Папярэдняя старонка: 2006

№ 21 (757) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 21 (757) 24 ТРАЎНЯ 2006 г.


Цвіце Беларусь

Пышна, як ніколі, цвітуць сёлета на Беларусі яблыневыя сады. Сапраўдная белая краіна. Здымак зроблены на ўскраіне Міра.


"УЗВЫШША" - 80 гадоў з дня заснавання

« УЗВЫШША » (Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша»), аб'яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала з 26.5.1926 (статут прыняты 20.8.1926, зацверджаны 2.12. 1926) да снеж. 1931. Створана па ініцыятыве А. Ба-барэкі, З. Бядулі, У. Дубоўкі, К. Крапівы, Я. Пушчы, К. Чорнага. У згуртаванне ўваходзілі: К. Чорны (старшыня і гал. рэдактар час. «Узвышша»), К. Крапіва (нам. старшыні і скарбнік), Бабарэка (сакратар), А. Адамовіч, З. Бядуля, П. Глебка, С. Дарожны, Дубоўка, У. Жылка, Т. Кляшторны, Л. Калюга, Ф. Кугшэвіч, М. Лужанін, А. Мрый (А. Шашалевіч), Я. Пушча, В. Шашалевіч і інш. Выдавала час. «Узвышша» (1927-31), літ. зб-кі. На ідэйна-маст. платформу «У.» станоўча паўплывала літ. група «Перавал» (існавала ў Маскве, выступала за высокую эстэт. культуру творчасці).

На 1-м этапе (трав. 1926 - снеж. 1929) аформілася ідэйна-эстэт. аблічча «У.» Ідэя-праект (стварэнне невял. групы таленавітых пісьменнікаў, павышэнне эстэт. якасці маст. творчас-ці, крытыка арганізацыйнай структуры «Маладняка») абгрунтавана Бабарэкам на пасяджэнні Цэнтр. бюро «Маладняка» (26.5.1926), дзе разглядалася заява пра выхад са складу гэтага аб'яднання. Заснавальнікі "Узвышша" не пагаджаліся з пралеткультаўскімі тэн-дэнцыямі, якія выявіліся ў недаацэнцы маст. спадчы-ны, тэорыі «калектыўнай творчасці», што вяла да занядбання літ. майстэрства і прафесійнай падрыхтоўкі.

У праграмна-палемічным дакуменце «Камунікат беларускага літаратурна-мастацкага аб'яднання «Узвышша» (1926) лідары аб'яднання абвяргалі спробы сваіх літ. супраціўнікаў палітычна дыскрэдытаваць новую літ. арг-цыю. Ідэйна-эстэтычная платформа «У.» абвешчана ў праграмнай заяве (тэзісах) «Ад беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвыш-ша» (1927), якая ўключала крытычны аналіз становіш-ча тагачаснай бел. л-ры (спадчына яе заснавальнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і інш., твор-часць маладых пісьменні-каў, якія недаацэньвалі або зусім не прызнавалі літ. традыцыю і не ўзнялі л-ру на новую маст. ступень), кры-тыку «маладнякізму» як літ.-асв. кірунку.

На 2-м этапе (студзень--кастр. 1930) у выні-ку рэпрэсій супраць ідэйных лідараў «У», нападак вуль-гарна-сацыялагічнай кры-тыкі прынята «Пастанова беларускага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша» пра палітычныя памылкі ў літаратурна-пуб-ліцыстычнай творчасці» (1930). У ёй адзначаюцца недакладныя фармулёўкі ў асобных артыкулах Дубоўкі, Купцэвіча, К.Чорнага і інш., перабольшанне нац. моманту. У арт. «Пралетарскім шляхам» кіраўнікі «У» вымушаны былі адмовіцца ад «нашаніўскіх традыцый старэйшага пакалення пісьменнікаў», абяцалі разгарнуць самакрытыку, глыбей засвоіць асн. палажэнні марксізму-ленінізму, пераадолець у сваёй свядомасці «дробнабуржуазную сялянскую хістную псіхалогію», уключыцца ў барацьбу за калектывізацыю вёскі і ўзгадняць літ. дзейнасць з працай грамадскіх аргцый. Адначасова адзначалася, што «У» дало «шэраг выдатных мастацкіх твораў, блізкіх пралетарыяту».

На 3-м этапе (1931) пасля арышту і ссылкі Бабарэкі, Дубоўкі, Пушчы, Жылкі і інш. агульны сход аб'яднання прыняў рашэнне аб ліквідацыі «У.» Вульгарна-сацыялагічная крытыка 1930 - пач. 1950-х г. поўнасцю адмаўляла значэнне «У» ў станаўленні бел. сав. л-ры, адносіла аб'яднанне да ва-рожых сацыялізму аргцый. Толькі ў 2-й пал. 1960-х - 1990-я г. навук. літ.-знаўства аб'ектыўна ацаніла ўклад «У» ў развіццё л-ры, маст. культуры і эстэт. думкі Беларусі.


Шаноўныя чытачы "Нашага слова "!

З 22 траўня УП "Мінскгарсаюздрук" зноў спыніла продаж нашай газеты ў сваіх шапіках. Мы вядзём перамовы з гэтай гандлёвай арганізацыяй і спадзяёмся, што "Наша слова" будзе адсутнічаць у шапіках нядоўга.

Пакуль жа ўсе, хто купляў газету ў шапіках, змогуць знайсці яе ў сядзібе ТБМ, а яшчэ лепш проста цяпер пайсці і падпісацца на наступнае паўгоддзе. Каталог на 2-е паўгоддзе з'явіўся ў аддзяленнях сувязі. "Наша слова" ў ім на ст. 112.


70 гадоў з дня нараджэння Яна Карловіча

КАРЛОВІЧ (Karlowicz) Ян Аляксандр (28.5. 1836, в. Субартоніс Алітускага пав., Літва - 14.6. 1903), лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец. Акадэмік Акадэміі ведаў у Кракаве (1887, членкарэспандэнт 1877). Скончыў Маскоўскі універсітэт (1857). Вучыўся ў Парыжы і Гайдэльбергу (1857-59), у Брусельскай кансерваторыі (1859-60). У 1871-82 жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Воранаўскі раён) і Вішнеў (Смаргонскі раён). З 1882 у Гайдэльбергу, Дрэздане, Празе, з 1887 у Варшаве. Аўтар фундаментальных лінгвістычных прац, найперш слоўнікаў. Сярод важнейшых прац гісторыкафіласофскія і музыказнаўчыя даследаванні: «Нарыс жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі» (1884-85), «Міфалогія і філасофія» (1899). Жывучы ў бел. асяроддзі, грунтоўна ведаў нар. вуснапаэтычную творчасць, казкі, легенды, паданні народа, яго вераванні і забабоны, абрады і звычаі, прыказкі і прымаўкі і г.д. Пранікся павагай да духоўных скарбаў бел. сялян, разумеў іх высокія мастацкія вартасці, заўсёды цаніў іх узровень. З 1868 запісваў бел. нар. казкі, легенды, паданні, прыказкі і прымаўкі, выслоўі і інш. фалькл.этнаграфічныя матэрыялы. Распрацаваў «Дапаможнік для збіральнікаў народных твораў» (1871). Аўтар тэарэтычных нрац «Найноўшыя даследаванні паданняў і іх зборы» (1883), «Сістэматыка песень польскага народа» (1889-95), якія зрабілі моцны ўплыў на дзейнасць многіх фалькларыстаў. У кнізе «Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве» (т. 1-2, 1887-88) змясціў у перакладзе на польскую мову больш за 80 бел. легенд, паданняў і казак, якія запісаў у Свянцянскім, Лідскім і Наваградскім паветах. У 1889 і 1891 запісаў для М. Федароўскага ў Ваўкавыскім павеце больш за 500 мелодый бел. нар. песень (больш за 300 апублікавана ў працы М. Федароўскага «Люд беларускі», т. 5-6, 1958-60). Падрыхтаваў да друку (не апублікаваны, рукапіс зберагаецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы, Вільня) зборнік з 400 бел. нар. абрадавых песень (вясновых, валачобных, жніўных, талочных, радзінных, лірычных і інш.), 50 мелодый, шмат казак, легенд, паданняў, прыказак і прымавак, выслоўяў і інш. Заснавальнік (1887) і рэдактар (1888-99) часопіса "Wisla" («Вісла»), у якім друкаваў бел. фалькл.этнаграфічныя матэрыялы, запісаныя ў розных рэгіёнах Беларусі. Прызнаваў за беларусамі права на самастойнае развіццё навукі і культуры, заклікаў вучоных даследаваць бел. мову, фальклор, нар. побыт, звычаі і абрады народа. У прадмове да зборніка «Беларускія паданні» У. Вярыгі (Львоў, 1889) і інш. працах станоўча пісаў пра бел. народ, яго вуснапаэтычную творчасць, падкрэсліваў самастойнасць і самабытнасць бел. мовы. Кансультаваў Біруту, У. Вярыгу, А. Гурыновіча як збіральнікаўфалькларыстаў, уладкоўваў у друк іх зборы бел. нар. творчасці. Перапісваўся з Э.Ажэшкай, Бірутай, А. Гурыновічам, У. Вярыгай, М. Доўнар-Запольскім, М.Федароўскім, М. Янчуком, А.Ельскім і інш. вучоныміфалькларыстамі. Доўгія гады сябраваў з Ф. Багушэвічам, падтрымліваў яго. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы бел. даследчыкаў і фалькларыстаўзбіральнікаў П. Шэйна, М.Доўнар-Запольскага і інш. Яго запісы твораў бел. фальклору ўвайшлі ў тамы серыі БНТ: «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1 - 2, 1976), «Выслоўі» (1979), «Жарты, анекдоты, гумарэскі» (1989).

(Пра Яна Карловіча чытайце на стар. 2.)


Важкі ўклад бацькі і сына ў беларускую этнамузыкалогію

Выдатны славістмовазнаўца Ян Карловіч (1836 - 1903), ураджэнец паўночназаходняга беларускага краю, выпускнік Маскоўскага універсітэта 1857 і Брусельскай кансерваторыі 1860 гадоў, пад час жыцця ў маёнтках Подзітва і Вішнева (цяпер адпаведна Воранаўскі і Смаргонскі рны) на працягу амаль дзесяці год навуковай працы ў 1871 - 1882 гадоў зрабіў велізарны ўклад ў беларускую фалькларыстыку, асабліва ў запіс мелодый беларускіх народных песень, казак і паданняў. Дзіўна, што гэты бясцэнны для сучаснага культурнага будаўніцтва матэрыял застаецца фактычна нявыкарыстаным і малавядомым. Патлумачыць гэта, відаць, можна толькі непавагай нашага музыказнаўства да сваіх нацыянальнамеладычных вытокаў, якімі захапляліся, захапляюцца і чэрпаюць поўнымі жменямі музыказнаўцы іншых, у першую чаргу славянскіх краін ад пачынальніка славянскай музычнай фалькларыстыкі чэха Людвіка Кубы, рускага кампазітара беларускага паходжання Міхаіла Глінкі, збіральнікаў і аранжыроўшчыкаў беларускіх народных песень Мікалая РымскагагаКорсакава і Аляксандра Грачанінава да дзесяткаў сучасных кампазітараў усіх суседніх краін.

Непасрэдна збіраць і запісваць беларускія фальклорнаэтнаграфічныя матэрыялы Ян Карловіч пачаў яшчэ ў 1868 годзе, для чаго распрацаваў і выдаў ў 1871 годзе "Дапаможнік для збіральнікаў народ­ных твораў". У 1889 і 1891 запісаў для М.Федароўскага больш за 500 мелодый бел. нар. песень (больш за 300 апублікаваны ў працы Федароўскага «Люд беларускі, т. 56, 1958 - 1960). Яшчэ напярэдадні ён выдаў працу "Найноўшыя даследаванні паданняў i ix зборы" (1883), а ў кнізе "Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве" (1887 - 1888) змясціў у перакладзе на польск. мову больш за 80 беларускіх легенд, паданняў i ка­зак, якія зanicaў у Свянцянскім, Лідскім i Наваградскім паветах.

Асобную кнігу вучоны прысвяціў "сусветна знанаму убельскаму маэстра зпад Менска" (Рыгор Шырма) Станіславу Манюшку - "Нарыс жыцця i творчасці Станіслава Манюшкі" (1884 - 1885). Карловіч першы раскрыў беларускія меладычныя асновы 12 "Хатніх спеўнікаў" кампазітара і яго песень на словы першага збіральніка і выдаўца 6 зборнікаў беларускіх народных песень Яна Чачота і "вечнага вандроўніка" Уладзіслава Сыракомлі. Сам таленавіты этнамузыколаг, Карловіч выявіў беларускую песеннафальклорную стыхію ў операх Манюшкі "Рэкруцкі набор", "Спаборніцтва музыкаў", "Галька", "Чарадзейная вада" і "Сялянка".

Як заснавальнік (1887) i рэдактар (1888 - 1899) вядомага часопіса "Вісла", фалькларыст друкаваў у ім шматлікія беларускія фальклорнаэтнаграфічныя матэрыялы. Ён цвёрда адстойваў права беларусаў на самастойнае нацыянальнае існаванне і развіццё, што напрыканцы ХІХ ст., калі пасля забойства рускага цара беларускім шляхцічам Грынявіцкім было забаронена нават ужываць назву Беларусь, было фактам незвычайнай грамадзянскай мужнасці і навуковай дабрасумленнасці. Ён заклікаў вучоных даследаваць беларускую мову, фальклор, народны побыт, цесна супрацоўнічаў з беларускімі фалькларыстамі Уладзіславам Вярыгам, Міхалам Федароўскім, кансультаваў Амелію Біруту перапісваўся з Адамам Гурыновічам, Мікалаем Янчуком, сябраваў з Францішкам Багушэвічам, выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы Паўла Шэйна і Мітрафана ДоўнарЗапольскага. У прадмове да зборніка Уладзіслава Вярыгі "Беларускія паданні"(1889) з захапленнем пісаў пра самабытнасць фальклору беларусаў,

Беларусазнаўчую працу бацькі на аснове дзіцячага выхавання і захаплення беларускай песеннай стыхіяй прадоўжыў народжаны ў Вішнева першы буйны сімфаніст у гісторыі польскай музыкі, таленавіты сын фалькларыста Мечыслаў Карловіч (1876 - 1909). Арганізатар (1902) і ў 1905 - 1906 гадах галоўны ды­рыжор сімфанічнага аркестра пры Варшаўскім музычным таварыстве, аўтар сімфоніі "Адраджэнне", 7 сімфанічных паэм ("Зваротныя хвалі", «Станіслаў i Ганна Асвецімы", "Эпізод на маскарадзе" і інш), многіх камернаінструментальных ансамбляў, у 1900 пачаў, па прыкладу бацькі запісваць ўзоры беларускіх народных песень (найперш жніўных зза іх музычных пераліваў) і музычнага фальклору, якія выкарыстаў у сімфанічным трыпціху "Адвечныя песні" (1904 - 1906) і ў выдатнай "Літоўскай рапсодыі" (1906). Найлепшы прыхільнік творчасці Мечыслава Карловіча Рыгор Шырма часта прыводзіў словы кампазітара, што ён стварыў апошнюю "на аснове мелодый жніўных песень з Дзісеншчыны, якія гучалі з дзяцінства".

Ураджэнцы Беларусі, бацька, аўтар васьмітомнага "Слоўніка польскай мовы" і шасцітомнага "Слоўніка польскіх гаворак", і сын, аўтар першага буйнага сімфанічнага твора "Літоўская рапсодыя", Ян і Мечыслаў Карловічы залатымі літарамі навечна ўпісалі свае імёны ў скрыжалі пакутнай беларускай гісторыі.

Васіль Ліцьвінка.


"Беларуская Атлянтыда"

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

ладзіць прэзэнтацыю кнігі

Вячаслава Ракіцкага "Беларуская Атлянтыда".

"Беларуская Атлянтыда" - гэта гутаркі з вядомымі гісторыкамі, фалькларыстамі, мастацтвазнаўцамі, пісьменнікамі пра невядомыя ці забытыя рэаліі і міфы еўрапейскай нацыі.

Культура і гісторыя Беларусі цягам тысячагадовай гісторыі ў адной кнізе - ёміста, нечакана, дасціпна.

Вечарына адбудзецца ў Рэспубліканскай мастацкай галярэі 25 траўня 2006 году а 16-й гадзіне.

Адрас: Менск, вул. Казлова, 3.

Катэхізм беларускага жыцця

На днях пабачыла свет дзевятая кніжка з бібліятэчкі радыё "Беларускай свабоды" "Беларуская Атлянтыда". Яе ўкладальнік - вядомы беларускі мастацтвазнаўца і журналіст Вячаслаў Ракіцкі.

"Беларуская Атлянтыда" гэта гутаркі Вячаслава Ракіцкага з вядомымі гісторыкамі, фалькларыстамі, культуролагамі, пісьменнікамі пра невядомыя, забытыя. скрадзеныя рэаліі і міфы еўрапейскай нацыі.

Бог, магія, сэкс, сны, гарэлка, інтрыгі, пацалункі, забавы, здані, бойкі, улада, жыццё і смерць па-беларуску і ў еўрапейскім кантэксце, ёміста, неча-кана, дасціпна.

"Бібліятэку Свабоды" складаюць выбраныя перадачы Беларускай службы Радыё Свабода.

Кніга складаецца з наступных раздзелаў: Сусвет, Ландшафт, Скарбы, Ежа, Звычаі, Норавы, Каханне, Суседзі, Дзяржава і Менталітэт. Сярод аўтараў кнігі беларускія фі-лосафы Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Вацлаў Арэшка, гісторыкі Анатоль Грыцкевіч, Захар Шыбека, Генадзь Сагановіч, Алесь Белы, археолагі Алег Трусаў, Ніна Здановіч, Ігар Марзалюк, нумізмат Ірына Колабава, пісьменнікі Вольга Іпатава, Пятро Васючэнка, Алесь Петрашкевіч, мастак Тодар Кашкурэвіч, гісторыкі мастацтва Дзяніс Раманюк і Сяргей Харэўскі, фалькларыст Лія Салавей і этнакультуролаг Тацяна Валодзіна. Мастак кнігі Генадзь Мацур выкарыстаў у афармленні афорты Валерыя Славука.

Аб'ём кнігі - 503 старонкі.

Прэзентацыю гэтага ўнікальнага выдання плануецца зрабіць не то-лькі ў Менску, але і ў не-каторых абласных і раённых цэнтрах Беларусі.

Наш карэспандэнт.


Успаміны Эдварда Вайніловіча

Працяг матэрыялаў прысвечаных беатыфікацыі фундатара касцёла Св. Сымона і Алены ў Менску Эдварда Вайніловіча)

Капліца была пабудаваная стараннямі нявесты нябожчыка М. Бельскай і ў тыя часы вельмі вядомага капуцына а. Пракопа, які з запісанай яму Ўладзімірам сумы выдаў частку на гэты помнік. Маёмасць Самакленска з вызначанай сумай на вядзенне гаспадаркі пасля смерці дзядзькі мной, як экзекутарам тастаманту, была перададзена Іосіфу Вайсенгофу, так годна апісанаму ў нашай літаратуры.

Дзядзька Люцыян бяздзетны, але вельмі прывязаны да фаміліі і роднага гнязда, вырашыў перадаць мне, як адзінаму нашчадку па мужчынскай лініі, свой маёнтак Пузава, яшчэ ў гэтым жа стагоддзі ад Савічаў аддзелены, што і было аформлена ў 1865 годзе на падставе дамовы з маім бацькам. З тых часоў, хоць я меў бацькоў, дзядзька і цётка атачылі мяне асаблівым клопатам. У мяне з імі завязалася сталая карэспандэнцыя, я пачаў часцей наведваць іх у Варшаве, дзе яны вярцеліся ў вытанчаным на той час грамадстве, пачалі і мяне туды запрашаць, а маючы мэтай, т. зв. дынастацыйнае заданне пачалі будаваць матрыманіяльныя праекты, але паколькі мне было ўсяго 23 гады, пра жаніцьбу я не жадаў і думаць. Яны ўвесь час лічылі, што я абраў спецыяльнасць, не прыдатную для чалавека высакароднага паходжання, і, жадаючы бачыць мяне ўсебакова адукаваным і з запасам здароўя чалавека, які ўступае на жыццёвы шлях, аказалі ўплыў на майго бацьку з тым, каб ён адправіў мяне з імі ў доўгае вандраванне. Так і здарылася, і жыццё маё пацякло ў іншым кірунку. Але, памеркаваўшы, я не лічыў страчанымі дарма гады ранейшай маёй працы ў рабочай блюзе, гады вучобы, наадварот я набыў каштоўны досвед, бо навучыўся працаваць сам і шанаваць працу іншых, навучыўся разумець псіхалогію працоўнага чалавека, падуладнага і залежнага і таму лепш пачаў разумець абавязкі працадаўцаў, у шэрагі якіх сам неўзабаве буду змушаны стаць.

Увосень 1871 г. я з дзядзькам і цёткай выехаў за мяжу праз Вену, Інсбрук, Брэнер дэ Мерану, дзе прайшлі "вінаградную тэрапію", тут жа я пазнаёміўся з не нашмат старэйшым за мяне графам Адамам Серакоўскім з Ваплева, сваяком маёй стрыечнай сястры, якому пазней, паводле распараджэння дзядзькі пасля яго смерці адправіў іх (Солтанаў) партрэты і жоўтае лакаванае старадаўняе кітайскае бюро. З Мераны праз Венецыю мы накіраваліся ў Рым. Гэта было адразу пасля ўступлення туды каралеўскіх войскаў. У наваколлях "Porta Pia" яшчэ віднеліся надпісы, напісаныя на сценах, у гонар перамогі або паразы Пія IX, або Віктара Эмануіла іх прыхільнікамі. Хоць папа вырак сябе на строгі рэжым "Вязня Ватыкана" і меў зносіны неахвотна, але дзякуючы адносінам са сп. Еранімам Кяневічам, які стала жыў у Рыме, нам удалося атрымаць аўдыенцыю з Яго Святасцю і праслухаць Яго Набажэнства ў Сіксцінскай капэле. Пасля працяглага знаходжання ў Рыме мы вярталіся праз Фларэнцыю, дзе намі кіраваў тамтэйшы паэтінкрустатар Тэафіль Ненартовіч і сардэчна прывітаў годны Ян Завіша з Варшавы, які падарожнічаў з дзвюмя дочкамі, пасля МіхайлавайРадзівіл і Магдаленайграфіняй Красінскай.

Не буду тут апісваць уражанняў ад Італіі, занадта шмат там падарожнічала людзей, якія змаглі б яшчэ лепш усё апісаць. Перад ад'ездам я пайшоў да фантана "Трэфі", які нібы гарантаваў вяртанне ў Вечны Горад, я пра гэта марыў усё жыццё, і хоць прайшло 50 гадоў, але я так і не забыў гэтых уражанняў да самай апошняй хвіліны жыцця, асабліва калі зараз зза катаклізмаў я пазбаўлены не толькі "circenses", але і магчымасці звацца спадаром. Для ўсяго гэтага патрэбныя вялікія сілы, і першым чынам сродкі, якія я наўрад ці змагу знайсці. Але калі б перад смерцю яшчэ раз можна было пастаяць сярод развалін Калізея, я меў б да іх больш праніклівай увагі, чым 50 гадоў назад; тады я быў поўны жыцця і надзей, а зараз я стаяў бы спелым чалавекам, які перажыў масу пакутаў.

Набліжалася зіма, і дзядзька намерваўся вярнуцца ў Варшаву. У Інсбруку мы расталіся з вялікім шкадаваннем, бо за час вандравання прывязаліся адзін да аднаго. Асабліва хваляваліся цётка, чалавек вялікага сэрца, неардынарная дачка годнага генерала Вайсенгофа, якая сардэчна да мяне прывязалася і палюбіла мяне, што я ўсім сэрцам адчуваў. Божа, супакой яе душу!

З Інсбрука праз толькі што адабраны ў Францыі Страсбург я накіраваўся ў Парыж. На ўсім шляху ў Нант усюды яшчэ тырчалі востраканцовыя каскі акупацыйных нямецкіх войскаў, а ў Парыжы яшчэ дыміліся рэшткі камуны і калона Вендамэ ляжала разбітая на камянях бруку. Я спыніўся ў "Quartier Latin" і, не маючы знаёмых, акрамя хворага бібліятэкара з Гатэль Ламберт Браніслава Залескага, пачаў актыўна наведваць лекцыі ў Сарбоне і ў "College de France", надаючы асаблівую ўвагу палітычнай эканоміі і, часам, вясёлыя тэатры. Не ведаю, як доўга я яшчэ знаходзіўся б над Секванай, зза суровай зімы пакрытай лёдам, калі б не хвароба ног майго бацькі, якая развівалася і яўнае яго жаданне вярнуць мяне дадому, дзе мяне чакалі абавязкі землеўладальніка, спасцігшага навуку і агранамічную практыку. І ў новым 1872 г. я адбыў з Парыжа праз Калонію да Гановера, дзе першае свята сустрэў у коле маіх знаёмых з часоў працы на заводзе. Затым праз Дрэздан я адбыў у Прушкаў пад Опалем, у Сілезію, дзе я быў прыняты ў лік слухачоў славутай Сельскагаспадарчай Акадэміі пад кіраўніцтвам вядомага заатэхніка Сетэгаста. Там чытаў лекцыі прафесар Вольны і інш. вядомыя ў сельскагаспадарчай навуцы прафесары.

Акадэмія размяшчалася ў старым Пястаўскім замку, гаспадарка ўключала ў сябе каля 10 000 га раллі і лясы, якія належалі прускай кароне. Паказальнай была і садавіннагароднінная гаспадарка. Слухачамі былі маладыя людзі, якія рыхтаваліся ў будучыні да пасад адміністратараў земляў і лясоў, або будучыя землеўладальнікі. Такіх, якія, як і я, мелі б вышэйшую адукацыя, не было, і гэта надавала мне значнасць. Зза кардону было мала людзей, акрамя Мар'яна ЯксуХамса з Валыні нікога ўзгадаць не магу. Большасць была з Познані і Заходняй Прусіі, палякаў было менш, чым немцаў, і трымаліся яны асобна, мелі свае супольнасці "Братэрскай узаемадапамогі", "Самаадукацыі". Майму гуртку была даручаная вялікая вёска "Палёгка", недалёка ад Пруткава, куды трэба было ездзіць з чытаннем у "Сельскагаспадарчым гуртку". Мясцовае насельніцтва дрэнна ведала польскую мову, святары яшчэ горш, але сваю нацыянальную прыналежнасць добра разумелі. У бліжэйшым Опалі, куды слухачоў ахвотна падвозіў фурман, па мянушцы "Барон", можна было знайсці кніжку на польскай мове, памаліцца ў касцёле з Пястаўскімі надмагіллямі. На Вялікдзень са сваім таварышам Прандзінскім з Скарпы ездзілі ў Валдову уладанне майго дзядзькі, дзе першы дзень свята праходзіў з танцамі, вельмі весела і пышна; неверагоднай у такі час года аказалася моцная навальніца з громам і маланкамі. Па дарозе да Прандзінскіх я праязджаў міма пышнай рэзідэнцыі ў Камярове, не, ведаючы яшчэ, што мой пляменнік Бельскі возьме сабе жонку з гэтых месцаў.

Пасля канчатку семестра з пасведчаннем Акадэміі і Ганаровым дыпломам чальца Польскага таварыства ў Пруткаве па парадзе Прандзінскага я накіраваўся ў Быдгашчскую правінцыю на практыку ў маёнтак "Мехель" абшарніка Спайхерта, дзе адміністратарам быў дасведчаны аграном Гельднер. Хоць і немец, ён не быў гакатыстам (гакатаантыпольская нямецкая арганізацыя) і для таго, каб працаўнікі лепш яго разумелі, размаўляў толькі папольску.

Практыка ў Мехелі была цяжкай, асабліва зза таго, што адзін з маёнткаў застаўся без кіраўніка, і мне трэба было выконваць яго абавязкі. Ужо ў 5 гадзін раніцы пасля кавы я быў на кані, з якога амаль цэлы дзень не злазіў. Амаль усё насельніцтва тут былі палякі, з вельмі нізкай аплатай працы, якія трымаліся ў строгім рэжыме. Дзяўчаты, у асноўным, былі дэмаралізаваныя. І хоць улетку ішлі на працу ў 4 гадзіны раніцы і працавалі да заходу, лічу, што аддачы не было больш, чым у Беларусі, дзе працоўны дзень пачынаўся каля 8 раніцы. Мабыць, чалавек звыш сілы зрабіць не можа.

А вызначаная работа заўсёды прыемней і для працоўнага і для гаспадара, абы яна была справядліва пралічаная і ацэненая. Мае адносіны з Гельднерам былі выдатнымі, сведчаннем таму служыць візіт Гельднера да майго бацькі, які быў змешчаны на лячэнне ў Тэхоцінцы, з мэтай пазнаёміцца з бацькам свайго лепшага практыканта.

Пасля канца практыкі позна ўвосень 1872 года я вярнуўся дадому, дзе заспеў бацьку вельмі хворым, усе мы былі занепакоеныя, бо і дзед наш Антон і прадзед Адам, гэтак жа пакутавалі хваробай ног. Бацька ўжо так і не вылечыўся, хоць доўга лячыўся ў Варшаве і 22 снежня 1874 г., вярнуўшыся дадому, калі я на некалькі дзён адлучыўся з хаты, нечакана раптоўна сканаў. Пахаваны ў фамільных магільнях у падзямеллях Цімкавіцкага касцёла. Пазней, калі з тастаманту бацькі я даведаўся яго волю быць пахаваным на кургане ў маёнтку Савічы, я дабіўся ў Міністэрстве дазволу перапахавання рэшткаў бацькі і перанёс іх, не прадчуваючы, што неўзабаве ў гэтым кургане будуць тыя, хто павінен быў быць маёй будучыняй: "Так жадаў Бог!"

Калі бацька памёр, мне было ўсяго 27 гадоў, я ўжо даўно займаўся грамадскай працай на невялікай тэрыторыі, якая існавала ў правінцыі пры расійскім кіраванні.

Пачалося ўсё з таго часу, калі бацька зза хваробы пачаў звяртацца па маю дапамогу: ён быў апякуном малалетніх сірот і вырашаў шматлікія пытанні суседзяў. Пасля яго смерці некаторыя нявырашаныя і не даведзеныя да канца пытанні, як бы па спадчыне, перайшлі да мяне, і так ужо павялося, што без мяне вельмі рэдка вырашаліся пытанні не толькі ў бліжэйшых ваколіцах, але і больш аддаленых. Усіх судовых разглядаў, пытанняў фамільных, у якіх я звычайна быў суперарбітрам, ні злічыць, ні ўспомніць ужо не магу. Самым памятным судовым разглядам пад маім кіраўніцтвам быў продаж лесу з Бярэзіны Людвіку Слатвінскаму праз графа Аўгуста Патоцкага. Вельмі часта прыходзілася рэгуляваць памежныя справы паміж уладальнікам Нясвіжскага маёнтка і суседнімі землеўладальнікамі, што прывяло мяне да збліжэння з княжай сям'ёй і прыняццем апякунства ў сувязі з хваробай князя Ежы, сына Антонія, жанатага на графіні Марыі Браніцкай і ў сувязі са смерцю самога Антонія.

Напружаная праца ў маёнтку, мноства грамадскіх абавязкаў, праца ў розных дзяржаўных камісіях, да якіх мяне стала заклікалі, да такой ступені запаўнялі маё жыццё, што я змог толькі адзін раз у 1878 г. з маім дзядзькам Янам Ваньковічам выехаць за мяжу на вялікую выставу ў Парыжы. Падымаўся на паветраным шары, наведваў усё і ўсіх, карыстаўся ўсім цікавым, што мог даць Парыж замежніку так, што ў выніку перанапружання я захварэў і амаль месяц праляжаў у "Maison Municipale de Sante" які належыць лекару Дубоісу, цалкам адзін, бо Ян Ваньковіч павінен быў вярнуцца дадому раней. Я, вернуўшыся дадому, быў так пагружаны ў працу, што 30 гадоў не выязджаў за мяжу, не лічачы паездкі ў 1904 г. з хворай жонкай у Ніцу, не выходзячы з вагона да самой Варшавы.

Гады 1877 1878 гэта гады турэцкай кампаніі. У фарсіраванні Дуная ўдзельнічаў шэф штаба імператара Аляксандра II, дзядзька майго цесця генерал Артур Непакайчыцкі са Случчыны.

Падчас вайны было вельмі шмат перажыта і ў маральным, і ў матэрыяльным плане. Паход на Канстанцінопаль пачынаўся вельмі паспяхова, але затрымаліся на Шыпцы, атрымалі паразу пад Плеўнай, пакінулі балгарскія пазіцыі, якія ўжо лічыліся канчаткова замацаванымі, нават прызначаны быў аканом у асобе вядомага на Крэсах дзеяча князя Чаркаскага.

У стаўленні апошняга жадаю працытаваць анекдот, аўтарам якога быў князь Лявон Радзивил, царскі ад'ютант, адмыслова закліканы пад Плевну для забаўкі імператара Аляксандра, моцна прыгнечанага вайскоўцамі паразамі.

Бедны князь змушаны быў у Радзивилмонтах, не пазіраючы на свае гады, вучыцца верхавой яздзе, каб удзельнічаць у парадзе ў свіце імператара і, жадаў ён таго або не жадаў, апынуўся ў вайскоўцу абозе пад Плевной, дзе звычайна складаў партыю ў картачнай гульні Найяснейшага ў шатры, у якім

(Працяг у наступных нумарах.)


Запрашае "Старажытная Зямля"

Канец гэтага месяца абяцае сталічным слухачам і прыхільнікам нацыянальнай культуры, гісторыі і фальклору новыя даўгачаканыя сустрэчы з удзельнікамі музычнага праекта "Старажытная Зямля".

А пачнуцца яны 28 траўня ў знакамітым менскім Лошыцкім парку, дзе адбудзецца традыцыйны "Лошыцкі фэст". Яго праграма прыдугледжвае рыцарскі турнір з удзелам прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў з усёй Беларусі, а таксама - самая відовішчная дзея турніру - бугурт.

Акрамя рыцарскіх двубояў, наведвальнікаў "Лошыцкага фэсту" чакае цікавая праграма: дэгустацыя старажытных беларускіх страваў, народная гульнявая праграма для дзяцей, фэст маладых дудароў, і фірменны падарунак прыхільнікам гэтага мерапрыемства - канцэртная праграма гуртоў сярэднявечнай музыкі "Келіх кола", "Artes Liberales", "За парогам" (Магілёў), а таксама выступ сенсацыі сёлетняга канцэртнага сезону, самага брутальнага гурта сярэдневечнай музыкі Беларусі - "ЛітвінТроль"!

Цікавым для аматараў беларускай фальклорнай спадчыны і яе сучасных апрацовак падасца чарговая канцэртная праграма праекту "Старажытная Зямля", якая адбудзецца 31 траўня (19.00) ў канцэртнай зале "Менск".

Свае спробы інтэрпрэтацыі пярлін беларускай фальклорнай спадчыны прадставяць на суд слухачоў Зм. Карабач (колавая ліра), А. Жукоўскі (колавая ліра), Г. Кавалёва (гуслі), І. Мангушаў (дуда), а таксама гурты "Келіх кола", "Жалейка" (Віцебск), "Тутэйшая шляхта", "Гуды", "Ліцвінскі хмель" і лідар медыевальнай сцэны Беларусі - гурт "Стары Ольса".

Акрамя выканаўцаў, якія арыентуюцца да аўтэнтычнага выканання помнікаў беларускай і еўрапейскай музычнай культуры, на сцэну КЗ "Менск" выйдуць легендарныя фолкроккалектывы "OSIMIRA" (Магілёў), "ZNICH", якія прадставяць палітру беларускага фолкмадэрну ад new age да paganmetal. Такая разнастайнасць у паказе ўсёй панарамы музычнай творчасці, што абапіраецца на традыцыйны фальклор і ўяўляе спробы адраджэння музычнай спадчыны беларусаў, - характэрная рыса канцэртных праграм праекту "Старажытная Зямля". Ну а арганізатары фэсту і канцэрту абяцаюць добрыя скокі пад цудоўную музыку, а значыць і добры настрой на ўвесь тыдзень!

Анатоль Мяльгуй.

На фота аўтара гурт "Стары Ольса" і танцы на старажытнай зямлі.


ПРЫСВЯЧЭННЕ ПАЎСТАННЮ 1831 г.

На 25 сакавіка сёлета прыпадала яшчэ адна знамянальная дата нашай гісторыі: 175-я ўгодкі ад часу выбуху ў Вялікім Княстве Літоўскім вызвольнага паўстання 1831 г. Менавіта 25 сакавіка гэтага года паўстанне пашырылася на тэрыторыі Віленскага, Дзісенскага, Браслаўскага, Ашмянскага паветаў і ў Белавежскай пушчы. Паў-станне вылучыла з народных масаў нацыянальных герояў, прытым, як паказалі падзеі, у ім прынялі ўдзел цэлыя роды, шляхецкія сем'і, такія як Я. Лелявель, Э. Плятэр і яе знакамітыя і мала вядомыя сёння сваякі, род мастака і кампазітара Напалеона Орды. Многія ўдзельнікі паўстання праз 32 гады паўтарылі свой лёс і прынялі ўдзел у Нацыянальна-вызвольным паўстанні 1863-64 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Гэта былі шляхецкія роды Ельскіх, Дмахоўскіх, Ордаў і сем'і іншых патрыётаў ВКЛ-Беларусі.

Калі Паўстанне 1863-64 гг. у беларускай гістарыяграфіі вывучана даволі грунтоўна, а таксама знайшло сваё адметнае месца ў айчыннай прозе, драматургіі, паэзіі, выяўленчым мастацтве і музыцы, то Паўстанне 1831 г. даследавана і адлюстравана ў беларускай культуры эпізадычна, недастаткова.

Вядомыя падзеі ў Беларусі 19-25 сакавіка не дазволілі грамадскасці своечасова адзначыць юбілей паўстання. І толькі на па-чатку красавіка ў сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны ад-быўся сход грамадскасці Менска, мастацкая выстава, навуковая канферэнцыя і музычны выступ, прысвечаныя гэтай выдатнай падзеі.

Пачаткам імпрэзы стаў музычны пралог на беларускай дудзе ў выкананні дудара Зміцера Сідаровіча. Пасля распачалася канферэнцыя. Асноўны даклад няздзейсненага выступу доктара гістарычных навук Анатоля Грыцкевіча "Паўстанне 1831 г. на Беларусі" быў надрукаваны ў "Нашым слове" 1 сакавіка 2006 г.

У канферэнцыі прыняла ўдзел кандыдат гістарычных навук Вольга Гарбачова з дакладам "Традыцыі паўстання 1831 г. у жыцці ліцвінскай палітычнай эміграцыі". Кандыдат гістарычных навук Кастусь Цвірка распавёў пра Эмілію Плятэр і яе ролю ў паўстанні. Лявон Акаловіч - пра ўдзел у паўстанні роду Ордаў. Мастак Мікола Купава зрабіў агляд мастац-кай спадчыны паўстання грунтуючыся як на гістарычных фактах, так і на творах, прадстаўленых у гэты час на выставе ў сядзібе ТБМ. Са спавешчаннямі выступілі кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў, журналіст і літаратар Уладзімір Содаль.

Паэт Васіль Жуковіч прачытаў верш Адама Міцкевіча "Смерць палкоўніка" у сваім перакладзе. Верш прысвечаны Эміліі Плятэр. Затым рэй павялі песняры і музыкі Аляксей Галіч, Аляксей Фралоў і Зміцер Сідаровіч. Прагучалі паўстанцкія, вайсковыя і патрыятычныя беларускія песні. Скончылася вечарына сумесным спяваннем славутага гімна "Магутны Божа".

Упрыгожыла вечарыну кніга В. Гарбачовай "Удзельнікі паўстання 1830-31 гг. на Беларусі", якую кожны ахвочы мог тут жа набыць.

Гаспадар Ворша.


Кніжная графіка Яўгена Куліка

Выдатны беларускі мастак Яўген Сяргеевіч Кулік нарадзіўся ў 1937 годзе і пакінуў пасля сябе выдатную мастацкую спадчыну, у тым ліку ў галіне станковай і кніжнай графікі, а таксама экслібрыса. Варта адзначыць, што Яўген Кулік адзін з распрацоўшчыкаў дзяржаўных сімвалаў, сцяга і герба, незалежнай Беларусі ў 1991 годзе.

Сярод найбольш цікавых кніжных ілюстрацый Куліка варта адзначыць малюнкі да кнігі "Слова пра паход Ігаравы" (1963 год), нізку лінарытаў "Помнікі дойлідства Гарадзеншчыны" (1974 год), ілюстрацыі да кнігі Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні (1978 г.) і найбольш выключную працу, дзе Кулік зрабіў не толькі ілюстрацыі, але і макет кнігі "Песня пра зубра" Міколы Гусоўскага, што пабачыла свет у 1979 годзе.

У сваім артыкуле я хачу звярнуць увагу на серыю малюнкаўрэканструкцый "Замкі Беларусі", зробленых прыкладна ў 1977 годзе.

Беларускую архітэктуру малявалі з натуры і па памяці шмат якія беларускія мастакі 1820 стст. Дастаткова толькі згадаць імёны Іосіфа Пешкі, Васіля Гразнова, Эдуарда Паўловіча і асабліва Напалеона Орды. Непасрэдным папярэднікам Яўгена Куліка быў Язэп Драздовіч, які ў 2030-я гады ХХ ст. замаляваў шмат якія замкі Заходняй Беларусі. Але гэта былі малюнкі з натуры.

Гістарычныя рэканструкцыі помнікаў нашага дойлідства рабілі ў асноўным архітэктары і рэстаўратары. Адным з першых быў Пётр Пакрышкін, які зрабіў навуковую рэканструкцыю Каложскай (Барысаглебскай) царквы ХІІ ст. Вядома некалькі навуковых рэканструкцый старажытных полацкіх помнікаў, асабліва Полацкай Сафіі і СпасаПрэабражэнскай царквы Ефрасіннеўскага манастыра.

Спрабаваў сябе ў гэтай справе і Яўген Кулік. Акрамя ўжо згаданых мною лінарытаў помнікаў дойлідства Гарадзеншчыны, Кулік у 1996 годзе малюе трыпціх "Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Лазар Богша". Адзін з персанажаў гэтага твора Усяслаў Чарадзей трымае ў сваіх руках мадэль храма ХІ ст. славутай Полацкай Сафіі. Дарэчы, праз некалькі год рэстаўратары пад кіраўніцтвам Уладзіміра Ракіцкага ў келлі Ефрасінні Полацкай у СпасаПрэабражэнскай царкве знайшлі фрэску, на якой намалявана славутая палачанка з макетам закладзенага ёю храма ХІІ ст. Прычым дынаміка малюнка, яго кампаноўка вельмі нагадвае твор Яўгена Куліка, што гаворыць аб яго вельмі глыбокім веданні гістарычнага матэрыялу.

Найбольш яго талент раскрыўся ў канцы 70х гадоў ХХ ст., калі ён працаваў разам з выдатным беларускім археолагам Міхасём Ткачовым. Міхась Ткачоў спалучаў свае археалагічныя даследаванні абарончай архітэктуры Беларусі з глыбокімі архіўнымі даследаваннямі.

Такім чынам Яўген Кулік атрымліваў ад свайго сябра не толькі вынікі археалагічных даследаванняў шурфоў і раскопаў, але і гістарычныя малюнкі, схемы і планы старажытных будынкаў.

У 1977 годзе рэспубліканскае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі выдае кнігу Міхася Ткачова "Замкі Беларусі", якая потым некалькі разоў перавыдавалася і карысталася вялікім попытам у аматараў беларускай гісторыі.

У гэтай кнізе змешчаны шэсць малюнкаўрэканструкцый Яўгена Куліка: "Старажытны Камянец", "Замак у Наваградку", "Лідскі замак", "Мірскі замак у пачатку ХVІІ ст.", "Замак у Геранёнах".

У наступнай кнізе Міхася Ткачова, манаграфіі "Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII - XVIII стст.", якая выйшла ў 1978 годзе, да вышэйзгаданых малюнкаўрэканструкцый Куліка дадаліся яшчэ два: "Заслаўскі замак XVII ст" і "Нясвіжскі замак".

Пасля гэтага малюнкі Куліка друкаваліся не толькі ў кнігах М. Ткачова, але і шмат у якіх энцыклапедыях, даведніках і падручніках, пачалі жыць сваім самастойным жыццём.

Таму мы паспрабуем даць аналіз кожнаму з іх у храналагічным парадку.

На малюнку "Камянец XIII ст." паказаны не ўвесь сярэднявечны горад, што тады належаў Валынскаму князю, а толькі яго ўмацаваная частка, драўляны дзядзінец з каменнай вежайданжонам у сярэдзіне. Побач з высокай вежай намалявана драўляная царква і драўляная забудова дзядзінца. Уваход у дзядзінец здзяйсняўся праз драўляную вежубраму.

Вялікую цікавасць уяўляе рэканструкцыя Лідскага замка XIV ст. На малюнку бачныя два ўваходы ў замак, а таксама запасны ўваход у суседняй замкавай сцяне. Добра намалявана выява "Пагоні" над галоўным уваходам, у які можна было патрапіць па драўляным мосце. Яўген Кулік не забыў дакладна намаляваць стромкія дахі замкавых вежаў, накрытых дахоўкай.

Аднак ёсць тут і недакладнасці. Няма на рэканструкцыі выявы данскера (вынаснога туалета) на замкавай сцяне, двух калодзежаў на замкавым двары і дэкаратыўнага архітэктурнага пояса на верхніх частках замкавых муроў. Брукаваны замкавы двор адпавядае вынікам археалагічных раскопак.

Рэканструкцыя Крэўскага замка падобна да Лідскага, бо абодва замкі аднаго тыпу. Гэта абарончыя замкікастэлі, якія ўзводзіліся на выспах, часта часткова штучных, пасярод балоцістай мясцовасці. Таму вакол Лідскага і Крэўскага замкаў намалявана водная прастора. Найбольш дэталёва намалявана галоўная Княская вежа. Драўляная забудова на замкавым двары каля Княскай вежы была пацверджана археалагічнымі раскопкамі 1985 г. Аднак існаванне забудовы каля малой замкавай вежы не было абгрунтавана археолагамі.

Вельмі дакладна зроблена рэканструкцыя сямівежавага замка ў Наваградку, які быў адным з самых умацаваных у ВКЛ. Акрамя вежаў на замкавым падворку мы бачым будынак царквы, падмуркі якой былі знойдзены польскімі археолагамі у 20х гадах мінулага стагоддзя. Намаляваў Яўген Кулік і двухпавярховы палац, які месціўся ў куце замка паміж двума вежамі. Яго рэшткі таксама знойдзены ў 20я гады. Не хапае на малюнку выявы мураванага двухпавярховага будынка, які стаяў пасярэдзіне замкавага двара непадалёк ад царквы. Ён быў цагляны з зашклёнымі вокнамі і накрыты чырвонай дахоўкай. Яго рэшткі былі знойдзены і вывучаны археолагам з СанктПецярбургу Марыянай Малеўскай, якая разам з Фрыдай Гурэвіч вывучала Наваградскі замак у 7080 гг. ХХ ст.

Рэканструкцыя славутага Мірскага замка зроблена па яго стану на пачатак ХVІІ ст., калі ён належаў Радзівілам. У гэты час ужо існавалі бастыённыя ўмацаванні вакол замка, а таксама дадатковы ўзмацняльнік - прадбрам'е паўкруглай формы перад вежайбрамай. Выклікае сумненне толькі вежабрама сярод адной з курцін бастыённай абароны вакол замка. Старажытныя малюнкі з яе выявай невядомы, а пад час археалагічных раскопак яе падмуркі знойдзены не былі.

Вялікую цікавасць уяўляе малюнакрэканструкцыя замка ў Геранёнах. Чатырохвежавы замак з двухпавярховым палацам быў дадаткова ўмацаваны па перыметры землянымі валамі, якія мелі мураваныя паўвежырандэлі. Дарэчы, гэты замак, апроч Міхася Ткачова ніхто не вывучаў, і ён чакае ўдумлівых даследчыкаў. М. Ткачоў лічыў замак у Геранёнах унікальным фартыфікацыйным комплексам, правобразам будучых бастыённых замкаў на Беларусі.

Нясвіжскі замак М. Ткачоў археалагічна не даследаваў, і таму Яўген Кулік зрабіў яго рэканструкцыю на аснове пісьмовых крыніц (а іх захавалася багата) і тагачаснага выгляду замка. Магчыма, археалагічныя даследаванні, якія вядуцца на замкавым падворку ў апошнія гады, змогуць унесці нейкія карэктывы ў зробленую Ткачовым і Куліком рэканструкцыю выявы замка на ХVІІ - ХVІІІ ст.

Вельмі дакладна зрабіў мастак выяву бастыённага Заслаўскага замка ў ХVІІ ст. Намаляваны магутныя бастыёны і курціны, цагляная вежабрама з пад'ёмным мостам. На замкавым двары добра відаць цагляныя муры хрысціянскага храма, які быў і кальвінісцкім зборам, і каталіцкім касцёлам, і праваслаўнай царквой. Шкада, што Кулік не паказаў побач з храмам будынак палаца, рэшткі якога знайшлі археолагі.

Пры афармленні кнігі "Песня пра зубра" Кулік, малюючы картусхему сярэднявечнай Беларусі ад Супрасля, Трокаў і Вільні на Захадзе да Мсціслава і Смаленска на Усходзе, выкарыстаў свае папярэднія рэканструкцыі. Гэта крыху схематычныя але дакладныя выявы замкаў у Лідзе, Крэве і Міры.

6 лістапада 2005 года ў кавярніфальварку "Добрыя мыслі" ў Менску была адкрыта выстава твораў Яўгена Куліка, прымеркаваная да адкрыцця мемарыяльнага помніка на магіле мастака на Кальварыйскіх могілках у Менску. На гэтай выставе сярод іншых твораў мастака былі і ўнікальныя выявы помнікаў беларускага дойлідства.

Было б добра сабраць разам і выдаць асобнай брашурай або наборам паштовак гістарычныя рэканструкцыі і сучасныя выявы помнікаў архітэктуры Беларусі зробленыя Яўгенам Куліком - прадаўжальнікам справы Напалеона Орды і Язэпа Драздовіча.

Літаратура:

Ткачоў М. А. Замкі Беларусі (ХІІІ - ХVІІІ стст.) Мінск. - Полымя,1977. - С. 9, 20, 31, 35, 43, 48.

Ткачоў М. А. Аба-рончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII - XVIII стст. - Мінск. - Навука і тэхніка, 1978. - С. 23, 31, 38, 51, 69, 78, 82, 85.

Ткачоў М. А. Замкі і людзі. - Мінск. - Навука і тэхніка, 1991. - С. 17.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.


ПАЎСТАННЕ ДЗІСНЕНСКАГА ПАВЕТУ

Да 175-годдзя паўстання 1831 года

Вытрымкі з кнігі Фелікса Уратноўскага "Збор запісак аб паўстанні ў Літве ў 1831 годзе" у перакладзе У. Ляскоўскага

Уступныя заўвагі перакладчыка.

Літвой у той час звалася тэрыторыя, заселеная беларусамі і жамойтамі. Амаль праз 100 гадоў жамойты дабіліся незалежнасці і назваліся Літвой, беларусы аж да гэтага часу змагаюцца, каб "людзьмі звацца".

Паўстанне ў 1831 годзе разгарнулася ў нашым павеце супраць рускай акупацыі нашага краю. Цэнтрам паўстання сталі Лужкі Па розных крыніцах у паўстанні прыняло ўдзел ад 3 да 5 тысяч чалавек. Вялікай падмогай паўстанцам было далучэнне да яго падрыхтаваных у вайсковых адносінах 18 курсантаў (юнкераў) Дынабургскай (Дзвінскай) вайсковай вучэльні. Аўтар падрабязна апісвае цікавыя прыгоды гэтых курсантаў.

У Дынабургскай цвердзі, узведзенай яшчэ ў 16 стагоддзі Стэфанам Баторыем, у вайсковай школе вучылася нямала юнакоў з мясцовай шляхты, сярод якой яшчэ жывой была памяць аб былой незалежнасці ад Расіі. Фельдмаршал Дыбіч, едучы на польскі фронт праз Дынабург, упадабаў юнкераў і загадаў адправіць іх у дзейную армію, на вайну супраць паўстаўшай Польшчы. Гэта ўразіла моладзь. Яна хутка склала змову і праз мясцовых абывацеляў перадала вестку Эміліі Плятар, абяцаючы ёй здаць фартэцыю. З гэтага нічога не выйшла, а ўлады пачалі пільна сачыць за юнкерамі Тады яны выступілі пад польскімі сцягамі. А адзін з іх Рыпінскі Аляксандр стаў аўтарам белчырвонабелага сцяга. З іх пачаўся рух за беларускую дзяржаўнасць.

Успаміны ўдзельнікаў падзей.

5 красавіка прыйшлі ўрэшце тыя хвіліны, у якія мелі магчымасць усё ж скончыцца на чымнебудзь нашы праекты, чаканні, надзеі і ўсялякія мукі Але трэба было яшчэ крыху выцерпець. Вечарам нашы пасланцы да Відз Міхась Баброўскі і Ян Клёт пусціліся ў сваю авантурную дарогу. Праз адну з амбразур, пры якой не было вартавога, яны выслізнулі з цвердзі і незаўважаныя перайшлі Дзвіну па счарнелым ломкім лёдзе. Сэрцы нашыя біліся, не маглі дыхнуць, пакуль уцекачы не аказаліся на супрацьлеглым беразе. На нач кашары нашы замкнулі, варту паставілі ля дзвярэй, каб ніхто ні выйсці, ні ўвайсці не мог. Ды напэўна, хтосьці з хаўруснікаў Розена (начальніка школы) данёс яму зноў, што палякі гуртуюцца і чыняць змову.

6 красавіка. Яшчэ не падняліся з ложкаў, калі нам данеслі, што Баброўскі і Клёт злоўлены за Дзвіной у прадмесці Грыва, звязаныя і дастаўленыя ў цвердзь. I нам таксама, як і злоўленым, трэба было баяцца. Хутка нам давялося адчуць вынікі няшчасця: да поўдня дапытаюць усіх нашых. Розную віну нам ставілі, але найбольш, чаму ніхто не данёс аб уцёках двух калег са школы. Праз некалькі дзён давялося пачуць, што дзезерціраў маюцца расстраляць. Але ўпарты стары камендант Гэльвіх, не гледзячы на падбухторванні нашых начальнікаў Розена і Касаваротава, назваў віну дзіцячым свавольствам і вызваліў вязняў ад кары. Але мы пастаянна былі пад падазрэннем і зазналі шмат прыкрасцяў. Розен неадступна сачыў за намі, абшукваў нашы столікі. Мы загадзяпадрыхтаваліся на такі выпадак, толькі ў Рудольфа Клёта лісты не былі схаваныя. На шчасце, адзін пачцівы калега, хоць і маскаль, схаваў іх падчас вобшуку.

Дня 9 ( красавіка). Атрымалі мы загад падрыхтавацца назаўтра да паходу ужо не праз Відзы і Вількамір, а Дзісну і Вілейку. Як бы там ні было, гэта была радасная навіна, гэта прадсказвала нам нейкае прадчуванне, што мы раней пабачым нашых змагарных братоў, чым армію Дыбіча.

Звольнілі арыштаваных, выслалі нашых кватэрмайстраў і цэлы дзень рыхтаваліся да дарогі. Прасілі Розена, каб ён дазволіў нам развітацца з генералам Данілавым, але гэтага ён нам не дазволіў

Дня 10. Нашы, ужо не чакаючы нічыйнага дазволу, раніцай гвалтам адчынілі дзверы і хадзілі, дзе каму падабалася. Лабуньскі, Плятары, Пангоўскі, Рыпінскі і некалькі іншых наведалі на хвіліну нешчаслівага Кюхельбекера. У 9 гадзін з поўным камплектам, сабраліся мы на дзядзінцы ля школы. Было многа гледачоў. Паставілі нас у квадрат пасярэдзіне, дзе быў стол, пры якім святар, поп з барадой адпраўляў малебен. На злосць маскалям мы не жагналіся і не схілялі галоў, калі яны білі паклоны. Розен злаваўся, і грозна вытвараў міны, але мы мала дбалі пра яго ? бо школа ўжо была перададзена паручніку Вейславу, які пры дапамозе Стоша і Мусінава павінен быў нас суправаджаць. Скончыўшы сваю цырымонію, поп пакрапіў нас вадой і даваў крыж для цалавання, а калі заспяваў: "Госпадзі, памілуй Хрыста", мы ціха сабе прамаўлялі прысланую раней з Літвы малітву: "Божа! Бацькоў нашых памілуй" і г.д., якую кожны з нас добра вывучыў напамяць, паўтараючы штодзённа раніцай і вечарам. Пасля малебну запрасіў нас Розен яшчэ раз пайсці ў школьную залу і з'есці сняданак. Мы ветліва, але з іроніяй падзяквалі яму. Нас зноў паставілі ў шарэнгу, і палкоўнік Капэль звярнуўся да нас з прамоваю, у якой найперш сказаў, што вельмі незадаволены нашымі паводзінамі, што мы заслужылі дрэнную адзнаку за легкадумны ўчынак дваіх, цяпер затрыманых калегаў, пазней напомніў, каб мы ў часе маршу даказалі, што мы выправіліся, рэкамендаваў нам не аддаляцца, нідзе не заставацца ў дарозе. А паручнік Вейсаў сказаў, што кожнага, хто ў чым правініцца, будзе з рапартам адсылаць у Дынабург пад вайсковы суд. Нарэшце закамандваў: "Направа! Марш, марш!"- і тым парадкам паківулі мы шаноўны Дынабург. Нашым калегам, што засталіся ў цвердзі, не было дазволена нас праводзіць. Сорак пешых гвардзейцаў Яго Царскай Мосці, сабраных з розных лазарэтаў, узброеных поўным камплектам, суправаджалі нас бяззбройных спераду і ззаду па дваццаць, як бы для таго нам прыдадзеных, каб бараніць нас ад паўстанцаў (Не жадалі нам даверыць самім бараніцца). Весела, ідучы падскокам, пакідалі мы праклятую клетку і ўсё ж уздыхалі па тым, што заставалася пасля нас. Вазы, на якіх ляжалі нашы рэчы, памалу цягнуліся за намі. У дарозе адзін з нас пастаянна наігрываў на кларнэце: "Ешчэ Польска не згінэла" ( польскі гімн), а мы спявалі, упэўненыя, што калегі нас не выдадуць э а афіцэры не зразумеюць.

Дня 11 (красавіка). Прыбылі мы ў Краслаў. Падобна было, што мы былі ваеннапалоннымі з Польшчы, бо заўсёды размаўлялі папольску, былі бяззбройныя і акружаныя вартай.

Дня 14 (красавіка). Па выхадзе з Краслава, недалёка ад Друі сеў я на воз з Баброўскім і Клётам, з двума нашымі ўцекачамі. Спаткаўшы нейкую жанчыну, мы спыталі яе паруску: ці хоча яна, каб палякі прыйшлі за Дзвіну. Хаця яна і бачыла нас у маскоўскіх мундзірах, адказала смела: "Ой, і дужа, не толькі я адна, але ўсе тут прагна хочуць гэтага." Гэта нас бязмерна ўсцешыла. Падобныя адказы павінен быў атрымліваць і наш начальнік Вейс на свае старанныя даследванні, бо небарака заўжды быў як на шпільках.

Дня 18 (красавіка). Перад поўднем сталі мы ў Дзісне, далі нам кватэру ў камяніцы на правым беразе Дзвіньі, а праз гадзіну загадалі пераправіцца на левы бераг ракі. Былі мы выгадна размешчаны: увасьмярох мы былі разам. Але Пангоўскі, які яшчэ з дарогі з поштай паехаў да швагра ў Дарожкавічы, дзе яго знайшла і матка, выпрасіў у Вейса, каб і двое Пдятараў, Лабуньскі і Рыпінскі былі з ім разам на вёсцы праз увесь час нашага знаходжання ў Дзісне і забраў іх з сабой. Было гэта ўсяго паўмілі, і яны маглі штодзень прыходзіць пешшу ў горад. У той жа дзень разышлася пагалоска аб паўстанні ў Вілейцы. Вейс струсіў вельмі, амаль з плачам цвярдзіў нам аб вернасці цару. Але мясцовы камендант меў больш адвагі, уважліва слухаў і нас, абдумваў сродкі абароны ад паўстанцаў.

Дня 19 ( красавіка). Раніцай атрымалі мы вестку, што затрымаемся ў Дзісне з выпадку беспарадку на дальнейшай нашай дарозе 0 Вейс паслаў у Дынабург рапарт аб усім, што здарылася, і чакаў загаду, як яму быць. Наступны дзень прайшоў спакойна. Патрыёты з павету, а між іх Генрых, Ігнацы і Мікола Клёты (удзельнікі паўстання) прыязджалі парадзіцца з намі. Мы хапаліся за разнастайныя праекты, але заўсёды яны здаваліся нязбытачнымі ? толькі ўцёкі зпад варты да паўстанцаў былі для нас найбольш падхадзяшчымі.

Дня 21 (красавіка). Хацелі мы ўцякаць з Дзісны, але гэта не ўдалося.

Дня 22. Кіраўніцтва намі прыняў нейкі маёр, некалькі рот пяхоты прыбыло ў Дзісну. Падхарунжым (юнкерам) раздалі зброю, але толькі рускім і немцам, тлумачачы, што для астатніх зброі не хапіла. Горад быў аб'яўлены з гэтага дня на ваенным становішчы і прыняты меры перасцярогі, як перад ворагам. На ўсіх гарадскіх заставах паставілі пешыя пасты, а далей -ланцуг казацкіх патрулёў рухаўся на некалькі вёрст, менавіта ў паўднёвы бок.

Дня 23. У суботу перад Вербнай нядзеляй, па рускаму абраду Пангоўскі рана паехаў ў Мікалаёва да Мігановіча. Вярнуўшыся, паведаміў нам што выкліканы на сустрэчу з Аўгустам Хомскім, прысланым з Лужкоў ад паўстанцаў, якія збіраюцца захапіць Дзісну. Вынікам нарады між імі было, што Хомскі абавязаўся ўтрымаць паўстанцаў ад нападу на пераўзыходзячую іх сілу, а нам дапамагчы ўцячы.

За дзве вярсты ад Дзісны ў лесе пры Дарожкавічах меўся нас чакаць праваднік, а за 12 вёрст меліся мы знайсці падрыхтаваных 30 коней сёння ж вечарам. Тах наступіў момант пусціцца на лёс шчасця: далей нечага было чакаць. Адразу пасля абеду пачаўся рух між нашымі. Шульца накіравалі да сяброў, што бавіліся ў Дарожкавічах, занёс ім паведамленне з Дзісны. Уся падрыхтоўка да таямніцы прайшлі не без адчування вырашальнай хвіліны роздуму, але найцяжэйшыя выпрабаванні павінен быў знесці Пангоўскі. Яму трэба было развітацца з маткай не выдаўшы тварам, каб не здрадзіць сакрэту. Характар заядлай патрыёткі не выклікаў апасенняў, толькі асцярожнасць падказвала ашчаджаць матчына сэрца, перш для спакою яе самой, сястры і швагра, на дом якога маглі ўпасці пераследванні.

Пад вечар Пангоўскі і чатыры яго сястры, надзеўшы тоўстыя казёныя плашчы, пакінуўшы ўсе свае рэчы, выслізнулі з Дарожкавіч да Дзісны. З іх прыбыццём пачаліся кароткія пытанні ад аднаго да другога: "Ідзеш? Ці не?" Не кожны, каго пыталі, даваў адказ адразу. Угаворваць не было часу. Ледзьве дваццаць прыстала да нас без ваганняў: некаторыя спасылаліся на слабасць здароўя, іншыя хацелі яшчэ лепей падумаць, то адкладвалі самаахвярнасць на якіянебудзь большыя задумы. Каб, выходзячы грамадой з горада, не прыцягнуць да сябе ўвагі, пастанавілі раздзяліцца на групкі. Кожны з пяці, хто бываў у Дарожкавічах, як праваднік, павінен быў сваёй асобнай дарожкай весці сваю групу ўцекачоў. Ні адзін важак не ведаў месца, дзе павінен чакаць абяцаны праваднік. Вечар слотны, палі мокрыя ад растаўшага снегу, а мы ішлі за горад, дзе стаялі пікеты, нібы для прагулкі. Каб жа не такая патрэба, то жывой душы тут не было б. Такая прагулка.

"Здравствуйте, господа! Куда вы в такое лихо?" Нічога не адказваючы, рушылі мы ўсё далей і далей. Так як мы недакладна адзначылі сабе дарогі для кожнай групы і агульны пункт збору, адсюль узнікла шмат клопату і смутку. Фердынанд Плятэр са сваімі на дзве гадзіны апярэдзіў усіх, прыбыўшы ў лес, упаў у роспач, што нас не дачакаецца. Лабуньскі адразу за горадам злучыўся з Рыпінскім і, мінаючы Дарожкавічы, зайшлі да сваёй кватэры. Ніхто іх не заўважыў апроч маскоўскага вартавога. Але калі хутка і Люцыян Плятар са сваёй кампаніяй пацягнуўся той жа дарогай, трэба было баяцца падазрэння варты або дамашніх. Адны хацелі чакаць Плятара, другія баяліся даўжэй заставацца на месцы. Ян Клёт з нецярпення пакінуў нас і пайшоў за Люцыянам Плятарам. Хутка і мы рушылі за імі. Каб не ісці тым самым шляхам, Рыпінскі павёў нас полем каля Дзвіны. Не ведаючы мясцовасці, мы трапілі на малую рэчку, што упадала ў Дзвіну. На ёй не было ні моста ні кладкі. Засталося толькі вярнуцца на дарогу, па якой ужо прайшлі іншыя, зноў маршыраваць перад ландугом пікетаў, стаяўшых за пяць крокаў адзін ад аднаго. Рудольф Клёт вырашыў адразу скончыць з пакутлівай небяспекай-кінуўся праз рэчку ўплаў, Лабуньскі лічыў, што не глыбока, пайшоў за ім у ваду, але пераканаўшыся, што па грунту перайсці не магчыма, хацеў адступіць назад і ўпаў наўзніч, Салдаты ў прыцемках прыпатрулявалі да нашай пераправы. Калі Лабуньскі плюхнуўся ў раку, яны разрагаталіся на усё горла. Абодва плыўцы выбраліся шчасліва, толькі ў Клёта патануў плашч. Тым часам Рыпіньскі знайшоў паваленае дрэва і перайшоў з іншымі на другі бок. Падняўшыся на гару, Рыпінскі і Зброжак падаліся ўправа, астатнія пайшлі проста шукаць іншых і правадніка. На гары спаткалі Люцыяна Плятара і яго сяброў, якія вярталіся з ельніку, дзе ні ўмоўленага месца ні правадніка не знайшлі і ішлі назад, каб хаця з намі сустрэцца. Некаторыя ўжо нават хацелі назад вяртацца ў Дзісну. Падобныя непрыемнасці зведаў і Пангоўскі: двое з яго групы захварэлі на сэрца і вярнуліся за ланцуг пікетаў, а з астатнімі прыйшоў да нас у тую хвіліну, калі мы, збянтэжаныя, не ведалі што рабіць далей. Сабраліся у кучу, рабілі нерашучыя крокі то. ў адзін бок, то ў другі, аднак прыблізіліся да лесу. I тут мы пачулі лёгкае пасвітванне, раз, другі, трэці. Пабеглі мы на той гук і ўбачылі абяцанага правадніка Антона. Ён сказаў, што ўжо даўно групу Фердынанда Плятара схаваў у надзейным месцы, туды таксама хвіліну назад адправіў Рыпінскага і Зброжака. Мы ледзь не задушылі яго, абдымаючы ад радасці. Не трацячы часу, пасунуліся мы ў глыб лес, каб нас ніхто не заўважыў ні з фальварку, ні з поля.

(Працяг у наступным нумары.)

ПРЭМІІ "ЗАЛАТЫ АПОСТРАФ" ЛІТАРАТУРНАГА ЧАСОПІСА "ДЗЕЯСЛОЎ" УРУЧАНЫ В. СЛІНКО, Л. ДРАНЬКО-МАЙСЮКУ І Г. АЎЧЫННІКАВАЙ


Вечарам 18 траўня ў Менску, у Доме літаратара, адбылося ўручэнне штогадовых літаратурных прэмій "Залаты апостраф" часопіса "Дзеяслоў" за 2005 год.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік справамі Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоль Івашчанка, у намінацыі "паэзія" прэмія ўручана Віктару Слінко за паэму "Жбан і вада"; у намінацыі "проза" лепшымі прызнаны "Нэрвовы раман" і апавяданне "Хлопчык і яго бацькі" Леаніда ДранькоМайсюка; у намінацыі "дэбют года" адзначана юная паэтэса Ганна Аўчыннікава за падборку вершаў "Сэрца і неба".

Паводле слоў А. Івашчанкі, вартасці лаўрэатаў падкрэслівае і сам пералік імёнаў прэтэндэнтаў на ўзнагароды. "Так, у намінацыі "паэзія" былі прадстаўлены творы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, вядомых беларускіх паэтаў Сяргея Законнікава, Алеся Разанава, Міхася Скоблы і Андрэя Хадановіча", - зазначыў А. Івашчанка.

Паводле яго слоў, прэмія ўручаецца трэці раз і цяперашняя цырымонія была самай малалюднай. "Гэта звязана з тым, што толькі 15 траўня кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў дамовілася з уладальнікам Дома літаратара аб арэндзе залы для правядзення вечара. Вось чаму інфармацыю аб цырымоніі ўдалося размясціць толькі ў інтэрнеце і ў штотыднёвіку "Наша ніва", - сказаў А. Івашчанка. Ён нагадаў, што ў 2004 і 2005 гадах уручэнне прэмій праводзілася 25 сакавіка - у дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. "Аднак усе нашы спробы атрымаць залу завяршаліся нічым да сярэдзіны траўня. Прычым гэта першы выпадак у гісторыі Саюза беларускіх пісьменнікаў і часопіса "Дзеяслоў", калі вялікая зала Дома літаратара была прадастаўлена пісьменнікам за грошы", - падкрэсліў А. Івашчанка.

Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.


АДМІНІСТРАЦЫЙНЫМ ПРАВАПАРУШЭННІ

17 траўня старшыня суда Крупскага раёна Менскай вобласці Васіль Панкратаў накіраваў на пераафармленне ў Крупскі РАУС пратакол па абвінавачанні беларускага мастака, сябра ТБМ Алеся Пушкіна ў адміністрацыйным правапарушэнні. У рашэнні суда гаворыцца, што ў дзеяннях А. Пушкіна адсутнічае склад дробнага хуліганства, а ёсць прыкметы, прадугледжаныя артыкулам 156, частка 3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (абраза). У інтэрвію БелаПАН Пушкін назваў рашэнне суда "цудам", бо замест арышту на 15 сутак або штрафу яго адпусцілі.

Як раней паведамлялася, мастак быў затрыманы 12 траўня зза таго, што ў ноч на 10 траўня ў двары Бобрскай базавай школы невядомы абліў чорнай фарбай помнік оперупаўнаважанаму аддзела контрвыведкі СМЕРШ Герою Савецкага Саюза Васілю Чабатарову, які загінуў 27 чэрвеня 1944 года ў наваколлі вёскі Бобр. Паколькі праваахоўныя органы падазравалі ў гэтым правапарушэнні А. Пушкіна, пасля правядзення вобшуку на яго сядзібе мастака затрымалі на трое сутак і вызвалілі толькі 15 траўня. 15-16 траўня ў судзе Крупскага раёна адбыўся разгляд справы па абвінавачанні А. Пушкіна ў дробным хуліганстве. Прычым ініцыявала гэтую справу дырэктар Бобрскай школы Яўгенія Шакун, якая 12 траўня напісала заяву на імя начальніка Крупскага РАУС Уладзіміра Пагудава. У ёй, у прыватнасці, гаворыцца: 27 красавіка гэтага года мастак прыйшоў у школу, назваў Шакун рускай акупанткай і сказаў, што яна не павінна займаць дзяржаўную пасаду ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Падчас судовага пасяджэння 16 траўня Шакун нагадала, што менавіта гэтыя словы паўтараліся ва ўлётцы, якая была налепленая на помнік В. Чабатарову. У выступленні на пасяджэнні суда А. Пушкін патлумачыў, што ў 1991 годзе ў раёне Крупак дысклакавалася вайсковая частка, аснашчаная ракетамі СС20 з ядзернымі боегалоўкамі. "І сям'я расіянаў Шакун служыла ў гэтай частцы. Аднак пасля таго як згодна з рашэннем кіраўніцтва Беларусі з краіны былі выведзены ракетныя часткі з ядзернымі боегалоўкамі, у Беларусі засталіся выхадцы з Расіі, якія абслугоўвалі гэтыя ракеты. Вось чаму я і назваў спадарыню Шакун расійскай акупанткай, якая засталася на тэрыторыі сувярэннай Рэспублікі Беларусь", - зазначыў А. Пушкін.

Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.


У МЕНСКУ ПРАДСТАЎЛЕНА КНІГА Л. НЕСЦЕРЧУКА "АНДРЭЙ ТАДЭВУШ БАНАВЕНТУРА КАСЦЮШКА. ВЯРТАННЕ ГЕРОЯ НА РАДЗІМУ"

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 17 траўня адбылася прэзентацыя навуковапапулярнай кнігі Леаніда Несцерчука "Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Вяртанне героя на радзіму".

Кніга, выдадзеная накладам 1,5 тыс. асобнікаў ТАА "Брэсцкая друкарня" пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, складаецца з 17 раздзелаў і 130 частак, уключае 250 чорнабелых і каляровых ілюстрацый. Выданне прысвечана жыццю і дзейнасці сусветна вядомага ўраджэнца Беларусі, нацыянальнага героя ЗША і Польшчы, ганаровага грамадзяніна Францыі, "апошняга рыцара і першага дэмакрата Еўропы" Т. Касцюшкі (1746-1817). У кнізе ён паказаны як таленавіты ваеначальнік, фартыфікатар, мастак і кампазітар; адлюстроўваецца вобраз Т. Касцюшкі ў мастацтве, увекавечанне яго асобы ў помніках, музеях і мемарыялах, у назвах гарадоў, гор, ваенных устаноў, фондаў і грамадскіх аб'яднанняў.

Рэцэнзент выдання, акадэмік НАН Беларусі Міхаіл Касцюк зазначыў, што ў кнізе "ярка, таленавіта і навукова" прадстаўлены вобраз Т. Касцюшкі, які 30гадовым чалавекам паехаў адстойваць незалежнасць ЗША, успрыняў ідэі Французскай рэвалюцыі, а затым узначаліў нацыянальнавызваленчае паўстанне 1794 года супраць рускага царызму ў Польшчы, Беларусі і Літве. Паводле слоў вучонага, Т. Касцюшка з'яўляецца адной з тых гістарычных асоб, якія аб'ядноўваюць народы і робяць мінулае Беларусі "запамінальным, павучальным і аб'ёмным".

Аўтар кнігі, кандыдат гістарычных навук, вядучы спецыяліст упраўлення культуры Берасцейскага аблвыканкаму па ахове гістарычнакультурнай спадчыны Л. Несцярчук зазначыў, што ў сваім даследаванні ён спрабаваў прадставіць традыцыі адраджэння і захавання матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Т. Касцюшкі ў многіх краінах свету.

Для напісання кнігі аўтар не толькі вывучыў матэрыялы многіх замежных архіваў, але і далучыўся да справы адраджэння домамузея Т. Касцюшкі ў Мерачоўшчыне (Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці), а таксама музейнага пакоя і мемарыяльнай капліцы ў Жабінкаўскім раёне (Берасцейская вобласць).

Рэцэнзент кнігі доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс зазначыў, што з прычыны багацця фактычнага матэрыялу, новага і незнаёмага для беларускага чытача, ён успрымаецца у выданні як адкрыццё і вяртанне героя на радзіму. "Аўтар здзейсніў навуковы і грамадзянскі подзвіг, бо ў сваёй кнізе прадставў беларускае абагульненне ўсяго, што напісана пра Касцюшку", - сказаў вучоны.

Падчас прэзентацыі экспанаваліся выданні аб жыцці і дзейнасці Т. Касцюшкі з фондаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, а таксама фатаграфіі малюнкаў і твораў дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, якія створаны Т. Касцюшкам і захоўваюцца ў музеях Польшчы і ЗША.

Удзельнікі прэзентацыі выказаліся за пераклад кнігі на шэраг еўрапейскіх моў, а таксама яе папулярызацыю праз інтэрнет.

Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.


Успаміны пра Аляксея Карпюка

Аляксей Карпюк - чалавек, які адыграў вялікую ролю ў маім жыцці...З чаго пачынаць успаміны пра яго? Канешне, з таго часу, калі ён, прачытаўшы мае першыя спробы пяра ў "Гродненскай правде", прынесеныя Міхасю Васільку, выклікаў мяне на вуліцу Ажэшка, дзе месцілася абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Ісці давялося зусім недалёка: каб патрапіць ў аддзяленне Саюза, трэба было толькі перайсці мост , бо дзіцячы дом № 1, дзе я тады жыла, знаходзіўся якраз насупраць дома Элізы Ажэшкі - так што ўзімку можна было проста скаціцца з гары і, пераскочыўшы праз раку Гараднічанку, якую дзетдомаўцы называлі Смярдзючкай, ускараскацца якраз да аддзялення, якое дзялілася гэтым пісьменніцкім дамком яшчэ і з бібліятэкай.

Нядаўна ў нас адабралі гэтыя два пакоі - і неверагодным здаецца не сам факт вытурвання пісьменнікаў з дома, дзе яны некалькі дзесяцігоддзяў запар ладзілі розныя сустрэчы, імпрэзы, дзе пачувалі сябе часам лепей, чым у сваім жытле...Неверагодным мне здаецца тое, што ТАМ ужо няма таго духу вольнасці, роўнасці, раззняволення, якое дало мне сілы выкараскацца з савецкага духу рабства і які цяпер усё часцей называюць аўрай. А можа, варта было б застацца адной ў тых пакоях, і я зноў адчула б яе, тую непаўторную аўру, якую ствараў менавіта ён, Аляксей Нічыпаравіч?!

Я памятаю сваё першае ўражанне ад яго магутнай постаці, ад тых камандзірскіх інтанацый, з якімі ён адразу ж пачаў гаварыць з пятнаццацігадовай дзяўчынкай, быццам убіваючы мне ў галаву:

- Пішаш нядрэнна, Оля. Але каб стаць пісьменніцай, трэба многа, вельмі многа працаваць!

Божа мой, якой там пісьменніцай! Я накрэмзала колькі там вершыкаў, слепа падпарадкоўваючыся уладнай сіле творчасці, але крэмзала іх хутчэй бяздумна, і тым болей не будавала ніякіх там планаў на будучае!

- Мы табе дапаможам. Ці ўмееш ты выступаць?

Я збянтэжана прачытала вершык.

- Добра! Інтанацый у цябе не хапае, але гэта можна паправіць. Значыць, я пагавару наконт цябе "наверсе." Ідзі! Не, пачакай!

Ён затрымаў мяне, каб уціснуць у далонь колькі шакаладных цукерак. Я слаба паспрабавала пярэчыць - але хто мог запярэчыць Карпюку!

У чым заключалася таямнічае абяцанне "пагаварыць наверсе", я зразумела праз які тыдзень, калі пакутліва сядзела на ўроку алгебры і спрабавала зразумець нейкае ўраўненне. Шырока расчыніліся дзверы, Карпюк узнік на парозе і, паклікаўшы настаўніцу, нешта коратка растлумачыў ёй, а пасля скамандаваў:

- Оля, на выхад!

"Выхад" той быў паездкай у Сапоцкіна, у школу, на выступленне. У "газіку" ехалі Васіль Быкаў і Данута Бічэль. Я прачытала ў школе свае вершыкі, і назад мы ехалі ўжо як бы "камандай" Мяне нават падвезлі да самага дзетдома, дзе ніхто не зрабіў мне аніякай заўвагі за доўгую адсутнасць.

Колькі такіх паездак было пасля! Карпюк умеў і любіў іх арганізоўваць. І самымі яркімі старонкамі маіх школьных успамінаў застануцца якраз тыя хвіліны, калі на сумным уроку расчыняліся дзверы, і Карпюк дзелавіта, амаль адразу павярнуўшыся назад і спяшаючыся, камандаваў:

- Оля, на выхад!

А я амаль бегла за ім і радавалася, што не буду ісці ў сталовую пад піянерскія спевы і "речёвку", што змагу пасля прыезду не адразу кіравацца ў дзетдом, а трохі пастаяць пад ліпамі ля Гараднічанкі, паглядзець, як ліхтары адбіваюцца ў чорнай вільгаці маленькай рэчкі і як салодка пахне ладанам з адкрытых дзвярэй царквы, якая была у двух кроках ад доміка Ажэшкі і педінстытута імя Янкі Купалы.

Пасля выпускнога вечара Карпюк званком зноў выклікаў мяне ў Аддзяленне.

- Куды збіраешся паступаць? - запытаўся коратка.

- У тэатральны.

- У тэатральны. Значыць, хочаш быць актрысай?

- Хачу! - сказала я горда.

Ён прайшоўся па пакойчыку. Засмяяўся:

- Хочаш нябось іграць Джульет і "Бяспрыданніц"?

- А што тут такога?!

-А будзеш іграць чарапашак Тарціл! Ды ты паглядзі на сябе. Ты ж маленькая, трапіш пасля толькі ў Тэатр юнага гледача! А ты пішаш вершы! Вершы!

Я назаўсёды ўдзячная Аляксею Нічыпаравічу, што ён выбіў з маёй галавы гэтую мару ўсіх правінцыйных Папялушак - быць актрысай. Пісьменнік сам стварае свой свет, і ён у ім уладар. А ў тэатры ўладар - рэжысёр. Ды і здольнасці мае да тэатру нават у самым звычайным жыцці, як я не раз пераконвалася - надта ж пасрэдныя...

У той жа 1961 год я паступіла на рускае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Мне было шаснаццаць гадоў, і разам з Рыгорам Семашкевічам мы былі самымі маладымі студэнтамі БДУ.

На дзённым аддзяленні я вытрымала толькі два з паловай курсы. Было надта цяжка без аніякай дапамогі, я два разы губляла прытомнасць, калі збірала грошы з маленькай сваёй стыпендыі на жаданыя пантофлікі, якія, зрэшты, так і не купіла. Таму ў 1963 годзе я перайшла на завочнае аддзяленне і пераехала ў Віцебск, да цёткі Зіны. Як ні хацелася мне ў Гародню, але ж там не было дзе нават спыніцца. Дзетдом назад не прымаў, тым болей што яго расфармавалі ў школу - інтэрнат і перавялі за Нёман, а ў нашым былым будынку размясцілі турысцкі клуб.

З Карпюком я пабачылася толькі ў 1965 годзе, калі ён наведаў Віцебск.

- Дурніца, што не напісала мне! Я б нешта прыдумаў! - былі ледзь не першыя ягоныя словы.

- А што вы можаце прыдумаць? Я і ў Віцебску ледзь прапісалася...

- Ооо, ды ты стала песімісткай! Калі хочаш у Гародню, кажы!

- Канешне, хачу!

- То чакай!

Я загарэлася надзеяй. Ужо ведала - Карпюк проста так не кідае абяцанкаў. І праўда - месяцы праз тры ён мне патэлефанаваў:

- На лета я знайшоў табе працу ў лагеры, будзеш піянерважатай, а восенню пойдзеш працаваць у школу.

І я пераехала ў горад свайго дзяцінства

Гэта таксама вялікая паласа майго жыцця: першая кватэра, шлюб, нараджэнне сына... Але - пра Аляксея Нічыпаравіча.

Першае, з чаго ён пачаў у Гародні, было:

- Ты сабрала кніжку вершаў?

Я і не думала пакуль пра кніжку. Хаця на першай жа сустрэчы студэнтаў ва універсітэце больш дасведчаны і сталы Эдуард Зубрыцкі сказаў нам з Рыгорам Семашкевічам, было "А ці гатовая кніжка?" У мяне да таго часу назбіралася, можа, пяцьдзесят больш - менш вартых вершаў. А трэба было нашмат болей.

- Дык садзіся і друкуй усё, што ёсць, а там паглядзім! - тут жа вызначыў маю праграму на бліжэйшы час Карпюк.

Тады я так і не села збіраць свае вершы. Паехала адразу ж у піянерскі лагер, дзе мяне ( я ўжо мела чатыры курсы філфака БДУ) прызначылі старшай піянерважатай. З дзецьмі я заўсёды ўмела ладзіць - праводзіла там розныя літаратурныя фэсты, водныя заплывы.

Плаваць я любіла і ўмела. Яшчэ ў дзетдоме мы спаборнічалі - хто больш разоў пераплыве Нёман, не кранаючыся дна? І тут у лагеры, дзе густы сасновы пах бору над Нёманам здаецца, цёк па жылах, я пражыла паўтара месяцы.

Лета яшчэ было ў самым разгары, калі Аляксей Нічыпаравіч сам прыехаў у лагер:

- Я знайшоў табе іншую працу. Будзеш працаваць не ў школе.

- А дзе ж?

Ён зрабіў эфектную паўзу:

- У гаркаме камсамолу.

І, не слухаючы ніякіх пярэчанняў, цвёрда заявіў:

- Там табе і кватэру хутка дадуць, і палітграматы навучышся. Я ўжо гаварыў з Нінай Нерат. Яна харошая дзеўка, не дасць цябе ў крыўду.

Маё зацвярджэнне ішло нялёгка, але "ціск" Карпюка быў вялікі, абласное кіраўніцтва часам ішло яму на розныя саступкі, і ў рэшце рэшт 1 чэрвеня 1965 году мяне залічылі ў камсамольскі штат горада.

Гаркам месціўся ў самым маляўнічым месцы горада - Новым замку, які праз мост злучаўся са старым, пабудаваным яшчэ Стэфанам Батурай.

Зноў жа скажу - гэтая праца дала мне многае. Перш за ўсё, яна прывучыла да пунктуальнасці: я і дасюль амаль ніколі не спазняюся на прызначаныя сустрэчы ці мерапрыемствы. Па - другое, я адразу ж паспытала той улады ( хаця яна была нікчэмнай у параўнанні з больш высокімі прыступкамі), якая кружыць нязлічаныя галовы чалавецтва. Са мной, простым інструктарам гаркама камсамолу, пачціва гаварылі і нават у нечым апраўдваліся дырэктары фабрык (напрыклад, чаму на тытунёвай ў камсамол уступіла не столькі, колькі там было запланавана), чаму ў іх нейкі там камсамолец застрэліўся ці нахуліганіў, і г.д. Ва ўсе пазнейшыя часы, калі я ўжо зрабіла свой выбар, службовая прыступка кудысьці для мяне заўсёды была толькі магчымасцю служыць беларускай справе і нешта рабіць для Радзімы - той, якую я спазнавала менавіта ў тыя юныя гады...

Я рабіла ўсё даручанае з вялікай сур'ёзнасцю, так што мяне неўзабаве "павысілі": я стала працаваць у абкаме камсамолу загадчыцай сектару культурна - масавай работы, а значыць, больш ездзіць па камандзіроўках і знаёміцца з вобласцю. Гэта было надзвычай цікава яшчэ і тым, што ў камсамоле ў тыя часы працавала шмат разумных, таленавітых людзей. У самім абкаме разам са мной працаваў, напрыклад, Павел Шаўчук, які пасля напісаў паэму "Як мяне адваджвалі ад талакі" (праўда, пад псеўданімам).

А тым часам літаратурнае жыццё ў Гародні віравала: праводзіліся літаратурныя аб'яднанні пры газеце "Гродненская правда", дзе працаваў малады літкансультант Васіль Быкаў, да якога вялікая літаратурная слава прыйшла з надрукаваннем ў Маскве яго "Трэцяй ракеты". У Гародні да гэтага яшчэ толькі прызвычайваліся, як прызвычайваліся і да таго, што ў Зэльве "праявілася" сваімі вершамі, якія стала магчымым друкаваць, Ларыса Геніюш.

Не буду сцвярджаць, што менавіта Карпюк дабіўся ейнага друкавання - я ўсё ж была занадта маладая ў гэтай гасподзе і многага проста не ведала. Але менавіта ён упершыню павёз нас, гарадзенцаў, да Ларысы Антонаўны, і гэтае знаёмства канчаткова перакуліла той свет, да якога я пачала пільна прыглядацца яшчэ з часоў ХХ з'езду КПСС. Тады ж я даведалася пра БНР і ролю ў ёй Геніюш. Узаемаадносіны Ларысы Антонаўны і Аляксея Нічыпаравіча ў розныя гады складваліся па - рознаму, што можна прасачыць па ейных лістах рознага часу. Але я думаю, што А. Карпюк рабіў усё магчымае, што можна было зрабіць для яе ў тых хамскіх , бязбожных варунках, якія склаліся вакол Л.А. у Зэльве і вышэй.

Адразу скокну да 1982 году, калі ў ноч перад пахаваннем гэтай вялікай дачкі беларускага народу мы з Адамам Мальдзісам, якія прыехалі ў Зэльву ад Саюза пісьменнікаў, гутарылі там з Карпюком. Мы ехалі ў Зэльву праз Гародню (дзе ў абкаме партыі нам загадалі не дапусціць пахавання Геніюш па царкоўным абрадзе, чаго мы, канешне, і не думалі выконваць), вярталіся ў машыне, дзе сядзелі ўсе разам, у тым ліку і з Юркам Геніюшам, і з ягонай жонкай ). Юрка гаварыў з Карпюком груба, адразу пасля вітання заявіўшы, што вось нам з Мальдзісам ён давярае, бо маці заўсёды казала пра нас добра, а іншым ( гэта быў ківок у бок Карпюка) тут знаходзіцца не варта... Гэта доўжылася ўсю дарогу, пасля яшчэ і яшчэ, і ўрэшце Карпюк не вытрымаў. Мне было невыказна шкада яго, калі ён спачатку яшчэ браўся даказваць Юрку, што нічога не мог зрабіць з зэльвенскімі барбосамі, якія на гародчыку паэткі, дзе заўсёды цвілі вяргіні, паставілі гарадскую прыбіральню (перад тым адабраўшы ад яе палоску зямлі. Там, дарэчы, і сёлета сцяной стаіць бур'ян). Мы спрабавалі ўціхамірыць Юрку, але дарэмна.... І цяпер стаіць у вачах твар Карпюка, на якім ці не ўпершыню я пабачыла нешта падобнае да слёз...

Мы па - ранейшаму шмат ездзілі на выступленні. Самае, бадай, запамінальнае - паездка ў Бярэсце, дзе мы выступалі ў педінстытуце і дзе я наноў пазнаёмілася з Уладзімірам Калеснікам. Кажу "наноў", таму што ён разам з маімі бацькамі быў у адным партызанскім атрадзе, і, як жартаваў на сустрэчы, "бачыў Олю Іпатаву яшчэ да нараджэння", г.зн. калі мая маці была цяжарнай.

У другі раз, на больш сур'ёзным узроўні, узнікла думка пра кнігу. Я ўжо добра разумела, што яе трэба нарэшце скласці.

Друкаркі ў мяне, канешне, усё яшчэ не было. Пазычыла яе Данута Бічэль, якая з маіх дзетдомаўскіх гадоў добра мною апекавалася. На ейнай друкарцы спачатку адным пальцам, а потым усё хутчэй пачала я друкаваць свае вершы. Данута мне дапамагала, рэдагуючы і падказваючы, як і куды лепей паставіць слова, і нават дапісала канцоўку верша "На Нарачы":

Цікуюць сосны,

стаўшы на дыбкі,

Як плешчуцца ў хвалях

чырвоныя рыбкі...

Рукапіс гэтай кніжкі, названай мною "Раніца" (пазней мне прыпісалі атаясамленне яе з назвай газеты, якая выдавалася ў часы вайны) Карпюк сам павёз у выдавецтва і паказаў Петрусю Броўку. Броўка прыслаў мне ліст з прапановай дапоўніць кніжку вершамі, бо іх сапраўды было малавата. Пасля працы я хадзіла між замкамі - Старым і Новым - і радкі самі сабой нараджаліся - пра вуліцу Замкавую, пра Каложу...

Карпюк час ад часу забягаў да мяне на працу: "Як жывеш, што патрэбна?", і тым як бы падсцёбваў мяне. Я разумела - ён столькі ўжо апякуецца мною, гэтая кніжка патрэбная і яму як сакратару Гарадзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў. Адчувала сябе яму моцна абавязанай: ён так шчасліва вырашыў мае жыццёвыя праблемы - я мела працу і ўсё больш блізкую надзею на кватэру ў самой Гародні!

Кватэру я сапраўды атрымала - ужо ў 1968 годзе, перад самым нараджэннем сына. Да таго часу я стала разумець, што доўга ў камсамоле не пратрымаюся: усё там, як у складніку савецкай сістэмы, пярэчыла маім уяўленням пра праўду і справядлівасць, хаця, паўтаруся, самі па сабе людзі там былі мне пераважна прыемныя і яны таксама ставіліся да мяне няблага.

Аляксей Нічыпаравіч, дарэчы, сам таго, мабыць, не надта ўсведамляючы, асцерагаўся гэтай установы. Цяпер я магу зразумець тое, што мяне тады часам страшна раздражняла: не каб спакойна прыйсці, сесці на крэсла і пераказаць што трэба! Замест гэтага ён, на імгненне зазірнуўшы ў кабінет і жэстам паказаўшы, каб я выйшла, спыняўся за вуглом Старога замка і таямніча паведамляў:

- Заўтра ў аддзяленне прыдзе сакратар абкама! Каб была, глядзі!

Звычайна за тым вуглом свістаў вецер - вышыня, рака ўнізе. І я казала:

- Ну і што гэта за сакрэт? Нашто было сюды ісці?

- Нічога ты не разумееш! Зялёная яшчэ!

І гэтак жа таямніча знікаў, а я ішла назад, ужо смеючыся - надта ж забаўнай здавалася гэтая гульня ў канспірацыю!

Аднак ён ведаў больш, а менавіта: што ўсе мы былі пад пільным кантролем адпаведных органаў, і чым менш яны ведаюць, тым лепей. Да таго ж, было што і хаваць: менавіта Карпюк даваў мне чытаць замежныя выданні, Салжаніцына, эмігранцкі друк - усё тое, за што можна было і "схлопотать".

Дарэчы, якраз у гэтыя гады было адно здарэнне, якое таксама аказала ўплыў на маё жыццё. Нас, пісьменнікаў Гарадзеншчыны, запрасілі ў Вільню. Ехалі В. Быкаў, А. Карпюк, Данута Бічэль, (здаецца, Валянцін Чэкін) і я. За тыдзень да той паездкі да мяне зазірнуў нейкі чалавек. Ён паказаў пэўнае пасведчанне, доўга расказваў мне, якую адказнасць як паэт я нясу перад народам, а пасля як бы між іншым нагадаў:

- Вы собираетесь в Вільнюс. Так вот, вы как комсомолка должны нам помочь: постарайтесь запомнить, о чём будут говоріть с літовцамі Василий Владимирович і Алексей Никифорович...

Я разгубілася. Адмаўляцца было немагчыма. Але ў той жа вечар, узяўшы з Карпюка слова, што ён захавае гэта ў сакрэце, я расказала яму пра нечаканае "даручэнне", а па вяртанні адгаварылася тым, што ні пра што такое нашыя пісьменнікі з літоўцамі не гаварылі.

І трэба ж было, каб праз два - тры месяцы, выступаючы на адкрытым партыйным сходзе, Аляксей Нічыпаравіч закончыў сваё выступленне тым, што публічна абвінаваціў адпаведныя органы ў назіранні і скончыў словамі (як мне пасля перадалі):

- Вы ўжо і маладых паэтак прымушаеце станавіцца такімі, як вы! Нашто з самага пачатку псуяце ім жыццё ?

І за гэта я ўдзячная Аляксею Нічыпаравічу - больш да мяне ніхто і ніколі не падыходзіў, так што не давялося мне пасля, як А. Емяльянаву ці С. Адамовічу, публічна вінаваціцца ў тым, што не змаглі, не выстаялі...

А вось пра гэтую сітуацыю ён апавядаў мне сам, прычым ў гумарыстычнай форме пасля гэтага іншым расказваў пра яе Васіль Быкаў.

Было гэта ў час рэспубліканскага семінару творчай моладзі восенню 1970 г. Я нажыла сабе вялікі скандал: адмовілася ад Ганаровай Граматы ЦК ВЛКСМ, якую мне павінны былі ўручыць у канцы гэтага семінару. Было нас пяцёра маладых, хто ведаў аб будучых узнагародах, і мы вырашылі абставіць гэтую адмову гучна: заявіць тым пратэст супраць русіфікацыі і супраць рэпрэсій ў БДУ ( тады якраз выключылі з універсітэта А. Разанава і В. Яраца). Так сталася, што першаю выклікалі мяне, і я зрабіла так, як мы дамаўляліся. Але іншыя - спалохаліся. Быў вялікі скандал, калі сакратар ЦК ЛКСМБ Анціпаў пакінуў нават традыцыйны банкет, бо мяне не выгналі, як ён, відаць, спадзяваўся, ні з Дома творчасці, ні з Саюза пісьменнікаў.

Карпюк, які гэтай ноччу ехаў у цягніку на сустрэчу з загадчыкам аддзела прапаганды С. Паўлавым, нічога пра гэта не ведаў. І таму, калі Паўлаў адразу накінуўся на яго за ідэалагічныя хібы гарадзенскіх пісьменнікаў і пры гэтым закончыў: "А тут яшчэ гэтая Вашая Іпатава!", Аляксей Нічыпаравіч бадзёра адрапартаваў:

- А што Іпатава? Маладая паэтка, цалкам знаходзіцца пад маім уплывам!

- Яно і бачна! - закрычаў ідэолаг, і перцу, якім ён пасля доўга пасыпаў беднага А.Н., мабыць, хапіла б на ўсе сталоўкі не толькі Гародні, але і Менска...

Калі ж па гэтай справе ў Гародню была адпраўлена адмысловая камісія Саюза пісьменнікаў, ён, як не раз расказваў В. Быкаў, сустрэў старшыню камісіі А. Алешку такімі словамі:

- Як ты згадзіўся паласкаць гарадзенскіх пісьменнікаў, то руку я табе не падам - бо не паважаю.

- Але як старшага ад Саюза пісьменнікаў, па службовай неабходнасці я павінен цябе сустрэць - то давай павітаемся!

Разам з ім мы пасля пісалі ТЛУМАЧЭННЕ, якое Алешка і камісія павезлі назад у Менск. Там гэтую справу хутка "патушылі" М. Танк і І. Шамякін. Аднак у Гародні мяне паспрабавалі выключыць з камсамолу, што аўтаматычна пазбаўляла мяне працы на тэлебачанні, дзе я ўжо працавала.

Дарэчы, пераход на іншую працу ці, дакладней, мае ўцёкі з абкаму камсамолу Аляксей Нічыпаравіч разумеў. "Не магу!" - казала я яму. "Мяне нядаўна паслалі на сход у аблпраект, дзе камсамольцы павінны выключыць з камсамолу дзяўчыну за тое, што яна ... жыла з французам! Я не магу ўдзельнічаць у гэтым!"

Ён разумеў. Але на сваю другую працу ў Гародні я ўладкоўвалася ўжо сама - займела немалы аўтарытэт як аўтарка зборніка, і таму на тэлебачанне мяне ўзялі ахвотна.

Калі мяне адпусцілі з абкаму з фармулёўкай "Звольніць у сувязі з нараджэннем дзіцяці", я была проста шчаслівай. Новая творчая праца, знаёмствы, спаталенне прагі болей ведаць пра гісторыю Гарадзеншчыны, пра яе барацьбу за беларускасць і за свабоду...

Гэтаму не перашкаджала і нараджэнне сына. Дарэчы, мне дапамагалі ўсім аддзяленнем: Данута Бічэль аддала каляску свайго Валеркі, Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў прыйшлі ў адведзіны і прынеслі грошай.

Памятаю, як яны раптоўна, без званка, пастукаліся ў дзверы. У кватэры быў страшэнны кавардак: сын у мяне нарадзіўся з вывіхам тазасцегнавых суставаў, я амаль не спала па начах, а муж быў на працы. Было няёмка, але абое яны мяне суцешылі і падбадзёрылі. Патрымалі адзін за адным на руках Руслана, пажадалі яму быць добрым беларусам ( пра тое, як ён спяваў ў два гады беларускія песенькі, узгадвае ў адным з лістоў Ларыса Геніюш). І вось дзіва: сын, які да таго крычаў бесперастанку, раптам супакоіўся, сцішыўся і адразу заснуў. Я прапанавала гарбаткі, але яны, мабыць, пашкадавалі маіх высілкаў і хутка пайшлі, а я, ледзь толькі за імі зачыніліся дзверы, адразу ўслед за сынам правалілася ў сон і спала разам з ім амаль да вечара.

Шмат можна ўзгадваць розных выпадкаў, звязаных з нашым аддзяленнем і асобай А. Карпюка. Аб тым, як нам тады жылося, напісалі верш - пародыю маладыя і гарэзныя А. Вярцінскі і П. Макаль. Я прыводзіла яго ў сваіх "Мемуарах на "Свабодзе", але тады не ведала, хто аўтары, хаця і памятала тыя радкі напамяць. Высветліла ж аўтарства зусім нядаўна, калі разам з А. Вярцінскім ехала з Зэльвы, дзе пад дажджом (не знайшлося памяшкання!) мы святкавалі 95 -годдзе Ларысы Геніюш.

Тут штодзень

дыміць азотнатукавы,

Копаць індустрыі несучы.

Тут штодзённа

Быкава застуквалі

Абласнога рангу стукачы.

Тут Бічэль

з Іпатавай сварыліся,

І такія словы гаварыліся:

"Не хадзі

да Карпюка, Іпатава,

Не адна ты

ў яго сімпатыя!"

Тут за праўду

на агонь пякельны,

Быццам трапяткога

шчупака,

Цягнуць

на гарачую патэльню,

Смажаць

Аляксея Карпюка".

Нядаўна ў лістах Ларысы Антонаўны я прачытала, што Данута была страшэнна абураная тымі чатырма радкамі пра нашыя нібыта сваркі зза Карпюка. Не было ніякіх сварак - гэта, канешне, хлопцы дадалі, як гаворыцца, дзеля каларыту. Я ўвогуле і не магла абурацца: Аляксей Нічыпаравіч быў заўсёды для мяне як бацька, а Данута - як старэйшая сястра, і я ўсіх іх, уключаючы Васіля Уладзіміравіча, страшэнна любіла, захаплялася імі. Наадварот - я ўспрыняла тую страфу як прызнанне сваёй нейкай даросласці, нібы я раблюся хоць крыху роўнай ім - хаця б у гэтых жартоўных радках....

Дарэчы, хацела б я ўзнавіць у памяці і верш, які Данута Бічэль чытала на 60годдзі А. Карпюка і які заканчваўся выдатным, як на мой погляд, азначэннем яго асобы:

Карпюк магутны, нібы зубр,

які пасецца ў заапарку.

Заапаркам для гэтага магутнага зубра была ўся нашая рэчаіснасць. З аднаго боку - ў савецкай улады за добры тон лічылася прызнанне аўтарытэту пісьменнікаў. І з нашым абласным аддзяленнем лічыліся: пісьменнікаў заўсёды запрашалі на розныя гарадскія і абласныя ўрачыстасці, ім у абыход чарогі давалі кватэры. З другога боку, існаваў заўсёдні нагляд, рэгулёўка дзейнасці і імкненне абмежаваць творчасць жорсткім рамкамі дазволенага. Вось на гэтым і палягаў асноўны канфлікт Карпюка з уладамі - ён рэзаў "праўду - матку" у вочы, а гэта не падабалася.

Яго цкавалі ў Гародні, можа, не так жорстка, як Ларысу Геніюш у Зэльве: усёткі быў ён кавалер ордэна "Віртуці мілітары", заслужаны партызан, аўтар многіх славутых на Гарадзеншчыне кніг, такіх, як "Данута" і "Вершалінскі рай." Аднак хто можа штосьці параўноўваць у такой справе, як цкаванне? Тым болей такое, якое абрынулася на яго - выключэнне з партыі, абвінавачванне ў супрацоўніцтве з немцамі - з пачатка да канца сфабрыкаванае, пасля скінутак з яго, як быццам нічога і не было.

Але было, было! Быў сжаўцелы ягоны твар, калі ён прыязджаў у Менск, хадзіў па інстанцыях, нешта даказваў. Аднойчы не вытрымаў, сарваў свой настрой пры нашай сустрэчы ў Доме літаратара: "Павыязджалі ў Менск, кар'еру робіце, і пляваць вам на Гародню!" Мне было балюча, бо Гародню я змушана была пакінуць - пасля гісторыі з адвергнутай граматай ЦК на Гарадзенскім тэлебачанні, дзе я працавала, да мяне чапляліся з бесперапыннымі прыдзіркамі, аднак я разумела ягоны стан. Ды і хіба можна было на яго крыўдзіцца ў такі горкі час? Памятаю, што кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў спрабавала неяк палепшыць сітуацыю, але ўдалося гэта не хутка.

Думаю, што і без мяне нехта абавязкова апіша, узгадваючы Аляксея Нічыпаравіча як мужнага барацьбіта, той уплыў і аўтарытэт, які ён меў у пісьменніцкім асяроддзі. Сапраўды - у час самых сумных пленумаў і сходаў, варта было толькі аб'явіць, што выступае Карпюк, як іранічныя пісьменнікі, што дымілі ў калідорах і з'едліва каментавалі прамоўца, адразу ж падаваліся ў залю. І не шкадавалі - прамовы нашага гродзенца былі заўсёды самымі яркімі і жывымі, бо казаў ён тое, на што асмельваўся далёка не кожны.

Я шчаслівая, што ён быў у маім жыцці. Яго заўсёды абкружала аўра нейкай асаблівай чысціні, якая часта здавалася ледзь не наіўнай у нашым досыць складаным побыце. Ці змагаўся ён супраць п'янства (хадзілі цэлыя серыі анекдотаў "Як Карпюк даваў п'янству бой"), ці угаворваў гарадзенцаў не рабіць з вуліц сметнік, ці грукаў на начальства кулаком - быў заўсёды гранічна шчыры. Шчыра асуджаў разводы і абараняў , як цяпер кажуць, сямейныя каштоўнасці. У кароткіх яго рэпліках пра ўласную сям'ю (калі пры нас даводзілася гаварыць па тэлефоне з жонкай Інай Анатольеўнай ці з дзецьмі) адчувалася любасць да іх і гонар, асабліва што тычыла жонкі.


Шмат, шмат засталося ў маім жыцці ад Аляксея Карпюка! Вось адзін толькі штрых: неяк прыбегла ў аддзяленне ўся такая расфранчаная, на вялікіх абцасах, задаволеная сабою і светам. Аляксей Нічыпаравіч жорсткаю рукой падводзіць да люстра: "Ведаеш, Оля, свецкія дамы ніколі не фарбаваліся. У прыстойныя, не сённяшнія часы вочы падводзілі і вусны мазалі толькі ведаеш хто? Не кажы гэтае слова, бо дзяўчатам яго вымаўляць непрыстойна. А я табе скажу: пра - сты - туткі!"

Вядома, я абурылася, я даказвала права сучасных дзяўчат на тое, што зараз назвала б "баявой размалёўкай канадскіх індзейцаў... Ды з самага таго часу ўсё ж не карыстаюся ані пудрай, ані рознымі жаночымі прыладамі для прыгажосці. Не бяруся лічыць, колькі грошай сэканомілі мне тыя карпюкоўскія словы, а вось што да часу - так, шмат. Бо часу пісьменніку заўсёды бракуе. Асабліва калі ён піша гістарычныя раманы і вымушаны гадзінамі крукам сядзець над летапісамі і фаліянтамі.

Гэта - жыццёвыя аскабалкі з тых незабыўных гадоў маладосці. А была і сур'ёзная, удумлівая вучоба - у сталага пісьменніка, які пражыў яркае, поўнае прыгод і нягод жыццё і перадаў гэта праз мастацкія вобразы і ідэю твораў. У іх жыве, пераліваецца моўнымі фарбамі сакавітая беларуская мова - непаўторна - гарадзенская, дынамічная, свежая, як раса.

Зараз мы ўсе перажываем час, калі ў шалёным віры падзей нібы пераціраюцца і канаюць усе ранейшыя культурніцкія і духоўныя каштоўнасці. Але мне верыцца - у беларускай літаратуры назаўжды застанецца лепшае са створанага гарадзенскім рамантыкам Аляксеем Карпюком.

Верасень 2005 г.

Вольга Іпатава


ЗАЦВЕРДЖАНЫ ПЛАН МЕРАПРЫЕМСТВАЎ ПА ЎВЕКАВЕЧАННІ ПАМЯЦІ НАРОДНАГА ПІСЬМЕННІКА БЕЛАРУСІ ІВАНА ШАМЯКІНА

Распараджэннем кіраўніка дзяржавы ад 16 мая зацверджаны план мерапрыемстваў па ўвекавечанні памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна (30.01.1921 - 14.10. 2004).

Як перадае прэсслужба прэзідэнта, у найбліжэйшы час будзе вырашана пытанне аб прысваенні імя пісьменніка адной з вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, а да пачатку новага навучальнага года для студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ будзе заснавана стыпендыя імя І. Шамякіна. Да верасня 2006 года на доме № 11 па вуліцы Янкі Купалы ў Менску, дзе апошнія гады жыў пісьменнік, плануецца ўстанавіць мемарыяльную дошку.

Сярод мерапрыемстваў, якія плануецца выканаць у лістападзе 2006 года, - стварэнне поўнаметражнага дакументальнага фільма "Іван Шамякін", а таксама ўстаноўка бюста пісьменніка ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці і помніка на магіле І. Шамякіна, пахаванага на сталічных Усходніх могілках. Акрамя таго, з 2010 па 2014 гады плануецца выдаць поўны збор твораў Івана Шамякіна.

Даведка БелаПАН. Іван Шамякін - акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі, Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа. У 1940 годзе скончыў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, у 1950 - Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б. Працаваў настаўнікам, рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, альманаха "Советская Отчизна" і выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя", а таксама ў кіраўніцтве Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1971-1985 гадах - старшыня Вярхоўнага Савета БССР. Першая аповесць "Помста" была апублікавана ў 1945 годзе. Аўтар раманаў "Глыбокая плынь" (1947-48), "Крыніцы" (1956), "Сэрца на далоні" (1963), "Снежныя зімы" (1968), пенталогіі "Трывожнае шчасце" (1957-65), шэрагу аповесцяў і драматычных твораў.

Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.


У ВІЦЕБСКУ ПРАХОДЗІЦЬ АБЛАСНЫ МАЛАДЗЁЖНЫ АГЛЯД-КОНКУРС ФАЛЬКЛОРНАГА МАСТАЦТВА "АД ПРАШЧУРАЎ - ДА ЗОР"

У культурна-дзелавым цэнтры "Віцебск" 19 траўня праходзіць абласны аглядконкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі "Ад прашчураў - да зор". Ён праводзіцца ў рамках IV рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня", што адбудзецца 1-4 чэрвеня ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці.

Конкурс уключае тры намінацыі - "Групавыя песні і танцы", "Турнір салістаў", "Народныя музыкі". У яго рамках таксама пройдуць выстава дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва "Майстры і вучні" (саломапляценне, аплікацыя з саломкі, выцінанка, разьба па дрэве, лазапляценне), конкурс малюнкаў на асфальце, турнір бытавых танцаў, этнадыскатэка і конкурс распарадчыкаў танцавальных вечарын.

Як паведаміла БелаПАН метадыст абласнога навуковаметадычнага цэнтра народнай творчасці Лілея Кернажыцкая, у конкурсе бяруць удзел 26 фальклорных калектываў Віцебскай вобласці. На яе думку, найбольш моцнымі з'яўляюцца ўзорныя фальклорныя калектывы "Сунічкі" (вёска Стаі Лепельскага раёна) і "Нежачкі" (Расоны), якія маюць шансы на перамогу ў гэтым конкурсе і далейшы ўдзел у рэспубліканскім фестывалі "Берагіня".

Большасць песень, танцаў і гульняў школьнікі запісалі ў вёсках у старых людзей, у тым ліку тых, хто нарадзіўся на пачатку мінулага стагоддзя. "Дзякуючы гэтаму фестывалю аднаўляецца аўтэнтычная культура нашых продкаў. І калі нядаўна фальклор выконвалі толькі нашы бабулі, то сёння з'явілася шмат дзіцячых калектываў, якія прадстаўляюць на гэтым конкурсе песні і танцы гісторыкакультурнай значнасці", - лічыць Л.Кернажыцкая.

Таццяна ЧАБАТАРОВА, БелаПАН.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX