Папярэдняя старонка: 2005

№ 36 (722) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 36 (722) 21 ВЕРАСНЯ 2005 г.


Беларускай Асацыяцыі Журналістаў - 10 гадоў

14 верасня 2005 г .№ ___

Сп. Жанне Ліцьвіной

Старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў

220000, г. Менск,

пл. Свабоды, 17-304

Паважаная спадарыня Жанна!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе Вас і ў Вашай асобе ўсіх сяброў БАЖа з першым круглым юбілеем - 10-мі ўгодкамі ад часу заснавання Асацыяцыі - і жадае плённай журналісцкай дзейнасці на шляху да дэмакратычнай Беларусі. Для кожнага слова вольнае, слова праўды з-пад пяра незалежнай прэсы - як глыток паветра, без якога немагчымае нашае жыццё.

Асаблівая ўдзячнасць беларускамоўным журналістам, якія за сваю прынцыповую грамадзянскую пазіцыю, мужнасць паўсюль карыстацца роднаю моваю, церпяць пераслед з боку уладных структураў, аднак застаюцца вернымі беларускай ідэі, перакананымі барацьбітамі за дэмакратычнае грамадства.

Хай беражэ вас Бог у гэты складаны для нашай гісторыі час.

Жыве Беларусь!

З павагай

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў


Сустрэча старшыні ТБМ А. Трусава з дыпламатамі краін Еўразвязу

13 верасня старшыня ТБМ быў запрошаны на сустрэчу з амбасадарамі і супрацоўнікамі амбасад краін Еўразвязу ў Беларусі. Прысутнічалі амбасадары Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Славакіі, Латвіі, Швецыі, а таксама прадстаўнікі амбасад Польшчы, Румыніі і Чэхіі. Гаворка ішла пра "Нямецкую хвалю" і будучыя перадачы на Беларусь на рускай мове. Французы і брытанцы падтрымалі нямецкую ідэю навучаць беларусаў дэмакратыі на мове іншай краіны і прапанавалі Таварыству спыніць хвалю пратэстаў беларусаў супраць чарговай хвалі русіфікацыі ў імя будучай дэмакратыі на Беларусі.

Старшыня ТБМ запярэчыў ім і давёў думку, што беларусаў трэба паважаць як еўрапейскі народ, які зрабіў беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай краіны. Вярхоўны Савет 12 склікання дэмакратычным шляхам (2/3 галасоў) прыняў адпаведны запіс у Канстытуцыі Беларусі 1994 года. Наступныя змены Канстытуцыі ў 1996 годзе зроблены гвалтоўна і таму не былі падтрыманыя Еўразвязам. І калі краіны Еўра-звязу прызнаюць толькі Канстытуцыю 1994 года, яны мусяць шырока выка-рыстоўваць беларускую мову ў сваіх будучых радыё- і тэлеперадачах на Беларусь.

Нас падтрымалі по-льскія і літоўскія дэпутаты Еўразвязу, якія запярэчылі будучай русіфікацыі Беларусі за грошы Еўракамісіі. Алег Трусаў выказаў шчырую падзяку дыпламатам Польшчы і Літвы за падтрымку пазіцыі ТБМ наконт вяшчання радыёперадач "Нямецкай Хвалі" на дзяржаўнай беларускай мове.

Таму нам трэба ўзмацніць ціск на "Нямецкую Хвалю" і Еўрапейскую Камісію, каб еўрапейцы канчаткова зразумелі сваю стратэгічную памылку ў адносінах выбару мовы вяшчання на Беларусь.

Наш кар.


МЕНГАРВЫКАНКАМ САНКЦЫЯНАВАЎ ПРАВЯДЗЕННЕ 1-2 КАСТРЫЧНІКА Ў МЕНСКУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ

Улады санкцыянавалі правядзенне 1-2 кастрычніка ў Менску Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў (НКДС).

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік аргкамітэту па падрыхтоўцы НКДС Аляксандр Бухвостаў, пісьмовы дазвол за подпісам намесніка старшыні Менгарвыканкама Міхаіла Пятрушына атрыманы 16 верасня. У якасці месца правядзення кангрэсу названы Палац культуры Менскага аўтамабільнага завода. Колькасць удзельнікаў НКДС у лісце гарвыканкаму не вызначана - гэта, паводле слоў Бухвостава, прэрагатыва арганізатараў.

Нагадаем, што папярэдняя дамоўленасць з кіраўніцтвам ПК МАЗ аб арэндзе будынка на 1-2 кастрычніка была дасягнута 13 верасня. Чакаецца, што пагадненне наконт гэтага будзе падпісана на працягу найбліжэйшага тыдня. Двухдзённая арэнда ПК абыйдзецца прыкладна ў восем мільёнаў рублёў.

Ірына ЛЕЎШЫНА, БелаПАН.


ЗАМАК ГЕДЫМІНА

17 - 18 верасня ў Лідзе прайшоў Міжнародны рыцарскі турнір "Замак Гедыміна". Турнір ладзілі Рэспубліканскае моладзевае аб'яднанне "Рыцары Вялікага Княства" і Лідскі райвыканкам.

У ГА "Рыцары Вялікага Княства" ўваходзяць клубы: "Княжы Гуф" (Менск), "Дайнава" (Ліда), "Берасцейская Харугва" (Берасце), "Жалезны Воўк" (Полацк), "Золак" (Жодзіна), "Палаэя" (Менск), "Заслаўская Харугва" (Заслаўе), "Касцеша" (Кобрын), "Вольны Горад" (Берасце), "Быліна" (Менск), "Рыцарская Дзіда" (Радужны), "Продыюс" (Менск), "Менская Харугва" (Менск), "Газдава" (Бабруйск). Усяго ж у турніры бралі ўдзел 48 клубаў (за 460 удзельнікаў), у тым ліку клуб "Залатая шпора" (Менск), які забяспечыў конную частку турніру.

Разыгрываліся: конны турнір, пешы турнір, турнір лучнікаў, групавы турнір (бугурт) і штурм замка. Упершыню ў новай гісторыі Беларусі турнір праходзіў ўнутры сярэднявечнага замка, ды яшчэ самага старажытнага ў краіне. Гарадскія ўлады правялі грандыёзны аб'ём работы, затрацілі каля 24 млн. руб., але зробленае застаецца, а грошы, сабраныя за білеты (каля 20 млн.), пойдуць на рэстаўрацыю замка.

На думку многіх рыцараў Лідскі замак найбольш аптымальнае месца для правядзення такіх мерапрыемстваў. І гэтая думка супадае з пазіцыяй лідскага кіраўніцтва зрабіць гэты турнір штогадовым.

Турнір праходзіў у замку, а вакол замка віраваў кірмаш, быў разгорнуты "Горад майстроў", праводзіліся выставы конкурсы, прайшлі канцэрты сярэднявечнай музыкі. Горад Ліда на два дні вярнуўся на гадоў 500-600 назад, вярнуўся, каб успомніць, кім мы былі і чым мы былі, каб задумацца, кім мы сталі, і як нам жыць далей.

Яраслаў Грынкевіч.


Хто з Богам, той заўсёды з народам!

ВУШАЧЧА. 11 верасня 2005 г. Прэзентацыя кнігі "КСТЫ" Рыгора Барадуліна

Паважаны ксёндз біскуп Уладыслаў Блін, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. Паважаны консул Каралеўства Швецыя Стэфан Эрыксон. Паважаныя прадстаўнікі мясцовай улады і школы, паважаныя святары, інтэлігенцыя, моладзь і люд Божы Вушацкай зямлі.

Сустракай зямля-маці, свайго сына, а нашага брата Рыгора, волата і змагара на ніве беларускай паэзіі ўзвышанага роднага слова.

Прызнае і прымае цябе, родны кут са сваімі маляўнічымі, жывымі краявідамі і прымае цябе Госпад Бог у велічнай святыні, якую пабудавалі бацькі нашы для духоўнага ачышчэння і сумленнага погляду ў буду-чыню. Тут, у святыні, праз стагоддзі, яны асвячалі свае душы і сем'і, тут яны мацнелі і мужалі духоўна, каб вытрываць, выстаяць супраць бачнага і нябачнага ворага Бацькаўшчыны і душы.

Мы знаходзімся ў Доме Айца нябеснага і ў доме нашых продкаў, мальба якіх безупынна ўзносіцца перад тронам Усявышняга за дзяцей, за далейшы лёс дзяцей і ўнукаў.

Ісус Хрыстос кажа апосталам: "Ідзіце і навучайце ўсе народы. Вучыце іх зберагаць усё, што Я вам наказаў. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння свету" (Мц 28, 19-20).

Калі Хрыстос з намі да сканчэння свету, дык чаму тады не могуць быць з намі душы продкаў нашых, якія дзень і ноч моляц-ца за цябе і за мяне, брат і сястра. Верыць трэба!

Вітае цябе шчыра, паважаны брат Рыгор, на парозе бацькоўскага дома і як заўсёды з любоўю прымае твая родная маці. Сёння яна з вышыняў нябесных моліцца за цябе і радуецца табою. Нашыя бацькі заўсёды з намі, незалежна ці яны на гэтай зямлі ці ў веч-ным небе.

Як Касцёл і Царква сваім хрысціянскім жыццём і выхаваннем нараджаюць святых і дабраслаўлёных для неба, як бацькі нараджаюць і выхоўваюць дзіцятка для сям'і і роду свайго, фаміліі сваёй, так народ нара-джае, расціць і выхоўвае ў сваім асяроддзі славутых асоб, якія прыносяць Бацькаўшчыне гонар, славу і дабрабыт.

Як сярод народаў паўстаюць новыя краіны і дзяржавы, так і Беларусь заяснела сваёй незалежнай прысутнасцю сярод іншых дзяржаў, пра якую марыў Францішак Скарына, друкуючы Біблію-Святое Пісанне, каб аб'яднаць народ у святле пісьменнасці, цывілізаванай еднасці і Боскім Духу хрысціянскай веры.

Як марыў пра веліч Бацькаўшчыны і яе незалежнасць Адам Міцкевіч, які ўскрыкнуў да будучых пакаленняў: "Айчына мая!"

Янка Купала, які, па-дымаючыся з каленяў прыніжэння і выпростваючыся на ўвесь рост, прамаўляе магутным голасам праз пакаленні да ўсіх суайчыннікаў добрай волі, падобным да раскацістага ў гарах шматразовым рэхам грому: ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА! КАБ НАРОДАМ ЗВАЦЦА!

А гэта і ёсць незалежнасць - спачатку свабода духу, а пасля і дзяржавы!

Сапраўдная свабода бярэ пачатак на небе праз веру, а вера гэта дар Божы. Калі няма ў народзе Бога і еднасці з Усявышнім у Святынях праз малітву, тады не чакай сапраўднай незалеж-насці і свабоды на зямлі.

Няма дажджу, няма ўраджаю!

З духоўных нябесных вышыняў зыходзіць лад і спакой, а з нізінаў, зямных і чалавечых слабасцяў, прарастае толькі бязладдзе і беды. Што сеем, тое і пажынаем. А Святое Пісанне настаўляе: "Хто сее вецер, пажне буру".

Сабраўся сёння ў Вушаччы маленькі букет інтэлігенцыі з вялікай і магутнай дзяржавы-Беларусь.

Вялікай, бо яе карані сягаюць глыбока ў стагоддзі і ўжо тысячагоддзі, якая дала не толькі Еўропе але і свету такіх славутых асоб як: Францішак Скарына, Адам Міцкевіч, Міхал Клеафас Агінскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касцюшка, Францішак Багушэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Ігнат Дамейка, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў... і многіх іншых паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, касманаўтаў і тых пакутнікаў і абаронцаў веры і Бацькаўшчыны, якія загінулі ў II Айчыннай вайне.

А сёння мы знаходзімся побач з такой славутай асобай Рыгора Барадуліна, кандыдата на Нобелеўскую прэмію...

Магутнай краіны, бо з намі Бог і святы Міхал Арханёл - апякун Беларусі. Яго апецы нашы продкі даручылі лёс Бацькаўшчыны, якая змагаецца з сіламі цемры і зла.

Беларусь знаходзіцца не толькі ў эпіцэнтры і скрыжаванні ўсіх кірункаў і дарог Усход - Захад, але гэта той народ і тая Беларусь, якая вынесла на сабе цяжар амаль усіх Еўрапейскіх войнаў.

Калі Храмы напоўненыя молячымся народам, бацькі і дзеці, сем'і, якія аднадумна трываюць на малітве і ўзносяць сэрцы да Бога, іх аб'ядноўвае і падсілкоўвае Дух Божы, гэта сведчыць, што народ адзіны і аб'яднаны як у Святыні, так і будзе ў сям'і, у жыцці, працы і культуры. Будуць стаяць адзін за аднаго га-рою, як стаяць за веру ў суседніх Літве, Польшчы, Латвіі ці Грэцыі. У такім народзе няма: родзіч і далёкі, свой і чужы, дзякуючы веры ўсе стаюць братамі і сёстрамі.

Адзін Бог, адна сям'я, адзін народ, адна Бацькаўшчына, адно неба .

Храм з'яўляецца духоўнай кузняй чалавека і народа, ён фармуе характар асобы, дух і яго волю. Тут паміж святым Алтаром і Словам Божым знаходзіцца чалавек, дух і сумленне якога Усявышні разагравае і фармуе, падобна, як каваль жалеза ў горне.

А вось пустыя храмы сведчаць пра разнастайнасць духу народу, яго поглядаў і ідэалаў! Раздроблены народ раздзіраюць сваркі і здрады. Такі народ не толькі далёка ад Бога, але і паміж сабою. Чалавек шукае чалавека і не можа знайсці аднадумцаў, бо Ісус Хрыстос закрыты і самотны ў Святынях Беларусі далёка ад такіх. "Настане час, калі чалавек будзе шукаць чалавека, і якая ж вялікая будзе радасць яго, калі знойдзе, сустрэне іншага чалавека" - кажа Святое Пісанне.

Ці разумееш гэтыя святыя словы? Калі Божы Дух не аб'ядноўвае, дык якія ж тады бясконца вялікія дыстансы паміж людзьмі, як вялікі падзел унутры сябе. Мы і нашы дзеці ўжо адчуваем на сабе гэтую самоту, адасобленасць, а менавіта; кватэра, кампутар, тэлевізар, відэа, інтэрнэт, тэлефон і ўсё іншае, каб толькі чалавек не выходзіў з кватэры і быў сам. Касцёл і Царква выцягвае нас, у даслоўным гэтага слова значэнні, з нашых камуналак на набажэнства ў народ, у людзі, да еднасці і братняга спакою.

Ісус Хрыстос кажа, што раздзеленае і пасваранае ўладарства не ўстаіць, канец з ім. А што тады можна сказаць пра падзеленую і раздробленую супольнасць чалавечую, ці ўстаіць? Непазбежная кара Боская. Не верыш?

Мы спачуваем і суперажываем над ураганай бядою, якая здарылася ў Новым Арлеане , молімся, і хто як можа, дапамагае пацярпелым. А што адбылося там тыдзень часу таму назад у нядзелю? Там сабраліся пазасталыя геі і лесбіянкі на карнавальны парад голых, захоўваючы штогадовую грэшную, безсаромную традыцыю. І гэта на фоне татальнага разбурэння, плаваючых і раскладаючыхся чалавечых тру-паў дзяцей, і дарослых, і жывёл, і небяспекі эпідэміі ад гнілой вады.

А магчыма гэта маленькі паўтор Сусветнага патопу? Бо чалавецтва сле-па імкнецца да катаклізму і прароцтва Апакаліпсіса, дзе не вадою, а ўжо агнём будзе ачышчана грэшная зямля. Атаму, няхай Бог бароніць, маем даволі многа.

І другі погляд на Но-вы Арлеан.

Ратаўнікі і вайскоўцы з верталётаў на дахах дамоў не аднойчы назіралі такі відок. Ляжыць мёртвы чалавек, а каля яго стаіць ледзь жывы ад голаду сабака і вартуе свайго спадара, не адыходзяць і толькі тады пакідаў дах дому, калі ішоў за целам спадара, якое адносілі ў верталёт. Жывёліна, будучы смяротна галоднай, не кідалася на цела мёртвага чалавека і не пакінула спадара. Жывёлы вучаць нас чалавечнасці і гуманістычнай культуры.

Нам трэба вяртацца да Бога праз пакаянне і добрыя ўчынкі, праз любоў да Бога і бліжняга, бо згубім аблічча чалавечае. Не па-вінна быць месца злому і яго бязбожнасці сярод людзей!

Прыглянемся да та-кога фактару, як пілігрымкі і паломніцтвы.

Масавыя пілігрымкі людзей да святых месцаў адраджаюць увесь народ, а менавіта: на Святую Зямлю, да Труны Гасподняй, Жыровічы, Будслаў, Літва - Вострая Брама, Латвія - Аглона, Польшча - Чанстахова і так далей... Адны ідуць як пілігрымы на працягу некалькі дзён і тыдняў, даючы сведчанне пакуты, веры і малітвы, іншыя, якія іх прымаюць кормяць і даюць дах над галавою, вучацца гасціннасці і міласэрнасці праз што ствараецца мір і еднасць у народзе. У такія дні ўся краіна стае адным вялікім, жывым ар-ганізмам, а незлічоныя групы, патокі пілігрымаў ста-юць жыццёдайнымі духоўнымі артэрыямі нацыі.

Калі людзі-народ рэгулярна, у нядзелю і святы наведваюць Храмы, яны стаюць пілігрымамі свайго месца жыхарства, даючы іншым добры прыклад, што не адзіным хлебам жыве чалавек. Што не толькі трэба ўмець увесь тыдзень насіць рабочую куфайку, працаваць, але можна і трэба пераапрануцца ў нядзельна-святочнае ўбранне і разам з сям'ёю падзякаваць Богу за дар жыцця і здароўе. Гэта духоўныя артэрыі і капіляры культурна-хрысціянскага жыцця народа і здаровай нацыі.

Калі чалавек не ўмее ці не хоча маліцца Богу і служыць Яму, тады ён і не ўмее шчыра працаваць. Які дух, такое цела, якое сум-ленне, такая праца.

Калі я выконваў святарскую паслугу на Глыбоччыне, аднойчы павезлі мяне на адну з адлеглых калёній-хутар да цяжка хворага. Везлі на трактары, бо пасля дажджу туды немагчыма было дабрацца. Седзячы ў кабіне побач з трактарыстам, распачаў размо-у. Ці многа працы, колькі пан зарабляе, ці ўсе здаровыя, ці ахрышчаныя дзеці, як часта наведваюць Храм, калі апошні раз сам быў у касцёле? На што трактарыст мне адказаў, дзеці і жонка час ад часу яшчэ бываюць у Храме, а вось я вельмі даўно. Дзень і ноч працую на трактары як прывязаны, куфайкі ніколі не здымаю нават на Вялікдзень. Перад шлюбам я купіў касцюм на вяселле, апранаў яго тады першы і апошні раз. Я так нядаўна і сказаў жонцы, што гэты касцюм няхай надзенуць на мяне ў апошні раз пасля смерці ў труну.

Я замоўк, мне не было што адказаць. Шлюб і труна, а што паміж, якое жыццё?

Рабочыя не маюць часу, не могуць наведваць Святыні і набажэнствы, а інтэлігенцыя не хоча.

Мы забываемся пра такія прапісныя ісціны, што адраджэнне бярэ пачатак ад духу, а не ад страўніка і матыкі.

Быў час, калі зачынялі Святыні, цэрквы і кас-цёлы, насільна затрымлівалі гэты духоўна-артэрыяльны рух хрысціянскага жыцця ў народным асяроддзі. Гэта падобна смерці, калі, перавязаўшы вены, затрымліваюць пульс крыві, наступае клінічная смерць, трамбозы. Калі настрашаныя і прымушаныя людзі перасталі наведваць Храмы і выхоўваць дзяцей у хрысціянскім духу, падняўся ціск бяздушша, п'янства, разводаў, маральнага і духоўнага падзення, разбоі, крадзяжы, абман, самагубствы, суіцыды. Чалавецтва сёння задыхаецца ў канвульсіях сваіх грэшных і невырашальных праблем.

Божа дадай нам ве-ры, каб людзьмі звацца!

Многа зорак на небе і кожнага разу позірк затрымліваецца на адной з іх... Беларусь узрасціла многа славутых людзей-зорак, сыноў і дачок, раскіданых па ўсім свеце, ад ранняга Усходу да глыбокага Заха-ду, а менавіта паэтаў, пісьменнікаў, палітыкаў, святых і вучоных. Сёння наш позірк затрымліваецца на адной з іх - Рыгору Барадуліну. Зоркай нашага неспакойнага часу, часу пе-рабудовы і чалавечай бязбожнай мітусні. Пасля распаду савецкай сістэмы нам трэба вызначыцца, на якім баку затрымацца і жыць. Жыць у Беларусі і служыць другому пану не здолееш, бо сам Хрыстос напамінае: Немагчыма двум панам услужыць, не ўдасца. Жыць у Беларусі і не любіць яе і мовы ўсім сэрцам, усёю душою і з усіх сіл сваіх - гэта грэх і ганьба.

Дазвольце тут пахваліць нашых суседзяў-рускіх патрыётаў сваёй краіны-Расіі, якія жывуць не толькі ў Беларусі, але па ўсім свеце. Яны ніколі не забываюць пра сваю бацькаўшчыну і родную мову, яны не толькі не забываюць пра яе, але стараюцца пашыраць і абараняць сваю мову, дзе б толькі яны ні жылі. Паглядзі на ўсю постсавецкую прастору, паўсюдна прысутнічае руская мова. Паглядзі на ўсе Ўсходнееўрапейскія краіны Варшаўскай дугі, паўсюдна вывучалася і вывучаецца руская мова. У нас - у Беларусі - нават дзвюхмоўе ўведзена, дзе галоўнай і дамінантнай мовай з'яўляецца руская мова, каб рус-камоўным жылося ў Беларусі добра, як дома. Ву-чыцеся ад суседзяў, як трэба берагчы і шанаваць родную мову. Бо дзе мова там і Я.

А беларускую, родную мову чаму трымаем у такім загоне, што аж саромеюцца яе? Падумайце, а магчыма не мовы саромеюцца, а нас дарослых, якія не жадаем быць адзінага духу і культуры сусветнага хрысціянства?

Калі дух веры кволы, тады і мова хворая.

Пісьменнікі, паэты і майстры слова жывога, за вамі слова, аб'яднайце сілы ў веры і пад Божым дабра-славенствам. Працаўнікі і інтэлігенцыя, вучоныя і простыя людзі адчыніце дзверы Храмаў, увайдзіце з вераю ў дом Божы.

DEUS, HONOR et PATRIA - БОГ, ГОНАР і БАЦЬКАЎШЧЫНА

Вось у такі няпросты час Усявышні кліча і дае нам зоркі-асобы, каб свяцілі другім у глыбіні душы і абуджалі да высакароднага жыцця.

Святло зорак адрозніваецца ад сонечнага святла.

Дзякуючы сонечнаму святлу чалавек працуе і выконвае ўсё, што бачыць навакол сябе, а святло зорак прымушае чалавека заду-мацца, зазірнуць у сваю душу, сумленне, у тайнікі свайго сэрца куды ніхто не ўвойдзе і не загляне.

Пане Рыгор, каб абу-джаць сэрцы людскія ты абраў не жалейку, якая супакойвае чалавека спакойнай мелодыяй. Ты абраў самы моцны і востры інструмент - бурнае, ураганнае слова паэзіі, якое крышыць усе бар'еры і дабіраецца да глыбіняў сумлення чалавечага, выварочваючы ўсё, падобна плугу ранняй вясною на цёплай раллі, насычанай водарам жыцця. Вершаванае слова паэзіі не ведае межаў і даўнасці часу, ані гістарычнай неактуальнасці ў іншых сістэмах і формах існавання.

Твая шматгадовая праца выносіць цябе на п'едэстал павагі і гонару вылучэння на лаўрэата Нобелеўскай прэміі. А кніга "КСТЫ", якая адлюстроўвае духоўныя якасці чала-века з яго хрысціянскай любоўю да Бацькаўшчыны, стала яснай зоркаю, якая прымушае чытача зазірнуць у сваё сумленне ў адносінах да Бога, да бацькоў і Айчыны. Зазірнуць у свае духоўныя закамаркі з закінутым і часта затаптаным сумленнем мітуснёй дачэсных свяцілаў бязбожных факелаў, за якімі небяспечна пускацца ў далейшае жыц-цёвае падарожжа ані самому, ані пускаць дзяцей сваіх.

Ты - святло паэзіі беларускай, якое свеціць глыбока ў душы чалавечай, абуджае сумленнасць, дзя-куючы якой чалавек рэальна аценьвае сэнс жыцця і сваю прысутнасць у свеце, Богам створаным. Так, святло можна засланіць, каб не было заўважальнае іншымі, але саму крыніцу паэтычнага святла-слова ніколі. Цябе можа не быць, але слова тваё крылатае ўзносіцца па-над усімі бар'ерамі. Цябе можна не прызнаваць, не згаджацца з табою, не бачыць цябе, але ніколі не магчыма закрыць духоўную крыніцу слова, бо гіс-торыя, нашчадкі і пакаленні яе адкрыюць, як плуг зямлю, а сорамам пакрыюць усіх тых, хто рабіў шкоду роднаму слову.

Сёння вялікае свята не толькі для вашага горада і жыхароў, але і для ўсіх нас. Рыгор, сын гэтай зямлі, прыходзіць у святыню, да Бога з дарамі, Евангеліч-нымі талентамі, даверанымі яму Госпадам Богам, які дзякуючы сваёй любові да Бацькаўшчыны, веры і паэтычнай, нястомнай працавітасці зарабіў новыя дзесяць талентаў.

Адзін талент ад Бога маюць усе людзі, гэта-жыццё, дар жыцця.

Ці чуеце дзеці і моладзь? Дар жыцця гэта першы талент усіх людзей і твой. Усе іншыя пяць ці дзесяць трэба зарабляць стараннай і настойлівай працай, вучобай і сумленным жыццём, быць годным сваёй зямлі і з жывой верай захоўваць вернасць Богу і народу. Усё залежыць ад тваёй добрай волі і вытрываласці.

Твая праца, спадар Рыгор, цябе ўзвялічвае!

Твая творчая няўры-мслівая праца сама цябе ўзносіць падобна будаўнікам высокіх шматпаверхавых дамоў, якія кладуць цаглінку за цаглінкай, праз што ўзносяцца на многа паверхаў угору, вывышаюць сябе высока над горадам, вуліцамі і людзьмі, якія там ходзяць.

Так твае вершы падобна цаглінкам, а кнігі, падобна паверхам, узнеслі цябе высока да вартай годнасці.

З Богам мы моцныя і творчыя будаўнікі сваёй будучыні і народа, без Бога мы слабыя часовыя расліны і спажыўцы.

У цябе будуць угля-дацца наступныя пакаленні Беларусі і свету з сапраў-дным гонарам і ўдзячнасцю.

Кніга "Ксты" - стала першай кропляй духоўнага хросту адраджэння ў Бе-ларусі. Спалучым жа ўсе кроплі, з Божай дапамогай, усе нашыя добрыя намеры і намаганні ад кожнага сэрца і душы, якія пераўтворацца ў яркі і чысты струмень, плынь, дождж жывой вады - духоўнага адраджэння на-рода.

Адкрый, чалавек, веліч тваёй душы і моц творчага духу, каб рунела зямля духоўным адраджэннем твайго творчага слова, нашых паэтаў, пісьменнікаў, вучоных і палітыкаў у душах людскіх.

Каб жылі мы з Богам у міры і даўгалецці паміж народамі!

Каб народам звацца!

Аман.

Ксёндз-магістр Уладыслаў Завальнюк.


Быць сведкамі Езуса

У сярэдзіне жніўня ў Федэратыўнай Рэспубліцы Германіі праходзілі ХХ Сусветныя дні каталіцкай моладзі, у якіх удзельнічала больш мільёна юнакоў, што вызнаюць сябе вернікамі. Яны сабраліся дзеля сумеснай малітвы і абмяркавання надзённых праблемаў сучаснасці.

З Беларусі ў гэтым форуме прымала ўдзел каля 1000 чалавек. Мы сустрэліся з удзельнікамі пілігрымкі ў Архікатэдральным Касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску, і яны падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Зміцер Кузняцоў падарожнічаў з групай моладзі з Барысава, Менску і Маладзечна. Зміцер з'яўляецца навучэнцам чацвёртага курса Барысаўскага палітэхнічнага каледжа. Юнак наведвае касцёл ужо чатыры гады і лічыць сябе сталым вернікам. Ен далучыўся да ўдзелу ў набажэнствах праз сяброў, а пазней і яго малодшы брат прыйшоў да Святой камуніі. Яшчэ некалькі год таму Зміцер і ўявіць сабе не мог, што будзе прадстаўляць нашу краіну на сусветным форуме каталіцкай моладзі. З Кельна ён прывёз шмат добрых успамінаў, фотаздымкаў, паштовак і буклетаў.

"Праграма сустрэчы была вельмі разнастайная, распавядае Зміцер. З Беларусі з намі было трыццаць святароў і адзін біскуп. З 11 па 15 жніўня група беларусаў знаходзілася ў ваколіцах Лімбурга.Нас вельмі ветліва прымалі вернікі Лімбурскай дыяцэзіі, дзе мы жылі ў сем'ях. Моладзь удзельнічала ў Святой Імшы, пасля былі арганізаваны экскурсіі, знаёмства з цікавымі мясцінамі. Мы наведалі кар'ер і прадпрыемства, дзе вырабляюць прыгожыя рэчы з гліны, таксама наведалі пажарную частку.

Увечары 15 жніўня мы накіраваліся ў Кёльн. Там з вялікім хваляваннем мы наведалі цудоўную гатычную Кёльнскую катэдру, дзе 17 жніўня адбылася ўрачыстая імша на адкрыццё Сусветных дзён каталіцкай моладзі. Нас вельмі натхніла тое, што мы бачылі некалькі разоў вельмі блізка Папу Рымскага Бенедыкта ХУІ. Усе беларускія вернікі акрамя таго збіраліся ў касцёле Святога Юзафа. Тут была арганізавана беларуская праграма.

20 жніўня моладзь згуртавалася на вялікім пляцы, недалёка ад Кёльна, які называецца Марыінскім полем. Разам з намі былі прадстаўнікі ўсіх краін свету, маладыя каталікі з Італіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Іспаніі, таксама былі тут выхадцы з афрыканскіх краінаў: Сірыі, Эфіопіі і іншых.

Зарэгістраваных удзельнікаў было 800.000, а усяго людзей сабралася больш за мільён.

Моладзь малілася разам увечары, а на наступны дзень усе прынялі ўдзел у Святой Імшы, якую служыў Папа Рымскі. Ніколі ў жыцці я не бачыў такога гурту народу, гэта было мора, а берагоў яго не было бачна. Але ўсё было вельмі добра арганізавана, пілігрымы мелі з сабой ежу, усе былі забяспечаны мапамі, памяткамі, атрымалі шмат абразкоў і іншых падарункаў. Размаўлялі, абменьваліся думкамі, спявалі.

З прамовай да каталіцкай моладзі звярнуўся Папа Рымскі Бенедыкт ХУІ. Ён прааналізаваў найбольш актуальныя праблемы сучаснасці і заклікаў моладзь у сёняшні складаны час быць паўсюль сведкамі Езуса Хрыстуса, ісці па жыцці ўслед за Бэтлеемскай зоркай, несці слова Божае ўсім навакольным. Акрамя таго, ён заклікаў маладых каталікоў звярнуць увагу на тых, хто знаходзіцца за межамі касцёла, каб да іх дайшла Божая ласка, закранула слова казання і сагрэла сапраўднае хрысціянскае стаўленне сяброўкаталікоў.

Ксёндз Менскага архікатэдральнага касцёла Юры Быкаў, які падарожнічаў разам з юнакамі, адзначыў, што самым галоўным на Сусветных днях было пачуццё хрысціянскай еднасці ў маладых людзей.

"Моладзь з розных куткоў свету адносілася адзін да аднаго з вялікай павагай, пашанай, зацікаўленасцю. Пры такім вялікім згуртаванні народу не адбывалася ніякіх непаразуменняў, спрэчак. Не было бачна і п'яных.

Гэта паказвае вялікую любоў і моц, якую мае Бог. Чалавек не павінен яе адкідваць, цурацца, а наадварот прымаць у сваё сэрца і ісці далей па жыцці. Вельмі радуе, што Еўропа ідзе за Езусам Хрыстусам, трымаецца веры, аб гэтым сведчыць значная колькасць удзельнікаў мерапрыемстваў.

Нашы юнакі атрымалі важны ўрок таго, як вялікія чалавечыя супольнасці могуць існаваць ва ўзаемапаразуменні і згодзе, бесканфліктна. Беларусы пазнаёміліся бліжэй з еўрапейскімі краінамі і адчулі еднасць эўрапейскіх народаў. Дзякуючы добраму стаўленню нямецкіх гаспадароў, мы атрымалі магчымасць прыбыць за тыдзень раней, пажыць у сем'ях, пазнаёміцца з прыгожымі мясцінамі, краявідамі, пабачыць замкі і палацы, наведаць музеі.

Мы пыталіся у немцаў, ці не шмат грошай усё гэта каштуе. Яны адказалі, што для іх вялікае шчасце прымаць пілігрымаў, бачыць у сябе такі цуд, адчуваць сапраўднае свята".

Моладзь прыняла удзел у сумесных набажэнствах, багаслоўскіх канферэнцыях, дзе закраналіся важныя для моладзі пытанні, у культурных мерапрыемствах, якія маюць сувязь з верай, спяктаклях, канцэртах, спартовых сустрэчах.

Нашы падарожнікі былі вельмі задаволены ўдзелам у ХХ Сусветных днях каталіцкай моладзі.

Наступная сустрэча маладых каталікоў запланавана на 2008 год, мяркуецца правесці яе ў Аўстраліі.Чаму так далёка? "Таму што гэты кантынент таксама хоча прыняць удзел у супольнай малітве, а моладзь паўсюды даедзе!" запэўніў вікары Менскай архікатэдры ксёндз Юры Быкаў.

Эла Оліна


КІРХГОЛЬМСКАЯ БІТВА 27 ВЕРАСНЯ 1605 г.

(Да 400 - годдзя слаўнай перамогі)

У гэтым годзе cпаўняецца 400-гадовы юбілей бітвы пад Кірхгольмам, якая ўвайшла ў гісторыю як адна са славутых перамог войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Пра гэтую бітву чытачы мала ведаюць, бо звычайна польскія гісторыкі (а ўслед за імі і беларускія) разглядаюць яе як бітву польскага войска са шведскай арміяй. І перамога заносіцца імі ў гісторыю польскага войска.

Кірхгольмская бітва 1605 года была адной з асноўных у вайне Рэчы Паспалітай (федэратыўнай дзяржавы Польшчы і Беларуска-Літоўскага гаспадарства) 1600-1629 гг. Вайна гэтая велася за панаванне на Балтыйскім моры і ў балтыйскіх краінах паміж дзвюмя дзяржавамі, а таксама за вяртанне на шведскі каралеўскі пасад караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага і Рускага Жыгімонта Вазы (са шведскай дынастыі), які быў раней каралём Швецыі ў 1592-1599 г. і як католік быў пазбаўлены трону шведскай пратэстанцкай шляхтай на карысць свайго дзядзькі, лютараніна Карла ІХ.

Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй цягнулася шмат гадоў, з 1600 да 1629 г. з перапынкам з 1611 да 1617 гг. і з 1618-1620 гг. Два перамір'і былі звязаны з тым, што Рэч Паспалітая была ўцягнута ў вайну з Расіяй (1609-1618 гг.), а Швецыя ўдзельнічала ў Трыццацігадовай вайне, якая вялася ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Ад самага пачатку вайна, якая вялася на тэрыторыі Латвіі і Эстоніі, у ёй удзельнічалі і войскі Беларуска-Літоўскай дзяржавы (Вялікага Княства Літоўскага) і ўжо мелі перамогі. Гэтыя войскі вызначыліся пад камандаваннем дасведчанага палкаводца Яна Караля Хадкевіча (1560-1621), які за свае вайсковыя заслугі ў сакавіку 1605 г. атрымаў вялікую булаву, г. зн. атры-маў пасаду гетмана вялікага Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Кароль польскі Жыгімонт Ваза надаў таксама Хадкевічу Дорпацкае староства (Дорпат - гэта Тарту у Эстоніі).

А ў гэты час Швецыя рыхтавалася да новай кам-паніі, каб усё ж такі захапіць Інфлянты (Латвію і Эстонію) цалкам. У жніўні 1605 г. войска Беларуска-Літоўскай дзяржавы на чале з Я.К. Хадкевічам знаходзілася каля Дорпату. У сярэдзіне верасня 1605 г. шведскія сілы сканцэнтраваліся каля Рыгі, каб узяць яе. Сюды ж накіравалася і шведская армія на чале з каралём Карлам ІХ. У шведскага караля цяпер было 11 тысяч чалавек, у тым ліку 8500 чалавек пяхоты. Супраць такіх сіл Рыга доўга ўста-яць не магла. Таму Ян Кароль Хадкевіч рушыў на дапамогу гораду і вырашыў даць бітву каля Рыгі. Кароль Карл ІХ, маючы войска ўтрая большае, быў перакананы ў сваёй перамозе.

Войск Я. К. Хадкевіча, якое налічвала 3500 коннікаў і 1000 пехацінцаў спынілася лагерам ля вёскі Кірхгольм (латышская назва Саласпілс, вядомая, бо ў 1941-1944 гг. тут быў лагер, дзе знішчалася насельніцтва Латвіі), за 15 кіламетрах ад Рыгі.

Тут, ля Кірхгольма, на паўночным беразе Заходняй Дзвіны 27 верасня 1605 г. і адбылася знакамітая бітва пачатку ХУІІ стагоддзя. Доўгі час шведскае войска стаяла на сваіх пазіцыях, не рухаючыся наперад. Урэшце гетману Хадкевічу ўдалося выманіць шведаў з іх выгадных пазіцый на ўзорках, зрабіўшы выгляд, што яго лёгкая конніца, якая была наперадзе, раптам пачала адступаць.

Шведскі кароль паверыў у адступленне супраціўніка і загадаў наступаць. А калі пяхота і конніца шведаў пачала наступ услед за адступаючымі аддзеламі Хадкевіча, беларуска-літоўскія харугвы рэйтараў і іншай конніцы хутка змянілі фронт і з флангаў абрынуліся на шведскую пяхоту і артылерыю, якія ўжо спусціліся з узвышша і ўжо пачалі ўзбірацца на ўзгоркі, услед за аддзеламі Хадкевіча. У выніку такога наступу шведскае войска страціла сваю перавагу і самкнутасць шэрагаў і стала бездапаможным перад атакамі конніцы беларуска-літоўскага войска.

Гусары Яна Пятра Сапегі, Вінцэнта Войны і Тодара Ляцкога разграмілі шведскіх рэйтараў і ўварваліся ў шэрагі галоўных шведскіх сілаў на правым крыле, якім камандаваў граф Фрыдрых Іяхім Мансфельд. Пасля трох га-дзін бою армія шведскага караля была цалкам разгромлена, а яе рэшткі пачалі ўцякаць. Карл ІХ выратаваўся, уцёкшы з бітвы на кані ажно ў Парнаву (Пярну). За ўцекачамі наўздагон кінуліся татарскія харугвы, якія падчас бітвы вартавалі абоз арміі Хадкевіча.

Разгром шведскага войска быў поўны. Шведы страцілі забітымі 6 тысяч чалавек. Былі захоплены 60 шведскіх штандартаў, 12 гармат і ўвесь абоз. Некалькі соцень шведскіх жаўнераў трапілі ў палон. Войска Вялікага Княства Літоўскага мела адносна невялікія страты: загінула каля 100 чалавек падчас бою з пяхотай, 200 чалавек было паранена.

Перамога Яна Караля Хадкевіча і яго войска пад Кірхгольмам над у тры разы большым супраціўнікам была атрымана дзякуючы майстэрскаму кіраванню конніцай і канцэнтрацыяй сіл на розных этапах бітвы ў патрэбным на гэты час кірунку. Таму конніца Хадкевіча і здолела перамагчы некалькі калонаў супраціўніка, што знаходзіліся адна за адной.

Бітва пад Кірхгольмам была найбольш слаўнай сярод перамог Яна Караля Хадкевіча. Кірхгольмская бітва 1605 г. з'яўляецца адной з слаўных старонак беларускай вайсковай гісторыі ХУІІ стагоддзя. Хутка весткі пра яе разляцеліся па ўсім краі і за мяжой. Хадкевіча віншаваў не толькі кароль і Вялікі князь Жыгімонт Ваза, але таксама і германскі імператар Рудольф ІІ, англійскі кароль Якаў І і, нават, персідскі шах Абас Вялікі і турэцкі султан Ахмед І. Папа Рымскі Павел У прыслаў Хадкевічу ліст з віншаваннямі. Знакаміты прапаведнік Пётр Скарга выступіў у Вавельскім кафедральным касцёле ў Кракаве з казаннем у прысутнасці караля Жыгімонта ІІІ. Гэтая ж прамова пра інфлянцкую перамогу была надрукаваная ў Вільні ў тым жа 1605 г. За сваю перамогу Ян Кароль Хадкевіч атрымаў маёнткі Сэруце ля Віцебска, Дуды над Нёманам і Лотву (Ашмянскі павет), а таксама прыбыткі з Упіцкай экано-міі. Яму таксама была перададзена любашанскае староства ў Аршанскім павеце.

Бітва пад Кірхгольмам увайшла ў гісторыю як адна з бліскучых перамог беларускай зброі.

Анатоль Грыцкевіч.


У гонар герояў Грунвальда

У Старых Дарогах у прыватным музеі "Фонд Анатоля Белага" завершана стварэнне мемарыяльнага ансамбля "Героям Грунвальда".

Стварэнне ансамбля было распачата, ужо можна гаварыць, шмат гадоў таму назад, у 2000 годзе. Тады на валуне з палявога граніту былі ўстаноўлены два мячы, гетманская булава і выбіты векавечны беларускі герб "Пагоня".

Сёлета Анатоль Белы, сам аўтар і кіраўнік праект,у дайшоў да завяршэння ансамблю. Сёлета тут устаноўлены дзве пліты: адна пліта з тэкстам старажытнага беларускага гімна "Багародзіца", на другой пліце пералічаны ўсе сорак харугваў Вялікага Княства Літоўскага, якія бралі ўдзел у Грунвальдскай бітве. Акрамя таго на камені усталяваны барэльефы Вя-лікага князя Літоўскага Вітаўта і караля Польскага Ягайлы.

Тэкст "Багародзіцы" выбіты ў сучаснай беларускай мове, у варыянце, надрукаваным у часопісе "Лідскі летапісец" і газеце "Наша слова". Пералік харугваў ВКЛ пададзены паводле часопіса "Лідскі летапісец".

Устаноўка пліты з тэкстам "Багародзіцы" мае выключнае значэнне. Гэта першая манументальная выява самага старажытнага гімну нашых прашчураў, прынамсі, з вядомых на сёння. Час яго з'яўлення адносяць да 13-га стагоддзя. Гэты гімн спявалі нашыя прашчуры на Грунвальдскім полі. З Ягайлам "Багародзіца" прыйшла ў Польшчу і стала каранацыйнай песняй Ягелонаў. "Багародзіца" ў старабеларускай мове была надрукавана ў першым Статуце Вялікага Княства Літоўскага.

У Беларусі сёння вядома некалькі выдатных выкананняў "Багародзіцы", музычных і вакальных, і вось ёсць яшчэ адно - у метале па творчай задуме слыннага патрыёта нашай Бацькаўшчыны Анатоля Белага.

Яраслаў Грынкевіч.


У МЕНСКУ ПРАДСТАЎЛЕНА КНІГА БЕЛАРУСКАЙ ПАЭТЭСЫ Л. СОМ "СВАБОДА СЛОВА. ЗІМА"

Прэзентацыя кнігі беларускай паэтэсы і барда Леры Сом "Свабода Слова Зіма" адбылася вечарам 16 верасня ў менскім Доме літаратара. Зборнік выйшаў у сталічным выдавецтве "Логвінаў" у серыі "Другі фронт мастацтваў".

Як зазначыў куратар серыі, паэт і літаратурны крытык Зміцер Вішнёў, гэты чацвёрты зборнік паэтэсы, якая жыве ў Полацку, з'яўляецца "найбольш прыкметным як па форме, так і па змесце". "Згодна з традыцыяй гэтай серыі, вокладку кнігі ўпрыгожвае рэпрадукцыя карціны аднаго з найбольш яркіх сучасных беларускіх мастакоў Алеся Пушкіна "Развітанне з Віцебскам". У зборніку гэтай пяшчотнай і рамантычнай паэтэсы прадстаўлены яе розныя творы - ад класічных да постмадэрнісцкіх", - сказаў літаратар.

Паводле слоў З. Вішнёва, пакладзеная на музыку, паэзія Л. Сом у аўтарскім выкананні ўспрымаецца асабліва эмацыянальна.

Рэдактар выдання і аўтар прадмовы да яго, вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў зазначыў, што першы верш Л. Сом напісала ў 10 гадоў. "Ён быў пра дзяўчынку, якая марыла стаць чарадзейкай, і калі яе мара ажыццявілася, яна знікла з гэтага жыцця, пакінуўшы тут усіх, хто яе не разумее. А не разумелі яе ўсе астатнія", - сказаў У.Арлоў. Паводле яго слоў, Л. Сом - унікальная паэтэса, якая як ніхто можа пісаць ад імя мужчыны, фантазіяваць, філасофскі асэнсоўваць адвечныя тэмы быцця. "Гэта выдатная палачанка. Пра такіх, як яна, вялікі Францішак Скарына сказаў: "... чуюць віры свая", - зазначыў пісьменнік.

Як прызнаўся старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, Беларусь асацыюецца ў яго з Полацкам, Полацк - з Ефрасінняй Полацкай, а Ефрасіння Полацкая - з Лерай Сом. "Калі бы Ефрасіння Полацкая мела спадчынніцу, то сваім выглядам і родам заняткаў яна б адпавядала Леры Сом", - лічыць А.Пашкевіч.

Л.Сом нарадзілася ў 1966 годзе ў Полацку. Скончыла мастацкаграфічны факультэт Віцебскага педінстытута імя С.Кірава і філасофскі факультэт Белдзяржуніверсітэта. З 1989 года працуе настаўніцай у полацкай СШ № 5. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭНцэнтра, Беларускай асацыяцыі журналістаў і старшыня полацкага літаратурнага аб'яднання "Наддзьвіньне", створанага ў 1926 годзе.

М. ГАРАВЫ, БелаПАН.


У МЕНСКУ АДБЫЛАСЯ ВЕЧАРЫНА "ЯНКА КУПАЛА І ЯН РАЙНІС", ПРЫСВЕЧАНАЯ 140-ГОДДЗЮ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ КЛАСІКА ЛАТЫШСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Вечарына "Янка Ку-пала і Ян Райніс", прысве-чаная 140-годдзю з дня на-раджэння класіка латыш-скай літаратуры, адбылася 14 верасня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Менску.

Падчас адкрыцця ве-чарыны дырэктар музея Сяргей Вечар зазначыў, што Я.Райніс і Я.Купала з'яўляюцца сімваламі сваіх народаў, увасабленнем імк-нення да свабоды і неза-лежнасці для латышоў і беларусаў. Паводле слоў С.Вечара, дзякуючы нама-ганням Я.Райніса ў 1921 годзе ў Латвіі была адкрыта сетка беларускіх школ, тэ-атраў і выдавецтваў, а ў 1922 годзе ў Даўгаўпілсе пачала дзейнічаць Першая беларуская гімназія, што стала цэнтрам асветы латы-шскіх беларусаў. "Драма-тычным кружком гэтай гім-назіі пад кіраўніцтвам Паў-ліны Мядзёлкі была па-стаўлена п'еса Янкі Купалы "Паўлінка", - зазначыў С.Вечар. Паводле яго слоў, знаёмства Я.Райніса з Я. Купалам адбылося ў 1926 годзе падчас канферэнцыі ў Інбелкульце па пытаннях беларускага правапісу. "Ян Райніс зацікавіўся творчас-цю беларускіх паэтаў, у тым ліку Купалы, Максіма Багдановіча і Францішка Багушэвіча. Дзякуючы яго перакладу твораў Купалы на латышскую мову бела-рускага паэта ведалі ў Лат-віі ўжо з 1927 года", - сказаў С.Вечар.

Паводле слоў пасла Латвіі ў Беларусі Майры Моры, Я.Райніс з'яўляўся вялікім паэтам і палітыч-ным дзеячам, сімвалам ла-тышскага нацыянальнага адраджэння. "Ён зрабіў зна-чны ўнёсак у стварэнне сучаснай латышскай літа-ратурнай мовы, пераклаў на латышскую "Фауста" Ёга-на Гётэ", - сказала М. Мора. Яна выказала пры-знанне кіраўніцтву музея за арганізацыю вечарыны і падкрэсліла роднасць ла-тышоў і беларусаў.

Старшы навуковы супрацоўнік музея Дзіяна Філіповіч звярнула ўвагу на блізкасць Я. Райніса да Бе-ларусі і яе культуры. "Яго маці - са старажытнага роду Грыкоўскіх. Паэт, які нарадзіўся на стыку Латвіі, Літвы і Беларусі, з дзяцін-ства ўвабраў у сябе куль-туру брацкіх народаў. Вы-хаваны на беларускіх на-родных песнях, Ян Райніс пераклаў іх на латышскую, вывучыў беларускую мову і задумваў напісанне гіста-рычнай драмы "Беларусы", - сказала Д.Філіповіч.

У вечарыне ўзяў удзел узорны калектыў цы-мбалістаў "Абярог" Рэспубліканскага каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка.

Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.


У КРЭВЕ ПРАЙШОЎ ФЕСТЫВАЛЬ "КРЭЎСКІЯ КАМЯНІ-2005"

Дабрачынны фестываль "Крэўскія камяні-2005" прайшоў 10 верасня ў вёсцы Крэва Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці.

Як паведаміла БелаПАН адна з арганізатараў мерапрыемства Вольга Чайчыц , удзел у фестывалі ўзялі народныя творчыя калектывы , барды і сучасныя гурты - " Акропаль ", " Ростра ", " Куцьмень ", " Велярыб ", " Дэсань ", Андрэй Хадановіч , Серж Мінскевіч , пераможца фес - тывалю " Бардаўская восень -2004" Таццяна Беланогая . Гледачы таксама ўбачылі спектакль тэатра ценяў , шоу , падрых - таванае арганізатарамі .

"Нягледзячы на адносна невялікую колькасць гледачоў, мы лічым, што свята ўдалося. Асабліва, калі ўлічыць тое, што мы такое мерапрыемства праводзілі ўпершыню", - зазначыла В.Чайчыц. Паводле яе слоў, усе сабраныя сродкі будуць накіраваны ў фонд кансвервацыі Крэўскага замка.

Сяргей ПУЛЬША, БелаПАН.


Не стала Ібрагіма Канапацкага

Увечары 9 верасня на 57-м годзе жыцця раптоўна памёр вядомы дзеяч нацыянальна-культурнага адраджэння беларускіх татар, кандыдат гістарычных навук, старшыня мусульманскай суполкі Менска, намеснік старшыні грамадскага аб'яднання беларускіх татар "Зікр уль-Кітаб" ("Памяць і кніга"), найактыўнейшы сябар ТБМ Ібрагім Канапацкі.

Ён нарадзіўся 28 лю-тага 1949 года ў пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1970 годзе Менскага дзяржаўна-га педагагічнага інстытута імя М.Горкага працаваў настаўнікам, асістэнтам, старэйшым выкладчыкам і дацэнтам гэтай ВНУ (цяпер Беларускі дзяржаўны педа-гагічны ўніверсітэт імя М. Танка). У педуніверсітэце ён чытаў гісторыю Беларусі на беларускай мове, вывучаў пытанні ўдзелу беларусаў у асваенні цалінных земляў Казахстана ў 1954-1960 гадах, праблемы міжнацыянальных адносін, гісторыю і культуру беларускіх татараў, з'яўляўся членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі вывучэння нацыянальных меншасцяў, рэдактарам штоквартальніка беларускіх татар "Байрам", які выдаецца з 1991 года.

Ібрагім Барысавіч быў адным з найбольш прагрэсіўных прадстаўнікоў татарскага народа ў Беларусі, які няспынна клапаціўся аб яе незалежнасці і культуры, аб развіцці татара-беларускай мовы.

І. Канапацкі вёў вялікую працу па адраджэнні старадаўніх і будаўніцтве новых мячэцяў, актыўна супрацоўнічаў з Менскім гарадскім культурна-асветніцкім клубам "Спадчына" па папулярызацыі дасягненняў сусветнай культуры.

Пахавалі Ібрагіма Канапацкага 11 верасня на мізары (мусульманскія могілкі) у Смілавічах Чэрвеньскага раёна Менскай воб-ласці.

Смерць Ібрагіма Канапацкага - цяжкая страта для беларускай інтэлігенцыі і ўсіх сумленных людзей. Разам з І. Канапацкім страціла свайго вернага сябра і глыбокага знатака і яго родная беларуская мова.

Сакратарыят ТБМ рэдакцыя " Нашага слова " выказваюць шчырыя спачуванні родным і бдізкім І . Канапацкага , а таксама ўсёй беларускай татарскай грамадзе ў сувязі са смерцю шчырага патрыёта Беларусі .


"Свецячы іншым, згараю...

" Пакуль паэты будуць жыць -

Не быць Радзіме безыменнай,

Зямлі бацькоў не анямець"

Ніл Глевіч.

Са смерцю настаўніка па ім заўжды сумуюць вучні. Са смерцю паэта - сумуюць прыхільнікі паэзіі. А хто сумуе са смерцю настаўніка і паэта? - Увесь народ. Вось мінуў і год без Паэта і Настаўніка з Вілейкі.

Адышоў на нябёсы ён у сімвалічны для сябе дзень - 1 верасня. Дзень ведаў быў азмрочаны нечаканай навіной? На 71 годзе жыцця перастала біцца сэрца сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў - Івана Іосіфавіча Лашуткі. Не сказаць, каб узрост быў занадта вялікі, не. Тым больш, што паэт заўжды адчуваў сябе маладзейшым, асаблі-ва душой. Хварэў, праўда. І хвароба ўзяла сваё.

Іван Лашутка быў з тых людзей, пра якіх кажуць: хворы на Беларусь. І як пазней успамінала яго ўдава, Вера Уладзіміраўна, Іван Іосіфавіч вельмі перажываў, гледзячы як сёння ганьбяць беларускую мову, зне-важаюць яе. Вера Уладзіміраўна часам і папракала мужа за гэта. Маўляў, хай кожны сам выбірае, на якой мове яму размаўляць. Навошта прымушаць? А па-пракала, бо нельга было паэту турбаваць без таго хворае сэрца. Толькі, не глядзячы на хваробу, Іван Лашутка не збіраўся адступаць ад сваіх перакананняў. Ён да апошняга моманту быў упэўнены, што дзяржаўнай мовай - павінна быць менавіта беларуская. Вось што казаў паэт у 2003 годзе пра родную мову:

- Ва ўсіх народаў дзіця пазнае нава-кольны свет з дапамогай ласкавага мат-чынага слова. Расквечаная мелодыяй кахання, а пазней упрыгожаная песнямі майстроў-музыкаў родная мова ўваходзіць у душу і сэрца чалавека. І ў гэтым было, ёсць і будзе вялікае прызначэнне роднай мовы для любога народа. Занядбанне яе прыводзіць да бяспамяцтва і гібелі нацыі, як пэўнай супольнасці людзей на зямной прасторы. Вось чаму вы ўсім цывіліза-ваным свеце кожны народ і яго дзяржаўныя інстытуты абараняюць сваю мову.

Іван Лашутка, нарадзіўшыся ў далёкім 1933 годзе, здолеў годна пражыць сваё жыццё. Не зламала яго нават вайна, успаміны ад якой шрамам засталіся на сэр-цы. Падчас вайны на працу ў Нямеччыну быў інтэрнаваны яго брат Мікола. А перад самым вызваленнем родных мясцін ад ворага фашыстамі нібыта за сувязь з партызанамі была схоплена яго сястра Лёля. Брат вярнуўся жывым, а вось сястру Іван Іосіфавіч больш ніколі не пабачыў.

І толькі праз шмат год стала вядома, што Лёлю разам з жыхарамі адной з вёсак спалілі немцы. Але дзе пахаваны яе попел - невядома і да сёння.

"Мне ёсць што ў вайны спытаць:

Да гэтых дзён шукаю я магілу-

Сястры маёй зямны грудок пахілы,

Каб кветкі ёй сабраныя аддаць," - напіша паэт пасля.

Пакутаваў паэт, калі адбылася Чарнобальская катастрофа. Ахоплівала яго горыч кожны раз, як Таіса Бандар палівала брудам імя аднаго з лепшых і паважаных паэтаў Ніла Гілевіча. Усё жыццё Івана Лашуткі было адной суцэльнай пакутай. Хіба толькі апошнія гады жыцця праходзілі спакойней. І тыя не на столькі, як хацелася б. У 2000 і 2003 гадах вышлі ў свет яго зборнікі вершаў "Край верасаў", "Святло Слова", адпаведна. А колькі было пакла-дзена сілаў і нерваў для таго, каб кнігі з'явіліся на свет. І нават пасля выхаду апошняга зборніка паэту даводзілася ўсё бегаць, намацваць глебу для таго, каб кнігу ўзялі на продаж у Вілейскю кнігарню. А дзеля чаго? Для таго, каб праз непрацяглы час па незразумелай прычыне кніга была знята з прылаўка і вярнулася туды зноў толькі амаль праз год?

Спрабаваў Іван Лашутка сябе і ў прозе. Ягоныя апавяданні з'яўляліся на старонках літаратурных выданняў. Але і тут не абышлося без "фокусаў". У часопіс "Акно" даслаў сваё апавяданне. Рэдакцыя часопіса надрукавала яго толькі у скароце. Такой бяды, можа, што ў скароце. Дык апавяданне было надрукавана са змянен-нямі. Аўтар, як тады сам адзначыў, за такі варыянт твору выглядаў перад чытачом нейкім "заклапочаным" дзедам. Вельмі непрыемна было яму.

Неяк Іван Лашутка на пытанне, "Для чаго чалавек на свеце жыве?" адказваў: "Каб пакінуць добры след на зямлі!" Дык вось, я мяркую, што сам паэт такі след пакінуў пасля сябе. Сваім вершаваным словам ён змог абудзіць у сэрцах тысяч беларусаў любоў да сваёй Бацькаўшчыны, да роднай мовы, гісторыі, культуры...

Сяргей Макарэвіч.


Іван Лашутка


Паэт

Памяці Уладзіміра Дубовіка


Ты нават у думках не меціў

На крыўду адказваць злом

Тым, хто ў зманлівым свеце

Да ўлады лез напралом,

Хто думаў, што галоўная страта,

Пасады згубіць кручок,

Хто мог прадаць нават брата

За большы, сытнейшы кусок.

...Ішла, як сцяжынкай топкай,

І ў палкую спёку, і ў золь,

Не бачаная натоўпам,

Твая адзінота і боль.

Паэты заўсёды ў аблаве.

Смяшаць, пераводзячы дух,

Тым, хто ў зменлівай славе,

Мовіць за нас, за двух:

Няхай не мінае гаркота

Тых, хто глядзеў стараной

Міма тваёй самоты,

Міма любові тваёй.



Танец пеўня, якому адсеклі галаву


Сціснуў крылы, горлам - на лаву,

Прыдушыў, хоць крычы каравул,

Гаспадар зрабіў звычную справу -

Пеўню ўвосень адсек галаву.

А скрываўлена - гнуткае цела

(Хоць прысуд быў аддан тапару)

Яшчэ жыць на зямлі хацела -

Соннай вёсцы будзіць зару.

І ў смяротнай агоніі ногі

Сярод смецця і росных траў

Дзіўны танец вялі да змогі

Там, дзе зерне сямейству шукаў.

Дзе любіў абдымаць крыламі

І грашыў, як спрадвек, на зямлі,

Увесь двор акрывавіў у плямы,

Каб забыць яго не змаглі,

Ды ніхто не заўважыў, напэўна,

На світанні наступнага дня,

Што ў ранішнім звоне напеўным

Не стае аднаго пеюна...


В. Быкаў, А. Карпюк, М. Васілёк - пісьменнікі-змагары

У музеі Максіма Багдановіча ў Гародні працягвае працаваць выстава "Не затухае блік ваш, зоры...", прысвечаная 60-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайны. Тут сабраны дакументальныя сведчанні ўдзе-лу у вайне пісьменнікаў Васіля Быкава, Аляксея Карпюка і Міхася Васілька.


Цікавасць выклікаюць фотаздымкі. Напрыклад, былога франтавіка Васіля Быкава можна пабачыць з Р. Бакланавым, А. Карпюком, У. Калеснікам, Г. Вылчавым. Шмат арыгінальных фатаграфій асабіста Быкава. Вось ён каля танка-помніка ў Гародні, каля Нёмана, у час пад-пісання кніг маладым сал-датам, на вулках Вільні...

Прыцягваюць увагу наведвальнікаў блакнот з нататкамі Васіля Уладзімі-равіча да аповесці "У ту-мане" (70-я г. мінулага ст.), сшытак з надпісам "Мае папраўкі да "Ваенных апо-весцяў" (1964), рукапіс апа-вядання В.Быкава "Зеніт-чыца" (90-я г.), віншаваль-ная тэлеграма за подпісам Расула Гамзатава (1980), пасведчанне № 178 дэпу-тата абласнога Савета В. Быкава (1979), машынапіс-ны ліст з праўкамі В.Быкава пачатку аповесці "Сотні-каў" (1970), некалькі лістоў машынапісу аповесці "Знак бяды" з рукапіснымі пазна-камі аўтара (1984)...

Шмат кніг Васіля Быкава на розных мовах, выдадзеных у Будапешце (Венгрыя, 1968), Сафіі (Бал-гарыя, 1969), Празе (Чэха-славакія, 1974). Гэта апо-весці "Альпійская балада", "Абеліск", "Сотнікаў" і інш. Ёсць пераклад "Альпійскай балады" на турэцкую мову з даравальным надпісам балгарскіх студэнтаў муз-ею Максіма Багдановіча ў Гродне. Асобна змешчаны кнігі Васіля Уладзіміравіча на роднай мове. Гэта зборы яго твораў, паасобнікі апо-весцяў.

Партызан і франта-вік Аляксей Карпюк на ад-ным з фотаздымкаў адлю-страваны падчас нарады маладых пісьменнікаў у Гародні (1955). У экспазіцыі ёсць нават яго паходная сумка (1943). Лісты маладога байца Аляксея Нічы-паравіча бацькам кранаюць мужнасцю і нянавісцю да фашыстаў (сакавік 1945). Многа пісалі параненаму баявому таварышу Міхаіл Марозаў, Іван Кучэрын, Яфім Паес, Георгі Джарты і іншыя.

Змешчаны таксама да агляду "Франтавы дзённік" А. Карпюка. У 30-старонкавым сшытку алоўкам занатаваны падзеі, у якіх Аляксей браў удзел як салдат Вялікай Айчыннай. Каштоўнасць у тым, што выкладзены перажыванні салдата, роздум пра пасляваеннае жыццё, даецца апісанне баёў у Берліне, стан жыхароў заваяванай Германіі.

Можна пабачыць першую кнігу празаіка "Дзве сасны (1958).

Што да Міхася Васілька, то сёлета 14-га лістапада яму спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння. Ён таксама браў удзел у барацьбе з гітлераўцамі, быў сябрам Скідальскага падполля, партызаніў. Фотаздымкі сведчаць пра адкрыццё выставы гэтага творцы, прымеркаванае да яго 80-годдзя (1985). На стэндзе ёсць фота М. Васілька, якое было апублікавана ў зборніку вершаў "З сялянскіх ніў" (1936), а таксама здымак пісьменніка пасля яго ўцёкаў з Вайдэнскага лагера (жнівень 1941). Апошні здымак пазначаны 1960 годам. Тады пісьменніку споўнілася 55. Трэцяга верасня таго ж года памёр...

З кніг М.Васілька мо-жна пабачыць "Выбраныя творы" (1959), "Зори над Неманом" (Ленинград, 1958).

Зразумела, пабачыць фотаздымкі пісьменнікаў, іх запісныя кніжкі, пісьмы - цікавая справа. Але куды больш можна даведацца пра іх жыццёвы шлях і лёс, калі прачытаць зборнікі гэтых творцаў. І Быкаў, і Карпюк, і Васілёк так ці інакш не абышлі ўвагай свой удзел у Вялікай Айчыннай вайне.

Антон Лабовіч, Гародня.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX