыя павароты і, як д'ябла, баялася сустрэчных фараў, але і вельмі ганарылася, калі машыны ўдала раз'язджаліся. Неўзабаве ў невялічкай кабіне, слаба асветленай лямпачкай шчытка, з'явілася пачуццё таварыскасці, якое ўсталёўваецца пры занятках тэхнікай альбо камерцыяй. І калі мы праз паўгадзіны зноў селі на свае месцы, і я павярнуў назад, мы больш ведалі адно пра аднаго, чым калі б мы падрабязна расказалі свае аўтабіяграфіі.
Непадалёк ад Нікалайштрасэ я зноў спыніў машыну. Мы стаялі якраз пад чырвоным святлом кінарэкламы. Асфальт мігцеў матавым святлом, як выцвілая пурпурная тканіна. Каля бардзюра блішчала вялікая чорная масляная пляма.
-Так, цяпер мы законна зарабілі чарку. Дзе мы яе перакулім?
Патрыцыя Хольман на хвілінку задумалася.
- Давайце зноў пойдзем у сімпатычны бар з паруснікамі, - прапанавала яна.
Я адразу занепакоіўся. У бары цяпер, напэўна, сядзеў апошні рамантык. Я ўжо нібы бачыў яго твар...
- Ах, - паспешна прамовіў я, - што там асаблівага. Ёсць больш прыстойныя месцы.
- Я не ведаю... там мне здалося тады вельмі прыстойна.
- Праўда? - спытаў я збянтэжана. - Бар вам здаўся прыстойным?
- Сапраўды, - адказала яна са смехам. - Нават вельмі...
«Вось як! - падумаў я. - А я так дакараў сябе!»
- Толькі мне здаецца, што ў гэты час там перапоўнена, - зрабіў я яшчэ адну спробу.
- Можна ж паглядзець.
- Вядома, можна. - Я задумаўся, што рабіць.
Калі мы пад'ехалі, я імкліва выскачыў з машыны.
- Я хуценька зазірну. Зараз вярнуся.
Там не было ніводнага знаёмага, акрамя Валянціна.
- Скажы, - спытаў я. - Готфрыд быў ужо тут?
Валянцін кіўнуў.
- З Ота. Пайшлі з паўгадзіны назад.
- Шкада, - сказаў я, уздыхнуўшы з палёгкай. - З радасцю пабачыў бы іх.
Я вярнуўся да машыны.
- Можна рызыкнуць, - заявіў я. - Выпадкова сёння тут не так і цесна. - Але з перасцярогі я пакінуў «кадзілак» у цені за рогам.
Але не праседзелі мы і дзесяці хвілін, як перад стойкай з'явілася саламяная галава Ленца. «Д'ябальшчына! - падумаў я. - Нарваўся. Няхай бы лепш гэта здарылася цераз пару тыдняў».
Здавалася, што ў Готфрыда не было намеру заставацца. Ужо мне здалося, што выратаваны, але тут я заўважыў, што Валянцін паказвае яму на мяне. Гэта была адплата за хлусню. Твар Готфрыда, які ўбачыў нас, мог бы паслужыць цудоўным узорам для кінаакцёра-пачаткоўца. Вочы ў яго выкаціліся і зрабіліся падобнымі да яечні, і я ўжо спужаўся, што ў яго адваліцца сківіца. Шкада, што ў гэты час у бары не было рэжысёра. Я цвёрда ўпэўнены, што Ленца адразу запрасілі б у кіно. Напрыклад, на такія ролі, дзе перад матросам, які пацярпеў крушэнне, раптам з рыкам з'яўляецца марскі гад.
Готфрыд хутка зноў узяў сябе ў рукі. Я кінуў на яго позірк, які маліў знікнуць. Ён адказаў на яго мярзотнай усмешкай, абцягнуў пінжак і падышоў да нас.
Я ўжо ведаў, што будзе, і таму паспрабаваў захапіць ініцыятыву.
- Ты ўжо праводзіў дадому фройляйн Бомблят? - спытаў я, каб адразу нейтралізаваць яго.
- Праводзіў, - адказаў ён, вокам не міргнуўшы, хоць да апошняй секунды ён пра фройляйн Бомблят не чуў - не ведаў.
- Яна перадала табе прывітанне і прасіла, каб зранку адразу патэлефанаваў ёй.
Гэта быў моцны контрудар. Я кіўнуў.
- Патэлефаную. Спадзяюся, яна купіць машыну.
У Ленца зноў разявіўся рот. Я штурхнуў яго ў нагу і зірнуў так, што ён замоўк, усміхаючыся.
Мы выпілі па некалькі чарак. Я піў толькі кактэйль з лімонам, каб зноў не зляцець з тармазоў.
Готфрыд быў у цудоўным настроі.
- Толькі што я заходзіў да цябе, - сказаў ён. - Хацеў забраць цябе. А потым я быў на плошчы. Там паставілі выдатную новую каруселю. Сходзім туды? - Ён зірнуў на Патрыцыю Хольман.
- Неадкладна! - падтрымала яна. - Больш за ўсё на свеце я люблю каруселі.
- Тады пайшлі! - сказаў я, рады, што выходзім адсюль. На волі будзе прасцей.
Катрыншчыкі - фарпосты луна-парку. Меланхалічна-салодкае гудзенне. На старых аксамітных накідках катрынак - часам папугай ці замерзлая маленькая малпачка ў чырвонай суконнай куртачцы. Потым рэзкія галасы гандляроў, якія прадаюць клей для фарфору, алмазы на нарэзку шкла, турэцкі мёд, паветраныя шары і адрэзы на касцюмы. Халоднае сіняе паветра і пах ад карбідных лямп. Варажбіткі, астролагі, палаткі з пірагамі, арэлі-лодка, будкі з атракцыёнамі і, нарэшце, аглушальная музыка, стракаты бляск - асветленыя, як палац, вежы каруселяў.
- Наперад, сябры! - Ленц з чупрынай, што раскудлацілася на ветры, кінуўся да амерыканскіх горак. Там іграў самы вялікі аркестр. З кожнай з пазалочаных ніш выходзілі шэсць трубачоў, яны паварочваліся на ўсе бакі, ускідвалі, потым апускалі свае інструменты і вярталіся назад. Гэта выглядала велічна.
Мы селі ў гандолу ў форме лебедзя і загайдаліся. Свет праплываў у пералівах агню, ён уздымаўся ўверх і зноў падаў у чорны тунель, праз які мы імчалі пад барабанны грукат, а потым нас зноў сустракалі бляск і фанфары.
- Далей! - Готфрыд накіраваўся да лётаючай каруселі з дырыжаблямі і самалётамі. Мы залезлі ў цэпелін і зрабілі тры кругі.
Крыху задыхаючыся, мы зноў стаялі ўнізе.
- А цяпер на чортава кола! - заявіў Ленц.
Гэта быў вялікі гладкі круглы дыск з невялічкім узвышэннем пасярэдзіне, які кружыўся ўсё хутчэй і на якім трэба было ўтрымацца. Сярод іншых дваццаці чалавек на дыск стаў Готфрыд. Ён як ашалелы вытанцоўваў і атрымаў апладысменты. Нарэшце ён застаўся на дыску з нейкай кухаркай. Задніца ў яе была як у ламавіка. Яна схітрыла: калі ўжо зусім стала нявыкрутка, яна проста села ў цэнтры шайбы, а Готфрыд скакаў перад ёй. Астатніх усіх ужо знесла. Нарэшце лёс напаткаў і апошняга рамантыка. Ён упаў у абдымкі кухаркі, і яны, абняўшыся, скаціліся з дыска. Яны падышлі да нас пад ручку. Ён зваў яе проста Ліна. Ліна сарамліва ўсміхалася. Ён спытаў, чым яе пачаставаць. Ліна заявіла, што піва добра наталяе смагу. Яны зніклі ў палатцы.
- А мы? Куды пойдзем цяпер? - спытала Патрыцыя Хольман. Вочы ў яе блішчалі.
- У лабірынт прывідаў, - сказаў я і паказаў на вялікую будку.
Лабірынт быў поўны нечаканасцяў. Ужо з першых крокаў зямля пад намі захісталася, мы натыкнуліся ў цемры на нечыя рукі, з цёмных куткоў з'яўляліся страшэнныя пысы, галасілі прывіды... Мы смяяліся, але раптам дзяўчына спужалася і адхіснулася - перад ёй з'явіўся асветлены чэрап зялёнага колеру. На адно імгненне яна апынулася ў маіх абдымках, я адчуў на твары яе дыханне, зусім блізка каля вуснаў былі яе валасы. Яна тут жа засмяялася, і я выпусціў яе.
Я выпусціў яе, але нейкай часцінкай сваёй істоты я ўтрымліваў яе. Калі мы ўжо былі на волі, я ўсё яшчэ адчуваў яе плечы, яе мяккія валасы, лёгкі персікавы пах яе скуры... Я баяўся зірнуць на яе. Яна раптам стала для мяне інакшай.
Ленц ужо чакаў нас. Ён быў адзін.
- А дзе Ліна? - спытаў я.
- П'е, - адказаў ён і паказаў галавой на палатку. - З нейкім кавалём.
- Спачуваю, - сказаў я.
- Глупства, - адказаў Готфрыд. - Давай лепш зоймемся сапраўднай мужчынскай справай.
Мы падышлі да будкі, дзе накідвалі гумавыя колцы на крукі. Былі прызначаны розныя прызы.
- Так, - звярнуўся Ленц да Патрыцыі Хольман і збіў свой капялюш на патыліцу. - Зараз мы выйграем вам пасаг.
Ён кінуў першы і выйграў будзільнік. Я кінуў за ім, і мне дастаўся мядзведзь. Гаспадар атракцыёна, аддаючы нам выйгрышы, нарабіў з гэтага шмат шуму, каб прывабіць паболей кліентаў.
- Зараз ты супакоішся, - зласліва ўсміхнуўся Готфрыд і выйграў патэльню. Я - яшчэ аднаго мішку.
- Глядзі ты, як шанцуе, - толькі і сказаў гаспадар і аддаў нам рэчы.
Чалавек не здагадваўся, што яго чакае. Ленц лепш за ўсіх у роце кідаў гранаты, а зімой, калі рабіць амаль што не было чаго, мы цэлымі месяцамі практыкаваліся, закідваючы капелюшы на ўсялякія крукі. Гэтыя колцы былі проста дзіцячай забавай. У наступны заход Готфрыд лёгка забраў сабе крышталёвую вазу. Я - паўтузіна грамафонных пласцінак. Гаспадар моўчкі сунуў іх нам, а потым праверыў крукі. Ленц прыцэліўся, кінуў і выйграў кафейны сервіз - другі прыз. Сабралася процьма «балельшчыкаў». Я кінуў тры колцы запар на адзін крук. Вынік - святая Магдаліна ў залатой рамцы.
Гаспадар скрывіўся, як ад зубнога болю, і сказаў, што хопіць. Мы гатовы былі спыніцца. Але ўзнялі шум гледачы. Яны запатрабавалі, каб ён даў нам пагуляць яшчэ. Ім хацелася бачыць, як яго раздзяваюць. Больш за ўсіх шумела Ліна, якая раптам з'явілася тут са сваім кавалём.
- Прамахвацца можна, - хрыпата крычала яна, - а трапляць - не? - Каваль штось гугніў у падтрымку.
- Добра, - вырашыў Ленц. - Яшчэ па разе.
Я кінуў першы. Тазік, кубак і мыльніца. Затым падышоў Ленц. Ён узяў пяць колцаў. Чатыры ён кінуў запар на адзін крук. Перад пятым ён зрабіў штучную паўзу і дастаў цыгарэту. Тры чалавекі падалі яму прыпаліць. Каваль паляпаў яго па плячы. Ліна ад хвалявання кусала хусцінку. Потым Готфрыд прыцэліўся і лёгка, каб апошняе колца не адскочыла, накінуў яго на чатыры першыя. Колца павісла. Усе бурліва зашумелі. Ён адхапіў галоўны прыз - дзіцячы вазок з ружовай коўдрай і падушачкамі.
Гаспадар, лаючыся, выкаціў яго. Мы ўсё ўпакавалі і паехалі да наступнай будкі. Ліна штурхала вазок. Каваль адпускаў такія жарты, што я з Патрыцыяй Хольман вырашыў крыху адстаць. Каля наступнай будкі колцы накідваліся на рылцы бутэлек. Той, хто трапляў, забіраў бутэльку. Мы выйгралі шэсць бутэлек. Ленц паглядзеў на этыкеткі і аддаў бутэлькі кавалю.
Была яшчэ адна будка такога тыпу. Але гаспадар ужо пранюхаў пра нас і, калі мы падышлі, заявіў, што яна закрыта. Каваль хацеў узняць вэрхал, бо ён убачыў, што прызы тут - бутэлькі з півам. Але мы ўтрымалі яго. Гаспадар будкі быў аднарукі.
У суправаджэнні вялізнага натоўпу мы вярнуліся да «кадзілака».
- Што цяпер? - спытаў Ленц і пачухаў патыліцу. - Найлепш - прывязаць вазок ззаду да машыны.
- Выдатна, - сказаў я. - Але ты сядзеш у яго і будзеш кіраваць, каб не перакуліўся.
Патрыцыя Хольман запратэставала. Яна збаялася, што Ленц так і зробіць.
- Цудоўна, - выказаўся Готфрыд. - Давайце тады разбяромся. Двух мішак вам абавязкова трэба пакінуць сабе. Грамафонныя пласцінкі таксама. Як наконт патэльні?
Дзяўчына пахітала галавой.
- Тады пераходзіць ва ўласнасць майстэрні, - заявіў Готфрыд. - Вазьмі яе, Робі, стары майстра яечні. Кафейны сервіз?
Дзяўчына кіўнула на Ліну. Кухарка зачырванелася. Готфрыд перадаў ёй прадметы, нібы ўручаючы прыз. Потым ён дастаў тазік.
- Гэтую ўмывальную прыладу? Пану суседу, ці не так? Прыгадзіцца ў рабоце. Будзільнік таксама. Кавалі спяць моцна.
Я перадаў Готфрыду вазу. Ён уручыў яе Ліне. Яна, запінаючыся, адмаўлялася. Яе вочы неадрыўна глядзелі на Магдаліну, якая каялася. Ёй здавалася: калі яна возьме вазу, то кавалю аддадуць карціну.
- Я захапляюся мастацтвам, - вымавіла яна. Яна стаяла, хвалюючыся ад жадання, і кусала чырвоныя пальцы.
- Шаноўная паненка, - сказаў Ленц з велікадушным жэстам і павярнуўся да нас, - як ваша думка?
Патрыцыя Хольман узяла карціну і аддала яе кухарцы.
- Гэта вельмі прыгожая карціна, Ліна, - сказала яна з усмешкай.
- Павесь яе над ложкам і помні, - дадаў Ленц.
Ліна забрала яе са слязьмі на вачах. Ад удзячнасці яна аж заікала.
- А цяпер цябе, - у роздуме сказаў Ленц, звяртаючыся да дзіцячага вазка. Вочы Ліны, нягледзячы на шчасце ад валодання Магдалінай, зноў загарэліся прагным агнём. Каваль сказаў, што ніколі не ведаеш, калі такая рэч можа спатрэбіцца, і засмяяўся так, што ўпусціў бутэльку з віном. Але Ленц не аддаў ім вазок.
- Хвілінку, я там нешта ўбачыў, - сказаў ён і знік.
Праз некалькі хвілін ён узяў вазок і пацягнуў яго некуды.
- Усё ў парадку, - сказаў ён, вярнуўшыся без яго. Мы селі ў «кадзілак».
- Як на каляды, - шчасліва сказала Ліна, трымаючы падарункі і падаючы нам чырвоную лапу на развітанне. Каваль адвёў нас яшчэ на хвілінку ўбок.
- Слухайце, - сказаў ён. - Калі вам спатрэбіцца каго адлупцаваць- я жыву на Лейбніцштрасэ, 16, задні двор, на другім паверсе справа. Калі іх, магчыма, будзе некалькі чалавек, я збяру сваю кампанію.
- Дамовіліся, - адказалі мы і паехалі.
Калі мы ад'ехалі ад плошчы, Готфрыд паказаў у акно. Мы ўбачылі свой дзіцячы вазок, сапраўднае жывое дзіця ў ім, а побач бледную расстроеную жанчыну, якая разглядала вазок.
- Добра, праўда? - спытаў Готфрыд.
- Занясіце ёй яшчэ і мішак, - усклікнула Патрыцыя Хольман. - Яны там будуць дарэчы.
- Можа, аднаго, - сказаў Ленц. - Аднаго пакінем сабе.
- Не, абодвух.
- Добра. - Ленц выскачыў з машыны, кінуў плюшавых лялек жанчыне ў ахапак і, не даўшы ёй вымавіць ні слова, быццам наўцёкі, заспяшаўся да машыны. - Так, - сказаў ён, уздыхнуўшы з палёгкай. - Цяпер мне ад майго высакародства аж дрэнна зрабілася. Высадзіце мяне каля «Інтэрнацыяналя». Мне абавязкова трэба выпіць чарку каньяку.
Ён вылез, а я павёз дзяўчыну дадому. Сёння было не так, як мінулы раз. Яна стаяла ў дзвярах, і ліхтар кідаў водбліскі на яе твар. Яна выглядала выдатна. Мне вельмі хацелася пайсці з ёй.
- Дабранач, - сказаў я. - Спакойнага сну.
- Дабранач.
Я пазіраў ёй услед, пакуль не пагасла святло. Потым я паехаў. У мяне было дзіўнае пачуццё. Я адчуваў сябе не так, як звычайна, калі вечарам захочацца дзяўчыны. Было куды больш пяшчоты. Пяшчоты і жадання пазбавіцца нечага ў самім сабе. Пусціць, каб паляцела, няведама куды.
Я паехаў да Ленца ў «Інтэрнацыяналь». Ён быў амаль пусты. У кутку сядзела Фрыда са сваім сябрам, кельнерам Алоісам. Яны спрачаліся. Готфрыд сядзеў з Мімі і Валі на канапе каля стойкі. Ён быў далікатны, не пакідаў без увагі нават Мімі, бедную старую кабету.
Дзяўчаты неўзабаве пайшлі. Ім трэба было на працу. Цяпер была самая пара. Мімі вохала і ўздыхала - балелі ногі. Я падсеў да Готфрыда.
- Ну, выказвайся! - сказаў я.
- Навошта, хлопец, - адказаў ён на маё здзіўленне. - Усё правільна, так і дзейнічай.
Мне стала лёгка ад таго, што ён успрыняў усё так проста.
- Мог бы і раней добрае слова сказаць, - сказаў я.
Ён махнуў рукой.
- Глупства.
Я заказаў рому.
- Ты ведаеш, - сказаў я потым. - У мяне ніякага ўяўлення, хто яна і што. Не ведаю, што ў яе з Біндзінгам. Ці гаварыў ён табе тады што-небудзь?
Ён зірнуў на мяне.
- Цябе гэта трывожыць?
- Не.
- Я так і думаў. Між іншым, паліто табе добра пасуе.
Я пачырванеў.
- Няма чаго чырванець. Усё нармальна. Я хацеў бы, каб і ў мяне так было.
Я хвіліну памаўчаў.
- Чаму, Готфрыд? - спытаў я нарэшце.
Ён глянуў на мяне.
- Таму што ўсё астатняе - дзярмо, Робі. Таму што сёння няма нічога, што мела б вартасць. Прыпомні, што табе ўчора гаварыў Фердынанд. Ён мае рацыю, гэты стары таўстун, які малюе нябожчыкаў. Ну, давай, сядзь да скрынкі ды сыграй некалькі старых салдацкіх песень.
Я сыграў «Тры лілеі» і «Аргонскі лес». У пустым шынку песні прагучалі прывідна, калі мець на ўвазе той час, у які мы іх спявалі...
VII
Праз два дні Кёстэр паспешліва выбег з майстэрні.
- Робі, тэлефанаваў твой Блюменталь. Прасіў цябе прыехаць у адзінаццаць на «кадзілаку». Ён хоча зрабіць пробную паездку.
Я шпурнуў адвёртку і гаечны ключ.
- Браце, Ота... Няўжо нешта будзе?
- А што я вам казаў! - пачуўся голас Ленца з ямы пад «фордам». - Я казаў, што ён вернецца. Слухайцеся Готфрыда!
- Прытрымай язык, становішча сур'ёзнае, - крыкнуў я ўніз.
- Ота, наколькі можна збавіць цану?
- У крайнім выпадку саступі дзве тысячы. У самым крайнім - дзве дзвесце. Калі ўжо іншага выйсця не будзе - дзве пяцьсот. Калі ўбачыш, што перад табой вар'ят - дзве шэсцьсот. Але скажы яму, што мы будзем яго вечна праклінаць.
- Добра.
Мы адцёрлі машыну да бляску. Я сеў у яе. Кёстэр паклаў мне руку на плячо.
- Робі, памятай, што ты быў салдатам і рабіў і не такое. Абарані гонар нашай майстэрні, не шкадуючы крыві. Памры, але не выпускай з рук кашалёк Блюменталя.
- Дамовіліся, - усміхнуўся я.
Ленц выцягнуў з кішэні нейкі медаль і паднёс яго мне да твару.
- Дакраніся да майго амулета, Робі!
- Давай. - Я дакрануўся.
- Абракадабра, вялікі Шыва, - заклінаў Готфрыд. - Дай гэтаму баязліўцу мужнасці і сілы. Стой! Лепш за ўсё вазьмі яго з сабой. А цяпер плюнь тры разы.
- Парадак, - сказаў я, плюнуў яму пад ногі і паехаў міма Юпа, які ўсхвалявана вітаў мяне, узняўшы ўгору шланг.
Па дарозе я купіў некалькі гваздзікоў і ўпрыгожыў імі машыну. Я разлічваў зрабіць уплыў на фраў Блюменталь.
На жаль, Блюменталь прыняў мяне не дома, а ў канторы. Мне давялося хвілін пятнаццаць чакаць. «Даражэнькі, - падумаў я, - гэты фокус мне знаёмы, гэтым ты мяне не выб'еш з каляіны». У пачакальні я як след распытаў сімпатычную машыністку пра фірму, падкупіўшы яе гваздзіком. Трыкатажныя вырабы, збыт добры, дзевяць супрацоўнікаў, ціхі кампаньён, зацятая канкурэнцыя з «Маерам і Сынам», сын Маера ездзіць у чырвоным двухмесным «эсексе» - вось што мне ўдалося даведацца, пакуль мяне запрасіў Блюменталь.
Ён адразу гахнуў з цяжкой артылерыі.
- Малады чалавек, - сказаў ён. - У мяне мала часу. Мінулы раз вы назвалі цану, пра якую вы можаце толькі марыць. Але руку на сэрца - колькі каштуе машына?
- Сем тысяч марак, - адказаў я.
Ён рэзка адвярнуўся ад мяне.
- Тады няма размовы.
- Пан Блюменталь, - сказаў я, - паглядзіце машыну яшчэ раз.
- Няма патрэбы, - перабіў ён мяне. - Я ўжо паглядзеў.
- Можна па-рознаму глядзець, - заявіў я. - Трэба паглядзець дэталёва. Лак высокага гатунку, ад «Фоля і Рурбэка», кошт - 250 марак, шыны новыя, цана 600 марак, ужо 850. Абіўка сядзенняў, тонкі корд...
Ён адмахнуўся. Я пачаў спачатку. Я запрашаў яго паглядзець. Шыкоўны набор інструментаў, выдатны скураны верх, храміраваны радыятар, сучасныя бамперы - шэсцьдзесят марак пара. Я імкнуўся вярнуцца да машыны, як дзіця да маці, угаворваючы Блюменталя спусціцца ўніз. Я ведаў, што зямля надасць мне, як Антэю, новых сіл. Калі ёсць што паказаць, цэны перастаюць выклікаць абстрактны жах.
Але і Блюменталь ведаў, што пісьмовы стол - яго апора. Ён зняў акуляры і ўзяўся за мяне ўсур'ёз. Мы змагаліся, як тыгр з пітонам. Блюменталь быў пітон. Не паспеў я азірнуцца, як ён ужо вытаргаваў у мяне паўтары тысячы марак.
Я спужаўся. Я палез у кішэнь і моцна сціснуў у руцэ Готфрыдаў амулет.
- Пан Блюменталь, - сказаў я, трацячы сілы, - ужо гадзіна дня. Вам, пэўна, пара палуднаваць. - Любой цаной я хацеў вырвацца з памяшкання, дзе цэны раставалі, як снег.
- Я ем толькі ў дзве гадзіны, - заявіў Блюменталь непарушна. - Але ведаеце што? Мы можам зрабіць зараз пробную паездку.
Я з палёгкай уздыхнуў.
- Потым мы яшчэ пагаворым, - дадаў ён. У мяне зноў заняло дыханне.
Мы паехалі да яго дома. На маё здзіўленне, у машыне яго як падмянілі. Ён зычліва расказаў стары, даўно вядомы мне анекдот пра кайзера Франца Ёзэфа. Я адплаціў яму анекдотам пра трамвайнага кандуктара. Ён мне - пра саксонца, які заблудзіў. Я адразу ж - пра саксонскую пару закаханых... Толькі перад домам мы загаварылі зноў сур'ёзна. Ён папрасіў мяне пачакаць і пайшоў па жонку.
- Мой любімы таўстун-«кадзілак», - сказаў я і паляпаў машыну па радыятары. - За гэтымі анекдотамі, напэўна, хаваецца нейкая д'ябальшчына. Але будзь спакойны: мы знойдзем табе прытулак. Ён купіць цябе, будзь упэўнены - калі жыд вяртаецца, то купляе. Калі вяртаецца хрысціянін, то гэта не значыць, што ён купіць. Ён робіць з паўдзесятка пробных паездак, каб зэканоміць на таксі, а потым ён раптам прыпамінае, што яму патрэбна не машына, а абсталяванне для кухні. Не, не, жыды талковыя людзі, яны ведаюць, чаго хочуць. Але я клянуся табе, дарагі таўстун: калі я ўступлю гэтаму непасрэднаму нашчадку ўпартага Юды Макавея яшчэ хоць адну сотню марак, я да скону не вып'ю ні чаркі гарэлкі.
З'явілася фраў Блюменталь. Я прыпомніў усе парады Ленца і з байца ператварыўся ў кавалера.
Блюменталь толькі подленька ўсміхаўся з гэтага. Гэта быў жалезны чалавек. Яму трэба было б прадаваць лакаматывы, а не трыкатаж.
Я паклапаціўся пра тое, каб ён сеў ззаду, а яго жонка - побач са мной.
- Куды вас павезці, шаноўная пані? - спытаў я саладжавым голасам.
- Куды хочаце, - адказала яна, усміхаючыся мне па-мацярынску.
Я пачаў размову. Якая асалода размаўляць з такім нявінным чалавекам! Я гаварыў так ціха, каб Блюменталь нічога не чуў. Так мне было лягчэй. Хапала і таго, што ён сядзеў ззаду.
Мы спыніліся. Я вылез і цвёрда зірнуў на майго непрыяцеля.
- Усё-такі вы павінны пагадзіцца, што машына бяжыць бездакорна, пан Блюменталь.
- Якая радасць з той бездакорнасці, малады чалавек, - запярэчыў ён мне надзвычай ветліва, - калі падаткі паглынаюць цябе. Падаткі на машыну занадта высокія. Гэта я вам кажу.
- Пан Блюменталь, - сказаў я, імкнучыся не змякчыць тон, - вы дзелавы чалавек, з вамі можна гаварыць шчыра. Гэта - не падаткі, а выдаткі. Скажыце самі, чаго сёння патрабуе камерцыя? Вам гэта добра вядома: не капіталу, як раней, - патрэбны крэдыт! А як атрымаць крэдыт? Толькі праз уменне паказаць сябе. «Кадзілак» - машына салідная і хуткая, утульная, але не старамодная. Здаровы буржуазны лад жыцця - жывая рэклама вашай фірмы.
Блюменталь весела павярнуўся да сваёй жонкі.
- У яго жыдоўскія мазгі, праўда? Малады чалавек, - сказаў ён потым тым жа самым фамільярным тонам, - самая лепшая рэклама саліднасці сёння - паношаны касцюм і паездка на аўтобусе. Калі б у нас з вамі былі тыя грошы, якія яшчэ не выплачаны за элегантныя машыны, што пралятаюць міма, мы маглі б спакойна сядзець, нічога не робячы. Гэта я вам кажу. З даверам.
Я з недаверам зірнуў на яго. Што азначае гэтая зычлівасць? Што ён задумаў? Ці прысутнасць жонкі прытупіла яго баявітасць? Я вырашыў стрэліць з пісталета.
- «Кадзілак» - гэта не «эсекс», ці не так, шаноўная пані? Сын Маера ездзіць на «эсексе», але ён мне і дарма не патрэбны... гэтыя чырвоныя, яркія сані...
Я пачуў, як засоп Блюменталь, а сам хутка працягваў:
- Колер абіўкі вельмі вам да твару, шаноўная пані, - прыглушаны сіні кобальт для бландзінкі...
Раптам Блюменталь заўсміхаўся - здавалася, я ўбачыў лес, поўны вясёлых малпаў.
- Маер і сын - здорава, здорава... - аж застагнаў ён, - а цяпер яшчэ гэтыя тары-бары... тары-бары!
Я зірнуў на яго. Я не паверыў сваім вачам. Ён смяяўся непадробна.
Я адразу ж ударыў па тых самых струнах.
- Пан Блюменталь, дазвольце мне растлумачыць. У размове з жанчынай тары-бары - не тары-бары. Гэта кампліменты, якія ўсё радзей пачуеш у наш варты жалю час. Жанчына - не металічная мэбля. Яна - кветка! Ёй непатрэбна дзелавітасць. Ёй патрэбна стракатае сонца слоў. Лепш гаварыць ёй кожны дзень штосьці прыгожае, чым з бычынай настойлівасцю працаваць на яе. Гэта я вам скажу. Шчыра. А акрамя таго, я не разводзіў тары-бары, а выкарыстаў фізічны закон. Сіні колер добра пасуе бландзінкам.
- Добра спяваеш, пташка, - сказаў Блюменталь, ззяючы. - Паслухайце, пан Локамп... Я ведаю, што магу збіць яшчэ тысячу марак...
Я адступіў на крок.
«Вераломны сатана, - падумаў я, - гэта той удар, якога я чакаў». Я ўжо ўявіў сваё жыццё без адзінай чаркі алкаголю і, як зацкаванае аляня, зірнуў на фраў Блюменталь.
- Але, бацька... - сказала яна.
- Пакінь, маці, - адказаў ён. - Дык вось: я мог бы зрабіць гэта, але не раблю. Мне, камерсанту, ваша праца прынесла задавальненне. Крыху зашмат фантазіі, але ўсё ж ваш аргумент наконт Маера і сына быў удалы. У вас маці жыдоўка?
- Не.
- Вы працавалі ў краме гатовага адзення?
- Так.
- Вось бачыце, стыль адтуль. У якім аддзеле?
- У аддзеле «Душа», - адказаў я. - Я хацеў стаць настаўнікам.
- Пан Локамп, - сказаў Блюменталь. - Вы - малайчына! Калі страціце месца, тэлефануйце мне.
Ён выпісаў чэк і аддаў яго мне. Я не паверыў сваім вачам. Задатак - дзіва!
- Пан Блюменталь, - узрушана сказаў я, - дазвольце мне дадаць да машыны дзве крышталёвыя попельнічкі і першакласны гумавы дыванок пад ногі.
- Выдатна, - сказаў ён. - Вось і старому Блюменталю перапаў падарунак...
Затым ён запрасіў мяне назаўтра павячэраць. Фраў Блюменталь па-мацярынску ўсміхнулася мне.
- Будзе фаршыраваны шчупак, - мякка вымавіла яна.
- Далікатэс, - заявіў я. - Тады заўтра ж прыганю вам машыну. Зранку мы яе зарэгіструем.
У майстэрню я вяртаўся як на крылах. Але Ленц і Кёстэр пайшлі палуднаваць. Я вымушаны быў пакуль што стрымаць сваю радасць. Быў толькі Юп.
- Прадалі? - спытаў ён.
- І табе трэба ведаць, ты - жэўжык, - сказаў я. - Вось табе талер. Пабудуй сабе на яго самалёт.
- Значыць, прадалі, - заўсміхаўся Юп.
- Я паеду палуднаваць, - сказаў я. - Але глядзі, нікому ні слова пра маё вяртанне.
- Пан Локамп, - заверыў ён і падкінуў манету ў паветра, - магіла.
- Можна паверыць, - сказаў я і націснуў на газ.
Калі я вярнуўся, Юп падаў мне знак.
- Што здарылася? - спытаў я. - Не ўтрымаў язык за зубамі?
- Пан Локамп! Жалезна! - Ён выскаліўся. - Але «фордаў» дзядзька прыйшоў.
Я пакінуў «кадзілак» у двары і пайшоў у майстэрню. Булачнік быў тут. Ён якраз схіліўся над каталогам колераў. На ім было паліто ў клетку з поясам і шырокай жалобнай стужкай на рукаве. Побач з ім стаяла сімпатычная істота з чорнымі гарэзлівымі вачыма, у расшпіленым палітончыку з аблямоўкай з вылінялага зайца і ў вельмі маленькіх лакірках. Чарнявая істота настойвала на яркім сурыку, але булачнік устрымліваўся ад чырвонага колеру, бо быў у жалобе. Ён выступаў за бляклы жоўта-шэры колер.
- Глупства, - бурчала чарнявая. - «Форд» павінен быць яркі. Інакш - ніякага фасону.
Заклінаючы, яна зыркала на нас, паціскала плячыма, калі булачнік схіляўся над каталогам, крывіла рот і падміргвала нам. Вясёлае дзіця! Нарэшце яны сышліся на зеленаватым колеры. Дзяўчыне хацелася, каб быў светлы верх. Але тут булачнік упёрся: недзе павінна быць жалоба. Ён адстаяў чорны скураны верх. Ён і на гэтым выйграў: верх жа ён атрымліваў бясплатна, а скура даражэйшая за тканіну.
Яны пайшлі. Але ідучы праз двор, спыніліся. Як толькі чарнявая ўбачыла «кадзілак», яна кінулася да яго.
- Паглядзі, пупсік, вось дык машына! Як з казкі! Яна мне вельмі падабаецца!
У наступны момант яна ўжо адчыніла дзверцы і ўселася, у захапленні страляючы вачыма.
- Вось гэта сядзенні! Каласальна! Крэслы, як у клубе! Не тое, што наш «форд»!
- Ну, пайшлі, - незадаволена сказаў пупсік.
Ленц падштурхнуў мяне: я мусіў выйсці на арэну і навязаць машыну булачніку. Я глянуў на Готфрыда, але не сказаў ні слова. Ён штурхануў мяне мацней. Я штурхануў яго і адвярнуўся.
Булачнік з цяжкасцю выцягнуў з машыны свой чарнявы скарб і, крыху прыгнуўшыся, у моцным расстройстве падаўся з двара.
Мы пазіралі парачцы ўслед.
- Рашучы чалавек! - сказаў я. - Адрамантаваў машыну, ажаніўся - малайчына!
- І праўда, - сказаў Кёстэр. - Ён яшчэ парадуецца з яе.
Толькі яны завярнулі за рог, як Готфрыд раз'юшыўся.
- Ты што, Робі, зусім звіхнуўся? Правароніць такую магчымасць! Гэта ж была задача для першакласніка!
- Унтэр-афіцэр Ленц! - адказаў я. - Падцягніце жывот, калі размаўляеце са старшым! Што я - прыхільнік дваяжонства, каб аддаваць машыну замуж двойчы?
Трэба было бачыць, як аслупянеў Готфрыд. Вочы ў яго сталі па талеры кожнае.
- Не жартуй са святынямі, - прамямліў ён.
Не звяртаючы на яго ўвагі, я загаварыў з Кёстэрам.
- Ота, развітвайся з нашым дзіцем - «кадзілакам». Ён ужо не наш. З гэтага часу ён будзе надаваць бляску аддзелу, дзе прадаюцца споднікі. Будзем спадзявацца, што яго там чакае шчаслівая доля. Не такая гераічная, як у нас, затое - больш надзейная.
Я дастаў чэк. Ленц як не разваліўся на часткі.
- Не можа быць! І ўжо аплочаны? - хрыпата прашаптаў ён.
- А як вы думалі, жаўтароцікі? - спытаў я і памахаў чэкам. - Гадайце - колькі.
- Чатыры! - крыкнуў Ленц, заплюшчыўшы вочы.
- Чатыры з паловай, - сказаў Кёстэр.
- Пяць! - крыкнуў ад калонкі Юп.
- Пяць з паловай, - адрэзаў я.
Ленц выхапіў чэк у мяне з рук.
- Немагчыма! Пэўна, не аплоціць!
- Пан Ленц, - сказаў я з пачуццём годнасці, - чэк настолькі надзейны, наколькі ненадзейны вы. У майго сябра Блюменталя хопіць грошай на дваццаць такіх чэкаў. Гэта мой сябра - вы разумееце? Заўтра ўвечары я буду есці ў яго фаршыраванага шчупака. Бярыце прыклад! Пасябраваць, атрымаць задатак і быць запрошаным на вячэру! Вось як трэба прадаваць! Так, цяпер вольна! - Готфрыд з цяжкасцю прыходзіў да памяці. Але ён не здаваўся.
- Дапамаглі мая аб'ява і амулет!
Я падаў яму яго медаль.
- Забяры сваю сабачую бірку. Я пра яе і забыўся.
- Ты прадаў выдатна, Робі, - сказаў Кёстэр. - Дзякуй богу, што мы пазбавіліся ад гэтых саняў. А грошы нам вельмі спатрэбяцца.
- Дай мне пяцьдзесят марак авансу, - папрасіў я.
- Сто. Ты зарабіў.
- Можа, даць табе яшчэ і маё шэрае паліто ў дадатак? - спытаў Готфрыд, падміргнуўшы.
- А ты ў бальніцу не хочаш, варты жалю балбатун-байструк? - спытаў я ў сваю чаргу.
- Хлопцы, на сёння ўсё! - прапанаваў Кёстэр. - За дзень зарабілі дастаткова. Нельга дражніць бога. Давайце выедзем на «Карле» і патрэніруемся перад гонкамі.
Юп ужо пакінуў калонку без прыгляду. Ён усхвалявана выціраў рукі.
- Пан Кёстэр, тады пакуль што тут камандаваць буду я, добра?
- Не, Юп, - са смехам адказаў Ота. - Едзем з намі!
Мы спачатку паехалі ў банк і абмянялі чэк. Ленц ніяк не мог супакоіцца, пакуль не ўпэўніўся, што ўсё ў парадку. Потым мы панесліся так, што аж іскры пасыпаліся з вачэй.
VIII
Я стаяў насупраць сваёй гаспадыні.
- Дзе гарыць? - спытала фраў Залеўскі.
- Нідзе, - адказаў я. - Я проста хачу заплаціць за кватэру.
Да тэрміну было яшчэ тры дні, і фраў Залеўскі ледзь не звалілася з ног.
- Тут нешта не тое, - з падазрэннем вымавіла яна.
- Не бойцеся, - адказаў я. - Дазвольце мне сёння ўвечары ўзяць два крэслы з вашай гасцёўні.
Гатовая рынуцца ў бой, яна ўпёрла рукі ў магутныя сцёгны.
- Вось табе і маеш! Вам ужо не падабаецца ваш пакой?
- Падабаецца. А яшчэ больш - крэслы з вашай гасцёўні.
Я растлумачыў ёй, што, магчыма, да мяне ў госці прыйдзе кузіна, а таму хацелася б зрабіць пакой больш утульным. Яна засмяялася, аж грудзі закалыхаліся.
- Кузіна, - паўтарыла яна з пагардай. - А калі ж тая кузіна з'явіцца?
- Гэта яшчэ не дакладна, - сказаў я. - Але калі прыйдзе, то не позна, на вячэру... Чаму вы не верыце, што гэта кузіна, фраў Залеўскі?
- Няхай сабе, - адказала яна. - Але кузінам не пазычаюць крэслаў.
- А я пазычаю, - настойваў я. - Ведаеце, я вельмі шаную сваяцкія адносіны.
- Відаць па вас! Ветрагоны вы ўсе! Вазьміце крэслы. У гасцёўню пастаўце пакуль што чырвоныя плюшавыя.
- Вялікі дзякуй! Заўтра ўсё прынясу назад. І дыван таксама.
- Дыван? - Яна павярнулася да мяне. - Хто тут хоць слова гаварыў пра дыван?
- Я. І вы таксама. Толькі што.
Яна глядзела на мяне бездапаможна.
- Гэта ж як камплект, - сказаў я. - Крэслы ж стаяць на дыване.
- Пан Локамп, - велічна заявіла фраў Залеўскі, - не перабірайце цераз край. Мера ва ўсім - так гаварыў нябожчык Залеўскі. Нялішне было б засвоіць і вам.
Мне было вядома, што нябожчык Залеўскі, нягледзячы на гэтае правільнае выслоўе, памёр ад перапою. Яго жонка сама пры іншых абставінах даволі часта расказвала мне пра гэта. Тым не менш яна карысталася сваім мужам, як іншыя Бібліяй: каб цытаваць. І чым больш часу мінала пасля яго смерці, тым больш яна прыпісвала яму. Ён быў прыгодны цяпер да любога выпадку - як і Біблія.
Я ўзяўся прыбіраць сваю каморку. Паполудні я патэлефанаваў Патрыцыі Хольман. Яна хварэла, і я не бачыў яе цэлы тыдзень. Цяпер мы дамовіліся сустрэцца ў восем гадзін, і я прапанаваў ёй павячэраць у мяне, а потым пайсці ў кіно.
Крэслы і дыван мелі шыкоўны выгляд. Але асвятленне страшэнна не пасавала да іх. Таму я пастукаўся ў суседні пакой да сям'і Хасэ, каб пазычыць настольнай лямпы. Фраў Хасэ, змораная, сядзела каля акна. Муж яшчэ не прыйшоў. Ён кожны дзень адну-дзве гадзіны працаваў звышурочна, толькі каб не звольнілі. Фраў Хасэ была падобная да падбітай птушкі. У яе невыразных старэючых рысах усё яшчэ можна было ўбачыць вузкі твар дзіцяці - расчараванага, сумнага дзіцяці.
Я сказаў, чаго прыйшоў. Яна ажывілася і прынесла мне лямпу.
- Дарэчы, - сказала яна, уздыхаючы. - Калі пачынаеш прыпамінаць, раней...
Гісторыя была не новая. Гаворка ішла пра перспектывы яе жыцця, калі б яна не пайшла за Хасэ. Гэтая гісторыя была вядомая мне і ў іншым варыянце: як яе расказваў Хасэ. Тут гаворка ішла пра перспектывы яго жыцця, калі б ён застаўся халасцяком. Гэта, відаць, была самая тыповая гісторыя ва ўсім свеце. І самая бесперспектыўная.
Я хвілінку паслухаў, падаў некалькі нязначных рэплік і падаўся да Эрны Бёніг, каб узяць грамафон.
Фраў Хасэ пра Эрну гаварыла толькі як пра жанчыну, «што жыве па суседстве». Яна пагарджала ёй, бо зайздросціла. А мне яна падабалася. Яна цвяроза ставілася да жыцця і ведала, што трэба ўстойліва стаяць на нагах, каб урваць кавалачак таго, што называецца шчасцем. Яна ведала таксама, што за яго трэба плаціць падвойную і патройную цану. Шчасце - самая ненадзейная і самая дарагая па цане рэч у свеце.
Эрна ўкленчыла каля сваёй валізкі, выбіраючы мне пласцінкі.
- Хочаце факстроты? - спытала яна.
- Не, - адказаў я. - Я не ўмею танцаваць.
Яна здзіўлена зірнула на мяне.
- Не ўмееце танцаваць? Дык а што вы робіце ў вольны час?
- Я танцую глоткай. Нядрэнна атрымліваецца.
Яна пахітала галавой.
- З мужчынам, які не ўмее танцаваць, у мяне не было б ніякіх варункаў.
- У вас строгія прынцыпы, - адказаў я. - Але ж ёсць і іншыя пласцінкі. Нядаўна вы ігралі вельмі прывабную... гэта быў жаночы голас пад гавайскую музыку ці нешта такое...
- Ах, тая пласцінка - чароўная. «Як бы я жыла без цябе...» - гэтая?
- Правільна! Чаго толькі не прыйдзе ў галаву паэтам-песеннікам. Мне здаецца, што толькі яны рамантыкі, якія засталіся.
Яна засмяялася.
- А чаму і не? Вось такі грамафон - таксама свайго роду кніга для запісаў. Даўней вершы запісвалі ў альбом, сёння дораць грамафонныя пласцінкі. Калі мне хочацца пра нешта ўспомніць, мне варта толькі зайграць пласцінку таго часу, і зноў усё ажывае.
Я паглядзеў на стосы пласцінак, што ляжалі на падлозе.
- Калі судзіць па пласцінках, Эрна, то ў вас процьма ўспамінаў.
Яна ўстала і адкінула рыжаватыя валасы.
- Так, - сказала яна, адсунуўшы пласцінкі нагой, - але мне хацелася б нечага сапраўднага...
Я распакаваў усё, што купіў на вячэру, і расставіў на стале як змог. З кухні дапамогі чакаць не выпадала - занадта дрэнныя адносіны былі ў нас з Фрыдай. Яна магла б толькі нашкодзіць мне. Але добра было і так, і неўзабаве мая старая каморка заблішчала да непазнавальнасці. Крэслы, лямпа, накрыты стол... я адчуваў, як ува мне расце трывожнае чаканне. Я адправіўся на сустрэчу, хоць у мяне было яшчэ больш за гадзіну часу. На дварэ дзьмуў вецер, моцнымі парывамі вылятаючы з-за вуглоў дамоў. Ліхары ўжо свяцілі. Змярканне паміж дамамі сінела, як мора. «Інтэрнацыяналь» плыў у ім, як ваенны карабель з прыбранымі ветразямі.
Я заскочыў у яго.
- Гоп-ля, Роберт, - сказала Роза.
- Што ты тут робіш? - сказаў я. - Чаму не выходзіш?
- Яшчэ ранавата.
Бясшумна падышоў Алоіс.
- Аднапавярховы? - спытаў ён.
- Трохпавярховы, - адказаў я.
- Пачынаеш магутна, - выказала думку Роза.
- Для смеласці, - сказаў я і выпіў ром.
- Можа, сыграеш? - спытала Роза.
Я пахітаў галавой.
- Няма ахвоты сёння. Занадта ветрана сёння, Роза. Як пажывае малая?
Яна заўсміхалася на ўсе свае залатыя зубы.
- Каб не сурочыць, добра. Заўтра зноў паеду да яе. На гэтым тыдні добра зарабіла. Старыя казлы адчулі ўжо вясну. Завязу ёй новае паліто. Шарсцяное, чырвонага колеру.
- Апошні крык моды, - сказаў я.
Роза заззяла.
- Ты - джэнтльмен, Робі.
- Каб ты толькі не памылілася, - сказаў я. - Давай вып'ем разам. Анісаўкі, ці што?
Яна згодна кіўнула. Мы чокнуліся.
- Скажы, Роза, як ты адносішся да кахання? - спытаў я. - Ты ж разбіраешся ў гэтай справе.
Яна гучна зарагатала.
- Кінь ты, - сказала яна. - Каханне! Ах, мой Артур... калі я думаю пра нягодніка, я і цяпер адчуваю слабасць у каленках. Я табе скажу, Робі, сур'ёзна: жыццё чалавека занадта доўгае для кахання. Проста занадта доўгае. Гэта мне даказаў мой Артур, калі змыўся. І гэта так. Каханне - гэта цудоўна. Але бывае, аднаму здаецца, што яно зацягнулася. А другі сядзіць і ўпарта чакае. Чакае, як вар'ят.
- Зразумела, - сказаў я. - Але ж і без кахання ты як нябожчык на адпачынку.
- Бяры прыклад з мяне, - адказала Роза. - Нажыві дзіця. У цябе будзе каго любіць, і ты супакоішся.
- Разумна, - сказаў я. - Толькі гэтага мне і не хапала.
Роза задумліва захітала галавой.
- Якой лупцоўкі я паспытала ад свайго Артура... і ўсё роўна, калі б ён зараз увайшоў... капялюш на патыліцы... Дарагі мой! Толькі ад думкі пра яго я дрыжу ўся.
- Вып'ем за здароўе Артура! - сказаў я.
Роза засмяялася.
- Няхай жыве блядун! Будзь здароў!
Мы выпілі.
- Да пабачэння, Роза. Жадаю поспеху ўвечары.
- Дзякуй! Да пабачэння, Робі!
Стукнулі дзверы ў калідоры.
- Прывітанне, - сказала Патрыцыя Хольман. - Так глыбока задумаўся?
- Ды не. Але... як пажываеце? Паправіліся? А што балела?
- А-а, нічога асаблівага. Прастудзілася, паднялася тэмпература.
Яна не выглядала хворай і зняможанай. Наадварот, яе вочы, здавалася, яшчэ ніколі не былі такія вялікія і ззяючыя. Твар крыху расчырванеўся, а рухі былі плаўныя, як у маладога прыгожага звярка.
- У вас цудоўны выгляд, - сказаў я. - Зусім здаровы! Мы можам зрабіць процьму цікавых спраў.
- Гэта было б выдатна, - адказала яна. - Але не сёння. Сёння я не магу.
Я ўтаропіўся на яе, не разумеючы.
- Вы не можаце?
Яна адмоўна пахітала галавой.
- На жаль, не магу.
Я ўсё яшчэ не разумеў. Мне здалося, што ёй не падабаецца мая каморка і таму яна вырашыла павячэраць у іншым месцы.
- Я ўжо тэлефанавала вам, - сказала яна, - каб вы дарма не прыходзілі. Але вас ужо не было.
Нарэшце я зразумеў.
- Вы сапраўды не можаце? На ўвесь вечар? - спытаў я.
- Сёння не магу. Мне трэба пайсці ў іншае месца. На жаль, я даведалася пра гэта толькі паўгадзіны назад.
- І нельга перанесці?
- Не, ніяк. - Яна ўсміхнулася. - Нешта накшталт дзелавога спаткання.
Мяне нібы абухом аглушылі. Я разлічваў на ўсё, толькі не на гэта. Я не верыў ніводнаму яе слову. Дзелавое спатканне - яна не была падобна да «дзелавой»! Магчыма, гэта толькі адгаворка. Нават напэўна. Якія дзелавыя перагаворы вядуцца ўвечары? Такія справы робяцца зранку. І пра іх не даведваюцца за паўгадзіны. Яна проста не хацела, і ўсё!
Я быў пакрыўджаны, як малое дзіця. Толькі цяпер я ўсвядоміў сабе, з якой радасцю я чакаў вечара. Я злаваўся на сябе, што так пакрыўдзіўся, але не хацеў, каб яна заўважыла гэта.
- Ну добра, - сказаў я. - Нічога не зробіш. Да пабачэння.
Яна пранікліва зірнула на мяне.
- Я не спяшаюся. Я дамовілася на дзевяць. Мы можам яшчэ прагуляцца. Цэлы тыдзень я не была на свежым паветры.
- Добра, - сказаў я з пачуццём нязгоды. Я раптам адчуў сябе змораным і спустошаным.
Мы пайшлі па вуліцы. Вечар праясніўся, паміж дахамі мігцелі зоркі. Мы праходзілі міма садка, дзе ў цені было некалькі кустарнікаў. Патрыцыя Хольман спынілася.
- Бэз, - сказала яна. - Пахне бэзам. Але ж не можа быць, яшчэ не пара.
- Я не адчуваю ніякага паху, - адказаў я.
- Няўжо?
Яна перагнулася праз агароджу.
- Гэта «дафна індзіка», шаноўная пані, - пачуўся грубы голас са змроку.
У садзе, прыхіліўшыся да дрэва, стаяў садоўнік у шапцы з латуннай бляхай. Ён падышоў, крыху хістаючыся. З кішэні паблісквала рыльца бутэлькі.
- Мы сёння пасадзілі яе, - заявіў ён і зрабіў магутны глыток. - Вось яна і пахне.
- Вялікі дзякуй, - сказала Патрыцыя Хольман і павярнулася да мяне. - І цяпер не адчуваеце?
- Цяпер пачуў, - адказаў я з неахвотай. - Пах добрай старой хлебнай гарэлкі.
- Адгадаў! - Чалавек у цяні па-маладзецку адрыгнуў.
Я выдатна адчуваў саладжавы водар - пах, які плыў у мяккім змроку. Але прызнавацца ў тым мне не хацелася нізашто на свеце. Дзяўчына засмяялася і пацягнулася.
- Як цудоўна - пасля працяглага палону ў пакоі! Вельмі шкада, што мне трэба ісці. Гэты Біндзінг заўсёды ў спешцы, заўсёды ў апошні момант... ён сапраўды мог бы адкласці справу на заўтра.
- Біндзінг? - спытаў я. - Вы дамовіліся з Біндзінгам?
Яна кіўнула.
- З Біндзінгам і яшчэ з некім. З гэтым некім усё і звязана. Важная справа. Можаце зразумець?
- Не, - адказаў я. - Гэтага я зразумець не магу.
Яна засмяялася, працягваючы гаварыць. Але я не слухаў. Біндзінг - гэта прозвішча было для мяне як гром з яснага неба. Я не думаў пра тое, што яго яна ведае даўней, чым мяне, я толькі бачыў яго агромністы бліскучы «б'юік», дарагі касцюм і кашалёк. Мая бедная, адважная, упрыгожаная каморка! Што я ўявіў сабе! Лямпа ад Хасэ, крэслы ад Залеўскі! Дзяўчына ўвогуле была мне не пара! Хто я такі? Пешаход, які пазычыў аднойчы «кадзілак», варты жалю п'яніца, больш нічога! Такіх процьма на кожным рагу! Я ўжо бачыў, як швейцар у «Лазе» аддае чэсць Біндзінгу, я бачыў светлыя, цёплыя, дагледжаныя пакоі, дым цыгарэт і элегантных мужчын, я чуў музыку і смех з мяне. Назад, хутчэй назад! Прадчуванне, надзея... чаго яны вартыя? Неразумна было на штосьці разлічваць. Толькі назад!
- Калі хочаце, мы можам сустрэцца заўтра ўвечары, - сказала Патрыцыя Хольман.
- Заўтра ў мяне не будзе часу, - адказаў я.
- Альбо паслязаўтра, ці ў любы дзень тыдня. У наступныя дні я вольная.
- Цяжка абяцаць, - сказаў я. - Мы сёння атрымалі заказ, відаць, прыйдзецца працаваць увесь тыдзень да позняй ночы.
Я хлусіў, але інакш не мог. Раптам я адчуў у сабе незвычайную злосць і ганьбу.
Мы перайшлі плошчу і пайшлі па вуліцы каля могілак. Я ўбачыў Розу, якая ішла ад «Інтэрнацыяналя». Яе высокія боты блішчалі. Я мог бы звярнуць некуды ўбок і пры звычайных абставінах так і зрабіў бы. Але цяпер я пайшоў ёй насустрач. Роза глядзела міма мяне, быццам мы незнаёмыя. Гэта зразумела. Ніводная з гэтых дзяўчат не пазнае цябе на вуліцы, калі ты не адзін.
- Прывітанне, Роза, - сказаў я.
Яна спачатку разгублена глянула на мяне, потым на Патрыцыю, потым паспешліва кіўнула галавой і ў неўразуменні пайшла далей. Праз некалькі крокаў ішла Фрыцы, памахваючы сумачкай. Чырвоныя вусны гарэлі, сцёгны віхляліся. Яна абыякава зірнула праз мяне, як праз шкляную шыбіну.
- Дзень добры, Фрыцы, - сказаў я.
Яна, нібы каралева, нахіліла галаву і нічым не выдала свайго здзіўлення. Але калі мы размінуліся, я пачуў, што яна наддала хады, каб абмеркаваць з Розай. Я ўсё яшчэ мог звярнуць у бакавую вуліцу, бо я ведаў, што пойдуць і астатнія - была пара першага абходу. Але заўпарціўшыся, я ішоў напрасткі. Чаму я павінен пазбягаць іх? Я іх ведаў куды лепш, чым гэтую дзяўчыну побач, з яе Біндзінгам і з яго «б'юікам». Няхай яна бачыць, няхай разгледзіць усіх грунтоўна.
Усе яны ішлі адна за адной, асветленыя ліхтарамі: прыгажуня Валі - бледная, танклявая, элегантная; Ліна на драўлянай назе, прысадзістая Эрна, кураня Марыён, чырванашчокая Марго, падобны да жанчыны Кікі ў трусіным палітоне і нарэшце - Мімі, бабуля з хворымі нагамі, падобная да абшчыпанай савы. Я вітаўся з усімі, а калі мы потым праходзілі міма «мамкі» з сасіскамі, я ад усяго сэрца паціснуў ёй руку.
- У вас тут шмат знаёмых, - сказала Патрыцыя Хольман праз нейкі час.
- Такіх хапае, - адказаў я ўпарта.
Я заўважыў, што яна зірнула на мяне.
- Мне здаецца, што нам час вяртацца, - сказала яна праз хвіліну.
- Так, - адказаў я. - І мне здаецца.
Мы спыніліся каля дзвярэй дома.
- Усяго вам добрага, - сказаў я. - І шмат радасці.
Яна не адказала. З цяжкасцю я перавёў позірк з кнопкі званка на яе. І сапраўды: я не паверыў сваім вачам, яна стаяла, і замест крыўды ў вачах у яе гарэлі агеньчыкі, рот крывіўся ва ўсмешцы, а потым яна засмяялася шчыра і бестурботна, яна проста засмяялася з мяне.
- Вы - малое дзіця, - сказала яна, - божа мой, якое вы малое дзіця!
Я ўтаропіўся на яе.
- Ну добра, - сказаў я, - як бы то ні было... - і раптам зразумеў сітуацыю. - Вы, мусіць, лічыце, што я паводжу сябе як ідыёт?
Яна засмяялася. Я хутка зрабіў крок наперад і моцна прыцягнуў яе да сябе. Няхай думае, што хоча. Яе валасы дакрануліся да маёй шчакі, яе твар быў побач з маім, я адчуў слабы персікавы пах яе скуры. Потым яе вочы наблізіліся, і я адчуў слодыч яе вуснаў...
Яна пабегла, не даўшы мне апамятацца.
Я вяртаўся міма «мамкі» з сасіскамі.
- Дай мне добрую порцыю, - сказаў я, ззяючы.
- З гарчыцай?
Я, стоячы, з вялікай асалодай з'еў сасіску. Алоіс прынёс мне з «Інтэрнацыяналя» куфаль піва.
- Чалавек - смешнае стварэнне, праўда, мамка? - сказаў я.
- Ты, відаць, маеш рацыю, - ахвотна адказала яна. - Учора падыходзіць пан, з'ядае дзве венскія сасіскі з гарчыцай, а потым не мае чым заплаціць. І вось, ужо позна, ніводнага чалавека паблізу, што тут зробіш, вядома, я яго ўпусціла. І ўяві, сёння ён з'яўляецца зноў, плаціць за ўчарашнія сасіскі і дае мне яшчэ гасцінца.
- Даваенная натура, мамка. А ўвогуле - як ідуць справы?
- Дрэнна! Учора сем пар венскіх сасісак і дзевяць сардэлек. Ты ведаеш, каб не мае дзяўчаты, я даўно скапыцілася б. - Яна мела на ўвазе прастытутак, якія падтрымлівалі «мамку», як толькі маглі. Калі яны падчэплівалі кавалера, то пры магчымасці праводзілі яго каля кацялка «мамкі», каб перад «справай» з'есці сардэльку і даць крыху зарабіць старой.
- Неўзабаве пацяплее, - працягвала мамка, - а вось зімой, на золі і ў холадзе... як ні апранайся, усё роўна не ўберажэшся.
- Дай мне яшчэ сардэльку, - сказаў я. - Так прыемна жыць. А як справы дома?
Яна зірнула на мяне сваімі маленькімі празрыстымі вочкамі.
- Тое ж самае. Надоечы прадаў ложак.
«Мамка» была замужам. Дзесяць год назад яе муж трапіў пад электрычку, калі хацеў ускочыць на хаду. Яму ампутавалі абедзве нагі. Няшчасце дзіўным чынам адбілася на ім. Ён так саромеўся перад жонкай свайго калецтва, што перастаў з ёй спаць. Акрамя таго, у бальніцы ён прызвычаіўся да морфію. Гэта хутка даканала яго, ён трапіў у кампанію гомасексуалістаў, і скора мужчына, які пяцьдзесят гадоў быў нармальны, нікога не прызнаваў, акрамя хлопчыкаў. Іх ён не саромеўся, бо яны былі мужчыны. Для жанчын ён быў калека, якому здавалася, што ён выклікае агіду і спачуванне, а гэтага ён вытрымаць не мог. Для мужчын ён быў усяго толькі няшчасны. Каб мець грошы на хлопчыкаў і морфій, ён забіраў у «мамкі» ўсё, што знаходзіў, і прадаваў усё, што можна было прадаць. Але «мамка» не кідала яго, хоць ён часта яе лупцаваў. Яна разам з сынам стаяла каля свайго кацялка кожную ноч да чатырох гадзін. Удзень яна мыла бялізну і прыбірала лесвіцы. У яе ўжо даўно балеў страўнік, але ніхто ніколі не бачыў яе ў дрэнным настроі. Яна лічыла, што ёй жывецца нядрэнна. Часам да яе прыходзіў муж, калі адчуваў сябе асабліва мярзотна, і плакаў. Гэта былі лепшыя хвіліны яе жыцця.
- Ты ўсё яшчэ на сваім добрым месцы? - спытала яна мяне.
Я кіўнуў.
- Так, мамка. Я добра зарабляю.
- Глядзі ж, трымайся за месца.
- Пастараюся, мамка.
Я прыйшоў дамоў. Каля пад'езда стаяла, нібы з неба звалілася, служанка Фрыда.
- Вы чароўнае дзіця, - сказаў я, адчуваючы патрэбу зрабіць нешта добрае.
Яна скрывіла твар, быццам воцату каўтнула.
- Сур'ёзна! -працягваў я. - Які сэнс вечна сварыцца! Жыццё занадта кароткае, Фрыда, яно поўнае выпадковасцей і небяспекі. Сёння трэба жыць дружна. Дамовіліся?
Яна не заўважыла маёй працягнутай рукі, прамармытала нешта пра заклятых п'яніц і, грукнуўшы дзвярыма, знікла.
Я пастукаў у дзверы да Георгі Блока. Праз шчыліну пад дзвярыма пранікала святло. Ён зубрыў.
- Пайшлі, Георгі, кусанём, - сказаў я.
Ён зірнуў на мяне. Яго бледны твар зачырванеўся.
- Я не хачу есці.
Ён падумаў, што я клічу яго ад спачування. Таму і не хацеў.
- Спачатку паглядзі, - сказаў я. - А то потым пашкадуеш. Зрабі мне ласку.
Калі мы ішлі праз калідор, я заўважыў, што дзверы ў Эрны Бёніг зачынены не шчыльна. За дзвярыма чулася ціхае дыханне. «Ага», - падумаў я і пачуў, як у Хасэ вельмі асцярожна шчоўкнулі замком, і дзверы таксама прачыніліся на сантыметр. Увесь пансіянат, відаць, напружана чакаў маёй кузіны.
Пад зыркім святлом верхніх лямпаў стаялі парчовыя крэслы ад фраў Залеўскі. Ярка свяціла лямпа ад Хасэ, асвятляючы ананасы, дарагую пячоначную каўбасу, скрылькі судака, бутэльку чэры. Калі мы з анямелым Георгі пачалі ўплятаць яду, у дзверы пастукалі. Я ведаў, што будзе.
- Увага, Георгі, - прашаптаў я і крыкнуў: - Заходзьце!
Дзверы адчыніліся, і, згараючы ад цікаўнасці, увайшла фраў Залеўскі. Першы раз у жыцці яна сама асабіста прынесла мне пошту: нейкую рэкламу, якая тэрмінова заклікала мяне харчавацца сырымі прадуктамі. Яна прыбралася, як фея на баль, велікасвецкая дама з былых лепшых часоў - карункавая сукенка, шаль з махрамі і брошка з партрэтам нябожчыка Залеўскі. Саладжавая ўсмешка застыла раптам на яе твары, расчаравана яна ўзіралася на Георгі, які засаромеўся. Я бессардэчна зарагатаў. Яна хутка ўзяла сябе ў рукі.
- Ага, адстаўка, - сказала яна з'едліва.
- Так і ёсць, - пагадзіўся я, усё яшчэ любуючыся ёй. - Якое шчасце, што з майго запрашэння нічога не атрымалася!
Фраў Залеўскі нядобра глянула на мяне.
- І вы яшчэ смяецеся? Я ж заўсёды гаварыла: у вас замест сэрца бутэлька з гарэлкай.
- Моцна сказана, - адказаў я. - Можа, зробіце нам ласку, далучыцеся, шаноўная пані?
Яна вагалася. Але потым цікаўнасць перамагла, хацелася нешта даведацца. Я адкаркаваў бутэльку чэры.
Позна, калі ўсё заціхла, я ўзяў паліто і коўдру і праз калідор пракраўся да тэлефона. Я ўкленчыў перад сталом, на якім стаяў апарат, накрыўся коўдрай і паліто, зняў слухаўку, прытрымліваючы з-пад нізу левай рукой паліто. Я быў упэўнены, што так мяне ніхто не падслухае. У пансіяната былі надзвычай доўгія, цікаўныя вушы. Мне пашанцавала. Патрыцыя Хольман была дома.
- Вы даўно вярнуліся са сваёй таямнічай нарады? - спытаў я.
- Амаль гадзіну назад.
- Шкада. Каб я ведаў...
Яна засмяялася.
- Не, нічога не выйшла б. Я ляжу ў пасцелі, у мяне зноў паднялася тэмпература. Вельмі добра, што я ў час прыйшла дахаты.
- Тэмпература? Што гэта за тэмпература?
- А, нічога страшнага. А што вы рабілі сёння?
- Абмяркоўваў з гаспадыняй міжнароднае становішча. А вы? Уладкавалі свае справы?
- Здаецца, усё ў парадку.
Пад маім покрывам стала горача, як у тропіках. Таму, як толькі пачынала гаварыць дзяўчына, я рабіў вентыляцыю, паспешліва ўдыхаў свежае паветра і зноў накрываўся, калі трэба было гаварыць самому.
- У вас няма знаёмага, якога завуць Роберт? - спытаў я.
Яна засмяялася.
- Здаецца, няма.
- Шкада. Мне вельмі хацелася б пачуць, як вы вымаўляеце гэтае імя. А можа, усё ж такі паспрабуеце?
Яна зноў засмяялася.
- Так проста, для смеху, - сказаў я. - Напрыклад: Роберт - асёл.
- Роберт - малое дзіця...
- У вас выдатнае вымаўленне, - сказаў я. - А цяпер паспрабуем: Робі. Давайце: Робі...
- Робі - п'яніца... - вымавіў далёкі голас павольна. - А цяпер мне трэба спаць. Я прыняла снатворнае, галава ўжо гудзіць.
- Добра, дабранач, спакойнага сну.
Я паклаў слухаўку і скінуў паліто і коўдру. Потым я ўстаў на ногі і аслупянеў. На крок ад мяне за спіной, як прывід, стаяў пенсіянер-скарбнік, які жыў у пакоі каля кухні. Я нешта злосна прамармытаў.
- Тсс! - зашыпеў ён і выскаліўся.
- Тсс! - зрабіў я ў адказ, узычыўшы яму пекла.
Ён узняў палец.
- Я не выдам... палітыка, так?
- Што? - здзівіўся я.
Ён падміргнуў.
- Не бойцеся: я сам - крайне правы. Сакрэтная палітычная размова, праўда?
Я зразумеў.
- Самая найпалітычнейшая, - сказаў я і выскаліўся таксама.
Ён кіўнуў і прашаптаў:
- Няхай жыве Яго Вялікасць!
- Ура! Ура! Ура! - адказаў я. - А цяпер іншае пытанне: вы ведаеце, хто вынаходнік тэлефона?
Ён у здзіўленні пахітаў лысым чэрапам.
- І я не ведаю, - сказаў я. - Але гэта быў, напэўна, цудоўны хлопец...
ІX
Нядзеля. Дзень гонак. Апошні тыдзень Кёстэр трэніраваўся кожны дзень. Вечарамі мы да позняй ночы правяралі і змазвалі «Карла» да апошняга вінціка, прывялі яго ў парадак. Цяпер мы сядзелі каля склада запасных частак і чакалі Кёстэра, які пайшоў на месца старту.
Сабраліся ўсе: Граў, Валянцін, Ленц, Патрыцыя Хольман, а перш за ўсіх Юп - у камбінезоне і ў гоначным шлеме з акулярамі. Ён ехаў з Кёстэрам асістэнтам, бо быў найлягчэйшы. Праўда, Ленц сумняваўся. Ён сцвярджаў, што Юпавы вялізныя вушы, якія стаялі тарчаком, будуць рабіць занадта вялікае супраціўленне, таму адно з двух: або машына страціць дваццаць кіламетраў хуткасці, альбо яна ператворыцца ў самалёт.
- Дарэчы, як вы атрымалі ангельскае імя? - спытаў Готфрыд у Патрыцыі Хольман, якая сядзела побач з ім.
- Мая маці была ангелька. Яе звалі, як і мяне, - Пат.
- А-а, Пат, гэта зусім іншая справа. Гэта вымаўляецца куды лягчэй.
Ён прынёс шклянку і бутэльку.
- Ну, тады за добрую дружбу, Пат. Мяне завуць Готфрыд.
Я ўтаропіўся на яго. У той час, калі я ўсё яшчэ пакутаваў, не ведаючы, як да яе звяртацца, ён бесцырымонна вырашыў гэтую задачу тут, сярод белага дня. І яна засмяялася і сапраўды пачала называць яго Готфрыдам.
Але гэта яшчэ нічога ў параўнанні з паводзінамі Граў. Ён быццам зусім з'ехаў з глузду і не адрываў ад яе вачэй. Ён грымотна дэкламаваў ёй вершы, а потым заявіў, што павінен намаляваць яе. І сапраўды, ён прысеў на скрынку і пачаў маляваць.
- Слухай, Фердынанд, старое пудзіла, - сказаў я і забраў у яго блакнот. - Не траць свой талент на жывых. Малюй нябожчыкаў. І больш размаўляй на агульныя тэмы. Я за дзяўчыну перажываю.
- Вы прап'яце потым са мной рэшткі багатай цёткі майго гаспадара?
- Наконт усіх рэшткаў - не ведаю. Але нагу - абавязкова.
- Добра. Тады я цябе пашкадую, хлопчык.
Ляск матораў, нібы кулямётная страляніна, разнёсся ўздоўж шашы. Пахла паленым маслам, бензінам і рыцынай. Цудоўны ўзбуджальны пах, цудоўны ўзбуджальны віхор матораў! Побач, у добра абсталяваных боксах, шумелі механікі. Мы былі аснашчаны даволі сціпла. Такія-сякія інструменты, свечы запальвання, два колы з запаснымі кіхамі, якія мы задарма атрымалі ад нейкай фабрыкі, некалькі дробных запасных частак - вось і ўсё. Завод не фінансаваў Кёстэра. Мы мусілі ўсё аплачваць самі. Таму і мелі не шмат.
Прыйшоў Ота, за ім Браўмюлер, ужо апрануты для гонкі.
- Ну, Ота, - сказаў ён, - калі сёння мае свечы вытрымаюць, ты прапаў. Але яны не вытрымаюць.
- Паглядзім, - адказаў Кёстэр.
Браўмюлер пагразіў «Карлу».
- Сцеражыся майго «Шчаўкунчыка»!
«Шчаўкунчыкам» Браўмюлер называў сваю новую, вельмі цяжкую машыну. Яна лічылася фаварытам.
- «Карл» уставіць табе ногі, Тэа! - крыкнуў яму Ленц. Браўмюлер хацеў адказаць на салдацкай мове гонару, але прыкусіў язык, калі заўважыў паміж нас Патрыцыю Хольман. Ён вылупіў вочы, няёмка ўсміхнуўся няведама чаму і падаўся прэч.
- Поўны поспех, - з задавальненнем сказаў Ленц.
Над шашой разнёсся брэх матораў. Кёстэру пара было рыхтавацца. «Карл» быў заяўлены ў класе спартовых машын.
- Шмат мы табе не дапаможам, Ота, - сказаў я і паглядзеў на інструменты.
Ён адмахнуўся.
- І не трэба. Калі «Карл» паламаецца, тады не дапаможа нават цэлая майстэрня.
- Ці выставіць табе шыльды, каб ты бачыў, як ідзеш?
Кёстэр пахітаў галавой.
- Старт будзе агульны. Сам убачу. Ды і Юп будзе сачыць.
Юп старанна заківаў галавой. Ад хвалявання яго біла ліхаманка. Ён бесперапынна жаваў шакалад. Але гэта пакуль што. Як толькі прагучыць стрэл на старт, ён зробіцца спакойны, як чарапаха.
- Што ж, наперад, з богам!
Мы выпіхнулі «Карла».
- Толькі не затрымайся на старце, любая мая здыхляціна, - сказаў Ленц, гладзячы радыятар. - Не расчаруй свайго старога тату, «Карл»!
«Карл» сарваўся з месца. Мы глядзелі яму ўслед.
- Зірні на смешную ламачыну, - раптам сказаў нехта побач з намі. - Ззаду цюцелька ў цюцельку страўс.
Ленц горда выпрастаўся.
- Вы маеце на ўвазе белую машыну? - спытаў ён, пачырванелы, але спакойны.
- Менавіта, - пагардліва адказаў яму даўгалыгі механік з суседняга бокса, не паварочваючы галавы, і падаў свайму суседу бутэльку з півам. Ленц пачаў заікацца ад злосці і намерыўся пераскочыць праз нізкую дашчаную загародку. Дзякаваць богу, ён яшчэ не пачаў абражаць. Я адцягнуў яго назад.
- Кінь глупства, - лаяўся я. - Ты патрэбны нам тут. Навошта табе загадзя лезці ў бальніцу?
Ён вырываўся з аслінай упартасцю. Ён не трываў ніводнага слова супроць «Карла».
- Бачыце, - сказаў я Патрыцыі Хольман, - вось вам і апошні рамантык, гэты звар'яцелы баран! Няўжо вы паверыце, што ён калісьці пісаў вершы?
Словы падзейнічалі імгненна. Я закрануў яго больку.
- Задоўга да вайны, - папрасіў прабачэння Готфрыд. - Акрамя таго, дзіця, звар'яцець на гонках - не ганьба. Так, Пат?
- Быць вар'ятам увогуле не ганьба.
Готфрыд аддаў чэсць.
- Мудра сказана!
Шум матораў заглушыў усё астатняе. Паветра скаланулася. Скалануліся зямля і неба. Поле праімчалася міма.
- Перадапошні, - прабурчаў Ленц. - Жывёліна спатыкнулася ўсё ж на старце.
- Нічога, - сказаў я. - Старт - слабае месца «Карла». Ён бярэ разгон паволі, затое потым яго ўжо не спыніць.
У заціхаючы гул матораў усвідраваліся гукі гучнагаварыцеляў. Мы не паверылі сваім вушам: Бургер, небяспечны канкурэнт, застаўся на старце.
Машыны, выючы, набліжаліся. Яны падскоквалі ўдалечыні, як конікі-дзёгцікі на дарозе, павялічваліся, а потым праімчаліся на процілеглым баку трыбуны, робячы вялікі віраж. Іх пакуль што было шасцёра. Кёстэр, як і раней - на перадапошнім месцы. Мы былі напагатове. То мацней, то слабей у паветры чуўся рык матораў і рэха. Потым зграя вырвалася на прамую. Адзін наперадзе... другі і трэці шчыльна за ім, потым - Кёстэр. На павароце ён выйграў і цяпер ішоў чацвёрты.
З-за воблакаў паказалася сонца. Шырокія светлыя і шэрыя палосы павіслі над шашой, пакрытай, як тыгр, плямамі святла і ценю. Па людскім натоўпе на трыбунах плылі цені ад воблакаў. Шум матораў, як д'ябальская музыка, хваляваў нашу кроў. Ленц таптаўся на месцы, пакутуючы, я дашчэнту разжаваў сваю цыгарэту, а Патрыцыя Хольман прынюхвалася да наваколля, як маладое жарабя ўранку. Толькі Валянцін і Граў спакойна сядзелі і грэліся на сонейку.
Зноў загрукала неверагоднае сэрцабіццё машын, якія набліжаліся, праляталі міма трыбун. Мы ўпіліся позіркамі ў Кёстэра. Ён пахітаў галавой, кіхі мяняць не трэба было. На наступным крузе ён ужо дагнаў трэцюю машыну і сядзеў у яе на хвасце. Так яны вырваліся на бясконцую прамую.
- Чорт вазьмі! - Ленц зрабіў глыток з бутэлькі.
- Ён трэніраваўся, - сказаў я Патрыцыі Хольман. - Віражы - яго стыхія.
- Можа, глытняце з пляшкі, Пат? - спытаў Ленц.
Я злосна глянуў на яго. Ён вытрымаў мой позірк не міргнуўшы.
- Лепш са шклянкі, - сказала яна. - Піць з бутэлькі я яшчэ не навучылася.
- Вось як! - Готфрыд дастаў шклянку. - Гэта - недахопы сучаснага выхавання.
На наступных кругах удзельнікі расцягнуліся. Лідыраваў Браўмюлер. Першыя тры машыны паступова вырваліся метраў на трыста. Кёстэр, шчыльна параўняўшыся з трэцяй машынай, знік за трыбунамі. Потым машыны зноў з'явіліся. Мы паўскоквалі. А дзе ж трэцяя? Ота імчаўся адзін, за дзвюма першымі. А вось, вуркочучы, з'явілася і трэцяя машына. Заднія шыны разляцеліся на шматкі. Ленц зласліва ўсміхаўся. Машына спынілася каля суседняга бокса. Даўгалыгі механік лаяўся. Праз хвіліну машына зноў была гатова.
Наступныя кругі нічога не змянілі. Ленц адклаў хранометр і пачаў падлічваць.
- У «Карла» яшчэ ёсць рэзервы, - аб'явіў ён.
- Баюся, што ў астатніх таксама, - сказаў я.
- Малавер! - Ён кінуў на мяне знішчальны позірк.
І на перадапошнім крузе Кёстэр пахітаў галавой. Ён вырашыў рызыкнуць - не мяняць кіхі. Яшчэ не было так спякотна, каб яны не вытрымалі.
Празрыстай істотай павісла напружанне над шырокай плошчай і трыбунамі, калі машыны пайшлі на апошні круг.
- Вазьміцеся ўсе за дрэва, - сказаў я і ўчапіўся ў ручку малатка. Ленц паклаў мне руку на патыліцу. Я адпіхнуў яго. Ён усміхнуўся і ўхапіўся за бар'ер.
Гул нарастаў да выцця, выццё - да рыку, рык - да грому, да высокага з прысвістам спеву машын, што імчалі, намагаючыся з апошняе сілы. Браўмюлер уляцеў у віраж. За ім неслася другая машына. Яе заднія колы скрыгаталі і шыпелі. Яна ішла ніжэй, чым першая, больш крута. Гоншчык, відаць, хацеў выйграць такім чынам.
- Памылка! - крыкнуў Ленц. А тут якраз з'явіўся і Кёстэр, яго машына з разгону вылецела аж за знешні край. Мы на імгненне анямелі: здавалася, што ён зараз вылеціць за паварот, але матор зароў, і машына ўтрымалася.
- Ён упісаўся на поўным газе! - крыкнуў я.
Ленц кіўнуў.
- Вар'яцтва!
Мы перавесіліся праз бар'ер. Ад хвалявання нас біла ліхаманка: ці пашанцуе? Я падняў Патрыцыю Хольман на скрынку з інструментам.
- Так будзе лепш відаць! Абапрыцеся на маё плячо. Глядзіце ўважліва, ён і гэтага абставіць на павароце.
- Абставіў! - крыкнула яна. - Ужо перагнаў.
- Ён даганяе Браўмюлера. О божа, святы Майсей! - закрычаў Ленц. - Ён сапраўды ўжо перагнаў таго і набліжаецца да Браўмюлера.
У воблаку ўзнятай буры тры машыны то з'яўляліся, то знікалі, мы крычалі як звар'яцелыя, да нас падключыліся Валянцін і Граў са сваім неверагодным басам. Кёстэру ўдалася яго шалёная задума, ён перагнаў другую машыну на павароце зверху, таму што той памыліўся і на крутым віражы страціў хуткасць. Цяпер Ота, як каршун, кінуўся за Браўмюлерам, які раптам аказаўся метраў за дваццаць ад яго. Відаць, у таго нешта здарылася з запальваннем.
- Дай яму, Ота! Дай яму! З'еш «Шчаўкунчыка»! - зараўлі мы і замахалі рукамі.
Машыны схаваліся на апошнім павароце. Ленц гучна маліўся ўсім багам Азіі і Паўднёвай Амерыкі, каб тыя дапамаглі. Ён махаў сваім амулетам. Патрыцыя Хольман, абапіраючыся на маё плячо, напружана ўглядалася ў далячынь, выцягнуўшы твар, які напамінаў скульптурку на носе галеры.
І вось яны з'явіліся. Матор Браўмюлера ўсё яшчэ чмыхаў, увесь час чуліся перабоі. Я заплюшчыў вочы. Ленц адвярнуўся да дарогі спіной - мы хацелі ўлешчыць лёс. Нечы крык прымусіў нас павярнуць твары. Мы яшчэ паспелі ўбачыць, як Кёстэр першы перасек фінішную лінію, на два метры адарваўшыся ад суперніка.
Ленц як звар'яцеў. Ён шпурнуў інструмент на зямлю і зрабіў стойку на руках на шынах.
- Што вы нядаўна сказалі? - закрычаў ён, стаўшы на ногі і звяртаючыся да механіка-Геркулеса. - Ламачына?
- Ат, слухай, не квакай над вухам, - незадаволена адказаў механік.
І ўпершыню за ўвесь час, колькі я яго ведаю, апошні рамантык не раз'юшыўся ад знявагі, а дзіка затросся ад рогату.
Мы чакалі Ота. Ён затрымаўся каля арганізатараў гонак.
- Готфрыд! - пачуўся раптам хрыплаваты голас у нас за спіной. Мы азірнуліся. Мы ўбачылі чалавека-гару ў занадта вузкіх паласатых штанах, у неверагодна цесным пінжаку колеру марэнга і ў чорным капелюшы.
- Альфонс! - усклікнула Патрыцыя Хольман.
- Уласнай персонай, - пацвердзіў ён.
- Мы перамаглі, Альфонс! - крыкнула яна.
- Моцна, моцна. Дык я, відаць, спазніўся, га?
- Ты ніколі не спазняешся, Альфонс, - сказаў Ленц.
- Вырашыў прынесці вам сёе-тое перакусіць. Халоднай смажаніны, салёных скабак. Усё парэзана.
- Давай сюды і садзіся, золатка наша! - крыкнуў Готфрыд. - Зараз навалімся.
Ён разгарнуў пакет.
- Божа мой, - сказала Патрыцыя Хольман. - Тут жа на цэлы полк.
- Потым будзе відаць, - разважыў Альфонс. - Між іншым, ёсць кмінная гарэлка... халодненькая.
Ён дастаў дзве бутэлькі.
- Ужо адкаркаваныя.
- Моцна, моцна, - сказала Патрыцыя Хольман. Ён зычліва падміргнуў ёй.
З ляскатам падкаціў «Карл». На зямлю саскочылі Кёстэр і Юп. Юп быў падобны на маладога Напалеона. Вушы ў яго свяціліся, як царкоўныя вокны. Ён у абдымках трымаў жудасна безгустоўны вялізны срэбны кубак.
- Сёмы, - са смехам сказаў Кёстэр. - Іншага нічога людзям і ў галаву не прыйдзе.
- Толькі гэты збан? - дзелавіта спытаў Альфонс. - І ніколечкі грошай?
- Ёсць, - супакоіў яго Ота. - Ёсць і грошы.
- Ну, тады мы зараз засыпемся грашыма, - сказаў Граў.
- Можна, відаць, прыемна правесці вечар.
- У мяне? - спытаў Альфонс.
- Справа гонару, - адказаў Ленц.
- Гарохавы суп са свінымі вантробамі, ножкамі і вушамі, - сказаў Альфонс, і нават на твары Патрыцыі Хольман адбілася пачцівасць. - Вядома, бясплатна, - дадаў ён.
Падышоў Браўмюлер, праклінаючы сваю няўдачу, з поўнай жменяй свечаў запальвання, запырсканых маслам.
- Супакойся, Тэа, - крыкнуў Ленц. - Першы прыз у наступных гонках дзіцячых вазкоў - безумоўна, твой.
- Можна ўзяць рэванш хоць на каньяку? - спытаў Браўмюлер.
- Пі хоць піўнымі куфлямі, - сказаў Граў.
- Тут вашы шанцы слабыя, пан Браўмюлер, - заявіў Альфонс як спецыяліст. - Ні разу яшчэ не бачыў, каб Кёстэр напіўся п'яны.
- Я яшчэ ні разу не бачыў, каб «Карл» пераганяў мяне, - сказаў Браўмюлер. - Акрамя сённяшняга дня.
- Не траць адвагі, - сказаў Граў. - Вось табе шклянка. Вып'ем за машыну - знішчальніцу культуры.
Калі мы сабраліся ад'язджаць, мы хацелі забраць з сабой рэшту прадуктаў, прынесеных Альфонсам. Іх хапіла б, каб накарміць некалькі чалавек. Але мы знайшлі толькі паперу, на якой яны ляжалі.
- Што за д'ябал, - сказаў Ленц. - А! - Ён паказаў на Юпа, які сарамліва ўсміхаўся. У яго яшчэ былі поўныя жмені, а жывот напяўся, як бубен.
- Таксама рэкорд!
Пасля абеду ў Альфонса мне здалося, што Патрыцыя Хольман карыстаецца занадта вялікім поспехам. Я выпадкова пачуў, што Граў зноў прапанаваў намаляваць яе. Яна засмяялася і сказала, што ў яе не хопіць цярпення. Лепш сфатаграфавацца.
- Гэта яму якраз больш падыходзіць, - пакпіў я. - Магчыма, ён намалюе вас з фатаграфіі.
- Спакойна, Робі, - адказаў Фердынанд упэўнена і ўтаропіўся на Пат сваімі вялізнымі блакітнымі, як у дзіцяці, вачыма. - Гарэлка робіць цябе злосным, мяне - чалавечным. Вось у чым розніца паміж нашымі пакаленнямі.
- Ён гадоў на дзесяць старэйшы за мяне, - сказаў я.
- Сёння гэта розніца на цэлае пакаленне, - працягваў Фердынанд. - Розніца на цэлае жыццё. Розніца на тысячагоддзе. Што вы, хлопцы, ведаеце пра жыццё? Вы ж баіцеся сваіх пачуццяў. Вы не пішаце лістоў, а тэлефануеце. Вы больш не марыце, замест гэтага выязджаеце на выхадны за горад. Вы разважлівыя ў каханні і неразважлівыя ў палітыцы - пакаленне, вартае жалю!
Я слухаў яго толькі адным вухам. Другім я слухаў Браўмюлера. Ён, ужо хістаючыся, даводзіў Патрыцыі Хольман, што яна абавязкова павінна браць у яго ўрокі язды на машыне. Ён пакажа ёй усё, што ўмее.
Пры першай магчымасці я адвёў яго ўбок.
- Вельмі шкодна для здароўя, Тэа, асабліва спартсмену, калі ён зашмат завіхаецца каля жанчыны.
- Толькі не мне, - адказаў Браўмюлер. - У мяне здароўе - надзіва!
- Цудоўна. Тады я скажу пра тое, што шкодна і табе: атрымаць вось гэтай бутэлькай па галаве.
Ён крыва ўсміхнуўся.
- Схавай свой меч, хлапчук. Ты ведаеш, па чым пазнаюць кавалера? Па прыстойных паводзінах, калі ён нап'ецца. А ты ведаеш, хто я?
- Хвалько!
Я не баяўся, што нехта з іх сапраўды паспрабуе адбіць яе. Такога ў нас не было. Але я не быў упэўнены, як павядзе сябе дзяўчына. Магло ж так здарыцца, што нехта з іх спадабаецца ёй. Мы занадта мала ведалі адно аднаго, каб быць упэўненымі. А ці была яна - упэўненасць - увогуле?
- Ці не знікнуць нам непрыкметна? - спытаў я.
Яна згодна кіўнула.
Мы хадзілі па вуліцах. Зрабілася сыра. Туманы паволі апускаліся на горад, зялёныя і срабрыстыя туманы. Я ўзяў руку Пат і схаваў яе ў кішэні свайго паліто. Так мы блукалі доўга.
- Змарылася? - спытаў я.
Яна пахітала галавой і заўсміхалася. Я паказваў ёй на кавярні, міма якіх мы праходзілі.
- Зойдзем куды-небудзь?
- Не. Больш туды не хачу.
Мы пайшлі далей і падышлі да могілак. Яны напаміналі ціхі востраў сярод каменнай плыні дамоў. Дрэвы шумелі. Іх кроны патаналі ў змроку. Мы знайшлі свабодную лаўку і селі.
Ліхтары перад намі каля вуліцы былі акружаны мігатлівымі аранжавымі німбамі. У тумане, які ўсё гусцеў, святло вытварала казачныя цуды. Хрушчы ап'янела выляталі з ліп, кружыліся вакол ліхтароў і цяжка біліся аб вільготныя плафоны. Туман ператварыў усё, ён падымаў прадметы і вызваляў іх. Гатэль насупраць ужо плыў, як акіянскі карабель з асветленымі каютамі, над чорным люстэркам асфальту, шэры цень царквы ператварыўся ў прывідны паруснік з высокімі мачтамі, якія губляліся ў чырвона-шэрым святле, і ўжо паплылі караваны дамоў.
Мы моўчкі сядзелі поплеч. Туман усё зрабіў нерэальным... і нас таксама. Я зірнуў на дзяўчыну: у яе шырокіх вачах адбіваўся бляск ліхтароў.
- Падсунься, - сказаў я, - ідзі бліжэй да мяне, а то цябе знясе туман...
Яна павярнулася да мяне тварам. Яна ўсміхалася, рот у яе быў крыху адкрыты, блішчалі зубы, яе вочы адкрыта глядзелі на мяне, але мне здавалася, быццам яна не бачыць мяне, быццам яна ўсміхаецца не мне, а проста ў шэра-срабрыстую плынь, быццам яе ўсхвалявалі казачныя павевы ў кронах, кроплі, якія сцякалі па ствалах, быццам яна прыслухоўвалася да цёмнага, нячутнага поклічу за дрэвамі, па-за светам, быццам ёй трэба будзе зараз устаць і пайсці, праз туман, без мэты, з упэўненасцю, што трэба падпарадкавацца гэтаму цёмнаму, таямнічаму поклічу зямлі і жыцця.
Ніколі не забуду гэты твар, ніколі не забуду, як ён потым нахіліўся да мяне, як ён ажыў, як маўкліва напоўніўся ласкай і пяшчотай, светлай цішынёй, нібы расцвіў, ніколі не забуду, як яе вусны знайшлі мае, як яе вочы наблізіліся да маіх, як яны былі блізка ад мяне, гледзячы на мяне запытальна, сур'ёзна, адкрыта, іскрыста... і як яны потым паволі заплюшчыліся, быццам аддаючыся на маю волю...
Туман плыў і плыў. Надмагільныя крыжы невыразна тырчалі з яго палосаў. Я накінуў на нас паліто. Горад патануў. Час памёр...
Мы так праседзелі доўга. Паступова вецер мацнеў. Цені хісталіся ў шэрым паветры перад намі. Я пачуў шоргат крокаў і ціхае мармытанне. Потым - прыглушаны звон гітар. Я ўзняў галаву. Цені набліжаліся, ператвараліся ў цёмныя постаці. Яны ўтварылі кола. Цішыня. І раптам - гучны спеў: «Бог шукае і цябе...»
Я ўскочыў і прыслухаўся. Што здарылася? Ці мы на месяцы? Гэта ж быў сапраўдны хор, двухгалосы жаночы хор...
«Грэшнік, дух свой разагні...» - грымнула над могілкамі ў рытме вайсковага марша.
Я паглядзеў на Пат.
- Нічога не разумею, - сказаў я.
«Спавядайся ў журбе...» - зноў пачулася ў бадзёрым тэмпе.
Раптам да мяне дайшло.
- Божа мой! Ды гэта ж Армія выратавання.
«Прэч грахі з душы гані!» - заклікалі цені зноў. Спеў мацнеў.
Карыя вочы Пат заіскрыліся. Яе губы і плечы ўздрыгнулі.
Над могілкамі грымела ўсё гучней:
У агонь пякельны ты
Трапіш за свае грахі...
Чуеш: кліча Бог святы?
Дык бяжы, не будзь глухі...
- Ціха! Каб на вас пярун! - даляцеў раптам злосны голас з туману.
На момант наступіла разгубленая цішыня. Але Армія выратавання звыклася з нягодамі. Хор падхапіў песню яшчэ дружней.
«Ты чаго прыйшоў сюды?» - жалобна спытаў ён ва ўнісон.
- Каб паціскацца, д'ябал вас забяры, - прагрымеў злосны голас. - Няўжо і тут няма спакою...
«Вабіць сатана цябе...» - з сілай кінулі яму ў адказ.
- Вы, старыя порхаўкі, мяне ўжо ніяк не забавіце, - парыраваў голас з туману.
Я пырснуў. Пат таксама не магла ўжо стрымацца.
Мы як не лопаліся ад смеху з гэтай дуэлі на могілках. Армія выратавання ведала, што лаўкі тут былі прытулкам для парачак, якім больш не было куды схавацца ад гарадскога тлуму. Вось чаму Армія і пайшла ў грандыёзнае наступленне. Яна арганізавала нядзельную аблаву па выратаванні душ. Непастаўленыя галасы набожна і гучна выгуквалі словы песні. «Дрынь-брынь», - старанна падтаквалі гітары.
Могілкі ажывіліся. Смех і рэплікі пачуліся з туману. Відаць, усе лаўкі былі занятыя. Адзінокі змагар за каханне атрымаў магутную падтрымку аднадумцаў. Утварыўся хор пратэсту. У ім, відаць, было нямала былых вайскоўцаў, якіх растрывожыла маршавая музыка. Бо неўзабаве магутна грымнула бессмяротная песня:
Я паехала ў Гамбург аднойчы...
Я, дзяўчына, што шчасце лаўлю...
«Грэх прыводзіць да бяды...» - рэзка прагучаў хор святош яшчэ раз, і чуваць было, што Армія выратавання ў вялікай трывозе.
Але зло перамагло.
Маё імя згубілася ў ночы,
Бо я толькі за грошы люблю, -
грымнула з грубых глотак.
- Пара даваць драла, - сказаў я Пат. - Я гэтую песню ведаю. У ёй некалькі куплетаў гучаць даволі моцна. Прэч адсюль.
Мы зноў аказаліся ў горадзе, напоўненым гудкамі машын і шоргатам колаў. Але сам горад як хто зачараваў. Туман ператварыў аўтобусы ў казачных жывёлін, машыны сталі кошкамі, што з бліскучымі вачыма крадуцца да сваёй ахвяры, а вітрыны - заваблівымі стракатымі пячорамі.
Мы пайшлі па вуліцы міма могілак і перасеклі кірмашовую плошчу. Каруселі ўзвышаліся ў вільготным паветры, як шумныя вежы, напоўненыя музыкай і бляскам, чортава кола іскрылася пурпурам, золатам і смехам, а лабірынт міргаў блакітнымі агнямі.
- Блаславёны лабірынт! - сказаў я.
- Чаму? - спытала Пат.
- Мы ж аднойчы былі тут разам.
Яна пацвердзіла, кіўнуўшы галавой.
- У мяне такое пачуццё, быццам гэта было бясконца даўно.
- Можа, зноў зойдзем?
- Не, - сказаў я. - Больш не хачу, Пат. Ты хочаш выпіць?
Яна адмоўна пахітала галавой. Яна выглядала чароўна прыгожай. У тумане, які ахінаў яе лёгкім покрывам, яна выглядала яшчэ больш бліскуча.
- Ты не змарылася? - спытаў я.
- Яшчэ не.
Мы праходзілі міма атракцыёнаў, дзе надоечы накідвалі колцы на кручкі. Тут віселі лямпы, якія свяціліся бела-іскрыстым карбідным святлом. Пат зірнула на мяне.
- Не, - сказаў я. - Сёння не гуляю. Не кіну ніводнага колца. Калі б нават была магчымасць выйграць вінны склеп Аляксандра Македонскага.
Мы пайшлі далей па плошчы і праз парк.
- Недзе тут павінен быць бэз, - сказала Пат.
- Так. Ён пахне ўжо здалёку. Вельмі моцна. Праўда?
Яна зірнула на мяне.
- Праўда, - сказала яна.
- Пэўна, ужо распусціўся. Бэзам пахне цяпер увесь горад.
Я неўпрыкмет зірнуў направа-налева: ці няма дзе вольнай лаўкі? Але ці бэз быў вінаваты, ці нядзеля, ці мы - не было ніводнай. Усе былі занятыя. Я зірнуў на гадзіннік. Ужо пайшла першая гадзіна ночы.
- Давай, - сказаў я, - пойдзем да мяне. Там мы пабудзем удваіх.
Яна не адказала, але мы вярнуліся. Каля могілак мы ўбачылі штосьці нечаканае. Армія выратавання атрымала падмогу. Цяпер хор стаяў у чатыры рады. З'явіліся не толькі сёстры, але і дзве шарэнгі братоў у форме. Спеў ужо гучаў не ў два галасы, а ў чатыры - як арган. У рытме вальса над магільнымі помнікамі лунала: «Святы Ерусалім»...
Апазіцыі больш не было чутна. Яе змялі. «Настойлівасць, - часцяком гаварыў дырэктар маёй гімназіі Хілерман, - настойлівасць і стараннасць - лепш, чым распуста і геніяльнасць...»
Я адчыніў дзверы. На момант засумняваўся, а потым уключыў святло. Калідор зеўраў перад намі, як жоўтая агідная кішка.
- Заплюшчы вочы, - ціха сказаў я Пат. - Відовішча - не на слабыя нервы.
Я рыўком падняў яе на рукі і паволі пайшоў звычайным крокам, быццам я адзін - міма скрынь і газавых пліт да сваіх дзвярэй.
- Жудасна, праўда? - сказаў я сарамліва і ўтаропіўся на плюшавы гарнітур перад намі. Так, цяпер мне не хапала парчовых крэслаў фраў Залеўскі. Не хапала дывана, лямпы ад Хасэ...
- Зусім не жудасна, - сказала Пат.
- Жудасна, жудасна, - не пагадзіўся я і падышоў да акна. - Праўда, від прыгожы. Можа, падсунем крэслы да акна?
Пат хадзіла па пакоі.
- Зусім не дрэнна. Галоўнае - казачна цёпла.
- Табе холадна?
- Я люблю, калі цёпла, - сказала яна і прыўзняла плечы. - Не люблю холаду і дажджу. Не магу іх трываць.
- Божа мой... а мы праседзелі столькі часу ў тумане.
- Тым утульней цяпер тут.
Яна пацягнулася і зноў пачала хадзіць сваёй прыгожай хадой па пакоі. Я вельмі разгубіўся і хуценька азірнуўся вакол сябе. Дзякаваць богу, рэчы былі не вельмі параскіданыя. Растаптаныя хатнія пантофлі я адным ударам зафутболіў пад ложак.
Пат стаяла перад шафай і глядзела ўверх. Наверсе ляжаў стары чамадан, падараваны мне Ленцам. Ён увесь быў абклеены этыкеткамі - сведкамі яго далёкіх вандровак.
- Рыа-дэ-Жанейра, - чытала яна, - Манаас, Сант'яга, Буэнас-Айрэс, Лас-Пальмас...
Яна адсунула назад чамадан і падышла да мяне.
- І ты ўжо ўсюды пабываў?
Я нешта прамармытаў. Яна ўзяла мяне пад руку.
- Давай, раскажы мне пра ўсё, раскажы пра тыя гарады - гэта ж, відаць, так цудоўна, пабываць так далёка...
А я? Я бачыў яе перад сабой, прыгожую, маладую, поўную нецярплівасці, матылька, які па шчаслівай выпадковасці заляцеў у мой варты жалю, недагледжаны пакой, у маё нічога не вартае, бязмэтнае жыццё. Гэты матылёк быў са мной і ўсё ж не са мной - адзін толькі подых, і ён мог пырхнуць і зноў паляцець... лайце мяне, праклінайце мяне, але я не мог... не мог не пацвердзіць, не мог сказаць, што я там ніколі не быў... цяпер не мог...
Мы стаялі каля акна, туман клубіўся і наплываў на шыбы, а я адчуваў: за ім зноў чакала мяне ўтоенае, схаванае, мінулае, сырыя шэрыя дні, пустэча, бруд, шматкі гіблага існавання, бездапаможнасць, нікчэмнае выхваленне бязмэтна адбарабаненага жыцця - але тут, у цяні перада мной, неверагодна блізка, ціхае дыханне, недатыкальная прысутнасць, цеплыня, выразнае жыццё... я павінны быў утрымаць яго, зрабіць яго сваім.
- Рыа... - сказаў я. - Рыа-дэ-Жанейра - порт, нібы казка... Мора ўпісваецца ў бухту, утвараючы сем дуг, а над імі ўздымаецца белы зіхоткі горад...
Я пачаў расказваць пра спякотныя гарады і бясконцыя раўніны, пра жоўтыя плыні рэк, пра бліскучыя астравы і пра кракадзілаў, пра лясы, што паглынаюць дарогі, пра крык ягуараў начамі, калі рачны параход плыве праз чад выпарэнняў ванільных ліянаў і архідэяў, праз задушлівасць, гніль і змрок- усё гэта я чуў ад Ленца, але цяпер я ўжо амаль што верыў, што быў там сам - так дзіўна перапляліся ўспаміны і імкненне трапіць туды з жаданнем дадаць да пустой і змрочнай мітусні свайго жыцця крыху бляску, каб толькі не страціць гэтага неверагодна прыгожага твару перада мной, гэтай раптоўнай надзеі, гэтай кветкі, што абяцае шчасце... Ці варты я яго? Пазней я гэта ўсё змагу растлумачыць, але пазней, калі буду значыць штосьці большае, калі ўсё ўсталюецца, пазней - не цяпер...
- Манаас, - сказаў я. - Буэнас-Айрэс... - і кожнае слова тоіла ў сабе просьбу і заклінанне.
Ноч. За акном пайшоў дождж. Кроплі падалі мякка і пяшчотна. Яны не пляскалі, як месяц таму назад па лісці ліпы. Цяпер яны з ціхім шумам ліліся на маладую гнуткую лістоту, яны туліліся да яе і сцякалі па ёй уніз - містычнае свята і таямнічая плынь да каранёў, адкуль вада зноў уздымаецца і сама стане лісцем, якія будуць чакаць дажджу ў вясновыя ночы.
Настала цішыня. Змоўк вулічны шум, адзінокі ліхтар гарэў над тратуарам. Тонкія лісточкі дрэў, асветленыя знізу, былі амаль белыя, ледзь не празрыстыя, а кроны былі падобныя да мігатлівых светлых ветразяў...
- Паслухай дождж, Пат...
- Дождж...
Яна ляжала каля мяне. Яе валасы ўздымаліся чорнай капой на белай падушцы. Твар над чарнатой валасоў здаваўся вельмі бледны. Адно плячо вытыркнулася ўверх, аднекуль на яго падала святло, і яно свяцілася матавай бронзай. Вузкая палоска святла легла на руку.
- Паглядзі, - сказала яна і падняла на святло далоні.
- Мне здаецца, што гэта з вуліцы ад ліхтара, - сказаў я.
Яна прыўзнялася. Цяпер яе твар таксама быў асветлены, святло падала на плечы і грудзі, жоўтае, як ад васковай свечкі, яно змянялася, злівалася, рабілася аранжавым, у ім утвараліся блакітныя колцы, і раптам за яе спіной з'явілася цёплая чырвань, нібы німб, яна перакінулася вышэй і паволі паплыла па столі пакоя.
- Гэта рэклама цыгарэт насупраць.
- Бачыш, які прыгожы твой пакой, - сказала яна.
- Прыгожы ад тваёй прысутнасці, - сказаў я. - Гэты пакой ужо ніколі не будзе такі, як быў, таму што ты пабыла тут.
Яна стала на калені, агорнутая блакітным святлом.
- Але... - сказала яна. - Я ж часта буду тут... часта.
Я ляжаў ціха і глядзеў на яе. Мне ўсё бачылася, як у мяккім выразным сне. Я ўвесь быў расслаблены, вольны, спакойны і вельмі шчаслівы.
- Якая ты прыгожая, Пат! Куды прыгажэйшая, чым у любой сукенцы!
Яна ўсміхнулася і нахілілася да мяне.
- Ты мусіш вельмі моцна любіць мяне, Робі. Я не ведаю, што мне рабіць без кахання.
Яе вочы як прывязалі мяне. Яе твар быў зусім блізка ад майго. Ён быў рухомы, зусім адкрыты, напоўнены палкай сілай.
- Ты павінен трымаць мяне, - шаптала яна, - мне патрэбны нехта, хто б трымаў мяне, а то я павалюся. Я баюся.
- Не відаць, каб ты баялася, - не пагадзіўся я.
- Баюся. Толькі не выдаю. Я часта баюся.
- Я ўтрымаю цябе, - сказаў я, усё яшчэ ў гэтым незвычайным, гэтым плынным светлым сне. - Я цябе буду моцна трымаць, Пат. Ты яшчэ падзівішся.
Яна ўзяла мой твар у далоні.
- Праўда?
Я кіўнуў. Яе плечы свяціліся жоўтым колерам, нібы ў глыбокай вадзе. Я ўхапіў яе рукі і прыцягнуў яе да сябе... Нас падхапіла вялікая хваля, якая ззяла, дыхала, расла, і расла, і расла, і нарэшце накрыла ўвесь белы свет.
Яна спала ў мяне ў абдымках. Я часта прачынаўся і глядзеў на яе. Мне здавалася, што канца ночы не будзе. Мы луналі недзе, па-за часам. Усё здарылася так хутка, я нават не зразўмеў. Я не думаў, што мяне хтосьці можа пакахаць. Я прызнаваў, што для мужчыны я магу быць выдатным таварышам. Але не мог сабе ўявіць, за што мяне можа пакахаць жанчына. Мне здавалася, што толькі пройдзе гэта ноч, я прачнуся - і ўсё мінецца.
Змрок пашарэў. Я ляжаў ціха. Мая рука пад галавой Пат здранцвела, я нічога не адчуваў. Але я не варушыўся. Толькі тады, калі яна павярнулася ў сне і ўткнулася ў падушку, я змог вызваліць руку. Я ціхенька ўстаў, пачысціў зубы і пагаліўся. Адэкалонам я пацёр валасы і патыліцу. Усё было незвычайнае: і шэры паўзмрок пакоя, і думкі, і цёмныя абрысы дрэў за акном. Калі я павярнуўся, то ўбачыў расплюшчаныя вочы Пат. Яна глядзела на мяне. Я сумеўся.
- Хадзем, - сказала яна.
Я падышоў да яе і сеў на край ложка.
- Няўжо гэта праўда? - спытаў я.
- Чаму ты пытаешся?
- Не ведаю. Можа, таму, што ўжо раніца. Пасвятлела.
- Падай цяпер мае рэчы, - сказала яна.
Я падняў з падлогі тонкую шаўковую бялізну. Яна была лёгкая, бо яе было мала. Я трымаў яе ў руцэ. «Нават бялізна незвычайная, - падумаў я. - Тая, хто яе носіць, - таксама незвычайная. Я ніколі яе не зразумею, ніколі».
Я аддаў ёй рэчы. Яна абняла мяне за шыю і пацалавала.
Потым я праводзіў яе дадому. Мы амаль не размаўлялі. Мы крочылі побач між срэбнага ранку. Па бруку грукалі малочныя фургоны. З'явіліся разносчыкі газет. Нейкі стары сядзеў каля дома і спаў. Яго падбародак тросся, нібы хацеў адваліцца. Міма праехалі веласіпедысты, везучы кашы з булачкамі. Над вуліцай павіс пах цёплага свежага хлеба. Высока над намі ў блакітным небе праляцеў самалёт.
- Сёння? - спытаў я Пат каля дзвярэй дома.
Яна ўсміхнулася.
- У сем? - спытаў я.
Яна не выглядала зморанай. Яна была свежая, быццам добра выспалася. На развітанне яна пацалавала мяне. Я пастаяў каля дома, пакуль не ўбачыў, што ў яе пакоі загарэлася святло.
Потым я вяртаўся. Па дарозе мне прыйшло ў галаву шмат прыгожых слоў, якія я павінен быў сказаць ёй. Я блукаў па вуліцах і думаў пра тое, што я мог бы сказаць і зрабіць, калі б быў не такі, які быў. Потым я пайшоў на рынак. Ужо пад'ехалі фургоны з гароднінай, мясам і кветкамі. Я ведаў, што тут на тыя ж самыя грошы можна купіць удвая больш кветак, чым у крамах. На ўсе грошы, колькі ў мяне было, я купіў цюльпанаў. Яны вельмі прыгожыя, зусім свежыя, з кропелькамі вады ў чашачках. Я набраў поўнае бярэма. Прадаўшчыца паабяцала мне, што адашле кветкі Пат у адзінаццаць гадзін. Абяцаючы, яна засмяялася, а потым дадала яшчэ ладны букет фіялак.
- Не менш чым на два тыдні радасці вашай даме, - сказала яна. - Толькі час ад часу трэба кідаць у ваду пірамідон.
Я кіўнуў і заплаціў. Потым я няспешна пайшоў дадому.
X
«Форд» гатовы стаяў у майстэрні. Новага заказу не было. Нам нешта трэба было рабіць. Мы з Кёстэрам пайшлі на аўкцыён. Мы хацелі купіць там з малатка таксі. Таксі можна было з выгадай перапрадаць. Памяшканне для аўкцыёнаў было ў паўночнай частцы горада, у флігелі ў двары. Акрамя таксі тут прадавалася процьма іншых рэчаў. Некаторыя з іх стаялі пад адкрытым небам. Ложкі, расхістаныя сталы, пазалочаная клетка з папугаем, які крычаў: «З богам, каханы!», кнігі, шафы, стары фрак, табурэткі, посуд - прадметы бядняцкага разбітага быту.
Мы прыйшлі зарана. Аўкцыянера яшчэ не было. Я корпаўся ў рэчах на двары і ўбачыў некалькі кніг - зачытаныя танныя экземпляры грэчаскіх і лацінскіх класікаў з заўвагамі на палях. На выцвілых зашмальцаваных старонках цяпер былі не вершы Гарацыя ці песні Анакрэона - на іх быў крык беднасці і бездапаможнасці страчанага жыцця. Уладару гэтых кніг яны да апошняга моманту былі прытулкам, ён іх бярог, колькі мог, а той, хто здаў іх сюды, дайшоў да ручкі.
Кёстэр з-за маёй спіны глянуў на кнігі.
- Сумна бачыць такое, праўда?
Я кіўнуў галавой і паказаў на іншыя рэчы.
- І гэта таксама, Ота. Дзеля забавы табурэткі і буфеты сюды чалавек не пацягне.
Мы пайшлі да машыны, якая стаяла ў кутку двара. Лак аблез і выцвіў, але машына была чыстая, нават пад крыламі. Прысадзісты чалавек з шырокімі далонямі стаяў непадалёк і тупа глядзеў на нас.
- Ты ўжо агледзеў машыну як след? - спытаў я Кёстэра.
- Учора яшчэ, - адказаў ён. - Даволі старая, але беззаганна дагледжаная.
Я кіўнуў.
- Відаць, што так. Машыну мылі сёння раніцай, Ота. Аўкцыёншчык, пэўна ж, гэтага не рабіў.
Кёстэр пахітаў галавой і зірнуў на прысадзістага.
- Гэта, відаць, гаспадар. Ён і ўчора стаяў тут і выціраў машыну.
- Д'ябальшчына, - сказаў я. - Ён падобны да сабакі, які трапіў пад колы.
Праз двор да машыны падышоў малады чалавек. Ён быў у паліто з поясам і меў да непрыемнасці фарсісты выгляд.
- Гэта, відаць, і ёсць тая калымага, - сказаў ён, звяртаючыся не то да нас, не то да таго мужчыны, і пастукаў гачкай па капоце. Я ўбачыў, як у вачах у гаспадара ўспыхнула непрыязнасць.
- Нічога, нічога, - велікадушна апраўдаўся ўладар пояса. - Лак усё роўна ўжо нікуды не варты. Ганарыстая ламачына. Ёй месца ў музеі, ці не так? - Ён магутна засмяяўся са свайго жарту і глянуў на нас, чакаючы адабрэння. Мы не падтрымалі яго смеху. Ён звярнуўся да гаспадара:
- Што вы хочаце за бабулю?
Чалавек моўчкі пракаўтнуў.
- Як за металалом, так? - балбатаў хлапец у цудоўным настроі. Ён зноў павярнуўся да нас.
- Паны таксама зацікавіліся? - І прыцішаным голасам: - Мы маглі б згаварыцца. Вытаргаваць машыну за бясцэнак, а барыш падзяліць. Навошта гэтым людзям даваць дармавыя грошы! Дарэчы: Гвіда Ціс з фірмы «Аўгека».
Ён крутнуў сваю гачку і з даверлівай перавагай падміргнуў нам.
«Для гэтага дваццаціпяцігадовага смаўжа няма ніякіх тайнаў», - падумаў я са злосцю. Мне шкада было чалавека, што стаяў каля машыны, і я сказаў:
- Вам бы мець іншае прозвішча, а не Ціс.
- Магчыма, - згадзіўся ён, усцешаны. Відаць было, што ён прывык да кампліментаў за спрыт.
- Вядома, - працягваў я. - Вам лепш было б звацца Смаркач. Гвіда Смаркач.
Ён адхіснуўся.
- Ну, пэўна, - нарэшце вымавіў ён. - Два на аднаго...
- Калі на тое, - сказаў я, - я пайду з вамі адзін. Куды захочаце.
- Дзякую, - адказаў Гвіда холадна. - Шчыра дзякую! - і падаўся ад нас.
Прысадзісты мужчына з засмучаным тварам стаяў, быццам яго нічога не тычылася, і, утаропіўшыся, глядзеў на машыну.
- Не будзем купляць яе, Ота, - сказаў я.
- Тады яе купіць браняносец Гвіда, - запярэчыў Кёстэр. - Мы не зможам дапамагчы чалавеку.
- І праўда, - сказаў я. - І ўсё ж - нешта тут не так.
- А дзе сёння ўсё так, Робі? Павер мне: для чалавека нават лепш, што мы тут. Магчыма, дзякуючы гэтаму ён атрымае за машыну крыху больш. Але я абяцаю табе: калі браняносец не дасць першую цану, я змоўчу таксама.
Прыйшоў аўкцыёншчык. Ён спяшаўся, відаць, у яго было шмат спраў. Кожны дзень праходзіла дзесятак аўкцыёнаў. Лёгка жэстыкулюючы, ён пачаў аўкцыён вартых жалю рэчаў. У яго быў жалезны гумар і дзелавітасць чалавека, які кожны дзень мае справу з беднасцю, прычым яго самога яна ніколькі не кранае.
Рэчы прадаваліся за грашы. Некалькі перакупшчыкаў забралі амаль усё. Яны нібы нехаця толькі падымалі палец, сустракаючыся з позіркам аўкцыёншчыка, або хіталі галавой. Але за позіркам аўкцыёншчыка час ад часу сачыла і яшчэ адна пара вачэй... вочы на зняможаным твары пазіралі на пальцы перакупшчыкаў, як на знак божы - з надзеяй і страхам. На таксі заявілі цану тры чалавекі, і першы сярод іх - Гвіда: трыста марак. Смехатворная цана. Падышоў бліжэй прысадзісты чалавек. Ён нешта бязгучна шаптаў. Здавалася, што ён хоча прапанаваць сваю цану. Але рука апусцілася. Ён адступіў назад.
Наступная цана - чатырыста марак. Гвіда пайшоў на чатырыста пяцьдзесят. Узнікла паўза.
Аўкцыёншчык пазіраў па баках.
- Хто больш? Раз... два...
Гаспадар таксі стаяў з шырока адкрытымі вачамі і паніклай галавой. Здавалася, што ён чакае ўдару па галаве.
- Тысяча, - сказаў Кёстэр.
Я зірнуў на яго.
- Яна вартая трох, - прамармытаў ён. - Не магу глядзець, як мардуюць чалавека...
Гвіда рабіў нам адчайныя знакі. Ён забыўся на «Смаркача» - справа была важней.
- Тысяча сто, - прагугніў ён і заміргаў нам. Калі б у яго было яшчэ адно вока на задніцы, ён міргаў бы і ім.
- Тысяча пяцьсот, - сказаў Кёстэр.
Аўкцыёншчыка ахапіў азарт. Ён прытанцоўваў, як дырыжор, трымаючы ў руцэ малаток. Тут у ход пайшлі не дзве-тры маркі, а зусім іншыя лічбы.
- Тысяча пяцьсот дзесяць, - заявіў успацелы Гвіда.
- Тысяча васемсот, - сказаў Кёстэр.
Гвіда пакруціў пальцам каля лба і здаўся.
Аўкцыёншчык падскочыў. Я раптам падумаў пра Пат.
- Тысяча восемсот пяцьдзесят, - сказаў я нечакана для самога сябе.
Кёстэр здзіўлена павярнуў галаву.
- Пяцьдзесят я дадаю ад сябе, - хутка прамовіў я. - Для... надзейнасці...
Ён кіўнуў.
Аўкцыёншчык стукнуў малатком - машына наша. Кёстэр адразу заплаціў.
- Дзіўна! - сказаў Гвіда, які не мог пайсці проста так і наблізіўся да нас, быццам нічога не здарылася.
- Можна было набыць гэтую скрыню за тысячу марак. Трэцяга мы пасадзілі б адразу.
- З богам, каханы! - прагучаў металёвы голас за яго спіной. Настала чарга папугая ў пазалочанай клетцы.
- Смаркач, - дадаў я.
Гвіда паціснуў плячыма і знік.
Я падышоў да былога гаспадара машыны. Цяпер побач з ім стаяла жанчына з бледным тварам.
- Так... - сказаў я.
- Ведаю... - адказаў ён.
- Нам не хацелася гэтага рабіць, - сказаў я. - Але вы атрымалі б тады менш.
Ён кіўнуў, не ведаючы, што рабіць з рукамі.
- Машына добрая, - раптам сказаў ён хутка, спяшаючыся, - машына добрая, яна вартая гэтых грошай, напэўна, вы не пераплацілі, справа была не ў машыне, зусім - не, справа ў тым...
- Я ведаю, - сказаў я.
- Гэтымі грашыма мы не пакарыстаемся, - сказала жанчына. - Усё аддадзім.
- Будуць яшчэ, маці, - сказаў мужчына. - Будуць яшчэ.
Жанчына нічога не адказала.
- Пры пераключэнні з першай на другую хуткасць крыху скрыгоча, - сказаў мужчына. - Але гэта не дэфект. Яна і новая скрыгатала.
Ён гаварыў нібы пра малое дзіця.
- Яна ў нас ужо тры гады, і ніколі нічога. Справа ў тым, што спачатку я захварэў, а потым мяне падкузьмілі... адзін сябра...
- Нягоднік, - сказала жанчына жорстка.
- Пакінь, маці, - сказаў чалавек і зірнуў на яе. - Я яшчэ ачомаюся. Не верыш, маці?
Жанчына не адказала. Мужчына ўзмакрэў ад поту.
- Дайце мне свой адрас, - сказаў Кёстэр. - Магчыма, нам спатрэбіцца шафёр.
Мужчына старанна пісаў цяжкімі працавітымі рукамі. Я зірнуў на Кёстэра. Мы абодва ведалі, што толькі цуд мог дапамагчы. А цудаў даўно няма. Цуд мог толькі дабіць.
Чалавек усё гаварыў і гаварыў, як у ліхаманцы. Аўкцыён закончыўся. Мы адны засталіся ў двары. Ён даваў нам парады, як лепш заводзіць машыну зімой. Ён увесь час кранаў яе. Потым замоўк.
- Ну, хадзем, Альберт, - сказала жанчына.
Мы паціснулі яму руку. Пачакалі, пакуль яны выйдуць. Потым мы запусцілі матор.
Праязджаючы па вуліцы, убачылі маленькую бабулю. Яна несла на руках клетку з папугаем, адбіваючыся ад дзяцей. Кёстэр спыніўся.
- Куды вам? - спытаў ён у яе.
- Ах ты, божа мой, у мяне грошай няма на таксі, - запярэчыла яна.
- І не трэба, - сказаў Ота. - Сёння ў мяне дзень нараджэння - катаю дарма.
Яна з недаверам прыціснула да сябе клетку.
- А пасля запатрабуеце...
Мы супакоілі яе, і яна села.
- Навошта вы купілі папугая, маці? - спытаў я, калі яна вылазіла.
- Для вечароў, - сказала яна. - Вы думаеце, што корм дарагі?
- Не, - сказаў я. - Але як гэта - для вечароў?
- Ён жа ўмее гаварыць, - адказала яна і паглядзела на мяне яснымі старэчымі вачыма. - Вось і будзе істота, якая гаворыць...
- Ах, вось як... - сказаў я.
Апоўдні прыйшоў булачнік, каб забраць свой «форд». Выгляд у яго быў шэры і засмучаны. Я быў адзін у двары.
- Вам колер падабаецца? - спытаў я.
- Сыдзе, - сказаў ён і нерашуча паглядзеў на машыну.
- Верх стаў вельмі прыгожы.
- Так...
Ён стаяў і, здавалася, не рашаўся паехаць. Я чакаў, што ён паспрабуе яшчэ нешта выцыганіць задарма - дамкрат, попельніцу ці нешта падобнае.
Ды было інакш. Нейкі час ён пасоп, потым паглядзеў на мяне сваімі набеглымі крывёй вачыма і сказаў:
- Як падумаеш... толькі некалькі тыдняў назад яна сядзела ў машыне жывая і здаровая...
Я вельмі здзівіўся, убачыўшы яго такога расчуленага, і падумаў, што жвавая чарнявая сцерва, з якой ён прыязджаў мінулы раз, ужо насаліла яму. Ад злосці людзі робяцца сентыментальнымі хутчэй, чым ад кахання.
- Добрая жанчына была, - працягваў ён, - душэўная. Ніколі нічога не патрабавала. Дзесяць гадоў хадзіла ў адным паліто. Блузкі і іншае шыла сабе сама. І дом вяла адна, без служанкі.
«Ага, - падумаў я. - Новенькая, відаць, нічога гэтага не робіць». Булачніку захацелася выгаварыцца. Ён расказаў, якая ашчадная была жонка. Было дзіўна, якім расчуленым зрабіў гэтага прапітага гуляку ўспамін пра зэканомленыя грошы. Яна нават не сфатаграфавалася ні разу, ёй здавалася гэта задорага. У яго засталася толькі картка з вяселля і некалькі «пяціхвілінак».
Гэта навяло мяне на думку.
- Вы можаце заказаць у мастака цудоўны партрэт вашай жонкі, - сказаў я. - Тады ў вас будзе памяць назаўсёды. Фатаграфіі з часам выцвітаюць. Я ведаю мастака - ён зробіць.
Я растлумачыў яму, чым займаецца Фердынанд Граў. Ён адразу з недаверам сказаў, што гэта, мусіць, вельмі дорага. Я супакоіў яго: калі я прывяду яго, то будзе скідка. Ён паспрабаваў адбаярыцца. Але я яго ўжо не выпусціў, заявіўшы: калі ён так любіць сваю жонку, то пра цану і гаварыць няма чаго. Нарэшце ён згадзіўся. Я патэлефанаваў Фердынанду Граў і расказаў яму пра ўсё. Потым мы з булачнікам паехалі па фотакарткі.
Чарнявая выскачыла з крамы нам насустрач. Яна забегала вакол «форда».
- Чырвоны колер выглядаў бы лепш, пупсік! Але ж ты мусіш, вядома, зрабіць па-свойму.
- Ну, перастань, - незадаволена сказаў Пупсік.
Мы пайшлі ў чысты пакой. Чарнявая не адстала. Яе жвавыя вочкі бачылі ўсё. Булачнік занерваваўся. Ён не хацеў пры ёй шукаць фотакарткі.
- Пакінь нас, - нарэшце сказаў ён груба.
Дэманстратыўна патрасаючы цыцкамі пад туга нацягнутым світэрам, яна выскачыла вон. Булачнік дастаў з зялёнага плюшавага альбома некалькі фотакартак і паказаў мне. Жонка - яшчэ нявеста - а побач ён з закручанымі ўверх вусамі. Тады яна яшчэ смяялася. На другой картцы яна, ужо схуднелая, спрацаваная, з баязлівымі вачыма, сядзела на крайку крэсла. Толькі дзве маленькія картачкі - і ўсё жыццё.
- Добра, - сказаў я. - Па іх ён намалюе.
Фердынанд Граў сустрэў нас у сурдуце. Выгляд у яго быў паважна-ўрачысты. Гэтага патрабаваў яго занятак. Ён ведаў, што для многіх, хто насіў жалобу, павага да іх болю была важней, чым сам боль.
На сценах майстэрні вісела некалькі салідных маляваных алеем партрэтаў у пазалочаных рамах, а пад імі - адпаведныя фатаграфіі. Кожны кліент мог такім чынам адразу ўбачыць, што можна зрабіць нават з выцвілай «пяціхвілінкі».
Фердынанд з булачнікам зрабілі абход, і ён спытаў таго, якая манера выканання яму больш падабаецца. Булачнік, у сваю чаргу, спытаў, ці залежаць цэны ад памераў. Фердынанд растлумачыў, што справа тут не ў квадратных метрах, а ў выкананні. Пасля гэтага булачніку больш за ўсё спадабаўся самы вялікі партрэт.
- У вас добры густ, - пахваліў Фердынанд, - гэта - партрэт прынцэсы Баргезэ. Цана - 800 марак. З рамай.
Булачнік уздыхнуў.
- А без рамы?
- Семсот дваццаць.
Булачнік даваў чатырыста марак. Фердынанд затрос ільвінай галавой.
- За чатырыста марак вы самае большае можаце атрымаць галаўны партрэт у профіль, а не паясны анфас. Тут жа ў два разы больш работы.
Булачнік разважыў, што хопіць галавы ў профіль. Фердынанд звярнуў яго ўвагу на абодва здымкі анфас. Па іх нават Тыцыян не зрабіў бы партрэта ў профіль. Булачніка кінула ў пот. Відаць было, што ён у адчаі з-за сваёй неабачлівасці, праяўленай тады яшчэ, калі фатаграфаваліся. Даводзілася прызнаць, што Фердынанд мае рацыю: анфас трэба было маляваць на паўтвару больш, чым у профіль. Больш высокая цана была апраўданая. Ён пакутна сумняваўся. Фердынанд пакуль што быў даволі стрыманы, цяпер пачаў пераконваць. Яго магутны бас прыцішана пракочваўся па майстэрні. Як спецыяліст я павінен быў заўважыць, што работу ён выконваў бездакорна. Булачнік неўзабаве спёкся, асабліва калі Фердынанд апісаў яму ўздзеянне такога шыкоўнага партрэта на незычлівых суседзяў.
- Добра, - сказаў ён, - але пры разліку наяўнымі - дзесяць адсоткаў скідкі.
- Згода, - адказаў Фердынанд, - дзесяць адсоткаў скідкі і задатак трыста марак на выдаткі - на фарбы і палатно.
Мы яшчэ крыху патаргаваліся, потым сышліся канчаткова. Пачалося абмеркаванне самога партрэта. Булачнік хацеў, каб на партрэце былі намаляваны жамчужныя пацеркі і залатая брошка з брыльянтам. На фотакартках іх не было відаць.
- Без сумнення, - заявіў Фердынанд, - каштоўнасці жонцы дамалюем. Было б найлепш, каб вы прынеслі іх на якую гадзінку сюды, тады яны атрымаліся б найбольш натуральна.
Булачнік зачырванеўся.
- У мяне іх ужо няма. Яны... яны ў родзічаў.
- Ах, вось як. Ну добра, абыдземся і без іх. Брошка была такая, як на гэтым партрэце?
Булачнік кіўнуў.
- Толькі меншая.
- Цудоўна. Тады зробім такую. Пацеркі нам увогуле не патрэбны - жэмчуг ёсць жэмчуг.
Булачнік з палёгкай уздыхнуў.
- А калі партрэт будзе гатовы?
- Праз шэсць тыдняў.
- Добра.
Булачнік развітаўся.
Мы з Фердынандам яшчэ нейкі час пасядзелі ў майстэрні ўдвух.
- Табе на гэта трэба шэсць тыдняў? - спытаў. я.
- Што ты. Чатыры-пяць дзён. Але ж я не магу сказаць пра гэта чалавеку - ён адразу зробіць падлікі, колькі я зараблю за адну гадзіну, і падлічыць, што яго падманулі. Шэсць тыдняў - і ён задаволены. Гэткая ж самая лухта і наконт партрэта прынцэсы Баргезэ. Такая ўжо людская натура, дарагі Робі. Калі б я сказаў яму, што гэта швачка, то партрэт здаўся б яму горшым. Між іншым, гэта ўжо шостая нябожчыца жонка, якая насіла такія ж каштоўнасці, як на тым партрэце. Вось табе гульня выпадку. Партрэт добрай Луізы Вольф служыць мне выдатнай рэкламай.
Я азірнуўся. Са сцен узіраліся на мяне вочы з нерухомых твараў, якія даўно гнілі ў магілах. Гэта былі партрэты, якія не забралі альбо не аплацілі блізкія. І гэта ўсё былі людзі, якія некалі спадзяваліся і дыхалі.
- Гэта не наганяе на цябе меланхоліі, Фердынанд?
Ён паціснуў плячыма.
- Не, я раблюся надзвычай цынічным. Меланхолікам робішся, калі думаеш пра жыццё, а цынікам - калі бачыш, як ім распараджаецца большасць жывых.
- Ну, той-сёй адносіцца да яго больш сур'ёзна.
- Вядома. Але гэтыя не заказваюць маляваць партрэты.
Ён устаў.
- А можа, і добра, Робі, што яны ўвесь час занятыя сваімі важнымі дробязямі, якія іх падтрымліваюць і абараняюць. Пачуццё адзіноты - сапраўднай адзіноты, без ілюзій - прыходзіць перад вар'яцтвам і самагубствам.
Вялізнае пустое памяшканне плавала ў паўзмроку. У суседнім пакоі былі чутны крокі. Здавалася, там нехта хадзіў. Гэта была аканомка. Яна ніколі не паказвалася пры нас. Яна нас ненавідзела, бо ёй здавалася, што мы нацкоўваем на яе Граў. Я пайшоў. Унізе мяне сустрэў вулічны шум. Я кінуўся ў яго, як у цёплую ванну.
XI
Я ішоў да Пат. Я ўпершыню ішоў да яе дамоў. Раней яна сама прыходзіла да мяне альбо я сустракаў яе каля дома, каб разам пайсці куды-небудзь. Але заўсёды было так, быццам яна прыходзіла ў госці. Я хацеў ведаць пра яе больш. Я хацеў ведаць, як яна жыве.
Мне прыйшла ў галаву думка, што варта было б прынесці ёй кветкі. Гэта было лёгка зрабіць. Гарадскі сквер за кірмашовай плошчай стаяў у буйной квецені. Я пераскочыў праз агароджу і пачаў аблатошваць белы куст бэзу.
- Што вы там робіце? - раптам прагучаў моцны голас. Я ўзняў вочы. Чалавек, твар якога меў колер бургундскага віна, з закручанымі сівымі вусамі глядзеў на мяне з абурэннем. Гэта быў не паліцэйскі і не вартаўнік. «Вайсковы чын у адстаўцы», - здагадаўся я адразу.
- Не цяжка зразумець, - адказаў я ветліва. - Я ламаю бэз.
У чалавека на момант адняло мову.
- Ці вы не ведаеце, што гэта гарадскі сквер? - забурчаў ён разгневана.
Я засмяяўся.
- Вядома, ведаю. А вам здаецца, што я пераблытаў яго з Канарскімі астравамі?
Чалавек пасінеў. Я спужаўся, каб яго не разбіў паралюш.
- Прэч адсюль, дзяцюк! - закрычаў ён першакласным казарменным голасам. - Вы замахваецеся на гарадскую маёмасць. Я здам вас!
Я ўжо наламаў, колькі мне трэба было.
- Тады лаві мяне, дзядуля! - прапанаваў я старому, пераскочыў праз агароджу і знік.
Перад домам Пат я яшчэ раз агледзеў свой касцюм. Потым я падняўся па лесвіцы і азірнуўся. Гэта быў новы дом сучаснай архітэктуры, поўная процілегласць старому пампезнаму бараку, дзе жыў я. На лесвіцы ляжала чырвоная дарожка. Нічога падобнага ў пані Залеўскі не было, не гаворачы ўжо пра ліфт.
Пат жыла на трэцім паверсе. На дзвярах была прымацавана гордая латунная таблічка: «Эгберт фон Хакэ, падпалкоўнік». Я доўга ўзіраўся на яе. Потым, перш чым пазваніць, міжволі паправіў гальштук. Адчыніла дзяўчына ў бялюткай наколцы і гэткім жа беленькім фартушку - не параўнаць з нашай касавокай няўдаліцай Фрыдай. Мне зрабілася няёмка.
- Пан Локамп? - спытала яна.
Я кіўнуў.
Яна правяла мяне праз маленькі пярэдні пакой, а потым адчыніла дзверы. Я не вельмі здзівіўся б, калі б там перада мной з'явіўся падпалкоўнік Эгберт фон Хакэ пры поўным парадзе і ўсчыніў бы мне допыт, - такімі сур'ёзнымі здаліся мне партрэты генералаў, якія, усе ў ордэнах, зласліва ўзіраліся ў мяне, цывільнага. Але тут насустрач мне сваімі прыгожымі вольнымі крокамі выйшла Пат, і пакой раптам ператварыўся ў востраў цеплыні і весялосці. Я зачыніў за сабой дзверы і пяшчотна абняў яе. Потым я ўручыў ёй крадзены бэз.
- Вось, - сказаў я. - Гарадское кіраўніцтва шле вам прывітанне.
Яна паставіла кветкі ў вялікую светлую керамічную вазу, якая стаяла на падлозе каля акна. Я тым часам агледзеўся ў пакоі. Мяккія прыглушаныя колеры, нешматлікая старая прыгожая мэбля, светла-блакітны дыван, пастэльных таноў фіранкі на вокнах, зручныя невялікія крэслы, абабітыя выцвілым аксамітам...
- Божа мой, як табе пашэнціла знайсці такі пакой, Пат? - сказаў я. - Кватарантам жа ў пакой звычайна ставяць па прынцыпе «На табе, божа, што мне нягожа» альбо непатрэбныя падарункі, атрыманыя да дня нараджэння.
Яна асцярожна адсунула ад сцяны вазу з кветкамі. Я ўбачыў яе сагнутую хударлявую шыю, прамыя плечы і танклявыя рукі. Стоячы на каленях, яна была падобная да дзіцяці. Гэтае дзіця трэба было абараняць. Але рухі ў яе былі як у гнуткага звера, і калі яна потым устала і прыхілілася да мяне, гэта ўжо было не дзіця. У яе вачах і ў яе вуснах таілася запытальнае чаканне і таямнічасць, якія мяне збянтэжылі. Я думаў, што іх ужо не існуе ў гэтым брудным свеце.
Я абняў яе за плечы. Прыемна было адчуваць яе так блізка.
- Гэта мае ўласныя рэчы, Робі. Кватэра раней належала маёй маці. Калі маці памерла, я здала яе, а сабе пакінула гэтыя два пакоі.
- Дык яна ўсё-такі твая? - спытаў я з палёгкай. - А падпалкоўнік Эгберт фон Хакэ жыве ў цябе на кватэры?
Яна пахітала галавой.
- Ужо не мая. Я не змагла ўтрымліваць яе. Я прадала астатнюю мэблю, а кватэру здала назусім. Цяпер я тут кватарантка. Але якая табе справа да старога Эгберта?
- Ніякай. У мяне проста натуральны страх перад паліцэйскімі і штабнымі афіцэрамі. Гэта ідзе яшчэ ад маёй вайсковай службы.
Яна засмяялася.
- Мой бацька таксама быў маёр.
- Маёр - гэта якраз мяжа, - адказаў я.
- Ты знаёмы са старым Хакэ? - спытала яна.
Мяне раптам ахапіла нядобрае прадчуванне.
- Ён нізкарослы, падцягнуты, з чырвоным тварам, сівымі вусамі і магутным голасам? Ён любіць шпацыраваць у гарадскім скверы?
- А! - яна зірнула на бэз, а потым са смехам перавяла позірк на мяне. - Не, ён высокі, з бледным тварам і ў рагавых акулярах.
- Тады мы з ім незнаёмыя.
- Хочаш пазнаёміцца? Будзеш прыемна ўражаны.
- Барані божа! Пакуль што мая кампанія - механікі ды кватаранты пані Залеўскі.
Пастукалі ў дзверы. Дзяўчына прывезла нізенькі столік на колцах. Тонкі белы фарфор, срэбны паднос з пірожнымі, другі - з неверагодна маленькімі бутэрбродамі. Сурвэткі, цыгарэты, чорт ведае што яшчэ - я глядзеў на ўсё, як баран на новыя вароты.
- Злітуйся, Пат, - сказаў я потым. - Усё як у кіно! Яшчэ на лесвіцы я заўважыў, што мы стаім на розных сацыяльных прыступках. Ты ж май на ўвазе, што я прывык есці з тлустай паперыны на падваконніку фраў Залёўскі, побач з верным прымусам. Злітуйся з жыхара беднага пансіёна, калі ён, небарака, магчыма, аберне кубачак.
Яна засмяялася.
- Гэтага нельга. Твой гонар спецыяліста па маторах не дазваляе. Ты павінен быць лоўкі. - Яна ўзялася за збаночак.
- Гарбаты ці кавы?
- Гарбаты ці кавы? А што - ёсць і тое, і тое?
- Ёсць. Глядзі!
- Цудоўна! Як у лепшых рэстаранах! Не хапае толькі музыкі.
Яна нахілілася і націснула на кнопку маленькага радыёпрыёмніка, якога я нават не заўважыў.
- Дык чаго табе наліць - гарбаты ці кавы?
- Кавы, голай кавы, Пат. Я - вясковец. А ты?
- Я вып'ю з табой кавы.
- А звычайна ты п'еш гарбату?
- Так.
- Я так і думаў.
- Я ўжо пачынаю прывыкаць да кавы. Пірожнага хочаш? Ці бутэрброд?
- Тое і тое, Пат. Трэба выкарыстаць магчымасці. Потым я яшчэ вып'ю гарбаты. Я павінен пакаштаваць усяго, што ў цябе ёсць.
Яна засмяялася і напоўніла мне талерку вышэй краёў. Я адмаўляўся.
- Хопіць, хопіць. Не забывай, што паблізу - падпалкоўнік. Вайскоўцы любяць, каб ніжнія чыны трымаліся меры.
- Толькі ў выпіўцы, Робі. Стары Эгберт сам вельмі любіць пірожнае з вяршкамі.
- І ў камфорце таксама, - запярэчыў я. - Некалі яны нас старанна адвучалі ад яго.
Я катаў столік туды-сюды. Ён спакушаў на гэта. Ён ездзіў на гумавых колцах па дыване бясшумна. Я агледзеўся. Усё тут было падабрана з густам.
- Так, Пат, - сказаў я. - Вось як жылі нашы продкі.
Яна засмяялася.
- Ну што ты прыдумляеш?
- Я не прыдумляю. Так было.
- Толькі выпадкова я зберагла гэтыя рэчы, Робі.
Я пахітаў галавой.
- Не выпадкова. І не пра рэчы гаворка. Галоўнае ў тым, што за імі. Грунтоўнасць. Ты гэтага не зразумееш. Зразумее толькі той, хто страціў гэта.
Яна паглядзела на мяне.
- Ты таксама мог бы ўсё гэта мець, калі б захацеў.
Я ўзяў яе за руку.
- Але я не хачу, Пат. Вось у чым справа. Тады я сам сабе здаваўся б прайдзісветам. Наш брат жыве заўсёды на знос. Так мы прывыклі, такі цяпер час.
- Гэта вельмі зручна.
Я засмяяўся.
- Магчыма. Але налі мне крыху гарбаты. Хачу пакаштаваць.
- Не, - сказала яна. - Будзем піць адно - каву. Але з'еш што-небудзь. На знос дык на знос.
- Цудоўная ідэя. Але ці не разлічвае Эгберт, палкі аматар пірожных, што нешта застанецца і яму?
- Магчыма. Але ён павінен разлічваць і на помсту ніжніх чыноў. Гэта якраз у духу часу. Еш спакойна ўсё і не думай пра яго.
Яе вочы гарэлі, яна была надзвычай прыгожая.
- Слухай, - сказаў я. - А ты ведаеш, калі перастаюць жыць да зносу - і не ад нечага шкадавання?
Яна не адказала, а толькі глядзела на мяне.
- Калі я з табой! - сказаў я. - А цяпер без страху і сумнення за зброю супроць Эгберта!
Раніцай я выпіў толькі кубак булёну ў шафёрскай забягалаўцы. Таму я мог без цяжкасці з'есці ўсё, што было на стале. Падбадзёраны словамі Пат, я выпіў таксама ўвесь збаночак кавы.
Мы сядзелі каля акна і палілі. Вечар чырванню разліваўся над дахамі.
- З табой вельмі хораша, Пат, - сказаў я. - Я згадзіўся б тыднямі не выходзіць адсюль, каб забыцца пра ўсю будзённую мітусню.
Яна ўсміхнулася.
- Быў час, калі я ўвогуле не спадзявалася выйсці адсюль.
- Калі?
- Калі хварэла.
- Гэта іншая справа. А што ў цябе было?
- Нічога страшнага. Мне трэба было паляжаць. Я, мусіць, занадта хутка расла, а ела мала. У час вайны і пасля яе жылося бедна.
Я кіўнуў.
- І колькі часу ты ляжала?
Яна на момант завагалася.
- Каля года.
- Але ж гэта вельмі доўга.
Я ўважліва паглядзеў на яе.
- Усё даўно мінулася. Але ў той час мне здалося, што прайшло цэлае жыццё. Ты аднойчы ў бары распавядаў мне пра твайго сябра Валянціна. Быццам пасля вайны ён ніяк не можа забыць, што жывы і якое гэта шчасце. І што пасля гэтага яму ўсё астатняе - абыякава.
- Ты добра запомніла, - сказаў я.
- Бо мне гэта зразумела. З таго часу я таксама лёгка радуюся. Мне здаецца, што я вельмі павярхоўная.
- Павярхоўныя толькі тыя людзі, якім здаецца, што яны не такія.
- Я, напэўна, такая. Я не вельмі разбіраюся ў жыцці. Я разумею толькі прыгажосць. Вось гэты бэз ужо робіць мяне шчаслівай.
- Гэта не павярхоўнасць, гэта самая высокая філасофія.
- Толькі не ў мяне. Я павярхоўная і легкадумная.
- Я таксама.
- Але не такі, як я. Ты надоечы нешта сказаў пра прайдзісветаў. Я сапраўдная прайдзісветка.
- Я так і думаў, - сказаў я.
- Так, так. Мне ўжо даўно пара змяніць кватэру, нечаму навучыцца і зарабляць грошы. А я ўсё адсоўвала гэта на потым. Мне карцела пажыць так, як хочацца. Не разважаючы, ці разумна я раблю. Я так і дзейнічала.
Я засмяяўся.
- Чаму ў цябе пры гэтым такі ўпарты выгляд?
- Таму што ўсе мне казалі, што так жыць - бязмежная легкадумнасць. Лепш было б сабраць крыху грошай, знайсці сабе месца і працу. А мне хацелася жыць лёгка і радасна, а не прыгнечана, і рабіць, што захочацца. Так было пасля смерці мамы і пасля маёй працяглай хваробы.
- У цябе ёсць браты, сёстры? - спытаў я.
Яна пахітала галавой.
- Я так і думаў. Інакш цяжка ўявіць сабе, - сказаў я.
- Ты лічыш, што я паводзіла сябе легкадумна?
- Не, мужна.
- Ах, мужнасць... я не вельмі мужная. Мне часамі бывала вельмі страшна. Такі страх бывае ў чалавека ў тэатры, які ведае, што сядзіць не на сваім месцы, і ўсё-такі не ўстае.
- І тым не менш ты была мужная, - сказаў я. - Мужнасць тады і праяўляецца, калі страшна. Акрамя таго, ты паводзіла сябе разумна. Ты магла б дарма патраціць грошы. А так ты хоць штосьці атрымала. Чым ты займалася?
- Шчыра кажучы, нічым. Жыла, і ўсё.
- Малайчына! Лепш не прыдумаеш.
Яна ўсміхнулася.
- Скора гэтаму канец. Неўзабаве я пайду працаваць.
- Куды? Ці не наконт гэтага ў вас была дзелавая сустрэча з Біндзінгам?
Яна кіўнула.
- З Біндзінгам і доктарам Максам Матушайтам, дырэктарам крамаў грамафоннай кампаніі «Электрола». Буду прадаўшчыцай з музычнай адукацыяй.
- Так, - сказаў я. - Нічога іншага Біндзінгу не прыйшло ў галаву.
- Прыйшло, - адказала яна, - але я таго не захацела.
- І я таго яму не параіў бы. Калі ж ты прыступаеш?
- Першага жніўня.
- Ну, тады яшчэ ёсць шмат часу. Магчыма, мы знойдзем штосьці іншае. Ва ўсякім разе: мы твае надзейныя кліенты.
- А ў цябе ёсць грамафон?
- Няма, але я абавязкова адразу ж куплю. Пакуль што, праўда, мне ўсё гэта не падабаецца.
- А мне падабаецца, - сказала яна. - Я ж нічога не ўмею. А з таго часу, як ёсць ты, усё стала для мяне нашмат прасцей. Але не варта было нічога табе расказваць.
Яна бегла зірнула на мяне.
- Добра, Робі, - сказала яна. Потым устала і падышла да тумбачкі. - Ты ведаеш, што ў мяне ёсць? Ром. Здаецца, добры ром.
Яна паставіла на стол чарку і запытальна зірнула на мяне.
- Добры ром, я ўжо чую носам здалёку, - сказаў я. - Але, Пат, ці не лепш табе быць больш ашчаднай, каб крыху адцягнуць з грамафонамі?
- Не, - адказала яна.
- Таксама правільна, - сказаў я.
Ром, як я вызначыў па колеру, быў разбаўлены, Прадавец, відавочна, падмануў Пат. Я выпіў чарку.
- Вышэйшы клас, - сказаў я. - Налі мне яшчэ адну. Дзе ты яго купіла?
- У краме на рагу.
«Ага, - падумаў я, - вядома, у заклятай краме далікатэсаў». Я рашыў сабе пры выпадку зазірнуць туды і пагаварыць з тым тыпам.
- Мне, мусіць, пара ісці, Пат? - спытаў я.
Яна зірнула на мяне.
- Яшчэ не...
Мы стаялі каля акна. Унізе мігцелі ліхтары.
- Пакажы мне сваю спальню, - сказаў я.
Яна адчыніла дзверы і ўключыла святло. Я спыніўся каля дзвярэй, зазіраючы ў пакой. Думкі ў галаве пераблыталіся.
- Вось гэта твой ложак, Пат... - нарэшце сказаў я.
Яна ўсміхнулася.
- Дык а чый жа яшчэ, Робі?
- Сапраўды! - Я падняў вочы на яе. - А вунь і тэлефон. Вось я ўсё ведаю. Цяпер я пайду. Бывай, Пат.
Яна паклала рукі мне на скроні. Як цудоўна было б застацца цяпер, гэтым надвячоркам, блізка-блізка адзін каля аднаго пад мяккай сіняй коўдрай у спальні... Але нешта было такое, што стрымлівала мяне. Не, гэта было не сумненне, і не страх, і не асцярожнасць... а проста пяшчота, вялізная пяшчота, якая перамагала страсць...
- Бывай, Пат, - сказаў я. - У цябе было цудоўна. Намнога лепш, чым ты сабе, магчыма, уяўляеш. І ром, і тое, пра што ты падумала...
- Але ж гэта так проста...
- Але не для мяне. Я так не прывык.
Каморка ў фраў Залеўскі. Я хвілінку пасядзеў. Мне не падабалася, што Пат нечым была абавязана Біндзінгу. Нарэшце я пайшоў праз калідор да Эрны Бёніг.
- Я прыйшоў па справе, - сказаў я. - Які попыт на жаночую працу, Эрна?
- Ну і пытанне, - адказала яна. - Ні з таго ні з сяго! А ўвогуле: безнадзейна.
- Нічога нельга зрабіць? - спытаў я.
- А кім?
- Сакратар, асістэнтка...
Яна махнула адмоўна.
- Сто тысяч без месца. Ці няма ў дамы незвычайных здольнасцей?
- Надзвычай прыгожая знешнасць.
- Колькі літар? - спытала Эрна.
- Што?
- Колькі літар яна друкуе за хвіліну? На якіх мовах?
- Не ведаю, - сказаў я, - але ці ведаеце... для прадстаўніцтва.
- Дарагі хлапчына, - адказала Эрна, - я ўжо чую: дама з добрай сям'і, зведала лепшыя дні, цяпер вымушана і г. д. Безнадзейна, кажу вам. У крайнім выпадку, калі ёй нехта асабліва зацікавіцца і прыладзіць куды-небудзь. Вы ж ведаеце, за што. Але ж так прыстроіць вы не хочаце?
- Смешнае пытанне, - сказаў я.
- Не такое смешнае, як вам здаецца, - не пагадзілася Эрна з доляй горычы ў голасе. - Мне вядомыя іншыя выпадкі. - Мне прыпомнілася справа з яе шэфам. - Але я хачу даць вам параду, - працягвала яна. - Пастарайцеся зарабляць на дваіх. Гэта самае простае рашэнне. Жаніцеся.
- Было б някепска, - сказаў я і засмяяўся. - Хацелася б верыць, што я здольны на такое.
Эрна дзіўна зірнула на мяне. Пры ўсёй сваёй энергічнасці яна раптам здалася мне старэйшай, быццам прывялай.
- Давайце я вам штосьці раскажу, - сказала яна. - Я жыву добра, і ў мяне ёсць і непатрэбныя рэчы. Але паверце мне: каб нехта прыйшоў і прапанаваў мне жыць разам - сумленна, па-сапраўднаму, я пакінула б тут усе гэтыя транты і пераехала б з ім у любую галубятню, калі б на тое пайшло.
На яе твары з'явіўся ранейшы выраз.
- Ну, але забудзем пра гэта - у кожным чалавеку ёсць кропелька сентыментальнасці. - Яна падміргнула мне праз дым цыгарэты. - Пэўна, і ў вас ёсць.
- Дзе там... - адказаў я.
- Ну, ну, - сказала Эрна. - Яна авалодвае чалавекам часцей за ўсё знянацку...
- Але не мной, - запярэчыў я.
Да васьмі гадзін я пратрываў у сваёй каморцы, потым мне абрыдла сядзець аднаму, і я пайшоў у бар, каб сустрэць каго-небудзь.
Там быў Валянцін.
- Сядай, - сказаў ён. - Чаго вып'еш?
- Рому, - адказаў я. - Да рому з сённяшняга дня ў мяне асаблівыя адносіны.
- Ром - малако салдата, - сказаў Валянцін. - Дарэчы, ты добра выглядаеш, Робі.
- Праўда?
- Так, ты памаладзеў.
- Ды што ты, - сказаў я. - За тваё здароўе, Валянцін.
- На здароўе, Робі.
Мы паставілі чаркі на стол і глянулі адзін на аднаго. Потым разам засмяяліся.
- Стары, - сказаў Валянцін.
- Сябрук, каб цябе... - адказаў я. - Чаго вып'ем яшчэ?
- Паўторым.
- Выдатна.
Фрэд наліў.
- За тваё здароўе, Валянцін.
- На здароўе, Робі.
- Шыкоўнае выслоўе - на здароўе, праўда?
- Усім словам слова.
Мы паўтарылі яго яшчэ некалькі разоў. Потым Валянцін пайшоў.
Я застаўся. Акрамя Фрэда, нікога не было. Я разглядаў старыя, асветленыя геаграфічныя карты, караблі з пажоўклымі ветразямі і думаў пра Пат. Мне хацелася патэлефанаваць ёй, але я прымусіў сябе не рабіць гэтага. Я і не хацеў так шмат думаць пра яе. Я хацеў прыняць яе як нечаканы шчаслівы падарунак, які як прыйшоў, так і пойдзе - і не больш. Я не хацеў даваць месца думцы пра нешта большае. Я занадта добра ведаў, што любое каханне імкнецца да вечнасці і што ў гэтым яго вечныя пакуты. Няма нічога вечнага. Нічога.
- Налі мне яшчэ чарку, Фрэд, - сказаў я.
У бары з'явіліся мужчына і жанчына. Каля стойкі яны выпілі кактэйль з лікёру і фруктовых сокаў. Жанчына выглядала зморанай, мужчына - прагным. Яны неўзабаве пайшлі.
Я выпіў чарку. Магчыма, было б лепш, каб я аполудні не хадзіў да Пат. Я не мог пазбавіцца ад вобраза - пакой, які ахутваецца паўзмрокам, мяккія сінія вечаровыя цені і прыгожая дзяўчына, якая, уладкаваўшыся на канапе, сваім нізкім хрыплаватым голасам расказвае пра жыццё і пра жаданне жыць. Што за ліха, я стаў сентыментальны! Але ці не ператварылася ўжо тое, што сёння было нязначнай нечаканай прыгодай, у туман пяшчоты, ці не захапіла яно мяне мацней, чым я спадзяваўся і хацеў, ці не адчуў я сёння, як моцна я ўжо змяніўся? Чаму я пайшоў, чаму не застаўся ў яе, як мне, шчыра кажучы, і хацелася? Ах, трасца, не хачу больш думаць пра гэта, ні пра адно, ні пра другое! Няхай будзе, як будзе, няхай я звар'яцею ад гора, калі страчу яе... А цяпер яна ёсць, пакуль што ёсць, а ўсё астатняе - лухта, да д'ябла ўсё! Ці так важна - падмацаваць крыху жыццё? Усё роўна калі-небудзь накоціцца вялізная хваля і зліжа ўсё.
- Вып'ем, Фрэд? - спытаў я.
- Заўжды гатовы, - сказаў ён.
Мы выпілі два абсенты. Потым кінулі жэрабя, хто закажа наступныя. Я выйграў. Гэта было несправядліва. Таму мы кінулі зноў. Але лёс адвярнуўся ад мяне толькі на пятым разе. Затое тры разы запар.
- Ці я п'яны, ці знадворку нешта грыміць? - спытаў я.
Фрэд прыслухаўся.
- Сапраўды грыміць. Першая навальніца сёлета.
Мы падышлі да дзвярэй і глянулі на неба. Нічога не было відаць. Стаяла цяплынь, і час ад часу грымеў гром.
- За гэта, шчыра кажучы, можна было б выпіць яшчэ па адной, - прапанаваў я.
Фрэд прагаласаваў «за».
- Ніякага толку ад гэтай вады, - сказаў я і паставіў пустую чарку на стойку. Фрэд пагадзіўся, што трэба было б выпіць нечага мацнейшага. Ён быў за вішнёвую настойку, я - за ром. Каб не спрачацца, мы выпілі таго і таго. Каб Фрэду не даводзілася так часта наліваць - таксама ж праца! - мы ўзялі фужэры. Цяпер мы былі ў выдатным настроі. Час ад часу мы выглядалі на двор, ці бліскае маланка. Нам вельмі хацелася ўбачыць маланку, але не шанцавала. Яна бліскала, калі мы сядзелі за чаркай. Фрэд расказаў, што ў яго ёсць нявеста, дачка гаспадара рэстарана-аўтамата. Але жаніцца ён пакуль што не спяшаўся - чакаў, каяі памрэ стары, каб ужо напэўна не ўпусціць рэстаран. Я лічыў, што ён залішне асцярожны, але ён даводзіў мне, што стары - такая падла, пра якую нічога не ведаеш загадзя. Ён здольны ў апошні момант перадаць рэстаран мясцовай абшчыне метадысцкай царквы. Тут я здаўся. А ўвогуле Фрэд быў аптыміст. Стары прастудзіўся, на думку Фрэда, у яго быў грып, а грып вельмі небяспечны. Я з жалем павінен быў паведаміць яму, што грып для алкаголікаў нічога не значыць, а што, наадварот, самыя запойныя здыхлякі часам ачуньвалі і нават тлусцелі. Ну і няхай, сказаў Фрэд, тады, можа, ён трапіць дзе-небудзь пад машыну. Я згадзіўся, што на мокрым асфальце такая магчымасць ёсць. Пасля гэтага Фрэд выйшаў, каб паглядзець, ці ідзе дождж. Але яшчэ было суха. Толькі грымець пачало мацней. Я даў яму выпіць шклянку лімоннага соку і пайшоў да талефона. У апошні момант я апамятаўся і вырашыў не тэлефанаваць. Я ўзняў руку, вітаючы апарат, і хацеў зняць перад ім капялюш. Але потым заўважыў, што быў без капелюша.
Калі я вярнуўся, тут былі Кёстэр і Ленц.
- Дыхні на мяне, - сказаў Гртфрыд.
Я дыхнуў.
- Ром, вішнёўка і абсент, - сказаў ён. - Абсент... парася.
- Калі ты думаеш, што я п'яны, то ты памыляешся, - сказаў я. - Адкуль вы?
- З палітычнай сходкі. Але Ота яна абрыдла. Што п'е Фрэд?
- Лімонны сок.
- І ты выпі шклянку.
- Заўтра, - адказаў я. - А цяпер я што-небудзь з'ем.
Кёстэр увесь час заклапочана глядзеў на мяне.
- Не глядзі на мяне так, Ота, - сказаў я. - Я крыху падпіў ад радасці. Не з гора.
- Ну і добра, - сказаў ён. - Тады хадзем есці.
У адзінаццаць гадзін я быў цвярозы, як анёл. Кёстэр прапанаваў паглядзець, што з Фрэдам. Мы ўбачылі яго за стойкай - ён быў п'яны без памяці.
- Завядзі яго ў бакоўку, - сказаў Ленц. - Я пакуль што абслужу кліентаў.
Мы з Кёстэрам прывялі Фрэда да памяці. Мы далі яму выпіць цёплага малака. Яно падзейнічала імгненна. Потым мы пасадзілі яго ў крэсла і загадалі яму адпачыць паўгадзінкі. Ленц пакуль што справіцца без яго.
Готфрыд спраўляўся. Ён ведаў усе цэны і найбольш хадавыя рэцэпты кактэйляў. Ён трос міксер так, быццам нічога іншага ніколі не рабіў.
Праз паўгадзіны Фрэд ачуняў. Яго праспіртаваны страўнік хутка прыходзіў у норму.
- Шкада, Фрэд, - сказаў я. - Нам трэба было спачатку пад'есці.
- Я зноў у парадку, - адрапартаваў ён, - Бывае карысна.
- Ды так.
Я падышоў да тэлефона і патэлефанаваў Пат. Мне было ўсё роўна, што я думаў перад гэтым. Яна зняла слухаўку.
- Праз пятнаццаць хвілін я буду каля дзвярэй дома, - крыкнуў я і хуценька павесіў слухаўку. Я баяўся, што яна, змораная, не захоча нічога слухаць. Я хацеў бачыць яе.
Яна падышла да дзвярэй. Калі адчыняла, я пацалаваў шкло насупроць яе галавы. Яна хацела нешта сказаць, але я не даў ёй. Я пацалаваў яе, і мы пайшлі па вуліцы, пакуль не злавілі таксі. Грымеў гром, і бліскала маланка.
- Хутка, зараз пойдзе дождж, - крыкнуў я.
Селі ў машыну. Першыя кроплі забарабанілі па даху легкавіка. Машына скакала на выбоінах. І гэта было цудоўна, бо пры кожным скачку я адчуваў Пат. Усё было цудоўна - дождж, горад, выпіўка, усё было велічна і захапляльна. У мяне быў бадзёры светлы настрой, які бывае, калі працверазееш пасля выпіўкі. Затарможанасць знікла, ноч была напоўнена энергіяй і бляскам, нічога дрэннага не магло ўжо здарыцца, усё было правільна.
Дождж пачаўся, калі мы выйшлі. Пакуль я плаціў, асфальт быў яшчэ ў цёмных плямах ад кропляў, як пантэра, але не паспелі мы дабегчы да дзвярэй, як ён стаў увесь чорны і срабрыста-бліскучы. Пачалася залева. Я не ўключаў святла. Маланкі асвятлялі пакой. Над горадам грымела навальніца. Грамы накочваліся адзін на адзін.
- Цяпер можна крычаць, - гучна сказаў я Пат, - не баючыся, што нас пачуюць.
Акно ўспыхнула. На секунду чорныя сілуэты дрэў на могілках абазначыліся на бела-блакітным небе і адразу ж з ляскатам зніклі ў змроку ночы, толькі на секунду ў разрыве змроку перад шыбай мільгнула гнуткая фігура Пат, якая засвяцілася фосфарам... Я абняў яе за плечы, яна прытулілася да мяне, я адчуў яе вусны, яе дыханне і больш ні пра што не думаў...
XII
Наша майстэрня ўсё яшчэ стаяла пустая, як ток перад жнівом. З гэтай прычыны мы вырашылі не перапрадаваць таксі, а пакуль што выкарыстоўваць яго па прызначэнні. Ездзіць будзем па чарзе я і Ленц. Кёстэр з Юпам спакойна справяцца ў майстэрні адны, пакуль няма заказаў.
Мы з Ленцам кінулі жэрабя, каму першаму ехаць. Выпала мне, я набраў кішэню дробязі і паволі паехаў па вуліцах, каб спачатку выбраць добрую стаянку. Упершыню было неяк нязвыкла. Любы дурань мог спыніць мяне і загадаць, куды ехаць. Гэта было не вельмі прыемнае пачуццё.
Я адшукаў месца, дзе можна спыніцца, - там стаяла толькі пяць машын. Стаянка была насупраць гатэля «Вальдэкер Хоф» у гандлёвай частцы горада. Можна было спадзявацца, што праца будзе. Я выключыў запальванне і выйшаў з машыны. Ад адной з першых машын да мяне падышоў высокі хлопец у скураным паліто.
- Зматвайся адсюль, - прашыпеў ён.
Я спакойна паглядзеў на яго і разважыў сабе, што, калі на тое пойдзе, лепш за ўсё пакласці яго аперкотам знізу. Паліто не дасць яму хутка падняць рукі.
- Не дайшло? - пацікавіўся тып у скуранцы і выплюнуў цыгарэту мне пад ногі. - Матай хутчэй! Хапае без цябе! Больш не трэба!
Ён злаваўся на з'яўленне яшчэ аднаго канкурэнта, гэта было ясна. Але ж я меў права стаць тут.
- Я стаўлю потым, за знаёмства, з прычэпам, - сказаў я.
На гэтым справа павінна была ўладзіцца. З новенькага належала. Падышоў малады шафёр.
- Добра, калега. Адчапіся ад яго, Густаў...
Але Густаву я нечым не спадабаўся. Я ведаў чым. Ён адчуваў, што я навічок.
- Лічу да трох... - заявіў ён. Ён быў на галаву вышэйшы за мяне і на гэта разлічваў. Я зразумеў, што словам тут не дапаможаш. Трэба было ці пакінуць стаянку, ці ўдарыць. Выбару не было.
- Раз... - сказаў Густаў і расшпіліў паліто.
- Кіньце глупства, - сказаў я, робячы яшчэ адну спробу. - Лепш прапусцім па чарцы.
- Два... - гыркнуў Густаў.
Відаць было, што ён вырашыў аддубасіць мяне як след.
- І апошні раз... - Ён ссунуў шапку на патыліцу.
- Заткніся, ідыёт! - раптам рэзка крыкнуў я.
Густаў ад нечаканасці разявіў рот і зрабіў крок наперад. Якраз так, як я хацеў. Тады я і ўдарыў. Удар атрымаўся моцны, з усёй сілы. Так біць навучыў мяне Кёстэр. Я не вельмі ўмеў біцца - не лічыў патрэбным. Найчасцей усё вырашалася першым ударам. У мяне ён атрымаўся. Густаў асунуўся.
- Так яму і трэба, - сказаў малады шафёр. - Стары бандыт.
Мы зацягнулі яго на сядзенне ў машыну.
- Ачухаецца.
Я крыху ўстрывожыўся. Б'ючы, я незнарок выбіў вялікі палец. Калі Густаў прыйдзе да памяці, ён зробіць са мной, што захоча. Я расказаў пра гэта маладому шафёру і спытаў яго, ці не лепш мне даць драла.
- Глупства, - сказаў ён. - Справа зроблена. Пайшлі ў шынок - стаў, што абяцаў. Ты не прафесійны шафёр?
- Не.
- І я - не. Я - акцёр.
- Ну і як?
- Жывём... - сказаў ён. - Тэатра і тут хапае.
Нас сабралася пяцёра - два пажылыя і два маладыя. Праз нейкі час у рэстаране з'явіўся і Густаў. Ён тупа ўтаропіўся на наш стол, а потым падышоў. Я заціснуў у левай руцэ звязку ключоў, трымаючы яе ў кішэні, і намерыўся абараняцца да апошняга.
Але да бойкі не дайшло. Густаў нагой падсунуў крэсла і плюхнуўся на яго. Гаспадар паставіў перад ім чарку. Налілі. Густаў выліў гарэлку ў сябе. Налілі яшчэ раз. Густаў скоса зірнуў на мяне. Ён падняў чарку.
- Будзь здароў, - сказаў ён мне, але твар у яго быў кіслы.
- На здароўе, - адказаў я і выпіў.
Густаў дастаў пачак цыгарэт. Ён працягнуў яго, не гледзячы на мяне. Я ўзяў цыгарэту і даў яму прыпаліць. Потым я заказаў на ўсіх па падвойнай порцыі гарэлкі. Мы выпілі. Густаў зноў збоку глянуў на мяне.
- Дурніла, - сказаў ён, але ўжо нармальным тонам.
- Неданосак, -адказаў я гэтаксама.
Ён павярнуўся да мяне.
- Удар быў удалы...
- Выпадкова... - Я паказаў яму вывіхнуты палец.
- Не пашанцавала, - хмыкнуў ён. - Між іншым, мяне завуць Густаў.
- Мяне - Роберт.
- Добра. Значыць, парадак, Роберт? Мне здалося, што ты - хлопчык ад мамінай спадніцы.
- Парадак, Густаў.
З гэтага часу мы пасябравалі.
Наша чарга павольна рухалася. Акцёру, якога звалі Томі, жудасна пашанцавала: натрапіўся пасажыр да вакзала. Густаў за трыццаць пфенігаў павёз некага да рэстарана. Ён як не лопнуў ад злосці - за дзесяць пфенігаў «навару» зноў станавіцца ў хвост. Мне трапілася нешта незвычайнае - старая ангелька, якая захацела агледзець горад. Я вазіў яе ледзь не гадзіну. Па дарозе назад я падвёз яшчэ некалькі чалавек. Калі мы ў полудзень сядзелі ў шынку, перакусваючы бутэрбродамі, я ўжо ўяўляў сябе вопытным шафёрам. Кампанія напамінала мне пра салдацкае брацтва. Тут сабраліся прадстаўнікі самых розных прафесій. Шафёраў было не больш паловы. Астатнія выпадкова селі за руль.
Даволі замораны, я пад вечар вяртаўся ў двор нашай майстэрні. Ленц і Кёстэр ужо чакалі мяне.
- Браткі, колькі вы зарабілі? - спытаў я.
- Семдзесят літраў бензіну, - адрапартаваў Юп.
- І ўсё?
Ленц раз'юшана глянуў на неба.
- Дожджык патрэбны! А потым невялічкая аварыя на слізкім асфальце перад самым домам! Без ахвяр. Толькі каб быў рамонт!
- Гляньце! - я растуліў далоню і паказаў трыццаць пяць марак.
- Шыкоўна! - сказаў Кёстэр. - Дваццаць марак прыбытку. Сёння мы ім знойдзем месца! Трэба ж замачыць першы выезд!
- Сёння п'ем лёгкае віно, - заявіў Ленц.
- Віно? - здзівіўся я. - З якой нагоды?
- З намі будзе Пат.
- Пат?
- Не разявай так шырока рот, - сказаў апошні рамантык. - Мы даўно пра ўсё дамовіліся. У сем мы заедзем па яе. Яна ўжо ведае. Калі сам не думаеш, трэба нам паклапаціцца. Урэшце, ты пазнаёміўся з ёю праз нас.
- Ота, - сказаў я, - ты бачыў большага нахабніка, чым гэты навабранец?
Кёстэр засмяяўся.
- Што ў цябе з рукой, Робі? Ты яе трымаеш неяк бокам.
- Відаць, вывіхнуў.
Я расказаў пра Густава.
Ленц паглядзеў руку.
- Вядома! Як хрысціянін і адстаўны студэнт медыцыны я папраўлю яе, хоць ты і хам. Пайшлі, чэмпіён-баксёр.
Мы пайшлі ў майстэрню, і Готфрыд, змазаўшы руку вазелінам, узяўся за яе.
- Ты сказаў Пат, што мы будзем адзначаць наш таксісцкі аднадзённы юбілей? - спытаў я.
Ён свіснуў праз зубы.
- Ты саромеешся гэтага, хлапец?
- Заткніся, - адказаў я, бо ён адгадаў. - Ты сказаў?
- Каханне, - растлумачыў Готфрыд спакойна, - пачуццё цудоўнае. Але яно псуе характар.
- Затое адзінота робіць нетактоўным, ты - змрочны саліст.
- Такт -гэта маўклівая згода не заўважаць сумесных памылак, замест таго каб выяўляць іх. Гэта вартыя жалю кампрамісы. На гэта нямецкі ветэран не пойдзе, дзіця.
- Што б ты зрабіў на маім месцы, - сказаў я, - калі б нехта выклікаў таксі і ты ўбачыў, што гэта Пат?
Ён усміхнуўся.
- Я нізашто не ўзяў бы з яе платы, сын мой.
Я даў яму таўхаля, так што ён зваліўся з трыножніка.
- Ах ты, кузурка! Ведаеш, што я зраблю! Сёння я проста паеду па яе на таксі.
- Правільна! - Готфрыд падняў руку, бласлаўляючы. - Толькі не траціць волі! Яна даражэйшая за каханне. Але гэта пачынаеш разумець толькі потым. А на таксі ты ўсё роўна не паедзеш. На ім мы прывязём Фердынанда Граў і Валянціна. Гэта будзе салідны вялікі вечар!
Мы сядзелі ў садку невялічкай прыгараднай карчмы. Падобны да чырвонай паходні вільготны месяц плыў над лесам. Мігцелі цьмяныя кандалябры цвітучых каштанаў, пах бэзу хмяліў, а вялікая шкляная чаша з пахучым «вальдмайстрам» перад намі на стале ў вечаровым змярканні была падобная да светлага апалу, у які акамулявалася блакітна-перламутравае святло вечара. Чаша напоўнілася ўжо чацвёрты раз. Тамадой быў Фердынанд Граў. Пат сядзела каля яго. На грудзях у яе была прышпілена бледна-ружовая архідэя - падарунак Фердынанда.
Фердынанд вывудзіў з віна камара і асцярожна паклаў на край стала.
- Паглядзіце, - сказаў ён. - Якія крылы! У параўнанні з імі любая парча - ануча! І такі цуд жыве толькі адзін дзень - і ўсё! - Ён глянуў на кожнага з нас. - Ці ведаеце, браткі, што самае жудаснае на свеце?
- Пустая чарка, - адказаў Ленц.
Фердынанд адмахнуўся ад яго.
- Самае ганебнае, Готфрыд, мужчыне - быць блазнам.
Потым ён зноў звярнуўся да нас.
- Самае жудаснае, браткі, - гэта час. Час. Імгненне, у якое мы жывём і якім, аднак, ніколі не валодаем.
Ён дастаў з кішэні гадзіннік і паднёс яго да вачэй Ленца.
- Вось глядзі, папяровы рамантык! Пякельная машына, якая цікае і цікае, і, нібы рэха, у адказ ёй нястрымна цікае небыццё. Ты можаш стрымаць лавіну, горны абвал - гэтага не стрымаеш.
- І жадання такога ў мяне няма, - заявіў Ленц. - Я хачу мірна пастарэць. Акрамя таго, люблю разнастайнасць.
- Чалавек не трывае гэтага, - сказаў Граў, не звяртаючы ўвагі на яго. - Чалавек не можа гэтага вытрываць. Вось чаму ён змайстраваў сабе мару. Старую, хвалюючую, безнадзейную людскую мару пра вечнасць.
Готфрыд засмяяўся.
- Самая горшая хвароба свету, Фердынанд, - здольнасць думаць. Яна невылечная.
- Калі б гэтая хвароба была адзіная, ты аказаўся б бессмяротным, - адказаў Граў. - Ты - часовае злучэнне вугляводаў, вапны, фосфару і жалеза, якое на зямлі называецца Готфрыдам Ленцам.
Готфрыд задаволена пасміхаўся. Фердынанд страсянуў ільвінай галавой.
- Браты, жыццё - хвароба, а смерць пачынаецца з нараджэння. Кожны ўдых, і кожны выдых, і кожны ўдар сэрца - гэта часцінкі смерці... маленькі зрух да скону.
- І кожны глыток, - дадаў Ленц. - За тваё здароўе, Фердынанд! Бывае, паміраць надзвычай лёгка.
Граў падняў шклянку. Па твары яго, як бязгучная навальніца, праплыла ўсмешка.
- На здароўе, Готфрыд, - жывая блыха ў сыпучым пяску часу. Цікава, што думала чароўная сіла, якая ўладарыць над намі, ствараючы цябе?
- Гэта яе справа. Між іншым, менавіта табе не варта было б так незычліва гаварыць пра такія рэчы, Фердынанд. Калі б людзі жылі вечна, ты аказаўся б беспрацоўным, добры стары нахлебнік смерці.
Плечы Граў затрэсліся - ён рагатаў. Потым ён звярнуўся да Пат:
- А што вы скажаце пра нас, балбатуноў, вы - маленькая кветачка на бурлівай вадзе?
Потым мы з Пат ішлі па сцяжынцы саду. Месяц узняўся вышэй, лугі плавалі ў шэрым срэбным тумане. Цені ад дрэваў доўгімі чорнымі ўказальнікамі кіравалі ў невядомае. Мы спусціліся да возера, потым павярнулі назад. Па дарозе ўбачылі Готфрыда Ленца. Са складным крэслам ён залез у кусты бэзу. Цяпер ён сядзеў там, і толькі белая галава ды агеньчык цыгарэты свяціліся з кустоў. На зямлі перад ім стаяла шклянка і бутэлька з рэштай віна.
- Вось дык месца! - сказала Пат. - Між бэзавай квецені!
- Можна трываць. - Готфрыд устаў. - Паспрабуйце.
Пат села на крэсла. Яе твар быў ледзь бачны між гронак бэзу.
- Я без памяці люблю бэз, - сказаў апошні рамантык. - Настальгія ў мяне - пах бэзу. Вясной 1924 года я на злом галавы выехаў з Рыа-дэ-Жанейра толькі таму, што мне прыйшло ў галаву: тут расцвіў бэз. Але калі прыехаў, то ўжо было позна. - Ён засмяяўся. - І заўжды так.
- Рыа-дэ-Жанейра, - Пат падцягнула да сябе галінку з гронкай. - Вы былі там разам?
Готфрыд запнуўся. У мяне па спіне пацёк халодны пот.
- Паглядзіце, які месяц! - хутка сказаў я ў той самы момант, заклінаючы, ступіў Ленцу на нагу. Успыхнуў аганёк цыгарэты, і я ўбачыў, як Готфрыд непрыкметна ўсміхаўся і падміргваў мне. Я быў выратаваны.
- Не, мы былі там не разам, - заявіў Готфрыд. - У той час я быў адзін. Але... як наконт апошняга глытка гэтага ляснога пітва?
- Больш не хачу, - Пат пахітала галавой. - Так шмат віна я не п'ю.
Нас паклікаў Фердынанд, і мы рушылі да яго. Яго масіўная фігура засланяла дзверы.
- Хадзем, сябры, - сказаў ён. - Такім людзям, як мы, ноччу да прыроды няма справы. Ноччу ёй хочацца пабыць адной. Селянін ці рыбак - іншая справа. А мы, жыхары гарадоў, з іншымі прытупленымі інстынктамі - лішнія. - Ён паклаў руку Готфрыду на плячо. - Ноч - пратэст прыроды супроць чумы цывілізацыі, Готфрыд! Прыстойны чалавек доўга не вытрывае такога. Ён заўважыць, што выштурхнуты з маўклівага кола дрэў, звяроў, зорак і несвядомага жыцця.
Ён усміхнуўся дзіўнай усмешкай, пра якую нельга было сказаць, вясёлая яна ці сумная.
- Заходзьце, сябры. Пагрэем рукі каля ўспамінаў. Ах, цудоўны час, калі мы былі хвашчамі і яшчаркамі, пяцьдзесят - шэсцьдзесят тысяч год таму назад... О божа, як мы нізка апусціліся з той пары...
Ён узяў Пат за руку.
- Калі б у нас ужо не засталося ні кропелькі прыгожага, мы прапалі б... - Пяшчотным рухам сваёй вялізнай лапы ён падсунуў локаць ёй пад далоню. - Серабрысты зорны дах над грымучым прадоннем... зрабіце ласку, выпіце са старажытным чалавекам чарачку...
Пат згодна кіўнула.
- Давайце, - сказала яна. - Усё, што вы захочаце...
Яны ўвайшлі ў памяшканне. Побач з Фердынандам Пат здавалася яго дачкой. Статная, адважная маладая дачка зморанага асілка, які дайшоў да нас з дагістарычнага часу.
У адзінаццаць гадзін мы паехалі дадому. Валянцін і Фердынанд сядзелі ў таксі, вёў машыну Валянцін. Астатнія селі ў «Карла». Ноч была цёплая; Кёстэр зрабіў кругаля праз вёскі, якія, паснулыя, ляжалі абапал дарогі. Там-сям свяціліся вокны, зрэдку брахалі сабакі. Ленц сядзеў на пярэднім сядзенні побач з Ота і спяваў, мы з Пат прымасціліся на заднім сядзенні.
Кёстэр быў выдатны шафёр. Ён браў віражы, як птушка. Ён вёў машыну артыстычна, нібы гуляючы. Ён ехаў не рэзка, як большасць гоншчыкаў. Калі ён рабіў павароты, можна было спаць - так мякка ён вёў машыну. Хуткасць не заўважалася. Толькі па шоргаце машын мы заўважалі, што мянялася дарожнае пакрыццё. На асфальтавай шашы яны свісталі, на брукаванцы - грукаталі. Палосы святла ад пражэктараў, выцягнутыя, як ганчакі, імчалі перад машынай, выхопліваючы са змроку то дрыготкую бярозавую алею, то таполі, то тэлеграфныя слупы, якія, здавалася, падалі, то сонныя будынкі і нямыя ўскрайкі лясоў. У недасяжнай вышыні, абсыпаны тысячамі зорак, над намі плыў светлы дым Млечнага Шляху.
Хуткасць расла. Я ўхутаў Пат нашымі паліто. Яна ўсміхнулася мне.
- Ці любіш ты мяне? - спытаў я.
Яна пахітала галавой.
- А ты мяне?
- Не. Гэта шчасце, праўда?
- Вялізнае шчасце.
- Тады з намі нічога не здарыцца...
- Нічога... - адказала яна і пад паліто ўзяла маю руку.
Шаша пабегла ўніз да чыгункі, утвараючы дугу. Блішчалі рэйкі. Далёка перад намі мігцеў чырвоны агеньчык. «Карл» зароў і рвануўся наперад. Мы дагналі хуткі цягнік са спальнымі вагонамі і ярка асветленым вагонам-рэстаранам. Мы паехалі побач з ім. З вокан махалі людзі. Мы не адказвалі. Мы праімчаліся міма. Я азірнуўся. Паравоз пляваўся дымам і іскрамі. Ён чорнай плямай таптаўся ў сіняй ночы. Мы яго перагналі... але ж мы вярталіся ў горад да таксі, да рамонтных майстэрань, у мэбляваныя пакоі. А ён няспешна рухаўся міма лясоў і палёў, перасякаючы рэкі і горы, - удалячынь, да вольных прыгод.
Набліжаліся гарадскія дамы. «Карл» паспакайнеў, але гул яго матора ўсё яшчэ быў падобны да рыку дзікага звера.
Кёстэр спыніўся недалёка ад могілак. Ён не паехаў ні да майго дома, ні да Пат, ён проста спыніўся непадалёк, відаць, падумаўшы, што мы хочам пабыць адны. Мы вылезлі з машыны. Сябры адразу ж ірванулі, не азірнуўшыся. Я паглядзеў ім услед. На момант мне здалося, што гэта ненармальна. Яны паехалі, а я застаўся. Я застаўся без сяброў...
Я прагнаў гэтую думку.
- Хадзем, - сказаў я Пат, якая пазірала на мяне, быццам пра нешта здагадваючыся.
- Едзь з імі, - сказала яна.
- Не, - адказаў я.
- Але ж табе хацелася паехаць...
- Ды што ты... - сказаў я, ведаючы, што так і было. - Хадзем.
Мы пайшлі ўздоўж могілак, яшчэ няўстойлівыя ад ветру і язды.
- Робі, - сказала Пат, - я хачу дадому.
- Чаму?
- Я не хачу, каб дзеля мяне ты ад нечага адмаўляўся.
- Што ты прыдумала, - сказаў я, -ад чаго я адмаўляюся?
- Ад сваіх сяброў...
- Ды я не адмаўляюся ад іх - заўтра раніцай нікуды яны ад мяне не падзенуцца.
- Ты ведаеш, пра што я гавару... - сказала яна. - Раней ты больш часу праводзіў з імі.
- Бо цябе не было, - адказаў я, адмыкаючы дзверы.
Яна пахітала галавой.
- Тут нешта іншае.
- Вядома, іншае. Дзякаваць богу.
Я ўзяў яе на рукі і панёс па калідоры ў свой пакой.
- Табе патрэбны сябры, - сказала яна мне на самае вуха.
- Ты мне патрэбна таксама, - адказаў я.
- Але не так пільна...
- Гэта мы яшчэ паглядзім...
Я нагой адчыніў дзверы і адпусціў яе. Яна моцна трымалася за мяне.
- Я вельмі дрэнны таварыш, Робі.
- Спадзяюся на гэта, - сказаў я. - Мне жанчына патрэбна не для таварыскасці. Мне трэба каханая.
- Якая ж я каханая? - прамармытала яна.
- А хто ж ты?
- Ні два, ні паўтара. Так, фрагмент...
- Гэта тое, што трэба, - сказаў я. - Гэта абуджае фантазію. Такія жанчыны - каханыя навечна. Жанчына «на ўсе сто» лёгка робіцца абрыдлай. Таксама як і дасканалая. Фрагменты - ніколі.
Было чатыры гадзіны ночы. Я праводзіў Пат дадому і вяртаўся назад. Неба пачало святлець. Пахла раніцай.
Я ішоў уздоўж могілак, міма кавярні «Інтэрнацыяналь». Тут адчыніліся дзверы начной забягалаўкі для шафёраў каля Дома прафсаюзаў. Адтуль выйшла дзяўчына. Маленькая шапачка, паношанае чырвонае пальцячко, высокія лакіраваныя боты... Я ўжо амаль прайшоў міма, ды раптам пазнаў.
- Ліза...
- Ты яшчэ жывы? - спытала яна.
- Адкуль ты? - спытаў я.
Яна няпэўна махнула рукой.
- Чакала. Думала, ты прыйдзеш. Якраз такі час, калі ты вяртаешся дадому.
- Так, сапраўды...
- Пойдзеш са мной?
Я завагаўся.
- Не магу...
- Без грошай, - хутка сказала яна.
- Не таму, - адказаў я неабдумана, - у мяне ёсць грошы.
- Ах, вось што, - з горыччу прамовіла яна і на крок адступіла.
Я схапіў яе за руку.
- Не, Ліза...
Яна стаяла на пустой шэрай вуліцы, хударлявая і бледная. Такую я сустрэў яе шмат гадоў назад, калі жыў у тупой адзіноце без думак і надзеі. Спачатку яна аднеслася да мяне падазрона, як і ўсе гэтыя дзяўчаты, а потым, калі мы некалькі разоў шчыра паразмаўлялі, стала па-сяброўску пяшчотна-даверлівай. Гэта былі дзіўныя адносіны. Бывала, што мы не бачыліся тыднямі, а потым яна з'яўлялася дзе-небудзь, стаяла і чакала мяне. У той час і ў яе, і ў мяне не было нічога іншага і нікога, мы, сустракаючыся, сагравалі адно аднаго як маглі - і гэта нам было патрэбна абодвум. Я даўно не бачыў яе, з таго часу, як пазнаёміўся з Пат.
- Дзе ж ты так доўга была, Ліза?
Яна паціснула плячыма.
- Усё роўна. Захацелася паглядзець на цябе. Ну, цяпер я магу адчаліць.
- Ну, як ты пажываеш?
- Ах, кінь, - сказала яна. - Не старайся...
Вусны яе задрыжалі. Відаць было, што яна галадала.
- Я правяду цябе, - сказаў я.
Яе бледны абыякавы твар прастытуткі ажывіўся, на ім з'явіўся дзіцячы выраз. Па дарозе я купіў у начной шафёрскай закусачнай тое-сёе, каб яна магла перакусіць. Спачатку яна адмаўлялася. Уступіла толькі тады, калі я сказаў, што таксама хачу есці. Але яна сачыла, каб не падмануць мяне, каб мне не засталіся горшыя кавалкі. Яна адмаўлялася і ад паўфунта вяндліны, лічыла, што хопіць чвэрці фунта, калі мы яшчэ возьмем франкфурцкіх сасісак. Але я ўсё-такі ўзяў паўфунта і дзве бляшанкі сасісак.
Яна жыла ў мансардзе, якую так-сяк абставіла. На стале стаяла газнічка, а каля ложка - бутэлька з уторкнутай у рыльца свечкай. На сценах віселі карцінкі з ілюстраваных часопісаў, прымацаваныя кнопкамі. На тумбачцы некалькі дэтэктыўных раманаў, а побач з імі - пачак парнаграфічных здымкаў. Некаторыя кліенты, асабліва жанатыя, любілі паглядзець іх. Ліза змахнула іх у шуфляду і дастала старую, але чыстую сурвэту.
Я расклаў яду. Ліза між тым пераапранулася. Спачатку яна зняла сукенку, хоць я ведаў, што больш за ўсё ёй балелі ногі. Ёй жа даводзілася так шмат хадзіць. І вось яна стаяла - у высокіх лакіраваных чаравіках да кален і ў чорнай сарочцы.
- Як табе падабаюцца мае ногі? - спытала яна.
- Цуд, як заўсёды.
Яна была задаволена і з палёгкай села на ложак, каб расшнураваць чаравікі.
- Сто дваццаць марак заплаціла, - сказала яна і падала іх мне. - Пакуль столькі заробіш, дык даб'еш іх.
Яна дастала з шафы кімано і выцертыя парчовыя туфлі, што засталіся ад лепшых дзён. Пры гэтым яна ўсміхалася амаль вінавата. Ёй хацелася падабацца. Мне раптам нешта падпёрла пад грудзі, мне стала ніякавата ў гэтай маленькай каморцы, быццам нехта памёр.
Мы елі. Я ласкава размаўляў з ёй. І ўсё ж яна заўважыла, што нешта памянялася. У яе вачах з'явіўся страх. Паміж намі ніколі нічога не было больш таго, што прыносіў выпадак. Але, магчыма, гэта абавязвала і звязвала нас больш за ўсё іншае.
- Ты пойдзеш? - спытала яна, калі я ўстаў. Быццам яна ўжо даўно са страхам чакала гэтага.
- У мяне яшчэ спатканне.
Яна зірнула на мяне.
- Так позна?
- Па справах. Важнае для мяне спатканне, Ліза. Хачу паспрабаваць убачыць аднаго чалавека. У гэты час ён звычайна сядзіць у «Асторыі».
Ніякая іншая жанчына не зразумее цябе ў такіх справах лепш, чым такая дзяўчына, як Ліза. Але і ніякая іншая жанчына не адчуе ману лепш за яе. Твар Лізы зрабіўся пусты.
- У цябе жанчына...
- Паслухай, Ліза... мы ж так рэдка сустракаліся... цяпер жа не бачыліся амаль што год. Ты ж можаш уявіць...
- Не, не, я не пра гэта. У цябе ёсць жанчына, якую ты кахаеш! Ты змяніўся. Я адчуваю.
- Ах, Ліза...
- Праўда, праўда... Скажы!
- Я і сам не ведаю. Магчыма...
Яна хвілінку пастаяла. Потым яна кіўнула галавой.
- Так... так... вядома... Я ж такая дурная... у нас жа з табой нічога не было... - Яна правяла рукой па лбе. - Не ведаю, як я магла падумаць...
Яна стаяла перада мной, худзенькая, бедная, бездапаможная... Парчовыя туфелькі, кімано, доўгія адзінокія вечары, успаміны...
- Да пабачэння, Ліза.
- Ты пойдзеш? Ты не пабудзеш яшчэ? Ты ўжо... ідзеш?
Я ведаў, што яна мела на ўвазе. Але я не мог. Нават дзіўна, але я не мог. Я гэта адчуваў сэрцам. Раней такога не здаралася. Я не пераацэньваў вернасці. Але сёння ўсё змянілася. Я раптам адчуў, як далёка адышоў ад усяго, што было.
Яна стаяла каля дзвярэй.
- Ты ідзеш? - Яна пабегла назад. - Вось, я ведаю, ты паклаў мне грошы... пад газету... не трэба мне яны... Вось... вось.. так, ідзі...
- Мне трэба, Ліза...
- Ты не прыйдзеш больш...
- Прыйду, Ліза...
- Не, не, ты не прыйдзеш,.. я ведаю. І не прыходзь! Ідзі ж, ідзі...
Яна заплакала.
Я спусціўся па лесвіцы не азірнуўшыся. Я яшчэ доўга хадзіў па вуліцах. Ноч была незвычайная. Мне зусім не хацелася спаць. Я прайшоў міма «Інтэрнацыяналя», думаючы пра Лізу і пра былыя гады, пра многае, што ўжо даўно забылася. Усё гэта было так далёка, што, здавалася, адбывалася не са мной. Потым я прайшоў па вуліцы, дзе жыла Пат. Вецер узмацніўся, усе вокны ў яе доме былі цёмныя, ранак на шэрых нагах краўся каля дзвярэй... Нарэшце я пайшоў дадому. Божа мой, падумаў я, здаецца, я шчаслівы.
XІІІ
- Даму, якую вы ўвесь час хаваеце, - сказала фраў Залеўскі, - можна ўжо не хаваць. Няхай спакойна адкрыта прыходзіць да вас. Яна мне падабаецца...
- Вы ж яе не бачылі яшчэ, - здзівіўся я.
- Супакойцеся, я бачыла яе, - заявіла фраў Залеўскі выразна. - Я яе бачыла, і яна мне падабаецца, нават вельмі... але яна вам не пара...
- Праўда?
- Не пара. Мне нават дзіўна, як вы маглі яе знайсці ў сваіх піўнушках. Але, вядома, такія басцякі...
- Мы адхіліліся ад тэмы... - перабіў я яе.
- Гэта жанчына, - сказала яна, стоячы рукі ў бокі, - прызначана для мужчыны з добрым надзейным становішчам. Адным словам, для багатага чалавека.
«Вось табе і на! - падумаў я. - Гэтага табе яшчэ не хапала!»
- Так можна сказаць пра любую жанчыну, - заявіў я раздражнёна.
Яна затрэсла сваімі пасмамі.
- Пачакайце! Будучыня пакажа, што я мела рацыю.
- А, будучыня! - Я са злосцю кінуў запінкі на стол. - Хто сёння думае пра будучыню! Ці варта сёння ламаць галаву пра яе!
Фраў Залеўскі заклапочана паківала велічнай галавой.
- Дзіўныя вы людзі, моладзь увогуле. Мінулае вы ненавідзіце, сённяшнім днём вы пагарджаеце, а будучыня - што будзе, тое будзе. Дабром гэта не можа скончыцца!
- А што вы маеце на ўвазе, гаворачы «не можа скончыцца»? - спытаў я. - Дабром можа скончыцца толькі тое, што ўвесь час было дрэнна. Тады ўжо лепш, каб дрэнна скончылася.
- Гэта жыдоўскія фокусы, - сказала фраў Залеўскі з годнасцю і рашуча накіравалася да дзвярэй. Але ўжо ўзяўшыся за ручку, яна раптам рэзка спынілася.
- Смокінг? - выдыхнула яна ў здзіўленні. - У вас?
Шырока адкрытымі вачыма яна разглядала Отаў касцюм, які вісеў на дзвярах шафы. Я пазычыў яго, каб вечарам пайсці з Пат у тэатр.
- Так, у мяне! - сказаў я з'едліва. - У вас непераўзыдзены талент лагічных абагульненняў, шаноўная пані...
Яна глянула на мяне. Цэлая гама бурных пачуццяў адлюстравалася на яе тоўстым твары. Усе яны сканцэнтраваліся ў шырокай змоўніцкай усмешцы.
- Ага! - сказала яна. А потым яшчэ раз: - Ага!
І ўжо з другога боку дзвярэй, з асалодай і хітрынкай, са светлай радасцю жанчыны, якая зрабіла такое адкрыццё, кінула праз плячо:
- Дык вось яно як!
- Так яно і ёсць, праклятая цётка, - прабурчаў я ўслед ёй, калі ўпэўніўся, што яна ўжо не пачуе.
Потым я раз'юшана шпурнуў свае новыя туфлі разам з карабком на падлогу. Ёй трэба багаты... быццам я гэтага не ведаў!
Я прыйшоў да Пат, каб ісці разам у тэатр. Яна, ужо апранутая, стаяла ў пакоі, чакаючы мяне. Я ледзь не задыхнуўся, убачыўшы яе. Упершыню за час нашага знаёмства яна была ў вячэрняй сукенцы.
Сукенка была пашыта са срабрыстай парчы. Яна мякка спадала з прамых плячэй, падкрэсліваючы яе статную фігуру. Яна здавалася вузкай і ўсё-такі была настолькі шырокай, што не перашкаджала рабіць прыгожыя вольныя крокі. Спераду яна была цалкам закрытая, а на спіне быў глыбокі вастракутны выраз. У матава-сінім змярканні Пат выглядала ў ёй як срабрысты факел, яна была дзіўна непазнавальная, святочная і вельмі далёкая. За яе спіной лунаў дух фраў Залеўскі з перасцерагальна ўзнятым пальцам.
- Добра, што першы раз я ўбачыў цябе не ў гэтай сукенцы, - сказаў я. - Я ніколі ў жыцці не адважыўся б падысці да цябе.
- Так я табе і паверыла, Робі. - Яна ўсміхнулася. - Падабаецца?
- Яна мяне пужае! Ты ў ёй - зусім іншая жанчына.
- Гэта не страшна. На тое і ёсць сукенкі.
- Магчыма. Мяне яна крыху прыгнятае. Да гэтай сукенкі патрэбна мець зусім іншага мужчыну. З вялікімі грашыма.
Яна засмяялася.
- Мужчыны з вялікімі грашыма часцей за ўсё агідныя, Робі.
- Але ж не грошы?
- Не, - сказала яна, - не грошы.
- Так я і думаў.
- А ты не згодны?
- Чаму ж, -сказаў я. - Хоць грошы і не прыносяць шчасця, затое выдатна супакойваюць.
- Яны прыносяць незалежнасць, даражэнькі, а гэта важней. Але калі хочаш, я магу пераапрануцца.
- Ні ў якім разе. Сукенка - шыкоўная. З сённяшняга дня я краўцоў буду цаніць вышэй за філосафаў. Краўцы прыносяць у жыццё прыгажосць. Гэта ў сотні разоў даражэй, чым глыбокія думкі. Асцерагайся, я магу яшчэ закахацца ў цябе.
Мы засмяяліся. Я неўпрыкмет агледзеў сябе. Кёстэр быў крыху вышэйшы за мяне, і мне давялося там-сям зверху прышпіліць штаны, каб яны не віселі. Дзякаваць богу, яны трымаліся.
Мы пад'ехалі да тэатра на таксі. Па дарозе я больш маўчаў, нават не ведаючы чаму. Калі мы выходзілі, я, разлічваючыся, міжволі зірнуў на шафёра. У яго былі пачырванелыя ад бяссоння вочы. Ён быў непаголены і меў змораны выгляд. Абыякавым жэстам ён узяў грошы.
- Добры заробак сёння? - ціха спытаў я.
Ён узняў вочы.
- Нармальна, - сказаў ён неахвотна. Ён палічыў мяне проста за цікаўнага.
На нейкі момант у мяне з'явілася жаданне сесці побач з ім і паехаць. Потым я павярнуўся. Пат, хударлявая і гнуткая, прыгожая, у кароткім срабрыстым жакеце з шырокімі рукавамі, апранутым на срабрыстую сукенку, стаяла, чакаючы мяне.
- Хутчэй хадзем, Робі, зараз пачнецца!
Каля ўвахода тоўпіліся людзі. Сёння была вялікая прэм'ера, тэатр быў асветлены пражэктарамі, адна за адной пад'язджалі машыны, з іх выходзілі жанчыны ў вячэрніх сукенках, бліскуча ўпрыгожаныя, мужчыны ў фраках, з ружовымі сытымі тварамі, яны былі вясёлыя, смяяліся бестурботна і самаўпэўнена. А сярод гэтага ўсяго зарыпела і застагнала старое таксі, якое вёў адсюль змораны шафёр.
- Дык хадзем жа, Робі! - паклікала Пат, гледзячы на мяне ззяючымі і ўсхваляванымі вачыма. - Ты нешта забыў?
Я кінуў варожы позірк на людзей вакол мяне.
- Не, - сказаў я. - Я нічога не забыў.
Потым я падышоў да касы і замяніў білеты. Я купіў білеты ў ложу, хоць яны каштавалі неверагодна шмат. Я не хацеў, каб Пат сядзела сярод гэтых удачлівых людзей, якіх нічым не здзівіш. Я не хацеў, каб яна належала да іх. Я хацеў, каб яна была толькі са мной.
Я даўно не быў у тэатры. Я не пайшоў бы і цяпер, каб не Пат. Тэатры, канцэрты, кнігі - усе гэтыя мяшчанскія звычкі я амаль страціў. Не той быў час. Палітыка была добрым тэатрам, страляніна кожны вечар замяняла сабой канцэрты, а вялізная кніга бяды вучыла лепш за ўсе бібліятэкі.
Ярусы і партэр былі запоўнены цалкам. Святло адразу пагасла, як толькі мы селі. Адны водсветы ад рампы прабягалі па зале. На поўную сілу загучала музыка, прыпадняла ўсё і панесла за сабой.
Я адсунуў сваё крэсла ў куток ложы. Так я не бачыў ні сцэны, ні цьмяных патыліц гледачоў. Я чуў толькі музыку і бачыў толькі твар Пат.
Музыка да «Казак Гофмана» зачаравала залу. Яна была як паўднёвы вецер, як цёплая ноч, як надзьмуты ветразь пад зоркамі, яна была нерэальная. Яна ўсё аддаляла і афарбоўвала ў казачныя колеры, здавалася, што ў ёй шуміць цёмная плынь жыцця, не было больш ні зямнога прыцягнення, ні межаў - заставаліся толькі бляск, і мелодыя, і каханне, і нельга было ўявіць сабе, што за сценамі пануюць бяда, і пакуты, і адчай, адначасова з гэтай музыкай.
Твар Пат ад святла са сцэны набыў таямнічасць. Яна ўся паглыбілася ў музыку, і я любіў яе за тое, што яна не прыхілілася да мяне, не ўзяла мяне за руку, не глянула на мяне, а, здавалася, нават не думала пра мяне, забылася, што я ёсць. Я трываць не мог, калі блыталі розныя рэчы, я ненавідзеў людзей, якія, як каровы, збіваліся ў гурт у той час, калі над табой уладарылі прыгажосць і сіла вялікага твора, я ненавідзеў расплывістыя позіркі закаханых пар, гэтае тупое цісканне, гэтае непрыстойнае авечае шчасце, якое ніколі не выходзіла за межы самога сябе, я ненавідзеў усю гэтую балбатню пра з'яднанне душ у каханні, бо я лічыў, што дваім патрэбна як мага больш быць асобамі і як мага больш аддаляцца адзін ад аднаго, каб потым зноў сустрэцца. Толькі той, хто ўвесь час аказваўся ў адзіноце, ведаў, што такое шчасце сустрэчы. Усё іншае разбурала тайну чакання. А што мацней зацягвае ў магічныя сферы адзіноты, як не пачуццёвыя выбухі, поўнае душэўнае ўзрушэнне, улада стыхіі, бура, ноч, музыка... І каханне...
Успыхнула святло. Я на імгненне заплюшчыў вочы. Пра што ж я думаў толькі што? Пат павярнулася да мяне. Я ўбачыў, што людзі заспяшаліся да дзвярэй.
Пачаўся антракт.
- Ты не хочаш выйсці? - спытаў я.
Пат пахітала галавой.
- Дзякуй богу! Я трываць не магу, калі ходзяць і разглядаюць адзін аднаго, вылупіўшы вочы.
Я пайшоў, каб прынесці ёй шклянку лімоннага соку. Буфет быў у аблозе. Дзіўна, што музыка ў многіх узбуджала воўчы апетыт. Гарачыя сасіскі знікалі як у час галоднага тыфу.
Калі я са шклянкай з'явіўся ў ложы, нейкі тып стаяў за спінкай крэсла Пат. Яна ажыўлена размаўляла, павярнуўшыся да яго тварам.
- Гэта пан Броер, Роберт, - сказала яна.
«Пан бугай», - падумаў я і з незадавальненнем глянуў на яго. Яна сказала не Робі, а Роберт. Я паставіў шклянку на край ложы, чакаючы, калі ён пойдзе. На ім быў смокінг казачнага крою. Ён балбатаў пра рэжысуру і не думаў ісці. Пат павярнулася да мяне.
- Пан Броер пытае, ці не пайсці нам пасля ў «Каскад»?
- Калі ты хочаш, - сказаў я.
Пан Броер заўважыў, што можна было б патанцаваць. Ён быў ветлівы і падабаўся мне. Толькі адно было непрыемна: гэтая элегантная лёгкасць, якая, як мне здавалася, была да густу Пат і якой у мяне не было. Раптам я не паверыў сваім вушам: я пачуў, што ён звяртаўся да Пат на «ты». Хоць магло быць сотні простых прычын для такіх адносін, мне закарцела скінуць яго ў аркестровую яму.
Празвінеў званок. Музыканты пачалі настройваць інструменты. Скрыпкі выдавалі імклівыя мяккія гукі...
- Значыць, дамовіліся: сустракаемся каля выхаду, - сказаў Броер і нарэшце пайшоў.
- Што гэта за бусел? - спытаў я.
- Даражэнькі, -адказала Пат, -лепш слухай музыку.
«Каскад», - падумаў я і ў думках пералічыў грошы. - Заклятая абдзіралаўка!»
Я ішоў у змрочным падазрэнні. У дадатак да звягі фраў Залеўскі мне яшчэ не хапала гэтага Броера. Ён ужо чакаў нас каля дзвярэй.
Я хацеў спыніць таксі.
- Не трэба, - сказаў Броер. - У маёй машыне месца хопіць.
- Добра, - сказаў я.
Было б смешна не згадзіцца з ім. Але мяне гэта ўсё роўна злавала.
Пат ведала машыну Броера. Гэта быў вялізны «пакард», які стаяў на плошчы каля тэатра.
Пат адразу накіравалася да яго.
- Ён перафарбаваны, - сказала яна, спыніўшыся.
- Так, перафарбаваў у шэры колер, - адказаў Броер. - Так лепш?
- Шмат лепш.
Броер звярнуўся да мяне:
- А вам падабаецца новы колер?
- Я не ведаю, які быў раней.
- Чорны.
- Чорны глядзіцца выдатна.
- Вядома. Але ж хочацца разнастайнасці. Ну, да восені будзе новая машына.
Мы паехалі ў «Каскад». Гэта быў шыкоўны рэстаран, дзе іграў выдатны аркестр і можна было патанцаваць.
- Здаецца, няма месцаў, - радасна сказаў я, калі мы падышлі да дзвярэй.
- Шкада, - сказала Пат.
- А, гэта мы ўладзім, - заявіў Броер і павёў перагаворы з адміністратарам. Відаць, яго тут добра ведалі, бо, сапраўды, нам падставілі столік і крэслы, і праз некалькі хвілін мы сядзелі ў лепшым месцы залы, адкуль можна было бачыць усю пляцоўку для танцаў. Аркестр іграў танга. Пат нахілілася над бар'ерам.
- Ах, я так даўно не танцавала.
Броер падхапіўся.
- Патанцуем?
Палаючымі вачыма яна зірнула на мяне.
- Я тым часам зраблю заказ, - сказаў я.
- Добра.
Танга зацягнулася. Пат, танцуючы, час ад часу пазірала на мяне і ўсміхалася. Я ў адказ ківаў галавой, але адчуваў сябе не вельмі ўтульна. Яна выглядала цудоўна і выдатна танцавала. На жаль, і Броер танцаваў добра, і яны ўдала пасавалі адно аднаму. Здавалася, яны танцуюць так ужо не ўпершыню. Я заказаў сабе двайную порцыю рому. Яны вярнуліся. Броер вітаўся са знаёмымі, і я на хвілінку застаўся з Пат сам-насам.
- Ці даўно ты знаёмая з гэтым хлопчыкам? - спытаў я.
- Ужо даўно. А што?
- Так проста. Ты часта бывала з ім тут?
Яна глянула на мяне.
- Я ўжо не памятаю, Робі.
- Ну, гэта запамінаецца, - сказаў я ўпарта, хоць ужо і ведаў, што яна хацела сказаць.
Яна заматала галавой і засмяялася. У гэты момант я любіў яе без памяці. Яна хацела паказаць: што было, тое сплыло. Мяне ж штосьці тачыла, ад чаго мне самому было смешна, але пазбавіцца ад гэтага я не мог. Я паставіў чарку на стол.
- Ты можаш спакойна прызнацца. Што тут такога?
Яна зноў зірнула на мяне.
- Ці ты думаеш, калі б што ў нас было, мы паехалі б разам сюды? - спытала яна.
- Не, - сказаў я, прысаромлены.
Аркестр зноў пачаў іграць. Падышоў Броер.
- Блюз, - сказаў ён мне. - Цудоўна. Можа, вы патанцуеце?
- Не! - адказаў я.
- Шкада.
- А ты паспрабуй, Робі, - сказала Пат.
- Лепей не варта.
- Але чаму? - спытаў Броер.
- Я проста не аматар, - адказаў я не вельмі ветліва. - Ды і ненавучаны. Часу не было. А вы спакойна танцуйце, я знайду сабе забаву тут.
Пат завагалася.
- Што ты, Пат... - сказаў я. - Ты ж так любіш.
- Люблю... але ты сапраўды не засумуеш?
- Ані! - Я паказаў на чарку. - Таксама своеасаблівы танец.
Яны пайшлі. Я даў знак кельнеру і дапіў чарку. Потым я сядзеў у адзіноце за сталом і лічыў салёныя міндаліны. Цень фраў Залеўскі не адступаў ад мяне.
Броер запрасіў да стала некалькі чалавек - дзвюх сімпатычных жанчын і маладзейшага мужчыну з маленькай лысай галавой. А потым падышоў яшчэ чацвёрты. Усе яны былі легкаважныя, як корак, далікатныя і ўпэўненыя ў сабе. Пат ведала ўсіх чацвярых.
Я адчуваў сябе пнём. Да гэтага разу мы бывалі з Пат толькі ўдваіх. Цяпер я ўпершыню сустрэўся з людзьмі, з якімі яна была знаёмая раней. Я не ведаў, пра што з імі. гаварыць. Яны рухаліся лёгка і нязмушана, яны з'явіліся з таго жыцця, дзе ўсё ішло гладка, дзе мы не бачылі таго, чаго не хацелі бачыць, - яны з'явіліся з іншага свету. Калі б я быў адзін альбо з Ленцам ці Кёстэрам, мяне гэта зусім не трывожыла б, мне было б усё роўна. Але ж тут была Пат, Пат ведала іх, і таму ўсё атрымлівалася наперакасяк, гэта гняло мяне і вымушала параўноўваць сябе з імі.
Броер прапанаваў пайсці ў іншы рэстаран.
- Робі, - сказала Пат, калі мы выходзілі, - ці не лепш нам пайсці дадому?
- Не, - сказаў я. - Навошта?
- Табе ж сумна...
- Аніколечкі. Чаму мне павінна быць сумна? Наадварот! А табе ж гэта прыносіць задавальненне.
Яна глянула на мяне, але нічога не сказала.
Я пачаў піць. Не так, як дагэтуль, а па-сапраўднаму. Лысы зацікавіўся. Ён спытаў, што я п'ю. Я сказаў, што ром.
- Грог? - спытаў ён.
- Не, ром, - сказаў я.
Ён пакаштаваў і папярхнуўся.
- Ліха яго, - сказаў ён з павагай, - трэба мець загартоўку.
Цяпер мной зацікавіліся і жанчыны. Пат і Броер танцавалі ў гэты час. Пат пазірала ў наш бок. Я больш не глядзеў на яе. Я разумеў, што раблю не тое, але на мяне раптам найшло. Мяне злавала цікаўнасць астатніх, як я п'ю. У мяне не было жадання выстаўляцца перад імі, нібы школьнік. Я ўстаў і пайшоў да стойкі бара. Пат здалася мне зусім чужой. Няхай яна коціцца да д'ябла, разам са сваімі знаёмымі! Яны ёй кампанія! Не, не кампанія! Кампанія!
Лысы далучыўся да мяне. Мы выпілі з барменам па чарцы расейскай гарэлкі. Бармены - заўсёды падтрымка. З імі можна паразумецца без слоў у любым кутку свету. Гэты бармен таксама аказаўся сваім чалавекам. А лысы - слабак. Яму хацелася выгаварыцца. Нейкая Фіфі не давала яму спакою. Але гэта хутка прайшло. Ён расказаў мне, што Броер шмат гадоў закаханы ў Пат.
- Праўда? - спытаў я.
Ён захіхікаў. Яшчэ адной порцыяй алкаголю я прымусіў яго змоўкнуць. Але тое, што ён сказаў, засела. Я злаваўся, што трапіў у такое становішча. Я злаваўся, што мне гэта не абыякава. І я злаваўся яшчэ, што не меў рашучасці стукнуць кулаком па стале. Я адчуваў, што ўсярэдзіне ў мяне варушыцца халодная злосць з жаданнем разбураць. Але яна была накіравана не супраць іншых, а супроць самога сябе.
Лысы скора ўжо не варочаў языком. Потым знік. Я застаўся сядзець. Раптам я адчуў, што да майго пляча прыціснуліся моцныя пругкія грудзі. Яны належалі адной з жанчын, якіх прывёў Броер. Яна села шчыльна каля мяне. Касаватыя шэра-зялёныя вочы паволі абмацвалі мяне. Гэта быў позірк, пасля якога словы былі лішнія, - патрабаваліся дзеянні.
- Цудоўна - умець так піць, - сказала яна праз хвіліну.
Я маўчаў. Яна працягнула руку, каб узяць маю чарку. Рука была падобная да яшчаркі, у бліскучых пярсцёнках, сухая і жылаватая. Яна рухалася вельмі павольна, як паўзла. Я ведаў, што будзе. «З табой я хутка спраўлюся, - падумаў я. - Ты бачыш, што я злуюся, і недаацэньваеш мяне. Але ты памыляешся. З жанчынамі я спраўляюся, а вось з каханнем - ніяк. Безнадзейнасць - вось што выклікае сум».
Жанчына пачала гаварыць. У яе быў ломкі, нібы шкляны, голас. Я заўважыў, што Пат глядзіць на нас. Мяне гэта не трывожыла. Мяне не трывожыла і жанчына побач. У мяне было адчуванне, быццам я лячу ў слізкую продань. Я не думаў пра Броера і яго кампанію. Я не думаў нават пра Пат. Я думаў пра змрочную тайну: чаму рэчаіснасць абуджае жаданні, ды не можа іх задаволіць; чаму каханне пачынаецца ў чалавеку, але ніколі ў ім не канчаецца; і чаму ўсё можа быць: чалавек, каханне, шчасце, жыццё... І чаму гэтага нейкім жудасным чынам заўсёды не хапае і яго ўсё меней, чым больш сабе ўяўляеш. Я таксама зірнуў на Пат. Вось яна ідзе ў сваёй срэбнай сукенцы, маладая і прыгожая, яркае полымя жыцця, я кахаў яе, і калі я гаварыў ёй: «Ідзі да мяне!», яна прыходзіла, і нічога нам не перашкаджала, і мы маглі быць у такой блізкасці, у якой могуць быць толькі людзі... І ўсё-такі часам усё неяк загадкава зацянялася і прыносіла пакуты. Я не мог вызваліць яе з палону рэчаў, не мог вырваць з жыццёвага кола, якое было над намі і ў нас, навязваючы нам свае законы, сваё дыханне і свой тлен, сумніцельны бляск сучаснасці, якая ўвесь час абрынаецца ў нікуды, ззяючыя ілюзіі пачуцця, якое, уладарачы, зноў ператвараецца ў страту. І ніяк гэтага не стрымаць, ніколі! Не разарваць бразготлівы ланцуг часу, не ператварыць няспыннасць у спакой, пошукі ў цішыню, падзенне ў раўнавагу. Я не мог вырваць яе нават з выпадковасці, з таго, што было раней, да нашага знаёмства, з тысяч думак, успамінаў, з таго, што яе сфармавала, пакуль з'явіўся я, нават з гэтай кампаніі я не мог вырваць яе.
Побач са мной ломкім голасам гаварыла жанчына. Яна шукала спадарожніка на адну ноч, кавалачак чужога жыцця, каб падсцёбнуць сябе, каб забыць сябе і занадта балючае разуменне таго, што нічога не застаецца, ні я, ні ты і ўжо ні ў якім разе - не мы. Ці не шукала яна, папраўдзе, тое самае, што і я? Спадарожніка, каб забыць адзіноту жыцця, таварыша, каб выжыць у бязмэтнасці існавання?
- Хадзем, - сказаў я. - Вернемся да ўсіх. Гэта безнадзейна - тое, чаго хочацца вам... як і тое, чаго хочацца мне...
Яна зірнула на мяне і, адкінуўшы галаву, зарагатала.
Мы наведалі яшчэ некалькі рэстаранаў. Броер распаліўся, зрабіўся гаваркі, поўны надзеі. Пат прыціхла. Яна ні пра што не пыталася ў мяне, не папракала, не спрабавала нічога высветліць. Яна толькі прысутнічала, час ад часу танцавала, а потым здавалася, што плыве між натоўпу марыянетак і карыкатур, нібы ціхі, прыгожы, невялічкі карабель... Часам усміхалася мне.
Млявасць начных рэстаранаў пафарбавала сцены і твары ў шэра-жоўты колер, быццам іх заплямілі брудныя рукі. Музыка, здавалася, гучала з-пад шклянога каўпака. Лысы піў каву. Жанчына з рукамі-яшчаркамі тупа ўзіралася ў адну кропку. Броер купіў у зморанай жанчыны ружы і падзяліў іх паміж Пат і тымі дзвюма. На пялёстках гарэлі маленькія празрыстыя кропелькі вады.
- Давай патанцуем з табой хоць адзін раз, - сказала мне Пат.
- Не, - сказаў я і падумаў пра рукі, якія сёння ўжо дакраналіся да яе. - Не, - і адчуў сябе даволі смешным і вартым жалю.
- Патанцуем, - сказала яна, і вочы ў яе пацямнелі.
- Не, - запярэчыў я, - не, Пат.
Нарэшце мы пайшлі дадому.
- Я падвязу вас, - сказаў мне Броер.
- Добра.
У яго машыне была коўдра, якую ён накінуў Пат на ногі. Раптам я заўважыў, што яна вельмі бледная і змораная. Жанчына, з якой мы сядзелі каля стойкі бара, на развітанне сунула мне ў рукі запіску. Я, як нічога ніякага, сеў у машыну. Па дарозе я пазіраў у акно.
Пат сядзела ў кутку і не варушылася. Я нават не чуў яе дыхання. Броер павёз спачатку яе. Ён ведаў, дзе яна жыве, і не пытаўся. Яна вылезла. Броер пацалаваў ёй руку.
- Дабранач, - сказаў я, не гледзячы на яе.
- Дзе вас высадзіць? - спытаў мяне Броер.
- На наступным рагу, - сказаў я.
- Я завязу вас дадому, - адказаў ён занадта паспешліва і ветліва.
Ён баяўся, што я вярнуся. Я падумаў, ці не заехаць яму ў нюхаўку. Але ён быў мне абыякавы.
- Добра, тады падвязіце мяне да бара Фрэдзі, - сказаў я.
- Няўжо вас пусцяць у такі час? - спытаў ён.
- Дзякую, што вы хвалюецеся, - сказаў я, - але можаце быць упэўнены, мяне пусцяць усюды.
Калі я так сказаў, мне зрабілася шкода яго. Пэўна ж, увесь вечар ён здаваўся сабе шыкоўным і вопытным гулякам. Не варта было разбураць гэты самападман.
З ім я развітаўся больш зычліва, чым з Пат.
У бары яшчэ было даволі шмат людзей. Ленц і Фердынанд Граў гулялі ў покер з гаспадаром крамы гатовага адзення Больвізам і яшчэ некалькімі мужчынамі.
- Падсаджвайся, - сказаў Готфрыд. - Сёння надвор'е покернае.
- Не, - адмовіўся я.
- Зірні толькі на гэта, - сказаў ён і паказаў на кучу грошай. - Без махлярства. Масць так і прэ.
- Добра, - сказаў я. - Здавай.
Я заявіў гульню пры двух каралях і ўзяў чатыры валеты.
- Вось як! - сказаў я. - Сёння, відаць, надвор'е для блефу.
- Як закон, - адказаў Фердынанд і даў мне цыгарэту.
Я не думаў доўга заставацца тут. Але цяпер я адчуў нейкі грунт пад нагамі. Настрой у мяне быў неважнецкі, але ж тут быў звыклы родны прытулак.
- Падай мне сюды паўбутэлькі рому, - крыкнуў я Фрэду.
- Размяшай яго з партвейнам, - сказаў Ленц.
- Не, - адмовіўся я. - Няма часу на эксперыменты. Хачу напіцца.
- Тады пі салодкія лікёры. Пасварыліся?
- Глупства.
- Не хлусі, дзіцятка. Не тлумі галаву твайму старому тату Ленцу, які арыентуецца ў таямніцах сэрца, як дома. Прызнайся і пі.
- З жанчынай нельга сварыцца. У крайнім выпадку на яе можна раззлавацца.
- Як на тры гадзіны ночы - занадта тонкая розніца. Я, шчыра кажучы, сварыўся з кожнай. Калі не сварышся, значыць, скора канец.
- Цудоўна, - сказаў я. - Хто раздае?
- Ты, - сказаў Фердынанд Граў. - Здаецца, у цябе сусветны боль, Робі. Не паддавайся. Жыццё стракатае, але не дасканалае. Між іншым, хоць у цябе і сусветны боль, блефуеш ты цудоўна. Два каралі - гэта ўжо нахабства.
- Аднойчы, калі я гуляў, супроць двух каралёў стаяла сем тысяч франкаў, - сказаў Фрэд ад стойкі.
- Швайцарскіх ці французскіх? - спытаў Ленц.
- Швайцарскіх.
- Тваё шчасце, - растлумачыў Готфрыд. - Калі б французскіх, ты не меў бы права перапыніць гульню.
Мы гулялі яшчэ з гадзіну. Я выйграў даволі шмат. Больвіз увесь час прайграваў. Я піў, але ад гэтага толькі балела галава. Хмель не прыходзіў. Усё толькі абвастрылася. У страўніку пякло агнём.
- Ну, а цяпер перастань піць і з'еш што-небудзь, - сказаў Ленц. - Фрэд, дай яму сандвіч і некалькі сардзін. Схавай грошы, Робі.
- Яшчэ адну.
- Добра. Апошнюю. Дубальтовую?
- Дубальтовую, - сказалі астатнія.
Я, зусім не думаючы, прыкупіў да крыжовай дзесяткі і караля тры карты: валета, даму і туза. З гэтымі картамі я выйграў у Больвіза, у якога на руках былі чатыры васьмёркі, а стаўку ён узвінціў да неба. Кленучы ўсё на свеце, ён выдаў мне кучу грошай.
- Бачыш, - сказаў Ленц. - Вось гэта надвор'е па масці.
Мы селі каля стойкі. Больвіз спытаў пра «Карла». Ён не мог забыцца, што Кёстэр перагнаў яго спартовую машыну. Яму хацелася купіць «Карла».
- Спытай у Ота, - сказаў Ленц. - Але мне здаецца, што хутчэй ён прадасць табе руку.
- Ну, ну, - сказаў Больвіз.
- Табе гэта незразумела, - заявіў Ленц, - бо ты - дзіця дзелавога дваццатага стагоддзя.
Фердынанд Граў засмяяўся. За ім - Фрэд. Нарэшце мы смяяліся ўсе. Калі каму не было смешна пры ўпамінанні дваццатага стагоддзя, то яму варта было застрэліцца. Але і смяяцца доўга нельга было. Больш дарэчы - галасіць.
- Ты ўмееш танцаваць, Готфрыд? - спытаў я.
- Вядома. Я ж працаваў настаўнікам танцаў. Ты забыўся?
- Забыўся... дай яму забыцца, - сказаў Фердынанд Граў. - Забыццё - тайна вечнай маладосці. Чалавек старэе толькі праз памяць. Занадта мала забываецца.
- Не, - сказаў Ленц. - Забываецца толькі непатрэбнае.
- Ты можаш навучыць мяне?
- Танцаваць? За адзін вечар, дзіця. І гэта ўся твая бяда?
- Няма ў мяне ніякай бяды, - сказаў я. - Галава баліць.
- Хвароба нашага часу, Робі, - сказаў Фердынанд. - Лепш за ўсё было б нараджацца без галавы.
Я зайшоў яшчэ ў кафе «Інтэрнацыяналь». Алоіс якраз хацеў зачыняць аканіцы.
- Ёсць яшчэ хто-небудзь? - спытаў я.
- Роза.
- Пайшлі, вып'ем утраіх па адной.
- Згода.
Роза сядзела каля стойкі і вязала з воўны панчошкі дачцэ.
Яна паказала ўзор і сказала, што жакецік ужо звязала.
- Як справы? - спытаў я.
- Дрэнна. У людзей няма грошай.
- Табе пазычыць? Вось... выйграў у покер.
- Дармавыя грошы - залог шчасця, - сказала Роза, плюнула на іх і забрала.
Алоіс прынёс тры чаркі. Потым яшчэ адну, Фрыцы, якая прыйшла неўзабаве.
- Канец, - сказаў ён. - Знямогся, як сабака.
Ён выключыў святло. Мы пайшлі. Роза развіталася каля дзвярэй. Фрыцы ўзяла Алоіса пад руку і пайшла побач з ім, лёгка і бадзёра. Ён шоргаў па бруку плоскімі падэшвамі. Я застаўся адзін, гледзячы ім услед. Я ўбачыў, як Фрыцы схілілася да бруднага крывога кельнера і пацалавала яго. Ён абыякава адпіхнуў яе.
І раптам - я не ведаю, як гэта атрымалася, - калі я павярнуўся і паглядзеў на пустую вуліцу, і на дамы з цёмнымі вокнамі, і на халоднае начное неба, мне ў сэрца ўдарыла такая шалёная туга па Пат, што я ледзь устаяў на нагах. Я больш нічога не разумеў - ні самога сябе, ні сваіх паводзін, ні ўсяго гэтага вечара, - нічога.
Я прыхіліўся да сцяны дома і ўтаропіўся перад сабой. Я не разумеў, навошта я ўсё гэта зрабіў. Я трапіў у нешта, што разрывала мяне на часткі, што рабіла мяне неразумным і несправядлівым, што кідала мяне туды-сюды і разбурыла мне ўсё тое, што з цяжкасцю парадкаваў. Я стаяў бездапаможна і не ведаў, што рабіць. Дадому мне не хацелася, там мне было б зусім дрэнна. Нарэшце я прыпомніў, што ў Альфонса павінна быць яшчэ адчынена. Я пайшоў туды. Я хацеў перабыць там да раніцы. Убачыўшы мяне, Альфонс нічога не сказаў. Ён толькі зірнуў і працягваў чытаць газету. Я сеў за столік і паглыбіўся ў дрымоту. Больш нікога не было. Я думаў пра Пат. Увесь час пра Пат. Я думаў пра тое, як я паводзіў сябе. Раптам мне прыпомнілася кожная дробязь. Усё было супроць мяне. Вінаваты быў я адзін. Я звар'яцеў. Я ўтаропіўся ў стол. Кроў біла мне ў скроні. Я адчайна злаваўся на самога сябе і не бачыў выйсця. Я, толькі я ўсё паламаў.
Раптам пачуўся трэск і звон. Я з усёй сілы грукнуў шклянкай, якая разляцелася.
- Таксама забава, - сказаў Альфонс і ўстаў.
Ён дастаў асколкі з рукі.
- Я вельмі шкадую, - сказаў я. - Зрабіў не падумаўшы.
Ён прынёс вату і пластыр.
- Схадзі лепш у бардак, - сказаў ён. - Гэта дапаможа.
- Нічога, - адказаў я. - Усё прайшло. Нейкі прыпадак шаленства.
- Шаленства трэба выганяць забавамі, а не злосцю, - вучыў мяне Альфонс.
- І то праўда, - сказаў я. - Але ж трэба ўмець.
- Трэніруйся. Вам усім хочацца прабіць сцяну галавой. Але з гадамі гэта пройдзе.
Ён паклаў на грамафон «Злітуйся» з «Трубадура». Пачало хутка світаць.
Я пайшоў дамоў. Перад адыходам Альфонс наліў мне вялікую чарку «Фэрнет-бранка». Мне здалося, што цяпер у маім чэрапе стукаюць мяккія малаточкі. Вуліца стала няроўнай. Плечы наліліся волавам. Нарэшце я дабраў.
Я паволі падняўся па лесвіцы і пачаў шукаць у кішэні ключ. Тут я пачуў у паўзмроку нечае дыханне. Нешта шэрае, невыразнае сядзела на верхняй прыступцы. Я зрабіў два крокі.
- Пат... - прамовіў я, разгубіўшыся. - Пат, што ты тут робіш?
Яна варухнулася.
- Мне здаецца, я задрамала...
- Але як ты трапіла сюды?
- У мяне ж ёсць твой ключ.
- Я не пра гэта. Я пра... - Хмель адступіў, я ўбачыў збітыя прыступкі лесвіцы, аблезлую сцяну і срабрыстую сукенку, маленькія бліскучыя туфелькі. - Я пра тое, як ты ўвогуле аказалася тут...
- Вось пра гэта я пытаюся ў сябе ўвесь час...
Яна ўстала і пацягнулася, быццам гэта была самая натуральная справа ў свеце - сядзець усю ноч на лесвіцы.
Потым яна прынюхалася.
- Ленц сказаў бы: каньяк, ром, вішнёўка, абсент.
- Нават «Фернет-бранка», - прызнаўся я і толькі цяпер усё як след зразумеў.
- Д'ябал усё забяры, ты выдатная дзяўчына, Пат, а я - агідны ідыёт!
Я падхапіў яе на рукі, адчыніў дзверы і панёс праз калідор. Яна ляжала на маіх грудзях, серабрыстая чапля, змораны птах, я адвярнуў галаву ўбок, каб не дыхаць на яе перагарам, і адчуў, што яна дрыжыць, хоць на твары блукае ўсмешка.
Я пасадзіў яе ў крэсла, запаліў святло і прынёс коўдру.
- Каб я толькі здагадаўся, Пат... замест таго каб бадзяцца, сядзець у шынках, мне трэба было... варты жалю баран... я патэлефанаваў табе ад Альфонса, я свістаў перад тваім домам... Я падумаў, што ты не хочаш адклікацца...
- А чаму ты не вярнуўся, калі мяне завезлі дадому?
- Вось гэта я хацеў бы ведаць сам...
- Будзе лепш, калі ты дасі мне ключ і ад кватэры, - сказала яна. - Тады мне не трэба будзе сядзець на лесвіцы.
Яна засмяялася, але вусны яе дрыжалі, і я раптам зразумеў, чаго ёй каштавала - вярнуцца, чакаць тут і гаварыць цяпер адважным бадзёрым голасам...
- Пат, - сказаў я хутка, цалкам заблытаны, - Пат, табе, напэўна, холадна, табе трэба выпіць, я бачыў знадворку, што ў Арлова гарыць святло, я схаджу да яго, у гэтых расейцаў заўсёды ёсць гарбата, я ў імгненне вярнуся... - Я адчуў, што ўва мне ўздымаецца гарачая хваля. - Гэтага я да смерці не забуду, - сказаў я ад дзвярэй і хутка пайшоў па калідоры.
Арлоў яшчэ не спаў. Ён сядзеў перад абразом Багамацеры ў кутку пакоя. Перад абразом гарэла лампадка. Вочы яго пачырванелі. На стале кіпёў маленькі самавар.
- Прабачце, калі ласка, - сказаў я. - Непрадугледжанае здарэнне - ці не далі б вы мне кроплю гарачай гарбаты?
Расейцы прызвычаіліся да непрадугледжаных здарэнняў. Ён даў мне дзве шклянкі, цукру, а на талерку паклаў піражкоў.
- Вельмі рады быць вам карысным, - сказаў ён. - Дазвольце прапанаваць вам... сам бываў у падобных... некалькі зерняў кавы... пажаваць...
- Дзякую, - сказаў я. - Шчыра дзякую. Я ахвотна вазьму...
- Калі будзеце мець яшчэ якую патрэбу, - сказаў ён, і ў гэты момант я ўбачыў у ім сапраўды высакароднага чалавека, - я яшчэ не кладуся спаць. Буду рады...
Я яшчэ ў калідоры разжаваў кафейныя зярняты. Яны адбівалі пах спіртнога. Пат сядзела каля святла і пудрылася. Я на хвілінку спыніўся каля дзвярэй. Мяне вельмі кранула: вось яна сядзіць, уважліва глядзіцца ў маленькае люстэрка і водзіць пушком па скронях.
- Выпі гарбаты, - сказаў я. - Гарачая.
Яна ўзяла кубачак. Я глядзеў, як яна п'е.
- Чорт ведае, што сёння здарылася, Пат.
- І я ведаю, - адказала яна.
- Праўда? А я - не.
- І не трэба, Робі. Ты і так ведаеш зашмат. Таму і не можаш быць як след шчаслівым.
- Магчыма, - сказаў я. - Але ж гэта нядобра, што з таго часу, як мы знаёмыя, я ўсё больш дурнею.
- Добра! Было б яшчэ горш, калі б ты ўвесь час разумнеў.
- Мудра, - сказаў я. - Ты па-майстэрску дапамагаеш выбрацца з тупіка. Але мне здаецца, што тут накапілася шмат усяго...
Яна паставіла кубачак на стол. Я адлёгся на ложку. У мяне было адчуванне, быццам я вярнуўся дадому з далёкай цяжкай дарогі.
Заспявалі птушкі. Грукнулі нечыя дзверы, пайшла на працу фраў Бэндэр, сястра з дома дзіцяці. Я глянуў на гадзіннік. Праз паўгадзіны на кухні з'явіцца Фрыда, тады нам непрыкметна не выбрацца адсюль. Пат яшчэ спала. Яна дыхала глыбока і роўна. Грэх было будзіць яе. Але трэба.
- Пат...
Яна, сонная, штось прамармытала.
- Пат... - я праклінаў усе мэбляваныя пакоі свету. - Пат, пара. Табе трэба апранацца, я дапамагу.
Яна расплюшчыла вочы і засмяялася, яшчэ сонная, як дзіця.
Я, прачнуўшыся, ніколі не бываў вясёлы.
- Пат... фраў Залеўскі ўжо чысціць зубы.
- Я сёння застануся ў цябе...
- Тут?
- Тут.
Я ўстаў.
- Бліскучая ідэя... але твае рэчы... вячэрняя сукенка і туфлі...
- Вось я і застануся да вечара.
- А дома?
- Што ж, патэлефануем, што я дзе-небудзь заначавала.
- Так і зробім. Есці хочаш?
- Пакуль што не.
- На ўсякі выпадак я сцібру некалькі свежых булачак. Падносчык падвесіў кошык каля дзвярэй. Пайду, пакуль не позна.
Калі я вярнуўся, Пат стаяла каля акна. Яна была абута ў серабрыстыя туфелькі. Мяккае ранішняе святло, як фата, накрывала ёй плечы.
- Забудзем, што было ўчора, добра, Пат?
Яна згодна кіўнула, не паварочваючы галавы.
- Мы проста больш не пойдзем у кампанію. Сапраўднае каханне не трывае сведак. Тады ў нас не будзе сварак і прыпадкаў рэўнасці. Няхай іх ліха забярэ - Броера і ўсіх астатніх разам з ім. Праўда?
- Праўда, - сказала яна. - І тую Маркавіц таксама.
- Маркавіц? Пра каго ты гаворыш?
- А пра тую, з якой ты сядзеў у «Каскадзе» ў бары.
- А-а, - сказаў я, раптам чамусьці ўзрадаваны, - ты пра гэну...
Я пакорпаўся ў кішэнях.
- Зірні на гэта. Хоць якая ды карысць ёсць ад учарашняга. Я выйграў у покер кучу грошай. Можна вечарам пайсці куды-небудзь, га? Толькі без кампаніі. Мы пра іх забыліся, праўда?
Яна кіўнула.
Сонца выходзіла з-за даху Дома прафсаюзаў. Шыбы загарэліся. Валасы Пат напоўніліся святлом, сонца пазалаціла ёй плечы.
- Я забыўся, чым займаецца гэты Броер? Хто ён па прафесіі?
- Архітэктар.
- Архітэктар, - сказаў я, крыху збянтэжаны. Куды прыемней было б пачуць, што ён ніхто... - Архітэктар - невялікая шышка, праўда, Пат?
- Праўда, дарагі.
- Нічога асаблівага, праўда?
- Абсалютна нічога, - пераканана сказала яна, павярнулася да мяне і засмяялася. - Архітэктар - гэта нішто, нуль. Дрэнь!
- А гэта каморка... яна не вельмі ўбогая, га, Пат? У іншых, вядома, лепшыя...
- Яна шыкоўная, гэтая каморка, - перабіла мяне Пат. - Гэта цудоўная каморка, дальбог, я не бачыла лепшай, дарагі!
- А я, Пат, у мяне ёсць недахопы, я ўсяго толькі таксіст, але...
- Ты - мой каханы, аматар булачак і рому, ты мой дарагі.
Яна абхапіла мяне за шыю.
- Ах, дурненькі! Як цудоўна жыць на свеце!
- Толькі з табой, Пат! Шчыра!
Быў цудоўны праменны ранак. Унізе над магільнымі плітамі плаваў празрысты туман. Кароны дрэваў ужо былі цалкам асветлены. Над комінамі дамоў віўся дым. Чуліся воклічы першых разносчыкаў газет. Мы прылеглі падрамаць, гэта быў не сон і не ява, становішча на мяжы летуцення. Мы абняліся і плылі, дыханне наша злілося ў адно. Потым, у дзевяць гадзін я спачатку патэлефанаваў ад імя тайнага саветніка Буркгарда падпалкоўніку Эгберту фон Хакэ асабіста, а потым Ленцу, каб ён выехаў раніцай замест мяне.
- Ён адразу перабіў мяне:
- Не трэба, дзіцятка, твой Готфрыд недарма знаўца варыяцый людскога сэрца. Я сам здагадаўся. Поспехаў, золатка.
- Заткніся! - радасна сказаў я і аб'явіў на кухні, што я хворы і да полудня буду ў пасцелі. Тройчы мне давялося адбіваць клапатлівыя атакі фраў Залеўскі, якая прапанавала рамонкавы настой, аспірын і кампрэсы. Потым мне ўдалося кантрабандай правесці Пат у ванну. Нарэшце нам быў дараваны спакой.
XIV
Праз тыдзень у нашым двары нечакана з'явіўся булачнік на сваім «фордзе».
- Выйдзі, Робі, - сказаў Ленц, з'едліва гледзячы ў акно, - кухонны Казанова, відаць, з'явіўся з рэкламацыяй.
Булачнік выглядаў крыху зморана.
- Нешта не ў парадку з машынай? - спытаў я.
Ён пахітаў галавой.
- Наадварот. Бегае выдатна. Амаль як новая.
- Дык яна новая і ёсць, - пацвердзіў я і з цікаўнасцю паглядзеў на яго.
- Справа ў тым... - сказаў ён. - Як вам сказаць... Я хачу купіць іншую машыну... большую. - Ён азірнуўся па баках. - У вас, здаецца, быў «кадзілак».
Я адразу ўцяміў, у чым справа. Чарнявая, з якой ён жыў, даканала яго.
- Так, быў «кадзілак», - летуценна сказаў я, - трэба было хутчэй браць яго тады! Цацачка! Сплыў за сем тысяч марак. Як задарма!
- Гм, задарма...
- Задарма! - паўтарыў я настойліва, а сам думаў, што можна зрабіць.
- Я даведаюся, - сказаў я. - Магчыма, чалавеку, які купіў яго, спатрэбіліся грошы. Сёння такое - звычайная справа! Пачакайце хвілінку. - Я пайшоў у майстэрню і хутка расказаў пра ўсё. Готфрыд аж падскочыў.
- Хлопцы, дзе ж нам тэрмінова дастаць стары «кадзілак»?
- Пакінь гэта мне, - сказаў я. - Лепш прыгледзь, каб тым часам булачнік не ўцёк.
- Згода! - Готфрыд знік.
Я патэлефанаваў Блюменталю. Я не вельмі спадзяваўся, але ж за спрос не б'юць у нос. Ён быў у канторы.
- Ці не хочаце вы прадаць «кадзілак»? - спытаў я без хітрыкаў.
Блюменталь засмяяўся.
- У мяне ёсць чалавек, - працягваў я, - плаціць наяўнымі з рук у рукі.
- Наяўнымі... - паўтарыў Блюменталь, хвілінку падумаўшы, - сёння гэта слова гучыць як высокая паэзія.
- І я так думаю, - сказаў я і раптам павесялеў. - Дык як, абмяркуем гэтую справу?
- Абмеркаваць заўсёды можна, - адказаў Блюменталь.
- Цудоўна. Калі я магу бачыць вас?
- Сёння аполудні ў мяне будзе час. Скажам, у дзве гадзіны тут, у канторы.
- Добра.
Я павесіў слухаўку.
- Ота, - усхвалявана звярнуўся я да Кёстэра, - ніколі не падумаў бы, але, здаецца, «кадзілак» вяртаецца да нас.
Кёстэр адарваўся ад папер.
- Праўда? Ён згодны прадаць?
Я кіўнуў і глянуў праз акно туды, дзе Ленц нешта энергічна даводзіў булачніку.
- Ён сапсуе справу, - сказаў я заклапочана. - Ён замнога гаворыць. Булачнік вельмі недаверлівы. Яго трэба пераконваць маўчаннем. Я пайду змяню Готфрыда.
Кёстэр засмяяўся.
- З богам, Робі.
Я падміргнуў яму і выйшаў. Але я не паверыў сваім вушам: Готфрыд і не думаў загадзя ўслаўляць «кадзілак» - ён з вялікай стараннасцю тлумачыў булачніку, як індзейцы ў Паўднёвай Амерыцы пякуць кукурузны хлеб. Я пахвальна зірнуў на яго і звярнуўся да булачніка:
- На жаль, той чалавек не хоча прадаваць.
- Я так і думаў, - падхапіў Ленц, быццам мы згаварыліся.
Я паціснуў плячыма.
- Шкада... але і яго можна зразумець...
Булачнік стаяў у нерашучасці. Я зірнуў на Ленца.
- Можа, ты зробіш яшчэ адну спробу? - адразу спытаў ён.
- Абавязкова! - адказаў я. - Мне ўдалося дамовіцца з ім на сустрэчу днём. Як з вамі потым звязацца? - спытаў я булачніка.
- У чатыры я тут буду недалёка. Тады заскочу...
- Добра... тады я ўжо буду ведаць дакладна. Спадзяюся, што нам пашанцуе.
Булачнік кіўнуў. Потым ён сеў у «форд» і даў газу.
- Ты зусім з глузду з'ехаў, - узарваўся Ленц, калі той выехаў. - Спачатку я з усіх сіл утрымліваю хлапца, а ты яго адпускаеш як нічога ніякага...
- Логіка і псіхалогія, мой мілы Готфрыд! - адказаў я і паляпаў яго па плячы. - Ты ў гэтым яшчэ не разбіраешся так...
Ён адкінуў маю руку.
- Псіхалогія... - прамовіў ён з пагардай. - Найлепшая псіхалогія - удалы выпадак! А ён быў! Тып цяпер павек не вернецца!
- У чатыры ён будзе тут.
Готфрыд зірнуў на мяне з жалем.
- На заклад? - прапанаваў ён.
- З радасцю, - згадзіўся я. - Але ты прайграеш. Я гэтага чалавека ведаю лепей, чым ты. Ён з першага разу не клюе. Акрамя таго, я ж не магу прадаць яму тое, чаго ў нас саміх яшчэ няма...
- Ах ты, божа мой, калі толькі ў гэтым справа, - сказаў Готфрыд, трасучы галавою, - тады з цябе не будзе толку, дзіця! Толькі так справы і робяцца! Хадзем, я прачытаю табе кароткі курс па сучаснай камерцыі...
Удзень я пайшоў да Блюменталя. Па дарозе я адчуваў сябе маладзенькім козлікам, які ідзе да старога ваўка. Сонца распаліла асфальт, і з кожным крокам мне ўсё менш хацелася, каб Блюменталь смажыў мяне, як шашлык. Трэба было правесці аперацыю хутка.
- Пан Блюменталь, - паспешліва сказаў я, як толькі ўвайшоў у кабінет, перахопліваючы ў яго ініцыятыву, - такая прапанова... барыш сам у руку лезе. Вы заплацілі за «кадзілак» 5 500 марак - я забіраю яго за шэсць, каб зноў збыць... Гэта павінна вырашыцца да вечара...
Блюменталь сядзеў за пісьмовым сталом, як на троне, і еў яблык. Ён перастаў есці і кінуў на мяне беглы позірк.
- Добра, - прасоп ён і зноў пачаў есці.
Я пачакаў, пакуль ён выкіне агрызак у кош для папер.
- Дык вы згодныя? - спытаў я.
- Хвілінку! - Ён дастаў з шуфляды стала яшчэ адзін яблык.
- Хочаце?
- Дзякую, але цяпер - не...
Ён упіўся зубамі ў яго.
- Трэба есці яблыкі, пан Локамп! Шмат! Яблыкі падоўжваюць жыццё. Кожны дзень па некалькі яблыкаў - і не патрэбны ніякія дактары!
- А калі зламаю руку?
Ён ухмыльнуўся, выкінуў другі агрызак і ўстаў.
- Вось менавіта тады вы і не зламаеце рукі.
- Гэта - практычна, - сказаў я і пачакаў, што будзе далей.
Размова наконт яблыкаў здалася мне падазронай.
Блюменталь дастаў з шафы карабок з цыгарамі, прапанаваў запаліць. Гэта была знаёмая ўжо «Карона».
- І яны падаўжаюць жыццё? - спытаў я.
- Не, гэтыя скарачаюць. Выходзіць тое на тое.
Ён выпусціў воблака дыму і, нахіліўшы галаву, паглядаў на мяне знізу ўверх, як задумлівая птушка.
- Тое на тое, пан Локамп. Заўсёды павінна выходзіць тое на тое - вось вам таямніца жыцця.
- Як атрымліваецца...
Ён падміргнуў.
- Так, уменне - таксама сакрэт. Мы ведаем шмат, а ўмеем - мала. Бо занадта шмат ведаем.
Ён засмяяўся.
- Прабачце... пасля яды я люблю пафіласофнічаць.
- Самы час на філасофію, - сказаў я. - Дык з «кадзілакам»... выходзіць у нас тое на тое... праўда?
Ён падняў руку.
- Секунду...
Я апусціў галаву, падпарадкоўваючыся. Блюменталь убачыў маю пакорлівасць і засмяяўся.
- Не тое, што вы думаеце. Я хацеў вам спачатку зрабіць камплімент. Атака з ходу, з адкрытымі картамі! Гэта было выдатна разлічана, з веданнем старога Блюменталя. Ведаеце, чаго я чакаў?
- Што я пачну таргавацца з чатырох тысяч пяцісот...
- Менавіта! Але тады вам дрэнна прыйшлося б. Вы хочаце прадаць за сем?
Я асцярожна паціснуў плячыма.
- Чаму менавіта за сем?
- Бо гэта ж была ваша першая цана ў нас.
- У вас бліскучая памяць, - сказаў я.
- На лічбы. Толькі на лічбы. На жаль. Але закончым: можаце забраць машыну за цану, якую вы назвалі.
Мы ўдарылі па руках.
- Дзякуй богу, - сказаў я з палёгкай. - Першая здзелка за даволі працяглы час. «Кадзілак» прынёс нам удачу.
- І мне таксама, - сказаў Блюменталь. - Я ж таксама зарабіў на ім пяцьсот марак.
- І праўда. Але чаму, прызнайцеся, вы прадаяце яго так хутка? Не спадабаўся?
- Проста забабоны, - растлумачыў Блюменталь. - Я іду на любую здзелку, на якой магу зарабіць.
- Выдатныя забабоны, - адгукнуўся я.
Ён пахітаў бліскучым чэрапам.
- Вы не паверыце, але так і ёсць. Каб не ведаць няўдач у іншых справах. Не пайсці сёння на здзелку - гэта выклік лёсу. А на такое ніхто не адважыцца.
А палове пятай вечара Готфрыд Ленц, скроіўшы шматзначную міну, паставіў перада мной на стол пустую бутэльку з-пад джыну.
- Хачу, каб ты яе напоўніў, хлопчык! За свой кошт! Помніш наш заклад?
- Помню, - сказаў я. - Але ты занадта спяшаешся.
Готфрыд моўчкі паднёс мне пад нос гадзіннік.
- Палова пятай, - сказаў я. - Нават сонца ўзыходзіць не ў адзін і той самы час. Любы можа спазніцца. Між іншым, я змяняю ўмовы закладу - стаўлю два супроць аднаго.
- Прымаецца, - урачыста заявіў Готфрыд. - Чатыры бутэлькі джыну ў маю карысць. Гэта называецца: праявіць гераізм на страчаных пазіцыях. Ганарова, дзіця, але неразумна...
- Пачакаем...
Хоць я і харахорыўся, але былой упэўненасці ўжо не было. Наадварот, я ўжо амаль прымірыўся з тым, што булачнік не паявіцца. Трэба было ўтрымліваць яго раніцай. Ён быў занадта ненадзейная асоба.
Калі ў пяць гадзін на фабрыцы пярын насупроць нашай майстэрні прагучаў гудок, Готфрыд моўчкі выставіў на стол яшчэ тры пустыя бутэлькі. Потым ён адлёгся да акна і ўтаропіўся на мяне.
- Піць хачу, - сказаў ён праз хвіліну са значэннем.
У гэты момант я пазнаў характэрны шум фордаўскага матора на вуліцы, і адразу ж машына булачніка завярнула ў наш двор.
- Калі ты хочаш піць, дарагі Готфрыд, - прамовіў я з вялікай годнасцю, - то бяжы хутчэй ды купі дзве бутэлькі рому, якія ты прайграў мне. Глыток дастанецца і табе - я частую. Бачыш за акном булачніка? Псіхалогія, мой хлопчык! А цяпер прыбяры пустыя бутэлькі! А потым можаш выязджаць у рэйс на таксі. На больш тонкія справы ты замалады. Прывітанне, сын мой!
Я выйшаў і сказаў булачніку, што машыну, відаць, можна будзе набыць. Той, хто прадае, патрабуе сем тысяч пяцьсот марак, але калі ўбачыць жывыя грошы, аддасць, напэўна, і за сем.
Булачнік слухаў так абыякава, што я разгубіўся.
- У шэсць гадзін я патэлефаную яму яшчэ раз, - нарэшце сказаў я.
- У шэсць? - Булачнік схамянуўся. - У шэсць мне трэба... - Ён раптам павярнуўся да мяне. - Пойдзеце са мной?
- Куды?
- Да вашага сябра, мастака. Карціна гатова.
- А, да Фердынанда Граў.
Ён кіўнуў галавой.
- Паедзем разам. А потым мы можам пагаварыць і пра машыну.
Відаць, з нейкай прычыны ён не хацеў ісці адзін. А мне таксама вельмі не хацелася пускаць яго ад сябе.
- Добра, - пагадзіўся я. - Ехаць далекавата - лепці зараз жа і адправіцца.
Фердынанд Граў выглядаў дрэнна. Твар быў шэра-зялёны, пакамячана-азызлы. Ён сустрэў нас каля ўвахода ў майстэрню. Булачнік толькі бегла зірнуў на яго. Ён быў нейкі надзіва няўпэўнены і ўсхваляваны.
- Дзе яна? - адразу спытаўся ён.
Фердынанд паказаў рукой на акно. Карціна была нацягнута на падрамнік. Булачнік хутка ўвайшоў у памяшканне і нерухома спыніўся перад партрэтам. Праз хвіліну ён зняў капялюш. Ён так спяшаўся, што забыў зрабіць гэта раней.
Мы з Фердынандам спыніліся каля дзвярэй.
- Як пажываеш, Фердынанд? - спытаў я.
Ён у адчаі махнуў рукой.
- Штосьці здарылася?
- Што можа здарыцца?
- Ты дрэнна выглядаеш.
- І ўсё?
- Так, - сказаў я. - Усё.
Ён паклаў мне руку на плячо, і на яго твары старога сенбернара з'явілася ўсмешка.
Мы пастаялі яшчэ нейкі час, а потым далучыліся да булачніка. Мяне партрэт уразіў. Галава атрымалася вельмі ўдала. Па вясельнай картцы і другой, дзе жанчына выглядала прыгнечанай, Фердынанд намаляваў нестарую яшчэ жанчыну, якая ўзіралася перад сабой сур'ёзным, але бездапаможным позіркам.
- Так, - сказаў булачнік, не паварочваючы галавы, - гэта яна.
Ён прамовіў гэта больш сам сабе і, мне здалося, сам не заўважыў сваіх слоў.
- Святла хапае? - спытаў Фердынанд.
Булачнік не адказаў.
Фердынанд падышоў, крыху перасунуў падрамнік. Потым ён адышоўся назад і кіўнуў мне галавой. Мы зайшлі ў маленькі пакойчык побач з майстэрняй.
- Ніколі не падумаў бы, - здзіўлена сказаў ён. - Скідка падзейнічала на яго. Ён плача...
- З кожным рана ці позна бывае, - адказаў я. - Толькі да яго пазнавата дайшло.
- Пазнавата, - сказаў Фердынанд, - як заўсёды. Такое жыццё, Робі.
Ён паволі хадзіў туды-сюды.
- Пакінем яго на нейкі час там аднаго. А самі можам тым часам згуляць у шахматы.
- У цябе сталёвыя нервы, - сказаў я.
Ён спыніўся.
- А што? Яму ад таго ні холадна, ні горача. Калі ўвесь час думаць пра такія рэчы, то ніводзін чалавек на свеце не мае права смяяцца, Робі...
- Ты, як заўсёды, маеш рацыю, - сказаў я. - Ну давай тады разок згуляем.
Мы расставілі фігуры і пачалі гульню. Фердынанд даволі лёгка выйграў. Ён паставіў мне мат турой і сланом, не пускаючы ў ход каралевы.
- Цікава, - сказаў я. - У цябе такі выгляд, быццам ты не спаў трое сутак, а гуляеш, як марскі разбойнік.
- Я заўсёды добра гуляю, калі ў мяне дрэнны настрой, - растлумачыў Фердынанд.
- А чаму ў цябе дрэнны настрой?
- Так проста. Змяркаецца. У прыстойнага чалавека пад вечар заўжды псуецца настрой. Без прычыны. Проста такі закон.
- Але толькі ў адзінокага чалавека, - сказаў я.
- Вядома. Гадзіна, калі пануюць цені. Гадзіна самотнасці. Гадзіна, калі найсмачнейшы каньяк.
Ён дастаў бутэльку і дзве чаркі.
- А ці не пара падысці да булачніка? - спытаў я.
- Усё роўна.
Ён наліў.
- Будзь здаровы, Робі. Усё роўна аддадзім богу душу.
- На здароўе, Фердынанд. Пакуль мы жывыя.
- Што ж, - сказаў ён. - Часам мы цудам выжывалі... Дык вып'ем па адной і за гэта.
- Давай.
Мы вярнуліся ў майстэрню. Сцямнела. Булачнік усё яшчэ стаяў, уцягнуўшы плечы, перад партрэтам. У вялікім пустым памяшканні ён меў выгляд пакінутага бедалагі, і мне здалося, што ён зрабіўся нават ніжэйшы ростам.
- Упакаваць партрэт? - спытаў Фердынанд.
Той уздрыгнуў, як спужаўся.
- Не...
- Тады я прышлю яго вам заўтра.
- Нельга яго пакуль што пакінуць тут? - у нерашучасці спытаў булачнік.
- Але чаму? - здзівіўся Фердынанд і падышоў бліжэй. - Вам не падабаецца?
- Падабаецца... але я хацеў бы пакуль што пакінуць яго тут.
- Не разумею...
Булачнік павярнуўся да мяне, нібы просячы дапамогі. Я зразумеў: ён баяўся чарнявай лярвы вешаць партрэт дома. А магчыма, ён баяўся і нябожчыцы.
- Слухай, Фердынанд, - сказаў я, - няхай партрэт спакойна павісіць тут. Чалавек жа плаціць.
- Няхай сабе...
Булачнік з палёгкай дастаў з кішэні чэкавую кніжку. Яны пайшлі да стала.
- Чатырыста марак? - спытаў булачнік.
- Чатырыста дваццаць, - сказаў Фердынанд. - Гэта са скідкай. Выпісаць квіток?
- Так, - адказаў булачнік. - Дзеля парадку.
Абодва моўчкі пачалі выпісваць - адзін чэк, другі - квіток. Я застаўся стаяць каля акна, разглядаючы пакой. У вечаровым паўзмроку з усіх сцен пазіралі твары незапатрабаваных і неаплачаных партрэтаў у залатых рамах. Яны здаваліся зборам прывідаў з таго свету. Стваралася ўражанне, што ўсе іх мёртвыя позіркі былі скіраваны на карціну каля акна, якая зараз павінна далучыцца да іх, а пакуль што змярканне наводзіла на яе апошні бляск жыцця. Гэта было незвычайнае відовішча: дзве фігуры, якія схіліліся над сталом, пішучы, цені і мноства маўклівых партрэтаў.
Булачнік вярнуўся да акна. Яго вочы з чырвонымі пражылкамі здаваліся шклянымі шарамі, рот быў паўадкрыты, ніжняя губа адвісла, так што былі бачны няроўныя зубы - яго пастава была камічная і вартая жалю. На верхнім паверсе нехта пачаў іграць на піяніна, хтось выконваў практыкаванне, паўтараючы адно і тое. Гук быў высокі, пакутлівы. Фердынанд Граў усё яшчэ стаяў каля стала. Ён запаліў цыгару. Агеньчык ад запалкі асвятліў яго твар. Змрочнае памяшканне здалося надзвычай вялікім і, асветленае маленькім ружовым святлом, вельмі сінім.
- Ці можна сёе-тое змяніць у партрэце? - спытаў булачнік.
- Што менавіта?
Фердынанд падышоў бліжэй. Булачнік паказаў на ўпрыгожанне:
- Ці можна ўбраць гэта?
Ён меў на ўвазе вялізную залатую брошку, якую заказчык абавязкова патрабаваў намаляваць.
- Вядома, - сказаў Фердынанд, - яна нават не пасуе да твару. Без яе партрэт толькі выйграе.
- І я так думаю. - Ён хвілінку памуляўся. - Колькі гэта будзе каштаваць?
Мы з Фердынандам пераглянуліся.
- Нічога не будзе каштаваць, - зычліва сказаў Фердынанд. - Наадварот, вам трэба было б яшчэ вярнуць нейкую суму. Намалявана ж будзе менш.
Булачнік ашаломлена ўзняў галаву. На імгненне здалося, што і ён так думае. Але потым, пераадолеўшы сябе, ён сказаў:
- Ды што вы, не трэба, вам жа давялося маляваць.
- І то праўда...
Мы пайшлі, на лесвіцы, гледзячы на прыгнутую спіну перад сабой, я быў крануты і выглядам булачніка, і тым фактам, што фальшывая брошка ўсё-такі разбудзіла яго сумленне. Цяпер, калі чалавек у такім настроі, мне няёмка было напамінаць яму пра «кадзілак». Аднак потым я падумаў, што часткова прычына яго шчырай жалобы па нябожчыцы жонцы - чарнявая сужыцелька, якая аказалася сапраўднай падлай... І да мяне вярнулася ўпэўненасць.
- Мы можам абмеркаваць нашу справу ў мяне дома, - сказаў булачнік, калі мы выйшлі.
Я згодна кіўнуў. Мне гэта падыходзіла. Булачнік верыў, што дома сцены дапамагаюць, я ж разлічваў на падтрымку чарнявай.
Яна ўжо чакала нас каля дзвярэй.
- Сардэчна віншую, - пачаў я, не даўшы булачніку разявіць рот.
- З чым? - спытала яна хутка, страляючы вачыма.
- З вашым «кадзілакам», - адказаў я, не міргнуўшы вокам.
- Любы! - у адно імгненне яна павісла на шыі ў булачніка.
- Але ж гэта яшчэ не... - Ён спрабаваў вызваліцца і даць тлумачэнне. Але яна ўчапілася моцна і кружылася разам з ім, дурэючы. Ён не мог вымавіць слова. На мяне пазіралі то з-за яго пляча - хітрая падміргваючая мордачка, то з-за яе пляча - поўны дакору, дарма пратэстуючы твар мучнога чарвяка.
Нарэшце ён з цяжкасцю вызваліўся.
- Мы ж яшчэ ні пра што не дамовіліся, - адфыркнуўся ён.
- Чаму ж, - сказаў я надзвычай сардэчна, - дамовіліся. Бяруся збіць цану яшчэ на пяцьсот марак. Вы плаціце за «кадзілак» сем тысяч - і ні пфеніга больш. Згода?
- Вядома, - хутка адазвалася чарнявая. - Гэта ж сапраўды танна, любы...
- Чакайце! - Булачнік падняў руку.
- Ды што ты зноў прыдумаў? - накінулася яна на яго. - Спачатку ты абяцаеш купіць машыну, а цяпер стаіш і адмаўляешся.
- Ён не адмаўляецца, - умяшаўся я. - Мы ўсё ўжо абмеркавалі.
- Ну, што... мілы... навошта тады... - Яна прытулілася да яго. Ён зноў паспрабаваў вызваліцца, але яна прыціснулася да яго сваімі вялікімі грудзьмі. Ён паспрабаваў злавацца, але супраціўленне аслабла.
- «Форд»... - сказаў ён.
- Бярэцца, вядома, у кошт аплаты...
- Чатыры тысячы марак...
- Калісьці каштаваў столькі, праўда? - спытаў я зычліва.
- Вы яго возьмеце за чатыры тысячы марак, - цвёрда заявіў булачнік. Ён знайшоў, за што ўчапіцца, каб перайсці ў контратаку, ачомаўся. - Машына ж, лічы, новая.
- Новая, - сказаў я, - пасля вялізнага рамонту...
- Сёння раніцай вы самі сцвярджалі...
- Раніцай была іншая справа. Новая... і новая - гэта розныя рэчы ў залежнасці ад таго, купляеш ці прадаеш. На чатыры тысячы марак вашаму «форду» трэба было б мець залатыя поршні...
- Чатыры тысячы марак, інакш і гаварыць не варта... - упарта сказаў булачнік. Ён зноў зрабіўся такім самым, як быў, - старым, які вырашыў канчаткова пазбавіцца сентыментальнасці, якой ён толькі што паддаўся.
- Тады да пабачэння! - заявіў я і павярнуўся да чарнавокай. - Шкада, шаноўная пані, але цярпець страты не магу. На «кадзілаку» мы і так нічога не зарабляем, як жа нам браць яшчэ «форд» за такую высокую цану... Бывайце...
Яна затрымала мяне. Вочы яе гарэлі, яна накінулася на булачніка так, што той не ведаў, куды падзецца.
- Ты сам сто разоў паўтараў, што гэты «форд» ужо нічога не варты, - зашыпела яна нарэшце са слязьмі на вачах.
- Дзве тысячы марак, - сказаў я. - Дзве тысячы, хоць і гэта - самагубства.
Булачнік маўчаў.
- Ты што маўчыш, скажы што-небудзь! Што ты стаіш як язык праглынуў! - бушавала чарнявая.
- Панове, - сказаў я, - я зараз прыганю «кадзілак». Вам лепей абмеркаваць гэтую справу без сведкаў.
Я адчуваў, што будзе найлепш, калі я знікну. Чарнявая сама давядзе маю справу да канца.
Праз гадзіну я вярнуўся на «кадзілаку». Я адразу ўбачыў, што спрэчка закончылася самым мірным чынам. У булачніка быў пакамячаны выгляд, на яго касцюме вісела пер'е. Чарнявая ж, наадварот, палала, трэсла цыцкамі і ўсміхалася здрадліва-сыта. Яна пераадзелася і была цяпер у тонкай шаўковай сукенцы, якая шчыльна аблягала яе цела. Непрыкметна для булачніка яна падміргнула мне і дала зразумець, што ўсё ў парадку. Мы зрабілі пробны выезд. Чарнявая ўтульна ўладкавалася на шырокім сядзенні, увесь час шчабечучы. Мне хацелася выкінуць яе, але пакуль што яна была мне патрэбная. Булачнік даволі меланхалічна сядзеў побач са мной. Ён ужо насіў жалобу па сваіх грошах, а такая жалоба - самая шчырая.
Мы пад'ехалі да дома булачніка і зноў вярнуліся ў памяшканне. Булачнік выйшаў з пакоя, каб прынесці грошы. Гэта быў зусім стары чалавек, цяпер я заўважыў, што валасы ў яго фарбаваныя.
Чарнявая абцягнула сукенку.
- Выдатна правярнулі справу, праўда?
- Так, - сказаў я нехаця.
- Сто марак павінна перапасці мне...
- Вось як... - сказаў я.
- Стары скнара, - даверліва зашаптала яна, падыходзячы бліжэй, - у яго грошай як вошай. Але паспрабуй вырваць! Нават завяшчання не хоча пісаць. Потым усё захапаюць дзеткі, а ты рабі што хочаш. Не вялікае шчасце гэты кілун.
Яна падышла бліжэй, пагойдваючы грудзьмі.
- Дамовіліся: я заўтра прыйду па сто марак? Калі вы бываеце на месцы? Ці вы заскочыце сюды? - Яна хіхікнула. - Заўтра паполудні я тут адна...
- Я перашлю вам грошы... - сказаў я.
Яна зноў захіхікала.
- Прынясіце лепш самі. Ці вы баіцеся?
Відаць, я здаваўся ёй баязліўцам, і яна хацела падбадзёрыць мяне.
- Чаго баяцца, - сказаў я. - Але часу няма. Якраз заўтра іду да доктара. Застарэлы сіфіліс, каб вы ведалі! Тут не разгуляешся...
Яна так паспешліва адступіла, што ледзь не ўпала, спатыкнуўшыся аб крэсла. У гэты момант вярнуўся булачнік. Ён кінуў падазроны позірк на чарнявую. Потым падышоў да стала і адлічыў мне грошы. Ён лічыў іх павольна, нібы вагаючыся. Яго цень хістаўся на ружовых шпалерах, паўтараючы яго рухі. Калі я пісаў распіску, то падумаў, што сёння падобная сцэна ўжо была, толькі на маім месцы быў Фердынанд Граў. Хоць у гэтым не было нічога асаблівага, мне такое здалося дзіўным.
Я ўзрадаваўся, аказаўшыся на вуліцы. Паветра было па-летняму мяккае. «Кадзілак» пабліскваў каля тратуара.
- Ну, стары, вялікі дзякуй табе, - сказаў я і пагладзіў яго. - Рыхтуйся да новых подзвігаў!
XV
Над лугамі стаяў светлы іскрысты ранак. Мы з Пат сядзелі на лясной паляне і снедалі. Я ўзяў два тыдні адпачынку. Мы вандравалі да мора. На дарозе стаяў невялічкі стары «сітраэн». Мы ўзялі яго ў кошт платы за стары «форд» булачніка, і Кёстэр даў мне яго на час водпуску. Ён напамінаў старога ішака - так быў абвешаны чамаданамі.
- Будзем спадзявацца, што за дарогу ён не зваліцца з ног, - сказаў я.
- Вытрымае, - адказала Пат.
- Адкуль ты ведаеш?
- Інакш не можа быць, бо гэта ж наш водпуск, Робі.
- Магчыма, - сказаў я. - Але, акрамя ўсяго, я ведаю, якая ў яго задняя вось. Яна не вельмі надзейная. Асабліва пад нагрузкай.
- Гэты аўтамабіль - брат «Карла». Ён не падвядзе.
- Жахліва рахітычны брат.
- Кінь ганьбіць, Робі. На сёння лепшай машыны я не ведаю.
Мы яшчэ крыху паляжалі на лузе. Ад лесу дзьмуў цёплы, мяккі вецер. Пахла смалой і травамі.
- Скажы мне, Робі, - спытала Пат неўзабаве, - што гэта за кветкі там, каля ручая.
- Анемоны, - адказаў я, не гледзячы.
- Ну што ты, дарагі! Гэта не анемоны. Анемоны маленькія, акрамя таго, яны цвітуць толькі вясной.
- Правільна, - сказаў я. - Гэта буйміна лугавая.
Яна пахітала галавой.
- Буйміну я ведаю. Яна выглядае зусім інакш.
- Тады гэта цыкута.
- Што ты, Робі? Цыкута ж белая, а не чырвоная.
- Тады я не ведаю. Да гэтага часу, калі ў мяне пыталіся, я абыходзіўся гэтымі трыма назвамі. І заўсёды адной з іх верылі.
Яна засмяялася.
- Шкада. Каб ведала, задаволілася б анемонай.
- Трэба было спыніцца на буйміне, - сказаў я. - З ёй у мяне часцей за ўсё бываў поспех.
Яна села.
- Вось гэта здорава! І часта ў цябе пыталіся?
- Не вельмі. І пры розных акалічнасцях.
Яна ўперлася далонямі ў зямлю.
- Шчыра кажучы, гэта ганьба, што мы ходзім па зямлі, амаль нічога не ведаючы пра яе. Не ведаем нават назваў, якіх не так шмат.
- Не перажывай, - сказаў я. - Яшчэ большая ганьба, што мы не ведаем, чаго ходзім па зямлі. Таму ведаць на некалькі назваў больш ці менш нічога не значыць.
- Не кажы так! Але мне здаецца, што ты гаворыш так толькі ад ляноты.
Я павярнуўся.
- Вядома. Лянота таксама яшчэ грунтоўна не асэнсавана. Яна - крыніца шчасця і канец філасофіі. Хадзем, ляж на сваё месца. Чалавек занадта мала ляжыць. Ён увесь час стаіць ці сядзіць. Гэта шкодна для жывёльнага самаадчування. Толькі лежачы, цалкам прыміраешся з самім сабой.
Загудзеў матор, міма праехала машына.
- Маленькі «мерседэс», - сказаў я, не ўстаючы. - Чатырохцыліндровы.
- Яшчэ адна ідзе, - падказала Пат.
- Так, я ўжо чую. «Рэно». Радыятар, як свіное рыла?
- Так.
- Тады гэта «рэно». Але паслухай, што за штуковіна ідзе цяпер. «Ланча»! Яна, напэўна, гоніцца за гэтымі дзвюма, як воўк за парай ягнятак. Паслухай толькі, як спявае матор! Як арган!
Машына праімчалася міма.
- Тут ты, мусіць, ведаеш больш за тры назвы? - спытала Пат.
- Вядома. І нават правільна.
Яна засмяялася.
- І гэта сумна ці не?
- Чаму сумна. Гэта нармальна. Мне бывае даражэй адна машына, чым дваццаць квяцістых лугоў.
- Тыповы сын дваццатага стагоддзя! Сентыментальнасці няма ў цябе ні кроплі...
- Ёсць, ты ж чуеш, у адносінах да машын...
Яна зірнула на мяне.
- Як і ў мяне, - сказала яна.
У ельніку закукавала зязюля. Пат пачала лічыць.
- Навошта ты гэта робіш? - спытаў я.
- А ты не ведаеш? Колькі разоў яна пракукуе, столькі гадоў мне застанецца жыць.
- Ах, вось што. Але тут ёсць яшчэ нешта. Калі кукуе зязюля, трэба трэсці грошы. Тады яны будуць весціся. Я дастаў з кішэні дробязь і пачаў трэсці яе ў жмені.
- Вось ты які, - сказала Пат і засмяялася. - Я хачу жыць, а ты хочаш грошай.
- Каб жыць, - адказаў я. - Сапраўдны ідэаліст імкнецца мець грошы. Грошы - гэта свабода. Свабода - гэта жыццё.
- Чатырнаццаць, - налічыла Пат. - Аднойчы ты казаў пра гэта інакш.
- Гэта было ў змрочную пару майго жыцця. Пра грошы нельга гаварыць з пагардай. Многія жанчыны нават кахаюць за грошы. І наадварот, у шмат якіх мужчын каханне выклікае цягу да грошай. Грошы, такім чынам, параджаюць ідэалы, каханне ж, наадварот - матэрыялізм.
- У цябе сёння ўдалы дзень, - сказала на гэта Пат. - Трыццаць пяць.
- Мужчына, - разважаў я далей, - робіцца сквапным на грошы толькі праз жаданні жанчын. Калі б не было жанчын, не было б і грошай, і мужчыны хадзілі б усе героямі. У акопах не было жанчын, таму і не надавалася значэння, хто чым валодае, глядзелі толькі, што ты за чалавек. Гэта я кажу не ў абарону акопаў, а толькі каб высветліць, што такое каханне. Яно абуджае ў чалавеку горшыя інстынкты - прагу штосьці мець, нешта значыць, зарабляць, не хвалявацца. Нездарма дыктатары любяць, каб іх памагатыя мелі сям'ю, - тады яны не такія небяспечныя. І нездарма каталіцкія духоўнікі не маюць жонак, інакш яны не сталі б адважнымі місіянерамі.
- У цябе сёння нават незвычайны дзень, - сказала Пат лагодна. - Пяцьдзесят два.
Я схаваў дробязь у кішэню і запаліў.
- Ці не пара табе ўжо перастаць лічыць? - спытаў я. - Табе ўжо за семдзесят.
- Сто, Робі. Сотня - добрая лічба. Я хачу дажыць да ста.
- Малайчына! Вось гэта - мужнасць! Але навошта табе такое доўгае жыццё?
Яна кінула на мяне беглы погляд.
- Будзе відаць. Я на гэта гляджу інакш, чым ты.
- Ну, вядома. Між іншым, найцяжэй жыць толькі першыя семдзесят гадоў. Потым, як кажуць, будзе лягчэй.
- Сто! - заявіла Пат, і мы ўсталі.
Мора набліжалася, як вялізны срабрысты ветразь. Ужо здалёку мы адчулі яго салёнае дыханне. Гарызонт пашыраўся і святлеў, і раптам яно адкрылася перад намі - неспакойнае, магутнае, бясконцае.
Дарога, зрабіўшы дугу, падбегла да самага берага. Потым з'явіўся лес, а за ім - вёска. Мы знайшлі дом, дзе думалі жыць. Ён стаяў крыху ў баку ад вёскі. Адрас нам даў Кёстэр. Ён жыў тут каля года пасля вайны.
Гэта была невялічкая адзінокая віла. Я, зрабіўшы на сваім «сітраэне» элегантны разварот, спыніўся і пасігналіў. У адным акне з'явіўся шырокі твар, невыразна зыркнуў на нас і знік.
- Будзем спадзявацца, што гэта не фройляйн Мюлер, - сказаў я.
- Ці не ўсё роўна, як яна выглядае? - сказала Пат.
Дзверы адчыніліся. Ну, дзякуй богу, гэта была не фройляйн Мюлер. Гэта была служанка. Фройляйн Мюлер, гаспадыня дома, з'явілася праз хвіліну. Гэта была манерная старая дзева з сівымі валасамі. На ёй была закрытая чорная сукенка, а замест брошкі - залаты крыжык.
- На ўсякі выпадак надзень зноў панчохі, Пат, - прашаптаў я, глянуўшы на крыжык.
Я выйшаў з машыны.
- Спадзяюся, што пан Кёстэр ужо паведаміў пра нас, - сказаў я.
- Так, ён прыслаў тэлеграму, што вы едзеце. - Яна строгім выпрабавальным позіркам аглядала мяне. - Дарэчы, як пажывае пан Кёстэр?
- Ах, выдатна, наколькі можна сёння ўжываць гэтае слова.
Яна кіўнула галавой і зноў зірнула на мяне, ацэньваючы.
- Вы даўно знаёмыя?
«Сапраўдны экзамен», - падумаў я і далажыў, з якога часу мы знаёмыя з Ота. Здалося, яна задаволена адказам. Падышла Пат. Яна ўжо была ў панчохах. Позірк фройляйн Мюлер памякчэў. Да Пат у яе, відаць, было больш даверу, чым да мяне.
- У вас ёсць пакой для нас? - спытаў я.
- Калі пан Кёстэр просіць тэлеграмай, вам заўсёды знойдзецца пакой, - заявіла фройляйн Мюлер і глянула на мяне крыху пагардліва. - Я адцам вам нават самы лепшы пакой, - звярнулася яна да Пат.
Пат усміхнулася. Фройляйн Мюлер адказала ёй усмешкай.
- Пойдзем глянем, - сказала яна.
Яны пайшлі ўдзвюх поплеч па вузкай дарожцы праз невялічкі сад. Я цягнуўся ззаду, як лішні тут - фройляйн Мюлер звярталася толькі да Пат.
Пакой, які яна паказала нам, быў на першым паверсе, з асобным уваходам з саду. Гэта вельмі мне спадабалася. Пакой быў даволі вялікі, светлы і ўтульны. З аднаго боку, у нішы, стаялі два ложкі.
- Ну як? - спытала фройляйн Мюлер.
- Выдатна, - сказала Пат.
- Нават шыкоўна, - дадаў я, каб падлізацца да гаспадыні. - А дзе другі?
Фройляйн Мюлер павольна павярнулася да мяне.
- Другі? Які - другі? Вы гэтага не хочаце? Ён вам не падабаецца?
- Пакой проста цудоўны, - адказаў я. - Але...
- Але? - сказала фройляйн Мюлер крыху з'едліва. - На жаль, лепшага за гэты ў мяне няма.
Я ўжо хацеў растлумачыць ёй, што нам патрэбны два асобныя пакоі, але яна дадала:
- Вашай жонцы пакой спадабаўся...
«Вашай жонцы...» Мне здалося, што я нават адступіў на крок. На самай справе я не зрушыўся з месца. Я асцярожна зірнуў на Пат, якая, прыхіліўшыся да падаконніка, намагалася не засмяяцца, убачыўшы мой выгляд.
- Вядома, мая жонка... - сказаў я і ўтаропіўся на залаты крыжык на грудзях фройляйн Мюлер. Нічога не зробіш, не тлумачыць жа ёй, як і што. Яна, пэўна, адразу самлела б.
- Мы проста прывыклі спаць у двух пакоях, - сказаў я. - Кожны ў асобным.
Фройляйн Мюлер незадаволена пахітала галавой.
- Дзве спальні для жанатай пары... што ні дзень, то новая мода...
- Ды не, - сказаў я, пакуль яна не перастала верыць мне. - Мая жонка вельмі чуйна спіць. А я, на жаль, вельмі моцна храпу.
- Ах, вось што, вы храпеце! - сказала фройляйн Мюлер, усім выглядам паказваючы: як я раней не здагадалася! Я ўжо спужаўся, што яна зараз выдзеліць яшчэ адзін пакой на другім паверсе. Але сям'я была ў яе справай свяшчэннай. Яна адчыніла дзверы маленькага пакойчыка побач, у якім стаяў толькі ложак.
- Цудоўна! - сказаў я. - Тое, што трэба. Але ці не буду я каму перашкаджаць? - Мне хацеяася даведацца, ці не будзе каго на паверсе, акрамя нас.
- Вы нікому не перашкодзіце, - заявіла фройляйн Мюлер, і яе ганарыстасць раптам знікла. - Акрамя вас, тут ніхто жыць не будзе. Усе астатнія пакоі - пустыя. - Яна пастаяла хвілінку, потым схамянулася. - Вы будзеце есці тут, у пакоі, ці ў сталовай?
- Тут, - сказаў я.
Яна кіўнула і пайшла.
- Ну, фраў Локамп, - звярнуўся я да Пат, - вось мы і ўліплі. Але я не рызыкнуў прызнацца: у старой вядзьмаркі ёсць нешта царкоўнае. Здаецца, я ёй не спадабаўся. Цікава - мне ж заўсёды шанцавала са старымі дамамі.
- Яна не старая дама, Робі. Гэта вельмі сімпатычная старая дзева.
- Сімпатычная? - Я паціснуў плячыма. - Праўда, трымацца яна ўмее. Ніводнага чалавека ў доме - і такая велічная пастава.
- Не такая яна ўжо велічная.
- З табой - не.
Пат засмяялася.
- Мне яна спадабалася. Але давай прынясём валізкі і дастанем наша адзенне для купання.
Я гадзіну паплаваў і цяпер ляжаў, загараў. Пат была яшчэ ў вадзе. Яе белая шапачка час ад часу паказвалася на блакітнай гойданцы хваль. Крычалі чайкі. На гарызонце павольна рухаўся параход, над якім, як сцяг, віўся дым.
Сонца прыпякала. Яно плавіла волю, мяне ахутвала бяздумная дрымота. Я заплюшчыў вочы і выцягнуўся. Гарачы пясок храбусцеў. У вушах аддаваўся слабы шум прыбою. Ён мне нешта напамінаў... дзень, калі я ляжаў, як цяпер...
Гэта было ўлетку 1917 года. Наша рота размяшчалася ў той час у Фландрыі. Мы нечакана атрымалі водпуск на некалькі дзен і паехалі ў Остэндэ - Маер, Хольхоф, Браер, Лютгенс, я і яшчэ некалькі чалавек. Большасць з нас ніколі не былі на моры, і гэтыя некалькі дзён, гэта амаль незразумелая паўза паміж смерцю і смерцю, былі аддадзены цалкам сонцу, пяску і мору. Мы цэлы дзень прабылі на пляжы, мы падставілі голыя целы сонцу - а голае цела, не абцяжаранае зброяй і формай, азначала ў нас мір - мы дурэлі на пяску і ўвесь час кідаліся ў мора, мы адчувалі сваё цела, дыханне, рухі з усёй сілай, якая звязвала нас жыццём, мы забывалі ў гэтыя гадзіны пра ўсё, і нам хацелася пра ўсё забыцца. Але ўвечары, на змярканні, калі сонца заходзіла і шэрыя цені з-за гарызонту беглі на бляклым моры, тады памалу ў шоргат прыбою запаўзаў іншы гук, ён мацнеў і нарэшце перакрываў яго, як прыглушаная пагроза: гарматны гром з фронту. Тады здавалася, што раптам невыразнае маўчанне перарывала размовы і з вясёлых твараў зняможаных гульнёй дзяцей пазіраў жорсткі абрыс салдат з імгненна выхапленым выразам здзіўлення, тугі, у якой было ўсё, пра што ніколі не гаварылася: мужнасць, і горыч, і прага жыцця, воля выканаць абавязак, адчай, надзея і загадкавая жалоба так рана пазначаных. Праз некалькі дзён пасля гэтага пачалося вялікае наступленне, і ўжо трэцяга ліпеня ў роце засталося толькі трыццаць два чалавекі. Маер, Хольтхоф і Лютгенс загінулі...
- Робі! - паклікала Пат.
Я расплюшчыў вочы. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб прыпомніць, дзе я. Заўседы, калі наплывалі ваенныя ўспаміны, я адразу адключаўся. Пры іншых успамінах гэтага не было.
Я прыўзняўся. Пат выходзіла з вады. Яна ішла якраз па дарожцы, утворанай на моры сонечным святлом, блішчастая стужка сцякала з яе плячэй. Яна так была ахутана святлом, што здавалася амаль зялёнай. З кожным крокам набліжаючыся да пляжа, яна нібы ўрастала ў шырокі сонечны прамень, пакуль вечаровае сонца не стала над самай яе галавой, як німб.
Я зусім міжволі ўскочыў - нібы з іншага свету з'явіўся гэты вобраз: бязмежнае сіняе неба, белыя пенныя марскія хвалі і прыгожая стройная фігура на пярэднім плане, - мне здалося, што я адзін на белым свеце, а з вады да мяне крочыць першая жанчына. На хвіліну я адчуў незвычайную ціхую прываблівую сілу прыгажосці і зразумеў, што яна была мацнейшая за ўсё крывавае мінулае, што яна і павінна быць мацнейшай - інакш рухне ўвесь свет, задыхнецца ў жудасным тлуме. І яшчэ больш за ўсё гэта я адчуў, што я існую, проста існую, і што Пат існуе, што я жыву, што я неяк уратаваўся ад жахаў, што ў мяне ёсць вочы, і рукі, і думкі, і палкія хвалі крыві і што ўсё гэта - цуд, які цяжка зразумець.
- Робі! - крыкнула Пат яшчэ раз і памахала рукой. Я ўзяў яе халат і хутка пайшоў ёй насустрач.
- Ты занадта доўга была ў вадзе, - сказаў я.
- Я зусім не замерзла, - адказала яна ледзь чутна.
Я пацалаваў яе ў мокрае плячо.
- Спачатку табе трэба пасцерагчыся.
Яна пахітала галавой і глянула на мяне ззяючымі вачыма.
- Я даволі доўга асцерагалася.
- Праўда?
- Вядома. Занадта доўга. Хачу быць нарэшце неасцярожнай! - Яна засмяялася і прытулілася шчакой да мяне. - Давай забудзем пра асцярожнасць, Робі! Не будзем думаць ні пра што, зусім ні пра што, толькі пра саміх сябе, пра сонца, адпачынак і мора!
- Добра, - сказаў я і ўзяў кашлаты ручнік. - Спачатку дай я цябе вытру насуха. Калі ты паспела так загарэць?
Яна апранула халат.
- Гэта засталося яшчэ з таго часу, калі я паводзіла сябе асцярожна. Тады я кожны дзень гадзіну загарала на балконе. А ў восем вечара ішла спаць. Сёння ў восем вечара я пайду яшчэ раз купацца.
- Будзе бачна, - сказаў я. - У намерах чалавек заўсёды вялікі. У ажыццяўленні - не заўсёды. Гэтым ён і прываблівы.
З купаннем увечары не атрымалася. Мы зрабілі прагулку пехатой да вёскі, а на змярканні пакаталіся на «сітраэне», потым Пат раптам адчула недамаганне і папрасілася дадому. Я і раней часта заўважаў у яе гэта - раптоўны пераход ад ажыўлення да раптоўнай зморы. У яе было няшмат сілы і ніякіх рэзерваў, хоць па ёй гэтага нельга было заўважыць. Яна заўсёды траціла ўсе свае ўнутраныя запасы жыццёвай сілы, і здавалася, што яна нястомная ў сваім маладым спрыце - але раптоўна наступаў момант, калі яе твар рабіўся бледны, а вочы глыбока западалі. Сілы пакідалі яе. Яна стамлялася не паступова, а за некалькі секунд.
- Паедзем дадому, Робі, - сказала яна, і яе прыглушаны голас гучаў на больш нізкіх нотах, чым звычайна.
- Дадому? Да фройляйн Эльфрыды Мюлер з залатым крыжыкам на шыі? Невядома, што гэты д'ябал прыдумаў тым часам.
- Дадому, Робі, - сказала Пат і зморана схілілася да майго пляча. - Тут наш дом.
Я зняў адну руку з руля і абняў яе. Так мы павольна ехалі праз сіні туманны змрок, і калі нарэшце ўбачылі асветленыя вокны маленькага дамка, які, нібы цёмны звярок, прымасціўся ў куточку роўнай даліны, мне сапраўды здалося, што мы прыехалі дадому.
Фройляйн Мюлер ужо чакала нас. Яна пераапранулася і была не ў чорнай шарсцяной сукенцы, а ў чорнай шаўковай - такога ж пурытанскага крою. Замест крыжыка на шыі цяпер вісела эмблема сэрца, якара і крыжа адначасова - царкоўны сімвал веры, надзеі і любові.
Яна была цяпер значна больш зычлівая, чым удзень, і спытала, ці згодныя мы павячэраць яйкамі, халодным мясам і вэнджанай рыбай. Яна вячэру ўжо прыгатавала.
- Ну, што ж, - сказаў я.
- Вам не падабаецца? Свежавэнджаная рачная камбала. - Яна глядзела на мяне са страхам.
- Добра, - холадна сказаў я.
- Свежавэнджаная камбала вельмі смачная, - заявіла Пат і з дакорам зірнула на мяне. - Гэта найлепшая яда нанач, лепшай і прыдумаць нельга ў першы дзень на моры, фройляйн Мюлер. Каб яшчэ гарачанькай гарбаты...
- Ёсць, ёсць! Гарбата сапраўды гарачая! З задавальненнем. Зараз прынясуць.
Фройляйн Мюлер з палёгкай пабегла, шоргаючы шаўковай сукенкай.
- Ты сапраўды не любіш рыбы? - спытала Пат.
- Яшчэ як люблю! Камбалу! Пра яе я мару ўжо некалькі дзён.
- А сам задзіраеш нос. Вось гэта здорава!
- Трэба было аддзячыць за тое, як яна сустрэла нас удзень.
- Ах, божа мой! - Пат засмяялася. - Навошта табе? Я ўжо даўно забылася.
- А я - не, - сказаў я. - Я так лёгка не забываю.
- А варта было б, - падказала Пат.
Прыйшла служанка з падносам. Скура камбалы была залацістая, як тапаз, яна пахла морам і дымам. На падносе былі яшчэ свежыя крэветкі.
- Я пачынаю забываць, - сказаў я замілавана. - Акрамя таго, у мяне абуджаецца воўчы апетыт.
- У мяне таксама. Але падай мне спачатку гарачай гарбаты. Дзіўна, як мне холадна. А на дварэ ж вельмі цёпла.
Я зірнуў на яе. Яна была бледная, хоць і ўсміхалася.
- Больш і гаворкі не можа быць пра такія працяглыя купанні, - сказаў я і спытаў у служанкі: - У вас ёсць ром?
- Што?
- Ром. Пітво ў бутэльках.
- Ром?
- Ром.
- Няма.
Яна ўтаропілася на мяне. Твар яе быў падобны на поўню з цеста.
- Няма, - сказала яна яшчэ раз.
- Добра, - сказаў я. - Нічога. Бывайце. Бог з вамі.
Яна знікла.
- Якое шчасце, Пат, што ў нас прадбачлівыя сябры, - сказаў я. - Сёння раніцай, калі мы ад'язджалі, Ленц паставіў мне ў машыну даволі цяжкі скрутак. Глянем, што там.
Я прынёс пакунак з машыны. Гэта быў карабок з дзвюма бутэлькамі рому, бутэлькай каньяку і бутэлькай партвейну. Я падняў іх на святло.
- Нават ром «Сен-Джэймс»! Хлопцы надзейныя.
Я адкаркаваў бутэлькі і лінуў Пат у гарбату. Я заўважыў, што яе рука дрыжала.
- Табе сапраўды так холадна? - спытаў я.
- Было. Цяпер ужо лепш. Добры ром. Але я зараз пайду ў пасцель.
- Ідзі неадкладна, Пат, - сказаў я. - Мы падсунем стол і павячэраем.
Яна паслухалася. Я прынёс ёй яшчэ адну коўдру з майго ложка і падсунуў стол.
- Можа, табе зрабіць сапраўдны грог, Пат? Гэта яшчэ лепш. Я хуценька прыгатую.
Яна пахітала галавой.
- Я зноў адчуваю сябе добра.
Я зірнуў на яе. Яна і праўда выглядала ўжо лепш. Вочы яе зноў заззялі, вусны былі вельмі чырвоныя, а скура мела матавы колер.
- Дзіўна, як хутка гэта праходзіць, - сказаў я. - Напэўна, ром дапамог.
Яна ўсміхнулася.
- І ложак таксама, Робі. Найлепш мне дапамагае ложак. Ён мой прытулак.
- Дзіўна. Я звар'яцеў бы, калі б мне давялося так рана класціся спаць. Аднаму, вядома.
Яна засмяялася.
- Жанчына адносіцца да гэтага крыху інакш.
- Не кажы: жанчына. Ты - не жанчына.
- А хто ж?
- Не ведаю. Але не жанчына. Калі б ты была сапраўдная, нармальная жанчына, я не пакахаў бы цябе.
Яна глянула на мяне.
- А ты ўвогуле можаш пакахаць?
- Што ж, - сказаў я. - Пытанне якраз для вячэры. Яшчэ ёсць пытанні?
- Магчыма. Але дзе адказ на гэтае?
Я наліў сабе чарку рому.
- Будзь здарова, Пат. Магчыма, ты маеш рацыю. Магчыма, ніхто з нас не можа. Ну, так, як раней. Але мы кахаем не горш. Толькі інакш. Іншыя погляды на гэта.
Пастукалі ў дзверы. Увайшла фройляйн Мюлер. У руцэ ў яе быў маленькі графінчык, на дне якога пляскалася кропля нейкай вадкасці.
- Я прынесла вам рому.
- Дзякую, - сказаў я, з хваляваннем разглядаючы шкляны напарстак. - Вельмі ўдзячны вам за ласку, але мы ўжо знайшлі сродак.
- О божа! - яна са страхам разглядала бутэлькі на стале. - Вы так шмат п'яце?
- Толькі для лячэння, - адказаў я мякка, пазбягаючы глядзець на Пат. - Прапісана лекарам. У мяне занадта сухая печань, фройляйн Мюлер. Але ці не зробіце нам ласку?
Я адкаркаваў бутэльку партвейну.
- За ваша здароўе! Каб ваш дом напоўніўся кліентамі.
- Вялікі дзякуй!
Яна ўздыхнула, зрабіла лёгкі паклон і прыклалася да чаркі, як птушачка.
- За добры адпачынак! - Потым яна з хітрынкай усміхнулася мне. - Моцны партвейн. І добры.
Ад здзіўлення, што яна так перамяніла тон, у мяне ледзь чарка не выпала з рук. Фройляйн Мюлер зачырванелася, вочы яе заіскрыліся. Яна пачала гаварыць пра ўсё ўсякае, што нас зусім не цікавіла. Пат з анёльскім цярпеннем трывала яе. Нарэшце фройляйн звярнулася да мяне:
- Значыць, у пана Кёстэра ўсё ў парадку?
Я кіўнуў галавой.
- Ён быў такі сціплы ў той час, - сказала яна. - Бывала, за дзень не вымавіць ніводнага слова. Ён і цяпер такі маўклівы?
- Цяпер ён час ад часу размаўляе.
- Ён прабыў тут амаль год. Заўсёды адзін...
- Так, - сказаў я. - У такіх выпадках заўсёды гаворыш менш.
Яна сур'ёзна кіўнула галавой і глянула на Пат.
- Вы, пэўна, замарыліся.
- Крыху, - сказала Пат.
- Вельмі, - дадаў я.
- Тады я пайду, - заявіла яна спуджана. - Дабранач! Спіце спакойна!
Яна няўпэўнена пайшла.
- Мне здаецца, ёй хацелася пабыць яшчэ, - сказаў я. - Дзіўна, што гэта з ёй, праўда?
- Беднае стварэнне, - пашкадавала Пат. - Кожны вечар, пэўна, сядзіць адна ў пакоі ў палоне турбот.
- Ну, так, сапраўды, - сказаў я. - Але мне здаецца, што ўвогуле я паводзіў сябе з ёй прыстойна.
- Так і было. - Яна пагладзіла мне руку. - Адчыні крышачку дзверы, Робі.
Я пайшоў і адчыніў дзверы. На дварэ праяснілася, палоска месячнага святла пралегла па сцяжынцы аж у дзверы. Здавалася, што сад толькі таго і чакаў, калі адчыняцца дзверы, - так настойліва сюды адразу ўварваўся водар кветак, салодкі пах жоўтафіёля, рэзеды і руж, запоўніўшы сабой пакой.
- Паглядзі, - сказаў я, паказваючы на двор. У яркім месячным святле ва ўсю даўжыню бачылася садовая дарожка. Кветкі, нахіліўшыся, стаялі абапал яе, лістота была серабрыстага колеру, а краскі, якія так страката свяціліся днём, пафарбаваныя ў мяккія пастэльныя таны, мігцелі цяпер загадкава-пяшчотна. Месяцава святло і ноч прыглушылі іх фарбы і сілу, затое іх пах стаў больш моцны і саладжавы, чым удзень.
Я глянуў на Пат. Яе галава з цёмнымі валасамі - кволая, маленькая, бездапаможная - ляжала на белай падушцы. У яе было мала сілы, але была тайна кволасці, тайна кветак у змроку, у плывучым святле месяца.
Яна крыху прыўзнялася.
- Я сапраўды вельмі замарылася, Робі. Гэта кепска?
Я прысеў да яе на ложак.
- Нічога. Ты выспішся.
- Але ж ты яшчэ не хочаш спаць.
- Я схаджу яшчэ на пляж.
Яна кіўнула галавой і легла. Я хвілінку пасядзеў яшчэ.
- Не зачыняй нанач дзверы, - сказала яна сонна. - Быццам спіш у садзе...
Яна пачала дыхаць слабей, і я ціха ўстаў і выйшаў у сад. Каля драўлянага плота я спыніўся і запаліў. Адсюль можна было зазіраць у пакой. На крэсле вісеў халат, наверх былі кінуты сукенка і штосьці з бялізны, на падлозе, каля крэсла, стаялі туфлі. Адзін перавярнуўся. У мяне было незвычайнае пачуццё, быццам я дома. Гледзячы на гэта ўсё, я думаў, што ёсць на свеце чалавек і што ён будзе, што варта зрабіць толькі некалькі крокаў, каб убачыць яго і быць з ім, сёння, заўтра і, магчыма, доўга-доўга...
«Магчыма, - падумаў я. - Магчыма... увесь час гэтае слова, без якога не абысціся! Упэўненасць, якой не хапала... упэўненасць, якой не хапала ўсяму і ўсім».
Я пайшоў да пляжа, да мора, насустрач ветру і прыглушанаму шуму, які накатваўся, як далёкая кананада.
XVI
Я сядзеў на пляжы і назіраў, як заходзіла сонца. Пат не пайшла са мной. Увесь дзень яна дрэнна сябе адчувала. Калі прыцямнела, я ўстаў. Трэба было ісці дадому. Тут я ўбачыў, што ад лесу бегла служанка. Яна махала рукой і нешта крычала. Я не разумеў. Усе гукі заглушаліся ветрам і морам. Я памахаў ёй, каб яна спынілася: я зараз падыду сам. Але яна ўсё бегла, падносячы рукі да твару.
- Пані... - зразумеў я. - Хутка...
Я пабег.
- Што здарылася?
Яна хапала паветра.
- Хутка- пані... няшчасце...
Я пабег па пясчанай сцежцы, праз лес, да дома. Драўляныя весніцы не адчыніліся, я пераскочыў праз верх, кінуўся ў пакой. Пат ляжала на ложку, на грудзях была кроў, рукавы закасаныя. Кроў цякла ў яе з рота. Каля яе стаяла фройляйн Мюлер. У руках у яе былі ручнікі і міска з вадой.
- Што здарылася? - выгукнуў я і адпіхнуў яе.
Яна нешта сказала.
- Прынясіце бінт! - крыкнуў я. - Дзе рана?
Яна пазірала на мяне, вусны ў яе дрыжалі.
- Няма раны.
Я зірнуў на яе.
- Кравацеча.
Я падскочыў да яе і забраў з рук міску з вадой.
- Прынясіце лёду, прынясіце хутчэй кавалак лёду.
Я намачыў ручнік і паклаў яго Пат на грудзі.
- У нас дома няма лёду, - сказала фройляйн Мюлер.
Я павярнуўся да яе. Яна адхіснулася.
- Богам прашу, прынясіце кавалак лёду, пашліце каго-небудзь у шынок і патэлефануйце лекару.
- У нас няма тэлефона.
- Чорт пабяры! Дзе найбліжэйшы тэлефон?
- У Масмана.
- Бяжыце хутчэй туды. Адразу ж патэлефануйце лекару, які жыве найбліжэй. Як яго завуць? Дзе ён жыве?
Не дачакаўшыся, што яна скажа, я падпіхнуў яе.
- Хутка, хутка бяжыце, што ёсць сілы. Ці далёка гэта?
- Тры хвіліны, - сказала жанчына і пабегла.
- Прынясіце ж лёду! - крыкнуў я ёй наўздагон.
Яна кіўнула галавой.
Я прынёс вады і зноў намачыў ручнік. Я не адважваўся дакрануцца да Пат. Я не ведаў, ці так яна павінна ляжаць, я быў у адчаі, што не ведаў, а гэта ж было адзінае, што трэба было ведаць. Падкласці пад галаву падушку ці, наадварот, нельга?
Яна захрыпела, потым напружылася, і з рота заструменіла кроў. Яна дыхала цяжка, з плачам, у вачах яе стаяў нечалавечы жах, яна душылася і кашляла, кроў вырывалася струменямі. Я то ўтрымліваў яе, то адпускаў, падклаўшы руку ёй пад плечы. Я адчуваў кожны рух яе беднага зняможанага цела, здавалася, гэта будзе цягнуцца бясконца, потым яна без сілы адвалілася на спіну.
Вярнулася фраў Мюлер. Яна глядзела на мяне, як прывід.
- Што рабіць? - крыкнуў я.
- Зараз прыйдзе лекар, - прашаптала яна. - Лёд... на грудзі і, калі можна... у рот...
- Як палажыць - падняць галаву ці не трэба, гаварыце ж, каб д'ябал вас узяў... хутка!
- Няхай ляжыць... ён зараз прыйдзе.
Я паклаў кавалак лёду на грудзі Пат, апрытомнеўшы, ведаючы, што нешта магу рабіць. Я пабіў лёд для кампрэсу і паклаў яго і ўсё ўзіраўся на гэтыя салодкія, каханыя, спакутаваныя вусны, адзіныя, скрываўленыя...
Чуваць было, што нехта прыехаў на ровары. Я ўскочыў на ногі. Лекар.
- Патрэбна мая дапамога? - спытаў я.
Ён пахітаў галавой і адкрыў сумку. Я стаяў зусім побач з ім перад ложкам, ухапіўшыся за спінку. Ён зірнуў на мяне. Адступіўшы на крок, я не адрываў ад яго вачэй. Ён глядзеў на скабы Пат. Яна стагнала.
- Гэта небяспечна? - спытаў я.
- Дзе лячылася ваша жонка? - спытаў ён у адказ.
- Што? Лячылася? - прамармытаў я.
- У якога лекара? - спытаў ён нецярпліва.
- Я не ведаю... - адказаў я. - Не, я нічога не ведаю... я не думаю...
Ён зірнуў на мяне.
- Вы гэта павінны ведаць...
- Але я не ведаю. Яна мне ніколі нічога не казала.
Ён нахіліўся над Пат і спытаў. Яна намагалася адказаць. Але закашлялася, пацякла кроў. Лекар падхапіў яе пад плечы.
Яна хапала паветра, дыхала з прысвістам.
- Жафэ, - з булькатаннем прамовіла яна.
- Фелікс Жафэ? Прафесар Фелікс Жафэ? - спытаў лекар.
Яна пацвердзіла вачыма. Ён павярнуўся да мяне.
- Вы можаце патэлефанаваць яму? Лепш спытаць яго.
- Так, так, - адказаў я. - Зараз. Я потым паклічу вас. Жафэ?
- Фелікс Жафэ, - сказаў лекар. - Спытайце нумар тэлефона ў бюро даведак.
- Яна будзе жыць? - спытаў я.
- Трэба, каб спынілася кравацеча, - сказаў лекар.
Я паклікаў служанку, і мы пабеглі. Яна паказала мне дом, дзе быў тэлефон. Я пазваніў у дзверы. Невялікая кампанія сядзела за сталом. Яны пілі хто каву, хто піва. Я акінуў іх позіркам і не мог зразумець: людзі пілі піва ў той час, калі Пат сцякала крывёй. Я сказаў, што мне тэрмінова трэба пагаварыць, і пачаў чакаць. Услухоўваючыся ў гулкі змрок, я праз занавескі бачыў частку пакоя і постаці, нібы ў тумане. Я бачыў, як туды-сюды матлялася лысіна, яна ў святле здавалася жоўтай; я бачыў брошку на жоўтай тафце зашнураванай сукенкі, падвойны падбародак, пенснэ і высокую прычоску... кастлявую старую руку з прыпухлымі венамі, якая барабаніла па стале... мне не хацелася нічога гэтага бачыць, але я быў безабаронны: усё гэта лезла мне ў вочы, як зыркае святло.
Нарэшце тэлефон адказаў. Я папрасіў паклікаць прафесара.
- На жаль, - адказала сястра, - прафесар выйшаў.
Сэрца ў мяне спачатку спынілася, а потым загрукатала, як кавальскі молат.
- А дзе ён? Мне трэба пагаварыць з ім неадкладна.
- Не ведаю. Магчыма, пайшоў яшчэ раз у клініку.
- Калі ласка, патэлефануйце ў клініку. Я пачакаю. У вас жа ёсць яшчэ адзін апарат.
- Хвілінку. - Зноў пачалося гудзенне, бяздонная цемра, над якой цягнуўся толькі тоненькі металёвы дроцік. Я ўздрыгнуў. Побач са мной у завешанай клетцы пачала спяваць канарэйка. Зноў пачуўся голас сястры:
- Прафесар Жафэ ўжо пайшоў з клінікі.
- Куды?
- Я гэтага сапраўды не магу вам сказаць, пан. Пайшоў.
Я прыхіліўся да сцяны.
- Ало! - сказала сястра. - Вы яшчэ слухаеце?
- Так... паслухайце, сястра, вы не ведаеце, калі ён вернецца...
- Гэта невядома.
- Няўжо ён вам не кажа? Ён жа павінен казаць. Калі што здарыцца, неяк жа трэба яго знайсці.
- Ёсць лекар у клініцы.
- Не маглі б вы яго... не, не, не мае сэнсу, ён жа нічога не ведае... добра, сястра, - сказаў я знясілена, - калі прыйдзе прафесар Жафэ, папрасіце яго неадкладна патэлефанаваць сюды. - Я назваў нумар. - Але, калі ласка, неадкладна.
- Можаце паверыць мне, пан. - Яна паўтарыла нумар і павесіла слухаўку.
Я застаўся адзін. Галовы, што матляліся, лысіна, брошка, другі пакой былі далёка, бліскучая гума, якая хісталася. Я азіраўся вакол сябе. Больш мне тут не было чаго рабіць. Трэба было толькі сказаць людзям, каб яны паклікалі мяне, калі будзе званок. Але я не мог адарвацца ад тэлефона. Здавалася, што гэта выратавальны канат, які я выпускаю з рук. І раптам я здагадаўся, што рабіць. Я зноў узяў слухаўку і назваў Кёстэраў нумар тэлефона. Ён павінен быць на месцы. Інакш і не магло быць.
І вось з гаму і шуму ночы пачуўся спакойны голас Кёстэра. Я адразу ж таксама супакоіўся і расказаў яму пра ўсё. Я адчуваў, што ён запісвае.
- Добра, - сказаў ён. - Я адразу выязджаю на пошукі прафесара. Я патэлефаную. Супакойся. Я яго знайду.
Канец. Канец? Свет заціх. Прывід знік. Я пабег назад. - Ну? - спытаў лекар. - Вы знайшлі яго?
- Не, - сказаў я. - Але я знайшоў Кёстэра.
- Кёстэра? Не ведаю. Што ён сказаў? Як ён лячыў яе?
- Лячыў? Ён не лячыў яе. Кёстэр знойдзе яго.
- Каго?
- Жафэ.
- Божа мой, хто ён, гэты Кёстэр?
- Ах... прабачце. Кёстэр - мой сябра. Ён знойдзе прафесара Жафэ. Я яго не застаў на месцы.
- Шкада, - сказаў лекар і зноў павярнуўся да Пат.
- Ён яго знойдзе, - сказаў я. - Калі той жывы, то ён адшукае яго.
Лекар паглядзеў на мяне як на вар'ята. Потым ён паціснуў плячыма. У пакоі свяціла цьмяная лямпачка. Я спытаў, ці патрэбна мая дапамога. Лекар пахітаў галавой. Я ўзіраўся ў акно. Пат хрыпела. Я зачыніў акно і стаў у дзвярах. Я назіраў за дарогай.
Раптам мяне паклікалі:
- Тэлефон!
Я павярнуўся.
- Тэлефон. Я пайду.
Лекар падскочыў.
- Не, я. Я лепш распытаю яго. Заставайцеся тут. Нічога не прадпрымайце. Я зараз жа вярнуся.
Я сеў каля пасцелі Пат.
- Пат, - ціха прамовіў я, - мы ўсе тут. Мы зробім усё. З табой нічога не здарыцца. З табой не павінна нічога здарыцца. Ужо прафесар размаўляе з доктарам. Ён нам усё раскажа. Заўтра, напэўна, ён прыедзе сам. Ён дапаможа табе. Ты выздаравееш. Чаму ты мне ніколі ні слова не казала, што ты хворая? Не страшна, што ты крыху страціла крыві, Пат. Мы вернем яе табе, Пат. Кёстэр знайшоў прафесара. Цяпер усё добра, Пат.
Лекар вярнуўся.
- Гэта быў не прафесар.
Я ўстаў.
- Гэта быў ваш сябар Ленц.
- Кёстэр не знайшоў яго?
- Знайшоў. І той сказаў, што рабіць. Ваш сябар Ленц перадаў мне ўсё па тэлефоне. Усё ясна і нават правільна. Ваш сябар Ленц - лекар?
- Не. Ён хацеў стаць ім. А Кёстэр?
Лекар глянуў на мяне.
- Ленц сказаў, што Кёстэр паехаў некалькі хвілін назад. З прафесарам.
Мне трэба было да нечага прыхінуцца.
- Ота, - сказаў я.
- Так, - дадаў лекар. - Толькі адно ён пераблытаў. Ён думае, што яны праз пару гадзін дабяруцца сюды. Я ведаю гэтую дарогу. Нават пры хуткай яздзе - не менш трох гадзін. Ва ўсякім разе...
- Доктар, - сказаў я, - вы можаце паверыць. Калі ён гаворыць: дзве гадзіны, то праз дзве гадзіны будзе тут.
- Гэта немагчыма. Шмат паваротаў, ноч.
- Паглядзім, - сказаў я.
- Ва ўсякім разе... добра, што ён прыедзе.
Я не мог больш трываць. Я выйшаў на вуліцу. Наваколле зацягнулася туманам. Удалечыні шумела мора. З дрэваў капала. Я азірнуўся. Я ўжо быў не адзінокі. За гарызонтам на поўдзень роў матор. За туманамі па бліскучых дарогах імчала дапамога, фары плявалі святлом, шыны свісталі, дзве рукі сталёва трымалі руль, пара вачэй свідравала змрок, холадна, упэўнена: вочы майго сябра...
Пазней Жафэ мне расказаў, як яны ехалі. Кёстэр адразу пасля майго званка тэлефанаваў Ленцу, каб той быў напагатове. Потым ён забраў «Карла», і яны з Ленцам паімчаліся ў клініку Жафэ. Сястра выказала меркаванне, што прафесар пайшоў вячэраць. Кёстэр пачуў ад яе шэраг назваў рэстаранаў, дзе ён мог быць цяпер. Кёстэр паехаў. Ён парушаў правілы руху, ён не звяртаў увагі на перапуджаных паліцэйскіх. Ён гнаў машыну, як стаенніка, па запруджанай вуліцы. У чацвёртым рэстаране ён знайшоў прафесара. Жафэ адразу зразумеў, пра каго ідзе гаворка. Ён пакінуў яду і пайшоў з ім. Яны паехалі да прафесара на кватэру, каб узяць неабходныя рэчы. Гэта быў адзіны ўчастак, дзе Кёстэр ехаў хоць і хутка, але не парушаючы правілаў. Ён не хацеў без пары пужаць доктара. Па дарозе Жафэ спытаў, дзе ляжыць Пат. Кёстэр назваў месца на адлегласці сарака кіламетраў. Трэба было, каб прафесар сеў у машыну. Усё астатняе потым пойдзе само сабой. Пакуль Жафэ пакаваў сваю сумку, ён тлумачыў Ленцу, што трэба сказаць па талефоне. Потым ён сеў да Кёстэра ў машыну.
- Гэта небяспечна? - спытаў Кёстэр.
- Так, - сказаў Жафэ.
У гэты момант «Карл» ператварыўся ў белую здань. Ён зрабіў рывок і паімчаў. Ён праціскаўся паміж машын, ён імчаў супроць усіх па вуліцах з аднабаковым рухам, ён шукаў самы кароткі шлях з горада.
- Вы звар'яцелі? - закрычаў прафесар.
Кёстэр абмінуў высокі бампер аўтобуса, на момант збавіў газ. Потым матор зноў зароў.
- Едзьце павольней, - крычаў лекар. - Якая карысць трапіць у аварыю?
- Не трапім.
- Пры такой яздзе - праз дзве хвіліны.
Кёстэр кінуў машыну ўлева, аб'язджаючы трамвай.
- Мы не трапім у аварыю. - Цяпер перад ім была шаша. Ён зірнуў на лекара. - Я сам ведаю, што вы нам патрэбны жывы. Даверцеся мне... я паеду, як ехаў.
- Але якая карысць ад гэтай гонкі! Вы выйграеце некалькі хвілін.
- Не, - сказаў Кёстэр, ухіляючыся ад сутыкнення з грузавіком, нагружаным каменнем. - Нам трэба праехаць яшчэ дзвесце сорак кіламетраў.
- Што?
- Праўда... - Машына прабіралася паміж паштовым аўтамабілем і аўтобусам. - Я проста не хацеў гаварыць вам раней.
- Гэта было б усё роўна, - прабурчаў Жафэ. - Мая дапамога не залежыць ад адлегласці. Едзьце на вакзал. Па чыгунцы мы дабяромся хутчэй.
- Не, - Кёстэр выбраўся ў прыгарад. Вецер зрываў у яго словы з вуснаў. - Я ўжо ведаю... цягнік спазняецца... - Ён яшчэ раз зірнуў на Жафэ, і лекар, відаць, нешта заўважыў у яго твары.
- Божа, - прамармытаў ён. - Ваша сяброўка?
Кёстэр пахітаў галавой. Ён ужо не адказваў. Мінулі дачны пасёлак. Кёстэр выехаў на роўную дарогу. Цяпер машына імчала на поўнай хуткасці. Лекар скурчыўся за вузкім ветравым шклом. Кёстэр падаў яму свой скураны шлем. Бесперапынна гудзела сірэна. Лясы вярталі яе рык назад. Толькі ў вёсках, калі ўжо інакш нельга было, Кёстэр збаўляў хуткасць. На машыне не было глушыцеля. Грамавым рэхам аддаваўся гул матора паміж сценамі дамоў, якія змыкаліся за ім і ляскаталі, як палатно пад ветрам. «Карл» праносіўся між імі, асвятляючы іх на імгненне бледным святлом фараў, і зноў угрызаўся ў ноч ікламі промняў.
Колы рыпелі, шыпелі, вылі, свісталі - матор выдаваў цяпер усю моц, якую меў. Кёстэр нахіліўся над рулём, яго цела ператварылася ў вялізнае вуха, у фільтр, які прасейваў гул і свіст на зразумелыя яму шумы і які гатовы быў вылавіць самы нязначны пабочны шум, любы падазроны скрып ці шоргат, што пагражалі аварыяй і смерцю. Шаша стала мокрай. На гліністай дарозе машына віхляла і падскоквала. Кёстэру давялося знізіць хуткасць. Павароты патрабавалі яшчэ большага напружання. Кёстэр кіраваў ужо не так з дапамогай розуму, як інстынкту. Фары высвечвалі павароты толькі напалову. У той момант, калі машына паварочвала, дарогі відаць не было. Пражэктар-шукальнік не дапамагаў, прамень быў занадта тонкі. Лекар маўчаў. Раптам паветра перад фарамі завіхрылася, яно афарбавалася ў бледна-серабрысты колер, з'явіліся стракатыя клубы. Гэта быў адзіны момант, калі Жафэ пачуў лаянку Кёстэра. Праз хвіліну яны былі ў густым тумане.
Кёстэр пераключыў фары на малое святло. Яны плылі ў ваце, міма праносіліся цені, дрэвы, невыразныя сілуэты ў малочным моры, шашы больш не было, толькі выпадак і прыблізнасць, плямы, якія вырасталі і знікалі ў рыку матора.
Калі яны праз дзесяць хвілін выбраліся з машыны, твар Кёстэра выглядаў запалым. Ён зірнуў на Жафэ і штосьці прамармытаў. Потым ён даў поўны газ... насуплены, халодны і зноў упэўнены ў сабе.
У пакоі панавала ліпкая цеплыня, гнятучая, як свінец.
- Не перастае? - спытаўся я.
- Не, - адказаў лекар.
Пат зірнула на мяне. Я паспрабаваў усміхнуцца ёй. Атрымалася грымаса.
- Яшчэ паўгадзіны, - сказаў я.
Лекар ускінуў позірк на мяне.
- Яшчэ паўтары гадзіны, калі не дзве. Ідзе дождж.
Кроплі з ціхім шоргатам падалі на лісце і кусты ў садзе. Аслеплымі вачыма я ўзіраўся ў цемру. Колькі часу прайшло, як мы ўставалі ўначы і масціліся паміж ляўкоямі і рэзедой і Пат напявала дзіцячыя песенькі? Ці даўно тое было, калі дарога блішчала ў белым сонечным святле і Пат бегла паміж кустоў, падобная да гнуткага звярка?
Я соты раз выйшаў за дзверы. Гэта не мела сэнсу, я ведаў. Але так скарачалася чаканне. Паветра было туманнае. Я вылаяўся: я ведаў, што гэта азначае для Кёстэра. У душнай начы закрычала птушка.
- Заткніся, - прабурчаў я. На ўспамін прыйшлі расказы пра птушак - вестуноў смерці.
- Глупства! - сказаў я гучна, і ўсё роўна па спіне пабеглі мурашкі. Недзе гудзеў хрушч... але не набліжаўся... не набліжаўся. Ён гудзеў аднастайна ціха; а вось перастаў... цяпер зноў пачуўся... гэта быў не жук, гэта быў далёкі гул матора, які на высокай хуткасці браў павароты. Я стаяў нерухома, я затрымаў дыханне, каб лепш чуць: зноў... зноў аддаленае тонкае гудзенне, як гудзіць злосная аса. А цяпер мацней, я ўжо выразна разбіраў гук кампрэсара. Тут гарызонт, які быў так напяты, што здавалася, разарвецца, абрынуўся ў мяккую бесконцасць, ён пахаваў пад сабой ноч, страх, жахлівасць... Я ўскочыў у пакой і, трымаючыся за дзверы, сказаў:
- Яны едуць! Доктар, Пат, яны едуць. Я ўжо чую.
Лекар увесь вечар лічыў мяне крыху ненармальным. Ён устаў і таксама прыслухаўся.
- Гэта, пэўна, іншая машына, - сказаў ён нарэшце.
- Не, я пазнаю матор.
Ён раздражнёна паглядзеў на мяне. Ён, здавалася, лічыў сябе спецыялістам па аўтамашынах. З Пат ён абыходзіўся цярпліва і асцярожна, як маці з дзіцем. Але варта мне было запнуцца пра машыны, як ён зыркаў на мяне праз акуляры і пярэчыў.
- Немагчыма, - коратка сказаў ён і вярнуўся ў пакой.
Я застаўся ў двары. Мяне калаціла ад хвалявання.
- «Карл»! «Карл»! - выгукнуў я.
Цяпер матор то прыціхаў, то ўзвываў; машына, відаць, была ўжо ў вёсцы і на шалёнай хуткасці імчала між дамоў. Вось і выццё аслабла, машына была за лесам... і вось гул зноў набраў сілы, імклівы, нястрымны, светлы прамень прабіваў туман, фары, грымоты, гуд... Разгублены лекар стаяў каля мяне, раптам нас асляпіла блізкае святло... і рыпнулі тармазы, і машына спынілася перад садовай брамкай. Я пабег туды. Прафесар вылазіў з машыны. Ён не звярнуў на мяне ўвагі, пайшоў да лекара. За ім выйшаў Кёстэр.
- Як яна? - сказаў ён.
- Кроў ідзе.
- Здараецца, - сказаў ён. - Пакуль што няма чаго баяцца.
Я моўчкі глянуў на яго.
- Ёсць запаліць? - спытаў ён.
Я даў яму цыгарэту.
- Добра, што ты прыехаў, Ота.
Ён рабіў глыбокія зацяжкі.
- Падумаў, што так будзе лепей.
- Ты вельмі хутка ехаў.
- Нармальна. Быў крыху туман.
Мы прыселі побач на лаўку. Чакалі.
- Ты думаеш, што яна паправіцца? - спытаў я.
- Вядома. Кравацеча... гэта нічога.
- Яна мне ніколі пра гэта не гаварыла.
Кёстэр кіўнуў галавой.
- Яна павінна паправіцца, Ота, - сказаў я.
Ён не глядзеў на мяне.
- Дай мне яшчэ адну цыгарэту, - сказаў ён. - Я забыўся ўзяць свае.
- Яна павінна паправіцца, - сказаў я, - інакш усё астатняе - дрэнь.
Выйшаў прафесар. Я ўстаў.
- Будзь я пракляты, калі яшчэ раз паеду з вамі, - сказаў ён Кёстэру.
- Прабачце, - сказаў Кёстэр. - Гэта жонка майго сябра.
- Вось як, - сказаў Жафэ і зірнуў на мяне.
- Яна паправіцца? - спытаў я.
Ён уважліва разглядваў мяне. Я пазіраў убок.
- Вы думаеце, я стаяў бы тут з вамі так доўга, калі б думаў, што яна не паправіцца? - сказаў ён.
Я сціснуў зубы. Я да болю сплёў пальцы. Я заплакаў.
- Прабачце, - сказаў я, - занадта хутка ўсё адбылося.
- Такія справы не адбываюцца занадта хутка, - сказаў Жафэ і ўсміхнуўся.
- Не злуйся, Ота, - сказаў я, - што я заплакаў.
Ён падштурхнуў мяне, павярнуўшы да дзвярэй.
- Ідзі туды. Калі прафесар дазволіць.
- Больш не буду, - сказаў я. - Можна пайсці?
- Можна, толькі не размаўляйце, - адказаў Жафэ, - і толькі на хвілінку. Ёй нельга хвалявацца.
Я нічога не бачыў, акрамя водбліску святла на вадзе. Я паміргаў. Святло паплыло, замігцела. Я не адважваўся выцерці вочы, каб Пат не падумала, быццам я плачу таму, што з ёй так кепска. Я паспрабаваў увайсці ў пакой з усмешкай. Потым я зноў хуценька адвярнуўся.
- Вы патрэбны былі тут? - спытаў Кёстэр.
- Так, - сказаў Жафэ, - правільна, што прыехаў.
- Заўтра раніцай я магу адвезці вас назад.
- Лепш не трэба, - сказаў Жафэ.
- Я паеду спакойна.
- Я хачу застацца яшчэ на дзень і паназіраць. Ваш ложак свабодны? - спытаў ён мяне.
Я кіўнуў галавой.
- Добра, тады я пасплю тут. Вы можаце знайсці сабе месца ў вёсцы?
- Магу. Знайсці вам зубную шчотку і піжаму?
- Не трэба. У мяне ўсё з сабой. Заўсёды гатовы да нечага падобнага. Толькі, можа, не да гонак.
- Прабачце, - сказаў Кёстэр. - Разумею, што вы раззлаваліся.
- Зусім не, - сказаў Жафэ.
- Тады я шкадую, што адразу не сказаў вам праўды.
Жафэ засмяяўся.
- Вы дрэнна думаеце пра лекараў. Цяпер ідзіце спакойна. Я застануся тут.
Я хутка прыхапіў тое-сёе для нас з Кёстэрам. Мы накіраваліся ў вёску.
- Ты замарыўся? - спытаў я.
- Не, - сказаў ён. - Пасядзім яшчэ дзе-небудзь.
Праз гадзіну я занепакоіўся.
- Калі ён застаецца, то, пэўна ж, ёсць небяспека, Ота, - сказаў я. - Інакш навошта б яму...
- Мне здаецца, што ён застаецца з-за асцярожнасці, - адказаў Кёстэр. - Ён вельмі любіць Пат. Ён мне расказаў па дарозе. Ён лячыў і яе маці...
- І ў яе быў...
- Я не ведаю, - хутка адказаў Кёстэр. - Магчыма, было нешта іншае. Пойдзем спаць?
- Ідзі, Ота. Я хачу яшчэ раз... хоць здалёку...
- Добра. Пайшлі разам.
- Я хачу табе штосьці сказаць, Ота. Я вельмі люблю спаць на волі, калі так цёпла. Не турбуйся. У апошні час я часта рабіў так.
- Сыра ж...
- Нічога. Я падыму верх «Карла» і пасяджу.
- Добра. І я пасплю з ахвотай на волі.
Я зразумеў, што мне ад яго не адбаярыцца. Мы склалі разам коўдры і падушкі і вярнуліся да «Карла». Мы адпусцілі рамяні і адкінулі пярэднія сядзенні. Так можна было легчы.
- Лепш, чым было на фронце, - сказаў Кёстэр.
Светлая пляма акна свяцілася праз туман. Некалькі разоў я ўбачыў цень Жафэ. Мы выпалілі цэлы пачак цыгарэт. Потым святло пагасла, гарэла толькі маленькая настольная лямпа.
- Дзякаваць богу, - сказаў я.
На брызент капаў дождж. Дзьмуў слабы вецер. Пахаладала.
- Вазьмі маю коўдру, Ота, - сказаў я.
- Не трэба, мне цёпла.
- Выдатны хлопец гэты Жафэ, праўда?
- Выдатны. Мне здаецца, вельмі шчыры.
- Несумненна.
Я прачнуўся з неспакойнага паўсну. На дварэ было шэра і холадна. Кёстэр ужо не спаў.
- Ты не спаў, Ота?
- Спаў.
Я выбраўся з машыны і па садовай сцяжынцы ціха падышоў да акна. Настольная лямпа ўсё яшчэ гарэла. Я ўбачыў на ложку Пат з заплюшчанымі вачыма. На момант я спужаўся, што яна памерла. Але потым я ўбачыў, як паварушылася яе правая рука. Яна была вельмі бледная. Але кроў больш не ішла. Яна зноў паварушыла рукой. У той самы момант Жафэ, які спаў на другім ложку, расплюшчыў вочы. Я хутка адышоў, супакоены. Ён сачыў за ёю.
- Мне здаецца, нам трэба знікнуць адсюль, - сказаў я Кёстэру, - каб ён не бачыў, што мы сочым за ім.
- Там усё ў парадку? - спытаў Ота.
- Так, наколькі можна бачыць. У яго правільны сон, у гэтага прафесара. З гарматы страляй - не разбудзіш, але адразу прачнецца ад мышкі, калі яна зашкрабецца каля яго рэчмяшка.
- Можам пайсці пакупацца, - сказаў Кёстэр. - Тут цудоўнае паветра. - Ён пацягнуўся.
- Ідзі адзін, - сказаў я.
- Пайшлі разам, - настойваў ён.
Шэрае неба праяснілася. На ім засвяціліся аранжавыя прасветы. На гарызонце паднялася хмарная заслона, а з-за яе з'явілася яркая зеляніна.
Мы скокнулі ў ваду і паплылі. Вада пералівалася шэрым і чырвоным колерамі.
Потым мы вярнуліся. Фройляйн Мюлер ужо ўстала. Яна рэзала ў садзе пятрушку. Яна ўздрыгнула ад маіх слоў. Я засаромлена паспрабаваў ёй растлумачыць, чаму я ўчора, магчыма, зашмат лаяўся. Яна пачала плакаць.
- Бедная жанчына. Яна такая прыгожая і такая яшчэ маладая...
- Яна дажыве да ста гадоў, - сказаў я, раззлаваўшыся за тое, што яна плакала, быццам Пат наканавана памерці. Пат не памрэ. Свежы вецер, ранак, жыццё ўва мне, абноўленае морам, сцвярджалі: Пат не можа памерці. Яна можа памерці толькі тады, калі я страчу мужнасць. Побач стаяў Кёстэр, мой таварыш; побач стаяў я, таварыш Пат... спачатку мы павінны памерці. Пакуль мы жывыя, мы яе ўтрымаем. Так было заўсёды. Пакуль жывы Кёстэр, не памру я. І пакуль мы жывыя абодва, не памрэ Пат.
- Трэба быць пакорлівым перад лёсам, - сказала старая дзева і павярнула да мяне з ледзь прыкметным папрокам загарэлы, зморшчаны, як печаны яблык, твар. Магчыма, яна мела на ўвазе маю лаянку.
- Пакорлівым? - сказаў я. - Навошта - пакорлівым? Ніякага толку ад гэтага. У жыцці трэба за ўсё плаціць, удвая і ўтрая. Навошта ж тады пакорлівасць?
- Не, не... так лепш.
«Пакорлівасць... - падумаў я. - Што яна зменіць? Біцца, біцца - вось што патрэбна ў гэтай неразбярысе, дзе ўрэшце ўсё роўна будзеш біты. Біцца за тую кропельку, што любіш. Пакорлівым можна стаць, калі табе стукне семдзесят».
Кёстэр перакінуўся з ёй некалькімі словамі. Яна хутка зноў заўсміхалася і спытала яго, што прыгатаваць на полудзень.
- Бачыш, - сказаў Ота, - вось дар узросту. Слёзы і ўсмешка - усё мяняецца імгненна. Не чапаючы адно аднаго. Так, пэўна, будзе і з намі, - прамовіў ён задумліва.
Мы хадзілі вакол дома.
- Кожная хвіліна сну ёй на карысць, - сказаў я.
Мы зноў пайшлі ў сад. Фройляйн Мюлер прыгатавала сняданак. Мы пілі гарачую чорную каву. Сонца ўзышло. Адразу зрабілася цёпла. Лісце на дрэвах іскрылася ад святла і вільгаці. З мора даносіліся крыкі чаек. Фройляйн Мюлер паставіла на стол букет руж.
- Мы ўручым іх ёй потым, - сказала яна.
Ружы пахлі мураванай сцяной і дзяцінствам.
- Ты ведаеш, Ота, - сказаў я, - у мяне такоё адчуванне, быццам я сам хворы. Цяпер ужо не будзеш такі. Як быў. Мне трэба было б быць спакайнейшым. Больш разважлівым. Чым спакайней сябе паводзіш, тым больш можаш дапамагчы.
- Не заўсёды атрымліваецца, Робі. І ў мяне бывалі часіны. Чым больш жывеш, тым больш раздражняльным робішся. Як той банкір, які ўсё больш траціць.
Адчыніліся дзверы. Выйшаў Жафэ ў піжаме.
- Добра, добра, - махнуў ён рукой, убачыўшы, што я амаль перавярнуў стол з кавай, - наколькі гэта магчыма.
- Можна мне ўвайсці?
- Пакуль што - нельга. Пакуль што там дзяўчына. Памыць і ўсё астатняе.
Я наліў яму кавы. ён заміргаў на сонцы і звярнуўся да Кёстэра:
- Шчыра кажучы, я вам павінны падзякаваць. Хоць на адзін дзень выбраўся на волю.
- Вы маглі б рабіць так і часцей, - сказаў Кёстэр. - Вечарам выехаць, а наступным вечарам вярнуцца.
- Мог бы, мог бы... - адказаў Жафэ. - Ці заўважылі вы, што мы жывём у час самакатавання? Што многае, што можна было б зрабіць, не робіцца няведама чаму? Праца сёння стала такой жудаснай справай, што яна забівае ўсё астатняе - і таму ў многіх яе няма. Як цудоўна тут! Я не бачыў такога ўжо некалькі гадоў. У мяне дзве машыны, дзесяціпакаёвая кватэра і дастаткова грошай - што мне з таго! Што гэта ўсё ў параўнанні з гэтым летнім ранкам на прыродзе! Праца - змрочная апантанасць з вечнай ілюзіяй, што потым будзе інакш. Ніколі не будзе інакш. Смешна, у што ператвараюць сваё жыццё.
- Я думаю, што лекар - адзін з нямногіх, хто ведае мэту жыцця, - сказаў я. - Што тады гаварыць бухгалтару?
- Даражэнькі, - адказаў Жафэ, - было б памылкай меркаваць, што ва ўсіх аднолькавая здольнасць успрымаць.
- Правільна, - сказаў Кёстэр. - Але ж людзі выбіралі прафесію незалежна ад здольнасці ўспрымаць.
- Вядома, - адказаў Жафэ. - Складаная справа. - Ён кіўнуў мне. - Цяпер можна... але спакойна, не датыкацца, не ўцягваць у размову...
Яна ляжала ў падушках, знясіленая, як пабітая. Яе твар быў бясколерны, вялікія сіняватыя цені леглі пад вачыма, вусны пабялелі. Толькі вочы былі вялікія і бліскучыя. Занадта вялікія, занадта бліскучыя.
Я ўзяў яе далоню. Яна была халодная і вялая.
- Пат, мой добры сябра, - сказаў я сарамліва і хацеў прысесці, але раптам заўважыў каля акна рыхлы твар пакаёўкі, якая з цікаўнасцю ўтаропілася на мяне.
- Выйдзіце адсюль, - сказаў я злосна.
- Трэба зацягнуць фіранкі, - запярэчыла яна.
- Добра, зрабіце што трэба, а потым выйдзіце.
Яна зацягнула на акне жоўтыя фіранкі. Але ўсё роўна не выходзіла. Яна пачала паволі замацоўваць занавескі шпількамі.
- Паслухайце, - сказаў я. - Тут не спектакль. Знікніце хутчэй.
Яна флегматычна павярнулася.
- Спачатку кажуць мне прышпіліць, а потым - не трэба...
- Ты ёй сказала? - спытаў я ў Пат.
Яна кіўнула.
- Табе перашкаджае святло знадворку? - спытаў я.
Яна пахітала галавой.
- Лепш, каб ты мяне сёння выразна не бачыў...
- Пат! - сказаў я, спужаўшыся. - Табе ж нельга размаўляць! Але калі толькі гэта прычына...
Я адчыніў дзверы, і пакаёўка нарэшце знікла. Я вярнуўся. Я ўжо не быў разгублены. Я нават быў рады, што сутыкнуўся з пакаёўкай. Яна дапамагла мне справіцца ў першы момант. Усё-такі як жудасна было бачыць Пат у такім становішчы.
Я прысеў каля ложка.
- Пат, - сказаў я, - ты скора паправішся...
Яна сказала аднымі вуснамі:
- Заўтра...
- Заўтра яшчэ не, але праз некалькі дзён... Тады ты ўстанеш, і мы паедзем дадому. Нам нельга было ехаць сюды, паветра занадта вільготнае для цябе...
- Не, -прашаптала яна, -я ж не хворая, Робі. Гэта толькі няшчасны выпадак.
Я глянуў на яе. Няўжо яна сапраўды не ведае, што хворая? Ці яна не хоча ведаць? Яе позірк блукаў.
- Не бойся, - прашаптала яна. Я не адразу зразумеў, што яна мела на ўвазе і чаму было так важна, каб менавіта я не баяўся. Я толькі бачыў, што яна хвалявалася, у яе вачах быў незвычайна пакутлівы, пранізлівы выраз. І раптам у мяне з'явілася думка. Я зразумеў, пра што яна думала. Ёй здалося, што я баюся яе, бо яна хворая.
- Божа мой, Пат, - сказаў я. - Магчыма, па гэтай прычыне ты мне ніколі не гаварыла нічога дакладнага?
Яна не адказала, але я ўбачыў, што так і было.
- Чорт вазьмі! - сказаў я. - Кім жа ты мяне лічыш?
Я нахіліўся над ёй.
- Паляжы хвілінку моўчкі, не варушыся.
Я пацалаваў яе. Вусны былі сухія і гарачыя. Калі я выпрастаўся, я ўбачыў, што яна плача. Яна плакала бязгучна, з шырока адкрытымі вачыма. Яе твар быў нерухомы. Толькі слёзы каціліся з вачэй.
- Пабойся бога, Пат...
- Я такая шчаслівая, - сказала яна.
Я стаяў побач і глядзеў на яе. Было сказана адзінае слова, але гэта было слова, якое для мяне так ніколі не гучала. Я ведаў жанчын, але звычайна гэта былі беглыя сустрэчы, прыгоды, часам - вясёлая гадзіна ці самотны вечар, уцёкі ад самога сябе, ад адчаю, ад пустэчы. Я і не жадаў нічога іншага, бо я быў навучаны, што ні на што іншае нельга разлічваць, як толькі на самога сябе і сама болей - на таварыша. Цяпер я раптам убачыў, што і я магу нешта значыць для чалавека, проста сваім існаваннем, і што ён шчаслівы ад таго, што я побач з ім. Калі так проста вымавіць, то гучыць зусім звычайна, але калі задумацца - робіцца бясконца жудасна. Гэта нешта такое, што можа канчаткова разбіць чалавека і змяніць яго. Гэта - каханне, і ўсё ж - нешта іншае. Нешта, дзеля чаго можна жыць. Дзеля кахання мужчына не можа жыць. Дзеля чалавека - можа.
Я хацеў нешта сказаць, але не змог. Цяжка знайсці словы, калі сапраўды ёсць патрэба штосьці сказаць. І нават знайшоўшы адпаведныя словы, саромеешся вымавіць іх. Усе гэтыя словы - з мінулых стагоддзяў. Наш час яшчэ не мае слоў для сваіх пачуццяў. Ён можа быць толькі нахабным, усё астатняе - несапраўднае.
- Пат, - сказаў я, - мой добры адважны сябра...
У гэты момант увайшоў Жафэ. Ён адразу ж зразумеў сітуацыю.
- Казачны вынік, - прабурчэў ён. - Я так і думаў...
Я хацеў яму нешта запярэчыць, але ён проста выштурхнуў мяне.
XVII
Гэта было праз два тыдні. Пат паправілася настолькі, што мы маглі паехаць адтуль. Мы ўпакавалі рэчы і чакалі Готфрыда Ленца. Ён павінен быў забраць машыну. Мы з Пат вырашылі ехаць на цягніку.
Быў цёплы хмурны дзень. Воблакі, нібы вата, стаялі нерухома ў небе, гарачае паветра дрыготка пералівалася над дзюнамі, алавянае мора разлеглася ў светла-іскрыстай смузе.
Готфрыд з'явіўся пасля полудня. Я ўжо здалёку заўважыў яго бялявую галаву, якая замільгала над агароджамі. Толькі калі ён звярнуў на дарогу да вілы фраў Мюлер, я ўгледзеў, што ён быў не адзін... побач з ім крочыла нешта падобнае на аўтагоншчыка ў мініяцюры: вялізная кепка ў клетку, казырком назад, вялізныя засцерагальныя акуляры, белы камбінезон і два вялізныя вухі, чырвоныя, як бурак.
- Божа, гэта ж Юп! - здзіўлена сказаў я.
- Уласнай персонай, пан Локамп, - з усмешкай пацвердзіў Юп.
- А касцюм! Што здарылася?
- Ты ж бачыш, - з задавальненнем заўважыў Ленц, паціскаючы мне руку. - Ён рыхтуецца стаць аўтагоншчыкам. Ужо восем дзён я займаюся з ім. Ён мяне ўпрасіў узяць сёння з сабой. Удалая магчымасць зрабіць першую самастойную дальнюю паездку.
- Усё будзе ў парадку, пан Локамп! - радасна пацвердзіў Юп.
- І яшчэ як! - Готфрыд усміхаўся. - У жыцці не бачыў такога апантанага гоншчыка. У першы ж дзень вучэбнай паездкі ён спрабаваў на нашым старым добрым таксі перагнаць «мерседэс». Закляты малы чорт!
Юп ад шчасця аж упацеў і, нібы молячыся, глядзеў на Ленца.
- Здалося, што я ўтру нос фарсуну, пан Ленц! Хацеў абысці на павароце, як пан Кёстэр.
Я не стрымаўся, каб не засмяяцца.
- Ты нядрэнна пачынаеш, Юп.
Готфрыд з бацькоўскім гонарам пазіраў на свайго вучня.
- А цяпер хапай чамаданы і вязі іх на вакзал.
- Адзін? - Юп як не ўзарваўся ад хвалявання. - Можна праехаць да вакзала зусім аднаму, пан Ленц?
Готфрыд кіўнуў, даючы згоду, і Юп рынуўся ў дом.
Мы здалі чамаданы. Потым забралі Пат і паехалі на вакзал. Мы прыехалі на чвэрць гадзінкі раней, перон быў пусты.
Стаяла толькі некалькі малочных бітонаў.
- Едзьце, - сказаў я, - а то позна даберацеся дадому.
Юп, які сядзеў за рулём, з крыўдай глянуў на мяне.
- Такія словы табе не падабаюцца, праўда, Юп? - спытаў яго Ленц.
Юп выпрастаўся.
- Пан Локамп, - сказаў ён з папрокам, - я ўсё разлічыў. У восем гадзін мы спакойна будзем у майстэрні.
- Правільна! - Ленц паляпаў яго па плячы. - Пайдзі з ім у заклад, Юп. На бутэльку сельтэрскай.
- На сельтэрскую - не, - адказаў Юп. - Але пачкам цыгарэт я рызыкну.
Ён з выклікам глянуў на мяне.
- Ты ведаеш, што дарога ў даволі дрэнным стане? - спытаў я.
- Усё разлічана, пан Локамп!
- Ты пра павароты падумаў?
- Павароты для мяне - нуль. У мяне няма нерваў!
- Добра, Юп, - сказаў я сур'ёзна. - Тады іду на заклад. Але пан Ленц машыну не вядзе.
Юп прыклаў руку да сэрца.
- Чэснае слова!
- Добра, добра. Але скажы, што ты так сутаргава заціскаеш у руцэ?
- Секундамер. Буду засякаць час. Хочацца пабачыць, на што здольная таратайка.
Ленц усміхнуўся.
- Так, дзеткі, Юп узброіўся выдатна. Думаю, што бравы дзед «сітраэн» задрыжыць перад ім усімі поршнямі.
Юп не звярнуў увагі на іронію.
- Тады паехалі, пан Ленц! Заклад ёсць заклад.
- Вядома, мой маленькі кампрэсар! Да пабачэння, Пат! Да сустрэчы, Робі! - Готфрыд уладкаваўся на сядзенні. - Ну, Юп, пакажы даме, як стартуе кавалер і будучы чэмпіён свету!
Юп апусціў акуляры на вочы, кіўнуў нам, як роўня, і на першай хуткасці паскакаў па бруку ў бок шашы.
Пат і я нейкі час яшчэ пасядзелі на лаўцы каля вакзала. Гарачае белае сонца прыпякала драўляную агароджу платформы. Пахла смалой і соллю. Пат адкінула галаву і заплюшчыла вочы. Яна сядзела ціха, падставіўшы твыр сонцу.
- Замарылася? - спытаў я.
Яна пахітала галавой.
- Не, Робі.
- Ідзе цягнік, - сказаў я.
Пыхкаючы, падкаціў паравоз - чорны, маленькі, амаль нябачны ў мігатлівай засмужанай прасторы. Мы селі ў вагон. Пасажыраў было мала. Цягнік, цяжка сапучы, зрушыў з месца. Дым паравоза вялікімі чорнымі клубамі павіс у паветры. Паволі праплывалі пейзажы, вёска з рудымі саламянымі дахамі, лугі з каровамі і коньмі, лес, а потым - домік фройляйн Мюлер у нізіне за дзюнамі - мірны, дрымотны.
Пат стаяла побач са мной каля акна і глядзела ў той бок. На павароце мы наблізіліся - можна было выразна бачыць вокны нашага пакоя. Яны былі адчынены, пасцельная бялізна звісала з асветленага сонцам падаконніка.
- Вунь фройляйн Мюлер, - сказала Пат.
- Сапраўды.
Яна стаяла каля парога і махала нам. Пат дастала сваю хусцінку, і яна залунала з акна.
- Яна не бачыць, - сказаў я. - Хусцінка замалая і затонкая. Вось, вазьмі маю.
Яна ўзяла і замахала. Фронляйн старанна махала ў адказ.
Цягнік паступова выйшаў на прастору. Домік знік, дзюны засталіся за гарызонтам. За чорнай рыскай лесу нейкі час яшчэ паблісквала мора. Яно міргала, як пільнае, заморанае вока. Потым з'явілася пяшчотная залацістая зеляніна садоў, і да самага гарызонту пад лёгкім ветрыкам захваляваліся каласы.
Пат аддала мне хусцінку і села ў куток.
Я закрыў акно.
«Скончылася! - падумаў я. - Дзякаваць богу, скончылася! Гэта быў толькі сон! Закляты, злы сон!»
Каля шасці мы прыбылі ў горад. Я ўзяў таксі і пагрузіў чамаданы. Мы паехалі да Пат.
- Ты падымешся са мной наверх? - спытала яна.
- Вядома.
Я завёў яе наверх, потым зноў спусціўся ўніз, каб разам з шафёрам занесці чамадан. Калі я вярнуўся, Пат стаяла яшчэ ў прыхожай. Яна размаўляла з падпалкоўнікам фон Хакэ і яго жонкай.
Мы пайшлі ў яе пакой. Быў светлы надвячорак. На стале стаяла ваза з чырвонымі ружамі. Пат падышла да акна і выглянула. Потым павярнулася.
- Колькі часу нас не было, Робі?
- Роўна васемнаццаць дзён.
- Васемнаццаць дзён. А мне здаецца, што шмат больш.
- І мне. Але так бывае заўжды, калі некуды едзеш.
Яна пахітала галавой.
- Не, я не пра гэта...
Яна адчыніла дзверы на балкон і выйшла. Там стаяў, прыхілены да сцяны, белы шэзлонг. Яна падцягнула яго да сябе і моўчкі паглядзела на яго.
Калі яна зноў вярнулася ў пакой, твар у яе змяніўся, вочы пацямнелі.
- Паглядзі на ружы, - сказаў я. - Кёстэр прыслаў. Вось і яго візітная картка.
Яна ўзяла картку, потым зноў паклала яе на стол. Яна зірнула на ружы, але я бачыў, што не заўважыла іх. У думках яна заставалася каля шэзлонга. Яна ўжо думала, што пазбавілася яго, а цяпер ён, магчыма, зноў стане часткай яе жыцця.
Я пакінуў яе з думкамі і не сказаў больш нічога. Спроба адцягнуць яе ўвагу не мела сэнсу. Ёй патрэбна было справіцца самой, і лепш было б, каб гэта адбылося цяпер, пакуль я тут. Нейкімі словамі часова можна было дапамагчы, але калісьці ўсё роўна гэта вернецца, і тады, магчыма, ёй будзе яшчэ цяжэй.
Яна хвілінку пастаяла каля стала, абапершыся на яго і апусціўшы галаву. Потым ускінула вочы і глянула на мяне. Я нічога не сказаў. Яна паволі абышла вакол стала і паклала мне рукі на плечы.
- Мой сябра, - сказаў я.
Яна прытулілася да мяне. Я абняў яе.
- А цяпер - за справу.
Яна згодна кіўнула. Потым рукой адкінула валасы назад.
- Проста нешта найшло... на хвілінку, Робі.
- Вядома.
Нехта пастукаў у дзверы. Служанка ўкаціла чайны столік.
- Гэта добра, -сказала Пат.
- Ты хочаш гарбаты? - спытаў я.
- Не, кавы, добрай, моцнай кавы.
Я прабыў з ёй яшчэ паўгадзіны. Яна замарылася. Я гэта бачыў па яе вачах.
- Табе трэба паспаць, - параіў я ёй.
- А ты?
- Я пайду дадому і таксама крыху пасплю. Потым, гадзіны праз дзве, я прыйду, і мы пойдзем есці.
- Ты замарыўся? - спытала яна недаверліва.
- Так, крыху. У цягніку было горача. А потым мне трэба заскочыць у майстэрню.
Яна больш нічога не пыталася. Была такая змораная, што амаль валілася з ног. Я палажыў яе ў пасцель і накрыў. Яна адразу заснула.
Я паставіў побач з ложкам ружы Кёстэра, а таксама паклаў яго картку, каб ёй, прачнуўшыся, было пра што думаць. Потым выйшаў.
Па дарозе я спыніўся каля тэлефона-аўтамата. Вырашыў адразу патэлефанаваць Жафэ. З дому тэлефанаваць не выпадала. Увесь дом пачуў бы.
Я зняў слухаўку і набраў нумар клінікі. Праз хвіліну Жафэ падышоў да тэлефона.
- Гэта Локамп, - сказаў я і кашлянуў. - Мы сёння вярнуліся, з гадзіну таму назад.
- Вы ехалі на машыне?
- Не, чыгункай.
- Зразумела. Як справы?
- Добра, - адказаў я.
Ён хвілінку падумаў.
- Я заўтра пагляджу фройляйн Хольман. Заўтра ў адзінаццаць раніцы. Вы скажаце ёй?
- Не, - сказаў я. - Не хачу, каб яна ведала, што я тэлефанаваў вам. Яна, напэўна, патэлефануе вам сама. Тады вы можаце ёй сказаць.
- Добра. Так і зробім. Я скажу ёй.
Я механічна адсунуў тоўсты зашмальцаваны тэлефонны даведнік. Ён ляжаў на маленькай палічцы. Над ёй былі алоўкам накрэмзаны нумары тэлефонаў.
- Можна мне заўтра пад вечар забегчы да вас? - спытаў я.
Жафэ не адказаў.
- Мне хочацца ведаць, як яе справы, - сказаў я.
- Заўтра я вам яшчэ не скажу, - адказаў Жафэ. - Мне трэба паназіраць хоць з тыдзень. А потым я вам паведамлю.
- Дзякую.
Я ўсё яшчэ разглядаў палічку. Нехта штосьці намаляваў на ёй. Я разгледзеў тоўстую дзяўчыну ў саламяным капелюшы. «Эла, козачка мая!» - было напісана пад малюнкам.
- Ёй патрэбны цяпер нейкія асаблівыя працэдуры? - спытаў я.
- Заўтра будзе відаць. Але мне здаецца, што дома ў яе добры догляд.
- Не ведаю. Я чуў, што яе суседзі некуды едуць на тым тыдні. Тады яна застанецца адна, толькі са служанкай.
- Праўда? Добра, тады я зайду заўтра і пагавару з ёй і пра гэта.
Я зноў закрыў даведнікам малюнак на палічцы.
- Вы думаеце, што яна... што такі прыступ можа паўтарыцца?
Жафэ секунду няўпэўнена памаўчаў.
- Вядома, гэта магчыма, - адказаў ён потым. - Але гэта неабавязкова. Я змагу адказаць вам толькі тады, калі добра абследую яе. Я вам патэлефаную.
- Добра, дзякую.
Я павесіў слухаўку. Потым хвілінку яшчэ пастаяў на вуліцы. У паветры віселі пыл і спякота. Я пайшоў дадому.
Каля дзвярэй я сутыкнуўся з фраў Залеўскі. Яна куляй вылецела з пакоя фраў Бэндэр. Убачыўшы мяне, яна затармазіла.
- Вы ўжо вярнуліся?
- Як бачыце. Што-небудзь здарылася за гэты час?
- У вас нічога. І пісем не было. А фраў Бэндэр выехала.
- Няўжо? А чаму?
Фраў Залеўскі стала рукі ў бокі.
- Таму што ўсюды нягоднікі. Яна пераехала ў хрысціянскі прытулак. Са сваёй кошкай і цэлым капіталам - дваццаццю шасцю маркамі.
Яна расказала, што дом дзіцяці, у якім фраў Бэндэр працавала сястрой, збанкрутаваў. Кіраўнік, святар, няўдала спекуляваў на біржы. Фраў Бэндэр звольнілі, ды яшчэ не разлічыліся за два месяцы.
- Яна знайшла сабе месца? - спытаў я, паглыблены ў свае думкі.
Фраў Залеўскі толькі зірнула на мяне.
- Ах, што я, канечне - не, - сказаў я.
- Я ёй сказала, што яна можа спакойна жыць тут. З платай я не падганяю. Але яна не захацела.
- Бедныя людзі ў большасці - сумленныя, - сказаў я. - А хто цяпер паселіцца на яе месца?
- Сям'я Хасэ. Гэты пакой абыдзецца ім дзешавей за гэны.
- А іхні?
Яна паціснула плячыма.
- Паглядзім. Вялікай надзеі, што нехта знойдзецца, няма.
- Калі вызваляецца пакой?
- Заўтра. Хасэ ўжо перабіраюцца.
- А колькі вы хочаце за іх пакой? - спытаў я.
У мяне раптам з'явілася ідэя.
- Семдзесят марак.
- Дарагавата, - сказаў я, разважыўшы.
- З кавай уранку, дзвюма булачкамі і маслам, колькі хочаш?
- Усё правільна. Каву, што гатуе Фрыда, можна не ўлічваць. Пяцьдзесят і ні пфеніга больш.
- Няўжо вы рашыліся здымаць? - спытала фраў Залеўскі.
- Магчыма.
Я пайшоў у сваю каморку і задумліва ўтаропіўся на дзверы ў пакой Хасэ. Пат у пансіёне фраў Залеўскі! Не, горш не прыдумаеш! І ўсё ж праз хвіліну я пастукаў у пакой да Хасэ.
Фраў Хасэ была дома. Яна сядзела пасярэдзіне апусцелага пакоя перад люстэркам, у капелюшы і пудрылася.
Я павітаўся і агледзеўся ў памяшканні. Пакой быў большы, чым я думаў. Гэта можна было заўважыць толькі цяпер, калі частка мэблі была вынесена. Шпалеры былі аднатонныя, светлыя і даволі новыя, дзверы і вокны свежапафарбаваныя, а балкон вельмі вялікі і прыгожы.
- Вы, пэўна, ужо чулі, як ён цяпер рашыў насаліць мне, - сказала фраў Хасэ. - Я мушу перасяліцца ў пакой той асобы! Якая ганьба!
- Ганьба? - спытаў я.
- Так, ганьба! - раздражнёна ўсклікнула яна. - Вы ж ведаеце, што мы не трывалі адна адной, а цяпер Хасэ прымушае мяне пераехаць у яе пакой без балкона і толькі з адным акном. Толькі дзеля таго, што там дзешавей! Уяўляеце сабе, як яна радуецца ў сваім царкоўным прытулку!
- Не думаю, што яна радуецца.
- Не, не - радуецца, гэтая ўяўная дзіцячая сястра, гэтая ціхоня, якая прайшла агні і воды! А тут яшчэ гэтая какотка, гэтая Эрна Бёніг. І кашэчы смурод!
Я здзіўлена падняў вочы. Ціхоня, што прайшла праз агні і воды? Дзіўна: чалавек, лаючыся, робіцца новым і вобразна выразным! Якімі вечна аднолькавымі былі выявы любові - і якая разнастайная палітра праклёнаў!
- Кошкі вельмі чыстыя і прыстойныя жывёліны, - сказаў я. - Я, дарэчы, толькі што з таго пакоя. Кошкамі і не пахне.
- Няўжо? - не паверыла фраў Хасэ з непрыязнасцю ў голасе і паправіла капялюш. - Гэта, відаць, як на які нос. Але я і не думаю ўмешвацца! Няхай сам цягае мэблю! Я пайду з дому! Хоць гэта дазволю сабе пры такім сабачым жыцці.
Яна ўстала. Яе азызлы твар так дрыжаў ад злосці, аж пудра сыпалася. Я заўважыў, што яе вусны вельмі ярка былі нашмінкаваны. Ад яе пахла як з парфумнай крамы, калі яна, шоргаючы сукенкай, прайшла міма мяне.
Я разгублена зірнуў ёй услед. Потым я яшчэ раз агледзеў пакой. Я раздумваў, як тут расставіць мэблю Пат. Але неўзабаве я прагнаў тыя думкі. Я не мог сабе ўявіць Пат - тут, заўсёды тут, са мной! Да гэтага я і не дадумаўся б, каб яна была здаровая. Але цяпер... я адчыніў дзверы і памераў балкон. І зноў пахітаў галавой і вярнуўся ў сваю каморку.
Калі я ўвайшоў, яна яшчэ спала. Я ціхенька сеў у крэсла каля ложка. Яна адразу прачнулася.
- Шкада, я цябе разбудзіў, - сказаў я.
- Ты ўвесь час быў тут? - спытала яна.
- Не. Толькі што прыйшоў.
Яна пацягнулася і паклала галаву мне на далоню.
- Добра. Я не люблю, каб на мяне глядзелі, калі я сплю.
- Разумею. Я таксама не люблю. Я і не хацеў назіраць. Я толькі не хацеў будзіць цябе. Можа, ты яшчэ хочаш паспаць?
- Не, я добра выспалася.
Я пайшоў у суседні пакой, даючы ёй магчымасць спакойна апрануцца. На дварэ паволі цямнела. З адчыненага акна насупраць даляталі квакаючыя гукі прускага ваеннага марша. Лысы чалавек у падцяжках заводзіў патэфон. Ён хадзіў па пакоі, робячы пад марш гімнастычныя практыкаванні. Яго лысіна свяцілася са змроку, як усхваляваны месяц. Я абыякава пазіраў туды. Мяне апанавала пачуццё тупога суму.
Увайшла Пат. У яе быў цудоўны выгляд, зусім свежы, без ценю знясіленасці.
- Ты выглядаеш бліскуча, - сказаў я здзіўлена.
- Я і адчуваю сябе добра, Робі. Быццам я праспала ўсю ноч. У мяне такія пераходы адбываюцца хутка.
- І праўда, бог - сведка. Часам так хутка, што не паспяваеш сачыць.
Яна прыхілілася да майго пляча і зірнула мне ў вочы.
- Занадта хутка, Робі?
- Не. У мяне яны адбываюцца занадта павольна. Я бываю часта занадта марудлівы, Пат.
Яна ўсміхнулася.
- Што павольнае, тое ўстойлівае. А што ўстойліва, тое добра.
- Я ўстойлівы, як корак на вадзе, - сказаў я.
Яна адмоўна пакруціла галавой.
- Ты куды дужэйшы, чым думаеш. Ты ўвогуле зусім іншы, чым думаеш пра сябе. Я рэдка каго бачыла, хто так памыляўся б наконт сябе, як ты.
Я адпусціў яе плечы.
- Так, каханы, - сказала яна і кіўнула галавой, - гэта сапраўды так. А цяпер пойдзем вячэраць.
- Куды мы пойдзем? - спытаў я.
- Да Альфонса. Хачу ўбачыць усё тое яшчэ раз. У мяне пачуццё, быццам я адлучалася на цэлую вечнасць.
- Добра! - сказаў я. - Але ці прагаладалася ты як след? Да Альфонса, наеўшыся, не ідуць. За гэта ён выкідае за дзверы.
Яна засмяялася.
- Я прагаладалася, як воўк.
- Тады наперад! - Я раптам павесялеў.
Наша з'яўленне ў Альфонса мела поспех. Ён павітаў нас, адразу знік, а калі з'явіўся, то на ім быў белы каўнерык і гальштук у зялёны гарошак. Нават пры з'яўленнні нямецкага кайзера ён так не прыбіраўся б. Ён і сам крыху засаромеўся за гэтыя незвычайныя прыкметы дэкадансу.
- Ну, Альфонс, чым смачным корміш? - спытала Пат і абаперлася рукамі на стол.
Альфонс заўсміхаўся, надзьмуўся і прыжмурыўся.
- Вам пашанцавала! Сёння ёсць ракі!
Ён на крок адступіўся, каб паназіраць, якое зрабіў уражанне. Уражанне было першакласнае.
- Да іх шклянку мозельскага! - прашаптаў ён з асалодай і адступіў яшчэ на адзін крок. Яму бурна запляскалі і, надзіва, нават ад дзвярэй. Там якраз з'явілася галава апошняга рамантыка - з вясёлай усмешкай, зблытанымі жаўтлявымі валасамі і абгарэлым носам.
- Готфрыд? - усклікнуў Альфонс. - Ты? Уласнай персонай? Дружа, які цудоўны дзень! Дай цябе прытуліць да грудзей!
- Зараз ты пабачыш відовішча, - сказаў я Пат.
Хлопцы кінуліся ў абдымкі. Альфонс ляпаў Ленца па спіне. Звон быў такі, быццам побач была кузня.
- Ганс! - паклікаў ён кельнера. - Нясі «Напалеона»!
Ён пацягнуў Готфрыда да стойкі. Кельнер прынёс вялікую запыленую бутэльку. Альфонс напоўніў дзве чаркі.
- Будзь здароў, Готфрыд, парасё ты засмажанае!
- Будзь здароў, Альфонс, стары катаржнік!
Абодва выпілі чаркі адным глытком.
- Першакласна! - сказаў Готфрыд. - Каньяк для мадоннаў.
- Сорам глытаць яго так! - пацвердзіў Альфонс.
- Але ці будзеш піць паволі, калі такая радасць! Давай вып'ем яшчэ па адной!
Ён наліў і падняў чарку.
- Чортаў памідор няверны!
Ленц засмяяўся.
- Мой добры любімы Альфонс!
У Альфонса выступілі слёзы.
- Яшчэ па адной, Готфрыд, - усхвалявана сказаў ён.
- Толькі наперад! - Ленц падставіў яму сваю чарку. - Ад каньяку я адмаўляюся толькі тады, калі ўжо не магу адарваць галавы ад зямлі.
- Здорава сказана! - Альфонс наліў трэцюю чарку.
Крыху задыхаўшыся, Ленц падышоў да століка. Ён дастаў свой гадзіннік.
- Без дзесяці восем прыбылі на «сітраэне» ў майстэрню. Што вы на гэта скажаце?
- Рэкорд, - заявіла Пат. - Няхай жыве Юп! Я яму спрэзентую таксама пачак цыгарэт.
- А ты атрымаеш за гэта дадатковую порцыю ракаў! - аб'явіў Альфонс, які па пятах хадзіў за Готфрыдам. Потым ён падаў нам нешта накшталт сурвэтак.
- Распраніце пінжакі і павяжыце сабе на шыю. Ці дазволіць дама?
- Лічу, што гэта нават неабходна, - сказала Пат.
Альфонс радасна заківаў галавой.
- Вы разумная жанчына, я ведаў. Ракаў трэба есці натхнёна. Без боязі, што пасадзіш пляму. - Ён усміхнуўся. - Вам я дам, вядома, штосьці больш элегантнае.
Кельнер Ганс прынёс бялюткі халат. Альфонс разгладзіў яго і дапамог ёй апрануцца.
- Вам да твару, - пахваліў ён.
- Моцна, моцна! - адказала яна і засмяялася.
- Рады, што вы гэта запомнілі, - сказаў Альфонс зычліва. - Цяплее на душы.
- Альфонс, - Готфрыд завязаў на вузел сурвэтку. Ззаду тырчалі два доўгія канцы. - Пакуль што мы напамінаем сабой наведнікаў цырульні.
- Зараз будзе інакш. Спачатку - крыху мастацтва.
Альфонс падышоў да патэфона. Грымнуў хор пілігрымаў з «Тангейзера». Мы слухалі моўчкі.
Як толькі адгучала апошняя нота, з кухні адчыніліся дзверы. Кельнер Ганс з'явіўся з міскай, велічынёй з дзіцячую ванначку. Ад ракаў, якімі яна была напоўнена, валіла пара.
Ён, сапучы, паставіў яе на стол.
- Прынясі і мне сурвэтку, - сказаў Альфонс.
- Ты будзеш з намі вячэраць, золатка? - усклікнуў Ленц. - Які гонар!
- Калі дама не мае нічога супроць?
- Наадварот, Альфонс!
Пат адсунула крыху сваё крэсла, і ён сеў каля яе.
- Мне прыемна будзе сядзець каля вас, - сказаў ён усхвалявана. - Я даволі спрытна ўмею разбіраць ракаў. Для дамы гэта занадта марудная справа.
Ён узяў з міскі рака і з неверагоднай хуткасцю пачаў разбіраць яго ёй. Сваімі вялізнымі рукамі ён спраўляўся так шпарка і элегантна, што ёй нічога больш не заставалася, як толькі есці тое, што ён так апетытна падаваў ёй з відэльца.
- Смачна? - спытаў ён.
- Шыкоўна! - Яна падняла чарку. - За ваша здароўе, Альфонс.
Альфонс урачыста чокнуўся з ёю і паволі выпіў. Я зірнуў на яе.
Лепш бы яна выпіла чагосьці безалкагольнага. Яна адчула мой позірк.
- Салют, Робі, - сказала яна.
Яна была чароўна-прыгожая, уся радасна свяцілася.
- Салют, Пат, - сказаў я і апаражніў сваю чарку.
- Як тут цудоўна, праўда? - спытала яна, гледзячы ўсё яшчэ на мяне.
- Выдатна! - Я наліў сабе. - Будзь здарова, Пат.
Яе твар на момант прасвятлеў.
- Будзь здароў, Робі. Будзь здароў, Готфрыд.
Мы выпілі.
- Добрае віно, - сказаў Ленц.
- Леташні «Граахскі Абтсбэрг», - растлумачыў Альфонс. - Я рады, што ты ведаеш у ім смак.
Ён узяў з міскі другога рака і працягнуў Пат раскрытую клюшню.
Яна адмовілася.
- З'ешце яго самі, Альфонс. А то вам нічога не дастанецца.
- Ну добра. - Яна ўзяла. Альфонс аж свяціўся ад задавальнення і частаваў яе. Здавалася, быццам старая вялізная сава корміць маленькае белае птушаня.
На адыход мы ўсе разам выпілі яшчэ па «Напалеону» і пачалі развітвацца з Альфонсам. Пат была шчаслівая.
- Цудоўна! - сказала яна. - Я ўдзячная вам ад душы, Альфонс. Сапраўды, усё было цудоўна! - Яна падала яму руку. Альфонс нешта прамармытаў і пацалаваў яе ў руку. У Ленца ад здзіўлення ледзь вочы не выкаціліся з вачніц.
- Прыходзьце, - сказаў Альфонс. - І ты, Готфрыд.
На вуліцы пад ліхтаром стаяў «сітраэн», маленькі і пакінуты.
- О, - вымавіла Пат і спынілася. Яе твар перасмыкнуўся.
- За яго сілу я ахрысціў яго сёння Геркулесам. - Готфрыд падняў верх. - Завезці вас дадому?
- Не, - сказала Пат.
- Я так і думаў. Куды паедзем?
- У бар. Ці паедзем, Робі? - яна павярнулася да мяне.
- Вядома, - сказаў я. - Вядома, мы паедзем яшчэ ў бар.
Мы вельмі павольна паехалі па вуліцах. Было цёпла і светла. Перад кавярняй сядзелі людзі. Іграла музыка. Пат сядзела побач са мной. Я раптам не змог уявіць сабе, што яна сапраўды хворая, мне зрабілася горача. На хвіліну я ўявіў, што яна здаровая.
У бары мы сустрэлі Фердынанда і Валянціна. Фердынанд быў у выдатным настроі. Ён устаў і пайшоў насустрач Пат.
- Дыяна! - сказаў ён. - Вярнулася з лясоў...
Яна ўсміхалася. Ён абняў яе за плечы.
- Загарэлая, адважная паляўнічая з сярэбраным лукам... што мы вып'ем?
Готфрыд плячом адціснуў Фердынанда.
- Узнёслыя людзі не ведаюць меры, - сказаў ён. - Даму суправаджаюць два кавалеры, ты, відаць, гэтага не заўважыў, стары зубр.
- Рамантыкі - толькі світа, а не суправаджэнне, - заявіў бязлітасна Граў.
Ленц ухмыльнуўся і звярнуўся да Пат:
- Я вам зараз замяшаю штосьці надзвычайнае. Кактэйль «Калібры». Бразільскае пітво.
Ён пайшоў да стойкі, нечага намяшаў там і прынёс.
- Як падабаецца? - спытаў ён.
- Радкаваты, хоць і бразільскі, - заявіла Пат.
Готфрыд засмяяўся.
- Затое вельмі моцны. З ромам і расейскай гарэлкай.
З першага позірку я зразумеў, што там не было ні рому, ні гарэлкі. Там былі змешаны сок, лімон, мякаць таматаў і, магчыма, нейкая кропля лікёру. Безалкагольны кактэйль. Але Пат, дзякаваць богу, гэтага не заўважыла.
Яна выпіла тры шклянкі «Калібры», і я бачыў, як ёй было прыемна, што з ёю абыходзяцца не як з хвораю. Праз гадзінку мы ўсе ўсталі, толькі Валянцін застаўся сядзець. Пра гэта паклапаціўся Ленц. Ён пагрузіў Фердынанда ў «сітраэн» і газануў. Таму не склалася ўражання, быццам мы з Пат пайшлі раней. Усё было вельмі душэўна, але ў мяне на нейкі момант на сэрцы зрабілася тужліва.
Пат узяла мяне пад руку. Яна ішла побач са мной прыгожай гнуткай хадой, я адчуваў цеплыню яе рукі, бачыў, як водсветы ліхтароў краналі яе ажыўлены твар - не, я не мог зразумець, што яна хворая, гэта можна было разумець толькі ўдзень, а не ўвечары, калі жыццё было напоўнена пяшчотай, цеплынёй і надзеяй.
- Не зойдзем на хвілінку да мяне? - спытаў я.
Яна кіўнула галавой.
У калідоры нашага пансіёна было светла.
- Каб на іх ліха, - сказаў я. - Што тут здарылася? Пачакай хвілінку.
Я адчыніў дзверы і азірнуўся. Калідор быў асветлены і пусты, як вузкая вуліца ў прыгарадзе. Дзверы ў пакой фраў Бэндэр былі шырока адчынены. Там таксама гарэла святло. Хасэ, падобны да маленькай чорнай мурашкі, тэпаў уніз па лесвіцы, згорбіўшыся пад цяжарам таршэра з ружовым шаўковым абажурам. Ён перасяляўся.
- Добры вечар, - сказаў я. - У такі позні час?
Ён узняў свой бледны твар з мяккімі цёмнымі вусамі.
- Я толькі гадзіну назад прыйшоў з бюро. У мяне ж толькі вечарам ёсць час для пераезду.
- А што, жонкі няма дома?
Ён пахітаў галавой.
- Яна ў сяброўкі. Дзякаваць богу, у яе з'явілася цяпер сяброўка, з якой яны бавяць час.
Ён усміхнуўся без злосці, задаволена і патэпаў. Увайшла Пат.
- Здаецца, лепш не ўключаць святла, - спытаў я ў маім пакоі.
- Уключым, каханы. На хвілінку, потым можаш зноў выключыць.
- Ты ненасытны чалавек, - сказаў я і на імгненне азарыў святлом чырвоную плюшавую шыкоўнасць пакоя. Потым зноў хуценька выключыў святло.
Вокны былі адчынены, і ад дрэваў знадворку цягнула свежым начным паветрам, нібы з лесу.
- Выдатна, - сказала Пат і ўмасцілася на падаконніку.
- Ты сапраўды лічыш, што тут выдатна?
- Праўда, Робі. Як у вялікім летнім парку. Цудоўна!
- Ты не бачыла пакоя побач, калі ішла сюды? - спытаў я.
- Не, а чаму?
- Гэты шыкоўны вялікі балкон злева звязаны з гэтым пакоем. Ён цалкам закрыты, а насупраць няма дамоў. Калі б ты жыла тут, табе для сонечных ваннаў не трэба было б нават купальніка.
- Так, калі б я жыла тут...
- А чаму не, - сказаў я проста. - Ты ж бачыш, праз некалькі дзён пакой будзе пусты.
Яна зірнула на мяне і ўсміхнулася.
- Ты думаеш, што так было б правільней для нас? Быць працяглы час разам?
- Мы не былі б працяглы час разам, - адказаў я. - Удзень мяне ўвогуле тут не бывае. А часта - і ўвечары. Але калі б мы ўжо былі разам, то нам не трэба было б сядзець у рэстаране, а потым зноў паспешліва разлучацца, быццам бы ходзім толькі ў госці адно да аднаго.
Яна крыху паварушылася ў сваім кутку.
- З тваіх слоў здаецца, што ты ўсё добра ўзважыў, каханы.
- Так і ёсць, - адказаў я. - Цэлы вечар разважаў.
Яна выпрасталася.
- Ты сур'ёзна так думаеш, Робі?
- Вядома, чорт вазьмі, - сказаў я. - Няўжо ты яшчэ не бачыш?
Яна хвілінку памаўчала.
- Робі, - сказала яна потым, і яе голас зрабіўся больш нізкі. - Як ты можаш думаць пра гэта зараз?
- Я думаю пра гэта, - адказаў я больш гарачліва, чым хацеў, адчуўшы раптам, што зараз вырашаецца нешта куды больш важнае, чым пакой, - я думаю так, бо ўбачыў у гэтыя апошнія тыдні, як цудоўна быць разам. Я не магу больш трываць гэтыя сустрэчы на гадзінку. Я хачу мець цябе болей. Я хачу, каб ты ўвесь час была са мной, у мяне няма больш ахвоты гуляць у хованкі кахання, гэта не для мяне, мне ніколі не хопіць цябе, і я не хачу ні на адну хвіліну адмаўляцца ад цябе.
Я чуў яе дыханне. Яна сядзела на падаконніку, абшчапіўшы рукамі калені, і маўчала. Ціха трымцеў чырвоны водсвет светлавых рэклам па-над дрэвамі і адкідваў матавае адлюстраванне на яе светлыя туфлі. Потым святло пераходзіла на спадніцу і рукі.
- Можаш спакойна пакпіць з мяне, - сказаў я.
- Пакпіць? - перапытала яна.
- Вядома, бо я ўвесь час гавару: хачу. Ты ж, урэшце, павінна таксама хацець.
Яна ўскінула позірк.
- Ты ведаеш, што ты змяніўся, Робі?
- Не.
- Ведаеш. Ты ж і сам кажаш. Ты хочаш. Ты ўжо так шмат не пытаешся. Ты проста хочаш.
- Гэта не такая ўжо вялікая змена. Ты ж усё роўна можаш сказаць «не», як бы я ні хацеў.
Яна раптам нахілілася да мяне.
- Навошта я буду казаць «не», Робі, - сказала яна вельмі цёпла і пяшчотна, - я ж таксама хачу...
Здзіўлены, я абняў яе за плечы. Яе валасы казыталі мне твар.
- Гэта праўда, Пат?
- Праўда, любы.
- Дальбог, - сказаў я, - мне гэта ўяўлялася куды цяжэй.
Яна пахітала галавой.
- Усё ў тваіх руках, Робі...
- Я і сам ледзь не паверыў у гэта, - сказаў я здзіўлена.
Яна абняла маю галаву.
- Бывае вельмі лёгка, калі не трэба ні пра што думаць. Не рабіць усё самой. Калі можаш абаперціся. Ах, мілы, гэта ўсё вельмі лёгка, толькі не трэба самім абцяжарваць сваё жыццё.
На імгненне я сціснуў зубы. Чуць гэта менавіта ад яе!
- Правільна, - сказаў я, - правільна, Пат.
Нічога не было правільна.
Мы яшчэ хвілінку пастаялі каля акна.
- Твае рэчы мы забяром, - сказаў я. - Каб у цябе тут усё было. Мы нават набудзем чайны столік. Фрыда навучыцца абыходзіцца з ім.
- У нас жа ёсць такі столік, любы. Ён мой.
- Тым лепш. Тады я заўтра займуся Фрыдай.
Яна прыхілілася галавой да майго пляча. Я адчуў, што яна абяссілела.
- Праводзіць цябе цяпер дадому? - спытаў я.
- Зараз. Я толькі на хвілінку прылягу.
Яна ціха ляжала, не размаўляючы, быццам спала. Але вочы ў яе былі расплюшчаныя, і час ад часу ў іх трапляў водсвет рэкламаў, якія, быццам паўночнае ззянне, бясшумна бегалі па сценах і столі. На дварэ ўсталявалася цішыня. З суседняга пакоя час ад часу далятаў шоргат - гэта Хасэ гнуўся пад цяжарам рэшты сваіх надзей, свайго шлюбу, а магчыма, і ўсяго жыцця.
- Застанься ўжо тут, - сказаў я.
Яна выпрасталася.
- Сёння - не, любы...
- Мне вельмі хочацца, каб ты засталася...
- Заўтра...
Яна ўстала і ціха пайшла праз цёмны пакой. Я прыпомніў той дзень, калі яна ўпершыню засталася ў мяне і гэтаксама ціха пайшла праз пакой у шэрым паўзмроку світання, каб апрануцца. Я не ведаў, што гэта, але ва ўсім гэтым было штосьці хвалююча натуральнае, што пераварочвае душу, нейкі знак з далёкіх мінулых часоў, маўклівае выкананне запавету, нікому не вядомага.
Яна вярнулася да мяне са змроку і далонямі дакранулася да майго твару.
- У цябе было цудоўна, каханы. Вельмі. Добра, што ты ёсць.
Я нічога не адказаў. Я не мог нічога адказаць.
Я праводзіў яе дадому і пайшоў зноў у бар. Там быў Кёстэр.
- Сядай, - сказаў ён. - Як справы?
- Не вельмі, Ота.
- Ты хочаш выпіць?
- Калі я пачну, то буду піць шмат. Не хачу. Няхай будзе так. Але я мог бы зрабіць нешта іншае. Готфрыд працуе на таксі?
- Не.
- Добра. Тады я паезджу некалькі гадзін.
- Я пайду з табой.
Я вывеў машыну і развітаўся з Ота. Потым я пад'ехаў да стаянкі. Перада мной стаялі дзве машыны. Потым пад'ехалі яшчэ Густаў і Томі, акцёр. Потым першыя машыны паехалі, а неўзабаве і да мяне падышоў пасажыр. Гэта была маладая дзяўчына, якой трэба было ў «Вінету», папулярны рэстаран з танцамі, тэлефонамі, пнеўматычнай почтай і іншымі падобнымі рэчамі, разлічанымі на правінцыялаў. Рэстаран размяшчаўся крыху наводшыбе ад іншых, на цёмнай вуліцы.
Мы спыніліся. Дзяўчына пакорпалася ў сумачцы і падала мне пяцьдзесят марак. Я паціснуў плячыма.
- На жаль, не магу размяняць.
Падышоў швейцар.
- Колькі з мяне? - спытала дзяўчына.
- Марка семдзесят.
Яна звярнулася да швейцара:
- Можа, заплаціце за мяне. Я разлічуся з вамі каля касы.
Швейцар адчыніў дзверы, і яны пайшлі да касы. Потым ён вярнуўся.
- Вось...
Я пералічыў.
- Тут марка пяцьдзесят.
- Не нясі лухты... ці ты яшчэ зялёны? Дваццаць пфенігаў швейцару за тое, што вярнуўся. Валі адсюль!
Былі рэстараны, дзе таксісты давалі швейцару «гасцінца». Але яму давалі тады, калі ён прыводзіў пасажыра, а не за прывезенага наведніка.
- Не такі я зялёны ў гэтых справах, - сказаў я. - Я атрымаю свае марку семдзесят.
- Ты можаш атрымаць у нюхаўку, - прабурчаў ён. - Давай, хлопец, зматвайся адсюль... Я тут больш ведаю, чым ты...
Справа была не ў дваццаці пфенігах. У мяне не было жадання заставацца дурнем.
- Не залівай мне, а аддавай рэшту, - сказаў я.
Швейцар ударыў так хутка, што я не паспеў засланіцца. За рулём і ўхіліцца не было куды. Я ўдарыўся галавой аб руль. Разгублены, я выпрастаўся. Галава гудзела, як барабан, з носа пайшла кроў. Швейцар стаяў нада мной.
- Хочаш яшчэ раз, тапелец?
Імгненна я ацаніў свае магчымасці. Нічога не зробіш. Хлопец дужэйшы за мяне. Яго палажыць можна было б толькі знянацку. Седзячы, я не мог ударыць, не было развароту. А перш чым я вылезу з машыны, ён мяне ўложыць тройчы. Я зірнуў на яго. Ён дыхаў мне ў твар півам.
- Яшчэ адзін раз, і твая жонка - удава.
Я глядзеў на яго. Я не варушыўся. Я ўтаропіўся ў гэты шырокі, здаровы твар. Я паядаў яго вачыма. Я бачыў, куды трэба ўдарыць, я ад злосці ўвесь сцяўся ў халодны камяк. Але я не варушыўся. Я бачыў звышблізка, звышвыразна, як праз павелічальнае шкло - кожны валасок на барадзе, чырвоную, тоўстую, порыстую скуру...
Бліснула каска паліцэйскага.
- Што тут здарылася?
Швейцар паслужліва выскаліўся.
- Нічога, пан паліцэйскі.
Той глянуў на мяне.
- Нічога, - адказаў я.
Ён паглядзеў на швейцара, потым на мяне.
- У вас жа кроў.
- Стукнуўся.
Швейцар на крок адступіў. У яго вачах свяцілася ўхмылка. Ён думаў, што я баюся скардзіцца на яго.
- Праязджайце, - сказаў паліцэйскі.
Я націснуў на газ і паехаў на стаянку.
- Ну і відок у цябе, - сказаў Густаў.
- Толькі нос, - адказаў я і расказаў, як было.
- Зойдзем са мной у забягалаўку, - сказаў Густаў. - Недарма я быў санітарным яфрэйтарам. Якое свінства - біць, калі ты сядзіш.
Ён завёў мяне ў кухню забягалаўкі, папрасіў лёду і з паўгадзіны апрацоўваў мяне.
- Нават сіняка не будзе, - заявіў ён. Нарэшце ён закончыў.
- Ну, як галава? Нармальна? Тады не будзем траціць часу.
Прыйшоў Томі.
- Высокі швейцар з «Вінеты»? Вядома, што ён любіць даць волю кулакам. На жаль, сам не паспрабаваў лупцоўкі.
- Зараз паспрабуе, - сказаў Густаў.
- Паспрабуе, але ад мяне, - удакладніў я.
Густаў паглядзеў на мяне, асуджаючы.
- Пакуль ты вылезеш з машыны...
- Я ўжо прыдумаў прыём. Калі мне не ўдасца, тады ўмяшаешся ты.
- Выдатна.
Я надзеў шапку Густава, мы селі ў яго машыну, каб швейцар не ўнюхаў, у чым справа. Ён і так не шмат убачыць - вуліца была цёмная.
Мы пад'ехалі. На вуліцы не было ні душы. Густаў з паперкай у дваццаць пяць марак у руцэ выскачыў з машыны.
- Ліха матары, няма дробных. Швейцар, вы можаце размяняць? Марка семдзесят з мяне? Заплаціце, калі ласка.
Ён зрабіў выгляд, што ідзе ў касу. Швейцар, кашляючы, падышоў да мяне і сунуў мне марку пяцьдзесят. Я трымаў працягнутую руку.
- Валі, - прабурчаў ён.
- Рэшту сюды, сабака, - закрычаў я.
На секунду ён як акамянеў.
- Слухай, - сказаў ён потым ціха і аблізаў вусны, - ты потым месяц будзеш шкадаваць...
Ён размахнуўся. Удар адбіў бы мне памяць. Але я падрыхтаваўся. Я адвярнуўся, прыгнуўшыся, і кулак з усяго маху гакнуў па вострым сталёвым канце пускавой ручкі, якую я трымаў напагатове ў левай руцэ. Швейцар зароў, адскочыў назад, замахаўшы рукой. Ён ад болю шыпеў, як паравоз, і ўжо стаяў расслабіўшыся, безабаронны.
Я выскачыў з машыны.
- Ці пазнаеш? - выдыхнуў я і ўдарыў яго ў жывот.
Ён зваліўся.
- Раз, - пачаў лічыць Густаў ад касы, - два... тры...
На «пяць» швейцар знясілена падняўся. Я, як і нядаўна, бачыў перад сабой яго твар, вельмі выразна, гэты здаровы, тупы, шырокі, подлы твар; усяго гэтага здаровага, дужага хлапца, гэтую свінню, якая ніколі не захварэе на лёгкія, і я раптам адчуў, як вочы і мазгі зацягнула чырвонай плеўкай. Я падскочыў і ўдарыў. Я біў па ўсім тым, што скапілася ўва мне за гэтыя дні і тыдні, біў у гэты здаровы, шырокі твар, які мэкаў... пакуль мяне не адцягнулі...
- Адумайся, ты ж заб'еш яго, - усклікнуў Густаў.
Я азірнуўся. Швейцар, увесь у крыві, прыхіліўся да сцяны. У яго падкасіліся калені, ён упаў і паволі папоўз на карачках, як вялізнае бліскучае насякомае, у сваёй ліўрэі.
- Цяпер ён не будзе біцца, - сказаў Густаў. - Але пайшлі, уцякайма, пакуль нікога няма. Гэта ўжо цяжкае цялеснае пашкоджанне.
Мы кінулі грошы на зямлю, селі ў машыну і паехалі.
- У мяне таксама ідзе кроў? - спытаў я. - Ці гэта ад швейцара?
- Зноў з носа, - растлумачыў Густаў. - Ён усмаліў табе левай.
- Я і не заўважыў.
Густаў засмяяўся.
- Ведаеш, - сказаў я. - Мне цяпер значна лепш.
XVIII
Наша таксі стаяла каля бара. Я зайшоў, каб змяніць Ленца і ўзяць ключ і паперы. Готфрыд выйшаў разам са мной.
- Як выручка? - спытаў я.
- Так сабе, - адказаў ён. - Ці зашмат таксі, ці замала людзей ездзяць на таксі. А ў цябе?
- Дрэнна. Прастаяў усю ноч і нават дваццаць марак не зарабіў.
- Змрочныя часы! - Готфрыд ускінуў бровы, - Ну, тады ты сёння, пэўна, не вельмі спяшаешся, га?
- Не, а чаму?
- Можаш мяне крыху падвезці?
- Добра. - Мы селі ў машыну. - А куды ты? - спытаў я.
- Да сабора.
- Што? - спытаў я. - Ці не памыліўся я? Я правільна пачуў: «сабор»?
- Не, сынок, ты не памыліўся. Правільна: сабор.
Я ў здзіўленні паглядзеў на яго.
- Не здзіўляйся, паехалі, - сказаў Готфрыд.
- Ну добра.
Мы паехалі.
Сабор быў у старой частцы горада, на саборнай плошчы, акружанай дамамі духавенства. Я спыніўся перад брамай.
- Паехалі далей, - сказаў Готфрыд. - З другога боку.
Ён сказаў мне спыніцца каля маленькага ўвахода з другога боку і выйшаў.
- Усяго найлепшага, - сказаў я. - Здаецца, ты вырашыў паспавядацца.
- Пайшлі, - прапанаваў ён.
Я засмяяўся.
- Не сёння. Раніцай я ўжо маліўся. Мне хопіць на ўвесь дзень.
- Не пляці глупства, малы. Буду велікадушны і штосьці пакажу табе. Пайшлі.
Я з цікаўнасцю пайшоў за ім. Мы прайшлі праз вузенькія дзверы і ўвайшлі ў крытую манастырскую галерэю. Яна ўтварала вялікі чатырохкутнік з доўгіх радоў арак, якія падтрымліваліся з сярэдзіны шэрымі гранітнымі калонамі, адгароджваючы садок. Усярэдзіне ўзвышаўся вялікі выветраны крыж з распяццем Хрыста. Па баках каменныя барэльефы з выявамі пакутнага шляху. Перад кожным барэльефам стаяла старая лаўка. Сад здзічэў. Цяпер ён буйна расцвіў.
Готфрыд паказаў на некалькі вялізных кустоў белых і чырвоных ружаў.
- Вось што я хацеў паказаць табе. Пазнаеш?
Я спыніўся ў здзіўленні.
- Вядома, пазнаю, - сказаў я. - Дык вось адкуль ты іх сцібрыў, стары царкоўны рабаўнік!
Пат тыдзень назад пераехала да фраў Залеўскі, і Ленц прыслаў ёй вечарам праз Юпа вялізны букет ружаў. Кветак было так шмат, што Юп два разы спускаўся ўніз і вяртаўся з ахапкам ружаў. Я ламаў сабе галаву, дзе Готфрыд іх узяў: я ведаў яго прынцып - ніколі не купляць кветак. На гарадскіх клумбах я такіх не бачыў.
- Выдатная ідэя, - пахваліў я. - Разумная галава дадумалася!
- Гэты сад - сапраўдны скарб. - Ён урачыста паклаў мне руку на плячо. - Бяру цябе ў долю. Думаю, табе менавіта цяпер гэта патрэбна. Бо гарадскія клумбы ўжо апусцелі. А яны ж дагэтуль былі добрым папасам, так?
Я кіўнуў.
- Акрамя таго, - працягваў Готфрыд, - ты цяпер уваходзіш у пару, калі выразна праяўляецца розніца паміж буржуа і кавалерам. Буржуа, чым больш знаёмы з дамай, тым больш няўважлівы да яе. А кавалер - усё больш уважлівы. - Ён зрабіў шырокі жэст. - А з такімі ружамі ты можаш стаць непараўнальным кавалерам.
Я засмяяўся.
- Усё вельмі добра, Готфрыд, - сказаў я. - А што рабіць, калі зловяць? Адсюль цяжка ўцячы, а набожныя людзі назавуць такі ўчынак апаганеннем святых месцаў.
- Даражэнькі, - адказаў Ленц, - ці бачыш ты тут каго? Пасля вайны людзі ходзяць на палітычныя сходы, а не ў царкву.
Так і было.
- А як быць з пастарамі? - спытаў я.
- Пастарам мала спраў да кветак, інакш сад быў бы лепш дагледжаны. І божанька парадуецца, калі ты некаму зробіш дабро. Ён такі.
- Ты маеш рацыю! - Я ўважліва паглядзеў на вялізныя старыя кусты. - На некалькі тыдняў я забяспечаны, Готфрыд.
- Хопіць надоўга. Табе пашанцавала. Гэта ўстойлівы гатунак, які цвіце позна. Хопіць да верасня. А тады з'явяцца астры і хрызантэмы. Пайшлі, я іх зараз пакажу табе.
Мы пайшлі праз сад. Ружы пахлі хмельна. У кветках гудзеў рой пчол.
- Ты толькі паглядзі, - сказаў я і спыніўся. - Адкуль яны? У цэнтры горада... Паблізу ж няма нідзе пчэльніка. Альбо ты думаеш, што пастары парастаўлялі вуллі на дахах?
- Не, брат, - адказаў Ленц. - Яны, я ўпэўнены, прылятаюць з сялянскай сядзібы. Проста яны ведаюць дарогу. - Ён падміргнуў. - А мы?
Я паціснуў плячыма.
- Мусіць, ведаем. Хоць крышку. Столькі, колькі можна. А ты не ведаеш?
- Не. І ведаць не хачу. Мэта робіць цябе нявольнікам жыцця.
Я зірнуў уверх на вежу сабора. Яна вылучалася шаўкавіста-зялёным сілуэтам на фоне блакітнага неба, бясконца старая і спакойная, вакол якой кружыліся ластаўкі.
- Як тут ціха! - сказаў я.
Ленц кіўнуў.
- Так, дарагі мой, тут адчуваеш, што табе толькі часу не хапала, каб стаць добрым чалавекам. Праўда?
- Часу і спакою, - адказаў я. - І спакою.
Ён засмяяўся.
- Запозна! Мы дажылі да таго, што спакою не вытрымалі б! Дык пайшлі! Назад - у вір!
Я высадзіў Готфрыда і вярнуўся на стаянку. Я праязджаў міма могілак. Я ведаў, што Пат зараз ляжыць у шэзлонгу на балконе. Я пасігналіў. Але ніхто не падаў знаку, і я паехаў далей. Затое, крыху праехаўшы, я ўбачыў фраў Хасэ. Яна, апранутая ў нейкую накідку з шаўковай тафты, ішла па вуліцы, а потым знікла за рогам. Я паехаў за ёй, каб спытаць, ці не падвезці яе. Але калі я пад'ехаў да скрыжавання, то ўбачыў, што яна садзіцца ў машыну, якая спынілася за рогам вуліцы. Гэта быў заезджаны «мерседэс» вытворчасці 1923 года. Ён хутка ад'ехаў. За рулём сядзеў чалавек з носам, падобным да качынай дзюбы. На ім быў стракаты касцюм у клетку. Я даволі доўга глядзеў услед машыне. Вось што атрымліваецца, калі жанчына ўвесь час сядзіць адна дома. У роздуме я накіраваўся да стаянкі і заняў сваю чаргу.
Сонца прапякло верх. Чарга рухалася марудна. Я драмаў, спрабуючы заснуць. Але з галавы не выходзіў вобраз фраў Хасэ. Хоць у нас усё было не так, але Пат таксама на цэлы дзень заставалася адна!
Я вылез з машыны і пайшоў наперад да таксі Густава.
- На, выпі, - прапанаваў ён мне і падаў тэрмас. - Халодненькая! Сам прыдумаў! Кава з лёдам. Пры такой спякоце не награваецца гадзінамі. Так, так... Густаў - чалавек практычны!
Я наліў у кубак і выпіў.
- Калі ты такі практычны, - сказаў я, - дык раскажы мне, як забавіць жанчыну, якая падоўгу застаецца адна.
- Вельмі проста! - Густаў з перавагай глянуў на мяне. - Дарагі Роберт! Трэба дзіця альбо сабака. Спытайся ў мяне пра нешта цяжэйшае.
- Сабака! - сказаў я здзіўлена. - Вядома ж, ліха тваёй мацеры, патрэбны сабака! Ты - малайчына. Калі ёсць сабака, чалавек - не адзін!
Я прапанаваў яму запаліць.
- Слухай, можа, у цябе ёсць штосьці такое на прыкмеце? Сёння сабака, мусіць, не дорага каштуе.
Густаў дакорліва пахітаў галавой.
- Роберт, ты, відаць, сапраўды не ўяўляеш сабе, што я значу для цябе. Мой будучы цесць - другі сакратар таварыства ўладальнікаў доберман-пінчэраў. Вядома, ты можаш набыць сабе шчанюка, нават задарма, з першакласнай радаслоўнай. Адна сучка ашчанілася, шасцярых прывяла... Іх бабуля - медалістка Герта з Тогенбурга...
Густаў быў удачлівы чалавек. Бацька яго дзяўчыны не толькі гадаваў доберманаў - ён быў яшчэ гаспадаром шынка «Новая келля». Сама нявеста трымала плісіровачную майстэрню. Густаў жыў прыпяваючы. У цесця ён бясплатна еў і піў, а нявеста мыла і прасавала яго кашулі. Ён не спяшаўся жаніцца. Тады ўсе клопаты леглі б на яго плечы.
Я заявіў Густаву, што доберман - не тое, што трэба. Ён завялікі, а характар у яго - ненадзейны.
Густаў на хвілінку задумаўся.
- Пайшлі, - сказаў ён. - Пойдзем паглядзім. Ёсць ідэя. Толькі ты памаўчы.
- Добра.
Ён падвёў мяне да невялічкай крамы. У вітрыне былі выстаўлены акварыумы, парослыя водарасцямі. У скрынцы сядзела некалькі сумных марскіх свінак. Па баках віселі клеткі, у якіх нястомна лёталі чыжыкі, гілі і канарэйкі.
Насустрач нам выйшаў крываногі чалавек невысокага росту ў карычневай вязанай кофце. Вадзяністыя вочы, азызлы твар, замест носа - бліскучы паяльнік... відаць, што аматар піва і гарэлкі.
- Скажы, Антон, як пажывае Аста? - спытаў Густаў.
- Другі прыз і ганаровы прыз у Кёльне! - сказаў Антон.
- Якая подласць! - заявіў Густаў. - Чаму не першы?
- Першы яны аддалі Уда Бланкенфэльсу, - буркнуў Антон.
- Ну што ты скажаш! Прайдзісветы!
У глыбіні крамы цяўкалі і вішчалі шчаняты. Густаў пайшоў туды. Ён прынёс, ухапіўшы за каршэнь, двух маленькіх тэр'ераў: у левай руцэ чорна-белага шчанюка, у правай - светла-карычневага. Непрыкметна пагайдалася рука з карычневым. Я глянуў на яго: добра.
Шчанюк быў прыгожы, як цацка. Ногі былі роўныя, тулава - квадратнае, галава - чатырохкутная, разумная і нахабная. Густаў адпусціў іх, і яны пабеглі.
- Смешны мяшанец, - сказаў ён, паказваючы на рудога. - Адкуль ён у цябе?
Антон, з яго слоў, атрымаў яго ад нейкай дамы, якая з'ехала ў Паўднёвую Амерыку. Густаў зарагатаў, не паверыўшы. Антон пакрыўджана паказаў генеалагічнае дрэва, якое даходзіла аж да Ноевага каўчэга. Густаў пагардліва адмахнуўся і зацікавіўся чорна-белым. Антон за рудога прасіў сто марак. Густаў даваў пяць. Яму не падабаўся прадзед. Ён раскрытыкаваў хвост і вушы. Вось чорна-белы - гэты быў у парадку. Я стаяў паводдаль і слухаў. Раптам нехта схапіў мой капялюш. Я ў здзіўленні азірнуўся. У кутку на жэрдзі сядзела малпа, крыху скурчыўшыся. У яе была жоўтая поўсць і сумны твар, чорныя, круглыя вочкі і заклапочаная складка каля рота, як у старой жанчыны. Яе жывот аблягала скураная дзяга, да якой мацаваўся ланцуг. Маленькія, чорныя ручкі жахліва напаміналі чалавечыя.
Я стаяў спакойна. Малпа паволі рухалася бліжэй да мяне. Яна ўвесь час пазірала на мяне, без падазронасці, а нейкім дзіўным утаропленым позіркам. Нарэшце яна асцярожна працягнула мне ручку. Я падаў ёй адзін палец. Здавалася, што бедны, нямы чалавечак, загнаны ў згорбленае цела, хоча вызваліцца адтуль. Нельга было доўга глядзець у смяртэльна сумныя вочы.
Засопшыся, Густаў зноў вынырнуў з лесу радаслоўных дрэў.
- Дык дамовіліся, Антон, ты атрымаеш за яго шчаня - добермана ад Герты. Найлепшы гешэфт у тваім жыцці! - Потым ён павярнуўся да мяне. - Забярэш адразу?
- За колькі?
- Задарма. Мяняемся на добермана, якога я табе падарыў. Так, Густаву можна верыць! Густаў - чалавек будзь здароў!
Мы дамовіліся, што я забяру сабаку пазней, пасля работы на таксі.
- Ты ведаеш, што ты нажыў? - спытаў мяне Густаў на вуліцы. - Рэдкасць! Ірландскага тэр'ера! Вышэйшы клас! Без ніводнай заганы! Ды яшчэ радаслоўнае дрэва. Ты не павінен нават глядзець на яго, а перш чым загаварыць з жывёлінай, пакланіцца.
- Густаў, - сказаў я, - ты зрабіў для мяне вельмі добрую справу. Пайшлі вып'ем зараз найлепшага каньяку, які толькі дастанём.
- Але не сёння! - заявіў Густаў. - Сёння ў мяне павінна быць цвёрдая рука. Я вечарам іду ў таварыства гуляць у кеглі. Паабяцай мне пайсці са мной калі-небудзь! Там бываюць выключна прыстойныя людзі, нават адзін паштовы обер-сакратар.
- Прыйду, - сказаў я. - Калі б там не было нават обер-сакратара.
За некалькі хвілін да шасці я вярнуўся ў майстэрню. Мяне чакаў Кёстэр.
- Сёння пад вечар тэлефанаваў Жафэ. Патэлефануй яму.
На хвіліну ў мяне заняло дыханне.
- Ён што-небудзь сказаў, Ота?
- Не, нічога асаблівага. Толькі тое, што ён прымае да пяці. Потым будзе ў бальніцы святой Даратэі. Значыць, тэлефануй туды.
- Добра.
Я пайшоў у кантору. Было цёпла і душна, але мяне калаціла, і слухаўка дрыжала ў маёй руцэ.
- Глупства, - сказаў я і цвёрда абапёрся локцем на стол.
Да Жафэ доўга не ўдавалася датэлефанавацца.
- У вас ёсць час?
- Ёсць.
- Тады зараз жа прыязджайце да мяне. Я тут буду яшчэ гадзіну.
Я хацеў спытаць, ці не здарылася нешта з Пат. Але не змог.
- Добра, - сказаў я. - Праз дзесяць хвілін буду.
Я павесіў слухаўку і адразу патэлефанаваў дадому. Слухаўку падняла служанка.
Я спытаў пра Пат.
- Не ведаю, ці ёсць яна, - буркліва прамовіла Фрыда. - Зараз гляну.
Я пачакаў. Галава мая быццам распухла і распалілася. Час цягнуўся бясконца. Потым я пачуў шоргат і голас Пат:
- Робі?
Я на хвіліну заплюшчыўся.
- Як справы, Пат?
- Добра. Я ўвесь час сядзела на балконе і чытала. Кніга хвалюючая.
- Значыць, хвалюючая... - сказаў я. - Цудоўна. Я хацеў толькі сказаць, што я сёння прыйду дамоў крыху пазней. Ты ўжо дачытала кнігу?
- Не, дачытала да сярэдзіны. Яшчэ хопіць на некалькі гадзін.
- Ну, да таго часу я вярнуся. А цяпер чытай...
Я нейкі час яшчэ пасядзеў. Потым устаў.
- Ота, - сказаў я, - можна ўзяць «Карла»?
- Вядома. Калі хочаш, і я паеду. Мне тут няма чаго рабіць.
- Няма патрэбы. Нічога страшнага. Я ўжо патэлефанаваў дадому.
«Якое святло! - падумаў я, калі «Карл» выскачыў на вуліцу. - Якое цудоўнае вячэрняе святло над дахамі! Якой асалодай напоўнена жыццё!»
Давялося некалькі хвілін пачакаць. Сястра завяла мяне ў маленькі пакойчык, дзе ляжалі старыя часопісы. На падаконніку стаяла некалькі вазонаў. Тут былі тыя ж самыя часопісы ў брудных вокладках і тыя ж самыя сумныя вазоны, якія можна ўбачыць толькі ў пачакальнях лекараў і ў бальніцах.
Прыйшоў Жафэ. Ён быў у беласнежным халаце, на якім яшчэ не разгладзіліся канты ад праса. Але калі ён прысеў каля мяне, я ўбачыў на ўнутраным баку правага рукава маленькую ярка-чырвоную плямку крыві... але гэтая маленькая плямка выклікала ў мяне большую прыгнечанасць, чым жмут прапітаных крывёю бінтоў. Мой аптымізм знік.
- Я абяцаў сказаць вам пра справы фраў Хольман, - сказаў Жафэ.
Я кіўнуў галавой і глянуў на стракаты плюшавы абрус. Я ўтаропіўся ў перапляценне шасцікутнікаў, і ў мяне з'явілася вар'яцкая надзея, што ўсё будзе добра, калі я толькі вытрываю і не міргну да наступных слоў Жафэ.
- Два гады назад яна правяла шэсць месяцаў у санаторыі. Вы гэта ведаеце?
- Не, - адказаў я, не адрываючы позірк ад абруса.
- Пасля таго стан палепшыўся. Я добра абслухаў яе. На гэтую зіму ёй трэба зноў паехаць туды. Ёй нельга заставацца тут у горадзе.
Я ўсё яшчэ ўзіраўся ў шасцікутнікі. Яны расплываліся і пачалі скакаць.
- Калі ехаць? - спытаў я.
- Увосень. Найпазней - у канцы кастрычніка.
- Гэта была невыпадковая кравацеча?
- Не.
Я ўзняў вочы.
- Відаць, не трэба казаць вам, - працягваў Жафэ, - што развіццё хваробы цяжка прадказаць. Год назад здавалася, што працэс спыніўся, наступіла інкаплюсацыя, і можна было падумаць, што ачаг закрыўся. Як працэс нечакана ўзнавіўся, так нечакана ён можа і спыніцца. Я кажу не проста так - гэтак бывае сапраўды. У маёй практыцы былі дзіўныя выпадкі выздараўлення.
- А пагоршання?
Ён зірнуў на мяне.
- Вядома, здаралася.
Ён пачаў тлумачыць мне дэталі. Абодва лёгкія былі пашкоджаны, правае менш, левае - больш. Потым ён перапыніў сябе і, пазваніўшы, выклікаў сястру.
- Прынясіце маю папку.
Сястра прынесла. Жафэ дастаў два вялікія здымкі. Ён зняў траскучыя канверты і паднёс здымкі да святла супроць акна.
- Так будзе лепш відаць. Гэта рэнтгенаўскія здымкі.
На празрыстай шэрай пласцінцы я ўбачыў пазваночнік, лапаткі, ключыцы, плечавыя суставы і палогія дугі скабаў. Але я бачыў і яшчэ штосьці - я бачыў шкілет. Цёмны і прывідны, ён вылучаўся з невыразных, пераплеценых ценяў здымка. Я бачыў шкілет Пат. Шкілет Пат.
Жафэ абводзіў пінцэтам асобныя лініі і зацямненні на пласцінцы, тлумачачы іх. Ён не заўважаў, што я зусім не гляджу туды. Ім завалодала грунтоўнасць вучонага. Нарэшце ён павярнуўся да мяне.
- Вы зразумелі?
- Зразумеў, - адказаў я.
- Што здарылася? - спытаў ён.
- Нічога, - адказаў я. - Мне не ўсё відаць.
- Ах, вось што... - Ён паправіў акуляры. Потым ён паклаў здымкі назад у канверт і ўважліва прыгледзеўся да мяне. - Не забівайце сабе галаву лішнімі думкамі.
- Я не забіваю. Але што за д'ябальская несправядлівасць! Мільёны людзей здаровыя! Чаму гэты адзін - хворы?
Жафэ хвілінку памаўчаў.
- На ваша пытанне ніхто не адкажа, - сказаў ён.
- Так, - прамовіў я ў раптоўным жудасным адчаі. Я нібы аглух ад злосці. - Ніхто не адкажа! Вядома, не! За несправядлівасць і смерць ніхто не адказвае! Пракляцце! І нічога не зробіш!
Жафэ доўга глядзеў на мяне.
- Прабачце, - сказаў я. - Але я не магу падманваць сябе. Вось што найгорш.
Ён усё яшчэ глядзеў на мяне.
- У вас ёсць яшчэ час? - спытаў ён.
- Хапае, - сказаў я.
Ён устаў.
- Мне трэба зрабіць вячэрні абход. Я запрашаю і вас. Сястра дасць вам халат. А для пацыентаў вы будзеце маім асістэнтам.
Я не разумеў, навошта ён гэта робіць. Але я ўзяў у сястры халат.
Мы пайшлі па доўгіх калідорах. Праз шырокія вокны лілося ружовае вечаровае святло - мяккае, прыглушанае, яно плыло, нібы ў казцы. Некаторыя вокны былі адчынены. З двара залятаў пах ліпавай квецені.
Жафэ адчыніў дзверы. У нос ударыла спёртае цяжкае паветра. Жанчына з прыгожымі валасамі колеру старога золата, на якіх яркімі водбліскамі іскрылася святло, знясілена падняла руку. У яе быў высакародны лоб, які звужаўся на скронях. А пад вачамі пачыналася павязка, якая даходзіла да рота. Жафэ асцярожна зняў яе. Я ўбачыў, што ў жанчыны не было носа. Замест яго зеўрала крывавая рана, уся ў струпах і з дзвюма дзіркамі пасярэдзіне. Жафэ зноў наклаў павязку.
- Добра, - сказаў ён і павярнуўся да выхаду.
Ён зачыніў дзверы за сабой. Я на хвілінку спыніўся ў калідоры, гледзячы на мяккае вечаровае святло.
- Хадзем! - сказаў Жафэ і пайшоў перада мной у наступную палату. Мы пачулі гарачае цяжкае дыханне хворага ў гарачцы. Гэта быў мужчына з алавяным тварам, на якім гарэлі незвычайна яркія чырвоныя плямы. Рот быў разяўлены, вочы выкаціліся, рукі неспакойна хапаліся за коўдру. Чалавек быў беспрытомны. Каля ложка сядзела сястра і чытала. Пры з'яўленні Жафэ яна адклала кнігу і ўстала. Ён зірнуў на тэмпературны ліст і пахітаў галавой: на лісце ўвесь час стаяла сорак градусаў.
- Двухбаковае запаленне лёгкіх і плеўрыт. Ужо тыдзень супраціўляецца, як бык. Рэцыдыў. Ужо амаль быў здаровы. Занадта рана ўзяўся за працу. Жонка і чацвёра дзяцей. Няма надзеі.
Ён паслухаў грудзі, памацаў пульс. Яму дапамагала сястра. Яе кніга ўпала на падлогу. Я падняў і ўбачыў, што гэта была кулінарная кніга. Хворы бесперапынна драпаў схуднелымі рукамі коўдру. Толькі гэты гук і чуўся ў пакоі.
- Застаньцеся тут на ноч, сястра, - сказаў Жафэ.
Мы выйшлі. Ружаватае змярканне набыло адценні. Яно, нібы воблака, запоўніла калідор.
- Заклятае святло, - сказаў я.
- Чаму? - спытаў Жафэ.
- Несумяшчальна... адно з адным.
- Што вы... - сказаў Жафэ. - Усё сумяшчаецца.
У наступнай палаце ляжала жанчына, якая задыхалася. Яе прывезлі пад вечар з цяжкім атручваннем вераналам. Напярэдадні здарыўся няшчасны выпадак з яе мужам, ён зламаў сабе пазваночнік. Яго прывезлі дадому. Ён быў пры памяці і жудасна крычаў. Ноччу ён памёр.
- Яна выжыве? - спытаў я.
- Магчыма.
- Для чаго?
- За апошнія гады ў мяне было пяць падобных выпадкаў, - сказаў Жафэ. - Толькі адна спрабавала яшчэ раз пакончыць з сабой. Атруцілася газам і памерла. А дзве выйшлі яшчэ раз замуж.
У наступнай палаце ляжаў мужчына, які ўжо дванаццаць гадоў быў паралізаваны. У яго была васковая скура, рэдкая чорная барада і вельмі вялікія нерухомыя вочы.
- Як справы? - спытаў Жафэ.
Чалавек зрабіў няпэўны жэст рукой. Потым ён паказаў на акно.
- Паглядзіце на неба! Будзе дождж, я адчуваю. - Ён усміхнуўся. - Пад музыку дажджу лепей спіцца. - На коўдры перад ім ляжала скураная шахматная дошка з фігурамі, якія мацаваліся да яе. Побач ляжала куча газет і некалькі кніг.
Мы пайшлі далей. Я ўбачыў маладую жанчыну з напоўненымі жахам вачыма і сінімі вуснамі, якая была спакутавана ад родаў; дзіця-калеку з крывымі тонкімі ножкамі і рахітычнай галавой; чалавека без страўніка; бабулю, падобную да савы, якая плакала ад таго, што да яе не прыходзяць блізкія, ім здавалася, што яна памірае занадта марудна; сляпую, якая верыла, што зноў будзе бачыць; сіфілітычнае дзіця з крывавымі болькамі і яго бацьку, які сядзеў каля ложка; жанчыну, якой раніцай адрэзалі грудзіну; яшчэ адну, скручаную рэўматызмам суставаў; трэцюю, у якой былі выразаны яечнікі; рабочага з раструшчанымі ныркамі... Мы ішлі з палаты ў палату, і з палаты ў палату паўтаралася адно і тое самае: стогн і знявечаныя целы, нерухомыя, амаль пагаслыя істоты, клубок, бясконцы шэраг плачу, страху, пакоры, болю, адчаю, надзеі, бяды. І кожны раз, калі за намі зачыняліся дзверы, у калідоры нас раптам зноў сустракала ружовае святло незямнога вечара, увесь час - пасля шэрага паўзмроку палат, падобных на камеры, гэта пяшчотнае воблака мяккага залацістага бляску, пра якое нельга сказаць, што гэта такое: жудасная насмешка ці звышчалавечае суцяшэнне. Перад дзвярыма аперацыйнай залы Жафэ спыніўся. Праз матавае шкло дзвярэй прабівалася яркае святло. Дзве сястры ўкацілі ў пакой плоскую цялежку. На ёй ляжала жанчына. Мы сустрэліся позіркамі. Яна зусім не глядзела на мяне. Яна глядзела кудысьці ў няведамую далячынь. Але я ўздрыгнуў ад гэтых вачэй - столькі ў іх было мужнасці і сканцэнтраванасці і спакою. Твар Жафэ раптам спахмурнеў.
- Не ведаю, ці правільна я зрабіў, - сказаў ён. - Але суцяшаць вас словамі не мела сэнсу. Вы мне не паверылі б. Цяпер вы ўбачылі, што шмат хто з хворых у горшым стане, чым Пат Хольман. У некаторых, акрамя надзеі, нічога не засталося. Але большасць будзе жыць. Яны паправяцца. Вось што я хацеў вам паказаць.
Я кіўнуў галавой.
- Правільна зрабілі, - сказаў я.
- Дзевяць гадоў назад памерла мая жонка. Ёй было дваццаць пяць гадоў. Ніколі не хварэла. Грып. - Ён хвілінку памаўчаў. - Вы разумееце, навошта я вам гэта кажу?
Я зноў кіўнуў.
- Загадзя нічога не ведаеш. Смяротна хворы можа перажыць здаровага. Жыццё - дзіўная справа.
На яго твары з'явілася шмат зморшчын. Падышла сястра і нешта пашаптала яму. Ён выпрастаўся і кіўком паказаў на аперацыйны пакой.
- Мне трэба цяпер туды. Не паказвайце Пат сваёй трывогі. Гэта самае галоўнае. Зможаце?
- Змагу, - сказаў я.
Ён падаў мне руку і хуценька пайшоў з сястрой праз шкляныя дзверы. Перад ім быў пакой, заліты бялюткім святлом.
Я паволі пайшоў уніз па прыступках. Чым ніжэй я спускаўся, тым больш цямнела. На першым паверсе ўжо гарэла святло. Калі я выйшаў на вуліцу, то ўбачыў, як ад гарызонту, быццам ад лёгкага подыху, плыве ружовае змярканне. Яно тут жа пагасла, зрабілася шэрым.
Нейкі час я сядзеў у машыне, нерухома гледзячы ў адну кропку. Потым я ўзяў сябе ў рукі і паехаў да майстэрні. Кёстэр чакаў мяне каля варот. Я завёў машыну ў двор і вылез.
- Ты ўжо ведаў? - спытаў я.
- Ведаў, - адказаў ён. - Але Жафэ хацеў сказаць табе сам.
Я кіўнуў. Кёстэр глянуў на мяне.
- Ота, - сказаў я, - я не дзіця і разумею, што яшчэ нічога не страчана. Але мне, пэўна, сёння будзе цяжка не выдаць сябе, застаўшыся з Пат сам-насам. Заўтра - іншая справа. Тады я спраўлюся. Сходзім сёння вечарам куды-небудзь усе разам?
- Канечне, Робі. Я ўжо думаў пра гэта і з Готфрыдам гаварыў.
- Тады дай мне яшчэ раз «Карла». Я паеду дадому і спачатку забяру Пат, а потым, праз гадзіну - вас.
- Добра.
Я паехаў. На Мікалайштрасэ я прыпомніў пра сабаку. Я павярнуў і паехаў назад, каб забраць яго.
Крама была не асветленая, але дзверы - адчынены. Антон сядзеў у глыбіні крамы на раскладушцы. У руках у яго была бутэлька.
- Падкузьміў мяне Густаў, - сказаў ён.
Ад яго смярдзела, як ад спіртзавода.
Тэр'ер выскачыў насустрач мне, абнюхаў мяне і лізнуў у руку. Яго вочы, асветленыя касым променем з вуліцы, гарэлі зялёным. Антон устаў. Ён захістаўся і раптам заплакаў.
- Мой сабачка... цяпер і ты пакінеш мяне... усе мяне пакідаюць... Цільда памерла... Міны няма... Скажыце вы мне, навошта мне жыць такому?
Гэтага мне яшчэ не хапала! Гэтай маленькай бязрадаснай лямпачкі, якую ён уключыў, ціхага шоргату чарапах і птушак і гэтага нізкарослага азызлага чалавека з яго крамай!
- Таўстуны... тыя-та ведаюць... але скажыце мне, навошта ўвогуле жыве наш брат? Навошта жыць нам, бедалагам? Скажыце, пан...
Малпа ўскрыкнула, нібы паскардзілася, і шалёна забегала на сваёй жэрдзі. Яе вялізны цень заскакаў па сцяне.
- Кока, - усхліпнуў гаспадар, які ўжо напіўся, седзячы без святла, - адзіны ты мой, ідзі да мяне! - Ён падставіў малпе бутэльку.
Малпа ўхапілася за яе.
- Загубіце жывёлу, поячы гарэлкай, - сказаў я.
- Ну і няхай, - завішчаў ён. - На ланцугу на год болей, на год меней... якая розніца... якая розніца... пан...
Я ўзяў сабаку, які цёплым камяком цёрся каля мяне, і пайшоў. Жвавы сабачка, перабіраючы мяккімі шпаркімі лапкамі, бег каля мяне да машыны.
Я прыехаў дадому. Трымаючы сабаку на павадку, я падняўся па лесвіцы. У калідоры я спыніўся і зірнуў у люстэрка. Твар быў як заўсёды. Я пастукаўся ў дзверы да Пат, прыадчыніў іх і ўпусціў сабаку. Застаўшыся стаяць за дзвярыма, я чакаў з павадком у руцэ. Але замест годасу Пат я нечакана пачуў бас фраў Залеўскі:
- О божа нябесны!
З палёгкай уздыхнуўшы, я зазірнуў у пакой. Я баяўся першай хвіліны сустрэчы з Пат. Цяпер усё стала лёгка. Фраў Залеўскі была надзейны амартызатар. Яна сядзела за сталом велічна, нібы на троне. У яе пад рукой стаяў кубачак з кавай, а побач у містычным парадку была раскладзена калода карт. Пат з бляскам у вачах сядзела каля яе і слухала варажбу, што будзе.
- Добры вечар, - сказаў я, адразу вельмі ўзрадаваўшыся.
- Вось і ён, - з годнасцю сказала фраў Залеўскі. - Па кароткай дарожцы ў вячэрні час, побач чорны кароль на самым даху...
Сабака вырваўся і з брэхам пабег паміж маіх ног у пакой.
- О божа! - крыкнула Пат. - Гэта ж ірландскі тэр'ер!
- Малайцом! - сказаў я. - Некалькі гадзін назад я гэтага яшчэ не ведаў.
Яна нахілілася, і сабака радасна падскочыў да яе.
- Як жа яго завуць, Робі?
- А хто яго ведае... Магчыма, Каньяк, ці Віскі, ці нешта такое падобнае, калі меркаваць па яго апошнім гаспадары.
- Ён цяпер наш?
- Наколькі адна жывая істота можа належаць іншай...
Яна аж задыхалася ад радасці.
- Мы назавём яго Білі, добра, Робі? Калі мама была дзяўчынкай, у яе быў сабака. Яна мне часта расказвала пра яго. Яго звалі таксама Білі.
- Тады я ўсё зрабіў як трэба, - сказаў я.
- Ён не брудзіць у пакоі? - спытала фраў Залеўскі.
- У яго радаслоўная як у караля, - заявіў я. - А каралі не брудзяць у пакоях.
- Але пакуль яны малыя... Колькі яму год?
- Восем месяцаў. Гэта адпавядае шаснаццаці чалавечым гадам.
- Ён не падобны да таго, хто не брудзіць, - заявіла фраў Залеўскі.
- Яго проста трэба памыць - і ўсё.
Пат устала і абняла фраў Залеўскі за плечы. Я знямеў ад здзіўлення.
- Я ўсё жыццё марыла пра сабаку, - сказала яна. - Нам можна пакінуць яго тут, праўда ж? Вы не супроць?
Матухна Залеўскі ўпершыню, колькі я яе ведаў, засаромелася.
- Ну, што ж... няхай сабе, -дазволіла яна. - І карты паказвалі. Нечаканая навіна праз караля ў доме.
- Карты не паказалі, што мы сёння вечарам ідзём на шпацыр? - спытаў я.
Пат засмяялася.
- Да гэтага мы яшчэ не дайшлі, Робі. Карты паказвалі цябе аднаго.
Фраў Залеўскі ўстала і забрала карты.
- Можна верыць, можна не верыць, і можна верыць наадварот, як мой Залеўскі. У таго піковая дзевятка заўсёды паказвала на няшчасце ад вадкасці. Таму яму і здавалася, што трэба асцерагацца вады. А карты паказвалі не ваду - а гарэлку і піва...
- Пат, - сказаў я, моцна яе абдымаючы, калі тая выйшла. - Як цудоўна: прыходзіш дамоў, і ты тут. Для мяне гэта заўсёды як сюрпрыз. Калі я прабягаю апошнія сходкі і адчыняю дзверы, сэрца ў мяне заўсёды калоціцца: няўжо гэта праўда?
Яна з усмешкай зірнула на мяне. Яна амаль ніколі не адказвала на такія мае прызнанні. Я і не мог уявіць сабе ды і не вытрываў бы, калі б яна адказала мне чымсьці падобным. Я лічыў, што жанчына не павінна гаварыць мужчыне пра сваё каханне. У яе ад шчасця загараліся вочы, і яны гаварылі больш, чым словы.
Я доўга трымаў яе ў абдымках, я адчуваў цеплыню яе скуры і лёгкі пах яе валасоў... Я абдымаў яе, і, акрамя яе, нікога не было... Змрок адступіў, яна была са мной, яна жыла, яна дыхала... нічога не было страчана.
- Мы сапраўды некуды пойдзем, Робі? - спытала яна на самае вуха.
- Нават усе разам, - адказаў я. - І Кёстэр, і Ленц... «Карл» ужо чакае каля парога.
- А Білі?
- Вядома, і Білі з намі. Без яго куды мы падзелі б рэшткі вячэры? Ці ты ўжо павячэрала?
- Не яшчэ. Я чакала цябе.
- Але не трэба мяне чакаць. Ніколі. Гэта жудасна - чакаць чаго-небудзь.
Яна пахітала галавой.
- Ты не разумееш, Робі. Жудасна бывае толькі тады, калі няма чаго чакаць.
Яна ўключыла святло каля люстэрка.
- Цяпер я пачынаю апранацца, а то не паспею. Ты таксама пераапранешся?
- Потым, - сказаў я. - Я хутка спраўлюся. Дазволь мне пабыць тут...
Я падазваў сабаку і сеў у крэсла каля акна. Я любіў сядзець вось так моўчкі і глядзець на Пат, калі яна апраналася. Ніколі я не адчуваў так востра таямнічасці неспазнанага адвеку ў жанчыне, як у гэтых рухах каля люстэрка, гэтым раздумлівым назіранні за сабой, гэтым паглыбленні ў самую сябе, гэтым непрыкметным вяртанні ў падсвядомае самаадчуванне жаноцкасці. Я не мог сабе ўявіць, каб жанчына апраналася, бесклапотна размаўляючы і смеючыся. А калі такое і здаралася, то ёй не хапала таямнічасці і няўлоўнай чароўнасці, якая, здаецца, увесь час знікае. Я любіў у Пат яе мяккія і ўсё-такі гнуткія рухі перад люстэркам. Як цудоўна было назіраць за ёй, калі яна падбірала валасы ці далікатна і асцярожна падносіла аловак, як стралу, да броваў. Тады яна ў нечым была падобная да казулі, і да танклявай пантэры, і да амазонкі перад боем. Яна забывала пра ўсё на свеце, яе твар быў сур'ёзны і засяроджаны, яна ўважліва і спакойна трымалася перад сваім адлюстраваннем, і калі зусім блізка нахілялася да яго, здавалася, што гэта ўжо не адлюстраванне, а быццам са змроку рэчаіснасці і тысячагоддзяў дзве жанчыны смела і пранізліва глядзяць адна адной у вочы адвечным мудрым позіркам.
Свежы подых вечара з могілак наплыў праз адчыненае акно ў пакой. Я сядзеў ціха, я нічога не забыў з таго, што было пасля полудня, я ўсё добра памятаў. Але калі я паглядзеў на Пат, я адчуў тупую жалобу, якая была ўва мне, нібы апушчаны камень, як яна ўвесь час мяняецца на дзікую надзею і дзіўна змешваецца з ёю, як адно пераходзіць у другое - жалоба, надзея, вецер, вечар і прыгожая дзяўчына паміж асветленымі люстэркамі і лямпамі; у нейкі момант у мяне з'явілася дзіўнае пачуццё, быццам гэта і ёсць жыццё ў самым глыбокім сэнсе слова, а магчыма, і шчасце: каханне з такім болем, страхам і маўклівым веданнем.
XIX
Я з машынай чакаў на стаянцы. Пад'ехаў Густаў і заняў чаргу за мной.
- Як пажывае сабака? - спытаў ён.
- Выдатна, - сказаў я.
- А ты?
Я незадаволена махнуў рукой.
- Я таксама жыў бы выдатна, калі б больш зарабляў. Уяві сабе: сёння дзве ездкі - па пяцьдзесят пфенігаў.
Ён кіўнуў.
- Справы ідуць усё горш. Куды ні кінь. А што яшчэ будзе!
- А мне так трэба зарабіць! - сказаў я. - Менавіта цяпер! Шмат грошай!
Густаў паскроб сківіцу.
- Шмат грошай! - Ён зірнуў на мяне. - Шмат нідзе не заграбеш, Роберт. Толькі спекуляцыяй. А можа, паспрабаваць на таталізатары? Сёння - конныя скачкі. Я нядаўна паставіў на Аіду і выйграў у дваццаць восем разоў больш, чым паставіў.
- Дзе б ні зарабіць. Галоўнае, што ёсць шанец.
- Ты гуляў калі-небудзь?
- Не.
- Тады ў цябе шчаслівая рука. Трэба паспрабаваць. - Ён глянуў на гадзіннік. - Паехалі? Яшчэ паспеем.
- Добра. - Пасля таго як я набыў сабаку, я пачаў давяраць Густаву.
Бюро для закладаў знаходзілася ў даволі прасторным памяшканні. Справа стаяў рабочы кіёск, злева - таталізатар. Уся вітрына была ўвешана зялёнымі і ружовымі спартовымі газетамі і аб'явамі пра скачкі, надрукаванымі на машынцы. Уздоўж адной сцяны цягнулася стойка з двума пісьмовымі прыборамі. За стойкай гаспадарылі тры мужчыны. Адзін увесь час нешта крычаў у слухаўку, другі бегаў туды-сюды з паперкамі ў руках, а трэці, без пінжака, у сарочцы з закасанымі рукавамі і капелюшы на самай патыліцы, запісваў стаўкі, трымаючы ў зубах тоўстую чорную цыгару.
Яго кашуля біла ў вочы фіялетавым агнём.
На маё здзіўленне, жыццё тут бурліла ваўсю. Тут былі толькі «дробныя наведнікі» - рамеснікі, рабочыя, чыноўнікі, некалькі прастытутак і сутэнёраў. Як толькі за намі зачыніліся дзверы, да нас падскочыў чалавек у брудных шэрых гамашах, шэрым капелюшы і парваным шэрым сурдуце.
- Фон Білінг. Даю парады! Без промаху!
- На тым свеце параіш! - адказаў Густаў, твар якога тут раптам перамяніўся.
- Толькі пяцьдзесят пфенігаў, - не здаваўся Білінг. - Асабіста знаёмы з трэнерамі. З даўніх часоў, - дадаў ён, злавіўшы мой позірк.
Густаў ужо чытаў спісы коней.
- Калі выходзіць Атэйль? - крыкнуў ён у бок стойкі.
- У пяць гадзін, - праквакаў памочнік.
- Філамена, няўклюда, - прабурчаў Густаў. - Казённая кляча... - Ён ад хвалявання пакрыўся потам. - Хто наступны?
- Хопэргартэн, - сказаў нехта каля яго.
Густаў працягваў вывучаць спіс.
- Для пачатку мы з табой паставім па дзве маркі на Трыстана. Ён пераможа, - заявіў ён мне.
- А ты хоць штосьці петрыш у гэтым? - спытаў я.
- Петру? - перапытаў Густаў. - Тут я ведаю кожны капыт.
- І вы ставіце на Трыстана? - спытаў нехта побач. - Старанная Лізхен, сябра, вось адзіны шанец. Я ведаю Джоні Бэрнса асабіста.
- А я, - агрызнуўся Густаў, - сам гаспадар стайні, адкуль Старанная Лізхен. Я лепей ведаю.
Ён крыкнуў чалавеку за стойкай нашы стаўкі. Мы атрымалі квіток і селі ў кавярні, дзе стаяла некалькі сталоў і крэслаў. Міма нас у паветры лёталі розныя імёны. Некалькі рабочых абмяркоўвалі коней у Ніцы, два паштовыя чыноўнікі вывучалі прагноз надвор'я ў Парыжы, а нейкі фурман пахваляўся, што і ён калісьці быў наезднікам. Толькі таўстун з прычоскай-«вожыкам» сядзеў моўчкі за сваім столікам і паглынаў булачкі. А яшчэ два стаялі, прыхіліўшыся да сцяны, і прагна глядзелі на яго. У руках у іх былі білеты, але твары былі такія запалыя, быццам некалькі дзён яны нічога не елі.
Зазвінеў тэлефон. Усе прыслухаліся. Памочнік выкрыкнуў мянушкі коней. Пра Трыстана нічога не было чуваць.
- Ліха яго забяры! - сказаў Густаў, зачырванеўшыся. - Саламон прыйшоў першы! І хто б мог падумаць? Можа, вы? - злосна спытаў ён прыхільніка Стараннай Лізхен.
- Вы таксама аказаліся сярод тых, што «затым прыйшлі»...
Каля нас з'явіўся фон Білінг.
- Панове, каб паслухаліся мяне... я вам сказаў бы: Саламон! Толькі Саламон! Можа, на наступны забег...
Густаў нават слухаць не захацеў. Ён ужо супакоіўся і распачаў са «Стараннай Лізхен» дзелавую размову.
- Вы разбіраецеся ў конях? - спытаў мяне Білінг.
- Ані ў зуб, - сказаў я.
- Тады стаўце. Стаўце! Але - толькі сёння! - дадаў ён шэптам. - І больш ніколі. Паслухайце мяне. Пастаўце... усё роўна на каго... на Караля Ліра ці на Срэбную Моль, магчыма, на Сінюю Гадзіну. Мне нічога не трэба. Дасцё мне толькі, калі выйграеце. - Ён аж трос барадой ад азарту. Я ведаў заканамернасць з покера: навічкі часта выйграюць.
- Добра, - сказаў я. - На каго?
- Як хочаце... як хочаце...
- Сіняя Гадзіна... гучыць нядрэнна, - сказаў я. - Што ж... дзесяць марак на Сінюю Гадзіну.
- Ці не звар'яцеў ты? - спытаў Густаў.
- Не.
- Дзесяць марак на гэтую здыхляціну. Яе ўжо даўно варта пусціць на каўбасу.
«Старанная Лізхен», які толькі што абазваў Густава жывадзёрам, цяпер падтрымаў яго:
- Во дае! Ставіць на Сінюю Гадзіну! Чалавек! Гэта ж карова, а не конь! Майскі Сон абгоніць яе на дзвюх нагах, толькі так! Ставіце на першае месца?
Білінг заклінальным позіркам глянуў на мяне. Ён рабіў мне знакі.
- На першае, - сказаў я.
- Заказвай труну, - з пагардай параіў «Старанная Лізхен».
- Дзівак! - Густаў таксама глядзеў на мяне, як на нейкага гатэнтота. - На Гірсі стаў... тут ясна і немаўляці.
- Як сказаў, так і будзе: стаўлю на Сінюю Гадзіну.
Цяпер я ўжо не мог змяніць рашэння - гэта было б супроць усякіх правілаў.
Мужчына ў фіялетавай сарочцы перадаў мне квіток. Густаў і «Старанная Лізхен» разглядалі мяне як хворага на чуму. Яны відавочна адсунуліся ад мяне і падаліся да стойкі, каб там, гучна смеючыся адзін з аднаго, але і не хаваючы ўзаемапавагі спецыялістаў, паставіць на Гірсі і Майскі Сон.
У гэты час з ног зваліўся адзін са зняможаных дваіх, што стаялі каля пярэдніх сталоў. Ён ссунуўся па сцяне і гулка стукнуўся аб дол. Два паштовыя чыноўнікі паставілі яго на ногі, а потым пасадзілі на крэсла. Яго твар зрабіўся бледна-шэры. Рот разявіўся.
- А божа! - сказала адна з прастытутак, поўная смуглявая жанчына з гладкай прычоскай і нізкім ілбом. - Прынясіце хто-небудзь кубак вады.
Я здзівіўся, што мала хто звярнуў увагу на непрытомнага. Большасць прысутных толькі зірнулі на яго і зноў засяродзіліся на скачках.
- Гэта здараецца часта, - сказаў Густаў. - Беспрацоўныя. Прайграюць апошні пфеніг. Спадзяюцца на буйныя выйгрышы, ставяць дзесяць, чакаюць тысячу.
Фурман прынёс з кіёска шклянку вады. Чарнявая прастытутка памачыла ў ёй сваю хусцінку і стала церці чалавеку лоб і скроні. Ён уздыхнуў і раптам расплюшчыў вочы. У гэтым было штосьці жудаснае: зусім нежывы твар і гэтыя шырока раскрытыя вочы, як быццам праз дзіркі застылай шэрай маскі з халоднай цікавасцю пазірала нейкая іншая невядомая істота.
Дзяўчына ўзяла шклянку вады і дала яму піць. Пры гэтым яна трымала яго, як малога, за руку. Потым узяла булачку са стала флегматычнага абжоры з прычоскай, як у вожыка...
- На, еш... але памалу, памалу... Не адкусі мне палец... Так, а цяпер папі зноў...
Мужчына за сталом скоса прасачыў за сваёй булачкай, але нічога не сказаў. Хворы паступова ачуняў. Ён яшчэ нейкі час жаваў, потым з цяжкасцю ўзняўся. Дзяўчына падвяла яго да дзвярэй. Потым яна хуценька азірнулася і адчыніла сумачку.
- Вось, вазьмі... і валі адсюль. Лепей пад'еш... а не гуляй на скачках...
Адзін з сутэнёраў, які ўвесь час стаяў спінай да яе, павярнуўся. У яго быў твар птушкі-драпежніка. На галаве з вялікімі вушамі была надзета спартовая шапачка, на нагах - лакіраваныя туфлі.
- Што ты яму дала?
- Дзесяць пфенігаў.
Ён штурхнуў яе локцем у грудзі.
- Відаць, больш... Іншы раз спытаеш у мяне...
- Кінь, Эдэ, - сказаў другі.
Прастытутка падфарбавала вусны.
- Я ж маю рацыю, - сказаў Эдэ.
Прастытутка нічога не адказала.
Зазваніў тэлефон. Я назіраў за Эдэ і не звярнуў увагі на званок.
- Вось гэта шанцуе! - раптам пачуў я гучны голас Густава. - Гэта ўжо не проста падвязло, гэта - падваліла! - Ён ляпнуў мяне па плячы. - Ты адхапіў сто восемдзесят марак, шчаслівы! Твой конік са смешнай мянушкай перамог!
- Ды няўжо? - спытаў я.
Мужчына з разжаванай цыгарай у зубах і ў шыкоўнай яркай сарочцы кісла кіўнуў і забраў у мяне квіток.
- Хто вам параіў?
- Я, - з жудасна пакорлівай усмешкай, гатовы на ўсё, паспешліва сказаў Білінг і з паклонамі прабіўся наперад. - Я, калі дазволіце... мае сувязі...
- Ну, ці ведаеш... - Шэф нават не зірнуў на яго і выплаціў мне грошы. На нейкі момант ва ўсім памяшканні ўсталявалася мёртвая цішыня. Усе глядзелі на мяне. Нават той, хто абыякава жаваў увесь час, падняў галаву.
Я схаваў грошы.
- Спыніцца! - шаптаў Білінг. - Спыніцца! - Твар яго пакрыўся чырвонымі плямамі. Я ўторкнуў яму ў руку дзесяць марак.
Густаў усміхаўся, штурхаючы мяне кулаком пад скабы.
- Вось бачыш! Што я табе казаў! Трэба толькі слухаць Густава, і будзеш заграбаць грошы лапатай.
Я не стаў напамінаць былому яфрэйтару санітарнай службы пра Гірсі. Ён, відаць, неўзабаве і сам успомніў пра яе.
- Пайшлі, - сказаў ён. - Сёння не наш дзень.
Каля дзвярэй мяне нехта таргануў за рукаў. Я ўбачыў «Старанную Лізхен».
- На каго вы паставілі б на скачках памяці Маслоўскага? - спытаў ён з прагнай павагай.
- Толькі на «О, таннэнбаўм», - сказаў я і пайшоў з Густавам у піўную, каб выпіць чарку за здароўе Сіняй Гадзіны. Праз гадзіну я зноў прайграў трыццаць марак. Я ўсё-такі не мог спыніцца. Але потым перастаў. На выхадзе Білінг сунуў мне паперку.
- Калі вам штосьці спатрэбіцца... альбо вашым знаёмым. Я - прадстаўнік фірмы. - Гэта была рэклама фільмаў для паказу дома. - Пасрэднічаю таксама пры продажы ношанага адзення, - крыкнуў ён мне ўслед. - За наяўны разлік!
У сем гадзін я вярнуўся ў майстэрню. «Карл», заведзены, стаяў у двары.
- Добра, што ты прыйшоў, Робі, - усклікнуў Кёстэр. - Мы якраз хочам праверыць яго. Сядай!
Уся фірма стаяла, чакаючы. Ота сёе-тое змяніў і палепшыў у машыне - праз чатырнаццаць дзён ён хацеў прыняць удзел у гонках. Цяпер праводзілася першая проба.
Мы селі ў машыну. Юп сеў каля Кёстэра, закрыўшы ўвесь твар магутнымі гоначнымі акулярамі. У яго сэрца разарвалася б, калі б яго не ўзялі з сабой. Мы з Ленцам селі ззаду.
«Карл» ірвануў. Мы выехалі з горада на шашу і пагналі з хуткасцю сто сорак кіламетраў. Ленц і я нахіліліся да спінак пярэдніх сядзенняў. Вецер дзьмуў з такой сілай, што здавалася, адарве галовы.
Паабапал шашы мільгалі таполі, шыны свісталі, а чароўны гук матора, нібы дзікі ўскрык трапіўшага на волю, прабіраў нас наскрозь. Праз чвэрць гадзіны мы ўбачылі наперадзе кропку, якая рухалася з хуткасцю 80-100 кіламетраў. Яна была няўстойлівая і віхляла туды-сюды. Дарога была даволі вузкая. Кёстэр збавіў хуткасць. Калі нас аддзялялі сто метраў і мы хацелі пасігналіць, раптам убачылі, што па бакавой дарозе справа набліжаецца матацыкліст, які адразу ж схаваўся за кустамі каля скрыжавання.
- Ліха яго забяры! - крыкнуў Ленц. - Зараз нешта будзе!
У той самы момант мы ўбачылі матацыкліста, які выскачыў на шашу перад самай машынай. Ён, відаць, не разлічыў хуткасці і таму спрабаваў яшчэ размінуцца на завароце. Машына рэзка дала налева, каб такім чынам пазбегнуць сутыкнення, але і матацыкл завярнуў налева. Машыну зноў кінула ўправа, і яна крылом зачапіла матацыкл. Ён перавярнуўся. Матацыкліста кінула праз руль на шашу. Машыну занесла, шафёр не справіўся з кіраваннем. Машына знесла дарожны знак, сагнула ліхтарны слуп і з шумам і трэскам урэзалася ў дрэва.
Усё гэта здарылася за некалькі секунд. У наступны момант мы падляцелі на высокай хуткасці, колы заскрыгаталі, Кёстэр правёў «Карла», нібы каня, паміж матацыклістам, матацыклам і машынай, якая стаяла ўпоперак дарогі. Ад яе валіла пара. Злева ён ледзь не зачапіў руку пацярпелага, а справа - задні бампер чорнай машыны. Потым матор зароў, і «Карл» зноў выйшаў на прамую. Завішчалі тармазы, і ўсё замоўкла.
- Выдатна, Ота, - сказаў Ленц.
Мы пабеглі назад і адчынілі дзверцы машыны. Матор яшчэ працаваў. Кёстэр выцягнуў ключ запальвання. Пыхканне матора замерла, і да нас данесліся стогны.
Усе шыбы цяжкага лімузіна былі пабіты. У паўзмроку машыны мы ўбачылі заліты крывёй твар жанчыны. Побач з ёю быў мужчына, заціснуты паміж рулём і сядзеннем. Мы спачатку выцягнулі жанчыну і паклалі яе на зямлю. Яе твар быў парэзаны, некалькі асколкаў тырчалі яшчэ, але кроў ішла бесперастанку. Горш было з правай рукой. Рукаў белага касцюмнага жакета быў ярка-чырвоны. З яго сачылася кроў. Ленц разрэзаў яго. Кроў хлынула струменем і ўвесь час не пераставала ісці. Была перарэзана вена. Ленц скруціў жгутам насавую хусцінку.
-- Вызваляйце мужчыну, а я тут спраўлюся адзін, - сказаў ён. - Трэба хутчэй даставіць іх у бальніцу.
Каб вызваліць мужчыну, трэба было зняць спінку сядзення. На шчасце, у нас было з сабой дастаткова інструментаў, і справа пайшла хутка. Чалавек таксама быў увесь у крыві. У яго, відаць, былі паламаны скабы. Калі мы дапамаглі яму вызваліцца, ён з крыкам паваліўся на зямлю. Было пашкоджана і калена. Але мы пакуль што нічым дапамагчы не маглі. Кёстэр задам падагнаў «Карла» да самага месца здарэння. Жанчына, убачыўшы яго так блізка каля сябе, закрычала ад страху, хоць машына і рухалася вельмі павольна. Мы адкінулі спінку пярэдняга сядзення і паклалі мужчыну. Жанчыну мы пасадзілі на задняе сядзенне. Я стаў побач з ёй на падножку, а Ленц з другога боку падтрымліваў мужчыну.
- Застанься тут і прыгледзь за машынай, Юп, - сказаў Ленц.
- А дзе ж матацыкліст? - спытаў я.
- Зматаўся, пакуль мы былі занятыя, - заявіў Юп.
Мы паволі паехалі. Недадёка ад вёскі быў маленькі санаторый. Мы часта бачылі яго, праязджаючы міма. На ўзгорку стаяў нізкі белы будынак. Наколькі нам было вядома, тут размяшчалася прыватная псіхіятрычная бальніца для багатых. Вядома ж, там павінен быць лекар і кабінет для перавязак. Мы ўз'ехалі на пагорак і пазванілі. Выйшла вельмі сімпатычная медсястра. Убачыўшы кроў, яна аж пабялела і пабегла назад. Адразу ж выйшла другая, старэйшая.
- Спачуваю, - сказала яна, - мы не маем абсталявання для аказання першай дапамогі пры няшчасных выпадках. Вам трэба ехаць у бальніцу Вірхава. Гэта недалёка.
- Адсюль амаль гадзіна язды, - запярэчыў Кёстэр.
Сястра незычліва глянула на яго.
- Мы для такіх спраў непрыстасаваныя. І лекара няма...
- Тады вы парушаеце закон, - заявіў Ленц. - Ва ўстановах такога тыпу павінен быць пастаянны лекар. Вы дазволіце мне патэлефанаваць з вашага тэлефона? Я хачу звязацца з паліцыяй і з рэдакцыяй газеты.
Сястра завагалася.
- Мне здаецца, вам няма чаго хвалявацца, - холадна сказаў Кёстэр. - Мы вам добра заплацім. Нам перш за ўсё патрэбны насілкі. Да лекара вы, напэўна, датэлефануецеся.
Яна ўсё яшчэ была ў нерашучасці.
- Насілкі, - растлумачыў Ленц, - павінны быць тут таксама згодна з законам, як і перавязачны матэрыял.
- Добра, добра, - паспешліва адказала яна, відавочна разгубленая ад такіх багатых ведаў, - зараз я некага прышлю...
Яна знікла.
- Вось і ўсё, - сказаў я.
- Тое ж самае магло быць і ў гарадской бальніцы, - спакойна адказаў Готфрыд. - Спачатку грошы, потым бюракратыя, потым дапамога.
Мы вярнуліся да машыны і дапамаглі жанчыне вылезці. Яна моўчкі паглядала ўвесь час на свае рукі. Мы завялі яе ў невялічкае памяшканне на першым паверсе. Потым нам далі насілкі, каб прынесці мужчыну. Мы прынеслі і яго. Ён стагнаў.
- Хвілінку... - Мы паглядзелі на яго. Ён заплюшчыў вочы. - Я хачу, каб пра гэта ніхто не ведаў, - з цяжкасцю прамовіў ён.
- Вы зусім не вінаватыя, - адказаў Кёстэр. - Мы з пачатку да канца бачылі, як гэта здарылася, і будзем сведчыць на вашу карысць.
- Не ў гэтым справа, - сказаў мужчына. - Па іншай прычыне мне не хацелася б, каб пра гэта ведалі... Разумееце... - Ён глянуў на дзверы, куды пайшла жанчына.
- Тады гэта - самае лепшае месца, - заявіў Ленц. - Гэта прыватная бальніца. Адно толькі застаецца: убраць вашу машыну, пакуль не з'явіцца паліцыя.
Мужчына аблакаціўся.
- Можа, вы пастараецеся для мяне? Патэлефануйце ў майстэрню... І дайце мне ваш адрас. Я хацеў бы... я вам вельмі ўдзячны...
Кёстэр адмахнуўся.
- І ўсё ж, - сказаў мужчына. - Я хацеў бы ведаць...
- Вельмі проста, - адказаў Ленц. - У нас у саміх ёсць майстэрня. Мы рамантуем такія машыны, як ваша. З вашай згоды мы зараз адбуксіруем яе і прывядзём у парадак. Такім чынам, у нейкай ступені будзе добра і вам, і нам.
- Вельмі добра, - сказаў мужчына. - Вазьміце мой адрас... Я сам забяру машыну. Ці кагосьці прышлю.
Кёстэр сунуў візітную картку ў кішэнь, і мы занеслі мужчыну ў пакой. За гэты час прыйшоў малады лекар. Ён вымыў кроў у жанчыны на твары. Цяпер былі бачны глыбокія парэзы. Жанчына абаперлася на здаровую руку і ўтаропілася на бліскучую нікелевую чашу на перавязачным стале.
- О! - ціха вымавіла яна і з адчаем у вачах адвалілася назад.
Мы паехалі ў вёску і спыталі, ці ёсць тут майстэрня. Там у каваля мы пазычылі сталёвы трос і прыладу для буксіроўкі, паабяцаўшы яму за гэта дваццаць марак. Але недаверлівы каваль захацеў сам паглядзець на машыну. Мы ўзялі яго з сабой і паехалі.
Юп стаяў пасярод шашы і махаў нам рукой. Але мы ўжо і самі зразумелі, што здарылася. На ўзбочыне стаяў стары «мерседэс» з высокімі бартамі. Чацвёра мужчын рыхтаваліся адбуксіраваць пашкоджаную машыну.
- Мы паспелі ў самы раз, - сказаў Кёстэр.
- Гэта браты Фогты, - сказаў каваль. - Небяспечная банда. Жывуць вунь там. Тое, што трапляецца ім у лапы, нялёгка вырваць.
- Пабачым, - сказаў Кёстэр.
- Я ўжо ім растлумачыў, пан Кёстэр, - прашаптаў Юп. - Нячыстая канкурэнцыя. Яны хочуць забраць машыну ў сваю майстэрню.
- Добра, Юп. Пакуль што пабудзьце тут.
Кёстэр накіраваўся да самага высокага з усіх і звярнуўся да яго. Ён заявіў яму, што машына - наша.
- У цябе ёсць які-небудзь цвёрды прадмет? - спытаў я Ленца.
- Толькі ключы, яны мне самому спатрэбяцца. Вазьмі гаечны.
- Лепш не трэба, - сказаў я. - Ім можна нанесці цяжкія цялесныя пашкоджанні. Шкада, што на мне такія лёгкія туфлі. Няма нічога лепшага за ўдар нагой.
- Вы дапаможаце? - спытаў Ленц каваля. - Тады нас будзе чатыры на чатыры.
- Я асцерагуся. А то заўтра яны мне разнясуць кузню. Я застануся строга нейтральны.
- І правільна, - сказаў Готфрыд.
- Я памагу, - Заявіў Юп.
- Не лезь! - сказаў я. - Сачы толькі, каб хто не з'явіўся, і ўсё.
Каваль крыху адышоўся ад нас, каб яшчэ выразней паказаць сваю строгую нейтральнасць.
- Не пудры мне мазгі! - адразу ж пачуў я, як на Кёстэра насядаў самы высокі. - Хто першы прыйшоў, той і забярэ. Усё! А цяпер валіце адсюль!
Кёстэр яшчэ раз растлумачыў, што машына - наша. Ён прапанаваў Фогту з'ездзіць разам у санаторый, каб там ён змог упэўніцца. Той толькі пагарддіва выскаліўся. Мы з Ленцам падышлі бліжэй.
- Вам, відаць, таксама захацелася ў бальніцу? - спытаў Фогт.
Кёстэр нічога не адказаў. Ён падышоў да машыны. Яшчэ тры Фогты наструніліся. Яны стаялі кучкай.
- Дайце мне трос, - сказаў нам Кёстэр.
- Цішэй, хлапец! - прамовіў старэйшы Фогт. Ён быў на галаву вышэйшы за Кёстэра.
- Шкада, - сказаў Кёстэр. - Але машыну мы забяром.
Я з Ленцам, трымаючы рукі ў кішэнях, падступіліся яшчэ бліжэй. Кёстэр нахіліўся да машыны. У тую ж секунду Фогт ударам нагі адштурхнуў яго. Ота на гэта разлічваў. У той самы момант ён ухапіў Фогта за нагу і зваліў на зямлю. Потым падхапіўся і ўдарыў у жывот другога Фогта, які ўжо замахнуўся на яго ручкай дамкрата. Той захістаўся і таксама ўпаў. Доўга не чакаючы, мы з Ленцам кінуліся на двух астатніх братоў. Мяне адразу ўдарылі ў твар. Нічога страшнага, але з носа пайшла кроў, мой удар аказаўся няўдалым - кулак толькі слізгатнуў па тлустай сківіцы; я атрымаў яшчэ раз пад вока і спатыкнуўся так няўдала, што Фогт ударам у жывот зваліў мяне на зямлю. Ён прыціснуў мяне да асфальту і абхапіў шыю. Я ўвесь напружыўся, не даючы яму задушыць мяне і спрабуючы выкруціцца з-пад яго, каб адкінуць яго нагамі ці ўдарыць у жывот. Але Ленц і яго Фогт біліся на маіх нагах, і я не мог ніяк вызваліцца. Нягледзячы на тое, што я напружваў шыю, дыхаць мне было цяжка - кроў у носе не прапускала паветра. Паступова вочы мае пачалі заплываць туманам, твар Фогта затросся, як студзень, а ў галаве замільгалі чорныя плямы. Ужо амаль без памяці я ўбачыў побач Юпа - ён стаяў на каленях у рове, спакойна і ўважліва сочачы за маімі сутаргамі. А потым, улучыўшы адпаведны момант у нашай схватцы, ён ударыў Фогта малатком па запясці. Пасля другога ўдару Фогт адпусціў маю шыю і, седзячы на зямлі, злосна паспрабаваў злавіць Юпа, які, адсунуўшыся на метр, спакойна нанёс яму трэці смачны ўдар па пальцах і яшчэ адзін - па галаве. Я ўскочыў на ногі, наваліўся на Фогта і ўжо ў сваю чаргу ўхапіў яго за гарляк. У гэты момант раздаўся жывёльны рык, а потым віск: «Пусці, пусці!» Гэта прасіўся старэйшы Фогт. Кёстэр закруціў яму руку за плечы. Фогт унурыўся галавой у дол, а Кёстэр упёрся яму каленямі ў спіну, працягваючы круціць руку. Каленам ён падціскаў яе да патыліцы. Фогт лямантаваў, але Кёстэр ведаў, што яго трэба даканаць як след, а то ён не супакоіцца. Ён рыўком вывіхнуў яму руку і толькі тады выпусціў. Фогт нейкі час паляжаў яшчэ на зямлі. Я азірнуўся вакол. Адзін з братоў яшчэ стаяў на нагах, але крык брата цалкам паралізаваў яго.
- Убірайцеся, а то заробіце яшчэ, - сказаў яму Кёстэр.
Свайго Фогта я яшчэ раз стукнуў мордай аб асфальт і адпусціў. Ленц ужо стаяў каля Кёстэра. Яго пінжак быў парваны. З кутка рота ў яго цякла кроў. Яго бойка, здаецца, закончылася ўнічыю, бо хоць яго Фогт таксама быў у крыві, але ён стаяў на нагах. Паражэнне старэйшага брата вырашыла ўсё. Ніхто не адважваўся вымавіць хоць адно слова. Яны дапамаглі старэйшаму падняцца і пайшлі да сваёй машыны. Непаранены брат яшчэ раз вярнуўся і забраў дамкрат. Ён скасавурыўся на Кёстэра, як на нячыстую сілу. Потым «мерседэс» паехаў.
Аднекуль раптам з'явіўся каваль.
- Хапіла ім, - сказаў ён. - Даўно яны такога не каштавалі. Старэйшы ўжо сядзеў за забойства.
Ніхто яму не адказаў. Кёстэр раптам здрыгануўся.
- Свінства! - сказаў ён і павярнуўся. - Давайце!
- Я тут, - адклікнуўся Юп, падцягваючы прычэп для буксіроўкі.
- Падыдзі сюды, - сказаў я. - З сённяшняга дня ты - унтэр-афіцэр. Можаш паліць цыгары.
Мы паднялі перад машыны на прычэп і прымацавалі яго ззаду да «Карла».
- Думаеш, што яму не пашкодзіць? - спытаў я Кёстэра. - Наш «Карл» - імклівы стаеннік, а не ўючны асёл.
Ён пахітаў галавой.
- Тут недалёка. Дарога роўная.
Ленц сеў у пабітую машыну, і мы паціху паехалі. Я прыціскаў хусцінку да носа, гледзячы ў вечаровыя палі і на сонца перад заходам. Вакол панаваў надзвычайны спакой, нічым не патрывожаны, і адчувалася, што прыродзе было ўсё роўна, што тварыў у свеце гэты злосны мурашнік, які называў сябе чалавецтвам. Шмат важней было, што аблокі паступова ператвараліся ў залатыя горы, што фіялетавыя цені змяркання бясшумна наплывалі ад гарызонту, што жаўранкі вярталіся з бязмежнай прасторы неба ў свае барозны і што паступова на зямлю апускалася ноч.
Мы прыехалі ў свой двор. Ленц вылез з разбітай машыны і ўрачыста зняў перад ёй капялюш.
- Вітаем цябе, дабраславёная! Ты трапіла сюды з сумнай прычыны, але ты прынясеш нам, калі кінуць на цябе пяшчотны, няхай і павярхоўны позірк, трыста - трыста пяцьдзесят марак. А цяпер дайце мне шклянку вішнёвай настойкі і кавалак мыла - хачу адмыцца ад сям'і Фогтаў.
Мы выпілі па шклянцы, а потым узяліся адразу за разборку машыны. Не заўсёды было дастаткова таго, што гаспадар машыны заключаў з намі дагавор на рамонт. Часта прадстаўнікі страхавых кампаній патрабавалі перадаць заказ у адну з майстэрань, з якімі ў іх былі кантракты. Таму мы і стараліся - чым большая была разборка, тым лепш нам. Цана зборкі аказвалася потым настолькі высокай, што дзешавей было пакінуць машыну ў нас. Мы кінулі работу, калі ўжо сцямнела.
- Ты паедзеш сёння на таксі? - спытаў я Ленца.
- Не, - адказаў Готфрыд. - Імкнучыся зарабіць больш, нельга перастарацца. На сёння хопіць і гэтага.
- А мне - не, - сказаў я. - Калі ты не едзеш, то я з адзінаццаці да дзвюх пашчыпаю начныя рэстараны.
- Я не раю, - усміхнуўся Готфрыд. - Лепш паглядзіся ў люстэрка. У апошні час твайму носу не шанцуе. З такім чырвоным бураком да цябе не сядзе ніводзін пасажыр. Ідзі спакойна дадому і пакладзі на нос кампрэс.
Ён меў рацыю. З носам сапраўды не ўсё было ў парадку. Вось чаму я развітаўся і пайшоў дадому. Па дарозе я сустрэў Хасэ, і мы пратопалі астатак разам. Выгляд у яго быў змарнелы.
- Вы пахудзелі, - сказаў я.
Ён згодна кіўнуў галавой і расказаў мне, што ён вечарам амаль нічога не есць. Жонка ледзь не кожны вечар ходзіць да знаёмых, якія з'явіліся няведама адкуль. Дамоў яна прыходзіць позна. Ён рады, што яна знайшла сабе забаву, але ў яго няма жадання ў адзіноце гатаваць сабе ежу. Ён і есці не вельмі хоча, бо бывае занадта змораны. Я глянуў на яго збоку. Ён ішоў побач з абвіслымі плячыма, ён сапраўды верыў у тое, што казаў, але слухаць яго было жахліва. Гэтая сям'я і ціхае сціплае жыццё рушыліся: ім не хапала ні ўпэўненасці, ні грошай. Я падумаў, што ёсць мільёны такіх людзей і што ім заўсёды не хапае крыху пэўнасці і крыху грошай. Быццё нейкім жудасным чынам сціснулася ў дробязную барацьбу толькі за існаванне. Я падумаў пра сённяшнюю бойку, я ўспомніў убачанае за апошнія два тыдні, я ўспомніў усё, што я ўжо зрабіў... Потым я падумаў пра Пат. У мяне раптам з'явілася пачуццё, што ўсё гэта не можа суіснаваць. Я зрабіў завялікі скачок, жыццё стала занадта бруднае, каб быць шчаслівым. Гэтае шчасце не можа працягвацца, у яго больш не верылася, гэта быў толькі перадых, але не прыстанішча...
Мы падняліся па лесвіцы і адчынілі дзверы. Хасэ спыніўся ў прыхожай.
- Што ж, да пабачэння...
- З'ешце сёння што-небудзь, - сказаў я.
Ён пахітаў галавой са слабай усмешкай, быццам хацеў папрасіць прабачэння, і падаўся ў свой пусты цёмны пакой. Я паглядзеў яму ўслед. Потым я пайшоў па калідоры, падобным на рукаў. Раптам я пачуў, што нехта ціха спявае. Я спыніўся і прыслухаўся. Гэта быў не патэфон Эрны Бёніг, як мне спачатку здалося. Гэта быў голас Пат. Яна была адна ў пакоі і спявала. Я глянуў на дзверы, за якімі знік Хасэ, я зноў нахіліўся і прыслухаўся. Раптам я сціснуў кулакі. Ліха забяры! Няхай гэта тысячу разоў будзе перадых, а не прыстанішча, няхай гэта ўсё тысячу разоў будзе настолькі чужое і не сумяшчальнае, што паверыць нельга - менавіта, што нельга паверыць, менавіта таму заўсёды шчасце было такое нечакана новае і ўладарнае...
Пат не чула, як я прыйшоў. Яна сядзела на падлозе перад люстэркам, так і сяк прымяраючы чорны капялюшык. Побач з ёй на дыване стаяла лямпа. Пакой быў запоўнены цёплым карычнева-залацістым змрокам. Толькі яе твар быў ярка асветлены. Яна прысунула да сябе крэсла, са спінкі якога звісаў кавалак шаўковай тканіны. На крэсле ляжалі бліскучыя нажніцы.
Я ціха спыніўся каля дзвярэй, гледзячы, як сур'ёзна яна была занятая капялюшыкам. Яна любіла сядзець на падлозе. Часта вечарам я знаходзіў яе ў якім-небудзь куточку на падлозе, дзе яна засынала з кніжкай у руках і сабакам пры боку.
Сабака і цяпер ляжаў каля яе. Ён завурчаў. Пат падняла вочы і ўбачыла мяне ў люстэрку. Яна заўсміхалася, і мне здалося, быццам дзякуючы гэтаму ўсё на свеце пасвятлела. Я пайшоў праз пакой, стаў за яе спіной на калені і, забываючы ўвесь дзённы бруд, дакрануўся вуснамі да цёплай, мяккай скуры яе галавы.
Яна паказала мне чорны капялюшык.
- Я перарабіла яго, мілы. Табе так падабаецца?
- Шыкоўны капялюшык, - сказаў я.
- Але ж ты нават не глянуў на яго! Я абрэзала ззаду поле, а спераду заламала ўверх.
- Я ўсё добра бачу, - сказаў я, схаваўшы твар у яе валасы, - глянуўшы на твой капялюшык, парыжскія мадэльеры збялелі б ад зайздрасці.
- Ну, Робі! - Яна са смехам адштурхнула мяне. - Ты нічога ў гэтым не разумееш. Ці заўважаеш ты ўвогуле, што на мне?
- Я бачу самую маленькую дробязь, - заявіў я, падсаджваючыся да яе на падлозе, але стараючыся трымаць нос у цені.
- Няўжо? У чым жа я была ўчора ўвечары?
- Учора? - Я задумаўся. Я сапраўды не памятаў.
- Так я і ведала, мілы! Ты ўвогуле амаль нічога не ведаеш пра мяне.
- Сапраўды, - сказаў я. - Але менавіта ў гэтым і соль. Чым больш ведаеш адзін пра аднаго, тым больш непаразуменняў. І чым бліжэй знаёмішся, тым больш адчужаешся. Вазьмі, напрыклад, сям'ю Хасэ: яны ўсё ведаюць адзін пра аднаго і спрыкралі адзін аднаму горш, чым чужыя.
Яна надзела маленькі чорны капялюшык на галаву і стала прымяраць перад люстэркам.
- Тое, што ты кажаш, толькі напалову праўда, Робі.
- Так бывае з усімі праўдамі, - адказаў я. - І з гэтым нічога не зробіш. На тое мы - людзі. І сваімі паўпраўдамі мы робім даволі шмат глупстваў. А з праўдай мы і жыць не змаглі б.
Яна зняла капялюш і адклала яго ўбок. Потым павярнулася да мяне і заўважыла мой нос.
- Што гэта? - са страхам спытала яна.
- Нічога асаблівага. Толькі глядзіцца непрыгожа. Я працаваў пад машынай, і на мяне звалілася жалязяка.
Яна з недаверам зірнула на мяне.
- Бог ведае дзе ты пабываў зноў! Ты мне ніколі нічога не кажаш. Я ведаю пра цябе гэтаксама мала, як і ты пра мяне.
- А так і лепш, - сказаў я.
Яна прынесла міску з вадой і ручнік і прыклала мне кампрэс. Потым уважліва паглядзела на мяне яшчэ раз.
- Падобна, што цябе ўдарылі. Шыя таксама падрапана. У цябе, відаць, былі прыгоды, мілы.
- Самая вялікая сённяшняя прыгода яшчэ чакае мяне, - сказаў я.
Яна здзіўлена зірнула на мяне.
- Гледзячы на ноч, Робі! Што ты яшчэ прыдумаў?
- Я застаюся тут! - адказаў я, адкінуў кампрэс і абняў яе. - Я ўвесь вечар буду з табой!
XX
Жнівень выдаўся цёплы і ясны, у верасні надвор'е было яшчэ амаль летняе. Але ў канцы верасня задажджыла. Хмары ў цёплыя дні віселі нізка над горадам, з дахаў цякло, пачаліся навальніцы, і калі аднойчы ў нядзельку раніцай прачнуўся і падышоў да акна, я ўбачыў на могілках на дрэвах жоўтыя, як сера, плямы і першыя аголеныя сукі.
Я пастаяў крыху каля акна. На працягу некалькіх месяцаў пасля нашага прыезду з мора ў мяне было дзіўнае адчуванне: я ўвесь час, кожную гадзіну памятаў, што Пат трэба будзе паехаць, але я памятаў так, як памятаюць шмат што - што годы праходзяць, што ты старэеш, што ты не вечны. Але рэчаіснасць была мацнейшая, яна ўсе падобныя думкі выцясняла з галавы, і пакуль Пат была са мной, пакуль дрэвы яшчэ зелянелі густой лістотай, такія словы, як восень і ад'езд і развітанне, уяўлялі сабой нішто іншае, як цьмяныя цені на гарызонце, якія толькі абвастралі шчасце блізкасці, шчасце быць разам.
Я глянуў праз акно на мокрыя ад дажджу могілкі і на надмагільныя камяні, пакрытыя брудным рудым лісцем. Нібы шэрая жывёліна, туман за ноч высмактаў зялёны сок з лістоты дрэў, і лісты, знясіленыя, звісалі з галін. Парывы ветру зрывалі ўсё новыя лісты і гналі іх перад сабой... і раптам, нібы востры рэжучы боль, мяне ўпершыню кальнула разуменне, што расстанне набліжаецца, што яно стала рэчаіснасцю, такой самай рэчаіснасцю, як восень, што пракралася праз кроны дрэў і пакінула там свае сляды.
Я прыслухаўся, што робіцца ў другім пакоі. Пат яшчэ спала. Я падышоў да дзвярэй і пастаяў там хвілінку. Яна спала спакойна, не кашляла. На нейкі момант у мяне з'явілася балючая надзея - я ўявіў сабе, што Жафэ патэлефануе сёння, заўтра ці праз некалькі дзён, каб сказаць мне, што ёй не трэба ехаць... але потым я прыпамінаў ночы, калі я чуў лёгкі шум яе дыхання, гэты рэгулярны, прыглушаны хрып, які з'яўляўся і знікаў, нібы шум ад работы далёкай тонкай пілы, і надзея пагасала гэтаксама хутка, як і загаралася.
Я вярнуўся да акна і зноў утаропіўся ў дождж. Потым я прысеў да пісьмовага стала і пачаў лічыць грошы. Я палічыў, наколькі іх магло б хапіць для Пат, але мне зрабілася невыносна, і я зноў схаваў іх у кашалёк.
Я глянуў на гадзіннік. Было каля сямі. Пакуль Пат прачнецца, у мяне ёсць яшчэ добрыя дзве гадзіны. Я хутка апрануўся, каб папрацаваць крыху на таксі - куды лепш, чым заставацца ў пакоі са сваімі думкамі.
Я пайшоў у майстэрню, вывеў машыну і паволі паехаў па вуліцах. Людзей было мала. У рабочых раёнах цягнуліся доўгія рады даходных дамоў-казармаў. Непрыбраныя і закінутыя, яны стаялі пад дажджом, нібы старыя сумныя прастытуткі. Тынк на брудных фасадах абваліўся, цьмяныя вокны бязрадасна міргалі на ранішняе святло, а сцены зеўралі мноствам глыбокіх жоўта-шэрых дзірак, быццам цела, паточанае болькамі.
Я перасек старую частку горада і пад'ехаў да сабора. Я спыніўся перад брамкай і вылез. З-за цяжкіх дубовых дзвярэй глуха даляталі гукі аргана. Якраз надышоў час ранішняй малітвы, і па мелодыі я зразумеў, што ішло асвячэнне святых дарункаў, да канца імшы заставалася не менш дваццаці хвілін. Потым выйдуць людзі.
Я пайшоў у царкоўны сад. Ён патанаў у шэрым святле. З кустоў руж сцякалі кроплі дажджу. Мой плашч быў даволі шырокі, і кветкі, што я пазразаў, добра месціліся пад ім. Хоць была нядзеля, прахожых не было, і я спакойна занёс ахапак руж у машыну. Потым вярнуўся, каб набраць яшчэ. Толькі я паспеў схаваць ружы пад плашч, як пачуліся нечыя крокі. Я прыціснуў букет рукой і спыніўся перад барэльефам, быццам молячыся.
Крокі наблізіліся, але не мінулі мяне. Нехта спыніўся. Мне стала душна. Я вельмі задумліва ўтаропіўся на барэльеф, перахрысціўся і паволі пайшоў далей ад барэльефа, які быў воддаль ад сцежкі. Крокі рушылі следам за мной і зноў спыніліся. Я не ведаў, што рабіць. Я не мог ісці адразу, трэба было перачакаць той час, які патрэбны, каб дзесяць разоў паўтарыць «Авэ Марыя» і адзін раз «Ойча наш». Інакш я выдаў бы сябе.
Я стаяў і пазіраў, стараючыся зразумець, што здарылася, - асцярожна, з адсутным позіркам, быццам хтось патрывожыў маю малітву.
Я глянуў у зычлівы круглы твар пастара і з палёгкай уздыхнуў. Я ўжо лічыў, што выратаваны, бо ведаў, што ён не будзе перабіваць малітву. Але тут я заўважыў, што, на сваё няшчасце, стаю ўжо каля апошняга адрэзка хрэснага шляху. Як бы марудліва я ні маліўся, праз некалькі хвілін я павінен закончыць, і гэтага моманту ён, відаць, чакаў. Не мела сэнсу цягнуць справу далей. І я паволі, як нічога ніякага, пайшоў да выхаду.
- Добрай раніцы, - сказаў святар. - Будзь дабраславёны Ісус Хрыстос!
- Вечна дабраславёны, аман! - адказаў я.
Гэта было каталіцкае прывітанне.
- Рэдка хто бывае тут у гэты час, - сказаў ён зычліва і паглядзеў на мяне светлымі блакітнымі вачыма дзіцяці.
Я нешта прамармытаў.
- На жаль, рэдка здараецца цяпер, - працягваў ён заклапочана. - Асабліва рэдка моляцца мужчыны каля хрэснага шляху. Таму я так рады за вас і таму загаварыў з вамі. У вас, пэўна, ёсць нейкая асаблівая просьба, раз вы так рана і ў такое надвор'е прыйшлі сюды.
«Ёсць просьба, каб ты пайшоў адсюль», - падумаў я і з палёгкай кіўнуў галавой. Дагэтуль ён, здавалася, не здагадаўся пра кветкі. Цяпер трэба было толькі хутка ўлізнуць ад яго і не насцярожыць.
Ён зноў усміхнуўся мне.
- Я рыхтуюся да сваёй пропаведзі і магу ўключыць вашу просьбу ў малітву.
- Дзякуй, - сказаў я разгублена і сарамліва.
- За спачын душы нябожчыка? - спытаў ён.
Я на момант утаропіўся на яго, мае кветкі папаўзлі пад плашчом.
- Не, - сказаў я хутка, моцна прыціснуўшы руку да плашча.
Ён глянуў на мяне сваімі добрымі пранізлівымі вачыма. Магчыма, ён чакаў, што я скажу яму, у чым справа. Але мне ў галаву нічога не прыходзіла, і мне не хацелася хлусіць яму больш, чым трэба. Таму я прамаўчаў.
- Тады я буду маліцца за дапамогу незнаёмцу, які трапіў у бяду, - нарэшце сказаў ён.
- Добра, - адказаў я. - Калі вам не цяжка. Я вам буду вельмі ўдзячны.
Ён з усмешкай махнуў рукой.
- Не трэба мне дзякаваць. Мы ўсе ў руках божых. - Ён яшчэ раз зірнуў на мяне, крыху нахіліўшы галаву, і мне здалося, быццам па яго твары нешта прамільгнула.
- Толькі верце, - сказаў ён. - Айцец нябесны дапаможа. Ён заўсёды дапамагае, нават тады, калі мы гэтага не заўважаем. - Потым ён кіўнуў мне і пайшоў.
Я пазіраў услед яму, пакуль за ім не зачыніліся дзверы. «Так, - падумаў я, - калі б усё было так проста!» Ён дапамагае, дапамагае заўсёды! Але ці дапамог ён Бернгарду Бізэ, калі той ляжаў з прастрэленым жыватом у Гоўтхольцкім лесе і крычаў, ці дапамог ён Качынскаму, які загінуў пад Гандзэме, пакінуўшы хворую жонку з дзіцем, якога яшчэ не бачыў, ці дапамог ён Мюлеру, і Леру, і Кэмерыху, ці дапамог ён малому Фрыдману, і Юргенсу, і Бэргеру, і мільёнам іншых? Пракляцце! Занадта шмат крыві праліта ў свеце за гэткую веру ў нябеснага айца!
Я завёз кветкі дадому, потым загнаў машыну ў майстэрню і пайшоў назад. Як ні дзіўна, але ад паху кавы ў мяне стала весялей на душы. Мне ўжо было вядома з вайны: не важныя падзеі суцяшаюць чалавека. Суцяшэнне прыносяць непрыкметныя дробязі...
Не паспеў я адчыніць дзверы ў калідор, як са свайго пакоя выскачыў Хасэ. Твар у яго быў жоўты і прыпухлы, вочы чырвоныя ад бяссонніцы, у яго быў выгляд, быццам ён ляжаў у пасцелі ў касцюме. Калі ён убачыў мяне, па яго твары прабег цень бязмернага расчаравання.
- А, гэта вы, - прабурчаў ён.
Я здзіўлена зірнуў на яго.
- Вы так рана кагосьці чакаеце?
- Чакаю, - ціха адказаў ён. - Жонку. Яна не вярнулася дадому. Вы не бачылі яе?
Я пахітаў галавой.
- Я выходзіў толькі на гадзіну.
Ён кіўнуў галавой.
- Я падумаў толькі... магло здарыцца, што вы сустракалі яе.
Я паціснуў плячыма.
- Пэўна, прыйдзе пазней. Вы не тэлефанавалі?
Ён з нейкім страхам глянуў на мяне.
- Учора ўвечары яна пайшла да сваіх знаёмых. Я дакладна не ведаю, дзе яны жывуць.
- А прозвішча ведаеце? Тады можна было б спытаць у бюро даведак.
- Я ўжо спрабаваў. У бюро няма такога прозвішча.
Ён пазіраў вачыма пабітага сабакі.
- Яна заўсёды таіла сваіх знаёмых. Калі ж я аднаго разу нешта спытаў, яна раззлавалася. Тады я перастаў пытацца. Я быў рады, што ў яе з'явіліся сябры. Яна заўсёды казала, што і тут я хачу ёй перашкодзіць.
- Магчыма, яна хутка прыйдзе, - сказаў я. - Я нават упэўнены, што прыйдзе. На ўсякі выпадак вы патэлефанавалі ў паліцыю?
Ён кіўнуў.
- Усюды. Там нічога не ведаюць.
- Ну вось, - сказаў я. - Вам няма чаго хвалявацца. Магчыма, ёй зрабілася блага, і яна засталася пераначаваць. Такое здараецца часта. Пэўна, праз гадзіну-дзве яна прыйдзе.
- Вы так думаеце?
Дзверы кухні адчыніліся, з'явілася Фрыда з падносам.
- Каму гэта? - спытаў я.
- Фройляйн Хольман, - адказала яна крыху раздражнёна.
- Яна ўжо прачнулася?
- Здаецца, прачнулася, - заявіла Фрыда баявітым голасам, - інакш бы не пазваніла, каб я несла сняданак.
- Благаславі вас бог, Фрыда, - сказаў я. - Уранку часта я з вас нацешыцца не магу. Ці не маглі б вы прымусіць сябе згатаваць і мне каву?
Яна нешта буркнула і пайшла, пагардліва віхляючы задам. Яна гэта ўмела. Яна была адзіная істота, у якой атрымлівалася так выразна.
Хасэ чакаў. Мне раптам стала сорамна, калі я павярнуўся і ўбачыў, як аддана і ціха ён зноў стаіць каля мяне.
- Праз гадзіну-дзве вы, напэўна, пазбавіцеся сваіх турбот, - сказаў я і падаў яму руку.
Ён мне сваю не падаў, а толькі глядзеў дзіўным позіркам.
- Ці не пашукаць нам яе? - ціха спытаў ён.
- Але ж вы не ведаеце, дзе яна.
- Магчыма, яе варта было б пашукаць, - паўтарыў ён. - Калі б мы паехалі на вашай машыне... я, вядома, за ўсё заплачу... - хутка дадаў ён.
- Не ў гэтым справа, - адказаў я. - Проста... не мае сэнсу. Куды мы паедзем? Яна ж не будзе ў гэты час хадзіць па вуліцы.
- Не ведаю, - сказаў ён тым самым ціхім голасам. - Я толькі думаю, што яе можна было б пашукаць.
Фрыда вярнулася з пустым падносам.
- Мне трэба ісці, - сказаў я. - Мне здаецца, што вы дарма турбуецеся. Нягледзячы на гэта, я ахвотна дапамог бы вам, але фройляйн Хольман неўзабаве ад'язджае, і мне хацелася б сёння пабыць з ёй. Магчыма, гэта - апошняя яе нядзеля тут. Гэта вы, пэўна, можаце зразумець.
Ён кіўнуў галавой.
Мне было шкада яго. Але не цярпелася хутчэй пайсці да Пат.
- Калі ўсё ж вам хочацца зараз паехаць, то ўнізе вы можаце ўзяць таксі, - сказаў я. - Але я вам не раю. Лепш крыху пачакайце яшчэ, тады я патэлефаную свайму сябру Ленцу, і ён пашукае з вамі.
Мне здавалася, што ён нават не слухае.
- Вы яе сёння раніцай не бачылі? - раптам спытаў ён.
- Не, - здзіўлена адказаў я. - Інакш я даўно вам сказаў бы.
Ён зноў кіўнуў і пайшоў у свой пакой з адсутным выглядам, не сказаўшы ні слова.
Пат ужо пабыла ў маім пакоі і знайшла ружы. Яна сустрэла мяне вясёлым смехам.
- Робі, - сказала яна. - Я ўсё-такі даволі наіўная. Толькі Фрыда растлумачыла мне, што свежыя ружы ў нядзелю раніцай пахнуць крадзяжом. Яна ж і падказала мне, што такі сорт не прадаецца ў крамах.
- Думай, што хочаш, - адказаў я. - Галоўнае, каб у цябе была радасць.
- Цяпер яна ў мяне яшчэ большая, мілы. Ты ж зведаў небяспеку, рабуючы іх.
- Яшчэ якую! - Я прыпомніў пастара. - Але чаму ты так рана ўстала?
- Не магла больш спаць. Ды яшчэ нешта сасніла. Штосьці нядобрае.
Я ўважліва паглядзеў на яе. Выгляд у яе быў змораны, пад вачыма ляжалі цені.
- З якіх пор ты бачыш такія сны? - сказаў я. - Мне здавалася, што гэта мой канёк.
Яна пахітала галавой.
- Ты заўважыў, што на дварэ восень?
- У нас гэта называецца бабіным летам, - адказаў я. - Яшчэ цвітуць ружы. Ідзе дождж, вось і ўсё, што я бачу.
- Ідзе дождж, - паўтарыла яна. - Занадта задажджыла, каханы. Бывае, ноччу, калі прачнуся, мне здаецца, што я пахаваная пад бясконцым дажджом.
- Прыходзь ноччу да мяне, - сказаў я. - Тады ў цябе не будзе такіх думак. Наадварот, так хораша быць разам у цемры і пад дажджом.
- Магчыма, - адказала яна і прыхілілася да мяне.
- Я вельмі люблю, калі ў нядзелю ідзе дождж, - сказаў я. - Тады неяк лепш адчуваеш утульнасць жыцця. Мы - разам, у нас выдатны цёплы пакой. Нас чакае вольны дзень... Думаю, што гэта вельмі шмат.
Яе твар засвяціўся.
- Праўда, мы жывём утульна?
- Мне здаецца, што мы жывём цудоўна. Калі я падумаю, што было раней... божа мой! Я і не спадзяваўся, што буду так добра жыць...
- Як хораша, калі ты так кажаш... Тады я адразу веру. Гавары такія словы часцей.
- Ці ж я не часта іх гавару?
- Не.
- Можа быць, - сказаў я. - Мне здаецца, я не вельмі пяшчотны. Не ведаю чаму, але я проста не ўмею. А мне вельмі хацелася б...
- І не трэба, мілы. Я і так цябе разумею. Але часам усё роўна хочацца пачуць такія словы.
- З сённяшняга дня буду гаварыць увесь час. Нават калі сам сабе буду здавацца дурнем.
- Што такое дурасць? - спытала яна. - У каханні не бывае дурасці.
- Дзякуй богу, што не бывае... А так невядома, што сталася б з чалавекам.
Мы паснедалі разам, і Пат зноў легла ў пасцель. Так рэкамендаваў Жафэ.
- Ты пабудзеш яшчэ? - спытала яна, лежачы пад коўдрай.
- Калі ты хочаш, - сказаў я.
- Мне хацелася б, але калі табе трэба...
Я прысеў каля ложка.
- Я не пра тое. Я проста ўспомніў, што ты раней не любіла, каб на цябе сонную глядзелі.
- Раней было... а цяпер часам баюся, адна...
- Такое было і са мной, - сказаў я. - У шпіталі пасля аперацыі. Я тады баяўся спаць ноччу. Я ляжаў і чытаў ці думаў пра нешта. Толькі калі світала, я засынаў. Але гэта праходзіць.
Яна прытулілася шчакой да маёй рукі.
- Боязна, што не вернешся назад, Робі...
- Так, - сказаў я. - Але вяртаешся, і ўсё праходзіць. Ты ж бачыш па мне. Заўсёды вяртаешся на тое самае месца.
- У тым якраз і справа, - прамовіла яна, ужо засынаючы, з прыплюшчанымі вачыма. - Я гэтага таксама баюся. Але ж ты сочыш за мной, праўда?
- Я сачу, - сказаў я і пагладзіў яе па лбе і па валасах, якія здаліся мне таксама зморанымі.
Яе дыханне зрабілася глыбейшым. Яна павярнулася на бок. Праз хвіліну яна моцна заснула.
Я сеў да акна і пачаў глядзець на дождж. За акном сек суцэльны шэры лівень, і дом здаваўся маленькім востравам у змрочнай бясконцасці. Я занепакоіўся: рэдка бывала, каб Пат зранку губляла мужнасць і сумавала. Але потым я ўспомніў, што яшчэ некалькі дзён назад яна была ажыўленая і вясёлая і што, можа, калі яна прачнецца, усё яшчэ пераменіцца. Я ведаў, што яна шмат думае пра сваю хваробу, і я ведаў ад Жафэ, што ёй яшчэ не палепшала, але ў сваім жыцці я так часта бачыў смерць, што любая хвароба азначала для мяне жыццё і надзею. Я ведаў, што памерці можна ад раны, тут у мяне быў вялікі вопыт. Але менавіта з гэтай прычыны мне часта бывала цяжка паверыць, што і хвароба, пры якой чалавек знешне здаваўся здаровым, можа быць небяспечнай.
Вось чаму мне ўдавалася хутка пераадолець такія выпадкі адчаю...
Пастукалі ў дзверы. Я адчыніў і ўбачыў Хасэ. Я прыклаў палец да вуснаў і выйшаў у калідор.
- Прабачце, - праз сілу вымавіў ён.
- Заходзьце да мяне, - сказаў я і адчыніў дзверы свайго пакоя.
Хасэ спыніўся на парозе. Яго твар, здавалася, паменшаў і зрабіўся белы, як вапна.
- Я толькі хацеў сказаць, што нам ужо не трэба ехаць, - сказаў ён, амаль не варушачы губамі.
- Спакойна заходзьце, - адказаў я. - Фройляйн Хольман спіць, у мяне ёсць час.
У руцэ ён трымаў пісьмо. Выгляд у яго быў як у падстрэленага, які яшчэ верыць, што гэта толькі драпіна.
- Вы ўжо пілі каву? - спытаў я.
Ён пахітаў галавой.
- Прачытайце пісьмо...
- Добра, але тым часам вы можаце выпіць...
Я выйшаў і даў распараджэнне Фрыдзе. Потым я пачаў чытаць пісьмо. Гэта было пісьмо ад фраў Хасэ - усяго некалькі радкоў. Яна паведамляла мужу, што хоча яшчэ штосьці мець ад жыцця. Вось чаму яна не вернецца. Ёсць чалавек, які разумее яе лепш за Хасэ. І няхай ён нічога не пачынае - не мае сэнсу. Яна нізашто не вернецца. Гэта, відаць, і яму найлепшае выйсце. У яго не будзе турботаў, не трэба думаць, ці хопіць зарплаты. Частку сваіх рэчаў яна забрала, астатнія забярэ пры выпадку.
Змест пісьма быў ясны і дзелавы. Я склаў яго і вярнуў Хасэ. Ён пазіраў на мяне так, быццам усё залежыць ад мяне.
- Што цяпер рабіць? - спытаў ён.
- Спачатку выпіце гэты кубачак кавы і з'ешце што-небудзь, - сказаў я. - Якая карысць бегаць і даводзіць сябе... Мы падумаем. Вам трэба паспрабаваць добра супакоіцца. Тады вы зможаце прыняць найлепшае рашэнне.
Ён паслухмяна выпіў кубак кавы. Яго рука дрыжала. Ён не мог есці.
- Што рабіць? - спытаў ён яшчэ раз.
- Нічога, - сказаў я. - Пачакаць.
Ён махнуў рукой.
- А што вы хочаце рабіць? - спытаў я.
- Не ведаю... Ніяк не магу зразумець.
Я прамаўчаў. Што я мог яму сказаць? Трэба было толькі супакоіць яго, усё астатняе заставалася вырашаць яму самому. Можна было здагадвацца, што ён больш не кахаў жонку. Але ён прывык да яе, а ў бухгалтара прывычка - больш чым каханне.
Праз нейкую хвіліну ён пачаў гаварыць нешта блытанае, што паказвала яго ваганне. Потым ён пачаў папракаць самога сябе. Ён не вымавіў ніводнага слова супроць жонкі. Ён стараўся даказаць сабе сваю віну.
- Хасэ, - сказаў я, - вы гаворыце глупства. У такіх справах няма вінаватых. Жонка пайшла ад вас, а не вы ад яе. І не трэба папракаць сябе.
- Трэба, - адказаў ён, глянуўшы на свае рукі. - Я не справіўся.
- З чым?
- Я не справіўся. Вінаваты той, хто не спраўляецца.
Я здзіўлена глянуў на маленькую бедалажную постаць у чырвоным плюшавым крэсле.
- Пан Хасэ, - спакойна сказаў я, - тое, пра што вы гаворыце, можа быць прычынай, але не віной. Акрамя таго, да гэтага часу вы спраўляліся.
Ён усхвалявана захітаў галавой.
- Не, не, я давёў жонку да вар'яцтва сваім вечным страхам, што мяне звольняць. І з гэтым я таксама не справіўся. Што я мог прапанаваць ёй? Нічога!
Ён тупа задумаўся. Я ўстаў і прынёс бутэльку каньяку.
- Давайце вып'ем, - сказаў я. - Яшчэ нічога не страчана.
Ён падняў галаву.
- Яшчэ нічога не страчана, - паўтарыў я. - Чалавека траціш толькі тады, калі ён памірае.
Ён паспешліва заківаў і падняў чарку. Але, не выпіўшы, зноў паставіў яе.
- Учора мяне прызначылі начальнікам бюро, - ціха сказаў ён. - Старшым бухгалтарам і начальнікам бюро. Мне пра гэта сказаў упраўляючы. Мяне павысілі за тое, што я апошнія месяцы працаваў звышурочна. Цяпер аб'ядналі два бюро. Другога начальніка звольнілі. Я буду атрымліваць на пяцьдзесят марак больш. - Ён раптам у адчаі зірнуў на мяне. - Як вы думаеце: ці засталася б яна, каб ведала пра гэта?
- Не, - сказаў я.
- На пяцьдзесят марак больш. Я аддаваў бы іх ёй. Яна заўсёды магла б сабе штосьці купляць. 1200 марак у мяне ўсё ж ляжыць на кніжцы. Навошта я іх збіраў? Мне хацелася мець нешта ў запасе для яе, калі нам будзе дрэнна. І вось за тое, што я клапаціўся, яна пайшла.
Ён зноў утаропіўся ў адну кропку перад сабой.
- Хасэ, - сказаў я, - мне здаецца, што вы не пра тое думаеце. І не лезьце вы ва ўсё гэта. Вам трэба толькі перажыць некалькі дзён. Тады вам стане ясней, што рабіць. Магчыма, ваша жонка вернецца сёння ці заўтра раніцай. Яна ж таксама заклапочана, як і вы.
- Яна не вернецца, - адказаў ён.
- Вы не ведаеце.
- Каб ёй можна было сказаць, што мне павысілі зарплату і што мы на сабраныя грошы можам кудысьці паехаць у водпуск...
- У вас будзе магчымасць сказаць ёй усё гэта. Так жа проста не разыходзяцца.
Мяне здзіўляла, што пра другога мужчыну ён увогуле не думаў. Да яго, відаць, яшчэ не дайшло. Ён думаў толькі пра тое, што жонка пакінула яго, а ўсё астатняе было зацягнута туманам. Мне карцела сказаць яму, што праз некалькі тыдняў ён, магчыма, будзе рады, што жонкі няма... але пры яго разгубленасці гэта прагучала б грубасцю. Праўда для параненага пачуцця заўсёды грубая і амаль невыносная.
Я з ім яшчэ крыху паразмаўляў, каб толькі даць яму магчымасць выгаварыцца. Нічога не дапамагло. Ён паўтараў адно і тое, але мне здалося, што крыху супакоіўся. Ён выпіў чарку каньяку. Потым я пачуў, што мяне кліча Пат.
- Хвілінку! - сказаў я і ўстаў.
- Зараз, - прамовіў ён, як паслухмяны хлопчык, і таксама падняўся.
- Пабудзьце, я зараз вярнуся.
- Прабачце...
- Я неўзабаве вярнуся, - сказаў я і пайшоў у пакой да Пат.
Яна сядзела ў пасцелі. Выгляд у яе быў свежы і здаровы.
- Я цудоўна паспала, Робі! Ужо, мусіць, полудзень.
- Ты праспала роўна гадзіну, - сказаў я і паказаў ёй гадзіннік.
Яна глянула на стрэлкі.
- Тым лепш, у нас яшчэ процьма часу. Я зараз устану.
- Добра. Праз дзесяць хвілін я прыйду.
- У цябе хтосьці ёсць?
- Хасэ, - сказаў я. - Але мы не заседзімся.
Я вярнуўся ў пакой, але Хасэ ўжо не было. Я адчыніў дзверы ў калідор, але і там было пуста. Я пайшоў у другі канец калідора і пастукаў у яго дзверы. Ён не адказаў. Я адчыніў дзверы і ўбачыў, што ён стаіць перад шафай. Некалькі шуфляд было выцягнута.
- Хасэ, - сказаў я, - прыміце снатворнае, ляжце ў пасцель і забудзьцеся пра ўсё хоць у сне. Цяпер вы занадта раздражнёны.
Ён паволі павярнуўся да мяне.
- Заўсёды адзін, кожны вечар! Увесь час сядзець аднаму, як учора! Уявіце сабе!
Я сказаў яму, што гэта зменіцца, што ёсць шмат людзей, якія вечарамі застаюцца адны. Я не пачуў адказу. Я яшчэ раз сказаў, каб ён ішоў спаць, магчыма, усё акажацца нявінным жартам, і жонка з'явіцца дамоў. Ён кіўнуў галавой і падаў мне руку.
- Я ўвечары заскочу яшчэ, - сказаў я і пайшоў, адчуўшы палёгку.
Перад Пат ляжала газета.
- Ці не пайсці нам сёння ў музей, Робі? - прапанавала яна.
- У музей? - спытаў я.
- Так. Там выстаўка персідскіх дываноў. Ты ж, пэўна, не часта ходзіш у музеі?
- Ніколі не быў, - адказаў я. - Што я там згубіў?
- Ты маеш рацыю, - сказала яна і засмяялася.
- Нічога страшнага. - Я ўстаў. - У такое надвор'е можна штосьці зрабіць і для павышэння свайго культурнага ўзроўню.
Мы апрануліся і выйшлі. Паветра было цудоўнае. Яно пахла лесам і вільгаццю. Калі мы праходзілі каля «Інтэрнацыяналя», я ўбачыў праз адчыненыя дзверы Розу, якая сядзела каля стойкі. Перад ёй стаяў яе нядзельны кубачак гарачага шакаладу. На стале ляжаў маленькі скрутак. Мусіць, як звычайна, яна сабралася паехаць да свайго дзіцяці. Я даўно ўжо не быў у «Інтэрнацыяналі», і мне здалося дзіўным, што Роза, як заўжды, спакойна сядзіць там. У мяне здарылася так шмат перамен, што я падумаў: усё павінна змяніцца.
Мы прыйшлі ў музей. Я думаў, што мы тут будзем адны, але, на маё здзіўленне, людзей было вельмі шмат. Я спытаў у вахцёра, што здарылася.
- Нічога, - адказаў той, - у дні, калі ўваход свабодны, заўсёды так.
- Вось бачыш, - сказала Пат. - Ёсць яшчэ шмат людзей, якія цікавяцца такімі рэчамі.
Вахцёр ссунуў шапку на патыліцу.
- Гэта не зусім так, паважаная фраў. Тут амаль адны беспрацоўныя. Яны прыходзяць не дзеля мастацтва. Ім няма чым заняцца. А тут хоць можна штосьці паглядзець.
- Такое тлумачэнне мне больш зразумела, - сказаў я.
- Цяпер яшчэ не так, - сказаў вахцёр. - Прыходзьце зімой. Набіта пад завязкі. Тут цёпла.
Мы пайшлі ў залу з развешанымі дыванамі. Гэта было ціхае бакавое памяшканне. Праз высокія вокны можна было зазірнуць у сад, дзе стаяў агромністы платан. Ён быў увесь пажоўклы, і ад яго святло ў памяшканні набыло жаўтлявае адценне.
Дываны былі шыкоўныя. Тут былі два дываны з шаснаццатага стагоддзя з выявамі звяроў, некалькі ісфаганскіх дываноў, польскія шаўковыя колеру ласіны з смарагдава-зялёным беражком. Гады і сонца дадалі іх фарбам зеленаватага адцення, і яны выглядалі як вялікія казачныя пастэлі. Ад гэтага памяшканне патанала ў пазачасавым настроі і гармоніі, чаго нельга было дасягнуць выстаўкай карцін. Сюды вельмі добра ўпісвалася акно з восеньскай лістотай платана і шэрым небам, быццам усё гэта было старым дываном.
Мы нейкі час пабылі тут, потым перайшлі ў іншыя залы. Тым часам людзей пабольшала, і цяпер яскрава было бачна, што яны не адпавядаюць асяроддзю. З бледнымі тварамі, у паношаных касцюмах, заклаўшы рукі за спіну, яны неяк баязліва хадзілі па залах, і іх вочы бачылі не карціны часоў Адраджэння і спакойна-велічныя скульптуры антычнасці, а нешта зусім іншае. Шмат хто з іх сядзеў на чырвоных, абабітых аксамітам канапах, змораныя, у такіх паставах, быццам былі гатовыя адразу ўстаць, калі б хто прыйшоў прагнаць іх. Па іх было відаць, што яны не зусім разумеюць, як можна адпачываць на такіх канапах і не плаціць за гэта. Яны прывыклі, што дарма нічога не даецца.
Ва ўсіх пакоях было вельмі ціха, хоць людзей, і было шмат, але ніхто не вымаўляў ні слова. І ўсё ж такі мне здалося, што я назіраю за жудаснай барацьбой, маўклівай барацьбой людзей, якія хоць і былі пераможаны, але не хацелі здавацца. Іх выкінулі з працы, імкненняў, прафесій, і цяпер яны прыйшлі ў ціхія залы мастацтва, каб не паддацца здранцвенню і адчаю. Яны думалі пра хлеб, толькі пра хлеб і працу. Сюды яны прыйшлі, каб на некалькі гадзін пазбавіцца ад гэтых думак. Ледзь цягнучы ногі, з абвіслымі плячамі, яны бязмэтна сноўдаліся між выразных галоў рымлянаў і непераўзыдзенай прыгажосцю белых грэчаскіх жаночых скульптураў... які страшэнны кантраст, якая несумяшчальная выява таго, чаго дасягнула чалавецтва за тысячагоддзі і чаго яно не дасягнула; створаны вяршыні бессмяротнага мастацтва, але не хапае хлеба для ўсіх смяротных...
Пад вечар мы пайшлі ў кіно. Калі мы выйшлі з кінатэатра, неба ўжо праяснілася. Яно было яблычна-зялёнае і вельмі яснае. Вуліцы і крамы былі ўжо асветлены. Мы паволі ішлі дадому, разглядваючы вітрыны.
Перад ярка асветленай вітрынай вялікай футравай крамы я спыніўся. Вечарамі ўжо было халаднавата, і ў вітрынах былі выстаўлены пукі серабрыстых чарнабурак і зімнія паліто. Я зірнуў на Пат. Яна ўсё яшчэ хадзіла ў кароткай куртачцы і была апранута занадта лёгка.
- Калі б я быў цяпер героем з фільма, я ўвайшоў бы ў краму і выбраў бы табе футру, - сказаў я.
Яна ўсміхнулася.
- Якую?
- Вунь тую. - Я паказаў, як мне здавалася, на самую цёплую.
Яна засмяялася.
- У цябе добры густ, Робі. Гэта цудоўная канадская норка.
- Ты хацела б сабе такую?
Яна зірнула на мяне.
- Ты ведаеш, колькі каштуе такая футра, мілы?
- Не, - сказаў я. - І ведаць не хачу. Лепш я памару аб тым, што магу падараваць табе ўсё, што захачу. Чаму толькі іншыя могуць?
Яна ўважліва паглядзела на мяне.
- Але я не хачу такой футры, Робі.
- Хочаш, - не пагадзіўся я. - І ты яе атрымаеш. І ні слова больш пра гэта. Заўтра нам яе прышлюць.
Яна ўсміхнулася.
- Дзякую, мілы, - сказала яна і пацалавала мяне пасярод вуліцы. - Цяпер твая чарга. - Яна спынілася перад крамай мужчынскага адзення.
- Вось гэта фрак! Ён табе неабходны - да норкі. А яшчэ вунь той цыліндр. Як бы ты выглядаў у цыліндры?
- Як камінар! - Я агледзеў фрак. Ён ляжаў у вітрыне, аздобленай шэрым аксамітам. Я яшчэ ўважлівей зірнуў туды. Гэта была тая крама, дзе я вясной купіў сабе гальштук... Гэта здарылася пасля таго, як я ўпершыню быў з Пат і напіўся. Раптам нешта засела мне ў горле, невядома чаму. Вясной... я ні пра што нават не здагадваўся.
Я ўзяў вузкую далоню Пат і на секунду прыклаў яе да сваёй шчакі.
- Да норкі табе трэба яшчэ нешта, - сказаў я. - Такая норка адна як машына без матора. Дзве-тры вячэрнія сукенкі...
- Вячэрнія сукенкі, - сказала яна і спынілася перад вялізнай вітрынай. - Вячэрнія сукенкі, сапраўды... ад іх цяжэй адмовіцца.
Мы выбралі тры шыкоўныя сукенкі. Я заўважыў, як гэтая гульня ажывіла Пат. Яна аднеслася да яе вельмі сур'ёзна: вячэрнія сукенкі былі яе слабасцю. Мы выбралі яшчэ некалькі рэчаў, якія патрабаваліся да сукенак. Яна ўсё больш ажыўлялася. Яе вочы блішчалі. Я стаяў побач і слухаў і ўвесь час смяяўся і думаў, што гэта за д'ябальшчына - любіць жанчыну і быць бедным.
- Хадзем сюды, - сказаў я нарэшце з нейкай адчайнай весялосцю. - Калі ўжо штосьці робіш, то трэба даводзіць да канца.
Я падвёў яе да ювелірнага крамы.
- Вось гэты смарагдавы бранзалет! А да яго два пярсцёнкі і завушніцы. Не будзем больш пра гэта гаварыць. Смарагды падыдуць табе найлепш.
- Тады ты атрымаеш плацінавы гадзіннік і жамчужыны да сарочкі.
- А ты - усю краму! На меншае я не пайду...
Яна засмяялася і, цяжка дыхаючы, прыхілілася да мяне.
- Хопіць, мілы, хопіць. Зараз мы толькі купім два чамаданы і адправімся ў бюро вандраванняў, потым упакуемся і паедзем - прэч з гэтага горада, і з гэтай восені, і з гэтага дажджу.
«Праўда, - падумаў я, - божа мой, праўда, і ты паправішся!»
- Куды паедзем? - спытаў я. - У Эгіпет? Ці далей? У Індыю ці Кітай?
- На сонца, каханы, куды-небудзь на сонца, на поўдзень, у цяплынь. Туды, дзе пальмы і скалы, і белыя домікі над морам, і агавы. Але магчыма, там таксама ідзе дождж. Магчыма, дождж ідзе ўсюды.
- Тады мы паедзем яшчэ далей, - сказаў я. - Будзем ехаць, пакуль не знойдзем месца без дажджу. Забяромся ў самыя тропікі, у паўднёвыя моры.
Мы апынуліся перад яркімі вітрынамі бюро вандраванняў «Гамбург - Амерыка». За шыбамі быў устаноўлены макет парахода. Ён плыў па сініх кардонных хвалях, а за ім магутна ўздымалася павялічаная фатаграфія небаскробаў Манхэтэна. У вітрынах віселі вялізныя стракатыя геаграфічныя карты з чырвонымі лініямі маршрутаў.
- Заедзем у Амерыку таксама, - сказала Пат. - У Кентукі і Тэхас, і ў Нью-Ёрк, і ў Сан-Францыска, і на Гаваі. А потым праз Паўднёвую Амерыку - і далей. Праз Мехіка і Панамскі канал у Буэнас-Айрэс. А потым назад - праз Рыа-дэ-Жанейра.
- Так...
Яна зірнула на мяне. Вочы яе палалі.
- Я там яшчэ не быў, - сказаў я. - Я наманіў табе тады...
- Я ведаю, - адказала яна.
- Ты ведаеш?
- Дзівак, Робі. Канечне, ведаю. Я адразу здагадалася.
- Тады я быў добры вар'ят. Няўпэўнены дурны вар'ят. Вось чаму я нахлусіў.
- А сёння?
- А сёння яшчэ большы, - сказаў я. - Ты ж бачыш. - Я паказаў на параход у вітрыне. - Д'ябал! І не паедзеш!
Яна ўсміхнулася і ўзяла мяне пад руку.
- Ах, мілы! Чаму мы не багатыя? Мы выдатна сумелі б выкарыстаць багацце! Ёсць жа столькі багатых людзей, якія са сваіх кантор і банкаў свету божага не бачаць.
- Вось таму яны і багатыя, - сказаў я. - Калі б мы былі багатыя, то, пэўна, ненадоўга.
- Мне таксама так здаецца. Мы, напэўна, неяк усё страцілі б.
- Магчыма, ад страху страціць мы засталіся з нічым. Сёння багацце - прафесія. І зусім не такая простая.
- Бедныя багацеі! - сказала Пат. - Мусіць, нам лепш уявіць сабе, што мы ўжо былі багатыя і ўжо ўсё патрацілі. Ты тыдзень назад проста збанкрутаваў і быў вымушаны ўсё прадаць - наш дом і мае ўпрыгожанні і свае машыны. Як ты думаеш?
- Што ж, гэта адпавядае часу, - адказаў я.
Яна засмяялася.
- Тады хадзем! Мы - два банкруты - зараз пойдзем у свой маленькі пакой і будзем прыпамінаць падзеі з мінулых шчаслівых часоў.
- Добрая ідэя.
Мы паціху пайшлі па вечаровых вуліцах. Запальваліся ўсё новыя агні, і, калі мы ішлі міма могілак, мы ўбачылі ў зялёным небе самалёт, кабіны якога былі ярка асветлены. Адзінокі, ён прыгожа ляцеў па ясным, высокім адзінокім небе, быццам чароўная птушка жадання са старой казкі. Мы спыніліся і паглядзелі яму ўслед, пакуль ён не знік.
Не прайшло і паўгадзіны пасля нашага вяртання дамоў, як хтосьці пастукаў да нас у дзверы. Я падумаў, што гэта зноў Хасэ, і падышоў адчыніць. Але гэта была фраў Залеўскі. Выгляд у яе быў расстроены.
- Ідзіце хуценька сюды, - прашаптала яна.
- Што здарылася?
- Хасэ.
Я глянуў на яе. Яна паціснула плячыма.
- Ён замкнуўся і не адказвае.
- Хвілінку.
Я вярнуўся да Пат і сказаў ёй, каб яна крыху адпачыла. У мяне ёсць справа да Хасэ.
- Добра, Робі. Я зноў замарылася.
Я пайшоў па калідоры за фраў Залеўскі. Перад дзвярыма Хасэ ўжо сабраўся амаль увесь пансіянат: Эрна Бёніг у стракатым кімано з драконамі, з чырвонымі валасамі. Два тыдні назад яна яшчэ была бялюткай бландзінкай; філатэліст-скарбнік у хатняй куртцы вайсковага крою; бледны і спакойны Арлоў, які толькі што вярнуўся з танцаў у кавярні; Георгі, які нервова стукаў у дзверы і сцішаным голасам клікаў Хасэ; і нарэшце, Фрыда з вачыма, перакошанымі ад хвалявання, страху і цікаўнасці.
- Ты ўжо даўно барабаніш, Георгі? - спытаў я.
- Больш як чвэрць гадзіны, - адразу ж выкрыкнула Фрыда, якая ўся зачырванелася, - і ён дома, ён увогуле болыш нікуды не хадзіў, з полудня -нікуды, толькі ўвесь час бегаў па пакоі, туды-сюды, а потым стала ціха.
- Ключ тырчыць з сярэдзіны, - сказаў Георгі. - Ён замкнуўся.
Я глянуў на фраў Залеўскі.
- Трэба выштурхнуць ключ і адамкнуць. У вас ёсць яшчэ адзін ключ?
- Я зараз прынясу звязак, - заявіла Фрыда з нязвыклай стараннасцю. - Магчыма, нейкі падыдзе.
Мне далі драціну, я павярнуў ёй ключ і выштурхнуў яго. Ён са стукам упаў з таго боку на падлогу. Фрыда ўскрыкнула і абхапіла твар рукамі.
- Адыдзіцеся як мага далей, - сказаў я ёй і пачаў падбіраць ключы. Адзін падышоў. Я адамкнуў і адчыніў дзверы. У пакоі панаваў паўзмрок, і спачатку нікога не было відаць. Пасцелі вылучаліся светла-шэрымі плямамі, крэслы былі пустыя, шафы замкнёныя.
- Вось ён стаіць! - прашыпела з-за майго пляча Фрыда, якая зноў праціснулася бліжэй. Яе дыханне з пахам цыбулі апякло мне твар. - Там каля акна!
- Не, - сказаў Арлоў, які хутка зрабіў некалькі крокаў у пакой і вярнуўся ў калідор. Ён падштурхнуў мяне, узяўся за ручку дзвярэй і зноў зачыніў іх. Потым ён звярнуўся да астатніх:
- Было б лепш, каб вы ўсе пайшлі адсюль. Магчыма, нядобра бачыць такое.
Ён гаварыў паволі з цвёрдым расейскім акцэнтам, не адыходзячы ад дзвярэй.
- О божа! - прамармытала фраў Залеўскі і адышла назад. Эрна Бёніг таксама адступіла на некалькі крокаў. Толькі Фрыда імкнулася прабіцца наперад і ўхапіцца за ручку дзвярэй. Арлоў адціснуў яе назад.
- Сапраўды было б лепш... - сказаў ён яшчэ раз.
- Пан! - гаўкнуў раптам скарбнік, выпрастаўшыся. - Што вы сабе дазваляеце! Вы, іншаземец...
Арлоў спакойна зірнуў на яго.
- Іншаземец... - сказаў ён. - Іншаземец... усё роўна. Не ў гэтым справа.
- Што, мёртвы? - прашыпела Фрыда.
- Фраў Залеўскі, - сказаў я, - мне здаецца таксама, што будзе лепш, калі толькі вы застанецеся тут і, можа, Арлоў і я.
- Патэлефануйце адразу лекару, - сказаў Арлоў.
Георгі ўжо зняў слухаўку. Уся падзея не заняла і пяці секунд.
- Я застаюся! - заявіў скарбнік, расчырванеўшыся, як індык. - Як немец я маю права...
Арлоў паціснуў плячыма і зноў адчыніў дзверы. Потым ён уключыў электрасвятло. Жанчыны ўскрыкнулі і падаліся назад. Хасэ вісеў каля акна - твар цёмна-сіні, чорны язык высунуты.
- Адрэзаць, - крыкнуў я.
- Не мае сэнсу, - сказаў Арлоў няспешна, цвёрда і жалобна. - Мне вядома гэта... гэты твар... мёртвы, ужо некалькі гадзін.
- Нам трэба хоць паспрабаваць...
- Лепей - не трэба... спачатку выклікаць паліцыю...
У той самы момант нехта пазваніў. З'явіўся лекар, які жыў побач. Ён кінуў толькі адзін позірк на хударлявае цела.
- Ужо нічога не зробіш, - сказаў ён. - Тым не менш паспрабуем зрабіць штучнае дыханне. Патэлефануйце зараз жа ў паліцыю, а мне дайце нож.
Хасэ павесіўся на тоўстым ружовым шоўкавым шнуры. Гэта быў паясок ад жончынага халата. Ён яго вельмі лоўка прымацаваў да кручка над акном. Шнур быў намылены. Ён, відаць, залез на падаконнік і потым саслізгнуў з яго. Рукі былі сутаргава скручаны, на твар было жахліва глядзець. Дзіўна, але мне кінулася ў вочы, што ён пераапрануў касцюм. Гэта быў яго самы лепшы шарсцяны касцюм. Ён пагаліўся і апрануў чыстую бялізну. На стале былі педантычна раскладзены пашпарт, ашчадная кніжка, чатыры паперкі па дзесяць марак, некалькі манет і два пісьмы - адно жонцы і адно - у паліцыю. Каля пісьма жонцы ляжаў сярэбраны партсігар і шлюбны пярсцёнак.
Відаць, ён перад смерцю доўга думаў і ўсё прывёў у парадак. У пакоі ён старанна прыбраў, і калі мы добра агледзеліся, то знайшлі на камодзе яшчэ крыху грошай і запіску, у якой было напісана: «Канчатковы разлік за кватэру за гэты месяц». Ён паклаў грошы асобна, быццам хацеў паказаць, што яны да смерці не маюць ніякага дачынення.
У дзверы пазванілі, прыйшлі два ў цывільным. Лекар, які ўжо зняў нябожчыка з пятлі, устаў.
- Мёртвы, - сказаў ён. - Самагубства, без усякага сумнення.
Чыноўнікі нічога не адказалі. Яны ўважліва агледзелі пакой, зачыніўшы за сабой дзверы на ключ. Яны дасталі некалькі пісьмаў з шуфляды і параўналі почырк з пісьмамі на стале. Той, што быў маладзейшы, кіўнуў галавой.
- Каму-небудзь вядома прычына?
Я расказаў, што ведаў. Ён зноў паківаў галавой і запісаў мой адрас.
- Можна яго забраць адсюль? - спытаў лекар.
- Я заказаў санітарную машыну з бальніцы Шарытэ, - адказаў малады чыноўнік. - Скора павінны прыйсці.
Чакаючы, усе маўчалі. Лекар укленчыў на падлозе каля Хасэ. Ён расшпіліў усё, што было на ім, і пачаў расціраць яму грудзі ручніком, спрабуючы яго ажывіць. Чутны былі толькі свісцячыя гукі паветра пры ўваходзе і выхадзе з мёртвых лёгкіх.
- Дванаццаты за гэты тыдзень, - сказаў малады чыноўнік.
- Па той самай прычыне? - спытаў я.
- Не. Амаль усе ад беспрацоўя. Дзве сям'і, адна разам з трыма дзецьмі. Вядома, атруціліся газам. Сем'і заўсёды выкарыстоўваюць газ.
Прыйшлі санітары з насілкамі. Сярод іх у пакой пранікла Фрыда. З нейкай адмысловай прагнай цікаўнасцю яна ўзіралася ў вартае жалю цела Хасэ. Яе твар пакрыўся чырвонымі плямамі і потам.
- Што вам тут трэба? - груба спытаў старэйшы чыноўнік.
Яна адхіснулася.
- Я павінна даць паказанні, - прамармытала яна.
- Вон! - сказаў чыноўнік.
Санітары закрылі Хасэ прасцінай і панеслі. За імі пакрочылі і два чыноўнікі, забраўшы з сабой паперы.
- Ён пакінуў грошы на пахаванне, - сказаў малады. - Мы перададзім іх у адпаведнае месца. Калі прыйдзе жонка, скажыце ёй, калі ласка, каб яна звярнулася ў крымінальную паліцыю. Ён завяшчаў ёй грошы. Можа, пакуль што пакінуць тут яго астатнія рэчы?
Фраў Залеўскі кіўнула.
- Цяпер ужо пакой усё роўна не здасі.
- Выдатна.
Чыноўнік развітаўся і пайшоў. Мы таксама выйшлі. Арлоў замкнуў дзверы і аддаў ключ фраў Залеўскі.
- Лепш паменей гаварыць пра ўсё гэта, - сказаў я.
- І я так думаю, - сказала фраў Залеўскі.
- Я найперш маю на ўвазе вас, Фрыда, - дадаў я.
Фрыда быццам ачнулася. Вочы ў яе блішчалі. Яна не адказала ні слова.
- Калі вы хоць слова скажаце фройляйн Хольман, - сказаў я, - тады барані вас бог!
- Сама ведаю, - адказала яна задзірліва. - Бедная дама і без таго хворая!
Яе вочы гарэлі. Я мусіў узяць сябе ў рукі, каб не заехаць ёй у вуха.
- Бедны Хасэ! - сказала фраў Залеўскі.
У калідоры было зусім цёмна.
- Вы гаварылі з графам Арловым даволі груба, - сказаў я скарбніку. - Вы не хочаце папрасіць у яго прабачэння?
Стары ўтаропіўся на мяне. Потым ён вымавіў праз зубы:
- Немец не просіць прабачэння! Тым больш - у азіята! - Ён гучна грукнуў за сабой дзвярыма.
- Што ж гэта робіцца з гэтым нявылегчаным філатэлістам? - здзіўлена спытаў я. - Ён жа заўсёды быў свойскі, як авечка.
- Ужо некалькі месяцаў, як ён бегае на перадвыбарчыя сходы, - адказаў з цемры Георгі.
- Вось як!
Арлоў і Эрна Бёніг ужо пайшлі. Фраў Залеўскі раптам заплакала.
- Не бярыце так блізка да сэрца, - сказаў я. - Ужо нічога не зменіш.
- Жахліва, - хліпала яна. - Мне трэба выязджаць адсюль, я гэтага не перажыву.
- Перажывяце, - сказаў я. - Я аднойчы бачыў некалькі соцень нябожчыкаў - ангельцаў, атручаных газам. І перажыў.
Я падаў руку Георгі і пайшоў у свой пакой. Там было цёмна. Перш чым уключыць святло, я міжволі глянуў на акно. Потым я прыслухаўся, што робіцца ў пакоі Пат. Яна спала. Я падышоў да буфета, дастаў бутэльку каньяку і наліў сабе чарку. Гэта быў добры каньяк, і добра было, што ён у мяне быў. Я паставіў бутэльку на стол. Апошні раз з гэтай бутэлькі піў Хасэ. Я думаў пра тое, што лепш было б яго не пакідаць аднаго. Я быў прыгнечаны, але мне не было ў чым папракнуць сябе. Я столькі перажыў усяго ўсякага, што ведаў: трэба ці папракаць сябе за ўсё зробленае, ці ні за што. Няшчасце Хасэ заключалася ў тым, што ўсё гэта здарылася ў нядзелю. У будні дзень ён пайшоў бы на працу і, магчыма, неяк вытрываў бы.
Я выпіў яшчэ чарку. Не было сэнсу пра гэта думаць. Хто ведае, што чакае цябе самога. Ніхто не ведае, ці не палічыць ён за шчасліўчыка таго, каго цяпер так шкадуе.
Я пачуў, як Пат заварушылася, і пайшоў да яе. Яна сустрэла мяне вачыма.
- Не ведаю, што са мной робіцца, Робі, - сказала яна. - Я зноў заснула мёртвым сном.
- Гэта ж добра, - адказаў я.
- Не. - Яна абаперлася на локці. - Я не хачу так шмат спаць.
- А чаму? Бывае, што мне хочацца заснуць і праспаць пяцьдзесят гадоў.
- Але ж ты не хочаш пастарэць на пяцьдзесят гадоў!
- Не ведаю. Гэта можна было б сказаць толькі потым.
- Ты засумаваў? - спытала яна.
- Не, - сказаў я. - Наадварот. Я толькі што вырашыў, што мы апранемся, пойдзем і выдатна павячэраем. Будзе ўсё, што ты любіш. І крышку вып'ем.
- Вельмі добра, - адказала яна. - Ці не звязана гэта з нашым вялікім банкруцтвам?
- Вядома, - сказаў я. - Гэта адно з адным звязана.
XXІ
У сярэдзіне кастрычніка Жафэ запрасіў мяне да сябе. Было дзесяць гадзін раніцы, але надвор'е было такое хмурнае, што ў клініцы яшчэ гарэла святло. Змешваючыся з туманным змрокам з вуліцы, яно ўтварала невыразнае, хваравітае свячэнне.
Жафэ сядзеў адзін у вялікім кабінеце для прыёму пацыентаў. Калі я ўвайшоў, ён падняў лысую бліскучую галаву. Ён нявесела паказаў на вялікае акно, у якое барабаніў дождж.
- Як вам падабаецца гэтае сабачае надвор'е?
Я паціснуў плячыма.
- Будзем спадзявацца, што скора пераменіцца.
- Не пераменіцца.
Ён зірнуў на мяне і замоўк. Потым ён узяў са стала аловак, паўзіраўся на яго, пастукаў ім па стале і зноў адклаў убок.
- Я здагадваюся, чаго вы мяне паклікалі, - сказаў я.
Жафэ штосьці прабурчаў.
Я хвілінку пачакаў. Потым сказаў:
- Мусіць, Пат трэба скора ехаць...
- Трэба...
Жафэ са злосцю глядзеў у адну кропку.
- Я планаваў на канец кастрычніка. Але пры такім надвор'і... - Ён узяў серабрысты аловак.
Вецер з шумам кінуў у шыбіну прыгаршчы дажджу. Гук быў як ад дальняй кулямётнай чаргі.
- Калі, на вашу думку, ёй трэба ехаць? - спытаў я.
Ён раптам адкрыта глянуў на мяне.
- Заўтра, - сказаў ён.
На секунду я страціў грунт пад нагамі. Паветра зрабілася ватным і засела ў лёгкіх. Потым спазмы прайшлі, і я спытаў па магчымасці спакойна, але голас мой прагучаў, быццам ён належаў іншаму:
- Няўжо адразу так пагоршала?
Жафэ моцна затрос галавой і ўстаў.
- Калі б так хутка пагоршала, яна не паехала б зусім, - растлумачыў ён незадаволена. - Але так будзе лепш. Пры гэткім надвор'і кожны дзень небяспечны. Прастуда ці яшчэ што...
Ён узяў са стала некалькі пісьмаў.
- Я ўжо ўсё падрыхтаваў. Вам застаецца толькі завезці яе. З галоўным лекарам санаторыя я знаёмы яшчэ са студэнцкіх часоў. Ён вельмі сумленны. Я яго інфармаваў пра ўсё.
Ён даў мне пісьмы. Я ўзяў іх, але не хаваў. Ён паглядзеў на мяне, потым падышоў і паклаў мне руку на плячо. Рука была лёгкая, як птушынае крыло, яе дотыку я нават не адчуў.
- Цяжка, - сказаў ён ціха, іншым тонам, - я ведаю. Таму я і чакаў, пакуль было можна.
- Не цяжка, - адказаў я.
Ён махнуў рукой.
- Не трэба...
- Не, - сказаў я. - Я не тое меў на ўвазе. Я хачу ведаць толькі адно: яна вернецца?
Жафэ хвілінку памаўчаў.
Яго цёмныя вузкія вочы паблісквалі ў змрочным жаўтлявым святле.
- Чаму вы хочаце ведаць гэта зараз? - спытаў ён праз хвіліну.
- Таму што тады ёй не варта і ехаць, - сказаў я.
Ён хутка зірнуў на мяне.
- Што вы гаворыце?
- Тады ёй лепш заставацца тут.
Ён утаропіўся на мяне.
- Вам вядома, што гэта несумненна азначала б? - спытаў ён ціха і рэзка.
- Вядома, - сказаў я. - Гэта азначала б, што яна памрэ не ў адзіноце. А што гэта такое, мне вядома таксама.
Жафэ падняў плечы, быццам яму зрабілася холадна. Потым ён няспешна падышоў да акна і паглядзеў на дождж. Калі ён вярнуўся, яго твар ператварыўся ў маску. Ён падышоў блізка да мяне і спыніўся.
- Колькі вам год? - спытаў ён.
- Трыццаць, - адказаў я.
Я не зразумеў, чаго ён хоча.
- Трыццаць, - паўтарыў ён дзіўным голасам, быццам гаворачы з самім сабой. Мяне ён як і не пачуў. - Божа мой, трыццаць!
Ён падышоў да пісьмовага стала і спыніўся. Ён здаваўся маленькім, ён пазіраў дзіўным позіркам, быццам ён згубіўся сярод буйной паліраванай мэблі.
- Мне ўжо скора будзе шэсцьдзесят, - сказаў ён, не гледзячы на мяне. - Але я так не змог бы. Я ўвесь час шукаў бы паратунку, увесь час, любой цаной, нават каб ведаў, што ўсё дарма.
Я маўчаў. Жафэ стаяў з такім тварам, быццам ён забыў пра ўсё на свеце. Потым ён зварухнуўся, і яго твар перамяніўся. Ён заўсміхаўся.
- Я ўпэўнены, што яна выдатна перазімуе там.
- Толькі перазімуе? - спытаў я.
- Спадзяюся, што вясной зможа вярнуцца.
- Спадзявацца... - сказаў я. - Што гэта значыць - спадзявацца?
- Усё, - адказаў Жафэ. - Толькі спадзявацца. Цяпер я вам больш нічога сказаць не магу. Усё астатняе - магчыма. Трэба паглядзець, як пойдуць справы ў санаторыі. Але ў мяне цвёрдая надзея, што вясной яна вернецца.
- Напэўна?
- Напэўна.
Ён абышоў вакол стала і так моцна штурхнуў нагой высунутую шуфляду, што аж посуд зазвінеў.
- Д'ябал забяры! Зразумейце ж вы, дзівак, што і мне вельмі важна, каб яна вярнулася.
Увайшла сястра. Жафэ жэстам адаслаў яе. І ўсё-такі яна спынілася - прысадзістая, няўклюдная, з тварам бульдога і сівымі валасамі.
- Потым! - буркнуў Жафэ. - Прыйдзіце потым!
Сястра злосна павярнулася. Выходзячы, яна выключыла святло. У памяшканні ўжо быў шэра-малочны дзень. Твар Жафэ раптам аказаўся вельмі бледны.
- Старая вядзьмарка! - сказаў ён. - Ужо дваццаць гадоў я збіраюся прагнаць яе. Занадта старанная. - Потым ён павярнуўся да мяне: - Ну як?
- Мы выязджаем сёння, - сказаў я.
- Сёння?
- Сёння. Калі ўжо так трэба, то лепш сёння, чым заўтра. Я завязу яе. На некалькі дзён змагу адлучыцца.
Ён кіўнуў галавой і падаў мне руку.
Я пайшоў. Шлях да дзвярэй здаўся мне вельмі доўгім.
На вуліцы я спыніўся. Я заўважыў, што пісьмы ўсё яшчэ трымаю ў руцэ. Дождж забарабаніў па паперы. Я выцер пісьмы і паклаў у нагрудную кішэнь. Потым азірнуўся. Перад домам якраз спыніўся аўтобус. Ён быў поўны, з яго вывалілася куча людзей. Некалькі дзяўчат у чорных бліскучых плашчах з вясёлым смехам размаўлялі з кандуктарам. Ён быў малады, белыя зубы асвятлялі яго смуглявы твар. «Гэта ж ненармальна, - думаў я. - Гэтага не можа быць! Столькі жыцця, а Пат павінна памерці!»
Кандуктар даў званок, і аўтобус паехаў. З-пад яго колаў пырснула вада на тратуар. Я пайшоў, каб расказаць пра ўсё Кёстэру і купіць білеты.
Аполудні я прыйшоў дадому. Усе справы былі вырашаны. Я нават даў тэлеграму ў санаторый.
- Пат, - сказаў я адразу ад парога, - ты можаш да вечара ўпакаваць усё?
- Трэба ехаць?
- Трэба, - сказаў я. - Трэба, Пат.
- Адной?
- Не. Мы паедзем разам. Я завязу цябе.
Твар яе пасвятлеў.
- Колькі ў мяне часу на зборы? - спытала яна..
- Цягнік адпраўляецца ў дзесяць вечара.
- А ты яшчэ пойдзеш з дому?
- Не. Я тут буду да ад'езду.
Яна глыбока ўздыхнула.
- Тады ўсё вельмі проста, Робі, - сказала яна. - Пачнём?
- Час яшчэ ёсць.
- Я хачу пачаць зараз жа. Каб раней закончыць.
- Добра.
Я хутка ўпакаваў у чамаданы некалькі рэчаў, якія трэба было ўзяць з сабой, і праз паўгадзіны справіўся. Потым я пайшоў да фраў Залеўскі і сказаў ёй, што мы ўвечары едзем. Я з ёй дамаўляўся, што з першага лістапада ці нават раней яна зможа здаваць пакой. Яна хацела ўцягнуць мяне ў працяглую размову, але я хутка пайшоў.
Пат стаяла, укленчыўшы над чамаданам, усюды звісалі яе сукенкі, на ложку ляжала бялізна. Цяпер яна пакавала абутак. Мне ўспомнілася, што калі яна пераехала сюды і распакоўвалася, то гэтаксама стаяла на каленях, і мне здалося, што гэта было бясконца даўно і быццам учора. Яна ўскінула на мяне позірк.
- Ты бярэш серабрыстую сукенку? - спытаў я.
Яна кіўнула галавой.
- А што мы зробім з астатнімі рэчамі, Робі? З мэбляй?
- Я ўжо перагаварыў з фраў Залеўскі. Усё, што можна, я перанясу ў свой пакой. Што застанецца, мы перададзім на захаванне. Забяром, калі ты вернешся.
- Калі я вярнуся, - сказала яна.
- Так, - пацвердзіў я. - Калі ты вернешся вясной, уся загарэлая.
Я дапамог ёй пакаваць рэчы, і пад вечар, калі ўжо пачало цямнець, мы былі гатовы. Дзіўна: усе прадметы стаялі на тых самых месцах, толькі шафы апусцелі, і ўсё роўна пакой здаўся мне пустым і сумным. Пат села на свой ложак. Выгляд у яе быў змораны.
- Уключыць святло? - спытаў я.
Яна адмоўна пахітала галавой.
- Пакуль што не трэба.
Я прысеў каля яе.
- Хочаш цыгарэту?
- Не, Робі. Толькі крыху пасядзець.
Я ўстаў і пайшоў да акна. Прыцемненыя дажджом, ліхтары трывожна мігцелі. У дрэвах корпаўся вецер. Унізе няспешна прайшла Роза. Яе высокія боты блішчалі. Пад пахай яна несла скрутак. Яна ішла ў бок «Інтэрнацыяналя». Магчыма, яна несла з сабой вязанне, каб звязаць дачцэ нешта цёплае: Следам за ёй ішлі Фрыцы і Марыон. Абедзве былі апрануты ў новыя белыя прыталеныя плашчы, а праз нейкую хвіліну за імі, нібы крадком, адзінокая і змораная, пратэпала Мімі.
Я адвярнуўся. Сцямнела так, што я не бачыў Пат. Я толькі чуў яе дыханне. За дрэвамі могілак няспешна і цьмяна паўзлі ўверх агні рэклам. Чырвоны радок рэкламы цыгарэт цягнуўся над дамамі, нібы стракатая ордэнская стужка, заіскрыліся сінія і смарагдава-зялёныя кругі вінаробчых фірмаў, загарэліся светлыя контуры рэкламы швейных вырабаў. Іх бляклае размытае святло пранікала праз вокны на сцены і столь, яно мігатліва перамяшчалася, і пакой раптам здаўся мне закінутым вадалазным каўпаком на дне мора, вакол якога шумяць дажджавыя хвалі, а зверху, праз тоўшчу вады прабіваецца слабы водбліск стракатага свету.
Было восем гадзін вечара. З вуліцы пачуўся гук клаксона.
- Гэта Готфрыд на таксі, - сказаў я. - Ён павязе нас павячэраць.
Я ўстаў, падышоў да акна і крыкнуў, што мы ідзём. Потым я ўключыў настольную лямпу і накіраваўся ў свой пакой. Ён мне здаўся непазнавальна чужым. Я дастаў бутэльку рому і хуценька выпіў чарку. Потым я сеў у крэсла і ўтаропіўся на шпалеры. Праз хвіліну я зноў устаў і пайшоў да ўмывальніка прычасацца. Але ўбачыўшы свой твар у люстэрку, я забыўся пра свой намер. Я разглядаў сябе з халоднай цікаўнасцю. Я скрывіў вусны і ўсміхнуўся сам сабе. У адказ я ўбачыў нацягнутую бледную ўсмешку.
- Здароў, - моўчкі сказаў я. Потым вярнуўся да Пат.
- Пайшлі, сябрук? - спытаў я.
- Пайшлі, - сказала яна. - Але я хачу яшчэ раз зазірнуць у твой пакой.
- Навошта? - здзівіўся я. - Старая буда...
- Пачакай, -сказала яна. -Я зараз вярнуся.
Я крыху пачакаў, а потым пайшоў за ёй. Яна стаяла пасярэдзіне пакоя і, убачыўшы мяне, уздрыгнула. Я ніколі не бачыў яе такой. Яна была зусім пагаслая. Але гэта цягнулася толькі секунду, потым яна зноў заўсміхалася.
- Пайшлі, - сказала. - Цяпер можна адпраўляцца.
Каля кухні нас чакала фраў Залеўскі. Яе сівыя локаны калыхаліся. На чорнай шаўковай сукенцы свяцілася брошка з картачкай нябожчыка Залеўскага.
- Сцеражыся! - шапнуў я Пат. - Яна будзе цябе абдымаць.
У наступны момант Пат ужо знікла, патануўшы ў агромністым бюсце. Над ёй сутаргава крывіўся вялізны твар. Яшчэ некалькі секунд, і Пат бясследна прапала б. Калі матухна Залеўскі плакала, у вачах яе быў ціск, як у сіфонах.
- Прабачце, - сказаў я. - Мы спяшаемся. Нам пара!
- Пара? - Фраў Залеўскі змерыла мяне знішчальным позіркам. - Цягнік адпраўляецца праз дзве гадзіны! За гэты час вы, відаць, хочаце напаіць беднае дзіця?
Пат не стрымалася ад смеху.
- Не, фраў Залеўскі. Нам жа трэба развітацца з сябрамі.
Матухна Залеўскі з недаверам пахітала галавой.
- Вы паглядаеце на гэтага маладога чалавека як у залаты гаршчок, фройляйн Хольман. А ён не больш чым пазалочаная бутэлька.
- Выдатны вобраз, - сказаў я.
- Дзіця маё! - фраў Залеўскі зноў захвалявалася. - Вяртайцеся хутчэй! Пакой чакае вас заўжды! Калі б там аказаўся нават кайзер, я выселіла б яго дзеля вас!
- Сардэчна дзякую, фраў Залеўскі, - сказала Пат. - Вялікі дзякуй за ўсё. І за варажбу. Я ўсё буду помніць.
- Добра. Адпачывайце і папраўляйцеся на здароўе.
- Вядома, - адказала Пат. - Паспрабую. Да пабачэння, фраў Залеўскі. Да пабачэння, Фрыда.
Мы пайшлі. Дзверы калідора стукнулі за намі. На лесвічнай пляцоўцы панаваў паўзмрок - некалькі лямпачак перагарэла. Пат моўчкі, ціха і мякка ступаючы, спускалася па лесвіцы. У мяне было такое адчуванне, быццам скончыўся водпуск і мы цяпер шэрым ранкам ідзём на вакзал, каб адправіцца на фронт.
Ленц адчыніў дзверцы таксі.
- Асцярожна! - сказаў ён.
Машына ўся была запоўнена ружамі. Два вялізныя букеты белых і чырвоных бутонаў ляжалі на задніх сядзеннях. Я адразу пазнаў, адкуль яны - з царкоўнага кветніка.
- Апошнія! - заявіў Готфрыд самазадаволена. - Запатрабавалі пэўных намаганняў. Давялося правесці даволі працяглую дыскусію пра іх са святаром.
- У яго светлыя дзіцячыя вочкі? - спытаў я.
- Ага, значыць, гэта быў ты, брат! - адказаў Готфрыд. - Значыць, ён расказваў мне пра цябе. Бедалага быў вельмі расчараваны, калі зразумеў, што ў цябе за малітвы. А яму ўжо здалося, што набожнасць мужчынскай часткі насельніцтва зноў пайшла ўгору.
- Няўжо ён цябе так і выпусціў з кветкамі? - спытаў я.
- Мы з ім паразмаўлялі. А потым ён дапамог мне нарэзаць ружаў.
Пат засмяялася.
- Няўжо праўда?
Готфрыд усміхнуўся.
- Вядома. Карціна была казачная: духоўны айцец скача ў паўзмроку, каб дастаць самыя высокія галінкі. Яго апанаваў спартовы азарт. Расказваў мне, што раней, у гімназіі, быў добрым футбалістам. Здаецца, правым нападаючым.
- Ты спакусіў пастара на крадзеж, - сказаў я. - Гэта абыдзецца табе ў пару сотняў гадкоў пекла. А дзе Ота?
- Ён ужо ў Альфонса. Мы ж ідзём вячэраць да Альфонса?
- Ну, вядома, - сказала Пат.
- Дык наперад!
У Альфонса нам падалі шпігаванага зайца з чырвонай капустай і печанымі яблыкамі. На заканчэнне вячэры ён паставіў на патэфон пласцінку з хорам данскіх казакоў. Гэта была вельмі ціхая песня, хор вёў яе стрымана, як далёкі арган, а над ім плыў адзінокі светлы голас. Мне здалося, быццам нячутна адчыніліся дзверы, у пакой увайшоў стары змораны чалавек, моўчкі сеў за столік і заслухаўся песняй сваёй маладосці.
- Дзеці, - сказаў Альфонс, калі хор, паступова заціхаючы, лёгка выдыхнуў апошні гук. - Дзеці, вы ведаеце, пра што я заўсёды думаю, калі чую гэтую песню? Пра Іпр. Памятаеш, Готфрыд, сакавік 1917 года, вечар з Бертэльсманам?
- Так, - сказаў Ленц, - я ўсё помню, Альфонс... Вечар і вішнёвыя дрэвы...
Альфонс кіўнуў.
Кёстэр устаў.
- Здаецца, пара. - Ён зірнуў на гадзіннік. - Трэба ехаць.
- Па чарцы каньяку, - сказаў Альфонс. - Сапраўднага «Напалеона». Я ж прынёс яго спецыяльна для вас.
Мы выпілі каньяк і падняліся.
- Да пабачэння, Альфонс! - сказала Пат. - Я так любіла бываць тут. - Яна падала яму руку.
Альфонс зачырванеўся. Ён сціснуў яе даланю ў сваіх лапах.
- Ну, калі што якое... проста дайце знаць. - Ён глядзеў на яе разгублена. - Вы цяпер належыце да нас. Ніколі не падумаў бы, што жанчына можа стаць сваім хлопцам.
- Дзякую, - сказала Пат. - Дзякую, Альфонс. Вы сказалі мне самае прыемнае, што толькі можна. Да пабачэння і ўсяго найлепшага.
- Да пабачэння! Да хуткага!
Кёстэр з Ленцам павезлі нас на вакзал. Перад нашым домам мы на хвілінку спыніліся, і я прывёў сабаку. Чамаданы Юп ужо завёз на вакзал.
Мы прыехалі на вакзал у самы раз. Ледзь паспелі сесці ў вагон, як цягнік адправіўся. Ужо лакаматыў зрушыў з месца, калі Готфрыд выцягнуў з кішэні і падаў мне закручаную ў паперу бутэльку.
- Вось, Робі, вазьмі. У дарозе заўсёды можа спатрэбіцца.
- Дзякую, - сказаў я. - Лепш выпіце сёння самі, хлопцы. Я прыхапіў з сабой тое-сёе.
- Вазьмі;- не пагадзіўся Ленц. - Лішняя не будзе.
Ён, ідучы побач з цягніком, які рухаўся, кінуў мне бутэльку.
- Да пабачэння, Пат! - крыкнуў ён. - Калі мы тут прагарым, то ўсе разам прыедзем да вас. Ота будзе лыжнікам, я - настаўнікам танцаў, а Робі - піяністам. Разам з вамі мы ўтворым трупу і пойдзем ад гатэля да гатэля.
Цягнік набраў хуткасць. Готфрыд адстаў. Пат высунулася з акна, махаючы рукой, пакуль вакзал не знік за паваротам. Потым павярнулася да мяне. Яна была вельмі бледная, у яе вачах бліснулі слёзы. Я абняў яе.
- Хадзем, - сказаў я. - Вып'ем кроплю. Ты трымалася цудоўна.
- Але на душы ў мяне зусім не цудоўна, - адказала яна, спрабуючы ўсміхнуцца.
- Як і ў мяне, - сказаў я. - Вось таму мы і вып'ем.
Я адкаркаваў бутэльку і наліў ёй шкляначку каньяку.
- Добра? - спытаў я.
Яна кіўнула і прыхілілася да майго пляча.
- Ах, мілы, што толькі будзе?
- Не трэба плакаць, - сказаў я. - Я так ганаруся, што ты не заплакала, ніводнага разу за дзень.
- Я і не плачу, - адказала яна і заматала галавой, а слёзы каціліся па яе вузкім твары.
- Давай, выпі яшчэ крыху, -гаварыў я, трымаючы яе ў абдымках. - Трэба перажыць толькі першы момант, потым будзе лягчэй.
Яна кіўнула.
- Так, Робі. І ты не турбуйся. Зараз усё пройдзе, і стане лягчэй, толькі ты не глядзі на мяне. Пакінь на некалькі хвілін мяне адну, і я спраўлюся з сабой.
- Але чаму? Увесь дзень ты трымалася так мужна... Цяпер ты можаш паплакаць, колькі табе захочацца.
- Я трымалася зусім не мужна. Ты толькі не заўважыў.
- Магчыма, - сказаў я. - Але ў тым і ёсць мужнасць.
Яна паспрабавала ўсміхнуцца.
- У чым мужнасць, Робі?
- У тым, што не здаешся. - Я пагладзіў яе па валасах. - Пакуль не здаешся, ты - над лёсам.
- У мяне гэта не мужнасць, мілы, - прамармытала яна. - Гэта проста страх. Нікчэмны страх перад вялікім, апошнім страхам.
- Гэта самая вялікая мужнасць, Пат.
Яна прыхілілася да мяне.
- Ах, Робі, ты зусім не ведаеш, што такое страх.
- Ведаю, - сказаў я.
Дзверы адчыніліся. Праваднік папрасіў білеты. Я падаў.
- Білет у спальны вагон - для дамы? - спытаў ён.
Я кіўнуў.
- Тады вам трэба перайсці ў спальны, - сказаў ён Пат. - У іншыя вагоны білет не годны.
- Добра.
- А сабаку трэба здаць у багажны вагон, - заявіў ён. - Там - купэ для сабакі.
- Выдатна, - сказаў я. - А дзе спальны вагон?
- Справа - трэці. Багажны - самы першы.
Ён пайшоў. У яго на грудзях матляўся маленькі ліхтарык. Быццам ён ішоў па шахце.
- Трэба перабірацца, Пат, - сказаў я. - Білі я перапраўлю да цябе кантрабандай. У багажным яму няма чаго рабіць.
Сабе я не купіў білета ў спальны вагон. Мне нічога не значыла праседзець ноч у куточку купэ. Ды і дзешавей так.
Юп ужо занёс чамаданы Пат у спальны вагон. Маленькае зграбнае купэ было аздоблена чырвоным дрэвам.
У Пат было ніжняе месца. Я спытаў правадніка, ці занята верхняе.
- Будзе занята, - сказаў ён. - Ад Франкфурта.
- У колькі мы будзем у Франкфурце?
- А палове трэцяй.
Я даў яму «гасцінца», і ён вярнуўся ў свой куток.
- Праз паўгадзіны мы з сабакам зноў будзем у цябе, - сказаў я Пат.
- Але ж нельга, праваднік застаецца ў вагоне.
- Можна. Не замыкай дзверы.
Я пайшоў назад міма правадніка. Ён зірнуў на мяне. На наступнай станцыі мы з сабакам выйшлі і на пероне міма спальнага вагона перайшлі ў наступны. Тут я пачакаў, пакуль праваднік выйшаў, каб паразмаўляць з машыністам. Потым я зноў падняўся, прайшоў праз вагон да купэ Пат. Ніхто мяне не ўбачыў.
У белым мяккім халаце яна выглядала вельмі прыгожа. Яе вочы гарэлі.
- Я ўжо зусім супакоілася, Робі, - сказала яна.
- Добра. Але ці не прылегчы табе? Тут вельмі цесна. Тады я прысяду каля цябе.
- Добра, але... - Яна павагалася і паказала на верхняе месца. - Калі раптам адчыняцца дзверы і перад намі з'явіцца прадстаўніца Саюза выратавання паўшых дзяўчат?
- Да Франкфурта яшчэ далёка, - сказаў я. - Я буду напагатове. Я не засну.
Перад самым Франкфуртам я перайшоў у сваё купэ. Я сеў у куток каля акна і паспрабаваў заснуць. Але ў Франкфурце ў купэ з'явіўся чалавек з вусамі, як у цюленя. Ён адразу штосьці дастаў з чамадана і пачаў есці. Ён еў так старанна, што я не мог заснуць. Сілкаванне працягвалася амаль гадзіну. Потым цюлень выцер вусы, улёгся і пачаў канцэрт, якога я не чуў ад роду. Гэта быў не проста храп, гэта былі ўздыхі з падвываннем, якія перарываліся раптоўнымі стогнамі і працяглым булькатаннем. Я не мог ва ўсім гэтым вызначыць ніякай сістэмы, так усё было разнастайна. На шчасце, а палове шостай чалавек выйшаў.
Калі я прачнуўся, за акном усё было бялюткае. Снег падаў буйнымі шматамі. Купэ патанула ў нерэальным паўзмроку. Мы ўжо ехалі паміж гор. Было каля дзевяці гадзін. Я пацягнуўся і пайшоў мыцца і галіцца. Вярнуўшыся, я ўбачыў у купэ Пат. Выгляд у яе быў свежы.
- Добра паспала? - спытаў я.
Яна кіўнула галавой.
- А кім аказалася старая спірытыстка - суседка па купэ?
- Яна маладая і прыгожая. Яе завуць Хэльга Гутман. Яна едзе, як і я, у санаторый.
- Сапраўды?
- Праўда, Робі. Але ты не выспаўся, па табе бачна. Табе трэба добра паснедаць.
- Кавы, - сказаў я. - Кавы з вішнёвай настойкай.
Мы пайшлі ў вагон-рэстаран. Раптам настрой мой падняўся. Усё ідзе не так дрэнна, як здавалася ўчора.
Хэльга Гутман ужо сядзела за столікам. Гэта была статная вясёлая дзяўчына паўднёвага тыпу.
- Дзіўна, - сказаў я, - што так супала - вы едзеце ў адзін санаторый.
- Нічога асаблівага, - адказала яна.
Я глянуў на яе. Яна засмяялася.
- У гэты час пералётныя птушкі зноў збіраюцца ў гурт... Там... - яна паказала на куток рэстарана, - там увесь столік едзе туды.
- Адкуль вы ведаеце? - спытаў я.
- Я іх ведаю з мінулага года. Там усе знаюць адзін аднаго.
Афіцыянт прынёс каву.
- Прынясіце мне яшчэ да кавы двайную порцыю вішнёвай настойкі, - сказаў я.
Мне трэба было крыху выпіць. Раптам усё стала так проста. Вунь сядзяць людзі і едуць у санаторый нават другі раз, і здавалася, што гэтая паездка для іх - проста прагулка. Глупства - так баяцца. Пат вернецца, як вярталіся дадому ўсе гэтыя людзі. Я не падумаў, што ўсе гэтыя людзі ехалі туды зноў. Дастаткова было ведаць, што адтуль можна вярнуцца і жыць яшчэ цэлы год. Наша мінулае навучыла нас не забягаць у думках далёка наперад.
Мы прыехалі пад вечар. Неба раз'яснілася, сонца пасылала залацістыя промні на заснежаныя палі, а неба было такое блакітнае, якога не было ўжо некалькі тыдняў. На вакзале было шмат сустракаючых. Яны віталі тых, хто прыехаў, махалі ім хусцінкамі, а з цягніка ім адказвалі пасажыры. Хэльгу сустрэла вясёлая жанчына-бландзінка і два мужчыны ў светлых штанах-гольф. Яна ўсхвалявана замітусілася, быццам пасля працяглай разлукі вярнулася дамоў.
- Да пабачэння, - потым, наверсе! - крыкнула яна нам і села са сваімі сябрамі ў вазок.
Людзі хутка разышліся, і праз некалькі хвілін мы засталіся на пероне адны. Да нас падышоў насільшчык.
- У які гатэль? - спытаў ён.
- У санаторый «Лясны спакой», - адказаў я.
Ён кіўнуў і даў знак фурману. Яны пагрузілі чамаданы ў блакітны вазок, запрэжаны двума канямі. На іх галовах былі султаны са стракатых пёраў, і пара з іх храпаў ахутвала пысы перламутравым воблакам. Мы селі.
- Хочаце падняцца наверх па канатнай дарозе ці ў санях? - спытаў фурман.
- Ці далёка на санях?
- Паўгадзіны.
- Тады на санях.
Фурман шчоўкнуў языком, і мы паехалі. Дарога вывела з вёскі і спіраляй закруцілася ўверх. Санаторый быў на гары па-над вёскай. Доўгі белы будынак са шматлікімі вокнамі на балконы. Слабы вецер гайдаў сцяг над будынінай. Я думаў, што ўбачу нешта накшталт бальніцы. Але санаторый быў больш падобны, ва ўсякім разе на першым паверсе, да гатэля. У холе гарэў камін. На некалькіх століках стаяў чайны посуд.
Мы адзначыліся ў рэгістратуры. Работнік занёс нашы чамаданы, і дама ў гадах растлумачыла нам, што Пат будзе жыць у пакоі 79. Я спытаў, ці нельга мне атрымаць пакой на некалькі дзён. Яна пахітала галавой.
- У санаторыі нельга. Магчыма, у флігелі.
- А дзе ён?
- Тут побач.
- Добра, - сказаў я. - Тады дайце мне пакой і скажыце, каб занеслі мой чамадан.
У бясшумным ліфце мы падняліся на трэці паверх. Наверсе, праўда, усё нагадвала бальніцу. Хоць і вельмі камфартабельную, ды ўсё ж бальніцу. Белыя калідоры, белыя дзверы, усюды бляск шкла, нікелю і чысціні. Нас сустрэла старшая сястра.
- Фройляйн Хольман?
- Так, - сказала Пат, - пакой 79?
Старшая сястра кіўнула, пайшла наперад і адчыніла дзверы.
- Вось ваш пакой.
Гэта было светлае, сярэдняй велічыні памяшканне, у якое праз шырокае акно свяціла вечаровае сонца. На стале стаяў букет жоўтых і чырвоных астраў, а за акном прасціраліся светлыя заснежаныя палі, у якія вёска хуталася, як у вялізную мяккую коўдру.
- Табе падабаецца? - спытаў я Пат.
Яе позірк на імгненне спыніўся на мне.
- Падабаецца, - сказала яна потым.
Работнік прынёс чамаданы.
- Калі мне прыйсці на абследаванне? - спытала яна сястру.
- Заўтра раніцай. Сёння вам лепш раней легчы спаць, каб як след адпачыць.
Пат скінула з сябе плашч і паклала яго на белы ложак, на якім вісеў чысты тэмпературны ліст.
- У пакоі няма талефона? - спытаў я.
- Ёсць разетка, - сказала сястра. - Тэлефон можна ўстанавіць.
- Што я павінна яшчэ зрабіць? - спытала Пат.
Сястра пахітала галавой.
- Сёння нічога. Толькі заўтра пасля абследавання будзе прызначана лячэнне. Абследаванне - у дзесяць. Я прыйду па вас.
- Дзякую, сястра.
Сястра выйшла. Работнік яшчэ стаяў каля дзвярэй. Я даў яму «гасцінца». Ён пайшоў таксама. У пакоі стала раптам вельмі ціха. Пат глядзела ў акно. Яе галава ў бляску святла здавалася чорнай.
- Ты замарылася? - спытаў я.
Яна павярнулася.
- Не.
- У цябе змораны выгляд, - сказаў я.
- У мяне іншая змора, Робі. Але на адпачынак у мяне яшчэ хопіць часу.
- Ты хочаш пераапрануцца? - спытаў я. - Ці спусцімся спачатку на гадзінку ўніз? Мне здаецца, будзе лепш, калі мы яшчэ спусцімся.
- Добра, - сказала яна. - Так будзе лепш.
На бясшумным ліфце мы з'ехалі ўніз і селі за маленькі столік у холе. Праз хвілінку да нас падышла Хэльга Гутман з сябрамі. Яны селі за наш столік. Хэльга была ўзбуджаная і крыху ненатуральна вясёлая, але я быў рады, што яна была з намі і што ў Пат ужо з'явілася некалькі знаёмых. Заўсёды цяжка перажыць першы дзень.
XXІІ
Праз тыдзень я вярнуўся. Ад вакзала пайшоў адразу ў майстэрню. Калі я прыйшоў, ужо сцямнела, яшчэ ішоў дождж, і мне здавалася, што мінуў год, як я адвёз Пат. Кёстэр і Ленц сядзелі ў канторы.
- Ты прыйшоў у самы час, - сказаў Готфрыд.
- А што здарылася? - спытаў я.
- Дай яму аддыхнуць з дарогі, - сказаў Кёстэр.
Я сеў.
- Як справы ў Пат? - спытаў Ота.
- Добра. Наколькі можа быць добра. Але скажыце мне, што тут здарылася.
Гаворка пайшла пра машыну, якую мы забралі пасля аварыі. Мы яе адрамантавалі і вярнулі тыдні два назад. І вось Кёстэр учора пайшоў па плату. Але гаспадар машыны за гэты час збанкрутаваў. Машына прадаецца з аўкцыёну, разам з усёй маёмасцю.
- Нічога страшнага, - сказаў я. - Мы маем справу толькі са страхавой кампаніяй.
- І мы так думалі, - суха заявіў Ота. - Але машына не застрахавана.
- Д'ябал! Няўжо праўда, Ота?
Кёстэр кіўнуў.
- Толькі сёння даведаўся.
- А мы цацкаліся з гэтым братам, як сёстры міласэрнасці, і яшчэ пабіліся за гэтую ламачыну, - прабурчаў Ленц. - А чатыры тысячы марак вылецелі на вецер!
- Хто б мог прадбачыць! - сказаў я.
Ленц засмяяўся.
- Якая дурасць!
- Што ж будзем рабіць, Ота? - спытаў я.
- Я заявіў пратэст распарадчыку аўкцыёну. Але баюся, што карысці з гэтага будзе не шмат, - сказаў Готфрыд. - Фінансавае ўпраўленне і так злуецца на нас за падаткі.
- Магчыма, - згадзіўся Кёстэр.
Ленц падняўся.
- Раўнавага і добрая вытрымка ў цяжкіх сітуацыях упрыгожваюць салдата.
Ён падышоў да шафы і ўзяў бутэльку каньяку.
- Выпіўшы такога каньяку, мы можам праявіць нават гераізм, - сказаў я. - Калі не памыляюся, гэта апошняя бутэлька добрага каньяку.
- Гераізм, хлапец, - запярэчыў Ленц, - патрэбны толькі ў цяжкія часіны. А мы жывём у часы адчаю. Тут адзіна прыстойныя паводзіны - гумар. - Ён выпіў сваю чарку. - Добра. А цяпер я сядлаю нашага старога Расінанта, каб зарабіць якую дробязь.
Ён пайшоў праз змрочны двор і выехаў на таксі. Мы з Кёстэрам яшчэ крыху пасядзелі.
- Не шанцуе, Ота, - сказаў я. - Нам заклята нё шанцуе ў апошні час.
- Я прывык не задумвацца больш, чым трэба, - адказаў Кёстэр. - І гэтага хапае. Як там - у санаторыі?
- Каб не хвароба, то там - рай. Снег і сонца.
Ён падняў галаву.
- Снег і сонца. Гучыць крыху нязвыкла, праўда?
- Праўда. Вельмі нязвыкла. Там усё нязвыкла.
Ён зірнуў на мяне.
- Што робіш сёння ўвечары?
Я паціснуў плячыма.
- Трэба спачатку занесці чамадан дадому.
- Мне на гадзіну трэба адлучыцца. Ты потым прыйдзеш у бар?
- Абавязкова, - сказаў я. - Што мне яшчэ рабіць?
Я забраў на вакзале чамадан і занёс яго дамоў. Я адчыніў дзверы ціха: у мяне не было жадання размаўляць ні з кім.
Мне ўдалося прашмыгнуць, не трапіўшы ў лапы фраў Залеўскі. Хвілінку я пасядзеў у сваім пакоі. На стале ляжалі пісьмы і газеты. У канвертах былі толькі праспекты. Мне ніхто не пісаў. «Цяпер мне будуць пісаць», - падумаў я.
Неўзабаве я ўстаў, умыўся, пераапрануўся. Чамадан я не распакоўваў. Я вырашыў пакінуць сабе нейкі занятак пасля вяртання. Я не пайшоў у пакой Пат, хоць і ведаў, што там ніхто не жыве. Я ціхенька пракраўся праз калідор і, выбраўшыся на вуліцу, з палёгкай уздыхнуў.
Я накіраваўся ў кавярню «Інтэрнацыяналь» перакусіць. Афіцыянт Алоіс вітаў мяне на парозе.
- Зноў да нас?
- Да вас, - сказаў я. - Урэшце, заўжды вяртаешся на старое месца.
Роза і астатнія дзяўчаты сядзелі вакол вялікага стала. Сабраліся амаль усе. Гэта быў час паміж першым і другім выхадам.
- Бог мой, Роберт, - сказала Роза. - Рэдкі госць.
- Не пытайся ў мяне ні пра што, - сказаў я. - Галоўнае, што я вярнуўся.
- Не зразумела. Цяпер будзеш прыходзіць часцей?
- Магчыма.
- Не бяры блізка да сэрца, - сказала яна, зірнуўшы мне ў твар. - Усё праходзіць.
- Згодны, - сказаў я. - Гэта самая вялікая праўда на свеце.
- Вядома, - адказала Роза. - Лілі таксама ёсць што расказаць пра гэта.
- Лілі? - Толькі цяпер я заўважыў яе каля Розы. - Што ты тут робіш? Ты ж выйшла замуж і павінна сядзець дома ў сваёй краме водаправоднай арматуры.
Лілі не адказала.
- Крама, - сказала Роза кпліва. - Пакуль былі грошы, усё ішло гладка... Лілі - Лілічка... ніхто пра мінулае не ўспамінаў. Роўна паўгода працягваўся рай. Як толькі яна аддала апошні пфеніг, дык шаноўны пан, які стаў панам праз яе грошы, адразу адмовіўся ад жонкі... былой прастытуткі... - Яна цяжка дыхала. - Канечне, раптам заявіў, што нічога не ведаў. Быў бязмерна здзіўлены: няўжо ў яе такое мінулае? Так здзівіўся, што падаў на развод. Але ж грошыкі не вернеш.
- Колькі? - спытаў я.
- Чатыры тысячы марак, не дробязь! Як ты думаеш, колькі мярзотнікаў трэба прыняць для гэтага ў пасцелі?
- Чатыры тысячы марак, - сказаў я. - Зноў чатыры тысячы. Сёння сума як начараваная.
Роза зірнула на мяне, не разумеючы.
- Сыграй лепш што-небудзь, - сказала яна. - Змяні настрой!
- Добра... раз мы зноў сабраліся разам...
Я сеў да піяніна і сыграў некалькі модных мелодый. Я іграў і думаў, што ў Пат хопіць грошай на санаторый толькі да канца студзеня і што мне варта было б зарабляць больш. Я механічна барабаніў па клавішах і бачыў, як захоплена слухала Роза, седзячы на канапцы, а побач быў бледны, закамянелы ад жудаснага адчаю твар Лілі, больш халодны і безжыццёвы, чым у нябожчыка.
З задумення мяне вывеў крык. Роза падхапілася, ачнуўшыся ад забыцця. Яна стаяла за сталом, вырачыўшы вочы, са збітым набакір капелюшом. Яна не заўважала, што кава паволі цячэ з перакуленага кубачка па стале ў яе адкрытую сумачку.
- Артур! - з цяжкасцю прамовіла яна. - Няўжо - ты?
Я перастаў іграць. У кавярню ўвайшоў хударлявы развязны чалавек у капелюшы, збітым на патыліцу.
У яго быў жоўты, нездаровы колер твару, вялікі нос і маленькая, падобная да яйца, галава.
- Артур, - усё яшчэ мармытала Роза. - Ты?
- Ну, а хто яшчэ? - прабурчаў Артур.
- Божа мой, адкуль ты ўзяўся?
- Адкуль я мог узяцца? З вуліцы праз дзверы.
Хаця Артур вярнуўся пасля працяглага расстання, ён быў не вельмі ветлівы. Я з цікаўнасцю назіраў за ім. Вось ён - легендарны ідэал Розы, бацька яе дзіцяці. Здавалася, ён толькі што выйшаў з турмы. Я не мог знайсці ў ім нічога такога, за што Роза магла яго так палымяна любіць. Магчыма, у тым і сакрэт. Дзіўна, чым спакушаюцца гэтыя цвёрдыя, як алмаз, знаўцы мужчын.
Артур, нічога не пытаючыся, узяў поўны куфаль піва, які стаяў на стале каля Розы, і выпіў. Адамаў яблык на яго тонкай жылістай шыі хадзіў пры гэтым уверх-уніз, нібы ліфт. Роза глядзела на яго, і вочы яе гарэлі.
- Вып'еш яшчэ? - спытала яна.
- Вядома, - сказаў Артур. - Але вялікі куфаль.
- Алоіс! - Роза, шчаслівая, паклікала афіцыянта. - Ён хоча піва.
- Бачу, - абыякава заявіў Алоіс і наліў піва.
- А дзіцятка! Артур, ты яшчэ не бачыў маленькай Эльвіры.
- Слухай! - Артур упершыню ажывіўся. Нібы абараняючыся, ён прыклаў руку да грудзей. - Пра гэта мне не балбачы! Мяне гэта не датычыць! Я ж хацеў, каб ты пазбавілася байструка. І так бы яно і было, каб я не... - Ён змрочна задумаўся. - А цяпер і на дзіця трэба грошы.
- Нічога страшнага, Артур. А потым... гэта ж дзяўчынка.
- Таксама каштуе грошай, - сказаў Артур і заліў у глотку другі куфаль. - Магчыма, знойдзецца дурная багатая баба, якая ўдачарыць дзіця. За прыстойную плату, вядома. Адзінае выйсце.
Ён схамянуўся.
- Ёсць грошы?
Роза паслужліва ўзяла сумачку, заляпаную кавай.
- Толькі пяць марак, Артур, я ж і не спадзявалася, што ты прыйдзеш. Дома ёсць яшчэ.
Артур, як які паша, абыякава сыпануў серабро ў кішэню жылеткі.
- Праціраючы задніцай крэсла, не заробіш нічога, - незадаволена сказаў ён.
- Ужо іду, Артур. Але цяпер няма чаго лавіць. Час вячэры.
- Хто стараецца, той і мае, - заявіў Артур.
- Ужо іду.
- Ну... - Артур дакрануўся да капелюша. - Заскочу зноў каля дванаццаці.
Развінчанай хадой ён пайшоў да дзвярэй. Роза праводзіла яго шчаслівым позіркам. Ён не азірнуўся і не зачыніў за сабой дзвярэй.
- Вярблюд, - вылаяўся Алоіс і зачыніў дзверы.
Роза горда глянула на нас.
- Ці ж не маладзец? Цвёрды, як крэмень. І дзе ён прападаў столькі часу?
- Бачна па колеры скуры, - адказала Валі. - У турме. Герой!
- Ты яго не ведаеш...
- Як аблупленага, - сказала Валі.
- Табе гэтага не зразумець, - Роза ўстала. - Ён сапраўдны мужчына. Не якісьці смаркач. Ну, я пайшла. Прывітанне, дзеткі!
Памаладзелая і акрыленая, яна пайшла, круцячы сцёгнамі. Цяпер зноў паявіўся чалавек, якому яна будзе здаваць грошы на прапой. А потым ён яе за гэта адлупцуе. Яна была шчаслівая.
Праз паўгадзінкі пайшлі астатнія. Толькі Лілі засталася сядзець. Твар яе закамянеў. Я яшчэ крыху пабарабаніў на піяніна, потым з'еў бутэрброд і таксама пайшоў. Было цяжка доўга заставацца сам-насам з Лілі. Я павольна ішоў па мокрых цёмных вуліцах. Каля могілак выстраіўся атрад Арміі выратавання. У суправаджэнні труб і трамбонаў яны спявалі пра нябесны Ерусалім. Я спыніўся. Раптам з'явілася пачуццё, што мне не вытрываць аднаму, без Пат. Я ўтаропіўся на бляклыя магільныя пліты. Я сказаў сабе, што год назад я быў куды больш адзінокі, што ў той час я быў увогуле незнаёмы з Пат. А цяпер яна была, хоць і не са мной. Але нічога не дапамагала - настрой мой раптам зусім сапсаваўся. Я адчуў сябе бездапаможным. Нарэшце я вярнуўся ў свой пакой, каб паглядзець, ці няма ад яе пісьма. Гэта не мела сэнсу, бо пісьма не магло быць і не было, але я ўсё роўна падняўся ў пакой.
Выходзячы, я каля дзвярэй сустрэў Арлова. Пад яго расшпіленым паліто быў бачны смокінг. Ён адпраўляўся ў гатэль на працу, ён там танцаваў. Я спытаў яго, ці не чуў ён што пра фраў Хасэ.
- Не, - сказаў ён. - Яна яшчэ не вярталася. І ў паліцыю не заявілася. Было б лепш, каб яна ўжо не вярнулася.
Мы разам ішлі па вуліцы. На рагу стаяла грузавая машына з мяшкамі і вугалем. Шафёр падняў капот і корпаўся ў маторы. Потым ён уладкаваўся на сваё сядзенне. Калі мы праходзілі каля машыны, ён завёў матор і даў газ на халастых абаротах. Арлоў уздрыгнуў. Я зірнуў на яго. Ён збялеў.
- Вам нездаровіцца? - спытаў я.
Ён усміхнуўся збялелымі вуснамі і пахітаў галавой.
- Не... але я часам пужаюся, калі нечакана чую такі гук. Калі ў Расеі расстрэльвалі майго бацьку, на вуліцы таксама завялі матор грузавіка, каб заглушыць выстралы. Але мы іх усё роўна чулі.
Ён зноў усміхнуўся, быццам просячы прабачэння.
- З маці доўга не важдаліся. Яе расстралялі раненька ў падвале. Нам з братам ноччу ўдалося ўцячы. І былі яшчэ каштоўнасці. Але мой брат замёрз па дарозе.
- За што расстралялі вашых бацькоў? - спытаў я.
- Мой бацька да вайны камандаваў казацкім палком, які ўдзельнічаў у падаўленні паўстання. Ён ведаў, што яго чакае. Ён лічыў гэта, так бы мовіць, у парадку рэчаў. Мая маці так не лічыла.
- А вы?
Ён зрабіў змораны адмоўны жэст.
- З таго часу так шмат было ўсяго.
- У тым-та і справа, - сказаў я. - Было больш, чым месціцца ў галаве.
Мы падышлі да гатэля, дзе ён працаваў. З «б'юіка» ў гэты час выйшла дама і з радасным воклічам кінулася да яго. Гэта была даволі поўная элегантная бландзінка гадоў сарака.
Па яе прывялым бяздумным твары было відаць, што яна не зведала ні турбот, ні гора.
- Прабачце, - сказаў Арлоў, амаль не глянуўшы ў мой бок, - справы...
Ён пакланіўся бландзінцы і пацалаваў ёй руку.
У бары былі Валянцін, Кёстэр і Фердынанд Граў. Ленц прыйшоў крыху пазней. Я сеў за іх столік і заказаў паўбутэлькі рому. Я ўсё яшчэ адчуваў сябе вельмі дрэнна.
Фердынанд - шырокі, масіўны - сядзеў у кутку. У яго былі запалыя шчокі і ясныя блакітныя вочы. Ён ужо выпіў.
- Ну, малыш Робі, - сказаў ён і ляпнуў мяне па плячы. - Што з табой здарылася?
- Нічога, Фердынанд, - адказаў я. - І гэта дрэнна.
Хвілінку ён узіраўся ў мяне.
- Нічога? - сказаў ён потым. - Нічога? Гэта шмат! Нічога - гэта люстэрка, праз якое пазнаеш свет.
- Брава! - крыкнуў Ленц. - Надзвычай арыгінальна, Фердынанд!
- Супакойся, Готфрыд, - Фердынанд павярнуўся да яго магутнай галавой. - Такія рамантыкі, як ты, - толькі патэтычныя конікі, што скачуць па краі жыцця. Яны разумеюць яго няправільна, і ўсё для іх сенсацыя. Што ты ведаеш пра НІЧОГА, ты - легкавагавая істота?
- Ведаю тое-сёе. І гэтага дастаткова, каб любіць сваю вагу, - заявіў Ленц. - Прыстойныя людзі паважаюць НІЧОГА, Фердынанд. Яны не корпаюцца ў ім, як краты.
Граў утаропіўся ў яго.
- Будзь здароў, - сказаў Готфрыд.
- Будзь здароў, - адказаў Фердынанд. - Будзь здароў, корак.
Яны выпілі да дна.
- Хацеў бы я быць коркам, - сказаў я і таксама выпіў сваю чарку. - Каб,што ні зробіш, усё атрымлівалася як трэба. Хоць бы нядоўга.
- Здрада! - Фердынанд так гоцнуўся на крэсле, што яно затрашчала. - Хочаш стаць дэзерцірам? Здрадзіць нашаму братэрству?
- Не, - адказаў я. - Я не хачу здраджваць. Але мне хочацца, каб у нас нічога не крышылася.
Фердынанд нахіліўся да мяне. Яго вялізны дзікаваты твар перасмыкнуўся.
- Ты - член аднаго ордэна, брат, ордэна няўдалых, няўмелых, з іх бязмэтнымі жаданнямі, з іх сумам, што не прыносіць карысці, з каханнем без будучыні, з адчаем, што не мае сэнсу. - Ён усміхнуўся. - Ты - з таго братэрства, члены якога лепш загінуць, чым зробяць кар'еру, лепш прайграюць жыццё, пусцяць яго на вецер, згубяць, чым забрудзяць альбо забудуць недасягальны вобраз - той вобраз, брат, які яны носяць у сэрцы, які непагасна гарыць у гадзінах, днях і начах, дзе нічога няма, акрамя аднаго: голага жыцця і голай смерці.
Ён падняў чарку, звяртаючыся да Фрэда за стойкай:
- Дай мне выпіць.
Фрэд прынёс бутэльку.
- Завесці яшчэ патэфон? - спытаў ён.
- Не трэба, - сказаў Ленц. - Выкінь свой патэфон і прынясі большыя чаркі. А потым выключы палову святла, пастаў на стол некалькі бутэлек і знікні ў сваім кабінеце.
Фрэд кіўнуў галавой і выключыў верхняе святло. Засталіся гарэць толькі лямпачкі пад пергаментнымі абажурамі са старых геаграфічных картаў. Ленц наліў у шклянкі.
- Будзьце здаровы, дзеці! Вып'ем за тое, што жывыя! За тое, што дыхаем! За тое, што мы так моцна адчуваем жыццё, што нават не ведаем, што з ім рабіць!
- Сапраўды, - сказаў Фердынанд. - Толькі няшчасны ведае, што такое шчасце. Шчаслівы - як манекен. Ён толькі дэманструе шчасце жыцця. Ён ім не валодае. Святло не свеціць на святле. Яно свеціць у змроку. За змрок! Хто хоць раз перажыў навальніцу, той разумее, што такое электрычны разрад. Да д'ябла навальніцы! Няхай будзе блаславёна наша кароткае жыццё! Любячы яго, мы не закладзём яго пад працэнты! Мы скарыстаем яго самі! Піце, дзеці! Ёсць зоркі, што свецяць кожную ноч, хоць яны пагаслі ўжо дзесяць тысяч светлавых гадоў назад! Піце, пакуль ёсць час! Няхай жыве няшчасце! Няхай жыве змрок!
Ром стукнуў мне ў галаву. Я ціха ўстаў і пайшоў да Фрэда ў кабінет. Ён спаў. Я разбудзіў яго і папрасіў заказаць тэлефонную размову з санаторыем.
- Пачакайце, - сказаў ён. - У гэты час хутка даюць.
Праз пяць хвілін тэлефон зазваніў.
- Я хачу пагаварыць з фройляйн Хольман, - сказаў я.
- Хвілінку, я звяжу вас з дзяжурнай.
Мне адказала старшая сястра:
- Фройляйн Хольман ужо спіць.
- У яе пакоі няма тэлефона? - Вы не можаце разбудзіць яе?
Голас павагаўся.
- Не. Сёння ёй ужо нельга ўставаць.
- Штосьці здарылася?
- Нічога. Толькі ў гэтыя дні ёй трэба паляжаць.
- Сапраўды нічога не здарылася?
- Не, не, спачатку заўсёды так. Яна павінна паляжаць у пасцелі і адаптавацца.
Я павесіў слухаўку.
- Запозна? - спытаў Фрэд.
- Што ты маеш на ўвазе?
Ён паказаў на свой гадзіннік.
- Ужо дванаццатая гадзіна.
- Сапраўды, - сказаў я. - Не трэба было тэлефанаваць.
Я вярнуўся і выпіў яшчэ.
У дзве гадзіны мы сабраліся ісці. Ленц завёз на таксі Валянціна і Фердынанда дамоў.
- Пайшлі, - сказаў мне Кёстэр.
Ён завёў «Карла».
- Я магу прайсці некалькі крокаў пехатой, Ота.
Ён глянуў на мяне.
- Мы выедзем за горад.
- Добра. - Я сеў у машыну.
- Садзіся за руль, - сказаў Кёстэр.
- Глупства, Ота. Я не магу кіраваць, я - п'яны.
- Кіруй! На маю адказнасць.
- Пабачыш, - сказаў я і сеў за руль.
Матор зароў. Руль задрыжаў у маіх руках. М'атляючыся, праляталі вуліцы міма, дамы хісталіся, ліхтары моклі пад дажджом.
- Не атрымліваецца, Ота, - сказаў я. - Я дзесьці ўрэжуся.
- Цісні, - адказаў ён.
Я зірнуў на яго. Твар быў светлы, напружана-спакойны. Я сціснуў зубы і прыжмурыўся. Паволі дарога стала бачыцца выразна.
- Куды, Ота? - спытаў я.
- Наперад. За горад.
Мы даехалі да ўскраіны і выскачылі на шашу.
- Уключы фары, - сказаў Кёстэр.
Светла-шэрая бетонка блішчала. Дождж быў ужо невялікі, але кроплі білі мне ў твар, як градзіны. Вецер налятаў рэзкімі парывамі, хмары плылі нізка, над самым лесам яны віселі шматамі, а паміж імі свяцілася серабро. Туман спаў з маіх вачэй. Шум матора праз рукі перадаваўся ва ўсё цела. Я адчуваў машыну і яе сілу. Выхлапы ў цыліндрах праганялі тупую анямеласць маёй галавы. Поршні нібы пампавалі маю кроў. Я паддаў газу. Машына ляцела па шашы.
- Хутчэй, - сказаў Кёстэр.
Шыны засвісталі. Дрэвы і тэлеграфныя слупы з гудам праляталі міма. Прамільгнула нейкая вёска. Я канчаткова працверазеў.
- Больш газу, - сказаў Кёстэр.
- А ці ўтрымаю я машыну? Дарога мокрая.
- Убачыш. Перад паваротамі пераключай на трэцюю хуткасць, не збаўляючы газу.
Матор зароў. Паветра ўдарыла мне ў твар. Я прыгнуўся за ветравым шчытком. І раптам праваліўся ў гул матора, цела злілося з машынай у адзіным напружанні, у з'яднанай высокай вібрацыі. Я адчуваў колы пад нагамі, я адчуваў зямлю, шашу, хуткасць; адным штуршком нешта раптам стала на месца, ноч раўла і свістала, яна выбіла з мяне ўсё, вусны сціснуліся, рукі зрабіліся як абцугі, і я ператварыўся ў шалёную язду, да беспрытомнасці абыякавы і бязмежна ўважлівы.
На павароце зад машыны занесла. Я некалькі разоў ірвануў руль у адваротным напрамку і зноў даў газу. На нейкі момант машына завісла, як паветраны шар, потым зноў набыла ўстойлівасць.
- Добра, - сказаў Кёстэр.
- Трапілі на мокрае лісце, - адказаў я і адчуў цеплыню палёгкі, якая заўсёды прыходзіць пасля небяспекі.
Кёстэр кіўнуў.
- Такая д'ябальшчына здараецца восенню на паваротах у лесе. Даць запаліць?
- Давай, - сказаў я.
Мы спыніліся і запалілі.
- Цяпер можна вяртацца, - сказаў потым Кёстэр.
Мы прыехалі ў горад, і я выйшаў з машыны.
- Добра, што мы пакаталіся, Ота. Усё прайшло.
- Наступны раз я табе пакажу яшчэ адзін спосаб упісвацца ў паварот, - сказаў ён. - Паварот з адначасовым тармажэннем. Але гэта робіцца толькі на сухой дарозе.
- Цудоўна, Ота. Дабранач.
- Дабранач, Робі.
«Карл» імкліва знік. Я пайшоў у дом. Я вельмі замарыўся, але супакоіўся. Сум мой прайшоў..
XXIII
У пачатку лістапада мы прадалі «сітраэн». Грошай хапіла, каб яшчэ нейкі час трымаць майстэрню, але наша становішча з кожным тыднем пагаршалася. Людзі на зіму ставілі машыны ў гаражы, каб зэканоміць на бензіне і падатках. Рамонт перападаў нам усё радзей. Праўда, мы так-сяк перабіваліся заробкамі на таксі, але грошай не хапала. Таму я вельмі ўзрадаваўся, калі гаспадар «Інтэрнацыяналя» прапанаваў мне са снежня пачаць зноў іграць у яго вечарамі на піяніна. Яму ў апошні час пашанцавала: саюз жывёлапрамыслоўцаў праводзіў свае штотыднёвыя сустрэчы ў адным з задніх пакояў «Інтэрнацыяналя»; іх прыклад пераняў саюз гандляроў коньмі, а потым, нарэшце, і таварыства па крэмацыі ў імя агульнаграмадскай карысці. Такім чынам, я мог пакінуць таксі Ленцу і Кёстару, а мне і так добра было - я часта і без таго не ведаў, як мне забавіць вечар.
Пат пісала рэгулярна. Я чакаў яе пісьмаў, але не мог уявіць сабе, як яна жыве, і часам у змрочныя гразкія снежаньскія дні, калі нават аполудні не было па-сапраўднаму светла, мне здавалася, што я ўжо даўно страціў яе, што ўсяму канец. Здавалася, што з дня яе ад'езду прайшло бясконца шмат часу, і я не мог уявіць сабе, што яна вернецца. Потым надыходзілі вечары, напоўненыя цяжкой, дзікай журбой, калі нічога не дапамагала. Заставалася толькі сядзець і піць да раніцы з прастытуткамі і гандлярамі скацінай.
Гаспадар «Інтэрнацыяналя» атрымаў дазвол не зачыняць кавярню і на куццю. Халасцякі ўсялякіх таварыстваў адзначалі вялікае свята. Старшыня саюза гандляроў жывёлай, свінагандляр Стэфан Грыгаляйт ахвяраваў на свята двух малочных парасят і некалькі кумпякоў. Грыгаляйт - добрая душа - ужо два гады быў удавец. Яму захацелася правесці калядны вечар у кампаніі.
Гаспадар прыдбаў ёлку вышынёй у чатыры метры, якую паставілі побач са стойкай. Роза - аўтарытэт па стварэнні ўтульнай даверлівай атмасферы - узялася ўпрыгожваць ёлку. Ёй дапамагалі Марыон і Кікі, які ў адпаведнасці са сваімі схільнасцямі таксама меў адчуванне прыгожага. Гэтыя трое пачалі сваю працу аполудні. Яны навешалі процьму стракатых шароў, свечак і бліскучай паперы - дрэва ўрэшце выглядала шыкоўна. У знак асаблівай павагі да Грыгаляйта яны павесілі яшчэ шмат ружовых свінак з марцыпана.
Паполудні я прылёг на гадзінку-другую паспаць. Калі я прачнуўся, было цёмна. Я не адразу ачомаўся, каб зразумець: вечар цяпер ці раніца? Штосьці мне прыснілася, але я не мог прыпомніць што. Быццам я быў недзе далёка і, здавалася, пачуў, як за мной з шумам зачыніліся чорныя дзверы. Потым пачуў, што нехта стукае.
- Хто там? - адазваўся я.
- Я, пан Локамп.
Я пазнаў голас фраў Залеўскі.
- Заходзьце, - крыкнуў я. - Дзверы адчынены.
Клямка забразгала, і ў дзвярах я ўбачыў фраў Залеўскі, асветленую жоўтым святлом з калідора.
- Фраў Хасэ з'явілася, - прашаптала яна. - Хадзем хутка. Я не магу ёй сказаць.
Я не паварухнуўся. Мне трэба было зарыентавацца.
- Пашліце яе ў паліцыю, - сказаў я потым.
- Пан Локамп! - Фраў Залеўскі ўзмахнула рукамі. - Больш нікога няма. Вы мусіце дапамагчы мне. Вы ж хрысціянін!
У чатырохкутніку дзвярэй яна была як чорны цень, які танцуе.
- Перастаньце, - незадаволена сказаў я. - Зараз іду.
Я выйшаў. Фраў Залеўскі чакала мяне ў калідоры.
- Яна ўжо што-небудзь ведае? - спытаў я.
Яна пахітала галавой і прыціснула хусцінку да вуснаў.
- А дзе яна?
- У былым сваім пакоі.
Каля дзвярэй кухні стаяла Фрыда, узмакрэлая ад хвалявання.
- На ёй капялюш са страўсінымі пёрамі і брошка з брыльянтамі.
- Сачыце, каб гэтая ідыётка не падслухоўвала, - сказаў я фраў Залеўскі і ўвайшоў у пакой.
Фраў Хасэ стаяла каля акна. Калі я ўвайшоў, яна імкліва павярнулася. Відавочна, яна чакала кагосьці іншага. Я паводзіў сябе як дурань: мой першы позірк мімаволі быў скіраваны на капялюш і брошку. Фрыда мела рацыю: капялюш быў шыкоўны. Брошка - больш сціплая. Кабета прыбралася, быццам жадаючы паказаць камусьці, як добра ёй жывецца. Увогуле яна глядзелася нядрэнна. Ва ўсякім разе лепш, чым раней.
- Хасэ, мусіць, працуе і на куццю? - з'едліва спытала яна.
- Не, - сказаў я.
- Дзе ж ён? У водпуску?
Яна падышла да мяне, круцячы сцёгнамі. У нос мне ўдарыў пах парфумы.
- А што вам трэба ад яго? - спытаў я.
- Упарадкаваць свае справы. Разлічыцца. Урэшце, мне належыць мая доля.
- Не турбуйцеся, - сказаў я. - Цяпер вам належыць усё.
Яна ўтаропілася на мяне.
- Ён памёр, - сказаў я.
Лепш было б сказаць неяк інакш. Не так паспешліва, падрыхтаваўшы. Але я не ведаў, як пачаць. Акрамя таго, мая галава была яшчэ пустая пасля сну. Пасля такога сну, прачнуўшыся, можна пакончыць жыццё самагубствам.
Фраў Хасэ стаяла пасярэдзіне пакоя, і, як ні дзіўна, у той момант, калі я ёй гаварыў, я вельмі яскрава бачыў, што яна, калі будзе падаць, ні аб што не ўдарыцца. Гэта было неверагодна, але я сапраўды больш нічога не бачыў і ні пра што не думаў.
Але яна не ўпала. Яна трымалася на нагах і пазірала на мяне.
- Так, - сказала яна, - так... - Толькі пёры на яе страўсіным капелюшы ўздрыгвалі. І раптам - я не заўважыў, як гэта адбылося, - на маіх вачах гэта расфранчаная, напарфумленая кабета пачала старэць. Здавалася, што час, нібы навальнічны лівень, зваліўся на яе і кожная секунда была роўная году. Напружанасць знікла, урачыстасць згасла, твар азыз. Зморшчыны напаўзлі на яго, як чарвякі, і калі яна потым, няўпэўнена мацаючы рукамі, ухапілася за спінку крэсла і села, нібы баючыся нешта разбіць, перада мной была іншая жанчына - змораная, надломаная, старая...
- Што ў яго было? - спытала яна нерухомымі вуснамі.
- Ён памёр раптоўна, - сказаў я.
Яна не слухала. Яна ўзіралася на свае рукі.
- Што я цяпер буду рабіць? - мармытала яна. - Што мне цяпер рабіць?
Я крыху пачакаў. Я адчуваў сябе агідна.
- Нехта ж ёсць у вас, да каго вы можаце пайсці, - нарэшце сказаў я. - Вам лепш тут не заставацца. Ды вы і не хацелі заставацца тут.
- Цяпер усё змянілася, - адказала яна, не гледзячы на мяне. - Што ж мне цяпер рабіць...
- У вас жа, напэўна, нехта ёсць, хто чакае вас. Пайдзіце да яго і абмяркуйце ўсё з ім. А потым, пасля каляд, схадзіце ў паліцыю. Там усе дакументы і банкаўскія чэкі таксама. Вам трэба з'явіцца туды. Тады вы зможаце атрымаць грошы.
- Грошы, грошы, - прамармытала яна. - Якія грошы?
- Даволі шмат. Тысячу дзвесце марак прыблізна.
Яна ўзняла галаву. Раптам у яе вачах бліснула вар'яцтва.
- Не, - зашыпела яна, - гэта няпраўда!
Я не адказаў.
- Скажыце, што гэта няпраўда, - прашаптала яна.
- Магчыма, гэта няпраўда. Але магчыма, што ён патаемна адкладваў на чорны дзень.
Яна ўстала. Яна раптам зусім змянілася. Яе рухі сталі аўтаматычнымі. Яна наблізіла свой твар да майго.
- Так, гэта праўда, - прашаптала яна. - Я адчуваю, што гэта праўда! Нягоднік! О, які нягоднік! Прымушае мяне пайсці на такое - і на табе! Але я вазьму іх і выкіну ўсё ў адзін вечар, проста на вуліцу, каб нічога ад іх не засталося. Нічога! Нічога!
Я маўчаў. З мяне хапіла. Пачатак яна перажыла, яна ведала, што Хасэ нежывы, а з астатнім няхай спраўляецца сама. Магчыма, яна яшчэ раз скаланецца, калі даведаецца, што ён павесіўся, але гэта - яе справа. Вярнуць ёй Хасэ - немагчыма.
Цяпер яна заплакала. Яна залівалася слязьмі. Яна галасіла тоненькім жалобным голасам, як дзіця. Гэта цягнулася даволі доўга. Я шмат заплаціў бы за магчымасць запаліць. Я не мог трываць чужыя слёзы.
Нарэшце яна перастала, выцерла твар, механічна дастала пудраніцу і пачала пудрыцца без люстэрка. Потым зноў схавала срэбную пудраніцу, але забылася закрыць сумачку.
- Я нічога больш не ведаю, - сказала яна надламаным голасам. - Я больш нічога не ведаю. Ён, мусіць, быў добры чалавек.
- Так, ён быў добры.
Я сказаў ёй яшчэ адрас паліцэйскага ўчастка і што сёння ён ужо зачынены. Мне здавалася, што ёй лепш не ісці туды адразу. На сёння - дастаткова.
Калі яна выйшла, са свайго салона паказалася фраў Залеўскі.
- Няўжо тут, акрамя мяне, ніводнай жывой душы? - спытаў я, злуючыся на самога сябе.
- Толькі пан Георгі. Дык што яна сказала?
- Нічога.
- Тым лепей.
- Як паглядзець. Бывае, што не лепей.
- У мяне няма спачування ёй, - заявіла фраў Залеўскі энергічна. - Ні кропелькі.
- Спачуванне - самая бескарысная рэч на свеце, - злосна сказаў я. - Гэта адваротны бок зларадства, каб вы ведалі. Колькі зараз часу?
- Без чвэрці сем.
- Я хачу ў сем гадзін пагаварыць па тэлефоне з фройляйн Хольман. Але без сведак. Можна?
- Нікога няма, акрамя пана Георгі. Фрыду я ўжо адаслала. Калі хочаце, можаце сесці ў кухні. Проваду хопіць.
- Добра.
Я пастукаў у дзверы да Георгі. Я ўжо даўно ў яго не быў. Ён сядзеў за пісьмовым сталом, і выгляд у яго быў вельмі дрэнны. Вакол яго ляжалі кучы парваных папер.
- Добры дзень, Георгі, - сказаў я. - Чым тут займаешся?
- Інвентарызацыяй, - адказаў ён з ледзь прыкметнай усмешкай. - Добры занятак на куццю.
Я нахіліўся і ўзяў шматок паперы. Гэта былі канспекты з хімічнымі формуламі.
- Навошта? - спытаў я.
- Больш не мае сэнсу, Робі.
Ён амаль свяціўся ўвесь. Вушы здаваліся васковымі.
- Што ты сёння еў? - спытаў я.
Ён адмахнуўся.
- Усё роўна. Справа не ў гэтым. Не ў ежы. Але я проста не магу больш. Трэба кідаць.
- Няўжо так дрэнна?
- Дрэнна, - сказаў ён.
- Георгі, - прамовіў я спакойна, - зірні на мяне. Няўжо ты думаеш, што я не хацеў таксама быць чалавекам, а не піяністам у гэтым бардаку, кавярні «Інтэрнацыяналь»?
Ён сціскаў і расціскаў кулакі.
- Я ведаю, Робі. Але мне ад гэтага не лягчэй. Для мяне, акрамя вучобы, нічога не існавала. Цяпер я ўбачыў, што няма сэнсу. Нічога не мае сэнсу. Дарэчы: навошта чалавек жыве?
Я не стрымаўся, каб не засмяяцца, хоць і недарэчы: такі ён быў варты жалю, так горка яму было.
- Вослік! - сказаў я. - Думаеш, што зрабіў адкрыццё? Няўжо табе здаецца, што толькі ты гэткі вялікі мудрэц? Вядома, сэнсу няма. І жывуць людзі не дзеля нейкай мэты. Аднак не ўсё так проста. Апранайся, пайшлі. Пойдзеш са мной у «Інтэрнацыяналь». Адсвяткуем: ты стаў мужчынам. Дагэтуль ты быў школьнік. Праз паўгадзіны я зайду па цябе.
- Не, - сказаў ён.
Ён зусім скіс.
- Зайду, - сказаў я. - Ты зробіш мне ласку. Мне сёння не хочацца быць аднаму.
Ён, вагаючыся, зірнуў на мяне.
- Ну добра, - сказаў ён потым нерашуча. - Зрэшты, усё роўна.
- Вось бачыш, - сказаў я. - Для пачатку - нядрэнны дэвіз.
У сем гадзін я заказаў тэлефонную размову з Пат. З гэтага часу плата зніжалася напалову, і я мог пагаварыць у два разы даўжэй. Я сеў на стол у прыхожай і пачаў чакаць. Ісці ў кухню мне не хацелася. Там стаяў пах зялёных бабоў, і я не хацеў, каб ён неяк звязваўся з Пат, нават у час тэлефоннай размовы. Праз чвэрць гадзіны далі санаторый. Пат ужо была каля тэлефона. Пачуўшы так блізка яе цёплы, прыглушаны, крыху няўпэўнены голас, я так расхваляваўся, што амаль не мог вымавіць слова. Гэта былі нейкія дрыжыкі, бурленне крыві, ад якога не было ніякага ратунку.
- Божа мой, Пат, - сказаў я. - Няўжо гэта ты?
Яна засмяялася.
- Дзе ты, Робі? У канторы?
- Не, я сяджу ў фраў Залеўскі на стале. Як пажываеш?
- Добра, мілы.
- Ты ўстала?
- Так. Я сяджу ў сваім пакоі на падаконніку ў белым халаце. На дварэ ідзе снег.
Я раптам выразна ўбачыў яе перад сабой. Я ўбачыў, як кружацца сняжынкі, я ўбачыў яе невялікую цёмнавалосую галаву, крыху апушчаныя плечы, бронзавага колеру скуру...
- Божа мой, Пат... - сказаў я. - Заклятыя грошы! А то я зараз жа сеў бы ў самалёт і ўжо сёння быў бы каля цябе.
- Ах, мілы...
Яна замоўкла. Я ўслухоўваўся ў ціхі трэск і гул у трубцы.
- Дзе ты, Пат?
- Тут, Робі. Але ты не павінен так гаварыць. У мяне аж галава закруцілася.
- І я са сваёй нічога зрабіць не магу, - сказаў я. - Раскажы мне, што ты там робіш?
Яна пачала гаварыць, але скора я ўжо не слухаў, што яна казала. Я слухаў толькі яе голас, і пакуль сядзеў у цёмным кутку паміж галавой дзіка і кухняй з пахам зялёных бабоў, мне здавалася, што дзверы адчыняюцца і праз іх заплывае хваля цеплыні і бляску, ласкавая і стракатая, напоўненая марамі, смуткам і маладосцю. Я ўпёр ногі ў стол, прыціснуў далоню да шчакі, я глядзеў на галаву дзіка і на адчыненыя дзверы ў кухню, але не мог справіцца з сабой: раптам з'явілася лета, вецер, вечар над жытнёвым полем і зялёнае святло лясных сцежак. Голас змоўк. Я задыхаўся.
- Як цудоўна размаўляць з табой, Пат. А што ты робіш сёння вечарам?
- Сёння вечарам невялічкае свята. Пачатак у восем гадзін. Я якраз апранаюся.
- А што ты апранеш? Срабрыстую сукенку?
- Яе, Робі. Срабрыстую сукенку, у якой я была, калі ты нёс мяне па калідоры.
- А з кім ты пойдзеш?
- Ні з кім. Гэта ж тут, у санаторыі. Унізе ў зале. Тут усе ведаюць адзін аднаго.
- Табе, відаць, цяжка будзе застацца вернай мне, - сказаў я. - У срабрыстай сукенцы.
Яна засмяялася.
- Няцяжка. Яна ж напамінае.
- І мне таксама. Я бачыў, якое ўражанне робіць сукенка. Але мне не так і хочацца ведаць. Можаш здрадзіць мне, толькі каб я не ведаў. Потым, калі ты вернешся, для цябе гэта будзе як сон, які прамільгнуў, забыты.
- Ах, Робі, - сказала яна няспешна, і голас яе гучаў больш прыглушана. - Я не магу здрадзіць табе. Я занадта шмат думаю пра цябе. Ты не ведаеш, што за жыццё тут наверсе. Бліскучая, прыгожая турма. Стараешся забавіцца нечым - вось і ўсё. Калі я думаю пра твой пакой, то часам не ведаю, што мне рабіць. Тады я іду на вакзал і гляджу на цягнікі, якія прыбываюць знізу, заходжу ў вагоны ці раблю выгляд, што некага сустракаю. Тады мне здаецца, што так я набліжаюся да цябе.
Я закусіў вусны. Я ніколі яшчэ не чуў, каб яна так гаварыла. Яна заўсёды была сарамлівая, і яе прыхільнасць выяўлялася хутчэй у жэстах і позірках, чым у словах.
- Я пастараюся прыехаць да цябе, Пат, - сказаў я.
- Праўда, Робі?
- Праўда. Магчыма, у канцы студзеня.
Я ведаў, што гэта, напэўна, будзе немагчыма, таму што з лютага трэба будзе плаціць за санаторый. Але я сказаў ёй так, каб падбадзёрыць яе. Потым будзе няцяжка адкласці прыезд, пакуль яна не вернецца.
- Бывай, Пат, - сказаў я. - Жадаю табе ўсяго найлепшага. Будзь сёння вясёлая.
- Добра, Робі. Сёння я шчаслівая.
Я зайшоў за Георгі, і мы з ім пайшлі ў кавярню «Інтэрнацыяналь». Стары пракураны шынок было не пазнаць. Гарэла калядная ёлка, і яе цёплае святло адбівалася ва ўсіх бутэльках, шклянках, у нікелі і медзі стойкі. Прастытуткі ў вячэрніх сукенках, увешаныя падробнымі каштоўнасцямі, сядзелі за столікамі, чакаючы.
Роўна ў восем у зале з'явіўся аб'яднаны хор гандляроў жывёлай. Каля дзвярэй яны разбіліся на галасы: справа - першы тэнар, злева - другі бас. Стэфан Грыгаляйт, удавец і гандляр свіннямі, дастаў камертон, даў першую ноту, і спеў на чатыры галасы пачаўся.
Дай паломніку спакой,
Божа, у святой начы.
І анёльскаю рукой
Боль сардэчны палячы.
У блакітным моры
Ярка свецяць зоры,
Палячу без зморы
Да цябе душой.
- Як люба, - сказала Роза і выцерла слёзы з вачэй.
Адгучала другая страфа. Гучныя воплескі. Хор у падзяку пакланіўся. Стэфан Грыгаляйт выцер спацелы лоб.
- Бетховен ёсць Бетховен, - заявіў ён.
Ніхто не запярэчыў. Стэфан схаваў хусцінку.
- А зараз -да зброі!
Стол быў сервіраваны ў вялікай зале, дзе звычайна збіраліся члены саюза. Пасярэдзіне на срэбных блюдах, якія стаялі на маленькіх спіртоўках, красаваліся двое парасят, запечаныя да рудаватай скуркі. У лычах у іх былі лімоны, на спінках маленькія запаленыя ёлачкі. Яны ўжо з нічога не дзівіліся.
З'явіўся Алоіс у фраку, падарунку ад гаспадара. Ён прынёс з паўтузіна збаноў з віном і наліў. З ім прыйшоў Потэр з таварыства крэмацыі, які толькі што кіраваў спальваннем нябожчыка.
- Мір на зямлі! - сказаў ён з гонарам, падаў Розе руку і сеў каля яе.
Стэфан Грыгаляйт, які адразу ж запрасіў Георгі да стала, устаў і зрабіў самую кароткую і самую лепшую прамову ў сваім жыцці. Ён падняў куфель з іскрыстым «Ваххольдэрам», зірнуў на ўсе бакі ззяючым позіркам і выгукнуў:
- На здароўе!
Потым ён зноў сеў, і Алоіс прынёс свіныя ножкі, квашаную капусту і бульбу. З'явіўся гаспадар з падносам, на якім стаялі вялікія куфлі залацістага пльзенскага піва.
- Еш не спяшаючыся, Георгі, - сказаў я. - Твайму страўніку трэба спачатку прывыкнуць да тлустага мяса.
- Мне ўвогуле трэба спачатку прывыкнуць, - адказаў ён і зірнуў на мяне.
- Гэта прыйдзе хутка, - сказаў я. - Толькі не трэба параўноўваць. Тады ўсё пойдзе як трэба.
Ён кіўнуў галавой і зноў нахіліўся над сваёй талеркай. Раптам на другім канцы стала распачалася сварка. Пачуўся каркаючы голас Потэра. Ён хацеў чокнуцца з гандляром цыгарамі Бушам, але той адмовіўся, заявіўшы, што ён не хоча піць, каб пакінуць больш месца ў жываце для ежы.
- Глупства, - лаяўся Потэр. - Калі ясі, трэба піць. Калі п'еш, нават больш улезе.
- Лухта! - буркнуў Буш, хударлявы высокі мужчына з плоскім носам і ў рагавых акулярах.
Потэр аж падскочыў.
- Лухта? І гэта гаворыш мне ты, тытунёвая сава!
- Ціха! - крыкнуў Стэфан Грыгаляйт. - Ніякіх скандалаў на куццю!
Ён папрасіў, каб яму расказалі, у чым справа, і прыняў саламонава рашэнне: праверыць на практыцы. Перад спрачальнікамі паставілі па некалькі аднолькавых місак з мясам, бульбай і капустай. Порцыі былі вялізныя. Потэр мог піць, што хацеў, Буш мусіў есці насухую. Каб надаць канфлікту вастрыні, Грыгаляйт арганізаваў таталізатар, і на абодвух пачалі ставіць.
Потэр абставіўся куфлямі з півам, а паміж імі, нібы брыльянты ў каралях, паблісквалі маленькія чаркі з гарэлкай. Заклад быў на яго карысць - 3:1.
Буш глытаў пражорліва, нізка нахіліўшыся над талеркай. Потэр змагаўся ў адкрытай стойцы. Пры кожным глытку ён зласліва гаварыў Бушу: «За здароўе», на што той адказваў позіркам з нянавісцю.
- Мне кепска, - сказаў мне Георгі.
- Пайшлі выйдзем.
Я завёў яго ў прыбіральню, а сам сеў у фае пачакаць. Саладжавы пах свечак мяшаўся з пахам хвойных іголак, якія згаралі, патрэскваючы.
І раптам мне здалося, быццам я пачуў лёгкія любімыя крокі, быццам адчуў цёплае дыханне і ўбачыў перад сабой вочы...
- Пракляцце! - сказаў я і ўстаў. - Што са мной робіцца?
У той самы момант я пачуў магутны рык.
- Потэр! Брава! Алозіус!
Перамагла крэмацыя.
У заднім пакоі дымілі цыгары. Разносілі каньяк. Я ўсё яшчэ сядзеў каля стойкі. Дзяўчаты выйшлі з-за стала, аб нечым энергічна шушукаючыся.
- Што ў вас там? - спытаў я.
- Для нас таксама ёсць падарункі, - адказала Марыон.
- Ах, вось што.
Я прыхіліў галаву да стойкі і падумаў: чым цяпер займаецца Пат? Я ўявіў сабе залу санаторыя, камін, у якім палае агонь, і Пат за сталом каля акна з Хэльгай Гутман і іншымі людзьмі. Усё было так даўно. Часам я думаў, што аднойчы прачнуся, а ўсё былое прайшло, забыта, знікла. Няма нічога надзейнага - нават успамінаў.
Зазвінеў званок. Дзяўчаты, нібы чародка спалоханых курэй, пабеглі ў більярдную. Там стаяла Роза са званочкам у руцэ. Яна кіўнула, каб і я падышоў. Пад маленькай ёлачкай на більярдным стале стаялі талеркі, накрытыя шаўковай паперай. На кожнай ляжалі скрутачкі з падарункамі і паперкі з надпісамі. Дзяўчаты ўручалі іх адна адной. Роза ўсё падрыхтавала. Падарункі яна атрымала гатовыя ад дзяўчат і расклала іх на талеркі.
Дзяўчаты ўсхвалявана залапаталі, спяшаючыся, як дзеці, хутчэй паглядзець, што ім дасталася.
- А ты не хочаш узяць сваю талерку? - спытала Роза.
- Якую талерку?
- Тваю. Табе ж таксама ёсць падарунак.
І сапраўды, маё імя таксама было напісана шыкоўным рандо, двума колерамі - чырвоным і чорным. Яблыкі, арэхі, апельсіны, ад Розы вязаны жакет, ад гаспадыні - травяніста-зялёны гальштук, ад Кікі - ружовыя шкарпэткі са штучнага шоўку, ад прыгажуні Валі - скураная дзяга, ад кельнера Алоіса - паўбутэлькі рому, ад Марыон, Ліны і Лілі - паўтузіна хусцінак, а ад гаспадара - дзве бутэлькі каньяку.
- Дзеці, - сказаў я. - Дзеці, гэта ж зусім нечакана.
- Сюрпрыз? - усклікнула Роза.
- Як піць даць.
Я стаяў сярод іх, разгублены і, дальбог, крануты да глыбіні душы.
- Дзеці, - сказаў я. - Ці ведаеце вы, калі я апошні раз атрымліваў падарункі? Я ўжо і сам не памятаю. Гэта, мусіць, было да вайны. А ў мяне няма нічога вам.
Усе былі бязмежна радыя, што мяне так здорава ўразілі.
- За тое, што ты нам заўсёды нешта іграў, - сказала Ліна, чырванеючы.
- Сапраўды, зайграй нам што-небудзь, вось і будзе твой падарунак, - заявіла Роза.
- Што захочаце, - сказаў я. - Усё, што захочаце.
- Зайграй «Маю маладосць», -крыкнула Марыон.
- Не, што-небудзь вясёлае, - не пагадзіўся Кікі.
На яго не звярнулі ўвагі. Яго як «гома» ўвогуле ўсур'ёз не прымалі. Я сеў да піяніна і зайграў. Усе заспявалі.
Песеньку вясны
Ветры прыняслі...
Маладыя сны,
А ці вы былі?
Гаспадыня выключыла ўсе электралямпачкі. Заставалася толькі святло ад свечак. Нібы далёкая крынічка ў лесе, ціха булькатаў піўны кран, а пласкаступы Алоіс блукаў на заднім плане, нібы чорны Пан. Я пачаў другі куплет. З ззяючымі вачыма, з добрымі тварамі мяшчанак дзяўчаты стоўпіліся вакол піяніна. І - вось дык дзіва! - нехта заплакаў горкімі слязьмі. Гэта быў Кікі - салодкі Кікі з Люкенвальдэ.
Ціха адчыніліся дзверы з вялікай залы. Пад меладычны напеў сюды гужам уплыў хор на чале з Грыгаляйтам, які паліў чорную бразільскую цыгару. Спевакі выстраіліся за дзяўчатамі.
З дому я пайшоў...
Свет багаты цвіў,
А вярнуўся зноў...
Ён пустэльны быў...
Ціха адгучаў хор.
- Выдатна, - сказала Ліза.
Роза запаліла бенгальскія агні. Яны шыпелі і стралялі іскрамі.
- Добра, а цяпер што-небудзь вясёленькае! - усклікнула яна. - Трэба падбадзёрыць Кікі.
- І мяне таксама, - сказаў Стэфан Грыгаляйт.
У адзінаццаць гадзін прыйшлі Кёстэр і Ленц. Мы з бледным Георгі селі за стол каля стойкі. Георгі далі некалькі сухарыкаў, каб паставіць яго на ногі. Неўзабаве пасля гэтага Ленц растварыўся ў шумнай кампаніі жывёлапрамыслоўцаў. Праз пятнаццаць хвілін мы ўбачылі яго з Грыгаляйтам каля стойкі. Яны скрыжавалі рукі і пілі на брудэршафт.
- Стэфан! - прадставіўся Грыгаляйт.
- Готфрыд! - адказаў Ленц, і яны выпілі па чарцы каньяку.
- Я прышлю табе заўтра крывяной і лівернай каўбасы. Добра, Готфрыд?
- Цудоўна! - Ленц ляпнуў яго па плячы. - Добра, стары Стэфан!
Стэфан ззяў.
- Ты так добра смяешся, - гаварыў ён у захапленні. - Я люблю, хто так прыгожа смяецца. Я занадта хутка паддаюся суму, гэта мая слабасць.
- І мая! - адказаў Ленц. - Вось таму я і смяюся. Хадзем, Робі, выпі з намі чарку за бясконцы сусветны смех!
Я падышоў да іх.
- Што з тым хлопцам? - спытаў Стэфан і паказаў на Георгі. - У яго вельмі сумны выгляд.
- Яго лёгка зрабіць шчаслівым, - сказаў я. - Яму патрэбна толькі крыху працы.
- Задачка, - адказаў Стэфан. - На сённяшні дзень.
- Ён гатовы на любую працу.
- Сёння ўсе на ўсё гатовыя, - Стэфан працверазеў.
- Хлопцу трэба 75 марак у месяц.
- Глупства. Столькі яму не хопіць.
- Яму хопіць, - сказаў Ленц.
- Готфрыд, - адказаў Грыгаляйт, - я стары п'яніца. Добра. Але праца - справа сур'ёзная. Яе нельга сёння даць, а заўтра забраць. Гэта яшчэ горш, чым ажаніць чалавека, а заўтра зноў адабраць жонку. Але калі хлопец сумленны і задаволіцца сям'юдзесяццю пяццю маркамі, яму пашанцавала. Няхай прыйдзе да мяне ў аўторак у восем гадзін. Мне патрэбен памочнік на ўсякую бегатню па справах саюза і ўсякае такое. Акрамя платы атрымае тады-сяды пакунак мяса. Здаецца, яму не пашкодзіла б крыху падсілкавацца.
- Гэта цвёрдае слова? - спытаў Ленц.
- Слова Стэфана Грыгаляйта.
- Георгі, - усклікнуў я, - падыдзі сюды.
Даведаўшыся, у чым справа, ён закалаціўся. Я вярнуўся да Кёстэра.
- Паслухай, Ота, - сказаў я, - ты хацеў бы пачаць жыццё яшчэ раз спачатку, калі б было можна?
- Яшчэ раз гэтаксама?
- Ну.
- Не, - сказаў Кёстэр.
- І я - не, - сказаў я.
XXIV
Гэта здарылася праз тры тыдні, халодным студзеньскім вечарам. Я сядзеў у «Інтэрнацыяналі» і гуляў з гаспадаром у «дваццаць адно». Шынок быў пусты, нават прастытуткі не прыйшлі. У горадзе было неспакойна. Па вуліцы ўвесь час праходзілі калоны - адны маршыравалі пад аглушальныя вайсковыя маршы, другія, спяваючы «Інтэрнацыянал». Потым зноў цягнуліся доўгія маўклівыя калоны з лозунгамі, якія патрабавалі працы і хлеба. Шматлікія ногі адбівалі крок па асфальце, быццам гэта ішоў вялізны няўмольны гадзіннік. Пад вечар паміж забастоўшчыкамі і паліцыяй адбылася сутычка, у час якой дванаццаць чалавек былі паранены. Цяпер уся паліцыя была ў баявой гатоўнасці. На вуліцах завывалі сірэны паліцэйскіх машын.
- Няма спакою, - сказаў гаспадар і адкрыў карты. У яго было шаснаццаць. - Вайна скончылася, а спакою няма і няма. А мы ж толькі і марылі пра спакой. Вар'яцкі свет!
У мяне было семнаццаць, і я забраў банк.
- Свет не звар'яцеў, - сказаў я. - Людзі звар'яцелі.
Алоіс, які стаяў за крэслам гаспадара і «хварэў» за яго, запратэставаў:
- Яны не звар'яцелі, проста сквапныя. Зайздросцяць адзін аднаму. Ад таго, што ўсяго шмат, у большасці няма нічога. Уся справа ў размеркаванні.
- Вядома, - сказаў я і, узяўшы дзве карты, спасаваў. - Але такое становішча існуе ўжо некалькі тысяч гадоў.
Гаспадар адкрыўся. У яго было пятнаццаць. Ён з адчаем зірнуў на мяне. Потым прыкупіў туза. Перабор. Я адкрыў свае карты. У мяне было толькі дванаццаць ачкоў, і з пятнаццаццю ён выйграў бы.
- Д'ябальшчына! Я кідаю гуляць, -лаяўся ён. - Які подлы блеф. Я падумаў, што ў вас не менш васемнаццаці.
Алоіс штосьці прагундосіў.
Я забраў грошы. Гаспадар пазяхнуў і паглядзеў на гадзіннік.
- Скора адзінаццаць. Здаецца, трэба зачыняць. Больш ужо ніхто не прыйдзе.
- Хтосьці ідзе, - сказаў Алоіс.
Дзверы адчыніліся. Гэта быў Кёстэр.
- Ёсць навіны, Ота?
Ён кіўнуў галавой.
- Бойка ў залах «Барусіі». Двое цяжка параненых, некалькі дзесяткаў лёгка параненых і каля сотні арыштаў. Дзве перастрэлкі ў паўночнай частцы горада. Адзін паліцэйскі забіты. Не ведаю, колькі параненых. Ну, галоўнае, відаць, пачнецца толькі зараз, калі закончацца вялікія сходы. Ты ўжо закончыў?
- Так, - сказаў я. - Мы ўжо хацелі канчаць.
- Тады пайшлі.
Я зірнуў на гаспадара. Ён кіўнуў.
- Тады прывітанне, - сказаў я.
- Бывайце, - адказаў гаспадар. - Паасцеражыцеся.
Мы выйшлі. На вуліцы пахла снегам. Усюды ляжалі лістоўкі, падобныя да вялікіх мёртвых белых матылёў.
- Готфрыда няма, - сказаў Кёстэр. - Дзесьці тырчыць на адным з гэтых сходаў. Я чуў, што іх будуць разганяць, і думаю, што яшчэ ўсяго будзе. Было б добра захапіць яго да канца. Ён жа не стрымаецца.
- Ты ведаеш, дзе ён? - спытаў я.
- Не дакладна. Але, напэўна, на адным з трох галоўных сходаў. Трэба зазірнуць на іх. Готфрыда лёгка пазнаць па яго вогненнай шавялюры.
- Добра. - Мы селі ў машыну і панесліся ў «Карле» да рэстарана, дзе праходзіў адзін сход.
На вуліцы стаяў грузавік з паліцэйскімі. Раменьчыкі фуражак былі апушчаны. Рулі карабінаў матава паблісквалі ў святле ліхтароў. З вокнаў звісалі стракатыя сцягі. Каля ўвахода тоўпіліся людзі ў форме. Амаль усе маладыя.
Мы купілі два білеты, адмовіўшыся ад брашур, не кінуўшы ніводнага пфеніга ў скарбонкі і не аб'яўляючы сваёй партыйнай прыналежнасці. Мы зайшлі ў залу. Яна была запоўнена і добра асветлена, каб адразу выявіць, хто падае голас з месца. Мы спыніліся каля ўвахода, і Кёстэр, у якога быў вельмі востры зрок, пачаў разглядаць рады.
На подыуме стаяў дужы каржакаваты мужчына і гаварыў. У яго быў гучны грудны голас, які быў добра чуваць у зале. Гэта быў голас, які пераконваў, калі нават не асабліва ўдумвацца ў сэнс прапановы. А сэнс быў лёгка зразумелы. Чалавек нязмушана хадзіў па сцэне, рабіў скупыя жэсты, час ад часу выпіваў глыток вады і жартаваў. Потым ён раптам моўчкі спыняўся, паварочваўся тварам да публікі і змененым рэзкім голасам высякаў сказ за сказам, ён выдаваў ісціны, усім вядомыя, - пра беднасць, пра голад, пра беспрацоўе, усё больш распаляючыся, вабячы за сабой слухачоў. Урэшце ён палка шпурнуў у залу: «Далей так быць не можа! Патрэбны перамены!»
Публіка шалёна пляскала і крычала, быццам перамены ўжо наступілі. Чалавек на сцэне чакаў, пакуль супакояцца. Яго твар блішчаў. А потым наступіла галоўнае - шырока, пераканаўча, нястрымна: абяцанні за абяцаннямі, цэлы град абяцанняў, і над галовамі слухачоў з'яўляўся купал раю, казачна стракаты, як латарэя, дзе ўсе нумары - выйгрышныя, дзе кожны знойдзе сваё асабістае шчасце і асабістыя правы і асабістую помсту.
Я паглядзеў на слухачоў. Тут былі людзі ўсіх прафесій, бухгалтары, дробныя рамеснікі, чыноўнікі, нейкая частка рабочых і шмат жанчын. Яны цяпер сядзелі ў душнай зале, адкінуўшыся ці нахіліўшыся, рад за радам, галава ля галавы. Хвалі слоў накатваліся на іх, і было дзіўна: якія розныя яны ні былі б, твары ва ўсіх мелі аднолькавы адсутны выраз, сонныя позіркі, скіраваныя ў туманную далячынь у пошуках фаты-марганы. У вачах была пустэча і адначасова магутнае чаканне, у якім растваралася ўсё - крытыка, сумненні, супярэчлівасці і пытанні, штодзённасць, сучаснасць, рэчаіснасць. Той чалавек на сцэне ведаў усё, у яго былі адказы на любое пытанне, рада ў любой бядзе. Было прыемна даверыцца яму. Добра было, што быў такі, хто думаў за цябе. Было прыемна верыць.
Кёстэр штурхануў мяне пад бок. Ленца тут не было. Ён паказаў галавой на выхад. Я кіўнуў, і мы пайшлі. Хлопцы, што стаялі на варце каля дзвярэй, зірнулі на нас змрочна і падазрона. У вестыбюлі пастроіўся аркестр, гатовы крочыць у залу. За ім быў лес сцягоў і процьма значкоў.
- Выдатна арганізавана, праўда? - спытаўся Кёстэр на вуліцы.
- Першакласна. Магу судзіць пра гэта як стары кіраўнік аддзела рэкламы.
Мы праехалі некалькі кварталаў да месца, дзе праходзіў другі сход. Іншыя сцягі, іншыя ўніформы, іншая зала. Але ўсё астатняе амаль тое самае. На тварах той самы выраз няпэўнай надзеі і верніцкай спустошанасці. Перад радамі крэслаў - стол прэзідыума, накрыты белым стольнікам. За ім - партыйныя сакратары, прэзідыум, некалькі энергічных старых дзеў. Прамоўца, відаць,чыноўнік, быў слабейшы за папярэдняга. Ён гаварыў казённай нямецкай мовай, прыводзіў лічбы, доказы, усё было правільна, але, нягледзячы на гэта, ён пераконваў слабей, чым той, другі, які ўвогуле нічога не даказваў, а толькі сцвярджаў. Зморана драмалі ў прэзідыуме партыйныя сакратары, яны ўжо бачылі сотні такіх сходаў.
- Пайшлі, - праз хвіліну сказаў Кёстэр. - Яго тут таксама няма. Дарэчы, я так і думаў.
Мы паехалі далей. Пасля духаты ў перапоўненых залах паветра было халоднае і свежае. Машына імчала па вуліцах. Мы ехалі міма канала. Ліхтары кідалі жаўтлявыя рэфлексы на цёмную ваду, якая ціха плёхалася каля бетоннай набярэжнай. Міма паволі праплыла чорная баржа. Яе цягнуў буксірны параходзік з чырвонымі і зялёнымі сігнальнымі агнямі. Адтуль забрахаў сабака, потым пад ліхтаром з'явіўся чалавек і знік у люку, які на імгненне бліснуў залацістым святлом. На тым баку канала ярка свяціліся дамы заходняй часткі горада. Да іх вёў мост з шырокай аркай. Бесперапынна туды-сюды снавалі машыны, аўтобусы, трамваі. Усё гэта было падобна да іскрыстай стракатай зямлі пад нерухомай чорнай вадой.
- Давай пакінем машыну тут і пройдзем астатак дарогі пехатой, - праз хвіліну сказаў Кёстэр. - Не так будзем кідацца ў вочы.
Мы спынілі «Карла» пад ліхтаром каля шынка. Калі мы выйшлі, ад нас наўцёкі кінулася белая коціка. Некалькі прастытутак у фартушках стаялі крыху паводдаль пад аркай варотаў. Калі мы праходзілі міма, яны прымоўклі. Катрыншчык спаў, прыхіліўшыся да сцяны дома. Старая жанчына корпалася ў адкідах, зваленых у кучу каля вуліцы.
Мы падышлі да вялізнага будынка дома-казармы з мноствам флігеляў, двароў і праходаў. На ніжнім паверсе месціліся крамы, булачная і пункт прыёму рыззя і лому. На вуліцы перад першым праходам стаялі два грузавікі з паліцэйскімі.
У адным з куткоў першага двара быў абсталяваны стэнд, на якім вісела некалькі картаў зорнага неба. За сталом з паперамі на невялічкім узвышэнні стаяў чалавек у турбане. Над яго галавой вісела шыльда: «Астралогія, графалогія, прадказанне будучыні. Ваш гараскоп за 50 пфенігаў». Яго акружаў натоўп. Зыркае святло карбіднага ліхтара падала на яго жоўты зморшчаны твар. Ён нешта настойліва ўнушаў слухачам, якія моўчкі глядзелі на яго - тым жа самым згубленым, адсутным позіркам з надзеяй на цуд, як і слухачы на сходах са сцягамі і аркестрамі.
- Ота, - звярнуўся я да Кёстэра, які крочыў перада мной, - цяпер я ведаю, чаго хочуць людзі. Яны хочуць не палітыкі. Яны хочуць замены рэлігіі.
Ён азірнуўся.
- Вядома. Яны зноў хочуць у нешта верыць. Усё роўна, у што. Вось чаму яны фанатычныя.
Мы трапілі ў другі двор, дзе быў шынок, у якім праходзілі сходы. Ва ўсіх вокнах гарэла святло. Потым мы пачулі з сярэдзіны шум. У той самы момант з цёмнага бакавога праходу ў двор як па сігнале ўляцелі некалькі хлопцаў у непрамакальных спартовых куртках. Яны кінуліся, прыціскаючыся да сцяны, у дзверы шынка. Пярэдні рыўком адчыніў іх, і ўсе рынуліся ўсярэдзіну.
- Ударная група, - сказаў Кёстэр. - Хадзем сюды да сцяны, станем за піўнымі бочкамі.
У зале ўзняўся грукат і гвалт. У наступную секунду дзынкнула шыба і нехта вылецеў праз акно. Адразу ж пасля гэтага трэснулі дзверы, з іх вываліўся клубок людзей, першыя спатыкнуліся, заднія паваліліся на іх. Завішчала, просячы дапамогі, жанчына і пабегла праз вароты на вуліцу. Затым вываліўся другі клубок. Людзі былі ўзброены ножкамі ад крэслаў і піўнымі куфлямі. Выскачыў вялізны цясляр, стаў крышку ўбаку, і кожны раз, убачыўшы перад сабой твар праціўніка, ён сваёй доўгай рукой апісваў круг і ўдарамі заганяў таго назад у кучу. Ён рабіў гэта спакойна, быццам сек дровы.
Яшчэ адзін ком вываліўся, і раптам мы ўбачылі на адлегласці трох метраў рыжую галаву Готфрыда, якая трапіла пад руку ашалеламу вусачу.
Кёстэр прыгнуўся і нырнуў у бойку. Праз некалькі секунд вусач выпусціў Готфрыда, з выразам надзвычайнага здзіўлення падняў рукі ўгору і ўпаў у натоўп, як падпілаванае дрэва. Адразу пасля гэтага я ўбачыў Кёстэра, які цягнуў за каўнер Ленца.
Ленц вырываўся.
- Пусці мяне яшчэ на хвілінку, Ота, - хрыпеў ён.
- Глупства, - крычаў Кёстэр. - Зараз паявіцца паліцыя. Пайшлі! Сюды!
Мы пабеглі праз двор, да цёмнага бакавога праходу. Мы спяшаліся недарма. У той самы момант у дварэ загучалі залівістыя свісткі, замільгалі чорныя каскі паліцэйскіх, яны ачапілі двор. Мы пабеглі ўверх па лесвіцы, каб не трапіць у рукі паліцыі. З акна на лесвічнай пляцоўцы мы бачылі, што адбылося потым. Паліцыя працавала бліскуча. Яна перакрыла выйсці, убіла ў клубок клін, рассекла натоўп на часткі і пачала адразу вывозіць удзельнікаў. Першым трапіў разгублены цясляр, які спрабаваў яшчэ нешта растлумачыць. За нашымі спінамі адчыніліся дзверы. Жанчына ў сарочцы з голымі тонкімі нагамі са свечкай у руцэ высунула ў калідор галаву.
- Гэта ты? - спытала яна змрочна.
- Не, - сказаў Ленц, які ўжо ачомаўся.
Жанчына грымнула дзвярыма. Ленц кішэнным ліхтарыкам пасвяціў на дзверы. Тут чакалі Герхарда Пешкэ, муляра.
Унізе стала ціха. Паліцыя паехала, двор апусцеў. Мы яшчэ крыху пачакалі, потым спусціліся ўніз па лесвіцы. За чыімісьці дзвярыма плакала дзіця. Яно румзала ціха, на нешта скардзячыся ў змроку.
- Правільна плача, - сказаў Готфрыд, - у аванс.
Мы прайшлі праз пярэдні двор. Астролаг, усімі пакінуты, стаяў перад сваімі зорнымі картамі.
- Вам гараскоп, панове? - усклікнуў ён. - Ці паваражыць, што будзе, па руцэ?
- Давай, - сказаў Готфрыд і працягнуў яму руку.
Мужчына нейкі час вывучаў яе.
- У вас парок сэрца, - катэгарычна заявіў ён. - Вашы пачуцці моцна развітыя, ваша лінія мудрасці вельмі кароткая, затое ў вас добрыя музычныя здольнасці. Вы шмат марыце, але вы непрыгодны як муж. І ўсё ж я бачу трое дзяцей. Вы - дыпламатычная натура, схільны да замкнёнасці. Вы дажывяце да 80 гадоў.
- Усё правільна, - заявіў Готфрыд. - Мая фройляйн мама таксама казала заўсёды: хто злуецца, той хутка састарыцца. Мараль - знаходка людзей, а не выснова жыцця.
Ён заплаціў, і мы пайшлі далей. Вуліца была пустая. Чорная кошка перабегла нам дарогу. Ленц звярнуў увагу на яе.
- Нам трэба вярнуцца.
- Кінь, - сказаў я. - Нядаўна мы бачылі белую. Ёсць раўнавага.
Мы пайшлі па вуліцы. Некалькі чалавек ішлі нам насустрач па другім баку. Гэта былі чатыры маладыя хлапцы. Адзін быў у новых светла-жоўтых крагах, астатнія - у ботах, падобных да вайсковых. Яны спыніліся і ўтаропіліся на нас.
- Вось ён! - крыкнуў раптам той, што быў у крагах, і пабег да нас праз вуліцу. У наступны момант прагучалі два стрэлы, хлопец адскочыў убок, і ўсе чацвёра кінуліся з усіх ног наўцёкі. Я ўбачыў, як Кёстэр хацеў кінуцца за імі, але потым неяк дзіўна павярнуўся, выпрастаў рукі, выдаў прыглушаны дзікі ўскрык і паспрабаваў падхапіць Готфрыда Ленца, які цяжка грымнуўся на асфальт.
На секунду я падумаў, што ён проста ўпаў. Потым я заўважыў кроў. Кёстэр рыўком расхінуў яму пінжак, сарваў сарочку... Кроў біла моцным струменем. Я прыціснуў да раны хусцінку.
- Пабудзь тут, я прыганю машыну, - крыкнуў Кёстэр і пабег.
- Готфрыд, - сказаў я, - ты чуеш мяне?
Яго твар пашарэў. Вочы былі прыплюшчаны. Вейкі не варушыліся. Адной рукой я трымаў яго галаву, а другой прыціскаў хусцінку да месца, адкуль ішла кроў. Я ўкленчыў каля яго, прыслухоўваўся да яго хрыпаў, яго дыхання, але я нічога не чуў, усё як амярцвела: бясконцая вуліца, бясконцыя рады дамоў, бясконцая ноч... я толькі чуў, як кроў з ціхім плёскатам капала на зямлю, і ведаў, што так ужо не адзін раз магло здарыцца, і не верыў цяпер, што гэта праўда.
Падляцеў на машыне Кёстэр. Ён адкінуў спінку левага сядзення. Мы асцярожна паднялі Готфрыда і паклалі на сядзенні. Я ўскочыў у машыну, Кёстэр даў газу. Мы паехалі ў бліжэйшы пункт хуткай дапамогі. Кёстэр асцярожна затармазіў.
- Паглядзі, ці ёсць лекар. Калі няма, паедзем далей.
Я пабег. Насустрач мне выйшаў санітар.
- Ёсць лекар?
- Ёсць. Вы некага прывезлі?
- Так. Вазьміце насілкі, і хадзем.
Мы паклалі Готфрыда на насілкі і ўнеслі ў бальніцу. Лекар ужо стаяў з закасанымі рукавамі.
- Сюды! - Ён паказаў на стол. Мы паставілі насілкі. Лекар апусціў лямпу да самай раны.
- Што гэта?
- З рэвальвера.
Ён узяў ваты, выцер кроў, памацаў пульс, праслухаў яго і выпрастаўся.
- Ужо нічога не зробіш.
Кёстэр утаропіўся ў яго.
- Але ж куля прайшла зусім збоку. Не можа быць, што так дрэнна.
- Тут раны ад двух стрэлаў! - сказаў лекар.
Ён зноў выцер кроў. Мы нахіліліся. Цяпер мы бачылі, што наўскасяк ад той раны, якая так моцна крывяніла, была другая - маленькая цёмная адтуліна ў вобласці сэрца.
- Ён памёр амаль імгненна, - сказаў лекар.
Кёстэр выпрастаўся. Ён узіраўся ў Готфрыда. Лекар закрыў раны тампонамі і заклеіў іх палоскамі пластыра.
- Вы хочаце ўмыцца? - спытаў ён мяне.
- Не, - адказаў я.
Твар Готфрыда пажаўцеў і запаў. Рот крыху скрывіўся, вочы былі прыплюшчаны, адно больш, другое менш. Ён глядзеў на нас. Ён увесь час глядзеў на нас.
- Як гэта здарылася? - спытаў лекар.
Ніхто не адказаў. Готфрыд глядзеў на нас. Ён глядзеў на нас неадрыўна.
- Ён можа застацца тут, - сказаў лекар.
Кёстар зварухнуўся.
- Не, - запярэчыў ён. - Мы яго забяром.
- Нельга, - сказаў лекар. - Трэба патэлефанаваць у паліцыю. І крыміналістам. Трэба ўсё адразу зрабіць, каб знайсці злачынцу.
- Злачынцу? - Кёстэр зірнуў на лекара, быццам не разумеючы яго. - Добра, - сказаў ён потым, - я паеду і прывязу паліцыю.
- Вы можаце патэлефанаваць. Тады яны хутчэй прыедуць.
Кёстэр ціха пахітаў галавой.
- Не. Я іх прывязу.
Ён выйшаў, і я пачуў, як загудзеў матор «Карла». Лекар падсунуў мне крэсла.
- Не хочаце прысесці пакуль што?
- Дзякую, - сказаў я, застаючыся стаяць. Яркае святло ўсё яшчэ падала на акрываўленыя грудзі Готфрыда. Лекар крыху падняў лямпу.
- Як жа тэта здарылася? - спытаў ён яшчэ раз.
- Я не ведаю. Мусіць, з некім пераблыталі.
- Ён быў на вайне? - спытаў лекар.
Я кіўнуў галавой.
- Гэта бачна па рубцах, - сказаў ён. - І па прастрэленай руцэ. Ён быў паранены некалькі разоў.
- Якая подласць, - сказаў санітар. - Вашывыя падшыванцы. Тады, пэўна, яшчэ ў полках ляжалі.
Я нічога не адказаў. Готфрыд глядзеў на мяне. Увесь час.
Кёстэр вярнуўся не скора. Ён быў адзін. Лекар адклаў газету, якую чытаў.
- Ёсць прадстаўнікі ўлады? - спытаў ён.
Кёстэр спыніўся. Ён не чуў, што сказаў лекар.
- Паліцыя прыехала? - спытаў лекар яшчэ раз.
- А-а, - адказаў Кёстэр, - паліцыя. Трэба патэлефанаваць, каб прыехала.
Лекар глянуў на яго, але нічога не сказаў і пайшоў да тэлефона. Праз некалькі хвілін прыйшлі два паліцэйскія чыноўнікі. Яны селі за стол, і адзін з іх пачаў запісваць звесткі пра Готфрыда. Не ведаю чаму, але мне здалося вар'яцтвам адказваць, як яго звалі, і калі ён нарадзіўся, і дзе ён жыў, адказваць цяпер, калі ён быў мёртвы. Я ўтаропіўся на чорны агрызак алоўка, які час ад часу чыноўнік слініў. Я адказваў механічна.
Другі чыноўнік пачаў складаць пратакол. Кёстэр даваў патрэбныя звесткі.
- Вы можаце мне сказаць, як прыкладна выглядаў забойца? - спытаўся чыноўнік.
- Не, - адказаў Кёстэр. - Я не звярнуў увагі.
Я зірнуў на яго. Я прыпомніў жоўтыя крагі і ўніформу.
- Вы не ведаеце, да якой партыі ён належаў? Вы не бачылі значкоў альбо ўніформы?
- Не, - сказаў Кёстэр. - Да стрэлаў я нічога не бачыў. А потым я толькі зай... - ён на імгненне запнуўся, - займаўся маім таварышам.
- Вы ўваходзіце ў якую-небудзь партыю?
- Не.
- Я пытаю таму, што вы сказалі, што ён ваш таварыш...
- Ён мой таварыш з вайны, - сказаў Кёстэр.
Чыноўнік павярнуўся да мяне.
- Вы можаце апісаць забойцу?
Кёстэр цвёрда зірнуў на мяне.
- Не, - сказаў я. - Я таксама нічога не бачыў.
- Дзіўна, - сказаў чыноўнік.
- Мы размаўлялі і ні на што не звярталі ўвагі. Усё адбылося вельмі хутка.
Чыноўнік уздыхнуў.
- Мала надзеі, што мы зловім малайцоў.
Ён закончыў пратакол.
- Мы можам забраць яго? - спытаў Кёстэр.
- Шчыра кажучы... - чыноўнік глянуў на лекара. - Прычына смерці вызначана дакладна?
Лекар кіўнуў галавой.
- Я ўжо склаў акт.
- А дзе куля? Я павінен забраць кулю.
- Былі дзве кулі. Яны ў целе. Мне трэба было б... - лекар завагаўся.
- Мне патрэбны абедзве, - сказаў чыноўнік. - Трэба паглядзець, ці з адной зброі стралялі.
- Няхай, - сказаў Кёстэр на позірк лекара.
Санітар паправіў насілкі і апусціў святло. Лекар узяў свае інструменты і запусціў пінцэт у рану. Першую кулю ён знайшоў хутка. Яна сядзела не вельмі глыбока. Каб дастаць другую, давялося рабіць надрэз. Ён нацягнуў гумавыя пальчаткі да локцяў і ўзяў заціскі і скальпель. Кёстэр паспешліва падышоў да насілак і закрыў Готфрыду вочы, якія ўсё яшчэ былі прыплюшчаны. Пачуўшы лёгкі шоргат скальпеля, я адвярнуўся. У нейкі момант я хацеў падскочыць і адштурхнуць лекара, бо мне раптам здалося, што Готфрыд толькі страціў прытомнасць, а лекар зараз сапраўды зарэжа яго... але я потым ачнуўся. Мы бачылі дастаткова нябожчыкаў, каб разумець...
- Вось яна, - сказаў лекар і выпрастаўся. Ён выцер кулю і аддаў яе чыноўніку.
- Такая ж самая. З той самай зброі, праўда?
Кёстэр нахіліўся і пачаў уважліва разглядаць маленькія, з матавым бляскам, кулі, якія качаліся на далоні паліцэйскага чыноўніка.
- Так, - сказаў ён.
Чыноўнік загарнуў іх у паперку і схаваў у кішэнь.
- Папраўдзе, гэта не дазволена, - сказаў ён праз нейкі час, - але калі вы хочаце ўзяць яго дадому... састаў злачынства высветлены, ці не так, доктар? - Лекар кіўнуў. - Вы ж і судовы лекар, - працягваў чыноўнік, - ну тады... як хочаце... вам толькі трэба... можа здарыцца, што заўтра з'явіцца яшчэ адна камісія...
- Я ведаю, - сказаў Кёстэр. - Мы ўсё пакінем, як было.
Чыноўнікі пайшлі.
Лекар ізноў закрыў і заклеіў раны Готфрыда.
- Што вы хочаце рабіць? - спытаў ён. - Вы можаце ўзяць з сабой насілкі. Толькі вярніце іх сюды заўтра да вечара.
- Добра, дзякуй, - сказаў Кёстэр. - Пайшлі, Робі.
- Я дапамагу вам, - сказаў санітар.
Я пахітаў галавой.
- Справімся.
Мы паднялі насілкі, вынеслі іх і ўладкавалі на два левыя сядзенні, якія ўтварылі плоскасць з адкінутымі спінкамі. Санітар і лекар выйшлі і назіралі, што мы робім. Мы накрылі Готфрыда яго плашчом і паехалі. Праз некалькі хвілін Кёстэр павярнуўся да мяне.
- Мы потым яшчэ раз праедзем па той вуліцы. Я ўжо раз быў там. Але было зарана. Магчыма, яны паявяцца.
Паволі пайшоў снег. Кёстэр вёў машыну амаль нячутна. Ён часта выціскаў счапленне і выключаў запальванне. Ён не хацеў, каб нас чулі, хоць чацвёрка, якую мы шукалі, не ведала, што ў нас ёсць машына. Бясшумна, як белы прывід, мы плылі праз снег, які падаў усё гусцей. Я дастаў з інструментаў малаток і паклаў каля сябе, каб нечакана выскачыць з машыны і ўдарыць. Мы ехалі па вуліцы, на якой адбылася трагедыя. Пад ліхтаром яшчэ можна было бачыць чорную крывавую пляму. Кёстэр выключыў святло. Мы ехалі каля самага бардзюра і сачылі за вуліцай. Нікога не было бачна. Толькі з асветленага шынка чуліся галасы.
Кёстэр спыніўся на скрыжаванні.
- Застанься тут, - сказаў ён, - я зазірну ў шынок.
- Пойдзем разам, - не згадзіўся я.
Ён кінуў на мяне позірк, які я запомніў з таго часу, калі ён адзін хадзіў у разведку.
- У шынку я нічога ўсчынаць не буду, - сказаў ён. - Ён можа ўлізнуць ад мяне. Я толькі гляну, ці ёсць ён там. Мы тады пачакаем яго. Застанься тут каля Готфрыда.
Я згодна кіўнуў, і ён знік у завірусе. Сняжынкі білі мне ў твар і раставалі. Мне раптам зрабілася не па сабе, што Готфрыд закрыты, як быццам ён ужо не з намі, і я адкінуў плашч з твару. Цяпер снег падаў яму на твар, на вочы, на вусны, але не раставаў. Я ўзяў сваю хусцінку, абцёр яго і зноў накінуў на яго плашч.
Вярнуўся Кёстэр.
- Няма?
- Не, - адказаў ён.
Ён сеў у машыну.
- Мы праедзем цяпер па іншых вуліцах. У мяне такое пачуццё, што мы яго вось-вось сустрэнем.
Матор зароў, але тут жа сцішыўся. Мы паціху ехалі праз белую завірушную ноч, з вуліцы ў вуліцу, на паваротах я прытрымліваў Готфрыда, каб ён не з'ехаў. Час ад часу мы спыняліся, ад'ехаўшы метраў сто ад якога-небудзь шынка, і Кёстэр шырокімі крокамі бег назад, каб зазірнуць у яго. Ён быў апантаны змрочным, халодным шаленствам. Ён не думаў пра тое, што спачатку трэба завезці Готфрыда. Двойчы ён памыкаўся зрабіць гэта, але потым зноў вяртаўся, бо яму здавалася, што якраз у гэты момант можа з'явіцца чацвёрка.
Раптам далёка наперадзе на пустой доўгай вуліцы мы ўбачылі цёмную групу людзей. Кёстэр адразу ж выключыў запальванне, і мы бясшумна, выключыўшы фары, пад'ехалі да іх. Тыя нас не пачулі. Яны размаўлялі паміж сабой.
- Чацвёра, - шапнуў я Кёстэру. У той самы момант машына зараўла, імгненна праляцела апошнія дзвесце метраў, амаль заскочыла на тратуар і з віскам, ледзь не перакуліўшыся, спынілася не больш чым за метр ад чатырох, якія спуджана ўскрыкнулі. Кёстэр павіс, нахіліўшыся з машыны, яго цела напружынілася, як сталёвы лук, ён быў гатовы выскачыць. Яго твар зрабіўся няўмольны, як смерць.
Мы ўбачылі чатырох бездапаможных пажылых людзей. Адзін з іх быў п'яны. Яны пачалі лаяцца. Кёстэр нічога не адказаў. Мы паехалі далей.
- Ота, - сказаў я, - мы сёння не знойдзем яго. Я не думаю, што ён адважыцца выйсці на вуліцу.
- Можа, і так, - адказаў ён праз нейкі час і павярнуў машыну. Мы паехалі да дома, дзе жыў Кёстэр. У яго пакой быў асобны ўваход, так што нікога не трэба было будзіць. Калі мы выйшлі з машыны, я сказаў:
- Чаму ты не захацеў гаварыць паліцыі, як той выглядаў? Нам дапамаглі б знайсці яго. А мы ж яго разгледзелі даволі добра.
Кёстэр зірнуў на мяне.
- Таму што мы самі з ім разлічымся, без паліцыі. Няўжо ты думаеш... - яго голас зноў прыціх, ён быў прыглушаны і жахлівы, - што я аддам яго паліцыі? Каб ён атрымаў некалькі гадоў турмы? Ты ж ведаеш, чым канчаюцца ўсе гэтыя працэсы. Гэтыя малойчыкі ведаюць, што знойдуцца добранькія суддзі! Гэтага не будзе! Кажу табе: калі б яго нават злавіла паліцыя, я заявіў бы, што гэта не той, каб ён сам трапіў мне ў рукі. Готфрыд мёртвы, а той - жывы? Гэтага не будзе!
Мы знялі насілкі з сядзенняў і праз завіруху і вецер унеслі іх у пакой, і мне здалося, што мы зноў у Фландрыі нясём забітага таварыша з акопаў у тыл.
Мы купілі труну і месца на могілках. Яго хавалі ў ясны сонечны дзень. Мы самі закрылі труну і знеслі яе ўніз па лесвіцы. Працэсія была невялікая. Фердынанд, Валянцін, Альфонс, бармен Фрэд, Георгі, Юп, фраў Штос, Густаў, Стэфан Грыгаляйт і Роза.
Каля варотаў могілак мы вымушаны былі пачакаць. Перад намі былі яшчэ дзве працэсіі. Аднаго нябожчыка прывезлі на чорным катафалку, другога - на карэце, у якую былі запрэжаны коні, упрыгожаныя чорным і срэбным крэпам. За карэтай цягнулася бясконцая працэсія жалобнікаў, якія ажыўлена размаўлялі паміж сабой.
Мы знялі труну з машыны і самі апусцілі яе на вяроўках. Магільшчыку гэта было па душы, бо яму і без таго хапала работы. Мы запрасілі святара. Мы, праўда, не ведалі, што на гэта сказаў бы Готфрыд, але Валянцін настояў на сваім. Ва ўсякім разе мы папрасілі святара не гаварыць прамовы. Няхай ён толькі прачытае з Бібліі. Святар быў стары і блізарукі. Калі ён падышоў да магілы, то спатыкнуўся і ледзь не ўваліўся ў яе, - добра, што Кёстэр і Валянцін падхапілі і ўтрымалі яго. Але падаючы, ён выпусціў з рук Біблію і згубіў акуляры, якія хацеў надзець. Яны ўпалі ў магілу. Святар разгублена пазіраў уніз.
- Не хвалюйцеся, - сказаў Валянцін. - Мы кампенсуем вам страчаныя рэчы.
- Бог з ёй, з кнігай, - ціха адказаў святар. - А вось без акуляраў мне не абысціся.
Валянцін адламаў галінку ад прысадаў. Потым ён укленчыў на крайку магілы, і яму ўдалося зачапіць акуляры і выцягнуць іх з вянкоў. Абсадка была залатая. Магчыма, па гэтай прычыне святару так хацелася вярнуць іх. Біблія правалілася каля сценкі труны. Каб дастаць яе, трэба было б выцягваць труну і лезці ў магілу. Гэтага і святар не хацеў.
- Можа, мне сказаць некалькі слоў? - спытаў ён.
- Не варта, - сказаў Фердынанд. - Цяпер жа з ім увесь Стары і Новы запаветы.
Ускапаная зямля востра пахла. У адным камяку варушылася белая лічынка. Калі магілу зноў засыплюць зямлёй, лічынка будзе жыць, ператворыцца ў кукалку, налета вылезе з зямлі і трапіць на святло. А Готфрыд - мёртвы. Ён пагас. Мы стаялі каля яго магілы, мы ведалі, што яго цела, валасы, вочы яшчэ існуюць, у іншым стане, але ўсё ж ёсць, і, нягледзячы на гэта, яго самога няма, і ён ніколі ўжо не вернецца. Гэта было непадуладна розуму. Наша цела было цёплае, нашы мазгі працавалі, сэрца гнала кроў па жылах, мы існавалі, як і раней, як учора, мы не страцілі ні рукі, ні нагі, не аслеплі і не анямелі, усё было, як заўсёды, зараз мы пойдзем, а Готфрыд Ленц застанецца і ніколі не прыйдзе да нас. Гэта было недаступна разуменню.
Камякі зямлі застукалі па веку труны. Магільшчык даў нам рыдлёўкі, і цяпер мы хавалі яго - Валянцін, Кёстэр, Альфонс, я, - як хавалі ўжо не аднаго таварыша. Раптам у маёй памяці загрымела старая салдацкая песня, старая, тужлівая. Гэтую песню ён любіў спяваць.
Аргонскі лес шуміць, шуміць,
Тут пахаванымі нам быць...
Альфонс прынёс просты чорны драўляны крыж, такі, якіх сотні тысяч засталося стаяць на бясконцых радах магіл у Францыі. Мы паставілі яго ў галавах магілкі.
- Пайшлі, - нарэшце хрыплым голасам сказаў Валянцін.
- Пайшлі, - сказаў Кёстэр і не варухнуўся.
Ніхто з нас не варухнуўся. Валянцін зірнуў па чарзе на кожнага.
- Навошта? - паволі сказаў ён. - Ну, навошта?
Ніхто не адказаў.
Валянцін знясілена махнуў рукой.
- Пайшлі.
Мы пайшлі па пясчанай сцяжыне да выхаду. Каля брамы нас чакалі Фрэд, Георгі і астатнія.
- Як ён цудоўна смяяўся, - сказаў Стэфан Грыгаляйт. Слёзы пацяклі па яго бездапаможным, злосным твары.
Я азірнуўся. За намі ніхто не ішоў.
XXV
У лютым я ў апошні раз сядзеў з Кёстэрам у нашай майстэрні. Мы былі вымушаны прадаць яе і цяпер чакалі распарадчыка аўкцыёна, які павінен быў пусціць з малатка ўсё абсталяванне і таксі. У Кёстэра быў намер вясной уладкавацца гоншчыкам пры невялічкай аўтафірме. Я пакуль што заставаўся ў кафе «Інтэрнацыяналь» і думаў пашукаць сабе яшчэ работу днём, каб павялічыць свой заробак.
У двары паступова пачалі сабірацца людзі. Прыйшоў аўкцыёншчык.
- Ты выйдзеш, Ота? - спытаў я.
- Навошта? Усё выстаўлена, а ён ведае, што да чаго.
У Кёстэра быў змораны выгляд. Па ім гэта не вельмі было відаць, але той, хто добра ведаў яго, заўважаў. Яго твар здаваўся больш напружаным і жорсткім.
Кожны вечар ён выязджаў на машыне, патрулюючы адны і тыя ж вуліцы. Ён ужо даўно ведаў прозвішча хлопца, які застрэліў Готфрыда. Яму толькі не ўдавалася знайсці яго, бо той, баючыся паліцыі, змяніў кватэру і недзе хаваўся. Усё гэта разведаў Альфонс. Ён таксама чакаў. Але, магчыма, забойцы і не было ў горадзе. Ён не ведаў, што Кёстэр і Альфонс палююць на яго. Яны чакалі, што ён, супакоіўшыся, вернецца.
- Ота, я выйду і пагляджу, - сказаў я.
- Добра.
Я выйшаў у двор. Нашы станкі і астатняе абсталяванне былі расстаўлены пасярэдзіне двара. Справа каля сцяны стаяла таксі, якое мы добра адмылі. Я паглядзеў на сядзенні і шыны. Готфрыд заўсёды называў машыну «наша верная дойная карова». Не так проста было развітацца з ёй.
Нехта ляпнуў мяне па плячы. Я здзіўлена абярнуўся. Перада мной стаяў развязны малады чалавек у паліто з поясам. Падміргваючы, ён круціў у руках бамбукавы кіёк.
- Прывітанне! Стары знаёмы!
Нешта мне пачало прыпамінацца.
- Гвіда Ціс з «Аўгека»!
- Ну вось бачыце, - самазадаволена заявіў Гвіда. - Мы сустрэліся тады каля гэтай самай ламачыны. З вамі, праўда, тады быў яшчэ адзін тып. Я яму тады ледзь не ўрэзаў.
Я міжволі скрывіўся, уявіўшы сабе, што гэты мог урэзаць Кёстэру. Ціс палічыў гэта за ўсмешку і таксама выскаліўся, паказаўшы даволі папсаваныя зубы.
- Добра... што было, тое прайшло, Гвіда не злапомны. Вы тады заплацілі занадта высокую цану за гэтую старызну. Мусіць, нешта мелі на гэтым?
- Вядома, - сказаў я. - Добрая машына.
Ціс прагугнявіў:
- Калі б вы паслухалі мяне, вы зарабілі б больш. І я з вамі. Але забудзем! Хто былое прыпомніць... Але сёння мы аб'яднаемся. За пяцьсот марак мы купім гэтую скрыню. Больш ніхто не дасць. Згодны?
Я зразумеў. Ён думаў, што мы тады перапрадалі машыну. Ён не ведаў, што гэта майстэрня - наша. Наадварот, ён думаў, што мы зноў хочам купіць машыну.
- Машына пацягне сёння на паўтары тысячы, - сказаў я. - Ды яшчэ даплата за права эксплуатацыі.
- А я пра што? - загарачыўся Гвіда. - Мы будзем таргавацца да пяцісот... я буду. Калі мы потым перапрадамо яе, я выплачваю вам трыста пяцьдзесят наяўнымі.
- Не магу, - сказаў я. - У мяне ўжо ёсць каму перапрадаць.
- Але ж... - Ён хацеў прапанаваць мне яшчэ штосьці.
- Не мае сэнсу, - я пайшоў на сярэдзіну двара.
Да тысячы двухсот ён будзе таргавацца. Гэта мне цяпер было зразумела.
Аўкцыёншчык пачаў з прадметаў абсталявання. Выручка была невялікая. Дзёшава пайшоў і інструмент. Дайшла чарга да таксі.
Нехта прапанаваў трыста марак.
- Чатырыста, - сказаў Гвіда.
- Чатырыста пяцьдзесят, - павагаўшыся, сказаў мужчына ў сіняй рабочай кашулі.
Гвіда дагнаў да пяцісот. Аўкцыёншчык паўтарыў, пазіраючы на прысутных. Мужчына ў сарочцы маўчаў. Гвіда падміргнуў мне і падняў чатыры пальцы.
- Шэсцьсот, - сказаў я.
Гвіда заматляў галавой і даў семсот. Я працягваў дабаўляць. Гвіда ў адчаі гнаўся. Калі дайшло да тысячы, ён пачаў рабіць мне знакі закляцця, паказваючы мне на пальцах, што я магу зарабіць яшчэ сотню. Ён заявіў тысячу дзесяць. Калі ён пачуў «тысяча сто», то пачырванеў і злосна заверашчаў:
- Тысяча сто дзесяць!
Я заявіў тысячу сто дзевяноста, спадзеючыся, што ён дасць тысячу дзвесце. Я ўжо рашыў спыніцца.
Але Гвіда раз'юшыўся. Ён раззлаваўся, думаючы, што я яго выцясняю. Раптам ён даў тысячу трыста. Я хутка ўзважыў. Калі б ён сапраўды хацеў купіць, то на тысячы двухстах ён спыніўся б. Цяпер ён помсціў мне і паддаваў азарту. Пасля нашай размовы ён быў упэўнены, што я буду таргавацца да паўтары тысячы, і не бачыў небяспекі.
- Тысяча трыста дзесяць, - сказаў я.
- Тысяча чатырыста, - хутка адказаў Гвіда.
- Тысяча чатырыста дзесяць, - павагаўшыся, даў я.
Я баяўся трапіць у пастку.
- Тысяча чатырыста дзевяноста! - Гвіда глянуў на мяне пераможна і кпліва. Ён быў упэўнены, што добра падкузьміў мяне.
Я вытрымаў яго позірк і прамаўчаў. Аўкцыёншчык паўтарыў суму адзін раз, другі і падняў малаток. У той момант, калі ён стукнуў, аддаючы машыну Гвіда, пераможны выраз твару ў яго змяніўся на здзіўлены. Нічога не разумеючы, ён падышоў да мяне.
- Я думаў, што вы хочаце...
- Не, - сказаў я.
Ён апамятаўся і схапіўся за галаву.
- Чорт! Цяжка будзе растлумачыць у фірме! Я думаў, вы дадзіцё паўтары тысячы. І ўсё ж - хоць на гэты раз я забраў у вас гэту тачку!
- Што і трэба было, - сказаў я.
Гвіда не зразумеў. Толькі калі ён убачыў Кёстэра, які падыходзіў да нас, да яго дайшло, і ён учапіўся сабе ў валасы.
- О божа, гэта ваша машына? Асёл я, дурны асёл! Паддаўся! Клюнуў! Гвіда, так табе і трэба! Трапіць на элементарны падвох! Але няхай сабе! Самыя бывалыя хлопцы трапляюць на прасцейшую нажыўку. Але я сваё вазьму.
Ён сеў за руль і паехаў. Мы глядзелі ўслед машыне, і на душы ў нас было не вельмі радасна.
Аполудні прыйшла Мацільда Штос. Трэба было разлічыцца з ёй за апошні месяц. Кёстэр аддаў ёй грошы і абяцаў пагаварыць з новым гаспадаром майстэрні. Можа, ён возьме яе прыбіральшчыцай. Юпа мы ўжо ўладкавалі да яго. Але Мацільда пахітала галавой.
- Не, пан Кёстэр. Не хачу. Косці ўжо не гнуцца.
- Што ж вы будзеце рабіць? - спытаў я.
- Пайду да дачкі. Яна замужам у Бунцлаў. Вы чулі пра Бунцлаў?
- Не, Мацільда.
- Пэўна, пан Кёстэр чуў.
- Таксама не, фраў Штос.
- Дзіўна, - сказала Мацільда. - Ніхто не чуў пра Бунцлаў. Я ўжо шмат у каго пыталася. А мая дачка ўжо дванаццаць гадоў як там замужам. За сакратаром канцылярыі.
- Тады Бунцлаў, напэўна, ёсць на свеце. Можаце быць упэўненая. Раз там жыве сакратар канцылярыі...
- Я і кажу. Але ўсё роўна смешна, што ніхто не чуў, праўда?
Мы пагадзіліся.
- А чаму вы за ўвесь час там не былі ні разу? - спытаў я.
Мацільда заўсміхалася.
- Так атрымалася. Але трэба ехаць да дзяцей. У іх ужо чацвёра.
- Мне здаецца, што ў той мясцовасці робяць нядрэнны шнапс, - сказаў я. - Слівоўку ці нешта такое...
Мацільда махнула рукой.
- У тым якраз і справа. Мой зяць належыць да тых, хто зусім не п'е.
Кёстэр дастаў з апусцелых паліц апошнюю бутэльку.
- Ну, фраў Штос, тады нам трэба кульнуць па чарцы на развітанне.
- Я - за, - сказала Мацільда.
Кёстэр паставіў на стол чаркі і наліў. Мацільда каўтнула ром так хутка, быццам выліла яго ў рэшата. Яе верхняя губа ўздрыгнула, а вусы захадзілі хадуном.
- Яшчэ адну? - спытаў я.
- Не адмоўлюся.
Яна выпіла яшчэ адну вялікую чарку і развіталася.
- Усяго найлепшага ў Бунцлаў, - сказаў я.
- Дзякую шчыра. Але ці не смешна, што яго ніхто не ведае, праўда?
Яна выйшла, хістаючыся. Мы яшчэ нейкі час пастаялі ў пустой майстэрні.
- Можна і нам ісці, - сказаў Кёстэр.
- Можна, - адказаў я. - Больш нам тут няма чаго рабіць.
Мы выйшлі і замкнулі дзверы. Потым забралі «Карла». Яго мы не прадалі, і ён стаяў у гаражы непадалёку. Мы заехалі на пошту і ў банк, дзе Кёстэр заплаціў за аўкцыённыя паслугі.
- Зараз я іду спаць, - сказаў ён, вярнуўшыся. - Ты потым будзеш дома?
- Я сёння цэлы вечар вольны.
- Добра, я прыйду ў восем.
Мы пасядзелі ў маленькім загарадным шынку, а потым вярнуліся ў горад. На першай жа вуліцы ў нас лопнула пярэдняе кола. Мы замянілі яго. «Карла» даўно не мылі, і я моцна запэцкаўся.
- Трэба было б памыць рукі, Ота, - сказаў я.
Непадалёк было даволі вялікая кавярня. Мы зайшлі ў яе і селі за столік каля дзвярэй. На наша здзіўленне, кавярня была амаль поўная. Іграў жаночы ансамбль, панавала ажыўленне. На аркестрантках былі стракатыя папяровыя шапачкі, многія наведнікі былі ў маскарадных вопратках, над столікамі лёталі стужкі серпанціну, паветраныя шары плавалі пад столлю, афіцыянты бегалі з поўнымі падносамі. Памяшканне было напоўнена рухам, смехам, шумам.
- Што тут адбываецца? - спытаў Кёстэр.
Суседка-бландзінка абсыпала нас жменяй канфеці.
- Адкуль вы зваліліся? - засмяялася яна. - Няўжо не ведаеце, што сёння першы дзень мясаеда?
- Ах, вось што, - сказаў я. - Тады прыйдзецца вымыць рукі.
Мне трэба было прайсці праз усю залу, каб трапіць да ўмывальнікаў. На нейкі час дарогу мне заступілі п'яныя, якія ўздымалі на стол жанчыну, каб яна спела ім. Жанчына з віскам супраціўлялася, стол перавярнуўся, а разам са сталом пападалі і людзі. Я пачакаў, пакуль вызваліцца праход, ды раптам мяне нібы ток працяў. Я здранцвеў, зала паплыла, усё знікла - і шум, і музыка, - засталіся толькі невыразныя мігатлівыя цені. Але выразна, незвычайна рэзка і ясна мне бачыўся стол, адзіны стол, а за сталом - малады чалавек у блазнерскім каўпаку на галаве. Ён абдымаў дзяўчыну, якая была на падпітку. Шкляны тупы позірк, вельмі тонкія губы, а пад сталом - светла-жоўтыя, прыкметныя, начышчаныя да бляску крагі.
Мяне штурхнуў кельнер. Я, як п'яны, адышоўся крыху і зноў спыніўся. Зрабілася невыносна горача, я калаціўся ўвесь, далоні мае ўзмакрэлі. Цяпер я ўжо бачыў і астальных за сталом. Я пачуў, што яны з нахабнымі тварамі хорам спявалі нейкую песню, адбіваючы па стале такт куфлямі. Мяне зноў нехта штурхнуў.
- Не заступайце ж праход, - прабурчаў нехта.
Я механічна прайшоў далей, знайшоў умывальнікі, памыў рукі. Толькі цяпер я заўважыў, што ледзь не абварыў рукі гарачай вадой. Я вярнуўся.
- Што з табой? - спытаў Кёстэр.
Я не мог нічога вымавіць.
- Табе кепска? - спытаў ён.
Я пахітаў галавой і глянуў на суседні столік, адкуль скоса пазірала бялявая дзяўчына. Раптам Кёстэр збялеў. Яго вочы звузіліся. Ён нахіліўся над сталом.
- Ён? - ціха спытаў.
- Ён, - адказаў я.
- Дзе?
Я паказаў позіркам. Кёстэр павольна ўстаў. Здавалася, што выпростваецца кобра.
- Асцярожна, - шапнуў я. - Не тут, Ота!
Ён адмахнуўся кароткім жэстам і паціху пайшоў наперад. Я быў гатовы кінуцца за ім. Нейкая жанчына насунула яму на галаву зялёна-чырвоную папяровую шапачку. Яна абняла яго. Ота нават не варухнуўся, і яна адчапілася ад яго, здзіўлена гледзячы яму ўслед. Зрабіўшы круг па зале, ён вярнуўся назад.
- Яго ўжо няма.
Я ўстаў і глянуў у залу. Кёстэр гаварыў праўду.
- Ты думаеш, што ён пазнаў мяне? - спытаў я.
Кёстэр паціснуў плячыма. Толькі цяпер ён заўважыў каўпак на галаве і скінуў яго.
- Не разумею. Я ж мыў рукі адну-дзве хвіліны.
- Цябе не было хвілін пятнаццаць.
- Няўжо? - Я яшчэ раз зірнуў на той стол. - Астатнія таксама пайшлі. З імі была яшчэ дзяўчына, яе таксама ўжо няма. Калі б ён пазнаў мяне, ён знік бы, пэўна, адзін.
Кёстэр паклікаў кельнера.
- Тут ёсць другі выхад?
- Ёсць, з другога боку, на вуліцу Гардэнберга.
Кёстэр дастаў з кішэні грошы і падаў кельнеру.
- Пайшлі, - сказаў ён.
- Шкада, - сказала дзяўчына за суседнім столікам і ўсміхнулася. - Такія сур'ёзныя кавалеры.
На вуліцы ў твар нам ударыў вецер. Пасля духаты ў кавярні ён здаўся ледзяным.
- Ідзі дадому, - сказаў Кёстэр.
- Ён быў не адзін, - адказаў я і сеў у машыну.
Машына панеслася. Мы прачасалі ўсе вуліцы вакол кавярні, усё шырэй і шырэй, але нікога не ўбачылі. Нарэшце Кёстэр спыніўся.
- Выслізнуў, - сказаў ён. - Але нічога. Цяпер мы ўжо яго недзе дастанем.
- Ота, - сказаў я, - давай пакінем яго.
Ён зірнуў на мяне.
- Готфрыд мёртвы, - працягваў я на здзіўленне самому сабе. - Ад гэтага ён не ўваскрэсне.
Кёстэр усё яшчэ глядзеў на мяне.
- Робі, - павольна адказаў ён, - я ўжо не памятаю, колькі я забіў. Але я ўсё яшчэ памятаю, як я забіў маладога ангельца. У яго заела патрон, і ён нічога не мог зрабіць. Я быў са сваім кулямётам за некалькі метраў ад яго і бачыў яго спуджаны дзіцячы твар зусім блізка. У яго вачах быў страх. Гэта быў яго першы вылет, мы даведаліся пра гэта пасля. Яму было, можа, васемнаццаць год - і ў гэты спуджаны, бездапаможны прыгожы дзіцячы твар я з двух метраў даў кулямётную чаргу... Галава лопнула, як курынае яйка. Хлопец быў мне незнаёмы, ён не зрабіў мне нічога дрэннага. Мне цяжка было забыць той выпадак, цяжэй, чым звычайна, пакуль я не заглушыў сваё сумленне гэтым заклятым апраўданнем: вайна ёсць вайна. Але я кажу табе: калі я не заб'ю таго, хто забіў Готфрыда, хто застрэліў яго, як сабаку, без усялякай прычыны, тады эпізод з ангельцам - жахлівае злачынства, ты разумееш?
- Разумею, - сказаў я.
- А цяпер ідзі дадому. Я хачу давесці справу да канца. Гэта як сцяна. Я не магу прайсці, не разбурыўшы яе.
- Я не пайду дадому, Ота. Калі так, то мы застанемся разам.
- Глупства, - нецярпліва сказаў ён. - Ты мне непатрэбны.
Ён падняў руку, не даючы мне гаварыць.
- Я буду вельмі асцярожны. Я яго сустрэну аднаго, без астатніх, зусім аднаго! Не бойся.
Ён хутка саштурхнуў мяне з сядзення і пакаціў. Я ведаў, што яго цяпер не стрымаць. Я ведаў таксама, чаму ён не ўзяў мяне. Праз Пат. Готфрыда ён узяў бы.
Я пайшоў да Альфонса. Толькі з ім я мог пагаварыць. Я хацеў параіцца з ім, ці нельга штосьці зрабіць. Але Альфонса не было. Заспаная дзяўчына сказала мне, што ён гадзіну таму пайшоў на сход. Я вырашыў пачакаць і сеў за столік.
Кавярня была пустая. Над стойкай гарэла маленькая лямпачка. Дзяўчына села і зноў заснула. Я думаў пра Альфонса і пра Готфрыда, я пазіраў праз акно на вуліцу, якую зараз асвятляла поўня, што паволі плыла над дахамі, я думаў пра магілу за чорным драўляным крыжам са сталёвай каскай, надзетай на яго, і раптам я заўважыў, што плачу. Я выцер слёзы.
Праз нейкі час я пачуў нечыя хуткія, ціхія крокі. Дзверы адчыніліся, увайшоў Альфонс. На яго твары блішчаў пот.
- Гэта я, Альфонс, - сказаў я.
- Хутка сюды!
Я пайшоў за ім у пакой справа за стойкай. Альфонс падышоў да шафы і дастаў два старыя салдацкія перавязачныя пакункі.
- Перавяжы мяне, - сказаў ён і спусціў штаны.
У яго на сцягне была рана.
- Як кулявое раненне, - сказаў я.
- Так і ёсць, - буркнуў Альфонс. - Давай, перавязвай.
- Альфонс, - сказаў я, выпростваючыся. - Дзе Ота?
- Адкуль я ведаю, дзе Ота, - прамармытаў ён і выціснуў кроў з раны.
- Вы былі не разам?
- Не.
- Ты яго не бачыў?
- І не блізка. Разгарні другі пакунак і накладзі зверху. Толькі драпіна.
Ён, нешта мармычучы, займаўся сваёй ранай.
- Альфонс, - сказаў я, - мы бачылі сёння таго... ты ведаеш, які Готфрыда... Ота палюе на яго.
- Што? - Ён адразу насцярожыўся. - Дзе ён? Цяпер ужо не мае сэнсу. Яму трэба пакінуць гэта...
- Ён не пакіне.
Альфонс адкінуў убок нажніцы.
- Едзь туды! Ты ведаеш, дзе ён? Ён павінен знікнуць. Скажы яму, што справа Готфрыда закрыта. Я справіўся раней, чым вы. Ты ж бачыш! Страляў у мяне, але я адбіў яму руку. Потым выстраліў я. Дзе Ота?
- Дзе-небудзь у раёне Мёнкештрасэ.
- Дзякуй богу. Ён там даўно не жыве. Але ўсё ж забяры яго.
Я падышоў да тэлефона і патэлефанаваў на стаянку таксі, дзе звычайна спыняўся Густаў. Ён быў там.
- Густаў, - сказаў я, - ты можаш хутка пад'ехаць да рога вуліцы Візэнштрасэ і плошчы Бальвю? Хуценька! Я чакаю цябе там.
- Дамовіліся. Праз дзесяць хвілін буду.
Я павесіў слухаўку і вярнуўся да Альфонса.
- Я не ведаў, што вы ездзілі па горадзе, - сказаў ён. Яго твар быў яшчэ ўспацелы. - Было б лепш, калі б вы сядзелі дзе-небудзь. Для алібі. Можа здарыцца, што вас будуць дапытваць. Ніколі не ведаеш...
- Падумай лепш пра сябе, - сказаў я.
- Нічога! - Ён гаварыў хутчэй, чым звычайна. - Мы былі адзін на адзін. Я чакаў яго ў пакоі. У летнім дамку. Вакол ніякіх суседзяў. Акрамя таго - самаабарона. Мне алібі не патрабуецца. А калі захачу, то ў мяне іх будзе дзесятак.
Ён зірнуў на мяне, павярнуўшы ў мой бок мокры шырокі твар. Валасы зліпліся, рот скрывіўся, а яго позірк немагчыма было вытрымаць - столькі пакуты, болю і любові непрыкрыта і безнадзейна раптам адлюстравалася ў ім.
- Цяпер Готфрыд можа спаць спакойна, - сказаў ён ціхім хрыплым голасам. - У мяне дагэтуль было пачуццё, што яму неспакойна.
Я анямела стаяў перад ім.
- Ідзі, - сказаў ён.
Я праз кавярню выйшаў на вуліцу. Дзяўчына ўсё яшчэ спала. Яна гучна дыхала. Месяц падняўся, было вельмі светла. Я пайшоў да плошчы Бельвю. Вокны дамоў блішчалі ў месячным святле, нібы срэбныя люстэркі. Вецер улёгся. Навокал было ціха.
Густаў пад'ехаў праз некалькі хвілін.
- Што здарылася, Роберт? - спытаў ён.
- Нашу машыну ўкралі сёння вечарам. Цяпер мне сказалі, што яе бачылі ў раёне Мёнкештрасэ. Пад'едзем туды?
- Вядома! - Густаў заспяшаўся. - Чаго цяпер толькі не крадуць. Што ні дзень, то некалькі машын. Але найчасцей катаюцца толькі, пакуль хапае бензіну. А потым кідаюць.
- Магчыма, і з нашай будзе тое самае.
Густаў расказаў, што хоча жаніцца. Нявеста ўжо чакае дзіця, і тут нічога не зробіш. Мы праехалі па Мёнкештрасэ, потым - па папярэчных вуліцах.
- Вунь яна! - раптам крыкнуў Густаў.
Машына стаяла ў непрыкметным цёмным завулку. Я выйшаў, уставіў ключ і ўключыў запальванне.
- Усё ў парадку, Густаў, - сказаў я. - Вялікі дзякуй, што падвёз мяне.
- Ці не выпіць нам па чарцы? - спытаў ён.
- Не. Сёння не магу. Заўтра. Цяпер трэба хутка ехаць.
Я палез у кішэнь, каб разлічыцца з ім.
- Ты звар'яцеў? - спытаў ён.
- Тады дзякуй, Густаў. Не затрымлівайся. Да пабачэння.
- А можа, пасочым, ці не зловім таго зладзея?
- Не, не, той, напэўна, ужо далёка. - Я раптам заспяшаўся. - Да пабачэння, Густаў.
- У цябе хопіць бензіну?
- Хопіць. Я ўжо праверыў. Дабранач.
Ён паехаў. Я крыху пачакаў, потым паехаў следам да Мёнкештрасэ і на трэцяй хуткасці паволі пакаціўся ўніз. Калі я вярнуўся назад, Кёстэр стаяў на рагу.
- Што гэта значыць?
- Садзіся, - хутка сказаў я. - Табе няма патрэбы ўжо стаяць тут. Ён... ён знайшоў таго ўжо.
- І?
- Усё, - сказаў я.
Кёстэр моўчкі сеў. Ён не сеў за руль. Ён прымасціўся каля мяне, крыху паніклы. Я паехаў.
- Паедзем да мяне? - спытаў я.
Ён кіўнуў галавой. Я даў газу і накіраваў машыну ўздоўж канала. Вада свяцілася шырокай срэбнай стужкай. Склады на другім баку чарнелі, накрытыя ценем, а на вуліцах ляжала нерухомае блакітнае святло, па якім, як па снезе, слізгалі шыны. Над радамі дамоў узвышаліся шырокія вежы сабора ў стылі барока. Яны мігцелі на далёкім фоне фасфарасцыруючага неба срэбна-зялёнымі водсветамі. Над усім, як светлавая ракета, вісеў месяц.
- Я рады, Ота, што так атрымалася, - сказаў я.
- А я - не, - адказаў ён.
У фраў Залеўскі яшчэ гарэла святло. Калі я адчыніў дзверы, яна выйшла са свайго салона.
- Вам тэлеграма, - сказала яна.
- Тэлеграма? - здзіўлена спытаў я. Я ўсё яшчэ думаў пра падзеі вечара. Потым я зразумеў і пабег у свой пакой. Тэлеграма белай плямай ляжала пасярод стала, у зыркім святле лямпы. Я ўскрыў яе, грудзі сціснуліся, літары расплыліся, пабеглі, зноў з'явіліся. Я з палёгкай уздыхнуў, усё супакоілася, я перадаў тэлеграму Кёстэру.
- Дзякаваць богу, я ўжо думаў...
Там былі толькі тры словы: «Робі, прыязджай хутка».
Я забраў лісток. Палёгка знікла. Вярнуўся страх.
- Што там здарылася, Ота? Божа мой, чаму яна больш нічога не паведамляе? Нешта, відаць, здарылася!
Кёстэр паклаў тэлеграму на стол.
- Калі ты апошні раз гутарыў з ёю?
- Тыдзень назад. Не, даўней...
- Закажы размову. Калі што, мы адразу выедзем. На машыне. У цябе ёсць чыгуначны даведнік?
Я заказаў размову з санаторыем і прынёс з гасцёўні фраў Залеўскі даведнік. Кестэр разгарнуў яго.
- Наступны цягнік ідзе толькі заўтра аполудні, - сказаў ён. - Лепш паедзем на машыне і дабяромся як мага бліжэй да санаторыя. А там можам перасесці на цягнік. Мы некалькі гадзін абавязкова зэканомім. Як ты думаеш?
- Мусіць, так будзе лепш.
Я не мог сабе ўявіць, як я вытрываю некалькі гадзін пасіўнай язды ў цягніку.
Зазваніў тэлефон. Кёстэр забраў даведнік і пайшоў у мой пакой. Адказаў санаторый. Я папрасіў паклікаць Пат. Праз хвіліну сястра сказала мне, што Пат лепш не размаўляць па тэлефоне.
- Што з ёй? - закрычаў я.
- Некалькі дзён назад была невялікая кравацеча. Сёння паднялася тэмпература.
- Перадайце ёй, што я еду, - закрычаў я. - З Кёстэрам і «Карлам». Мы зараз выязджаем. Вы зразумелі?
- З Кёстэрам і Карлам, - паўтарыў голас.
- Так. Але скажыце ёй, што мы выязджаем.
- Я зараз жа перадам ёй.
Я адразу вярнуўся ў свой пакой. У нагах была незвычайная лёгкасць. Кёстэр выпісваў расклад цягнікоў.
- Пакуй чамадан, - сказаў ён. - Я паеду дадому і вазьму свой. Праз паўгадзіны вярнуся.
Я зняў з шафы чамадан. Гэта быў чамадан Ленца са стракатымі наклейкамі гатэляў. Я хутка ўпакаваўся і сказаў пра ад'езд фраў Залеўскі і гаспадару «Інтэрнацыяналя». Потым сеў у сваім пакоі каля акна, чакаючы Кёстэра. Было вельмі ціха. Я думаў пра тое, што заўтра вечарам буду ў Пат, і раптам мяне ахапіла гарачае, дзікае нецярпенне, перад якім усё астатняе адступала - страх, трывога, журба, адчай. Я заўтра вечарам буду з ёй, гэта было шчасце, якое цяжка нават уявіць сабе, тое, у што я ўжо амаль не верыў. З часу нашага расстання так шмат было страчана.
Я ўзяў чамадан і спусціўся ўніз. Раптам усё прыблізілася і пацяплела: лесвіца, застаялы пах калідора, халодная бліскучая гумавая шэрсць асфальту, па якім толькі што падкаціў «Карл».
- Я ўзяў дзве коўдры, - сказаў Кёстэр. - Будзе холадна. Ухутайся як след.
- Мы павядзём машыну па чарзе? - спытаў я.
- Так. Але спачатку паеду я. Я не паспаў аполудні.
Праз паўгадзіны мы выехалі з горада, і нас паглынула бязмежная маўклівасць халоднай месячнай ночы. Дарога белай стужкай збягала за гарызонт. Было так светла, што мы не ўключалі фараў. Шум матора быў падобны да нізкіх гукаў аргана, але ён не парушаў цішыні.
- Табе трэба паспаць, - сказаў Кёстэр.
- Не магу, Ота.
- Тады хоць прыляж, каб заўтра раніцай быць свежым. Нам трэба праехаць праз усю Германію.
- Я і так адпачну.
Я сядзеў побач з Кёстэрам. Месяц павольна плыў над намі. Палі блішчалі, як перламутр. Час ад часу міма праляталі вёскі, зрэдку - горад, сонны, пусты. Цясніны вуліц паміж радамі дамоў былі залітыя прывідным месячным святлом, якое ператварала ноч у фантастычнае кіно.
...Пад раніцу зрабілася холадна. Лугі раптам заблішчалі ад інею, дрэвы, як сталёвыя, стаялі на фоне пабляклага неба, у лесе пачаў прачынацца вецер, з комінаў там-сям паплыў дым. Мы памяняліся месцамі, і да дзесяці гадзін руляваў я. Потым мы хуценька паснедалі ў шынку каля дарогі, і да дванаццаці я зноў вёў машыну. А потым Кёстэр зноў сеў за руль. Ота ездзіў хутчэй, і я больш не падмяняў яго.
На змярканні мы пад'ехалі да гор. У нас у машыне былі ланцугі на колы і рыдлёўка. Мы спыталі, ці далёка яшчэ можна ехаць на машыне.
- Паспрабуйце з ланцугамі, - сказаў сакратар аўтаклуба. - Сёлета мала снегу. Не ведаю толькі, як будзе на апошніх кіламетрах. Там, магчыма, засядзеце.
Да прыходу цягніка ў нас было шмат часу, і мы вырашылі паспрабаваць заехаць на гару. Было холадна, таму туман нам не пагражаў. «Карл» браў горны серпанцін віток за вітком. На сярэдзіне дарогі мы паставілі на колы ланцугі. Дарога была ачышчана ад снегу, але ў многіх месцах абледзянела. Машына буксавала і ёрзала з боку ў бок. Часам нам даводзілася вылазіць і падпіхваць яе. Два разы мы правальваліся ў снег. У апошняй вёсцы мы здабылі вядро пяску, бо на такой вышыні мы пабаяліся, што пры з'ездзе з гары будуць трапляцца абледзянелыя павароты. Зусім сцямнела, над намі ў змроку навісалі адвесныя голыя скалы, дарога звузілася, матор напінаўся на першай хуткасці, паварот за паваротам вёў нас уніз. Раптам промні фараў сарваліся са скалаў, горы расступіліся, і мы ўбачылі ўнізе перад сабой сузор'е вясковых агнёў.
Машына, равучы, імчала паміж стракатых крамаў на галоўнай вуліцы. Пешаходы адскоквалі ўбок, напуджаныя нязвыклым відовішчам. Нечыя коні панеслі, санкі перавярнуліся, а наша машына хутка дабралася па звілістай дарозе да санаторыя і спынілася каля пад'езда. Я выскачыў, як у тумане прамільгнулі цікаўныя твары, постаці, кантора, ліфт. Я прабег праз белы калідор, рыўком адчыніў дзверы і ўбачыў Пат, як я бачыў яе сотні разоў у сне і ў марах. Яна пайшла мне насустрач, і я трымаў яе ў абдымках - як само жыццё, нават нешта даражэйшае за жыццё.
- Дзякуй богу, - сказаў я, калі прыйшоў у сябе. - Я баяўся, што ты ў пасцелі.
Яна прытулілася да майго пляча і пахітала галавой. Потым выпрасталася, сціснула далонямі мой твар і ўважліва паглядзела мне ў вочы.
- Ты тут! - прашаптала яна. - Аж не верыцца!
Яна пацалавала мяне, асцярожна, сур'ёзна, пяшчотна, нібы дакрануўшыся да нечага і баючыся, каб не разбіць. Адчуўшы дотык яе вуснаў, я задрыжаў. Усё адбылося занадта хутка, і я не ўсведамляў яшчэ ўсяго. Я быў тут і не тут. Я яшчэ быў у палоне язды, шуму матора і дарогі. Я адчуваў сябе як чалавек, які з халоднай ночы трапляе ў цёплы пакой: ён адчувае цяпло на скуры, ён успрымае яго вачыма, але сам яшчэ не сагрэўся.
- Мы ехалі хутка, - сказаў я.
Яна не адказала. Яна ўсё яшчэ моўчкі глядзела на мяне. Яе твар кранаў сваім выразам, яе вочы былі вельмі блізка, і здавалася, што яна шукае і хоча знайсці штосьці вельмі важнае. Я абняў яе за плечы і апусціў позірк долу.
- Ты цяпер застанешся тут? Скажы мне адразу. Скажы, што табе трэба ехаць, каб я адразу ведала.
Я хацеў ёй адказаць, што яшчэ не ведаю, што мне, магчыма, прыйдзецца паехаць праз некалькі дзён, бо ў мяне няма грошай. Але пад яе позіркам я не мог сказаць.
- Праўда, - сказаў я. - Я застануся тут. Пачакаю, калі можна будзе паехаць разам.
Яе твар заставаўся нерухомым. Але ён раптам пасвятлеў, нібы асветлены з сярэдзіны.
- Ах, - прашаптала яна. - Я не вытрывала б...
Я паспрабаваў праз плячо прачытаць, што стаяла на тэмпературнай карце над ложкам. Яна гэта заўважыла, хутка зняла лісток, скамячыла яго і шпурнула пад ложак.
- Цяпер гэта не мае значэння, - сказала яна.
Я заўважыў, дзе ляжала паперка, і вырашыў забраць яе пасля, каб яна не бачыла.
- Ты хварэла? - спытаў я.
- Крышку. Але ўсё прайшло.
- А што сказаў лекар?
- Не пытай цяпер пра лекара. Увогуле ні пра што не пытай. Ты тут, і гэтага дастаткова.
Яна раптам змянілася. Не ведаю, ці таму, што я яе даўно не бачыў, але мне здалося, што яна была іншая, не такая, як раней. Яе рухі былі больш плаўныя, яе цела цяплейшае, і нават да мяне яна наблізілася неяк інакш. Цяпер гэта была не проста прыгожая маладая дзяўчына, якую трэба было асцерагаць. Нешта ў ёй з'явілася новае. Калі я раней часта сумняваўся, ці любіць яна мяне, то цяпер проста адчуваў гэта, яна больш нічога не хавала: яна ўся была напоўнена жыццём і блізкая мне як ніколі... напоўненая жыццём, блізкая і прыгожая, яна абяцала мне шчасце, але і ўсяляла ў мяне дзіўным чынам нейкую трывогу.
- Пат, - сказаў я, - мне трэба спусціцца ўніз. Там Кёстэр. Трэба знайсці сабе жытло.
- Кёстэр? А дзе Ленц?
- Ленц, - адказаў я, - застаўся дома.
Яна ні пра што не здагадалася.
- Табе потым можна будзе сысці ўніз? - спытаў я. - Ці нам падняцца?
- Мне можна ўсё. Цяпер мне можна ўсё. Мы спусцімся ўніз і чаго-небудзь вып'ем. Я пагляджу на вас, як вы будзеце піць.
- Добра. Мы будзем чакаць цябе ўнізе.
Яна падышла да шафы, каб узяць сукенку. Я выкарыстаў момант, падняў і схаваў тэмпературны лісток.
- Пакуль што, Пат.
- Робі!
Яна падышла да мяне ззаду і абняла за шыю.
- А я так шмат хацела сказаць табе.
- А я - табе, Пат. Але цяпер у нас будзе час. Мы будзем увесь дзень штосьці расказваць адно аднаму. Заўтра. Спачатку адразу не разгаворышся.
- Праўда, давай усё раскажам адно аднаму. Тады ўвесь час, што мы не бачыліся, не будзе для нас расстаннем. Тады мы будзем ведаць усё, быццам былі ўвесь час разам.
- Мы і так былі, - сказаў я.
- Я не была з табой. У мяне няма столькі сілы. Мне было цяжэй. Я не магу ўсцешыць сябе марамі, калі я адна. Тады я думаю толькі пра сваю адзіноту. Калі не любіш, тады лягчэй быць аднаму.
Яна ўсё яшчэ ўсміхалася. Яна трымалася, але было бачна, што гэта ўсмешка праз слёзы.
- Пат, - сказаў я, - стары адважны сябра.
- Гэтага я даўно не чула, - сказала яна, і яе вочы напоўніліся слязьмі.
Я спусціўся ўніз да Кёстэра. Ён ужо выгрузіў чамаданы. Нам адвялі два суседнія пакоі ў флігелі.
- Паглядзі, - сказаў я і паказаў яму скамячаны лісток. - Як скача тэмпература.
Мы пайшлі па лесвіцы ў флігель. Снег рыпеў пад нагамі.
- Раніцай спытай у лекара, - сказаў Кёстэр, - па тэмпературы цяжка што вызначыць.
- Для мяне дастаткова, - адказаў я, склаў лісток і схаваў у кішэнь.
Мы ўмыліся. Потым Кёстэр прыйшоў да мяне ў пакой. Ён быў свежы, быццам добра выспаўся.
- Табе трэба апрануцца, Робі, - сказаў ён.
- Добра. - Я ачнуўся ад сваіх думак і распакаваў чамадан.
Мы пайшлі да будынка санаторыя. «Карл» стаяў яшчэ на вуліцы. Кёстэр накрыў яго радыятар коўдрай.
- Ота, калі мы паедзем назад? - спытаў я.
- Я думаю, што паеду заўтра вечарам ці паслязаўтра раніцай. Ты ж застанешся...
- Але як? - спытаў я ў адчаі. - Маіх грошай хопіць не больш чым на дзесяць дзён. А за Пат санаторый аплочаны таксама толькі да пятнаццатага. Мне трэба вяртацца і зарабляць. Тут, пэўна, ім такі слабы піяніст не патрэбны.
Кёстэр нахіліўся над машынай і падняў капот.
- Я дам табе грошай, - сказаў ён, выпростваючыся. - Пра грошы можаш не турбавацца і спакойна заставацца тут.
- Ота, - сказаў я, - я ж ведаю, колькі ў цябе засталося ад усёй распрадажы. Менш чым трыста марак.
- Я не пра тыя грошы. Я дастану. Не хвалюйся. Праз восем дзён ты іх атрымаеш.
- Атрымаеш спадчыну? - спытаў я з горкай іроніяй.
- Амаль адгадаў. Павер мне. Ты ж не можаш цяпер зноў паехаць адсюль.
- Не, - сказаў я. - Я не ведаў, як ёй усё растлумачыць.
Кёстэр зноў накрыў радыятар коўдрай. Ён лёгка правёў рукой па капоце. Потым мы пайшлі ў вестыбюль.
- А колькі зараз часу? - спытаў я.
- Палова сёмай.
- Дзіўна, - сказаў я. - Мне здалося, што ўжо пазней.
Па лесвіцы спускалася Пат. Яна была ў футравай куртцы. Яна хутка наблізілася да Кёстэра, каб павітаць яго. Толькі цяпер я заўважыў, якая яна загарэлая. Чырванавата-бронзавы загар рабіў яе падобнай да маладой светлай індыянкі. Але твар яе выцягнуўся, вочы занадта блішчалі.
- У цябе тэмпература? - спытаў я.
- Крыху павышаная, - хутка сказала яна, ухіляючыся ад размовы на гэтую тэму. - Вечарам тут ва ўсіх тэмпература. А ў мяне толькі ад таго, што вы прыехалі. Змарыліся?
- Ад чаго?
- Тады пойдзем у бар, добра? Вы ж мае першыя наведнікі тут...
- А тут ёсць бар?
- Ёсць маленькі. Ва ўсякім разе куточак, абсталяваны пад бар. Таксама лячэнне. Нічога не павінна напамінаць пра бальніцу. Чаго нельга, таго ўсё роўна не дадуць.
Бар быў перапоўнены. Пат з тым-сім павіталася. Я звярнуў увагу на італьянца. Мы знайшлі свабодны столік.
- Што табе заказаць? - спытаў я.
- Кактэйль з ромам. Такі, які вы заўсёды пілі ў бары. Ты ведаеш рэцэпт?
- Вельмі проста, - сказаў я дзяўчыне, якая абслугоўвала. - Палова партвейну, палова ямайскага рому.
- Два, - сказала Пат. - А адзін «спецыяльны».
Дзяўчына прынесла два «порта-ронка» і ружовы напітак.
- Гэта мне, - сказала Пат. Яна падсунула да нас шклянкі з ромам. - Салют!
Яна паставіла сваю шклянку, не пакаштаваўшы, азірнулася, хуценька схапіла маю шклянку і выпіла да дна.
- Ох, - сказала яна, - як добра!
- А што ты там заказала? - спытаў я і пакаштаваў падазрона ружовае пітво. У ім быў смак маліны і лімона. Алкаголем там не пахла.. - Ад смагі, - дадаў я.
Яна засмяялася.
- Закажы яшчэ «порта-ронка». Але сабе. Мне не дадуць.
Я паклікаў дзяўчыну.
- «Порта-ронка» і «спецыяльны», - сказаў я. Я бачыў, што за сталамі шмат хто піў «спецыяльны».
- Сёння мне можна, праўда, Робі? - сказала Пат. - Толькі сёння! Як у старыя часы! Праўда, Кёстэр?
- «Спецыяльны» - добры напітак, - адказаў я і выпіў другую шклянку.
- Я яго ненавіджу. Бедны Робі... што табе даводзіцца тут піць!
- Калі хутка заказваць, то і я яшчэ паспею, - сказаў я.
Пат засмяялася.
- За ядой потым і мне можна будзе выпіць. Чырвонага.
Мы заказалі яшчэ некалькі «порта-ронка», потым перайшлі ў сталовую. Пат выглядала цудоўна. Яе твар свяціўся. Мы селі за маленькі столік, накрыты белым абрусам, недалёка ад вокнаў. Было цёпла, а за вокнамі ляжала вёска з заснежанымі вуліцамі. Снег іскрыўся.
- А дзе Хэльга Гутман? - спытаў я.
- Паехала, - сказала Пат, пачакаўшы.
- Паехала? Так рана?
- Так, - сказала Пат, і я зразумеў, пра што яна гаворыць.
Дзяўчына прынесла цёмна-чырвонае віно. Кёстэр наліў поўныя шклянкі. Сталы былі ўжо ўсе занятыя. Усюды сядзелі і размаўлялі людзі. Я адчуў, што Пат паклала сваю руку на маю.
- Каханы, - сказала яна вельмі ціха і пяшчотна, - я больш не вытрывала б.
XXVI
Я выйшаў з кабінета галоўнага лекара. Кёстэр чакаў мяне ў холе. Убачыўшы мяне, ён устаў. Мы выйшлі на двор і селі на лаўку каля санаторыя.
- Дрэнна, Ота, - сказаў я. - Горш, чым я думаў.
Міма нас з вясёлым шумам прайшла група лыжнікаў. Сярод іх было некалькі жанчын з шырокімі белазубымі ўсмешкамі на здаровых загарэлых тварах, тлуста змазаных крэмам. Яны крычалі, што хочуць есці, як сабакі. Мы пачакалі, пакуль яны пройдуць.
- І такія вось жывуць, - сказаў я. - Жывуць, здаровыя, як кабыліцы. Як агідна!
- Ты гаварыў з самім галоўным лекарам? - спытаў Кёстэр.
- З ім. Ён мне ўсё растлумачыў з многімі недагаворкамі. Але вынік ясны: стан пагоршыўся. Хоць ён і кажа, што стала лепш.
- Не разумею.
- Ён сцвярджае: калі б яна засталася ў горадзе, то надзея даўно была б страчана. А тут працэс быў запаволены. І гэта ён называе паляпшэннем.
Кёстэр чарціў абцасамі па жорсткім снезе. Потым ён падняў галаву.
- Значыць, у яго ёсць надзея?
- У лекара заўсёды ёсць надзея, гэта частка яго прафесіі. Але ў мяне яе вельмі мала. Я спытаў у яго, ці рабіў ён прадзіманне. Ён адказаў, што ўжо нельга. Некалькі год назад ёй ужо рабілі. Цяпер ужо пашкоджаны абодва лёгкія. Гэта як пракляцце, Ота.
Старая ў растаптаных галёшах спынілася каля нас. У яе быў бледны запалы твар і патухлыя вочы графітнага колеру, якія здаваліся сляпымі. Шыя была закручана старамодным баа з пёраў. Яна няспешна ўзняла ларнетку і паўзіралася на нас. Потым пасунулася далей.
- Агідны прывід!
- А што ён сказаў яшчэ? - спытаў Кёстэр.
- Ён мне растлумачыў, ад чаго магла з'явіцца хвароба. У яго ўжо было шмат пацыентаў такога ўзросту. Гэта - вынікі вайны. Недаяданне ў дзяцінстве. Але навошта мне гэта ўсё? Яна павінна паправіцца. - Я глянуў на яго. - Вядома, ён сказаў мне, што бачыў шмат цудаў. Менавіта пры гэтай хваробе часта здараецца, што працэс спыняецца, ачагі рубцуюцца і чалавек папраўляецца. Нават у самых безнадзейных выпадках. Але я не веру ў цуды.
Кёстэр не адказаў. Мы сядзелі моўчкі. А што было гаварыць? Мы абодва занадта шмат перажылі і пабачылі, каб суцяшацца словамі.
- Яна не павінна ні пра што здагадвацца, Робі, - нарэшце сказаў Кёстэр.
- Вядома, - адказаў я.
Мы сядзелі, чакаючы Пат. Галава ў мяне была пустая. Я не адчуваў нават адчаю, я здранцвеў, быў бяздумны.
- Вось яна, - сказаў Кёстэр.
- Яна ідзе, - сказаў я і ўстаў.
- Прывітанне! - Пат падышла да нас. Яна крыху хісталася і смяялася. - Я крыху зап'янела. Ад сонца. Заўсёды, паляжаўшы на сонцы, я хістаюся, як стары марак.
Я зірнуў на яе, раптам усё перамянілася. Я больш не верыў лекару. Я верыў у цуд. Яна была побач, яна жыла, яна стаяла і смяялася - усё астатняе адступіла перад гэтым.
- Што гэта ў вас за твары? - спытала яна.
- Гарадскія твары, што не адпавядаюць месцу, - сказаў Кёстэр. - Не можам прывыкнуць да сонца.
Яна засмяялася.
- У мяне сёння добры дзень. Без тэмпературы. Мне можна выйсці. Сходзім у вёску, вып'ем там чарку.
- А ці не паехаць нам лепей на санях?
- Дайду пехатой, - сказала Пат.
- Я ведаю, - сказаў Кёстэр. - Але я ніколі не ездзіў на такой штуковіне. Хачу паспрабаваць.
Мы паклікалі фурмана і паехалі ўніз па звілістай дарозе ў вёску. Мы спыніліся каля кавярні з маленькай сонечнай тэрасай. Там ужо сядзела шмат наведнікаў, і сярод іх я пазнаў сяго-таго з санаторыя. Тут быў таксама італьянец, якога я бачыў у бары. Яго звалі Антоніа. Ён падышоў да нашага століка, каб павітацца з Пат. Ён расказаў, што нейкія жартаўнікі мінулай ноччу выкацілі ложак з сонным хворым з пакоя і завезлі ў пакой старой настаўніцы.
- Навошта яны гэта зрабілі? - спытаў я.
- Ён паправіўся і праз некалькі дзён ад'язджае, - адказаў Антоніа. - У такіх выпадках жартуюць гэтак.
- Славуты чорны гумар тых, хто застаецца, каханы, - сказала Пат.
- Тут, у санаторыі, людзі дзяціняцца, - прамовіў Антоніа, нібы прабачаючы ім.
«Паправіўся, - падумаў я. - Нехта паправіўся і вяртаецца дадому».
- Чаго ты хацела б выпіць, Пат? - спытаў я.
- Марціні. Сухога марціні.
Па радыё паліліся гукі венскіх вальсаў. Здавалася, што ў цёплым летнім паветры залуналі лёгкія светлыя сцягі. Кельнер прынёс віно. Яно было вельмі халоднае і, калі сонца трапляла на яго, іскрылася перламутрам.
- Як добра пасядзець вось так, праўда? - спытала Пат.
- Выдатна, - адказаў я.
- Але часам гэта бывае невыносна, - сказала яна.
Мы засталіся ў вёсцы да абеду. Пат гэта вельмі падабалася. У апошні час ёй не дазвалялі выходзіць з санаторыя. Гэта быў яе першы выхад. Яна сказала, што адчувае сябе ў два разы здаравейшай, калі абедае ў вёсцы. Антоніа таксама палуднаваў з намі. Потым мы зноў паехалі наверх, і Пат пайшла ў свой пакой. Яна хацела дзве гадзінкі адпачыць.
Мы з Кёстэрам вывелі «Карла» з гаража і агледзелі яго. Трэба было замяніць дзве паламаныя рысоры. У майстра з гаража знайшліся інструменты, і мы ўзяліся за справу. Потым мы змазалі шасі. Калі ўсё было гатова, мы выкацілі яго на вуліцу. Ён стаяў на снезе, абпырсканы гразёй і з абвіслымі вушамі.
- Памыем яго? - спытаў я.
- Не, у дарозе не будзем, - сказаў Кёстэр. - За гэта ён пакрыўдзіцца.
Падышла Пат. Яна выспалася і пасвяжэла. Вакол яе весела бегаў сабака.
- Білі! - клікнуў я.
Ён здзіўлена зірнуў, але не вельмі ўзрадаваўся. Ён не пазнаў мяне і зусім засаромеўся, калі Пат звярнула яго ўвагу на маю асобу.
- Вось як бывае, - сказаў я. - Дзякуй богу, што ў людзей крыху лепшая памяць. А дзе ж ён быў учора?
Пат засмяялася.
- Ён увесь час ляжаў пад ложкам. Ён раўнуе да маіх гасцей і ад злосці хаваецца.
- У цябе цудоўны выгляд, - сказаў я.
Яна шчаслівымі вачыма глянула на мяне. Потым наблізілася да «Карла».
- Хочацца зноў пасядзець у машыне і крыху пакатацца.
- Вельмі проста, - сказаў я. - Праўда, Ота?
- Без сумнення. На вас цёплае паліто, а ў нас ёсць яшчэ шалі і коўдры.
Пат села наперадзе каля Кёстэра. «Карл» зароў. Выхлапныя газы блакітна-белымі воблачкамі закруціліся ў паветры. Матор яшчэ не разагрэўся. Ланцугі, ляскаючы, пачалі няспешна падмінаць пад сябе снег. «Карл» з пырханнем. грукатам і вуркатаннем споўз уніз да вёскі і прабег па галоўнай вуліцы, як прыгорблены воўк, сярод конскага тупату і звону шаргуноў.
Мы выехалі з вёскі. Быў надвячорак, заснежаныя палі, асветленыя нізкім сонцам, паблісквалі ружовымі іскрамі. Некалькі стагоў сена, амаль занесеныя белым снегам, стаялі пад гарой. Апошнія лыжнікі маленькімі кропкамі скочваліся ў даліну. Пры гэтым яны праслізгвалі па чырвоным сонцы, якое вялізным шарам яшчэ раз паказалася з-за адхону, - вялізны ком сухога жару.
- Вы ўчора тут праязджалі? - спытала Пат.
- Праязджалі.
Машына ўскараскалася на вяршыню першай гары. Кёстэр спыніўся. Від адсюль зверху быў дзівосны. Напярэдадні, калі мы з цяжкасцю прабіраліся праз ледзяны сіні вечар, мы глядзелі толькі на дарогу.
За горнымі скаламі адкрывалася маляўнічая даліна. Абрысы далёкіх гор рэзка і выразна вылучаліся на фоне светла-зялёнага неба. Яны свяціліся золатам. Залацістыя плямы, нібы пыл, ляжалі на заснежаных адхонах вяршынь. Горныя схілы з кожнай хвілінай усё больш набывалі шыкоўны светла-ружовы колер, а сінія цені рабіліся ўсё цямнейшымі. Сонца стаяла якраз паміж дзвюма полымнымі вяршынямі, а шырокая даліна са сваімі пагоркамі і схіламі здавалася магутным, нямым, бліскучым парадам перад уладаром, які вось-вось схаваецца за небакраем. Фіялетавая стужка дарогі вілася вакол пагоркаў, знікала, зноў з'яўлялася, зацямнялася на паваротах, прабягала міма вёсак і ўпіралася якраз на перавале ў небасхіл.
- Так далёка ад вёскі я яшчэ ніколі не была, - сказала Пат. - Гэта дарога вядзе дадому?
- Так.
Яна маўчала, глядзела ўніз. Потым выйшла з машыны і засланіла даланёй вочы ад сонца.
- А колькі да горада? - спытала яна.
- Каля тысячы кіламетраў. У маі мы паедзем дадому. Ота забярэ нас.
- У маі, - паўтарыла яна. - Божа мой, у маі.
Сонца паволі садзілася. Даліна ажывала. Цені, якія да гэтага нерухома хаваліся ў складках зямлі, пачалі бясшумна вылазіць і паўзці ўсё вышэй, нібы сінія агромністыя павукі. Пахаладала.
- Трэба вяртацца, Пат, - сказаў я.
Яна зірнула на мяне, і яе твар раптам перамяніўся, нібы ад болю. Я імгненна заўважыў, што ёй усё вядома. Яна ведае, што ўжо ніколі не перасячэ гэты бязлітасны горны ланцуг на гарызонце, яна гэта ведае, але хоча схаваць, так, як і мы хочам схаваць гэта ад яе, але на нейкае імгненне яна страціла пільнасць, і ўвесь зямны боль выглянуў з яе вачэй.
- Давайце яшчэ крыху праедзем, - сказала яна. - Зусім крышачку ўніз.
- Паехалі, - сказаў я, зірнуўшы спачатку на Кёстэра.
Яна села каля мяне на задняе сядзенне, я абняў яе і накрыў нас коўдрай. Машына павольна пачала спускацца ўніз, у даліну, у цені.
- Робі, каханы, - шаптала Пат мне на вуха, - здаецца, мы едзем дадому, назад у наша жыццё.
- Праўда, - сказаў я і нацягнуў на яе коўдру да шыі. Чым ніжэй мы спускаліся, тым цямней рабілася. Пат была ўся ўхутана ў коўдры. Яна засунула руку мне пад сарочку на грудзі, я адчуваў яе руку целам, а потым яе дыханне, яе вусны, а потым - слёзы.
Асцярожна, каб яна не заўважыла развароты, Кёстэр павярнуў машыну да рыначнай плошчы наступнай вёскі, апісаўшы вялізную дугу, і мы паволі паехалі назад.
Калі мы дабраліся да вяршыні, сонца ўжо зайшло. На ўсходзе паміж воблакамі ўжо плыў бледны і чысты месяц. Мы ехалі назад, ланцугі аднастайна стукалі, перабіраючы зямлю. Зрабілася вельмі ціха, я сядзеў нерухома, адчуваючы слёзы Пат сэрцам, быццам там крывяніла рана.
Праз гадзіну я сядзеў у холе. Пат пайшла ў свой пакой, а Кёстэр накіраваўся на метэаралагічную станцыю, каб даведацца пра надвор'е. На дварэ сцямнела, вакол месяца пралегла светлая палоска, за вокнамі панаваў вечар, шэры і мяккі, як аксаміт. Неўзабаве падышоў Антоніа і сеў за мой столік. За адным з суседніх столікаў сядзеў чалавек, круглы, як гарматнае ядро, у грубым шарсцяным пінжаку і кароценькіх штанах-гольфах. У яго быў твар немаўляці з адтапыранымі вуснамі і халоднымі вачыма. Круглая чырвоная лысіна блішчала, як більярдны шар. Побач з ім сядзела хударлявая жанчына з глыбокімі ценямі пад вачыма, з пакутлівым журботным тварам. Таўстун быў ажыўлены, яго галава ўвесь час круцілася, ружовыя ручкі ўвесь час абводзілі плаўныя кругі.
- Цудоўна тут наверсе, проста шыкоўна! Гэтая панарама, гэта паветра, гэта абслуга! Тут сапраўды добра...
- Бернгард, - ціха прамовіла жанчына.
- Дальбог, мне хоць раз так пажыць бы спешчана, так дагледжана... - Ён тлуста рагатнуў. - Ну, хоць ты пакарыстайся...
- Ах, Бернгард, - бездапаможна сказала жанчына.
- А што, а што, - весела зашумеў таўстун. - Лепш і быць не можа! Ты тут нібы ў раі! Ты ўяўляеш сабе, што робіцца ўнізе? А мне заўтра трэба зноў у гэтую мітусню! Радуйся, што ты не бачыш нічога гэтага. Што ж, я вельмі рады быў убачыць, што табе тут добра.
- Бернгард, мне не добра, - сказала жанчына.
- Але, міленькая, - завуркатаў Бернгард, - не капрызнічай! Што я магу сказаць? Увесь час у клопатах, усюды банкруцтвы, падаткі... ну, але працуеш...
Жанчына маўчала.
- Спрытнюга, - сказаў я Антоніа.
- І яшчэ які! - адказаў той. - Ён прыехаў сюды пазаўчора і не дае жанчыне слова сказаць, дабіваючы яе сваімі: «Табе тут цудоўна!» Ён не хоча нічога бачыць, ведаеце, - ні яе страху, ні хваробы, ні адзіноты. Магчыма, ён ужо даўно жыве ў Берліне з іншай такой самай куляй, як сам, а сюды ездзіць ужо паўгода, выконваючы абавязак, паціраючы рукі, нахабна жартуючы, думаючы толькі пра сябе. Толькі каб нічога не чуць! Такое тут не рэдкасць!
- Даўно тут гэтая жанчына?
- Каля двух гадоў.
Гурт маладых людзей са смехам прабег праз хол.
- Вяртаюцца з пошты. Паслалі Роту талеграму.
- Хто гэта - Рот?
- Гэта той, хто ад'язджае першы. Яны тэлеграфавалі яму, што яму нельга ехаць дадому, бо там эпідэмія грыпу, і таму трэба яшчэ застацца тут. Звычайныя жарты. За тое, што ім самім трэба заставацца, разумееце?
Я зірнуў у акно на шэры аксаміт, якім былі завешаны горы. «Усё гэта няпраўда, - падумаў я. - Усё гэта нерэальна, такога не можа быць. Тут толькі нейкі тэатр, дзе злёгку іграюць смерць. Калі сапраўды памірае чалавек, дык гэта жахліва сур'ёзна». Мне хацелася б дагнаць маладых людзей, паляпаць іх па плячы і сказаць: «Тут жа толькі салонная смерць, ці не праўда, а вы толькі вясёлыя артысты, што іграюць смерць. Пасля вы зноў устанеце, каб пакланіцца. Ад павышанай тэмпературы і жорсткага дыхання не паміраюць. Трэба, каб стралялі, паранілі каго-небудзь, тады прыйдзе смерць. Мне гэта знаёма...»
- Вы таксама хворы? - спытаў я Антоніа.
- Вядома, - сказаў ён з усмешкай.
- Сапраўды, выдатная кава, - грукатаў побач таўстун. - У нас такой удзень з агнём не знойдзеш.
Кёстэр вярнуўся з метэастанцыі.
- Мне трэба ехаць, Робі, - сказаў ён. - Барометр пайшоў уніз, відаць, ноччу пойдзе снег. Тады мне заўтра не прабіцца. Сёння яшчэ праеду.
- Добра. Павячэраем разам?
- Так. Я хуценька ўпакую рэчы.
- Я дапамагу, - сказаў я.
Мы ўпакавалі рэчы Кёстэра і занеслі іх у гараж. Потым вярнуліся, каб паклікаць Пат.
- Калі што, тэлефануй мне, Робі, - сказаў Ота.
Я кіўнуў галавой.
- Праз некалькі дзён атрымаеш грошы. На першы час хопіць. Рабі ўсё, што неабходна.
- Добра, Ота. - Я павагаўся. - У нас дома ёсць некалькі ампул морфію. Ты можаш прыслаць іх мне?
- Навошта яны табе?
- Не ведаю, што і як тут будзе. Магчыма, яны не спатрэбяцца. У мяне ўсё яшчэ жыве надзея, насуперак усяму. Але толькі тады, калі бачу Пат. Застаўшыся адзін, я губляю ўсё. Але я не хачу, каб яна пакутавала, Ота. Не хачу, каб яна ляжала, не адчуваючы нічога, акрамя болю. Магчыма, яны будуць даваць ёй уколы. Але мне будзе спакайней, калі я буду ведаць, што магу дапамагчы ёй.
- Толькі для гэтага, Робі? - спытаў Кёстэр.
- Толькі для гэтага. Вядома. А то я і не сказаў бы табе.
- Мы засталіся толькі ўдвух, - няспешна сказаў ён.
- Так.
- Добра, Робі.
Мы пайшлі ў кавярню, я прывёў Пат. Мы хуценька павячэралі, неба зацягвалася хмарамі. Кёстэр вывеў «Карла» з гаража, пад'ехаў да пад'езда.
- Бывай, Робі, - сказаў ён.
- І ты, Ота.
- Да пабачэння, Пат. - Ён падаў ёй руку і паглядзеў у вочы. - Вясной я прыеду па вас.
- Усяго вам добрага, Кёстэр. - Пат цвёрда паціснула яму руку. - Я рада, што пабачыла вас. Перадавайце прывітанне ад мяне Готфрыду Ленцу.
- Добра, - сказаў Кёстэр.
Яна ўсё яшчэ не выпускала яго руку. Яе вусны дрыжалі. Раптам яна ступіла крок наперад і пацалавала яго.
- Жывіце шчасліва, - ціха прамовіла яна прыглушаным голасам.
Твар Кёстэра раптам на імгненне асвяціўся ярка-чырвоным полымем.
Ён памкнуўся яшчэ нешта сказаць, але адвярнуўся, сеў у машыну, ірвануў яе з месца і паімчаў па звілістай горнай дарозе не азірнуўшыся. Мы глядзелі яму ўслед. Машына прагрукатала па галоўнай вуліцы і пачала ўзбірацца на гару, як адзінокі светлячок, несучы перад сабой па шэрым снезе святло тусклявых фараў. На вяршыні машына спынілася, Кёстэр памахаў нам. Цёмнай плямай ён стаяў перад фарамі. Потым ён знік, і мы доўга яшчэ чулі гул машыны.
Пат нахілілася і слухала, пакуль было чуваць. Але гул заціх. Тады яна павярнулася да мяне.
- Апошні карабель адплыў, Робі.
- Перадапошні, - адказаў я. - Апошні - я. А ведаеш, што я планую? Я хачу знайсці іншае месца, каб кінуць якар. Пакой у прыбудове мне больш не падабаецца. Не разумею, чаму мы не можам жыць разам. Паспрабую пашукаць пакой бліжэй да цябе.
- Немагчыма! Не знойдзеш! Як ты думаеш зрабіць гэта?
- Ты будзеш рада, калі я змагу?
- Што за пытанне? Было б цудоўна, мілы! Амаль як у матухны Залеўскі.
- Добра, тады дазволь мне папрацаваць паўгадзінкі.
- Выдатна. Я пакуль што пагуляю з Антоніа ў шахматы. Я тут навучылася.
Я пайшоў у кантору і растлумачыў, што застаюся тут надоўга і хачу атрымаць пакой на адным паверсе з Пат. Пажылая дама з усохлымі грудзьмі глянула на мяне незадаволена і адмовіла мне, спасылаючыся на рэжым.
- Хто ўстанаўліваў рэжым? - спытаў я.
- Дырэкцыя, - адказала дама і разгладзіла зморшчыны на спадніцы.
З вялікай неахвотай яна паведаміла мне нарэшце, што дазволіць пайсці на парушэнне можа толькі галоўны лекар.
- Але яго ўжо няма, - дадала яна. - А дадому да яго звяртацца можна толькі па службе.
- Цудоўна, - сказаў я. - Тады я звярнуся да яго па службе. Адносна рэжыму.
Галоўны лекар жыў у маленькім дамку побач з санаторыем. Ён адразу прыняў мяне і без усялякай валакіты даў мне дазвол на перасяленне.
- Пасля няўдалай першай спробы не думаў, што так лёгка атрымаецца, - сказаў я.
Ён засмяяўся.
- А, вы, відаць, натрапілі на старую Рэксрот. Добра, я зараз ёй патэлефаную.
Я вярнуўся ў кантору. Старая Рэксрот з гонарам знікла, убачыўшы выклік на маім твары. Я ўсё ўладзіў з сакратаркай і даручыў швейцару перанесці мае рэчы і купіць мне некалькі бутэлек спіртнога. Потым я вярнуўся да Пат.
- Уладзіў? - спытала яна.
- Пакуль што - не, але праз некалькі дзён усё будзе ў парадку.
- Шкада, - яна перавярнула шахматы і ўстала.
- Што будзем рабіць? - спытаў я. - Пойдзем у бар?
- Вечарам мы часта гуляем у карты, - сказаў Антоніа. - Скора падзьме фен, гэта адчуваецца. У такі час найлепш гуляць у карты.
- У карты? Пат? - здзіўлена спытаў я. - У якія гульні ты ўмееш? У дурня і ў пасьянс?
- У покер, каханы, - заявіла Пат.
Я засмяяўся.
- Яна, праўда, умее, - сказаў Антоніа. - Толькі занадта рызыкоўная. Жахліва блефуе.
- Я таксама, - адказаў я. - Трэба паспрабаваць.
Мы селі ў куток і пачалі гуляць. Пат нядрэнна гуляла. Яна сапраўды блефавала ваўсю. Праз гадзіну Антоніа звярнуў нашу ўвагу, што робіцца за акном. Ішоў снег. Паволі, нібы яшчэ вагаючыся, амаль вертыкальна падалі буйныя сняжынкі.
- Зусім бязветрана, - сказаў Антоніа. - Будзе шмат снегу.
- Цікава, дзе цяпер Кёстэр? - спытала Пат.
- Ён ужо праехаў перавал, - сказаў я.
На нейкую секунду я выразна ўявіў сабе «Карла» з Кёстэрам за рулём, які вёў машыну праз белую ноч, і ўсё раптам здалося мне нерэальным - тое, што я сяджу тут, што Кёстэр у дарозе, а Пат - побач са мной. Яна шчасліва ўсміхнулася мне, абапіраючыся рукой з картамі на стол.
- Хадзі, Робі.
Таўстун перабраўся да нашага стала, спыніўся і пачаў зычліва зазіраць нам у карты. Магчыма, жонка заснула, а яму хацелася забавы. Я адклаў карты і глянуў на яго так злосна, што ён знік.
- Я не сказала б, што ты ветлівы, - задаволена сказала Пат.
- Не, - адказаў я. - І не хачу быць ветлівым.
Мы яшчэ зайшлі ў бар і выпілі некалькі шклянак «спецыяльнага». Потым Пат трэба было ісці спаць. Я развітаўся ў вестыбюлі. Яна пачала павольна падымацца па лесвіцы, азіраючыся і спыняючыся, пакуль не збочыла ў калідор. Я крыху пачакаў, потым папрасіў у канторы ключ ад свайгоі пакоя. Сакратарка заўсміхалася.
- Нумар семдзесят восем, - сказала яна.
Пакой суседнічаў з пакоем Пат.
- Мусіць, па распараджэнні фройляйн Рэксрот? - спытаў я.
- Не, фройляйн Рэксрот пайшла ў малітоўны дом, - адказала яна.
- Малітоўныя дамы часам - бласлаўленне, - сказаў я і хутка пайшоў наверх. Мае рэчы былі ўжо распакаваныя. Праз паўгадзінкі я пастукаў у дзверы ў суседні пакой.
- Хто там? - усклікнула Пат.
- Паліцыя маралі, - адказаў я.
Ключ заскрыгатаў, і дзверы імгненна расчыніліся.
- Ты, Робі? - прамовіла Пат разгублена.
- Я! - сказаў я. - Той, хто перамог фройляйн Рэксрот! Уладальнік каньяку і «порта-ронка». - Я выцягнуў бутэльку з кішэні. - А цяпер прызнавайся, колькі мужчын тут ужо пабывала.
- Нікога, акрамя футбольнай каманды і пашыранага філарманічнага аркестра, - заявіла са смехам Пат. - Ах, каханы, зноў вярнуліся старыя часы.
Яна заснула на маім плячы. Я яшчэ доўга не спаў. У куточку пакоя гарэла маленькая лямпачка. Сняжынкі ціха стукаліся ў акно, час, здавалася, спыніўся, заблытаўшыся ў гэтым мяккім залацістым змярканні. У пакоі было цёпла. Час ад часу патрэсквалі трубы цэнтральнага ацяплення. Пат паварушылася ў сне, і коўдра з лёгкім шоргатам павольна спаўзла на падлогу. Ах, гэта бронзавая з адлівам скура! Цуд тонкіх каленяў! Пяшчотная таемнасць грудзей! Я адчуваў плячом дотык яе валасоў і вуснамі ўспрымаў біццё яе пульсу. «Табе наканавана памерці, - падумаў я. - Ты не можаш памерці. Ты - маё шчасце».
Я асцярожна зноў падняў коўдру. Пат нешта прамармытала і зноў змоўкла і паволі, у сне, падсунула мне далонь пад галаву.
XXVII
Усе наступныя дні падаў снег. У Пат была тэмпература, і яна мусіла ляжаць у пасцелі. Шмат у каго ў санаторыі была тэмпература.
- Надвор'е такое, - сказаў Антоніа.
- Занадта цёпла і ветрана. Якраз для тэмпературы.
- Каханы, выйдзі крыху на волю, - сказала Пат. - Ты ўмееш катацца на лыжах?
- Не. Дзе мне было вучыцца? Я ніколі не быў у гарах.
- Антоніа навучыць. Яму гэта будзе забава. Ты яму падабаешся.
- Мне куды лепш тут.
Яна выпрасталася, сеўшы ў пасцелі. Начная кашуля агаліла ёй плечы. Яны былі вельмі худыя. Такая ж жахліва худая была і шыя.
- Робі, - сказала яна, - зрабі мне ласку. Мне вельмі не хочацца, каб ты сядзеў тут каля ложка хворай. Учора і пазаўчора хапіла ўжо табе.
- Мне добра сядзець тут, - адказаў я. - Няма ніякага жадання ісці пад снег.
Яна цяжка задыхала, і я пачуў яе няроўнае дыханне.
- У мяне ў гэтым больш вопыту, чым у цябе, - сказала яна і абаперлася на локці. - Так лепш нам абаім. Потым убачыш сам. - Яна пакутліва ўсміхнулася. - Сёння паполудні і ўвесь вечар ты яшчэ наседзішся тут. А ўранку мяне гэта непакоіць, каханы. Калі ў цябе тэмпература, то выгляд зранку неважнецкі. Увечары - зусім іншая справа. Я павярхоўная дурніца - не хачу выглядаць непрыгожай, калі ты глядзіш на мяне.
- Ну што ты, Пат! - Я ўстаў. - Ну добра, я на нейкі час выйду з Антоніа. Аполудні я вярнуся. Калі не паламаю сабе касцей на гэтых нартах.
- Ты хутка навучышся, каханы. - Яе твар страціў напружаны страх. - Скора ты будзеш выдатна катацца.
- А ты хочаш, каб я хуценька адсюль выдатна выкаціўся, - сказаў я і пацалаваў яе. Рукі ў яе былі вільготныя і гарачыя, а вусны сухія і патрэсканыя.
Антоніа жыў на трэцім паверсе. Ён пазычыў мне лыжы з чаравікамі. Яны падышлі мне, бо мы былі аднолькавага росту. Мы пайшлі на паляну недалёка за вёскай. Па дарозе Антоніа дапытліва пазіраў на мяне.
- Тэмпература робіць чалавека неспакойным, - сказаў ён. - У такія дні тут ужо здараліся дзіўныя рэчы. - Ён паклаў лыжы перад сабой і прымацаваў іх. - Самае горшае - чакаць і не мець магчымасці штосьці зрабіць. Ад гэтага можна звар'яцець.
- І здаровым не лягчэй, - адказаў я. - Быць побач і не магчы нічога зрабіць.
Ён кіўнуў.
- Той-сёй з нас працуе, - працягваў ён. - Той-сёй прачытвае цэлыя бібліятэкі. Але многія зноў ператвараюцца ў школьнікаў, якія ўцякаюць ад лячэння, як уцякалі з урокаў фізкультуры, і, палахліва хіхікаючы, хаваюцца ў крамах і кафетэрыях, толькі ўбачыўшы лекара. Патаемна кураць, патаемна выпіваюць, гуляюць у забароненыя гульні, пляткараць, выдумваюць дурныя жарты - так яны ратуюцца ад пустой бяздзейнасці. І ад праўды. Вось такое дзіцячае, легкадумнае, а магчыма, і гераічнае ігнараванне смерці. А што ім, урэшце, яшчэ застаецца?
«Праўда, - падумаў я. - Што нам усім, урэшце, яшчэ застаецца?»
- Паспрабуем? - спытаў Антоніа і ўбіў лыжныя палкі ў снег.
- Давайце.
Ён паказаў мне, як мацаваць лыжы і як трымаць раўнавагу. Гэта аказалася няцяжка. Я падаў даволі часта, але потым я паволі злаўчыўся, і ўжо справа пайшла. Праз гадзіну мы закончылі ўрок.
- Хопіць, - вырашыў Антоніа. - Сёння вечарам вы адчуеце свае мускулы.
Я зняў лыжы і адчуў, як энергічна б'ецца ўва мне кроў.
- Добра, што мы пабылі на свежым паветры, Антоніа, - сказаў я.
- Гэта мы можам рабіць кожную раніцу. Калі катаешся, прыходзяць іншыя думкі.
- Ці не выпіць нам дзе-небудзь? - спытаў я.
- Можна. Па чарцы «дзюбанэ» ў Форстэра.
Мы выпілі «дзюбанэ» і пайшлі ў санаторый. У канторы сакратарка сказала мне, што быў паштальён і перадаў, каб я прыйшоў на пошту. Мне прыйшлі грошы. Я глянуў на гадзіннік. Часу яшчэ хапала, і я вярнуўся. На пошце мне выдалі дзве тысячы марак. Тут жа быў і ліст ад Кёстэра. Ён пісаў, каб я не турбаваўся, грошы яшчэ ёсць. Варта мне толькі падаць звестку.
Я ўтаропіўся на банкноты. Адкуль яны ў яго? І так хутка? Я ж ведаў усе нашыя крыніцы. І раптам я здагадаўся. Я ўявіў сабе аматара гонак канфекцыянера Больвіза, прыпомніў, як прагна ён абстукваў «Карла» каля бара пасля таго, як прайграў гонку, як ён сказаў: «Гэтую машыну я куплю ў любы час!» Д'ябальшчына! Кёстэр прадаў «Карла»! Вось адкуль раптам грошы! Прадаў «Карла», пра якога ён гаварыў, што лепш страціць руку, чым машыну. «Карла» ўжо не было. Ён цяпер быў у сытых руках фабрыканта, а Ота, чыё вуха пазнавала яго за кіламетры, будзе прыслухоўвацца да яго выцця на вуліцах. Так вые прагнаны сабака.
Я схаваў ліст Кёстэра і пакунак з ампуламі морфію. Я ўсё яшчэ бездапаможна стаяў перад паштовым акенцам. Найлепш было б адразу адаслаць грошы назад, але нельга - яны былі нам патрэбныя. Я разраўняў паперкі, схаваў іх у кашалёк і выйшаў. Пракляцце! Цяпер я кожную машыну буду абыходзіць бокам. Машыны былі мне сябрамі, але «Карл» значыў куды больш. Таварыш! «Карл», прывід дарог. Мы былі адно цэлае. «Карл» і Кёстэр, «Карл» і Ленц, «Карл» і Пат. Я злосна і бездапаможна абтрос снег з ног. Ленц загінуў. «Карла» купілі. А Пат? Аслепленымі вачыма я ўзіраўся ў неба, гэтае шэрае бясконцае неба бога-вар'ята, які прыдумаў жыццё і смерць на сваю забаву.
Пад вечар вецер перамяніўся, пасвятлела і пахаладала. Вечарам Пат адчула сябе лепш. Наступнай раніцай яна магла ўжо ўстаць, а праз некалькі дзён, калі Рот - мужчына, які паправіўся, - ад'язджаў, яна змагла нават пайсці праводзіць яго на вакзал.
Рота праводзіў вялікі натоўп. Такая тут была завядзёнка, калі хтосьці ад'язджаў. Сам Рот быў не вельмі вясёлы. Яму нейкім чынам не пашанцавала. Два гады назад нейкі свяціла, адказваючы на яго пытанне, ці доўга яму яшчэ засталося жыць, заявіў, што гады два яшчэ, калі будзе сцерагчыся. Для пэўнасці ён спытаў другога лекара, просячы сказаць праўду па шчырасці. Той паабяцаў яму яшчэ менш. Тады Рот размеркаваў усё, што меў, на два гады і спусціў, не зважаючы на сваю хваробу. Нарэшце яго завезлі ў санаторый з моцнай кравацечай... І тут, замест таго каб паміраць, ён пачаў упэўнена папраўляцца. Паступіўшы сюды, ён важыў усяго 45 кілаграмаў. Цяпер ён набраў 75 кілаграмаў і настолькі паправіўся, што яго выпісалі. А грошай не было.
- Што я там буду рабіць? - пытаўся ён у мяне, чухаючы рыжую патыліцу. - Вы ж толькі што адтуль, як там?
- Усё памянялася, - адказаў я, разглядаючы яго круглы зморшчаны твар з бясколернымі вейкамі. Ён паправіўся, хоць быў асуджаны на смерць.
- Прыйдзецца шукаць сабе працу, - сказаў ён. - Як там цяпер наконт гэтага?
Я паціснуў плячыма. Ці варта было тлумачыць яму, што ён, відаць, працы не знойдзе. Ён скора ўбачыць гэта сам.
- У вас ёсць сувязі, сябры?-спытаў я.
- Сябры... ну, вы ж ведаеце... - Ён кпліва засмяяўся. - Калі ты раптам застаешся без грошай, яны разбягаюцца ад цябе, як блохі з мёртвага сабакі.
- Тады будзе цяжка.
- Не ўяўляеце сабе, што будзе. У мяне толькі некалькі соцень марак. І я нічога не ўмею, як толькі траціць грошы. Здаецца, той прафесар меў рацыю, хоць у інакшым сэнсе: гады праз два я аддам богу душу - праўда, ад кулі.
Раптам мяне апанавала шалёная злосць на гэтага ідыёта-балбатуна. Няўжо ён не ведае, што такое жыццё? Я ўбачыў, як перада мной ішлі Антоніа і Пат. Я бачыў яе шыю, схуднелую ад хваробы, я ведаў, як яна любіць жыццё. У гэты момант я мог бы забіць Рота, калі б такім чынам можна было вярнуць Пат здароўе...
Цягнік адышоў. Рот махаў капелюшом. Тыя, хто застаўся, крычалі яму наўздагон усялякія пажаданні і смяяліся. Дзяўчына, спатыкаючыся, бегла за цягніком і крычала тонкім голасам, які зрываўся:
- Да пабачэння! Да пабачэння!
Потым яна вярнулася і залілася слязьмі. На тварах іншых з'явіўся выраз засаромленасці.
- Ало! - крыкнуў Антоніа. - За плач на вакзале - штраф. Гэта закон санаторыя. Штраф на карысць наступнага свята.
Ён шырокім жэстам працягнуў руку. Астатнія зноў засмяяліся. Востры, жалобны, заліты слязьмі твар дзяўчыны таксама заўсміхаўся. Яна дастала з кішэні паліто пацёрты кашалёк. Мне зрабілася вельмі балюча на душы. Гэтыя твары вакол, гэта ж быў не смех, гэта была сутаргавая, пакутная весялосць, гэта былі грымасы.
- Хадзем, - сказаў я Пат і ўзяў яе пад руку.
Мы моўчкі ішлі па вясковай вуліцы. Каля кандытарскай я спыніўся і купіў карабок цукерак.
- Смажаны міндаль, - сказаў я і працягнуў ёй карабок. -Ты ж любіш яго, праўда?
- Робі, - сказала Пат. Вусны ў яе задрыжалі.
- Хвілінку, - сказаў я і хутка пайшоў у краму кветак. З ружамі я выйшаў па магчымасці спакойна.
- Робі, - сказала Пат.
Мая ўсмешка была даволі жалобнай.
- Пад старасць зраблюся кавалерам, Пат.
Не ведаю, што раптам найшло на нас. Магчыма, прычынай быў той закляты цягнік, што адышоў. Быццам цень, наліты волавам, лёг на нас, быццам вецер разарваў усё, што з цяжкасцю ўтрымлівала нас. Мы раптам адчулі сябе дзецьмі, якія заблудзілі і не ведалі, куды падацца, але, тым не менш, не паказвалі страху.
- Зойдзем вып'ем чарку, - сказаў я.
Яна кіўнула. Мы зайшлі ў кавярню і селі каля акна.
- Што табе заказаць, Пат?
- Рому, - сказала яна і зірнула на мяне.
- Рому, - паўтарыў я і ўзяў пад сталом яе руку. Яна моцна сціснула маю.
Прынеслі ром. Гэта быў «бакардзі» з лімонам.
- Мой каханы, - сказала Пат і падняла чарку.
- Мой добры сябра, - сказаў я.
Мы хвілінку яшчэ пасядзелі.
- Бывае часам дзіўна, праўда? - сказала Пат.
- Праўда. Часам штосьці находзіць. І зноў праходзіць.
Яна кіўнула. Мы зноў пайшлі, прытуліўшыся адзін да аднаго. Міма нас пратопалі коні, запрэжаныя ў сані. Ад іх валіла пара. Змораныя загарэлыя лыжнікі, хакейная каманда ў бела-чырвоных світэрах - жыццё і шум вакол.
- Як ты сябе адчуваеш, Пат? - спытаў я.
- Добра, Робі.
- Праб'ёмся. Праўда?
- Вядома, каханы. - Яна прыціснула маю руку да сябе.
Вуліца апусцела. Вечаровая зара ружовым покрывам ляжала на заснежаных гарах.
- Пат, - сказаў я, - ты і не ведаеш яшчэ, якая ў нас процьма грошай. Кёстэр прыслаў.
- Гэта ж цудоўна, Робі. Тады мы можам з табой як след бавіць час.
- Вельмі проста, - сказаў я. - Як нам захочацца.
- Тады пойдзем у суботу ў медзалу. Там апошні вялікі баль сёлета.
- Але ж табе вечарам нельга выходзіць.
- Большасці з нас нельга, але людзі выходзяць.
Я зрабіў выгляд, што задумаўся.
- Робі, - сказала Пат, - за час, пакуль цябе не было, я рабіла ўсё, што мне прызначалі. Я была паслухмяная хворая - і нікім больш. Нічога не дапамагло. Мне пагоршала. Не перабівай мяне, я ведаю, што ты хочаш сказаць. Я ведаю таксама, што мяне чакае. Але час, які мне адпушчаны, час з табой... дазволь мне рабіць, што захачу...
На яе твары ляжалі чырвоныя водбліскі сонца. Твар быў сур'ёзны, спакойны, з выразам вялікай пяшчоты. «Пра што мы гаворым? - падумаў я. У роце ў мяне перасохла. - Ці ж гэта нармальна, што мы стаім тут і размаўляем пра штосьці, чаго ніколі не можа... не павінна быць. І словы гэтыя вымаўляе Пат, абыякава, амаль без журбы, быццам ратунку ўжо няма, нават маленечкай кроплі зманлівай надзеі... Гэта ж Пат, яшчэ амаль дзіця, якое я павінен аберагаць, Пат, якая раптам аддалілася ад мяне, пазнаўшы ўжо безназоўнае на тым баку і скарыўшыся яму».
- Ты не павінна гаварыць такое, - нарэшце прамармытаў я. - Я толькі падумаў, ці не спытаць нам спачатку лекара.
- Мы больш нікога пытаць не будзем, нікога! - Яна замахала прыгожай маленькай галоўкай і паглядзела на мяне сваімі вачыма, якія я так любіў. - Больш нічога ведаць не хачу. Я хачу толькі быць шчаслівай.
Вечарам у калідорах санаторыя была мітусня. Прыйшоў Антоніа і прынёс запрашэнне на вечарынку ў пакоі нейкага расейца.
- А ці можна мне так проста пайсці з табой? - спытаў я.
- Тут? - у адказ спытала Пат.
- Тут шмат што можна, чаго звычайна нельга, - са смехам адказаў Антоніа.
Расеец быў пажылы і смуглявы. Ён жыў у двух пакоях, засланых дыванамі. На куфры стаялі бутэлькі з гарэлкай. У пакоях панаваў паўзмрок. Гарэлі толькі свечкі. Сярод гасцей была вельмі прыгожая маладая гішпанка. У яе быў дзень нараджэння. Яго і сабраліся святкаваць.
У гэтых пакоях, якія сваім мігатлівым святлом і дзіўным брацтвам прысутных, пародненых агульным лёсам, напаміналі бліндаж, панаваў вельмі своеасаблівы настрой.
- Што будзеце піць? - спытаў мяне расеец. У яго быў вельмі цёплы нізкі голас.
- Што ёсць.
Ён прынёс бутэльку каньяку і графін гарэлкі.
- Вы здаровы? - спытаў ён.
- Так, - адказаў я сарамліва.
Ён прапанаваў мне папяросы. Мы выпілі.
- Пэўна, вам тое-сёе тут здаецца дзіўным, праўда?
- Не вельмі, - адказаў я. - Я не прывык да нармальнага жыцця.
- Так, - сказаў ён і змрочным позіркам глянуў на гішпанку. - Тут наверсе своеасаблівы свет. Ён мяняе людзей. Незвычайная хвароба, - задумліва дадаў ён. - Яна робіць людзей больш ажыўленымі. А часам лепшымі. Містычная хвароба. Яна выганяе шлакі. - Ён устаў, кіўнуў мне і пайшоў да гішпанкі, якая ўсміхалася яму.
- Пусты балбатун, праўда? - спытаў нехта за маёй спіной.
Твар без падбародка. Гузаваты лоб. Неспакойныя, ліхаманкавыя вочы.
- Я тут у гасцях, - сказаў я. - А вы?
- Так ён і ловіць жанчын, - працягваў той, не слухаючы. - Так ён іх і ловіць. Вось і гэтую дзяўчынку...
Я не адказаў.
- Хто гэта? - спытаў я Пат, калі той адышоўся.
- Музыкант. Скрыпач. Ён закахаўся ў гішпанку. Так, як кахаюць тут наверсе. А яна і слухаць пра яго не хоча. Яна кахае расейца.
- І я на яе месцы зрабіў бы тое ж самае.
Пат засмяялася.
- Мне здаецца, што такога мужчыну толькі і кахаць, - сказаў я. - А ты - таксама?
- Не, - адказала яна.
- Ты тут ні разу не закахалася?
- Моцна - не.
- Мне гэта было б усё роўна, -сказаў я.
- Цудоўныя прызнанні. - Пат выпрасталася. - Але табе павінна было б быць зусім не ўсё роўна.
- Я не тое хацеў сказаць. Я нават не магу табе растлумачыць, што я меў на ўвазе. Не магу, таму што і цяпер яшчэ не ведаю, што ты ўва мне знаходзіш.
- Пакінь гэта мне, - сказала яна.
- А ты ведаеш?
- Не дакладна, - адказала яна са смехам. - Інакш не было б кахання.
Бутэлькі, прынесеныя расейцам, стаялі перада мной. Я наліў некалькі чарак і выпіў. Настрой, які панаваў тут, прыгнятаў мяне. Мне не хацелася бачыць Пат сярод гэтых хворых.
- Табе тут не падабаецца? - спытала яна.
- Не вельмі. Мне трэба спачатку прывыкнуць.
- Мой бедны каханы... - яна пагладзіла мне руку.
- Калі ты побач, я не бедны, - сказаў я.
- А Рыта вельмі прыгожая?
- Не, - сказаў я. - Ты прыгажэйшая.
У маладой гішпанкі на каленях ляжала гітара. Потым яна пачала спяваць, і здавалася, што чорная птушка залунала ў пакоі. Яна напаўголаса спявала гішпанскія песні. У яе быў нізкі, ломкі голас хворага чалавека. Я не ведаю, што на мяне падзейнічала - чужыя меланхалічныя мелодыі, жахлівы вечаровы голас дзяўчыны, цені хворых, якія сядзелі ў крэслах і на падлозе, буйны нахілены цёмны твар расейца, - але мне раптам здалося, што ўсё гэта - рыдаючае ціхае закляцце лёсу, які хаваўся за завешанымі вокнамі, чакаючы свайго, просьба, крык і страх, страх застацца адзін на адзін з небыццём, якое ціха паядае цябе.
...Назаўтра раніцай Пат была вясёлая і гарэзлівая. Яна займалася сваімі сукенкамі.
- Занадта шырокія сталі, зашмат, - мармытала яна, дапытліва гледзячы на сябе ў люстэрка. Потым яна павярнулася да мяне.
- А ты ўзяў з сабой смокінг, каханы?
- Не, - сказаў я. - Не ведаў, што ён тут спатрэбіцца.
- Тады схадзі да Антоніа. Ён пазычыць табе. У вас аднолькавыя фігуры.
- Ён патрэбны яму самому.
- Ён апране фрак.
Яна зашпіліла складку.
- А потым схадзі пакатайся на лыжах. Мне зараз трэба папрацаваць. А калі ты тут, я не магу.
- Я рабую гэтага Антоніа, - сказаў я. - Што б мы без яго рабілі?
- Мне здаецца, ён добры хлопец.
- Згодны, - сказаў я. - Ты выбрала правільнае слова. Добры хлопец.
- Не ведаю, што б я рабіла без яго, калі была адна.
- Давай пра гэта больш не думаць, - сказаў я. - Даўно мінула.
- Добра. - Яна пацалавала мяне. - А цяпер ідзі катацца.
Антоніа ўжо чакаў мяне.
- Я ўжо падумаў, што ў вас, пэўна, няма смокінга, - сказаў ён. - Памерце пінжак.
Пінжак быў вузкаваты, але сяк-так сядзеў. Антоніа свіснуў задаволена і дастаў увесь касцюм.
- Заўтра будзе весела, - заявіў ён. - На шчасце, заўтра вечарам у канторы дзяжурыць малая сакратарка. Старая Рэксрот не выпусціла б нас. Афіцыйна ж усё забаронена. А неафіцыйна... мы, вядома, даўно не дзеці.
Мы пайшлі катацца. Я ўжо напрактыкаваўся, і вучэбная паляна нам больш не спатрэбілася. Па дарозе нам сустрэўся мужчына з брыльянтавымі пярсцёнкамі на пальцах, у паласатых штанах. На шыі ў яго матляўся стракаты гальштук, якія носяць артысты.
- Смешныя тыпы трапляюцца тут, - сказаў я.
- Гэта важны тып. Праважаты нябожчыкаў.
- Што? - спытаў я здзіўлена.
- Праважаты нябожчыкаў, - паўтарыў Антоніа. - Тут хворыя з усяго свету. Асабліва шмат з Паўднёвай Амерыкі. Ну, а сем'ям, вядома, хочацца пахаваць сваіх блізкіх на радзіме. Тады вось такі праважаты за добрую ўзнагароду едзе туды з цынкавай труной. Такім чынам гэтыя людзі робяцца заможнымі і шмат вандруюць. Вось гэтага тыпа смерці зрабілі сапраўдным дэндзі, як бачыце.
Мы яшчэ нейкі час падымаліся ўгору, а потым прымацавалі лыжы і пакаціліся. Белыя пагоркі гайдалі нас, а за намі з брэхам, нібы рыжы мяч, раз за разам правальваючыся па грудзі ў снег, імчаў Білі. Ён зноў прывык да мяне, хоць часта раптам вяртаўся з сярэдзіны дарогі і стралой імчаў назад да санаторыя - толькі вушы матляліся.
Я практыкаваўся рабіць паварот «Крысціянія» і кожны раз, калі з'язджаў з гары і рыхтаваўся да скачка і расслабляўся, то думаў: калі ўдасца і я не ўпаду, Пат паправіцца. Вецер свістаў мне ў твар, снег быў цяжкі і вязкі, але я зноў і зноў адштурхоўваўся, я шукаў усё больш крутыя адхоны, усё больш цяжкую мясцовасць, і калі мне зноў і зноў шанцавала, я думаў: «Выратавана!», хоць і ведаў, што гэта глупства, і ўсё ж радаваўся, як ужо даўно не радаваўся.
У суботу быў вялікі тайны выхад. Антоніа падрыхтаваў сані, якія чакалі ўнізе ў баку ад санаторыя. Сам ён з вясёлай песняй з'язджаў з пагорка на лакіраваных туфлях, у расхрыстаным паліто, з-пад якога свяціла белая манішка.
- Ён звар'яцеў, - сказаў я.
- Ён так часта робіць, - адказала Пат. - Ён бязмежна легкадумны. Толькі гэтым ён трымаецца. Інакш ён не быў бы ўвесь час у добрым настроі.
- Затое мы цябе добра спаўём.
Я ўхутаў яе ва ўсе коўдры і шалі, якія ў нас былі. Потым сані паехалі ўніз. Калона была доўгая. Усе, хто мог, уцяклі. Можна было падумаць, што ў даліну з'язджае вяселле - так святочна матляліся ў месячным святле стракатыя султаны на конскіх галовах, так шмат было смеху і воклічаў.
Медзала была ўбрана шыкоўна. Тут ужо танцавалі. Для санаторцаў быў пакінуты куток, куды не траплялі скразнякі з вокнаў. Было цёпла, пахла кветкамі, парфумай і віном. За нашым сталом сядзела шмат людзей: расеец, Рыта, скрыпач, нейкая бабуля, дама з тварам размаляванага шкілета, з ёй яшчэ нейкі тып, Антоніа і хтосьці яшчэ.
- Хадзем, Робі, - сказала Пат. - Патанцуем.
Пляцоўка паволі круцілася вакол нас. Скрыпка і віяланчэль выводзілі пяшчотную плаўную мелодыю, якая плыла над аркестрам. Ногі танцораў шоргалі па падлозе.
- Дзіва, мой адзіны каханы, раптам выяўляецца, што ты цудоўна танцуеш, - здзіўлена сказала Пат.
- Ну, цудоўна.
- Канечне. Дзе ты навучыўся?
- Мяне яшчэ Готфрыд навучыў, - сказаў я.
- У вашай майстэрні?
- Там... і ў кавярні «Інтэрнацыяналь». Нам жа і дамы патрабаваліся для гэтага. Апошні бляск наводзілі Роза, Марыён і Валі. Я толькі баюся, што вынік не вельмі элегантны.
- Што ты! - Яе вочы блішчалі. - Мы ўпершыню танцуем з табой, Робі!
Побач з намі танцавалі расеец з гішпанкай. Ён з усмешкай кіўнуў нам. Гішпанка выглядала вельмі бледнай. Чорныя бліскучыя валасы, як вароняе крыло, спадалі ёй на лоб. Яна танцавала з нерухомай сур'ёзнай мінай. На запясці ў яе быў надзеты бранзалет з вялікіх чатырохкантовых смарагдаў. ёй было васемнаццаць гадоў. Ад стала прагнымі вачыма за ёй сачыў скрыпач. Мы вярнуліся на месца.
- Хачу цыгарэту, - сказала Пат.
- Вось гэтага не варта было б, - асцярожна параіў я.
- Толькі пару зацяжак, Робі. Я так даўно не паліла.
Яна ўзяла цыгарэту, але зноў адклала.
- Не смачна, Робі. Проста ўжо не смачна.
- Так заўсёды бывае, калі доўга жывеш без нечага.
- А ты ж доўга жыў без мяне, і як? - спытала яна.
- Гэта датычыць толькі ядаў, - адказаў я. - Толькі алкаголю і табакі.
- Людзі - куды горшы яд, чым алкаголь і табака, каханы.
Я засмяяўся.
- Ты - разумнае дзіця, Пат.
Яна аблакацілася на стол і паглядзела на мяне.
- Ты, шчыра кажучы, ніколі не прымаў мяне сур'ёзна?
- Я сам сябе ніколі не ўспрымаў усур'ёз, - адказаў я.
- Але ж і мяне. Скажы праўду.
- Не ведаю. Але нас дваіх я заўсёды ўспрымаў страшэнна ўсур'ёз, гэта я ведаю.
Яна ўсміхнулася. Антоніа запрасіў яе на танец. Яны пайшлі ў кола. Я назіраў, як яна танцавала. Кожны раз, набліжаючыся да мяне, яна ўсміхалася. Яе срэбныя туфелькі амаль не датыкаліся да падлогі. Яна рухалася, як лань.
Расеец зноў танцаваў з гішпанкай. Яны маўчалі. Яго буйны цёмны твар выказваў пяшчоту. Скрыпач зрабіў спробу запрасіць гішпанку на танец. Яна толькі пахітала галавой і пайшла з расейцам.
Скрыпач раструшчыў цыгарэту доўгімі кастлявымі пальцамі. Раптам мне зрабілася шкада яго. Я прапанаваў яму запаліць. Ён адмовіўся.
- Мне трэба паберагчы сябе, - сказаў ён сваім адрывістым голасам. - А гэны, - хіхікаючы, працягваў ён і паказаў на расейца, - смаліць па пяцьдзесят штук.
- Адзін так робіць, другі - гэтак, - адказаў я.
- Хоць яна зараз і не хоча танцаваць са мной, але я яе ўсё ж дамагуся...
- Каго?
- Рыты. У нас былі добрыя адносіны. Мы разам ігралі. А потым з'явіўся расеец і звёў яе ад мяне сваімі тырадамі. Але я вярну яе.
- Вам трэба будзе прыкласці намаганні, - сказаў я. Ён мне не падабаўся.
Ён зарагатаў, быццам авечка забляяла.
- Намаганні! Вы - наіўны анёл! Мне трэба толькі пачакаць.
- Тады чакайце.
- Пяцьдзесят цыгарэт, - шаптаў ён. - Кожны дзень. Я ўчора бачыў яго рэнтгенаўскі здымак. Каверна на каверне. Гатоў. - Ён зноў засмяяўся. - Спачатку ў нас было аднолькава. Нашы здымкі можна было пераблытаць. Цяпер пабачыць бы вам розніцу! Я паправіўся на два фунты. Не, мой мілы, мне трэба толькі чакаць і берагчы сябе. Я ўжо з радасцю чакаю наступнага здымка. Сястра мне іх паказвае заўсёды. Калі яго не будзе, я займу яго месца.
- Вось такі метад, - сказаў я.
- Вось такі метад, - як папугай, паўтарыў ён. - Адзіны метад, дзіцятка вы маё! Калі б я паспрабаваў супернічаць з ім цяпер, я нашкодзіў бы сабе на потым. Не, дарагі навічок, трэба зычліва, спакойна чакаць.
Зрабілася душна і цяжка дыхаць. Пат закашлялася. Я заўважыў, што яна са страхам зірнула на мяне, і я зрабіў выгляд, што нічога не чуў.
Бабуля, абвешаная жэмчугам, сядзела, ціха паглыбіўшыся ў сябе. Час ад часу яна рэзка рагатала. Потым зноў імгненна супакойвалася і сядзела нерухома. Шкілет сварылася з суседам. Расеец паліў цыгарэты адну за адной. Скрыпач даваў яму прыпаліць. Нейкая дзяўчына раптам сутаргава каўтнула, паднесла да рота хусцінку, глянула на яе і збялела.
Я глянуў у залу. Там стаялі сталы спартсменаў, там - здаровых грамадзян, там сядзелі французы, ангельцы, галандцы, у мове якіх працяглыя склады напаміналі пра лугі і мора. А паміж імі ўсімі прымасцілася за столікам маленькая калонія хваробы і смерці - ліхаманкавая, прыгожая, закінутая.
Лугі і мора... Я зірнуў на Пат... Лугі і мора... пена і пясок і курганне... ах, падумаў я, мой каханы вузкі лобік! Мае каханыя рукі! Любімае жыццё, якое можна любіць, а ўратаваць - нельга.
Я ўстаў і выйшаў за дзверы. Мне зрабілася горача ад горычы і бяссілля. Я паволі пайшоў па дарозе. Мяне працінаў халодны вецер, што дзьмуў з-за дамоў. Я сціснуў кулакі і доўга ўзіраўся ў нерухомыя белыя горы, мяне гнялі дзікая бездапаможнасць, злосць і боль.
Па вуліцы, бомкаючы шаргункамі, праехалі сані. Я пайшоў назад. Насустрач мне выйшла Пат.
- Дзе ты быў?
- На свежым паветры.
- У цябе дрэнны настрой?
- Ды не!
- Каханы, весяліся! Весяліся сёння! Дзеля мяне. Хто ведае, калі я выберуся зноў на баль.
- Выберашся, і не адзін раз.
Яна прыхіліла галаву да майго пляча.
- Калі ты кажаш, то так і будзе. Хадзем, патанцуем. Мы ўпершыню танцуем з табой.
Мы пайшлі танцаваць. Цёплае мяккае святло было літасцівае, яно скрадвала ўсе цені, якія паклала на твары глыбокая ноч.
- Як ты адчуваеш сябе? - спытаў я.
- Добра, Робі.
- Якая ты прыгожая, Пат.
Яе вочы загарэліся.
- Цудоўна, што ты мне так гаворыш.
Я адчуў шчакой дотык яе цёплых сухіх вуснаў.
...Калі мы вярнуліся ў санаторый, было ўжо позна.
- Толькі зірніце на яго выгляд, - захіхікаў скрыпач і неўпрыкмет паказаў на расейца.
- У вас выгляд гэткі ж самы, - злосна сказаў я.
Ён разгублена глянуў на мяне.
- Ну пэўна, вы ж здаравіла! - з'едліва сказаў ён.
Я падаў расейцу руку. Ён кіўнуў мне і пяшчотна падтрымаў маладую гішпанку, калі яна падымалася па лесвіцы. У слабым святле начных лямп здавалася, што яго шырокая прыгорбленая спіна і худзенькія плечы дзяўчыны нясуць наверх цяжар усяго свету. Дама-шкілет цягнула па калідоры свайго сябра, які нешта верашчаў. Антоніа пажадаў нам добрай ночы. Было нешта прывіднае ў гэтым амаль нячутным развітанні, прамоўленым шэптам.
Пат здымала сукенку праз галаву. Яна стаяла нахіліўшыся і цягнула за плечыкі. Парча парвалася. Пат пачала разглядаць тое месца.
- Мусіць, ужо пара прыйшла, - сказаў я.
- Нічога, - сказала Пат. - Мне ўжо, пэўна, не спатрэбіцца.
Яна паволі склала сукенку і не павесіла яе ў шафу. Яна паклала яе ў чамадан. На яе твары раптам адбілася стома.
- Зірні, што ў мяне ёсць, -хутка сказаў я і з кішэні паліто выцягнуў бутэльку шампанскага.
- Цяпер мы крыху пасвяткуем адны.
Я прынёс фужэры і наліў. Яна ўсміхнулася і выпіла.
- За нас, Пат.
- Так, мой каханы, за наша цудоўнае жыццё.
Як нязвыкла было ўсё гэта: пакой, цішыня і наша журбота. Ці не жыццё панавала за дзвярыма, бясконцае, з лясамі, рэкамі і моцным дыханнем, цвітучае і неспакойнае? Ці не сакавік абуджае ўжо зямлю?
- Ты застанешся са мной, Робі?
- Так, пойдзем у пасцель. Мы будзем так блізка, як толькі могуць быць людзі. А фужэры паставім на коўдру і будзем піць.
Віно. Залаціста-смуглявае цела. Чаканне. Бяссонне. Цішыня і ціхія хрыпы ў грудзях каханай.
XXVIII
Зноў стала вільготна і ветрана. Парывісты імжысты цёплы вецер шалеў у даліне. Снег размяк. Са стрэх пацякло. Крывая тэмпературы пайшла ўверх. Пат мусіла ляжаць. Лекар прыходзіў праз кожныя дзве гадзіны. Яго твар рабіўся ўсё больш заклапочаны.
Аднойчы я палуднаваў, калі з'явіўся Антоніа і сеў каля мяне.
- Рыта памерла, - сказаў ён.
- Рыта? Вы пра расейца?
- Не, Рыта, гішпанка.
- Гэта неверагодна, - сказаў я і адчуў, як кроў застыла ў жылах. Становішча Рыты было менш пагрозлівае, чым у Пат.
- Тут не такое магчыма, - адказаў меланхалічна Антоніа. - Яна памерла сёння раніцай. Да ўсяго яшчэ дадалося запаленне лёгкіх.
- Запаленне лёгкіх... гэта іншая справа, - сказаў я з палёгкай.
- Васемнаццаць гадоў. І такая цяжкая смерць.
- А расеец?
- А, не пытайцеся. Не можа паверыць, што яна мёртвая. Сцвярджае, што гэта летаргічны сон. Сядзіць каля яе ложка, і ніхто не можа вывесці яго з пакоя.
Антоніа пайшоў. Я глядзеў у акно. Рыта памерла. А я сядзеў і думаў: «Не Пат, не Пат...»
Праз шкляную перагародку я ў калідоры ўбачыў скрыпача. Не паспеў я ўстаць, як ён быў каля мяне. Выгляд у яго быў жудасны.
- Вы паліце? - сказаў я, каб толькі нешта сказаць.
- Вядома! А чаму не? Цяпер? Зараз усё роўна!
Я паціснуў плячыма.
- Вам, мусіць, смешна, дабрадзею? - пакпіў ён.
- Вы звар'яцелі, - сказаў я.
- Звар'яцеў? Ды не, я хібіў. - Ён налёгся на стол і дыхнуў мне ў твар каньяком. - Я хібіў. Яны мяне ўхандохалі. Усе свінні. І вы таксама, вы - дабрачынная свіння.
- Калі б вы не былі хворы, я выкінуў бы вас у акно, - сказаў я.
- Хворы? Хворы? - як папугай, запаўтараў ён. - Я здаровы, амаль здаровы! Вось чаму я і прыйшоў! Цудоўны выпадак нечаканага зажыўлення. Ці не анекдот?
- Радуйцеся, - сказаў я. - Варта вам толькі выбрацца адсюль, як вы таксама забудзецеся пра ўсе вашы нягоды.
- Вось як, - адказаў ён. - Вы так думаеце? Якая ж у вас разумная галоўка, вы - прагматык. Няхай бог беражэ вашу сыценькую душу!
Ён пайшоў, хістаючыся, але вярнуўся.
- Хадзем, пабудзем разам, вып'ем. Я заплачу. Не магу быць адзін.
- Няма часу, - сказаў я. - Пашукайце сабе іншага.
Я падняўся да Пат. Яна ляжала, цяжка дыхаючы, падклаўшы пад плечы падушкі.
- Ты не хочаш пакатацца на лыжах? - спытала яна.
- Снег дрэнны. Паўсюды тае.
- Дык, можа, пагуляеш з Антоніа ў шахматы?
- Не, - сказаў я. - Хачу пабыць тут, з табой.
- Бедны Робі! - Яна паспрабавала варухнуць рукой. - Прынясі хоць выпіць сабе.
- Гэта я магу.
Я пайшоў у свой пакой і прынёс каньяку і чарку.
- Крыху вып'еш? Табе можна, ты ж ведаеш.
Яна зрабіла маленькі глыток, неўзабаве - яшчэ адзін. Потым яна аддала чарку мне. Я даліў яе і выпіў.
- Табе нельга піць з адной чаркі са мной, - сказала Пат.
- Вось яшчэ! - Я наліў яшчэ адну і кульнуў яе.
- Не рабі так, Робі. І табе нельга больш цалаваць мяне. Табе нельга быць са мной. Ты не павінен захварэць.
- Я буду цалаваць цябе, і мне ўсё - абы-што, - адказаў я.
- Не, табе нельга. Табе нельга таксама больш спаць у маёй пасцелі.
- Добра, тады ты спі ў маёй.
- Кінь гэта, Робі. Табе трэба доўга жыць яшчэ. Я хачу, каб ты быў здаровы, каб у цябе была жонка і дзеці.
Нейкі час яна ляжала ціха.
- Мне хацелася б мець ад цябе дзіця, Робі, - сказала яна і прыхілілася тварам да майго пляча. - Раней мне гэтага ніколі не хацелася. Не магла сабе нават уявіць. А цяпер я часта думаю пра гэта. Добра было б, каб ад мяне штосьці засталося. Тады дзіця часам пазірала б на цябе і ты прыпамінаў бы мяне. Тады я зноў была б з табой.
- У нас яшчэ будзе дзіця, - сказаў я. - Калі ты паправішся. Мне хочацца мець з табой дзіця, Пат. Але няхай гэта будзе дзяўчынка, мы назавём яе Пат.
Яна ўзяла ў мяне з рукі чарку і зрабіла глыток.
- Магчыма, так лепей, што ў нас няма дзяцей, каханы. Не трэба цябе абцяжарваць. Ты павінен забыць мяне. А калі ты будзеш думаць пра мяне, няхай табе думаецца, як нам было добра, - і больш нічога. Мы ўжо ніколі не зразумеем, што ўсё мінулася. І не журыся.
- Мне робіцца журботна, калі ты так гаворыш.
Яна нейкі час глядзела на мяне.
- Калі вось так ляжыш, то прыходзяць розныя думкі. І шмат што здаецца дзіўным, на што раней не звяртаў увагі. Ведаеш, што я цяпер не магу зразумець? Што з дваіх закаханых, такіх, як мы, адзін можа памерці.
- Супакойся, - сказаў я. - Адзін заўсёды памірае першы, заўсёды ў жыцці. Але да гэтага мы яшчэ не дажылі.
- Няхай бы людзі паміралі толькі ў адзіноце. Ці тады, калі адзін аднаго ненавідзіць. Але не тады, калі любяць...
Я прымусіў сябе ўсміхнуцца.
- Сапраўды, Пат, - сказаў я і ўзяў яе гарачыя рукі ў свае. - Калі б мы з табой стваралі свет, ён выглядаў бы куды лепш.
- Так, каханы. Мы такога не дапусцілі б. Калі б толькі ведалі, што за ўсім гэтым. Ты верыш, што і там нешта ёсць, потым?
- Веру, - адказаў я. - Жыццё наладжана так дрэнна, што не можа канчацца проста так.
- Што ж, пераканаўча. Але няўжо ты лічыш, што гэта таксама кепска? - Яна паказала на букет жоўтых ружаў каля свайго ложка.
- У тым і справа, - адказаў я. - Дэталі - цудоўныя, а ўсё цэлае не мае сэнсу. Як быццам усё стваралася некім, каму, гледзячы на цудоўную разнастайнасць жыцця, нічога іншага не прыйшло ў галаву, як знішчыць зноў.
- І зноў стварыць, - сказала Пат.
- І тут я не бачу сэнсу, - адказаў я. - Ад гэтага і па сённяшні дзень жыццё не палепшылася.
- Не скажы, каханы, - сказала Пат. - Што датычыць нас, то зроблена вельмі добра. Лепш не бывае. Толькі нядоўга, занадта нядоўга.
Праз некалькі дзён у мяне закалола ў грудзях, і я пачаў кашляць. Галоўны лекар пачуў кашаль, ідучы па калідоры, і зазірнуў у мой пакой.
- Зайдзіце да мяне ў кабінет.
- Нічога страшнага, - сказаў я.
- Усё роўна, - адказаў ён. - Кашляючы, вам нельга сядзець у фройляйн Хольман. Хадзем зараз са мной.
У яго кабінеце я з нейкім асаблівым задавальненнем здымаў з сябе сарочку. Тут, наверсе, здароўе здавалася нейкай незаконнай прывілеяй. Сам сябе чалавек адчуваў жулікам ці дэзерцірам.
Галоўны лекар глянуў на мяне.
- Здаецца, вы яшчэ і рады, - сказаў ён, моршчачы лоб. Потым ён мяне старанна абследаваў. Я разглядаў бліскучыя прадметы на сценах, дыхаў глыбока і паволі, хутка і коратка - так, як ён патрабаваў. Пры гэтым я зноў адчуў паколванне і быў задаволены, што нечым набліжаўся да Пат.
- Прастуда, - сказаў лекар. - Ляжце на дзень-два ў пасцель ці ў крайнім выпадку не выходзьце са свайго пакоя. Да фройляйн Хольман заходзіць забараняецца. Не з-за вас... з-за фройляйн Хольман.
- Можна размаўляць з ёй праз дзверы? - спытаў я. - Альбо праз балкон?
- Праз балкон можна, але толькі некалькі хвілін. І праз дзверы таксама, калі будзеце як след паласкаць горла. Акрамя прастуды ў вас яшчэ катар палільшчыка.
- А лёгкія? - Чамусьці я спадзяваўся, што хоць нейкая дробязь у іх будзе не ў парадку. Тады мне было б не так няёмка перад Пат.
- З вашага аднаго лёгкага можна тры зрабіць, - заявіў лекар. - Такіх здаравякоў я ўжо даўно не бачыў. У вас толькі цвердаватая печань. Магчыма, зашмат выпіваеце.
Ён нешта выпісаў мне, і я пайшоў.
- Робі, - спытала Пат з пакоя, - што ён сказаў?
- Пакуль што мне нельга да цябе, - адказаў я за дзвярыма. - Строга забаронена. Небяспека заражэння.
- Вось бачыш, - спуджана сказала яна. - Я ж увесь час гаварыла, што нельга.
- Небяспека заразіць цябе, Пат. Не мяне.
- Кінь глупства, - сказала яна. - Раскажы мне дакладна, што здарылася.
- Так і ёсць. Сястра! - я паклікаў медсястру, якая якраз разносіла лякарствы. - Скажыце фройляйн Хольман, хто з нас дваіх больш небяспечны.
- Пан Локамп, яму нельга выходзіць.
Пат з недаверам пераводзіла позірк з сястры на мяне. Я паказаў ёй праз дзверы лякарствы. Яна зразумела, што мы гаворым праўду, і пачала смяяцца, і смяялася ўсё мацней, пакуль не з'явілісй слёзы і не пачаўся пакутлівы кашаль, так што сястры давялося бегчы, каб падтрымаць яе.
- Божа мой, каханы, - шаптала яна. - Гэта ж смешна. А які горды выгляд у цябе!
Увесь вечар яна была ў вясёлым настроі. Я, вядома, не пакідаў яе адну, а сядзеў да поўначы на балконе ў цёплым паліто, закруціўшы шалікам шыю. У адной руцэ я трымаў цыгару, у другой - чарку, каля ног стаяла бутэлька з каньяком. Я расказваў ёй эпізоды свайго жыцця. Мяне ўвесь час перарываў і падбадзёрваў яе птушыны смех. Я хлусіў, як толькі мог, каб толькі бачыць на яе твары водсветы смеху, я радаваўся свайму кашлю, які быў падобны да брэху. Я выпіў бутэльку да дна і раніцай быў здаровы.
...Зноў падзьмуў вільготны вецер. Ён стукаў у вокны, воблакі плылі нізка, снег пачаў спаўзаць з гор, і ноччу грымелі абвалы. Хворыя ляжалі ўзбуджаныя, не спалі і прыслухоўваліся. На цёплых схілах пачалі цвісці крокусы, і на вуліцы побач з санямі з'явіліся першыя брычкі на высокіх колах.
Пат усё больш слабела. Яна ўжо не магла ўставаць. Начамі ў яе часта бывалі прыпадкі ўдушша. Тады яна чарнела ад смяротнага страху. Я трымаў яе вільготныя, аслаблыя рукі.
- Вытрымаць толькі гэтую гадзіну, - хрыпела яна. - Толькі гэтую гадзіну. Якраз цяпер уміраюць...
Яна баялася апошняй гадзіны паміж ноччу і раніцай. Ёй здавалася, што з канцом ночы слабее і амаль канчаецца агульная плынь жыцця, - і толькі гэтай гадзіны яна баялася і не хацела заставацца адна. А звычайна яна была такая мужная, што я толькі сціскаў зубы.
Я папрасіў дазволу перанесці свой ложак у яе пакой, і калі яна прачыналася і калі ў яе вачах з'яўлялася мальба адчаю, я садзіўся каля яе. Я часта думаў пра ампулы морфію ў маім чамадане, і я не задумваючыся зрабіў бы гэта, калі б яна не была такая ўдзячная за кожны новы дзень.
Я сядзеў каля ложка і расказваў ёй, што толькі прыходзіла ў галаву. Ёй нельга было шмат размаўляць, і яна любіла слухаць мае расказы пра ўсякія здарэнні. Найбольш яна любіла слухаць гісторыі з пары майго вучнёўства, а часам, калі ў яе толькі што праходзіў прыступ і яна, бледная і разбітая, сядзела ў падушках, яна зноў прасіла, каб я перадражніў каго-небудзь з маіх настаўнікаў. Размахваючы рукамі, сапучы і гладзячы ўяўную рыжую бараду, я тады хадзіў па пакоі і рыпучым голасам выдаваў педагагічныя шэдэўры. Кожны дзень я прыдумваў новыя, і Пат паціху пачала выдатна разбірацца ў справах класа і ведала ўжо ўсіх звадыяшаў і гарэзнікаў, якія кожны дзень выдумлялі новыя штучкі, каб дапячы настаўнікам. Аднойчы начная дзяжурная сястра прыбегла да нас на грымучы бас дырэктара школы, і запатрабаваўся даволі працяглы час, пакуль я, на радасць Пат, змог давесці ёй, што я не звар'яцеў: я скакаў сярод ночы па пакоі ў палярыне Пат і ў яе капелюшы, жорстка адчытваючы нейкага Карла Асэгэ за тое, што той каварна падпілаваў настаўніцкую кафедру.
Паволі ў акно сачылася дзённае святло. Вяршыні гор ператварыліся ў вострыя чорныя сілуэты. Неба за імі - халоднае і бледнае - пачало ўсё далей адступаць. Лямпачка на начным століку рабілася жоўтай плямай, Пат паклала свой вільготны твар мне на далоні.
- Вось і прайшло, Робі. Цяпер у мяне дабаўляецца яшчэ адзін дзень.
Антоніа прынёс мне свой радыёпрыёмнік. Я падключыў яго да электрасеткі і зазямліў на батарэю ацяплення. Вечарам у Пат я ўключыў яго. Ён хрыпёў і квакаў, потым раптам з шуму паплыла пяшчотная чыстая мелодыя.
- Што гэта, каханы? - спытала Пат.
Антоніа з прыёмнікам даў мне і радыёчасопіс. Я пагартаў яго.
- Здаецца, Рым.
А тут пачуўся нізкі, металёвы голас дыктаркі:
- Гаворыць Рым, Неапаль, Фларэнцыя...
Я пакруціў яшчэ. Сола на раялі.
- Гэта мне і правяраць не трэба, - сказаў я. - Вальдштэйнаўская саната Бетховена. Я сам умеў яе выконваць у часы, калі яшчэ верыў, што стану некалі педагогам, прафесарам ці кампазітарам. Цяпер я ўжо даўно забыўся. Давай пераключым. Не вельмі прыемныя ўспаміны.
Цёплы альт вельмі ціха і лісліва спяваў: «Скажы мне пра каханне...» Потым - лекцыя пра спосабы барацьбы супроць вінаграднай тлі. Я пакруціў зноў. Рэкламныя аб'явы. Квартэт.
- Што гэта? - спытала Пат.
- Прага. Струнны квартэт. Бетховен, опус 59 два, - прачытаў я.
Я пачакаў канца музычнай фразы, потым зноў пачаў круціць, і раптам зайграла скрыпка, цудоўная скрыпка.
- Гэта, пэўна, Будапешт, Пат. Цыганская музыка.
Я настроіў прыёмнік лепш. Цяпер мелодыя паўнагучна і мякка залунала над плыняй аркестра.
- Чароўна, праўда, Пат?
Яна маўчала. Я павярнуўся да яе. Яна плакала з шырока адкрытымі вачыма. Я рыўком выключыў прыёмнік.
- Што здарылася, Пат? - Я абняў яе вузкія плечы.
- Нічога, Робі. Гэта дурасць. Але калі вось так чуеш - Парыж, Рым, Будапешт - о божа, а я рада была б спусціцца хоць у вёску...
- Што ты, Пат...
Я сказаў ёй усё, што мог сказаць, каб забавіць. Але яна хітала галавой.
- Я не сумую, каханы. Ты не думай так. Я плачу не ад суму. Бывае і так, але не доўга. Затое я шмат думаю.
- Пра што ты думаеш? - спытаў я, цалуючы яе валасы.
- Пра адно толькі, пра што я яшчэ магу думаць - пра жыцце і смерць. Калі я потым сумую і больш нічога не разумею, я кажу сабе, што лепш памерці, пакуль яшчэ хочацца жыць, чым тады, калі хочацца памерці. Як ты думаеш?
- Я не ведаю.
- І ўсё ж. - Яна прыхіліла галаву да майго пляча. - Калі хочацца жыць, то ёсць нешта, што любіш. Цяжэй, але і лягчэй. Вось паслухай, няхай мне наканавана смерць, але я ўдзячная, што ў мяне ёсць ты. Я ж магла быць адзінокай і няшчаснай. Тады б захацелася памерці. Цяпер цяжка. Але затое я напоўнена каханнем, як пчала мёдам, калі яна вечарам вяртаецца ў вулей. Калі б мне давялося выбіраць, я выбрала б у любым выпадку тое самае.
Яна паглядзела на мяне.
- Пат, - сказаў я, - ёсць яшчэ і трэці варыянт: перастане дзьмуць фен, справа палепшыцца і мы паедзем.
Яна ўсё яшчэ дапытліва глядзела на мяне.
- Я баюся за цябе, Робі. Табе будзе цяжэй, чым мне.
- Давай пра гэта больш не гаварыць, - сказаў я.
- Я сказала гэта толькі, каб ты не думаў, што я сумую, - адказала яна.
- Я і не думаю, што ты сумуеш, - сказаў я.
Яна паклала мне руку на локаць.
- Знайдзі зноў цыганскі аркестр.
- Ты хочаш паслухаць?
- Хачу, каханы.
Я зноў уключыў прыёмнік, і спачатку ціха, а потым усё гучней і паўней у пакоі загучалі скрыпкі і жалейкі і прыглушаныя арпеджыа цымбалаў.
- Цудоўна, - сказала Пат. - Як вецер. Вецер, які нясе цябе.
Гэта быў вячэрні канцэрт з рэстарана ў адным парку Будапешта. Праз гукі музыкі часам даносіліся галасы кліентаў за стойкамі, час ад часу чуўся звонкі вясёлы ўскрык. Можна было ўявіць сабе, што робіцца там, на востраве Маргіт: каштаны пусцілі ўжо першую лістоту, і яна цьмяна мігціць пад месячным святлом і гайдаецца, быццам ад павеваў музыкі скрыпак. Магчыма, там ужо быў цёплы вечар, і людзі сядзяць на вольным паверты, а перад імі стаяць куфлі з жоўтым венгерскім віном, афіцыянты бегаюць у белых куртках пад музыку цыганскіх скрыпак. А потым яны пойдуць праз зялёнае змярканне, змораныя, дадому. А тут ляжыць Пат і ўсміхаецца, і яна ніколі не выйдзе з гэтага пакоя, ніколі не ўстане з гэтага ложка.
...Потым усё адбылося раптам хутка. Жывая плоць каханага твару стала раставаць. Вытыркнуліся скулы, на скронях праступілі косці. Рукі былі тонкія, як у дзіцяці, скабы тырчалі пад скурай. Ліхаманка ўсё часцей біла худое цела. Сястра прынесла кіслародныя балоны, лекар прыходзіў праз кожную гадзіну.
Аднойчы паполудні тэмпература невытлумачальна хутка ўпала. Пат прыйшла ў сябе і доўга глядзела на мяне.
- Дай мне люстэрка, - прашаптала яна.
- Навошта табе люстэрка? - сказаў я. - Адпачывай, Пат. Мне здаецца, што ты ўжо выкараскалася. У цябе няма тэмпературы.
- Не, - прашаптала яна сваім надламаным, перагарэлым голасам. - Дай мне люстэрка.
Я абышоў вакол ложка, узяў люстэрка і ўпусціў яго на падлогу. Яно разбілася.
- Прабач, - сказаў я. - Такая недарэчнасць. Проста выпала ў мяне з рук і разбілася адразу на тысячу асколкаў.
- У мяне ў кішэні ёсць яшчэ адно, Робі.
Гэта было маленькае люстэрка з храміраванага нікелю. Я павёў па ім рукой, каб хоць крыху засляпіць яго, і падаў Пат. Яна старанна працерла яго і напружана зазірнула.
- Табе трэба ехаць, каханы, - прашаптала яна.
- Чаму? Ці ты мяне больш не любіш?
- Табе больш нельга бачыць мяне. Гэта ўжо не я.
Я забраў у яе люстэрка.
- Гэтыя металёвыя штукі нікуды нягодныя, Пат. Ты толькі зірні, як я ў ім выглядаю. Бледны і худы. А я ж загарэлы і дужы. Гэта штуковіна ўся ў зморшчынах.
- У цябе павінен застацца іншы ўспамін пра мяне, - прашаптала яна. - Едзь, каханы. Я ўжо сама спраўлюся.
Я пачаў супакойваць яе. Яна зноў запатрабавала люстэрка і сумачку. Потым пачала пудрыцца, бледны схуднелы твар, патрэсканыя вусны, цяжкія цёмныя ўпадзіны пад вачыма.
- Толькі крыху, каханы, - сказала яна, спрабуючы ўсміхнуцца. - Ты не павінен бачыць мяне непрыгожай.
- Можаш рабіць, што хочаш, - сказаў я. - Ты ніколі не будзеш непрыгожай. Для мяне ты самая прыгожая жанчына з усіх, каго я бачыў.
Я забраў люстэрка і пудраніцу і асцярожна паклаў ёй свае далоні пад галаву. Неўзабаве яна неспакойна заварушылася.
- Што з табой, Пат? - спытаў я.
- Вельмі гучна цікае, - прашаптала яна.
- Што? Гадзіннік?
- Так грыміць...
Я зняў з рукі гадзіннік.
Яна са страхам сачыла за секунднай стрэлкай.
- Выкінь яго...
Я кінуў гадзіннік у сцяну.
- Вось цяпер ён больш не цікае. Цяпер час спыніўся. Мы разарвалі яго напалам. Цяпер мы толькі ўдваіх, толькі мы, ты і я, і нічога больш.
Яна зірнула на мяне. Яе вочы былі вельмі вялікія.
- Каханы... - прашаптала яна.
Я не мог вытрываць яе погляду. Ён ішоў аднекуль здалёку, пранізваў мяне і дзесьці знікаў.
- Мой дарагі сябра, - мармытаў я, - мой каханы, мужны стары сябра...
...Яна памерла ў апошнюю гадзіну ночы, перад самай раніцай. Яна памірала цяжка і пакутліва, і ніхто не мог ёй дапамагчы. Яна моцна трымала маю руку, але ўжо не ўсведамляла, што я каля яе. Нехта ў нейкі час сказаў:
- Яна памерла...
- Не, - не пагадзіўся я. - Яна не памерла. Яна яшчэ моцна трымае маю руку.
Святло. Невыносна зыркае святло. Людзі. Лекар. Я паволі расшчапіў пальцы. Рука Пат упала. Кроў. Скажоны ўдушшам твар. Спакутаваныя застылыя вочы. Карычневыя шаўкавістыя валасы.
- Пат, - сказаў я. - Пат.
І ўпершыню яна не адказала мне.
- Хачу пабыць адзін, - сказаў я.
- Можа, спачатку... - спытаў нехта.
- Не, - сказаў я. - Выйдзіце. Не чапайце.
Я змыў з яе кроў. Я здранцвеў. Я расчасаў ёй валасы. Яна астыла. Я паклаў яе на свой ложак і накрыў коўдрамі. Я сядзеў каля яе і не мог думаць. Я сядзеў на крэсле і ўзіраўся ў яе. Увайшоў сабака і сеў каля мяне. Я бачыў, як мяняўся яе твар. Я не мог нічога зрабіць, як толькі безнадзейна сядзець і глядзець на яе. Потым наступіў ранак. Яе ўжо не было.