Папярэдняя старонка: 2005

№ 27 (713) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



27 (713) 20 ЛІПЕНЯ 2005 г.


16 - 17 ліпеня прайшоў IV з'езд беларусаў свету

16 - 17 ліпеня ў Менскім міжнародным адука-цыйным цэнтры прайходзіў IV з'езд беларусаў свету. Яго дэвіз: "Беларусь для дыяспары, дыяспара для Беларусі: шляхі кансалідацыі і развіцця нацыі".

У інтэрвію БелаПАН старшыня рады "Бацькаўшчыны" Алена Макоўская зазначыла, што аргкамітэт з'езду рабіў спробы правесці форум у цэнтры Менска. "Аднак, нягледзячы на зацікаўленасць кіраўніцтва шэрагу ўстаноў у правядзенні нашага мерапрыемства, праз некаторы час нам тактоўна адмовілі", - сказала яна.

У ходзе двухдзённага з'езду прагучалі даклады кіраўніка міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", доктара гістарычных навук, прафесара Анатоля Грыцкевіча, выступленні вядомага дзеяча беларускага замежжа Янкі Запрудніка (ЗША), даследчыка праблем беларускай дыяспары Алега Гардзіенкі, члена ўправы "Бацькаўшчыны" Аляксея Караля і шэрагу іншых дэлегатаў ды гасцей з'езду.

(Працяг на ст. 2.)


АРХІТЭКТУРНА-КУЛЬТУРНЫ КОМПЛЕКС РЭЗІДЭНЦЫІ РАДЗІВІЛАЎ У НЯСВІЖЫ І ДУГА СТРУВЕ ЎКЛЮЧАНЫ Ў СПІС СУСВЕТНАЙ СПАДЧЫНЫ ЮНЕСКА

Два беларускія гістарычна-культурныя аб'екты - архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і Дуга Струве - уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Такое рашэнне прынята 15 ліпеня на 29-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, што праходзіла ў Дурбане (ЮАР) 15 ліпеня.

Як паведаміла прэс-служба беларускага МЗС, на разгляд Камітэта па сусветнай спадчыне было прапанавана 35 новых кандыдатур, у тым ліку архітэктурна - культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і Дугі Струве (сумесна з Латвіяй, Літвой, Малдовай, Нарвегіяй, Расійскай Федэрацыяй, Украінай, Фінляндыяй, Эстоніяй). Члены камітэта пагадзіліся з рэкамендацыяй Міжнароднага камітэта па помніках і памятных мясцінах і прынялі рашэнне аб уключэнні ў Спіс сусветнай спадчыны двух новых аб'ектаў, што размешчаны на тэрыторыі Беларусі.

Па стане на 1 ліпеня 2005 года спіс уключаў 788 аб'ектаў. У іх ліку - знакамітыя Егіпецкія піраміды, Вялікая Кітайская сцяна, Сабор Парыжскай Божай Маці. Два аб'екты, уключаныя ў Спіс раней, размешчаны на тэрыторыі Беларусі - гэта Замкавы комплекс "Мір" і Белавежская пушча (сумесна з Польшчай).

Цырымонія абвяшчэння новых аб'е-ктаў сусветнай спадчыны адбылася ў Дурбане 16 ліпеня.

Даведка БелаПАН. Планіровачная структура нясвіжскага комплексу Радзівілаў - самага магутнага роду ў Беларусі - заснавана на традыцыях маньерызму. У 1582-1600 гады тут быў узведзены магутны замак з выкарыстаннем фартыфіка-цыйнай сістэмы, зусім новай для Цэнтральна-Усходняй Еўропы, якая адлюстроўвала найноўшыя на той час дасягненні еўрапей-скай ваеннай інжынернай думкі. У сучасным выглядзе, пасля рэканструкцыі ў XVIII стагоддзі, замак уяўляе сабой арыгінальны і адзіны, поўнасцю захаваны прыклад магнацкай рэзідэнцыі ўзроўню, які ў гэтай частцы еўрапейскага кантынента не сустракаецца.

Дуга Струве - найбольш дакладнае і каласальнае ў свеце вымярэнне дугі мерыдыяна, створанае вучонымі ў XIX стагоддзі і названае імем кіраўніка да-следавання Васіля Струве. У працэсе вымярэння было закладзена 258 геадэзічных пунктаў на тэрыторыі 10 краін - Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Украіны і Малдовы. На тэрыторыі Беларусі знаходзілася 30 такіх пунктаў. У выніку вымярэння былі атрыманы дадзеныя, шырока выкарыстоўваныя ў вымярэнні Зямлі. У 2001 годзе спецыялістамі Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце міністраў Беларусі было знойдзена 19 пунктаў Дугі Струве, закладзеных у 1825-1826 гадах. Яны размешчаны на тэрыторыі Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей.

Ірына ЛЕЎШЫНА, БелаПАН.

На здымках: Ідзе рэстаўрацыя Нясвіжскага замка Радзівілаў. Здымкі зроблены 17 ліпеня 2005 г.


Нас яднае беларуская мова

(Выступ на IV з'ездзе ЗБС "Бацькаўшчына")

Паважаныя суайчыннікі! Вітаю вас ад імя шматтысячнай грамады, якая вось ужо шаснаццаць год носіць ганаровае імя Францішка Скарыны і мае назоў Таварыства беларускай мовы. У краіне працуюць больш за сто рэгіянальных структур ТБМ, а таксама шэраг замежных, у тым ліку ў Вільні і Віленскім краі, Маскве, СанктПецярбурзе, Рызе, Канадзе, Польшчы, Германіі, Украіне і іншых суседніх і далёкіх краінах свету.

Галоўная задача ТБМ гэта аднаўленне ў сучасным беларускім грамадстве стаўлення да роднай мовы як да нацыянальнай святыні, адраджэнне на яе аснове гістарычнай памяці традыцыйнай культуры беларускага народа і пабудова на нацыянальным грунце дэмакратычнага грамадства. У складзе рэспубліканскай Рады ТБМ сёння працуюць вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы, у тым ліку Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі, Уладзімір Колас, Вольга Іпатава, Уладзімір Арлоў, Пётр Краўчанка, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Запрудскі, айцец Уладзіслаў Завальнюк і іншыя.

ТБМ выдала больш за 20 кніг і брашур, вялікую колькасць юбілейных плакатаў, кішэнных каляндарыкаў, канвертаў, паштовак і значкоў. З сакавіка 1990 года выходзіць газета "Наша слова", а з 2003 г. і другое выданне ТБМ "Новы Час".

Паважаныя сябры! Вы добра ведаеце, у якім стане ў нас зараз беларуская мова, культура і асабліва адукацыя. Можна бясконца лямантаваць, што "мова гіне і з гэтай уладай нічога не зробіш", а можна штодня працаваць і дабівацца нешта і ад гэтай улады, ведаючы, што ў ХІХ і ХХ стст. былі і значна горшыя чым зараз часы для пашырэння Беларушчыны.

Я хачу працягнуць Вашую ўвагу толькі да некаторых праблем, якія мы можам вырашыць разам з Вамі.

У свой час ТБМ стварыла з дапамогай грамадскасці "Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа" - адзіны ў свеце цалкам беларускамоўны ліцэй. Два гады таму ўлады гвалтоўна яго зачынілі, але вучні і настаўнікі не здаліся і працягваюць працаваць у экстрэмальных умовах. Выпускнікі ліцэя здаюць на выдатныя адзнакі экстэрнам па 15 экзаменаў у год у звычайных школах і паступаюць у лепшыя універсітэты Беларусі і замежжа. Хачу выказаць сваю ўдзячнасць грамадскасці, палітыкам і беларусам Літвы і Польшчы, якія аказалі ліцэістам вялікую дапамогу. Наша агульная задача падтрымліваць мужны ліцэй і надалей.

У 2004 годзе пры непасрэдным удзеле Таварыства беларускай мовы распрацаваны модуль праверкі арфаграфіі для праграмы Ўіндоўз (Windous), якая дазваляе сучаснаму карыстальніку кампутарнай тэхнікі паўнавартасна карыстацца беларускай мовай падчас напісання тэкстаў. Варта адзначыць, што праграма робіць праверку тэкстаў напісаных як на "тарашкевіцы" так і на "наркамаўцы". Зараз працягваецца праца над удасканаленнем прадукта і неўзабаве (будзем спадзявацца) увойдзе ў стандартны пакет праграм Уіндоўз. Любы ахвочы можа спампаваць гэтую праграму з сайта ў Інтэрнэце "PRAVAPIS. TUT.BY", або атрымаць на кампактдыску ў сядзібе ТБМ.

Лічу, што беларусам свету па плячы стварыць дыстанцыйны нацыянальны ўніверсітэт. Пабудаваны на інтэрнэттэхналогіях ён стане даступны з любой кропкі зямной кулі і ў ім змогуць навучацца на роднай мове беларусы не толькі з Беларусі, але і з Казахстана, Літвы, Украіны, Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі і іншых краінаў. У Таварыстве беларускай мовы падрыхтаваны пераклад і адаптацыя адпаведных праграмных прадуктаў на беларускую мову і да стварэння такога ўніверсітэта можна і трэба прыступаць нават сёння, бо без перспектывы атрымання вышэйшай адукацыі на беларускай мове ўжо заўтра мы згубім беларускамоўную школу на Беларусі.

У ТБМ у 2002 годзе ўзнік аргкамітэт па стварэнні беларускамоўнага спадарожнікавага тэлеканала. Тэхнічныя сродкі дазваляюць яго стварыць пры ўмове, што сігнал на спадарожнік будзе падавацца на касмічную "талеркупрыймач" з суседняй з Беларуссю краінай. Мы разлічваем на агульнанародныя ахвяраванні і гранты розных еўрапейскіх арганізацый, напрыклад, Еўразвязу. Было б добра, каб беларусы свету пісьмова і фінансава падтрымалі гэтую ідэю.

Вельмі важныя для нас і беларускамоўныя замежныя радыёстанцыі. Мы вельмі ўдзячныя радыё Швецыі, якое выпусціла ў эфір рэгулярную беларускамоўную перадачу. А вось навіны з "Нямецкай Хвалі", дзе хочуць для Беларусі з лістапада стварыць рускамоўную перадачу, нас радаваць не могуць. Мы ўжо накіравалі свой пратэст ў адпаведныя інстанцыі і прапануем вам, асабліва жыхарам Германіі, звярнуцца да свайго ўраду, каб на "Нямецкай Хвалі" загучала беларуская мова, мова Янкі Купалы і Васіля Быкава.

Зараз беларуская мова паступова становіцца з былой "вясковай і калгаснай" мовай горада, мовай беларускай эліты. Для большай часткі гарадской моладзі карыстацца роднай мовай стала справай прэстыжу і гонару. Не выпадкова на беларускую мову перайшлі замежныя дыпламаты, што стала працуюць на Беларусі. Было б вельмі добра, каб беларускія грамадзяне, напрыклад, ЗША ці Літвы напісалі ў свае Міністэрства замежных спраў лісты падзякі за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў працы амерыканскай ці літоўскай амбасады.

У апошні час, дзякуючы намаганням ТБМ, беларуская мова трапіла на замежныя рэкламныя ролікі розных вядомых гандлёвых фірмаў. Гэта "Галіна Бланка", "Самсунг", "Панасонік", "Рэно", "Нескафэ", "Бош". Пералік можна доўжыць і доўжыць. Сярод мясцовых вытворцаў варта назваць розныя менскія хлебазаводы і асабліва хлебазавод № 2, які выпускае хлеб "Нарачанскі" і "Радзівілаўскі", піўзавод "Крыніца", некаторыя лікёрагарэлачныя заводы, віцебскі завод тэлевізараў "Віцязь", прадпрыемствы харчовай вытворчасці Ваўкавыска і Клецка.

Таму, паважаныя сябры, калі ўбачыце рэкламу, альбо гандлёвую этыкетку, зробленыя пабеларуску, не палянуйцеся, напішыце некалькі слоў падзякі. Як будзе прыемна ў Клецку, Ваўкавыску, Мазыры ці Нароўлі атрымаць ліст падзякі за іх прадукцыю, аформленыя па беларуску, з Канады, Расіі, ЗША ці Аўстраліі.

Мы заклікаем вас далучыцца да стваральніцкай працы ТБМ, уступаць у нашыя шэрагі. Разам мы пераможам! Жыве наша родная мова! Жыве Беларусь!

Старшыня ГА"ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.


6 - 17 ліпеня прайшоў IV з'езд беларусаў свету

"Беларусы, якія жывуць на радзіме і ў эміграцыі, амаль адарваныя адзін ад аднаго і не могуць развіваць кантакты", - заявіў старшыня міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" Анатоль Грыцкевіч, выступаючы з дакладам на IV з'ездзе беларусаў свету ў Менску 16 ліпеня.

Паводле яго слоў, тэндэнцыя адасобленасці карэннай нацыі краіны ад яе дыяспары ўзмацнілася ў апошняе дзесяцігоддзе, што звязана як з палітычнымі, гэтак і з эканомікамытнымі прычынамі. Разам з тым, зазначыў ён, "магутны патэнцыял беларускай дыяспары" мае вялікае значэнне для захавання беларускай прысутнасці ў светце і гарантыяй яго з'яўляецца ў тым ліку дзейнасць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. "Менавіта гэтая частка беларускага грамадства, якая валодае значнымі дасягненнямі ў навуцы, культуры і мастацтве, можа аб'яднаць вакол сябе перадавую частку моладзі, беларусаў замежжа на ідэалах любові, абавязку і адказнасці перад радзімай", - лічыць А.Грыцкевіч.

Пасол ЗША ў Беларусі Джордж Крол у сваім выступленні на з'ездзе выказаў захапленне народам, культурай і прыродай, а таксама гісторыяй і мовай Беларусі - "адной з самых старажытных і прыгажэйшых" моў Еўропы. "Прайшоўшы вельмі цяжкія выпрабаванні, войны, рэпрэсіі і чарнобыльскую катастрофу, беларусы праявілі сябе стойкай, мужнай і мудрай нацыяй", - заявіў дыпламат. Паводле яго слоў, Амерыка абавязана беларускаму народу, чые сыны праславілі ЗША. Сярод іх Дж.Крол назваў Таэвуша Касцюшку - героя барацьбы за незалежнасць Амерыкі, вучонага Барыса Кіта, дзякуючы якому ЗША пабывалі на Месяцы, а таксама Зору Кіпель, чый унёсак у дзейнасць публічнай бібліятэкі НьюЙорка зрабіў яе сусветна вядомай.

Вядомы дзеяч эміграцыі ЗША, доктар гісторыі Янка Запруднік звярнуў увагу на кансервацыю ў значнай часткі беларусаў двух комплексаў - прыніжанасці і высакамернасці. "Каб пазбавіцца іх, краіна не павінна знаходзіцца на ўскрайку сусветнага працэсу глабалізацыі", - падкрэсліў вучоны. На яго думку, значная роля ў пераадоленні ізаляцыі і паскарэнні тэмпаў сацыяльнаэканамічнага і палітычнага развіцця краіны належыць кансалідацыі беларусаў свету.

Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Алег Гардзіенка ў сваім выступленні адзначыў скарачэнне колькасці беларускай дыяспары. Так, паводле яго слоў, калі раней называлася лічба 3,5 млн. чалавек, то цяпер яна выклікае сумнеў. Паводле апошніх звестак, у дыяспары жывуць не больш за 2,1-2,4 млн. беларусаў, што складае 20 працэнтаў этнічных беларусаў свету.

Выступілі многія іншыя госці і дэлегаты, у тым ліку і старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Падчас з'езду адбылася прэзентацыя новых беларускіх кніг.

Былі прынятыя рэзалюцыі ў падтрымку беларускай мовы і ў адносінах да планаў радыёстанцыі "Нямецкая хваля" пачаць вяшчанне на Беларусь парасейску.

Адбыліся выбары Вялікай і Малой радаў МГА ЗБС "Бацькаўшчына". Новым кіраўніком "Бацькаўшчыны" абраны мастак Аляксей Марачкін. Пкадчас выбараў да пераваг Аляксея Марачкіна дэлегаты аднеслі яго актыўную працу ў ТБМ.

Штодзённай дзейнасцю "Бацькаўшчыны" будзе і надалей Алена Макоўская.

Паводле Марата ГАРАВОГА, БелаПАН.


27 чэрвеня 2005 №_______

Доктару Марціну Хеккеру ,

Амбасадару Федэратыўнай Рэспублікі Германія

220034, г. Мінск,

вул. Захарава, 26

Паважаны спадар Амбасадар !

Нас надзвычай уразілі планы стварэння 15-і хвіліннай перадачы "Беларуская хроніка" на радыёхвалях Deutsche Welle. Можна толькі вітаць ідэю стварэння новай аб'ектыўнай перадачы аб Беларусі на хвалях сусветна вядомай станцыі, славутай таксама сваёй прыхільнасцю ідэалам дэмакратыі. Упэўнены, што такая перадача знойдзе свайго слухача сярод шырокіх колаў беларускага народу і грамадзянскай супольнасці.

Пры гэтым, пэўныя аспекты будучай праграмы, выкладзеныя сп. Кіраўніцай расейскай службы Deutsche Welle Карнэліяй Рабітц у інтэрв'ю радыёстанцыі "Свабода" ад 20 чэрвеня 2005 г. выклікалі, мякка кажучы, непаразуменне.

Сп. Рабітц паведаміла, што перадача будзе гучаць на расейскай мове. Для беларускай мовы адводзяцца "нейкія элементы". Матывуецца гэта тым, што "у Беларусі шмат хто ведае і разумее гэтую мову". Там не менш, беларуская мова ёсць мовай пераважнай большасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Па выніках перапісу 1999 г. 76% грамадзянаў назвалі яе сваёй роднай мовай. З гэтай нагоды, пазіцыя радыёстанцыі выглядае максімальна непаважліва ў дачыненні да беларускага народу, яго мовы і культуры. Мы верым, што гэта не так, але кожны беларускі слухач міжволі задасца пытаннем, ці не супадае вельмі дзіўная пазіцыя радыёстанцыі з афіцыйнай пазіцыяй ураду Нямеччыны.

Нам вельмі шкада, што дэкларуючы сваёй галоўнай ідэяй зняцце ізаляцыі з Беларусі і інфармаванне грамадзянскай супольнасці, радыёстанцыя цалкам дубліруе рэпрэсіўную палітыку беларускага рэжыму ў дачыненні да мовы і культуры карэннага насельніцтва. Нам незразумела, чаму беларуская перадача будзе выпускацца расейскай рэдакцыяй. Магчыма, кіраўніцтва станцыі лічыць, што Беларусь ёсць часткай Расеі? Так ці інакш, падрыхтоўка праграмы ў расейскай (значыць, не незалежна беларускай) рэдакцыі і яе расейская мова толькі глыбей увядуць беларускага слухача ў расейскае інфармацыйнае поле і яшчэ больш ізалююць яго ад Еўропы. Мы ўпэўнены, што найбольш адэкватным крокам было б стварэнне беларускай рэдакцыі на нямецкім радыё.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, пра якую дбае кіраўніцтва станцыі, штодзённа падвяргаюцца рэпрэсіям, збіваюцца, выжываюцца з працы толькі за тое, што яны размаўляюць па-беларуску. Не падаецца верагодным, каб расейскамоўная палітыка Deutsche Welle выклікала ў іх паразуменне. Гэтая пазіцыя асабліва крыўдная на фоне паважлівых да беларускага народу "Радыё Свабода", "Радыё Швецыя", "Радыё Палонія" і іншых станцый, якія ў адпаведнасці са здаровым сэнсам маюць беларускія службы па-беларуску.

Паколькі перадача нямецкай станцыі Deutsche Welle - адзіны нямецкі сродак інфармацыі пра Беларусь, з якім могуць непасрэдна азнаёміцца Беларусы, натуральна, што менавіта з ім будзе асацыявацца пазіцыя Вашай краіны. Спадзяемся, што Вы прыкладзеце намаганні да таго, каб гэтая пазіцыя ня выглядала зняважлівай і грэблівай у дачыненні да нашага народу. Такім чынам вобраз Вашай краіны будзе сапраўды адэкватным - як дэмакратычнай, талерантнай дзяржавы, якая шануе як сваю, гэтак і іншыя культуры і мовы.

З павагай, Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.


Часовы Павераны ў справах

Федэратыўнай Рэспублікі Германія

Старшыні

Таварыства беларускай мовы

Імя Францішка Скарыны

Спадару Алегу Трусаву

Паважаны спадар Трусаў.

Вялікі дзякуй за Ваша ліст на імя Пасла Марціна Хекера ад 27 чэрвеня 2005 г., на які я хацеў бы адказаць у якасці яго намесніка.

Я рады таму, што Вы прынцыпова станоўча выказаліся адносна падрыхтоўкі праграмы радыёстанцыі "Deutsche Welle" для Беларусі. Адкрыццё ўпершыню такой праграмы для Беларусі і пра Беларусь выразна сведчыць пра тую актыўную дзейнасць, якой Германія суправаджае развіццё крытычнай грамадзянскай супольнасці ў Вашай краіне і адначасова з'яўляецца ясным пацвярджэннем таго, што сваім удзелам Федэральны Ўрад ва ўзаемадзеянні з "Deutsche Welle" хацеў бы садзейнічаць задавальненню відавочнай патрэбы ва ўсебаковай і ўзважанай інфармацыі аб сітуацыі, што існуе ў Беларусі. Я рады, што "Deutsche Well" нягледзячы на абмежаваныя фінансавыя сродкі прыняла рашэнне аб адкрыцці беларускай праграмы.

У гэтай сувязі мяне здзіўляе Ваша крытыка адносна запланаваных перадач на рускай мове. Ні ў якім разе ў аснове гэтага рашэння не ляжыць непавага да беларускага народу, яго мовы і культуры з боку радыёстанцыі "Deutsche Welle" і Федэральнага Ўрада.

Як вядома, у Беларусі існуюць дзве афіцыйныя мовы. Як паказваюць нядаўнія апытанні, большасць насельніцтва выкарыстоўвае рускую мову ў штодзённых зносінах і ў сям'і. Таму патэнцыяльнае кола слухачоў будзе больш вялікім, калі "Deutsche Welle" сваю беларускую праграму - спачатку - будзе весці на рускай мове. Мяркуецца, што таксама ў суседніх з Беларуссю краінах ёсць шмат слухачоў, зацікаўленых у гэтай праграме, да якіх яна можа лягчэй дайсці на рускай мове.

Гэтае маё меркаванне падмацоўваецца пісьмом шэрагу незалежных палітыкаў Вашай краіны, якое мы нядаўна атрымалі. Яны выказваюць сваё адабрэнне запланаванай праграмы на рускай мове.

Дазвольце яшчэ раз адзначыць: выхад праграмы на рускай мове ні ў якім разе не нацэлены на тое, каб маргіналізаваць беларускую мову і культуру або ігнараваць яе вялікае занчэнне для самабытнасці Вашай краіны. Я спадзяюся, што беларуская мова можа развівацца свабодна і бесперашкодна. Але неабходныя палітычныя рамачныя ўмовы для гэтага павінны стварацца ў самой Беларусі.

Галоўная ўвага ў новай праграме "Deutsche Welle" надаецца інфармацыйнаму зместу. Але я не выключаю - і ў гэтым я падзяляю меркаванне радыёстанцыі, - што ў будучым будуць весціся перадачы дляБеларусі таксама на рускай і беларускай мовах, як толькі дазволяць выдзеленыя для гэтага рэсурсы.

Я ўпэўнены, што перадачы "Deutsche Welle" незалежна ад таго, на якой мове яны будуць весціся, знойдуць у Беларусі шмат зацікаўленых слухачоў.

З павагай (подпіс) Ян Канторчык.


Страты нацыянальнага адраджэння ў канцы ХХ-пачатку ХХІ стст.

16 ліпеня IV з ' езд беларусаў свету ўшанаваў хвілінай маўчання памяць вядомых беларусаў , якія пакінулі нас у час паміж папярэднім і сёлетным з ' ездамі . Там жа на з'ездзе адбылася прэзентацыя кнігі Сымона Струменскага "Страты Беларусі або доля беларускага народа". А ў рэдакцыю "Нашага слова" паступіў матэрыял "Страты нацыянальнага адраджэння ў канцы ХХ - пачатку ХХІ стст." вядомага даследчыка гістарычнай мінуўшчыны Сымона Барыса, які мы прапануем нашым чытачам.

Вядома гэты матэрыял лепш было б друкаваць пад Дзяды, але ў нас ледзь ці не кожны дзень адыходзяць усё новыя людзі, і гэты спіс, які паляжаў у рэдакцыі месяцы два, ужо трэба дапаўняць. І чым больш пачакаем, тым больш трэба будзе ўносіць правак.

Трэцяе беларускае нацыянальнае адраджэнне, якое пачалося ў 1988 г., мела пад сабой аснову - дысідэнцкі рух 1960-1970-х гадоў і было звязана з пачаткам галоснасці ў Савецкім Саюзе. Гарбачоўскага перабудова грамадства дала магчымасць беларускай інтэлігенцыі ўзяцца за адраджэнне сваёй культуры. Генеральнаму сакратару ЦК КПСС М.С.Гарбачову былі адпраўлены з Менска два звароты: "Ліст 28-мі" (ад 15 снежня 1986 г.) і "Ліст 134 грамадзянаў Беларусі" (ад 4 чэрвеня 1987 г.). Першы ліст меў станоўчы вынік. ЦК КПБ правёў на Беларусі шэраг мера-прыемстваў па пашырэнні ўжывання беларускай мовы. Прыклад для ўсёй краіны паказаў Менскі гаркам КПБ і яго сакратар Пётра Краўчанка. Са згоды Сакратарыяту ЦК КПБ у ліпені 1989 г. было арганізавана грамадскае аб'яднанне "Таварыства бела-рускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ). Яшчэ раней, у 1987 г., Міністэрства народнай асветы заснавала часопіс "Беларуская мова і літаратура ў школе" (з 1993 г. выдаецца пад назвай "Роднае слова"). Затым 26 студзеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў закон "Аб мовах у Беларускай ССР, паводле яго беларуская мова юрыдычна абвешчана дзяржаўнай.

Адраджэнню гістарычнай памяці, нацыянальнай культуры і атрыманню дзяржаўнай незалежнасці садзейнічала актыўная дзейнасць некалькіх грамадскіх арганізацый: Беларускага народнага фрон-ту "Адраджэньне", ТБМ, Беларускага фонду культуры і інш. Пачалі выходзіць шэраг беларускіх часопісаў: дзіцячы - "Вясёлка", літаратурныя - "Крыніца", "Першацвет", мастацкі - "Мастацтва Беларусі", гістарычныя - "Спадчына", "Беларуская мінуўшчына", педагагічныя - "Беларускі гістарычны часопіс", "Роднае слова", "Пралеска", вайсковы - "Армія", газеты - "Культура" і "Раніца" (для дзяцей), "Народная газета", "Народная воля" і інш.

У 1993-1996 гг. былі выдадзены на беларускай мове вучэбныя дапаможнікі і падручнікі па гісторыі Беларусі для IV-ХІ класаў, ствараліся беларускія падручнікі па іншых школьных прадметах. Многія гарадскія школы пераводзіліся на беларускую мову навучання. Пачалася беларусізацыя Узброеных Сілаў.

На пачатку 1990-х гадоў беларуская мова пачала шырока ўжывацца ў дзяржаўным справаводстве. Аднак травеньскі рэферэндум 1995 г., які юрыдычна ўраўнаваў беларускую і рускую мовы ў Беларусі, на самай справе спыніў беларусізацыю. У краіне пачаўся адкат нацыянальнага адраджэння. Гэтаму садзейнічалі новыя палітычныя ўмовы, эканамічны крызіс у краіне, а таксама і наступствы Чарнобыльскай трагедыі. Адныя даследчыкі мяркуюць, што апошняе нацыянальнае адраджэнне беларусаў закончылася ў 1996 г., а іншыя гавораць, што яно толькі часова прыпынілася і нават працягваецца ў 2005 г. І гэта залежыць ад таго, што мы бярэм за аснову - якую галіну культуры або гаспадаркі.

На мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў шмат прычын прывялі да дэмаграфічнага крызісу ў Беларусі. У верасні 2000 г. насельніцтва нашай краіны істотна зменшылася: яго колькасць не дасягнула і 10 млн. жыхароў. Сьмяротнасць у Беларусі перавышае нараджальнасць. Назіраецца вялікая эміграцыя за межы Беларусі працаздольнага насельніцтва. Пакінулі сваю краіну вядо-мыя людзі, якімі мы можам ганарыцца. Вялікую трывогу выклікае фізічная смерць людзей, якія складаюць гонар нашай нацыі. Сярод дзеячоў культуры асабліва шмат памерла пісьменнікаў. Увазе чытачоў прапануецца своеасаблівы спіс дзеячаў культуры, вучоных, грамадскіх і дзяржаўных дзеячоў Беларусі, якія памерлі пасля 1986 г. Шмат з іх пакінула гэты свет па старасці, а іншым - украцілі век хваробы.


У канцы ХХ ст. памерлі:


Літаратары

Адамовіч Алесь (03.09.1927 - 26.01.1994).

Александровіч Сцяпан (15.12.1921 - 01.05. 1986).

Арсеннева Наталля (20.09.1903 - 26.07. 1997).

Бяспалы Змітра (28.08.1934 - 25.07.1999).

Вайдзіш Эдвард (05.02.1897 - 23.01.1999), паэт.

Ватаца Ніна (14.05.1908 - 1997).

Верас Зоська (Сівіцкая Людвіка, па мужу Войцік, 30.09.1892 - 08.10.1991).

Вітка Васіль (сапраўднае Крысько Цімох Васілевіч, 16.05.1911 - 05.07.1996).

Верамейчык Уладзімір (01.11.1933 -26.12. 1999).

Віж (сапраўднае Зайцаў) Мар'ян (23.02.1949 - 31.04.1999).

Вялюгін Анатоль (27.12.1923 - 24.10.1994).

Грачанікаў Анатоль (08.09.1938 - 07.03. 1991)

Грынчык Мікола (01.08.1923 - 12.10.1999).

Дубянецкі Міхал (1927- 1990).

Зайцаў Вячаслаў (18.09.1917 - 19.04.1992).

Звонак Алесь (Пётр, 14.02.1907 - 02.02. 1996).

Кавалёў Павел (18.11.1912 - 02.09.1995).

Казека Янка (Іван, 18(31). 08.1915 - 04.03.2000).

Калачынскі Міхась (12.01.1917 - 10.08. 1990).

Каліна (сапраўднае Капелян) Клаўдзія (1925-1994).

Калеснік Уладзімір (17.09.1922 - 15.12. 1994).

Кандрусевіч Аркадзь (10.09.1929 - 10.09. 1995).

Капусцін Аляксандар (12.02.1924 - 16.10. 1996).

Капыловіч Мікола (10.07.1937 - 28.02. 2000).

Карпюк Аляксей (14.04.1920 - 14.07.1992).

Кірыенка Кастусь (12.12.1918 - 15.09.1988).

Кіслік Навум (26.09.1925 - 28.12.1998).

Крамко Яўген (17.09.1920 - 09.08.1999).

Крапіва (Атраховіч) Кандрат [22.02 (05.03). 1896 - 07.01.1991].

Кучар Алесь (27.06.1910 - 09.07.1996).

Ласкоў Іван (19.06.1941 - 28.06.1994).

Ляпёшкін Уладзімір (08.02.1928 - 25.02. 1994).

Макаль Пятрусь (25.08.1932 -31.08.1996).

Машкоў Уладзімір (05.07.1938 - 10.06. 2000).

Мельнікаў Аляксандр (07.01.1936 - 12.02. 1999).

Мельнікаў Аляксей (09.11.1962 - 13.08. 1995).

Міхальчук Сяргей (14.08.1925- 20.07.1995).

Міронаў Аляксандр (1910 - 1992).

Новік Ганна (25.03.1914 - 07.01.1997).

Новік-Пяюн (Новік) Сяргей (27.08.1906 - 26.08.1994).

Палтаран (Ляпеская) Вера (28.03.1919 - 28.03.1989).

Папоў Георгі (03.05.1918 - 1995).

Пархута Яраслаў (08.03.1930 - 20.03. 1996).

Русак Адам (24.05.1904 - 21.03.1987).

Сачанка Барыс (15.05.1936 - 05.07.1995).

Семяжон Язэп (Семяжонаў Іосіф, 16.11.1914 - 16.08.1990).

Ставер Алесь (10.08.1929 - 23.07.1995).

Скрыган Ян (Іван, 03(16).11.1905 - 18.09. 1992).

Случанін Лявон (сапраўднае Шпакоўскі Лявонці Раманавіч, 1914- 1995).

Стральцоў Міхась 14.02.1937-23.08.1987).

Танк Максім (сапраўднае Скурка Яўген, 04(17).09.1912 - 07.08.1995).

Федзюковіч Мікола (25.05.2943 - 1997).

Чыгрынаў Іван (21.12.1934 - 05.01.1996).

Шушкевіч Станіслаў (06(19).02.1908 - 01.01.1991).

Шымук Віктар (Вікенці, 02.04.1933 - 1998).

Шыцік Уладзімір (1922 - 2000).

Янішчыц Яўгенія 20.11.1948 - 25.11.1988).


Вучоныя

Астроўскі Юры Міхайлаў (26.06.1925 - 31.12.1991), біяхімік, акадэмік.

Белы Ўладімір Аляксеяў (08.06.1922 - 17.08.1994), механік полімераў, акадэмік.

Бірыла Мікалай Васілёў (10.09.1923 - 30.09.1992), мовазнаўца.

Бірыч Тацяна Васілёва (10.01.1905 - 26.02.1993), афтальмолаг.

Біч Міхась Восіпаў (27.05.1937 - 17.05. 1999), гісторык.

Бурак Леанід Іванаў (23.03.1930 - 24.12.-1996), мовазнаўца.

Грымаць Адам Антонаў (17.10.1938 - 08.11.2000), мовазнаўца, педагог.

Ермаловіч Мікола Іванаў (29.04.1921 - 05.03.2000), гісторык.

Ельяшэвіч Міхаіл Аляксандраў (21.08.1908 - 18.01.1996), фізік, акадэмік.

Карпенка Генадзь Дзьмітрыеў (17.09.1949 - 06.04.1999), тэхнолаг, дзяржаўны дзеяч.

Каханоўскі Генадзь Аляксандраў (18.01.-1936 - 15.01.1994), гісторык.

Кацар Міхаіл Сяргееў (25.10(07.11),1906 - 30.03.1995), гісторык мастацтва.

Марчанка Іван Ягораў (02.06.1923 - 19.04.1997), гісторык.

Няфёд Уладзімір Іванаў (27.01.1916 - 23.04.1999).

Раманюк Міхась Фёдараў (03.01.1944 - 04.09.1997), этнограф, мастацтвазнаўца, мастак.

Суднік Міхаіл Раманаў (08.11.1910 - 19.12.1995), філолаг.

Тамушанскі Роберт Язэп (03.07.1940 - 10.12.1996), доктар філалёгіі, грамадскі дзеяч беларускага замежжа.

Ткачоў Міхась Алесеў (10.03.1942 - 31.10.1992), гісторык, палітычны дзеяч.

Хацкевіч Аляксандар Фёдараў (14.03.1923 - 19.11.1995), гісторык.

Церашчатава Вольга Васілёва (24.07.1926 - 30.03.1991), мастацтвазнаўца.

Шакун Леў Міхайлаў (14.09.1926 - 06.11.-1996), мовазнаўца.

Чантурыя Уладзімір Аляксандраў (28.06. 1923 - 28.11.1988), доктар архітэктуры.

Янкоўскі Фёдар Міхайлаў (21.09.1918 - 13.11.1989), мовазнаўца.

Якубоўскі Якуб Адамаў (20.04.1932 - 14.09.1998), географ.

(Заканчэнне ў наст. нумары.)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX