Гэтае імя было вернута ў нашу літаратуру з бяспамяці зусім нядаўна. Вярнуў яго рупны даследчык беларускага пісьменства Адам Мальдзіс, які ў 1970 годзе ў моры рукапісаў Ягелонскай (універсітэцкай) бібліятэкі ў Кракаве знайшоў невялікую, напісаную лацінкай паэму на беларускай мове "Мачыха". У канцы твору значылася імя аўтаркі - Адэля, яе радзіма - Устронь і дата напісання твору - 1850 . Адам Мальдзіс перака-наўча паказаў што Адэліна Устронь - гэта вёска ў Ганчарскай былой воласці Лідскага павету. Прозвішча ж аўтаркі верша пакуль што выявіць не ўдалося.
У пачатку 20-га стагоддзя ў Ганчарскай воласці было вядома 20 Устроняў: 2 фальваркі Ленскага і 18 засценкаў - Куцкеля, Беняша, Кушняка, Мурына, Дзевятовіча, Дудзіча (2), Канановіча, Рымкевіча, Дахавецкага, Шута, Урбановіча (3), Буяка (2), Уласава, Піятроўскага. У засценках жыло ад 4 да 18 чалавек і абдымалі яны ад 3 да 20 дзесяцін. У фальварках Ленскага жыло 44 чалавекі на 503 дзесяцінах.
Некаторыя з Устроняў мелі другія назвы: Лапа, Паскі, Боркі, Чорны Лес.
За паўстагоддзя ад моманту напісання Адэляй з Устроні паэмы "Мачыха" ў Устронях магло шмат чаго змяніцца, але не выключана, што Адэля магла насіць адно з пералічаных прозвішчаў.
Публікуючы паэму "Мачыха" у літаратурным зборніку "Краю мой - Нёман" (Мн.,1970), Адам Мальдзіс зазначыў, што яна "напісана рукой здольнага аўтара, з выкарыстаннем рамантычнай сімволікі, шчыра і ўсхвалявана. Не выключана, што паэма мае аўтабіяграфічны характар".
У тым жа самым рукапісе Адам Мальдзіс знайшоў і верш гэтай жа аўтаркі на польскай мове "Кракаў", у якім расказваецца пра пажар у горадзе - мяркуецца, у час рэвалюцыі 1848 года, і выказваюцца розныя прароцтвы.
Па зямлі віхор пагнаўся, З буйным ветрам паспіраўся. Віхар туманочкам ляцеў, Чорну буру відзець хацеў. Бура да Нёмана хадзіла І чысту воду муціла, І з беражочка ў беражочак Калыхала ўвесь Нямночык. Сваей нотай зарыкнула, На бяседу заклікнула: "Туманы! Цёмныя хмары! І ты, круты віхар у пары! На бяседу прыляціце Дый на мяне паглядзіце Бо сягоння праз рэчаньку Будзе плысці ў чоўніньку Дзяцюк, што смеў пахваліцца: "Ён… мне, чорнай, не баіцца!!" І засмяялася страшна, І бліснула злосцю ясна, І сцягнула яшчэ скарэй, Каб той дзяцюк паплыў смялей. Ажно вада тое чула І па беражках плюснула. Барочку пена сказала, Што ўжо бура віхр звала. "Што!!! - расшумеўся барочак, - Ці гэта я не літоўчык? Каб дазволіў буры гукаць, Цераз сосны віхрам веяць! Пачакайце нямножка: Не сюдымі вам дарожка, Не на тое сосны расціў, Каб вас у родну зямлю пусціў, Не на тое бары раслі, Каб тут вецер чужы ўняслі!!!" Пасля азваўся Нямночык: "А я ж гэта - не літоўчык! Ці ж я буду сябе бурыць, Ці ж дазволю сваіх тапіць! Ці ж я смельніка не плыну Дый і буры не падкіну! О! Не знала, то пазнае, Яку ваду Нёмане мае! Я ж у лужах купаюся, Па ніўках расцілаюся, З віцінамі праплываю, Літоўскае сэрца маю! І пярвей высахне мора, Як мне з вадой змуціць бура. Пярвей увесь свет у вадзе стане, Як мой сваяк у дно гляне! Не на тое я разліўся, Не на тое мяне бог стварыў, Каб роднага брата забіў!" А бура над рэкай стала І гутаркі - не пазнала! * * * З таго месца на рык вяла Маленькая хата была, Каля хаткі - будровачкі, А ў хатцы - літовачка. Сягонняшняга дзянёчка Меў плыць мілы ў чаўночку. Літовачка ля аконца Стаяла, як бледна слонца, І ў неба паглядала, І да мачыхі казала: "Скажы ж ты мне дый, маці, Ці нястрашна цяпер гнаці Цераз Нёман? Ды ці чоўна Не набяжыць вады поўна?" Чужа маці адгадала, Чаму дзеўчына пытала. Ёй мілага не любіла, У лыжцы б вады ўтапіла. "Вот! Ці не твой то смяляк, Што лоб круціць усяляк, Ізноў прыедзе заляцацца? Прашу яму адказацца, Што гэта дый мая хата, Я тут на волю багата! Каб не казаў тут пышнага! Ды што яму тут лішняга?" Літовачка ўздыхнула, Пайшла - дзверы адамкнула. Не баялася грымотаў Дый адчыніла вароты, Белы ручкі заламіла І, плачучы, гаварыла: "Ох, матулька! Нашто ж мяне Чужой волі і людзіне Аставіла! Пакінула! Мяне ж доля памінула, Я ж сіротка ў роднай хатцы! Не схінуся к чужой матцы! Бо яна ж мне чужа чужым! Не злажуся і слоўцам адным. Ці душа твая не гляне, Як яна мяне ганяе. Ты мне з мілым абручыла І звянчала бы, каб жыла. Яна ж кажа мне, маладой, Каб ён згінуў дзе пад вадой. Як яна стала так мовіць, Здаецца, бы сэрца кроіць. Аж кроў мая закіпела І душа мая памлела!! Грымот страшна так загрымеў, А ён, пэўне, у чаўнок усеў!"