Папярэдняя старонка: 2005

№ 5 (691) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 5 (691) 2 ЛЮТАГА 2005 г.


З юбілеем Вас, Валянціна Карлаўна!

2 лютага круглая дата ў Валянціны Карлаўны Раманцэвіч. Усё сваё свядомае жыццё яна прысвяціла роднай мове, выхаванню і навучанню школьнікаў і будучых настаўнікаў. Неверагодна - 50 гадоў у адукацыі! Валянціна Карлаўна разам з першымі рупліўцамі беларушчыны была ля вытокаў стварэння Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, доўгі час уваходзіла ў яго Раду, арганізоўвала і вяла курсы беларускай мовы. Яна і зараз адна з самых дзейсных сяброў нашай арганізацыі.

Зычым спадарыні Валянціне яшчэ большага плёну на ніве Беларушчыны, моцнага здароўя і веры ў лепшае будучае нашай Бацькаўшчыны!

Рада арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Фрунзенскага раёна г. Менска

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць шаноўную Валянціну Карлаўну з круглай датай у яе жыцці. Мы спадзяёмся, што гэтая дата не стане падставай для спынення Валянцінай Карлаўнай актыўнай дзейнасці на ніве Беларушчыны, а набыты досвед будзе садзейнічаць таму, што кожны новы год станецца ўнёскам у нацыянальную скарбонку нашай Бацькаўшчыны.

Мы ўпэўненыя ў Вас, шаноўная спадарыня Валянціна.

(Пра Валянціну Раманцэвіч чытайце на ст. 3-4.)


50 гадоў Язэпу Стэпановічу

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць спадара Язэпа Стэпановіча, доктара навук, прафесара, нястомнага рупліўца на ніве Беларушчыны з юбілеем.

Мы ганарымся, што ў нашых шэрагах знаходзіцца такі высокакваліфікаваны навуковец, як Вы, спадар Язэп.

Вы не толькі даказалі ўсяму свету, што ў такой далёка не самай гуманітарнай вобласці навукі, як біялогія, ёсць месца беларускай мове, але і тое, што менавіта на беларускай мове беларуская біялогія можа выйсці і выходзіць на сусветны ўзровень.

Доўгіх гадоў Вам і ўраджайнай навуковай нівы, шаноўны спадар Язэп.

(Пра Язэпа Стэпановіча чытайце на ст. 2.)


ЗАКОНУ "АБ МОВАХ У РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ" СПОЎНІЛАСЯ 15 ГАДОЎ

15-годдзю прыняцця закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" была прысвечана прэсканферэнцыя старшыні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы" (ТБМ) Алега Трусава, якая прайшла ў Менску 26 студзеня.

Закон аб мовах, нагадаў ён, быў прыняты 26 студзеня 1990 года, яшчэ ў савецкі час, калі мала хто з кіраўніцтва краіны ўсведамляў трагічнае становішча, у якім апынулася беларуская мова. Для выратавання мовы тытульнай нацыі, паводле слоў А. Трусава, неабходна было выпрацаваць адпаведную дзяржаўную моўную палітыку. У той час, адзначыў ён, "дух беларусізацыі панаваў ва ўсіх сферах жыцця краіны", сталі стварацца беларускамоўныя класы і школы. Так, у 1995 годзе з 219 школ Менска статус беларускамоўнай атрымала 181 школа, а прадмет "Гісторыя Беларусі" вывучаўся выключна на беларускай мове ва ўсіх школах, незалежна ад іх моўнага статусу.

Аднак у 1995 годзе сітуацыя рэзка змянілася, адзначыў А. Трусаў. Сур'ёзная пагроза для беларускай мовы з'явілася пасля рэферэндуму, у выніку якога руская мова атрымала статус дзяржаўнай. У сувязі з гэтым ва ўсіх першых класах беларускіх школ і беларускамоўных класах рускамоўных школ было ўведзена абавязковае вывучэнне рускай мовы. Паводле звестак ТБМ, у 1995 годзе на рускую мову навучання было пераведзена 108 школ, у 2002 годзе - ліквідаваны 152 беларускамоўныя школы, у 2003 годзе - закрыта яшчэ 118, а ў 2004 годзе - чарговыя 75 школ.

У 1998 годзе, нагадаў кіраўнік ТБМ, былі прыняты змяненні і дапаўненні з Закон аб мовах. У прыватнасці, артыкул № 26 пачынаўся так: "У Рэспубліцы Беларусь мовамі ў сферы культуры з'яўляюцца беларуская або руская". Гэта, здавалася б, нязначнае дапаўненне - злучнік "або" - прывяло да імклівага выцяснення беларускай мовы з усіх сфер дзейнасці чалавека, заявіў А.Трусаў. У выніку, паводле звестак на пачатак гэтага навучальнага года, у Беларусі адукацыю на беларускай мове атрымаліваюць толькі 23,8 працэнта школьнікаў.

На працягу апошніх двух гадоў ТБМ спрабуе ўнесці змяненні ў Закон аб мовах, паведаміў Алег Трусаў. Камісія па адукацыі, навуцы, культуры і навуковатэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўлічыла іх у новай рэдакцыі законапраекта. Аднак, на жаль, гэты законапраект ніяк не можа трапіць у парадак дня найбліжэйшай - вясновай - сесіі парламента, сказаў ён.

Нягледзячы ні на што, "ТБМ цярпліва, паслядоўна і настойліва абараняе права грамадзян краіны на выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця", падкрэсліў лідар грамадскай арганізацыі.

Вольга АСІПЕНКА, БелаПАН.

(Прэс-рэліз ТБМ з нагоды 15-годдзя Закона аб мовах у Беларусі чытайце на ст. 5.)


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Ф. Скарыны"

Трусаву А. А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу разгледжаны Ваш ліст № 307 ад 28.12.2004 г., у якім выкладзена просьба аб паскарэнні працэсу разгляду праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь".

Паведамляем, што зараз гэта пытанне разглядаецца на ўзроўні Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. М. Канаплёва. У выпадку паступлення згаданага праекта Закона ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ён будзе ўключаны ў парадак дня сесіі і ніякіх затрымак з яго разглядам і прыняццем не будзе.

Старшыня камісіі - У. М. Здановіч.


ЛЕТАПІС ТАВАРЫСТВА

Падрыхтавала Ірына Марачкіна

2002 год.

9-10 ліпеня.

У сталічным Доме літаратара пад эгідай ЮНЕСКА адбыўся Міжнародны сімпозіюм "Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі", у якім брала ўдзел ТБМ. Сябры Таварыства ўваходзілі ў склад аргкамітэту, былі адказнымі за арганізацыю і правядзенне трох "круглых сталоў". Мелі 4 выступленні: Алег Трусаў на пленарным паседжанні з дакладам "Заканадаўчы аспект развіцця беларускай мовы". Людміла Дзіцэвіч, Сяргей Кручкоў, Алена Анісім зрабілі паведамленні аб правядзенні "круглых сталоў". Сябры сакратарыяту ТБМ напісалі зварот, які падпісалі шэраг грамадскіх арганізацый, з нагоды катастрафічнага стану беларускай мовы ў СМІ Бела-русі.

31 ліпеня.

ТБМ зладзіла грамадскую імпрэзу, прысвечаную 200-годдзю з дня нараджэння Ігната Дамейкі з удзелам Адама Мальдзіса, Алега Трусава, Здзіслава Сіцькі, Міколы Купавы. Прынята адмысловая Ўхвала сходу, разасланая ва ўладныя структуры.

17 жніўня.

На ўзбярэжжы Бярэзіны Бабруйская суполка Таварыства у гонар 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа ладзілі фэст беларускай бардаўскай песні "Вольнае вогнішча".

28 жніўня.

Выйшаў першы ну-мар газеты "Новы Час", заснаванай Менскай гарадской арганізацыяй ТБМ.

1 верасня.

У 2002-2003 навучальным годзе, дзякуючы на-маганням ТБМ, у СШ №181 г. Менска адкрыты 10 "г" клас з беларускай мовай навучання.

Сакратарыят ініцыяваў агульнабеларускі месячнік "Размаўляем па-беларуску". Месячнік меў інфармацыйную падтрымку дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, а таксама фінансавую падтрымку дабрадзеяў. Быў выпушчаны 2-гі варыянт значка "Размаўляй са мной па-беларуску". Акцыя мела шырокі розгалас у прэсе, рэкламу ў метро, каляровыя абвесткі на прыпынках гарадскога транспарту, каляровыя плакаты (150 штук) для распаўсюду ў навучальных установах, бібліятэках Менска і іншых гарадоў. Па выніках апытання больш за 30 % грамадзян Беларусі падтрымалі ініцыятыву ТБМ.


Ён багаты сваёй беларускасцю

Мне здаецца, што гэтага чалавека я ведаю з ранняга дзяцінства. Вось ён у ролі маці, якая дзеліць нас, дзетак, на каманды для гульні ў лапту, адгадваючы прыдуманыя мянушкі гульцоў, чым дасягае бясспрэчнай згоды і паразумення. А ці не з ім гэта я бягу басанож росным ранкам у поле па коней, бразгаючы цуглямі аброці, каб потым віхурай несціся на калгасны падворак і цэлы дзянёк хадзіць за акучнікам ці бараной. А ці не ён дзеліцца са мной скібай духмянага хлеба, які спякла яго мама і пасыпала жорсткай соллю.

Язэп Міхайлавіч Стэпановіч нарадзіўся і гадаваўся ў вёсцы Лыцавічы, што пад Вілейкай. Спаткацца з ім заўжды прыемна і ў радасць. Адчуўшы на сабе мяккі, лагодны позірк і пачуўшы ціхую не шматслоўную гаворку, становіцца добра на душы, западае ў яе нешта такое, што родніць і лучыць. Здаецца, быццам у непралазным нерушы лесу спаткаўся з бруістым ручайком. Такая ў яго гамонка. Вабяць і барада, і вусы, ў якіх заўважаецца адбітак 50гадовай поўні яго жыцця. Ён - прыхільнік і прапагандыст "лацінкі" ў беларускай мове.

Ну як не ганарыцца яго рашучасцю і ўпартасцю, здольнасцю за праўду пайсці на ўсё, чаго б гэта не каштавала. Калі трэба было абараніць доктарскую дысертацыю ў галіне батанікі, запатрабаваў - толькі на беларускай мове. Гэта сталася прычынай таго, што абарона была адкладзена кіраўніцтвам аж на два гады. Як ні адгаворвалі яго, маўляў, гэта ж навука, на гэтай мове не выкажаш таго… Многія не зразумеюць, не адгукнуцца. Прыйшлося за свой кошт друкаваць навуковую манаграфію. І ён дамогся свайго. У 2001 годзе стаў доктарам біялагічных навук. О, як іскрыліся яго вочы, калі ён хваліўся, колькі насуперак сваім незычліўцам нечаканых водгукаў атрымаў на вынікі сваёй працы. З Швейцарыі прыйшло паведамленне, што яго навуковы артыкул прызнаны найлепшым.

З 1979 года працуе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Скончыў аспірантуру і дактарантуру пры Інстытуце эксперыментальнай батанікі. У 1988 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Стажыраваўся ў вядучых навуковых цэнтрах Еўропы. Удзельнічаў у распрацоўцы міжнародных праектаў. Цяпер ён навуковы кіраўнік і адказны выканаўца шэрагу заданняў па дзяржаўных навуковатэхнічных праграмах. Лаўрэат конкурсу навуковых праектаў Міжнароднага навуковага фонду ISF (НьюЙорк) у 1994-1995 гадах. Ён - эксперт міжнародных прыродаахоўных і экалагічных праектаў, актыўна ўдзельнічае ў стварэнні Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навуковага асяроддзя ў нашай краіне. Аўтар 92 разнапланавых публікацый і манаграфій. Асноўная з іх - "Эколагафларыстычны дыягназ сінтаксонаў прыроднай травяністай расліннасці Беларусі" - напісана на беларускай мове, а аўтарэферат доктарскай дысертацыі ўключаны ў міжнародны каталог важнейшых публікацый 1999 г. у галіне біялогіі. Матэрыялы ягоных маніторынгавых даследванняў экспанаваліся на міжнароднай выставе "Гановер - 2000". Шмат яго навуковых дасягненняў рэалізаваныя.

Язэп паспяхова шчыруе і на ніве нацыянальнага адраджэння. З 1991 года ён - нязменны старшыня Акадэмічнай рады Таварыства беларускай мовы, з 1993 з'яўляецца старшынём Тэрміналагічнай камісіі ТБМ і секцыі біялагічнай і сельскагаспадарчай тэрміналогіі Тэрміналагічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі, з 2003 - ён сябра экспертнай групы па праверцы падручнікаў пры Мінадукацыі. Старшыня Клуба грэкакаталіцкай інтэлігенцыі імя Кірылы Тураўскага.

Помніцца, як у 1996 годзе мы хавалі заўчасна памерлага нашага агульнага сябра па Сацыялдэмакратычнай Грамадзе і па Таварыству беларускай мовы Барыса Родзіча. Праліўны дождж, жалобны белчырвонабелы сцяг … Ціха заспяваў Язэп "Магутны Божа" і да яго далучыліся іншыя.

Напярэдадні свайго юбілею спадар Стэпановіч атрымаў узнагароду ад Менскага культурнаасветніцкага клуба "Спадчына" - медаль Барыса Кіта з уручэннем адпаведнага дыплому і занясеннем яго прозвішча ў Кнігу гонару "Рупліўцы твае, Беларусь!" Загадчык лабараторыі і аддзела геабатанікі Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук, прафесар кафедры агульнай біялогіі Белдзяржпедуніверсітэта Язэп Стэпановіч у росквіце сілы і творчасці.

Мікола Лавіцкі.


З альпенскай крынічкі

Ольпенца я по мові ўсюды познаю. Ольпенец - жыхар в. Альпень.

Для альпенскай гаворкі характэрна оканне, а неазначальная форма дзеясловаў заканчваецца на ць .

Мяне папрасілі пагартаць гэты невялічкі слоўнічак альпенскай гаворкі. Альпень! Дзесь я раней чуў гэты назоў. Але дзе? Ці не ў ДунінаМарцінкевіча? Калі гэта толькі так, тады мая цікавасць да слоўнічка альпенскай гаворкі адразу ж патройваецца.

Ну, але што ў тым слоўніку? Якія лексемы ў ім найперш зацікавілі мяне?

З слоў на літару "А" заінтрыгавала лексема "алйбра" . Як вы думаеце, што гэта за "алйбра" ? Ніколі не здагадаецеся! А абазначае яно звычайнае наша "але, так" . Алйбра, ты праўду казаў.

Цікава, як і з чаго гэтае слова склалася? Першая частка "але" . Яна якраз адпавядае нашаму "але" , а другая - "бра" : "але - бра" . Ці не з сцягненнем двух слоў - "але" і "добра" - утварылася гэтае слова з выпадзеннем склада "до" ?

Зацікавілі мяне ў "Альпенскім дыялектным слоўніку" і такія словы, як алох (каюк, канец) , бэзугбву (бесперапынна) , горпа (свірэпа ), дуб (лодка) , дэйка (чутка) , жабор (застойна забруджаная вада) , мэстам (быццам) , палютка (палавінка гарбуза) , тэбэль (драўляны цвік для замацаванне бярвенняў у пабудове) , талаваць (знішчаць) , труя (труха) , скрэдома (пайсці невядома куды) , рэчэнец (канец) . І шматшмат іншых.

Вельмі цікава, як у альпенскіх гаворках называюць хросную маці і хроснага бацьку. Адпаведна гэта матуся і хросны бацька - татусь . Зацікавіў мяне "Альпенскі дыялектны слоўнік" і яшчэ адным. Дзе той Альпень? Аж на Століншчыне. А маё роднае мястэчка аж на Жлобіншчыне, пад Шацілкамі, бліжэй да Палесся. Тым не менш, альпенская гаворка часта лексічна перагуквацца з маёй мормальскай. І не толькі перагукваецца, але і пашырае семантычна карнявое багацце народнай гаворкі. От у "Альпенскім слоўніку" чытаю: "Еруга". Аўтары слоўніка тлумачыць: еруга - яр, глыбокая яма. Прыгадваецца народная песня: "Цячэ вада ў ярок". А ў маіх мормальскіх гаворках ёсць тапонім Ярчына . Так называецца лес. Там і напраўды адны яры, яругі, ямы.

Не гэтак даўно пачуў ад мамы: "Дзеці ў іх былі, як крэглі, адзін у адзін..."

"Крэглі" ... Надта прыгожа і ёмка гучыць. Ад яго чуецца подых якойсь моцы, трываласці. І ўсё ж вырашыў пацікавіцца ў мамы, што такое ж крэглі . "А ня ведаю, кажа яна. - Усе так гаворыць, і я так кажу". І от гэтыя "крэглі" я напаткаў у "Альпенскім дыялектным слоўніку". Пра згаданае слова гаворыцца: " крагэль - здаравяка . Мой бацька крагэль быў, шчэ й зараз жыў бы мо, каб не ўбілі немцы". То што ж тады гэта за "крэглі" , "крагэлі" такія? Ці не "кеглі" гэта? Пэўна што. Пра кеглі ў "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" сказана: "Кеглі. Драўляныя або пластамасавыя слупкі, якія ставяцца ў адзін шарок і збіваюцца шаром з пэўнай адлегласці.

От так: слоўка да слоўка з розных гаворак і ўжо цэлы моўны малюнак. Знаёмыя мне з маленства і словы гіч (бацьвінне), тавар (статак кароў), гаралея (верхам), кварта (конаўка), каляснік (воз)...

Гартаем альпенскі слоўнік далей і дзівімся, як жывая моўная практыка пазбягае аднастайнасці, гукавой нязручнасці. Прыкладам, альпенцы барометр, прыладу для вызначэння атмасфернага ціску, называюць барамэт . Чуеце? Яны вызвалілі слова ад другога "р" і слова загучала лаканічна, вольна! Што ні кажыце, а цікава і карысна чытаюць дыялектныя слоўнікі! Гэтулькі яны даюць асацыяцый, імпульсаў і нават адкрыццяў! Ну а што ДунінМарцінкевіч? Ці меў ён якоесьці дачынення да Альпеня?

Такі меў. У траўні 1849 ён наведаў гэтую мясціну. Напісаў там верш "Вясна". Пад ім гэтак і пазначана: "Мая 12 дня 1849 года. Ольпень" .

Пакуль невядома, прынамсі мне, да каго ў Альпень (Ольпень) ездзіў у траўні 1849 года В. І. ДунінМарцінкевіч. Адно зразумела: гэта быў нехта досыць уплывовы чалавек, асветнік і Марцінкевічаў аднадумца.

Але гэтае толькі меркаванне. Урэшцэ, чаму толькі меркаванне? Марцінкевіч цікавіўся народнымі гаворкамі, іх асаблівасцямі. На пінчуцкай, скажам, гаворцы ён напісаў "Пінскую шляхту". А пінскія гаворкі блізкія да столінскіх. Гэта адзін моўны абшар.

Некалі, у пару майго філалагічнага юнацтва, нам убівалі ў галовы, што дыялекты - гэта фі, непрыгожа. Ім наканавана з цягам часу знікнуць. На ўсіх узроўнях павінна запанаваць літаратурная мова. А ўсе дыялекты павінны сысці ў нябыт. І зусім мала хто гаварыў, што літаратурная мова павінна жывіцца дыялектнай, узбагачацца за яе кошт, гэтак жа, як вялікая рака поўніцца вадою маленькіх ручаёў і ручаінак. Вось чаму дыялекты павінны вывучацца, сістэматызавацца. Вывучэнне іх не толькі ўзбагачае нашу мову, але дае адказы на шмат якія філалагічны загадкі. Менавіта мая практыка збору народнай лексікі можа пацвердзіць, што ў народных гаворках, праз народныя гаворкі можа нечакана намацаць повязь нашых гаворак з усімі гаворкамі свету, прынамсі нямецкай, французскай, польскай, габрэйскай.

"Альпенскі дыялектны слоўнік" выдадзены Берасцейскай гарадскою радаю Таварыства беларускай мовы і Берасцейсцім аддзяленнем МГА "Гісторыя" з нагоды 525ых угодкаў вёскі Альпень. У ім зафіксавана каля 375 слоў. Слоўнік альпенскай гаворкі складзены на базе картатэкі, сабранай вучнямі сёмыхдзевятых класаў пад апекай іхняга настаўніка Івана Ляшкевіча. Я перакананы, у гэтым слоўніку зафіксаваны далёка не ўсе моўныя асаблівасці альпенскай гаворкі, яе нюансы. Таму гэтую высакародную працу трэба доўжыць, рабіць адкрыцці не толькі носьбітам гэтай гаворкі , але і для ўсёй філалагічнай грамадскасці Беларусі, а можа нават для ўсяго славянскага свету.

Пры нагодзе я паказаў "Альпенскі дыялектычны слоўнік" знанаму беларускаму паэтуэстэту ДранькоМайсюку. Ён вельмі ўсцешыўся, што такі слоўнічак існуе. Папрасіў пры магчымасці паказаць гэты слоўнічак яму: "Я ж усяго за чатыры кіламетры ад Альпеня нарадзіўся, рос, гадаваўся, і мне цікава пагартаць слоўнічак мае гаворкі".

Уладзімір Содаль.


З родным словам па жыцці

У Валянціны Карлаўны сёння свята. Ёй споўнілася 70 гадоў! Жадаем шаноўнай юбілярцы моцы і сіл дачакацца свайго 100гадовага юбілею і пабачыць Беларусь у той час, калі беларус будзе пачувацца гаспадаром у сваёй краіне, а наша мова насамрэч стане дзяржаўнай!

Не памылімся, сцвердзіўшы, што ў беларускага настаўніцтва горада Менска няма большага аўтарытэту, чым Валянціна Карлаўна Раманцэвіч. Усе беларусазнаўцы аднагалосна, з захапленнем успамінаюць тыя часы, калі спадарыня Валянціна арганізоўвала і вяла з імі заняткі на курсах у Менскім гарадскім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў, дзе загадвала кабінетам беларускай мовы і літаратуры. Яна ведала ўсіх - а гэта сотні! - настаўнікаў - выкладчыкаў роднай мовы, для кожнага знаходзіла добрае слова, умела падтрымаць у цяжкую хвіліну. Яе глыбока паважалі, яе любілі. Яна зачароўвала сваёй дабрынёй, прамяністым ласкавым позіркам, цяплом душы. Акрамя курсаў павышэння кваліфікацыі, былі нарады, семінары, алімпіяды, у яе шукалі выратавання і тыя настаўнікі, якіх "скубла" ўедлівая школьная адміністрацыя. Яна ўмела падтрымаць, запаліць іскру надзеі нават у таго маладога педагога, у якога не атрымлівалася штосьці ў працы, усё валілася з рук І чалавек ажываў, адчуваў сябе больш упэўнена, набіраўся досведу.

Нарадзілася Валянціна Раманцэвіч (дзявочае прозвішча Лінкевіч) 3 лютага 1935 года на Піншчыне ў вёсцы Лышча. Вёска знаходзілася на беразе прыгожай рачулкі Вісліцы. Успаміны маленства, родныя мясціны і зараз, праз дзесяцігоддзі, грэюць душу спадарыні Валянціны. У гады вайны яе вёска была спалена фашыстамі, і бацькі ў пасляваенны час пабудаваліся ў суседняй вёсцы Востраў, што знаходзіцца каля маляўнічага Пагосцкага возера. Тут прайшлі дзяцінства і юнацтва Валянціны.

Яе бацькі, Кароль Адамавіч і Алена Фёдараўна, вызначаліся ладам у жыцці, шляхотнасцю ў паводзінах, імкнуліся жыць па божых запаветах, і сваіх дзяцей Валянціну, Лілею і Зіновія выхоўвалі адпаведна. Часта згадвала Валянціна Карлаўна з падзей вайны той час, калі ў 1944 годзе бацька пайшоў служыць у Чырвоную Армію. А служыў ён у цяжкай гаўбічнай артылерыі, вызваляў Еўропу ад фашызму. Колькі было радасці, калі ў 1945 годзе ён вярнуўся дадому з вайны! Пасля, як і да вайны, бацька працаваў ветэрынарным фельчарам, маці - у калгасе на розных работах.

У школу Валянціне давялося пайсці толькі ў дзевяцігадовым узросце, пасля вызвалення Беларусі. І вучоба давалася ёй лёгка, у ахвотку, бо старалася. Там, у ПагостЗагародскай школе і з'явілася ў дзяўчыны мара стаць настаўніцай. У 1954 годзе пачалася яе 50гадовая дарога педагога. Яна 5 гадоў працуе піянерважатай, настаўніцай у Сташанскай СШ Лагішынскага раёна Берасцейскай вобласці, у Навадворскай сямігодцы гэтага ж раёна. Яе творчая энергія біла цераз край! Яна і зараз з замілаваннем прыгадвае гэты перыяд сваёй працы, калі з ранку да вечара прападала ў школе. У 1959 годзе, будучы замужам, Валянціна Карлаўна, ужо педагог з пяцігадовым стажам, паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча імя А. С. Пушкіна на спецыяльнасць "настаўнік пачатковых класаў" і праз два гады бліскуча закончыла гэту навучальную ўстанову.

З 1963 года яны жыве і працуе ў Менску. У гэтым горадзе прыйшла да яе педагагічная вядомасць. Шэсць гадоў выкладала яна ў пачатковых класах СШ № 72 Заводскага раёна (19631969), потым яшчэ шэсць працавала тут настаўніцай роднай мовы і літаратуры (19691975). Адначасова (19671972) завочна вучылася на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Менскага педінстытута імя А. М. Горкага. Лёгка давалася вучоба, бо ўжо быў значны ўласны педагагічны досвед. Урокамі жыцця называе сёння Валянціна Карлаўна вучобу ў прафесараў Ф. М. Янкоўскага, А. А. Семяновіча, М. А. Лазарука, дацэнтаў Э. Д. Блінавай, Н. В. Гаўрош і іншых выкладчыкаў інстытута.

Больш за 17 гадоў (19751992) Валянціна Карлаўна загадвае кабінетам беларускай мовы і літаратуры ў Менскім гарадскім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў. Непасрэдная праца з настаўнікамі як найлепей адпавядала яе няўрымслівай натуры. Пасада гэтая была вельмі адказная, а кола абавязкаў надзвычай шырокім: курсавая перападрыхтоўка настаўнікаўбеларусаведаў, удзел у праверках школ, семінарах, выставах, падрыхтоўцы да юбілеяў і памятных дат, правядзенне гарадскіх алімпіяд, вывучэнне, абагульненне і папулярызацыя перадавога досведу лепшых настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры школ Менска. Прыродны педагагічны такт у адносінах з курсантамі і лектарамі ніколі не падводзіў Валянціну Карлаўну. У 1985 годзе Міністэрства адукацыі прысвоіла ёй званне "Выдатнік народнай адукацыі Беларусі".

У гэты час Валянціна Карлаўна шмат друкуецца на старонках педагагічных выданняў: "Настаўніцкай газеце", часопісах "Народная асвета", "Адукацыя і выхаванне", "Роднае слова". У сваіх артыкулах яна, абагульняе , папулярызуе педагагічны досвед лепшых настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры г. Менска: Валянціны Войцік, Міколы Малочкі, Вольгі Кузьміч, Вольгі Харкевіч, цікава распавядзе пра мастака Анатоля Наліваева і арганізаваную ім гасцёўню Уладзіміра Галубка ў Фрунзенскім раёне сталіцы, а таксама публікуе ў друку распрацоўкі нетрадыцыйных урокаў пазакласных мерапрыемстваў, прысвечаных 500годдзю з дня нараджэння Ф. Скарыны і 150годдзю Кастуся Каліноўскага.

У канцы 80х гадоў, калі ў Беларусі пачаўся новы ўздым адраджэння, Валянціна Карлаўна шчыра і захоплена падтрымала яго. Яна шмат зрабіла для таго, каб у Менску ўзніклі спачатку беларускамоўныя класы, а пасля і школы. Дзякуючы яе намаганням і дэмакратычнай інтэлігенцыі г. Менска пры падтрымцы міністра адукацыі Міхася Мінкевіча і педкалектыву СШ № 108, гэтая навучальная ўстанова стала першай беларускай школай сталіцы.

Пра яе ўнёсак у беларускае мовазнаўства і методыку выкладання роднай мовы сведчыць кніга "Алімпіяды па беларускай мове" (у сааўтарстве з Я. Лаўрэлем і Ж. Прыймак), выдадзеная ў Менску ў 1987 годзе.

Валянціна Карлаўна стаяла разам з лепшымі сынамі і дочкамі Беларусі ля вытокаў нашай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, удзельнічала ў яго ўстаноўчым з'ездзе і ва ўсіх астатніх з'ездах, пастаянна ўваходзіла ў рэспубліканскую Раду ТБМ, узначальвала там адукацыйную камісію. Яна практычна рухала справу беларусізацыі: распрацоўвала адмысловую праграму, арганізоўвала і вяла курсы з настаўнікамі, вайскоўцамі.

ТБМ імя Ф. Скарыны ў 1993 г. выпусціла яе кнігу "Пачаткі роднай мовы" - дапаможнік для ўсіх тых, хто захацеў вывучыць беларускую мову і размаўляць на ёй. Тады, на пачатку 90х гадоў, сістэма курсаў ТБМ па вывучэнні беларускай мовы даволі плённа працавала не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. На курсы ішлі настаўнікі розных профіляў, інжынернатэхнічныя работнікі, супрацоўнікі міліцыі, КДБ, арміі. У дапамогу ім у 1991-1992 гадах газета "Наша слова" амаль паўгода з нумара ў нумар друкавала пачатковы курс вочназавочнай школы Валянціны Раманцэвіч. Гэтыя публікацыі ляглі ў аснову цудоўнага дапаможніка "Пачаткі роднай мовы", сталі памочнікам і дарадцам тым беларусам, якія на працягу многіх гадоў былі пазбаўлены матчынай мовы. Кніга выйшла ў ТБМ імя Ф. Скарыны вялікім накладам (20 тысяч паасобнікаў!) і хутка разышлася.

У тым жа 1993 годзе (ў сааўтарстве з У. Тананой) Валянціна Карлаўна падрыхтавала і выдала кнігу "Беларуская мова: Дапаможнік для вучняў". Курс мовы тут быў разлічаны на 26 заняткаў. Водгукі на гэтую кнігу былі самыя найлепшыя.

А праз тры гады, у 1996 годзе, выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" выпусціла яшчэ адну кнігу Валянціны Раманцэвіч "Русскобелоруссий словарь для военных" (у сааўтарстве з М. Крыўко, В. Пулко, С. Танана). У слоўніку было зафіксавана 31 тысяча слоў і словазлучэнняў.

У снежні 1992 года В. К. Раманцэвіч пайшла на пенсію, але педагагічнай працы не пакінула. Яе запрасілі выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў педагагічнае вучылішча №2 (з 1994 года - педагагічны каледж №1). Тут яшчэ больш расквітнеў яе педагагічны талент. Навучанне ў каледжы з пачатку 90х гадоў вялося пабеларуску. У 1994 годзе было адкрыта аддзяленне, дзе на аснове сярэдняй адукацыі рыхтавалі настаўнікаў беларускай мовы для базавай школы. Валянціна Карлаўна стала вядучым спецыялістам на гэтым аддзяленні, распрацавала на аснове ўласнага вопыту праграмы па методыках выкладання беларускай мовы, беларускай літаратуры, тэорыі літаратуры, сучаснай беларускай мове, лексічным аналізе тэксту, а таксама праграму "Педагагічная практыка" (у сааўтарстве з І. Казлоўскім, М. Кныш, А. Чэчатам). У каледжы Валянціна Карлаўна працавала 12 гадоў і толькі летась, у сувязі са скарачэннем, бо не стала набору на беларускае аддзяленне, яна пакінула каледж, аддаўшы педагагічнай, выхаваўчай дзейнасці паўстагоддзя!

Нам пашчасціла разам з Валянцінай Карлаўнай працаваць 10 гадоў, працаваць побач, быць куратарам ў паралельных групах на беларускім аддзяленні, зрабіць тры выпускі. Пашчасціла амаль кожны дзень бачыцца з ёю, вучыцца жыццёвай і педагагічнай мудрасці.

А вучыцца, хоць і маем за плячыма 27 гадоў педагагічнага стажу, паверце, было чаму! Нам і нашым калегам не раз даводзілася бываць на яе ўроках і пазакласных мерапрыемствах, а многія з іх і сумесна рыхтаваць. А яшчэ яна глыбока ўнікала ў праблемы навучэнцаў, умела знаходзіць з імі агульную мову, была патрабавальнай і спагадлівай. І яны адкрывалі перад ёй сваю душу, дзяліліся сваімі клопатамітурботамі.

Яе выхаваўчая работа з навучэнцамі варта яшчэ сур'ёзнага даследавання і абагульнення. У пазакласнай рабоце яна імкнулася фармаваць у будучых настаўнікаў роднай мовы глыбокую павагу да прафесіі, любоў да Бацькаўшчыны, яе культуры і гісторыі, да народных звычаяў, сваіх каранёў.

Безумоўнай арганізацыйнай удачай Валянціны Карлаўны з'явілася стварэнне ў каледжы літаратурнага творчага аб'яднання "Маладзічок", якое летась адзначыла сваё 10годдзе. Рэгулярна выпускаліся альманахі "Маладзічка" - усяго іх выйшла 17. Сябры суполкі друкаваліся ў "Родным слове", "Маладосці", "Першацвеце", "Вясёлцы", "Раніцы" і іншых выданнях. (Падрабязна пра выхаваўчую работу, якую вяла Раманцэвіч В. К., можна прачытаць у яе артыкуле "Пазакласная работа ў Менскім дзяржаўным педагагічным каледжы № 1 (Часопіс "Роднае слова". 1997 № 9).

З яе добрай апекі ўзнікла ў каледжы яшчэ адно творчае аб'яднанне "Рада журналістаў", сябры якой спрабуюць свае сілы ў журналістыцы. Іх публікацыі друкаваліся ў дзесятках часопісаў і газет краіны.

Стараннямі Валянціны вясной 1999 года ў каледжы была створана аб'яднаная суполка ТБМ выкладчыкаў і навучэнцаў, у якой зараз больш за сто сяброў.

А яшчэ Валянціна Карлаўна член рэдкалегіі часопіса "Роднае слова", прымае самы актыўны ўдзел у яе пасяджэннях. Навуковаметадычны цэнтр вучэбнай кнігі і сродкаў навучання часта запрашае яе як эксперта падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для агульнаадукацыйных школ. Яна рэцэнзавала многія падручнікі і дапаможнікі. З яе меркаваннямі, кампетэнтнымі заўвагамі лічацца ўсе.

За час працы ў каледжы з яе удзелам прайшлі сотні сустрэч навучэнцаў з пісьменнікамі, навукоўцамі і метадыстамі ў Доме літаратара, Доме дружбы з замежнымі краінамі, у бібліятэках, музеях Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і інш., прычым навучэнцы даволі часта прымалі актыўны ўдзел у вечарынах, выступалі з чытаннем твораў. Дзякуючы яе руплівасці, арганізацыйнаму таленту мы сустракалі ў каледжы пісьменнікаў: Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законнікава, Кастуся Цвірку, Міколу Маляўку, Івана Курбеку, Уладзіміра Содаля, Алу Канапельку і многіхмногіх іншых творцаў.

Валянціна Карлаўна і зараз вельмі лёгкая на пад'ём. У ТБМ вядзе курсы беларускай мовы, актыўная ў грамадскім жыцці. Мы часта згадваем шматлікія экскурсіі з яе ўдзелам па літаратурных і гістарычных мясцінах Беларусі: Нясвіж, Мір, Полацк, Строчыцы, Ракуцёўшчына, Карпілаўка, Акопы, Вязынка, Акінчыцы, Смольня, Кушляны, Дудуткі. А потым пра ўбачанае і пачутае навучэнцы, пад яе апекай, расказвалі на старонках нашай каледжскай газеты "Веснік каледжа", рэспубліканскіх газет.

Апошняй яе значнай акцыяй у каледжы стала кіраўніцтва даследаваннем навучэнцаў "Іх імёнамі названы вуліцы горада Менска", прысвечаным 60годдзю вызвалення Беларусі ад фашыстаў.

Цяпер Валянціна Карлаўна працуе рэдактарам у выдавецтве "Народная асвета". Авалодала камп'ютэрам, чым вельмі ганарыцца. У яе і зараз шмат планаў. Як ужо паведамляла газета "Наша слова" (3 лістапада 2004 г. № 43) у гэтым годзе з ініцыятывы ТБМ у выдавецтве "Народная асвета" выйдзе падрыхтаваны ёй дапаможнік "Роднае слова ў малюнках". Такога тыпу выдання ў Беларусі яшчэ не было.

А на яе рабочым стале новыя кнігі, якія чакаюць выдання: "Наша картатэка: Каталог публікацый часопіса "Роднае слова" за 15 гадоў", а таксама "Слоўнік прыслоўяў беларускай мовы".

Заўсёды Валянціна Карлаўна ў добрым настроі. Бо ёсць цвёрдая перакананасць, што Беларусь будзе еўрапейскай дзяржавай, у якой беларуская мова будзе поўнаўладнай гаспадыняй, ёсць цвёрдыя жыццёвыя прынцыпы, ёсць вера ў Бога, ва ўсё лепшае. Ёсць падтрымка сына і дачкі, любоў унучак Каці, Іры і Тані, праўнучка Алесіка - Танінага сына. Яна і зараз, пражыўшы больш за сорак гадоў у сталіцы, засталася той жа пінчанкай, памяркоўнай, мудрай і жыццярадаснай.

Зычым дарагой Валянціне Карлаўне моцнага здароўя, аптымізму, новых творчых удач!

Лілея Чэчат, Алесь Чэчат, выкладчыкі Менскага педкаледжа, сябры ТБМ імя Ф. Скарыны.


ПРЭМІЮ ІМЯ АЛЕСЯ АДАМОВІЧА АТРЫМАЎ ПАЭТ І ПУБЛІЦЫСТ ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН

26 студзеня ў Менску ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшла цырымонія ўручэння прэміі імя Алеся Адамовіча, заснаванай беларускім ПЭНцэнтрам у 1996 годзе. Яе лаўрэатам на гэты раз стаў адзін з выдатнейшых беларускіх паэтаў і публіцыстаў, сябар Рады ТБМ Генадзь Бураўкін.

У ранейшыя гады прэмія імя Алеся Адамовіча традыцыйна ўручалася ў дзень нараджэння пісьменніка - 3 верасня. Сярод яе лаўрэатаў - Ігар Гермянчук, Рыгор Барадулін, Міхась Скобла, Сяргей Шупа, Жана Літвіна, Віталь Тарас, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч. Але, як патлумачыў кіраўнік беларускага ПЭНцэнтра Лявон Баршчэўскі, летась прэмія "не прысуджалася, таму што, калі гаварыць шчыра, не было грошай". З гэтай прычыны яе ўручэнне было перанесенае на 26 студзеня - дзень, калі Адамовіча не стала.

Генадзь Бураўкін названы лаўрэатам за серыю публіцыстычных артыкулаў у газетах "Беларускі час" і "Салідарнасць", за падрыхтоўку кнігі ўспамінаў "Наш Быкаў" і за кнігу паэзіі "Жураўліная пара".

"Здаецца, я павінен быў бы аціхнуць, займацца нечым вечным, - сказаў у сваім каментары з нагоды ўручэння прэміі Генадзь Бураўкін. - Але не магу абуякава ставіцца да таго, што робіцца з маёй Радзімай, што чакае маіх дзяцей і ўнукаў. І хоць прэмія дадзена, так бы мовіць, за "комплекс" майго грамадскага і літаратурнага даробку ў апошнія гады, сам я ніколі не раздзяляў свайго зацікаўлення. Урэшце, маёй прафесіяй усё жыццё была журналістыка. Яна была і маёй працай, і хлебам, а паэзія заўсёды была для душы - самым важным, дарагім і самым інтымным. І мне прыемна, што такія розныя бакі майго жыцця ацэненыя адной прэміяй, якая да таго ж носіць імя не толькі выдатнага нашага празаіка, бліскучага публіцыста і вельмі смелага і мужнага грамадзяніна, але і дарагога мне чалавека, сябра".

Сяргей ШАПРАН, БелаПАН.


НА КНІЖНУЮ ПАЛІЦУ:

1. Дранчук В. Белавежская пушча. Рэзалюцыя SOS. Хроніка крамсы і змагання. 1995-200?. - Мн: Каўчэг, 2004. - 302 с.

Кніга належыць пяру вядомага аўтара - публіцыста, заснавальніка, выдаўца і галоўнага рэдактара аўтарскай газеты "Белавежская пушча". В.Дранчука. Змест выдання складаюць больш як 50 публікацый: артыкулы, інтэрв'ю, кароткія паведамленні, каментарыі, пасланні ў міжнародныя арганізацыі, лісты і дзеннікі, напісаныя мовай самой прыроды, на якой грамадства, з розных абставінаў і прычын, развучваюцца гаварыць вуснамі палітыкаў, вучоных і нават лідэраў зялёнага руху.

Кошт 7850 рублёў.

2. Выхота В. Беларуска-рускі слоўнік: міжмоўныя амонімы, паронімы і полісемія. - Мн: Беларускі кнігазбор, 2004. - 120 с.

На грунце даследвання аўтара, а таксама тэарэ-тычных распрацовак беларускіх вучоных быў складзены беларуска-рускі слоўнік амонімаў, паронімаў і палесіміі ў адрозненне ад выдадзеных раней руска-беларускіх. Да слоўніка, які прапануецца чытачу, дадзены два індэксы беларускіх і рускіх слоў, якія сустракаюцца ў слоўнікавых артыкулах.

Слоўнік будзе карысны для ўсіх, хто займаецца беларускай і рускай мовамі. Асабліва карысным для тых, хто будзе складаць іншамоўныя слоўнікі з адпаведнымі беларускімі і рускімі лексемамі.

Кошт 4800 рублёў.

3. Уводзены ў літаратуразнаўства: Хрэстаматыя\ М.І.Мішчанчук, М.Ф. Шаўлоўская. - Мн: ІВЦ Мінфіна, 2004. - 364 с.

Шырока прадстаўлены крыніцы пра чытацкае ўспрыманне мастацкіх твораў, тыпы герояў, паказаных у іх, узаемаадносіны героевага, аўтарскага і чытацкага пачаткаў у працэсе стварэння і асэнсавання прыгожага.

У параўнанні з папярэднім выданнем дапаможнік значна дапоўнены, уведзены найноўшы матэрыял па актуальных праблемах літаратуразнаўства; прадстаўленныя тэксты змяшчаюць тлумачэнне новай літаратуразнаўчай тэрміналогіі, ідэй, палажэнняў, паняццяў, уведзеных у навуковы ўжытак апошнім часам.

Другое выданне выйшла ў 1991г.

Для студэнтаў-філолагаў, настаўнікаў, абітуры-ентаў, ўсіх тых, каго цікавяць пытанні слоўнага мастацтва.

Кошт 10420 рублёў.


ЗАКОНУ АБ МОВАХ У БЕЛАРУСІ - 15 ГАДОЎ

Прэс-рэліз

Закон аб мовах у Беларусі быў прыняты за савецкім часам, калі шмат хто з тагачаснага кіраўніцтва краіны зразумеў трагічнае становішча, у якім апынулася беларуская мова. Дзеля выратавання мовы тытульнай нацыі неабходна было выпрацаваць адмысловую дзяржаўную моўную палітыку. Дзеля гэтага была створана камісія, у склад якой увайшлі: Ніл Гілевіч, Барыс Сачанка, Міхась Яўневіч, Пётр Садоўскі, Пётр Краўчанка, Аляксандр Абрамовіч і іншыя. Узначаліла камісію намеснік старшыні Савета міністраў Ніна Мазай.

26 студзеня 1990 года на апошняй сесіі Вярхоўнага Савета ХІ склікання, літаральна за месяц да абрання першага дэмакратычнага парламенту, быў прыняты Закон аб мовах у БССР, які ўступіў у сілу з 1 верасня.

Дух беларусізацыі запанаваў ва ўсіх сферах жыцця нашай краіны. Паступова ствараліся беларускамоўныя класы і школы. Праз 5 гадоў па афіцыйных звестках Міністэрства адукацыі на канец 19941995 навучальнага года з 219 сярэдніх школ сталіцы статус беларускамоўных атрымала 181 школа. Ва ўсіх школах, незалежна ад мовы навучання, гісторыя Беларусі выкладалася на беларускай мове. У Менску з'явіліся нядзельныя школы па вывучэнні ўкраінскай і татарскай моў, быў адкрыты першы клас на польскай мове, яўрэйскія класы ў СШ № 132.

Аднак зазначым, што да "беларускіх" былі залічаны нават тыя школы, дзе быў створаны хоць адзін беларускамоўны клас. Статусу беларускамоўнай школы цалкам адпавядала толькі адна навучальная установа - Беларускі гуманітарны ліцэй, дзе навучанне і выхаванне вялося выключна пабеларуску. Як вядома, гэты ліцэй, нягледзячы на тое, што яго зліквідавалі ўлады ў 2003 годзе, і сёння паспяхова працуе. У 1995 г. першы клас пабеларуску ў г. Менску скончыла 14646 вучняў, што склала 58% ад агульнай колькасці першакласнікаў. Па краіне гэтая лічба дасягала 76%.

Выкананне закона было разлічана на 10 гадоў. Але ўжо праз годдва стала відавочна, што гэты памяркоўны дакумент выконваецца толькі часткова.

Таварыства беларускай мовы забіла трывогу. Напрыканцы 1994 года быў створаны арганізацыйны грамадскі камітэт у абарону беларускай мовы, арганізатарам і сузаснавальнікам якога выступіла ТБМ. Адным з патарабаванняў гэтага Камітэта было патрабаванне неадкладнага ператварэння БДУ у Нацыянальны універсітэт.

На паседжанні "круглага стала", які ладзіла ТБМ у студзені 1995 года ў сувязі з 5мі ўгодкамі Закона аб мовах, адзначалася, што з прычыны ігнаравання Закона адказнымі работнікамі не выкананы шэраг артыкулаў, на ажыццяўленне якіх адводзіўся тэрмін ад аднаго да пяці гадоў.

Чарговая сур'ёзная пагроза над роднай мовай навісла пасля рэферэндумаў, што адбыліся ў 1995 і 1996 гадах, у выніку якіх рускай мове быў нададзены ствтус дзяржаўнай. Пачалося нячутае руйнаванне і знішчэнне беларускасці, выцясненне роднай мовы з грамадскага і дзяржаўнага ўжытку. Вынікі рэферэндуму пачалі выкарыстоўвацца чыноўнікамі для апраўдання парушэнняў Канстытуцыі, міжнародных нарматыўных актаў, якія гарантуюць нацыянальнай мове захаванне і дзяржаўную падтрымку.

Міністэрства адукацыі прымае рашэнне ўвесці з 1 верасня 1995 года ва ўсіх першых класах беларускіх школ і беларускамоўных класах рускіх школ абавязковае вывучэнне рускай мовы. У гэтым жа годзе было пераведзена на рускую мову навучання 108 школ, у тым ліку 91 у вёсцы. А ў 2002 годзе было ліквідавана аж 152 школы з беларускай мовай навучання. У 2003 годзе было зачынена яшчэ 118, а ў 2004 - 75 школ.

6 кастрычніка 1995 года адбыўся 4 з'езд ТБМ, які ацаніў становішча з беларускай мовай як трагічнае і пастанаваіў асудзіць дзеянні "кіраўніцтва шэрагу дзяржаўных органаў і ўстаноў, скіраваныя на згортванне дзяржаўных праграм развіцця беларускай мовы, нацыянальнай сімтэмы адукацыі, культуры і інфармацыі, а ў рэшце - на страту незалежнасці краіны".

Аднак, нягледзячы ні на што, антыбеларуская палітыка працягвалася. Так 13 ліпеня 1998 года быў прыняты Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". У гэтым законе, у артыкулах, дзе гаворка ідзе пра выкарыстанне мовы, уведзена такое нязначнае, на першы погляд, дапаўненне - злучнік "або". Напрыклад, артыкул № 26 пачынаецца так: "У Рэспубліцы Беларусь мовамі ў сферы культуры з'яўляюцца беларуская і (або) руская".

Гэтае дапаўненне прывяло да імклівага выцясненя беларускай мовы з усіх сфераў дзейнасці чалавека. У 1999 годзе практычна ўся дакументацыя ў краіне была пераведзена на расійскую мову. Праз 10 гадоў пасля прыняцця Закона аб мовах, гэта значыць на канец 19992000 навучальнага года, у школах краіны навучалася на роднай мове 463371 вучняў, што складае 30% ад усёй колькасці школьнікаў; на рускай - адпаведна 1081798 і 70%. У 199941995 навучальным годзе - 40,5% вучняў, то ў 19992000 навучальным годзе ўсяго 4,3% ад агульнай колькасці першакласнікаў.

Прыгадаем, што ў 1999 годзе быў праведзены перапіс насельніцтва, які, нягледзячы ні на што, засведчыў, што 73,6% грамадзян краіны лічаць сваёй роднай мовай - беларускую, 35,7% карыстаюцца ёй штодня.

Відаць, гэта сталася прычынай таго, што 37.08.01 г. Міністэрства адукацыі прымае пастанову "Праграма дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі" (міністр - Васіль Стажаў).

Аказалася, дакумент гэты быў прыняты фармальна, бо, як паказала жыццё, ён застаўся б незаўважаным тымі, для каго прызначаўся, каб не Таварыства беларускай мовы, якое пісьмова паведаміла ўсім ВНУ, абласным і раённым аддзелам адукацыі аб тым, што ёсць такі дакумент, і звярнулася з запытам, як выконваецца згаданая пастанова. Такім чынам ТБМ змусіла адказных кіраўнікоў, хоць часам фармальна, ствараць планы па чарговым адраджэнні роднай мовы ў сферы адукацыі.

Для ТБМ было відавочным і тое, што без змяненняў у Закон "Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь" справа не зрушыцца. Таварыствам былі распрацаваныя прапановы, якія былі ўлічаны ў новай рэдакцыі гэтага Закона, у артыкулах 5 і 32, і тады згаданая пастанова Міністэрства адукацыі атрымала заканадаўчую базу, але ўсё роўна яна не выконвалася.

Цягам апошніх амаль двух гадоў ТБМ упарта дамагаецца зменаў ў існы Закон аб мовах. Мы распрацавалі папраўку ў Закон аб мовах і накіравалі іх у адпаведныя органы. Камісія па адукацыі, навуцы, культуры і навуковатэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыяннальнага сходу ўлічыла іх у новай рэдакцыі законапраекта. Аднак, на вялікі жаль, ён ніяк не можа трапіць у парадак дня сесіі Палаты прадстаўнікоў. А беларуская мова як выцяснялася адусюль, так і выцясняецца да гэтай пары.

Пра гэа сведчыць становішча, якое займае беларуская мова ў сферы адукацыі. Звернемся да лічбаў. На пачатак 20042005 навучальнага года ў краіне 4104 школы, у якіх вучацца 1264530 вучняў. З іх адукацыю на беларускай мове атрымлівае 301250 чалавек, што складае 23,8% ад агульнай колькасці навучэнцаў. Сёлета па краіне толькі 22,7% першакласнікаў вучыцца ў беларускамоўных класах, у Менску - 3%. У сталіцы 236 школ, з іх - 4 беларускія, 50 - з дзвюма мовамі навучання.

Супаставім таксама з 1995 годам вагу беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі: усяго ў краіне сёння 1221 перыядычнае выданне, з іх на беларускай мове - 99, на рускай - 420, на беларускай і іншых - 289, на рускай і іншых - 411, нямецкай і іншых - 1, англійскай і іншых - 5, украінскай - 1, польскай і іншых - 4. У 1995 г. было 721 перыядычнае выданне, з іх 146 выходзіла на беларускай мове.таварыства беларускай мовы цярпліва, паслядоўна і настойліва абараняе права грамадзян краіны на карыстанне імі беларускай мовай ва ўсіх сферах яе ўжытку і лічыць родную мову самай гарманічнай і найменш змененай з усіх славянскіх моў.

Закон аб мовах быў прыняты, калі Беларусь адзначала 500годдзе з дня народзінаў Францішка Скарыны. Сёлета спаўняецца 515 гадоў Вялікаму беларусу, і найважнейшай задачай Таварыства ў гэты юбілейны год ёсць вяртанне беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай.

Сакратарыят ТБМ 26. 01. 2005 г.


ГРАМАДЗЯНІН СВЕТУ

Менавіта такую назву мае ўінкальная кніга да 95 - годдзя Барыса Уладзіміравіча Кіта, якая выйшла напярэдадні Новага года ў выдавецтве БелСаЭС "Чарнобыль " накладам усяго толькі 250 асобнікаў. Спадар Кіт - энергічны, прыгожы, здаровы грамадзянін ЗША, прафесар, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, ганаровы доктар навук Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Парыж, Францыя), акадэмік і ганаровы віцапрэзідэнт Міжнароднай акадэміі навук і мастацтваў Еўразіі (Масква, Парыж), ганаровы грамадзянін горада Наваградка, але ён у думках заўсёды тут у нашай роднай Беларусі! Кніга з'яўляецца літаратурнамастацкім выданнем. Да яе напісання спрычыніліся Васіль Быкаў (19242003), Вольга Іпатава, Васіль Якавенка, Адам Мальдзіс, Алена Трусава, Лідзія Савік, Ганна Арцюшкевіч, Андрэй Майсяёнак і іншыя вядомыя на Беларусі асобы.

Кніга напісана яскрава, цікава, інтэлігентна і шчыра... Фотаздымкі ў ёй каляровыя і зробленыя з вялікім густам. Асабіста я прачытаў "Грамадзянін свету" ў адны выходныя. З ёй даведаўся шмат цікавага пра невядомую ды загадкавую асобу Барыса Кіта.

Адзін асобнік кнігі пакінуў сабе, а другі падараваў знаёмай на Дзень народжання. Здзіўляе ў выданні толькі наклад, але як паведамілі мне знаёмыя - на Захадзе наклады кніг невялікія. Усё роўна думаю, што "Грамадзянін свету" - удалы праект, бо кожны асобнік знойдзе свайго ўважлівага чытача, і яна не будзе "бадзяцца" па паліцах кнігарняў гадамі.

Думаю, што вельмішаноўны Васіль Якавенка не памыліцца, калі знойдзе магчымасці перавыдаць "Грамадзянін свету", што будзе працягам удалага праекту. Не памыліцца і беларуская моладзь, калі яе набудзе, бо як зразумеў я, Кіт - вельмі малады духам чалавек, аптыміст - мабільны.

Не згубяць час і беларускія перакладчыкі, калі перакладуць выданне на іншыя мовы свету.

Яшчэ раз хачу падзякаваць усім, хто падараваў беларускай грамадскасці цудоўную кнігу "Грамадзянін свету".

Аляксей Шалахоўскі, старшыня суполкі "Гісторыя".


ЛІТВАРУСЬ І МАСКОВІЯ: лексічны партрэт

( Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)


Масква (і вытворныя).

Пасля таго як Масква падпарадкавала сабе астатнія княствы Расіі і ўтварылася Вялікае Княства Маскоўскае, у нас Масквою сталі называцца не толькі стольны горад Расіі, але і дзяржава, і народ, і армія: реч почнемо о славном звлаще назвиску нашем славенском, для чого се москва, русь, поляки, литва и иные народы такъ называют (Стрыйк., 423б); неприятель москаль, поступившы з великою потугою войска московского ... замокъ и парканъ Мстиславский огнемъ спалили (АВК, XXXIV, 276, 1663); зъ допущенья Божого на великое князство литовское вероломного неприятеля москвитина великая руина ... стала (АВК, VIII, 129,1665); обавялисе, абы се Литва з Московскимъ не порозумела (Еўл., 135). Усё стала маскоўскім: войско московское, господарство московское, граница московская, деньги московские, земля московская, князь великий московский, котловъ два московскихъ, полотно московское, сукно московское, столица московская, хомутъ московский, футро московское. Нават мова і пісьмо сталі маскоўскімі: подал ку акътыкованю до книгъ кгродскихъ пинскихъ грамоту руским московским писмомъ (АВК, XXXIV, 233, 1662); тамъ же пришедшы галасы учынившы мовою московскою "руби, руби" ... малжонку мою ... окрутне збили (АВК, ХХХ, 408, 1665). У вачах, у свядомасці абывацеляў ВКЛ рускасць не блыталася з маскоўскасцю: зараз по смерти Жигимонта Августа много панов коронных и шляхты ... зъехалися трактуючи так о успокоенью границ подолских от татар, яко теж руских и литовских от москвы (Стрыйк., 622); Князь великий Московский Василей забывшы перемиръя и прысяги своее до панъства руского [г.зн. ВКЛ] войско свое всылалъ и шкоды непрыятельскимъ обычаемъ чынил (Рач., 346).

Была варожа ўспрынята і тэндэнцыя маскоўскіх валадароў быць гаспадарамі ўсяго ўсходняга (былой Русі Кіеўскай) славянства і гэтаму аказваўся супраціў: о тытуле "всея руси" листы мають быти осмотрены, не быти обовязану королевскому маестату къ писанью князю Московскому "паномъ всея Руси" (АЗР, І, 347, 1503).

Розніца ў абставінах жыцця ВКЛ і Масковіі адлюстравалася ў мове, што добра ілюструюць названыя вышэй слоўнікі. У духоўнай сферы Расіі непадзельнае панаванне адной рэлігіі, праваслаўя, большая сувязь, чым у нас, з традыцыямі царкоўнаславяншчыны ў пісьменнасці, што дало намнога большую колькасць царкоўнаславянізмаў у "Словаре русского языка ХІ-ХVII вв.", чым у "Гістарычным слоўніку беларускай мовы" накшталт велегласие, глаголание, камо, невзаапу, нелепогласие, непрестаяй, нольны, овогд а . Гэта таксама вялікая колькасць слоў з фанетычнымі і марфалагічнымі царкоўнаславянскімі элементамі, як здравие, немощье, насущный, ограждение, превышесущный, прежерещи, преочищение, тщетный . Характэрны таксама вялікі паралелізм сваіх і царкоўнаславянскіх варыянтаў, напрыклад: одежда і одежа, одиный і единый, оздравети і оздоровети, очесо і око, освещати і осветляти, отвратный і отворотны й.

Большай сувяззю з візантыйскагрэцкай рэлігійнай традыцыяй, відаць, тлумачыцца і прыкметна большая колькасць у старарускай пісьменнасці грэцызмаў накшталт кентръ, кестокъ, кифаръ, лясфимия, оксапсалмъ, омофоръ, палсолавритъ, панаретосъ, поклисарство, порамандъ, пракосъ, синаксарь.

А працяглая васальная залежнасць Маскоўскай Русі ад татараманголаў, сувязь з іх жыццём, дала і вялікую колькасць цюркізмаў, з якімі сустракаемся ў маскоўскай пісьменнасці, напрыклад: алтынъ, кабакъ, калга, калымъ, карачъ, карманъ, кизылъ, кишмышъ, курдюкъ, кулдакъ, кумганъ, кумачь, кушакъ, моголъ, намазъ, орда, палтышъ, сагадакъ, сеунчь, сеунчество.

Іншае жыццё, іншыя рэаліі былі базай для існавання і іншых слоў. Так, напрыклад, у нас не было такіх слоў, як недокунокъ, недокунъ ¢скурка маладой куніцы¢, обжа (вобжа) ¢мера ворнай зямлі¢, опричникъ, опричнина ¢прадстаўнік спецыяльнага вайсковага аддзела пры Іване IV, сістэма ўнутрыпалітычных мер¢, палтусъ ¢назва рыбы¢, паюсъ ¢ікравы мяшок рыбы, плёнка гэтага мяшка¢, переседъ ¢перахват, абардаж судна¢.

Іншае светаўспрыманне, адносіны да жыцця таксама былі базай для іншага слоўнага абазначэння паняццяў. Вельмі паказальныя ў гэтых адносінах словы свята (беларускае) і праздникъ (рускае). У беларускую і рускую мовы словы з коранем свят прыйшлі з глыбокай (праславянскай) старажытнасці. Названыя гістарычныя слоўнікі шырока падаюць гэтыя словы. Так, у "Словаре русского языка ХІ-ХVII вв." такіх слоў налічваецца каля 200. Асабліва многа складаных слоў тыпу святомолебный, святосиятельный, святосретение . Але руская пісьменнасць сведчыць, што такіх бадай цэнтральных слоў з гэтага гнязда, як абазначэнне дня, які трэба ўшаноўваць - свято і для абазначэння працэдуры ўшанавання - святковати , у рускай сярэдневяковай мове ўжо не было. Яны былі заменены словамі праздникъ і праздновати , зыходнай асновай якіх з'яўляецца праздный , г.зн. пусты, свабодны, не заняты . Такім чынам, семантыка пераведзена ад высокай духоўнасці, боскасці да побытавага нічоганерабення, пустапарожняй траты часу. Між тым, слова свято ў значэнні нашага свята адзін раз у "Словаре русского языка ХІ-ХVII вв." называецца, але яно ілюструецца прыкладам з твора Курбскага, прытым з паралельным перакладам на праздникъ , г.зн. нашае Курбскі перакладае на сваё: Въ то время случилося ему во оныи Сергиевъ монастырь приехати, на свято великого пянтикостия, яко тамъ есть обычаи московскимъ княземъ на кождое лето того праздника въ томъ монастыре торжествовати (Словарь русского языка ХІ-ХVII вв., вып. 23, с. 210). Аналагічным чынам і нашы аўтары рускае слова празникъ , якое часам яны ўжывалі, маглі растлумачыць нашым словам свято , напрыклад: Три дорочныи празники або свята обходили жидове. Первое свято Пасхи (Каліст, 122).

Паколькі Літварусь і Масковія адносіліся да адной, юдзейскахрысціянскай, еўрапейскай цывілізацыйнай прасторы, а пераважная колькасць іх насельніцтва мела генетычную роднасць (славянскасць), то і супастаўленне напрошваецца перш за ўсё па тых лініях, якія вызначалі прагрэс у духоўным і гаспадарчым развіцці Еўропы.

І найперш варта адзначыць тое, што вялікая колькасць слоў, якія ўмоўна можна назваць еўрапеізмамі і якія былі звычайнымі ў пісьменнасці ВКЛ, нават адаптаваліся да нашай моўнай сістэмы, у пісьменнасці Маскоўскай сярэдневяковай дзяржавы, па сведчанні "Словаря русского языка XI-XVII вв.", не з'явіліся.

Са сферы сацыяльнаэканамічнай гэта такія словы, як акцыза, депозитъ, калкуляцыя, квитанция, квота, комерция, кооперация, кредиторъ, монополия, рата ; з юрыдычнай - актъ, акция, апеляция, веритель, вотумъ, декларация, документъ, дысцыплина, касовати, консенсъ, контрактъ, лимитация, нестанье, обвиненье, пактъ, патентъ, ревизия, реквизиция; з грамадскапалітычнай - декларация, прогресъ, протекция, репутация, реформованый; з кіраўнічаадміністрацыйнай - администрация, атестация, деканъ, директоръ, делегатъ, дирекция, консулъ, министеръ, парафия, професия; са сферы культурнага і духоўнага жыцця - авдыенцыя, автентычный, аннотация, архетипъ, атеистъ, гимнъ, диалогъ, конфесыя, лекцыя, орнаментъ, параграфъ, парадигма, плюсъ, публикация, реликвия, секта ; са сферы рамяства і будаўніцтва - инвентаръ, майстеръ, олейникъ, полеровати, реставровати, свидеръ; з побытавага ўжытку - осовякъ (рус. подосиновикъ), каплунъ, кухаръ, парфума ; і, нарэшце, словы, якія абазначаюць абстрактныя паняцці - безконечный, безпаметство, дефектъ, дочасность, ексцесъ, кондицыя, контроверсия, кредо, ласкавость, непевность, непристойность, нотация, огромность, периодъ, прерогатива, претензыя, процесъ, рация, реалный, рецидыва, сентенция.

Вялікая колькасць гэтак званых еўрапеізмаў у мове Маскоўскай Русі з'явілася, па сведчанні названых слоўнікаў, значна пазней, чым у нас. Напрыклад: аренда (1559-1665) 1 , бакалавръ (1488-1675), букварь (1619-1680), ванна (1571-1642), граматыка (1519-1681), губернаторъ (1497-1657), декретъ (1480-1652), депутатъ (1596-1612), диалектика (1562-1673), инструкция (1522-1656), инструментъ (1592-1679), календаръ (1581-1643), кандидатъ (пач. XVII ст. - 1674), констытуцыя (1569-1658), комисаръ (1570-1617), комисия (1522-1617), копия (1406-1638), компасъ (1608-1696), монета (1423-1698), оказия (1578-1683), пашпортъ (1638-1694), политика (1608-1676), провинция (пач. XVII ст. - 1698), пропорция (1586-1696), професоръ (1595-1699); процесия (1598-1667).


1. Першая лічба абазначае пачатковую фіксацыю ў нашай пісьменнасці, а другая - у "Словаре русского языка XI-XVII вв.".

Пазней увайшла ва ўжытак Маскоўскай дзяржавы таксама значная колькасць рэалій, якія мелі іншае, чым у нас, слоўнае абазначэнне ці фанетычнае афармленне, напрыклад: алябастръ (пач. XVII ст.) - алавастръ (1670), варстатъ (1557) - верстакъ (1677), кравецъ (1503) - портной (1683), крама (1530) - магазинъ (1698), крышталь (1579) - хрусталь (1686), мысливство (1557) - охота (1678), нагорода (1480) - награждение (XVIII ст.), начинье (1588) - инструментъ (1679), розынка (1498) - изюмъ (XVI ст.), селитра (1519) - селитрий (XVII ст.).

Грамадскапалітычнае жыццё нашых дзвюх краін добра параўноваецца на назве выбарнай улады. У Літварусі слова соймъ (сеймъ) фіксуецца ўжо Вісліцкім статутам (1423-1438), а пазней, у Статутах ВКЛ, былі рэгламентаваны функцыі ўсіх відаў соймаў (Сойм, Вальны Сойм, элекцыйны, каранацыйны, соймікі павятовыя) і спосабы іх абрання. Сойм вальны ў "Гістарычным слоўніку беларускай мовы" даціраваны 1503 г., а соймікі - 1580. Сойм быў выбарным заканадаўчым органам. На ім выбіраўся Вялікі князь, вырашаліся справы міру і вайны, падаткаў. Ідэю і традыцыі, адкуль з'явіліся нашы соймы, гісторыкі выводзяць з вечавых сходаў ранейшых часоў (Кіеўская Русь).

Вечавыя сходы і меўшая голас дружына князя існавалі і ў Вялікім Ноўгарадзе і Уладзіміры. Але пасля падпарадкавання ўсіх расійскіх княстваў Маскве гэтыя праявы раннефеадальнай дэмакратыі былі скасаваны, на змену ім прыйшло самаўладдзе Вялікага князя Маскоўскага, а новы орган дэмакратычнага кіравання - Дума - не скора з'явіўся на свет, толькі ў 1906 годзе. Словы сеймъ і сеймикъ (1649 г.) сустракаюцца і ў "Словаре русского языка ХІ-ХVII вв.", але яны ўжыты ў дакуменце як экзатызмы, для характарыстыкі не расійскіх рэалій, замежных. А старажытнае слова Дума (раней яно абазначала толькі паняцце ¢совет, совещание¢) для абазначэння паняцця калектыўнага органа як ¢совет из высших государственных чинов при князе или царе¢ фіксуецца ў помніку толькі аж пад 1627 годам. Прытым гэта орган не выбарны і без заканадаўчых функцый, толькі падказчык самаўладнаму цару.

На прыкладзе абазначэнняў паняццяў і рэалій са сферы справы друкарскай добра відаць і адносны характар пісьмовай даціроўкі і шляхі развіцця гэтай лексікі. Як вядома, практыка друкавання кніг да нас прыйшла з Германіі праз Чэхію. Ф. Скарына, надрукаваўшы сваю Біблію ў 1517-1519 гг. у Празе, затым у 1522 ці 1523 годзе ўжо ў Вільні, сталіцы ВКЛ, надрукаваў "Малую подорожную книжицу". Зразумела, што без найменняў рэчаў і аперацый справа не адбывалася. Але першае слова ў нашым слоўніку сустракаецца толькі пад 1551 годам: "О поправенью статуту и абы былъ друкованъ" (КПД, 96, 1551), а ў 1588 - друковати . Затым у 1580 годзе маем друкарня і друкъ (Цяпінскі), а ў 1593 - друкаръ . Вядома таксама, што на Русі Маскоўскай гэтая справа пачала развівацца пазней, калі ў нас яна расцвіла. І іх слоўнік гэта сведчыць. У рускай мове ўсе словы, што адносяцца да друкарскай справы, адпачкоўваліся ад такіх жа слоў з семантыкай ¢ пячатка ¢ (што пазначалі дакументы). Так, напрыклад, слова печатати ў значэнні ¢ накладывать, прикреплять печать (на документ) ¢ ідзе першым значэннем і датуецца 1497 годам, а значэнне ¢ воспроизводить типографским способом ¢ ідзе аж пятым значэннем пад годам 1592; у слове печатникъ значэнне ¢ тот, кто печатает книги ¢ стаіць на другім месцы пасля ¢ должностное лицо, которое хранит печать и накладывает ее ¢ і даціруюцца адпаведна 1284 і 1654 гадамі. Слова печатня зусім не мае значэння адпаведнага нашаму друкарня , а абазначае толькі ¢ то, чем ставят какойлибо знак, печать, клеймо ¢ (1681). Адпаведна нашай друкарні там з'явіўся печатный двор (1667). Аб часе запазычвання слова типография ў рускую мову сказаць пакуль што не можам (выпуск "Словаря русского языка XI-XVII вв." на літару т яшчэ не надрукаваны). А значэнне слова печать , эквівалентнае нашаму друкъ , падаецца ў гэтым слоўніку шостым (упершыню зафіксавана толькі ў XVII-XVIII ст.). Паколькі кнігадрукаванне ў Маскоўскую Русь ішло з Захаду, то не абышлося і без запазычвання нашай тэрміналогіі: друкарский станъ (1665), друкарь (1668), друкарня (1669), друкъ (XVII ст.). Але гэтыя словы не вытрымалі канкурэнцыі з утворанымі на аснове кораня печат .

З прыведзеных слоў, якія ў нашых мовах маюць розначасовую даціроўку, звяртае на сябе ўвагу, што гэтыя словы ў пісьменнасці Маскоўскай Русі з'явіліся ў другой палове XVII ст., ці нават у Пятроўскія часы, гэта значыць пасля ўзмацнення паходаў Масковіі на Вялікае Княства Літоўскае.

Акрамя гэтых і падобных "інтэрнацыялізаваных" слоў у "Словаре русского языка XI-XVII вв." прыкметную колькасць складаюць і відавочныя запазычанні з пісьменнасці (ці мовы) Вялікага Княства Літоўскага і Кароны, напрыклад: гетманъ, драпежство, знакомитый, зычити, зычливость, калвария, каплица, капщизна, каштелянъ, квитъ, китликъ, клейнотъ, кляшторъ, кольконадцать, конвокация, кравецъ, креска, крушецъ, кушнеръ, лазня, мордерца, мосендцовый, небытность (побач са сваім небытие ), оздоба, ознаймити, палацъ, пастернакъ, пастовникъ, патронъ, порада, посполитый, посполъ, почтивость (побач са сваім почтение ), пригана, прихильность, пыха, ратушъ, резидентъ, сакраментъ, сесия, скиба, слушне, сницарь. Большасць прыведзеных прыкладаў суправаджаюцца паметай "ср.польск." Але далёка не ўсе яны маюць свае вытокі ў польскай мове, не значыць, што запазычаны ў рускую пісьменнасць менавіта з польскай, а не з нашай, бо некаторыя з іх прыроду маюць у нас агульную з польскай, як, напрыклад, наступныя словы, забяспечаныя паметай "ср.польск." : порада, посполъ, прагнути, припужати, скиба.

Вялікая колькасць такіх слоў у "Словарь русского языка XI-XVII вв." уключана з твораў І. Курбскага, які збегшы ад Івана IV у ВКЛ, набіраўся такіх слоўцаў менавіта ў нас і праз свае публіцыстычныя пасланні на радзіму "падараваў" іх рускай пісьмовай мове сярэднявечча, напрыклад: запамятание, зацный, кавалеръ, кнехтъ, крыжакъ, куля, лгарство, ленивство, маестатъ, марципанъ, можный, неякий, неяко, опекунъ, орация, ораторъ, пахоликъ, потаемне, потварца, присяглый, прудко, рада, секерка, сенатъ, скарбъ .

На крыніцу запазычання нярэдка паказвае илюстрацыйны матэрыял, яго прывязка да мясцовасці, напрыклад: завада (полочаномъ доброволно е t хати къ Ризе, так же рижаномъ к Полоцку, безъ всякое завады) , коштъ (какъ будетъ въ Вилне требуналъ, и чтобы депутаты ... наймовали каменицы своимъ коштомъ) , лютарь (люторь), люторский (Взяли де его литовские люди... служилъ де онъ у лютаря у пана Голубовского, веру держалъ люторскую) , магирка (на нихъ магирки литовския, и почали имъ говорить по литовски) , маршалокъ (Урядникъ великого княства Литовского толко ныне господин маршалокъ надворный Литовский) , пахолокъ , пахолский (ссыльные ... литовские люди на Верхотурье ... пахолки ... пахолской мужикъ Павликъ) , рокошъ (Литовские люди ... на короля жъ рокошъ подымаютъ) .

На крыніцу запазычання паказваюць і тлумачэнні адпаведных слоў, як наступныя: Дрябъ , м. Пеший воин литовской выучки ; Жолнеръ , м. Наемный солдат в Польско­Литовском войске ; Панья , ж. Женщина привелигированного сословия в ПольскоЛитовском государстве; Секретарь, м. Должностное лицо в дипломатическом ведомстве Речи Посполитой.

Як можна бачыць з пададзенага вышэй лексічнага матэрыялу, жыццё ў ВКЛ ішло ў нагу з жыццём Еўропы і нават рабіла несумненны ўплыў на жыццё нашага ўсходняга суседа, на ВКМ. Але, хоць гэтыя факты знаходзяцца на паверхні, у гісторыкаў рускай мовы (Л. Булахоўскі, В. Вінаградаў, А. Гаршкоў, А. Яфімаў) яны не знайшлі належнага асвятлення. Гэтыя гісторыкі называюць працы нашых дзеячаў віленскага, еўеўскага, львоўскага выданняў (Зізанія, Сматрыцкага, Бярынды), хваляць іх, адзначаюць іх уплыў на рускую філалагічную навуку, але калі справа ідзе аб канкрэтных лексічных запазычаннях у рускую мову, то амаль усё кваліфікуецца як паланізмы. А гаворка ідзе ў асноўным пра лацінізмы і германізмы. Не выключана, зразумела, і польскае пасрэдніцтва ў гэтай справе. Але першае, што трэба мець на ўвазе, што асноўная мова культуры сярэднявечнай Еўропы, крыніца еўрапеізмаў - латынь - была адной з афіцыйных моў і ў нас, яна вывучалася ва ўсіх навучальных установах, яе ведалі ўсе адукаваныя людзі, на ёй нават ствараліся мастацкія творы. Да таго ж нашы дзеячы і на дзяржаўным, і на гаспадарчым, і на культурным узроўнях мелі неабмежаваныя магчымасці асабістых кантактаў з еўрапейскімі краінамі, вучыліся на Захадзе, як, напрыклад, Ф. Скарына. А ён не адзін быў такі. Нашы магнаты запрашалі спецыялістаў адтуль, напрыклад, дойлідаў італьянскіх. Таму і словы (напрыклад, палац) маглі быць намі запазычаны непасрэдна. Хаця не падлягае сумненню, што ў Рэчы Паспалітай двух народаў (Кароны Польскай і ВКЛ) дамінавала Карона, таму не выключаны і яе ўплыў. Другая акалічнасць, самая важная, моўныя ўплывы ішлі праз канкрэтных носьбітаў мовы, перш за ўсё праз дзеячоў культуры. А ў гэтай справе расійскія даследчыкі не называюць палякаў, а толькі нашых дзеячоў. Гэта і Ф. Скарына, і І. Федаровіч (яго Заблудаўскія, Львоўскія, Астрожскія выданні, ды і спроба распачаць кнігадрукаванне ў Маскве ў 1564 г.), і браты Зізаніі, М. Сматрыцкі, П. Бярында, С. Полацкі і крыху пазней І. Капіевіч. І трэцяе. Нельга адмаўляць перадачы пэўнай часткі нашых слоў праз ніжэйшыя слаі грамадства, праз шматлікі рамесны люд, які вывозіўся ў Маскоўскую дзяржаву ад нас у другой палове XVII ст. у выніку пераможных паходаў маскоўскага цара на ВКЛ.

КРАМКО І.І., ЯРМОЛЕНКА Э.В.


З БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ ПА ЖЫЦЦІ

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Высокі ранг палкоўніка Нікуліна дазволіў нам прайсці непасрэдна да начальніка Управы кадраў. Але тут мяне яўна ніхто не чакаў. Гаворка не заладзілася адразу. На спробу палкоўніка Нікуліна прапанаваць свой варыянт начальнік Управы загадаў мне выйсці з кабінета, і гаворка пайшла без мяне. Як мне пераказалі пасля, ішла яна ў наступнай форме: "Палкоўнік, ты ж рускі, куды ты гэтага нацыяналюгу цягнеш?" Нікулін выйшаў з кабінета і сказаў, што нічога не атрымоўваецца, кадры не прапускаюць.

Я застаўся адзін і пайшоў па кабінетах. Гаворка ішла так: "Пасадаў няма. Палкоўніцкіх няма. Падпалкоўніцкіх няма. Маёрскіх няма. Толькі капітанскія." "Я згодны на капітанскую." "Але мы не можам з палкоўніцкай паставіць на капітанскую. Прапануем звальняцца." "Я не хачу звальняцца." Звальняцца было нельга. Атрымоўвалася, што з расейскага войска я адбыў, а ў беларускае не прыбыў. Я завісаў паміж дзвюмя краінамі без грамадзянства, без правоў, без кватэры, без пенсіі, без усяго. Аднак звольніць без маёй згоды яны проста так не маглі. Сітуацыя ўзнікла патавая. Браць не хочуць - не ўзяць не могуць. Трэба было шукаць выйсце. У чарговы раз зайшоўшы ў кабінет я сказаў: "Ведаеце што, мяне выклікала СПА, дык і адпраўце мяне ў распараджэнне СПА." Гэта было выйсце для ўсіх, міністэрскія кадры хуценька справадзілі мяне ў распараджэнне Галоўнакамандуючага Войскаў СПА. Я спадзяваўся, што там будзе лягчэй, прынамсі, там было шмат знаёмых. Але, як было сказана, Асмалоўскага ўжо звольнілі, і я стаў і тут нікому непатрэбным. Аднак у кадрах СПА адказвалі па-іншаму. Шукай сабе месца, і мы цябе возьмем.

Дзе яго шукаць? Першым чынам родная навучальня. Там было ўжо шмат маіх аднакурснікаў на пасадах выкладчыкаў, але практычнай карысці з іх было мала. Не мог мне нічым дапамагчы і Мікола Статкевіч, у якога ўжо былі вельмі напружаныя адносіны з камандаваннем. Але сярод усіх быў і мой аднакурснік, з якім яшчэ падчас вучобы былі надзвычай добрыя адносіны, Сяргей Кастраміцкі. Украінец. Ужо доктар навук і загадчык кафедры. Ён без усялякіх разваг і рассусольванняў сказаў: "Пішы рапарт. Я праб'ю ўсе інстанцыі да намесніка начальніка навучальні па навуцы. А там ужо, як выйдзе." Кастраміцкі выдатна ведаў мае перакананні і дапамагаў, у многім менавіта сыходзячы з іх.

Рапарт плаўна рухаўся па інстанцыях, прайшоў нават намесніка па навуцы, але ў начальніка навучальні раптам прагучала: "Толькі цераз мой труп." Станавілася весела.

Я вярнуўся ў штаб СПА. Трэба было пачынаць усё спачатку. Пасады ў СПА, канешне ж, былі. Але ўсё вырашаў камандуючы. Калі ж справа дайшла да камандуючага, зноў прагучала: "Толькі цераз мой труп." "Трупаў" станавілася зашмат, а мне рабілася не да смеху. Дзявацца не было куды. Відавочна вымалёўвалася змова. І пераадолець яе станавілася немагчымым.

На сёння забылася, па чыім прадстаўленні, здаецца па прадстаўленні Статкевіча, я трапіў на прыём да камандуючага Унутранымі войскамі, тады здаецца палкоўніка, Агальца. Размова з Агальцом праходзіла ў самых найлепшых танах. Ён, якраз, не баяўся, а нават, здаецца, вітаў мой "нацыяналізм". Ён расказаў, якія ўзнагароды ўведзены ў яго войсках. Яны амаль цалкам былі зроблены па эскізах, якія мы прывозілі з Казахстана на 1-шы з'езд БЗВ, хаця я ні ў якім разе не сцвярджаю, што нехта браў за аснову нашыя ўзоры. Проста, у многіх думкі ішлі ў адным кірунку. Па маёй праблеме сказаў, што ў самым крайнім выпадку ён мне дапаможа. Аднак мне самому ісці ва Ўнутраныя войскі было не ў клімат. Я мог проста аказацца ў ахове якой-небудзь калоніі, што ні ў якія планы не ўваходзіла.

Трэба было шукаць выхад на людзей больш уплывовых, чым камандуючы СПА. У Доме Ўраду я сустрэў Ніла Гілевіча і папрасіў арганізаваць для мяне прыём у Шушкевіча. Але гэта быў апошні варыянт, і надзей на яго было няшмат.


Я ўжо раней згадваў, што яшчэ са школы падтрымліваў сяброўскія адносіны з Людмілай Майсеняй. Адпаведна, пасля майго прыезду ў Менск Людміла была ў курсе ўсіх маіх мытарстваў. Ёй прышло ў галаву паспрабаваць скарыстацца з шыркага кола знаёмстваў яе брата Анатоля Майсені, вядомага журналіста і палітолага, які па роду сваёй журналісцкай дзейнасці быў знаёмы з дзяржаўным сакратаром па нацыянальнай бяспецы, здаецца так гэтая пасада называлася, спадаром Данілавым.

З Анатолем Майсеням я ўжо быў знаёмы, быў, нават, у яго дома. Гэта было ў адзін з маіх прыездаў з Казахстана. Анатоля тады для нечага цікавіла сітуацыя ў войску, і ён проста запрасіў мяне і Статкевіча, каб пагутарыць.

Анатоль звярнуўся да Данілава, і той выдзеліў свой абедзенны перапынак для таго, каб пагаварыць са мной.

У прызначаны час я быў ля кабінета Данілава. Я разумеў, што Данілаў рускі, і што мне трэба зрабіць на яго добрае ўражанне, але я таксама разумеў, што перш чым мяне прыняць, ён, напэўна, навядзе даведкі і будзе мець дакладнае ўяўленне, з кім мае справу. І, наогул, тут, дома, на Радзіме я не збіраўся ісці на нейкія кампрамісы. Данілаў быў у цывільным, і я не ведаў, што ён генерал. Таму, зайшоўшы, я адрэкамендаваўся па-беларуску. Ён сказаў сесці, і пачалі гаварыць. Ён гаварыў па-расейску, я па-беларуску. Я не мог нават у гэтай складанай сітуацыі паступіцца мовай, хаця і разумеў, што мая беларускасць можа быць проста расцэнена, як выклік, але перайсці на рускую мову не мог і ўсё тут.

Так мы прагаварылі ўвесь абедзенны перапынак. Данілаў даволі дасканала і падрабязна распытваў мяне, але пра што дакладна, зараз не ўспомніць. Пасля абеду ў кабінет зайшоў нейкі маёр ці падпалкоўнік і, пачуўшы нашу размову, вызверыўся на мяне: "Товарищ подполковник, как вы разговариваете с генералом?" "Ничего, ничего, я понимаю," - сказаў Данілаў і адправіў свайго падначаленага. Падчас гутаркі Данілаў разабраўся, у чым справа, і што са мной паступаюць абсалютна несправядліва. Ён падняў слухаўку тэлефона і набраў нумар. На тым канцы нешта адказалі. Пасля кароткай размовы я пачуў ключавую фразу: "Должен служить!". На тым канцы запярэчылі. Данілаў паўтарыў больш рэзка: "Должен служить!"

Прыём быў закончаны. Данілаў сказаў мне ехаць у штаб СПА і, што пытанне павінна быць вырашана.

Прыехаўшы ў штаб СПА, я ўбачыў, што сітуацыя сапраўды змянілася. Мне прапанавалі на выбар дзве пасады: адна ў Лепелі ў палку вайсковай СПА, другая ў Мастах - камандзірам дывізіёна аб'ектовай СПА. Безумоўна, што я выбраў Масты, таму што хоць тып дывізіёна быў і не той, на якім я служыў калісьці, але гэта было значна бліжэй, чым любы вайскавы комплекс. Пасада камандзіра дывізіёна была на дзве ступені ніжэйшая за тую, якую я займаў у Казахстане, але выбіраць не было з чаго і не было калі.

У той дзень камандуючы СПА ў штабе адсутнічаў, рашэнні прымаў ці намеснік, ці начальнік штаба. Прозвішча я ведаю, але ён яшчэ служыць. Ён мог адкласці прыняцце рашэння да прыезду камандуючага, тым больш, што пазіцыя апошняга была добра вядомая ўсім. Але гэты генерал быў беларус. Таму ён перадаў мне загад неадкладна пісаць рапарт на прызначэнне камандзірам дывізіёна ў Масты. Пасля напісання рапарта ён тут жа загадаў рыхтаваць загад. Загад быў падрыхтаваны хвілін праз 15. Генерал тут жа яго падпісаў і перадаў мне распараджэнне неадкладна выехаць у Ліду, таму што мастоўскі дывізіён належаў да лідскай брыгады. Як ён назаўтра разбіраўся з камандуючым, я не ведаю, але відаць званок Данілава быў даволі важкім, бо на службовым становішчы генерала ягонае такое самаўпраўства не адбілася. Аднак зуб у камандуючага на мяне быў вялікі.

Уся гэтая катавасія з маім уладкаваннем на службу цягнулася не многа - не мала, а тыдні два. Быццам бы і аперацый апісаў не шмат, але хутка на словах, а на справе ўсё было доўга і марудна. Сям'я пажыла ў Менску з тыдзень, пераехалі да сваякоў у Салігорск, але меншаму сыну трэба было хадзіць у школу, таму пагасціўшы колькі дзён у Салігорску пераехалі ў Сейлавічы, дзе Арцём пайшоў у маю ж школу. Былі яшчэ, нават, настаўнікі, якія вучылі мяне. У Сейлавічах на першай пары Арцёма вадзілі на ўрокі рускай мовы і літаратуры ў іншыя класы, каб сейлаўскія дзеці паслухалі жывое рускае маўленне. Бо хоць і ў сейлавіцкай школе ўжо ўсё больш пачыналі ўжываць рускую мову, але ўзровень яе заставаўся такім жа, як і ў мае часы. Гэта была Арцёмава другая школа. Потым будзе яшчэ тры.

На наступны дзень, заехаўшы ў Сейлавічы, і сказаўшы жонцы, як вырашылася пытанне, я прыехаў у Ліду. Прыехаў пад вечар. Быў снежань месяц, дні кароткія. Покуль поначы знайшоў тую частку ў незнаёмым горадзе, але паспеў да канца рабочага дня.

У Лідзе ў службе ўзбраення служыў мой сябар і аднагрупнік яшчэ па навучальні маёр Яўхім Фельдман. Ён не адзін раз быў у мяне дома ў Казахстане, калі прыязджаў на стрэльбы. Быў чыстакроўны яўрэй, надзвычай кантактны, вясёлы, і мне было дзе прыткнуцца. Намеснікам камандзіра брыгады быў Віктар Сельскі, з ім я сустракаўся на палігоне і ў свой час дапамагаў яму. Ён быў з Іўя, вучыўся ў навучальні на год ці два пазней за мяне, у акадэміі вучыўся на вочным факультэце ўжо пры мне, сябраваў з Вікенціем Чорным.

(Працяг у наст. нум.)

Станіслаў Суднік


З цітламі ТБМ

У Баранавічах пад цітламі Баранавіцкай гарадской арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" выйшла кніга паэзіі і прозы баранавіцкага аўтара Яна Збажыны.

Наклад 299 асобнікаў. Рэдактар выдання Віктар Сырыца, мастак Галіна Сігневіч.

Звязацца з аўтарам можна па адрасе: д. 12, зав. Паўночны, г. Баранавічы, 225320.

Стома

Крыж ля дарогі.

Сонца высока.

Стомлены ногі,

Хата далёка


Сяду за крыжам -

Засень касая.

Сон прыйдзе рыжы,

Доннасць нямая.


Спіцца салодка,

Свет, як магіла.

Час плача ў лотак,

Дзень доўгі гіне.

Ліцыя лету

Мастаку і сябру Галіне Сігневіч


Адыходзіць лета, адыходзіць.

Клінга жаўруковая плыве,

І ніколі сэрца не загоіць

жоўтая расінка на траве.


Што каханне?

Замуціць крыніцу?

Пасіі згараюць, як агмень.

Забярэцца восень на званіцу,

меднікаў раскідае струмень.


Не гукайце стомленае лета,

Крок яго губляе далячынь.

І сланечнік - сонечнае рэха -

кліча ўсіх пакінутых жанчын.


Лясы, азёры, родны край

"Куток, дзе нарадзіўся чалавек, самы дарагі і найпрыгажэйшы ў свеце", пацвердзіў вядомую сапраўду выкладчык гісторыі з Лужаснянскага інтарнатагімназіі для таленавітай моладзі, што пад Віцебскам. Таму і клумбачкі ля школы - у вясёлых кветках, і кожны помнік прыроды, нават вырасшыя разам дрэвы, клапатліва даглядаюцца.

Недалёка ад Віцебска, у 5 кіламетрах, цягнецца ўздоўж магутнай Дзвіны і патанае ў зелені вёсачка Лужасна.

Першыя звесткі аб мястэчку адносяцца да 1812 году, паселішча ўзгадваецца на карце Пахлавіцкага. Захаваўся тут будынак старажытнай СвятаУзвіжанскай царквы, а ў 1908 годзе быў узведзены вялікі храм у гонар Ушэсця Гасподняга.

У 1909 годзе пабудавана сельскагаспадарчая (ільноводнчая) школа, на якую народ збіраў грошы, ад кожнага двара па 20 капеек. Да будаўніцтва сельскагаспадарчай школы дачыніўся і мой прадзед Кароль Іванавіч. Ен і два яго сыны ўваходзілі ў склад будаўнічай брыгады, якая была вядома добрай працай ў даваенным Віцебску. Пасля школа стала тэхнікумам. Ён існуе і зараз, гэта сельскагаспадарчы тэхнікум імя Сурганава, а старэйшы будынак яго (корпус механізацыі) захаваўся да сённяшняга часу. Таму і захацелася наведаць і пабачыць гэтыя мясціны.

Сёння ў Лужасне знаходзіцца знакамітая школагімназія для адораных дзяцей з малазабяспечаных сямей Віцебскай вобласці. Тут вучацца і жывуць найбольш таленавітыя і здольныя дзеці з Віцебшчыны. Яны навучаюцца ў профільных класах: матэматычным, фізічным, гуманітарных: з паглыбленнем веданнем замежных моў, гістарычным, біялагічным. Восем год працуе гімназія. Кіруе ёй дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Шыцько, які стварыў у школе моцны педагагічны калектыў. У выніку паглыбленнага вывучэння прадметаў усе дзеці паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Віцебску, Менску, Пецярбурзе і іншых гарадах.

Раней на месцы гімназіі размяшчаўся інтарнат для дзяцей з парушэннямі мовы. Міхась Лынькоў запавятаў сваю маёмасць аднаму з дамоў для сірот на Віцебшчыне. Гэтыя сродкі былі перададзены Лужаснянскаму інтарнату. Пасля інтарнат пераехаў у іншае месца, на яго месца перасялілася гімназія, і вуліца на якой зараз яна знаходзіцца, назаўсёды будзе насіць імя Міхася Лынькова.

Здольныя дзеці жывуць тут і навучаюццца сярод прыроды. У далечыні ад гарадскога шуму і суматохі яны маюць магчымасць спакойна паглыбіцца ў спасцігненне таямніц сусвету, у саміх сябе, у свой унутраны свет.

Побач нясе велічныя воды старажытная Дзвіна, узвышаюцца магутныя верхавіны сасновага лесу, стрэлы асакі над вадой хаваюць блакітных стракозак. А колькі тут разнастайнай, духмянай расліннасці! Пасядзеўшы на беразе каля вады, напэўна, захочацца стаць біёлагам ці эколагам.

Цудоўныя здымкі прыроды, зробленныя ў навакольных мясцінах, паказалі мне ўдзельнікі турыстычнакраязнаўчага клуба "Дзвіна", які існуе пры школегімназіі для адораных дзяцей.

Узначальвае працу ў клубе малады, але вядома на Беларусі, выкладчык гісторыі Мікалай Васілевіч Півавар.

Навучэнцы часта ходзяць з настаўнікам у паходы, а ён яшчэ падарожнічае па рэках на байдарцы ў вольны час. Адтуль, з патаемных цудоўных куткоў лягчэй разгледзець рознакаляровыя кветкі, птушак, матылькоў, жывёлак. Такі падыход да вывучэння гісторыя роднага краю найбольш надзейны і выклікае цікавасць у вучняў.

Таксама дапамагае весьці даследчую працу выкладчыца біялогіі, якая добра ведае выгляд і назвы рэдкіх раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу.

Прыемна было вучням і настаўнікам сустракаць летась у клубе вядомага навукоўца, аўтара падручнікаў і манаграфіі па гісторыі, прафесара Георгія Васілевіча Штыхава, які наведаў гімназію.

Клуб "Дзвіна" ўдзельнічае і ў распрацоўках Міжнародных праектаў Менскага Рэспубліканскага экалагічнага цэнтра моладзі. Вучні з краязнаўчага клуба "Дзвіна" кожны летні сезон, кожны месяц робяць самастойныя адкрыцці з гісторыі помнікаў прыроды і культуры Віцебшчыны.

Бывалі яны і на возеры Лосвіда, даведаліся пра знакамітую "Напалеонаўскую дарогу".

Лосвіда - адно з найвялікшых азёраў Беларусі. Яго глыбіня ў паўднёваусходняй частцы - больш за 20 метраў. Але на Напалеонаўскай дарозе" глыбіня вады не вышэй калена. Назвай сваёй дарога абавязана французскаму імператару, які, згодна легендзе, у 1812 годзе быў акружаны каля возера рускай арміяй. Каб выратавацца ад гібелі, кожны французскі жаўнер, набраўшы поўную шапку зямлі, высыпаў яе ў возера. У выніку ў гэтым месцы ўтварылася падводная дарога, па якой французы змаглі адарвацца ад рускай арміі.. Ёсць меркаванне археолагаў, што гэтае месца можа датавацца значна больш старажытнымі часамі.

Наведвалі юнакі і дзяўчаты і замак у Смалянах. Бачылі яны Вялікі камень, што знаходзіцца ў весцы Гараватка, Шумілінскага раёна і іншыя цікавыя рэчы.

Былі ў мястэчку Мазалава, адкуль паходзіў Ігнат Манькоўскі, які з'яўляецца аўтарам "Энеіды навыварат". Тут захаваўся перададзены яму імператарам Паўлам маёнтак "Мілае" і стары млын. Тут пачулі вучні рамантычны аповед аб Ігнаціі Манькоўскім і яго каханай.

Распавялі мне і пра дэндрапарк, маленькі батанічны сад, які знаходзіцца недалёка ад гімназіі на беразе Дзвіны. Парк быў закладзены ў гонар 30годдзя вызвалення Віцебска ў 1974 годзе і набыў статус мясцовага помніка прыроды, дзякуючы намаганням біёлага Мікалая Трафімавіча Ражкова. У Лужаснянскім дэндрапарку ёсць 250 відаў раслін. Гэта рэдкія пароды дрэў: кедры, белая піхта, аксаміт амурскі, маньчжурскі арэх, 3 віды дубоў, 9 відаў арэхаў і іншыя.

Недалёка ад гімназіі ў Лужасне знаходзіцца праваслаўная Царква у імя Ушэсця Гасподняга, якая была пабудавана у 1908 годзе. У савецкі час яна была зачынена, а у 1992 - вернута вернікам, адрамантавана і адноўлена ў 1994 годзе, дзякуючы нястомнай працы настаяцеля айца Міхаіла і жыхароў вёскі. Вельмі старанныя прыхаджанкі Таццяна Кірылаўна і Валянціна Іванаўна зрабілі прыгожы палісаднік з ружамі ля будынка царквы з чырвонабелай цэглы. Дарэчы, унук Таццяны Кірылаўны, выпускнік гімназіі, у мінулым годзе паступіў у Пецярбурскі універсітэт.

У прытворы царквы можна ўбачыць творчыя працы дзяцей, якія наведваюць нядзельную школу: Раманоўскай Дар'і, Осіпавай Людмілы, Собалева Іллі.

Сонечныя сасновыя бары, пясчаныя сцяжынкі, сунічныя паляны, блакітныя азёры, парослыя лілеямі, пакінулі лагоднае пачуццё ў сэрцы. "Бо немагчыма з гэтым краем развітацца..."

Э. Оліна, г. Менск.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX