№ 12 (748) 22 САКАВІКА 2006 г.
25 сакавіка - 88-я ўгодкі БНР
Дзень Волі. Крыж змагання.
Гэтая нацыянальная вайсковая ўзнагарода была заснавана беларускім генералам С. БулакБалаховічам, як узнагарода за баявыя вычыны. Узнагарода ўяўляла сабой крыж са срэбра формы Крыжа Св. ГеоргіяПераможцы. Ордэн пакрыты белай эмаллю і насіўся на шырокай чорнай стужцы з залатой вузкай каймой. У цэнтры крыжа быў замацаваны срэбны медальён у выглядзе лаўровага вянка, перавязанага ўнізе, унутры якога перад перакрыжаваным мячом і паходняй знаходзілася выява чалавечага чэрапа.
Арыгінальны асобнік гэтай легендарнай узнагароды днямі дастаўлены ў Музей выяўленчага мастацтва, фонд Анатоля Белага, і размешчаны на стэндзе, прысвечаным Героям Слуцкага збройнага чыну і Змагарам за незалежнасць Бацькаўшчыны 19181922 г. г.
(Працяг тэмы на ст. 5.)
У МЕНСКУ АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЕНТАЦЫЯ НОВЫХ КНІГ ВЫДАВЕЦТВА "БЕЛАРУСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ" ІМЯ П. БРОЎКІ"
10 сакавіка ў Менску ў Грамадскім прэсцэнтры Дома прэсы адбылася прэзентацыя новы кніг выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі".
Як зазначыў галоўны рэдактар выдавецтва Генадзь Пашкоў, на аснове 18томнай "Беларускай энцыклапедыі", завершанай у 2004 годзе, распачаты выпуск галіновых энцыклапедый. Сярод іх двухтомныя выданні "Тэатральная Беларусь", "Вялікае княства Літоўскае" і "Беларускі фальклор". Галоўны рэдактар выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што універсальная і нацыянальна арыентаваная літаратура, якая выпускаецца выдавецтвам, не даходзіць да кожнай публічнай бібліятэкі краіны і многіх высокапастаўленых чыноўнікаў.
Паводле слоў адказнага сакратара выдавецтва Людмілы Календы, першы том рускамоўнага шасцітомніка "Рэспубліка Беларусь", які ўключае больш за тысячу артыкулаў, па сваім аб'ёме не мае аналагаў у свеце. "У ім прадстаўлены не толькі самыя апошнія абагульненыя даныя па ўсіх галінах жыцця краіны, але і шэраг новых тэм, што тычацца праблем нацыянальнай бяспекі і ідэалогіі беларускай дзяржавы. У параўнанні з 18томнай "Беларускай энцыклапедыяй" у новым выданні амаль цалкам абноўлены ілюстрацыйны матэрыял, а найбольш важная інфармацыя выдзелена плашкамі", - паведаміла Л.Календа. Паводле яе слоў, выпуск шасцітомніка будзе завершаны ў 2008 годзе.
Загадчык рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва Вольга Войніч прадставіла першы том ілюстраванага двухтомніка "Беларускі фальклор", прысвечанага абрадам, звычаям, традыцыям і вераванням беларусаў, іх вуснапаэтычнай творчасці, а таксама фалькларыстычнай навуцы, яе гісторыі, даследчыкам, збіральнікам і папулярызатарам нацыянальнага фальклору. "Варта мець на ўвазе, што найбагацейшы беларускі фальклор з'яўляецца самым захаваным у Еўропе", - падкрэсліла В.Войніч. Паводле яе слоў, другі том выдання выйдзе гэтай вясной.
Вядучы маркетолаг выдавецтва Віктар Рабкоў расказаў аб перавыданні кнігі на рускай мове "Верхняе Падняпроўе і Беларусь. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай Айчыны", упершыню выданай у 1905 годзе пры ўдзеле вядомых вучоных Пятра СямёнаваЦянШанскага і Мітрафана ДоўнарЗапольскага.
Аўтары кнігі разгледзелі актуальную сёння праблему магчымага ўплыву асушэння Пінскіх балот на клімат Палесся", - сказаў В.Рабкоў.
М. Гаравы, БелаПАН.
220 гадоў з дня народзінаў Яўхіма Лелявеля
ЛЕЛЯВЕЛЬ (Lelewel) Яўхім (22.3.1786, Варшава - 29.5.1881), гісторык, грамадскі дзеяч. Яго маці Е. Шалюта паходзіла з Беларусі. Скончыў Віленскі ун-т (1808), дзе ў 1815-18 і 1821-24 выкладаў, узначальваў кафедру ўсеагульнай гісторыі. Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў час. «Tygodnik Wilenski» («Віленскі тыднёвік»). У 1824 пасля раскрыцця тайных студэнцкіх т-ваў філаматаў і філарэтаў як іх ідэйны натхняльнік звольнены з пасады, пераехаў у Варшаву. У 1830-31 дэп. сойму. У час паўстання 1830-31 старшыня Патрыятычнага таварыства; уваходзіў у склад Часовага ўраду, займаў у ім найб. левыя пазіцыі. Лічыцца аўтарам дэвізу "За нашу і вашу свабоду". З 1831 у Парыжы, дзе арганізаваў Нац. польскі к-т. За рэв. дзейнасць і адозву «Да братоў рускіх», надрукаваную к-там, высланы з Францыі. З 1833 у Бруселі, ідэйны кіраўнік польскіх дэмакр. арг-цый «Маладая Польшча», «Аб'яднанне»; разам з К.Марксам і Ф.Энгельсам удзельнічаў у інтэрнац. дэ-макр. асацыяцыі. Заснава-льнік і гал. прадстаўнік рамантычнай школы ў польскай гістарыяграфіі. Даследаваў гісторыю Польшчы, Беларусі і інш. слав. краін. Незалежна ад Цьеры і Гізо прыйшоў да разумення гісторыі як барацьбы класаў. Паслядоўна падкрэсліваў творчую ролю нар. мас у гісторыі. На яго думку, першапачатковым грамадскім ладам Польшчы (як усіх слав. краін) з'яўлялася сельская абшчына, якая была знішчана заваёўнікамі, якія ператварыліся ў пану-ючы клас і ўсталявалі панаванне буйных феадалаў. Працы Л. вызначаюцца ан-тыфеад. накіраванасцю, варожасцю да нацыяналізму, клерыкалізму, выкрываюць і асуджаюць нац. пры-гнёт бел. і ўкр. народаў у Рэчы Паспалітай. У «Гісторыі Літвы і Русі аж да Люблінскай уніі з Польшчай 1569 года» (1839) побач з Вял. Ноўгарадам паставіў сярэдневяковую «рэспублі-ку» Полацка, пісаў пра ўсх.-слав. культуру, пра вял. значэнне старабел. мовы ў ВКЛ. Разам з праф. Віленскага ун-та Х. Даніловічам вывучаў помнікі бел.-літ. права, у 1841 у Познані яны ўпершыню выдалі Статут Вяпікага Княства Літоўскага 1529 на тагачаснай бел. мове (лацінкай). Супрацоўнічаў з бел. славістам М.К. Баброўскім. У 1821 І.Х. Грыгаровіч пераклаў на рус. мову ўрывак з працы Л. пра польскага гісторыка М. Халеву. І. Савініч перакпадаў на рус. мову «Гісторыю Польшчы» Л. Пад уплывам Л. фармавалася пакаленне рэвалюцыянераў 1860-х г. на чале з К. Каліноўскім і З. Серакоўскім.
З. ВАЙЦЮШКЕВІЧ ПРАДСТАВІЎ МЕНСКАЙ ПУБЛІЦЫ НОВЫ АЛЬБОМ "ТАНГА З РУЖАЙ"
Зміцер Вайцюшкевіч 16 сакавіка прадставіў менскай публіцы свой новы альбом - "Танга з ружай", у аснову якога ляглі вершы Уладзіміра Някляева.
"Герой дыска - чалавек, які любіць Беларусь, неабыякавы да таго, што робіцца ў краіне, чалавек, які шукае свой шлях і ў той жа час хоча застацца самім сабой, - сказаў музыкант на прэзентацыі альбома, якая прайшла ў адным са сталічных клубаў. - У гэтым альбоме ёсць Някляеў як паэт, ёсць і карціна пэўнага этапа ў жыцці. Я пісаў пра героя свайго часу. Для мяне танга - гэта жыццёвы шлях, некаторая ўнутраная барацьбы ўнутры сябе, спроба калі не адказаць, то хаця б зноў задаць сабе звычайныя пытанні: для чаго мы, хто мы, з кім мы?"
"Някляеў, калі можна так сказаць, - сучаснік эпохі, - лічыць З. Вайцюшкевіч. Мне здаецца, я знайшоў штосьці сваё, вельмі мне зразумелае і блізкае ў яго вершах."
Таццяна ДАРАШЧОНАК, БелаПАН.
Змагар за родную мову
11 ліпеня 1885 года ў вёсцы Нецькі на Свіршчыне нарадзіўся душпастыр, каталіцкі святар, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20-га стагоддзя Францішак Андрэевіч Рамейка.
У гэты час Нецькі склада-ліся з дзвюх аднаіменных частак, налічвалі 13 двароў і 134-х жыхароў. Як бачна, у сям'і ў сярэднім было больш 10 душ, што стала прычынай міграцыі людзей у пошуках заробку, па-гэтаму ў 1904 годзе тут налічвалася ўжо 84 чалавекі. Шматдзетнай была і сялянская сям'я беларусаў-католікаў Андрэя і Антаніны з Янцэвічаў Рамейкаў. Свірскі ксёндз Казімір Валюнас параіў бацькам набожнага хлопчыка Францішка вывучыць на ксяндза, паабяцаў дапамогу.
У лістападзе 1903 года 18 гадовы юнак вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі.
У 1905 годзе паступае і ў 1909 годзе заканчвае Віленскую духоўную семінарыю, дзе ў час вучобы пасябраваў з будучым выдатным светаром і беларускім пісьменнікам з Лакцян (зараз Астравецкі р-н) Янкам Семашке-вічам (псеўданім Янка Быліна).
Спачатку малады святар атрымоўвае пасаду вікарыя пры бернардзінскім касцёле ў Вільні, потым яго пераводзяць вікарыем ў мястэчка Іўе Ашмянскага павету.
З 1910 па 1921 год ён працуе пробашчам у парафіях Сельцы Пружанскага, Шарашова Дзісненскага паветаў.
Францішак Андрэевіч вызначаўся энергіяй і ініцыятыўнасцю, меў выдатныя музыкаль-ныя здольнасці: ахвотна спяваў сам, вучыў моладзь і дзяцей спяваць па-беларуску. Спеў суправаджаў ігрой на гітары, чым ажыўляў кожную спеўку. Ён з ахвотай гутарыў з людзьмі на роднай мове на ўсякія гаспадарчыя і грамадскія тэмы, быў у парафіі сваім чалавекам, які разумеў іх і яны яго разумелі і з ахвотай усюды прымалі.
Пробашч Францішак Рамейка выступаў за шырокае ўжы-ванне беларускай мовы ў рэлі-гійным жыцці беларусаў-католікаў. Ён матэрыяльна падтрымліваў выданне беларускіх каталіцкіх часопісаў і газет - "Bielarus", "Krynica" і інш., дабраахвотна распаўсюджваў сярод вернікаў газету "Krynica", евангеле, кніжкі для набажэнства, календары на беларускай мове.
1923 год. Ф. Рамейку пераводзяць у Задарожжа Дзісненскага павету. Вёска знаходзілася воддаль ад дарог, у глушы, размяшчалася на гліністым грунце, што туды ў дажджлівае надвор'е нельга было ні даехаць ні дайсці. Касцёл узвышаўся над усёй ваколіцай і быў бачны здалёку. Будынак быў прыгожы, высокі, вежы проста стралялі ў неба.
Вернікі гэтай парафіі былі шчырымі беларусамі і навуку ў касцёле на польскай мове разумелі не ўсе. Калі ксёндз - паляк, бача-чы, што яго няўважліва слухаюць ці дрэнна разумеюць, пачынаў крычаць, то бабы пачыналі плакаць.
Аднойчы здарыўся такі канфуз. Перад вернікамі выступіў на польскай мове прафесар Віленскага ўніверсітэта і гаварыў аб песімізме і меланхоліі беларусаў, дык потым "разумнейшыя" сцвярджалі, што ён "загадаў маліцца за душу святой Меланхоліі"..
Аднойчы летам пярун ударыў у касцёл, прабіў франтавую сцяну, пакінуўшы на сцяне на хорах фіялетавую пасму, папса-ваў арган. Супраціўнікі беларускасці сталі распаўсюджваць чуткі, што гэта здарэнне - Божая кара за тое, што на хоры ігралі і спявалі беларускія набожныя песні.
Пробашчу прыйшлося расказаць вернікам аб прыродзе паходжання грому і маланкі, а на касцёле ўстанавіць громаадвод.
Польскія ўлады імкнуліся правакаваць вернікаў выступіць супраць беларускай мовы ў кас-цёле.
15 жніўня 1923 года на адно са святаў Ф. Рамейка прапанаваў святару Я. Германовічу сказаць "навуку" да вернікаў.
- Калі я пачаў гаварыць навуку па-беларуску, - успамінаў кс. Я. Германовіч, - то з прэзбітэрыя выйшаў стары высокі чалавек з барадой і пачаў прамаўляць да людзей: "Выходзьце, выходзьце!" Людзі далі яму дарогу, але з касцёла ніхто не выйшаў. Гэта быў мясцовы пан-асаднік Яцына.
Другі раз гэты самы пан у час набажэнства ля капліцы закрычаў: "Досыць табе па-маскевску гадаць!" Яшчэ нешта крычаў, аж пакуль над яго галавой не паказаліся кулакі. Яцына ўскочыў на воз і выцяў па кані. Сяляне ўслед яму запусцілі некалькі камянёў.
Вось у такіх умовах праводзіў у жыццё ў касцёлах родную мову наш зямляк.
Яшчэ адзін выпадак. У пачатку 1924 года памёр ксёндз Шаркаўшчынскай парафіі Зянон Якуць. На хаўтурах сярод 11 святароў быў і Ф. Рамейка. Казанне на літургіі па-польску прамаўляў Ідэльфон Бобіч.
- Трэба, каб было і беларускае казанне, - сказаў Ф. Рамейка. - Якуць наш родны беларус. Ён тут гаварыў па-беларуску. Дык брыдка было б , каб па ім ніхто не сказаў бы па-нашаму.
Усе пагадзіліся, і прачуленае казанне трымаў Я. Германовіч.
За пашырэнне беларускай мовы ў касцёле і паўсядзённым жыцці парафіян ксёндз пераследаваўся польскімі свецкімі і ду-хоўнымі ўладамі. У канцы 20-х ён быў часова пазбаўлены права займацца душпастырскай дзей-насцю.
У 1931 годзе ксёндз Францішак прыбыў у Вільню. Аднойчы зайшоў на кватэру айца Адама Станкевіча. Гаспадыня пакінула яго ў кватэры. Ф. Рамейка быў вельмі ўзрушаны з-за дыскрымінацыі і псіхалагічнага ўціску з боку польскіх духоўных улад Віленскай дыяцэзі. Ён, чакаючы вяртання Станкевіча, знайшоў схаваны пісталет і застрэліўся.
Гэта здарылася 16 чэрвеня 1931 года. Святар не змог спакойна перажыць націск польскай палітычнай, духоўнай улады супраць беларускай дзейнасці ў касцёле і парафіі.
Біскуп растлумачыў гэты выпадак як нервовы шок і дазволіў пахаваць яго з ксяндзом, але раненька, без народу.
Дзякаваць Богу, які вуснамі Рымскага папы Яна Паўла ІІ зараз заклікаў святароў маліцца ў касцёлах на роднай мове, што ў нашых касцёлах гучыць беларускае слова. Значыць, справа, за якую змагаўся наш зямляк ксёндз Рамейка Францішак Андрэевіч, жыве.
Парэшткі нашага земляка ляжаць на Віленскіх бярнардзінскіх могілках.
Я. Драўніцкі.
Справаздача
Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны аб рабоце ў 2005 годзе
Справаздачна-перавыбарная канферэнцыя гарадской арганізацыі ТБМ адбывалася 28.12.2004 г. Таму справаздача робіцца толькі за 2005 год.
У арганізацыі налічваецца 9 суполак, 106 сяброў (што аплацілі складкі).
Арганізацыя працавала ў кантакце з уладамі горада, абласной і гарадской бібліятэкамі, Гарадзенскім універсітэтам, у цесных стасунках з гарадзенскімі суполкамі ТБШ і "Ветэраны Адраджэння", з радай абласной арганізацыі ТБМ.
У лютым 2005 г. арганізацыя атрымала юрыдычны адрас - у доме Саюза палякаў на Беларусі (Дзяржынскага, 32), а 2.03.2005 г. прайшла перарэгістрацыю і атрымала пасведчанне (№30, УНН 500239950). Дзеля арганізацыі беларускага школьніцтва вяліся перамовы з кіраўніцтвам Гарадзенскага гарвыканкаму, але практычных вынікаў пакуль няма. Работа ў гэтым кірунку працягваецца з надзеяй на пэўны поспех.
Былі перамовы з кіраўніцтвам аўтапарка і тралейбуснай управы горада на тэму пашырэння беларускамоўнай інфармацыі для пасажыраў грамадскага транспарту. Пасылаліся адпаведыыя калектыўныя лісты. Нарэшце восенню гэтага года атрыманы пазітыўны вынік, хаця і сціплы на 6ці тралейбусных маршрутах зроблены па-беларуску аўдыёзапіс (вельмі якасны), які ўключаецца кіроўцамі на прыпынках.
Праведзены чытацкія сустрэчы з пісьменнікамі Н. Гілевічам, В. Коўтун, К. Лялько, Д. Бічэль, Ю. Голубам.
Праведзены вечарыны з нагоды юбілеяў Р. Барадуліна, А. Карпюка, і М. Васілька, У. Караткевіча (дзве), мясцовага кампазітара і музычнага педагога Я. Петрашэвіча.
Гарадзенская арганізацыя ТБМ актыўна прычынілася да праведзеных урачыстасцяў, прысвечаных 60-годдзю Гарадзенскай абласной бібліятэкі імя Я. Карскага, да святкавання Дзядоў.
Сабраны складкі сяброў. Адпаведная сума пералічваецца на адрас Сакратарыяту ТБМ.
Старшыня рады Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны А. Пяткевіч.
Справаздача
аб рабоце Наваградскай суполкі "Узвышша" ТБМ імя Ф.Скарыны за 2005 год
1. Сустрэча з маладым па-этам, тэлежурналістам, ураджэнцам Наваградчыны, Зміцерам Арцюхом (сакавік 2005).
2. Арганізацыя прагляду фільма "Навагрудак 1931 год" пра даваенную гісторыю Наваградка, для членаў суполкі "Узвышша" (люты 2005 год).
3. Камп'ютарны набор, вёрстка, дызайн і раздрукоўка зборніка вершаў наваградскай паэткі Марыі Быт "Лісцвяная мяцеліца" (студзень - ліпень 2005).
4. Сустрэча з галоўным рэдактарам часопіса "АRСНЕ" Валерам Булгакавым, галоўным рэдактарам газеты "Наша ніва" Андрэем Дынько, бардам Андрэем Хадановічам (кастрычнік 2005).
5. Камп'ютарны набор, вёрстка, дызайн, раздрукоўка зборніка вершаў Наваградскай паэткі Святланы Абдулаевай "Зімняя вішня" (ліпень - снежань 2005).
6. Сустрэча з пісьменніка-мі Алесем Жлуткай і Здзіславам Сіцькам, галоўным рэдактарам выдавецтва "Тэхналогія" Зміце-рам Санько і ўдзел у прэзентацыі кнігі А.Жлуткі "Міндог кароль Літовіі" і кнігі Здз.Сіцькі "Чалавек які збіраў камяні" пра Ігната Дамейку (снежань 2005).
7. Пераклад з рускай на беларускую мову кнігі пра Біблію і Евангелле па просьбе пастара Наваградскай царквы хрысціян адвентыстаў сёмага дня (лістапад - снежань 2005).
8. Правядзенне штогадовых лялечных Калядных спектакляў "Цар Ірад" Наваградскага тэатра-студыі "Батлейка" на праваслаўныя Каляды 7 студзеня і каталіцкія Каляды 25 снежня для дзяцей - сірот Наваградскай спецшколы - інтэрната, дзяцей інвалі-даў Наваградскага сацыяльна - рэалібітацыйнага цэнтра, для малодшых школьнікаў Наваградскіх школ (студзень, снежань 2005).
9. Правядзенне лекцый па гісторыі Наваградчыны ў навучальных установах горада.
Старшыня суполкі Г. Кавальчук.
СПРАВАЗДВАЧА
ГА Магілёўскай гарадской арганізацым "ТБМ імя Францішка Скарыны" за 2005 год
Студзень.
1. Выстава: "Архітэктура Беларусі"; (а) выстаўлялася на эканамічным факультэце МДУ імя Куляшова; (б) на геаграфічным факультэце МДУ імя Куляшова.
Люты.
1. У Лялечным тэатры па замове ТБМ паказаны спектакль "Шлях у Батлеем".
2. Прымалі ўдзел у саракавінах Валянціна Ермаловіча ў Бялынічах;
3. Арганізавалі паказ спектакля "Мікітаў лапаць" у вёсцы Кадзіна Магілёскага раёна;
4. У дзень "Святога Валян-ціна" былі запрошаны пісьменнікі: Алесь Пашкевіч, Эдуард Акулін, Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Пятровіч. З іх удзелам праведзены сустрэчы: а)у МДУ імя А. Куляшова; б) у абласным ліцэі №1; в) у ДК "Хімвалакно".
Сакавік.
1. Арганізавана выстава ў СШ №15 "Архітэктура Бела-русі";
2. Арганізавана выстава ў абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна, прысвечаная жыццю і творчасці Барыса Кіта да яго 95-годдзя.
Красавік.
1. Праведзена вечарына, прысвечаная 80-годдзю В. Ермаловіча, у якой прымалі ўдзел акадэмік Радзім Гарэцкі, паэт Сяргей Законнікаў; пісьменніца Вольга Іпатава; вядоўца вечарыны Зінаіда Бандарэнка - у Гарадскім цэнтры культуры горада Магілёва;
2. З гасцямі вечарыны, прысвечанай В. Ермаловічу, была праведзена сустрэча ў горадзе Бялынічы;
3. Праведзена "Гуканне вясны".
Травень.
1. Адбылася вандроўка ў г. Горкі (Батанічны сад);
2. Арганізавана выстава "Архітэктура Беларусі" ў гімназіі №1 г. Магілёва.
Чэрвень.
1. Адбылася вандроўка ў горад Прага. Прайшлі сустрэчы: а) з беларускай дыяспарай; б) з прадстаўнікамі радыё "Свабода"; в) наведалі музей.
Ліпень.
1. На "Купалле" наведалі мемарыяльны комплекс "Ляўкі?. Тамсама на імпрэзе, прысвечанай Янку Купалу, адбылася сустрэча з Георгіем Ліхтаровічам.
2. Арганізавана гістарычная экскурсія па г. Магілёве з удзелам краязнаўцы Ігара Пушкіна.
Жнівень.
1. Адбылася вандроўка па Палессі і Заходняй Беларусі па маршруце: Быхаў; Рагачоў; Юравічы; Мазыр; Тураў; Давід-Гарадок; Пінск; Бяроза-Картузская; Косава; Мілавіды; Баранавічы; Слонім; Нясвіж (з удзелам клубу "Чароўны ўспамін").
2. Клуб "Палыкаўскі тракт" правёў вандроўку па Заходняй Беларусі па маршруце: Мілавіды; Косава; Мерачоўшчьна; Ружаны; Зэльва; Ваўкавыск; Свіслач; в. Гудзевічы; адбылася сустрэча з Алесем Белакозам.
Верасень.
1. Прынялі ўдзел у рыцарскім фэсце ў горадзе Ліда.
2. Арганізавалі выставу кветак у ДК "Хімвалакно".
3. Прынялі ўдзел у штогадовым фэсце на Крапіўненскім полі.
Кастрычнік.
1. Вандроўка па маршруце Горкі-Ляўкі.
2. Выстава "Архітэктура Беларусі" ў СІП № 25 г. Магілёва.
3. Прыняцце ўдзелу ў арганізацыі фотавыставы магілёўскага фотамастака Алеся Ліціна.
Лістапад.
1. Выстава "Максім Багдановіч" у СШ№ 25 горада Магілёва.
2. Вандроўка па маршруце "Мсціслаў-Пустынкі";
3. Прыняцце ўдзелу ў выставе "Магдэбургскае права" ў музеі гісторыі Магілёва.
4. Сустрэча з паслом ЗША спадаром Кролам.
5. Клуб "Палыкаўскі тракт" здзейсніў паездку ў тэатр імя Янкі Купалы на пастаноўку М.Пінігіна "Сымон-музыка";
6. Адбылася сустрэча з пісьменнікамі Вольгай Іпатавай, Алесем Петрашкевічам і Зінаідай Бандарэнка.
Снежань.
1. Адбылася выстава ў сярэдняй школе № 11;
2. Прайшла вечарына памяці Валянціна Ермаловіча ў Магілёўскім вучэльні культуры.
Старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ГА ТБМ імя Ф. Скарыны А. Дзьяк.
БЕЛАРУСКАЯ АРЫГІНАЛЬНАСЦЬ
Добры дэень, паважаная рэдакцыя!
У "Нашым слове" (асабліва ў 1994 - 1995 гадах, напачатку пашпартызацыі) шмат разоў закраналіся пытанні транскрыпцыі, транслітарацыі і беларускай лацінкі. Хацелася б зноў закрануць гэтую тэму, асабліва тыя яе бакі, пра якія не пісалася.
Пра сябе.
Паходжу з вёскі Камаі (Пастаўскі раён, Віцебская вобласць). У 2003 годзе скончыў БДПУ імя М. Танка па спецыяльнасці «Пачатковае навучанне, беларуская мова і літаратура». Падчас напісання дыпломнай працы на тэму «Браніслаў Тарашкевіч і яго «Беларуская граматыка для школ»» зацікавіўся беларускай лацінкай. Знайшоў шмат інфармацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы (у асноўным у газетах «Наша слова» і «Наша ніва») і ў Інтэрнэце.
У 2003-2005 гадах вучыўся на двухгадовым Пасля-дыпломным Гуманітарным курсе ва Універсітэце імя Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне. Польская адукацыя папоўніла недахоп ведаў пра лацінскі алфавіт і яго прыстасаванне для іншых моў, які застаецца пасля заканчэння беларускай ВНУ.
У Польшчы кожны малодшы школьнік ведае асновы напісання іншамоўных імёнаў, прозвішчаў, назваў і ведае, што яго імя і прозвішча ва ўсіх мовах лацінскім алфавітам пішацца аднолькава. Лацінскі алфавіт не атаясамляецца толькі з польскай або толькі з ангельскай (як на Беларусі) мовай. У нас жа мала хто ўмее правільна напісаць сваё імя і прозвішча лацінскімі літарамі, хаця лацінскія літары ўжываюцца часта, замежныя мовы вывучаюцца ў школах. Чамусці нават прафесіянальныя ангельскія філолагі не ведаюць пра напісанне ў арыгінале.
Кожны носьбіт мовы, графічная сістэма якой заснавана на лацінскім алфавіце, добра ведае, што ўласныя назвы, прозвішчы, імёны лацінскімі літарамі заўсёды пішуцца ў арыгінальным варыянце. Беларусы ж аказаліся найбольш арыгінальнымі маючы свой, беларускі, варыянт лацінскай графікі, змаглі без сумненняў ад яго адмовіцца на карысць чужога ангельскага алфавіту. Ангельская мова і графіка, невядома чаму, на постсавецкай прасторы (дакладней, на той яе частцы, якая карыстаецца кірыліцай) аказалася найвышэй у моўнай іерархіі. Яе правілы аказаліся нават больш значнымі, чым "графічнага" продка лацінскай мовы. Ігнаруючы ўсе прапановы вучоных, у т. л. Інстытута мовазнаўства АН Беларусі ("Наша слова", 5 кастрычніка 1994 г.), узяліся на ўсялякія лады транслітараваць свае імёны, прозвішчы, тапонімы. Заадно адмовілі ў правільным напісанні сваіх прозвішчаў і імёнаў і прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў, якія жывуць на Беларусі. Так рускі Іваноў абавязкова мусіць быць Ivanou , а не Ivanov , а паляк Кавалеўскі Kavaleuski , а не Kowalewski . Гэтыя прозвішчы носяць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. У беларускай графе ў пашпарце яны, безумоўна, павінны пісацца пабеларуску, а вось лацінскімі літарамі у залежнасці ад нацыянальнасці грамадзяніна. У форме № 1 заявы на атрыманне пашпарта ёсць графа для лацінскага варыянту імя і прозвішча, якая запаўняецца па жаданні. Але яе прызначэнне мала хто ўсведамляе, пераважная большасць грамадзян не запаўняе. Грамадзяне проста ўпэўненыя, што імя і прозвішча напісаныя паангельску. Але ж паангельску Іван будзе John , Пётр Pether , Фёдар Theodor . А беларускі Іван павінен застацца Іванам, таму імёны і не перакладаюцца. Пры атрыманні іншых дакументаў з лацінскім напісаннем (напрыклад, пасведчання кіроўцы) магчымасці выбару ўжо няма, транслітарацыю робіць кампутар. Атрымліваюцца разыходжанні з пашпартам. Імя і прозвішча выконваюць індэнтыфікацыйную функцыю. Яны паказваюць на нацыянальнасць або паходжанне, калі гістарычная радзіма загубілася ў глыбіні стагоддзяў, прыналежнасць да сям'і, нават з'яўляюцца сувяззю з продкамі. Чалавек можа ганарыцца, калі ён і яго прозвішча становіцца знакамітым, калі ёсць знакамітыя продкі або родныя. Таму нават дзіўна, калі чалавеку няма розніцы, як напісаны яго асабістыя імя і прозвішча.
У некаторых беларусаў нават выпрацавалася своеасаблівае пакланенне перад ангельскай мовай. Усе беларускія гандлёвыя маркі і назвы гарадоў (у тым ліку на мапах і дарожных знаках) таксама пішуцца на ангельскі манер, нават лацінскага паходжання ( "Yubileynaya" ). Вельмі часта з памылкамі, вельмі непаслядоўна часам, з беларускай, часам, з рускай мовы. Вось і маем Milavitsa (Мілавітса), Vityaz (Вітыаз або Віт'яз), Alesya (Алесыа або Алес'я), Belshina (Бэльсгіна), Luch (Люх або Люш і г. д.), Vitsebsk (Вітсэбск). У іншаземцаў узнікне толькі вялікае ўражанне аб неадукаванасці нашых філолагаў. Што ж казаць яны (філолагі) не ведаюць нават трэцяй літары лацінскага алфавіта "С" (Milavitsa, Vitsebsk, Polatsk). I ні пры чым тут ангельская граматыка, гэта ж не ангельскія назвы. Не разумеюць нашы філолагі таксама розніцу паміж лацінскім "е" (кірылічнае "э" ), кірылічным "е" (пры перадачы лацінскім алфавітам "іе" , "jе" ) і, нават, кірылічным "ё" ( "іо" , "jo" )• Вельмі непаслядоўна выкарыстоўваюцца "і", "у", "j" . I шмат іншых аналагічных момантаў.
Але філолагі з Беларусі зрабілі яшчэ большае "вынаходжанне" транслітарацыю з мовы з лацінскай графікай на іншую мову з лацінскай графікай... за пасярэдніцтвам кірыліцы! Гэтае "вынаходніцтва" вельмі выразна відаць у беларускай турыстычнай і гістарычнай літаратуры на іншых мовах. Можна вельмі доўга дыскутаваць аб нацыянальным паходжанні Міцкевіча, Манюшкі, Агінскага, Касцюшкі, Ажэшкі, Шагала. Але можа пакінуць ім тыя прозвішчы, якімі яны самі падпісваліся? А падпісваліся яны папольску, за выключэннем Шагала, які свядома прыняў французкае напісанне прозвішча Chagall . I ў тэксце на ангельскай, французкай, нямецкай або іншай мове гэтыя прозвішчы будуць пісацца Mickiewicz, Moniuszko, Oginski, Kosciuszko, Ozeszko, Chagall . Толькі не ў літаратуры, выдадзенай на Беларусі, дзе можна сустрэць па некалысі варыянтаў, акрамя правільнага Mickiewich , Mitskiewich , Mickiewicz (правільна!), Mizkiewitsch , Aginski , Oginski (правільна!), Maniushka, Azheshka, Ozheshko, Kastsiushka, Tadeush Kostyushko . Нават у адной кнізе сустракаецца па некалькі варыянтаў аднаго і таго ж прозвішча. З аднога прозвішча атрымліваеціда некалькі розных. I англічанін, амерыканец або немец, які нават цікавіцца славянскай літаратурай і шмат чытаў, напрыклад, пра Міцкевіча, сутыкнуўшыся з літаратурай на сваёй роднай мове, выдадзенай на Беларусі, можа нават не зразумець, што напісана пра таго самага Міцкевіча. Бо прозвішча можа адрознівацца ад арыгінала на 4 літары (з 10!).
Падобная сітуацыя складваецца з напісаннем аўтамабільных марак у дакументах (напрыклад, страхавых полісах). Пішацца Shkoda, Реzhо і г. д. Хаця паангельску, панамецку, папольску ... будзе Skoda (або Skoda дапускаецца напісанне без дыякрытыка), Peugeot. .. А гэта ўжо можа стаць юрыдычнай праблемай, калі страхоўка аформлена на аўтамабіль неіснуючай маркі. Няўжо ў свеце так многа аўтамабільных марак, што цяжка стварыць у ДАІ агульную базу дадзеных з правільным напісаннем і на падставе яе правільна пісаць у рэгістрацыйным пасведчанні?!
Вырашэннем праблемы было б прынацце на дзяржаўным узроўні адзіных нормаў напісання беларускіх імёнаў, прозвішчаў, назваў. Найлепш беларускай лацінкі з улікам прапаноў Інстытута мовазнаўства АН Беларусі з 1994 года. Не малаважна, што беларуская лацінка значна бліжэйшая да сістэмы транслітэрацыі ISO, чым транслітaрацыя на ангельскі манер. Да ISO беларускія ўлады вельмі неабыякавыя, калі справа датычыцца рухавікоў, але зусім не заўважаюць, калі гаворка ідзе пра родную мову. Напісанне назваў беларускіх населеных пунктаў на мапах, выдадзеных у Еўропе, робіцца па сістэме ISO. А для еўрапейца розніца ў некалысі літар гэта ўжо іншы населены пункт. I іншаземны турыст, якога так стараецца прыцягнуць беларуская дзяржава, прыехаўшы на Бэлярус (Belarus) , можа проста не зразумець, што Ivacevicу на мапе гэта Ivatsevichy на дарожным знаку. Калі б лацінка была прынятая на дзяржаўным узроўні, замежныя выдавецтвы хутка пераключыліся б на яе пры выдавецтве мапаў. Беларускія назвы пісаліся б таксама, як пішуцца назвы на мапах нашых суседзяў Літвы, Латвіі, Польшчы. Ніколі не сустракаецца Chenstokhova і Shyaulyay , толькі Czestochowa і Siauliai . У кожнай мове існуе толькі пэўная абмежаваная колькасць іншаземных назваў, якія маюць традыцыйнае напісанне (напрыклад, Moscov паангельску, Paryz , Rzym папольску, Gardinas (Гaродня) палітоўску). Для таго, каб іншаземцам было лягчэй прачытаць словы, напісаныя беларускай лацінкай, мела б сэнс у кнізе або на мапе размясціць табліцу з літарамі беларускай лацінкі і адпаведнымі літарамі ангельскай, французкай, нямецкай, польскай або іншай мовы. Таксама важна абавязкова захоўваць арыгінальнае напісанне імёнаў, прозвішчаў, назваў, якія першапачаткова пісаліся лацінскімі літарамі і былі транслітараваныя на кірыліцу, як прынята ў сусветнай практыцы. Любая з сістэм транслітарацыі, якімі карыстаюцца на Беларусі створана толькі для транслітарацыі з кірыліцы на лацінскі алфавіт, а, ні ў якім разе, з лацініцы на лацініцу.
А філолагам, якія займаюцца перакладамі на заходнія мовы, можна параіць паглядзець амерыканскія фільмы (асабліва тытры) і паразважаць, чаму паангельску пішацца David Duchovny , Arnold Schwarznegger , Chevrolet. .. I чаму героі гэтых самых фільмаў заўсёды па літарах кажуць, як пішацца прозвішча. Продкі сучасных амерыканцаў шмат год таму прыехалі ў Амерыку, але ў прозвішчах захоўваюць арыгінальнае напісанне, якое не падлягае правілам ангельскай арфаграфіі.
Павел Давідоўскі.
Дуля ў кішэні
Да чаго жывучыя персанажы вядомай у тэатра-льных колах купалаўскай п'есы "Тутэйшыя", у якой па-мастацку акрэслены воблік яе галоўнага "героя" Зносака. Сустракаю неяк на вуліцы знаёмага па гарадскому рынку гандляра рознай бытавой драбязой. Мужчына сярэдніх гадоў, увішны, ветлівы, любіць пагутарыць. Прапаную яму свежы нумар "Народнай волі", які сам паспеў прачытаць.
- Не трэба" - замахаў рукамі перад сваім тварам мужчына. - Я палітыкай не цікаўлюся, газет не выпісваю.
Тлумачу яму, што прапанаваная газета прафесійна асвятляе шматграннае жыццё рэспублікі. Бяры, пачытай, а вяртаць не трэба.
- Усёроўна не жадаю, хачу быць далей ад палітыкі, я ёй нашу дулю ў кішэні, - хітраватай ухмылкай на твары завяршыў свой сповед мужчына і пайшоў сваёй дарогай.
Літаральна праз дзён тры-чатыры маладжавы мужчына ў цёплай камізэльцы і капялюшы прыпыняе мяне на той жа вуліцы і гаворыць:
- Я вас бачу ў царкве ў нядзелю, сам яе наведваю.
І працягвае для вітання руку. А я яго бачу першы раз і пацепваю плячыма - пра што з ім весці гамонку? Дай, думаю, спытаю, якія газеты ён выпісвае. Ці цікавяць яго незалежныя выданні. А ён тут жа адказаў ужо знаёмай мне завядзёнкай абывацеляў:
- Палітыкай не цікаўлюся, газет не выпісваю ўжо чатыры гады. Чытаю толькі багаслоўскія кніжкі.
Размова далей не клеілася, я пастараўся адкланяцца ад незнаёмца. А сам успомніў, што у шматкватэрным доме паблізу, дзе пражываюць не толькі пенсіянеры, а і маладыя сем'і з увогуле здавальняльнымі матэрыяльнымі дабротамі, апускае ў паштовыя скрынкі не болей дзесяці газет. І ніводнай незалежнай (пакуль яны не страцілі права на падпіску праз "Белпошту"). Не прыбавілася падпісантаў нават пасля праводзімай паўсюль падпісной абавязалаўкі на дзяржаўныя рэспубліканскія газеты. Значыцца, і сярод гэтых людзей нямала такіх, хто носіць дулю ў кішэні і трымаецца далей ад палітыкі. Такія напружвацца, думаць не любяць. Адным словам - " тутэйшыя", якім дастаткова заставацца шэрымі, пасрэднымі, не высоўвацца.
Распад СССР і ўтварэнне незалежнай Беларусі адбыліся насуперак волі мільёнаў савецкіх абывацеляў, або, прынамсі, без іх удзелу. Выхаваныя ў рабстве і страху перад уладай, большасць людзей засталіся рабамі і ніякія лозунгі, улёткі не могуць кампенсаваць адсутнасць унутранай свабоды.
Спяваў акардэон на рынку
Марозным, з ветрам і калючым снегам, суботнім ранкам гарадскі рынак ужо шумеў, як разбуджаны веснавым сонцам пчаліны вулей. Людзі з хмурымі, заклапочанымі тварамі, з сумкамі і сеткамі ў руках, шнуравалі па вузкіх праходах паміж шапікамі, абыходзячы каляіны і выбоіны на асфальце. Зрэдку дыктарка з канторы паблізу агалошвала праз галоснік чарговую абвестку. І настрой у мяне, шчыра кажучы, быў не лепшы, як у соцен наведвальнікаў рынку, пакуль не прыпыніў крок ля крытага шыкоўнага шапіка па продажу песенных дыскаў. З рэпрадуктара над уваходам у яго нечакана палілася саграваючая сэрца і душу цудоўная мелодыя акардэона, а ўслед - эстрадная, пра каханне песня, у якой паўтараліся словы "Парыж, Парыж..." - пра горад, поўны любові і рамантыкі. Раней я не чуў гэтай песні. А тут, зачараваны, спыніўся і "прыліп" да сцяны шапіка. А людзі праходзілі побач, і хоць бы хто прыпыніў крок, каб атрымаць асалоду ад напеваў акардэона і невядомага песняра. Аглядаю наваколле, каб убачыць каго-небудзь са сваіх знаёмых і клікнуць: "Гэй, сябар, падыйдзі паслухаць песню са мною!"
Чорта з два! Нідзе ні душы знаёмай, а толькі чужыя, абыякавыя да ўсяго таго, што мяне тут аблашчыла. Стала сумна, як і ад таго, што на дзесятках шапікаў і магазінаў (за выключэннем аднаго) вочы калолі рускамоўныя шыльды і шыльдачкі - быццам рынак не ў цэнтры Беларусі знаходзіцца, а недзе ў расейскай глыбінцы.
Мікола Кутнявецкі.
Сустрэчы ў ТБМ
22.03. 18.00. Захаванне і вывучэнне помнікаў гісторыі і культуры. Чарняўскі М. М. 23.03. 18.00. Гістарычная тапаграфія і тапаніміка Менска. Грыцкевіч А. П. 27.03. 18.00. Гістарычныя ваколіцы. Вандроўкі ў прасторы і часе. Арлоў У. А. 29.03. 18.00. Як жыць лепей ва ўмовах эканамічнай і палітычнай сітуацыі краіны. Дзіцэвіч Л. М. 30.03. 18.00. Гістарычная тапаграфія і тапаніміка Менска. Грыцкевіч А. П.
30.03. 19.30. Як ствараць суполку ТБМ? Кручкоў С. М.
Вул. Румянцава, 13. Уваход вольны.
Распачалася праца беларускіх католікаў па беатыфікацыі фундатара касцёла Св. Сымона і Алены ў Менску Эдварда Вайніловіча
(Працяг. Пачатак у № 6.)
Лёс, які так жорстка пераследаваў Вайніловіча пры жыцці, не даў яму магчымасці спачыць на Савіцкім кургане побач з магіламі дарагіх яго сэрцу бацькоў і дзяцей, пра што ён усё жыццё гаварыў і што выказаў у сваім тастаманце, не прэтэндуючы на пышны адыход, а спадзяючыся на пахаванне ў простай хваёвай дамавіне.
Сваю апошнюю волю ён выказаў словамі: "Развітваюся з вамі, лясы з памяццю мінулых пакаленняў. Развітваюся з вамі, палі, аблітыя потым маіх бацькоў".
Нашчадка сваіх уладанняў заклікаў, каб ён ішоў дарогамі, пракладзенымі ім і яго продкамі ў меру іх сілаў і здольнасцяў. А як жылі ранейшыя ўладальнікі гэтай зямлі, распавядуць мясцовыя традыцыі, распавядуць добрыя людзі, прашумяць дрэвы ў Савіцкім парку, нагадае курган, насыпаны на той зямлі, дзе прабацькі чакалі апошняга Суда.
Да напісання сваіх успамінаў Вайніловіч прыступіў, як сам піша, ужо ў даволі познія гады жыцця пасля 70 гадоў зза змушанага бяздзеяння падчас страшнай вайны. Свае высновы стараўся пацвердзіць дакументамі, якія здолеў захаваць у вялікай колькасці. Але, нажаль, яны былі знішчаныя падчас пагрому ў Савічах 1921 лютага 1918 г. Верагодна, была знішчаная і частка дзённікаў, якая потым была ізноў адноўленая ў Быдгашчы.
Рукапіс складаецца з з двух частак: успамінаў, напісаных аўтарам у 1917 г., і дзённіка, які ён вёў, пачынаючы з 2 снежня 1918 г. і да часу цяжкай хваробы, якая прывяла да яго скону. У рукапісе 288 пранумараваных стандартных старонак і 364 старонкі адмысловага ўзору (памеру), напісаных характэрным пераборлівым почыркам. Тлумачэннем да дзённіка служаць чатыры даволі аб'ёмныя пакеты водгукаў, выразак з газет, якія сістэматычна збірліся аўтарам падчас пражывання ў Варшаве і Быдгашчы. Па ўсёй верагоднасці, аўтар надаваў ім вялікае значэнне, бо вельмі часта спасылаўся на іх у сваіх успамінах.
Успаміны Эдварда Вайніловіча з'яўляюцца вельмі каштоўным гістарычным матэрыялам, які асвятляе жыццё губерняў пасля паўстання. Даводзіцца шкадаваць пра тое, што, выдатна ведаючы гісторыю краю, аўтар, надзелены назіральнасцю і выключным дарам апавядання, не прысвяціў апісанню асяроддзя і таго асяроддзя, у якім рос і гэтулькі гадоў працаваў, большай колькасці старонак. Яго апісанні жыцця і звычаяў грамадства таго часу былі б вельмі цікавымі. Але ён не зрабіў гэтага, бо лічыў, што палітычны дзеяч, якім ён быў, павінен надаваць увагу толькі справам грамадскім, а магчыма, зза прыроджанай высакароднасці, каб, апісваючы асабістае, не закрануць кагонебудзь незнарок. Ён абмежаваўся толькі апісаннем сваёй грамадскай і палітычнай дзейнасці, але старонкі, прысвечаныя працы ў Думе і Дзяржаўным апараце, характарыстыцы расійскіх дзяржаўных дзеячаў, з якімі сустракаўся, апісаныя ярка і маюць гістарычную каштоўнасць.
У Быдгашчы, дзе Вайніловіч правёў свае апошнія гады жыцця, ён набыў незвычайную павагу і прызнанне, з'яўляючыся патрыярхам шматлікай аселай там калоніі. Велізарная колькасць вянкоў і людзей, якія прыйшлі правесці яго ў апошні шлях, сведчаць пра павагу і прызнанне заслуг нябожчыка. Камітэт па увекавечанні памяці Эдварда Вайніловіча прыступіў да выдання ўспамінаў, вырашыўшы на гэты момант абмежавацца выданнем 1га тома, 2гі том будзе выдадзены пазней. Такое рашэнне прынята зза таго, што варта ў першую чаргу асвятліць дзейнасць Эдварда Вайніловіча ў самы перыяд росквіту яго творчай дзейнасці, г. зн. яго працу на Меншчыне, і таму быў узяты за канчатковую дату Рыжскі Трактат (Рыжская дамова аб падзеле Беларусі), які пакінуў усю яго бацькоўскую спадчыну за кардонам і паклаў канец яго далейшай грамадскай дзейнасці. Камітэт лічыць, што падзеі пасля 1921 г. занадта свежыя і прыдатныя для публікацыі пасля таго, калі гісторыя выкажа сваё меркаванне.
На карысць такога падзелу ўспамінаў выказваецца і тая акалічнасць, што 1 траўня 1921 г. у Варшаве адбылася апошняя нарада Менскага сельскагаспадарчага таварыства. Перапынена было існаванне заслужанай арганізацыі, якую калі можна так сказаць стварыў і развіў Вайніловіч, і якой ён кіраваў доўгія гады.
Для дапаўнення сучаснага выдання ўспамінаў прыкладаецца некалькі дакументаў, якія ўдалося сабраць, і якія асвятляюць адпаведныя моманты грамадскай і палітычнай дзейнасці нябожчыка. Заслугоўвае ўвагі: мемарыял у пытаннях праваслаўнага духавенства на Крэсах, асветлены з вялікім веданнем справы, асабліва рэзалюцыя агульнага збору чальцоў Менскага зямельнага таварыства на паседжанні ў Варшаве 29 красавіка 1921 г., якая з'явілася тастамантам заслужанай арганізацыі што змушаная была на падставе Рыжскага Трактату спыніць сваё існаванне.
Выдаючы гэтыя ўспаміны, Камітэт стараўся захаваць асаблівасць маўлення і мовы аўтара з яго архаізмамі і правінцыялізмамі. Унесеныя толькі малаважныя папраўкі для таго каб пазбегнуць русізмаў, якія занадта рэжуць вуха.
"У канцы выказваю адмысловую падзяку П. П. Пароўскаму, Т. Паніквіцкаму, Р. Скірмунту і К. Здахоўскаму, якія з вялікай ахвотаю і гатоўнасцю давалі мне каштоўныя ўказанні.
1213 кастрычніка 1917 г. споўнілася мне 70 гадоў. Дзённіка ніколі не пісаў і таму мемуары пісаць цяжка, бо бракуе храналагічных матэрыялаў, бо памяць можа і сказіць мінуўшчыну. Пісаць буду толькі пра тое, пра што добра памятаю, пра што людзі, у клопатах і трывогах сённяшняга дня ўжо і забылі, і няма з кім нават пагаварыць пра мінулае бо вакол ужо народ малады, які пры разглядзе "status quo" менш задумваецца пра ўдакладненне таго, што імі асабіста зароблена, а што яны атрымалі ў спадчыну ад мінулых пакаленняў.
Усё, што мне перабалела, усё мной перажытае Богу прыношу ў ахвяру. Было ўсяго гэтага шмат, магчыма ўсё гэта на вагах апошняга Суда пераважыць для майго апраўдання, не буду пісаць пра гэта. Калі і буду апісваць штонішто асабістае, то роўна гэтулькі, колькі неабходна для характарыстыкі той эпохі, навакольнага асяроддзя ў якім я жыў і растлумачаць менавіта той светапогляд, які ўласцівы пісьменніку; буду старацца як мага больш распавядаць і як менш асуджаць, бо чым далей суд ад дзеяння або выпадку, тым больш ён аб'ектыўны. Таму хай час выканае сваё заданне.
Нарадзіўся я 1213 кастрычніка 1847 г. у маёнтку Сляпянка пад Менскам Літоўскім, уладанні бацькоў маёй маці Эдварда і Міхаліны з Манюшкаў Ваньковічаў. Мой бацька Адам, сын Антонія і маці Ганна з Ваньковічаў. Паколькі я быў чаканы першы ўнук у сям'і, бацькі маёй маці пасля родаў забралі яе да сабе, а паколькі я нарадзіўся ў дзень імянін майго дзеда Эдварда і ў сувязі з гэтым, дзень майго вадохрышча адзначаўся вельмі ўрачыста, сярод вялікага ліку гасцей маім хрышчоным бацькам, быў вельмі папулярны ў тыя часы Лявон Ашторп губернскі маршалак, мальтыйскі камандор, уладальнік значнай колькасці нерухомасці: Прылукі, Дукора і інш.
Паколькі я згадаў пра Сляпянку і сям'ю Ваньковічаў неабходна даць некалькі ўдакладненняў. Мой дзед Эдвард сын Станіслава, чалец старажытнай і багатай сям'і быў жанаты на дачцы Манюшкі, які ў свой час разам з Ашторпам здолеў назапасіць значную маёмасць і ажаніўшыся на дачцы Вайніловічаў пакінуў шматлікіх нашчадкаў, сярод якіх было шмат таленавітых, філантропаў, але нажаль часта вельмі нервовых і лёгка ўзбуджальных, а часам і з некаторымі дзівацтвамі. Ні адзін з іх не змог утрымацца пры маёнтку і велізарная манюшкаўская маёмасць у вельмі кароткі час стала ў асноўным часткай і асновай маёмасці Ваньковічаў.
Дачкой продкаў гэтага Манюшкі была мая бабка Міхаліна, а адзін з унукаў найвядомейшы музыка Станіслаў Манюшка, стваральнік польскай оперы.
Міхаліна Ваньковіч надарыла свайго мужа шматлікімі нашчадкамі: дзяцей было 17, жывых пры маёй памяці 13. Была яна асобай выдатнай, цвярозага розуму і добрага сэрца, была цэнтрам вакол якога групавалася ўся сям'я, да яе звярталіся ў цяжкія моманты па раду і дапамогу. Да глыбокай старасці цікавілася грамадскім жыццём не толькі на радзіме, але і ва ўсім свеце. Адмысловая ўвага і любоў да прыроды былі яе захапленнем, якое яна здолела перадаць і сваім дзецям, адзін з сыноў, Ян, праславіўся як навуковец энтамолаг.
У адзін марозны снежаньскі дзень, у велізарнай зімовай карэце, якая пылілася ў карэтнай, і якую цяжка было нават з месца крануць, мае бацькі адвезлі мяне ў маёнтак Савічы, што на Случчыне за 18 міляў ад месца майго нараджэння. Умовы падарожжа ў Савічы адбіліся на стане майго здароўя: адразу захварэў шкарлятынай і толькі дзякуючы старанням бацькоў я выйшаў пераможцам з гэтай хваробы.
Магчыма я быў суцяшэннем у іх жыцці, але я сам у жыцці не спазнаў суцяшэння такая была воля Божая."
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.
(Працяг будзе.)
Дзень Волі. Крыж змагання.
Разам з "Крыжам змагання" у прыватны музей зей "Фонд Анатоля Белага" ў Старых Дарогах паступілі і дакументы, звязаныя з гэтым крыжам.
Нажаль сёння мы можам толькі апублікаваць гэтыя дакументы без якога-небудзь апісання і аналізу. Мы проста не маем гэтых апісанняў, але спадзяёмся, што недзе яны ёсць, а калі няма, то ёсць спецыялісты, здольныя іх зрабіць.
Дзейнасць генерала Станіслава Булак -Балахо-віча цесна знітавана з эпохай Беларускай Народнай Рэспублікі і яна патрабуе свайго вельмі глыбокага вывучэння. "Крыж змаган-ня", маркі "Асобы атрад БНР", і, па некаторых звестках, нават, свае грошы - гэта неад'емныя і яркія з'явы нашай гісторыі, і яны павінны быць даступнымі ўсім зацікаўленым.
Наш кар.
Беларуская дзяржава - Станіславу Лісоўскаму
Лісоўскаму С.А.,
вул. М.Танка, д. 36, корп. 2, кв. 61,
г. Мінск, 220004
Міністэрства культуры паўторна разгледзела Ваш зварот, накіраваны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, аб візульным афармленні вонкавай рэкламы, назваў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, вуліц, плошчаў, населеных пунктаў краіны і выказвае падтрымку па ўсіх узнятых праблемах.
Аднак у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і існуючымі нарматыўнымі актамі пытанні ўжывання беларускай мовы ў вонкавай рэкламе назваў аб'ектаў не адносяцца да кампетэнцыі Міністэрства культуры, акрамя тых аб'ектаў, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб рэкламе" ад 18 лютага 1997 года рэклама на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь можа распаўсюджвацца на беларускай і (ці) на рускай мовах. Усе пытанні, якія ўзняты ў Вашым звароце, уваходзяць у кампетэнцыю мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў дзяржаўнага кіравання.
Намеснік Міністра В.К.Гедройц.
Лисовскому С.
220004, г. Минск, ул. М. Танка, 2-61
Комитет архитектуры и градостроительства по поручении руководства Мингорисполкома в пределах своей компетенции повторно рассмотрел Ваше обращение по вопросам использования белорусского языка при оформлении наружной рекламы в г. Минске.
Как Вам ранее сообщалось, при размещении наружной рекламы на территории г. Минска на комитет архитектуры и градостроительства возложена функция определения мест размещения технических средств наружной рекламы в городской среде. Контроль за содержанием наружной рекламы не входит в компетенцию комитета архитектуры.
С учетом вышеизложенного Ваши предложения по вопросам содержания наружной рекламы и использованию белорусского языка направлены в адрес комитета экономики Мингорисполкома и УП «Минскгороформление». В части написания названий улиц данные предложения направлены в ГП УЖХ Мингорисполкома для учета в дальнейшей работе.
Начальник управления
благоустройства и городского дизайна А.И. Андрончик.
Лісоўскаму С.А.
а/я-122 г. Мінск
У сувязі з Вашым пісьмом на імя Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь С.С.Сідорскага Міністэрства адукацыі паведамляе наступнае.
Ажыццяўляючы моўную палітыку ў навучальна-выхаваўчых установах, Міністэрства адукацыі кіруецца заканадаўчымі дакументамі, якія рэгулююць гэтае пытанне: Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", Законам Рэспублікі Беларусь "Аб адукацыі". Названыя заканадаўчыя акты гарантуюць грамадзянам нашай краіны права выбару мовы навучання. З улікам гэтага мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца вырашэнне дадзенага пытання, вызначаюць статус школ, у тым ліку і па мовах навучання.
У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць установы, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, з беларускай, рускай і дзвюма мовамі навучання. Так, у 2005/2006 навучальным годзе ў рэспубліцы функцыянуе 4006 агульнаадукацыйных школ, з іх з беларускай мовай навучання - 2313(57,7%), з рускай - 1432(35,7%), з дзвюма мовамі навучання - 258(6,4%) школ, дзве школы з польскай і адна з літоўскай мовамі навучання.
Паступова павялічваецца колькасць устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, з беларускай мовай навучання ў гарадской мясцовасці. Напрыклад, калі ў 1999/2000 навучальным годзе ў гарадской мясцовасці школ з беларускай мовай навучання было 36, то ў 2005/2006 навучальным годзе -63. У гімназіях №№ 4, 9, 11, 23 горада Мінска навучальна-выхаваўчы працэс таксама ажыццяўляецца на беларускай мове.
Міністэрствам адукацыі прымаюцца і іншыя меры па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі: урэгулявана колькасць гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моў у сярэдніх і старэйшых класах, прадугледжана вывучэнне беларускай мовы з першага класа, вучэбныя прадметы "Мая Радзіма - Беларусь" у пачатковай школе, "Гісторыя Беларусі" і "Геаграфія Беларусі" ва ўсіх класах усіх тыпаў школ выкладаюцца толькі на беларускай мове.
Намеснік Міністра К. С. Фарыно.
Усходнікі і заходнікі на Беларусі
У 330 г. Рымская імперыя раздзялілася на дзве часткі: Усходнюю і Заходнюю. І тая далёкая падзея, здаецца, ніякага дачынення не мае да сучаснай Беларусі. Аднак яна з цягам часу так паўплывала на насельніцтва нашай краіны, што паняцці "ўсходнікі" і "заходнікі" падзяляюць і сённяшніх беларусаў. Як жа гэта адбылося?
У 313 г. у Рымскай імперыі было дазволена хрысціянам будаваць храмы і адкрыта маліцца. Пасля падзелу Рымскай імперыі на дзве часткі хрысціянская абраднасць складваецца абасоблена ў Заходняй Рымскай імперыі і Усходняй Рымскай (Візантыйскай) імперыі. Рымскі патрыярх (папа) і Канстанцінопальскі (Візантыйскі) патрыярх сталі незалежныя адзін ад аднаго, а пасля не змаглі падзяліць свой уплыў на хрысціянскія народы, што прывяло да канчатковага падзелу хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. Гэта здарылася ў 1054 г. Хрысціянства пашыралася сярод насельніцтва Беларусі ў форме абраднасці каталіцкай або праваслаўнай. Такім чынам, беларусы аказаліся падзеленымі на католікаў, якія арыентаваліся на захад, і на праваслаўных, святары і япіскапы якіх падпарадкоўваліся кіеўскаму або маскоўскаму мітрапаліту. Адпаведна з кірункам рэлігійным шляхта беларуская ўмоўна падзялялася на заходнікаў і ўсходнікаў. Заходнікі (магнаты і шляхта) выступалі за хаўрус з Польшчай і апіраліся на каталіцкі касцёл, а ўсходнікі (праваслаўныя князі і шляхціцы) схіляліся да хаўрусу з Вялікім Княствам Маскоўскім.
Магнаты і шляхты Вялікага Княства Літоўскага незалежна ад веравызнаньня ўвесь час адстойвалі незалежнасць сваёй дзяржавы. Яны пры неабходнасці ў залежнасці ад веравызнання звярталіся да суседняга каталіцкага або праваслаўнага манарха па дапамогу. І тая дапамога была іншы раз не безкарыслівай. Праўда, здаралася, што і сярод каталіцкіх князёў узьнікала апазіцыя, якая прыводзіла да міжусобных і хатніх (грамадзянскіх) войнаў. Напрыклад, князь Кейстут змагаўся за вялікакняскі літоўскі пасад у Вільні з сваім пляменнікам Ягайлам. І гэтае змаганне за ўладу закончылася зняволеннем Кейстута ў вязніцу ў Крэве, а затым і забойствам яго. Ягайла стаў ліцвінскім манархам, але ў яго з'явілася жаданне і магчымасць заняць каралеўскі трон у Польшчы. Палітычнае становішча ўнутры Польшчы і яе міжнароднае становішча (напады крыжакоў і ліцьвінаў) паспрыялі Ягайлу. Заключыўшы Крэўскую вунію, Ягайла перайшоў з праваслаўнай у каталіцкую веру і пад імем Уладзіслаў стаў каралём польскім. Пры гэтым ён застаўся і Вялікім князем Літоўскім, чым абмежаваў незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага або пакінуў ВКЛ як дзяржаву толькі па назве. У той час, калі Ягайла прымаў каталіцкую веру, з праваслаўных на католікаў перахрысціліся і іншыя князі ВКЛ, у прыватнасці Вітаўт, які даводзіўся Ягайлу стрыечным братам. Князі ВКЛ Вітаўт Кейстутавіч, Андрэй Альгердавіч Полацкі, Іван Гальшанскіі ды Станіслаў Іванавіч Смаленскі пасля здзяйснення Крэўскай вуніі вырашылі адстойваць незалежнасць сваёй краіны. Вітаўт, апіраючыся на тэўтонскіх крыжакоў, вёў дзве вайны за віленскі прастол. Ягайла вымушаны быў пайсці на ўступкі і перадаў яму спадчыну. Так Вітаўт у 1392 г. стаў Вялікім князем Літоўскім. Андрэй Полацкі ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве на баку Дзмітрыя Данскога, а Ягайла меў намер дапамагаць татарам.
Аднак варта нагадаць чытачам, што і да Крэўскай вуніі нашым продкам даводзілася заключаць рознага кшталту хаўрусы. Так, у 1326 г. быў заключаны хаўрус ВКЛ з Польшчай, Мазовіяй і Псковам для сумеснай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэну. І ў гэтым была неабходнасць, а не імкненне князя стаць імператарам.
Барацьба крывічоў і ліцьвінаў (продкаў беларусаў) за незалежнасьць сваёй дзяржавы доўжыцца з ХІІІ ст. Каб аслабіць уплыў польскага караля на кіраванне ВКЛ у 1401 г. была падпісана ВіленскаРадамская вунія (18 студзеня ў Вільні, 11 сакавіка ў Радаме). Яна замацавала сумесны хаўрус і абвясціла самастойнасьць і незалежнасць абедзвюх дзяржаў. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 г., калі знешняя небяспека мінула, афармляецца яшчэ адна вунія - Гарадзельская (падпісана ў замку Гарадле 2 кастрычніка 1413 г.). Паводле яе, 47 польскіх феадалаў надзялілі сваімі гербамі феадалаўкатолікаў ВКЛ і прымалі іх у сваё гербавае брацтва, а Вітаўт абяцаў феадалаўкатолікаў назначыць на дзяржаўныя пасады. У выніку праваслаўныя феадалы (князі і баяры) ставіліся ў горшыя, нявыгадныя ўмовы, што ўносіла разлад у грамадства, прыводзіла да паглыблення падзелу насельніцтва па веравызнанні, што стварала ўмовы для міжусобнай вайны. У 1432-1439 гг. адбылося паўстанне Свідрыгайлы. Хаця гэтая міжусобная вайна мела дынастычны характар барацьбы за дзяржаўную ўладу ў ВКЛ паміж Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам, але здарылася так, што на баку Свідрыгайлы змагаліся за незалежнасьць ВКЛ беларускія і ўкраінскія праваслаўныя баяры, а Жыгімонт апіраўся на каталіцкіх баяраў. У гэтай вайне перамогу атрымаў Жыгімонт, але праваслаўныя баяры пашырылі свае правы, а ўсходнія беларускія і украінскія землі захавалі сваю былую аўтаномію. Жыгімонт шукаў падтрымку сярод дробнай шляхты. Супраць яго ўчынілі змову віленскі ваявода Доўгерд, трокскі ваявода Лелюшы ды князь Чартарыйскі. А шляхціц Скабейка па іх заданню здзейсніў забойства Жыгімонта.
З сярэдзіны XVI ст. у Беларусі ствараюцца пратэстанцкія (кальвінісцкія) грамады. Рэфармацыю падтрымалі Мікалай Радзівіл Чорны, магнаты Тышкеічы, Сапегі, Кішкі. Сярод пратэстантаў былі вельмі радыкальныя і памяркоўныя, як Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Сваімі дзеяннямі пратэстанты падрывалі аўтарытэт афіцыйнай каталіцкай канфесіі, знаходзіліся ў адносінах да каталіцызму ў апазіцыі. У Рэчы Паспалітай іх сталі называць дысідэнтамі (іншадумцамі).
У 1481 г. адбылася змова праваслаўных князёў Міхаіла Алелькавіча (Слуцкага), Івана Дубровіцкага (Гальшанскага), Хведара Бельскага і іншых супраць каталіцкага вялікага князя Казіміра IV Ягайлавіча. Здрада была выкрыта, а праваслаўныя змоўшчыкі пакараны смерцю, але Хведару Бельскаму ўдалося ўцячы ў Масковію са свайго вясельля, пакінуўшы дома маладую жонку (адна з самых рамантычных і трагічных гісторый у шляхецкай сям'і).
У пачатку XVI ст. маршалак дворны Міхаіл Глінскі ўзначаліў групоўку баяр, якая выступала за поўную незалежнасць ВКЛ, што ў 1508 г. прывяло да рокашу супраць вялікага князя Жыгімонта Старога. Ракашанам аказаў узброеную дапамогу маскоўскі цар Васіль ІІІ. Вайна паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім закончылася 19 верасня 1508 г. падпісаннем пагаднення "аб вечным міры". М. Глінскі са сваімі братамі і васаламі перабраўся ў Маскву. Трэба адзначыць, што беларускія ўцекачы ў Масковію Хведар Бельскі ды Міхаіл Глінскі сваімі ўчынкамі спрыялі не міру, а вайне паміж Масковіяй і Літвой.
На ўсіх крутых паваротах гісторыі, калі вырашаўся лёс нашае краіны, знаходзіліся патрыёты, якія самаахвярна, гераічна адстойвалі незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны. І былі яны праваслаўнага або каталіцкага веравызнання, а сябе адносілі да ўсходнікаў ці заходнікаў ў залежнасці ад таго, хто ім аказваў дапамогу. Калі Масковія, Расея імкнулася захапіць Беларусь, дык паратунак беларусам давала Польшча. Калі ж Польшча пазбаўляла ВКЛ або Беларусь незалежнасці ці абмяжоўвала нашых продкаў у правох, дык за праваслаўных беларусаў заступалася Маскоўская патрыярхія і Расея. Звернемя да гістарычных падзей.
Калі маскоўскі цар Іван ІV Жахлівы (сын беларускай татаркі Алены Глінскай) пачаў у 1558 г. вайну з Лівоніяй, і Лівонскі ордэн стаў цярпець паразу, магістар Ордэну Готгард Кетлер звярнуўся па дапамогу да Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Аўгуста. У выніку ў 1566 г. была падпісана Вендэнская вунія аб далучэнні Лівоніі да ВКЛ. Лівонцы выбралі больш дэмакратычную дзяржаву ВКЛ, чым падпарадкавацца дэспатычнаму жахліваму маскоўскаму цару Івану ІV. Уцягнутая ў Інфлянцкую (Лівонскую) вайну наша дзяржава аказалася вельмі аслабленай і не змагла супрацьстаяць ваеннай агрэсіі Маскоўскага царства. Настала крайняя неабходнасць атрымаць паратунак ад Польскага каралеўства. Аднак польскія магнаты і кароль згадзіліся дапамагчы Вялікаму Княству Літоўскаму на цяжкіх умовах для ліцьвінаў. Пры гэтым наш былы хаўруснік нават усугубіў і без таго складанае становішча ВКЛ. Да Польскага каралеўства без згоды сойму ВКЛ былі далучаны Падляшша, Падолія, а затым і астатнія ўкраінскія землі. І гэтае далучэнне было вялікай гістарычнай памылкай кіраўніцтва Польшчы, бо ў XVII ст. супярэчнасці паміж ўкраінскімі казакамі і палякамі прывядуць да шматгадовай вайны паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай, у якой будзе вырашацца лёс Украіны і Беларусі. Вымушанае заключэнне Люблінскай вуніі ў 1569 г. і ўтварэнне федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай прывяло да ўзнікнення апазіцыі ў ВКЛ. Буйныя ліцьвінскія магнаты Ян Хадкевіч, Мікалай Радзівіл Чорны, Павел Сапега не маглі змірыцца са стратай незалежнасці ВКЛ. У выніку іх дзеяння і прадуманага тактычнага ходу Льва Сапегі ў 1588 г. кароль польскі Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт ІІІ зацвердзіў Статут Вялікага Княства Літоўскага, які пашырыў самастойнасць ВКЛ і такім чынам Рэч Паспалітая ператварылася ў канфедэратыўнае аб'яднанне. Інфлянцкая вайна скончылася перамогай для Рэчы Паспалітай, і ВКЛ захавала адносную самастойнасць.
Страта ліцьвінамі Падлесся і Валыні, а затым і большасці ўкраінскіх зямель надоўга спрыяла захаванню ў грамадстве ВКЛ апазіцыйных настрояў да караля і польскай шляхты. Нават праз 5 гадоў пасля афармлення Люблінскай вуніі, аршанскі стараста Філон Кміта Чарнабыльскі пісаў трокскаму кашталяну Астафею Валовічу: "Не дай Бог ляху быць каралём, выража Літву і тым больш Русь", бо польскія магнаты "даўно рэзаць пачалі ліцьвіна". Аднак выбарнасць караля прымусіла польскіх магнатаў улічваць інтарэсы ліцьвінаў, яны зрабілі саступкі ліцьвінам. У 1696 г. вялікакняская шляхта поўнасцю ўраўнялася ў правох з польскай ў дачыненні кантролю над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. Цяпер кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай збіраўся ў Гародні і на ім мусіў старшынстваваць адзін з ліцьвінскіх дэпутатаў.
У 1596 г. (праз 27 гадоў пасля Люблінскай дзяржаўнай вуніі) у Берасці была прынята царкоўная вунія, якая дабавіла расколу ў грамадства. Насельніцтва ВКЛ падзялілася на вуніятаў, католікаў і праваслаўных. Праваслаўныя ў Рэчы Паспалітай атрымалі назву "дысідэнтаў" і многія аказалі ўпартае супраціўленне царкоўнай вуніі. Супраціўнікамі яе былі Канстанцін Астрожскі, япіскапы Гедэон Балабан, Міхаіл Капысценскі, Мялеці Сматрыцкі (пазней стаў вуніятам), Георгі Каніскі.
Прымусовае насаджэнне царкоўнай вуніі ў першай чвэрці XVII ст. прывяло да паўстанняў супраць яе. У Віцебску вуніяцкі япіскап Язафат Кунцэвіч быў забіты. І нягледзячы на часовае адмоўнае стаўленне праваслаўных да вуніі вуніяцкая царква адыграла ў Беларусі станоўчую ролю ў захаванні і развіцці беларускай культуры. Да канца XVIII ст. вуніяцкая царква на Беларусі фактычна ператварылася ў нацыянальную царкву, а каталіцкі касцёл і праваслаўная царква сталіся як праявы хрысціянскіх крайнасцяў заходняй і ўсходняй. Актыўная дзейнасць каталікоў і праваслаўных асабліва праявілася ў апошняй трэці XVIII ст., калі Расея ўвяла свае войскі на тэрыторыю Беларусі і правяла тры падзелы Рэчы Паспалітай.
У ХУІІ ст. ліцьвінская шляхта амаль поўнасцю апалячылася праз веру (каталіцызм), прывілеі і польскую мову. Ліцьвінская і польская шляхта, паводле сцвяржэння Паўла Лойкі, сфармавалі ў грамадстве новую супольнасць - "народ шляхецкі" Гэтай супольнасці супрацьстаяла другая - "люд просты" ("lud pospolity"). Апошнюю супольнасць складалі сяляне і гарадскія нізы, якія гаварылі на роднай мове, а не на чужой, як рабіла шляхта. Праўда, і вялікакняская шляхта іншы раз не цуралася беларускай мовы.
У другой палове XVII ст. вялася жорсткая барацьба паміж магнацкімі групоўкамі за ўплыў у дзяржаве. У 1696-1700 гг. яна вылілася ў сапраўдную грамадзянскую вайну паміж Агінскімі і Сапегамі. У бітве пад Алькенікамі войскі Сапегаў пацярпелі паразу ад канфедэрацыі шляхты. Вайна закончылася. Сапегам не ўдалося стаць манархамі незалежнага Вялікага Княства Літоўскага. Аднак мір на нашай зямлі трымаўся нядоўга. У Паўночную вайну была ўцягнутая Рэч Паспалітая. Баі паміж шведскімі і расейскімі войскамі вяліся некалькі гадоў у Літве, Беларусі і на Ўкраіне. Беларускія магнаты ўдзельнічалі ў гэтай вайне. Сапегі ваявалі на баку шведскага караля Карла ХІІ, а Рыгор Агінскі і большасць шляхты - на баку расейскага цара Пятра І. Магнацкія войскі рабавалі маёнткі сваіх супраціўнікаў. Сапегі пайшлі ваяваць на баку шведаў не першыя. У 1655 г. вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл падпісаў Кейданскую дамову са шведамі аб аб'яднанні Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Шведскага.
У Рэчы Паспалітай пашыранымі палітычнымі правамі карысталася каталіцкая шляхта. Некатолікі (праваслаўныя і пратэстанты) былі абмежаваны ў палітычных правах. Іх называлі "дысідэнты". Сярод пратэстантаў былі і кальвіністы і лютэране. Абмежаванне ў правах дысідэнтаў, выбарнасць караля, выкарыстанне ў сейме права "ліберум вета" і наогул бязладдзе ў краіне прывяло да таго, што манархі моцных суседніх дзяржаваў пачалі ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Наша дзяржава ператварылася ў слабую краіну, якую сталі падзяляць суседнія дзяржавы. Расейскі пасол у Варшаве М.В. Рапнін, выкарыстаўшы грошы, арганізаваў ў Польшчы Таруньскую канфедэрацыю пратэстанцкай шляхты, а ў Беларусі Слуцкую канфедэрацыю дысідэнцкай шляхты. Для падтрымання канфедэратаў у Слуцк былі ўведзены расейскія войскі на чале з палкоўнікам Палонскім. 20 сакавіка 1767 г. у Спаскай царкве пад старшынствам магілёўскага епіскага Георгія Каніскага былі праведзены выбары маршалка канфедэрацыі. Ім стаў генерал-маёр войска ВКЛ Ян Ежы Грабоўскі (кальвініст).
Акт Слуцкай канфедэрацыі падпісалі 248 чалавек, у тым ліку генерал-лейтэнант Міхал Рыгор Грабоўскі і Георгі Каніскі. Слуцкія канфедэраты - сапраўдныя калабаранты 1760х гадоў. У супрацьвагу Слуцкай канфедэрацыі на Украіне, у г. Бар, у 1768 г. стварылася Барская канфедэрацыя шляхты. Барскія канфедэраты выступілі з кансерватыўнай праграмай. Яны патрабавалі адмяніць прыняты ў лютым 1768 г. закон пра ўраўнанне ў правах з католікамі шляхты праваслаўнага і лютэранскага веравызнання, патрабавалі захаваць шляхецкія вольнасці. Разам з тым яны дамагаліся спынення расейскай інтэрвенцыі, аднаўлення незалежнасці Рэчы Паспалітай. Актыўнымі дзеячамі Барскай канфедэрацыі сталі нашы землякі маршалак Міхал Пац, смаленскі ваявода Пётр Павел Сапега, князь Караль Радзівіл. У 1771 да руху патрыятычных канфедэратаў далучыўся вялікі гетман літоўскі Міхал Казімір Агінскі. Улетку 1770 г. у раёне Мядзела, Радашковічаў і Наваградка дзейнічаў партызанскі аддзел Шымана Касакоўскага. Яго аддзел быў разбіты пад Наваградкам. Пра лёс гэтага чалавека мушу сказаць некалькі слоў. Пасля разгрому Барскай канфедэрацыі паступіў на расейскую службу. З дапамогай царскіх апекуноў ён дамагаўся пасады вялікага гетмана літоўскага. М.К. Агінскі вымушаны быў уступіць яму гэтую пасаду. Здарылася так, што Касакоўскі стаў апошнім вялікім гетманам у ВКЛ. Калі пачалося паўстанне ў Вільні ў 1794 г., дык на трэці дзень Ш. Касакоўскага павесілі на ліхтары як здрадніка, бо служыў расейскай імператрыцы Кацярыне ІІ. Павучальны прыклад для будучых калабарантаў! А 9 траўня таго ж года паўстанцы павесілі ў Варшаве і яго брата Юзафа Касакоўскага, біскупа інфлянцкага, кіраўніка Таргавіцкай канфедэрацыі. Таргавіцкая канфедэрацыя была створана ў СанктПецярбургу ў 1792 г. і абвешчана ў м. Таргавіца (Украіна). Прыхільнікам таргавічан быў біскуп віленскі Ігнат Якуб Масальскі, які асудзіў паўстанне 1794 г. і за тое па загаду Т. Касцюшкі быў арыштаваны. Яго пакаралі смерцю за здраду нацыянальным інтарэсам.
Гарачымі патрыётамі сваёй Радзімы былі нашы землякі Юры Сапега, гетман вялікі Казімір Агінскі, князь Караль Станіслаў Радзівіл, паслы Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак і Станіслаў Багушэвіч. У той складаны час, калі вырашаўся лёс Рэчы Паспалітай, князь Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі і кароль польскі вялікі князь Станіслаў Аўгуст (Панятоўскі) сталі на шлях супрацоўніцтва з расейскім царызмам і іх можна назваць калабарантамі. Яркую старонку ў нашай гісторыі пакінулі змагары за незалежнасць Бацькаўшчыны Тадэвуш Касцюшка, Тадэвуш Корсак, Язэп Кашыц, Ігнат Дамейка, Эміля Плятар, Міхал Балінскі, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Якуб Ясінскі і іншыя.
Падзел беларускай шляхты на дзве варагуючыя групоўкі здараўся й пазьней. Французскарасейская вайна 1812 г. не была Айчыннай вайной для Беларусі, а грамадзянскай, бо ў ёй нашы продкі ваявалі па абодва варожыя бакі. 1 ліпеня 1812 г. Напалеон фармальна ўтварыў Вялікае Княства Літоўскае, была створана Камісія Часовага ўраду Вялікага Княства Літоўскага. У яе склад ўвайшлі вядомыя і аўтарытэтныя людзі: Станіслаў Солтан (былы маршалак літоўскі), князь Аляксандар Антон Сапега, граф Францішак Ельскі, Ян Снярэцкі (рэктар Віленскага ўнівэрсітэта) і іншыя.
Асабліва вызначыўся ў баях як адважны кавалерыст палкоўнік Геранім Радзівіл, які камандаваў палком уланаў у складзе арміі Напалеона.
Міхал Гедэон Радзівіл у чыне генерала брыгады ў складзе французскага корпуса Ж. Э. Макдональда ваяваў супраць расейскіх войск. Лагойскі граф Міхал Тышкевіч (1761-1839) сфармаваў за свой кошт 17-ы кавалерыйскі полк войск і стаў камандзірам гэтага палка, які ваяваў супраць расейскіх войск у 1812-1814 гг. З гэтага роду Тадэвуш Тышкевіч таксама ваяваў на баку французаў у чыне генерала кавалярыйскай брыгады 5га корпуса Юзафа Панятоўскага.
У расейскім войску служыў наш зямляк генерал-маёр Іосіф Сакалоўскі, які камандаваў Яраслаўскім палком, які вызваляў Барысаў, Пінск, Кобрын, Берасце. Вызвалялі сваю Бацькаўшчыну ад французскіх акупантаў шляхціцы з Віцебскай губерні браты Іван і Мікалай Ануфрыевіч Сухазанеты. Яны камандавалі артылерыйскімі часткамі. У расейскім войску абодва пазней атрымалі чын генерала. Мікалай Ануфрыевіч у 1856-1861 гг. быў ваенным міністрам і правёў ваенныя рэформы: у салдаты перасталі забіраць за злачынствы, тэрміновая служба скарачалася з 25 да 15 гадоў.
У ХІХ ст. у апазіцыі да царскага ўраду была значная частка шляхты, якая ўдзельнічала ў двух паўстаннях. У 1833 г. на Слонімшчыне спрабаваў падняць сялян на паўстанне шляхціц Міхаіл Валовіч. Яго няўдалы ўчынак закончыўся асабістай трагедыяй. Паводле прыгавору ваеннапалявога суда Валовіча павесілі ў Гродне. У апошняй чвэрці ХІХ ст. і пачатку ХХ ст. беларускія рэвалюцыянеры схіляліся да тэрору і было сярод іх нямала тэрарыстаў (гл. у дадатку).
Павучальнымі для сучасных палітычных і дзяржаўных дзеячаў могуць стаць падзеі 1918-1920 гг., калі аднаўлялася беларуская дзяржаўнасць. Тады выразна праявіліся ўсе адмоўныя рысы беларусаў. Беларускі народ аказаўся расколаты па сацыяльнай прыкмеце, веравызнанні і мове. Амбіцыі, зазнайства і банапартызм асобных беларускіх палітычных дзеячаў, з аднаго боку, і супрацоўніцтва (чытай калабарацыя) іншых з белапольскімі або бальшавіцкасавецкімі акупантамі, з другога боку, толькі паглыбілі раз'яднанне беларусаў. У выніку беларусы і нашы землякі ваявалі і на баку палякаў, і на баку бальшавікоў, і на баку расейскіх белагвардзейцаў. Нагадаем генералаў Люцыяна Жалігоўскага (на польскім баку), Уладзіміра МайМаеўскага (на баку белых), Антона Станкевіча і Уладзіміра Скалона (на баку бальшавікоў) і іншыя. Аднак у той час узнікла самастойнае ўзброенае аб'яднаньне беларусаў "Зялёны Дуб" (атаман Вячаслаў Адамовіч), успыхнула ўзброенае сялянскае паўстанне на Случчыне (кіраўнікі Уладзімір Пракулевіч і Павел Жаўрыд). Гэта былі беларускія сялянепатрыёты, якія змагаліся і супраць польскіх, і супраць савецкіх акупантаў. Нагадаем і пра армію Станіслава БулакБалаховіча, якая падпарадкоўвалася ураду БНР. Калі б тады існавала адзінства беларускай нацыі, як адзінства эстонцаў, падзел Беларусі ў 1921 г. быў бы немагчымы. Беларуская Народная Рэспубліка як самастойная дзяржава праіснавала б да 1939 г. Супрацлеглыя дзеянні заходнікаў і ўсходнікаў садзейнічалі падзелу Беларусі ў 1921 г. На гэты раз усходнікамі былі не толькі праваслаўныя, але і беларускія бальшавікі. Буржуазія і паны (памешчыкі) арыентаваліся на Польшчу, трымаліся празаходняй арыентацыі. Даводзіцца шкадаваць, што ўрад Польскай рэспублікі ў 1918-1920 гг. не прызнаў урад БНР і тым самым прычыніў вялікую шкоду беларускаму народу.
У 1917-1920 гг. беларускі нацыянальны рух аказаўся зусім аслаблены, бо партыйныя дзеячы не сумелі дзейнічаць па прынцыпу "Беларусы, яднайцеся! Беларусы, злучайцеся для змагання за незалежную Беларусь!".
Савецкі ўрад У. Леніна згадзіўся на стварэнне Беларускай савецкай дзяржавы. Абвешчаная ў 1920 г. Беларуская ССР, абрэзаная ў сваіх межах з усіх бакоў, увайшоўшы ў 1922 г. у склад СССР на правох саюзнай рэспублікі, карысталася толькі пэўнай аўтаноміяй. Улада належыла кіраўнікам ЦК УКП(б), а затым першаму сакратару ЦК КП(б)Б. Вышэйшыя кіраўнікі Беларусі прызначаліся сюды Масквой і іх для фармальнасці выбіралі. Творчая беларуская інтэлігенцыя у 1930х гадох на 90% была рэпрэсавана. Сталін, Хрушчоў і Брэжнеў праводзілі ў Беларусі шавіністычную русіфікатарскую палітыку, якая мала чым адрознівалася ад палітыкі генерал-губернатара М. Мураўёва.
У разгубленасці знаходзілася беларуская інтэлігенцыя ў 1920-1930-х гадах. Аднак кожны паступаў як падказвала яго сумленне. Беларускі паляк Фелікс Дзяржынскі стварыў ВЧК і кіраваў ёю. Мікалай Уласік, які нарадзіўся ў вёсцы Бабынічы Слонімскага раёну з 1917 г. служыў у Маскоўскай міліцыі, а з 1919 г. - у органах ВЧК-АДПУ. З 1927 г. і да 1952 г. ён узначальваў ахову Маскоўскага Крамля. У 1931-1946 гг. Уласік з'яўляецца начальнікам аховы Сталіна. Яму давярае бальшавіцкі дыктатар.
А вось лётчык-выпрабавальнік Мікалай Паўлавіч Благін, наш зямляк з Віцебска, пайшоў на самаахвярны ўчынак, каб кінуць выклік бальшавіцкаму рэжыму. Ён напісаў перадсмяротную запіску са зваротам да савецкага народу, у якой асудзіў сталінскі рэжым і ВКП(б), а затым назаўтра 18 траўня 1935 г. паказаў над Масквой вышэйшы пілатаж і тараніў самалёт гігант "Максим Горький", у якім меліся ляцець вышэйшыя кіраўнікі партыі і ўраду СССР.
Не было належнага адзінства сярод заходнебеларускіх патрыётаў. Яркім паказчыкам бязладдзя ў заходнебеларускім нацыянальным руху з'яўлялася Вільня. Кіраўнікі КПЗБ (Павел Корчык, Леапольд Родзевіч, Андрэй Капуцкі) і КСМЗБ (Вера Харужая) выконвалі партыйныя рашэнні, якія прымаліся ў Менску і Маскве. Беларускія нацыянальныя дзеячы - нацыяналдэмакраты (Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Юрась Сабалеўскі), хрысціянскія дэмакраты (Вінцэсь Гадлеўскі, Антон Неманцэвіч, Ян Пазьняк, Адам Станкевіч), нацыяналсацыялісты (Уладзіслаў Казлоўскі, Фабіян Акінчыц) - змагаліся за незалежную Беларусь і не ведалі, адкуль атрымаць падтрымку. Іх незалежна ад таго, якой ідэалёгіі (камуністычнай альбо антыкамуністычнай) яны прытрымліваліся, кідалі за краты, як і за царскім часам, савецкія, польскія і нямецкія акупацыйныя ўлады. Некаторыя патрыёты (С.НовікПяюн, А.Луцкевіч, Ю.Сабалеўскі, І. Гелда, С. Грынкевіч) у 1920-1940х гадах пабывалі за кратамі пры ўсіх уладах. Іх віна была ў тым, што яны змагаліся за беларускія школы, родную мову, за Беларусь… У выніку слабасці і безвыходнасці некаторыя ўсходнікі (камсамолец Сяргей Прытыцкі) і заходнікі (юнак Барыс Кавэрда) здзейснілі тэрарыстычныя акты. Аднак дзеля справядлівасьці адзначым, што іх дзеянні выкліканы не супрацьстаяннем паміж Масквой і Варшавай, а сацыяльнымі і этычнымі матывамі, якія прывялі гарачых дзяцюкоў да помсты. Максімалізм беларускіх патрыётаў прывёў іх у шэрагі тэрарыстаў.
Заходнебеларускія палітычныя дзеячы змагаліся за беларускую школу, за сацыяльныя і нацыянальныя правы. Большасць з іх марыла далучыць Заходнюю Беларусь да Беларускай ССР, каб жыць шчасліва і заможна ў савецкай краіне і працаваць на сябе, а не на польскіх паноў і буржуазію. Польская палітычная паліцыядыфензіва садзіла іх ў турмы на розныя тэрміны. У 19321933 гг. савецкія і польскія карныя органы правялі абмен палітычнымі зняволенымі. Польскія ўлады выслалі ў БССР больш рэвалюцыянераў, чым савецкія ўлады вярнулі ў Польшчу - "шпіёнаў". У 1933 г. савеція ўлады абмянялі Францішка Аляхновіча на польскага палітвязня Браніслава Тарашкевіча (былога кіраўніка Беларускай сялянскаработніцкай грамады). Сустрэўшыся на мосце падчас абмену Францішак сказаў свайму знаёмаму Браніславу: "Куды ж ты ідзеш? Пашкадуеш..." Не прайшло і чатырох гадоў , як Б. Тарашкевіча арыштавалі супрацоўнікі АДПУ СССР, а праз год прыгаварылі яго як польскага шпіёна да расстрэлу. А Ф. Аляхновічу ў выніку абмену пашанцавала: ён часова выратаваў сябе. Такі ж самы лёс напаткаў многіх заходнебеларускіх нацыянальных палітыкаў: Сяргей Баран, Флягонт Валынец, Павел Валошын, Леапольд Родзевіч і іншыя трапілі ў савецкую Беларусь, а тут іх праз нейкі час арыштавалі й расстралялі.
Кіраўнікі ЦК КПЗБ І. Лагіновіч, Л.Родзевіч, А. Капуцкі, а таксама дзяржаўныя дзеячы БССР (беларускія камуністы) былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па справе "Беларускага нацыянальнага Цэнтра", якая была сфабрыкавана НКУС у Менску ў 1933 г. Звяртаю ўвагу чытача, калі ў Заходняй Беларусі С. Клінцэвіча, П. Копчыка, А. Капуцкага, Л. Родзевіча арыштоўвалі і кідалі за краты за даказаную палітычную дзейнасць, дык у БССР іх арыштоўвалі фармальна судзілі, а затым расстралялі па падазрэнні.
Прымусовая калектывізацыя сялянскіх гаспадарак і масавыя рэпрэсіі стварылі тут спрыяльныя ўмовы для калябарацыі падчас нямецканацысцкай акупацыі. Частка беларускага насельніцтва ў 1941 г. спадзявалася, што прыход немцаў ратуе іх ад бальшавіцкіх рэпрэсій і ад калектывізацыі. Марныя былі тыя спадзяванні, а таму некаторыя беларускія палітычныя дзеячы нават у той час змагаліся супраць бальшавікоў і супраць нямецкіх нацыстаў. Такім былі ксёндз Вінцэсь Гадлеўскі, які быў расстраляны фашыстамі ў 1942 г. у Трасцянцы, апостальскі адміністратар Беларускага грэкакаталіцкага экзархату Антось Неманцэвіч, які памёр у турме ў Берліне ў 1943 г., і палітык Вацлаў Іваноўскі, забіты партызанамі на вуліцы ў Менску.
Беларускую цэнтральную раду прынята называць няйначай, як калабарыцыйны ўрад 1940х гадоў. Але як тады назваць Савецкую Беларусь з 1917 да 1956 г., калі пасаду Першага сакратара ЦК КП(б) Беларусі беларусам не давяралі і прызначаў на яе Генеральны сакратар ЦК УКП(б). Значыць, у Савецкай Беларусі была каланіяльная адміністрацыя, якая праводзіла русіфікацыю і калектывізацыю, чаго беларусы не хацелі.
Пачынаючы з 1921 г. і да 1991 г., бальшавікікамуністы ў выніку рэпрэсіяў зьнішчалі любую праяву апазіцыйнасці да таталітарнага рэжыму. І толькі пераход да галоснасці пры Міхаіле Гарбачове стварыў умовы да дзейнасці беларускай апазіцыі. Гэтыя ўмовы ўьніклі толькі пасля ХІХ канферэнцыі КПСС, якая была праведзена 28 чэрвеня-1 ліпеня 1988 г. у Маскве. Аднак у Беларусі супрацьстаянне паміж нацыянальнай інтэлігенцыяй і КПБ у тым годзе толькі абвастрылася. У 1989 г. узьніклі розныя дэмакратычныя антыкамуністычныя арганізацыі: БНФ, АДПБ, затым - БСДГ. Сталі вядомымі ў краіне новыя палітычныя дзеячы: Зянон Пазьняк, Алесь Адамовіч, Міхась Ткачоў, Васіль Быкаў, Аляксандар Дабравольскі, Алесь Емяльянаў і іншыя.
(Працяг у наступным нумары.)
Сымон Струменскі
Сцяжынамі жыцця
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
За вярсты дзве ад Дзярэчына быў кар'ер, з якога бралі жоўценькі пясочак, каб пасыпаць ім на кухні ў хаце ток, што быў вільготны ад напырсканай вады падчас мыцця і рознай гаспадарчай працы. Дык вось у гэтай «Пескавой яме» (кар'еры) штодзень фрыц забіваў «малое жыдзяня». Казалі, што начальнік нямецкай управы (Фрыц яго называлі) кожную раніцу вёз у брычцы малое дзіця яўрэяў, што сядзелі ў Дзярэчынскім гета. Прыехаўшы да кар'ера, ён страляў яго і толькі пасля гэтага браўся за сняданне.
Мястэчка Дзярэчын у 1940-першай палове 1941 года мела да сямі з паловай тысяч насельнікаў. Шмат было розных крамаў, дзе габрэі (тады казалі «жыды, жыдоўка, жыдзяняты», іншых слоў проста не было) кіравалі імі. Жыды складалі да шасці тысячаў чалавек. Падчас нямецкай акупацыі амаль ніхто з іх не застаўся ў жывых. Немцы вазілі іх грузавікамі ў лес Целякоўшчыну і забівалі, скідваючы ў дзве вялізныя ямы. Пазней, збіраючы грыбы ў лесе непадалёку ад хутара Пад'ясень, мы бачылі гэтыя ямы метраў на дваццаць ушырыню і да ста ўдаўжкі. Казалі відавочцы, што новая партыя прывезеных ахвяраў бачыла яшчэ варушлівых сваіх папярэднікаў, па якіх ехалі машыны, засыпаючы пяском і рыхтуючы новы пласт для чарговых смяротнікаў.
Пачатак Другой святовай вайны (1939-1945)
Раніцай, нядзеляю, маці нашча пайшла маліцца ў царкву мястэчка Дзярэчын. Было гэта 22 чэрвеня 1941 года. Гадзіне недзе а дзесятай, прыганяючы жывіну з пашы, мы ўбачылі плойму самалётаў, недзе пад дваццаць, якія рухаліся з усходу на захад. Праз хвілінаў дзесяць пачуліся выбухі бомбаў бамбавалі мястэчка Зэльву, чыгунку. Як потым даведаліся, нямецкая зграя самалётаў (ярапланаў, як тут казалі) вярталася дамоў, у Нямеччыну, пасля бамбавання Кіева. Маці прыйшла з абедні і паведаміла пра абвяшчэнне немцамі вайны саветам, як казаў у царкве святар.
Праз некалькі дзён па старой дарозе, дзе цяпер расла збажына, перліся нямецкія танкі і мацыклеты. Гэта было метраў за дзвесце ад нашага дома. Нямецкія кулямётчыкі абстрэльвалі і наш дом. Кулі траплялі ў вокны, падалі на зямлю, адбіваючыся ад цагляных сценаў. Дарога, што праходзіла тут праз палеткі хутаранаў яшчэ гадоў тры таму, зноў ажыла спластаванай збажыной. Бацькі распавядалі, што ў немцаў мелася дакладная мапа гэтай мясцовасці, таму яны і ехалі па старой дарозе. У вёсцы Грабава калона ці нейкая частка яе спынілася на гадзіну. Кухары гатавалі «зольдатам» абед. Заахвочвалі дзяўчатпадшпаркаў абіраць бульбу і кідаць яе ў балею з вадою. А падзяка была цукеркамі. I раптам два савецкія вайскоўцы вынырнулі з жыта і сталі здавацца нямецкай ахове. Немцы нешта «гергеталі» пасвойму, а потым павялі чырвонаармейцаў сцяжынкаю і недалёка ад будынку Грабаўскай школы паставілі на смірна і стрэльнулі ім у патыліцу забілі.
Жыхары хутароў і вёскі Грабава ніяк не маглі ўразумець, чаму так хутка немцы прыджгалі сюды. Цьмацьмушчая савецкіх танкаў бесперапынна ў верасні 1939 года ішла па шашы з Дзярэчына на Зэльву. Тысячы танкаў! I дзе яны падзеліся? Чаму не спынілі гэтых немчурыскаў!
I як хораша, годна віталі грабаўцы чырвонаармейцаў! Сцяпанава маці (у маладосці падчас Першай святовай вайны уцякла ў Расею, два гады працавала на фабрыцы ў горадзе ІванавеВазнясенску, што за Масквою), частавала «вызваляльнікаў» маслам, сырам, яйкамі, саланінаю. «Ледзве данесла да тае шашы з свайго хутару, кіль мо з дваццаць было». Жаўнеры дзякавалі мясцовым жыхарам колатым цукрам, часам бляшанкамі кансерваў.
I дзе ўсё гэта падзелася? Столькі ж зброі і жаўнераў было. Як яны маглі дазволіць гэтым немчурам расправіцца з гэтакаю сілаю і беспакарана таптаць нашую зямлю, Бацькаўшчыну?!
Неўзабаве пасля танкаў сталі скідваць бомбы нямецкія самалёты, страляць гарматы. Некалькі снарадаў разарвалася каля нашай хаты, дах хаты бляшанае пакрыццё стаў пярэсты ад разарваных кулявых і асколкавых дзірак. Снарады і кулі проста «бзыялі» ў паветры над нашым домам. Бацькі загадалі ўсёй сям'і 14 асобам (з абодвух канцоў хаты) спусціцца ў падземны склеп (раней там была бульба). Недзе з паўсутак сядзелі мы ў склепе. Зачынілі вокны аканіцамі, пазамыкалі дзверы. Толькі увечары, як сцішэла страляніна, павылазілі з склепа. Пагналі пасвіць быдла. I тут убачылі цэлы шэраг вялізных бомбавых ямаў глыбінёю метраў на два і шырынёю столькі ж. А ў беразіне пластом ляжалі савецкія жаўнеры, чалавек да пяцідзесяці. Мусіць, немцы і палявалі на іх, калі яны ўцякалі ў лес. А ў асінніку каля самага хвойнага лесу ляжалі радочкам два шэрагі трупаў чырвонаармейцаў, чалавек за 40. Яны як бы знарок леглі адпачыць. Але з прастрэленымі целамі. Непадалёку ўбачылі і некалькі застрэленых немцаў. Бацькі казалі, што гэтыя фашысты зваліліся з ялінаў, дзе яны назіралі за чырвонаармейцамі і стралялі іх зверху. Мусіць, гэта савецкі камандзір выстраіў сваіх падначаленых для праверкі, і тут іх накрылі стрэламі нямецкія кулямётчыкі, што сядзелі высока на ялінах.
Суседзі апавядалі, што трупы сваіх жаўнераў немцы хутка забралі, а савецкія яшчэ доўга ляжалі тут. Калі хавалі забітых, то яшчэ былі і непамерлыя, якія прасілі хутчэй іх «прнкончнть», каб не мучыцца.
У той час надта ўрадзілі ў лесе суніцы (ці, як тут кажуць, чырвоныя ягады). Збіраючы іх на палянках, мы няраз бачылі ў кустах трупы жаўнераў і ўцякалі дахаты, паведамляючы пра гэта сваім бацькам.
Паабапал гасцінца, што раскінуўся ад вёскі Старое Сяло да мястэчка Дзярэчын, можна было бачыць кучкі гільзаў, а то і патронаў. I нават неразарваныя снарады. Грабаўскія падшпаркі збіралі ўсё гэта і забаўляліся з імі, кідаючы патроны ў вогнішча і захапляючыся выбухамі. А адзін хлопец, гадоў трынаццаці, Іван Радкевіч вырашыў разабраць снарад, стаў вымаць яго «запальнічку», а той як бабахнуў то аднаго хлопца зусім забіла, а другому адарвала правую руку.
Вось як адчулі мы вайну!
Навучанне
Пасля нямецкай акупацыі Сцяпана прынялі ў пяты клас Дзярэчынскай сямігодкі. Вучыцца было вельмі нялёгка: падручнікаў не было, паперы таксама. Пісалі на абгортачнай паперы (трохі пагладзіўшы яе жалязкам) пад дыктаванне настаўнікаў. Дый навучалі нас амаль што тыя ж коласаўскія «дарэктары». Скончыўшы надта паспяхова пяты клас, Сцяпан апынуўся адразу ў сёмым. Матэматыку тут выкладаў стары, у акулярах, настаўнік Дожын. Ён вучыўся яшчэ ў царскай гімназіі. Някепска ведаў свой прадмет і выкладаў даступна. Часта праводзіў кантрольныя пісьмовыя работы. Сачыў, каб вучні не спісвалі адзін у аднаго. Недавер быў у яго да малых ростам вучняў. Недаросткам ён паніжаў адзнакі, калі пісьмовыя працы былі аднолькавыя ў суседзяў. Так сталася і з суседам па парце высокім хлопцам Бекішам з вёскі Алексічы. Калі праз пару дзён настаўнік стаў абвяшчаць адзнакі за пісьмовыя працы, то вучні абураліся, бо ўбачылі тут несправядлівасць: Бекіш атрымаў адзнаку «5», а Сцяпан «3», хоць вусна яго сусед амаль ніколі не вызначаўся сваімі адказамі. Але сядзеў смірненька, не турбаваў настаўніка пытаннямі, тым часам як Сцяпан задаваў часта, і нярэдка настаўніку няпроста было на іх адказаць.
Падчас чарговай пісьмовай праверкі Сцяпан вырашыў не даваць свайму суседу Бекішу перапісаць працу. I той атрымаў двойку. а Сцяпану Дожын паставіў пяцёрку і нават пахваліў, сказаўшы парасейску: «Мал золотннк, да дорог».
Сямігодку Сцяпан канчаў у 1946 годзе пры новым дырэктары, жанчыне. Спецыяльнай адукацыі яна не мела, але была кіраўніком школы, бо яе муж, Дзядовіч, узначальваў сельскі савет у Дзярэчыне. Канчалі сёмы клас каля трыццаці вучняў. Толькі два з іх на «выдатна». Скончыўшы на гэтую адзнаку Дзярэчынскую НСШ (няпоўную сярэднюю школу). Сцяпан без экзаменаў быў прыняты ў Ваўкавыскую педвучэльню (якую, дарэчы, скончыў таксама на «выдатна»). Вучыцца тут было цікава. Праўда, былі і адпаведныя нязручнасці. Нярэдка слухалі аповед настаўнікаў у незвычайным класе - пад яго было абсталявана гарышча, з адным невялічкім акном. Настаўнікамі працавалі тут і былыя франтавікі. Беларускую мову і літаратуру выкладаў дэмабілізаваны афіцэр Навіцкі, высокі чалавек, паранены ў нагу, хадзіў кульгаючы. Ведаў беларускую філалогію добра. Выпускаў з намі насценгазету пабеларуску. Рускую мову выкладаў Сыс, чалавек сярэдняга росту, акуратна апрануты, з зачасанымі пасівелымі ля скроняў валасамі. Досыць інтэлігентны, спакойны. Рускую літаратуру і канстытуцыю вёў дырэктар вучэльні Высоцкі. Надта неўраўнаважаным быў выкладчык педагогікі і псіхалогіі. Часта крычаў на вучняў, патрабаваў дакладных фармулёвак вызначэнняў, цытатаў. Нярэдка палова класа атрымлівала на ўроку «калы» (адзінкі). Добрым спецыялістам па гісторыі быў Грычанок. Выкладаў свой прадмет цікава, эмацыйна. Заўсёды меў адмысловы сшытакканспект, куды кідаў вока пры неабходнасці дакладна назваць тыя ці іншыя даты і факты.
Разам з намі, падлеткамі, вучыліся тут і былыя франтавікі, якім нялёгка было авалодваць ведамі. Слухаючы добрыя Сцяпанавыя адказы з хатніх заданняў, гэтыя «пераросткі» сталі прасіць яго расказваць ім матэрыял да чарговага ўрока. Цяжка было адмовіць гэтым людзям. I Сцяпан ператвараўся, кажучы сучаснымі словамі, у рэпетытара. Гэта была нялёгкая задача, бо вымагала грунтоўнай падрыхтоўкі да кожнага ўрока і самога «прафесара», як называлі гэтыя людзі Сцяпана.
Любіў Сцяпан усе дысцыпліны, што выкладаліся ў педвучэльні. Захапляўся, праўда, больш прыродазнаўчым цыклам прадметаў. Асабліва матэматыкай і фізікай. На жаль, трохгадовае навучанне ва установе не давала патрэбнага абсягу ведаў - роўнае было толькі праграме восьмага класа сярэдняй школы. На другім і трэцім курсах педвучэльні вывучаліся толькі гуманітарныя курсы, шмат псіхалогіі, педагогікі, методыкі выкладання прадметаў, неабходных для пачатковай школы.
Скончыўшы на «выдатна» педвучэльню, Сцяпан паступіў без экзаменаў на фізмат Гродзенскага педінстытута. З цікавасцю слухаў лекцыі па фізіцы і матэматыцы выкладчыкаў Акімавай і Рыўкінда. Але шмат чаго не разумеў з праслуханага, бо не хапала ведаў за 910 класы сярэдняй школы. А ўсё ранейшае навучанне да гэтага часу было для Сцяпана зусім лёгкім. Таму быць не ў першых шэрагах навучэнцаў, а недзе серадняком ці яшчэ ніжэйшым Сцяпана зусім не задавальняла. Таму ён стаў думаць пра гуманітарны профіль, дзе не было такога разрыву ў ведах. А тут якраз здарыўся такі выпадак: на фізмат стаў прасіцца студэнт філфака Дубіна. I рэктар Малюкевіч вырашыў, як кажуць, адным стрэлам двух зайцоў забіць: памяняць студэнтаў на факультэтах. Так Сцяпан стаў студэнтам літфака (так тады называлі факультэт літаратуры і мовы, паводле сённяшняй назвы філалагічны). Тут вучылася на рускім аддзяленні Руфіна Малюкевіч, жонка рэктара. Паводзіла сябе сціпла, канспектавала ўсе лекцыі, за выняткам гісторыі Беларусі, якую вёў яе муж рэктар Малюкевіч. На гэтым жа аддзяленні вучыўся і Пятрусь Макаль, што пераехаў у Гародню з Польшчы пры абмене палякаў і беларусаў урадамі Польшчы і БССР. Падчас некаторых заняткаў ён пісаў вершы. Нават на занятках стараславянскай мовы. На практычных занятках па гэтай дысцыпліне Пятрусь меў слабую паспяховасць. Выкладчык прадмета Пётр Іванавіч Кавалеўскі нават папярэджваў «паэта» пра магчымы «правал» экзамену. I як здзівіўся ён, калі Пятрусь Макаль адказаў на шматлікія дадатковыя пытанні выкладчыка, за што атрымаў на экзамене выдатную адзнаку. А на чацвёртым курсе выпускнік інстытута П. Макаль апублікаваў у «ЛіМе» крытычную рэцэнзію на зборнік вершаў Максіма Танка, тагачаснага старшыню Саюза пісьменнікаў Беларусі. М. Танк запрасіў да сябе аўтара рэцэнзіі і параіў П. Макалю паступіць у Маскву ў «інстытут пісьменнікаў», што той і зрабіў.
Падчас навучання на літфаку (19491953) беларускае і рускае аддзяленні ўсе дысцыпліны (за выняткам рускай мовы) слухалі разам, бо было ўсяго дзве групы студэнтаў. Цікавыя заняткі па замежнай літаратуры былі ў Мікалая Рыгоравіча Працэнкі, а таксама па філасофіі ў Марціросава. Беларускую літаратуру пэўны час чытаў нам Міхась Дуброўскі, паэт, які крытычна аналізаваў творы ДунінаМарцінкевіча, Ф. Багушэвіча. Больш аб'ектыўна ацэньвала беларускія творы загадчыца кафедры літаратуры Любоў Храмава.
Прадметы цыклу беларускай мовы выкладалі Антон Корзун і Тацяна Сцяшковіч. Але гэтыя выкладчыкі не вызначаліся глыбокімі ведамі і не пакінулі ўражання.
1953 год. Падчас Сцяпанавага сканчэння Гродзенскага педінстытута, 5га сакавіка не стала кіраўніка СССР Сталіна. Двое сутак не было заняткаў. Студэнты нашага курса, асабліва дзяўчаты, безупынна плакалі, стоячы ля бюста Сталіна. А тых, хто не плакаў ці цвяроза разважаў - «канца свету не будзе», проста лічылі злачынцамі. А студэнтавыпускніка, выдатніка Гарбачова нават выключылі і засудзілі. Канчаў ён інстытут ужо ў 1959 годзе завочна.
Сцяпана, выпускніка (з дыпломам выдатніка) 1953 года прызначылі працаваць на кафедры беларускай мовы і літаратуры, якую ўзначальвала кандыдат навук Любоў Іванаўна Храмава.
Працаваў Сцяпан надта шмат, па 14 гадзінаў на дзень: тры змены, апошняя - вячэрняя. Самастойна распрацоўваў тэарэтычныя курсы беларускай мовы, вёў гістарычную граматыку, уводзіны ў мовазнаўства. Пры гэтым прарэктар па навучальвдй працы Барсягян прымусіла чытаць (дзеля сваёй дачкі) на рускім аддзяленні па-руску.
(Працяг у наст. нум.)
Павел Сцяцко
Жыў такі паэт у Гародні...
Штрыхі да постаці паэта Лейбла Найдуса (Гародня, 6 кастрычніка 1890 - Гародня, 23 снежня 1918).
У яўрэйскай паэзіі на мове ідыш Лейбл (Леон, Лёнік) Найдус вядомы, як арыгінальны наватар і рэфарматар паэтычнага слова. Яму належаць зборнікі вершаў "Лірык" ("Лірыка", Вільня, 1915), пераклад паэмы А. Пушкіна "Сказка о мертвой царевне и семи богатырях" (Гародня, 1918), кніга вершаў аб прыродзе "Да флейт фун Пан" ("Флейта Пана", Гародня, 1918), "Інтыме нігунім" ("Інтымныя напевы", пасмяротнае выданне, Гародня, 1919). У траўні 1918 года ім была завершана паэма "Да эрд дэрвахт" ("Зямля абуджаецца"). Ён адрэдагаваў літаратурны зборнік на рускай мове "Неман" (Гародня, 1916).
Пяцітомнік быў выдадзены ў Варшаве цягам 19231928 гадоў, у тым ліку - "Кніга паэм", "Літоўскія арабескі", "Свет Парнасу", "Руская паэзія".
Архіў паэта захоўваўся ў Яўрэйскім навуковым інстытуце (Вільня). У часе Другой сусветнай вайны частка матэрыялаў была страчана. Але іншае паспелі вывезці у Злучаныя Штаты. Жыццю і творчасці Л. Найдуса прысвечана эсэ А. Закускага (Буэнас-Айрэс, Аргенціна, 1951). У 1958 годзе там жа выдадзены зборнік выбранага з паэзіі Л. Найдуса.
Лейбл вылучаўся сярод аднагодкаў сваім няўрымслівым характарам. Яго двойчы выключалі з вучэльняў за ўдзел у маладзёжным рэвалюцыйным руху. Першы раз гэта здарылася ў 1905 годзе, калі падлетак спасцігаў веды ў камерцыйнай школе Беластока. Сюды патрапіў па жаданні бацькі. Стары Ісаак вельмі хацеў бачыць сына купцом. Другі - ў 1907 годзе ў Коўна, дзе хлопец вучыўся ў рэальнай вучэльні. Ён удзельнічаў у маніфестацыях, нелегальных сходах, распаўсюджанні падпольнай літаратуры.
Пасведчанне выпускніка Віленскай сярэдняй рэальнай школы атрымаў у 1911 годзе.
Пошук свайго месца ў жыцці прывёў Лёніка (так яго звалі родныя) у паэзію. У Вільні паспрабаваў пісаць на польскай, рускай, ідыш мовах. 1907 год стаў пачаткам творчасці. Даслаў у часопіс "Романцайтунг" (Варшава) верш, які быў надрукаваны. Неўзабаве яго паэтычныя радкі рэгулярна змяшчалі яўрэйскія выданні Варшавы і Вільні, расійскіх гарадоў.
Вялікі ўплыў на юнага паэта ў канчатковым выбары мовы творчасці (ідыш) аказала яго сяброўка Ніна Табачнік, якая памерла ў маладым веку ад сухотаў. Яна была апантанай прыхільніцай яго таленту, разумела, што Лейбл не проста рыфмуе словы. Ён умеў сваімі меладычнымі вершамі зачараваць слухачоў, выклікаць у іх лепшыя пачуцці, што пацвярджалі вечарыны паэзіі. Лейбла сустракалі горача і з захапленнем. Гэтаму чалавеку была дадзена здольнасць да імправізацыі, перакладу з іншых моваў, пошуку новых паэтычных формаў. Ён быў рэфарматарам па духу і арыгінальным наватарам у рытміцы, форме (тэрцыны, санеты, актавы, трыялеты, мадрыгалы і інш.), сюжэтах і змесце яўрэйскай паэзіі на мове ідыш.
Над тэмамі ў маладосці не ламаў галавы. Бацькоўскую сядзібу Кусцін, што за тры кіламетры ад паселішча КузніцаБеластоцкая і за 23 ад Гродна, акаляла такая навакольная прыгажосць, што само паветра натхняла на складанне вершаў.
Разуменне прыгажосці было састаўной часткай выхаваўчай практыкі бацькоў. Усе сямёра дзяцей былі адукаванымі і працавітымі, паважалі яўрэйскія, беларускія, польскія традыцыі тутэйшых жыхароў. Разумелі, што сінагога, касцёл і царква заклікаюць збліжаць людзей розных рэлігій, але не раз'ядноўваць. Усе карысталіся мясцовай гаворкай, шчодра перасыпанай польскімі, беларускімі, яўрэйскімі, літоўскімі словамі.
У хаце старога Ісаака і яго жонкі Рахілі было шмат кніг. Сёстры гралі на піяніна. Улетку ўсе дружна збіралі грыбы, суніцы, чарніцы, маліну. На рачулцы побач былі добрыя рыбныя ставы. Ну і навакольная прырода, пабеларуску пранікліва шчымлівая, ціхая і надзвычай пяшчотная. Лейбл з маленства ўвабраў у сэрца гэтыя краявіды. Маючы паэтычны дар, бачыў не проста дрэвы, сенажаць, сінія абсягі, але ствараў паэтычныя вобразы са сваім характарам і адухоўленасцю...
Жыццё было размераным, прадуманым да дробязяў. Старэйшы сын па старой завядзёнцы заставаўся пры бацьках - "на гаспадарцы". Два сярэдніх - закончылі вучэльню правізараў. Пазней яны абаранілі навуковыя дысертацыі па хіміі ў Пецярбургу.
Атрымалі адукацыю і дзяўчаты.
У Вільні малады паэт шмат чытаў вядомых еўрапейскіх аўтараў. Гэта былі найперш творы французскіх, нямецкіх, англійскіх, польскіх, рускіх творцаў. Іх паэтыку Л. Найдус культываваў у яўрэйскай паэзіі. Блізкай па духу аказалася рамантычная паэзія, асабліва Адама Міцкевіча. Цікавасць выклікала міфалогія, народныя матывы. Адсюль і рознапланавасць уласнай тэматыкі. У тым ліку і пераклады Ш.Бадлера, Э.По, Г.Гейнэ, А.Пушкіна, П.Верлена, Т.Гацье, М.Лермантава, І.Гётэ, М.Метэрлінка, Э.Верхарна, А. дэ Мюсэ, Э.Ростана, П.Б.Шэлі...
Ён пачаў працаваць на мове ідыш у важны для яўрэйскай літаратуры час. Друк першых яго вершаў супаў у выданнем у Вільні штомесячнага часопіса "Literarishe Monatschriften". Гэтае выданне рэдагавалі пісьменнікі С.Гарэлік, А. Вейтэр, Ш.Нігер. У праграмным допісе яны выказалі думку, што літаратура не можа існаваць і развівацца без апірышча на адукаваных чытачоў, без доступу да культуры іншых народаў. Выдаўцы заклікалі да рэнесансу культуры "на яўрэйскай вуліцы". Гэтага кірунку часопіс і трымаўся. Адразу ж з'явіліся цікавыя маладыя аўтары: тры Давіды - Эйнхорн, Бергельсон, Хафштейн, а таксама Лейбл Найдус. Першыя ў пераліку пазней сталі прызнанымі майстрамі пяра. У Амерыцы ў тыя часы звярнула на сябе ўвагу творчасць М.Лейба, Р.Айзланда, З.Бандаў, Д. Апатошы, Д.Ігнатава і іншых. Сярод іх было шмат перасяленцаў з Польшчы і Беларусі.
Лейбл вярнуўся ў Гародню і ўладкаваўся на сталую працу ў яўрэйскі часопіс "Жыццё і веды". Жыў у невялікім пакоі. Зарабляў на хлеб аўтарскімі ганарарамі за надрукаваныя творы - вершы, песні, літаратурныя эсэ, выступленні ў гарадах і мястэчках. Наладзіў добрыя сувязі з настаўнікамі "паўшэхных" (агульнаадукацыйных) школ. Так і пражыў сем гадоў, лічы, да смерці, якая напаткала неўзабаве пасля паездкі ў перапоўненым цягніку, дзе паэт заразіўся дыфтэрыяй, вяртаючыся з паэтычных выступленняў і літаратурных вечарын, якія шырока практыкаваліся ў той час у Прынёманскім краі. На хваробу не звярнуў увагі, вырашыў, што папросту прастудзіўся. Калі звярнуўся ў бальніцу, то аказалася, што позна: не вытрымала сэрца.
Ён меў 28 гадоў і набраў добры разгон як паэт. 11гадовы тэрмін (з 1907) быў вызначаны нязвыклай прадукцыйнасцю - стварэннем вершаў, песень, эсэ, літаратурных нататак, перакладаў найвядомейшых паэтаў. Яго вершы прасякнуты матывамі пагранічча розных нацыянальных культур - беларускай, польскай, яўрэйскай, літоўскай, якія ўзаемна абагачаліся, цесна пераплеценыя адна з другой. Паранейшаму жыватворна ўплываў родны бацькоўскі кут. Шырокі кругагляд надавала веданне еўрапейскай паэзіі.
Творчасць Л. Найдуса, пасутнасці, правінцыйнага пісьменніка, вылучае яго падыход да надзённых тэм. Ён аддаваў перавагу не аплакванню цяжкай долі тутэйшага насельніцтва, найперш, яўрэйскага, хаця звяртаўся да гэтага, як, напрыклад, у 1917 годзе:
Хацеў бы памагчы народу,
Бо гіне ў болі і самоце.
Хачу яму вярнуць я веру
У бязмежнасць хараства
на свеце,
Каб стала
будучыня лепшай.
(Пераклад М.Танка, 24.05.1994 г.)
Традыцыйная размова аб цяжкіх пакутах простага чалавека, яго страх перад магчымымі пагромамі, жабрацкае жыццё у так званых межах аселасці саступае месца повязі чалавека і прыроды, яе хараству. Відавочны ўплыў рускай паэзіі, напрыклад, акмеістаў, якія надавалі ўвагу форме верша. Іншыя даследчыкі літаратуры, асабліва прыхільнікі плыні сацыялістычнага рэалізму, называюць Найдуса пераймальнікам еўрапейскага мадэрнізму і дэкадансу…
Таго ж Давіда Эйнхорна заўважылі крытыкі. А вось Лейбл Найдус пэўны час заставаўся ў цяні. Яго пошукі новай формы былі зразумелымі чытачам, знаёмым з высокімі ўзорамі расійскай, польскай і заходнееўрапейскай літаратуры. Аднак неўзабаве ён стаў улюбёнцам моладзі роднай Гарадзеншчыны, Вільні і Варшавы. Вершы дэкламаваліся на вечарынах, а песні выконваліся ў яўрэйскіх школах. Асобныя творы для маленькіх дзяцей змяшчаліся ў падручніках.
Сапраўднае прызнанне Л. Найдуса адбылося па яго смерці. Балючая страта маладога творцы выклікала водгукі многіх пісьменнікаў. Абрам Зак, які шмат парупіўся, каб спадчына яго дружбака Лейбла была апублікавана, адзначаў: "Віртуоз яўрэйскай страфы - гэта заслужанае акрэсленне паэтычнага аблічча Найдуса… Верш яго быў у сучасным яму грамадстве ўзорам рытму і высокага ўзроўню меладычнасці. На чале плеяды яўрэйскіх паэтаў стаяў у тым часе Д. Эйнхорн, які пісаў ціхія, мройныя песні пра белыя бярозкі, і тут прыйшоў Л. Найдус, загучаў смелымі акордамі, выверанымі тонамі, і гэта было новым кірункам і цалкам новай тэматыкай. Яго паэзія заіскрылася нязвыклым багаццем мовы і рэдкай музычнасцю. Што да мовы і формы, то тут Найдус быў недасягальным віртуозам…".
Вядомы пісьменнік Ш. Нігер (сапр. Шмуэль Чарні) падкрэсліў: "Найдус прыйшоў заўчасна ў яўрэйскую літаратуру. Калі маладая яўрэйская інтэлігенцыя дэкламавала вершы заходніх, расійскіх паэтаў, навучыцца яўрэйскай мове, тады зразумее вершы Найдуса". Па водгуку Я. Глатштэйна пра паэзію Найдуса, "паэтычная дыкцыя" вершаў на ідыш "да яго была ў пялёнках".
Для жыхароў Гародні імя паэта вярнуў з паўзабыцця беларускі пісьменнік Аляксей Карпюк. Гэты аўтар актыўна займаўся краязнаўчымі пошукамі. У 80х гадах ён праз мясцовае аддзяленне Саюза пісьменнікаў нагадаў пра яўрэйскага хлопца Лейбла, жыхара горада, які пакінуў па сабе вершы высокага паэтычнага гатунку. Шырокую інфармацыю пра паэта атрымалі ўдзельнікі ўстаноўчай канферэнцыі Гарадзенскага яўрэйскага гісторыкакультурнага таварыства імя Л. Найдуса (1988).
Акрамя назвы вуліцы ў Гародні, у Варшаве на яўрэйскіх могілках ёсць помнік на сімвалічнай магіле творцы. Пра гэта парупіліся прыхільнікі творчасці Найдуса (1992). У 1994 годзе ў Менску адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная яўрэйскай культуры ў Беларусі. Сярод іншых мела выступ пляменніца Л. Найдуса, прафесар гісторыі Польскай Акадэміі навук Валянціна НайдусСмоляр. Яна сустрэлася з Максімам Танкам, знаёмым з даваеннага часу па падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі, яе мужам Рыгорам Смолярам, адсядзеўшым у віленскім астрозе "Лукішкі" не адзін год. Пазней гэты чалавек працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, быў камісарам партызанскага атрада імя Лазо ў Налібоцкай пушчы, быў супрацоўнікам газеты "Літаратура і мастацтва".
Валянціна перадала вершы свайго дзядзькі ўжо цяжка хвораму Максіму Танку. Той зрабіў пераклад шасці з іх. Магчыма, яго ўвагу прыцягнула тое, што творы Л.Найдуса, асабліва апошняга перыяду яго творчасці, былі напісаны верлібрам - белым вершам, якому таксама аддаваў перавагу знакаміты беларускі творца. Не мог паэт не прасякнуцца і хараством паэтычнага радка Найдуса.
Антон Лабовіч, Гародня.
На здымках: Л. Найдус; аўтограф Максіма Танка (пераклад верша Л. Найдуса).
Ад рэдакцыі: у гэтым годзе ў Гродне праводзіцца чарговы Усебеларускі фестываль нацыянальных культур. Яўрэйскаму таварыству выпадае магчымасць больш шырока распавесці пра таленавітага гарадзенскага паэта.
Пісалася і такая анкета...
Сярод многіх кніг маёй бібліятэкі я беражліва захоўваю паэму А. Твардоўскага "Тёркин на том свете" з аўтографам слыннага паэта і датай: 17.04. 1964. Тут у казачнаўмоўнай форме гаворыцца пра тое, як герой трапляе "на той свет", дзе ў сатырычных фарбах увасоблены коснасць, бюракратызм, фармалізм, шкурніцтва, злавесная падазронасць ці, як пісаў сам паэт, тыя рысы тагачаснай рэчаінсасці, "якія перашкаджаюць нашаму руху наперад і барацьба з якімі - адна з задач нашай літаратуры". Тады, на пачатку 1960х гадоў, гэта сатырычная паэма была сенсацыяй. Яе апублікаванне, пасля шматгадовага замоўчвання, было сустрэта з найвялікшай цікавасцю. Паднятыя ў ёй праблемы, здавалася, нікога не маглі пакінуць абыякавым. Але хутка наступіў доўгі "застойны перыяд" і пра паэму перасталі гаварыць і пісаць.
Сённяшнія выпускнікі сярэдняй школы і вышэйшых навучальных устаноў або зусім нічога не чулі пра гэту паэму, або маюць пра яе толькі вельмі цьмянае, павярхоўнае ці скажонае ўяўленне. Аднойчы я працытаваў па памяці маладым калегам два ўрыўкі з гэтага сатырычнага твора, і аднаму слухачу захацелася прачытаць усю паэму. Як і меркавалася, многія яе мясціны для сучаснага чытача патрабуюць рэальнагістарычнага каментару. Мой калегачытач адчуў гнеўнае выкрыццё савецкага таталітарызму. А пра асобныя эпізоды сказаў, што гэта, напэўна, аўтарская фантастыка. Смешным і, відаць, надуманым палічыў і апісанне таго, як тагасветны Стол праверкі прымусіў Цёркіна пісаць аўтабіяграфію ("по графам: вопрос - ответ") і як Цёркін "начал с предков - кто был дед":
"Дед мой сеял
рожь, пшеницу,
Обрабатывал надел.
Он не ездил за границу,
Связей также не имел.
Пить - пивал.
Порой без шапки
Приходил, в сенях шумел.
Но, помимо как от бабки,
Он взысканий не имел.
Не представлен был
к награде,
Не был дед передовой
И отмечу правды ради-
Не работал над собой.
Уклонялся. И постольку
Близ восьмидесяти лет
Он не рос уже нисколько,
Укорачивался дед..."
Так и далее - родных
Отразил и близких,
Всех, кто числился в жывых
И посмертыных списках.
І гэта не паэтава прыдумка, а камічнае адлюстраванне таго, што было пры савецкай уладзе. Сённяшняму маладому чалавеку не верыцца, што была такая татальная праверка і скразное, бы на рэнтгене, прасвечванне кожнага чалавека. Але пра гэта трэба ведаць. І забываць такое нельга. Як пісаў А. Твардоўскі ў іншым творы і з другой нагоды. "Боль взывает к людям: давайте, люди, никогда аб этом не забудем!"
У мяне захавался "форма № 4" - анкета для напісання аўтабіяграфіі - з пералікам пытанняў, якія патрабуюць абавязковых адказаў. Вось адно з гэтых пытанняў (у перакладзе пабеларуску): "Ці быў за граніцай, калі, дзе і чым займаўся. Хто (прозвішча, імя і па бацьку) знаходзіўся ці знаходзіцца з родных ці родзічаў самога і жонкі (мужа) за граніцай. Калі выехаў, дзе пражываў або пражывае, чым займаўся ці займаецца. Ці ёсць сувязь самога і жонкі (мужа) або іншых сваякоў і якая. Калі сувязь спынілася, то калі".
Яшчэ некаторыя з аж 15 анкетных пытанняў: "Ці пазбаўлены па суду выбарчых правоў бацькі самога і жонкі (мужа) або сваякі (браты, сёстры), за што, калі і дзе. Іх прозвішчы, імёны і па бацьку"; "Ці быў у палоне ў перыяд Айчыннай вайны. Калі, дзе і пры якіх абставінах трапіў у палон. Колькі часу і дзе там знаходзіўся. Калі быў вызвалены або ўцёк з палону. Ці знаходзіўся ў акружэнні ў перыяд Айчыннай вайны, калі, дзе і колькі часу. У якім складзе, як і куды выйшаў з акружэння. Ці пражываў на тэрыторыі, занятай нямецкафашысцкімі акупантамі ў перыяд Айчыннай вайны, і калі пражываў, то дзе і колькі часу. Дзе і ў якасці каго працаваў або служыў, з кім пражываў і ў якім узросце"; "Хто з радні (жонка, дзеці, браты, сёстры - самога і жонкі) знаходзіліся на акупаванай немцамі тэрыторыі ў перыяд Айчыннай вайны. Дзе і колькі часу знаходзіліся і чым займаліся".
Не абыдзены ў анкеце і спагнанні ("зняты з пасады ці не, калі зняты - кім і калі") ды ўзнагароды ("кім і калі ўзнагароджаны") . Дарэчы, Цёркін, трапіўшы на той свет, даведаўся, што яго ўзнагародзілі пасмяротна і можа тут жа атрымаць ордэн і што ён "не знал наверняка, как о мёртвом человеке здесь забота велика".
На тым свеце, як і на гэтым, ваўсю дзейнічае стукацтва. Даўні сябар, з якім сустракаецца Цёркін і які цяпер там "на віду ў замагільнага начальства", зразумеў, што Цёркін - "непаўнацэнны мярцвяк", і пасяброўску прызнаецца:
Но о том,
что хочешь жить,
Дружба, знаешь, дружбой.
Я обязан доложить…
Ясно…
…куда нужно
Гэта - на тым свеце, а на гэтым свеце стукачоў было (а можа, і цяпер ёсць) - хоць гаць гаці. Як пісаў В. Быкаў у артыкуле "Будучыня рэспублікі" са спасылкай на апублікаваныя ў Маскве крыніцы, "напярэдадні вайны... сексотаў было ў нас 10 мільёнаў".
Думаецца, не лішнімі будуць і такія ўспаміны В. Быкава, нядаўна пасмяротна надрукаваныя ў "Дзеяслове" (2005.№ 19.С.172). Тут прыгадваецца пачатак лета 1935 года, калі пад канец афіцэрскіх курсаў група чалавек з 25 сядзела ў полі каля дарогі. "Заняткі праводзілі самастойна, таму скончылі раней часу. Сядзелі, гаварылі. Гаворка зайшла пра сексотаў, усе пагаджаліся, што, як і ўсюды, у нас былі сексоты. Але колькі: меркавалі, чалавек пяць. Іншыя сцвярджалі: палавіна. Тады нехта прапанаваў напісаць паперкі і кінуць у шапку. Хай сексоты зробяць меткукрыжык, а іншыя - прочырк. Так і зрабілі. Ананімнасць была захавана. Пасля разгарнулі паперкі. Аказалася, з 25 паперак у 18 былі крыжыкі. Усе былі ашаломленыя. Але кожны лічыў, што ён паставіў прочырк. Між іншым. Членаў КПСС у нас таксама было 18..."
Тое. што тут лічбы 18 і 18 супалі, не значыць, што адны камуністы і толькі яны былі сексотамі. Хапала іх і сярод беспартыйных.
Можна было б пра згаданую анкету і іншае гаварыць, як пра пачварныя, перажытыя з'явы мінулага часу. Але не так даўно ў "Народнай волі" (10.01.2006) паведамлялася пра сучасную аўтабіяграфічную анкету, якую патрабуюць запаўняць пры ўладкаванні на працу ў адным з прадпрыемстваў. Анкету складалі на аснове інструкцый, атрыманых з самага верху. Ёсць у анкеце і такія пункты: "Ці быў (была) за мяжой, калі, дзе і з якой мэтай (акрамя краін - удзельніц СНД)?"; "Ці падтрымліваеце Вы, Ваш муж ці Вашы блізкія (бацька, маці. Браты, сёстры і дзеці старэйшыя за 16 гадоў) неслужбовыя сувязі з асобамі, якія пастаянна пражываюць за мяжой (акрамя краін - удзельніц СНД)?".
Няўжо зноў усё вяртаецца на кругі свае?
Іван Лепеш