№ 49 (735) 21 СНЕЖНЯ 2005 г.
З Калядамі, беларусы!
З'езды ГА БНФ "Адраджэньне" і Партыі БНФ
17 снежня ў Менску прайшлі 10-ты з'езд ГА БНФ "Адраджэньне" і 9-ты з'езд Партыі БНФ.
З'езд заслухаў справаздачны даклад старшыні партыі і грамадскага аб'яднання Вінцука Вячоркі, справаздачныя выступы намеснікаў старшыні і старшыні Рэвізійнай камісіі.
З прывітаннем да з'езду звярнуўся адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў у прэзідэнцкай кампаніі 2006 года Аляксандр Мілінкевіч. Прывітанне з'езду накіраваў Сакратарыят ТБМ.
Увыніку выбараў на новы тэрмін старшынём Партыі БНФ і ГА БНФ "Адраджэньне" зноў абраны Вінцук Вячорка. На сваіх месцах засталіся і ўсе намеснікі. А вось Сойм абноўлены прыблізна на трэць.
З'езд праходзіў у параўнальна спакойнай атмасферы, амаль што без традыцыйных унутрыпартыйных разборак. Гэтаму, мабыць, садзейнічала тое, што з'езд адбываўся ў першы дзень толькі што абвешчанай перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі, і дэлегаты былі заклапочаны новым вялікім аб'ёмам працы, пра які ўсе ведалі, але спадзяваліся, што гэта будзе крыху пазней.
Яраслаў Грынкевіч.
Старшыні Партыі БНФ
сп . Вінцуку Вячорку ,
сябрам Партыі
Шаноўныя сябры !
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны шчыра віншуе Вас, найбліжэйшых саюзнікаў і аднадумцаў, з нагоды правядзення 9-га з'езду Партыі БНФ.
Нам, сябрам і прыхільнікам ТБМ , заўсёды імпанавала Вашая паслядоўная пазіцыя ў адстойванні ідэалаў Нацыянальнага адраджэння, дзяржаўнай незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, абароне нацыянальных сімвалаў, дэмакратычных інстытутаў, канстытуцыйных і чалавечых правоў нашых суграмадзянаў. Асаблівая падзяка - за заўсёдную вернасць і адданасць роднаму слову. Нездарма ворагі беларушчыны часцяком атаясамляюць беларускамоўных грамадзянаў Беларусі з "бэнээфаўцамі"(!).
Вашая Партыя, з'яўляючыся адной з найстарэйшых і самых масавых у найноўшай гісторыі Беларусі, зрабіла без перабольшання вялізарны ўнёсак у справу станаўлення Беларусі як незалежнай і вольнай дзяржавы, істотна паспрыяўшы абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці ў значнай частцы нашага грамадства праз палітычную, грамадскую, асветніцкую, адукацыйную, выхаваўчую і культурніцкую дзейнасць. Пры Вашым удзеле, пад Вашым непасрэдным уплывам вырасла цэлае пакаленне, новая генерацыя маладых людзей, мужных і адданых сыноў ды дачок Беларусі, якія ўжо ніколі не стануць манкуртамі, "иванами, не помнящими родства". Выхоўваючы лепшых прадстаўнікоў беларускай моладзі на ідэалах Беларускай Народнай Рэспублікі, Вы фактычна зрабіліся пераемнікамі лепшых традыцыяў беларускіх палітычных партыяў пачатку мінулага стагоддзя, а таксама духоўнымі нашчадкамі лепшых сыноў і дачок Беларусі тых далёкіх часоў, адраджэнцаў "нашаніўскай" эпохі: Цёткі, братоў Луцкевічаў, Пётры Крычэўскага, Вацлава Ластоўскага, Аркадзя Смоліча, Браніслава Тарашкевіча ды многіх іншых.
Яшчэ да стварэння Партыі Рух БНФ "Адраджэньне" быў адным з тых нямногіх першых, хто ініцыяваў новую магутную хвалю Нацыянальнага адраджэння, задзіночыўшы таленавітых і творчых людзей усіх узростаў ды прафесіяў, паяднаных ідэяй служэння Беларусі: пісьменнікаў, мастакоў, грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў розных галін ведаў. Гэтая акалічнасць надала значнасці і вагі Руху, а пасля і Партыі, аўтарытэт, які дагэтуль прызнаецца як у Беларусі, гэтак і за яе межамі.
Сёння Вашая арганізацыя - адна з нямногіх на Беларусі, у складзе якой гэтак шмат прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі.
Кіраўніцтва і сябры ТБМ зычаць Вам плёну ў працы З'езду, жыццёвага аптымізму і палітычных перамогаў у імя і на карысць Беларусі!
Жыве Беларусь!
Сакратарыят ТБМ.
Юрыспрудэнцыя па-беларуску
Напрыканцы 2005-га года ў Беларусі выйшаў часопіс юрыстаў і палітолагаў "Праўнік". Эпіграф часопіса: "Наша права нашай мовай", і выйшаў ён на беларускай і англійскай мовах. Рэдактар часопіса Ўладзіслаў Белавусаў.
У прадмовеманіфесце ў прыватнасці гаворыцца: "Юрыдычны часопіс "Праўнік" першапачаткова паўстаў як online праект у лістападзе 2004 году з ініцыятывы шэрагу студэнтаў ды аспірантаў права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, што імкнуліся такім чынам хаця б неяк запоўніць нястачу якаснай праўнай інфармацыі на дзяржаўнай беларускай мове. Аднак ужо праз паўгода функцыянавання ўэббачынкі часопіса выявілася відавочнай неабходнасць пашырэння праекту коштам выпуску друкаванага выдання, першы нумар якога мы і прапануем нашаму чытачу. На сённяшні дзень на кніжным/прэсавым рынку краіны ды ў байнэце склалася дзіўная сітуацыя, капі праўная літаратура, юрыдычная аналітыка і навіны права краіны падаюцца амаль спрэс парасейску. Больш за тое, пасля 1995 году назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя скарачэння колькасці праўных курсаў у дзяржаўных і прыватных ВНУ, што чытаюцца пабеларуску. Ніводнае аддзяленне права краіны не можа пахваліцца наяўнасцю хаця б адное акадэмічнае групы/плыні, якая б мела магчымасць атрымліваць юрыдычную адукацыю на роднай мове. Фактычна пабеларуску (дый то не заўсёды) чытаюцца толькі лекцыі з гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Працэс распрацоўкі ўласнай юрыдычнай тэрміналогіі настолькі замаруджаны, што цягам апошніх 10ці год не было выдадзена ніводнага беларускамоўнага юрыдычнага слоўніка. Да таго ж, афіцыйныя выданні часта папросту калькуюць праўныя тэрміны з расейскае мовы і практычна ніколі не адыходзяць ад сумнеўных лексічных штампаў савецкіх часоў.
Другая прычына - імкненне пераадолець скаланізаванае мысленне вялікай часткі сваіх старэйшых калегаў. Генерацыя праўнікаў, заангажаваных у працу над гэтым часопісам, мысліць сябе нашчадкамі і прадаўжальнікамі "ліцьвінскабеларускай" праўніцкай традыцыі. Традыцыі, што ўзбагаціла чалавецтва імёнамі Лява Сапегі, Паўла Астравіцкага, Марціна Валадковіча, Астафея Валовіча і г. д. Традыцыі, плёнам якой сталі Статуты Вялікага княства Літоўскага, напісаныя, як вядома, на старабеларускай мове, - найпрагрэсіўнейшыя прыклады кадыфікацыі ў тагачаснай Еўропе. Традыцыя гэтая ёсць еўрапейскай каранямі (кантынентальнае права, рымскі цывілістычны фундамент, ідэі канстытуцыяналізму) ды нацыянальнай па форме (беларуская мова і кшталтаванне ўласных праўных дактрынаў, закліканых спрыяць паспяховай дэмакратызацыі дзесяцімільённага еўрапейскага народу). Па сутнасці, сама мадэрновая беларуская ідэнтычнасць была сфармуляваная юрыстамі па адукацыі: ад Кастуся Каліноўскага і Францішка Багушэвіча да Івана Луцкевіча, Рамана Скірмунта, Фабіяна Акінчыца ды іншых. Стваральнікі часопіса ні ў якім разе не падзяляюць падыходаў, што атаясамліваюць "тэарэтыкаў савецкага права" з "айчыннай школай", а таксама не вітаюць інтэграцыі" беларускага і расейскага заканадаўстваў, падыходаў, якімі часцяком злоўжываюць аўтары беларускіх падручнікаў, публіцыстычных артыкулаў і курсаў лекцыяў юрфакаў краіны..."
"Усё неяк склалася само сабою"
Інтэрвію з Валянцінай Пятроўнай Лемцюговай для "Нашага слова"
Ёсць выдатныя асобы, чый талент і творчы патэнцыял з гадамі не гаснуць, а набіраюць моцы. Да іх ліку належыць Валянціна Пятроўна Лемцюгова - вядомы беларускі лінгвіст, чалавек бязмежна ўлюбёны ў сваю прафесію, беззапаветна адданы айчыннай мовазнаўчай навуцы, справе нацыянальнага адраджэння.. 19 снежня паважанай Валянціне Пятроўне спаўнілася 70 гадоў. З нагоды гэтай падзеі прапануем чытачам "Нашага слова" інтэрвію з шаноўнай Валянцінай Пятроўнай Лемцюговай.
- Валянціна Пятроўна, назавіце свой самы светлы ўспамін з дзяцінства.
-- Увогуле, маё дзяці-нства памаляванае шэрымі фарбамі вайны і паслява-еннай разрухі. Але і на гэ-тым нудным фоне час ад часу ўспыхвалі прамень-чыкі радасці. Вось адзін з іх, які для сённяшняга пакален-ня можа нічога не значыць, а для мяне ён незабыўны. З нагоды ўзвядзення будынка новай школы і дня Перамогі над гітлераўскай Германіяй настаўнікі і вучні наладзілі канцэрт. Вясёлае відовішча сабрала шмат народу з на-шай вёскі і навакольных. Самадзейных артыстаў су-стракалі можа нават лепей, чым сённяшніх зорак. Пры-йшла і мая чарга выйсці на сцэну са сваімі трымя соль-нымі песнямі. Дзве з іх былі патрыятычныя, а трэцяя - прасякнутая жальбою па загінулых на вайне. Апош-няя вельмі расчуліла маіх слухачоў, асабліва слуха-чак. Мяне абдымалі, цала-валі пажылыя і маладыя жанчыны, на вачах кожнай буйнымі расінкамі іскрыліся слёзы. Адна з іх неўпрык-метку паклала ў кішэньку маёй саматканай спаднічкі 30 рублёў грошай. Пазней я даведалася, што гэта была настаўніца па прозвішчы Белацелава. Праз усю да-рогу дадому я ўяўляла сябе ў штапельнай квяцістай сукенцы. Але маці разважы-ла па-іншаму: "не сукенку, а купім табе галёшы на бурачкі, а то будзеш хадзіць у цяжкіх клееных бахілах". Неўзабаве ў нашу вясковую краму завезлі пару новенькіх бліскучых галёшаў, што здаралася надта рэдка. То-лькі былі яны на адну (пра-вую) нагу і мне завялікія на цэлы памер. Думалі, разважалі і рашылі не рызыка-ваць, бо другой такой удачы можна было і не дачака-цца.Так даўно гэта ўсё бы-ло! Але бляск тых галёшаў не меркне ў маёй удзячнай памяці і да сённяшняга дня.
- Ваша навуковая дзейнасць - увасобленая мара дзяцінства ці хтосьці з канкрэтных асобаў аказаў уплыў на Ваш выбар?
-- Усё неяк склалася само сабою. Са школьнай парты я марыла стаць нас-таўніцай. І мара збылася. Пасля заканчэння ў 1953 г. Чавускай сярэдняй школы я паступіла на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1958 г. атрымала дыплом філолага і два гады выкла-дала беларускую, рускую і нямецкую мовы ў дзвюх школах Валожынскага раёна Маладзечанскай (зараз Менскай) вобласці. За гэтыя два гады я цалкам рэалізавалася як настаўніца. У мяне быў добры кантакт з вуч-нямі і іх бацькамі, я значылася ў ліку лепшых па выніках праверак інспектараў РАНА. Здавалася, лепшай долі мне і не трэба. Аднак, асабістае жыццё павярнулася так, што я мусіла перабрацца ў сталіцу. Паспрабавала ўладкавацца на педагагічную працу - не ўдалося. Тады нічога не заставалася іншага, як шукаць хаця б які-небудзь заня-так. Нейкі час выдавала кнігі ў беларускім аддзеле Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І Леніна (зараз Нацыянальная бібліятэка). Там і сустрэла свайго вы-кладчыка агульнага мова-знаўства Б.І.Касоўскага, які параіў мне звярнуцца ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (цяпер НАН Беларусі). Як-раз там была вольная вакансія і мяне залічылі на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка ў аддзел тэрміналогіі. Займалася падрыхтоўкай "Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі", "Руска-беларускага слоўніка сельскагаспадарчай тэрміналогіі" і інш. Паралельна здавала кандыдацкія экзамены. На той час настойліва прабівала сабе рэчышча новая галіна лінгвістыкі - анамастыка. У польскіх і украінскіх выданнях з'яўлялася адна публікацыя за другой. У Беларусі маштаб-ную працу па зборы і вывучэнні антрапаніміі разгарнуў акадэмік М.В.Бірыла. Усё гэта падахвоціла і мяне заняцца вывучэннем тапаніміі.
- Валянціна Пятроўна, а якімі сваімі навуковымі працамі Вы найбольш даражыце і ганарыцеся?
-- Мне ў навуковай дзейнасці вельмі пашанца-вала. За ўвесь перыяд працы ў Інстытуце не давялося займацца справай, якая б мяне не цікавіла, не хваля-вала. Таму кожны новы твор прыносіць радасць і задавальненне. Але ж гэта толькі на нейкі час. Пасля ўважліва прыгледзішся, знойдзеш хібы, недаклад-насці і ад мажорнага на-строю мала што застаецца. Да таго ж я надзвычай са-макрытычна стаўлюся да сваёй навуковай прадукцыі, хаця і добра ўсведамляю, што падрыхтаваць якую-небудзь працу бездакорна, на вякі практычна немаг-чыма. Многае з гадамі тра-ціць актуальнасць і знач-насць. Да прыкладу, пасля выхаду ў свет рэцэнзенты высока ацанілі мой "Украін-ска-беларуускі слоўнік", аднак сёння ўжо ёсць патрэба ў яго ўдасканаленні. Паводле навуковай і прак-тычнай вартасці з усіх сваіх прац я б выдзеліла чатыры. Першая - гэта "Восточносла-вянская ойконимия аппеля-тивного присхождения» (у сукупнасці з аўтарэфератам доктарскай дысертацыі "Восточнославянская ойко-нимия в её связи с семан-тической историей типов поселений и жалища»), у якой вырашаецца шмат пы-танняў, звязаных з прабле-май этнагенезу трох славянскіх народаў - беларускага, украінскага і рускага. Дру-гая - комплекс даследаван-няў "Мова "Нашай Нівы", які аб'ядноўвае чатыры буй-ныя калектыўныя працы: "Слоўнік мовы "Нашай Нівы" (1906-1915)" у пяці тамах (1-ы том выйшаў у 2003 г.) і тры калектыўныя манаграфіі: "Мова "Нашай Нівы". Варыянтнасць. Сінанімія" (выдадзена ў 2005 г.), "Мова "Нашай Нівы". Семантыка і стылістыка тэксту", "Мова "Нашай Нівы". Сінтаксіс" (у стадыі рас-працоўкі). Трэцяя - двухтомнае манаграфічнае даследаванне "Słowiańska ono-mastyka", выкананае ў рам-ках міжнароднага навуковага праекту ў сааўтарстве з вядучымі анамастамі 12 славянскіх краін (Варшава - Кракаў, 2001-2003г). Чац-вёртая - нарматыўны даведнік у 6-ці тамах "Назвы населеных пунктаў Рэспу-блікі Беларусь", два з якіх апублікаваныя: па Менскай вобласці - у 2003 г., па Гродзенскай - у 2004 г. Мяркую, што гэтыя працы будуць доўга жывіць зда-быткі не толькі сучаснай, але і будучай навукі пра мову, працаваць на імідж культуры нашага народа і краіны. А апошняя з'явіцца і тым зыходным пунктам, з якога пачнецца ўрэшце упа-радкаванне нашай тапаніміі, даведзенай безгаспадарлі-васцю да стану хаосу.
-- Якія праблемы бе-ларускага мовазнаўства, на Вашу думку, патрабуюць неадкладнага вырашэння?
-- Скажу толькі пра тое, у якім кірунку, на мой погляд, сёння павінна развівацца беларуская лексікаграфія. Гэтае пытанне мне найбліжэй па профілю наву-ковай дзейнасці. Нягледзячы на тое, што наша слоўнікавая прадукцыя рэгулярна перавыдаецца і ўсё яшчэ карыстаецца попытам, нам пара падумаць пра яе істотнае абнаўленне. І пачаць трэба з "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы" ў пяці тамах. Чаму менавіта з яго? Таму што агульнанацыянальны тлумачальны слоўнік ва ўсе часы быў і застаецца праграмным, загалоўным. Зусім слушна яго называюць "ядром" лексі-каграфіі. Ад яго паўнаты і якасных паказчыкаў залежыць поспех усёй лексіка-графіі. Такі слоўнік павінен ахопліваць лексіку ўсіх ас-ноўных этапаў у развіцці нацыянальнай мовы, той неабходны мінімум слоў, які задавальняў бы запатра-баванні ўсяго грамадства, незалежна ад прафесіі і занятку яго карыстальнікаў і адлюстроўваў бы не толькі стан, але і тэндэнцыі раз-віцця літаратурнай мовы на акрэсленым храналагічным адрэзку яе гістарычнага шляху. "Тлумачальны слоў-нік беларускай мовы" у 5-ці тамах такім вымогам не адпавядае. У яго рэестры адсутнічае лексіка перыяду беларускага нацыянальнага адраджэння (пач.20-га ст.), лексіка, народжаная "пера-будовай", зменамі ў палі-тычным, эканамічным і ку-льтурным жыцці краіны. Пяцітомны тлумачальны слоўнік служыць нам без малога 30 гадоў і, нату-ральна, мае патрэбу ў аб-наўленні ўсёй лінгвістычнай і навукова-метадычнай ас-новы. Больш падрабязна я падзялілася сваімі думкамі адносна перспектыў бела-рускай лексікаграфіі ў двух навуковых артыкулах і вы-ступленні на пленарным пасяджэнні Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай пытанням лексікаграфіі, якая праходзіла ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ў лістападзе 2005 года. Даклады і паведам-ленні будуць апублікава-ныя, пры жаданні з імі можна будзе азнаёміцца.
- Валянціна Пятроўна, чытачам "Нашага слова" вельмі цікава даведацца пра Вашы навуковыя планы і задумы.
-- Найважнейшая задача на бліжэйшы час - завяршэнне буйных, вышэй названых мною планавых тэм. Ёсць і асабістыя задумкі. Ужо шмат гадоў я працую над кнігай: "Чаму так назвалі?", у якой будзе змешчана звыш 3-х тысяч нататак пра паходжанне назваў беларускіх паселішчаў. Яе выхад плануецца на 2007 г. Спадзяюся ў 2009 годзе канчаткова падрыхтаваць да выдання "Руска-беларускі слоўнік" у адным томе, які даўно чакае сваёй чаргі.
Шчыра дзякую за адказы на нашы пытанні. Мы жадаем Вам моцнага зда-роўя, шмат прыемных жыц-цёвых уражанняў і вядома - абавязковага здзяйснення навуковых планаў.
Гутарыла Алена Анісім.
Закон аб музеях Палата прадстаўнікоў прымала па-беларуску
Колькі тыдняў таму Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні законапраект "Аб музеях і музейным фондзе Рэспублікі Беларусь". Адметнасць гэтага прыняцця праявілася ў тым, што сам дакумент падрыхтаваны пабеларуску і абмеркаванне яго вялося выключна пабеларуску.
Папярэдні музейны закон быў прыняты ў 1996 годзе. I дэпутаты адзначалі, што ён станоўча паўплываў на захаванне і развіццё сеткі дзяржаўных музеяў, удасканаленне музейнай справы. Але пазней з'явіліся юрыдычныя калізіі ды няўзгодненасці паміж названым законам ды іншымі нарматыўнымі актамі.
Пра адрозненні новага закону ад старога гаварыў, выступаючы перад дэпутатамі, Генадзь Давыдзька сябра сталай парламенцкай камісіі ў пытаннях адукацыі, культуры, навукі і навуковатэхнічнага прагрэсу:
Законапраектам удакладняецца тэрміналогія: напрыклад, замест тэрміна "гістарычнакультурныя каштоўнасці" выкарыстоўваецца тэрмін "музейныя прадметы", удакладняюцца пытанні стварэння і ліквідацыі музеяў, іх класіфікацыі і фінансавання, камплектацыі музейнага фонду Рэспублікі Беларусь, прынамсі, дзяржаўнага кантролю за музейным фондам. Правы музеяў і іх наведнікаў рэгламентуюцца адпаведна сучасным умовам дзейнасці музеяў.
Паводле намесніцы старшыні памянёнай парламенцкай камісіі Наталлі Аўдзеевай, вынесены на разгляд законапраект дапоўнены артыкулам аб народных музеях, у якім вызначаюцца ўмовы надання музеям такога статусу, а таксама артыкулам аб экспазіцыях і выставах. Апрача гэтага, вызначаны абавязкі музеяў і іх наведнікаў. Законапраект дапоўнены прававымі палажэннямі аб парадку ліквідацыі прыватнага музея.
Ініцыятыва падрыхтаваць першы музейны закон, прыняты ў 1996 годзе, зыходзіла яшчэ ад дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання. Я размаўляў з Алегам Трусавым дэпутатам Вярхоўнага Савета XII склікання, сакратаром тагачаснай парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Вось меркаванне Алега Трусава пра новы дакумент:
Прыемна адзначыць, што гэта адзін з нешматлікіх законаў у сённяшняй Палаце прадстаўнікоў, які зроблены на дзяржаўнай беларускай мове. I тут перадусім заслуга кіраўніка гэтай камісіі спадара Здановіча. Ён настаўнік з Драгічына, чалавек, які добра ведае мову. I нядаўна мяне парадавала яго публікацыя ён выдаў зборнік задач па фізіцы на беларускай мове, куды ўвёў шмат цікавай інфармацыі з нашай гісторыі, культуры. I не забыў пра свой родны Драгічын. Цяпер усе будуць ведаць, што ёсць такі горад у Беларусі. Я хацеў бы пажадаць дэпутатам з Палаты прадстаўнікоў, каб усё ж такі беларуская мова не была выключэннем, каб яны вярнуліся да практыкі Вярхоўнага Савету XII склікання, калі ўсе законы ішлі на беларускай мове, а часам парасейску рабіліся сінхронныя пераклады.
Што стрымлівае дэпутатаў ад рэгулярнага выкарыстання ў сваёй заканатворчай практыцы беларускай мовы? Дэпутат Наталля Аўдзеева сказала мне, што існуе псіхалагічны фактар. Маўляў, шмат дэпутатаў саромеюцца, што ў іх не атрымаецца добра гаварыць пабеларуску, і таму яны выступаюць парасейску...
Наша пакаленне і старэйшае, мы выхоўваліся ў той час, калі, скажам як ёсць, перадусім асяроддзе фармавалася рускамоўнае, і практыкі не хапае. Ёсць такая звычка размаўляць на рускай мове. А сёння асяроддзе беларускамоўнае паступова мае развіццё. Я ведаю гэта як філолаг паводле першай адукацыі і як асоба, якая курыравала адпаведныя кірункі ў дзяржаўнай палітыцы. А тормаз псіхалагічны існуе. Пажывём далей пабачым, як беларусы будуць патрошкі больш цікавіцца роднай мовай: сакавітай, вельмі прыгожай, больш лёгка будуць на ёй размаўляць".
Уладзімір Глод.
Лідскі музей вяртаецца да беларускай мовы
У Лідзе, бадай, першымі адрэагавалі на добры прыклад дэпутатаў. Пасля 10-гадовага перапынку Лідскі гістарычна-мастацкі музей пачаў паўнамаштабнае выкарыстанне беларускай мовы.
На працягу апошняга дзесяцігоддзя толькі ўлік фондаў, за які адказвала Ганна Драб, вёўся на беларускай мове. Зрэдку па-беларуску афармляліся экспазіцыі і выставы.
А вось сёлета па-беларуску ўжо ствараецца план работы музея на 2006 год, па-беларуску будзе пісацца і справаздача за 2005 год. Што далей? Пабачым, але такі падход лідзян можна толькі вітаць. Спадзяёмся, што Лідскі музей стане яшчэ адным асяродкам беларушчыны ў горадзе.
Яраслаў Грынкевіч.
24 снежня 95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Сядуры
Уладзімір Сядура нарадзіўся ў 1910 г. у Менску. Вучыўся ў Белпедтэхнікуме і БДУ, у 1932 г. перавёўся на філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Арыштаваны як наццэм і ў 1933 г. высланы у Сібір на 3 гады. Вярнуўшыся з высылкі, скончыў у 1939 г. Ленінградскі ўніверсітэт, абараніў дысертацыю, працаваў выкладчыкам літаратуры Менскага педінстытута і старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута педагогікі Наркамасветы БССР. У першы дзень вайны арыштаваны, але здолеў збегчы.
Падчас акупацыі жыў у Менску, потым у Рызе, рэдагаваў часопіс "Новы шлях", друкаваўся ў "Беларускай газэце", якая выходзіла ў Менску. Падрыхтаваў кнігі: "Беларускае мастацтва", "Жыве беларус", "Беларускі тэатр", алс зза ваеннага часу не змог выдаць. З 1944 г. жыў у Германіі, з 1951 у ЗША.
У друку пачаў выступаць з 1929 г. Пісаў рэцэнзіі на творы беларускіх тсьменнікаў. На эміграцыі пісаў артыкулы па беларускаму мастацтву, культуры, музыцы, тэатру, аналізаваў творчасць беларускіх класікаў (М. Багдановіча, Я. Купалы, У. Галубка), а таксама пісьменнікаўэмігрантаў. Друкаваўся амаль ва ўсіх эмігранцкіх газетах і часопісах. Выкладаў у Калумбійскім унівесітэце (НьюЁрк), часта выступаў з дакладамі па праблемах беларускай літаратуры і мастацтва. Таленавіты празаік, пісаў апавяданні, аповесці, раманы "На берагах пад сонцам", "На святой зямлі", "Вялікія дарогі", аповесць пра М. Багдановіча. Усе кнігі прозы выдаў пад псеўданімам Уладзімір Глыбінны.
Уладзімір Сядура памёр у 1995 г. у горадзе Трой (ЗША).
Лідзія Савік
"Рэгіянальную газету" часткова адстаялі
Пасля выключэння з падпіснога каталогу шэрагу недзяржаўных газет ТБМ звярнулася да кіраўніцтва "Белпошты" у падтрымку беларускамоўных газет "Наша Ніва" і "Рэгіянальная газета". Днямі быў атрыманы наступны адказ:
Трусову О. А.
(старшыні ГА «ТБМ імя Ф. Скарыны)
ул. Румянцева, д. 13,
220034, г. Минск
Уважаемый Олег Анатольевич!
На Ваше обращение по поводу отсутствия газет: «Наша ніва» и «Рэгіянальная газета» в подписном каталоге на первое полугодие 2006 года поясняю:
Фонд издания газеты «Наша ніва» в 2005 году неоднократно нарушал свои договорные обязательства по заключенным с РУП «Белпочта» договорам на прием, доставку подписных тиражей газет. Нарушение договорных обязательств отрицательно сказывается на работе всех звеньев предприятия (цеха экспедирования печати, областных и районных сортировочных подразделений, отделений почтовой связи) и увеличивает расходы на этапах обработки и доставки подписчикам печатных средств массовой информации. В соответствии с вышесказанным, РУП «Белпочта» вправе не заключать договор на следующий подписной период с редакцией и (или) издательством, и не включать их издания в каталог.
По вопросу распространения «Рэгіянальнай газеты» сообщаю, что данная газета по согласованию с редакцией включена в подписной каталог Минской области и в 1 полугодии 2006 г. будет распространяться по подписке в пределах Минской области.
С уважением,
Начальник издатцентра «Марка» И. В. Островская.
Рада ТБМ
Першае ў 2006 годзе паседжанне Рады ТБМ адбудзецца ў Менску 29 студзеня 2006 года ў нядзелю.
Рэгістрацыя ў 10.00 ў сядзібе ТБМ.
Беларуска-ірландскі дзённік
(Працяг "Ірландскага дзённіка")
Біл Кліры і яго сям 'я
Біл і яго жонка жывуць у Мулінгары. У іх пяцёра дзяцей: двое сыноў; трое дачок. Дзве з іх ужо выраслі і аддзяліліся.
9 гадоў назад Біл упершыню пачуў ад стрыечнай сястры Бёрні пра дапамогу беларускім дзецям. Яны з жонкай вырашылі дапамагаць. На маё пытанне, чаму яны так вырашылі; Біл адказаў абсалютна тыпова. Яны помняць той галодны час у Ірландыі, яны гэта перажылі і могуць дапамагчы нам, хто нічога не мае. Для іх гэта задавальненне - дапамагаць.
Сям'я ўзяла на канікулы 15гадовую Ірыну з Мазыра. Цяпер Ірыне 24 гады, яна закончыла Мазырскі педагагічны універсітэт, першы год працуе настаўніцай англійскай і нямецкай мовы ў вясковай школе. Гэтым летам прыехала сюды ў 8ы раз. Цяпер яна ўжо перакладчыца ў групе беларускіх дзяцей. Пабачыўшы яе галівудскую ўсмешку, я зразумела, што яна вывучала яе ў Ірландыі. Ірына любіць танцаваць беларускія танцы, мае нацыянальны касцюм. Калі мы сустрэліся з ёй у Томавай хаце, дзе я жыла, мы праспявалі для ўсіх "Цячэ вада ў ярок". Ірына малайчынка, як толькі пачула маю беларускую мову, адразу пачала на ёй гаварыць , хоць гэта было ёй цяжка і нязвычна. Яна ўспамінала, дзе мяне бачыла, і потым сказала, што любіць глядзець канал "Лад", дзе мы з дачкой паказваем беларускія традыцыі.
Біл з'яўляецца сябрам мулінгарскага камітэта дабрачыннай арганізацыі. Ён быў у Беларусі чатыры разы: у Мазыры, Калінкавічах, Гомелі, Менску, розных вёсках. Наведвае шмат разоў Беларусь, таму што знайшоў тут многа сяброў. Ён ездзіў на рыбалку на бераг Прыпяці, еў юшку і нават помніць гэтую назву на нашай мове. Пабываў у Ірынінай бабулі ў вёсцы, і яму там вельмі спадабалася. Біл любіць беларускія стравы: боршч, пельмені, галубцы. Ён у захапленні ад беларускіх песняў, танцаў. Ірландзец пабываў у 39 краінах, але лічыць, што найпрыгажэйшыя жанчыны ў свеце на Беларусі і на Кубе. Ён любіць гісторыю, добра ведае гісторыю Ірландыі, вывучае гісторыю Беларусі.
Біл пабываў у нашых школах, выступаў перад студэнтамі Мазырскага універсітэта. Калі адзін са студэнтаў спытаў, якую краіну ён найбольш любіць, Біл адказаў, што Беларусь, але, вядома, пасля Ірландыі.
Падчас размовы Біл успомніў, што мы сустракаліся ў Беларусі. Я вяла некалькі канцэртаў падчас фестываляў, прысвечаных святому Патрыку, якія дзіцячы фонд "Сакавік" пачаў арганізоўваць у Менску ў парку М. Горкага 8 гадоў назад. Таксама мы сустракаліся ў доме Дружбы, дзе арганізоўвалі шматлікія сустрэчы з нашымі ірландскімі гасцямі. Біл паведаміў мне пра гібель Брайдэна ў Беларусі. Ірландцы ехалі на рафіку і каля Калінкавіч на іх сустрэчную паласу выехаў самагубца, які пасварыўся з жонкай і паехаў на трасу здымаць стрэс. Вось такі лёс ірландца Брайдэна, які прыехаў у Беларусь з надзеяй змяніць жыццё беларускіх людзей да лепшага.
Біл таксама хоча дапамагчы зменам у жыцці беларусаў і лічыць, што беларусы павінны гэтага хацець так, як глыбока марылі пра гэта ірландцы. І не апошнюю ролю ў гэтым іграе незалежнасць краіны і людзей. Зараз мы маем незалежную краіну, але людзі ў большай частцы любяць падпарадкоўвацца, не браць на сябе вялікую адказнасць. Такімі былі ірландцы ў мінулым.
Школа ў Кілбэгене
Наведала Кілбэгенскую школу. Сустрэлася спачатку з вучнямі, якія закончаць школу праз 2 гады. Сярод адзінаццаці дзяўчатак адзін хлопец. Дзеці вельмі цікаўныя, але пра Беларусь ведаюць мала. Хлопец казаў, што гэта маленькая краіна, меншая за Ірландыю, а ў іх насельніцтва 4 млн. Не вельмі добра ведаюць і сваю гісторыю, доўга ўгадвалі, калі адчыніўся бровар Локаў у Кілбэгене. Падаравала ім каляндарыкі і значкі. Як і нашыя, вучні пытанняў не задавалі.
Потым сустрэлася з настаўнікамі. Усіх іх было каля 30. Яны вельмі жыва адрэагавалі на маю інфармацыю пра "Ірландскі дзённік", слухалі вельмі ўважліва, задавалі пытанні. Іх цікавіла, на якой мове надрукаваная газета, які тыраж, чаму розная колькасць старонак.
І вучням, і настаўнікам я задавала пытанне, што рамантаваць спачатку - дах для храма ці дах для дзіцячага прытулка, успамінаючы колішнюю спрэчку ірландцаў з дацэнтам Трусавым. Тады, у жніўні, я нават не ведала, чый бок узяць. І найбольш схілялася да меркавання Трусава. Але ўжо тады заклалася супярэчлівая думка, якая тут, у Ірландыі, умацавалася, калі я пачула адказ настаўнікаў і вучняў. Усе як адзін, не разважаючы, лічаць, што дах для дзяцей - найперш.
Пагаварыла з дырэктарам - наймілейшай Катарынай. Я ўпачатку сустрэла яе на калідоры. Яна несла вялізарнае люстра, і я запытала, дзе я магу бачыць дырэктара. Калі я даведалася, што яна - дырэктар, то была ўсцешана - вельмі люблю працавітых дырэктараў.
Спадарыня Катарына расказала пра школу, пра бацькоў і дзяцей, паказала сваю гаспадарку. Было бачна, што яна любіць сваю работу, як і нашы школьныя дырэктары, знаходзіцца на працы ад раніцы да цямна.
Ірландскі валанцёр Дорык Дэві
Дорыку 26 гадоў. Жыве ён у Кілбэгене, а працуе ў Мулінгары ў спецшколе. Зімой 2003 года ён пачуў ад Шэмеса Грэхама, што ёсць такая арганізацыя - Кілбэгенскія сябры Беларусі, якая дапамагае беларускім дзецям. Дорык вырашыў дапамагаць таксама. Маці, бацька і сястра не супраць, каб ён працаваў у дабрачыннай арганізацыі. Хлопец лічыць, што ірландцы маюць усё, што трэба для жыцця: грошы, рэчы, адзенне, дамы, харчаванне. Але моладзь ведае пра бедную Ірландыю ў мінулым ад сваіх бацькоў. Бацька Дорыка расказаў, што меў адны чаравікі, адны штаны і адну кашулю.
Дорык вучыўся жыць і ад бацькоў і ад жыцця. Аднойчы хлопец вырашыў павандраваць па свеце без грошай і без харчу, каб зразумець, што такое жыццё. Калі ён вярнуўся і адчыніў халадзільнік, бітком набіты прадуктамі, ён усвядоміў, як мала трэба для адчування шчасця і як людзі гэтае пачуццё пастаянна губляюць.
Калі Дорык першы раз паехаў у Беларусь, пабачыў Менск, то думаў, што Беларусь багатая, прыгожая і шчаслівая краіна. Але калі прыехаў у Станькава, то зразумеў, што ў нас шмат праблем. Ён быў у шоку - настолькі розняцца горад і вёска ў Беларусі.
Дорыку падабаюцца беларускія людзі, беларускія дзеці. Ён увогуле любіць дзяцей, працуе з імі. Лічыць, што дзеці - шчырыя, наіўныя, што думаюць, тое і гавораць. Яны ўсюды аднолькавыя - і ў Ірландыі, і ў Беларусі. Ён лічыць, што Беларусь адкрыла яго свядомасць, змяніла яго светапогляд у лепшы бок. Ён стаў яшчэ лепш разумець жыццё.
Калі Дорык пабываў У Віцебскім доме малюткі, пабачыў немаўлятак, ад якіх пасля нараджэння адмовіліся бацькі, то загарэўся ідэяй прыехаць сюды працаваць выхавальнікам у свой адпачынак. Мы дамовіліся з загадчыкам Дома, што гэта будзе магчыма.
Мяне зноў і зноў здзіўляе дабрачынная актыўнасць ірландцаў, іх жаданне дапамагчы, калі яны бачаць, што некаму гэта патрэбна. І вырашаюць яны гэта лёгка і нязмушана, як дыхаюць. А нам гэта цяжка нават зразумець.
Людміла Дзіцэвіч
Ш Л Я Х : Т В А Р Ы, Д У М К І, Г А Л А С Ы
С. Квіцень
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
116. РАТАЎНІК
/А.Тызенгауз/
Лічыў - не для транжыры-жабрака
Адпушчана жыццё ўсё прасторнае.
Было яму за пана-земляка
Балюча і непераносна сорамна.
Нядобра станавілася ў Літве,
Ды кум не дазваляў сабе нішчымніцы.
Адно скраблося толькі ў галаве -
Гуляў, раскашаваў да немагчымасці.
Пра гэта не хапала горкіх слоў -
Як бавіліся людзі бесклапотныя.
Блакітная гніла па жылах кроў,
Марнелі ручаі высакародныя.
Не бачылі дзіравую страху
Над паспалітай спадчынай міражнаю.
Айчынушку зацягвалі ў дрыгву
Вялікаю пятлёй сваёй бадзяжнаю.
О, марна жа гульцоў таміла масць -
Католікі вакол ці праваслаўныя.
Адно магло б краіну ўратаваць
Ад ямы - грамадзяне яе спраўныя.
Кудысьці зніклі - так! - гаспадары,
І прайдзісветы грамаду разбавілі.
Здавён жа адмысловыя майстры
Прасцяг радзімы ўрадлівы праславілі.
Бо валадарыў кроўю іх статут
З задумаю і літарай імкліваю.
Не тое што шукаў такі ён люд -
Ствараў, як чараўнік, рукой рупліваю.
Скрозь явы звышмаруднае быццё
Глядзеў далёка і без кніжак памятных,
Ды сапраўды пятроўскае чуццё
Было ў адкрывальніка на таленты.
На пестуноў ахвяраваў усім,
Ён іх ледзь не прывабліваў ласункамі.
Нарэшце, у Прынёманні сваім
Набудаваў вучэльняў для разумнікаў.
Свярбелі ж у суседзяў кулакі -
Дурныя ад віна паны спрачаліся.
А з клопатаў яго і мастакі,
І лекары ў Гародні пачыналіся.
Супернікаў не ведалі нідзе.
Пакуль драбнелі землякі з уцехамі.
І, поўныя адвагі і надзей,
На захад выхаванцы яго ехалі.
Праводзіў апякун іх нескупы.
Хаця і справа можа, натуральная -
Кідалі вось такія са скалы
Айчыне ў вір кругі выратавальныя.
Не абяднела грэшная зямля -
Яшчэ бузілі навакол нястомныя,
А іншым гонар зноў не дазваляў
Забрудзіць іх традыцыі патомныя.
Ці з чыстымі вадзіліся паны,
Ці густы ж у народа сталі дрэнныя -
Яго самаахвярныя сыны
Былі дзяржаве, пэўна, непатрэбныя.
117. МОДНІК
/Віленскае барока/
Не ведаў прыстойнасцяў модны буян.
Абліччам гарэзлівым неспадзяваны,
Капрызна крывіўся няветлівы храм,
Як княжыч, да дзіўнага невыхаваны.
На свет узнімаў ганарыста брыво -
Ці, можа, яшчэ хто яго не прыкмеціў:
Бо мала яму, ганарліўцу, было
Трывалай пашаны зялёных суседзяў.
Акенцы і брамы ў мудрых званоў
Прасілі шматлікія дабраславенні.
А ён да бывалых паблізу муроў
Саваўся раскошным малюнкам адзення.
Усходзіла зграбная стромкая бель
З вясёлай гурмою ажурных праёмаў.
Рухавая кожная цела ступень
Уносіла дух ад зямнога прыгону.
Як птушкі, ўзляталі вакон галасы,
Імкнуўся надзеямі храм да нябёсаў.
І гойдалі хвалі яго - паясы,
Па нораву-звычцы сваёй нецвярозай.
Круціла галовы ад гэтай гульні,
Ў малітвы прыходзілді песні і вершы.
Як мачты сасновыя ў вышыні,
Блакіт абнадзейваў шыкоўныя вежы.
З пашанай яго абляталі арлы.
Крутым не баяўся дастацца маланка.
Разбэсціўся сціплы падлетак былы
Падміргваў прыгожым
замужнім шляхцянка.
118. БУНТАЎШЧЫК
/І. Яленскі/
Паблажлівай думцы
ніхто б з ім іспыт не параіў -
Глядзеў бы ў твар ён сумлення,
як бы жаралом.
У вольным сумбуры
бязладнага ляшскага краю
Удосталь такіх
абадранцаў шляхетных было.
Псавалі іх хутка жанчыны
і хмелю кадушка,
Бліскучыя рэчы прасіліся ў даланю.
Хто жыў у вялікіх паноў
проста на пабягушках,
А хто гаспадарку лядачую неяк цягнуў.
А то і ў галовах усякіх там лётала думак.
Штурхалі іх звонку
грамадства ўсе скразнякі.
Разумнікаў розных
жаданы маніў паратунак -
Вучоная доля, таксама не цукар які.
А што ж - і яна
не без тайнай прынадлівай мроі -
Было б дзе мазгоў паспытаць
гутаперчавы спрыт.
Такім жа, як ён,
замінала шляхецтва другое -
Сапраўднага высакародства тугі маналіт.
Якая крамола! У чыстай душы нескаронай
Пыталі адказу свабода, Радзіма - Літва.
Не мог абыякава бачыць
свавольства прыгону,
Па долі свайго суайчынніка ён гараваў.
Змяталі, здаецца, з душы
храмы брыдкае смецце.
Адкуль жа, пытаўся,
у Бога кругом нелады?
Бясконцы юнак непрытульны,
ён марыў аб свеце,
Дзе б роўнымі побач жылі
хрысціяне-браты.
Дзяржаве крамольнікі
ды пасмалілі аблічча.
І нават бузілі паспольства амаль дзікуны.
Ў сярмяжных ліцвінаў з'явіўся
ўласны Радзішчаў,
Запал абмінуўшы
мяцежнай сармацкай гурмы.
Было вестуноў незлічона ў чорнага часу.
Прыйшлі супакойваць
бунтаўшчыкоў чужакі.
Ці мала вакол мільгацела
французскай заразы?
Забралі расейцы хутчэй крыкуна
ў Салаўкі.
Жахліва тады
сутарэнняў хрыпелі цямніцы,
Гнялі камяні шыю
ў горкім тужлівым жыцці.
А ён і адтуль дабравесціў
уголас царыцы -
Ў пасланні па-добраму
раіў з прыстола сысці.
Яму б аб апошнім падумаць
сваім багамоллі,
Ды, як апантаны, грымеў
па сцяне кулаком.
Надзей аніякіх жа не заставалася болей
І не ўсміхалася гніць змагару чарвяком.
Ды смерць не прыходзіла тут жа
дастойна і горда.
Балела яму за Айчыны душу галава.
Хаця і не кожная багна
зацятым пляскалася чортам,
Не ўся безуважна балотам маўчала Літва.
119. ВЭРХАЛ
Кідалася між сцен дурное рэха,
Сварыліся зацятыя гурмы.
І не пераставаў гарачы вэрхал,
Не сцішваўся кірмаш сярод чумы.
Блудзіла шчодра слованестрыманне,
Круціла вірам нейкую гульню.
Высокія ступалі грамадзяне
Лунацікамі ў блакіце сну.
І многіх асудзіўшы на блазноту,
Не грымнула няшчасце неспадзеў.
Ужо даўно бязмежна на свабоду
Сусед, як бы сурочаны, хварэў.
Але ж яму так ладна пелі ў дудку,
Наогул развітаўшыся з мяжой,
Што пераапрануліся мы хутка
За ім услед і целам, і душой.
У збройным паўставалі урапенні -
Дык ззяла бы абранасцю на лбе.
О, сапраўды - ці не да ачмурэння,
Як пеўні, спадабаліся бабе!
Зыходзіліся тварамі імпэтна,
Высакародны песцячы рэзон.
А з розумаў выкідвалі ў паветра
Прыродны лад, вялікі наш закон.
Зубрылі ганарлівыя скрыжалі
Над тленам азіяцкае гразі.
Прыгожа вельмі разам балявалі
І распірала годнасцю усіх.
120. ПЕВЕНЬ.
Як бы ззяла чало
перад публікай.
толькі што не ў вяночку.
Ох, і пыхі было
ў худога,
як лапаць дзіравы, паночка!
Харч меў - хлеб аржаны,
ды затое
занадта цягнула да высі.
Быццам пеўні адны
ў курынай сям'і
толькі і засталіся.
Узыходзіла стромка насенне.
Трапляліся гэткія чаплі!
І не выпалі
ў зеўры кішэняў
славутыя дзедавы шаблі.
Дражняць цені зямлі
радавітыя зоркі,
што на небасхіле.
Продкі час пачалі -
з Гедзімінам калісь
на татараў хадзілі.
Што ж пасля -
не на ўсіх жа цяпер
славы іх неўміручай.
Так, але ж караля
не бывае ніколі
без світы бліскучай.
Хоць скрыпела Айчына
і стратнела высакародства
прыкметна,
ды было без яго немагчыма-
вось як без паветра.
А не шэнціла росту,
драбнелі ўчынкі ў сумбуры.
І глядзела кароста
з пародных груддзей,
як падраная скура.
Ды круціліся дзесь
прусакамі ў Бога
і блазнамі ў замкаў.
Ледзь жывых ад віна дармавога
выкідвалі з ганкаў.
121. ГОНАР
Дарма ксяндзы лячылі і папы.
Не ведала нахабства слоў вуалі.
Зямлі высакародныя пупы
Ўвогуле краіну насялялі.
Спрачаліся туманныя вякі
Аб гэтым неакрасленым прадмеце,
Ды ведалі няслабыя панкі -
Апроч іх не было на цэлым свеце.
У кожнага быў свой у іх мазоль.
Але агульнай помнілася байка -
Як статак зубраў суцішаў кароль,
На нітачках збянтэжаная лялька.
Якія там законы? Сапраўды
Салодкія, у буйнай волі, хвалі.
Не зналі папярэднікі Арды,
Апрычнінаю дол не карчавалі.
Не прывяло б убачыцца з бядой.
На пэўны густ жыцця крутая страва.
Але ў свабоды, чалавек, тваёй
Ні Вітаўта няма, ні Усяслава.
Не годнасці прасіць дзяржаўных пут,
Няхай жыве адно запалу пара!
Пакіньце вы ўспаміны пра Статут.
Літоўскіх толькі звычак не хапала!
Нашто так злосна ганіць - лад крывы?
Знай - без цябе не будзе і Радзімы,
Дык толькі ён і варты шчэ крыві
Ў гэтай долі - гонар наш адзіны.
(Працяг у наступным нумары.)
Міхась Васілёк застаецца з намі
У Гародні на вечарыне, прысвечанай 100годдзю з дня нараджэння Міхася Васілька прысутнічала моладзь. Іншыя ўпершыню чулі імя паэтазмагара. Як адзначыў пісьменнік і старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Аляксей Пяткевіч, галоўнае, што юнакі і дзяўчаты атрымалі звесткі пра літаратара, які пражыў 55 гадоў (19051960), апублікаваў некалькі зборнікаў, пахаваны ў Гародні. Гэтая асоба заслужыла права на ўдзячную памяць.
Журналіст Валеры Задаля адзначыў, што інфармацыю пра паэта ўтрымліваюць беларускія выданні энцыклапедычнага характару. Да яго творчасці звярталіся многія айчынныя літаратуразнаўцы. Пра яго ў розныя часы змяшчалі матэрыялы рэспубліканскія газеты і часопісы, раённыя газеты вобласці, абласная "Гродзенская праўда". Успаміны пра паэта пакінулі Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Данута Бічэль, Апанас Цыхун, Мікалай Дзелянкоўскі, Алесь Дземідовіч…
У далёкія 30я гады мінулага стагоддзя Міхась Васілёк быў адным з самых актыўных дзеячаў Таварыства Беларускай Школы на Гарадзеншчыне, сакратаром гуртка ТБШ у вёсцы Шкленск Берштаўскай гміны. Гісторык, кандыдат гістарычных навук Сяргей Токць у артыкуле "Культурнае жыццё беларускай вёскі ў міжваеннай Польшчы (па матэрыялах Гарадзеншчыны)" узгадвае, што 27 лістапада 1927 года шкленскі гурток наладзіў у сваёй вёсцы вечарынуспектакль. Пра тое, як адбываўся гэты вечар, М.Касцевіч (Васілёк) напісаў у газету "Права працы": "Былі згуляны дзве п'есы: "Міхалка" і "Суд", пасля чаго пяяліся беларускія песні, дэкламаваліся вершы беларускіх паэтаў. Вечар быў закончаны выкананнем "Лявоніхі". Увесь прыбытак пайшоў на бібліятэкучытальню, якая існавала пры гуртку".
Арганізацыя такіх вечарын патрабавала велізарных высілкаў, страты працоўнага часу, пераадолення супраціву мясцовых уладаў. Так, 7 студзеня 1928 года сябры шкленскага гуртка наладзілі ў вёсцы Навасёлкі беларускую вечарыну, якая праходзіла ў звычайнай хаце. Паводле паліцэйскай справаздачы, прысутнічалі каля 80 асобаў. Імпрэза пачалася а 19 гадзіне, а завяршылася а 3 гадзіне ночы. Паліцэйскі камендант так апісаў яе хаду: "Была згуляна камедыя "Паўлінка", затым дэкламацыі "да працы - родныя вобразы - пакліч мая песня", пасля чаго пачаўся спеў "ці не быстрая рэчка". Прысутная люднасць (старыя і маладыя) усе без выключэння паставіліся да п'есы прыхільна і выказалі задавальненне".
Але калі гурток падрыхтаваў правядзенне такой вечарыны ў Шкленску, запланаванай на 14 студзеня, то дазволу ўладаў ужо не атрымаў.
Прафесар Гарадзенскага універсітэта імя Я. Купалы, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Аляксей Пяткевіч у канцы 50х гадоў некалькі разоў сустракаўся з паэтам, быў на яго кватэры, запрашаючы творцу завітаць на сустрэчу са студэнтамі. Васілёк меў хваравіты выгляд, здаваўся старэйшым за свае пражытыя гады. Але выступленні ў студэнцкім асяродку праходзілі надзвычай паспяхова. Чытаць свае творы спадар Міхась умеў.
Васілёк быў дбалым літаратурным кансультантам абласной газеты. Ён першы, хто даваў парады маладому тады Васілю Быкаву, старанна працаваў з рукапісамі, змяшчаў яго апавяданні. Нездарма Васіль Уладзіміравіч, пішучы твор "Незагойная рана" (1957 г.) узяў эпіграфам наступныя радкі з верша Міхася Васілька:
Мінаюць часіны -
знікаюць руіны,
Злятаюць з палёў груганы.
І толькі ў сэрцах баляць,
не сціхаюць
Незагойныя раны вайны.
У 1953 годзе адбыўся шматлюдны мітынг у вёсцы Стары Двор, дзе ля гасцінца пахавана Цётка (Алаіза Пашкевіч). Міхась Васілёк часта прыязджаў на месца будучай падзеі, унікаючы ў дэталі падрыхтоўчай работы. У 1963 годзе быў адкрыты музей Я. Карскага ў вёсцы Лаша. Краязнаўцу, ініцыятару стварэння музея Апанасу Цыхуну дапамагаў сярод іншых і Міхась Васілёк.
Актывіст Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны Іван Буднік - аўтар даведкі пра Міхася Васілька, змешчанай у кнізе "Памяць. Гродзенскі раён" (1993). Іван Фёдаравіч паведаміў пра свае сустрэчы з сёстрамі паэта, яго аднавяскоўцамі падчас збору матэрыялаў пра літаратара. Многія цікавыя звесткі ўпершыню прагучалі на вечарыне.
Ведалі Міхася Васілька асабіста таксама ветэраны педагагічнай працы Анатоль Будзько і Іван Сухоцкі . Анатоль Іванавіч паведаміў, што на святкаванні 50годдзя Васілька прысутнічала жонка Янкі Купалы - Уладзіслава Францаўна Луцэвіч.
Іван Буднік
Міхасёвы песні
Міхась бацькоўскую палоску
Араў і потам паліваў
Яе , як сейбіт , з іскрай Боскай
Не зернем - думкай засяваў.
Рунь на пясчанай чэзлай ніве
Нядружнай, кволаю расла.
Не абяцала лёс шчаслівы:
Сама бяздольнаю была.
Міхась панёс з няшчодрай нівы,
Што волі, шчасця не дае,
У свет трывожны і вірлівы
Свой боль і песні пра яе.
Прайшлі гады, і ў нашым краі
Жывыя песні Васілька
Звіняць вясной, зялёным маем,
Шырока льюцца, як рака.
След песняра ў лясной Баброўні
Парос нятоптанай травой...
Мы ж суцяшаемся, што помнім
Яго, як скарб і гонар свой.
Іх успаміны дазволілі даведацца пра невядомыя бакі жыцця паэта.
Аб ролі Міхася Васілька ў сучасным грамадскім жыцці выказалі свае думкі гісторык Уладзімір Хільмановіч , актывіст грамадскага жыцця Валеры Кісель .
А яшчэ ў гэты вечар гучалі вершы Міхася Васілька.
Застаецца дадаць, што вечарыну ладзілі Гарадзенскае гарадское аддзяленне ТБШ і гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай школы імя Ф. Скарыны".
Антон Лабовіч, Гародня.
"Беларуская песьня"
75-гадовы юбілей выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча падштурхнуў многія творчыя сілы Беларусі да творчай працы, прысвечанай вялікаму пісьменніку. Адбыліся вельмі маштабныя святкаванні ў Воршы - на радзіме У. Караткевіча: адкрыццё новай залы ў музеі У. Караткевіча, Міжнародная навуковая канферэнцыя і ажно тры мастацкія выставы. Выстава ў Дзяржаўным музеі беларускай літаратуры, вечарына ў сталічным Доме літаратара і выстава ў першай гарадской Менскай бібліятэцы. У шэрагу гэтых юбілейных святкаванняў не павінна згубіцца выстава дзіцячай і маладзёвай творчасці "Беларуская песьня", арганізаваная Міколам Купавай ў сядзібе Таварыства беларускай мовы. На выставе прадстаўлены творы ў дзвюх намінацыях: зусім малых дзяцей ад 6 да 12 год (у гэтай калекцыі значную колькасць складаюць малюнкі выхаванцаў Аршанскай школы мастацтваў). Другую намінацыю прадстаўляюць творы моладзі: навучэнцаў Менскай мастацкай вучэльні імя А. Глебава, Рэспубліканскага каледжу мастацтваў, Менскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і студыі М. Купавы.
Тэмы твораў прысвечаны творчасці У. Караткевіча: "Дзікае паляванне караля Стаха" Кастуся Пахомчыка з Воршы, "Фантан слёз" з цыклу "Таўрыда" Паўліны Кароткай, "Кароль Стах" Сяргея Касцюка. Уражвае жывапіснае палатно Святланы Халецкай "Зубр" (Падарунак Майцы) паводле "Каласоў пад сярпом тваім", а таксама партрэт У. Караткевіча на Дняпры Паўліны Кароткай. Вітаўт Купава пабачыў і намаляваў з натуры Гальшанскі замак - правобраз месца дзеяння ў рамане "Чорны замак Альшанскі". На выставе шмат твораў цікавых і пранікнёных. Яе трэба глядзець як дзецям, маладым, так і дарослым гледачам. Радасць ад далучэння да мастацтва маладых і юных мастакоў прадаўжае сьвята У. Караткевіча.
У назву выставы вынесена назва найвыдатнейшага паэта "Беларуская песьня". Няхай даўжэй гучыць наша песьня.
Наталля Мацюкоўская.