№ 32 (718) 24 ЖНІЎНЯ 2005 г.
70 гадоў акадэміку НАН А. І. Падлужнаму
16 жніўня споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага мовазнаўца акадэміка НАН Беларусі А. І. Падлужнага. Аляксандр Іосіфавіч Падлужны нарадзіўся ў в. Залессе Мсціслаўскага раёна. У 1954 г. скончыў Мсціслаўскую педнавучальню, а ў 1959 г. - аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Доктар філалагічных навук (1982), прафесар (1989), акадэмік Акадэміі навук Беларусі (1994). З 1962 г. і па сённяшні дзень працуе ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа. На працягу 14 гадоў - з 1989 па 2003 - узначальваў гэтую навуковую ўстанову.
А. І. Падлужны - аўтар шматлікіх прац па розных праблемах беларускай фанетыкі і фаналогіі, сучаснай беларускай лексікаграфіі, граматыкі, правапісу і культуры мовы. Шэраг яго прац адрасаваны тым, хто жадае вывучыць беларускую мову. Ён адзін з аўтараў кнігі "Беларуская мова для небеларусаў", якая вытрымала некалькі выданняў.
Аляксандр Іосіфавіч Падлужны шмат сіл і часу аддае грамадскай дзейнасці. Ён стаяў ля вытокаў стварэння ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"і сёння прымае актыўны ўдзел у найважнейшых мерапрыемствах нашай арганізацыі. А.І. Падлужны плённа працаваў у грамадскай камісіі па рэфармаванні беларускага правапісу ў 90-х гг. Ён адзін з аўтараў Закона аб мовах Рэспублікі Беларусь 1989-г.
Таварыства беларускай мовы віншуе шаноўнага юбіляра з Днём нараджэння. Сябры нашай грамадскай арганізацыі шчыра жадаюць Аляксандру Іосіфавічу добрага здароўя, сілы духу, прынцыповай пазіцыі па ўмацаванні дзяржаўнасці беларускай мовы, навуковага плёну на карысць нашай Бацькаўшчыны і беларускага мовазнаўства.
Віншуем "Жанчыну свету - 2005"
Амерыканскі біяграфічны інстытут у штаце Паўночная Караліна (ЗША) прысвоіў званне "Жанчына 2005 года" вядомай беларускай пісьменніцы і грамадскаму дзеячу Вользе Іпатавай. Яе імя ўключана ў IX выданне даведніка "Хто ёсць хто сярод прафесіяналаў і дзелавых жанчын у свеце", які выпускаецца інстытутам.
Каментуючы гэтую падзею ў інтэрвію БелаПАН, В.Іпатава адзначыла павышэнне цікавасці да прафесіянальнага і дзелавога росту жанчын у свеце. "Вельмі важна, каб гэтая тэндэнцыя праявілася і ў Беларусі, каб у будучы айчынны парламент жанчыны не "прызначаліся" па 30-працэнтнай квоце, а абіраліся ў выніку свабодных дэмакратычных выбараў і займаліся эфектыўнай працай на карысць грамадства", - сказала Іпатава.
Сакратарыят ТБМ , рэдакцыя газеты " Наша слова " віншуюць сябра Рады ТБМ , актыўнага змагара за беларускую мову з міжнародным прызнаннем і зычаць плёну ў працы на карысць нашай Бацькаўшчыны .
Вяртанне Пагулянкі
На мінулым тыдні на Нясвіжчыне здарылася падзея выключнай важнасці - тром населеным пунктам вернуты іх адвечныя назвы. Яшчэ за даўнім савецкім часам самадзейнай воляй мясцовых чыноўнікаў населены пункт Пагулянка з-за таго, што тут размяшчаўся цагельны завод, быў перайменаваны ў пас. Цагельны. Цэглу там не робяць з сярэдзіны 60-х, а на-зва трывала на шыльдах і ў паперах, хаця навакольны люд так і працягваў гаварыць: "Пагулянка".
Таксама вёску Заазер'е, дзе будаваліся дамы для рабочых эксперыментальнай станцыі "Ганусава", пачалі іменаваць пас. Ганусава, а Альбу, дзе жывуць рабочыя Біаміцынавага завода, - пас. Біязавода.
І вось, як паведамілі карэспандэнту "Нашага слова" ў Нясвіжскім райвыканкаме, у ДЭУ-168 (дырэктар Дуброўскі І. Л.), якое адказвае за шыльды на дарогах, задаліся пытаннем, чаму людзі гавораць так, а на шыльдах - паіншаму. Высветлілася, што ніякіх рашэнняў райвыканкаму аб перайменаванні гэтых населеных пунтаў няма і ніколі не было, а, значыць, юрыдычна правамерныя старадаўнія назвы. У выніку па ўзгадненні з галоўным архітэктарам раёна былі ўстаноўлены шыльды з адвечнымі назвамі. Ізноў радуе вока вясёлая Пагулянка, мілагучнае Заазер'е, славутая на ўвесь свет Альба.
Вось так, недзе гавораць, а недзе робяць.
Яраслаў Грынкевіч.
Новае выданне ТБМ
Да 75-годдзя з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча, якое Беларусь адзначыць сёлета 26 лістапада, ТБМ імя Ф. Скарыны выдала каляндарык на 2005/2006 навучальны год. Каляндарык вы-дадзены на грунце надрукаванага раней плаката, дызайн Ігара Марачкіна.
Каляндарыкі можна знайсці ў сядзібе ТБМ у Менску на вул. Румянцава, 13, а таксама ў многіх рэгіянальных арганізацыях ТБМ.
Наш кар.
"ЗАКАДЫЧНЫ" І ІНШАЕ
У апошнія восем гадоў стала вельмі модным праводзіць рэферэндумы. Чуць што, так і рэферэндум. А яшчэ часцей робяцца сацыялагічныя апытванні па розных надзённых пытан-нях. Уявім такую карціну: некаму з тых, хто пры ўладзе, узбрыло ў галаву правесці рэферэндум ці хоць бы сацыялагічнае даследаванне наконт слова "закадычны". І каб не маніпуляваць грамадскай думкай даверлівых беларусаў, два розныя, хоць і сумежныя пытанні не аб'ядноўваюцца ў адно, а даюцца паасобку. Першае: "Ці вядомае вам слова "закадычны"?. Другое: "Ці ўжываеце вы хоць зрэдку гэтае слова?" Аб'ектыўнасць вы-нікаў рэферэндуму кантра-люецца шматлікімі камі-сіямі ад уладных структур і ад апазіцыі, а таксама з міжнароднай арганізацыі - Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чала-века.
Можна з вялікай упэўненасцю сцвярджаць, што (нават пры некаторай прывычнай, ужо традыцый-най фальсіфікацыі з боку выбарчых камісій) адказы на абодва пытанні будуць ашаламляльныя, цалкам станоўчыя, ледзь не стопра-цэнтовыя.
Калі ж у Інстытуце мовазнаўства НАН Бела-русі складаюць акадэміч-ныя слоўнікі, то, зразумела, абыходзяцца без рэферэн-думаў і сацыялагічных апы-тванняў. Даўным-даўно ўжо існуе сусветная традыцыя: ва ўсіх краінах свету, дзе ёсць развітыя літаратурныя мовы, нарматыўныя слоўні-кі складаюцца на аснове шматмільённай картатэкі, дзе на кожнае слова маюцца дзесяткі ці сотні прыкладаў-цытат з мастацкай, публі-цыстычнай і навуковай літаратуры. Моўная норма фіксуецца пры апоры на маўленчую практыку аўта-рытэтных аўтараў, рэгулярнасць ужывання таго ці іншага слова, выразу ці іх варыянтаў, на іншыя кры-тэрыі, істотныя пры кады-фікацыі нормы.
Акадэмічны пяцітом-ны "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" на адпа-ведным алфавітным месцы апісаў прыметнік "закады-чны", паказаўшы, што ён мае формы мужчынскага, жаночага (-ая) і ніякага (-ае) роду, абазначае "вельмі блізкі, сардэчны (пра сябра, сяброўскія адносіны)". Пры-водзяцца два адпаведныя пацвярджэнні - ілюстра-цыйны матэрыял. Адно з іх - з трылогіі класіка бела-рускай літаратуры і аднаго з заснавальнікаў беларус-кай літаратурнай мовы Яку-ба Коласа: "Смалярня стала на некаторы час галоўным штабам двух закадычных прыяцеляў, Лабановіча і Тукалы". Яшчэ адзін слоў-нікавы прыклад - таксама не з другарадных аўтараў - Алеся Якімовіча: "(Юзік) ахвотна згаджаўся з усім, з чым былі згодны яго зака-дычныя сябры Васіль і Мі-хась".
Можа, каму здасца, што тут мала прыкладаў - ілюстрацый (усяго два). Але такая была дадзена ўста-ноўка "зверху": у ЦэКа дазволілі выдаць першы ў жыцці Беларусі вялікі тлу-мачальны слоўнік беларус-кай мовы, але не больш як у 5 тамах. І складальнікі (пад рэдакцыяй акадэміка К. Крапівы) як ні стараліся ўкласціся ў дазволеную норму, але не ўклаліся. Пры-йшлося прасіць дазволу вы-даць пяты том ў дзвюх кні-гах. "Зверху" крыху прыгразілі, але далі дазвол.
Між іншым, у рускіх слоўніках (напрыклад, у 18-томным) часам прыводзіцца пад загаловачным словам па 5, а то і па 10 цытат. У "Фразеологическом словаре русского языка" (1967) ужыванне выразу "кривить ду-шой" ілюструецца 9 цыта-тамі. А ў "Словаре русскх пословиц и поговорок" У. П. Жукава (2000) функцыяна-ванне прыказкі "Волков бояться - в лес не ходить" пацвярджаецца 13 цыта-тамі. Прыгадваецца пры-клад з уласнай практыкі. Калі я рыхтаваў да друку двухтомны "фразеалагічны слоўнік беларускай мовы", у выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя" далі ўста-ноўку: значэнне кожнага выразу і іншая інфармацыя аб ім ілюструецца ў слоў-ніку не больш як дзвюма цытатамі. Калі фразеала-гізм мае не адно, а два ці тры значэнні, колькасць цытат адпаведна павялічвалася. Праўда, у некаторых вы-падках я дабіўся большай колькасці ілюстрацый, ма-тывуючы гэта рознымі пры-чынамі, часцей за ўсё неаб-ходнасцю пацвердзіць шы-рокае выкарыстанне ў су-часнай беларускай літара-турнай мове пэўнага фразе-алагізму, які ў асобных лінгвістычных або літара-туразнаўчых працах бес-падстаўна кваліфікуецца як "непатрэбнае запазычанне", "не вельмі зграбная калька" і г.д. Менавіта па гэтай прычыне, напрыклад, двух-значны выраз "ні к сялу, ні к гораду", занатаваны яшчэ ў зборніку І.І. Насовіча (1874), ілюструецца ў ФСБМ не чатырма, а сямю цытатамі з твораў Я. Кола-са, К. Чорнага, М. Лынь-кова, А. Чарнышэвіча, М. Лобана і інш.
Думаецца, гэтак жа і складальнікі пяцітомнага ТСБМ маглі б, калі б іх не абмяжоўвалі, праілюстра-ваць слова "закадычны" не дзвюма цытатамі, а дзесят-камі. Вось некалькі пры-кладаў - з маёй картатэкі. К. Крапіва (рэдактар амаль усіх акадэмічных слоўні-каў) у адной байцы піша, што хлопчык "меў шмат закадычных адданых сяб-роў, гусей з імі пасвіў і нават кароў". Яшчэ прык-лады? 1) - Земляком прыкі-нуўся, сябрам закадычным! - усё больш распальваў сябе Андрэй (М.Лынькоў); 2) Сёння нават пабыў Марцін у свайго закадычнага сябра Рыгора Галузы (М. Лупся-коў); 3) Міша і Грыша са-праўды былі закадычнымі сябрамі (А. Якімовіч).
У чытача, напэўна, Ужо прамільгнула думка: чаго я так прычапіўся да гэтага прыметніка? Патлу-мачу: 9.09.2004 г. у "Нашым слове" змешчана невялікая нататка пра слова "зака-дычны". Хто яе аўтар, невя-дома, бо яго прозвішча пад нататкай не пазначана. У ёй робіцца выснова, што гэта "неўласцівы беларускай мове фразеалагізм". Ёсць тут і іншыя няправільнасці, а яшчэ і падтасоўкі, зроб-леныя, каб толькі сцвердзіць згаданую выснову.
Перш за ўсё гэта ні-які не фразеалагізм, што выразна відаць з прыве-дзеных вышэй прыкладаў і з апісання прыметніка "за-кадычны" у ТСБМ, (т. 2, с. 318-319). Праўда, ён адроз-ніваецца ад многіх іншых прыметнікаў найперш сваімі спалучальнымі магчымас-цямі. Скажам, прыметнік "вясёлы" свабодна ўступае ў лексічную сувязь з вялікім мноствам розных слоў-на-зоўнікаў (хлопец, жартаў-нік, настрой, характар, спек-такль, чалавек і інш.), але зразумела, не з усімі: сувязі паміж словамі абумоўлены прадметна-лагічна. Пры-метнік жа "закадычны" аб-межаваны ў сувязях не прад-метна-лагічнымі адносіна-мі, а ўнутранымі семан-тычнымі заканамернасцямі моўнай сістэмы. Яго лек-січнае занчэнне "вельмі блі-зкі, сардэчны" выяўляецца толькі ў спалучэнні са стро-га акрэсленымі назоўнікамі, сваімі пастаяннымі кантэк-ставымі партнёрамі (сябар, прыяцель, друг). Інакш ка-жучы, гэтаму прыметніку ўласціва валентна абмежа-ванае значэнне. І да фразе-алогіі гэта не мае ніякага дачынення.
Такіх слоў (з абмежа-ванай спалучальнасцю і валентнасцю) даволі многа. Напрыклад, прыметнік "праліўны" рэалізуе сваё значэнне "вельмі моцны" толькі пры спалучэнні з назоўнікам "дождж". Яшчэ прыклады: прасёлачная (да-рога), траскучы (мароз), расквасіць (нос, твар), насу-піць (бровы), патупіць (во-чы), воўчы (апетыт), выта-рашчыць (вочы), бляе (аве-чка), высалапіць (язык), воўчыя (ягады) і г.д. Зразу-мела, што ні "закадычны", насуперак сцвярджэнню не-вядомага аўтара нататкі, ні "праліўны дождж" і сотні іншых падобных спалучэн-няў ніяк нельга залічваць у фразеалогію, бо кожны фра-зеалагізм мае цэласнае, сэн-сава непадзельнае значэнне, несуадноснае са значэннямі асобных слоў-кампанентаў. Напрыклад, "і жук, і жаба" абазначае "усе без выклю-чэння, усякі, кожны чала-век".
У нататцы сказана, што "Руска-беларускі слоў-нік" (1953) пад рэдакцыяй Я. Коласа, К. Крапівы, П. Гле-бкі "падае: Закадычный: З. друг разг. неразлучны друг, шчыры друг". Пасля дада-ецца: "Пацверджана гэта і ўсімі наступнымі перавы-даннямі гэтага даведніка. Напрыклад, РБС-82, РБС-93 і інш.".
Нельга, аднак, забы-ваць, што згаданы даведнік (1953 г.) укладаўся ў цяжкіх умовах ваеннага часу і ў першыя пасляваенныя гады, што ў яго складальнікаў і рэдактараў не было пад рукамі ні картатэкі, ні да-ведачнай літаратуры. А без хоць бы шматтысячнай кар-татэкі з ілюстарцыйным матэрыялам як асновай лю-бога слоўніка, перакладнога ці тлумачальнага, цяжка пазбегнуць памылак. І іх хапае. Тут ёсць адна віда-вочная супярэчнасць. Рэда-ктары гэтага слоўніка Я. Колас і К. Крапіва як бы адмаўляюць існаванне ў беларускай мове прымет-ніка "закадычны", а самі, як было паказана вышэй, вы-карыстоўваюць яго ў сваіх творах. А што да перавы-данняў (1982, 1993 гг. і інш.) гэтага даведніка, разліча-нага на перакладчыкаў з рускай мовы, дык пера-выдаюцца яны амаль што стэрэатыпна. Часткова па-паўняючыся новымі, нядаў-на ўзніклымі словамі.
Ёсць у нататцы і ін-шыя падтасоўкі. Сцвярджа-ецца, напрыклад, што, ап-рача ТСБМ (т. 2, с. 318-319), "ніводны іншы беларускі слоўнік не фіксуе гэтага выслоўя". Але гэта няпраў-да. У "Беларуска-рускім слоўніку" пад рэдакцыяй К. Крапівы (1988, т. 1, ст. 441) чытаем: "Закадычны разг. закадычный". Фіксуецца гэта слова і ў нарматыўным акадэмічным даведніку "Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Ак-цэнтуацыя. Словаўтварэн-не" пад рэдакцыяй М.В. Бірылы (1987, с. 246): закадычны разм.
Цікава: на каго раз-лічана такая дэзінфармацыя і на чый млын лье ваду гэты невядомы аўтар?
Сцвярджаецца, што "новы"Тлумачальны слоў-нік беларускай літаратурнай мовы" (1996) справяд-ліва не падае на сваіх ста-ронках гэтага неўласцівага беларускай мове фразеа-лагізму". Але ж гэты слоў-нік - аднатомнік. У ім усяго 60 000 слоў. Як жа ён мог змясціць у сабе абсалютна ўсе словы, якія даюцца ў ТСБМ (у ім 100 000 слоў) ці ў СБМ (у ім 118000 слоў)? Як бачым, тут з боку аўта-ра нататкі чарговы ход ка-нём.
Пачынаецца нататка вялікім урыўкам з ТСБМ, дзе апісваецца прыметнік "закадычны". Але ва ўры-ўку знарок апускаецца ілю-страцыйны прыклад з тры-логіі Я. Коласа. Бо гэта не на карысць аўтару нататкі. І гэта зноў ход канём.
Далей робіцца нібы-та выкрыццё складальнікаў ТСБМ, якія як быццам ска-піравалі прыведзены раней урывак - з вядомага "Слоў-ніка рускай мовы" С. І. Ожагава (1982, с. 184). Але ж калі супаставіць абодва ўрыўкі, дык няцяжка заўва-жыць, што яны шмат у чым адрозніваюцца. Да таго ж азначэнні, якія даюцца сло-вам у тлумачальных слоў-ніках, аднолькавыя ў су-светнай лексікаграфічнай практыцы. Усюды - і ў Фра-нцыі, і ў Расіі, і ў Польшчы, і ў Беларусі - сэнс слова раскрываецца адным з ча-тырох вядомых у свеце спо-сабаў: апісальным, струк-турна-семантычным, сінані-мічным і адсылачным. У тлумачальных слоўніках амаль усіх краін свету зна-чэнне. Скажам, назоўніка "стол" раскрываецца ад-нолькава ці амаль адноль-кава: "Прадмет мэблі ў выглядзе гарызантальнай дошкі на высокіх падпор-ах..." І гэта ніхто не лічыць спісваннем, капіраваннем і г.д.
Як бачым, усё ў раз-гледжанай нататцы хісткае, непраўдападобнае.
Што да паходжання прыметніка "закадычны", дык ён прыйшоў у бела-рускую мову з рускай, дзе, як засведчана ў этымала-гічных слоўніках, утварыў-ся шляхам суфіксацыі пры-назоўнікава-склонавай фор-мы "за кадык" на аснове фразеалагізму заліць за ка-дык - "напіцца гарэлкі". На пачатку свайго жыцця сло-вазлучэнне "закадычны друг" абазначала "сабутэ-льнік", а пасля, даўно ўжо, прыметнік стаў ужывацца з сучасным значэннем "вельмі блізкі, сардэчны". Гэты пры-метнік, як і тысячы іншых слоў, запазычаных з рускай, польскай, украінскай, анг-лійскай, французскай і ін-шых моў, даўно стаў фак-там беларускай мовы, і зу-сім неразумна і нелагічна падымаць меч супраць яго ці заносіць сякеру над ім.
А такія выпадкі ня-рэдкія. Напрыклад, яшчэ ў адной нататцы (Наша сло-ва. 28.04.2004) на поўным сур'ёзе раяць ужываць за-мест назоўніка "подзвіг", запазычанага з рускай мо-вы, "натуральнае, з спрад-вечным коранем - чын- сло-ва вычын". Але гэта ўжо вяршыня абсурду. Настой-ліва і самаўпэўнена раяць яшчэ замест "першабытна-абшчынны лад" гаварыць і пісаць "першабытнаграма-доўскі...", замест "нармаль-ны" - "нармалёвы" і г.д. А ці не пахне ўсё гэта заву-аляванай дыскрымінацыяй нашай мовы ды знародчыс-тым, мэтанакіраваным жа-даннем адпужаць ад яе і тую невялікую жменьку людзей, якія пакуль што размаў-ляюць па-беларуску, і тых, хто мог бы яшчэ далучыцца да гэтай жменькі, але баіц-ца, што сказанае ім "да-сведчаныя мовазнаўцы" палічаць "неўласцівым бе-ларускай мове", "падгонкай пад усесаюзны стандарт" і г. д.
Можна прыводзіць дзесяткі, а то і сотні падо-бных прыкладаў. Пару ме-сяцаў таму адна студэнтка, прачытаўшы мой артыкул у "Нашым слове" (18.08.-2004), спытала ў мяне: "А што такое простае занчэнне слова і наўпростае?" Я ска-заў, што ў гэтых нечаканых тэрмінах гаворка ідзе аб прамым значэнні слова. І дадаў, што на старонках гэтага штотыднёвіка часам выкідваюць конікі, замяня-юць агульнапрынятае, нар-матыўнае, узаконенае чым-сьці сваім, надуманым, мяр-куючы гэтым самым абела-русіць нашу мову. А ў ёй спакон веку былі прыметнікі прамы і просты, але не як сінонімы; фіксуюцца яны і ў "Слоўніку беларускай мо-вы" І.І. Насовіча (1870, с. 530, 536). Калі заглянуць у ТСБМ (т. 4, с. 307 і 399), то няцяжка ўбачыць, што "прамы" мае 8 значэнняў і 5 адценняў; 6-е значэнне - "не пераносны, літаральны (пра значэнні слоў)"; "просты" мае 12 значэнняў і адно адценне. Толькі ў адным значэнні ("роўны, без выгі-наў") гэтыя прыметнікі сіна-німізуюцца. Таму замяняць узаконены і адзіна праві-льны састаўны мовазнаўчы тэрмін "прамое значэнне слова" нейкім "простым" ці "наўпростым" - абсурд. Прамое значэнне мае такую назву таму, што яно прама (не проста!), непасрэдна, без прамежкавых сувязяў звяза-на з пэўным прадметам, дзеяннем, з'явай, якасцю і інш.
Ніяк не магу даду-мацца, чаму мы не хочам ці не можам сур'ёзна зразу-мець, у якія нялёгкія часіны мы жывём, у часіны, калі рашаецца лёс нацыі і мовы як яе сарцавіны. Нельга сёння папраўляць, абнаў-ляць тое, што на вачах гіне. "Цяпер, - пісаў Васіль Бы-каў, - не трэба быць вялікім правідцам, каб зразумець важнасць для нацыі адзінай літаратурнай мовы, якую трэба ўсямерна шанаваць, берагчы", а не разбураць "нацыянальнае адзіства лі-таратурнай мовы моўным эксперыментатарствам, стылявымі і лексічнымі по-шукамі на перыферыі". Цвя-роза, сур'ёзна ацэньваючы час і прастору, у якіх мы існуем, крыху пазней у ад-ным інтэрвію В. Быкаў га-варыў: "У гэтых умовах хоць бы захаваць якую-небудзь цэльнасць беларус-кай мовы!" І яшчэ: "Настаў час, калі нельга развіваць культуру. Важна хоць бы захаваць тое, што напраца-вана ранейшымі пакален-нямі, закансерваваць яго..." А незадоўга да адыходу ў іншы свет ён пісаў: "Я лічу, што з пераходам на тараш-кевіцу ў нас паспяшаліся. Цяпер не той час, бо ёсць вельмі вялікая небяспека таго, што мы, беларусы, можам наогул застацца без нармальнай агульнапрынятай граматыкі". Дык прыслухаемся ж да наказу нашага дарагога прарока нацыі!
Іван Лепешаў.
Нам не патрэбна рускамоўная хваля
ПЕРАГЛЕДЗЕЦЬ РАШЭННЕ АБ РУСКАМОЎНЫМ ВЯШЧАННІ НА БЕЛАРУСЬ "НЯМЕЦКАЙ ХВАЛІ"
НР вітае стварэнне альтэрнатыўных крыніц інфармацыі для жыхароў Беларусі , аднак лічыць беларускую мову " ўмовай дэмакратызацыі краіны ". Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай прэзідыюмам Рады БНР заяве .
Як паведамляў БелаПАН , " Нямецкая хваля " выйграла тэндэр Еўракамісіі і восенню гэтага года плануе пачаць выпуск штодзённай інфармацыйнай праграмы пра Беларусь і для Беларусі на рускай мове . Аднак супраць рускамоўнага вяшчання выступілі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі і нацыянальна арыентаваных рухаў . Сярод іх - кіраўнік грамадскай арганізацыі " Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны " Алег Трусаў , палітыкі Станіслаў Шушкевіч , Зянон Пазняк , Івонка Сурвіла , Вінцук Вячорка , палітолаг Віталь Сіліцкі .
У заяве прэзідыюму ўказваецца , што збліжэнне Беларусі з Еўропай магчыма на падставе " нацыянальнай самасвядомасці і культуры грамадства , якая гістарычна ўзнікла ва ўмовах еўрапейскага кантэксту ". Там жа гаворыцца , што прычына " насаджэння " беларускімі ўладамі савецкай / рускай культуры ў тым , што " спадчына , якую Беларусь дзеліць з Савецкім Саюзам або Расійскай імперыяй , не выхоўвае свядомасць блізкасці з Еўропай ".
Паколькі мовам , якія выкарыстоўваюць у рэспубліцы , " не ўласціва палітычнай нейтральнасць ", Рада БНР гаворыць пра двайныя стандарты , якія выкарыстоўвае Еўракамісія ў выбары мовы . Так, у заяве даецца прыклад існавання асобнай службы на ўкраінскай мове на "Нямецкай хвалі".
"У сённяшніх умовах праект вяшчання на Беларусь не пабеларуску не будзе эфектыўным для дасягнення пастаўленых мэтаў, паколькі канкрэтнае палітычнае значэнне, уласцівае ў рэаліях Беларусі рускай мове, уступае ў вострую супярэчнасць з сутнасцю яго прызначэння", - гаворыцца ў заяве. Прэзідыюм Рады БНР выказаў шкадаванне аб рашэнні Еўракамісіі падтрымаць радыёвяшчанне на Беларусь на рускай мове і заклікаў перагледзець гэтае рашэнне для таго, каб фармат радыёвяшчання адпавядаў мэтам - дасягненню дэмакратыі і свабоды ў Беларусі.
М. РАХЛЕЙ, БелаПАН.
Заява ЦК БСДП
"Аб беларускамоўных трансляцыях радыёстанцыі "Deutsche Welle"
Цэнтральны Камітэт БСДП (Грамада) адзначае, што перспектыва трансляцый нямецкай радыястанцыі "Deutsche Welle" на Беларусь адпавядае намаганням дэмакратычных сіл нашай краіны па стварэнні свабоднай інфармацыйнай прасторы.
Разам з тым, выклікае пытанні той факт, што ажыццяўляць гэтыя трансляцыі плануецца толькі на рускай мове. Гэта парушае патрабаванне дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб існаванні на яе тэрыторыі дзвюх дзяржаўных моў, а таксама правы беларускамоўных грамадзян нашай дзяржавы.
ЦК БСДП (Грамада) звяртае увагу еўрапейскіх калег на тое, што падчас правядзення апошняга перапісу насельніцтва Беларусі прыблізна 80 адсоткаў грамадзян назвалі сябе беларусамі, а больш за палову заявілі пра тое, што яны штодзённа карыстаюцца беларускай мовай.
Наша партыя паслядоўна выступала і выступае за адраджэнне беларускай культуры, гісторыі і мовы, як гарантаў захавання суверэнітэту і незалежнасці краіны.
Мы звяртаемся да кіраўніцтва радыёстанцыі з прапановай знайсці магчымасць арганізаваць вяшчанне беларускай рэдакцыі з улікам вынікаў перапісу на абедзвюх дзяржаўных мовах без дыскрымінацыі большай часткі насельніцтва Рэспублікі Беларусь.
Прынята ЦК БСДП (Грамада).
Г. Мінск. 13.08.2005.
З 22 ПА 26 ЖНІЎНЯ Ў МЕНСКУ ПРОЙДУЦЬ ПІКЕТЫ Ў ЗНАК ПРАТЭСТУ СУПРАЦЬ ПЛАНАЎ РУСКАМОЎНАГА ВЯШЧАННЯ НА БЕЛАРУСЬ РАДЫЁ "НЯМЕЦКАЯ ХВАЛЯ"
У Менску плануецца серыя пікетаў у знак пратэсту супраць планаў рускамоўнага вяшчання на Беларусь радыё "Нямецкая хваля". Як паведаміў БелаПАН адзін з арганізатараў акцыі, выпускнік Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры Зміцер Каспяровіч, акцыі будуць праводзіцца штодзённа з 22 па 26 жніўня, з 14 да 17 гадзін, на плошчы Бангалор.
Паводле слоў Каспяровіча, арганізатары прасілі Менгарвыканкам санкцыянаваць правядзенне пікетаў каля будынка пасольства Германіі, па вуліцы Захарава. Аднак у афіцыйным адказе гарадскіх уладаў, атрыманым 18 жніўня, паведамляецца, наступнае:
"Мінгарвыканкам дазваляе правесці пікетаванне з 22 па 26 жніўня 2005 г. з 14.00 да 17.00 у парку Дружбы народаў (у раёне плошчы Бангалор).
Мерапрыемства правесці без стварэння перашкодаў пешаходнаму і транспартнаму руху, з колькасцю ўдзельнікаў да 50 чалавек.
Канкрэтнае месца правядзення мерапрыемства, пытанні забеспячэння грамадскага парадку неабходна ўзгадніць з ГУУС.
Разам з тым нагадваем, што захаванне грамадскага парадку і дзейнага заканадаўства ўдзельнікамі мерапрыемства ажыццяўляюць яго арганізатары і што за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення мерапрыемства прадугледжана адказнасць у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.
Каментуючы БелаПАН маючае адбыцца пікетаванне, старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) Алег Трусаў адзначыў, што ініцыятыва маладых людзей сведчыць аб актыўнасці і патрыятызме беларускай моладзі. "Гэтая акцыя яшчэ раз сведчыць аб тым, што імкненне ажыццяўляць перадачы "Нямецкай хвалі" на рускай мове з'яўляецца, мякка кажучы, спробай знявагі беларускай нацыі. І нямецкі бок павінен гэта зразумець. Калі маладыя людзі па сваёй ініцыятыве падаюць заяўку на пікет і гатовы яго арганізаваць, гэта гаворыць аб тым, што родная мова з'яўляецца для іх велізарнай каштоўнасцю", - заявіў Алег Трусаў.
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН
Мінск, 10 жніўня, 2005 года
У сувязі з паступаючымі на імя Пасла Германіі лістамі, у якіх выказваецца пратэст супраць арганізацыі перадач радыёстанцыі "Нямецкая хваля" па беларускай тэматыцы на рускай мове, Пасольства займае наступную пазіцыю:
1. Для "Нямецкай хвалі" пытанне заключаецца ў тым, ці трансляваць абмежаваны па часе інфармацыйны блок на рускай мове, матэрыялы якога мелі б асаблівую цікавасць для слухачоў у Рэспубліцы Белаурусь, або захаваць усё ў ранейшым выглядзе, г.зн. без спецыяльных перадач па беларускай тэматыцы.
Такім чынам, аб стварэнні на радыёстанцыі "Нямецкая хваля" праграмы на беларускай мове гаворка не ідзе.
На думку Пасольства імкненне "Нямецкай хвалі" садзейнічаць пераадаленню інфармацыйнага дэфіцыту ў Беларусі заслугоўвае прызнання.
2. Беларускія грамадзяне патрабуюць у сваіх лістах на імя Пасла Германіі стварэння праграмы "Нямецкай хвалі" на беларускай мове. Пры гэтым складваецца ўражанне, што яны аддалі б перавагу таму, каб існая зараз сітуацыя, пры якой на "Нямецкай хвалі" не будзе асобнага праграмнага элементу для Беларусі, захавалася б і надалей.
Пасольства спадзяецца, што гэтыя лісты з выказваннем пратэсту не стануць для "Нямецкай хвалі" падствай для адмовы ад планаванага радыёстанцыяй беларускага праграмнага элементу.
3. Радыёстанцыя "Нямецкая хваля" ажыццяўляе сваё вяшчанне на мовах, колькасць якіх абмежавана. Яна імкнецца заўсёды арыентавацца на актуальныя тэмы. Пры гэтым яна не мае фінансавых сродкаў для стварэння праграмы на беларускай мове.
Апытанні грамадскай думкі, якія праводзяцца незалежнымі інстытутамі, пацвярджаюць важную ролю рускай мовы, як адной з дзвюх афіцыйных моваў, асабліва ў палітычнаый сферы.
DEUTSCHE WELLE
Спадару Алегу Трусаву,
Таварыства беларускай мовы,
Румянцава, 13
220034, Мінск, Беларусь
Глыбокапаважаны спадар Трусаў,
сардэчны "Дзякуй" за вашую цікавасць да запланаванай Беларускай праграмы "Нямецкай хвалі". Вашыя крытычныя заўвагі мы прачыталі ўважліва і прынялі да ведама. Мы разумеем таксама расчараванне некаторых патэнцыйных слухачак і слухачоў, якія хочуць ад "Нямецкай хвалі" беларускіх праграм, і тут даведаліся, што мы будзем перадаваць іх на рускай мове. Для гэтага існуе шэраг падставаў, якія я Вам ахвотна давяду:
- будучая перадача для Беларусі і пра Беларусь ёсць толькі частка нашай рускай праграмы. З арганізацыйных і фінансавых меркаванняў мы не можам стварыць уласна беларускай рэдакцыі. Безумоўна, было б дзіўна слухаць, калі б пасярод рускай перадачы, раптам пачаў бы перадавацца беларускі блок;
- папрок у тым, што мы выконваем дамову паміж прэзідэнтамі Лу-кашэнкам і Пуціным, мы рашуча адмятаем. Перадача спланавана як альтэрнатыўная да сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, якія кіруюцца дзяржавай і падлягаюць дзяржаўнай цэнзуры, яна будзе сыходзіць з арыентацыі на каштоўнасці дэмакратыі, свабоды прэсы і грамадзянскіх правоў, а таксама ўтрымоўваць моцны еўрапейскі акцэнт. Гэта вялікая памылка лічыць, што той хто заўсёды перадае на рускай мове, той аддае сябе ў рукі палітычных гандляроў у рэгіёне. "Нямецкая хваля" абавязана трымацца законаў дэмакратыі і правоў чалавека. Мы кіруемся гэтымі прынцыпамі ці то мы перадаём па-руску, ці то па-англійску, ці то па-нямецку ці на іншых шматлікіх мовах;
- аб праблеме акцэнтацыі на пытанні мовы перадачы маю мала разумення. Для ўсіх тут у камандзе "Нямецкай хвалі" раней і ў будучым перш за ўсё важны змест, для чаго Вы павінны даць нам шанец. Для крытыкі зместу і заўвагаў, калі перадача ідзе, мы само сабой адкрытыя. Руская мова для людзей у Беларусі не з'яўляецца замежнай, а таксама цверджанне, што гэта мова варожасці і прымусу, не адпавядае рэчаіснасці;
- нашая штодзённая перадача для пяці цэнтральнаазіяцкіх рэспублік вялася больш за 4 гады па-руску, ніхто да гэтага часу ніякай крытыкі не выказваў, наадварот, гэты блок перадачаў атрымаў вялікі поспех;
- значэнне нацыянальнай мовы для нас таксама зразумелае, як і для Вас. Раней даваліся беларускія элементы ці па-радыё ці ў Інтэрнэце. Нам важна было не далей дыскутаваць, хто што павінен рабіць, а пачынаць канкрэтныя праекты;
- і нарэшце: з рускамоўнай радыёперадачай мы можам не толькі ахапіць кантынгент слухачоў з Беларусі, а таксама дасягнуць людзей з памежных раёнаў Расіі, а таксама Украіны, для якіх, мы ўпэўненыя, нашая інфармацыя будзе цікавай.
З сяброўскім прывітаннем Карнелія Рабітц,
кіраўнік рускай праграмы.
(Неаўтарызаваны пераклад з нямецкай.)
Белы легіён падводзіць вынікі
20 жніўня пад Наваградкам прайшоў заключны этап збораў нацыянальна-патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён". Зборы пачаліся ў Менску, легіянеры наведалі Жыровічы, замкавую гару ў Наваградку і спыніліся на старажытным паганскім капішчы. Як паведаміў камандзір легіёна, гэтыя зборы своеасаблівае падвядзенне вынікаў летняга сезону2005 года. Ім папярэднічалі абласныя зборы ва ўсіх абласцях краіны, а на заключныя зборы прыбыло па некалькт чалавек ад кожнага падраздзялення.
У адрозненне ад іншых арганізацый, якія вядуць вайскова-патрыятычную дзейнасць, Белы легіён не займаецца касцюміранавымі пастаноўкамі батальных сцэнаў, а скіроўвае сваю дзейнасць на вайскова-пры-кладную падрыхтоўку моладзі. Таму ў праграме збораў шматлікія фізічныя практыкаванні. Пры гэтым нагрузка на легіянераў падае вельмі значная.
Пад Наваградкам легіянеры выконвалі легіянерскі мінімум: марш-кідок на 5 км з рознымі, у тым ліку воднай, перашкодамі. На такіх зборах адбываецца і здача на "сталёвы барэт". Пры гэтым выконваецца марш-кідок на 30 км, але сёлета да здачы на "сталёвы барэт" быў падрыхтаваны толькі адзін чалавек і марш-кідок на 30 км не праводзілі.
Арганізацыя дзейнасці легіёна, кіраванне шыхтамі ажыццяўляецца на беларускай мове. Прыгожа, грунтоўна і арганічна гучаць беларускія шыхтовыя каманды: "Раўнуй", "Зважай", "Лева, фронт", "Крокам руш", "Роскід". І ўсім усё зразумела, усё дакладна выконваецца.
Нацыянальна-патрыятычная арганізацыя "Белы легіён" была створана 10 гадоў назад шляхам выдзялення моладзі з "Чорных драбаў БЗВ", калі стала зразумела, што дзейнасць БЗВ згортваецца. З тога часу шмат чаго змянілася ў легіёне, змяніўся фактычна ўвесь асабовы склад, засталіся толькі некаторыя камандзіры, але ў гэтым менавіта і заключаецца сутнасць жывучасці арганізацыі. Што- гадовае папаўненне моладдзю дае падставу з аптымізмам глядзець на будучыню легіёна.
Нацыянальна-патрыятычнае выхаванне моладзі працэс шматгранны. Як і многае іншае, у Беларусі гэта разумеецца па-рознаму. Выхаванне моладзі ў Белым легіёне адрозніваецца ад тога, што называюць гэтымі словамі ў БРСМ. У легіёне ў аснову дзейнасці заклад-ваецца менавіта нацыянальны дух, нацыянальныя традыцыі, нацыянальныя сімвалы, нацыянальныя каштоў-насці. Тут моцныя нацыянальныя перакананні падмацоў-ваюцца грунтоўнай фізічнай падрыхтоўкай, дасягаецца адзінства сілы духу і цела, што заўсёды было характэрна для нашых прашчураў.
Яраслаў Грынкевіч.
На здымках: 1. Звяз легіёна ў шыхце; 2. Разбіўка лагера; 3. У зборах легіёна бярэ ўдзел гурт "Стары Ольса"; 4, 5. Марш-кідок легіянераў; 6. Пасля кідка добра прыпыніцца каля кастра.
"Побач з намі на Зямлі"
Менавіта такую на-зву мае першы том беларускай вершаванкі - запамінанкі "Добрыя вершы". Упершыню тут сабранае ўсё найлепшае, што створана за апошнія 100 гадоў у беларускай літаратуры для дзяцей у вершаванай форме.
Прэзентацыя кнігі адбылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 11 жніўня. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскасці краіны, журналісты, а таксама славутыя беларускія паэты і пісьменнікі: Ніл Гілевіч, Валянціна Коўтун, Міхась Скобла. Уладзімір Арлоў, Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, Віктар Гардзей і Валянціна Аксак.
Перад прысутнымі выступіў укладальнік вы-дання А. Мінкін, які жыве па-за межамі Беларусі і каар-дынатар праекта Валянціна Трыгубовіч, а таксама прад-стаўнікі выдавецтва "Тэх-налогія".
Спадар Мінкін распа-вёў усім пра працу над кні-гай і яе кароткім зместам.
У першы том увай-шлі вершы пра жывёльны свет, які з нараджэння ату-ляе дзіця. Том складаецца з сямі асобных сшыткаў: "Знай, з кім, сябраваць" - пра свойскіх жывёлаў, "Вунь праз лес ідуць дзікі" - пра дзікіх вывёлаў, "Пач-нуць пець - не надзівіцца" - пра дзікіх птушак, "Вось прыйшлі музыкі - пра кузу-рак (вусякоў ды іншых дро-бных істотаў), "Як паплыў па рэчцы язь" - пра рыбаў ды іншых істотаў, што жы-вуць у рэках, азёрах, сажал-ках, акварыюмах, "Еду у госці да слана" - пра экза-тычных звяроў і птушак, якіх найчасцей можна ўба-чыць у заапарку. "У куце сядзіць мядзведзь" - сшы-так, у якім сабраныя вершы пра тое, як нашыя "малод-шыя браты" падобна да людзей, працуюць, займа-юцца рознымі чалавечымі заняткамі, забаўляюцца, вучацца.
Усе творы прызнача-ныя для завучвання на па-мяць. Пададзенае ў класіч-ным правапісе, выданне навучыць дзіця правільнаму беларускаму вымаўленню. Яно ў цікавай форме дапа-можа яму ў спасціжэнні навакольнага свету і ўсёй яго прыгажосці. "Добрыя вершы " - цудоўны падару-нак бацькам і выхаваль-нікам. Кніга аздобленая каляровымі малюнкамі а яе наклад усяго 2000 асоб-нікаў.
Як адзначыў Ніл Гі-левіч недахопам унікальна-га выдання з'яўляецца тое. што ў яго не ўвайшлі дарэ-валюцыйныя беларускія вершы... Дадатковую інфар-мацыю пра кнігу можна атрымаць па тэл.: 8(029) 325-24-23
Алег Мінкін рыхтуе да друку два новыя тамы вершаванкі - запамінанкі.
Аляксей Шалахоўскі.
ДЛЯ ПРАВЯДЗЕННЯ Ў ГЭТЫМ ГОДЗЕ РАБОТ ПА РЭСТАЎРАЦЫІ ЛІДСКАГА ЗАМКА ДЗЯРЖАВА ВЫДЗЕЛІЛА 50 МІЛЬЁНАЎ РУБЛЁЎ
Для правядзення ў гэтым годзе работ па аднаўленні помніка архітэктуры XIV стагоддзя Лідскага замка са сродкаў рэспубліканскага бюджэту выдзелена 50 млн. рублёў. Пра гэта ў інтэрвію БелаПАН паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка.
"Аднак бюджэтныя асігнаванні не могуць пакрыць усе затраты на правядзенне першачарговых супрацьаварыйных і кансервацыйных работ на гістарычна-культурнай каштоўнасці "Замак у Лідзе". Вось чаму па ініцыятыве грамадскасці Ліды гарадскія ўлады адкрылі спецыяльны рахунак, на які паступаюць сродкі ад насельніцтва, арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў", - сказала А. Сматрэнка.
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.