I
Пятронi прачнуўся аж каля паўдня i, як заўсёды, надта знябыты. Надоечы быў на банкеце ў Нэрона, якi працягнуўся аж да позняе ночы. Апошнiм часам ягонае здароўе пачало падупадаць. Сам казаў, што прачынаўся ранiцамi нейкi адранцвелы, з лянiвымi думкамi. Але ранняя купель i масажы спраўных нявольнiкаў разбуджалi быстрэйшую цыркуляцыю крывi, разбурхвалi яго, чуцiлi, вярталi сiлы так, што з олеотокiюм, г. зн. з апошняга купальнага аддзелу, выходзiў шчэ як бы ўскрослы, з вачыма, разыгранымi вясёласцю, адмаладзелы, жыццярадасны, стройны, недасцiглы, што i сам Атон не мог бы з iм зраўняцца - iсны, як яго звалi, «arbiter elegantiarum» [1].
У публiчных лазнях бываў рэдка, хiба здарыўся якi годны подзiву рэтор, акрычаны ў горадзе, або сенсацыйныя баруканнi ў эфебах. Дый меў у сваёй «iнсулi» [2] собскiя купальнi, якiя слаўны супольнiк Сявера, Цэлер, расшырыў яму, перабудаваў i ўладзiў з такiм незвычайным смакам, што сам Нэрон прызнаваў iх лепшыню над цэзаравымi, хоць гэныя былi абшырнейшыя ды непараўнальна пышней уладжаныя.
Пасля гэнага вось банкету, на якiм, знудзiўшыся чаўпнёю Ватынiя, удзельнiчаў поспал з Нэронам, Люканам i Сэнэцыем у дыятрыбе: «Цi жанчына мае душу» - позна ўстаўшы, раскашаваўся, як абыдна, купеллю. Два велiзарныя бальнеатары разлажылi яго на цыпрысавай «мэнсе» [3], накрытай снежным егiпскiм быссам, i намочанымi ў алiве далонямi пачалi нацiраць яго стройнае цела, а ён, заплюшчыўшы вочы, чакаў, пакуль цяпло ляконiкум ды цяпло iхнiх рук увойдзе ў яго ды разжане немарасць. Незабаўна пачаў гутарыць, расплюшчыў вочы i давай распытваць аб пагодзе, аб гэммах, якiя залатар Iдумен абяцаў яму прыслаць на сяння да агляду. Аказалася, што пагода харошая з лёгкiм подыхам ад Альбанскiх гор, а гэммы не прыйшлi. Пятронi зноў зачынiў вочы i выдаў загад перанясцiся ў тэпiдарыюм, аж тут з па-за котары выхiляецца «nomenclator» [4]i звяшчае, што малады Марк Вiнiць, прыбылы нядаўна з Малой Азii, прыйшоў яго адведаць.
Пятронi загадаў прасiць гасця ў тэпiдарыюм, куды й сам перанёсся. Вiнiць быў сынам ягонай старэйшай сястры, што выйшла за Марка Вiнiцiя, консула з часаў Тыбэрыевых. Маладзён служыў цяпер пад камандай Карбулона процi Партаў i па вайне вяртаўся ось дамоў. Пятронi чуў да яго пэўную слабасць, ледзь не прывязанасць. Бо Марк быў прыстойны i атлетычны юнак ды меў пэўную эстэтычную меру ў балаўстве, што Пятронi надусё цанiў.
- Прывет Пятронiю,- адазваўся малады ваяк, уваходзячы бадзёра ў тэпiдарыюм,- ды спагад багоў, злашча Асклепiёса i Кiпрыды, пад апекай якiх нiчога благога табе не станецца.
- Вiтаю цябе ў Рыме, хай жа супачынак па вайне салодкiм табе будзе,- адказаў Пятронi, выцягаючы рукi з-пад мяккае карбасовае тканiны, якою быў ахiнуты,- што чуваць у Арменii, ды цi, будучы ў Азii, не заязджаў у Бiтынiю? Пятронi быў калiсь загадчыкам Бiтынii й сапраўды гаспадарыў там энергiчна й справядлiва. Гэта было супярэчным з характарам чалавека ажанчэлага й распешчанага роскашамi - таму так любiў успамiны тых часоў, яны бо паказвалi, чым бы ён мог быць, каб захацеў.
- Здарылася мне пабываць у Гераклеi,- адказаў Вiнiць.- Выслаў мяне туды Карбулон на пошукi падмогi.
-Ах, Гераклея! Знаў я там адну дзяўчыну з Калхiды, за якую аддаў бы ўсе тутэйшыя разводкi, не вылучаючы й Папеi. Але гэта даўнейшыя дзеi. Кажы лепш, што чуваць з партаўскага боку. Нудзяць мяне, праўду кажучы, гэныя ўсе Валохесы, Тырыдаты, Тыгрынэсы ды ўся тая барбарыя, што дома ў сябе поўзае шчэ ракам, як той Арулан казаў, а толькi перад намi строiць людзей. Але цяпер многа аб iх у Рыме гутаркi, можа й дзеля таго, што аб чым iншым не надта й бяспечна гутарыць.
- Дрэнна вядзецца гэта вайна: каб не Карбулон, магла б змянiцца ў катастрофу.
- Карбулон! На Бакха! Гэта сапраўды бог вайны, iстны Марс: вялiкi ваяк, адначасна ж закатны, чэсны й дурны. Люблю яго хоць бы й дзеля таго, што Нэрон яго баiцца.
- Карбулон не ёсць чалавекам дурньм.
- Можа й праўду кажаш, хоць усё адно. Дурната, як кажа Пырон, нiчым не горша ад мудрасцi ды нiчым ад яе не рознiцца.
Вiнiць пачаў расказваць пра вайну, але як Пятронi прыплюшчыў вочы, юнак, бачачы яго немарасць i зблажанне твару, змянiў гутарку й давай распытваць пра здароўе.
Пятронi зноў расплюшчыў вочы.
Здароўе!.. Не. Ён не чуўся здаровым; не дайшоў шчэ, праўда, да таго, да чаго дайшоў малады Сысэн, якi так ужо загубiў пачуццё, што, як пераносiлi яго ў лазню, пытаў: «Цi я сяджу?» - але не быў здароў. Вiнiць аддаў вось яго пад апеку Асклепiёса й Кiпрыды. Але ён, Пятронi, не верыць у Асклепiёса. Няведама бо нат, чыiм быў сынам гэны Асклепiёс: цi Арсiноэ, цi Каранiды, а калi мацi няпэўная, што ж казаць пра бацьку. Хто цяпер можа ручацца нат за свайго собскага родзiча!
Тут Пятронi пачаў смяяцца, пасля гаварыў далей:
- Паслаў, праўда, два гады таму ў Эпiдаўрус тры дванаццаткi пашкотаў i кубак золата, толькi ведаеш чаму? От сказаў сабе: паможа не паможа, але й не зашкодзiць. Калi людзi на свеце яшчэ даюць багом ахвяры, то хiба ўсе так думаюць, як я. Усе! З выняткам, можа, мулавозаў, што наймаюцца падвозiць падарожных пры Порта Капэна. Апрача Асклепiёса меў я справы таксама й з Асклепiядамi, як летась хварэў на пухiр. Адпраўлялi за мяне iнкубацыi. Я ведаў, што гэта абармоты, але таксама думаў сабе: што мне гэта шкодзiць! Свет стаiць на абармоцтве, а жыццё ёсць iлюзiяй. Душа таксама- здань-мара. Трэба, аднак, мець столькi розуму, каб адрознiваць раскошныя мары ад прыкрых. У маiм гiпокаўстэрыi палю цэдравым дрэвам, пасыпаным амбраю, бо пах у жыццi лепш люблю, чым затху. Што да Кiпрыды, якой таксама мяне ты паручаў, дык пачуў апеку ейную над сабою настолькi, што вось маю шчыпанне ў правай назе. Хоць гэта добрая багiня! Думаю, што ты панясеш раней цi пазней белыя галубкi на ейны алтар.
- Здаецца так,- пацвярджае Вiнiць.- Не дасягалi мяне стрэлы Партаў, затое трапiла ў мяне астрыё Амура... неспадзявана, некулькi стаяў перад брамаю гораду.
- На белыя каленi Харытак! Раскажаш мне гэта свабоднаю парою,- кажа Пятронi.
- Менавiта прыйшоў да цябе параiцца,- адказвае Марк. Але ў той хвiлiне ўвайшлi эпiлятары, якiя ўзялi Пятронiя, Марк жа, скiнуўшы тунiку, занурыўся ў летнюю ванну, бо Пятронi запрасiў яго да купальнi.
- Ах, не пытаю нат, цi маеш узаемнасць,- адказаў Пятронi, любуючыся маладою, нiбы з мармуру выкананай фiгурай Вiнiцiя.- Каб Лiзып быў цябе бачыў, ухарашаў бы ты цяпер Палатынскую браму, як статуя Геркулеса ў маладым веку.
Юнак усмiхаўся ад задавальнення й пачаў занурацца ў ванне, расхлюстваючы пры тым буйна цёплую ваду на мазаiку Геры, просячай Сон, каб закалыхаў Зэўса. Пятронi песцiў яго з прыемнасцю вокам артыстага. Як скончыў i аддаўся пасля эпiлятарам, увайшоў лектар з бронзавай скрынкай на жываце i скрутамi паперы ў ёй.
- Хочаш паслухаць? - спытаў Пятронi.
- Калi гэта твой твор, ахвотна! - адказаў Вiнiць.- А калi не, то лепш пагутарым. Паэты ловяць сяння людзей на ўсiх рагох вулiц.
- А як жа. Не пройдзеш ля нiякай базылiкi, ля тэрмаў, бiблiятэкаў цi кнiгарняў, не спаткаўшы паэта, жэстыкулюючага бы малпа. Агрыпа, як прыехаў сюды з Усходу, думаў, гэта ачмуцелыя. Але цяпер такiя ўжо часы. Цэзар пiша вершы, дык усе йдуць у ягоныя сляды. Няможна толькi пiсаць вершаў лепшых, чым цэзаравы, i з гэтай прычыны крыху пабойваюся за Люкана... Я пiшу прозаю, ёю, аднак, не частую анi сябе самога, анi iншых. Тое, што лектар меў чытаць, гэта былi кадыцыллi таго беднага Фабрыцыя Вэента.
- Чаму «беднага»?
- Бо яму загадана, каб пагуляў у Адысея й не вяртаўся дамоў аж да новага загаду. Гэтая Адысея настолькi яму будзе лягчэйшай, чым Адысею, што жонка яго не ёсць Пэнелопай. Дый цi ж трэ табе казаць, што паступiлi з iм па-дурному. Але тут нiхто йнакш як павярхоўна не ацэньвае рэчаў. Гэта даволi пусценькая й нудная кнiжка, якую пачалi прагавiта чытаць толькi тады, як аўтара выгналi. Цяпер з усюль чуваць: «Скандал! Скандал!», i, быць можа, некаторыя рэчы Вэент зфантаз'яваў, але, знаючы наш народ, нашых патрэс i нашых жанчын, заручаю табе, што ўсё гэта шчэ не дараўняла рэчаiснасцi. Разумеецца, кажны там шукае цяпер сябе з трывогаю, а знаёмых з прыемнасцяй. У кнiгарнi Авiруна сто скрыбаў перапiсвае дыктаваную кнiжку - i попыт яе запэўнены.
- Тваiх справак там няма?
- Ёсць, толькi аўтар не цэлiў, бо я адначасна й горшы, i менш паскудны, як мяне апiсаў. Мы, бач, тут даўно ўжо загубiлi пачуццё таго, што годнае або нягоднае, i мне самому здаецца, што сапраўды гэнай рознiцы няма, хоць Сэнэка, Мусонi й Трэсэй строяць мiну, быццам яе бачаць. Мне дык усё роўна, на Геркулеса! Кажу тое, што думаю! Але я захаваў тую вышэйшасць, што магу адрознiць брыдоту ад прыгаства, а таго, напрыклад, наш рудабароды паэт, фурман, пяюн, танцор i актор - не цямiць.
- Шкада мне, аднак, Фабрыцыя! Гэта добры таварыш.
- Згубiла яго самалюбства. Кожны яго падазраваў, але нiхто добра не ведаў, на бяду - ён сам не мог вытрымаць i на ўсе бакi разгаласiў «пад сакрэтам». Цi ты чуў гiсторыю Руфiна?
- Не.
- То пяройдзем у фрыгiдарыюм, крыху ахалодзiмся й раскажу табе яе. Перайшлi ў фрыгiдарыюм, пасярод якога бiў угору вадалiў, акрашаны ясна-ружовым колерам, разносячы пах фiялкаў. Там паселi ў нiшах, павысцiланых шоўкам, i пачалi халадзiцца. Хвiлiнку маўчалi. Вiнiць углядаўся на бранзовага Фаўна, што, перагнуўшы сабе цераз плячо нiмфу, шукаў прагавiта вуснамi ейных вуснаў, пасля кажа:
- Гэты добра робiць. Во што найлепшае ў жыццi.
- Больш-менш! Але апрача таго кахаеш вайну, якой я не люблю, ногцi бо пад палаткамi пукаюцца й губяць сваю ружаву. Але кожны мае свае ўпадобы. Рудабароды любiць песнi, злашча свае собскiя, а стары Скаўр сваю вазу карынфскую, якая ўначы стаiць пры ягоным ложку i якую цалуе, калi не можа спаць. Выцалаваў ужо ейныя берагi. Скажы, а ты ж не пiсаў вершаў?
- Не, не згарадзiў нiколi анiводнага гекзаметру.
- I не граеш на лютнi ды не пяеш?
- Не.
- А не ездзiш?
- Быў на перагонках калiсь у Антыохii, але не пашанцавала.
- Тады я аб табе спакойны. А да якога староннiцтва належыш у гiпадроме?
- Да зялёных.
- Тады я зусiм спакойны, тым больш, што хоць маеш вялiкую маёмасць, але не так багаты, як Палас або Сэнэка. Бо, бач, у нас цяпер добра пiсаць вершы, пяяць пры лютнi, дэкламаваць i ездзiць навыперадкi ў цырку, але яшчэ лепш ды бяспечней не пiсаць вершаў, не граць, не пяяць i не выпераджацца ў цырку. Найлепш умець выказваць подзiў, калi гэта робiць Рудабароды. Ты прыстойны хлопец, тое хiба табе можа толькi пагражаць, што Папея закахаецца ў цябе. Але яна завялiкi мае ў гэтым дослед. Даволi накахалася за першых двух мужоў, дык пры трэцiм ёй расходзiцца пра што iншае. Цi ведаеш, што гэны дурны Атон i дагэтуль кахае да адчаю... Бродзiць там па скалах Гiшпанii ды ўздыхае. I гэтак апрасцеў ды абняхаеўся, што на ўкладанне фрызуры патрабуе цяпер толькi тры гадзiны дзенна. Хто гэтага ад Атона мог спадзявацца.
- Я яго разумею,- адказаў Вiнiць.- Але на яго мейсцы рабiў бы што iншае.
- Што iменна?
- Збiраў бы верныя сабе легii з тамашнiх горцаў. То хвацкiя ваяры, тыя iберыйцы.
- Вiнiць! Вiнiць! Хочацца сказаць табе, што ты да гэтага не быў бы здольны. А ведаеш чаму? Такiя рэчы робяцца, але аб iх не гаворацца нат умоўна. Я кпiў бы на ягоным мейсцы з Папеi, кпiў бы з Рудабародага i фармаваў бы сабе легii, толькi не з iберыйцаў, а з iберыек. Эвентуальна, пiсаў бы эпiграмы, якiх, пэўна ж, не адчытваў бы нiкому, як небарак Руфiн.
- Ты ж манiўся мне расказаць ягоную гiсторыю.
- Раскажу табе ў унктуарыюме. Але ў унктуарыюме цiкавасць Вiнiцiя звярнулася на што iншае, менавiта на чароўныя нявольнiцы, якiя чакалi там на купальнiкаў. Дзве з iх, негрынкi, нiбы стройныя гебановыя статуi, пачалi масцiць iхняе цела арабскiмi пахнiдламi, iншыя, спрытныя часальнiцы, фрыгiйкi, трымалi ў мяккiх i гнуткiх, бы вужы, ручонках палiраваныя сталёвыя люстры й грабянi, а дзве, ну проста як багiнькi, дзяўчаткi з Кос чакалi, як «vaestiplicae» [5], на статуэтнае ўкладанне тогаў.
- На Зэўса-Хмараўлада! - не вытрымаў Марк.- Якi тут у цябе кветнiк!
- Лепшы выбар, чым лiк,- адказаў Пятронi.- Уся мая фамiлiя ў Рыме маець не больш як чатырыста галоў, i, думаю, да асабiстае прыслугi дарабковiчы хiба патрабавалi б болей.
- Прыгажэйшых русалак хiба й Рудабароды не мае,- казаў, раздымаючы ноздры, Вiнiць.
На гэта Пятронi з прыязнаю абыякавасцю адказвае:
- Ты мой сваяк, а я не такi няўжытак, як Басс, анi такi педант, як Аўл Плаўт...
Але Вiнiць, пачуўшы гэтае апошняе iмя, забыў на хвiлiну пра русалкi з Кос i, сцяпянуўшы галавою, спытаў:
- Скуль табе прыйшоў у голаў Аўл Плаўт? Цi ведаеш, я, выбiўшы руку пад горадам, прабыў колькiнаццаць дзён у iхнiм доме. Здарылася, што Плаўт праязджаў у момант прыпадку i, убачыўшы маё цярпенне, забраў мяне да сябе, а там ягоны нявольнiк, лекар Мiрмiён, вылячыў мяне. Аб гэтым хацеў з табою гутарыць.
- Чаму? Цi не закахаўся прыпадкам у Пампонiю? Тады шкада было б цябе: не маладая дый цнатлiвая! Не ўмею сабе ўявiць горшага, чым гэта спалучэнне. Брр!
- Не ў Пампонiю, эгэў! - перабiвае Вiнiць.
- Ну, то ў каго ж?
- Каб жа я сам ведаў, у каго. Атожбо нат добра не ведаю, як iмя? Лiгiя цi Калiна? Дома завуць яе Лiгiяй, родам бо з народу лiгаў, а ейнае барбарскае iмя Калiна. Дзiўны сапраўды дом гэтых Плаўтаў: роiцца ў iм, а цiха, як у гаёх Субякума. Праз колькiнаццаць дзён не ведаў я, што жыве ў iм боства. Аж раз на свiтаннi ўгледзеў яе, як мылася пры агародным вадалiве, i прысягаю табе на гэную пену, з якой паўстала Афрадыта, што касулi ранняе заранiцы прасвятлялi навылет ейнае цела. Здавалася, як сонца ўзойдзе, то яна расплывецца мне ў святле, як расплываецца заранiца. Ад той пары я бачыў яе двойчы, i ад тае пары я не знаю, што такое супакой, не знаю iншых пажаданняў, не хачу бачыць, што можа мне даць горад, не хачу жанчын, не хачу золата, не хачу медзi карынфскай, нi бурштыну, нi перлаў, нi вiна, нi банкетаў, толькi жадаю Лiгii. Кажу табе шчыра, Пятронi, што тужу па ёй, як тужыў той Сон на мазаiцы ў тваiм тэпiдарыюм за Пейсытаю, тужу цэлымi днямi й начамi.
- Калi гэта нявольнiца, то выкуп яе.
- Яна не ёсць нявольнiцай.
- А кiм жа ёсць? Вызвольнiцаю Плаўта?
- Не будучы нiколi нявольнiцай, не магла быць вызвалена.
- Дык?..
- Не ведаю: каралеўскаю дачкою цi нешта падобнае.
- Зацiкаўляеш мяне, Вiнiць.
- Але калi хочаш мяне паслухаць, зараз заспакою тваю цiкавасць. Гiсторыя не надта даўгая. Ты мо асабiста знаў Ванiя, караля Свеваў, каторы як згнаннiк з краю доўгi час прабываў тут, у Рыме, а нат праславiўся шчаслiваю йгрой у косцi й лоўкаю яздою. Цэзар Друзус пасадзiў яго зноў на трон. Ванiй, якi iставетна быў моцным чалавекам, спачатку добра гаспадарыў i вёў шчаслiвыя войны, пасля, аднак, зачаў надта абдзiраць не толькi суседзяў, але i ўласных свеваў. Тады Ванг i Сiдо, сястрынцы ягоныя, а сыны Вiбiлiя, караля Германдураў, пастанавiлi змусiць яго, каб зноў паехаў у Рым... прабаваць шчасця ў гульнi.
- Памятаю, гэта Клаўдыевы, нядаўныя часы.
- Але пачалася вайна. Ванiй прызваў на падмогу языгаў, а ягоныя малыя сястрынцы- лiгаў, якiя, пачуўшы пра багацтвы Ванiя ды звабленыя спадзевай нажывы, прыйшлi ў такiм лiку, што сам цэзар Клаўдый не хацеў мяшацца ў войны барбараў, напiсаў, аднак, Атэлiю Гiстэру, якi камандаваў наддунайскай легiяй, каб сачыў ход вайны i не дазволiў парушыць наш супакой. Гiстэр зажадаў тады ад лiгаў, каб прыраклi, што не парушаць гранiцы, на гэта яны не толькi згадзiлiся, але далi закладнiкаў, мiж якiх былi жонка й дочанька iхняга князя-ваяводы... Табе ж ведама, што барбары йдуць на вайну з жонамi й дзяцьмi. Вось жа мая Лiгiя i ёсць дочанькай таго князя-караля.
- Скуль гэта ведаеш?
- Казаў мне гэта сам Аўл Плаўт. Лiгi не перайшлi тады, праўда, гранiцы, але барбары прыходзяць, моў бура, i ўцякаюць, моў бура. Так знiклi й лiгi з сваiмi рагамi тураў на галавах. Збiлi Ванiевых свеваў i языгаў, але князь iхнi быў забiты, тады адыйшлi з здабычамi, а закладнiчкi засталiся ў руках Гiстэра. Матка скора ўмярла, а дзiця Гiстэр, не ведаючы, што з iм рабiць, адаслаў да загадчыка ўсяе Германii, Пампонiя. А той пасля вайны з каттамi вярнуўся ў Рым, дзе Клаўдый, як табе ведама, пазволiў зладзiць яму трыумф. Дзяўчына йшла тады за возам пераможцы, але пасля манiфестацыi й Пампонiй таксама не ведаў, што з закладнiчкаю рабiць, бо закладнiцаў не можна было ўважаць за нявольнiц, дык аддаў яе сваёй сястры Пампонii Грэцыне, жонцы Плаўта. У гэным доме, дзе ўсё, пачаўшы ад гаспадароў, а канчаючы на птастве ў курнiку, ёсць цнатлiвае, вырасла на дзяўчыну, на жаль, так цнатлiвую, як сама Грэцына, ды так прыгожую, што нат Папея выглядала б пры ёй, як вясенняя фiга пры гiсперыйскiм яблыку.
- Ну, i што?
- Ну, i кажу табе, што ад тае хвiлiны, як аглядаў яе прасветленую касулямi пры вадалiве, закахаўся да адчаю.
- Дык так, знача, празрыстая, як лямпрыска, або як маладая сардынка?
- Не жартуй, Пятронi, а калi цябе зводзiць свабода, з якою сазнаюся табе з маiх пажаданняў, ведай аб тым, што ясная тога часам глыбокiя раны пакрывае. Мушу табе таксама сказаць, што, вяртаючыся з Азii, праспаў я адну ноч у святынi Мопса, каб мець варожбны сон. Вось жа з'явiўся мне ў сне сам Мопс i запавясцiў, што ў жыццi маiм даканаюцца вялiкiя перамены праз каханне.
- Чуў я ад Плiнiя, што не верыць у багоў, толькi верыць у сны, i, можа, праўду кажа. Мае жарты не перашкаджаюць мне часамi думаць, што сапраўды ёсць толькi адно боства, вечнае, усёўладнае, творчае, Venus Genitrix [6]. Яна канцэнтруе душы, канцэнтруе целы ды рэчы. Эрос вывеў свет з хаосу. Цi добра зрабiў, то iншая справа, але калi так ёсць, то мусiмы прызнаць ягоную магутнасць, хоць можна яе й не багаславiць...
- Ах, Пятронi! Лягчэй фiлязафаваць, як даць добрую раду.
- Скажы мне, чаго ты фактычна хочаш?
- Хачу мець Лiгiю. Хачу, каб гэтыя рукi мае, якiя абнiмаюць цяпер толькi паветра, маглi абняць яе ды да грудзей прыцiснуць. Калi б была нявольнiцай, даў бы за яе Аўлу сто дзевак з пабеленымi вапнаю нагамi, на знак, што iх першы раз вывелi на продаж. Хачу мець яе ў маiм доме датуль, пакуль галава мая не збялее, бы чуб Саракта.
- Яна не ёсць нявольнiцай, але ўсё ж належыць да Плаўтавай фамiлii, i можа быць уважаная за алюмну [7], бо ёсць пакiнутым дзiцём. Плаўт мог бы табе яе адступiць, каб хацеў.
- То хiба не знаеш Пампонii Грэцыны? Дый абое да яе прывыклi, як да собскага дзiцяцi.
- Пампонiю знаю. Iстны цыпрыс. Каб не была жонкаю Аўла, можна б яе наймаць на плачку. Ад смерцi Юлii не скiнула цёмнае столы ды наагул выглядае, якбы шчэ жывучы хадзiла па лузе, зарослым асфодэлямi. Ёсць пры тым «univira» [8], дык мiж нашымi чатыры- й пяцiкратнымi разводнiцамi ёсць адначасна фенiксам... Але!.. Цi чуў, што фенiкс, мабыць, сапраўды цяпер выклюнуўся ў Егiпце? Гэта яму здараецца не часцей, як раз на пяцьсот год.
- Пятронi! Пятронi! Аб фенiксе пагутарым калi йнакш.
- Што ж я табе, мой Марк, скажу. Знаю Аўла Плаўта, якi хоць ганiць мой спосаб жыцця, але чуе адносна мяне пэўную слабасць, а можа нат паважае мяне больш, чым iншых, ведае бо, што я нiколi не быў даносчыкам, як, напрыклад, Дамiцыус Афэр, Тыгэлiн ды цэлая банда прыхвасняў Рудабародага. Не строячы пры тым з сябе стоiка, я не раз крывiўся на паступкi Нэрона, на каторыя Сэнэка й Бурр глядзелi праз пальцы. Калi спадзяешся, што я магу нешта для цябе ў Аўла выманiць - гатоў на паслугi табе.
- Думаю, што можаш. Ты маеш на яго ўплыў, а пры тым розум твой знайдзе найвычарпальныя спосабы. Каб ты так зарыентаваўся ў сытуацыi ды пагутарыў з Плаўтам...
- Замнога рахуеш на мой уплыў i досцiп, але калi толькi пра гэта расходзiцца, пагутару з Плаўтам, як толькi перанясуцца ў горад.
- Яны ўжо вярнулiся два днi таму.
- Тады хадзем у трыклiнiюм, дзе чакае нас снеданне, а пасля, падмацаваўшыся, загадаем занясцiся да Плаўта.
- Ты заўсёды быў для мяне мiлы,- выказвае радасць Вiнiць,- але цяпер пастаўлю хiба табе статую мiж маiмi лярамi - от такую стройную, як гэта - i буду складаць ёй ахвяры.
Гэта кажучы, абярнуўся да статуяў, што ўхарашалi цэлую адну сцяну пахучае святлiцы, i паказаў рукою на фiгуру Пятронiя, прадстаўляючую яго як Гермеса, з посахам у далонi. Потым дакiнуў:
- На святло Гелiёса! Калi «боскi» Аляксандр быў да цябе падобны,- няма чаго дзiвiцца Гэлене.
I ў гэтым воклiчу было столькi ж шчырасцi, колькi й падхалiмства. Пятронi бо, хоць старэйшы й менш атлетычны, прыгажэйшы быў за Вiнiцiя. Жанчыны ў Рыме любавалiся не толькi ягоным гнуткiм розумам i густам, за якi называлi яго арбiтрам элеганцыi, але i целаскладам. Любаванне тое вiдаць нат на тварах тых дзяўчатак з Кос, адна з якiх, iмем Эўнiка, сукрыта яго кахаючая, глядзела яму ў вочы з пакорай i захапленнем.
Але ён не звяртаў на гэта ўвагi, толькi, ухмыльнуўшыся да Вiнiцiя, пачаў у адказ цытаваць яму сказы Сэнэкi аб жанчынах: «Animal impudens» [9] i г.д. Пасля, абняўшы яго рукою цераз плячо, павёў у трыклiнiюм.
У унктуарыюме дзве грэцкiя дзяўчыны, дзве фрыгiйкi й дзве негрынкi зачалi спратваць эпiлiхнii з пахнiдламi. Але ў тым жа моманце з па-за адхiленай котары паказалiся з фрыгiдарыюма галовы бальнеатараў i разляглося прыцiшанае: «Псст!» На гэта адна з грэчынак, фрыгiйкi ды дзве этыёпкi, падбегшы хутка, знiклi вомiг за котарай. У тэрмах пачыналася балаўство й распуста, якое iнспектар не спыняў, бо й сам часта ў падобнай гульнi ўдзельнiчаў. Дагадваўся аб iх i Пятронi, але як чалавек паблажлiвы ды не любячы караць глядзеў на гэта праз пальцы.
Асталася ў унктуарыюме толькi Эўнiка. Праз хвiлiну наслухоўвала адыходзячыя ў кiрунку ляконiкума галасы й смех, пасля, узяўшы выкладзены бурштынам i слановаю косцю столяк, на якiм сядзеў перад хвiлiнаю Пятронi, прысунула яго да ягонай статуi. Поўна было ў унктуарыюме сонца й красак, што адбiвалiся ад вясёлкавых мармураў, якiмi вылажаны былi сцены. Эўнiка ўспялася на столяк i, зраўняўшыся з статуяй, раптоўна закiнула ёй рукi на шыю ды плечы, пасля, адкiнуўшы назад свае залатыя валасы ды прытуляючы ружовае цела да белага мармуру, пачала прыцiскаць захопна губкi да халодных вуснаў Пятронiя.
II
Пасля пасiлкавання, якое называлася снеданнем, а якое два сябры спажывалi тады, калi звычайныя смяротнiкi былi даўно ўжо па палуднёвым прандыюме, Пятронi запрапанаваў крыху задрамаць. Водля яго яшчэ было зарана на адведзiны. Ёсць, праўда, людзi, якiя пачынаюць адведваць знаёмых пры ўсходзе сонца, уважаючы ў дадатку гэны звычай за стары рымскi. Але ён, Пятронi, заве яго барбарскiм. Папаўднёвая пара найлепшая тут, не раней, аднак, пакуль сонца не схiлiцца ў сторану святынi капiтолiнскага Ёвiша й не пачне коса паглядаць на Форум. Восенню яшчэ бывае горача й людзi ахвотна дрэмлюць пасля яды. Тым часам мiла паслухаць шуму вадалiву ў атрыюме ды, па абыдных millem passus [10], прыдрамаць у чырвоным святле, працэджаным праз пурпуровае, напаўзацягнутае вэлярыюм [11].
Вiнiць прызнаў рацыю й пачалi прахаджвацца, гутарачы свабодна аб тым, што чуваць на Палатыне i ў горадзе, фiлязафуючы пакрысе аб жыццi. Пасля Пятронi пайшоў у кубiкулюм, але не доўга спаў. Праз паўгадзiны выйшаў i, загадаўшы прынесцi вервены, пачаў раскашавацца ейным запахам ды нацiраць ёю сабе рукi й твар.
- Каб ты ведаў,- кажа,- як гэта цвярозiць i бадзёрыць. Цяпер - я гатоў. Лектыка чакала ўжо даўно, дык уселiся й загадалi несцiся на Вiкус Патрыцыюс [12], у дом Аўла. «Iнсуля» Пятронiя ляжала на паўднёвым узбоччу Палатыну, каля так званае Карынэ, дык найпрасцей iм было нiжэй Forum, але Пятронi манiўся па дарозе зайсцi да залатара Iдумэна, дык загадаў, каб неслi iх праз Вiкус Апалонус i Форум, у бок Вiкус Сцэлератус [13], на рагу якое поўна было ўсялякага роду табэрнаў, крамаў.
Здаравенныя негры паднялi лектыку й рушылi, папераджаныя праз нявольнiкаў, званых педысеквамi. Пятронi раз-пораз нюхаў моўчкi свае пахнучыя далонi й якбы аб нечым надумоўваўся, пасля адазваўся:
- Прыйшло мне ў голаў, што калi твая лясная багiнька не ёсць нявольнiцай, дык магла б кiнуць дом Плаўтаў i перанясцiся да цябе. Атулiў бы ты яе каханнем ды абсыпаў бы багаццем, як я сваю абажаную Хрызатэмiс, якою, мiж намi гаворачы, я ўжо прынамсi нагэтулькi здаволiўся, наколькi яна мною. Марк матнуў галавою.
- Не? - пытае Пятронi.- У найгоршым выпадку справа зачапiлася б за цэзара, а запэўнiваю цябе, што хоць бы й дзеля маiх уплываў Рудабароды быў бы па тваёй старане.
- Не знаеш Лiгii! - адказвае Вiнiць.
- Дык дазволь спытаць, цi ты яе знаеш больш як з погляду? Цi хоць гутарыў ты з ёю? Звяраўся ў каханнi?
- Бачыў яе перш пры вадалiве, а потым спаткаў яе шчэ двойчы. Не забудзь, што падчас побыту ў доме Аўлаў я жыў у наўзбочнай вiлле, прызначанай для гасцей,- i, з выбiтай рукою, не мог садзiцца разам за стол. Аж толькi напярэдаднi майго выезду спаткаў Лiгiю пры вячэры - i не мог слова да яе прагаварыць. Мусiў слухаць Аўлавых расповядаў пра ваенныя перамогi ў Брытанii, пра ўпадак дробных гаспадарак у Iталii, да якога яшчэ Лiцiнiй Сталон намагаўся не дапусцiць. Наагул не ведаю, цi Аўл патрапiць гутарыць аб чым iншым, i не думай, што здалеем ад гэтага выкруцiцца, хiба захочаш слухаць пра сучасную распешчанасць. Яны там маюць у курнiках бажанты, але не ядуць iх водле таго прынцыпу, што кажны з'едзены бажант прыблiжае канец рымскае магутнасцi. Другi раз я спаткаў яе ля паркавай цыстэрны, з свежа вырванай трасцiнкай у ручцы, макаўку якое мачала ў ваду i скроплiвала навакольныя iрысы. Глянь на мае каленi. На шчыт Гераклавы кажу табе - не дрыжалi яны, калi на нашыя манiплы йшлi з выццём хмары партаў, а дрыжалi пры гэнай цыстэрне. I збянтэжаны, моў дзiцянё, што буллу шчэ носiць на шыi, вачыма толькi малiў лiтасцi, доўга не могучы слова выгаварыць. Пятронi глянуў на яго казаў бы з нейкай зайздрасцяй.
- Шчаслiвы,- кажа.- Хоць бы свет i жыццё было найгоршае, адно ў iх астанецца вечна добрае - маладосць!
А па хвiлiне спытаў:
- I не прагаварыў да яе?
- Прагаварыў пасля. Апрытомнеўшы крыху, сказаў, што вяртаюся з Азii, што выбiў руку на прадмесцi й вельмi балела, але ў хвiлiне, калi мне пакiдаць прыходзiцца гэты гасцiнны дом, бачу, што боль у iм больш варты, чым дзе iнакш роскаш, хвароба - больш, чым дзе здароўе. Яна слухала мяне таксама ўзварушаная, спусцiўшы галованьку ды нешта грымзолячы трасцiнаю на пяску. Пасля падняла вочы, шчэ раз зiрнула на тыя накрэсленыя знакi, а потым на мяне, якбы хацела штось спытаць - i ўцякла неспадзявана, як гамадрыяда ад дурнаватага фаўна.
- Павiнна мець чароўныя вочы.
- Як мора. I ўтануў я ў iх, бы ў моры. Вер мне, Архiпелаг менш блакiтны! Неўзабаве прыбег малы Плаўт ды пачаў нешта пытацца. Але я не сцямiў, пра што яму расходзiцца.
- О Афiна! - адазваўся Пятронi.- Здымi гэтаму хлопцу з вачэй заслону, якую завязаў Эрос, iнакш бо голаў сабе расквасiць аб калумну святынi Венеры.
Пасля звяртаецца да Вiнiця:
- О ты, веснавы пупышак на дрэве жыцця, першазелень ты вiнаградная! Мусяў бы замест да Плаўтаў загадаць несцi цябе ў дом Гелоцыя, у дом нежыццясведамых хлапцоў.
- Чаго ты смяешся з мяне?
- А што ж рысавала на пяску? Цi не iмя Амура, цi не пранiзанае стралою сэрца ягонае, або нешта, з чаго мог бы здагадацца, што сатыры ўжо розныя тайны жыцця шапталi гэнай нiмфе? Як жа можна было не пацiкавiцца гэным знакам!
- Перш я ўбачыў тогу, чым табе здаецца,- баронiцца Вiнiць,- i пакуль прыбег малы Аўл, разглядаў я гэныя знакi. Ведаю бо, што i ў Грэцыi, i ў Рыме дзяўчаты не раз рысуюць на пяску вызнаннi, якiх не адважваюцца вымавiць iх вусны. Але згадай, што нарысавала?
- Калi не тое, што я думаў, то не згадаю.
- Рыбу.
- Што?
- Рыбу, кажу. Цi мела гэта азначаць, што ў ейных жылах дагэтуль плыве халодная кроў - не ведаю! Але ты, што абазваў мяне веснавою зеленню жыцця, пэўна лепш патрапiш гэны знак зразумець.
- Царысiмэ! Пра такiя рэчы спытай Плiнiя. Ён знаецца на рыбах. Калi б стары Апiць шчэ жыў, можа б таксама меў бы табе нешта сказаць, бо з'еў у жыццi рыбы больш, чым можа яе адразу змясцiць Неапалiтанская затока.
Але далейшая гутарка перарвалася, уняслi бо iх на ройныя вулiцы, дзе ўсё заглушаў людскi гоман. Праз Вiкус Апалонус звярнулi на Рымскi Форум, дзе пагоднымi днямi перад заходам сонца збiралiся грамады абiбокаў, каб пашвэндацца мiж калюмнаў, падзялiцца навiнамi, паразяўляцца на лектыкi важных людзей, а ўрэшце заглядаць у залатарнi, кнiгарнi, размяняльнi грошай, мануфактурныя крамы, бранзоўнi ды ўсялякiя iншыя, каторых поўна было ў дамох процi Капiтолю. Палавiна Форума, што межавала тут жа з замкам, была ўжо ў цянi, толькi калюмны вышэйшых святынь залацiлiся ў сонцы на асноведзi блакiту. Нiжэйшыя кiдалi даўгiя ценi на мармуровыя плiты,- а ўсюды так было iх поўна, што губiлася вока сярод iх, бы ў лесе. Выглядала, якбы тым будоўлям i калюмнам цесна было побач з сабою. Таўпiлiся адны над другiмi, беглi ўправа i ўлева, успiналiся на ўзгор'i, тулiлiся да замкавых муроў або адны да другiх, на падобу большых i меншых, грубейшых i танчэйшых, залатавых i белых галамнёў, то расквечаных пад архiтравамi кветкай аканту, то пазавiваных йонскiмi рагамi, то завершаных простым дарыйскiм квадратам. Над гэным лесам блiшчалi каляровыя трыглiфы, з тымпанаў выхiлялiся рэзьбяныя постацi багоў, з шчытоў аскрыдляныя залатыя квадрыгi казаў бы рвалiся вылецець у паветра, у той блакiт, што спакойна звiсаў над гэным збiтым местам святым. Пасярэдзiне рынку ды па берагох плыла людская рака: грамады прахаджалiся пад люкамi базылiкi Юлiя Цэзара, грамады сядзелi на сходах святынi Кастара i Палукса й круцiлiся ля святлiцы Весты, падобныя на гэнай вялiкай мармуровай асноведзi да рознаколерных матылёў цi жукоў. З гары, праз вялiкiя ступянi, ад стараны святынi «Jovi optimo maximo» [14] наплывалi новыя хвалi; пры Рострах слухалi нейкiх прынагодных моўцаў; тут i там чутны былi заклiкi гандляроў, прадаючых садавiну, вiно або ваду з фiгавым сокам; круцялёў з цудоўнымi лякарствамi, варажбiтаў, адгадчыкаў укрытых скарбаў, разгадчыкаў сноў. Дзе-нiдзе з гоманам гутарак, заклiкаў мяшалiся зыкi сiстры, егiпскай самбукi або грэцкiх флейтаў. Дзе-нiдзе хворыя пабожныя або стурбаваныя няслi ў святынi ахвяры. Сярод людзей збiралiся на каменных плiтах ласыя на ахвяраванае зерне, падобныя да рухлiвых цёмных i стракатых плямаў, стады галубоў, то здымаючыхся з лопатам крылляў, то зноў западаючых на апарожненае людзьмi мейсца. Час ад часу грамады людскiя расступалiся перад лектыкамi, у якiх вiдны былi выхарашаныя твары жанчын або галовы сенатараў i рыцараў, закрэплых i выснажаных жыццём. Рознамоўная грамада вымаўляла голасна iмёны iхнiя, дацiнкi або пахвалы. Мiж бязладнымi гуртамi працiскалiся часам ступаючыя мерным крокам аддзелы ваяроў цi вiгiлаў, пiльнуючых вулiчнага парадку. Грэцкая мова чутна была навокал нароўнi з лацiнскаю.
Вiнiць, якi даўно не быў у горадзе, прыглядаўся з пэўнай цiкавасцяй на тое раявiшча людзей ды на той Рымскi Форум, адначасна й пануючае над хваляю свету й залiтае ёю, i, адгадаўшы думкi таварыша, назваў яго гняздом Квiрытаў - без Квiрытаў. Iставетна тубыльчы род амаль гiнуў у гэнай суталацы розных расаў, народаў. Тут вiдаць было этыёпаў, вiдаць было вялiгурных яснавалосых людзей з далёкай поўначы, брытанаў, галаў i германаў, касавокiх жыхароў Сэрыкума, людзей з-над Эўфрату ды з-над Iнду, з маляванымi на цэглясты колер бародамi; сiрыйцаў з берагоў Аронту, з чорнымi салодкiмi вачыма; як косць сухiх жыхароў арабскае пустынi, жыдоў з запаўшымi грудзьмi; егiпцянаў з вечна ўсмехненым тварам, i нумiдаў, i афраў; грэкаў з Гэлады, што нароўнi з рымлянамi валадалi народам, але йшчэ валадалi ведай, мастацтвам, розумам i круцельствам; грэкаў з Архiпелагу й Малой Азii, i з Егiпту, i з Iталii, i з Нарбонскае Галii. У натоўпе нявольнiкаў з падзiраўленымi вушамi нямала было й вольнае галайстры, якую цэзар забаўляў, кармiў, а нат адзяваў,- вольных прыбышоў, каторых у вялiкi горад звабiў лёгкi хлеб i перспектывы фартуны; былi й святары Серапiса з пальмавымi галiнкамi ў рукох, i святары Iзыды, на алтар якое зносiлi больш ахвяр, чым у святыню Ёвiша капiтолiнскага,- i святары Кiбеллi з залатымi кiсцямi рысу, i святары вандроўных бостваў, i танцоркi ўсходнiя ў далёкапрыкметных мiтрах, i прадаўцы амулетаў, i халдэйскiя магi, урэшце людзi без нiякага занятку, якiя штотыдзень прыходзiлi да надтыбранскiх сверняў па збожжа, бiлiся за латарэйныя бiлеты ў цырках, праводзiлi ночы ў западаючых дамох затыбранскага кварталу, а сонечныя i цёплыя днi ў крыптапортыках, у няхлуйных гаркухнях Субуры, на мосце Мiльвiйскiм або перад «iнсулямi» багатых, дзе iм час ад часу выкiдалi недаедкi са стала нявольнiкаў.
Пятронiя добра зналi гэтыя грамады. Да вушэй Вiнiцiевых далятала ўсцяж: «Нiс еst!» - «То ён». Любiлi яго за шчодрасць, а асаблiва папулярнасць яго ўзрасла ад таго часу, як сталася ведамай ягоная прамова перад цэзарам у абароне асуджанай на смерць цэлай фамiлii, г. зн.: усiх без рознiцы плоцi i веку нявольнiкаў прэфекта Пэданiя Сэкунда за тое, што адзiн з iх забiў гэнага людаеда ў часiну роспачы. Пятронi, праўда, выразна адцемлiваў, што для яго было гэта абыякава, i прамаўляў да цэзара толькi прыватна, як арбiтэр элеганцярум, якога пачуццё эстэтычнае абурала такая рэзь, годная якiх сцытаў (скiфаў), а не рымлян. Усё ж такi народ, узбураны гэнай рэззю, любiў ад тае пары Пятронiя.
Але ён пра тое не дбаў. Не забыў, што гэты народ любiў таксама i Брытанiка, якога Нэрон звёў iз свету, i Агрыпiну, якую загадаў замардаваць той жа Нэрон, i Актавiю, якую задушылi на Пандатарыi, падрэзаўшы ёй жылы ў гарачай пары, i Рэбелiя Плаўта, што быў выгнаны, i Трэзэя, якому кажнае заўтра магло прынесцi смяротны прысуд. Паважанне людское магло быць уважаным хутчэй за дрэнны прагностык, а скептычны Пятронi быў адначасна забабонны. Натоўпу не любiў падвойна: i як арыстакрат, i як эстэт. Людзi з запахамi пражанага бобу ў запазусе, а пры тым вечна ахрыплыя й спацелыя ад iгры ў мору на рагох вулiц ды перыстылях, не заслужвалi ў яго на назову людзей. Дык зусiм не звяртаючы ўвагi на авацыi, анi на пасыланыя стуль цi ссюль цалункi, расказваў Марку справу Пэданiя i кпiў пры тым з нясталасцi вулiчнае галайстры, якая назаўтра пасля грознага абурэння вiватавала Нэрону, як праязджаў у святыню Ёвiша Статара. Але перад кнiгарняй Авiрануса казаў затрымацца i, высеўшы, купiў аздобны рукапiс, каторы аддаў Вiнiцiю.
- Гэта падарунак табе,- сказаў.
- Дзякую! - адказаў Вiнiць i, зiрнуўшы на загаловак, спытаў:
- «Сатырыкон»? Гэта нешта новае. Чыё гэта?
- Маё. Але я не хачу йсцi ў сляды Руфiна, гiсторыю якога меў табе расказаць, анi ў сляды Фабрыцыя Вэента, таму нiхто аб гэтым не ведае, а ты нiкому не кажы.
- Казаў, што не пiшаш вершаў,- прыпамiнае Вiнiць, заглядаючы ў сярэдзiну,- а тут вось бачу прозу, густа iмi пераплеценую.
- Як будзеш чытаць, звярнi ўвагу на банкет Трымальхiёна. Што да вершаў - збрыдлi мне ад тае пары, як Нэрон пачаў пiсаць эпас. Вiтэль, бач, хочучы сабе дагадзiць, закладае сабе ў горла палачку з косцi слановае; iншыя паслугоўваюцца перынамi фламiнгаў, мачанымi ў алiве або ў адвары мацярдушкi. Я ж чытаў паэзiю Нэрона i - вынiкi ў той жа хвiлiне. Магу iх пасля хвалiць, калi не з чыстым сумленнем, то з чыстым страўнiкам.
Гэта сказаўшы, зноў затрымаў лектыку перад залатаром Iдуменам i, заладзiўшы справу гэммаў, загадаў нясцiся проста да Аўлаў.
- Па дарозе, на доказ, да чаго даводзiць аўтарcкае самалюбства, раскажу табе гiсторыю Руфiна.
Але пакуль яе распачаў, то i звярнулi на Вiкус Патрыцыюс ды незабаўна стаялi пры доме Аўла. Малады i дужы «janitor» [15] адчынiў iм дзверы ў остыюм, над якiмi сарока ў клетцы вiтала крыклiвым: «Salve!» [16]
Iдучы з другiх сяней, званых остыюм, у самы атрыюм, Вiнiць кажа:
- Цi звярнуў увагу, што прыдзверны тут без ланцугоў?
- Гэта дзiўны дом,- адказаў паўголасам Пятронi.- Пэўна табе ведама, Пампонiю Грэцыну падазравалi, што практыкуе ўсходнi забабон, сутнасць якога - аддаваць чэсць нейкаму Хрысту. Здаецца, прыслужылася ёй Крыспiнiла, якая не можа дараваць Пампонii, што аднаго мужа было дастаткова ёй на цэлае жыццё. Унiвiра!.. Скарэй здарыцца сяння ў Рыме паўмiсак рыжкоў з Норыкума. Судзiлi яе дамовым судом...
- Праўду кажаш, што гэта дзiўны дом. Потым раскажу табе, што я тут бачыў i чуў.
Тым часам прыйшлi ў атрыюм. Загадчык ягоны, нявольнiк, так званы «аtriensis», выслаў наменклатара, каб далажыў аб гасцях, адначасна служкi падсунулi iм крэслы й столячкi пад ногi. Пятронi, якi не бываў у гэтым доме, старонячыся ад суровага суму, якi там быццам валадарыў, разглядаўся навокал з пэўным здзiўленнем, бо атрыюм зусiм не рабiў сумнага ўражання. З адкрытай гары падаў сноп яснага святла, рассыпаючыся ў тысячу iскраў на вадапырску. Квадратная сажалка з фантаннай усярэдзiне, прырыхтаваная для прыймання дажджу, падаючага праз адкрытую гору, а называная «iмплювiюм», была акружана анемонамi й лiлеямi. Вiдаць, у доме кахалiся ў лiлеях, было iх купiны - i белых, i чырвоных, i ўрэшце шатыровых iрысаў, далiкатныя пялёсткi якiх былi як бы пасрэбраныя вадзяным пылам. Сярод мокрых мхоў, якiмi прыкрытыя былi дайнiчкi з лiлеямi, i сярод пукоў лiсця вiдны былi бронзавыя статуйкi дзяцей i воднага птаства. У адным куце бронзавая лань нахiлiла сваю запляснелую ад вогкасцi галованьку да вады, казаў бы жадала напiцца. Падлога ў атрыюме была з мазаiкi; сцены часткова з чырвонага мармуру, часткова маляваныя ў дрэвы, рыбы, птушкi й грыфы, вабiлi вока йгрою красак. Ад дзвярэй да баковак упрыгожаны былi чарапашнiкам або нат слановай косцю; пры сценах мiж дзвярмi стаялi статуi продкаў Аўла. Усюды вiдзён быў спакойны дастатак, далёкi ад пышнае збыткоўнасцi, але шляхотны й самапэўны.
Пятронi, якi без параўнання жыў пышней ды страйней, не мог тут, аднакава ж, знайсцi анi аднае рэчы, якая б рэзала ягоны густ, дык звярнуўся з гэтым да Вiнiцiя, аж тут нявольнiк-вэлярыюс адсунуў заслону, аддзяляючую атрыюм ад таблiнума, i ў глыбi дома паказаўся спяшаючы Аўл Плаўт. Быў гэта чалавек ужо пажылы, з белаю галавою, але чорствы, з энергiчным тварам, крыху прыкараткiм, але затое падобным да галавы арла. Гэты раз было вiдно на iм пэўнае здзiўленне, а нат трывога з прычыны адведзiн Нэронавага прыяцеля, сябры й завушнiка.
Але Пятронi быў зоркiм чалавекам ды не абыякiм бывальцам, каб гэтага не даследзiць, дык па першых прывiтальных словах выяснiў з цэлай сваёй вымоўнасцяй i свабодай, што прыйшоў падзякаваць за апеку над сястрынцом ягоным, i што толькi ўдзячнасць спрычынiла ягоныя адведзiны, хоць асмяляла да iх i даўнейшае знаёмства.
Аўл запэўнiў яго з свайго боку, што вельмi рад мiлым гасцям, а што да ўдзячнасцi- кажа,- то i сам да гэтага пачуваецца, хоць мо Пятронi й не здагадваецца, за што. Праўда, Пятронi не здагадваўся. Дарэмна падымаў свае арэхавыя вочы ўгару, натужваўся, каб нагадаць найменшую паслугу Аўлу цi каму-небудзь. Не прыпамiнаў сабе нiчога, апрача таго хiба, што манiўся зрабiць для Вiнiцiя. Мiмаволi хiба магло што здарыцца, але толькi мiмаволi.
- Люблю i цаню надта Веспасыяна,- аб'ясняе Аўл,- якому вашэць уратаваў жыццё, калi раз прыдарылася яму няшчасце заснуць пры слуханнi вершаў цэзара.
- Здарылася яму шчасце,- адказаў Пятронi,- бо iх не чуў. Не пярэчу, аднак, што магло яно скончыцца нешчаслiва. Рудабароды манiўся канечне паслаць яму цэнтурыёна з прыяцельскай радай, каб падрэзаў сабе жылы.
- А ты, Пятронi, асмяяў яго.
- Так, а мо й наадварот: я сказаў яму, што калi Арфей умеў песняю нагнаць сон дзiкiм бестыям, то ён дараўняў яму, патрапiўшы ўлюляць Веспасыяна. З Рудабародага можна падкпiваць, але пад умовай, каб у малых кпiнах было вялiкае падхлебнiцтва. Нашая мiласцiвая аўгуста Папея разумее гэта добра.
- На жаль, такiя часы,- адказаў Аўл.- Не маю двух пярэднiх зубоў, выбiў iх мне камянём брытанец, таму так гутарка мая свiшчаватая, аднак жа найшчаслiвейшыя днi жыцця правёў я ў Брытанii...
- Бо пераможныя,- дакiнуў Вiнiць. Але Пятронi, баючыся, каб стары ваяк не зачаў гарадзiць аб старых сваiх войнах, змянiў тэму гутаркi.
- У ваколiцы Прэнэсты,- пачаў,- сяляне знайшлi нежывое ваўчанё з дзвюма галавамi, а падчас анагдайшай навальнiцы пярун адарваў гзымс у святынi Луны, гэта з увагi на познюю восень было нечуваным дзiвам. Нейкi так жа Котта, якi яму гэта расказваў, казаў, што святары тае ж святынi запавяшчаюць катастрофу гораду з гэтай прычыны або эвентуальна руйну вялiкага дому, якую льго адвярнуць толькi вялiкiмi ахвярамi. Аўл, выслухаўшы гэта, выказаў думку, што такiх знакаў не можна, аднак, пушчаць мiма вушэй. Багi могуць быць загневаны перабранай мерай злачынства, няма чаго гэтаму дзiвiцца, а дзеля таго экспiяцыйныя ахвяры зусiм да мейсца. На гэта Пятронi:
- Твой дом, Плаўце, не ёсць так вялiкi, а жыве ў iм вялiкi чалавек; мо й, праўда, завялiкi на так марнага ўласнiка, але таксама замалы. А калi расходзiцца пра руйну так вялiкага, напрыклад, як «domus transitoria» [17], то цi аплацiцца нам даваць ахвяры, каб аддалiць гэну руйну?
Плаўт не адказаў на гэта пытанне, гэтым крыху крануў Пятронiя, пры цэлым бо недахопе пачуцця рознiцы мiж дабром i злом не быў ён, аднак, нiколi даношчыкам, i можна было з iм гутарыць зусiм бяспечна. Вось жа змянiў зноў гутарку i пачаў выхваляць памешканне Плаўта, добры густ у ягонай абстаноўцы.
- Старая гэта сядзiба,- адказаў Плаўт,- у якой нiчога не змянiлася ад часу ўнаследжання яе.
Пры адсуненай заслоне мiж атрыюмам i таблiнумам дом адкрыты быў навылет, так што праз таблiнум, праз наступны перыстыль i залю за iм, званую «экус», вока бегла аж у парк, што красаваўся здалёк, моў ясны малюнак, апраўлены ў цёмную раму. Вясёлыя дзiцячыя смехi няслiся адтуль.
- Ах, ваявода,- азваўся Пятронi,- дазволь нам блiжэй прыслухацца да таго шчырага смеху, якога так сяння мала.
- Калi ласка,- запрашае, устаючы, Плаўт.- Гэта мой малы Аўл i Лiгiя забаўляюцца шпурляком. Але, што да смеху, думаю, Пятронi, што жыццё тваё ў iм тоне.
- Жыццё ёсць вартае смеху, дык смяюся,- iранiзуе Пятронi.- Тут, аднак, смех звiнiць iнакш.
- Пятронi,- дадаў Вiнiць,- смяецца, бач, не ў ясны дзень, а ў начы. Так гутарачы, прайшлi праз увесь дом i выйшлi ў вагарод, дзе Лiгiя й малы Аўл гулялi з шпурлякамi, якiя адумысныя нявольнiкi, так званыя «сфэрыстыя», падымалi iм з зямлi й падавалi ў рукi. Пятронi кiнуў быстрым вокам на Лiгiю, малы Аўл, згледзеўшы Вiнiцiя, прыбег вiтацца, а той, праходзячы, скланiў голаў перад красуняй, што стаяла з шпурляком у ручцы i развеенымi крыху косынькамi, зазяханая й румяная.
Але ў вагародным трыклiнiюме, ацененым зеленню вiнаграду й казiнага зелля, сядзела Пампонiя Грэцына, дык пайшлi прывiтацца з ёю. Пятронiю, хоць не бываў у Плаўтаў, была яна знаёмая, спатыкаў бо яе ў Антыстыi, дачкi Рубэлля Плаўта, дый у Сэнэкаў, у Палiёна. Не без пэўнага подзiву глядзеў на ейны паважны, але пагодны сум, шляхотнасць паставы, жэстаў, слоў. Пампонiя да таго блытала ягоныя паняццi аб жанчынах, што гэны распушчаны да крайнасцi й самапэўны, як нiхто ў Рыме, чалавек не толькi пачуваў да яе пэўнага роду пашану, але як бы рабiўся менш самапэўным. I цяпер вось, дзякуючы ёй за апеку над Вiнiцiем, устаўляў як бы мiмаходзь слова «домiна», якое нiколi не збягала яму на язык, калi гутарыў, напрыклад, з Кальвiяй Крыспiнiлай або Валерыяй, Салiнай ды iншымi жанчынамi з вялiкага свету. Падчас вiтання й падзякi пачаў таксама зараз наракаць, што так рэдка бачацца, што не можна спаткаць яе анi ў цырку, анi ў амфiтэатры,- на гэта адказала яму спакойна, палажыўшы сваю далонь на мужавай:
- Старэем дый абое штораз больш любiм хатняе зацiшша. Пятронi хацеў пярэчыць, але Плаўт дадаў сваiм свiставатым голасам:
- Ды штораз чужэйшымi чуемся сярод людзей, якiя нават нашых рымскiх багоў завуць грэцкiмi iмёнамi.
- Багi сталiся ўжо толькi рытарычнымi фiгурамi,- кажа нядбала Пятронi,- адыж рыторыцы вучылi нас грэкi, дык i мне, напрыклад, лягчэй сказаць Гера, чым Юно.
Гэта сказаўшы, абярнуў вочы на Пампонiю, моў у ейнай прысутнасцi не магло яму больш нiякае слова збегчы на думку; наступна пачаў запярэчваць таму, што казала пра старасць:
- Людзi старэюцца, праўда, хутка, але ёсць такiя, што жывуць зусiм iншым жыццём. Апрача таго ёсць цэры, аб якiх Сатурн як бы забыўся. Пятронi гаварыў гэта з пэўнай нат шчырасцяй, Пампонiя бо, хоць схiляла ўжо з жыццёвага паўдня, мела незвычайную свежасць цэры, а пры дробнай галаве й твары бывала, што памiма свае чорнае сукнi, мiма павагi й суму, выклiкала ўражанне зусiм маладое жанчыны.
Тым часам малы Аўл, якi падчас прабывання Вiнiцiя ў iхнiм доме здружыў з iм, падыйшоўшы, пачаў яго запрашаць да гульнi ў шпурляка. За хлопцам увайшла ў трыклiнiюм i Лiгiя. Пад фiранкай зеленi з iграючымi касулямi на твары паказалася цяпер Пятронiю прыгажэйшай, чым на першы пагляд, i сапраўды падобнай да нейкай нiмфы. Яшчэ не вiталiся дагэтуль, дык устаў, скланiў перад ёю голаў i, замест звычайных вiтальных слоў, пачаў цытаваць сказы, якiмi Адысей вiтаў Наўзiкаю:
Не знаю, боства ты або дзяўчо смяротна!
Няўжо наш свет прыдатны, каб тварыць падобна?
Тады я родзiчаў тваiх за гэта бласлаўляю,
Як i братоў тваiх, чароўная Даная...
Нат Пампонii спадабалася вынайдаваная ветлiвасць гэтага бывальца. Лiгiя слухала ўзварушаная й анясмеленая. Але паволi на вуснах ейных зайграў смяшок, на твары малявалася змаганне дзявочага сораму з ахвотай адказу - i, вiдаць, тая ахвота перамагла, зiрнула бо раптам на Пятронiя й адказала яму словамi тае ж Наўзiкаi, вырэцытаванымi крыху па-вучнёўску:
Не абы-хто ты сам, дый у мазгох не пуста...
Пасля закруцiлася на назе ды ўцякла, бы спалоханая птушка. Цяпер прыйшла чарга здзiўлення на Пятронiя - не спадзяваўся бо пачуць верш Гомэра ў вуснах дзяўчыны, аб барбарскiм паходжаннi якое чуў ад Вiнiцiя. Глянуў також пытаючым вокам на Пампонiю, але тая не магла яму даць адказу, бо глядзела на здаволенага Аўла.
А ён не ўмеў таго гордага здавальнення сукрыць. Перш-наперш прывязаўся быў да Лiгii, як да роднага дзiцяцi, а па-другое, памiма сваiх старарымскiх нехацяў да грэччыны, уважаў яе за доказ таварыскае агляды. Сам не мог яе нiколi добра навучыцца, i гэтага скрыта шкадаваў, дык вось цяпер рад быў, што гэтаму вытворнаму мужу й лiтарату, якi гатоў быў уважаць дом ягоны за барбарскi, адказана ў iм моваю й вершам Гомэра.
- Ёсць у нас грэк-педагог,- кажа, звяртаючыся да Пятронiя,- вучыць нашага хлапца, а дзяўчо прыслухоўваецца лекцыям. Птушанё гэта яшчэ, але мiлае птушанё, да якога прывыклi мы абое.
Пятронi ўглядаўся цяпер праз гушчару поўсцi й капрыфолiюма на парк ды на разгуляную тройку. Вiнiць скiнуў тогу i ў толькi тунiцы падбiваў угару шпурляк, якi Лiгiя насупраць з паднятымi ручонкамi намагалася схапiць. На першы пагляд малодухна не зрабiла на Пятронiя вялiкага ўражання. Выдавалася яму лiшне тонкай. Але ад моманту, калi ў трыклiнiюме ўзглянуў на яе блiжэй, падумаў сабе: так магла выглядаць хiба толькi заранка - i, як знаўца, задэцыдаваў, што ёсць у ёй нешта незвычайнае. Усё зацемiў ды ўсё ацанiў: i ружова-празрысты тварык, i свежыя, ну проста просячыя цалунку, губкi, i блакiтныя, бы мора, вочы, i алебастравую бель чала, i буйнасць цёмных косынькаў з бурштынавым i карынфскай медзi водблескам на лёчках, i лёгкую шыйку, i боскую лiнiю плячукоў ды цэлую постаць - гнуткую, танклявую, маладую маладосцю майскае расцвiўшае вясны.
Збудзiўся ў iм мастак i смакун красы, якi адчуў, што пад фiгуру гэтае красунi аж просiцца подпiс: «В я с н а». Раптам прыпомнiў сабе Хрызатэмiс, i парваў яго пусты смех: паказалася яму з сваёй залатою пудраю ў валасох ды начэрненымi бровамi надта звялаю, падобнай да скiдаючай пялёсткi ружы. А ўсё ж такi гэнае Хрызатэмiс зайздросцiў яму цэлы Рым. Наступна прыгадаў сабе Папею - i тая праcлаўная Папея таксама паказалася яму бяздушнай васковай маскай. У гэтай жа дзяўчыне танагрскiх кшталтаў была не толькi вясна - была й светлая Псыхэ, прамянеючая з яе ружанага цела, моў касулi з лямпы.
- Вiнiць праўду казаў,- падумаў,- а мая Хрызатэмiс старая, старая,.. моў Троя!
Пасля звярнуўся да Пампонii Грэцыны - i, паказаўшы на парк, сказаў:
- Разумею цяпер, домiна, што з такiмi дваiма не хочацца вам нi палатынскiх банкетаў, нi цырку.
- Так,- адказала, звяртаючы погляд на малога Аўла i Лiгiю. А стары ваяр пачаў расказваць гiсторыю дзяўчыны i тое, што чуў калiсь ад Атэлiя Гiстэра пра народ лiгаў з далёкае поўначы.
А тыя скончылi гуляць у шпурляка i нейкi час хадзiлi па агародным пяску, рысуючыся на цёмнай асноведзi цыпрысаў, бы тры белыя статуi. Лiгiя трымала за руку малога Аўлюса. Пашпацыраваўшы крыху, селi на лаўцы пры «пiсцыне» [18], на сярэдзiне агароду. Аўл зараз сарваўся плёшыць рыбу ў люстраной вадзе, а Вiнiць вёў далей зачатую падчас шпацыру гутарку:
- Так,- казаў нiзкiм трэмолавым голасам.- Ледзь скiнуў я прэтэксту, выслалi мяне ў азiяцкiя легii. Не знаў нi гораду, нi жыцця, нi кахання. Умею напамяць крыху Анакрэонта i Гарацыя, але не патрапiў бы так, як Пятронi, гаварыць вершы тады, калi розум нямее з подзiву й слоў знайсцi не можа. Будучы хлопцам, хадзiў я ў школу Мусонiя, якi вучыў нас, што сутнасць шчасця ў тым, каб хацець таго, чаго багi хочуць - значыцца, ад нашае волi залежыць. На маю ж думку, ёсць iншае - даражэйшае й большае,- якое не залежыць ад волi, бо яго толькi каханне даць можа. Шукаюць таго шчасця cамi багi, дык i я, о Лiгiя, што не каштаваў дагэтуль кахання, йдучы ў iхнiя сляды, шукаю такжа тае, каторая б схацела мне даць шчасце...
Умоўк - толькi плюск вады, у якую малы Аўл кiдаў каменьчыкi, страшачы рыбу, нарушаў цiшыню. Па хвiлi Вiнiць зноў пачаў гутарыць яшчэ цiшэйшым i мякчэйшым голасам.
- Хiба ж знаеш Веспасыянавага сына Тытуса? Кажуць, ледзь ад хлапчаняцi падняўся, як пакахаў Берэнiку так, што туга амаль не выссала з яго жыцця... Так i я б умеў пакахаць, о Лiгiя!.. Багацце, слава, улада - пусты дым! Марнота! Багаты знайдзе багатшага за сябе, слаўны - слаўнейшага, магутны - магутнейшага... Але цi сам цэзар, цi каторы бог нат можа мець большую роскаш або шчаслiвейшым быць, чым просты смяротнiк, якi прыцiскае да сваiх грудзей iншыя грудкi або цалуе каханыя губкi... Дык каханне раўняе нас з багамi - о Лiгiя!.. А яна слухала неспакойна i здзiўлена так, як бы слухала тонаў грэцкае флейты цi цытры. Часамi здавалася ёй, што Вiнiць пяе нейкую песню дзiўную, што сочыцца ёй у вушы, запаляе ў ёй кроў, ды адначасна праймае млоснасць i нейкая няўцямная радасць.
Здавалася ёй таксама, ён гаворыць тое, што ўжо было ў ёй перадом, а чаго не ўмела ўцямiць. Чула, як ён нешта ў ёй разбуджае, што дагэтуль драмала, i як у гэнай хвiлiне ймглiсты сон мяняецца ў штось выразнейшае, больш мiлае й прыгожае.
Тым часам сонца перакацiлася даўно за Тыбр i завiсла нiзка над Янiкульскiм узгор'ем. На спакойныя цыпрысы падала чырвонае святло - i ўсё паветра было iм перасычана. Лiгiя падняла свае блакiтныя, як бы разбуджаныя з сну, вочы на Вiнiцiя, i цяпер, у вячэрнiм водблiску нахiлены над ёю з просьбаю ў раз'iскраных вачах, паказаўся ёй прыгажэйшы за ўсiх людзей, за ўсiх грэцкiх i рымскiх багоў, якiх статуi спатыкала на франтонах святынь. А ён абняў лягонька пальцамi ейную ручаньку вышэй костачкi й пытае:
- Няўжо ты не ўгадала, Лiгiя, чаму я гэта кажу табе?..
- Не! - адшапнула так цiха, што Вiнiць ледзь дачуў.
Але не паверыў ёй i, прыцягаючы штораз мацней ейную руку, быў бы прыцягнуў яе аж да сэрца, б'ючага ад жады бы молат - i быў бы проста выказаў ёй гарачыя словы, каб не паказаўся на сцежцы неспадзявана стары Аўл, якi, падыйшоўшы, сказаў:
- Сонца заходзiць, сцеражэцеся вячэрняга холаду i не жартуйце з Лiбiтынай...
- Не,- адказаў Вiнiць,- я не апрануў дагэтуль тогi й не адчуў холаду.
- А вось ужо толькi паўкруга з-за гор выглядае,- адказаў стары ваяк.Гэта не салодкi клiмат Сiцылii, дзе вечарамi народ збiраецца на рынках хорам развiтацца з заходзячым Фэбам.
I, забыўшы, што перад хвiлiнай сам перасцерагаў ад Лiбiтыны, пачаў расказваць аб Сiцылii, дзе меў вялiкую гаспадарку, якую надта любiў. Успомнiў таксама, што не раз прыходзiла яму на думку перанясцiся ў Сiцылiю i там спакойна дажыць да смерцi. Даволi зiмовай белi таму, хто мае ўжо белы голаў. Яшчэ пакуль лiсце з дрэваў не паабсыпалася i над горадам зычлiва ўсмiхаецца чыстае неба, але як пажоўкне вiнаград, як спадзе снег у горах Альбанскiх, а багi пашлюць сцюдзёны вiхар з Кампанii, тады хто ведае, цi з цэлым домам не перанясецца ў сваю цiхую сялянскую сядзiбу.
- Меў бы ахвоту развiтацца з Рымам, Плаўце? - спытаў устрывожаны Вiнiць.
- Ахвоту гэтую даўно ўжо маю,- адказаў Аўл,- там бо спакайней ды беспячней.
I давай выхваляць свае сады, жывёлу, дом, схаваны ў зеленi, i прыгоркi, аброслыя кменам i чабаром, над якiмi звiнiць пчалiны рой. Але Вiнiць не зважаў на гэтыя выхваляннi - i, маючы на думцы тое, што можа разлучыцца з Лiгiяй, паглядаў у бок Пятронiя, як бы ад яго адзiнага чакаў ратунку. Пятронi тым часам, седзячы пры Пампонii, любаваўся краявiдам заходзячага сонца, парку й стаячых пры сажалцы людзей. Белая адзежа iхняя на цёмнай пляме мiртаў свяцiла золатам ад вячэрняга бляску. На небе пачала займацца вячэрняя зарнiца пурпураю, фiялетам ды пералiвацца пажогай. Небасхiл высока станавiўся лiлiёвы. Цёмныя цыпрысы сталiся шчэ цямнейшымi, а ў людзей, на дрэвах ды ў цэлым парку запанаваў вячэрнi супакой. Пятронiя зацiкавiў гэты спакой, злашча ў людзей. На твары Пампонii, старога Аўла, iхняга сынка й Лiгii было тое, чаго не спатыкаў у тых людзей, якiя штодзень i штоноч яго акружалi: было нейкае святло, нейкае ўтуленне ды пагода, выплываючая проста з такога жыцця, якiм тут усе жылi. I з пэўным здзiўленнем падумаў, што, аднак, можа iснаваць саладосць i гожасць, якiх ён, вечна шукаючы прыгажосцi й салодкасцi, не каштаваў. Думкi гэтай не ўмеў утаiць у сабе i, звярнуўшыся да Пампонii, сказаў:
- Разважаю ў душы, якi iншы ваш свет ад таго, якiм валадарыць наш Нэрон.
А яна, узглянуўшы на вячэрнюю зарнiцу, прастадушна адказала:
- Светам валадарыць не Нэрон, а - Бог.
Хвiлiна маўчання. Недалёка трыклiнiюма ў алеi пачулiся крокi старога ваяводы, Вiнiцiя, Лiгii й малога Аўла. Але пакуль падыйшлi, Пятронi спытаў яшчэ:
- Дык ты верыш у багоў, Пампонiя?
- Веру ў Бога, якi ёсць адзiн, справядлiвы i ўсёмагутны,- адказала жонка Аўла Плаўта.
III
Верыць у Бога, каторы ёсць адзiн, усёмагутны й справядлiвы,паўтарыў Пятронi, седзячы зноў у лектыцы сам-насам з Вiнiцiем.- Калi ейны Бог ёсць усёмагутны, тады валадарыць над жыццём i смерцяй; а калi ёсць справядлiвы, тады слушна ссылае смерць. Дык чаму Пампонiя носiць жалобу па Юлii? Шкадуючы Юлii, ганiць свайго Бога. Мушу гэтую фiлязофiю паўтарыць нашай рудабародай малпе, бо мне здаецца, што ў дыялектыцы дараўноўваю Сакрату. Што да жанчын, згаджаюся: кажная мае тры або чатыры душы, але нi адна не мае разумнае душы. Хай бы сабе Пампонiя раздумоўвала з Сэнэкай або Корнутам аб тым, чым ёсць iх вялiкi Логас... Хай бы разам выклiкалi ценi Ксэнафонэса, Пармэнiда, Зэнона i Плятона, каторыя нудзяцца там у Кiмэрыйскiх краiнах, як чыжы ў клетцы. Я хацеў гаварыць з ёю i з Плаўтам аб чым iншым. На святое лона егiпскае Iзiс! Каб iм так проста сказаў, чаго мы прыйшлi, дык думаю, што цнота iхняя забрынчэла б, як медзяная талерка ад палкi. I не смеў! Дасi веры, Вiнiць, што не асмелiўся? Павы прыгожыя птушкi, але крычаць надта дзярлiва. Пабаяўся крыку. Але мушу пахвалiць твой густ. Iсная «заранка з ружовымi пальчыкамi»... I ведаеш, што мне таксама прыпомнiла? - Вясну! I то не нашу ў Iталii, дзе ледзь там-сям яблыня пакрыецца кветкамi, а алiўнiкi шарэюць, як шарэлi, толькi тую вясну, якую бачыў я ў Гельвецыi, маладую, свежую, ясназялёную. На тую блядую Сэлену! Не дзiўлюся табе, Марк,- ведай, аднак, што кахаеш Дыяну. I што Аўл i Пампонiя гатовы цябе разарваць, як калiсь сабакi Актэона.
Вiнiць, не падымаючы галавы, маўчаў. Пасля гаворыць перапоўненым жадою голасам:
- Я жадаў яе ўпярод, а цяпер жадаю шчэ больш. Калi абняў ейную руку, ахапiў мяне агонь... Мушу яе мець! Каб я быў Зэўсам, накрыў бы яе хмарай, як ён накрыў Iё, або спусцiўся б на яе дажджом, як ён спусцiўся на Данаю. Хацеў бы цалаваць ейныя вусны аж да болю! Хацеў бы пачуць ейны крык у маiх абдымках. Хацеў бы забiць Аўла i Пампонiю, а яе схапiць i занясцi на руках дамоў. Не спацiму сяння. Загадаю бiць каторага з нявольнiкаў i слухацiму ягонага енку...
- Супакойся,- перапынiў Пятронi.- Маеш захцяваркi дрэвакола з Субуры.
- Мне ўсё адно. Мушу яе мець. Прыйшоў да цябе па раду, i калi ты яе не знайдзеш, знайду яе сам... Аўл уважае Лiгiю за дачку, чаму ж бы я меў глядзець на яе як на нявольнiцу? Дык калi няма iншае дарогi, хай жа апрадзе дзверы майго дому, хай намасцiць iх воўчым тлушчам ды хай сядзе, як жонка, пры маiм вогнiшчы.
- Супакойся, гарачы нашчадку консулаў. Не на тое вядзём барбараў на прывязi за нашымi вазамi, каб жанiцца з iхнiмi дочкамi. Высцерагайся буянства. Выпрабуй простыя чэсныя спосабы i дай мне й сабе час надумацца. Мне таксама Хрызатэмiс выдавалася з роду Ёвiша, аднак не жанiўся з ёю- так, як i Нэрон не звянчаўся з Актэ, хоць яе называлi дачкою цэзара Атала. Супакойся. Падумай пра тое, што, калi яна захоча дзеля цябе пакiнуць дом Аўлаў, яны не маюць права яе затрымоўваць, i ведай тое, што не толькi сам гарыш, а i ў ёй Эрос запалiў полымя... Я гэта скемiў, а мне трэба верыць... Будзь цярплiвы. На ўсё ёсць спосаб, але сяння i так ужо задоўга думаў, гэта мяне мучыць. Затое прыракаю табе, што ўзаўтра яшчэ падумаю аб тваiм каханнi, i хiба Пятронi не будзе Пятронiем, калi чаго не прыдумае. Замоўклi зноў абодва. Урэшце Вiнiць, ужо спакайнейшы, па хвiлiне адзываецца:
- Дзякую табе, хай фартуна для цябе шчодрай будзе.
- Будзь цярплiвы.
- Куды загадаў нясцiся?
- Да Хрызатэмiс...
- Шчаслiвы ты, што маеш тую, каторую кахаеш.
- Я? Ведаеш, чым мяне шчэ зацiкаўляе мая Хрызатэмiс? Тое, што яна мяне здраджае з маiм уласным вызвольнiкам, лютнiстым Тэоклесам, i думае, што я гэтага не ведаю. Калiсь кахаў яе, а цяпер смешыць мяне ейнае махлярства й дурнота. Хадзi са мною да яе. Калi пачне цябе баламуцiць i стане вiном пiсаць табе лiтары на стале пальцам, ведай тое, што я не... зайздросны.
I загадалi нясцiся разам да Хрызатэмiс.
Але ў прысенку Пятронi палажыў руку на плечы Вiнiцiя i кажа:
- Стой. Здаецца, прыдумаў спосаб.
- Хай усе багi табе адплацяць!..
- Так! Здаецца, добры спосаб. Ведаеш, Марк, што?
- Слухаю, Афiна ты мая...
- Цераз некалькi дзён боская Лiгiя будзе спажываць у тваiм доме зерне Дэметры.
- Ты вялiкшы, чым цэзар! - падняў голас Вiнiць.
IV
I Пятронi датрымаў слова.
Назаўтра пасля адведзiн Хрызатэмiс, праўда, спаў цэлы дзень, але ўвечар загадаў нясцiся на Палатын i меў з Нэронам сакрэтную гутарку, вынiкам якое на трэцi дзень перад домам Плаўтаў з'явiўся цэнтурыён з колькiнаццацьма прэторыянскiмi ваярамi.
Часы былi няпэўныя й страшныя. Такога роду пасланцы былi часта вестунамi смерцi. Вось жа, калi цэнтурыён вытнуў малатком у дзверы Аўла, а загадчык атрыюма далажыў, што ў сенях стаяць ваяры, жах ахапiў увесь дом. Радня зараз акружыла старога ваяводу, нiхто бо не сумняваўся, што небяспека перадусiм яму гразiла. Пампонiя, абняўшы яго за шыю, прытулiлася да яго з усiх сiл, а ссiнелыя вусны ейныя шапталi хутка нейкiя словы; Лiгiя, белая, моў палатно, цалавала ягоныя рукi; малы Аўл учапiўся за тогу - з калiдораў, з пакояў паверхавых для служнiц, з чаляднай, з лазнi, падвалу, з усяго дому пачаў высыпацца рой нявольнiкаў i нявольнiц. Паднялiся крыкi: «Heu, heu, me miserum!» [19], жанчыны завялi плач; некаторыя пачалi ўжо дзерцi твар i накрываць галовы хусткамi. Сам толькi стары ваявода, што даўно прывык смерцi проста глядзець у вочы, стаяў спакойны, а яго кароткае арлiнае аблiчча скамянела. Супакоiўшы крыкi i парассылаўшы службу, сказаў:
- Пусцi мяне, Пампонiя, калi ўжо мне прыйшла пара, то будзе шчэ час на развiтанне.
I адсунуў лягонька яе - а яна кажа:
- О, каб жа доля нас не разлучыла, Аўл!
Пасля, упаўшы на каленi, пачала малiцца з такою сiлай, якую толькi трывога пра найдаражэйшую асобу даць можа.
Аўл пайшоў у атрыюм, дзе чакаў яго цэнтурыён. Быў гэта стары Кай Гаста, даўны яго падуладны i таварыш з брытанскiх войнаў.
- Вiтаю ваяводу,- сказаў.- Прыношу табе загад i вiтанне цэзара - а вось таблiчкi i знак, што ад яго прыходжу.
- Дзякую цэзару за вiтанне, а загад выканаю,- адказаў Аўл.- Добры дзень, Гаста, кажы ж, з якiм даручэннем ты прыйшоў.
- Аўл Плаўт,- пачаў Гаста,- цэзар даведаўся, што ў тваiм доме прабывае дачка князя лiгаў, якую той князь яшчэ за боскага Клаўдыя аддаў у рукi рымлян як заруку, шго лiгi нiколi не нарушаць iмперыi. Боскi Нэрон табе ўдзячны, ваявода, што праз столькi гадоў гасцiў яе ў сябе, i, не хочучы далей абцяжаць твайго дому, дый таму, што дзяўчына, як заложнiца, павiнна быць пад апекай самога цэзара i сенату - загадвае табе выдаць яе ў мае рукi. Аўл завялiкi быў ваяк ды муж загартаваны, каб жалiцца на загад. Аднак жа разорка гневу й болю вомiг з'явiлася на ягоным чале. Перад такiм нахмураннем дрыжалi калiсь брытанскiя легii - i нат цяпер на твары Гасты маляваўся страх. Але цяперака процi загаду Аўл Плаўт пачуўся безабаронным. Глядзеў праз хвiлiну на таблiчкi, на знак, пасля, падняўшы вочы на старога цэнтурыёна, кажа ўжо спакойна:
- Пачакай, Гаста, у атрыюме, пакуль падрыхтуем табе закладнiцу.
I пайшоў на другi канец дому ў залю, званую экус, дзе Пампонiя Грэцына, Лiгiя i малы Аўл чакалi на яго з трывогай.
- Нiкому не пагражае смерць анi ссылка на далёкiя атокi,- пацяшае,аднак пасланец цэзара ёсць вяшчуном няшчасця. Пра цябе расходзiцца, Лiгiя.
- Пра Лiгiю? - падняла здзiўлены голас Пампонiя.
- Так! - прыцвярдзiў Аўл.
I, звярнуўшыся да дзяўчыны, пачаў выясняць:
- Лiгiя, гадавалася ты ў нашым доме, бы наша роднае дзiця, i абое з Пампонiяй любiм цябе, як дочаньку, але ведаеш аб тым, што ты не нашая дачка. Ты заложнiца, якую даў Рыму твой народ, i апякавацца табою павiнен цэзар. Вось жа цэзар забiрае цябе з нашага дому. Ваявода гаварыў спакойна, але нейкiм дзiўным незвычайным голасам. Лiгiя слухала ягоных слоў, маргаючы вачыма i як бы не разумеючы, пра што расходзiцца. Пампонiя збялела; у дзвярах з калiдору ў экус пачалi зноў паказвацца розныя нявольнiкi.
- Воля цэзара мусiць быць выканана,- кажа Аўл.
- Аўл! - загаласiла Пампонiя, абнiмаючы рукамi дзяўчыну, як бы манiлася яе баранiць.- Лешая для яе была б смерць. А Лiгiя, тулячыся да ейных грудзей, паўтарала: «Мама! Мама!», не могучы ад плачу нiчога больш сказаць. На твары Аўла зноў маляваўся гнеў i боль.
- Каб быў сам адзiн адзiнокi на свеце,- адазваўся панура,- не аддаў бы яе жывое - i сваякi мае яшчэ сяння маглi б злажыць ахвяры «Jovi liberatori» [20]. Але не маю права губiць цябе й нашага дзiцяцi, якое можа шчаслiвых часаў дачакацца... Пайду шчэ сяння да цэзара i буду яго малiць, каб адмянiў загад. Цi паслухае мяне - не ведаю. Тым часам, будзь здарова, Лiгiя, i ведай, што i я i Пампонiя заўсёды багаславiлi той дзень, у якiм засела ты пры нашым вогнiшчы. Гэта вымавiўшы, палажыў ёй руку на галованьцы, i, хоць намагаўся быць спакойным, то ўсё ж, калi падняла на яго заплаканыя вочы Лiгiя i пачала прыцiскаць да вуснаў яго руку, задрыжаў бацькаўскi голас ягоны.
- Бывай, сэрцайка наша, золатца наша,- сказаў. I хутка вярнуўся ў атрыюм, каб не дапусцiць да сябе нясвомага рымлянам узварушэння.
Тым часам Пампонiя, завёўшы Лiгiю ў кубiкулюм, пачала супакойваць яе, пацяшаць, будзiць надзеi i выказваць словы- дзiўныя ў гэтым доме, у якiм побач у святлiцы стаялi шчэ лярарыюм i агмень, на якiм Плаўт, верны даўным звычаям, клаў ахвяры дамовым багом. I вось прыйшло гора. Калiсь Вiргiнiй прабiў грудзi свае дачкi, каб вызвалiць яе з рук Апiя; а перад тым Лукрэцыя прыплацiла ганьбу жыццём. Дом цэзара ёсць пропасцяй ганьбы, злыбяды, злачынства. «Але ж мы, Лiгiя, ведаем, чаму не маем права налажыць на сябе рукi!..» Так! Гэта права, пад якiм абедзве жывуць, ёсць iншае, вялiкшае, свяцейшае, дазваляе, аднак, баранiцца ад благога й ганьбы, хоць гэну абарону жыццём трэ было б прыплацiць. Хто чыстым выходзiць з гнязда распусты, тым большая ягоная заслуга. Зямля ёсць такiм гняздом, але, на шчасце, жыццё ёсць адной хвiлiнай, а ўстаецца толькi з такога гробу, за каторым не ўладае Нэрон, толькi Мiласэрнасць,- i замест болю ёсць радасць, замест слёз - весялосць. Пасля гэтага зачала гаварыць аб сабе. Так! Яна спакойная - але i ў ейным сэрцы ёсць балючыя раны. Вось на вачах ейнага мужа ляжыць яшчэ бяльмо, яшчэ не засвяцiла над iм святло. Не можна ёй таксама выхоўваць сына ў праўдзе. Дык як падумае, што гэтак можа быць да канца жыцця, i што можа стацца хвiлiна разлукi з iмi ў сто раз большай i горшай, чым гэтая часовая, ад якое плачуць цяпер вось абедзве - не можа нат уявiць, як патрапiць быць без iх аж у небе шчаслiвай. I многа начэй ужо праплакала, многа прамалiлася, просячы змiлавання й ласкi. Але боль Богу паручае - i чакае, i спадзяецца. А калi цяпер прыходзiць новае гора, калi загад людаеда забiрае ад яе дарагую галованьку - тую, якую Аўл назваў святлом вачэй,- мае шчэ надзею, веручы, што ёсць магутнасць большая, чым Нэронава, i мiласэрнасць мацнейшая за ягоную злосць.
I яшчэ мацней прыцiснула да грудзей галованьку дзяўчацi, а тая зараз асунулася да ейных каленяў i, схаваўшы вочы ў хвандах ейнага пеплюма, доўга маўчала i, калi ўрэшце ўстала, выглядала ўжо крыху спакайнейшай.
- Шкада мне цябе, мамка. I таты, i брата. Але ведаю, што супрацiў нiчога не паможа, толькi мог бы згубiць нас усiх. Затое прыракаю табе, што слоў тваiх не забуду нiколi ў доме цэзара.
Яшчэ раз абняла яе, а пасля, як абедзве выйшлi ў экум, пачала развiтвацца з малым Плаўтам, з старым грэкам - iхнiм настаўнiкам, з сваёю ўбiральнiцай, што калiсь яе няньчыла, ды з усiмi нявольнiкамi.
Адзiн з iх, высокi й плячысты лiг, якога дома называлi Урсус i якi сваiм часам разам з маткай Лiгii ды з ёю прыйшоў у рымскi лагер з iншай службай, ён упаў цяпер да ейных ног, пасля скланiўся да калень Пампонii, кажучы:
- О домiна! Дазвольце мне йсцi з маёю князёўнаю, буду служыць ёй i пiльнаваць у доме цэзара.
- Ты не наш, толькi Лiгiн слуга,- адказала Пампонiя Грэцына,- але цi ж цябе дапусцяць да дзвярэй цэзара? Ды як жа пiльнавацiмеш яе?
- Не ведаю, домiна. Ведаю толькi, што жалеза ломiцца ў маiх руках, бы шчэпка.
Аўл Плаўт, якi падыйшоў у гэтым моманце, даведаўшыся, пра што расходзiцца, не толькi не спрацiвiўся намерам Урсуса, але сказаў, што не маюць нат права яго затрымлiваць. Адсылаюць Лiгiю як закладнiцу, якое дамагаецца цэзар. дык абавязаны адаслаць i ейную свiту, якая пераходзiць разам з ёю пад апеку цэзара. Тут шапнуў Пампонii, што пад вiдам свiты можа ёй дадаць столькi нявольнiц, колькi захоча - цэнтурыён бо не можа iх не прыняць.
Для Лiгii была ў гэтым пэўная пацеха, дый Пампонiя была рада, што можа яе забяспечыць службаю ўласнага выбару. Дык апрача Урсуса вызначыла ёй старую ўбiральнiцу, дзве цыпрыйкi-часальнiцы ды дзве купальнiцы-германкi. Выбрала толькi вызнавальнiкаў новае навукi, а калi i Урсус вызнаваў яе ўжо некалькi год, Пампонiя магла спадзявацца на вернасць гэтае службы дый пацяшацца адначасна думкай, што зерне праўды будзе пасеяна i ў цэзаравым доме. Напiсала таксама пару слоў Нэронавай вызвольнiцы Актэ, паручаючы ейнай апецы Лiгiю. Пампонiя не спатыкала яе, праўда, на зборышчах новае навукi, чула, аднак, ад iх, што Актэ iм спрыяе й чытае прагавiта лiсты Паўла з Тарсу. Адыж ведамым ёй было, што маладая вызвольнiца заўсёды сумуе, што ёсць асобай iншай, чым усе жанчыны Нэрона, i што наагул ёсць добрым духам палацу.
Гаста падручыўся сам перадаць лiст Актэ. Уважаючы таксама за натуральную рэч, што княжна павiнна мець сваю свiту, не перашкаджаў забраць iх у палац, болыш дзiвячыся малой колькасцi iх. Прасiў аднак жа спяшацца, каб не асудзiлi за маруднае спаўненне загадаў. Прыйшла развiтальная хвiлiна. Вочы Пампонii i Лiгii зноў заплылi слязьмi. Аўлюс яшчэ раз багаславiў, i цераз хвiлiну ваяры пад крыкi малога Аўла, якi гразiў кулакамi цэнтурыёну за адабранне сястры - павялi Лiгiю ў дом цэзара.
Але стары ваявода загадаў прыладжваць для сябе лектыку, кажучы Пампонii ў пiнакатэцы:
- Слухай, Пампонiя, iду да цэзара, хоць мо надарма, а хоць i слова Сэнэкi ў яго ўжо нiчога не варта, буду i ў Сэнэкi. Сяння большае значэнне маюць Сафон, Тыгэлiн, Пятронi або Ватынiй... Што да цэзара, можа i не чуў нiколi аб народзе лiгаў, i калi зажадаў выдачы Лiгii як закладнiцы, то дзеля таго, што нехта яго да гэтага падбухторыў. I не цяжка здагадацца, хто гэта зрабiў. А яна кiнула на яго зорка вокам:
- Пятронi?
- А няўжо ж хто.
Праз хвiлiну маўчалi, пасля ваявода гаварыў далей:
- Вось што знача ўпусцiць за парог каторага з гэных людзей без гонару й сумлення. Праклятая хвiлiна тая, калi Вiнiць увайшоў у наш дом. Гэта ён прывёў да нас Пятронiя. Гора Лiгii, бо не пра закладнiцу, толькi пра наложнiцу iм расходзiцца.
Ад гневу i бяссiльнай закатнасцi з жалю па дзiцяцi сталася яшчэ больш свiставатай ягоная мова. Змагаўся з сабою, зацiснутыя кулакi сведчылi, як гэтае нутраное змаганне было цяжкiм.
- Я дагэтуль аддаваў чэсць багом,- кажа,- але цяпер мне здаецца, што няма iх над светам, а ёсць толькi адзiн- люты, шалёны й страшны. Iмя яго Нэрон.
- Аўл! - талкуе Пампонiя.- Нэрон - гэта толькi жменя гнiлля перад Богам.
Ейны муж пачаў мераць шырокiмi крокамi мазаiку пiнакатэкi. У жыццi ягоным былi вялiкiя чыны, але не было вялiкiх няшчасцяў, дык не прызвычаiўся да iх. Стары ваяр, аказваецца, больш быў прывязаны да Лiгii, чым яму здавалася, i цяпер не мог сумiрыцца. Дый чуўся панiжаным! Завiсла над iм ненавiсная рука, процi якой, аднак, не мае сiлы. Дык вось, суняўшы крыху гнеў, адазваўся:
- Думаю, што Пятронi не забраў нам яе для цэзара, з увагi на помсту Папеi. Дык або для сябе, або для Вiнiцiя... Яшчэ сяння буду ведаць аб гэтым. I па хвiлiне лектыка нясла яго ў бок Палатыну, а Пампонiя, застаўшыся сама адна, пайшла да малога Аўла, якi не пераставаў плакаць па сястры ды пагражаць цэзару.
V
Сумнiвы Аўла спраўдзiлiся, да Нэрона яго не дапусцiлi. Адказана яму, што цэзар заняты пяяннем з лютнiстым Тэрпнасам i што наагул не прыймае тых, каго не клiкаў. Iнакш кажучы, гэта быў знак, каб Аўл i напасля не манiўся з iм бачыцца.
Затое Сэнэка, памiма гарачкi, прыняў старога ваяводу з належнай яму пашанай, але, пачуўшы, пра што яму расходзiцца, горка ўсмiхнуўся й сказаў: - Адну толькi магу табе даць услугу, Плаўце, не паказвацца нiколi перад цэзарам з тым, што я балюча спачуваю табе i хачу дапамагчы. Бо калi б цэзар западозрыў гэта, ведай, што не аддаў бы табе Лiгii, хоць бы на самы толькi задор процi мяне.
Не раiў яму таксама йсцi да Тыгэлiна, нi да Вiтэлiя. Можа грашмi й можна было б што з iмi зрабiць, можа таксама хацелi б што зрабiць на злосць Пятронiю, якога ўплыў намагаюцца падкапаць, але найпраўдападабней здрадзiлi б перад цэзарам, як вельмi Лiгiя дарагая для Плаўтаў, а тагды цэзар тым горш яе не аддаў бы. Тут стары мудрэц пачаў казаць з куслiвай iронiяй процi сябе самога:
- Маўчаў, Плаўце, маўчаў, Плаўце, маўчаў праз цэлыя гады, а цэзар не любiць тых, што маўчаць! Як жа табе не захапляцца было ягонай красою, цнотай, песняй, ягоным майстэрствам фурмана ды дэкламацыяй вершаў! Як жа табе было не выслаўляць смерцi Брытанiка, не сказаць слова пахвальнага на чэсць маткабойцы ды не павiншаваць з нагоды задушэння Актавii! Не маеш прадбачлiвасцi, Аўл, якую мы, шчаслiвыя пры двары, маем пад дастаткам. Гэта сказаўшы, узяў кубак, што насiў за поясам, зачэрпаў з вадалiву вады, адсвяжыў спечаныя вусны i гаварыў далей:
- Ох, Нэрон мае ўдзячнае сэрца! Любiць цябе, бо ты служыў Рыму ды ймя ягонае расславiў на ўвесь свет, i любiць мяне, бо вучыў яго замаладу. Дзеля таго, бач, ведаю, што вада гэта ня ёсць затручанай, i п'ю яе спакойна. Вiно ў маiм доме было б менш пэўным, але калi маеш прагу, то напiся смела гэтай вады. Вадацягi вядуць яе з самых гораў Альбанскiх, i, хочучы яе затруцiць, трэба затруцiць усе вадалiвы ў Рыме. Як бачыш, можна быць яшчэ на гэтым свеце бяспечным ды мець спакойную старасць. Я, праўда, хворы, але гэта больш душа хварэе, чым цела.
То была праўда. Сэнэку не хапала тае сiлы духа, якую меў, напрыклад, Корнут або Тразэй, дык жыццё ягонае было чарадою ўступак, якiя рабiў злачынству. Сам гэта чуў i разумеў, што спадкаемнiк прынцыпаў Зэнона з Цытыюма павiнен бы iншай iсцi дарогай, i цярпеў з гэтае прычыны больш, чым ад боязi смерцi. Але ваявода перарваў яму горкiя думкi.
- Шляхотны Анэю,- кажа,- ведаю, як цэзар адплацiўся за апеку ў маладых гадох. Але да адабрання нам дзiцяцi давёў Пятронi. Парай мне процi яго што, скажы, пад чыiмi ён уплывамi, дый сам спрабуй да яго прамовiць, хай старая прыязнь наша дасць табе да гэтага натхненне.
- Пятронi i я,- адказвае Сэнэка,- мы людзi з двух процiлеглых абозаў. Спосабаў на яго не маю, нiчыiм уплывам ён не паддаецца. Можа ён, памiма свайго цынiзму, яшчэ больш варты, чым тыя ўсе злыднi, якiмi Нэрон сябе сяння акружыў, але даказваць яму, што зрабiў благi ўчынак, гэта марнаванне часу; Пятронi даўно пачуццё дабра i зла загубiў. Дакажы яму, што ўчынак ягоны ёсць брыдотай, тады засаромецца. Як спаткаюся з iм, то скажу: твой учынак годзен вызвольнiка. Калi гэта не паможа - нiчога не паможа.
- Дзякую й за гэта,- адказаў ваявода.
Пасля загадаў нясцiся да Вiнiцiя, якога застаў на фехтунку з хатнiм ланiстым. Аўла, што бачыў маладога чалавека, якi гiмнастыкуе тады, калi на Лiгiю дакананы быў замах, ахапiла страшэнная злосць, якая, зараз пасля адыходу ланiсты, вылiлася ў горкiх словах. Але Вiнiць, даведаўшыся аб адабраннi Лiгii, так страшна збялеў, што нат злосны Аўл нi на хвiлiну не мог думаць аб ягоным судзейнiцтве ў гэтым. Пот выступiў на лбе юнака; кроў, якая на хвiлiну ўцякла была ў сэрца, ударыла зноў гарачаю хваляй да твару, вочы пачалi iскрыцца, вусны - кiдаць бязладныя пытаннi. Зайздрасць i закатнасць кiдалi iм, моў бура. Здалося яму, што, раз пераступiўшы парог дому цэзаравага, Лiгiя страчана для яго назаўсёды, i калi Аўл вымавiў iмя Пятронiя, праз думку маладога ваяра, бы маланка, праiмчалася здагадка, што Пятронi закпiў з яго i што або падарункам Лiгii хацеў сабе здабыць новыя ласкi цэзара, або хацеў яе затрымаць сабе. Тое, каб хто, раз угледзеўшы Лiгiю, не зажадаў яе, не тоўпiлася ў ягонай галаве. Закатнасць, знаная ў iхнiм родзе, уздымала яго цяпер бы разгуканы конь, адбiраючы прытомнасць.
- Ваявода! - кажа лаканiчным тонам.- Iдзi дадому й чакай мяне... Ведай, што калi б нат родным бацькам маiм быў Пятронi, то i тады адамсцiўся б за крыўду Лiгii. Iдзi й чакай мяне. Нi Пятронi, нi цэзар мець яе не будуць!
Потым звярнуўся з кулакамi да васковых масак у атрыюме i гукнуў:
- На гэтыя маскi смяротныя! Перш яе заб'ю й сябе!
Пасля схапiўся i, кiнуўшы яшчэ раз Аўлу: «Чакай мяне», выбег, як ашалелы, з атрыюма ды паляцеў да Пятронiя, спiхаючы з дарогi праходзячых. Аўл жа вярнуўся дамоў з пэўнаю польгай. Думаў, калi Пятронi набухторыў цэзара, каб забраў Лiгiю для Вiнiцiя, то Вiнiць адвядзе яе дамоў. Нямала яго пацяшала таксама думка, што калi не дасца ўратаваць Лiгiю, то будзе заслоненай ад смерцi й ганьбы дый помшчанай. Верыў, што Вiнiць даканае тое, што прырок. Бачыў ягоную злосць i знаў закатнасць, свомую гэтаму роду. Ён сам хоць любiў Лiгiю, як родны бацька, скарэй забiў бы яе, чым аддаў бы цэзару, i каб не сын, апошнi ягоны нашчадак, быў бы гэта зрабiў. Аўл быў ваяком, пра стоiкаў ледзь чуў, але характарам не быў ад iх далёкi, i для яго паняццяў, i для яго годнасцi смерць хутчэй прыняў бы, чым ганьбу.
Вярнуўшыся дамоў, супакоiў Пампонiю, пералiў ёй сваю льгу надзеi, i абое пачалi чакаць вестак ад Вiнiцiя. Часамi, як адзывалася хада нявольнiкаў у атрыюме, ужо думалi, што Вiнiць вядзе iм дарагое дзiцянё, i гатовы былi з глыбiнi душы пабагаславiць абаiх. Але час уцякаў, а вестак не было. Аж толькi ўвечар адазваўся малаток пры браме.
Увайшоў нявольнiк i аддаў Аўлу лiст. Стары ваяк, хоць любiў самастрыманасць, браў дрыжачаю рукою ды пачаў прагавiта чытаць, як бы тут пра цэлы дом ягоны расходзiлася. Нагла твар пацямнеў, моў хмара яго атулiла.
- Чытай,- кажа, падаючы лiст Пампонii.
Тая ўзяла й прачытала наступнае:
«Марк Вiнiць - прывiтанне Аўлу Плаўту. Што сталася, сталася з волi цэзара, перад якою схiлеце галовы, як схiляем я i Пятронi».
Настала доўгае маўчанне.
VI
Пятронi быў дома. Прыдзверны не стаў затрымваць Вiнiцiя, якi ўляцеў у атрыюм, моў бура, i, даведаўшыся, што гаспадара трэ шукаць у бiблiятэцы, з такiм самым iмпэтам уляцеў туды i, застаўшы Пятронiя пiшучага, вырваў яму трасцiнку з рукi, зламаў i кiнуў вобзем, тады ашчаперыў жалезнымi пальцамi ягоныя плячукi i, сунучы твар да ягонага твару, спытаў хрыплiвым голасам:
- Што ты з ёю зрабiў? Дзе яна?
Але вомiг сталася неспадзяваная рэч: хударлявы й распешчаны Пятронi схапiў урэзаную ў плечы далонь маладога атлеты, пасля другую i, трымаючы абедзве ў сваёй адной бы сталёвымi абцугамi, кажа:
- Я толькi ранiцай бываю недалужны, а вечарам маю даўнюю пругкасць.
Спрабуй вырвацца! Гiмнастыцы вучыў цябе хiба ткач, а звычкам - каваль? На твары ягоным нат не вiдаць было гневу, толькi ўваччу блiскаў нейкi вогнiк адвагi й энэргii. Па хвiлiне пусцiў рукi Вiнiцiя, а той стаяў перад iм супакораны, засаромлены й злосны.
- Маеш сталёвую руку,- кажа,- але на ўсе пякельныя богi прысягаю табе, калi мяне ты здрадзiў, увапхну табе нож у горла, хоць бы i ў пакоях цэзара.
- Пагаварэм спакойна,- адказвае Пятронi.- Сталь, як бачыш, мацнейшая, чым жалеза, дык, хоць з твайго аднаго плечука можна зрабiць мае два, не патрабую цябе баяцца. Затое горка мне ад твайго грубiянства, i калi б няўдзячнасць людская магла мяне шчэ дзiвiць, то дзiвiўся б з твае няўдзячнасцi.
- Дзе Лiгiя?
- У люпанарыi, гэта знача ў доме цэзара.
- Пятронi!
- Супакойся, садзiся. Прасiў я цэзара дзвёх рэчаў, якiя мне абяцаў: першая - выдабыць Лiгiю з дому Аўлаў, а другая - аддаць яе табе. Цi не маеш там дзе нажа ў хвандах тогi? Можа мне ўсунеш? Але я раю табе пачакаць дзён з пару, бо ўзялi б цябе ў вязнiцу, а тады б Лiгiя нудзiлася ў тваiм доме. Настала цiшыня. Вiнiць пазiраў час нейкi здзiўленымi вачыма на Пятронiя, пасля сказаў:
- Выбачай. Кахаю яе й каханне марочыць мне голаў.
- Ну, слухай, Марк. Анагдай кажу цэзару так: мой сястрынец Вiнiць так пакахаў адну хударлявую дзяўчыну, каторая гадуецца ў Аўлаў, што дом ягоны змянiўся ад тужных уздыханняў у паровую лазню. Ты, кажу, цэзар, анi я, знаючыся на сапраўднай красе, не далi б тысячы сэстэрцыяў за яе, але гэты хлапец дурны, як трыножнiк, а цяпер i зусiм здурнеў.
- Пятронi!
- Калi не здагадваешся, што я гэта сказаў дзеля ратавання Лiгii, то я гатоў сам сабе паверыць, што сказаў праўду. Я ўбiў у голаў Рудабародаму, што такi эстэта, як ён, не можа ўважаць такое дзяўчыны за красуню, i Нэрон, якi дагэтуль не смее йнакш глядзець, як маiмi вачыма, не знайдзе ў ёй красы, а не знайшоўшы, не будзе яе жадаць. Трэба ж было перад малпай забяспечыцца i ўзяць яе на повад. На Лiгii пазнаецца цяпер не ён, толькi Папея, i iставетна пастараецца яе зараз з палацу выдалiць. А я нехаця казаў далей Рудой Барадзе: «Вазьмi Лiгiю i дай яе Вiнiцiю! Маеш права гэта зрабiць, бо яна ж закладнiца, а калi так зробiш, насолiш Аўлу». I згадзiўся. Не меў найменшае рацыi не згадзiцца, тым больш, што насунуў яму нагоду дакучыць чэсным людзям. Зробяць цябе афiцыйным даглядчыкам закладнiцы, аддадуць табе ў рукi гэны лiгiйскi скарб, а ты, як саюзнiк ваяцкiх лiгаў ды адначасна верны слуга цэзара, не толькi са скарбу нiчога не змарнуеш, але пастараешся яго памножыць. Цэзар для вiду затрымае яе дзён колькi ў доме, а пасля адашле да твае iнсулi, шчаслiвы малойца!
- I то праўда гэтаму? Цi ж нiчога ёй там не пагражае?
- Калi б там засталася жыць назаўсёды, Папея пагаварыла б аб ёй з Лакустай, але праз некалькi дзён нiчога ёй не пагражае. У палацы цэзара ёсць дзесяць тысяч людзей. Можа быць, што Нэрон зусiм яе i не бачыцьме, бо й так усё даручыў мне, што вось перад хвiлiнай быў у мяне цэнтурыён з дакладам аб дастаўцы дзяўчыны да палацу i здачы ў рукi Актэ. Добрая душа гэта Актэ, таму я загадаў ёй яе аддаць. Пампонiя Грэцына, вiдаць, таксама думала, бо да яе пiсала. Узаўтра банкет у Нэрона. Замовiў я табе мейсца вобак Лiгii.
- Выбачай, Кай, за маю гарачку, - сказаў Вiнiць.- Я думаў, што ты загадаў яе ўзяць для сябе або для цэзара.
- Я магу табе гарачку дараваць, але прастацкiя рубашныя жэсты й голас, як тых, што йграюць у мору, цяжка мне дараваць. Гэтага не люблю, Марк, i гэтага высцерагайся. Ведай, што цэзару дастаўляе дзевак Тыгэлiн, дый знай, калi б я манiўся ўзяць дзяўчыну сабе, то цяпер, гледзячы табе ў вочы, сказаў бы наступнае: Вiнiць! Адбiраю ад цябе Лiгiю i буду яе трымаць аж датуль, дакуль мне не прыесца.
Гэта кажучы, глядзеў Вiнiцiю проста ў вочы з выглядам халодным ды безбаязным, так што малады чалавек збянтэжыўся зусiм.
- Мая вiна,- кажа.- Ты добры, чэсны, i дзякую табе з усяго сэрца й душы. Дазволь толькi яшчэ запытацца: чаму не загадаў адаслаць Лiгiю проста ў мой дом?
- Бо цэзар баiцца языкоў. Аб тым людзi будуць гаварыць у Рыме. А як Лiгiю забiраем як закладнiцу, якая прабывае ў палацы цэзара, то языкi не страшныя. Пасля адашлюць табе яе пацiхеньку й канец. Рудабароды баязлiвы, як сабака. Ведае, што ўлада ягоная безгранiчная, аднак стараецца абформiць кажны праступак. Цi супакоiўся ты ўжо i можаш крыху пафiлязафаваць? Мне самому прыходзiла ў голаў: дзеля чаго злачынства, хоць бы было магутнае, як цэзар, ды не чула кары над сабою, як ён, стараецца заўсёды прыкрывацца правам, справядлiвасцяй i цнотай?.. Нашто яму гэта турбота? Мне здаецца, замардаваць матку й жонку прыстоiла толькi якомунебудзь азiяцкаму князьку, не рымскаму цэзару; але, калi б мне гэта прыдарылася, не пiсаў бы апраўдальных лiстоў у сенат... А Нэрон пiша - Нэрон шукае прыкрыўкi, бо Нэрон трус. Але такi Тыбэрый не быў трусом, аднак апраўдваўся з кажнага свайто праступку. Чаму гэта так? Што гэта за дзiўная, мiмавольная пашана, аддаваная праз зло цноце? I ведаеш, што мне здаецца? Дзеецца так таму, што праступак ёсць брыдотны, а цнота прыгожая. Ergo [21], сапраўдны эстэт ёсць тым часам i цнатлiвым чалавекам. Ergo, я цнатлiвы чалавек. Мушу сяння вылiць крыху вiна Пратагору, Продыку i Горгiю. Аказваецца, што й сафiсты могуць на невашта прыдацца. Слухай, гавару далей. Забраў я Лiгiю ў Аўлаў, каб аддаць яе табе. Добра. Але Лiзып вырэзьбiў бы чароўную групу. Абое вы прыстойныя, дык i мой учынак ёсць прыгожы, не можа быць злым. Глянь, Марк, во перад табою сядзiць учалавечаная ў Пятронiя цнота! Каб жыў Арыстыд, павiнен бы прыйсцi да мяне й ахвяраваць мне сто мiнаў за кароткую лекцыю аб цноце.
Але Вiнiць, якому рэчаiснасць больш ляжала на сэрцы, чым лекцыя аб цноце, сказаў:
- Узаўтра ўбачу Лiгiю, а пасля мецьму яе ў сваiм доме штодзень, заўсёды i да смерцi.
- Ты будзеш мець Лiгiю, а я буду мець на галаве Аўла. Сцягацьме на мяне помсту ўсiх падзямельных багоў. I хоць бы ж прынамсi навучыўся, бестыя, перш добрай дэкламацыi... А то ён будзе наракаць, як мой даўнейшы прыдзверны, якога прыйшлося выслаць на сяло да эргастулюма.
- Аўл быў у мяне. Я абяцаў яму паведамiць аб Лiгii.
- Напiшы яму, што воля боская цэзара ёсць найбольшым правам, i што першы сын будзе называцца Аўл. Трэба ж старога чым-небудзь пацешыць. Я гатоў прасiць Рудабародага, каб яго ўзаўтра паклiкаў на банкет. Хай бы цябе паглядзеў у трыклiнiюме вобак Лiгii.
- Не рабi гэтага,- кажа Вiнiць.- Мне iх, аднак, шкада, злашча Пампонii. I сеў пiсаць той лiст, якi старому ваяводзе адабраў астанкi надзеi.
VII
Перад Актэ, даўнейшай каханкаю Нэрона, схiлялiся калiсь найвышэйшыя галовы Рыму. Але яна й тады нат не хацела мяшацца ў публiчныя справы, а як i карыстала калi-небудзь з свайго ўплыву на маладога ўладара, то хiба толькi для выпрасiн каму лiтасцi. Цiхая й пакорная, здабыла сабе ўдзячнасць многiх, а нiкога не зрабiла сваiм ворагам. Не патрапiла яе ненавiдзець нат Актавiя. Зайздросным выдавалася замала небяспечнай. Ведалi аб ёй, што кахае Нэрона сумным i балючым каханнем, якое жыве ўжо не надзеяй, а толькi ўспамiнамi хвiлiн, калi гэны Нэрон быў не толькi маладзейшым, але й лепшым. Было ведама, што ад гэных успамiнаў не можа адарваць душы й думкi, але не спадзявалася ўжо нiчога; глядзелi на яе як на асобу безабаронную, пакiнутую цэзарам, дык усе яе пакiнулi. Папея ўважала яе толькi за цiхую слугу, да таго няшкодную, што нат не дамагалася выдалення яе з палацу.
Дзеля таго, аднак, што цэзар яе калiсь кахаў i пакiнуў яе бязгнеўна, у спакойны, а нат сказаў бы прыемны спосаб, усе мелi для яе паважанне. Нэрон, вызвалiўшы яе, даў у палацы памешканне, а ў iм асобны кубiкулюм ды жменьку службы. А калi Палас i Нарцыс, хоць вызвольнiкi Клаўдыя, не толькi садзiлiся за стол пры банкетах, але й, як магутныя мiнiстры, займалi пачэснае мейсца, то ж i яе запрашалi часам да стала цэзара. Рабiлi гэта мо дзеля таго, што ейная прыгожая постаць была сапраўднай аздобай банкету. Дый цэзар даўно ўжо перастаў пры даборы таварыства кiравацца якiмi-небудзь рацыямi. За стол ягоны садзiлася мяшанка найусялякшых людзей усiх станаў i становiшч. Былi мiж iмi сенатары, але пераважна такiя, якiя гатовы былi адначасна быць i блазнамi. Былi патрыцыi старыя й маладыя, жадныя роскашы, збыткоўнасцi й папаскi. Бывалi жанчыны з паважанымi iмёнамi, але гатовыя ў вячэрнiх поцьмах бялявымi парыкамi шукаць балаўства на вулiцы. Бывалi й высокiя ўрадаўцы, i святары, якiя пры поўных чарках самi ахвотна падкпiвалi з сваiх багоў, а вобак галайстра ўсякага роду, складзеная з спевакоў, мiмаў, музыкаў, танцораў i танцорак, паэтаў, што дэкламавалi за грошы, якiх спадзявалiся за ўсхваленнi вершаў iмператара, складзеная з галадамораў-фiлёзафаў, пажыраючых вачыма смачныя стравы, урэшце, з слаўных спартоўцаў-яздуноў, штукароў, цудадзеяў, бай-басняроў ды з розных свежаспечаных модаю цi дурнатою «мастацкiх славаў», галадранцаў, мiж якiмi былi й такiя, што даўгiм валоссем пакрывалi папраколваныя на знак нявольнiцтва вушы.
Слаўнейшыя адразу садзiлiся за стол, а меншыя дапамагалi пры балаўстве падчас яды, чакаючы на тую хвiлiну, калi служба iм дазволiць накiнуцца на прысмакi й напiткi. Такiх гасцей дастаўлялi Тыгэлiн, Ватынiй i Вiтэлiй, не раз гасцям мусялi старацца адзежы, вымаганай у доме цэзара, якi, праўду сказаць, любiў такое таварыства, чуўся бо сярод яго найсвабоднейшым. Збыткоўнасць двору ўсё залацiла, усё пакрывала бляскам. Вялiкiя й малыя, нашчадкi вялiкiх родаў i галота з гарадскога бруку, магутныя мастакi й лiхотныя падскрэбiны талентаў лезлi ў палац, каб насыцiць захопленыя вочы надлюдскаю пышнатою i зблiжыцца да валадара ласкаў, дабра й багацця, адзiн капрыз якога мог, праўда, панiжыць, а мог i бязмерна вывышыць.
Таго дня i Лiгiя мелася быць на падобным банкеце. Трывога, няпэўнасць i ашаламленне пасля наглых выпадкаў змагалiся ў ёй з думкай супрацiву. Баялася цэзара, баялася людзей, баялася палацу, гоман якога адыймаў у яе прытомнасць, баялася банкетаў, аб гiдоце якiх чула ад Аўла, ад Пампонii Грэцыны ды iхнiх прыяцеляў. Хоць была шчэ маладая, не была нясведамай, бо сведамасць благога ў тых часах даволi рана даходзiла да дзiцячых вушэй. Дык ведала, што ў гэным палацы чакала на яе гiбель, ад якой i Пампонiя яе перасцерагала. Маючы, аднак, маладую душу, неабытую з гiдотай, i вызнаючы высокую навуку, прышчэпленую ёй прыбранаю маткаю, абяцала баранiцца ад тае пагубы: матцы, сабе i адначасна таму Боскаму Вучыцелю, у якога не толькi верыла, але й любiла сваiм дзiцячым нявiнным сэрцам за салодкую навуку, за ахвярную горкую смерць i за хвалу згробуўстання.
Была пэўная, што цяпер ужо нi Аўл, нi Пампонiя Грэцына не будуць адказваць за ейныя ўчынкi, дык думала, цi не лепш будзе супрацiвiцца й не йсцi на банкет. З аднаго боку страх i трывога адзывалiся ў ёйнай душы, а з другога радзiлася ахвота паказання адвагi, вытрываласцi мучанiцкай. Адыж Боскi Вучыцель так казаў. Адыж сам даў прыклад. Дый Пампонiя расказвала ёй, што гарачэйшыя вызнавальнiкi цэлаю душою жадаюць мучанiцкае нагоды й просяць яе. I Лiгiю, як была шчэ ў Аўлаў, часамi апаноўвала такая ахвота. Уяўляла сябе мучанiцай з ранамi ў руках i нагах, бы снег белай, прыгожай засветнаю горкасцю, няслi яе анёлы ў блакiт. Такiмi й падобнымi з'явамi любавалася ейная ўява. Было ў гэтым шмат дзiцячых летуценняў, але крыху й самаўпадобы, за якую ганiла яе Пампонiя. Цяпер жа, калi супрацiў цэзаравай волi мог пацягнуць за сабою страшэнную кару i калi мары маглi стацца рэчаiснасцяй, да захопных уяваў i ўпадобаў далучылася яшчэ са страхам змяшаная нейкая цiкавасць: як яе абвiнавацяць ды якiя пакуты ёй прысудзяць.
I так хiсталася ейная паўдзiцячая шчэ душа на два бакi. Але Актэ, даведаўшыся аб гэтых хiстаннях, глянула на яе з такiм здзiўленнем, як бы заўважыла ў ёй гарачку. Цэзару думаеш працiвiцца? Сцягнуць ад першае хвiлiны ягоны гнеў? На гэта трэба быць горкiм дзiцянём, няведаючым, што гаворыць. З ейных слоў вынiкае, што яна не ёсць закладнiцай, але звычайнай, забытай праз свой народ, дзяўчынай. Не баронiць яе нiякае права народаў, а нат каб i баранiла, то ў цэзара хопiць магутнасцi, каб яго ў гневе стаптаць. Падабалася цэзару яе ўзяць, i ад тае пары распараджаецца ёю. Ад гэнай пары ёсць на ягонай волi, над якою няма iншае.
- Так,- талкавала далей Актэ,- i я чытала лiсты Паўла з Тарсу, i я ведаю, што ёсць Бог над зямлёю, ёсць Сын Божы, што згробуўстаў, але на зямлi ёсць толькi цэзар. Памятай аб гэтым, Лiгiя. Ведаю таксама, што вера твая не дазволiць табе быць тым, чым я была, i што вам, як стоiкам, аб якiх расказваў мне Эпiктэт, калi давядзецца выбiраць бессаромнасць i смерць, можна толькi смерць выбраць. Але цi ты ведаеш, што цябе чакае? Няўжо не чула пра дачку Сэяна, якая, шчэ дзiцянём будучы, мусiла на загад Тыбэрыя, для датрымання права, забараняючага караць дзявiц смерцяй, перажыць ганьбу перад смерцяй? Лiгiя, Лiгiя, не дражнi цэзара! Калi прыйдзе вырашальная хвiлiна, калi мусiцьмеш выбiраць ганьбу або смерць, дык зробiш, як табе твая праўда скажа, але не шукай згубы самахоць ды не дражнi абы-чым так страшнага зямнога бога!
Актэ гаварыла з вялiкай ласкавасцяй ды чуласцяй, а маючы з нараджэння прыкараткi зрок, прысунула блiжэй свой салодкi твар да твару Лiгii, як бы манячыся спраўдзiць, якое ейныя словы зрабiлi ўражанне. А Лiгiя, закiнуўшы па-дзiцячаму даверлiва ёй на шыю рукi, сказала:
- Добрая ты, Актэ.
Актэ, заахвочаная пахвалою й даверам, прытулiла яе да сэрца i, вызвалiўшыся з ейных ручонак, адказала:
- Маё шчасце мiнула, i радасць мiнула, але я не злую.
Пасля гэтага пачала хадзiць хуткiмi крокамi па хаце, як бы сама да сябе прыгаворваць:
- Не! I ён не быў лiхiм. Ён сам думаў тады, што ёсць добры. Я найлепш гэта ведаю. Гэта ўсё прыйшло пазней... як пакiнуў кахаць... Гэта iншыя зрабiлi яго такiм, як цяпер, гэта iншыя - i Папея!
I вочы яе заплылi слязьмi. Лiгiя перш вадзiла за ёю сваiмi блакiтнымi вачыма, пасля кажа:
- Табе шкада яго, Актэ?
- Шкада! - глуха адказала.
Ды зноў пачала хадзiць са сцiснутымi, як бы ад болю, рукамi ды бязрадным аблiччам.
А Лiгiя нясмела пытала далей:
- Ты яшчэ любiш яго, Актэ?
- Люблю...
Пазней дадала:
- Яго нiхто, апрача мяне, не любiць...
Настала маўчанне, падчас якога намагалася супакоiць раскалыханую ўспамiнамi душу, i калi на твары зноў загасцiў цiхi сум, сказала:
- Гаворым аб табе, Лiгiя. Нават i не думай супрацiўляцца цэзару. Гэта было б адчаем. Урэшце, супакойся. Ведаю добра гэты дом i думаю, з боку цэзара нiчога табе не пагражае. Калi б Нэрон загадаў цябе забраць для сябе, не прывялi б цябе на Палатын. Тут валадарыць Папея, а Нэрон ад тае пары, як нарадзiла яму дачку, шчэ больш паддаецца ейнай уладзе... Не. Нэрон, праўда, загадаў, каб ты была на банкеце, але не бачыў цябе дагэтуль, не пытаў пра цябе, дык яму пра цябе не расходзiцца. Можа, адабраў цябе ад Аўла й Пампонii толькi праз злосць да iх... Мне пiсаў Пятронi, каб апекавалася табою, але пiсала й Пампонiя, дык хiба згаварылiся з сабою. Можа, ён зрабiў гэта дзеля ейнае просьбы. Калi так ёсць, калi i ён заапякуецца табою, нiчога табе не пагражае, i хто ведае, цi не нагаворыць Нэрона, каб аддаў цябе дамоў. Не ведаю, цi Нэрон надта яго любiць, але ведаю, што рэдка калi асмяляецца яму пярэчыць.
- Ах, Актэ! - адказвае Лiгiя.- Пятронi перад гэтым быў у нас, i мацi мая была пераканана, што Нэрон зажадаў мяне праз яго намову.
- Гэта было б дрэнна,- адцемiла Актэ.
Але, надумаўшыся, гаварыла далей:
- Можа, Пятронi на якой вячэры выгаварыўся ненарокам перад Нэронам, што ў Аўлаў жыве закладнiца лiгаў, i Нэрон, прагавiты на сваю ўладу, зажадаў цябе толькi таму, што закладнiкi належаць да цэзара. Дый ён не любiць Аўла й Пампонii... Не! Пятронi дзеля свае захцеванкi не адбiраў цябе гэткiм спосабам... Не ведаю, цi Пятронi лепшы за тых, што акружаюць цэзара, але ёсць iншы... Адыж можа апрача яго знойдзецца ж каго iншага, хто за цябе заступiўся б. Цi ў Аўлаў не пазнала каго з блiзкiх цэзара?
- Спатыкала Вэспасыяна й Тытуса.
- Цэзар iх не любiць.
- I Сэнэку.
- Даволi, каб Сэнэка што параiў, то Нэрон зробiць наадварот.
Яснае аблiчча Лiгii пачырванела.
- I Вiнiцiя...
- Не ведаю яго.
- Гэта Пятронiевы сваяк, што вярнуўся нядаўна з Арменii...
- Цi думаеш, Нэрон рад яму?
- Вiнiцiя ўсе любяць.
- I захацеў бы заступiцца за цябе?
- Так.
Актэ чула ўсмiхнулася й сказала:
- Дык напэўна яго на банкеце спаткаеш. Быць на iм мусiш насамперш таму, што мусiш... Толькi такое дзiцянё, як ты, магло б iнакш думаць. Па-другое, калi хочаш вярнуцца да Аўлаў, мецьмеш нагоду папрасiць Пятронiя й Вiнiцiя, каб сваiмi ўплывамi выпрасiлi для цябе права павароту. Каб тут яны былi абодва, сказалi б табе тое, што i я: было б адчайнай злыбядой спрабаваць упiрацца. Цэзар мог бы мо не дагледзець твае адсутнасцi, але калi б зацемiў i ўспомнiў, што ты зламала ягоную волю, не было б ужо для цябе ратунку. Хадзi, Лiгiя... Цi чуеш гоман у доме? Сонца знiжаецца, i госцi зараз пачнуць збiрацца.
- Праўду кажаш, Актэ,- вырашае Лiгiя,- пайду за тваёй радай. Колькi ў гэтай дэцызыi было жадання спаткацца з Вiнiцiем i Пятронiем, колькi жаночай цiкавасцi, каб раз у жыццi пабачыць такi банкет, а на iм цэзара, двор, слаўную Папею ды iншыя красунi i ўвесь той нечуваны сплендор, пра якi цуды расказвалi ў Рыме, сама Лiгiя не магла расцемiць. Але Актэ мела рацыю, дзяўчына гэта ведала добра. Трэба было йсцi, i калi мус ды проста розум падмацавалi пакусу, перастала вагацца.
Актэ завяла яе тады да свайго ўнктуарыюма, каб прыхарашыцца, а хоць у цэзара багата было нявольнiц, дый Актэ iх даволi мела для асабiстае прыслугi, то праз спагаду да дзяўчыны, краса й нявiннасць якое хапiлi яе за сэрца, вырашыла ўбраць яе сама. I зараз паказалася, што ў маладое грэчанкi, памiма ейнае журлiвасцi й лектуры лiстоў Паўла з Тарсу, уцалела шчэ многа гэлiнскае душы, да якое краса цела прамаўляла мацней, чым усё на свеце. Распрануўшы Лiгiю, ахапiўшы вокам ейную фiгуру, лёгкую, гладкую, ну проста вылiтую з перламутру й ружы, аж крыкнула ад захопнага подзiву i, адступiўшы некалькi крокаў, песцiла замiлаваным вокам гэную чароўную постаць вясны.
- Лiгiя!- адазвалася ўрэшце.- Ты ж у сто разоў прыгажэйшая за Папею!
Але дзяўчына, узгадаваная ў суровым доме Пампонii, дзе сцiпласць забавязвала жанчын, нат калi былi сам-насам толькi,- стаяла цудная, бы цудны сон, гарманiйная, моў твор Праксытэлеса цi як песня; але стрывожаная, ад сарамлiвасцi румяная, стулiўшы каленi, рукамi засланяючы грудкi й спусцiўшы вочанькi. Раптам падняла рашучым рухам рукi, выняла шпiлькi з валасоў i ў адной хвiлiне, сцяпянуўшы галавою, моў плашчом, пакрылася iмi.
Актэ, падыйшоўшы й дакрануўшыся да ейных цёмных локаў, далей захаплялася:
- Ах, што за валасы!.. Не трэ iм залатое пудры, яны самi на закрутках залацяцца... Ледзь дадам хiба толькi iм залатога полыску, але лёгка, лягонька, каб прасвятлялi iх касулькi... Чароўны, не йначай, ваш край Лiгаў, дзе такiя чарунi родзяцца!
- Я не памятаю яго,- адказала Лiгiя,- толькi расказваў Урсус, што ў нас лясы, лясы i лясы.
- А ў лясох кветкi цвiтуць,- дасказала Актэ, мачаючы далонi ў вазе з вервенай ды змочваючы ёю валасы Лiгii. Скончыўшы гэта, пачала далiкатна намашчаць усё ейнае цела арабскiмi алейкамi, пасля атулiла яе залацiстаю мяккаю тунiкай без рукавоў, на якую дасць потым снежна-белы пеплюм. Але шчэ трэ было ўчасаць валасы, дык ахiнула яе тым часам шырокай хусцiнай, так званай «сынтэсiс», i, пасадзiўшы на крэсле, аддала яе на хвiлiну нявольнiцам, наглядаючы часанне здалёк. Дзве нявольнiцы пачалi адначасна накладаць на ножанькi Лiгii белыя пурпураю гафтаваныя чаравiчкi, барсаючы iх накрыж тасьмамi да алебастравых костак. Калi часанне было скончана, надзелi на яе пеплюм з уложанымi стройнымi хвалдамi, тады Актэ, прыпяўшы ёй перлы на шыi, пазалацiўшы лочкi, загадала прыбiраць сябе самую, водзячы цэлы час захопленымi вачыма за Лiгiяй. Хутка сама была гатова, i як перад галоўнаю брамай пачалi паказвацца першыя лектыкi, увайшлi абедзве ў бакавы крыптапортык, з якога вiдаць была галоўная брама, галярэi й панадворак усярэдзiне, акружаны калюмнадаю з нумiдыйскага мармуру.
Штораз болей праходзiла людзей пад высокiм люкам брамы, над якою стройная квадрыга Лiзвыяша казаў бы ўносiла ў паветра Апалона й Дыяну. Пышны вiд ачараваў Лiгiю, аб якiм скромны дом Аўла не мог ёй даць найменшага паняцця. Была гэна хвiлiна заходзячага сонца, i апошнiя касулi ягоныя азаралi жоўты нумiдыйскi мармур калюмнаў, што гарэлi золатам у гэным бляску ды пералiвалiся ружавою. Мiж калюмнамi, вобак белых статуяў Данаiд ды iншых багоў i герояў, плыла рака людзей - мужчын, жанчын,- падобных да гэтых статуяў, бо ўдрапаваных у тогi, пеплюмы i столы, ападаючыя стройна мяккiмi хвандамi да зямлi, а на iх дагасалi водблiскi заходзячага сонца. Велiзарны, з асветленай шчэ галавою, Апалон ад грудзей быў ужо ў ценю калюмны, паглядаў згары на гэную грамаду. Актэ паказвала Лiгii сенатараў у шырока аблямованых тогах з паўмесяцамi на абутку, i вершнiкаў, i знакамiтых актораў, i рымскiх жанчын, убраных па-рымску, па-грэцку або ў фантастычныя ўсходнiя строi, з валасамi, уложанымi ў вежу, пiрамiды, або зачэсаных, моў багiнi, гладка ды прыстроеных аднiзу ў кветкi. Многа мужчын i кабет Актэ называла паiменна, дадаючы да iмёнаў кароткiя й часамi страшныя гiсторыi, ад якiх Лiгiя праймалася жахам, подзiвам, здумленнем. Быў гэта для яе дзiвосны свет, прыгажосцю якога ўпаялiся ейныя вочы, але супярэчнасцяў ягоных не мог зразумець ейны дзявочы розум. У гэных зарнiцах на небе, у гэных радох непарушных калюмнаў, уцякаючых у далячынь, i ў тых людзях, падобных да статуяў, быў нейкi вялiкi супакой; здавалася, што сярод гэных просталiнiйных мармураў павiнны быць бестурботныя, шчаслiвыя людзi-паўбогi, тым часам цiхi голас Актэ адкрываў паступова штораз iншую страшную тайнiцу i гэтага палацу, i гэтых людзей. Вунь там далёка вiдаць крыптапортык, на калюмнах якога й на пасадцы чырваняцца шчэ крывавыя плямы, якiмi аблюзгаў белыя мармуры Калiгула, забiты нажом Касiя Хрэi; там замардавана ягоную жонку; там дзiцянё разбiлi аб каменнi; там, пад гэным крылом, ёсць падзямелле, у якiм з голаду грыз рукi Друз-малодшы; там атруцiлi старэйшага; там вiўся ад жаху Гэмэль, там з канвульсiяў Клаўдый, там Германiк. Усюды сцены гэтыя чулi енкi й стогны канаючых, а тыя людзi, што спяшаюцца цяпер на банкет у тогах, у краскавых тунiках, у кветках i кляйнотах,- гэта, можа, заўтрашнiя асуджэнцы; можа, не на адным твары жах прыкрываецца смехам; можа, гарачка, жарсць i зайздрасць раз'ядаюць сэрцы гэтых напазор бестурботных паўбагоў. Палахлiвыя думкi Лiгii не маглi паспець за словамi Актэ, i калi той цудны свет прыцягаў штораз мацней ейныя вочы, сэрца трапяталася ў ёй ад страху, а ў душы сарвалася нагла нявыказаная вялiкая туга па каханай Пампонii, па супакойным доме Аўлаў, дзе панавала любоў - не злачынства.
Тым часам ад Вiкус Апалонус наплывалi штораз новыя хвалi гасцей. З-за брамы данасiлiся вокрыкi й гоман клiентаў, адводзячых сваiх патронаў. Надворак i калюмнады зараiлiся мноствам цэзаравых нявольнiкаў, нявольнiц, малых хлапчанят i прэторыянскiх ваяроў, вартуючых палац. Дзе-нiдзе мiж белымi або смаглымi тварамi чарнеўся твар нумiда з перыною ў шаломе i з вялiкiмi залацiстымi кольцамi ў вушах. Няслi лютнi, цытры, пучкi штучна выгадаваных, мiма позняе восенi, кветак, ручныя мядзяныя, сярэбраныя й залатыя лямпы. Штораз галаснейшы шум гутарак мяшаўся з плюскам вадалiву, якога ружовыя ад вячэрняй зары косы падалi звысака на мармуры, разбiвалiся на iх, як бы плачучы.
Актэ перастала расказваць,: але Лiгiя ўсцяж глядзела, як бы каго ў грамадах шукаючы. Нараз зарумянiлася. Спамiж калюмнаў выхiлiлiся Вiнiць i Пятронi, яны йшлi да вадалiву трыклiнiюма: прыстойныя, спакойныя, падобныя ў сваiх тогах да белых багоў. Лiгii, якая сярод чужых людзей убачыла гэтыя дзве знаёмыя прыязныя асобы, асаблiва Вiнiцiя, здавалася, што вялiкi цяжар апаў ёй з сэрца. Пачулася менш самотнай. Тая няўтульная тужлiвасць па Пампонii i доме Аўлаў, якая абудзiлася ў ёй перад хвiлiнай, перастала мучыць. Пакуса спаткання з Вiнiцiем i бяседы з iм заглушыла iншыя водгукi душы. Дарэмна прыгадвала сабе ўсё благоцце ў доме цэзара, аб якiм чула i словы Актэ, i перасцярогi Пампонii. Памiма гэных слоў i перасцярогаў раптам пачула, што на гэтым банкеце не толькi быць мусiць, але i хоча: на ўспамiн, што за хвiлiну пачуе гэны мiлы любы голас, якi гаварыў ёй пра каханне i боскае шчасце, якi гучэў ёй у вушах дасюль, моў чаруючая песня, ахапiла яе радасць.
Але раптоўна i спалохалася гэтае радасцi. Здалося ёй, што ў гэтай хвiлiне здраджае i той чысты голас навукi, у якой яе ўзгадавана, i Пампонiю, i сябе. Iншая рэч iсцi пад прымусам, а iншая - цешыцца з такога прымусу. Пачулася вiнаватай, нягоднай i прапашчай. Каб была сама адна, укленчыла б i пачала б бажыцца ў грудзi, прызнаючыся: мая вiна, мая вiна! Актэ, узяўшы цяпер яе за рукi, вяла праз нутраныя пакоi ў вялiкi трыклiнiюм, дзе меўся быць банкет, а ёй цямнела ўваччу, шумела ад нутраных узварушэнняў, i бiццё сэрца забiвала ў ёй дыханне. Нiбы ў сне ўбачыла тысячы мiгатлiвых лямпаў i на сталох, i на сценах, як праз сон пачула воклiч, якiм вiталi цэзара, як у iмгле ўбачыла яго самога. Воклiч аглушыў яе, бляск асляпiў, ударыў пах квецця, i, страцiўшы прытомнасць, ледзь магла распазнаць Актэ, якая, пасадзiўшы яе за стол, сама села вобак.
Хвiлiнка, i нiзкi знаёмы голас адзываецца з другога боку:
- Вiтаю найцуднейшую з красунь зямных i зорак нябесных! Як маешся, боская Калiна?
Лiгiя, крыху апрытомеўшы, зiрнула - побач з ёю сядзеў Вiнiць.
Быў без тогi, бо выгода i звычай вымагалi гэтага. Акрывала яго толькi шкаратная тунiка без рукавоў, вышываная ў сярэбраныя пальмы. Рукi меў голыя, ухарошаныя ўсходнiм звычаем двума шырокiмi залатымi нараменнiкамi вышэй локцяў, а нiжэй - чыстыя ад валосся, гладкiя, але занадта мускулярныя, сапраўдныя рукi ваяра, створаныя для мяча i шчыта. На галаве меў вянок з ружаў. З бровамi, зрослымi над носам, з чароўнымi вачыма ды смаглай скурай быў, казаў бы, увасабленнем маладосцi й сiлы. Лiгii здаваўся так прыгожым, што, хоць першае ашаламленне ўжо мiнула, ледзь магла адказаць:
- Прывiтанне Марку!
А ён:
- О, як шчаслiвыя вочы мае, што на цябе глядзяць. Як жа шчаслiвыя вушы мае, што чуюць твой голас, мiлейшы мне, чым голас цытры цi флейты! Каб мне сказалi выбiраць, хто мае сядзець пры мне на гэтым банкеце: ты, Лiгiя, цi Венус, выбраў бы цябе, боская!
I пачаў углядацца на яе вачыма. Зор ягоны скоўзваўся з твару ейнага на шыю й голыя рукi, песцiў чароўныя лiнii ейнае фiгуры, любаваўся ёю, агартаў яе, прагавiта ўпаяўся, але побач з жадою свяцiла ў iм шчасце й любасць.
I захапленне без гранiц.
- Я ведаў, што спаткаю цябе ў доме цэзара,- гаварыў далей,- аднак, як угледзеў цябе, усёю душою маёй страсянула такая радасць, як бы спаткала мяне шчасце зусiм неспадзяванае.
Апрытомеўшы крыху ды зарыентаваўшыся, што ў гэным таварыстве адзiнаю блiзкаю да яе iстотаю ёсць ён, пачала гутарыць з iм аб усiм незразумелым тут ды страхотным, выпытваць: скуль ён даведаўся, напрыклад, што знойдзе яе ў доме цэзара, ды чаму яна тут? Навошта цэзар забраў яе ад Пампонii? Ёй тутка жудасна, хацела б вярнуцца дамоў. Памерла б з тугi й трывогi, каб не надзея на ягонае й Пятронiева заступнiцтва за яе перад цэзарам.
Вiнiць талкаваў ёй, што аб вывязеннi яе даведаўся ад самога Аўла. Чаму яна тутака - не ведае. Цэзар нi перад кiм не тлумачыцца з сваiх паступкаў i загадаў. Аднак жа хай яна не баiцца. Ён бо, Вiнiць, пры ёй будзе. Лепей бы страцiў вочы, чым яе спрад вачэй, лепей бы аддаў жыццё, чым ад яе аддалiцца. Яна ёсць ягонай душой, дык пiльнавацьме яе, як уласнае душы. Збудуе ёй у сваiм доме алтар, моў багiньцы, на якiм кадзiцьме ёй мыраю, алоэзам, а вясною - пралескамi й цветам яблынi... А калi баiцца цэзаравага дому, дык прыракае ёй, што ў гэным доме яна не будзе.
А хоць гаварыў жартаўлiва й часамi падхлушваў, у голасе ягоным вычувалася праўда, почувы бо ягоныя былi праўдзiвымi. Авалодвала iм шчырая лiтасць, i словы прылiпалi да ягоных вушэй так, што калi пачала дзякаваць яму ды запэўнiваць аб удзячнасцi й мiласцi Пампонii за дабрату яму, што хiба нiколi ў жыццi не здолеў бы адмовiць ейнай просьбе, сэрца ў iм расплывалася. Краса ейная ўпойвала яго почувы, будзiлiся пажаданнi, але адначасна пабойваўся чымся зняважыць гэтае боскае стварэнне; з'яўлялася непаўстрыманая ахвота гутаркi пра ейную красу, пра свой подзiў, i, карыстаючы з банкетнага гоману, прысунуўся да яе блiжэй ды пачаў шаптаць салодкiя любошчы- сардэчныя, мiлагучныя, упаяючыя, бы вiно. Ды ўпаiў жа яе. Памiж чужых тут выдаваўся ёй штораз блiжэйшым, штораз мiлейшым, шчырэйшым.
Супакойваў яе, абяцаў вырваць з дому цэзара; прыракаў служыць i апекавацца ёю. Калiсь у Аўлаў гутарыў з ёю толькi агульна пра каханне й шчасце, якое даць яно можа, цяпер жа прызнаваўся ёй адкрыта, што любiць яе, што яна яму наймiлейшая ды найдаражэйшая.
Лiгiя першы раз чула такiя словы з мужчынскiх вуснаў, i чым больш слухала, тым больш уяўляла сабе, што нешта ў ёй будзiцца, бы ад сну, што падпальвае ейнае нейкае шчасце, у якiм бязмерная радасць мяшаецца з бязмернай трывогай. Загарэлiся шчочкi, затрапятала сэрца, вусны расхiлiлiся бы з подзiву. Баялася гэных слоў, а нi за што не хацела ўранiць анiводнага з iх. То спушчала, то падымала на Вiнiцiя вочанькi iскрыстыя, баязлiвыя, пытаючыя, казаў бы - просячыя: «Гавары яшчэ!» Гоман, музыка, пах кветак ды водар арабскага кадзiдла пачалi зноў адураць яе. Рымскi абычай вымагаў пры стале на банкетах выцягацца наўзлокатку, але дома Лiгiя займала мейсца мiж Пампонiяй i малым Аўлам, тут жа ляжаў вобак яе Вiнiць, малады, урадлiвы, раскаханы, гарачы, дык рабiлася ёй сорамна, але й раскошна. Авалодвала ёю нейкая салодкая знямога, млоснасць i самазабыццё, бы якi раскошны сон яе марыў.
Але й на яго пачала ейная блiзкасць дзеяць. Твар збялеў, ноздры хадзiлi, бы ў каня арабскага. Вiдаць, i ягонае сэрца скакала пад шкаратнаю тунiкай, бо зяхаў прыспешна, а сказы замiралi яму ў вуснах. I ён таксама першы раз быў так пры ёй. Думкi яму памутнелi, у жылах адчуваў полымя, якое надарэмна натужваўся гасiць вiном. Не вiно, але ейны цудны твар, яе нагiя ручанькi ды дзявочыя грудкi, хвалюючыя пад тунiкай, i ейная постаць, атуленая белымi хвандамi пеплюма, упаялi яго штораз больш. Урэшце не ўсцерпеў, абняў яе руку вышэй костачкi, як было ўжо раз у Аўлаў, i, цягнучы яе да сябе, пачаў шаптаць дрыжачымi губамi:
- Я цябе люблю, Калiна... боская мая!..
- Марк, пусцi,- баронiцца Лiгiя.
А ён з вачыма памутнелымi далей:
- Багiня мая!.. Пакахай мяне!.. Нараз адзываецца голас Актэ з другога боку Лiгii:
- Цэзар паглядае на вас.
Вiнiцiя парвала наглая злосць i на цэзара, i на Актэ. Словы бо ейныя знiшчылi чар упаення. Юнаку нат i спагадны голас выдаваўся дакукаю, думаў бо, што Актэ манiлася знарок перарваць iм гутарку. Дык, падняўшыся ды акiнуўшы вокам экснявольнiцу з-за плячэй Лiгii, цыкнуў:
- Кажуць, што слепнеш, дык як жа можаш яго дагледзець?
А тая бы з сумам адказвае:
- Аднак жа яго бачу... Ён таксама блiзарукi й абсэрвуе вас праз шкло. Усё, што рабiў Нэрон, будзiла чуйнасць нат i найблiжэйшых ягоных, i Вiнiць устрывожыўся й асеў - ды пачаў нязначна кiдаць вокам у бок цэзара. Лiгiя, якая напачатку банкету бачыла яго, ад нясмеласцi, бы праз ймглу, а пасля, захопленая Вiнiцiем, не глядзела на цэзара зусiм - цяпер таксама звярнула да яго цiкаўныя й адначасна трывожныя вочы.
Актэ праўду казала. Цэзар, нахiлiўшыся над сталом ды прыжмурыўшы адно вока, узброенае круглым шмарагдам, глядзеў на iх. На хвiлiну зрок ягоны спаткаўся з вачыма Лiгii, i сэрца дзяўчыны сцiснуў жах. Калi за дзiцячых гадоў бывала ў сiцылiйскай вёсцы Аўла, старая няня, егiпская нявольнiца, расказвала ёй аб смоках з горскiх нетраў, вось жа цяперака здалося ёй: глядзяць на яе зекра такога смока. Хапiла за руку Вiнiцiя, бы спалоханае дзiцянё, а ў галаву пачалi налазiць раптоўна спагудныя з'явы. Дык гэта ён? Той страшны ды ўсёмагутны? Не бачыла яго нiколi, iнакш сабе яго ўяўляла. Iмагiнавала сабе нейкае людаедскае аблiчча з закамянелаю злосцю; тым часам тут угледзела вялiзную, асаджаную на грубезным карку галаву, страшную, праўда, але больш смешную, чым жахлiвую, падобную бо здалёк да галавы дзiцячае. Тунiка колеру аметыставага, забароненага звычайным смяротнiкам, кiдала сiняваты водблеск на ягоны шырокi кароткi твар. Валасы меў цёмныя, модна ўложаныя на манер Атона ў чатыры рады пукляў. Барады не насiў, нядаўна бо ахвяраваў яе Ёвiшу, за гэта ўвесь Рым складаў яму падзяку, хоць пацiху шаптаў сабе, што ахвяраваў яе з прычыны рудога колеру, якiм абрастаў увесь ягоны род. На чале ягоным, моцна выступаючым над бровамi, было, аднак, штось алiмпiйскае. У насупленых бровах знаць было сведамасць вялiкамагутнасцi; але пад гэным чалом паўбога мясцiўся твар малпы, п'янiцы й камедыянта, твар пустагона, поўны ўсялякае жады, налiты, мiма маладога веку, салам, твар хваравiты й плюгавы. Лiгii выдаваўся ён агiдным, зладумным.
Пасля палажыў шмарагд i перастаў глядзець на яе. Тады ўгледзела ягоныя пукатыя вочы, прыжмураныя ад лiшняга святла, шклястыя, бязмысныя, падобныя да вачэй мерцвякоў.
Абярнуўшыся да Пятронiя, спытаў:
- Цi гэта тая закладнiца, у якую закахаўся Вiнiць?
- Тая, - адказаў Пятронi.
- Як завецца ейны народ?
- Лiгi.
- Вiнiць уважае яе за красуню?
- Убяры ў жаночы пеплюм спарахнелы пень алiўны, дык Вiнiць назаве яго прыгожым. Але на тваiм твары, о знаўца незраўнаны, прысуд на яе ўжо чытаю. Не патрабуеш яго й аглашаць. Так ёсць. Засухая! Хударлявая! Iставетная макаўка на тоненькiм сцiбурыку; а ты ж, боскi эстэта, цэнiш у жанчыне сам сцiбур, i твая праўда - у тры, у чатыры столкi праўда! Самы тварок яшчэ нiчога не значыць. Я многа пераняў ад цябе, аднак так меткага вока яшчэ не маю... I гатоў пайсцi ў заклад з Тулiем Сэнэцыем на ягоную каханку, што хоць цяжка пры банкеце, калi ўсе ляжаць, мераць стан вокам, ты ўжо сабе адмераў: «Завузкая ў паяснiцы».
- Завузкая ў клубох,- пацвердзiў з прыжмураным вокам Нэрон. Па губах Пятронiя прабег ледзь прыкметны смяшок, а Тулiй Сэнэцый, якi заняты быў дасюль чаўпнёю з Вестам, расказваючым пра свае сны, зварочваецца да Пятронiя i, хоць не ведаў, у чым рэч, кажа:
- Махлюеш! Я веру цэзару.
- Добра,- адказаў Пятронi.- Я цвярдзiў iменна, што ты маеш крошку розуму, а цэзар цвердзiць, што ты асёл без дамешку...
- Habet! [22]- кажа Нэрон, смяючыся й звяртаючы ўнiз вялiкi палец рукi, як гэта робiцца ў цырках на пагiбель гладыятару, якi атрымаў удар ды меў быць дабiты.
Вестын жа, думаючы, што йдзе гутарка ўсё яшчэ пра сны, адзываецца:
- А я веру ў сны, i Сэнэка мне калiсь казаў, што ён таксама верыць.
- Снiлася мне апошняе ночы, быццам сталася я вясталкаю, - умяшалася, перагiнаючыся праз стол, Кальвiя Крыспiнiла.
У адказ на гэта Нэрон пачаў пляскаць у далонi, iншыя паўтаралi тое самае, i за хвiлiну навакол разлягалiся ладкi, Крыспiнiла бо, колькiразовая разводка, была ведамай з свае нечуванае распусты ў цэлым Рыме.
Але яна, не засаромеўшыся анi крошкi, казала:
- I што ж? Усе яны старыя й брыдкiя. Адна Рубрыя да людзей падобна, i так было б нас дзве, хоць i Рубрыя мае рабаценне летам.
- Дазволь, аднак, прачыстая Кальвiя,- кажа Пятронi,- вясталкаю магла ты стацца хiба толькi праз сон.
- А калi цэзар загадае?
-Уверыў бы, што збываюцца сны нат найдзiвачнейшыя.
- Бо й спраўджаюцца,- дакiнуў Вестын.- Разумею людзей, якiя не вераць у багоў, але як можна не верыць у сны?
- А варожбы? - спытаў Нэрон.- Варажылi мне калiсь, што Рым перастане iснаваць, а я панавацьму над цэлым Усходам.
- Сны i варожбы - гэта мае з сабою сувязь,- талкуе далей Вестын.Раз адзiн праконсул, вялiкi недаверак, паслаў нявольнiка з апячатаным лiстом да святынi Мопса, якога не дазволiў адкрываць, каб зверыцца, цi бажок патрапiць адказаць на пытанне, пастаўленае ў лiсце. Нявольнiк праспаў у святынi, каб прыснiць варожбны сон, пасля вярнуўся й кажа так: снiўся мне ясны, як сонца, юнак, каторы вымавiў мне адно толькi слова: «Чорнага». Праконсул, пачуўшы гэта, збялеў i, звяртаючыся да сваiх гасцей, роўных яму недаверкаў, сказаў: «Цi ведаеце, што было ў лiсце?»
Тут Вестын перарваў i, падняўшы чару з вiном, пачаў пiць.
- Дык што было ў лiсце? - дапытваецца Сэнэцый.
- У лiсце было пытанне: «Якога быка маю ахвяраваць: белага цi чорнага?». Але зацiкаўленне, разбуджанае расказам, перарваў Вiтэлiй, якi, прыйшоўшы на банкет ужо падпiўшым, раскаласiўся нагла - без нiякае прычыны - пустым смехам.
- Чаго гэта бочка лою рагоча? - пытае Нэрон.
- Смех, бач, адрознiвае людзей ад быдлят,- тлумачыць Пятронi,- а ён жа не мае iншае адметкi, напрыклад, ад парсюка.
А Вiтэлiй перарваў нагла смех i, цмокаючы аслiзлымi ад жыжкi ды тлустасцi губамi, пачаў таропiцца на прысутных так, як бы iх нiколi перад гэтым не бачыў. Пасля падняў сваю падобную да падушкi далонь ды адазваўся хрыплым голасам:
- Звалiўся мне з пальца рыцарскi пярсцёнак па бацьку.
- Якi быў шаўцом,- дасказаў Нэрон.
I Вiтэлi зноў зайшоўся рогату ды пачаў шукаць згубы ў... пеплюме Кальвii Крыспiнiлы.
На гэта Ватынi давай пiшчаць - прыкiдацца быццам перапалоханай жанчынай. Нiгiдыя ж, таварышка Кальвii, маладая ўдава з дзiцячым тварам ды распуснымi вачыма, уголас падхватвае:
- Шукае таго, чаго не згубiў. - Ды што на нiвошта яму не прыдасца, хоць бы й знайшоў,- дакончвае паэт Люкан.
Банкет станавiўся штораз весялейшым. Тоўпы нявольнiкаў разносiлi штораз новыя стравы; з вялiкiх вазаў, напоўненых снегам ды абвiтых зеленню, штораз часцей даставалi кратэры розных гатункаў вiна. Пiлi ўсе ўдоваль. А згары на стол ды на бяседнiкаў падаў ружовы дождж.
Пятронi пачаў, аднак, прасiць Нэрона, каб цяпер, калi госцi яшчэ не панапiвалiся, ушляхотнiў банкет сваёю песняй. Госцi падхапiлi хорам просьбу, але Нэрон пачаў адказвацца. Не пра самую адвагу тут расходзiлася, хоць заўсёды яе было ў яго недахоп. Багi ведаюць, колькi каштуюць яму ўсялякiя выступы... Не адказваецца, праўду сказаўшы, ад iх, трэба ж бо што-небудзь зрабiць для мастацтва, дый калi Апалон надарыў яго голасам, дык нельга дараў божых марнаваць. Разумее нават, што гэта ж ёсць ягоны абавязак адносна дзяржавы. Але сяння сапраўды нейкi ён ахрыплы. Ноччу клаў сабе на грудзi валавянныя цяжаркi, але й гэта не дапамагло... Падумоўвае аб выездзе да Анцыюма, каб аддыхнуць марскiм паветрам...
Але пачаў малiць яго Люкан у iмя мастацтва й чалавецтва. Усе ж бо ведаюць, што боскi паэт i пяюн улажыў новы гiмн на чэсць Венеры, у параўнаннi з якiм Лукрэцыявы выглядае бы скавытанне белагубага ваўчаняцi. Так добры ўладар не павiнен задаваць мукаў такiх сваiм падданым: «Не будзь лютым, цэзару!»
- Не будзь мучыцелем! - адгукнулiся ўсе сядзячыя блiжэй.
Нэрон развёў рукамi на знак, што здаецца. Тады ўсе распрамянелi радасцяй ды пачалi звяртацца да яго. Але ён згадаў паведамiць аб тым Папеi, што спявацiме, прысутным жа асведчыў, што не прыйшла яна на банкет дзеля пэўнага недамагання; а таму, што нiякае лякарства не робiць ёй такое палёгкi, як ягоная песня, дык шкада было б пазбавiць яе гэтае нагоды. Незабаўна з'яўляецца й Папея. Валадала яна дагэтуль Нэронам, бы падданым, ведала, аднак, што ў справах ягонага «мастацкага самалюбства» жартаваць з iм нельга. Дык з'явiлася прыгожая, моў боства ўбраная, падобна як Нэрон, у аметыставыя ўборы, у пацеркi з буйных перлаў, заграбленых калiсь у Масынiсы, залатавалосая, салодкая i, памiма трэцяга ўжо замужжа, з дзявочым аблiччам.
Вiтаюць яе воклiчамi, называючы «боскай аўгустай». Лiгiя нiколi яшчэ не бачыла такое красы, яна не хацела верыць сваiм вачам, ведама бо было, што Папея Сабiна ёсць адной з нягоднейшых жанчын на свеце. Ведала ад Пампонii, што яна давяла цэзара да маткабойства ды жонкабойства, знала яе з расказаў Аўлавых гасцей i службы; чула, што гэта ейныя статуi ноччу ў горадзе разбiвалi; чула аб напiсах, якiя, памiма найстрашнейшых караў, з'яўлялiся ўсцяж пасля ночы на сценах. I вось цяперака, калi глядзела на гэну аслаўленую Папею, уважаную праз хрысцiян за ачалавечанне зла й праступку, выдавалася ёй, што так толькi выглядаць можа анёл цi якi нябесны дух. Проста не магла адарваць ад яе вачэй, а з вуснаў мiмаволi вырвалася пытанне:
- Ах, Марку, цi гэта можа быць?..
А ён, падагрэты вiном i крыху як бы незадаволены з ейнае на яго няўвагi, гаварыў:
- Так, яна прыгожая, але ты ў сто разоў прыгажэйшая. Каб ты толькi ведала, то б закахалася сама ў сябе, моў Нарцыс... Яна купаецца ў малацэ аслiц, а цябе не йначай Венус выкупала ў сваiм. Ты нясведамая, оcelle mi!.. [23] Не глядзi на яе. Абярнi вочы да мяне, оcelle mi!.. Дакранiся вуснамi гэнай кружы вiна, а пасля я прытулю свае да гэтага самага мейсца...
I прысоўваўся штораз блiжэй, а яна пачала адсоўвацца да Актэ. Але ў тым моманце запанавала цiшыня. Цэзар устаў. Мастак Дыядор аддаў яму лютню, званую «дэльта», другi - Тэрпнас - якi меўся яму акампанiяваць, зблiжыўся з iнструментам, званым «наблiюм». Нэрон, абапёршы дэльту аб стол, падняў вочы ўгару, i за хвiлiну залягла ў трыклiнiюме абсалютная цiшыня, парушаная толькi цiхусенькiм шорахам спадаючых згары ружаў. I пачаў пяяць, а вярней - спешна й рытмiчна дэклямаваць свой гiмн у гонар Венус пры водгаласе дзвёх лютняў. Анi голас, хоць крыху мутны, анi верш не быў благi, дык бедную Лiгiю пачало зноў турбаваць сумленне, гiмн бо, памiма велiчання нячыстае паганскае Венеры, выдаваўся аж надта прыгожым; дый сам цэзар з сваiм лаўровым вянком на галаве i ўзнесенымi вачыма выглядаў менш страшным i агiдным, а дастайнейшым, чым на пачатку банкету. Бяседнiкi адазвалiся громам воплескаў. Водгукi «О нябесны голасе!» разлягалiся навакол. Некаторыя з жанчын застывалi ў позе з паднятымi рукамi на знак захаплення нат пасля спеву, iншыя выцiралi слёзы. Ва ўсёй залi загуло, бы ў вуллi. Папея, накланiўшы сваю залатавалосую галоўку, прытулiла да вуснаў руку Нэрона i трымала яе доўга маўклiва. А малады грэк Пiфагор, цуднае красы юнак, з якiм пазней паўпрытомны ўжо Нэрон загадаў фламiнам даць сабе вянец, цэрыманiяльна ўпаў перад iм на каленi. Але Нэрон непарушна глядзеў на Пятронiя, пахвала якога перадусiм была жаданай, дык той азваўся:
- Арфей жаўцее з зайздрасцi горш, чым прысутны тут музыка Люкан, а што да верша, дык шкада, што не горшыя, бо можа б льго было тады знайсцi на iх пахвалу прыдатнейшыя словы.
Люкан анi думаў за гэта гневацца, наадварот, кiнуў вокам на Пятронiя з удзячнасцю i, нiбыта нахмурыўшыся, пачаў мармытаць:
- Праклятая доля судзiла мне жыць адначасна з такiм паэтам, астаўся б чалавек у людзей у памяцi ды на Парнасе, а так знiкне, бы тая газоўка пры сонцы. Пятронi, аднак, якi меў годную подзiву памяць, пачаў паўтараць уступы з гiмну, цытаваць асобныя вершы, адзначаць ды разбiраць удалейшыя сказы. Люкан, быццам забыўшыся аб зайздрасцi з прычыны чару паэзii, патураў ягоным словам ды захапленням. Воблiк Нэрона заяснеў адчуццём пустое ды глупае раскошы. Сам падсуляў iм вершы быццам прыгажэйшыя, а ўрэшце паддаваў пацехi й адвагi быццам сумнаму Люкану, бо хоць чалавек тым астаецца, кiм уродзiцца, то аднакава ж чэсць, аддаваная праз людзей Ёвiшу, не выключае чэсцi й iншым багом.
Потым устаў, каб адвесцi Папею, якая сапраўды недамагала й хацела адыйсцi. Бяседнiкам усё ж дазволiў садзiцца, пацяшаючы, што неўзабавак вернецца. I праўда, цераз момант вярнуўся, каб у адураючым кадзiдламi дыме любавацца далейшымi вiдовiшчамi, якiя ён сам, Пятронi або Тыгэлiн прыгатавалi на банкет.
Зноў чыталi вершы, слухалi дыялогаў, у якiх пустая чаўпня заступала разумны гумар. Пасля слаўны мiмiк Парыс прадстаўляў прыгоды Iёны, Iнахавай дачкi. Гасцям, асаблiва Лiгii, не прывыкшым да гэных вiдовiшчаў, здавалася ўсё цудамi ды чарамi. Парыс рухам цела й рук вытвараў такiя рэчы, якiя, казаў бы, у танцу выказаць было немагчыма. Далонi ягоныя замуцiлi паветра, наганяючы быццам святлiстую хмару, жывую, поўную дрыготаў, любошчаў, ахапляючую, млеючы, дзявочы стан уздрыганы спазмамi раскошы. Гэна быў жывы абраз, не танец, абраз ясны, адсланяючы тайнiцы кахання, чароўны бессаромны абраз. А калi на канцы яго ўвайшлi карыбанты й пачалi пад музыку цытраў, флейтаў, цымбалаў ды бубянцоў з сiрыйскiмi малодухнамi бахiчны танец, поўны дзiкага вераску й дзiчэйшае шчэ распусты - Лiгii здалося, што палiць яе жывы агонь, што пярун зара ўдарыць у гэны дом, або скляпенне завалiцца на галовы банкетнiкаў...
Але з залатога неваду, распятага пад скляпеннем, падалi толькi ружы, а паўп'яны Вiнiць шаптаў ёй:
- Спаткаў я цябе ў Аўлаў пры вадалiве й пакахаў. Свiтала ранiцаю, i ты думала: нiхто не бачыць. Я, аднак, цябе бачыў... I бачу цябе такою дасяння, хоць закрывае мне цябе гэты пеплюм. Скiнь пеплюм, як Крыспiнiла. Бачыш! Багi й людзi шукаюць кахання. Няма апроч яго на свеце нiчога! Прытулi галоўку мне да грудзей ды заплюшч вочанькi.
А ёй сэрца аж выскаквала. Здавалася ёй, ляцiць у нейкую пропасць, а той Вiнiць, што нядаўна выдаваўся ёй так блiзкiм i пэўным, замест ратаваць, цягне яе туды. Парваў жаль на яго. Пачала зноў баяцца i таго банкету, i сябе самое. Нейкi голас, моў Пампонii, чула ў душы: «Лiгiя, ратуйся!» - але штось падказвала ёй адначасна, што быццам ужо запозна, ды каго авеела падобнае полымя, хто ўсе дзеi падобнага банкету бачыў, у кiм сэрца так скакала, як у ёй, слухаючы словы Вiнiцiя, ды каго праймалi такiя дрыготы, як праймалi яе падчас прытуляння - той ужо прапаў, той ужо без ратунку. Пачало ёй рабiцца млосна. Часамi здавалася ёй, што абамлее, i пасля станецца нешта страшнае. Ведала, што нiкому не можна ўстаць, пакуль не падымецца цэзар, але без яго яна ўжо ўстаць не ўздужае.
Тым часам да канца банкету было яшчэ далёка. Нявольнiкi падносiлi ўсцяж новыя стравы, напаўнялi кружы вiном, а перад сталом, устаўленым у форме падковы, з'явiлiся два сiлачы, каб пацешыць гасцей баруканнем. I ўмiг пачалi барукацца. Магутныя, блiшчастыя ад алiвы мускулы склубiлiся ў вадну брылу, аж косцi пачалi трашчаць ды скрыгiтаць скiвiцы. Час ад часу чутны былi глухiя ўдары iхнiх ступоў аб прытрэсеную шафранам падлогу, то зноў застывалi ў заядлай скамянеласцi, моў выкананая з каменя мастацкая група. Вочы рымлян з любасцю слядзiлi йгру напружаных хрыбтоў, лыдак i плечукоў. Ды не доўга трывала змаганне, бо настаўнiк школы гладыятараў Кратон нездарма лiчыўся наймацнейшым у дзяржаве чалавекам. Працiўнiк ягоны хутка зазяхаўся, пачаў храпцi, потым счарнеў на твары, урэшце хлыснуў праз рот крывёю i абвiс.
Громы воплескаў укаранавалi змаганне, а Кратон, паставiўшы ступу на плячах пакананага ды ўзяўшыся пад бокi з вiдам трыўмфатара, вадзiў вокам па залi. Увайшлi пасля гэтага прадстаўляцелi звярат i галасоў iхнiх, балаўнiкi й блазны, але на iх мала ўжо звярталi ўвагу, вiно бо ўжо марочыла вочы глядзельнiкаў. Банкет паступова ператвараўся ў прайдацкую папойку. Сiрыйскiя баханткi палезлi за сталы. Музыка змянiлася ў бязладны дзiкi бразг цытраў, лютняў, армянскiх цымбалаў, егiпскiх цытраў ды труб, а хто жадаў пачаць гутарку, дык выў на музыкантаў, каб iшлi прэч. Паветра, перасычанае пахам кветак, водарам алiвы, якою прыгожыя дзетанькi скраплялi бяседнiкам ногi, бо паветра, насычанае людскiм потам i шафранам, пачынала аж душыць. Прыцьмiлiся лямпы, пакрывiлiся вянкi на галовах, твары пабляднелi ды папацелi.
Вiтэлi пакацiўся пад стол. Нiгiдыя, абнажыўшыся да паяснiцы, прытулiла сваю дзяцiнаватую галаву да грудзей Люкана, а той, не менш п'яны, пачаў здзьмухваць з ейных валасоў залатую пудру, вывернуўшы з уцешлiвасцi вочы ўгару. Вестын упорыста паўтараў дзесяты мо ўжо раз адказ Мопса на праконсулаў лiст, а Тулiй, бязбожнiк, трызнiў, чхаючы:
- Бо калi сфэра Ксэнафонэса круглая, дык такога бога, ведаеш, можна кацiць перад сабой нагою, моў бочку.
На гэта Дамiцый, стары шэльма i даношчык, абурыўся i з абурэння на такую чаўпню аблiў сабе тунiку фалернам. Ён заўсёды ў багоў верыў. Людзi кажуць: Рым згiне, ды ёсць нат такiя, якiя перакананы, што ўжо гiне. Пэўна!.. Але таму так дзеецца, што моладзь не мае веры, а без веры няма й цноты. Забываюць таксама й пра даўнейшыя суровыя звычаi, а нiкому й у голаў не прыйдзе, што эпiкурэiзм не ў змозе будзе процiставiцца барбарству. Дарэмная гутарка! Ён жа каецца, што дажыў такiх часаў ды што лякарства ад маркотлiвасцi змушаны вось шукаць у банкетах.
Гэта вымавiўшы, прыгарнуў да сябе сiрыйскую бахантку i бяззубымi губамi пачаў цалаваць яе шыю й плечы. Бачачы гэта, консул Рэгул пачаў рагатаць i, начупырыўшы прыхарошаную ў вянок лысiну, пытае:
- Хто кажа, што Рым гiне?.. Дрэнь!.. Я, консул, найлепш ведаю...
Videant consules!.. [24] Трыццаць легiяў старожыць нашую рах romana!.. [25]
Тут падняў кулак ды давай крычаць на цэлую залю:
- Трыццаць легiяў!.. Трыццаць легiяў!.. Ад Брытанii да гранiцы партаў!..
Але раптоўна апамятаўся i, уставiўшы ў лоб палец, паправiў:
- А бадай што й трыццаць дзве...
I асунуўся пад стол ды пачаў аддаваць назад языкi фламiнгаў, печаныя рыжкi, марожаныя грыбы, жамяру на мёдзе, рыбу, мяса i ўсё, што еў цi пiў. Дамiцыя, аднак, не супакоiла колькасць легiяў, гарантуючых рымскi мiр:
- Не, не! Рым прападзе, бо згiнула вера й суровыя звычаi! Згiне Рым, а шкада! Жыццё бо ёсць, аднак, прыемнае, цэзар ласкавы, вiно добрае... Ой, шкада, шкада!..
I, утулiўшы голаў у лапаткi сiрыйскае баханткi, расплакаўся:
- Што там жыццё загробнае!.. Ахiлес праўду казаў, што лепш быць парабкам у падсонечным свеце, чым панаваць у кiмэрыйскiх прасторах. Дый то пытанне, цi iснуюць якiя багi, бо ж бязвер'е губiць моладзь.
Люкан тым часам раздзьмухаў увесь пыл з валасоў Нiгiдыi, якая ад п'янасцi заснула. Пасля зняў перавяслы зялёнае поўсцi з вазаў вобак ды абкруцiў iмi заснуўшую, а даканаўшы гэта, рассмяяным ды пытаючым вокам вадзiў па прысутных. Потым i сам убраўся ў зелень, прыгадваючы быццам з перакананнем:
- Цi ж я чалавек? Я фаўн...
Пятронi не быў п'яны, затое Нэрон, якi спачатку мала пiў, шкадуючы свайго «нябеснага» галаска, пад канец перакiдаў чару за чарай, пакуль не ўпiўся. Хацеў нат далей пяяць свае вершы, гэтым разам грэцкiя, ды, на жаль, забыў iх i праз памылку запяяў песеньку Анакрэонта. Акампанiяваў яму Пiфагор, Дыядор i Тэрпнас, але кiнулi, бо не ўдавалася. Нэрон замест таго пачаў захапляцца, як знаўца i эстэта, чароўнаю ўрадлiвасцю Пiфагора ды цалаваць ягоныя рукi. Так пекныя рукi ён бачыў толькi калiсь... у... некага...
I, прылажыўшы далонь да мокрага чала, пачаў сабе прыпамiнаць. Нараз жахнуўся:
- Ага! У мацi! У Агрыпiны!..
I нагла апанавалi яго жудасныя крозы.
- Кажуць, яна бродзiць ноччу месячнаю па моры, каля Баяў i Баўлi.
Больш нiчога, толькi ходзiць, ходзiць, бы чаго шукае. А як зблiзiцца да лодкi, дык паглядзiць ды адыйдзе, але рыбак, на якога глянула, памiрае.
- Нiшто сабе тэма,- адзываецца Пятронi.
Вестын, шыю выцягнуўшы, як журавель, таёмна шаптаў:
- Не веру ў багi, затое веру ў духi - ой!
Але Нэрон не зважаў на iхныя словы i гаварыў далей:
- Я ж i лемуралiяў адправiў. Не хачу аглядаць яе! Гэна вось ужо пяты год. Я мусiў, мусiў яе страцiць, бо наслала на мяне пагубнiка, i калi б яе быў не ўпярэдзiў, не чулi б сяння маiх песняў.
- Дзякуем табе, дзякуем ад iмя гораду ды свету! - крычаў Дамiцый Афэр.- Вiна! I хай удараць у тымпаны!
Гоман падняўся зноў. Люкан, увесь у зеленi, хочучы яго перакрычаць, устаў ды пачаў гарланiць:
-Я не чалавек, я фаўн, i жыву ось у лесе! Ээ... хо...ооо!
Спiўся ўрэшце цэзар, спiлiся мужчыны й жанчыны. Вiнiць не менш быў п'яны за iншых, а ў дадатку, вобак жады, будзiлася ў iм ахвота да спрэчкi, гэта здаралася яму заўсёды, калi перабiраў меру. Пабляднела ягонае чарнявае аблiчча, а язык у роце ўжо калом станавiўся, як хацеў голасна сказаць: - Дай губкi! Дай узаўтра, усё роўна!.. Даволi гэтага! Цэзар узяў цябе ад Аўлаў i падарыў мне, зразумела? Заўтра на змроку прышлю па цябе, зразумела?.. Цэзар перад забраннем цябе мне абяцаў... Ты мусiш быць маёю! Дай губкi! Не да заўтра ж чакаць... Дай хутка, дай!
Ды абняў яе, але Актэ пачала яе баранiць, дый сама яна баранiлася, як магла, чула бо гiбель. Але дарэмна намагалася абедзвюма рукамi зняць з сябе ягоную безвалосую руку, дарэмна жаласлiвым i трывожным галаском малiла яго, каб адкаснiўся, каб зжалiўся над ёю. Перасычанае вiном дыханне аблiвала яе штораз блiжэй, а твар ягоны зблiжаўся да ейнага твару. Не той ужо гэта быў Вiнiць, што даўней, быў то п'яны люты сатыр, наганяючы на яе жах i абрыду. Сiлы, аднак, ейныя слабелi. Дарма адхiлялася, хавала твар, каб абаранiцца ад ягонага цалунку. Ён сарваўся, схапiў яе ў абедзве рукi, прыцягнуў да сябе голаў ды пачаў расцiскаць, сапучы, ейныя збялелыя вусны сваiмi вуснамi.
Але ў той жа момант нейкая страшэнная сiла адгарнула яго рукi з ейнае шыi так лёгка, як бы тое былi дзiцячыя рукi, а яго адсунула на бок, бы сухую былiнку цi кволы лiсток. Што сталася? Вiнiць працёр аслупелыя вочы i бачыць над сабою магутную постаць лiга, званага Урсусам, якога бачыў у Аўлаў. Лiг стаяў спакойна i толькi глядзеў на Вiнiцiя так дзiвосна, што маладому чалавеку аж кроў замiрала ў жылах, пасля ўзяў на рукi сваю князёўну i мерным цiхiм крокам выйшаў з трыклiнiюма.
Актэ ў той жа хвiлiне выйшла за iмi.
Вiнiць на мiг вока стрымаўся, бы скамянелы, пасля схапiўся й пабег да дзвярэй.
- Лiгiя! Лiгiя!..
Але гарачка, здумленне, закатнасць ды вiно падцялi яму ногi. Пасланiўся раз, другi, ды, хапiўшы за рукi адну з бахантак, пачаў пытаць, маргаючы вачыма:
- Што сталася?
А яна падсунула яму чару з вiном, заахвочваючы з рассмяянымi памутнелымi вачыма:
- Пi!
Вiнiць выпiў ды звалiўся з ног. Большая частка гасцей ляжала ўжо пад сталом, iншыя хадзiлi п'яным крокам па трыклiнiюме, iншыя спалi на софах сталовых, храпучы ды адказваючы злiшак вiна, а на п'яных консулаў i сенатараў, на п'яных рыцараў, паэтаў, фiлязофаў, на п'яныя танцоркi й патрыцыянкi, на цэлы гэны свет, яшчэ ўсёўладны, але ўжо бяздушны, увенчаны й распусны, але ўжо згасаючы, з залатога неваду, распятага ўгары, падалi ды падалi ўсцяж ружы.
VIII
Урсуса нiхто не затрымаў, нiхто не спытаўся нат, што робiць. Тыя госцi, якiя не ляжалi пад сталом, не пiльнавалiся ўжо сваiх мейсцаў, дык служба, бачачы вялiгура, нясучага на руках банкетнiцу, думала, гэта якi нявольнiк выносiць п'яную сваю спадарыню. Дый Актэ йшла з iмi, ейная прысутнасць аддаляла ўсялякiя падазрэннi.Такiм чынам выйшлi з трыклiнiюма ў сумежную камору, а адтуль на галярэю, што вяла ў памешканне Актэ.
Лiгiя была так зняможанай, што аж лягла, бы мёртвая, на руках Урсуса. Але калi ацвярозiла яе чыстае халоднае паветра, расплюшчыла вочы. На двары ўжо свiтала. Iдучы калюмнадай, незабаўна звярнулiся ў бочны портык, што выходзiў не на панадворак, але на палацавыя агароды, дзе верхавiны пiнiяў i цыпрысаў румянiлiся ўжо ад ранняй зарнiцы. У гэнай частцы гмаху было пуста, i адгалоссе музыкi ды банкетны гоман ледзь да iх даходзiлi. Лiгii здавалася, што яе вырвалi з пекла й вынеслi на ясны божы свет. Было адорак штосьцi па-за гэным агiдным трыклiнiюмам. Было неба, зарнiца, святло й цiшыня. Дзяўчо нараз пачало плакаць i, тулячыся да волата, прасiцца:
- Дамоў, Урсуска, дамоў, да Аўлаў!..
- Пойдзем! - пацяшаў Урсус.
А тым часам зайшлi ў малы атрыюм, што належаў да памешкання Актэ. Там Урсус пасадзiў Лiгiю на мармуровай лаўцы воддаль вадалiву. Актэ пачала яе супакойваць ды заахвочваць да супачынку, запэўнiваючы, што тым часам нiчога не пагражае, бо п'яныя бяседнiкi пасля банкету спацiмуць да вечара. Але Лiгiя доўга шчэ не магла супакоiцца i, утулiўшы ў далонi твар, яглiла па-дзiцячаму:
- Дадому, да Аўлаў!..
Урсус быў гатовы. Ля брамаў, праўда, стаiць стража, але ён пройдзе. Стражнiкi не затрымоўваюць выходзячых. Перад люкам рояцца лектыкi. Людзi пачнуць выходзiць кучамi. Нiхто iх не затрымае. Выйдуць разам з натоўпам i пойдуць проста дадому. Дый што яму! Як князёўна хоча, так павiнна быць. А на што ж ён тут.
А Лiгiя не ўцiхала:
- Так, Урсуска, выйдзем. Але Актэ думала за iх абаiх. Выйдуць! Так! Нiхто iх не затрымае. Але з дому цэзара ўцякаць не можна. Хто на гэта адважыцца, абражае маестат ягоны. Выйдуць, але вечарам цэнтурыён з ваяцкiм аддзелам прынясе прысуд смерцi Аўлюсу, Пампонii Грэцыне, а Лiгiю забярэ назад у палац, i тады ўжо няма ёй ратунку. Калi Аўлы прымуць яе ў свой дом, смерць для iх немiнучая. Лiгiя й рукi апусцiла. Няма рады. Перад ёю была згуба Плаўтаў або ейная. Iдучы на банкет, мела надзею, што Вiнiць i Пятронi выпрасяць яе ў цэзара ды аддадуць Пампонii, а цяпер ужо ведала, што гэта яны набухторылi цэзара, каб забраў яе ад Аўлаў. Няма рады. Цуд хiба мог бы вырваць яе з гэтай процьмы. Цуд i Божая моц.
- Актэ,- адазвалася роспачна,- цi чула ты, што казаў Вiнiць: яму цэзар мяне падарыў, i сяння ўвечары прышле нявольнiкаў ды забярэ мяне ў свой дом?
- Чула,- пацвердзiла Актэ.
I, развёўшы рукамi, замоўкла. Роспач Лiгii не ўзварушыла яе. Яна ж бо сама была каханкаю Нэрона. Сэрца ейнае, хоць добрае, не ўмела глыбока адчуць агiды такiх адносiнаў. Як былая нявольнiца, занадта зжылася з правам няволi, дый, акрамя таго, кахала й дагэтуль Нэрона. I калi б схацеў вярнуцца да яе, працягнула б да яго рукi, як да шчасця. Разумеючы цяпер ясна, што Лiгiя або мусiць стаць каханкаю маладога прыстойнага Вiнiцiя, або выставiць сябе й Аўлаў на згубу, проста не цямiла, як дзяўчына магла хiстацца.
- У доме цэзара,- адазвалася па хвiлiне,- не было б табе беспячней, чым у доме Вiнiцiя.
I ўдум ёй не прыйшло, што, хоць гаварыла праўду, словы ейныя азначалi: «Згадзiся з доляй i станься палюбоўнiцай Вiнiцiя». Але Лiгiю, на вуснах якое шчэ не застылi ягоныя похатныя, моў жар палючыя цалункi, на самы ўспамiн залiвала ад сораму кроў.
- Нiколi! - адазвалася бурлiва.- Не застануся нi тут, нi ў Вiнiцiя, нiколi!
Актэ здзiвiла гэтае ўзбурэнне:
- Няўжо,- спытала,- Вiнiць табе такi нялюбы?
Лiгiя не магла адказаць, зноў пачала плакаць. Актэ прытулiла яе да грудзей ды пачала ўцяшаць. Урсус цяжка соп i зацiскаў кулакi: ён моцна любiў сваю князёўну i не мог спакойна глядзець на ейныя слёзы. У ягоным лiгiйскiм паўдзiкiм сэрцы ўздымалася ахвота вярнуцца ў залю, задавiць Вiнiцiя, а калi трэба, дык i цэзара; баяўся, аднак, свае спадарынi, не будучы пэўным, цi гэткi ўчынак, якi адразу паказаўся яму простым, быў бы адпаведным для вызнаўцы Баранка ўкрыжаванага.
Актэ, утулiўшы Лiгiю, пачала зноў пытаць:
- Няўжо ён табе такi ненавiсны?
- Не, - апраўдвалася Лiгiя,- нельга мне яго ненавiдзець, я хрысцiянка.
- Ведаю, Лiгiйка. Ведаю таксама з лiстоў Паўла з Тарсу, што вам няможна анi зганьбiцца, анi баяцца больш смерцi, чым граху, але скажы мне, цi твая навука дазваляе выклiкаць смерць?
- Не.
- Дык як жа можаш сцягаць помсту цэзара на дом Аўлюсаў?
Маўчанне. Бяздонная процьма адкрылася зноў перад Лiгiяй. А маладая вызвольнiца талкавала далей:
- Пытаюся, бо мне шкада цябе i шкада добрае Пампонii, Аўла ды iхняга дзiцяцi. Я не ад сяння жыву ў гэтым доме й ведаю, чым пахне цэзаравы гнеў. Не! Вы не можаце ўцякаць адгэтуль. Перад табою адна дарога: прасiць Вiнiцiя, каб цябе аддаў назад Пампонii.
Але Лiгiя абсунулася на каленi, каб прасiць каго iншага. Урсус незабаўна таксама ўкленчыў, i абое пачалi малiцца ў цэзаравым доме на ранняй зарнiцы. Актэ першы раз угледзела такую малiтву i не магла вачэй адарваць ад Лiгii, абярнутай да яе профiлем, з паднесенай галавою i рукамi ды загледжанай у неба, як бы чакаючы адтуль ратунку. Заранiца аблiла святлом яе цёмныя валасы й белы пеплюм, адбiваючыся ў зрэнках, i ўся ў бляску сама выглядала бы святло. У прыбледлым ейным твары, у расхiленых вуснах, у паднятых руках ды вачах значна была нейкая надзямная экстаза. I Актэ цяперака зразумела, чаму не можа стацца нiчыёю наложнiцай. Перад колiшняю палюбоўнiцаю Нэрона як бы адкрыўся ражок зусiм iншага свету, чым той, да якога прызвычаiлася. Зумелася, гледзячы на гэную малiтву ў тым доме злачынства й гiдоты. Нядаўна здавалася ёй - няма для Лiгii ратунку, а цяпер пачала верыць i спадзявацца чагось незвычайнага, што прыйдзе нейкi ратунак, прыйдзе так магутны, што й сам цэзар яму не здолее супрацiвiцца, што з неба сыйдзе нейкае войска на помач дзяўчыне, або сонца падсцеле пад яе касулi i пацягне да сябе. Чула ўжо пра многiя цуды мiж хрысцiянамi й думала цяпер, што ўсё гэта, вiдаць, праўда, калi так молiцца Лiгiя.
А Лiгiя ўстала ўрэшце з тварам, распрамененым надзеяй. Урсус падняўся таксама i, прыкульнуўшы ля лаўкi, углядаўся ў сваю спадарыню, чакаючы слова. Вочы ейныя памутнелi, i па xвiлiне-другой вялiкiя слязiны пачалi кацiцца па твары.
- Хай Бог сцеражэ Пампонiю й Аўла,- прагаварыла.- Не можна мне сцягаць на iх пагубы, дык не ўбачу iх болей.
Пасля чаго звярнулася да Урсуса i пачала талкаваць яму, што ён адзiны застаўся ёй цяпер на свеце, што мусiць ён быць ёй айцом i апякуном. Не могуць шукаць прытулiшча ў Аўлаў, бо сцягнулi б на iх гнеў цэзара. Але не можа таксама заставацца яна нi ў доме цэзара, нi ў Вiнiцiя. Дык хай Урсус возьме яе, выведзе з гораду ды схавае дзе-небудзь, каб не знайшоў нi Вiнiць, нi слугi ягоныя. Яна ўсюды пойдзе за iм хоць бы й за мора, за горы, да барбараў, дзе не чутно рымскае iмя, куды ўлада цэзара не сягае. Хай бярэ яе ды ратуе, бо ён адзiн толькi ў яе застаўся.
Лiг быў гатовы i на знак послуху нахiлiўся, абняў ейныя ногi. На твары Актэ, якая спадзявалася цуду, малявалася расчараванне.
Гэтулькi ўсяго спрычынiла гэтая малiтва? Уцячы з дома цэзара, гэта знача дапусцiцца праступку абразы маестату, якая немiнуча будзе помшчана, i калi б нат Лiгii ўдалося схавацца, то цэзар помсцiцца над Аўламi. Калi хоча ўцякаць, хай уцякае з дому Вiнiцiя. Тады цэзар, якi не цiкавiцца чужымi справамi, можа, нат не захоча дапамагаць Вiнiцiю ў пошуках, а ў кожным выпадку не будзе праступку абразы маестату.
Але Лiгiя так i думала. Аўлюсы не будуць нат ведаць, дзе яна, нат Пампонiя. Уцячэ, аднак, не з дому Вiнiцiя, толькi з дарогi. Ён у пахмеллi прызнаўся ёй, што ўвечар прышле па яе сваiх нявольнiкаў. Гаварыў праўду, якой хiба ж не адкрыў бы пры цвярозасцi. Вiдаць, ён сам або, можа, поспал з Пятронiем бачылiся перад банкетам з цэзарам i выкучылi ў яго слова, што назаўтра вечарам яе аддадуць. А калi б сяння забылiся, то прышлюць па яе ўзаўтра. Але Урсус яе адратуе. Прыйдзе, вынясе яе з лектыкi, як вынес з трыклiнiюма, i пойдуць у свет. Але што Вiнiць можа прыслаць вельмi многа нявольнiкаў, дык Урсус пойдзе зараз да бiскупа Лiнуса па раду i помач. Бiскуп пашкадуе яе, не пакiне яе ў руках Вiнiцiя i пашле хрысцiян з Урсусам на ратунак. Адбяруць яе ды ўцякуць, а пасля Урсус патрапiць вывесцi яе з гораду ды схаваць дзе ад рымскае сiламоцы.
I пачала румянiцца ды ўсмiхацца. Льга напоўнiла яе зноў, быццам надзея ратунку змянiлася ўжо ў дзейснасць. Нараз кiнулася на шыю Актэ i, прылажыўшы свае прыгожанькiя вусны да ейнага твару, пачала шаптаць:
- Ты нас не здрадзiш, Актэ, праўда?
- На цень маткi мае,- адказвае вызвольнiца,- не здраджу вас, прасi толькi свайго Бога, каб дапамог Урсусу цябе адабраць.
Блакiтныя дзiцячыя вочы вялiгура гарэлi шчасцем. Прыдумаць бо ён не патрапiў нiчога, хоць ламаў голаў, але такую рэч дык ён патрапiць. Удзень цi ўначы, яму ўсё роўна!.. Пойдзе да бiскупа, бо бiскуп, што трэба рабiць i чаго не трэба, чытае ў небе. Але хрысцiян дык i так патрапiў бы сабраць. Цi ж мала ён мае знаёмых i нявольнiкаў, i гладыятараў, i вольных людзей, i на Субуры ды за мастамi. Сабраў бы тысячу ды дзве. I адбярэ сваю князёўну, а вывесцi яе з места таксама патрапiць. Пойдзе хоць бы на канец свету, хоць бы й туды, адкуль родам, дзе нiхто й не чуў пра Рым.
Тут пачаў задуменна натужваць позiрк, быццам хацеў дагледзець нешта мiнулае, далёкае, пасля адазваўся:
- У бор? Эх, бор ты, бор родны!..
Але задума хутка прайшла. Вось пойдзе зараз да бiскупа, а ўвечары ўжо з якою сотняю чакацiме на лектыку. I хоць бы яе неслi не толькi нявольнiкi, але нат i прэторыяне! Лепш нiкому тады не падсоўвацца да ягоных кулакоў, хоць бы ў жалезным рыштунку... Бо цi жалеза такое ўжо моцнае? Як добра гакнуць у жалеза, дык галава пад iм i не вытрымае.
Але Лiгiя з вялiкай ды дзiцячай павагай падняла палец:
-Урсус! «Не забiвай!» - прыгразiла.
Лiг прылажыў сваю, падобную да доўбнi, руку да патылiцы i пачаў турботлiва пацiраць карак. Аднак ён мусiць яе адабраць... сонейка сваё... Сама ж казала, што цяпер ягоная чарга... Будзе старацца, колькi мага. А калi б што здарылася нехаця?.. Трэба ж бо яе адабраць! Ну а каб што якое, дык ён ужо так будзе пакутаваць, так нявiннага Баранка перапрашаць, што ён злiтуецца над iм, небаракам... Ён жа Баранка не хацеў абразiць, адно бяда, што такую цяжкую мае руку...
Глыбокае расчуленне малявалася на ягоным твары, але, манiўшыся яго схаваць, пакланiўся й кажа:
- Дык я йду да святога бiскупа.
Актэ, абняўшы Лiгiю, пачала плакаць...
Яшчэ раз уявiла сабе, што ёсць нейкi iншы свет, у якiм нат пры цярпеннi ёсць болей шчасця, чым ува ўсiх збыткоўнасцях ды роскашах цэзаравага дому, яшчэ раз прачынiлiся перад ёю нейкiя дзверы да святла, але адначасна пачула, што яна не годная праз iх прайсцi.
IX
Лiгiя шкадавала Пампонii Грэцыны, якую любiла ўсёй душой, i шкадавала ўсяго дому Аўлаў, аднак цяжкая туга прайшла. Адчувала нат у думках пэўную салодкасць, што для свае вось праўды прысвячае дастатак, выгоду ды йдзе ў няведамае бадзячае жыццё. Можа, было ў гэтым крыху дзiцячае цiкавасцi: якое будзе тое жыццё недзе ў далёкай старонцы, сярод барбараў ды дзiкiх звяроў; было ўсё ж ткi больш глыбокае й надзейнае веры, што так паступаючы, выконвае волю Боскага Вучыцеля, i што ад гэтае пары сам будзе пiльнаваць яе, як вернага й паслухмянага дзiцяцi. А тады што ж ёй благога можа стацца? Калi прыйдзе якое гора, то яна перацерпiць яго ў iмя Ягонае. Прыйдзе неспадзяваная смерць, то ён забярэ яе, i калiсь, як памрэ Пампонiя, будуць вечна разам. Не раз, шчэ як была ў Аўлаў, клапацiла сваю дзiцячую галованьку, што яна, хрысцiянка, нiчым не можа прыслужыцца для Ўкрыжаванага, аб якiм так чула ўспамiнаў Урсус. Але цяпер вось прыйшла пара. Лiгiя чулася шчаслiвай i хвалiлася аб гэтым Актэ, якая, аднак, зразумець яе не магла. Усё пакiнуць: дом, дастаткi, горад, паркi, святынi, портыкi, усё, што прыгожае, пакiнуць край сонечны ды блiзкiх людзей - дзеля чаго? Дзеля таго, каб уцячы ад кахання маладога прыстойнага рыцара?.. Гэта ўсё ў галаве Актэ не магло змясцiцца. На момант прызнавала, што мо ёсць у гэным рацыя, што нат можа быць нейкае вялiкае таёмнае шчасце, але не магла сабе гэтага ясна ўявiць, тым больш, што Лiгiю чакала яшчэ здарэнне, якое магло дрэнна скончыцца, у якiм можна загубiць нат жыццё. Актэ з натуры была баязлiвай i з трывогаю думала аб тым, што гэны вечар можа прынесцi. Але трывогi сваёй не выяўляла Лiгii, i пры ўстаўшым ужо ясным днi, сонца бо ўжо заглядала ў атрыюм, пачала намаўляць яе да супачынку, патрэбнага пасля бяссоннае ночы. Лiгiя не працiвiлася, i абедзве ўвайшлi ў кубiкулюм, абшырны i пышна ўладжаны з прычыны даўняга палюбоўнiцтва з цэзарам. Там леглi поруч, але Актэ, памiма змучанасцi, не магла заснуць. Здаўна яна была сумнай i няшчаснай, але цяпер ахапiў яе нейкi неспакой, якога нiколi перад гэтым не адчувала. Дагэтуль жыццё ёй выдавалася цяжкiм, бяззаўтрашнiм, цяпер паказалася ёй раптам агiдным.
У ейнай галаве рабiўся штораз большы хаос. Дзверы да святла зноў пачалi то адчыняцца, то зачыняцца. Але ў моманце iхняга адчыняння святло тое так яе асляпiла, што нiчога выразна не бачыла. Хутчэй як бы згадвала, што ў гэнай яснасцi ёсць нейкае бязмернае шчасце, перад якiм усялякае iншае было такой нiкчомнасцяй, што калi б, напрыклад, цэзар аддалiў Папею, а пакахаў нанова яе, Актэ, дык i тое было б нiчым. Нараз прыходзiць ёй думка, што той цэзар, якога кахала й якога мiмаволi называла нейкiм паўбогам, ёсць чымсь такiм сцiплым, як i кажны нявольнiк, а той палац з нумiдыйскага мармуру - звычайнай кучай камення. Такiя думкi мучылi яе, не магла з iмi асвоiцца. Хацела заснуць, але трывожлiвасць перашкаджала.
Урэшце, думаючы, што i Лiгiя, над якою завiсла столькi небяспек, таксама не спiць, звярнулася да яе, каб пагутарыць аб ейных вячэрнiх уцёках. Але Лiгiя спала спакойна. У цёмны кубiкулюм праз няшчыльна засунутую заслону ўкрадалася некалькi ясных касуляў, у якiх мiтусiўся залаты пыл. Пры гэтым святле Актэ любавалася ейным далiкатным тварам, абапёртым на голай руцэ, заплюшчанымi вачыма i лёгка расхiленымi вуснамi. Зяхала роўна, але так, як зяхаецца ў сне.
- Спiць, можа спаць! - падумала Актэ.- Яшчэ дзiця.
А ўсё ж па хвiлiне прыйшло ёй у голаў, шго гэтае дзiцянё манiцца лепш уцякаць, чым стацца палюбоўнiцаю Вiнiцiя, больш баiцца ганьбы, чым нэндзы, бяздолле ёй мiлей, чым дыхтоўны дом каля Карынаў, пышныя строi, банкеты, зыкi лютнi ды цытры.
- Чаму?
I пачала прыглядацца Лiгii, як бы хацела знайсцi адказ на ейным разаспаным твары. Глядзела на яе нявiннае чало, на пагодны лук броваў, на цёмныя вейкi, на расхiленыя вусны, на хвалюючыя спакойным зяханнем дзявочыя грудкi дый зноў падумала:
- Якая яна iншая за мяне!
Лiгiя паказалася ёй цудам, нейкаю боскаю зданню, нейкай пясчункай багоў, стораз прыгажэйшай ад усiх кветак у вагародзе цэзара ды ад усiх статуяў у ягоным палацы. Але ў сэрцы грэчанкi не было зайздрасцi. Наадварот, на ўспамiн аб небяспеках, якiя пагражалi дзяўчацi, агарнула яе лiтасць. Збудзiлася ў ёй нейкае пачуццё мацi; Лiгiя паказалася ёй не толькi красуняй, як сон, але адначасна й надта любай, дык, прыткнуўшы вусны да ейных цёмных валасоў, пачала iх цалаваць.
А Лiгiя спала спакойна, як бы дома, пад апекай Пампонii Грэцыны, i спала даволi доўга. Мiнула ўжо паўдня, калi адкрыла свае блакiтныя вочанькi ды пачала здзiўлена разглядацца па кубiкулюме. Вiдаць, дзiвiлася, што не ў доме Аўлаў.
- Гэта ты, Актэ? - спытала ўрэшце, дагледзеўшы ў прыцемку твар грэчанкi.
- Я, Лiгiйка.
- Цi то ўжо вечар?
- Не, каток, але паўдня ўжо мiнула.
- А Урсус не вярнуўся?
- Урсус не казаў, што вернецца, толькi вечарам будзе з хрысцiянамi цiкаваць на лектыку.
- Праўда.
Па чым выйшлi з кубiкулюма i пайшлi ў лазню, дзе Актэ, выкупаўшы Лiгiю, завяла яе на снеданне, а пасля ў палацавы парк, дзе нiякай небяспекi не трэ было спадзявацца, бо цэзар i ягоныя блiжэйшыя прыдворнiкi яшчэ спалi. Лiгiя першы раз у жыццi бачыла гэны раскошны парк, поўны цыпрысаў, пiнiяў, дубоў, алiвак i мiртаў, сярод якiх бялеўся цэлы натаўп статуяў, блiшчэлi спакойныя люстраныя сажалкi, квяцiлiся цэлыя хмызнякi ружаў, зрошаных пылам фантанаў, дзе ўвойсце ў чароўныя гроты абвiваў блюшч або вiнаград, дзе на водах плавалi сярэбраныя лебедзi, а сярод статуяў i дрэваў хадзiлi асвоеныя газэлi з афрыканскiх пустыняў ды рознапёрае птаства з розных старон свету.
Парк быў пусты; там-сям толькi працавалi з рыдлёўкамi ў руках нявольнiкi, пяючы паўголасам песнi; iншыя, якiм далi хвiлiну адпачынку, сядзелi над сажалкамi або ў цянi дубоў у мiгатлiвых касулях сонца, прадзiраючагася праз лiстоту, iншыя ўрэшце зрашалi ружы цi бледналiловыя кветкi шафрану. Актэ з Лiгiяй шпацыравалi даволi доўга, любуючыся чарамi агароду, i хоць думкi Лiгii былi крыху звязаныя, не магла, як дзiця, устрымацца ад цiкавасцi й подзiву. Прыходзiла ёй нат думка, мо калi б цэзар быў добры, то ў такiх палацах ды такiм райскiм парку мог бы шчаслiвым быць.
Урэшце, крыху прымучаныя, селi на атуленай зеленню цыпрысаў лаўцы ды пачалi гутарыць аб тым, што найбольш iм ляжала на сэрцы: аб уцёках Лiгii. Актэ далёка менш верыла, чым Лiгiя, што гэта ўдасца. Часамi здавалася ёй нат, што гэта шалёны намер, якi не можа ўдацца. Чула штораз большую лiтасць над Лiгiяй. Здавалася ёй, што ўштораз беспячней было б спрабаваць прасiць Вiнiцiя. I пачала выпытваць, як даўно знае Вiнiцiя, ды цi не думае, што даўся б мо ўпрасiць i вярнуў бы яе Пампонii.
Але Лiгiя сумна запярэчыла галавою.
- Не. У Аўлаў Вiнiць быў iншы, вельмi добры, а ад учарашняга банкету я баюся яго i хутчэй хачу ўцячы ад яго да лiгаў.
Актэ пыталася яе далей:
- Аднак у Аўлаў ён быў табе мiлым?
- Так,- адказала Лiгiя, пацвярджаючы галавою.
- Ты ўсё ж ткi ня ёсць нявольнiцай, як была я,- сказала, надумаўшыся, Актэ.- Цябе Вiнiць мог бы ўзяць замуж. Ты ж закладнiца й дачка князя лiгаў. Аўлы кахаюць цябе, як родную, i я пэўная, што гатовы цябе прыняць за дачку. А Вiнiць мог бы цябе ўзяць, Лiгiя.
А Лiгiя цiха ды шчэ сумней адказала:
- Лепш уцякаць да лiгаў.
- Хочаш, Лiгiя, зараз пайду да Вiнiцiя, збуджу яго, калi спiць, ды скажу яму тое, што кажу табе цяпер? Так, мая дарагая, пайду да яго й скажу: «Вiнiць, гэта князёўна i дарагое дзiця слаўнага Аўла; калi кахаеш яе, вярнi яе Аўлам, а пасля вазьмi яе замуж з iхняга дому».
А дзяўчына адказала голасам так ужо цiхiм, што Актэ ледзь дачула:
- Лепш да лiгаў...
I дзве слязiны павiслi на ейных спушчаных зрэнках. Далейшую гутарку перарваў шорах зблiжаючыхся крокаў, i Актэ не паспела глянуць, хто йдзе, як перад лаўкаю паказалася Сабiна Папея з невялiкiм карагодам нявольнiц. Дзве з iх трымалi над ейнаю галавою пучкi страўсавых перынаў, асаджаных на залатых прутках, ды матлялi iмi лягонька, засланяючы ад гарачага йшчэ вясенняга сонца сваю спадарыню, а перад ёю чорная, бы гебан, этыёпка з напучанымi грудзьмi нясла на руках дзiця, атуленае пурпураю з залатымi фрэндзлямi. Актэ й Лiгiя ўсталi, думалi бо, што Папея пройдзе вобак лаўкi, не звярнуўшы на iх увагi, але яна затрымалася перад iмi й сказала:
- Актэ, званочкi, што прышыла iкункулi [26], дрэнна прышытыя; дзiця адарвала адзiн ды ўзяло ў рот; шчасце, што Лiлiт упору агледзела.
- Выбачай, боская,- адказала Актэ, крыжуючы на грудзях рукi ды скланiўшы голаў.
Папея глянула на Лiгiю:
- Што гэта за нявольнiца?
- Гэта не нявольнiца, боская аўгуста, а ўзгадаванка Пампонii Грэцыны i дачка князя лiгаў, адданая як закладнiца для Рыму.
- I прыйшла да цябе ў адведзiны?
- Не, аўгуста, ад анадашняга дня жыве ў палацы.
- Была ўчора на банкеце?
- Была, аўгуста.
- З чыйго загаду?
- На загад цэзара...
Папея пачала ўважней углядацца на Лiгiю, якая стаяла перад ёю з пахiленай галавою, то падыймаючы з цiкавасцi свае прамянiстыя вочанькi, то зноў накрываючы iх вейкамi. Нагла аўгуста прыхмурылася. Зайздросная собскай прыгажосцi й улады, яна вечна трывожылася, каб якая шчаслiвая канкурэнтка не згубiла яе так, як яна сама згубiла Актавiю. Дзеля таго кажная красуня ў палацы будзiла ейнае падазрэнне. Знатоцкiм вокам акiнула адразу ўсю фiгуру Лiгii, ацанiла кажную дробязь ейнага твару i жахнулася. «Гэта ж сапраўды нiмфа,- сказала сама сабе.- Яе, няйначай, сама Венус нарадзiла». I нараз прыйшло ёй у голаў тое, што нiколi йшчэ не прыходзiла: яна ёсць значна старэйшай! Закiпела ў ёй зраненае самалюбства, агарнула трывога, i розныя сумнiвы пачалi ёй лезцi ў голаў. «Можа, Нэрон яе не прыкмецiў або, аглядаючы праз шмарагд, не дацанiў. Але што будзе, калi спаткае яе ўдзень, пры сонцы, так чароўную?.. У дадатку ня ёсць нявольнiцай! Ёсць князёўнай, барбарскай, але князёўнай!.. О, богi несмяротныя! Яна ж такая красуня, як бы й я, але маладзейшая!» I бровы насупiлiся яшчэ хмарней, а вочы халадней блiснулi з-пад залацiстых вейкаў.
Але, звярнуўшыся да Лiгii, пачала нiбыта спакойна распытваць:
- Гутарыла з цэзарам?
- Не, аўгуста.
- Чаму ж тут прабываеш, а не ў Аўлюса?
- Я тут мiмаволi, Пятронi нагаварыў цэзара, каб узяў ад Пампонii, i я тут мiмахоць, спадарыня!..
- I хацела б вярнуцца да Пампонii?
Апошняе пытанне Папея выгаварыла крыху мякчэй ды лагадней, дык у Лiгii пачала радзiцца надзея.
-Уладарыня,- адазвалася Лiгiя, выцягаючы да яе рукi,- цэзар абяцаў аддаць мяне, бы нявольнiцу, Вiнiцiю, але ты ўступiся за мяне i вярнi мяне Пампонii.
- Дык намовiў цэзара, каб забраў цябе ў Аўлаў ды аддаў Вiнiцiю?
- Так, уладарыня. Вiнiць шчэ сяння збiраецца мяне забраць, але ты, добрая, зжалься нада мною.
Гэта сказаўшы, нахiлiлася i, хапiўшы за бераг сукнi Папеi, чакала з расхваляваным сэрцам на ейнае слова. Папея паглядзела, паглядзела на яе, злавесна ўхмыляючыся, дый кажа:
- Дык абяцаю табе, што яшчэ сяння станешся нявольнiцаю Вiнiцiя. I пайшла, як здань стройная, спагудная. Да вушэй Лiгii i Актэ даляцеў толькi крык дзiцяцi, якое, немаведама чаму, пачало плакаць.
Вочы Лiгii таксама набеглi слязьмi, але зараз узяла за руку Актэ й кажа:
- Вяртаемся. Помачы трэ чакаць толькi адтуль, адкуль яна можа прыйсцi.
I вярнулiся ў атрыюм, адкуль не выходзiлi ўжо да вечара. Як сцямнела й нявольнiкi ўняслi чацвярочныя пламянеючыя светачы, абедзве выглядалi збялелыя. Гутарка не клеiлася. Наслухоўвалi ўсцяж, цi хто не йдзе, Лiгiя не пераставала паўтараць Актэ, што хоць добра ёй, але калi Урсус там ужо чакае, то хай бы ўжо хутка ўсё сталася. Аднак жа ўзварушэння апанаваць не магла. Актэ хутка згортвала, якiя магла, каштоўнасцi i, завязваючы iх у ражок пеплюма, заклiнала яе, каб брала гэта з сабою, патрэбна будзе пры ўцёках. Раз-пораз западала цiшыня, поўная спагудай. Абедзвюм здавалася, быццам чуюць то нейкiя шэпты за котарай, то далёкi плач дзiцяцi, то браханне сабак. Нараз заслона прадсення заварушылася бясшэлесна, i высокi чарнявы чалавек з васпаватым тварам з'явiўся, бы дух, у атрыюме. Лiгiя ў той жа хвiлiне пазнала Атацына, Вiнiцiева вызвольнiка, якi прыходзiў да Аўлаў.
Актэ ўскрыкнула, але Атацын скланiўся нiзка й кажа:
- Прывiтанне боскай Лiгii ад Марка Вiнiцiя, якi чакае на яе з пачосткай у прыбраным зеленню доме.
Вусны дзяўчыны збялелi, як снег.
- Iду,- кажа.
I кiнулася Актэ на шыю.
X
Адом Вiнiцiя сапраўды быў узяленены мiртамi ды блюшчам, папрыпiнаным на сценах i над дзвярыма. Калюмны паабвiвана звiткамi вiнаграду. У атрыюме, над якiм распята ад начнога холаду ваўняную пурпуровую заслону, вiдно было, як удзень. Палымнелi васьмi- й дванаццацiсветачныя каганцы, падобныя кшталтам да судзiн, дрэваў, звярат, птушак або статуяў, трымаючых лямпы, напоўненыя пахучаю алiвай, выкананых з мармуру, з залочанае карынцкае медзi, не так чароўных, як той слаўны свячнiк Апалона Нэронавы, але стройных, работы слаўных разьбяроў. Некаторыя былi папрыслоньваныя александрыйскiм шклом або ажуровымi тканiнамi з-над Iнду, чырвонага колеру, блакiтнага, жоўтага, фiялетавага, так што ўвесь атрыюм поўны быў рознаколерных праменняў. Усюды расходзiўся пах нарду, да якога Вiнiць прывык i палюбiў на ўсходзе. У глыбi дому, дзе снавала мноства жаночай i мужчынскай службы, было таксама ясна. У трыклiнiюме быў накрыты стол для чатырох асоб, мелiся бо апрача Вiнiцiя й Лiгii туды засесцi Пятронi й Хрызатэмiс.
Вiнiць ува ўсiм трымаўся слоў Пятронiя, якi раiў яму не йсцi па Лiгiю, толькi паслаць з цэзаравым дазволам Атацына, а самому спаткаць яе дома i прыняць з чулай мiласпагаднасцяй, а нат з жэстам асаблiвае чэсцi.
- Учора быў ты п'яны,- вяшчаў яму.- Я бачыў цябе: абходзiўся з ёю, як камяняр з Альбанскiх гор. Не будзь лiшне нахабны ды памятай: добрае вiно трэба пiць паволi. Ведай таксама й тое, што салодка пажадаць, але шчэ саладзей быць пажаданым.
Хрызатэмiс мела на гэта свой, крыху iнакшы пагляд, але Пятронi, называючы яе сваёю вясталкаю й галубкаю, пачаў ёй уталкоўваць, якая можа быць рознiца мiж выпрактыкаваным цыркавым яздуном а хлапчанём, што першы раз садзiцца ў квадрыгу. Пасля, звярнуўшыся да Вiнiцiя, гутарыў далей:
- Здабудзь ейны давер, развесялi яе, будзь для яе мiласпагадным. Я не хацеў бы глядзець на сумную бяседу. Заклянiся ёй Гадэсам, што аддасi яе Пампонii, а ўжо твая справа, каб назаўтра сама хацела застацца, не вяртацца. Пры гэтым, цыкнуўшы на Хрызатэмiс, дасказаў:
- Я пяты вось ужо год штодзень паступаў у такi больш-менш спосаб з гэнай палахлiвай птушынай i не магу наракаць на ейную строгасць.
Хрызатэмiс шлёпнула за гэта яго па плячы павiным вахляром i сказала:
- Або ж не працiвiлася, ты, сатыр!
- З увагi на майго папярэднiка...
- Або ж не прыпадаў да маiх ног?
- Каб на iх пальцы накладаць пярсцёнкi.
Хрызатэмiс мiмахоць зiрканула на свае стопы, на пальцах бо сапраўды iскрылася каштоўнае блiскоцце, i абое з Пятронiем пачалi рагатаць. Але Вiнiць не слухаў iхняе спрэчкi. Сэрца яго неспакойна хвалявалася пад узорыстай шатай сiрыйскага святара, у якую выстраiўся на спатканне Лiгii.
- Ужо ж хiба павiнны былi выйсцi з палацу,- адазваўся як бы сам да сябе.
- Павiнны былi,- пацвердзiў Пятронi.- Можа, табе тым часам расказаць аб варажбе Апалонiя з Тыяны або тую гiсторыю Руфiна, якое не скончыў я, не помню чаму?
Але Вiнiцiя мала цiкавiў Апалон з Тыяны, як i гiсторыя Руфiна. Думка ягоная не адступала ад Лiгii, i хоць чуў, што прыгажэй было спаткаць яе дома, чым iсцi ў ролi хапуна да палацу, а ўсё ж каяўся, што не пайшоў, хоць бы й для таго толькi, каб хутчэй пабачыцца з ёю ды сядзець пры ёй у цянi лектыкi. Нявольнiкi тым часам унеслi трыножнiк, упрыгожаны галоўем трыкаў, а на iм - бронзавыя мiсы з вугалём, на якое пачалi пасыпаць малыя сцiбуркi мырры й нарду.
- Ужо падыходзяць да Карынаў,- гарачыцца зноў Вiнiць.
- Ён не вытрымае, выскачыць насустрач i гатоў яшчэ з iмi размiнуцца,- адазвалася Хрызатэмiс.
Вiнiць ухмыльнуўся й бязмысна адказвае:
- Вытрымаю.
Але пачаў варушыць ноздрамi ды сапцi. Гледзячы на гэта, Пятронi дзiвiцца:
- Няма ў iм фiлёзафа нi на адну сыстэрцыю, нiколi мусi не зраблю з гэтага сына Марса чалавека.
Вiнiць не вядзе нат i вухам:
- Ужо на Карынах!..
А яны сапраўды завярталiся ўжо да Карынаў. Нявольнiкi, так званыя лямпадарыi, iшлi наперадзе, iншыя - педысеквы - абапал лектыкi. Атацын - за лектыкай, не спушчаючы з вока паход.
Але йшлi паволi, бо лятарнi ў руках нявольнiкаў не надта паказвалi дарогу ў неасветленым горадзе. Дый вулiцы поблiзу палацу былi бязлюдныя, рэдка сямтам з лятарняю прасоўваўся хто, але далей былi поўныя руху. З кожнага, бадай, завулка выходзiла па трох-чатырох, усе без святла, усе ў цёмным акрыццi. Некаторыя ступалi поспал з паходам, мяшаючыся з нявольнiкамi, iншыя большымi грамадамi заходзiлi насупраць. Некаторыя сланялiся, моў п'яныя. Часамi паход натыкаўся на такое замiнiшча, што лямпадарыi мусiлi пакрыкваць:
- Праход для крывiчэснага трыбуна Марка Вiнiцiя!
Лiгiя бачыла праз адхiленыя фiранкi гэныя цёмныя грамады i аж калацiлася. Агортвала яе то надзея, то трывога. «Гэта ён! Гэта Урсус i хрысцiяне? Станецца тое ўжо хутка,- шаптала дрыжачымi вуснамi.- О Хрысце, дапамажы! Хрысце, ратуй!»
Але Атацын, якi спачатку не надта зважаў на абыдны вулiчны рух, цяпер насцярожыўся. Тут было нешта нейкае. Лямпадарыi мусiлi штораз часцей пакрыкваць: «Дарогу для лектыкi крывiчэснага трыбуна!» З бакоў невядомыя прахадзiмцы так напiралi на лектыку, што Атацын загадаў адганяць iх кiем. Нараз падняўся наперадзе крык, светачы вомiг патухлi. Каля лектыкi зрабiлася сумятня i бойка. Атацын скемiў: гэта быў напад.
I, уцямiўшы гэта, атрупеў. Усе ведалi, што цэзар часта для гульнi буянiць з аўгустыянамi i на Субуры, i ў iншых кварталах гораду. Ведама было, што часамi нат прыносiў з тых начных гульняў сiнякi й гузы, але хто баранiўся, iшоў на смерць, хоць бы й сенатар. Дом вартаўнiкоў, абавязкам якiх быў нагляд над горадам, быў не надта далёка, але старожа ў гэткiх выпадках старалася нiчога не чуць i не бачыць. Ля лектыкi тым часам кiпела. Людзi пачалi змагацца, бiцца, валяць ды таптаць адзiн другога. Атацыну блiснула ў галаве думка: ратаваць перад усiм Лiгiю й сябе, а рэшту пакiнуць к лiхой долi. Дык, выцягнуўшы яе з лектыкi, схапiў на рукi й давай уцякаць упоцемкi.
Але Лiгiя пачала клiкаць:
- Урсус! Урсус!
Была ў белае апранута, дык лёгка было яе дагледзець. Атацын пачаў другою вольнаю рукою накiдаць на яе свой плашч, як тут страшэнныя абцугi схапiлi ягоны карак, а зверху нешта цяжкае грымнула па галаве.
I ён упаў, бы вол, удараны абухам перад алтаром Ёвiша.
Нявольнiкi большай часткай ляжалi на зямлi або баранiлiся, гопаючыся ў поцемках аб заломы муроў. На мейсцы асталася толькi пахрабустаная ў шчэпкi лектыка. Урсус iмчаў Лiгiю ў бок Субуры, спадручнiкi ягоныя беглi за iм, паволi рассыпаючыся па дарозе.
Нявольнiкi пачалi збiрацца ля дому Вiнiцiя й раiцца. Не смелi ўвайсцi. Пасля кароткай нарады вярнулiся на мейсца нападу, знайшлi там некалькi забiтых, а мiж iмi Атацына. Ён яшчэ сцепваўся ў смяротных канвульсiях, раптам у апошняй сiльнейшай канвульсii спруцянеў i так застыў. Тады забралi яго i, вярнуўшыся, затрымалiся зноў перад брамаю. Трэ было, аднак, паведамiць гаспадара, што сталася.
- Гул хай паведамiць,- шапталi некалькi галасоў.- Кроў у яго плыве па твары, як i нам, дый гаспадар яго любiць. Гулу зручней, чым каму.
А германiн Гул, стары нявольнiк, якi выняньчыў Вiнiцiя, а трапiў да яго ў спадчыне ад маткi, Пятронiевай сястры, кажа:
- Я далажу, але пойдзем усе. Хай гнеў ягоны не спадзе на мяне аднаго.
Вiнiць зусiм знецярплiвiўся. Пятронi й Хрызатэмiс пасмiхалiся з яго, а ён бегаў сюды-туды па атрыюме, паўтараючы:
- Ужо ж павiнны былi быць!.. Ужо ж павiнны быць! - i рваўся йсцi, але гэныя абое ўстрымоўвалi яго. Нараз у сенях пачулiся крокi, i да атрыюма гуртам убеглi нявольнiкi. Пасталi борзда пад сцяною, паднялi рукi ўгару ды пачалi трывожлiва енчыць:
- Аааа!..Аа!
Вiнiць прыскочыў да iх:
- Дзе Лiгiя? - завыў страшным змененым голасам.
- Аааа!..
Тады Гул выйшаў з пакрываўленай галавою, адзываючыся хутка й жаласлiва:
- Во кроў, спадару! Баранiлi! Во кроў, спадару, бачыце, кроў!..
Але не паспеў дакончыць, Вiнiць схапiў бронзавы лiхтар i адным ударам раскалоў чэрап нявольнiка ды, дзеручы валасы на галаве, хроп са злосцi:
- Me miserum! Me miserum! Аж счарнеў, вырачыў вочы, аж пена выступiла на вуснах.
- Розаг!!! - крыкнуў нялюдскiм голасам.
- Спадару! Аааа!.. Злiтуйся! - скавыталi нявольнiкi.
Устаў сканфужаны Пятронi.
- Хадзем, Хрызатэмiс,- кажа.- Калi хочаш глядзець на мяса, загадай адбiць краму разнiка на Карынах.
I выйшаў з атрыюма, а ўва ўсiм доме, расхарошаным зеленню й вырыхтаваным да банкету, пачалi незабаўна свiстаць розгi ды разлягацца енкi, якiя трывалi амаль да самага рання.
ХI
Гэтае ночы Вiнiць зусiм не клаўся спаць. Цераз нейкi час пасля адыходу Пятронiя, калi енкi катаваных нявольнiкаў не маглi суняць анi ягонага болю, анi закатнасцi, сабраў грамаду iншых слугаў i на чале iх, позна ўжо ноччу, кiнуўся на пошукi Лiгii. Аббегаў квартал Эсквiлiнскi, пасля Субуру, Вiкус Сцэлератус ды ўсе прымежныя завулкi. Потым абыйшоў Капiтоль, праз мост Фабрыцыя лучыў на абток ды перабегаў частку гораду затыбранскую. Але беганiна гэтая была бязмэтная, сам бо не меў надзеi знайсцi Лiгiю, i калi шукаў яе, дык таму толькi, каб чым-небудзь запоўнiць страшную ноч. I вярнуўся дамоў аж на свiтаннi, калi ў горадзе пачалi з'яўляцца вазы i мулы гандляроў агароднiнай, ды пекары адчынялi ўжо крамы. Вярнуўшыся, загадаў пахаваць цела Гула, якога нiхто не смеў дагэтуль крануць, пасля тых нявольнiкаў, у якiх адабрана Лiгiя, загадаў выслаць на вёску да эргастулаў, дзе праца на плантацыях была карай, страшнейшай за смерць, бадай. У канцы кiнуўся на пасланую лаву ў атрыюме ды пачаў хаатычна раздумоўваць, якiм чынам знойдзе ды забярэ Лiгiю.
Зрачыся яе, страцiць, не бачыць яе болей здавалася яму немагчымым, i на самы ўспамiн аб гэтым ахапляла яго шалёнасць. Самавольная натура маладога ваяра першы раз магла суцямiць, як гэта можа быць, каб хто смеў станавiцца ўпоперак ягонай жады. Хай бы лепш свет i горад развалiлiся ў друзы, чым жаданнi ягоныя не маглi збыцца. Адхапiлi яму чару раскошы амаль з вуснаў, дык здавалася яму, што сталася нешта незвычайнае, выклiкаючае помсту права боскага й людскога.
Не хацеў ды не мог пагадзiцца з горкаю доляй, нiколi бо нiчога так не пажадаў, як Лiгii. Немагчыма, здавалася, без яе жыць. Не ўмеў сабе ўявiць, што страцiў бы без яе ўзаўтра, як мог бы перажыць наступныя днi. Часамi ахапляў яго на яе шалёны гнеў. Жадаў бы мець яе на тое, каб яе бiць, валачыць за валасы па кубiкулюме i зганяць на ёй злосць; то зноў парывала яго страшэнная туга да ейнага голасу, постацi, вачэй, i гатоў, здэцца, быў упасцi да ейных ног. Клiкаў яе, грыз пальцы, абнiмаў рукамi голаў. Натужваўся з усiх сiл думаць спакойна аб пошуках яе i не мог. Прыходзiлi ў голаў тысячы ўсялякiх спосабаў, але ўсё шалёныя. У канцы ўлезла яму ў голаў думка, што нiхто iншы не мог яе адабраць, толькi Аўлюс, а прынамсi Аўл мусiў ведаць, дзе яна. I схапiўся бегчы да Аўлаў. Калi не аддадуць яе, калi не пабаяцца пагрозаў, пойдзе да цэзара i пажалiцца на старога ваяводу непаслухмянага ды здабудзе на iх прысуд смерцi, але перад гэным усiм выдабудзе ад iх звестку, дзе Лiгiя. Нават калi б аддалi яе дабрахоць, дык усё адно помсцiўся б. Прынялi, праўда, яго ў свой дом i даглядалi хворага, але гэта нiчога. Гэтай адной крыўдай звольнiлi яго ад усякай удзячнасцi. Тут мсцiвая i заўзятая душа ягоная пачала любавацца думкай пра роспач Пампонii Грэцыны, як старому Аўлу прынясе цэнтурыён смяротны прысуд. А быў амаль пэўны, што яго здабудзе. Дапаможа яму ў гэтым Пятронi. Дый сам цэзар не шкадуе нiчога просячым аўгустыянам, хiба змушае да гэтага асабiстая нехаць або жадоба.
Сэрца ў iм замерла ад iншых думак i гадак. Ануж сам цэзар адбiў Лiгiю?
Усе ведалi, што цэзар часта шукаў у начным буянстве забаўкi сярод нуды. Нат Пятронi ўдзельнiчаў у гэткiх забавах. Галоўнай мэтай iх было, праўда, хапанне жанчын i падкiданне iх на ваяцкiм плашчы аж да непрытомнасцi. Аднак жа сам Нэрон часамi называў такiя буянствы лоўляю перлаў: здаралася бо, што ў нетры ўбогiх кварталаў вылоўлiвалi перлу сапраўднай маладой красы.
Тады sagatio, як называлася падкiданне на ваяцкай гунi, рабiлася сапраўдным хапунствам, i перлу адсылалi або на Палатын, або да каторае з многiх вiллаў цэзара, або ў канцы Нэрон аддаваў яе катораму таварышу. Так магло здарыцца i з Лiгiяй. Цэзар углядаўся на яе падчас банкету, i Вiнiць анi на момант не сумняваўся, што мусiла яму выдавацца найпрыгажэйшаю з жанчын, якiх дагэтуль бачыў. Як жа iнакш магло быць? Праўда, Нэрон меў яе на Палатыне i мог проста затрымаць, але, як казаў Пятронi, цэзар не меў адвагi ў злачынствах i, могучы дзеяць адкрыта, дзеяў заўсёды таемна. Гэтым разам магло яго да гэтага схiлiць пабойванне Папеi. Вiнiцiю прыйшло цяпер у голаў, што Аўлюсы, можа, б i не смелi гвалтам адбiраць падараванай яму дзяўчыны. Дый хто ж бы адважыўся? Няўжо той вялiгурны лiг з блакiтнымi вачыма, якi, аднак, адважыўся ўвайсцi да трыклiнiюма ды вынесцi яе на руках з банкету? Але дзе ж бы ён з ёю схаваўся, куды б яе мог занесцi? Не, нявольнiк не адважыўся б на гэта. Дык зрабiў гэта нiхто iншы, як цэзар.
На ўспамiн аб гэтым Вiнiцiю аж пацямнела ўваччу, i пот на iлбе выступiў. Лiгiю, знача, страцiў назаўсёды. Можна было яе вырваць з усялякiх iншых рук, але не з такiх. Цяпер жаласней, чым дагэтуль, мог бедаваць: Vae misero mihi! [27] Уява прадстаўляла яму Лiгiю ў лапах Нэрона, i першы раз у жыццi зразумеў, што ёсць думкi, якiх чалавек не можа папросту перажыць. Толькi цяпер адчуў, як моцна пакахаў яе. Як тапельцу маланкавым становiцца ўсё жыццё, так яму стала ўваччу Лiгiя. Вiдзеў яе i чуў кожнае ейнае слова. Бачыў яе пры вадалiве, бачыў яе ў Аўлаў ды на банкеце. Адчуваў яе зноў блiзка, чуў пах ейных валасоў, цеплыню цела, раскошу цалункаў, якiмi на банкеце расцiскаў ейныя нявiнныя вусны. Выдавалася яму ў сто разоў прыгажэйшай, жаданай, салодшай, у сто разоў больш незвычайнай адзiнай выбранкай спамiж iншых смяротнiкаў ды бостваў, чым калiсь. I як падумаў, што гэта ўсё, што так ушчапiлася ў ягонае сэрца, сталася крывёй i жыццём, мог згарнуць Нэрон, хапiў яго боль зусiм фiзычны, так страшны, што гатовы быў галавою бiць аб сцены атрыюма, пакуль не расквасiць яе. Адчуваў, што хiба ашалее, дый ашалеў бы, каб не жада помсты. Як раней выдавалася яму, што немагчыма жыць, калi не здабудзе Лiгii, гэтак цяпер - што немагчыма памерцi, пакуль не адпомсцiць за яе. Гэтая адзiная думка давала яму нейкую польгу. Буду тваiм Касыем Харэем! - гаварыў сабе, думаючы пра Нэрона. Па хвiлiне, хапiўшы з кветачных вазаў, акружаючых iмплювiюм, зямлi, закляўся страшнай прысягай помсты перад Эрэбам, Гэкатаю ды ўласнымi дамавымi лярамi.
Аж лягчэй яму стала. Прынамсi меў дзеля чаго жыць, запаўняць днi i ночы. I, змянiўшы намер iсцi да Аўлаў, загадаў несцiся на Палатын. У дарозе раздумоўваў: калi не дапусцяць яго да цэзара або захочуць спраўджаць, цi не мае пры сабе зброi, дык гэта будзе доказ, што Лiгiю схапiў цэзар. Зброi, аднак, не ўзяў. Быў не ў змозе цвяроза разважаць, але, як заўсёды людзi, ахопленыя адной думкай, трымаў у кантролi адно помсту. Не хацеў, каб уцякла яна перадчасна. Апрача таго жадаў перад усiм пабачыцца з Актэ, спадзяваўся бо ад яе даведацца праўды. Дражнiла яго таксама й надзея, ануж там пабачыць i Лiгiю, аж дрыготы прабiралi ад такое думкi. Ануж мо цэзар схапiў яе, не ведаючы каго, ды сяння яму аддасць яе? Але цераз момант адагнаў гэтую здагадку. Каб манiлiся яму адаслаць яе, дык адаслалi б учора. Актэ адна магла ўсё выяснiць, i яе перш-наперш трэ пабачыць. Уцвярдзiўшыся ў гэтай пастанове, загадаў нявольнiкам спяшацца i па дарозе падумоўваў то пра Лiгiю, то пра помсту. Чуў, што святары егiпскае багiнi Пахт умеюць наганяць хваробу на каго захочуць, i вырашыў даведацца ад iх пра спосаб на гэта. На ўсходзе расказвалi яму таксама, што жыды маюць нейкiя закляццi, ад якiх на цела нападаюць скулы. Мiж нявольнiкаў меў дома колькiнаццаць жыдоў, дык абяцаў сабе: як вернецца, усыпле iм, каб выявiлi тайнiцу. З найбольшай, аднак, раскошай думаў аб кароткiм рымскiм мячу, якi выпускае кроў струмянём менавiта такiм, якi вылiўся з Кая Калiгулы i пакiнуў несцiральныя плямы на калюмне портыку. Гатовы быў цяперака вымардаваць увесь Рым, а калi б якiя мсцiвыя багi абяцалi яму, што ўсе людзi вымруць за выняткам яго й Лiгii, згадзiўся б на гэта.
Перад уваходным лукам апрытамнеў, убачыўшы старожу прэторыянскую, i падумаў: калi будуць хоць крыху ўтрудняць яму праход, гэта будзе доказ, што Лiгiя з волi цэзара ёсць у палацы. Але галоўны цэнтурыён прыязна ўхмыльнуўся да яго i, падступiўшы некалькi крокаў, сказаў:
- Вiтаю крывiчэснага трыбуна. Калi йдзеш з прывiтаннем да цэзара, тpaпiў на благую пару. I не ведаю, цi магчымеш яго пабачыць.
- А што сталася? - спытаў Вiнiць.
- Боская аўгуста малая неспадзявана захварэла ад учарашняга дня. Цэзар i аўгуста Папея пры ёй разам з лекарамi, пасклiканымi з усяго гораду. Гэта было не абы-якое здарэнне. Цэзар, як урадзiлася яму гэтая дочанька, шалеў проста з радасцi i прыняў яе ехtга humanum gaudium [28]. А яшчэ перад гэтым сенат урачыста паручаў багом улонне Папеi. Складалiся ахвяры i спраўлялi ў Анцыюме, дзе даканалiся народзiны, вясёлыя гульнi, ды пабудавалi двум Фартунам святынi. Hэpoн, якi нi ў чым не ведаў меры, без меры таксама й дзiця гэнае кахаў, а Папеi пэўна ж было яно таксама дарагiм, хоць бы й дзеля таго, што ўмацоўвала ейную пазiцыю ды ўплывы. Ад здароўя й жыцця малое аўгусты магла залежаць доля ўсяе iмперыi, але Biнiць так быў затурбаваны сам сабою, собскаю справаю й каханнем, што, не зважаючы на цэнтурыёна, адказаў:
- Хачу пабачыцца толькi з Актэ.
I прайшоў.
Актэ была таксама пры дзiцяцi, i мyсiў чакаць на яе доўга. Прыйшла аж каля паўдня, блядая, змучаная, а пабачыўшы Вiнiцiя, збялела яшчэ больш.
- Актэ,- адазваўся, хапаючы ейныя рукi, Вiнiць, i цягнучы яе на сярэдзiну атрыюма,- дзе Лiгiя?
- Я цябе хацела пра гэта спытацца,- адказала, гледзячы яму дакорна ў вочы.
А ён, хоць прыракаў сабе выпытаць яе спакойна, зноў далонямi сцiснуў голаў ды, скрывiўшыся ад болю й гневу, паўтараў:
- Няма яе! Схапiлi мне яе ў дарозе!
Пасля, аднак, суняўся i, нахiлiўшыся да Актэ, пачаў праз зацiснутыя губы цадзiць:
- Актэ... Калi табе жыццё мiла, калi не хочаш стацца прычынай няшчасця, якога не здолееш нат сабе ўявiць, скажы: цi не цэзар схапiў яе?
- Цэзар не выходзiў учора з палацу.
- На цень мацi твае, на ўсе боствы! Цi няма яе ў палацы?
- На цень маткi мае, Марк, няма яе ў палацы, ды не цэзар схапiў яе. Учора захварэла малая аўгуста, i Нэрон не адступае ад ейнае калыскi. Вiнiць супакоiўся. Тое, што здавалася яму найстрашнейшым, не пагражае.
- Дык схапiлi яе,- дадумоўваецца, садзючыся на лаве ды зацiскаючы кулакi,- Аўлы, гора iм.
- Аўл Плаўт быў тут сяння рана. Не мог са мною спаткацца, бо я была пры дзiцяцi, але выпытваў пра Лiгiю ў Эпафрадыта ды iншых слугаў цэзарскiх, а пасля сказаў iм, што яшчэ прыйдзе пабачыцца са мною.
- Хацеў адвярнуць ад сябе падазрэнне. Калi б не ведаў, што сталася з Лiгiяй, прыйшоў бы да мяне шукаць яе.
- Пакiнуў мне некалькi слоў на таблiчцы, з якiх убачыш, што ён сяння рана быў у цябе, спадзяваўся бо там знайсцi забраную на тваё i Пятронiева жаданне праз цэзара Лiгiю, там яму сказалi, што сталася.
Сказаўшы гэта, пайшла ў кубiкулюм i праз момант вярнулася з таблiчкаю Аўла.
Вiнiць прачытаў i анямеў. Актэ як бы чытала ягоныя думкi ў насупленым твары, бо зараз адазвалася:
- Не, Марк. Сталася тое, чаго жадала сама Лiгiя.
- Ты ведала, што яна манiлася ўцякаць! - загарэўся Вiнiць. А яна глянула на яго сваiмi ймглiстымi вачыма амаль сурова:
- Я ведала, што не хоча быць тваёй наложнiцай.
- А ты кiм была ўсё жыццё?!
- Я была перад тым нявольнiцай.
Але Вiнiць не перастаў бурыцца. Цэзар падараваў яму Лiгiю, дык ён не патрабуе пытаць, кiм была яна перад тым. Знойдзе яе хоць бы пад зямлёю i зробiць тое, што яму спадабаецца. Так! Яна будзе ягонай наложнiцай. Загадае сцёбаць яе, пакуль яму не надакучыць. Калi яму спрыкрыцца, аддасць яе апошняму з сваiх нявольнiкаў або паставiць яе круцiць жорны ў сваiх гаспадарках у Афрыцы. Будзе яе цяперака шукаць толькi на тое, каб зганьбiць, стаптаць ды ўпакорыць. I, запаляючыся штораз гарачэй, губiў усякую меру да таго, што нат Актэ пазнала, што казаў больш, чым здольны быў бы выканаць, i тое гаварылi ў iм гнеў i пакута. Над пакутай мела б лiтасць, але перабраная мера парвала ейную цярплiвасць так, што ўрэшце спытала яго, чаго да яе прыйшоў.
Вiнiць не мог адразу знайсцi адказу. Прыйшоў да яе, бо так хацеў, бо спадзяваўся выдабыць ад яе якiя звесткi, але, фактычна, прыйшоў толькi да цэзара, а, не могучы з iм пабачыцца, зайшоў да яе. Лiгiя, уцякаючы, спрацiвiлася волi цэзара, дык ён упросiць яго, каб загадаў шукаць яе ўва ўсiм горадзе ды дзяржаве, хоць бы прыйшлося спатрэбiць да гэтага ўсе легii ды ператрэсцi па чарзе кажны дом. Пятронi дапаможа яму, i пошукi пачнуцца ад сянняшняга дня.
На гэта Актэ кажа:
- Глядзi, каб не страцiў яе назаўсёды тады, як з цэзаравага загаду яе знойдуць.
Вiнiць нахмурыў бровы:
- Што гэта значыць? - спытаў.
- Слухай, Марк, мяне! Учора былi мы з Лiгiяй у тутэйшым парку i спаткалi Папею, а з ёю i малую аўгусту, якую несла негрынка Лiлiт. Увечар дзiця захварэла, а Лiлiт кажа, быццам яго ўраклi, i што ўракла яго тая чужаземка, якую ў парку спаткалi. Калi выздаравее, забудуць пра гэта, але пад прычыну Папея асудзiць Лiгiю за чараўнiцтва, а тады, дзе б яе нi знайшлi, не будзе для яе ратунку. Настала хвiлiна маўчання, пасля Вiнiць адзываецца:
- А можа, i ўракла яе. I мяне ўракла.
- Лiлiт кажа, што дзiцянё зараз заплакала, як яго пранеслi каля нас. I сапраўды! Заплакала. Няйначай, вынеслi яго ў парк ужо хворае. Марк, шукай яе сам, дзе хочаш, але пакуль малая аўгуста не выздаравее, не гутар аб ёй з цэзарам, бо сцягнеш на яе помсту Папеi. Даволi ўжо наплакалася яна праз цябе, дык хай багi сцерагуць яе беднае галованькi.
- Ты любiш яе, Актэ? - спытаў панурыста Вiнiць.
Уваччу вызвольнiцы заблiшчэлi слёзы.
- Так. Я надта палюбiла яе.
- Бо табе не адплацiла нянавiсцю так, як мне.
Актэ паглядзела на яго праз хвiлiну, як бы сумнявалася цi манiлася даследзiць шчырасць ягоных слоў, пасля адказала:
- Чалавеча сляпы й заўзяты! Яна цябе кахала.
Вiнiць схапiўся пад уплывам гэных слоў, як удараны. Няпраўда! Ненавiдзела яго. Скуль Актэ можа ведаць?! Цi пасля аднадзённага знаёмства Лiгiя выспавядалася перад ёю? Што гэта за каханне, якое прагне безгалоўя, бяздолля, няпэўнай будучынi, а можа i смерцi замест узялененага дому, дзе чакае з пачосткаю каханы? Не чуць бы яму такiх рэчаў, а то гатовы ашалець. Не аддаў бы ён гэнай дзяўчыны за ўсе скарбы гэтага палацу, а яна ўцякла. Што гэта за каханне, якое баiцца раскошы, а плодзiць боль? Хто гэта здолее ўцямiць? Хто зможа зразумець? Калi б не надзея, што знойдзе яе, пырнуў бы ў грудзi сабе мячом. Любоў аддае, не адбiрае. Былi моманты ў Аўлаў, што ён сам верыў у блiзкае шчасце, але цяпер ведае, што яго ненавiдзела, ненавiдзiць ды памрэ з нянавiсцю ў сэрцы.
Актэ, звычайна баязлiвая й лагодная, абурылася ў сваю чаргу. Як жа ён хацеў яе здабыць? Замест пакланiцца пра яе Аўлюсу й Пампонii, адабраў яе бацьком падступна. Манiўся зрабiць не жонкай, а палюбоўнiцай яе, гадаванку годнага дому, князёўну! I ўцягнуў яе ў гэты дом бессаромнасцi й распусты, зняважыў ейныя нявiнныя вочы вiдовiшчам распуснага банкету, паступаў з ёю, як з лёгкадумнаю дзяўчынай. Няўжо забыў, чым ёсць радня Аўлаў, i кiм Пампонiя Грэцына, якая ўзгадавала Лiгiю? Няўжо не мае даволi розуму, каб даўмецца, што гэта iншыя жанчыны, чым Нiгiдыя, Кальвiя Крыспiнiла, Папея ды ўсе тыя, якiх спаткае ў доме цэзара? Няўжо, спаткаўшы Лiгiю, не даўмеўся адразу, што гэтае нявiннае дзяўчо, якое пажадае хутчэй смерцi, чым ганьбы, увасабленнем ёсць чысцiнi? Скуль жа ён ведае, якiм яна багом верыць, i цi не чысцейшым, не лепшым, як распусная Венус або Iзыс, якiм аддаюць шанаванне распусныя рымлянкi? Не! Лiгiя не спавядалася перад ёю, казала ёй, што чакае ратунку ад Вiнiцiя, спадзявалася, што ён выпрасiць для яе ад цэзара дазвол вярнуцца дамоў ды аддасць яе Пампонii. Гэта кажучы, чырванела, бы дзяўчо, якое кахае й спадзяецца. I ейнае сэрца кахала яго, але ён сам нагнаў пуд, знеахвоцiў, пакрыўдзiў, i хай жа цяпер яе шукае з цэзаравай палiцыяй, але хай ведае таксама, што калi дзiцянё Папеi памрэ, дык западозраць яе, i згуба ейная тады немiнучая.
Гнеў i боль Вiнiцiя пачалi паволi змякчацца. Думка аб тым, што Лiгiя кахае яго, устрасянула ягонай душою да глыбiнi. Прыпомнiў яе сабе ў парку ў Аўлаў, слухаючую ягоных слоў з пачырванелым тварам ды блiскучымi вачыма. Выдавалася, што тады iставетна пачынала яго кахаць, i нагла агарнула яго пры гэным успамiне пачуццё нейкага шчасця, сто разоў большага, чым тое, якога жадаў. Падумаў - сапраўды мог мець яе паслухмяную ды кахаючую. Апрала б дзверы ягоныя ды намасцiла б iх воўчым тукам, а пасля засела б, як жонка, на воўне авечага руна пры ягоным агменю. Пачуў бы з ейных вуснаў сакраментальнае: «Дзе ты, Кай, там i я, Кая», i была б ягонай назаўсёды.
Чаму ён так не зрабiў? Быў жа гатовы. А цяпер няма яе, i можа не знайсцi, а калi б i знайшоў, можа згубiць, дый хоць не згубiў бы, не захочуць яго нi Аўлы, нi яна. Тут гнеў пачаў яму зноў падымаць на галаве валасы, але цяпер гневаўся не на Аўлаў ды Лiгiю, толькi на Пятронiя. Ён усяму вiнаваты. Каб не ён, Лiгiя не патрабавала б хавацца, была б ягонай сужанiцай, i нiякая небяспека не вiсела б над ейнай галавою. А цяпер сталася, i позна папраўляць бяду, яна не дасца направiць.
- Запозна!
Здавалася яму, процьма адкрылася пад ягонымi нагамi. Сам не ведаў, што рабiць, як паступаць, куды падацца. Актэ паўтарыла, бы рэха, слова «запозна», яно ў чужых вуснах загучала яму, як прысуд смерцi. Разумеў толькi адну рэч, што трэба яму знайсцi Лiгiю, бо йнакш станецца з iм нешта дрэннае. I, закруцiўшыся машынальна ў тогу, думаў адыйсцi, не развiтваючыся з Актэ, аж тут заслона, дзелячая сенi ад атрыюма, адхiляецца, i бачыць вомiг перад сабою асобу Пампонii Грэцыны.
I яна, мабыць, даведалася ўжо аб прапажы Лiгii i, спадзеючыся, што ёй схадней будзе, чым Аўлу, спаткацца з Актэ, прыйшла да яе па весткi.
Прыкмецiўшы Вiнiцiя, звярнулася да яго i сказала:
- Марк, хай Бог табе даруе крыўду, якую ты зрабiў нам i Лiгii.
А ён стаяў, звесiўшы голаў, з пачуццём няшчасця й вiны, не разумеючы, якi Бог меўся ды мог яму дараваць, i чаму Пампонiя гаварыла аб дараваннi тады, калi павiнна была б казаць аб помсце.
I ўрэшце выйшаў з галавою бязраднай, поўнай цяжкiх думак, турботы й недаўмення.
На дзядзiнцы i пад галярэяй стаялi неспакойныя грамады людзей. Мiж палацавымi нявольнiкамi вiдны былi рыцары й сенатары, што прыйшлi даведацца пра здароўе малое аўгусты, а адначасна паказацца ў палацы ды даць доказ свае спагаднасцi хоць бы й перад нявольнiкамi цэзара. Вестка аб хваробе «багiнi», вiдаць, разыйшлася борзда, бо ў браме з'яўлялiся штораз новыя асобы, а праз атворыну луку бачны быў цэлы натаўп. Некаторыя з прыйшоўшых, бачачы Вiнiцiя, выходзячага з палацу, пыталi яго пра навiны, але ён, нiчога не адказваючы, iшоў уперад, пакуль Пятронi, прыспеўшы таксама ўжо па навiны, амаль не здырыўся з iм грудзьмi ды не затрымаў. Вiнiць быў бы няйначай загарэўся, убачыўшы яго, ды дапусцiўся б якога бяспраўя ў палацы цэзара, каб не тое, што ад Актэ выйшаў, як зламаны, так зняможаны ды прыгнечаны, што на пару ацiхла ў iм гарачая жорсць. Адапхнуў, аднак, Пятронiя й хацеў прайсцi, але той затрымаў яго амаль сiлком.
- Як маецца боская? - спытаў.
Гэтае наставанне зноў раздражнiла Вiнiцiя ды ўзбурыла яго ў адной хвiлiне.
- Хай процьма глыне яе разам з усiм гэтым домам! - выцадзiў праз зубы.
- Маўчы, самагубца! - перасцерагае Пятронi i, агледзеўшыся навокал, хуценька дасказвае:
- Хочаш даведацца што аб Лiгii, дык хадзi са мною. Не! Тут не скажу нiчога! Хадзi са мною, падзялюся сваiмi здагадкамi аб лектыцы.
I, абняўшы юнака, вывеў яго як мага хутчэй з палацу.
Пра гэта яму галоўна расходзiлася, бо навiн нiякiх не меў. Будучы дасцейлiвым чалавекам i маючы, памiма ўчарашняга абурэння, шмат спагады да Вiнiцiя дый пачуваючыся да адказнасцi за ўсё, што сталася, быў ужо нешта надумаў i, як селi ў лектыку, кажа:
- Паставiў я маiх нявольнiкаў цiкаваць пры кожнай браме, даўшы iм дакладную характарыстыку выгляду дзяўчыны й таго вялiгура, што вынес яе ад цэзара з банкету, няма бо сумнiваў, што гэта ён яе адабраў. Слухай мяне! Быць можа, Аўлюсы маняцца схаваць яе ў каторай сваёй вёсцы, а тады будзем ведаць, у якi бок з ёю пададуцца. Калi пры брамах яе не ўбачаць, дык, знача, засталася ў горадзе, i сяння яшчэ й тут распачнем пошукi.
- Аўлюсы не ведаюць, дзе яна,- адказаў Вiнiць.
- Ты пэўны, што так ёсць?
- Бачыўся я з Пампонiяй. Яны шукаюць яе таксама.
- Учора не магла выйсцi з места, бо ноччу замкнёныя брамы... Двух маiх вартаўнiкоў сочаць ля кажнае брамы. Адзiн маецца йсцi ўслед за Лiгiяй i асiлкам, другi зараз мне падасць вестку. Калi яна ў горадзе, знойдзем яе, бо таго лiга лёгка пазнаць па росце й плечуках. Шчасце тваё, што не схапiў яе цэзар, а магу цябе ўпэўнiць, што не, бо на Палатыне няма для мяне тайнiц.
Вiнiцiя шчэ больш ахапiў жаль, чым гнеў, i дрыготным голасам пачаў расказваць Пятронiю, што гаварыла яму Актэ i якiя новыя небяспекi навiслi над Лiгiяй, так страшныя, што трэ будзе, знайшоўшы яе, укрываць ад Папеi. Пасля пачаў горка наракаць на рады Пятронiевы. Каб не ён, усё было б iнакш. Лiгiя жыла б у Аўлюса, а ён, Вiнiць, мог бы з ёю спатыкацца штодзень i быў бы шчаслiвейшы за цэзара. I чым больш гаварыў, тым больш абураўся, аж пачалi крапаць з вачэй слёзы жальбы ды злосцi.
А Пятронi, якi проста не спадзяваўся, каб малады юнак мог пажадаць i кахаць да такой ступенi, бачачы гэныя слёзы роспачы, казаў сабе, у душы дзiвячыся:
- О, магутная валадарыня Цыпру, ты адна пануеш над багамi й людзьмi!
ХII
Калi выселi перад домам Пятронiя, загадчык атрыюма далажыў, што нiводзiн нявольнiк з высланых яшчэ не вярнуўся. Атрыенсiс загадаў аднесцi iм харчу ды новы загад, каб пад пагрозай розаг пiльнавалi ўсiх выходзячых з гораду.
- Бачыш,- кажа Пятронi,- без сумнення, яны дасюль яшчэ ў горадзе, дык знойдзем iх. Загадай, аднак, i сваiм людзям вартаваць пры брамах, лепш тым, якiх пасылаў па Лiгiю, бо яны лёгка яе распазнаюць.
- Я паразганяў iх на вёскi ў эргастулы,- адказвае Вiнiць,- але зараз адклiчу, хай iдуць да брамаў.
I, напiсаўшы некалькi слоў на васкаванай таблiчцы, аддаў яе Пятронiю, якi даручыў яе вомiг аднесцi да дому Вiнiцiя.
Ды перайшлi да нутранога портыку i, пасеўшы на мармуровай лаве, пачалi гутарку.
Залатавалосая Эўнiка й Iрас падсунулi iм пад ногi бронзавыя столячкi ды, прыставiўшы да лаўкi столiк, пачалi iм налiваць у чашы вiно з прыгожых вузкашыястых збанкоў, вырабленых у Валатэры й Цэрэ.
- Цi ведае хто з тваiх людзей таго вялiзарнага лiга? - пытае Пятронi.
- Ведалi яго Атацын i Гул. Але Атацын забiты ўчора пры лектыцы, а Гула забiў я.
- Шкада мне яго,- бедаваў Пятронi.- Ён насiў на руках не толькi цябе, але й мяне.
- Я манiўся яго нат вызвалiць,- тлумачыцца Вiнiць,- але досыць таго.
Гаворам аб Лiгii. Рым - гэта мора...
- Перлы ловяць менавiта ў моры... Пэўна, не знойдзем яе сяння або заўтра, але знойдзем немiнуча. Ты цяпер вiнавацiш мяне, што падсунуў табе гэты спосаб. Дык спосаб сам па сабе быў не дрэнны, ён стаўся пахiбным толькi тады, калi быў кепска выкiраваны. Ты ж чуў ад самога Аўла, што манiцца з усёй сям'ёй пераносiцца на Сiцылiю. Такiм чынам, дзяўчына i так была б ад цябе далёка.
- Паехаў бы за iмi,- адказвае Вiнiць,- а прынамсi была б бяспечная, а цяпер, як тое дзiцянё памрэ, Папея й сама ўверыць ды ўталкуе цэзару, што гэта сталася з вiны Лiгii.
- Так. Гэта турбуе таксама й мяне. Але гэна байстручанё, можа, яшчэ ачуняе. А калi б i памерла, знойдзем i тады нейкi выхад.
Тут Пятронi задумаўся на хвiлiну дый кажа:
- Папея нiбыта жыдоўскае рэлiгii i верыць у злыя духi. Цэзар забабонны... Дык, калi распусцiм вестку, што Лiгiю схапiлi нячыстыя, павераць, тым больш, што калi не адабраў яе анi цэзар, анi Плаўт, знiкла сапраўды таемным чынам. Лiг сам адзiн не адолеў бы гэнага зрабiць, мусiў бы мець падмогу, а скуль бы нявольнiк у адзiн дзень мог бы сабраць столькi людзей?
- Нявольнiкi дапамагаюць сабе ўзаемна ў цэлым Рыме.
- Якi кроўю калiсь за гэта заплацiць. Так, успамагаюцца, але не адзiн супраць другога, а тут ведама было, што на тваiх спадзе адказнасць i кара. Калi падсунеш сваiм гадку аб злых духах, пацвердзяць адразу, што на ўласныя вочы бачылi, бо гэта iх адразу перад табою апраўдае... Паспрабуй спытай каторага, цi не бачыў, як неслi ў паветры Лiгiю, дык на эгiду Зэўса бажыцiмецца зараз, што так i было.
Вiнiць, якi таксама быў забабонны, зiрнуў на Пятронiя з наглай трывожлiвасцю.
- Калi Урсус не мог мець памагатараў ды сам адзiн не мог яе схапiць, дык хто яе схапiў?
Пятронi пачаў смяяцца.
- Бачыш,- кажа,- увераць, калi i ты ўжо верыш. Такi ўжо наш свет, якi кпiць з багоў. Павераць i не будуць яе шукаць недзе далёка ад гораду ў якойнебудзь сваёй або тваёй вiлле.
- Аднак жа, хто мог ёй дапамагчы?
- Ейныя сувернiкi,- адказаў Пятронi.
- Якiя? Якому ж боству яна аддае шанаванне? Я ж бы аб гэтым ведаў лепш за цябе.
- Кожная амаль жанчына ў Рыме паважае iншае боства. Няма сумнiву, што Пампонiя ўзгадавала яе ў веры таму боству, у якое верыць сама, а што там за боства, не ведаю. Адно ёсць пэўным, што нiхто яе не бачыў, каб у якой-небудзь з нашых святыняў яна давала ахвяры нашым багом. Абвiнавачвалi яе нат, што яна хрысцiянка, але гэта рэч непраўдападобная. Дамовы суд ачысцiў яе ад гэтага закiду. Пра хрысцiян гавораць, што не толькi аддаюць шанаванне аслячай галаве, але яны непрыяцелi роду чалавечага i дапушчаюцца найагiднейшых злачынстваў. Дык Пампонiя не можа быць хрысцiянкай, бо цнота яе добра ведамая, а непрыяцелька людскога роду не абходзiлася б так з нявольнiкамi, як яна абходзiцца.
- Нiдзе так з iмi не абходзяцца, як у Аўлаў,- дадаў Вiнiць.
- Дык бачыш. Пампонiя згадвала мне аб нейкiм Богу, што ёсць адзiны, усёмагутны й мiласэрны. Дзе падзела ўсiх iншых, гэта ейная справа; даволi таго, што гэты ейны Логас не быў бы хiба надта ўсёмагутным, iнакш кажучы, мусiў быць надта сцiплым Богам, каб меў толькi дзве паклоннiцы, Пампонiю i Лiгiю, з прыдаткам iхняга Урсуса. Павiнна быць iх больш, тых паклоннiкаў, i тыя далi помач Лiгii.
- Гэная вера навучае прабачаць,- сказаў Вiнiць.- Спаткаў я ў Актэ Пампонiю, якая сказала мне: «Хай табе Бог даруе крыўду, якую ты зрабiў Лiгii й нам».
- Вiдаць, iхнi Бог - гэта нейкi куратар вельмi спагадлiвы. Адыж хай табе даруе ды на знак прабачэння хай верне табе дзяўчыну.
- Ахвяраваў бы яму заўтра гекатомбу. Не хачу есцi, нi купелi, нi сну. Вазьму цёмную адзежыну ды пайду бадзяцца па горадзе. Можа, гэтак знайду яе хутчэй. Я хворы.
Пятронi паглядзеў на яго спагадлiва. Праўда, вочы ў Вiнiцiя былi падсiнелыя, бiла з iх гарачка, твар зарослы, неабголены, знябыты, валасы скалмочаныя, выглядаў, як хворы. Iрас i залатавалосая Эўнiка глядзелi на яго таксама спачувальна, але ён як бы й не бачыў iх, дый абодва з Пятронiем не звярталi ўвагi на прысутнасць нявольнiц, як i на сутарлiвых сабак.
- Гарачка цябе разбiрае,- адазваўся Пятронi.
- Але.
- Дык паслухай мяне... Не ведаю, што параiў бы табе лекар, але ведаю, як на тваiм мейсцы паступiў бы я. От, пакуль знойдзецца тая, пашукаў бы ў iншае таго, чаго табе разам з тамтою не хапае. Я бачыў у тваёй вiлле стройных маладзiц. Не пярэч мне. Ведаю каханне, разумею нехаць да iншых, калi пажадаецца адной. Але ў прыгожай нявольнiцы можна знайсцi хоць хвiлiнную патолю...
- Не хочу! - адрэзаў Вiнiць.
Але Пятронi, якi сапраўды любiў яго ды хацеў асаладзiць ягонае гора, пачаў думаць-гадаць, як бы гэта зрабiць.
- Можа, твае не маюць для цябе чару свежасцi,- сказаў, пачакаўшы,дык прыгледзься вось гэтай харытцы (тут пачаў кiдаць вачыма то на Iрас, то на Эўнiку, гладзячы стройны стан залатавалосае грэчанкi). Некалькi дзён таму малады Фантэй Капiтон даваў мне за яе трое цудных хлапчанят з Клазамен, прыгажэйшага бо цела хiба й Скопас не стварыў. Сам не ведаю, чаму дасюль абыякавы да яе, не ўстрымаў жа мяне ўспамiн аб Хрызатэмiс! Вось жа дару табе яе, вазьмi!
Залатавалосая Эўнiка, пачуўшы гэта, збялела ў адзiн момант, як палатно, i, гледзячы палахлiвымi вачыма на Вiнiцiя, як бы замёршая, чакала адказу ягонага. Але ён сарваўся на ногi ды, схапiўшыся за голаў, пачаў хутка гаварыць, як чалавек у гарачцы, не хочучы слухаць аб нiчым:
- Не! Не!.. Што мне з яе! Што мне яна!.. Дзякую табе, але не хочу! Iду шукаць тамтое па горадзе. Дай гальскую люцэрну з каптуром. Пайду за Тыбар... Мо хоць Урсуса спаткаю!..
I выйшаў, спяшаючыся. А Пятронi, бачачы, што сапраўды не можа ўседзець, не спрабаваў яго сутрымоўваць. Уважаючы, аднак, адмову Вiнiцiя за часовую нехаць да кожнай жанчыны, што не была Лiгiяй, ды не хочучы марнаваць сваёй спрыяльнасцi, звярнуўся да нявольнiцы й кажа:
- Эўнiка, выкупаешся ды прыбярэшся, а пасля пойдзеш да Вiнiцiя. А яна ўпала перад iм на каленi ды, згарнуўшы рукi, пачала яго малiць, каб не выпускаў яе з дому. Яна не пойдзе да Вiнiцiя. Лепей тут дровы насiць у гiпакаўстум, чым там быць першай слугою. Не хоча!.. Не можа!.. I молiць яго, каб злiтаваўся над ёю. Хай загадае сячы яе розгамi штодзень, абы толькi не высылаў яе з дому.
I, трасучыся, як асiна, з баязнi й расчулення, выцягала да яго рукi, а ён слухаў яе з недаўменнем. Нявольнiца, якая смее адпрошвацца ад спаўнення загаду, якая гавора: «Не хочу i не магу» - была нечым так нечуваным у Рыме, што Пятронi адразу не хацеў верыць вушам. У канцы нахмурыў бровы. Занадта ён быў далiкатным, каб аказаць зверскасць. Ягоныя нявольнiкi, асаблiва ў распусце, мелi большую волю, чым iншыя, пад умовай, што наўзорна спаўняцьмуць службу i волю гаспадара ставiцьмуць нароўнi з божаю. Але, калi два гэтыя абавязкi не былi спаўняныя, умеў пакараць, як вымагаў агульны звычай. А да таго не цярпеў i ўсякiх супрацiваў ды ўсяго, што муцiла яму супакой, дык, паглядзеўшы на молячую, загадаў:
- Паклiч мне Тэйрэзыя ды прыйдзеце сюды.
Эўнiка ўстала дрыготна, са слязьмi, i пайшла. Незабаўна вяртаюцца з загадчыкам атрыюма крэтонцам Тэйрэзыем.
- Вазьмi Эўнiку,- загадаў яму Пятронi,- i дасi ёй дваццаць пяць, так, аднак, каб не папсаваць скуры.
Гэтак сказаўшы, перайшоў у бiблiятэку i, сеўшы пры мармуровым стале, пачаў працу над сваiм «Банкетам Трымальхiёна».
Але ўцёкi Лiгii i хвароба малое аўгусты надта блыталi яму думкi, так што не мог доўга працаваць. Асаблiва тая хвароба была важным здарэннем. Пятронiю думалася: калi цэзар уверыць, што Лiгiя ўракла малую аўгусту, дык адказнасць можа звалiцца й на яго, бо ён прасiў узяць дзяўчыну ў палац. Спадзяваўся, аднак, што пры першым спатканнi ён патрапiць цэзару вытлумачыць усю недарэчнасць падобнае думкi, а крыху разлiчваў i на пэўную слабасць Папеi да яго, хоць прыхаваную, але прыхаваную й не так ужо старанна, каб нельга было яе здагадацца. I пайшоў, раздумоўваючы аб усiм гэтым, у трыклiнiюм, каб падсiлкавацца, а пасля занесцiся ў палац, на Марсавае Поле ды да Хрызатэмiс.
Але, iдучы ў трыклiнiюм, пры ўваходзе на службовы калiдор угледзеў неспадзявана пад сцяною сярод iншых нявольнiкаў стрункую постаць Эўнiкi i, забыўшыся, што Тэйрэзый не меў апрача розаг iншага загаду, насупiў зноў бровы ды пачаў шукаць яго.
Не прыкмецiўшы, аднак, яго мiж службаю, звярнуўся да Эўнiкi:
- Розгi атрымала?
А яна зноў упала яму да ног, прыцiснула да вуснаў краёк ягонай адзежыны дый адзываецца:
- О, так, спадару! Атрымала! О, так, спадару!
У ейным голасе была як бы радасць i ўдзячнасць - вiдаць, думала, што розгi мелiся заступiць пасыланне яе з дому, i цяпер можа ўжо заставацца. Пятронiя, якi даўмяваўся гэтага, здзiвiў гэны ўпор нявольнiцы, але задобра ён ведаў людскую натуру, каб не адгадаць, што прычынай гэтага магло быць толькi адно каханне.
- Маеш каханка ў гэтым доме? - спытаў.
Яна зiрнула на яго блакiтнымi вачыма ды адказала так цiха, што ледзь можна было яе дачуць:
- Так, спадару!..
I з тымi вачыма, з адкiнутымi ўзад залатымi валасамi, з трывогай i надзеяй на твары была так прыгожая ды так благальна на яго глядзела, што Пятронi, сам фiлёзаф i гласiцель магутнасцi любовi ды эстэта й вызнавальнiк вялiкага прыгаства, пачуў пэўную лiтасць над ёю.
- Каторы з iх ёсць тваiм каханкам? - спытаў, паказваючы кiвом галавы на службу.
Але на гэта адказу не было, Эўнiка толькi схiлiлася аж да стопаў ягоных i знерухомела.
Пятронi глянуў па нявольнiках, мiж якiмi былi прыгожыя i ўрадлiвыя юнакi, але з нiчыйнага твару не мог нiчога вычытаць, толькi ўсе нейк дзiўна ўхмылялiся; тады паглядзеў яшчэ на схiленую ля ягоных ног Эўнiку ды адыйшоў моўчкi ў трыклiнiюм.
Паснедаўшы, загадаў занесцiся ў палац, пасля да Хрызатэмiс, у якое прабыў аж да позняе ночы. Вярнуўшыся, казаў паклiкаць Тэйрэзыя.
- Цi Эўнiка дастала розаг? - спытаў яго.
- Так, спадару, толькi не дазволiлi вы працiнаць скуры.
- Цi не было адносна яе iншага загаду?
- Не, спадару,- адказаў трывожна атрыенсiс.
- Ну, добра. Хто з нявольнiкаў ёсць ейным каханкам?
- Нiхто, спадару.
- Што пра яе ведаеш?
Тэйрэзый пачаў гаварыць няпэўным голасам:
- Эўнiка нiколi ноччу не выходзiць з кубiкулюма, дзе спiць са старою
Акрыз'ёнай i Iфiдай; нiколi пасля твае купелi, спадару, не застаецца ў лазнi... Iншыя нявольнiцы смяюцца з яе i называюць яе Дыянай.
- Годзе,- кажа Пятронi.- Мой сваяк, Вiнiць, якому я падараваў сяння рана Эўнiку, не прыняў яе, дык застанецца дома. Можаш iсцi.
- Цi можна мне яшчэ гаварыць аб Эўнiцы, спадару?
- Я казаў табе гаварыць усё, што ведаеш. - Уся фамiлiя гавора, спадару, аб уцёках дзяўчыны, якая мелася застацца ў крывiчэснага Вiнiцiя. Пасля твайго адыходу прыйшла да мяне Эўнiка i сказала, што ведае чалавека, якi патрапiў бы яе знайсцi.
- А! - адзываецца Пятронi.- Што гэта за чалавек?
- Не ведаю яго, спадару, але тое думаў, што трэ было вам аб гэтым паведамiць.
- Добра. Хай гэны чалавек чакае ўзаўтра ў маiм доме на прыбыццё трыбуна, якога папросiш узаўтра ад майго iмя, каб ранкам мяне адведаў. Атрыенсiс пакланiўся ды выйшаў.
А Пятронi пачаў мiмаволi думаць пра Эўнiку. Спачатку здавалася яму ясным, што маладая нявольнiца жадае, каб Вiнiць знайшоў Лiгiю дзеля таго толькi, каб не мусiла заступаць яе ў ягоным доме. Але пасля прыйшло яму ў голаў, што той чалаавек, якога сулiць Эўнiка, можа быць ейным каханкам, i гэна думка, нараз, яму здавалася прыкрай. Быў, зрэшты, просты спосаб даведацца праўды, варта толькi паклiкаць Эўнiку, але было ўжо позна, а Пятронi чуўся знябытым пасля доўгiх адведзiнаў у Хрызатэмiс, i хацелася яму спаць. Аднак жа, iдучы да кубiкулюма, прыгадаў сабе няведама чаму, што ля вачэй Хрызатэмiс прыкмецiў сяння зморшчынкi. Падумалася яму, што краса ейная была больш слаўнай у Рыме, чым сапраўднай, i што Фантэй Капiтон, якi даваў яму трое падлеткаў з Клазамен за Эўнiку, манiўся купiць яе затанна.
XIII
Назаўтра Пятронi канчае туалету ў унктуарыюме, прыходзiць паклiканы праз Тэйрэзыя Вiнiць. Ён ужо ведаў, што нiякiх навiн ад брамаў няма, i вестка гэная замест яго абрадаваць, бо, знача, Лiгiя ў горадзе, замаркоцiла яго яшчэ больш, бо здавалася яму, што Урсус вывеў яе адразу, калi яшчэ нявольнiкi Пятронiевы не стаялi пры брамах. Праўда, восенню, калi днi становяцца карацейшымi, брамы замыкалi даволi рана, але большым грамадам выязджаючым адчынялi iх. Дый за муры можна было выдабыцца й iншымi спосабамi, аб якiх нявольнiкам, часамi ўцякаючым, было добра ведама. Праўда, Вiнiць парассылаў людзей i за горад да вiгiлаў меншых мястэчак з аглашэннямi, як уцёкшая пара выглядае, ды з загадам перахапiць яе за абяцаную ўзнагароду. Было, аднак, сумнiўным, цi гэны спосаб iх дасягне, а калi б i дасяг, цi тамтэйшыя ўлады будуць пачувацца ўпраўненымi затрымаць iх на прыватнае жаданне Вiнiцiя, не пасведчанае прэторам. Вось жа на падобнае пасведчанне не было часу. З свайго боку Вiнiць праз увесь учарашнi дзень шукаў Лiгii, пераапрануўшыся за нявольнiка, па ўсiх завулках гораду, не здолеў, аднак, знайсцi найменшага следу, нi тропу. Спаткаў, праўда, людзей Аўла, але тыя таксама нечага шукалi, i гэта ўзбудзiла здагадку, што не Аўл яе схапiў, i што ён не ведае таксама, дзе яна.
Дык калi Тэйрэзый далажыў, што ёсць чалавек, якi падручаецца яе знайсцi, чым хутчэй паспяшыў да Пятронiя i, ледзь прывiтаўшыся, пачаў аб iм распытвацца.
- Зараз убачым яго,- сказаў Пятронi.- Гэта знаёмы Эўнiкi, якая зараз прыйдзе ўкладаць мне тогу ды дасць нам блiжэйшыя аб iм звесткi.
- Тая, што ўчора хацеў мне падараваць?
- Але, якую ты ўчора адапхнуў, за што я табе, мiж iншым, удзячны, бо гэта найздальнейшая вестыплiка на ўвесь горад.
I вось вестыплiка прыходзiць на канец гэтых слоў i, узяўшы тогу з крэсла, iнкруставанага слановай косцяй, разгарнула яе, каб закiнуць на плечы Пятронiю. Твар мела ясны, цiхi, уваччу радасць.
Пятронi глянуў на яе, паказалася яму надта прыгожай. Пасля, калi, атулiўшы яго тогай, пачала ўкладаць хванды, часамi схiляючыся для выдаўжання iх, прыкмецiў, што рукi ейныя белыя, моў белыя ружы, а грудзi й плечукi маюць водблескi алябастру.
- Эўнiка,- адзываецца,- цi ёсць той чалавек, аб якiм учора ты казала Тэйрэзыю?
- Ёсць, спадару.
- Як завецца?
- Хiлон Хiланiдэс, спадару.
- Хто ён такi?
- Лекар, мудрэц i варажбiт, якi ўмее адгадваць людскую долю ды прадказваць будучыню.
- Цi табе прадказаў будучыню?
Эўнiка пачырванела па самыя вушы.
- Так, спадару.
- Што ж ён табе вываражыў?
- Што спаткае мяне боль i шчасце.
- Боль спаткаў цябе ўчора з рукi Тэйрэзыя, дык цяпер трэ чакаць толькi шчасця.
- Ужо спаткала, спадару.
- Якое?
Яна цiха шапнула:
- Засталася.
Пятронi пачаў гладзiць яе залатую галоўку.
- Добра ўлажыла сяння хванды, i рад я з цябе, Эўнiка.
А ёй ад гэтага прытыку ў адной хвiлiне вочы памутнелi ад шчасця, i пачалi хвалявацца грудзi.
Пятронi з Вiнiцiем перайшлi ў атрыюм, дзе чакаў iх Хiлон Хiланiдэс, якi спаткаў iх нiзкiм паклонам. Пятронiю на ўспамiн аб учарашняй ягонай здагадцы, што мо гэта каханак Эўнiкi, стала смяхотна. Чалавек, якi стаяў перад iмi, не мог быць нiчыiм каханкам. У гэнай дзiвоснай фiгуры было нешта i агiднае, i смяхотнае. Яшчэ не быў стары: у ягонай няўхлюйнай барадзе ды кучаравай чупрыне ледзь сям-там блiскаў сiвы волас. Жывот меў апалы, плечы згорбленыя, так што на першы пагляд выглядаў гарбатым, а над гэным гарбом вытыркала вялiкая галава з лысаватым ды малпаватым ажаўцелым тварам, упярэшчаным вуграмi. Нос сiгналiзаваў поцяг да бутэлькi. Лахманнё, акрываючае яго, складалася з цёмнае ваўнянае тунiкi й такога ж дзiравага плашча. Яно сымбалiзавала сапраўдную цi крывадушную бядноту. Пятронiю ўзбег на думку Тэрзыт Гомэра, дык, падняўшы на прывiтанне руку, адазваўся:
- Вiтаю, боскi Тэрзыт! Як жа маюцца твае гузы, што панабiваў табе пад
Трояй Улiс, ды што сам парабляе на Элiзэйскiх прасторах?
- Шляхотны спадару,- адказаў Хiлон Хiланiдэс,- наймудрэйшы з памерлых, Улiс, перасылае праз мяне наймудрэйшаму з жывых, Пятронiю, прывiтанне i просьбу, каб акрыў новым плашчом мае гузы.
- На Гекату Трыформiс! - адазваўся Пятронi.- Адказ варты плашча.
Але далейшую гутарку перарваў нецярплiвы Вiнiць, якi спытаў:
- Цi добра ведаеш, чаго падручаешся?
- Калi дзве «фамiлii» ў двух дастойных дамох не гутараць аб нiчым iншым, а за iмi паўтарае палова Рыму, не цяжка ведаць,- адказвае Хiлон.Учарашняе ночы адабраная дзяўчына, выгадаваная ў доме Аўла Плаўцыя, Лiгiя або Калiна, якую твае, спадару, нявольнiкi пераносiлi з цэзаравага палацу ў тваю «iнсулю», а я падручаюся адшукаць яе ў горадзе, або калi - гэта мала праўдападобна - знайшлася за горадам, паказаць табе, шляхотны трыбуне, куды ўцякла i дзе схавалася.
- Добра! - кажа Вiнiць, якому звязласць адказу надта падабалася. - Якiя маеш на гэта спосабы?
Хiлон хiтра ўхмыльнуўся:
- Спосабы ты маеш, спадару, я маю толькi розум.
Пятронi таксама ўсмiхнуўся, бо быў задаволены з свайго госця.
«Гэты чалавек можа знайсцi дзяўчыну»,- падумаў.
Тым часам Вiнiць нахмурыў свае зрослыя бровы дый кажа:
- Калi зводзiш мяне, бадзяка, дзеля нажывы, загадаю затаўчы цябе кiямi.
- Я фiлязоф, спадару, а фiлязоф не можа быць ласы на зыск, злашча на такi, якi абяцаеш.
- Ах, ты фiлязоф? - спытаў Пятронi.- Эўнiка казала мне, што ты лекар i варажбiт. Скуль ведаеш Эўнiку?
- Прыходзiла да мяне па раду, бо слава мая ацерлася аб ейныя вушы.
- Якое ж яна хацела рады?
- На каханне, спадару. Хацела вылечыцца з безузаемнага кахання.
- I вылечыў ты яе?
- Больш таго, спадару, я даў ёй амулет, якi запэўнiвае ўзаемнасць. У Пафосе, на Цыпры, ёсць святыня, у якой прахоўваецца Венерын паясок. Я даў дзве нiткi з гэнага паяска, уложаныя ў мiгдаловую лушпiну.
- I загадаў сабе солана заплацiць?
- За ўзаемнасць нiколi нельга заплацiць даволi, а я, не маючы двух пальцаў на правай руцэ, збiраю грошы на нявольнiка-скрыбу, якi б спiсваў мае думкi ды прахаваў маю навуку для свету.
- Да якой жа, мудрэц, належыш школы?
- Я цынiк, домiне, бо маю ось дзiравы плашч; я i стоiк, бо цярплiва зношу гора; я таксама й парыпатэтык, бо, не маючы лектыкi, хаджу пехатою ад вiнярнi да вiнярнi, навучаючы па дарозе тых, што абяцаюць заплацiць за збан.
- Дык пры збанку робiшся рэторам?
- Гераклiд казаў: «Усё плыве», а цi можаш запярэчыць, спадару, што вiно ня ёсць плыняй?
- Ён i агонь называў боствам, i вось боства гэнае паланiцца на тваiм носе.
- А боскi Дыягенэс з Апалонii настаўляў, што сутнасцяй рэчы ёсць паветра, а чым паветра цяплейшае, тым дасканалейшыя творыць iстоты, а з найцяплейшага творацца ўжо душы мудрацоў. А што восенню прыходзяць халады, ergo сапраўдны мудрэц павiнен абаграваць душу вiном... Бо таксама не можаш запярэчыць, спадару, каб збан цымусу з-пад Капуi цi Тэлезыi не разносiў цеплынi па касцях гаротнага цела людскога.
- Хiлон Хiланiд, дзе твая бацькаўшчына?
- Над Понтам Эўксынам. Я родам з Мезэмбрыi.
- Дык ты, Хiлон, вялiкi чалавек!
- А заняхаены! - дадаў меланхалiчна мудрэц.
Вiнiцiю не цярпелася зноў. Пры надзеi, што засвiтала, хацеў бы, каб Хiлон зараз жа пайшоў на пошукi, i ўся гутарка выдавалася яму непатрэбнай патратай часу, за якую сердаваў на Пятронiя.
- Калi пачнеш пошукi? - сказаў, звяртаючыся да грэка.
- Я ўжо пачаў iх,- адказвае Хiлон.- I як я тут, як адказваю на гэныя ветлiвыя пытаннi, дык ужо шукаю. Вер толькi мне, чэсны трыбуне, i ведай: калi б згiнула завязка ад абутку, я патрапiў бы адшукаць яе або таго, хто яе на вулiцы падняў.
- Цi быў калi затруднены гэткiмi пошукамi?- спытаў Пятронi.
Грэк падняў угару вочы.
- Занадта нiзка цэняць сяння сумленнасць i мудрасць, каб фiлязоф не быў змушаны шукаць iншых да жыцця спосабаў.
- Якiя ж твае?
- Ведаць усё ды служыць навiнамi тым, хто iх патрабуе.
- I хто за iх плацiць?
- Ах, спадару, патрабую купiць пiсара. Iнакш мудрасць мая памрэ разам са мною.
- Калi ты дагэтуль не сабраў нат на цэлы плашч, дык заслугi твае хiба надта сцiплыя.
- Скромнасць перашкаджае мне iх выяўляць. Але падумай толькi, домiне, што няма сяння такiх дабрадзейнiкаў, якiх было поўна даўней i для якiх абсыпаць золатам заслугу было так мiла, як палыкнуць астрыгу з Путэолi. Не заслугi мае малыя, толькi ўдзячнасць людская малая. Як часамi ўцячэ дарагi нявольнiк, хто яго знойдзе, калi не адзiны сын майго бацькi? Як з'явяцца на сценах напiсы на боскую Папею, хто пакажа зламыснiкаў? Хто вышнарыць у кнiгароў верш на цэзара? Хто данясе, што гавораць у дамох сенатараў ды рыцараў? Хто адносiць лiсты, якiх не хочуць паручыць нявольнiкам? Хто падслухоўвае навiны пры дзвярах цырульнiкаў? Для каго не маюць тайнiц вiняры й пякарнiкi, каму давяраюць нявольнiкi, хто ўмее пранiзаць вачыма кожны дом ад атрыюма да агароду? Хто ведае ўсе вулiцы, завулкi, хто чуе, што гавораць у тэрмах, у цырку, на гандлёвых рынках, у школах ланiстаў, у будах-гандлярнях, дзе прадаюць нявольнiкаў, ды нат у арэнарыях?..
- На богi, даволi, даражэнькi мудрэц! - адазваўся Пятронi.- Бо гатовы мы шчэ патануць у тваiх заслугах, сумленнасцi, мудрасцi ды красамоўстве.
Годзе! Хацелi мы ведаць, хто ты, ну й ведаем!
Вiнiць быў рады, бо думаў, што гэты чалавек, бы той гончы сабака, раз пушчаны на троп, не спынiцца, пакуль не знойдзе сховiшча.
- Добра,- кажа.- Цi патрабуеш iнструкцыяў?
- Патрабую зброi.
- Якое? - спытаў здзiўлены Вiнiць.
Грэк наставiў жменю, а другою рукою зрабiў жэст лiчэння грошай.
- Такiя сяння часы, спадару,- кажа, уздыхаючы.
- Дык будзеш аслом,- адзываецца Пятронi,- якi здабывае крэпасць мяшкамi золата.
- Я толькi небагаты фiлязоф, спадару,- пакорна адказвае Хiлон.- Золата маеце вы.
Вiнiць шпурнуў яму капшук, якi грэк схапiў на ляту, дарма што сапраўды не меў двух пальцаў на правай руцэ. Пасля задзёр голаў дый кажа:
- Я больш ведаю ўжо, спадару, чым ты спадзяешся. Ведаю, што дзяўчыны не вырвалi Аўлы, я ўжо гутарыў з iхняй службай. Ведаю, што яе няма на Палатыне, дзе ўсе затурбаваныя малою хвораю аўгустай, i мо нат дацемлiваю, чаму манiцёся шукаць малодухны з маёю помачай, а не вiгiлаў ды цэзаравых жаўнераў. Ведаю, што дапамог ёй уцячы слуга родам з таго ж самага краю, што й яна. Не мог ён шукаць дапамогi ў нявольнiкаў, нявольнiкi бо трымаюцца ўсе разам, дык не выступалi б процi тваiх пасланцоў. Маглi яму дапамагчы толькi сувернiкi.
- Слухай, Вiнiць,- перарваў Пятронi,- цi я табе гэтага самага слова ў слова не казаў?
- Гонар для мяне,- ганарыцца Хiлон.- Дзяўчына, спадару,- казаў, звяртаючыся да Вiнiцiя,- бессумнiўна верыць у тое самае боства, што i найцнатлiвейшая з рымлянак, сапраўдная матрона Пампонiя. Я чуў i тое, што Пампонiю судзiлi дамавым судом за веру ў нейкае чужое боства, не мог, аднак, ад ейных слуг даведацца, што там за боства ды як завуцца ягоныя вызнавальнiкi. Каб мог аб гэтым даведацца, пайшоў бы да iх, стаў бы найпабажнейшым мiж iмi, здабыў бы iхнi давер. Але ты, спадару, можа магчымеш мне даць аб гэтым якую вестку, бо ж прабыў колькiнаццаць дзён у доме шляхотнага Аўла?
- Не магу,- адказаў Вiнiць.
- Вы распытвалi мяне доўга пра розныя рэчы, дарагiя спадары, i я адказваў на пытаннi, дазвольце ж цяпер i мне ў вас запытацца: цi не бачыў, паважаны трыбуне, якiх фiгурак, ахвяр, якiх-небудзь знакаў, амулетаў на Пампонii або на тваёй боскай Лiгii? Цi не прыкмецiў часам, мо малявалi знакi, якiя для iх толькi зразумелыя?
- Знакi?.. Пачакай!.. Але! Бачыў раз, як Лiгiя намалявала на пяску рыбу.
- Рыбу? Аа! Ооо! Раз гэта зрабiла цi колькi разоў?
- Адзiн раз.
- I ты пэўны, спадару, што намалявала... рыбу? Га?
- Так, пэўны! - пацвердзiў зацiкаўлены Вiнiць.- Няўжо ведаеш, што гэта значыць?
- Цi ведаю?! - мармытаў Хiлон.
I, скланiўшыся, быццам на развiтанне, дадаў:
- Хай фартуна абсыпае вас пароўну ўсякiмi дарамi, дастойныя спадарыкi!
- Загадай даць сабе плашч,- сказаў яму на дарогу Пятронi.
- Улiс дзякуе табе за Тэрзытэса,- адказаў грэк i, скланiўшыся яшчэ раз, выйшаў.
- Я кажу, што ён знойдзе Лiгiю! - адазваўся радасна Вiнiць.- Але кажу таксама, калi б iснавала дзяржава злыдняў, ён мог бы каралём быць у той дзяржаве.
- Бессумнiўна. Мушу з гэтым стоiкам пазнаёмiцца блiжэй, але тым часам скажу выкадзiць па iм атрыюм.
А Хiлон Хiланiд, ахiнуўшыся сваiм новым плашчом, падкiдаў у жменi пад ягонымi хвандамi капшук ад Вiнiцiя, любуючыся ягоным цяжарам ды звонам. Iдучы не спяшаючыся ды аглядаючыся, цi з дому Пятронiя не сочаць, мiнуў портык Лiвii i, дайшоўшы да рагу схiла Вiрбiюса, падаўся на Субуру.
- Трэ зайсцi да Споруса,- казаў сам сабе,- i лiнуць крыху вiна Фартуне. Знайшоў, нарэшце, тое, чаго даўно шукаў. Ён малады, гарачы, шчодры, як капальнi Цыпру, i за гэту лiгiйскую макаўку гатоў бы аддаць паўмаёмасцi. Так, я такога шукаў ужо даўно. Трэба, аднак, з iм быць асцярожным, бо ягоныя бровы нiчога добрага не варожаць. Эх! Воўчыя шчанюкi пануюць сяння над светам!.. Меншая боязь ад гэнага Пятронiя. О багi! Чаму падсульства лепш сяння аплочваецца, чым цнота? Гэ! Нагрымзолiла табе рыбу на пяску? Каб так я ўдавiўся кавалкам сыру казiнага, як я ведаю, што гэта значыць! А буду ведаць! Але рыба жыве пад вадою, а пошукi пад вадою цяжэйшыя, чым на сухазем'i, еrgo: заплацi мне, галубчык, за гэну рыбу асобна. Яшчэ адзiн такi капшук, я мог бы кiнуць дзядоўшчыну ды купiць сабе нявольнiка... Але што б ты сказаў, Хiлонка, каб параiць табе купiць не нявольнiка, а нявольнiцу?.. Ведаю цябе! Ведаю, што згодзiшся!.. Калi б была такой, напрыклад, красуняй, як Эўнiка, сам бы пры ёй адмаладзеў, дый меў бы адначасна сумленны й пэўны даход! Прадаў гэнай небарацы Эўнiцы дзве нiткi з майго ўласнага старога плашча... Дурненькая, але каб падарыў мне яе Пятронi, дык бы ўзяў!.. Так, так, Хiлонка, сынку Хiлона... Не маеш бацькi нi маткi!.. Сiрата, дык купi сабе на пацеху хоць нявольнiцу. Яна ж мусiць недзе жыць, дык Вiнiць нойме ёй памешканне, у якiм i ты прытулiшся; мусiцiме прыадзецца, Вiнiць заплацiць за ейны прыадзевак, ды мусiцiме есцi, дык i кармiцiме яе. Ох, якое жыццё цяжкое! Дзе тыя часы, у якiх за обаля можна было купiць столькi бобу з салам, колькi анно льго было загарнуць прыгаршчамi, або кавалак казiнае кiшкi даўжынёю з руку дванаццацiгадовага падшпарка!.. Але вось i гэны зладзюга Спорус. У вiнярнi хутчэй чаго можна даведацца.
Так гутарачы з сабою, увайшоў у вiнярню i загадаў падаць сабе збанец «цёмнага»; дацемiўшы, аднак, недаверлiвы позiрк гаспадара, выкалупiў залатнiк з капшука i, палажыўшы яго на стале, адазваўся:
- Спорус, працаваў я сяння з Сэнэкай ад свiтанка да паўдня, i вось чым мой прыяцель абдарыў мяне на дарогу.
Круглыя вочы Споруса, гэта бачачы, зрабiлiся яшчэ круглейшымi, i вiно зараз з'явiлася перад Хiлонам, якi, памачыўшы ў яго палец, нагрымзолiў на стале рыбу ды кажа:
- Ведаеш, што гэта значыць?
- Рыба? Ну рыба ды больш нiчога!
- Дурны ты, хоць далiваеш столькi вады да вiна, што магла б у iм знайсцiся й рыба. Гэта сымбаль, якi ў мове фiлязофаў азначае «ўсмешка Фартуны». Каб ты быў яго адгадаў, дык i ты мо дабiўся б фартуны. Шануй фiлязофiю, кажу табе, бо йнакш - змяню вiнярню; на гэта мой асабiсты прыяцель Пятронi даўно ўжо мяне нагаворвае.
ХIV
Праз некалькi наступных дзён Хiлон не паказваўся нiдзе. Вiнiць, якi ад тае хвiлiны, калi даведаўся ад Актэ, што Лiгiя кахала яго, у сто раз больш жадаў яе знайсцi, распачаў пошукi на ўласную руку, не хочучы дый не могучы карыстаць з помачы цэзара, ахопленага трывогай з прычыны хваробы малое аўгусты.
Адыж не дапамаглi ахвяры ў святынях, мольбы i вота, як i лякарская практыка ды ўсякiя чарадзейныя спосабы, якiх з адчаю хапiлiся. Прайшоў тыдзень, i дзiця памерла. Пала жалоба на цэлы двор i на Рым. Цэзар, якi пры народзiнах дзiцяцi шалеў з радасцi, цяпер шалеў з роспачы i, зачынiўшыся, праз два днi не браў нiчога ў губу, а хоць палац поўны быў спачуваючых сенатараў i аўгустыянаў, не дапускаў нiкога на вочы. Сенат сыйшоўся на адумыснае паседжанне, на якiм мёртвае дзiця агалошана багiняй: пастанавiлi пабудаваць ёй святыню i ўстанавiць пры ёй асобнага святара. Складалi i ў iншых на гонар памёршае новыя ахвяры, адлiвалi ёй статуi з каштоўных металаў, а хаўтуры былi адною бязмернаю ўрачыстасцю, на якой народ падзiўляў бязмерны жаль цэзара, плакаў разам з iм, выцягаў руку на падарункi, а больш за ўсё забаўляўся незвычайным вiдовiшчам.
Пятронiя смерць гэта ўстрывожыла. Было ўжо ведама ўва ўсiм Рыме перакананне Папеi, што дзiця памерла ад уроку. Паўтаралi гэта за ёю i лекары, якiя такiм чынам маглi апраўдаць сваю недалужнасць, i святары, якiх ахвяры аказалiся бяссiльнымi, i шаптуны, якiя дрыжалi пра сваё жыццё, i народ. Пятронi быў цяпер рад, што Лiгiя ўцякла; дзеля таго, аднак, што спрыяў Аўлам, сабе i Вiнiцiю, калi знялi цыпрыс, заткнёны на знак жалобы перад Палатынам, пайшоў на пачостку, уладжаную для сенатараў i аўгустыянаў, каб пераканацца, наколькi Нэрон верыў слухам аб чарах, ды перашкодзiць наступствам, якiя маглi б з гэтага вынiкнуць.
Думаў таксама, ведаючы Нэрона, што ён хоць бы ў чары i не ўверыў, будзе крывiць, што верыць, i дзеля таго, каб ашукаць свой боль, i дзеля таго, каб на кiм спагнаць помсту, ды каб адсунуць думкi аб кары багоў за злачынствы. Пятронi не думаў, каб цэзар мог нат собскае дзiця кахаць шчыра i глыбока: хоць любiў похатна, быў аднак пэўным, што перасолiць у жальбе. I не памылiўся. Нэрон слухаў спачуванняў сенатараў i рыцараў з каменным тварам, з вачыма, устаўленымi ў адзiн пункт, i бачна было, што калi нат i сапраўды церпiць, дык адначасна гадае, якое ўражанне выклiкае ў прысутных, пазуе Нiобе, дае сцэну бацькаўскага жалю так, як бы яе выконваў камедыянт. Не ўмеў нат пры гэтым вытрываць у маўклiвым, быццам скамянелым сумаваннi, бо раз рабiў жэст моў пасыпання галавы попелам, а iншы раз глуха стагнаў, а ўбачыўшы Пятронiя, усхапiўся i пачаў трагiчным голасам адзывацца так, каб усе маглi яго чуць:
- Эгэў!.. I ты вiнаваты, што яна памерла! За тваёй парадай увайшоў у гэтыя муры лiхi дух, якi адным позiркам выссаў жыццё з яе... Гора мне! Хай вочы мае не глядзяць на святло Гелiёса... Гора мне! Эгэў! Эгэў!..
I, падымаючы штораз голас, пачаў роспачна крычаць. Але Пятронi вырашыў усё паставiць на шалю, дык, выцягнуўшы хутка руку, сарваў шаўковую абвязку з шыi i заткнуў ёю вусны Нэрону.
- Домiне! - адзываецца паважна.- Спалi Рым i свет з болю, але голас нам свой ашчадзi!
Прысутныя астаўпелi, сумеўся на хвiлiну i сам Нэрон, адзiн толькi Пятронi застаўся няўзрушны. Ён ведаў надта добра, што робiць, бо ж памятаў, што Тэрпнас i Дыядор мелi папросту загад затыкаць вусны цэзару, калi б пачынаў шкодзiць свайму голасу.
- Цэзару,- гаварыў далей з тою ж самаю павагай i сумам,- маем страту вялiзарную, хай жа нам хоць гэты скарб пацехi застанецца!
Дрыгата прабегла па твары Нэрона, з вачэй пусцiлiся слёзы; нараз абняў далонямi плячукi Пятронiя i, успёршы голаў на ягоных грудзях, давай паўтараць плачлiва:
- Ты адзiн з усiх аб гэтым падумаў, ты адзiн, Пятронiйка! Ты адзiн!
Тыгэлiн аж зжаўцеў ад зайздрасцi, а Пятронi далей кажа:
- Едзь да Анцыюму! Там яна прыйшла на свет, там сплыла на цябе радасць, там сплыве i супакаенне. Хай марское паветра адсвежыць тваё боскае горла, хай грудзi твае адатхнуць салёнаю вогкасцяй. Мы, верныя, пойдзем за табою ўсюды, i калi твой боль саладзiцiмем спагадай, ты ўпоiш нас песняй.
- Так!- адказаў жаласна Нэрон.- Напiшу гiмн на ейнае шанаванне ды падрыхтую да яго музыку.
- А пасля пашукаеш цёплага сонца ў Байя.
- А пасля - забыцця ў Грэцыi.
- У калысцы песнi й паэзii!
I каменны пануры настрой паволi мiнуў, як мiнаюць хмары, засланяючыя сонца, а пачалася гутарка, нiбыта поўная шчэ суму, але паўнейшая абмеркаванняў на будучыню датычна падарожжа, мастацкiх выступаў, а нат пачостак, якiх вымагала запавешчанае прыбыццё Тырыдата, караля Арменii. Тыгэлiн спрабаваў, праўда, яшчэ спамiнаць аб чарах, але Пятронi, пэўны ўжо выйгрышу, прыймае проста наступ:
- Тыгэлiн,- кажа,- няўжо думаеш, чары могуць шкодзiць багом?
- Сам цэзар пра iх спамiнаў,- адказаў дварак.
- Дакука, боль гаварыла, не цэзар, але ты што пра гэта думаеш?
- Багi замагутныя на тое, каб маглi паддавацца прыроку.
- А ты запярэчваеш боскасцi цэзара й ягонай раднi?
- Peractum est! [29]- мармытнуў вобак Эпрый Марцэль, паўтараючы вокрык народу падчас трапна пакананага гладыятара так, што не трэ ўжо было яго дабiваць.
Тыгэлiн згрыз у сабе гнеў. Мiж iм i Пятронiем здаўна iснавала спаборнiцтва перад Нэронам, i Тыгэлiн меў на сваiм баку тое, што Нэрон менш, або й зусiм на яго не аглядаўся, дагэтуль, аднак, Пятронi ў сутычках перамагаў яго розумам i дасцiпнасцяй.
Так сталася й цяпер. Тыгэлiн змоўк i толькi натаваў сабе тых сенатараў i рыцараў, якiя зараз акружылi Пятронiя, як той падаўся ў глыбiню залi, думаючы, што пасля гэтага ён будзе напэўна першым улюбенцам цэзара.
А Пятронi выйшаў з палацу ды пайшоў да Вiнiцiя i, расказаўшы яму здарэнне з цэзарам i Тыгэлiнам, кажа:
- Не толькi адвярнуў небяспеку ад Аўла Плаўцыя i Пампонii, але й ад нас абодвых ды ад Лiгii, якое не будуць шукаць хоць бы й дзеля таго, што я набухторыў тую рудабародую малпу, каб ехаць у Анцыюм, а адтуль у Неапаль або ў Байя. I паедзе, бо ў Рыме не смеў дагэтуль выступiць публiчна ў тэатры, а ведаю, што даўно збiраецца выступiць у Неапалi. Пасля думае аб Грэцыi, дзе манiцца спяваць ува ўсiх важнейшых гарадох, а ў канцы з ахвяраванымi праз «грэкулаў» вянкамi трыўмфальна вярнуцца ў Рым. Праз гэты час мы магчымем свабодна шукаць Лiгiю ды схаваць яе бяспечна. А што ж? Цi нашага паважанага фiлёзафа не было?
- Твой паважаны фiлёзаф ёсць абармотам. Не! Не было, не паказваўся дый не пакажацца болей!
- А я крыху лепш думаю калi не пра ягоную шчырасць, дык пра розум.
Ужо хiба выпусцiў крыху крывi таму капшуку, дык прыйдзе, хоць бы па тое, каб атрымаць шанц зрабiць гэта другi раз.
- Хай сцеражэцца, каб яму не спусцiў крывi!
- Не рабi гэтага, стрымайся, пакуль аб ашуканстве не ўпэўнiўся. Не давай яму больш грошай, а лепш абяцай шчодрую ўзнагароду, калi прынясе табе пэўную вестку. Цi манiшся рабiць што на ўласную руку?
- Два мае вызвольнiкi, Нiмфiд i Дэмас, шукаюць яе на чале шасцiдзесяцi людзей. Той з нявольнiкаў, якi знойдзе яе, мае абяцаную вольнасць.
Апрача таго выслаў я адмысловых на ўсе дарогi з Рыму, каб выпытвалi ў гасподах пра лiга й дзяўчыну. Сам абягаў горад днём i ноччу, спадзеючыся шчаслiвага тропу.
- Як толькi што-небудзь даведаешся, дай мне знаць, бо я мушу ехаць да
Анцыюма.
- Добра.
- А калi каторае-небудзь ранiцы, прачнуўшыся, скажаш сабе, што для аднае дзяўчыны не варта грызцiся ды столькi турбавацца, дык прыязджай у Анцыюм. Там хопiць i жанчын, i ўцехаў.
Вiнiць пачаў бегаць хуткiмi сягнямi сюды-туды, а Пятронi глядзеў на яго праз хвiлiну, пасля кажа:
- Скажы мне шчыра - не як агняхват, самадур, але як чалавек разважны, якi адказвае шчыраму прыяцелю: цi табе заўсёды аднолькава расходзiцца пра гэную Лiгiю?
Вiнiць на хвiлiну спынiўся i зiрнуў так на Пятронiя, як бы яго перад гэтым не бачыў, ды зноў пачаў хадзiць. Бачна было, што выбух у сабе душыць. Урэшце, з пачуцця немачы, з жалю, гневу й непераможнае тугi набеглi яму дзве слязы, якiя прамовiлi да Пятронiя мацней, чым найкрасамоўнейшыя словы.
Дык, падумаўшы хвiлiну, Пятронi кажа:
- Свет на сабе трымае не Атлант, але жанчына, i часам забаўляецца iм, бы шпурляком.
- Так! - пацвердзiў Вiнiць. I пачалi развiтвацца. Але ў той жа хвiлiне нявольнiк далажыў, што ў сенцах чакае Хiлон Хiланiд i просiць пабачыцца. Вiнiць загадаў упусцiць яго зараз жа, а Пятронi сказаў:
- А што! Не казаў я табе! На Геркулеса! Будзь толькi спакойным, бо iнакш ён табою заўладае, не ты iм.
- Чэсць i прывiтанне шляхотнаму трыбуну i табе, спадару! - кажа, уваходзячы, Хiлон.- Хай шчасцю вашаму дараўняе слава, ды хай абяжыць яна цэлы свет ад стаўпоў Геркулеса аж па гранiцы Аршацыдаў!
- Вiтаем правадаўцу мудрасцi й цноты! - адказаў Пятронi. А Вiнiць пытае, крывячы нiбыта спакойнага:
- Што нясеш?
- Першы раз я прынёс табе надзею, спадару, а цяпер прыношу пэўнасць, што дзявiца будзе знойдзена.
- Гэта знача, што дагэтуль яшчэ яе не знайшоў?
- Але, спадару, затое ведаю, што абазначае знак, якi табе напiсала, ведаю, хто яе адбiў, i ведаю, мiж якiмi вернiкамi трэ яе шукаць.
Вiнiць хацеў усхапiцца з крэсла, на якiм сядзеў, але Пятронi спынiў яго i, звяртаючыся да Хiлона, кажа:
- Гавары далей!
- Цi ты зусiм пэўны, спадару, што дзяўчына табе намалявала рыбу на пяску?
- Так! - зiкнуў Вiнiць. - Дык, знача, яна ёсць хрысцiянкай, i адбiлi яе хрысцiяне.
Хвiлiна маўчання.
- Слухай, Хiлон,- адзываецца ўрэшце Пятронi,- мой сваяк падрыхтаваў табе за знаход красунi ладную колькасць грошай, але й не меншую колькасць розаг, калi асмелiшся яго ашукваць. У першым выпадку купiш не аднаго, але трох пiсцоў, у другiм - фiлязофiя ўсiх мудрацоў з дадаткам твае собскае не будзе табе гаючаю масцяй.
- Дзяўчына ёсць хрысцiянкай, спадару! - адазваўся грэк.
- Падумай, Хiлон, ты чалавек не дурны! Ведаем, што Юнiя Сылана з Кальвiяй Крыспiнiлай абвiнавачвалi Пампонiю Грэцыну, што верыць у хрысцiянскi забабон, але ведаем таксама, што дамовы суд апраўдаў яе ад гэтага закiду. Няўжо ты хацеў бы яго зноў уздымаць? Няўжо манiшся нам уталкоўваць, што Пампонiя, а разам з ёю i Лiгiя могуць належаць да непрыяцеляў роду чалавечага, да затрувальнiкаў фантанаў i студняў, да паклоннiкаў аслiнай галаве, да дзецябойцаў i найагiднейшых распуснiкаў? Глядзi, Хiлон, каб гэтая тэза, якую нам агалошваеш, не адбiлася як антытэза на тваiм хрыбце.
Хiлон развёў рукамi, быццам гэта не яго вiна, пасля кажа:
- Спадару! Вымавi па-грэцку наступны сказ: Езус Хрыстус, Сын Божы, Збавiцель.
- Ну, добра, на табе!.. I што з таго?
- А цяпер вазьмi першыя лiтары кажнага слова i злажы iх так, каб утварылi адно слова.
- Рыба! [30] - кажа здзiўлены Пятронi.
- Вось дзеля чаго рыба сталася меткай хрысцiян,- адказвае самазадаволены Хiлон.
Хвiлiна маўчання. У домыслах грэка было, аднак, штось так рэвеляцыйнае, што абодва прыяцелi сумелiся.
- Вiнiць,- спытаў Пятронi,- цi ты не памылiўся, цi iставетна Лiгiя намалявала табе рыбу?
- На ўсе багi падземныя, можна здурэць! - загараецца малады чалавек.- Каб намалявала мне птушку, дык i сказаў бы - птушку!
- Дык ёсць хрысцiянкай,- завяршыў Хiлон.
- Гэта знача,- дадае Пятронi,- што Пампонiя i Лiгiя затручваюць студнi, мардуюць схопленыя на вулiцы дзецi ды аддаюцца бессаромным учынкам! Дурное! Ты, Вiнiць, быў даўжэй у iхнiм доме, я быў коратка, але даволi ведаю i Аўла i Пампонiю дый Лiгiю, каб гаварыць: лухта, чарнату нясiнесiцё! Калi рыба ёсць меткаю хрысцiян, чаму, праўда, нельга запярэчыць, i калi яны ёсць хрысцiянкi, на Празэрпiну, вiдавочна, хрысцiяне ня ёсць такiмi, за якiх iх маюць.
- Гаворыш, моў Сакрат, спадару,- адказвае Хiлон.- Хто калi цiкавiўся хрысцiянiнам? Хто пазнаў iхнюю навуку? Як iшоў я перад трыма гадамi раз з Неапалю сюды, у Рым (ох, чаму там не застаўся!), прылучыўся да мяне чалавек, лекар, называўся Глаўк, пра якога казалi, што быў хрысцiянiнам, адылi я пераканаўся, што гэта быў сумленны чалавек.
- Цi не ад яго ты й даведаўся, шго значыць рыба?
- На жаль, не, спадару! У дарозе ў адной гасподзе пырнуў нехта пачцiвага старога нажом, жонку й дзiця ягонае схапiлi гандляры нявольнiкамi, а я ў абароне iх страцiў гэтыя вось два пальцы. Адылi мiж хрысцiянамi, чутно, здараюцца цуды, дык маю надзею, што мне адрастуць.
- Як гэта? I ты стаўся хрысцiянiнам?
- Ад учарашняга дня, спадару, ад учарашняга дня! Зрабiла мяне iм гэная рыба. Бач, якая, аднак, у ёй сiла! I за некалькi дзён буду найшчырэйшым з шчырых, каб толькi мяне дапусцiлi да ўсiх сваiх тайнiц, а як дапусцяць мяне да ўсiх сваiх тайнiц, буду ведаць, дзе хаваецца красуня. Тады мо маё хрысцiянства лепш мне аплоцiцца, чым мая фiлязофiя. Прырок я Мэркураму, калi мне дапаможа знайсцi дзяўчыну, ахвярую яму дзве ялаўкi-аднагодкi аднае меры дый яшчэ з пазалочанымi рагамi.
- Дык тваё ўчарашняе хрысцiянства ды твая фiлязофiя дазваляюць табе верыць у Мэркурыя?
- Веру заўсёды ў тое, што мне дае карысць, i гэта мая фiлязофiя, якая асаблiва Мэркураму павiнна прыпасцi да смаку. На жаль, ведаеце, мае дастойнiкi, якi гэта недаверлiвы бог. Не верыць ён абяцанкам нат найбольш сумленных фiлёзафаў i хацеў бы мо наўперад атрымаць ялаўкi, а тым часам гэта не абыякi выдатак. Не кожны ёсць Сэнэкай, i мне на гэта не хапае. Калi б, аднак, шляхотны Вiнiць быў ласкавы наконт гэнай абяцанай сумы... штоколечы...
- Анi обаля, Хiлон,- адрэзвае Пятронi,- анi обаля. Шчодрасць Вiнiцiя перавысiць тваю спадзеву, але толькi тады, як Лiгiя будзе знойдзена, гэта знача, калi нам пакажаш ейнае сховiшча. Мэркур мусiцiме табе акрэдытаваць дзве ялаўкi, хоць не дзiўлюся, чаму не мае да гэтага ахвоты, i пазнаю ў гэтым ягоны розум.
- Паслухайце мяне, дастойныя спадары. Адкрыццё, якое я даканаў, вялiкае, бо хоць я не знайшоў дагэтуль дзяўчыны, дык знайшоў дарогу, на якой трэ яе шукаць. Нiбыта разасланыя вызвольнiкi й нявольнiкi на ўвесь горад i правiнцыю, а цi ж каторы з iх даў вам якi знак? Не! Я адзiн вам яго даў. Скажу вам больш. Мiж вашымi нявольнiкамi могуць быць хрысцiяне, пра якiх не ведаеце, бо забабон гэты распаўсюдзiўся ўжо шырока, i яны, замест пiльнаваць, будуць вас здраджваць. Дрэнна, што й мяне тут бачаць, i таму ты, шляхотны Пятронiю, загадай Эўнiцы, каб маўчала, дый ты, шляхотны Вiнiцiю, распусцi вестку, быццам прадаю табе масць, якая пашмараваным ёю коням запэўнiвае перамогу ў цырку... Я адзiн шукацiму ўцекачоў, i я адзiн iх знайду, а вы верце мне i ведайце, што б я нi атрымаў ад вас, будзе гэта для мяне заахвотай, бо заўсёды спадзявацiмуся больш ды пераконвацца, што абяцаная заплата мяне не мiне. Ну але! Як фiлязоф, плюю на грошы, хоць не пагарджаюць iмi анi Сэнэка, анi нат Музон цi Корнут, якiя ўсё ж не страцiлi пальцаў, баронячы каго-небудзь, i якiя могуць самi пiсаць ды iмёны свае нашчадкам пераказаць. А шчэ, апрача нявольнiка, якога манiўся купiць, ды апрача Мэркурыя, якому абяцаў ялавiцы (а ведаеце ж, як падаражэла быдла), само шуканне глытае шмат выдаткаў. Паслухайце толькi цярплiва. За гэтых ужо некалькi дзён парабiлiся ў мяне на нагах раны ад бесперастаннае хады. Заходзiў я ў вiнярню, каб гутарыць з людзьмi, да лекараў, разнiкоў, алiвяроў ды рыбакоў. Абабег усе вулiцы й завулкi, быў у сховiшчах уцёкшых нявольнiкаў, прайграў блiзу сто эсаў у мору, быў у прачкарнях, сушнях ды страўнях, бачыўся з мулаводамi й разьбярамi, спатыкаў лекараў пухiра i зубалекараў, гутарыў з гандлярамi сушаных фiгаў, быў на магiльнiках, а ведаеце чаго? Каб усюды маляваць рыбу, глядзець людзям у вочы i слухаць, што на гэты знак адкажуць. Доўга я не мог нiчога скемiць, аж спаткаў старога нявольнiка пры вадалiве, якi чэрпаў ваду i плакаў. Падыйшоўшы да яго, пытаю, чаго ён плача. На гэта ён, як прыселi на ступянёх вадалiву, адказвае, што збiраў усё жыццё сэстэрцыю па сэстэрцыi, каб выкупiць дарагога сына, але спадар ягоны, нейкi Панса, як ззорыў грошы, схапiў iх, а сына затрымаў у няволi. «I гэтак вось плачу,- кажа стары,- бо хоць гавару: будзь воля Божая, не магу я, бедны грэшнiк, паўстрымаць слёз». Тады я, як бы крануты прачуццём, намачыўшы ў вядры палец, нагрымзолiў яму рыбу, а ён кажа: «I мая надзея на Хрыста». Пытаю: «Пазнаў ты мяне па гэтым знаку?» - «Але,- кажа,- Бог з табою». Тады я давай больш яго цягнуць за язык, i небарака выспяваў усё. Ягоны спадар, той Панса, сам ёсць вызвольнiкам вялiкага Пансы i дастаўляе Тыбрам каменне ў Рым, якое наймiты й нявольнiкi выгружаюць з плытоў ды носяць на будоўлi начамi, каб удзень не замiнаць руху на вулiцах. Працуе там мiж многiмi хрысцiянамi й ягоны сын, але дзеля непасiльнай работы хоча яго выкупiць. А Панса затрымаў i грошы, i нявольнiка. Гэта кажучы, зноў пачаў плакаць, а я з ягонымi слязьмi змяшаў i мае, гэта ўдалося мне без цяжкасцi з дабраты майго сэрца ды ламаты ў нагах, зняможаных валаканiнай. Пачаў я наракаць, што, прыйшоўшы нядаўна з Неапалю, нiкога не ведаю з братоў, невядома мне, дзе збiраюцца на малiтвы. Ён здзiвiўся, што мне хрысцiяне не далi пiсулькi да рымскiх братоў, але кажу яму, што ўкралi мне яе ў дарозе. Тады гавора мне, каб прыйшоў уначы на рэчку, ён пазнаёмiць мяне з братвою, якая давядзе мяне ў дом малiтвы ды да хрысцiянскiх старшынаў гмiны. Гэта пачуўшы, я так узрадаваўся, што даў патрэбную на выкуп сына суму, спадзяючыся, што вялiкадушны Вiнiць удвая мне яе верне...
- Хiлон,- перарывае Пятронi,- у тваiм расказе лгарства плавае на паверхнi, бы алiва на вадзе. Прынёс ты важныя весткi, не пярэчу. Скажу нат, што на шляху знаходу Лiгii зроблены вялiкi крок. Але ж ты не шмаруй махлярствам сваiх навiнаў. Як завецца той старац, ад якога ты даведаўся, што хрысцiяне пазнаюцца знакам рыбы?
- Эўрыцы, спадару. Бедны бяздольны старац! Нагадаў мне лекара Глаўка, якога баранiў я ад злыдняў, i таму мяне так расчулiў.
- Веру, што ты спаткаў яго i што патрапiш скарыстаць з гэнага знаёмства, але грошай ты яму ж не даваў. Не даў ты яму анi аса, разумееш! Не даў нiчагутка!
- Але ж дапамог яму насiць вёдры ды аб сыну гаварыў спачувальна. Так, домiне! Што ж можа схавацца ад пранiклiвасцi Пятронiя? Ну не даў я яму грошай, а вярней даў, але толькi ў душы, у розуме, гэтага, калi б ён быў фiлёзафам, павiнна б яму хапiць... А даў дзеля таго, што ўважаў гэткi ўчынак за неабходны i карысны, падумай бо, як бы ён да мяне прыхiлiў усiх хрысцiян, якi б да iх адкрыў прыступ ды якi ўзбудзiў бы ў iх давер.
- Праўда,- кажа Пятронi,- ты павiнен быў гэта зрабiць.
- Вось жа таму й сюды прыходжу, каб мог гэта я зрабiць.
Пятронi звярнуўся да Вiнiцiя:
- Загадай яму адлiчыць пяць тысяч сэстэрцыяў, але толькi ў душы, у розуме... Вiнiць кажа:
- Дам табе хлапчука, якi панясе патрэбную суму, а ты скажаш Эўрыцыю, што хлапчук ёсць тваiм нявольнiкам, i вылiчыш старому перад iм грошы. А за тое, што прынёс ты, аднак, важную вестку, атрымаеш яшчэ столькi для сябе. Прыйдзеш па хлапца i па грошы сяння вечарам.
- Во праўдзiвы цэзар! - сказаў Хiлон.- Дазволiш, спадару, я прысвячу табе мой твор, але дазволь таксама, што сяння вечарам прыйду толькi па грошы, бо Эўрыцый сказаў мне, што камення ўжо ўсе выгружаны, а новыя прыплывуць з Остыi за некалькi дзён. Рах vobis! [31] Так развiтваюцца хрысцiяне... Рыбу ловяць на вуду, а хрысцiян - на рыбу. Рах vobiscum! Рах!.. Рах!.. Рах!..
ХV
Пятронi да Вiнiцiя:
«Праз даверанага нявольнiка пасылаю табе з Анцыюма гэны лiст, на якi - хоць рука твая больш да мяча ды дзiды, чым да пяра, прызвычаiлася - думаю, праз таго ж самага пасланца неадкладна адпiшаш. Пакiнуў я цябе на добрым тропе ды поўнадзейнага, дык спадзяюся, што або ўжо салодкую жаду ў абдымках Лiгii супакоiў, або супакоiш яе перш, чым зiмовы сiвер дзьмухне з верхавiн Сорактэ на Кампанью. О мой Вiнiцiйка! Хай табе будзе валадарыняй залатая багiня Цыпру, а ты будзь валадаром гэнай лiгiйскай заранкi, што ўцякае ад сонца кахання. А не забывай пра тое, што мармур сам у сабе, хоць бы й найдаражэйшы, ёсць нiчым, i што сапраўднай каштоўнасцi набiрае тады, калi яго ў архiтвор ператворыць рука рэзьбяра. Будзь такiм рэзьбяром ты, carissime [32]! Мала кахаць - трэба ўмець кахаць, ды трэ ўмець навучыць кахаць.
Адыж роскаш адчувае i плебс, i нат жывёлы, а сапраўдны чалавек тым ад iх адрознiваецца, што яе быццам замяняе ў шляхотнае мастацтва i, любуючыся ёю, ведае аб ёй, усю боскую вартаснасць упрытамняе ў думцы, а праз тое не толькi цела, але й душу ўпойвае. Не раз, калi падумаеш тут аб пустагонстве, няпэўнасцi ды нудзе нашага жыцця, прыходзiць мне ў голаў, што ты мо й лепш выбраў, ды што не двор цэзара, але вайна i каханне - гэта дзве адзiныя рэчы, для якiх варта радзiцца й жыць.
У вайне быў ты шчаслiвым, будзь жа iм i ў каханнi, а калi цiкавiшся, што дзеецца пры двары цэзара, я табе аб гэтым сягды-тагды пiсацiму. Вось жа, сядзiмо ў Анцыюме ды даглядаем наш нябесны галасок, заўсёды адчуваемо, аднак, брыдасць да Рыму, а на зiму манiмся падацца да Байя, каб публiчна выступiць у Неапалi, жыхары якога, як грэкi, лепш патрапяць ацанiць нас, чым воўчая наць, засяляючая ўзбярэжжа Тыбру. Збягуцца людзi з Байя, Пампеi, з Путэолi, з Кумэ i з Стабiяў. I воплескаў, i вянкоў нам хопiць, i гэна будзе заахвотай да прадбачанай выправы ў Ахайю.
А памяць малое аўгусты? Так? Яшчэ па ёй плачам. Пяём гiмны собскага творства так чароўныя, што сырэны ад зайздрасцi пахавалiся ў найглыбейшыя нетры Амфiтрыты. Дэльфiны толькi вечна слухалi б нас, каб не перашкаджаў iм шум мора. Жальба наша дагэтуль не супакоiлася, дык паказваем яе людзям у розных формах мастацкiх, аглядаючыся адначасна, цi нам з ёю прыгожа ды цi ўмеюць на гэтай прыгожасцi пазнацца людзi.
Тут усе аўгустыяне й аўгустыянкi, не лiчачы пяцiсот аслiц, у якiх малацэ купаецца Папея, ды дзесяцi тысяч слугаў. Часамi нат бывае й весела. Кальвiя Крыспiнiла старэе: кажуць, быццам упрасiла Папею купацца зараз пасля яе. Нiгiдыi Люкан даў па мордзе за тое, што нюхаецца з гладыятарам. Спорус прайграў жонку Сэнэцыю ў косцi. Торкват Сылан даваў мне за Эўнiку чатыры каштанавых каня, якiя ў гэтым годзе бессумнiўна выйграюць бегi. Я не ўзяў, i табе таксама дзякую, што не прыняў яе. Што да Тарквата, дык не здагадваецца небарака, што хутчэй ёсць ценем, чым чалавекам. Смерць яго ўжо здэцыдавана. А цi ведаеш, якая вiна ягоная? Ёсць праўнукам боскага Аўгуста. Няма яму ратунку. Такi ўжо наш свет!
Чакалi мы тутака, як вядома, Тырыдата, тым часам Валохэс напiсаў зняважлiвы лiст. Заваяваў ён Арменiю, дык просiць, каб аддаць яму яе для Тырыдата, бо калi не, дык i так яе не аддасць. Горкiя кпiны! Дык урадзiлi мы вайну. Карбулон атрымае такую ўладу, якую за часаў вайны з марскiмi разбойнiкамi меў Пампей. Была, аднак, хвiлiна, што Нэрон хiстаўся: мабыць, баiцца славы, якую на выпадак перамогi можа здабыць Карбулон. Думалi нат, цi не ахвяраваць галоўнага камандавання нашаму Аўлу. Спрацiвiлася Папея, якой цнота Пампонii коле ў вочы.
Ватынi паабяцаў нам нейкiя незвычайныя змаганнi гладыятараў, якiя манiцца зладзiць у Бэнэвэнце. Бачыш да чаго, насуперак сказу «ne sutor supra crepidem» [33], даходзяць шаўцы ў нашых часах! Вiтэлi нашчадак шаўца, а Ватынi - родны сын! Можа яшчэ сукаў дратву! Гiстрыён Алiтурус чароўна ўчора прадстаўляў Эдыпа. Пытаў я мiж iншым яго як жыда, цi хрысцiяне й жыды - гэта тое самае? Адказаў мне, што жыды мелi спрадвечную рэлiгiю, а хрысцiяне з'яўляюцца новай сэктаю, якая нядаўна паўстала ў Юдэйi. Укрыжавалi тамака за часаў Тыбэрыя аднаго чалавека, якога вернiкi множацца з кожным днём; уважаюць яны яго за Бога. Здаецца, больш нiякiх багоў, а злашча нашых, не хочуць ведаць. Не разумею, што гэта iм шкодзiла б.
Тыгэлiн яўна мне ўжо аказвае непрыязнь. Да гэтых пор не можа мне даць рады, мае аднак нада мною адну вышэйшасць: больш дбае аб жыццё ды адначасна ёсць большым за мяне злыднем, што зблiжае яго да Агенабарба. Яны абодва згаворацца хутчэй цi пазней, а тады прыйдзе мая чарга. Калi гэта будзе - не ведаю, але ўсё роўна будзе, дык што там тэрмiн. Тым часам трэба гуляць. Жыццё само ў сабе было б не дрэннае, каб не Рудабароды. Дзякуючы яму чалавек часам брыдзiцца сам сабою. Дарма ўважаць барацьбу для ягоных ласкаў за нейкiя цыркавыя выперадкi, за нейкую гульню, нейкi бой, у якiм перамога падсычае самалюбства. Я часта так сабе талкую, а, аднак, часам мне здаецца, што я такi сабе Хiлон, нiчым не лепшы за яго. Калi табе будзе ён непатрэбны, прышлi яго мне. Паздароў ад мяне тваю боскую хрысцiянку, а вярней, прасi яе ад майго iмя, каб не была для цябе рыбаю. Напiшы мне аб сваiм здароўi, аб каханнi, умей кахаць, навучы кахаць ды бывай!»
М.Г. Вiнiць да Пятронiя:
«Лiгii няма дагэтуль. Каб не надзея, што яе хутка знайду, ты б адказу не атрымаў, бо калi жыццё горкне, дык i пiсаць не хочацца. Я хацеў спраўдзiць, цi Хiлон не ашуквае мяне, i тае ночы, калi прыйшоў па грошы для Эўрыцыя, ахiнуўся я вайсковым плашчом ды пайшоў назiркам за iм i за хлопцам, якога яму даў. Як прыйшлi на мейсца, я iх здалёк сачыў, прытулiўшыся за партовым слупам, i пераканаўся, што Эўрыцый не быў выдуманай асобай. Далавах пры рацэ колькiдзесят людзей выгружала пры светачах каменне з вялiзнае кумягi i ўкладала iх пры беразе. Бачыў, як Хiлон падыйшоў да iх дый пачаў гутарыць з нейкiм старцам, якi зараз кiнуўся яму да ног. Iншыя абступiлi iх, голасна дзiвячыся. У маiх вачах хлапчук аддаў капшук з грашыма Эўрыцыю, якi, схапiўшы яго, пачаў малiцца, узняўшы дагары рукi, пры iм укленчыў нехта другi, мабыць, ягоны сын. Хiлон яшчэ нешта гутарыў, таго я не дачуў, i багаславiў поспал тых абодвух кленчучых, як i iншых, робячы ў паветры знакi на падобу крыжа, якому яны, вiдаць, аддаюць шанаванне, бо ўсе гнулi каленi. Брала мяне ахвота кiнуцца да iх i абяцаць тры такiя капшукi таму, хто б мне выдаў Лiгiю, але баяўся папсаваць Хiлону работы i, крыху падумаўшы, адыйшоў.
Дзеялася гэта мо якiх дзён дванаццаць пасля твайго выезду. Ад тае пары ён быў у мяне некалькi разоў. Сам расказваў мне, што здабыў мiж хрысцiянамi вялiкае значэнне. Кажа, калi дагэтуль не знайшлi Лiгii, дык дзеля таго, што iх ёсць ужо непералiчная колькасць у самым Рыме, дык не ўсе знаюцца ды не ўсё могуць ведаць, што мiж iмi дзеiцца. Да таго ж яны асцярожныя i наагул маўклiвыя, ён аднак заручае, што абы толькi дайшоў да старшын, якiх завуць прэзбiтэрамi, патрапiць ад iх выцягнуць усе тайнiцы. Некалькiх ужо пазнаў i спрабаваў iх распытваць, але асцярожна, каб праз поспех не выклiкаць падазрэння ды не ўтруднiць справы. I хоць цяжка чакаць, чую, што праўду кажа, i чакаю.
Даведаўся ён таксама, што на малiтвы маюць супольныя мейсцы, пераважна за брамамi гораду, у пустых дамох, а нат у арэнарыях. Там аддаюць шанаванне Хрысту, пяюць i частуюцца. Такiх зборышчаў даволi шмат. Хiлон думае, што Лiгiя ходзiць наўмысна ў iншую малельню, чым Пампонiя, дзеля таго, каб пры нагодзе суду i допытаў смела магла прысягнуць, што не ведае аб ейным сховiшчы. Можа, прэзбiтэры параiлi ёй гэтую асцярожнасць. Як Хiлон пазнае ўжо гэныя мейсцы, хадзiцiму з iм разам i, калi багi дазволяць мне ўбачыць Лiгiю, бажуся табе Ёвiшам, што тады ўжо не выйдзе з маiх рук. Не перастаю думаць аб самых мейсцах малiтвы. Хiлон не хоча, каб я з iм хадзiў. Баiцца, але я не магу дома ўседзець. Пазнаю яе i ўначы. Пазнаў бы ўсюды ейны голас i манеры. Сам пайду пераапрануты i буду сачыць кожнага ўваходзячага i выходзячага. Заўсёды аб ёй думаю, дык пазнаю.
Хiлон павiнен узаўтра прыйсцi, i пойдзем. Вазьму з сабою зброю. Некалькi маiх нявольнiкаў, высланых на правiнцыю, вярнулiся без нiчога. Але я цяпер пэўны, што яна ёсць тутака, у горадзе, можа нат недалёка. Я сам адведаў шмат дамоў пад прэтэкстам найму. У мяне будзе ёй у сто разоў лепш, бо там гняздзiцца цэлы мурашнiк галоты. Адыж я ёй нiчога не пашкадую. Пiшаш, добра выбраў, дык выбраў вось турботы i згрызоты. Пойдзем перш-наперш у тыя дамы, якiя ў горадзе, пасля за брамы. Надзея чагось ад кожнага заўтра спадзяецца, iнакш нельга жыць. Ты кажаш, трэба ўмець кахаць, i я ўмеў гутарыць з Лiгiяй пра каханне, а цяпер толькi тужу, толькi чакаю Хiлона, i дома не магу вытрымаць. Бывай!»
КАМЕНТАРЫ
С. 13: Нэрон (37-68 гг. н. э.) - рымскi цэзар (ад 54 г.) з дынастыi Юлiяў Клаўдыяў. Олеотокiюм - пакой для масажу ды нацiрання алеем. Эфебы - пляцоўкi для гiмнастычных спаборнiцтваў эфебаў (юнакоў 16-20 гадоў). Сявера i Цэлер - архiтэктары, што пабудавалi «Залаты палац» Нэрона. Ватынiй Тытус - шавец, якога Нэрон зрабiў прыдворным блазнам, наблiзiўшы да сябе. Люкан - рымскi паэт I ст. н. э., аўтар паэмы «Фарсалiя». Сэнэцый Клаўдый - наблiжаная да Нэрона асоба, пазней быў удзельнiкам змовы Пiзона. Бальнеатар - нявольнiк, што служыў пры лазнi. Бысс- тонкая, ледзь не празрыстая тканiна з бавоўны, якая надта шанавалася ў часы Рымскай iмперыi. Ляконiкум - аддзел гарачай лазнi з вялiкiм, але неглыбокiм басэйнам. Альбанскiя горы - цяпер гэтая мяйсцовасць, дзе стаяў храм Ёвiша (Юпiтэра), мае назву Монтэ-Кво, i гэта каля 30 км на паўднёвы ўсход ад Рыма. Тэпiдарыюм - халаднейшая лазня. Наменклатар - паслугач, якi вёў наменклатуру ўсёй свiты дома, ягоных гасцей i нават гатуемых на кухнi страваў. Марк Вiнiцiй - консул з часоў цэзара Тыбэрыя, якi ў сапраўднасцi ажанiўся не з сястрою Пятронiя, а з унучатай стрыечнiцай таго цэзара. Дамiцый Карбулон - таленавiты рымскi ваявода, якi ва ўзросце 67 гадоў скончыў жыццё самагубствам па загаду Нэрона.
С. 14: Парты (парфяне) - супернiкi рымлян за ўплыў на Блiзкiм Усходзе i ў Арменii; магутная дзяржава партаў знаходзiлася тады на тэрыторыi сучасных Iрака ды Iрана. Асклепiёс - бог лекавання ў грэцкай мiфалогii, сын Апалона i Каранiды (атоесамлiваецца з рымскiм Эскулапам). Кiпрыда - эпiтэт Афрадыты (Венус, Венера), якi звязаны з мiфам, што яна нарадзiлася з марской пены ля берагоў Кiпра (Цыпру). Бiтынiя (Вiфiнiя) - вобласць на паўночным захадзе Малой Азii, якая стала правiнцыяй Рымскай iмперыi з 74 г. перад н. э. Гераклея (Гераклiён, Iраклiён) - горад i порт у Бiтынii (Грэцыя) на ўзбярэжжы Чорнага мора. Калхiда - вобласць на паўднёва-ўсходнiм узбярэжжы Чорнага мора на тэрыторыi сучаснай Грузii. Валохэс - маецца на ўвазе Валохэс I, лiдэр дзяржавы партаў (каля 57-76 гг. н. э.). Тырыдат - брат Валохэса, узведзены на армянскi трон у 66 г. н. э. Тыгрынэс - Тыгран IV - галава Армянскай дзяржавы ў 60-62 гг. Арулан - Юнi Арулан Рустын, фiлёзаф-стоiк, у 66 г. быў народным трыбунам. Пырон (каля 360-270 г. перад н. э.) - грэцкi фiлёзаф, заснавальнiк школы скептыкаў, якiя адмаўлялi магчымасць асэнсавання сутнасцi рэчаў ды заклiкалi ўстрымлiвацца ад выказвання меркаванняў, уважаючы кожнае з iх аднолькава далёкiм ад iсцiны. Сысэн - гiстарычнасць гэтай асобы не вызначана. Арсiноэ - дачка валадара Месэны Леўкiпа. Каранiда - нiмфа ў грэцкай мiфалогii.
С. 15: Эпiдаўрус - калябярэжны горад ў Аргалiдзе (вобласцi на паўночным усходзе паўвострава Пелапанэс), вядомы сваiм храмам Асклепiёса. Порта Капэна, або Капэнская брама,- паўднёвы выезд з Рыму праз Апiеву дарогу на Капую (галоўны горад правiнцыi Кампанья, што ў 200 км ад Рыма). Iнкубацыя - начаванне ў храме дзеля прарочага сну. Гiпокаўстэрый - памяшканне пад будынкам, дзе награвалася паветра i цераз сiстэму трубаў абагравала дом. Харыткi - у грэцкай мiфалогii тры дачкi Зэўса i Эўрыномы (Аглая, Эфрасiна i Талiя), багiнi юнацтва, зграбнасцi й прыгажосцi; атоесамлiваюцца з рымскiмi Грацыямi. Эпiлятары - нявольнiкi-масажысты, што займалiся лiквiдацыяй валосся на целе. Тунiка - хатняя штодзённая доўгая нацельная кашуля. Лiзып (Лiзыпас) - выдатны грэцкi скульптар 2-й паловы IV ст. перад н. э. Палатын- палац на цэнтральным узгор'i Рыма, якi ад часу Аўгуста зрабiўся цэзарскай рэзiдэнцыяй. Гера- вярхоўная алiмпiйская багiня, якая атоесамлiваецца з рымскай Юно (Юнонай), сястра й сужонка Зэўса (Ёвiша, Юпiтэра). Агрыпа Марк Вiпсанiй (62-12 гг. перад н.э) - буйны ваявода, зяць Аўгуста; слаўны яшчэ будаўнiцтвам у Рыме вадацягаў i першых грамадскiх лазняў (тэрмаў). Фабрыцый Вэент - вядомы даказчык (стукач) таго часу, пра якога паведамляе Тацыт («Анналы», ХIV, 50). Пакiнуў па сабе кнiгу пад назвай «Запавет», дзе зганiў усiх сучаснiкаў, што былi яму не даспадобы; ягоныя паклёпы абурылi нат Нэрона, i той загадаў спалiць кнiгу Вэента, а аўтара адправiў у выгнанне.
С. 16: Сэнэка Люцый Анэй - знакамiты фiлёзаф-стоiк I ст. н. э., выхавальнiк Нэрона. Мусонi Руф - вядомы фiлёзаф-стоiк таго часу, сасланы ў сувязi з раскрыццём змовы Пiзона. Фрыгiдарыюм - ахалоджвальня ў лазнi. Рудабароды (лац. Ahenobarbus) - мянушка роду Дамiцыяў, з якога паходзiў i Нэрон, да таго ж сам цэзар знешне адпавядаў мянушцы дакладна. Скаўр - персанаж нельга назваць гiстарычным, бо вядомы рэтор i паэт-трагiк Эмiлiй Мамерк Скаўр скончыў самагубствам у 34 г., г. зн. перад падзеямi раману. Вiнiць Руфiн - рымскi рыцар, якi у 61 г. быў сасланы ў выгнанне за падробку дакументаў. Трымальхiён - персанаж з «Сатырыкона» Пятронiя, тып багацея-самалюбцы.
С. 17: Антыохiя - буйны горад у паўночнай Сiрыi блiзу ўзбярэжжа Мiжземнага мора. Унктуарыюм - пакой у лазнi для масажу i нацiрання пахнiдламi. Кос - востраў блiзу паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Малое Азii. Вестыплiка - нявольнiца, што сочыць за вопраткай. Тога - вопратка паўналетняга чалавека, якая складалася з кавалка тканiны, адмыслова ўкладзенага. Фамiлiя - тут: не толькi сям'я, але i ўвесь «дом», г. зн. нявольнiкi, вызвольнiкi i г.д.
С. 18: Басс Аўфiдый - вядомы гiсторык i фiлёзаф-эпiкурэец, высока шанаваны Сэнэкам. Аўл Плаўт - вядомы ваявода, заваёўнiк Брытанii, дзе быў намеснiкам у 43-47 гг. С. 18: Субякум - вiлла Нэрона блiзу так званых Сiмбруiнскiх азёраў, каля 60 км на паўднёвы ўсход ад Рыма. ... тужыў той Сон... за Пейсытаю...- паводле некаторых версiй мiфа ў Зэўса было дачок-Харытак болей, чым тры, i Пейсыта - адна з iх, малодшая, якую Гера абяцала Сну (Гiпносу) ва ўзнагароду за тое, што апануе Зэўса сном. Гiсторыя не надта даўгая...- далей Сянкевiч вуснамi Вiнiцiя пераказвае, крыху перайначыўшы, фрагмент з Тацыта («Анналы», ХII, 23-30) аб падзеi, што магла адбывацца ў 50 г. Свевы - зборная назва плямёнаў, што жылi на паўночным усходзе Германii, этнiчны субстрат якiх пазней захаваўся ў генетыцы прусаў i яцвягаў, а праз iх захаваў прыкметы i ў этнагенезе беларусаў; Ванiя зрабiў каралём свеваў сын Тыбэрыя Цэзар Друзус-малодшы (13 г. перад н. э. - 23 г. н. э.). Германдуры - германскае племя, што жыло на тэрыторыi сучасных Баварыi й Цюрынгii.
С. 19: Языгi - племя сарматаў, што жыло мiж Дунаем i Тысай. Гiстэр - асоба гiстарычная, гэта намеснiк Панонii, якi камандаваў паддунайскай легiяй, але ў рэальнасцi яго звалi не Атэлiй, а Сэкст Палпэлiй Гiстэр. Катты - буйное германскае племя, што жыло ў вярхоўях ракi Везэр. Гiсперыйскi яблык - паводле грэцкай мiфалогii, гэта яблыкi вечнай маладосцi, якiя Гера атрымала ў падарунак ад Геi (Зямлi), а назваю сваёю яны паходзяць ад нiмфаў, што iх ахоўвалi, гiсперыд,- якiя жылi на дальсвеце ля берагоў Акiяну. Мопс - легендарны прадказальнiк, сын прадказальнiцы Манто. Гай Плiнiй Сэкунд-старэйшы (23-79 гг.) - рымскi дзяржаўны дзеяч, гiсторык i навуковец-энцыклапедыст, якi загiнуў падчас вывяржэння Везувiя.
С. 20: Саракт - высокая гара ў паўднёвай Этрурыi на поўдзень ад Рыма. Стола - доўгая раскошная сукенка, якая лiчылася прыкметай сталай рымскай матроны. ...па лузе, зарослым асфодэлямi...- iншымi словамi, па краiне мёртвых. Дамiцыус Афэр - здольны тагачасны прамоўца, але заплямiў сваю рэпутацыю даказчыцтвам. Ляры - паводле рымскай мiфалогii гэта багi, што захоўвалi хатнi агмень.
С. 21: Калi «боскi» Аляксандр... чаго дзiвiцца Гэлене - па-грэцку iмя Аляксандр абазначае «муж-абаронца»; такой мянушкай нараклi Парыса, сына траянскага ўладара Прыяма i Гекубы, якi зачараваў сваёй прыгажосцю пекную Гэлену, дачку Зэўса й сужонку ўладара Менелая, i тая збегла з iм у Трою, з-за чаго й пачалася Траянская вайна.
С. 22: Форум - тут: цэнтральная плошча, поўная назва якой Форум Рамана (Рымскi Форум); у гэтым месцы на паўднёва-заходнiм схiле Капiталiнскага ўзгор'я засяроджвалася грамадскае й палiтычнае жыццё Рыма. Атрыюм - памяшканне, у якое трапляеш адразу па ўваходзе ў дом. Кубiкулюм - спальня. Карынэ - багаты арыстакратычны квартал у паўднёваўсходняй частцы гораду памiж Палатынскiм i Эсквiлiнскiм узгор'ямi. Педысеквы - нявольнiкi, якiя подбегам суправаджалi лектыку.
С. 23: Лiцiнiй Сталон Кай - народны трыбун, у 367 г. перад н. э. разам з Люцыем Сэкстам Лятэранам дамогся заканадаўчых рашэнняў на карысць плебса i шэраговага сялянства. Манiплы - баявыя аддзелы рымскага войска па пары соцень чалавек, г. зн. па дзве цэнтурыi; тры манiплы складалi кагорту, а дзесяць кагортаў - легiю. Була - шыйны амулет у выглядзе шара або кола, якi дзецi паўнапраўных грамадзянаў насiлi да паўналецця. Гамадрыяда - лясное боства, нiмфа дрэва, якая з iм жа нараджаецца, жыве i памiрае.
С. 24: Апiць - багацей i гурман часоў Аўгуста й Тыбэрыя, чыё iмя пазначана на кнiзе «Аб кулiнарным штукарстве», паходжанне якой усё ж адносяць да больш позняга перыяду. Архiтраў - нiжэйшая з трох частак перакрыцця (антаблемента); уяўляе сабою гарызантальную бэльку, што абапiраецца на капiтэлi калюмнаў. Трыглiфы - элементы плiткавай аблямоўкi сярэдняй часткi перакрыцця. Тымпан - трохкутнае поле франтона (верхняй часткi фасада) без карнiза вакол яго, дзе размяшчалiся розныя скульптуры ды iншыя рэльефныя ўпрыгожаннi. Кастар i Палукс - у грэцкай мiфалогii так званыя Дыяскуры, браты-блiзнюкi, сыны Зэўса, багi-ахоўнiкi ваяроў i мараходаў. Веста - паводле рымскай мiфалогii багiня-ахоўнiца хатняга агменю й дзяржавы. Ростры - Растральная трыбуна, г. зн. упрыгожаная загнутымi насамi захопленых варожых караблёў. Сiстра - трашчотка накшталт кастаньетаў. Самбука - музычны iнструмент кшталту гарфы.
С. 25: Квiрыт - паўнапраўны рымскi грамадзянiн. Жыхары Сэрыкума - кiтайцы. Аронт- галоўная рака Сiрыi, якая ўпадала ў Мiжземнае мора насупраць Антыохii. Нарбонская Галiя - паўднёва-ўсходняя частка сучаснай Францыi ля ўзбярэжжа Мiжземнага мора. Сэрапiс - сiнкрэтычнае боства элiнiстычнага Ўсходу, якое атоесамлiваецца адразу з егiпскiм Азырысам, грэцкiмi Зэўсам, Плутонам, Апалонам, Пасейдонам; гэтаму боству падпарадкоўвалiся ўсе стыхii прыроды. Iзыда - у егiпскай мiфалогii багiня ўрадлiвасцi, вады й ветру, апякунка мараходаў. Кiбелля - фрыгiйскае боства ўрадлiвасцi, «Мацi багоў»; оргiястычны культ Кiбеллi распаўсюдзiўся ў Рыме з II ст. перад н. э. Субура- ажыўлены раён Рыма ў нiзiнах мiж узгор'ямi Эсквiлiн, Квiрынал i Вiмiнал, на поўнач ад Карынэ, дзе на аднайменнай вулiцы было шмат забягалавак i прытонаў. Пэданiй Сэкунд - рэальная асоба, колiшнi прэфект Рыма (61 г.).
С. 26: Пандатарыя - востраў ля ўзбярэжжа Кампаньi, куды ссылалi асуджаных у часы iмперыi. Рэбелiй Плаўт - нашчадак Аўгуста па жаночай лiнii; прадчуваючы ад яго канкурэнцыю свайму самаўладству, у 59 або 60 г. Нэрон загадаў выслаць яго з Рыма. Мора - папулярная гульня, дзе адзiн раптоўна выкiдвае пальцы, а другi вокамгненна павiнен адгадаць iхнюю колькасць. Святыня Ёвiша Статара - храм, якi размяшчаўся на схiле Палатынскага ўзгор'я, дзе, паводле падання, заснавальнiк гораду Ромул малiўся да Ёвiша, каб спынiў уцёкi рымскiх ваяроў ад ворага (Статар з лацiны i абазначае «Спыняльнiк»).
С. 27: Крыспiнiла Кальвiя - багатая матрона, што ладзiла для Нэрона оргii. Норыкум - рымская правiнцыя на тэрыторыi сучаснай Аўстрыi. Таблiнум - галярэя, крытая тэраса.
С. 28: Арфей - у грэцкай мiфалогii знакамiты спявак i музыка, якi зачароўваў сваiм мастацтвам нат жывёлы й раслiны. Прэнэста - старажытны горад Лацыя, 30 км на ўсход ад Рыма. Прахадны Дом - назва Нэронавага палаца на Палатыне й Эсквiлiне перад пажарам; сваiмi памерамi палац гэты быў падобны хутчэй на невялiкi горад. С. 29: Перыстыль - унутраны двор, абнесены калюмнадаю. Аннiй Палiён - сябра Клаўдыя Сэнэцыё.
С. 30: Наўзiкая - у грэцкай мiфалогii дачка караля феакаў Алкiноя, якая дапамагла Адысею, калi таго бурай выкiнула на востраў феакаў.
С. 31: ...танагрскiх кшталтаў...- г. Танагра ва ўсходняй частцы Грэцыi славiўся вырабам тэракотавых статуэтак, якiя вызначалiся надзвычайнай пластыкай. Псыхэ - у антычнай мiфалогii увасабляла захопленую каханнем чалавечую душу; адлюстроўвалася ў выглядзе матылька або дзяўчынкi з крылцамi. У мастацтве гэты вобраз знайшоў развiццё ў саюзе Псыхэ з богам кахання Эрасам (Амурам). Анакрэонт - грэцкi паэт 2-й паловы VI ст. перад н. э., якi апяваў каханне й застольную весялосць. Гарацый Флак Квiнт (65-08 гг. перад н. э.) - выдатны рымскi паэт.
С. 32: Берэнiка - сястра жыдоўскага караля Iрада Агрыпы II, якую пакахаў сын цэзара Веспасыяна Тытус. Янiкульскае ўзгор'е - прасцей называлася Янiкул, знаходзiлася на правым беразе Тыбру за мяжой гораду. Лiбiтына - рымская багiня мёртвых, смерцi й паховiнаў.
С. 34: Сакрат - старажытны грэцкi фiлёзаф (каля 470-399 гг. перад н. э.), настаўнiк Платона. Адкрыў уласны метад фiлязафавання праз дыялогi або гутаркi некалькiх сумоўцаў, у працэсе якiх i выяўлялася сутнасць; тут пад дыялектыкай маецца на ўвазе майстэрства весцi аргументаваную гутарку. Корнут Луцый Аннэй - фiлёзаф-стоiк, вызвольнiк Сэнэкi, настаўнiк паэтаў Люкана i Пэрсыя, выгнаны Нэронам у 68 г. Ксэнафонэс (каля 570-478 гг. перад н. э.) з горада Калафона, што на заходнiм узбярэжжы Малое Азii. Пармэнiд (каля 540-480 гг. перад н. э.) i Зэнон (каля 490430 гг. перад н. э.) з г. Элеi ў Паўднёвай Iталii, абодва - прадстаўнiкi так званай Элейскай школы старажытнагрэцкай фiлязофii, якiя меркавалi, што сутнасць нельга адчуць, а толькi асэнсаваць; яны сыходзiлi з атоесамлiвання iставетнага з разумовым. Кiмэрыйскiя краiны - паводле старажытных уяўленняў гэта вобласць на дальсвеце, дзе ў поўным змроку жыве казачны народ кiмэрыйцаў. «Заранка з ружовымi пальчыкамi» - эпiтэт багiнi свiтанку Эос (у рымлян - Аўроры). Гельвецыя - вобласць на тэрыторыi сучаснай Швейцарыi. Сэлена - у грэцкай мiфалогii увасабленне месяца. Дыяна - рымская багiня раслiннасцi; апякунка палявання, народзiнаў, увасабленне месяца, атоесамлiваецца з грэцкай Артэмiдай. Актэон - мiфалагiчны паляўнiчы, якi выпадкова ўбачыў купанне Артэмiды i быў ператвораны ёю ў аленя ды разарваны ўласнымi саба камi. Iё - паводле грэцкай мiфалогii гэта дачка аргоскага караля Iнаха, якую пакахаў Зэўс i з'явiўся да яе воблакам, хмарай. Даная - дачка аргоскага караля Акрысiя, якую таксама пакахаў Зэўс, але бацька, ведаючы ад аракула, што яму наканавана смерць ад рукi ўнука, схаваў дачку ў падзямеллi, куды i спусцiўся Зэўс дажджом.
С. 35: Нэрон не звянчаўся з Актэ, хоць яе называлi дачкою цэзара Атала.Актэ была наложнiцаю Нэрона. Наважыўшыся ажанiцца з ёю, цэзар прымусiў шэраг сенатараў даць iлжывую клятву, нiбыта яна паходзiць з пэргамскага цэзарскага роду Аталiдаў. У Сянкевiча тут недакладнасць, калi iмя Атал разглядаць як дакладнае, а не абагульненае: апошнi цэзар дзяржавы Пэргам, што знаходзiлася на паўночным захадзе Малое Азii, якi дакладна насiў iмя Атал, уладарыў тут у 139-133 гг. перад н. э., пасля чаго сама дзяржава стала правiнцыяй Рымскай iмперыi. Дэметра - грэцкая багiня ўрадлiвасцi й земляробства, атоесамлiваецца з рымскай Цэрэрай.
С. 37: Лярарыюм - мейсца ў хаце з выявамi багоў-ляраў. Вiргiнiй прабiў грудзi свае дачкi, каб вызвалiць яе з рук Апiя...- Як паведамляе Тытус Лiвiй (III, 44-60), Вiргiнiй, прадстаўнiк старажытнага плебскага роду, быў змушаны забiць сваю дачку, якую пажадаў зрабiць наложнiцаю рымскi дзяржаўны дзеяч i заканадаўца сярэдзiны V ст. перад н. э. Апiй Клаўдый. Лукрэцыя прыплацiла ганьбу жыццём.- Паводле падання, сын апошняга рымскага цэзара Тарквiнiя Ганарлiвага зганьбiў жонку свайго сваяка Лукрэцыю, якая скончыла самагубствам, i ейная смерць спрычынiла паўстанне, якое ўдарыла нават па вышэйшай уладзе ў Рыме (510/509 гг. перад н. э.).
С. 38: Пеплюм - шырокая сукенка з тонкай тканiны.
С. 40: Пiнакатэка - карцiнная галярэя.
С. 41: Зэнон (каля 336-264 гг. - перад н. э.) з Цытыюма (горада на Цыпры) - заснавальнiк фiлязофскай школы стоiкаў.
С. 42: ...застаўшы Пятронiя пiшучага, вырваў яму трасцiнку з рукi...- У той час пiсалi кiёчкам па навошчанай дошцы, якi яшчэ меў назву стыль i быў з аднаго боку завостраны (для пiсання), а з другога закруглены (для выцiрання).
С. 43: Люпанарый - публiчны дом.
С. 44: Лакуста - знакамiтая атручвальнiца, якая сама гатавала смяротныя сумесi; з ейнай дапамогай Нэрон пазбавiўся Клаўдыя i Брытанiка. Пратагор з паўночнагрэцкага гораду Абдэр, Продык з Цэоса (вострава ля ўсходняга ўзбярэжжа Сярэдняй Грэцыi) i Горгiй з паўднёваiтальянскага гораду Лявантына (усе - V ст. перад н. э.) - заснавальнiкi сафiстыкi; прадстаўнiкi гэтага накiрунку ў сваiх разважаннях часта сягалi да лагiчных парадоксаў, «сафiзмаў».
С. 45: Арыстыд (каля 540-468 гг. перад н. э.) - афiнскi дзяржаўны дзеяч, якi ўвайшоў у гiсторыю як узор сумленнасцi й непадкупнасцi. Мiна - грэцкая грашовая адзiнка немалой вартасцi. Эргастулюм - вязнiца на мейсцы катаржных работ.
С. 47: Эпiктэт (каля 50-130 гг.) - папулярны фiлёзаф-стоiк, якi спачатку быў нявольнiкам, потым вызвольнiкам; згадванне яго тут не падпарадкоўваецца храналогii. Элiй Сэян - фаварыт цэзара Тыбэрыя, якога пакаралi смерцю ў 31 г., выявiўшы ягоны ўдзел у змове; пра лёс Сэяна i ягоных дзяцей распавядае Тацыт («Анналы», V, 9).
С. 49: Праксытэлес - выдатны грэцкi скульптар сярэдзiны IV ст. перад н. э., майстар перадачы пластыкi рухаў.
С. 50: Крыптапортык - крытая галярэя. Данаiды - у грэцкай мiфалогii 50 дачок Даная, сына егiпскага караля Бэла; ратуючыся ад пераследу сваiх стрыечных братоў, яны разам з бацькам збеглi ў Аргос, горад на ўсходнiм узбярэжжы паўвострава Пелапанэс, але iх злавiлi й змусiлi да шлюбу; закалоўшы нялюбых мужоў у першую ж ноч, яны напаткалi наступную кару: вечна напаўняць бяздонную ёмiстасць у падземным свеце.
С. 51: Друз Юлiй Цэзар (8-33 гг.) - прыёмны ўнук Тыбэрыя, якога цэзар, засцерагаючыся супернiцтва, замарыў голадам у падзямеллi Палатынскага палацу. Друз Нэрон Цэзар (6-30 гг.) - старэйшы брат папярэдняга, у 29 г. быў сасланы на востраў Понтыя, што ля ўзбярэжжа Лацыя, i знiшчаны голадам або атрутай. Гэмэль Тыбэрый (19-37 гг.) - унук цэзара Тыбэрыя, забiты на загад Калiгулы. Германiк Юлiй Цэзар (15 г. перад н. э. - 19 г. н. э.) - прыёмны сын Тыбэрыя, якi меўся быць ягоным пераемнiкам, здольны ваявода; атручаны са згоды Тыбэрыя.
С. 55: ...гатоў пайсцi ў заклад з Тулiем Сэнэцыем...- Сянкевiч зблытаў iмя Клаўдыя Сэнэцыё. Вест, або Атык Марк Вестын - консул 65 г., наблiжаны да Нэрона; скончыў жыццё самагубствам пасля раскрыцця змовы Пiзона. Вясталкi - жрыцы багiнi Весты (iх шэсць), якiя далi клятву бясшлюбнасцi.
С. 57: Анцыюм - прыбярэжны горад у 50 км на поўдзень ад Рыма. Лукрэцый Кар (каля 96-55 гг. перад н. э.) - выдатны рымскi паэт i фiлёзаф-эпiкурэец, да Венеры звернута ягоная фiлязофская паэма «Аб сутнасцi рэчаў». Масынiса (каля 238-149 гг. перад н. э.) - валадар Нумiдыi, вобласцi на паўночным узбярэжжы Афрыкi, спачатку вораг Рыма, а потым хаўруснiк у барацьбе з горадам i дзяржавай Карфагенам, што была на тэрыторыi сучаснага Тунiса.
С. 58: Наблiюм - музычны iнструмент з шэрагу гарфаў. Фламiн - жрэц. Парнас - горны масiў у Фокiдзе (Сярэдняя Грэцыя); у грэцкай мiфалогii мейсца, дзе жылi Апалон i музы. Ля падножжа Парнаса бруiлася Кастальская крынiца - выток натхнення.
С. 60: ...калi сфэра Ксэнафонэса круглая...- Сцвярджэнне Ксэнафонэса аб тым, што адзiная i тоесная будова свету грунтуецца на шары (грэч. «сфэрос»), трэба разумець не ў лiтаральным, а ў фiлязофскiм сэнсе. Мэмiй Рэгул Кай - консул 63 г.
С. 61: Videant consules...- пачатак пастановы, якая апавяшчала ўвядзенне надзвычайнага становiшча й наданне консулам экстраардынарных паўна моцтваў. Ахiлес праўду казаў - гл. «Адысея», XI, 488-491. Баi - знакамiтае курортнае мястэчка ў Кампаньi на захад ад Неапаля, аблюбаванае для адпачынку тагачасным рымскiм бамондам. Баўлi - мястэчка няўздалеч Баяў.
С. 62: Лемуралiй - дзень памiнання духаў памерлых, якiя звалiся лемурамi; адзначаўся 9 траўня.
С. 73: Гадэс - тое самае, што Аiд (грэч. Наdes), бог смерцi або цалкам краiна мёртвых; клятва «На Гадэса!» лiчылася непарушнай. Апалонiй з Тыяны - фiлёзаф-пiфагорац I ст. н. э., якi праславiўся магiяй i прадказаннямi; на падставе легендаў вакол ягонай бiяграфii грэцкi пiсьменнiк III ст. н. э. Флавiй Фiластрат напiсаў вялiкi раман «Жыццё Апалонiя з Тыяны»; Тыяна - горад у Малой Азii.
С. 74: Лямпадарый - нявольнiк, што нясе паходню або iншае асвятленне. Трыбун- дзяржаўная асоба, якой належыць абараняць iнтарэсы плебеяў у сенаце, дзе яна мае права вето; крыху iншы сэнс у паняццi «вайсковы трыбун», дзе маецца на ўвазе адзiн з шасцi вышэйшых ваяводаў легii, кiм i быў Вiнiць.
С. 78: Эрэб - персанiзаванае ўвасабленне змроку ў грэцкай мiфалогii, сын Хаоса i брат Ночы. Геката - боства паходжання з Малое Азii. У грэкаў сiмвалiзавала змрок, начныя крозы i чарадзействы ды выяўлялася ў выглядзе постацi са змеямi ў валасах i факелам у руках, у рымлян атоесамлiвалася з Трызiяй - багiняй трох шляхоў, выяву якое ў выглядзе трох фiгураў часам усталёўвалi на скрыжаваннях.
С. 81: Iзыс - у грэцкай мiфалогii ўвасабляла вясёлку, вяшчальнiцу багоў.
С. 84: Валатэр i Цэрэ - старажытныя гарады ў Этрурыi, адпаведна ў 200 i 40 км на паўночны захад ад Рыма.
С. 86: Фантэй Капiтон - консул 59 г., намеснiк Нiжняй Германii, дзе загiнуў у 68 г. Клазамены - горад на заходнiм узбярэжжы Малое Азii. Скопас - вядомы грэцкi скульптар i архiтэктар 1-й паловы IV ст. перад н. э. з вострава Парос.
С. 89: Прэтор - вышэйшая дзяржаўная асоба ў галiне суда i юрысдыкцыi; спярша прэтораў было двое (па справах грамадзянаў i iншаземцаў), але пры Нэроне iх колькасць павялiчылася да васемнаццацi.
С. 90: Тэрзыт - у Гомэра («Iлiяда», II, 212-270) невядомы ваяр у лагеры ахейцаў, вораг Ахiла i Адысея, якi фiгуруе тут у якасцi сварлiвага дэмагога. Улiс - лацiнская форма iмя Адысей. Элiзэйскiя прасторы - вобласць у Гадэсе (Аiдзе), дзе нiбыта размяшчалiся душы герояў i сумленных людзей.
С. 91: Цынiк - паслядоўнiк папулярнай грэцкай фiлязофскай школы цынiкаў (кiнiкаў), што ўзнiкла ў IV ст. перад н. э. i дэманстратыўна адмаўляла агульнапрынятыя сацыяльныя i маральныя нормы, прапаведваючы максiмальную спрошчанасць ва ўсiм. Стоiк - паслядоўнiк стоiцызму, аднаго з самых уплывовых фiлязофскiх накiрункаў антычнасцi, дзе вылучаецца тып мудраца трывалага, стойкага, незалежнага ад знешнiх абставiнаў. Парыпатэтык - паслядоўнiк школы Арыстотэля, назва якой пахо дзiць ад грэцкага слова «парыпатос», г. зн. «крытая галярэя», дзе адбывалiся найчасцей заняткi такой школы. Гераклiт - адзiн з найпапулярнейшых ва ўсе часiны грэцкiх фiлёзафаў VI-V ст. перад н. э. родам з г. Эфеса на заходнiм узбярэжжы Малой Азii; ягоная канцэпцыя, якую можна рэканструяваць паводле захаваных фрагментаў, грунтуецца на iдэi бесперапыннага абнаўлення («двойчы ў адну раку не ўвойдзеш», «усё плыве - усё змяняецца»); канцэпцыя ўбiрае таксама iдэю вечнай барацьбы процiлегласцяў ды iснавання схаванай «гармонii» ў космасе. Дыягенэс з Апалонii (гораду ў Малой Азii або на Крыце) - грэцкi натурфiлёзаф 2-й паловы V ст. перад н. э., блiзкi да традыцый Гераклiта.
С. 92: Тэлезыя - горад у вобласцi Самнiй каля 180 км на паўднёвы ўсход ад Рыма. Понт Эўксын - грэцкая назва Чорнага мора. Мезэмбрыя - горад у Фракii на паўднёва-заходнiм узбярэжжы Чорнага мора. Путэолi - прыморскi курортны горад у Кампаньi, дзе месцiлiся вiллы Калiгулы, Нэрона ды iнш. Ланiсты - утрымальнiкi гладыятарскiх школ. Арэнарыi - пясчаныя кар'еры, дзе збiралiся хрысцiяне, хаваючыся ад пераследу.
С. 96: Нiоба- у грэцкай мiфалогii дачка караля Тантала, сужонка фiванскага караля Амфiёна; маючы шмат дзяцей, Нiоба заганарылася перад мацi Апалона i Артэмiды багiняй Лета (Латонай); у знак помсты Апалон i Артэмiда знiшчылi ўсiх дзяцей Нiобы, i тая ад гора скамянела. Гелiёс - бог сонца ў грэкаў.
С. 97: ...прыбыццё Тырыдата, караля Арменii...- Паводле мiрнай дамовы Тырыдат павiнен быў атрымаць атрыбуты ўлады з рук Нэрона. Эпрый Марцэль Тытус Клаўдый - вядомы даказчык з наблiжаных да Нэрона асобаў; скончыў самагубствам у 79 г., калi яго абвiнавацiлi ў змове супраць Веспасыяна.
С. 98: Атлант - у грэцкай мiфалогii тытан, волат, брат Праметэя; пасля паразы тытанаў у барацьбе з алiмпiйскiмi багамi Атлант змушаны быў падтрымлiваць небасхiл на крайнiм захадзе, ля саду Гесперыд. ...ад стаўпоў Геркулеса аж па гранiцы Аршацыдаў...- г. зн. ад Гiбралтара да дзяржавы партаў; паводле падання, Гераклавы слупы - гэта дзве каменныя стэлы, якiя Геракл усталяваў на беразе пралiва Гiбралтар, што аддзяляе Еўропу ад Афрыкi; Аршацыды - партаўская дынастыя.
С. 99: Вось дзеля чаго рыба сталася меткай хрысцiян...- Слова «рыба» (грэц. iсhthуs)складалася з пачаткoвых лiтар грэцкiх словаў I[ёsoуs], Ch[ristos], Тh[еоу], Ну[iоs], S[оtёr], што абазначае Езус Хрыстус Бог Святы Дух i Сын. Выява рыбы была найбольш ужываным крыптаграфiчным знакам раннiх хрысцiянаў.
С. 100: Празэрпiна - рымская багiня краiны мёртвых, дачка Цэрэры, атоесамлiваецца з грэцкай Пэрсэфонай, дачкой Дэметры. Мэркуры - рымскi бог гандлю, ахоўнiк падарожнiкаў, тоесны грэцкаму Гэрмесу.
С. 101: ...вызвольнiк вялiкага Пансы...- Тут недакладнасць: гаворка йдзе яўна пра Кая Вiбiя Пансу, сябрука Цэзара, консула 43 г. перад н. э., якi i загiнуў у тым жа годзе, г. зн. больш як за 100 гадоў перад апiсанымi падзеямi.
С. 103: ...чым воўчая наць, засяляючая ўзбярэжжа Тыбру - г. зн. рымляне; паводле падання, заснавальнiкi Рыма - Ромул i Рэм - былi выкармлены ваўчыцаю; на знак гэтага ў пачатку V ст. перад н. э. на Капiтолi была ўсталявана бронзавая выява ваўчыцы, якая захавалася да нашага часу. Пампея, Стаб'i - гарады ў Кампаньi ля Везувiя, якiя загiнулi падчас ягонага вывяржэння ў 79 г. Ахайя - гiстарычная вобласць на поўначы вострава Пелапанэс; гэтак называлася i ўся Грэцыя, калi была правiнцыяй Рымскай iмперыi. Амфiтрыта - багiня мора й сужонка Пасейдона ў грэцкай мiфалогii. Торкват Сылан... ёсць праўнукам боскага Аўгуста.- Як паведамляе Тацыт («Анналы», ХV, 35), Дэцым Юнiй Торкват Сылан, консул 53 г., даводзiўся Аўгусту прапраўнукам; скончыў самагубствам у 64 г., калi яго абвiнавацiлi ў змове.
С. 104: Пампей (106-48 гг. перад н. э.) - выдатны дзяржаўны дзеяч, знакамiты ваявода. У 67 г. перад н. э. атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы для барацьбы з пiратамi, мiж якiмi права карыстання дзяржаўнай казной, прыбыткамi правiнцый ды прызначэння намеснiкаў. Гiстрыён Алiтурус - актор, камедыянт. Эдып- у грэцкай мiфалогii сын фiванскага караля Лая. Гiсторыя Эдыпа, якому Дэльфiйскi аракул прадказаў забойства свайго бацькi i жанiмства з мацi, якую звалi Iёкастэ, была папулярным сюжэтам грэцкай трагедыi.
[1] Арбiтр вытанчанасцi (лац.).
[2] Тут: маёнтак, асабняк, гняздо (лац.).
[3] Стол (лац.)
[4] Тут: паслугач (лац.).
[5] Вестыплiкi, служанкi (лац.).
[6] Венера-Нараджальнiца (лац.).
[7] Выхаванка (лац.).
[8] Аднамужняя (лац.)
[9] Бязглуздая, беccаромная жывёлiна (лац.).
[10] Тысяча крокаў (лац.).
[11] Покрыва (лац.).
[12] Вулiца Патрыцыяў. Vicus таксама ўжываецца ў знач.: квартал, вёска (заўвага рэд.). (лац.).
[13] Вулiца Злодзеяў (лац.).
[14] «Ёвiшу (Юпiтэру) Найпершаму Найвялiкшаму» (лац.).
[15] Брамнiк (лац.).
[16] Салют! Здароў! (лац.).
[17] Прахадны Дом (лац.).
[18] Басэйн (лац.).
[19] «Вой-вой, мне няшчаснаму!» (лац.).
[20] «Ёвiш (Юпiтэр) Вызвалiцель» (лац.).
[21] У вынiку (лац.).
[22] Атрымаў (балазе) (лац.)
[23] Радасць мая! (лац.).
[24] Хай консулы пiльнуюць!.. (лац.).
[25] Мiр рымлянам!.. (лац.).
[26] Ляльцы (лац.).
[27] «Гора мне, няшчаснаму!» (лац.).
[28] «З надчалавечай радасцяй» (лац.).
[29] Рэй! (як вайсковы адказ да гатоўнасцi). (лац.).
[30] Ichtis! (грэч.).
[31] Мiр з вамi! (лац.).
[32] Найдаражэйшы! (лац.).
[33] Не судзiць шаўцу вышэй бота (лац.).