№ 8 (694) 23 ЛЮТАГА 2005 г.
21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы
Не пакідайце ж мовы нашай беларускай...
Зварот
ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"
Дарагія суайчыннікі!
21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята ўсталяванае па рашэнні ЮНЕСКА невы-падкова. Мы жывём у эпоху глабалізацыі, калі кожны народ, кожная нацыя імкнецца захаваць сваю адметнасць, унікальнасць, а найперш - родную мову. Пакуль жыве мова - жыве народ, знікае мова - няма народа, няма незалежнай дзяржавы.
Нам варта ведаць гэта і ўсведамляць, што наш лёс, наша будучыня цалкам залежаць ад таго, ці хочам мы захаваць сваю самабытнасць, сваю самастойнасць.
У нашай краіне Дзень роднай мовы пакуль недзяржаўнае свята. Але гэта з'ява часовая. Наша родная мова, як адна з найпрыгажэйшых і мілагучных моў у свеце, будзе жыць, бо паводле перапісу насельніцтва Беларусі 1999 года 73,6 % грамадзян краіны назвалі яе роднай.
Сябры ТБМ з аптымізмам глядзяць у дзень заўтрашні і сваёй дзейнасцю набліжаюць той час, калі беларуская мова запануе на нашай зямлі. Кожны чалавек, які штодня гаворыць па-беларуску, спрыяе незалежнасці нашай краіны, яе росквіту і дабрабыту. Абаронім роднае слова супольна! Да гэтага нас заклікаў Уладзімір Караткевіч:
"Унукі Скарыны!
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і ў вас, як у іншых, святыня.
Не давайце святыні псам!.."
Прыняты на паседжанні сакратарыяту
14 лютага 2005 г.
Рыгору Барадуліну - 70
24 лютага спаўняецца 70 гадоў з дня народзінаў Народнага паэта Беларусі, нязломнага змагара за беларускую мову і беларускую культуру, за права беларусаў людзьмі звацца Рыгора Барадуліна.
Нарадзіўся ў в. Гарадок Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў БДУ. Працаваў у перыядычным друку, у выдавецтвах "Беларусь" і "Мастацкая літаратура". Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зборнікаў для дзяцей.
Творчасць паэта вы-значаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарыч-насцю, тонкім псіхалагіз-мам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай народнай творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна.
Рыгор Барадулін знаходзіцца на вастрыні адраджэнцкіх працэсаў у краіне, нязломна, як скала, стаіць на варце інтарэсаў беларускай мовы і беларускай культуры, з'яўляецца адым са стаўпоў беларускай нацыі. Рыгор Барадулін актыўны сябар ТБМ ад моманту яго стварэння.
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова шчыра віншуюць шаноўнага спадара Рыгора і зычаць яму паказаць яшчэ не адну "дуліну" і гадам, і нягодам.
(Матэрыялы, прысвечаныя Рыгору Баравдуліну чытайце на ст 2-3.)
Старшыні Грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
А. А. Трусаву
Шаноўны Алег Анатольевіч.
Выказаная Вамі ідэя правядзення "круглага стала" з удзелам розных нацыянальных абшчын абмяркоўвалася з супрацоўнікамі Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцей пры Савеце Мністраў, а тыя ў сваю чаргу раіліся с прадстаўнікамі розных нацыянальных суполак. Вынікам перамоў стала разуменне негатоўнасці суполак да правядзення згаданага "круглага стала" ў прапанаваны Вамі тэрмін.
Тым не менш, Ваша прапанова адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы вельмі слушная. Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА разам з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі прымеркавала да гэтага дня выпуск кампакт-дыска "Літаратурная спадчына Беларусі (з ХІ да сярэдзіны ХХ стагоддзя)", у які увайшлі 700 твораў, напісаных па-беларуску, альбо перакладзеных на беларускую мову.
З павагай.
Старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА - У. Шчасны.
Беларускія палітыкі вучацца пісаць па-беларуску
У "Народнай Волі" № 33 за 19 лютага 2005 года змешчаны "Зварот да беларускага народа" Грамадскай ініцыятывы "Воля народа", падпісаны групай вядомых і не вельмі гра-мадзян Беларусі. Наша гісторыя спазнала ўжо не адзін такі зварот і не адну такую ініцыятыву. Адметнасцю гэтага дакумента з'яўляецца тое, што ён напісаны па-беларуску, а ў дадатак ук-лючае цэлы абзац, прысвечаны беларускай мове і беларускай культуры:
" Нашая Беларусь наблізілася да духоўнага, культурнага і дэмаграфічнага крызісу. За апошняе дзесяцігоддзе катастрафічным стала вынішчэнне з грамадскага ўжытку (тэлебачання, школаў і ВНУ, справаводства) беларускай мовы, роднай для пераважнай большасці жыхароў краіны. Пад прэсінгам нацыянальная літаратура і незалежнае мастацтва. Паважаныя і любімыя народныя пісьменнікі, акадэмікі, мастакі сталі "нячэснымі" і "няправільнымі..."
Ачольвае спіс падпісантаў "Звароту..." былы рэктар БДУ, прафесар Аляксандр Казулін.
Чаго дасягне грамадская ініцыятыва "Воля народа", ці дастукаецца яна да гэтага народа, пакажа час, але тое, што з першых крокаў беларуская мова трымаецца ў памяці, выклікае да гэта самай ініцыятывы адпаведныя сімпатыі і будзіць пэўныя спадзяванні.
Наш. кар.
Старшыні Грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Ф. Скарыны"
Трусаву А. А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
Ліст, у якім Вы падымаеце пытанне аб неабходнасці ўнясення змяненняў і дапаўненняў у дзеючы Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", разгледжаны ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Паведамляем, што законапраектная дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь будуецца ў адпаведнасці з Планам законапраектных работ, які зацвярджаецца штогод указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці са згаданым Планам вызначаецца і суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы, адказны за падрыхтоўку таго ці іншага праекта закона і ўнясенне яго для разгляду ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь унесла прапа6новы аб уключэнні ў План законапраектных работ пункта аб падрыхтоўцы праекта Закона рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". Пры паступленні законапраекта ў Палату прадстаўнікоў ён будзе ў вызначаным парадку разгледжаны на бліжэйшай сесіі.
Старшыня камісіі - У. М. Здановіч.
ЛЕТАПІС ТАВАРЫСТВА
Падрыхтавала Ірына Марачкіна
Працяг. Пач. у пап. нум.)
2003 год.
Травень.
ТБМ выпусціла кішэнны каляндарык на 2003 г. да 100х угодкаў Наталлі Арсенневай. Выкарыстана фота паэткі 1920х гадоў Беларускага дзяржаўнага архівамузея літаратуры і мастацтва. Дызайн Ігара Марачкіна.
5 чэрвеня.
Сакратарыят прыняў заяву "Абаронім Беларускі ліцэй" з прычыны звальнення з пасады дырэктара Уладзіміра Коласа.
У сувязі з прыпыненнем выхаду ў свет "Беларускай дзелавой газеты" прынята заява "Свабоду незалежнай прэсе".
26 чэрвеня.
На паседжанні сакратарыяту прынята заява "Спыніць русіфікацыю Беларускай чыгункі". Распачаты збор подпісаў грамадзян за вяртанне беларускай мовы на чыгунку, асабліва ў электрацягнікі.
Накіраваны ліст на імя намесніка прэм'ерміністра Рэспублікі Беларусь Ул. Дражына з прапановамі па ўвекавечанні памяці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
Чэрвень.
Праведзены заняткі гістарычнага семінара для студэнтаў ВНУ. Вядучыя семінара: Уладзімір Арлоў, Віталь Скалабан, Кастусь Тарасаў.
8 ліпеня.
Падчас летніх адпачынкаў ТБМ атрымала запыт з Міністэрства юстыцыі "Аб прадастаўленні інфармацыі пра дзейнасць аб'яднання". Усяго - 8 пунктаў.
12 ліпеня.
Дзякуючы намаганням ТБМ, у новых дзяржаўных стандартах зроблены запіс аб абавязковым ужыванні дзяржаўнай беларускай мовы пры маркіроўцы харчовых тавараў. Гэтаму папярэднічала праца сяброў сакратарыята па перакладу на беларускую мову, на грамадскіх пачатках, тэкстаў стандартаў на харчовыя і нехарчовыя тавары. Арганізаваны збор подпісаў грамадзян пад патрабаваннем выкарыстання беларускай мовы таваравытворцамі.
12 - 13 ліпеня.
Лідская арганізацыя ТБМ наладзіла семінар па тэме "Стратэгічнае планаванне дзейнасці лідскіх арганізацый ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".
13 ліпеня.
Лідская гарадская арганізацыя ТБМ прыняла ўдзел у асвячэнні мемарыяльнай дошкі ў гонар 3 ксяндзоў, расстраляных царскімі карнікамі за ўдзел у паўстанні 1863 г.
26 ліпеня.
Лідская гарадская арганізацыя ТБМ правяла шэраг мерапрыемстваў да 10годдзя ўстаноўкі ў Лідзе помніка Францішку Скарыну. У 12.00 старшыня ТБМ Алег Трусаў і першы старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Міхась Мельнік усклалі вянок 2х мятровай вышыні да помніка Ф. Скарыну. У 15.00 кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў і доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч правялі сустрэчу з лідзянамі.
27 ліпеня.
Лідская гарадская арганізацыя правяла шэраг мерапрыемстваў да 140х угодкаў паўстання 1863 года.
У 9.00 былі ўскладзены кветкі да магілы ўдзельніцы паўстання Валерыі Цехановіч. У 9.30 былі ўскладзены кветкі да магілы героя паўстання ксендза Адама Фалькоўскага.
У 11 гадзін адбылася сустрэча лідзян з беларускімі пісьменнікамі Вольгай Іпатавай, Эрнэстам Ялугіным, Міхасём Скоблам, бардам Эдуардам Акуліным.
У 15.00 адбылася штогадовая імша ў памяць паўстанцаў 1863 года ва ўрочышчы "Крыжы" паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы Лідскага раёна з удзелам старшыні ТБМ Алега Трусава і беларускіх пісьменнікаў Вольгі Іпатавай, Эрнэста Ялугіна, Міхася Скоблы, барда Эдуарда Акуліна.
Ліпень.
Віцебская абласная і гарадская арганізацыі ТБМ ушанавалі памяць сябра Таварыства Анатоля Канапелькі, якому ў 2004 годзе споўнілася б - 65, выпускам кішэннага каляндарыка (дызайн Ігара Марачкіна).
Да 80годдзя Васіля Быкава ТБМ выдала кішэнны каляндарык (3 тысячы асобнікаў) на 2004 г., а таксама плакат фарматам А3 і А4 (дызайн Ігара Марачкіна, фота Сяргея Шапрана).
ТБМ выпусціла юбілейныя кішэнныя каляндарыкі на 20032004 навучальны год да 120х угодкаў Вацлава Ластоўскага і Язэпа Лёсіка. (Дызайн - сябра ТБМ Ігара Марачкіна).
21 жніўня.
Сімволіка Таварыства ўнесена ў Дзяржаўны геральдычны рэестр Рэспублікі Беларусь за № Б93. Палажэнне аб эмблеме зацверджана Камітэтам па архівах і справаводстве пры Саўміне Рэспублікі Беларусь.
БЕЛАРУСКАЯ ПЕСНЯ Ў САМАХВАЛАВІЧАХ
Напрыканцы студзеня ў Самахвалавіцкую школу зноў прыйшла беларуская песня. Традыцыя ладзіць беларускамоўны музычны фестываль існуе тут з мінулага года, і хочацца верыць, што сёлетняе свята - не апошняе. Спявала ўся школа: ад першага да адзінаццатага класа. Вельмі прыемна, што сёлета спевакоў стала больш, некаторыя класы падрыхтавалі ўдзельнікаў у розных намінацыях. Гучалі патрыятычныя, лірычныя, жартоўныя беларускія песні - народныя і прафесійныя, на сцэне ажывалі інсцэніроўкі народных песень.
"Над маім лунае лёсам Беларусь мая..."-прызналіся хлопцывасьмікласнікі. Ажгірэвіч Даша перанесла слухачоў у "Мой родны кут", а трыа шасцікласнікаў адкрыла сакрэт: "Завецца ж спадчына мая ўсяго - старонкай роднаю". Чаму жураўлі на Палессе ляцяць, пра тое знаюць хлопцы з 7 "а". Напэўна, каб пабачыць папарацькветку, што расцвітае ля Замкавай гары (менавіта туды паклікала слухачоў мужчынская вакальная група з 9 «Б»). А "Шлях да Беларусі" шукала Алена Гурыновіч.
Малодшая школа парадавала масавахаравым далучэннем да беларускай музыкі. А салісты зачаравалі сваёй шчырасцю і адмысловым вакальным майстэрствам.
"Знаходкай" сёлетняга фестывалю сталася арыгінальнае прачытанне купальскай песні "Ой, рана на Івана" ў стылі хіпхоп у выкананні групы адзінаццацікласнікаў.
І зараз, калі ІІ Фестываль Беларускай песні развітаўся з намі да будучага студзеня, мне хочацца пажадаць спевакам творчага сталення, слухачам - радасці музычнай сустрэчы, а ўсім нам - даверыцца беларускай песні не толькі ў час фестывалю, а і на ўсё далейшае жыццё.
Марыя Новікава.
В Е Р Ш Ы
Рыгор Барадулін
Світальны
Да двухтысячагоддзя ад Народзінаў Хрыстовых
Рака крыві ў збялелых берагах
Крывіцкае крыві за Край забраны -
Світальны
Бел-чырвона-белы сцяг, -
Як той, што таймаваў Хрыстовы раны.
Акраец палатна, які данёс
Пакуты за людзей жывога Бога.
Каб уваскрэснуць зноў.
Пагас Хрыстос.
І каб жыла над смерцю перамога.
Хрыстос пакінуў нам надзеі ўзмах
На лютых сіверах неагрубелы
Яго і паўтарацьме вечна
Сцяг
Сцяг нашай волі
Бел-чырвона-белы!
Беларусь - ты мой сон Вялікодны
Беларусь - ты мой сон вялікодны
Сон, што сніцца анёлам вясной.
Зрок і слых мой табою галодны,
Дух жыве мой табою адной.
Гэта ведае неба ды мама -
Без цябе не бывае мяне.
І душа жыць не можа без храма,
Цяжка ёй у чужой старане.
Адусюль да цябе я імкнуся
Быць у шчасці з табой і ў бядзе.
Чысцінёю тваёй прычашчуся,
Сорам твой на мяне хай падзе.
Калі апошні...
Калі апошні беларус
Апошні дзякуй небу скажа,
Туга на сэрца Богу ляжа,
І ўсцешыцца прыблудны хлус.
Бог і спахопіцца тады,
Што цягавітых не хапае.
На ласку й так зямля скупая.
І свет такі немалады.
Заселіць Беларусь наноў
Бог беларусамі такімі,
Што будуць на сваёй радзіме
Панамі без чужых паноў.
Край продкаў родны нездарма.
Душа без мовы - сіратою.
І вольны помніцьме пра тое,
Што шыі мулка ад ярма...
Непачуты
Васілю Быкаву
Ён прадбачыў, прадказваў, прарочыў.
Ён душою крычаў. Ён маўчаў.
Ён з дарогі на сцежку не збочыў.
Ён глухім дараваў, выбачаў.
Пільнаваўся святых запаведаў:
Не рабуй!
Не няволь!
Не мані!
І гукаў прачынацца, і ведаў,
Што ў адказ палятуць камяні.
Здрада й подласць за ім цікавала,
І нянавісць ішла крок у крок:
І на ўсё ў гэтым свеце прыстала
Паглядзеў
Непачуты прарок.
Быць
Ігару Г. Сарокіну
Быць Беларусам-
Гэта значыць
Свайго ні гуку не забыць,
Усё чужое перайначыць,
Каб Беларусі вечнай быць!
Быць Беларусам -
Гэта значыць,
Вясёла з сумнай долі кпіць,
Да Бога сцежку верай значыць,
Нагбом з карца надзеі піць.
Быць Беларусам -
Гэта значыць,
За родны Край згараць на дым,
Па-беларуску чуць і бачыць
На гэтым свеце і на тым.
Да слова
Міхасю Скоблу
Да слова бруд не прыстае,
Бо слова незямнога кшталту.
Яму нябеснасці стае,
Каб быць
Непадуладным гвалту.
Ствараем слова, ці яно
Нас, недаствораных стварае,
Так золь дабельвае радно,
І гоіць боль зямля сырая.
І колькі часу ні сплыло б
Назвацца хоча ўсё нанова.
І думка свой гарачы лоб
Халодзіць даланёю слова.
Парада
Не шукай сваіх сярод чужых,
Роднымі не зробяцца чужыя,
І чужая йголка не прышые
Латку радасці да сноў былых.
Не губляй сваіх сярод чужых.
Згуба не вяртаецца дадому.
Ворагу, як і сабе самому,
Пажадай, каб гнеў,
Як дождж, аціх.
Марнай мрояй не трудзі свой слых,
Што гукнеш чужых -
І ты пачуты.
Хоць бы стала моцы на пакуты
Адшукаць чужых сярод сваіх...
Паштоўка
Будуць часам ідалы раструшчаны
Свет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце Беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў!
САЛОЎКА БЕЛАРУСІ
Я шмат пісаў пра Рыгора Барадуліна: і з нагоды ягоных "круглых" датаў, і пасля выхаду новых кніг, і прыгадваючы нашы ўтравелыя полацкія сцежкі і ўніверсітэцкія інтэрнацкія гады. Але, здаецца, не сказаў і сотай долі таго, што думаю і ведаю пра гэтага вялікага паэта, надзвычайна яркага і складанага чалавека, пра гэтую - не пабаюся высокай характарыстыкі - выдатную постаць у нашай айчыннай гісторыі.
Ён непаўторны і пераменлівы, як сёлешняе капрызлівае надвор'е - то выбухова гнеўны, то спагадліва ўсмешлівы, то задзірыста калючы, то шчымліва споведны, то да слёз самотны і журлівы. Ад першай сваёй светлай кніжкі "Маладзік над стэпам" да нядаўняй брыклівай і здзеклівай, пазастольнаму раскаванай і памужчынску бязлітаснай "Дуліны ад Барадуліна" ён пакутваў і высільваўся ў сваім часе, памыляючыся і адкрываючы сэнс жыцця, заходзячыся ў бяссіллі і ўзвышаючыся ў азарэнні, судзячы сябе і іншых, злуючыся і просячы прабачэння, усёй душою чакаючы разумення і пасміхаючыся з асляпляльнай і здрадлівай славы. Усяго было на ягоным творчым шляху - не адны толькі пахучыя лаўры, а і цяжкія, востра натапыраныя шышкі перападалі яму і ад зайздроснікаў ды непрыяцеляў, і ад аднадумцаў ды сяброў. І калі казаць з удумнай вышыні салідных 70ці гадоў, было за што. Барадулінскі талент заўсёды вытыркаўся з усіх "абойм" і "шэрагаў", ніяк не хацеў пастрыгацца пад прывычны грабянец, апранацца ў модную, але цесную для яго кашулю. Ён быў, як пішуць дапытлівыя крытыкі, увесь у руху, у пошуках і пачуваў сябе ўпэўнена і лёгка ў самых розных жанрах і так званых тэмах.
Памятаю чарнявага, насатага Рыгора ў нашым студэнцкім асяродку, яшчэ непрыкметнага, паправінцыйнаму нясмелага і рамантычнанаіўнага. Ужо тады нешта таямнічагарэзнае было ў ягоных цёмных вачах, і разпораз з перапоўненых схованак дзіцячай памяці выпырхвалі сакавітыя, не запісаныя ні ў якіх слоўніках ушацкія, матчыны слоўцы. Мне, блізкаму земляку, яны былі не толькі зразумелыя, а і вельмі дарагія. А для некаторых нашых сброў па літаб'яднанні пры "Чырвонай змене", выхаваных на газетных артыкулах і школьных падручніках, яны здаваліся дзіўнаватымі і залішне "мясцовымі". Як добра, што юнаму Рыгору хапіла ўпартасці і інтуіцыі не адмовіцца ад іх, не памяняць іх на пагарадскому ці панавуковаму прыгладжаныя і "абяссоленыя"!
Пазней сам Рыгор, ужо народны паэт, напісаў: "Мова перадаецца разам з дыханнем матчыным, разам са спевам і плачам, разам з усім укладам, ладам жыцця. "Калі хто лічыць, што такое адчуванне і перакананне прыйшло само сабою, зусім проста і непрыкметна, думаю, ён памыляецца. Мала таго, што Рыгорава маці, незабыўная Куліна Андрэеўна, разам з жыццём удыхнула ў сынаву душу светлае паветра гаючай беларускай мовы, трэба было яшчэ ўсвядоміць гэта, навучыцца чуць роднае слова ў сабе і ў наваколлі, урэшце авалодаць ім так, каб яно паслухмяна і радасна клалася ў радок, не страчваючы пры гэтым ні колеру, ні водару, ні музыкі.
Давайце прызнаемся шчыра, ніколькі не крыўдзячы гэтым ніводнага з бліскучых майстроў роднай літаратуры (на шчасце, іх у нас зайздросна багата), што ў апошнія дзесяцігоддзі ў нас не было знаўцаў і віртуозаў беларускага слова, роўных Барадуліну. Часам здзіўляешся, адкуль што ў яго бярэцца, як не вычэрпваецца тая крыніца, з якой ён прагна п'е і чысцюткія прыгаршчы якой шчодра падносіць і да нашых вуснаў. Бясспрэчна, гэта сведчанне невымернага багацця народнай лексікі, але ж гэта таксама і сведчанне "бездоннасці" глыбіннага барадулінскага дару, таго рэдкага боскага даверу паэту, які сваёй іскрай асвятліў зямную сцежку да бессмяротных скарбаў.
Заслугі Рыгора Барадуліна ў развіцці нашай роднай мовы, у сцверджанні яе аўтарытэту і перспектыўнасці без перабольшання - выключныя.
Пацверджана гэта не толькі сотнямі ягоных класічных вершаў, дзесяткамі цудоўных паэм, артыкуламі і выступленнямі, заўсёды яркімі і парадаксальнымі, а і выдатнай перакладчыцкай дзейнасцю. Пераклаў Рыгор Іванавіч цэлую бібліятэку. І якіх аўтараў - геніяў і песняроў сваіх народаў, тых, каго "ўпрасіць" загаварыць на іншай мове не проста цяжка, а, на першы погляд, немагчыма. Але прачытайце пабеларуску Гарсія Лорку і Сяргея Ясеніна, Яніса Райніса і Пабла Нэруду, Габрыелу Містраль і Адама Міцкевіча - і вы зразумееце, які шматгранны талент Рыгора Барадуліна і якая багатая ды ўніверсальная наша мова...
Беларускім салоўкам назваў аднойчы Рыгора Барадуліна наш мудры і строгі Васіль Быкаў. І сапраўды, роднае слова ў вуснах паэта спявае да самазабыцця чароўна і чыста. Пералівістае і ўрачыстае, яно чутно далёка і будзіць не толькі прагныя да высокай любові маладыя душы, а і ўвесь шэры і заспаны наш абшар з маўклівымі балацявінамі, рэдкім туманам над рэчкай і прыціхлымі нівамі з кволымі сцяблінкамі заўтрашніх жытоў...
Дай жа, Божа, доўгага веку гэтай песні! Дай, Божа, моцы і натхнення нашаму салоўку яшчэ на многія гады!..
Генадзь Бураўкін
Нацыянальнай трагедыі - 60
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Да ганебнай катэгорыі "ворагі народа" правамерна адносяць людзей, якія ў цяжкую часіну для яго займаюцца фінансаваэканамічным рабаўніцтвам, набіваюць мяхі накрадзенымі з дзяржаўнага скарбу грашыма, каб затым да канца жыцця не зведваць аніякіх праблем з задавальненнем сваіх сацыяльных запатрабаванняў. Нічога падобнага не назіралася за ўцекачамі 1944 года. У чужыя краіны рухаліся з пустымі партаманетамі і шмат напакутаваліся, пакуль стварылі сабе прыстойнае жыццё. Многія нават з вышэйшай адукацыяй працавалі ў краінах самавыгнання ў якасці чарнарабочых.
Беспадстаўнасць прышыўкі ярлыка "вораг беларускага народа" ледзь не да ўсіх нашых уцекачоў на захад найперш за ўсё вынікае з іх невычэрпнай любові да роднай Бацькаўшчыны. Гэтае бясконца дарагое і любае ім слова яны заўсёды пісалі з вялікай літары і зрабілі неацэнны ўклад дзеля таго, каб жыла і перамагала беларуская справа. З поўнай падставай сцвярджаць такое дазваляе стаўленне беларускай эміграцыі першых пасляваенных гадоў да ўзгадавання сваёй змены. Яно было ў вышэйшай ступені нацыянальнапатрыятычным: іх выхоўвалі і навучалі ў сапраўдным беларускім духу, у поўнай згодзе з нацыянальнай гісторыяй, прыроднымі культурнамоўнымі нормамі. У сусветнай практыцы даўно прынята вызначаць ступень адпаведнасці палітыкі дзяржавы інтарэсам свайго тытульнага народа па тым, якую гісторыю выкладаюць яго дзецям, якія культурнамоўныя каштоўнасці ляжаць у аснове педагагічнага працэсу ўсіх тыпаў навучальных устаноў. І хаця гэтыя разумныя педагагічныя прынцыпы ў нас з канца ХУІІ ст. і да Другой сусветнай вайны за выключэннем некалькіх гадоў міжваеннай беларусізацыі груба ігнараваліся, а таму адсутнічала практыка сапраўднага грамадскага нацыянальнага ўзгадавання маладой змены, усё ж яно стала асноўным патрабаваннем пры стварэнні школ для дзяцей беларускіх уцекачоў. Яшчэ працягвалася вайна, а Пададдзел школьніцтва Аддзела культуры і прапаганды Беларускай Цэнтральнай Рады заснаваў у Нямеччыне да пачатку снежня 1944 года(!) 11 беларускіх пачатковых школ, да якіх у студзені наступнага года дадалося яшчэ 6 такіх устаноў. Істотна актывізавалася дзейнасць па развіцці беларускай нацыянальнай сістэмы адукацыі ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы пасля капітуляцыі фашысцкага рэйху. У снежні 1945 года распачаліся заняткі ў першай на тэрыторыі Нямеччыны беларускай гімназіі (Баварыя), якой у красавіку 1947 года надалі імя слыннага сына беларускага народа Янкі Купалы. Такога тыпу беларускамоўныя навучальныя ўстановы функцыянавалі і ў іншых кутках Еўропы, дзе атабарыліся нашыя адарваныя ад бацькоўскай зямлі суродзічы. З іх дзецьмі працавалі дзесяткі таленавітых беларускіх педагогаў, у тым ліку малодшы брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч (Літаратурны псеўданім Анатоль Галіна). Спецыяльна для навучальных устаноў беларускай дыяспары ім да пачатку 50х гадоў было напісана і выдадзена каля дзесятка падручнікаў. Такімі выпускнікамі беларускай нацыянальнай школы першых гадоў пасляваеннай эміграцыі, як Янка Жучка, Янка Запруднік, Вітаўт і Зора Кіпелі, Ала і Галіна Орсы, Павел Урбан... могуць ганарыцца не толькі наша дыяспара. Але і ўся краіна. І, несемненна, такія выдатныя, добра вядомыя ў эміграцыі і ў нас асобы не сфармаваліся самі па сабе. Гэта плён пасапраўданаму беларускай нацыянальнай адукацыі, якая, як мы бачым, у стане многае зрабіць нават і паза межамі роднай Бацькаўшчыны. Хацелася, каб пра гэта памяталі сённяшнія беларускія эмігранты, якія цэлымі касякамі пакідаюць яе ў такі адказны час, ахвяруючы агульнанацыянальным інтарэсам дзеля асабістага. Зусім іншай матывацыяй на выезд за мяжу кіраваліся ўлетку 1944 года.
Абавязвае быць архіасцярожным ва ўжыванні тэрміну "ворагі беларускага народа" да ўсіх ці пераважна да ўсіх супрацоўнікаў з акупацыйным рэжымам за іх паважлівае стаўленне да роднай мовы карэннага насельніцтва нашага краю. Не жадаючы бачыць апошні аб'ектам анямечвання, яны зрабілі проста немагчымае ў экстрэмальных варунках "новага парадку", каб беларуская мова заняла належнае месца ва ўсіх асяродках грамадскага жыцця. Уражвае і такі факт, калі адбываўся напярэдадні прыходу ў Менск Чырвонай арміі Другі Усебеларускі Кангрэс, калі ў такой страшэннай паніцы знаходзілілся ледзь не ўсе, хто прычыніўся да супрацоўніцтва з фашыстамі, з яго ўдзельнікаў ніхто падчас выступленняў не балакаў панямецку, а карыстаўся толькі родным беларускім словам. З ім жа не развітваліся ў сваім асяроддзі і ў гады эміграцыі, што, на вялікі жаль, не стала правілам для пасляваеннай і сучаснай Беларусі. Куды б ні закінуў няўдзячны лёс нашых ізгояў, яны ўсімі сваімі ўчынкамі імкнуліся самасцвярджацца ў беларускасці. І калі некаторым з іх пашчасціла наведаць дарагую Бацькаўшчыну падчас правядзення ў ліпені 1993 года у Менску Першага з'езду беларусаў свету, яны прыехалі сюды з жывым, сакавітым родным словам, чым прыемна здзівілі многіх жыхароў метраполіі, бо тут панавала не прыродная для яе мова, а занесеная звонку руская. Вось тут і разбярыся, хто бліжэй да беларускасці: уцекачы 1944 года ці той, хто ўвесь пасляваенны час жыў у адпаведнасці з сацыялістычнымі ідэаламі, быў пасіўным ці актыўным саўдзельнікам у фармаванні ў СССР бяскласавага і безнацыянальнага камуністычнага грамадства, цураўся роднай беларускай мовы?
Бяспрэчна, такія пачварныя з'явы ў нашай айчыннай гісторыі, як масавыя фізічныя рэпрэсіі 30х гадоў, братазабойныя паліцэйскапартызанскія сутычкі, забойствы паліцэйскімі партызанскіх сем'яў, а партызанамі - паліцэйскіх сем'яў, не мелі і не могуць мець апраўдання, хаця многія ўдзельнікі такіх злачынных акцый не па добрай волі, а ў выніку пэўнага збегу абставін прыкладвалі рукі да зброі. Галоўныя ж віноўнікі гэтага зверства - бальшавіцкая і фашысцкая таталітарныя палітычныя сістэмы. Без іх непасрэднага ўдзелу ніколі беларусы не паднялі б рукі адзін на аднаго. Таму трэба адвыкаць ад навязанага нам камуністычнымі ідэолагамі погляду на пасляваенных эмігрантаў, як на ворагаў беларускага народа. Нікому так часта не чаплялі гэты ярлык, як абранаму ў снежні 1943 года на пасаду Прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады (у асноўным дарадчай па сваёй дзейнасці) Радаславу Астроўскаму. Многа дзе даводзілася чытаць, што гэты закаранелы калабарант нібыта гарэў нястрыманым жаданнем дапамагчы фашысцкім уладам ледзь не пагалоўна знішчыць увесь беларускі народ, а астатнюю частку яго аддаць у вечнае нямецкае рабства. Згадзіцца з такім суровым абвінавачваннем не даюць многія факты з біяграфіі Р. Астроўскага: родам са Случчыны (18871976). За ўдзел у рэвалюцыі 19051907 гадоў выключаны са Слуцкай гімназіі. У лютым 1911 года Астроўскага асудзілі за рэвалюцыйную дзейнасць і засадзілі ў Пецярбургскую турму. Меў вышэйшую адукацыю, у 19161917 годзе выкладаў у Менскім настаўніцкім інстытуце, у верасні 1917 года стаў першым дырэктарам беларускай гісназіі ў Слуцку, дэлегат Усебеларускага з'езду ў Менску (снежань 1917 г.), удзельнік Слуцкага паўстання (1920 г.), дырэктар Віленскай беларускай гімназіі (19241936 гг.), супрацоўнічаў з ЦК КП (б)Б і КПЗБ, віцастаршыня ЦК Беларускай сялянскаработніцкай грамады, старшыня Таварыства беларускай школы. У час нямецкай акупацыі з'яўляўся бургамістрам Смаленска, Бранска, Магілёва. Яму належала ідэя стварэння цэнтральнага органа самакіравання на Беларусі, дзеля чаго прыклаў шмат намаганняў. Таму нядзіва, калі такі орган узнік, узначаліць яго даверылі Р. Астроўскаму. Галоўнай функцыяй Беларускай Цэнтральнай Рады прызнавалася змаганне з бальшавізмам. Якіхнебудзь рэпрэсіўных акцый супроць беларускага народа яна не ўчыніла, таму і Р. Астроўскага, і ўсіх супрацоўнікаў БЦР, у прыватнасці, першага віцапрэзідэнта М. Шкялёнка, другога віцапрэзідэнта Ю. Сабалеўскага, кіраўніка вайсковай справы Ф. Кушаля, фінансаў - С. Кандыбовіча, справамі культуры - А. Калубовіча, юрыдычнымі і рэлігійнымі - П. Свірыда, школьнымі - А. Скурата, прафесійнымі - С. Стаськевіча, сельскай гаспадаркі - П. Орсы і іншых несправядліва называюць ворагамі беларускага народа. Ва ўсіх заваяваных Германіяй краінах асобы за такое супрацоўніцтва з акупантамі не панеслі сур'ёзнай кары. Не абмінула яна толькі тых, хто меў прамое дачыненне да фізічнага знішчэння змаганцаў з акупацыйным рэжымам.
Савецкая ўлада не зняла ганебнага ярлыка "ворага беларускага народа" і з нашага другога добра вядомага грамадскапалітычнага дзеяча, навукоўца, педагога Яўхіма Кіпеля (18951969). З гэтай плямай адышоў і на той свет. Зразумела, падставы меліся ва ўлады так сурова ставіцца да гэтага шчыра адданага беларускай нацыянальнай ідэі чалавека. Як -ніяк ён жа з'яўляўся прэзідэнтам Другога Усебеларускага Кангрэсу і правёў яго паседжанні на належным узроўні. У сваім выступленні выказаў рашучы пратэст, што "ад нашага імя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскія заправілы", што "яны там вызначаюць апекуноў, якія ўжо рыхтуюць шыбеніцы нашаму народу." А вось што гэты чалавек праславіўся ў 19191920 гадах у баях на савецкапольскім фронце, плённа працаваў у Навуковатэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, розных тыпах навучальных устаноў, Інстытуце беларускай культуры і скрозь няўхільна зыходзіў з нацыянальных інтарэсаў Бацькаўшчыны, камуністычныя ідэолагі ніяк не жадалі ўзяць пад увагу.
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
Леанід Лыч
ДЗЕНЬ 23 ЛЮТАГА І ГІСТОРЫЯ ГЭТАГА СВЯТА
(Заканчэнне. Пачатак ў папяр. нумары.)
Аддзел Дыбенкі, як сведчыць М. Д. Бонч-Бруевіч, адразу адступіў на бліжэйшую станцыю як толькі матросы падышлі да Нарвы і ўбачылі ў полі нямецкі кавалерыйскі раз'езд - дзесятак коннікаў. Як піша М. Д. Бонч-Бруевіч: "Замест барацьбы з немцамі разбэшчаныя матросы заняліся бочкай са спіртам, якую здабылі па дарозе". Так скончылася "баявая аперацыя" пад Нарвай. Камандзіра і камісара аддзелу ваенна-рэвалюцыйны трыбунал прыгаварыў да расстрэлу, аднак, улічваюч іх рэвалюцыйныя заслугі, замяніў пакараннем адпраў-кай на фронт. Аддзел матросаў быў расфармаваны. Такой была сапраўдная "перамога" пад Нарвай.
У Пскове, паводле звестак, змешчаных у "Правде", 22 лютага 1918 г., прайшоў мітынг пскоўскай залогі. "З вялікім уздымам" яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю даць рашучы ад-пор нямецкім захопнікам. Аднак вечарам 24 лютага 1918 г. "Пскоў быў заняты невялікімі сіламі немцаў. Горад удалося б адстаяць, калі б быў аказаны супраціў. На жаль, салдаты ў першы момант паддаліся паніцы і не прынялі ніякіх крокаў да адпору". Так паведамляла бальшавіцкая газета. Нямецкая матацыклетная рота панесла страты ў 4 чалавекі (аўтамабіль наехаў на міну). Салдаты палка, што стаяў у Пскове разбегліся, і полк спыніў сваё існаванне. Такой была другая "перамога", на гэты раз "пад Псковам".
Такім чынам, свята Чырвонай (потым Савецкай) Арміі, а цяпер Узбро-еных сілаў Расіі мае міфічныя падставы прыдуманых перамог, у 30-80-я гады ХХ распрапагандаваных савец-кімі гісторыкамі і камуністычнай прапагандай.
Што тычыцца Беларусі, дык тут 23 лютага 1918 г. тым больш ніякіх гера-ічных падзей не адбывалася. Гэтая дата не мае аніякага дачынення да беларускай вайсковай гісторыі. На тэрыторыі Беларусі, дзе знаходзіўся фронт па лініі Дзвінск - возера Нарач-Смаргонь-Крэва-Карэлічы-Баранавічы - Пінск, як толькі салдаты "Расійскай рэвалюцыйнай арміі" (афіцыйная назва старой арміі) даведаліся аб ультыматыме германскага камандавання ад 16 лютага 1918 г., што нямецкія войскі пачнуць наступ кінуліся наўцёк перад наступаючымі нямецкімі войскамі, рабуючы па дарозе панскія маёнткі. Пра гэта ёсць мноства сведчанняў, напрыклад, мемуары фундатара Чырвонага Касцёла ў Менску Э. Вайніловіча.
21 лютага 1918 г. у 3 гадзіны дня першы нямецкі цягнік прыбыў у Менск 25 лютага немцы занялі Барысаў. Гэтым падзеям папярэднічалі ўцёкі з Менска ў Смаленск бальшавіцкага кіраўніцтва Заходняй вобласці і Заходняга фронту на чале з А. Мясніковым. Тут таксама можна прывесці дакументальныя сведчанні: Напрыклад, газета "Известия" ў нумары ад 26 (13) лютага 1918 г. (№34) прыводзіла звесткі з Менска ад 19 лютага з абласнога Савета народных камісараў (са спазненнем): "На экстран-ным паседжанні Савета Народных Камісараў было пастаноўлена эвакуяваць абласны Савет" і "ў 4 гадзіны дня Савета ўжо не было". Ніякіх баёў з нямецкімі войскамі ў Беларусі не бло. Хто мог, уцякаў ад немцаў.
Мы бачым, што дата 23 лютага 1918 г. да Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь ніякага дачынення ўвогуле не мае.
Аднак воляю лёсу менавіта на гэты дзень прыпадае яшчэ адна дата - прычым таксама звязаная з пэўнай вайсковай сілай. 23 лютага 1944 г. паводле за-гада генеральнага камісара Беларусі Курта фон Гот-берга пачала стварацца Беларуская Краёвая Абарона (БКА) - вайсковае фармаванне для барацьбы супраць бальшавізму.
Зразумела, кожны вырашае сам, што адзна-чаць 23 лютага - ці чарговую гадавіну стварэння БКА, ці памяць пра міфі-чныя перамогі Чырвонай Арміі Савецкай Расіі, ці неафіцыйнае "свята муж-чынаў" (ёсць лішняя нагода падняць чарку і закусіць скваркай). Аднак варта было б узгадаць яшчэ адну падзею, якая, насамрэч, больш за ўсе іншыя нагадвае аб нашай вайсковай славе.
Падчас уздыму ад-раджэнскага руху ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўпершыню была адзначана са-праўды гераічная старонка нашай айчыннай гісторыі - гадавіна Аршанскай бітвы, калі 30 - тысячнае беларускае войска К. Астрожскага цалкам разграміла 80-тысячную армію Маскоўскага вялікага княства. Адбылося гэта 8 верасня 1514 г . Вось чаму менавіта 8 верасня і адзначаецца беларускімі патрыётамі як наша на-цыянальнае вайсковае свята - Дзень беларускай вайсковай славы.
Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, прафесар
Для Бацькаўшчыны не шкода ні сілаў, ні грошай
Уладзімір Содаль, даследчык Багушэвічавай творчай спадчыны, аўтар шэрагу кніг пра Прарока беларускага адраджэння - "Людзьмі звацца" (1977), "Францішак Бенядзікт Багушэвіч" (1986, фотаальбом), "Кушлянскі кут" (1990), "Сцежкамі Мацея Бурачка" (1991), "Жупранская старонка" (1992), "Свіранскія крэскі" (1995) за ўласныя грошы выдаў яшчэ адну кніжачку "Умей слухаць". На ёй так і напісана:
"Гарэлкі не п'ю
цыгарэтаў не смалю,
а за гэтыя грошыкі
кніжачку выдаю.
Спрыяй мне, Божа, і надалей."
У кніжачку ўвайшлі жартоўкі, анекдоты, народныя аповеды, досціпы, запісаныя ў Багушэвічавых Кушлянах.
Вельмі вясёлыя і дасціпныя людзі жылі і жывуць у гэтым краі. На кожную нагоду ў іх ёсць сваё слова, свой жарт. Гэтую кушлянскую дасціпнасць колісь ведаў Францішак Багушэвіч. Ён поўнай жменяй чэрпаў з народных крыніцаў словы, сюжэты для сваіх твораў.
Зусім магчыма, што многае з таго, што прапанавана тут чытачам, ідзе з Багушэвічавых і, нават, ранейшых часоў. Многае, відаць, ён чуў на свае вушы і меў запісаным у сваім сшытку. Паміж іншым, у самым грунтоўным томе беларускіх жар-таў з 1127 досціпаў з Смаргоншчыны ды Ашмяншчыны апублікаваны толькі тры досціпы, а ў кніжаццы У. Содаля іх - 166.
Яраслаў Грынкевіч.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў сакавіку
Адаміна Алена Анацка Ганна Андрэас Анатоль Антонава Алена Арочка Ларыса Аскерка Анатоль Астаповіч Галіна Аўсяннікава Тамара Бабко Таццяна Баброўская Людміла Бандарэнка Юлія Бародзіч Ганна Баршчэўскі Лявон Барэль Таццяна Баўсюк Мікола Бахцізіна Кацярына Бермант Раіса Богдан Вадзім Бойка Сяргей Бубула Вольга Бутылін Міхась Васільчанка Мікола Владыкевіч Алеся Войшніс Фаіна Вянгура Ніна Вячорка Францішак Гаркавая Людміла Гарэлікава Ларыса Герасімовіч Валянцін Гук Ганна Іванаўна Гуркоў Канстанцін Дайлідка Юрый Дапкюнас Жанна Дарашкоў Сяргей Дзіцэвіч Рычард Дзмітруковіч Вольга Дзямчук Таццяна Другакова Марына Дрык Людміла Дубіцкі Уладзімір Дыдышка Ніна Дэц Алена Жалкоўскі Аляксандр Задаля Валерый Занкевіч Сяргей Згірскі Міхаіл Здзітавец Алена Іванова Бярнарда Каваль Ірына Кавальчук Дзмітрый Казлова Аляксандра Каліновік Вольга Капковіч Вольга Карабач Марыя Каралёва Таццяна Кашкур Іосіф Кечанкоў Мікалай Кірылаў Герман Кіслая Вольга Клімавец Яўгенія Козел Ларыса Конічава Галіна Корань Вольга Крол Цімур Крук Ларыса Кунцэвіч Уладзімір Курбацкі Аляксандр Кухаронак Валянціна Лапенка Аляксей Лапіцкі Аляксей Латушка Ірына Леўшукоў Андрэй Ліннік Мікалай Лісоўскі Тарас Ліцьвінчук Наталля Лукашук Марыя Луханіна Алена Лысюк Станіслаў Майсяёнак Алена Макар Юры Макарэвіч Сяргей Малажай Галіна Малахава Людміла Малашанка Зміцер Марачкін Аляксей Марус Алена Мельнікава Анжэла Мельнікава Святлана Мельнікава Таццяна Мерцалава Надзея Мінава Вера Місевіч Мар'ян Мухіна Надзея Мяцюн Таццяна Носава Галіна Падгайскі Мікалай Пазняк Марыя Паўлавец Зьміцер Паўлюковіч Ніна Пацюпа Юры Пералайка Мікалай Праконіна Вера Пухоўскі Аляксандр Пяткевіч Аляксей Райчонак Алег Раманоўская Яніна Рамашкевіч Ірына Рамашэўская Людміла Рулевіч Алена Русянчук Марта Рымша Ангеліна Санько Зміцер Саўчанка Марыя Севастьянава Ганна Сідаровіч Ала Сідарэвіч Святлана Сінькевіч Сяргей Стаўбун Ірына Стаціўка Мікалай Страха Соф'я Стэпусь Васіль Суравіцкі Віталь Сушко Вера Сцямпкоўскі Сяргей Сцяцко Павел Сырыца Віктар Сянкевіч Васіль Табушава Ірма Тамулёнак Мікалай Толсцік Вольга Трацяк І.І. Турок Марыя Узлоўскі Валянцін Федаровіч Валерый Філіпаў Мікалай Хабян Вольга Харашылава Тамара Цвяткова Надзея Чаляпін Аляксей Чарняўская Святлана Чашчына Наталля Шагулін Алег Шадыра Вадзім Шарах Генадзь Шаргаева Святлана Шахоўская Святлана Шэметава Алеся Якубоўская Таццяна Якубук Наталля Яноўская Марыя Янчанка Алена
ПАРТРЭТЫ, ЯКІЯ КРЫЧАЦЬ, ГАВОРАЦЬ І КЛІЧУЦЬ
Палац культуры Маладзечна сваю вялікую выставачную залу прадставіў для экспазіцыі твораў сябра Беларускага Саюза мастакоў, творчай суполкі "Пагоня" Алеся Цыркунова.
Выстаўляцца ў такім найпрыгожым будынку горада вялікая пашана і гонар кожнаму мастаку. А тое, што ў гэтым месцы знайшлі прытулак высокапатрыятычныя, філасофскага гучання творы мастака гаворыць аб некан'юктурных, незапалітызаваных адносінах кіраўніцтва горада да нашай гісторыі, культуры.
Вернісаж выставы з назвай "Асоба і час" адбыўся 9 лютага. Адкрыў яго мастак Палаца культуры, які самаахвярна дапамагаў у яе падрыхтоўцы, выпуску адпаведнага буклета, Пётр Міхасёнак. Затым, павіншавала букетам з адмыслова складзеных колераў кветак начальнік аддзела культуры гарвыканкаму Надзея Сідарэнка. Яна сказала, што ўражанне ад выставы ашаламляльнае. Усе творы маюць уласнааўтарскі цікавы погляд, яны напоўнены глыбокім філасофскім сэнсам. Яны паказваюць падзеі мінуўшчыны. Там дзе жыве душа мастака, там душа нашага народа.
Павіншаваў калегу па пэнзлю старэйшы мастак горада Кастусь Харашэвіч.
Гэта выстава для Маладзечна - значная падзея. Нажаль зала не вельмі прыцягальная для простага люду..., сказаў ён.
Эмацыйна выступіла старшыня літаратурнакраязнаўчага аб'яднання Палаца Ларыса Сысун. З яе гурта мясцовыя паэты чыталі вершы і падарылі аўтару выставы зборнікі сваіх твораў. Адна прыкрасць крыху пашкодзіла вернісажу. Ці то памыліўся хтось, ці то наўмысна. У мясцовым друку аб'ява запрашала на адкрыццё выставы ў іншы дзень. Таму наведвальнікаў было не шмат.
Ідэю вылучыць партрэт, як асобны жанр з рознажанравай 30гадовай творчасці мастака, у асобную выставу прапанавалі жыхары Вілейкі Мікола і Інэса Сцебуракі, ініцыятары ўсіх культурніцкіх, мастацкіх навацыяў у сваім горадзе. Там яна ўпершыню і пабачыла свет. Маладзечна - другое месца экспазіцыі.
Я абмежаваўся партрэтам, які тычыцца нашай гісторыі. Наша грамадства патрабуе гэтага сёння і, найперш, задача кожнага мастака вяртаць народу гістарычную памяць, кажа Алесь Цыркуноў.
Партрэты, напісаныя ім, гэта не проста фатаграфічныя выявы. Кампазіцыя, форма выражэння каларыт фарбаў у спалучэнні з экспрэсіянізмам ствараюць высокаэмацыйны уздым. Здаецца, некаторыя партрэтныя выявы крычаць: "За што?", "Дакуль гэта будзе?" Гэтыя воклічы зліваюцца ў вушах з уласным прытокам крыві да скроняў ад адчутага хвалявання.
Узрушаны і ў глыбокім роздуме адыходзіш ад сюжэтных партрэтаў Міколы Ермаловіча, Міхася Ткачова, Уладзіміра Дубоўкі, Максіма Танка. Выціскае слязіну ўспаміну аб трагічнай мінуўшчыне. Што нагадваюць эпахальныя партрэты нашай Бацькаўшчыны "На куццю Купала", "Покліч", "Неўміручасць" , "Дакуль?". Пасля іх прагляду не пакідае адчуванне вокліча "Дакуль, дакуль будзе здзек над нашым народам, ці застанецца мінулае ў мінулым?
Затрымлівае ля сябе палатно "У нядзельку". Чыста беларускі інтэр'ер вясковай хаты. Усё рукатворнае, самабытнае, натуральнае. На сценах у партрэтахвітрынах здымкі родных, выхаваных дзецей. На прыбраным ложку сядзяць яны: муж і жонка. Магчыма гэта мае бацькі, альбо бабуля з дзядулем ці кагонебудзь з гледачоў. Настолькі прыцягальнымі і блізкімі яны падаюцца да ўспрымання, асабліва тым, хто вырас ў вёсцы. Абыходзіш выставу і нехаця азіраешся назад на партрэт гэтых людзей. Неяк не хочацца пакідаць іх у адзіноцтве. Падаецца, быццам наўздагон ціхае іх: "Не пакідайце нас, помніце пра нас!"
Вось партрэт прыгожай маладой асобы. У яе багатыя ўпрыгожванні. У руцэ трымае зборнік вершаў Максіма Багдановіча "Вянок". Хто яна, артыстка, паэтка? Яе постаць вернута з забыцця мастаком: Марыя Магдаліна Радзівіл - шчодрая фундатарка ўсіх беларускіх ініцыятыў. Ад яе атрымлівалі дапамогу на беларускую справу браты Луцкевічы, суполка "Загляне сонца ў наша аконца", фінансаваліся правядзенні з'ездаў, сходаў, канферэнцый. Атрымаў ад яе грошы на выданне кнігі "Вянок" і друкар Кухта. Гледзячы ў твар гэтай асобы, падалося, што яе строгія губы і суровыя вочы з дакорам пытаюць у гледачасучасніка: "Ну, а вашы, барацьбіты адраджэння, дзе фундатары, чый бы партрэт годна мог змясціцца побач?". У роспачы адыходзіш, успамінаючы якімі высілкамі рабілася гэта выстава: і матэрыяльнымі і фізічнымі самога мастака, дзякуючы яго чуйнай душы да гісторыі Беларусі.
"Любаньскі ветэран" ўсёй сваёй выявай у роздуме быццам пытае ў нас: "За што ваяваў?". Пэўна ж не дзеля ўзнагародаў, якія ён захоўвае ў папяровай скрыначцы. Іх там у коптар. Але сціпласць навакольнага ў памяшканні, штучныя кветкі гаворыць аб вартасцях узнагарод: уласнага шчасця, багацца не заваяваў. Вось вынік здзейсненага гераізму.
Не класічна, зусім у іншай наватарскай форме пададзены партрэт маці. Стылізацыя формы, спрошчванне фігуры, узмацняючы каларыстычнае гучанне мастак гэтым самым узмацняе эмацыйнае ўспрыманне.
Да партрэта я адношуся з такім патрабаваннем як да нацюрморта ці да іншага жанравага твора. Жывапіс - гэта жывое выражэнне зматэрыялізаванай формы прыроды. Вобраз павінен быць жывым, несці адчуванне жывога, гаворыць сам мастак.
Натхняюць сваім абліччам, клічуць быць гатовымі бараніць сваю краіну, яе незалежнасць асобы партрэаў: Міхаіл Клеафанс Агінскі, граф Міхаіл Валовіч, Вялікі князь Вітаўт, сучаснік прафесар Мікола Савіцкі.
Мова - душа народа, Богам дадзеная. Першыя, хто нёс беларускую духоўнасць быў Францішак Скарына, выдаўшы святую кнігу на мове народа. Яго постаць з лямпай у руцэ ля друкарскага вырштату -самы вялікі партрэт. Да выставы ён шмат гадоў абагаўляў сядзібу Таварыства беларускай мовы. На выставе пачэснае месца займае святар Вішнеўскага касцёла Уладзіслаў Чарняўскі. Здаецца, ён узіраецца на наведвальніка і радуецца прыйшоўшаму да яго, прыйшоўшаму да Беларусі. Ён першы, хто пераклаў Біблію на сучасную беларускую мову. Такі ж апантаны беларускі святар Міхаіл Баброўскі ўзіраецца на сучасніка ў класічнай мастацкай форме выражэння. "Калі ж заспявае народ?" падумаецца, гледзячы на партрэт фалькларыстаў "Спевакі Валодзя і Святлана Салодкія". Вобразна пададзены партрэты Уладзіміра Пецюкевіча, Валерыя Жывалеўскага", Зянона Пазняка, музыкі Паплаўскага.
Цыкл партрэтаў, які можна назваць "Ліхалеццем гартавання" Гэта асобы якія перажылі рэпрэсіі сталінізму: Віктар Сікора, Яўген Калубовіч, Мікола Канаш, Антось і Алесь Фурсы, сябра дыверсійнага аддзелу Фалістовіча Цімох Вострыкаў. А такі, як Сяргей НовікПяюн, зведаў і перажыў рэпрэсіі аж трох уладаў польскай, нямецкай і камуністычнай. Іх лёс не зламаў. З партрэтаў на нас пазіраюць асобы, што выражаюць геніяльнасть, інтэлектуальнасць і філасофію жыцця. Яны не маўчаць, яны клічуць...
Нядаўна, дзесь заміраточылі абразы і аб гэтым цудзе святары абвясцілі ва ўсіх беларускіх СМІ. Ці будзе заўважана, што ёсць такая выстава партрэтаў, якія крыкма крычаць аб тым, чаго нельга забываць, бо бяспамяцтва вядзе ў бездань. Дзе знойдзе яна далейшы прытулак? Тэрмін яе экспазіцыі ў Маладзечна абмежаваны - да 9 сакавіка.
Мікола Лавіцкі.
МУЗЫКА ДЗЯЦІНСТВА Ў ПРОЗЕ ІВАНА НАВУМЕНКІ
(Заканчэнне. Пачатак к папярэдніх нумарах.)
У асобе Косці Кветкі і яго сяброўаднакласнікаў аўтар паказаў тое даваеннае пакаленне, якое ў гады Вялікай Айчыннай вайны пойдзе абараняць Радзіму з школьнай парты. Далей апавядаецца аб тым, што дзесяты клас закончыў школу паспяхова, і па гэтай прычыне ладзіўся ўрачысты выпускны вечар. Але вечара ў той год не было-пачалася вайна.
Апавяданне «Настаўнік чарчэння» - надзвычай паэтычнае, сатканы з рытму музыкі, з успамінаў аб днях школьнага маленства і ваеннага юнацтва, калі рэчаіснасць паўставала ў адзінстве радасці і смутку. У сорак пятым, калі ўжо ішлі баі за Берлін, Косця Кветка вярнуўся ў родны гарадок. «У яго былі тры ордэны на гімнасцёрцы і пусты правы рукаў...».
Характэрна, што ўсе творы Івана Навуменкі ляжаць блізка ад уласнага жыццёвага досведу, ад памяці дзяцінства, яго музыкі. Музыка дзяцінства, нават такога, якое прыйшлося на долю пісьменніка, нясе на сваіх хвалях і радасць таксама, безумоўна, асаблівую радасць. Перажыўшы жахі вайны, пісьменнік цяпер ведае радасць жыцця, уласцівую і дзіцяці, і падлетку, і юнаку, якім сам не змог пабыць у поўную меру. З сяброўравеснікаў даваеннага пакалення навуменкаўскіх герояў вырастаюць сапраўдныя, добрыя і духоўна багатыя людзі. І чытач у гэтым пераконваецца: « Спачатку Косця працаваў фізруком у той жа школе, дзе выкладаў чарчэнне і маляванне Апалінарый Феактыставіч. Цяпер ён ужо завочна закончыў інстытут і выкладае фізіку /.../ І калі тлумачыць Косця закон Архімеда, ён гаворыць не толькі пра выцесненую целам вадкасць, а і пра жыццё самога Архімеда з Сіракузаў, які храбра абараняў свой горад ад ворагаў».
Навуменкалітаратуразнаўца піша: «Самая паэтычня, самая багатая на набыткі, на ўражанні і вельмі важная ў сэнсе выхавання будучага грамадзяніна - гэта пара дзяцінства» («Кніга адкрывае свет»). Прыгадаем у гэтай сувязі яшчэ адну з аповесцей Івана Навуменкі пра дзяцінства.
Цяжкасці жыцця ў гады калектывізацыі адлюстраваны ў аповесці «Дзяцінства». Гэтая тэма раскрыта аўтарам з пункту гледжання сённяшняга дня. Крывавымі крокамі прайшлася калектывізацыя па лёсах людзей. Спачатку Васева сям'я жыла нядрэнна. Бацька меў карову, каня, свіней, курэй. Пачынаецца калектывізацыя. І чытач разам з падлеткам Васем Войцікам нанава перажывае тыя цяжкія часіны: хвалюецца за дзядзьку Івана, які павінен аддаць усё, што напрацаваў за сваё жыццё, хвалюецца за Гудовіча і настаўнікаў, якіх абвясцілі ворагамі народа. Васю незразумела адно: неяк вельмі жорстка арганізоўваюць калгасы. Так, калгас у мястэчку створаны, але што ён сабой уяўляе, Вася не ведае. Зямлі цяпер ні ў бацькі, ні ў дзеда няма.
І. Навуменка як аўтар празаічных твораў для дзяцей, з*яўляецца адным з лепшых майстроў тонкага псіхалагізму. Ён не толькі выявіў сябе як майстра псіхалагічнага аналізу характараў падлеткаў, але і пашырыў тэматыку беларускай дзіцячай літаратуры. Аповесці «Вайна каля Цітавай копанкі» і «Дзяцінства» прысвечаны перыяду напружанай барацьбы з класавым ворагам у гады калектывізацыі. Час, эпоха выяўляюць сябе не толькі ў дэталях побыту, але і ў звароце да актуальных праблем, якія звязаны з выхаваннем калектывізму, гуманізму, выхаваннем гонару за свой народ, народных традыцый, абрадаў і свят.
Сама пабудова аповесці «Дзяцінства», паступовае раскрыццё лёсу людзей старэйшага пакалення і малодшага адлюстроўваюць народную мудрасць бацькоў, растучую духоўную сталасць падлеткаў. Аўтару ўдалося паказаць, што людзі памятаюць свае карані,а значыць, не парываюць сувязі часоў пакаленняў. Традыцыі сям'і - важныя фактары выхавання. Навуменкалітаратуразнаўца піша: «Нашы дзеці, выходзячы ў жыццё, не павінны баяцца ніякай працы, мы хочам іх бачыць праўдзівымі, культурнымі...». Навуменкапразаік памастацку праўдзіва, з педагагічным тактам расказвае пра лёс сям'і Васі Войціка. Чытачу падабаецца Васева сям'я, яна - працалюбівая, а гэта, у сваю чаргу, перадаецца дзецям, стымулюе ўдасканаленне працоўных навыкаў.
Трэба адзначыць яшчэ, што кожная рэч у вёсцы расказвае пра яе умельцаў. Дзед Васеў сваімі рукамі зруб пад хату паставіў. Дзед Піліп, як і ягоны сваяк Пятро, вельмі працавіты. Дня не згуляе: сее, барануе, косіць, малоціць збажыну, возіць дровы з лесу. Добры майстра Іван Казёл, які ўмела лепіць грубкі і печы.
Малюючы вобраз Васі, пісьменнік пазбяге ідэалізацыі, аўтара больш цікавіць жывы хлопчык з уласцівымі яму пачуццямі, дзіцячым клопатам, хваляваннямі, марамі, радасцямі і засмучэннямі. Пісьменнік імкнецца, каб кожны з герояў гаварыў «сваёй» мовай, якая адпавядае яго ўзросту і характару. Мова сямігадовага Васі Войціка выдзяляецца эмацыянальнасцю, лірызмам, які спалучаецца з лёгкім гумарам. Прыгадаем адзін эпізод: Вася вельмі марыў хутчэй пайсці ў школу. Разам з іншымі, не маючы патрэбнага ўзросту, прыйшоў у першы клас. «Чытаючы па спісе прозвішчы вучняў, маладая прыгожая настаўніца, якую завуць Галіна Аляксандраўна, Адама выклікае, а Васю - не. Тады Вася ўстае сам, называе сваё прозвішча.
- Цябе ў спісе няма, - гаворыць настаўніца. - Ты яшчэ малы.
- Мне сем гадоў і сем месяцаў.
- Трэба, каб было поўныя восем. Прыйдзеш на будучы год.
- Мне тады будзе болей як восем гадоў. Я ўжо стану стары...»
Іван Навуменка надзелены мастацкім дарам ствараць лаканічныя дыялогі. Прыведзены дыялог асабліва значны для ўзросту хлопчыка Васі. Дыялог робіць апавядальны тэкст больш цікавым, дынамічным, характарызуе дзеючую асобу і адначасоваўменне пісьменніка ствараць запамінальныя дыялогі.
Вось якая музыка дзяцінства хвалюе памяць і слых пісьменніка. Вось што цікава і паказальна: свет дзяцінства відавочна нагадвае рэальны, біяграфічна дасканала вядомы Івану Навуменку свет.
Праз уражлівы свет дзіцячай душы галоўнага героя «Дзяцінства» Іван Навуменка паказвае свае адносіны да рэчаіснасці, жыццёвых з'яў, да жыхароў мястэчка. Памяць дзяцінства, часам нялёгкага, але цікавага, ідэя вяртання да народных вытокаў, каранёў, звычаяў, абрадаў, яднання чалавека і прыроды найбольш драматычна і завершана ў аповесці «Дзяцінства». І. Навуменка вельмі памайстэрску пераканаўча раскрыў псіхалагічны, духоўны свет падлетка. Хлопчык захапляецца птушкамі, у яго хапае часу зірнуць навокал, палюбавацца прыродай, выкарміць маленькае савянё. А яшчэ Вася ўмее радавацца кожнаму святу, якія так хораша святкуюць у мястэчку Базылевічы: Каляды, Вялікдзень, Дзяды. Іван Навуменка надзвычай падрабязна і ярка раскрыў святочную прыгажосць народных традыцый, абрадаў. Вася ганарыцца, што вывучыў дзве новыя шчадроўскія песні, якія спявала яму маці. Вось адна з іх:
"Шчодры, шчодры
Вечар добры.
Дайце каўбасу-
Занясу Міхасю,
Дайце пышку -
Занясу Рыжку,
Дайце скварку-
Узрадую Адарку...
У сваіх кнігах І. Навуменка імкнецца паказаць, як бясконца разнастайная палітра нацыянальных метадаў выхавання, колькі духоўнага багацця і мудрасці захоўваюць яны. Так , у аповесці «Дзяцінства» розныя калядныя, вясельныя песні і прыпеўкі слухаюць дзеці мястэчка, розная музыка гучыць вакол іх і ў будні, і ў святочныя дні. Але, падымаючы да святла і жыцця сваіх немаўлят, сваіх дзяцей, бацькі пры ўсіх складанасцях жыцця выхоўваюць у іх павагу да старэйшых, любоў да маці, клапоцяцца аб маральным і фізічным выхаванні. Розныя гісторыі някепска ўмее расказваць бабка Аўгіння, Ілья Кісель шмат ведае пра розныя травы, бубачкі і насенне, якое на іх вырастае, пра карэньчыкі траў, пра розныя ягады, галоўнае - пра тое, што можна есці і што есці нельга. Вася дзівіцца: колькі га свеце прыгожага! Калі ўважліва прыгледзецца да тых народных традыцый выхавання, якія раскрывае І.Навуменка на старонках аповесці, то мы заўважым, што яны існуюць стагоддзі. Аднак жыхары Базылевіч беражліва захоўваюць гэтыя традыцыі народа і адчыняюць ім дзверы ў жыццё маладога пакалення. І. Навуменка яскрава паказвае, як народ педагагічна правільна выхоўвае ў сваіх дзецях такія якасці, як дабрыню, справядлівасць, сумленнасць, любоў да працы, да народных традыцый.
Кнігі І.Навуменкі прасякнуты любоўю да бацькоўскай зямлі, да людзей працы, да памяці дзяцінства, заклікаюць дзяцей любіць родную мову, маці, любіць, шанаваць і паважаць старэйшых, прывіваюць любоў да прыроды.
Майстэрства І. Навуменка праяўляецца і ў тым, што ён валодае ўменнем знаходзіць у паўсядзённым жыцці крупінкізалацінкі народнай педагогікі і памайстэрску ўмее адлюстраваць іх у творах для дзяцей.
Не цяжка заўважыць, што галоўным у таленце надзвычай самабытнага пісьменнікасучасніка з'яўляецца яго мастацкае ўменне ў звычайным убачыць нешта значнае, выявіць паэзію і музыку у звычайных жыццёвых сітуацыях дзяцей, падлеткаў, юнакоў, дарослых. Ён таленавіта валодае словам, вобразнавыяўленчымі сродкамі мовы, умее цікава расказаць аб перажытым. Яго кнігі прозы для дзяцей выконваюць сваю вялікую выхаваўчую місію, яны здольны глыбока ўзрушыць розум і сэрца чытача любога ўзросту.
Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту выйшла кніга І. Навуменкі «Год карася» ( Мінск: Юнацтва,1988). І дарослы, і юны чытач атрымлівае эстэтычную асалоду не толькі ад дасціпнсці і аптымізму гэтай кнігі, але і ад рэдкага сплаву мастацкай дасканаласці і знешняй немудрагелістасці кожнага з апавяданняў, кожнай навелы, большасць з якіх прысвечаны выхаванню любві да роднай прыроды праз вобразы дзяцей,праз іх духоўны свет.
Для таго каб зберагчы лес, рэкі, моры не раз прымаліся пастановы.. Гэтая праблема як ніколі абвастрылася на сучасным этапе. Аднак, аказваецца, адных пастаноў недастаткова. Працэс экалагічнага разбурэння па розных прычынах не спыняецца. Відавочна, што многае, вельмі многае, залежыць ад кожнага чалавека, пачынаючы з падлетка, школьніка. У выхаванні любві да роднай прыроды ў дзяцей вялікую ролю прызваны адыграць нстаўнікі. І ў гэтай справе іх самы блізкі памочнік - мастацкая літаратура. Дастаткова назваць імёны беларускіх пісьменнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, І. Мележа, Я. Брыля, М.Танка, каб адчуць, як многа можа даць іх творчасць у экалагічным выхаванні падрастаючга пакалення.
Калі з гэтага боку падысці да кнігі народнага пісьменніка Беларусі І. Навуменкі «Год карася», можна пераканацца, што аўтар шмат увагі ўдзяляе жыццю роднай прыроды, імкнецца не толькі прывіць любоў да прыроды, але і дабіцца, каб юны чытач станавіўся абаронцам прыроды. Хто застанецца абыякавым, чытаючы навелу «Год карася»?
«У часіну, калі Мікалай Іванавіч у добрым настроі, калі не точаць душу клопаты, згрызоты, ён з прыемнасцю ўспамінае год карася. Чаму карася, якога карася? Мікалай Іванавіч чуў ці чытаў, што па японскім ці па нейкім іншым усходнім календары існуюць гады свінні, сабакі, змяі. Магчыма, ёсць год рыбы, а значыць, у нейкай меры і карася. Але справа не ва ўсходнім календары. У жыцці самога Мікалая Іванавіча, праўдзівей, ягонай сям'і і быў год карася, і гэты шчаслівы год надоўга запомніўся».
Такі гумарыстычны пачатак невялікага па аб'ёму твора выклікае добразычлівую ўсмешку, асацыятыўна вяртае чытача ў сённяшні дзень, калі па зорках наступіў год Малпы. У цэнтры ўвагі пісьменніка не падзеі, хаця яны адлюстраваны з амаль кінематаграфічным дынамізмам, а паводзіны і духоўны свет трох герояў - трох падлеткаў, якія «падаравалі жыццё выдатнаму карасю і ад гэтага радаваліся».
«Трэба было бачыць гэтае шэсце! Наперадзе ішоў Мікалай Іванавіч, за ім важна з усведамленнем высокай місіі, ускладзенай на яго, крочыў сын, які нёс у вядзерцы з вадой абамлелага карася, і ззаду, пабраўшыся за рукі, з заплеценамі ў косы бантамі, падскоквалі дзяўчынкі. Калі карася кінулі ў раку, ён хвіліну ці дзве стаяў на паверхні, відаць, не разумеючы, што з ім адбываецца, потым уздрыгнуў, вільнуў хвастом, нырнуў у глыбіню і знік з вачэй...»
Вялікую ролю ў справе выхавання ў дзяцей дабрыні і міласэрнасці да прыроды і да ўсяго жывога адыгрывае кароткае апавяданне пра зайчанё, якое Вася знайшоў у бярэзніку і з гэтым зайчанём прыйшоў дадому («Хатняе зайчанё»). За лета зайчанё вырасла ў вялікага шэрага зайца. За дзень да пачатку школьных заняткаў заяц знік. У школе Вася расказаў пра зайца настаўніку. Настаўнік не ўхваліў Васевага ўчынку.
- Дрэнна, - сказаў ён. - Звярок адвык ад лесу, ад тых прыродных умоў, у якіх ён павінен жыць. Зімой будзе яму цяжка, і ён можа загінуць. Печы ж у лесе няма». Юны чытач спачувае хлопчыку, які так доўга сумаваў і даў сабе слова ніколі болей не лавіць зайцоў.
Пісьменнік разумее, што характар чалавека, яго адносіны да жыцця пачынаюць складвацца з самай ранняй пары. Маленькія героі апавяданняў Івана Навуменкі глядзяць на свет сур'ёзна. Чытач бачыць, як дарослыя героі твораў пісьменніка выхоўваюць у дзяцей гуманныя адносіны да жывой прыроды з самага ранняга ўзросту.
Апавяданне «Па грыбы» - ўспамін дзяцінства, які паклаў адбітак на ўсё жыццё пісьменніка. І тут ідзе размова пра добратворны ўплыў зносін чалавека з прыродай. Мы чытаем: «Грыбы... Лясная казка. Паэма сэрца... Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці /.../ -Грыб! Крыкнуў я, укленчыўшы на зямлю, як бы баючыся, што грыб ад мяне ўцячэ. - Не руш! Крыкнуў Коля на бягу.-Ты б яго з каранём вырваў... Не трэба так. Падрэж. А калі грыбніцы не зрушыш, тут яшчэ баравікі будуць...».
Тэма самасцвярджэння падлетка, а таксама тэма міласэрнасці, так актуальная ў нашы дні, вырашаецца пісьменнікам фактычна на матэрыяле штодзённага жыцця, адметна гучыць у такіх, напрыклад, апавяданнях, як «Звіні, званок!», «Хлопчык Рудзік і сабака Дудзік», «Гняды», «Мяшок белага наліву», «Жуль Верн», «Птушкі любяць волю», «Як мы лавілі шпіёна», «За капусту», «Сустрэча з маршалам», «З дадаткам» і інш.
Героі іх - звычайныя дзеці, і іх сталенне адбываецца па сутнасці ў ходзе самых звычайных, радавых выпадкаў, падзей. Дзецям, падлеткам вуснамі герояўдзяцей І. Навуменка расказвае пра жыццё з супярэчнасцямі, паказвае не толькі добрае, але і дрэннае, вучыць змагацца з нядобрымі думкамі, учынкамі.
Пранікнёна адчуваючы паэзію роднай зямлі, асабліва Гомельшчыны, куды Іван Навуменка сваімі пісьменніцкімі клопатамі вяртаецца, ён пачынаў пісаць апавяданне з рытму, які, на яго погляд, перадаваў настрой, «калі можна сказаць так, «музыку часу». У сапраўднай прозы, уласна кажучы, заўсёды ёсць свой рытм, які залежыць ад таленту, пачуцця мовы, ад добрага пісьменніцкага слыху. І гэтыя ўсе якасці, на наш погляд, уласцівы Навуменкупразаіку. Ён трымае чытача ў пастаянным напружанні, вядзе яго за сабой, не дапускаючы ў мастацкім тэксце нерытмічных месц, каб чытач не рызыкаваў спаткнуцца на іх.
Зоркае сацыяльнае бачанне разам з псіхалагічнай глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары робяць апавяданні І. Навуменкі значнай з'явай. У апавяданнях адчуваецца і аўтарскі голас, голас нашага сучасніка, адчуваецца ўлюбёнасць аўтара ў сваіх герояў, у памяць свайго дзяцінства. Учытваючыся ў радкі апавяданняў, пачынаючы з зачынаў, прыемна здзіўляешся таму класічнаму майстэрству, якое дапамагае чытачу высока ацаніць уменне пісьменніка бачыць у сваіх герояхпадлетках, дзяцей малодшага школьнага ўзросту найтанчэйшыя псіхалагічныя нюансы ўнутранага свету , душэўнага руху, сталення герояў.
Дынамічная мова і стыль, высокія паэтычныя малюнкі палескага пейзажу, вясёлыя прыгоды юных герояў, а таксама лясных звяркоў, птушак, рыб не толькі дапамагаюць раскрыццю забаўных сюжэтаў, характару герояў, але і з'яўляюцца адначасова сродкам эстэтычнага выхавання.
Добрая, праўдзівая кніга І. Навуменкі «Год карася» дапаможа настаўніку і бацькам выхоўваць лепшыя гуманістычныя якасці ў дзяцей і падлеткаў на нялёгкім шляху аднаўлення нашага жыцця.
«Няма на зямлі чалавека, ідэальнага ні ў адносінах да хібаў, ні ў адносінах да дабрачыннасці», - сцвярджаў у свой час філосафматэрыяліст К. А. Гельвецый. Зададзім сабе пытанне: «Дык у чым жа сакрэт жыццёвасці, праўдзівасці літаратурных герояўдзяцей, падлеткаў, юнакоў Івана Навуменкі?
Знаходзім адказ у таленце пісьменніка. Найперш у тым, што навуменкаўскі паўнацэнны мастацкі вобраз, а такі вобраз чытач знаходзіць у кожнай навеле і апавяданні, заўсёды выступае ў адзінстве ўсіх яго структурных элементаў: адзінкавага, асаблівага і ўсеагульнага». Адзінкавае ў асобе навуменкаўскага героя выступае найперш ва ўменні выкарыстоўваць мастакія дэталі пры лаканічным апісанні партрэтнай характарыстыкі, мовы, маўлення персанажа. Адзінкавае ў асобе героя выступае таксама ў паводзінах і ўчынках, у псіхалагічным стане, што дапамагае раскрыць «жыццёвасць» героя, яго характар.
Асаблівае праяўляецца ва ўменні Івана Навуменкі паказаць самыя гамы дзіцячых хваляванняў, роздуму, мукі сумлення, у мастацкім асэнсаванні ўнутранай мовы персанажа, у памайстэрску лаканічных дыялогах.
Івану Навуменку ўдалося спасцігнуць у творах пра дзяцей - усеагульнае: стварыць характар (вобраз) героя ва ўсёй яго паўнаце і супрацьлегласці, выявіць у характары героя рысы, якія ўласцівы іншым людзям ( дзецям, юнакам, дарослым) у нашы дні. Усеагульнае знаходзіць сваё індывідуальнае праяўленне ў адзінкавым і асаблівым.
Такімі кнігамі, як «Вайна каля Цітавай копанкі», «Дзяцінства», «Падлетак», «Юнацтва», «Год карася» І.Навуменка ўпісаў у гісторыю развіцця дзіцячай літаратуры новыя старонкі, якія паглыбляюць разуменне вытокаў характару сучасніка, а таксама паглыбляюць нашы веды пра самога пісьменніка, дапамагаюць убачыць музыку дзяцінства ў прозе таленавітага навеліста-сучасніка.
Людміла Піскун
З БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ ПА ЖЫЦЦІ
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Падчас нясення баявога дзяжурства па законах яшчэ савецкага часу на дывізіёнам павінен быў падымацца дзяржаўны сцяг. Паколькі новы ядвабны сцяг у нас быў толькі адзін, то я аддаў для пад'ёму на матчу свой казахстанскі сцяг, які быў з паркалю. За месяц дзяжурства сцяг моцна страпаўся, для далейшага ўжытку стаў непрыдатны, але я яго беражліва схаваў на памяць пра былыя часы, якія па факту былі значна спакайнейшыя за тыя, што насталі ў дывізіёне.
Увесь гэты час дывізіён адчуваў моцны прэсінг. Пастаянна ішоў збор кампрамату, нехта нешта некуды дакладваў. Праверкі і камісіі сталі звыклымі. І ўсё недахопы, недахопы, недахопы.
На нейкім этапе гэтых недахопаў назбіралі дастаткова. Аднойчы раздаўся званок. Гаварыў асабіста камандзір брыгады: "Таварыш падпалкоўнік, вам трэба заўтра на 10.00 прыбыць у Менск да камандуючага". Нічога добрага гэты выклік не абяцаў. Я патэлефанаваў аднаму з намеснікаў камандуючага, якому я мог патэлефанаваць, спытаў што рабіць. "Рыхтуецца расправа. Скажыся хворым і не едзь." А як сказацца хворым. Такога за маю службу не было ні разу. Наогул "хвароба хітрасці" ў войску была крайне не папулярная. Можна было "захварэць" у бязвыхаднай сітуацыі, але "хварэць" са страху перад камандуючым? Афіцэрскі гонар не дазволіў. Я паехаў.
У штабе я палічыў патрэбным перш за ўсё зайсці да намесніка камандуючага. "Я ж табе сказаў не прыязджаць". "Ну, я не мог." Тут раздаецца званок і намесніку камандуючага паведамляюць, што камандуючы захварэў, і яго сёння не будзе. Генерал паглядзеў на мяне: "Ідзі адзначся ў дзяжурнага па ўправе, што ты прыязджаў і дуй у дывізіён".
Абышлося і на гэты раз, а праз два тыдні камандуючага знялі. Неўзабаве прыйшоў новы камандуючы Войскамі СПА Рэспублікі Беларусь, былы камандуючы тбіліскай арміі СПА генерал Кастэнка. Ніякага дачынення да Кастэнкі, колішняга камандуючага ЧБВА ён не меў. Часткі тбіліскай арміі на палігон у Казахстан ездзілі вельмі рэдка, але мне даводзілася сустракацца з генералам Кастэнкам у яго бытнасць камандзірам горкаўскага корпуса СПА. У мяне тады былі вельмі добрыя адносіны з начальніка ЗРВ гэтага корпуса палкоўнікам Каробачкіным. Не раз даводзілася выбірацца са складаных сітуацый. Можна было спадзявацца, што генерал мяне памятае, тым больш, што Кастэнка быў беларус.
А машына па маёй дыскрыдытацыі працавала. Мала таго, што збіралі ўсялякую ахінею кшталту: спыніла дывізіённую машыну ВАІ (Вайсковая аўтаінспекцыя). А вайсковую машыну толькі спыні, там столькі недахопаў можна накапаць, што яе ніяк далей штрафной пляцоўкі пускаць нельга. Я ў машыне за старшага быў сам. Старшы ВАІ - маёр. Якраз ехалі з брыгады, і якраз атрымалі спірт. Я выйшаў да маёра, адышоў з ім у бок. "На колькі цягнуць мае недахопы?" "На многа." "На паўлітра спірту цягнуць?" "Мала". "Літар." "Хопіць." Раз'ехаліся. Стуканулі. Вінаваты ў скарыстанні спірту не па прызначэнні. Каб выкупіць машыну са штрафной пляцоўкі, вядро б тога спірту завезлі, але гэта нікога не хвалявала. Вінаваты.
Другі раз я падставіўся сам і больш сур'ёзна. У дывізіёне, не гледзячы ні на што баявая падрыхтоўка ішла без асаблівых спрашчэнняў. Паводле курса баявой падрыхтоўкі праводзіліся стрэльбы са стралковай зброі - аўтаматаў, пісталетаў.
На стрэльбы пісаўся рапарт, аддаваўся загад па брыгадзе, атрымоўваліся патроны. Пасля стрэльбаў здаваліся мішэні і гільзы.
Правесці стрэльбы з усім дывізіёнам было немагчыма. Частка была на варце, часткаў прызначэнні, і я вырашыў страляць два дні, каб прапусціць праз стрэльбішча 100% асабовага складу. Гэта было парушэнне, таму што паводле загаду стрэльбы павінны былі прайсці ў адзін дзень, але ніякага крыміналу не было і блізка. Патроны былі здадзены ў пакой для ўзбраення, і поўны парадак. Тым не менш раніцай нам патэлефанавалі, што да нас выехала камісія па праверцы ўзбраення.
Прыбег старшына: "Што рабіць?" "Хавай." Схаваў. УАЗік заехаў на тэрыторыю, я далажыў старшаму праверкі, што дывізіён да праверкі гатовы, а палітработнік адразу пайшоў па дывізіёну і адразу ў тое месца, дзе павінны былі ляжаць патроны. А трасцы, няма. Як потым сказаў старшына, ён перахаваў іх перад самым заездам камісіі ў дывізіён, і наш тутэйшы стукач не паспеў праведаць, дзе што.
Аблом. Тады той жа палітработнік бяжыць у нашую качагарку і прыносіць адтуль адзін патрон ад аўтамата, адзін ад пісталета, адзін халасты патрон ад ДШК. Надзвычайнае здарэнне. Качагар вачыма лыпае, нічога не ведае. Ну што, давай лічыць усе боепрыпасы. Усё на месцы. Давай правяраць серыі. І вось тут ізноў аблом. Серыі і аўтаматных, і пісталетных патронаў не сходзяцца. Патроны то не з дывізіёна. Халастых патронаў ад ДШК у дывізіёне няма наогул. Як зараз паказваюць у фільмах, усе рэчдокі камісія прывезла з сабой. Тым не менш усё было запісана ў акты. Аказваецца збіраўся кампрамат для прадстаўлення мяне на вайсковую раду.
Назаўтра я зшыхтаваў дывізіён са зброяй. "Права - Фронт! На стрэльбішча крокам - Руш!" Старшына прынёс патроны. Закончылі стральбу, здалі гільзы. Я не выпусціў са стрэльбішча ні аднаго чалавека, а пасля стрэльбаў дакладваць было позна.
Такая была атмасфера. У дадатак прыслалі алкаголіка-прапаршчыка, які дапіваўся да белай гарачкі, і хоць пра яго пастаянна дакладвалі камандаванню, ніхто яго не звальняў. "Выхоўвайце!" Яго лячыць трэба, а тут: "Выхоўвайце".
Хто і што там панапісваў яшчэ, але мабыць паназбіралі смецця шмат. Палічылі, што дастаткова, і прадставілі дакументы на Вайсковую раду (Вайсковы савет). Я не ведаю, што гэтая вайсковая рада павінна была са мной зрабіць, бо ў мяне не было нават дысцыплінарных спагнанняў, але магчыма задняй датай якіх і назапісвалі.
І вось Рада. Там прысутнічаў камандуючы, усе намеснікі, начальнікі радоў войскаў, усе камандзіры частак з намеснікамі па выхаваўчай працы.
Выклікаюць. Заходжу. Сказалі стаць за нейкую нібы трыбуну ў канцы залы. На трыбуну каля стала камандавання выходзіць падпалкоўнік Мальцаў, намеснік камандзіра нашай брыгады па выхаваўчай частцы.
Першы пункт абвінавачвання - насценная газета "Крыж Ярылы". Мальцаў разгарнуў газету і вырашыў зрабіць экскурс у гісторыю. Перад гэтым я яму ўсё растлумачыў і пра Ярылу, і пра крыж. Ён вырашыў паўтарыць гэта камандуючаму. Толькі пачаў, як устае Кастэнка: "Товарищ подполковник, что вы себе позволяете, вы что тут нам ликбез устроили. Да маломальски образованный офицер наизусть должен знать, кто такой Ярила, что значит крест Ярилы. Товарищи офицеры, кто не знает, кто такой Ярила?" Бедныя камандзіры ўгнулі галовы, паспрабуй скажы, што не ведаеш, хто такі Ярыла? "Вот видите, товарищ подполковник, один вы наверное и не знаете. Садитесь. Что ещё есть к подполковнику Суднику?" "Он отстранил от проведения гуманитарной подготовки заместителя по воспитательной работе." "Почему?" - павярнуўся ў мой бок Кастэнка. "Ён не ведае беларускай мовы. Вывучыць, будзе дапушчаны." Кастэнка павярнуўся да сваіх намеснікаў: "А что у нас на все войска нельзя найти для этого дивизиона офицера-воспитателя, который знает родной язык? Что это за уровень подготовки офицерских кадров?" Яму паспрабавалі нешта адказаць, але камандуючы слухаць не стаў: "Товарищ подполковник, езжайте в дивизион и служите! Следующий вопрос."
Сітуацыя ў дывізіёне стабілізавалася. Мы ізноў заступілі на баявое дзяжурства, здалі выніковую праверку. На гэты раз лепш, хоць праблемаў было, пасля навучальні прыслалі маладых лейтэнантаў, як звыкла, не па спецыяльнасці. Дывізіён знайходзіўся на палявой пазіцыі. Кампрамат на мяне працягвалі збіраць, але падаваць яго Кастэнку было без сэнсу. Тады пачалі грузіць усё ў Міністэрства абароны.
У Міністэрстве быў узяты курс на разгром БЗВ, і я лёгка трапляў пад гэтую кампанію, хоць афіцыйна я як бы не ўваходзіў у гэтую арганізацыю, але яшчэ на 1-м з'ездзе быў абраны ў кіраўніцтва і ў Казахстане ўзначальваў Прыазёрскую суполку. Пазней усіх афіцэраў, якія служылі, прымусілі напісаць рапарты аб выхадзе з БЗВ, мы і панапісвалі са згоды кіраўніцтва арганізацыі. Аднак, ніхто, мабыць, не паверыў гэтым "шчырым" пісулькам. Афіцэраў з нацыянальнай самасвядомасцю звальнялі аднаго за другім. Звольнілі Варанца, Статкевіча, Крыварота, Бірукова і многіх іншых. Я заставаўся адным з апошніх. Недзе пад Воршай яшчэ служыў Супаненка. У яго былі праблемы таксама, але пакуль справа да звальнення не даходзіла.
Як толькі сітуацыя вакол мяне прыціхла, узнікла магчымасць актывізаваць дзейнасць нацыянальных структураў у Ваўкавыскім раёне. Я наведаў Гудзевіцкі музей, асабіста пазнаёміўся з Алесем Белакозам. Паспрабавалі стварыць суполку ТБМ у Росі. Нас было двое: я і пажылая настаўніца з Роскай школы. Тады вырашылі далучыць да суполкі Верацілу з Краснасельскага. Такім чынам стала тры чалавекі. Суполка з'явілася.
Станіслаў Суднік
Захапленне паэзіяй
Уладзімір Мікалаевіч Місцюк нарадзіўся на Мастоўшчыне ў 1946 годзе ў вёсцы Казакоўцы. Скончыў Сарочынскую сямігодку, затым вучобу працягваў у Гародні.
У 1969 годзе паспяхова закончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага педінстытута імя Я. Купалы, пасля чаго настаўнічаў на Стаўбцоўшчыне, працаваў у Стабцоўскім райкаме камсамолу.
У 1975 годзе У. Місцюк закончыў Менскую вышэйшую партыйную школу. Зараз жыве і працуе ў Менску. Мае дзвюх дачок, дзвюх унучак і ўнука.
У сям'і Місцюкоў было 10 дзецей. Уладзімір быў дзевятым дзіцём.
Уладзімір Мікалаевіч захапляецца паэзіяй. Пісаць вершы пачаў яшчэ ў школе. І зараз гэтае захапленне не пакідае яго. Ён - чалавек апантаны, аптыміст, з багатым жыццёвым досведам, рыхтуе кнігу. Ён сябра ТБМ (2004).
Аляксей Шалахоўскі, старшыня суполкі "Гісторыя" .
ЗОЛАТКА
Яніне Пушнінай, настаўніцы з Бабра на Меншчыне
Цябе назваць князёўнай полацкай
Ці мо заслаўскаю Рагнедаю?
Настаўніца, маё ты золатка,
Сказаць па праўдзе, я - не ведаю.
І род Сапегаў з Радзівіламі
Ты на палічкі параскладваеш,
З граблямі ўправішся, і з віламі,
Дзяржава ж рэдка вас узгадвае.
Цябе прыбраць бы ў строй кардэнавы,
Абуць у боцікі аўстрыйскія...
Прабач за мары мне дарэмныя:
Цяпер вакол заробкі нізкія.
Вясна пад раніцу ў шыбіну
Пастукае пупышкай кволаю.
Кідае лёс падлёднай рыбінай
Між гаспадаркаю і школаю.
Маланка блісне, громам ляснецца
І загрукоча калымагаю...
Інтэлігентка і калгасніца,
Як да жыцця, да ведаў прагная.
Дзе чараты ў Бабры - рэчаньцы,
Шчупак гуляе з лапкай гусачкі,
Ўсё лета грады табой лечацца...
Прымі паклон мой, беларусачка!
Уладзімір Місцюк.
НА ВЯКІ ЖЫВЫ ГОЛАС
Васіль БЫКАЎ "Быкаў на Свабодзе", Praha, 2004, RFE/RL Inc.
У краіне з такім неадназначным стаўленнем да асобы Быкава, гэты дыск можа выклікаць сапраўдную збянтэжанасць: "Mamma mia, няўжо вось яно, сапраўды пачалося - татальнае і ўсеагульнае з'язджанне з глузду? Ці не песні на вершы Быкава паспелі ўжо змайстраваць на патрэбу моманту?"
Але не хвалюйцеся. Гэта рэальны Быкаў, а не фантастычны: проза, публіцыстыка, мемуарыстыка... Менавіта такім ён быў у жыцці. А на гэтым дыску паўстае яшчэ больш блізкім і зразумелым нават для тых, каго навучылі знявазе нацыянальных прарокаў. Наконт апошняга я вымушаны быў сказаць з падачы аднае дыскусіі ў інтэрнэце, дзе чыйсьці ананімны голас "асмеліўся" брахануць: "Ну что вы носитесь с этим Быковым? Типичный продукт советской системы".
Калі волат адышоў у вечнасць, сабакі брэшуць тым смялей, але Быкаў здольны і ім адказаць нават сваім уласным голасам. На гэтым дыску, у радыёінтэрвію, прысвечаным пытанням ягонай творчай лабараторыі, творчага метаду (чэрвень, 1998), Быкаў гаворыць: "З усяго напісанага мне наўрад ці нешта падабаецца, таму што ідзе час, і, я б сказаў, ужо ў гэтым ёсць стымул, бо кожны новы твор - гэта як рэакцыя на незадавальненне папярэднім. Прынамсі, у мяне так атрымліваецца: у папярэднім творы я нешта не сказаў, не дасказаў або сказаў не так, тады наспявае новы твор, дзе я спрабую здзейсніць задуманае і... зноў жа недасягальнае. Але гэта натуральны дыялектычны рух. І хоць гэта добра, але ў той жа час ён заключае драму творцы, мне так думаецца. У жыцці вельмі часта так бывае: тое, што сёння з'яўляецца паражэннем, на працягу пэўнага часу робіцца сваёй адваротнай якасцю. І наадварот."
Ці многія з нас могуць так сапраўды смела асэнсаваць нават самога сябе і прызнацца ў тым, што няма мяжы дасканаласці? А вось Быкаў можа, і таму ён нават мёртвы лёгка адпрэчвае сваіх нябогіх крыўдзіцеляў.
Зрэшты, не: у Быкава тут больш важная задача. Ён выступае ў ролі філосафа, які асэнсоўвае розныя бакі жыцця, дае адказы на праблему стаўлення да розных з'яваў, асобаў, падзеяў. Невыпадкова журналіст Анатоль Мяльгуй назваў гэтую кружэлку "своеасаблівай філасофскай энцыклапедыяй, сэнс якой дасца да разумення кожнаму". Бадай, "Быкаў на свабодзе" - гэта сапраўды настольны дыск кожнага сумленнага чалавека, які патрабуе аўтарытэтнага дарадчыка ў важных пытаннях быцця.
Напрыклад, пытанні адчування радзімы, свабоды, свята перамогі, сяброў і ворагаў, сваіх і чужых не такія ўжо простыя, калі мы цвяроза задумваемся над імі. Бо нават святкуючы штогод перамогу, сёйтой ніяк не можа даўмецца, а чаму ж пасля гэтай перамогі жыццё у краіне пераможцаў не стала лепш хаця б за пераможаных, чаму пасля гэтай перамогі не стала вальготней роднай мове?.. Быкаў адказвае на гэтыя пытанні разважліва і дыялектычна, бо сам ветэран, ён не можа пакрыўдзіць пачуцці сваіх паплечнікаў, нібыта ваявалі яны дарма.
А якую бадзягу разводзяць часта недалёкія людзі, папракаючы тых, хто воляй лёсу апынуўся на эміграцыі: во, маўляў, СокалаўВоюш спяваў, што яму "краёў чужых не трэба", а сам па Амерыках бадзяецца... І не задумваюцца такія крытыканы, што беларус на эміграцыі часам становіцца яшчэ больш плённым акурат для Радзімы. Прынамсі больш за многіх пазасталых. У чэрвені 1999 Васіль Быкаў выказаўся і пра гэта, і зноў жа дыялектычна ды грунтоўна: "Паводле закону Боскага і чалавечага, жыць усёткі трэба дома. Шкада, што не заўсёды і не ўсім выпадае такое шчасце. Але залежыць ад таго, які дом. Бывае так, што эміграцыя - гэта паратунак. Хаця ў ідэале, канешне, паратункам павінен быць дом, Радзіма, Бацькаўшчына."
Прызнацца, я нават уявіць сабе не мог, што гэтыя 73 хвіліны яўна дыдактычнага матэрыялу будуць слухацца ў звыклым рэжыме, скажам, папулярнай музыкі, але ж не адзін раз ужо ставіў на плэер гэты дыск і слухаў ад пачатку да канца, адкрываючы з кожным разам новыя і новыя грані, аспекты, абагульненні, эпітэты...
Матэрыял, сабраны на дыску, ахоплівае жывыя выступленні класіка беларускай літаратуры на мітынгах, літаратурных вечарынах і па радыё за перыяд ад кастрычніка 1988 году да самага апошняга дня ягонага жыцця - 4 чэрвеня 2003 году. І гэта такая скарбонка простай чалавечай мудрасці, што няма сумненняў у тым, ці настане час больш шчыльнага асэнсавання яе ўсёю краінаю. Калінебудзь гэты дыск будзе жывым падручнікам у беларускіх школах, на ім будуць вучыцца цвяроза думаць новыя філосафы, журналісты, пісьменнікі і проста... тупыя інтэрнэтныя спрачальнікі, якія пакуль смела аддаюць святыню сабакам, забываючы біблейнае: "Галадаць будзеце нават на ўрадлівай зямлі вы, якія аддалі святыню сабакам".
Вітаўт МАРТЫНЕНКА.
У ТАНЦЫ ЛІХТАРОЎ
У вялікай зале Дома літаратара адбылася прэзентацыя арыгіналь-най кнігі сучаснай нямецкай паэзі "У танцы ліхтароў". Яе наклад 1000 асобнікаў. Вершы надрукаваны на нямецкай і беларускай мовах, а яе ўкладальнікам з'яўляецца славутая пісьменніца Вольга Іпатава, якая зрабіла некалькі перакладаў. Менавіта яна і адчыніла прэзентацыю. Далей выступіў гурт "Ліцьвіны" на чале з унукам Аркадзя Куляшова сп. Берберавым.
У вечарыне прынялі ўдел вядомыя беларускія літаратары і перакладчыкі Юрась Барысевіч, Лявон Баршчэўскі, Альгерд Бахарэвіч, Вольга Гапеева, Людка Сільнова, Сяргей Законнікаў, якія непасрэдна прынялі ўдзел у праекце.
Ніна Мацяш і Людзьміла Рублеўская не прысутнічалі на прэзентацыі, але таксама ўдзельнічалі ў праекце...
Сярод прадстаўленых у зборніку паэтаў ёсць лаўрэат Нобелеўскай прэміі Гюнтэр Грас (1927 г.н.) , а таксам больш маладыя: Уля Ган, Вільфрыд Гапель, Себаст'ян Г. Каль, Норберт Гумельт, Міхаэль Кругер і іншыя вядомыя нямецкія паэты
Назву зборніку даў верш Вільфрыда Гапеля, які пераклаў Юрась Барысевіч. Гапель лічыцца класікамі нямецкага поставангарду. Кніга пабачыла свет у выдавецтве "Тэхналогія". Кожны наведвальнік прэзентацыі бясплатна атрымаў зборнік "У танцы ліхтараў".
Лічу, што супольны праект Інстытута Гётэ і Саюза пісьменнікаў - праект удалы і цікавы беларускай грамадскасці, бо ён сучасны, а назва яго "У танцы ліхтароў" зацікавіць аматараў паэзіі.
Аляксей Шалахоўскі.