№ 21 (707) 8 ЧЭРВЕНЯ 2005 г.
7 чэрвеня - 125 гадоў з дня нараджэння Вацлава Іваноўскага
Вацлаў Іваноўскі адзін з носьбітаў беларускай нацыянальнай ідэі нарадзіўся 7.06.1880 г. у фальварку Лябёдка Лідскага павету. Скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, доктар тэхналагічных навук. Выдавец першай беларускай газеты "Свабода". Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (у 190405 г. сябар яе ЦК). У 190614 гг. кіраваў выдавецтвам "Загляне сонца і ў наша аконца". Супрацоўнічаў з газетамі "Наша доля" і "Наша ніва". Удзельнік Усебеларускага з'езду 1917 г. У 1918 г. міністр асветы ва ўрадзе БНР. З восені 1919 г. сябар Часовага беларускага нацыянальнага камітэта, сябар прэзідыюма Цэнтральнай беларускай школьнай рады, выдавец часопіса "Рунь". З сакавіка 1920 г. рэктар Менскага педінстытута. З кастрычніка 1920 г. дырэктар дэпартамента гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы часова адышоў ад палітычнай дзейнасці. У 192239 прафесар Варшаўскага універсітэта. З восені 1939 г. выкладчык Віленскага універсітэта. З 17.11.1943 г. бурмістр г. Менска. У 1942 сябар, а ў 1943 кіраўнік Гал. рады Беларускай народнай самапомачы і Беларускай рады даверу. Знішчаны гестапа 7.12.1943 г. Смерць Іваноўскага ахвотна ўзялі на сябе савецкія партызаны.
8 чэрвеня - 110 гадоў з дня народзінаў Ігната Дварчаніна
Ігнат Дварчанін нарадзіўся 8 чэрвеня 1895 г. у в. Погіры Дзятлаўскага раёна. У 1918 г. сакратар культурна-асветнага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыяту ў Маскве. У 1919-20 гг. вёў культурна-асветніцкую працу ў Дзят-лаўскім раёне, за што зняволены ў Беластоцкім канцлагеры. У 1921 г. арганізаваў у Даўгаўпілсе бела-рускія настаўніцкія курсы. У 1925 г. скончыў Пражскі універсітэт, доктар філасофіі. З 1926 г. у Вільні. Выкладаў беларускую літара-туру ў беларускай гімназіі. Уваходзіў у Галоўную ўправу ТБШ (1926-30). У 1928 годзе выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У 1930 годзе засуджаны палякамі на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі ў 1932 годзе - у Менску, у АН БССР. У 1933 г рэпрасаваны, у 1937 г. расстраляны. Пісаў вершы, выдаў "Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры" (1927).
Новыя малітвы на беларускай мове
23 траўня ў гасцінічным комплексе "Кастрычніцкі" адбылася прэзентацыя першага зборніка малітваў бахаі 1 на беларускай мове.
Вера Бахаі - гэта адна з найбуйнейшых рэлігій у сучасным свеце. Яна хутка расце, хутчэй, напрыклад, чым хрысціянста ці іслам. У свеце ўжо амаль не засталося краін, дзе б не было суполак бахаі. І Беларусь - не выключэне.
Істотная прычна таму палягае ў тым, што стрыжнем вучэння бахаі з'яўляецца тэзіс аб неабходнасці аб'яднання чалавецтва. "Дабрабыт чалавецтва, мір і бяспека недасягальныя, пакуль адзінства не будзе трывала ўсталявана", - гаворыцца ў Святых Пісаннях бахаі. А яго, гэтае адзінства, мы здолеем усталяваць, толькі калі прызнаем, што ўсе рэлігіі паходзяць ад аднаго Бога, і таму ніякіх падстаў для канфрантацыі і суперніцтва паміж імі няма. Усе яны робяць агульную справу - справу выхавання высокадухоўнага чалавека, заўзятага прыхільніка справядлівасці, узаемаразумення і згоды ў грамадстве. Дзесяць запаведзяў Хрыста выдатна стасуюцца з канонамі любой Богаадкравеннай рэлігіі.
Важна зазначыць, што актыўна спрыяючы працэсу аб'яднання чалавецтва, бахаі робяць усё магчымае, каб захаваць культурныя здабыткі ўсіх без выключэння народаў. Адзінства ў разнастайнасці - адзін з галоўных прынцыпаў Веры Бахаі. Гістарычнакультурная спадчына таго ці іншага этнасу - гэта неаспрэчная каштоўнасць, якая належыць да агульначалавечай скарбніцы. Таму і мова, і лепшыя народныя традыцыі павінны набываць далейшае развіццё. Калі разумець гэта і праяўляць у гэтай справе адпаведную руплівасць, усе страхі наконт надыходзячай глабалізацыі можна выкінуць у сметніцу.
Сярод бахаі існуе павер'е, што калі Святыя Пісанні Веры Бахаі будуць перакладзены на якуюнебудзь мову, гэтая мова містычным чынам атрымае новы моцны імпульс для свайго развіцця і будзе ўпэўнена рухацца да свайго росквіту. У наш час Пісанні бахаі перакладзены на 802 мовы, і вось нарэшце мова Багдановіча і Купалы далучаецца да гэтага спісу.
Пераклад і выдавецтва малітваў на беларускай мове запатрабаваў вялікай вытрымкі, цярплівасці і настойлівасці. Да гэтай мэты беларускія бахаі ішлі ажно сем гадоў. Няпроста было зрабіць высокаякасны пераклад (а рабіцца ён павінен быў менавіта з англійскай мовы), таксама праблематычна было знайсці выдавецтва, якое мае ліцэнзію на выданне рэлігійнай літаратуры. Але паступова пры падтрымцы дзяржаўных і недзяржаўных устаноў усе гэтыя пытанні былі паспяхова вырашаны.
І вось надышоў момант самой прэзентацыі зборніка малітваў. У святочна прыбранай зале сабралася каля 70 чалавек. Сярод іх мовазнаўцы, журналісты, дзеячы культуры, сябры Таварыства беларускай мовы. Гасцям была прапанавана мультымедыйная праграма пра беларускую суполку бахаі, а таксама пра тое, як выдаваўся зборнічак.
У прамове асобая увага была звернута на знешні выгляд малітоўніка, непаўторны каларыт якому прыдалі малюнкі. Усе яны былі выкананы праз тэхніку выцінанкі, гэта адзін з традыцыйных відаў беларускага прыкладнога мастацтва. Выцінанкі, аўтарам якіх з'яўляецца маладая мастачка Ірына Сазонава, надалі выдадзенаму зборніку ўзвышанасць і нацыянальную самабытнасць.
Малітвы можна знайсці для сябе самыя розныя: "Духоўныя якасці", "Ахова", "За бацькоў", "За моладзь", "Аб вылячэнні", "Пра сустрэчы". У пачатку змешчана кароткая абавязковая малітва на кожны дзень. Акрамя малітваў у зборнік быў уключаны раздзел "Сіла малітвы".
Урачыстая частка прэзентацыі суправаджалася музыкальнымі нумарамі, падчас якіх можна было пачуць жывыя цымбалы, габой і гітару. Выкананне маладымі дзяўчатамі беларускай народнай песні "Туман ярам" запала ў самае сэрца шмат каму з гасцей. У другой палове святочнай вечарыны працавала выстава літаратуры бахаі, гучалі беларускія запісы, удзельнікі маглі абменьвацца сваімі ўражаннямі, заводзіць новыя знаёмствы і частавацца рознымі прысмакамі. У падарунак кожны мог узяць з сабой першы беларускі зборнік малітваў бахаі. Першы, таму што праца над перакладамі будзе працягвацца. Пры тым, што вялікая частка малітваў яшчэ застаецца неперакладзенай, у бахаі ёсць шмат іншых карысных для людзей твораў.
Ад савецкіх часоў у нас засталася звычка падзяляць усё на сваё і чужое, на наша і не наша. На гэтай хвалі Веры Бахаі была залічана ў нетрадыцыйныя для Беларусі рэлігіі. Толькі вось навошта? Няўжо акрамя пачуцця крыўды сярод вернікаў бахаі гэта прынясе каму нейкі плён? Бо аб тым, хто больш дбае, каб Беларусь была сапраўды беларускай, адзін Бог ведае.
Васіль Кісляк
ЖАБРЫ, ШЧЭЛЕПЫ
Бывае так, што якінебудзь промах, зроблены ў адным слоўніку, з цягам часу набывае сілу аўтарытэту і аўтаматычна пераходзіць у іншыя, пазнейшыя слоўнікі. Менавіта гэтак здарылася са словам шчэлепы .
У акадэмічным "Рускабеларускім слоўніку" (1953) і ва ўсіх яго наступных перавыданнях рускае жабры перадаецца пабеларуску двума словамі (нібыта сінонімамі): жабры , шчэлепы . "Белаускарускі слоўнік" (1962, 1989) падае шчэлепы з паметай "абласное" і перакладае на рускую мову словам жабры . Паўтарае гэтую ж недакладнасць і "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы". У ім (т. 5, кн. 2, с. 425) шчэлепы памылкова тлумачацца як "жабры" , але адзіная пададзеная тут цытата не падмацоўвае дэфініцыю (азначэнне, тлумачэнне), а аспрэчвае яе: "Шчэлепамі разбітымі пакутліва кратае камбала бездапаможна пляскатая" (Р. Барадулін).
Выразна відаць, што ў цытаце гаворыцца не пра жабры, а пра сківіцы.
Шчэлепы ў беларускай мове, як, дарэчы, і ва ўкраінскай, тое самае, што сківіцы . Гэта можна пацвердзіць, папершае, такімі кантэкстамі: "Юстын узяў шчанюка на рукі, к лямпе паднёс, расшчапіў яму шчэлепы і прамовіў: Чорна ў роце - ліхі будзе" (Л. Калюга); "Твар Улада, абцягнуты бляклай скурай, крывіўся ад працы шчэлепаў, якія пераціралі гумку" (Крыніца, 1995. № 7); "Магнат (сабака) яго не ўкусіў, нават сіняка на руцэ не пакінуў, злёгку сціснуў шчэлепамі, а не зубамі" (М. Гіль).
Падругое, як засведчана ў тэматычным слоўніку "Жывёльны свет" (Мн., 1999, с. 125). Для абазначэння костак у роце, у якія ўмацаваны зубы, выкарыстоўваюцца такія словысінонімы: сківіцы, санкі, шчэлепы, пашчэнкі і інш.
Патрэцяе, у "Лексічным атласе беларускіх народных гаворак" (т.1, 1993, карта 13) засведчана тое самае. Тут паказана, што са 142 абследаваных пунктаў сківіцы ўжываюцца ў 21 пункце, санкі - у 45, шчэлепы - у 38.
У нашай мове ёсць і фразеалагізм з кампанентам шчэлепы : браць (узяць) за шчэлепы (каго) . Ён абазначае "прымушаць паступаць пэўным чынам"; напрыклад: "Пасля першай чаркі ўсе філасофствуюць, пасля другой звычайна пытаюцца: "Ты мяне паважаеш?", пасля трэцяй лезуць цалавацца. Вось пасля трэцяй ты яго і бяры за шчэлепы цёпленькага" (А. Петрашкевіч). Выраз узнік у выніку метафарызацыі адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое дастасоўваецца да жывёл, а таксама і да чалавека.
У "Беларускапольскім фразеалагічным слоўніку" (Warszawa, 2000, с. 70) А. Аксамітава і М. Чурак браць за горла (жабры, шчэлепы) пададзены як адзін фразеалагізм з лексічнай варыянтнасцю назоўнікавага кампанента. Але гэта няправільна, бо тут кожны з трох сінанімічных выразаў адрозніваецца сваёй непаўторнай унутранай формай і геаграфіяй бытавання: браць за горла - калька з французскай мовы (prendre qn a la qorqe), браць за жабры - агульны для ўсходнеславянскіх моў, а браць за шчэлепы - уласна беларускі.
Выраз браць (узяць) за жабры абазначае "прымушаць паступаць належным чынам: "На тваім бы месцы я тваіх работнікаў так узяла б за жабры, так бы іх прымусіла круціцца, што..." (А.Макаёнак). Паходзіць ён са свабоднага словазлучэння, якое дастасоўваецца да лоўлі рыбы. Злоўленую рыбіну, а яна вельмі слізкая, нялёгка ўтрымаць у руках, не ўзяўшы яе за жабры. Параўнаем урывак з аповесці М. Лынькова "Міколкапаравоз": Міколка з бацькам "узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. І намацаў тут бацька няйначай, як ментуза. Вядома, мянтуз слізкі, цяжка яго рукамі ўзяць". А дзед Астап з берага ракі падае парады: "Ты за зябры яго, за зябры, гада!" Або: "Тое ж маўчанне, калі тапаром мы дрэва зялёнае нішчым, калі мы за жабры рыбу бяром і б'ём галавой аб днішча" (А. Вярцінскі). Параўнаем таксама каламбурнае выкарыстанне фразеалагізму ўзяць за жабры і слова жабры з яго намінатыўным сэнсам у камедыі Кд. Крапівы "Хто смяецца апошнім": (Левановіч) "Жывёліна гэта хоць і рэдкая ў нас, але надзвычай шкодная. Калі яе не ўзяць за жабры - добра што якраз жабры ёсць у яе, калі не ўзяць за гэтыя жабры, дык такі свінтус грандыёзус можа шмат шкоды нарабіць".
Адзначым, дарэчы, памылковае аб'яднанне ў "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (т.1, с. 405) фразеалагізмаў браць за жабры і браць за горла ў адзін з нібыта ўласцівай яму варыянтнасцю назоўнікавага кампанента: браць за горла (жабры) . Гэта, як ужо гаварылася, два самастойныя фразеалагізмы. Браць за горла адрозніваецца ад двух папярэдніх не толькі сваім паходжаннем, але і сэнсавым адценнем (абазначае "сілай прымушаць да чагонебудзь"), здольнасцю выступаць выказнікам пры дзейніку са значэннем як асобы, так і абстрактнага прадмета, варыянтнасцю дзеяслоўнага кампанента: браць (хапаць) за горла, узяць (схапіць) за горла. Напрыклад: "Ёсць такія, што за горла бяруць: давай неўміручасць, душа з цябе вон" (К. Крапіва); "Калі не будзем працаваць, голад за горла схопіць" (П.Галавач); "Гарлахвацкі не з тых, хто будзе ціха сядзець на чужым месцы. Ён, каго толькі можа, хапае за горла" (Полымя, 1996, № 10).
Іван ЛЕПЕШАЎ.
"Спадчына" дбае пра спадчыну
26 траўня ў Бердаўскай сярэдняй школе Лідскага раёна адкрылася выстава жывапісу выпускніка гэтай школы Рычарда Грушы. Было выстаўлена 60 палотнаў. Але "цвіком" мерапрыемства стала прэзентацыя мемарыяльных дошак у гонар Каранюка Аляксандра Аляксандравіча, старшыні Бердаўскага калгаса ў 19641993 гадах і Аляксандра Станіслававіча Дамбавецкага, уладальніка маёнтка Бердаўка ў 18641914 гадах.
Ініцыятыва ўстаноўкі дошак належыць краязнаўчаму клубу "Спадчына", які дзейнічае пры Бердаўскім гістарычнакраязнаўчым музеі. Выканаў дошкі канешне ж Рычард Груша. А вось устанавіць і адкрыць іх не ўдалося, бо сябры клуба "Спадчына" не парупіліся атрымаць дазвол на ўстаноўку. І хоць дошкі павінны былі ўстанаўлівацца на будынках, якія належаць сельгаспрадпрыемству, і можна было абысціся рашэннем уласніка, але вырашана было пачакаць і атрымаць дазвол ва ўстаноўленым парадку.
Каго ж вырашылі ўшанаваць сябры бердаўскай "Спадчыны"?
Каранюк Аляксандр Аляксандравіч , кавалер ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага чырвонага сцяга, Знак пашаны і многіх медалёў быў старшынём калгаса 29 гадоў, пры ім была пабудаваная ўся новая Бердаўка, у тым ліку створаны і Бердаўскі музей.
Дамбавецкі Аляксандр Станіслававіч , пазашлюбны сын імператара Аляксандра ІІ, валодаў маёнткам Бердаўка 50 гадоў, пабудаваў у Бердаўцы палац. У сілу свайго паходжання А. Дамбавецкі жыў у маёнтку не так доўга, бываў у асноўным наездамі. Атрымаў адпаведную адукацыю, закончыў курс навук ва Універсітэце Святога Уладзіміра, атрымаў ступень кандыдата праваслаўнага вызнання. Кавалер ордэнаў Белага Арла, Святога Ўладзіміра 2й і 3й ступені, Святой Ганны 1й ст. і Святога Станіслава 1й ст. Меў знакі Чырвонага Крыжа і адзнакі за ўвядзенне ў дзеянне Палажэння аб сялянах і за пазямельнае ўладкаванне сялян. Быў ганаровым міравым суддзём Лідскай судоваміравой акругі. З 30 сакавіка 1872 года Магілёўскі губернатар тайны дарадца. З 1993 г. сенатар. Краязнавец і грамадскі дзеяч. Ініцыятар выдання і рэдактар калектыўнай працы "Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізікагеаграфічных, зтнаграфічных прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах" (кн. 13, 18821884). Ініцыятар стварэння губернскага гістарычнаэтнаграфічнага музея ў Магілёве (1879). Садзейнічаў справе вывучэння гісторыі і этнаграфіі Магілёўшчыны, археалагічных раскопак у Падняпроўі.
І зусім не выпадкова, што дзве дошкі падрыхтавалі адначасова, бо менавіта дзякуючы Аляксандру Каранюку палац Аляксандра Дамбавецкага быў выратаваны ад разбурэння і сёння знаходзіцца ў дагледжаным стане. Тут месціцца вясковы дом культуры, і гэтаму помніку архітэктуры нічога не пагражае.
Яраслаў Грынкевіч.
Пакланіцца Паэту
Вось ужо дзесяць гадоў прайшло з часу смерці Максіма Танка, але не зарастае сцяжынка да могілак, дзе пахаваны паэт і яго жонка Любоў Андрэеўна, а таксама шмат хто з роду Скурко.
Нядаўна сюды прыехалі пісьменніца Вольга Іпатава, філосаф Ул. Конан і намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Бібліятэка прапануе" Людміла Несцяровіч. Мясціны гэтыя сапраўды паэтычныя, нездарма мясцовая Святкаўская школа носіць імя выдатнага беларускага паэта - класіка
Менскія госці выступілі ў гэтай школе, дзе ўсё дыхае памяццю пра вялікага земляка, а таксама наведалі Мядзельскую раённую бібліятэку і школу, дзе сустрэліся з бібліятэкарамі і школьнікамі. Дарэчы, школьнікі прымалі ў гэтай сустрэчы актыўны ўдзел і нават атрымалі ад гасцей прызы за самыя арыгінальныя пытанні.
"Трэба не баяцца выклікаў ХХІ стагоддзя і смела глядзець у будучыню" - казала Вольга Іпатава. Яна распавяла аб тым, як пісьменнікі і творчая інтэлігенцыя адкрываюць беларусам імёны іх выдатных суайчыннікаў - змагароў за свабоду і незалежнасць Беларусі. У прыватнасці, нагадала гісторыю вызвалення зпад шматгадовай цэнзуры імя Вацлава Ластоўскага, рассказала некаторыя невядомыя старонкі жыцця М. Танка, у прыватнасці, яго адносіны да Наталлі Арсенневай як вынік асабістых з ім гаворак.
Аблашчаны ўладай, вымушаны ўвасабляць колішні літаратурны афіцыёз, паэт тым не менш высока цаніў і творчасць, і дзейнасць сваіх колішніх сяброў і паплечнікаў па беларускай справе з Заходняй Беларусі, якія апынуліся пазней у эміграцыі. Трагічны разрыў паміж вышынёй таленту і імкненнем да свабоды творчасці, з аднаго боку, і прыйманнем гвалу і антыбеларускасці як умовы спакойнага існавання з другога і сёння складае адну з драматычных старонак літаратурнага жыцця Беларусі.
Сустрэчы атрымаліся вельмі светлымі і аптымістычнымі. Пакуль жыве ў сэрцах беларусаў Паэзія, датуль будзе жыць і сама Беларусь.
Юрка Трубец.
На фота: беларускія пісьменнікі і настаўнікі ля помніка М. Танку і ягонай жонцы.
Памятны падарунак
27 траўня празвінеў апошні школьны званок для выпускнікоў школ краіны. Традыцыйнае ўрачыстае свята апошняга школьнага званка адбылося і ў Герма-навічах, на якое ў якасці ганаровых гасцей запраслі і настаўнікаў-пенсіянераў, у лік якіх трапіла і я.
Да гэтага дня гра-мадскія арганізацыі "Бела-руская школа" і "Культур-на-асветніцкі цэнтр імя Язэ-па Драздовіча "рыхтавалі памятны падарунак для вы-пускнікоў Германавіцкай школы.
Вырашылі падрыхта-ваць для іх памятныя майкі з гісторыяй вёскі і выявамі яе старажытных будынкаў. Адной з галоўнейшых задач гэтых арганізацый-выхоў-ванне свядомых беларусаў, тых, хто любіць свае карані, сваю мову, сваю гісторыю, сваю спадчыну.
Дапамагла нам ажыццявіць нашу задуму спадарыня Ала Орса-Рама-на, прафесар н'юёрскага універсітэта, беларуска па паходжанні. Дзякуючы сва-ёй велізарнай энергіі, яна змагла паспяхова спалу-чыць сваю прафесійную кар'еру з грамадскай дзей-насцю ў беларускай эмі-гранцкай супольнасці ў Амерыцы. Але найбольш часу і энергіі яна ўклала ў танцавальны ансамбль "Ва-сілёк", кіраваць якім пача-ла ў 1962 годзе. з тых часоў і да гэтага часу грыміць слава гэтага танцавальнага ансамбля. Яна яшчэ кіруе культурна-адукацыйнай фундацыяй, мэта якой дапа-магаць беларусам застацца беларусамі на радзіме. Бо беларусы ў выгнанні добра ведаюць, што толькі на род-най зямлі, ў незалежнай Беларусі можна людзьмі звацца. А пакуль нас пры-мушаюць вучыць чужую гісторыю, як сваю, спяваць чужыя песні, як свае, кары-стацца чужой моваю, як сваёю. Таму падарунак Алы Орса-Рамана для германа-віцкіх выпускнікоў быў вельмі да часу. Майкі з выявай старажытнага кас-цёла, графскага палаца і тэкстам па гісторыі роднай вёскі былі каштоўным пада-рункам для 27 выпускнікоў, які ім ўручыла я на ўрачы-стай лінейцы. Спадзяюся, што яны будуць берагчы іх як самую дарагую рэліквію. Увечары ўсе выпускнікі, надзеўшы новенькія бялюткія майкі, ганарова шпацыравалі па Германавічах. Вялікі дзякуй спадарыні Але Орсе-Рамана за яе шчод-расць, вялікі дзякуй мастаку Ігару Марачкіну, які шчыраваў над дызайнам, вялікі дзякуй Тамары Мацкевіч і яе сябрам, усім, хто прычыніўся да гэтай акцыі. Яна ўдалася!
Ала Райчонак, старшыня КАЦ імя Язэпа Драздовіча, старшыня Шаркаўшчынскай Рады ТБМ.
Новыя кнігі на сядзібе ТБМ
Шэраг новых кніжак ды часопісаў па гісторыі , архітэктуры , літаратуры , а таксама кніжкі для дзетак з ' явіліся ў менскай сядзібе ТБМ . Тут жа можна знайсці відэа, аўдыё, CD з добрай беларускай музыкай, майкі, значкі, календары.
Прыходзьце з панядзелка па пятніцу на Румянцава, 13 з 11-й да 17-й гадзіны.
Тэл. 8-029-707-40-01.
Алаіза Пашкевіч, пэўна, ганарылася б...
І вершы піша, і навукай займаецца
Анатоль Брусевіч надрукаваў першы свой верш у часопісе "Бярозка" № 9 за 1989 год. Вучыўся тады ў пятым класе сярэдняй школы. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Анатоль Васілевіч Хілько заўважыў паэтычныя памкненні свайго вучня і прывёў яго ў дзіцячы літаратурны гурток "Вянок" пры Доме музеі Максіма Багдановіча. Там дзіцячымі талентамі апекавалася знакамітая беларуская паэтка Данута Бічэль Загнетава.
- Як заўсёды, напачатку кожнай справы шмат ахвочых. Так і нас, малых, набілася спярша многа. З часам адны зразумелі, што паэзія не іх прызванне, адышлі. Былі прычыны ў астатніх. Карацей, засталіся мы з Палінай Варнаковай. Пасля і яна абрала іншую жыццёвую дарогу: захапілася маляваннем. Але мы ўсе, упэўнены, палюбілі паэзію, навучыліся яе разумець. Данута Янаўна ў гэтым сэнсе проста знаходка. Гэта яна вазіла нас у Вільню, на сустрэчу з Зоськай Верас. А яшчэ нас акаляла аўра пакояў, па якіх калісьці бегаў пяцігадовы Максім.
А як адчуваў сябе дзевяцікласнік Анатоль Брусевіч пасля выдання першага зборнічка вершаў?
- Гэта здарылася ў 1992 годзе. Спадарыня Данута, канешне, дапамагла, адрэагавала кудлаватыя радкі. Уласнаруч напісала уступ да кніжкі. Ёсць там радкі трывогі за маю будучыню. Яна бачыла, як мяне пачалі запрашаць студэнты універсітэта, якія, на яе думку, дрэнна ўплывалі на мяне, бо самі займаліся штукарствам, а не паэзіяй, больш самалюбаваннем, чым працай над радком. Не ўхваляла Данута Янаўна і мае выступы з чытаннем вершаў на мясцовым тэлебачанні, друкаванне падборак у "Чырвонай змене". Лічыла, што гэта можа сапсаваць уражлівую юнацкую душу, пераканаць хлопца ў лёгкасці дасягнення паэтычных вяршынь.
Я тады вучыўся ў СШ № 32. Прыемна было, што настаўніцкі калектыў радаваўся за мяне, бацькі ганарыліся. Не, слава, не закружыла мне галаву. Падумалася, што поспех не выпадковы, нейкі талент ёсць у мяне, калі сама Данута БічэльЗагнетава ўгледзела гэта. Другое перакананне было ў тым, што трэба вучыцца на факультэце беларускай мовы і літаратуры Гарадзенскага універсітэта.
- Вучоба мала пакідае часу на іншы занятак. Трэба чамусьці аддаваць перавагу. Ці стаяла гэтая дылема перад вамі?
- Я прывучыў сябе да парадку, таму паспяваў і на лекцыях пабыць, і прыняць удзел у пасяджэнні літаратурнага аб'яднання "Наднёманскія галасы". Не забудзьма, што выкладчыкамі ў мяне былі сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў крытык Ігар Жук і паэтэса Алена Руцкая. Паранейшаму цікавілася маёй творчасцю Данута Янаўна.
- Але было заўважана, што вы нібыта прыцішылі паэтычны поступ. Вершы з'яўляліся ў калектыўных зборніках, часопісах, анталогіі "Беларуская паэзія ХХ га стагоддзя". Аднак да чарговага зборніка справа не дайшла…
Ёсць такое. Прычына самая празаічная. На пятым курсе я цвёрда вырашыў заняцца навукай. Якраз на кафедры польскай філалогіі ўпершыню адкрывалася магістратура. Доктар філалагічных навук, прафесар Святлана Піліпаўна Мусіенка прапанавала мне паспрабаваць сябе. Здаў экзамены, быў залічаны. Займаўся даследаваннем паэзіі Адама Міцкевіча. Абараніў магістрацкі дыплом. Прапанавалі вучобу ў аспірантуры. Пагадзіўся. 27 красавіка 2004 года абараніўся па тэме "Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча. Віленска Ковенскі перыяд". Давялося паездзіць па архівах польскіх гарадоў Кракава, Гданьска, Седліц.
- На нядаўняй сустрэчы з настаўнікамі Гародні вы, адказваючы на пытанні, адзначылі, што свядома не з'яўляецеся сябрам творчых саюзаў, суполак, аб'яднанняў. Гэтая пазіцыя супадае з выказваннем ў вершы з юначага зборніка - "Я сам з сабой, і разам нам - цудоўна…".
- Мяркую, што паэты заўсёды крыху адасобленыя людзі. У іх свой свет, сваё успрыняцце свету. Крышку дзіўны народ. Калі хочаце, эгаістычныя натуры, бо часцяком размову з чытачом вядуць ад першай асобы - ад сябе, значыць.
У той жа час у мяне ёсць шмат сяброў, якія пакуль што не маюць зборнікаў. Найперш гэта кандыдат гістарычных навук Эдуард Мазько, Віталь Клунейка. У добрых адносінах з навукоўцам і паэтам Юрасём Пацюпам. Мы ўдзельнічалі ў Літаратурных семінарах "Бязмежжа" (Гайнаўка), які арганізоўвае Беларускі саюз у Польшчы. Акрамя нас там былі Юры Гумянюк, Віктар Шалкевіч, Сяргей Астраўцоў, Васіль Дзівашэвіч, Святлана Тарасава і іншыя.
Мы, сямёра літаратараў, стварылі ў Гродне "Клуб паэтаў". Кожны змясціў свае творы ў кнізе "Лябірынты прывіднага замку" (Беласток). Добрыя стасункі склаліся ў мяне з рэдакцыяй часопіса "Калосьсе". Выданне некалькі разоў змяшчала мае падборкі вершаў.
- Аднак мушу зноў звярнуць увагу на неабходнасць выдання новага зборніка Анатоля Брусевіча…
- Мяне самога хвалюе гэтая праблема. Пяць гадоў ляжыць падрыхтаваны рукапіс кнігі "Падаю ў неба". Там сабрана звыш 30 вершаў. Мне за іх не будзе сорамна. Калі сабраць надрукаванае ў перыёдыцы за апошнія гады, то збярэцца твораў яшчэ на адзін два зборнікі. Трэба парупіцца. Тым больш (смяецца ) , доктарскай дысертацыяй пакуль што не займаюся.
- Чуў, што вы маеце адзіную радаслоўную з Цёткай (Алаізай Пашкевіч).
- Па лініі маці адна з маіх далёкіх сваячак была сястрою шаноўнай Алаізы.
Гутарыў
Антон Лабовіч, Гародня.
На здымку: Анатоль Брусевіч чытае свае вершы. Фота аўтара.
У аб'яднанні - пісьменнікі і журналісты
Беларускі ПЭН-цэнтр -- рэспубліканскае аб'яднанне прафесійных літаратараў, створанае з мэтай пашырэння інтэлектуальнага супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій, удзелу ў міжнародным літаратурным супрацоўніцтве, развіцця беларускай культуры, выхавання ў грамадскай свядомасці высокіх гуманістычных ідэалаў.
Летам 2000 года Гародню наведаў віцапрэзідэнт Беларускага ПЭНцэнтра Карлас Шэрман. Новымі сябрамі гэтага грамадскага аб'яднання сталі 11 чалавек - Сяргей Астраўцоў, Юры Гумянюк, Тэрэза Дудко, Валеры Задаля, Сяргей Кануннікаў, Дзмітры Караў, Міхаіл Карневіч, Андрэй Кусяльчук, Ніна Палуцкая, Юры Пацюпа. Пісьменнікі Данута Бічэль, Юрка Голуб і Алесь Чобат былі прыняты раней. Званнем ганаровага сябра неўзабаве быў ўшанаваны Павел Мажэйка, які адбываў тэрмін на "хіміі".
Пісьменнік і публіцыст Юры Гумянюк патлумачыў:
- Беларускі ПЭНцэнтр створаны ў лістападзе 1989 года. У траўні 1990 года на Сусветным Кангрэсе прыняты ў Сусветную асацыяцыю пісьменнікаў "Міжнародны ПЭН-клуб". Зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі 16 лістапада 1990 года, перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года. Як член Міжнароднага ПЭН-клуба Беларускі ПЭН-цэнтр мае статус "А" у ЮНЕСКА і дарадчы статус у ААН.
Доўгі час прэзідэнтам Беларускага ПЭНцэнтра быў народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Сябрамі Беларускага ПЭНцэнтра, напрыклад, з'яўляюцца такія знаныя асобы, як Рыгор Барадулін, Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Міхась Тычына, Валянцін Тарас, Васіль Сёмуха і многія іншыя. Цяпер аб'яднанне ўзначальвае Лявон Баршчэўскі.
Увогуле, у склад Беларускага ПЭН-цэнтра сёння ўва-ходзяць звыш 100 пісьменнікаў, якія жывуць у Беларусі і за яе межамі - у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Нью-Ёрку, Лондане, Берліне, Габраве, Варшаве і Беластоку.
У шэрагах Беларускага ПЭН-цэнтра шмат журналістаў, вучоных, якія вызначаюцца на літаратурнай ніве. Яны друкуюцца не толькі ў СМІ, змяшчаюць свае работы на Інтэрнэтстаронках, але і выдаюць зборнікі. Тры кнігі прозы мае ўласны карэспандэнт беларускай рэдакцыі "Радыё "..." Сяргей Астраўцоў (Янычары", "Цэнзарскія нажніцы", "Лісты да хома саветыкуса").
Той жа Ю. Гумянюк - карэспандэнт польскага штомесячніка "Czasopis", аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі ("Водар цела", "Твар Тутанхамона", "Рытуал", рамана "Апосталы нірваны").
Выкладчык Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Юрась Пацюпа - паэт, празаік, крытык. Аўтар кнігі паэзіі "Ноч", шматлікіх літаратурнакрытычных артыкулаў.
Журналіст Валеры Задаля займаецца дакументалістыкай (аповесць "Раскажу аб тым, што ведаю", буклет "Імёны, якія заўсёды з намі", зборнікі "Самвыдат" Гродзеншчыны", "Ваўкавыскі варыянт", "Мудры настаўнік Алесь Белакоз", "Ратуша").
Былыя рэдактары газет "Пагоня" (Мікола Маркевіч) і "Glos znad Niemna" (Андрэй Кусяльчук) стварылі папулярныя Інтэрнетсайты (pahonia.promedia.by; hrodna.by).
Журналіст Ніна Палуцкая спецыялізуецца на праблемах экалогіі, мае прыродаахоўны Інтэрнэт-сайт (nemanenvironment.org).
Актыўна змяшчаюць свае публікацыі ў друку Міхаіл Карневіч, Павел Мажэйка, Зміцер Караў, Сяргей Кануннікаў.
Антон Лабовіч, Гародня.
Шаноўнае спадарства! Прапануем Вашай увазе навіны беларускай музыкі БАСОВІШЧА'2005
22-23 ліпеня ў мястэчку Гарадок (Польшча, пад Бела-стокам) адбудзецца ХVІ фестываль беларускага року БАСОВІШЧА 2005. Традыцыйна бяруць удзел генералы айчыннай музыкі: NRM, KRAMA, NEURO DUBEL, ZET, ULIS, а таксама леташнія пераможцы ТАРПАЧ, СОНЦАВАРОТ, ТАКСІ, HMP і іншыя каманды. Як і ў мінулым годзе ўсім, хто пажадае самастойна узяць удзел у фэсце будзе прадастаўлена «Вольная сцэна». Галоўная ўмова - беларускамоўныя тэксты. З бела-рускага боку на конкурс паедзе 8 выканаўцаў. Тым, хто жадае узяць удзел у конкурснай частцы фэсту неабходна да 10 чэрвеня 2005 даслаць свае дэма-запісы на адрас 220085 Менск а/с 5 (Супрановіч Віталь), або звязацца з арганізатарамі па тэл. 8029-6490888 або 208-46-07 (Віталь). Для усіх ахвочых наведаць адзінае штогадовае свята беларускай рок-музыкі арганізуюцца традыцыйныя аўтобусы.
Звяртацца можна па вышэй пазначых кантактах.