№ 28 (764) 12 ЛIПЕНЯ 2006 г.
130 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі)
ЦЁТКА (сапр. Пашкевіч Алаіза Сцяпанаўна; інш. псеўд. Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака, Тымчасо-вы і інш.; 3(15)7.1876, фальварак Пешчын Лідскага пав. Віленскай губ., цяпер Шчучынскі р-н - 5(17).2. 1916], бел. паэтэса-рэвалюцыянерка. Адна з заснава-льніц і кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1906 у Жоўкве (каля Львова) у друкарні базыльянскага манастыра надрукавала збкі рэв. вершаў «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская». Нелегальна прыязджала на радзіму, удзельнічала ў выданні газ. «Наша доля».
У 1912 у Вільні, Нова-Вілейцы і Лідзе арганізавала некалькі тайных бел. школ.
(Пра Алаізу Пашкевіч (Цётку) чытайце на ст. 2-4.)
Споўнілася 210 гадоў з дня нараджэння Яна Чачота
ЧАЧОТ Ян Тадэвушавіч [26.6(7.7).1796, в. Малюшычы Навагрудскага пав., цяпер Карэліцкі р-н - 11(23).8.1847], беларускі паэт, фалькларыст. Скончыў Наваградскую дамініканскую школу (1815), дзе пасябраваў з А. Міцкевічам. Вучыўся ў Віленскім унце (1815-16). Працаваў у бюро па ўпарадкаванні архіваў кн. Радзівілаў (Вільня). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў тайнага студэнцкага тва філаматаў, пісаў песні і вершы на бел. і польск. мовах для студэнцкіх сходаў. У 1824 сасланы на Урал, у 1825 пераведзены ва Уфу, у 1831 - у Цвер. У 1833 вярнуўся на радзіму, працаваў на Лепельшчыне і ў бцы Храптовічаў на Наваградчыне. Пісаць пачаў у філамацкі перыяд. У 1818-19 стварыў каля 10 балад (захавалася 8), заснаваных на бел. фальклоры. На вуснапаэт. творчасці беларусаў заснаваны шматлікія яго вершы і песні (многія напісаны пабеларуску), музыку да якіх пісаў у асн. Х.Зан. Бел. вершамі вітаў. прыезд з Коўна ў Вільню Міцкевіча (канец 1819). Нядаўна адшуканы вял. цыкл песеньбалад Ч. «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 г.» на польск. мове (нап. ў 1842-44, апубл. ў перакладзе на бел. мову з нотамі да ўсіх баладаў у 2004).
Ч. збіраў і вывучаў бел. фальклор. Выдаў «Сялянскія песні» (1837-46) - 6 фалькл. зборнікаў, куды ўвайшло каля 1000 песень у перакладзе на польск. мову і ў арыгінале, а таксама прыказкі і прымаўкі, слоўнік бел. мовы (200 слоў) і ўласныя бел. вершы.
Ян Чачот адзін з віднейшых дзеячоў беларускай культуры першай паловы 19га ст.
УЛАДЗІМІРУ НЯКЛЯЕВУ - 60
НЯКЛАЕЎ Уладзімір Пракопавіч (н. 11.7.1946, г. Смаргонь Гарадзенскай вобл.), бел. паэт. Скончыў Менскі пед. ін-т (1973). З 1972 працаваў у газ. «Знамя юности», з 1975 рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1978 на Бел. тэлебачанні, у 1987-99 гал. рэдактар час. «Крыніца». У 1998 абраны старшынём Саюза пісьменнікаў Бела-русі. Друкуецца з 1970. Аўтар зб-каў паэзіі «Ад-крыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979, з паэмай «Дарога дарог» прэмія Ле-нінскага камсамолу 1979), «Наскрозь» (1985), «Прошча» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Выступае як празаік (аповесць «Вежа», 1988), эсэіст. Яго творчасць адметная публіцыстычнас-цю, дынамічнасцю цаэт. думкі, канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю.
Узначальвае беларускі ПЭН-цэнтр.
На "Славянскім базары" знайшлося месца і беларускай мове
7 ліпеня ў Віцебску ў 15ты раз адкрыўся Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар", і ў 15ты раз на ім дамінуе расейская мова, быццам яна славянейшая за іншыя славянскія мовы.
Аднак сёлета на "Базары" ўдаецца заўважыць і прысутнасць мовы беларускага этнасу. У прыватнасці, у дзень адкрыцця ўсе асноўныя зоркі беларускай эстрады спявалі пабеларуску, пачынаючы з Ксюшы Сітнік і закончваючы Русланам Аляхно.
Пакуль што цяжка сказаць да чаго гэта трэба аднесці: да прабуджэння разумення, што без мовы мы не народ, ці да звычайнай нормы пратаколу, паводле якога столькі вось працэнтаў паложана на беларускую мову. Але, як бы там ні было, беларускія песні на "Славянскім базары" гучаць, транслююцца на ўсю краіну, некаторыя з іх стануць папулярнымі, і беларускасці хоць на крышку, але стане болей. Прыдзе час і нашая праграма на "Базары" будзе цалкам беларускамоўнай.
Наш кар.
ВЕК НАПІША НАМ ЗАКОН
З нагоды 130-ай гадавіны з дня народзінаў Алаізы Пашкевіч (Цёткі)
АМПЛІТУДНЫ ГОД
Пачатак дваццатага стагоддзя, прынамсі 1906 год, быў для Беларусі ўзлётам. Я яго называю амплітудным. А хіба ж гэта не так?! Паглядзіце, як у 1906 годзе, сто гадоў таму, нацыянальнае жыццё прыспанай за стагоддзі Беларусі пачало выяўляцца імкліва ў самых разнастайных формах: засноўваецца першая беларуская газета "Наша Доля". Увосень 1906 года на змену ёй неўзабаве прыходзіць першая беларуская газета з малюнкамі "Наша Ніва". Тады ж у Пяцербурзе засноўваецца выдавецкая суполка з сімвалічным назовам "Загляне сонца і ў наша ваконца". У той жа год яна выдае і першыя беларускія кніжкі. Сярод іх і "Першае чытанне для дзетакбеларусаў", якое напісала Цётка - Алаіза Пашкевіч. У ліпені 1906 года адбыўся і першы нелегальны з'езд настаўнікаў Менскай губерні ў Мікалаеўшчыне. Згадка толькі гэтых фактаў сведчыць, што сто гадоў таму. У 1906 годзе, на самым пачатку дваццатага стагоддзя, нацыянальнае жыццё на Беларусі запульсавала інтэнсіўна і ў самых розных праявах і формах.
А забрадзіла гэтае жыццё яшчэ крыху раней. Але пачатак дваццатага стагоддзя, прынамсі. 1906 год, паспрыяў канкрэтнаму ўвасабленню запатрабаванняў беларускага этнасу. У 1906 годзе шмат і літаратурных дэбютаў. Таму 2006 год - гэта год сотых юбілеяў шмат якіх старонак нашага жыцця.
Дык не праспімо ж гэтыя падзеі!
Згадайма ж ўсе слаўныя старонкі нашага адраджэння, якія бяруць выток менавіта з 1906 года.
ВЕК НАПІША НАМ ЗАКОН
Гэтыя агніста прарочныя словы напачатку стагоддзя ўпэўнена накрэсліла на барве нашага гістарычнага небасхілу ніхто іншы як Алаіза Пашкевіч - знаная нам Цётка.
Доўга я гадаў і думаў, як сябе назваць, ці то палякам, ці то літоўцам, бо слова тутэйшы мне нексьць не смакавала. І так колькі гадоў я хістаўся то на ту, то на другую сторану. Аж покі не папала ў мае рукі "Дудка" Мацея Бурачка: янато мне сказала, што хто гаворыць патутэйшаму, памужыцку, значыцца, ён гаворыць пабеларуску, той беларус.
Прачытаўшы тую "Дудку", я сказаў: "Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, "Дудка", грай і мне голас дай!
І "Дудка" дала паэтцы жаданы голас. Зпад яе пяра толькі ў адным 1906 годзе пабачылі свету: "Першае чытанне дзетакбеларусаў, "Хрэст на свабоду", "Скрыпка беларуская".
Голас гэты для таго часу быў свежы, смелы, рашучы:
ВЕРА БЕЛАРУСА
Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон;
На свет божы шырай глянем,
Век напіша нам закон.
Веру, братцы, ў нашу сілу,
Веру ў волі нашай гарт:
Чую агонь ў нас - не брыну,
Бачу, братцы, мы не зварт,
Мы не з гіпсу, мы - з камення.
Мы - з жалеза, мы - са сталі,
Нас кавалі ў пламенні,
Каб мацнейшымі мы сталі.
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту,
Рука цвёрда, грудзь акута,
Пара, братцы, парваць путы!
Пісалася гэта ў кастрычнікулістападзе 1905 года, на хвалі першай рускай рэвалюцыі. Рэвалюцыйныя матывы вельмі моцныя ў творах Алаізы Пашкевіч. Але найперш яна асветніца, адраджэнка, прадаўжальніца традыцый сваіх папярэднікаў.
Яна і адну з першых сваіх кніжачак назвала так, як хацеў назваць Францішак Багушэвіч, свой чарговый, зборнічак, ды не паспеў. Яна падхапіла яго ідэі і панесла іх у дваццатае стагоддзе. У Багушэвіча былі "Дудка" ды "Смык Беларускі". Алаіза Пашкевіч пусціла ў свет "Скрыпку Беларускую"
Чаго словам не сказаці,
Што на сэрцы накіпела.
Астаецца скрыпку ўзяці:
Покі ў сілы крэпка вера.
Толькі крэпкі б былі струны!
Смык гатовы, струны тугі.
Кроў у жылах закіпае.
Ну, слухайце, мілы другі,
Скрыпка мая ўжо грае!
Галоўнае для Алаізы Пашкевіч - Цёткі і яе аднадумцаў - здабыць для Беларусі, беларускага народа лепшую долю. І на гэта была скіравана ўся іхняя энергія.
* * *
"Дужа паважаны прафесар!
Выбачайце, што незнаёмая і пішу да Вас я, Пашкевічанка... калісь прабавала вершы пісаць і іх Вам чыталі. Во то ж цяпер жыву ў Львове. З украінцамі, русінамі і ўніятамі заводжу знаёмства. Шмат нам спрыяюць, памогуць, у чым сіла. Цяпер покі што будуць друкаваць пабеларуску. Калі маеце што, то прышліце. Я хачу даведацца ад Вас, што чутно з букваром, ці ўжо гатоў, ці ў нас будзе фанетыка наша беларуская. Гэта вельмі важна, бо буду цяпер выдаваць папулярныя рэчы для народа. Дык не ведаю, як чаго трымацца...
Бывайце здаровы, пане прафесар, мо, напішаце колькі слоў?
Адрас Львоў Лыкстуцкай № 39.
З паважаннем Пашкевічанка.
28 чэрвеня 1906 г.
Пане прафесар, мо, будзеце ласкавы прыслаць мне народныя песні Шэйна".
Аднадумцамі Пашкевічанкі былі...
... Браніслаў Эпімах - Шыпіла. Гэта да яго пісала Цётка пра граматыку.
... Браты Луцкевічы, Іван ды Антон...
... Браніслаў Тарашкевіч...
* * *
Свае надзеі Цётка і яе аднадумцы ўскладалі найперш на моладзь.
Для моладзі Алаіза Пашкевіч выдавала часопіс "Лучынка".
... "Лучынка"... Удумайцеся ў назву...
Асвечваць родны народ навукай быў яе дэвіз. Да гэтага яна клікала і іншых. Ад яе зварот да студэнтаў Пяцербургскага універсітэта:
"Дарагія браткі!
Беларусы студэнты!
Вам пашчаслівілася: Вы ўжо аж у універсітэце вучыцеся. Але Вашы браты, дзе каторыя мо родныя Вам, засталіся ў вёсцы, там яны працуюць ад світання да змяркання, а ім жа ж таксама хочацца, як і Вам, шмат чаго ведаць, пазнаць. Ось для гэтакіхто працаўнікоў на нашай роднай зямельцы цяпер выходзіць "Лучынка" (месячнік). Браткістудэнты" не маеце права атрасці рукі ад працы ў "Лучынцы"; на вашым сумленні будзе ляжаць найбольшая часць сораму. Калі "Лучынка" будзе дрэнна свяціць вашым братам і сёстрам у вёсцы беларускай, што для вас хлеб сеюць і жнуць...
* * *
Не страціла да сённяшняга дня свае надзённасці і Цётчына палкае слова - пра нашу мову, звернутае да моладзі:
"На вас - моладзі - ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову, узбагачываць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе. Дык дзяліцеся ёю з тымі, хто для вас цяжкай працай здабывае кусок хлеба. Толькі не кідайце роднай мовы: бо запраўды для свайго народу тады вы ўмерлі!
Мейце сілу і адвагу дзяржацца роднага слова. Мейце смеласць усюды галосна казаць пасвойму. І. гледзячы на вас, асмеляцца і іншыя, зразумеюць, што шчырае сэрца беларускае б'ецца не толькі пад мужыцкай сярмягай. Павераць у ўласныя сілы свае і пойдуць цвёрдай ступой да лепшай будучыны, да ясных зор шчасця народнага".
* * *
Народжаная як паэтка на рэвалюцыйнай хвалі, Цётка не цуралася і лірычнага пачатку. Пра сябе яна сцвярджала:
"Стану песняй у народзе".
Алаіза Пашкевіч - Цётка - адна з першых, а мо нават першая з жанчын у дваццатым стагоддзі, якой суджана было стаць паэткай. Яна прыйшла ў літаратуру наколькі гадоў раней за Янку Купалу. Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і шмат каго іншых, а пасля ўжо ішла з імі.
Яе паэзія, яе творчасць, гэтак жа як і Купалава, Коласава, клікала беларусаў "людзьмі звацца", усведамляць сябе народам. А не тутэйшымі.
Гэты яе лейтматыў асабліва выразна гучыць у метафарычна алегарычным апавяданні "Прысяга над крывавымі разорамі". У ім асэнсаваным рэфрэнам гучаць тры магутныя словы, напоўненыя жыццёвым аптымізмам:
Мы дамо! Мы - сіла! Мы - права!
Іх прамаўляюць тры сыны Мацея: парабак дворны, салдат і работнік пецярбургскі.
Гэтыя іхнія словы сугучныя з Купалавымі: "А хто там ідзе?" і "Чаго захацелася ім?"
Яны ў сугуччы з Купалавымі "Людзьмі звацца".
"Мы - сіла!" Мы - права!"
На вялікі жаль, некаторыя нацыянальныя памкненні Алаізы Пашкевіч, сёння, праз сто гадоў, надзённыя. Памятаеце, у свой час, звяртаючыся да моладзі, яна гукала:
"Мейце сілу і адвагу ўсюды трымацца роднага слова!"
Гэты пранікнёны Цётчын зварот і сёння вярэдзіць юныя душы нашай моладзі, і яна імкнецца трымацца слынннага запавету нашай пясняркі і як можа бароніць сваю родную мову ад розных сучасных незычліўцаў.
Уладзімір Содаль.
Адна дзяўчынка таксама вырашыла трымацца згаданага запавету Цёткі. І от што яна з гэтай нагоды пачула:
Аднойчы прачытаў у газеце,
Што там пішуць дзеці:
"Паспрабавала ў краме
па-беларуску размаўляць,
а за гэта пачула:
"Говори на русском, твою мать!»
Зусім няма беларусам жыцця,
нам трэба нашу мову падымаць з небыцця!
Чаму такое ў Беларусі здараецца?
Што ты - беларус, не ўсім падабаецца!
Сержык Чылікін-Садэльскі - васьмікласнік менскай школы № 51.
НАРОД НЕ ЗГУБІЎ ЯЕ СКРЫПКУ
Да 130-годдзя з дня нараджэння Цёткі (Алаізы Пашкевіч)
"Цётка як бы аб'ядноўвала ў сабе двух выдатных жанчын нашай старажытнасці: Рагнеду і Ефрасінню Полацкую. Як першая, яна была барацьбітом за волю радзімы і, як другая - асветніцай свайго народу".
Мікола Ермаловіч.
СЛОВА ПРА ЦЁТКУ
" У сваю творчасць яна заўсёды ўкладала душу. Не заў-сёды было ёй лёгка выказаць сваімі словамі перажыванні, пачуцці і думкі. Чарнавікі ейных друкаваных твораў паказваюць, што часта патрэбная была марудная праца, пакуль выражаныя думкі знаходзілі сабе адпаведную форму на паперы. Можа, дзеля гэтага Цётка не паспела стварыць гэтулькі, колькі абяцаў ейны, перажываннямі наздзіў багаты, нутраны свет " .
Сцяпан Кайрыс, муж паэтэсы.
* * *
" Як усе натуры, каторыя працуюць парывамі - выбухова, Цётка пачынала пісаць многа, але даводзіла да канца толькі нязначную частку распачатых прац. Цётка (…) цалкам вырастае з творчасці Багушэвіча " .
Антон Луцкевіч, літаратар.
* * *
" Мова Цёткі мае ў сабе паланізмы, прызвычаеныя беларусам Лідчыны, і русізмы, прышчэпленыя школаю. Бо як на апрацаванне свае мовы, так і на шліфоўку верша Цётка за рэвалюцыйнаю працаю шкадавала часу ".
Максім Гарэцкі, пісьменнік.
* * *
" Гэта натура бурная, з моцным грамадскім і палітычным тэмпераментам. Для яе на першым плане заўсёды была работа грамадская і палітычная.
Для Цёткі паэзія з'яўляецца адлюстраваннем яе рэвалюцыйнага духу. Гэта перш за ўсё паэт, для якога матывы рэвалюцыі стаяць на першым плане. Яна пісала параўнаўча няшмат, часта задумвала і пачынала вялікія творы, але ў яе не хапала вытрымкі, часу і ўседлівасці для іх апрацоўкі і заканчэння. З другога боку, у яе творах, асабліва напісаных за мяжой, адчуваецца гарачая любоў да радзімы, паэтычнае пачуццё прыроды роднай краіны " .
Мітрафан Доўнар-Запольскі, беларускі гістарыёграф.
* * *
" У вышэйшых класах віленскай прыватнай гімназіі Веры Міхайлаўны Поразавай разам з маёй старэйшай сястрой вучылася Алаіза Пашкевіч. Тады (1895 - 1905) быў час строгай русіфікацыі, нам было забаронена гутарыць на іншых мовах, акрамя расейскай. Сястра дапамагала Пашкевіч вывучаць французскую і нямецкую мовы.
Алаіза жыла ў прадмесці ў знаёмых.
Аднойчы Алаіза, вучаніца 7-га класа, страціла прытомнасць у час лекцыі. Доктарка прызнала, што гэта ад недаядання. Сястра казала, што яна такая бедная, што не хапае грошай на ежу. Але вельмі амбітная і не хоча прымаць помачы. Вучылася Алаіза старанна і Вера Міхайлаўна дамаглася, каб ёй далі стыпендыю.
Пашкевіч вылучалася сваім бледным, паважным тварам, які не блістаў свежасцю і красой маладосці, але які сваімі сур'ёз-нымі вачыма, трохі выступаючымі скуламі казаў аб сіле і цвёрдасці характару. Да мяне яна мела асаблівую сімпатыю, бо я прыходзіла ў іх клас і дапамагала паўтараць арыфметыку.
У нашым доме яна была рэдкім госцем. Тлумачыла, што не мае часу, бо вымушана даваць лекцыі, каб зарабіць на сваё утрыманне. Мы яе лічылі за польку, бо яна была каталічка, і ніколі ні слова не казала аб сваёй беларускасці і палітычных ідэалах.
У 1905 годзе я скончыла гімназію. Пачала цікавіцца модным тады сацыялістычным рухам. Чула, што Пашкевіч сталася сацыялісткай і далучылася да беларускага руху. І вось на адным мітынгу я пазнала Алаізу! Я ведала яе як маламоўную, спакойную. А тут перад намі была аратарша, якая з вялікай сілай і перакананнем, усім сваім сэрцам будзіла ў слухачоў запал і любоў да прыгнечанага люду.
Аб яе жыцці ў Кракаве мне апавядала пані Алёна Бірыч, аднакласніца маёй сястры і Алаізы ў гімназіі. Пашкевіч з вялізнай энергіяй прабівала сабе шлях у жыццё.
Пасля 1905 года яна ўцякла за граніцу без грошай і сама зарабляла сабе. У Пецярбургу таксама працавала і вучылася. Захаплялася думкай узгадаваць свой гаротны беларускі народ і праз тэатр. Брала лекцыі дэкламацыі, іграла ў вядомай польскай артысткі Нуны Маладзееўскай, і дасягала сваёй мэты. Здароўе ўжо тады мела слабае, назіраліся пачаткі сухотаў.
Юліяна Вітан-Дубейкаўская.
ЯЕ ВЕРШЫ ЧЫТАЛА МАСКВА
Зборнік " Алоиза Тётка. Избранное " у перакладзе на рускую мову пабачыў свет у 1953 годзе ў маскоўскім дзяржвыдавецтве мастацкай літаратуры. У біяграфічнай даведцы тлумачыцца, што Цётка займае адметнае месца ў беларускай паэзіі. Яе творы друкаваліся ў рускіх часопісах і газетах, але цяпер выходзяць асобным выданнем.
Той час наклаў пэўны ідэалагічны адбітак. У тэксце можа прачытаць аб " негатыўным " уплыве на паэтэсу " буржуазна-ліберальнай газеты " Наша ніва " , з якой Алаіза тады актыўна супрацоўнічала. Заўважана " некоторое снижение активных революционных настроений у Тётки в годы эмиграции и полулегальной жизни в России… появляются пессимистические мотивы…, становится заметно культурничество. "
Прадмову да беларускага падарункавага выдання " Цётка. Вершы " , выдадзенага ў Менску ў 1996 годзе, падрыхтаваў паэт Алег Лойка, народжаны на Слонімшчыне.
Цёпла ўзгадвае ён нашу зямлячку, яе вершы і апавяданні, жыццёвы лёс, жаданне " каплю шчасця, долі ўліць, думаць усюды аб народзе " . Тут не гаворыцца пра ўплыў на Цётку творчасці Горкага, Някрасава, Шаўчэнкі. Але адзначана роля Вільні і СанктПецярбурга, Кракава і Менска, жняярак працаўніц, любові да беларускага народа, яго моладзі, да Бацькаўшчыны ў росквіце таленту пісьменніцы.
На здымках: зборнік "Алоиза Тётка " (Масква, 1953); кніга "Цётка. Вершы" (Мінск, 1996).
АЛАІЗА ПАШКЕВІЧ (ЦЁТКА)
(Штрыхі да творчага партрэта)
1902. Фальварак Лябёдка на Гарадзеншчыне (Лідскі павет). Нелегальнае выданне Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі " Свабода " змясціла беларускамоўны верш Цёткі " Мужыцкая доля " . Увесь наклад знішчаны. Самымі раннімі яе вершамі лічацца " Лета " , " Восень " .
1903. Першыя друкаваныя творы змешчаны ў выданні " Круг беларускай народнай прасветы " (Пецярбург). Гэта вершы " Мужык не змяніўся " , " Нямаш, але будзе " , " Музыкант беларускі " .
1905. Беларуская рэвалюцыйная Грамада, Партыя польскіх сацыялдэмакратаў і Польская сацыялістычная партыя (у Вільні) у форме пракламацыі надрукавалі вершы Цёткі " Хрэст на свабоду " , " Пад штандарам " , " Мора " .
Яе ўдзел разам з К. Каганцом, братамі Луцкевічамі, А. Бурбісам, В. Іваноўскім, Я. Хлябцэвічам у рабоце нелегальнага з'езду Беларускай рэвалюцыйнай Грамады. Выданне ў Вільні кнігі Цёткі " Хрэст на свабоду " .
1906. У Вільні выйшаў першы нумар газеты " Наша доля " . Ініцыятары і рэдактары выдання браты Луцкевічы, Ф.Умястоўскі, Цётка. Яна змясціла першае апавяданне пад псеўданімам Мацей Крапіўка " Прысяга над крывавымі разорамі " , верш " Наш палетак " . Выданне кніг Цёткі " Першае чытанне для дзетак беларусаў " , " Скрыпка беларуская " , " Хрэст на свабоду (Вершы) " .
1908. У газеце " Наша ніва " Цётка апублікавала апавяданне " Навагодні ліст " .
1909. Выданне ў Вільні першага " Беларускага календара " Нашай нівы " на 1910 г. Разам з творамі Купалы, Коласа, Багдановіча, Гартнага, Ядвігіна Ш., Паўловіча і інш. змешчаны таксама работы Цёткі.
1910. У Пецярбургу ў час правядзення беларускай вечарыны Цётка прачытала вершы " Мае думкі", " Грайка " , " Родны кут " . Яна надрукавала ў " Нашай ніве " справаздачу. Заснаваны Беларускі музычнадраматычны гурток., у склад якога ўвайшлі Б. Даніловіч, В. Ластоўскі, браты Луцкевічы, Цётка, І. Буйніцкі. У Вільні ананімна выйшла кніга Цёткі " Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі ".
1911. У віленскай друкарні М.Кухты выйшаў " Беларускі каляндар " Нашай нівы " на 1911 г. Змешчаны таксама творы Цёткі.
1912. У Пецярбургу выдадзены альманах " Маладая Беларусь " . Тут змешчаны апавяданні Цёткі " Асеннія лісты ", " Лішняя " . У " Известиях общества славянской культуры " змешчана праца М. Янчука. У сціслым аглядзе найноўшай беларускай літаратуры высока ацэнена творчасць Коласа, Купалы, Цёткі, Багдановіча.
1912. У Вільні, НоваВілейцы і Лідзе арганізавала некалькі нелегальных беларускіх школ.
1913. У Пецярбургу выдадзены чарговы нумар часопіса " Маладая Беларусь ". Змешчаны празаічныя творы Цёткі. У прадмесці Вільні адбылася маёўка. З прамовай выступілі Цётка, Бядуля, А. Луцкевіч.
1914. У Менску выйшлі першыя нумары часопіса для дзяцей і юнацтва " Лучынка ". Рэдактар Цётка. Надрукаваны яе творы - апавяданне " Міхалка " , " Зваротлівыя " , верш " Сірацінка " , артыкулы " Папарацькветка " , " Успаміны з паездкі ў Фінляндыю " . Выйшаў " Беларускі каляндар " Нашай нівы " на 1915 г. Змешчаны вершы Цёткі " З Новым годам " , " Горсць пшаніцы " .
1915. Намаганнямі Івана Луцкевіча і Цёткі ў Вільні адкрыты першыя беларускія настаўніцкія курсы. Завяршальны верш паэтычнай творчасці Цёткі " Адкрый, пані " .
1915. Беларуская школа, заснаваная Цёткай у Лідзе стала легальнай .
1916 год, 11 лютага - смерць Цёткі (Алаізы Пашкевіч).
1917. У зале Беларускага клуба (Вільня) прайшоў вечар, прысвечаны памяці Цёткі. Газета " Гоман " змясціла артыкул А. Луцкевіча " Памяці Цёткі (У гадавіну смерці) " .
1996. У Шчучыне устаноўлены адметны помнік пісьменніцы. Імя паэтэсы нададзена цэнтральнай раённай бібліятэцы.
На здымку: помнік Цётцы ў Шчучыне
НЕ ЗАБЫВАЮЦЬ ЦЁТКУ МАСТАКІ
Вобраз Цёткі даўно прыцягвае ўвагу беларускіх мастакоў. Яшчэ ў 1940 г. жывапісец Пётра Сергіевіч напісаў работу "У буру " . Над выявай паэткі ў пасляваенны час працавалі скульптары З. Азгур, А. Заспіцкі, жывапісец А.Кроль.
Сёння кранаюць сваёй велічнасцю творы Л. Шчамялёва " У краі родным " , А.Марачкіна - " Нас кавалі ў пламені " , І.Рэя - " З цэлым народам гутарку весці " , Ф.Янушкевіча - " Роздум " , П.Свентахоўскага - " Пачатак " , Г.Вашчанкі - " Цётка " , М.Апіёка - " Алаіза Пашкевіч " , Л. Дударэнкі - " Купала і Цётка ў Вільн " і, партрэт, рэльеф і медальён скульптара С.Гарбуновай, графіка У. Басалыгі, М.Купавы, плакаты У. Крукоўскага, М. Стомы, памятныя медалі Р.Іванова, габелены Л.Петруль, чаканка У.Рамейкі.
На здымках: Марачкін А.А. " Нас кавалі ў пламені ", 1976, І.П. Рэй. " З цэлым народам гутарку весці", 1976; скульптар А. Заспіцкі " Цётка (Алаіза Пашкевіч) " , 1957.
Матэрыялы падрыхтаваў Антон Лабовіч. Гародня.
Польская гісторыя для беларусаў
24 сакавіка 2006 г. у гадавіну 212 угодкаў паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі і напярэдадні чарговай гадавіны Дня Волі беларусаў - 25 сакавіка польская амбасада наладзіла прэзентацыю кнігі "Нарыс гісторыі польскай дзяржавы і народа ІХ - ХХІ ст.".Мэта выхаду ў свет гэтай кнігі - азнаямленне беларускага чытача з польскім пунктам погляду на мінулае Польшчы і цэлага акаляючага яе рэгіёну, тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.
Таксама гэта своеасаблівы водгук на кнігі нашых гісторыкаў Генадзя Сагановіча і Захара Шыбекі, выдадзеных у Польшчы на польскай мове пад агульнай назвай "Гісторыя Беларусі".
Рэдагаванне і ўкладанне тэксту кнігі зрабіў супрацоўнік польскай амбасады ў Менску, магістр Мар'ян Семаковіч, які мае беларускія карані і добра ведае беларускую мову.
Да выдання гэтай кнігі спрычыніліся: Міністэрства замежных спраў Польшчы, Польскі інстытут у Менску і рэдакцыя варшаўскага выдавецтва "Дэмарт", якое падрыхтавала шыкоўныя і шматлікія каляровыя гістарычныя карты і выдала саму кнігу. Пераклала польскі тэкст на беларускую мову сп. Ганна Цішук.
Зараз я прапаную чытачам "Нашага слова" пагартаць гэтую цікавую кнігу і звярнуць увагу на тыя старонкі, якія тычацца непасрэдна Беларусі.
Пачнем з XIV стагоддзя, калі была падпісана славутая Крэўская унія, і нашы народы пачалі кантактаваць больш шчыльна. У раздзеле "Вытокі Літвы - будучай саюзніцы Польшчы", паведамляецца, што назва "Літва" паходзіць ад назвы балтыйскага племені літвінаў, якое насяляла ўзбярэжжа Балтыйскага мора у басейне р. Нёман. Такім чынам наша летапісная Літва раптам перасялілася з ваколіц Маладэчна ці Наваградка ў Жмудзь ці нават землі прусаў. Ёсць тут і вызначэнні тэрыторый "Чорная Русь" і "Белая Русь", якія ў асноўным адпавядаюць думкам нашых гісторыкаў.
Паведамляецца, што ў склад спрадвечнай (этнічнай) Літвы ўваходзілі два рэгіёны: Жмудзь на Ніжнім Нёмане і Аўкштота ў яго вярхоўях, а таксама Занямонне (колішнія землі яцвягяў).
Далей ідзе вызначэнне, якое цалкам адпавядае нашаму гістарычнаму бачанню гэтай праблемы. Цытую: "У шырокім гістарычным значэнні тэрмін "Літва" ўжываўся ў адносінах да ўсяго Вялікага княства Літоўскага, якое прыблізна займала тэрыторыю этнічнай Літвы і сённяшняй Беларусі". Праўда аўтар тэксту сціпла прамаўчаў, што ў склад ВКЛ да 1569 года ўваходзіла Падлессе (Падляшша) і значная частка сённяшняй Украіны.
Даволі цмяна апавядаецца пра дзейнасць Міндоўга. Сказана, што ў першай палове ХІІІ ст. ён падпарадкаваў сябе Жмудзь і Аўкштоту і спрабаваў падпарадкаваць сабе і Чорную Русь. Далей ідзе інфармацыя, што яго каранацыя адбылася ў 1252 годзе ў Наваградскім замку - у "тагачаснай літоўскай сталіцы". Аднак незразумела яго паходжанне і як ён апынуўся ў Наваградку.
Вельмі цікава ідзе гаворка пра дзейнасць Гедыміна. Падаюцца цалкам фантастычныя звесткі, што ён вызваліў ад манголататарскага прыгнёту Гарадзеншчыну, Наваградчыну, Берасцейшчыну, Менскую, Полацкую і Тураўскую землі. На Беларусі кожны вучань ведае, што манголататары ніколі не валодалі нашымі землямі.
Цікава адзначыць, што тут упершыню згадваецца пра тое, што літоўскія князі ў якасці дзяржаўнай выкарыстоўвалі рускую (старабеларускую) мову і нават карысталіся "рускім тытулам вялікага князя літоўскага". Аднак не патлумачана, якая ў іх была родная мова і чаму яны не пісалі палітоўску, калі паходзілі з тэрыторыі сучаснай Літвы, калі верыць сённяшнім літоўскім гісторыкам. Вельмі цікавы і карысны для беларускага чытача трэці раздзел кнігі, прысвечаны дынастыі Ягелонаў, адной з наймагутнейшых дынастый Еўропы, якія акрамя Польшчы і ВКЛ займалі каралеўскія троны Венгрыі і Чэхіі.
Аднак пры апісанні бітвы пад Грунвальдам беларускія войскі не згадваюцца, затое ёсць міфічныя рускія атрады. Відаць маюцца на ўвазе смаленскія палкі, якія ў той час ужо ўваходзілі ў склад агульнага войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Вітаўта, і дзе большасць складалі беларускія харугвы. Дарэчы тут ёсць згадка пра выключную мужнасць трох смаленскіх харугваў, якія ніколі рускімі не былі.
Далей ідзе гаворка пра тое, што Уладзіслаў ІІІ Варненчык - старэйшы сын Ягайлы і яго чацвёртай жонкі "рускай" князёўны Софіі Гальшанскай (Сонькі). Цікава калі расейцы жылі ў Гальшанах і якое паходжанне Сонькі Гальшанскай даюць літоўскія гісторыкі? А можа нам адразу сказаць, што гэты чалавек спачатку кароль Польшчы, а потым Венгрыі быў этнічным беларусам, бо ўсходнеславянская кроў у яго жылах асноўная? Мы разумеем, што польскія гісторыкі пад словам "рускі" разумелі праваслаўных жыхароў Беларусі і Украіны на тэрыторыі ВКЛ, але зараз беларусам ад гэтага не лягчэй.
Наступны кароль Польшчы, ён жа вялікі князь літоўскі, таксама наш зямляк, бо Казімір IV Ягелончык - малодшы сын Ягайлы і Соф'і Гальшанскай. Менавіта ў яго гады праўлення Польшча і Беларусь дасягнулі свайго росквіту і пасля разгрому Тэўтонскага ордэна жылі адносна спакойна. Менавіта ў гады праўлення Казіміра і былі закладзены падваліны будучага "залатога веку" Беларусі, калі расквітнела наша мова і культура.
Такім чынам мы можам спакойна сцвярджаць, што Ягелоны, гэта беларуская дынастыя, нават больш беларуская, чым Раманавы - руская, бо пачынаючага з Кацярыны ІІ у жылах Раманавых было рускай крыві значна меней, чым у жылах нашчадкаў Ягайлы і Сонькі Гальшанскай беларускай.
Ягелоны добра ведалі старабеларускую мову і актыўна карысталіся ёю, тым больш, што ў Польшчы дзяржаўнай мовай была мёртвая лацінская мова і карыстацца ёю ў побыце не было вялікай патрэбы. Такім чынам, міф канца ХІХ - пачатку ХХ ст., што беларусы мужыцкая нацыя Еўропы павінен як мага хутчэй адысці ў нябыт.
Вельмі цікава ідзе гаворка ў кнізе пра славутую Аршанскую бітву. Як і пад Грунвальдам беларусаў там не было.
Цытую… "У тым жа годзе (1514 - А. Т.) польскія, літоўскія і рускія войскі пад камандаваннем літоўскага гетмана Канстанціна Астрожскага здабылі бліскучую перамогу над маскоўскімі войскамі пад Оршай: польскалітоўская армія налічвала толькі каля 30 тысяч чалавек, у тым ліку 3 тысячы палякаў, маскоўская ж армія - каля 80 тысяч."
Вось дзе праца для беларускіх гісторыкаў і дыпламатаў. Грунвальд і Орша павінны атрымаць беларускую прысутнасць ва ўсіх еўрапейскіх падручніках гісторыі.
Пішучы пра Люблінскую унію ўкладальнік замест вызначэння беларуская і літоўская шляхта піша пра нейкую "літоўскарускую" шляхту, якая паступова паланізуецца. Зноў мы бачым росквіт старога міфа, што беларусы - гэта сялянскі народ і сваёй шляхты ў яго не было.
Але калі пад Оршай беларусаў не было, то ў сценах Кракаўскай акадэміі з'яўляецца беларускі першадрукар Францыск Скарына. Цікава, што ён не патрапіў у лік рускіх асветнікаў, хоць і пісаў "рускімі" літарамі. Адметны загаловак "шведская дынастыя Вазаў на польскім троне" дае магчымасць існаваць і такому вызначэнню як "беларуская дынастыя Ягелонаў на тронах еўрапейскіх манархій. Проста трэба нашым гісторыкам канчаткова адчуць сябе еўрапейцамі, людзьмі першага гатунку, роўнымі сярод роўных.
Аднак "рускія" і далей прысутнічаюць на старонках вышэйзгаданага твора. Так на старонцы 57 мы чытаем, што супраць Берасцейскай уніі выступіла частка рускага насельніцтва, у тым ліку праваслаўнае духавенства шляхта і магнаты". Добра б было і знайсці выяву хоць аднаго рускага магната, ворага Берасцейскай вуніі.
Вельмі вольна ў кніжцы блытаюцца тэрміны Польшча і Рэч Паспалітая, што далёка не адно і тое ж. Аднак шмат якія польскія гісторыкі ўпарта гэта не заўважаюць. Напрыклад, на стар. 66 напісана, што на карысць Расіі ў 1667 г. Польшча страціла Смаленскую, Чарнігаўскую, Северскую і частку Віцебскай зямлі (Смаленская і Віцебская землі ніколі не належалі польскай дзяржаве! - А. Т.).
Першы раз тэрмін Беларусь згадваецца ў гэтым раздзеле кнігі пад 1772 годам, калі паведамляецца, што Расія ў выніку першага падзела Рэчы Паспалітай забрала частку Інфлянтаў і Беларусь. Таксама паведамляецца, што гетман вялікі літоўскі Міхал Казімір Агінскі праславіўся не толькі як стваральнік канала паміж Нёманам і Дняпром, але і як фундатар опернага тэатра ў Слоніме. Далей гаворыцца, што Слонім сёння горад ў Беларусі.
На старонцы 93 паведамляецца, што ў верасні 1793 г., на чале паўстання супраць расейскіх акупантаў стаў генерал Тадэвуш Касцюшка, які паходзіў з Мерачоўшчыны (сённяшняя тэрыторыя Беларусі). Гэты першы выпадак у кнізе, калі паведамляецца пра паходжанне знакавай постаці польскай гісторыі родам з Беларусі. У сувязі з гэтым хачу прыгадаць, што пішуць пра Касцюшку ў сённяшніх школьных падручніках па гісторыі Літвы. "Тадэвуш Касцюшка (1746 - 1817) нарадзіўся ў Навагрудскім ваяводстве (ВКЛ), у небагатай баярскай сям'і. Ён лічыў сябе літоўцам, як тады было прынята, казаў, што ён "беларускага паходжання, літоўскай нацыянальнасці". (Юозас Бразаўскас. История Литвы от Люблинской унии до 1918 года. Учебник для 89 классов. Каунас, 1996. С. 127). Дарэчы, у гэтым літоўскім падручніку Рэч Паспалітая скрозь называецца як ПольскаЛітоўская дзяржава.
Варта адзначыць адну вельмі важную дэталь, якая пакуль не знайшла адлюстравання ў нашых падручніках гісторыі. На стар. 96 гаворыцца, што ў 1797 годзе дзяржавыінтэрвенты падпісалі ў Пецярбургу канвенцыю аб падзеле, на аснове якой ніхто з манархаўпадпісантаў не будзе афіцыйна карыстацца тытулам польскага караля.
Такім чынам выказана палітычная воля знішчыць свабодную Рэч Паспалітую (а не Польшчу! - А. Т.). Далей аўтар адзначае, што поўная ліквідацыя дзяржавы ў тагачаснай Еўропе была незвычайнай з'явай, якая парушыла ўсе прынцыпы міжнародных зносін. Гэты момант варта ўнесці і ў нашыя сучасныя падручнікі.
Цікава для нашых падручнікаў будзе і той факт (які ўтрымліваецца ў рэцэнзаванай кнізе), што генеральны соймік Літвы (маецца на ўвазе ВКЛ А. Т.) збіраўся ў Ваўкавыску ці Слоніме (сёння беларускія гарады). У раздзеле пра Літоўскія статуты, адзначана, што І Літоўскі Статут 1529 г. укладаецца на афіцыйнай тады рускай (старабеларускай) мове. Такім чынам польскія гісторыкі пачалі разумець, што мова Статутаў ВКЛ і ў тым ліку ІІІ Статута, які дзейнічаў да 1840 - старабеларуская.
Цікава падаюцца вынікі падзелаў Рэчы Паспалітай. Расія адхапіла больш за ўсіх - 62% тэрыторыі і 45% насельніцтва, Прусія - адпаведна 20% і 23%, а Аўстрыя - 18% і 32%. Пасля перамогі над паўстанцамі Касцюшкі, Кацярына другая падаравала сваім фаварытам і чыноўнікам каля 600 тысяч "мужчынскіх душ" захопленых сялян.
Сітуацыя палепшылася, калі Кацярыну змяніў Павел І. Ён аднавіў на Беларусі шляхецкае самакіраванне і вярнуў Статуту ВКЛ прававую сілу. Працягвалі дзейнічаць былыя соймікі, земскія суды, гарадское самакіраванне і правы для габрэяў.
Як паведамляе ў сваіх успамінах Эдвард Вайніловіч (гл. "Наша слова" №25 за 2006 г.), "габрэі мелі шэраг пераваг, якія не сніліся не толькі каталікам, але і праваслаўным. Напрыклад, прыхадское самакіраванне, волю збораў у сінагогах для рашэння бягучых пытанняў, выключную ўладу ў сваіх кагалах, права навучання на роднай мове амаль без усялякага кантролю з боку дзяржавы, волю хатняга навучання і нават магчымасць выканання праз дзяржаўныя выканаўчыя органы сваіх пастаноў, напрыклад, у адносінах да падатку кашэрнага і свячнога".
Аднак пра гэта нашыя падручнікі маўчаць. Цікава, што пасля захопу Беларусі Расіяй, паланізацыя не паменшылася, а значна павялічылася. У 8і заходніх губернях стварылі адукацыйную акругу з цэнтрам у Вільні. Яе куратарам стаў князь Адам Чартарыйскі, які з 1802 г. нават кіраваў знешняй палітыкай Расійскай імперыі.
Былую Віленскую акадэмію зрабілі універсітэтам, а ў якасці мовы навучання была захавана польская. Цэнтрам мясцовай культуры стаў маёнтак Залессе пад Смаргонню, які належаў князю Міхалу Агінскаму. Ён нават атрымаў назву "Паўночныя Афіны".
Сярод вялікай эміграцыі, якая пасля паўстання 1831 г. налічвала звыш дзесяці тысяч чалавек, было шмат "ліцвінаў", нашых землякоў, якія зараз трывала запісаныя ў палякі. Сярод іх Адам Міцкевіч і, што цікава, Ігнат Дамейка. які сябе палякам практычна не лічыў. Нават у яго навуковым дыпломе, які яму выдаў Кракаўскі універсітэт у 1887! годзе, было запісана, што ён "ліцвін".
Варта зазначыць, што ў раздзеле, прысвечаным літаратурнамастацкаму кірунку 20х гадоў ХІХ ст. - рамантызму, аўтар адзначае, што шмат якія польскія творцы гэтага перыяду паходзілі з Беларусі. Гэта А. Міцкевіч - з Завосся пад Наваградкам, Ю. Крашэўскі - з мястэчка Доўгае зпад Пружан і С. Манюшка - з мястэчка Убель пад Менскам.
Пры апісанні падрыхтоўкі паўстання 1863 г. адзначаецца, што ў Літве і Беларусі дзейнічаў Літоўскі правінцыяльны камітэт, які быў у значнай ступені незалежным і самастойным ад польскага нацыянальнага камітэта. Далей аўтар піша: "Найбольш вядомым яго прадстаўніком быў Кастусь Каліноўскі. Пад яго кіраўніцтвам у Гродне і Беластоку выдавалася "Мужыцкая праўда" - невялічкая падпольная газета на беларускай мове". У гэтым раздзеле аўтар адзначае, што для першых украінскіх, беларускіх і літоўскіх дэмакратаў думка аб вяртанні польскага панавання ў межах былой Рэчы Паспалітай была непрымальнай. Такім чынам, вытокі будучай незалежнасці Беларусі трэба шукаць у сярэдзіне ХІХ ст.
Цікавыя звесткі ёсць у раздзеле, прысвечаным русіфікацыі пасля паўстання 1863 г. Землі ўдзельнікаў паўстання. якія ў іх засталіся, былі спачатку абкладзены кантрыбуцыяй у памеры 10% ад даходу, а пазней - 5%. Яна выплачвалася да пачатку ХХ ст. Колькасць сярэдніх школаў на Беларусі была значна абмежавана. У канцы ХІХ ст. на ўсю краіну іх было толькі 20.
Каб падрыхтаваць для іх педагагічныя кадры, у 1864 г. у Маладзечне была адкрытая настаўніцкая семінарыя, першая ўстанова такога тыпу ва ўсёй Расійскай імперыі. У 1859 г. у Вільні знішчылі ўвесь тыраж беларускага выдання "Пана Тадэвуша" Адама Міцкевіча ў перакладзе Вінцэнта ДунінаМарцінкевіча.
У развіцці польскага пазітывізму. асабліва на мяжы ХІХ - ХХ стст, калі з'явілася творчая плынь "Маладая Польшча", актыўны ўдзел прынялі і нашыя землякі. Сярод іх Эліза Ажэшка, Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля, славутыя мастакіпейзажысты Фердынанд Рушчыц і Генрык Вайсенгоф, а таксама шматлікія навукоўцы.
Аўтар адзначае, што адраджэнне Польшчы як дзяржавы пачалося з акта 5 лістапада 1916 г., калі немцы і аўстрыйцы абвясцілі пра план стварэння ў будучыні польскай дзяржавы на забраных у Расіі польскіх землях. Аднак гэты план не датычыўся занятых немцамі Літвы, Курляндыі і Заходняй Беларусі. Тут была створана адміністрацыйная адзінка ОберОст, дзе польская, беларуская і літоўская мовы атрымалі статус афіцыйных. Такім чынам, беларускую мову можна было выкарыстоўваць у школах і культурнаасветных установах. Пры гэтым, руская мова была фармальна выведзена з ужытку ва ўсіх дзяржаўных установах.
Цікава, што менавіта на нашай тэрыторыі, у Бабруйску, на мяжы 191516 гг. была створана ў складзе расійскага войска польская вайсковая брыгада колькасцю каля 4 тысяч жаўнераў.
25 снежня 1916 г. цар Мікалай ІІ абвясціў стварэнне аб'яднанай Польшчы. Неўзабаве яго падтрымалі урады Вялікабрытаніі і Францыі, а таксама прэзідэнт ЗША Вудра Вільсан.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, 27 сакавіка 1917 г. Петраградскі Савет рабочых дэпутатаў выдаў Дэкларацыю аб праве Польшчы на незалежнасць. Летам 1917 г. быў створны Першы Польскі корпус на чале з генералам Юзафам ДоўбурМусніцкім. У чэрвені 1917 г. у Францыі стварылі аўтаномную польскую Блакітную армію на чале з генералам Халерам. У яе уступілі 20 тысяч палякаў з Канады, ЗША і Бразіліі. 3 красавіка 1918 г. урады Францыі, Вялікабрытаніі і Італіі і падпісалі дэкларацыю аб стварэнні незалежнай Польшчы з выхадам да мора. 28 жніўня 1918 урад Савецкай Расіі ануляваў трактаты аб падзелах Рэчы Паспалітай. У лістападзе гэтага года Польская дзяржава канчаткова аднавілася. 11 лістапада адзначаецца польскае нацыянальнае свята - Дзень незалежнасці.
Не забыў аўтар і пра стварэнне 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі са сталіцай у Менску. Ён паведамляе, што Германія афіцыйна не прызнала Народны сакратарыят (урад) БНР, але не перашкаджала яго палітычнай і культурнаасветніцкай дзейнасці. Гаворыць ён і пра тэрытарыяльныя канфлікты ўкраінцаў і літоўцаў з палякамі, калі першыя абвясцілі свае дзяржавы.
Даволі цікава асвятляецца пытанне аб Польскасавецкай вайне 1919 - 1920 гг. Аўтар адзначае, што бальшавікі прызнавалі права польскага народа на самавызначэнне ў этнічных межах (на тэрыторыі да лініі Буга). Аднак яны бачылі Польшчу як залежную ад іх дзяржаву пад назовам Польская Рэспубліка Саветаў".
28 кастрычніка 1918 г. мясцовае польскае насельніцтва стварыла самаабарону Літвы і Беларусі, але Чырвоная Армія заняла спачатку Свянцяны і Ліду, а ў пачатку 1919 года і Вільню. Былі створаны спачатку Літоўская і Беларуская савецкія рэспублікі, якія потым былі аб'яднаныя ў адну - ЛітоўскаБеларускую. Праўда аўтар памылкова лічыць, што гэта адбылося ў студзені 1920 г. (На самой справе гэта люты 1919 - А. Т.)
Дзяржаўная польская ўлада на чале з Ю. Пілсудскім неўзабаве стварыла рэгулярную армію, якая заняла спачатку Пінск, Баранавічы, Вільню, а ў ліпені 1919 г. Менск і дайшла да Бярэзіны і Бабруйска, дзе адбылася першая бітва польскіх танкавых войскаў. Аднак летам 1920 г. Чырвоная Армія на чале з генералам Міхаілам Тухачэўскім нанесла палякам на Беларусі контрудар і ў канцы ліпеня бальшавікі былі ўжо пад Варшавай. Усё гэта прывяло да таго, што Польшча мусіла пагадзіцца з пастановамі канферэнцыі дзяржаў Анатанты і Германіі, што праходзіла 516 ліпеня 1920 года ў бельгійскім горадзе Спа. Палякі адмовіліся ад Вільні на карысць Літвы, а таксама ад беларускіх і украінскіх зямель.
Аўтар адзначае, што ў бітве з бальшавікамі пад Варшавай 1325 жніўня 1920 г. саюзнікамі палякаў былі і беларускія атрады генерала Станіслава БулакБулаховіча. У палон трапіла звыш 60 тысяч чырвонаармейцаў. Пад час перамоў у Рызе, бальшавікі нават хацелі аддаць палякам разам з Заходняй Беларуссю і Меншчыну, але польскі бок пабаяўся далучэння тэрыторый, дзе жыло шмат беларусаў.
Такім чынам, як слушна адзначае аўтар, падзел беларускіх і украінскіх зямель перакрэсліў мары беларусаў і ўкраінцаў аб уласных незалежных дзяржавах. Некалькі слоў сказаў аўтар і пра існаванне марыянеткавай дзяржавы "Сярэдняя Літва". Незразумела толькі, чаму ён называе як "Цэнтральная Літва". Аўтар адзначае тут ролю беларусаў у справе адукацыі і асветы.
Пасля прыходу да ўлады Юзафа Пілсудскага спачатку ў 1927 годзе была разгромлена Беларуская сялянскаработніцкая грамада і арыштаваныя яе кіраўнікі, у тым ліку дэпутаты Польскага сейма Браніслаў Тарашкевіч, Сымон РакМіхайлоўскі і іншыя. Пазней, у 1934 годзе ў БярозеКартузскай быў створаны ізаляцыйны лагер, куды ў парушэнні канстытуцыі Польшчы - без суда і следства былі кінуты палітычныя праціўнікі афіцыйнай улады (гэта ад 200 да 350 чалавек). Варта звярнуць увагу на лічбы звязаныя з нацыянальным складам насельніцтва, якія прыводзіць аўтар. Паводле перапісу 30 верасня 1921 года ў Польшчы жыло 1060000 беларусаў (3,9 % ад усяго насельніцтва краіны). Аднак праз 10 год па перапісу 9 снежня 1931 года беларускую мову палічылі роднай толькі 989900 чалавек, за тое з'явілася ўнікальная "тутэйшая мова" на якой размаўляла 707100 палешукоў. Аўтар адзначае, што ў некаторых выпадках афіцыйная статыстыка заніжала колькасць няпольскага насельніцтва. асабліва гэта датычылася украінцаў і беларусаў. Жылі беларусы ў Наваградскім, Віленскім, Палескім і Беластоцкім ваяводствах.
31 ліпеня 1924 г. быў прыняты Закон аб ўжыванні беларускай, украінскай і літоўскай моў ва ўстановах і школах усходніх ваяводстваў, які забяспечыў перавагу польскай мове і выклікаў абурэнне нацыянальных меншасцяў. Пасля смерці Пілсудскага сітуацыя толькі пагоршылася. Так беларуская мова была амаль цалкам выведзена з ужытку ў сістэме школьнай адукацыі.
У БССР у 1932 годзе быў створаны польскі нацыянальны раён са сталіцай у Дзяржынску (Койданава). Жыхары раёна атрымалі абмежаваную магчымасць развіваць сваю культуру і асвету, у тым ліку адкрываць школы з польскай мовай навучання. Аднак неўзабаве, у 1935 - 1938 гг. польская аўтаномныя раёны і культурнаасветніцкія ўстановы былі ліквідаваныя, а насельніцтва іх было рэпрэсавана. Трагічным сімвалам таго часу сталі Курапаты пад Менскам. дзе было растраляна каля 100 - 200 тысяч ахвяраў.
Цікава пададзены і падзеі верасня 1939 года. Гаворыцца пра сумесны парад нямецкіх і савецкіх войскаў у Бярэсці, які правялі генералы Гударыян і Чуйкоў. Дарэчы, Берасце было захоплены фашыстамі яшчэ 13 верасня.
Нядаўна газета "Комсомольская правда в Белоруссии" ў сваім нумары ад 22 чэрвеня надрукавала новыя звесткі пра ваенныя падзеі ў Берасці ў верасні 1939 г. Пасля 16 верасня асноўная польская залога адступіла з Берасцейскай цвердзіі, але засталіся ваяваць з немцамі абаронцы аднаго з цвердзевых фартоў (форт Сікорскага) на чале з капітанам Радзішэўскім. Калі ў Берасце ўвайшлі савецкія войскі, Гударыян перадаў ім гэтую "праблему". 22 верасня чырвонаармейцы тройчы атакавалі форт, але узяць яго не здолелі. Гэта было зроблена толькі 26 верасня з дапамогай цяжкіх гармат. Такім чынам акрамя баёў за Гародню быў бой і за Берасце.
У савецкі палон трапіла каля 250 тысяч польскіх салдат і афіцэраў. 29 лістапада 1939 года ўсім жыхарам Заходняй Беларусі было нададзена савецкае грамадзянства незалежна ад іх волі. Шкада, што аўтар нічога не расказаў пра вольны горад Гданьск. яго адміністрацыю, культурныя і эканамічныя дачыненні з тагачаснай Польскай дзяржавай.
Гады вайны пададзены ў кнізе даволі традыцыйна - гэтыя пытанні добра асветлены ў працах дэмакратычных беларускіх гісторыкаў, а таксама ў мемуарах і ўспамінах беларускай эміграцыі, непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Шмат іх, былых грамадзян даваеннай Польшчы. было ў складзе арміі генералаў Андэрса і Берлінга. Нямала іх палегла, у прыватнасці, у бітве пад МонтэКасіна ў Італіі.
Пры апісанні наступстваў Другой сусветнай вайны аўтар, паведамляючы пра перадачу Польшчы ў 1956 - 1944 гг. некалькіх дзесяткаў беларускіх вёсак, не сказаў, як Сталін у 1944 годзе падарыў польскім камуністам этнічныя беларускія землі на Беласточчыне разам з ладным кавалкам Белавежскай пушчы. Такім чынам, у выніку вайны Беларусь не набыла, а страціла частку сваёй тэрыторыі, нягледзячы на гераічную барацьбу яе народу супраць фашызму.
Аўтар прыводзіць цікавыя лічбы аб колькасці беларусаў у Польшчы пасля таго як спала хваля эміграцыі. Напрыканцы 40х гг. ХХ ст. у Польшчы было каля 100 тысяч беларусаў, у канцы 50х - ужо каля 170 тысяч чалавек. А вось паводле апошняга перапісу насельніцтва ў дэмакратычнай Польшчы, беларусаў засталося толькі крыху болей за 50 тысяч. Цікава, куды падзеліся яшчэ 120 тысяч? Здаецца, масавай эміграцыі ў БССР не было. Ніякіх эпідэмій на Беласточчыне таксама не назіралася. Адказ на гэтае пытанне можна знайсці на старонцы 296, дзе на адпаведнай мапе пазначана колькасць беларусаў у Польшчы не меней за 200000 чалавек.
Трэба аддаць належнае аўтару кнігі, які паведамляе, што дзейнасць узброенага антыкамуністычнага падполля ў ПаўночнаЗаходняй Польшчы была скіравана супраць праваслаўнага насельніцтва, у асноўным, супраць беларусаў. Іх абвінавачвалі ў сімпатыях да СССР і новых польскіх уладаў, што прывяло да шматлікіх нявінных ахвяр. Пра гэтыя факты не раз пісала беластоцкая беларускамоўная газета "Ніва".
З твора нашага славутага земляка Адама Міцкевіча "Дзяды", які быў пастаўлены ў студзені 1968 г. на сцэне нацыянальнага тэатра ў Варшаве, пачаліся стыхійныя хваляванні студэнтаў. Яны падтрымалі антырасейскі кантэкст твора і параўналі яго з сучаснасцю. Улады забаранілі спектакль, і тады 8 сакавіка 1968 года адбылася найбуйнейшая дэманстрацыя ў Варшаўскім універсітэце. якую жорстка пакаралі.
Трэба адзначыць. што менавіта Польшча была адной з першых краін свету, якая прызнала незалежнасць Беларусі. Аўтар даводзіць сваю гісторыю да восені 2005 г., калі быў абраны чарговы польскі прэзідэнт.
Такім чынам, беларускі чытач атрымаў цікавае і каштоўнае выданне па гісторыі суседняй дзяржавы вачыма саміх палякаў. Цяпер справа за беларускімі гісторыкамі, якія павінны напісаць гісторыі суседніх краін - самі, са сваіх гістарычных пазіцый, на сваёй роднай мове. Я памятаю, як у савецкія часы набыў вялікі том "Гісторыя Расіі". напісаны польскім гісторыкам па-польску. Гэта была зусім не тая гісторыя, якую я вучыў некалькі год на гістфаку БДУ. Таму застаецца толькі пажадаць аўтару новых, больш дасканалых і дапрацаваных выданняў сваёй кнігі.
Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.
І бруіць Лідзейка між радкоў
Уладзімір Васько
Малпы
Пад карчамі шчупакі
не водзяцца,
Па рацэ мазут штодзень плыве,
У струхлелых вёсачках
бязводзіца,
Стронцый затаіўся на траве.
Труцімся за грошы, а не дарма
Куравам, гарэлкай і віном.
І сказаў жа праўду
дзядзька Дарвін:
- Малпай быў, той першы Іваноў.
Ну а мы ці адыйшлі далёка
Ад яго кудлатай галавы?
Нас ужо не вабіць бусла клёкат
І туман над возерам сівым.
Дроў у жыцці замнога наламалі,
А ўзамен нічога не далі.
З піламі, секерамі, ламамі
Лезем да бярозак і ялін.
Ну а гэты, што катэджы лепіць
На сябе, на цешчу, на дзяцей?
Ён за малпу ні на грош не лепшы,
Хоць і ўсмешкай тлустаю цвіце.
Ён таксама малпавай пароды:
Пад сябе ўсё лапамі грабе.
Ні яму да нас, ні да прыроды,
Ні да пеўчых птушак на вярбе.
Хай сабе загіне ўсё жывое,
Абы ён і жыў, і панаваў.
Так і топча чыстае, святое,
Што Зямлі і людзям Бог наш даў.
Колькі малпаў
паміж наміх ходзіць,
Цёмных, русых,
тоўстых і худых!
Колькі развялося ж у народзе
Богам не прадбачанай брыды!
Аптымістычная мелодыя
Падводзіць вынікі мне рана:
Душа бо ў сіле і рука,
І не сканфужаны мой ранак,
І дух упарты, як рака.
І ўвойдзе ў берагі не хутка
Разліў пачуццяў маладых,
І далягляд мой не ахутаў
Туман прывосеньскай нуды.
На гладкіх лідскіх тратуарах
Вачыма прагнымі лаўлю
Смешынкі на дзявочых тварах,
Я іх, як майскі бэз, люблю.
Яшчэ на пляжы ў летні поўдзень
Я на руках магу хадзіць
І быць з усімі ў карагодзе,
Хто ўмее жыць, а не скуліць.
Мечыслаў Яструн
ПЕСЕНЬКА
Ёсць у Айчыне зіма такая:
Ледзь нагадаю -
слёз не стрымаю.
З зямлёй вячэрняй,
з ранняй вадою
Яе ўяўляю я маладою.
Й не забываю аб адным дрэве,
Якое свеціць лісцяў залевай,
Дзе на абсягу да зор адвечных
Пануе з бляскаў сатканы вечар,
Там хата сярод вясны і вуліц,
Дзе крону каштан
да вокнаў туліць.
Ужо ў той край
немагчыма з'явіцца,
Бо ўвесь ён стаіць,
як у соннай накідцы.
Ад снегу, які там лёгка цярусіць,
Прыкрыла моцна павекі ружа.
Пераклаў з польскай
Пятро Макарэвіч.
Адам Міцкевіч
Да Д. Д.
Калі ў час вясёлы пяеш,
чараўніца,
Я чую і бачу салоўку ўваччу.
Так міла твой пошчак
ліецца, бруіцца;
Мой слых упусціць
нават ноткі баіцца.
Тваімі пяшчотамі каб наталіцца:
Я слухаць, і слухаць,
і слухаць хачу.
Калі ж дзіўны звон
вачаняты запаліць,
Як ягадкі шчочкі
пачнуць красаваць,
І бліснуць у вуснах
усмешкай каралі -
У зрэнкі смялей
і смялей заглядаю;
Не хочацца слухаць,
адно я жадаю:
Цябе цалаваць,
цалаваць, цалаваць.
Пераклаў з польскай Пятро Макарэвіч.
Іосіф Масян
ПРЫЗНАННЕ
Пад ціхую сімфонію вятрыска
Спіць Ліда моцна, як дзіця.
І толькі над дамоў калыскай
Зоркі так загадкава мігцяць...
Калі ж раскіне сонейка на ранні
Золата праменняў па балконах,
Мой горад пачынае апрананне.
Я крочу з ім па вуліцах знаёмых
... Асеннім днём над краявідам,
З лёгкім смуткам у вачах,
Для нас красуешся ты, Ліда.
Нібы дзяўчыначка ў шаўках.
І хоць радочкам прычасціцца
Хачу да вечнасці тваёй...
Ты - жыцця майго сталіца,
І палова памяці маёй.
* * *
Світанак. Сонца і дарога,
І жанчына, што побач ідзе...
Больш з гэтай радасці
няма нічога
У дзён імклівых чарадзе.
За адно яскравае імгненне
Ахвяраваць гады гатовы.
Ты мне, каханая,
нясеш натхненне,
Як і крынічка роднай мовы.
Трыялеты
Сэрца маці, як чуйны радар,
Ловіць нашых пакут адгалоскі...
Хоць далёка ад роднае вёскі -
Сэрца маці, як чуйны радар.
І ўзіраецца свет на твой боскі
У бязмернай адданасці твар.
Сэрца маці, як чуйны радар,
Ловіць нашых пакут адгалоскі.
* * *
Па блакітнай асноведзі неба
Статак белых аблокаў плыве,
Ці то ветразі вецер нясе
Па блакітнай асноведзі неба.
Хай на момант душа адпачне
Ад штодзённага пошуку хлеба...
Па блакітнай асноведзі неба
Статак белых аблокаў плыве.
Алесь Стадуб
П Л Я М А
Калі падалі цягнік да пасадкі на прыгарадны, усе, хто чакаў гэтага саставу, замітусіліся, заспяшаліся ў вагоны. Адны, каб захапіць месца каля акна, другія далей ад дзвярэй, ад скразняку. Толькі тыя, каму неўзабаве выходзіць, не надта ціснуліся. Рвануліся і Станкевіч Станіслаў з сынам гадоў дзесяці. Станкевіч старэйшы хацеў, каб малы пастаяў каля маці, а пасля дапамог ёй унесці паўпустыя сумкі, бо з хрысцінаў з поўнымі не едуць. Але сын заўпарціўся. Хацеў ускочыць у вагон і заняць месца каля акна. І хоць адштурхвалі малога пасажыры, ён усётакі раней за бацьку ўскочыў.
Спяшаліся пасажыры з абодвух канцоў вагона, і многія апярэдзілі Станкеічаў. На адным трохмесным сядзенні каля акна спакойна месціўся ўжо нейкі насуплены мужчына. Супраць яго на трох было савабодна.
Пад вокам у таго на паўшчакі цямнела прыроджаная пляма. Ногі ён перад сабой выцягнуў.
Мы тут сядзем, тата, радасна прапанаваў Дзяніс.
І бацька хацеў прысесці ўжо. А той насуплены з плямай на шчацэ злосна запярэчыў:
Тут усё занята.
Усе пяць? - здзівіўся Станіслаў Станкевіч.
Той злосна паўтарыў, як адрэзаў:
Я ж сказаў.
Па вымаўленні ясна было: з гэтым няма чаго...
Калі надта недружалюбны, абыйдземся і без такога суседства, адказаў, зазлаваўшы, Станкевіч.
Дзяўчаты, якія сядзелі каля другога акна, ласкава прапанавалі:
Сядайце тут. Мы да сваіх пойдзем.
Яны лёгка ўсталі і, як з ветрам, падаліся ўздоўж вагона.
Станкевіч, глянуўшы ўслед, сам сабе сказаў: "Ах..." і з прыемнай зайздрасцю цмокнуў. Пасля хрысцінаў у яго яшчэ шумеў камыш у галаве.
Якраз падышла жонка з занятымі рукамі, села спакойна каля сваіх і з палёгкай выдыхнула:
Ну вось і едзем. Праз дзве гадзіны будзем дома.
Мы хацелі вунь там, паказаў Дзяніс, куды спашаліся сесці з бацькам, - але той не пусціў.
З канца вагона пачуўся голас:
Каму свежыя газеты? Свежыя газеты! - і патлумачыў той голас, што цікавае ў яго газетах.
Маці Дзяніса Маргарыта Пятроўна купіла тую, у якой больш крыжаванак, і адразу ж пачала запаўняць літарамі пустыя клетачкі. Меншы Станкевіч паглядзеў на бацьку. Ён спакойна сядзеў, склаўшы на каленях рукі і, напэўна, шкадаваў, што хутка праляцела гасцяванне, што заўтра зноў прыдзецца ісці на завод, каб тачыць дэталі да бульбакапалак.
Маці якраз, адклаўшы газету, міжволі паглядзела на тога злоснага мужчыну. Ён цяпер сядзеў закінуўшы нагу на нагу. Здавалася са сваімі доўгімі лындамі займаў усе шэсць месцаў. Выглядаў ён, як і раней, сярдзітым. Маці, успамінаючы глянула ў акно, пасля зноў на таго з плямай на шчацэ. Няўжо ён? У тога, што некалі выратавала, была пад вокам такая ж пляма, толькі меншая, бо і шчака была меншая. За шмат гадоў ён змяніўся. Тады хлопец з плямай падлеткам быў. Але шчака з плямай выдавала.
Маргарыта Пятроўна цвёрда і ціха скзала, каб той сярдзіты пачуў:
Жэня, - і памаўчаўшы, зноў ціха дадала: успомніла.
Ён павольна перавёў вочы на незнаёмую жанчыну. Можа гэта да яго, да Жэні. Паправіў прычоску. Свае густыя русявыя валасы.
Я ўспомніла, апусціўшы галаву яшчэ раз сказала сама сабе Дзянісава маці.
З кім ты размаўляеш? - запытаў муж.
Ды не, я пра іншае. І зноў глянула на тога з плямай.
Мужчына здагадаўся, што імя яго назвалі і ўтаропілся на жанчыну.
Пасля спакойна, ціхавата пацікавіўся:
Адкуль Вы мяне ведаеце.
Яна пачула, але памаўчала.
Цягнік пераехаў нейкую прасёлачную дарогу. Была недалёка відаць вёска. Уздоўж жытнёвае поле. За полем шырокі луг. Далей можа і рэчка бегла. Ды не такая, дзе першы раз і аднойчы ўбачыла, напэўна, гэтага з плямай. Зноў цягнік панёсся паміж падстрыжанымі елкамі абапал чыгункі.
А можа я памылілася, няўпэўнена сказала сама сабе пад нос жонка Станкевіча, - бываюць жа падобныя, двайнікамі называюцца.
Яна глянула яшчэ раз і заўважыла: той усхваляваўся, як вінаваты. І вочы іх сустрэліся. Яго позірк памякчэў і падабрэў. Каб не муж і не сын поруч, яна пагаварыла б. Раней працавала масавічкай у Доме культуры, цяпер дырэктарам у тым жа Доме. Лёгка зыходзілася з людзьмі і вызнавала, што трэба.
Не зводзячы з незнаёмца вачэй, яна ўсё ж сказала галоўную фразу:
Я Вас выратавала, - і узрушана дадала, як ад шчасця, як ад радасці, столькі гадоў, і ўсё - такі пазнала
Даўнавата было гэта.
У той дзень Маргарыта з дзяўчатамі, старшакласніцамі, пабегла купацца. Пякло. Горача было ў паветры і ў рацэ таксама. Слупок тэрмометра, напэўна, падымаўся аж да трыццаці. Пясок, як прысак, на пляжы кішма кішэла, асабліва маладых. Ды нехта раптам падняў паніку:
Топіццца! Топіцца! Ратуйце!
На бераг вынеслі хлопца з рэчкі. Цыбатага, бездапаможнага, можа сямікласніка. Добра, што нехта ведаў з чаго пачынаць ратунак.
Падняўшы за ногі ўніз галавой, трымалі покуль лілася з сярэдзіны вада. Сярод цікаўных, хто прыбег паглядзець, была і Маргарыта. Яна прыроджаны доктар, захваляваўшыся закрычала:
Што вы стаіце? Ратаваць трэба!
Ратуй, калі выратуеш, нехта незадаволена папракнуў яе.
Маргарыта смела ўпала на свае калені, на гарачы пясок. Нахілілася, прыліпла да халоднага мокрага хлопцавага цела і не саромеючыся, пачала рабіць штучнае дыханне. Дыхала з рота ў рот. Удыхвыдых. Яшчэ і яшчэ раз удыхвыдых. Спадзявалася, матор завядзецца - запрацуе сэрца.
Хлопец нарэшце апрытомнеў, застагнаў, паварушыўся. Дапамаглі сесці. Паставілі на ногі. Ён пахіснуўся, але не ўпаў, і пайшоў са сваёй плямаю пад вокам на шчацэ, як вінаваты, як пакрыўджаны.
Яна тады запомніла імя, бо яе старэйшага брата таксама звалі Жэня...
Гэта вы мяне выратавалі? - спакойна і недаверліва запытаў ён, устаўшы з месца.
Станіслаў Станкевіч падняў вочы на гэтага, цяпер здавалася надта высокага і зусім не сярдзітага чалавека.
Гэта некалі Вы мяне выратавалі? - перапытаў ён зноў і затрос перад Станкевічамі вялізнымі рукамі з доўгімі пальцамі.
А ты нам месца пашкадаваў, пасвойску папракнула яго выратавальніца.
Прабачце мне літасціва, сказаў ён, як молячы. Прыклаў правую руку да грудзей і пакаянна пакланіўся. - Прабачце, паўтарыў ён, просячы прабачэння. Ён выпрастаўся і загаварыў далей: Доўга думаў, дзе знайсці, прабачце, Вас. За якую нітачку пацягнуць, каб натрапіць на след. - Ён хваляваўся і гаварыў далей блытана, стараючыся сказаць усё адначасова, - як жа Вас аддзячыць. - Ён глянуў у адзін канец вагона, у другі, пэўна, шукаючы вачыма кагонебудзь са знаёмых. Абедзве рукі засунуў у глыбокія кішэні, паварушыў там і, дастаўшы іх, павярнуў да выратавальніцы парэзаныя складкамі і белаватымі мазалямі далоні рук. Сказаў:
Пуста як на грэх. Прабачце, дарая мая. - Праз імгненную паўзу дадаў: Я памятаю той дзень, і цёплую ваду, і нашу кампанію. Я ўвесь час баяўся вады. Хлопцы вучылі плаваць і не давучылі. Захацелася самому паспрабаваць і чуць канцы не аддаў. Можа і лепш было б, каб аддаў. Жыццё у мяне няўдала склалася. Але ж эгаізм спакою не дае. Хочацца паглядзець, куды ідзе чалавецтва, да чаго свет набліжаецца.
Пасля ўжо весела, як і не думаючы, дадаў:
Мне пасля расказвалі, смеючыся, як нейкая дзяўчына мяне мёртвага надта цалавала. Аж я ажыў.
Ён светла ўсміхнуўся. Здаецца, памаладзеў ад таго, што ладна сказаў.
Станкевічы мужчыны зразумелі, што некалі нешта было не ладнае, ды скончылася не трагічна.
Цягнік прыкметна прыцішыў хуткасць.
Як не сумна. А я мушу адкланяцца. Усім траім. Прабачце за маю нетактоўнасць у час пасадкі. - сказаў чалавек з плямай. - Мой прыпынак, выбягаю. - Ён нечакана абхапіў маленькую ручку Маргарыты Пятроўны, пацалаваў і заспяшаўся.
Калі цягнік пайшоў далей, Дзяніс запытаў у мамы:
Хто гэта такі сярдзіты і добры чалавек?
Маці ўсміхнулася і дакранулася кончыкамі ўказальных пальцаў да вачэй.
Купалаўскае свята
7 ліпеня, у дзень нараджэння Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы як заўсёды наладзіў традыцыйнае свята паэзіі. Каля помніка паэта сабраліся тыя, хто сапраўды жыве "з Купалам у сэрцы". Прыйшлі беларускія паэты, мастакі, барды, даследчыкі, музейшчыкі, а таксама прыхільнікі купалавай творчасці.
Адкрыў мерапрыемства дырэктар музея Сяргей Вечар, які расказаў пра значнасць і традыцыйнасць падзеі. Выступіў кандыдат філалагічных навук Міхась Кенька, які шмат працуе на ніве купалазнаўства.
У літаратурных сустрэчах ў Доме Купалы ёсць свая асаблівасць: ні адна з іх не праходзіць без паэтычных радкоў. Вядомы беларускі паэт Васіль Жуковіч чытаў вершы, прысвечаныя Янку Купалу.
У розныя часы шмат таленавітых мастакоў прысвяцілі свае творы мастацкай Купаліяне. Перад прысутнымі выступіў мастак Мікола Купава. У фондах музея знаходзіцца больш дзесятка яго работ. Некаторыя з іх упрыгожваюць экспазіцыю нашага музея і філіялаў, выстаўку "Паэзія купалаўскіх мясцін".
Паэзія і музыка заўсёды разам, іх немагчыма ўспрымаць асобна. І паэзія, і музыка заўсёды натхняюць, кранаюць тонкія струны душы. Але каб душой адчуць гэтыя таямнічыя гукі, трэба пачуць саміх творцаў. Асоба барда, самадзейнага кампазітара Пятра Русава знаёмая аматарам беларускай песні, ён піша музыку на словы Янкі Купалы. Пятро Русаў выканаў некалькі песень на словы паэта і падараваў музею свае кніжкі.
На пачатку ХХ ст. Янка Купала сказаў «На цябе, наша моладзь, надзея...» На працягу дзесяцігоддзяў супрацоўнікі музея вытрымліваюць гэты запавет, звяртаючы асаблівую ўвагу на работу з падрастаючым пакаленнем.
На свята прыехалі дзеці і педагогі з Менскага дзяржаўнага Палаца дзяцей і моладзі. Прыемна, што ў вучняў ёсць жаданне дакрануцца душой і сэрцам да неўміручай Купалавай паэзіі, невычэрпнай крыніцы натхнення. Дзеці з задавальненнем чыталі купалаўскія вершы.
Кандыдат філалагічных навук Вялянціна Мароз зацікавіла маленькіх удзельнікаў свята купальскімі легендамі. Дзеці з задавальненнем абляпілі папарацькветку і загадвалі жаданні.
Чуць толькі Купальскае свята
Набліжыцца з ночкай сваей,
Як папараць-кветкай заклятай
Чаруе няшчасных людзей...
З надзеяй, і верай, і сілай
Зусюль, куды б дзе ні зірнуць,
Праз высі, даліны, магілы
Па кветку бягуць і бягуць!
...Сава пяе песню разлукі,
Лапоча крыламі кажан, -
Мільённыя цягнуцца рукі,
Дзе дрэмле купальскі курган.
(Янка Купала "Заклятая кветка".)
Дзіяна Філіповіч, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Смерць або Перамога !
Гістарычная трагедыя. Час падзей - 1794 г.
Ясінскі. (працягвае) Гэта нам ведама. (Чытае далей.) «Няма такой хлусні, прытворства і падману, якімі не зганьбавалі б сябе гэтыя ўладары - царыца Кацярына ІІ і прускі кароль Фрыдрых Вільгельм. Пад прыдуманымі прычынамі, хлуслівымі і бессэнсоўнымі, карыстацца якімі пасуе адным толькі тыранам, дагаджаючы на самай справе толькі сваёй ненажэрнай сквапнасці і жаданню распаўсюдзіць панаванне тыраніі на суседнія народы...». Моцна сказана! (Чытае.) «Царыца, утойваючы свае далейшыя намеры, небяспечныя для еўрапейскіх дзяржаў, прысвяціла сябе варварскай і ненажэрнай помсце. Яна топча самыя святыя правы свабоды, бяспекі, недатыкальнасці асобы і маёмасці грамадзян... Толькі здраднікі Айчыны карыстаюцца яе прыхільнасцю і могуць беспакарана чыніць свае злачынствы...»
Нібы пра нашага гетмана Сымона Касакоўскага сказана! (Бярэ другі аркуш.) «Да войска» (Чытае.) "Будзем жа адзіным калектывам з грамадзянамі, згуртуемся шчыльней, злучым сэрцы і сродкі ўсіх жыхароў нашай зямлі... Калегі! Ідзіце са мной! Чакае вас слава і асалода задавальнення быць вызваліцелямі Айчыны. Бяру разам з вамі лозунг «Смерць або Перамога!» (Вельмі запальчыва.) Меў бы я хоць 10 тысяч войска, цудаў бы нарабіў! (Бярэ наступны аркуш, чытае.) «Да грамадзян». «Дапамагайце мне ўсёй вашай сілай і спяшайцеся пад харугвы Айчыны. Бярэм цяпер нашы спосабы дзеяння: узнагароджваць цноту і грамадзянства, а здраднікаў сцінаць і здраду караць. Хто не з намі, той супраць нас!» А калі я сказаў гэта на таемнай сходцы маіх «спісачнікаў» ды прапанаваў павесіць здрадніка Касакоўскага, то добрая палова перапалохалася і падняла такі галэмус... А калі я зачытаў сваю адозву да сялян, да прыгонных, нашы «рэвалюцыянеры» - генералы, не кажучы ўжо пра магнатаў і багацеяў, прыйшлі ў жах. А раптам і іх будуць заганяць у войска шыбеніцамі, а прыгонныя пачнуць рабаваць маёнткі.
Агінскі. Любая рэвалюцыя - рэч аб двух канцах. Тут усё трэба ўлічваць.
Ясінскі. Вядома, трэба, але ж не паперамі рэвалюцыі робяцца, хоць паперы і неблагія. (Адсоўвае ад сябе паперы.) Возьмем тую ж Францыю...
Агінскі. Французскі прыклад нам не вельмі падыходзіць.
Ясінскі. А я думаю ў самы раз і зусім не пярэчу, калі мяне за якабінца прымаюць. І ў сваім мемарыяле і адозвах я кажу і афіцэру, і жаўнеру, і шляхціцу і прыгоннаму: хочаце быць свабоднымі? Дык будзьце імі! Я і ў вершы напісаў: «Мовім мы, няхай згіне кароль, няхай свет будзе вольны і ўсе людзі вольныя!» Як жа яны такое падтрымаюць? Расіі не хочам, а кароль, маўляў, няхай будзе. А кароль ад каго, як не ад царыцы Кацярыны?! Францыя без караля абыходзіцца, а нам на Вялікае Княства і князя хопіць... абмежаванага Статутам. У маім «Акце паўстання народу Вялікага Княства Літоўскага» так і сказана: (З пафасам цытуе па памяці.) "Абвяшчаем вам, браты, наша слова: смерць або перамога! Хто не з намі, той супраць нас - з такімі заклікамі звяртаемся мы да вас, на пачатках любові да айчыны і вольнасці. Заснаваны саюз наш і клятва нашая, каб абараніць да апошняй кроплі крыві Айчыну нашу. Прысвецім не толькі маёмасць, але і жыццё нашае для свайго вызвалення. Бог нам дапаможа, а мы не прамінем выкарыстаць усё, што для дасягнення мэты нашай патрэбна." (Спакойна і нават з сумам.) Ёсць у нас і прысяга на вернасць Акту нашага. 380 спісачнікаў маіх падпісалі яе. З імі і пайду на расейскую залогу ў 2300 штыкоў пры гарматах... А ў Найвышэйшай радзе нашай няма згоды. Бракуе рашучасці. Хто ў лес, хто ў балота. Я і выступаць буду без іх ведама...
Агінскі (занепакоена). Як можна...
Ясінскі. Няма іншага выйсця. Калі мы заўтра не выступім, маскалі нас апярэдзяць. Ды і здраднік можа знайсціся. Я пакуль ацалеў толькі таму, што штаб гетмана Касакоўскага побач, а яго шпегі мяне па горадзе ці за горадам шукаюць. Некалькі дзён таму кіраўнікі падпольных груп і некалькі армейскіх афіцэраў меліся сабрацца ў Шаўлях і абраць мяне кіраўніком паўстання ў Княстве і Жамойці. Сабраліся, а мяне нават не папярэдзілі, каб толькі не абраць «якабінца». Як жа, рамантык, выскачка, экзальтаваны вершаплёт. А гетман Касакоўскі тым часам паслаў у Шаўлі генералмаёра Антона Хлявінскага, каб той распусціў кавалерыю, а мне прыгразіў расстрэлам, калі ў Вільні адбудзецца «возмущение».
Каб не прызначыць мяне начальнікам усёй збройнай сілай, прызначылі памяркоўнага Хлявінскага.
Агінскі (з трывогай і здзіўленнем). І ён можа пачаць без вас?
Ясінскі. А вось гэтага ён якраз не можа. Канспіратыўныя тройкі, якія аб'ядноўваюць больш за 2300 паўстанцаў вядомы толькі мне. Праўда, Хлявінскі так перапалохаўся адказнасці за сваё прызначэнне, што пасля нялёгкай дыскусіі са мною і часткай кіраўнікоў падпольных груп пагадзіўся з маім планам нападу на залогу і паасобныя «логавы» расейскіх афіцэраў і нават адобрыў яго, каб толькі самому застацца ў баку. І за тое дзякуй, але адступаць і позна, і няма куды... Усё будзе залежаць ад таго, якую навіну вы прынясеце мне з вечарыны пані Валадковічавай раніцой, а яшчэ лепш бы сёння ноччу.
А калі, Божа, з тваёй управы (хрысціцца)
Я буду да шчасця абраны,
Не прагну трону,
не прагну славы,
Хай толькі буду каханы.
Каханы маім народам. І калі вам, рызыканту, 28 ад роду, то мне ужо 33. Як Хрысту. І я пайду на свой вычын...
З'яўляецца Язэп.
Язэп. На тэрыторыі казармаў з'явіўся гетман Касакоўскі са сваёй хэўрай канфедэратаў.
Ясінскі. Князь Міхал, я на гаўптвахту. Яна тут у сутарэннях. (Паказвае на падлогу.) А вас Язэп правядзе да дому пані Валадковічавай. (Абдымае Агінскага, збірае са стала паперы і тушыць свечкі.)
Сцэна зацямняецца.
ІІІ
Вялікі пакой накшталт былога штаба расейскай залогі ў Вільні. Пасярэдзіне пакоя прадаўгаваты стол, вакол яго крэслы. На сцяне, што насупраць, картысхемы Вільні, яе ваколіц, усяго Вялікага Княства Літоўскага.
Змораны, але шчаслівы Якуб Ясінскі глядзіць у акно на вызваленую Вільню. Уваходзіць Язэп.
Язэп. Да цябе ломіцца ўпаўнаважаны Найвышэйшай рады Казімір Козел.
Ясінскі. З чым?..
Язэп. З пратэстам супраць твайго намеру павесіць гетмана Касакоўскага.
Ясінскі. Справа гетмана - прэрагатыва Найвышэйшага крымінальнага суда, а не яе ўпаўнаважанага!
Язэп. Зразумела. (Выходзіць і тут жа вяртаецца.) Князь Агінскі...
Ясінскі. Кліч неадкладна. Я вельмі яго чакаю... А ўрадаўцы сабраліся?
Язэп. Чалавек дзесяць.
Ясінскі. Усіх затрымай хоць на пяць хвілін.
Язэп. Затрымаю. (Выходзіць.)
Ясінскі ля парога сустракае Агінскага. Яны вельмі прыязна вітаюцца.
Агінскі. Віншую! Абдымаю! Дзякую!
Ясінскі. Няма за што. Тут вам трэба дзякаваць ды пані Валадковічавай.
Агінскі. Якая сціпласць! Вільню ўзяў, паўстанне распачаў, самога гетмана паланіў...
Ясінскі. Была справа, а расказаць часу не маю, хоць і хацеў бы.
Агінскі. Галоўнае мне ведама.
Ясінскі. Ад каго?
Агінскі. Ад сябра майго віцапрэзідэнта Вільні Антонія Ляхавіцкага. (Перадае Ясінскаму невялічкую запіску.)
Ясінскі (чытае). «Мы правялі страшную ноч. Кроў яшчэ цячэ па вуліцах. Ужо няма маскалёў у Вільні. Адны забітыя, другія ў няволі. Сярод апошніх генерал Арсеньеў і некалькі афіцэраў. Маскалі, што здолелі ўцячы, збіраюцца за горадам і паляць усё, што сустракаецца па дарозе. Гетман Касакоўскі арыштаваны і прыгавораны да смерці. Крыкі радасці чуюцца ва ўсіх частках горада». Усё дакладна... Дзе сям'я, дзеці? (Аддае запіску.)
Агінскі. У Алькеніках, у маёнтку графа Граноўскага. А я прыехаў, каб скласці з сябе паўнамоцтвы падскарбія ды за зброю...
Ясінскі. Найперш я ўвяду вас у склад Найвышэйшай рады, каб вы маглі неадкладна ўзначаліць віленскую камісію парадку, выступілі са словам да жыхароў Вільні - іх тысяч трыццаць збярэцца. Потым ад імя Рады разам з Тамашом Ваўжэцкім правядзеце агляд нашай гвардыі на Пагулянцы. А тады ўжо прымеце камандаванне аддзелам чалавек на 400-500, праўда, не экіпіраваных пакуль.
Агінскі (дастае важкі пакунак). Тут 218 тысяч злотых. Хопіць на экіпіроўку?
Ясінскі (узважвае злотыя на руцэ). Нават падзелімся на ўзбраенне коннага палка Нагурскага. Ён будзе ў вашым падпарадкаванні. Шкадую, што вы не пабачылі сапраўднага трыумфу нашай перамогі ў Вільні. Праўду кажучы, разлічваў толькі на сілы сваіх спісачнікаў, а мяне падтрымалі болей за 700 жаўнераў рэгулярнага войска ды бліз 500 цывільных грамадзянаў. Калі апавяшчалі народу на плошчы «Універсал да ваяводстваў; паветаў правінцыі Вялікага Княства Літоўскага і гарадоў вольных», трэба было бачыць і чуць, як ён успрымаўся людам простым паспалітым. Словы «Універсала» гучалі як узнёслы верш, як паэма, як песня пачатку перамогі. (Цытуе.) «Слухай народзе ліцьвінскі, што табе гаворыць не кароль слабы са слабейшага яшчэ трону, не свавольны збор людзей, што нічога акрамя марнага тытулу не маюць, але спакойнае згуртаванне спагадлівых тваіх сыноў, якія доўга для вызвалення твайго працавалі тады, калі ты ўжо ў ім зняверыўся».
Народ адчуў, што яго Вялікае Княства не горшае за Францыю, каб мець права на свабоду і незалежнасць! Мы фактычна аб'явілі дзяржаўнасць Вялікага Княства, бо Канстытуцыя Рэчы Паспалітай занадта яе абмежавала...
Уваходзіць Язэп.
Язэп. Прашу прабачыць. Усе ўрадаўцы, якія на гэты час аказаліся ў Вільні, сабраліся.
Ясінскі (Агінскаму). Вырашым самае неабходнае, а потым яшчэ параімся. (Выходзіць і вяртаецца з урадаўцамі.)
Сярод іх Гелгуд, Храпавіцкі, Мірскі, Ваўжэцкі, Белапятровіч, Несялоўскі, Бжастоўскі, а таксама ўпаўнаважаны Найвышэйшай рады ВКЛ Козел. Усе прыязна вітаюцца з Агінскім і Ясінскім, займаюць месцы за сталом, Язэп рыхтуецца запісваць ход пасяджэння.
Шаноўнае панства, паважаныя чальцы Найвышэйшай рады Вялікага Княства, прашу за стол. Вырашым самае галоўнае і хутка. А спраў, так бы мовіць, як у губернатара. Дзякуй Богу ў Вільні спакойна, але ўсіх спраў не пералічыць. Падняўся Наваградак, дарэчы, дзякуючы ваяводзе і чальцу Найвышэйшай рады Юзафу Несялоўскаму. Паўстаў Нясвіж, Паставы, Вілейка, Слонім, Ружаны, Свіслач, Слуцк, Любань. Чакаем вестак з іншых гарадоў і мястэчак. Але справе бракуе тое, што ў нас не прызначаны начальнік збройных сіл, як у Польшчы.
Мірскі. Наколькі мне вядома, якраз начальнік польскіх збройных сіл генераллейтэнант Касцюшка даўно прызначыў у нас камандзірамі трох дывізій, якія, дарэчы, яму падпарадкаваны, Францішка Сапегу, Антона Хлявінскага і Якуба Ясінскага.
Ваўжэцкі. Наколькі я разумею ў вайсковай справе, трыма нашымі дывізіямі павінен камандаваць начальнік збройных сіл нашага паўстання.
Гелгуд. Якуб Ясінскі рыхтаваў паўстанне, ён жа атрымаў бліскучую перамогу ў Вільні, яму і быць начальнікам збройных сіл паўстання, якое, будзем спадзявацца, паставіць пад ружжо яшчэ шмат дывізій.
Несялоўскі. Але ж генераллейтэнант Касцюшка...
Бжастоўскі (перапыняе). Касцюшка высока і далёка, а вайна ў нас пачалася, пшапрашам пана Несялоўскага.
Храпавіцкі. Стаў, Якуб, на галасаванне прапазіцыю пана Гелгуда.
Ясінскі. Хто за прапанову генераллейтэнантаў Ваўжэцкага і Гелгуда?
Мірскі. Я ўстрымліваюся да рашэння Касцюшкі.
Белапятровіч. Я - таксама.
Несялоўскі. Устрымліваюся.
Козел. Як упаўнаважаны рады, я супраць таго, каб якабінец Ясінскі, які наважыўся павесіць на ліхтары гетмана Сымона Касакоўскага, узначальваў паўстанне ў Княстве.
Ясінскі (стрымана). Пан Козел толькі ўпаўнаважаны рады і на яе пасяджэнне не запрашаўся. Хто за прапанову ўрадаўца Гелгуда і Ваўжэцкага?
Рукі падымаюць Гелгуд, Храпавіцкі, Ваўжэцкі і Бжастоўскі.
Без майго голасу чатыры «за», трое ўстрымаліся.
Ваўжэцкі. Віншуем падпалкоўніка Якуба Ясінскага з генеральскай пасадай.
Мірскі. Рашэнне не мае законнай сілы, паколькі на пасяджэнні рады не прысутнічае і паловы яе складу.
Ясінскі. Рэвалюцыя не можа чакаць поўнага збору рады і я мушу ўнесці прапанову аб стварэнні ў складзе Нацыянальнай рады Вялікага Княства Літоўскага наступныя дэпартаменты: парадку, публічнай бяспекі, скарбовы і таемны, які будзе займацца войскамі. Хто «за»?
Усе ўрадаўцы галасуюць за.
Ясінскі. Аднагалосна. Вакансіі начальнікаў дэпартаментаў замесцім у бліжэйшыя дні, а можа, і гадзіны. У гэтым спадзяюся найперш на Юзафа Несялоўскага, які ў нас ў Радзе стаіць першым сярод іншых.
І яшчэ... хацелася б упэўніцца, што ўрадаўцы не супраць таго, каб Найвышэйшая рада аб'явіла сябе часовай уладай да поўнага ачышчэння краю ад чужаземных войск, здраднікаў і звароту забраных нашых зямель па двух падзелах Рэчы Паспалітай.
Мірскі. Ёсць пытанне...
Ясінскі. Калі ласка.
Мірскі. Маюцца на ўвазе землі Вялікага Княства?
Ясінскі. Ну, а якія ж яшчэ?
Мірскі. Гэта пярэчыць пагадненням Кароны і Княства па Люблінскай уніі 1569 года. А паўстанне Рэчы Паспалітай ставіць за мэту вяртанне сваіх тэрыторый у межах 1772 года.
Ясінскі. Я не пра унію і не польскія мэты, а пра землі Княства. Нашы землі са Смаленскам разам.
Мірскі. А я пра сепаратызм і незалежніцкія памкненні начальніка збройных сіл і дэцэнтралізацыю агульнага паўстання.
Ясінскі. Бальшыня Рады і я з ёю за нашу і вашу свабоду. Які ж тут сепаратызм? У Акце паўстання, ужо ўхваленага народам, дэпартаментам Рады надаецца права здабыцця не толькі абывацельскай роўнасці, але і вольнасці. А таму да часу спыняецца ўсякае грамадзянскае судаводства, а дакладней, уводзіцца ваеннае становішча.
Несялоўскі. Гэтага рабіць нельга! Гэта выкліча ў людзей не толькі здзіўленне, але і страх.
Ваўжэцкі. А што пан Несялоўскі прапануе?
Несялоўскі. У сваім ваяводстве я захаваю і суды, і магістратуры, але толькі пад умовай іх прысягі маёй уладзе ў ваяводстве.
Ясінскі. Я згодзен. Хто яшчэ з урадаўцаў гатовы ўзяць на сябе такую адказнасць перад рэвалюцыяй?
Усе маўчаць.
Стаўлю усіх да ведама, што дэпартаменты, якія вам давядзецца ўзначаліць, між іншым, атрымліваюць надзвычайныя карныя паўнамоцтвы па прынцыпу «Хто не з намі, туй супраць нас». Дык будзьце ж ласкавы адпавядаць часу і яго патрэбам, інакш маскалі вернуцца ў Вільню і вельмі хутка. Яны ад яе не далёка.
Белапятровіч. Дэпартаменты трэба пазбавіць карных функцый, каб не пацярпелі невінаватыя!
Ясінскі. Мая рупнасць на час паўстання аб тым, каб ніхто не толькі не пасмеў нешта зрабіць супраць яго, але каб і гаворкі пра тое не было! Без гэтага мы не падымем не толькі збройную шляхту, але і касінераў. Супраць такога моцнага ворага дзяржава павінна мець не толькі рэгулярнае войска, але і моцнае, шматлікае народнае рушэнне. Інакш не перамагчы!..
Мірскі. Чаму тут выкарыстоўваюцца назовы: «дзяржава», «Вялікае Княства»? Што, начальнік збройных сіл хоча, каб Найвышэйшая рада заявіла аб сваім самаўладдзі ў рэчышчы касцюшкаўскага кракаўскага пачыну?
Ясінскі. А чаму б і не, калі мы ўжо Найвышэйшая рада ў сваім краі?
Белапятровіч. У Акце паўстання сказана, што яго мэта - «адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе». Але ж гэтага, здаецца, няма нават у Акце польскага паўстання...
Храпавіцкі. Пан пісар вайсковы толькі ўчора агалошваў народу Вільні гэты наш Акт і ўжо забыўся, як народ яго прыняў, дык пры чым тут польскае паўстанне?..
Белапятровіч. Я нічога не забыўся і вам бы раіў не забывацца...
Ясінскі. Пэўна, пана Белапятровіча засмуціла тое, што я апярэдзіў Касцюшку, бо ён і прыгон абяцае адмяніць толькі пасля перамогі.
Несялоўскі. Нас усіх гэта засмуціла.
Бжастоўскі. Ну, дапусцім, што не ўсіх.
Мірскі. Калі мужыкі - касінеры і пікінеры пачнуць самі сябе вызваляць ад прыгону ды яшчэ папруць на магнатаўпрыгоннікаў і заможную шляхту, яна хутчэй перабяжыць да расейцаў, чым пойдзе ў паўстанцкае войска.
Ясінскі. Касцюшка сказаў: «Толькі за шляхту ваяваць не буду. Жадаю свабоды для ўсяго народа і толькі для яго гатовы ахвяраваць жыццё». Для мяне шляхта таксама не надта дарагая, бо надзвычай прадажная. І я прымушу яе ваяваць супраць маскалёў, каб назаўсёды адбіць ахвоту запісвацца ў прарасейскія канфедэрацыі.
Гелгуд. На сумленні шляхты не толькі адмена першай сапраўднай Канстытуцыі Еўропы і другой у свеце пасля Канстытуцыі Амерыкі, але і здрадніцкае запрашэнне чужаземнай апекі над краем праз соймы і соймікі.
Ваўжэцкі. Наша шляхта не жадае нават памяркоўных грамадскіх перамен і бессаслоўных парадкаў. Старыя вольнасці і ўласны гонар - вось яе ідэалы!
Ясінскі. Рэвалюцыя ліквідуе косны лад і не пацерпіць з боку шляхты толькі імітацыі падтрымкі вызвольнага руху, а тым больш здрады.
Гелгуд. Сапраўды, трэба, нарэшце, прымусіць шляхту ваяваць за свабоду і адвучыць назаўсёды ад шпегавання на карысць акупанта. А сяляне, думаю, з ахвотай паваююць і за сваё вызваленне ад знешняга ворага і ад прыгону сваіх рабаўладальнікаў. А калі з іх нехта спадзяецца на выратавальная расейскія штыкі, дык сапраўды самы час зрабіць так, каб яны і думаць пра гэта не смелі.
Мірскі. Проста жахліва слухаць пра тое, што тут гаворыцца. Мы не французы! Не Парыж! Нам не трэба ні шыбеніц, ні гільяцін. І пакуль наш якабінец не наламаў дроў, а французская зараза не ахапіла край, яго трэба адхіліць ад пасады начальніка збройных сіл. Шаноўны Якуб, ты заслугоўваеш павагі, але ж... але ж...
Белапятровіч. Сапраўды, трэба зразумець галоўнае, а яно тут замоўчваецца. Шляхта ўжо ніколі не будзе змагацца за заваяванне і ўтрыманне дзяржаўнага статусу Вялікага Княства. З часоў той Люблінскай уніі яна ўжо забылася, што такое Айчына, не кажучы пра свецкіх маёмных арыстакратаў.
Ясінскі. Розныя ў нас арыстакраты, нават за гэтым сталом. Вось маёмны арыстакрат пан Станіслаў Войцех Мірскі, а вось арыстакрат духу князь Міхал Клеафас Агінскі...
Бжазоўскі (перапыняе). Спыніся, Якуб, каб нам тут не перасварыцца канчаткова. Табе вядома, колькі зрабіў Станіслаў і тыя, хто яго падтрымлівае сёння для падрыхтоўкі паўстання. Іх трывожыць, а мо і палохае тое, каб павешанне гетмана Касакоўскага не стала кепскім прыкладам для іншых. Давайце ўсё ж услухаемся ў тое, што піша і гаворыць арыстакрат духу, як ты кажаш, і воін Касцюшка. У яго гэта вайна не першая. А ён кажа (цытую па памяці): "Вайна наша асабовага характару, якую трэба зразумець. Яе поспех залежыць у першую чаргу ад распаўсюджання энтузіязму, заўважце, не прымусу тэрорам, а энтузіязму і ўсеагульнага ўзбраення ўсіх, хто жыве на нашай зямлі.
Ясінскі. А я пра што, як не пра ўсеагульнае ўзбраенне?..
Бжазоўскі. Апроч таго, кажа ён, трэба абудзіць любоў да Айчыны ў тых, якія нават не ведаюць, што маюць Айчыну. Выставіць 100 тысяч войска, падкрэслівае бывалы генерал, у нашых умовах цяжка, але сабраць 300 тысячнае рушэнне лёгка, калі гэтага шчыра пажадаюць паны і ксяндзы, якім народ давярае кіраваць сабой.
Ясінскі. Гэта можа здарыцца толькі тады, калі рэвалюцыя разбурыць саслоўную самаўпэўненасць шляхты ў дасканаласці свайго грамадскага ладу і яго ўстойлівасці. А што да арыстакратаў, то ім лепш не разлічваць на выратавальныя расейскія штыкі дзеля захавання сваіх правоў і ўпадабанага ладу, свайго дамінавання і рабаўладальніцтва ў ім. Калі ж паўстанне пацерпіць паразу, не будзе паратунку ні беднаму шляхціцу, ні маёмнаму арыстакрату. Так што, шыбеніца ці запраданцам і здраднікам, ці нам, паўстанцам. Мы ведалі на што ішлі і ў Акце паўстання запісалі: «Смерць або Перамога!»
Мірскі. Крута!
Ясінскі. Каб не так крута, я не ўзяў бы Вільні! А каб наблізіць Свабоду Айчыны, я прапаную ўвесці ў склад Найвышэйшай рады Вялікага Княства Літоўскага сапраўднага арыстакрата духу і патрыёта сваёй Бацькаўшчыны князя Міхала Клеафаса Агінскага. Ці будуць пярэчанні?.. Пярэчанняў няма. Я віншую вас, шаноўны князь Міхал. (Паціскае руку Агінскаму.)
Раздаюцца апладысменты.
Несялоўскі. Я, вядома, не супраць князя Міхала, але ці не набірае начальнік паўстання сваю большасць у Найвышэйшай радзе, каб усё ж зацвердзіць прысуд гетману Касакоўскаму на павешанне.
Ясінскі (цвёрда). Канчатковы прысуд за здраду гетмана Касакоўскага на карысць Расейскай імперыі вынес Найвышэйшы крымінальны суд і наша Рада абмяркоўваць яго законнасць не будзе.
Козел (аж ускоквае). Як?!
Ясінскі. Так! Па ўмовах ваеннага часу...
Мірскі. Гэта не павінна адбыцца!
Белапятровіч. Ні пры якіх умовах!
Несялоўскі. Помслівы акт толькі напалохае ўсіх праціўнікаў французскага прыкладу прывідам вулічнай расправы над знаццю.
Ясінскі. Павешанне здрадніка як нікчэмнага звычайнага злодзея будзеце першым крокам, які прынясе мне славу, а Айчыне маёй вольнасць, бо настаў час адкінуць мяккасардэчнасць. Не будзем спадзявацца і на меч справядлівасці, заўжды хісткі і запознены.
Мірскі (падымаецца зза стала). Слава якабінца не прынясе табе пашаны, Якуб Ясінскі. (Пакідае памяшканне.)
Ясінскі (вельмі жорстка). Міласцівыя панове! Адбудзецца справа, якую забараняецца абмяркоўваць, і, ці яна будзе падабацца каму з вас, ці не, кожны павінен маўчаць, а хто голас свой падасць, будзе неадкладна на гэтай жа шыбеніцы павешаны!..
Сцэна паволі зацямняецца.
IV
Генералгубернатар Тутальмін за сваім рабочым сталом усхвалявана праглядае паперы, нешта выпісвае з іх. З'яўляецца галоўнакамандуючы Рапнін, ціха прыадчыніўшы дзверы.
Рапнін. Здравия желаю, господин генералгубернатор!
Тутальмін (узрадавана). Аа, Николай! (Падымаецца зза стала.) Жду, давно жду. (Ідзе насустрач Рапніну.)
Рапнін (падае руку). Здравствуй, Тимофей. Над бумагами корпеешь? Тебе и бунт не бунт…
Тутальмін. Корпею. (Падае Рапніну адзін з аркушаў.)
Рапнін (чытае). «Вашему императорскому величеству…» Это ты правильно! (Чытае.) «Настоящее в Польше и Литве возмущение не есть то, что были прежние конфедерации, где всегда существовали противные партии, теперь же явилось всеобщее народное поднятие и бунтование. По городам и весям уполномоченные, созданной Великой Литовской радой, внушают обывателям резать москалей и не бояться за это греха и ежели которые из господ по велению сему повиноваться не станут, всем таковым без отлагательства рубить головы и вешать. Между нами и бунтовщиками началась беспощадная война за влияние на поселян. Тем не менее армия одного Ясинского, захватившего Вильно достигла уже пяти тысяч человек, вооруженных мушкетами, саблями, косами, пиками и даже топорами…» (Аддае аркуш Тутальміну.) Попужай, попужай царицуматушку и войско Ясинского подвысь раза в три. Я в своей бумаге подтвержу твою озабоченность.
Тутальмін (хрысціцца, запрашае жэстам сесці Рапніна ў крэсла, сам садзіцца ў другое. Перапалохана). Я со дня на день жду генерального бунта в губернии. Их летучие отряды появляются по городам и весям как изпод земли. Виселицы для конфедератов и шляхтичей, не желающих бунтовать, становятся их символами…
Рапнін. Виселицы - это хорошо. Даже очень хорошо. (На здзіўленне Тутальміна.) А вот то, что они пугают много, а вешают мало, очень плохо. (Тлумачыць.) Виселицы и повешенные на них должны как возможно дальше разделить, разъединить мужиков и шляхту на враждующие лагеря. Только в этом случае магнаты и помещики будут искать у нас защиты. И мы их защитим. Мы возьмем их девиз: «Кто не с нами, тот против нас», а состоятельных участников бунта предупредим, что без наймалейшей пощады и медления, без всякого воззрения на чины и звания будем уничтожать, как бешеных собак. Смирных же возьмем под воинскую охрану от всякого неистовствующего озлобления черни. Наша задача, дорогой Тимофей Иванович обратить возмущение противу самих возмутителей тем же самым способом, каким они против нас настраивают.
Тутальмін. Хорошо бы, но…
Рапнін. Никаких но… Генерал Богдан Кнорринг это уже делает и не без успеха. И иным велю учиться у Кнорринга. Ясинский - романтик, выскочка. Его на долго не хватит. И вести из Вильно обнадеживающие.
Тутальмін. Да?..
Рапнін. Костюшко сомневается в Ясинском. Вместо одного командующего войсками назначил командирами трех корпусов Грабовского, Ясинского и Хлевинского. Этот Хлевинский и почитает себя за главнокомандующего. Но это сущий интриган и трус, считающий виленскую Раду клубом интриганов, члены которой, по его мнению, ежедневно через жен с москалями корреспондируют, а иные из шкурного интереса влезли в Раду, или подкупились пожертвованиями на революцию. Кто первым создавал повстанческий союз и ополчение - того производят в генералы, а кто медлил - того теперь подозревают и на виселицы тянут. Главнокомандующего Хлевинского смущает, что в Раде унижают и оскорбляют «добрых и годных особ». И он грозится «выткнуць пальцам усіх - няхай вісяць». Было, мол, то в Париже, так и здесь надо чинить.
(Працяг у наступным нумары.)
Алесь Петрашкевіч
Ушанаванне памяці
Ушанаванне памяці Францішка Багушэвіча і беларускіх святароў, якое праводзіла ТБМ імя Фр. Скарыны Віленскага краю, адбылося 27 траўня 2006 г. у Вільні ў сядзібе ТБК.
Былі зроблены спецыяльныя стэнды і табліцы ў гонар іх і святар - уніят а. Ян Даўкшыс правёў малебен і асвячэнне. Гэтыя табліцы будуць устаноўлены на радзіме паэта - у Свіранах і ў засценку Вашунова.
Пасля гэтага мерапрыемства быў зроблены святоч-ны памінальны абед, на якім прысутнічала 15 чал. з ліку ТБК і ТБМ.
Беларусы Вільні робяць свае высілкі для ўшанавання памяці слынных людзей нашай Айчыны.
Юры Гіль, старшыня ТБМ імя Фр. Скарыны Віленскага краю.
Поўны збор твораў Максіма Танка
У кігарнях з'явіліся першыя два тамы поўнага збору твораў народнага паэта Беларусі Максіма Танка.
Збор твораў у 13 тамах падрыхтаваны ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі ў адпаведнасці з распараджэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якое вызначае паважлівае стаўленне да творчай спадчыны выдатнага сына беларускага народа, паэта еўрапейскага ўзроўню і маштабу. Максім Танк надзвычай складаны, а таму цікавы для гісторыі літаратуры і нацыянальнай культуры ў цэлым як аўтар, які бесперапынна працаваў над удасканаленнем уласных твораў, як аўтар свайго часу, які эвалюцыянаваў разам з грамадствам, народам, гісторыяй.
Збор твораў Максіма Танка здзяйсняецца пры адсутнасці папярэдніх навуковакаменціраваных выданняў. У 13 тамах ахоплены ўсе вядомыя (апублікаваныя і выяўленыя ў архівах і прыватных зборах) вершы, паэмы, літаратурнакрытычныя артыкулы, нарысы, пераклады, лісты.
У аснову гэтага выдання быў пакладзены шасцітомны Збор твораў Максіма Танка, апошняе прыжыццёвае выданне творчага набытку паэта, а таксама ўсе прыжыццёвыя зборнікі, якія выйшлі пасля 1980 года.
Сціслы тэрмін падрыхтоўкі Збору і асаблівасці творчай лабараторыі Максіма Танка абумовілі жанравахраналагічны прынцып падачы матэрыялу. Акрамя таго, пераасэнсаванне паэтам у прыжыццёвым шасцітомніку кампазіцыі і зместу сваіх зборнікаў, якія выйшлі з друку да 80х гадоў, прывяло да неабходнасці не толькі прытрымлівацца паслядоўнасці выхаду гэтых зборнікаў, але і далучэння да іх твораў, якія ўваходзілі ў першае выданне, а пасля былі знятыя паэтам (з адпаведным тлумачэннем у каментары).
Каментар абмяжоўваецца бібліяграфічнатэксталагічнай характарыстыкай твораў, якая ўключае інфармацыю пра час напісання верша, яго першапублікацыю і пра тое, паводле якой крыніцы падаецца асноўны тэкст. Тут жа прыводзяцца выяўленыя варыянты - паводле ўсіх публікацый, а таксама на аснове захаваных і расчытаных белавых і расшыфраваных чарнавых аўтографаў, даюцца звесткі пра месца знаходжання рукапісаў і г. д. Матэрыялы размеркаваны наступным чынам:
1, 2, 3, 4, 5, 6-ы тт. - Вершы.
7-ы т. - Паэмы.
8-ы т. - Літаратурна-крытычныя артыкулы.
9-ы т. - «Лісткі ка-лендара» .
10-ы, 11-ы тт. - «Дзённікі» .
12-ы т.- Пераклады.
13-ы т. - Лісты.
Наш кар.
ДА КАНЦА ГОДА БУДУЦЬ ЗАВЕРШАНЫ РАБОТЫ ПА ПАДРЫХТОЎЦЫ ДА ЎКЛЮЧЭННЯ БЕРЭСЦЕЙСКАЙ ЦВЕРДЗІ Ў СПІС СУСВЕТНАЙ СПАДЧЫНЫ ЮНЕСКА
Да канца года павінны быць завершаны работы па падрыхтоўцы да ўключэння Берасцейскай цвердзі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Такое рашэнне прынята 29 чэрвеня на пасяджэнні каардынацыйнага савета Берасцейскага аблвыканкама па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны.
Як паведаміў на пасяджэнні дырэктар мемарыяльнага комплексу "Берасцейская цвердзьгерой" Валеры Губарэнка, гэтая праца ўключае падрыхтоўку самой цытадэлі і фартыфікацыйных аб'ектаў, размешчаных на тэрыторыі Берасця і Берасцейскага раёна. "На тых аб'ектах, якія ўваходзяць непасрэдна ў мемарыяльны комплекс "Берасцейская цвердзьгерой", усе неабходныя мерапрыемствы выкананы, - сказаў В. Губарэнка. - Праведзена вялікая работа, у прыватнасці, заменены пліты на плошчы цырыманіялаў, вячэрняя падсветка, адрамантаваны будынак Музея абароны Берасцейскай цвердзі, ачышчаны абвадны канал, закансерваваны галоўныя манументы "Зорка" і "Мужнасць". Зараз асноўныя намаганні трэба засяродзіць на 35 фартыфікацыйных аб'ектах за межамі цытадэлі. Сюды ўваходзяць форты, абарончыя казармы, артылерыйскія батарэі, апорныя пункты, парахавыя склепы. Яна маюць розную ступень захаванасці. Частка з іх не ўяўляе гістарычнай каштоўнасці, частка ўзята на ўлік мясцовымі органамі ўлады як помнікі рэгіянальнага значэння, а на 12 павінна быць адпаведная дакументацыя для Дзяржаўнага спісу гісторыкакультурных каштоўнасцей Беларусі. На сёння гэтыя работы выкананы на сямі такіх аб'ектах у Берасцейскім раёне, а на пяці аб'ектах, размешчаных на тэрыторыі Берасця, гэта яшчэ неабходна зрабіць".
Ларыса ШЫГАНАВА, БелаПАН.