№ 11 (747) 15 САКАВІКА 2006 г.
Прэзентацыя новай кнігі Алеся Краўцэвіча ў Гародні
Чарговая , дзесятая па ліку кніга доктара гістарычных навук А . Краўцэвіча " Жыццяпіс Вялікіх князёў літоўскіх . Міндаўг. Пачатак гаспадарства". Мінск. "Мастацкая літаратура", 2005), безумоўна, ужо знайшла свайго чытача. Гэта пацвердзіла прэзентацыя зборніка, арганізаваная Гарадзенскім гарадскім аддзяленнем "Таварыства беларускай школы" і Беларускім гістарычным таварыствам.
Да сустрэчы аўтара з актывістамі грамадскага руху Гародні была падрыхтавана даведка пра самога Алеся Краўцэвіча, бібліяграфічныя дадзеныя яго навуковых прац. Дастаткова сказаць, што імя вучонага ўпамінаецца ў такіх выданнях, як "Археалогія і нумізматыка Беларусі", "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі", "Выкладчыкі Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы", "Людзі культуры з Гродзеншчыны" і інш.
Распавядаючы пра Вялікага князя літоўскага Міндаўга, спадар Алесь адзначыў:
- Гэты чалавек быў першым Вялікім князем літоўскім. Першым і апошнім каролём Літвы. Нарадзіўся на мяжы ХІІ і ХІІІ стагоддзяў (дакладная дата не вядомая). Загінуў у 1263 г. Паходзіў з багатага балцкага роду, які меў уладанні ў Літоўскай зямлі.
З маладых гадоў прымаў актыўны ўдзел у ваенна-рабаўнічых набегах старажытных літоўцаў на Польшчу, Русь, суседзяў - прыбалтаў. Здолеў не толькі ацалець пры гэтым небяспечным занятку, але і вылучыцца на адно з першых месцаў сярод такіх жа ваенных правадыроў. Быў надзелены надзвычайнымі ваеннымі і дыпламатычнымі здольнасцямі. Вызначыўся жорсткім і рашучым характарам.
Менавіта на яго трапіў выбар гаспадарнікаў багатага горада-дзяржавы Наваградка, калі ў 40я гады ХІІІ стагоддзя мангольскія тумены залілі крывёю і агнём усю Паўднёвую ды Усходнюю Русь і, як паветра, неабходнай стала асоба, здольная арганізаваць абарону Панямоння ад бязлітасных азіяцкіх заваёўнікаў.
Так Міндаўг стаў заснавальнікам новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага - калыскі сучасных беларускага і літоўскага народаў. Дзікунязычнік прычыніўся да пачаткаў вялікай хрысціянскай краіны, першым адчуўшы яе жыццёвую патрэбу ў повязі з заходнееўрапейскай цывілізацыяй.
Час узнікнення Вялікага Княства Літоўскага прыпаў на канец 40х гадоў ХІІІга стагоддзя. Міндаўг быў вельмі важнай фігурай у гэтым працэсе, Але, напэўна, не адзінай і, відавочна, не самай галоўнай, бо ўсё пачыналася задоўга да яго нараджэння - на некалькі стагоддзяў раней...
Аўтар кнігі паведаміў пра ідэю напісання кнігі, збор матэрыялу, справы выдавецкія. Не ўсё было роўна і гладка. Перашкоды прывялі да таго, што Алесь Краўцэвіч быў гатовы адмовіцца да друку зборніка. Але вытрымка і настойлівасць дазволілі давесці справу да канца.
Затым было шмат пытанняў. Моладзь і асобы старэйшага веку цікавіліся перыядам княжання Міндаўга, гістарычнымі адметнасцямі таго часу, каранаванымі асобамі, якія прыйшлі на змену першаму Вялікаму князю Літоўскаму. Вядома, не абышлося пра ўдакладненне самога паходжання назвы ВКЛ, у прыватнасці, гаспадарства ў назве якога прысутнічае слова "Літоўскае". Тут Алесь Краўцэвіч мае ўласны погляд, які падзяляюць многія патрыятычныя гісторыкі Беларусі. Гэты кірунак яскрава адлюстраваў у сваіх творах лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі незабыўны Мікола Ермаловіч.
Трэба дадаць, што Алесь Краўцэвіч з'яўляецца адным з самых дасведчаных знаўцаў менавіта дзяржавы ВКЛ. Дастаткова зазірнуць у пералік яго друкаваных работ - "Майстар наш продак" (Мн., Народная асвета, 1990), "Гарады і замкі Беларускага Панямоння 1418 стст.: Планіроўка, культурны слой" (Мн., Навука і тэхніка, 1991). "Тэўтонскі ордэн ад Ерусаліма да Грунвальда" (Мн., Навука і тэхніка, 1993), "Гродзенскі замак" (Мн., Юнацтва, 1993), "Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага", Мн., Беларуская навука, 1998), "Вялікі князь Вітаўт", Мн., Юнацтва, 1998), "Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага" (2е выданне. Жэшаў, 2000)...
Многа было зацікаўленасці лёсам самога Алеся Краўцэвіча. Чаму аддаў перавагу гістарычнай навуцы? Якімі былі тэмы кандыдацкай дысертацыі, затым доктарскай?..
Прысутныя на прэзентацыі шчыра пажадалі вучонаму вытрымаць усе выпрабаванні часам і не саступіць з абранай пазіцыі.
Антон Лабовіч, Гародня.
Генадзю Кісялёву - 75
КІСЯЛЁЎ Генадзь Васілевіч (н. 19.3.1931, г. Каломна Маскоўскай вобл.), бел. гісторык, літаратуразнавец, археограф, пісьменнік. Канд. гіст. н. (1964), д-р філал. н. (1994). Скончыў Маскоўскі гіст.-архіўны ін-т (1953). У 1953-56, 1960-71 навук. супрацоўнік у архіўных установах Вільні. З 1971 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі, старшы, вядучы, гал. навук. супрацоўнік. Даследуе гісторыю грамад-скай думкі і вызв. руху Беларусі 19 ст., паўстанне 1863-64, жыццё, дзейнасць і светапогляд К. Каліноўскага, яго паплечнікаў і наступнікаў («Сейбіты вечнага», 1963; «З думай пра Беларусь», 1966; «Паплечнік Каліноўскага», 1976). Аўтар прац па гісторыі бел. культуры 19-20 ст., праблеме аўтарства паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», дзе выкарыстоўвае жанр займальнага літаратуразнаўства («Загадка беларускай «Энеіды», 1971; «Пошукі імя», 1978; «Расшукваецца класік...», 1989). Распрацаваў тэарэт. асновы літ. крыніцазнаўства як асобнай навук. дысцыліны («Ад Чачота да Багушэвіча», 1993). Складальнік і рэдактар серыі дакументаў і матэрыялаў «Паўстанне 1863» ("Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі ў 1861-1862 гг.", 1964; "Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863 - 1864 гг.", 1965). Ажыццявіў пошук, вывучэнне і выданне крыніц па гісторыі бел. л-ры 19-20 ст.: «Пачынальнікі», «Пуцявінамі Янкі Купалы», «З жыццяпісу Якуба Коласа». Распрацаваў канцэпцыю і склаў 1-ы выпуск (1990) гіст.-літ. зб. «Шляхам гадоў». Дзярж. прэмія Беларусі імя Я. Коласа (1990).
Віталь Скалабан.
УДЗЕЛЬНІКАЎ ПЛЯНЭРУ, ПРЫСВЕЧАНАГА 75-ГОДДЗЮ У. КАРАТКЕВІЧА
Выстава твораў удзельнікаў плянэру, прысвечанага 75-годдзю класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча (1930, Орша - 1984, Менск), адкрылася 5 сакавіка ў менскім Чырвоным касцёле (касцёл святых Сымона і Алены).
Гэта творчая акцыя, у якой узялі ўдзел 50 мастакоў і пісьменнікаў, прайшла з 1 па 10 ліпеня 2005 года ля Дзівінскага возера непадалёк ад вёскі Сімахі Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Арганізатарам выступіў германовіцкі культурнаасветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча (Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці).
У экспазіцыі, якая раней дэманстравалася ў Віцебску, Оршы і Наваполацку, прадстаўлена звыш 60 маляўнічых і графічных пейзажаў, партрэтаў і сюжэтных карцін. Сярод іх - палатно Аляксея Марачкіна "Маладая Беларусь", дзе намалявана ўнучка мастака Хрыстіна; яркія сельскія пейзажы Алега Скавародкі, а таксама графічная серыя Яўгена Шатохіна "Прыпяцкія сюжэты" - прысвячэнне У. Караткевічу.
Як адзначыла старшыня германовіцкага цэнтра Ада Райчонак, па выніках плянэру будзе выдадзены альбом з работамі мастакоў і літаратурнымі творамі пісьменнікаў. Паводле яе слоў, наступны пленэр будзе прысвечаны народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну, які прадстаўлены на атрыманне Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2006 год.
Беларускі паэт Генадзь Бураўкін звярнуў увагу на невычэрпнасць творчасці і асобы У. Караткевіча. "Ідзе час, а новае пакаленне мастакоў і пісьменнікаў з натхненнем адкрываюць невядомыя старонкі яго спадчыны", - сказаў паэт.
Паводле слоў пісьменніка Уладзіміра Арлова, у глухія 197080я гады сваімі творамі У. Караткевіч вярнуў беларусам не толькі гісторыю нацыі, але і сістэму каардыныт Беларусі ў свеце, "вярнуў людзям краіну насуперак пастанаўленням партыйных з'ездаў, якія сцвярджалі, што ў СССР сфармавалася новая гістарычная супольнасць людзей - савецкі народ". "Калі б бог не паслаў беларусам Караткевіча, магчыма, на палітычнай мапе свету і не было б Рэспублікі Беларусь", - перакананы У. Арлоў. Паводле яго слоў, дзякуючы намаганням тысяч беларусаў - чытачоў твораў У. Караткевіча Беларусь дабілася незалежнасці.
Выстава працягнецца да 19 сакавіка.
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.
Аляксандр Мілінкевіч: "Пра родную мову гаворка асобная..."
Кандыдаты ў прэзідэнты ў сваіх шматлікіх выступах у сродках масавай інфармацыі і на сустрэчах з выбаршчыкамі гавораць пра ўсё, пра што хочаш, акрамя аднаго: усе стараюцаа абысці такое вострае і складанае пытанне для Беларусі, як стан і перспектывы беларускай мовы ў Беларусі. Тым не менш карэспандэнту "Нашага слова" удалося ўзяць інтэрвію па "моўным пытанні" ў аднаго з кандыдатаў, а менавіта ў Аляксандра Мілінкевіча, які між іншым з'яўляецца сябрам ТБМ.
Размова з лідарам аб'яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксанд-рам Мілінкевічам пра стан роднай мовы пачалася з асэнсавання леташняга закрыцця суполак ТБМ імя Ф. Скарыны ў Гарадзенскім раёне, раней - у Слоніме, іншых мясцінах краіны, адзінага ў краіне Таварыства Беларускай вышэйшай школы (ТБВШ)...
- Сітуацыю з дзяржаўнай беларускай мовай добра патлумачыў на ІХ з'ездзе ТБМ (кастрычнік 2005 - А.Л.) яго старшыня. Як удзельнік форума ў якасці запрошанага госця, сябра Таварыства, у мяне з'явілася ўражанне, што структуры ТБМ часцяком былі вымушаны вырашаць надзённыя праблемы: арэнда памяшканняў пад офісы, пошук юрыдычных адрасоў, бо ўлада запатрабавала, каб кожная суполка, якая стаіць на ўліку, мела яго. Адсюль і закрыццё "пярвічак". Былі выпадкі звальнення з работы актывістаў ТБМ. Зарэгістраваны факты вандалізму. На сядзібе Таварыства фарбай былі запэцканы шыльда, уваходныя дзверы, зламаны замок , расклеены лістоўкі з надпісам "НДП". Крымінальная справа органамі правапарадку не была ўзбуджана з прычыны адсутнасці складу злачынства...
Адзначу, што выдатным арганізатарам і кіраўніком зарэкамендаваў сябе спадар Трусаў. Ён звяртаецца ва ўладныя структуры, стукаецца ва ўсе дзверы, каб давесці пазіцыю ТБМ. І часта дамагаецца свайго. У прыватнасці, узмацняецца культурнаасветная дзейнасць. Сем тысяч сяброў арганізацыі згуртаваны ў 109 рэгіянальных аддзяленнях. Таварыства актыўна бароніць права грамадзян карыстацца роднай мовай, працягваючы традыцыі шляхціца, дэпутата Сойму Рэчы Паспалітай Мялешкі, які яшчэ ў XVIIм стагоддзі займаўся абаронай беларушчыны.
- На з'ездзе было агучана, што сярэднюю адукацыю пабеларуску ў 2004/2005 навучальным годзе атрымала 23,8 працэнта ад агульнай колькасці навучэнцаў. Паводле высноваў ЮНЕСКА, калі гэтая лічба складае 33 працэнты, то мова знаходзіцца на мяжы знішчэння. Каментарыі тут, як гаворыцца, не патрэбны...
- На жаль, мы можам толькі канстатаваць гэты надзвычай трывожны прыклад. Аднак пры цяперашняй палітыцы дзяржаўных органаў кіравання на ўсіх узроўнях выправіць сітуацыю, думаю, немагчыма. Трэба ўсімі сіламі захоўваць беларускамоўны асяродак, заахвочваць моладзь да вывучэння роднай мовы, працаваць з дзецьмі, шукаць паплечнікаў сярод неабыякавых людзей, падтрымліваць беларускамоўных настаўнікаў і выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, адзначаць пераможцаў школьных, гарадскіх, раённых, рэспубліканскіх алімпіяд па роднай мове. Нельга страціць аснову сапраўднага Адраджэння, якое чакае Беларусь у будучым...
- Маеце на ўвазе беларускую мову як адзіную дзяржаўную?
- Артыкул 17 Канстытуцыі Беларусі, прынятай Вярхоўным Саветам 15 сакавіка 1994 года, гучаў так: "Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з'яўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін". Лічу, што было знойдзена выдатнае рашэнне складанай праблемы. Беларускай мове забяспечвалася шырокае развіццё. Руская мова таксама не траціла сваіх пазіцый. Ды што пагражае рускай мове, калі яе носьбітам з'яўляецца 130мільённы суседні народ? Гэта беларуская мова можа развівацца толькі ў Беларусі. Рускія, палякі, літоўцы, украінцы, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць у нашай краіне, маюць гістарычную радзіму - Расію, Польшчу, Літву, Украіну... Там памятаюць пра іх, у большай ці меншай ступені клапоціцца, мацуюць сувязі, забяспечваюць літаратурай, абараняюць правы як нацыянальных мяншыняў. А наша Радзіма - Беларусь, і толькі тут ёсць і можа развівацца беларуская мова.
- Вам належыць фраза: "Чалавек з рускай мовай не павінен адчуваць сябе горш, чым чалавек, які валодае беларускай", выказаная нядаўна ў адным з інтэрвію...
- Дадам, што ў нашай краіне павінны адчуваць сябе добра не толькі рускамоўныя, а тут і рускія, беларусы, украінцы, літоўцы і іншыя, але і прадстаўнікі любой нацыянальнай групы. Дэмакратычнае грамадства моцнае тым, што ўлічвае інтарэсы ўсіх грамадзян, дзе большасць заўсёды прыслухоўваецца да нацыянальных меншасцяў і вядзе з імі дыялог.
- Гаворачы пра дзяржаўнасць адзінай беларускай мовы, можна адразу трапіць ў няміласць агромністай колькасці людзей. І цэтлік нацыяналіста прычэпяць, і загалосяць пра ігнараванне інтарэсаў тых жа нацыянальных мяншыняў, і дадзеныя статыстыкі прывядуць, дзе чорным па беламу запісана, што беларускі народ - выключна за двухмоўе, бацькі не жадаюць аддаваць сваіх дзяцей у беларускія школы, і ўвогуле, як гэта можа вучыць фізіку, хімію, дый усе прадметы ў школе ці ВНУ пабеларуску...
- Пачну з апошняга. Доўгі час я працаваў выкладчыкам Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы і прымаў ўступныя экзамены па фізіцы. Быў выпадак, калі абітурыент адказваў кепска. Пацікавіўся, якую школу закончыў. Пачуў, што сельскую беларускую.
- А чаму не адказваеце пабеларуску?
- Хіба можна?
Ён здаў экзамен на выдатна. Добра вучыўся пасля паступлення ў ВНУ. Мне ж дагэтуль не дае спакою пытанне юнака. Сапраўды дзіва, калі ўдумацца: беларус у Беларусі пытае дазволу, ці можа здаваць экзамены пабеларуску. Можна ўявіць, каб такое адбылося, напрыклад, у Польшчы, Літве, Эстоніі? Дарэчы, там прадметы вывучаюць на родных мовах - і нічога. Нават у Еўрасаюз прынялі (усміхаецца). І за нацыяналістаў не трымаюць. Што да нацыянальных меншасцяў, якія жывуць кампактна, ААН, Еўрасаюзам, іншымі міжнароднымі структурамі прадугледжаны механізмы, якія забяспечваюць развіццё роднай школы, культуры, традыцый...
- Апаненты адзінай беларускай мовы як дзяржаўнай турбуюцца, каб не было гвалтоўнага прымусу старога і малога ў канкрэтныя тэрміны авалодаць дзяржаўнай мовай. Маўляў, такое назіралася ў 90я гады, калі разгарнулася беларусізацыя ...
- Промахі мінулага трэба ўлічыць, каб не паўтараць. Аднак не магу пагадзіцца, што Адраджэнне вялося прымусова. Савет Міністраў распрацаваў праграму, разлічаную на 10 гадоў. Гарадзенскі гарвыканкам, дзе я працаваў намеснікам старшыні, улічваў пажаданні грамадзян. Але былі людзі, якія звярталіся ў высокія інстанцыі. Вынікі рэферэндуму, калі ў Беларусі разам з беларускай стала дзяржаўнай і руская мова, яны ўспрынялі як вялікую перамогу.
- Цяпер, пасля 10 гадоў так званага роўнага статусу беларускай і рускай моваў, яшчэ больш грамадзян у штыкі ўспрымуць вяртанне да адзінай дзяржаўнай мовы - беларускай. Хаця ніхто не збіраецца выганяць за ўсходнія межы рускую...
- Пытанне больш рытарычнае. Вынікі перапісу 1999 года сведчаць якраз пра адваротнае. 73 працэнты жыхароў Беларусі лічаць сваёй роднай мовай беларускую. Падругое, ёсць адпаведныя Законы, якія трэба выконваць у поўным аб'ёме. Напрыклад, Закон аб дзяржаўнай службе ў Беларусі. Чыноўнікі абавязаны ведаць і карыстацца дзяржаўнай мовай. Гэта ўлічваецца пры заключэнні працоўных кантрактаў. Такі падыход цягне за сабой вывучэнне роднай мовы ў ВНУ, бо многія выпускнікі стануць дзяржаўнымі службоўцамі. У сваю чаргу, бацькі школьнікаў хочуць бачыць сваіх дзяцей не апошнімі людзьмі ў грамадстве, але асобамі, якія ўпэўнена адчуваюць сябе ў жыцці. Таму, як ні круці, без роднай мовы - нікуды.
- Дзяржаўныя службоўцы складаюць пэўны пласт насельніцтва, аднак далёка не ўвесь народ...
- Вяртаннем роднай мовы і яе пашырэннем у грамадстве павінны займацца ўсе дзяржаўныя структуры. Калі вы завітаеце ў магазін, цырульню, майстэрню, едзеце ў грамадскім транспарце - і паўсюдна гучыць беларуская мова, то праз месяцдругі гэта стане правілам добрага тону.
- Ваша бачанне сітуацыі зразумелае. Як палітык хочаце знайсці рашэнне праблемы, якое задаволіць грамадства і паспрыяе яго еднасці. А як прагматык, улічваеце рэаліі. У той жа час вынікі апытанняў насельніцтва аналітычнымі цэнтрамі сведчаць аб перавазе двухмоўя...
- Я рэгулярна праглядаю аналітычныя даведкі. Напрыклад, распрацоўка "Моўная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь" дае аналіз перапісу 1999 года праз прызму карыстання мовамі і нацыянальнага складу. Рускай мовай найбольш карыстаюцца ў бытавой, грамадскавытворчай, духоўнай сферах - звыш 80 працэнтаў апытаных.
У той жа час беларускую мову роднай назвалі 7,4 мільёны чалавек, або 73 працэнты. Тое, што толькі 41,3 працэнта беларусаў па нацыянальнасці гавораць дома на роднай мове, з аднаго боку трывожыць. Але разам з тым надае аптымізм - усё ж такі 41,3 працэнта! Нават у сталічным Менску роднай назвалі беларускую мову 75,2 працэнта беларусаў, што складае звыш мільёна чалавек!..
- Але гэта пасіўнае валоданне роднай мовай пры актыўным карыстанні рускай, якая дамінуе. Паруску ў Менску вядуць зносіны 87,7 працэнта жыхароў.
- На маю думку, менавіта "нефункцыянальнасць" роднага слова саслужыла дрэнную справу бацькам школьнікаў пры выбары мовы навучання пасля надання рускай мове статусу другой дзяржаўнай. Я хачу падкрэсліць, што руская мова актыўна дамінуе пасля вядомага рэферэндуму. Тады ў Менску з 200 агульнаадукацыйных школ засталося з дзесятак, якія вялі выкладанне пабеларуску. Цяпер, наколькі ведаю, такіх школ засталося ўсяго некалькі.
- Што вы ўкладаеце ў сэнс слова нефункцыянальнасць?
- Беларуская мова амаль не выкарыстоўваецца ў справаводстве, органах дзяржаўнага кіравання ўсіх узроўняў, судзе, навуцы, вышэйшай адукацыі, камунальных службах, установах правапарадку. Улады, як сведчыць практыка, не прымаюць рашучых крокаў па ўмацаванні пазіцый беларускай мовы. Наадварот, падтрымліваецца паўсюднае карыстанне рускай. Гаварыць пра канстытуцыйную роўнасць дзяржаўных моваў проста смешна, калі няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ...
- Дарэчы, доктар філалагічных навук з Гародні Марыя Канюшкевіч дала характарыстыку моўнай сітуацыі ў краіне...
- Прафесар ГрДУ імя Я. Купалы вылучыла такія рысы: роўны юрыдычны статус і разам з тым няроўныя функцыянальныя магчымасці рускай і беларускай моваў; колькасная асіметрыя носьбітаў рускай і беларускай моваў; наяўнасць беларускага нацыялекту рускай мовы; вызначальная роля палітычнага фактару ў суадносінах "мова - дзяржава"; адсутнасць заканадаўчых мераў для забеспячэння канкурэнтаздольнасці беларускай мовы; захаванне прыярытэту рускай мовы ў бытавой сферы.
- У верасні мінулага года было праведзена чарговае нацыянальнае апытанне грамадскай думкі пры садзейнічанні НІСЭПІ (Вільня). Адзначана, што моўная праблема ў беларускім грамадстве застаецца вострай і хваравітай. Вам знаёмы вынікі апытання?
- Так. Я ўважліва прааналізаваў матэрыял. Прыкметная большасць апытаных аддае перавагу двухмоўю - роўнаму статусу беларускай і рускай моваў. Падкрэсліваю - роўны статус. Пра цяперашнюю "роўнасць" мы гаварылі вышэй. Адсюль і факты, што цяпер 36,1 працэнта апытаных хацелі б даць адукацыю сваім дзецям на рускай мове, 49,7 - на рускай і беларускай мовах. За двухмоўнае навучанне ў школах выказаліся 77,9 працэнта рэспандэнтаў.
Так што на ўзроўні высокай палітыкі і практычнай справы навучання дзяцей грамадзяне Беларусі схіляюцца да двухмоўя, да сапраўды роўнага статусу дзвюх моваў. Вось пра роўнасць беларускай і рускай моваў неабходна паклапаціцца найперш дзейнай уладзе. Асабіста я ў гэтым моцна сумняваюся. Бачу выхад у вяртанні да артыкула 17 Канстытуцыі краіны ўзору 1994 года. Тады праблема будзе вырашана ў інтарэсах усяго грамадства.
- Цяпер модна пытацца пра аптымізм...
- Галоўнае тое, што цяпер моладзь лічыць роднае слова - мовай людзей адукаваных, з еўрапейскім менталітэтам. Размаўляць пабеларуску зараз прэстыжна. Што да новай хвалі беларусізацыі, то яна будзе зразумелай людзям, праводзіцца ў жыццё паступова. Родная мова вернецца ў навучальныя ўстановы. Будзе магчымым вучыцца на мове сваіх продкаў нацыянальным меншасцям, бо Беларусь заўсёды была талерантнай краінай.
Як прагматык, я ўлічваю рэаліі і раблю высновы, маючы ўласнае меркаванне, памятаючы словы знакамітага асветніка Сымона Буднага, які ў 1572 годзе занатаваў: "Глупствам з'яўляецца пагарджаць мовай адной краіны, а словы другой узносіць пад нябёсы" .
Гутарыў Антон Лабовіч.
З ФРАЗЕАЛАГІЗМАЎ, НЕ АПІСАНЫХ У СЛОЎНІКАХ
Гэтыя матэрыялы з'яўляюцца працягам папярэдняга артыкула, змешчанага ў "Нашым слове" ад 8.03. 2006 г. У ім згадвалася і пра тое. што некаторыя выразы былі і раней вядомыя ў асобных гаворках, але не траплялі на старонкі перыядычнага друку. А існавалі і такія фразеалагізмы, якія па ідэалагічных прычынах не дапускалдіся ў друк і жыццё якіх абмяжоўвалася толькі вусным маўленнем вельмі многіх людзей, гарадскіх і вясковых.
Памятаецца, як аднойчы, яшчэ ў брэжнеўскія часы, у перапоўнены тралейбус на прыпынку неяк убілася пажылая жанчына. Яна была на падпітку і настойліва прабівалася наперад. А на абуральныя рэплікі пасажыраў рэагавала хутка і часам дасцпна. Аднаму пасажыру сказала на трасянцы: "А ты чаво смотрыш на мене как Ленін на буржуазію?" Ад нечаканасці ўсе на імгненне нібы анямелі. А пасля многія, насцярожана пераглядваючыся, заўсміхаліся. У цяперашні час знялася забарона на ўжыванне выразу "як (быццам, бы) Ленін на буржуазію" . Ён з адценнем іранічнасці шырока выкарыстоўваецца ў друку, абазначаючы "непрыязна ці з нянавісцю, з агідай (глядзець на кагонебудзь)" . Вось некалькі прыкладаў з мастацкай літаратуры: "Падышлі бліжэй. Я пазіраю на Айчанаша як Ленін на буржуазію, непрыязна, спадыбла, а ён на мяне паблажліва, з насмешкай" (М. Кусянкоў); "Жонка мяне не святкавала і не святкуе, дачку супраць нацкавала. І дачка быццам Ленін на буржуазію касавурыцца" (Л. Калодзежны); "Ён жа (начальнік аддзела кадраў) былы опер, якога выперлі з МГБ. На нас ён глядзіць бы Ленін на буржуазію" (І. Фурсевіч).
У даваенны перыяд досыць часта ўпаміналася імя Р.І. Катоўскага - аднаго з так званых герояў грамадзянскай вайны. Быў пра яго і фільм. Партрэты Катоўскага (з галавой голай, як калена) змяшчаліся ў падручніках па гісторыі, у энцыклапедыях. Па аналогіі са спалучэннямі "(падстрыгчыся) пад польку, пад бокс і г.д." узнік і з іроніяй актыўна ўжываўся ў вусным маўленні выраз пад Катоўскага. Цяпер ім свабодна карыстаюцца і ў друку, напрыклад: "Промні яшчэ ласкавага цёплага сонца поўнымі жменямі сыплюцца з тваёй стрыжанай пад Катоўскага галавы" (В. Казько); "Сядай і пішы ўсё, як было, а мы яму для прафілактыкі - пятнаццаць сутак і падстрыжом пад Катоўскага. Няхай усе бачаць, што за хуліганства бывае" (В. Праўдзін); "А на гукіпесні, як на Купалле, збяруцца захмялелыя вясковыя хлопцы з гармонікам і новыя беларусы ў малінавых пінжаках, з сотавікамі ў кішэнях. Шырачэзныя, бы шафы, і гладка паголеныя пад Катоўскага" (М. Адам).
Некаторыя з нядаўна ўзніклых фразеалагізмаў утварыліся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца людзьмі пэўнай прафесіі. Так, выраз разбор палётаў паходзіць з лексікону ваенных лётчыкаў: у іх чарговыя трэніровачныя палёты маладых пілотаў рэгулярна аналізуюцца, абмяркоўваюцца камандзірамі, і гэта называецца - разбор палётаў. Фразеалагізаваўшыся, выраз развіў у сабе два значэнні. Першае - "аналіз якіхнебудзь падзей, учынкаў і пад." , напрыклад: "Мой аповед будзе "крыху" разыходзіцца з афіцыйнай версіяй... А цяпер, як кажуць, разбор палётаў. Вось што адбывалася насамрэч у той памятны дзень..." (С. Кліменценка); "Натоўп міліцыянтаў суправаджае купку "бээнэфаўцаў". Потым дзесяць сутак адбываецца "разбор палётаў" (С. Астраўцоў). Другое значэнне - "крытыка кагонебудзь, праборка, суровая вымова за што-небудзь" : "Людзям, якія не вераць у сілу заклінанняў, абсалютна зразумела, што падобныя разборы палётаў ніяк не ўплываюць на ўраджайнасць" (А. Класкоўскі); "Ранейшы імідж даводзіцца перыядычна падтрымліваць жорсткімі разборамі палётаў тыпу ліпеньскага: куды дзяваліся сялянскія грошы?" (Нар. Воля. 23.08.2003).
У нашай літаратурнай мове ёсць каля сотні фразеалагізмаў, што ўзніклі на базе прыказак. Прычым шматлікімі і разнастайнымі шляхамі. Да ліку нядаўна ўзніклых варта адносіць выраз як (быццам) тапелец за саломінку , які ўжываецца пры словах хапацца, хапіцца, ухапіцца і пад., абазначае "як за апошні выратавальны сродак" , а склаўся на аснове прыказкі "Хто топіцца, за саломінку хопіцца" або яе варыянта "Тапелец і за саломінку хапаецца" . Вось тры прыклады: "А чаму, чаму не кагонебудзь, а менавіта мяне вылучылі на пасаду?" - ухапіўся быццам тапелец за саломінку за гэтую думку раптам Андрэй" (Б. Сачанка); "Я перадаў прапанову пана Клаўса. І Яўген ухапіўся за яе як тапелец за саломінку: "Выдатна! Пайшлі скажам гаспадарам" (С. Законнікаў); "Канешне. Можна хапацца як тапелец за саломінку, спадзявацца, што ўсё абыдзецца, сцерпіцца - злюбіцца, аднак, у рэшце рэшт, заўсёды наступае расплата за той падман, за кампраміс з сумленнем..." (В. Блакіт).
А цяпер пададзім яшчэ некалькі фразеалагізмаў, не апісаных у слоўніках.
На вушах
Акал. Праст. Іран. У стане моцнага ап'янення (ісці, прыходздіць і пад.). сін.: пад газам ; на падпітку ; на ўзводзе; пад градусам; пад мухай; пад хмяльком; пад чаркай; пад шафэ. Гэтым разам падпітак сярэдні, і з Генкам можна гаварыць, бо калі прыходзіў на вушах, то, акрамя лаянкі, ад яго нічога не дачакаешся, чалавечыя словы не даходзяць да яго (Л. Арабей). Скупымі і кепскімі ён лічыў тых, што ставілі мала. Шчодрымі і добрымі тых, ад каторых ішоў на вушах (Полымя. 2000. № 6).
Ні днём ні ноччу
Акал. Дразм. Ужыв. У адмоўным сказе. Ніколі, увесь час. Сін.: ні на адну мінутку; ні на міг; ні на адну секунду. Палітык кляне апазіцыю, якая смаўжом смокча сокі і клёкі, не дае спакою ні днём ні ноччу (В. Гігевіч). Лукіна пачала займаць думка, што ён нешта ў расследаванні недагледзеў, правароніў, і гэтае "нешта", як насланнё, ні днём ні ноччу не давала спакою (В. Праўдзін).
Пацэліць (патрапіць) у самы яблычак
Разм. Ужыв. Пры дзейн. Са знач. асобы. Сказаць ці зрабіць менавіта тое, што патрэбна. Сін.: пападаць у цэль; пацэліць у дзесятку; як у сук уляпіў. Ант. Не туды гнуць (у 2 знач.); пападаць пальцам у неба .
Такая вялікая ўнучка ўжо?.. Вас самую яшчэ хоць замуж аддаваць. - Мабыць, пацэліў у самы яблычак, бо цётка ажно павярнулася да мяне... (П. Місько). - Больш зручна будзе зваць вас проста Янусам, і, як высветлілася ўжо нашмат пазней, з гэтай сваёй з'едлівасцю Надзя трапіла ў яблычак. У яго было мноства твараў. І ўсе непадобныя, сапраўдныя (В. Казько) . Кузьма за свой век добра вывучыў жаночы характар, таму сцяміў, што трапіў у самы яблычак (С. Давідовіч). У некаторых працах паходжанне гэтага выразу звязваюць з імем Вільгельма Тэля. Паводле легенды, аўстрыйскі намеснік у Швецарыі Тэслер загадаў Тэлю, як пакаранне за непаслушэнства, збіць выстралам з лука яблык з галавы свайго сына. І Тэль папаў у самую сарцавіну яблыка. Аднак згаданы фразеалагізм не значыцца ў слоўніках заходднееўрапейскіх моў, а ёсць толькі ва ўсходнеславянскіх мовах. Ён узнік, хутчэй за ўсё, у выніку метафарызацыі тоеснага словазлучэння з маўлення вайскоўцаў, дзе яблычак - гэта "цэнтральная частка мішэні ў выглядзе чорнага круга". Вось прыклад, дзе выраз ужыты не як прыхаванае параўнанне з уяўнай сувяззю паміж з'явамі, а са злучнікам "як": "Як у яблычак пацэліў Дзёмін з Канаплянкі - адрываліся сяляне ад хат. А першы з іх - "снайпер" Ціма Плішка" (А. Пашкевіч).
Прыносіць у падоле (прыполе)
Разм. Неадабр. Ужыв. Пры дзейн. са знач. асобы жаночага полу. Нараджаць пазашлюбнага дзіцяці. Старэйшая міліцыянерава дачка нарадзіла байстручку і хацела яе забраць з радзілкі дадому. То бацька так разбушаваўся, устроіў такую вайну... Каб жа то законная ўнучка. А то нажытая невядома ад каго... От яно як, Андрэйка, гадуйгадуй сваіх дзяцей, а яны ў падоле прыносяць (І. Капыловіч). Ты беражэш яе, не чапаеш... Але ж яна, можа, яшчэ з якім звядзісветам скруціцца! Прынясе ў прыполе! (П. Місько).
Ставіць на крыло каго
Функц. не зам. Ужыв. пры ддзейн. за знач. асобы. Расціць, выхоўваць, даводзячы да самастойнасці. Сін.: падняць на крыло (у 2 знач.); падымаць на ногі (у 2 знач.); ставіць на ногі (у 2 знач.). Італьянскі настаўнік выхоўвае і ставіць на крыло сапраўдную змену сапраўднай нацыі. Таму колькасць урокаў на тыдзень - самая мізэрная (Я. Рагін). Знакаміты крытык, бы птушанят, паставіў на крыло цэлае паэтычнае паккаленне (Полымя. 1998. № 11).
Стаць на вушы
Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці сукупнасці асоб. Знаходзіцца ў стане выключнай напружанасці. Відаць, аб'явілі надзвычайшчыну, і міліцыя стаяла на вушах (У. Міхно). А дзяржава і надалей будзе стаяць на вушах у час сяўбы, касьбы, жніва, уборкі бульбы, зімовастойлавага перыяду, аддаючы шмат сіл і трыльёны рублёў на падтрымку грамадскага сектара (В. Гроднікаў).
У дубкі ісці з кім
Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. Уступаць у сутычну з кімнебудзь. Задзірацца, выяўляць нязгоду, пярэчыць камунебудзь. Сін.: брацца за чубы (у 2 знач.); брацца загрудкі з кім (у 2 знач.); брацца ў рожкі з кім; у рожкі з кім. Спаліць тое Вітольдава дзерава і то, пэўна, больш карысці было б. Але яна гэтага ніколі не зробіць. Хоць часам, зазлаваўшы, і пагражае. Не, з сынамі ў дубкі яна не пойдзе (Ф. Сіўко). Кажу: выпіў, дык ідзі кладзіся, як чалавек. Ён у дубкі ідзе: давай, маўляў, яшчэ. Выпхнула неяк, пайшоў... (Полымя. 2001. № 6).
У пень
Акал. Разм. Ужыв. пры вык. - дзеяслове закончанага трывання. Зусім, ушчэнт (збіць, знішчыць, сапсаваць і пад.). Коні збілі ў пень грады. - а вы не бачыце (Ф. Янкоўскі). Увесь народ вымардуюць, вымараць у пень, да апошняга чалавека (З. Пазняк). Быў такі лясок, ды выразалі ў пень, бо не сваё ж, калхознае (Р. Барадулін).
У шуфляду
Акал. Разм. Без надзеі на апублікаванне ў бліжэйшай будучыні (пісаць, перакладаць). Сін.: у стол . Мне няма чаго ўтойваць. І таму я ўсё жыццё не пісаў у шуфляду. Іншая справа, што мне цяпер трэба ад многага з напісанага адмовіцца (М. Лужанін). Вельмі крыўдна было пачуць, што Васіль Сёмуха перакладае сёння ў шуфляду (В. Іпатава).
Хоць у плуг запрагай каго
У безас. ужыв. Разм. Хтонебудзь моцны, здаровы. Сін.: можна ў плуг запрагаць каго . - Доктар! Я здаровы, як бык... - Што яго глядзець? ! Гэтага буйвала хоць у плуг запрагай (Я. Палубятка).
Як (бы) шчыгрынавая скура
Акал. Разм. Прыкметна, адчувальна (скарачацца, звужацца, меншаць і пад.). Час скарачаўся як шчыгрынавая скура (Л. Арабей). Калі Даўгалёў глядзеў на карту, часам думаў: тэрыторыя імперыі капіталу звужаецца бы шчыгрынавая скура (Л. Левановіч).
Як вока ў лобе (ілбе)
Акал. Разм. Ужыв. пры слове адзін. Зусім (адзін) . Сін.: як ёсць; як палец; як перст . Мама, я пастарэў без цябе, ля сцен адзіноты вырас. Мне зараз твой зразумелы выраз: адзін як вока ў ілбе (Р. Барадулін). Ой, і не пытайся, любачка, адна я цяпер, як вока ў лобе (Л. Галубовіч).
Як дунай
Разм. Адабр. 1. Вык. Ужыв. пры дзейн. са знач. адушаўлёнага, канкрэтнага і абстрактнага прадмета. Цудоўны, моцны. Сін. : як на заказ. Цяпер гаспадарка ў нас як дунай, а даўней, расказваюць людзі, дык не было за што рук зацяць (Я. Лёсік). Паглядзіце: хлопец як дунай; дзе такому пару падбярэш... (А. Цыхун).
2. Акал. Цудоўна, надзвычайна, найлепшым чынам. Сін.: на поўную катушку (у 1 знач.); па ўсіх правілах; чын па чыну; чын чынаром; чэсць па чэсці; як мае быць (у 1 знач.). І гаспадарка з часам зацвіла і загула як дунай. Цяпер, куды ні зірнеш, на што вокам ні кінеш - усё голасна сведчыць, што гэта заможная гаспода, што жыве тут старанны, працавіты гаспадар (Я. Лёсік). Пшаніца як дунай вырасла, вуж не пралезе (А. Цыхун).
Як (што) цыган коней
Акал. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзеяслове мяняць. Вельмі часта . Сін.: як пальчаткі. А чаму вам не стацца тым, чым вы самдзеле ёсць: Мікіта Зносак - і мілагучна, і патутэйшаму, ды языкоў не трэба мяняць як цыган коні (Я. Купала). Крайнімі аказаліся старшыні калгасаў... Іх пачалі мяняць што цыган коней (У. Паўлаў).
Іван ЛЕПЕШАЎ, прафесар кафедры беларускай мовы Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук.
"Пакутны век" ад Васіля Якавенкі
Да чытачоў краіны
Эпоха, якую мы не павінны згубіць
Саюз беларускіх пісьменнікаў, Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і Беларускі літаратурны фонд, разам з Беларускім сацыяльна-экалагічным саюзам "Чарнобыль" звярнуліся да чытачоў з прапановай падтрымаць перавыданне рамана пісьменніка Васіля Якавенкі "Надлом" у новай рэдакцыі. Зварот ад вышэй-названых арганізацый падпісалі: Алесь Пашкевіч, Аляксей Марачкін, Язэп Янушкевіч, Васіль Якавенка.
"Прайшло амаль тры гады з моманту выдання гэтага твора ў серыі "Беларускі гістарычны раман" выдавецтва "Беллітфонд". За гэты час аўтар падрыхтаваў да друку паноўленую і дапоўненую рэдакцыю, дзе атрымалі далейшае развіццё і акрэсленасць характары асноўных дзеючых асоб - Скірмунтаў, Пісарчука, Марыі Рама-навічанкі. У кантэксце рамана з'явіліся батальныя сцэны і новыя гістарычныя персанажы - Ларыса Геніюш, Мікалай Шчорс, Барыс Кіт, савецкія і нямецкія генералы, сын Сталіна Якаў Джугашвілі, мотальскія пасляваенныя "мільянеры" (старшыні калгаса) і іншыя - кожны ў сваім асяроддзі і сваім часе. Гучанне асноўнай адраджэнцкай ідэі ўзмац-няецца", - сказана ў прэс-рэлізе, распаўсюджаным ад імя Саюза беларускіх пісьменнікаў, Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", Беларускага літаратурнага фонда, БелСаЭС "Чарнобыль".
Раман пісьменніка Васіля Якавенкі "Надлом" - шырокае эпічнае палатно, у якім раскрываецца спадчына і перакідваецца мост з далёкай мінуўшчыны ў нашыя дні.
Твор бескампрамісна шчыры, у пэўнай меры наватарскі. Ён прысвечаны барацьбе за волю і нацыя-нальнае самасцвярджэнне беларусаў у ХХ стагоддзі. Ужо ў першым сваім выданні ён выклікаў жывы водгук у чытачоў, набыў добры рэзананс у грамадстве. Сёння яго больш не трэба рэкламаваць.
У аўтара "Надлому" цяпер вялікі клопат з яго перавыданнем, якім, дарэчы, падсумоўваецца працяглы ў часе пісьменніцкі досвед. Твор з'яўляецца выніковым, калі не знакавым яшчэ і таму, што нарадзіўся Васіль Цімафеевіч 5 траўня 1936 года.
Чытачы акажуць аўтару вялікую дапамогу, калі прымуць удзел у фінансаванні выдання кнігі на парытэтнай аснове.
Адзін асобнік рамана "Надлом" (у новай рэдакцыі - трылогія "Пакутны век"), пры аб'ёме выдання ў 750 старонак, накладам 1000 экз. у цвёрдай вокладцы (з перасылкай кнігі па пошце) будзе каштаваць 20 тысяч рублёў. Кнігу мяркуецца выдаць у першай палове 2006 года.
Для чытачоў-партнёраў, удзельнікаў гэтай своеасаблівай грамадзянскай акцыі, паведамляем дабрачынны рахунак для пераводу грошай:
ГА БелСаЭС "Чарнобыль"
рах. № 3015001097017
"Пріорбанк" ААТ ЦБП 111,
г. Мінск, код 749, УНП 100200010
Ахвяраванне на перавыданне
кнігі В.Якавенкі "Надлом"
ОО БелСоЭС «Чернобыль»
сч. № 3015001097017
«Приорбанк» ОАО ЦБУ 111,
г. Минск, код 749, УНП 100200010
Пожертвование на переиздание
книги В.Яковенко «Надлом»
Раім пры гэтым разборліва пісаць свой зваротны адрас, прозвішча, імя, імя па бацьку.
Заключны раздзел рамана
Іх было двое, каторыя прыехалі на Беларусь - у адзін год, адзін час - пасля доўгай, амаль у паўстагоддзе разлукі з радзімай, - Барыс Кіт і Марыя Раманавічанка - Дзямковіч. Першы на той круты момант, калі ўсё яшчэ грукацела вайна, але фронт ужо рухаўся з усходу на захад, быў ва ўзросце Ісуса Хрыста і меў шмат нерастрачаных сіл, духоўных і фізічных, працаваў у галіне асветы і адраджэння Бацькаўшчыны, зрэшты, па гэтай прычыне і быў залічаны ў ворагі савецкай краіны, чаму і мусіў трымацца далей ад саветаў.
Другая на той час, застаючыся ўсё яшчэ ранняй дзяўчынкай і баючыся, бытта нячыстай сілы, энкавэдыстаў, таксама адцуралася ўсяго, што лучыла яе з родным і блізкім, падзяляла лёс уцекачоў.
На Кіта праз дзесяцігоддзі нібы нахлынула другая маладосць, і ў яго душы пановаму пачалі ўзнікаць і накаплівацца пачуцці, якія можна было б ахарактарызаваць і як тугу па незваротным, і як покліч да роднай зямлі. Гэта ж стала заяўляць пра сябе асабліва выразна пасля таго, як ён, прызнаны вучоны, распрацоўшчык вадароднага паліва для касмічных караблёў, а ўжо потым і сістэм праграмавання і кіравання ў розных міністэрствах ЗША, вызваліўся ад усіх дзяржаўных абавязкаў, выйшаў на пенсію і памяняў свой план і свой лад жыцця.
Якраз разгортваліся ў розных жыццёвых праявах 70я гады, калі амерыканцы высадзіліся на Месяц, а ў Савецкім Саюзе таксама марылі пра гэта і асвойвалі Космас, рабілі эканоміку "эканомнай" і намагаліся пабудаваць сацыялізм не з дзікунскім, як раней, а з "чалавечым абліччам". Кіт аб'ездзіў к таму часу ўжо нямала краін, дзе чытаў лекцыі па матэматыцы, выступаў кансультантам амерыканскага ўраду па астранаўтыцы, правёў першыя астранаўтычныя канферэнцыі навуковай эліты ЗША і СССР і ўвогуле пачуваў сябе крыланам над грэшнай зямлёю, такою багатай на колеры, радасці і пакуты. Кіт навучыўся трымаць шырокую пространь зямлі ў полі зроку, і таму на пэўных падставах мог лічыць сябе грамадзянінам Зямлі і грамадзянінам зорнага Сусвету, але ж не тым, даруйце, бязбацькавічам або маргіналам, для якога дзе большая капейка, прызрань, там і радзіма.
Нечакана для ўсіх, праўда, ён пакінуў сям'ю ў Вашынгтоне, дзе яны разам з Нінай у апошнія гады жылі, дакладней, пакінуў Ніну, як што сыны ўжо былі самастойнымі і, да таго ж, забяспечанымі людзьмі, - падаўся крыланам у Еўропу.
Адносіны з жонкай, у чым ён рэдка каму прызнаваўся, складваліся няпроста, асабліва пасля таго, як яго маладзіца захапілася камп'ютэрнымі сістэмамі і стала вядучым спецыялістам у гэтай галіне.
У яе было сваё кола сяброў і знаёмых. І, чаго граху таіць, не ўсе яе прыяцелі, што увіваліся каля гаспадыні, былі даспадобы Кіту.
Ніна любіла пакору і дамінавала ў доме. Паводле ўяўленняў свайго чалавека, яна перастала лічыцца з ягонымі думкамі і настроем. І вось у такой, здавалася б, беспраблемнай сям'і Барыс усё часцей зазнаваў няласку, адчуваў самоту - разрыў рабіўся як бы выспелам і лагічным. Калі страчваецца прыцяжэнне між касмічнымі целамі, яны разыходзяцца. Між людзьмі - тое ж самае.
На шчасце гэты, трэці, як сам ён лічыў, перыяд у ягоным жыцці (пасля другога - амерыканскага) неспадзеўкі складваўся таксама ўдачна. Чалавек пачаў працаваць у Еўрапейскім аддзеле Мерылендскага універсітэта, аднаго з самых прэстыжных і прыцягальных у свеце. Чытаў лекцыі ў ягоных філіялах у Нюрнбергу, Хейдэльбергу, Дармштаце, дзе размяшчаліся амерыканскія ваенныя базы. Паюнацку энергічны, нягледзячы на нейкія там шэсць дзесяткаў гадоў, ён праяўляў на занятках не толькі свае добрыя, вагавітыя веды, але і схільнасць да лёгкага гумару, жартаў, асацыятыўных адступленняў і параўнанняў. Праз пэўны час кіраўнік аддзела матэматыкі Самуэль Б. Томпсан напіша яму з удзячнасцю:
"Я толькі што прагледзеў ацэначныя студэнцкія анкеты аб Вашай дзейнасці як выкладчыка нашага універсітэта.
Як заўсёды, студэнты даюць Вам найвышэйшы рэйтынг. Я хачу, каб Вы ведалі, што і я цалкам пагаджаюся з Вашымі студэнтамі, што Вы ёсць выдатны настаўнік і што наш універсітэт мае вялікі гонар мець Вас сваім сябрам."
У датклівай і хвалюючай навуковай атмасферы Кіт палічыць за пачэсны свой абавязак напісаць даследаванне пра вядомага і блізкага яму яшчэ з Вільні настаўніка і калегу - прафесара Антона Зыгмунта, чый матэматычны геній, падобна, асвячаў яму дарогу не адно дзесяцігоддзе. Гэтую працу ён прадставіць у якасці доктарскай дысертацыі і, пасля яе абароны ў 1982 годзе, стане доктарам філасофіі ў галіне матэматычных навук і гісторыі і таксама прафесарам Мерылендскага універсітэта. Такім чынам, яго незвычайныя творчыя здольнасці, памножаныя на мэтаскіраваную і натхнёную працу, яшчэ раз дадуць яму ўяўленне пра ўдачу і вялікае шчасце, тое шчасце, якое, бадай, упершыню яму засвяціла ў Каліфорніі, калі атрымаў перамогу ў працы над утаймаваннем (прыўлашчваннем) плыўкага вадароду.
У гэты перыяд жыцця ў Кіта было адчуванне, што ён зноў нечакана для самога сябе нарадзіўся на свет, або свет шырокі павярнуўся да яго іншым, паноўленым і дужа прывабным бокам. Калі ён пасяліўся ў ФранкфурценаМайне і пачаў збіраць матэрыялы па тэме дысертацыі, у снежні, не столькі марозным, колькі золкім, перакладчыца Вера, спрыяючы самотнаму чалавеку, прывяла яго на каву да сваіх добрых знаёмых на вуліцы Шэфергассэ - гэтая дабрачынная сям'я, як неўзабаве высветлілася, мела родавыя карані і ў Нямеччыне, і ва Украіне адначасова.
Гаспадыня Лідзія Рудольфаўна, у жыцці якой незнарок было паяднанне "Лі" з "Ру", Кіева з Франфуртам, а ўглыб капнуць - дык яшчэ і з заморскімі гарадамі, гаварыла паруску, ведала таксама і украінскую мову, чаму Кіт вельмі абрадаваўся, бо даўно пачаў ставіцца да украінцаў як да суродзічаў. Значыць - сваячка! Але ж самае вялікае ўзрушэнне ён зведаў тут, на Шэфергассэ, калі з другога пакоя выйшла дачка спадарыні Лідзіі - Тамара. Якраз бы тая карцінка, бы жывы цуд: ветлівая і адухоўленая, пластычная і грацыёзная, абаяльная і самавітая ў рухах. На ёй была лёгкая сукенка з невялікім і вабным выразам на грудзях. Яшчэ больш Кіта прыцягвалі яе блакітныя вочы, вялікія і выразныя. Ужо навошта ўдаўнелы грэшнік Барыс быў спрактыкаваны ў мяккім, лагодным абыходжанні з дамамі, а тут глытаў сам свае словы - усе кампліменты, якія ён мог бы выдаць, абясцэньваліся. Павітаўся, прыклаўшыся вуснамі да яе рукі. Яна ж бачыла яго інтэлігентны, амаль сакратаўскі лоб, крануты падоўжнымі зборкамі, і амаль адкрытую лысіну, загарэлую, гладкую, на якой люстравалася сонца. Энергія чулася ў бляску ягоных вачэй, у імклівых рухах і ў самой паставе.
- Я не помню больш яркага дня, - сказаў ён, ды трохі не так і не тое, бо ў ягоным узросце, у замглёны снежаньскі дзень не варта было ўжо кідацца ў лірыку.
- А вы любіце музыку? - раптам спыталася яна, пэўна, каб пераключыць увагу на іншае і памагчы госцю.
- Оо! Як жа яе не любіць?.. У гады сваёй маладосці я таксама на скрыпцы іграў.
- Як вы ствавіцеся да Бетховена? Я, напрыклад, люблю іграць яго "Лунную санату"...
- Бетховен - гэта залаты капітал у культуры, як і Моцарт, Шапэн...
- Скажыце, што вы асабліва любіце? Я сыграю. Пакуль мама згатуе каву, зробім музычную паўзу.
- Добра. Толькі мне больш да душы музыка Пятра Чайкоўскага; ведаеце, там заўжды ёсць мелодыя, а не толькі шум.
- Ах, вось яно што! - усклікнула яна ў прыемным здзіўленні, як што іх госць - чалавек з густам! - Тады паслухайце...
Тамара кранулася пальцамі клавішаў, узяла акорды "Падснежніка" з твора Чайкоўскага "Дванаццаць месяцаў". Барыс Кіт слухаў, зачараваны музыкай і...
Як чалавек Зямлі і часткова Сусвету ён не мог абысці гэткае зорнае жаночае ззянне, ды яшчэ пад музыку, якую любіў. Ужо за сталом, накрытым гаспадыняй, стараючыся захапіць увагу Тамары і яе блізкіх, ён пачаў з захапленнем расказваць эпізоды з жыцця і творчасці Пятра Чайкоўскага, прыгадаў дамуарыстакратку, якая ніколі нават не сустракалася з кампазітарам, але любіла яго музыку і аказвала яму, чарадзею, матэрыяльную дапамогу; спыніўся на сувязях Чайкоўскага з Амерыкай, падаў ім такую дзівосную гісторыю.
- З Нідэрландаў у Злучаныя Штаты Амерыкі прыехаў нікому не вядомы хлапчына Андрэй Карнегі. Ён пачаў свой бізнес, прадаючы гарачыя сасіскі на вуліцы. Сасіскі ж і дапамаглі яму паступова, крок за крокам, зрабіцца мільярдэрам, - толькі, - патлумачыў Кіт, - цывілізаваным мільярдэрам! Ён пабудаваў у НьюЁрку вялізны тэатр - Карнегі Хол і на яго адкрыццё шукаў найвыдатнага музыканта свету. Ім аказаўся Чайкоўскі! Карнегі суправаджаў кампазітара па многіх гарадах краіны, дзе той прадстаўляў сваю музыку і сам жа дырыжыраваў аркестрам. Амерыканцы палюбілі чараўнікамаэстра ды так, што кожны год на Каляды пачалі ставіць у Карнегі Хол балет "Шчаўкунчык". Ставяць да гэтага часу!
Кіт скарыў сям'ю Лідзіі Рудольфаўны сваім зусім адкрытым характарам, шырынёй сваіх інтарэсаў, пазнанняў і ветлівасцю.
- Дзівосны чалавек! - казала потым, як госць пайшоў, гаспадыня. - Толькі ступіў на парог, а ўжо свой для кожнага і бытта знаёмы нам сто гадоў!
У хуткім часе Барыс даведаўся, што спадарыня Тамара мае 35 гадоў ад нараджэння, хоць выдавала яна нашмат маладзейшаю. Яе сэрца таіла шмат дзівосаў і драм - хіба жартачкі мець не адну, а дзве маці, не аднаго, а два бацькі? Акурат гэта і выпала ёй на долю.
Першыя і сапраўдныя Тамарыны бацькі - Дуся і Адольф Цірлінгі - па прычыне нямецкага паходжання мелі праблемы ў краіне саветаў. У 1937 годзе, калі Адольф служыў у Чырвонай Арміі на Далёкім Усходзе, ягоную маці ў Кіеве арыштавалі. Потым, зза яе, звольнілі ў запас і яго самога - з абмежаваннем у правах, або, як у народзе казалі, з воўчым білетам. Там жа, па месцы службы на Далёкім Усходзе, Адольф і жаніўся. Дуся нарадзіла дачку Тамару. Калі ж яна зацяжарыла ад Адольфа ў другі раз - паехалі яны ў Кіеў шчасця шукаць. А там жыла Адольфава сястра Ліда, і мела яна пэўны дастатак, як што яе чалавек Яўген Зялінскі працаваў дырэктарам цукровага завода. Тады ў нейкі крытычны для сям'і Цірлінгаў момант Дуся і папрасіла заўвіцу Ліду ўзяць сваю гадавалую дачку на часовае ўтрыманне, балазе ў Зялінскіх на той час сваіх дзяцей не было. Тыя ўзялі... А палітычная сцюжа ў краіне яшчэ больш узмацнялася і неўзабаве пачалася вайна. Падзеі стваралі непрадказальныя абставіны, абставіны бралі верх над чалавекам і раскідвалі родзічаў, не пытаючы іх жадання і згоды. Згубіліся ў клопатах і, напэўна, пакутах сляды Цірлінгаў. Затое украінец Зялінскі пры немцах заставаўся на месцы і рабіў сваю справу - варыў цукар. Пры падыходзе Савецкай Арміі да Кіева яго сям'і па зразумелых прычынах давялося падацца ў эміграцыю.
Тамара памятала сваё ранняе дзяцінства на кіеўскіх вуліцах, запалоненых вайною. Але ж свядомае школьнае жыццё пачала ўжо ў горадзе Дэтройце, куды эмігравалі і дзе бацька Яўген Зялінскі працаваў механікам; скончыла гімназію, вучылася ва універсітэце на факультэце фармакалогіі, адначасова займалася ў харэаграфічнай студыі, захапілася танцам і музыкай, ігрой на раялі. Няўдалы шлюб з украінцам Казевічам і нараджэнне дачкі перакрэслілі тое, што ёй давалася ў рукі.
Зялінскіх тым часам цягнула на еўрапейскі кантынент, бліжэй да роднай зямлі. І вось першы Тамарын бацька Адольф Цірлінг, які за вайной аказаўся ў Германіі, прыслаў сям'і другога бацькі - Яўгена Зялінскага - запрашэнне ў Дойчланд. У пясочным гадзінніку дваццатага стагоддзя перасыпаліся акурат пяцідзесятыя гады... Адольф і Дуся ласкава прынялі Зялінскіх у свой дом. Выхаваная ж у працоўных традыцыях і маючая на сваім утрыманні дачку, Тамара знайшла для сябе занятак у мадэрновым балеце, потым працавала ў танцавальнай школе, а яшчэ - у фармацэўтычнай фірме. На момант знаёмства з Барысам была ўжо сакратаркай у камерцыйным банку; вучылася ў інстытуце замежных моў.
Украінскае эмігранцкае атачэнне ў Дэтройце паспрыяла таму, што дачка Зялінскіх добра ведаля украінскую і рускую літаратуру, народныя звычаі, спявала гімн "Шче нє вмєрла Україна".
Яны з Кітам пасябравалі. Пра лепшую "знаходку" ў сваім асабістым жыцці на той час Барыс не мог нават марыць. Але ці ж ён ужо - куль ацярэбленай саломы? Ды нее... Ён жывы чалавек, і жадалася большага. Вось каб чараўніца Тамара ды стала ягонаю жонкай!..
Надта ж вялікая розніца была паміж імі ва ўзросце, і гэта не магло не бянтэжыць Тамару, а яшчэ больш яе родных. Мама Ліда і мама Дуся, як і татка Адольф Цірлінг, а бацька Яўген Зялінскі, праўда, да таго часу памёр, - мала што добра ставіліся да Барысабывалага, яны не дапускалі нават і думкі пра іх жаніцьбу.
Пры ўсім тым, рашаючае слова было за спадарыняй Тамарай, і Кіт гэта ведаў і спадзяваўся на яе. А яна плакала, захопленая пачуццямі да яго, хаця тут, калі шчыра, мог быць і разлік на высокае становішча кавалера.
Якраз у гэты час і прыехала ў ФранкфуртнаМайне спадарыня Ніна, былая жонка Кіта. Яна спынілася ў гатэлі Am Berg - "На гары", і Барыс мусіў нанесці ёй візіт - не чужыя ж былі якніяк.
Трымаўся з ёю Барыс спакойна; прывіталіся, пагаварылі пра сыноў, іх поспехі, да чаго ён як бацька ніколі не быў раўнадушны. Яна нервавалася, што было відаць па мітуслівых руках, па голасе, якому дарэмна старалася надаць натуральнае гучанне, спакой; патлумачыла, што ў ФранкфурценаМайне спынілася транзітам, што едзе на Беларусь, у Лебедзева, да сваіх, якія яшчэ жывыя, слава Богу, але... Ён слухаў.
- Барыс, я вельмі шкадую, што між намі прабегла чорная кошка, - сказала былая жонка.
- Ды не кошка, а добры кот! - удакладніў Барыс і прыязна, як умеў, усміхнуўся.
- Вядома, першнаперш я сама вінаватая і мы дамовіліся пра развод.
- Ну - гэтак, і між намі цяперыча палюбошчы скончыліся!
- Даруй, я адумалася, я хачу, каб ты вярнуўся назад. Падкажы мне, Барыс - ты ж добры, мілы, адыходлівы - падкажы, што зрабіць, як замаліць мне свой грэх.
Яна наблізілася да яго, і яму перадаліся трывога і жар яе дзябёлага цела, але ён як скамянеў.
- Не ведаю, Ніна, і не хачу нічога падказваць. Дый позна ўжо... Тут справа - дрэнь.
- Божа літасцівы! - Ніна шчапіла кісці рук, на яе вочы нагарнуліся слёзы. - Барыс, і на каго я цябе прамяняла! Як можна?..
Ён зрабіў крок назад з намерам пакінуць яе.
- Пачакай, - папрасіла проплач. - Я чула, ты злыгаўся... прабач, слова вырвалася.
- Нічога, гэта для цябе даравальна.
- Ці не магла б я сустрэцц... пазнаёміцца з ёй?..
Бывалы момант пастаяў у нерашучасці.
- Калі Тамара захоча сустрэцца з табой, то я не супраць.
- Папрасі яе...
У гэты ж дзень Барыс прывёў у гатэль Тамару. Тамара зайшла ў Нінін пакой і першай падала ёй руку. Ніна ніколі не вызначалася вытанчанасцю манер, як не вызначалася і шчыгульнасцю сваёй паставы. Наадварот, яна выглядала больш грувастай у параўнанні з іншымі і асабліва Тамарай. Па амаль няўлоўным трымценні рукі былой Кітавай жонкі Тамара адчула яе хваляванне.
- Дзякуй вам, што зайшлі... Хачу пагаварыць з вамі.
- А мне цікава было таксама глянуць на вас, - Тамара напружана ўсміхнулася, бо і ў яе душы чорцікі скакалі гапака.
- Тады я пакіну вас адных, - сказаў Барыс, і стоеная ўсмешка мільганула на ягоным твары. - Спушчуся ў рэстаран, прыхаплю віна, а вы тым часам дамоўцеся, каму я павінен належаць. Як скажаце, так і будзе!
І ён знік.
Ніне не варта было больш вывучаць постаць Тамары - у абліччы малодшай саперніцы з першага ж позірку яна адчула свой пройгрыш. Сэрца ўпала, і ўжо спатрэбілася намаганне, каб вымавіць прыпасеныя зараней словы:
- З Барысам нас, паважаная, звязваюць дзеці. А вас - што? Можа, скажаце...
- З вашым былым чалавекам мы абое рамантыкі. А гэта таксама яднае. Нам разам добра, - сказала Тамара тое, чаго нельга было аспрэчваць. - Як сапраўдны настаўнік, Барыс любіць расказваць, а я люблю слухаць. Часам спрачаемся, і мне адкрываецца тое, чаго ў іншых няма.
- Можаце больш не распісваць мне велікоднае яйка! Я ўсё зразумела. Барыс пакінуў мне дом у тры паверхі. Я маю дом і самоту... у тры паверхі таксама! Ах, - уздыхнула, - няшчасная я, даруйце... Мне што застаецца? Пажадаць вам удачы і шчасця, якое я лічыла сваім. Сваёй уласнасцю лічыла... І перастала бачыць яго. Не ўберагла...
Апошнія словы яна вымавіла з надрывам, нібы вырвала іх з уласнага сэрца. А ў Тамары тым часам - гара з плячэй! Для адчування ўдачы і дабра ёй важна было адно палагодзіць свае стасункі з раднёй, якая ўсё яшчэ ўпарцілася яе выбару. Нарэшце, і Тамара паймела характар - настойліва разпораз даводзіла абедзвюм мамам і татку, што маладзейшыя яе кавалеры ні ў якое параўнанне не ідуць з Кітам.
І першым здаўся бацька Адольф.
- Ну няхай будзе, як дачка хоча, - сказаў Дусі. - Пажывуць дзесяць гадоў - больш ён не працягне. Затое Тамара нас вініць не будзе.
Была якраз вясна, і, здавалася, дрэвы на вуліцах, у скверах ахутвае зялёнае мроіва. Сонца свяціла аддана і весела. Варушыўся і пабліскваў пад сонцам у бетонных сваіх берагах Майн, паўнаводны, шматзначны, ён рассякаў гэты прыгожы і ўтульны старажытны горад на дзве часткі. А побач з імклівай ракой кроў людзей таксама цякла і разганялася ў чаканні цеплыні, прыгажосці, любові.
22 красавіка 1973 года радзіна Цірлінгаў - Зялінскіх дружна сабралася ў рэстаране прэстыжнага амерыканскага гатэля ў Вісбадэне - "Ваron von Steuben", дзе Кіт спыняўся неаднойчы раней, прыязджаючы сюды з Амерыкі. Сабралася радзіна, каб засведчыць і змацаваць заручыны Тамары з Барысам.
Спадарыня Тамара святкавала перамогу - яны паядналіся, хоць пакуль што і ўмоўна: да афіцыйнага з Нінай разводу, па якім, меркавалася, і аформяць свой шлюб.
У іх сапраўды было шмат агульнага, а галоўнае, спалучалася і рабілася агульным духоўнае жыццё. Кіт бычыў, наколькі яго абранніца здольная, і яму хацелася зрабіць для яе хоць штонебудзь прыемнае. Падвярнуўся выпадак. Акурат была прыпынена дзейнасць камерцыйнага банка, у якім Тамара Казевіч працавала. Тады, карыстаючыся сваім навуковым аўтарытэтам, Барыс напісаў ліст і парэкамендаваў спадарыню Казевіч на працу ў дзяржаўны банк Германіі - "Bundesbank". Яе прынялі першай сакратаркай прэзідэнта банка, адначасова яна загадвала аддзелам міжнародных банкаўскіх сувязей. Маючы практыку, добрая лад душы, а тым больш валодаючы шасцю мовамі свету , Казевіч хораша ўпісалася ў новы калектыў. І радаваліся ўдачы абое.
Тамара неўзабаве зрабіла найвыдатны, як Кіт усё болей пераконваўся, пераклад на нямецкую мову яго дысертацыі пра Антона Зыгмунта. Яна пераклала таксама вершы Масея Сяднёва для найпрэстыжнай нямецкай газеты Frankfurte Algemeine Zeitung.
Тамара, з якою Кіт знаходзіўся ў грамадзянскім шлюбе, зрабілася яго ўдалай і годнай памочніцай, і захаваннем сваёй клопатнай і бурнай энергіі ў жыцці ён ува многім абавязаны ёй, самавітай і дасціпнай жанчыне. Праўда, як далей болей рабілася відочным, яго новая маладзіца аказалася таксама не без перцу ў характары - любіла вяршэнства. Але ж гэта ўжо не столькі шкодзіла, колькі выяўляла і акрэслівала яшчэ больш яе палымяную, рамантычную і яркую натуру. Малапамалу гэтая маладзічка стала "сааўтарам" выбудовы Кітавай кар'еры на трэцім адрэзку жыццёвага шляху. І не дзіва таму, што яны з Кітам у добрым часе прынялі ўдзел ажно ў пятнаццаці астранаўтычных кангрэсах, якія штогод праводзяцца ў розных кутках свету. Там спалучаліся асягненні Кітавага розуму і яе інтэлект, Кітавая слава і бляск яе прыгажосці.
На астранаўтычным кангрэсе ў Іерусаліме да Барыса падышоў яго стары прыяцель, адвакат і сябра Амерыканскай астранаўтычнай асацыяцыі Леслі Тэнэн.
- Містэр Кіт, - патэтычна пачаў ён, - я ніколі не цікавіўся вашымі поглядамі на жанчын. Адно мне здаецца: Тамара Казевіч - залатая рамка пры вашым партрэце.
- Дзякуй, містэр Тэнэн, - у тон яму адказваў Кіт. - Вось толькі пытанне, ці адпавядае мой партрэт гэтай бліскучай аправе?
- Окей! Гэта так, гэта так.
Ездзячы па свеце, Барыс Кіт разпораз і ўсё часцей звяртаўся ў думках да сваёй спадчыннай зямлі, да Радзімы, сачыў за падзеямі на Бацькаўшчыне, перажываў ужо раней перажытае і спакваля рабіўся - кім і быў раней - "стоадсоткавым беларусам", пра што і паведаміў Тамары. Яна ж з дакорам адказала яму:
- Барыс, мне прыкра гэта чуць! Ты як стаў стоадсоткавым і як пачаў запрашаць ды частаваць сяброўбеларусаў, то й сабе нагуляў чэрава!..
Нажаль, на гэтым мы мусім спыніцца. Раман нашай газеце не падняць. А ўсіх каму хацелася б даве-дацца, з чаго ўсё пачыналася і чым усё закончылася ў герояў рамана, рэдакцыя раіць уважліва пачытаць абвестку на 3-й старонцы і, магчыма, проста падпісацца на раман, які, безумоўна, варты нашай агульнай увагі.
Па кроках мінуўшчыны
27 лютага 2006 г. у рэдакцыі газеты "Наша слова" адбылася сустрэча на тэму: "Вільня ў гісторыі і духоўным жыцці Беларусі". Не толькі прадмет размовы абяцаў цікавую сустрэчу, але і тое, што яе вядоўцам быў Уладзімір Арлоў - беларускі пісьменнік і гісторык.
Сустрэча была складзена з дзвюх частак: спачатку з цікавымі фактамі выступіў У. Арлоў, потым ён адказаў на пытанні прысутных. Безумоўна, за абмежаваны час, адведзены на размову, цяжка абмеркаваць усе гістарычныя падзеі і думкі. Але выдатны гісторык закрануў менавіта тыя пытанні, якія найбольш цікавілі суразмоўцаў. Аснову даклада Уладзіміра Аляксеевіча склалі яго адказы на пытанні ўдзельнікаў інтэрнэтканференцыі на радыё "...", якая была прысвечана гэтай бязмежнай тэме.
Дзякуючы займальнаму апавяданню У.Арлова, слухачы імгненна ў думках перанесліся на тэрыторыю старажытнай Літвы…
Летапісная Літва. Славяне і балты.
Старажытная Вільня - гэта ўдзельнае княства Полацкай зямлі. Дзяржаўнае жыццё ВКЛ праходзіла ў беларускіх нацыянальных умовах. Летапісная Літва знаходзілася на абшарах сучаснай Беларусі (на думку некаторых гісторыкаў, прыблізна паміж Наваградкам і Менскам). У тыя даўнія часы Літвой звалася ўсё ВКЛ. Насялялі гэту тэрыторыю славяне і балты. 9/10 магутнага войска князя Альгерда складалі славяне. Нашы продкі ўжо ў 10 ст. мелі пісьменства, мураванае дойлідства. Што датычыцца продкаў сучасных літоўцаў, у іх гэтых дасягненняў яшчэ не было. Нажаль, негледзячы на гэта, у сенняшніх гісторыяграфіях Літву ведаюць больш, чым Беларусь. Крыўдна і сумна.
Пра рэлігію і мову .
Праваслаўныя складалі большую частку насельніцтва. Але пасля Крэўскай уніі сітуацыя змянілася. Трэба адзначыць, што ў нас ніколі не было рэлігійнай вайны.
У часы Альгерда і Вітаўта выкарыстоўвалася беларуская мова. Ужо тады яна была настолькі распрацаваная, што магла забяспечыць усе галіны грамадства. Дакументы, соймавыя пастановы, статуты пісаліся па беларуску. На летувіскай мове не было ніводнага дакумента.
Партрэт сярэднявяковай Вільні.
У асноўным, беларусы і ліцьвіны былі жахарамі гэтага цудоўнага горада. Як паведаміў гісторык Арлоў, у 1897 г. летувісаў налічвалася толькі 2%. Таксама ў Вільні жылі габрэі, немцы, частка крымскіх татараў.
Пройдземся па вуліцах сярэднявяковай Вільні. Вось, якія назвы можна было ўбачыць: Зялёны Мост, Лысая Гара, Зарэчча, Пагулянка.
Ад 1570 г. пачала дзейнічаць Віленская акадэмія. Спачатку - тэалагічны і філалагічны факультэты, пасля - юрыдычны. Па якасці адукацыі навучальная ўстанова не саступала універсітэтам Еўропы. Сярод выпускнікоўAlma mater: М. Сматрыцкі, С. Полацкі.
Дзякуючы Фрацішку Скарыну, беларусы чацвёртымі ў Еўропе атрымалі друкаваную Біблію на зразумелай мове. І гэта далёка не адзіны дыямент, якім Скарына ўзбагаціў скарбніцу беларускай культуры.
У XXм стагоддзі.
З восені 1906 г. пачала выдавацца "Наша доля" - першая легальная газета на беларускай мове. Потым ёй на змену прыйшла "Наша Ніва". Падчас Першай Сусветнай вайны браты Луцкевічы выступілі з прапановай аднавіць ВКЛ, а яго сталіцай зрабіць Вільню. З гонарам можна гаварыць: наша Бацькаўшчына багата на славутыя імёны, рэвалюцыйныя ідэі, на людзей з цвёрдым характарам.
Талент. Ен даецца не кожнаму. Але ў тыя жорсткія часы на гэтым не спынялі увагу. Краіна панесла вялізарную нацыянальную страту: адбываліся масавыя арышты, рэпрэсіі беларускіх дзеячаў. Многія былі рэабілітаваны. Але гэта пасля, пасля пакутаў і смерці…
Ці можна было вярнуць Вільню у 1945?
19 верасня 1939 г. часткі Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Вільню. Горад лічыўся і ўспрымаўся беларускім… 19 кастрычніка быў падпісаны дакумент аб перадачы Віленшчыны і Вільні Літве. У лістападзе 1940 г. Сталін аддаў Літве яшчэ некалькі гарадоў. У 44м г. Беларусь страціла Беласточчыну. Магчыма, калі б Крэмль падтрымаў не Літву, а Беларусь, то…
Але гісторыя не прызнае ўмоўнага ладу.
Вось так цікава і праўдзіва асвятліў прысутным тэму размовы Уладзімір Арлоў.
Разам удзельнікі сустрэчы паспрабавалі ў чарговы раз разабрацца ў дэталях нашай гісторыі. Безліч пытанняў, калейдаскоп меркаванняў. Але бясспрэчна, што Вільня займае асаблівае месца ў гісторыі і духоўным жыцці нашай краіны. І пра гэта павінны ведаць усе, хто мае гонар сказаць: "Я - беларус!".
Іна Фядоткава.
У МЕНСКУ АДКРЫЛАСЯ ВЫСТАВА РАБОТ ПРАФЕСАРА БЕЛАРУСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА УНІВЕРСІТЭТА КУЛЬТУРЫ І МАСТАЦТВАЎ У. РЫНКЕВІЧА І ЯГО ВУЧНЯЎ
10 сакавіка ў Менску, у галерэі "Універсітэт культуры", адкрылася выстава жывапісу і графікі прафесара кафедры народнага дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Уладзіміра Рынкевіча і яго вучняў.
У экспазіцыі пад назвай "Пра свет" прадстаўлена больш за 70 работ. Сярод іх - акварэлі У. Рынкевіча "Радзівілаўскі гасцінец", "Нясвіжскія краявіды", серыя "Дрэвывобразы", маляўнічы дыптых Аліны Бакал "Пакаянне", а таксама акварэлі Веры Каўзановіч ("Імкненне да недасягальнасці"), Кацярыны Кулічэнкі ("Прадчуванне свабоды") і Паўла Федаровіча ("Укрыжаванне", "Галгофа", "Прадчуванне").
Адкрываючы экспазіцыю, У. Рынкевіч зазначыў, што яна з'яўляецца другой выставай маладзёжнага творчага аб'яднання станкавістаў пры універсітэце культуры. Вучоны лічыць, што творчая акцыя, якая нараджае традыцыі і стварае мастацкія школы, з'яўляецца найлепшай формай пошуку ўзаемаразумення мастакоў рознага ўзросту і стылю. "Абавязковым патрабаваннем для ўдзелу ў выставе была шчырасць творчасці і прафесіяналізм", - сказаў вучоны. Ён мяркуе, што па якасці прадстаўленых работ цяперашняя выстава пераўзыходзіць першую, што адбылася ў 2005 годзе.
Паводле слоў галоўнага спецыяліста ўпраўлення мастацтва Міністэрства культуры Беларусі Мікалая Мішчанкі, пошукі і знаходкі маладых мастакоў сведчаць пра тое, што яны складаюць патэнцыял беларускага выяўленчага мастацтва, які ў поўнай ступені заявіць пра сябе ў найбліжэйшыя гады.
Старшыня секцыі жывапісу Беларускага саюза мастакоў Васіль Касцючэнка, у сваю чаргу, зазначыў, што дзе б ні працавалі маладыя мастакі, яны многае могуць даць людзям, бо ведаюць і разумеюць мастацтва.
Выстава будзе працаваць да 19 сакавіка.
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.
РЫЖСКАЯ ДАМОВА ПРА ПАДЗЕЛ БЕЛАРУСІ
(Да 85-годдзя падпісання Рыжскага мірнага дагавору 1921 года)
18 сакавіка 1921 г. у Рызе савецкай расійска украінскай дэлегацыяй, з аднаго боку, і польскай дэлегацыяй, з другога быў падпісаны мірны дагавор, якім фармальна спынялася савецкапольская вайна 1919 - 1920 гадоў. Быў зроблены без удзелу нават беларускай савецкай дэлегацыі БССР, падзел тэрыторыі нашай краіны, утварыліся Усходняя Беларусь (БССР) і Заходняя Беларусь (у складзе Польшчы), з'явіліся і такія назвы. Рыжская дамова 1921 г. шмат у чым вызначыла далейшы лёс беларускага народа, які быў гвалтоўна падзелены на часткі.
1. Беларусь і заканчэнне савецкапольскай вайны.
Падчас наступу польскіх войскаў на пазіцыі Чырвонай Арміі ў Беларусі ў жніўні 1919 г. імі была занята тэрыторыя ЛітоўскаБеларускай ССР, штучнага марыянеткавага ў дачыненні да Масквы дзяржаўнага ўтварэння (якое, дарэчы, кіравалася кампартыяй бальшавікоў Літвы і Беларусі, што ўваходзіла як тэрытарыяльная арганізацыя у склад Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў). У склад ЛітБел, як яе скарочана называлі, уваходзіла толькі тэрыторыя Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губерняў. Тэрыторыя Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў былі яшчэ 16 студзеня 1919 г. (праз 15 дзён пасля стварэння БССР) аддзелены ад БССР і ўключаны ў склад Расійскай савецкай федэрацыі (РСФСР). А ўжо 28 лютага 1919 г. па прапанове ЦК РКП (б) з Масквы Літоўская ССР і Беларуская ССР утварылі новую марыянеткавую, буферную дзяржаву - ЛітоўскаБеларускую ССР (ЛітБел.) са сталіцай у Вільні.
Калі ўлетку 1919 г. тэрыторыя ЛітБел была занятая польскімі войскамі, зноў па загаду з Масквы ЛітБел была скасавана без якоганебудзь заканадаўчага акту. Урад РСФСР ад гэтага часу лічыў тэрыторыю Беларусі ўжо расійскай. Пра гэта сведчаць шматлікія штампы і пячаткі рэвалюцыйных камітэтаў (часовых органаў савецкай улады), створаных загадзя ў Смаленску пры штабе Заходняга фронту пры падрыхтоўцы наступу яго войскаў на Беларусь у 1920 г. на пячатках былі надпісы "Борисовский ревком Минской губернии РСФСР" ці "Новогрудский ревком Минской губернии РСФСР".
Паколькі савецкі ўрад Расіі лічыў тэрыторыю Беларусі расійскаю (пра БССР ужо забыліся), то падчас мірных перамоў у Маскве з урадам Літоўскай дэмакратычнай рэспублікі ён фактычна гандляваў беларускай тэрыторыяй, як сваёй. Каб перацягнуць Літву і яе армію (з дзвюх дывізій) на свой бок ды скіраваць яе супраць Польшчы. Урад РСФСР 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову з Літвой, аддаючы ёй значную частку беларускіх земляў. Так, у 2м артыкуле мірнай дамовы вызначалася дзяржаўная мяжа "паміж Расіяй і Літвой", што ішла з Захаду ад Аўгустова, у 30 кіламетрах на поўдзень ад Гародні, якая перадавалася Літве. Потым па Нёмане да Дзяляцічаў (на поўнач ад Наваградка і Любчы, потым на Валожын, які разам з Маладэчнам заставаўся на расійскам баку (пры гэтым мяжа ўстанаўлівалася ля ўскраін абодвух гарадоў з трох бакоў). Далей лінія мяжы ішла на поўнач. Вілейка, Новы Мядзел, Маркаўшчына і Друя заставаліся на расійскім баку, а на захад ад іх ужо была, паводле гэтай дамовы, літоўская тэрыторыя.
Пасля наступу Чырвонай Арміі на Заходнім фронце ў ліпені 1920 г. Беларусь была зноў занятая савецкімі вайскамі. У жніўні 1920 г. калі войскі Чырвонай Арміі былі разбіты пад Варшавай, у Менску пачаліся мірныя перамовы паміж савецкай расійскаукраінскай дэлегацыяй і польскай аб прыпыненні ваенных дзеянняў і падпісанні мірнага дагавору. Чырвоная Армія адступала. Але савецкая дэлегацыя, нягледзячы на гэта, патрабвала, каб усе тэрыторыі Украіны і Беларусі былі перададзены Савецкаму боку. 2 верасня 1920 г. перамовы былі спыненыя. Польскія войскі працягвалі наступ. Хоць 31 ліпеня 1920 г. была зноў абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, яе прадстаўнікі на перамовы савецкім бокам запрошаны не былі, каб можна было дамаўляцца аб міры за кошт беларускай тэрыторыі. Ды і новая БССР была ўтворана толькі на тэрыторыі 18 паветаў - Менскай і Гарадзенскай губерняў.
Пасля ўдала праведзенай аперацыі ля Нёмана польскія войскі ўзмацнілі тэмп свайго наступу на ўсход. Камандуючы Заходнім фронтам Чырвонай Арміі М. М. Тухачэўскі загадаў сваім арміям, што адступамі да 2 кастрычніка 1920 г. заняць лінію старых расійскагерманскіх акопаў 19151918 гг. і затрымацца тут. Аднак гэтая задача не была выканана. Польскія войскі яшчэ больш узмацнілі тэмп наступу з мэтай заняць больш тэрыторыі да моманту заключэння перамір'я на перамовах у Рызе. Кіраўнік Польскай дзяржавы і галоўнакамандуючы маршал Ю. Пілсудскі загадаў заняць Вільню і стратэгічныя пазіцыі: пераправы праз Нёман паблізу ад Менска, тэрыторыю на ўсход ад важнай чыгуначнай лініі ВільняЛідаБаранавічыЛунінец, а таксама стварыць шырокі "калідор" паміж савецкімі войскамі і Літвой, пачынаючы ад Маладэчна і на поўнач да Друі.
У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі падыходзілі ўжо да Маладэчна, Койданава, Слуцка, набліжаліся да Менска. 11 кастрычніка яны занялі Слуцк, а ўжо пасля падпісання перамір'я 15 кастрычніка адзін польскі батальён на два дні заняў нават і Менск.
2. Перамовы ў Рызе.
Савецкі ўрад У. І. УльянаваЛеніна ў такіх абставінах вырашыў хутчэй заключыць у Рызе перамір'е і папярэдні мір, каб спыніць далейшы наступ польскіх войскаў. Перад бальшавікамі стаяла яшчэ праблема ліквідацыі групоўкі белага генерала П. П. Урангеля ў Крыме і на поўдні Украіны да пачатку зімы. Грамадзянскую вайну ў Расіі трэба было скончыць хутчэй, бо хваля сялянскіх паўстанняў супраць улады бальшавікоў і іх палітыкі "ваеннага камунізму" у дачыненні да сялянства ахапіла ўсю Расію ад Тамбоўскай губерні і да Сібіры ўключна У.І. Ленін у сваім заключным слове на нарадзе старшынь уездных, валасных і сельскіх выканаўчых камітэтаў Маскоўскай губерні 15 кастрычніка 1920 г. адзначыў: "Становішча Савецкай рэспублікі надзвычай цяжкае, што нас і прымусіла спяшацца з мірам перад зімовай кампаніяй. Нас прымусіла спяшацца з мірам жаданне пазбегнуць зімовай кампаніі, разуменне таго, што лепш мець горшую граніцу, г.зн. атрымаць меншую тэрыторыю Беларусі і мець магчымасць меншую колькасць беларускіх сялян вырваць зпад прыгнёту буржуазіі, чым падвергнуць новым цяжкасцям, новай зімовай кампаніі сялян Расіі. Вось прычыны".
Крыху раней, 21 верасня 1920 г. у сталіцы Латвіі Рызе мірныя перамовы аднавіліся, але зноў без прадстаўнікоў Савецкай Беларусі. Старшынём савецкай расійскаукраінскай дэлегацыі быў А. Іофэ, сябрамі дэлегацыі - С. Кіраў. Дз. Мануільчык, Л. Абаленскі. Старшыня ваеннарэвалючыйнага камітэту БССР А. Чарвякоў (тагачасны фармальны кіраўнік Беларускай савецкай дзяржавы) прыехаў у Рыгу, але А. Іофэ пасля кансультацыі з савецкім расійскім урадам Леніна нават не дапусціў яго да перагавораў, паведаміў яму, што ўвогуле ўся тэрыторыя БССР можа быць перададзена Польшчы, таму яму ў перагаворах не трэба ўдзельнічаць. А. Чарвякову было ласкава дазволена быць толькі экспертам савецкай дэлегацыі.
Польская дэлегацыя прапанавала савецкай вывесці польскія і савецкя войскі з тэрыторыі Беларусі (уключаючы Смаленшчыну, якая лічылася ў складзе Беларускай Народнай Рэспублікі і была ўключана ў склад БССР 1 студзеня 1919 г. пры яе абвяшчэнні). Польская дэлегацыя таксама прапанавала савецкай правесці на ўсёй тэрыторыі Беларусі рэферэндум (пры адсутнасці савецкіх войскаў) для самавызначэння беларускага народу. Аднак савецкая ддлегацыя ад такой прапановы адмовілася, бо ведала, што народ прагаласуе за незалежнасць, Расія не хацела страціць выгадны стратэгічны плацдарм на Захадзе ад тэрыторыі самой Расіі, пры гэтым лёс Беларусі вырашаўся нават без удзелу мясцовых бальшавікоў.
Перад самым падпісаннем перамір'я і папярэдняга мірнага дагавору Савецкі ўрад лічыў, што можна саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (г.зн. былой Менскай губерні), з Барысавам, Ігуменам (Чэрвенем), Бабруйскам, і Мазыром на ўсходзе. За гэта савецкі бок прапанаваў польскаму аддаць частку тэрыторыі на Заходняй Украіне: там глебы лепшыя і ўраджай большы. А ў Расіі ў гэты час быў голад. Іофэ атрымаў дырэктыву ад ЦК РКП(б) па гэтаму "абмену"тэрыторыяй.
Паведаміўшы пра дырэктыву ЦК партыі бальшавікоў А. Чарвякову, А. Іофэ наўпрост заявіў яму, што з Польшчай заключае мір Расія, а не Беларусь. Чарвякоў змаўчаў. Так Беларуская ССР была прынесена ў ахвяру і магла б зусім не існаваць. (Нагадваем, што тагачасная Віцебская і Гомельская губерні былі ў складзе РСФСР).
Аднак польская дэлегацыя нечакана адмовілася ад такога "падарунка". Кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Домбскі і ўплывовы палітык і сябра дэлегацыі Станіслаў Грабскі лічылі, што далучэнне да Польшчы тэрыторыі тагачаснай БССР з мяжой за Бярэзінай будзе для іх дзяржавы небяспечным: зашмат у ёй будзе беларускага насельніцтва і гэта створыць потым унутрыпалітычны крызіс, бо беларусы будуць змагацца за сваю незалежнасць. Такім чынам, хоць і маленькая, Беларуская ССР засталася.
3. Заключэнне перамір'я і папярэдняга міру.
12 кастрычніка 1920 г. у Рызе быў падпісаны "Дагавор аб перамір'і і прэлімінарных (папярэдніх - А.Г.) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай - з другога".
Паводле папярэдняга мірнага дагавору Польшча прызнавала Беларускую ССР і Украінскую ССР, г. зн. згаджалася на падпарадкаванасць іх тэрыторыі бальшавікам у Крамлі. Паводле гэтай дамовы ў Рызе была вызначана ўсходняя дзяржаўная мяжа Польшчы з Украінай і Беларуссю.
У 1м артыкуле дагавора ад 12 кастрычніка 1920 г. было запісана: "Расія і Украіна адмаўляюцца ад усіх правоў і дамаганняў на землі, якія знаходзяцца на захад ад гэтай мяжы". Трэба заўважыць, што савецкая дэлегацыя адмаўлялася ад беларускай тэрыторыі, а беларускіх дэлегацый ні ад урада БНР, ні ад урада БССР на перамовах не было. Таму кіраўніцтва БНР не пагадзілася з гэтым дагаворам, а кіраўніцтва БССР прыняло яго без усялякага пратэсту.
Лінія дзяржаўнай мяжы праходзіла па густа населеных раёнах Беларусі. Савецкія і польскія дэлегаты дзялілі тэрыторыю нават не зважаючы на сувязь вёсак паміж сабою. Здарыўся такі выпадак, што адзін з польскіх дэлегатаў звярнуўся да савецкіх з просьбай пакінуць адну з вёсак на польскім баку: "Там жыве мая любімая цешча". Савецкія дэлегаты паступілі "гуманна", аддаўшы разам з цешчай і ўсю вёску.
Да дагавора была прыкладзена карта. Аднак вырашальным пры вызначэнні дзяржаўнай мяжы быў тэкст дагавора.
Янка Купала крыху раней пісаў пра такі падзел тэрыторыі Беларусі паміж суседзямі ў вершы "Новы год" (30 снежня 1919 г.):
Ідзеш у край, які бязбожна
Жыўцом парэзалі на часці,
А брат проць брата
стаў варожка
І памагае край раскрасьці.
Дзяржаўная мяжа паміж тагачаснай тэрыторыяй БССР (у складзе якой былі Барысаўскі, Менскі. Ігуменскі, Слуцкі, Мазырскі, і Бабруйскі паветы былой Менскай губерні) праходзіла на поўнач і захад ад Бягомля і далей на захад ад Плешчаніцаў, Заслаўя, Негарэлага. Далей мяжа ішла ад вёскі Коласава (у Польшчы), потым на поўдзень да сярэдзіны дарогі з Нясвіжа (у Польшчы) на Цімкавічы (на баку БССР) далей на поўдзень да сярэдзіны дарогі з Клецка (у Польшчы) на Цімкавічы, далей на поўдзень да МаскоўскаВаршаўскай шашы, перасякаючы яе на захад ад Філіпавічаў, далей найкарацейшым шляхам да ракі Лані ля вёскі Чудзін (у Польшчы), далей па рацэ Лань да яе ўпадзення ў раку Прыпяць, далей на поўдзень да Украіны.
Дадаткам да гэтае дамовы была дамова аб перамір'і паводле якой ваенныя дзеянні на фронце спыняліся праз 6 дзён ад моманту падпісання дагавора аб перамір'і і папярэдніх умовах міру, гэта значыць 18 кастрычніка 1920 г. а 24й гадзіне паводле сярэднееўрапейскага часу. Войскі абодвух бакоў заставаліся на пазіцыях, якія зоймуць да 19 кастрычніка. Але была неспрыяльная ўмова для Чырвонай Арміі: "Расійскаукраінскія войскі павінны знаходзіцца не бліжэй за 15 кіламетраў ад зафіксаванага да моманту спынення ваенных дзеянняў польскага фронту". Гэта значыць, што польскія войскі мелі права наступаць яшчэ 6 дзён, а пасля гэтага савецкія войскі павінны былі адступіць яшчэ на 15 кіламетраў.
Такім чынам, спачатку паміж абодвума франтамі (польскім і савецкім) вызначалася нейтральная ў вайсковых адносінах зона шырынёй 15 кіламетраў. На паўночным участку фронту ад раёну Нясвіжа да Заходняй Дзвіны польскія войскі павінны былі спыніцца на лініі дзяржаўнай мяжы, а савецкія адыйсці на 15 кіламетраў ад яе. А на поўдзень ад Нясвіжа польскія войскі пасля падпісання перамір'я наступалі яшчэ 6 дзён і спыняліся на лініі свайго найбольшага прасоўвання, а часткі Чырвонай Арміі адступалі ад іх яшчэ на 15 кіламетраў. Так прадухіляліся ваенныя сутычкі ў перыяд замірэння.
Фактычна гэтая ўмова давала перавагу польскім войскам, бо яны за 6 дадатковых дзён занялі значную тэрыторыю на поўдні БССР, чым маглі ўплываць на далейшы ход мірных перамоваў у Рызе.
Ужо пасля падпісання перамір'я польскія войскі наступалі далей. Так, на поўнач ад Радашковічаў у баях 13 і 14 кастрычніка польская кавалерыя захапіла 5 тысячаў палонных. 17 кастрычніка на поўначы Беларусі польскія войскі выйшлі на дзяржаўную мяжу.
Прарваўшы фронт чырвоных, 15 кастрычніка 55ты пяхотны полк 14й польскай дывізіі на чале з падпалкоўнікам Густавам Пашкевічам падчас другой сусветнай вайны - генерал Брыгады з поўдня захапіў Менск, нягледячы на тое. што горад знаходзіўся за 3540 кіламетраў на ўсход ад толькі што вызначанай мяжы.
Пры тэтым польскае камандаванне не дазваляла ему наступаць і праз два дні ён вымушаны быў пакінуць горад.
На паўднёвым участку заходняга фронту Чырвоная армія адступала з баямі па ўсіх Прарваўшы фронт чырвоных, 15 кастрычніка 55ты пяхотны полк 14й польскай дывізіі на чале з падпалкоўнікам Густавам Пашкевічам падчас другой сусветнай вайны - генерал брыгады з поўдня захапіў Менск, нягледзячы на тое. што горад знаходзіўся за 3540 кіламетраў на ўсход ад толькі што вызначанай мяжы.
Пры гэтым польскае камандаванне не дазваляла ему наступаць, і праз два дні ён вымушаны быў пакінуць горад.
На паўднёвым участку Заходняга фронту Чырвоная Армія адступала з баямі па ўсіх кірунках. У некаторых месцах польскія войскі заглыбіліся да 70 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы. Яны занялі Тураў, Жыткавічы, былі ў Капцэвічах (на Пцічы), знаходзіліся ў 25 кіламетрах на ўсход ад Слуцка.
На поўнач ад Узды лінія фронту польскіх войскаў адыходзіла на поўдзень ад Шацка, на ўсход ад Амговічаў і Дарасіна, на Палессі - па лініі Камаровічы - БобрыкГалубіца на Прыпяці і далей праз Махновічы на Ельск.
Адразу польскія войскі не адыходзілі, бо трэба было яшчэ ўзгадніць тэрміны іх адыходу за мяжу ў спецыяльнай Вайсковай камісіі з прадстаўнікоў абодвух бакоў.
Адыход польскіх войскаў затрымаліваўся. Гэта давала магчымасць розным палітычным сілам выкарыстаць няпэўную палітычную сітуацыю ў Беларусі і Расіі.
Адной з такіх акцыяў даволі хутка падрыхтаваных у кароткі перыяд пераходу ад вайны да міру быў паход беларускага генерала Станіслава БулакБулаховіча ў лістападзе 1920 г. у Палессе для вызвалення Беларусі ад бальшавікоў. Другой акцыяй стаўся Слуцкі збройны чын у лістападзе - снежні 1920 года.
4. Далейшыя перамовы аб міры.
Дагавор аб перамір'і і папярэдніх умовах міру ад 12 кастрычніка 1920 г. быў даволі хутка ратыфікаваны (зацверджаны) усімі бакамі. 21 кастрычніка - Украінскім цэнтральным выканаўчым камітэтам, 22 - Польскім соймам, 23 - Усерасійскім цэнтральным выканаўчым камітэтам і 27 кастрычніка - начальнікам Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскім. Пасля гэтага быў праведзены абмен ратыфікацыйнымі граматамі (2 лістапада 1920 г.), і дагавор уступіў у сілу.
Пасля ратыфікацыі прэлімінарнага мірнага дагавору войскі абодвух бакоў мелі паступова адыходзіць кожнае на свой бок, за мяжу сваёй тэрыторыі і размяшчацца не бліжэй як за 15 кіламетраў па абодва бакі мяжы. Ад гэтага часу паабапам мяжы ўсталёўвалася нейтральная у вайсковых адносінах зона шырынёй 30 кіламетраў, якая (па 15 кіламетраў) адміністрацыйна кіравалася кожным бокам на саёй тэрыторыі. Перамір'е заключалася на 21 дзень, але кожны з бакоў меў права адмовіцца ад яго з папярэджаннем за 48 гадзінаў да канца тэрміну. Калі ж ніхто не адмаўляўся ад перамір'я, дык яно аўтаматычна працягвалася да ратыфікаыі канчатковага мірнага дагавору.
Становішча сапраўды было няясным. Міністр замежных спраў Польшчы князь Эўстафі Сапега пісаў у інструкцыі польскім дыпламатам за мяжой 10 кастрычніка 1920 г.: "Мы не верым у трываласць бальшавіцкай сістэмы ў Расіі". Разам з тым кіраўніцтва Польшчы спадзявалася на поспех белагвардзейскай арміі генерала Урангеля і таму не прэтэндавала на значнае перанясенне мяжы на ўсход Міністр замежных спраў Э. Сапега у сваёй інструкцыі дыпламатам пісаў: "... мы мелі магчымасць заняць Менск, Жытомір і Камянец, аднак не зрабілі гэтага, улічваючы інтарэсы будучай Расіі". І польскае кіраўніцтва разглядала тэрыторыю Савецкай Беларусі, як і Савецкай Украіны, як тэрыторыю, падкантрольную Расіі, г. зн. рэальна ставілася да гэтага пытання.
Пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі абедзве дэлегацыі - савецкая і польская - 17 лістапада 1920 г. пачалі паседжанні мірнай канферэнцыі ў Рызе польскай дэлегацыяй кіраваў Ян Домбскі, а яе сябрамі былі Станіслаў Каўзік, Эдвард Ляховіч, Генрык Страсбургер і Леан Васілеўскі. Савецкай дэлегацыяй кіраваў Адольф Іофэ, а яе сябрамі былі Якаў Ганецкі, Эмануіл Квірынг, Юрый Кацюбінскі і Леанід Абаленскі.
Перамовы праходзілі драматычна і быў момант, калі яны маглі скончыцца разрывам, але старшыні дэлегацый, каб пазбегнуць гэтага, спатыкаліся патаемна, размаўлялі паміж сабой панямецку і дасягнулі кампрамісу, які быў прыняты дэлегацыямі.
Абодва бакі ў нотах абвінавачвалі адзін аднаго ў зацягванні перагавораў, у парушэнні дасягнутай дамоўленасці.
У снежні 1920 - студзені 1921 г. асноўнае месца ў перамовах занялі пытанні фінансаў і эканомікі, вызначэння кошту польскай маёмасці ў Расіі, Украіне і Беларусі. Пазіцыя польскага боку падмацоўвалася і просьбамі часткі мясцовага насельніцтва аб далучэнні іх мясцовасцяў да Польшчы (заходняй часткі Лепельскага павету, часткі Менскага павету) паколькі ЦК РКП(б) на чале з Ул. Леніным патрабавала ад савецкай дэлегацыі хутчэй заключыць мір, 25 лютага 1921 г. народны камісар РСФСР Г. Чычэрын у тэлеграме на імя А. Іофэ даваў дазвол пайсці на некаторыя саступкі, бо "мы... жадаем міру з Польшчай як мага хутчэй". Было вырашана дадаткова перадаць Польшчы ў Палессі тэрыторыю плошчай у 12 тысяч квадратных кіламетраў.
5. Заключэнне Рыжскага міру.
Урэшце 18 сакавіка 1921 г. у 10 гадзін 30 хвілін па мясцовым часе ў цэнтры Рыгі ў палацы "Чарнагаловых", у той самай вялікай зале, дзе 12 кастрычніка 1920 г. быў падпісаны дагавор аб перамір'і і папярэдніх умовах міру адкрылася апошняе паседжанне мірнай каферэнцыі і быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, якім афіцыйна спыняліся савецкапольская вайна 1919 1920 г. Дагавор быў падпісаны дэлегацыямі Савецкай Расіі, Савецкай Украіны, і Польшчы. Расійская дэлегацыя падпісвала дагавор і за ўрад БССР.
Дагавор складаўся з прэамбулы, 26 артыкулаў і 10 дадаткаў. Ён быў складзены на польскай, рускай і украінскай мовах. Польшча афіцыйна прызнавала незалежнасць Беларусі і Украіны. Устанаўлівалася дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і гэтымі дзвюма савецкімі рэспублікамі. У 2м артыкуле дагавора падрабязна вызначалася лінія мяжы, якая паўтарала лінію, ужо ўстаноўленую ў дагаворы аб папярэдніх умовах міру 12 кастрычніка 1920 г. На тэрыторыі Беларусі былі зроблены папраўкі на карысць Польшчы. 12 тысяч квадратных кіламетраў на Палессі на поўдзень ад Вызны і Старобіна паміж ракой Ланью і да рэк Морачы і Случы, перадаваліся дадаткова Польшчы. Да Польшчы адыходзіла і мястэчка Радашковічы. Аднак Чыгуначная станцыя заставалася на Савецкім баку.
Да дагавору была прыкладзена карта з вызначанай лініяй мяжы. Аднак у спрэчных пытаннях перавага аддавалася тэксту дагавору, а не карце. На мясцовасці лінію мяжы непасрэдна вызначала змешаная памежная каміся з польскіх і расійскіх прадстаўнікоў.
Савецкі ўрад у Маскве і польскі ўрад адмаўляліся ўзаемна ад тэрытарыяльных прэтэнзій адзін да адного. І сапраўды, савецкі ўрад да 1939 г. неаднойчы падкрэсліваў у дамовах, нотах і выступах, што ён не прэтэндуе на Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. У той жа час ужо ў 1924 -25 гг. Савецкі Саюз рыхтаваў і інспіраваў партызанскі рух у Заходняй Беларусі, перакідваючы з БССР партызанскія атрады ў Польшчу - ішоў экспарт рэвалюцыі.
Тэрыторыя Беларусі ў выніку Рыжскай дамовы 1921 г. была падзелена на дзве часткі. Для Расіі (а потым СССР) захавалася стратэгічная прастора, якая па ранейшаму прыкрывала кірунак на Маскву. Для Польшчы тэрыторыя Заходняй Беларусі сталася часткай прыфрантавой (з бальшавізмам) зоны, часткай "санітарнага кардону" для Еўропы.
Польшча, паводле дагавору, абавязвалася прадаставіць беларусам, украінцам і рускім правы, якія б забяспечвалі свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Аналагічныя правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, УССР і БССР. РСФСР вяртала Польшчы вайсковыя сцягі, захопленыя ў канцы ХУІІІ першай поалове ХІХ ст. вярталіся і архівы (у гэтай камісіі быў прафесар У. І. Пічэта тагачасны рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта).
Сярод вернутых Польшчы архіваў былі і дакументы па гісторыі Беларусі.
Рыжскі мірны дагавор быў ратыфікаваны прэзідыюмам Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта 14 красавіка 1921 г., 17 красавіка - ЦВК Украінскай ССР, 16 красавіка - начальнікам Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскім на падставе дадзеных яму 15 красавіка польскім соймам паўнамоцтваў. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Менску 30 красавіка 1921 г., і дагавор уступіў у сілу.
Супраць гэтага ганебнага дагавору, які падзяліў Беларусь, выступілі прадстаўнікі інтэлігенцыі і палітычных сілаў БССР. Якубу Коласу прыпісваюць словы:
Далі шэсць паветаў.
Дзякуй і за гэта.
Каб задушыць хвалю пратэсту цэнтральнае бюро Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі дало загад Надзвычайнай камісіі (ЧК) правесці рэпрэсіі супраць дзеячаў і актывістаў партыі беларускіх сацыялістаўрэвалюцыянераў, саюзніцы бальшавікоў у барацьбе супраць Польшчы. У БССР было рэпрэсавана больш за 900 дзеячаў і актывістаў партыі беларускіх эсэраў, беларускай сацыялдэмакратычнай партыі і партыі сацыялістаўфедэралістаў.
25 сакавіка 1921 г. урад Беларускай Народнай Рэспублікі (за мяжой) прыняў зварот "Усяму культурнаму свету", у якой Рыжскі мірны дагавор характарызаваўся як ганебны. Урад БНР не прызнаў яго. Супраць Рыжскай дамовы выступілі дэлегаты першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (1921 г.), а таксама і другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне (1925 гг.). Беларускі народ, у адрозненне ад яго бальшавіцкага кіраўніцтва, не прызнаў гэты падзел Беларусі. Рыжскі мірны дагавор 1921 г. увайшоў у гісторыю як акт падзелу тэрыторыі Беларусі суседнімі дзяржавамі, як трагічная падзея ў гісторыі беларускага народа.
Анатоль Грыцкевіч
Памяці Настаўніка
Мінуў год, як з намі няма ўжо дарагога ўсім нам дзядулі Апанаса. Ён пражыў цяжкае і доўгае жыццё і здавалася, што мяжа ў 95 будзе яму па сілах. Але ж не...
Памятаю, як ён адужаў колькі год таму пасля аўтамабільнай аварыі. Толькі скардзіўся на траўмаваныя пальцы рукі, што ўжо не заграе на скрыпцы. Знаёмыя настаўнікі часта пыталі пра здароўе Цыхуна. Жывучы непадалёк, я часта заходзіў да яго і хваліўся настаўнікам, што ён не толькі даглядае вуллі пчол, піша вершы, артыкулы, але і заўсёды запросіць на чарку. Праўда, ён трохі злаваўся, калі мы, значна маладзейшыя за яго, адмаўляліся ад горкай...
Фактычна ўсё дваццатае стагоддзе прайшло праз яго душу і сэрца - шчырага беларусапатрыёта, асветніка, паэта і краязнаўцы. У 2004ым годзе ў Гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Яўхіма Карскага, у колішнім каралеўскім палацы, была арганізавана прэзентацыя яго кнігі "Пройдзеныя шляхіпуцявіны". Сабралася поўная заля людзей некалькіх пакаленняў прыхільнікаў яго шматграннага таленту - супрацоўнікі бібліятэкі, выкладчыкі купалаўскага ўніверсітэту і каледжу мастацтваў, настаўнікі, студэнты, журналісты. Пасля прэзентацыі Апанас Пятровіч сказаў: "Не думаў, што дажыву да такога дня, што збярэцца столькі людзей і скажуць такія прыемныя і шчырыя словы на мой адрас". Старонкі рукапісу гэтай кнігі спачатку друкаваліся ў беластоцкай "Ніве", якая адзначае зараз свой пяцідзесяцігадовы юбілей. А кнігу набіралі і рэдагавалі маладыя краязнаўцы Андрэй Вашкевіч і Ян Лялевіч пры падтрымцы грамадскага аб'яднання "Ратуша".
Апанас Пятровіч да жыцця ставіўся па філасофску, часта паўтараючы: "Як не круці, а мусіш памярці. Глядзіце колькі ўжо мне гадоў настукала. Каго я толькі не перажыў...? Нешматлікія равеснікі даўно ўжо кіёчкам па пяску малююць, а я яшчэ кнігі пішу". А як ён любіў родныя мясціны - вёскі Кунцаўшчына, Лаша. Як ён узрадаваўся, калі я яго завёз туды на машыне, а ён стрэў свайго аднагодка з Кунцаўшчыны, якога не бачыў колькі дзесяткаў гадоў. У кожным слове А.П. Цыхуна напісаных вершаў пра Кунцаўшчыну адчуваецца вялікая любоў да роднага краю, да людзей якія там жылі, працавалі.
Усяго ім былі напісаны сотні вершаў і краязнаўчых артыкулаў, але самымі творчымі для Апанаса Цыхуна сталі гады незалежнасці Беларусі. У 1992 годзе (аўтару было 82 гады) выйшла першая кніга "Акадэмік з вёскі Лаша." пра Яўхіма Карскага. Больш за 20 гадоў Цыхун марна перапісваўся з супрацоўнікамі акадэміі навук БССР каб атрымаць дазвол на выданне гэтай кнігі. Да 2004 года было выдана ўжо 5 кніг Апанаса Цыхуна. Пра некаторыя з іх пісаў цэнтральны друк. У прыватнасці Ніл Гілевіч вельмі высока ацаніў сабранае Апанасам Пятровічам у кнізе "Скарбы роднай мовы.", назваўшы свой артыкул "Подзвіг Настаўніка."
Усе справы, за якія браўся Апанас Цыхун, звычайна даводзіў да канца. Дзесяткі гадоў працуючы настаўнікам, дырэктарам школы, загадчыкам РАНА, ён збіраў мясцовыя гаворкі, песні, краязнаўчыя матэрыялы, каб потым напісаць кнігі. Напачатку 60х ён адкрыў у вёсцы Лаша музей Карскага. Дзіўна, але на пачатку 90ых музей разам са школай, дзе ён месціўся, закрылі. У сярэдзіне 90х у школегімназіі №30 пры дапамозе Апанаса Цыхуна быў адкрыты новы музей Яўхіма Карскага. У 2006ым годзе музей атрымаў новае памяшканне, адмыслова для яго кавальмастак Юрась Мацко падарыў прыгожы жырандоль. У музеі быў таксама створаны стэнд з фотаздымкамі і прыватнымі рэчамі Цыхуна - асноўнага рупліўца па ўшанаванні памяці славутага мовазнаўца. Лепшыя вучні гімназіі №1 атрымваюць штогод стыпендыі імя Карскага. Дзякуючы Апанасу Пятровічу, у Гародні ёсць вуліца Карскага, абласная бібліятэка носіць ягонае імя. Дзякуючы настойлівасці Цыхуна, на Лашанскіх могілках непадалёк Гародні праўленне мясцовага калгасу аднавіла магілы дзядзькі акадэміка і іншых прадстаўнікоў роду. А каб не настойлівасць і збіванне абцасаў пры хаджэнні па чыноўніцкіх кабінетах (і гэта ў 90 гадоў!) аб усталяванні валунапомніка Давыду Гарадзенскаму, то не было б і да сёння ля старой Каложы гэтага адметнага знаку. Пры тым на адкрыццё помніка Апанаса Цыхуна - галоўнага ініцыятара яго ўсталявання, ўлады не запрасілі.
Ён усё жыццё змагаўся за тое, каб беларусы помнілі сваю гісторыю, любілі і шанавалі мову. Ягоны выдатны верш пра мову друкавала газета "Наша ніва", хіба гэта быў найстарэйшы аўтар гэтага выдання. Апанас Пятровіч шмат друкаваўся ў мясцовых выданнях. Пісаў пра гісторыю беларускіх татараў, палякаў, літоўцаў, за што заўсёды атрымваў ад іх падзякі. Ён ніколі не адмаўляў настаўнікам, чыноўнікам, якія запрашалі яго выступіць у розных аўдыторыях, за выняткам, калі падводзіла здароўе. У кнізе "Сыны і пасынкі Беларусі" ён напісаў артыкул пра Макара Краўцова. У серыі "Беларускі кнігазбор" у кнізе пра Карскага было пададзена багата звестак і фотаздымкаў з асабістага архіва Цыхуна. Ён ліставаўся з унучкай Карскага з СанктПецярбургу, з вядомымі пісьменнікамі і вучонымі - Всілём Быкавым, Нілам Гілевічам, Янкам Брылём, сваім равеснікам Барысам Кітам. Адны з апошніх яго выступаў былі на вечарыных, прысвечаных памяці Васіля Быкава і 15ым угодкам ТБМ імя Францішка Скарыны. Пра самога Апанаса Пятровіча напісаныя дзесяткі артыкулаў розных журналістаў.
11 сакавіка 2005 года ў дзень пахавання было яшчэ марозна, але ў дзверы ўжо грукалася вясна. Ён не дажыў да свайго 95гадовага юбілею менш двух месяцаў. У гэты дзень 5 траўня цэлы дзень без перастанку ліў дождж...
Алесь Крой, Гародня.
Вось такія былі пачаткі "Нівы"
Размова з Георгіем ВАЛКАВЫЦКІМ
(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
- "Ніва", як і ўсе выданні прэсавага канцэрна ПАРП, як успамінаеце ў "Споведзі старога рэдактара", была пад партыйным наглядам...
- Але мы не працавалі па кіўку зверху.
- Вы сказалі, што "вас кідала ў жар", калі нехта прабаваў умешвацца ў рэдакцыйныя справы; Вы ведалі, што разбіраецеся найлепш у іх, чым хтонебудзь звонку. Мабыць, не раз Вы "кіпелі", хоць для калектыву былі "сілай спакою". Як з Вашай памяццю - найлепш памятаюцца штуршкі, ці можа забываюцца, як прывідны сон, ці ў Вашай, усяго калектыву, працы памятаюцца тыя святлейшыя плямы? Памяці Вам, здаецца, можна пазайздросціць. Не ўсе ведаюць факты, шмат сведкаў ужо ў патойбаковым свеце, і ўзнікаюць легенды. Перажылі Вы ўсёўладных кіраўнікоў, якіх Вы прызнавалі, але не заўсёды слухалі. Здабылі Вы тытул "жалезнага рэдактара" за свае 32 гады рэдактарства.
- Памяць, так сказаць, суперселектыўная.
- Хачу ў Вас спытацца, як сведкі пераломных момантаў, таксама ў жыцці іншых, ці сапраўды гэтак было, як цяпер некаторыя ўспамінаюць? У кожнага, мабыць, селектыўная памяць... Цікавіць мяне, ці на славутым індэксе, які паказаў Вам цэнзар Гаёс, былі прозвішчы беларусаў? Якіх было нельга друкаваць у "Ніве", так як і ў іншых часопісах і кнігах у Польшчы, не ўспамінаць па радыё і тэлебачанні?
- Беларусаў не было ў гэтым спіску.
- Сакрата таксама?
- Не было ў гэтым спіску Сакрата Яновіча. Дарэчы, парпаўцы тлумачыліся перада мною, што хацелі справу зрабіць паціху, каб не патрактавалі яе як справу супраць беларускай меншасці. На бэгэкатоўскім сходзе...
- Вось, ходзяць, нават у друку, розныя версіі: што Яновіч "выйшаў з БГКТ", другая - што яго выкінулі. - На бэгэкатоўскім сходзе аб Сакраце Яновічу не ўспаміналі. Калі ў Беласток на пасаду першага сакратара Ваяводскага камітэта ПАРП з'ехаў Здзіслаў Куроўскі, я выбраўся да яго, каб выведаць пра ягоныя планы і намеры таксама і на наш конт ды зрабіць інтэрвію. Тады ён адразу спытаўся пра Сакрата Яновіча, што ён робіць, якія былі ў яго праблемы з працай. Быў ён у той час старшынём Праграмнай рады выдавецтва "Іскры", дзе складзеная была да друку кніга Сакрата Яновіча. Спытаўся, ці я за тым, каб тую кнігу ён рэкамендаваў. Вядома, што так! Дарэчы, наконт інтэрвію, спытаўся, ці я... ужо яго маю! Бо раней прыходзіў да яго рэдактар С. з гатовымі ўжо пытаннямі і... адказамі першага сакратара!
- Мабыць, такія былі звычаі, што ўкладваліся слушныя словы ў вуснах розных "першых"... І як, разведалі, што ў маладога партыйца Куроўскага наўме наконт беларускай культуры, якая Вам заўжды ляжала на сэрцы? Ён быў нетутэйшы паляк, пэўныя справы можна было яму тлумачыць прасцей?
- Я яму і патлумачыў, што "характэрнай рысай Беласточчыны з'яўляецца багацце рэгіянальнай культуры". Спытаўся я пра яго думку аб рэгіянальным грамадскакультурным руху. Ведаў ён пра дыферэнцыяцыю культуры рэгіёна пагранічча некалькіх культур. Звярнуў увагу на дбайнасць над развіццём народнага мастацтва, прапанаваў агульнапольскае штогадовае мерапрыемства - фестываль народных творцаў, пленэры. "Для ўсіх бачу тут месца, у тым ліку і для БГКТ" - адзначыў сакратар. "Калі хочам раз вівацца, мусім выкарыстаць усе магчымасці. Гэта павінна быць амбіцыяй усяго грамадства".
- Спытаўся, як Эдвард Герэк, ці "паможаце"? Вы далі абяцанне, "што ў гэтай дзейнасці не будзе бракаваць і калектыву «Нівы»". Вы, хоць "жалезны" рэдактар, які моцна трымаўся перад начальствам і строга пільнаваў, каб газета ні разу не спазнілася, значыць, дысцыпліну трымаў і ў журналісцкай грамадзе, прынцыпова адзначалі ў "стопцы": "Рэдагуе калектыў". А ці трымаліся разам запанібрата з калектывам? Успамінаюць м. інш. Сакрат Яновіч ды Уладзімір Паўлючук, што Вы не прымалі ўдзелу ў кампанейскіх сустрэчах, якіх не бракавала ў маладым і пругкім гурце? Не той тэмперамент ?
- Я ж практычна "рабіў" на двух штатах. Калі пасля абеду хлопцы маглі дазволіць сабе пасядзець і пабяседаваць у мілым гурце, я пёр у друкарню, дзе, бывала, сядзеў да поўначы. Мы ж не мелі і тэхнічнага рэдактара да 1973 года.
- Частка журналістаў, мабыць, і не ведала, як той тыднёвік робіцца, якая гэта "чорная" работа. Цяпер гэта выглядае зусім іначай - бачыце ў нас у рэдакцыі, як "чыста" "пячэцца" друк. З таго першага складу ў нас, у новай рэдакцыі, якой якраз стукнула паўвеку, часта бываеце і Вы, і Міхась Хмялеўскі, які зусім лёгка ў свае гады перасеўся за сучасны камп'ютар, і Марыся Федарук, машыністка, можна сказаць, ніўская "маскотка", якую мы як найдаўжэй "трымалі", як працяг традыцыі (славутая пані Марыся, якая і добры кавалак часу вяла сардэчныя парады, і ніхто як яна не ўмела адчытаць паэзію і прозу Барскага). Мы вельмі рады, што Вы з намі, што пішаце, выдаеце кнігі ўрэшце свае, навыдаваўшы "чужых", выводзіўшы іх аўтараў на ніву роднага слова. Не лягчэй было б сабе пайсці на спакайнейшую пасаду?
- Прапанавалі мне былі спакайнейшую і больш платную працу. Адмовіўся. Пачуў: "Ну а хто на тваё месца?"
- Вы жартуеце: "развязвайце рэбус як хочаце, але тое, што я трапіў у лік даўгавечных рэдактараў, не мая заслуга". Ды гэта была...
- Так, вернасць "Ніве". Я паза ёй не бачыў сябе.
- Вы калісьці сказалі, у "журналісцкай удачы многа бацькоў, а рэдактарская рука выступае ў ролі нявідкі". А прыйшоў быў такі час, калі Вы, спакутаваныя тромбафлебітам, у адзін лістападаўскі дзень 1987 года, убачылі ў дзвярах супрацоўнікаў з кветкамі.
- Вось так: дзяліў я з імі парывы і згрызоты, не вызнаваў фаварытызму. Пяць год "перастарэў". Быў галоўным 32 гады.
- Не пакінулі Вы нас і ў час нашых згрызот. У час, калі мы, ашчаджаючы на сваіх пенсіях (цяпер нас судзяць за тое, што мы адымалі сабе ад вуснаў), каб "Ніва", як і ў Ваш час, не спазнілася ды ўвогуле выходзіла, і Вы пісалі нам без ганарараў. Вялікі дзякуй за падтрымку. Тым больш, што ў цяжкі час падтпрымлівалі Вы нас і словам дасціпным, як Сідар Макацёр, які шмат пабачыў за сваё жыццё ды ўсё ўмее смяяцца. Ды і вершы пішуцца. Вы ўсё ж той самы "літаратурны работнік". Праўда, цяпер у моднай куртцы ад унука ды ў джынсах. I як тут старэць?!
- У зоркавай
зроены гонцы,
Скаваны інертным вітком, Мы ўсе
спадарожнікі Сонца,
Трасемся адным чаўнаком. Парыпвае капсула хілая
На разваротах крутых.
- Куды трасецеся, мілыя?
- А сам ты трасешся куды?
Размаўляла Міра Лукша. "Ніва" ад 5.03.2006.
ПЫТАННЕ № 1
Паперэдні ліст "Роздум на вольную тэму" змяшчаў у сябе па сутнасці некалькі тэм і пытанняў для роздуму. На адным з іх спынімся для разгляду. Хацелася бы ўсё ж даведацца колькі нас і якія мы, бо лічба 7000 сябраў ТБМ - гэта далёка, спадзяюся, не поўны кантынгент прыхільнікаў беларускай мовы і ўсяго беларускага.
Нехта ў большай, нехта ў меньшай ступені апантанны нацыянальнай ідэяй адраджэння беларускасці. А нехта, што называецца, "на мяжы"; здаецца і гатовы ўключыцца ў беларускую справу ды не можа пераадолець псіхалагічны бар'ер. Нехта ўжо загаварыў пабеларуску і на гэтым для сябе вырашыў паставіць кропку. А іншы не супраць стаць узорам для членаў сям'і або калег на службе, ды асцярожна азіраецца на рускамоўнае, нігілістычнае асяродзе: бацькоў, мужа, жонку, дзяцей, начальства, суседзяў і г.д. Пэўна ёсць грамада цалкам свядомых сем'яў з рознай ступенню актыўнасці ў грамадскім, палітычным жыцці, або тых, што абмяжаваліся сямейным колам беларускага поля. Для высвятлення агульнай колькасці, колькасці, сем'яў рэпрадукцыйнага ўзросту; колькасці моладзі перадшлюбнага ўзросту; род заняткаў, інтарэсаў і здароўя і г.д. прапаную ўзяць удзел у складанні пытанняў адпаведнай анкеты.
Думаю - гэта дапамагло б нам зразумець, які наш патэнцыял, якія перспектывы пабудовы беларускага грамадства: дзяржавы ў дзяржаве з выхадам на палітычнае, юрыдычнае афармленне ў паўнавартасную нацыянальную дзяржаву Беларусь, вызначыць колькасць і спеласць (якасць) нацыі. Спеласць, на мой розум, мусіць уключаць у сябе ўсведамленне і ў перспектыве рэалізацыю канцэпцыі "змястоўнай дэмакратыі" , аб чым так добра распавёў сп. Астроўскі ў допісе "Наша мэта - беларуская дзяржава" за № 3, № 4 "НС". Але нам перш трэба добра вывучыць структуру нацыянальна сведамай грамады, каб пераканацця што "выкладкі" Астроўскага маюць перспектыву практычнага ўвасаблення ўжо сёння. Каб не адбылося адмаўлення гэтай "ідэялагічнай апоры" як нечага штучнага, іншароднага, каб натуральна спажывалася розумам і сілкавала інтэлект самасвядомасці.
Гэта дазволіла б зрабіць аналіз і на пазітыве зробленых высноў скласці праграму кіравання працэсам нацыянальнага адраджэння ў цэлым, зразумела, у фармаце беларусізацыі ў прыватнасці. Выкарыстаўшы прагрэсіўныя напрацоўкі айчынных інтэлектуалаў, філосафаў і г.д. і досвед цывілізацыі магчыма з'яўленне нейкай адукацыйнай праграмы, накшталт тых чытанняў, што адбываюцца штотыддзень на сядзібе ТБМ, гэтак мовіць - "Універсітэт Адрадджэння" . Або гэта ўвасоблілася б у "Настольную кнігу беларуса" , аб чым ужо згадвалася у допісе за 11 студзеня г.г. Што б гэта ні было, у якой форме ні з'явілася, але галоўнае прызначэнне гэтай праграмы: фармаванне спеласці беларускамоўнай супольнасці, гадаванне колькаснага і якаснага "ураджаю" нацыянальна сведамага грамадства ў полі неспрыяльнасці для беларушчыны. Пад паняццем фармаванне спеласці беларускамоўнай супольнасці разумеецца крапатлівая праца над сабой кожнага з нас: мабілізацыя ўсіх духоўных, інтэлектуальных, матэрыяльных, рэпрадукцыйных рэсурсаў з мэтай выжыць, загартавацца і шматлікай грамадой па позвенабаце Звона Свабоды дайсці да Беларусі!
Свае спадзяванні, надзеі ў гэтай справе я звязваю з грамадскім сектарам, які актыўна працуе ў сферы ўплыву на навакольнае рускамоўнае насельніцтва, з якім, натуральна актыўна, павінен працаваць сектар палітычны, гадуючы палітычную спеласць гэтай часткі грамадства па сваёй адпаведнай праграме.
Праграма "Акадэміі Адраджэння" (назавём яе так умоўна) грамадскага сектару мае быць скіраваная на вырашэнне праблем у межах беларускамоўнай нацыянальна сведамай супольнасці. Прычым, у ёй мусіць улічвацца верагоднасць, як узмацнення "маразоў", так і "адліга" ці нават "бязвоблачнасць". Нават калі будзе здавацца, што ўмовы для беларушчыны найменшыя нельга будзе расслабляцца і лічыць, што пара згарнуць справу і перакласці ўсё, давераўшыся, дзяржаве. Павінны памятаць, што мы жывём у эпоху непрадказальнаэкстрымальных завірух палітычных змен. Дык вось каб ход гісторыі быў большменш прадказальны і станоўча выніковы для беларусаў, сама логіка падказвае, што павінен існаваць і рэалізоўвацца нейкі "мабілізацыйны план". Аднак перш чым ствараць планпраграму неабходна вывучыць структуру аб'екта ўвагі, для якога яна будзе выпрацаваная.
У папярэднім допісе таксама згадвалася тэма дыяспары: дзяржавы ў дзяржаве . Гэта асобная тэма. Падкрэслю сёння - мы мусім мець такую арганізацыю беларускага жыцця на ўзор дыяспары з яе строгімі законамі. Законы гэтыя распрацаваць таксама нашая задача. Галоўнае - Канстытуцыя дыяспары павінна гарантаваць нам захаванне, як этнасу, бяспеку ад асіміляцыці, паўнавартаснае развіццё і сцвярджэнне сябе, як тытульнай нацыі на сваёй тэрыторыі, у сваёй дзяржаве.
Ёсць сэнс з грамадскага сектару вылучыць Раду, якая займалася б справамі "дняспары", напрыклад, зборам інфармацыі аб нац. свядом. частцы грамадства, адсочвала б працэс нацыянальнага адраджэння: саспяванне свядомасці нацыі, яе колькаснае памнажэнне і гатоўнасць у вызначаны час (гістарычны момант) выйсці шчыльнымі радамі і адстаяць нацыянальныя інтарэсы беларуса, вынікам чаго стане свабодная, незалежная, дэмакратычная, заможная, квітнеючая нацыянальная дзяржава Беларусь.
Акрамя функцыі назіральніка і статыста гэтая Рада магла б кіраваць адукацыйна асветніцкім цэнтрам менавіта і выключна для беларусаў. Правядзенне семінараў дзе б тэарэтычна (праз гутаркі, лекцыі) і практычна праз прагляд выдэафільмаў, ці з выездам непасрэдна на месца, дзе навідавок можна, напрыклад, азнаёміцца з сем'ёй "сярэднестатыстычнага" беларуса. Што ёсць узорам арганізацыі нацыянальнага жыцця ў кожнай беларускай сям'і? Тут шырокі ўсёабдымны спектр: побытгарадскі, вясковы, духоўнае жыццё - веравызнанне, род інтарэсаўзаняткаў для душы, як беларуская мова, гісторыя, культура спажываюцца ўсімі членамі сям'і.
Інакш кажучы Рада адсочвала б выкананне распрацаванай праграмы, даючы каштоўныя парады, рэкамендацыі, узоры і г.д. з разлікам інтэграцыі беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў у рускамоўную грамаду, папулярна тлумачачы наконт інтэграцыі курыраваць працэс прапаганды папулярызацыі "беларускага ладу жыцця" ў рускамоўнай, нігілістычнай прасторы. Калі мы будзем мець адмысловую праграму, высокаінтэлектуальную Раду тады можна распачаць рух па ўсёй гарызанталі грамадскіх структур, што маем на сённяшні дзень. А пакуль прапаную узяць удзел у складанні анкеты: пашырыць кола пытанняў, каб потым распаўсюдзіць сярод усіх прыхільнікаў беларушчыны, не толькі сяброў грамадскіх аб'яднанняў, таварыстваў, палітычных партый, сярод знаёмых, хто неабыякавы да беларускай мовы і беларускай справы.
Святлана Астравец.
Гэта, каб даць адказ на першае пытанне. Прынамсі "рэпетыцыю" дружных усходаў" можна правесці ўжо ў лютым Хутка будзе інтэрактыўнае галасаванне адборачнага конкурсу "Еўрабачання".
Прапаную аддаць свой голас беларускамоўнай (аму)
Сцяжынамі жыцця
Вёска Грабава. Зэльвеншчына. Куток маленства, дзе пачыналася сцежка жыцця. Тут Сцяпан прыйшоў на гэты свет у сям'і Ганны (дачкі Аўгея) і Ладзя (сына Уладзіміра). У хаце была велічэзная сям'я: дзед Уладзімір і баба Люба, два іх сыны - Аляксандар і Уладзімір і іх сем'і, г.зн. трэцяе пакаленне. Разам - 10 душ. А матухнызямелькі - усяго паўтара «актара». Вось тут і жыві! Каб выжыць, дзед вырашыў паехаць на заробкі за мяжу, у Амэрыку. Такіх у вёсцы Грабаве знайшлося трох чалавек: Сцяпанаў дзед Уладзімір, Стасевіч Паўлюк і Стасевіч Клемас (Клімент). Працавалі гэтыя «амарыканцы» пяць гадоў на заводах ЗША. На заробленыя грошы купілі сабе зямлі і сталі багатырамі. Пабудавалі мураваныя хаты. Дзед купіў 12 гектараў зямлі на хутары Нябайкі ў землеўласніка Дудара, які меў 300 гектараў зямлі. На гэтым хутары і паставіў дзед мур на два канцы: у адным жыў яго сын Аляксандар з дзядзінаю Жэняй, у другім - Сцяпанавыя бацькі. У хаце было тры пакоі: спальня, «пакой» і кухня. Кухня звалася «хатай», не мела дашчатай падлогі, а гліняны ток, які ўсмоктваў вадкасць, калі мыліся, набіраючы ў далоні ваду, ці з іншай нагоды. Памятаецца, як ставілі гэты будынак, як муравалі яго бацькі і дзядзька з дзядзінаю, як лясавалі вапну з пяском і гэтае «цеста» падносілі мулярам. А кіраваў гэтай працай наняты з мястэчка Дзярэчын сапраўдны муляр Сончык. Ён нярэдка «забуляўся» (забаўляўся) з хлапчукамі, якім таксама хацелася браць удзел у будаванні хаты.
Тут, на хутары, прайшло Сцяпанавае дзяцінства. Куток быў маляўнічы: вакол хаты раслі бярозы, граб, арэшнік. Была і невялікая яма з вадою. Увесну і ўвосень было поўна вады, цякла невялікая рэчачка тут каля лесу. Яна ўпадала ў большую рэчку, якую называлі Сіпа. Сіпа бегла каля вёскі Грабава, што за паўтары вярсты ад хутара. Сіпа несла ваду праз увесь хутар Нябайкі да Дзярэчына і далей упадала ў раку Шчара, а тая несла свае хвалі ў Нёманраку.
Пачаў сваё навучанне Сцяпан дома. Яго старэйшыя браты Валодзя і Іван хадзілі ў мясцовую школу. Жывучы на хутары, ён стараўся знайсці сабе занятак. Знаёміўся з падручнікамі, па якіх вучыліся браты, і сам патроху спрабаваў чытаць гэтыя кнігі. Таму ў першым класе «сядзеў» толькі два месяцы перасадзілі ў другі клас, і за год скончыў два класы. Затое ў трэцім класе трымалі два гады, хоць вучыўся толькі на пяцёркі («на бардзо добжэ», як казалі тады ў польскай школе). Другагоднікам беларусам (праваслаўным) не было чаго рабіць, бо вывучалі тое самае, толькі некаторыя задачкі для другога года навучання былі больш складаныя, яны абазначаліся ў задачніках зорачкамі. А ў чацвёртым класе трэба было сядзець аж тры гады. Чым там займаліся вучні, Сцяпан не ведаў, бо пачалася вайна 1939 года і Заходняя Беларусь не належала ўжо да Польшчы. Як казалі бацькі, польская палітыка кіравалася тым, каб беларусам не даць магчымасці вучыцца далей, абмежаваўшы навучанне чатырма класамі школы «паўшэхнай». У суседняй вёсцы Старое Сяло была школа для каталікоў («палякаў»), дзе такога абмежавання не было. Праўда, пасля вызвалення Заходняй Беларусі ад польскай акупацыі ўсе гэтыя запісаныя «палякі» адмовіліся ад навязанай ім «пальшчызны», памянялі каталіцкія імёны на праваслаўныя (Франак на Івана і пад.) і вучыліся далей пабеларуску. I вёска стала называцца не Стара Весь, а Старое Сяло).
Запалі надоўга ў памяць Сцяпана некаторыя дэталі школьнага жыцця. У паўшэхнай (пачатковай) школе на 4 класы быў адзін настаўнік, ён выкладаў усе прадметы мову (польскую), матэматыку, маляванне, спевы. Дысцыпліна была «палачная» ў даслоўным значэнні гэтага слова: настаўнік («пан научыцель») заўсёды трымаў у руцэ «палкуўказуўку» сантыметраў на 40. I калі хто парушаў дысцыпліну, то біў указуўкай па руках, спіне, а то і па галаве. Палка ляцела ад настаўніка на «злачынца» за 57 метраў. За невыкананне заданняў вучняў ставілі ў куток на насыпаны гарох ці жвір. А часам давалі яшчэ ў рукі па цагліне і прымушалі трымаць іх, падняўшы ўгару рукі. Зацятых неслухаў, парушальнікаў дысцыпліны частавалі і «бярозавай кашай» - білі па далоні бярозавымі дубцамі. Такая дысцыпліна ператварала вучня ў раба, што мусіў слухаць кожнае слова «пана научыцеля», хоць шмат чаго беларускія дзеці не разумелі з польскага маўлення настаўніка, але ўжываць родныя беларускія словы забаранялася. Жорсткасць «научыцеля» не мела межаў. На ўсё жыццё запаў у памяць такі вось драконаўскі ўчынак настаўніка Грабаўскай школы паўшэхнай. Раз'юшаны навучыцель Жыеўскі схапіў за валасы вучаніцу Цюхно і падняў яе ўгару. Яна ўпала, а ў руцэ настаўніка аказалася пасма валасоў з кроўю. Плач, енк у класе. Спыніліся заняткі. Настаўнік уцёк ад абураных бацькоў вучаніцы і затым з'ехаў з гэтай вёскі.
Пейзажныя малюнкі дзяцінства. Каля хаты рос малады бярэзнік, ляшчыннік і грабняк, ці, як тут казалі, беразіна, ляшчына, грабіна (з націскам на апошнім складзе). Яны давалі шмат радасці і малым, і старым. Вясною і ўвосень тут раслі розныя грыбы (казяке): сыраежкі, савякі, чырвонагаловікі, грыбы (баравікі), апенкі , а таксама рыжыкі , храслы , сінякі , а ў бярэзніку і кабылкі , куры . Шмат было і мухамораў. Гэтыя з вонкавага выгляду прыгажуны былі надта небяспечныя для чалавека. Але і карысць таксама ад іх была: мухаморамі труцілі мухі: падсмажыўшы, іх раскладвалі на дошкі пры вокнах, куды часта сядалі мухі. Надта прыемна было малалеткам прыходзіць у бярэзнічак і бачыць, як высыпаюцца на сонечных палянах маладыя белагаловыя баравічкі. Або як яны падымалі лісце, растучы ў цяньку. У грабаўскім лесе (яго называлі Курыны) раслі і зялёнкі, падзенкі, лісіцы і апенкі , былі і летнія апенкі , якіх збіралі, калі іншых грыбоў яшчэ амаль не было, акрамя хіба савякоў і лісіцаў . А вось асенніх апенкаў было хоць возам вазі на месцы выкарчаваных пнёў беразіны. Раслі яны «грумадамі», каля пнёў можна было набраць з кошык за пару хвілінаў. Як праходзілі дажджы, у маладым хвойніку было шмат маслякоў . Маладзенькія, падсмажаныя, яны былі смачныя, як баравічкі. Маці ставіла гаршчок з грыбамі ў «велькую печ», як варыла картоплі свінням і пякла блінцы на сняданне. Звараныя грыбы адцэджваліся, запраўляліся падсмажаным салам з цыбуляю і ставіліся ў печ, дзе яшчэ з гадзіну стаялі, каб «упрэлі». А тады ўжо іх елі, дадаўшы яшчэ трохі масла або смятаны. Такі ласунак не параўнаць было ні з чым. Смаката дый годзі! У гэтых мясцінах непапулярныя былі лісіцы, хоць збіраць хацелася, але карысці вялікай не было - яны сухія, не надта смачныя. Затое першыя вясновыя грыбы смарчкі і страчкі такія наздраватыя, карычневыя, вабілі да сябе, хоць і расло іх няшмат у Курынах. Звычайна на ўскрайку, на сонцы, каля пнёў. Сінякі раслі ў грабіне (грабняку). Яны падобныя на баравікі сваім выглядам. Толькі карэньчыкі ў іх не белыя, а пярэстыя, і калі абрэзваеш - сінеюць (таму і сінякамі звалі гэтыя «казякі» (грыбы).
Грыбы збіралі і пасучы каровы, але найбольш прыгнаўшы іх з пашы, недзе ў перапынак з 10 гадзін раніцы да дзвюх дня, калі скаціна была ў хляве, а пастухі, трохі адпачыўшы, «ішлі ў казяке».
Пасвіць каровы Сцяпану давялося недзе з гадоў пяці. Пасвілі разам з братам Іванам, сынам дзядзькі Аляксандра і дзядзіны Жэні, што жылі ў другім канцы муру (мураванкі). Выганялі кароў на пашу ў летнюю пару недзе а гадзіне пятай. Памятаецца, як цяжка было так рана ўставаць - надта хацелася спаць. Але ж трэба было. Маці ўпрошвала: «Сынок, уставай, я ужэ падаіла каравэ, малачка цёплаго пакаштуеш, ды пажанеш нашо быдло на пашу. Бо і авечкі і цялятка просяць естачкі. Уставай, сынок, Сцяпанка, уставай!» I давялося ўставаць і гнаць жывіну на пашу.
У ясны пагодны дзень была на пашы вялікая раса. Халодная, як лёд. Замерзлыя ногі грэлі ў свежых каровіных «бондах». А потым выціралі запэцканыя ногі ў вялікай траве, што вырасла вакол былых гэтых «бондаў»гаўнянкаў. Нас, малечу, пяцішасцігадовых пастухоў не надта каровы і слухалі, асабліва барушчыя (бадлівыя). Аднойчы Сівая (так клікалі дзябёлую карову), калі Сцяпан падышоў адганяць яе ад шкоды (маладой збажыны), рагамі схапіла яго за ногі і перакінула праз сябе. Ледзь апамятаўся ад страху. Потым яны з Іванам «малацілі» яе пугамі, камянямі, цкавалі сабакам, які дапамагаў пасвіць скаціну. Пасля гэтага здарэння пастухі баяліся блізка падыходзіць да такіх кароваў, а палохалі іх свістам пугі ці ляскатам бізуна або звычайным кіем. Часам дапамагаў малым пасвіць жывіну дзед Ладзё (Уладзя), якому тады было гадоў пад семдзесят. А ў маладосці ён, «амарыканец», прыдбаў сваім сынам увесь гэты хутар на 10 га зямлі, дзе былі тры бярэзнікі, адзін грабняк з ляшчыною, ворыва на 5 га і лугу 2 га.
Падчас нямецкай акупацыі Сцяпан пасвіў свой статак, касіў, араў зямлю. гадаваў з маткаю меншых дзяцей (двух братоў і сястру). Асабліва даставалася яму, калі бацька трапіў у турму за дапамогу партызанам узарваць «калею» (чыгунку), па якой немцы накіроўвалі сваё падмацаванне на фронт пад Маскву. Маці Сцяпана часта ездзіла ў Слонім, каб выратаваць ад смяротнай кары яго бацьку. Старэйшы брат загінуў ад нямецкіх акупантаў. Заставаўся за гаспадара Сцяпан як старэйшы з дзяцей. Трэба было ў печы паліць, гатаваць яду і сям'і і жывіне. Як нежывы быў ён пасля такой працы. А да ўсяго гэтага дадаваўся акупацыйны рэжым. Удзень шнырылі немцы, а ўначы прыязджалі «свае», між якіх былі не толькі партызаны, а і проста грабежнікі, бандыты. Не раз ставілі Сцяпана з мамаю каля сцяны на ганку і пускалі кулямётныя чэргі над галовамі, вымагаючы чаго ім хацелася. Бацька Сцяпана быў пчаляром. Дык узімку такія начныя госці выпальвалі вуллі, забіралі мёд з рамамі. Не кажучы ўжо пра тое, што яны забралі цялушку і «паршука», дзве авечкі для «пропитания лесных борцов».
Уначы на хутары нярэдка начавалі сапраўдныя партызаны. А часам заставаліся тут і на цэлы дзень. Аднойчы два чалавекі прыйшлі ад суседзяў з Двара (суседнія тры хутары, што знаходзіліся на месцы былога панскага маёнтка) і паведамілі, што яны ад Досты да нас трапілі, бо тут бліжэй да лесу. Было гэта напачатку ліпеня, ля хаты буяла жыта, у якім чалавека відаць не было. Досціха накіравала іх да нас. Было гэта сярод дня. I раптам бяжыць да нас Марыся Досціха, засопшыся, уся потная, і пытаецца, ці ў нас гэтыя людзі. Так, яны спалі ў нас у гумне на сене. Яна з плачам распарадзілася іх пабудзіць і «хай хутчэй бягуць у лес, бо хутка тут будуць немцы. Нямецкая акцыя чалавек каля 50 накіроўваецца на наш гутар, каб лавіць партызанаў». Ледзь паспелі гэтыя двое выскачыць ў жыта, як немцы ўжо апанавалі будынак. Паролі сена штыкамі. у склеп кінулі гранаты. Ускочылі ў хату, але імгненна вырваліся з яе, бо тут ляжалі хворыя на тыфус уцекачы зпад Масквы. Як сказалі пра хворых тыфознікаў, немцаў як ветрам здзьмула. А выратавала нас суседка Марыся, жонка Досты (Досціха) вось як. Да іх навалілася нямецкая акцыя на гадзіну раней, чым да нас. I Досціха ведала пра гэтых дваіх, якіх яна адправіла да нас дняваць. Яна душою адчувала бяду: калі немцы зловяць у нас партызанаў, то застрэляць усіх Сцянанавых родзічаў, а не толькі днявальнікаў. Таму пайшла на хітрасць: запрасіла нямецкіх начальнікаў да сябе ў хату, пачаставала іх самагонкаю, а сама пабегла да нас нібы пазычыць хлеба і іголку. Так, пакуль немцы «частаваліся», яна змагла папярэдзіць пра надыход нямецкай акцыі.
Начлягуючы ў нашым доме, партызаны прымушалі дзяцей быць вартавымі, заўчасна папярэджваць пра небяспеку.
Падчас нямецкай акупацыі ў мястэчку Дзярэчын працавала школа, выкладалі тут мову, «арыхметыку» ды маляванне. Некалькі ўрокаў гэтай школы наведалі і Сцяпан з дваюрадным братам Іванам.
Згадваецца ранак марознага дня 1941 года. Недзе гадзіне а восьмай ранку дзеці накіраваліся ў Дзярэчынскую школу (гэта за пяць вёрст), як пабялелі шчокі ў нас і насы. Давай мы іх церці снегам, але нічога не памагло, і мы хуценька вярнуліся дахаты, дзе нас адратоўвалі бацькі.
Памятаецца і такі выпадак. Ішлі мы ад Грабава ў Дзярэчынскую школу з сумкамі. I на мяжы ўбачылі «горбу» (кучу) патронаў. Захацелася майму спадарожніку ўзяць іх з сабою, каб паказаць у школе ці потым пазабаўляцца, кідаючы іх у вогнішча, дзе яны выбухалі. I тут на шашы ЗэльваДзярэчын ехала нямецкая машына. Немцы заўважылі, як мой спадарожнік выкідвае ў збажыну, нібы сейбіт, нешта з поўнае жмені. Спалохаўся ўладальнік, што давядзецца паказваць акупантам тое, што мы маем у сумцы, і своечасова высеяў усе патроны ў збажыну, пакуль немцы не пад'ехалі да нас і не праверылі нашыя торбы.
Калі б застаўся хоць адзін патрон у сумцы, нас абодвух застрэлілі б. А выратавацца дапамагла і ўзгоркавая дарога: машына то ўскоквала на ўзгорак, то хавалася ў лагчыне, што і дало нам выратаванне - справіцца з «трафеямі», пакуль машына зноў не паднялася на грудок.
(Працяг у наступным нумары.)
Мікалай Феліксавіч Ястрэмбскі (1808-1874 гг.)
Мікалай Феліксавіч Ястрэмбскі першы пачаў даследваць трываласць жалеза і сталі ... Упершыню ў Расіі зрабіў даследванні па дынаміцы машын ... Выдаў першы на рускай мове дапаможнік па будаўнічаму майстэрству ... Стварыў першы на рускай мове дапаможнік супоры матэрыялаў ... Напісаў першыя нарысы па гісторыі механікі ...
I яшчэ ён быў таленавітым літаратарам-стылістам. Менавіта ён напісаў тры раздзелы другога тома "Мёртвых душаў".
Мікалай Феліксавіч Ястрэмбскі (у рускім варыянце - Ястржемский) нарадзіўся 10 ліпеня 1808 года ў Рэчыцкім павеце Менскай губерні ў сям'і межавага суддзі.
Асноўным заняткам насельніцтва павету было земляробства. З земляробствам ў пэўнай меры была звязана і пасада межавага суддзі, якую займаў бацька Ястрэмбскага Фелікс Іванавіч. Феліксу належаў маёнтак Барысаўшчына цяпер вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці.
Першапачатковую адукацыю, як і ўсе шляхецкія дзеці, Мікалай атрымаў дома. Потым паступіў у Віленскі ўнівесітэт, фізікаматэматычны факультэт якога скончыў у 1829 годзе з дыпломам выдатніка. Педагагічная дзейнасць факультэта заслугоўвае высокай адзнакі, што, аднак, нельга сказаць пра ўзровень навуковых даследаванняў. Мабыць гэта і было прычынай пераезду Ястрэмбскага ў Пецярбург. З 7 студзеня 1830 года ён навучэнец Інстытута Корпуса інжынераў шляхоў зносін (першая тэхнічная ўстанова Расіі).
У час навучання ў Інстытуте ён пісаў рукапіс "Успаміны інжынера", які так і не быў надрукаваны.
У 1832 годзе Мікалай Ястрэмбскі скончыў інстьггут першым па спісе (з выдатнымі адзнакамі) і стаў адным з тых выпускнікоў, імёны якіх за выдатныя поспехі ў навуках выбітыя на мармуровых дошках у канферэнцзале інстытута.
Пасля заканчэння інстытута Ястрэмбскі застаўся ў ім ў якасці выкладчыка. У чыне падпаручыка ён пачаў працаваць на пасадзе рэпетытара па курсе будаўнічага майстэрства і практычнай механікі.
У 1833 годзе Ястрэмбскі ажаніўся. Такі крок у жыцці можна было рабіць толькі з дазволу кіраўніцтва інстытута. 7 красавіка ён падаў рапарт на імя дырэктара інстытута генералмаёра П.П. Базена наступнага зместу: "Жадаючы ўзяць першы законны шлюб з дачкою оберправіянтмайстра гвардзейскага корпуса чыноўніка 5га класа Савіцкага дзяўчынай Марыяй, я адважваюся папрасіць дазволу Вашага Правасхадзіцельства на гэты шлюб. Маю гонар падаць пры гэтым рэверс аб тым, што просьбай аб дапамозе казны турбаваць начальства не стану". Праз тры дні Базен паведаміў пра гэты рапарт старэйшаму генералінспектару шляхоў зносін. Той не пярэчыў, толькі звярнуў увагу, што Ястрэмбскі мусіць унесці ў павятовы скарб 4 руб. за паперу. Ажаніўся ён 17 траўня 1833 года. Ад гэтага шлюбу ў яго было дзве дачкі. Праз некаторы час пасля смерці жонкі Ястрэмбскі ажаніўся другі раз.
У 1834 годзе Ястрэмбскі разам з іншымі выкладчыкамі Інстытута Корпуса інжынераў шляхоў зносін пачаў працаваць над апісаннем розных збудаванняў, рыхтуючы дапаможнік для навучэнцаў інстытута (збор малюнкаў у галіне будаўнічага майстэрства).
Ястрэмбскі арганізоўваў і праводзіў доследы па вызначэнні трываласці будаўнічых матэрыялаў. Справа ў тым, што вісячыя масты, будаўнінтва якіх распачалося ў 19ым стагодзі, дазвалялі перакрываць значна большыя пралёты ў параўнанні з каменнымі і драўлянымі мастамі. Трэба было вывучыць уласцівасці новага ў той час будаўнічага матэрыялу жалеза, якое ўжывалася пры варабе ланцугоў. Ястрэмбскі зрабіў высновы, якія сведчылі, што ўжыванне сталі для вырабу падвясных ланцугоў вельмі небяспечнае. Ды гэта не давала і эканамічнай выгады. Ён зазначыў вельмі высокую трываласць рускага жалеза ў параўнанні з іншаземным.
У 1837 1838 г. Ястрэмбскі выдаў курс практычнай механікі ў двух тамах, які стаў першым навучальным дапаможнікам у гэтым прадмеце.
У 1843 г. Ястрэмбскі зацверджаны прафесарам па курсах збудаванняў і практычный механікі. Ім складзены "Атлас узорных механічных канстукцый" (1846 г.). У гэтым жа годзе выдаецца двухтомны курс Ястрэмбскага "Пачатковыя асновы агульнай і прыкладной механікі".
За выдатную службу яму тройча была аб'яўлена манаршая ласка ( 33, 38, 41).
У 1847 г. Ястрэбскі ад'яджае з Пецярбурга. Прычынай яго ад'езду быў дваюрадны брат Іван Ястрэмбскі, які разам з Фёдарам Дастаеўскім ўваходзіў ў рэвалюцыйны гурток петрашэўцаў. Іван быў прыгавораны да смяротнай кары, але ў апошні момант страта была заменена на катаргу і высылку.
17 студзеня 1847 г. Ястрэмбскі прызначаны начальнікам аддзялення XI акругі шляхоў зносін (Магілёўскай). Яго дзейнасць у Магілёве звязана з будаўніцтвам дарог, мастоў, плацін. Пад кіраўніцтвам Ястрэмбскага пабудаваны шасейныя дарогі Магілёў Кіеў, Магілёў Бабруйск, Магілёў Доўск, рэканструявана Бабруйская плаціна. Ім распрацаваны праекты мастоў на тэрыторыі Беларусі: праз Дняпро ў Магілёве, праз Дзвіну ў Віцебску.
За работу па будаўніцтву дарог і мастоў Ястрэмбскі ўзнагароджаны ордэнам Св.Станіслава 2й ступені (1849 г.) і ордэнам Св. Ганны 2й ступені (1861 г.). У Магілёўскай акрузе шляхоў зносін ён праслужыў 14 гадоў.
Яшчэ палкоўнік Ястрэмбскі пабудаваў у Магілёве не беразе Дняпра, на Завадской вуліцы, першы на Беларусі паравы млын. Такім чынам у Магілёве з'явіўся цуд - паравая машына і першае прадпрыемства завадскога тыпу, дзе працавалі наёмныя працаўнікі.
У 1862 г. Ястрэмбскі быў прызначаны неадменным членам Кастрамской губернскай будаўнічай і дарожнай камісіі, але ў лютым 1863 г. выйшаў у адстаўку ў чыне палкоўніка і застаўся ў Магілёве. Тут ён працягваў ажыццяўляць тэхнічны нагляд паравога млына. Сур'ёзнае вывучэнне камерцыйнага боку гэтага прадпрыемства дазволілі Ястрэмбскаму напісаць кнігу "Галоўныя асновы двайной бухгалтэрыі", апублікаваную незадоўга да яго смерці ў 1874 г.
Лепшым яго сябрам у Магілёве стаў дырэктар мясцовай гімназіі Богаяўленскі. Доўгімі вечарамі яны спрачаліся на літаратурныя тэмы, асабліва пра Гогаля, які нядаўна памёр, а перад смерцю спаліў другую частку "Мёртвых душаў". Але Мікалай Феліксавіч знайшоў копію рукапісу і ў вольны час дапісвае, перапісвае яе. У сяброў адбыўся заклад, што Богаяўленскі не зможа адрозніць Гогаля ад неГогаля. Богаяўленскі быў упэўнены - гэта Гогаль. Мікалай Феліксавіч не змог пераўпэніць сябра і ўзяў з яго слова ніколі не друкаваць тэкст. Але праз адзінаццаць год Богаяўленскі пераехаў у Пецярбург і аднёс тэкст ў часопіс "Русская старина".
У студзені 1872 года былі надрукаваны "новыя часткі і варыянты" другой часткі "Мёртвых душ" Гогаля. У кастрычніку 1872 года ў рэдакцыю часопіса прыйшоў ліст ад палкоўніка Мікалая Феліксавіча Ястрэмбскага, дзе ён абураўся на тое, што часткі былі надрукаваны без яго дазволу і даў зразумець, што іх аўтарам з'яўляецца зусім не Гогаль. Мікалай Феліксавіч прадставіў і іншыя матэрыялы, якія былі надрукаваны іншымі рэдакцыямі. У "літаратурным свеце" пачаліся вялікія спрэчкі. У жніўні 1873 года ў "Русской старине" з'явілася яшчэ адна публікацыя "Падробка пад Гогаля. Літаратурны кур'ёз".
Аўтарства адрыўкаў і другой часткі "Мёртвых душ" было зацведжана за Мікалаем Феліксавічам. Але некаторыя масцітыя літаратары і крытыкі не спынілі спрэчак па гэтым пытанні. Як сцвярджаў крытык Г. Данілеўскі, каб напісаць гэта, трэба "нешта бальшае за адно жаданне пажартаваць з свайго сябра: трэба ведаць і любіць Расію так, як яе ведаў і любіў Гогаль, трэба быць пасапраўднаму рускім чалавекам... Трэба мець вялікую пісьменніцкую практыку, што дало б магчамасць так памайстэрску апрацоўваць кожную фразу гэтых адрыўкаў і трэба мець хоць частку таленту Гогаля".
В. Кунцэвіч, М. Фралова.
Паслядоўніца Я. Ф. Карскага
Сёлета споўнілася 50 гадоў з дня нараджэння вы-пускніцы Свірскай СШ Памецькі Ніны Казіміраўны (Яна нарадзілася ў высакосны год - 29.02.1956 г.)
Былы дырэктар Свірскай СШ Гарон В.Ц. пра яе ўспамінае:
- Гэта была вельмі старанная, сціплая, добразычлівая спакойная і разважлівая дзяўчынка. Яна з'яўлялася ўдзельніцай вакальнай групы і выдатнай спартсменкай - чэмпіёнкай шматлікіх лыжных спаборніцтваў.
Нарадзілася яна ў вёсцы Косцевічы Астравецкага раёна, якія раней называліся Якубавічамі і ў 1561 годзе былі каралеўскім кладаннем. Па прывілеі караля Жыгімонта Аўгуста Віленскі ваявода князь М. Радзівіл пажалаваў Косцевічы гаспадарскаму маршалку князю Я. Б. Свірскаму. У ХІХ стагодзі вёска стала скарбовым уладаннем. У 1938 годзе яна наліч-вала 41 двор, і жыло тут 205 жыхароў. Зараз тут 18 двароў і 35 жыхароў. На выездзе з Косцевічаў ля дарогі стаіць дагледжаны пафарбаваны ў жоўты колер дом Памецькі Казіміра. Ля дома сад і невялікая пасека. У гэтым доме нарадзілася Ні-на Казіміраўна - даследчыца моўных скарбаў беларусаў.
З асаблівым хваляваннем і душэўным уздымам гартаюцца старонкі навуковых прац, у зага-лоўках якіх значыцца Аст-равеччына: "З лексікі вёскі Косцевіч Астравецкага раё-на", "Так кажуць на Астравеччыне".
Аўтарам першай і сааўтарам другой з'яўляецца Ніна Казіміраўна Памецька.
Косцевічы размешчаны на ўсход ад цікавейшых у Беларусі шматлікіх азёр Сарачанскай групы. Тут у далёкім мінулым кі-пела жыццё. Пра гэта сведчаць шматлікія археалагічныя помнікі наваколля: стаянка чалавека паблізу Акартэляў, курганныя магільнікі ля Будраняў, Ядабораў, Падкасцёлка. Вёска размешчана ўдалечні ад густанаселеных пунктаў. Адным словам, глыбінка. Мабыць, таму тут жыхары захавалі чыстую і мілагучную беларускую мову, мала пажаваную "трасянкай". На вяселлях у гэтай вёсцы яшчэ спявалі безліч беларускіх песень. Застолле перапляталі дасціпнымі жартамі, гульнямі, элементамі старадаўніх традыцый. Гэтае моўнае асяроддзе і гістарычнае мінулае садзейнічала таму, што Ніна вырашыла заняцца даследваннем моўных скарбаў сваім землякоў - паступіла вучыцца на філфак БДУ па спецыяльнасці беларуская мова і літаратура, які закончыла з адзнакай у 1979-м годзе. затым прадоўжыла вучобу ў аспірантуры пры інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН Беларусі.
З 1982 года Н. К. Памецька працуе ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце на філалагічным факультэце. У 1985 годзе аба-раніла кандыдацкую дысертацыю "Вайсковая лексіка ў старабеларускай мове". З 1994 года з'яўляецца дацэнтам кафедры беларускага гістарычнага і тэарэтычнага мовазнаўства. Адначасова займаецца навуковай дзейнасцю: даследуе актуальныя пытанні гісторыі і лексікалогіі беларускай мовы. Яна апублікавала звыш 30 навуковых і навуковаметадычных работ. Яе пяру належаць працы: "Назвы зброі ў помніках старабеларускай пісьменнасці", "Абазначэнне войска і яго частак у ста-рабеларускай пісьменнасці", "Намінацыі халоднай рукаятачкай зброі ў беларускім перакладзе паэмы А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш", "Назвы начыння для догляду пчол у беларускай мове" і інш.
Цэлы шэраг наву-ковых прац даследчыца ахоплівае абшары Гарадзеншчыны. Пахвальная асаблівасць яе прац і даследванняў, што ў многіх з іх яна звяртаецца да навуковай спадчыны філолага-славіста, палеографа, заспавяльніка беларускага навуковага мовазнаўстваі літаратуразнаўства ўраджэнца Гара-дзеншчыны Яўхіма Фёдаравіча Карскага.
Як педагог, Ніна Казіміраўна заклапочана метадычным забеспячэннем навучальнага працэсу ва ВНУ. Яна склала навукова-метадычны дапаможнік па практыкуму "Гістарычнае марфалогія беларускай мовы", з'яўляецца сааўтарам "Тэматыкі дыпломных работ" і "Комплексных заданняў па беларускай мове для студэнтаў", у 2000-м годзе ў сааўтарстве выйшла яе кніга "Беларускае вяселле".
Н. К. Памецька прымае актыўны ўдзел у розных навуковых канферэнцыях, прысвечаных пытанням мовазнаўства. Зараз Ніна Казіміраўна на творчым уздыме. Поспехаў ёй.
Кіраўнік гуртка "Валошкі" Яська Драўніцкі, Мядзельскі раён.
Алег Коц :"Я не магу прыняць творы, напісаныя слэнгам,а тым больш - матам"
Першы паказ гэтага спектакля па п'есе маладога драматурга Юрыя Туркова адбыўся ў чэрвені мінулага года на сцэне вучэбнага тэатра Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Гэта была дыпломная работа рэжысёра Арцёма Гудзіновіча. Аднак у парушэнне традыцыі ролі выконвалі не студэнтыдыпломнікі, а сябры рэжысёра - акцёры, што скончылі Акадэмію раней. "Негатывы" - так назваў п'есу аўтар. А рэжысёр даў ёй вызначэнне "крымінальная трагедыя". 3 сакавіка "Негатывы" можна было пабачыць на сцэне ДК імя Кісялёва (вул. Матусевіча, 20). Прэм'еру прымеркавалі да адкрыцця тэатральнага цэнтра "ART ПРАЕКТ". Пастаноўка адбылася ў рамках праекта "View Soul Theatre" (у вольным перакладзе з ангельскай -"Тэатр - краявід душы"), ініцыятарамі якога былі актрыса з Канады Жэнеўеў Лефеўр і беларускі акцёр і рэжысёр Алег Коц, які сёння з'яўляецца мастацкім кіраўніком праекта. З ім напярэдадні прем'еры адбылася гутарка.
- Спадар Алег, кіраваць - увогуле нялёгкая праца, Вам жа даводзіцца кіраваць людзьмі творчымі. А яны, як вядома, "шыхтам не ходзяць"...
- Не так кіраваць, як накіроўваць. Трымаць у рамках вызначанай канцэпцыі. У гэтай якасці я мушу дбаць пра эстэтычны кірунак спектакля і прафесійны ўзровень выканаўцаў, браць на сябе функцыі адміністратара, калінікалі гаспадарніка. Мой клопат - і каб акцёр не з'яўляўся на сцэне п'яным, і каб паразумеліся рэжысёр з акцёрамі, гукааператар і мастак па святлу ды гэтак далей. Мастацкаму кіраўніку даводзіцца займацца ўсім. Але галоўнае, ён павінен вызначаць, што ў мастацкім сэнсе адпавядае фармату праекта, а што - не.
- Што Вы разумееце пад фарматам?
- Ёсць драматургі і тэатры, якія ствараюць сабе імя і будуюць свой, як сёння кажуць, імідж на эпатажнасці, сенсацыйнасці, сацыяльнай актуальнасці. Гэта іх фармат. Цалкам прызнаючы такую форму самасцвярджэння, такі спосаб прыцягнення глядацкай ўвагі, я і мае аднадумцы, у творчасці скіраваныя на іншае. На адвечныя тэмы, на праблемы чалавечага быцця, што не залежаць (прынамсі, наўпрост) ад гістарычнага кантэксту - ад сацыяльнага ладу, ад узроўню дабрабыту і гэтак далей. Другі прынцыпіяльна важны для нас аспект - падтрымка творчай моладзі. Маладым хоць і бракуе жыццёвага і прафесійнага досведу, але яны лягчэй успрымаюць эстэтычныя навацыі.
- Калі я правільна зразумеў, Вы і вашымі аднадумцамі найперш дбаеце пра духоўнасць?
- Мы зыходзім з таго ж, тэатр - не кафедра, не амвон і не трыбуна. Мы не збіраемся адбіваць хлеб у педагогаў, святароў і палітыкаў. Тэатр гэта перш за ўсё відовішча, стварэнне ілюзіі, здольнай захапіць гледача. У нашых спектаклях мы імкнемся распавядаецца пра тое, як людзі паводзяць сябе у экстрымальных умовах. Звычайна пад экстрымам разумеюць вайну, прыродную ці тэхнагенную катастрофу - калі пагроза жыццю ці здароўю відавочная. Але, да прыкладу, "любоўны трохкутнік" (на гэтай фабуле пабудавана значная частка сусветнай літаратуры) таксама экстрым. Бо ў гэтай сітуацыі камусці непазбежна накананавана стаць самотным, а магчыма, што адзінота напаткае ўсіх траіх. Такі ж экстрым шлюб, у якім адзін з сужанцаў значна старэйшы за другога. Гэтая дыспрапорцыя можа выбухнуць трагедыяй.
Чалавечая душа разбураецца паступова, па меры таго, як назапашваецца ў ёй адмоўная энэргія, канцэнтруецца агрэсіўнасці. І аднойчы яна вырываецца навонкі. Але, здаецца, я пачынаю пераказваць змест спектакля "Негатывы"...
- Працягвайце, калі ўжо распачалі.
- Спектакль пра тое, што ў кожным з нас жыве забойца. І пры пэўных абставінах гэты "негатыў" можа праявіцца. Звер з цёмнага кута душы можа цалкам падпарадкаваць сабе свядомасць чалавека. Спектакль складаецца з трох крымінальнадэтэктыўнага сюжэтаў. Сярод персанажаў - следчы, нябожчык; той, каго падазраюць у забойстве; пісьменнік, што прыдбаў сабе славу дэтэктывамі, дапытлівы чытач ды іншыя. Засяроджвацца на сюжэтах не буду. Каму цікава - хай прыйдзе ў тэатр. Варта, аднак, ўдакладніць, што хоць сюжэты крымінальныя, спектакль - пра міласэрнасць. Забі ў сабе забойцу, пакуль ён не забіў цябе - так я вызначыў бы сэнс гэтай сцэнічнай дзеі.
- Як мастак Вы імкнецеся да развіцця традыцыі альбо да разбурэння стэрэатыпаў?
- Я не думаю, што разбурэнне чагонебудзь можа быць задачай мастацтва. Прынамсі, задачай прыярытэтнай. Да традыцыі мы ставімся творча. У тым ліку і ў "Негатывах".
- Вам, як кіраўніку, дапамагае акцёрскі досвед? Якую з сыграных роляў Вы лічыце найбольш важнай?
- Рэжысёру і тым больш мастацкаму кіраўніку карысна прайсці акцёрскую школу. Такі досвед дазваляе гаварыць з акцёрамі на адной мове. З сыграных роляў я бы вылучыў свой удзел у спектаклі "Сон на кургане" паводле Янкі Купалы. Там, калі памятаеце, чалавек шукае папарацькветку каб зрабіць шчаслівымі ўсіх. І нарэшце знаходзіць, а ў гэты час гінуць ягоныя блізкія, пра якіх ён ў часе пошукаў папросту забыўся, пакінуў без клопату. Мне блізкая думка, што адданасць ідэі не можа служыць апраўданнем ігнаравання абавязку.
-Чаму спектакль праекту "View Soul Theatre" вы реалізуеце не на сцэне Рускага тэатра, артыстам якога з'яўляецеся, а ў ДК імя Кісялёва?
-Быць артыстам тэатра, што як Рускі мае статус Нацыянальнага, безумоўна, ганарова. Два гады назад я трапіў сюды па размеркаванні па заканчэнні Беларускай Акадэміі мастацтваў. У маіх работадаўцаў была магчымасць да мяне прыгледзіцца, бо на сцэне я працую з другога курса. Але ж я працаваў і на іншых пляцоўках. На сцэне Тэатра Арміі, "Новага тэатра", здымаўся ў кіно. У часе вучобы у мяне склаліся сяброўскія і ў творчым сэнсе плённыя стасункі з Паўлам Харланчуком, Уладзімірам Глотавым, Арцёмам Гудзіновічам, Юрыем Турковым, Андрэем Крывецкім... Мы аказаліся ў розных тэатрах, але нас паранейшаму маем патрэбу ў сумоўі. Дзеля гэтага мы і ладзім праекты накталт "Негатываў". На нейтральнай, так бы мовіць, тэрыторыі.
- На п'есу Туркова Вы звярнулі ўвагу, таму што ён ваш сябар?
- Найперш таму, што п'еса добрая. Я нікому не навязваю сваіх ацэнак сучаснай беларускай драматургіі, але ж яе стан выклікае заклапочанасць. Творы, вартыя увагі пастаноўшчыка, з'яўляюцца надзвычай рэдка. П'еса Юрыя Туркова - прыемнае выключэнне з сумнага правіла.
- Вы маглі бы сфармуляваць вашы прэтэнзіі да драматургаў больш даклад?
- Кепская мова і схільнасць да плагіяту. Праўда, гэта бяда усёй постсавецкай літаратуры. Якія б аргументы ні прыводзіліся на карысць "дэмакратызацыі" літаратурнай (і, адпаведна, сцэнічнай) мовы, што б ні казалі пра неабходнасць набліжэння яе да пабытовай гаворкі, прыняць творы, напісаныя сленгам, а тым больш - матам, я не магу.
Пытанне плагіяту больш складанае. Стрыжань сусветнай літаратура складаюць ці то пяць, ці то семь сюжэтаў. Літаратараў, здольных прадставіць іх пановаму, нараджаецца дватры на стагоддзе. Такім чынам, перайманне - нармальная з'ява ў творчасці. Але насамрэч існуе мяжа, за якой перайманне становіцца плагіятам, пірацтвам. Глядач альбо чытач гэту мяжу не заўжды адчувае, але для прафесіянала яна заўжды відавочная.
- Вернемся, аднак, да "Негатываў"... У рэкламнай улётцы паведамля, што дзея п'есы адбываецца ў Швейцарыі і Францыі у стагоддзі, якое мінула. Яе героі - заходнееўрапейцы. Атрымліваецца, што п'еса беларуская толькі таму, што яе аўтар наш суайчыннік?
- Геаграфічная прывязка падзей ў дадзеным выпадку - рэч умоўная.Тое, пра што распавядаецца ў п'есе, адбываецца паўсюль і заўжды. Галоўныя падзеі не звонку, а ў чалавечай душы.
Гутарыў Пётра Васілеўскі.
Марш "альтанцаў" і хор гасцей
У суботу я доўга вырашала: ці мне даглядаць "Танцы з зоркамі" па тэлебачанні, ці паехаць у Менск на вечарыну беларускай музыкі і спеваў, якая абяцала ўсё ж такі новыя ўражанні. Віхурыстая завея не перашкодзіла сустрэцца ў сталіцы шматлікім слухачам і артыстам з Залесся. Вы чулі пра князя Міхала Клеафаса Агінскага - дзяржаўнага дзеяча, дыпламата, былога паўстанца, кампазітара - аматара? У сваіх мемуарах ён пісаў: "28 красавіка 1802 года я з'ехаў з Пецярбурга з намерам назаўсёды пасяліцца ў вёсцы, недалёка ад Вільні...". Раю вам прачытаць кнігу Сяргея Верамейчыка "М. Кл. Агінскі. 17651833. Продкі, жыццё у Залессі, нашчадкі", якую мне пашанцавала набыць у гэты вечар, а таксама ўжывую пазнаёміцца з аўтарам - вядомым мастаком і краязнаўцам, які працуе ў галіне музейнай педагогікі менавіта ў згаданых мясцінах.
Яго вучні і выхаванцы займаюцца ў майстэрні малявання "Апалонік" і тэатральнамузычнай студыі "Альтанка". Салістаў дзіцячай оперы мы з вялікім задавальненнем паслухалі ў гасцёўні "Маладзік" Менскага палаца дзяцей і моладзі. Выконваліся творы з музычнай скарбніцы залескага краю: народныя мелодыі і сучасныя п'есы, паланэзы і полькі, "Марш альтанцаў" і "Хор гасцей". Як было не заспяваць усім разам: "Просім сонца край каханы абудзіць і абагрэць!" Вывучылі яшчэ песню пра Залессе і такім чынам атрымалі запрашэнне на чарговыя ўгодкі М. Кл. Агінскага, якія збіраюць 25 верасня людзей, цікаўных да гісторыі і культуры Бацькаўшчыны.
У сталіцы цяпер жыве знакаміты музыкант Алесь Лось, вядомы нам па спектаклях "Батлейкі", канцэртах старадаўняй музыкі. Ён шмат вындраваў, запісваў музыку і спевы на Смаргоншчыне, аднаўляў музычныя інструменты, такія як дуда, напрыклад, і нават вельмі архаічныя танцы. Сучаснай моладзі і сталым людзям даспадобы прыйшліся полька "Паспалітоўка", "Траяна", "Смаргонка", урачысты танец "Віват", паланэз Т. Касцюшкі у выкананні капэлы Алеся Лася.
Песні, жарты, знаёмства з дзіцячай операй заахвоцілі слухачоў на далейшыя сустрэчы, якія ўдала ладзіць гаспадыня Ірына Марачкіна, краязнаўцы і музыкі з Менска і Залесся. Палац моладзі ўзнагародзіў таленавітых дзяцей, іх кіраўнікоў прызамі - падарункамі, сустракаў і праводзіў - апладысментамі. Такая імпрэза не забываецца!
Яна ТРУБАЧ.