Папярэдняя старонка: 2005

№ 16 (702) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 16 (702) 27 КРАСАВІКА 2005 г.

Хрыстос уваскрос!

Сёлета "Белпошта" выпусціла вялікую колькасць прыгожых вялікодных беларускамоўных паштовак, як тое і павінна быць у незалежнай краіне.


У Менску адбылася Рада ТБМ

24 красавіка ў Менску адбылася Рада ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", якая разгледзела бягучыя пытанні жыцця і дзейнасці Таварыства. Рада прыняла дзве пастановы і зварот "10 гадоў няспыннага змагання".

Пастанова Рады ТБМ імя Ф. Скарыны "Аб скліканні чарговага ІХ з'езду ТБМ"

Рада ТБМ пастанаўляе:

1. Склікаць чарговы ІХ з'езд ТБМ у г. Менску 30 кастрычніка 2005 года.

2. Дэлегатаў на з'езд вылучаюць рэгіянальныя арганізацыі, якія стаяць на ўліку ў мясцовых органах улады па наступных квотах:

· Менская гарадская арганізацыя - 30 чалавек.

· Абласныя арганізацыі - 5 чалавек ад кожнай.

· Гарадскія і раённыя арганізацыі (і суполкі): да 50 чалавек - 1 дэлегат,

ад 51 да 100 чалавек - 2 дэлегаты,

ад 101 чалавека і болей - 3 дэлегаты.

3. Суполкі і арганізацыі, якія не стаяць на ўліку ў мясцовых органах улады, вылучаюць па адным паўнамоцным прадстаўніку з правам дарадчага голасу.

4. Па-за квотай рэгіянальнымі структурамі вылучаюцца на з'езд у якасці дэлегатаў сябры Рады ТБМ і Рэвізійнай камісіі.

5. Даручыць сакратарыяту ТБМ вызначыць час і месца правядзення з'езду.

Пастанова Рады ТБМ імя Ф. Скарыны "Аб зняцці з уліку ў мясцовых органах улады структураў Таварыства, зарэгістраваных у жылых памяшканнях"

У сувязі з пісьмовым папярэджаннем Міністэрства юстыцыі № 06-11/210 за 16.02.2005 г. і рашэннем Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 7 красавіка 2005 г., паводле якога Радзе ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" было адмоўлена ў задавальненні скаргі на вынесенае пісьмовае папярэджанне, Рада ТБМ пастанаўляе :

1. Звярнуцца ў мясцовыя органы ўлады да 1 чэрвеня 2005 г. з прапановай аб зняцці з уліку суполак ТБМ, зарэгістраваных у жылых памяшканнях: Бешанковіцкай , Смілавіцкай гарпасялковай суполак, Клецкай раённай арганізацыі, Завадской раённай арганізацыі г. Менска.

2. Закончыць да 27 траўня 2005 г. пастаноўку на ўлік у мясцовых органах улады па новых юрыдычных адрасах, размешчаных у нежылым фондзе, наступным аргструктурам ТБМ: Гарадзенскай , Лідскай , Асіповіцкай раённым арганізацыям, Шклоўскай і Слонімскай суполкам, Барысаўскай гарадской арганізацыі ТБМ.


Алесю Петрашкевічу - 75

1 траўня спаўняецца 75 гадоў з дня народзінаў Алеся Петрашкевіча, беларус-кага пісьменніка, драматурга, публіцыста, сябра Сюза беларускіх пісьменнікаў і сталага сябра рэдкалегіі "Нашага слова".

П'есы Алеся Петрашкевіча, змешчаныя ў кнігах "Воля на крыжы" і "Здрапе-жаная зямля" ўяўляюць сабой кароткі курс трагічнай гісторыі Беларусі ў асобах і дыялогах. Балючы роздум герояў твора і аўтара працягваецца і ў новых п'есах Алеся Петрашкевіча, прысвечаных востранадзённым нацыянальным праблемам, якія разглядаюцца у непасрэднай сувязі з гістарычнымі падзеямі: "Дагарэла свечачка", "Прагноз на паслязаўтра", "Інтэлігенты", "Інтэрнацыянал па-беларуску". І калі ранейшыя п'есы Алеся Петрашкевіча ішлі амаль у 70 тэатрах былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі, перакладаліся на рускую, украінскую, латышскую, эстонскую ді іншыя мовы, то апошнія па часе напісання асмелілася апублікаваць толькі газета "Наша слова".

(Пра А. Петрашкевіча чытайце на ст. 2.)


Сёлета пры правядзенні тэставання павялічаны час для выканання тэставага задання па рускай мове. Час для выканання тэставага задання па беларускай мове застаўся без зменаў. У сувязі з гэтым ТБМ зрабіла запыт у Міністэрства адукацыі і атрымала адказ наступнага зместу

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

У сувязі з Вашым пісьмом упраўленне агульнай сярэдняй адукацыі паведамляе наступнае.

У час правядзення пробнага тэставання па беларускай мове ў лістападзе 2003 года разам з іншымі паказчыкамі правяралася колькасць часу, неабходная для выканання поўнага варыянта тэсту. Такім чынам быў вызначаны час у 110 хвілін.

У тэстах па рускай мове ў 2005 годзе экспертамі ўведзена заданне, якое дазваляе праверыць у абітурыентаў сфармаванасць некаторых камунікатыўных навыкаў і выканаць якое магчыма толькі на тэксце вялікага аб'ёму, што, зразумела, патрабуе дадатковага часу.

Стуктура тэставых матэрыялаў па беларускай мове ў 2005 годзе не мянялася, таму і падставы для павелічэння або змяншэння часу на выкананне тэсту няма.

Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі У. К. Шчэрба.


Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны"

220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13

Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва па даручэнні кіраўніцтва Мінгар-выканкама разгледзеў ваш зварот адносна выкарыстання беларускай мовы пры афармленні вонкавай рэкламы з улікам даследавання прафесара Вячаслава Рагойшы.

З мэтай знаёмства з парадкам узгаднення і размяшчэння вонкавай рэкламы у г. Мінску прапануем накіраваць вашага прадстаўніка для удзелу у бліжэйшым паседжанні рэкламна-мастацкага савета, якое павінна адбыцца 11. 05. 2005 г. па адрасу: вул. Гурскага, 38.

Начальнік упраўлення добраўпарадкавання і гарадскога дызайну А. І. Андрончык.


СЛУЖУ БАЦЬКАЎШЧЫНЕ...

Штрыхі да творчага партрэта Алеся Петрашкевіча

"Жыву па прынцыпе: служы толькі Бацькаўшчыне - і ніколі не памылішся", такое жыццёвае крэда Алеся Петрашкевіча пацвярджаецца ўсёй творчасцю гэтага выдатнага пісьменнікаэнцыклапедыста, драматурга, празаіка, публіцыста. Пацвярджаецца і грамадзянскай пазіцыяй чалавека, дзяцінства якога было абпалена вайной, а духоўнае сталенне адбывалася ў складаных і супярэчлівых умовах савецкай улады, калі здольны сялянскі хлопец змог дайсці амаль да вяршыняў гэтай улады, але і застацца беларусам, патрыётам сваёй Айчыны у найвышэйшым сэнсе гэтага слова, шчырым і паслядоўным абаронцам роднай мовы, нацыянальнай культуры, гісторыі.

А нарадзіўся Алесь Лявонавіч Петрашкевіч 1 траўня 1930 года ў вёсцы Пярэвалачня Талачынскага раёна, якая ўпамінаецца ў дакументах з 1552 года. "І стаіць яна, па словах пісьменніка, на самым бугры паміж Чорным і Балтыйскім морамі, на бойкай некалі пуцявіне "з варагаў у грэкі". Паблізу ад гэтай пуцявіны талачане, талачынцы талакою ладзілі ладдзі і стругі, а пярэвалачане перавалоквалі іх з вярхоўя Друці ўверх па Крывой да пачатку Усвейкі, каб яны далей пад ветразямі ды на вёслах морам УсвіжБукскім плылі да РубонаЭрыдана - Заходняй Дзвіны, а па яе плыткай вадзе самацёкам уніз ў іншы далёкі і нязведаны свет..." У нядаўна напісанай успамінальнай сваёй кнізе "Крыніцы і каламуць" пісьменнік з нязменнай любоўю да роднага кута апіша Пярэвалачню, якая ў наш непрадказальны час ператворыцца ў "Перевалочный", раскажа пра бацьку Лявона Іванавіча /загінуў у 1941/, маці Марыю Іванаўну, нястомную калгасную працаўніцу, пра сваіх аднавяскоўцаў так, што праз іх лёсы яскрава праглядваецца лёс усёй шматпакутнай Беларусі.

Прашчуры роду Петрашкевічаў належалі да шляхецкага стану са старажытным гербам "Лебедзь", якім у Вялікім Княстве Літоўскім карысталіся многія шляхецкія сем'і.

Далёкая і блізкая гісторыя свайго роду, жывыя крыніцы роднай вёскі, якая сёння, як і тысячы вёсак Беларусі, перажывае нялёгкія часы, гісторыя Бацькаўшчыны будуць увекавечаны Алесем Петрашкевічам у шматлікіх творах, а пакуль будучы пісьменнік пасля сярэдняй школы паступае ў Менскі юрыдычны інстытут. Аднак юрыстам не стане, бо яшчэ студэнтампрактыкантам добра усвядоміць сэнс народнай прымаўкі: "Закон, што дышла..." і падасца абараняць кандыдацкую дысертацыю па гісторыі Беларусі. Адначасна амаль 17 гадоў давялося Алесю Петрашкевічу працаваць спачатку ў ЦК камсамолу, затым у ЦК партыі. Гэта дало магчымасць назіральнаму, удумліваму маладому чалавеку бачыць жыццё з вяршыні ўладнай піраміды. Але змог ён не ачарсцвець душою, не ператварыцца ў чыноўніка, бяздумнага выканаўцу вышэйшых загадаў, не стаць чалавекам для "внутреннего употребления", "балваншчыкам", які піша "балванку" для даклада начальніка, а спрабаваць асэнсоўваць шматлікія праблемы ў сваіх першых артыкулах, фельетонах, памфлетах, нарысах. Ранні перыяд творчасці Алеся Петрашкевіча супаў з выкрыццём культу асобы, хрушчоўскай адлігай. У літаратуры ў гэты час паступова пачынае пераадольвацца так званая "тэорыя бесканфліктнасці", па якой лічылася, што ў савецкім грамадстве канфлікты калі і бываюць, то толькі паміж добрым і выдатным, і таму было накладзена табу на праўдзівую літаратуру, яе сатырычныя жанры, ваяўнічы тэатр за тую ж праўдусправядлівасць, гістарычную тэматыку. З другой паловы 50х гадоў у рэспубліканскіх і саюзных газетах з'яўляюцца фельетоны Алеся Петрашкевіча, пад псеўданімам А. Аляксееў /"Анонім", "Абы ціха", "Патент на пошлость", "О "пшене", "лабуде" і этике" і інш./, а разам з імі і аптымістычныя артыкулы накшталт "По жизни победно шествует новое". Аднак у хуткім часе, назіраючы, як са сцен кабінетаў ЦК здымалі партрэты правадыроў, зносілі іх у падвал, як пазней выносілі партрэт самога Хрушчова разам з ягонай адлігай, малады аўтар зразумеў, што працягваецца гвалтаванне шматмільённага народа нягледзячы на абяцаны Хрушчовым камунізм, уладу захапіў новы Ільіч. Ужо тады ў душы пісьменніка пахіснулася вера ў кампартыю, /як некалі ў савецкую юрыспрудэнцыю/, у яе кіраўнічую вертыкаль. І з гэтай сістэмы няма пакуль што выйсця і па сённяшні дзень. Таму заўсёды было і будзе - кожнаму сумленнаму творцу застаецца адна магчымасць, адна зброя ў барацьбе за лепшую долю Бацькаўшчыны - праўдзівае мастацкае слова. У Алеся Петрашкевіча гэтае слова вылілася ў драматургічныя жанры. Так у другой палове 60х - 70я гады з'яўляюцца яго першыя камедыі: "Адкуль грэх", "Злыдзень", "Укралі кодэкс", драма "Трывога", якія, замацоўваючы публіцыстычны і сатырычны пафас шматлікіх артыкулаў і фельетонаў, вызначылі асноўную праблематыку ранняга перыяду творчасці драматурга. Яго хвалявалі не толькі востранадзённыя пабытовыя праблемы тагачаснага жыцця, якія, на вялікі жаль, актуальныя і сёння: распад маральных устояў, бюракратызм, сябялюбства кіраўнічага чынавенства, падхалімства, халуйскае слугаванне ніжэйшых вышэйшым, п'янства, абыякавасць, але і тыя агульназначныя сацыяльныя пытанні, што залежалі ад пануючай сістэмы наогул. Выкрываючы і асуджаючы розных прайдзісветаў, жулікаў, махінатараў, якія існавалі па прынцыпу нажывы любой цаной, любымі сродкамі, супрацьстаўляючы іх простым, сумленным працаўнікам, аўтар імкнецца даследаваць глыбінны ўнутраны свет сваіх герояў, неадназначнасць іх духоўнага патэнцыялу. Паказальнай у гэтых адносінах з'яўляецца сатырычная камедыя "Злыдзень" - адна з лепшых камедый маладога драматурга, якую высока ацэньваў Кандрат Крапіва. Алесь Петрашкевіч, прытрымліваючыся традыцыйнага для беларускай мастацкай літаратуры прынцыпу "чалавек - гэта цэлы свет", канцэнтруе ў вобразах сваіх герояў самыя разнастайныя рысы. Дзеля высвятлення і больш поўнага раскрыцця іх духоўнага патэнцыялу пісьменнік умела выкарыстоўвае цікавы і арыгінальны мастацкі прыём - раздваенне асобы. Такія метамарфозы чамусьці найчасцей адбываюцца з тымі, хто займае хоць нейкую чыноўніцкую пасаду, у іх душы адразу ўсяляецца злыдзень, які рэгламентуе ўсе іх учынкі, службовыя паводзіны, адносіны да людзей, іх запатарбаванняў. І сядзяць яны ў сваіх аддзелах "чуласці", "спагадлівасці", "перастрахоўкі", маюць адпаведныя прозвішчы (Самасейкін, Яснотка, Бранябойны, Дзюркіна), але нічога не вырашаюць, ганяюць наведвальнікаў з кабінета ў кабінет па розныя даведкі, якія патрэбныя толькі самім чыноўнікам дзеля перастрахоўкі на ўсялякі выпадак. Сістэма, заснаваная на страху, няпэўнасці, нечаканасцях, бяздумным падпарадкаванні вышэйшаму начальству, ператварала іх у бесчалавечных бюракратаў, што імітуюць бурную дзейнасць і страшэнную занятасць. Усе прыёмы сатырычнага жанру, удала выкарыстаныя аўтарам, садзейнічалі доказнаму абгрунтаванню канфліктаў, глыбокаму раскрыццю вобразаў і праблематыкі твору. І нездарма першыя камедыі маладога драматурга былі адразу пастаўлены ў многіх тэатрах былога Саюза, атрымалі прэміі на Рэспубліканскім і Усесаюзным конкурсах на лепшую сатырычную камедыю.

Сцэнічны поспех камедый Алеся Петрашкевіча быў цалкам апраўданым і заканамерным, творчы патэнцыял аўтара раскрываўся і паглыбляўся далей, як у тэматычнапраблемным, так і ў жанравастылёвым кірунку Ён піша драмы "Соль", "Мост упоперак ракі", дзе ў цэнтры ўвагі аўтара праблемы экалогіі, духоўнасці, пошукі ісціны, шляхоў еднасці ў абароне адвечных нацыянальных каштоўнасцяў, распрацоўвае жанр п'есфантасмагорый ("Куды ноч, туды сон", "Крыж святой Еўфрасінні", "Катастрофа розуму", "Памінкі"). Звяртаецца да тэмы вайны ў трагедыі "Злавеснае рэха" і біяграфічнай драме "У спадчыну - жыццё", піша сцэнар /з У. Халіпам/ пяцісерыйнага фільма "Час выбраў нас", тэлеспектакля пра Францішака Скарыну мастацкага фільма "Уваскрэсная ноч"/ па п'есе "Трывога"/ "Прарок для Айчыны", стварае лібрэта оперы "Новая зямля" па паэме Якуба Коласа, піша аўтабіяграфічныя апавяданні з ваеннага і пасляваеннага жыцця сваіх аднавяскоўцаў, блізкіх людзей /"Песня", "Засада", "Інфаркт", "Табака", "Матруна", "Памыліўся"/. З пачатку 90х гадоў Алесь П6етрашкевіч змяшчае ў часопісе "Вожык" цыкл фельетонаў пад псеўданімам - Алесь Тутэйшы, якія мелі востранадзённы, "перабудовачны" характар. ("Дзеці Чарнобыля і сучкіны дзеці", "Годзе Вам, панове", "Гуманітарная бульба", "... і плясь цару ў морду...", "Шопінг для тутэйшых альбо наказ будучаму прэзідэнту", "Падымі козыр", "Цырк на дроце", "Я не так глуп, как вы мне кажетесь...", "І ў Мінску пасвінску", "Людцы, схамяніцеся!", "Пра донараў і дояраў", а з фельетона "Як мы сябе пачуваем" вырасла аднаіменная трагікамедыя.

Працягваў пісьменнік пісаць інсцэніроўкі па творах іншых аўтараў "Ладдзя роспачы" /відовішча ў двух дзеях паводле У. Караткевіча/, "Шырокія масы ў вузкім закутку" /замалёўкі з беларускае натуры паводле аповесці У. Ліпскага "Аўцюкоўцы"/, "Над Дзяржавай - знак Пагоні" / гістарычная драма паводле рамана Г. Далідовіча "Кліч роднага звона"/, былі напісаны літаратурныя сцэнарыі гістарычнадакументальных фільмаў "Гетман найвышэйшы" пра Канстанціна Астрожскага і "Францішак, сын Скарынін".

Мастакоўскія пошукі паступова прывялі пісьменніка да галоўнай тэмы ў яго творчасці - гістарычнай, да якой ён падступаўся ўжо ў 80я гады. Аўтара прывабліваюць постаці вялікіх нашых дзеячаў, асветнікаў, падзеі далёкай і блізкай гісторыі /першая п'еса гістарычнай тэматыкі "Напісанае застаецца" - пра Ф. Скарыну была напісана ў 1979 г.

Глыбіннай зацікаўленасці гісторыяй Бацькаўшчыны паспрыяла некалькі фактараў. Найперш, безумоўна, добрае веданне сучаснага жыцця. Перажытае ім самім у ваенныя, пасляваенныя гады, лёс блізкіх, аналітычнакрытычнае стаўленне да пануючай таталітарнабюракратычнай сістэмы, якая стварала многія праблемы для нацыянальнага развіцца беларусаў. Немалую ролю адыграла праца Алеся Петрашкевіча загадчыкам аддзела культуры ЦК КПБ, калі даводзілася займацца захаваннем, абаронай, аднаўленнем помнікаў культуры, гісторыі Беларусі.

Але галоўнае - пісьменнік больш чвэрці стагоддзя працаваў у Беларускай Энцыклапедыі, больш таго, быў разам з П. Броўкам яе заснавальнікам, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара.

Колькі давялося перачытаць, пералапаціць матэрыялаў па самых розных галінах ведаўгісторыі, літаратуры, культуры, мастацтву дзеля стварэння першай Беларускай Энцыклапедыі і найперш канцэпцыі выдання. А гэтым займалася галоўная рэдакцыя, кола сяброўаднадумцаў, якое, па словах Алеся Петрашкевіча, выпрацоўвала тактыку, як абыходзіць тагачасную пільную цэнзуру і адбівацца ад наменклатурных невукаў, як зрабіць найбольш поўнымі і праўдзівымі раздзелы па сярэднявеччы, па вайсковых сутычках з суседзямі, як асвятліць так званы "залаты век Беларусі", радаводы выбітных дзеячаў беларускай даўніны, нарэшце, як падаць біяграфіі рэабілітаваных дзеячаў навукі і культуры, каб чытачы хоць здагадаліся, што яны былі аблыжна абвінавачаны і незаконна рэпрасаваны, ды ці мала што і пра каго..."

З дня ў дзень неабходна было сістэматызаваць гістарычныя звесткі, асэнсоўваць вялізарную інфармацыю, што абуджала незвычайную цікавасць, пісьменніцкую фантазію, бо знаходзіў ён у мінулым тое, што хвалявала ў сучасным. Агромністыя звесткі з далёкай і блізкай гісторыі не маглі, вядома, змясціцца цалкам у дванаццацітомнай энцыклапедыі, заставаўся вялікі пласт матэрыялу і таму Алесь Петрашкевіч выступіў з ідэяй стварэння серыі кніг "Памяць" гэту ідэю падтрымаў П. М. Машэраў. Драматург стаў кіраўніком арганізацыйнаметадычнага цэнтра гэтых гістарычнадакументальных хронік /з 1991/.

На сённяшні дзень выйшла больш за сто дваццаць тамоў "Памяці" амаль па кожнаму раёну, дзе расказана пра лёсы тысяч знакамітых беларусаў, іх удзел у гістарычных падзеях Бацькаўшчыны. Гэта была родная стыхія для пісьменніка, крыніца ведаў, найперш гістарычных, ствараўся падрабязны летапіс народа, беларускай дзяржаўнасці. І хоць немала давялося перацярпець ад тых самых наменклатурных чыноўнікаў, пазмагацца за шырокае і праўдзівае асвятленне гістарычных падзей, аднак варта папрысутнічаць на прэзентацыі кніг "Памяці" ў тым або іншым раёне, каб пераканацца, якое гэта свята для людзей, як сапраўды абуджаюць яны памяць пра справы продкаў, гістарычнае і ваеннае мінулае, гонар за уласныя здзяйсненні. /Дарэчы сказаць, што Алесю Петрашкевічу ў ліку іншых супрацоўнікаў энцыклапедыі была прысуджана Дзяржаўная прэмія, пазней ён быў узнагароджаны медалём Ф. Скарыны, атрымаў званне Заслужанага работніка культуры Беларусі/.

Так прыйшло і сцвердзілася ўсведамленне, што ён не можа не пісаць пра гісторыю Бацькаўшчыны і павінен вяртаць яе праўдзівай, пазбаўленай ілжы, ідэалагічных напластаванняў сацрэалізму. Пісьменнік цалкам пераключаецца на жанр гістарычнай драмы і трагедыі, якіх за апошнія гады было напісана каля дваццаці. Яны і склалі кнігі "Воля на крыжы" /2000 г., п'есы: "Гора і Слава", "Меч Рагвалода", "Напісанае застаецца", "Прарок для Айчыны", "Воля на крыжы"/, "Здрапежаная зямля" /2003 Г./ Упершыню ў беларускай літаратуры створаны паслядоўны драматургічны летапіс тысячагадовай айчыннай гісторыі, пачынаючы ад часоў Рагвалода, Усяслава Чарадзея, эпохі вялікіх асветнікаў і святых Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, а таксама Францішка Скарыны і Міколы Гусоўскага да лёсу Янкі Купалы, якому было наканавана стаць прарокам у ХХ стагоддзі.

Кніга "Здрапежаная зямля" - цэльны, канцэптуальны твор пад адной сімвалічнай назвай - падзяляецца на дзве часткі: "Супрацьборства" і "Вынішчэнне".

Не спадзеючыся ўбачыць пастаноўку гэтых п'ес у тэатрах сённяшняй Беларусі, ці хаця б тэлевізійную іх версію (а трэба сказаць, што ранейшыя камедыі і драмы Алеся Петрашкевіча мелі даволі шчаслівы сцэнічны лёс), параіла б усім суайчыннікам прачытаць іх, ды самім пабыць рэжысёрамі віртуальных відовішчаў па рэальных, дакументальных творах, бо яны даюць грунтоўнае ўяўленне пра нашу гісторыю, удала раскрытую таленавітым аўтарам у персаніфікаваным выглядзе і храналогіі драматычных і трагічных для лёсу беларусаў падзей...

Лідзія Савік, прафесар.


СА ШЧЫРАСЦЮ ПІСЬМЕННІЦКАГА СЛОВА

"Эстэтычна абдзеленым" назваў сучаснае беларускае грамадства адзін з нашых землякоў, што прыязджаў нядаўна ў Беларусь. Ён меў на ўвазе мізэрную колькасць сустрэч з творцамі ў рэгіёнах. Так, сапраўды, не раз і мне даводзілася чуць ад бібліятэкараў з гордасцю сказанае: "У нас часта бываюць пісьменнікі", хаця пры высвятленні, як кажуць, абставін даведваліся: адзін дзіцячы пісьменнік быў тут чатыры гады таму, яшчэ адзін - ажно шэсць гадоў. Каментары тут , як кажуць, не патрэбныя.

Аднак і сёння ўсё ж сустрэчы з пісьменнікамі адбываюцца. Вось і нядаўна ў Чашніках і Навалукомлі пабывалі Вольга Іпатава, Сяргей Законнікаў і Франц Сіўко, а таксама намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Бібліятэка прапануе" Людміла Несцяровіч. Іх сустракалі гасцінна і з радасцю: шчырае, светлае пісьменніцкае Слова сёння саграе людзей, надае ім аптымізму і сіл. У рэгіёнах сёння, нягледзячы на шалёную русіфікацыю, усё ж пішуць і працуюць маладыя творцы, якім патрэбныя і парады, і клопат, і грамадзянскія арыенціры. Названыя ж пісьменнікі якраз і адзначаюцца яркай, цвёрдай арыентацыяй на дэмакратычныя каштоўнасці, на нацыянальныя прыярытэты. Вось чаму ім задавалі шмат пытанняў па самых розных праблемах, і сустрэчы атрымаліся жывымі і цікавымі.

У Заслаўі на сустрэчу з творцамі прыйшлі школьнікі мясцовых школаў Л. Савік, В. Іпатава і В. Мазынскі расказалі пра тыя грамадзянскія і культурніцкія ініцыятывы, якія ўвайшлі ў сучаснае грамадства дзякуючы менавіта інтэлігенцыі: вяртанне на радзіму імя славутага амерыканскага вучонага, нашага земляка Барыса Кіта, барацьбу за тое, каб з забыцця паўстала постаць славутага сына Беларусі Тадэвуша Касцюшкі, уганараванага ў Амерыцы, Польшчы і Францыі. Яны падкрэслілі, што без свабоднага грамадства немагчымая і свабодная творчасць, а ініцыятывы, што ідуць "знізу", ад грамадзянскай супольнасці і ў рэшце рэшт уваходзяць у паўсядзённае жыццё - дзейсная форма ўзаемадачыненняў улады і грамадства. Яны наведалі краязнаўчы музей, сустрэліся з супрацоўнікамі, якія працуюць над аднаўленнем гістарычнай памяці народа.

Як адзначалі на ўсіх сустрэчах чытачы, практычна ва ўсіх рэгіёнах ёсць вялікія праблемы з беларускай кнігай, якая паранейшаму амаль не з'яўляецца нават у спецыялізаваных кніжных крамах. Напрыклад, у Асіповічах на ўвесь горад знайшлася... адна беларускамоўная кніга "Тэсты па беларускай мове для 4га класа". І пры гэтым, як мы ведаем, суполцы ТБМ менавіта ў Асіповічах пагражае ліквідацыя. Вось дык клопат пра нацыю і народ!

І ўсё ж суполкі ТБМ працуюць дзеля захавання роднай мовы і літаратуры. У Клецку, напрыклад, змаглі, нягледзячы на супраціўленне ўладаў, арганізаваць адна за адной дзве сустрэчы з пісьменнікамі, у тым ліку са стваральнікамі незалежнага часопіса "Дзеяслоў".

Едуць пісьменнікі і ў іншыя рэгіёны - туды, дзе ёсць неабыякавыя людзі, якія не баяцца роднага Слова, разумеючы: няма мовы - няма нацыі, а значыць, свабоды і незалежнасці.

Юры Трубец.

На здымку: у Чашніцкай раённай бібліятэцы Вольга Іпатава, Сяргей Законнікаў і Франц Сіўко.


Мазырская суполка "Харугва" ў дзеянні

На базе Мазырскага сацыяльнага цэнтра абслугоўвання сям'і і дзяцей, сябры маладзёвай суполкі ТБМ "Харугва" Андрэй Буз і Павел Лобан арганізавалі майстэрню "Адраджэнне". У ёй займаюцца дзяўчаты і хлопцы ва узросте 1314 гадоў. Яны вучацца ў санаторналясной школеінтэрнаце горада Мазыра. Майстэрня была створана пад час правядзення "Каляд". Падлеткі былі зацікаўлены, і праца пайшла на вясновае свята. Акрамя беларускіх каляндарных свят у майстэрні з дзецьмі праводзяцца гульні і гутаркі. У свяце "Гуканне вясны" ўдзельнічалі шэсць персанажаў: кікімара, вясна, сонейка, бабуля, вядоўца і вядовец. Пры падрыхтоўцы свята было наладжана супрацоўніцтва з майстэряй "Імідж" - кіраўнік Ларыса Тонкіх. Дзяўчаты не з'яўляюцца сябрамі ТБМ, але з цікавасцю ставяцца да беларускай культуры, асабліва да нацыянальнага адзення. Для іх была арганізавана экскурсія ў Мазырскі краязнаўчы музей. Па нашай просьбе навуковы супрацоўнік музея расказала аб беларускіх народных строях, і да свята "Гуканне вясны" дзяўчаты зрабілі рэканструкцыю мужчынскага нацыянальнага касцюма для вядоўца.

Акрамя нас сваю майстэрню "Харугва" арганізаваў Сяржук Гайко. Ён узяў гістарычны кірунак. Дзеці займаюцца гісторыяй Мазыра, вывучаюць асаблівасці архітэктуры горада. Усе наведвальнікі і валанцёры Мазырскага сацыяльнага цэнтра абслугоўвання сям'і і дзяцей выказваюць шчырую падзяку за падтрымку.

25 сакавіка ў дзіцячым садку № 23 адбылося свята "Гуканне вясны". Свята ладзілася на беларускай мове. Дзеці гукалі вясну, праводзілі зіму, вадзілі карагоды, танчылі, спявалі песні. Усе былі зацікаўлены, каб злая кікімарара не забрала вясну. Дзеці чыталі на памяць вершы, прыказкі і прымаўкі, расказвалі пра народныя прыкметы, адгадвалі беларускія загадкі, называлі вясновыя кветкі. Асабліва запомнілася гульня "Ручаёк", калі вядовец пад рогат дзяцей выконваў ролю ручайка.

На прыканцы свята дзеці ігралі на інструментах і спявалі песню "Зайграй жа мне, дударочку". У гульнях, песнях, танцах чулася радасць, весялосць, гучала родная мова. Дзецям мы падаравалі кнігі Ірыны Багдановіч "Альбом першакласніцы" ( на фотаздымку) . Кнігі былі набыты на грошы сяброў суполкі "Харугва" і сябра ТБМ Алеся Пархоменкі.

У садку дзеці вучаць толькі асобныя беларускія словы. Каб дзеці лепш успрынялі і разумелі беларускую мову, сябры таварыства праводзілі заняткі. Дзецям расказвалі беларускія казкі, адгадвалі з імі загадкі, арганізоўвалі народныя гульні. Для ўдзелу ў гульні спачатку трэба было назваць беларускія словы. Хто называў больш слоў, пачынаў гульню.

Гуканне вясны дзецям вельмі спадабалася, сяброў ТБМ падзякавалі бацькі і выхавацельніцы дзіцячага садка, асабліва дзякавалі за сцэнар на беларускай мове, за прыгажосць і мілагучнасць роднай мовы. Напрыканцы дзеці гучна крычалі:"Да пабачэння!". Гэта была лепшая падзяка - чуць ад дзяцей родную мову.

Мецэнаты:

Пархоменка Алесь - 15260 бел.руб.; Буз Андрэй - 3500; Лобан Павел - 3500; Гайко Сяржук - 3500; Юрась Гадзюка - 3500; Цярэнцеў Зміцер - 3500; Сушчэўскі Алесь - 3500; Валатоўскі Слава - 3500; Бойка Валянцін - 3500.

Матэрыял падрыхтаваў Павел Лобан, сябар суполкі "Харугва".


Віншуем

сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў траўні

бухоўскі Юры Адамковіч Аляксандр Эдм. Азарка Вольга Уадзімір. Алесіна Таццяна Міхайл. Анапрыенка Ірына Анішчык Барыс Вітальевіч Апалька Жанна Віктар. Апон Мікалай Арлоў Валянцін Мікал. Аскерка Зьміцер Астахновіч Андрэй Казім. Астраўх Аліна Эдмунд. Бабіч Юры Міхайлавіч Бакшун Валянціна Бародзіч Сямён Дзмітрыев. Бароўскі Анатоль Мікал. Бахун Сяргей Пятровіч Бордак Уладзімір Адам. Борсук Ніна Мікалаеўна Брыцько Уладзімір Буднік Янка Фёдаравіч Буз Андрэй Віктаравіч Бушлякоў Юрась Сямён. Быкава Надзея Мартын Быстранкова Таіса Вікенц. Бяйдук Наталля Вайцэховіч А.Р. Валошчык Мікола Антон. Вераб'ёў Уладзімір Раман. Вішнеўская Дар'я Дзмітр. Галубовіч Вольга Гладкі Леанід Анатольевіч Грудзіна Аляксандр Пятр. Грумо Зміцер Даніловіч Раіса Дзяконскі Аляксандр Ал. Драўніцкая К.М. Драўніцкі Іван Пятровіч Дрозд Галіна Думанскі Аляксандр Жабінская Марыя Пятр. Жукоўская Таццяна Яўг. Жураўлёва Таццяна Сярг. Кавальчук Галіна Тадэв. Калакольцава Аліна Калеснікава Алена Уладз. Каляда Ніна Фёдараўна Кампонеец Святлана Юр. Кандракоў Міхаіл Валер. Кануннікаў Сяргей Іван. Карнееў Віктар Васільевіч Карпінская Юлія Карповіч Андрэй Іванавіч Карцель Настасся Касавец Іван Язэпавіч Касцюк Георгі Васільевіч Клімуць Вольга Кляшторная Мая Тодар. Корзан Сцяпан Уладзімір. Корзан Уладзімір Сцяпан. Корзан Яніна Браніслав. Кот Алена Коўган Сяргей Яўгенавіч Крук Віктар Фёдаравіч Кручкоў Сяргей Мікал. Кудрашоў Віктар Кульбянкова Іна Куратнік Алена Мікал. Лабачоў Яўген Дзмітрыев. Латоцін Лявон Лебедзева Наталля Мікал. Леўшык Станіслаў Станіс. Лук'янцаў Кірыла Лытнёў Міхаіл Ляскоўская Зоя Нікіфар. Макарскі Андрэй Георг. Макарчык Уладзімір Малышава Галіна Малько Пётр Іванавіч Мальцава Ганна Валянцін. Марцінкевіч Яўгенія Мацвеева Тацяна Генадз. Мацвееў Максім Іванавіч Мекшыла Мікалай Міцкевіч Кастусь Міцкевіч Яўген Фаміч Моніч Алесь Мурашка Людміла Мікал. Навасельская Таццяна Ул. Натынчык Уладзімір Аляк. Ніжанкоўская Ірына Ул. Нікіпорчык Віктар Отчык Андрэй Панізьнік Сяргей Сцяпан. Паўлаў Міхаіл Іванавіч Пашкевіч Дзяніс Часлав. Пашкевіч Ігар Пералыгін Алесь Петрашкевіч Алесь Лявон. Пратасавіцкая Марыя Г. Праўдзін Віктар Аляксан. Пуцікаў Ілля Пыжык Аляксей Пятрашка Майя Радзюк Алена Іванаўна Рачэўскі Станіслаў Рыгор. Рубанік Таццяна Рухлова Тамара Салаўёў Зміцер Сяргеевіч Самасюк Ганна Сафро Марыя Залманаўна Сідар Маргарыта Сідаровіч Яніна Дзмітр. Сільвановіч Станіслаў Ал. Сітнік Аляксандр Сіўко Франц Іванавіч Снітко Вольга Уладзімір. Станевіч Тамара Іосіфаўна Станевіч Юры Стукаў Віктар Якаўлевіч Сцефановіч Рамуальд Счасная Нэлі Пятроўна Талкачыкава Кацярына А. Таневіч Галіна Янаўна Тарасенка Уладзімір Мік. Тышкевіч Галіна Франц. Харланчук Аляксандр Ан. Хвайніцкі Часлаў Сіманав. Хітрун Ілля Андрэевіч Хоміч Генадзь Рыгоравіч Храмлюк Марыя Іосіфаўна Церпугова Алена Фёдар. Цітоў Леанід Сцяпанавіч Цюрын Аляксей Сяргеевіч Чухліб Наталля Шабуня Ніна Шарах Мікола Аркадзевіч Шароў Георгі Іванавіч Шахаб Дар'ян Шахмуць Ніна Іванаўна Шруб Марына Шупенька Ірына Аляксан. Шчарбіна Святлана Шчэрба Святлана Мікал. Шык Кірыл Іванавіч Шыманіца Ала Іванаўна Шышкавец Ала Аркадз. Юрэвіч Генрых Іосіфавіч.


"Вы - мой любімы пісьменнік. Дзякую Вам!"

У Гародні з прыхільнікамі роднага слова сустракаўся Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. У актавай зале ГрДУ імя Я.Купалы сабраліся выкладчыкі, студэнты, сябры гарадскіх арганізацый грамадскіх аб'яднанняў "ТБМ імя Ф. Скарыны", "Таварыства беларускай школы", Фонду імя Льва Сапегі, вучні гімназіі № 1 горада...

Паэта такога кшталту і годнасці як Ніл Сымонавіч варта паслухаць. Яго вершы можна, урэшце, пачытаць у зборніках, на стайтстаронках Інтэрнэта. Але што заменіць жывое слова аднаго з найлепшых літаратараў краіны сённяшняга дня? Менавіта адказы на пытанні раскрываюць светапогляд аўтара амаль 50 зборнікаў паэзіі, прозы, мастацкага перакладу, Заслужанага дзеяча навукі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць, Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986) за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку. Ніл Гілевіч, дарэчы, перакладае з расейскай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў.

Паэт са скрухаю адзначыў, што апошні раз наведаў Гарадзенскі універсітэт 10 гадоў назад - "А я ж чалавек універсітэцкі", маючы на ўвазе сваю шматгадовую працу на кафедры беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта (19601986). Пры гэтым адзначыў, што яшчэ ў гады студэнцтва звёў знаёмства з Аляксеем Пяткевічам, які цяпер працуе прафесарам ГрДУ імя Янкі Купалы.

Жыццё ваша нялёгкае, адзначыў госць, звяртаючыся да моладзі. Але я вам зайздрошчу. Вы шчаслівыя людзі. Можаце чытаць тыя кнігі, якія для нас былі проста невядомымі - "Я толькі ў 40 гадоў упершыню адкрыў для сябе выдатнага рускага пісьменніка Івана Буніна. Яго творчасць была пад забаронай".

Што да класікаў беларускага слова, то Ніл Сымонавіч дадаў да кананічнага спісу (Купала, Колас, Багдановіч) таксама Максіма Гарэцкага. Ёсць яго Збор твораў у шасці тамах. Пісьменнік параіў прысутным, найперш моладзі, чытаць лепшы літаратурнамастацкі часопіс нашых дзён "Дзеяслоў". Шмат для душы і сэрца даюць публікацыі часопіса "Наша Вера". Што да часопісаў "Полымя" і "Маладосць", адвечнага апірышча сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў, то іх "адабралі".

Паэт крыху раскрыў тэматычную накіраванасць сваёй творчасці. Для паэта такога таленту няма абмежавання ў паэтычным асэнсаванні рэчаіснасці жыцця, самых тонкіх чалавечых пачуццяў. Аднак Ніл Сымонавіч часцяком звяртаецца да фальклору, народных сімвалаў. Як прыклад, быў прачытаны верш "Жыта, сонца, валуны". "Мы маем свае святыні і карані, якімі абавязаны даражыць", - такой была думка пісьменніка.

Закрануў Ніл Сымонавіч і праблему матчынай мовы. Прадмет гаворкі яму больш, чым блізкі. З 1989 года працаваў на грамадскіх пачатках старшынём рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, быў галоўным рэдактарам бюлетэня ТБМ "Наша слова". Вывад такі: няма чаго ўпадаць у нэндзу. Беларуская мова была, ёсць і будзе. Яны вытрымала ўсе выпрабаванні, вытрымае і марныя патугі цяперашніх нядобразычліўцаў. Усяму свой час. Тая ж Славенія (насельніцтва 1,5 млн.) была 1.100 гадоў пад немцамі. І нічога, родная мова і сёння пануе ў краіне. Другі прыклад, Чэхія. Мала хто ведае, што знікненне пагражала англійскай мове ў Англіі. Ледзь адбіліся ад французскай...

Прысутныя цікавіліся, чаму паэт у апошні час звярнуўся да такой паэтычнай формы вершаскладання, як японская танка. У такім памеры напісаны творы апошняга зборніка. Да гэтага Ніл Гілевіч паспяхова спрабаваў сябе ў тэхніцы санета, тэрцыны, трыялета, актавы і інш.

Нехта пацікавіўся рэдкім імем Ніл.

- Згодна царкоўнага календара далі такое імя, бо нарадзіўся ў дзень святога Ніла.

- Які твор апошняга часу вам найбольш спадабаўся?

Аповесць Віктара Казько, змешчаная ў "Дзеяслове". Што да літаратурнай крытыкі, то назаву імя Данілы Жукоўскага. Ён жыве ў Гародні і друкуецца ў штотыднёвіку "Наша ніва". Кажаце, працуе інжынерам на шклозаводзе? Смелы, разумны і таленавіты крытык. Мае густ...

- Якая сустрэча запомнілася найбольш?

- З Якубам Коласам. Быў ягоны юбілей і я, 25гадовы, чытаў свой верш. Дзядзька Якуб паціснуў мне руку і пахваліў напісанае. Такое, ведаеце, не забываецца. Як пажаданне ў літаратурную дарогу. Незабыўнымі сталі сустрэчы з Максімам Танкам, Піменам Панчанкам, Аркадзем Куляшовым, Васілём Быкавым, Іванам Мележам. Заўсёды з радасцю слухаю нашага сучасніка Янку Брыля...

- Калі вы адчулі ў сябе дар перакладчыка?

- Калі прачытаў выдатныя вершы балгарскіх паэтаў і зрабіў першыя пераклады. Гэта аповесць П. Вежынава "Сляды застаюцца", раман С. Даскалова "Свая зямля" і яго ж зборнік апавяданняў "Любчабезбілетнік". Былі надрукавана таксама зборнік "Балгарскія народныя песні", анталогія сучаснай паэзіі "Ад стром балканскіх"... Перакладам займаюся без малога 50 гадоў.

Паэт выказаў сваю думку на пытанне: як пазбавіцца страху і нічога не баяцца?

Аб творчасці Ніла Гілевіча выказаліся пісьменнікі Аляксей Пяткевіч, Данута Бічэль, Хрысціна Лялько, Юрка Голуб.

Радок, вынесены ў загаловак допісу, быў агучаны вядоўцам сустрэчы пры зачытванні пісьмовых пытанняў да Ніла Сымонавіча. Адзін з прысутных прызнаўся, што захапіўся беларускай мовай пасля знаёмства з творчасцю Н. Гілевіча. Цяпер вучыцца на філалагічным факультэце універсітэта. Зала сустрэла паведамленне апладысментамі. Ці не ў гэтых словах заключаецца вышэйшы сэнс жыцця, аддадзенага Н.С. Гілевічам літаратурнай дзейнасці?

Антон Лабовіч, Гародня.

На здымку: Ніл Гілевіч чытае свае вершы. Фота Ю. Коцкай.


Наша даведка.

Гілевіч Ніл нар. 30.09.1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага р-на Менскай вобл. у сялянскай сям'і. Першыя гады пасля вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 г. скончыў Менскую педагагічную навучальню. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Менска. У 1956 г. скончыў філалагічны факультэт БДУ, пасля аспірантуру. З 1958 да 1963 г. працаваў таксама літкансультантам газеты «Звязда». З 1980 да 1989 г. -- першы сакратар праўлення СП БССР.

З чэрвеня 1990 г. -- старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990). У 1990 г. абраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзідыума ВС БССР. Кандыдат філалагічных навук. Прафесар.

Сябра СП СССР з 1954 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны і інш., балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай.

Упершыню ў друку з вершамі выступіў у 1946 г. Яго аўтарству належыць блізу 50 кніг. Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў. Працуе ў галіне перакладу.


Клуб "Спадчына" і амбасада Чэшскай Рэспублікі запрашаюць

Клуб "Спадчына" і амбасада Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі маюць гонар запрасіць Вас прыняць удзел у вечарыне прысвечанай 155-м угодкам з дня народзінаў Вялікіага Чэха Томаша Масарыка , першага прэзідэнта Чэхаславаччыны (1918-1937 г.г.) - вялікага сябра беларус-кага народа.

Вечарына адбудзецца 29 красавіка 2005 года а 18 гадзіне ў Доме літаратара па вуліцы Фрунзе, 5 (чытальная зала).

"Збірайце ўсе свае вялікія і малыя сілы, і мусім рабіць тое, што робяць бедныя людзі. Гэта азначае кансалідавацца.

Кожны мусіць пачаць сам з сябе.

Толькі калі кожны з нас будзе асобай, індывідуальнасцю, якая ведае свае абавязкі, і калі мы з'яднаемся, усё пойдзе добра".

Томаш Масарык.


УДАКЛАДНЕННЕ

Паважаны пан рэдактар!

У артыкуле "Суд запатрабаваў гаварыць па-руску" ("Наша слова", 30.03.2005, № 15) старшыня Рэвізійнай камісіі ТБМ Мікола Лавіцкі распавёў пра судовы працэс (праходзіў з 1 па 14 лютага 2005 года ў судзе Першамайскага раёна г. Менска) па зысках да Белдзяржтэлерадыё-кампаніі слонімскага грамадскага аб'яднання "Воля да развіцця" і кіраўніка гэтага аб'яднання Міхася Варанца.

Спадар М.Лавіцкі вельмі трапна апісаў, за што яму вялікі дзякуй, як беларускае тэлебачанне ў сакавіку 2004 года ўзвяло паклёп на грамадскае аб'яднанне "Воля да развіцця" і на Міхася Варанца. Але, нажаль, дапусціў недакладнасці - найперш у першай частцы артыкула, прысвечанай мове судовага паседжання.

1. М.Лавіцкі піша, што суддзя " Лідзія Цяліца запатрабавала гаварыць па-руску ".

Насамрэч суддзя Л. Цяліца ў пачатку судовага працэсу папрасіла М. Варанца гаварыць па-руску. Хоць і настойліва (тройчы), але менавіта прасіла. Пра гэта сведчыць і форма звароту суддзі да М. Варанца - " а вы можаце па-руску ", і аргументацыя - " суду так зручней, бо дакументацыя вядзецца на рускай мове ", " сакратарка не валодае беларускай мовай у дастатковай ступені ".

2. Аўтар артыкула піша, што Міхась Варанец " з-за павагі да суда, мусіў пагадзіцца з гэтым " і, як вынікае з сэнсу артыкула, выступаў на судзе па-руску.

На самай справе Міхась Варанец не пагадзіўся перайсці на рускую мову (што аніяк не азначае непавагу да суда) і выступаў па-беларуску.

3. Не зусім карэктным з'яўляецца выказванне М.Лавіцкага, што суддзя Лідзія Цяліца " вымушана была " задаволіць зыск Міхася Варанца. Суддзя паводзіла сябе аб'ектыўна, беспрыхільна і не дала ніякіх падстаў думаць, што яна прыняла рашэнне на карысць грамадскага аб'яднання "Воля да развіцця" і Міхася Варанца насуперак сваіх перакананняў ці чыіхсьці ўказанняў.

Яшчэ раз вялікі дзякуй Міколу Лавіцкаму за патрымку грамадскага аб'яднання "Воля да развіцця" і Міхася Варанца, за тое, што вельмі дакладна перадаў сутнасць бэтэшнай правакацыі.

Разам з тым мушу (хоць і не хочацца паказацца няўдзячным) зазначыць, што моўны аспект у артыкуле выпнуты не да месца. Болей за тое, і ў плане мовы была магчымасць акцэнтаваць увагу на станоўчым: палепшыў-ся колер твару сакратаркі суда, якая пачырванела з-за сваёй прафесійнай непрыдатнасці. А адмоўнага хапае і пад носам у нас саміх.

Увогуле моўная праблема на Беларусі - вельмі далікатная. І падыход да яе мусіць быць далікатным і ў такіх, здавалася б, дробязях.

З павагай

Міхась Варанец, кіраўнік грамадскага аб'яднання "Воля да развіцця", г. Слонім, 07.04.2005.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX