№ 18 (704) 18 ТРАЎНЯ 2005 г.
April 25, 2005
Mr. Aleh Trusau
The Chairman of
the Belarusian Language Society
Дзякуй Вам за пісьмо ад 29 сакавіка 2005 года, у якім ішла размова аб выкарыстанні беларускай мовы ў некалькіх нашых рэкламных роліках.
Паколькі "Нестле" вядзе сваю дзейнасць у глабальных маштабах, кампанія ўлічвае патрэбнасць і жаданні мясцовых спажыўцоў, а таксама культурныя і моўныя адрозненні. Мы расцэньваем беларускі рынак як вельмі важны для нас, і мы з вялікай павагай адносімся да мясцовых традыцый і мовы і робім усё магчымае, каб нашы прадукты і маркетынгавая палітыка адпавядалі спадзяванням беларускіх спажыўцоў.
Дзякуй Вам яшчэ раз.
General Director of Nestle Food LLC - Bernard Meunier.
Першыя крокі ў навуку
Пад такім дэвізам прайшла VI Смаргонская навукова-практычная краязнаўчая канферэнцыя, якая адбылася 22-га красавіка ў чацвёртай гарадской гімназіі. Яе ўдзельнікі - гімназісты старэйшых класаў. Працавалі тры секцыі: беларускай мовы і літаратуры, прыродазнаўчых навук, гіс-торыі.
Мне выпала выслухаць вучнёўскія паведамленні на секцыі беларускай мовы і літаратуры. Іх было шэсць. Прынамсі:
1. Літаратурная спадчына Смаргон-шчыны.
2. Моўны этыкет.
3. Максім Багдановіч: паэт-музыка, паэт-жывапісец.
4. Тапаніміка і антрапаніміка: най-больш цікавыя раздзелы анамастыкі. Даследаванне асаблівасцяў мясцовых назваў і імён.
5. Набліжэнне да Францішка Багу-шэвіча.
6. Вобраз бацькаўшчыны ў аповесці Артура Цяжкага "Смутак".
Адпаведна іх аўтарамі былі: Ва-сільева Карына, 10 "В" клас (кіраўнік У. У. Прыхач), Высоцкі Дзмітры, 8 "А" клас (кіраўнік Г. Я. Рудая), Кавяза Алена, 8 "А" клас (кіраўнік Г. Я. Рудая), Гусь Святлана, УА "СШ № 1 г. Ашмяны", Айрапецян Навэла, 8 "А" клас (кіраўнік Г. Я. Рудая), Ермаловіч Кацярына, 8 "Г" клас (кіраўнік Т. А. Буйноўская).
Усе гэтыя паведамленні выслухаў я, скажу шчыра, з трапяткім хваляваннем, калі не сказаць, з замілаваннем. Здавалася, калі б была мая воля, я ўсіх юных рэфе-рэнтаў залічыў бы на філалагічны факуль-тэт: гэткія іхнія паведамленні былі глыбокія, пранікнёныя. Асабліва мяне ўразіла паве-дамленне васьмікласніцы Навэлы Айра-пецян "Набліжэнне да Францішка Багу-шэвіча". Тэма гэтага паведамлення глы-бінная: набліжэнне да Францішка Багушэвіча - гэта значыць набліжэнне да ўсяго нацыянальнага, да ўсяго беларускага. Уразіла і тое, што за гэтую тэму ўзялася дзяўчынка з армянскім прозвішчам і імем. Пад час перапынку я не стрымаўся, пады-шоў да Навэлы Айрапецян, пацікавіўся, хто яна, чаму абрала такую тэму. На мае пытанні Навэла адказала: "Тэму "Наблі-жэнне да Багушэвіча" я абрала таму, што лічу асобу гэтага пісьменніка вельмі важнай у гісторыі і развіцці беларускай мовы і літаратуры".
Пра сябе ж Навэла паведаміла: "Мяне так назвалі таму, што такое імя мела мая бабуля - татава маці. А мой тата армянін. Але я ўжо нарадзілася ў Смаргоні. Мама мая - беларуска..."
Здаецца, усё проста і зразумела. І ўсё ж, чаму ж мяне гэтак усхвалявала Навэліна паведамленне?
Пэўна таму, што яна, чалавек новай генерацыі, адчула ў Багушэвічавай постаці гарманічную цэласнасць паэтавага светапогляду на свой народ, яго мову, гісторыю, сугучнага ёй.
Перакананы, змест Навэлінага паве-дамлення станецца з цягам часу яе глыбокім перакананнем, а гэта ўжо зарука, што парыванні Багушэвічавай душы былі не марныя. Яны трапляюць у спрыяльную глебу ХХІ стагоддзя і даюць добры плён.
Цікавыя былі вучнёўскія паведам-ленні і на гістарычнай секцыі. Усе яны з пазнання гісторыі роднага краю, роднай Смаргоншчыны. Сярод іх:
1. Культавыя помнікі Смаргон-шчыны. Шышкевіч Ганна, 10 "Б" клас (кіраўнік Абушка І. А.).
2. Спаса-Прэабражэнская царква ў Смаргоні. Новаш Павел, 10 "В" клас (кіраўнік Абушка І. А.).
3. Папяровы млын у Смаргоні. Чырыца Алена, 10 "В" клас (кіраўнік Абушка І. А.).
4. Ігнат Дамейка: вучоны, этнограф, фалькларыст. Казачонак Кацярына, 10 "Б" клас (кіраўнік Абушка І. А.).
Вайсковыя баталіі на Смаргоншчыне ў ХХ стагоддзі таксама не былі абыдзены юнымі краязнаўцамі, іх першыя крокі ў навуку абнадзейваюць. Балазе, усе працы юных даследчыкаў, як паведамілі кіраўнікі шостай Смаргонскай навукова-практычнай канферэнцыі, будуць надрукаваны ў агу-льным зборніку.
Уладзімір Содаль.
Юбілей Людмілы Майсені
У пачатку траўня адзначыла круглую дату ў сваім жыцці адна з найвыдатнейшых патрыётак Беларусі, дачка старажытнай Нясвіжчыны, палымяны змагар за беларускую мову Людміла Майсеня .
Народжанай у сям'і беларускіх вясковых інтэлігентаў, ёй не давялося ў пачатку 90-х вяртацца да беларускасці, як многім у той час. Яна была беларус-каю і ў 70-я, і ў 80-я. Закончыўшы фізікаматэматычны факультэт Менскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, абараніўшы кандыдацкую дысертацыю, Людміла Майсеня выкладала вышэйшую матэматыку ў Менскім радыётэхнічным інстытуце і Менскім радыётэхнічным каледжы, дзе працуе і зараз.
Ёй не трэба было чакаць на покліч роднага краю, яна здольная была пачуць і самы ціхенькі шэпт. Як толькі першыя нацыянальныя сокі пабеглі па карэньчыках амаль засохлага дрэва Беларушчыны, Людміла Майсеня стала ў шэрагі нацыянальнай інтэлігенцыі, стала на шлях адраджэння. Яна ўвайшла ў шэраг грамадскіх арганізацый, была сябрам сойму БНФ "Адраджэньне", на сёння з'яўляецца сябрам Рады ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны". Але не ў выступы на сходах і мітынгах укладала сваю энергію і сваё натхненне гэтая ў многім імпульсіўная і бескампрамісная жанчына. На стаптаным полі Беларушчыны ўбачыла яна сваю дзялянку і пачала вырабляць яе мэтанакіравана і ўпарта, штодзённа і на працягу многіх гадоў.
Вярнуць беларускую мову ў вышэйшую матэматыку ці вярнуць вышэйшую матэматыку ў беларускамоўную навуку. Гэта стала сэнсам жыцця і аб'ектам прыкладвання творчых сі лаў кандыдата фізікаматэматычных навук Людмілы Майсені. Пра стан матэматычнай навукі ў Беларусі дакладна сказана ў артыкуле Людмілы Майсені і Васіля Юферава "Знішчэнне беларускай адметнасці ў матэматычнай тэрміналогіі": "Амаль 60 гадоў у Беларусі не выдалі пабеларуску ніводнага падручніка па матэматыцы ні для ВНУ, ні для сярэдніх спецыяльных устаноў... Беларуская мова як мова матэматычнай навукі перастала існаваць. Матэматычныя артыкулы пабеларуску не друкаваліся на працягу шасці дзесяцігоддзяў да ўзнаўлення нашай незалежнасці..." ("Аняменне ...", 2000 г.) Супраць гэтай катастрафічнай сітуацыі і выступіла са сваімі калегамі і аднадумцамі Людміла Майсеня.
Яна адной з першых перайшла на выкладанне вышэйшай матэматыкі пабеларуску і ўвайшла ў аўтарскія калектывы па напісанні трохтомнага "Курса вышэйшай матэматыкі" (апошні том выйшаў у 2003 годзе) на беларускай мове, а таксама "Матэматычнай энцыклапедыі" (2001 г.). Пры гэтым так атрымалася, што каб давесці выданне трохтомніка да канца Людміле Майсені давялося 3ці том напісаць адной. У том увайшлі такія раздзелы як "Тэорыя функцый комплекснай зменнай" і "Аперацыйнае злічэнне". Зразумела, што выданню гэтых кніг папярэднічала зацятая барацьба на полі тэрміналогіі, і тое, што матэматычная тэрміналогія ў гэтых кнігах набыла беларускае гучанне, з'яўляецца вынікам цвёрдых пазіцый Людмілы Майсені па гэтым пытанні.
Людміла Майсеня была старшынёй рэдкалегіі і згаданай ужо кнігі "Аняменне. З хронікі знішчэння беларускай мовы" (2000 г.), найбольш грунтоўнага выдання, здзейсненага ТБМ. Яна не толькі сабрала ўвесь матэрыял для кнігі і, фактычна, сфармавала структуру рукапісу, але і прыдумала назву "Аняменне".
На сёння, у свой юбілейны год, Людміла Майсеня прадаўжае самааддана працаваць для Беларусі, і ТБМ можа ганарыцца,што ў яго шэрагах знаходзіцца такая адданая беларускай справе жанчына.
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра вінуюць спадарыню Людмілу Майсеню з юбілеем і зычаць ёй плёну на ніве самаадданай і рупнай працы на карысць Беларусі.
Фалькларыст, літаратар, прафесар Цішчанка
Да 75 угодкаў народзінаў
Іван Кірылавіч Цішчанка быў арганічны фалькларыст. Традыцыйную культу-ру народа спасцігаў ля самых яе вытокаў. Пасцігаў з юнацтва, яшчэ несвядома ўдзельнічаючы ў яе дзеях-праявах.
Дзед Аніська слыў на ўсю ваколіцу пчаляром. Быў носьбітам народнай муд-расці. Унікальную замову на пчаліны рой, запісаную ад яго, Іван ужо навукоўцам змясціў у хрэстаматыю "Беларускі фальк-лор". Старэйшая сястра Вольга слыла на ўсю вёску Прылукі, што на магілёўскай Слаўгарадчыне, галасістай пявунняй. Будучы фалькларыст змалку жыў у стыхіі народнай культуры: юнаком граў на вяс-ковых вячорках, браў удзел у спеўках моладзі. Тым часам жыццё рана прад'явіла будучаму вучонаму, літаратару свае жорсткія прэтэнзіі. У 1937 годзе меў сем год, калі быў рэпрэсаваны бацька Кірыла Анісімавіч, старшыня калгаса. Не вярнуўся з вялікай вайны старэйшы брат Аляксей. Дырэктар слаўгарадскай школы перад смерцю прызнаўся свайму былому выпуск-ніку, што не мог выдаць яму атэстат з залатым медалём, бо афіцыйна лічыўся на той час Іван сынам "ворага народа". Былі праблемы і ў ва універсітэце, калі ўдалося паступіць на філалагічны факультэт. А выбіраў яго таму, што ўжо спрабаваў пяро ў слаўгарадскай раёнцы. Любоў да літара-туры спакушала на вершаваную форму выказвання.
Заснаваны ў 1957 годзе Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР ды крыху пазней навукова-выдавецкая ўстанова "Беларуская энцы-клапедыя" - плён стратэгічнай думкі тагачаснай ніклай беларускай эліты. Прадыктаваныя клопатам пра будучыню айчыннай навукі і культуры, гэтыя струк-туры адкрывалі добрую перспектыву для развіцця мастацтва і народазнаўства, беларускай гуманітарыстыкі ў цэлым. Іван Кірылавіч як і некаторыя іншыя выпускнікі ВНУ рэспублікі, трапіўшы ў ІМЭФ АН, якім кіраваў акадэмік Пятро Глебка, атрымаў рэальны шанец рэалізаваць сябе на наву-ковай ніве.
Працуючы малодшым навуковым супрацоўнікам, актыўна спрычыпіўся да падрыхтоўкі і выдання манументальнага акадэмічнага зводу беларускага фалькло-ру. Падрыхтаваў пяць тамоў з серыі БНТ "Жартоўныя песні", "Песні пра каханне", "Сямейна-бытавыя песні", "Сацыяльна-бытавыя песні" (сумесна з В.Скіданам), "Прыпеўкі", забяспечыў іх навуковым календаром і аналітычнымі прадмовамі.
У 1969 г. абараніў кандыдаацкую дысертацыю, прысвечаную генезісу бела-рускіх прыпевак, а ў 1986 г. разам з калегамі-фалькларыстамі Г. Барташэвіч, Л. Салавей, Л. Малаш, К. Кабашнікавым, А. Гурскім і іншымі быў уганараваны Дзяр-жаўнай прэміяй БССР. Запісы беларускага фальклору, зробленыя І. Цішчанкам, увай-шлі ў пятнаццаць тамоў акадэмічнага выдання народна-паэтычнай творчасці.
Пэўны час і досыць плённа працаваў І. Цішчанка над даследаваннем гісторыі беларускай фалькларыстыкі. У раздзеле сваёй кнігі "Да народных вытокаў", які носіць назву "На згаслай хвалі раман-тызму" ён эцюдна паказаў працу фалькла-рысткі Лізаветы Паўлоўскай, што пазна-чыла свае "Беларускія народныя песні" крыптонімам Е. П., разгледзеў уклад у беларускую фалькларыстыку міфолага Паўла Шпілеўскага. А ў раздзеле "Падзвіж-нікі" прааналізаваў фалькларыстычную дзейнасць Адама Кіркора і Івана Насовіча. У асобным раздзеле на шырокай дакумен-тальнай аснове даследаваў дзейнасць Рускага геаграфічнага таварыства і яго філіяла Паўночна-Заходняга аддзела, стараннем якіх было шмат зроблена дзеля збірання матэрыялаў па матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў.
У выданні "Беларуская фалькларыс-тыка" (1989 г.) І. Цішчанакам асветлена збіральніцкая і навуковая праца яшчэ дзесяці народазнаўцаў, фалькларыстаў і этнографаў, а менавіта П. В. Шэйна, П. А. Бяссонава, П. А. Гільтэбрандта, Ю. Крач-коўскага, Е. Р. Раманава, Я. А. Ляцкага, М.В. Доўнар-Запольскага, А. Я. Багдано-віча. А ў пасмяротным выданні фалькла-рыста "З творчай спакдчыны" - навуковыя нарысы пра І. А. Сербава і М. І. Каста-марава ды цікавы новымі звесткамі і фактамі разгорнуты артыкул пра бела-рускга фалькларыста і гісторыка рускай літаратуры праф. Яўгена Ляцкага.
Былі яшчэ літаратурныя патрэты славутай спявачкі народных песень, у тым ліку беларусіх, Ірмы Яўнзем і музыкі ХІХ ст. Міхала Гузікава. Нарыс-партэт пра Гузікава называўся "Беларускі Арфей".
Цікавасць да асобы творцы, асаблі-ва да носьбітаў беларускай тардыцыйнай і прафесійнай культуры прывялі навукоўца да думкі паспрабаваць сябе ў іншых жанрах ды формах, па-за навуковымі артыкуламі і манаграфіямі.
Пасля напісання брашуры "Жыццё песні" з рэжысёрам Людам Гідравічусам І. Цішчанкам была створана дакументальная стужка "Бывайце здаровы" пра паэта -песенніка Адама Русака. У сааўтарстве з А. Лісам быў напісаны сцэнар і пастаўлены дакументальны фільм пра валадара бела-рускай песні, фалькларыста і слыннага дырыжора Рыгора Раманаваіча Шырму. А ў творчым супрацоўніцтве з рэжысёрам Рычардам Ясінскім створана паўнаметра-жнае дакументальнае кіно "Вяртанне Міхася Забэйды-Суміцкага".
Паспрабаваў Іван Кірылавіч пяро і ў мастацкай прозе, апублікаваўшы ў часопісе "Маладосць" апавяданне "Склі-зень", пазначанае сапраўдным псіхалагіз-мам і дасканалым валоданнем беларускім словам і складам. Большасць жа навеліс-тычных сюжэтаў (быў дасканалым апавя-дальнікам) распазычыў знаёмым пісьменні-кам. Асабліва калегам па лецішчы на Лысай гары.
У актыве І.К. Цішчанкі сааўтарства падручнікаў па беларусім фальклоры для ВНУ, некалькі выпускаў хрэстаматыі "Беларускі фальклор". Апошнія дзесяць год да заўчаснай смерці ў лютым 2001 г. Іван Кірылавіч ўжо ў прафесарскім званні чытаў курс фальклору і беларускай міфалогіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Апошнія тры гады паводле апытання студэнтаў меў рэйтынг лепшага лектара гэтай навучальнай установы.
Арсень Ліс.
УСПАМІНЫ ПРА СТАРЭЙШАГА КАЛЕГУ
да 75-гадовага юбілею Івана Кірылавіча Цішчанкі
Іван Кірылавіч Цішчанка неаднойчы гаварыў, што надта любіць выкладчыцкую працу ва універсітэце культуры і ў аудыторыю да студэнтаў заўсёды ідзе з ахвотай. Ен шмат гадоў прысвяціў чыстай акадэмічнай навуцы, і ўжо ў сталым узросце ўрэшце прыйшоў да дзейнасці, якая выдатна сумяшчала яго навуковае, прафесійнае зацікаўленне народнай творчасцю і дазваляла раскрыцца яго асабістым якасцям, такім, як аратарскае майстэрства, артыстызм, дасціпнасць і эмацыйнасць.
Аблічча выяўляла неардынарнасць яго нату-ры: ясныя, з гарэзлівай іс-крынкай вочы (погляд іх часам мог быць пранізлівы і строгі), смуглявы прыгожы твар, густыя, хвалістыя з сівізной валасы. З'яўляўся на занятках Іван Кірылавіч Цішчанка заўсёды ў гарні-туры і гальштуку, рухаўся жвава і па калідорах нібыта "лятаў". Узгадвае Ірына Грамовіч, дацэнт кафедры беларускай народна-песен-най творчасці: "Добразычлі-вы, шчыры твар Івана Кіры-лавіча запомніўся мне з таго моманту, калі ён зайшоў у аўдыторыю, дзе я праца-вала з хорам студэнтаў завочнага навучання. Гэта было прыкладна дзесяць гадоў таму. У той час я і ўявіць сабе не магла, што высокую адзнаку маім спе-вам і спевам студэнтаў дае вядомы вучоны-фалькла-рыст".
Ен быў выдатны апа-вядальнік. Умеў і любіў баяць розныя гісторыі з успамінаў маладосці, з фа-льклорных экспедыцыяў, наогул - з жыцця. Забаўныя дыялогі з гультаяватымі студэнтамі Іван Кірылавіч перадаваў класічна, тым самым навучаў і выхоўваў гэтых жа студэнтаў. У лек-цыях, галоўнай сваёй пра-цы, ён рэалізоўваўся як навуковец і творца. Міфалогія і фальклор беларусаў былі, без сумнення, любімай дысцыплінай не аднаго па-калення студэнтаў універсітэта культуры. (Некалькі гадоў запар па апытаннях менавіта Івана Кірылавіча называлі студэнты лепшым выкладчыкам года). Сапраўды, выкладаў прафесар Цішчанка грунтоўна і ве-льмі цікава. Аўдыторыя, зачараваная ім, магла сядзець пасля званка: абы толькі працягваўся незвы-чайны экскурс у сівую даў-ніну.
На перапынку прафесар Цішчанка нязменна купляў у кіёску некалькі газетаў, потым, седзячы на кафедры ў сваім любімым крэсле, чытаў іх з уважлі-васцю, і бывала, камента-ваў тое-сёе. У часы, калі Іван Кірылавіч працаваў на кафедры гісторыі і музея-знаўства (ды і цяпер так вядзецца), адносіны паміж калегамі былі прыязныя і добразычлівыя. Гаварылі заўсёды па-беларуску. Га-зетныя навіны часам абмяр-коўвалі разам. Думку мала-дзейшых Іван Кірылавіч паважаў і вельмі цаніў трап-насць у мове (мог нават узрадавацца і потым ухва-льна паўтарыць спадабалае яму слоўца ці выказванне). На кафедры пілі хто каву, хто гарбату, а Іван Кірыла-віч сам любіў і іншых заах-вочваў да запараных зёлак: чабару, мяты. Казаў, што гэты напой дае яму моц, што ніякая гарбата не смачней-шая за зёлкі, сабраныя тут, на Беларусі.
Аднойчы ён распа-вёў гісторыю свайго незвы-чайнага знаёмства з адной дзяўчынай. "Было мне за трыццаць, - узгадваў Іван Кірылавіч, - даўно ўжо на-дышоў час жаніцца… Тэма гэтая нават абмяркоўвалася маімі сябрамі. Як толькі яны не спрабавалі спрыяць мне ў выбары нявесты - але без-вынікова. Дык вось, стаім мы аднойчы на прыпынку з маім самым блізкім сябрам, а той зноў давай пра жані-цьбу. Я і кажу яму нібы жартам, што падыдзе зараз тралейбус, зойдзем, там я і выберу сабе дзяўчыну. Так і адбылося! Зайшлі і позірк мой спыніўся на прыгожай маладой асобе. "Гэта яна!" - пранеслася ў думках. Ве-льмі яна мне спадабалася - вачэй не мог адвесці Хочу нешта сказаць, а язык нібы прырос. Я і пайшоў за ёй моўчкі, толькі сэрца тахка-ла…". Так Іван Кірылавіч сустрэў сваю будучую жон-ку Марыю Ільінічну.
У 2000 годзе ва уні-версітэце адзначалі 70-га-довы юбілей прафесара Іва-на Кірылавіча Цішчанкі. Словы ўдзячнасці за працу, пажаданні здароўя і здзяй-снення творчых планаў ка-залі супрацоўнікі універсі-тэта культуры, літаратары і навукоўцы. Сам юбіляр з букетамі ружаў у атачэнні сяброў і калегаў выглядаў сапраўды шчаслівым. Іван Кірылавіч умеў радавацца і прыносіць радасць іншым.
Яму, між іншым, вельмі спадабалася жартоўная паэма, напісаная, згодна законаў жанру, ананімным аўтарам. Яна гучала на сцэне ў выкананні студэнтаў факультэта.
Іван на Парнасе
Ці знаў хто Цішчанку Івана,
Што ў прафесарах хадзіў?
За кафедрай,
у БУКу знаным
Гадоў ён многа адрабіў.
Што ж,
чалавек ён быў рахманы,
Гарэлкі ў губу ён не браў,
І быў у ласцы ў дэкана
(Яго той дужа шанаваў!).
Але ж і Iван у працу многа
Старання-поту ўкладаў:
Чуць золак -
ён партфель у рукі,
І памінай хто дома знаў.
(А ў тым партфелі
шчэ з вячора
Канспекты тоўстыя
ляжаць)
Імчыць Іван усім патокам
Сваю навуку выкладаць.
Пра міфы нашага народу
Чытаў ім Цішчанка Іван.
Ды раз бяда яго спаткала.
Во як казаў пра гэта сам:
. . .
Добрае пачуццё гу-мару, дасціпнасць спадарожнічалі Івану Кірылавічу заўсёды. Ен быў уважлівы да людзей, асабліва грэла яго сэрца родная Слаўгарадчына. Аднавяскоўцы, сваякі, узгадваючы яго пры-езды на радзіму, у вёску Улукі, казалі, што Ванечка наведваў усіх, любіў пася-дзець, пагаманіць, распытацца пра жыццё і здароўе. Шмат фатаграфаваў лю-дзей (і сам на фотаздымках атрымліваўся ўсмешлівы, прыгожы). З задавальненнем слухаў песні і ўмеў вельмі добра спяваць. Іван Кіры-лавіч збіраў народныя ву-снапаэтычныя творы яшчэ з маладосці. У 1951 годзе ад 90-гадовай бабулі запісаў замову, якая ўвайшла ў хрэстаматыю па фальклору. Але асаблівы гонар яго, як фалькларыста, складала змешчаная там жа "дынас-тычная" пчалярская замова (Цішчанкі бацька і дзед былі пчалярамі). "Як маці зямлі, свайго месца пільнуйце-ся"… Хто ведае, можа гэтыя словы старажытнай дзядоў-скай замовы для пчолаў адыгралі ролю ў выбары Іванам Кірылавічам свайго жыццёвага шляху.
Узгоркі, лясы на даляглядзе, невялічкая пакручас-тая рачулка Проня, што бяжыць між кустамі алеш-ніку недалёка ад бацькоўскай хаты - усё гэта было, мусіць, самым дарагім для Івана Кірылавіча. Ен распа-вядаў пра сваё дзяцінства, пра тое, як у гады вайны маці і сястра выратавалі яму жыццё.
Лёс сястры-Вольгі Кі-рылаўны быў такі ж, як і лёс многіх беларускіх жанчы-наў: вайна разбурыла яе каханне, яе чалавечае шчас-це. З гэтым звязана песня, якую Іван Кірылавіч упер-шыню пачуў ад сястры, запомніў і на ўсё жыццё палюбіў. Аднойчы ў час гутаркі з Ірынай Грамовіч пра беларускія спеўныя тра-дыцыі, Іван Кірылавіч вы-рашыў паказаць ёй, як гу-чыць гэты твор. "Песня "Адлятае мой саколік, адля-тае" настолькі спадабалася мне і запала ў душу, - ус-памінае Ірына Грамовіч, - што я проста сказала: "Яна мая". Потым было творчае супрацоўніцтва з кампа-зітарам Эмілем Наско, і ў выніку ўзнікла апрацоўка і аркестроўка. Так песня ат-рымала сваё другое нара-джэнне. І гэта адно з таго, што складае добрую памяць аб Івану Кірылавічу Ціш-чанку.
Анастасія Гулак, кафедра этналогіі і фальклору БДУКіМ.
БЕЛАРУСКІ МАСТАК ПЯТРО ДРАЧОЎ
8 траўня на 68-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі мастак, графік Пётр Мікалаевіч Драчоў. Пётр Мікалаевіч нарадзіўся 6 ліпеня 1937 г. у Ленінградзе, куды ў пошуках заробку з вёскі Бель Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці пераехалі яго бацькі. У 1941 г. ён з маці і сястрой паехаў на канікулы ў родную вёску, дзе іх застала вайна. У 1942 г. абараняючы Ленінград, загінуў бацька. У 1945 г. ад хваробы памерла маці. Пятра накіравалі ў Мсціслаўскі дзіцячы дом. З 1953 па 1958 г. ён вучыўся ў Менскай мастацкай навучальні, з 1958 па 1964 г. - у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мас-тацкім інстытуце. Пасля заканчэння інсты-тута працаваў мастацкім рэдактарам у часопісе "Бярозка". З 1992 г. стаў мастацкім рэдактарам "Беларускага гістарычнага часопіса".
Пётр Мікалаевіч пакінуў значны след у кніжнай і станковай графіцы. Сярод яго твораў - серыя акварэляў "Помнікі архітэктуры Беларусі" (1970-1982), "Бярэ-зінскі запаведнік" (1975-1979), літаграфіі "Кірмаш канца ХІХ - пачатку ХХ ст." (1972), "Дзяды", паводле паэмы А. Міц-кевіча (1973), "Паўстанне 1863 г." (1978), "Спынім забойствы..." да 500 годдзя Мі-колы Гусоўскага (1980), серыя "Асветнікі" (1989), зрабіў копію Жыровіцкага Еван-гелля (ХV ст.). ілюстрацыі да кніг У. Дубоўкі, П. Броўкі. У. Караткевіча, І. Новікава. Дыярамы "На старажытным гарадзішчы", "Францыск Скарына трымае экзамен перад прафесарамі ў Падуанскім універсітэце" і інш.
Для Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі Пётр Драчоў выканаў работы "Гандаль у Полацку", "Падводны свет нашых азёр", "Паселішча на Сен-ніцы", "Крэмнездабыўныя шахты ў Красным", "Францыск Скарына ў друкарні", стварыў панараму "Пажар г. Магілёва ў 1700-1721 гг".
Пётр Драчоў - аўтар мастацкага афармлення музея гісторыі медыцыны Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі театральнай і музычнай культуры, мема-рыяльнага музея У. Караткевіча ў Оршы і Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі.
Усе мы, каму давялося ведаць гэтага таленавітага мастака, шчырага і сумлен-нага чалавека, смуткуем разам з яго сям'ёй і выказваем спачуванні родным і блізкім Пятра Мікалаевіча Драчова.
Рэдакцыя "Беларускага гістарычнага часопіса", Калектыў выдавецтва "Адукацыя і выхаванне", Беларускі саюз мастакоў
ПАМЯЦІ ДОКТАРА БАРЫСА РАГУЛІ
Памёр Барыс Рагуля, доктар медыцыны, заступнік Старшыні Рады БНР, старшыня сусветнай арга-нізацыі "Канферэнцыя Во-льных Беларусаў", дзеяч у Канадыйскім фондзе дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі, былы старшыня Каардынацыйнага Камітэ-ту Беларусаў Канады (ККБК), Выдавецкага Фон-ду беларускіх падручнікаў пры ККБК, Беларускага Інстытута Навукі і Мас-тацтва ў Канадзе, дзейны сябра Згуртавання Бела-русаў Канады і ахвярны парафіянін БАПЦ Св. Кіры-лы Тураўскага ў Таронта.
Памёр др. Барыс Рагуля 21 красавіка, 2005 года ў Лондане, Антарыё, Кана-да. Было яму 85 год.
Першы раз сустрэла я светлай памяці Барыса Рагулю недзе ў канцы 1945 года ў беларускім лагеры Ватэнштэт, што ў ангель-скай зоне Нямеччыны... было нейкае свята, ці не Новы год. За застольнай бяседай з'явіўся незнаёмы жывы, энергічны, малады, як і ўсе мы, чалавек, які заявіў нам: "Чаго вы тут сядзіце ў ла-геры, чаму не ідзяце вучыц-ца?!"
- Мы хочам вучыц-ца, кажу яму, але немагчы-ма дастацца на універсітэт. Універсітэты прымаюць перш за ўсё сваіх нямецкіх былых жаўнераў, якія толь-кі што вярнуліся з вайны.
- На універсітэце ў Марбургу ёсць мейсцы для беларусаў! Ці хто з вас паехаў бы ў Марбург? - кажа незнаёмы.
Марбург у амеры-канскай зоне. За граніцай... Аказваецца, інтэлігентны, спрытны, харызматычны студэнт медыцыны Барыс Рагуля выстараўся на уні-версітэце Марбургу мейсца не толькі для сябе і свае жонкі Людмілы, а і 30 мей-сцаў для беларусаў.
Я паехала ў Мар-бург. І так, дзякуючы Бары-су Рагулю, ягонай дбайлі-васці пра беларускія спра-вы, пра беларускіх студэн-таў, я змагла прадаўжаць за мяжой універсітэцкія сту-дыі, ды пасля здабыць пра-фесію.
У нашай даволі вялі-кай, вясёлай студэнцкай арганізацыі, старшынём якое быў заўсёды Барыс Рагуля, былі сябры розных поглядаў і кірункаў. Былі БНР-аўцы - крывічы і БЦР-аўцы - зарубежнікі. Ды розніцы ў поглядах не пера-шкаджалі нам ані ў навуцы, ані ў складанні экзаменаў, ані ў багатым сяброўскім жыцці. Усе мы былі беларус-кімі патрыётамі. Усе мы ішлі пад бел-чырвона-белым штандарам і старадаўняя крывіцкая Пагоня біла ў сэрцы нашы, біла мячамі, не давала чужынцамі быць, і ўсіх нас яднала наша родная беларуская мова, бо "Мі-ласцівы Бог" нас, як і Фран-цішка Скарыну "з таго языка на свет пусціў". Жы-ве родная мова, жыве бела-руская душа - беларуская нацыя.
Праз два, ці тры га-ды прыйшла "вэрунг" - рэ-форма грошай. З 10-цёх нямецкіх марак зрабілася толькі адна марка. Настаў цяжкі час для нас беларускіх студэнтаў. Ды "Міласцівы Бог" меў над намі апеку. Газета "Бацькаўшчына" паведамляе, што ёсць маг-чымасць дастаць стыпендыі з Ватыкану. Толькі трэба ехаць вучыцца на ўнівер-сітэт у Лювэн, у Бельгію. Ізноў наш Барыс Рагуля у паразумленні з Радай БНР, яе старшынём інж. Міколам Абрамчыкам у цэнты спра-вы атрымання стыпендыяў марбурскім студэнтам, ды арганізацыі паездкі ў Лю-вэн. І так паехалі ў Лювэн амаль ўсе беларускія сту-дэнты з Марбурга. Заста-лася ў Марбургу канчаць студыі толькі я, бо была на апошнім годзе дэдэнтысты-кі, рыхтавалася да выпуск-ных экзаменаў, застаўся і Лявон Трусевіч, які быў на перадапошнім годзе таго ж факультэта.
Радыё Ліберты - "Свабода". У справах атры-мання магчымасці арганіза-цыі бээнэраўскай беларус-кай секцыі радыё "Вызва-леннне" - "Свабода" ізноў прычасныя былі беларускія студэнты з Лювэну, а між імі Барыс Рагуля гуляе ці не адну з галоўных роляў...
Ў 1997 годзе перад 22-ой сесіяй Рады БНР др. Барыс Рагуля, як заступнік Старшыні Рады БНР едзе з Канады ў Вільню на з'езд Еўрапейскага сектару Рады БНР. Памагае яго арганіза-ваць і дае на ім справаздачу з дзейнасці Рады БНР у Эгзылі. На 22 сесіі Рады БНР ў тым жа 1997 годзе ў Нью-Ёрку др. Барыс Рагуля быў перавыбраны як за-ступнік Старшыні Рады БНР і быў ім да смерці.
І так, Дарагі Сябра, шлях Твой змагарны за дзяр-жаўную незалежнасць Бела-русі на гэтым свеце закон-чыўся, але дух Твой жыве ў плёне Твае працы, Тваіх асягненнях. Жыве ён ў Тваіх дзецях, унуках і нашчадках, якім Ты пакінуў запавет: "Сцяг свой высока тры-май"!
Бывай, дарагі Барыс! Вечная Табе Памяць!
Ад імя беларускага грамадзянства Канады і сябе асабіста выказваю шчырыя спачуваннні жонцы Памерлага спадарыні Люд-міле, дзецям - Рагнедзе, Вітаўту, Уладзіміру, Анд-рэю і іхнім сем'ям.
Др. Раіса Жук-Грышкевіч.
САЮЗ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ - ВЯРТАННЕ З ЗАБЫЦЦЯ
Такую назву мае кніга Ціны Клыкоўскай, якая выйшла ў выдавецтве "Беларускае гістарычнае таварыства" у Беластоку (2004 г.) і днямі трапіла ў мае рукі. Манаграфія прысвечана памяці Янкі Жамойціна і надрукавана пры грашовай дапамозе Гарадской Управы ў Беластоку і Уладзіміра Гарэліка. Да напісання кнігі спрычыніліся Алесь Мазур, Павал Карназыцкі, Юры Гумянюк, Ірына Халіп, Тац-цяна Снітко, Сяргей Пульша, Алесь Палынскі...
Манаграфія "ставіць за мэту абагульніць тыя нешматлікія звесткі пра нацыянальна-патрыятычны моладзевы рух у Беларусі падчас нямецкай акупацыі, якія знаходзяцца сёння ў межах дасягальнасці даследчыкаў. Мэта выдання-спроба доследу феномену нацыянальнага ўздыму беларускай моладзі, які прыйшоўся на складаны і супярэчлівы час, калі беларус-кае грамадства жыло пад нямецкім прыгнётам, пад партызанскім тэрорам, у чаканні прыгнёту савецкага, не губляючы надзею на тое, што перамога хаўрус-нікаў фашыстоўскага рэжы-му вырашыць "беларускае пытанне на карысць тутэйшага люду"
Менавіта ў гэты час беларуская моладзь здолела згуртавацца і стварыць масавую арганізацыю - Саюз Беларускай Моладзі. Яе сябрам быў накаваны трагічны лёс, "забыццё і ганьба".
Трэба адзначыць, што новая кніга Ціны Клыкоўскай - гэта грунтоўнае гістарычнае даследванне. Манаграфія будзе цікавай не толькі прафесійным гісторыкам, але сучаснай беларускай моладзі.
Аляксей Шалахоўскі, старшыня суполкі ТБМ "Гісторыя".
П е р а б е ж ч ы к і
Беларусы, як і ўкраінцы, жывуць на стыку дзвюх канфесій - каталіцкай і праваслаўнай, а гэта значыць, на стыку заходняй і ўсходняй еўрапейскіх цывілізацый. Таму часта беларусам даводзілася выбіраць адно або другое. Каб пазбавіцца гэтага выбару ў 1596 г. была падпісана Берасцейская царкоўная унія, якая паслужыла да 1840 г. своеасаблівым мастом паміж праваслаўнай і каталіцкай культурамі. І калі царкоўная унія некалькі згладзіла трэнні царкоўнага характару, дык засталіся супярэчнасці палітычныя і сацыяльныя. Яны існавалі ўвесь час, на працягу стагоддзяў. Не зніклі яны і цяпер.
Часта даводзілася ліцьвінам-беларусам выбі-раць паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй або Расійскай імперыяй, паміж Рэччу Паспалітай і СССР. І маім дзядзькам па мацярынскай лініі давялося некалі рабіць гэты выбар. Жылі яны тады ў Заходняй Беларусі, якая была ў складзе Польшчы. Іван Варановіч (брат маёй маці) жыў у вёсцы Касічы, гміны Войстамскай, павету Вілейскага, ваяводства Віленскага, а Фадзей Роліч - у вёсцы Ролічы, гміны Вішнёўскай, павету Свінцян-скага, ваяводства Віленскага. Фадзей ажаніўся з Маняй, якая даводзілася сястрой маёй маці Соні.
Каля 1930 г. Іван і Фадзей яшчэ былі дзецюкамі і рашылі кожны паасобку пашукаць шчасця за мяжой. Яны вырашылі знайсці яго на ўсходзе. Задумалі ўцячы з Польшчы ў Савецкую Беларусь, бо там няма па-ноў, і самі працуюць на сябе. Так думалі многія мужыкі, асабліва моладзь.
Камуністычная пар-тыя Заходняй Беларусі і Беларуская сялянска-работніцкая грамада гэтыя настроі падтрымлівалі ў на-родзе і вялі актыўную агіта-цыю, тым самым і папаўнялі суполкі ў вёсках і мястэчках. Іван Варановіч стаў сябрам Таварыства бела-рускай школы і падтрым-ліваў Грамаду, якой кіраваў Браніслаў Тарашкевіч. Фа-дзей Роліч ні ў якія суполкі не ўваходзіў. І Варановіч і Роліч паспрабавалі каля мястэчка Радашковічы пе-райсці польска-савецкую мяжу, але былі затрыманы памежнікамі яшчэ на поль-скім баку.
Як жа далей склаўся іх лёс? Аб гэтым мне раска-залі самі перабежчыкі ў 1973 ці 1974 годзе, пасля смерці маёй маці. Я на той час працаваў недалёка ад Рада-шковічаў. Выкладаў у шко-ле гісторыю. І мне хацелася ведаць, як жылося маёй ма-ці і маім дзядзькам пры Польшчы, у той краіне, дзе і я нарадзіўся ў 1937 годзе. Я папрасіў кожнага дзядзьку расказаць, як яны ацэнь-ваюць праз 40 гадоў свае ўчынкі маладосці. Пытанне я ім задаў у дарозе. Мы ішлі з вёскі Нарочы на наш ху-тар Струменне, які тады быў каля вёскі Касічы. Цяпер яго ўжо няма, ды й вёска дажы-вае свой век.
Іван Варановіч расказаў пра свае прыгоды на граніцы так:
- Пераходзіў граніцу каля Радашковічаў я двой-чы. Першы раз нават удачна. За грошы праваднік пра-вёў мяне, і я трапіў да савец-кіх пагранічнікаў. Тыя дапы-талі мяне, і адправілі назад, дадому. Сказалі: "Каб ты пана забіў або спаліў яго сялібу, дык тады можа б мы прынялі". Не памагло і тое, што я, як дурань, прасіўся да сястры ў Сібір. Яна там засталася, як мы былі ў бежанстве ў 1915-1921 га-дах.
Недзе праз год, - рас-павядаў Іван, - я направіў-ся зноў пад Радашковічы. Хацеў каля граніцы што-небудзь падпаліць, але не змог. Папрасіў правадніка, каб паказаў патаемную сце-жку на савецкі бок. Але на гэты раз праваднік здаў мяне польскім пагранічнікам.
Пасадзілі мяне ў ка-меру, нават належным чы-нам не абшукаўшы. Да мяне ў камеру падсадзілі кры-мінальніка, злодзея. Я яму па вясковай прастаце і рас-казаў, што з дакументамі Грамады і ТБШ хацеў уця-чы ў БССР. Назаўтра той злодзей на допыце следчаму заявіў: "Ну што я благога зрабіў? Падумаеш, у пана барана ўкраў. Што ён у пана адзін ці што? Не збяднее той пан без аднаго барана. У вас у камеры сапраўдны злачынца сядзіць, не абы-які, палітычны. Ён усё гас-падарства хоча ў вас украс-ці".
На наступным допы-це маю ватоўку (ці світку) добра абмацалі і знайшлі тыя дакументы, пра якія я расказаў сукамерніку. Мяне адправілі ў пастарунак гмі-ны ў Войстама, для разбору па месцы жыхарства.
У тым Войстамскім пастарунку я сядзеў нядоў-га. Неяк увечары паліцэйскі, які мяне ахоўваў, пайшоў вячэраць і затрымаўся. А я тады часу не губляў, пакуль ён вячэраў, я разабраў комін печкі і ўцёк. Уцёк дамоў. А каб зноў не забралі, асядлаў пугу і на ёй прыехаў да пана Міхала Бахчанскага ў Ра-вутку шукаць бацьку. І пан, і бацькі, і ўся вёска ўспры-нялі тое, што бачылі. Здур-неў. І мяне пакінулі ў спакоі. Не чапалі. Нават на допыт не выклікалі.
Праз нейкі час, можа праз год, быў набор у Вілей-цы на работу ў Францыю. Стаяла доўгая чарга, і я заняў чаргу. Паліцэйскія ўбачылі, што я стаў ў чаргу на выезд, падышлі і запы-талі:
- Варановіч, хочаш у Францыю паехаць?
- Хачу.
- Дапаможам, - ска-залі мне.
Паліцэйскія павялі мя-не ў офіс і ўсе дакументы на выезд у Францыю аформілі без чаргі. Яны мелі сваю рацыю - хай едзе хоць у Францыю, абы не бунтаваў тут, цішэй будзе. Я там на шафёра вывучыўся. Грошай зарабіў. Прыслаў франкаў бацьку на студню, а Соні (маёй маці - С.Б. ) - на пасаг. Соня змагла зямлю ў пана купіць і жыць на сваім хутары. Шкада што ў кал-гас загналі. І поле, і сенажаць, і лясок ды рэчка по-бач. І ўсё разам. Вясёлае месца.
- А мне цяжэй было, - стаў расказваць Фадзей. - Злавілі на граніцы. Судзі-лі. Далі няшмат - паўгода. Увесь час у турме не быў. Капаў канаву каля Кобры-на, пад аховай паліцэйскіх. А ведаеш, плямяш, я на палякаў не ў крыўдзе. Сён-ня я нават рады, што палякі злавілі мяне, бо тыя дзецюкі (каля 20 чалавек) з Іжа або іншых вёсак, што перайшлі польска-савецкую мяжу бы-лі прыняты за шпіёнаў і аказаліся ў лагеры ў Сібіры. З нашай кумпаніі толькі аднаго сустрэў з Іжа. Удало-ся яму выжыць і вярнуцца на радзіму. Ён расказваў мне: "Усіх нашых дзецюкоў у тайгу адправілі лес ва-ліць. Гародніны ніякай. Цын-га і іншыя хваробы скасілі іх. Нам прапаноўвалі настой з хвоі піць. Я піў, а іншыя не маглі, не хацелі, распанелі пры Польшчы. Я выжыў, а яны ...".
Так што палякі хоць пасадзілі, але тым самым выратавалі жыццё. І ў Вой-ску Польскім служыў, як і твой бацька. Абучалі ў вой-ску палякі добра.
Бадай усе ці боль-шасць з тых, хто паслужыў за польскім часам у войску з фронту (1944-1945 гады - С.Б. ) вярнуліся. А тыя, хто ў Польскім Войску не быў, і забралі ў Савецкую Армію ў 1944 годзе, і ака-заліся на фронце пасля вель-мі кароткай падрыхтоўкі, загінулі. Не ўмелі ані ака-пацца, ані схавацца, ані наступаць. Нас, польскіх жаўнераў, можна было з вінтоўкамі супраць немцаў і ў рукапашную кінуць і ў расспыную наступаць - не падвялі б, перамаглі б - што значыць добра абуча-ныя. Мяне раніла, але жывы застаўся.
- З Польшчы да Са-ветаў уцякалі, бо зямлі ў многіх мала было, а зара-біць грошай не было дзе, - сказаў дзядзька Іван. - Але сёння я рады, што той пра-ваднік мяне здаў палякам. Напэўна, ведаў, што ў СССР мяне могуць расстра-ляць, а тут толькі пастра-шаць. Таму правадніку сён-ня трэба "Дзякуй" сказаць, што я жывы.
Пасля гэтых слоў я ўспомніў, як у 1953 ці 1954 годзе позняй воссеню маці прынесла за спіной клунак у хату, скінула яго і заплака-ла. Сказала мне: "Не лянуй-ся, вучыся, каб ты тут у калхозе не застаўся. Бачыш, што робіцца? Купілі зямлю пры Польшчы. Хай сабе і няшмат - усяго тры гакта-ры і тую адабралі. А цяпер працуем з бацькам за "па-лачкі". Вось колькі я зара-біла за ўвесь год. Далі клу-нак нейкіх азадкаў. Толькі курэй карміць, а не самім есці".
- А тату колькі далі? - запытаўся я.
- А бацька няпоўны мяшок атрымаў. А на рабо-ту хадзіў цэлы год, кожны дзень. Гавораць, пры панох кепска жылося. Але я ў пана столькі б зарабіла за адзін дзень - колькі ў калхозе за год. Служылі ў багатых і я, і бацька твой, нейкія грошы сабралі, а пасля брат Іван з Францыі падаслаў" - пра-цягвала выказваць сваю крыўду маці і плакаць.
Я сядзеў за сталом рабіў свае ўрокі, тады ву-чыўся ў шостым класе, і мне было шкада маці, якая зы-чыла сыну пакінуць свой кут, абжытае роднае гняздо, каб вырвацца з калгаснага прыгону, дзе працуюць за "палачкі" - працадні, за якія амаль нічога не пла-цяць. І мне тады ўспомні-лася прыпеўка, якую чуў ад вясковых паўп'яных кабет.
Сядзела баба на раллі
І лічыла працадні.
- Працадзень, працадзень,
Дай ты хлеба хоць на дзень.
На памяць наляцела і расейская частушка, якая ў нас прыжылася.
Я в колхоз ишла -
юбка новая,
А из колхозу шла -
ж... голая.
А в колхоз я шла обувшись,
А из колхозу - босиком…
Сёлета я расказаў свайму кіраўніку пра сваіх дзядзькоў-уцекачоў. Мой галоўны рэдактар хоць і нарадзіўся пасля вайны, але з Заходняй Беларусі. А як вядома, менталітэты заход-ніх і ўсходніх беларусаў вельмі адрозніваюцца. Узяць бы хоць такі просты прыклад. Ва ўсіх вёсках Заходняй Беларусі да гэтага часу кожны гаспадар насуп-раць сваёй сялібы падмятае вуліцу. На ўсход ад былой польскай мяжы такога няма. У вёсках каля Менска ў 1970-х гадах, калі я там настаўнічаў, гаспадыні вы-сыпалі смецце на вуліцу, каб не гразлі калёсы і аўта-машыны. Калі пра гэта я сказаў сваім аднавяскоў-цам, дык яны мне не хацелі верыць.
Мой кіраўнік таксама прывёў прыклад пераходу польска-савецкай мяжы му-жчынамі з-пад мястэчка Мір. Яны пераходзілі дзвю-мя ўзброеннымі групамі. Узброіліся паляўнічымі стрэльбамі. Першая група нечакана абстраляла польс-кіх пагранічнікаў каля стан-цыі Негарэлае і аказалася на савецкім баку. Другую ўзброенную групу польскія пагранічнікі не прапусцілі. Акружылі, абяззброілі і ўзялі ў палон. Іх судзілі. Далі ад трох да пяці гадоў турмы. Адсядзелі. Вярнуліся дамоў жывыя, здаровыя. А тыя, хто быў у першай групе, зніклі адразу, назаўсёды. Дзе яны дзеліся - да гэтага часу ніхто не ведае.
А далей гутарка з ма-ім кіраўніком прадоўжылася так.
- Вось я атрымаў адукацыю ў Расеі. Там жы-вуць мае сын і дачка. Блізкія для мяне людзі. А цяпер давайце ўявім, што тут усталявалася зноў сталін-ская сістэма. Куды б я ўця-каў? - запытаў я.
- Напэўна, Вы ўлічы-лі б досвед сваіх дзядзькоў.
- Улічыў бы.
Шкада, што на пачат-ку ХХІ стагоддзя беларусы не ўлічваюць досвед старо-га пакалення. Некаторыя бяздумна едуць у Маскву і Падмаскоўе, нават у Сібір на будаўніцтва. Асабліва складана ім даводзіцца ў Маскве, дзе працуюць пад-польна. Заробленыя грошы яны атрымоўваюць несвае-часова. Не могуць выехаць дамоў. А калі грошы атры-маюць, дык праблема іх прывезці дамоў. На Бела-рускім вакзале ў Маскве да іх можа прычапіцца мілі-цыя. Няма білета - дадуць штраф. У цягніку могуць падсесці зладзеі ці забойцы. І тады будзеш радавацца, што хоць жывога пакінулі, а не скінулі пад адхон. Знач-на меней беларусаў ездзіць на заробкі ў Польшчу. Але едуць і на захад на будоўлю або на сезонныя сельскагас-падарчыя работы. Каго я не сустракаў пасля вяртання з Польшчы - не крыўдавалі, своечасова гаспадары за-плацілі за работу. Спакойна выехалі. Паліцыя іх не па-крыўдзіла. Такога паляван-ня, як у Маскве, на ад'яз-джаючых работнікаў у Варшаве няма.
Так што, калі ў бела-рускага чытача стане пра-блема выбару: куды паехаць на заработкі або ўцячы, дык добра падумайце да якога суседа прыхінуцца. Да таго, што жыве паводле законаў, або да таго, дзе закон, як дышла: куды павярнуў - туды і выйшла.
Сымон Барыс.
Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Віленскага краю
12.00 28 траўня 2005 г. Фальв. Сьвіраны
субота Віленскі р-н
Літаратурна-краязнаўчая імпрэза на тэму:
Святы куточак той Сьвіраны,
дзе пуп паэта закапаны
У праграме:
1. Крыжовы шлях і асвячэнне фігуры Ісуса Хрыста.
2. Прэзентацыя кнігі Ўладзіміра Содаля пра Сьвіраны.
3. Выстава мастацкіх твораў Л. Мінкінай і Т. Маркавец.
4. Супольны абед.
Сьвіраны запрашаюць. Тэл. 2-41-99-92.
Юры Гіль.