У адрозненне ад усяго свету на Беларусі вясёлка мае не сем, а восем колераў. Восьмы - чорны. Рагнеда Над чыстым Рубонам, * Як ружа, цвіла, Пад грозным "Рубонам" ** Княжною расла, Кахала аддана, Каханнем жыла, Адзінай, жаданай, Святою была. Сватоў дастаслаўных Сказала прагнаць, Чужых, не каханых Не ёй раззуваць. Бясстрашна стаяла Пад ветрам мячоў, Да ног не прыпала Чужых ваяроў. Узятая ў бітве З мячом у руках, На ворага ў путах Наводзіла жах. Была паланянкай, Рабыняю - не. Згарэла маланкай У вечнай вайне. студзень 1985 г. * Рубон - полацкая назва Заходняй Дзвіны ** "Рубон" - баявы покліч палачан, аналаг мангола-расейскага "Ура" * * * Непаўторная, Непакорная, Беларусь мая сінявокая, Срэбназорная, Васільковая, Незабыўная і далёкая. 11.01.85 г. Краіна замкаў У сярэднявеччы на За-хадзе Беларусь называлі Краінай замкаў з-за вялікага іх мноства на нашай зямлі. Краіна замкаў, краіна вежаў, Краіна грозных сівых муроў, Краіна частых крывавых межаў Зямель князёў, каралёў, цароў. Краіна бітваў, баёў, паўстанняў, Краіна вогнішч і рэк крыві, Краіна доўгіх, чужых збытканняў Над імем нават самай зямлі. Краіна гневу, краіна сілы, Краіна вострых сякер, мячоў, Краіна мноства крыжоў пахілых Уздоўж шырокіх яе шляхоў. Краіна мужных хлапцоў-асілкаў, Краіна верных дзяўчат-красунь, Краіна вечнай жыццёвай сілы, Кахання, шчасця, пявучых струн. Краіна працы, краіна славы, Краіна волі, што не сагнуць, Краіна мары жывой, яскравай, Краіна з назваю Беларусь. 12.01.85 г. Беларускі санет Прыдушана глыбай - скалою, Аплецена дротам калючым, Сцякала апошняй крывёю Пад крыгай нядолі пякучай. Ні кроплі спагады людское, Ні каліва божае ласкі, Ні сілы, ні веры святое, Ні, нават, пра лепшае казкі. Ты гінула моўчкі і ціха, Ды неяк з-пад каменя ліха Раз кропля крыві, як зярнятка, На глебу засмяглую ўпала І ружай калючай і ўпартай Мая Беларусь зноў паўстала. 13.02.91 г. Вялікоднае Над зямлёй Беларусі крыжы, Як вяртанне да дзедаўскай веры, Як адход ад смяртэльнай мяжы, Як уцёк ад чырвонай хімеры. Над зямлёй Беларусі буслы, Як прадвеснікі шчасця і волі, Як нябёсаў святыя паслы Па стагоддзях і мукаў, і болю. Над зямлёй Беларусі Ісус, Як надзея яе і імкненне, Бо яшчэ ж на крыжы Беларусь, Шчэ чакае свайго ўваскрашэння. 12.04.93 г. Дзядуля "Некаторыя старыя адмаўляюцца пакідаць родныя мясціны заражаныя ў выніку Чарнобыльскай катастрофы". (З газет.) Дзень сышоў, засвяціліся зоры, Росы ўпалі на зелень травы, Лес у новым барвяным уборы Скалыхнуўся ад крыку савы. І лясун, дрыжычы з халаднечы, Стаў нацягваць паддзёўку з кары, А ў хацінцы ўжо дровы пры печы Зачакаліся тое пары, Як дзядуля нядужай рукою Трохі засланку ссуне на бок, Жар паправіць старой качаргою, Абапрэцца рукой на кіёк І падкіне паленца, другое, І агенчык заскача па іх І павее такой цеплынёю, Падабрэюць аж лікі святых. Прапаліўшы так крышачку ў печы Дзедка юшку засуне, затым Ён прытуліць старэчыя плечы Да ласкавых, пяшчотных цаглін, І павольна, павольна, паціху Павядзе ён гаворку сваю Пра жыццё і няўмольнае ліха, Што напала на гэту зямлю. ...Тут было так прыгожа і міла, Смех дзіцячы будзіў цішыню, І зямелька спрадвеку карміла Можа ў пяць пакаленняў радню. Тут быў хлеб і, як кажуць, да хлеба, Тут і чарку пускалі кругом, Тут зважалі на лес і на неба, Тут дабро нажывалі гарбом. Тут жылі і хацелі да скону Тут бы жыць, працаваць і кахаць, Тут на гэтай зямлі абарону Ім не раз давялося ўставаць. Ды, раптоўна, адкуль што ўзялося? Захварэлі і лес, і вада, Захварэла на полі калоссе, Грыб з'ясі, і ад тога бяда. Кажа, недзе ўзарвалася нешта, Кажа, ўпаў тут нягэдыкі дождж, Кажа, ўсё тут прапала дарэшты, Кажа, будзе тут вечная ноч. Ад дажджу і ад гэтага ліха Ўсіх павезлі кудысьці за свет, Ну а ён вось застаўся і ціха Сам сабе тут жыве божы дзед. Што яму? Ён нажыўся без меры, І без меры намучыўся ён, Ён заўсёды ў найлепшае верыў, Ды не многа такіх згадваў дзён. ...Ён кабылцы сваёй, што ў калгасе Ўжо з паўгода агульнай была, Сечку трохі мукою прыкрасіў, Ну а Маня аб тым данясла. Пяць гадоў ён гадзіна ў гадзіну Ведаў толькі рыдлёўку і лом, А вярнуўся ў старую хаціну І зажыў неўпрыкмет за сялом. Зноўку шчасце не доўга трывала, Немец войну пачаў і пайшло - Накаціла фашыстаў навала І спалілі аднойчы сяло. Ён уцёк, па балотах хаваўся, Неяк раз партызан напаткаў, Пры атрадзе тады і застаўся, Як работу рабіў - ваяваў. Па вайне будаваўся і хату Зноў паставіў вось тут ля сяла, Не меў часу хадзіць да дзяўчатаў, Да яго раз Алена прыйшла. Ажаніўся. І дзеці, і ўнукі Параслі, пачалі самі жыць, І каравыя чорныя рукі Мелі поўнае права спачыць. Ну, але як ты сядзеш на покуць, Трохі ёсць яшчэ сіла ў руках, Хоць баліць куляй мечаны локаць, Ды мо прыцемак нейкі ў вачах. ...Ну,а зараз? Адзін, як зязюля, Трэцца хіба аблезлы шчэ кот, Сам з сабою гаворыць дзядуля Люльку з вечара ўціснуўшы ў рот. На палатках ў цемры стаіўся Маладзенькі засім дамавы, Бо стары па вясне атруціўся, З радыяцыяй з'еўшы травы. Дамавы падслухоўвае дзедку, Непрыкметненька вучыцца жыць, Бо адзін ён застаўся, хто ўлетку Будзе гэту зямельку лячыць. 29.10.89 г. Невядомы паэта Памяці Міхася Явара. Там у вёсцы здавён невялічкай Па-над Нёмна струной гаманлівай Недалёка ад шэрай каплічкі Невысокім пагоркам магіла. Там спачыў пад блакітам высокім Невядомы нікому паэта, Як яму, як яму адзінока, Ды сягоння наш сказ не пра гэта. I Быў калісьці ён хлопцам удалым, Песні пеў, як ніхто тут ніколі, І прасторы яму не ставала, Не ставала свабоды і волі. Не хапала паэце кахання, Не ставала сінечы нябёсаў, Думкі рваліся ў далеч блукання, Крокі стылі ў сярэбраных росах. Невядомы ў далёкім Сусвеце, Меў ён дар не падлеглы нікому, Быў славуты і слынны паэце Ўсё ж на многія вёрсты ад дому. Тут любілі яго шанавалі, Тут патрэбны ён быў для народа, Тут яго ў грамадзе паважалі За тых песень яго асалоду. Ды не стала аднойчы паэты, Сціхлі песні яго назаўсёды, І магільным пяском разам з гэтым Верш паэты засыпалі годы. Шчэ засыпалі мару, і веру, І да высяў нябесных імкненне, Стаў паэта нязнаным жаўнерам Векавечнае бітвы натхненняў. II Ён пахованы быў і адпеты, І, здаецца, што болей сказаць, Ды ўся сутнасць у тым, што паэты І па смерці не могуць маўчаць. Іх магілы па ўсёй Беларусі, А іх песні ў народа ў душы І, напэўна, таму толькі мусіць, Колькі нас хто ні біў, ні душыў, Колькі нас не зжывалі са свету Праз вякі, што ні дзень, што ні год, Мы таму, што раджалі паэтаў, Засталіся ў жывых, як народ. 8.07.93 г. *** Беларусы-братачкі, Што ж мы нарабілі? Гэта ж нашы прадзеды Сусаніна забілі. Гэта нашы дзедачкі Паміж шабель звону Узялі ды ляснулі Князь-Баграціёна. Ну а нашы дзядзечкі, Хлопцы не такоўскія Ненарокам стрэльнулі Нейкага Катоўскага І бацькі не лепшыя, Напіліся ў друз, Па два літры ўкінуўшы Прапілі Саюз. Беларусы - братачкі, Хлопцы маладыя, Скіньма па тры грошыкі Да купем Расію. 12.05.94 г. Купалле З гарадскіх кватэраў і сялянскіх хатаў, Па асфальце гладкім, сцежкай, напрасткі Дружна рушаць наднямонскія дзяўчаты Да сваёй вялікай, добрае ракі. У цішы паганскай векавечных пушчаў Разбяруць на долькі трапяткія сны, Скінуць пыл стагоддзяў у начы відушчай, Зробяцца ліцьвінкамі з даўняй даўніны. Заплятуць вяночкі з кветак гаманлівых І пашлюць па Нёмну прышласць варажыць, І рака паманіць доляю шчаслівай, І рака падкажа, як ім далей жыць. Кветку хай не знойдуць, ды пад вербаў шатай У вадзе адбітак згледзіць не адна, І павераць шчасцю нашыя дзяўчаты, І паверыць шчасцю наша старана. Варажыце,варажыце, папараць шукайце, Варажыце,варажыце, доля ў нас адна Знойдзеце вы долю, знойдзеце вы шчасце Знойдзе шчасце - волю наша старана. 24.07.93 г. Ода З нагоды прыняцця двухгаловага арла ў якасці герба Расеі. Мутант расейскай дэмакратыі, З дзвюмя мазгоўнямі арол Па-над трупярняй партакратыі Крыллё памятае прасцёр. Зірнуў на свет падбітым вокам, З хваста страсае нафталін, Кіпцё выцягвае шырока, І тры кароны зноў над ім. Ён зноў і скіпетр, і "дзяржаву" Грабе прывычна да сябе, Ён сам табе - закон, і права, І канстытуцыя табе. Ён мае сэнс такі вялікі, Што без бінокля ўсім відзён. Ён,як сама Масква, двухлікі, І, як Масква, драпежны ён. Краіны зноў глытаць гатовы, Дзяўбсці чужы і свой народ, І нездарма яго галовы Глядзяць на Захад і на Ўсход. Ды ў тым, якраз, і ёсць надзея Бяды пазбавіцца сяк-так, Галовы ж бо, як два зладзеі, Не могуць змовіцца ніяк. Адна аж плішчыцца ў Еўропу, Другой жа Азію давай, Таму праз той сусветны клопат Да нас яшчэ ім мала спраў. Таму шапчу вам з той нагоды, Не суцяшаючы дарма: "Жывеце, хлопцы, покуль згоды Паміж галовамі няма". 31.03.94 г. Спадарыні На пачатку зямное існасці, На шляху да дзяржаў вялікасці Свеціць нам , як мадоннаў лікамі, Беларускіх жанчын краса. Нараджалі асілкаў- віцязяў, Гадавалі тытанаў - кніжнікаў, Абжыналі абшары жытнія, Ткалі золата ў паясах. Марылячкі і Ганначкі, Алесячкі і Вандачкі, І косы ніжай плеч, Пад Грунвальдам і Воршаю Перад Масквой і Польшчаю Нам падавалі меч. Абуджалі ад сну дрымотнага, Навярталі да лёсу добрага, Мілавалі да краю роднага Ў кожнай хаце маёй зямлі. Пракліналі за слабасць здрадную, Ахіналі тугой спагаднаю, Кіравалі рукой уладнаю, Як вяргінячкі ўсе цвілі. Мы дабрыню жаночую І прыгажосць дзявочую Ў душы спрадвек нясём, Не "пані" і не "барыні", А ласкава "спадарыні" Дзяўчат сваіх завём. Падымалі на раць крывавую, Надзялялі пашанай славаю І лячылі жывымі травамі Збітых, зраненых у баі, І кахалі з усёй адданасцю, І кахалі ажно без памяці, І ва ўсякай жыццёвай замяці Вернасць любаму бераглі. Марылячкі і Ганначкі, Алесячкі і Вандачкі, Пячэ пагляд агнём, Не "пані" і не "барыні", А ласкава "спадарыні" Дзяўчат сваіх завём. 5.09.94 г. Ноч глыбокай восенню Ніца сцелюцца гнуткія лозы, Крэхча сцяты марозам дзірван, Стогнуць белай тугою бярозы, Вецер рве спарахнелы рызман. Вые воўк за сцяной буралому, Крыж пахілы ля грэблі рыпіць, Зоркі сеюць адвечную стому, Месяц гнутай бляшанкай блішчыць. Ападаюць гадзінаў сняжынкі, Ноч сцянае слязой па шчацэ, Адплывае да хаты сцяжынка Па яшчэ не закутай рацэ. Ніца сцелюцца гнуткія лозы, Спавіваюць пустэльны аблог, І шапоча пад цупкім марозам Душ скалелых памяты трыснёг. 24.12.94 г.
Беларуская вясёлка
Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 07-05-2001,
Крыніца: Ліда 1999 г.
Дадана: 07-05-2001,
Крыніца: Ліда 1999 г.