Папярэдняя старонка: Мой Грунвальд

Усяславічы 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 07-05-2001,
Крыніца: Ліда 1999 г.




 
   У 1129 годзе сын Уладзіміра Манамаха Мсціслаў захапіў у палон і прадаў у Візантыю сыноў і ўнукаў Усяслава Полацкага: 
   Расціслава, Давыда, Святаслава, Глеба Рагвалодавіча, і Давыда Рагвалодавіча. 
   Аднак там яны сталі выдатнымі палкаводцамі, начале візантыйскіх легіёнаў паспяхова ваявалі ў Анатоліі.
   У 1140 годзе Святаслаў і Рагвалодавічы вярнуліся ў Полацк, стварылі войска накшталт візантыйскага. 
   Ад гэтага моманту Полацкая зямля канчаткова выйшла са складу Кіеўскай Русі.
   
 
 
    З гістарычнай спадчыны.
  
  
  Зорны час легіёнаў. Жалезны іх крок
  Аддаецца, як жах, па абшарах,
  Чорнай сажаю пыл анатольскіх дарог
  Асядае на грэчаскіх тварах.
  
  Зноў яны паднялі на чырвоных шчытах
  Гонар, славу і лёс Візантыі,
  Зноў заззялі на вострых кароткіх мячах
  Для імперыі дні залатыя.
  
  А вядуць легіёны па дзікіх гарах
  Пяць страцігаў з далёкай краіны,
  Што хаваецца недзе ў лясах і снягах,
  Дзе канчаецца клін жураўліны.
  
  Пяць страцігаў з зямлі, дзе з крыніцы журбы
  Льецца кроў векавой непакоры,
  Пяць, што ўчора - князі, а вось сёння - рабы,
  Адначасна і ў славе, і ў горы.
  
  Кіеўляне ўзялі іх у жорсткім баі
  І саслалі на смерць і на муку,
  Ды "маліліся людзі ў радзімым краі",
  І Ўсявышні малітвы паслухаў.
  
  Рабства цяжкім ярмом не знявечыла іх,
  Не распяла душу іх і волю,
  Мужна волю мячамі дасталі ў баі,
  Грозна дзідамі здолелі долю.
  
  *
  Будзе пройдзен паход не адзін і не раз,
  Іх карзном не раз слава пакрые,
  Будзе мноства баёў і настане той час,
  Як ім Полацк вароты адкрые.
  
  У святую Сафію зайходзяць яны,
  І мячы на алтар палажылі,
  І пазвалі народ да святое вайны,
  І Пагоню ў краі аб'явілі.
  
  І за імя Рагнеды паўстала Зямля,
  І за славу Ўсяслава паўстала,
  І з душы с камянелай кайданы зняла,
  І схаванаю сілай зайграла.
  
  *
  Зноў ідуць легіёны. Жалезны іх крок
  Аддаецца, як гімн, па абшарах,
  Белай пудраю пыл палачанскіх дарог
  Асядае на крывіцкіх тварах.
  
  Зноў ідуць легіёны і вораг бяжыць,
  І паўсюль новы дзень наступае,
  Ззаду іх старажытны іх Полацк ляжыць,
  Ну а спераду іх Беларусь сустракае.
  
  ліпень-верасень 1988 г.
  
   
   
      Вести же разшедшися по всем градом о мудрости ея и о блазем учении ея, ио телесной твари ея, бяше бо лепа лицом...
  ... И ту въшедши нача подвиж-нейши подвиг постническы вос-принимати. И нача книгы писати своими руками. 
      И наем емлеюще требующим даяше...
     (Жыццё Ефрасінні Полацкай)
   
  
  Свечкі агарак на грубым стале,
  Келля спрадвеку сырая,
  Зданні хаваюцца ў шэрай імгле,
  Кніжку чарніца чытае.
  
  Словаў заморскіх разбылтвае вязь,
  Думкаю іх аздабляе,
  Мудрасць і веліч, і нізасць, і гразь
  Светлай душой спасцігае.
  
  Новую кнігу на мове сваёй
  Піша і піша чарніца.
  Кожнае слова ўжо з новай душой
  Мусіць вось тут нарадзіцца.
  
  Піша чарніца і думка яе
  Цэлы Сусвет абдымае.
  Межаў, запораў даўно не стае
  Цемра тых дум не стрымае.
  
  *
  Ружай чароўнай княжна Прадыслава
  Ў Полацку слаўным квітнела,
  Вартым унучкі самога Ўсяслава
  Розумам светлым звінела.
  
  Сватаўся князь не адзін да яе,
  П'яны вачэй яе сінню,
  Ніва ж другая на роллі свае
  Клікала ўжо Ефрасінню.
  
  Ніва другая, дзе словам аруць,
  Сеюць дабром дзе і верай,
  Веды, як кветкі, дзе вечна цвітуць
  Думкай узрошчаны смелай.
  
  *
  Піша чарніца, а людзі ідуць
  Словам святым прычасціцца,
  Дух узмацніць і душу адамкнуць,
  Праўдаў адвечных напіцца.
  
  Піша, гаворыць і вучыць людзей,.
  Леты мінаюць і зімы,
  Камень за каменем мужна кладзе
  Ў сцену будынка Радзімы.
  
  Камень за каменем моцна кладзе,
  Каб недавяркі і таці
  Мову, культуру не ўкралі ў дзяцей,
  Не прадалі разам з маці.
    89 г.
	
	
	
	
  Адзін Ізяслаў толькі
  сын Васільковы
  Сам пазваліў мячамі сваімі
  Аб шлемаў літоўскіх
  стальныя аковы
  Ускалыхнуўшы днямі былымі.
  
  (Слова пра паход Ігаравы)
  
  
  Б'юць званы святой Сафіі,
  Грозна, гулка, страшна б'юць,
  Гукі вытамі цяжкімі
  На кавалкі сэрца рвуць.
  
  Б'юць званы святой Сафіі,
  А ў набаце тым чуваць,
  Як дружын мячы стальныя
  Аб шаломы дзесь звіняць.
  
  Гэта храбры сын Васількаў
  За рубеж пераляцеў,
  Ён з літвою ратнай сілай
  Сам памерацца схацеў.
  
  Ён хацеў высокай славы,
  Ён літву хацеў спыніць,
  Славу прадзела Ўсяслава
  Ратным подзвігам зацміць.
  
  Ён прыйшоў адзін у поле,
  Ён братоў не стаў чакаць,
  Сам сабе адмераў долю,
  Сам застаўся там ляжаць.
  Пад мячом цяжкім, узлётным
  Долу ўпаў князь Ізяслаў,
  Аб тым вычыне журботным
  Звон Софійскі застагнаў,
  
  Застагнаў, загуў сярдзіта,
  Кожны выт праклёны шле
  Тым, хто славаю пакрыты,
  Тым, хто сілаю наліты,
  А сягоння не ў сядле,
  
  Хто сягоння корд сталёвы,
  За Радзіму не падняў,
  Хто на тлусты кус і мову,
  І Айчыну прамяняў.
  
  *
  Б'юць званы святой Сафіі,
  Год за годам б'юць і б'юць,
  І пад звон той маладыя
  Усяславічы растуць
  
  22.11.88 г.
  
  
  
  МАКСІМУ КРЫВАНОСУ...
   
  Бліжэйшы паплечнік Багдана Хмяльніцкага,палкоўнік яго войска - самая гераічная і загадкавая асоба, 
  Максім Крыванос быў з лесаўчыкоў (лісоўчыкаў), удзельнічаў у паходах на Маскву, у трыццацігадовай вайне
  пад началам прынца Кондэ. Рэмбрандт намаляваў з яго славуты партрэт "Чалавек са шрамам".
  
  Вяльможны палкоўнік казацкае славы,
  Самога Багдама жывы пабрацім,
  Згубілі гісторыкі шлях твой яскравы,
  Твой корань згубілі між курных хацін.
  Вяльможны палкоўнік, на памяць не жалься,
  Ў табе не сканае павек лесаўчык,
  За многіх ты біўся, за многіх змагаўся,
  Хавацца ад кулі даўно ты адвык.
  
  Славуты палкоўнік казацкае волі,
  З-пад пэндзля Рэмбрандта глядзіш, як жывы,
  Не ўведаць нашчадкам ніколі, ніколі
  Няўтольнага болю твае галавы.
  
  Не ўведаць нашчадкам імкненняў высокіх
  І думак палёту да родных сяліб,
  Што вынянчыў ты паміж стэпаў шырокіх,
  Што ў бітвы няўхільна, рашуча вялі.
  
  А думаў ты проста пра пушчы і рэкі,
  Мацней што за сэрца, чым песні бяруць,
  Пра бацькі хаціну, што страціў навекі,
  А думаў Максім пра сваю Беларусь.
  
  
  
  .....І ЛЕСАЎЧЫКАМ
   
  Лесаўчыкі (лісоўчыкі) - Беларуская лясная вайсковая вольніца, сабраная панам Лісоўскім і кінутая ў пекла войнаў з Масковіяй.
  Пасля вайны лесаўчыкі ў якасці наёмнікаў удзельнічалі ў трыццацігадавай вайне пад началам прынца Кондэ. 
  Мала хто вярнуўся, а хто вярнуўся, прыстаў да войска Багдана Хмяльніцкага.
  
  
  Лесаўчык - гэта слова пранізана жахам,
  Лесаўчык - гэта воля, і спрыт, і вайна,
  Лесаўчык - гэта слава, і пуга, і плаха,
  Лесаўчык - гэта праўда і гэта мана.
  
  Пан Лісоўскі, калісці сабраўшы атрады,
  Сам не зведаў дашчэнту, што ён спарадзіў,
  Мелі спрыт, мелі ўдачу, не мелі спагады,
  Непакора і смеласць спляліся на ўздзіў.
  Іх адпелі даўно на зямлі сінявокай,
  А яны ў шыхце цесным ізноў у баі,
  А яны пад Масквой на чужбіне далёкай,
  А яны, як ніколі, жадаюць крыві.
  
  Біцца ўмеюць яны, толькі польская здрада
  Б'е мацней, чым маскоўскі затуплены меч,
  І ўжо зараз для іх невымольна спагада,
  І вось-вось галава адцураецца плеч.
  
  Ды, хто волі аднойчы напіўся з крыніцы,
  Не надзене ніколі пакоры ярмо,
  І па Францыі грознае войска імчыцца,
  І на Францыю жахі наводзіць яно.
  
  *
  Беларускі наёмнік, жаўнер, валацуга,
  Што забыўся ты ў гэтых далёкіх краях,
  Дзе, калі ты і кім адарваны ад плуга,
  І як стала чужой табе маці твая?
  
  Беларускі наёмнік, табе толькі ўперад,
  Б'е аб грудзі твае ўсіх краінаў свінец,
  А ты ўбіўся ў крывавы, бязлітасны нерат,
  І цябе знойдзе тут твой заўчасны канец.
  
  Вы паляеглі ў далёкіх, бясконцых краінах,
  Рэдка хто ўбачыў пушчы, азёры свае,
  Патанулі ў гадах, нат, пра вас успаміны,
  Балазе хоць Максім з небыцця паўстае.
  
  Веляможны палкоўнік, ты не здолеў да скону
  Хоць хвілінку пабыць на радзімай зямлі,
  Ты на братняй Украйны паўстаў абарону,
  Ва Ўкраіны зямлю твае косці ляглі.
  
  А чым лепшыя мы, хто па службе сягоння,
  Што мы робім, каб ты, Беларусь, расцвіла.
  Кожны з нас для цябе той далёкі наёмнік,
  Ты без нас пражывеш, як дагэтуль жыла.
  
  13.01.91 г.
  
  
  
  ВОРША
   
  У 1514 годзе, 8 верасня 30-тысячнае беларускае войска,пад кіраўніцтвам гетмана Кастуся Астрожскага ўшчэнт разбіла
  80-тысячную маскоўскую арду над рэчнай Крапіўнай каля Воршы.
  
  Сёння зноўку заломы ў часе,
  Сёння зноўку на здрадніцкай пласе
  Край радзімы, мая Беларусь.
  Сёння зноўку нас шчасце абходзіць,
  Сёння зноў тут маскаль верхаводзіць,
  Сёння зноў мой народ прадаюць.
  
  Сёння зноў, мой народзе,ты горшы,
  Ды была ж, ды была ж у нас Ворша,
  Мы павінны той дзень памятаць.
  Мы тады над Крапіўнай стаялі,
  Па-над намі анёлы ляталі,
  Мы гатовы былі паміраць.
  
  Ды былі мы пад ласкаю Боскай,
  Вёў на бітву нас гетман Астрожскі,
  Ну а ён то ж умеў ваяваць.
  Адбівалі мы страшныя ўдары,
  Растрасалі варожыя хмары,
  Не адолеў нас вораг зламаць.
  А як гетман руку з булавою
  Ўзняў высока над хцівай ардою,
  Нас не змог ужо вораг стрымаць.
  Білі, секлі мы лютую зграю,
  Выганялі з радзімага краю,
  Той пагоні было не суняць.
  
  Сёння зноў мы стаім пад сцягамі,
  Сёння зноўку арда перад намі,
  Хцівы вораг рабуе наш край,
  Сёння мусім гатовымі быці
  Зноў у лютую сечу ўступіці,
  Выгнаць з сэрца тугу і адчай.
  
  Дык уздымем галовы высока,
  Дык расправім жа плечы шырока
  І гукнём у бясконцую даль
  Для спакою жывых і памёршлых:
  "Будзе, будзе ізноў у нас Ворша,
  Будзе біты ізноўку маскаль".
  
  6.09.94 г.
  
  
  
  ПЕРАД ПОМНІКАМ СКАРЫНЕ Ў ЛІДЗЕ
  
  Ты доўга блукаў па стагоддзях і свеце,
  Пакуль не спыніўся на Лідскай зямлі,
  Дзе кнігі Твае, наймілейшыя дзеці,
  У душах удзячных прызнанне знайшлі.
  Ты доўга хадзіў за мяжой і за часам,
  Апостал і геній народа свайго,
  І з думкай сваёй заставаўся сам на-сам
  Не могшы дабіцца да сэрца яго.
  Пяць соцен гадоў ты ўжо ведаў пра тое,
  Пра што мы сягоння талкуем ізноў,
  Ты, быўшы народжаным гэтай зямлёю,
  Быў сынам тутэйшых і песень, і слоў.
  Ты слова паставіў паперадзе думкі,
  Бо ведаў, што Слова спачатку было,
  Ты праўды адвечныя ў словаў карункі
  Аздобіў і Слова па свеце пайшло.
  Бо што значыць думка ў халоднай латыні,
  Ці ў грэцкай там мове, ці ў іншай якой?
  Ды гэта, як фінік, у нашай краіне,
  Ўзысці не паспее, як змерзне зімой.
  Тут трэба кідаць тое зернейка ў глебу,
  Што выстаіць год аж да жніва свайго,
  І Ты для народа духоўнага хлеба
  Прынёс той акрайчык на мове яго.
  І быў Твой народ і багатым і слаўным,
  Вялікім і мудрым народ гэты быў
  Датуль, аж пакуль ён увішна і спраўна
  Адзіную мову сваю бараніў.
  А мову пакінуў, дык мудрасць разводдзем
  Сцякла паплавамі ў чужыя краі,
  І кожны брахлівы хапуга і злодзей
  Зноў дурыць, як можа, нашчадкаў Тваіх.
  Стаіш Ты у Лідзе, і дзякаваць Богу,
  А міма штодзень сотні, тысячы йдуць,
  Яны ад Цябе, як ад бацькі парога,
  Дрыготкую памяць пра вечнасць нясуць.
  У вочы Твае заглядаюцца людзі,
  І кожны, хто зможа Твой погляд адчуць,
  Тут жа згадае, што ён - не прыблуда,
  Што ён - беларус і што тут-Беларусь.
  
  24.08.98 г.
  
  
  
  ОДА БЕЛАРУСІ
  
    на дзень злучэння з Расеяй,  
    або апошняя песня Якуба Ясінскага
	
  
  Якуб Ясінскі - кіраўнік паўстання 1793 года на Беларусі і Літве. Загінуў пры абароне Варшавы ад войскаў Суворава. 
  Пісаў вершы і песні на беларускай мове.
  
  Беларусь!
  У тым няма твае віны,
  Што паляглі заўчасна ў дол
  Твае найлепшыя сыны,
  І здрада навакол.
  
  У тым няма твае віны,
  Што правіць баль крумкач
  І што прыходзіць дзецям у сны
  Адно матулін плач.
  
  У тым няма твае віны,
  Што люд твой у журбе,
  І прывід новае вайны
  Блукае па табе.
  
  У тым няма твае віны,
  Што прадаюць цябе...
  Мы ў гэтым вінаваты, мы
  І мы клянём сябе:
  
  "Няхай не здолее рука
  Кавалка хлеба ўзяць,
  Калі не здолела яна
  Штандар святы падняць.
  
  Няхай не змогуць пальцы больш
  Крануць струмень вады,
  Калі не здолелі курок
  Націснуць ў час бяды.
  
  Няхай не носяць ногі нас
  Па добрай той зямлі,
  Калі яны ў паўстання час
  Ў атаку не пайшлі.
  
  Няхай не бачаць вочы дня,
  Калі змаглі глядзець,
  Як злыдняў сквапная гайня
  Радзімы край грызе..."
  
  Беларусь!
  У тым няма твае віны,
  Што зноў ты на крыжы,
  А вінаваты кожны, хто
  Пад крыжам не ляжыць.
  
  14.06.94 г.
  
  
  
  НА СМЕРЦЬ ЛЮДВІКА НАРБУТА
  
  Над Лідай пад вечар закрумкаў крумкач,
  І сонца ў крывавым змярканні зайшло,
  Усхліпнуў Лідзейкі галосіна-плач,
  Жыццё чалавека ў прадонне сышло.
  
  Прылёг для спачыну прытомлены лёс
  На гонях, барах беларускай зямлі,
  Пад чорныя шаты бязмоўных нябёс
  Ліцвінскія хлопцы навечна пайшлі.
  Тут сёння для смерці багаты ўмалот,
  Між Дубіцкіх пушчаў, карчовішч, лясоў,
  Між Дубіцкіх рэчак, азёр і балот
  Тут Нарбут свой вечны прытулак знайшоў...
  
  *
  Не ўсё ён давершыў на гэтай зямлі,
  Ды болей, напэўна, не здолеў, не змог,
  Ці болей чужынцы яму не далі,
  Ці больш не казаў, не судзіў яму Бог.
  
  Ён смела паўстаў на імперыю зла,
  І што ж тут такога? Зваліць не здалеў,
  Ды гэтая спроба пустой не была,
  А быў гэта нашай свабоды пасеў.
  
  *
  Свабода ўзышла, як трава, як мурог,
  І колькі яе не таптаў чужы бот,
  Стаптаць, здратаваць не адолеў, не змог,
  Не змог і не зможа ні ў дзень і ні ў год.
  
  Хай крумкае зноўку над Лідай крумкач,
  Тут Нарбута памяць у людзях жыве,
  І могуць нас нішчыць, касіць і таптаць,
  Ёсць вечнасць у нас, як у гэтай траве.
  
  3.03.98 г.
  
  
  АПОШНЯЯ МАЛІТВА КСЕНДЗА АДАМА ФАЛЬКОЎСКАГА
  
 "Ідучы пад расстрэл 24 чэрвеня 1863 года ксёндз Адам Фалькоўскі чытаў малітву з кантычкі..."
  З успамінаў сведак
  
  
  -- Ойча наш, каторы ёсць на небе...
  
  Даруй адзіны грэх мой, што зрабіў,
  Адзін я запавет парушыў твой,
  Ты нас вучыў: "Ніколі не забі!".
  А я людзей паслаў на люты бой.
  Я ім казаў ісці і забіваць,
  І рэзаць, нішчыць прыхадняў ліхіх,
  Што ў краі нашым хочуць панаваць
  І прыгнятаць, о Бог, дзяцей тваіх.
  
  Я ім казаў, што лепш памерці вольным,
  Чым у ярме да веку спіну гнуць,
  Я ім казаў з амбона на Ішчольне,
  Ды так, каб цэлы край здалеў пачуць...
  
  .
  ..І адпусці нам нашыя віны, як і мы адпускаем вінаватым нашым...
  
  І адпусці грахі, і ласкаю сваёй
  Пакрый герояў гэтае зямлі,
  Што сёння ахвяруюцца сабой,
  Каб дзеці іх свабоднымі жылі.
  
  ...І не ўводзь нас у спакусу...
  
  Не дай , о Божа, нават думкі ім:
  Сысці, схавацца, збегчы і счакаць,
  Развей сумненняў і ваганняў дым,
  Дай сілы ім, каб да канца стаяць,
  
  Прымі іх душы пад сваё крыло
  І ў райскі сад ім браму адчыні,
  Яны ж паўсталі на ліхое зло
  За панаванне вечнай дабрыні.
  
  Даруй, о Божа, грэх адзіны мой
  І іх грахі даруй таксама мне,
  Няхай ім будзе лёгка прад Табой,
  І ласка іх Твая хай не міне...
  
  ...Аман.
  
  5. 07. 98 г.
  
  
  
  ВІЦЬБІЧЫ
  
  Перад напасцю кожнаю
  І зграямі варожымі,
  Ніколі іх не лічачы,
  Пад Грунвальдам і Менскам,
  Пад Воршай і Смаленскам
  Заўжды ўставалі віцьбічы.
  
  Ад голаду і холаду,
  Ад бальшавіцкіх Молахаў,
  У модлах Бога клічучы,
  Пад ласкаю савецкаю,
  Пад палкаю нямецкаю
  Цярпелі грозна віцьбічы.
  
  Ды ні за нафту танную,
  Ды ні за булку смачную,
  Ў сабак вачэй пазычыўшы,
  Ні родную старонку,
  Ні бацькаўскую мову
  Не прадавалі віцьбічы.
  
  6.09.94 г.
  
  
  
  ПАСЛЯСЛОЎЕ  ДА СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ
  
  Слуцкі збройны чын - апошняя спроба беларусаў пад час Грамадзянскай вайны ў Расеі ўстанавіць сваю ўласную ўладу на Беларусі.
  Пасля паразы двух слуцкіх палкоў ад бальшавікоў рэшткі іх адышлі на польскую тэрыторыю, дзе былі палякамі раззброены.
  
  Мы стаім у шыхтах скамянела,
  Мы ў адчаі жалобна маўчым,
  Мала нас, мала нас уцалела,
  І закончыўся збройны наш чын.
  Адбіраюць палякі вінтоўкі,
  Нібы долю і волю бяруць,
  Не старыя бяруць дубальтоўкі,
  Адбіраюць у нас Беларусь.
  
  Мы паўсталі ад сох і сявенькі
  І ад Слуцкіх высокіх званіц.
  Мы паўсталі ад роднай зямелькі,
  Мы ўскіпелі з крыштальных крыніц.
  
  Мы паўсталі з апошняю спробай
  Жыць ва ўласным парадку зямным,
  Надарыць край адвечнай свабодай
  Зберагчы ад чырвонай чумы.
  
  Не хацелі ні пана, ні хама
  Над прадзедаўскай шэрай раллёй,
  Гаспадарыць жадалі мы самі
  І за гэта паўсталі на бой.
  
  Мы паўсталі былі і разбіты
  Бальшавіцкай стаптаны ардой.
  Край радзімы, крывёю заліты,
  Пакідалі ляжаць за сабой.
  
  Адступалі з надзеяй святою
  Сіл набрацца і зноў ваяваць,
  А палякі загадваюць зброю,
  Нібы нейкім злачынцам, здаваць.
  
  Мы вінтоўкі кідаем у кучу,
  І маўчым, і маўчым, і маўчым,
  Дагарае ў нас гневам кіпучым.
  Гэты наш незакончаны чын.
  
  Дагарае наш чын тарфавіскам,
  Толькі іскры, як знічкі, ляцяць,
  Ой няблізка той час, ой няблізка,
  Як мы з можам з нябыцця паўстаць.
  Ды наступіць ён, верым, наступіць,
  Хоць самім мо не лёс прычакаць,
  Ў незалежнай, святой Беларусі
  Будуць косці ўсё ж нашы ляжаць.
  
  24.11.94 г.
  
  
  
  БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ АФІЦЭРЫ
  
  Вецер часу ўзарваў векавечную цвіль,
  Шок чырвонай заразы паціху праходзіць,
  Над жалобай і пылам заўчасных магіл
  Сонца яснае нашай свабоды ўзыходзіць.
  
  Колькі вынішчыў нас гэты злы Трэці Рым,
  Колькі нас ён распяў на крамлёўскім бязвер'і,
  А мы зноўку ў шэрагах грозных стаім
  Беларускай пакутнай зямлі афіцэры.
  
  Нас паслалі дзяды іх пачын завяршаць,
  Каб той д'ябал чырвоны павек не вярнуўся,
  І не знічкі на нашых пагонах блішчаць,
  А гараць на іх слёзы маёй Беларусі.
  
  Слёзы крыўды, што век дратавала яе,
  Слёзы жалю за дзетак бяздольных абшараў,
  Слёзы шчасця, што ўрэшце наш час настае,
  І збываюцца прашчураў светлыя мары.
  
  Іх Касцюшка вучыў, як Радзіму любіць,
  Каліноўскі да волі паказваў дарогу,
  Мы ж павінны астатняе сёння зрабіць,
  Каб суцешыць іх душаў гаротных трывогу.
  
  Каб спакойна маглі ў цішыні спачываць,
  У спакоі здзяйснёных надзеі і веры,
  Бо на варце іх мараў надзейна стаяць
  Беларускай свабоднай зямлі афіцэры.
  
  6.03.93 г.
  
  
  
  ДЗЕ РАНЕЙ МЫ БЫЛІ?
  
  Ворагі Беларушчыны аказаліся непадрыхтаванымі да масавага ўздымку беларускага нацыянальнага руху і ніяк не могуць зразумець,
  як яны прагапілі такую колькасць "нацыяналістаў" і недаўменна пытаюцца: "Дзе раней вы былі", - як бы месца выведаць хочуць.
  
  Дзе раней мы былі?
  Ды баланду па турмах сярбалі,
  Па бясконцых этапах брылі
  І ў сібірскіх снягах паміралі.
  
  Дзе далей мы былі?
  Трохі ў родных палетках і хатах,
  Ну а после? У чорнай зямлі,
  У праклятых навек Курапатах.
  
  Дзе яшчэ мы былі?
  Мы псіхушкі цішком абжывалі,
  Ці гарэлку без спыну пілі,
  Ці ў адчаі зацятым маўчалі...
  Як народ просты наш, мы ўсе так жа жылі.
  
  Ды вось выцяў мароз па чырвонай чуме,
  І мы зноўку, нібы вечны Фенікс, паўсталі,
  І ўвесь зброд бальшавіцкі ад жаху знямеў,
  Бо нас бачыць жывымі даўно не чакалі.
  
  Ну а зараз, як шок з іх паціху сышоў,
  Зашыпелі і крык паднялі,
  І вішчаць, як пра самы смяротны з грахоў:
  "Дзе раней вы былі?"
  
  16.08.93 г.
  
  
  
  ВІКТАРУ ШАЛКЕВІЧУ
  
  Віктар Шалкевіч - лепшы Гарадзенскі бард. Артыст і патрыёт. Аўтар песні з радком: "Вуліца, поле, Вялікае Княства..."
  
  "Вуліца, поле, Вялікае Княства",
  З краю самотна Шалкевіч брыдзе,
  Сёння спяваў ён з адвагай нянаскай
  Ў самую морду вяльможнай брыдзе.
  
  Сёння спяваў ён, а спераду ў зале
  З песень яго рагатала брыда,
  Скаліла зубы ў звар'ёваным шале
  Ў Княстве Вялікім чужынцаў арда.
  
  Ім да спадобы пра жлобскую нац'ю,
  Гэдыкай нацыяй лепш кіраваць,
  Ім да спадобы, бо тут агітац'і
  Супраць чужынцаў зусім не чуваць.
  
  
  Ім да спадобы. Шалкевіч спявае,
  Ды не відно ім, як сэрца гарыць,
  Ды не чутно, як гітара ўскіпае,
  Кожнай струною, як помста звініць.
  
  Ды не чутно ім. як словаў распяцце
  Будзіць народ, пхае ў рукі сахор,
  Хопіць брыдзе з нашых слёз пацяшацца,
  З песні, як з глебы, ўзрастае адпор.
  
  "Вуліца, поле, Вялікае Княства",
  З краю самотна Шалкевіч брыдзе,
  Сёння пляваў ён з адвагай нянаскай
  Ў самую морду вяльможнай брыдзе.
  
  24.10.94 г.
  
  
  
  МУЛЯВІН СПЯВАЕ "ПАГОНЮ"
  
  Уладзімір Мулявін, кіраўнік ансамбля "Песняры", пасля таго, як прэзідэнт Лукашэнка павіншаваў яго з 25-годдзем "Песняроў"
  узяў гітару і выканаў "Пагоню" на словы М. Багдановіча.
  
  "Толькі ў сэрцы трывожным пачую..."
  Зноўку душа трысняжынкай трымціць,
  Ловіць адчайна мелод'ю святую,
  Вечнай няздзейсненай воляй кіпіць.
  
  Зноўку лунаюць штандары над краем,
  Покліч змагання з вятрыскам ляціць,
  Зноўку чужынца мароз прабірае,
  Зноў беларус чалавекам глядзіць.
  
  *
  "Маці родная, маці краіна..."
  Рускі Мулявін "Пагоню" пяе,
  Рускі Мулявін клянецца быць сынам,
  Ўмерці гатовы за крыўды твае.
  
  Рускі Мулявін спявае "Пагоню"
  Сэрцам, душою, істотай усёй,
  Плача з ахвярнай тугой нестаёнай,
  Моліць дарунку ў зямелькі маёй.
  
  *
  "Біце ў сэрцы іх, біце мячамі..."
  Біце і ў душы, і ў спіну, пад дых,
  Біце пакуль не адолее ўцяміць
  Кожны значэнне тых словаў святых.
  
  Біце, гняціце ярмом і прымусам,
  Біце, як білі, штодня, цэлы век,
  Бо ўжо, як сёння не стаў беларусам,
  То і не выйдзе з яго чалавек.
  
  30.10.94 г.
  
  
  
  АЛЕСЮ БЕЛАКОЗУ ДА 70-ЦІГОДДЗЯ
  
  Алесь Белакоз - відны дзеяч беларускага нацыянальнага Адраджэння, стваральнік і дырэктар унікальнага Гудзевіцкага 
  этнаграфічна-літаратурнага музея, заснавальнік Таварыства Беларускай Мовы на Мастоўшчыне. Выкладаў у Гудзевіцкай 
  школе беларускую мову і літаратуру. Пры камуністах за сваю нацыянальна-асветніцкую дзейнасць цярпеў жорсткі пераслед. 
  Але Белакоз не пахіснуўся ні тады, ні зараз. 11 верасня 1998 года яму споўнілася 70 гадоў.
  
  
  На гэтай зямлі ганарова быць туркам,
  Расейцам таксама не з горшага быць,
  Не блага быць немцам, французам, удмуртам
  Кітайцам, японцам, ці ўсіх палічыць.
  Арабу не кепска жывецца пад сонцам
  Ангелец смяецца, не плача і грэк,
  І ім не цікава што ў свете бязконцым
  Скрыўджаны ёсць не адзін чалавек.
  *
  Не будзе на гэтым, на свеце парадку
  І ладу не будзе да тога на ім
  Покуль імперый парэшткі, астаткі
  Будуць тут гніць і смярдзець нам усім.
  Б'ецца Ірландыя ў муках за волю,
  Баскі аплачваюць волю крывёй,
  Курды, пракляўшы і лёс свой і долю,
  З трыма аж дзяржавамі сталі на бой.
  Хоча свабоды Квябэк ад Канады,
  Хоча Шатландыя, волі сваёй ,
  Ды толькі ці здолець ці даць усім рады,
  Ці Богу патрэбны бясконцы той бой?
  Ці Богу патрэбна каб тут пад Мастамі
  Семсят гадочкаў адзін Белакоз
  Быў беларусам і днямі, гадамі
  Адзін Беларушчыну гэтую нёс?
  Мы сёння паўсталі, як курды, як баскі,
  І нас не стаптаць там за колькі гадзін,
  Ну а да тога з Гасподняе ласкі
  Быў Белакоз і быў проста адзін.
  Мудра і стойка, як камень амшалы,
  Не вывернуць гадам, не ссунуць на бок,
  Мала такіх было, вельмі замала,
  Ды ўсё ж і сюды пасылаў іх Пан-Бог.
  *
  Мы сёння глядзім на зямлю сваю з болем,
  Нас прадаюць, прапіваюць, што дзень,
  Ды толькі ніколі, ніколі, ніколі
  Мы не папусцімся гэтай бядзе.
  Семсят гадоў Белакоз не паддаўся,
  Дай жа нам Божа па столькі зрабіць,
  Кожны каб так жа, як ён, не хістаўся,
  Кожны, як ён, беларусам змог быць.
  *
  На гэтай зямлі быць не дрэнна індусам,
  Ды толькі магу вам пра тое сказаць:
  Прыдзе той час: кожны тут беларусам
  З гонарам будзе сябе называць.
  
  12.09.98 г.
  
  
  
  МАРШ БЗВ
  
  БЗВ (Беларускае Згуртаванне Вайскоўцаў) - патрыятычная арганізацыя вайскоўцаў-беларусаў, створаная ў 1992 годзе.
  
  Адзвінеўшы ў мячах харалужных
  Родны край ў паняверцы панік,
  Ды ўстаюць, ды ідуць шыхты мужных,
  Новых дзён пачынаюць адлік.
  
  Ярылы крыж на тарчы і на лёсе,
  Радзіма-маці нас у шыхт заве,
  За родны край, за жытняе калоссе
  Мацуюць крок харугвы БЗВ.
  
  Мы ўздымаем людскую адвагу,
  Будзім веру і ў лёс, і ў сябе
  Спаталяем адвечную прагу
  Краю волю здабыць ў барацьбе.
  
  А навокал халуйская зграя
  Хоча зноў нам навесіць ярмо,
  Ды пад нашым штандартам лунае:
  "Не дазволім! Не быць! Не дамо!"
  
  Цяжкім крокам мы грымнем на бруку,
  Сотні сэрцаў заб'юцца мацней,
  Долю краю ва ўласныя рукі
  Возьмем мы дзеля шчасця дзяцей.
  
  Ярылы крыж на тарчы і на лёсе,
  Радзіма-маці нас у шыхт заве,
  За родны край, за мовы разгалоссе
  Ідуць на бой харугвы БЗВ.
  
  30.10.94 г.
  
  
  БЕЛЫ ЛЕГІЁН
  
  "Белы легіён" - патрыятычная радыкальная моладзевая арганізацыя, створаная у 1995 годзе.
  
  Не чакай нас, мама,
  З хуткім цягніком,
  Не пільнуй нас, мама,
  За піўным ларком.
  
  Мы не носім, мама,
  Гальштук і пінжак,
  Не малюе, мама,
  З нас карцін мастак.
  
  Нас не лашчыць, мама,
  Летні вецярок,
  Па-над намі, мама
  Беспрасветны змрок.
  
  Чорнае сонца,
  Белы легіён.
  Разганяйце, хлопцы,
  Летургічны сон.
  Па маёй старонцы
  Б'е набатны звон.
  Чорнае сонца,
  Белы легіён.
  
  Не шукаем, мама,
  Мы ў лясах рублі,
  Мы шукаем, мама,
  Волю для зямлі.
  
  Мы шукаем, мама,
  Край свой дарагі,
  Разрываем, мама,
  Путы, ланцугі.
  Мы варожай, мама,
  Кровачкі пап'ём,
  На хаўтурах, мама,
  Весела спяём.
  
  Чорнае сонца,
  Белы легіён.
  Разганяйце, хлопцы,
  Летургічны сон.
  Па маёй старонцы
  Б'е набатны звон.
  Чорнае сонца,
  Белы легіён.
  
  Сустракай нас, мама,
  У густых шыхтах,
  Прывітай наш, мама,
  Пераможны сцяг.
  
  Бо мы прыйдзем, мама,
  Раз і назаўжды,
  Не спазнаеш, мама,
  Болей ты бяды.
  
  Ты шчэ ўбачыш, мама,
  Светлы ясны дзень,
  А пакуль нас, мама,
  Не шукай нідзе.
  
  Чорнае сонца,
  Белы легіён.
  Разганяйце, хлопцы,
  Летургічны сон.
  Па маёй старонцы
  Б'е набатны звон.
  Чорнае сонца,
  Белы легіён.
  
  31.07.96 г.
  
  
  * * *
  
  Хай прыдзе вораг і заб'е мяне,
  Я пацяку гаручаю крыніцай,
  Няхай тады ён хоць глыток глыне,
  Хай паспрабуе ён вады напіцца.
  
  Хай прыдзе вораг і заб'е мяне,
  Я прарасту высокаю травою,
  Няхай тады ўва мне ён адпачне,
  Хай у мяне ён ляжа галавою.
  
  Хай прыдзе вораг і заб'е мяне,
  Я пылам стану і пяском сыпучым,
  Няхай тады нагой мяне кране,
  Ці пылам тым дыхне лятучым.
  
  Хай прыдзе вораг і заб'е мяне,
  Я ўскалашуся жытам шапатлівым,
  Няхай тады ён на капе прысне,
  Ці хлеба паспытае з тога мліва.
  
  Хай прыдзе вораг і заб'е мяне,
  Я разлячуся песняй баявою,
  Тады навек ён дзень той пракляне,
  Калі звязаўся быў са мною.
  
  10.04.94 г.
  
  * * *
  
  Так, скіфы мы, так, азіяты - мы
  з раскосымі і прагнымі вачамі.
  А. Блок.
  
  Так, мала нас,
  Так, беларусы - мы
  З раскіслымі і вялымі мазгамі.
  Знішчалі нас,
  І ўсталі мы
  З нахабнымі і прагнымі вачамі.
  Вазьміце нас
  І збіце ў кроў,
  Палонную мы ведаем навуку,
  Мы ўсталі раз,
  Мы ўстанем зноў
  І возьмем зноўку зброю ў руку.
  
  Зваюйце нас,
  Злажыце ў дол
  І пасячыце ў дробныя ашмёткі,
  Праз дробны час,
  Як пырнік, зноў
  Мы ўзыдзем разам з помстаю салодкай.
  
  Вам Юда - бог,
  Вам здрада - смак,
  А нам свабода роднае краіны,
  Паможа Бог,
  І будзе так,
  Для вас не хопіць у лясах асінаў.
  
  І будзе так,
  Не прыме вас
  Зямля ў сваё святое ўлонне.
  І будзе так,
  І прыдзе час,
  І будзе нас шмат болей, чым сягоння.
  
  І будзем мы,
  Бо беларусы мы,
  А вас не будзе нават успаміну.
  Радзімы край,
  Твае сыны
  Нідзе, ніяк, ніколі не загінуць.
  
  10.04.94 г.
  
  
  МЫ -- НАЦЫЯ ВОЛІ
  
  Па пылу стагоддзяў,
  па муках і болю
  Мы ўрэшце выходзім
  да шчасця і волі.
  
  Мы - нацыя смелых
  і Богу адданых,
  Мы з рук анямелых
  зрываем кайданы.
  
  Над намі імкліва
  грукоча Пагоня,
  Мы нашую прышласць
  ствараем сягоння.
  
  Мы - нацыя слаўных
  прадзедаўскай славай,
  На злыдняў нахабных
  мы знойдзем управу.
  
  Мы створым краіну
  агульнага шчасця,
  Навечна пакінуць
  нас гора, напасці.
  
  Не сцерпім мы болей
  ніколі прымусу
  Мы --нацыя волі,
  бо мы - беларусы.
  
  8.07.93 г.
  
 
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX