Папярэдняя старонка: Літаратура

Сарбеўскі - у нашай спадчыне 


Аўтар: Сарбеўскі Мацей,
Дадана: 18-10-2012,
Крыніца: Сарбеўскі - у нашай спадчыне // Спадчына № 3 - 1991. С. 95-109.



Ад перакладчыка

Сярод згаданых У. Сыракомляй гарадоў, дзе выпала жыць і працаваць М. К. Сарбеўскаму, не памянёным застаўся беларускі горад Полацк. А менавіта тут Сарбеўскі выкладаў рыторыку ў 1618-1620 гг., тут напісаў ён свой славуты трактат «Пра вытанчанасць і досціп», з публічным чытаннем якога выступаў перад рымскай культурнай элітай. Тут працаваў ён над сваімі буйнымі творамі па тэорыі літаратуры, тут ён быў настаўнікам паэтыкі (1626-1627 гг.). Сюды прывёў яго шлях з Рыма, пра які ён апавядае ў вершы, напісаным «перад ад'ездам на Беларусь». Ен трапіў у Полацк праз Нясвіж, дзе пасля вяртання з Рыма нядоўгі час быў выкладчыкам у мясцовым калегіуме. Прыходзіцца зважаць на геаграфічныя звесткі, калі справа датычыцца такой складанай гісторыі, як наша.

У сваёй прадмове да перакладаў вершаў Сарбеўскага на польскую мову (якую Сыракомля называе роднай) ён адзначыў агульныя рысы жыццёвага шляху «сармацкага Гарацыя». Спынімся больш падрабязна на тым, што засталося незгаданым.

З двух захаваных дагэтуль рукапісаў, на падставе якіх у Польшчы выдадзены не так даўно «Выклады паэтыкі» Сарбеўскага, адзін узнік у Полацку, другі - ў Вільні, у тыя часы, калі Сарбеўскі чытаў там лекцыі па тэорыі літаратуры. Гэтыя рукапісы - не аўтарскія, яны складаюць вучнёўскі запіс надыктаваных Сарбеўскім лекцый. Пра тое, што аўтар рыхтаваў свой тэкст да выдання, сведчыць стылістыка і дастатковая апрацаванасць матэрыялу. Але, як і ўсім навуковым працам Сарбеўскага, гэтай не давялося быць надрукаванай пры ягоным жыцці. У склад «Выкладаў паэтыкі» уваходзяць такія творы, як «Лірычныя характеры, альбо Гарацый і Піндар», «Пра трагедыю і камедыю, альбо Сэнэка і Тэрэнцый», «Пра вытанчанасць і досціп, альбо Сэнэка і Марцыал» і інш. Змест гэтых прац - аналіз розных літаратурных жанраў: драмы, камедыі, сатыры, эпіграмы, лірыкі і г. д. Акрамя старажытных аўтараў Сарбеўскі даследуе таксама творы новалацінскія 3 часоў Рэнесансу і сучаснага яму барока.

Намаганнямі польскіх літаратуразнаўцаў узноўлены да жыцця яшчэ адзін твор Сарбеўскага - «Пра дасканалую паэзію, альбо Вергілій і Гамэр». Тут даследуецца вяршыня літаратуры - эпас.

Пра ўзровень эрудыцыі, мыслення, вобразнай стылістыкі навуковых прац Сарбеўскага наш чытач можа меркаваць па ўрыўках з трэцяга тома выдадзеных прац Сарбеўскага - «Паганскія багі». Як і ўсе астатнія, гэта таксама запіс надыктаваных лекцый. Тут свайго роду энцыклапедыя міфалогіі розных часоў, якая да таго ж змяшчае шырокую інфармацыю па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, прыродазнаўству і іншых галінах ведаў. Інтэрпрэтацыя паганскай міфалогіі пачалася ўжо ў часы ранняга хрысціянства, перад якім паўстала задача ўключэння антычнай інтэлектуальнай спадчыны ў хрысціянскую карціну свету. Неабходна была вялізная праца, каб хаця спарадкаваць велізарную інфармацыю, якая дасталася хрысціянству ад папярэдніх культур. Рымляне здавён жартавалі, што ў іx багоў больш, чым людзей. Да эліністычнага пантэону багоў былі далучаныя пад новымі імёнамі і багі егіпецкія, персіцкія, не кажучы ўжо пра грэцкіх.

Хрысціянскія мысліцелі выпрацавалі два метады інтэрпрэтацыі міфалогіі - алегарычны і гістарычны. Сарбеўскі спалучае і той, і другі: тлумачыць і сімвалічны сэнс міфалагічных вобразаў, і гістарычныя абставіны іx узнікнення і існавання. Нават па невялічкіх урыўках бачна, наколькі шырокі матэрыял быў апрацаваны Сарбеўскім. Вядома, у яго было шмат папярэднікаў, і ён карыстаўся іx працамі ў поўнай меры, але яго ўласны твор - не кампіляцыя, не кампендыум. Гэта менавіта праца сістэматызатарскага, энцыклапедычнага характару, праца, на якую, дарэчы, вельмі багаты перыяд барока ўва ўсіх галінах ведаў.

На працягу доўгага часу запісы лекцый Сарбеўскага - і па тэорыі літаратуры, і па тэалогіі, і па міфалогіі - служылі крыніцай інфармацыі ў каталіцкіх навучальных установах Беларусі. Яны перапісваліся ад рукі і гэтак распаўсюджваліся. Знойдзены фрагменты твора «Паганскія багі», якія былі запісаны ў Слуцку ў 1717 г.

Сарбеўскі сам гэтак акрэслівае мэту сваёй працы: «ясна паказаць, што старажытныя займаліся не легкадумным вымысленнем міфаў, і менавіта такіх, якія на першы погляд здаюцца надзвычай непрыстойнымі; але яны выказалі ў іx шмат такога, што датычыцца філасофіі натуральнай і маральнай, а таксама і тэалогіі; і існую праўду як вобраз надзвычайнай вартасці яны прыкрылі міфам, як покрывам, дзеля ўшанавання яе годнасці».

Сарбеўскага натхняла асветніцкая ідэя, агульная, дарэчы, для барока і каталіцкага адраджэння. Ён імкнуўся «паказаць метад, пры дапамозе якога з мізэрнага часам вымыслу можна здабыць дастаткова разумнага ўва ўсіх адносінах і па розных тэмах, практыкуючы розум у асэнсаванні паняццяў як тэалагічных, так і філасофскіх, але найбольш - этычных, якія не толькі садзейнічаюць асветніцтву, але і даюць асалоду».

Яшчэ ў Рыме Сарбеўскі задумаў стварыць працу «Рымскія старажытнасці». Мабыць, натхняў яго на гэта ягоны рымскі сябра Аляксандр Донат, аўтар вядомага ў свой час твора «Рым старажытны і новы». Сарбеўскі шмат часу праводзіў з ім у вандроўках па Рыме і яго наваколлях. Пазней, калі Сарбеўскі ўжо вярнуўся ў Рэч Паспалітую, яны перапісваліся. Неабходнасць часта мяняць навуковыя прадметы, быць настаўнікам то паэтыкі, то філасофіі, то тэалогіі, не спрыяла паглыбленню даследавання менавіта міфалогіі. Задума не збылася ў поўнай меры, але і тое, што паспеў зрабіць Сарбеўскі, сведчыць самое за сябе. Дарэчы, і над гэтым творам Сарбеўскі працаваў у Полацку пасля вяртання з Рыма.

Усе названыя працы выдадзены ў Польшчы на мове арыгіналу з паралельным перакладам на польскую мову і падрабязнымі каментарыямі. Згадваю гэта з надзеяй, што хтосьці з нашых літаратуразнаўцаў альбо гісторыкаў культуры зацікавіцца магутнай постаццю Сарбеўскага і возьмецца за даследаванне ягонай спадчыны. Застаецца яшчэ згадаць тэалагічную працу Сарбеўскага. У бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта захоўваецца рукапіс ягонага каментарыя на першую частку «Сумы тэалогіі» Фамы Аквінскага. Доўгі час гэтую працу лічылі згубленай, але адшукаўся студэнцкі запіc лекцый Сарбеўскага на кафедры тэалогіі, і ўжо перад другой сусветнай вайной пачалося навуковае даследаванне гэтага твора.

Праз усё кароткае жыццё напружаная праца розуму, пачуццяў, самаахвяравання ў ёй - вось што робіць Сарбеўскага каласальнай фігурай у гісторыі культуры. Па сутнасці, гэта праца будавання культуры, засваення, пераймання і развіцця здабыткаў мінуўшчыны, яе ажыўлення ў сучаснасці і тым самым будавання будучыні. Але складанне даніны навуковай і асветніцкай дзейнасці Сарбеўскага не павінна ад нас засланіць яго галоўнае прызначэнне - паэты. Драматызм ягонага жыцця мы зразумеем, калі ўсвядомім, што да гэткай напружанай працы навукоўцы, настаўніка, прапаведніка быў змушаны менавіта Паэта. Гэта праца знясільвала яго, да таго ж яшчэ хворага на сухоты. Пазбавіць Сарбеўскага занятасці, якой вымагала універсітэцкая дзейнасць, даць паэце вольны час для заняткаў паэзіяй - пра гэта марылі сябры Сарбеўскага. Пра гэта нават прасіў дазволу Рыма адзін з высокапастаўленых іерархаў ордэна іезуітаў. Але кафедру настаўніка Сарбеўскаму прыйшлося памяняць на кафедру каралеўскага прапаведніка. Красамоўства прынесла яму славу, яно яго і згубіла. Пра тое, як жылося паэце пры двары караля Уладыслава ІV (які, дарэчы, нават не паклапаціўся выдаць творы свайго любімага прамоўцы), Сарбеўскі згадвае ў лістах да свайго сябра плоцкага біскупа Ст. Любеньскага. «Ускладзены на мяне аднога цяжкі абавязак прамаўлення казанняў цалкам паглынае мой час. Ніводная ўрачыстасць, ніводнае рэлігійнае свята не абыходзіцца без таго, каб альбо ў касцёле, альбо ў палацы, альбо нават на паляванні не быў я вымушаны выступаць з прамовамі». Апошняя з іx была смяротнай, напярэдадні пазбаўлення ад прыдворнага тлуму, які Сарбеўскі не стамляўся выкрываць у сваіх вершах. Памёр ён ад інсульту, кажучы мовай медыцыны, а па-чалавечы кажучы,- ад перанапружання.

Ен марыў пра волю, аб гэтым сведчыць такі настойлівы ў ягоных вершах парафраз гарацыеўскага матыву «Beatus іlle quі procul negotіa» - «шчаслівы, хто далёка ад турбот». Гэта не паэтычная пераймальнасць, гэта крык душы. Але душы загартаванай у дысціпліне і да таго ж гатовай да пакутніцтва. «Наследаванне Хрысту» - гэта не толькі назва адной з самых папулярных кніг позняга Сярэднявечча і наступных часоў, гэта - ідэя самаахвяравання, якая будавала духоўнасць хрысціянскай культуры. Ідэя, дарэчы, не чужая Сарбеўскаму. Вось што ён піша ў адным сваім літаратуразнаўчым творы. «Не прыстала выводзіць на сцэне людзей высакародных і сумленных, ЯКІЯ 3 шчаслівых пераўтварыліся ў няшчасных, таму што няма ў гэтым нічога, што страшыла б і абуджала шкадаванне, але з'яўляецца гэта звычайным злачынствам з боку тых, хто, напрыклад, забівае пакутніка. Што ж да самога пакутніка, дык тут не можа быць і гаворкі пра шкадаванне, таму што шмат высакародных людзей зычаць сабе таго ж самага і разумеюць, што пакутнік радуецца сваім пакутам».

Рахманасць і гатоўнасць нават да пакут - гэтыя дзве высокія якасці, калі ЯНЫ спалучаюцца з мужнасцю духа ў характары аднаго чалавека, даюць свету істоту, блізкую таму ідэалу, да якога клічуць усе высокія вучэнні філасофіі і рэлігіі. Замест наступальнага бунтарства тут надзейнасць і трываласць такой моцы, што аб яе, як аб скалу, разбіваюцца усялякія дэмагогіі, ідэалогіі і паўсюдная хлусня. «Невідавочны лад мацней за відавочны» - як казаў Геракліт. Думаецца, што нават і не прыняўшы касцёльны сан, Сарбеўскі змог бы адхіліць спакусы павярхоўнага жыцця, адолеў бы жыццёвы шлях без хістанняў духа. Але з 1623 г., калі ён у Рыме прыняў касцёльны сан і даў звычайныя для манахаў усіх ордэнаў абеты (цэлібат, беднасць, паслухмянасць), ягоны шлях стаў падуладны загадам ордэнскіх улад. Яны накіравалі яго ў Рым, яны загадалі і вярнуцца. Тут дарэчы будзе згадаць, што далучэнне да якогасці з каталіцкіх ордэнаў адкрывала для мноства беларускай, а таксама і польскай і літоўскай моладзі адзіны шлях у шырокі свет, да навукі, да інтэлектуальнай працы. Незаможныя юнакі не мелі магчымасці атрымаць добрую адукацыю, якую мелі сыны магнатаў. Адукацыя каштавала вялізных грошай. Але касцёл у сваіх навучальных установах даваў таленавітым юнакам, якіх спецыяльныя пасланцы шукалі па мястэчках і вёсках, магчымасць бясплатнага навучання. Гэта быў шанц. Гэтым шляхам пайшоў Сарбеўскі, як і сотні, тысячы іншых. Вывучыўшыся, гэтыя юнакі самі рабіліся настаўнікамі, дзяржаўнымі служачымі, грамадскімі дзеячамі, юрыстамі, лекарамі, прапаведнікамі, місіянерамі і г. д. Дарэчы, аднаго з сяброў Сарбеўскага - А. Рудаміну - гэты шлях завёў ажно ў Кітай.

Паслухмянства загадам вымагае дысцыплінаванасці. Цяжка сказаць, ці была ў характеры Сарбеўскага «ахвота да перамены месцаў». Мяркуючы па вершах, ён успрымаў перамены з пакорай і мужнасцю. Гэта відавочна ў вершы, напісаным «перад ад'ездам на Беларусь». Элій Цымік, да якога звяртаецца аўтар,- асоба выдуманая. А можа, пад гэтым псеўданімам Сарбеўскі прыхаваў імя якога са сваіх рымскіх сяброў, якім здавалася, што пасля Рыма паэта чакае ссылка ў варварскую далячынь, якой павінна было бачыцца з рымскіх пагоркаў Вялікае Княства Літоўскае. Першы славянін, увенчаны на Капітоліі, дзе з часоў Аўгуста увенчвалі славай лепшых паэтаў, павінен пакінуць Рым, пра які Сарбеўскі, мабыць, мог бы сказаць тымі ж словамі, якімі пазней сказаў Байран - «Рым! Радзіма! Зямля маёй мары!». Пададзены намі верш сведчыць, што самашкадаванне, як пустая сэнтыментальнасць слабадушнасці, не была яму знаёмай. Не дзе жывеш, а як жывеш - вось магчымы адказ на геаграфічныя скаргі.

Што яшчэ апроч заклікаў да вызвалення Грэцыі і славянскіх народаў ад турэцкага ярма роднаснае паміж Сарбеўскім і Байранам, дык гэта адчуванне няўтульнасці, ненадзейнасці чалавечага існавання ў зменлівых абставінах зменлівага часу, гісторыі, прыроды, якія навязваюць чалавеку свой рытм, свой змест. І такое ж мужнае супрацьстаянне духа зменлівасці, жорсткасці, неразумнасці. Гэтыя матывы відавочныя нават у навуковай працы Сарбеўскага - між іншым і ў пададзеных намі ўрыўках з твора «Паганскія багі». Сарбеўскі бачыў, што ёсць у чалавечым жыцці вынік гістарычнай кармы, альбо, інакш кажучы, першароднага граху, але гэта не перашкаджала яму выступаць з выкрыццём заганаў моцных гэтага свету, заганаў жорсткасці да простага люду, бяздзейнасці там, дзе справа тычыцца годнасці і абароны справядлівасці. Можна верыць, што акрамя дасканаласці стылю, ягоныя вершы вабілі сучаснікаў і нашчадкаў і мужнасцю светаўспрымання. Ен не клапаціўся пра славу - ведаў, што гэта рэч таксама нетрывалая, як і самое жыццё.

Пры жыцці Сарбеўскага выйшла пяць выданняў ягоных вершаў. Першае выданне - ў Кёльне ў 1625 г., калі ён яшчэ знаходзіўся ў Рыме. Наўздагон гэтаму выданню прыйшоў загад ад ордэнскіх улад пакінуць Рым, вярнуцца ў Вялікае Княства Літоўскае. Магчыма, дзесьці ў аналах ордэна чакаюць свайго часу звесткі, якія растлумачаць нам раптоўнасць гэтага загаду. Разумеючы хісткасць ўсялякіх меркаванняў, усё ж паспрабуем дапусціць, што ордэнскія ўлады засталіся незадаволены тым, што зборнік вершаў быў надрукаваны без адзнак згоды ордэнскага цэнзара. На другім выданні адзнакі апрабацыі ўжо ёсць, як і на астатніх. На ўсё патрэбная была згода вышэйшых іерархаў.

Адно з прыжыццёвых выданняў з'явілася ў Вільні ў друкарні Віленскай Акадэміі ў 1628 г. Самым славутым лічыцца чацвёртае па ліку, антвэрпэнскае выданне 1632 г., франтыспіс якога быў аздоблены Рубэнсам. Тут, дарэчы, змешчаны і першы пераклад вершаў Сарбеўскага на замежную мову - нямецкую. Усяго зараз налічваецца каля 60 выданняў па ўсіх кутках Еўропы. Доўгі час вершы Сарбеўскага вывучаліся ў еўрапейскіх універсітэтах і гімназіях XVІІ-XІX ст., як дасканалы ўзор новалацінскай паэзіі. Вывучаюцца яны і зараз. Есць мноства перакладаў на іншыя мовы - англійскую, італьянскую, чэшскую, фламандскую, літоўскую. І вядома ж - на польскую. Перакладаць на польскую пачалі яшчэ ў XVІІ ст. У Варшаве ў 1769 г. Ф. Багамолец выдаў пераклады С. Твардоўскага, П. Пузыны, А. Нарушэвіча і інш. У 1851 г. выдаў свае пераклады вершаў Сарбеўскага на польскую мову Ул. Сыракомля з уласнай прадмовай. Вытрымкі з яе прапануюцца чытачу.

Творчасць Сарбеўскага - вучонага і паэта вывучаецца даўно і актыўна за межамі нашай краіны. Існуюць манаграфіі, больш за сотню артыкулаў даследчыкаў Еўропы і Амерыкі.

У нас палітычныя абставіны доўгі час не спрыялі вывучэнню каталіцкага асветніцтва на Беларусі і за яе межамі. Афіцыйныя гісторыкі дагаворваліся да таго, што каталіцкія школы неслі народу цемру і дурман. Вось перад табой, шаноўны чытач, невялічкія вытрымкі з прац аднаго з каталіцкіх асветнікаў. Мяркуй сам, дзе цемра, а дзе святло.

Колькі прац, напісаных на лаціне, застаецца непрачытанымі і невядомымі не толькі шырокаму колу, але і вучоным! А гэта ж праца нашых землякоў, нашых продкаў. Лацінамоўная традыцыя, на наш погляд, гэта адна з форм далучэння да той самай сусветнай культуры, без якой цяжка «людзьмі звацца». Ува ўсіх еўрапейскіх краінах лацінская адукацыя дапамагала ўтварэнню нацыянальных культур тым, што рыхтавала людзей адукаваных - юрыстаў, лекараў, настаўнікаў, палітыкаў, эканамістаў, дзяржаўных дзеячоў, прапаведнікаў, будаўнікоў, прыродазнаўцаў і г. д. 3 лона лацінскамоўнай адукацыі выйшлі і першыя нацыянальныя геніі Італіі, Францыі, Германіі, Англіі, Польшчы. Усе канфесіі напачатку карысталіся лацінамоўнай спадчынай. Нават Лютэру нічога не заставалася, як змірыцца з той лацінамоўнай сістэмай адукацыі, якую яму падрыхтаваў нямецкі асветнік Ф. Меланхтон. Тое ж і ў іншых краінах. На ўсё свой час. Там, дзе адукацыяй была падрыхтаваная Глеба, прыходзіў час і нацыянальнай культуры - інтэлектуальнай, палітычнай, грамадскай. Гэта быў не просты шлях, але ён вёў не да абсурду, а да разумнасці, наколькі разумнасць магчымая ў чалавечай гісторыі, дзе Насілле перамагае занадта часта.

Беларусь, з яе традыцыямі верацярпімасці, рахманасці і памяркоўнасці нацыянальнага характару, мела свой шанц годна жыць у сям'і еўрапейскіх народаў. Яе сыны ў часы барока даказалі, як хутка яны здольны авалодаць складанымі мовамі, плёнка працаваць на ніве духоўнай культуры. Прыклад 3 Мікалаем Гусоўскім - яскравае таму пацверджанне. Калі нашы здабыткі гэтай спадчыны адкрыюцца поглядам, мы пераканаемся, што на лацінскай мове вучылі не абыякавасці да радзімы, народа, іншых культур, а вучылі розуму, разумнай працы. А гэта - найлепшая падстава для ўсялякай дзейнасці. Яшчэ не позна.

Ларыса ЧАРНЫШОВА


КСЕНДЗ МАЦЕЙ САРБЕЎСКІ

Міласэрны божа не абмінуў зямель славянскіх геніям дзеля Еўропы, але нашы геніі не мелі шчасця шырокага прызнання, прастора іx славы заставалася ў вузкіх межах радзімы. Поўдзень і Захад, карыстаючыся ўніверсальнымі мовамі, так моцна ўдзейнічалі на астатні свет, што зрабілася неяк правілам, што геній і талент, каб не застацца ў невядомасці, павінен быў акрамя іншага быць перакладзеным на лаціну альбо на французскую мову. Поўдзень і Захад былі суддзямі геніям, а славянская мова, як маладаступная іншаземцам, прычынілася да той фатальнасці, якая і дагэтуль пануе над намі.

На здымках: кёльнскія выданні вершаў Сарбеўскага.

З гэтага пункту гледжання Польшча была колісь больш шчаслівай. Яе геніяльныя людзі, што пісалі мовай Рыму, а значыцца здольныя стаць у параўнанне з іншаземцамі, атрымалі сваю заслужаную пашану. Наш Капернік змяніў аблічча астранамічнай навукі, а лаўры Ватыканскія, якія вянчалі Петрарку, якія заслужыў Тассо, аздобілі чало нашых Шымановіча, Яніцкага, Сарбеўскага.

Пагаворым тут пра гэтага апошняга. Каласальная слава, якой адарыў яго свет, вартая таго, каб з пачуццём гонару за радзіму азірнуць жыццё і творы вялікага паэты суайчынніка, ушанаваць яго талент і на нашай зямлі адрадзіць заслужаную памяць пра песняра, які быў красой зямлі нашай.

Пачнем з біяграфіі нашага паэта.

Кс. Мацей Казімір Сарбеўскі нарадзіўся ў 1595 г. у адной з шляхетных сямей плоцкага ваяводства. Бацькам яго быў Матэуш Сарбеўскі, маці - Анастазыя з Мілеўскіх. Нарадзіўся ён у фамільным гнязде Сарбеўскіх за мілю ад мястэчка Плоньска. Спачатку вучыўся ў Пултуску, потылл у Віленскай Акадэміі. У 1612 г. далучыўся да ордэна іезуітаў, маючы няпоўных 17 год. Тут пасярод тэалагічных заняткаў пачаў ён спрабаваць сябе ў паэзіі, вітаючы Станіслава Кішку ў 1618 г. на новай пасадзе біскупа жмудзкага, а крыху пазней вельмі слаўная ў нашай гісторыі эпоха ўразіла паэту і дала ягонаму пяру шырокае поле дзейнасці. У 1619 г. Асман, турэцкі султан, аб'явіў вайну Польшчы. Краіну апанаваў панічны страх, сабраны сейм аднадушна ўручыў асірацелую пасля Жалкеўскага булаву Яну Каралю Хадкевічу. Будучы хоцімскі герой, пакідаючы айчыну і маладую жонку, аддаючы сябе ў рукі ваеннага лёсу, аддаўся пад апеку Маці Боскай і уфундаваў ёй касцёл пры іезуіцкім калегіі ў Крожах. Пайшоў перамагаць, перамог і не вярнуўся. Найлепшая гэта была тэма для паэты! Постаць героя, поўнага веры і надзеі, вітанне яго, маленні за яго, варажба дзеля яго, урэшце гімн перамозе - былі прадметам пяра Сарбеўскага, прадметам, вартым старажытных песняроў, прадметам, якім ён у шматлікіх одах і эпіграмах па-майстэрству авалодаў.

Гэтыя надта абяцаючыя спробы звярнулі на сябе ўвагу іезуіцкага кіраўніцтва. Яно зразумела, што геніяльны малады чалавек прынясе славу ордэну, і яго паслалі працягваць навучанне на пэўны час да Рыму, сталіцы хрысціянскага свету. Пасля поўнага прыгод падарожжа, у ЯКІМ спадарожнікамі Сарбеўскаму былі Ян Грушэўскі, Андрэй Рудаміна, Освальд Крыгер і Мікалай Завіша, ён прыбыў да Рыму ў 1622 г. і адразу трапіў на той момант, калі кардынал Мафэус Бэрбэрыні, слаўны калісці нунцый у Францыі, пад імем Урбана VІІІ заняў прэстол св. Пятра. Тут хутка ацанілі нашага геніяльнага земляка. Вучоны папа рымскі, ягоныя сыны Францыск,

Аляксандр і Джордан Бэрбэрыні, князі Бракцыані, а таксама ўсе найвядомейшыя і самыя вучоныя людзі ў Рыме шанавалі яго, а дакладней - былі ўшанаваныя яго сяброўствам. На працягу пяцігадовага побыту ў Рыме, вывучаючы філасофію і тэалогію, ён яшчэ меў час з запалам чытаць рымскіх класікаў, складаць столькі паэтычных пашан Урбану VІІІ і іншым сваім славутым знаёмым, быць даверанай асобай і органам Ватыкану ў справе (тады моцна цікавіўшай дыпламатыю) выгнання турак з Еўропы, дабрасумленна спраўляць працу рэдактара і дапрацоўшчыка касцёльных гімнаў [1], чытаць публічна ў вольную ад навук хвіліну свои трактат «Пра вытанчанасць і досціп», урэшце, вокам зацятага антыквара разам з Аляксандрам Донатам вывучаць помнікі вялікіх часоў старажытнага Рыма і з назбіраных тут матэрыялаў пачаць твор «Паганскія багі». Гэтая непамерная праца, а галоўным чынам праўдзівая старарымская паэзія стварылі яму славу і прызнанне такое, што Урбан VІІІ увянчаў яго лаўрамі паэтыцкімі, а пры ад'ездзе Сарбеўскага адарыў яго медалём са сваёй выявай.

Вярнуўся Ў Польшу наш паэта Ў 1627 г. разам з Крыспам Левіньскім. Як кожны амаль крок жыцця, так і гэта падарожжа ўвекавечыў сваёй паэзіяй....

Потым стаў Сарбеўскі прафесарам красамоўства ў Віленскай акадэміі, а потым прафесарам філасофіі і тэалогіі... Тут кароль Уладыслаў ІV адарыў яго залатым пярсцёнкам, які пасля таго, як Сарбеўскі падараваў яго акадэміі, доўгі час служыў інсігнатам доктарскай ступені. Запрошаны быць прыдворным красамоўцай на месца сканаўшага Сэбасцьяна Лашчэўскага, ён яшчэ раз пабываў за мяжой разам з каралём - на водах Бадэнскіх пад Венай, дзе па просьбе караля склаў оду св. Станіславу Костке. У Вільне і Варшаве ён у поўнай меры развіў свой паэтычны талент, апяваючы амаль усе падзеі дзяржаўнага жыцця, сябраваў амаль з усімі вялікімі людзьмі той эпохі.

Пры двары яго любілі, бо ён не клапаціўся пра ласку да сябе... Але двор яго не вабіў, ён прасіў і атрымаў дазвол аддаліцца ад двара кудысці ў кляшторную цішыню. Але тут адзін з магнатаў, які ніколі не чуў прамоваў Сарбеўскага, упрасіў караля, каб той не раней даў звальненне ад абавязкаў ужо сабранаму да ад'езду Мацею, чым пасля таго, як ён прачытае сваю апошнюю Казань. Сарбеўскі выканаў даручэнне як трэба, але сыйшоўшы з кафедры, адчуў зябласць, боль у галаве, адным словам - смяртэльную слабасць. І праз тры дні пасля той казані, 2-га красавіка 1640 г., сканаў - у Варшаве, маючы няпоўных 45 год. Пахаваны ён у іезуіцкім касцёле ў Варшаве без аніякага надмагілля. Ягоная мармуровая статуя аздабляла бібліятэку Залускіх, а медалём з нагруднай выявай Нарушэвіча і Сарбеўскага кароль Станіслаў Аўгуст упрыгожыў грудзі Нарушэвіча...

Паэзія Сарбеўскага мела і мае вялізную, класічную славу. Страсбургскі выдавец налічвае каля 20 частковых і поўных выданняў яго паэзіі, надрукаваных ува ўсіх краях Еўропы. Я сам бачыў пяць выданняў, не залічаных у той спіс, значыцца смела можна налічыць 30 выданняў паэзіі Сарбеўскага. Хто ж ca славутых паэтаў Поўдня альбо Захада можа пахваліцца такой колькасцю выданняў?

Прычынай гэткай славы з'яўляецца, па большасці, лаціна, такая майстэрская, што ў часы класыцызму наш зямляк, на думку цэлай Еўропы, стаў побач з векапомнымі песнярамі аўгустоўскае пары.

Лірычнай формай Сарбеўскі набліжаецца да Гарацыя, таму і назвалі яго Польскім Гарацыем. Гэта заслужены слаўны тытул, калі ўспрымаць яго з пункту гледжання класічных паняццяў. Але наша меркаванне пра Сарбеўскага - іншае. Хаця ён не аднойчы запазычваў выразы, парафразіраваў думкі старажытнага паэты - а ўсё ж Сарбеўскі застаецца самім сабой. Паміж рымскім прыдворным і польскім іезуітам акрамя дыкцыі мы не бачым вялікага падабенства апроч, можа, паления фіміаму моцным гэтага свету, што ў Сарбеўскага было грахом ягонага становішча, а ў рымскага песняра грахом ледзь не ўласным. Урэшце, калі мы прывыклі называць рымскім духам дух мужны, энергічны, цвёрды і безпаваротны там, дзе справа тычыцца цноты, дык хутчэй трэба назваць рымлянінам Сарбеўскага, чым Гарацыя.

Сарбеўскі ў паэзіі - класік, эрудыт, дэкламатар, для яго ўзоры і паэтыка з'яўляюцца боствам. А тым не меней ён такі нечаканы ў сваіх думках і выразах, такі моцны ў пачуццях, такі арыгінальны ў слове. Просім хаця б звярнуць увагу на тыя гарачыя оды, якімі гэты годны папярэднік Байрана заклінаў Еўропу, каб яна пазбавіла кайданоў зямлю элінаў; тыя яго рэлігійныя жалі, альбо звароты да сваіх сяброў і апекуноў - ці ж гэта наследаванне? А можа хутчэй мужнае спаборніцтва з абагоўленымі ім самім класікамі? Ці ж гэта сухая дэкламацыя? А можа, назва паслядоўніка Гарацыя хутчэй прыносіць Сарбеўскаму прыніжэнне, чым ухвалу?

І мы не залічваем яму ў віну захапленне класічнасцю, уключэнне міфалагічных персанажаў і падзей у абставіны, не надта прыстасаваныя да гэтага, і нават рэлігійныя: па-першае, яго натхняў на гэта сучасны яму прыклад, вабіла веліч і надзвычайная паэтычнасць міфалагічных вобразаў; а па-другое, гэтыя асобы і вобразы так зрасліся з вытанчанай мовай, а галоўнае - з паэзіяй лацінскай, што іx можна лічыць чымьсці непадзельным. Не мог Сарбеўскі ў XVІІ стагоддзі іx не ўжыць.

Папрок, які мы выкажам нашаму паэце, гэта залішняя класычнасць духу, касмапалітызм, абыякавасць да мясцовых справаў. Зрэдку адгукаўся ён пра выпадкі, мясціны і асобы польскія - па-піндараускі усхваляў Зыгмунта ІІІ І Уладыслава ІV, і альбо перамога пад Хоцімам, альбо палянаўскі мір,- у яго напагатове класычная форма, якая толькі дастасоўваецца да пэўнага выпадку. Няшмат у яго вершаў чыста народных, а і з тых палову пісаў ён як бы неахвотна, як бы толькі пад уплывам Любеньскага...

14 верасня 1848
Уладыслаў СЫРАКОМЛЯ
Пераклад з польскай паводле выдання: Władysław Syrokomla. Ksіądz Macіej Kazіmіerz Sarbіewskі. - у кнізе: Poezye ksіędza Macіeja Kazіmіerza Sarbіewskіego. Wіlno. 1851.


ОДА ІІІ, 8
ДА ЭЛІЯ ЦЫМІКА ПЕРАД АД'ЕЗДАМ НА БЕЛАРУСЬ

Элій, усё ж мы не дрэвы,

Каб там заставацца на месцы навечна,

Свет дзе прыйшлі мы пабачыць.

Не зычыш мясцінаў мне цёмных сармацкіх

І Белай Русі разлогаў

Шырокіх, але ўжо вятры мяне клічуць,

Сонца рыхтуе дарогі.

Прыладзіў вазку не дарма род Япэта

Колы імклівыя здаўна.

Натхніў ён пакінуць зямлю баязліўцаў,

Мора вятругам стракатым

Расквеціць, вяслуючы хутка па хвалях.

Сцелецца ў Альпах высокіх

Сцяжына пад ногі каню не дарэмна.

Варты героя Геракла

Прырода стварыла шлях цяжкі, явіла

Славу на стромкай вяршыні

Герою, упартымі крокамі горы

Што перамог і адолеў.

Вяла Ганібала да славы дарога,

Быццам бы з неба, калі ён

Лівійцаў харугвы абрынуў на долы,

Афрыкай цёмнай накрыўшы

Італіі смутнай палацы, як хмарай.

Мы не адныя вандруем.

Устойлівы нават Пергам с месца зрушыў,

Тэўкры й далопы мяняюць

Жыхарства. І межы дзяржаў не без зменаў.

Рэч аніводная ў месцы

Застацца не можа, дзе ўзнікла. Як толькі

Маці-зямлі пакідаем

Улонне, паветра глынуўшы, адразу

У вечны з зямлёю і небам,

З бацькамі няспыннымі, ў бег мы ўступаем.

ОДА ІІ,
З ДА СВАЕЙ ЛІРЫ

Пяснярка ліра, дочка самшытава,

Bіcі сабе на дрэве таполевым,

Пакуль у голлі лёгкі ветрык

Ціха шапоча, лістотай грае,

На струнах граюць вольна лагодныя

Уздыхі Эўра. Я ж разняволены,

Ляжу ля рэчкі, сонцу рады,

Яснае неба душу мне гоіць.

Ах, скуль жа хмары раптам тут збегліся?

Дажджом і цемрай неба спалохалі?

Вось так і радасць хутка кінуць

Нас паспяшае заўсёды раптам.

Переклад з лацінскай паводле выдання: М. К. Sarbevіі. Carmіna. Parіsіs, 1759.


МАЦЕЙ КАЗІМІР САРБЕЎСКІ: Паганскія багі, альбо тэалогія, філасофія, як натуральная, так і этычная, палітыка, эканоміка, астраномія і іншыя мастацтвы і навукі, якія знаходзяцца ў міфах паганскай тэалогіі старадаўніх народаў

РАЗДЗЕЛ І
ПАДЗЕЛ БАГОЎ

Марк Тулій падзяліў багоў на тры класы. Да першага залічыў нябесных багоў, якія завуцца багамі найдаўнейшых плямёнаў; да другога - тых, якія трапілі на неба за свае заслугі, іx ён называе паўбагамі, народнымі альбо багамі радзімы; да трэцяга ён залічыў тых, дзякуючы якім адкрываецца шлях на неба: гэта дабрачыннасці, якім надалі імя багоў. 3 усіх іx дванаццаць завуцца радцамі, альбо галоўнымі багамі, якіх Юпітэр выкарыстоўвае як дапаможцаў у значных справах; з іx шэсць мужчынскага роду - Марс, Мэркурый, Юпітэр, Нэптун, Вулкан, Апалон; шэсць жаночага роду - Юнона, Вэста, Мінэрва, Цэрэра, Дыяна, Вэнэра. Далучаюць сюды і іншых, якія разам з дапаможцамі завуцца абранцамі: Янус, Юпітэр, Сатурн, Геній, Мэркурый, Апалон, Марс, Вулкан, Нэптун, Сонца, Оркус, Лібэр бацька, Тэлій, Цэрэра, Юнона, Месяц, Дыяна, Мінэрва, Вэнэра, Вэста. Пра іx будзе сказана хаця і каротка, але дастаткова. Апроч таго, што Разінус каротка пералічыў паводле

Геральда і іншых аўтараў, я збяру ў Фірміна, Лактанцыя, Клемента Александрыйскага, а таксама ў каментатараў св. Грыгорыя Назіянзіна і Тэртуліяна штосці вартае памяці дзеля пісання прамоў і складання казанняў.

Частка першая
РАЗДЗЕЛ XVІІ

ГОРЫ У ГРАМАТЫЦЫ, ГІСТОРЫІ, ХРАНАГРАФІІ, АСТРАНОМІІ

Горы маюць назву ад Гора, уладара Эгіпту, які трыма Горамі назваў тры поры року, кожная з якіх складаецца з чатырох месяцаў і кожная ў свой час прыносіць спелыя плады: вясна, лета і восень. Перкы і асірыйцы называюць горамі летапісы, а летапісцаў горографамі.

Калі ў эгіпцян Гор і Апалон гэта адное і тое ж, дык грэкі перанеслі назву Горы на дваццаць чатыры гадзіны, якія Гамэр заве дачкамі Апалона альбо Сонца. Мы ведаем складзены некалі міф пра бога Горамазда, які пасля таго, як спарадкаваў апошнія справы па ўтварэнню свету, замкнуў дваццаць чатырох багоў у яйка. Калі сыны Арымана падчас гульні разбілі гэтае яйка, дык тады дабро, перамешанае са злом, з'явілася на свет і такім чынам адна з гадзін прыносіць нам радасць, а другая - смутак. Тое, што мы сказалі пра Гора і Сонца - быццам яны гэта адное, і што Горы вынайдзеныя былі і названыя так Горам, гэта пацвяржаецца абеліскамі Плінія, пра які ён апавядае такімі словам!: «Абеліск, які знаходзіцца на Марсавым полі і мае памер у сто дзесяць рымскіх футаў, мае зроблены Сэсатыдам надпіс, які змяшчае тлумачэнне рэчаіснасці паводле філасофіі эгіпцян.

Аўгуст надзяліў яго цудам паказваць па ценю сонца працягласць дня і ночы. Дзеля гэтага ён загадаў пакласці да абеліска на зямлю камень памерам з гэты абеліск. У шэсць гадзін дня зімовага сонцастаяння цень ад абеліска быў роўны даўжыні камня. Паступова дзень за днём цень меншаў, і гэта пазначалася меднымі рыскамі на камні, а потым у свой час наадварот - павялічваўся - па тых жа рысках. Гэты гадзіннік і гэты абеліск былі прысвечаныя Сонцу, і на падмурку абеліска можна было прачытаць такі надпіс: «Цэзар Аўгуст, сын боскага Юлія, Вышэйшы пантыфік, у дванаццаты раз імператар, у адзінаццаты раз консул, у чатырнаццаты раз трыбун, прывёўшы Эгіпет пад уладу рымскага народа, ахвяраваў гэты дар сонцу». Пліній дадае, што там яшчэ быў гадзіннік з пазалочанымі рыскамі і лініямі.

У ПАЭЗІІ

Арфей склаў песню, што Горы нарадзіліся вясной ад Юпітэра і Фэміды. Гэта пацвярджаюць Арат і Гэсіод. Паўзаній адну з Гор заве Карпо, а другую - Фалота, бо адна дае парасткі, а другая - плады. Пра Горы кажуць, што яны ступаюць мякка і павольна і заўсёды прыносяць штосьці новае. Звычайна згадваюць трох: Эўномію, Дзікэ, Ірэну.

У этыцы

Паэты апавядаюць, што Горы пільнуюць брамы да неба. Гамэр дадае, што яны прыводзяць і разганяюць хмары, гэтым ён адзначае зменлівасць надвор'я. Ен кажа, што Горы нарадзіліся ад Фэміды альбо Справядлівасці, бо згодна з законам справядлівасці Бог пасылае нам ці радасныя, ці смутныя гадзіны і робіць іх нібыта вартаўнікамі неба.

Нельга абысьці маўчаннем, што Герсілія, жонка Ромула, як перадае Лабеон, была названая так ад слова hortando (заахвочванне), альбо, як перадае Плутарх, ад слова orando што значыць маленне. Яна лічылася Ў рымлян багіняй прадбачання, і да яе звярталіся пад імем Горы; яна не дазваляла людзям быць нядбайнымі. Ёй, галоўным чынам, складалі ахвяры юнакі, бо ім асабліва не прыстала ленавацца і марнаваць час. Люцына таксама названа Прудэнцыям Горай святла і жыцця.

У ФІЛАСОФІІ

Гараскоп у эгіпцян трымаў у руцэ гадзіннік і галіну пальмы - сімвалы астралогіі. Яшчэ эгіпцяне малявалі чалавека, які з'ядае Горы, бо гадзіны часу наліваюць плады спеласцю і даюць чалавеку што есці. Таму і паэты прыпісваюць Горам вобраз прыслужніц Сонца, бо яно надае пладам спеласць, пра што можна прачытаць у Стацыя.

На беразе роўным мора Гэспэрыд

распрагае

Сонца гарачых каней і

залацістыя валасы мые

У акіяне.

3 глыбінь яго Нэрэіды і Горы

Хуткімі крокамі выбягаюць

і хапаюць

Лейцы і высокую залатую карону. Вызваляюць вільготныя ад гарачэх рэмняў

Грудзі сонца, каней, заслужыўшых адпачынак, вядуць

На мяккую траву, і калясніцу, падняўшы дышла, перакульваюць [2].

Эгіпцяне рабілі малюнкі Гораў у вобразе гіпапатама, бо ён накшталт гадзінніка падзяляе ноч і дзень, бо ўдзень хаваецца ў глыбокіх водах, а ўноч пасецца на палях. Альбо таму, як слушна адзначае Каўзін, што ён усе свае жывёльныя справы выконвае ў дакладна акрэсленыя поры часу, альбо таму, што ён жывёліна невядомая і не йначай як пад сховай начной цемры без ведама земляробаў пажырае пасевы. І праз тое ён падобны да маўклівага часу, што моўчкі ўсё знішчае. Паэты малююць такі вобраз, як Горы на Этне альбо Генне збіраюць кветкі. Быццам усё, што колісь узнікла, праз іx гіне, і таму Эклезіаст самымі бязглуздымі называе тых юнакоў. якія кажуць: «хай раскоша наша ніводнай лугавіны, увянчаем сябе ружамі, пакуль яны не завялі». Але ж гэтыя вянкі звіваюць ім менавіта Горы. Пяюць і г. д. «і ў момант сыходзяць у глыбіні цямрэчы».

ЯШЧЭ РАЗ У ЭТЫЦЫ

«Хай нас не абміне, - кажуць яны - квет часу». Што гэты квет часу? Безумоуна гута тое, што збіраюць Горы ў свае кошыкі. Я бачыў у Рыме ў Мэдыцэйскіх садах гадзіннік, зроблены з кветак розных раслін, так высажаных, што яны утвараюць сваімі купкамі лічбы гадзінніка. Гэтыя лічбы і гадзіннікавая стрэлка з кветак разам складаюць надпіс: «Хай не абміне нас квет часу». Але і цень там мінае і кветкі разам з ценем, і час або Горы, разам з тымі кветкамі і ценем. Бо час - гэта той квітнеючы гадзіннік, і там можна ўбачыць як Горы зрываюць кветкі. Бывала (як давялося бачыць на тускуланскіх вілах рымскіх уладароў), што імены і paдасловы ўладароў складаліся з кветак. Але і яны, безумоўна уздзеяннем упартай бязлітаснасці часу гінуць. На гэта, мабыць вітальная клаўдзінава песня да Прабіна і Алімбрыя:

Хай славяць імя тваё ўсюды.

Хай у кветках яго усе розныя Горы напішуць.

Гэтых уладароў дакараюць: «Адступнікі, - кажуць, - сябе запісалі на зямлі. Парынулі імя сваё на зямлю сваю». Наколькі ж лепш тыя, хто імёны свае запісваюць на нябесах і ўтвараюць гадзіннік з кветак вечнасці, на якія не падае аніводзін цень. Мудра кажуць, што толькі на гары Алімп - нерухомае паветра і няма ценю. Гэта цалкам праўдзіва наконт сапраўднага Алімпа альбо неба, і таму няма на небе месца ніякому нетрываламу гадзінніку. Насупраць, на зямлі і цень, і завялыя кветкі, і рух бесперапынны - гэта праявы нетрываласці. Пра гэты гадзіннік чалавечага жыцця з кветак квітнеючых, а значыцца, тленных, гаворыць Йоў: «Чалавек, народжаны жанчынай, жыве кароткі час, і як квет, вырастае і гіне» - вось увяданне квету,- «і мінае» - вось рухі - «нібыта цень»,- (вось цень) і г. д.

У ТЭАЛОГІІ

Св. Хрызастом, шукаючы адказу, чаму св. Дух а трэцяй гадзіне прыйшоў, вучыць, што трэцяя гадзіна - гэта ўмова літасці і міру. «Запаведзі,- кажа ён,- дае Айцец як бы а першай гадзіне, потым уцелясняецца сын у міласці, а цяпер з'яўляецца і св. Дух, як трэцяя асоба Тройцы, адзначаны саіснасцю і неадзельнасцю. Далей, а трэцяй гадзіне ён да вучняў прыходзіць, каб навучыць тых, хто на зямлі, поўнасці непадзельнай Тройцы і надзяліць нас трэцім законам пасля натуральнага закона. Так, кажу я, можна было б растлумачыць этымалогію паэтычных Гор, што Дзікэ, альбо звычай ці права звычаю, адпавядае містычнай гадзіне натуральнага права. Эўномія ж, альбо ўсталяванне законаў, адпавядае другой гадзіне пісанага права. А Ірэна, альбо мір, адпавядае апошняй гадзіне права літасці альбо міру, пра які апостал кажа: «Браце, вось апошняя гадзіна». Але гэта, магчыма, магло б мець і больш падрабязнае тлумачэнне.

Частка другая
ПРА НАРОДНЫХ БАГОЎ

РАЗДЗЕЛ XІ
ЭСКУЛАП У ГРАМАТЫЦЫ

Калі δ^ελλδυφι значыць «памерці», дык частка а надае слову супрацьлеглае значэнне, і такім чынам мы можам лічыць, што Эскулап так названы таму, што ён адхіляе смерць, гэта значыць не дазваляе памерці.

У ПАЭЗІІ

Некаторыя сцвярджаюць, што Эскулап нарадзіўся ад Апалона і Караніды, якая паклала хлопчыка на гары ў Эпідаўры. Там каза паіла дзіця малаком, а сабака пільнаваў. Калі сабаку, а пры ім і хлопчыка, ад галавы якога разыходзілася святло, знайшоў пастух Аўталаюс, ён расказаў пра гэта ўсім суседзям. З таго часу ўверылі, што хлопчык гэты бог, які можа кожнаму даць здароў'е. Іншыя кажуць, што яго дасталі 3 улоння Караніды, нарадзіўшай Эскулапа ад Ісхія, брата Дыяны, і за гэта забітай Дыянай.

Лукіан яшчэ апавядае такое: «Перадаюць, што старажытны святар паклаў маленькага вужаку ў пустое яйка вароны і, заляпіўшы яго воскам, схаваў у багне; праз нейкі час, збудаваўшы ахвярнік, ён пазваў на гэтае месца людзей, каб ў іx прысутнасці аб'явіць, што ён явіць бога. Потым нейкімі невядомымі словамі ён прызваў Апалона і Эскулапа, каб з'явіўся той, хто прынясе шчасце гэтаму гораду. Потым, чэрпаючы ваду чаркай, ён дастаў тое яйка, якое Ў прысутнасці мноства людзей разбіў і знайшоў у ім таго маленькага вужаку, чым надта здзівіў людзей. Потым праз некалькі дзён ён паказаў вялікіх памераў вужаку, які адмыслова рухаўся ў цямрэчы, і сказаў, што гэта той маленькі так вырас, і што гэты вялізны вужака і ёсць бог Эскулап, сын Апалона.

У ГІСТОРЫІ

Дакладна пры консулах Квінце Фабіі і Дэцыме Юніі, калі Горад (Рым - Л. Ч.) апанавала зараза, у згодзе 3 парадай Сівілавых кніг, паслалі паслоў у Эпідаўр, адкуль яны, вельмі зычліва прынятыя жыхарамі і ўведзеныя ў храм Эскулапа, вужаку, які быў прадметам пашаны ў Эпідаўры, і які сам папоўз да карабля рымлян, прывезлі ў Рым і шанавалі ў храме, збудаваным на выспе на рацэ Тыбр. Гэта, безумоўна, адбылося па навучэнню злога дэмана.

У МЕДЫЦЫНЕ І ФІЗІЦЫ

3 поўным правам Апалона прадстаўлялі бацькам Эскулапа, і што сам Эскулап перадае ад сонца здаровую моц і такім чынам творыць здароў'е. Маткай яго лічылі Караніду, народжаную ад Флегія, што азначае адпаведны склад паветра, дастаткова сагрэтага сонцам. Такім чынам, калі сонца ў пэўнай меры творыць рух паветра, з сонца і з адпаведнага складу паветра з неабходнасцю нараджаецца Эскулап, значыць здароў'е. Прадстаўлялі, што ад Эскулапа нарадзілася Гігіэя, якая азначае менавіта добрае здароў'е, і Ясо, што значыць магчымасць выздараўлення і лячэння. Да статуі Эскулапа дадавалі кій, вакол якога абвіўся вужака, бо ён з усіх жывых істот самы чуйны і прадбачлівы, і штогод амаладжаецца, і гэта робіць яго сімвалам добрага здароў'я. На манеце Разінуса даданая яшчэ і сава, як вобраз мудрасці. У Марліана вярхі храма Эскулапа аздобленыя перавітымі вужакамі. У тым самым храме знаходліся сабакі, бо Эскулап быў выкармлены з саскоў сучкі. Вянчалі Эскулапа лаўрамі, адзнакай яго бацькі Апалона. Згодна з аднымі весткамі, прысвячалі яму ў ахвяру кур, згодна з другімі - пеўняў, паколькі спажыванне іx вельмі карысна хворым. А казу прыносілі яму ў ахвяру таму, што гэтая жывёліна звычайна хварэе на сухоты, і спажыванне яе мяса некарысна для слабых здароў'ем. Разінус дадае, што Ў храме Эскулапа ў Рыме людзі заставаліся на ноч дзеля здароў'я. А Наталіс кажа, што гэткі звычай быў і ў іншых народаў у розных мясцінах.

Апавядаюць таксама, што Іпаліт аджыў дзякуючы мастацтву Эскулапа. Іншыя дадаюць, што Эскулап шмат людзей уратаваў ад смерці. Таму Плутон скардзіўся Юпітэру, што Эскулап забірае з-пад ягонай улады сабе шмат людзей. Тады раз'юшаны Юпітэр забіў маланкай Эскулапа, над смерцю якога так многа слёз праліў Апалон, што ягоныя слёзы пераўтварыліся ў бурштын.

Яшчэ Цыцэрон кажа: «Першы з Эскулапаў гэта Эскулап Апалона, шанаваны жыхарамі Аркадыі, які вынайшаў хірургічны зонд і першы пачаў перавязваць раны. Другі Эскулап быў братам другога Меркурыя. Забіты маланкай, ён, як кажуць, быў пахаваны ў Кінасурах. Трэці, сын Арзіна і Арсіноі, той, што першы вынайшоў ачышчэнне страўніка і вырывание зубоў; яго магілу і прысвечаны яму гай паказваюць у Аркадыі недалёка ад рэчю Лузій. Паўзаній кажа ў «Карынфянках», што гэты лузійскі гай меў дзіўны прывілей, каб нікому не дазжалел»ся там ні нарадзіцца, ні памерці.

Дарэчы, цяпер у Рыме, дзе Эскулапа шанавалі ў вобразе вужакі, штогод змяняючага скуру, шануюць св. Барталамея, які адзіны вынайшаў надзвычайнае мастацтва здабывання вечнага здароў'я, зняўшы з сябе ўласную скуру дзеля Хрыста.

На статуях Эскулап прадстаўлены сукаватым кіем у руцэ, што указвае на цяжкасць лекарскага мастацтва.

Адныя перадаюць, што быу ён выхаваны сабакам, другія - што Трытонам, а іншыя - што Хіронам ён быў навучаны медыцыне: пэўна і сабака вучыць медыцыне:

Лекае свае раны сабака гаючым языком.

Частка трэцяя
ПРА БАГОЎ ЯКІЯ, ЯК ВЕРЫЛІ, АДКРЫВАЮЦЬ ДОСТУП НА НЕБА

РАЗДЗЕЛ XІІІ
ПРА БАГОЎ, АЛЬБО БАГІНЬ, ЯКІЯ, ЯК ВЕРЫЛІ, АДКРЫВАЮЦЬ ДОСТУП НА НЕБА

Марк Тулій у ІІІ кнізе «Пра прыроду багоў» кажа: «тыя, праз каго адкрываецца доступ на неба, гэта Розум, Дабрачыннасць і Памыснасць, і хай дзеля іx ухвалы ствараюцца храмы». Гэта будзе, паводле думкі Тулія, трэці клас паганскіх багоў.

У ТЭАЛОГІІ

Але я мяркую, што старажытныя людзі пад Розумам разумелі Бога, як творцу дзейнаснай дапамогі пры ўсялякім пазнанні і дзейнасці. Так кажа і Цыцэрон у 11 кнізе «Пра прыроду багоў»: «сама рэч, у якой змешчана якаясьці вялікая сіла, мае назву ад гэтай сілы, якая сама па сабе завеццам Богам».

У ПАЛІТЫЦЫ

Храм Розуму і Веры быў на Капітоліі, ці дзеля таго, што розум менавіта Ў галаве змяшчаецца, ці таму, што розум і вера асабліва неабходныя ў курыі і сенаце.

Пераклад з лацінскай паводле выдання: М. К. Sarbіewskі. Dіі genłіum. Wrocław. 1972.



[1] Сярод гімнаў брэвіарыяў, папраўленых пры Урбане VІІІ, усюды можна знайсці след рэдактарскай рукі Сарбеўскага. Здавён традыцыя лічыць самога Сарбеўскага аўтарам гімна «ad regіas agnі dapes».

[2] Падрадкоўны пераклад

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX