Ў час гэтых спакус
На мапу Эўропы
Ўзышоў Беларус"
Ул.Жылка. З паэмы "Уяўленьне "
Не стае мне адпаведных словаў, каб пераказаць усе нязвычайныя здарэньні, што адбыліся ў той незабытны Дзень i паўзь якіх прайшоў суворы гісторык. Адылі-ж хтосьці зь дзядоў ix бачыў, нехта з бацькоў пра ix чуў, а я, іхні сьціплы ўнук i сын ды тадышні хлапчук, які, магчыма, сам на ўласныя вочы пераканаўся ў гэтых падзеях, падаю цяпер сваю прачулую спадчыну i шчырае сьведчаньне да ведама суродзічаў.
У нетрах Белавежы ўзварухнуўся ўсёй вялізнай сваёй істотай зубр. Кагадзе рахманы, ён гэтак грукнуў важкай нагой аб каляную зямлю, што вакол захісталіся сінявыя асіны. А потым узьняў вялікую галаву з крутымі рагамі з ускудлачанай грывай, i ўсю пушчу ўстрасануў магутны рык.
У Налібоках, на самым беразе Неману, дзе здавён-даўна падпіраў сабой перуновыя хмары вячысты дуб, нечакана ўзьняліся над ім спалоханыя птахі. Пад ім колісьці на ложку, складзеным з коп'яў, меў кароткі жаўнерскі адпачынак несьмяротны Вітаўт. Цяпер высачэнны дуб усхамянуўся ўвесь ня толькі сваім неабдымным камлём, але й глыбокім карэньнем, скідваючы зь сябе мёртвае леташняе лісьце.
Няма ведама дзе ў тую хвіліну нарадзіла агромністую хвалю закутая ільдом Нарач. Ці ў сваіх глыбінях каля цьвёрдага гліністага дна, ці бліжэй да паверхні, якую яшчэ ня вызваліла ад зімовага ціску вясна. Але гэтая хваля зрушыла лёд i зь невыказнай сілай ударылася ў каменную грэблю Скок, як у трэмбон.
Тады ж загула мацней звычайнага неўтрапёная сваячка Дзьвіна. Ейны парог, магутны Перакагрыж, што шуміць скрозь дзень, скрозь ноч, i ўзімку, i ўлетку, высока дагары шпурнуў пройму набелянае ім вады, i тая, звальваючыся да долу, нaгадвала сабой вялізны іскракідны фантан-вадаграй.
Паблізу Рэчыцы напнуўся i раптам скінуў зь сябе кайданы Дняпро. Крыжніца ўпіналася, чапляючыся i за валуны i за алешыны, але дарэмна. Не бракуе сілы самому Дняпру, а тут яшчэ дапамаглі старому ягоныя шматлікія рэчкі i яшчэ больш нязьлічоныя цуркі, зь якіх кажны зьвініць у сакавіку, нібы тыя цымбалы.
У сівым Полацку на званіцы Сьвятое Сафіі, неспадзявана чыясьці моцная нябачная рука раскалыхала біла найбольшага звону, i той урачыста загуў над горадам Рагнеды, Прадславы i Скарыны. Хто ведае, чыя гэта рука? Ці не Ўсяслава Вялікага, што пэўне спачывае ў скляпеньні катэдры?
У слаўнай Вільні, на Вострой Браме, узварухнуліся коньнікі зь мячамі i абваліліся краты ў камэры Кастуся Каліноўскага; у Старым Быхаве ўздрыгнула старадаўняя гармата, на якой захаваўся надпіс: "Я, суворая Марына, адлітаваная дзеля жыцыця Бацькаўшчыны i дзеля сьмерці ейных ворагаў"; у Смаленску скрануўся зь месца руды ад варожае крыві шышак Мэркура, i ў Жыровіцах сама запалілася лямпада перад вобразам Найсьвятое Дзевы.
У далёкім Лёндане, у Брытанскім Музэі, дзівосна перагарнулася важкая балонка пажоўклае ад часу кнігі i зазьзялі на ёй, аздобленай віньеткамі i арнамэнтам, напісаныя Франціцікам, сынам Лукаша з Полацку, літары: "...людзі ікдзе зрадзіліся i ўскормлены суць па Бозе, к таму месту вялікую ласку імаюць."
I адначасна ў Маскве, у Крэмлі, у Вусьпенскай каранацыйнай катэдры звалілася на падлогу i разьбілася ўдрузгі крышталёвае панікадзіла з надпісам: "Дар Царя Великое, Малое и Белое Руси Самодержца Алексея Михайловича".
А недзе на Барысаўшчыне, ці то пад Зембінам, а можа пад Лошніцай выскачыў з бароў на аблонь юрлівы буй-вецер. Ён чыста падмёў вуліцу бліжэйшае вёскі i раскідаў па.ёй абскубаваныя ім на ўзьлесьсях ягады шыпшыны i ядлаўцу, ён прыцягнуў водар жывіцы i пралескаў, ён прычасаў саламяныя стрэхі хатаў i нарэшце грукнуў у вакно канцавое зь ix, над якой акурат пралягае па небу Птушыны Шлях. З хаціны, навет не накінуўшы хусткі, выскачыла старая. Яна зьдзіўлёна зірнула вакол, а потым пабегла па вуліцы з крьікам:
Аяй-яяй! Даражэнькія! Людцы мае! Абач! Дык гэна-ж яно да нас нарэшце завітала. А мы яшчэ тым часам пра яго нічога ня ведаем.
Усё гэтае сталася тады, калі ў стольным Менску ўзьняўся на трыбуну слынны Беларус i моцным голасам абвесьціў:
Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца вольнай i незалежнай дзяржавай.
Менавіта ў тую самую часіну ўзварухнуліся i зубр, i дуб, i звон, i гармата, а па вёсцы пабегла з радасным крыкам бабуля, што жыве пад Птушыным Шляхам у канцавой хаце.
9.3.1953 г. Нью-Ёрк.