Папярэдняя старонка: 2005

№ 25 (711) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 25 (711) 6 ЛIПЕНЯ 2005 г.


100 гадоў з дня народзінаў Пятра Глебкі

Пятро Глебка нарадзіўся 6 ліпеня 1905 года ў в. Вялікая Уса Уздзенскага раёна Менскай вобл., беларускі паэт, акадэмік АН БССР. Скончыў БДУ (1930). Працаваў сакратаром рэдакцыі час. "Узвышша", у газ. "Калгаснік Беларусі", час. "Полымя рэвалюцыі". З 1945 у АН Беларусі у інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва, у 1952-56 загадчык сектара лексікаграфіі, у 1956-57 дырэктар Інстытута мовазнаўства, у 1957-69 дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, адначасова ў 1968-69 акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук.

Друкаваўся з 1924. Першы зб. лірыкі "Шыпшына" (1927), выявіў прыхільнасць да рамантычнай паэзіі, літаратурных і фальклорных традыцый. Выдаў кнігі "Урачыстыя дні", "Хада падзей", "Чатыры вятры". Напісаў паэмы "Трывожны сігнал", "Арлянка", "Мужнасць", "У тыя дні", драматычную паэму "Над Бярозай-ракой".

Аўтар лібрэта оперы "Андрэй Касценя" (нап. 1947, паст. 1970), вершаванай п'есы "Святло з Усходу" (паст. 1957).

Перакладаў на беларускую мову А. Пушкіна ("Барыс Гадуноў"), М. Лермантава, Т. Шаўчэнку, М. Рыльскага.


Рыхтуемся да чарговага з'езду

Паважаныя сябры!

Чарговы з'езд ТБМ прызначаны на 30 кастрычніка. Сакратарыят ТБМ ужо разаслаў неабходныя паперы ўсім кіраўнікам нашых раённых, гарадскіх і абласных арганізацый. Прашу Вас за лета і верасень зрабіць усё неабходнае.

У першую чаргу правесці справаздачнавыбарчыя сходы і аб выніках паведаміць у нашу сядзібу.

Падругое: сабраць складкі за гэты год і перавесці на рахунак ТБМ, бо для правядзення з'езду патрэбны грошы і немалыя.

Прашу Вас вялікую ўвагу звярнуць на падпіску і распаўсюджванне "Нашага слова". Наша задача ахапіць падпіскай як мага болей сяброў і прыхільнікаў ТБМ і захаваць нашу газету. Пакуль будзе існаваць "Наша слова" будзе існаваць і ТБМ.

Сакратарыят ТБМ здолеў знайсці сродкі і падпісаць на ІІе паўгоддзе 2005 г. наступныя раённыя бібліятэкі Беларусі: Крычаўскую, Іванаўскую, Лёзненскую, Краснапольскую, Мсціслаўскую, Чачэрскую, Брагінскую, Дрыбінскую, Драгічынскую, Ляхавіцкую, Лоеўскую, Маларыцкую, Хойніцкую, Нараўлянскую і Клічаўскую.

Дарэчы, мы дабіліся вяртання ў г. Менску продажу нашай газеты ў газетных шапіках "Саюздруку". Таму вельмі прашу менчукоў і тых, хто прыязджае ў Менск, набываць нашу газету. Нават калі Вы яе і падпісалі! Калі ж летам будзе вялікі адсотак спісання нашай газеты, то яе з верасня зноў здымуць з вольнага продажу. Гэта датычыцца і іншых рэгіёнаў Беларусі.

Да 75угодкаў Уладзіміра Караткевіча, мы выдалі адпаведны плакат, а таксама будзе надрукаваны і кішэнны каляндарык з выявай пісьменніка на 2005 - 2006 навучальны год. Таму звяртайцеся ў сядзібу, і мы вышлем Вам неабходную колькасць плакатаў і каляндарыкаў для распаўсюджвання. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, мы здолелі ў гэтым годзе выдаць тры нумары "Новага Часу" і зараз збіраем грошы на чацвёрты нумар. Таму чакаем Вашай дапамогі. Ахвочыя атрымаць першыя тры нумары могуць звяртацца непасрэдна да мяне.

У свой час сябры ТБМ накіравалі кіраўніцтву "БТ" некалькі тысяч подпісаў грамадзян Беларусі з патрабаваннем павялічыць колькасць беларускамоўных перадач. І вось мы дабіліся пэўных зменаў у лепшы бок. Як паведаміў газеце "Звязда" (№ 114115 ад 22 чэрвеня 2005 г.) генеральны прадзюсер Першага нацыянальнага канала БТ Уладзімір Субат, неўзабаве колькасць беларускамоўных перадач у эфіры будзе павялічана. выйдзе спецыяльная перадача "Мой край", дзе будуць цытаваць класікаў нашай літаратуры пад нацыянальныя музычныя матывы.

Таксама мы можам выдаць Вам для бясплатнай раздачы каляндарыкі "Радыё Свабода", некаторыя нумары "Нашага слова" і беларускамоўныя кнігі для вясковых бібліятэк. Ахвочыя могуць атрымаць пасведчанні сябра ТБМ як з фотаздымкам, так і без яго. Неўзабаве мы пяройдзем на летні расклад працы і паведамім аб ім у "Нашым слове". Жадаю Вам добрага адпачынку.

З павагай

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф.Скарыны" Алег Труса


Апошнія экзамены па беларускай літаратуры

22 і 29 чэрвеня ў Лідскім педкаледжы адбываліся ў нечым радасныя і ў нечым журботныя падзеі. Радас-ныя, бо дзве групы здавалі экзамены па беларускай літаратуры і паказалі пры гэтым вельмі прыстойныя веды (87,5 % студэнтаў атрымалі адзнакі 8, 9 і 10). Журботныя, бо экзамены па беларускай літаратуры здаваліся тут у апошні раз. Надалей адзнакі па беларускай літаратуры будуць выстаўляцца на грунце роз-ных кантрольных работаў, тэстаў і г. д.

Пра тое, каму і для чаго была патрэбна такая рэформа, у свой час было сказана нямала. Ніякіх пераваг адмена экза-мена нікому не прынесла. Безумоўна беларускую літаратуру ў Лідскім педкаледжы вучыць не перастануць, але экзамен надаваў гэтаму прадмету большую вагу, змушаў студэнтаў не толькі вучыць прадмет на працягу года, але і паўтарыць ўвесь курс у канцы, перад іспытам.

Яраслаў Грынкевіч.

На здымках: 1. Да экзамена рыхтуецца група Д-2А, 2. Экзамен здае старшыня суполкі ТБМ групы Д-2Б Святлана Звонік. 3. Экзамен у выдатніцы Вольгі Руткоўскай (група Д-2А) прымае выкладчык каледжа, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Міхась Мельнік.


Віншуем

Сакратарыят ТБМ рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць з юбілеем старшыню беларускай суполкі "Пагоня" ў Севастопалі Валерыя Барташа.

Мы жадаем спадару Барташу і надалей з высокай годнасцю несці імя і гонар беларуса, працягваць сваю плённую працу на карысць умацавання беларускай прысутнасці ў свеце, дзеля павелічэння міжнароднага аўтарытэту нашай Бацькаўшчыны.


З НЯЛЁГКАГА ЖЫЦЦЯ КУЗЬМЫ ЧОРНАГА

"Наша слова" (20.06. 2005) у гонар юбілею выдатнага нашага празаіка змясціла (з партрэтам ) артыкул "Кузьме Чорнаму - 105". Тут даюцца сціслыя звесткі пра жыццёвы і творчы шлях класіка беларускай літаратуры. Шкада, аднак, што няма тут нават упамінку пра трагічныя старонкі з жыцця пісьменніка, які пражыў усяго толькі 44 гады.

Пад канец 1930х гадоў з некалькіх сотняў беларускіх творцаў ацалела толькі чатырнаццаць чалавек. Сталінскі хапун не абмінуў і Кузьму Чорнага. Хоць і не знішчыў яго, як іншых, але зламаў вялікага чалавека, укараціў ягоны век. 13 кастрычніка 1938 года К. Чорнага арыштавалі, трымалі ў камерыадзіночцы і выпусцілі з кадэбісцкіх кіпцюроў толькі праз 8 месяцаў. А як здзекаваліся з яго, пра гэта ён згадвае ў сваім дзённіку 3 кастрычніка 1944 года - незадоўга перад заўчаснай смерцю: "У яжоўскай турме мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубкі і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі..."

Ён мужна вытрымліваў усе катаванні і аніяк не пагадзіўся з тым, чаго садысты дабіваліся ад яго, прызнання, што ён "нацфашыст" і польскі шпіён. Але мусіў, каб застацца жывым, пагадзіццца з іх бескампраміснай прапановай стаць сакрэтным супрацоўнікам з "органамі".

У беларускім друку доўгі час бытавала сцвярджэнне, быццам вызваліў К. Чорнага з турмы Панамарэнка - сталінскі стаўленнік у Менску, галоўны тагачасны кіраўнік кампартыі Беларусі. Зрэдку гэта сцвярджэнне сустракаецца і цяпер. Так, у 2000 г. у серыі "Беларускі кнігазбор", пабачылі свет "Выбраныя творы" К. Чорнага (608 с.). сярод іншых лепшых твораў пісьменніка тут упершыню на аснове аўтографа змешчаны (без ранейшых рэдактарскіх і цэнзарскіх скарачэнняў) "Дзённік". У каментары да "Дзённіка", як бы між іншым, сказана, што прызначэнне П.К. Панамарэнкі ў чэрвені 1938 г. на пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б "супадае з выхадам К. Чорнага з турмы на волю (8 чэрвеня 1938 г.)".

У гэтым каментары - істотная блытаніна датаў: Кузьма Чорны выйшаў на волю сапраўды 8 чэрвеня, але не 1938 года, а пасадзілі яго ў турму, як ужо згадвалася вышэй, 18 кастрычніка 1938 года. І пасадзілі са згоды Панамарэнкі, які з 18 чэрвеня 1938 года стаў узначальваць беларускіх бальшавікоў. І, дарэчы, ужо праз месяц пасля прыезду ў Менск рапартаваў сваім маскоўскім апекунам (Сталіну, Яжову): "Добиваюсь рассмотрения в несудебном порядке на особой тройке две тысячи по первой категории и три тысячи по второй". (Па "першай катэгорыі" - гэта расстрэл, а "па другой катэгорыі" - па дзесяць гадоў канцлагераў.)

Сцвярджэнне ж пра Панамарэнку як пра вызваліцеля, як пра сталінскага анёла пайшло гуляць з кнігі Б. Сачанкі "Сняцца сны аб Беларусі..." . Тут Б. Сачанка ў форме ўспамінаў М. Лынькова перадае вусны аповед Панамарэнкі, як той ратаваў ад арышту Я. Купалу, Я. Коласа, З. Бядулю, К. Крапіву, М. Лынькова, як вызваляў К. Чорнага з турмы. З гэтай жа кнігі Барыса Сачанкі і іншых яго публікацый распаўсюдзіўся міф, як Купалу і Коласу ордэры на арышт замянілі, дзякуючы Панамарэнку, ордэнамі Леніна.

Паводле слушнага евангельскага выказвання, няма нічога тайнага, каб не стала яўным. Гергі Колас, вядомы беларускі крытык і літаратуразнаўца, на пачатку 1990х гадоў, калі часова і часткова рассакрэцілі партыйныя і кадэбісцкія архівы, займеў магчымасць пазнаёміцца з некаторымі справамі "нацдэмаў" і сакрэтнымі партыйнымі дакументамі, а пасля штонішто апублікаваў у сваёй кнізе "Карані міфаў" (1998). На аснове гэтых матэрыялаў ён развенчвае міфы пра "анёла" Панамарэнку, прыводзіць шэраг вытрымак, ад якіх, як кажуць, нідзе не дзенешся.

З песні слова не выкінеш. Ёсць тут і пра вымушаным паказанні К. Чорнага. Напрыклад, пра Янку Купалу: "Разгром нацдемов до сих пор Купалой переживается как «разгром белорусского народа», как «вечная несправедливость». Это я сам много раз слышал от жены Купалы, которая является точным рупором самого Купалы". І пасля таго ўжо, як К. Чорнага выпусцілі на волю, ён 1 верасня 1939 года мусіў ісці ў суд, дзе судзілі пісьменніка Міколу Хведаровіча, і сведчыць супраць яго як нацдэма.

У дзённікавым запісе, зробленым незадоўга да смерці, чытаем: "Доўгія годы мяне мучыла ГПУНКВД".

У 1941 г., калі пачалася вайна з нямецкім фашызмам, К. Чорны разам з жонкай і дачкой пешшу пайшоў на ўсход. У Крычаве ўступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Пасля стаў супрацоўнікам газетыплаката "Раздавім фашысцкую гадзіну". А са студзеня 1942 г. ён жыве ў Маскве. Займае з сям'ёй невялічкі нумар у гатэлі "Якар".

Няглядзячы на цяжкую хваробу, ён працаваў дзённа і ночна. Яшчэ ў даваенны час ён задумаў серыю раманаў пра гісторыю беларусаў "ад паншчыны і да нашых дзён". У вайну напісаў тры раманы, шмат апавяданняў і публіцыстычных артыкулаў. З дзённікавых запісаў 1944 года відаць, як яго пастаянна адрывалі ад непасрэднай пісьменніцкай працы: "Я мог бы звацца не Чорны Кузьма, а чорнарабочы. Колькі за свой век я зрабіў гэтых перакладаў і напісаў усяго, што без майго подпісу запоўнівае старонкі ўсёй нашай прэсы...". "Пісаў і пішу бесперапынна публіцыстычныя артыкулы без подпісу, яны друкуюцца, устаўляюцца ў тэксты рэзалюцый антыфашыстоўскіх, скажам, з'ездаў, друкуюцца ў зборніках Купалы як купалаўская публіцыстыка.... А я хаджу спрацованы і хворы і жыву ў катушку". У запісе за 5 ліпеня 1944 г. К. Чорны прыгадвае: "Кліч да беларускага народа" і выступленне на першым беларускім радыёмітынгу з Казані зімой 1941 г. пісаў Купалу я".

Яшчэ некаторыя запісы, якія сведчаць пра многае. "29 верасня 1944 г. ужо якраз тыдзень, як я ў Менску. Яшчэ жыву на падлозе ў доме Саюза пісьменнікаў. Няма дзе адаспацца і адляжацца. Усе дні баліць галава, хіліць на сон, і зрок пагоршаў".

І самы апошні запіс з "Дзённіка" - за 22 лістапада 1944 г. (у гэты дзень перастала біцца сэрца вялікага чалавека з незайздросным жыццёвым лёсам). Пададзім гэты запіс поўнасцю: "Бадай што ўжо месяц, як у "кватэры", дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень - вокны глядзяць у чорны трохкутнік з высозных муроў. Пісаць няма як і жыць няма як. А тут жа, па адным калідоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла і добра. Там Рыжыкаву можна будзе круціць патэфон і гуляць у "пульку". У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалі дзяржаве свае душы і таленты. Але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакідзішча. І не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе інтэлектуальныя асаблівасці чалавека робяць яго жыццё арганізаваным. А ў нас азіятчына. Падхалімства, хабарніцтва, чыноўніцтва. Паклёпніцтва - за апошнія гады паднялося на вялікую вышыню. Колькі нашай інтэлігенцыі без дай прычыны гніе ў турмах і на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здороўя. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба свой талент... замест таго, каб рабіць тое, што мне трэба рабіць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбіральні, краду дровы, дастаю з дошчак цвікі, мыю сваю парваную і вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вінавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ і тысячы чыноўнікаў займаюць увесь горад - яны ўмеюць і любяць рваць адзін аднаго і ўсіх за горла, а я гэтага не ўмею рабіць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькі праменьчык дзённага святла ў вакно і мучуся ў пограбе".

А гэта апошні сказ з таго ж дзённікавага запісу - перад адыходам у іншы свет: "Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?"

Іван Лепешаў, прафесар


ЦІ СТАНЕ ЦУКАР САЛОДКІМ?

Адкрыты ліст чытача "Нашага слова" кіраўніцтву Гарадзейскага цукровага камбіната

Паважаная адміністарцыя акцыянернага таварыства!

На ўпакоўцы кілаграма цукрупяску, які вырабляе ААТ "Гарадзейскі цукровы камбінат", змешчана выява Нясвіжскага замка ХУІ - ХУІІІ ст. і старажытны герб. Гэта надае вашай прадукцыі адметнасць і, у значнай ступені - нацыянальны каларыт. Але ён адчуваецца не ў поўнай меры. І прычынай таму тое, што вы на ўпакоўках выкарыстоўваеце толькі рускую мову, ігнаруючы сваю родную. А беларуская мова - гэта мова нашай нацыі, мова нашых продкаў. Яна з'яўляецца адной з дзяржаўных моў. Мова Коласа і Багдановіча нясе велізарны энергетычны зарад. Яна робіць тавар адметным у вачах спажыўцоў як саміх беларусаў, так і гасцей з іншых краін. Калі жадаеце, каб павага да вашай прадукцыі расла (асабліва з боку моладзі), каб на яе пашыраўся попыт, пераходзьце, калі ласка, на беларускую мову.

Паглядіце на харчовыя вырабы, якія вязуць да нас з Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі. Дзенебудзь ігнаруецца родная мова краіныэкспарцёра?

У Менску многія хлебазаводы пішуць цалкам усе звесткі на ўпакоўцы пра тавар цалкам на роднай мове. І што атрымліваеца ў выніку? Кожны, хто прыязджае ў сталіцу, лічыць за гонар набыць бохан "Водару", "Старажоўскага" ці "Нарачанскага" хлеба. Насельніцтва хутка прызвычайваецца да новага. Асабліва, калі яно сваё, роднае.

Тое ж тычыцца і вашага вэбсайта gsr.by. Той, хто заходзіць на яго, знаходзіць карысныя для сябе звесткі. А фотаздымкі робяць агульную карціну больш яснай, дакладнай і прыгожай. Ўражвае толькі, як на сайце вырашана моўнае пытанне. Створаны руская, англійская, нямецкая версіі. Але куды падзелася беларуская? Няўжо вашае прадпрыемства не ў Беларусі знаходзіцца і працуе не на беларускіх грамадзян? Дзе паважлівае стаўленне да нацыянальных каштоўнасцяў? Нават замежныя наведвальнікі сайта неўзабаве будуць пальцам паказваць, што вось у гарадзейцаў зусім нічога святога не засталося, нават ад мовы сваіх дзядоў адракліся. І выява Нясвіжскага замка на кілаграмовым пакунку цукру - нібы маўклівы дакор таму.

Падсумоўваючы вышэйсказанае, хачу запэўніць вас, што трэба неадкладна выпраўляць становішча. Людзі з замілаваннем будуць набываць гарадзейскі цукар, калі ён будзе змяшчаць інфармацыю пабеларуску. І відавочна, што ад гэтага простага кроку ён стане яшчэ саладзейшым.

З пажаданнямі поспехаў

Васіль Кісляк, Менск


БЕЛАРУСЬ РУСІФІКУЕ УКРАІНУ?

На вуліцах сталіцы Украіны з'явіліся новыя маршрутныя автобусы беларускай вытворчасці. Насуперак Канстытуцыі Украіны і дзейнаму Закону пра мовы а украінскае заканадаўства не толькі вызнае дзяржаўнаю моваю адзіны і спаконвечны голас зямлі, а і гарантуе яго абарону ды ўкараненне ва усе сферы грамадскага жыцця надпісы ў гэтых аўтобусах выкананы на іншаземнай мове, на знак памяці пра мінуле сужыцце ў турме народаў па імені Савецкі Саюз, больш вядомай на Захадзе як "ГУЛаг Раша"

Кіяўляне здзіўлены. Прывыклі ўжо да таго, што ўся афіцыйна ліцэнзаваная рэклама ў горадзе выконваецца на мове ўкраінскага грамадства. Пасажыры перакладаюць "беларускія" надпісы паукраінску: "Вхід" і "Вихід", "Запасний вихід", "Кількість місць для сидіння","Загальна кількість пасажирів", "Місця для інвалідів", "Прі аваріі розбити скло молотком". Звычайна, гэта робяць тыя, што маюць не слабы розум і пачуццё грамадзянскай годнасці. Аднак вядома, што мова з'яўляецца формаю ўлады. Старажытны Рым вырашаў гэтую сапраўду проста: "Чыя мова, таго і ўлада; чыя ўлада, таго і мова".

Нейкія дасціпнікі са школьнай тусоўкі ці студэнцкай браціі нават не паленаваліся панаклейваць у аўтобусах на тыя надпісы пераклад. Ды не толькі украінскі - у адным з аўтобусаў хтосьці яшчэ больш кемлівы каля "Загальноі кількості" прычапіў таксама і "Агульную колькасць". Як ні як, для Кіева, абвешанага англамоўнаю абракадабраю ды невыразнымі, да нудоты аднатыпнымі рэкламнымі пано, беларуская мова - экзотыка. Пры тым, што яе, дужа блізкую да ўкраінскай, усе разумеюць і без перакладу. Маўляў, знайце нашых, сябры, мы тут павашаму пішам, а ці знаеце вы там у сябе сваю мову, каб, як казаў Янка Купала, "людзьмі звацца"?

Ці, можа, беларусы так нядружалюбна ставяцца да нашых расіян, што падазраюць іх у нелюбові да Ўкраіні і няздольнасці засвоіць мову свайго грамадства? Тады гэта падстава для абраз і абвінавачвання ў распальванні міжнацыянальнай варажнечы ды сепаратызму. Увесь свет ведае, што колоніі нацменшасцяў у Украіне маюць шырокія правы. Але сярод гэтых правоў няма права выцясняць тутэйшую мову будзьякою і тым разколваць шмат этнічны народ, аб'яднаны агульнаю доляю і адвечным жыватворным голасам краю. Бо няма і быць не можа права на злачынства.

А што ж думае пра гэта транспартны аддзел гарадской управы, перайменаванай у дэпартамент адміністрацыі? І сам гарадскі галава пан А. Амельчанка? Ці баліць яму з той нагоды галава, ці хапае за душу факт парушэння канстытуцыйных гарантый у сталіцы? Зрэшты, ці шануе і бароніць ён мову сваёй маці і свайго роду? Як не - то ўжо зусім незразумела.

Варта спадзявацца, што адказ ад гарадской управы хутка дасць у тыхтакі аўтобусах электронная навінка - інфармацыйнае табло. Надпісы: над нім і бягучы па ім, дарэчы, тутэйшыя - перакладаць не трэба. Таму, заходячы ў аўтобус, не забудзьма глянуць на гэтае цуда тэхнікі, пытаючы сябе: а як хутка здатна кіеўская гарадская ўправа справай ушанаваць закон і Канстытуцыю? Ці выявіць дзіва шпарканогасці бадай да чарговай шумнай раздачы прэмій верным людзям на свяце "салаўінасці"? Канверты для яго - будзьма пэўныя - ужо падрыхтаваныя.

Віталь Радчук, дэпутат Кіеўрады 1га склікання


Мастацкі дзіцячы плянэр "Шляхам Язэпа Драздовіча"

Пачаў сваю працу 21 чэрвеня ў вёсцы Малыя Алашкі, што на Шаркаўшчыне. У сядзібе знакамітага беларускага садавода Івана Паўлавіча Сікоры загучалі дзіцячыя галасы. Тут вельмі прыгожая маляўнічая прырода, якая і натхняла юныя таленты на стварэнне цікавых прац. Акрамя таго, што дзеці малявалі, яны даведаліся шмат цікавага пра Язэпа Драздовіча, прагледзеўшы фільмы "Зорны шлях" і "Вечны вандроўнік". Было расказана ім і пра вялікага сына Бацькаўшчыны Івана Паўлавіча Сікору. Вакол будынка, які пабудаваў сваімі ўласнымі рукамі Іван Паўлавіч больш ста год назад, былі расстаўлены рознакаляровыя палаткі. Юныя мастакі адмовіліся жыць у хаце, іх вабіла рамантыка. Вечарамі хлопчыкі лавілі рыбу, з якой потым варылася смачная юшка. Пасябравалі паміж сабой вучні Шаркаўшчынскай і Пастаўскай мастацкіх школ. Дамовіліся на наступны год сустрэцца зноў на чароўнай сікораўскай зямлі. Мяркуецца, што вынікам плянэрнай працы будуць выставы ў Віцебску, Полацку і Наваполацку.

Плянэр змог адбыцца дзякуючы падтрымцы прафесаркі Н'юёрскага універсітэта Алы Орса Рамана. Вялікі дзякуй ёй за яе шчодрасць, за яе падтрымку. Дзякуй Тамары Мацкевіч і яе сябрам за падтрымку.

Старшыня Шаркаўшчынскай раённай рады ТБМ Ада Райчонак.


Адважныя сэрцам

(да 345 угодкаў Палонкаўскай бітвы 1660 года)

...І няма ў людзей больш простага спосабу

ўдасканальвацца, як праз веданне дзеяў мінулых.

Палібій

З ініцыятывы Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны 28 чэрвеня 2005 года адбылася святочная імпрэза з нагоды 345 угодкаў Палонкаўскай бітвы 1660 года.

Вечарыну распачаў грэкакаталіцкі святар айцец Яўген, які адправіў імшу па загінуўшых за незалежнасць Бацькаўшчыны на Палонкаўскім полі (Баранавіцкі раён) 345 гадоў таму. Імша суправаджалася спевамі царкоўнага хору. Затым навучэнка першага курса Баранавіцкага эканомікаюрыдычнага каледжа Яна Норкіна падрабязна распавяла ўсім прысутным аб асноўных момантах Палонкаўскай бітвы, якая адбылася 28 чэрвеня 1660 года, падчас вайны 1654-1667 гадоў паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай абодвух народаў. Яна паведаміла, што стратэгічнай мэтай чарговай вайны для Расійскай дзяржавы было далучэнне ўсёй тэрыторыі Беларусі і Украіны і атрыманне выйсця да Балтыйскага мора. Наступленне расійскіх войскаў пачалося 21 траўня 1654 года. Войскі маскоўскіх ваяводаў Трубяцкога, Шарамецева і казакоў Залатарэнкі захапілі Смаленск, Віцебск, Полацак, Крычаў, Шклоў, Воршу. Вайна суправаджалася страшэннымі разбурэннямі і жудасным вынішчэннем людзей. Салдаты ваяводы Трубяцкога ўшчэнт разбурылі Мсціслаў і забілі 10 тыс. жыхароў гэтага невялікага горада, які аказаў мужнае супраціўленне захопнікам. Гомель казакам Залатарэнкі ўдалося захапіць толькі пасля больш чым 40-дзённай аблогі. Не паддаліся толькі Стары Быхаў і Слуцак. Гетман беларускалітоўскай дзяржавы Януш Радзівіл не змог стрымаць 100 тыс. царскае войска, бо меў толькі каля 12 тыс. ваяроў і вымушаны быў ухіляцца ад генеральнай бітвы, каб захаваць сваё войска і магчымы паратунак. У 1655 годзе царскія ваяводы ўзялі Менск, а 31 ліпеня пала Вільня - сталіца Вялікага Княства Літоўскага. За выключэннем паўднёвазаходніх раёнаў, уся Беларусь апынулася ў руках царскага войска. Рэч Паспалітая абодвух народаў памірала, бо ваявала ў гэты час яшчэ з украінскімі казакамі і Швецыяй. Гэта быў сапраўдны "патоп" і мала хто верыў, што Рэч Паспалітая абодвух народаў зможа ўратавацца ў гэтых неспрыяльных умовах.

Але заключыўшы 3 траўня 1660 года са Швецыяй Аліўскае пагадненне, войска Рэчы Паспалітай на чале з П. Сапегам і С. Чарнецкім не толькі залячыла раны, але і перайшло ў наступленне на расійскую армію, якая знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. З Берасця праз Слонім нашае войска рушыла на дапамогу залозе Ляхавіцкага замка, які быў абложаны войскам маскоўскага ваяводы І.А. Хаванскага. Даведаўшыся пра наступленне харугваў Рэчы Паспалітай абодвух народаў, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў насустрач жаўнерам Сапегі і Чарнецкага. Войскі сустрэліся 28 чэрвеня 1660 года каля мястэчка Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі).

На каляровай мапе Яна Норкіна паказала ўсім прысутным, што ваявода Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, а на левым - князь Шчарбаты, пасярэдзіне - рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога шыхтавання войска Рэчы Пспалітай абодвух народаў размяшчалася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), а на флангах - харугвы П. Сапегі, А. Палубяткі і С. Кміціча (6 тыс. чал.).

Яна Норкіна слушна адзначыла, што атака гусараў Рэчы Паспалітай абодвух народаў была настолькі імклівай, што расійская пяхота, якая стаяла перад пераправай, змагла зрабіць толькі адзін залп. У выніку ашаламляльнага ўдару гусараў, маскоўская пяхота была не толькі змята, але пасечана і патоплена ў р. Палонка. Паспяховай была атака гусараў і панцырныай кавалерыі, якія прымусілі расійскую конніцу ўцякаць на ўсход. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй расійская пяхоце. Палонкаўская бітва 28 чэрвеня 1660 года цягнулася 2,5 гадзіны і скончылася поўным разгромам войск Хаванскага, які быў так наполаханы рашучасцю харугваў Сапегі і Чарнецкага, што ўцёк аж у Полацак.

Затым слова ўзяў вядомы баранавіцкі краязнаўца, дырэктар Цешаўлянскай СШ Васіль Дубейка. Ён расказаў пра тое, як сёння беларускія, польскія і рускія гісторыкі ацэньваюць падзеі і вынікі Палонкаўскай бітвы 1660 года. Яшчэ зусім нядаўна нават гісторыкі не ведалі ўсёй праўды пра Палонкаўскую бітву і жахлівыя вынікі вайны 16541667 гадоў. На вялікі жаль і сёння робіцца ўсё магчамае, каб людзі не ведалі ўсёй сапраўднасці, як Палонкаўскай бітвы, так і ўсяго "патопу" 16541667 гадоў. Васіль Міхайлавіч слушна адзначыў, што Палонкаўская перамога не толькі ўратавала Рэч Паспалітую абодвух народаў, але і садзейнічала вызваленню як Заходняй, так і Цэнтральнай Беларусі. Гэтая бітва прывяла да заключэння Андросаўскага замірэння 1667 года, па якому Беларусь засталася ў складзе Рэчы Паспалітай абодвух народаў. На заканчэнні Васіль Дубейка адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў святочной імпрэзы, прысвечанай 345м угодкам Палонкаўскай бітвы.

Напрыканцы імпрэзы студэнткі Юля Раскова і Наталля Глухава прачыталі вершы "Арыя 1655 года" і "О, Рэч Паспалітая!" з кнігі баранавіцкага паэта Алеся Корнева "Крыжы зямелькі нашае", прысвечаныя падзеям самай жахлівай вайны 16541667 гадоў у нашай гісторыі.

Заспяваўшы песнігімны "Пагоня" і "Магутны Божа" і добра разглядзеўшы палонкаўскія ваколіцы, удзельнікі святочнай імпрэзы з цудоўным настроем пакінулі Палонкаўскае поле бітвы і паехалі ў гарод Баранавічы, "дзеля праўды, што захоўваецца ў нас ды якая застаецца з намі ў вечнасці "(Ян,2).

Віктар Сырыца , старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Фота: Алены Камаровай.


Памяці прарока

Стала ўжо добрай традыцыяй штогод адзначаць Купалаўскія дні. Пачынаюцца яны напрыканцы чэрвеня месяца, калі трагічна абарвалася жыццё народнага песняра. У пахмурны дзень 28 чэрвеня гэтага года ў касцёле св. Роха на Залатой горцы загучаў арган у гонар Янкі Купалы. Прыйшлі вернікі, супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, вучоныя-купала-знаўцы, родныя паэта на Імшу, якая была прысвечана вялікаму сыну роднай Баць-каўшчыны.

Святое набажэнства вёў ксёндз Міхал Сапель. У сваім звароце да прысутных кс. Міхал выказаў думку, што кожны чалавек на гэтай зямлі нясе свой крыж. Крыж Янкі Купалы быў надзвычай цяжкім - гэта адказнасць за ўвесь народ Беларусі. Паэт-прарок, філосаф, уладар дум народных, Янка Купала заўсёды быў са сваім народам - і ў горы, і ў радасці. У біблейскай прыпавесці пра вялікую і малую веру пробашч даў нам зразумець, што вялікая вера - гэта вера нашага паэта ў найвышэйшую праўду. Сілай свайго таленту, сваім чуйным словам Янка Купала множыў творчыя здабыт-кі народа, вёў сваю Беларусь па новаму шляху - шляху навукі, асветы, высокай культуры.

А 16-й гадзіне на Вайсковых могілках па вуліцы Казлова сабраліся прыхільнікі творчага таленту паэта: беларускія пісьменнікі, навукоўцы, прадстаўнікі грамадскасці, каб запаліць свечкі і ўскласці кветкі да надмагільнага помніка песняру. З прачулым словам да прысутных звярнулася пляменніца паэта Ядвіга Юльянаўна Раманоўская. Навуковы супрацоўнік музея Дзмітры Бубноў адзначыў, што светлая зорка Янкі Купалы ззяе нязгасным святлом, дапамагае знайсці шлях у будучыню. І гэты ціхі летні дожджык, што накрапваў над прысутнымі, даваў зразумець, што маці-краіна плача па сваім верным сыне. Кроплі-слёзы падалі на зялёныя лісты дрэў, на раскрытыя парасоны і на надмагілле паэта. У душы гучала ціхая музыка, пачуць якую кожны з прысутных мог толькі сэрцам.

Верш-прысвячэнне Якуба Коласа "Над магілай друга" як нельга лепш паяднаў усіх, хто завітаў да Янкі Купалы:

Успомнім,

як лепшага сына,

Аддаўшага дар песняра

Народу і роднай краіне,

Дар яркі, як золак-зара.

Шмат сцежак

з табою прайшлі мы,

Адзін пракладаючы след.

І слухалі голас Радзімы,

Каб несці той голас у свет.

Спі, баяне, спачывай -

Не забудзе цябе край.

У заключэнне дырэктар музея Сяргей Уладзімі-равіч Вечар нагадаў, што ўшанаванне памяці Янкі Купалы мае свой працяг 7 ліпеня пройдзе свята "Па-лымянае слова паэта" ля помніка Янку Купалу ў парку, які носіць яго імя. А на радзіме Я. Купалы ў Вязынцы 9 ліпеня адбу-дзецца свята паэзіі "З адною думкаю аб шчасці Беларусі", а ў філіяле "Яхімоўшчына" адбудзецца свята працы і паэзіі "Купалле".

Марыя Чабатарэвіч, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы


РОЗДУМЫ ЛЯ КУПАЛАВАГА ПОМНІКА

Ужо каторы год у парку Янкі Купалы ля славутага помніка песьняру амаль кожную нядзельку а другой гадзіне дня ладзяцца паэтычныя чытанні. У гэтых чытаннях прымаюць удзел самыя розныя аўтары. Яны чытаюць не толькі Купалавы творы, але і свае і іншых аўтараў, вартыя чытацкай увагі. Адзін з такіх сталых удзельнікаўў Купалаўскіх чытанняў Марат Гірко, дацэнт БНТУ кандыдат тэхнічных навук. Ён таксама досыць часта прыходзіць да Купалавага помніка, каб падзяліцца з песьняром сваімі думкамі, трывогамі. Адзін з ягоных вершаў "С о р а м " - верш-развагу пра наш лёс і лёс нашае мовы, прачытаны Маратам Гірко на Купалавых чытаннях, прапаную чытачам "Нашага слова".

Уладзімір Содаль.


С О Р А М

Як адбыцца

Такое мгло,

Што забыўся ты

Роднае мовы?

Дух, напэўна,

Табе заняло

І на голаў

Ты стаў

Не здаровы


Мяне сорам

Вялікі гняце,

Шкадаванне

За край наш

Хвалюе.

Хтось

У нас край наш

Крадзе

І на нас

Паспяхова

Палюе.


Ён настырна

Падманьвае нас

І яму мы,

Дурненькія,

Верым,

Бо не бачым

Яго

Без прыкрас,

Што не варты

Ніякай ён

Веры.


Той

Радзіму

Не здольны

Любіць,

Хто яе

Шанаваць

Не ўмее.

Трэба край

І сябе

Бараніць

Ад агульнай

Дзяржавы

З Расеяй.


Там,

У ёй,

Канчаткова

Памрэм

І памрэм

Гістарычна й

Духоўна,

Бо свядомасьць

Сваю мы

Сатрэм,

Бо смяротна,

На жаль,

Памяркоўнасць.


Марат Гірко.


"...ПЕСНІ ДАЛЁКАЙ НІЦЬ..."

Пад 3-е чэрвеня газета "Наша слова" віншавала з 70-годдзем беларускага паэта Васіля Зуёнка, але сам Васіль Васілевіч кажа, што яго дзень нараджэння трэба лічыць месяцам пазней. Да "другога" дня нараджэння спадара Васіля мы прапануем гэтую публікацыю.

Цяжка цяпер прыгадаць, як, калі і чым закрануў душу Васіль Зуёнак. Здаецца, жыў яго мастацкі свет у ёй заўсёды. Ня-змушана і натуральна. Без фан-фарна-ўзрушанай святочнасці і параднай звонкасці. Жыў нейкім арганічным, можа да канца, нават, не ўсвядомленым адчуваннем ягонай значнасці і бязмежнасці. Проста ён быў і ёсць такім сваім, патрэбным, звыклым, роўным натуральнаму быццю той прырод-най існасці, без якой не ўяўляю і сёння свайго жыцця. Да зуёнкаў-скіх твораў не было патрэбы прызвычайвацца. Усё тут насто-лькі сваё, што, здаецца, ведаеш кожную эпічную падрабязнасць ягонай лірыкі вельмі даўно, з таго часу, як чалавек пачынае свядома помніць і бачыць сябе.

Па сутнасці, і мяне ўзгада-вала зялёная Крупшчына з яе ўтульнымі жытнёва-ляснымі края-відамі, са сцюдзёна-крынічнымі азяркамі, рэчкамі ды ручайкамі. Усё, што сталася ў В. Зуёнка ягонай жыццёвай і літаратурнай біяграфіяй, увайшло ў сферу май-го чалавечага быцця ўражлівай памяццю вясковага маленства, у якім назаўсёды прапісаліся чутыя ад бабулі Евы Мікалаеўны, ад дзянісавіцкіх дзядзькоў і цётак расказы пра сваіх пастаяльцаў, рабочых леспрамгаса, многія з якіх былі з родных Зуёнку мясцін - з Начы, з Мачулішча, з Узнацка. Ды і прозвішча было не чужым. Жылі ў нашай вёсцы і свае Зуёнкі.

І сёння, усцешаным вокам акінуўшы такую ладную, па-сялянску рупліва дагледжаную пісьменнікам ніву ягонай творчас-ці, нельга не прыгадаць тыя радкі, што нарадзіліся ў пару сталення паэтычнага таленту В. Зуёнка. Радкі, напоўненыя пранізлівай чуйнасцю свету, сусвету і чала-века ў ім:

Ніхто не пачуў:

Яблык упаў дасвеццем-

Ля Халопеніч,

На Беларусі.

Ніхто не пачуў-

Ні людзі.

Ні травы,

Ні вецер...

Ніхто.

А шар зямны

Здрыгануўся...

("Ніхто не пачуў.")

Бывае, што раннім жнівень-скім дасвеццем ці позняй млечна-вераснёвай абвечарэласцю, па-чуўшы як грукатна падае з галінкі даспелы "антон", міжволі згадва-юцца гэтыя даўнія радкі Васіля Зуёнка, напісаныя на самым па-чатку тых адліжных гадоў, калі талент паэта толькі пачынаў убірацца ў творчую сталасць.

Дарэчы, працэс творчага самасцвярджэння адбываўся ня-проста. Пазіцыю маладога, пачы-наючага паэта, што ў сярэдзіне 50-х быў студэнтам БДУ (аддзяленне журналістыкі), можна параўнаць, бадай, з тым жа вобразам дзьму-хаўца з верша "Кветкі 41-га года":

Каб дыханнем кветкі-чараўніцы

Не сарвалі з галавы вянец,

На краёчку поля затуліцца

Мусіў нечакана дзьмухавец.

На нейкі час гэтак жа сціп-ла і непрыкметна мусіў затуліцца-затаіцца сярод творча больш актыўнай і разняволенай студэн-цкай моладзі, у ліку якой былі, напрыклад, Р. Барадулін, Н. Гіле-віч, М. Арочка, Г. Бураўкін, ён Васіль Зуёнак, зразумеўшы, што ягоныя творы пакуль не дацяг-ваюць да таго ўзроўню мастац-кай вартасці, якога вымагала новая эпоха. У выніку паэт не спяшаецца з публікацыямі. Ідзе напружаная - сам-насам - работа над словам, над жыццёвым матэ-рыялам. Перад сур'ёзным і сталым чытачом ён паўстане зборнікам "Крэсіва" (1966).

І прыгаданы зборнік, і ўся далейшая творчасць Васіля Васі-льевіча Зуёнка - аж да "Пісьмаў з гэтага свету", "Элегій" ці апошніх падборак вершаў на старонках часопіса "Дзеяслоў" - яшчэ і яшчэ раз даказваюць правату слоў Р. Барадуліна, які ў сваёй прадмове "Недзе слова шукае мяне..." да двухтомніка выбраных твораў паэта пісаў: "Васіль Зуёнак - паэт ад зямлі. Мушу патлумачыць, што паняцце зямнога разнаякае. І прыземленае, калі зямлю адчу-ваць на ўзроўні плуга. І акры-ленае, калі зямлю прымаць за гнездзішча думкі, якая разумее зоры. Думка, толькі яна мае сілу адарвацца ад зямлі, узняцца над зямлёй, над усім прыземленым, побытавым. У паэзіі думка, як страла пер'ем, акрыляецца пачуц-цём. Зямля дала паняцце ўзлёту, бо ад зямлі адштурхоўваецца думка. Назіраць зоры лепей за ўсё, цвёрда стоячы на зямлі. Ад зямлі, ад грунту - грунтоўнасць, угрун-тавацца".

І паэт сапраўды па-сялян-ску надзейна, грунтоўна ладуе свой паэтычны свет, цэнтрам якога становіцца ўсё, што звязана з роднай хатай, полем, лесам, вёскай, радзіннай зямлёй. Нездар-ма ў 90-я гады творча мудры і сталы пісьменнік напіша:

Калі ўжо апраўдаць

сваю прысутнасць

На гэтым свеце не змагу нічым:

Ні песняй, ні каханнем -

хоць на суткі

Я ў Бога ўкраду ад жыцця ключы.


Ён не пакрыўдзіцца,

ён зразумее, пэўна, -

Я не таму, каб ратавацца, - не:

Мне трэба толькі

там пабыць - у спеўнай,

Прынацкай -

не прымацкай - старане.


Я столькі ўзяў і з той зямлі, і з неба,

Што трэба мне,

каб не параніць іх,

Вярнуць усё,

аддаць назад ім трэба

Маё дыханне, памяць, зрок і слых...

Падобнае прызнанне многа значыць, бо адкрывае не толькі некаторыя таямніцы станаўлення творчай індывідуальнасці пісь-менніка, але і тлумачыць асобныя моманты развіцця літаратурнага працэсу. І найперш у 60 -я гады, калі ўзрасла цікавасць маладой літаратуры да чалавека, да ягонай самакаштоўнасці, а разам і да ўсяго, што яго акружала, што фармавала яго асабовасць. Такім чынам, пачуццёва-роздумны, фі-ласофскі пачатак, які з гадамі становіцца дамінантнай асновай мастацкага мыслення В. Зуёнка, ўжо напрыканцы 60-х будзе моцна лучыцца з побытавым, дэталіза-ваным, эпічным.

Вось пляшка з квасам ды ў кішэні агурок - такі партрэт малога пастушка гусей, якія, відаць, на ўсё жыццё яму запом-ніліся норавам сваім ("Ну і паганы ж бог гусей стварыў!..."). Гэта, бадай, самы першы этап жыццё-вага сталення лірычнага героя В. Зуёнка. Студэнцтва - з такім абавязковым эпічным атрыбутам, як чамадан стары. Родная ж вёска паўстане перш-наперш назвай сваёй - "Мачулішча - блакіт палёў - нябёс - блакіт вачэй - блакіт туманны слёз" ("Успамін"). Прапіску ў вершах паэта знойдуць усе і ўсё. Кожны, хто насяляў той край ці што было яго аздобай і прыкметай. Змалку найлепшымі сябрамі лірычнага героя былі - салавей і дрозд, жураўлі і жаў-ранкі; глушэц і бакас, і стары цецярук, і заяц, што ў першы зазімак уратаваўся ад кулі ліхой паляўнічага. І рэха зваленага дрэва, і матыль, што можа паці-снуць плячыма. І Нача-рака і, многае-многае іншае. Гэта, па-сутнасці, ўсё, што засведчыла моцны прыток у літаратуру све-жага, жыватворнага подыху род-нага карэння. Прысутнасць выра-зна абазначанага рэгіянальнага пачатку надавала літаратуры асаблівую праўдзівасць, свайго роду дакументальнасць, што, у сваю чаргу, выклікала ў чытача давер, настройвала на хвалю эмацыйнай суладнасці і шчырасці.

Паэтычным чуццём сапраўднага таленту В. Зуёнак дакладна вызначыў яшчэ ў 60-я гады такую патрэбную літаратурнаму працэсу якасць, як моц-ную рэгіянальную аснову мастац-кага мыслення, мастацкай вобра-затворчасці. Тыя творы, у якіх паэт развівае гісторыю вясковага люду, гісторыю родных, блізкіх людзей, абумовілі поспех, удачу, і надалей акрэслілі характар пісь-менніцкіх пошукаў. Менавіта асобую радасць і чытачу, і крытыкам, і самому творцу прынесла кніга паэзіі "Сяліба". Над аднай-меннай паэмай аўтар працаваў 5 гадоў - з 1965 па 1970. Кожная з наступных паэм - "Маўчанне травы", "Лукам'е", "Падарожжа вакол двара" - вянчаюць пэўныя этапы творчых пошукаў і мастац-кіх асэнсаванняў паэта з Круп-шчыны.

Перачытваючы зборнікі лірыкі В. Зуёнка, нельга не заў-важыць адной цікавай акалічнас-ці: у іх да неверагоднага мала гаворыцца пра каханне. Асабліва калі параўнаць, скажам, з лірыкай намнога старэйшага Танка ці блізкага па ўзросту Н. Гілевіча, то падобная лірычна-інтымная абме-жаванасць творчасці В. Зуёнка дужа відавочная. Разгадка, відаць, у самой прасторава-часавай мен-тальнасці паэта. Суровыя ўмовы вясковага быцця, трагізм часу і абставін, прынцыпы вясковага этыкету, вясковая мараль - усё прывучала да стрыманасці выяў-лення глыбока інтымных пачуццяў. Ёсць нават верш, у якім лірычны герой абсалютна не прымае прылюдняй дэманстрацыі сучаснай моладзю сваіх інтымных адносін. Аўтару і яго герою, вядома, больш да спадобы дзявочая строгасць і сарамлівасць. Нездарма ж верш "Цяпер усе, як паэты...." пачынаецца радкамі з рускай народнай песні, узятымі ў якасці эпіграфа: "При народе, в хороводе // Парень девушку обнял, // А девчонке стыдно стало, // Стала плакать и рыдать...". Усё, пра што ідзе гаворка ў самым вершы, выступае кантрасным супастаўленнем з усталяванымі спрадвеку духоўнымі, маральнымі прынцыпамі, каштоўнасцямі. Па-эт перакананы: там, дзе пачуцці напаказ - няма ні глыбіні, ні чыс-ціні, няма паэзіі адносін.

Цяпер усе, як паэты:

Пачуццяў сваіх не хаваюць.

Дзяўчат перад белым светам

І ціскаюць, і абнімаюць.

Вісус вусаты вісне.

Як хмель на тыніне тонкай, -

Стыдаешся, то адвярніся

І дэфліруй з жонкай...

Абраніцы пры народзе

Рукамі хлапцоў аплятаюць,

І позіркі людзі адводзяць:

Паэзія... ды не тая...

Паказальна, што верш змешчаны ў зборніку з вельмі хара-ктэрнай назвай - "Вызначэнне" (1987), у якім паэт сапраўды абазначыў для сябе канчаткова ўсе жыццёвыя арыенціры. Аднак В. Зуёнка не назавеш аскетам. Ён умее разумець не толькі свет прыроды, але і святло душы, і складанасць жаночай сутнасці таксама. Са зборнікам "Лета трывожных дажджоў" (1990) увай-шло ў лірычны свет паэта ўстры-вожанае разуменне не толькі глыбінь сусвету, але і не расчытанай да канца, роўнай сваёй загадка-васцю сусвету, жаночай прысутнасці ў жыцці:

Табе - пракляцце і табе - хвала,

Табе - вар'яцтва і цвярозы розум,

А ты ўсё тая ж - як вякоў імгла.

Як летуценнай будучыні роздым.


Жыццё і смерць - і паміж імі ты:

Імгненне шчасця і сусветны холад.

Яшчэ ніхто - ні грэшнік, ні святы

Не разарваў твайго сакрэту кола.

Шпурнеш у пекла ці адкрыеш рай-

Тваё каханне таямніцай будзе,

Як той, нікім не разгаданы край.

Куды навечна адыходзяць людзі.

("Жанчына")

Каханне жанчыны, яго та-ямніца, пастаўлена, такім чынам, у адзін шэраг з самай загадкавай, неспазнанай чалавекам з'явай - што ёсць той край, куды сыходзяць назаўсёды людзі? Што за той мяжой?

Набыўшы жыццёвы досвед і творчае вызначэнне, паэт з асаблівай увагай і пільнасцю нама-гаецца зразумець таямніцы чалавечай душы, надзеленай здольнасцю думаць, мысліць, адчуваць, зразумець загадкавасць жыцця жывой істоты перад наканаванас-цю фізічнага знікнення.

Кажуць, толькі аднойчы

Святло адкрыцця

Азарае душу -

Небыццём назаўжды:

Праз вякі -

Знай усё -

Ды тады ўжо не будзе жыцця, -

Хто гатовы зрабіцца

Правідцам такім?

("І ніхто не ўзгадае").

Пра гэта многія вершы В. Зуёнка - "Голас", "Усё - як жыццё - выключаецца", "Над жытам дамоўку нясём...", "Адзінка часу нікчэмная...", "Дагарае на ветры мая залатая дуброва...", "Цікава ўсё ж зірнуць." і інш.

Глыбіннасць дум, дыяпазон пачуццяў у такім выпадку абумоўлены маштабнасцю праблемы: чалавек - сусвет, чалавек - гісторыя, чалавек - вечнасць. Асабліва значна, па-мастацку ярка і змястоўна загучала праблема жыцця і смерці, спраў жыццёвых і сумлення чалавека, яго быційнай філасофіі і спавядальнасці ў "Пісьмах з гэтага свету" (1995). Паэтычныя лісты пішуцца наступнікам, пішуцца таму жыццю, што будзе праз гады альбо стагоддзі. У сумленай шчырасці лірычны герой В. Зуёнка спадзяецца, што праўда дум, багаты свет пачуц-цяў, эпічная геаграфія народнага быцця будуць прызнаны і запатрабаваны новым векам ці вякамі, новым пакаленнем творцаў. А павучыцца ёсць чаму. Згаданы зборнік - гэта няроўнае дыханне новай эпохі - эпохі перабудовы, эпохі Чарнобыля, эпохі розных эксперыментаў. У пісьмах таленавіта адбілася кардыяграма нашага часу, усе яго канфлікты і супярэчнасці.

Безумоўна, можна гава-рыць і адкрываць талент В. Зуёнка ў самых розных праявах. Ну хоць бы ў тым аспекце, як паслядоўна імкнецца ўвесці паэт у пастаянны літаратурны абіход народнае слова, слова, якое родам адтуль, з Крупшчыны. Як жа хораша дых-нула тое з дзяцінства не раз чутае - радоўка , ксціны , а не хрысціны .

Вялікі прастор для даследчыцкіх назіранняў дае і жанравае багацце паэтычных набыткаў В. Зуёнка. Сапраўды пра такога Майстра заўсёды знойдзеш што сказаць і з якой нагоды.

Тамара Нуждзіна, загадчыца кафедры беларускай літаратуры Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага універсітэт

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX