№ 46 (732) 30 ЛIСТАПАДА 2005 г.
85-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну
Беларусы не забываюць пра Слуцкі збройны чын
З ініцыятывы Слуцкай гарадской арганізацыі ТБМ пабачыў свет гістарычны нарыс "Слуцкае паўстанне 1920 года". Аўтар выдання - доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч, добра вядомы чытачам "Нашага слова". Кампетэнтна і разам з тым у даступнай форме ён аднаўляе гісторыю адной з драматычных і малавядомых старонак беларускага нацынальнавызваленчага руху. Навуковец вызначае прычыны і мэты паўстання, даследуе склад яго ўдзельнікаў, раскрывае далейшы лёс слуцкіх змагароў.
Сёлета, 27 лістапада, падзеям на Случчыне, якія ўвайшлі ў гісторыю Беларусі пад назвай Слуцкі збройны чын, споўнілася 85 гадоў. Гэты дзень адзначаецца як Дзень Герояў, як Дзень Узброеных сілаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Кніжка мае наклад 500 асобнікаў і азнаёміцца з ёй можна ў бібліятэцы Таварыства беларускай мовы ў Менску.
Наш кар.
(Новы артыеул Анатоля Грыцкевіча да 85-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну чытайце на ст. 6.)
15 гадоў Беларускаму гуманітарнаму ліцэю
27 лістапада ў Менску прайшла вечарына, прымеркаваная да 15годдзя Беларускага гуманітарнага ліцэя.
Пра значнасць гэтай падзеі гаворыць той факт, што на вечарыну сабраліся прадстаўнікі ўсіх асноўных амбасадаў, акрэдытаваных у Менску.
Паколькі ўсе ліцэісты з'яўляюцца сябрамі ТБМ, то жаданым госцем на вечарыне быў і старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Ліцэй даўно ўжо стаў сімвалам неўміручасці беларускай нацыянальнай ідэі і нязломнасці беларускага нацыянальнага духу, і Сакратарыят ТБМ, а таксама рэдакцыя газеты "Наша слова" далучаюцца да віншаванняў, якія прагучалі ў юбілейныя дні ў адрас гэтага асяродка Беларушчыны.
(Матэрыял да 15-годдзя ліцэя чытайце на ст. 2.)
Зварот Сакратарыяту
ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"
Падтрымаем беларускамоўныя выданні
У лістападзе 2005 года стала вядома аб рашэнні беларускіх уладаў спыніць падпіску на шэраг беларускамоўных выданняў. Такое рашэнне пазбаўляе беларуска-моўных грамадзян нашай краіны права атрымліваць афіцыйна зарэгістраваныя падпісныя выданні на беларускай мове.
Сакратарыят ТБМ выказвае рашучы пратэст з нагоды выключэння з рэспубліканскага падпіснога каталога газет "Наша Ніва" і "Рэгіянальная газета" і звяртаецца да кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, РУП "Белпошта" з прапановай спыніць спробы дыскрымінацыі падпісчыкаў па моўнай прыкмеце.
Мы звяртаемся і да грамадзян Беларусі прыняць актыўны удзел у абароне сваіх правоў на атрыманне інфармацыі на дзяржаўнай беларускай мове. Просім вас накіроўваць свае лісты пратэсту на адрас генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" (пр. Незалежнасці, 10, 220050, г. Мінск, тэл. 226-01-73, факс 226-11-70) і міністра сувязі і інфарматызацыі (пр. Незалежнасці, 10, 220050, г.Мінск, тэл. 227-38-61, факс 227-21-57). Акрамя таго, кожны можа ўнесці запіс у Кнігу заўваг і прапаноў у сваім паштовым аддзяленні. У адпаведнасці з дэкрэтам № 2 ад 14 студзеня 2005 году "Аб удасканаленні працы з насельніцтвам" гэтая Кніга павінна быць прад'яўлена па першым патрабаванні грамадзяніна, а прапановы і заўвагі разгледжаны на працягу 15 дзён. Надышоў той момант, калі трэба сказаць "Не" свавольству. Разам абаронім сваё права на атрыманне інфармацыі.
17 лістапада 2005 г.
Як падпісацца на "Нашу Ніву"
Вельмі важна, каб "Наша Ніва" захавала падпісчыкаў. Гэта было б найлепшым адказам на спробу задушыць беларускую прэсу. Як бы ні вырашылася гэтая канкрэтная сітуацыя, каб і надалей гарантавана чытаць газету, што налета адсвяткуе 100годдзе, дашліце на адрас Рэдакцыі свой дакладны паштовы адрас. Тыя, хто дашле свае каардынаты ў Рэдакцыю, будуць гарантавана атрымліваць газету - у канвертах ці іншым чынам - нават калі б ёй прыйшлося друкавацца за мяжой і распаўсюджвацца самастойна. Гэта датычыць і тых чытачоў, што прызвычаіліся купляць газету ў шапіках.
Той, хто гатовы ў разе патрэбы дастаўляць "НН" у свой раён ці квартал ці іншым спосабам пасярэднічаць у распаўсюдзе, хто мае ідэі і прапановы, калі ласка, таксама скантактуйцеся з Рэдакцыяй.
Т.: 8-017-284-73-29 , мабільныя:
8-029-707-73-29,
8-029-613-32-32.
Е-mail: nn@promedia.by .
220050, Менск, а/с 537 .
(Распрацавана ў рэдакцыі "Нашай Нівы".)
Як пратэставаць супраць спынення распаўсюду "Нашай Нівы", "Рэгіянальнай газеты" і іншых беларускамоўных выданняў
Адзіны пратэст, які меў поспех за апошні час - гэта дасыланне лістоў у Міністэрства інфармацыі (пр. Пераможцаў, 11, 220004, Мінск). Гэта мела эфект у выпадку прыпынення "Рэгіянальнай газеты", калі людзі пачалі масава скардзіцца.
Таксама ў гэтым выпадку ёсць сэнс пісаць запыты і скаргі генеральнаму дырэктару РУП "Белпошта" (пр. Незалежнасці, 10, 220050, г. Мінск, тэл. 2260173, факс 2261170) і міністру сувязі і інфарматызацыі (пр. Незалежнасьці, 10, 220050, г. Мінск, тэл. 2273861, факс 2272157).
Лісты павінны ўтрымліваць пасаду адрасата, Ваша прозвішча, імя, імя па бацьку і адрас, указанне на парушэнне Вашых правоў выключэннем выданняў з падпіснога каталогу, патрабаванне забяспечыць выкананне беларускага заканадаўства, а таксама дата і подпіс. Акрамя таго, кожны можа ўнесці запіс у Кнігу заўваг і прапаноў у сваім паштовым аддзяленні. У адпаведнасці з прэзідэнцкім дэкрэтам №2 ад 14 студзеня 2005 году "Аб удасканаленні працы з насельніцтвам" гэтая кніга павінна быць прад'яўлена па першым патрабаванні грамадзяніна, а прапановы і заўвагі - разгледжаны на працягу 15 дзён.
Надышоў той момант, калі трэба сказаць "не" свавольству. Разам абаронім сваё права на атрыманне інфармацыі.
(Распрацавана ў рэд. "НН" )
Беларуская мовазнаўчая навука панесла вялікую страту
21 лістапада 2005 г. на 71м годзе жыцця памёр вядомы беларускі мовазнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Іосіфавіч Падлужны.
Ураджэнец Мсціслаўскага раёна, Аляксандр Іосіфавіч увесь свой жыццёвы і творчы шлях прысвяціў служэнню роднаму слову. Кола яго навуковых інтарэсаў было надзвычай шырокім. Ён займаўся пытаннямі беларускай фанетыкі і фаналогіі, сучаснай беларускай лексікаграфіі, граматыкі, правапісу і культуры мовы. Як адзін з аўтараў кнігі "Беларуская мова для небеларусаў", якая вытрымала некалькі выданняў, Аляксандр Іосіфавіч далучаў да вывучэння беларускай мовы ўсіх, хто хацеў яе ведаць, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці.
Аляксандр Іосіфавіч шмат сіл і часу аддаваў грамадскай дзейнасці. У памяці кожнага беларуса А. І. Падлужны застанецца як адзін з аўтараў Закона аб мовах Рэспублікі Беларусь (1989 г.).
Да апошняга дня Аляксандр Іосіфавіч быў поўны творчых планаў і задум, здзейсніць якія застаецца яго вучням і паслядоўнікам.
Сябры Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" смуткуюць з прычыны заўчаснай смерці А. І. Падлужнага і выказваюць глыбокае спачуванне блізкім і родным.
Сакратарыят ТБМ.
Беларускі гуманітарны ліцэй - феномен сучаснай беларускай гісторыі
Гісторыя беларускай адукацыі мае глыбокія гістарычныя традыцыі. Яе вытокі трэба шукаць у ХІІ - ХІІІ стст. у старажытных Полацку і Смаленску, дзе ўзнікаюць першыя школы. Выхаванцы гэтых школ маглі браць удзел у полацкім летапісанні, а пазней і ў смаленскім. Аб узроўні адукацыі нашых продкаў гавораць знаходкі берасцяных грамат у Смаленску, Віцебску і Мсціславе, бронзавых пісал і кніжных зашпілек.
У ХІІІ - XV стст. адукацыйнымі цэнтрамі на Беларусі былі праваслаўныя і каталіцкія манастыры і кляштары.
У XVІ ст., пасля з'яўлення на Беларусі ўласных друкаваных кніг узровень адукацыі значна ўзрос. Асаблівую ролю тут адыгралі езуіты, якія стварылі шырокую сетку калегіюмаў па ўсёй Беларусі.
Асноўнай мовай адукацыі была латынь, дзякуючы чаму беларускія студэнты пасля калегіюмаў працягвалі сваю адукацыю ў лепшых універсітэтах Еўропы. Пры гэтым у калегіюмах, пратэстанцкіх і брацкіх (праваслаўных) школах вывучалася старабеларуская мова, якая тады была дзяржаўнай. Найбольшым уздымам развіцця адукацыі ў сярэднявечнай Беларусі было стварэнне ў канцы XVІ ст. Віленскага універсітэта, які стаў кузняй нацыянальных кадраў ВКЛ.
Яго выкладчыкі і навучэнцы складалі аснову беларускай нацыянальнай эліты ў XVІІІ і першай трэці ХІХ ст., былі ў першых шэрагах змагароў супраць расійскай экспансіі.
Найбольш дух братэрства і ўзаемападтрымкі склаўся тут у 20-х гадах ХІХ ст., калі ўзніклі студэнцкія і выкладчыцкія культурнаасветніцкія, патрыятычныя суполкі.
Менавіта тут і трэба шукаць вытокі феномена Беларускага гуманітарнага ліцэя, дзе існавала і існуе духоўная лучнасць паміж выкладчыкамі і навучэнцамі, што склалася на грунце беларускай нацыянальнай ідэі.
Жорстка задушаная царызмам у 1832 годзе, нацыянальная беларуская адукацыя пачала сваё адраджэнне пад час Першай сусветнай вайны на тэрыторыях, акупаваных у 1915 годзе немцамі. Пачынаючы з 1916 года тут узнікаюць беларускія школы і гімназіі і нават настаўніцкія семінарыі, дзе ўсе праграмы выкладаюцца пабеларуску.
Цэнтрам гэтай адукацыі стала Віленшчына, асабліва ў 1920 - 1922 гг., калі тут існавала марыянеткавая дзяржава "Сярэдняя Літва", дзе ў галіне адукацыі было пэўнае спрыянне беларушчыне.
Менавіта ў гэты час і паўстала Віленская беларуская гімназія, дзе зноў назіраецца феномен духоўнай еднасці паміж выкладчыкамі і гімназістамі на грунце беларускага адраджэння.
Дастаткова толькі прыгадаць уплыў Максіма Гарэцкага на рускую дзяўчыну Наталлю Арсенневу, якая стала знакамітай беларускай паэткай.
Такім чынам, другой падвалінай феномену БГЛ з'яўляецца беларускі адукацыйны рух Заходняй Беларусі пад кіраўніцтвам Таварыства беларускай школы.
Таму не выпадкова ідэя аднаўлення беларускамоўнай несавецкай адукацыі выспела ў беларускамоўным грамадстве ў часе перабудовы ў 1989 - 1990 гг.
Як і раней, ініцыятарам гэтага працэсу выступіла не дзяржава, а грамадская арганізацыя - Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, што ўзнікла ў 1989 годзе. Ініцыятарам стварэння беларускамоўнага ліцэя для дзяцей і дарослых выступіла Рада ТБМ Савецкага раёна г. Менска.
Дзякуючы намаганням сяброў Рады ў 1990 годзе ліцэй узнік і стаў дзейнічаць спачатку ў Савецкім раёне Менска, а потым неўзабаве набыў свой будынак, атрымаў агульнагарадское значэнне і стаў афіцыйнай дзяржаўнай установай з філіяламі ў іншых гарадах Беларусі. Асабліва моцным быў філіял ў Светлагорску.
Варта адзначыць, што ў ліцэй паступілі дзеці з рускамоўных школ і таму не вельмі добра ведалі беларускую мову. Але ўжо за першы год вучобы іх было не пазнаць, бо ў ліцэі лунаў беларускі дух, які абуджаў іх генную памяць. Ужо праз некалькі год ліцэй ператварыўся ў элітную навучальную установу, куды імкнуліся не толькі дзеці апазіцыянераў, але і высокіх дзяржаўных чыноўнікаў. Такім чынам сканаў міф аб тым, што беларуская мова не прыдатная для элітных навучальных устаноў Беларусі, што яна не цікавая і дзеці не хочуць на ёй вучыцца. Ад былой савецкай школы, дзе рыхтавалі будаўнікоў камунізму, піянераў і камсамольцаў, ліцэй адрозніваўся ўнутранай свабодай навучэнцаў. Яны мелі поўны выбар як у канфесійным, так і ў палітычным плане. Таму іх таленты адразу прачнуліся. Нягледзячы на вялікую вучэбную нагрузку, значна большую, чым у звычайнай школе, ліцэісты знаходзілі час, каб пісаць вершы, танчыць, спяваць, здымаць кіно, ездзілі ў вандроўкі па Беларусі і ўсім свеце.
Выкладчыкі ліцэя, акрамя метадычнай літаратуры, выпускалі падручнікі, хрэстаматыі, вучэбныя дапаможнікі, іх досвед шырока разыходзіўся па ўсёй краіне.
Пасля рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў улады пачалі згортваць беларускамоўную адукацыю, прычым рабілі гэта часта "па просьбе працоўных", прымушаючы бацькоў пісаць заявы аб рускамоўным навучанні дзяцей. Сотні беларускамоўных школ і класаў зніклі на працягу некалькіх год, бо першымі адмовіліся ад беларушчыны настаўнікі, выхаванцы савецкіх інстытутаў і універсітэтаў, дзе дзесяцігоддзямі вынішчалася ўсё беларускае. Асабліва амаральна паводзілі сябе некаторыя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, якія прынцыпова не карысталіся роднай мовай у штодзённым побыце, і гэтым давалі адмоўны прыклад дзецям.
Аднак, цікавасць да ліцэя не знікла, а наадварот - значна ўзрасла. Бо выпускнікі яго паступалі без праблемаў у лепшыя ВНУ не толькі Беларусі, але заходнееўрапейскіх краін і ЗША.
Таму ўлады пачалі рашуча змагацца з ліцэем і ўпершыню пацярпела паразу. Шматлікія пікеты навучэнцаў, выкладчыкаў і іх бацькоў звярнулі на сябе ўвагу беларускай і замежнай грамадскасці. Некаторы час ліцэй не чапалі, але ён увесь час замінаў ворагам беларускага, і яны пайшлі на яго афіцыйную ліквідацыю. І тут атрымалася неверагоднае. Ідэйныя папярэднікі ліцэя, Віленскі універсітэт і Віленская гімназія, пасля іх афіцыйнага закрыцця не здолелі адрадзіцца ні ў падполлі, ні ў эміграцыі. А ліцэй здолеў і, такім чынам, дасягнуў сусветнай вядомасці, працягваючы рыхтаваць будучую нацыянальную эліту.
Найбольш плённы стаў 2005 год - год, калі палітычная сітуацыя ў краіне стала надзвычай складанай. І менавіта ў гэты час ліцэй спачатку выехаў на вучобу ў Літву (Вільня), а потым у Польшчу.
Так сталася, што мэр Варшавы Лех Качыньскі, які шмат зрабіў для прыезду і навучання ліцэістаў у Польшчы, нядаўна стаў прэзідэнтам краіны. Літоўскія і польскія інтэлігенты, палітыкі, журналісты надзвычай высока ацанілі феномен існавання ў падполлі беларускамоўнага ліцэя і паверылі ў будучыню Беларусі, як незалежнай, дэмакратычнай краіны.
Такім чынам, у гэтым годзе БГЛ канчаткова стаў фактарам сучаснай беларускай гісторыі, і яго з'яўленне на старонках падручнікаў нашай гісторыі - справа бліжэйшага часу. У сувязі з гэтым неабходна напісаць, выдаць асобнай кнігай і выставіць у Інтэрнэце летапіс гісторыі беларускага ліцэя.
Алег Трусаў, адзін з заснавальнікаў і выкладчыкаў ліцэя.
У векавечнай
Бацькаўшчыне клёны
Нячутна
пачынаюць аблятаць...
Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Проза У. Караткевіча мастацкая і паэтычная. Асабліва характэрнае ў гэтым сэнсе апавяданне "Сіняя - сіняя..." і сардэчна напісанне, прысвечанае Латвіі эсэ "Казкі янтарнага краю". Пісьменнік часта гасцяваў у Латвіі, палюбіў латышскую зямлю і яе народ і аб сваіх уражаннях піша перамяняючы лтаратурнаказачнае з рэальным, але паэтычным адлюстраваннем. Гэта своеасаблівы гімн звычайнаму, паўсядзённаму жыццю, звычайным людзям, якіх аўтар сустрэў на сваім шляху. Прадстаўленыя падзеі сам па сябе нічога асаблівага не маюць: незвычайнасць ім надае сам пісьменнік; яго ўменне ўбачыць - здаецца ў зусім простым - прыгожае, паказаць гэта іншым, прымусіць іх адчуць усё гэта прыгожае.
Мірдза Абалы, Латвія.
"ВЯКОЎ СУМЕЖЖА"*
Янка Брыль.
... Над ўсёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, плануюць буслы. Іх многія і многія тысячы - хто лічыў? На вільчынах сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль.
А мне пад іхні палёт асабліва добра думаецца пра Беларусь, нашу з вамі радзіму.
Давайце ўявім, што перад намі праплываюць вятрамі ветразі. І кожны сімвалізуе адну са шматгранных палітраў разнакаляровага таленту Уладзіміра Караткевіча - паэта, празаіка, драматурга, сцэнарыста, эсэіста, гісторыка...
Уладзімір Караткевіч смела ўзняў некранутыя пласты нашай літаратуры - стварыў беларускую гістарычную прозу! Адметны настрой прозы Караткевіча, багаты духоўны свет герояў не маглі не звярнуць на сябе ўвагу чытачоў і крытыкі. У польскім часопісе "Пшыязнь" Фларыян Няўважны не шкадуе эпітэтаў і параўнанняў, ведучы гаворку пра аповесць "Чазенія". Дыяпазон ведаў Караткевіча па прыродазнаўствае нагадвае яму і Прышвіна, і Паўстоўскага, і СокалаваМікітава, і Арсеньева. А паэтычнае каханне герояў і характары аповесці здаюцца яму блізкімі да рамантычных твораў Купрына і Грына.
Не будзем аспрэчваць польскага перакладчыка. Толькі падкрэслю наступнае: шырокі дыяпазон ведаў і рамантычныя героі ў рамантычных абставінах - гэта сапраўды адзнака многіх твораў Караткевіча. Герой у яго - не проста персанаж, "галоўная дзеючая асоб", а герой ў першапачатковым сэнсе: "чалавек высакародны, здольны на высокія ўчынкі".
Пісьменнік бачыць сваіх герояў разумнымі, добрымі, таленавітымі.
Караткевіч апантана верны ідэалам дабра, справядлівасці, хараства. Ён адчувае абавязковую прысутнасць гэтых ідэалаў у сённяшнім дні і ў сутарэннях часоў.
І героі яго кніг - увасабленне гэтых ідэалаў, увасабленне буйное, яркае з размахам. Гэтыя рыцары духу, асветнікі, шукальнікі, барацьбіты, героі Караткевіча жывуць смела, напорыста, існуюць у насычанай духоўнай атмасферы. У такім клімаце душы, які змяшчае ў сабе абавязковую прыхільнасць да набыткаў культуры, да лепшых традыцый мінулага, да ўсяго прыгожага ў жыцці.
Што не перастае здзіўляць у творчасці Караткевіча - дык гэта шырокі дыяпазон яго ведаў, незвычайныя эрудыцыя, агульная шырокая культура ведаў.
Апантаны кніжнік, зацяты падарожнік, чалавек яркага, смелага творчага тэмпераменту, знаўца ўсясветнай гісторыі, гісторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, гісторыі матэрыяльнай культуры, гісторыі архітэктуры, знаўца батанікі, заалогіі, геалогіі, ну і літаратуры, і гісторыі літаратуры, безумоўна.
Эрудыт і знаўца, паэт па ўспрыманні рэчаіснасці, Уладзімір Караткевіч любіць тое, пра што ён піша і тых, пра каго піша. І гэтая адкрытая ўзбуджанасць настрою, эмацыянальнасць, безумоўна, ствараюць той самы своеасаблівы, паэтычны, адухоўлены свет твораў Караткевіча...
Мы маем непаўторнага Уладзіміра Караткевіча: пісьменніка, улюбёнага ў сваю Белую Русь, у сваю "краіну пад белымі крыламі", у яе сучаснае, мінулае і будучае. У нас ёсць пісьменнік, які зачаравана спавядае хараство і гармонію, які верыць у ідэалы дабрыні і справядлівасці, які апантана любіць свет і святло, зялёнае дзіва зямлі, і таямніцы кнігасховішчаў, слова і справу, і ведае вялікую сілу мастацтва і ўмее карыстацца ёю.
Колькі сябе ўяўляю ў літаратуры, у справе творчасці, столькі разоў бачу побач Валодзю. З ім я пазнаёміўся ў Каралішчавічах на радзе маладых літаратараў. Гэта адбылося ў пяцьдзесят пятым годзе. З таго часу і да апошніх дзён яго жыцця мы былі разам. Падарожнічалі па Прыбалтыцы і Беларусі, бывалі і на маёй Ушаччыне, і на яго радзіме. Караткевіч быў для мяне і застаецца прыкладам сумленнай працы ў літаратуры. Прыкладам таго, як трэба любіць Бацькаўшчыну і ёй служыць. Па сутнасці ён быў Вялікім настаўнікам гісторыі, настаўнікам геаграфіі, беларусазнаўства ў цэлым. Тое, што аб ім напісана, напісана павярхоўна. Караткевіч бедазе ацэнены толькі з гадамі.
Справа ў тым, што Уладзіміра Сямёнавіча цкавалі як "нацыяналіста". Ён увесь час быў пад "каўпаком". Давяраў і не давяраў блізкаму акружэнню. Пад выглядам сяброў, пад выглядам апанентаў, пад выглядам навуковых даследчыкаў ля яго круціліся майстры з вядомай службы.
Таму і напускаў на сябе Караткевіч такі бясхмарны выгляд, а быў ён хлопец шчыры і безабаронны. Мудрэц з наіўнымі вачыма і незамутнёнай душой. Як я аб ім пісаў некалі: "Дзіця з вачыма празарліўца".
Рыгор Барадулін .
... Мяне цікавіў Караткевіч як асоба, як незвычайны пісьменнік са сваім поглядам на гісторыю беларускага народа, яго культуру і мову. Мяне цікавіў паэт, які апантана абараняў правы свайго народа на ўласную гісторыю, культуру і мову. Я ўжо ведала, што Караткевіч за ўсё гэта "ўганараваны" небяспечным тытулам - нацыяналіст... Усім вядома, што ён не адпавядаў партыйным стандартам савецкага пісьменніка і з гэтай немалаважнай прычыны цяжка ўваходзіў у родную літаратуру. I зусім не выпадкова, што нацыянальным геніем яго назвалі толькі пасля смерці. А што пры жыцці? Пры жыцці яго цкавалі амаль за кожны верш, за кожны нарыс, ужо не кажучы пра яго цудоўную прозу...
Жыццялюб, мудрэц, чараўнік, фантазёр, ён стараўся ўсіх прывеціць, адарыць ласкаю, душэўным цяплом. А душа ягоная была невычэрпнай. Аднак у душы Караткевіча жыла не толькі агромністая любоў да людзей. Была ў ёй і нянавісць, якая жывіла ягонае мужнае змаганне з цемрашаламі, невукамі, дзікунамі, хамамі, служкамі таталітарызму, якія імкнуцца «загнаць жалезнай рукой чалавецтва да шчасця». З якім сарказмам, з'едлівасцю высмейваў ён усю гэтую нечысць і навалач.
Многае ў жыцці, як і само яно, даецца чалавеку авансам у спадзяванні на тое, што ён, завітаўшы на нейкі час на зямлю з небыцця, зробіць яе лепшай, прыгажэйшай, адорыць людства часцінкай свайго розуму і дабрыні. Караткевіч за свой такі кароткі век сплаціў усе даўгі. Спаўна аддзячыў ён роднай зямлі, свайму народу і пакінуў эапавет:
Калі мы не ўстанем самі -
Не падыме нас ніхто.
Пачытайце папярэднія заказы ў беларускіх кнігарнях. Усюды просьба: «Выдавайце кнігі Караткевіча.» Аўтары запісаў у пераважлай большасці - юнакі і дзяўчаты. I ў гэтых пажаданнях - ягоная неўміручасць.
Слова Уладзіміра Караткевіча абуджае страчаную беларусамі нацыянальную годнасць, свядомасць, дапамагае нам адчуць сябе роўным народам між іншымі. Яно і надалей заўсёды будзе ахоўнаю зоркаю над «эямлёю пад белымі крыламі».
Сярген Законнікаў.
Аднойчы ён да мяне пазваніўся, не тэлефонна, а ў дзверы, так позна, што можна было і ўстрывожыцца. Я адчыніў. Ціхутка, з калідора, цераз сталовую ў мой пакой. Зачыніліся
- Што? - шапнуў я.
У руцэ яго была кніга. Палец закладзены паміж патрэбнымі старонкамі.
- Стары, паслухай.
Гэта быў том Талстога. "ХаджыМурат", кароценькі раздзел пра разбурэнне царскімі карнікамі чаркескага аула.
Чытаючы, і не вельмі прыцішана, Валодзя стрымліваўся ад усхліпаў, перапыняўся. Закончыў і, гледзячы на мяне вялікімі, поўнымі падзіцячы краплістых слёз вачыма, сказаў, як выдыхмуў:
- Стары, колькі можна ўсяго дараваць за такую праўдзівасць?!.
...Ен праўдзівы і сам. Верыў у тое, што гаварыў. I ў жыцці быў праўдзівы, і ў творах застаўся. У творах - наколькі ўдалося...
Мы, хто блізка ведаў Валодзю, кожны патроху, кожны пасвойму раскажам пра яго, успамінаючы.
Рэшту скажа ён сам, сваімі кяігамі З усёй сваёй раскошнай раскаванасцю. буйствам фантазіі, здольнасцю пранікаць у далёкае ў часе, ажыўляць яго ў людзях. Сплочванне нашых даўгоў перад роднай, так часта трагічнай, гісторыяй, перад сапраўднай Літаратурай.
Беларусь даўно чакала такога пісьменніка.
I радасна. што ён прыйшоў.
I горка, балюча, што ён не змог, не паспеў разгарнуцца яшчэ больш глыбока і шчодра.
1985, ліпень - верасень.
Янка Брыль.
Само захапленне беларускай гісторыяй прыйшло да пісьменніцы ў значнай меры праз Караткевіча, творы якога, па яе словах, "абудзілі жаданне як мага больш ведаць гісторыю сваёй зямлі".
Дзмітры Бугаёў.
РАДКІ І ЖЫЦЦЁ
1970.25.1.
Караткевіч - паэт жыццёвага шчасця, пераможнай рамантыкі, вольнага і гарманічнага і ўсеабдымнага кахання. Вольна яму насяляць нашу гісторыю замкамі і прыгодамі, вольна славіць жыццёвае свята, стыхію, нечаканыя сустрэчы, шчымлівыя разыходжанні, каб за ўсім уславіць галоўнае, што ў чалавеку ёсць: сілу яго пачуццяў, стыхію жыцця, каханне. Усе мэты, справы, абавязкі- умоўнае, няіснае, побач з гэтай плынню разняволеных пачуццяў, вызваленасці ад дробязнасці, мітусні, бесталковіцы. Яго неразуменні, разыходжанні-шляхі да згоды, прадвеснікі шчасця.
5.11.
У «Маладосці» № 12 за 69 надрукавана эсэ Караткевіча «Званы ў прадоннях азёр». Божа мілы, якая свабода, лёгкасць, паўната-гісторыя, літаратура жывуць разам у чалавеку, грамадстве. I яшчэ-герой т. ск. лірычны: вясёлы хлопец, проста зух, дасціпны, свойскі, глыбокі і тонкі знаток усяго на свеце. «Прыўкрасна»! А сакратар гаркома Шарапаў крытыкаваў у дакладзе. I вось рэпліка ў «ЛіМе» 3.ІІ.70. за подпісам: Л. Жога (Л. Прокша, гал. рэдр?) У ёй: «Дабіраўся туды паэт не з такім камфортам, як нашы падарожнікі». I яшчэ: «Аб гэтым трэба пісаць сэрцам, а не жоўцю. I а длучаць адно ад аднаго, зацямняць мінулым сучаснае, мякка кажучы, нельга» .
І984. 28.VII.
Амаль адначасова тры смерці: Васіля Бурносава, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Барысенкі. Караткевіч перад вачыма. Ён заўсёды ўражваў неардынарнасцю, таленавітасшо. Некалькі сваіх успамінаў. Разы са тры ён званіў мне. Аднойчы: - Ну, малайчына. (Пасля прадмовы да «Беларускай балады». Там была фраза пра тое, што ён здзейсніў сапраўдны подзвіг.) У некралогу, падпісаным на самым высокім узроўні, і на пахаванні было, нарэшце, выказана ўсё, чаго ён варты.
Варлен Бечык.
I БЫЛО Б «ПРЫЎКРАСНА»...
На пачатку лета мінулага года невялічкая група жыхароў нашага стольнага Мінска - мастацтвазнаўца, фоталетапісец і літаратар, узброіўшыся фотаапаратамі, шарыкавымі ручкамі, вудамі і рукзакамі, выправілася ў «краіну Палессе». Да горада над Сожам нашы падарожнікі ляцелі на самалёце, там пераселі на агітпараход «Маякоўскі» і паплылі...
Скажам адразу, Калум6амі яны не былі. Яшчэ ў пачатку 30х гадоў на Палессі пабываў наш народны пясняр. Дабіраўся туды паэт не з такім камфортам, як нашы падарожнікі. Янку Купалу вабіў гэты край не экзотыкай, а тымі радаснымі падзеямі, якія адбываліся там: людзі, якія яшчэ зусім нядаўна самі сябе называлі "палешукамі, а не чалавекамі" «працай свабоднай» пачалі раскоўваць балота з пут» і пераўтвараць яго ва ўраджайныя нівы. Зпад пяра народнага паэта нарадзіліся тады славутыя паэтычныя радкі, поўныя радасці і аптымізму:
Балота, забалаць балот.
Як там ні называй.
Але ступіў тут бальшавік
Ён зменіць гэты край.
З таго часу шмат вады сплыло па Арэсе, Сажы і Прыпяці. У гады ліхалецця вада гэтых рэчак была шчодра афарбавана крывёю ворагаў і крывёю нашых людзей. Але мінуў час, і над палесскімі рэкамі зноў забруілася жыццё, выраслі новыя гарады і вёскі, заззялі агні новых электрастанцый, на палі прыйшла сучасная тэхніка. Змяніў бальшавік край адвечных балот - тое, аб чым марыў вялікі пясняр, збылося.
Пра тое, як «людзі на балоце» змагаліся за новае жыццё, услед за Купалам і Коласам натхнёна напісаў Іван Мележ.
Ну, а што ж вабіла, цягнула на Палессе нашых падарожнікаў? Як ні дзіўна, але не тое новае, што прыйшло сюды за гады Савецкай улады. I фоталетапісец, і мастацтвазнаўца, і, асабліва, літаратар захапляліся не тым, што адкрывалася іх вачам з палубы парахода, а тым, што было тут калісьці, даўней.
От узяць хоць бы тое непралазнае балота. Шкада яго літаратару да болю ў сэрцы. Сядзіць ён на, палубе і ўздыхае:
- Падрапежніцку асушылі ба лоты... А дзе качкі будуць выводзіцца?.. З чаго аблокі будуць утварацца?..
А качкі, між тым, над параходам пралятаюць, і лось перад самым носам раку пераплывае, і хмаркі вісяць над галавой, час ад часу дожджыкам праліваючыся. Значыць, думаюць, мабыць, вучоныя меліяратары над гэтай праблемай!..
Каманда парахода сардэчна прымае сталічных гасцей, частуе іх свежай рыбкай, але і гэта не мяняе настрою падарожнікаў.
- Вось за каралём Сасам было... Яшчэ ў пачатку XVI стагоддэя пінчукі і татар адбівалі пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага, і капалі першыя ў гісторыі каналы...
I гэты кароль Сас вэлюмам мінуўшчыны нібы вочы літаратару засланіў. Па начах яму сніцца, як над вадой паяўляюцца залатыя шатры і як з прадоння азёр уздымаюцца белыя вежы, а па вадзе плывуць белыя параходы з замежнымі турыстамі, што нацэльваюць аб'ектывы сваіх фота і кінакамер на крумкача, які «глюгу звесіў над згніўшай калодай», на табар цыганоў са званочкамі, на човендушагубку, што, «нібы дамавіна, прасунецца ў грузкіх катлінахбагнінах»... Літаратар вядзе замежных турыстаў у вёску, іх сустракаюць палешукі ў апратцы часоў караля Саса. Госці заходзяць у курную хату і бачаць на стале выдатна выдадзеную манаграфіюальбом «Анёлы Пінскай катэдры»... У пэўным пункце шляху літаратар развітаўся са сваімі калегамі, закінуў за плечы «пляцак» і пашыбаваў далей пешкі. Яго вабілі кафедральныя касцёлы і старыя каплічк!. Часам на ўскраіне вёскі ён скідваў з плячэй «пляцак» і, сеўшы на прызбу, з асалодай слухаў песні бабулек:
Тры снапкі нажала...
І дужа ж абурыўся, калі раптам пачуў ад гарэзлівых дзяўчатпаляшучак сучасную эстрадную песеньку. Так абурыўся, што згубіў густ літаратара і амаль што нецэнзурна аблаяў яе, назваўшы «крыклівай, нахабнай, як хам», «навязлівай, як свіння», «сабачым трызненнем і г. д...
Вярнуўшыся дадому, літаратар выклаў усё тое на паперу і надрукаваў у часопісе «Маладосць». Чытач, пэўна, ужо здагадаўся, што гаворка ідзе пра эсэ Уладзіміра Караткевіча «Званы ў прадоннях азёр», змешчанае ў дванаццатай кніжцы часопіса за мінулы год.
Зрзшты, каб не быць аднабокім, як аўтар эсэ, скажу, што ў нататках лісьменніка ёсць і нямала цікавых мясцін, нямала вартых увагі думак, тонкіх назіранняў, нямала шчырай чалавечай усхваляванасці. Аднак...
Чалавек павінен, гаворыць Ул. Караткевіч, «паважаць тое асяроддэе, сярод якога жыве». Слушная думка, асабліва калі ўлічыць, што наша асяроддзе - гэта не толькі дарагая сэрцу спадчына мінулага, якую мы павінны шанаваць і шануем, але перш за ўсё тое, што створана і ствараецца натхнёнай працай людзей сёння. Наша асяроддзе - гэта не толькі помнікі сівой мінуўшчыны, але і тое, што здзейснена ў наш час, рукамі тых, хто будаваў, хто адстойваў заваёвы Кастрычніка, нашу волю і гонар. Аб гэтым трэба пісаць сэрцам, а не жоўцю. I адлучаць адно ад аднаго, зацямняць мінулым сучаснае, мякка кажучы, нельга.
Дык вось, калі б гэтага адлучэння, гэтага зацямнення не было ў эсэ Ул. Караткевіча, дык, як ён любіць гаварыць, было б сапраўды «прыўкрасна».
* У 1981 г. Галоўная рэдакцыя літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання падрыхтавала перадачу пра У. Караткевіча "Вякоў сумежжа". Прапаную ўрывак са сцэнарыю - тэкст выступлення Янкі Брыля.
(Працяг у наступным нумары.)
Дзесяцігоддзе вялікіх нацыянальных стратаў
(Працяг, Пачатак у папярэднім нумары.)
Культурна-моўная залежнасць ад Расіі паглыбляецца.
Апошняе дзесяцігоддзе ўвайшло ў нацыянальную гісторыю як час напружаных пошукаў шляхоў палітычнага аб'яднання Беларусі з Расіяй. Не раз назіралася такое, што беларусаў гатовыя былі нашыя горапалітыкі інтэграваць у Расію ледзь не на любых умовах, толькі б заняць там высокія пасады на яе абшарах. Нічога не выйшла. Нягледзячы на ўсе старанні, рэальная адзіная рускабеларуская дзяржаўная прастора так і не была створана. Больш таго, на некаторых дзялянках палітычнай сістэмы адрозненні паміж Расіяй і Беларуссю нават паглыбіліся.
Не выключана, што няўдачы ў стварэнні адзінай сумеснай дзяржаўнай прасторы вымусіла і вымушае нашых палітыкаў і іх памагатых з ліку інтэлігенцыі праяўляць як мага болыпую актыўнасць у фармаванні супольнай культурнай прасторы, I з вялікай ступенню верагоднасці можна ўжо гаварыць пра яе наяўнасць. Толькі, вось бяда, у гэтай небяспечнай для нас прасторы вельмі мізэрную ролю адыгрывае беларускі фактар, асабліва ў народнай адукацыі і навуцы, пабудаваных на моўнай аснове пластах прафесійнай культуры. I як трэба было чакаць, Беларусь трапіла ў яшчэ большую, чым як назіралася раней, культурнамоўную залежнасць ад Расіі, што непазбежна вядзе да падпарадкаванасці апошняй у іншых сферах грамадскай дзейнасці людзей, бо страціўшы сваю этнакультурную адметнасць яны становяцца няздольнымі да незалежнага палітычнага і эканамічнага развіцця. Такімі якасцямі ў поўным аб'ёме валодае толькі народ з высокім узроўнем уласнага нацыянальнакультурнага жыцця, а не той, што карыстаецца духоўнымі каштоўнасцямі з чужога карыта. Папахлябалі мы з яго нямала за Рэччу Паспалітай, Расійскай і Савецкай імперыямі, а зараз і незалежная Рэспубліка Беларусь імкнецца да краёў запоўніць яго здабыткамі культуры Расіі з тым, каб было з іх што спажыць беларусам і ў раніцу і ў вечар. I пры вялікім спрыянні дзяржавы даспажываліся да таго, што аграмадныя масы беларусаў больш здольныя і ахвочыя жыць і працаваць у рускім, чым у сваім прыродным культурнамоўным рэжыме. Гэтай з'яве іншага вызначэння, як асіміляцыя, нельга адшукаць. I "заслуга" сучаснай дзяржавы тут вельмі відавочная. Яна паспяхова давяршае тое, пра што так марылі і ў сне і наяве, чаго так ўпарта дамагаліся многія пакаленні рускіх вялікадзяржаўных шавіністаў.
Не маючы сур'ёзнага намеру прывесці Беларусь да поўнай рэальнай палітычнай незалежнасці, дзяржаўныя мужы ночаў не спалі ў думках, як прынізіць яе аўтарытэт, зрабіць непапулярнай у народзе. I многае тут дасягнута, бо апошні зза працяглага палітычйага прыгнёту пад уладай Рэчы Паспалітай і Расіі не вызначаўся належным узроўнем нацыянальнадзяржаўнай свядомасці. Таму не даводзіцца здзіўляцца, што масы маўчалі, калі канстытуцыйна ўсталяваны 25 жніўня 1991 года Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь аб'ядналі з Днём вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў, які адзначаецца 3 ліпеня. Маўчалі яны і пазней, хаця бачылі, што ў час штучна сумешчаных свят больш мерапрыемстваў праводзіцца пад знакам перамогі над ворагам, чым прысвечаных дзяржаўнаму суверэнітэту. I гэта апраўдана, бо 3 ліпеня ўвайшло ў нашу гісторыю як дзень вызвалення Беларусі ад акупантаў, а не яе дзяржаўнай незалежнасці. Пасляваеннай Беларусі нават і не сніўся такі высокі ганаровы статус. Яна цалкам залежала ад Масквы, не мела права без узгаднення з ёю развязваць нават самыя шараговыя пытанні. Скрыжаваннем двух свят: Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дня вызвалення Беларусі ад нямецка фашысцкіх захопнікаў у адно свята правядзення першага з названых 3 ліпеня, а не 25 жніўня па сутнасці пазбавіла яе народ самага вялікага свята Дня дзяржаўнай незалежнасці, а ўладам дала магчымасць амаль нічога сур'ёзнага не рабіць дзеля дасягнення краінай такога статусу ў рэальнасці. I як вынік, з кожным годам яна становіцца ўсё больш і больш палітычна, эканамічна, нацыянальнакультурна залежнай ад Расіі. Сёлетняе святкаванне Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь, якое супала з 60годдзем яе вызвалення ад нямецкафашысцкіх захопнікаў, цалкам праходзіла ў рускасавецкім рэчышчы, пры поўным выключэнні беларускай мовы з усіх афіцыйных святочных мерапрыемстваў. Яна прысутнічала толькі ў ролі нямой сведкі ў візуальным афармленні месцаў збору людзей. Стваралася ўражанне, што людзі сходзіліся ў прызначанае месца святкаваць культурнамоўную залежнасць Беларусі ад Расіі, а не выказаць сваю радасць з нагоды набыцця нашым народам ў жніўні 1991 года дзяржаўнага суверэнітэту. Не пераадолеўшы такой магутнай культурнамоўнай залежнасці ад Расіі, мы не маем права гаварыць пра наяўнасць у Беларусі рэальнага нацыянальнага суверэнітэту.
Беларусы, так глабальна пазбаўленыя прыстойнай этнакультурнай самабытнасці галоўным чынам зза неабмежаванага панавання ў іх грамадскім жыцці рускай мовы, за што трэба быць "удзячным" і сучаснаму палітычнаму рэжыму, не ў стане здзейсніць чагонебудзь вартага дзеля свайго ўласнага шчасця. Таму ў нас няма ні сапраўднай нацыянальнай дзяржавы, ні незалежнай ад волі ўсходняга суседа развітой эканомікі. Без адметнага нацыянальнакультурнага, моўнага аблічча нам не сцвердзіцца на сваёй роднай зямлі ў якасці цывілізаванага еўрапейскага народа. Яшчэ ніводнаму народу не ўдалося стварыць нацыянальную дзяржаўнасць, трывалую эканамічную базу, дасягнуць духоўнага росквіту на чужых навязаных ці добраахвотна запазычаных культурнамоўных каштоўнасцях. У моц гэтых прычын вызваленне ад чужога культурнамоўнага ўплыву і пераход на свае ўласныя прыродныя стандарты павінны разглядацца як першачарговая агульнанацыянальнага маштабу задача сучаснага беларускага грамадства. Іншага выйсця з егіпецкага палону ў яго няма.
Дзяржава не ёсць выразнік беларускага духу.
Наперад прадбачу, як непрыемна будзе чытаць наступную думку маім рускамоўным супляменнікам, але ўсё ж сфармулюю яе: рускамоўны чыноўніцкі апарат не здольны і ніколі не выведзе беларускі народ на шлях прыстойнага самабытнага нацыянальнакультурнага развіцця, а таму і не зробіць краіну эканамічна магутнай і палітычна суверэннай. Нацыянальная культура са сваім найгалоўным кампанентам мовай валодае невычэрпным патэнцыялам для актывізацыі грамадства да буйнамаштабнай стваральнай дзейнасці ва ўсіх сферах жыцця людзей. У нас гэты сродак стагоддзямі выкарыстоўваўся ў самай мізэрнай ступені, таму няма чым пахваліцца ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў этнічнай кансалідацыі народа.
Наша велізарная трагедыя заключаецца ў тым, што мы і па сёння да канца не ўсведамляем, якая гэта бяда, калі краінай кіруюць палітыкі, ледзь не цалкам адарваныя ад яе нацыянальнакультурных пачаткаў і галоўнае ад беларускай мовы. Яны ёсць носьбіты суседніх нам рускіх, а не родных беларускіх культурнамоўных традыцый. Проста немагчыма ўявіць, каб такая нацыянальнакультурная, моўная дысгармонія назіралася ў дзяржаўным апараце Нямеччыны, Францыі, Італіі, Японіі ці яшчэ якойнебудзь іншай цывілізаванай краіны свету. А вось у цэнтры Еўропы безнацыянальныя палітыкі не толькі дапускаюць такое, але і публічна ганарацца ім. Па віне такіх палітыкаў нам за апошняе дзесяцігоддзе давялося зведаць столькі нацыянальных страт, колькі іх не панеслі за аналагічны тэрмін за ўсе часы сваёй гісторыі. I марна было б разлічваць, што сучасныя ўлады восьвось адумаюцца і ад дэнацыяналізацыі духоўнага жыцця беларусаў пяройдуць да яго стабілізацыі. На такі прагрэсіўны, разумны крок яны проста няздольныя, бо ўзгадаваныя на духоўных традыцыях суседняй краіны. Бязмежнай адданасцю ім яны не раз даказвалі сваю гатоўнасць ісці і на такія формы інтэграцыі з апошняй, якія пярэчаць беларускаму інтарэсу. Нечуваная культурнамоўная залежнасць ад Расіі не дае і не будзе даваць Беларусі нават самай мізэрнай магчымасці не толькі для нацыянальнадухоўнага, але і суверэннага палітычнага развіцця. Практыка апошняга дзесяцігоддзя пераканаўча пацвердзіла, што сапраўдная, рэальная беларуская дзяржаўнасць не можа быць дасягнутай паза нацыянальнымі культурнамоўнымі рамкамі.
Дзяржаўным дзеячам і паслухмянай ім частцы інтэлігенцыі час зразумець, што якую высокую ступень каштоўнасці яны ні надавалі б умела навязанаму беларусам рускаму культурнамоўнаму фактару, ён не наш, з ім нам нельга самасцвярджацца ў сваёй нацыянальнасці, здабыць прыстойнае месца ў сусветнай цывілізацыі. У яе трэба ехаць на сваім, прычым уласнай гадоўлі, кані, а не на траянскім. Уся знізу даверху прэзідэнцкая вертыкаль мусіць добра сабе ўсвядоміць, што толькі такая нацыянальная палітыка адпавядае карэнным інтарэсам беларускага народа, якая прызнае неабходнасць панавання на тэрыторыі ўсёй краіны яго культуры і мовы. Гэта вынікае з заканамернасцяў развіцця ўсіх тытульных нацый свету і не пярэчыць прынцыпу гуманізму ва ўзаемадачыненнях карэннага насельніцтва з прадстаўнікамі ўсіх астатніх народаў, што жывуць на яе гістарычнай тэрыторыі. Калі ж антынацыянальная палітыка дзяржавы будзе працягвацца і надалей, дык неўзабаве мы прыйдзем да таго, што ў грамадскіх месцах будзе больш чуваць родная мова прадстаўнікоў розных народаў рэспублікі Беларусь, чым яе карэнных жыхароў. Можа хтосьці гэта расцэніць як перамогу агульначалавечых каштоўнасцяў над рэгіянальнымі, я ж на такое буду глядзець, як на нацыянальную катастрофу.
Любіць, паважаць родную культуру і мову ёсць найвялікшы дар чалавечай існасці. Паколькі ён як след не прапісаўся ў нашых элітарных палітычных і інтэлігентных колах, ім не лішнім было б павучыцца шанаваць духоўную спадчыну ўласнай краны ў іншых народаў і найперш у рускага. Вядомы выразнік яго інтарэсаў І. Ільін пісаў: "...нацыянальная асаблівасць пасвойму ўяўляе Дух божы, праслаўляе Госпада... таму думка патушыць гэтую разнастайнасць можа нарадзіцца толькі ў духоўна мёртвай, хворай душы". (Ильин Н. О руском нацноналнзме //Наши задачи. М., 1992. С. 280). Няцяжка ўявіць, колькі ў нас такіх духоўна мёртвых, хворых душ у верхніх пластах грамадства, улічваючы ўсё зробленае імі за апошнія дзесяць гадоў па разбурэнні беларускай культурнамоўнай асаблівасці.
Паза роднай культурай беларусы становяцца бессістэмнай этнічнай масай.
Хочам мы таго ці не, але наўмыснае ўтрыманне дзяржавай абсалютнай большасці беларусаў паза рамкамі іх роднай культуры і мовы пераўтварае народ у бесструктурную этнічную масу, размывае і без таго яго кволую нацыянальную самасвядомасць, а гэта ж самае дарагое і святое, што ёсць у кожнага цывілізаванага народа. Правільна вызначыў яе ролю Васіль Быкаў: "... нацыянальная самасвядомасць вырашае лёс усіх нас, гэта такі капітал, які не купіш за ніякую валюту. Беларусы, на жаль, захавалі вельмі малую самасвядомасць, тут наша няшчасце." Пра ўсё гэта цудоўна ведае наш чыноўніцкі апарат, але замест таго, каб умацоўваць нацыянальную самасвядомасць тытульнага народа, усяляк нішчыць яе, бо разумее, што пазбаўлены такой каштоўнасці ён станецца зусім не здольным быць суб'ектам сваёй палітычнай гісторыі, будзе пакорлівым у руках тых, хто прабіўся да ўлады. Зараз для болынасці беларусаў характэрны такі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, з якога звычайна пачынаецца франтальны этнічны распад кожнага народа з паступовым пераходам яго індывідуюмаў ў іншыя этнічныя супольнасці. Як кожны асобны індывідуюм нацыі, страціўшы родныя і перайшоўшы на культуру, мову іншага народа рана ці позна далучае сябе да законнага народа носьбіта гэтых духоўных каштоўнасцяў, такое пры падобнай культурнамоўнай пераарыентацыі не можа не адбыцца і з нацыяй у цэлым. Сусветная практыка багатая на такія бязрадасныя прыклады. Калі карэнным чынам не змяніць нацыянальнай палітыкі дзяржавы ў галіне культуры і мовы, колькасць такіх прыкладаў на планеце Зямля павялічыцца яшчэ на адну адзінку за кошт беларусаў.
Так бязлітасна нішчыць усё, што стварае нацыянальную аснову жыцця карэннага насельніцтва, беларускія ўладныя структуры дазваляюць сабе толькі таму, што не бачаць у краіне такой здаровай, уплывовай сілы ў грамадстве, якая магла б рашуча паўстаць супраць падобнага злачынства. Звычайна такой сілай з'яўляецца глыбока ўросшая ў народны арганізм нацыянальная інтэлігенцыя. Адарваная ад беларускіх культурнамоўных стандартаў вышэйшая і сярэдняя спецыяльная школа не ўзгадоўвала нам такой інтэлігенцыі. Калі хтосьці з яе не адарваўся ад спадчынных каранёў, шануе, спавядае свае нацыянальнадухоўныя каштоўнасці, дык гэта хутчэй за ўсё пэўныя асабістыя якасці яго. У цэлым жа наша інтэлігенцыя гэта проста адукаваная частка грамадства, але практычна няздольная да сапраўднай стваральнай нацыянальнай дзейнасці. Немагчыма назваць такую антынацыянальную акцыю дзяржавы, супраць якой у масавым парадку выступіла б сучасная інтэлігенцыя. Думаю, калі ўладныя структуры прынялі б пастанову аб закрыцці ўсіх беларускамоўных школ, выключэнні з вучэбных планаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі і геаграфіі Беларусі, пераводзе усіх сродкаў масавай інфармацыі на рускую мову, забароне прысвойваць імёны слынных сыноў беларускага народа населеным пунктам і іх вуліцам, дык і тады інтэлігенцыя не выказала б аніякага пратэсту, апраўдваючы такія крокі неабходнасцю ставіць агульнапланетарныя, агульначалавечыя інтарэсы вышэй за нацыянальныя. Вось якую "карысць" мы маем ад інтэлігенцыі з хворай нацыянальнай самасвядомасцю.
Прэзідэнцкая вертыкаль смела можа паставіць сабе ў вялікую заслугу, што за апошняе дзесяцігоддзе ёй удалося ўсе адказныя за стан народнай адукацыі, культуры, навукі ўладныя структуры, афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, дзяржаўны ідэалагічны апарат у належнай ступені укамплектаваць асобамі антынацыянальнай арыентацыі, якія пры выкананні сваіх службовых абавязкаў лічаць за норму карыстацца толькі рускай мовай. Датычыць гэта і элітнага кадравага апарату ўсіх звёнаў міністэрства адукацыі і культуры, чаго, дарэчы, не назіралася за бальшавіцкім часам, калі Беларусь па ўсіх параметрах залежала ад Маскоўскага Крамля.
(Працяг у наступным нумары.)
Леанід Лыч
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў снежні
Абдулаева Святлана Іос. Адамоніс Валянцін Канст. Аксючыц Галіна Уладзім. Алейнік Віталь Андрасовіч Таццяна Валян. Аношка Любоў Іосіфаўна Антаноўская Людміла Анцыповіч Мікалай Атрахімовіч Вячаслаў Аўласка Ала Афанасенка Кацярына Ул. Багінская Аўгіння
Баеў Канстанцін Генадз. Бартошык Наталля Пятр. Берняковіч Іна Бойка Валянцін Юр'евіч Борбат Таццяна Буданаў Зміцер Львовіч Букачова Алена Уладзім. Бурак Жанна Генадзеўна Бурносаў Раман Генадз. Бусловіч Святлана Анат. Вайдашэвіч Жанна Пятр. Весялевіч Ірына Міхайл. Водзіч Наталля Волкава Ала Гайдаровіч Анжэліка Галіноўская Ніна Васіл. Гарох Мікалай Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч Гасціловіч Уладзімір Всіл. Гацкі Уладзімір Венядзім. Гінько Марыя Уладзімір. Гнятуля Алег Аляксандр. Гракун Валянціна Іосіф. Грамыка Алена Віктар. Грыцаў Тарас Грэйт Таццяна Міхайлаўна Грэская Браніслава Гук Уладзімір Пятровіч Гурыновіч Генадзь Аркадз. Дабрынец Аляксей Васіл. Дашкевіч Г. С. Двілянская Бэла Дземідовіч Ігар Славамір. Дзем'яновіч Т. А. Дзяменцева Ірына Дзянісаў Уладзімір Доўжык Андрэй Ігаравіч Дрозд Юля Дунецкі Тадэвуш Віктар. Дучыц Людміла Егіпцава Таццяна Уладз. Ермалёнак Марыя Георг. Жаўнярчук Ларыса Васіл. Жучкова Наталля Яўген. Жыткавец Кацярына Зелянко Вольга Уладзімір. Зімніцкая Ірына Ірсохіна Таццяна Каваленка Святлана Пятр. Кажан Анатоль Лазаравіч Казачок Ларыса Калыска Ірына Камароўскі Андрэй Уладз. Кардаш Глеб Каржэўскі Віктар Мікал. Каркота Анэліка Кастанаў Аляксандр Касцянчык Мікалай Мік. Клімковіч Ірына Яўген. Клок Валянціна Конан Генадзь Краўчук Сяргей Курневіч Лізавета Васіл. Курчынскі Браніслаў Бран. Курыльчык Аляксандр Курыльчык Мікалай Пятр. Кутырло Віталь Эдуард. Лашук Міхаіл Лемцюгова Валянціна Пят. Логвінава Вольга Іванаўна Лозка Алесь Юр'евіч Лукашэвіч Алена Лук'янцаў Алег Лявіцкі Ягор Вацлававіч Малахаў Зміцер Мамай Часлава Часлав. Марговіч Людміла Васіл. Матчэня Алег Мацко Сяргей Віктаравіч Мікалаеў Андрусь Васіл. Мілаш Валеры Уладзісл. Міткавец Аляксандр Мішкевіч Інэса Вітольд. Мядзюта Аляксандр Ніканаровіч Генрых Нікіціна Зінаіда Новік Мікалай Аляксандр. Новік Таццяна Ожык Галіна Паляшчук Наталля Панцялей Аляксандр Ул. Папека Мікалай Пархімовіч Сяргей Алякс. Паўлавіцкі Станіслаў Піменава Алена Анатол. Пішчулёнак Марына Плакса Ўладзімір Поцька Віталь Станіслав. Прыбыльская Наталля Пяторўская Алена Алякс. Раеўскі Аляксандр Алякс. Рамашкевіч Алег Аляксан. Русецкая Ала Сабалеўскі Антон Алякс. Савіцкая Тэрэза Мірасл. Свідуновіч Галіна Сенькавец Еўдакія Маіс. Слінько Аляксандр Віктар. Станішэўскі Віталь Валян. Станкевіч Наталля Алякс. Супаненка Павел Ігаравіч Талерчык Аляксандр Сям. Тарасаў Кастусь Іванавіч Тарашкевіч Марына Мік. Трафімчык Таццяна Уладз. Траццяк Ганна Трушко Уладзімір Фунт Аляксандра Халезіна Дзіяна Хальпукова Вольга Храмцоў Васіль Худанёнак Ірына Цівончык Мікалай Канст. Цыва Андрэй Вітальевіч Цыцыліна Таццяна Міх. Шалкоўская Людміла Вік. Шаршун Алена Сяргееўна Швед Аляксандр Аляксан. Шушкевіч Станіслаў Ст. Шчэрбік Зміцер Васільевіч Шыманец Віржыня Шымук Марыя Дзмітр. Шыцёнак Наталля Шышко Іван Валянцінавіч Шэпетаў Мікалай Васіл. Юданаў Віктар Канстанц. Яўменаў Альберт Піліп.
Красавякам" - 15 гадоў
19 лістапада ў вялікай зале Лідскага гарадскога дома культуры адбылася ўрачыстая вечарына з нагоды 15годдзя лідскага гурта польскай песні "Красавякі" ("Kresowiacy").
"Красавякі" гурт які фактычна паклаў пачатак адраджэнню польскай культуры на Лідчыне. Гурт адзін з нямногіх нацыянальных калектываў, якія фінансуюцца з бюджэту.
Акрамя таго гуртом апякуецца "Таварыства польскай культуры на Лідчыне", якое і зладзіла гэтую вечарыну.
На вечарыне прысутнічаў генеральны консул Польшчы ў Гародні, які цёпла павіншаваў калектыў і ўручыў кіраўніку гурта Станіславу Янушкевічу адзнаку міністра культуры Польшчы.
Канцэрт, які далі "Красавякі" адлюстраваў толькі невялікую частку багатага рэпертуару гэтага заслужанага ансамбля.
Трэба адзначыць, што імпрэза ішла ў атмасферы павагі да беларускасці. Вядоўцы вялі канцэрт строга на дзвюх мовах: польскай і беларускай. У рэпертуары "Красавякаў" побач з польскімі ёсць і беларускія, і беларуская народная песня "Ехаў Ясь на кані, Кася воду брала" ў выкананні "Красавякаў" прагучала так жа натуральна, як бы яе выконваў нейкі беларускі фальклорны гурт. Наогул, Таварыства польскай культуры на Лідчыне, якое ўзначальвае Аляксандр Колышка, вядзе сваю працу ў цесным супрацоўніцтве з беларускімі арганізацыямі, у тым ліку і з Таварыствам беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Таму не дзіўна, што ў паўнюткай зале Дома культуры былі далёка не адны палякі.
Яраслаў Грынкевіч.
Сустрэча з Міхасём Чарняўскім
18 лістапада ў сядзібе грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", якая знаходзіцца па вуліцы Румянцава, 13, адбылася чарговая сустрэча са знакамітым дзеячом навукі і культуры Беларусі.
На гэты раз госцем і вядоўцам сустрэчы быў вядомы беларускі гісторык і археолаг, старшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі АН Беларусі Міхась Міхайлавіч Чарняўскі. Тэма сустрэчы была вызначана папярэдне: "Захаванне і вывучэнне помнікаў гісторыі і культуры". Свой аповяд вучоны пачаў з таго, што даў падрабязнае тлумачэнне значэння тэрміну "помнік ", бо менавіта гэтае слова было ключавым на працягу ўсёй сустрэчы. Міхась Міхайлавіч акцэнтаваў сваю ўвагу на тым, што помнікі служаць для аднаўлення і захавання гістарычнай памяці, нацыянальнай культуры. Ён зазначыў, што вялікае значэнне ў фармаванні нацыі належыць нацыянальнай рэлігіі. Для доказу гэтай думкі вучоны прывёў некалькі яскравых прыкладаў з гісторыі суседніх краін. Міхась Міхайлавіч вялікую ўвагу звярнуў і на значэнне гістарычнай памяці ў фармаванні здаровай нацыі, расказаў пра тое, што нават нацыянальныя грошы з'яўляюцца прапагандыстамі гістарычнай памяці. У той жа час ён успомніў і пра формы змагання з гістарычнай памяццю, нагадаў пра тыя часы, калі актыўна знішчаліся помнікі гісторыі і культуры на Беларусі знішчалася наша спадчына. Вельмі прыемна было пачуць, што разам з тым вялікая колькасць людзей вяла актыўную працу па зберажэнні і захаванні "нямых сведкаў гісторыі" . Менавіта такой дзейнасцю і займаецца Дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, створанае ў снежні 1968 года. М.М. Чарняўскі расказаў пра выданне бюлетэня "Помнікі гісторыі і культуры", збору помнікаў гісторыі і культуры ў 7 тамах, Беларускай савецкай энцыклапедыі і адзначыў вялікую ролю, якую яны адыгрываюць у развіцці нацыянальнай гісторыі і культуры.
Вельмі сімвалічным было тое, што ў сутрэчы з Міхасём Чарняўскім прымалі ўдзел студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Будучым супрацоўнікам музеяў было цікава паслухаць вучонага і напрыканцы задаць пытанні, якія хвалююць кожнага чалавека, неабыякавага да сваёй гісторыі. З боку студэнтаў было выказана пажаданне сустрэцца з вучоным яшчэ раз, каб пачуць ад яго, якія археалагічныя даследаванні праводзіліся на тэрыторыі Беларусі апошнім часам.
Вераніка Рамізевіч.
Пра Слуцкі збройны чын
Кожны год у Беларусі і ў беларускім замежжы адзначаецца гадавіна Слуцкага збройнага чыну 1920 года. Гэта дзень - 27 лістапада мае сваю назву ў нацыянальным каляндары Дзень Герояў. Беларускія патрыёты адзначаюць гэтае свята на Бацькаўшчыне ад 1992 года.
Гісторыя павінна адлюстроўваць былыя падзеі аб'ектыўна і асвятляць іх так, як яны адбываліся сапраўды, без усялякіх дадаткаў з папраўкамі на сучасны момант ці на жаданні і густы кіраўнічых асобаў - што ім падабаецца, а што не. Гэта рабіць цяжка, але аб'ектыўнасць павінна быць абавязкова. Паколькі яна забяспечвае пераймальнасць гістарычных традыцый.
Слуцкае паўстанне 1920 г. як гістарычная падзея доўгі час проста замоўчвалася савецкімі і польскімі гісторыкамі. Адразу пасля паўстання было не да святочных імпрэзаў і ўшанавання падзеі. Савецкая прапаганда ў БССР была зусім не зацікаўлена ўвогуле хоць штонебудзь казаць пра падзеі лістапада - снежня 1920 г. у Слуцкім павеце, бо калі гаварыць праўду, то трэба было прызнаць, што беларуская нацыянальная інтэлегенцыя і сялянства былі настроеныя на ўзброеную барацьбу за нацыянальную незалежнасць, за аднаўленне Беларускай Народнай Рэспублікі як нацыянальнай дзяржавы. Гэта і сталася асноўным матывам Слуцкага збройнага чыну. Зразумела, што бальшавіцкая прапаганда прызнаць гэтага не магла. Таму лепш за ўсё для яе было ўвогуле замоўчваць гэтую важную падзею ў гісторыі беларускага народу.
Маўчанне было і на польскім боку. Польшча скончыла вайну з савецкай Расіяй ў кастрычніку 1920 г., заваяваўшы Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. У Рызе 12 кастрычніка 1920 г. было заключана Савецкапольскае перамір'е і прыняты папярэднія (прэлімінарныя) умовы міру. Была вызначана савецкапольская дзяржаўная мяжа, якая з невялікімі папраўкамі на карысць Польшчы была замацавана ў мірным расійскапольскім дагаворам 18 сакавіка 1921 г. Такім чынам, падзяліўшы з Савецкай Расіяй тэрыторыю Беларусі кіраўнічыя колы Польшчы таксама зусім былі незацікаўленыя прызнаць паўстанне за незалежнасць Беларусі.
Самім слуцкім паўстанцам таксама было не да святкавання гадавіны іх гераічнага чыну. Толькі пасля ратыфікацыі і абмену ратыфікацыйнымі граматамі паміж РСФСР і Польшчай былі ў траўні 1921 г. выпушчаны з лагера для інтэрнаваных слуцкія паўстанцы. Аднак камандзіру Слуцкай брыгады Антону СокалКутылоўскаму яшчэ пэўны час прыйшлося дамагацца ад польскай вайсковай улады выдаць кожнаму афіцэру і стральцу Слуцкай брыгады дарожнага дакументу на праезд да той мясцовасці, якую кожны з іх выбраў для месца жыхарства і працы на заводзе ці ў абшарніка. Кожнаму трэба было ўладкавацца, знайсці працу і выжываць.
Частка паўстанцаў, паверыўшы ў амністыю, абвешчаную савецкім урадам з нагоды заканчэння грамадзянскай вайны ў Расіі, вярнулася ў родную Случчыну да сваіх сем'яў і гаспадарак. Спачатку ўлада іх не чапляла, чакаючы, што прыедзе большасць паўстанцаў, аднак праз семвосем месяцаў ўдзельнікі Слуцкага збройнага чыну ў БССР былі арыштаваныя і аддадзеныя пад суд за выступленне са зброяй у руках супраць савецкай улады. Хто быў высланы, хто адседзеў у вязенні пэўны час. Пасля вызвалення некаторы час органы НКУС іх не чапалі, але ў 1937 г. усе шараговыя ўдзельнікі Слуцкага збройнага чыну былі зноў арыштаваныя і зніклі назаўсёды.
У сталічным горадзе Заходняй Беларусі Вільні і ў наступныя гады польскія ўлады не дазвалялі ладзіць якінебудзь акцыі, звязаныя з чарговай гадавінай Слуцкага збройнага чыну. У БССР пры поўным замоўчванні падзеі пра Слуцкае паўстанне 1920 г. гадоў праз пятнаццаць ужо мала хто ведаў, а калі хто і згадваў, то вельмі ціха. І то вельмі блізкім людзям.
Калі не лічыць артыкула 10 лістапада ў газеце "Наша Думка" (Вільня), рэдактарам якой быў М. Гарэцкі, у сакавіку 1921 г., то ў тыя гады. Бадай, не было і публікацый пра Слуцкі збройны чын.
Пра Слуцкі збройны чын напісаў больш падрабязна ў папулярным нарысе гісторыі Беларусі "Беларусь учора і сяньня (Менск. 1943) Язэп Найдзюк. У пасляваенны час успаміны ўдзельнікаў паўстання друкаваліся ў "Бацькаўшчыне" (Мюнхен).
У БССР Савецкая гістарычная навука паранейшаму не згадвала анічога пра Слуцкі збройны чын. Прыйшлося ўзяцца за вывучэнне гэтага пытання гісторыку, які займаўся асвятленнем гісторыі Беларусі феадальнага перыяду, па паходжанні Слуцка, аўтару гэтых радкоў, які са студэнцкіх часоў цікавіўся гісторыяй роднай Случчыны.
Маючы ў асноўным матэрыялы савецкіх публікацый дакументаў і савецкіх архіваў, аўтар апублікаваў артыкул у часопісе "Acta BalticoSlavica" (tom 9, WroclawWarszawaKrakow, 1976, бібліятэчка "Голас Радзімы"). У гэтых выданнях былі ўпершыню прыведзеныя звесткі з падзеяў паўстання 1920 г., сістэматызаваны матэрыял. Упершыню фактычна была напісана гісторыя Слуцкага збройнага чыну, выкарыстаныя крыніцы не толькі савецкага боку, падрабязна разгледжаныя баявыя дзеянні паўстанцаў, пра якія ўвогуле раней нічога не пісалася. Але ў гэтых публікацыях аўтар не адыйшоў ад традыцыйных адмоўных ацэнак падзей згодна з савецкай гісторыяграфіяй. Да таго трэба дадаць і ўзмацненне гэтых ацэнак рэдактарамі і цэнзурай, улічваючы выпуск артыкула ў замежным выданні і характар рэдакцыйнай працы тагачасных супрацоўнікаў і цэнзараў "Голаса Радзімы". Інакш бы публікацый увогуле не было б.
Тым не менш менавіта аўтару ўдалося прарваць маўклівую блакаду савецкіх беларускіх гісторыкаў, якія замоўчвалі гэтую гістарычную падзею ў барацьбе беларускага народа за незалежнасць. Мяне тут папракалі сімпатыяй да слуцкіх паўстанцаў. А Мікола Ермаловіч сказаў мне, што ў Беларусі хоць даведаюцца пра Слуцкае паўстанне.
У незалежнай Беларусі, як я ўжо згадваў, упершыню гадавіна Слуцкага збройнага чыну была адзначана ў канцы лістапада 1992 г. у Доме літаратара. Тады ж мне ўдалося апублікаваць шэраг артыкулаў у менскіх і слуцкай газетах ужо без усякай цэнзуры. Праўда, у слуцкай газеце група ветэранаў выступіла з пратэстамі супраць такой публікацыі.
У № 2 часопіса "Спадчына" (1993) быў апублікаваны мой артыкул "Слуцкае паўстаньне 1920 г. - збройны чын у барацьбе за незалежнасць Беларусі" (с. 213). У гэтым артыкуле без абмежаванняў і скажэнняў была пададзена гісторыя Слуцкага збройнага чыну і ўпершыню прыведзены спіс асноўных удзельнікаў Слуцкага паўстання, пра якіх можна было знайсці звесткі ў Беларусі.
Аднак з сярэдзіны 90х гадоў мінулага стагоддзя ўзнавіўся ціск на аб'ектыўнае асвятленне падзей 1920 года. Асобныя гісторыкі, пачалі, насуперак фактам і дакументам, сцвярджаюць, што Слуцкае паўстанне 1920 г. было толькі адным з шэрагу сялянскіх выступаў супраць бальшавіцкай палітыкі "ваеннага камунізму", як і ў Расіі. Кіраўніцтва "Беларускай Энцыклапедыі" таксама заняло такую пазіцыю. Я ў свой час ужо пісаў пра мой канфлікт з кіраўніцтвам "Беларускай Энцыклапедыі" ў "Нашым слове" і дадатку да "Белорусской деловой газеты".
Коратка нагадаю пра гэта. Кіраўніцтва БЭ з позіркам на палітычныя абставіны сённяшняга дня ладзіцца пад "новую ідэалогію" вяртання да старых пазіцый беларускай гістарычнай навукі. Канфлікт адбыўся наконт ацэнкі Слуцкага збройнага чыну: у кіраўніцтва Беларускай Энцыклапедыі, зрабіла ўсё, каб у выданні не было і слова, што гэта была барацьба за незалежнасць Беларусі ў падтрымку сваёй дзяржавы - Беларускай Народнай Рэспублікі. У тэксце артыкулаў пра Слуцкае паўстанне, напісаных мною для Энцыклапедыі гісторыі Беларусі і Беларускай Энцыклапедыі былі выкраслены словы пра барацьбу за незалежнасць, за БНР. Паўстанне характарызавалася як барацьба сялянства супраць бальшавіцкай палітыкі "ваеннага камунізму", і толькі. Але ж гэта не так. Сапраўды ж Слуцк і Слуцкі павет у 1920 г. былі асяродкам дзейнасці беларускага нацыянальнага руху, мясцовай беларускай інтэлігенцыі. Сялянства было таксама нацыянальна свядомым, яшчэ не перацярэбленае савецкай уладай, і займала патрыятычныя пазіцыі. Я тады тройчы сустракаўся з кіраўніцтвам БЭ і спрабаваў пераканаць яго, але гэта аказалася дарэмным. Тады я патрабаваў зняць свой подпіс пад артыкулам аб Слуцкім паўстанні ў абедзвюх энцыклапедыях і надрукаваў свой тэкст у "Нашым слове", дадаўшы знятыя рэдакцыяй БЭ з друку іншыя мае артыкулы: ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі кіраўніцтвам БЭ быў зняты артыкул "Слуцкая брыгада", а ў Беларускай энцыклапедыі - артыкул "Слуцкі полк".
Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што слуцкія паўстанцы, не зважаючы на значную колькасную перавагу бальшавікоў, падняліся на барацьбу за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, за самастойнасць сваёй дзяржавы, свайго народа. Гэта не было паўстанне. Гэта быў збройны чын нацыянальнай інтэлігенцыі і беларускага сялянства. Збройны чын беларускага народа.
У 2001 г. у менскім выдавецтве "Энцыклапедыкс" была выдадзена кніга "Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах", якая з'яўляецца вельмі каштоўнай для нашай гісторыі кнігай, добра падрыхтаванай і добра выдадзенай.
Хацелася толькі зазначыць, што некаторыя дакументы ў дэталях адрозніваюцца ад аналагічных дакументаў у розных архівах ці выданнях. Прыведзены і ўспаміны ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну. Але гэта не мае істотнага занчэння, бо - галоўнае - чытач атрымаў збор гістарычных крыніц, якія ніякія рэдактары і цэнзары аспрэчваць не змогуць.
Цяпер Слуцкі збройны чын мае ўжо даволі багатую літаратуру і дастаткова публікацыі, але ён паранейшаму замоўчваецца афіцыйнай прапагандай і дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, бо ўспамін пра яго і святкаванне кожнай чарговай гадавіны збройнага змагання за незалежнасць Беларусі ніяк не стасуюцца з палітыкай улады ў нашай краіне, якая гатова ў кожны зручны момант аддаць незалежную краіну ў поўнае падпарадкаванне дзяржаўным імперскім уладам Расіі.
Таму святкаванне Дня Герояў у наш час з'яўляецца вельмі актуальным і падкрэслівае рашучасць патрыётаў пад трымліваць традыцыі сваіх папярэднікаў у барацьбе за захаванне незалежнасці Беларусі.
Анатоль Грыцкевіч.
ВУЧОНЫЯ ІНСТЫТУТА ГЕНЕТЫКІ І ЦЫТАЛОГІІ НАНБ ПРАЦУЮЦЬ НАД ПРАЕКТАМ "ЭТНАГЕНОМІКА БЕЛАРУСКАГА НАРОДА"
Вучоныя Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) працуюць над праектам "Этнагеноміка беларускага народа". Пра гэта паведаміў дырэктар інстытута, членкарэспандэнт НАНБ, доктар біялагічных навук прафесар Аляксандр Кільчэўскі 24 лістапада ў Мінску на прэсканферэнцыі, прысвечанай 40годдзю навуковай установы.
Паводле яго слоў, задача праекта, што рэалізуецца пад кіраўніцтвам доктара біялагічных навук, членакарэспандэнта НАНБ Алега Давыдзенкі, - ацаніць генетычныя працэсы, што адбываюцца ў карэнным насельніцтве Беларусі. "Было праведзена анкетаванне беларусаў у тых месцах, дзе мінімальна адбіваўся ўплыў прышэльцаў - энтасаў, якія аселі ў Беларусі намного пазней за аўтахтоннае насельніцтва краіны. Гаворка ідзе пра рэгіёны Палесся і Падняпроўя. Дасканала анкетаваліся тыя прадстаўнікі карэннага насельніцтва, якія традыцыйна жылі на гэтых тэрыторыях не менш чым у трэцім пакаленні", - паведаміў навуковец.
Паводле яго слоў, праект рэалізуецца другі год і яго практычныя вынікі будуць вядомы толькі праз некалькі гадоў. "Мы спадзяемся, што вынікі праекта дазволяць папоўніць банк хімічных даных аб спадчынных захворваннях, аб фізічным, псіхалагічным і сацыяльным развіцці беларусаў у выніку натуральнага гістарычнага адбору", - сказаў А. Давыдзенка.
Навуковец заўважыў, што сам ён, прыязджаючы ў Расію, даволі дакладна ідэнтыфікуе сябе як беларуса, які адрозніваецца ад рускіх асаблівасцямі паводзін, адносін да людзей і іншымі рысамі сацыяльнай спадчыннасці.
Як зазначыла заслужаны дзеяч навукі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі акадэмік Любоў Хатылёва, праект "Этнагеноміка беларускага народа" даволі складаны, бо вучоныя не маюць дастатковых зыходных звестак пра тое, якімі былі продкі сённяшніх беларусаў.
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.
Ш Л Я Х : Т В А Р Ы, Д У М К І, Г А Л А С Ы
С. Квіцень
Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
8. ПАСЛЯ ВАЙНЫ
Не заставалася болей
Ні брамы, ні шчылін замочных.
Быццам патухла маўклівае поле -
Зеўрала змрочна.
Не замінаў і завеям наўсцяж
Месці вымерлы хорам.
Часам яны захлыналіся аж
Небывалым прасторам.
Явы ранейшай не будзе зырчэй -
Не паўторыцца следам.
Сонца хаваючы ад непакорных вачэй
Попел лётаў над светам.
Ды не было між кустоў бур'яну, крапівы
Хоць бы нейкай каморы.
Хіба, як жабы ля купін дрыгвы,
Варушыліся норы.
А па дарогах жабрацкай замовай
Хадзіла галеча.
Ад рухаў ценяў чужых зноў галовы
Ўгіналіся ў плечы.
Нават і дыхала ўсё наваколле
Стогнам і енкам.
Не ачуняць было, пэўна, ніколі
Спалоханным зрэнкам.
Не адчапіўшыся доляй паніклай
Ад пекла гарэзаў,
Хілыя целы туліліся звыкла
Да вернага лесу.
99. НАБЫТАК
(І.Капіевіч)
І яму дасталіся Айчыны
Прынады-вярыгі.
Сніў таксама няспынна
Разумныя вечныя кнігі.
Аж цягнулі да дрыжыкаў
Пальцы яны, хвалявалі...
Завіхаліся кніжнікі,
Люд баранілі ад твані.
Марай іх асвячоная
Светлай. Дарма што лясная,
Нават птушка вучоная -
Кнігаўка - лётала ў краі.
Тут ніколі не ведала
Прага друкарства спакою -
Так было нам патрэбнае
Гора салодкае тое.
Ды вакол, што ні раніца
То шукалі крамолу.
І да гэтага вось дабіраліся
Людзі Касцёла.
У зямлю неславянскую
Збег дзеля любае працы.
Падхапіла галандская
Хуткая хваля блукальца.
Добры час жарсці непаслухмянай
Прабілі куранты.
Варушылі вятры акіяна
Лісты фаліянтаў.
Астуджалі лба ўпартага пот
І салёныя пырскі.
Там паклаў на яго вока Пётр,
Самадзержац расійскі.
У запале рашучым
Кудысьці імчаліся хвілі...
Людзі справы кіпучай
На мове адной гаварылі.
Не магло іх развесці
Ў бакі ад адзінае мэты.
Быць было яму ўрэшце
Скарынаю рускай асветы.
Увайшло яно ў галаву.
Як стралою яскравай.
Зваў цаніннік-зямляк у Маскву
Для найгоднейшай справы.
Не аддаў горлаў гучных
Юнацкіх ён зеллям карчомным.
Нарабіў у Расіі падручнікаў
Хлопацам вучоным.
Іншы раз быў пад вечар з жывой
Навуковай здабычай.
Словы новыя мове сваёй
У сусвету пазычыў.
Нат эзопава мудрая хлусь
Так прыцягвала вуха...
Вось калі спахапілася Русь
Па скарынаву духу.
Як хто свіснуў нагайкай
Загадна над соннай Нядбалай.
Аж на самым ускрайку
Набытак сабе адшукала.
100. СЯЛЯНСКАЯ БАЖНІЦА
Далей ад стыхіі шыкоўнай,
Між родных азёраў і ніў
Сусед - слынны храм памяркоўны -
Па-іхняму і гаварыў.
Патроху абжыўся у краі
З вялікай сям'ёй дарагой.
Забылася звада старая,
Парушаны крыжа спакой.
Не дужа сягаў у еўропы
Ад крэўных літоўскіх асін.
Прыйшоўся людзям да спадобы,
Прызналі ўрэшце сваім.
Развага прыйшла да сучасся,
З ёй - сонца, зямля, каласы...
Хрыста іх ён не выракаўся,
Не ператрасаў абразы.
Ткаў свойскую ў сценах тканіну.
Яго спагаднелы пакой
Больш не напаўняўся лацінай,
Славяншчынай цяжкай старой.
А цёплага духу над целам
Улады - о, хто не спасціг!
Тут пастырам быў зразумелым
Як бацька вясковы для ўсіх.
Меў храм без залішніх сакрэтаў
Парадак з вядомых жа страў.
Патрэбы дзяцей сваіх ведаў,
Вялікіх падаткаў не браў.
А проста ён Боскаю ласкай
Старанна адводзіў ад зла.
Сумленнаю хатай сялянскай
Бажніцца пад небам была.
Ніхто не падлічваў заганы,
Чужыя ўсе галасы.
Зрадніліся сэрцы з арганам
У здрадныя гэты часы.
Не думалі пра абарону.
Ну што возьмеш ты з мужыка?
Быў з Богам адным усё роўна,
У дробязі не ўнікаў.
Аб згодзе і ладзе ён енчыў,
На іншыя думкі скупы.
Празвалі яго вырачэнцам
Занаддта святыя папы.
101. СКРУХА
(Г. Каніскі)
З розуму пасходзілі галовы,
Распаласавалі каравай.
Не пляміце ісціннае Слова.
Не купайце ў брудзе Белы край.
До яму закідаў ненажэрных.
Ён прысудам вечным абразоў
Быў і ёсць Айчынай прававернай
З вогненных рагнедавых часоў.
Замяло чужынным павуціннем.
Не патрэбна там яе распуст,
Дзе ўзышла святая Ефрасіння,
Тураўскі паўстаў Залатавуст.
І перад ардою не палегла
Вера - змацавалі ж кавалі!
Дык адкуль сюды, з якога пекла
Унія з лацінаю прыйшлі?
Марна згодны звон шукаць у хрусце
Біцца з сатаной - дык да канца!
Сам паверыў, што душу адпусцяць -
Усяго кароль наабяцаў...
Хворае пад небам мітусенне.
Сапраўды, сляпцу твайму лягчэй.
Бо ўжо не патрэбна вызваленне
Прыцемку паныламу вачэй.
Хто цябе за тое пашкадуе.
Што каварна пуста на дрыгве
І што па-ранейшаму смуткуе
Белы храм па светлай галаве.
Не дабег да кінутага долу -
Спатыкнуўся з Захадам прамень.
Свет няроўна сонца раскалола -
Нас якраз адсунула у цень.
102. ПЕСНЯ
Жывіла і ў дыме адна
Старонка ў час старадаўні.
Аб чымсьці гадала сасна
Над возерам ціхім світальным.
Усіх абвяшчала зара,
Што блізіцца сонца спагада.
Якая другая зямля
Гучала такім спеўным ладам?
Блішчэла блакітная галадзь,
Згасала ў небе дзянніца.
Як песні было прамаўчаць,
Слязамі ў вачах не праліцца?
Бруіла матывам жыццё...
Што значыла ёй ліхалецце?
Сціхала на свеце ўсё,
Калі дакраналася ледзьве.
Самотаю чыстай журбы
Нагадвала зноў аб расстанні.
І сцягвала горла - гук быў
Апошняй пятлёю рыдання.
А й лучыў дыханні адчай -
Не вырачыся ні на волас
Балюча душы палягчаў
Былы заветнейшы голас.
Ты з ім толькі перацярпеў,
Зямляк, у знявечанам храме.
Адзін спавядаў ён цябе,
А ўсіх апрача адабралі.
Ды досыць было жабраку
І гэтага нават увосень.
Так пелася сэрцу пакуль -
Амаль што шчасліва жылося.
103. СЦІПЛЫ ПРАСТОЛ
Дык - патухлы прыходзіў спакой,
Сум адзін да апошняй мяжы?
Што яшчэ заставалася ў ёй,
У амаль дагарэлай душы?
Толькі сціплы вячэрні прастол -
Тая ж да небакраю ралля.
Хіба песня адна навакол -
Без краёў прыгажуня-зямля.
З лішкам хопіць гарачым вачам
Незабыўна адзінай такой
Ў ёй - апора аслаблым плячам
І крынічка з жывою вадой.
Ды настойліва вусны заве
Мова родная... Хто ж не багач -
Гэтак клеткі гучаннем яе,
Як салодкай хваробай шчымяць.
Быцца птушак чуваць веснавых,
Толькі з выраю, звон-перазвон.
Не згубіўшы ўражлівы слых,
Проста існага знойдзеш рэзон.
Назаўсёды радзіма з табой -
І ў ліха любога набег.
Ёй не будзе маланкі такой.
Што прымусіць замоўкнуць навек.
Хоць жыцця не парушыць закон
І ўзад хуткі час не скране,
Ды не кіне яна жабраком -
Будзеш успамінаць і ў труне.
104. БЛАЗАН
Такога шыкоўныя суддзі
Прымалі не болей за смецце.
Шукалі ў ім пудзілу з пудзіл,
Найпершага блазна на свеце.
Але без асобага смаку
Смярдзелі паганыя рысы.
І згодна ківаў небарака -
Куды яму, з гэтакай пысай?
Не надта вучоны ён госць,
Дзе пуста, паночку, там пуста.
О, як рагатаў ягамосць
Над гэтым мужыцтвам бязглуздым!
І смачна гуляла сумесь
Пародыі і балагана.
Здаровы прыдурваўся сэнс,
Разумнічаў мозг занядбаны.
Таксам цікавы прадмет,
А быў і вясёлы, і свойскі
Прыемны вяльможны сусед,
Глядач інтэрмедый вучнёўскіх.
Калі ўжо бяда, дык бяда -
Вучонасці поўная шафа.
Даходзіла сарамата,
Як жарт у начы да жырафы.
Працяг у наступным нумары.)
Я - паляшук
...Так назваў сваю выставу мастак Яўген Шатохін. У гэтым назове - ягоная грамадзянская і мастакоўская сутнасць, ягоныя карані. Пінск - родны горад, дзе ён прыйшоў на гэты свет, дзе зрабіў першыя крокі на шляху да майстэрства рысавальшчыка. Сам творца лічыць, што мастаком ён стаў у дзяцінстве, тады, калі адчуў і ўбачыў прыгажосць навакольнай прыроды. Яго хвалявалі туманы над роднай Пінай, узыход сонейка, навальніцы, змена пораў года. І як вынік - жаданне і першая спроба адлюстраваць свае пачуцці на паперы, якія асабліва востра праявілася ў 10гадовым узросце. Яўген Шатохін лічыць сваім галоўным, пасля прыроды, настаўнікам Яўгена Пятровіча Пулхава, які гуртаваў вакол сябе дзяцей, што жадалі маляваць. Менавіта ён і прывіў любоў да мастацтва. У той дзіцячай студыі малы Яўгенка адчуў асалоду ад працы у такім, на першы погляд, простым і даступным матэрыяле як аловак і папера, якому застаўся верным цягам свайго жыцця. Гэтакі быў пачатак: светлы, бязвоблачны, ружовы.
Аднак жыццё не песціла будучага творцу. Шлях да майстэрства быў няпростым. Лёс закінуў яго ў Расію, дзе давялося спалучаць вучобу і працу. У ГПТВ горада Бранска ён вывучыўся на слесара і гэта, дарэчы, надта прыдалося яму ў будучым. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Арлоўскім педагагічным і Харкаўскім мастацкапрамысловым інстытутах. Паслядоўна і мэтанакіравана ішоў ён да сваёй галоўнай мэты ў жыцці. І першай сур'ёзнай заяўкай пра сябе як мастака стаў удзел Яўгена, студэнта перадапошняга курса, ва Усесаюзнай выставе. Гэта ягоная першая выстава, пасля якой будзе шмат іншых. У 1982 годзе Шатохін быў прыняты ў Саюз мастакоў СССР. Пра творцу з'явіліся публікацыі у цэнтральных сродках масавай інфармацыі, дзе друкаваліся і ягоныя працы. Ён бярэ актыўны ўдзел у шматлікіх выставах.
Пятнаццаць гадоў мастак пражыў на Поўначы. Працаваў творча, шліфаваў майстэрства рысавальшчыка, удзельнічаў у шматлікіх выставах і адначасна зарабляў на хлеб надзённы фізічнай працай. Пра Яўгена Шатохіна можна было даведацца з друку не толькі як пра мастака, але і як пра вялікага рамантыка, няўрымслівага вандроўніка, які здзіўляў тым, што пабудаваў свой карабель і плаваў на ім па многіх паўночных рэках, зрабіў 12 навігацый па Белым моры.
Але Яўген - паляшук. Душой і сэрцам ён тут, на сваёй малой радзіме, на Бацькаўшчыне. У 40гадовым узросце вяртаецца ў родны Пінск, дзе і рэалізуе свой шматгранны талент, жыццёвы досвед. Арганізуе і ўзначальвае дзіцячую школу выяўленчага мастацтва, якую марыць зрабіць вучэльняй Беларускай акадэміі мастацтваў і знаходзіць падтрымку і ўзаемнасць у рэктара Васіля Шаранговіча. На жаль, задума Яўгена Шатохіна не спраўдзілася. У 1997ым годзе ён быў пазбаўлены працы ў мастацкай школе за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. Але ён паспеў зрабіць чатыры выпускі, з якіх 46 вучняў той дзіцячай установы абралі ў сваім жыцці мастакоўскую сцяжынку. Многія з іх прысутнічалі на адкрыцці выставы свайго настаўніка. Гэта яго гонар і плён працы як педагога.
Яўген Шатохін - відны грамадскі і палітычны дзеяч. Разам з аднадумцамі ён стварае Пінскую гарадскую арганізацыю Таварыства беларускай мовы. Як дэпутат гарадскога савета, 9 гадоў узначальвае камісію па культуры, справах рэлігіі і спорту. Актыўна ўдзельнічае ў выставачнай дзейнасці Берасцейскай філіі Беларускага саюза мастакоў. Але не трэба думаць, што мастак зазямліўся на Піншчыне. Аматар вандровак, ён не толькі плавае на сваёй самаробнай яхце "Сакавік" па Піне і Прыпяці, дзе чэрпае натхненне. Шатохін пабываў у розных куточках сваёй любай краіны, дзе стварыў сотні графічных палотнаў, замалёвак. Акрамя таго, ён паспяхова рэпрэзентуе свае творы ў Францыі, Германіі, Польшчы. Яго любімыя матэрыялы традыцыйныя - аловак і акварэль. Яўген Шатохін адзін з нямногіх выдатных рысавальшчыкаў Беларусі. Пра гэта гаварылася на адкрыцці выставы, дзе згадваліся імёны такіх майстроў як Пётра Сергіевіч, Яўген Кулік, Уладзімір Лукашык, Рыгор Сітніца. Ад сябе дадам да гэтага пераліку Віктара Сташчанюка і Уладзіміра Васюка. Таму не так і часта мы маем магчымасць бачыць выставы падобнай графікі.
Сталічны глядач і госці Менска адкрыюць для сябе выдатнага майстра алоўка, калі наведаюць Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, дзе 16 лістапада адкрылася экспазіцыя графічных твораў Яўгена Шатохіна, які дапаможа ўсім нам убачыць у самым простым, будзённым, хараство і прыгажосць беларускай зямлі, беларускай душы.
ІрМа.