№ 20 (706) 1 ЧЭРВЕНЯ 2005 г.
Васілю Зуёнку спаўняецца 70
Зуёнак Васіль Васілевіч ( н. 3.6.1935 г., в. Мачулішчы Крупскага р-на, Менскай вобл.) беларускі паэт, кандыдат філалагічных навук (1973), сябар Рады ТБМ. Скончыў БДУ (1959). У 1966 -72 намеснік, у 1978-82 галоўны рэдактар часопіса "Маладосць", у 1972-78 галоўны рэдактар часопіса "Бярозка", у 1982-89 сакратар, у 1990-98 старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1952 г. Выдаў зборнікі "Крэсіва" (1966), "Крутаяр" (1969), "Сяліба" (1973, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), "Нача" (1975), "Маўчанне травы" (1980, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы, 1982), "Час вяртання" (1981), "Світальныя птушкі" (1982), "Лукам'е" (1984), "Жніўны дзень" (1985), "Вызначэнне" (1987), "Лета трывожных дажджоў" (1990), "Чорная лесвіца" (1992), "Пісьмы з гэтага свету" (1995) і інш. Значны ўклад В. Зуёнка ў развіццё беларускага паэтычнага эпасу, які рэпразантаваны цыклам паэм пра жыццё свайго краю і гістарычны лёс народа: "Сяліба", "Маўчанне травы", "Прыцягненне", "Лукам'е" і "Падарожжа вакол двара". Аўтар аб'яднаў іх у кнігу "Пяцірэчча". Аўтар кнігі гумару "Качан на п'едэстале" (1973). Піша для дзяцей (зборнікі вершаў "Вясёлы калаўрот", 1965, "Жылі-былі пад вадой", 1969, "Сонечны клубочак", 1972, "Будзем сілы набірацца", 1974).
Творчы і жыццёвы шлях Васіля Зуёнка яскравы ўзор самаадданага служэння Беларусі.
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць Васіля Васілевіча з юбілеем, зычаць здароўя, творчых поспехаў, сілаў і плёну ў працы на карысць Бацькаўшчыны.
У Менску прэзентаваны збор правілаў беларускага класічнага правапісу
23 траўня ў сядзібе грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы" адбылася прэзентацыя выдання "Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя". Укладальнікі выдання - працоўная група ў складзе Вінцука Вячоркі, Юрася Бушмянкова, Зміцера Санько і Зміцера Саўкі, якія працавалі над кнігай 10 год, паведамляе прэс-група Партыі БНФ.
Паводле В.Вячорка, "шматгадовая праца дайшла да пэўнага прамежкавага выніку: клясычны правапіс у тым выглядзе, у якім ён бытуе на пераломе тысячагодзьдзяў, сёньня скадыфікаваны. Гэта прывядзе да зьмяншэньня стыхійнага разнабою так званых "рэдакцыйных" варыянтаў тарашкевіцы, стыхійна ўтвораных правапісных гібрыдаў. Праца над правапісам дазволіла выявіць сумны факт: цэлыя галіны беларускага мовазнаўства сёньня недастаткова разьвітыя. Гэта марфаналёгія складаных словаў, праблема пабочнага націску.
Гэта й асваеньне запазычаньняў. Мы ставілі задачу зафіксаваць пэўны альгарытм іхнага асваеньня. А ён зьвязаны з праблемаю цывілізацыйнае прыналежнасьці Беларусі, беларускае культуры, нашага месца на сутыку лацінагерманскай і бізантыйскай традыцыяў. Фармулюючы рэальна існыя ў моўнай практыцы правілы, мы зыходзілі зь досьведу папярэднікаў. Яны інтуітыўна адчувалі традыцыю, якая ішла з сярэднявечча: Беларусь - частка эўрапейскае, ня ўсходняе, цывілізацыі.
Ніводнага напісаньня мы ня выдумалі. Ўсё ў нейкім кшталце ўжо існавала ў беларускай моўнай прасторы клясычнага правапісу".
Паводле В. Вячоркі, класічная правапісная традыцыя дазваляе лёгка канверсаваць тэкст з кірыліцы ў лацінку і наадварот. Калі мы дбаем пра адкрытасць беларускай мовы навакольнаму свету, у тым ліку графічную, то класічны правапіс у гэтым сэнсе аптымальны. Разам з тым адзін з праграмных прынцыпаў, якіх трымаліся ўкладальнікі не адмаўляць перспектывы збліжэння двух варыянтаў правапісу.
В. Вячорка адзначыў, што праца носіць адкрыты характар і будзе змешчаная ў інтэрнэце.
Старшыня Таварыства беларускае мовы Алег Трусаў адзначыў, што гэта - "небывалая, гераічная праца, самы лепшы адказ для ўсіх тых, хто расказвае байкі пра заўчаснае скананне беларускай мовы". Паводле А.Трусава, выданне зробленае вельмі ўдала, ён параіў аўтарскаму калектыву зрабіць на ягонай падставе падручнік, а таксама пажадаў перавыдаваць гэты звод кожны год альбо раз на два гады з дадаткамі і дапаўненнямі.
Паводле старшыні Беларускага ПЭНцэнтра Лявона Баршчэўскага, з кожным тэкстам, надрукаваным у Беларусі, колькасць матэрыялаў, створаных паводле класічнага правапісу, павялічваецца. "Таму без зводу правілаў гэтага правапісу нармальным чынам абыходзіцца было ўжо няможна". Ён зазначыў, што гэтым выданнем "з большага завершаны важны этап у нармаванні класічнага правапісу", але і звярнуў увагу ўкладальнікаў зводу на некаторыя моманты, якія падаюцца яму "надта дыскусійнымі". Перадусім, гэта датычыць правапісу цвёрдага і мяккага "л" у запазычаных словах.
Доктар філалагічных навук Іван Саверчанка назваў выданне збору правілаў класічнага правапісу "падзеяй у інтылектуальным жыцці Беларусі, каласальнымі высілкамі нацыі". Паводле Саверчанкі, гэтая праца будзе мець аб'ёмныя вынікі, выклікае дыскусію мовазнаўцаў, літаратараў і філосафаў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. "Нарэшце, гэтая кніга дапаможа зкансалідаваць патрыётаў і ўсіх грамадзян Беларусі вакол пытанняў нашай духоўнай перспектывы".
БелаПАН.
КРЫВАВЫ ПАМОЛ
Такую назву мае новая кніжка прозы, што трапіла мне на вочы. Гэта першая кніжка прозы Сяржука СокалаваВоюша. Даследаванне прыроды вупарства, выкладзенае ў жанры помірсу, які сур'ёзныя даследнікі называюць страхаморнікам, а несур'ёзныя - трылерам. У цэнтры аповеду пісьменнік Андрэй Шуляк і крывасмок Фелікс Дзяржынскі - творца і антыгерой, нашчадак нобіляў і атожылак здраднай часткі шляхты.
Канфлікт выходзіць далёка за межы шараговых канфліктаў паміж такімі асобамі. Да напісання твора спрычыніліся Вінцук Вячорка, Генадзь Вінярскі, Уладзімр Арлоў, Кастусь Бандарук, Уладыслаў Вяроўкін - Шалюта, Франак Вячорка, Сяргей Дубавец, Мікола Іваноў, Ігар Карней, Вінцэсь Мудроў, Алег Раманоўскі, Алесь Солтан, Вінцэнт Солтан, Максім Шчур, Лявон Юрэвіч.
Наклад кнігі ўсяго 700 асобнікаў, але яе яшчэ можна набыць на сядзібе БНФ і атрымаць сапраўдную асалоду ад гэтага выдання.
Аляксей Шалахоўскі, старшыня суполкі ТБМ "Гісторыя".
НЯМА ТАГО, ШТО РАНЬШ БЫЛО
Радок пастаўлены ў загаловак гэтых нататкаў, апошнім часам ператварыўся ў прыказку, а належыць ён Максіму Багдановічу, паходзіць з ягонага верша "Ізноў пабачыў я сядзібы", напісанага ў 1913 годзе. Ёсць у ім і такая страфа:
Я ў сад пайшоў.
Ўсё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго,
што раньш было,
І толькі надпіс "Вераніка",
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб той пары.
Верш пакладзены на музыку (кампазітар І. Лучанок), стаў песняй, яе нярэдка чуюць па радыё і тэлебачанні. Згаданы радок набыў асаблівую крылатасць, выйшаў за межы твора, дзе пачынаў сваё жыццё, стаў вядомым для значнай часткі моўнікаў і шырока ўжываецца без спасылкі на яго аўтара, як у вусным маўленні, так і ў друкаваных тэкстах. І гэта ўжо неаспрэчны доказ, што крылаты выраз стаў звычайнай прыказкай. Яна ўжываецца ў самых разнастайных маўленчых сітуацыях, калі трэба сцвердзіць адсутнасць, непаўторнасць, а то і немагчымасць былога, таго, што было некалі. За апошнія чатыры гады я зрабіў больш за 109 запісаў з ужываннем гэтага афарызму ў пісьмовых літаратурных крыніцах.
Вось толькі некаторыя прыклады (асобныя з намёкам на першакрыніцу): "У Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі знаходзіцца 9,7 працэнта моладзі, у Беларускім патрыятычным саюзе моладзі - 5,6 працэнта, у Беларускім саюзе моладзі - 1 працэнт. Словам, няма таго, што раньш было..." (ЛіМ. 2001, 1 студзеня); "Раней мы грошы клалі ў кашалёк, а ўсю правізію - ў мяшок. Паэт, тваё прароцтва ажыло: "Няма таго, што раньш было" (Ю. Свірка); "Масква ўжо колькі гадоў не самысамы горад па чытанні кніг. Няма таго, што раньш было" (В. Дубінка); "Творцы, у тым ліку і пісьменнікі, і іхні саюз - збяднелі. Няма таго, што раньш было, як спяваецца ў вядомай песні" (ЛіМ. 2001, 30 лістапада); "Пілі літровую гарэлку... Потым яшчэ нейкую, радзівілаўскага розліву. Даволі пякотную, тандэнтную. Няма таго, што раньш было, як сказаў паэт" (С. Астравец); "Зараз, як тое ні скрушна сцвярджаць, няма таго багацця паэтычных кніг, хоць выдавецтваў стала болей у некалькі разоў..." "Няма таго, што раньш было". Чаму? На гэтае пытанне кожны адказвае пасвойму.." (В.Яраш); "Паказаць мужу (лісток са словамі: Кахаю. Чакаю. Сумую")? Ці пазнае ён сваё колішняе "пісьмо"? Не. Не хочацца бачыць скептычныя ўсмешкі або, горш таго, пачуць нешта, на яго думку, сціплае, накшталт: "Няма таго, што раньш было" (В. Кадзетава).
Часам афарызм ужываюць у крыху змененым выглядзе: "Маліўся зранку дзед. Ледзь не разбіў чало. - Дай божа на абед "таго, што раньш было" (У. Ермалаеў); "Ведаю, фору дасце маладым, калі часам прыглядная кабета з'явіцца. - Сёння была з'явілася адна... Ці, праўдзівей, я да яе. - І што? - Ой, цяжка прыйшлося. Саўсім не то, як пісаў знакаміты паэт, што раньш было" (В. Адамчык).
Галоўнай крыніцай папаўнення фразеалагічнага і парэмійнага (прыказкавага) фонду беларускай літаратурнай мовы, які, нягледзячы на сённяшнія неспрыяльныя ўмовы, працягвае развівацца, з'яўляецца жывая народная мова. Папаўняецца ён і індывідуальнааўтарскімі наватворамі. Як пісаў А. І. Яфімаў, "на долю толькі нямногіх пісьменнікаў выпала шчасце ўзбагаціць фразеалогію роднай мовы ўдалымі афарызмамі - гэтымі неўміручымі помнікамі таленту, дасціпнасці і натхненю". Як у рускай фразеалогіі і парэміялогіі бясспрэчнае першынство ў гэтых адносінах належыць І. А. Крылову і А. С. Грыбаедаву, так у беларускай Кандрату Крапіве. Каля 80 яго наватвораў утрымліваюць у сабе прыкметы фразеалагізмаў або прыказак.
Некаторыя яго выразы трывала ўвайшлі ў беларускую фразеалагічную скарбонку, фіксуюцца ў тлумачальных даведніках як агульнамоўныя свінтус грандыёзус, жаба ў каляіне. ні бэ ні мя, выдраць лысаму валоссе, акуляры наставіць, ездзіць па левым баку . У "Слоўніку беларускіх прыказак" (2002) апісваюцца дзве крапіваўскія прыказкі: каб сонца засланіць, вушэй асліных мала (рэалізуецца ў маўленні са значэннем "справядлівую справу не перамагчы; праўду не схаваеш"); як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч (абазначае "па манеры паводзін, па звычках, знешнасці адразу відаць, што гэта за чалавек"). Ужыванне гэтых прыказак ілюструецца адпаведнымі цытатамі, напрыклад: "Сёння ваша права, але наша праўда. І гэтую праўду вам не задушыць. Бо, як гаворыцца, каб сонца засланіць, вушэй асліных мала" (Я. Міско). Рэзервам літаратурнай мовы, патэнцыяльнымі крапіваўскімі прыказкамі можна лічыць і такія: "Другі баран - ні бэ ні мя, а любіць гучнае імя", "Лес не сякуць языкамі", "Ворану вышай арла не лятаць", "Варонаю не будзь, то і сарока не падвядзе", "Малому веліччу быць хочацца заўсёды", "Кіраваць то ты кіруй, ды не вельмі тузай", "Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах".
З твораў Якуба Коласа ўвайшлі ў парэмійны склад літаратурнай мовы тры прыказкі: Назад не прыйдзе хваля тая, што з быстрай рэчкай уплывае (абазначае "нельга вярнуць ці паўтарыць тое, што прайшло, што было ў мінулым"); Забілі зайца не забілі, а гуку многа нарабілі (яе сэнс - "хоць вынікі і нязначныя, але водгалас ад якіхнебудзь дзеянняў вялікі"; Мой родны кут, як ты мне мілы (гаворыцца пра замілаванне да роднага краю, да мясцін, дзе нарадзіўся хтонебудзь, да ўсёй Беларусі). Вось па адным прыкладзе на іх ужыванне: "Зразумела. Механічна паўтараць малюнак вобраза і яго трактоўку сапраўдны артыст, мастак ніколі не згодзіцца. Жыццё ёсць жыццё. Назад не прыйдзе хваля тая, што з быстрай рэчкай уплывае" (Б.Бур'ян); "Як ваша ўражанне? Словам, раскажыце, якія вынікі ад выбуху? - Вінік, усміхнуўся Зазыба і пачухаў патыліцу, яўна спрабуючы гэтакім чынам зменшыць уражанне ад свае ўсмешкі. - Ведаеце, ёсць такая людская прымаўка: забілі зайца - не забілі, а шуму многа нарабілі" (І. Чыгрынаў); "Сяргей паставіў чамадан, радасна аглядае пакой: Мой родны кут, як ты мне мілы... Праўду кажуць, у гасцях добра, а дома лепей" (В. Зуб).
Вытокам прыказкі Дум не скуеш ланцугамі стала паэма Янкі Купалы "Курган". Ужываецца са значэннем "мысленне, думкі не могуць быць падуладнымі камунебудзь": "Дум не скуеш ланцугамі, Купалавы словы, што былі ці не заўсёднымі ў вуснах Ф. Ждановіча ў спрэчках па надзённых пытаннях тэатральнай творчасці" (Б. Бур'ян).
Што да агульнанародных прыказак (а гэта афарыстычныя выказванні, правераныя досведам многіх пакаленняў), то яны шырока выкарыстоўваюцца і ў вусным маўленні, і ў мастацкіх ды публіцыстычных творах. Так, у трылогіі Я. Коласа "На ростанях" ужыта 109 прыказак, у п'есах Я. Купалы "Паўлінка " і "Раскіданае гняздо" іх адпаведна 18 і 21, у раманах "Сокі цаліны" Ц. Гартнага - 29, "Людзі на балоце" І. Мележа - 26, "Птушкі і гнёзды" Я. Брыля - 32, "Плач перапёлкі" І. Чыгрынава - 30, у аповесці С. Грахоўскага "Рудабельская рэспубліка" - 24.
Прыказкі гэтак жа, як і словы ці фразеалагізмы, адрозніваюцца адны ад другіх па часе ўзнікнення, па месцы, дзе ўпершыню склаліся, па шляхах, якімі трапілі ў нашу літаратурную мову. Я. Ф. Карскі пісаў: "Да многіх вывадаў, выкладзеных у прыказках, людзі прыйшлі ўжо даўнымдаўно, можа, у эпоху індаеўрапейскага адзінства, затым - агульнаславянскага жыцця і ў прарускую эпоху..; асноўныя палажэнні многіх прыказак маглі быць запазычаны адным народам у другога шляхам розных зносін, але многія прыказкі з 'явіліся і ў дадзенага народа".
Тое, што шмат якія прыказкі жывуць ужо многія стагоддзі, а можа, і тысячагоддзі, нікім не аспрэчваецца. Пісьмовых жа пацвярджэнняў з даўнейшага жыцця якойнебудзь прыказкі амаль што няма. Рэдкім выключэннем з'яўляюцца "Лісты Філона С. КмітыЧарнабыльскага" (15731574) - службовая перапіска аршанскага старасты з членамі каралеўскай рады Вялікага Княства Літоўскага. Тут ёсць такія прыказкі (адны з іх у сучасных парэміялагічных зборніках ужо не фіксуюцца, другія ўжываюцца ў абноўленай форме): Голодному смерть на уме; Коли топили - топор давали, а выплывши ни топорища; Як доробило лихо, прорежутся и зубы; Мы от ворот, а он дирою вон; Богатому так, а убогому сяк; Просто як овца: где их больш берет волк, там оне за ним идут; И каши не хочу, и по воду не иду; Ожогшыся на молоце, велено на воду дуть; Люди на пашы переели кашу, а я з голоду здох на сторожы.
Звяртаючы ўвагу на прыказкі, ужытыя ў гэтых "Лістах...", Я.Ф. Карскі ў адным з сямі выпускаў сваёй капітальнай працы "Беларусы" пісаў у 1916 годзе. што "у ХУІ ст. да прыказак зварочваліся асобы вышэйшай інтэлігенцыі, а не толькі просты народ, як цяпер". Гэтае супастаўленне "як цяпер" вымушае сказаць, што вельмі многія сучасныя аўтары, асабліва маладзейшага пакалення, пазбягаюць ужывання прыказак у сваіх творах. Так, у часопісе "Полымя" (2004, № 7) змешчаны аповесць, апавяданні, п'еса і іншыя творы, а прыказак тут усяго тры: дзве ў апавяданні У. Дамашэвіча (Пасмяяўся кацёл з гаршка; Маслам кашы не сапсуеш) і адна (Сарока на хвасце прынесла) у сямейнай хроніцы І. Дуброўскага. У "Полымі" (2004, № 10) - толькі адна прыказка - у аповесці А. Бароўскага "Вужык". У часопісе "Маладосць" (2004, № 9) - толькі дзве прыказкі, абедзве ў апавяданні Л. Левановіча.
Тут ужо так і просіцца на язык Багдановічаў радокпрыказка: "Няма таго, што раньш было".
Іван ЛЕПЕШАЎ, доктар філалагічных навук
Чакаем п'есу, спадар Алесь!
У Саюз беларускіх пісьменнікаў прыняты доктар гістарычных навук, аўтар 10 кніг Алесь Краўцэвіч. Рэкамендацыі на ўступ далі сакратар абласнога аддзялення СБП Юрка Голуб, літаратурны крытык, доктар філалагічных навук, выкладчык ГрДУ імя Я. Купалы Ігар Жук і паэт Міхась Скобла.
Біяграфія Алеся Канстанцінавіча сведчыць, што ён нарадзіўся 13 верасня 1958 года.ў вёсцы Лупачы Мастоўскага раёна. Закончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта (1981), аспірантуру Інстытута археалогіі АН СССР (Масква, 1984), стажыраваўся ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў, 1996-1997).
З 1999 года працаваў прафесарам Універсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.
Аўтар шэрагу навуковых і навукова-папулярных кніг: "Майстар - наш продак" (1990), "Гарады і замкі беларускага Панямоння 14-18 ст.: планіроўка, культурны слой" (1991), "Стары Мір" (1993, у сааўтарстве з Г. М. Якшук), "Тэўтонскі ордэн ад Ерусаліма да Грунвальда" (1993), "Гродзенскі замак" (1993), "Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка" (1994, у сааўтарстве з Н.І.Здановіч і А.А.Трусавым), "Вялікі князь Вітаўт" (1998), "Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага" (1998). У гэтай рабоце аўтар сцвярджае, што ўтварэнне ВКЛ было праявай і арганічнай часткай буйнейшай з'явы ў гісторыі Беларусі - працэсу балта-славянскіх кантактаў і ацэньвае ВКЛ як біэтнічнае дзяржаўнае ўтварэнне з дамінаваннем усходнеславянскага элементу...
Нейкі час Алесь Краўцэвіч працаваў у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Быў намеснікам рэктара гэтай ВНУ.
Плённа працуе вучоны і як старшыня выканкаму Беларускага гістарычнага Таварыства. Ён рэдагуе навуковы і краязнаўчы "Гістарычны альманах" (з 1998 г.). Выданне мае вялікую папулярнасць.
Пісьменнік Ігар Жук сведчыць:
- На маю думку, Алесь Краўцэвіч можа праявіць сябе як драматург. Глыбокае веданне гістарычных фактаў, памножанае на літаратурны талент, дае магчымасць ствараць п'есы. У гэтым амплуа ён можа дасягнуць поспеху не меншага, чым у навуковых і навукова-папулярных жанрах.
Антон Лабовіч, Гародня.
Калі суседзі пра нас думаюць лепш, чым мы ёсць
ПАВАЖАНАЕ СПАДАРСТВА !
Дасылаю Вам ліст з маім абурэннем. У Рэспубліцы Беларусь дагэтуль усе лекавыя сродкі вырабляюць у пакунках з надпісамі толькі на расейскай мове!
Але, як ні дзіўна, ва Ўкраіне іхнія лекі пакуюць у дзвюхмоўныя абалонкі (украінскую і расейскую мову ужываюць адначасна). Дык чаму ж беларускім вытворцам не рабіць гэтаксама? Тым больш, што ў нас дзяржаваю гарантаванае дзвюхмоўе!
Між тым, нейкім цудам мне пашчасціла знайсці лекавы сродак з надпісам выключна на роднай беларускай мове! Але выраблены ён... ва Ўкраіне!
Гэта ў г. Умань ёсць ЗАТ "Тэхнолаг", які наўмысна дзеля беларускіх беларусаў вырабіў таблеткі нітраглі-цэрыны. Надпіс "Толькі для продажу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь" гэта пацвярджае.
Я лічу, што гэтую ўнікальную з'яву (выраб для беларусаў лекаў у іншай дзяржаве - бо ўласная аб гэтым не клапоціцца) можна ўнесці ў Кнігу рэкордаў Гінаса!
Цікава, як на гэты красамоўны факт адрэагуюць беларускія чыноўнікі, адказныя за наяўнасць беларускага ў рэкламе?
З павагай, Уладзіслаў Жыгалка з Менска.
На фестывалі беларусы Прыбайкалля
Фальклорны ансамбль "Ленушка" з Іркуц-ка знаходзіўся ў Менску з 17 па 22 траўня. Ён быў запро-шаны на УІ Усебеларускі фестываль нацыянальных культур рэспубліканскім міністэрствам культуры і пры садзейнічанні Дзяржка-мітэта па справах рэлігіі і нацыянальных адносінаў. Фінансавала прыезд Іркуц-кая абласная адміністрацыя. Гурт складаецца з унукаў і праўнукаў беларускіх пера-селенцаў. Большасць ніколі не была на Радзіме сваіх продкаў.
- Наш гурт узнік 15 гадоў назад, - гаворыць Кася Пыхцеева. Мой дзяду-ля з Магілёўскай вобласці.
- Заснавальнік ансам-бля мая мама Таццяна Ула-дзіміраўна Сіпакова, - гаво-рыць спявачка гурта Алёна. Я ўнучка перасяленца пачату ХХ стагоддзя.
Акампаніятар ансабля Міхаіл Мікалаевіч Белых, педагог-концэрт-майстр цэнтральнага Палаца дзіцяча-юнацкай творчасці г. Іркуцка. Прывёз калектыў старшыня Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Іркуцкай вобласці Алег Рудакоў:
-Таварыста ўзнікла 31 траўня 1996 года. На першым з'ездзе беларусаў Іркуцкай вобласці была вызначана наша эмблема: якая уяўляе уверсе - бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню. У цэнтры Ян Чэрскі і возера Байкал, што чытаец-ца: "Мы беларусы, якія жывуць на тэрыторыі Пры-байкалля, шануем традыцыі і сімвалы нашых продкаў-Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг і будзем самаахвярна працаваць на карысць раз-віцця беларускай культуры як гэта рабіў Ян Чэрскі на карысць навукі. Была пас-таўлена задача аб'яднаць нашчадкаў беларусаў, саміх беларусаў у такую дру-жную дыяспару, рабіць сістэмную культурна-асвет-ніцкую працу па адраджэнні і захаванні, развіцці нашай беларускай культуры, бо ў Іркуцкай вобласці нас жыве каля 50 тыс., але гэта не дакладна, многія паводле перапісу запісваліся рускімі. Ёсць нават такая показка: мы беларусы, а народ наш рускі. Цяпер мы вядзём сваю працу па 22 кірунках дзейнасці і самае першае, галоўнае для нас, гэта правядзенне беларускіх абра-давых святаў. Бывае, што на такія святы як Купалле збіраецца больш 500 чалавек. Яно заўжды масавае. Каля 10 фальклорных гуртоў рознай накіраванасці. Ёсць гурт, які спявае беларускія песні сярэднявечча, ёсць, якія спяваюць песні беларусіх перасяленцаў, як гэты фальклорны гурт "Ленушка". Ёсць танцавальныя гурты. Ёсць беларускі народны хор "Варэнічкі". Напрыклад, 2 красавіка некалькі нашых моладзёвых гуртоў "Самацветы", "Пралескі" і "Ленушка", актывісты моладзевага клуба "Крывічы" ездзілі ў вёс-ку Лідзінск і там правялі гуканне вясны разам з тамашнімі жыхарамі. Кожны месяц мы праводзім 2-3 і бывае нават болей мера-прыемстваў, і на ўсіх прысутнічаюць мясцовыя, аб-ласныя і гарадскія тэлеканалы. Яны любяць нас зды-маць. У Іркуцку каля 50 культурных цэнтраў, але наш больш папулярны, бо мы вельмі актыўныя, у нас шмат моладзі і шмат разнапланавай дзейнасці. Пра наша таварыства здымалі асобныя фільмы. Вось ёсць 20-хвілінны пра Яна Чэрскага па маіх матэрыялах. Ёсць фільм пра мае этнаграфічныя даследванні, якія цэлы месяц у розныя часы ставілі на абласным тэлебачанні. Ёсць такая 15-хвілінная праграма на тэлевізіі пра сэн-савую вышыўку. Мы зай-маемся гэтай вышыўкай. Вывучаем яе. Нашы дзяўчаты самі робяць сабе кроі вопраткі і вышыўку. Адзін з кірункаў дзейнасці - нашы этнаграфічныя вондроўкі па Іркуцкай вобласці, бо бела-рускіх вёсак вельмі шмат, каля 100, але не ўсе дасле-даваны. Вось вёсачка Міхайлоўка, якая ўвабрала ў сябе вёску Чарамхова, заснавана беларусамі, якіх ужо засталося няшмат. Там ёсць ансамбль "Вераценачка", у якім бабулькі спяваюць цудоўныя беларускія песні.
Гасцінна прынялі фальклорны ансамбль з Іркуцка ў Менску. Яны выступілі на заводзе "Атлант", сустрэліся там з гуртамі "Радавод" і "Радаводзік", пазнаёміліся са "Студэнцкім этнагарафічным таварыствам". Пабывалі і высту-пілі на Заводзе зборнага жалезабетону. Наведалі этнаграфічны музей Акадэміі Навук. Адбылося творчая сустрэча з Іванам Кірчуком і студэнтамі факультэта народнай творчасці педуніверсітэта. А на сустрэчы з менскім фольк-гуртом "Стары Ольса" пабываў і я. А калі зайграе "Стары Ольса", дык і стары пачне там гойсаць. Моладзь танчыла і развучвала старадаўнія танцы. Ну як тут устрымацца, калі гучыць музыка з дзяцінства вядо-мага танца "Падэспань"? А потым "Опра", "Агатка", "Удавец". Было весела і цікава для ўсіх. Маленькі фуршэт. Спеў гурта "Ленушка" пра жаночую долю, вясельныя песні і "Зялёныя вішня" выклікалі бурныя апладысменты.
Мікола Лавіцкі.
Мовай шведскай, мовай беларускай...
Пісьменнікі са Швецыі Ханна Хальгрэн, Ені Тунэдаль, Майгуль Аксельсан сумесна са сваімі калегамі па літаратурнаму цэху з Гародні наладзілі вечарыну для прыхільнікаў літаратуры. Імпрэза была наладжана ў ГрДУ імя Я. Купалы.
Госці даволі знаныя асобы, і не толькі ў сваім краі. Напрыклад, М. Аксельсан - аўтар некалькіх раманаў. Адзін з іх, "Красавіцкая ведзьма", перакладзены на 23 мовы свету.
Адзначалася, што паміж Беларуссю і Швецыяй шмат агульнага. Мае падабенства прырода, ціхая прыгажосць краявідаў. Паселішчы паўночнай краіны, хутары вельмі нагадваюць нашы, беларускія: тыя ж драўляныя дамы, падворкі, апаясаныя бярозкамі, рупліва апрацаваныя палі...
Увогуле, прыродная лірыка займае высокае месца ў шведскай літаратуры.
Што да гаспадароў, то вядовец вечарыны доктар філалагічных навук Ігар Жук запрашаў да мікрафона Дануту Бічэль, Юрку Голуба, Юрыя Гуменюка, Анатоля Брусевіча, Глеба Лабадзенку, Пятра Васючэнку. Іх вершы вылучаюцца жыццёвай філасофіяй, роздумам над жыццёвымі з'явамі.
Беларуская і шведская мова выдатна гучаць, як у вершаваных, так і празаічных творах.
Антон Лабовіч, Гародня.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені
Мельнічук Сяргей Юркевіч Сяргей Іванавіч Васільева Анастасія Вяч. Бязмен Васіль Канстанц. Савіч Сяржук Чабатарэўскі Барыс Канкоўская Святлана Кутас Святлана Куніцкая Ганна Уладзімір. Мароз Уладзімір Вікенц. Куляшоў Дзмітры Віктар. Урбан Аляксандр Якаўлеў Юры Генадзевіч Кукуць Уладзімір Часлав. Лендзянкоў Ігар Няганаў Яўген Сяргеевіч Глушко Аляксей Віктар. Сакава Ніна Леанідаўна Кочман Тарэса Кудрашова Лілея Завадская Алена Аляксан. Разжалавец Сяргей М. Разжалавец Іван Кузікевіч Алена Радзюк Валянціна Майсяёнак Андрэй Георг. Рабчэня Таццяна Васіл. Крол Аляксандр Уладзімір. Салаўёва Людміла Мікал. Максімава Наталля Белавусава Валянціна Вал. Раманчук Анатоль Анат. Якубовіч Ю. А. Ларын Іван Юр'евіч Жук Ігар Васільевіч Зуёнак Васіль Васільевіч Паўловіч Анатоль Дземідовіч Ганна Комар Юры Мікалаевіч Грышко Людміла Анацка Яўген Анацка Ганна Жамойда Алена Радэнка Кацярына Уладз. Яскевіч Алесь Юр'евіч Лабаты Алег Анатольевіч Макарэвіч Іна Сакун Алена Васільеўна Філічонак Ларыса Гайдук Ірына Эдуардаўна Мацюшэнка Ніна Мікал. Гашко Ірына Аляксееўна Станько Галіна Чарановіч Ніна Мікал. Сямашка Ала Уладзімір. Цімафеева Ядвіга В. Краўчук Зміцер Краўчук Ірына Мархотка Леанід Андр. Асмыковіч Міхась Мікал. Жалдака Васіль Станісл. Шчарбачэня Вячаслаў С. Курдо Павел Аляксандр. Аляхновіч Ніна Паўлаўна Шумская Ірына Антон. Сянкевіч Святлана Анат. Мароз Кацярына Мікал. Варонік Святлана Бурачонак Аляксандр Вяч. Малашчанка Аляксей Юр. Раманішка Вікторыя Ул. Лаўрыновіч Алесь Сярг. Петрашэвіч Яўген Кісель Сяргей Леанідавіч Ролік Міхаіл Міхайлавіч Грыгор'ева Ірына Людвіг. Кукуць Алена Аляксанд. Базык Вольга Каўко Зміцер Ціханаў Аляксандр Валер. Палухін Уладзімір Мікал. Русць Максім Часлававіч Кавалеўская Стэфанія Сяр. Патапава Дзіяна Сярг. Шарман Аліна Махлай Кастусь Ласкутнікаў Павел Сярг. Давыдчук Сяржук Абужынская Ганна Алякс. Пукель Алена Адамаўна Сінкевіч Ірына Тадэвуш. Маневіч Аляксей Туровіч Ірына Уладзімір. Раўтовіч Кірыла Васілевіч Баеў Павел Віктаравіч Шаўцоў Генадзь Уладзім. Кухарчык Людміла Хвацік Іван Міхайлавіч Маркевіч Мікалай Мікал. Славута Ніна Раманава Ганна Алякс. Міхальчук Вераніка Пятр. Запалянская Вольга Васіл. Панкевіч Юлія Аляксандр. Харужая Вера Машкала Іосіф Чаркасава Галіна Іллінічна Манкевіч Таццяна Пятр. Юшкевіч Андрэй Андрэев. Марозава Людміла Уладз. Біза Юльян Сцяпанавіч Дзічкоўская Настасся Самстыка Сяргей Алегавіч Свірко Наталля Сідляр Андрэй Іваноў Сяргей Анапрыенка Юрый Капціловіч Іван Салоха Надзея Ляўковіч Анатоль Іосіфав. Ільіна Анастасія Аляксанд. Балашоў Аляксей Анатол. Бяласін Яўген Аляксандр. Сільнова Ніна Акудовіч Валянцін Васіл. Траццяк Дзмітры Вітальев. Валошчык Лідзія Рыгор. Макрыцкі Яраслаў Янавіч Свізуноў Вячаслаў Кавалеўская Наталля Л. Спасюк Рыгор Віктаравіч Міхайлоўская Данута Кан. Золаў Юрый Георгіевіч Сярова Зося Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна Нішчык Алесь Уладзімір. Галіч Аляксей Шахлевіч Юлія Віктар. Яшкіна Надзея Алегаўна Косава Ганна Валер'еўна Кісляк Васіль Сяргеевіч Шпілеўскі Вячаслаў Вікт. Рак Вольга Рыгораўна Палянскі Андрэй Валер'ев. Красоціна Тамара Іван. Сіліч Аляксандр Анатол. Разумава Галіна Уладзімір. Жарнасек Вітаўт Парчынскі Яўген
Жураўліны шлях паэта
Да 100-годдзя з дня нараджэння Сяргея Хмары-Сіняка
(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.)
Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь Сяргей Хмара жыве ў Слоніме. Праз два тыдні яго арыштоўваюць органы НКВД і саджаюць у менскую турму, а пасля пераводзяць у Чэрвень. З пачаткам вайны арыштаваных з Чэрвеня гоняць пехатою ў Магілёў. Па дарозе Сяргею Хмары ўдаецца ўцячы, і ён вяртаецца ў акупаваны немцамі Слонім. Прыдбаўшы невялікую кніжную краму, ён прадае беларускія часопісы, газеты і кнігі, прымае ўдзел у выданні газеты "Слонімскі кур'ер", выступае на раённым радыё. Акрамя гэтага наш зямляк арганізоўвае брыгаду Беларускай Самапомачы. Але пасля таго, як гэтая брыгада адмовілася ўдзельнічаць у рабунках гета, яна была немцамі ліквідавана, а Сяргея Хмару зноў пасадзілі ў турму (дзякуючы сябрам праз пэўны час яго вызвалілі). Таму меў рацыю Юрка Віцьбіч, калі казаў, што "усялякі без вылучэньня акупант Беларусі (паляк, расеец, немец) саджаў Сяргея Хмару за краты, а таму ён больш за іншых мае права пісаць:
Усьцяж Беларусь!
Беларусь на губах,
У сэрцы ж -
Чорная здрада!
Мне прыемна, што ў трэцім нумары "Шыпшыны" (беларускі эміграцыйны часопіс, які выдаваўся ў 194650 гадах, выйшла 9 нумароў - С.Ч.) быў надрукаваны гэты верш Сяргея Хмары "Беларусь", які з'яўляецца класічным узорам палітычнай паэзіі, патрыятычнага мастацтва. Урэшцерэштаў, ён успрымаецца як паэтычны маніфест "Баявое Ўскалосі" (Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Мн., 2002,с.7879).
У 1944 годзе Сяргей Сіняк едзе ў Германію, баючыся, што пасля яе капітуляцыі, ён зноў трапіць у засценкі НКВД. Спачатку працуе дырэктарам Беларускага інфармацыйнага бюро, а пасля рэдактарам газеты "Голас беларусаў". Ужо тады ён пачынае адраджаць літаратурную сустань, але на гэты раз не маладой, а "Баявой Ўскалосі" са знакам "Двупагоняй" г. з. з абаронай Беларусі з Захаду і з Усходу. Паранейшаму піша вершы і выдае свой другі зборнік паэзіі "Мы". Сюды ўвайшлі вершы, напісаныя ў 2030х гадах, а таксама новыя, у якіх адчуваецца настальгія па Бацькаўшчыне і сум развітання з ёю:
Хусткай пунсоваю
ўсход упрыгожыўся,
Шоўкавы дотык
вецер прынёс.
Вылезла сонца,
умыўшыся росамі,
І засьмяялась,
запесьціла косамі
Статныя станы бяроз.
З Германіі яго шлях ляжыць у Канаду ў Таронта, дзе і пражыў усё сваё жыццё.
У Таронта Сяргей Хмара найперш займаўся выдавецкай дзейнасцю. Выдаў там 18 нумароў часопіса "Баявая Ўскалось", а таксама каля 370 нумароў газеты "Беларускі голас". Апошнія два нумары выйшлі з друку пад назваю "Водгаласы". Усе гэтыя выданні выдаваў за свой асабісты кошт.
Многія беларускія суайчыннікі на эміграцыі крытыкавалі С.Хмару за тое, што ён шмат у сваіх выданнях пісаў пра сябе, пра сваю сям'ю, публікаваў у кожным нумары свае здымкі. Але яму гэта можна сёння дараваць, тым больш, што гэта былі яго ўласныя выданні. Але яны заўсёды выдаваліся пабеларуску, у іх паведамлялася пра жыццё на Беларусі, пра справы беларускай дыяспары на эміграцыі, друкаваліся вершы беларускіх паэтаў, цікавыя гістарычныя матэрыялы, напрыклад, успаміны Сяргея Хмары пра Гальяша Леўчыка, Антона Луцкевіча, Якуба Міско, Піліпа Пестрака, Максіма Танка, Уладзіміра Дубоўку і пра многіх іншых вядомых беларусаў. На старонках "Баявой Ўскалосі" і "Беларускага голасу" публікавалі свае творы многія беларусы, якіх лёс закінуў у розныя дзяржавы свету. Сярод іх - Янка Юхнавец, Кастусь Мярляк, Юрка Віцьбіч, Міхась Кавыль, Алесь Змагар, Вольга Трэска, Мікола Целеш, Мікола Вярба, Уладзіслаў Сноп, Васіль Вір, Наталля Арсеннева, Ніна Змагарка, Мікола Панькоў - ды усіх не пералічыць. Вядома, у выданнях Сяргея Хмары было і засталося шмат памылак, недакладнасцяў, найперш у датах, геаграфічных мясцінах, нават у прозвішчах. Відаць было, што рэдактар не карыстаўся энцыклапедычнымі даведнікамі, а шмат пісаў тое, што ведаў, што захавала памяць. Жыццё на чужыне для яго не было лёгкім, тым больш, што з Радзімай Сяргей ХмараСіняк развітаўся ў 40гадовым узросце. Яму і там хацелася дзейнічаць, змагацца за Беларусь іншым шляхам, іншымі метадамі. Ён любіў і паважаў, крытыкаваў і злаваў на прадстаўнікоў БНР і БЦР, але сам ад іх заставаўся ўбаку. Ён быў прыхільнікам "трэцяй сілы" на эміграцыі. І нам сёння трэба з гэтым змірыцца і прымаць Сяргея Хмару такім, якім ён быў.
Акрамя выдавецкай дзейнасці, наш суайчыннік на эміграцыі даследаваў беларускую міфалогію. Па гэтай тэме выдаў кнігі "Аб Багох крывіцкіх сказы" (два выданні) і "Сказы Бацькаўшчыны". У іх аўтар паспрабаваў зрабіць сваю "рэканструкцыю" міфалогіі. Хмара расказаў пра Дальбога, Чарнабога, Ярылу Сонцалістага, Яшчара, Воласа, Ляля, Зюзю і іншых крывіцкіх багоў беларускай міфалогіі.
Да ўсяго сказанага вышэй пра Сяргея ХмаруСіняка трэба дадаць, што ён шмат гадоў употайкі перапісваўся з Піліпам Пестраком, які дасылаў яму беларускія кнігі. А ў рамане "Сустрэнемся на барыкадах" П.Пестрак нават змясціў невялікі ўрывак з яго песні "Годзі, мы доўга цярпелі…".
Працяглы час сябраваў Сяргей Хмара і з Уладзімірам Дубоўкам, які прысвяціў яму сваю казку "Як сінячок да сонца лётаў" (1961). У добрых адносінах ён быў з Валянцінам Таўлаем, Андрэем Чэмерам і з іншымі беларускімі літаратарамі. У адным з апошніх лістоў да аўтара гэтых радкоў Сяргей Хмара пісаў: "У нас тут на чужыне многія ўжо памерлі ці хутка памруць. І мне штораз горш. Бывае не магу ані пісаць, ані хадзіць нават. Вір - у Гамільтоне, Вольны - ў НьюЁрку, Змагар - на Фларыдзе. Усе хварэюць. Янка Макарэвіч ў Аўстраліі, год як ляжыць паралізаваны. Нешта падобнае там і з Сасноўскім. Смаленскі жыў у Англіі, ужо не піша. Не піша і Дуброўскі з Аўстраліі. Ён і Жамойда нявылечна хворыя. Дрыгвіч з Англіі таксама не піша. Замоўк Юхнавец. Цэлеш і Ліманоўскі з ЗША - таксама. Нядаўна памерла Ніна Змагарка. Замоўкла Валянціна Сірата… Маладой руні мы не маем. З нашым адыходам - скончыцца тут і Беларусь…". Сумна такія радкі чытаць. А яшчэ горка было тады, калі з Канады прыйшла вестка, што не стала Сяргея ХмарыСіняка. Яго жураўліны шлях.
Сяргей Чыгрын