Папярэдняя старонка: Літаратура

Салаўіная радасць 


Аўтар: Васько У. Г.,
Дадана: 20-03-2025,
Крыніца: Уладзімір Васько. Салаўіная радасць, 2024.



Проза

Горад пад вадой

Авечка

Злодзей

Дрэкс

Помста

Пакаранне

Пажар

Рабы

На небязлюдным востраве

З кошыкам па хлеб

Рай

Садыст

Здаравяка

Дарэмнае хваляванне

Не вечнае каханне

Сустрэча

Чалавек у гумне

Вершы і байкі

Вершы

Распяцце

Паратунак

Майскі павеў

Батрак

Пад ліпаю

Занядоліла

Бездухоўны кацёл

Душэўны прытулак

Фантазія

Залетуценіцца

Калейдаскоп

Схільнасць ракавая

Азарэнне

Думаць - не думаць

Не туды ідзе

Памаўчы

Пры сустрэчах

У непагадзь

Прыхільнасць

Пуга

Варажба

Ля акна

Так многае вабіць

Самапародыя

Наранку

Байкі

Пчаляр, мядзведь і ліса

Пералюбы

Перапала

Дзед і пацук

Куніца і сава

Падхалімка

Дыялог ворана і крата

Дачнік і каларадскі жук

Каршун-ліхадзей

Львы і буйвалы

Караед

Камар-паклёпнік

Чалавек і малпа

Прымак

Ваяўнічы хрушч

Махлярка

Гісторыя з шашком

Таракан

Баравік і мухамор

Санкцыі

Карась

Парады

Воўк-прадпрымальнік

Нупрэй і куры

Бурнос і тэлевізар

На Марсе

Янот

Кот-зомбі

Каршун і крумкач

Васьміног і кіт

Ёрш і калючка

Грак і рак

Верабей-палітыкан

Яўхім, сабака і блохі

Лешч і клешч

Сцяпан і баян


Уладзімір Васько нарадзіўся ў вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Служыў ў войску на поўначы. Скончыў Гродзенскі педінстытут (зараз універсітэт) імя Янкі Купалы.

Працаваў у рэдакцыях Шчучынскай (1959 - 1960 гг.), Дзятлаўскай (1967 - 1972 гг.) і Лідскай (1972 - 2000 гг.) раённых газет. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2007 г. Жыве ў Лідзе. Друкуецца ў рэспубліканскім, абласным і раённым друку.

Выдаў кнігі "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругаварот жыцця" (2011), "Лясная рапсодыя" (2013), "Зігзагі лёсу" (2017), "Энергія душы" (2018), "На перавалах часу" (2021), "Неабдымнае" (2023).

Проза

Горад пад вадой

Аповесць

Магутныя, белагрывыя хвалі Ціхага акіяна з шумам падалі на шэры, спрасаваны пясок, лізалі зялёную прыбярэжную траву.

Галоўны інжынер мясцовага шклозавода, які мясціўся на ўскрайку горада Светламорска, былы лідчанін Мікалай Міхайлавіч Казак любіў такую пагоду больш, чым ціхую, спакойную. Яна заўсёды казытала яго фантазію, думалася размашыста, шырока, мроіліся крыштальныя гарады на гарызонце, хоць іх не было і ў паміне.

Была нядзельная раніца - і Мікалай Міхайлавіч рашыў прагуляцца, падыхаць свежым паветрам, паглядзець збоку на горад, на акіян, на сінія далячыні Камчаткі. Ён прайшоўся берагам далей, дзе каля самай вады ўзвышаліся шырокія,стромкія скалы. Хвалі тут з грукатам, моцна біліся аб камяністую цвердзь берага, рассыпаючы ў паветры срэбныя, буйныя пырскі, і зноў ніцма, пеніста падалі ўніз, а насустрач ім беглі новыя, яшчэ больш напорыстыя хвалі.

Мікалай Міхайлавіч любіў слухаць гэту арганную музыку вады. Дзеля гэтага ён прыпыніўся на некаторы час, як бы зліўся са стыхіяй бяскрайняга акіяна, яго гукамі, маляўнічым, звілістым берагам, прыгажосцю усходняга пейзажу. Пасля Казак развярнуўся і пайшоў назад. Так ён некалькі разоў прагульваўся туды-сюды. І раптам у ягонай галаве ўзвінцілася думка: а што, каб тут, на дне акіяна, пабудаваць падводны шкляны горад - было б здорава. "Да гэтага яшчэ ніхто не дадумаўся, - працягваў разважаць Казак. - Ва ўсякай справе ёсць першапраходцы. Чаму і мне не быць пачынальнікам будаўніцтва падводных гарадоў?"

З кожным крокам фантазія Мікалая Міхайлавіча ўсё больш ўзвінчвалася - і ён ужо, нібы наяве, бачыў гэты прыгожы горад з яго празрыстымі дамамі і нешырокімі вуліцамі.

"Матэрыяльныя сродкі на новабудоўлю можна знайсці і на нашым заводзе, - прыкідваў Казак. - Вось толькі як начальства паставіцца да мае няпростай задумкі? І дзе раздабыць патрэбныя грошы?"

На прадпрыемстве ўсе ведалі, што вытворчасцю, ды па сутнасці і калектывам кіруе галоўны інжынер, а дырэктар Міхалап проста так лічыцца фармальным кіраўніком, аднак без яго дазволу таксама лішняга кроку не зробіш.

Сярэдняга росту, сімпатычны шатэн, з цёмна-сінімі, разумнымі вачыма ўсё хадзіў па беразе і не стрымліваў свайго ўздыбленага ўяўлення пра новы горад. "А, - рашыў, нарэшце, Мікалай Міхайлавіч, - пазваню галоўнаму архітэктару горада Матэйку. Як-ніяк, ён усё ж мо зямляк, лідчанін, беларус. Можа ён што добрае параіць".

Казак па мабільніку набраў нумар хатняга тэлефона Матэйкі:

- Валянцін Леанідавіч, прывітанне. Такая праблема: напаткаў на адну сур'ёзную задумку і хачу падзяліцца ёю з табою. Калі ёсць час, прыходзь на бераг акіяна, насупраць нашага шклозавода. Пагамонім.

- Часу то малавата, - адказаў Матэйка, - наваліліся розныя хатнія, бытавыя клопаты, але паўгадзінкі магу выкраіць.

- Прыходзь.

Мікалай Міхайлавіч ужо не пакрочыў назад, да той стромкай скалы, а стаяў на месцы, бліжэй да вуліцы Берынга, адкуль павінен быў паявіцца Матэйка. Акіян усё яшчэ бударажыў слых і дражніўся з фантазіяй Казака, які прыгадаў словы з кнігі "Сто вялікіх мараплаўцаў": "Іспанцы трапілі ў акіян у час штыляў, і таму Магелан назваў яго Ціхім". Не такі ён ужо і ціхі…

Неўзабаве на бераг прыйшоў Матэйка:

- Што ў цябе тут за праблемы?

- Разумееш, хачу пабудаваць горад пад вадой.

- Ого! Смелы парыў! І як ты думаеш ўсё гэта ажыццявіць?

- Дамы будуць трохпавярховыя. Сцены з тоўстых шкляных пліт, а падлога і столь з пластмасавых, якія на нашым заводзе таксама выпускаюцца. Дах, вядома ж, не патрэбны. Вады не будзе прапускаць і столь.

- І што мантажныя работы будуць праводзіцца ў вадзе?

- Чаму ў вадзе, на якім-небудзь судне. Напрыклад, на палубе судна зманціруецца двухпакаёвая кватэра, тыпу "хрушчоўкі" і кранам апусціцца ў ваду, на дно акіяна. Яна будзе выглядаць прыблізна, як акварыум. Толькі акварыум не выпускае вады з сябе, а кватэра не будзе ўпускаць ваду ў сябе. Галоўнае, каб была надзейная ізаляцыя на стыках пліт. На першы паверх дома паставіцца другі, на другі - трэці, і такім чынам адна трохпавярхоўка гатовая. За ёю пойдуць упрытык наступныя - і горад уздоўж берага пачне пашырацца. Вядома ж, тут спатрэбяцца і вадалазы: яны правераць, дзе роўнае дно, ці няма перакосаў ва ўстанаўленні дамоў, будуць выяўляць іншыя хібы пры ўзвядзенні горада.

- Вуліцы будуць?

- А як жа. Вось уяві сабе: адзін шэраг дамоў узвялі, тады пракладваюць вуліцу. Такой жа даўжыні, як і кватэры, шкляныя скрынкі апускаюць на дно. У кожнай з іх ёсць шырокія дзверы з адной у другую, якія, пакуль не пачнецца рух, будуць шчыльна зачынены, каб не трапляла вада. Скрынкі таксама ўсталююць упрытык, на вуглы зноў жа накладуць надзейную ізаляцыю. Доўгі шэраг такіх скрынак і будзе служыць вуліцай. А па другі бок яе ўзвядуць новыя дамы - і такім чынам горад можа разрастацца ў розныя бакі.

- Не ўсё зразумела для мяне, - не супакойваўся Матэйка. - Ну, дапусцім, што людзям з ніжніх кватэр, у якіх таксама ёсць дзверы і якія супадаюць з вулічнымі дзвярыма, і абое будуць адчыняцца ва ўнутр, зручна могуць трапляць на вуліцу. А што рабіць жыльцам другога і трэцяга паверхаў - дабірацца да берага ўплаў?

- Слушная заўвага, - пагадзіўся Мікалай Міхайлавіч. - Давай тады паміж вулічнымі скрынямі і кватэрамі ўсталюем пластмасавыя стаякі, тыпу ліфтаў, у якіх з першага па трэці павер пракладзем прыступкі - вось па іх і змогуць хадзіць жыльцы дамоў угору і ўніз. А дзверы ніжніх кватэр і стаякоў патрэбна, каб супадалі гэтак сама, як вулічныя дзверы з дзвярыма, што ўнізе стаяка.

- Во цяпер знойдзена выйсце. Зноў жа, як ты мяркуеш злучыць вуліцу з берагам?

- Гэта зрабіць прасцей простага. Пракладзем шырокую, чатырохгранную пластмасавую ці шкляную трубу, у ёй усталюем прыступкі - і рухайся чалавек. Як у метро. Эскалатар, мабыць, не спатрэбіцца?

- Я думаю, што не. Не такі ўжо і вялікі будзе твой горад, каб у яго штодня праходзіла мноства людзей.

Матэйка паглядзеў у акіянскую далячынь, на некаторы час задумаўся, пасля спытаў:

- Чым жа жыльцы тваіх шкляных дамоў будуць дыхаць?

- Правядзём у кожную кватэру трубы, па якіх будзем запампоўваць свежае паветра. Таксама абсталюем выцяжку. Я думаю, што гэта зрабіць нескладана. Мяркую нават падключыцца да гарадской газавай сістэмы і па тонкіх трубах будзе паступаць газ, падаваць па правадах электрычнае святло. Усё ж кватэры планую абсталяваць прыдатнымі для жылля, абставіць новай сучаснай мэбляю. Купяць яе, канечне, самі навасёлы. Камунікацыі працягнем праз уваход на вуліцу, далей яны пойдуць па самой вуліцы, пасля зробім разгалінаванні па стаяках і кватэрах.

- Мне здаецца, што сцены дамоў, якія сутыкаюцца са стаякамі і вуліцай патрэбна устанавіць не са шкляных, а з пластмасавых пліт: прасцей будзе свідраваць дыркі ў іх, - выказаў яшчэ адну заўвагу Матэйка.

- Гэта я абмяркую са спецыялістамі. Зрэшты, як і ўсё астатняе.

- Правільна. Толькі з імі і неабходна ўзгадняць усё. Твая ідэя, а выканаўцы то яны. Пастарайся выкарыстаць людзей розных спецыяльнасцей, прычым высокакваліфікаваных - тут справа сур'ёзная. Любая прамашка можа абвярнуцца трагедыяй.

- Я гэта і сам разумею, - пагадзіўся Казак.

- Звяжыся з праектнай групай. Без праекта табе ніхто не дазволіць распачынаць будаўніцтва падводнага горада.

- Як хутка яны змогуць выканаць маю заяўку?

- Гэта залежыць ад аб'ёма іншых работ. Я папрашу, каб не марудзілі.

Сябры павольна прайшліся ўздоўж берага. На тварах іх быў адбітак нейкай глыбокай задуменнасці, а вочы гарэлі прагай спасціжэння нязведанага, таямнічага.

Акіян усё яшчэ ракатаў сваімі напорыстымі хвалямі і выклікаў у душах суразмоўцаў прыліў свежай і здаровай энергіі. Амаль адначасна яны ўбачылі ўдалечыні срэбны фантан, якім кіт аздабляў водную прастору.

- Вось грукнецца гэтая рыбіна-гігант у твой шкляны дом, - пажартаваў Матэйка, - і разваліцца ён, як картачны домік.

- Не ўрэжацца. Не такі кіт дурны, каб стукаць носам у перашкоду на сваім шляху. На худы канец горад можна абнесці і высокай металічнай сеткай.

Сябры спакойна, павольна прайшліся ўздоўж берага.

- Ці ўсё мы абмеркавалі? - запытаў Казак.

- Мяне яшчэ хвалюе такая акалічнасць, - адказаў Матэйка. - Дапусцім, сцены дамоў, якія сутыкаюцца, шкляныя і праз іх усё будзе бачна, што робіцца ў суседняй кватэры. Гэта не зусім добра… Якое тут можны знайсці выйсце?

- Я думаю, адпаведныя сцены трэба зрабіць з каляровага шкла. Яно не прасвечваецца. Альбо павесіць суцэльныя занавескі - шторы.

- Але ж і словы размовы, магчыма, нават даволі сакрэтнай ці інтымнай таксама змогуць пранікаць да суседзяў?

- Няхай не пляткараць абы пра што, няхай залішне не распускаюць языкі. Зрэшты, сродак для непранікнення зместу гутарак можа вынайсці кожная сям'я сама.

Матэйка не зусім пагадзіўся з такімі довадамі Казака, але нічога не сказаў, прамаўчаў, толькі ціха, пра сябе ўсміхнуўся.

У няспыннай размове сябры дабраліся да вуліцы Берынга, прайшліся па ёй да скрыжавання з вуліцай Крузенштэрна, і тут Матэйка сказаў:

- Увогуле я ўхваляю тваю ідэю пра будаўніцтва падводнага горада. Няхай не ўсё зразу будзе атрымлівацца добра і гладка. Галоўнае - пакласці пачатак, а там справа пачне ўдасканальвацца, дапаўняцца новымі варыянтамі, матэрыяламі, дэталямі. Нялёгкую ношу бярэш на свае плечы, братка, але не адступай, не пасуй перад цяжкасцямі.

2

Чарговы тыдзень дырэктар шклозавода "Камчацкі" Ігар Міхалап пачаў з планёркі. Ён папракнуў некаторыя аддзелы за пасіўную работу, за страту ініцыятывы, за празмернае чаяпіцце ў рабочы час. Асабліва дасталася аддзелу збыта, з-за якога на складах залежваецца прадукцыя. Даткнуўся таксама да тэмы парушэння выторчай дысцыпліны сярод рабочых.

Калі ўсе разыйшліся, ён сказаў сакратарцы заварыць яму моцнай кавы і зачыніўся ў сваім кабінеце. Спакваля стаў праглядаць і перакладваць з данаго боку ў другі розныя службовыя паперкі.

Казак пасля планёркі хацеў пагутарыць з дырэктарам наконт будаўніцва падводнага горада, але ўлічыўшы, што Міхалап з раніцы не ў гуморы, перадумаў і прайшоўся па цахах. Ён праверыў, ці спраўна паўсюль працуе вытворчае абсталяванне, ці нясе ад некаторых рабочых перагарам.

У цэху шліфавання шклянога посуду Казака спаткала ўпакоўшчыца Валя Ціхамірава, муж у якой алкаголік і нідзе не працуе, і паўшэптам загаварыла:

- Мікалай Міхайлавіч, шліфавальшчык Федзька Піскуноў у бутэльцы з-пад малака прыносіць на работу забеленую малаком гарэлку. Я баюся, каб ён не пакалечыў сабе рукі.

- Праверым, - адказаў Казак.

Па дарозе ён зайшоў у кабінет начальніка цэха і папярэдзіў:

- Слухай, у час абеду зайдзі ў бытоўку і панюхай, чым пахне "малако" Федзькі Піскунова. І ці не частуе ён ім іншых рабочых? Зразумеў?

- Усё праверу, Мікалай Міхайлавіч. Сёння ж.

Заглянуў Казак і ў аддзел збыту і спытаў:

- У колькі адрасоў вы накіроўваеце нашу прадукцыю?

- У сорак, - адказала русявая дзяўчына з прыклеенымі павейкамі.

- Разашліце рэкламацыйныя брашуркі яшчэ па сарака адрасах. Пашліце ў Кітай, Індыю, В'етнам, Паўночную і Паўднёвую Карэі, Японію, у рэспублікі сярэдняй Азіі, па расійскіх гарадах. Няхай ведаюць, якую прадукцыю выпускае наш завод - больш з'явіцца заказчыкаў, пакупнікоў.

Дзяўчаты паабяцалі неадкладна зрабіць гэта, а Казак не марудзячы, пакрочыў у кабінет Міхалапа. "Напэўна, ужо адпіўся каваю, - пра сябе падумаў ён. - Трэба ўсё-такі пра падводны горад пагаварыць зараз".

Міхалап, сапраўды, нічога не рабіў: склаўшы ў кулакі рукі, ён вяла пазіраў у акно, нібы сачыў за гульнёю шэрых, вяртлявых вераб'ёў на маладой ліпе.

- Сядай, - прапанаваў дырэктар.

Казак сеў на крэсла, прыстаўленае да прадаўгаватага століка, і адразу пачаў:

- Ігар Сяргеевіч, прыйшла такая ідэя ў галаву: пабудаваць у акіяне пад вадой шкляны горад.

- Перастань мучыцца дурасцю, - адрэзаў Міхалап. - Мала табе сваёй работы? Маеш карыта пад носам і еш з яго.

- Калі б усе елі з аднаго карыта, то не было б у нас ні Калумбаў, ні Паўзуновых, ні Цыялкоўскіх. Да гэтай пары цягалі б тачкі па гразі. Трэба ж нейкія закіды рабіць і ў бок ад звыклага. Пагоня за навізною - вось на што павінен настройваць сябе чалавек з маладых гадоў.

"Гэты ад свайго не адступіцца, - узважыў Міхалап. - Настырны хлапіна. І як мне астудзіць яго спрыт?"

- І што ты думаеш завадское шкло браць? - са злосцю прамовіў Міхалап.

- А як жа. Не ездзіць жа мне па яго за сотні кіламетраў.

- Не дам. Не атрымаецца. Дарэмныя твае патугі.

- Ну, гэта яшчэ паглядзім.

Казак падняўся і цвёрдым крокам пайшоў з кабінета дырэктара.

3

Ноччу Мікалаю Міхайлавічу не спалася. Ён думаў пра адмоўны адказ Міхалапа: "Зануда! І патрэбна было так рэзка адрэзаць. Я ж не бясплатна буду браць завадскія шкляныя пліты, нехта іх павінен аплаціць. Хто - гэта ўжо іншая справа. Тут, відаць, патрэбны калектыўны ўнёсак: можа часткова прафінансуе мэрыя, магчыма, дапаможа міністэрства прамысловасці. А лепш за ўсё было б, каб усе прадпрыемствы Светламорска склаліся па долях: з кожнага па нітцы - і беднаму кашуля. Не для сябе ж я рашыў пабудаваць горад пад вадой, а для маладых сем'яў, у якіх няма жылля, бо Светламорску па сутнасці ўжо няма куды расці.

Ну, гэты Міхалап… Не распытаў, не разабраўся, а адразу: "Не дам!" Дзіўна… Ва ўсім абапіраецца на мяне. Сам з кабінета не вылазіць, а тут… Ён проста не ацаніў майго парывання, не зразумеў. А можа проста баіцца ўсялякай навізны. Яна, мабыць, палохае яго, як воўк зайца. Закончаны кансерватар - нічога не скажаш… А я спадзяваўся на падтрымку… Ну нічога… Абламаем яго тупыя рогі".

Раніцай Казак пайшоў у паліклініку правакцыніравацца ад пандэміі, але чарга аказалася завялікай - і ён патэлефанаваў Міхалапу:

- Ігар Сяргеевіч, я ў паліклініцы, хачу прыняць вакцыну ад кавіда, а тут чарга. Трошкі затрымаюся.

- Прымай. Да абеда пастарайся прыйсці. Ёсць размова.

"Ага, - прыкінуў Казак, - ёсць шанец выкраіць час і заглянуць да дырэктара суднарамонтнага завода".

Чарга хоць і была вялікай, але рухалася даволі хутка, і Мікалай Міхайлавіч неўзабаве пераступіў парог кабінета для прышчэпак. Пасля размовы з урачом, замеру ціску, запісаў у журнале Казак трапіў да маладзенькай, прыгожанькай медсястры.

- Вам расійскую ці кітаўскую? - з прыемнай усмешкай спытала яна.

- Давайце расійскую.

Укол быў зусім не балючы, і Казак не адчуў ніякіх змяненняў у самаадчуванні. І ўсё ж дзяўчына папярэдзіла:

- Пасядзіце паўгадзіны ў паліклініцы. Не выходзьце адразу на вуліцу.

Аднак усе крэслы ў калідоры былі занятыя - і ён спакойна апусціўся па прыступках на першы паверх. Тут таксама месца для сядзення не знайшлося - і Казак махнуў рукою і выйшаў на вуліцу.

Да суднарамонтнага завода было і не так далёка. "А, прагуляюся пешу, - рашыў ён. - Хадзьба хутчэй разгоніць вакцыну па ўсяму арганізму".

У дарозе Казак адчуў як бы нейкую слабасць, лёгкае галавакружэнне, але гэта не мяняла яго планаў. У галаве яго роіліся думкі, што сказаць дырэктару суднарамонтага завода, ці знойдзецца ў таго час для гутаркі. "Знаёмы, то знаёмы, - разважаў Казак, - аднак тут справа сур'ёзная, і невядома, як ён паставіцца да мае просьбы".

4

На прахадной Мікалаю Міхайлавічу прапанавалі памыць антыкавідным растворам рукі, выпісаць у аддзеле кадраў часовы пропуск. І тое, і другое ён зрабіў.

Не стукаючы ў дзверы прыёмнай, ён рашуча пераступіў парог і звярнуўся да сакратаркі:

- Мне трэба трапіць да дырэктара.

- Праходзьце.

- О колькі вёснаў, колькі зім! - абрадаванна ўсклікнуў рослы, мажны брунет, устаў з-за стала і працягнуў Казаку руку. Гэта быў дырэктар суднарамонтнага завода Аляксей Уладзіміравіч Ваяхін.

- Прымошчвайся да стала, - прамовіў ён і сам сеў у крэсла. - Проста так зайшоў ці ёсць якая патрэба?

- Хачу абмеркаваць адну праблему. Надумаўся пабудаваць падводны шкляны горад і ўзнікла неабходнасць у тваёй падтрымцы.

- А гэта не з вобласці фантастыкі?

- Адтуль. Але фантастыка можа стаць рэальнасцю.

- Я даўно прыкмеціў, яшчэ тады, калі мы першы раз выязджалі ў заліў на рыбалку, што цябе Бог не абдзяліў талентам фантазёра.

- Што зробіш, такім урадзіўся…

- Увогуле заманлівая задумка, - яшчэ больш ажывіўся Ваяхін. - Але ці будзе гэта работа пад сілу будаўнікам?

- Павінны справіцца. Нічога тут асабліва складанага няма.

- Ну, а з мяне што патрабуецца?

- Выдзеліць якое-небудзь судна для мантажа кватэр на палубе. Яны будуць збірацца на палубе карабля і кранам гатовыя апускацца ў ваду.

- Для мяне тут ніякай праблемы няма. У чарзе на рамонт стаіць нямала суднаў. Вось і буду выдзяляць любое з іх, якое будаўнікам спадабаецца. Кранам таксама могуць карыстацца нашым. Мікалай Міхайлавіч, што мы тут завочна будзем нешта абмяркоўваць. Давай пройдземся да бухты - і там усё убачыш сваімі вачыма.

Яны з кабінета падаліся на двор. Раніца яшчэ не скончылася - і свежы акіянскі вецер прыемна казытаў іх твары. Казак адчуваў, што Ваяхін не падвядзе. Здавалася, гэтаму энергічнаму, рухаваму чалавеку ўсё па плячы, любую задачу ён можа вырашыць самастойна, без усялякіх папярэдніх умоў.

- І ці знойдуцца ў вас вадалазы? - спытаў Казак. - Магчыма, пад вадой прыйдзецца што-небудзь дапрацоўваць.

- Ёсць і вадалазы. Адпушчу - за гэта не хвалюйся. Для цябе ўсё зраблю, чаго не папросіш.

"Вось гэта чалавек, вось гэта кіраўнік, - падумаў Казак, - не тое, што наш нэндза, баіцца лішняга кроку ступіць".

Праз некаторы час яны апынуліся на беразе бухты. Тут стаяла некалькі пагрузачна-разгрузачных кранаў, на вадзе чакалі свае чаргі ў рамонт транспартныя і гандлёвыя судны. Схільны да назіранняў, Казак пільным позіркам абвёў узбярэжжа, перакінуў сваю ўвагу на бухту.

- Вунь той крайні карабель, - прамовіў, - мне спадабаўся. У ім шырокая і, напэўна, моцная палуба.

- Вытрымае любы груз. Можаце браць.

- Дык гэта не цяпер. І не заўтра, Магчыма, нават і не праз год. Усё яшчэ толькі ў планах, у марах. Неабходна прайсці многія інстанцыі, скласці праект, атрымаць дазвол ад уладаў. Адчуваю, што ўзнікне нямала перашкод. Не ўсе ж такія рашучыя, як ты. Наш Міхалап ужо заенчыў: "Не дам матэрыялаў, не дам шкляных пліт!"

- Твайму Міхалапу толькі стаяць у гардэробе, прымаць і выдаваць адзенне. Які з яго кіраўнік? Ён не ўмее праявіць ініцыятыву, укараніць у вытворчасць каштоўную навінку. Ды і паводзіць сябе, як адлюднік. На нарадах у мэрыі ўсе кіраўнікі вітаюцца між сабой, пад час перапынку збіраюцца ў групкі, гутараць. А ён нават на перапынках не выходзіць у фае. Ад пачатку і да канца нарады сядзіць у крэсле і пазірае на сцэну. Ведаю я яго…

Ваяхін цяжка ўздыхнуў, задумаўся, пасля зноў працягнуў:

- Былі б такія людзі на ўсіх кіруючых пасадах, - загубілі б краіну, а можа нават і ўсю цывілізацыю.

Ад такіх слоў у Казака пацяплела на душы. "Праўду гаворыць Ваяхін, - падумаў ён. - І хто такіх людзей вылучае на кіруючыя пасады?"

Ваяхін нібы разгадаў думкі свайго сябра:

- І ты думаеш адзін такі Міхалап у цэлым свеце. Хапае іх. Яны быццам створаны для раўнавагі прагрэса і рэгрэса.

Гордая постаць Ваяхіна, яго ўпэўнены позірк усялілі надзею ў Казака, што яму ўсё-такі ўдасца давесці да канца задуманае.

Сябры трошкі парухаліся ў бок крана, які апускаў на карабель нейкія цяжкія рамонтныя дэталі. Напружана рыпелі трасы. Па заліве шпарка прабягалі невысокія трапяткія хвалі, пабліскваючы на сонцы зіхоткімі люстэрачкамі. Удалечыні ў сінім мроіве паказаўся тралер.

- Вунь яшчэ адно судна цягне, - прамовіў Ваяхін. - Так што ў нас гэтага дабра хапае.

- Карацей кажучы, у нас тут, - не замарудзіў са сваім словам Казак, - поўная яснасць і ўзаемаразуменне.

- Абсалюна так. Я толькі вось чаго баюся: каб не надыбалі на твой горад які-небудзь карабель ці падводная лодка - раструшчаць на асколкі тваю новабудоўлю.

- А мы абнясем горад буямі - ярка выкрашанымі ў аранжавы колер пластмасавымі бочкамі. Здалёк будзе бачна.

- А ноччу?

- На вярху бочак умацуем мігаючыя электрычныя ліхтары.

- Усё правільна. Прабач, з падводнымі лодкамі я крыху перагнуў кій: яны тут не ходзяць: для іх заплытка. Усё-ткі якая мяркуецца глыбіня?

- Па маіх разліках павінны быць трохпавярховыя дамы, а над імі каб узвышаўся трохмятровы слой вады, - адказаў Казак.

- Такое месца мы падбярэм. Разумеецца трэба з роўным дном?

- Канечне.

Казак глянуў на ручны гадзіннік - прыспела пара ісці на працу. Ваяхін правёў яго да прахадной, паціснуў руку і з адценнем гумару сказаў:

- Ну, перадавай прывітанне Міхалапу.

5

У сваім кабінеце Казаку не сядзелася. Ён выйшаў у прыёмную, якая раздзяляла кабінеты дырэктара і галоўнага інжынера і, кіўнуўшы галавою на дзверы Міхалапа, спытаў у сакратаркі:

- Не цікавіўся мною?

- Не.

- Калі што, скажаш, што я пайшоў па тэрыторыі завода.

- Добра.

Найперш ён заглянуў у цэх ліцця ліставога шкла і пэўны час аглядваў формы, у якія заліваецца расплаўленая маса, прыкідваючы, наколькі іх можна пашырыць і павялічыць у памеры. "Таўшчыні пяць-шэсць сантыметраў, - меркаваў Казак, - павінна хапіць. Вытрымаюць лісты такую нагрузку на доме. А вось з памерамі, мусіць, патрэбна параіцца ў праектным бюро ці ў будаўніча-мантажнай фірме. Ім бачней. Але добра: да змайстравання форм яшчэ далёка. Прыспее час - я з гэтым спраўлюся сам".

Казак адсюль пахіліўся ў цэх шліфоўкі шкляных вырабаў. Там ён сустрэў начальніка цэха Дагуру.

- Усё, - прамовіў той, убачыўшы запытальны позірк галоўнага інжынера, - я загадаў Федзьку Піскунову напісаць заяву на звальненне. У бутэльцы, сапраўды, была забеленая самагонка, якою ён частаваў сваіх напарнікаў.

- Не трэба звальняць, - адказаў Казак, - ён здольны спецыяліст. Толькі строга папярэдзь, што пры паўтарэнні выпіўкі апыніцца на вуліцы. А так усё акуратна ідзе?

- Нармальна.

Вярнуўшыся ў свой кабінет, Казак патэлефанаваў Матэйку:

- Валянцін, што мы будзем рабіць з праектаваннем падводнага горада?

- Пра гэта, мне здаецца, яшчэ рана гаварыць, - пачулася ў трубцы. - Ты спачатку пацікаўся ў будаўніча-мантажнай фірме "Гмах", ці пагодзіцца яна будаваць твой горад. Ну а калі пагодзіцца, то запатрабуе грошы. І не малыя, напэўна. А дзе ты іх возьмеш? У гэтым, бадай, самая вялікая загвоздка.

- Я гэта і сам разумею. Бяда ў тым, што я не люблю хадзіць па інстанцыях і выпрошваць грошы ў каго-небудзь.

- Гэта яшчэ не бяда. Бяда, калі нічога не дадуць. Ды ты ж не ў асабістых мэтах будзеш прасіць - цябе павінны зразумець.

Матэйка паклаў трубку.

"Чорт пабяры, - вылаяўся ўслых Казак, - узяў абузу на сваю галаву".

Ён прайшоўся з аднаго вугла кабінета ў другі, наблізіўся да акна, і ўбачыў, як у густое голле старых ліп зашываюцца дзікія галубы. "І чаго яны хаваюцца і ад каго? - падумаў Мікалай Міхайлавіч. - Так і людзі-адлюднікі, то не вылазяць з чатырох сцен сваіх кватэр, то туляюцца ў цішыні кабінетаў, то пазбягаюць натоўпаў, сяброўскіх кампаній. Я не такі, - пахваліў сам сябе Казак. - Я люблю быць, дзе людна, дзе шумна, дзе ідзе ажыўленая гамана, люблю сустракацца са знаёмымі, сябрамі, штосьці абмяркоўваць, спрачацца, прапаноўваць, паслухаць іх разважанні".

Сапраўды, Казак - натура дзейная, жывая. У яго ёсць патрэбы ў пастаяннай занятасці рук, ног, галавы. Інакш ён адчувае сябе блага. І яшчэ гэтая цяга да пошукаў, да вынаходніцтваў, да адкрыццяў. Нарадзіўшыся ў вёсцы, змалку ён любіў бадзяцца ў агародзе, па сенажаці над рачулкай, спадзеючыся што-небудзь убачыць, знайсці тое, чаго яшчэ не ведае, - расліну якую ці жучка, ці птушку, ці асачыць гняздо пліскі. Любіў разглядваць на дне рачулкі гладзенькія каменьчыкі, шыцікаў у драўляных ці раслінных скарлупках. Сачыў, як гулліва плаваюць каля берага калючкі. Аднойчы ён узяў дома нітку, завязаў адзін канец на вузельчык і апусціў у ваду - калючкі наперабой пачалі кідацца да вузельчыка і праглыналі яго. Рывок - і рыбка ўжо на беразе. Але ён не браў калючак дамоў, а тут жа адчапляў і кідаў іх назад у рачулку. Для яго гэта была проста займальная, цікавая забаўка.

Маленькі Казак, як і іншыя яго равеснікі-хлапчукі, любіў капацца ў старых, закінутых бульбяных ямах. Аднойчы ён рабіў пячурку ў сцяне такой ямы, і капачка нечакана стукнулася ў штосьці цвёрдае. Хлопчык яшчэ увішней стаў завіхацца і неўзабаве выкапаў з пяску прыгожы гліняны гаршчочак. У ім штосьці забразгацела ў сярэдзіне. Дапытлівы Міколка разбіў гэты гаршчочак і на зямлю пасыпаліся срэбныя манеты, якіх ён яшчэ ніколі не бачыў. Хлопчык падабраў усе манеты, аднёс дахаты і паказаў бацьку, які каля свірну мяньціў касу. Бацька доўга разглядаў знаходку і ніяк не мог разабрацца, чые гэта грошы: на манетах былі выявы нейкіх каралёў ці цароў з каронамі на галаве, пад імі стаялі надпісы не на нашай мове. Цьмяныя, чужыя літары не ўдавалася добра разглядзець.

На наступны дзень бацька адвёз сынаву знаходку ў раённы гісторыка-краязнаўчы музей - і там, пад лупай прыстальна разглядзеўшы манеты, сказалі, што гэта грошы старажытнай Рымскай імперыі. Яму патлумачылі, што па Нёмане тады праходзіў гандлёвы шлях, і якога-небудзь купца штосьці напалохала ці, магчыма, хто хацеў адабраць у яго гэтыя грошы - і ён з перапуду ў гаршчочку закапаў іх на невысокім пагорачку ў пяску, спадзеючыся, што пасля іх забярэ. А не забраў - і манеты захаваліся аж да нашых дзён.

На тым месцы тады яшчэ, магчыма, і вёскі не было. А калі яна ўтварылася, то людзі, пачалі капаць бульбяныя ямы на больш узвышанай мясціне, каб не залівала іх вадой пры разліве Нёмана ў час паводкі. Аднак ніхто не натрапіў на гаршчочак. Нехта збоч выкапаў яму, не зачапіўшыся за клад. А вось дапытлівы, маленькі Казак (ці як яго ў вёсцы называлі Казачок) натрапіў на гаршчочак.

Знойдзеныя манеты забралі ў музей, а бацьку за гэта заплацілі грошы, на якія ён накупляў сыну розных шакаладных цукерак. Ужо тады Казачок зразумеў, што калі чаго-небудзь шукаеш, то абавязкова знойдзеш.

"Ну, а гэты нечаканы выбух фантазіі на беразе акіяна, - працягваў далей разважаць Казак, - ён адбыўся нібы не маёй волі, яго быццам прыслаў хтосьці зверху. Нарадзілася задумка - і я павінен яе рэалізаваць. Рэалізаваць, чаго б мне гэта не каштавала. Праўда, на першую перашкоду ў асобе Міхалапа я ўжо напароўся. Што яшчэ чакае мяне наперадзе - цяжка прадугадаць. Вядома ж, не ўсё будзе ісці гладка - і мне патрэбна маральна падрыхтавацца да ўсякага роду падножак. Запас энергіі і стойкасці я ў сабе адчуваю - наўрад хто ці зможа мяне зламаць. Дзейнічай, Казачок!" - загадаў сам сабе Казак.

Ён яшчэ пахадзіў па кабінеце, упэўнены ў сваёй непахіснасці і нязломнасці. Канечне, роіліся думкі і пра сваю непасрэдную работу: як-ніяк на ім ляжала сур'ёзная адказнасць за тэхнічны стан прадпрыемства, працэс варкі шкляной масы, якасці ўсіх вырабаў. Ён у сваёй галаве пракручваў розныя моманты вытворчасці, аналізаваў плюсы і мінусы і спыніўся на тым, што ў цэлым работа ідзе зладжана.

6

Мінулай ноччу пад раніцу Казаку сніўся доўгі, шматкаляровы сон, які амаль адпавядаў яго ўяўленню аб будучым шкляным горадзе. Быццам Мікалай Міхайлавіч з дырэктарам суднарамонтнага завода Ваяхіным прагульваліся па вуліцы Берынга і раптам перад імі нечаканна ўзніклі чатыры постаці незнаёмых мужчын, высокіх, у зялёных касцюмах, белых кашулях, без гальштукаў, з расшпіленымі каўнярамі.

- Хто з вас Казак? - спытаў адзін з іх.

- Я Казак, - адказаў Мікалай Міхайлавіч. - А што такое?

- Вядзі паказвай свой падводны горад. Мы іншапланяцяне і хочам пераняць твой вопыт, - адным голасам адказалі яны. - А гэта хто? - кіўнулі яны галовамі ў бок Ваяхіна.

- Гэта мой самы лепшы сябар.

- Кліч і яго.

Усе разам яны наблізіліся да ўваходу ў падводны горад - і Казак з Ваяхіным навыцяжку, а іншапланяцяне прыгнуўшыся па прыступках пачалі апускацца ўніз. Вулічныя дзверы, а таксама дзверы стаякоў і кватэр аўтаматычна адчыняліся перад імі - і шэсць мужчын уважліва разглядалі ўсё, што траплялася на вочы.

Дзесьці ў сярэдзіне горада да вонкавай сцяны адной з ніжніх кватэр падплыла белая акула і пільна ўставілася на прышэльцаў.

- А гэта што за звер? - зноў адным голасам запыталі іншапланяцяне.

- Гэта не звер, а рыба, акула, - адказаў Казак.

- У нас такіх няма, - загаласілі прышэльцы з космасу.

- Усякае бывае, - прамовіў Ваяхін. - У вас, напэўна, многага няма, што ёсць у нас. Вы яшчэ і не такое ўбачыце.

І тут акула рэзка рванула ўбок, а на яе месца стаў кіт. Іншапланяцяне быццам спалохаліся, збянтэжыліся, шырока вылупілі вочы на незнаёмую істоту.

- І гэта акула? - хрыплым дрыготкім голасам загаманілі яны.

- Не, гэта кіт, - мовіў Казак.

- Ён не нападзе на нас?

- Не. Тоўстая шкляная сцяна не прапусціць яго.

- Глядзіце. Мы не павінны загінуць на Зямлі, бо нас чакаюць там, на нашай планеце.

Іншапланяцяне паднялі рукі ўгору і ўказальнымі пальцамі амаль не ткнулі ў столь кватэры.

- А як жа зваць вашу планету? - пацікавіўся Ваяхін.

- Гэтага мы вам не скажам. Жыхары Зямлі - захопнікі і могуць напасць на нас.

- Ды ў нас яшчэ і не такая развітая тэхніка, - умяшаўся Казак, - каб даляцець да планеты, на якой ёсць жыццё і людзі такія самыя, як на Зямлі. Гэта ў вас розныя там лятаючыя талеркі, нябачныя ракеты. Тут вы абагналі нас.

- Канечне, зямлянам не дацягнуцца да нашай цывізацыі. А колькі вы жывіце? Хвіліны. А мы па тысячы і больш гадоў. Ну, ды добра. Паказвайце, дзе ў вас можна паесць - кавярня якая ці што. Мы прагаладаліся.

- У гэтым падводным горадзе шмат кавярняў і нават ёсць два рэстараны.

- Вядзіце ў самы лепшы рэстаран.

Шасцярых праз стаяк яны выйшлі на падводную вуліцу з адчыненымі дзвярыма і пакрочылі ў цэнтр шклянога горада. Іншапланяцян усё захапляла: розныя знакі, стрэлкі, надпісы, нумары кватэр на сценах вуліцы, узорчатыя, арыгінальныя электрычныя ліхтары на столі, сонца, святло якога прабівалася праз слой вады і столь сюды.

Нарэшце, яны параўняліся з самым лепшым у шкляным горадзе рэстаранам "Сахаты лось".

- Ну вось і прыйшлі, - сказаў Казак.

- А што такое сахаты лось? - пацікавіўся адзін з іншапланяцян. - Рыба?

- Не, гэта жывёла. Высокая такая, з разлапістымі рагамі, - Казак прыклаў пальцы да галавы і паказаў, адкуль і як яны растуць.

Іншапланяцяне дружна засмяяліся, не цямячы, што за лось, што за рогі, і для чаго яны патрэбныя.

- Давайце зойдзем, - прапанаваў Ваяхін.

Зноў жа дзверы самы адчыніліся - і госці апынуліся ў прасторнай, светлай зале рэстарана. Каля іх жвава забегалі ў кароткіх спаднічках, з белымі фартушкамі, сімпатычныя маладзенькія афіцыянткі.

- А ў вас дзяўчаты прыгажэйшыя, чым у нас, - зычнымі галасамі заспявалі прышэльцы з космасу.

- Мажліва, - прамовіў Ваяхін і неўпрыкмет падміргнуў Казаку. - Мы гэтым можам толькі ганарыцца.

Заказалі іншапланяцянам тое самае, што і для сябе: першае, другое, каву і дзве бутэлькі каньяка. Яда прышэльцам спадабалася. Гэта было бачна па тым, як яны аблізваліся.

- А што гэта ў вас за вада? - спытаў самы лабасты з іншапланяцян, як перакуліў чарку з каньяком.

- Гэта не вада, а каньяк, - адказаў Ваяхін. - Мы вам дадзім на дарогу пяць бутэлек з сабой і рэцэпт, як яго рабіць.

- Не пашкодзіла б, - пагадзіліўся ўсё той жа лабасты. - Аж павесялела ў ваччу і галава закруцілася.

- Нічога, адкруціцца, - запэўніў прышэльцаў Казак.

Як заўсёды ў такіх выпадках, захмялеўшую грамаду пацягнула на танцы. На гэты раз слова ўставіў кучаравы бландзін з залупястым носам і пудовымі кулакамі Лупач:

- А дзе ў вас тут якая дыскатэка ці клуб, каб даць волю нагам і паціскаць дзевак?

- Ды вунь за тымі дзвярыма, - паказаў рукою Казак. - Пайшлі!

Усе паўставалі. Афіцыянткі тут жа падбеглі і падалі наведвальнікам рэстарана чысценькія ружовенькія ручнічкі. Прышэльцы не ведалі, што з імі рабіць, але паглядзелі, што Казак з Ваяхіным выціраюць вусны - і яны давай церці аксамітавымі ручнічкамі па сваіх вуснах. Лупач дык з паўгадзіны цёр па сваіх лупах, пакуль не ачысціў іх ад рэшткаў грэчкі.

Пачакаўшы яго, іншапланяцяне, Казак і Ваяхін накіраваліся ў танцавальную залу. І тут невядома адкуль адразу ўзнікла мноства дзяўчат і хлопцаў, на сцэне зайграла музыка. Усе завіхурыліся ў вясёлых танцах. Лупач прыпаў грудзьмі да малажавай брунеткі і нагамі выкручваў розныя крэндзелі, аж пакуль таўставаты, гарбаносы іншапланяцянін, відаць, іх камандзір не хлопнуў яго па плячы і не накрычаў:

- Хопіць выдурняцца! Танцуй спакойна.

Але гэта на Лупача мала падзейнічала. Ён вычаўпляў сваё, не звяртаючы ўвагі на тое, што перашкаджае танцаваць іншым.

Казак і Ваяхін таксама не стаялі ўбаку ад моладзевай завірухі.

Танцы працягваліся аж пакуль сонца перастала свяціць праз столь у залу і не схавалася за сопкамі.

- Па конях! - выгукнуў усё той жа гарбаносы. - Паляцім на сваю планету!

Ад яго гучных слоў Казак прачнуўся і пачаў кулакамі церці вочы. "Чорт вазьмі, - шаптаў ён сам сабе. - Што гэта за сон? Падобны на казку ці выдумку…" Ніяк не развейваліся ў яго галаве малюнкі, сітуацыі, якія ён толькі што бачыў, што адчуваў. Яшчэ пэўны час Казак не мог прыйсці сам да сябе, не мог поўнасцю прачнуцца, усё паціраў даланёй лоб, кранаў пальцамі за вушы, пацягваючы іх угору. Нарэшце, начное мроіва сплыло, ён паварушыўся і, седзячы на ложку, ясна і свядома падумаў: "Добра было б, каб гэты сон стаў явай. Вядома ж, без іншапланяцян".

7

Неяк Міхалап на гэты раз не выклікаў да сябе Казака, як бывала раней, а сам прыйшоў да яго ў кабінет, паведаміў:

- Мяне кладуць у бальніцу. Выявілі Кавід-19. Заставайся за мяне. Глядзі, каб ўсё шло добра. Думаю, што не залечаць.

Казак не прыдаў асаблівага значэння дадатковай нагрузцы (ён і так упарта цягнуў службовую лямку), а вось Міхалапа па-сапраўднаму, па-чалавечы стала шкада. Хоць бы ён паправіўся, не здаў. Яму не так і многа засталося да пенсіі. Мікалаю Міхайлавічу нават стала крыху сорамна за сваё не вельмі пахвальнае меркаванне пра кіраўніка завода. У цэлым іх адносіны больш-менш няблага ладзіліся. Між імі не ўзнікала буйных канфліктаў, непаразуменняў, неабгрунтаваных спрэчак. Толькі вось з-за гэтага падводнага горада яны трошкі пацапаліся, але глыбокай крыўды адзін на другога не затаілі. Казак падумаў, што і з матэрыяламі для будаўніцтва горада на дне акіяна празмерных цяжкасцяў не будзе.

Мікалай Міхайлавіч не перасядаў у крэсла кіраўніка прадпрыемства, а заставаўся ў сваім кабінеце. Праўда, больш пасыпалася тэлефоных званкоў з розных устаноў горада, з уладных структур, з Міністэрства прамысловасці - на ўсе запытанні неабходна было даваць абгрунтаваныя, зразумелыя адказы. Разам з тым Казак штораніцы абыходзіў вытворчыя памяшканні, заглядаў у аддзелы, сустракаўся з начальнікамі цахоў, спецыялістамі, дбаў аб парадку і дысцыпліне на заводзе.

Аднак з галавы не выходзіў шкляны горад. У больш-менш вольныя хвіліны Казак думаў і аб ім. Аднойчы ён рашыў патэлефанаваць кіраўніку будаўніча-мантажнай фірмы "Гмах" Блахіну і абмеркаваць з ім магчымасці ўзвядзення падводных дамоў. Толькі ўзяўся за трубку, як узнікла другое рашэнне - сустрэцца з Блахіным з вока на вока, так будзе лепш.

"Гмах" размяшчаўся непадалёку ад шклозавода - і Казак наважыўся прайсці туды пешшу. Церушыў дробны дожджык, з акіяна веяла сырасцю, на прагнутых дзе-нідзе тратуарах ўтварыліся плыткія лужыны. Негустая навалач затуманіла аддаленыя сопкі. Казак не вельмі любіў такую пагоду. Яму больш па душы навальнічны дождж з громам і маланкай, з бурнымі раўчукамі, патокамі вады. Гэта адпавядала яго неспакойнай натуры.

Офіс будаўніча-мантажный фірмы "Гмах" мясціўся на паўночнай ускраіне горада, там жа была і ўся вытворчая база. Блахін, шатэн з кароткай, акуратнай бародкай толькі што вылез са сваёй легкавой аўтамашыны і шпарка шыбаваў у офіс. Казак сустрэў яго і прывітаўся.

- Тут будзем размаўляць ці пойдзем у кантору? - спытаў Блахін.

- Можам і тут.

- Што за праблемы?

- У маіх планах, - паведаміў Казак, - будаўніцтва падводнага шклянога горада на дне акіяна.

- Нешта новае ў нашым жыцці, - здзівіўся Блахін. - З такім я яшчэ не сустракаўся…

- У тым і справа, што нам няма ў каго пераймаць вопыт. Усё будзем пачынаць з нуля і самы вучыцца ў сябе.

- Цікава… Намалюйце ў словах выгляд вашага будучага горада.

Казак распавядаў Блахіну ўсё ў такой жа паслядоўнасці, як Матэйку і Ваяхіну, а сёе-тое дабаўляў яшчэ і новае, чаго не сказаў папярэднім суразмоўцам. Гэта заінтрыгавала Блахіна. Будучы чалавекам з ярка выражаным ад прыроды ўяўленнем ён усё адразу схопліваў, уважліва слухаў Казака і не перабіваў яго. У канцы размовы пацікавіўся:

- Хто будзе заказчыкам?

- Гэта канчаткова яшчэ не вырашана, але хутчэй за ўсё наша прадпрыемства альбо мэрыя горада.

- Вы хочаце, каб наша фірма была генеральным падрадчыкам?

- Толькі так.

Блахін задумаўся, прыстальна глянуў Казаку ў вочы, быццам выказваючы: "Смелы, аднак, чалавеча, рызыкоўны. Але ж і я такі. Не трэба яго нічым запалохваць".

Блахін зноў запытальна паглядзеў у твар Казаку.

- Дзе возьмем будаўнічыя матэрыялы?

- У нас, на заводе. Шкляных і пластмасавых лістоў хапае. Вось толькі вугалкі для замацоўвання пліт павіны быць пластмасавыя ці металічныя?

- Пластмасавыя, - адказаў Блахін. - Метал у вадзе ржавее.

- Ці па плячы вам такая новабудоўля? - запытаў Казак.

- Нам ўсё па плячы. Мы можам узводзіць дамы хоць са шкла, хоць з золата, хоць з цэглы, хоць з бетона, хоць на дне акіяна, хоць на сушы.

- Я ведаю. Як наш беларускі паэт Міхась Васілёк казаў: "Эх, бы грошы! Толькі б грошы!" Гэта самая складаная праблема. Тут патрэбна памазгаваць. І, мусіць, не аднаму мне, а і кіраўніцтву Светламорска і многім інстанцыям.

Блахін з Казаком пахіліліся да ўваходу ў офіс. Каля прыступкаў спыніліся.

- Ты ведаеш, што без праекта мы нічога не будуем? - папярэдзіў Блахін.

- Чаму ж мне не ведаць…

Казак пасунуў руку ва ўнутранную кішэню пінжака і дастаў адтуль акуратна складзены аркуш паперы:

- Я вось тут няўмела начарціў прыблізны праект горада. Можа паглядзіце ў вольную хвіліну?

Блахін разгарнуў аркуш і ціха ўсміхнуўся:

- Я вазьму паперку. Пагляджу на твае малюнкі. Але ж нам патрэбны афіцыйны праект з усімі абгрунтаванымі разлікамі, памерамі, дэталямі. Вяртаць гэта?

- Не. У мяне ёсць копія.

8

Пасля заканчэння працоўнага дня Казак заглянуў у прадуктовы магазін "Белы мядзведзь", купіў хлеба, малака, сасісак і смятаны. Пры выхадзе ён лоб у лоб сустрэўся з Матэйкам.

- Мікалай, - загаварыў той, - ты мяне пачакай на вуліцы. Зараз я затаваруся і выйду. Ёсць размова.

- Згодзен.

Матэйка не надоўга затрымаўся ў магазіне. З поўным пакетам правіянту ён неўзабаве па шырокіх прыступках апусціўся ўніз і лёгкім дотыкам рукі да пляча сябра патрывожыў таго:

- Пайшлі. Правяду цябе да вуліцы Крузенштэрна.

- Давай.

Яны крочылі, не спяшаючыся, іншы раз прыпыняліся, даказваючы нешта адзін другому, размахвалі рукамі, спрачаліся.

- Добра, Мікола, ты за праект асабліва не перажывай, - заспакоіў Казака Матэйка. - Я бяру гэта на сябе. Табе толькі прыйдзецца заплаціць пэўныя грашы.

- Не пытанне… Я заплачу сваімі уласнымі. Пасля разбярэмся.

- Ты не прыкідваў хоць які прыблізны праект сам?

- Нешта намазюкаў. Ды вось ён пры мне. Адзін экзэмпляр я аддаў кіраўніку будаўніча-мантажнай фірмы "Гмах" Блахіну, ды той толькі паказаў пярэднія зубы: "Не гадзіцца. Патрэбен афіцыйны, дасканалы, выкананы на высокім, граматным узроўні".

- Давай гэты мне, - папрасіў Матэйка, - я аддам яго ў праектную групу. Няхай паглядзяць. Не патрэбна будзе лішняе растлумачваць.

Казак аддаў свае рэбусы.

- Як цябе прыспешвае час? - запытаў Матэйка.

- Ну, пажадана, каб за тыдзень, месяц ці два быў зроблены. Я хачу з ім ісці да мэра горада. Не з пустымі ж рукамі заглядваць да яго ў кабінет.

- Разумна. Прыспешу праектантаў.

9

На заводзе ўсё ішло больш-менш добра. Супрацоўнікі аддзела збыту дадаткова разаслалі ў многія адрасы рэкламныя брашуркі, з дастаўкай сыравіны перабояў не было, Федзька Піскуноў перастаў насіць на работу забеленую самагонку - і ў Казака з'явілася большая магчымасць заняцца дадатковым клопатам - будаўніцтвам падводнага горада.

Аднак пакуль там "малявалі" праект, ні па якіх інстанцыях ён не хадзіў, жыў звыклым будзёным заняткам - і ў гэтым знаходзіў поўнае маральнае задавальненне. Праўда, думка сягала далей і вышэй свайго службовага крэсла - і ён быў бездапаможны ўтаймаваць яе, спыніць, абяскрыліць, даваў ёй поўную волю і не шкадаваў аб гэтым. Наадварот у ім пасяліўся нейкі ўзвышаны, незразумелы, магчыма, для іншых духоўны стан.

У гэты дзень Казак рашыў патэлефанаваць у пульманалагічнае аддзяленне гарадской бальніцы. Там адказалі, што стан здароўя ў Міхалапа не вельмі добры, што ў яго двухбаковае запаленне лёгкіх, выкліканае пандэміяй, і што ён ляжыць у рэанімацыі пад капельніцай. Наведваць яго пакуль што нельга. Будзем спадзявацца на лепшае.

Такая вестка не абрадавала Казака. Чыста па-чалавечы ў душы ён перажываў за Міхалапа, хацеў, каб кіраўнік завода паправіўся, выздаравеў і зноў вярнуўся на работу. Ды што зробіш?..

10

У Казака наконт будаўніцтва горада ў акіяне ў агульным была поўная яснасць. Матэйка аддаў яму нядаўна гатовы праект. Заставалася толькі ўзгадніць гэтае распачынанне з кіраўніцтвам горада ну і яшчэ выпрасіць грошай з гарадскога бюджэту на ажыццяўленне задуманага. З гэтай мэтай ён і накіраваўся да мэра Светламорска Максіма Стукалава. Сакратарка прыёмнай Анжэла Цвіркунова сказала, што Максім Георгіевіч пакуль заняты, размаўляе па тэлефоне і прапанавала трошкі пасядзець і пачакаць.

Казак прысеў на адным з доўгага шэрагу крэслаў, любаваўся прыгажосцю сакратаркі, яе ўвішнасцю і спрытам у вазні з паперамі, чакаў. Нарэшце, яна падала сігнал, што можна заходзіць. Казак далікатна адчыніў двайныя дзверы і апынуўся ў вялізным кабінеце кіраўніка горада. Стукалаў кіўнуў галавою ў знак таго, што можна прысесць за маленькім столікам, прыстаўленым да сярэдзіны рабочага стала, і спытаў:

- Што хвалюе?

Казак расказаў усё па парадку і паказаў праект асобнай кватэры, асобнага дома, кавярняў, магазінаў, Дома культуры, рэстарана, вуліцы і ў цэлым усяго горада. Задумка і праект спадабаліся Стукалаву. Аднак ён сказаў:

- У прынцыпе я не супраць узвядзення горада пад вадой, тым больш што Светламорску ўжо няма куды расці. І пэўную суму грошай на будаўніцтва мы змаглі б выдзеліць. Аднак гэтая справа даволі сур'ёзная і адказная, і я павінен узгадніць яе з губернатарам Камчаткі Краснапёркіным. Падсоўвайся бліжэй, каб лепей было чуваць, я набяру яго нумар.

Казак падсунуў сваё крэсла. На тым канцы провада раздаўся бас:

- Слухаю, Максім Георгіевіч.

- Тут да мяне, - пачаў Стукалаў, - прыйшоў галоўны інжынер шклозавода з цікавай задумкай - пабудаваць пад вадой на дне акіяна шкляны горад. Ужо і праект ёсць. Просіць нашага дазволу і грашовай дапамогі…

- Ніякіх падводных гарадоў. Хочаце, каб прывялі да крушэння караблёў ці падводных лодак. Хочаце, каб прагрымелі на ўсю Расію. Тут у мяне абівае парогі яшчэ адзін дзівак. Дамагаецца, каб на сопцы пабудавалі дваццаціпавярховы дом і на даху яго ўсталявалі "чортава кола" - во, кажа, добра было б бачна ў далячыні акіяна і аглядаць камчацкі пейзаж. Што гэта? Камчатка - паўвостраў дзівакоў ці што? Не выдзяляй яму ні адной капейкі і ўвогуле забарані будаўніцтва фантастычнага горада.

Краснапёркін паклаў трубку.

- Чуў? - звярнуўся Стукалаў да Казака.

- Чуў… Што мне цяпер рабіць?

- Гэта вырашай сам.

Апанураны, Казак пакінуў кабінет мэра горада. Па дарозе на работу ён стараўся не думаць пра гэтую "пілюлю", хоць пераварыць яе было не проста: яна глыбока засела ў яго галаве і страўніку. Аднак не з тых людзей быў Казак, якія здаюцца і апускаюць рукі. Ён пачаў выношваць у сабе новыя планы і захады.

11

У суботу Казак надумаўся сустрэцца з Матэйкам, падзяліцца з ім сваімі меркаваннямі адносна той праблемы, якая хвалюе яго вось ужо некалькі месяцаў. Дамовіліся сустрэцца на беразе Ціхага акіяна, на тым самым месцы, дзе спаткаліся першы раз.

Матэйка прыйшоў нейкі насцярожаны, нібы інтуітыўна прадчуваў нешта нядобрае ў справах сябра. Пры набліжэнні да Казака ён прыкмеціў у яго вачах лёгкую разгубленасць, але твар выражаў самавітую ўпэўненасць і рашучасць.

- Ну як? - спытаў Матэйка.

- Хваліцца няма чым, - адказаў Казак, - учора хадзіў да мэра горада Стукалава - і, ведаеш, той крыху абнадзеіў і нават абяцаў дапамагчы грашыма. Аднак, каб узгадніць пытанне, пры мне патэлефанаваў губернатару Камчаткі Краснапёркіну і той наадрэз адмовіўся падтрымаць маю ідэю. Больш таго, абазваў мяне дзіваком, якіх на Камчатцы быццам бы хапае. Атрымліваецца, што кола замкнулася…

- І што ты мяркуеш рабіць далей?

- Напішу ліст міністру прамысловасці Звераву. Гэта будзе, мабыць, апошняя інстанцыя. Калі і ён не падтрымае, то і не ведаю: рыпацца больш ці супакоіцца.

- Правільна! Дзёйнічай настырна! Замкнуцца ў сабе - гэта самае горшае, што можна прыдумаць. Адштурхне, то адштурхне - за зварот у турму не пасадзяць.

Абнадзеяны Матэйкам Казак рассеяў сваю часовую разгубленасць на беразе акіяна, упарта глянуў на сінеччу воднай гладзі і прамовіў:

- Добра ўсё-ткі мець надзейнага сябра, земляка.

- І я той жа думкі.

- На радзіму не цягне? - запытаў Казак.

- Яшчэ як! Хочацца пахадзіць па лідскіх вуліцах, пабываць у парках, сустрэцца са школьнымі сябрамі і сяброўкамі, пакупацца ў мясцовым возеры.

- Мая жонка хоць і з камчадалак не супраць паехаць у Беларусь і застацца там жыць, - ажывіўся Казак. - Так што як выйду на пенсію, напэўна, і махну з сям'ёй у Ліду.

- Я размаўляў са сваёй на гэту тэму, - сказаў Матэйка. - Трошкі ўпіраецца: усё ж нарадзілася і вырасла на Камчатцы. Але думаю, што ўгавару. Я не раз ёй апавядаў, якая прыгожая прырода ў Беларусі, якая лагодная, рахманая. Не тое, што тут - суровая, халодная, няўтульная. Здаецца, заінтрыгаваў жонку. Так што праз колькі гадоў, магчыма, у адзін дзень і адчалім у родную Беларусь. Сумую я па матчынай старонцы…

Сябры некалькі разоў прайшліся берагам Ціхага акіяна туды-назад, успаміналі эпізоды са свайго юнацтва, школьнага балю, прыгадвалі, якімі яны тады былі гарэзнымі, акрыленымі і ніколі не думалі, што вайсковы лёс закіне іх на Камчатку.

Казак беглым позіркам акінуў некалькі бліжніх сопак, выразна выступаючых з разрэджанай затуманенасці, і прыгадаў таго дзівака, пра якога баеў Краснапёркін. "А што, - разважаў услых Казак, - няхай і не ўзводзілі б на сопцы дваццаціпавярховага дома, але "чортава кола" можна было б і ўсталяваць. Праклалі б да яго некрутыя прыступкі, бацькі з дзяцьмі хадзілі б туды, моладзь, быў бы дадатковы ўклад у бюджэт горада. Так што не ўсё ў парываннях дзівакоў заганнае".

Матэйка ўхапіўся за гэтую ідэю:

- Сапраўды, Краснапёркіну хоць што патрэбна было б вылушчыць з клопатаў дзівака. Але ў нас так: цягне конь воз з паклажай - і няхай цягне. Навошта загружаць яго чымсьці дадатковым. Не дай Бог спаткнецца і вывіхне нагу ці надарвецца… Хто вінаваты? Возчык. Ату яго!

- Увогуле, - падхапіў думку Матэйкі Казак, - філасофія ўкаранення навінак вельмі цікавая і займальная філасофія. Асабліва - супрацьдзеянне гэтаму працэсу кансерватараў. Вось бы знайшоўся б вучоны-філосаф, дэталёва, дакладна высветліў бы ўсе гэтыя факты ў масштабах свету, абагуліў бы іх, зрабіў бы правільныя, абгрунтаваныя вывады - атрымалася б доктарская дысертацыя. Во цікава было б прачытаць такую кнігу! Яна была б добрай навукай для тых, хто ўсё асцярожнічае: "Як бы чаго не выйшла…"

12

Пасля абеду Казак адразу засеў за пісьмо да міністра прамысловасці Зверава. "Шматпаважаны Уладзімір Максіміліянавіч, - пісаў ён, - я, галоўны інжынер Светламорскага шклозавода "Камчацкі" Мікалай Міхайлавіч Казак, надумаўся пабудаваць у Ціхім акіяне, непадалёку ад берага, падводны шкляны горад. Для гэтага на нашым прадпрыемстве ёсць усе неабходныя матэрыялы. Складзены праект горада, пытанне ўзгоднена з дырэктарам судна-рамонтнага завода Ваяхіным, які паабяцаў выдзяляць судна на мантаж кватэр на палубе, а таксама з кіраўніком будаўніча-мантажнай фірмы "Гмах" Блахіным, запэўніўшым мяне, што ўзвядзенне такога горада ім па плячы. Ды і мэр Светламорска Стукалаў, здаецца, не супраць адпаведнага распачынання. Вось толькі губернатар Камчаткі Краснапёркін адмоўна аднёсся да ажыццяўлення маёй ідэі.

Узнікае праблема з фінансаваннем…

Падводны горад патрэбны для таго, каб схавацца ў ім на выпадак ядзернай вайны ці падзення ў Ціхі акіян непадалёку ад Светламорска вялізнага астэроіда ці залётнай каметы. Па падліках спецыялістаў ўзрыўная хваля павінна прайсціся па паверхні вады і не зачапіць шклянога горада. Пры ўзгаданых бедствах у ім могуць захаваць жыццё ўсе жыхары Светламорска.

Я раіўся з урачамі - і яны сказалі, што ў падводных кватэрах людзі могуць жыць больш за сто гадоў, таму што ў шкляных двухпакаёўках будзе падтрымлівацца пастаянная тэмпература, і паветра будзе не задымленым, не загазованым, не запыленым, яго згодна праекта мяркуецца падаваць з ляснога масіву.

Увогуле, калі ў Вас з'явіцца час і жаданне азнаёміцца з праектам падводнага горада, то ў ім, гэтым праекце, усё распісана і расчэрчана да дробязей.

Прашу Вашай дапамогі ў маіх намаганнях".

Казак паставіў унізе ліста свой роспіс, сваё прозвішча, імя і імя па бацьку, а таксама напісаў рабочы і дамашні адрасы, нумары тэлефонаў, код горада.

Адрас Міністэрства прамысловасці ў Казака быў - і простым пісьмом ён паслаў ліст на імя Зверава.

Два тыдні з Масквы не было ніякага сігналу, на трэцім у канцы працоўнага дня, у кабінеце Казака раздаўся тэлефонны званок. Мікалай Міха йлавіч падняў трубку, прадставіўся.

- Гаворыць Звераў, - пачуўся моцны бас Уладзіміра Максіміліянавіча, - я атрымаў Ваш ліст, пабываў з ім ва Урадзе. Там выказалі станоўчыя адносіны да Вашай задумкі. У пачатку жніўня я прылячу на Камчатку - і дэталёва абмяркуем праблему.

Казак шчыра падзякаваў кіраўніка такога высокага рангу за падтрымку і дабавіў:

- Толькі на Вас спадзяванне, Уладзімір Максіміліянавіч, толькі з Вашай дапамогай мы зможам зрушыць справу з месца.

- Трымайцеся! Усё пойдзе, як належыць, - запэўніў Звераў Казака і паклаў трубку.

Казак ад радасці не ведаў, што рабіць: ён то ўставаў і падыходзіў да акна, то хадзіў па кабінеце, то хапаўся рукамі за галаву, вымаўляючы:

- Божа, нарэшце маёй мары суджана збыцца! Я сёння самы шчаслівы чалавек з усіх людзей, жывучых на гэтай планеце.

Не адкладваючы на заўтра, Казак тут жа пазваніў сваім закадычным сябрам Матэйку, Ваяхіну, Блахіну, а таксама мэру горада Стукалаву і расказаў у захапленні пра сваю размову са Зверавым. Тыя ад душы павіншавалі Мікалая Міхайлавіча з пачаткам яго дзейснага руху да запаветнай мэты.

Напружана чакаў Казак надыходу жніўня.

За гэты час лёс падкінуў яму яшчэ некалькі станоўчых момантаў: паправіўся і выпісаўся з бальніцы Міхалап, пра стан здароўя якога Мікалай Міхайлавіч не раз распытваў у лечачага ўрача, удалося змайстраваць новыя формы для ліцця больш тоўстых і вялізных шкляных і пластмасавых лістоў, вугалкоў для змацавання сцен, столі і падлогі, палепшылася пагода на Камчатцы.

13

Першага жніўня дзве тысячы дваццатага года ў Петрапаўлаўск-Камчацкі прыляцеў Звераў. Ён захапіў з сабой Краснапёркіна і на службовай машыне губернатара Камчаткі прыехалі ў Светламорск. Усе адказныя асобы горада сабраліся ў кабінеце Стукалава. Тут былі Ваяхін, Блахін, Міхалап, Матэйка і, вядома ж, Казак.

Прыземісты, плячысты Звераў падняўся з-за службовага століка Стукалава і пачаў:

- Сёння мы сабраліся для таго, каб абмеркаваць адну праблему. Менавіта якую? Галоўны інжынер шклозавода "Камчацкі" Казак прапанаваў пабудаваць на дне Ціхага акіяна падводны горад.

Міхалап і Краснапёркін заёрзаліся ў сваіх крэслах.

- Вельмі слушная прапанова, - працягваў Звераў. - Рускія заўсёды былі першапраходцамі. Яны праклалі паўночны марскі шлях, адкрылі Антарктыду і шэраг астравоў у Ціхім і Паўночна-Ледавітым акіянах, асвоілі Новую Зямлю, першымі пабывалі ў космасе. І тут мы таксама павінны быць першапраходцамі. Хвала Казаку, што ён выношвае ў сваёй галаве такую ідэю.

Усе паглядзелі ў бок Казака.

- Матэрыяльная база для будаўніцтва падводнага горада ў нас ёсць. Яна на Светламорскім шклозаводзе. З кадрамі будаўнікоў таксамы праблемы няма.

Не ўстаючы з месца, Блахін кіўнуў галавою ў знак згоды.

- З грашыма будзе тугавата, - высказаўся Краснапёркін.

- Нічога, - заспакоіў яго Звераў. - Аплату можна арганізаваць на долевых пачатках. Да таго ж і вы, спадар Краснапёркін, можаце выдзеліць пэўную суму з абласнога бюджэту, а таксама, я думаю, не паскупіцца на грошы і мэр горада Стукалаў. У рэшце рэшт, матэрыяльную падтрымку на гэтую добрую справу абяцалі аказаць і ва Ўрадзе. Яшчэ трэба мець на ўвазе, што кватэры ў падводных дамах будуць выдзяляцца не бясплатна, а за грошы. Такім чынам усе затраты акупяцца.

На тварах прысутных адбілася лёгкае задавальненне.

- Спадар Ваяхін, - звярнуўся Звераў да кіраўніка судна-рамонтнага завода, - у вас з выдзяленнем суднаў пад мантаж кватэр праблем не ўзнікне?

- Я думаю, што не.

- Але ж за гэта таксама, мабыць, прыйдзецца плаціць?

- Кранаўшчыку за яго работу. Бясплатна, канечне, ён не захоча працаваць. А прымусіць яго я не маю права.

- Спадар Блахін, Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры патрэбна падключаць да гэтай справы?

- Абыйдземся і без яго.

- Глядзіце. А то я магу патэлефанаваць міністру…

- Не варта.

- Такім чынам, - падагуліў гутарку Звераў, - заказчыкам будоўлі будзе шклозавод "Камчацкі", а куратарам яго галоўны інжынер Казак. Кантроль за ажыццяўленнем праекта вазьміце на сябе, спадар Стукалаў. Пажадана, каб некалькі пробных дамоў пад вадой былі ўзведзены ўжо сёлета. А ў цэлым пад забудову горада хоць бы на дзесяць тысяч чалавек адводзіцца вам два гады. Пасля ён, вядома ж, будзе пашырацца.

З гэтым кіраўнікі пагадзіліся.

- І глядзіце, - завастрыў увагу прысутных на развітанне Звераў, - каб не было на будаўніцтве ні аднаго няшчаснага выпадку, каб ні адзін чалавек не загінуў.

14

У Петрапаўлаўск-Камчацкі Звераў вяртаўся ўсё на той жа службовай машыне Краснапёркіна. Здатна заасфальтаваная дарога віляла між высокіх сопкаў, дзе-нідзе над ёю навісалі лапінкі густога туману - і таму шафёр асцярожнічаў, не развіваў вялікую скорасць, а прытрымліваўся сямідзесяці кіламетраў у гадзіну.

Звераў усё пазіраў у вокны машыны, адкрыта захапляўся маляўнічымі пейзажамі Камчаткі, любаваўся яе ўзвышшамі, гарамі, сопкамі, далінамі. Пасля цяжка ўздыхнуў:

- Эх, палазіць бы па гэтых сопках, палюбавацца далёкаўсходнім наваколлем, з вышыні паглядзець на акіян!..

Краснапёркін хацеў расказаць Звераву пра дзівака, які дамагаецца будаўніцтва дваццаціпавярховага дома на сопцы з той жа мэтай, але ўстрымаўся. Замест гэтага сказаў:

- Я баюся, што з нашага падводнага горады можа атрымацца пшык.

- А ты не хвалюйся. Усіх нас чакаюць няўдачы. Вунь колькі перапетый спыталі на сваім шляху вялікія мараплаўцы Калумб, Ахеда, Берынг, Сарычаў, Кацэбу, Крузенштэрн, Лапіруза і іншыя, а ўсё роўна дамагаліся свайго. Як кажуць, адужае дарогу ідучы. Я падтрымліваю захады Казака. Гэта мудры і смелы чалавек.

Краснапёркін прыціх. Пры ўездзе ў Петрапаўлаўск Камчацкі ён прапанаваў:

- Уладзімір Максіміліянавіч, можа заедзем да мяне, паабедаем.

- Не, адказаў Звераў, - у шаснаццаць гадзін адпраўляецца самалёт на Маскву. Мне патрэбна паспець. Падкіньце, калі ласка, мяне на аэрадром. А перакушу я ў дарозе.

15

Вярнуўшыся з нарады, якую аператыўна правёў Звераў, Казак даў каманду групе рабочых заліваць у новыя формы шкламасу і пластмасу для атрымання патрэбных у будаўніцтве лістоў. Міхалап не пярэчыў: ён ведаў, што грошы за гэту прадукцыю будуць паступаць на рахунак шклозавода.

Параіўшыся з Казаком, Стукалаў адкрыў у гарадскім будпрамбанку спецыяльны фонд, прызначаны для ўзвядзення падводнага горада - і долевыя сродкі ад прадпрыемстваў, з гарадскога і абласнога бюджэтаў пачалі паступаць у гэты фонд.

Надвор'е на Качатцы ў жніўні, на шчасце, трымалася добрае і вадалазам за некалькі дзён удалося дэталёва абследаваць непадалёку ад берага дно акіяна - яно аказалася роўным, цвёрдым, здатным для будаўніцтва шкляных дамоў.

Як толькі была падрыхтавана належная колькасць пліт і вугалкоў, Ваяхін неадкладна выдзеліў судна з шырокай, прадаўгаватай палубай, з устаноўленым на ёй кранам, а рабочыя фірмы "Гмах" адразу прыступілі да мантажу кватэр.

Работа закіпела. У верхнія вуглы пліт былі ўпаяны спецыяльныя крукі, за якія зручна ўдавалася зачапляць тросы і апускаць гатовыя кватэры на дно акіяна ці ставіць адну на другую. Кранаўшчык Завірухін быў віртуёз у сваёй справе. А вадалазы спрытна ўвіхаліся ў вадзе, стараючыся не дапусціць ні малейшай пагрэшнасці пры ўстаноўцы адной кватэры на другую.

Кожны дзень на будоўлю прыходзілі Ваяхін і Блахін і цікавіліся ходам работ, а Казак, спраўляючыся са сваёй асноўнай работай на заводзе, даволі часта круціўся тут, дбаў, каб не было дапушчана аніякай прамашкі, недапрацоўкі, клапаціўся аб своечасовым забеспячэнні будматэрыяламі. Наведваўся на новабудоўлю і Стукалаў.

Да зімы гмахаўцы ўзвялі восем дамоў: чатыры па адзін бок вуліцы і чатыры па другі. Адмыслова быў змайстраваны ўваход у горад, падведзены ўсе неабходныя камунікацыі.

Казак першым усяліўся ў новую кватэру на першым паверсе, апрабоўваючы на сабе ўсе яе плюсы і мінусы. Па суседству атабарыўся Матэйка. Усе астатнія занялі маладыя сем'і, якія ўзялі крэдыты і аплацілі падводнае жыллё.

Зіма паказала, што дамы змайстраваны надзейна і вытрымаюць рух часу. Жыльцы ў іх адчувалі сябе камфортна. Асабліва падабалася тут дзецям, якія любаваліся, як да сцен падплываюць маленькія, прыгожыя рыбкі і нават акулы. Праўда, унук Матэйкі крыху пабойваўся іх, а ўнучка Казака, наадварот, дражнілася з імі бліскучай, пазалочанай лыжкай.

16

У красавіку наступнага года работы па ўзвядзенню горада пад вадой зноў распачаліся. Дзе-нідзе яшчэ плавалі крыгі, але судны Ваяхіна адпіхнулі іх далей ад берага. Усё той жа Ваяхін абнёс месца забудовы горада плывучымі буямі - вялізнымі аранжавымі бочкамі, вырабленымі з пластмасы.

У канцы ўзведзеных дамоў вуліцу выгнулі друкаванай літарай "Г" налева і на некаторым аддаленні ад сушы павялі яе паралельна з берагам, а па абодва бакі ад яе будавалі новыя дамы. Мяркавалася расцягнуць горад на некалькі кіламетраў, у канцы яго зноў павярнуць да берага і зрабіць другі ўваход. Такім чынам ён набудзе выгляд вялікай шкляной скабы, а ў ізаляванай ад акіяна вадзе можна будзе стварыць небывалы па памерах акварыум. Так разважаў Казак.

Работы вяліся даволі шпарка. Да канца чэрвеня між дамоў узвялі дзве кавярні, планавалася ў сярэдзіне горада пабудаваць Дом культуры і рэстаран, а таксама на пэўнай адлегласці адзін ад другога размясціць па ўсяму гораду некалькі прамтаварных і прадуктовых магазінаў. Але гэта пакуль што яшчэ было наперадзе.

У ліпені прыехаў у Светламорск Краснапёркін. Разам са Стукалавым, Ваяхіным, Блахіным, Матэйкам яны ў суправаджэнні Казака ўвайшлі ў недабудаваны падводны горад. Краснапёркіна ўсё ў ім уразіла.

- Я не думаў, - сказаў ён, - што так здорава ў вас атрымаецца. Прыгожа, акуратна, утульна, і вада нідзе не пранікае.

Заглянулі ў кватэры Казака, Матэйкі і іншыя. Ніхто з навасёлаў не паскардзіўся на бытавыя нязручнасці, духату.

- Малайцы! - пахваліў Краснапёркін будаўнікоў, паглядзеўшы лагодна на Блахіна. - Створаны ўсе ўмовы для сапраўднага жыцця.

Ідучы па вуліцы гэтая невялічкая групка людзей параўнялася з кавярняй, на якой вісела ўжо і адпаведная шыльда.

- Анатоль Канстанцінавіч, - звярнуўся Казак да Краснапёркіна, - давайце заглянем у наш буфет.

- Я не супраць, - адказаў губернатар Камчаткі. - Паглядзім, чым тут частуюць людзей.

Матэйка адчыніў дзверы - і ўсе ўвайшлі ў цёплае, прывабнае памяшканне. Казак адразу накіраваўся да буфетчыцы.

- Заварыце нам кожнаму па кубку калумбійскай кавы "Арабіка" і прышыкуйце па дзве булачкі з макам, - сказаў ён. - Ёсць з макам?

- Ёсць.

Пакуль госці разглядалі кавярню знутры, Матэйка хутка стуліў два столікі, расставіў крэслы, а маладзенькая, сімпатычная буфетчыца, зразумеўшы, што перад ёю начальства, увішна заварыла каву, расставіла кубкі па сподках, расклала булачкі і сама пачала падаваць пачастунак на столікі. Казак ёй дапамог і тут жа разлічыўся за пакупкі, запрасіў начальнікаў за столікі.

Кава была яшчэ гарачай - і госці пабоўтваючы яе маленькімі лыжачкамі, даючы астыць, перамаўляліся паміж сабой.

- Грошы паступаюць? - спытаў Краснапёркін у Казака.

- Ідуць.

- Мы стварылі спецыяльны фонд, - уставіў слова Стукалаў, - і Мікалай Міхайлавіч ім распараджаецца.

- Малайцы! - безадрасна прамовіў Краснапёркін. - Я таксама падкіну пэўную суму.

Злёгку перакусіўшы, госці з Казаком выйшлі на падводную вуліцу і прайшліся далей у глыбіню шклянога горада. Краснапёркіна цікавіла тут усё: асвятленне, падвядзенне камунікацый, праца вадалазаў,будаўнікоў, забеспячэнне. Яму даступна і зразумела ўсё тлумачылі.

Дайшоўшы да канца вуліцы, яны развярнуліся і, не спяшаючыся, пакрочылі да выхаду. На паверхні Краснапёркін, аддыхаўшыся, прамовіў:

- Я прышлю сюды работнікаў абласной тэлестудыі. Няхай усё заздымуць і пакажуць людзям. Магчыма, знойдуцца пераймальнікі.

- Было б няблага, - падрымаў губернатара Блахін.

На беразе яны яшчэ некалькі мінут пагаманілі, паразважалі пра розныя абставіны, акалічнасці і дробязі ў забудове горада, пасля Краснапёркін закругліў:

- Ну добра. Нам са Стукалавым пара ехаць. Малайцы! - у трэці раз ён пахваліў прысутных на развітанне і кожнаму падаў руку.

17

Горад між тым разрастаўся. За два гады ён быў пабудаваны поўнасцю. Даведаўшыся, што ў ім створаны добрыя, прыдатныя для жыцця ўмовы, усё больш і больш людзей бралі крэдыты і стараліся выкупіць у ім кватэры. Радасць свяцілася на тварах навасёлаў.

Перад пачаткам зімы Стукалаву патэлефанаваў Звераў.

- Ну што ў вас атрымліваецца з падводным горадам? - спытаў ён.

- Будаўніцтва завершана. Ідзе засяленне.

- Не вельмі дарагія кватэры?

- Не. Жыхарам Светламорска яны па кішэні.

- Колькі ўваходаў у горад?

- Два. Адзін у пачатку вуліцы і адзін у канцы. Падведзены ўсе неабходныя камунікацыі, асвятленне, ацяпленне, газ, тэлефонныя правады. Людзі задаволены жыллём.

- Як пачувае сябе Казак?

- Выдатна! Ён на сёмым небе. Усё-такі збылася яго запаветная мара. Гэта дзякуючы вам, Уладзімір Максіміліянавіч.

- Я заўсёды падтрымліваю новыя пачынанні. Без іх прагрэс затармазіцца. Ну добра, перадавайце прывітанне Казаку, Блахіну, Ваяхіну, Матэйку. Буду ў камандзіроўцы на Камчатцы - загляну ў ваш падводны горад.

- Калі ласка, Уладзімір Максіміліянавіч. Шчыра запрашаем.

- Да пабачэння.

- Да пабачэння.

Размова са Зверавым глыбока парадавала Стукалава. Гэтай прыемнай навіной ён падзяліўся з Казаком і паабяцаў прэміраваць яго вялікай грашовай сумай.

18

Праз некаторы час да насельнікаў нашай планеты дайшла жудасная вестка - да Зямлі ляціць вялізны астэроід, памерам два кіламетры ў дыяметры. Яшчэ пакуль дакладна было невядома, куды ён канкрэтна ўпадзе, але ўсе былі ў страху і трывозе. Каб збіць яго з курсу ў космасе ўзарвалі дзве атамныя бомбы, ды астэроід толькі хіснуўся ўбок, а накірунку свайго не памяняў. Пазней вучоныя вызначылі, што ён упадзе ў Ціхі акіян прыкладна за трыста кіламетраў ад усходняга краю Камчаткі.

Паступіла ад кіраўніцтва каманда: усяму насельніцтву прыбярэжнай тэрыторыі шукаць надзейныя сховішчы за гарамі, за сопкамі, за лясамі. Стукалаў жа палічыў за лепшае ўсім жыхарам Светламорска перабрацца ў падводны горад.

І вось праз два дні зласчасны астэроід бухнуўся ў Ціхі акіян. Вялізныя трыццацімятровыя хвалі змялі ўсё жывое на сваім шляху, загінула многа людзей, жывёл, а тыя, хто паспеў пранікнуць у падводны горад, засталіся жывымі: хвалі прайшлі па паверхні і не закранулі ні аднаго дома.

Калі стыхія супакоілася, са шчаслівымі ўсмешкамі напалоханыя людзі выходзілі на бераг, абдымаліся, цалаваліся, аглядалі сушу. Некалькі чалавек, хто ведаў Казака, акружылі яго і падкінулі тры разы на "Ура!"

Эпілог

На Беларусі бушаваў вясёлы, квяцісты май. Сонца ўжо больш-менш прагрэла пясок на пясчаным пляжы Лідскага возера і ваду ў ім. Смельчакі купаліся, загаралі, па дарожках прыбярэжнага скверыка прагульваліся хлопцы, зухаватыя дзяўчаты, маці з дзіцячымі каляскамі, на лаўках сядзелі пенсіянеры і слухалі посвісты стаіўшагася на ліпе салаўя.

Я таксама прагульваўся па прыазёрнай дарожцы і раптам убачыў непадалёку дзве знаёмыя постаці - так гэта былі яны - Казак і Матэйка. Сустрэліся, паціснулі адзін аднаму рукі.

- Як вы тут апынуліся? - спытаў я.

- Пераехалі жыць у Ліду.

- Даўно?

- З паўгода назад.

- І жыллё набылі?

- На Камчатцы прадалі свае кватэры, а тут купілі новыя. У мікрараёне па вуліцы Гастэлы. Разам з намі прыехалі дзеці, унукі. Уладкаваліся няблага.

Матэйка сказаў, што працуе ў гарадской архітэктуры, а Казак, што не здрадзіў сваёй прафесіі шклавара і ездзіць у Бярозаўку на шклозавод "Нёман".

- Мне ўсяго год засталося да пенсіі, - зазначыў Казак. - Паезджу, папрацую, па дарозе палюбуюся роднай беларускай прыродай, Нёманам.

- Дзе лепш у Лідзе ці на Камчатцы?

- Чалавеку патрэбна пры магчымасці пабываць усюды: на Усходзе, на Поўначы, на Поўдні, у Сібіры, - прамовіў Матэйка. - На Камчатцы нам было не згорш. Праўда, там даволі суровы клімат: маразы, снег, туман… Ды ў апошнія гады, нешта як магнітам пацягнула нас на радзіму, у Ліду. Вось і прыехалі.

- На Камчатцы вы, напэўна, пакінулі добрую памяць аб сабе?

- Мы падарылі камчадалам прыгожы падводны шкляны горад, - з гонарам прамовіў Казак. - Гэта наш самы каштоўны падарунак для іх.

2022

Авечка

Гэта было ў Карэліі, даўно, задоўга да развалу Савецкага Саюза. Салдаты-навабранцы пастроіліся ў калідоры казармы для вячэрняй паверкі. Тут ў асноўным былі беларусы, некалькі хлопцаў з Расіі, два з Украіны, тры з Грузіі, адзін з Эстоніі.

Сяржант, стараслужачы, Фёдараў па спіску выклікаў кожнага.

- Радавы Дурняў.

- Я.

Па шарэнгах прайшоўся лёгкі смяшок.

- Смяяцца ў страі забаронена! - строга папярэдзіў сяржант і працягваў далей:

- Радавы Шастак.

- Тут два Шастакі, - аклікнуўся са строю салдат. - Каторы?

- Леанід.

- Я.

- Сяргей Шастак.

- Я.

- Радавы Авечка.

- Я.

- Дык Авечка не радавы, а радавая, - выкінуў рэпліку Дурняў.

- Хто сказаў? Выйсці са строю!

Дурняў выйшаў і стаў перад навабранцамі.

- Чатыры нарады па-за чаргою! - гучна абвясціў сяржант Фёдараў.

- Дык авечка жаночага роду, - апраўдваўся Дурняў.

- Пяць нарадаў па-за чаргою. З заўтрашняга дня пойдзеш на кухню чысціць бульбу. Станавіся ў строй.

Фёдараў акінуў позіркам салдат, глянуў у спісак і працягваў:

- Радавы Бабёр.

- Не Бабёр, а Бобер, - паправіў навабранец сяржанта.

- Добра пастаўлю націск на "о". Радавы Казёл.

- Я.

- Радавы Рабакабыла.

- Я.

- Дык не радавы, а радавая, - зноў не ўстрымаўся Дурняў. - Усё ж такі кабыла…

Фёдараў зноў выклікаў са строю Дурнява і сказаў:

- Адбудзеш нарады на кухні, на тыдзень пойдзеш на гаўтвахту.

Дурняў яшчэ не ведаў, што адбываць чатыры нарады на кухні - гэта пакута. Патрэбна было ноччу, у сырым, халодным памяшканні ўручную чысціць бульбу. Вочы зліпаюцца, хочацца спаць, а перад носам гара бульбы і да пяці гадзін раніцы яе патрэбна пачысціць. Канечне, тут бываюць і салдаты, што ў чарговым нарадзе, але яны суткі адбылі - і ў казарму, а ты застаешся на чатыры суткі. Цяжка. Вельмі цяжка. А гаўтвахта яшчэ больш горкая пілюля.

Радавы Багдзель замест "Я" выкрыкнуў "Прысутнічаю!" Аднак сяржант Фёдараў не пакараў яго, а толькі папярэдзіў усіх:

- Адказваць не "ёсць", не "прысутнічаю", а "я". "Я" і толькі "я".

За месяц нас усё-ткі абламалі, навучылі, як трымаць язык за зубамі у страі, не пярэчыць камандзірам, і на ўсе загады толькі казаць: "Слухаюся!"

Авечка ж хутчэй за іншых засвоіў воінскую навуку і неўзабаве яго здымак з'явіўся на Дошцы гонару ў Ленінскім пакоі, крыху пазней яму прысвоілі званне яфрэйтара, служба пайшла даволі гладка.

Адзін выпадак увогуле вывеў яго на шырокую дарогу славы. Ён нёс неяк каравульную службу на аэрадроме. Праходжваўся з аўтаматам туды-сюды, акідваў пільным позіркам самалёты, прастору вакол іх, недалёкі лес, скалы. І раптам прыкмеціў, як нехта, амаль непрыкметны, з кустоў фатаграфуе аэрадром. Гэта выклікала падазрэнне. "Затрымаць", - мільганула думка ў свядомасці яфрэйтара. Авечка зрабіў выгляд, што нічога не бачыў, не пазіраў у той бок, а схаваўся за самалёты, прайшоўся далей, абмінуў вялізную скалу і праз кусты цішком, крадучыся, як ліса, прабіраўся да таго месца, дзе знаходзіўся фатограф. Заставалася некалькі метраў, як той азірнуўся і ўстрапянуўся.

- Стой! Страляць буду! - моцна выкрыкнуў Авечка, трымаючы напагатове аўтамат.

Для незнаёмца стала зразумелым, што ўцячы немагчыма: гэты малады яфрэйтар выпусціць па ім чаргу. Ступіўшы яшчэ з два крокі, Авечка загадаў:

- Ідзі прама на аэрадром. А я за табою. Малейшы рух управа ці ўлева - адразу секану з аўтамата.

Незнаёмец ужо, мабыць, не думаў, як уцячы, а планаваў, як апраўдацца, бо фатаграфаваць ваенныя аб'екты забаронена. Ён ішоў роўна, а на аэрадроме стаялі рэактыўныя самалёты першага пакалення - вось, напэўна, што яго цікавіла.

Раніца была хмурнаватай, палёты яшчэ не пачыналіся. "Ды і навогул ці будуць яны сёння", - прыкінуў Авечка.

Але ваеннаслужачыя ўжо мітусіліся. Яны, мабыць, не прыступілі яшчэ да выканання сваіх службовых абавязкаў, аднак былі на месцы. "Куды яго вясці? - азадачыў сам сябе яфрэйтар. - А, паганю прама ў штаб да камандзіра лётнага палка". Некалькі дзяжурных афіцэраў дапамаглі Авечку ў яго намеры. І вось незнаёмы фатограф прадстаў перад палкоўнікам Нікіфаравым.

- У чым ён правінаваціўся? - спытаў палкоўнік Авечку.

- Фатаграфаваў нашы самалёты.

- Ах так!

Нікіфараў выклікаў афіцэра з асабовага аддзела, начальніка штаба і яшчэ некалькі службовых асоб. Калі яны з'явіліся ў кабінеце, ён сказаў яфрэйтару Авечку:

- Працягвайце нясці службу. А з дастаўленым фатографам мы разбярэмся.

Фатографа арыштавалі, наладзілі допыт, праявілі плёнку - аказалася, што гэта быў сапраўдны амерыканскі шпіён.

Палкоўнік Нікіфараў прыкінуў: "Усё ж неяк патрэбна заахвоціць Авечку. Як так, каб гэты выпадак пакінуць без увагі. Праз паўмесяца ён выклікаў у свой кабінет камандзіра роты радыёрэлейных механікаў маёра Ломцева і яфрэйтара Авечку.

- Што вы можаце, маёр, сказаць пра свайго воіна? - звярнуўся камандзір палка да Ломцева.

- Толькі ўсё самае добрае. Ён выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі, смелы, дысцыплінаваны, вынослівы. Яго здымак змешчаны на Дошцы гонару.

- Мы прысвоім яму званне сяржанта і пашлем хадайніцтва ў Міністэрства абароны аб прысваенні яму звання Героя Савецкага Саюза. Як вы, маёр, глядзіце на гэта?

- Я толькі за, - адказаў Ломцеў.

- Але ёсць адна няўвязка, - працягваў Нікіфараў, - прозвішча… Ну як будзе гучаць Герой Савецкага Саюза Авечка?

- Можа паставіць Баран? - не то з гумарам, не то сур'ёзна прапанаваў Авечка.

- Дык гэта ж амаль адно і тое ж - Баран ці Авечка, - павысіў голас камандзір палка. - Давай напішам Баранаў. Герой Савецкага Саюза, сяржант Баранаў. Гучыць? Гучыць.

- Пішыце, - адказаў Авечка.

- Патрэбна памяняць прозвішча тады і ў ваенным білеце, - настойваў на сваім Нікіфараў.

- Мяняйце.

Так і зрабілі.

Званне Героя Савецкага Саюза сяржанту Баранаву было прысвоена. Яго назначылі камандзірам аддзялення. У палку толькі і гаварылі пра пільнасць і мужнасць гэтага няўрымслівага воіна, яго кемлівасць.

На вячэрняй паверцы, калі Фёдараў, які ўжо насіў пагоны старшыні, выклікаў па спіску "Герой Савецкага Саюза, сяржант Баранаў", ніхто ўжо не хіхікаў. Усе з павагай і зайздрасцю пазіралі ў бок Баранава і маўчалі.

… А радавыя Дурняў, Казёл і Рабакабыла сваіх прозвішчаў не мянялі…

27.11.2022

Злодзей

У нашым двары катоў трохі больш, чым сабак. І жывуць яны параўнаўча не горш, чым у гады перабудовы. Праходзячыя збоч іх жанчыны ці дзяўчаты стараюцца адшчыкнуць ім лівернай, кравяной альбо варанай каўбасы, некалькі дробных кавалачкаў іншай яды і кінуць на траву ці пакласці на тратуар. Мужчыны ў гэтых адносінах больш скупыя: яны, акрамя недакурка, нічога лепшага прапанаваць катам не могуць.

Праўда, у двары ёсць нямала і штатных даглядальшчыц гэтых бяскрыўдных мявукаючых жывёлін. Хоць бы ўзяць Валянціну Дарафееўну, пенсінерку, у мінулым настаўніцу біялогіі. Жыве яна на чацвёртым паверсе, але яшчэ, як матылька лятае ўгору-уніз і заўсёды ў час прыносіць пачастунак катам. Тры разы на дзень корміць іх: ранкам, у абед і пад вечар. І корміць не абы чым, а ветчыной, балыком, палянгвіцай.

Грошай у Валянціны Дарафееўны хапае. Яна нікому фінансавай дапамогі не аказвае, бо адзіны сын, палкоўнік у адстаўцы, жыве ў Мінску, атрымлівае вялікую пенсію, сам не ведае куды дзяваць свае грошы. Адзення ў былой настаўніцы біялогіі таксама горы - яго хоць выкідай на вуліцу. Застаецца толькі купляць прадукты для сябе і для катоў.

Яна свае шчодрасці ні ад каго і не хавае. Калі адзін раз да кашачай сталовай падыйшоў нехта Багас, таксама пенсіянер, былы сантэхнік завода "Лідсельмаш", Валянціна Дарафееўна ўсё расказала і паказала яму, чым і як харчуюцца яе каты. Той акінуў позіркам сталовую і ўбачыў, што на цагляным выступе з падвала, сапраўды, стаяць тры талерачкі, запоўненыя мяснымі прадуктамі. Багас нават пазайздросціў катам з нагоды іх такога раскошнага харчавання.

- Ці даеш ты ім хоць вады? - спытаў ён.

- Дык вунь жа ўнізе стаіць баначка з вадою. Паядуць, пап'юць - што яшчэ трэба?

- Няблага ўладкаваліся…

Сам Багас жыве ў суседнім пад'ездзе, на трэцім паверсе і таксама утрымлівае кошку, але на двор яе не выпускае: баіцца, каб не навяла ў кватэру кацянят. Са свае слабенькай пенсіі ён, Багас, такую араву не пракорміць. А кот Валянціны Дарафееўны ходзіць у агульным статку і харчуецца з агульнай кухні, дадому прыходзіць толькі начаваць - і то незаўсёды.

Стоячы аднаго разу на балконе і назіраючы, як Валянціна Дарафееўна выкладвае катам на абед чарговыя порцыі пачастункаў, Багас падумаў:"А чым я горшы за катоў, што яны харчуюцца лепш, чым я…" І спантанна рашыў абкрадаць катоў.

А Валянціна Дарафееўна не заўсёды стаіць пры кармушцы. Яна іншы раз пакладзе правіянт і адпраўлецца ў сваё жытло. І тут Багас спаўна выкарыстоўвае ўдачны момант: ён хапае цалафанавы мяшок, збягае ўніз, высыпае прысмакі ў свой мяшочак - і шусь у пад'езд. У кватэры дзеліцца прысмакамі з кошкай - ёй менш, сабе больш. А дваровыя галодныя каты прыходзяць да кармушкі і голасна мявукаюць: няма чаго есці. Тады Валянціна Дарафееўна высоўваецца на балкон, пазірае ўніз і думае: "Няўжо вам мала? Столькі ўсяго наклала - а вы яшчэ просіце". Яна зноў нарэзвае мясных прадуктаў і выносіць на двор.

Два разы запар абкрадваць катоў Багас не рашаецца: а раптам выкрые… Ён пачаў хітрыць: калі-нікалі не ўвесь забірае правіянт, а толькі частку - каты не так галасяць. Увогуле ўсё ішло да пары - да часу даволі ўдачна: мінуў месяц, а Валянціна Дарафееўна на злодзея знянацку ні разу не наляцела.

Але ж чалавеку заўсёды ўсяго мала - і Багас рашыў пашырыць свой бізнес, абследваў суседнія двары. Ды марна: там катам на зямлю выкідвалі ў асноўным кравянку, ліверку і курыныя косці. Да таго ж нямала набягала і сапернікаў - бадзячых сабак, якія апераджалі яго, - і Багас вярнуўся ў свае ўладанні.

Каб стварыць хоць які запас грошай, ён пачаў абкрадваць дваровых катоў на поўную моц: адбіраў ад іх прадукты і раніцай, і ў абед, і вечарам. Мявукалы пачалі худзець, чахнуць, папрашайнічаць - і ў Валянціны Дарафееўны запульсавала падазрэнне. Яна апытвала людзей са свайго дома, можа хто бачыў зладзеяў, але на першым паверсе размешчаны магазіны, аптэка і ніхто нічога не мог убачыць, на верхніх паверхах таксама не знайшлося дасведчаных. А вось вокны дома, што насупраць як раз выходзяць на кашачую кармушку і з іх усё добра бачна. І адна знаёмая Валянціны Дарафееўны сказала, што Багас часта круціцца каля кармушкі. "Але я думала, - удакладніла знаёмая, - што ён падкормлівае катоў, бо заўсёды спіною стаіць да нас".

Валянціна Дарафееўна наладзіла слежку. На гэты раз яна больш паклала прадуктаў катам, чым у звычайны дзень, сама подбегам - на чацвёрты паверх і праз залу шмыг на балкон. Стаілася за прасыхаючай прасцінёй і чакае. І вось рыпнулі дзверы ў суседнім пад'ездзе, на пляцоўцы паказаўся Багас. Ён хуценька спусціўся з прыступкаў уніз, дайшоў да кармушкі і давай з талерачкаў высыпаць у цалафанавы мяшочак яе прадукты.

- Злодзей! - крыкнула Валянціна Дарафееўна.

Багас атарапеў. Ён не ведаў, ці высыпаць кавалачкі мяса назад у сподкі, ці ўцякаць з імі ў свой пад'езд. Рашыў высыпаць.

- І як табе не сорамна адбіраць ад катоў яду?! Пажылы мужчына, а чым займаешся…

У адказ ён нічога не сказаў, а толькі скруціў дулю і рэзка пасануў яе ўгору, на балкон. Гэта дарэшты раззлавала Валянціну Дарафееўну. Яна вярнулая ў залу і, аналізуючы абстаноўку, дастала з шуфляды чысты ліст паперы, узяла аўтаручку і напісала заяву на імя старшага суддзі горада Піліпчыка. Унізе паставіла нумар свайго дамашняга тэлефона.

Праз тыдзень Піліпчык пазваніў і запрасіў прыйсці ў яго кабінет - неадкладна, хоць зараз. Валянціна Дарафееўна замітусілася, забегала па зале, на хуткую руку адзела, што з лепшага - і ў дарогу. Праз мінут пятнаццаць была ў кабінеце суддзі.

- Ну вось што, - сказаў Піліпчык, - я ўважліва прачытаў вашу заяву і не магу нічым абрадаваць. Разумееце, у крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь няма такога артыкула, які прадугледжваў бы пакаранне за абкраданне катоў. Калі б гэты самы Багас краў прадукты, скажам, у магазіне, на рынку ў людзей ці на мясакамбінаце, альбо як-небудзь прабраўся б у вашу кватэру і апустошыў бы халадзільнік, то тут ад турмы яму не ўдалося б выкруціцца. А ў данным выпадку…

- Але ж прадукты мае, - запярэчыла Валянціна Дарафееўна.

- Пакуль былі ў вас, лічыліся вашымі. А як толькі вы іх аддалі катам, яны ўжо сталі кашачай уласнасцю. А артыкула аб крадзяжы прадуктаў у катоў у кодэксе няма. Суд нават не мае права аштрафаваць Багаса, бо гэта было б незаконным. Мы ж кіруемся толькі законам. Прабачце, іншага я нічога не магу прыдумаць.

- Як мне тады адпомсціць Багасу за крадзёж?

- Стварыце вакол яго ў двары абстаноўку няцярпімасці. Расказвайце людзям пра яго несумленныя ўчынкі, схільнасці да абкрадання катоў… Няхай жыльцы вашага дома і суседняга пасмяюцца над Багасам. Можа гэта падзейнічае на яго.

Валянціна Дарафееўна так і рабіла, аднак непакараны Багас нічога не ведаў пра яе захады і як абкрадаў катоў, так і абкрадвае, толькі ўжо больш асцярожнічае…

Некалькі разоў былая выкладчыца біялогіі запілінгавала былога сантэхніка з "Лідсельмаша" у час крадзяжу і патэлефанавала Піліпчыку, каб той зрабіў Багасу якую ўнушальнасць, напалохаў бы турмой ці што…. Праўда, Піліпчык выклікаў Багаса да сябе на гутарку і строга спытаў:

- Навошта ты крадзеш балык ад дваровых катоў?

- Першы раз чую.

- Валянціна Дарафееўна казала.

- Гэта Валянціна Дарафееўна першая пляткарка ў нашым мікрараёне. Яна расказвае ўсім, што Зэлік Іваноў ходзіць да Мілкі Панасовай у дом, што насупраць нашага, а Мілка, у сваю чаргу ходзіць у наш дом да Шуркі Бузука. А гэта няпраўда.

- Што няпраўда?

- Ну што Зэлік ходзіць туды, а Мілка прыходзіць сюды.

- Чым яна яшчэ займаецца?

- Хто яна, Мілка?

- Ды не, Валянціна Дарафееўна.

- Бывае, калі-нікалі корміць катоў. Але дае ім толькі прыгарэлыя на скаварадзе свіныя скуркі. Каб не прахожыя людзі - гэтыя каты даўно паздыхалі б…

- І ўсё?

- Не… Бывае яшчэ, калі па гадзіне чытае катам лекцыю, каб не сядалі на лаўкі, каб не лазілі на дрэвы, каб уцякалі ад сабак. Яна думае, што каты разумеюць яе мову. А яны проста стаяць, пазіраюць ёй у вочы і чакаюць, каб дала чаго-небудзь паесці. А яна іх словамі корміць…

- Чорт з вамі разбярэцца і з вашымі катамі. Вон адсюль!!!

30.12.2022

Дрэкс

Адкуль ён прыехаў у Астравец толкам так ніхто і не ведаў: адным ён казаў, што з Масквы, другім, што з Віцебска, трэцім, што з Вільнюса. Ад яго настырна праўды і не дамагаліся: можна і без яе спакойна пражыць на свеце. Галоўнае, што прыехаў, не абмінуў вядомы гарадскі пасёлак.

Уладкаваўся ж Альберт Васільевіч Цімафееў выкладчыкам нямецкай мовы ў сярэдняй школе з музычным ухілам. Ён хутка знайшоў агульную мову з настаўнікамі і вучнямі, не спрачаўся са школьным начальствам, умеў вытрушваць з разумовых кішэняў лёгкі, натуральны гумар, хораша смяяўся. У размове ўжываў і рускія, і беларускія, і польскія, і нямецкія, і літоўскія словы. Усё залежала ад таго, з кім уступаў у гутарку. Дрэнна, да прыкладу, вучань адказваў на ўроку, Альберт Васільевіч казаў:

- Дрэкс!

Старшакласнікі пачалі дамагацца, што абазначае гэтае слова. Ён патлумачыў, што па-беларуску "дрэнна", то па-літоўску "дрэкс". Цімафееў раскідваўся гэтым словам не толькі ў абыходжанні з вучнямі і настаўнікамі, але і на вуліцы са знаёмымі, якіх хутка нажыў, і ў лазні, калі ў парылцы выпадала слабаватая пара.

Аднойчы дзесяцікласніца Таня Валодзька, прыйшоўшы са школы дахаты, пахвалілася бацьку:

- Мне сёння Дрэкс паставіў "пяцёрку" па нямецкай мове.

- Што за Дрэкс? - насцярожыўся бацька.

- Гэта наш новы настаўнік.

- Як яго зваць?

- Альберт Васільевіч.

- Так і казала б Альберт Васільевіч, а то Дрэкс, Дрэкс.

- А яго ўсе так называюць у школе.

- Усе няхай называюць, а ты кажы па-добраму. Бо даведаецца - зноў будзеш цягаць "двойкі" дадому. Як удалося зарабіць "пяцёрку"?

- Ну я сяк-так адказвала на ўроку, а як толькі Альберт Васільевіч нахіліўся над школьным журналам ставіць адзнаку, я пацалавала яго ў шчочку - і Альберт Васільевіч уляпіў мне "пяцёрку".

- Глядзі, дзеўка…

Услед за Таняю рашчодрыліся на буські і астатнія дзесяцікласніцы. Цімафееў толькі паспяваў падстаўляць шчочку. Ацэньваючы веды дзяўчат, ён ужо не вымаўляў слова "дрэкс", а моўчкі ставіў у журнал і дзённікі "пяцёркі".

Шумок пайшоў у асяроддзі юнакоў. А Юрка Зазноба, як найбольш смелы сярод іх, вазьмі і скажы:

- Альберт Васільевіч, чаму вы дзяўчатам ставіце толькі "пяцёркі", а нам "двойкі", "тройкі", "чацвёркі"?

- Бо яны лепей за вас адказваюць.

- Ведаем, як яны адказваюць…

Неаб'ектыўнасць у ацэньванні ведаў вучняў дайшла да дырэктара школы Захарчука. Той праглядзеў класны журнал і паклікаў у свой кабінет Цімафеева.

- Нешта дзяўчаты ў дзесятым класе займаюцца на "выдатна", а хлопцы горш.

- Вучаніцы, сапраўды, больш старанныя.

- Яны, мабыць, закахаліся ў вас і падцягнуліся ў вучобе.

- Гэтага я не ведаю.

- Пастарайцеся аб'ектыўна ацэньваць веды. Інакш мы можам прагрымець на ўвесь раён.

Натацыя дырэктара трошкі паўздзейнічала на Цімафеева - і ён паціхеньку пачаў заніжаць адзнакі дзесяцікласніцам. Аднак бывала і такое: Альберт Васільевіч наважыцца паставіць Таньцы Валодзька "тройку", але гляне на яе прыгожы тварык, лагодную ўсмешку - і рука міжвольна выводзіць "5".

Хадзіў Цімафееў неяк сцішана, бы кот крадучыся да мышы. А кватараваўся ў адзінокай жанчыны Міхайлаўны, якая жыла ў драўляным доме на вуліцы Кастрычніцкай. Тут ён таксама праяўляў своеасаблівыя дзівацтвы. Бывала, правяраючы сшыткі ці пішучы планы работы на наступны дзень, засядзіцца да поўначы, пасля спахопіцца:

- Альберт Васільевіч, дрэкс працаваць па начах. Пара спаць.

Падыходзіць да ложка, становіцца па стойцы "смірна" і камандуе:

- Радавы Цімафееў, адбой!

Брык у ложка - драцяная сетка заскрыпіць, прагнецца разам з матрасам да самай падлогі, Дрэкс, паўседзячы, апусціць рукі па швах і прыкінецца, што спіць. Так праляжыць некалькі хвілін, пасля паварушыцца і сам сабе кажа:

- Радавы Цімафееў, ты забыўся раздзецца. Пад'ём!

Трымаючыся абеімі рукамі за раму, да якой прымацавана сетка, паднімецца, скіне пінжак, штаны, шкарпеткі, зноў стане па стойцы "смірна" і выкрыкне:

- Радавы Цімафееў, адбой!

Рэзка кінецца ў ложка. Як заўсёды нудна заскрыпіць і прагнецца да самай падлогі сетка, Дрэкс нацягне на тулава коўдру і прымушае сябе спаць. Але тут іншы раз ў пакой, у якім жыве Цімафееў, увойдзе гаспадыня дома Міхайлаўна і кажа:

- Альберт Васільевіч, ваш чай, мусіць, астыў. Давайце я пагрэю.

- Дрэкс піць гарачы чай. Я люблю халодны.

- То папіце перад сном хоць халоднага.

- Зараз…

Цімафееў парушыцца, але пры Міхайлаўне ўжо не падае сам сабе каманды "пад'ём!", а ціхенька вылезе са свайго "карыта" і прысядзе за стол.

- Можа пячэння даць?

- Абыйдзецца і так…

Дрэкс пап'е халоднага чаю, вытра рукою вусны і сам сабе напомніць:

- Радавы Цімафееў, не забудзь на гэты раз выключыць святло.

- Не забуду.

Бывае, што перад самай апошняй камандай Альберт Васільевіч сам сябе павысіць у званні.

Стаіўшыся за сценкай, Міхайлаўна чуе:

- Сяржант Цімафееў, колькі раз можна паўтараць. Адбой!

- Слухаюся.

І ў пакоі тут жа да самай раніцы ўсталёўваецца жаданая для гаспадыні цішыня.

За паўгода Дрэкс у Астраўцы стаў вядомай асобай. Яго прымала любая кампанія, бо сумна з ім не было ніколі. Парыльшчыкі ў мясцовай лазні пад час прысутнасці Альберта Васільевіча часта надрывалі пупкі ад смеху. Тут Дрэкс галіўся: леваю рукою абмацоўваў поўсць на твары, а правай збрываў.

- Як гэта ты ўсляпую голішся? - пыталі мужчыны.

- А я заўсёды так. Люстэркам не карыстаюся і дома.

- І грудзі, і плечы, і рукі, і ногі у цябе, як у малпы, зараслі поўсцю.

- Бо я пайшоў ад малпы. Яшчэ Дарвін пісаў, што малпа паступова ператварылася ў чалавека. Але для гэтага патрэбны быў працяглы перыяд, напружаная праца. Жыццё - адны пераўтварэнні.

- А чаму ў Гродзенскім заапарку малпа сядзіць у клетцы шмат гадоў, - аклікнуўся з верхняй паліцы Іван Дудук, - а ў чалавека не пераўтварыцца? Альбо я… працую ў хлебапякарні больш, як трэць века, а малпаю не раблюся. Вучэнне Дарвіна - дрэкс. На практыцы яно не пацвярджаецца.

- Вы не разумееце, што такое эвалюцыя, - разыйшоўся Альберт Васільевіч, - яна цягнецца тысячагоддзямі.

- Я не сказаў бы, - не здаваўся ўсё той жа Дудук. - Вунь Ленін зрабіў эвалюцыю ў Піцеры за адзін дзень.

- То ж не эвалюцыя, а рэвалюцыя. Гэта дзве абсалютна розныя рэчы. Не путайце боб з гарохам. Рэвалюцыя адбываецца насільным шляхам і параўнаўча хутка праходзіць, а эвалюцыя - мірным і, бывае, працягваецца, як я казаў, тысячы, а можа і мільёны гадоў.

- А што лепшае? - не ўтрываў на ніжняй паліцы муляр з будаўнічага ўпраўлення Раман Бусел.

- І ў тым і ў другім, - даводзіў да парыльшчыкаў Альберт Васільевіч, - ёсць свае плюсы і мінусы. Пры рэвалюцыі праліваецца шмат крыві, а эвалюцыя праходзіць бяскроўна, але марудна.

- А я лічу, - закругліў Бусел, - што і рэвалюцыя і эвалюцыя - дрэкс. Найлепей, калі ўсё развіваецца само па сабе.

- От, - уклініў ў размову слова шафёр з нарыхтоўчай канторы Сяргей Нічыпар, - улезлі ў нейкую філасофію. Трэба мяняць пласцінку. Альберт Васільевіч, што рабіць, каб быць здаровым?

- Я мяркую, што неабходна паводзіць сябе, як дзікун, а харчавацца не карэннямі, а сучаснай ядою. Я, калі жыў у Вільнюсе, прыкідваючыся дзікуном, аблазіў пешшу ўсю Літву, а харчаваўся варанай каўбасой, якой на той час там хапала ўдосталь. Адчуваў сябе выдатна.

- І колькі ж жонак вы пакінулі ў Літве? - зноў пераключыў размову на новую тэму Нічыпар.

- Ні адной. Я і зараз халасцяк. Мне сорак два гады, а ніяк не магу натрапіць на сваю.

- Хлопцы, тэрмінова патрэбны жаніць Альберта Васільевіча.

- Вунь, няхай бярэ Паліну Міхасёву. Жыве яна па вуліцы Кастрычніцкай, у апошнім доме, пры лесе. Там для дзікуноў поўнае раздолле.

- Як яна выглядае? - пацікавіўся Цімафееў.

- Ну ходзіць такая з разпушчанымі па плячах валасамі. Зашыешся носам у густую прычоску - не захочацца па начах выкрыкваць "Радавы Цімафееў, адбой!"

Альберт Васільевіч насцярожыўся: "Адкуль яны ведаюць, што я агучваю такія словы? Ці не Міхайлаўна ім перадала? Але ліха з імі. А за Палінаю трэба пасачыць…"

Праз некалькі дзён Дрэкс сустрэў у пачатку вуліцы Кастрычніцкай дзяўчыну з разпушчанымі валасамі па плячах і падумаў, што гэта Паліна, але набівацца ў знаёмства не палез: яна яму не вельмі спадабалася. А ў канцы навучальнага года ён увогуле расчараваўся і ў школьным калектыве, і ў Астраўцы - ва ўсім, і падаў заяву на звальненне.

- Ты куды намыліўся? - спытаў дырэктар школы.

- Паеду на Чукотку. Там больш рамантыкі.

Захарчук адпусціў Альберта Васільевіча, а куды ён падаўся - аднаму Богу вядома. У Астраўцы на аднаго арыгінальнага чалавека стала менш.

23.02.2023

Помста

Мы пасвілі за вёскай каровы на шырокім авальным лузе, на беразе рачулкі, берагі якой там-сям былі аздоблены маладым альховым кустоўем. Каровы добра наеліся сакавітай, духмянай травы, напіліся чыстай, прахалоднай вады і зараз амаль усе ляжалі, жуючы, як казалі пастушкі, жуйку. Час блізіўся да поўдня.

Мы не гулялі ані ў якія гульні, а стоўпіліся каля Сенчы і слухалі яго несамавітыя росказні пра розныя былі-небыліцы. Сенча быў старэйшы за нас. Яму стукнула дваццаць пяць гадоў, а нам, вясковай шпане, па дванаццаць - чатырнаццаць. Бачачы зіхатлівыя, дапытлівыя вочкі хлапчукоў, яму штохвілінна хацелася хоць чым-небудзь захапіць нас. А непадалёку сядзела на вышчарбленым, шурпатым валуне і грэла на сонцы свае круглыя, гладкія калені Гунюта. Сапраўднае імя яе Анюта, але ў вёсцы яе завочна ўсе чамусьці называлі Гунютаю. Адкуль гэта пайшло - я не ведаю.

Гунюце споўнілася васемнаццаць гадоў. Яна была дзеўка ў целе, і Бог не абдзяліў яе прыгажосцю.

І раптам Сенча рэзка крутнуўся і, шырока ўсміхнуўшыся, загаманіў:

- Хочаце, я вам зараз нешта пакажу?

- Хочам, хочам!

- Пайшлі за мной.

Сенча для нас быў сваеасаблівым важаком - і як яго не паслухаць. Ён шпарка крочыў наперадзе, а мы - за ім. І вось усе неўзабаве апынуліся перад Гунютаю. Сенча хватка падняў дзяўчыну з валуна, правай рукою ашчаперыў яе, а левай давай загаляць сукенку аж да самай шыі. Гунюта пішчала, крычала, выкручвалася, але ёй не проста было вырвацца з учэпістых Сенчыных рук. А мы, вясковыя падлеткі, падскоквалі, рагаталі, пацяшаліся. Сенча раз за разам паўтараў свае рухі, задзіраў сукенку дзяўчыны ўгору, стараючыся здзівіць нас і паказаць сваю смеласць, на якую не кожны з вясковых хлопцаў быў здольны. А мы ўсе рагаталі…

… Едучы за Нёман па сена брат Гунюты Вадода (у метрыцы запісана Уладзімір, але малодшы брацік Віталік не мог выгаварыць слова "Валодзя", а казаў Вадода - і пайшло гэтае слова гуляць па вёсцы), убачыў як Сенча здзекваецца над яго сястрой. Ён спыніў каня і кінуўся да нас. Сенча, ніколькі не напалоханы гэтым, адпусціў Гунюту і стаў у позу чакання. І вось яны апынуліся адзін насупраць другога, нахохліўшыся, як пеўні, гатовыя ў кожную хвіліну імгненна кінуцца ў бойку. Сенча не пачынаў першым, таму што адчуваў сябе вінаватым, а Вадода пабойваўся Сенчы: ён ведаў, што ўдарам кулака яму не ўдасца збіць Сенчу з ног, а Сенча яго саб'е без усякіх якіх, бо гэты "певень" жылісты, мускулісты, на цэлую галаву вышэй за Вадоду, адным ударам кулака ён праломваў сухую, цвёрдую, як косць асінавую дошку ў плоце.

Так яны некаторы час стаялі, нешта агідна бармочучы, не пускаючы ў ход рук. Нарэшце Вадода здаўся.

- Мы яшчэ сустрэнемся, - са злосцю прамовіў ён і адвярнуўся ад Сенчы.

- Валодзя, адпомсці за мяне! - выкрыкнула Гунюта. - Ён мяне зганьбіў перад пастушкамі.

- Адпомшчу!

Вадода, не азіраючыся, пайшоў да воза, а Сенча, як ні ў чым не бывала, забаўляў нас і выказваўся:

- Смаркач плюгавы! Ён яшчэ мне пагражае.

Між тым пакрыўджаная Гунюта пачала вылучаць са статку свае каровы і неўзабаве пагнала іх на абедзенную дойку. Тут жа за ёю паследавалі і мы.

А па вёсцы тым часам папаўзлі розныя чуткі з дапаўненнямі і пераўвелічэннямі аб тым, як Сенча здзекваўся над Гунютаю - гэта яшчэ больш раздражняла Вадоду. І вось аднойчы са свайго надворка ён убачыў, як Сенча на аселіцы, па той бок рачулкі, зграбае сухое сена. Засвярбелі рукі ў Вадоды: яму падалося, што прыспеў жаданы час. Ён зайшоў у каморку, зняў бязмен з цвіка, схаваў пад палу пінжака і, азіраючыся па баках, ці не туляецца дзе-небудзь за кустамі непатрэбная сведка, пакрочыў да крыўдзіцеля Гунюты.

Сенча здалёк прыкмеціў Вадоду і, упэўнены ў сваіх сілах, нікуды не ўцякаў, працягваў зграбаць сена. Вадода ў вузкім месцы пераскочыў рачулку, паправіў, не дастаючы з-пад палы, бязмен і рашучым крокам пашыбаваў да свайго ворага. Сенча насцярожыўся, перастаў грабсці сена, моцна ашчаперыў дзвюма рукамі граблі, абапёрся на іх і чакаў. Зноў яны апынуліся адзін насупраць другога, але гэта былі ўжо не нахохленыя пеўні. Вадода імгненна выхапіў з-пад палы бязмен і маланкава ўдарыў Сенчу па галаве. Сенча хістануўся - тады Вадода яшчэ і яшчэ біў Сенчу бязменам па галаве. Сенча не вытрымаў, выпусціў з рук граблі, упаў на пракос, перастаў рухацца.

Напалоханы сваім неразважлівым учынкам, прыгінаючыся, хаваючыся за кустоўе, амаль подбегам Вадода паспяшаўся дахаты. Украдкам, паціху павесіў на цвік у каморцы бязмен.

Дома ён нічога пра сваю помсту не сказаў: ні бацьку, ні маці, ні Гунюце. Корпаючыся ў двары, падбіраючы трэскі і складваючы іх у кастражок пры сцяне, ён раз за разам падыходзіў да варот і пазіраў у той бок, дзе зрабіў злачынства. Сенча ўсё яшчэ ляжаў на падгрэбеным сене. Вадода часам задумваўся, ці не падыйсці да Сенчы і не дапамагчы яму падняцца на ногі, калі ён ячшэ жывы. Але кожны раз абсякаў сябе, стрымліваў, баючыся выклікаць у людзей падазрэнне: забойства ўчыніў ён.

Пад вечар, калі дыск сонца пачаў хавацца за хаты і гумны вёскі, Вадода яшчэ раз глянуў на сваю ахвяру: Сенча паварушыўся, стаў на чацвярэнкі, напружыўся і падняўся на ногі. З цяжкасцю ён дацягнуўся да грабляў, абапіраючыся на іх, вялаю паходкай пакрочыў дадому. У Вадоды адлягло на сэрцы.

Ніхто ў вёсцы не бачыў, што Вадода бязменам абязвечыў Сенчу. А сам Сенча ў міліцыю не заяўляў. Людзі, аднак, прыкмецілі, што Сенча стаў зусім не такім, якім быў, зрабіўся маларухомым, па вуліцы хадзіў, як мокрая курыца. У сельскім клубе па святах не танцаваў, а сядзеў на лаўцы пры сцяне і з зайздасцю пазіраў, як хлопцы выстукваюць польку ці завірухаю з дзяўчатамі круцяцца пад мелодыю вальса.

Аднойчы на нейкі марудны танец, мабыць, стараючыся скупіць сваю віну, ён запрасіў Гунюту. Як не дзіўна яна не адмовіла Сенчу. Дзяўчаты па кутках захіхікалі: даравала Гунюта свайму крыўдзіцелю ці што?

У працэсе танца Сенча прапанаваў:

- Анюта, выходзь за мяне замуж.

- Не, Сенча, не пайду. Ты мяне зганьбіў на ўсю вёску.

- Будзеш раскайвацца…

- Не буду. Знайду лепшага за цябе.

- Як хочаш …

… А цераз тры гады Сенча не па сваёй волі пашкандыбаў у завоблачныя вышыні.

03.11.2022

Пакаранне

Пры размеркаванні зямлі пад дачы начальнік кааператыва "Колас" Буднік памеціў усе ўчасткі нумаркамі і напісаў гэтыя самы нумаркі на паперках, кінуў у сіняе пластмасавае вядро і прамовіў:

- Цягніце. Хто які ўчастак выцягне - той таму і дастанецца. Каб не было крыватолкаў, што аднаму выдзеліў лепшы, другому - горшы.

Натоўп акружыў Будніка і бліжэйшыя пасунулі рукі ў вядро, дастаючы адтуль скручаныя ў трубачкі паперкі. Буднік запісваў у тоўсты, з цвёрдымі вокладкамі, блакнот прозвішчы дачнікаў і нумаркі ўчасткаў, якія выпалі на іх долю.

Вартаўнік жа грузавога аўтапарку Лазюк стаяў ззаду і мовіў:

- Няхай цягнуць. Мой будзе самы апошні, той, што застанецца ў вядры.

На здзіўленне ён выйграў: яму дастаўся самы лепшы ўчастак - не пясчаны, не забалочаны, пры лесе, на ім не было ні малых, ні вялікіх камянёў, як на іншых.

Начальнік жа грузавога аўтапарку Квач выцягнуў самы горшы: пры палявой дарозе, па якой часта праязджалі легкавыя аўтамашыны, уздымаючы клубы пылу. Зямля на ўчастку - спрэс пясок-жаўцяк, да лесу далекавата, ад вятроў ніякага затулку.

Праз некалькі дзён Квач адшукаў у полі часова змайстраваную будку начальніка кааператыва і заглянуў у яе.

- Замяні мой участак на лепшы, - звярнуўся ён да гаспадара будкі.

- Э-э, не… За табою пачнуць прасіць іншыя замены, - адказаў Буднік, -пачнецца поўная неразбярыха. Тут крыўдаваць няма на каго: сам выцягваў. Хіба хто добраахвотна захоча памяняцца - іншая справа…

Карта Квача была бітая.

Прайшоў тыдзень, Квач выклікаў у свой кабінет вартаўніка Лазюка.

- Слухай, - загаманіў начальствуючы, - давай заменімся ўчасткамі. Якая табе розніца дзе. Ды і зямля ўсюды аднолькавая.

- Не магу, - заўпарціўся Лазюк. - На мяне накінецца жонка. Яна была на ўчастку - і ён ёй велькі спадабаўся.

На твары Квача высвецілася незадавальненне: як так падначалены аслухаўся яго.

- Ідзі, - буркнуў незадаволена Квач.

А сам пачаў перабіраць у сваёй галаве іншыя варыянты замены, але ні да чаго добрага не дадумаўся і змірыўся з такім становішчам. Зрэшты ён не зусім упаў духам: балазе, што пад рукамі грузавыя аўтамашыны, самазвалы, навозіць чарназёму, торфу - і ўраджай будзе атрымліваць не горшы, чым у іншых.

Злоба на Лазюка, аднак, цэпка ўчапілася за сэрца Квача. Ён настырна стаў шукаць прычыну для звальнення вартаўніка з работы. І неяк пад раніцу застаў яго спячым у вагончыку. Стомлены начной бяссоніцай, вартаўнік так моцна заснуў, што нават не пачуў, як ягоны начальнік праз адчыненыя дзверы ўвайшоў у вагончык. Квач расштурхаў Лазюка, моцна стукнуў кулаком па стале, аскаліўся:

- Кончыш службу, заходзь у аддзел кадраў і падавай заяву на звальненне.

- Сцяпан Баніфацавіч, я ўсяго на мінутку ўздрамнуў. Пакіньце мяне на рабоце.

- Я сваё слова сказаў. Інакш звольню па артыкуле.

- У мяне пяцёра дзяцей. Як жа я іх пракармлю. Не звальняйце, - амаль узмаліўся Лазюк.

- Сумеў заснуць - сумееш і пракарміць.

Квач моцна грукнуў дзвярыма, нешта прабарматаў на двары.

Лазюк падаў заяву. Задуменны, з навалачу тумана ў вачах ён прыйшоў дамоў. Жонцы спачатку нічога не казаў, а перад абедам не вытрымаў:

- Мяне звольнілі з работы.

- Як жа мы будзем жыць? - упала ў роспач Алеся.

- Буду шукаць новую.

- Ты думаеш, гэта проста?

- Як-небудзь знайду.

Днямі Лазюк не злазіў з тэлефона, абзвоньваў розныя інстанцыі, установы, прадпрыемствы, пешшу абышоў усе школы, дзіцячыя садкі - адусюль давалі ад варот паварот. Падаўся на чыгунку. Там сказалі:

- Нам патрэбны грузчык разгружаць вагоны. Згодзен ісці?

- Пайду.

Яму падсунулі ліст паперы, прадыктавалі тэкст заявы, у якой Лазюк не дапусціў ні адной памылкі.

- Заўтра можаш выходзіць на работу, - абрадаваў яго начальнік аддзела кадраў.

- Вельмі дзякую.

Лазюк ведаў, што праца грузчыка не лёгкая, але і зарплата большая, чым у вартаўніка. Чалавек быў на сёмым небе. Дома ажывілася, павесялела жонка, заскакалі ад радасці, усцешаныя навіной дзеці.

… А тым часам на дачных участках пачалі ўзводзіць домікі: хто з дошак, хто з блокаў, хто з бярвенняў. Квач жа пабудаваў двухпавярховую "хатку", як ён сам выражаўся, з цэглы. Пячнік змайстраваў між кухняй і залаю адмысловую печку, электраманцёр падвёў святло, зваршчыкі ўзвялі вакол участка высокі металічны плот - жыць-пажываць ды дабро нажываць.

Сціплы домік зляпіў з блокаў і Лазюк.

Аднак час бег хутчэй, чым пра гэта думаў Квач, і неўзабаве яго, Квача выправадзілі на пенсію. Спачатку ён адчуваў сябе няблага: ездзіў на ўласнай машыне на дачу, заараў торф і чарназём мотаблокам, красамоўна гаманіў з суседзямі… Пасля спакваля стаў занядужваць, занемагаць, губляць памяць.

Аднойчы, праходзячы каля дачы Лазюка і ўбачыўшы яго пры веснічках, Квач спытаў:

- Як мне прайсці на сваю дачу?

- Ідзі прама, - адказаў Лазюк, - пасля павернеш налева, пройдзеш сто метраў - павернеш направа, пасля зноў налева, праз пяцьдзесят крокаў - направа і ўбачыш сваю хатку.

- Я нічога не запомніў. Так я не знайду сваю дачу.

- Знойдзеш. Сумеў звальняць людзей з работы - сумееш знайсці і сваю дачу.

- А каго я звольніў?

- Мяне самага першага, а пасля і яшчэ чалавек дваццаць.

- Нешта я цябе не помню.

- Хутка забываеш, - пакрыўджана адказаў Лазюк.

- То куды мне ісці?

- Я табе растлумачыў.

Квач павярнуўся і пайшоў прэч. Праз некаторы час ён заблукаў між домікаў і не ведаў, куды яму ісці. Азіраючыся наўкола, ён спадзяваўся каго-небудзь убачыць. І тут трапіўся на вочы дачнік з яго кааператыва.

- Чаго шукаеш, чалавеча? - спытаў той.

- Свой домік.

- У цябе двухпавярховы?

- Не помню. Здаецца, двухпавярховы.

- Ідзі прама, пасля павернеш налева - і ўбачыш свой домік.

Прайшоўшы нязначную адлегласць, Квач зноў спыніўся на паўдарозе, разгублена пазіраў на домікі.

Між тым вечарэла. Кола сонца нізка кацілася над лесам і вось-вось павінна было схавацца за верхавіны дрэў.

Праходзячая збоч пенсіянерка Паліна з другога кааператыва, якая ведала Квача, спынілася, пацікавілася:

- Што згубіў, спадар Квач?

- Шукаў сваю дачу, ды не знайшоў. А ўжо трэба ехаць дахаты. Дзе тут аўтобусны прыпынак?

Пенсіянерка Паліна чула пра круты характар Квача, яго цягу да неміласэрнага звальнення людзей з работы і сама пра сябе падумала: "Гэта, мабыць, боскае пакаранне за грахі". Аднак выказацца ўслых не асмелілася, а проста ўзяла Квача за "лапу" і прывяла на аўтобусны прыпынак.

12.11.2022

Пажар

Перад тым, як адправіцца ў лепшы свет Вінцук Гузель напісаў завяшчанне, згодна якому ў спадчыну заставаліся ўнуку Дзянісу трохпакаёвая кватэра і дача непадалёку ад горада, за Навасёлкамі. Вінцук палічыў, што такое рашэнне самае правільнае, таму што ў сыноў да гэтага часу ўжо былі свае кватэры, у дочкі - таксама.

Дзяніс абрадаваўся такому выбару дзеда і хоць сам жыў з маці далекавата, штодзень наведваўся да старога Вінцука, цікавіўся, як ён сябе пачувае, ці не мае патрэбу ў якіх-небудзь леках, ці не схадзіць за яго у аддзяленне сувязі і заплаціць за камунальныя паслугі…

Усё ішло даволі здатна і зладжана. Аднак дзед з кожным годам адчуваў сябе ўсё горш і горш і неўзабаве адчаліў на неба. Дзяніс стаў паўнапраўным уладальнікам спадчыны.

Праўда, паводзіў ён сябе не зусім па-гаспадарску. Паколькі маці пераехала жыць да дочкі ў Магілёўскую вобласць, то яму варта было б самому, апроч іншых работ, апрацоўваць і дачны ўчастак. Аднак ён махнуў рукою на гэты ўчастак. А тут яшчэ і заробкі электрыка ў гарадской бальніцы ў яго былі благія - і ён рашыў знайсці шчасце на будаўніцтве маста цераз Керчанскі праліў. Не прамахнуўся. У Лідзе здаў трохпакаёвую кватэру па найму - і такія-сякія грошы сцякаліся, а там зарплата была намнога большая, чым у бальніцы.

Дахаты Дзяніс прыязджаў даволі рэдка: у год усяго адзін ці два разы. Летам бывала заглядваў са сваім белагаловым сябрам Павэлкам на дачу. І то пераважна для таго, каб "расціснуць" пляшку "Старкі" ці "Сваяка". А за рыдлёўкі і косы не браліся…

Трава, пачуўшы вольніцу, вымахвала ў рост чалавека, крапіва, сапернічаючы з ёю, на паўметра абганяла яе. У каранях пырніку ў зямлі, пракладваючы норы, заблытваліся краты. Сусед па дачы Цівунчык неяк спытаў:

- Дзяніс, чаму не косіш травы?

- А навошта яе касіць? Да зімы сама пасохне і абсядзе. А вясною вырасце новая.

- Яно то так… Але ж…

Тут, выражаючыся філасофскім тэрмінам, дзейнічаў закон адмаўлення адмаўлення ці па-руску кажучы, закон отрицания отрицания, калі маладая трава выцясняла старую.

Аднойчы, праходзячы збоч дачы Дзяніса, на яе паклалі вока бамжы. Яны ўбачылі, што ўчастак спрэс зарос травою - значыць, ніхто яго не апрацоўвае, здатна ўзвышаецца дашчаты пафарбаваны домік, з даху ўгору высока прабіваецца заржавелая труба - значыць ёсць цагляная печка ці хоць буржуйка. Чым не сховішча зімою ад лютых марозаў і шалёных завірух? У лесе, у сваім дыравым шалашы, яны, бамжыстыя, замерзнуць, бяспрэчна.

- Ну вось што, - звярнуўся самы старэйшы з бамжоў да астатніх, - патрэбна наладзіць слежку. Калі да восені на дачы не паявіцца ні адзін чалавек, перабіраемся жыць сюды.

Два бамжыстыя, у кароткіх зашмальцаваных куртках, пагадзіліся з такой прапановай трэцяга барадатага, які быў трошкі акуратнейшы за іх, насіў даўжэйшую куртку з адарваным гузікам угары, якую падабраў на плоце каля скрыні для смецця ў мікрараёне вуліцы Розы Люксембург. На нагах яго былі не парваныя пантофлі. У калоніі ў свой час ён навучыўся больш прыцэльна прастрэльваць позіркам наваколле, аператыўна аналізаваць усялякія падзеі і абставіны.

Восенню бамжыстыя, хаваючыся за кустамі, амаль штодня адсочвалі постаці прахожых людзей і пераканаліся, што на гэтую закінутую дачу ніхто не прыязджае, а ў канцы кастрычніка прыйшлі сюды.

Участак Дзяніса быў абнесены невысокай драцяной сеткай, цераз якую можна было лёгка перабрацца. Для гэтага бамжы паклалі на калючую сетку старую парваную ватоўку, знойдзенную на звалцы, і перакуліліся цераз яе.

Яны не ўзломвалі замка ў дзвярах, а выкарысталі акно, якое складвалася з адной даволі прадаўгаватай і шырокай шыбіны. Спярша асцярожна адгібалі цвічкі, баючыся пабіць шкло, пасля па чарзе пралезлі ў сярэдзіну доміка і ўцягнулі за сабой шыбіну. Там яе зноў прымацавалі да рамы, каб не ішоў холад.

Абстаноўка ў доміку прыйшлася бамжам па душы: у зале стаялі дзве канапы і металічнае ложка, засланае цёплаю коўдрай, ляжала падушка. У кутку воддаль ад сцен, з большага абабітых бляхай, мясцілася буржуйка. Заглянулі бамжы і на кухню. Тут яны ўбачылі невялікі столік, да якога былі прыстаўлены два крэслы і адна табурэтка. Крыху воддаль туліліся газавая плітка і балон.

Так-сяк перакусіўшы, не распальваючы агню ў буржуйцы, адзетыя бамжы ляглі спаць. Пакуль не заснулі, барадаты распавёў:

- Няпраўда, што рай толькі на небе. Ёсць ён і на зямлі. Ён вось тут.

Можа з тыдзень бамжы лазілі ў домік цераз акно, аднак аднойчы пры месячным святле выдралі з дзвярэй стары гаспадарскі замок і уставілі свой, новы. Кожнаму дасталася па ключы.

Замка ж на веснічках не чапалі, бо на новы пашкадавалі грошай.

Ватоўку таксама не цягалі з сабою. Перакульваючыся на ўчастак, яны ўносілі яе ў домік, а пакідаючы домік, хавалі ў лесе, пад кучаю сухога галля, якая грувасцілася непадалёку.

Неўзабаве бамжы ад некага даведаліся, што гаспадара дачы Дзяніса нават і ў Беларусі няма, што ён недзе ўзводзіць мост цераз Керчанскі праліў - і пачалі ўжо дзейнічаць смела. Перавалаклі сюды ўсю матэрыяльную базу: каляскі, лахманы, каструлю, гумовыя боты, чыгунную скавараду, пілку, сякеру. На газавай пліце (балазе, што ў балоне быў газ) яны рыхтавалі сабе яду, грэліся ад буржуйкі. Увогуле рэшткі восені і зіму правялі няблага.

А ў сярэдзіне красавіка ў Ліду нечакана прыехаў Дзяніс. Пераначаваўшы ў сваёй трохпакаёўцы, раніцай ён патэлефанаваў свайму сябру Павэлку і разам паехалі на дачу. Замок на веснічках адамкнуўся добра, а ў дзвярны, як не ўхітраліся, ніяк не маглі ўсунуць ключ.

- Што за чартаўшчына, - абурыўся Дзяніс, - нехта, мусіць, падмяніў замок.

- Хутчэй за ўсё, - падтрымаў яго Павэлак. - Давай палезем цераз акно.

- Давай.

Па-бамжоўскай манеры адгібалі цвічкі, дасталі шыбу, паставілі на зямлю і верхнім краем прыперлі да сцяны. Адзін за адным улезлі ў домік.

- Што гэта такое?! - зноў абурыўся Дзяніс. - Не мае рэчы. Нейкія лахманы, боты, пілка - усё звалена ў кучу.

- Трэба выклікаць міліцыю, - прапанаваў Павэлак, - бо прыпішуць, што ты пакраў чужое дабро і хаваеш на дачы.

Дзяніс тут жа дастаў мабільнік і патэлефанаваў у аддзел унутраных спраў, растлумачыў дзяжурнаму, што зрабілася на яго дачы, як да яе міліцыі трапіць.

Праз некаторы час хлопцы, якія ўжо вылезлі з доміка і стаялі каля варот, пачулі выццё сірэны, а неўзабаве паказалася з-за лесу і сама машына. Яна сцішана пад'ехала і спынілася. З яе вылезлі тры міліцыянеры.

- Гэта мы выклікалі, - адрапартаваў Дзяніс.

- Паказвайце, што ў вас тут такое.

Узышлі на ганак.

- Вось у гэтых дзвярах, - сказаў Дзяніс, - замянілі замок. Мой выдралі, а свой уставілі.

- Хто гэта зрабіў?

- Каб я ведаў…

- Як трапіць у домік?

- Прыйдзецца лезці праз акно.

- Без пытанняў.

Міліцыянеры разам з Дзянісам пралезлі ўнутр памяшкання, агледзелі чужое дабро, пасоўгалі сёе-тое па падлозе нагамі…

- Як вы думаеце, чыё гэта багацце? - звярнуўся старшы лейтэнант да астатніх.

- Я лічу, што бамжыстыя тут атабарыліся, - выказаў сваё меркаванне прапаршчык.

- А ты часта сюды прыязджаеш? - спытаў міліцыянер ў Дзяніса.

- Амаль год як не быў. Я будую мост цераз Керчанскі праліў.

- Цяпер зразумела… Так выкідаем усё гэта дабро на двор і забярэм з сабою.

- На кухні яшчэ скаварада не мая і каструля, - папярэдзіў Дзяніс міліцыянераў.

- Нясі іх сюды.

Пакуль падначаленыя і Дзяніс выкідвалі ўсё вон, старшы лейтэнант агледзеў залу, кухню, сцены, столь. Яму спадабалася месца на кухні, над дзвярыма.

- Вось тут, - прамовіў ён, - паставім камеру відэназірання. Бамжы прыйдуць, а камера іх і зафіксуе.

Усе пагадзіліся са старшым лейтэнантам. Так і зрабілі.

Пры панятых, Павэлку і яшчэ адным дачніку, склалі вопіс бамжоўскай маёмасці і павезлі яе ў міліцыю.

- Ну што, - звярнуўся Дзяніс да Павэлка, - тут нам няма чаго рабіць, адчалім і мы.

- Я згодзен. Там хоць у бары пасядзім.

Яны ўставілі шыбу ў акно і ўслед за міліцыянерамі на аўтобусе паехалі ў Ліду.

А пад вечар, калі яшчэ не зусім сцямнела, на дачу прыйшлі бамжы. На кухні камера відэаназірання адразу іх і зафіксавала, але яны пра гэта нічога не ведалі, бо камеры не прыкмецілі. Затое ўбачылі, што на газавай пліце няма каструлі і чыгуннай скаварады.

- Нехта тут пабываў, - насцярожыўся адзін з бамжоў.

Пераступілі парог у залу - нічога з нарабаваных набыткаў не знайшлося. Хлопцы ўпалі ў роспач.

- Я думаю, - выказаў сваё меркаванне, барадаты, што гаспадар дачы забраў нашу маёмасць, палакоміўся на наша багацце. Трэба прышыкаваць узнагароду за гэта. Усе за?

- Усе!

Нанасілі з прыбудоўкі кучу дроў, трэсак, наверх паклалі столік, крэслы, табурэтку, знізу панапіхалі шмат сухой травы, лісткі картону - чырк запалкам і полымя ўзвілося.

- Адтрымлівай, гаспадарык, залатую медаль за сваю сквапнасць, - са злосцю выцяў языком барадаты. - Цяпер уцякаем.

Яны кінуліся да выхаду. Дзвярэй не зачынялі, каб лепш паступаў кісларод і з большай сілай разгараўся касцёр пры дашчатай сцяне. Пералезлі цераз плот. Самы малады з бамжоў зняў з сеткі ватоўку і са словамі "Гары ты гарам" кінуў яе на ганак.

На двары ўжо зусім сцямнела. Наступіла ноч. Пад нагамі ў лесе нават не бачна было дарогі. Куды зніклі падпальшчыкі ў несусветным цемрыве - ніхто не бачыў.

А між тым агонь раз'юшана абдымаў увесь домік і прыбудову гаспадара.

… Нехта пенсіянер Косцік Пац, які, каб захаваць рэшткі нерваў ад нападак жонкі, перасяліўся жыць на дачу і ў сваім вуглавым доміку за сто метраў ад пажару пачуў моцны трэск, бы страляе хто з кулямёта Калашнікава. А праз некалькі хвілін раздаўся выбух, нібы ўпала на зямлю бомба ці снарад.

- Няўжо вайна?! - ускрыкнуў Пац, рвануў з сябе коўдру і босы выскачыў на вуліцу.

Пры святле полымя ён распазнаў, што гарыць домік старога Гузяля. Вярнуўся ў памяшканне і па мабільніку выклікаў пажарную машыну, якая прыехала даволі хутка. Але тушыць ужо амаль не было чаго: вядома ж дашчаты домік. Ён рухнуў і разам з камерай відэаназірання дагараў на зямлі.

Пажарныя, аднак, не пашкадавалі вады і дастаткова шчодра палівалі палаючыя яшчэ галавешкі і рыжую траву вакол пажарышча, якую таксама прагна паядаў агонь.

Пераканаўшыся, што ўсе ачагі ўзгарання патушаны, пажарныя адбылі дамоў, на сваё пастаяннае месца дыслакацыі. А раніцай прыехалі міліцыянеры з аўчаркай, каб знайсці свежыя сляды падпальшчыкаў. Але як знойдзеш, калі іх нябачна? Гэта ж не зімою на снезе. Сабака ж, нанюхаўшыся гары, толькі чыхаў і запытальна пазіраў міліцыянерам у вочы.

Пасля прыехалі ў цывільным адзенні супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Апытвалі дачнікаў з блізляжачых участкаў, прахожых, але ўсе адказвалі:

- Не чуў.

- Не бачыў.

Спрабавалі выклікаць на адкрытасць Паца, ды той сказаў:

- Я спаў. Мяне разбудзіў трэск шыферу і выбух балона. Я аж напалохаўся: падумаў, што пачынаецца вайна.

Крыміналісты засмяяліся:

- А да пажару ты не падыходзіў?

- Не, пабаяўся, што хто сядзіць у засадзе.

Так аж да сённяшняга дня ніхто не ведае, куды прапалі бамжы-падпальшчыкі. Мабыць, растварыліся ў масах?..

20.11.2022

Рабы

Да прадаўшчыцы сельмага ў вёсцы Гаманы Мівы заляцаліся адначасова трактарыст Лупік і вадзіцель грузавой аўтамашыны Рабы. Рабы і на самай справе быў трошкі рабаваты, ці па-руску кажучы, канапаты. Лупік жа высокі (каля двух метраў), стройны. Праўда, паводле свайго росту крыху вузкаваты ў плячах. Рабы ж даставаў яму галавою толькі да падпахі.

Яны амаль штодзень у вольную хвіліну забягалі ў сельмаг. Міва - ні даць - ні ўзяць - лялька Барбары, з блакітнымі вачыма і русявымі валасамі, аднолькава шчыра ўсміхалася ім і абаіх культурна абслугоўвала.

Лупік, калі яго не прыспешвала работа, узяўшы пакупку, іншы раз затрымліваўся і справабаў паразмаўляць з Міваю:

- Учора, - неяк казаў ён, - ідучы дахаты, трапіў пад дождж і намачыў шапку. Павесіў на плот сушыцца - дык вераб'і яе падзёўбалі…

- Спачуваю, - хіхікнула Міва.

- Як ты думаеш, ці пойдзе сёння дождж? - спытаў ён яшчэ.

- Не ведаю. Я ж не сіноптык.

- Хоць каб не было.

- Я таксама за сонечную пагоду.

І яшчэ ён сказаў:

- Раніцай праязджаў каля твайго магазіна і згубіў недзе гайку ад трактара. Ты не знаходзіла яе?

- Не, не бачыла…

- Шкада…

Рабы выступаў больш па-дзелавому:

- Не надакучыла табе яшчэ гандляваць у гэтым магазіне?

- А чаго? Мне тут добра.

- Можа пераехала б у горад?

- А бацькі… На каго я іх пакіну?

- Яно то і ў вёсцы можна жыць. Вунь у Бердаўцы будуюць аграгарадок. Кажуць, маладажонам будуць выдзяляць кватэры.

Напачатку Міва нічога не падазравала, аднак з цягам часу прыкмеціла, што Лупік і Рабы клююць на яе і стала больш уважліва прыглядацца да абоіх. Асаблівай ганьбы Лупіку яна не давала: рослы, не брыдкі на твар, спраўна водзіць трактар… Толькі вось гэтыя плоскія размовы пра вераб'ёў, гайкі, пагоду… "Ці вытрымаю я іх, - думала Міва. - Ну а Рабы? Гэты як гаворыць - здаецца гладзіць па сэрцы".

У Гаманах моладзі станавілася ўсё менш, але клуба пакуль што не зачынялі на замок. Сюды прыходзілі хлопцы і дзяўчаты з суседніх вёсак і чалавек дваццаць збіралася. Лупік, які найчасцей запрашаў патанцаваць Міву, канечне, вылучаўся сярод іншых. Аднойчы, нахіліўшыся, ён ціха шапнуў ёй на вушка:

- Міва, выходзь за мяне замуж.

- Ах, Божа! Не чакала я такой прапановы.

- Не пашкадуеш…

- Падумаю.

У той жа вечар Рабы, якому ўдалося толькі адзін раз запрасіць на танец Міву, ласкава паглядзеў ёй у вочы і шчыра прамовіў:

- Міва, як закончацца танцы, прыходзь пад тую тоўстую дзікую грушу, што расце за вёскай. Я там буду цябе чакаць.

- Пагляджу.

Лупік скоса глянуў на Рабога і, мусіць, раўнуючы, выразам твару хацеў яму прыгразіць, але дзяўчына, з якой ён танцаваў, загаманіла:

- Мабыць, ужо закончацца танцы. Бачыш гарманіст стаміўся.

І Лупік перавёў позірк на гарманіста. Хутка той, сапраўды, скінуў рамяні з плячэй, зашпіліў мяхі на вузенькую дзяжку - і гэта абазначала, што пара разыходзіцца.

Рабы першым выйшаў з клуба, за ім яшчэ некалькі чалавек і Міва. Міва азірнулася, ўбачыла, як перастаўляе на прыступках уніз свае "мыліцы" Лупік, і драпанула, баючыся, што ўвяжацца праводзіць яе дахаты.

А Рабы, прамінуўшы свой дом, пайшоў пад грушу. Ён там то таптаўся на месцы, то хадзіў вакол дрэва, пазіраючы ў бок вёскі, чакаючы ці хутка пакажацца ў начным сутонні Міва. Па яго мяркаваннях яна трошкі марудзіла. І ён перажываў. Ды неўзабаве дзявочая постаць у белай сукенцы мільганула на выхадзе з вуліцы і стала прыбліжацца.

- Зачакаўся? - спачувальна прамовіла Міва.

- Хваляваўся. Думаў не прыйдзеш…

- Я не абяцала, але падумала: ходзіш там адзін… І рашыла сустрэцца.

Ён пяшчотна абняў яе за плечы і прытуліў да сябе. Нейкі час слухалі толькі біенні сваіх сэрцаў.

- Якая цішыня, які месяц, - расчуліўся Рабы. - Усе ўжо напэўна ляглі спаць і толькі мы тут дваіх.

Але наперакор словам Рабога ў далечыні, па дарозе ў Белундзі загучэла песня:

Усе сяброўкі па парах

У цішыні разыйшліся,

Толькі я ў гэты вечар

Засталася адна…

- А ты не адна, - пахваліў Рабы Міву, - ты з мною. Як тут добра! Эх, каб такім было ўсё жыццё!

Міва разрахманілася, пахарашэла ў месячным ззянні. Яны трошкі парухаліся, пасля між жыта прайшліся па палявой дарозе. Роснае жыта спала. Не чуваць было ні аднаго гука. Зноў вярнуліся пад грушу.

- Міва, - загаманіў Рабы, - давай злучым свае лёсы.

- Пабачым…

- Ці ты закахалася ў Лупіка?

- Не-е…

А на ўсходзе ўжо абазначылася ранішняе майскае святло.

- Пара дадому, - занепакоілася Міва.

- Пайшлі.

Ён узяў яе за руку, правёў да веснічкаў, на развітанне прамовіў:

- Падумай над маёй прапановай.

- Пастараюся.

А па вёсцы тым часам папаўзлі чуткі, што да Мівы падбіваюць кліны два хлопцы - Рабы і Лупік - і яна не ведае, каму аддаць перавагу. Дайшлі гэтыя чуткі да бацькі і маці Мівы. Яны ўпотай абмяркавалі набеглую сітуацыю. Бацька рашуча стаяў на баку Лупіка, а маці знаходзілася ў разгубленнасці.

Аднойчы, калі Міва, крыху стомленная і задуменная, вярнулася з работы, бацька спытаў:

- За каго ты збіраешся выходзіць замуж - за Лупіка ці за Рабога?

- За Рабога, - рашуча адрэзала Міва.

- Дык ён жа не дастане лямпачку ўкруціць у патрон пад столлю.

- Нічога, паступіцца на табурэтку. А што мне з гэтай сталюгі, які толькі і гаворыць, што яго шапку падзёўбалі вераб'і…

- Дзе гэта было?

- У магазіне. Пры людзях.

- Запомні, дочка, - раззлаваўся бацька, - пойдзеш за Рабога - людзі будуць паказваць пальцам і казаць: "Вунь пайшла свіння рабая".

- А за Лупіка пайду - будуць казаць: "Вунь пайшла каза лупатая".

- Няхай выходзіць за каго хоча, - не змаўчала маці. - Канечне, лепш было б, каб выйшла замуж за інтэлігента. Але дзе ты яго ў глухой вёсцы возьмеш. А гэтыя абое замазаныя…

Неяк у нядзелю, пад абед, прыцёгся ў хату Мівы Лупік. (Міва была ў магазіне). Бацька расшчадрыўся і паставіў на стол бутэльку першака, а маці, каб не ўпасці тварам у гразь, нарэзала і падала на сподачках ломцікі каўбасы і сала.

Размаўлялі на розныя тэмы: пра людзей, пра тэхніку, пра заробкі ў калгасе. У маці ад такіх размоў аж вушы вялі. Добра захмялеўшы, Лупік падступіўся да асабістага:

- У вас здатная дочка. От каб жаніцца на ёй…

- А хто табе забараняе?! - ажывіўся бацька. - Хоць сёння бяры яе замуж.

Лупік узбадзёрыўся. Ён толькі гэтага і чакаў.

- За такім мужам, я думаю, што не прападзе, - яшчэ больш прыбавіў настрою госцю гаспадар хаты.

Калі ж скончылася застолле, бацька Мівы правёў Лупіка за вароты і моцна паціснуў яму руку.

А ў наступную нядзелю набраўся смеласці пераступіць парог Мівінай хаты Рабы. (Мівы таксама не было дома). Не паспеў Рабы на кухні расчыніць рот, як бацька ўхапіў яго за каршэль і, як ката, выкінуў з хаты.

Млосна стала на душы ў Рабога. Ён будаваў такія раскошныя асабістыя планы - і на табе. І што цяпер казаць? І куды ісці? І ён пайшоў дадому і каб адцягнуць увагу ад таго, што і як з ім толькі што ўчынілі, узяў вудачку і пакрочыў да Бердаўскага возера. Платва клявала, але ён яе адчапляў і кідаў назад у ваду: шкадаваў. Можа што ён так міласэрна адносіцца да рыбак і над ім змілуюцца. "Не, - спахапіўся ў думках Рабы, - пайду да Мівы і пагутару з ёю. Што яна нарадзіць?" Ён склаў вудачку і пашыбаваў у Гаманы. Абмінуў сваю хату і пахіліўся ў магазін. Міва як раз была на месцы. Адзін толькі пакупнік, стары дзядзька, круціўся каля прылаўка. Але і ён хутка паклаў у цалафанавы пакет баханку хлеба і выйшаў за парог.

- Міва, - расчаравана прамовіў Рабы, - мяне твой бацька толькі што выкінуў з хаты…

- Ах, Божа! За што?

- Ну, мусіць, каб не рыпаўся жаніцца на табе. А Лупік хваліцца людзям, што яго прынялі гасцінна… Напаілі і накармілі.

- Што цяпер рабіць?

- Не ведаю. Прыйшоў да цябе параіцца.

- А давай куды-небудзь уцячэм з гэтага цёмнага балота.

- Куды?

- Можа ў цябе ёсць які знаёмы, звяжыся з ім, распытай пра ўсё: пра жыллё, пра работу - і махнем.

- У Магілёўскай вобласці, у вёсцы Сташына, жыве мой добры сябра Дзіма Пуйдак. Мы з ім разам служылі ў арміі. Ён там працуе аграномам.

- Ну вось напішы яму ці патэлефануй. Пасля будзем рашаць.

Абрадаваны такой пазіцыяй Мівы, Рабы ў гэты ж дзень па мабільніку звязаўся з Дзімам.

- Прыязджайце, - сказаў той, - для вас будзе і работа, і кватэра. Я гэта ведаю дакладна.

Аднак яны не спяшаліся, спакойна абмяркавалі становішча, у якое трапілі, узважылі ўсе плюсы і мінусы, падалі заявы аб звальненне, атрымалі зарплату і разліковыя - і паехалі. Перад ад'ездам Міва сказала маці, куды едуць і для чаго. Маці расчулілася:

- Можа не едзь, дочанька. Пры сваіх людзях лепш, а там усе чужыя. Ці скажы хоць бацьку пра гэта.

- Ён не пусціць мяне. Мы едзем туды, каб пажаніцца. Доўга не будзем. Праз паўгода якога вернемся дадому. Не перажывай. А тату сама скажы, куды мы паехалі і для чаго.

Рабы ж са сваімі бацькамі падзяліўся ўсімі сакрэтамі - і яны не пярэчылі рашучасці сына: Міва ім таксама падабалася.

На новым месцы ў саўгасе "Сташынскі" абстаноўка маладой пары прыйшлася па душы. Ён уладкаваўся вадзіцелем самазвала, Міва пачала працаваць у бухгалтэрыі гаспадаркі. Яны там пажаніліся, ім выдзелілі кватэру ў двухпавярховым катэджы - і ўсё пайшло добра.

Бацька ж Мівы, калі дачуўся ад жонкі, што Рабы ўвёз іх дочку ў Магілёўскую вобласць, моцна раззлаваўся:

- Пайду да старога Рабога! Я яму павырваю сівыя вусы! Гэта ж трэба, каб нейкі недакурак украў маю дочку!..

- Не хадзі, - пачала ўпрошваць жонка. - Не блытай карты. Можа ў нашай Мівы лёс такі…

Вінцук стукнуў кулаком па стале, гаркнуў:

- Гэта ты ва ўсім вінаватая. Займаешся папусціцельствам!

Аднак да Рабых Вінцук не пайшоў і спакваля супакоіўся.

А ў Сташына праз паўгода ў абед неяк парупілася Міва:

- Можа паедзем дадому, Лёня. Хочацца ўсё-такі быць бліжэй да бацькоў. Недзе перажываюць за нас.

- Няёмка перад Пуйдаком, - адказаў муж, як ніяк ён для нас стварыў усе ўмовы для жыцця, а мы дамо драла. Давай хоць пару месяцаў яшчэ пабудзем.

- Ну пару можна, - пагадзілася Міва, - а больш не.

- Бацька твой зноў будзе нападаць на мяне…

- Не будзе. Ён хутка загараецца і хутка астывае. А маме ты ўвогуле падабаешся. Так што не хвалюйся.

Праз восем месяцаў Рабы з Міваю пераехалі жыць на Лідчыну, у Бердаўку. Іх тут таксама забяспечылі жыллём і работай: яму, як і раней, даручылі вадзіць грузавік, а Міва ўладкавалася прадаўцом у сельскі магазін. Маладажоны былі задаволены жыццём.

… Ну, а Лупік? Што Лупік? Лупік больш мокрай шапкі на плот не вывешвае…

03.12.2022

На небязлюдным востраве

Дзядзька Васіль Бякрэнь угаворваў свайго пляменніка Дамяніка Бякрэня паехаць у Англію. Ён казаў:

- Там жыве бацькаў бацька, твой дзед Янук. Адведаем яго.

Дамянік пагадзіўся.

- Ну і добра, - сказаў Васіль.

Як яны даехалі, як даплылі - зараз цяжка сказаць. Аднак, да Англіі дабраліся і трапілі ў Лондан. Размясціліся яны на кватэры Янука. За тры гады вывучылі англійскую мову. Паколькі Дамянік быў мажны, адважны, моцнага здароўя яго ўзялі служыць у марскі флот. І вось судна на чале з капітанам Бартонам адправілася ў Ціхі акіян на пірацкі промысел. Гэта было ў 1703 годзе.

Экіпаж судна складаўся ў асноўным з "марскіх шакалаў" і "марскіх гіен", падабраных у партовых кабаках Англіі. Дамянік быў сярод іх белаю варонаю.

Бартон быў даволі жорсткім і крутым чалавекам. За малейшую правіннасць ён высаджваў маракоў на востраў. Высадзіў ён на бязлюдны востраў і беларуса Дамяніка Бякрэня за яго пярэчанні начальству.

Судна не магло даплысці да берага: было занадта плытка. Дамяніка даставілі на шлюпцы. Пры гэтым яму дазволілі ўзяць з сабою сякеру, пілку, нож, талерку, каструлі, кубак, вядро, некалькі ложак, свярдзёлак і каля паўсотні банак кансерваў.

Дамянік сеў на маленькі грудочак і пазіраў, як з раздутымі парусамі адплывае ў марскую сінечу пірацкі карабель. Маракі памахалі Дамяніку на развітанне рукамі, ён ім - таксама.

Капітан карабля Бартон памыліўся: востраў аказаўся не бязлюдным. На ім жылі туземцы. Проста яны былі далекавата ад месца высадкі Дамяніка і за дрэвамі Бартон і маракі не ўбачылі іх.

Дамянік пасядзеў крыху на беразе ў роздуме, пасля што ўзваліў на плечы, што ўзяў у рукі і пакрочыў, спакваля пахіляючыся ўправа, у глыбіню вострава. Прайшоў нямнога і неўзабаве між дрэў на прагаліне ўбачыў людзей. Спачатку пабаяўся набліжацца: а раптам яны агрэсіўныя і нападуць на яго. Пасля асмялеў і напрасткі пакіраваў да іх.

Яны круціліся каля кастра, мабыць, рыхтавалі снеданне, бо нешта то клалі збоку ад агню на вуголле, то выкочвалі ражнамі на траву і елі. Убачыўшы незнаёмца, туземцы ніколькі не здзівіліся, ён для іх быў не ў дзіковінку: тут ужо, мусіць, пабывалі еўрапейцы, хоць ніякага следу пасля сябе не пакінулі.

Дамянік прыкмеціў, што ўсе мужчыны і жанчыны смуглацелыя, накшталт індзейцаў. Наблізіўшыся і сказаўшы "Добры дзень", ён паклаў на зямлю сваю ношу і стаў ля кастра. Адзін з туземцаў падняў з травы падсмажанага і крыху астыўшага слізняка і падаў Дамяніку. Дамянік, крывячыся, з'еў яго і пагладзіў рукою па жываце ў знак таго, што слізняк - смаката. А самога ледзь не званітавала. У сваю чаргу ён развязаў мяшок, дастаў адтуль некалькі банак кансерваў, нож, талерку, ускрыў банкі і выклаў кансервы на талерку. Туземцы нешта "прамявукалі" між сабою і пацягнуліся рукамі да яды. Дружба пачалася. Тады Дамянік яшчэ і яшчэ частаваў іх сваім правіянтам.

Адзетыя туземцы былі не вельмі раскошна. У паясніцы яны падпяразаліся нейкімі тонкімі, гнуткімі лазінамі, на якія начаплялі лісты падбелу. Астатнія часткі цела былі непрыкрытымі: востраў размяшчаўся непадалёку ад экватара і цяпла тут хапала.

Дамянік, каб не паказаць сябе нецывілізаваным чалавекам, асабліва вачэй на дзяўчат не вытарашчваў. Ён найперш хацеў паказаць сябе ў справе. Убачыўшы, што мужчыны ламаюць на каленях галінкі, ён узяў сякеру, пайшоў у лес, які стаяў паблізу, насёк тоўстага, сухога галля і паклаў на агонь - яно гарэла даўжэй і вуголля ад яго было больш.

Па выразах твараў туземцаў Дамянік прачытаў, што яны ім задаволены і стараўся яшчэ больш дагадзіць: падаставаў з мяшка каструлю, кубак, некалькі ложак, іншую дробязь. І яшчэ некалькі разоў схадзіў у лес па дровы.

Як толькі агонь прыкметна ўзмацніўся, да кастра аднекуль прыбег малады туземец , задыхаўшыся, нешта прапішчаў на сваёй мове і паказаў пальцам на бераг акіяна. Дамянік зразумеў, што там нешта адбылося ці адбываецца. Ну, а туземцам растлумачваць не патрэбна было, што там: яны і так зразумелі.

Самы старэйшы з іх, мабыць, важак паказаў Дамяніку адною рукою на сякеру, а другою махнуў ісці разам з імі. Дамянік падняў сякеру і падумаў, што там прыйдзецца штосьці секчы. Ідучы поруч з важаком, ён здалёк прыкмеціў нейкую вялізную, доўгую тушу - гэта быў кіт, які, мусіць, нядаўна выкінуўся на пакаты бераг акіяна. Дамянік ведаў такую звычку гэтых рыб-гігантаў і ведаў, што яны не якія-небудзь мізерныя слізнякі, а сапраўднае лакамства для людзей, асабліва для тых, якія і не так далёка адыйшліся ад дзікуноў. Кіт быў ужо нежывы.

Дамянік з усяго размаху высякаў з яго кавалкі мяса і падаваў іх туземцам. А тут былі і мужчыны, і хлопцы, і жанчыны, і маладыя дзяўчаты, і дзеці. Важак загадаў класці мяса ў ваду, каб яно трошкі прасалілася, балазе, што акіян ў гэтым месцы каля берага, быў неглыбокі - усяго да кален. Акулы не змаглі б падплысці сюды і пакрасці спажыву.

Дамянік радаваўся знаходцы не менш за туземцаў: яшчэ б, кансервы хутка разыйшліся б - што тады есці? А тут такая туша!

Важак, аднак, адчуў, што Дамянік стаміўся і паказаў рукамі перадаць сякеру маладому туземцу. Той на свежыя сілы шпарчэй стаў увіхацца над тушай кіта, а прысутныя спрытна выхоплівалі ў яго з-пад рук кавалкі мяса і насілі ў ваду. За паўдня ад кіта застаўся толькі хрыбетнік.

Сонца не так і моцна прыпякала ўжо, як у поўдзень, дробныя хвалі трапяталіся, паблісквалі каля берага - і гэта яшчэ больш прыдавала настрою Дамяніку і туземцам. Яны з паўгадзіны пачакалі, пасля даставалі з вады кавалкі мяса і няслі да вогнішча. Дамянік таксама прыхапіў сваю долю і, прыняўшы сякеру ад маладога туземца, крочыў разам з імі на стаянку.

Размясціліся ўсе вакол кастра, у якім ярка тлела вуголле. Падкінулі ў агонь некалькі ахапкаў тонкіх і тоўстых галін, па краях раскладвалі і смажылі кітовае мяса. Гатовае тут жа з апетытам паядалі.

Пры кастры Дамянік запомніў некалькі дзявочых імён: Лілі, Ціці, Гого.

Пасля такога сытнага абеду захацелася піць. Дамянік падняў кубак з травы і перад важаком, які стаяў побач, прыпаднёс яго да рота. Важак адразу зразумеў, што з яго патрабуецца - паказаць, дзе можна набраць прэснай вады. Ён пальцам указаў на вядро і гэтай жа рукой махнуў у бок лесу. Дамянік парухаўся, падхапіў вядро і яны разам адыйшліся ад кастра.

Па дарозе паразмаўляць, вядома, не выпадала, бо Дамянік не ведаў мовы туземцаў, а важак не ведаў ні англійскай, ні беларускай моваў. Яны проста ішлі, часам паказвалі нешта на мігі адзін другому - і гэтага было дастаткова, каб між імі ўсталявалася ўзаемапаразуменне.

Дамянік прыкмеціў, што трава ў лесе даволі такі прытаптаная, у некаторых месцах яна нават не расла - значыць сюдою людзі ходзяць на вадапой. Яго толькі хвалявала, што нідзе на галінах дрэў не было ні птушак, ні вавёркаў, ні гнёздаў ніякай дзічыны на зямлі - не тое, што ў беларускіх лясах. Такая беднасць птушынага і жывёльнага свету не падабалася яму. Затое ён убачыў, як на многіх кустах ірдзяцца чырвоныя і бурштынавыя ягады - і падумаў, што іх, магчыма, можна есці. Каля аднаго з кустоў Дамянік спыніў важака, сарваў ягаду, прыпаднёс да вуснаў, вачыма запытаў, ці можна есці. Важак кіўнуў галавою, што можна. Дамянік з'еў яе. Яна аказалася даволі смачнай. Тады па дарозе ён яшчэ і яшчэ зрываў з кустоў лясное лакамства і меркаваў, што на гэтым востраве з голаду не прападзеш.

Праз некаторы час між дрэў заблішчэла шырокае люстэрка возера. І вось два мужчыны ўжо стаяць на яго беразе. Важак нагнуўся, зачэрпаў прэшчамі вады і выпіў. Дамянік так зрабіў па яго прыкладу. Чыстая прэсная вада была якраз тое, пра што ён больш за ўсё марыў. У возеры яна была настолькі празрыстая, што ўдавалася ўбачыць як над пясчаным дном плаваюць маленькія рыбкі. "Ах, - абрадаваўся Дамянік, - раз ёсць тут маленькія рыбкі, то, значыць, ёсць недзе і вялікія. А як іх злавіць - мы што-небудзь прыдумаем".

Яны некаторы час стаялі і аглядалі возера. Пры берагах у многіх месцах рос трыснёг, там-сям праглядваліся цёмна-зялёныя зараслі аіру, лазняку, з усіх бакоў (дзе бліжэй, дзе далей) да возера падступаў змешаны лес. На дробных хвалях гойдаліся белыя птушкі, буравеснікі і яшчэ нейкія, якіх здалёк распазнаць было цяжка.

Дамянік зачэрпаў амаль поўнае вядро вады і паставіў на зямлю. Вяртацца назад не хацелася, карцела пабыць тут даўжэй, пахадзіць, паназіраць за дзікай прыродай вострава. Важак, нібы разгадаўшы жаданне Дамяніка, крануў яго за руку, і яны, пахіліўшыся налева, пайшлі ўздоўж берага. У зарасніках сядзелі на гнёздах вадаплаваючыя птушкі. Пры набліжэнні людзей яны ўзляталі і кружыліся ў паветры, выдаючы сваю трывогу. Дамянік з аднаго гнязда ўзяў рабое яйко і паказаў важаку. Той усміхнуўся, тыцнуў пальцам у яйко і нешта прамовіў, даючы ведаць, што там сядзіць зародыш птушаняці. Дамянік паслухмяна паклаў яйко на месца.

Яны рушылі далей, пільна пазіраючы ва ўсе бакі, на лес, на ваду. Неўзабаве перад імі ўзнікла нешырокая рачулка, глыбінёю не больш паўметра. Яна выцякала з возера і між дрэў, віхляючы то ўправа, то ўлева, імкнулася ў бок акіяна. Мужчыны не захацелі ні перабрыдаць, ні пераскокваць цераз яе, проста спыніліся, крыху пастаялі і павярнулі назад. Дамянік падумаў, што ўпаўне магчыма, што з акіяна праз гэтую рачулку заплывае ў возера рыба на нераст і яе можна лавіць - таксама будзе неблагі наедак.

Пры пэўным запасе часу можна было б абыйсці і вакол возера, хоць яно і немалое па сваёй плошчы, але зараз часу не хапала, ды і клопатаў навалілася сёння зашмат. Паспяшылі вярнуцца дадому. Дамянік падняў вядро з вадою і ў тым жа накірунку яны пакрочылі на сваю стаянку.

Прыйшоўшы, Дамянік паставіў вядро каля кастра - і сярод туземцаў таксама знайшлося некалькі жадаючых папіць. Хто прэшчамі, хто кубкам чэрпалі ваду і пілі…

Між тым, звечарэла. Цёплая, рахманая цішыня напаўзла на востраў. Настала пара разыходзіцца па шалашах і класціся спаць.

Важак парэкамендаваў Дамяніку правесці ноч у адным шалашы разам з двума маладымі туземцамі Гугу і Вуву і трыма дзяўчынамі - Лілі, Ціці і Гого. Тут па зямлі было паслана свежае, духмянае, не зусім яшчэ прымятае сена, пад галаву паклалі адмысловыя сянныя камякі. Ні якіх іншых пасцельных прыналежнасцяў не знайшлося.

Лілі лягла каля Дамяніка.

У першую астраўную ноч вельмі добра спалася, а калі і не спалася, у прамежках між снамі бяды вялікай не было.

Раніцай туземцы павылазілі са сваіх шалашоў і, пазяхаючы, шлі да кастра, галавешкі ў якім яшчэ тлелі. Дамянік з сякерай, Гугу і Вуву пакіравалі да лесу, каб назапасіць галля, іншыя пашыбавалі да акіяна па кітовае мяса, якое ў халоднай, салёнай вадзе доўгі час магло захоўвацца.

Бубу, важак племені, стаяў пры кастры і назіраў за абстаноўкай. Як толькі Дамянік з Гугу і Вуву навалаклі шмат сухога галля і распалілі касцёр, Бубу разам з імі пайшоў да акіяна - і кожны з іх дастаў з вады сваю долю.

Сняданак у гэты дзень таксама быў надзвычай раскошным і прыемным. Туземцы прагна паядалі падсмажаныя кавалкі кітовага мяса і, задаволеныя сваім жыццём і лёсам, пра нешта размаўлялі паміж сабою, пазіраючы на Дамяніка. Аднак, кожны з іх усведамляў, што рана ці позна кітовы наедак скончыцца і таму ўжо сёння патрэбна дбаць аб новых крыніцах харчу.

Паснедаўшы яны разышліся па лесе ў розныя бакі. Дамянік, Гугу і Вуву, а таксама Лілі, Ціці і Гого пакрочылі берагам акіяна направа. Дамянік спрабаваў навучыць іх вымаўляць некаторыя беларускія словы. Ён паказаў на лес і сказаў:

- Лес.

- Лес, - паўтарылі яны.

Прайшлі з паўкіламетра і ўбачылі ў вадзе некалькі малюскаў.

- Малюскі, - прамовіў Дамянік.

- Малюскі.

Яшчэ прашыбавалі некалькі крокаў далей і надыбалі на тую рачулку, якая выцякала з возера, а тут ўпадала ў Ціхі акіян.

- Рачулка, - сказаў Дамянік.

- Рачулка.

У ёй, прыціскаючыся да дна, плылі ўгору па цячэнню невялікія касякі рыб.

- Рыбкі, - вымавіў Дамянік.

- Рыбкі.

У вусці сваім рачулка была значна шырэй, чым ў вытоку. Прыйшлося пераходзіць уброд. Невядома пра што думалі тут туземцы, а Дамянік прыкідваў, чым і як можна вылаўліваць гэтыя рыбкі. Сетак на гэтым востраве, вядома, не знойдзеш. Іх можна было б вывязаць, але з чаго? Нітак няма і ў паміне… І тут Дамянік убачыў па берагах рачулкі, далей ад акіяна, кусты лазняку. "Во гэта якраз тое што трэба, - узважыў ён. - Нарэжу лазы і напляту кошыкаў. Імі будзем лавіць рыбу".

Яны прайшлі яшчэ можа кіламетраў тры, але нічога прывабнага больш не знайшлі і пахіліліся ў лес паласавацца ягадамі.

Збіраючы ягады, Дамянік наткнуўся на нейкія кусты, у якіх былі роўныя высокія адросткі. Ён дастаў з кішэні нож і пачаў вырэзваць іх. Наблізілася Лілі і запытальна паглядзела.

- На кошык, - прамовіў ён.

- На кошык, - паўтарыла яна, не разумеючы, што гэта абазначае.

- Будзем лавіць рыбу.

- Рыбу.

- Ням, ням.

- Ням, ням.

Выразаўшы больш дзесятка адросткаў, Дамянік узваліў іх на плячо - і туземцы здагадаліся, што пара вяртацца дамоў. Як і сюды зноў шлі берагам акіяна. Перабрыўшы рачулку, Дамянік паклаў ношу на траву і пакіраваўся да лазовых кустоў. Астравіцяне пацёгліся за ім.

Нарэзаўшы шмат лазін і звязаўшы іх у два тоўстыя пучкі, Дамянік аддаў адзін пучок Гугу, а другі Вуву.

- Кошык, - вымавіла здагадлівая Лілі.

- Кошык, - паўтарылі туземцы.

З ношамі было крыху цяжэй ісці, але ўсе цешылі сябе думкамі, што вяртаюцца не з пустымі рукамі.

Дамянік адразу размясціўся каля вогнішча, сеўшы на перакінутую ўгору дном каструлю, і пачаў згінаць на каленях доўгія адросткі ў лукі, з рэшткаў вырабляў скабы і плёў кошык. У гэты час з лесу папрыходзілі астатнія туземцы. Стоўпіўшыся каля вогнішча яны з недаўменнем пазіралі на Дамяніка, спрабуючы разгадаць, што ён робіць. Стаяў тут і важак племені Бубу. Ён таксама праявіў непрыхаваную цікавасць да вырабу і, нібы спрабуючы атрымаць адказ ад каго-небудзь у натоўпе, запытальна паглядзеў на Лілі.

- Кошык, - прамовіла дзяўчына.

- Кошык?

- Кошык.

Бубу, нічога не цямячы, у прызначэнні гэтага вырабу, пакруціў галавою. Дамянік на хвіліну адцягнуў увагу ад кошыка і перавёў на важака.

- Лавіць рыбу.

- Рыбу?

- Але.

Цяжка было зразумець унік Бубу ў сэнс гэтых слоў ці не. Аднак Лілі інтуітыўна адчула, для чаго прызначаўся гэты кошык і на сваёй мове ўсё растлумачыла важаку. Той скупа ўсміхнуўся і выразам твару паказаў сваё адабрэнне.

Да змяркання Дамянік сплёў вялікі і здатны кошык і, шчыра ўсміхнуўшыся, радасна сказаў:

- Заўтра пойдзем на рыбалку.

Наўрад хто з туземцаў ці здагадаўся пра што ён гаворыць, аднак ўсе падумалі, што гэты чалавек настроены чыніць нешта добрае.

На другі дзень натоўп разам з важаком і Дамянікам, рушыў у дарогу. У шалашы засталіся толькі маці з малымі дзяцьмі. Мацярам было даручана назіраць за кастром, не даць яму затухнуць.

Дамянік сам нёс кошык і з цікавасцю пазіраў па баках у спадзяванні ўбачыць у лесе такія ж кусты з доўгімі і роўнымі адросткамі, на якія ён надыбаў там, за рачулкаю. На радасць, яны трапляліся на вочы. "Патрэбна, - падумаў Дамянік, - нарабіць шмат кошыкаў, няхай рыбачаць гэтыя гаротныя туземцы. Хопіць ім ужо харчавацца аднымі слізнякамі, уліткамі ды малюскамі. А кіты не так і часта выкідваюцца на бераг".

Над возерам Дамянік прыкінуў, што патрэбна яшчэ навучыць туземцаў, як рыбачыць, і ён запрасіў у ваду Гугу і Вуву. Сам з Гугу трымаў кошык за бакавы лук, паставіўшы яго пры густым, зялёным зеллі, а Вуву таптаўся ў зеллі нагамі і наганяў рыбу ў кошык. Першы раз нешта стукнула ў снасць, але пакуль яе паднялі, рыбіна выскачыла ў ваду. На другі раз пад стук рванулі хутчэй - і ў кошыку затрапяталася аж пяць плоткаў. Вуву выхопліваў іх і кідаў на бераг, а дзяўчаты падбіралі. У час далейшай лоўлі ў кошык трапляліся шчупакі, акуні, ліні і нейкая марская рыба, якую Дамянік бачыў упершыню і не ведаў, як яна называецца.

Калі хлопцы вылезлі з вады і ўсю рыбу пакідалі ў кошык, ён аказаўся запоўненым амаль да самага верху. Было што нясці дамоў і было чым ў гэты дзень харчавацца. Найбольш радаваўся здабычы важак, вочы якога так і свяціліся непрыхаваным шчасцем. А Дамянік цешыўся не толькі багатым уловам, але і тым, што навучыў туземцаў як і чым лавіць азёрную рыбу.

***

Пасля абеду на неба наплыла з усходу невялікая хмарка - і пайшоў дождж. Усе зашыліся ў шалашы. Лілі зноў прылегла каля Дамяніка, гладзіла яго па валасах, па лобе, нешта пашэптвала на вуха, паказваючы ўсе дзесяць пальцаў сваіх рук, вымаўляючы словы "кошык". Дамянік зразумеў, што трэба сплясці яшчэ дзесяць кошыкаў, а можа і больш, і сказаў:

- Зробім.

- Зробім, - агучыла яго слова Лілі.

Дождж, аднак, хутка сцішыўся, а пасля і зусім перастаў ісці. Усе зноў павылазілі са сваіх шалашоў. Патрэбна было чымсьці заняць людзей - і Дамянік мабілізаваў маладых хлопцаў і дзяўчат на нарыхтоўку адросткаў і лазін для пляцення кошыкаў. Лучнікі з сякерай, сярод якіх былі Гугу, Ціці і Гого засталіся ў лесе, а Дамянік з Лілі, Вуву і астатнімі туземцамі пайшлі на бераг возера падчышчаць лазовыя кусты, большасць якіх расла на сушы.

Дамянік сам вырэзваў лазіны і клаў на шаўкавістую траву, а хлопцы і дзяўчаты паднімалі іх, складвалі і вязалі ў пучкі. Старанна працавалі ўсе. Дамянік жа пры ўсёй сваёй занятасці раз-пораз кідаў позіркі на Лілі, якая так спрытна і акуратна ўвіхалася над вязаннем пучкоў, што толькі лісце падбелу пад подыхам ветру спакусліва матляхалася на яе гладкіх бёдрах.

Нарыхтавалі туземцы адросткаў і лазін у гэты дзень вельмі шмат, дастаткова, каб сплясці з іх не дзесяць ці дваццаць, а можа і больш кошыкаў. Прынёсшы сыравіну да кастра, які быў своеасаблівым цэнтрам стаянкі, месцам зборышча туземцаў, распачынаць работу не сталі, бо пачыныла вечарэць, перанеслі яе на наступны дзень. У кожнага было адчуванне, што зрабілі і так нямала і што з палёгкай на душы можна спакойна адпачываць.

На наступны дзень Дамянік з раніцы пачаў вучыць туземцаў, як плясці кошыкі. Аднак гэты занятак аказаўся не простым. У адных трэскаліся пры рэзкім згібанні лукі, у другіх ламаліся скабы - і Дамяніку прыходзілася практычна паказваць на сваім калені, як плаўна і асцярожна патрэбна згінаць адросткі, як пасля майстраваць каркас кошыка, як пераплятаць гэты каркас лазінамі. Туземцы напружана ўнікалі ў сакрэты дамянікавай навукі і пачыналі больш акуратна працаваць. Седзячы паблізу адзін ад другога на траве, яны іншы раз раіліся паміж сабой, пераймалі вопыт у таго, у каго атрымлівалася лепш. А Дамянік, ходзячы перад імі, назіраў за іх работай, нахіляючыся, дапамагаў няўмекам. Пераканаўшыся, што ўсё ў іх пайшло добра, сам сеў на тую ж перакінутую ўгору дном каструлю і пачаў плясці кошык.

І раптам яму ў галаву прыйшоў успамін, як у іх вёсцы Зачэпічы, што на Гродзеншчыне, сяляне майстравалі бучы, ставілі іх у вузкую рачулку, што ўпадала ў Нёман, і лавілі рыбу, якая плыла на нераст. Канструкцыя бучы вельмі простая - і Дамянік рашыў: "Вось толькі дапляту кошык - і вазьмуся за бучу. Адросткаў і лазы для гэтага хапае". І ён да абеда, сапраўды, змайстраваў дыхтоўную, прадаўгаватую бучу, а пад вечар, схадзіў з Лілі на бераг рачулкі і ў самым вузкім месцы паставіў снасць горлам да акіяна. За ноч рыбы набілася поўны куль. Раніцай Дамянік вытрас улоў у новенькі кошык, прынёс да кастра і паказаў туземцам: во, маўляў, глядзіце, і бучай лавіць рыбу добра. Тыя знакамі паказалі, што і яны хочуць навучыцца майстраваць такую снасць. Тады Дамянік заснаваў новую бучу і, паказваючы туземцам, як гэта рабіць, старанна выгінаў лазовыя колцы для куля.

А каля кастра гэтым часам стоўпілася нямала люду: тут круціліся маці з дзяцьмі, маладыя дзяўчаты, важак племені, падлеткі. Дамянік глянуў на важака, кіўнуў галавой у бок хлопцаў, якія плялі кошыкі, і прамовіў:

- Малайцы.

- Малайцы, - паўтарыў Бубу.

- А гэта буча, - патлумачыла Лілі важаку пра снасць, над якою нахіляўся Дамянік.

- Буча…

Нейкай ажыўленай, урачыстай выглядала ў гэты дзень абстаноўка вакол кастра. Твары дзяўчат упрыгожвалі пяшчотныя ўсмешкі, зыркімі агеньчыкамі паблісквалі чорныя вочы туземак. Сонца шчодра пасылала з вышыні цяпло павесялелым людзям, а белыя аблачынкі, нібы падміргваючы ім, па-святочнаму праплывалі ў сінім небе.

За чатыры дні туземцы разам з Дамянікам сплялі дваццаць сем кошыкаў і змайстравалі дзевяць бучаў - гэта быў неблагі набытак для дзікага племені. А час абяцаў яшчэ лепшыя здабыткі.

***

На трэцім месяцы прабывання Дамяніка на востраве на стаянку туземцаў навалілася бура. Яна прыляцела з цёмнай хмарай аднекуль здалёк, з акіяна, паваліла і параскідала шалашы, падняла ў паветра і кінула пад лес кошыкі, бучы, ламала і выварочвала з карэннем дрэвы. Людзі ў паніцы, са страху, кідаліся ва ўсе бакі, шукаючы паратунку. Некаторыя беглі ў лясны гушчар, але і там было небяспечна: на іх вачах трашчалі і падалі дрэвы, бліскала над галавой маланка, удары грому састрасалі наваколле, дождж ліў, як з вядра.

На шчасце, навальніца неўзабаве прайшла, людзі вярталіся на сваю стаянку, збіралі голле, узнаўлялі шалашы, туземкі папрыносілі ад лесу да вогнішча кошыкі і бучы. Зноў ярка засвяціла і прыпякло сонца. Яно не дало дарэшты затухнуць кастру. Падсыхала трава.

"Не, - сказаў сам сабе Дамянік, - так справа не пойдзе. Трэба ўзводзіць які-небудзь будан. У галаве роіліся думкі, як пачаць, дзе ўзяць матэрыял на падмурак, з чаго зрабіць дах, столь, падлогу, вокны, дзверы. Ён пацёгся да лесу і аглядаючы лесапавалы, прыкідваў, якія з дрэў можна выкарыстоўваць на ўзвядзенне зруба, на кроквы, на латы. Будматэрыялаў тут хапала. Застаўшыся задаволеным, ён вярнуўся назад і ўбачыўшы каля ўзноўленага шалаша разгубленага важака сказаў, што патрэбна ўзводзіць хату. Але той нічога не зразумеў. Тады Дамянік падняў ражон і паклікаў Бубу на бераг акіяна. Там, на спрасаваным пяску, ён намаляваў здатны будан з вокнамі і дзвярмі, рыскамі пазначыў бярвенні ў сценах - і важак здагадаўся, пра што ідзе размова.

- Дом, - прамовіў Дамянік.

- Дом.

У згодзе яны рушылі да стаянкі. Непадалёку ад шалашоў выбралі роўнае, гладкае месца - пляцоўку для забудовы.

- Вось тут, - прапанаваў Дамянік.

- Тут, - пагадзіўся Бубу.

Счакаўшы, пакуль у лесе добра падсохне, яны, ўзяўшы пілу і сякеру, з групай маладых дужых хлопцаў пайшлі да лесапавалаў. Дамянік сам выбіраў адпаведнай даўжыні і таўшчыні дрэвы, прыгодныя для будаўніцтва дома. Але перш, чым пачаць работу, ён высек прыкладна мятровую мерку для замера даўжыні бярвенняў. На бакавыя сцены, мяркаваў, хопіць дванаццаці метраў, а на лабавую і тыльную - сямі.

Трымаючы адзін канец пілы ў сваіх руках, другі ён падаў Гугу, які стаяў насупраць і быў напагатове. Пачалі адпілоўваць карані ад ствала дрэва. Не ўсё ў Гугу адразу добра атрымлівалася: ён то замоцна рваў пілу на сябе, то пахіляў яе ў бакі, то занадта прыціскаў да дрэва. Дамянік павучаў яго, папраўляў хібы, кажучы:

- Спакойна. Зважна.

Чаго не разумеў Гугу са слоў, Дамянік паказваў рухамі рук - і да напарніка даходзіла. Пакуль адпілавалі карані, Гугу добра засвоіў, як абарачацца з пілою. Наступныя дрэвы даліся лягчэй. Тады Вуву падмяніў Гугу - і Дамяніку зноў прыйшлося навучаць нявопытнага ў гэтай справе навічка. Так па чарзе перадавалася майстэрства пілавання.

Калі ж умельцаў набралася шмат, Дамянік поўнасцю даверыў ім пілу а сам замяраў бярвенні і рабіў паметкі, у якім месцы патрэбна адпілоўваць верхавіны дрэў.

Увогуле праца вельмі добра ладзілася: адны абсякалі сукі, другія выносілі бярвенні да будпляцоўкі, трэція цягалі голле да кастра.

Нарэшце, пачалося ўзвядзенне хаты. Камянёў на падмурак не знайшлося, дык замест іх выкарысталі тоўстыя, смалістыя бярвенні, паклаўшы іх на голую зямлю. У кругляках пазоў не высякалі, проста клалі адзін на другі, змацоўваючы ў скрыжаваннях адпаведнымі выразамі. Вокнаў не шклілі, дзвярэй не ўстаўлялі, падлогі не ўкладвалі, столі не рабілі, бо не было для гэтага ні шкла, ні дошкаў. Дах накрылі трыснягом, на падлогу пайшло сухое сена.

Атрымалася выдатная сялянская хата, у якой жыць і хавацца ад бураў і навальніц было нашмат лепей, чым ў прымітыўных шалашах.

За чатыры гады туземцы пад камандай Дамяніка агульнымі намаганнямі ўзвялі восем такіх хатаў, якія ўтварылі невялікую вёсачку. Па прапанове Дамяніка яе назвалі Зачэпічамі.

***

Неяк у поўдзень вельмі моцна прыпякло сонца. Неба пакінулі апошнія белыя аблачынкі. Ветрык, хоць і да гэтага быў слабаваты, зусім памякчэў.

Усе туземцы пазашываліся ў хаты, а Дамяніку ўсё нешта рупілася. Ён вырваў некалькі разлапістых лістоў падбелу, звязаў іх між сабою прадаўгаватымі, жылістымі сцяблінамі і, як капялюш, які добра ахоўвае ад невыносных прамянёў сонца, накінуў на галаву. Пакрочыў на бераг акіяна, дайшоў да таго месца, дзе яго высадзілі на гэты востраў маракі Бартона. Сумнавата стала Дамяніку. Ён прыгадаў дзеда Янука, дзядзьку Васіля. Што з імі там, у Лондане? А можа дзядзька Васіль ужо вярнуўся ў Беларусь, у свае родныя Зачэпічы? Нічога невядома… У скрусе Дамянік пазіраў у бязмежныя прасторы акіяна, але на гарызонце не ўбачыў ні аднаго паруснага карабля. Магчыма, яны калі-небудзь і праплывалі збоч, але не спыняліся тут. Дамяніка асяніла думка: паставіць у гэтым месцы які-небудзь знак - можа ён будзе прыцягваць увагу маракоў. Дамянік вярнуўся на стаянку, узяў сякеру, зайшоў у лес і высек высокую, тонкую жардзіну. З кавалка адпілаванай раней верхавіны змайстраваў штосьці накшталт прымітыўнай рыдлёўкі завостранай у камлі. Узваліў жардзіну на левае плячо, у правуюю руку ўзяў рыдлёўку, сякеру заткнуў за дзягу і выйшаў з лесу. Праходзячы збоч вогнішча, схамянуўся: "А што ж я павешу прыкметнае на верх жардзіны, каб было прыманкай?" Апошняй цяльняшкі стала шкада… Тады ён падхапіў з зямлі кошык і, рады сваёй вынаходлівасці, пакрочыў да акіяна. На беразе выкапаў прыкладна мятровай глыбіні ямку, раскалоў у вершаліне жардзіну, засунуў ў трэшчыну верхні лук кошыка, укапаў жардзіну, патаптаўся вакол яе, утрамбоўваючы нагамі зямлю, і глянуў угору - прыманка падалася не горшай, чым цяльняшка. Можа гэты абармот Бартон, калі будзе праплываць на караблі сюдою, клюне на яе?

***

Трывалых сем'яў у асяроддзі туземцаў не было, яны жылі статкам (дзеці былі агульнымі), і Дамянік спакваля ўклініўся ў гэты статак. За некалькі гадоў Дамянік прыдбаў аж дваццаць дзяцей, падобных і на яго, і на Лілі, і на іншых туземак. Былі сярод іх і светлатварыя і смуглявыя - усялякія. Самаму старэйшаму хлопчыку споўнілася пяць гадкоў, а самай малодшай дзяўчынцы - усяго два месяцы. "Вось бы з гэтай кампаніяй паехаць у Беларусь, - казаў сам сабе Дамянік, - здзівіў бы ўсіх вяскоўцаў".

З тугой па радзіме ён часта выходзіў на бераг акіяна і, аглядаючы водную роўнядзь, спадзяваўся, што ўдасца ўсё-такі ўбачыць калі-небудзь праплываючы збоч вострава карабель. І вось аднойчы позірк яго ўлавіў на гарызонце нешта накшталт паруса. Гэтая плямка паступова расла і ўзвышалася. А неўзабаве паказаўся і сам карабель. Ён трымаў курс прама на востраў. Дамянік абрадаваўся і пачаў махаць рукамі. Карабель усё набліжаўся і набліжаўся і, не даплыўшы некалькі дзесяткаў метраў да берага, спыніўся. На палубе заклапочана замітусіліся маракі. Яны апусцілі на ваду шлюпку і некалькі чалавек, заграбаючы вёсламі, імкліва гналі яе да вострава. Пры прыбліжэнні Дамянік у групе мараплаўцаў распазнаў Бартона. Той першым рашуча ступіў на бераг і без усякіх уступных слоў адрэзаў:

- Збірай манаткі. Паплывём у Англію.

- Я тут не адзін. У мяне дваццаць дзяцей і дваццаць жонак. Калі возьмеце ўсіх, то паедзем.

- Куды?! Мы не зможам пракарміць такую араву. У нас самых не хопіць правіянту даплысці да Англіі.

- Тады шуруйце адсюль, каб я вас не бачыў, бо зараз як натраўлю на вас туземцаў - з вас толькі пер'е пасыплецца.

І яны адчалілі.

А Дамянік, склаўшы ладоні трубачкай выгукнуў ім наўздагон:

- Будзеце плысці другі раз сюды, захапіце для нас мяшок жыта і два мяшкі бульбы!!!..

27.12.2022

З кошыкам па хлеб

Хто быў ці жыў у Дзятлаве, той ведае, што ўсе вуліцы ў гэтым гарадку выходзяць на плошчу. А ўсіх іх сем. Тут, каля прадуктовых магазінаў у выхадныя дні ці пасля работы, ідучы дадому, найчасцей і спыняюцца людзі, тусуюцца ў групкі. Вось і зараз паблізу аднаго з іх, на тратуары, стаяць агент мясцовага дзяржстраху Гаплюк, карэспандэнт раённага радыёвяшчання Шундрык, інжынер лясгаса Шэршань. Яны нікуды не спяшаюцца: як-ніяк на двары субота, няблагая для пачатку кастрычніка выдарылася пагода - сонца то выгляне, то зноў схаваецца за хмарку, але дзень у цэлым не пахмурны, нават, можна сказаць, светлы, бязветраны.

Хлопцы пра нешта размаўляюць, часам з чагосьці гучна смяюцца, акідваюць позіркамі прахожых. Вось перад імі спаважнай паходкай, у лёгкай міні-спаднічцы, з распушчанымі па плячах шатэністымі валасамі, з авальным сімпатычным тварыкам прайшлася маладая, рухавая дзяўчына.

- Чыя гэта? - спытаў Гаплюк.

- Ды дочка Чарнова, бухгалтара райспажыўсаюза, - адказаў Шундрык. -Жаніся, будзеш мець добрага цесця.

- А колькі ёй прыкладна гадоў?

- Ну васемнаццаць, напэўна, ёсць раз працуе разам з бацькам ў распажыўсаюзе.

Гэта заінтрыгавала Гаплюка.

А неўзабаве з вуліцы Чырвонаармейскай на плошчу выйшаў з кошыкам у правай руцэ і сам Чарноў. На ім не першага гатунку демісезоннае паліто, не зашпіленае на гузікі, у зубах ён трымае цыгарэту, да якой не дакранаецца рукою. Зацягнецца дымам на поўныя лёгкія, пасля, бы струмені, выпускае яго вон праз ноздры. Такая ў яго ўжо звычка. Здалёк дык нават здаецца, што цыгарэта ў яго прыклееная да лупаў.

З кошыкам Чарноў звычайна ходзіць па хлеб. У яго сям'і сямёра дзяцей, плюс сам з жонкай - усяго дзевяць чалавек. Штораз прыходзіцца браць па дзевяць-дзесяць буханкаў хлеба, а ў хаце, магчыма, няма такой сумкі, у якую можна было б змясціць такую колькасць буханкаў. Вось і прыходзіцца карыстацца тым, што ёсць. Людзі пасмейваюцца, пахіхікваюць, сустрэўшы Чарнова з кошыкам у руцэ, загружаным хлебам. Але што зробіш? Як ёсць - так ёсць.

Неўзабаве Чарноў наблізіўся, прывітаўся з хлопцамі, падаў кожнаму руку.

- Якія планы на будучае? - спытаў і выплюнуў у бляшанку для смецця недакурак.

- Дык вось: штосьці стала халадаць, мо пара ўжо нам паддаць, - падбухторыў на нешта нядобрае Чарнова Шэршань.

- Займайце месца і для мяне. Я куплю хлеба і прыду.

Хлопцы выбралі ў забягалаўцы вуглавы столік, у самым кутку. Тры крэслы занялі самы, чацвёртае прытрымлівалі для Чарнова. Заказалі па сто грамаў гарэлкі, чатыры порцыі салаціку, некальнікі ломцікаў хлеба. Не пачыналі, чакалі Чарнова. Праз некалькі хвілін ён з'явіўся, паставіў кошык з хлебам на падлогу, дастаў з-за пазухі бутэльку "Сталічнай" і аздобіў ёю стол халасцякоў.

- Паспрабуй нашай, - прапанаваў Шундрык, - таксама "Сталічная".

- Я ёй ганьбы не даю, - прызнаўся Чарноў.

Па былой звычцы чокнуліся, асушылі кілішкі.

- Тут нядаўна праходзіла твая дочка, - ажывіўся Гаплюк. - Высокая, стройная.

- А-а, гэта Аксана.

- Дзе яна працуе?

- У райспажыўсаюзе, у бухгалтэрыі.

- Прывабная дзяўчына.

- Яна самая старэйшая з маіх дзяцей. Увогуле яна ўжо ўпаўне самастойная. Здольная гаспадыня ў хаце.

- Во Гаплюку як раз падыйдзе, - падтрымаў размову Шундрык.

Шэршань маўчаў і плаўна працягнуў руку да бутэлькі. Разліў усім па-роўнаму. А Чарноў усё хваліўся сваёю дочкаю, дзяцьмі, парадкам у хаце.

- Ну хопіць па-доўгаму на адну тэму гаманіць, - прамовіў Шундрык. - Давайце звернем увагу на кілішкі.

Звярнулі. Праглынулі пякучку. Скрывіліся, закусілі салацікам. Гавэнда яшчэ больш разгарэлася, заглушала галасы за суседнімі столікамі. І невядома колькі б яна працягвалася, але выступіла прыбіральшчыца са швабрай у руцэ:

- Хопіць шумець. У нас перапынак на абед. Трэба рабіць уборку. Выходзьце.

Усе марудна пачалі паднімацца, пахіляцца да дзвярэй. Устаў і Чарноў і некалькі крокаў зрабіў да выхаду.

- А кошык? Чый кошык?! - моцна выкрыкнула прыбіральшчыца.

Чарноў аглянуўся, вярнуўся назад:

- Гэта мой.

- Зараз галовы пагубляеце за гарэлкаю.

- Не пагубляем. Ты глядзі, каб спадніцу не згубіла.

На вуліцы хлопцы пачакалі Чарнова, яшчэ крышку пагаманілі, пасля Шэршань, убачыўшы, што Чарноў добра-такі захмялеў, прапанаваў Гаплюку:

- Правядзі яго дахаты. Мала што…

- Я і адзін дайду, - запярэчыў Чарноў.

- Не, дзядзька. Час няроўны - усякае бывае. Не супраціўляйся.

Гаплюк узяў Чарнова пад руку, і яны цераз плошчу трошкі пахістваючыся, пацялёпкаліся ў бок вуліцы Чырвонаармейскай. Не даходзячы да паварота, Чарноў заёрзаўся:

- Не трымай мяне пад руку. Лепш паднясі кошык.

- Ой, як я раней сам не здагадаўся…

- Для мяне ён крыху зацяжкі. А ты малады, дужы. Трымай.

- Давай.

Гаплюк ўзяў кошык, і яны за паваротам перасеклі вуліцу, і па левым баку Чырвонаармейскай, якая за мастком плаўна паднімалася ўгору, крочылі да дома Чарнова. Уздоўж вуліцы ў пазалочаным убранні стаялі ліпы, каштаны, пад подыхам ветру з іх падала долу сухое, прывялае лісце. У гародчыках яшчэ цвілі не зусім яркія, па асенняму крыху прыкурчаныя кветкі. Сонца сціпла заглядвала ў вокны драўляных і цагляных дамоў, час ад часу хаваючыся за праплываючыя хмаркі.

- Далёка яшчэ? - пацікавіўся Гаплюк.

- Не. Прамінем царкву і там хутка мой дом. А што рукі забалелі?

- Ды не. Проста не церпіцца ўбачыць тваю сядзібу.

Яны перасеклі вузкі завулак, мінулі яшчэ некалькі двароў - і Чарноў з радасцю абвясціў:

- Вось і мой дом. Зойдзеш можа?

- Не супраць.

Гаспадар адчыніў веснічкі - і праз некалькі крокаў іх прывітаў брэхам маленькі рыжанькі сабачка, прывязаны да буды непадалёку ад куратніка.

- Вось тут мая сядзіба, - сказаў Чарноў. - Давай агледзім мае ўладанні. Пастаў кошык пры ганку.

Найперш яны пайшлі да штучнага стаўка, выкапанага ў левым баку двара. Гаспадар тлумачыў:

- Бачыш пры беразе бетоннае кальцо. У ім пульсуе крыніца. Раней гэтага кальца не было. Проста з-пад зямлі прабівалася крыніца, утварала раўчук, які ўздоўж платоў шыбаваў да возера. Я падумаў: "Навошта дабру прападаць". Наняў экскаватар, выкапалі глыбокую, круглую яму, у дыяметры прыкладна дваццаць метраў, запоўніў яе вадой, напусціў малькоў рознай пароды. Каб малькі не ўцякалі са стаўка ў раўчук і далей, у возера, я на выхадзе ў беразе ўкапаў металічную сетку з дробнымі вочкамі - і зараз уся рыба тусуецца тут. А вада з крыніцы цячэ цераз краі кальца, папаўняе ставок - і заўсёды свежая цалебная. Хочаш пакаштаваць?

- Не адмаўляюся.

- Чарноў зняў з цвічка, увагнанага ў старую прыбярэжную ліпу, фарфоравы кубак, зачарпнуў з кальца халоднай крынічнай вады і падаў Гаплюку. Той па глытку пачаў піць.

- Ну як?

- Сапраўды цалебная. Аж прыдала нейкую свежасць, энергію.

- А вось тут, - працягваў Чарноў, - калыханка, на якой іншы раз сяджу і я і чытаю кнігі. Але ў асноўным на ёй гайдаюцца дзеці. Там куратнік і розныя гаспадарчыя прыбудоўкі.

- Ну, а ці вудзіш, дзядзька, калі-нікалі рыбу?

- А як жа! Амаль кожную раніцу. На сняданак яе заўсёды хапае.

- Якія віды рыбы водзяцца ў стаўку?

- Найбольш платвы. Але ёсць і ліні, і карасі, і карпы. Тут яна кішыць.

- Падкормліваеш чым-небудзь?

- Кідаю параны гарох, вараную пярлоўку, крошкі хлеба. Па берагах, як бачыш, узялося расці зелле, аір. І там яна знаходзіць сабе корм.

- А дно хоць не тупкае?

- У асноўным жоўты пясочак, дзе-нідзе толькі плямкі глею.

- Дык і купацца добра?

- Выдатна. Я плаваю ад берага да берага. Ныраю. Можаш прыходзіць павудзіць рыбу, пакупацца - шыкоўны вадаёмчык.

- Спадар Чарноў, вы сказалі, што чытаеце кнігі. А якія, калі не сакрэт?

- За гэты год прачытаў ужо ўспаміны маршалаў Жукава, Васілеўскага, Конева, Ракасоўскага. Нідзе не магу знайсці ўспамінаў Маскаленкі. Быў і ў раённай бібліятэцы, і ў школьных. Глуха. Можа табе дзе ўдасца раздабыць гэтую кнігу - дасі пачытаць мне.

- Абавязкова. Я пад'еду ў Казлоўшчыну. Там ў мяне ёсць знаёмыя. Папрашу, каб яны падключыліся да пошукаў патрэбнай вам кнігі.

- Пастарайся.

- Ну што, дзядзька, пайду я, мабыць, ужо дадому.

- А, можа, давай зойдзем у хату. Паглядзіш, дзе я жыву.

- Хіба што на хвілінку.

Яны пахіліліся да ганку. Чарноў сам падняў кошык, адчыніў дзверы ў сенцы, адтуль увайшлі ў залу. Насустрач ім са спальні выйшла ў кароценькай, прыталенай сукенцы Аксана. Гаплюк зблізку добра разглядзеў яе выразныя, цёмна-вішнёвыя вочы, чысты, сметанковы твар, высокі, гладкі лоб і густыя, цёмныя валасы.

Яна нахілілася, падняла кошык з падлогі і панясла на кухню. Дзесьці там, у глыбіні хаты, зашумелі, загаманілі дзеці. Яны, відаць, абрадаваліся свежаму пачастунку і накінуліся на хлеб.

Адхіліўшы ў бок занавеску, у залу ўвайшла жонка Чарнова.

- Зноў, мусіць, набраўся? - коратка выцяла яна.

- І ні грама не ўзяў у рот, - апраўдваўся Чарноў.

- Чую па паху. Адзін нават не змог дайсці да хаты. Наняў праважатага.

Жанчына пытліва паглядзела ў твар Гаплюку. Той неяк сарамліва апусціў долу вочы.

- Мама, не крычы на тату, - вярнуўшыся з кухні, супакоіла маці Аксана. - Ён зараз праспіцца - і ўсё пройдзе.

- Ды мы па грамульцы ўсяго выпілі, - прызнаўся Гаплюк. - За сустрэчу. Добры чалавек ваш муж.

- Куды там! Дабрэйшага за яго і знайсці цяжка, - выпаліла жонка Чарнова.

Аднак, прыкмеціўшы, што Гаплюк раз-пораз кідае позіркі на Аксану, пачала сцішвацца. А пасля і зусім супакоілася, пайшла ў спальню.

- Прысядзь можа, - прапанаваў Чарноў Гаплюку.

- Не. Пайду ўжо дамоў. Да пабачэння.

- Да пабачэння, - адказала за бацьку Аксана.

На вуліцы Гаплюк яшчэ раз абвёў позіркам двор Чарнова, розныя пабудоўкі, ставок, невялікі садок за ім, платы, суседнія сядзібы. Хмель з яго галавы выветрыўся поўнасцю. Цвярозы і ўзнёслы, ён крочыў дадому і яму чамусьці хацелася спяваць, падскокваць, дэкламаваць вершы Пятраркі пра каханне:

Благославен тот край

И дол тот светел,

Где пленником я стал

Прекрасных глаз.

"Ну, Гаплючок, - разважаў ён сам з сабою, - ты, мусіць, укляпаўся ў Аксану па самыя вушы".

У канцы кожнага працоўнага дня ён падпільноўваў Аксану каля будынка адміністрацыі райспажыўсаюза, праводзіў яе да хаты. Па выхадных яны хадзілі ў кіно, на танцы. А ў пачатку лістапада распісаліся. У доме Чарновых ім адвялі невялікі пакойчык з адным акном - і гэтым даводзілася цешыцца, бо каханне зацьміла ўсе астатнія жыццёвыя і бытавыя дробязі.

Усё ішло добра, аднак, у гарадку пачалі кпіць над Гаплюком адносна яго цесця. Нават сам начальнік раённага дзяржстраха Брэйва аднойчы сказаў:

- Ну хлеба ў вашым доме зараз, напэўна, у поўным дастатку.

- Гэта чаму так?

- Цесць жа кожны дзень прыносіць па поўным кошыку.

Раззлаваны Гаплюк неяк у нядзелю ўстаў раней за ўсіх, зняў кошык з цвіка, увагнанага ў тую ж старую ліпу, занёс за гарадское возера і ўкінуў у кусты.

Прачнуўшыся і сабраўшыся ісці па хлеб, Чарноў агледзеўся і аж схамянуўся: на ліпе няма кошыка. Ён падумаў, што яго ўкралі. І тут жа пайшоў на рынак і купіў новы, яшчэ большы, чым папярэдні. І сваё даказаў: прынёс хлеб дадому не ў сумцы, а ў кошыку.

Некалькі дзён Гаплюк цярпеў, аднак камяк кпінаў над ім у гарадку ўсё нарастаў і нарастаў. І аднойчы, калі Чарноў на гайданцы, нахіліўшыся ўніз галавою, чытаў нейкую тоўстую кнігу ў цвёрдых вокладках, ён падыйшоў да яго і сказаў:

- Ну вось што, баця, не хадзі з кошыкам па хлеб. З мяне смяюцца. Выбірай альбо кошык, альбо я.

- Канечне, ты, - адказаў Чарноў.

Ён рыўком зняў кошык з цвіка і з усяго размаху кінуў на сярэдзіну стаўка…

16.01.2023

Рай

Я ішоў каля лесу на сваю дачу. Лёгкая завейка дразнілася з маім тварам, чаплялася за куртку, асядала на шапку. Такая пагода мне па душы і было прыемна адчуваць першародную яе свежасць, чыстае дыханне, дотык да галінкаў аголеных дрэў.

Ужо зусім нямнога заставалася да майго доміка, як з-за паварота высунуўся і крочыў насустрач мне Дзіма Дзірбук. Наблізіўшыся, ён ажыўлена і радасна прамовіў:

- Здароў.

- Здароў.

- Маеш што?

- Прыхапіў на ўсякі выпадак бутэлечку настойкі баярышніка.

- Ну і добра. Ідзем да мяне.

- Пайшлі.

Яго домік размяшчаўся непадалёку ад майго, за паваротам, справа ад дарогі. Дзіма адчыніў дзверы - і ў твар дыхнула прыемным хатнім цяплом, духмяным пахам нейкай стравы, якая варылася ў чыгунку на пліце.

- Нешта шыкуеш на абед?

- Суп харчо вару.

- Я гляджу, што так здорава пахне прыправамі. А куды ты ішоў?

- Думаў, якую галіну прыцягну з лесу.

- Але таксама, кідаеш без нагляду пліту, агонь. Мог бы нарабіць пажару.

- Дык жа падлога каля пліты абабіта бляхаю. Калі які вугаль і вываліўся б уніз бляха ад яго не загарэлася б.

- Але, бывае, у палаючых дровах распачынаецца страляніна - і вуглі ляцяць далёка. Маглі б заскочыць на тваё ложка…

- Гэта, калі гараць яловыя дровы. Ад іх без стрэлаў, сапраўды, не абыйсціся. А ў мяне асінавыя. Яны гараць ціха і спакойна. Даставай, што там у цябе?

Я паставіў на табурэтку бутэлечку настойкі баярышніка. Дзіма дастаў з тумбачкі два невялікія кілішкі, адзін падсунуў да мяне, другі - да сябе.

- Я не магу піць неразведзеную, - запярэчыў я. - Ёсць чым развесці?

- Кава ў кубку. Пойдзе?

- Давай.

Ён пакрысе ўліў кавы ў кожны кілішак, пасля накапаў настойкі.

Выпілі, рукавамі выцерлі вусны. Закускі добрай не было, ды яна і не была патрэбнай.

- Можа хлеба возьмеш?

- Не… Няхай папячэ трошкі ў горле.

Мы сядзелі на ложку. Перад намі мігцеў у плітцы не зыркі агонь, злёгку струменіла з чыгунка, раздражняючы апетыт, пара. Поруч з пліткай стаяла маленькая сякерка - гаспадар, мабыць, тут у доміку, нарыхтоўваў трэскі для распалкі агню. Далей, бліжэй да ўсходняй сцяны, на падлозе былі пасланыя газеты, на якіх віднелася насенне цыбулі, кабачкоў, тыквы. У куце стаялі чаравікі, на іх віселі парваныя шкарпеткі. Каля паўночнай сцяны стаяў адзін гумавы галош, другога ў доміку не было бачна. У гэтай жа сцяне знізу нехта адарваў лапінок абоя і зеўрыла невялікая плямка тынкоўкі.

- З чаго склаў хаціну? - спытаў я.

- Са шпалаў. А каб ад іх не ішоў смурод, я абабіў сцены драцяной сеткай і атынкаваў. Цяпер, чуеш, паветра нармальнае.

- Даўно туляешся на дачы?

- Два гады.

- А што, дома жонка загрызае?

- Ды не. Жонка нармальная. Цешча адняла палавіну здароўя. Вось я і перабраўся сюды.

- Як гэта сталася? Ты ж, бачу, не малады. Няўжо да гэтай пары трываў яе?

- Мне сорак восем гадоў. Мы жылі з сям'ёй у васьміпавярховым доме па вуліцы Гастэлы. Дочка выйшла замуж - і мы з жонкай аддалі ёй кватэру, а самі перабраліся ў драўляны домік па вуліцы Чайкоўскага, да цешчы. Вось тут усё і пачалося. Там я спазнаў, што такое ад. А тут для мяне сапраўдны рай.

- Але ж умовы, я сказаў бы, не зусім райскія.

- Для мяне рай.

- А жонка там жыве?

- Калі там, калі прыязджае сюды. У мяне да яе прэтэнзій няма.

- А чым такая знакамітая твая цешча?

- Усё ёй не так. Не так ступіў, не так устаў, не так сеў, не так перакапаў градку, замнога кавы насыпаў у кубак, няпоўнае вядро вады прынёс - і так без канца. За дзень па дваццаць заўваг. Патрэбна мець стальныя нервы, каб вытрымаць усё гэта. А тут мяне ніхто не турбуе. Я аддзяжуру ноч сантэхнікам на заводзе электравырабаў - і сюды, днём адпрацую - і зноў сюды. Благадаць. Спакойная галава. А то, бачыш, заўчасна ўжо пасівеў.

Мы патроху-патроху "дабілі" настойку баярышніка да канца.

Я сют-тут азіраўся па баках, каб убачыць у доміку яшчэ што-небудзь прыкметнае - і тут падалося, як штосьці імгненна матляхнулася за акном. Не, гэта была не здань. Неўзабаве дзверы адчыніліся, і ў хаціну ўвайшла аграмадная, чырвонатварая з пудовымі кулакамі жанчына. На ёй была куртка апошняга памеру, самаробная вязаная шапка, вялізныя кірзавыя боты.

- Доўга яшчэ будзеш тут сядзець?! - моцна выгукнула яна. - Марш дахаты!

І як тупнула здаравеннаю масіўнаю нагою - так чэрці з Дзірбука так і пасыпаліся на падлогу.

- А гэта што за вылупак сядзіць?

- Ён мой сусед па дачы.

- Такі самы алкаш, як ты?!

- І грама не бярэ на язык.

- Ведаю я вас. Каб начаваць прыехаў дахаты!

- Я заступаю сёння на ноч на дзяжурства.

- Схаджу і туды. Праверу. Дастану цябе і там. Не выкруцішся.

Я падумаў: балазе, што схавалі пустую бутэлечку і кілішкі, а то магла б разбіць іх на нашых галовах.

А цешча ўсё не супакойвалася:

- Так да цябе дайшло, што я сказала? Бо другі раз як прыеду - спалю тваю гэтую хібару і самога ўпіхну ў агонь.

- Пасадзяць у турму.

- Я турмы не баюся.

Аграмадзіна, выходзячы на двор, з усяе сілы грукнула дзвярыма, і яе шырокая вопратка зноў парыўна матляхнулася за акном. Я падняўся і пазіраў, як памацнелая, густая завея паступова праглынае магутную постаць Дзірбуковай цешчы. А Дзіма, задаволены тым, што мне наяве давялося пераканацца, у чым прычына яго пакут і дачнага адшчапенства, з палёгкай выдыхнуў:

- Ну як табе мая цешча? Спакойная, пакладзістая… Ага?

- Я з ёю не пражыў бы і аднаго дня. Цяпер паверу, што твой рай, сапраўды, вось тут.

- А я пра што кажу…

12.02.2023

Садыст

Як мы з Цішкам змаглі пасябраваць, я і да гэтае пары ніяк сабе не ўцямлю. Гэта быу закончаны садыст, агрэсіўны, рэзкі, з далёка не пакладыстым характарам. Асабліва нешта нядобрае перла з яго у адносінах да жывёл і птушак-варонаў.

Аднойчы мы з Цішкам пасвілі коровы над вузкай, віхляючай між кустоўя, рачулкай, якая пачыналася прама з вялікай, не зарослай травою, крыніцы. І адкуль не вазьміся паблізу аказаўся рыжы хутарскі кот. У Цішкі ўзвінцілася рука: ён мацней сціснуў дубовы кій з гільзавым ад кулямёта наканечнікам, залітым волавам, і з усяго размаху шпурнуў яго у ката. Трапіў як раз у галаву. Кот замертва ўпаў на траву. Цішка падбег і хацеў канчаткова дабіць бедную жывёліну, але я адштурхнуў яго:

- Перастань! Можа яшчэ аджыве.

Шкада мне стала такога прыгожанькага, пушысценькага коціка - я зняў са свае галавы новенькую ільняную кепачку і пачаў насіць ваду з рачулкі і ліць на ката.

- Кінь сліну пускаць, - прабурчэў Цішка. - Вазьмі лепш яго за хвост ды кінь у рэчку.

- Адстань! Я веру, што кот выжыве.

І ўсё насіў і насіў цалебную крынічную ваду і ліў на ката - і неўзабаве ён, сапраўды, паварушыўся, устаў на ногі, пакутлівым, бездапаможным позіркам глянуў на нас і, як п'яны, паплёўся ў бок хутара.

- Ну вось, бачыш, ажывіў, - радасна ўсклікнуў я. - Гаспадар падзякуе мне за гэта, а цябе пракляне.

- Ты яшчэ верыш у гэтыя забабоны?

- Веру. У жыцці ўсякае бывае.

- Ты разважаеш не як пацан, а як пажылы чалавек.

- Ад старэйшых навучыўся.

Я глянуў у бок ката - між невысокіх купін ён ужо набліжаўся да драўлянага прымітыўнага мосціка, марудна перайшоў цераз яго і схаваўся за тоўстымі вольхамі, праз якія прасвечваліся забудовы хутара Самахвала.

У мяне палягчэла на душы. Пра што думаў у гэты час Цішка - цяжка было здагадацца. Мабыць, ён перажываў, што не дабіў ката, а, магчыма, і ў яго ўнутры цеплілася хоць якая кволенькая іскарка радасці.

Узгадваецца яшчэ адзін выпадак. Неяк у нашу вёску заблукаў чужы, незнаёмы сабака. Ён усё туляўся каля плоту і нешта вынюхваў, не зважаючы ўвагі на нас, групы падлеткаў, якія стаялі на вуліцы, насупраць Цішкавай хаты. У Цішкі спрацаваў садысцкі інстынкт. Ён, Цішка, схапіў камень з бурак велічынёю, прыхаваны ў траве каля лаўкі, і імгненна пацэліў ім як раз у цемя сабакі. Сабака ўпаў, але яшчэ быў жывы і варушыўся. Тады Цішка пабег у свой двор, вярнуўся назад з рыдлёўкай і на кавалкі раздрабіў чэрап бедалагі-прыблуды. Мы смяяліся. Па праўдзе кажучы, і не вельмі шкадавалі чужака: чаго ён тут не бачыў у нашай вёсцы? Ды яшчэ і падумалі, што ён шалёны…

Пераканаўшыся, што сабаку прыйшоў капут, Цішка ўзяў яго за хвост і праз свой надворак зацягнуў на аселіцу. Там і закапаў.

Аднак, самымі прывабнымі жывымі мішэнямі для Цішкі былі жабы. У той час, да меліярацыі, на балотах іх кішэла процьма.

Цішка лавіў жабу, браў яе за заднія ногі і з набіванкі, зробленай з тонкай меднай трубачкі, прама ва ўпор - у жывот. З жывата цякла кроў, вылазілі кішкі. Некаторых з нас пачынала ванітаваць, іншыя гадзіліся, пляваліся, адварочваліся, адыходзілі ўбок. А Цішка хоць бы хны: раўнадушна расстрэльваў адну жабу за другой, смяяўся, пацяшаўся - для яго гэта была вясёлая забава. Біў ён іх і кіем.

Калі катоў, сабак, жабаў, варонаў Цішка забіваў з нейкай своеасаблівай садысцкай ненавісцю, як штосьці непатрэбнае людзям, то курэй ён біў з любоўю, бо паядаў тх мяса.

У памяці ўсплывае такі малюнак: ад нашай вёскі на захад цягнуўся доўгі і шырокі луг, акаймаваны з аднаго боку балотам, з другога полем. Праз пэўную адлегласць ён раздзяляўся на два рукавы. Паблізу таго рукава, што пахілялася на паўночны захад, размяшчаўся хутар Шарага. У яго было вельмі шмат курэй, мабыць, больш, чым пяцьдзесят, і яны любілі ласавацца калгасным ячменем, жытам ці пшаніцай - усім, што расло побач з хутарам і нашым лугам. І тут для Цішкі была лафа. Ён ціха падкрадваўся да курэй, выбіраў самую большую з іх і кіем гваздаў па спіне ці галаве. Курыца падала. Тады ён наступаў на яе нагою і дабіваў канчаткова. Пераканаўшыся, што ёй прыйшоў каюк, браў ахвяру за ногі і кідаў у мяшок, дзе ляжаў прыгатаваны для яе чыгунок. Гэты чыгунок ён браў зрэдзь у поле спецыяльна для таго, каб варыць у ім курыцу.

Шары ніколі не пералічваў курэй і, магчыма, дакладна не ведаў, колькі іх і што з імі робіцца ў полі. Яны без яго апекі адпраўляліся ў калгасную збажыну і без яго нагляду вярталіся назад, а што нейкі там Цішка палюе на іх - ён гэтага не ведаў і не бачыў, бо ўсе забудовы і двор засланяў ад луга і поля вялікі сад.

Мы ж, на ўсякі выпадак, каб Шары не прыкмеціў злачынства Цішкі і не ўчыніў над ім самасуд, адганялі каровы чым далей ад хутара, аж у Корчыкі, мясціну, дзе было шмат сухіх карчоў. Там раскладвалі навялікі касцёрчык, абсмажвалі курыцу, вырывалі пер'е, вынімалі вантробы і варылі кураціну. Балазе, што паблізу была здатная, глыбокая крыніца, з якой зачэрпвалі ваду. Калі да гэтага часу на полі падрастала маладая бульба, то выкопвалі яе і парэзаную кідалі ў чыгунок: атрымліваўся выдатны наварысты бульён. У пасляваенную галадуху, бясхлебіцу гэта быў найлепшы наедак. Да паразумення дабаўлю, што напярэдадні Цішка нас звычайна папярэджваў, каб бралі з сабою лыжкі ў поле. Чэрпалі ж бульён мы прама з чыгунка. А мяса на пні Цішка разрэзваў кожнаму па роўнаму кавалачку, сабе браў цэлы кумпячок: вядома ж, у гэтай аперацыі ён быў самы галоўны - і тут не да папрокаў, добра было, што хоць трошкі удавалася пажывіцца, бо часцяком кішкі ад недаядання проста ігралі маршы.

… Тым часам у няспынным бегу не марудзілі гады. Мы падрасталі, сталелі і неўзабаве разыйшліся, раз'ехаліся ў свет па розных дарогах. Цішка застаўся ў вёсцы, працаваў на ферме даглядчыкам жывёлы. У дваццаць шэсць гадоў ажаніўся на даярцы, вышэйшай за яго на цэлую галаву, гаваркой, не пазбаўленай простай, здаровай, вясковай прыгажосці. Яна нарадзіла яму дваіх сыноў і адну дачку.

Да гэтага часу ён поўнасцю пазбавіўся ад сваіх садысцкіх схільнасцяў, не біў жывёлы і не пакрыкваў на каровы, раздаючы ім корм. Як узорны бацька клапаціўся аб дзецях, не крыўдзіў і не папракаў ні ў чым жонку. Яго хваліла завочна і ў прысутнасці іншых жывёлаводаў калгаснае начальства. Цішка не ведаў ніякай бяды. Праўда, па начах іншы раз ад дзённай перанапругі крыху пабольвалі рукі і ногі, але да раніцы стома праходзіла - і ён зноў ахвотна браўся за звыклы для яго занятак.

Цішка быў удалы касец. А тут брыгадзір на сенажаці ў сярэдзіне чэрвеня якраз выдзеліў вяскоўцам палоскі травы для нарыхтоўкі сена, бо кожны гаспадар тады яшчэ трымаў сваю ўласную карову, не тое, што зараз. Цішка з раніцы добра пакляпаў касу, адмяньціў яе, прыхапіў з сабою такі-сякі харч і дзвесце грамаў спірта "Рэала", які тады паўсюдна прадаваўся і які перавёў на той свет шмат людзей.

Правіянт Цішка паклаў у альховы куст, каб не награваўся на солнцы, а сам узяўся за касу. З расою, на свежыя сілы, пры добрым настроі здатна касілася. І хоць гаспадару стукнула ужо пяцьдзесят дзевяць гадоў, асаблівай стомы ён не адчуваў. А пад абед трошкі занядужаў. "Трэба падбадзёрыцца", - рашыў Цішка і пакрочыў да куста. Дастаў з пакета бутэлечку са спіртам, кілішак, закуску. Кілішкам зачэрпаў халоднай вады з маленькай крынічкі, якая пульсала за кустом, надліў яе, каб засталася толькі палавіна, а рэшту запоўніў спіртам. Цяжка ўздыхнуў і залпам выпіў. Закусіў сырым салам і чорным хлебам. Пачакаў, пакуль усё асядзе. Прысеў на пракос. Паглядзеў, як непадалёку завіхаюцца іншыя касцы. Падумаў: "Можа паклікаць іх… Не, не варта. Што гэта за доза - кілішак?" Паўтарыў. Толькі на гэты раз вады зачэрпаў менш, а спірта ўліў больш… І пайшло-паехала. Пасядзеў, апусціўшы галаву на калені, крыху падрамаў. Пасля схамянуўся: "Можа яшчэ дабавіць…" Падняў бутэльку ўгору - а яна пустая. "Ну тады трэба ісці касіць". Каса аказалася не вельмі паслухмянай, але ён шморгаў і шморгаў ёю па траве. І раптам убачыў, што разрэзаў напалавіну жабу, з жывата яе пацякла кроў, павылазілі кішкі. Пярэднія і заднія ногі яшчэ трапяталіся. У Цішкі пацямнела ў вачах. Ён зарыгаўся, страціў свядомасць і ўпаў.

Касцы, якія завіхаліся непадалёку ад яго, занепакоіліся.

- Штосьці занадта доўна ляжыць Цішка, - насцярожана прамовіў Ігнат Курачка. - Ці не здарылася што з ім. Ідзем праверым.

Мужчыны наблізіліся да Цішкі. Ён, нежывы, ляжаў на пракосе, побач з ім была каса, разрэзаная напалавіну жаба і вырыганая закуска.

… Розныя толкі аб яго канчыне хадзілі па вёсцы. А мужчыны, яго равеснікі, казалі:

- Во, біў жабаў на балоце - ад жабы і загінуў…

20.07.2023

Здаравяка

У нашай вёсцы раней клуба не было - і вечарынкі, танцы праводзіліся па чарзе па хатах. Дайшла такая чарга і да нас. Тады мала ў каго мелася дашчатая падлога. У нашай хаце таксама быў звычайны, добра утрамбаваны гліняны ток. Перад танцамі яго абільна апырскалі вадой, каб не пыліў, напаілі і накармілі музыку Косціка Дзякевіча, сабралася моладзь - і вечарынка распачалася.

Мне, дапытліваму падлетку, прыемна было назіраць, як дужыя хлопцы і гарэзныя дзяўчаты віхурацца ў вясёлых беларускіх польках ці плаўных вальсах. Як звычайна, гарманіст, каб крыху адпачыць, цераз некаторы час абвяшчаў перапынак - тады хлопцы збіраліся ў кола і пачыналі спрачацца. І на гэты раз мажны, дужы, шырокаплечы Мікола Аленчык выйшаў на сярэдзіну кола і прапанаваў:

- Хто хоча з мною паспрачацца, што я падніму ў зубах мяшок бульбы?

- Я, - аклікнуўся таксама не са слабакоў Ваня Чучва. - На што спрачаемся?

- На бутэльку гарэлкі.

- Згодзен.

Мяне папрасілі схадзіць у камору і набраць вялікі мяшок бульбы. Я паслухмяна патэпаў і ў катуху невялікім кошыкам заграбаў клубні і засыпаў у мяшок. Калі ён быў запоўнены амаль да адказу, вярнуўся ў хату і сказаў:

- Гатова. Можна забіраць. Пайшлі.

Аленчык і Чучва паследавалі за мною. У каморы Аленчык устрахнуў мяшок, каб лепш асела бульба, моцна завязаў завязкай. Уняслі ў хату, паставілі каля парогу, дзе стоўпіліся ўсе хлопцы і дзяўчаты. Што будзе? Ва усіх раскрыліся зрэнкі.

Аленчык з мінуту пастаяў у роздуме. Пасля уздыхнуў, нагнуўся, сціснуў зубамі мяшок вышэй завязкі і рукамі паказаў натоўпу расступіцца, даць прайсці. Сагнуўшыся, ён данёс у зубах мяшок да супрацьлеглай лавы, што стаяла пры ўсходняй сцяне, і вярнуўся назад. Усе ахнулі, паглядзелі на Аленчыка як на сапраўднага асілка: у мяшку было не менш пяці пудоў бульбы.

- Зубы цэлыя? - спытаў Віталь Казілаўка.

- Усе на месцы. Ні адзін не зламаўся, - адказаў Аленчык.

Ваня стаяў з апушчанымі рукамі: ён пацярпеў фіяска.

- Ну што задумаўся? Бяжы па бутэльку.

- Прыйдзецца. Праіграў. Давай аднясем мяшок у камору.

- Бяжы. Я адзін з гэты спраўлюся.

Чучва пайшоў па вёсцы шукаць самагонку.

Аленчык папрасіў мяне паадчыняць дзверы, узяў на выцяжку рук, каб не запачкаць белую кашулю, за два канцы мяшок, занёс у камору і высыпаў бульбу ў катух.

Праз некалькі мінут вярнуўся Чучва. Ён штурхнуў Аленчыка ў плячо, кіўком галавы паказаў ісці на кухню. Айчым расставіў шклянкі, мама нарэзала сала, каўбасы, хлеба. Паклікалі гарманіста. На чатырох чалавек адна бутэлька асаблівага знаку не дала, тады айчым прынёс з каморы паўтаралітровую, цёмную, масіўную бутэльку сваёй самагонкі.

- Хоць я з табой і не спрачаўся і не прайграў, - прамовіў ён, звяртаючыся да Аленчыка, - але раз ты такі здаравяка, то ў твой гонар частую вас уласнай самагонкай.

Аленчыку ён наліў поўную шклянку - і той залпам апаражніў яе.

- Не акасееш? - пацікавіўся Косцік Дзякевіч.

- Што для мяне гэта значыць?! Я магу тры шклянкі за раз выпіць.

- Здаравяка.

Мужчыны з зайздрасцю паглядзелі на Аленчыка. А на яго самагонка як быццам бы і не падзейнічала. Толькі неяк выразней пасвятлелі вочы, пачырванеў твар, больш развязаўся язык.

- Я магу каня падняць, - пахваліўся сваёю сілаю Аленчык.

- Ого! - усклікнуў Дзякевіч.

- Дзядзька, дазволіш пакарыстацца сваім канём?

- Калі ласка, - адказаў айчым.

А на зале ў гэты час сядзела на лавах, на ложках, на зэдліках моладзь, гучна гаманілі хлопцы, прывабна хіхікалі дзяўчаты.

На кухні Дзякевіч занепакоіўся:

- Пара, хлопцы, мусіць закругляцца. А то зараз мяне абвіняць у гультайстве.

- Ну, давайце тады аглаблёвыя, - прапанаваў айчым і разліў па шклянках усю да кроплі гарэлку, якая на гэта раз дала пэўны штуршок у арганізмах мужчын.

Госці пайшлі ў залу. Весялей і заліхвасцей зайграў на гармоніку Косцік. Зноў усчалася завіруха сукенак, кашуляў, прычосак, рук, ног.

Доўга танцавалі, пакуль не стаміўся музыка. Ён перастаў іграць, паварушыў у паветры пальцамі, даў расслабон рукам.

Па-новаму апырскалі халоднай вадой гліняную падлогу. І тут на круг выйшаў Аленчык:

- Хто гатовы памерацца з мною сілаю?

Ахвотнікаў не знайшлося.

- Тады ці ёсць сярод вас смяльчак паспрачацца з мною? На гэты раз я падніму каня.

- Ого!

Усе маўчалі. І тут з натоўпу прабілася да Аленчыка ружовашчокая, чарнабровая, фігурыстая шатэнка Юлька Герасімчык. Яна працягнула яму руку і тоненькім галаском сказала:

- Я гатова.

Аленчык сціснуў яе маленькую, рахманую ручку сваёй магутнай "лапай" і спытаў:

- На што спрачаемся?

- На бутэльку.

- Дурная, - зашапталіся ў натоўпе дзяўчаты. - Знайшла на што спрачацца. Хоць бы на кілаграм цукерак. Нас пачаставала б. Усё роўна ён прайграе. Падняць каня? Гэта не жарты…

- Пайшлі на двор! - моцна выгукнуў Аленчык. - Дзядзька Восіп, ідзі выведзі з хлява каня.

Шумны, гаманкі натоўп выкаціўся з хаты. Айчым зняў са сцяны падпаведкі аброць, два путы, вывеў на двор каня. Сівы, дагледжаны, пакладзісты, разумны, ён стаяў сярод надворка, спакойна пазіраючы на людзей, не цямячы, што тут адбываецца. Айчым звязаў яму путамі дзве пярэднія і дзве заднія нагі, сам узяўся за аброць, каб сівы стаяў на месцы і нікуды не рухаўся.

- Можаш пачынаць.

Аленчык падлез пад жывот каня, абняў яго за пярэднія і заднія ногі і падняў угору, трымаючы вялікі жывы груз на сваіх плячах і карку.

Нехта выкрыкнуў:

- Ура!

Конь быў адарваны ад зямлі на паўметра, не брыкаўся і не рухаўся. Аленчык патрымаў яго на сабе і апусціў уніз. Ніхто не паверыў сваім вачам. Аднак, гэта была вялікая перамога Аленчыка.

Дзяўчаты зноў зашушукаліся:

- Дурная. Няхай бяжыць цяпер па гарэлку.

І Юлька парыпалася ісці, але Аленчык наблізіўся да яе і сказаў:

- Не трэба. Нікуды не хадзі. Я дарую табе пройгрыш. Хвалю за смеласць.

Юлька апусціла вочы.

Некаторы час моладзь пабыла на падворку, рухалася туды-сюды, збіралася ў групкі, гаманіла, выходзіла на вуліцу, адпачывала. Айчым адвёў Сівога ў хлеў, музыка, Аленчык і Чучва прыселі на прызьбу і прыкідвалі, колькі мог важыць конь.

- Не менш, як семсот кілаграмаў, - мяркаваў Аленчык. - Цяжкі халера, але ж не мог я не падняць яго, апраставалосіцца перад публікай. Хоць гэта калі-небудзь можа і адаб'ецца на маім здароўі.

… Спакваля пачынала цямнець. Сцішыўся і заснуў у шатах дрэў ветрык. На ўсходнім небасхіле запаліліся першыя зорачкі. Хлопцы і дзяўчаты, не спяшаючыся, заходзілі ў хату, якая зноў напоўнілася музыкай, шумам, стукам абцасаў, вясёлым смехам, гаманой.

Танцы доўжыліся аж да поўначы. Аленчык праводзіў Юльку, якая жыла ў самым канцы вёскі, дадому. Спыніліся каля веснічкаў.

- Як гэта ты адважылася з мною паспрачацца.

- Я паглядзела, што ўсе хлопцы маўчаць, стаіліся і рашыла: будзь што будзе - рыскнула, выйшла да цябе.

- Правільна зрабіла.

Аленчык паглядзеў Юльцы ў вочы - у іх трапяталіся, пераліваліся іскрынкі ад таямнічага месячнага святла. Ён ласкава абняў дзяўчыну і пацалаваў. У яго магутных руках яна стаілася цёплым, рахманым птушанём, якое яшчэ не навучылася лятаць. Некалькі хвілін яны стаялі і маўчалі, прытуліўшыся адзін да аднаго. Пасля Юлька разняла рукі Аленчыка і беглым позіркам стрыкнула па хаце. У акне ад надворка матляхнулася фіранка і паказаўся твар маці, якая памахала рукою і дала знаць дочцы, каб шла дахаты. Аднак Юлька пра гэта Аленчыку нічога не сказала і працягвала далей быць разам са сваім кавалерам.

- Чаго ты спрачаешся з хлопцамі толькі на гарэлку, а не на што іншае?

- Ну не буду ж я з імі спрачацца на рублі ці цукеркі. Гэта не мужчынская заманка.

- То хоць на пуд жыта…

- Насмяшыла. Буду я яшчэ вазіцца з жытам…

Аленчык зноў абняў Юльку за плечы і моцна прыціснуў да сябе. Яна войкнула. І тут пачуўся стук кулака ў акно. Аленчык аглянуўся - барабаніла ў шыбіну маці Юлькі.

- Кліча дахаты?

- Ага. Пайду, бо яна не ўгамоніцца.

Развіталіся без абдымкаў і пацалункаў. Ідучы дадому Аленчык думаў: "Трэба ўсё-ткі жаніцца на Юльцы. Здатная, мілая дзяўчына, спрытная, рахманая. Канечне, яе маці можа паўстаць супраць: яна ведае мае слабасці. Але тут галоўны ігрок не яна, а яе дочка".

Сустрэчы іх працягваліся. Перад Новым годам Аленчык запрасіў Юльку ў сельсавет, дзе яны і распісаліся. Жылі ў хаце бацькоў Юлькі, у баковачцы - асобным пакойчыку, дзверы якога адчыняліся ў сені. У сям'і старшынствавалі згода і памяркоўнасць. Аленчык перастаў выпіваць.

Аднак, у 1949 годзе ўтварыўся калгас імя Дзяржынскага і бязхлебіца пераступіла цераз парогі хатаў. Хлопцы і дзяўчаты, мужчыны і жанчыны хадзілі на розныя работы, якія выпадалі на іх долю.

Неяк пад вечар Аленчык з Ванькам Чучвою змардаваныя, запыленыя з ног да галавы валакліся ад малацілкі, у якую яны падавалі снапы ячменю, дадому.

- Нічога не браў? - спытаў Ванька.

- Не.

- А я во ўсыпаў у кішэнь жменю зярнят. Хоць курам будзе які пачастунак, знясуць, можа, яйко на сняданне.

- Ты што?! - расхваляваўся Аленчык. - Зловяць - пасадзяць у турму. Цяпер жа ўстаноўка, каб ні адзін каласок нідзе не прапаў, ні адно зернетка.

- Ну і напалохаў ты мяне, цяпер нічога не буду браць. Але якія ў нас, братка, заробкі: трыста грамаў збожжа на адзін працадзень. Ды і якое збожжа? Трэцяга гатунку, амаль смецце. За год заробіш пару пудоў, прынясеш на плячах дадому - і паспрабуй пракармі сям'ю. Паслухай, давай махнем на заробкі ў Жалудок.

- Куды?

- На спіртзавод.

- Не пусціць жонка. Скажа: "Зноў улезеш у п'янку".

- А ты паспрабуй яе ўгаварыць. Усё-ткі будзем атрымліваць рублікі. А за грошы ўсё можна купіць.

- Падумаю.

Юлька асабліва не пярэчыла, толькі папярэдзіла: "Трымайся".

Праз некалькі дзён Аленчык і Чучва патэпалі ў Жалудок. Дырэктар спіртзавода Пінчук станоўча ацаніў іх мажныя постаці і спытаў:

- Грузчыкамі пойдзеце?

- Пойдзем, - у адзін голас адказалі прышлыя.

- Можаце заўтра выходзіць на работу. Заадно напішаце тут заявы, і мы аформім прыём.

Прышлякі абрадаваліся.

Прыемная вестка ўзбадзёрыла дома і Юльку.

А на другі дзень Аленчык і Чучва, на хуткую руку перакусіўшы, пашыбавалі ў Жалудок. На спіртзаводзе іх прынялі на работу. Толькі дырэктар, строгі і надзьмуты, папярэдзіў:

- Глядзіце, каб ні адзін грам спірту не трапляў вам на язык. Бо калі ўбачу п'янымі, зачыніце дзверы з адваротнага боку.

- Мы не выпіваем - такую далі самы сабе клятву.

- Малайцы. Ідзіце да майстра. Ён вам скажа, што патрэбна рабіць.

У двор ў гэты час як раз заехалі дзве машыны: адна з бульбай, другая з жытам. Майстар Красочка, які паспеў ужо з грузчыкамі пазнаёміцца, сказаў:

- Разгружайце абедзве машыны. Мяшкі насіце вунь ў той склад, у якім адчынены дзверы.

Узяліся перш-наперш за бульбу. Чучва ўскочыў у кузаў і падаваў груз Аленчыку. Аленчык браў мяшок пад паху і, як лёгкую торбу, нёс у склад, дзе кладаўшчыца ўзважвала яго і паказвала, куды паставіць. Гэты шырокаплечы вярзіла паказаўся ёй добрым і паслухмяным, і як толькі ён выйшаў за дзверы, яна выглянула са склада, каб ацаніць другога грузчыка: Чучва таксама паказаўся дужым і паскладзістым. "Вось гэта работнікі, - падумала яна. - Не тое, што тыя былі - і выпівохамі, і слабакамі. Пінчук зрабіў правільны выбар".

Мяшкі з бульбаю і жытам хлопцы разгрузілі даволі аператыўна і хутка. Пасля насілі вялізныя, зялёныя бутлі з гатовай прадукцыяй - спіртам на склад. І ў канцы дня кладаўшчыца пры глыбокай тайне прапанавала асілкам па чарцы спірта.

- Не, не і яшчэ раз не, - адказаў Аленчык.

- Мы не выпіваем, - падтрымаў яго Чучва.

Кладаўшчыца абсела:

- Можа і правільна робіце.

Праца хлопцам пры іх сіле не паказалася цяжкай. Яны заўсёды ў добрым настроі, з чыстымі галовамі крочылі дадому і радаваліся, што, нарэшце, знайшлі пастаянны занятак для сваіх рук.

Такія-сякія грошы пацяклі ў сем'і. Юлька проста скакала ад радасці.

Аднак мінуў адзін месяц, другі, трэці - і распачалася зіма. Сыпучы снег перамятаў дарогу, кусаліся лютыя марозы. Топаць пешшу восем кіламетраў ад Жалудка да Ліпічанкі было не проста, ды і цяжкавата.

Майстар Красочка разумеў гэта і рашыў хоць як матэрыяльна падтрымаць хлопцаў. Аднойчы падвечар ён выдзеліў ім на дарогу па чакушцы спірту, даў па ломціку хлеба. Яны зайшлі ў Жалудку да аднаго знаёмага, выпрасілі пустую бутэльку, набралі вады. Пяцьдзесят грамаў улілі гаспадару за сустрэчу і цёплы прыём. Рэшту з адной чакушкі дапілі самы, другой не распачыналі.

Рушылі ў дарогу, калі ўжо добра сцямнела. У Лапішках - лясным масіве паміж Жалудком і Ліпічанкай - спыніліся.

- А што мы гэтую кроплю панясем дахаты, - прамовіў Чучва. - Давай дап'ем тут.

Аленчык дастаў з-за пазухі другую чакушку. А якраз схадзілася моцная завея - яна і падштурхнула хлопцаў на нядобрае. Пілі па чарзе з гарла, не разбаўляючы, запівалі халоднай, сырой вадой, закусвалі сухім хлебам.

- О, цяпер добра, - сказаў Чучва.

- Няблага.

Цераз пару кіламетраў зноў спыніліся і працягнулі "банкет". Падыходзячы да вёскі, дапілі рэшту.

- Дасць Юлька наганяю, калі агледзіцца, - захваляваўся Аленчык.

- А ты блізка не падыходзь да яе, каб не абнюхала, - параіў Чучва.

- Спірт не пахне.

- Тым больш. А так на табе не заметна. Не хістаешся.

Дома Юлька не западозрыда мужа ў выпіўцы - і ніякай сварбы не ўчыніла. Аднак, менавіта з гэтага вечара ўсё і пачалося.

Цяпер грузчыкі ўжо самы выпрошвалі ў майстра і кладаўшчыцы, каб выдзелілі ім хоць мізерную кроплю спірту на дарогу. А калі просьба не задавальнялася, умудраліся неяк украсць. Як кажуць, пайшло-паехала. Алкагольная багна паступова засмоктвала грузчыкаў. Ужо Юлька безпамылкова "раскусвала" мужа, калі ён прыходзіў дадому п'яны.

На заводзе, праўда, і Аленчык і Чучва не выпівалі: баяліся, што Пінчук звольніць іх з работы. Трымаліся з усіх сіл. А вось у дарозе давалі сабе волю і ўжывалі спірт без усякай меры. Іншы раз, калі забываліся набраць вады, запівалі нават снегам. Непрыемна было, але што зробіш: спірт мог апаліць і язык, і нёба, і страўнік. Снег тушыў "агонь".

Неяк у хату Юлькі завітаў сусед, пажылы мужчына Алечь Кучэйка. Якраз яна, бацька і маці, уключыўшы святло, сядзелі ў зале.

- Твой у Лапішках з Ванькам, - звярнуўся ён да Юлькі, - па курганах валяюцца. Я не даў рады дацягнуць іх дадому: цяжкія, абвялыя. Трэба штосьці рабіць, бо замерзнуць у лесе.

- Тата, схадзі можа ты прывалачэш іх, - папрасіла Юлька ў бацькі, - бо я таксама не спраўлюся.

- Моцна п'яныя? - запытаў Міхась у Кучэйкі.

- Моцна. Амаль не стаяць на нагах.

- Тады, мусіць, патрэбна паклікаць яшчэ і старога Чучву.

- Пакліч, тата.

Міхась апрануў кажушок, надзеў рукавіцы і выйшаў з хаты. Было цёмна і няўтульна. Ён прыбавіў кроку.

Чучва раззлаваўся, пачуўшы пра тое, што робіцца з яго сынам у лесе. Але тут жа пачаў збірацца ў дарогу. Мужчыны спяшаліся: баяліся, што Ванька і Мікола могуць памарозіць у лесе пальцы рук ці ног. Пры падыходзе да Лапішкаў яны ўбачылі, як тыя то паднімаліся і, хістаючыся, рухаліся трошкі наперад, то зноў падалі ў курганы, рачкавалі.

- І як вам не сорамна так набірацца?! - наблізіўшыся, пачаў бэсціць асілкаў Чучва. - Усе людзі дома. Зараз будуць класціся спаць, а вы тут поўзаеце па снезе.

Ён узяў сына за руку і паставіў на ногі. Міхась выцягнуў з кургана свайго зяця. Абабілі з іх снег - і асілкі быццам пацверазелі. Трымаючы пад рукі, мужчыны вывелі іх на роўную дарогу - і ўсе чацвёра так-сяк валакліся ў вёску.

Дома расстроеная Юлька сказала:

- Звальняйся з работы. Пражывем як-небудзь і без тваіх грошай.

Аленчык маўчаў. Кінуўшы ў кут на падлогу боты, куртку і шапку, бухнуўся ў ложка. Спаў, цяжка стогнучы і храпучы.

Наранку балела галава, ногі былі, як не свае, як ватнія. Пражыла піць. Юлька заварыла моцнага чаю, тры кубкі выпіў залпам.

- Пайду.

- Не ідзі можа. Гарыць яна - такая работа. Абыйдземся.

- Пайду.

Заглянуў да Чучвы. Бацька не выпусціў Ваньку з хаты. Патэпаў адзін. На спіртзаводзе не пахмяляўся. Вярнуўся вечарам дадому, паабяцаў Юльцы:

- Больш, колькі жыць буду, не вазьму ў рот ні аднаго граму алкаголю.

Хадзіў на работу адзін. Працяглы час трымаўся. Умацавалася сям'я. Юлька нарадзіла яму двух сыноў і дачку. За тры гады да пенсіі зноў сарваўся. Піў беспрабудна, валяўся па курганах.

Пачалі вывальвацца зубы. Выгналі з работы. Юлька не ведала, што з ім рабіць, упадала ў роспач. Стэпка Блюднік параіла:

- Пакліч знахара са Старынак. Можа ён што дапаможа.

Паклікала. Ён нешта доўга шаптаў, круціў рукамі над галавою, узяў паўкошыка яёк і пайшоў. Нічога не дапамагло. Тады Юлька сама надумалася схадзіць да бацюшкі. І хоць царква была зачынена на замок (у ёй утварылі амбар), бацюшка прымаў пакутнікаў у сваім доме. Ён сказаў:

- Прывядзі яго сюды.

Юлька прывяла мужа.

- Ты ведаеш, чалавеча, - прамовіў бацюшка, - што на тым свеце ёсць рай і ад. Хочаш вечна цягаць смалу ў вёдрах?

- Я ўжо спірта нацягаўся ў флягах.

- А смала яшчэ горшая і цяжэйшая. І гэта для цябе будзе кара навекі вечныя. Ну дык што, будзеш піць?

- Не. Кіну.

Бацюшка кароткай малітвай замацаваў свае словы. Аленчык прасвятлеў у вачах. Ідучы дадому, ён даў Юльцы слова, што яго рука ніколі не працягнецца да бутэлькі з алкаголем. І слова сваё ён стрымаў.

Аднойчы, калі ён сядзеў на лаўцы каля свайго плоту і нешта перабіраў у думках, да яго падышоў трактарыст, колішні сябар, Віця Муха:

- Ну што, Мікола, перанясеш цяпер у зубах мяшок бульбы цераз хату?

- Не. Засталіся толькі два зубы і тыя калываюцца…

18.08.2023

Дарэмнае хваляванне

Я хацеў выпусціць праз фортку на двор жоўтую звяглівую асу, якая, пакуль не злавіў, моцна білася ў запацелую шыбу альбо круцілася над галавой і перашкаджала пісаць, як раптам нехта адчайна стукнуў каленам у мае дзверы, і яны з шумам адчыніліся. На парозе з'явіўся Алесь Царук, былы наш супрацоўнік, які месяц назад пераехаў у суседні пасёлак. Заліваючыся смехам, ён, як наэлектрызаваны, то прысядаў і хапаў сябе рукамі за жывот і калені, то зноў выпростваўся. Ніхто ніколі не бачыў на яго смуглявым твары ціхай лагоднай усмешкі. Ён альбо быў празмерна сур'ёзны і задумлівы, альбо раптам заліваўся такім бліскавічным траскотным смехам, што, здавалася, пакуль свайго не адзвініць, як будзільнік, нічым яго не спыніш. Яго белыя, як перламутр, зубы і агністыя вочы ў гэты час выклікалі сімпатыю ў пасялковых дзяўчат, і нам, астатнім халасцякам, не заўсёды ўдавалася перахапіць іх даверлівыя позіркі.

- Ха-ха-ха! На вуліцы лета, паветра пахне мёдам, а ты тут мух душыш.

- Не мух, а асу. І не душу, а дарую ёй жыццё, - адказаў я.

- Паехалі на Нёман. У мяне тут "Запарожац".

- Не супраць, - адказаў я. - Ды і працоўны дзень ужо скончыўся.

Алесь зноў затросся ад смеху з мае педантычнасці.

- Ты тут крыху пачакай, - супакоіўшыся сказаў ён, - а я падскочу ў магазін.

Дзверы з шумам грукнулі - і ў маім маленькім пакойчыку зноў усталявалася трывалая цішыня. Я склаў раскіданыя на стале паперы, закрыў наглуха фортку і накіраваўся да выхаду. На парозе мяне сустрэў наш работнік Міша Ванчук.

Зусім нядаўна ён ажаніўся на загадчыцы Дубароўшчынскага магазіна Валі Лянок, але тая не захацела з ім жыць і ўцякла пад канец вяселля дамоў з яго хаты і ні разу не прыязджала да Мішы ў пасёлак сама і катэгарычна забараняла яму ездзіць да яе. А ў вёсцы перад сваякамі і суседзямі выхвалялася, што пойдзе замуж за закроўшчыка з райбыткамбіната Пецю Дудко. Адна з суседак, будучы ў райцэнтры, расказала пра гэта Мішу. Не сплючы начамі, пакутуючы ад такой ганьбы, Міша прышыкаваў сваёй фармальнай жонцы, якая не правяла з ім і адной ночы, сумны падарунак. Ён надумаўся завезці ў Дуброўшчыну закройшчыка Пецю, каб той ляпнуў Валі прама ў твар, што і не збіраецца жаніцца на ёй. Карта Валі тады была б бітай. З яе пачалі б у вёсцы пасмейвацца. Яна, магчыма, не вытрамала б кпінаў і з пакаяннем вярнулася б да Мішы.

- Памятаеш, я дзяліўся з табой думкай наконт паездкі ў Дубароўшчыну? - сказаў мне з хваляваннем Міша.

- Ну і што?

- Сёння можна ажыццявіць задумку. Машына ёсць. Захопім Пецю і махнём.

- А ён згодзен? - запытаў я.

- Хоць на што. Пралетарскі хлопец.

- Ну, глядзі, каб не ўліплі ў якую гісторыю.

Праз гадзіну мы ўжо трэсліся па закасцянелых карэннях старых дрэў, якія цесна абступалі вузкую лясную дарогу. Пад пахілым старым дубам, з абгарэлым бокам, спыніліся.

- Не варта гэтага рабіць, - пачаў я. - Паедзем на рэчку пакупаемся і дамоў. Мы можам толькі траўміраваць дзяўчыну. Яна, як мне здаецца, даволі ўражлівая натура. Чаго добрага яшчэ кінецца ў рэчку.

- Не кінецца. Ты яе кепска ведаеш, - адказаў Алесь.

- Няхай кідаецца, - са злосцю выпаліў Міша. - Туды ёй і дарога.

Высокі, з доўгімі нязграбнымі рукамі і нягнуткімі, як кастылі, нагамі, ён таптаўся на гнілым слізкім грыбе і прыкметна злаваўся на мяне, баючыся, мусіць, што я сарву яго аперацыю. Маленькія зеленаватыя вочкі яго, глыбока пасаджаныя па абодва бакі чырвонага гарбатага носа, выражалі прагу помсты.

Пеця быў крыху прыгажэйшы за яго, хоць і ўступаў у росце. Чарнявыя валасы, зачэсаныя гладка, тоненькімі пярсцёнкамі завіваліся на скронях і на патыліцы, дастаючы да белага, як снег, каўняра нейлонкі. Будучы кампанейскім хлопцам, Пеця не хацеў браць назад сваё абяцанне сказаць Валі, што яна яму не патрэбная. Але па ўсім было бачна, што ён не вельмі спяшаўся ехаць у Дубароўшчыну.

Між тым у лесе прыкметна пашарэла і хлопцы пачалі збірацца ў дарогу. Я паспрабаваў яшчэ раз угаварыць іх павярнуць назад.

- Гэта прыгода можа дрэнна закончыцца, - пярэчыў я.

- Ат, маўчы, - стукнуў мяне кулаком у бок Міша. - Тваю псіхалогію я ўжо ведаю. Калі баішся, заставаўся ў лесе адзін.

"Запарожац" зноў затросся на пераплеценай карэннямі дарозе. Ля самай вёскі за дружнай купкай маладых ёлак спыніліся.

- Ну, ты ідзі цяпер у хату, - прапанаваў Міша Пецю. - А мы пабудзем тут.

Дом Валі стаяў з краю вёскі. Неахвотна валакучы ногі па зямлі, аддаляўся хлопец ад машыны. Мы ж чакалі цемнаты. Чуваць было, як у двары крайняй хаты білі ў дно вядра пругкія струмені сырадою. Рэзка і цягуча пахла яловая смала. Асвяжальная цішыня плаўна і павольна, як непрыкметная шэрая птушка, апускалася на зямлю. Нарэшце ўсё анямела. Абрысы вёскі патанулі ў цемрыве, і мы таксама падаліся да Валінай хаты.

Праз вокны выбівалася на двор яркае электрычнае святло. З-за куста бэзу мы прыкмецілі непадалёку ад студні дзве постаці. Гэта стаялі ў абдымку Пеця і Валя. Валя заклала рукі за шыю Пеці і доўга яго цалавала.

Заскрыпелі ў Мішы зубы.

- Пайду, - прашаптаў ён.

- Ідзі, - блаславіў яго Алесь.

- Ну што, Валя? За каго ты пойдзеш замуж? - наблізіўшыся да жонкі, запытаў Міша. - Пеця, скажы, ты будзеш жаніцца на ёй?

- Не. Ніколі! - адпусціўшы Валю, прамовіў Пеця. - Я на ёй не жанюся ніколі.

Валя звар'яцела. Яна схапіла з кастрага грубае сукаватае палена і з ўсёй сілы стукнула ім Мішу па галаве. Бедалага ад моцнага болю войкнуў і ухапіўся рукамі за твар. Валя другі раз апусціла палена на Мішыну галаву і закрычала:

- Вось табе! Атрымлівай па заслугах.

Пасля падбегла да акна і моцна заенчыла:

- Та-а-та!

Хлопцы, перапалоханыя тым, што можа адбыцца нешта непапраўнае (бацька Валі быў паляўнічым), кінуліся ўцякаць. Мы з Алесем таксама сарваліся з месц і што ёсць духу наперадзе Мішы і Пеці беглі да машыны. "Запарожац" хрыпла загуў, імгненна развярнуўся і павёз нас далей ад бяды, у цёмны лясны гушчар.

Ад'ехаўшыся ад вёскі, Алесь уключыў святло ўнутры машыны. Мы адразу заўважылі, як па Мішыным твары бегла за каўнер кашулі тонкімі чырвонымі каснікамі ліпкая кроў. Алесь дастаў з кішэні чыстую клятчатую насоўку і, спачуваючы, падаў яе Мішу. Пасля павярнуўся да мяне і, яхідна ўсміхнуўшыся, прамовіў:

- Ну што? Кінулася у рэчку твая ўражлівая натура?

Не вечнае каханне

Зямлянка - не зусім дакладная назва памяшкання, у якім мы жылі. Пабудова толькі на які метр апускалася ў зямлю, астатняя яе частка, у тым ліку і вокны, была на паверхні. І нам, лесарубам з Лідчыны, якія прыехалі ў Карэлію на зарабаткі, жылося ў ёй не горш, чым у якім добраўпарадкаваным будынку. Хапала і святла, і цяпла, а новы баян, што купілі ў складчыну з першай зарплаты і на якім вельмі ўдала ўмеў іграць Іван Бобер, уносіў у наш халасцяцкі быт нямала шчаслівых і радасных гадзін.

У тую нядзельную раніцу мы ўсе да аднаго выйшлі са сваёй утульнай зямлянкі, павесілі на дзвярах замок і адправіліся ў дарогу. Бензапільшчык Вася Куц, бадзяючыся ў выхадныя дні па берагах рэк і азёр, па вузкіх сцяжынках і глухіх дарогах, агледзеў на астраўку кіламетраў за дванаццаць ад нашай зямлянкі маленькую вёсачку, хат з сем, і з'агітаваў нас схадзіць туды.

Сонца ўжо высока паднялося над лесам, як мы крочылі па старой, слаба уезжанай дарозе. Таямніча стагналі дрымотныя тоўстыя елкі, пераплятаючыся ўверсе кашлатымі галінамі, высока ў неба ўздымалі свае вершаліны сосны, з гушчыні лесу прывабна адлівалі перламутравай белізной ствалы стройных карэльскіх бяроз.

Вася, невысокі камлюкаваты хлопец, з вострым, прадаўгаватым носам і ёмка пастаўленай круглай галавой, важна, нібы які першаадкрывальнік, крочыў наперадзе, а мы - за ім.

Наступала вясна. Дрэвы яшчэ не зазелянелі, аднак у паветры разлілося прыемнае і доўгачаканае для поўначы цяпло. Зямля крыху падсохла ад лагодных промняў сонца і сям-там нясмела парыла. Пад елкамі ляжалі, грэючыся на сонцы, рыжыя, бухматыя шышкі, адліваючы дзе-нідзе бледнай пазалотай.

Нарэшце, з-за цёмнага лесу шырока і велічна бліснула вялізнае люстэрка возера, выплыў з блакітнага мроіва невялікі астравок з некалькімі шэрымі малапрыкметнымі хацінамі.

Да вёсачкі ад берага вяла вузкая, як праехаць адной машыне, дарога. Здавалася, яна была ненатуральнай, насыпной. З-пад грунту да вады вытыркоўваліся гладкія, пляскатыя камяні, паўгнілое бярвенне і нейкае вострае, счарнелае ад часу ламачча. Мы міжволі аглядалі наваколле, кідалі позіркі на вёсачку, якая, як жаба на купіне, мясцілася на невялічкім астраўку.

Неўзабаве мы апынуліся на ім, праходжваліся ля хат, і нешта ніхто не трапляўся нам на вочы. Вася знаёмства ні з кім не паспеў завесці, і мы адчувалі сябе неяк адзінока. Ажно, чуем, у бліжэйшай хаце стукнулі нечаканна дзверы і на парозе паказаўся малады, бялявы, сярэдняга росту хлопец. Ён, падалося, абрадаваўся нашаму прыходу. Пры сустрэчы шчыра павітаўся і ахвотна ўступіў у размову.

- Адны старыя жывуць, - сказаў ён, - і дзеці. З маладых толькі я і тры дзяўчыны. Адна з іх цяжарная - гэта мая будучая жонка.

Мы стрымана ўсміхнуліся.

- Не разгуляешся, - нібы шкадуючы, прамовіў Вася. - Але лепш чым ніяк.

- У нас ёсць клуб і па нядзелях бываюць танцы, - сказаў хлопец. - Так што і сёння будуць. Во, давайце зараз і заглянем туды.

Катух у два акны, у якім дзяўчаты круцілі пласцінкі, нельга было назваць клубам. Але для вёсачкі з сямі хат і ён быў раскошай, і яго было дастаткова для таго, каб Валодзю, яго будучай жонцы і дзвюм дзяўчатам можна было ў выхадны дзень павесяліцца, патанцаваць, паспяваць.

Катух быў зроблены з круглых бярвенняў, якія ўжо страцілі сваю першапачатковую свежасць і пах смалы. На сценах яго абсалютна не было ніякай нагляднасці, апроч дзвюх першамайскіх паштовак, прыклееных невялома кім і для чаго ля самага акна. У гэтым невялікім пакойчыку жыла некалі сям'я перасяленцаў, але ўжо прайшло больш як тры гады, як яна пакінула яго, і мясцовыя жыхары выкарысталі гэты будынак пад клуб.

Дзяўчаты як быццам разгубіліся, убачыўшы перад сабою такі натоўп невядомых хлопцаў. Валодзя ўнёс ажыўленне першы. Ён стаяў поруч з дзяўчатамі і, паказваючы кіўком галавы на іх, гаварыў:

- Ада, Тамара, Люда.

Пасля гэтак жа нязмушана пазнаёміў дзяўчат з намі, і маладая кампанія неяк адразу стала свойскай, рахманай, як быццам яна знаходзілася ў гэтым клубе даўным-даўно.

Самай прыгожай сярод дзяўчат была Люда: чарнявая, з бялявым тварам і чорнымі вачамі, гладзенькая, яна адразу прыкавала позіркі хлопцаў. Але да яе асабліва ніхто не хацеў заляцацца, каб не сапсаваць настрой Валодзю. Да таго ж, калі верыць ягоным словам, яна была яшчэ і цяжарнай. Таму хлопцы адзін за другім наперабой кінуліся ў жарты да Ады і Тамары.

Ада, высокая, стройная, з ільнянымі валасамі і шэрымі выразнымі вачамі дзяўчына, хоць і ўступала па прыгажосці крыху Людзе, аднак прыцягвала да сябе ўвагу хлопцаў. Лагодная ўсмешка, дзіцячая наіўнасць позірку, рамантычны разбег броваў - усё выклікала ў нашых сэрцах гарачае пачуццё пяшчоты.

І усё ж у цэнтры хлапечага кола аказалася Тамара. Невысокая шчабятуха з лагоднымі абрысамі твару ўмела трапна адказвала на ўсялякі жарт і камплімент. І калі пачыналася музыка, яе наперабой запрашалі танцаваць.

Вася раз за разам вальсіраваў з Адай. Яна была крыху вышэй за яго ростам, але не звяртала на гэта асаблівай увагі і заўсёды ахвотна ішла з ім танцаваць. Хлопцу падабаліся яе наіўнасць, дзявочая шчымлівасць і яшчэ тое, што калі заканчваўся танец, яна чамусьці не адыходзілася ад яго, а стаяла насупраць і старалася падтрымліваць размову.

Хлопцы, магчыма, і крыўдавалі на тое, што Вася не адпускаў ад сябе Аду. З адной Тамарай ім, дваццаці, танцаваць па чарзе было не вельмі раскошна (з Людай танцаваў пераважна Валодзя). Але ж не стане Вася адыходзіцца ад Ады сам, калі яна не адступае ад яго ні на крок. Яе гнуткая, як лаза, постаць, даверлівасць і ўвогуле чыстая дзявочая абаяльнасць імпанавалі яму.

Назад вярталіся мы на захадзе сонца. Пасля месячнага халасцяцкага жыцця ў лесе гэтая сустрэча з дзяўчатамі, танцы неяк размякчылі, размагніцілі нас. У хлопцаў весялей засвяціліся вочы, жвавей зляталі з вуснаў словы. Нічога, што дзяўчат было малавата, але, здаецца, кожны паспеў патанцаваць, адчуў у сваіх руках гібкую дзявочую постаць - і ад гэтага ў душы кожнага з нас было лагодна, па-веснавому прасторна.

Сонца яшчэ стаяла над далёкім лесам у сінім туманным мроіве, калі мы пакідалі астравок. Такое ж мроіва тулілася да скалаў, да вёсачкі, калі мы крыху адышліся і аглянуліся назад. Коцікі на вербах за дзень, здаецца, падраслі, паветра гусцей напоўнілася першым сасновым водарам, дарога падсохла, і ісці па ёй было прыемна і займальна. Нехта зацягнуў нашу беларускую песню, і ўсе падхапілі яе дружна.

Колькі у небе зор -

Цяжка палічыць,

Толькі з іх адна

Найярчэй гарыць.

Пасля мы яшчэ некалькі разоў наведваліся ў гэтую вёсачку. І кожны раз вярталіся з яе з нейкай шчымлівай асалодай. Ада, здаецца, не на жарт прывыкла да Васі і нават не хавала сваёй прывязанасці. Больш за ўсё яе выдавалі вочы і пахарашэлы, паружавелы пад вясну твар. У яе голасе, у манеры размаўляць і паводзіць сябе адчувалася штосьці незвычайнае, эмацыянальнае.

Аднойчы святочным днём Вася надумаўся схадзіць у вёску адзін. Падмывала надзея сустрэцца з Адай, пахадзіць з ёю па лесе, падзяліцца самым патаемным. Вася ўжо амаль наблізіўся да дарогі, што вяла ў вёсачку, як каля старых тоўстых алешын убачыў чародку дзяўчат. Яны таксама прыкмецілі хлопца, спыніліся і ўсе трое паглядалі ў яго бок, нібы даючы знаць, каб ішоў да іх, бо чаго ж ён ішоў бы ў вёску, калі не хацеў бы пабачыцца з імі. Вася тут жа збочыў з дарогі і полем напрасткі накіраваўся да дзяўчат.

На маладых вярбінках, якія стаялі побач са старымі, жаўцелі першыя пушыстыя коцікі. Адчувальна прыгравала сонца, пахла вясною, якая тут асабліва жаданая госця, дыхала цяплом зямля. Удалечыні над хвалістым люстэркам возера расплылася густая сінеча. У руках дзяўчаты трымалі па дзве-тры галінкі вербачак і весела ўсміхаліся вясне, сонцу, цяплу. Іх шчырыя ўсмешкі расчулілі хлопца, усхвалявалі і без таго адкрытае жыццю і сонцу сэрца. Было неяк асабліва дорага бачыць сярод гэтай паўночнай глухамані маладых і квітнеючых прыгажунь з галінкамі вярбы ў руках. Дзяўчаты не на жарт абрадаваліся прыходу Васі, наперабой зашчабяталі, пераглянуліся і некаторы час ішлі разам, размаўляючы абы пра што і абы з чаго смеючыся.

Тамара і Люда няўзнак пачалі адхіляцца ад Ады ўбок.

- Куды вы, дзяўчаткі? - насцярожылася Ада.

Тыя махнулі рукамі, і іх блакітныя плашчыкі неўзабаве расталі, згубіліся ў меднастволым старым бары. З Адай Вася застаўся сам-насам. Прайшоўшы берагам, ён неяк нясмела паспрабаваў абняць дзяўчыну, і тая, на яго здзіўленне, не супраціўлялася. Наадварот, неяк па-свойму падалася наперад, паклала сваю маленькую галоўку на плячо Васі і затоена глядзела ў далячынь. Вася адчуваў дотык яе густых духмяных валасоў, цёплага, пахнучага вясной твару.

- Ідзём, - амаль паўшэптам сказала Ада.

Яна асцярожна паварушылася, каб вызваліцца з хлопцавых рук, паправіла валасы, плашч, і яны, падуладныя першаму цяплу і сонцу, жартуючы і ласкава ўсміхаючыся адзін аднаму, ішлі ўздоўж берага. Сцяжынка тым часам падымалася ўгору. Неўзабаве яны апынуліся на высокай камяністай скале, адкуль усё возера і акаляючы яго лес былі бачны, як на далоні. Вася скінуў з сябе пінжак і паклаў яго на замшэлы грунт скалы. Ада спрытна села, абняла свае калені рукамі, задумалася, углядаючыся ў празрыстую сінечу вады. Вася асцярожна прымасціўся побач, прытуліў дзяўчыну да сябе, і яна, здаецца, яшчэ больш паружавела.

Трапяткія хвалі возера, пабліскваючы і пераліваючыся на сонцы, плаўна каціліся з прытуманенай далячыні і біліся аб бераг, парослую мохам, старую, як сама зямля, скалу. Унізе, прывязаная ланцугом да хвоі, аднатонна хлюпала адзінокая набрынялая лодка. Вася асцярожна нахіліўся і пацалаваў Аду. Дзяўчына сарамліва абвяла яго мяккім позіркам, паклала галаву на калені, стаілася. Роўныя льняныя валасы шаўкавіста сцякалі па яе плячах уніз, тоячы ў сабе вечную загадку дзявочай прыгажосці.

Праз месяц Васю і яшчэ некалькіх нашых хлопцаў перавялі ў іншае месца, астатнія заканчвалі работу на старым. З Адай Вася падтрымліваў толькі перапіску, а з'ездзіць да яе ніяк не мог выбрацца. Пад восень мы зноў усе аб'ядналіся, але ўжо далёка ад той зямлянкі, дзе жылі раней, ад той вёсачкі на астраўку, куды хадзілі на танцы, ад Ады, Тамары і Люды, ад светлага, па краях прытуманенага возера, празрыстыя хвалі якога так лагодна спявалі Васю аб чыстым і вечным каханні.

Аднойчы з цыбатым і не вельмі зграбным хлопцам Крынчыкам мы спілавалі вялізную, старую елку і на яе пні налічылі трыста кольцаў.

- Во дрэва! - сказаў Крынчык. - Пушкіна яшчэ памятае. А таксама не вечнае.

- Мажліва, было б вечнае, каб мы не спілавалі, - заўважыў я.

- Не. Не праз сто, дык праз трыста гадоў, а ўсё роўна ўпала б.

Да нас падышоў Вася. Мы ўтраіх прымасціліся на шырокім, гладкім пні, разгаварыліся.

- А ведаеш што, - раптам перавёў размову на іншую тэму Крынчык. - Вы тады паехалі на новае месца, сюды, а мы засталіся там, у зямлянцы. Выхаднымі днямі зноў хадзілі ў тую самую вёсачку, што на астраўку. І ў мяне, мусіць, укляпалася ну, тая самая, як яе, Ада. Пойдзем бывала, з ёю на бераг возера, сядзем на прыгрэтую на сонцы скалу, яна пакладзе мне галаву на калені, і мы так доўга-доўга сядзім і глядзім удалячынь…

Вася спачатку быццам не надаў значэння гэтым словам, а пасля неяк раптоўна пабляднеў, пасуравеў і стаў панурым-панурым. Ён імгненна глянуў на мяне, нібы просячы падтрымкі ў бядзе, устаў з пня і, не прамовіўшы ні аднаго слова, сумны і адзінокі пайшоў у здзічэлы, глухі, яловы гушчар.

- Не патрэбна было табе гаварыць пра Аду, - сказаў я Крынчыку. - Вася ж кахаў яе…

Сустрэча

Яна сядзела на першым радзе, каля акна, і калі глядзела на выкладчыка або на дошку, на фоне чыстага блакітнага неба былі бачны яе чорныя, доўгія густыя павейкі. Яны акаймоўвалі яе прыгожыя шэрыя вочы і ў сонечны дзень кідалі на іх мяккі, таямнічы цень, робячы іх яшчэ больш прывабнымі. Нос, прамы і акуратны, з лёгкай, някідкай пухлінкай вусны, вытанчаная лінія ілба, над якім навісалі залацістыя завіткі валасоў, прымушалі многіх хлопцаў міжволі паварочваць свае галовы налева і глядзець на яе. Яна гэта адчувала і, нібы свядома дазваляючы любавацца сабою, апіралася лакцямі на парту і, выгінаючы гнуткую талію, акідвала абыякавым раўнадушным позіркам сваіх бездапаможных паклоннікаў.

Паўлюк сядзеў на адным радзе з ёю, але праз аднаго чалавека, і для таго, каб паглядзець на яе, яму даводзілася нахіляцца да парты, таму што таўставаты сусед засланяў яе сабою. Звалі яе Ірынай.

Іншы раз Паўлюку здавалася, што калі б узяць вялікі доўгі аловак і асцярожна ў профіль абвесці ім вытанчаныя правільныя рысы яе твару, то на небе засталося б яго вялізнае адлюстраванне, і ўсе захапляліся б гэтым неапісальна прыгожым тварам. Зрэшты, гэта была ўсяго толькі здаровая, незацугляная фантазія юнака.

Сур'ёзны, высокага росту, выдатнік (і выдатнікам стаў з-за яе: сорамна было перад ёю не ведаць чагосьці на ўроку), Паўлюк часта пахіляў сваю галаву ў яе бок і ўпіваўся позіркам у чароўныя рысы яе твару, і з ёю, і без яе ён заўсёды быў з ёю. Ці ўскопваў дома агарод, ці дапамагаў бацьку выкошваць надзел на лузе, яму ўсё здавалася, што яна побач, прысутнічае і глядзіць, як ён выконвае сваю работу, наколькі спрытны і дужы ў сваёй справе, і стараўся ўсё рабіць акуратна, чыста і бездакорна: яна ж пасмяецца, калі што будзе зроблена не так. Кожны крок ён вымяраў яе ацэнкай, яе словам, хоць гэтага слова і гэтай ацэнкі ніколі ад яе не чуў.

Аднойчы ён пасвіў на лузе каровы. Прыйшла чарга - давялося гнаць: бацька і маці паехалі да старэйшага сына ў Мінск. Была нядзеля. Час хіліўся да поўдня. Каровы, наеўшыся роснай і свежай травы, паляглі ў даліне і перажоўвалі ежу, а ён сядзеў на ўзвышаным месцы, на нагрэтым на сонцы камені і марыў, марыў аб будучых радасцях жыцця.

Стаяла лета ці, дакладней кажучы, сярэдзіна чэрвеня. Расавала жыта, жаваранкі ў небе заліваліся трапяткімі, незямнымі песнямі. Як ніколі, адчувалася свежасць і некранутасць навакольнага свеу, зямлі і неба. На сцяжынцы, якая вілася паміж рэдкіх кустоў лазы, патанаючых у сонечным мроіве, паказалася Ірына. Паўлюк пазнаў яе адразу, як толькі яна выбралася на больш-менш прасторнае месца, пазнаў па хадзе, па рухах, плаўных, элегантных, хоць да яе і было далекавата.

Яна падышла да ракі, зняла з ног туфлі і ступіла ў ваду. Вада была яшчэ халодная, і Ірына не асмелілася заходзіць глыбей, а пахадзіла крыху ўздоўж берага, каб асвоіцца. Пасля рашылася і, задраўшы ўгору сукенку, пайшла ўпоперак рэчкі. На беразе пастаяла, каб высахлі ногі, памарудзіла, сарвала кветку і пайшла далей па сцяжынцы, якая вілася ўздоўж жытняга поля. Яе ўжо не засланялі зараснікі лазы, і на фоне зялёнай расліннасці ў белай сукенцы і яркіх промнях сонца яна здавалася Паўлюку далёкай і недасягальнай і ў той жа час блізкай і амаль адчувальнай.

Паўлюк здагадаўся: Ірына ідзе ў Жалудок купляць кнігі. Яму страшна захацелася сустрэцца з ёю. Ён хутка пападнімаў каровы, сагнаў іх у адзін шчыльны гурт, абмінуў невялікае балотца і па грэблі пагнаў статак у вёску. Дома на хуткую руку пераадзеўся ў чыстае адзенне, абуў новыя туфлі і цераз агароды выйшаў на акружную дарогу. Ён спадзяваўся, што дагоніць Ірыну, аднак яна ўжо знікла з поля зроку. За вёскай, дзе дарога была прамой, ні дрэвы, ні пагоркі не засланялі шашу, Ірыны таксама не было бачна. Трошкі замарудзіў ён са сваімі каровамі і ўсё ж спадзяваўся, што за лесам ці пры падыходзе да Жалудка дагоніць Ірыну - і прыбавіў кроку. Не дагнаў.

У Жалудку Паўлюк адразу пахіліў у кніжны магазін - і не памыліўся: Ірына падабрала ўжо неабходныя для дзесятага класа кнігі і стаяла пры касе, каб разлічыцца. Паўлюк спыніўся каля яе і прывітаўся.

- Пачакай мяне на вуліцы, - прапанаваў ён. - Я куплю пару сшыткаў і пабудзем у Жалудку.

Ён купіў дзесяць сшыткаў, за якія аддаў усе грошы. Толькі пры выхадзе з магазіна падумаў, што ў кішэні не засталося капеек на білет, каб заехаць на аўтобусе дадому…

Ірына стаяла на вуліцы і чакала.

- Куды пойдзем? - спытала яна.

- Давай заглянем у скверык. Пасядзім, пагамонім.

- Хутка мой аўтобус на Орлю.

- Ну хоць паўгадзінкі пабудзем тут.

Яны выбралі ў скверыку лаўку ў засені дрэў

- Чуў, што наш настаўнік фізікі Ліпай пераехаў у Слонімскі раён.

- Не, - адказаў Паўлюк. - Я так любіў яго. Такі талковы, такі добры.

- Яго ўсе вучні любілі. Але што зробіш… Прышлюць нейкага новага.

- Хоць каб не быў горшы за Ліпая.

- А Тоня Суслянкова пераехала жыць у Жалудок, - працягвала Ірына.

- Чаго гэта яна раптам?

- Ну, сюды перавялі яе сястру, урача, у раённую бальніцу - і Тоня падалася за ёю. Не жыць жа ёй адной у Орлі.

- Хто яшчэ з нашых настаўнікаў ці вучняў выбыў? - спытаў Паўлюк.

- Астатнія, здаецца, усе на месцы. А Ліпічанскія хлопцы будуць хадзіць у дзесяты клас ці пададуцца ў вучылішчы, у тэхнікумы?

- Пакуль што ніхто не рыпаецца паступаць вышэй. Усе прыйдзем у верасні ў школу.

- Ужо неяк хочацца сустрэцца з аднакласнікамі, - нібы са шкадаваннем прамовіла Ірына.

- Я таксама сумую па школе.

Ірына глянула на гадзіннік:

- Мне пара браць білет. А ты не паедзеш?

- Не. Мне трэба зайсці яшчэ да сваякоў. Я правяду цябе на аўтобусны прыпынак.

- Як хочаш…

Паўлюк хацеў узяць з лаўкі яе кнігі і паднясці да аўтобуса. Ірына заўпарцілася:

- Я сама не слабачка.

- Усё-такі…

Дваіх яны прыйшлі на прыпынак. Ірына купіла ў касе білет, і неўзабаве прыбыў са Шчучына аўтобус. З яго выходзілі пасажыры, новыя заходзілі ў салон. Ірына падарыла Паўлюку гарачы пацалунак і птушкай ускочыла ў аўтобус, села з правага боку, каб бачыць Паўлюка. Цераз некалькі мінут прыйшоў вадзіцель, завуркатаў матор, Ірына памахала ў акно маленькай ручкай і знікла з поля зроку. А Паўлюк сам сябе пачаў дакараць: "Дурань я, дурань… Навошта было браць дзесяць сшыткаў? Трэба было купіць пяць, паехаў бы разам з ёю ў Орлю, пахадзілі б па беразе Нёмана, яшчэ больш палюбаваўся б на фоне дубовага гаю яе незямной прыгажосцю".

Чалавек у гумне

Дакументальнае апавяданне

"А ядою яго былі акрыды і дзікі мёд".

(З Евангелля ад Матфея)

У полі за Навасёлкамі, прадзьмутае з усіх бакоў вятрамі, стаіць адзінокае і шэрае гумно, пакрытае струхнелай ад часу і непагадзі саломай. У сцяне гумна прарэзана адно маленькае акенца, каля якога гадзінамі праседжвае і маркотна пазірае на свет Божы стары, сівы дзед Станіслаў Пілевіч.

Калі зверху не сыплецца снег ці не ідзе дождж, стары шомаецца ў двары, каля сваёй пабудоўкі: латае ў ёй дзіры па вуглах ці складае пад страху галінкі, каб не намакалі пад адкрытым небам. Галінкі гэтыя ён здабывае ў маленькім старым садку, абрэзваючы яго на яблынях і вяжучы ў пучкі, якія адразу ж можна запіхваць у пліту. Але найбольш Стась нацягвае сухога галля з лесу, да якога з паўкіламетра ці больш. Там ён вяжа яго ў снапы, прычапляе вяроўку і, закінуўшы, як ружжо, за плечы, нясе дамоў. З усіх бакоў гумно дбайна абкладзена такімі снапкамі і пучкамі з галінак, якіх хапае старому аж на ўсю зіму. А вясною, летам і восенню зноў ідзе дбайная нарыхтоўка гэтага ж выратавальнага паліва, якое не дае замерзнуць старому ў гэтым глухім закутку канчаткова. Сваю работу Стась ведае добра і вядзе яе спраўна.

Некалі непадалёку ад гумна стаялі хатка і хлеў. Але час гэтыя пабудовы ўжо праглынуў: яны разбурыліся, згнілі, а ўцалелую рэшту Стась пасёк на дровы і спаліў. Гумно было пабудавана значна пазней за хату і хлеў, таму і ўцалела. І палавіну свайго свядомага жыцця Стась праводзіць у ім.

Надзвычай маркотна і сумна глядзець на гэтае шэрае, бязлюднае гумно здалёк. Адным-адно стаіць яно ў полі, нічым не затуленае ні ад лагодных, ні ад злосных вятроў, снежных завірух і бур. Кволы садочак, які расце ад яго крыху ў аддаленні, не служыць яму затулкам.

Здалёк здаецца, што на гэтым хутары няма ні адной жывой душы. Прыгледзеўшыся, аднак, можна прыкмеціць, як каля гумна нехта шомаецца і варушыцца, і тады лягчэй становіцца на душы: там усё ж нехта ёсць, цепліцца хоць які, але жывы дух.

У хатцы, якая масцілася непадалёку ад гумна, у свой час бурліла жыццё - ого як! Шум тут стаяў з раніцы і аж да позняй ночы. У Стася налічвалася тады аж пяць братоў, а ён быў самы маладзейшы сярод іх. Як толькі пралуплівалі хлопцы вочы, адразу кідаліся да печы, да прыпеку, каб выхапіць з-пад рук у маці кавалачак бліна ці мазанку, якою яна настырна мазала скавараду. Не заўсёды дваім, учапіўшыся за блін, удавалася падзяліць яго пароўну, і тады распачыналася бойка. Слёзы і плач тут за дзень многа раз чаргаваліся са смехам і вясёлымі, несамавітымі дзіцячымі гульнямі.

Падрасталі хлопцы, адзін за другім ішлі ў парабкі, каб самім прахарчавацца і такі-сякі кавалачак хлеба прынесці дамоў. Дайшла чарга і да Стася. Наняўся і ён да пана на работу. А той быў такі злосны і патрабавальны, што Стасевы паджылкі, здавалася, вось-вось расцягнуцца і лопнуць ад натугі. Дапарабкаваўся Стась аж да тае пары, пакуль з усходу не прыйшло пазбаўленне ад старых пакут. За сваім парабкоўствам не было калі нават ажаніцца: так і застаўся бабылём.

Тоўстым слоем часу пакрылася тая даўніна. Нікога не засталося з яго радні. Адзін толькі Стась, як пустыннік, жыве ў гэтым закінутым гумне і глядзіць праз маленькае, як кату пралезці, акенца на навакольны свет. Ніхто не заходзіць сюды, не заглядае нават летам. Пазарасталі сцежкі-дарожкі да гэтага шэрага будынка. А зімою, калі ўсё замяце снегам, ніякі след не значыцца да гумна. І толькі зайцы густа ўтрапетваюць белы абрус вакол пабудовы, шукаючы сабе прытулку і спажывы.

Праз акенца Стась бачыць, як растуць, бы грыбы пасля дажджу, двухпавярховыя і трохпавярховыя катэджы, і любуецца імі. Яны пачынаюцца ад Паўднёвага гарадка і цягнуцца аж да Навасёлкаў. Прыгожыя такія, з чырвонай і белай цэглы, з мноствам вокнаў, з бліскучымі бляшанымі дахамі.

- І ёсць жа багатыя людзі, што такія дамы адгрохваюць, - сам з сабою разважае ўслых Стась. - Вось шыкоўна, напэўна, будзе ў іх жыць.

Ён усё прымае за чыстую манету і ўпэўнены, што катэджы гэтыя спадары пабудавалі за ўласныя сродкі. Праўда, аднойчы, калі ён стаяў у Лідзе ў чарзе па хлеб, а яго не прывозілі, людзі ўзбунтаваліся:

- Развялося гнілі ўсялякай, сабе паўзводзілі катэджы, а пра народ забыліся. На крыві нашай палацы будуюць, - крычаў знерваваны высокі мужчына.

Стась не чуў такога слова "катэджы" і спытаў у чалавека, які стаяў перад ім:

- Што гэта за катэджы?

- Ды дамы такія двух- і трохпавярховыя, што каля Навасёлкаў і ў Шайбаках.

Стась зразумеў.

- А чаму на нашай крыві? - пацікавіўся яшчэ ён.

- А няўжо ты думаеш, што яны за ўласныя грошы іх пабудавалі. У мяне таксама немалы аклад, а пабудавацца не магу, бо сумленна жыву.

Стась думае, што ўсе такія патрыёты, як ён, што ніхто і не паварушыцца, каб залезці ў дзяржаўную кішэню. Гэта толькі ён адзін адмаўляўся ад пенсіі аж да самай перабудовы, пакуль не абяднеў канчаткова. А так усё жыў за кошт прададзеных яблыкаў. Пенсію ж накіроўваў у Фонд міру… І не таму, што баяўся, што на яго гумно ўпадзе атамная бомба і яму прыйдзе канец. Не, яму проста было шкада гэтага навакольнага прыгожага Божага свету: як гэта ўсё абгарэлае, пакалечанае, скурожанае будзе ляжаць у развалінах.

Не, не ўсё гумно Стась адвёў пад кватэру. Ён толькі адгарадзіў у ім куточак з паўднёвага боку. Дастаў з-пад страхі старыя аполкі і імі адгарадзіўся. Аклеіў сцены газетамі і такімі ж аполкамі выслаў столь, а наверх насыпаў хвойнай кастрыцы, каб холаду не прапускала. Такою ж кастрыцаю абклаў бакавыя сцены, што выходзяць унутр гумна. Сам жа змайстраваў несамавітую плітку і так-сяк стварыў для сябе незайздроснае жытло.

Найбольшай заваёвай для яго стала плітка. Без яе ён зусім прапаў бы. А на плітцы ён варыць сабе бульбу, якая з'яўляецца для яго асноўнай стравай, сушыць рукавіцы і анучы. Яна добра абагравае і яго, і закутак.

З ядою справы ў Стася не вельмі клеяцца. З перабоямі хлеб, малако і тая ж бульба. Дзесяткамі гадоў гэтае меню не мяняецца. Звычайна па вясне ён здымае лапінак дзярну ў сваім двары і садзіць на гэтым участку бульбу. На наступны год таксама асвойвае новую плошчу. І так чаргуе яе, ідучы па кругу, каб не змяншаўся ўраджай. Ні разу на адным месцы бульбу не садзіць: без гною яна не расце. І ўсё ж, як яна ні родзіць, адной свае яе не хапае. Тады гаспадар закідвае на плечы мяшок, бярэ матыку і ідзе шукаць бульбу на калгасных палетках. Сноўдае па іх, як шэрая здань, аж пакуль зямлю не закідае белым снегам. А зімою ўжо ласуецца набытым.

Найбольш яму падабаецца печаная бульба. Як толькі ў плітцы перагараць дровы, Стась разгортвае ў ёй вуголле і ў прысак накладвае бульбы.. Праз якой паўгадзіны яна спячэцца як на духу. Гэта для яго свайго роду далікатэс.

З малаком і хлебам яму, бывае, цяжэй. Па іх раней ён ездзіў у горад на аўтобусе. Білеты тады былі не дарагія - усяго дваццаць капеек. І гэта яго ўпаўне задавальняла. А зараз білет закаштаваў аж пяцьсот рублёў - і гэта Стасю стала не па кішэні. Каб эканоміць грошы, ён ходзіць у горад пешшу. Але стары ёсць стары: і сілы зусім не тыя, і рух ужо не той. Па чатыры ці па пяць разоў адпачывае ён у дарозе, ідучы ў горад і вяртаючыся назад.

Падабаецца яму прысядаць на пляскаты, з прыступкамі, вялікі валун за горадам, пры дарозе. Каля яго прытуліць свой кіёк, абапрэцца плячамі аб вышэйшую прыступку, дастане з торбы хлеб, малако і павольна сілкуецца. Малако, якое ён не адужае выпіць, вылівае ў нямецкую бутэльку з-пад гарэлкі "Гарбачоў", выпушчаную ў Берліне. Гэтую бутэльку ён знайшоў у лесе, збіраючы галлё. Здатная такая, рубцаватая, з нейкім купалам пад верхам. Як цацка. І закрутка на ёй не нашая. Як закруціш, малако ніколі не выльецца. Так і цягае ён з сабою яе кожны раз, калі адпраўляецца ў горад.

У апошні час жытло Стася апанавалі мышы. Яны ўжо дайшлі да такога нахабства, што нават і днём пры сонечным святле бегаюць пад ложкам, пад сталом, пад лавай і ніколькі не баяцца гаспадара. І Стась парашыў, у што б там ні стала, абзавесціся катом. Толькі дзе яго ўзяць? І ён успомніў, што ў горадзе каля падвальных вокнаў сноўдаецца нямала нічыйных бяздомных катоў. "Там я і злаўлю якога-небудзь", - стрымаў сябе на гэтай думцы Стась. І накіраваўся ў горад.

Купіўшы малака і хлеба, ён падаўся ў бліжэйшы дом на лоўлю ката. Адламаў кавалачак хлеба і пачаў прыглядацца. Каля аднаго з пад'ездаў прыкмеціў аж некалькі катоў. Ім кідаў з акна нейкі хлопчык скуркі ад каўбасы, і яны, крадком, аглядаючыся па баках, ласаваліся імі. І ён сюды прысунуўся са сваім кійком. Каты так і пырскнулі ва ўсе бакі, напалохаўшыся яго кійка. Ён аднёс тады кіёк у бок і паставіў каля лаўкі. А каты за гэты час зноў вярнуліся да сваіх ласункаў. Стась паціху нагнуўся і назіраў за імі, шукаючы лепшага. Пасля па-старэчы марудна схапіў самага меншага з іх, чорненькага, даверлівага такога, забаўнага. Ён мяўкаў на руках у Стася і прасіўся на зямлю, да скурак, але Стась яго ўгаворваў:

- Не бойся, не плач, табе ў мяне будзе лепш.

Так і панёс яго дамоў. Торба вісела за плячамі, кіёк таксама Стась засунуў за пояс, за плечы, каб не палохаў катка і, размаўляючы з ім, шыбаваў за горад. На валуне сам перакусіў і коціку наліў малака ў ямку на камені. І той, адчуўшы ласку чалавека, поўнасцю даверыўся яму, стаў свойскім, ручным такім.

Спалі разам на адным ложку, пад адной коўдрай. Коцік лагодна буркаў, і Стасю было прыемна, што ў гумне яны ўжо ўдваіх. Гэта зусім не тое, што адзін. Разам яны сумавалі: кот па катах, а Стась - па братах, але разам дзялілі радасць, якая калі-нікалі выпадала на іх долю ці з цёплым надвор'ем, ці з кропляй свежага малака.

А ў мінулую зіму Стась зусім занядужаў. У яго не хапала нават сілы схадзіць у горад па хлеб і малако. Так ён і тоўк у сваім бяззубым роце вараную ці печаную бульбу, запіваючы яе вадою. Пабяднеў рацыён і ў ката. Праўда, для яго неблагой дапамогай былі мышы. Іх у гумне развялося дастаткова, і яны, хоць і чулі кашачы дух, усё ж на пах бульбы пранікалі ў жытло Стася і тут трапляліся ў вострыя кіпцюры чорненькага коціка.

Пад Новы год у дзверы да Стася нехта моцна пастукаў. Стары ўстаў з ложка, накінуў на плечы парваную ватоўку і адчыніў госцю.

- Шанаванне пану! - сказаў незнаёмец.

- Шанаванне.

- Што адзін, як воўк, жывеш?

- Чаму адзін? Удваіх.

- А дзе ж другі? Не бачу.

- А вунь пад лаўкаю. Не заўважаеш?

Госць нагнуўся і ўбачыў у кутку чорненькага прывабнага коціка, з шэранькімі вачаняткамі.

- Такі здатны, - прамовіў ён.

Гэта быў высокі, прыгорблены дачнік, які ўжо аблазіў усе хутары ў пошуках гарэлкі для пахмелля і дабраўся аж сюды, да гэтага паўасірацелага гумна.

- Каб чым пагрэцца, стары, - папрасіў госць.

Стась упершыню за многа гадоў рассмяўся.

- Печка яшчэ цёплая, можаш пагрэцца, - пажартаваў ён.

- Ды не, я не пра гэта, стары. Мне ўнутр што-небудзь трэба.

Стась ізноў засмяяўся.

- Унутр, братка, я ўжо не браў нічога сорак гадоў. Знайшоў у каго прасіць…

Размова зацягнулася.

- Ты не сядзі тут адзін, - параіў незнаёмец, - а ідзі да мясцовых улад і прасі якога паратунку. А то памрэш тут і ніхто нават ведаць не будзе.

- Даведаюцца. Я сказаў вунь на тым хутары: калі не будзе дзён колькі ісці дымок з майго коміна, значыць, я памёр. Дайце знаць, каму трэба. Гэта не страшна.

- Слухай, стары, - зноў не адставаў наведвальнік. - Цяпер жа па лініі міласэрнасці аказваюць усялякую дапамогу. Ніхто не прыязджаў да цябе?

- А хто сюды па бездарожжы паедзе? І ад шашы пешшу ніхто не захоча ісці. Так ні разу ніхто і не быў.

- Ні разу, ніхто? Падышоў бы хоць сам у сельсавет ці райцэнтр. Папрасіў бы.

- Нікуды я не пайду.

- Добра, я сам тады паведамлю ім. Згодзен?

- Не!

Ён паведаміў. Праз колькі дзён прыехала хуткая дапамога з урачом і міліцыянерам. І павалаклі Стася да машыны. Упіраўся бедалага, шкроб нагамі па зямлі, растапырваў рукі і ногі, каб праз дзверы не выпхнулі. Нічога не дапамагло. Далі ў каршэль і ўкінулі ў машыну.

- Дайце хоць коціка ўзяць, - узмаліўся стары. - Ён жа тут прападзе адзін.

- У доме-інтэрнаце кот не патрэбен! - адказаў, як адрэзаў, міліцыянер.

Прывёзшы, Стася паклалі спаць. Спаў моцна, у забыцці. Прачнуўшыся, павёў вачамі па столі, па сценах. Аказваецца, ён быў дома на сваім ложку, гэта проста прыснілася. Стась абапёрся на локаць, напружыўся і сеў. Пад лаўкаю сядзеў кот з мышшу ў зубах. Ён жаласліва глядзеў на старога і позірк яго гаварыў: во, дзед, я ўжо даўно не сплю, бачыш, мыш злавіў, а ты занадта доўга спаў. Я нават падумаў, каб хоць з табою чаго дрэннага не сталася.

- Не станецца, - сказаў Стась. - Мы яшчэ доўга з табою будзем тут жыць, бо нікому не зрабілі зла. Няхай памірае той, хто робіць людзям зло.

***

Пакуль пісалася гэтае апавяданне, Пілевіча ўсё ж адвезлі ў Мінойтаўскі дом-інтэрнат для інвалідаў і прыстарэлых, дзе ён і памёр.

1994

Вершы і байкі

Вершы

***

Мітусня… І нічога добрага…

Каламуць на змарнелай Зямлі.

Пахавалі заўчасна Гогаля,

рана геніі адышлі.

Мішура… Дальнабойныя выстралы.

Зеўрыць роўнядзь крутым агнём.

Хто сказаў,

што у войнах не выстаім?

Я кажу, што ўсе не памром.

Адзічэлі, як рысі драпежныя:

свой свайго калашмаціцьз пляча.

Ад напружання глохнуць памежнікі.

Свет у вобліку палача.

Бог Зямлю нам даў акуратную -

толькі б жыць, весяліцца, спяваць.

Ды размахваюць нелюдзі атамам.

Хто іх здолее зацугляць?

25.07.2022

Распяцце

Прысніў, што распялі

мяне на Зямлі

ад Балтыкі да Камчаткі.

А недзе плылі

і плылі караблі

і перавозілі тоны ўзрыўчаткі.

Калі ж вухналі

ўганялі ў ступні

молатам шматпудовым -

уздрыгвалі горы,

рэкі і пні,

танкі, гарматы, каровы.

Такую правіннасць

прышылі мне:

быццам я праўду

шукаў у свеце

і гойсаў па хмарах

у вузкім чаўне,

і вогненны хвост

закручваў камеце.

А гэтага, праўду кажу,

не было.

Я абсалютна чысты, бязгрэшны.

Адно, што таптаў

пасівелы быльнёг,

ды складваў лірычныя вершы.

І ўсё-ткі распялі

амаль ні за што.

А вось уваскрэсну

гадоў хоць праз сто.

24.02.2023

Паратунак

Абрыдла падлічваць капейкі,

штодня эканоміць на ўсім.

Паеду я заўтра ў Залейкі,

каб тут не збяднець назусім.

грыбоў там хапае ўсякіх

і льецца ракой малако,

і ўмее падсмажваць прысмакі

паэтка Ірэна Сліўко.

А дзядзька Максім Кукарэка

наловіць ў Гаўі платвы -

і юшкі той пах, нібы рэха,

дакоціцца да Масквы.

Залейкі… Рыфмуецца "лейкі",

хоць лейкаў у вёсцы няма,

бо дух самагонкі-зладзейкі

даўно прытуліла турма.

І гэта няблага, няблага:

хоць псоты здароўя няма.

Някепска рыфмуецца "брага",

ды брага такая ж чума.

Цяпер у душы - адмыслова,

куды не паглянь - любата.

І бліскае плоткаю слова,

і з Гаўі сплывае нуда.

26.02.2023

Майскі павеў

Расспяваліся ў лесе дразды -

іх бясконца хацелася слухаць.

Уся прырода пайшла на ўздым -

белых кветак расла завіруха.

Майскі дзень нейкім ветраным быў.

Гай дарыў нам прыветлівы гоман.

Станавіўся мой дуб на дыбы:

пераскочыць хацеў цераз Нёман.

Знітаваныя гусі плылі,

раскалыхвалі неба арэлі.

Як блакітныя вочкі цвілі!

Як прывабныя вусны гарэлі!

Мы стаялі пад хвояй адны,

на пейзаж малады пазіралі.

Як свяціўся твой тварык тады!

Як анёлы яго цалавалі!

27.02.2023

Батрак

Апошні прастак

у палітыцы я.

Не ўмею раздзьмухваць

войнаў вуголле.

Адно, што люблю

па-над Нёмнам стаяць

і аглядаць, як бацян,

наваколле.

Найгорш, калі ўзрывы

снарадаў грымяць

і гінуць ад іх

і салдаты, і птушкі,

і смерць ашалелую

цяжка стрымаць,

і кроў праз бінты

цячэ на падушкі.

А людям так хочацца

і сеяць, і жаць

без страху, забойстваў,

пакуты.

Касіць уручную

сваю сенажаць

і не ўдыхваць

вецер атрутны.

Прыемна, калі

над маёй галавой

і чыстае неба,

і яркае сонца,

і дзеці наўкол

шчабятлівай гурбой,

і шмат бездакорных

даверлівых хлопцаў.

Дык што тут мусоліць

паперу за так

без ганарару, без сну

і без ежы:

батрак я ў палітыцы,

круглы батрак

і ад мяне анішто

не залежыць.

09.03.2023

Пад ліпаю

Стаіўшыся зноў буду слухаць

залётнага ветру павеў -

і едкая, шэрая скруха

у сінюю даль адплыве.

Развеюцца ўмомант напасці,

(хапае іх сёння ў жыцці).

Паклічу далёкае шчасце -

а раптам яно прыляціць.

Пад ліпаю цёпла, утульна.

Руплівыя пчолы ўгары.

І ўспомніцца дом свой, матуля

і голас яе ў двары.

Захочацца ціха паплакаць,

што ўсё адышло ў нябыт.

Адна толькі светлая памяць,

як сонца, увайшла ў зеніт.

04.03.2023

Занядоліла

Занядоліла штосьці жыццё…

Вые вецер, як воўк,

апантана.

Аж лапаткі дрыжаць -

калаццё.

Пад рукамі ніякага плана.

Знішчаць хутка надзеі

датла.

Я забыўся, калі быў

вясёлым.

Да салдацкага

гоняць катла

чалавецтва, як статак

жывёлы.

Невядома куды

прывядзе

Бездарожжа

ўпалага духа.

Мор накінецца

на людзей,

Даканае іх

подлая скруха.

Выйсце можны знайсці,

ды ніхто

асабліва пра гэта

не дбае.

Больш разводзяць

сабак ды катоў,

Люд няхай сабе вымірае.

У мастацтве трывалы

застой.

Ні музыкаў,

ні здольных паэтаў.

І хмара тон

прыблізна пад сто

навісае над стомленым

светам.

11.03.2023

Бездухоўны кацёл

У транс упадаем?

Такое жыццё?

На ўсё не хапае

Ні сіл, ні адвагі?

Мы трапілі ўжо

у бездухоўны кацёл.

На нас нават Бог

не звяртае ўвагі.

Паэзія? Проза?

Ату іх, ату!

Вульгарныя фільмы

сталі ў модзе.

Душы жывапісцаў,

паэтаў катуй,

траві ўсё жывое

у пракіслай прыродзе.

Наклюкаўся піва,

як жаба гразі,

бутэльку пад носам

разьбі на асфальце.

Сумленне за гэта

сваё не грызі,

а зробяць заўвагу -

гаркні: "Адстаньце!"

Ці не герой ты

ўжо нашага дня?

Ніяк не магу я

ў табе разабрацца.

Ты не ад малпы пайшоў,

а ад пня:

Не хочаш ні думаць,

ні ў кнігі ўзірацца.

17.03.2023

Душэўны прытулак

Ну дзе мне знайсці

свой душэўны прытулак?

У свеце так многа

усялякіх нягод.

Ніхто ніадкуль

не прышле паратунак,

А сэрца імкнецца

у міжзорны палёт.

Дык што, так і буду

цялёпкацца тутака,

у краму хадзіць

і на лаўцы сядзець,

ці аглухаць

ад машыннага грукату,

ці спаць, як зімою

сібірскі сядзведзь?

Душа не пацерпіць

такой аднастаўнасці,

не прыме яе

паэтычная кроў.

Давай ім паболей

буслінае радасці,

гаючых гаёў,

ды шумлівых бароў.

20.03.2023

Фантазія

Расбэсціў фантазію

вельмі і вельмі.

Не проста цяпер мне

яе ўтаймаваць.

Яна не ўспрымае

раскошную мэблю,

ёй хочацца ў небе

бязмерным гуляць.

Няхай сабе гойсае

ноччу бяссоннай,

як той адзічэлы,

крылаты Пегас.

Не быць жа ёй кволай,

глухой, бяспрытомнай,

ці карасём

зашывацца ў гразь.

Нікому стрыножыць

яе не ўдасца,

на ланцугу

да кала прывязаць.

Умее яна, як жырафа,

брыкацца,

цераз высокія

горы скакаць.

21.03.2023

Залетуценіцца

Зноў прабудзілася

натхненне

і бачу ўсё

за дымкай дня:

і белых воблакаў

скапленне,

і цень крылатага каня.

Малюю на экране неба

пейзажы восені глухой.

Чакае ціха

снега глеба,

Чакаем мы

зімы з табой.

Карціць на лыжах,

лёгкіх, гнуткіх,

прабегчыся па цаліку,

дзе вецер скручвае

ў скруткі

абрускі поля наскаку.

Залетуценіцца, запеніцца

і лес, і дол і лалячынь.

Хачу ўбачаным

пацешыцца

з узгоркаў -

дарагіх вышынь.

25.08.2023

Калейдаскоп

І я спагадлівы і ты.

Ці добра гэта ці ганебна

ў стане жорсткіх

і крутых,

Дзе прагнуць еўрыкаў

празмерна?

Да ведаў цяга - на нулі.

І думкі сталі, як шкілеты.

Якія буры замялі

пяском пустыні інтэлекты?

Як цукар смокчам

нікацін.

Татуіроўкі брудзяць целы.

Дурман экранаў,

бруд карцін.

Чый геній будзе ўцалелым?

А тут яшчэ забойстваў жах

і смертаносны

шторм гарэлкі -

І скача па Зямельцы страх,

бы конь, што

выпусцілі з клеткі.

Такі вось, глянь,

калейдаскоп -

сядзі, варочай -

забаўляйся.

І дзе гарох,

і дзе тут боб -

да цёмнай ночы

разбірайся.

08.08.2023

Схільнасць ракавая

Люты звер

дабрэй за чалавека:

іншы раз і абміне здалёк.

А ў мундзіры

чорным недарэка

прама ў вас

націсне на курок.

І пры гэтым

усміхнецца едка,

быццам ты

пад месяцам нішто.

Во па кім стагоддзі

плача клетка.

Для яго, бы смецце

вальс-бастон.

Да забойстваў

схільнасць ракавая,

як ад ада

важкія ключы:

- Ах ты свалата

такая-рассякая!

Атрымоўвай кулю і маўчы.

Падлі сыны і Беларусі,

і Расіі, і другіх краін.

Да забойцаў я

ўсё ж дабяруся,

абуджу іх карніцкі ўспамін.

Кроў пралітая

адпомсціць просіць.

Голас ёсць і ў сэрца,

і ў крыві.

Чую ў Хатыні

час галосіць:

- Генацыдчыкаў усіх пералаві.

21.10.2023

Азарэнне

Азарэнне прыходзіць само,

(сілай волі

яго не прыцягнеш),

разганяе душэўны

твой смог -

усё па-іншаму

успрымаеш.

Позняй восенню

дзень быў благі:

дождж цадзіўся,

падкрадваўся смутак,

і хмара, як аблога

тугі,

не знікала ўжо

некалькі сутак.

Ды сустрэлася ты

на прычале Надзей

і ўсмешкай

сваёй азарыла

і самотныя ліпы,

і твары людзей.

І дамы, і мяне

прасвятліла.

Быццам хтосьці

скамандаваў: "Стой!

Доўга стой, упівайся ўсмешкай".

І хмара адплыла

над табой, пад табой

з цёмнай хваляй

анежскай.

22.10.2023

Думаць - не думаць

Так і жывем …

Як той казаў, паціху.

Нікога не трывожым,

не крычым.

Бываем сціплымі

і гаваркімі крыху.

Не думаем парою

ні а б чым.

А час?

Ён прымушае думаць,

прыглядвацца,

што дзеецца ў жыцці.

Каго яшчэ ў Афрыцы

задушаць?

Хто ў космас

з Байканура паляціць?

Ці знойдуць хлопцы

золата на Марсе?

Ці хопіць нам таго,

што на Зямлі?

Чаму не ўспамінаюць

сёння Маркса?

Ці тыя ўжо часы

ў нябыт пайшлі?

А што было б,

каб войнам і канфліктам

прыйшоў жаданы

для ўсіх капут?

Ці доўга памяркоўнымі

былі б мы

і ці прыдбалі б рай

не ў небе, а вось тут?

Не думаць ўсё-ткі

не заўжды ўдаецца.

Ды і ці варта нам

паціху жыць?

У нас ёсць галава

і б'ецца сэрца,

І мы яшчэ пабачым,

як нам быць.

24.10.2023

Не туды ідзе

Войны пакурожылі планету.

Як спыніць іх?

Як у час паспець?

Нездарма ж

прыдумалі ракету,

што разносіць

безадказна смерць.

Менш і менш куточкаў

чыстых, ціхіх.

Перарые іх ушчэнт

ваенны крот.

Будзем есць не свежы

мёд з грачыхі.

А атруту запіхаць у рот.

Мабыць перабольшваю?

Магчыма.

Але бачу свет наш

не туды ідзе.

Лыпае Зямля

трывожнымі вачыма,

паратунку просіць

у людзей.

26.10.2023

Памаўчы

Непаэты пішуць вершы -

і чытаць няма чаго.

Галавы, браток, не вешай.

Толькі б горай не было.

Во як рынуцца ў кнігарні

графаманы-рыфмачы -

ты тады вазьмі і гаркні,

а пакуль што памаўчы.

27.10.2023

Пры сустрэчах

Ах, людзі, людзі,

вы, нібы мурашкі,

у вечных клопатах,

у нейкай мітусні.

То цягне вас

да працы, то да пляшкі,

то да таго,

што і Н'ютон не сніў.

На вуліцах, у крамах

пры спатканнях

пытаемся:

- Ну як яно

жыццё-быццё?

- Ды нешта во

смыліць ужо ў суставах.

- А ў мяне дрыжака-калаццё.

І мала хто пахваліцца:

- Выдатна!

Цягаю штангу,

ем усё падрад.

Заглядваюся

на жанчынак здатных

і не заводжу

з урачамі блат.

Во малайчына

гэты дзядзька дужы.

Ён аптыміст,

не скардзіцца, не п'е,

смяецца ва ўвесь рот,

зусім не тужыць,

як прасціну, хвароб

не цягне на сябе.

І я такі

напорысты, як Прыпяць.

Магу каня

альбо быка падняць.

Не трэба пры сустрэчах

хныкаць-мыкаць

і толькі пра хваробы

размаўляць.

30.10.2023

У непагадзь

Застой … І глухое бязтэм'е …

Будні шэрыя, як сава.

Ціхіх воблакаў бабіна зрэб'е.

Парыжэла пад старасць трава.

Не намацаць

бліскучых эпітэтаў,

а намацаю - не ідуць.

Ці навяжа зіма

белых світэраў,

ці ўсталюецца каламуць?

Мо, як летась,

прабудзе бязснежжа,

і метафара -

носам у гразь.

Ліпічанскі гушчар, Белавежжа

зарыкаюць зубрына

ў адказ.

Ды сінічак

гуллівыя рыфмы

не схавае ў тумане зіма.

Мой радок

не ўрэжацца ў рыфы:

іх у Нёмане нашым няма.

Цьфу застой!

Адкасніся нарэшце!

Я і ў непагадзь

зоркам спяю:

новых слоў мне,

як сечкі, нарэжце

і насыпце ў торбу маю.

10.11.2023

Прыхільнасць

Мала людзей прыхільных,

менш, чым бяздомных

катоў.

Зробіцца лёс твой

палынным -

не адгукнецца ніхто.

Той спіну

над зваркаю горбіць,

шукаючы дзіркі ў трубе,

а гэты нічога не робіць,

ды граблямі грошы грабе.

А нехта ў ботах

гумовых

варочае ў смецці нулі:

ніхто за яго

не замовіць,

каб на работу ўзялі.

Чакае пакутліва лета,

бо хочацца шчаўя

набраць,

схуднелая ў дошку кабета, -

багатым на ўсё напляваць.

На звалку

пайшло спачуванне,

прыхільнасць украў

нейкі зброд,

а мы ўсё бубнім

пра каханне,

пра чорныя бровы ўразлет.

11.11.2023

Пуга

Свішчы, паэтычная пуга,

на вуліцах і ў дварах,

палохай скапленні нядугаў,

наводзь на мярзотнікаў страх.

Сячы па плячах

і па локцях,

каб выраслі пульхіры.

Прывыклі таптацца ў балоце -

гарэлку жлактаць

ды курыць.

А хто будзе

рэйкі варочаць,

у будучыню зазіраць,

не слухаць, што

Вангі прарочаць,

а смела ў космас лятаць?

Краіна не любіць

панылых,

уцякаючых ад атак.

Чаму нам не браць

прыклад з Ніла?

З Гілевіча? Так, так, так.

Свішчы, неаслабная пуга,

у шапку не спі

а ні дня.

Уцёк ад жыцця

нехта Пуга -

самазабойцаў спыняй.

12.11.2023

Варажба

Хто прыйдзе да нас

у паўмзроку?

Мучыцель? Мысліцель?

Хто бервяно знойдзе

ў прарока ў воку?

Душыцель? Казніцель?

Хто цвёрдасць прыдасць

майму кроку?

Ганіцель? Натхніцель?

Хто пераважыць

на вагах планету?

Падпальшчык? Тушыцель?

Прышэльцы з касмічных

прастораў

нас падманулі, надулі -

і робім снарады,

бы скручваем дулі.

Будзем змагацца бясконца

ці жыць памяркоўна

і ў згодзе?

Падумай, народзе.

Хто прыйдзе да нас

Праз стагоддзе?

Падумай, народзе.

17.11.2023

* * *

Не пішацца штосьці.

Хоць ногці грызі.

А што за прычына -

не ў сілах уцяміць.

Як быццам іду

басанож па гразі,

а ў небе бяскрылыя

коні лятаюць.

Нахапаў уражанняў -

хоць адбаўляй,

ды ў вершы яны не імкнуцца,

не лезуць.

Падкінь мне натхнення,

бярозавы гай,

пашлі на спатканне

дзяўчыну-гарэзу.

Яна можа ўзрушыць,

дарогу праб'е

да светлых, прасторных

паветраных замкаў,

альбо разам з мною

і тое прап'е,

што не ўкрала

старая цыганка.

18.11.2023

Ля акна

Трапяткія, гнуткія галінкі

праганяюць лёгкі

ўсплеск тугі.

Праз акно гляджу

і штохвілінкі

ўспамінаю

воблік дарагі.

Там, на гэтым

гладкім тратуары

прыгажуню летась

я сустрэў.

На яе ружовым

светлым твары

нараджаўся

радасны напеў.

Трэба ж так запасці

ў сэрца, трэба,

што не мог вачэй

я адарваць.

Хто яе паслаў

насустрач з неба,

каб імгненна

так зачараваць?

Больш яе не бачыў

я ніколі.

Во які няўдачлівы Адам!

Можа прычакаю

лепшай долі

і сустрэну зноў

дзяўчыну там.

23.11.2023

Так многае вабіць

Хаджу пры ўзлеску,

па полі,

вачыма лаўлю прыгажосць.

Чакаю, калі ў прыполе

хмара прынясе

цёплы дождж.

Так многае

вабіць і кліча!..

Мне хочацца бачыць і чуць

той слуп, што стаіць,

нібы клічнік,

пра што правады

з ім гудуць.

Прастрэльваю позіркам

далі,

не ведаю стомы і сну,

збіваю магнітныя хвалі,

цалую, як дзеўку, вясну.

Жыццё яшчэ не пражыта,

і я маладзенькі такі:

рукою прычэсваю

жыта,

вышукваю ў ім

васількі.

Працую настырна,

у поце,

частую прасторамі ўсіх,

пакуль не ўвязну

ў плоце

абмежаванняў ліхіх.

23.11.2023

Самапародыя

Няхай мяне цунамі абміне:

іду праз акіян паэзіі ўброд.

Хоць прозвішча кашачае ў мяне,

ды і мурлыкаю, як Васька-кот.

Наранку

Схамянуўся? Дзе я,

хто я?

Ява ўжо прыйшла,

а сон не знік.

За акном шуміць

старая хвоя

і далёка грукае цягнік.

Я на дачы. Лес

цераз дарогу.

Белыя аблокі

ў вышыні.

Памалюся ціха,

сціпла Богу,

пагартаю пройдзеныя дні.

Светлыя і вабяць,

і уздымаюць.

Змрочныя не буду

ўспамінаць.

Салаўі пра добры

час спяваюць.

Эх, каб я ўмеў

так, як яны спяваць!

Плямы ночы

растаюць, знікаюць.

Весялей становіцца

і мне.

Раніцу на ганку

сустракаю,

як дзяўчыну,

што кахаў раней.

Свежы ветрык

прагне цалавацца

са шпакамі,

яблынямі, мной.

Здатна летам

у паднябеснай хаце.

Будзе здатна

некалі й зімой.

18.03.2024

***

Праз цемру іду

да святла,

шукаю ў смецці

золата,

каб вымахаць

з часам у волата.

Ах, смеласць!

Эх, была - не была!

Пярэгарадзь мной

не ўспрымаецца,

хоць без яе не пражыць.

А слава здаля

ўсміхаецца,

гарэзай насустрач

бяжыць.

Аблезлыя фарбы

снежня я

збіраю, бы ў лесе

грыбы.

Сустрэнецца

дзеўка смешная -

за век яе не забыць.

Чупырыцца гурба

снежная,

і лёд ляжыць

на вадзе.

Душа мая

цёмная, грэшная,

куды ты мяне

завядзеш?

06.04.2024

Байкі

Пчаляр, мядзведь і ліса

Пчаляр застаў мядзведзя пры вуллі.

- Ты што задумаў, кацалапы Мішка?

Ты пчол ні разу

цукрам не карміў,

а хочаш мёд дастаць,

як бульбу з прыска.

- Спадар пчаляр,

я многа не хачу.

Спатоліць прагу

і малая міска.

Я еўрыкамі тут жа заплачу.

Ды не скупіся, - узмаліўся Мішка.

- А дзе ты ўзяў

тых еўрыкаў, прахвост?

Абрабаваў, напэўна,

банк у Лідзе?

І іх схаваў пад той

драўляны мост,

які ўжо інкасатарам

абрыдзеў?

- Я раніцай пазычыў у лісы.

Яна зняла

працэнты з дзепазіта.

Мы з ёю дружым,

разам ноччу спім,

ямо прысмакі

з аднаго карыта.

Характар вельмі добры ў лісы.

І сёння грошай

не, не шкадавала:

сабе купіла новыя трусы,

а рэшту мне

на мёд ахвяравала.

- Бяжы, мядзведзь, адсюль,

пакуль крычу,

Табе не давяраю я ніколькі,

бо зараз вось калом

як змалачу -

забудзеш пра лісу

і мёд салодкі.

Пабег мядзведзь

сцяжынкаю лясной.

Яго міліцыянеры

не дагналі б.

А ноччу з той

пакладзістай лісой

у пчаляра ўсе

вуллі пакралі.

05.03.2023

Пералюбы

Пералюбы дзяцел палюбіў

і лётаў ад сініцы да зязюлі.

Яго прымалі:

ён прыгожы быў,

насіў шматкаляровыя кашулі.

Ды пра сябе падумала сава:

а чым я горшая

за кволую сініцу?

І галава ў мяне, як галава,

і вочы могуць фарамі свяціцца.

Не, дзятла я

ўсё-ткі прыманю

ці праўдай, ці салодкаю маною.

Падкіну ўміг любоўнага агню -

і ён не ўстаіць перада мною".

Паціху падляцела і давай

Настырна расфуфырваць чары:

- Табе спяку я

смачны каравай,

прыпаднясу гарэлкі

моцнай чарку.

Ты будзеш на падушцы

мяккай спаць,

не на сухой, ігольчатай

кастрыцы.

Цябе я буду ночай цалаваць.

Мы можам нават

сёння пажаніцца.

І дзяцел здаўся,

прымаком пайшоў

да гэтай самай совушкі-савіцы.

Яна яго адзела ў новы шоўк,

пляла й пра залатыя небыліцы.

Ён кожны дзень

ахвотна піў і еў,

дапамагаў дзятве

рабіць урокі.

А цераз год ужо пераляцеў

да белабокай,

маладой сарокі.

12.03.2023

Перапала

Сініца слугавала ў вераб'я:

варыла стравы,

мыла ложкі, міскі,

давалася сябе

ў кутку абняць,

калі нікога не было паблізку.

А ён такі разбэшчаны

хадзіў,

зняважліва паглядваў

на суседзяў,

ні з кім сяброўства

ў вёсцы не вадзіў

і піва выпіваць

у горад ездзіў.

Раскашаваў гадоў так

пяць ці сем,

не ведаў ні турбот

ані, ні скрухі.

І дом яго быў,

як жывы эдэм,

дзе ён не атрымоўваў

аплявухі.

Але аднойчы на зыходзе дня,

калі сініцу ціскаў

ён на кухні,

заспела вераб'іха вераб'я

і гвазданула

чарпаком у вуха.

Любоўнік не паспеў

і рук разняць,

і не знайсці

для апраўдання словы -

пасыпалася пер'е з вераб'я,

як поўсць з худой,

ліняючай каровы.

23.03.2023

Дзед і пацук

Не знэнджаны пацук

шукаў яду ў хляве,

дзе не было

ні клеткі, ні карыта,

бо гаспадар той

жыўнасці не меў:

найбольш пасціў,

не харчаваўся сытна.

Было гаспадару

гадоў пад сто.

Ён дрэнна чуў

і слабавата бачыў,

не скошваў нават

крапівы густой

і планаваў свой дом

прадаць на дачу.

Ды гэты вось пацук

панадзіўся сюды:

падгрызваў сцены,

да нары быў скоры.

Напэўна, ён настырны,

малады,

бо ўжо далез

да бульбы ў каморы.

А ў дзеда тога

не было ката.

Тады стары купіў

у краме пастку.

"Не выкруцішся

ты ў мяне, брыда,

Закіну ў інвалідную каляску".

Ён асцярожна

на кручок надзеў

скарынку хлеба,

кінуў крошку булкі.

"Няўжо на іх

грызун не нападзе -

на гэтыя прывабныя

пілюлькі?"

Наранку дзед

памкнуўся паглядзець,

што адбылося у яго каморы.

Прыйшлося аж прысесць,

атарапець:

ні пацука, ні пасткі -

толькі норы.

24.03.2023

Куніца і сава

Куніца папярэдзіла саву:

- Не нападай на мышанят,

зладзейка,

бо галаву сівую адарву,

заплача па табе ў бары

жалейка.

- Заткніся, рыжая, -

прамовіла сава. -

Ты з мной бездапаможная

цягацца.

Мне нават сам арол

наканаваў

нікога ў гэтым лесе

не баяцца.

Тут фыркнула сава

і паляцела ўніз

і мышку захапіла дзюбай -

тым самым праявіла

свой капрыз

перад куніцай вёрткай,

востразубай.

Куніца кінулася

на саву рыўком

і запусціла моцна

зубы ў спіну.

Сава ж яе па воку -

кіпцюром,

дваіх яны і ўпалі на ажыну.

Зноў бойку на зямлі

распачалі:

ляцела пер'е, кроў лілася.

Змагаліся, пакуль

не паляглі.

А мышка ўсё ж

жывою засталася.

Загінулі між хвояў і бяроз

куніца і сава без славы.

Так могуць скончыць

свой жыццёвы лёс

дзве ядзерныя звышдзяржавы.

11.04.2023

Падхалімка

Ліслівіла ліса ваўку:

- Ты самы спрытны, самы смелы,

і не раўня зануду - барсуку,

які і палахлівы і няўмелы.

А воўк той, натапыраны

сядзеў

і скоса пазіраў на падхалімку.

Пасля паслаў яе ў фінаддзел,

які яна прызнала за малінку.

Воўк вельмі махінацыі цаніў

і зроду быў нячысты ён на лапу:

то пажывіцца задарма любіў,

то грошы з дзяржкішэні

хапаў.

Накапала ліса

мядзведзю на ваўка,

і той не стаў марудзіць,

ухіляцца,

а загадаў настырным вепрукам

да ісціны дарыцца, дакапацца.

Загад пад брылік

вепрукі ўзялі,

вышуквалі прыхованыя факты,

стараліся, спяшылі, як маглі,

і акуратна састаўлялі акты.

Грахоў набралася

ў ваўка мяшок,

чым нават дбайных

следчых азадачыў.

І сцёр яго мядзведзь у парашок,

Ну а лісу начальнікам

назначыў.

14.04.2023

Дыялог ворана і крата

Так, крот сябе

не лічыць баявым,

жыве сабе ў сваёй

нары паціху.

Наесца чарвякоў, нібы халвы,

І сноўдае, каб

напаткаць краціху.

Ні кот не дабярэцца

да яго,

ні хітрая ліса

і ні сабака,

ні спёка, ні маланкавы агонь.

Ды вось што воран

з вышыні пракаркаў:

- Ну як ты там жывеш,

мышыны брат,

у цемрыве, без грама

кісларода?

І ўсё капаешся

кудысьці наугад…

Цьфу на цябе,

краціная парода!

А тут такая прыгажосць

наўкол,

шумяць лясы,

квітнеюць сенажаці,

сінее неба, зелянее дол -

не варта табе

гэтага цурацца.

Адлюднік ты,

сівы, нікчэмны крот.

Баішся на паверхню

нос паказваць?

Сядзіш там пад зямлёю

з году ў год.

Якая можа быць

у гэтым радасць?

- Затое, воран,

тут мяне нішто

не пакалечыць,

не заб'е знянацку.

Я не адзін,

тут полчышчы кратоў,

і ўсе жывем

спакойна і па-брацку.

Ну а ў цябе

ці ўрэжацца снарад,

ці новы вірус грыпа

ці халеры.

Не, я табе

не пазайздрошчу, брат.

Такія вось

няважныя паперы…

15.04.2023

Дачнік і каларадскі жук

Зняў з бульбы каларадскага жука

несамавіты, прастадушны дачнік:

- Ты як сюды,

у край наш, завітаў,

паганы, надаедлівы праказнік?

- Мяне са штата

Каларада прывязлі,

з лабараторыі,

як штучную заразу, -

і распаўзліся мы па ўсёй зямлі,

і бульбу есці

пачалі адразу.

- Чаму ж вас

не нацэлілі ў ЗША

на крапіву, асот

альбо макрыцу?

У іх праграмы

розныя кішаць…

- Наіўны дачнік,

не пляці дурніцу.

Ім абы шкоду

людзям прычыніць,

а іншых клопатаў

яны не знаюць.

За іх спіной

вялікія чыны,

якія паўпланеты аграбляюць.

- Выходзіць, вы

бязвінныя, жукі?

Паслушныя рабы - не болей?

- Мы адурманеныя прастакі

і дзейнічаем

не па ўласнай волі.

Мы зомбі, дачнік.

Ведай і маўчы,

бо зараз і на вас

нашлюць навалу.

У іх да ўсіх мікробаў

ёсць ключы.

А я? Хто я?

Мне абы грам крухмалу.

27.04.2023

Каршун-ліхадзей

Не вабны, закажэнены каршун

парыў у небе

і шукаў наедак.

Яго не зачароўваў

лесу шум

і прыгажосць бярозавых сукенак.

Ён, крыважэрны,

як Нерон-паэт,

і падае ўніз на птушак смела,

і столькі ўчыніў

за век свой бед,

што падлічыць

зязюля не сумела б.

А малады, неасцярожны дрозд

аблюбаваў чырвоную каліну -

і кінуўся туды

каршун наўпрост,

ды ўрэзаўся ў калючую галіну.

Кроў пацякла

з разбітай галавы.

Ляжыць драпежнік,

лыпае вачыма,

такі бездапаможны

і сівы…

- Вось тут табе

і будзе, гад, канчына, -

сказаў павесялелы дрозд

і выпрастаўся на ўвесь рост.

Не убірайцеся ў пер'е каршуна,

бо можа напаткаць,

як і яго, хана.

30.04.2023

Львы і буйвалы

Паганец-леў

на буйвала напаў,

хацеў спатоліць голад

масай мяса.

Ды той яго

паставіў на-папа

і галаву драпежніку

расквасіў.

Падбіты леў

знядужана зароў,

суродзічаў паклікаў

ён, нягеглы, -

і тыя закрычалі:

"Кроў за кроў!"

І на падмогу

беднаму прыбеглі.

Прыбеглі, як фанаты

на футбол,

не пазычаючы

звярынай хваткі,

і павалілі буйвала

на дол,

і рвалі яго тушу

на кавалкі.

А статак буйвалаў

стаяў, маўчаў,

не кінуўся

на паратунак брата,

драпежнікаў калечыць

не пачаў, -

шукай цяпер,

хто ў смерці вінаваты.

07.11.2023

Караед

Някідкі, непрыгожы караед

на тоўстай хвоі

распачаў абед.

Ды тут аднекуль

дзяцел прыляцеў

і задзяўбці нягодніка хацеў.

- Панок, - заплакаў караед, -

не еш мяне, я даўні

твой сусед.

Ты лепш - на мыш

унізе нападзі,

яна тлусцейшая,

чым я. Глядзі!

- Ты не задурвай мне,

падонак, галавы.

Мыш - страва вунь

для той савы.

А ты - наедак добры

для мяне.

Ты ведаеш, за што

цябе народ кляне?

За тое, што кару

ціхмя грызеш,

і з-за цябе хварэе,

сохне лес.

- Панок, - мацней

узмаліўся караед, -

то ж, радыяцыя

прынесла процьму бед,

і дрэвы засыхаюць ад яе.

А я кары аніякой

не ем.

- Хітруеш, братка, -

дзяцел тон прыўзняў

і караеда дзюбай

прыпадняў. -

Вось зараз праглыкну

за твой падман

і змоўкнеш,

як прырэзаны баран.

- Вялікасць Ваша, -

мовіў караед, -

я хворы пандэміяй,

я амаль шкілет.

І скула ў мяне

гнаіцца на гарбе,

баюся заразіць, паночак,

і цябе.

- Цьфу, ты паршывец, -

дзяцел аж збялеў

і караеда выплюнуў

на мурашыны хлеў.

І там мурашкі

з'елі хітраца.

Так і дадыбаў ён

да горкага канца.

___________________

Да ўсякіх шкоднікаў

прыходзіць пакаранне,

не гледзячы ні на пасаду,

ні на званне.

26.11.2023

Камар-паклёпнік

Камар паклёп

наводзіў на пчалу,

што злосная яна

і колецца іголкай,

на твар вам можа

пасадзіць скулу

і ўкусіць прахожага

праз порткі.

Мёд хоць збірае,

дык сама і есць,

а пчаляру дае

адны аб'едкі.

І муж яе, і мужаў

тлусты цесць

зачаста прыпадаюць

да гарэлкі.

Пчала не папракае іх,

маўчыць.

Яшчэ і мёд прыносіь

на закуску

і ад кладоўкі

аддае ключы

за паўкілішка згары

ці за буську.

Дачуўся пра паклёп

пчаліны муж

і камара наводмаш

моцна ўдарыў:

- Ты што наводзіш

плёткі, чортаў вуж?!

Я і не нюхаю

ні піва і ні згары.

- Я? Я не я, - заёрзаўся

камар. -

Мо гэта чмель

ці божая кароўка…

Ды тут жа атрымаў

другі ўдар -

і стаў паклёпнік

месцам мокрым.

_______________

Калі ў цябе

завузкаваты лоб

і сам ты

закажэнены і вялы,

дык не наводзь

ад зайздрасці паклёп

на чэсных, працавітых

і ўдалых.

02.12.2023

Чалавек і малпа

У Афрыцы пад пальмаю

сядзеў

прыезджы з Беларусі

нехта Цішка.

Ён нешта ў адзіночку

піў і еў,

і да яго прыдыбала

мартышка.

- Ты наш патомак, -

мовіла яна. -

Праз працу спрыту,

розуму набраўся

і прыахвоціўся

патроху да віна,

і спакваля да Месяца

дабраўся.

- Ну некалі Чарльз Дарвін

так казаў:

што чалавек пайшоў

усё ж ад малпы,

а ад каровы

і быка каза,

а дуб нібыта

ад прыгожай пальмы.

Ды я не веру

гэтаму ані.

І ты падстаў

і доказаў не маеш.

Цябе вось тут

хоць качаргой забі -

ды чалавекам

ўсё-такі не станеш.

Не, ты не маеш

рацыі, мартышка.

І не працягвай

лапу да кілішка.

02.12.2023

Прымак

Казёл пайшоў упрочкі

да казы.

Яна яму спачатку

дагаджала:

і дапускала да свае казны,

і ўволю есць і спаць

давала.

Пасля патроху

пачала бурчаць,

што ён занадта

многа курыць,

пры людзях пачынае

моцна чхаць,

што аж палохаюцца

куры.

Сабаку злоснага

аднекуль прывалок,

які ўсю ноч

на месяц вые.

І сам, бы круглы

абібок,

ёй ні спадніцаў,

ні панчох не мые.

Разневаўся абураны

прымак

і зноў вярнуўся

ў сваю хаціну,

садзіў цыбулю,

украдкай сеяў мак,

трымаў курэй,

рагатую скаціну.

А ў казы ўсё

пайшло не так:

ні дроў няма каму калоць,

ні рэзаць сечку,

ні на кавалкі

раздбрабніць бурак,

ні ад свіней

адгарадзіць авечку.

Прыйшла каза

да прымака сама:

- Вяртайся, галубок,

у мой закутак.

Я буду смажыць

акуня, сама

і ваксаваць твой

кірзавы абутак.

Але казёл той

ганарлівы быў

і забляяў надрывіста

і строга:

- Рабы, нахабніца, не мы,

мы не рабы.

Шуруй, пакуль я добры,

ад парога.

08.12.2023

Ваяўнічы хрушч

Хрушч неяк з клёна

папракнуў жука:

- Чаго ты капашышся

ў конскім гноі?

Такога ад цябе я не чакаў…

Я думаў: ты

сапраўдны воін.

Цябе ў атаку,

пэўна, не падняць…

Туляешся

ў ацепленых акопах,

а каларадскія жукі

даўно сядзяць

на бульбе міліённым

скопам.

Ты мог бы іх

усіх перадушыць

і вызваліў бы

бульбу ад навалы.

Не разумею, як так

можны жыць

паблізу

ад няўзброенай аблавы.

Я дык лятаю,

як навейшы дрон,

і тых, хто ўнізе,

болей не баюся.

Я маршал Жукаў,

я Напалеон!

Ля сённяшніх герояў

бокам труся.

- Ну й разышоўся ты,

таварыш хрушч.

Да палкаводцаў

трэба быць спаважным.

Запудраныя вочы

больш расплюшч.

Недастаткова ў бітвах

быць адважным.

Так, смеласці ў цябе -

хоць адбаўляй,

а розуму - я не скажу,

што процьма.

Ты там на клёне

дурня не валяй,

а лепей да майго

туліся локця.

- Не, Жук Жуковіч,

ты хоць мой сваяк,

ды не магу я

цешыцца табою,

бо я прывык

да штурмаў і атак,

а ты ў нару

хаваешся ад бою.

- А … Кожнаму сваё, -

прамовіў жук. -

Я буду чым далей

ад ўсякай бойні,

а ты як самы

ваяўнічы зух

змагайся з машкарой

на гэтым клёне.

09.12.2023

Махлярка

Варона каркала

на дрэве пра бяду,

як быццам хто яе

сціскаў за горла.

А голуб варкаваў

ля лаўкі на хаду,

казаў, што ўсё ў нас

пойдзе вельмі добра.

Яго любілі ў двары ўсе:

хто кіне крошак,

хто пшана насыпле.

Ён падрастаў,

мажнеў тут пакрысе

і быў удзячны людзям

за гасціннасць.

Сцвярджаў, што на Зямлі

наступіць мір,

і будзем жыць па светлых

Божых планах,

не уздрыгнуць

ні Карпаты, ні Памір,

і на душы ў народаў

стане файна.

А гэтая адлюдніца ўгары

бясконца каркала

пра войны і пажары.

Казала: свет наш

у агні згарыць

альбо загіне

ад атрутнай згары.

Варону праганялі

мы з двара.

"Акыш! - крычалі . -

Вон адсюль, пляткарка!

Табе здыхаць

даўно ўжо пара,

а ты не сціхаеш

гэтак каркаць."

Ну, а яна ўсё пра сваё

ды пра сваё,

нібы не можа

жыць без ашуканства:

"Вам не пазбегнуць

стратаў і баёў,

канфліктаў, землятрусаў,

хуліганства."

"Не, ты дурная! -

крыкнуў галубок. -

Не блытайся падманліва

ў прагнозах,

Бо нехта скруціць

галаву набок -

і не заплача па табе

твая бяроза."

Варона ўздрыгнула

і паляцела прэч,

А галубок застаўся

каля лаўкі.

Лепш пазбягаць

з пляткаркамі сустрэч

і не ўспрымаць,

што каркаюць махляркі.

10.12.2023

Гісторыя з шашком

У дзядзькі прозвішча

было Шашок,

і да яго ў двор

панадзіўся шашок.

Найбольш ён

нападаў на куранят.

Ой, спрытны ж быў

і хітры гэты гад.

Задушыць куранё

і валачэ за хлеў,

дзе ён пад жэрдкамі

сваю кватэру меў.

А дзядзька не лічыў

тых куранят.

Агледзеўся, калі

іх стала ўжо няшмат.

Спярша падумаў ён

пра каршуна,

ды не была даказана

яго віна.

Стаіўшыся Шашок

стаў пад хлявом,

каб абязвечыць

злодзея калом.

Ды той быў з розумам -

не пень, не пень:

з-пад жэрдкаў не вылазіў

цэлы дзень.

Ход пад падмуркам

пракапаў шашок

і ноччу прабіраўся

ў хлявушок.

Ды неяк певень

на яго напаў,

задзёўбаў,

уцячы назад не даў.

Наранку дзядзька

дзверцы адчыніў -

ляжыць шашок,

навек ён тут спачыў.

_____________

Хоць красць чужое

часам удаецца,

на нечым злодзей

ўсё-ткі пападзецца.

12.12.2023

Таракан

На кухні па пасудзе

поўзаў таракан,

шукаў чаго паесць -

залез у збан.

Ды не знайшоў

і кроплі малака

і стаў адтуль

паспешліва ўцякаць.

Бабулька сцапала

знянацку паўзуна,

шпурнула праз вакно:

"Прэч, сатана!"

А на двары, хоць

і трашчаў мароз,

не разгубіўся ён

і не замёрз,

назад, на кухню,

борздзенька прыпоўз.

Будзь сказана бабулі

не ў дакор,

зноў выкінула

паўзуна на двор.

Там верабей яго

і праглынуў,

і на галінцы

радасна ўздыхнуў.

Занадта быў

настырны таракан,

насіў у галаве ён

агрэсіўны план…

14.12.2023

Баравік і мухамор

У лесе мухамор

і баравік раслі

і між сабою спрэчкі

завялі.

- Ды я, ды мы! -

выкрыкваў мухамор. -

Мяне шануе й

паважае бор.

А на цябе й

асіна не глядзіць.

Ты не ўмееш

людзям дагадзіць.

Я ростам вымахаў -

глядзі які!

А ты плюгавы нейкі

і брыдкі.

І шапка ў кропачкі

прыгожая на мне.

Жыву я ў роскашы,

купаюся ў віне.

А ты на лоб

напяліў капялюш,

не бачыш, як паўзе

паблізу вуж.

Ды і нага ў цябе,

як не нага,

а нейкая рабая булава.

Мяне не абмінаюць

вепрукі,

і песні пра мяне

пяюць гракі.

- А можа каркаюць, -

заўважыў баравік

і перайшоў ужо

амаль на крык. -

Ты каркання дастойны -

і не больш,

найболей здатны

трапіць пад галош.

Ды што ты акалесіцу

тут прэш?!

Атруту ты

ў сабе нясеш.

Цябе футболяць

у лесе грыбнікі,

ласі, казулі, вепрукі.

Паганец ты,

зануда-мухамор,

пра гэта нам пяе

сасновы хор.

Нікчэмнасць ты,

смярдзючы мухамор.

Так, ад цябе ўпадаюць

мухі ў мор.

Мне сорамна з табой

вось тут стаяць,

яшчэ й пра нешта

ўголас размаўляць.

Абходзьце мухамора

лепш здаля:

ён не каштуе

дохлага нуля.

______________

Мо й між людзей

дзе мухаморы ёсць,

якія ў свядомасці,

бы ў горле косць.

16.12.2023

Санкцыі

Каварны прэзідэнт-мядзведзь

у ЗША

рашыў накласці

санкцыі на неба.

Яно між Сонцам

і Зямлёй мяжа -

за гэта пакараць

яго і трэба.

Мядзведзь тлумачыў,

што ваўкі яго

ў кангрэсе дружна,

хорам падтрымалі.

Адзін казёл затупаў

там нагой

і нешта невыразнае

прамямліў.

- Апомніся, - сказаў

барсук-дзяржсакратар, -

не ўмешвайся нахабна

ў прыроду.

Ты ж не такі

сусветны ўладар…

Не сунь сваю,

куды не просяць, морду.

- А што яно

выпендраваецца так:

то дождж, то снег

нам пасылае зверху,

то ўздыхне,

то выставіць кулак,

то над зямлёю

ўтварае выэрхал.

- Сэр, гэта ад таго,

што мы

падражваемся з ім,

нібы з сабакам.

Глядзі, як зробіць з лета

шал зімы,

не дапаўзем

да Украіны ракам.

- Ну я без санкцый

не магу пражыць.

На Беларусь

Еўрасаюз настрою.

А дзе яна?

На карце пакажы.

- Ды во, паміж Расіяй,

Латвіяй, Літвою.

___________________

Так мы пад санкцыі

папалі ні за што.

А іх найбольш

за акіянам лепяць.

Еўропа скача

пад чужы свісток,

ды нам ад гэтага

ніяк не лепей.

17.12.2023

Карась

Мацёры, пазалочаны карась

зашыўся каля берага

ў гразь.

Над ім насілася

гуллівая платва,

прастрэльвалі

вадзіцу шчупакі.

І ўбачыла

паўсонная Дзітва:

ідуць сюды

з аглядкай рыбакі.

- Тут некалі,

я помню, быў кар'ер, -

прамовіў барадаты

браканьер. -

Яго злучылі

трактары з ракой,

і рыбы тут -

хоць ты хапай рукой.

Давай закінем невад,

можа, тут

і рыбу возьмем

у сплашны хамут.

- Я згодзен, - адказаў

другі рыбак, -

а як яго закінуць?

- А вот так:

на беразе расцягнем

невад нахаду

і кінем грузікамі ў ваду.

Так і зрабілі.

І за вераўкі

свой невад выцягнулі

рыбакі з ракі.

Было ў ім многа

плоткаў, шчупакоў.

Ды рыбнагляд набег

з усіх бакоў.

Аштрафавалі рыбакоў,

забралі снасць…

… На іх данёс

па рацыі карась…

08.01.2024

Парады

Дабралася да шапкі

з норкі моль -

і дзядзька (не Германскі

канцлер) Коль

не ведаў, як і што

тут з ёй рабіць,

і стаў парады

ў людзей прасіць.

Вінцук сказаў:

- Насып на поўсць

паўжмені тытуню.

Яна яго баіцца,

як агню.

Коль пенсіі

не шкадаваў

і цыгарэтаў

многа накупляў.

Расцёр іх і тытунь

на поўсць паклаў:

- Тут будзе, моль,

табе другі анклаў.

Ды моль не здохла -

стала яе больш,

і нават завялася

ў поўсці вош.

Фадзей параіў:

- Дзядзька Коль,

пасып па шапцы

густа-густа соль.

Праз тыдзень паздыхае

моль твая -

і шапка стане

зноў, як новая.

Засыпаў шапку соллю

дзядзька Коль -

і, праўда, паздыхала

тая моль.

Але чаго заплакаў

бедны Коль?

Раз'ела поўсць

і нават шкуру соль.

09.01.2024

Воўк-прадпрымальнік

Адкрыў буфет у лесе

шэры воўк,

навешаў шарыкаў

на дзверы і акно,

каб павялічваўся

звяроў прыток,

пілі гарэлку,

каньячок, віно.

Пераступіў парог

найпершым рысь:

- Па чым сто грамаў?

- Я прашу пятак.

- А ёсць хоць чым

гарачанькім загрызць?

- Ёсць піражкі,

падсмажаны шчупак.

Пашарыў па кішэнях

хітры рысь -

а там пустэча:

- Грошыкаў няма.

- А ну адсюль хутчэй,

галота, брызь!

Не дам табе

выпіць задарма.

Рысь выскачыў

і плюнуў на сцяну,

і зноў палез

на тоўстую сасну.

Наступным ўвайшоў

вялікі лось,

павёў вачыма

пільнымі наўскось:

- Па чым каньяк

вунь той "Напалеон"?

- Па сто рублёў каштуе

сёння ён.

Лось ад здзіўлення

гучна так зароў,

што ў ваўка

ажно застыла кроў.

Сахаты развярнуўся,

выйшаў вон:

- Гарыць ён гарам

твой "Напалеон"!

Праз паўгадзіны

завітаў мядзведзь:

- Чым тут нутро

мне з холаду пагрэць?

- Ёсць "Першачок",

"Бульбаш" ну і "Сваяк",

ёсць адмысловы,

шасцізоркавы каньяк.

- Налі чатыры шклянкі

"Бульбаша",

але пра мой візіт

у лесе ні ша-ша,

і сам за дружбу

трошкі хлебані,

аднак пра мой візіт

нікому а ні-ні.

Пілі мядзведзь з ваўком

пакуль маглі…

Пасля раптоўна

біцца пачалі.

Мядзведзь ваўка

за хвост да бэлькі прывязаў,

а сам яго буфет

абрабаваў.

Прыйшла ваўчыха:

- Ты чаго вісіш,

як Мусаліні, галавою ўніз?

- Валтузіўся з мядзведзем

доўга я,

і ён мяне

да столі прыпадняў,

а сам буфет

дачыста абакраў.

- Казала, шый з авечых

шкураў кажушкі,

а ты ўсё марыў

пра грашовыя мяшкі…

Ты сам з мядзведзем.

бачу, налізаўся…

Як дурнем быў,

так дурнем і застаўся.

Ваўчыха перарэзала вяроўку

й воўк

упаў, пабіўшы,

аб падлогу бок.

17.01.2024

Нупрэй і куры

Знаёмы дзядзька

Ціт Нупрэй

завёў на дачы

сем курэй.

І вось аднойчы

бліз гнязда

засакатала

курыца адна:

- Ко-ко-ко,

ко-ко-ко!

Ціт, не крадзі

маё яйко.

Не гожа так,

спадар Нупрэй:

ты губіш

будучых курэй.

Ну а Нупрэй

бы ў сон урос,

узяў яйко

і ў дом панёс.

Чубаткі змову

ўраз сплялі

і на ўчастку

падзяўблі

пятрушку, тыквы,

агуркі,

капусту, моркву,

буракі.

Стаіць Нупрэй,

як сам не свой,

рашае даць

чубаткам бой.

Прынёс сякеру,

бервяно:

- Я пасяку ўсіх

да адной!

Ды тут аклікнуўся

сусед:

- Ціт, не чыні

чубаткам бед.

Лепш плотам

іх абгарадзі

і ўдзень яёк больш

не крадзі,

а як пачнуць

чубаткі спаць -

ты яйкі можаш

выбіраць.

Маруднасць -

людзям не сястра,

ганіце вон яе

з двара:

пакуль узводзіў

плот Нупрэй -

ліса пакрала

ўсіх курэй.

18.01.2024

Бурнос і тэлевізар

Аднойчы незадумлівы

Бурнос

дадому новы

тэлевік прынёс.

Сядзіць у мяккім крэсле,

нібы пан,

і цэлы дзень глядзіць

ён на экран.

Абрыдла тэлевізару

трываць -

і ён пачаў

Бурноса папракаць:

- Ну што ты пяліш

зрэнкі на экран,

як на вароты

новыя баран.

Ты ж бачыш,

я кручу біліберду:

як есць даюць

сабаку ці кату,

як смажаць рыбу,

блінчыкі пякуць,

як дровы сукаватыя

сякуць.

Няўжо табе

такое па душы?

Ці без мяне

ўжо не ў стане жыць?

Мо даў бы мне

хоць трошкі адпачыць?

Прашу цябе, шаноўны,

адключы.

Бурнос прыкінуўся,

што спіць,

прыжмурыў вочы

і маўчыць.

Пасля як схамянецца,

закрычыць:

- От, не дуры мне

галавы, экран!

Я сабе і парабак,

і пан,

і што хачу,

дык тое і раблю.

А будзеш балбатаць -

другі куплю,

на кухне прымацую

да сцяны,

што не пакажа ён -

мне хоць бы хны.

- Ну ты й "усяядны"

тып, Бурнос.

Табе хоць жабу

пакладзі пад нос.

20.01.2024

На Марсе

Дрозд неяк ранкам

заляцеў на Марс.

Яго сустрэў

змагар за шчасце Маркс:

- Ты тут не выжывеш,

малюсенькі драздок.

- От, не хвалюйся

за мяне, панок,

і "Маніфестаў"

болей не пішы,

бо зараз людзі

ў іншы бок пайшлі.

- А-а! На Зямлі ўжо,

мусіць, люд такі,

шарахаецца

ў розныя бакі:

то робіць для

рыбалкі паплаўкі,

то вострыць кулі,

шаблі і штыкі.

- У нас драздоў,

таксама сумятня:

то ліжамся,

то сварымся штодня,

то са шпакамі

б'емся за яду,

то ўпадаем

у нейкую нуду.

А зараз між людзьмі

сплашны разброд…

Я згодзен: на Зямлі

такі народ.

- Дык што, не паляцім

мо да Зямлі,

а тут утворым

рэкі і палі

і станем ціха,

адмыслова жыць,

з Венерай і Юпіцерам

дружыць?

- Давай застанемся,

дзядуля, тут,

бо хутка прыйдзе

той Зямлі капут.

22.01.2024

Янот

Янот пачаў

на хутар заглядаць

і ад курэй яду

стаў адбіраць.

А куры

палахлівыя былі,

уцякалі ў падпаветку,

як маглі.

На хутары жылі

сабака й кот.

Але сабака быў -

адпеты абармот:

па большай часці

ў будзе спаў і спаў,

нікога не кусаў

і не чапаў.

А кот на прызьбе

цэлы дзень драмаў

і на янота

ўвагі не звяртаў.

Ну, а ў бабулі

свой занятак быў:

хадзіла ў лес

далёкі па грыбы.

І некалі схуднелы

смоўж - янот

адгадаваў

на хутары жывот.

І неўзабаве, ўжо

прыйшла пара, -

ніяк не можа

выбрацца з двара.

Затоўсты стаў -

не прашмыгнуць праз плот.

Так і застаўся жыць

на хутары янот.

05.02.2024

Кот-зомбі

Сівенькі дзед ў вёсцы

жыў з катом,

дзяліліся яны

сырком і малаком,

хадзілі разам

у каморку і ў хлеў,

дзе кот лавіць мышэй

выдатна ўмеў.

Да іх дваіх не лезла

ў твар бяда.

Сябрамі сталі -

не разлі вада.

Ды ўбачыў неяк

у каморцы дзед:

грызуць мышакі

бульбу ў абед.

Ніколькі не баяцца

ўжо ката,

нібыта ён ім -

родненькі братан.

Пасля яны

гулялі ў чахарду,

скакалі ўжо

на галаву кату.

Глядзіць ў поўным

недаўменні дзед:

хто тут наладзіў

ім кардыбалет?

- Баюн! - аклікнуў ён

ката. -

Скажы мне праўду:

што за ерунда?

Чаму не нападаеш

на мышэй?

Ці ты не бачыш іх?

Ці слых уцёк з вушэй?

- Я зомбі, дзед,

і не магу хоць што зрабіць,

каб гэтых грызуноў

пералавіць.

- А хто ж цябе

паспеў зачараваць?

- Ды пацукі,

калі ты ўлёгся спаць.

І я цяпер

пад дудку іх скачу,

дзе трэба мяўкаць,

я, дзядок, маўчу…

07.02.2024

Каршун і крумкач

Каршун хваліўся

ранкам крумкачу:

- Я заўтра ў космас,

братка, палячу.

Давай мо разам

здзейснім свой палёт,

пабудзем на якой планеце

хоць бы з год.

- Я згодзен,

даражэнькі каршунок,

ды ці дапусцяць нас

на касмадром "Восток".

- Я з буслам

пазаўчора размаўляў -

і ён дазвол на ўзлёт

адразу даў.

І вось на старт

ракету прывязлі,

і адарвалася яна

ўдачна ад Зямлі.

Ляцелі больш,

як пяцьдзесят гадоў.

(Хапала ўсякіх

у ракеце ўмоў).

І на планету

трапілі адну,

дзе нават і не чулі

пра вайну.

Сустрэў іх

барадаты велікан

і мовіў, бы ў вялікі,

звонкі збан:

- Крумкач няхай

пабудзе трошкі тут.

Ну а цябе, каршун,

мы аддадзім пад суд

за тое, што

на птушак нападаў,

што рацыён твой быў

з крывавых страў.

Суддзя быў строгі

(як і на Зямлі) -

і каршуну пяцьсот

гадоў далі.

Ну а крумкач вярнуўся

ўжо дамоў

і марыць паляцець

у космас зноў,

бо з той планеты

золата прывёз

больш, чым праліта

за ўсе войны слёз.

А каршуну сядзець там

ды сядзець

і кайданамі цяжкімі

грымець.

07.02.2024

Васьміног і кіт

Нікога не баяцца -

даў сабе зарок

каржакаваты,

пакручасты васьміног.

Малюсенькія рыбкі

праплывалі збоч -

іх не хапаў падводны

гэты корч.

Стаіўшыся ўгору

пазіраў,

больш буйную

ахвяру падбіраў.

Тут у яго быў

бліз каралаў дзот,

і кіт сюды падплыў -

пудоў пяцьсот.

Агрэсар кінуўся

праз тоўшчу вод

і шчупальцамі абхапіў

плаўца жывот.

- Не на таго напаў,

паўзучы корч,

тут зараз для цябе

наступіць ноч.

Кіт тушаю яго,

прыціснуў да зямлі -

і з васьмінога

атрымаўся плоскі блін.

___________________

Перш, чым знянацку

на кагосьці нападаць,

патрэбна свае сілы

вымяраць.

12.02.2024

Ёрш і калючка

Калючы, смелы

і касцісты ёрш

сказаў калючцы:

- Мы жывём не з горш.

Нас не хапаюць

акуні і шчупакі

і адпускаюць,

калі зловяць, рыбакі.

Аднойчы, праўда,

немалы шчупак

мяне схапіў і праглынуць

хацеў няўзнак.

Я ж выпрастаў

калючкі на спіне

і моцна закрычаў:

"Не праглынеш!.."

І, праўда, той

спалохаўся шчупак -

і адпусціў мяне

з дабром стары лайдак.

- Нас выратоўваюць іголкі,

братка ёрш.

Без іх прапалі б мы

ані за грош.

Ну і наедак з нас

зусім слабы,

пра гэта нават

ведаюць бабры.

- Давай пажэнімся, -

прапанаваў ёй ёрш, -

мо будзе сын у нас

такі мажны, як морж.

- Давай! - узрадавана

мовіла яна.

І весяліліся з відна

і да цямна.

______________

Як зловіце

худога малыша,

дык ведайце, што гэта

сын калючкі і ярша,

і адпусціце зноў

яго ў раку,

каб пагражаў

і акуню, і шчупаку.

21.02.2024

Грак і рак

- Ну, як жывеш ты,

паважаны рак? -

спытаў з алешыны

цікаўны грак.

- От, варушуся ў вадзе

сяк-так,

як той на хутары

стары дзівак.

Я ўжо на пенсіі

даўно сяджу

і часта знізу

на цябе гляджу.

Табе зайдрошчу я,

шаноўны грак:

ты воблакам

і дрэвам як сваяк.

А я сяджу тут

ціха пад карчом

і з шыцікаў рыхтую

суп "харчо".

- Ці чуў, што

ва Ўкраіне йдзе вайна?

Мо ведаеш, калі

закончыцца яна?

- Чуць-чуў, але канца

ёй не магу ўгадаць …

Табе ж з-пад неба

можа лепш відаць?

Ты лётаеш туды-сюды,

як дрон.

А у мяне ў вушах

ад ціску звон,

і зрок сягае

толькі да цябе

і да вароны той,

што на вярбе.

Так што, як прыйдзе

той вайне канец,

паведамі мне,

чорненькі мудрэц.

- А ў цябе мабільнік

ёсць там, пад вадой?

- А як жа, я нашу яго

заўжды з сабой.

Грак каркнуў

і ўзяў кірунак на Херсон.

Яго там збілі:

прынялі за дрон.

22.02.2024

Верабей-палітыкан

- Ты пра палітыку

мне байку не мялі,

лепш слухай,

як курлычуць жураўлі, -

заўважыў бусел

строга вераб'ю,

бо зараз я цябе

як смельчака паб'ю.

- Ды што ты, дзядзька,

я не палітыкан,

не разбіраюся, дзе праўда,

дзе падман.

Мне б толькі надзяўбціся

ўсмак зярнят,

ды выгадаваць

здатных птушанят.

Табе ж і жураўлям

усё карціць

убачыць, дзе паводка,

дзе тайга гарыць.

Вы ўздымаецеся ўгору

назнарок,

а я з галінкі

на галінку - скок.

І добра мне і хораша

так жыць.

Навошта мне палітыка?

Скажы.

Я блізарукі,

як паўсонны кот,

ці як ў вёсцы кажуць

ботам бот.

- Хітруеш,

вёрткакрылы верабей.

Ты й не такі

зацюканы плебей…

- Патрыцый, чэсна

праўду я кажу,

што толькі гэтым вось

гняздом і даражу.

Бацян узняўся,

паляцеў на лес,

а верабей ізноў

у палітыку палез:

крытыкаваў варон,

як толькі мог,

і камароў, і крапіву,

і мох.

29.02.2024

Яўхім, сабака і блохі

Яўхім бадзячага

сабаку прыручыў

і на канапе спаць

яму дазволіў -

і той багата

блохаў напусціў,

якія далучыліся

да молі.

Яўхім любіў славуты

лідскі квас:

пры Жэўжыку хлябаў

яго без меры -

і блохі перакінуліся

ўраз

на памяркоўнага

гаспадара кватэры.

Калі Яўхім піхаў

скарынку ў рот

і нешта смачнае

трымаў у жмені,

яны на карк скакалі

й на жывот,

і на худыя

вострыя калені.

Перадушыць іх

гаспадар не мог:

яны хаваліся ў адзенне,

пад канапу -

і развялося гэтых

самых блох

больш, чым смярдзючай

поўсці на сабаку.

А ноччу пад дзвярыма

лаз знайшлі,

прабраліся на лесвіцу

адважна

і, бы паротна

ў наступленне шлі,

кідаліся на сціплых

і на важных.

Такімі хутка-спрытнымі

былі,

што казыталі ўжо

дзяўчатам пяты,

і неўзабаве

даскакаць змаглі

ад першага паверха

аж на пяты.

Сусед Яўхіму

выказаў папрок:

- Чаму ты дыхлавосам

блох не морыш?

Яны ўжо мне на рукі -

скок ды скок…

- От, не пляткар,

Захар, у калідоры.

14.03.2024

Лешч і клешч

Паганы крывапійца-клешч

глядзеў, як плавае

прыгожа лешч,

і, вусы растапырыўшы,

спытаў:

- Што ты ясі,

рачная бедната?

- Усё запар.

Не галадаю я.

- А я дык упіваюся

ў каня,

у чалавека,

соннага лася,

у тлустую свінню

і парася.

Ты п'еш вадзіцу там,

на дне,

а я чужую кроў.

Я, ляшчучок, такі.

- Знайшоў хваліцца чым…

Ты паразіт!

Ты людзям і жывёлам

так адбрыд,

што кожны рад цябе

пераўтварыць у прах

на сенажаці, у лесе,

у дварах.

- Мяне не проста,

ляшчучок, злавіць:

я навучыўся

непрыкметна жыць.

Я поўзаю пад лісцем,

пад травой.

Як той казаў,

я хлопец з галавой.

Дык бег аднекуль

гонкі конь-скакун

і скінуў капытом

кляшча ў раку.

А лешч шукаў яду,

плыў наташчак -

і тут жа ўхапіў

упаўшага кляшча.

22.03.2024

Сцяпан і баян

Не малады,

дапытлівы Сцяпан

купіў стары,

падношаны баян.

На ім пачаў вучыцца

ён іграць

і пальцамі стаў

гузікі кранаць.

Але мелодыю не знаў,

як падабраць.

На гузікі

націсне наугад,

а ў баяне тым

сплашны разлад.

- Ды што ты, Сцёпа, -

зарыпеў баян, -

не ўводзь сябе

ды і мяне ў зман,

бо слуха ў цябе зусім няма -

такога я

і не прысніў дзярма.

А Сцёпа гне

па-грубаму сваё:

- Няўжо такі я

невук, ё-маё?

А можа ты няўмека,

хлус-баян?

Ты хоць бляі,

як той рагач-баран.

А то:

то па-дурному зарыпіш,

то засапеш,

альбо зусім маўчыш…

З цябе не выціснеш

мелодыі ніяк,

ты як разбіты

на кавалкі гляк.

Ну як такіх

сварлівых прымірыць,

калі ўнутры ў іх

усё хрыпіць?

07.04.2024

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX