№ 41 (777) 11 КАСТРЫЧНIКА 2006 г.
110 гадоў з дня нараджэння Міколы Шчакаціхіна
ШЧАКАЦІХІН Мікалай Мікалаевіч (13.10. 1896, Масква - 5.4.1940), бел. мастацтвазнавец, педагог; адзін з заснавальнікаў бел. мастацтвазнаўства. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1914-18). З 1918 інструктар аддзела Наркамасветы па справах музеяў і аховы помнікаў мастацтва і даўніны ў Маскве, з 1919 лектар пры па-літаддзеле Ар-лоўскай вайск. акругі. З 1920 у Харкаве, навук. супрацоўнік музея, заг. перакладчыцкай камісіі пры навук.-тэарэт. аддз. Наркамасветы Украіны, чл. праўлення Усеўкр. саюза пісьменнікаў. З 1921 у Менску. З 1922 асістэнт кафедры гісторыі мастацтваў БДУ, з 1923 выкладаў у ім курс па гісторыі бел. мастацтва. Адначасова з 1925 у Інбелкульце: навук. сакратар секцыі бел. мастацтва, з 1926 чл.-супрацоўнік камісіі па гісторыі мастацтваў і стыль-рэдактар выдавецкага аддзела, з 1927 навук. сакратар па вывучэнні мастацтва Беларусі, старшыня камісіі гісторыі мастацтваў (у 1929-30 у Бел-АН). 18.7.1930 арыштаваны, сасланы ў г. Белебей (Башкортастан). Рэабілітаваны ў 1956. Даследаваў бел. архітэкгуру 11-19 ст., манум. жывапіс полацкіх храмаў, іканапіс 17-18 ст., стараж.-бел. гравюры, мастацтва кніг Ф. Скарыны і інш. Вывучаў творчасць мастакоў І. Ахрэмчыка, В. Волкава, А. Грубэ, У. Кудрэвіча, М.Філіповіча і інш. Выпрацаваў навук. канцэпцыю гісторыі бел. мастацтва, асн. кірункі яго развіцця і перыядызацыі. Увёў ва ўжытак паняцці «беларускае адраджэнне», «беларускае барока» і «беларуская готыка». Адзін з арганізатараў 1-й Усебел. маст. выстаўкі (1926) і стваральнікаў музейных збораў на Беларусі. У канцы 1920-х г. даследаваў вадзяныя знакі Метрыкі ВКЛ, манеты ВКЛ 16-17 ст. Аўтар прац «Фелікс Валатон» (1918?), «Васіль Вашчанка - магілёўскі гравёр канца XVII - пачатку XVIII ст» (1925), «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны» (1926), «Беларуская архітэктура ў XI-XII ст.» (1927), «Да пытання аб храналогіі «Малой падарожнай кніжыцы» Скарыны» (1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, 1928), «Тапаграфія кладаў з літоўскімі манетамі на тэрыторыі старажытнай Літоўскай дзяржавы», «Некаторыя варыянты літоўскіх манет», «Нарыс гісторыі літоўскай манеты XVI-XVII стагоддзяў» (усе 1930-я г.; у рукапісе). Разам з В. Ластоўскім апрацаваў паказальнік «Сучаснае беларускае мастацтва: Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929). Аўтар артыкула «Беларускае мастацтва» для 1-га выд. Вял. Сав. Энцыкл. (т. 5, 1927).
210 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Без-Карніловіча
БЕЗ - КАРНІЛОВІЧ Міхаіл Восіпавіч [29.9(10.10).1796, Магілёўская губ. - 7.(19). 1.1862], беларускі гісторык, краязнавец і этнограф, вайсковы тапограф і статыстык, ген.-маёр рус. арміі. Брат дзекабрыста А. В. Карніловіча. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус (1816). Удзельнік рус.-турэцкай вайны (1828-29). 1831-47 кіраваў тапаграфічнай экспедыцыяй у Менскай, Наўгародскай, Валынскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. і Беластоцкай вобл. З 1852 у адстаўцы Працаваў у розных архівах (дзяржаўных, манастырскіх, прыватных). Аўтар прац па гісторыі Беларусі, якую абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўск губ., астатнія бел. землі называў Літвой. Продкамі беларусаў лічыў не толькі крывічоў і радзімічаў, але таксама і суседнія плямёны, якія аказвалі свой уплыў. Пра беларусаў пісаў як пра самастойнае племя і ставіў іх у «адзін шэраг з суседнімі народамі». Выключнае значэнне надаваў дзяржаўнасці Полацка, лічыў яго цэнтрам крывічоў. Адзначыў згуртава-насць Полацкай зямлі ў 1230-40-я г. ў барацьбе супраць крыжакоў, даказваў паходжанне вял. кн. літоўскага Віценя з роду полацкіх князёў. Сабраў краязн. звесткі і даў гіст. даведкі пра Віцебск, Полацк, Лепель, Лукомль, Друцк, Мсціслаў, Магілёў, Люцын, Невель, Оршу, Копысь, Себеж, Чарэю і інш. Апісваў помнікі дойлідства, археалогіі і этнаграфіі, побыт бел. сялян.
У Вільні Дні беларускай культуры
Некалькі дзясяткаў грамадскіх дзеячоў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі і Літвы сабраліся ў Вільні, каб абмеркаваць сучасны стан і перспектывы беларускай культуры. Гэтае мерапрыемства арганізаванае Таварыствам беларускай культуры ў Літве пры падтрымцы прэзідэнта Валдаса Адамкуса і прысвечана 100годдзю заснавання газеты "Наша Ніва".
У сваім прывітальным слове старшыня рады БНР Івонка Сурвіла адзначыла, што менавіта нацыянальную культуру праціўнікі незалежнасці Беларусі абралі прыярытэтам на знішчэнне. Дэпутат літоўскага Сойму Ёнас Чэкуоліс заверыў пра нязменную падтрымку беларускай культуры з боку Літвы. Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што "калі мы хочам зрабіць змену ў Беларусі, мы павінны быць на пэўным узроўні нацыянальнай культуры. Дзеячы культуры павінны актыўна ўваходзіць у палітыку, а што да беларускай дыяспары ў свеце, дык яна робіць сваю справу дасканала".
Прывітанне беларусаў Аўстраліі зачытаў старшыня беларускай суполкі ў Мэльбурне Янка Барысевіч, ад імя беларусаў Латвіі выступіла Тацяна Казак, ад імя беларусаў Брытаніі слова мелі Павал Краўцоў і Лёля Міхалюк. Пісьменнік Вітаўтас Бубніс гаварыў аб сваёй сустрэчы з Васілём Быкавым, якога назваў вялікім пісьменнікам ХХ стагоддзя.
У канферэнцыях і дыскусіях у межах дзён беларускай культуры ў Вільні ўзялі ўдзел паэты Генадзь Бураўкін і Сяргей Законнікаў, празаікі Вольга Іпатава, Алесь Пашкевіч і Уладзімір Арлоў, гісторык Алег Трусаў, акадэмік Радзім Гарэцкіі інш.
Сяргей Навумчык.
Дадатковую інфармацыю пра Дні бел. культуры ў Вільні мы плануем падаць у наступным нумары
Калі настаўніку баліць
На чарговую жнівеньскую канферэнцыю педагагіч - ных работнікаў Кармянскага раёна прыехалі амаль усе настаўнікі беларускамоўных школ , старшыні сельскіх саветаў , дэпутаты . Усе чакалі прыезду гебернатара Гомельскай вобласці Якабсона . А ён чамусьці ўзяў і не прыехаў : шмат іншай працы !
Перад канферэнцыяй педагогам раёна быў паказаны невялікі канцэрт . Ды вось бяда - на працягу ўсяго свята не прагучала ніводнай беларускамоўнай песні, калі не лічыць адну народную ў выкананні фальклорнага гурта. Выступалі школьнікі, хлопцы, дзяўчаты, некалькі песняў праспявалі мясцовыя міліцыянты, але ўсе яны чамусьці ні разу не ўспомнілі Радзіму, Беларусь, якая так чакае, што беларусы абудзяцца ад цяжкага сну, зразумеюць значнасць роднага слова. Не! Нічога не разумеюць! Больш таго, так званыя беларусы спяваюць песні ў гонар Расіі, услаўляюць вычыны рускіх, забываюць сваіх нацыянальных герояў. Ад гэтага становіцца вельмі цяжка. Як вучыць дзяцей, калі іх бацькі думаюць пра яднанне беларусаў і расейцаў? Як можна наведваць такія канферэнцыі, а потым даносіць інфарма-цыю сваім навучэнцам? Вельмі-вельмі сумна і крыўдна! Крыўдна за сваіх сыноў, якія цураюцца роднага слова, роднай песні. Унукі здрадзілі сваім дзядам і прадзедам, якія марылі пра вольную і незалежную Беларусь ад Масковіі.
Сядзець і слухаць чужыя песні было цяжка. Але калі пачалася сама Канферэнцыя, захацелася пайсці і не вяртацца не толькі ў залу, але, нават, у раён, школу, дзе праводзіцца мэтанакіраваны духоўны генацыд беларусаў. На долю Кармяншчыны выпала цяжкая бяда - Чарнобыль. Амаль усе дзеці Кармяншчыны хворыя, яны не могуць асіліць адукацыйныя праграмы, бо не дазваляе здароўе. А вось на канферэнцыі нічога не сказалі пра Чарнобыль, пра расклад школьнікаў, у якім па восем - дзевяць ( ! ) урокаў, пра стан беларускай мовы ў раёне, пра п'янства бацькоў і сіроцтва будучага пакалення. Гаварылі шмат, але нічога з гэтага педагогі не ўзялі. Так і паехалі ў далёкія вёскі роднай Кармяншчыны. Затое шмат гаварылася пра ролю БРСМ, пра тое, што амаль усе кармянскія школьнікі - патрыёты (?! ); гаварылі пра тое, што паважаны прэзідэнт дапамагае педагогам, што эканоміка Беларусі развіваецца, што Якабсон падарыў раёну два новыя аўтобусы, а на развіццё аграгарадкоў выдзеліў аж 60 мільёнаў ( ! ) беларускіх рублёў, а вось пра тое, што рамонт школы ідзе за кошт настаўнікаў - нічога не сказалі!
Усе выступы гучалі на расейскай мове. Так бывае заўсёды!.. За чатыры гады толькі адзін выступ гучаў на беларускай мове. Гэта быў нейкі цуд, бо мне дазволілі выступіць на сцэне і сказаць усё тое, што мяне турбуе ў нашым беларускім грамадстве. Ніжэй падаецца мой выступ на жнівеньскай канферэнцыі 2006 года.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мянькоў Юры Уладзіміравіч, установа адукацыі "Баравабудскі сад-сярэдняя школа" Кармянскага раёна Гомельскай вобласці.
У апошнія гады даволі часта можна пачуць ад беларускай моладзі ды людзей сталага пакалення, што яны, маўляў, - патрыёты, грамадзяне, якія шчыра і аддана любяць сваю Радзіму. Выхаванне патрыятызму, любові да Айчыны сярод школьнікаў - ёсць таксама адна з галоўнейшых задач ідэалагічнай работы ў РБ. Але ўсе чамусьці забываюць тое, што патрыятызм пачынаецца перш за ўсё з любові да роднай мовы, гісторыі, з ведання сваіх каранёў. Як можна любіць свой народ, не ведаючы яго мовы? Як можна быць па-трыётам, не размаўляючы на мове Скарыны, Багушэвіча, Янкі Купалы, Кастуся Каліноўскага? Даволі часта можна пачуць: "А зачем нам белорусскнй язык? Зачем нам два одинаковых языка?" Гэта я лічу адкрытым заклікам адракацца ад свайго роднага, самага дарагога. Гэта тое самае, што заклі-каць адракацца ад родных бацькоў. Я доўга думаў-разважаў над тым, хто вінаваты ў тым, што беларусы не размаўляюць па-беларуску, чаму беларусы згубілі сваё нацыянальнае аблічча і па-сутнасці нічым не адрозніваюцца ад рускіх.
На мой погляд, вінаваты мы ўсе. I ў тым ліку настаўнікі беларускай школы. Карані пагарды да род-най мовы закладваюцца менавіта ў школе.
Ці заўсёды мы, пава-жаныя калегі, выпісваем беларускія часопісы і газеты на роднай мове для сябе і сваіх дзяцей? Ці заўсёды чытаем беларускія кнігі, часопісы на роднай мове? I самае жахлівае, што ў бела-рускіх гарадскіх і сельскіх школах Беларусі родная мова гучыць толькі на ўроках беларускай мовы і літа-ратуры. А то атрымліваецца, што настаўнікі «беларускіх» школаў вучаць дзе-так любіць матчыну песню, заклікаюць любіць і шана-ваць родную мову, культуру і гісторыю, а як толькі заканчваецца ўрок, то адразу пераходзяць з беларускай мовы на «любімую» расейскую мову ці яшчэ горш - на «трасянку». Паступова ў школьнікаў закладваецца комплекс «непаўнавартасці»: яны баяцца размаўляць па-беларуску, бо іх настаў-нікі «здрадзілі» беларускасці; вучні баяцца змагацца за свае эканамічныя і палітычныя правы, бо іх настаўнікі і бацькі жывуць па старых правілах і законах. Мы яшчэ чамусьці не разумеем, што сапраўднае веданне мовы дасягаецца, як правіла, там, дзе беларуская мова з прадмета вывучэння становіцца сродкам навучання, выхавання і зносін.
Я працую на педагагічнай ніве зусім нядаўна, чацвёрты год. Але я за гэты час чамусьці зразумеў, што абудзіць нацыянальную самасвядомасць у вучняў мо-жна толькі тады, калі сам будзеш духоўна і душэўна багаты. Калі сам будзеш любіць і паважаць родную мову.
У 2002 годзе я закончыў факультэт славянскай філалогіі МДУ імя А. Куляшова, прыехаў працаваць на Кармяншчыну ў якасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Адразу акрэсліў сабе агульную мэту: абудзіць у вучняў цікавасць да роднай мовы і даказаць, што мы, беларусы, не горшыя за іншых, народ, які мае багатую гісторыю, старажытную культуру. Вось тады творчыя задумы авалодалі мною.
Кожны год, у сакавіку-красавіку, у Баравабудскім комплексе «Школа-дзіцячы сад» стала трады-цыяй правядзенне Тыдняў беларускай мовы і літаратуры. Школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у розных выхаваўчых мерапрыемствах, і выяўляюцца такія здольнасці ў дзяцей, аб якіх і не ведаў, і не думаў. I самае галоўнае, што дзеці размаў-ляюць цэлы тыдзень толькі на роднай мове. У 2004-2005 навучальным годзе Тыдзень беларускай мовы і літаратуры цалкам быў прысвечаны класіку беларускай літаратуры Васілю Уладзі-міравічу Быкаву, якому ў 2005 годзе споўнілася б 80 год, а ў 2005-2006 навучальным годзе Тыдзень беларус-кай мовы і літаратуры меў назву «Размаўляй са мной па-беларуску».
Прывіццю любові да беларускай мовы садзейнічаюць святы роднага слова, конкурсы чытальнікаў, тэматычныя вечары, школьныя канферэнцыі, гутаркі, алімпіяды па беларускай мове, гульні-віктарыны, вечары народных і аўтарскіх беларускіх песняў.
Я ўпэўнены, што на-родная песня вучыць вучняў дабрыні, спагадзе, чуласці, міласэрнасці, гуманізму і, канешне, патрыятызму.
Разам з вучнямі так-сама выпускаем літаратурную насценгазету. Сярод цікавых нумароў мінулых гадоў можна назваць такія, як «Янка Купала і Якуб Колас-120», «Максім Гарэцкі-110», «Власт (Вацлаў Ластоўскі)-120», «Васіль Быкаў-80», «Уладзімір Караткевіч - пісьменнік года». Так вучні пазнаюць нешта новае з літаратурнага жыцця Беларусі, пра новыя факты, дэталі з жыцця любімых пісьменнікаў, паэтаў, пра іх грамадскую актыўнасць.
Вядома, настаўнік можа выклікаць цікавасць і ўвагу да ўрока рознымі прыёмамі, відамі працы. Але я заўважыў, што самастойныя і творчыя работы выконваюцца вучнямі з найбольшым задавальненнем: пераклады, сачыненні-разважанні, рэфераты, паведам-ленні, вусныя пераказы. Мне, ды і вучням, падаба-юцца тэмы сачыненняў-разважанняў «Што такое шчасце?», «Шлях да ісціны», «Чаму беларусы не размаўляюць па-беларус-ку?», «Маё пакаленне». Вельмі часта размаўляю з вучнямі на гістарычныя тэмы; наогул, на кожным уроку літаратуры ці мовы мы ўзгадваем якую-небудзь гістарычную постасць, асобу, каб вучні не забывалі сваіх нацыянальных герояў. Рагнеда, Еўфрасіння Полацкая, Кастусь Каліноўскі, Ларыса Геніюш застануцца ў памяці маіх вучняў назаў-сёды!
I ўсё гэта дае плён. Дзеці пачынаюць усведам-ляць сябе беларусамі, патрыётамі, яны пачынаюць паступова паважаць сваю родную мову.
Калі не праводзіць патрыятычную работу ў школе, не прывіваць любоў да роднай мовы, гісторыі, то чалавек паступова ўжо робіцца іншы: ён не пазнае свайго мінулага, свайго сённяшняга, а ў заўтра гля-дзіць чужымі вачыма. Там ён не знаходзіць месца свай-му народу, яго мове. Калі не будзе беларускай мовы, не будзе і нас, беларусаў, не будзе нашага народа. «Вы-мерла мова ў вуснах народа - вымер і народ»,- сурова сказаў вялікі рускі педагог К. Дз. Ушынскі.
Такім чынам, каб абудзіць у вучняў нацыянальную самасвядомасць, любоў да роднай мовы, гісторыі, традыцый беларускага народа, нам, настаўнікам беларускай школы, трэба з'яднацца і працаваць як мага больш, асабліва сёння. Сёння, калі забываецца сапраўдная гісторыя, не прымаюцца пад улік такія духоўныя вартасці, як цана чалавечага жыцця, гуманізм, міласэрнасць, пытанні мовы адыходзяць на другі план.
Мне таксама вельмі баліць, калі бачу, што сёння не толькі вучні, а нават настаўнікі-беларусы пагарджаюць роднай мовай, забываюць пра свой святы аба-вязак - несці «песню матчыну» ў народ.
Я перакананы, што ніякія законы аб мове не ўратуюць становішча, пакуль мы не навучым дзяцей любіць сваё роднае, кроўнае слова. А мы не навучым іх, пакуль самі не станем Беларусамі, пакуль самі не будзем любіць і паважаць беларускую мову і ставіцца да яе, як да роднай. Пакуль самі не станем не толькі размаўляць і думаць на беларускай мове, але і адчуваць па-беларуску! Радуе толькі тое, што у 1999 годзе быў праведзены перапіс насельніцтва, які, нягледзячы ні на што, засведчыў, што 73% грамадзян краіны лічаць сваёй роднай мовай - беларускую, а амаль 36% карыстаюцца ёй штодня.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, я веру ў лепшую будучыню, у лепшае «заўтра». А мова народа, беларуская, крывіцкая песня жыла і будзе жыць на зло ўсім ворагам і сынам, якія забылі самае святое і дарагое. Будзе такі час (я веру ў гэта!), калі бела-руская мова адродзіцца і з новай прагай да жыцця пра-звініць «срэбным дажджом» у кожнай беларускай хаце.
Не збядняць роднай мовы
Сапраўды - напраўду. Першае слова падаецца слоўнікамі як стылёва ней-тральнае, а другое мае па-мету «размоўнае». Ці апраўданая такая стылістычная кваліфікацыя лексемы напраўду ? Сучасная маўленчая практыка не пац-вярджае стылёвага абмежавання гэтай лексічнай адзінкі, бо яна выкарыстоўваецца і ў навуковых тэкстах: «Геній марыць пра галава-кружную літаратурную кар'еру. Ён напраўду геній, але са сваёй геніяльнасцю кінуты на самае дно жыц-ця.» (Пятро Васючэнка. Пятрогліфы і філалагемы // Дзеяслоў. 2004. № 9. С.216).
«Магчымасці мастацтва ў гэтай сферы на-праўду невычэрпныя» (Там-сама).
Да таго ж слова на-праўду мае выразную ўнутраную форму (матываван-не): на (што?) праўду ; тым часам як сапраўды - зацемненая структура.
Матыванальнае слова праўда шырока выкары-стоўваецца ў народнай мове, ад яго ўтварыліся розна-прыстаўкавыя прыслоўі - сінонімы да лексемы са-праўды: дапраўды, напраўду, папраўдзе .
Акадэмічныя перакладныя слоўнікі не фіксуюць словаў дапраўды , папраўдзе , як і аднакнігавы тлумачальны слоўнік (1996). Шасцікнігавы «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» падае словы да-праўды, напраўду, папраў-дзе , але кваліфікуе іх як гутарковыя (з паметай «разм.» ). Зафіксаваў іх і «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Ак-цэнтуацыя. Словазмяненне» (1987), але з паўтарэннем стылёва абмежавальнай прыметы «разм.». Тут слова дапраўды падаецца нават двойчы - як розныя часціны мовы. На с. 202 чытаем: дапраўды разм., прысл.; да-праўды разм., выкл..
Ці абгрунтавана за-ганяюцца гэтыя словы ў закутак гутарковасці? Іх жа бачым у рознастылёвых тэкстах, у творах знаных пісьменнікаў: «Але факт ёсць факт: ясенеўскія тэксты папраўдзе лепшыя за многія іншыя і адпавядаюць песеннай спецыфіцы» (Роднае слова. 2004. № 8. С.100). І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае (Скрыган) - Што гэта? Здалося ці папраўдзе наперадзе мільгануў цень? (Сачанка). Што ж ... уз-рост... Дапраўды пара ў абоз, - думаў стары. (Шамякін).
Аналіз тэкстаў сучаснай маўленчай практыкі сведчыць, што словы да-праўды, напраўду, папраў-дзе не маюць стылёва абмежаванага выкарыстання і павінны падавацца ў слоў-ніках літаратурнай мовы як нарматыўныя нейтральныя адзінкі, раўнапраўныя з сапраўды
Прэміяваць - прэміраваць. Слова прэміяваць мае выразную ўнутраную форму - 'узнагародзіць (узнагароджваць) прэміяй' і празрыстую словаўтваральную будову - утварэнне з суфіксам -ава- : прэмij(а) + -ава-ць - прэміяваць ( як і крэдыт + -ава-ць - крэды-таваць ), а дублет прэміра-ваць - скарочаную невыразную частку прэм- і неўласцівы словаўтваральнай сістэме беларускай мовы суфікс - ірава- ( прэмірава-ць ). Таму маўленчая практыка незалежнай краіны Рэспублікі Беларусь аддае перавагу менавіта гэтаму празрыстаматываванаму слову прэміяваць , што знайшло ўжо свой адбітак і ў «Беларуска-рускім слоўніку» 2003 года.
Дарэчы будзе нагадаць і пра іншыя адмысловыя беларускія формы та-кога кшталту, ужо занатаваныя слоўнікам, напрыклад раянаваць 'зрабіць (рабіць) падзел якой-небудзь тэрыторыі на раёны (адміністрацыйныя, эканамічныя і пад.). Зазначым, што ў слоўніках савецкага часу і іх перавыданнях XX стагоддзя яны афармляліся на ўсесаюзны ўзор - з суфіксам - ірава- : прэміраваць, раяні-раваць ... ...
Умяшанне - умяшальніцтва. «Паэт спавядаўся, што сям'я ўратуе яго ад непрыхаванага ўмяшальніцтва самадзяржаўя ў прыватнае жыццё» («без таямніцы няма сямейнага жыцця») (Роднае слова. 2006. № 2. С.51). Наватвор «умяшальніцтва» - калькаван-не структуры рус. вмешательство , дзе суфікс -тельство замены на -льніцтва . Аднак беларуская мова не мае такога складанага суфікса -льніцтв-а (-льнік + ств-о -> льніцтва ), тым часам як у рускай мове - тельство - натуральны суфікс, які служыць для ўтварэння аддзеяслоўных назоўнікаў з семантыкай 'апрадмечанае дзеянне': вме-шаться / вмешиваться -вмешательство.
У беларускай мове гэтую функцыю выконвае тыповы суфікс -нн-е : умя-шацца -умяшанне .
«Умяшанне», н. Дзейны ўдзел ў чым-н., актыў-нае ўнікненне ў што-н. // Дзеянні, якія спыняюць што-н. Хірургічнае ўмяшанне. (Тлумачальны слоўнік бела-рускай мовы. Том 5. Кніга 2. С. 23).
Невыпадкова нівод-ны беларускі слоўнік не фіксуе штучнага ўтварэння «ўмяшальніцтва» , а толькі ўмяшанне , якому ў рускай мове адпавядае вмешатель-ство. Напрыклад: «Умяшанне, ср. вмешательство» (Беларуска-рускі слоўнік. Том 2. 1989. С.611). «Вме-шательство - умяшанне» (Русско-белорусскнй словарь. 1999, т.1. С.184).
Павел Сцяцко
"Здаецца, так даўно было..."
30 верасня 2006 г . адзначыў сваё 75- годдзе слынны паэт Беларусі Ніл Гілевіч
Колькі год ужо мінула з таго часу, калі мы, сёння пасівелыя і палыселыя немаладыя людзі, а тады - учарашнія абітурыенты, адолеўшы ўступныя экза-мены (у той час пра тэсты яшчэ ніхто не чуў), шчас-лівыя пераступілі парог запаветнага універсітэта і ўжо ў якасці студэнтаў запоўнілі аўдыторыі філфа-ка. І адным з першых нашых новых выкладчыкаў, які паўстаў перад намі ва ўсёй сваёй красе найлепшага мужчынскага веку, быў Ніл Гілевіч. Ну хто ж з нас не ведаў, не чытаў яшчэ ў школе яго кніг, не любіў яго паэзіі? А тут раптам - ён будзе нашым выкладчыкам! Ён будзе чытаць у нас прадмет, якога не было ў школьных праграмах - "Вусная народная творчасць". Не верылася! Гонар літаральна распіраў нас. Якое сузор'е "прафесарска-выкладчыцкага складу" кафедры бела-рускай літаратуры раскрылася перад намі! І сярод іх - ён, які адразу запаланіў нашы душы і сэрцы. Дзяў-чаты ўсе як адна закахаліся ў Гілевіча, хлопцы таксама не хавалі свайго стрыманага захаплення. Многія кіну-ліся запісвацца да яго ў фальклорны гурток. Якія гэта былі лекцыі! З першых жа заняткаў мы напоўніцу адчулі ўсю значнасць і маштабнасць асобы Гілевіча. О, гаворка ішла не толькі пра фальклор. Ва ўсім, што гаварыў нам настаўнік, адчувалася і перадавалася нам яго непахісная грамадзянская пазіцыя, яго клопат і боль за стан нашай мовы. І гэта было ўжо тады, калі на беларускім філфаку, акрамя моўных і літаратурных дысцыплін, усё свядома выкладалася па-руску.
Нілу Гілевічу тады не было яшчэ і сарака... З той даўняй ужо пары змяніліся пакаленні студэнтаў і выкладчыкаў. Даўно ўжо не працуе на філфаку Ніл Сымонавіч. Але не сумняваюся, калі б можна было нейкім чынам апытаць усе тыя тысячы яго былых студэнтаў, рассыпаных па ўсёй Беларусі, то кожны з іх як найярчэйшы ўспамін універсітэцкага жыцця назваў бы Ніла Гілевіча.
"Здаецца, так даўно было..." Сёння Народнаму паэту Беларусі, прафесару (у часы нашага студэнцтва ён яшчэ не меў гэтых званняў) Нілу Сымонавічу Гілевічу спаўняецца 75 год. Калі пачаць толькі пералічваць усе яго пасады (сярод якіх былі і гады працы старшынём Саюза пісьменнікаў Беларусі, і лідэрства ў Таварыстве беларускай мовы, і праца да пары да часу ў Вярхоўным Савеце), званні, узнагароды, гэта заняло б не адзін абзац. Калі пачаць згадваць усе назвы выпушчаных ім кніг - тут і некалькіх старонак аказалася б мала. Няма, здаецца, ніводнай сферы ў літаратуры, дзе б плённа і натхнёна не працаваў Гілевіч - паэзія, проза, драматургія, пераклады, мемуарыстыка, крытыка, літаратуразнаўства, фалькларыстыка... Няма, здаецца, ніводнай у свеце паэтычнай формы (ад мініяцюры да рамана), якая б не прарасла ў нашай нацыянальнай паэзіі пад яго пяром (дарэчы, па сённяшні дзень - пад звычайным, ужо забытым вучнёўскім пяром, якое мачаецца ў такую ж забытую чарніліцу...). Колькі пачуццяў ужо доўгія гады выклікае яго паэзія ў чыта-чоў - ад нястрыманых слёз, калі перад табою "Сто вузлоў памяці" або "Лодачкі" да выбуховага рогату, калі чытаеш паэтаву гумарыстыку, сатыру, асабліва "Сказ пра Лысую Гару", што так доўга захоўвала таямніцу свайго стваральніка (ах, як сяго-таго расчаравала гэтае прызнанне ў аўтарстве - не таго, маўляў, жадалася бачыць за Ведзьмаком Лысагорскім). А бес-прыкладная Гілевічава грамадзянская лірыка! Колькіх людзей абудзіла ад беспамяцтва і абыякавасці яна!
А якой грунтоўнасцю пазначаны яго навуко-выя даследаванні - ці пра паэзію маладнякоўцаў, ці пра паэтыку народнай лірыкі і загадак (ужо не адно дзесяцігоддзе прайшло, як яго манаграфіі знаходзяцца ў актыўным навуковым звароце, але не састарэлі і невядома, калі будуць пераўзыйдзеныя навукоўцамі наступных пакаленняў). А колькі было выпушчана Гілевічам з дапамогаю студэнтаў фальклорных зборнікаў! Тытанічная штодзённая праца Майстра. І як адолець яе аднаму, самому? Каб прысвяціць сябе толькі творчасці, трэба было мець надзейны тыл. І такім тылам была ў Ніла Сымонавіча яго верная, любая жонка Ніна Іванаўна, якая ва ўсім была грунтоўнай апораю, сябрам, дарадчыкам, крытыкам, Музаю. Гэта ёй, перад самым адыходам яе з жыцця, прысвяціў ён свой лірычны раман з біблейскай назваю "...І плямы на табе няма". Ніна Іванаўна таксама была нашай любімай выкладчы-цай па стылістыцы... Калі было абвешчана, што Ніл Гілевіч пачынае выдаваць свой 23-томнік (!), куды ўвойдзе далёка не ўсё, а толькі лепшае, старанна ім самім адсеенае, можна было здзівіцца: няўжо такое маг-чыма? Але выданне пачалося, і кожны ў стане пера-канацца па праспекту выдання, якога сучасніка мы, беларусы, маем!
А тым часам праца над напісаннем новага не спыняецца. Выходзяць чарговыя зборнікі паэзіі; у "Дзе-яслове" - цікавейшыя ўспаміны "Між роспаччу і на-дзеяй"; важкі як па аб"ёму, так і па змесце том вострай, надзённай публіцыстыкі апошніх год "Толькі мы самі". І, нарэшце, кніга, якой суджана стаць асаблівай у творчасці Ніла Гілевіча - "Мой тэстамэнт". Гэта на-каз Паэта сучаснікам і наш-чадкам берагчы беларус-кую мову - тое галоўнае, што нас трымае на гэтым свеце як народ. З такім за-паветам у кожным радку звяртаецца да нас Ніл Гіле-віч.
Завяршаючы гэтае сваё слова, не магу не пры-гадаць нешта з асабістага. У сярэдзіне майго веку лёс прывёў і мяне ў студэнцкую аўдыторыю выкладаць той жа прадмет, што выкладаў у мяне, у нас Гілевіч. І як жа прыдаліся напачатку новай работы мне, пачаткоўцу на ніве педагогікі, канспекты гілевічавых лекцый, якія ніколькі не састарэлі за доўгія гады. Потым, калі я набраўся досведу, на экзамене адна са студэнтак, перадаючы мне свае фальклорныя запісы, прызналася, як бабуля, ад якой яна збірала народныя песні, сказала: "А ведаеш, мая дзевачка, ты ўжо не першая запісваеш ад мяне песні. Быў у мяне некалі тут чалавек, а імя яго - ну, рака такая ёсць... Ніл!"
Ніл - гэтае найкарацейшае імя (а Гілевіч нарадзіўся паводле праваслаўнага календара ў дзень пакутніка Ніла) стала пэўным сімвалам у нашай літаратуры, у нашым грамадскім жыцці. Мы прамаўляем гэтае імя "Ніл" за спіною ў паэта без ценю панібрацтва, а з вялікай пашанаю, ведаючы, хто і што за ім стаіць. Ёсць у далёкім свеце велічная і вечная рака Ніл. У нашым жа краі ёсць свой Ніл. Дакладней - мы маем свайго Ніла. Ніла Гілевіча. І няхай плынь яго літаратурнай творчасці, яго грамадскай дзейнасці цячэ няспынна. Цячэ ў Вечнасць.
Уладзімір Васілевіч, загадчык кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Беларускага дзяржаўнага педагагаічнага універсітэта імя Максіма Танка.
(Бюлетэнь МАБ)
Глыбокапаважаны Ніл Сымонавіч !
Ад імя камітэта МАБ сардэчна віншую Вас, вялікага паэта, выдатнага навукоўца і грамадскага дзеяча з юбілеем. Няхай ніколі не пакідае Вас натхненне, няхай заўсёды будзе адточаным пяро і высокім палёт думкі. Сто гадоў!
Сяргей Запрудскі, старшыня МАБ.
Віншуем
Паважаны Ніл Сымонавіч ! Вучні і настаўнікі Віленскай сярэдняй школы імя Ф . Скарыны сардэчна віншуюць Вас з юбілеем . Прабачце , што віншаванне атрымаеце са спазненнем ( праблема была , куды яго накіраваць ).
Мы зычым Вам з цудоўнае нагоды
Здароўе мець, са шчасцем быць,
Не знаць бяды, жадаем згоды,
У радасці і міры жыць.
Сёння ў сценах нашай школы адбылася імпрэза, прысвечаная Вашай творчасці, гучала наша любімая песня "Сонца ў азёрцы". Яна крыху і пра нас, бо школка знаходзіцца недалёка ад азёрца, гэтага "берага вёснаў" (мы жывём дружнай сям'ёй ужо 13 год ). Хочам падзякаваць за Вашы цудоўныя вершы, вершы-песні, Вашу працу. Плёну і здароўя Вам.
Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць
Старавойтава Н. П. Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць. Мінск: БДЭУ, 2006. 182 с.
Выхад з друку кожнага навучальнага дапаможніка па беларускай мове ў нашы дні з'ява неардынарная, калі ўлічыць няпростыя ўмовы бытавання мовы карэннага насельніцтва ў суверэннай дзяржаве на пачатку 3га тысячагоддзя. Гэта тым больш важна, паколькі прызначаны рэцэнзаваны дапаможнік студэнтам нефілалагічных спецыяльнасцяў, якім пакуль што яшчэ чытаецца невялікі курс беларускай мовы.
Новы дапаможнік выгадна вылучаецца сярод іншых падобных зместам прац. Найперш у ім адчуваецца непрыхаваная неабыякавасць да лёсу беларускага пісьменства з боку аўтара чалавека эмацыянальнага і строга навуковага ў сваіх высновах, які скіроўвае чытача (студэнта) да роздуму, прымушае задумацца наконт інтэлектуальнай, культурнанацыянальнай спадчыны нашых продкаў і яе шанавання, узбагачэння ў наш час. Своеасаблівае размяшчэнне матэрыялу, імкненне падказаць ход магчымай думкі пошуку для чытача, добрае веданне навуковай і папулярнай літаратуры, як і шмат чаго іншага усё гэта робіць дапаможнік Н.П. Старавойтавай надзвычай карыснай і своечасовай працай, накіраванай на выхаванне патрыятызму, павагі да беларускага, адметнага і ў многім агульнага для славянскага этнасу.
З улікам эканамічнага профілю, студэнтам прапануюцца канкрэтныя, часта яшчэ не цалкам прынятыя афіцыйнай лінгвістыкай палажэнні наконт паходжання беларускай мовы, ролі СМІ мінулага і асобных дзеячаў культуры і навукі ў станаўленні нарматыўнай базы гаворкі беларускага народа. Важнае месца ў працы маюць так званыя "лексічныя мінімумы", прысвечаныя лексікатэматычным групам беларускай мовы і прызначаныя праз вылучэнне спецыфічна беларускага слова даць студэнту магчымасць адчуць і ўбачыць унікальнасць роднай мовы. Вельмі важна, што аўтар дае такія спецыфічнабезэквівалентныя словы, як кнігаўка (каня), сцізорык і інш. Нам варта звяртаць асаблівую ўвагу навучэнцаў на падобную ўласнабеларускую лексіку.
Мікалай Прыгодзіч.
"Дваццаць сустэч з Беларуссю" ў Будапешце
27 верасня 2006 г. у Будапешце адбылася прэзентацыя падручніка па беларускай мове для пачаткоўцаў " Дваццаць сустэч з Беларуссю " Ларысы Станкевіч і Жужы Каткіч.
Наш кар .
Паводле Бюлетэня Міжнароднай Асацыяцыі Беларусістаў .
І Радзівіла пачаставаць не сорамна
Менскі хлебазавод № 2 РУП "Мінскхлебпрам" даўно вядомы смачнымі, арыгінальнымі гатункамі хлеба. Асаблівасць прадукцыі гэтага завода яшчэ і ў тым, што ўпакоўка для хлебабулачных вырабаў тут выкарыстоўваецца беларускамоўная.
Так упакоўка для хлеба "Радзівілаўскі" з серыі "Хлеб нашых продкаў" выканана цалкам пабеларуску, да апошняй літары. Безумоўна выклікае пытанне слова "Весавы". Пабеларуску трэба было б, мабыць, напісаць "На вагу", але само імкненне афармляць свой тавар на роднай мове выклікае толькі павагу і ўдзячнасць.
Была б ува ўсіх вытворцаў такая пашана да роднага, нацыянальнага, а пытанні лінгвістыкі ўтрасуцца. У нас ёсць каму перакласці, падказаць і паправіць. Было б каму рабіць.
Наш кар.
ПРЫ ПРАВЯДЗЕННІ АДНАЎЛЕНЧЫХ РАБОТ У НЯСВІЖСКІМ ЗАМКУ ЗНОЙДЗЕНЫ ФРАГМЕНТЫ МУРАВАНЫХ ФАРТЫФІКАЦЫЙ
Пры правядзенні рэстаўрацыйных работ помні-ка архітэктуры XVI-XVIII стагоддзяў Нясвіжскага замка знойдзены фрагменты мураваных фартыфікацый XVI стагоддзя. Пра гэта ў інтэрвію БелаПАН паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.
Паводле яго слоў, натурныя абследаванні абарончых збудаванняў, пацверджаныя матэрыяламі раскопак, сумяшчаюцца з фартыфікацыямі, паказанымі на вядомай гравюры Томаша Макоўскага пачатку XVII стагоддзя, што дазво-ліць правесці аднаўленне аб'ектаў у дакладнай адпаведнасці з гістарычнай праўдай.
Разам з тым, як пад-крэсліў І. Чарняўскі, працэс рэстаўрацыі замка ідзе больш складана, чым меркавалася. "У сувязі з тым, што замак узводзіўся і перабудоўваўся на працягу трох стагоддзяў, рэстаўратарам даводзіцца дзейнічаць не-ардынарна. Нядаўняе рашэнне аб дэмантажы канструкцый усходняй галерэі замка выкалікана тым, што без умацавання падмуркаў галерэі на ёй быў паэтапна ўзведзены трохпавярховы будынак, сцены якога аслаблі з-за майстравання шматлікіх каналаў для адводу дыму з печаў і камінаў. Пастаянныя перагрузкі прывялі да таго, што многія канструкцыі галерэі страцілі нясучыя ўласцівасці. Тое ж можна сказаць і пра карпусы, што размешчаны ля варот замка. Бо яны, як высветлілася ў выніку абследавання, стаяць без падмуркаў. Так што рэстаўратары мусяць праводзіць значныя работы па ўмацаванні замкавых канструкцый", - сказаў І. Чар-няўскі.
Нясвіжскі замак быў закладзены ў 1583 годзе князем Мікалаем Радзівілам Сіроткам на паўднёва-заходняй ускраіне горада. У будаўніцтве замка ўдзе-льнічаў італьянскі ар-хітэктар Бернардоні. У сваім першапачатковым выглядзе замак, што паказаны на гравюры Т. Макоўскага, меў у плане форму чатырохкутніка 170 на 120 метраў. Замак быў акружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, унутраным колам вадзянога рова, а з вонкавага боку - шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам і штучнымі вадаёмамі на рацэ Уша. Абкладзены камянем 20-метровы вал уверсе пераходзіў у каменны бруствер з дадатковым умацаваннем. У XVII стагоддзі па вуглах бастыёнаў былі па-будаваны чатыры абарончыя вежы, а падыход да замка з захаду быў умацаваны трохкутным шанцам, да якога вялі дзве пад'язныя дарогі.
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.