Папярэдняя старонка: Сянкевiч Генрык. Quo Vadis

Свой сярод чужых 


Аўтар: Сянкевiч Генрык,
Дадана: 19-07-2012,
Крыніца: Сянкевiч Генрык. Quo Vadis, 'Сафiя', 2002.



Рым. Амаль 50 гадоў таму выдавецтва «Знiч», заснаванае ў Вечным горадзе беларускiмi эмiгрантамi, выдае грунтоўную творчую працу ксяндза Пятра Татарыновiча - беларускi пераклад аднаго з найпапулярнейшых раманаў Г.Сянкевiча «Quo Vadis». Працу, якою сын Палескiх пушчаў хацеў дасягнуць замiрэння сваiх думак аб радзiме з адчуваннямi жыцця эмiгранта, «свайго сярод чужых»...

Чаму менавiта «Quo Vadis»?

Бадай, гiстарычны раман аб кароткiм перыядзе прадчування развалу вялiкай Рымскай iмперыi - гэта раман не толькi з рымскай гiсторыi; гiстарычны раман аб першых кроках нiкiм не прызнаваных «нефармальных суполак» хрысцiян - гэта раман не толькi з гiсторыi хрысцiянства.

Iнiцыятары першага беларускага (Рым, 1956) выдання невыпадкова зазначылi ў рэдакцыйнай прадмове: «Чаму спамiж гэтулькi iншых пякучых лiтаратурных неабходнасцяў мы выбралi iменна гэтую? Шмат злажылася на гэта матываў ды iмператываў, але ўспомнiм толькi аб найгалаўнейшым, аб той удараючай аналагiчнасцi, а праз тое й актуальнасцi ды павучальнасцi ейнай узрушлiвай эпiзодыкi да сянняшнiх, у многiм так падобных, падзеяў».

Пiльнае сэрца адчуе, што павучальнасць гэтай эпiзодыкi ў нашыя днi не толькi не аслабела, але выявiлася яшчэ больш выразна. А тое, што над беларускiм перакладам рамана працаваў каталiцкi святар - Пётр Татарыновiч, пакiнула i пэўны гiстарычны адбiтак. Узяць хоць бы факт, што беларускае рымскае выданне гэтага свецкага твору - адно з нешматлiкiх у свеце, выпушчаных пад афiцыйным грыфам «З дазволу Духоўных Уладаў», што робiць кнiгу ў пэўным сэнсе больш важкiм аргументам для тых, хто шукае разумення хрысцiянскае маралi. I разам з тым беларускi пераклад нiчым не абмежаваны ў параўнаннi з iншымi вядомымi тэкстамi гэтага выдатнага твора мастацкай лiтаратуры, i перш за ўсё ў параўнаннi з арыгiналам.

Адным словам, прэлат Пётр Татарыновiч зрабiў цудоўны падарунак усiм беларусам - i католiкам, i праваслаўным, i атэiстам...- данёсшы да iх твор сусветнай класiкi на роднай мове. Ды вось бяда - амаль 50 гадоў доступ да плёну гэтай творчай працы мелi ўсе беларусы, акрамя тых, што жылi ў самой Беларусi: раскiданая па свеце беларуская дыяспара ў Iталii i Нямеччыне, Вялiкабрытанii i Бельгii, Аргентыне i Аўстралii... добра i даўно ведае гэты зграбны белы томiк з аскетычнай двухколернай аздобай, у якую ўключана выява старажытных румовiшчаў. Паспелi ўжо скончыцца й спрэчкi вакол вартасцяў ды недахопаў беларускага перакладу. Але тут такая знакамiтая праца дагэтуль была невядомая зусiм.

Мне асабiста давялося пазнаёмiцца з кнiгай у 1990 годзе, калi творчыя сцяжынкi завялi мяне ў далёкую Канаду. Больш таго, таронцкi беларускi пiсьменнiк Кастусь Акула прэзентаваў мне сапраўдны рарытэт - томiк з аўтографам самога перакладчыка. Ягонай рукою на пажоўклай ад часу паперы фронтыспiса накрэслена: «Вельмi паважанаму i дарагому спадару Кастусю Акулу на адудзячную памятку. П.Татарыновiч».

Кастусь Акула казаў тады: «Жыццё не вечнае, таму не хачу, каб гэты рэлiкт прапаў разам са мною. У вас, ёсць надзея, ужо не прападзе».

Так, ужо не прападзе. А былi ж часiны, калi падобныя кнiгi пiльна вылоўлiвалiся сеткамi мытных цэрбераў савецкай сiстэмы. Зразумела, табу было накладзена не на сусветную класiку, а на працу, зробленую беларускiмi эмiгрантамi, якая яўна замiнала правядзенню савецкай так званай «iнтэрнацыянальнай» палiтыкi. Дый самi асобы эмiгранцкiх дзеячаў былi ахутаны злавеснай сеткай плётак i домыслаў. А што ж у сапраўднасцi?

Звестак пра ксяндза П.Татарыновiча да нас дайшло няшмат (нарадзiўся ў 1896 годзе ў вёсцы Гайнiн на гераiчнай Случчыне, у 1919 годзе высвячаны на святара лацiнскага абраду, на мяжы 40-50-х гадоў плённа дзейнiчае ў Рыме на нiве стварэння беларускай праграмы «Радыё Ватыкан», у 60-х гадох пад псеўданiмам В. Карасевiч з'яўляюцца ягоныя гiстарычныя артыкулы ў чыкагскiм навуковым беларускiм часопiсе ''Litva'', памёр у Рыме ў 1978 годзе), але ўсе яны сведчаць аб палымяным патрыёце, галоўная думка якога была пра Беларусь. Цi не пераканаўчае сведчанне памкненняў шчырага сэрца - i беларускi пераклад гэтага сусветнавядомага раману. Трэба сказаць, што праца ксяндза П.Татарыновiча выйшла ў свет крыху незвычайна - па-беларуску, але не кiрылiчным шрыфтам, а лацiнiчным.

Незвычайна для нас, але звычайна для тых, хто выхоўваўся на двухварыянтнай «Нашай нiве», хто чытаў выдаваныя i кiрылiчным, i лацiнiчным шрыфтам творы Ф.Багушэвiча, Я.Коласа... I беларускi «Quo Vadis» выйшаў лацiнкай не таму, што ў Рыме не знайшлося кiрылiчнай друкарнi (там нават у свой час выдаваўся кiрылiцай часопiс «Хрысцiянскiя навiны»), а таму, што так апрацаваў кнiгу перакладчык, якому лацiнка была блiжэйшая. Пётр Татарыновiч i свой пераклад «Бiблii» ды нават згаданы вышэй аўтограф пiсаў лацiнкаю.

Каб прапанаваць працу ксяндза П.Татарыновiча айчыннаму масаваму чытачу, давялося ўсё ж зрабiць транслiтарацыю тэкста. У вынiку сучаснай моўнай палiтыкi лацiнка iстотна была адсунута ад масавага чытача, таму падобныя ранейшыя выданнi захоўваюцца цяпер хiба як адметы часу i, мабыць, са спадзевай, што iнтэлект адукаванага беларуса калi-небудзь вернецца да свабоднага валодання абодвума варыянтамi графiчнага афармлення нашае мовы.

Трэба хiба зазначыць, што транслiтарацыя рабiлася без iнтэрвенцыi ў стылiстычную стыхiю перакладчыка. Адно, што адчула змены,- гэта граматыка, бо лацiнка паводле нормаў Б.Тарашкевiча трансфармавалася ў кiрылiцу не «тарашкевiцкую». Прапануемае выданне рыхтавалася з улiкам бытуючых цяпер нормаў правапiсу: гэта i графiчна не выяўленая мяккасць зычных (не жыцьцё, пацьвярджэньне, а жыццё, пацвярджэнне), i iншая форма дапасавання разнастайных моўных марфем (па-добраму, быў бы замест падобраму, быўбы).

Разам з тым трэба зазначыць, што ў беларускiм тэксце Татарыновiча нярэдка сустракаюцца вiдочныя паланiзмы, русiзмы (эвентуальна, быстрэйшая, зыск). Дзеля захавання стылiстыкi аўтара мы пакiдалi iх, але ў выпадках, калi ён ужывае побач з барбарызмамi i словы iставетна беларускiя, захоўваючы стыль, мы рабiлi ўшчыльненне беларускай стыхii за кошт арсеналу выяўленчых сродкаў самога перакладчыка (скажам, у большасцi выпадкаў, хоць не ўва ўсiх, быстрэйшая заменена на хутчэйшую).

Так што Татарыновiчава праца ў гэтым выданнi засталася працай менавiта Татарыновiча, у якой паўстае выразна адметная беларуская моўная стыхiя. Зразумела, можна было б зрабiць дасканала бясспрэчны пераклад, i такi мо яшчэ з'явiцца на беларускiх кнiжных даляглядах, як з'яўлялiся па-беларуску «Пан Тадэвуш» А.Мiцкевiча (у двух поўных перакладах), «Песня пра зубра» М.Гусоўскага (у трох перакладах), «Гамлет» У.Шэкспiра (у двух перакладах) i г.д. Але цяперашнi выхад у свет працы менавiта гэтай разам з падставамi для спрэчак нясе ў сабе i процьму адкрыццяў, цэлую скарбонку моўных перлiнаў, якiя без П.Татарыновiча маглi б проста згубiцца, збеднiўшы наш iнтэлектуальны патэнцыял.

Скажам, слова харавод, аказваецца, не абавязкова патрабуе замены на карагод, бо па-беларуску можа абазначаць зусiм iншае паняцце - кiраўнiк хору, дырыжор. А вось яшчэ яскравы прыклад: здавалася, ужо зусiм трывала прапiсалiся ў беларускай мове, асаблiва цераз прэсу, такiя ўварванцы-чужынцы, як мядуза, вустрыца, бахрама. Нават калькаванне iх адбываецца самым барбарскiм спосабам - без iстотных адаптацыяў у нашай мове. П.Татарыновiч жа знаходзiць сапраўдныя дыяменты, якiя зусiм не патрабуюць для беларуса чужынскiх запазычанняў: мядузу ён называе красамоўным словам лямпрыска, для вустрыцы адшукаў выразны беларускi адпаведнiк астрыга, а няпэўная ў нашай мове бахрама ў яго прыгожа называецца фрэндзлямi.

Мова П.Татарыновiча, нягледзячы на прысутнасць пэўнай долi варварызмаў (цi барбарызмаў), нясе ў сабе не толькi фрагментарнае адчуванне iставетнай беларускасцi ў асобных удалых словах, але i выяўляе цэлую структуру, нават сiстэму структур, хай сабе новую, татарыновiцкую, але глыбока беларускую. Да прыкладу, ён не скажа «закаханы ў Крэсыду», робячы з беларускiх словаў расейскiя моўныя канструкцыi, а шукае непаўторнага гучання па-беларуску ўсяго паняцця, i жывая моўная практыка падказвае яму - «закаханы ў Крэсыдзе». Нават вядомыя ўжо ў практыцы беларускай мовы паняццi ў Татарыновiча знаходзяць новыя формы выяўлення: скажам, пра паважную, мерную гутарку аднаго з персанажаў раману ён зазначае, што той «гаварыў зпавагу», а «нарожны дом» у яго - гэта зусiм не абдрукоўка ад наружнага, вонкавага, а проста дом, якi стаiць на рагу вулiцы. Калi чалавек страцiў прытомнасць, а яго спрабуюць вярнуць да жыцця, дык насамперш прыбягае ў голаў найменне гэтаму - апрытомлiваць. Татарыновiч жа не йдзе механiчным канструктывiсцкiм шляхам, знаходзячы жывое слова чулiць.

Калi зноў жа звярнуць увагу на барбарызмы ў лексiцы перакладу П.Татарыновiча, дык нельга не адзначыць вiдочнае iмкненне беларусiзаваць тыя чужародныя запазычаннi, з-за чаго часам паўстаюць цiкавыя i выразныя неалагiзмы. Скажам, польскае na razie (у гэты момант, пакуль) у яго ператварылася ў беларускае нараз. I гэта, бадай, больш натуральна ўжываецца ў структуру беларускае мовы, чым грувасткая шматслоўнасць у гэты момант. Напрыклад: «Нараз устаў, скiнуў з сябе тогу...»

Па шчырасцi, гарманiчнасць структуры мовы П.Татарыновiча настолькi моцна ўплывае на чытача, што, прынамсi, у мяне асабiста, тройчы прачытаўшага гэтую кнiгу, ужо не павернецца язык сядравы дзень назваць звыкла халодным, пасербаў пасынкамi, пажогу - абпаленым матэрыялам. Нават калi даводзiцца клясцiся ўсiмi святымi, я скажу проста, па-татарыновiцку: «На ўсiх святых!»

Асобна трэба звярнуць увагу на тое ў мове перакладчыка, што перакладу не падлягае: на iмёны i назвы. У гэтым пытаннi i ў свеце не выпрацавана адзiнай пазiцыi. Асаблiвую цяжкасць складаюць старажытнагрэцкiя й старажытнарымскiя iмёны. Скажам, беларускi перакладчык-элiнiст Ян Пятроўскi, што жыве на Фларыдзе, ужывае формы Сакратэс, Пратагорас, Пармэнiдэс. Гэтыя iмёны сустракаюцца i ў «Quo Vadis», але гучаць ужо iначай: Сакрат, Пратагор, Пармэнiд. У каго тут памылка?

Цiкава, што па выхадзе беларускiх перакладаў Яна Пятроўскага прыгаданы вышэй пiсьменнiк Кастусь Акула адгукнуўся нават эпiграмай:

...Адзiн наш доктар-тэалог
Пастанавiць нiяк не мог:
Пiсаць Сакратэс? Сакратус?
Людзей загнаў тым у канфуз...

I хоць эпiграма тая не беспадстаўная, наўрад цi пытанне трэба ставiць гэтак катэгарычна. У гэтай кнiзе чытач таксама сустрэне персанажы, якiх называюць то Хiлон Хiланiд - то Хiлон Хiланiдэс, то Сэнэцый - то Сэнэцыён, якога пры тым трэба не зблытаць з Сэнэкам. Мо i Татарыновiч «пастанавiць нiяк не мог»? Ды наўрад цi трэба тут шукаць унiформаў ды абвiнавачваць у памылковасцi. Бо й самi героi раману абмяркоўваюць гэтыя праблемы, турбуючыся, чаму Рымская iмперыя дазваляе грэкам перайначваць рымскiя iмёны... Дык што дзiвiцца, калi Геракл праз Гераклеса лёгка становiцца Геркулесам? Рымская iмперыя жыла шматмоўем, наблiжаным да трасянкi, чым i тлумачацца розначытаннi ў тэксце раману, да выяўлення якiх iмкнуўся яўна не кожны перакладчык. Мiмаволi цi свядома ў перакладзе Татарыновiча адбiлася рэальная моўная сiтуацыя старажытнага Рыму, якi паступова страцiў не толькi сваё светаўладства, але i сваю мову.

Ну а такiя разыходжаннi ў напiсаннi назваў, як Гiшпанiя - Iспанiя, сцыты скiфы i г.д., выклiканы папросту суб'ектывiзмам кожнага народу ў асэнсаваннi пэўных гукавых спалучэнняў ды яшчэ ў рознай графiчнай афарбоўцы, дзе адзiнства апрыёры не можа быць. Варта зазначыць хiба, што ў выбары адпаведных варыянтаў з гэтага шырокага спектру П.Татарыновiч спынiўся на тых, якiя найбольш блiзка адпавядаюць фанетыцы беларускай мовы.

Такiм чынам, перад чытачом кнiга, якая з'яўляецца скарбам шматкротна памножанай каштоўнасцi: яна бо знаёмiць з скарбам сусветнай лiтаратуры, дэманструе моц творчай скарбонкi нашай нацыянальнай дыяспары ў свеце, пашырае скарбнiцу нашага гiстарычнага светаўяўлення i фармуе гэта сродкамi, якiя ўзбагачаюць наш нацыянальны моўны скарб. Беларусы разам з усiм светам святкуюць юбiлеi гэтага скарбу - дзесяцiгоддзi, стагоддзi, тысячагоддзi,.. але далучаюцца да яго ўпершыню шырокай аўдыторыяй. Дык далучаймася!

Вiтаўт МАРТЫНЕНКА

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX