№ 45 (781) 8 ЛIСТАПАДА 2006 г.
110 гадоў з дня нараджэння Міхася Чарота
ЧАРОТ Міхась (сапр. Кудзелька Міхаіл Сымонавіч; 7.11.1896, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Менскай вобл. - 29.10. 1937), бел. паэт, грамадскі і культ. дзеяч. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1917). Мабілізаваны ў войска. З 1918 у Менску. Уваходзіў у арг-цыю «Маладая Беларусь», Часовы Беларускі нацыянальны камітэт, у 1920 адзін з аргані-затараў Беларускай камуністычнай аргані-зацыі. З 1920 супрацоўнік, у 1925-29 рэдактар газ. «Савецкая Беларусь». Адзін з ініцыятараў стварэння і з 1923 кіраўнік аб'яднання бел. пісьменнікаў «Маладняк». З 1927 сябар аб'яднання бел. пісьменнікаў «Полымя», пазней БелАПП. Удзельнічаў у культ.-нац. жыцці: спяваў у хоры У. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», быў старшынём тэатр. гуртка «Маладзік». У 1930-я г. рэдактар Бел. дзярж. выд-ва, літ. кансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1925-30. Канд. у чл. ЦВК БССР у 1922-24, чл. ЦВК БССР у 1924-31. 24.1.1937 арыштаваны. 28.10. 1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918. Пачатковы этап творчасці адметны нац.-патрыят. гучаннем. Пасля 1921 дамінуюць рэв.-пралетарскія матывы: зб-кі вершаў «Завіруха» (1922), «Выбраныя вершы» (1925), «Сонечны паход» (1929). У паэме «Босыя на вогнішчы» (1922) паэт. версія рэвалюцыі на Беларусі. У паэме-фантазіі «Чырванакрылы вяшчун» (1923) маст. ідэалізацыя вобраза «ўсясветнай камуны». Паэма «Беларусь лапцюжная» (1924) пра паслярэв. жыццё, збліжэнне горада і вёскі. У паэме «Марына» (1925) героіка-рэв. змаганне часоў грамадз. вайны на фоне рамант. і фальклорна-ідэалізаванага кахання. У паэме «Карчма» (1925) тэма мінулага і сучаснага Беларусі. З6. апавяд. «Веснаход» (1924) пра бел. рэчаіснасць 1920-х г. Прыгодніцкая аповесць «Свінапас» (1923-24; на яе аснове створаны 1-ы бел. маст. фільм «Лясная быль», 1926) пра падзеі грамадз. вайны. Аўтар нар. драмы «На Купалле» (нап. 1921, паст. БДТ-1, 1921, не збераглася; адноўлены тэкст апубл. ў 1982), вадэвіль «Мікітаў лапаць» (апубл. 1923, паст. Першым т-вам бел. драмы і камедыі; ролю Мікігы выконваў аўтар; БДТ-3, 1923; Бел. т-рам імя Я. Купалы, 1979), дзіцячых п'ес «Данілка і Алеська» (1920), «Пастушкі» (1921) і інш. У 1930-я г. практычна адышоў ад літ. дзейнасці. Апошні верш Ч. «Прысяга» пра асабістую невінаватасць напісаны на сцяне менскай турмы, захаваў у памяці М. Хведаровіч. Асобныя вершы Ч. пакладзены на музыку. На тэкст п'есы «На Купалле» А. Туранкоў стварыў оперу «Кветка шчасця» (1940).
Рада Грамадскага аб'янання "ТБМ імя Францішка Скарыны"
5 лістапада ў Менску адбылося чарговае паседжанне Рады ТБМ. На паседжанне былі вынесены наступныя пытанні:
1. Аб газеце "Наша слова".
2. Аб звароце "Дапаможам вясковым і школьным бібліятэкам".
3. Аб аднаўленні дзейнасці і пастаноўцы на ўлік Гомельскай абласной арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".
4. Абмеркаванне праекта плана работы ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на 2007 год.
5. Аб "Заяве ТБМ пра сітуацыю з беларускай мовай у ВНУ"
6. Рознае.
Сябры Рады з'ехаліся з усіх куткоў Беларусі. Праблем у беларускай мовы менш не становіцца, але не становіцца менш і рашу-часці ў сяброў ТБМ бараніць родную мову ўсімі магчымымі сродкамі. У прыватнасці сябры Рады выказаліся пра памылковасць пастулата, што беларусы не размаўляюць па-беларуску. Беларусы па-беларуску размаўляюць. Нас спрабуюць асіміляваць, мы "пераварваем" іхнюю мову, іхнюю культуру, бо мы ўжо народ. Мы гнёмся, але не ломімся і не зломімся.
Наш кар.
Зварот Рады ТБМ
"Дапаможам вясковым і школьным бібліятэкам!"
Дарагія суайчьшнікі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь!
У наступным годзе споўніцца 125 год са дня народзінаў класікаў нашай літаратуры, заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Жыццё і творчасць кожнага з іх - прыклад самаадданага змагання за родную мову. На жаль, пакуль назіраецца звужэнне поля выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах нашага жыцця, асабліва ў галіне адукацыі. Пераведзена на рускую мову выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў рускамоўных школах, пад пагрозай выкладанне беларускай мовы ў большасці ВНУ, не выдзяляюцца мэтавыя грашовыя сродкі для падпіскі на беларускамоўныя газеты і часопісы школьным і вясковым бібліятэкам.
У сувязі з гэтым і з пачаткам падпісной кампаніі на наступны год мы заклікаем грамадзян Беларусі і нашых замежных суайчыннікаў падпісаць блізкія і вядомыя ім школьныя і вясковыя бібліятэкі, а таксама раённыя музеі на беларускамоўныя выданні (і ў тым ліку на газету ТБМ "Наша слова").
Мы выказваем шчырую падзяку Федэрацыі беларускіх прафсаюзаў за неаднаразовую падтрымку беларускіх выданняў падчас падпісных кампаній апошніх гадоў. Мы спадзяёмся на беларускіх прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў бізнэсу, якія не пашкадуюць грошай на прапаганду роднага беларускага слова сярод вучняў і студэнтаў, а таксама сярод вясковых людзей і гараджанаў. Толькі дзякуючы нашьм агульным намаганням беларуская мова будзе існаваць і пашырацца ў нашай краіне і свеце.
Прынята на паседжанні Рады ТБМ 5 лістапада 2006 года.
Да 375-х угодкаў беларускага "Буквара"
РУП "Белпошта" выпусціла маркаваны мастацкі канверт да 375-х угодкаў выдання "Буквара" майстрам Спірыдонам Собалем ў друкарні Аршанскага Куцеінскага Свята-Богаяўленскага мужчынскага манастыра. Марка з выявай манастыра выканана паводле малюнка 19-га стагоддзя.
90 гадоў назад выйшаў першы нумар газеты "Дзянніца"
«ДЗЯННІЦА», грамадская і літаратурная газета. Выдавалася на бел. мове ў Петраградзе з 1(14).-11.1916 да 31.12.1916 (13.1.-1917). Рэдактар-выдавец З.X. Жылуновіч (Ц. Гартны). Выходзіла адначасова з газ. «Светач» («Swietac»). Асвятляла цяжкае становішча Беларусі ў 1-ю сусв. вайну. Гартны ў арт. «Аб беларускім універсітэце» (№ 1, пад псеўд. Змітро Капыля-нін), перадавым. арт. ў № 2, арт. «Яшчэ аб беларускім універсітэце» (№ »5, абодва пад крыптанімам Д. Ж.-ч) выступаў за развіццё бел. культуры, друку, заснаванне бел. універсітэта. Змешчаны арт. Э. Будзькі «Думкі да граматыкі» (№ 1-7, пад псеўданімамі Акцуб, А. Б.), у якім разгледжаны асаблівасці бел. нар. мовы і паказана неўнармаванасць бел. правапісу. «Дз.» друкавала творы Гартнага (1-я частка рамана «Бацькава воля», вершы), К. Буйло, А. Паўловіча, X. Чарнышэвіча (Тодар Ч-віч), Ф. Шантыра (Ф. Ш-р) і інш. Паведаміла пра смерць Цёткі і падкрэ-сліла, што гэта «вялікая страта для беларусаў» (№ 6). Інфармавала пра дзейнасць Бел. т-ваў у Петраградзе і Казані па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, бел. вечарынку ў Петраградзе 12.11.1916 (пастаўлены спектаклі «Як яны жаніліся» і «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага). У № 4 ад 27.11. 1916 М. Багдановіч пад псеўд. М. Осьмак змясціў арт. «Агляд працы за першы год Менскага аддзела Беларускага Таварыства для помачы пацярпеўшым ад вайны» - апошняе пры-жыццёвае выступленне паэта ў бел. друку. Выданне з-за фінансавых і цэнзурных цяжкасцяў (многія матэры-ялы скасаваны, газета выходзіла з белымі плямамі) спынена на №7
75-годдзе Ніла Гілевіча на малой радзіме
Родны край Беларусі,
Ты мне любы да болю!
Я цябе не зракуся
Нізашто і ніколі!..
З гэтых вершаваных радкоў пачала сваё ўступнае слова на адкрыцці святочнай вечарыны, прысвечанай 75годдзю з дня нараджэння нашага славутага земляка, выдатнага беларускага паэта Ніла Сымонавіча Гілевіча, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лагойскай СШ №1 Л. С. Пількевіч.
Вечарына адбылася ў выставачнай зале Лагойскага гістарычнакраязнаўчага музея. Рыхтавалі свята работнікі раённай бібліятэкі сумесна з супрацоўнікамі музея.
Ціха і павольна пачалі свой расповяд пра творчы і жыццёвы шлях Ніла Гілевіча Л.С. Пількевіч і загадчыца метадычнага аддзела раённай бібліятэкі А.В. Чуеўская, кожны этап якога суправаджаўся чытаннем вершаў паэта вучнямі Лагойскай СШ №1.
Пра складанае дзяцінства Ніла Сымонавіча, якое прыпала на ваенныя часы, прысутныя даведаліся з успамінаў Міхаіла Бурбоўскага (на здымку), суседа і сябра сям'і Гілевічаў. Ён расказаў пра тое, як акупанты ледзь не знішчылі ўсю сям'ю. Ім падалося, што Гілевічы яўрэі. Але адбыўся цуд дапамаглі аднавяскоўцы. Яны змаглі пераканаць гітлераўцаў і даказаць ім, што Гілевічы - беларусы, якія здаўна жывуць у в. Слабада. А яміна, ў якой павінны былі быць пахаваны Гілевічы, існуе і зараз.
Пра студэнцкія гады расказаў на вечарыне аднакурснік і сябар Ніла Сымонавіча Віктар Несцяровіч (зараз галоўны захавальнік фондаў музея) і падзякаваў за шматлікія матэрыялы, фотаздымкі, зборнікі вершаў і рэчы асабістага ўжытку, якія Ніл Гілевіч перадаў Лагойскаму музею. Ад яго мы даведаліся, што хутка выйдзе ў свет збор твораў Н. Гілевіча ў двадцаці трох тамах.
Таксама было вельмі прыемна паслухаць песні на вершы паэта, якія выканаў настаўнік музыкі Лагойскай гімназіі Уладзімір Лемяшэўскі.
Напрыканцы вечарыны са словамі вялікай удзячнасці Нілу Гілевічу выступіла маладая настаўніца Лагойскай гімназіі Алена Масцерава, якая прысвяціла сваю дыпломную работу паэзіі Лагойшчыны.
Трэба адзначыць, што Ніл Гілевіч праявіў сябе як нястомны збіральнік і даследчык фальклорнай спадчыны. Парадавалі выкананнем старых песень беларускай вёскі ўдзельнікі ансамбля "Жывіца" і дзіцячы калектыў "Валошкі".
У заключэнні хочацца падзякаваць Нілу Сымонавічу за яго багатую і невычарпальную спадчыну. I я спадзяюся, што яшчэ шмат чаго новага і цікавага выйдзе зпад пяра гэтага таленавітага чалавека.
С. Жыгунова.
"Дзеяслоў" на Віцебшчыне
У канцы верасня па запрашэнні гарадской рады Таварыства беларускай мовы ў Полацку правялі тры сустрэчы з чытачамі народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, паэты Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін. Яны прэзентавалі 23ці нумар вядомага літаратурнамастацкага часопіса "Дзеяслоў", чыталі свае вершы, адказалі на дзесяткі пытанняў аб стане беларускай літаратуры, лёсе беларускай мовы, творчых планах.
Насычаную праграму сустрэч з віцеблянамі прапанвала абласная рада ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" аўтарам часопіса "Дзеяслоў", сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Нілу Гілевічу, Леаніду ДранькоМайсюку, Эдуарду Акуліну, якія прыехалі ў абласны цэнтр 25 кастрычніка.
Першымі віталі знакамітых паэтаў навучэнцы і настаўнікі Віцебскай гімназіі №1. У актавай зале гімназіі ўзнёсла гучала паэтычнае слова, ішла размова аб творах, надрукаваных у апошніх нумарах часопіса "Дзеяслоў". У час сустрэчы адчувалася, што сярод гімназістаў і настаўнікаў будуць новыя падпісчыкі і чытачы гэтага літаратурнамастацкага выдання. Пасля афіцыйнай сустрэчы госці яшчэ доўга давалі аўтографы, фатаграфаваліся з гімназістамі.
Пасля гімназіі аўтары "Дзеяслова" сустрэліся з будучымі таваразнаўцамі і бухгалтарамі ва ўстанове адукацыі, якой кіруе Ванда Андрэеўна Цюлькова.
А вечарам гасцей цёпла сустрэлі віцябляне ў перапоўненай чытальнай зале абласной бібліятэкі. Сустрэчу адкрыў дырэктар бібліятэкі Аляксандр Іосіфавіч Сёмкін.
Настаўнікі і мясцовыя пісьменнікі, студэнты і навучэнцы каледжаў і школ, работнікі культуры і пенсіянеры з увагай слухалі Леаніда ДранькоМайсюка, Ніла Гілевіча, Эдуарда Акуліна. Віцебская паэтка Тадзіяна Кляштарная вершаванымі словамі вітала Н.С. Гілевіча ў сувязі з яго 75ці годдзем. Давід Сімановіч адрасаваў часопісу "Дзеяслоў" такія радкі:
Дзяяслоў - гэта дзея слоў,
Нашых дзён і гісторыі дзея!
Будзь здароў
часопіс "Дзеяслоў" -
Маладых і сівых надзея!
І. Навумчык, старшыня Віцебскай абласной рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".
На здымках: 1. Сустрэча ў гімназіі №1; 2. Леанід ДранькоМайсюк сярод гімназістаў; 3. У Віцебскай бухгалтарскай школе; 4. У абласной бібліятэцы; 5. Ніл Гілевіч з супрацоўнікамі абласной бібліятэкі ля выставы, прысвечанай яго 75годдзю.
Хоць бі ў званы
Трапляючы зрэдку ў сталіцу, імкнешся выкарыстаць вольную хвілінку, каб прычасціцца да скарбніцы роднай культуры. Гэтым разам вырашыў наведаць выставу сучаснай графікі ў Палацы Мастацтваў.
Выстава цікавая, талентам мастакоў можна толькі парадавацца. Толькі напачатку засмуціла, а потым і абурыла адно: моўнае афармленне, дакладней, тлумачальныя надпісы побач з графічнымі творамі. Мяркуйце самі.
Вока адразу спатыкнулася на памылцы ў імені пабацьку аўтаркі: Таццяна Аляксанраўна. - Бывае, - падумалася.- Але ў сталіцы маглі б паставіцца да гэткіх "дробязяў" больш акуратна.
Ды куды там акуратна! Наступная шыльдачка назвала твор "Два кола" . Далей у надпісах да цудоўнай серыі нехта ад рукі выправіў "Птушыны снег" на правільнае "Птушыны сон".
Потым пайшло валам: "Дама і едзінарог" , "Врата караля" , "Белая башня" і нават нейкае "Выраіванне ноеў каўчэга" .
Былі тут і "Связны" , і "Двое ў лодке" , і "Калі званяць калакала" , і "За далёкімі марямі" . А да твораў з серыі "Фантазус" стаяла тлумачэнне: "(4 твора)" .
Сапраўды, "фантазус" у выкарыстанні беларускай мовы ў афармляльнікаў выставы неабмежаваны, і тут прыведзены далёка не ўсе прыкрыя, а мо, наўмысныя "ляпсусы", якія не давалі засяродзіцца на сузірані графікі, а зараз ва ўспамінах пра выставу нахабна вытыркваюцца на першы план.
Адна з выстаўленых работ была падпісана: "Матэріалізацыя суб'ектыўнага погляду" .
Тут я крыху пастаяў у роздуме. Можа, так матэрыялізуюць свой суб'ектыўны погляд на месца і ролю беларускай мовы тыя, хто ўзяў на сябе ролю ейнага ката?
Тады сапраўды час біць у званы.
Антон Бубала,
г. Верхнядзвінск.
АБВЕСТКА
15 лістапада ў 18.00
на сядзібе БНФ (пр. Машэрава, 8 ) адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Вольгі Іпатавай "Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба" . Дзеянне гэтай дынамічнай, яркай і займальнай аповесці з часоў Альгерда адбываецца ў Вільні.
У прэзентацыі прымуць удзел вядомыя беларускія пісьменнікі і барды.
Запрашаем сяброў ТБМ і аматараў айчыннай гісторыі.
Уваход свабодны.
Лідскае "Суквецце"
Літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры "Лідскай газеце" існуе не першы год. Апошнія некалькі гадоў "Суквецце" ачольвае паэт Міхась Мельнік, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".
Чарговы сход аб'яднання адбыўся 25 кастрычніка. Сход яшчэ раз пацвердзіў высокую актыўнасць лідскага літаратурнага жыцця. На сходзе выступіў сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Станіслаў Суднік, які распавёў пра ХV з'езд Саюза, што прайшоў у Менску 22 кастрычніка. Для лідскіх літаратараў няма праблем з падзелам калісьці адзінага Саюза. Ніхто не пабег у новы саюз, ніхто не скарыстаўся з магчымасці падчас неразбярыхі на лягчэйшых умовах уступіць у творчую суполку. У іх свой поступ: ад творчасці да публікацый, ад публікацый да кнігі. Ну а там...
На гэтым жа сходзе рэй спачатку павёў самадзейны мастак і паэт Мікола Лазоўскі, якому сёлета споўнілася 80 гадоў. Ён рэпразантаваў і свае карціны, і вершы.
А далей, як ў прымаўцы: то ні граша, то раптам алтын; то доўгі час у Лідзе не выходзіла новых кніжак, то раптам 25 кастрычніка адбылася прэзента-цыя адразу дзвюх.
Першай прэзентавала сваю кнігу вершаў Васіліса Пазнухова. Дачка вайскоўца-памежніка, выха-ванка Гарадзенскага універсітэта, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганчарскай сярэдняй школы Лідскага раёна Васіліса Пазнухова прэзентавала цалкам беларускамоўную кнігу "Мілавіца", хоць піша і на польскай, і на расейскай мовах. Кніга выйшла пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Прадмову да яе напісаў Станіслаў Суднік.
Вершы ўкнізе самыя розныя. Вось "Балада".
Ідзе Карна дарогай вясковай,
Уся чорная,
быццам чорны лебедзь,
А за ёю - Жэля ўся ў аковах,
Нікога не кахае,
нікому не верыць.
Дзве маўклівыя постаці...
Што вы
Тут забыліся?!
Чаго вам трэба?!
А ў адказ:
"... Сястру шукаем, Мову.
Знойдзем і ўтраіх
пойдзем да Неба.
Хопіць плачу!
Хопіць слёз і просьбаў!!
Мы пра вас забудземся,
жывыя.
Зразумеюць -
толькі будзе позна -
Без'языкія, сляпыя і глухія!!"
Наступным прадставіў сваю, таксама першую, кнігу выпускнік Лідскага каледжа Аляксандр Слука. Кніга "Воздух поэзии" напісана ў асноўным па-руску, там толькі адзін беларускі верш. Кніга выдадзена ў Маладэчне.
Тут трэба дадаць што сёлета выдалі свае новыя кніжкі і даўно не першыя лідскія пісьменнікі, якія жывуць не ў Лідзе: Крысціна Лялько і Сяргей Астравец.
Яраслаў Грынкевіч.
На здымках: 1. Міхась Мельнік і Мікола Лазоўскі; 2. Вершы чытае Васіліса Пазнухова; 3. Слова мае Аляксандр Слука; 4. Шэрагі лідскіх літаратараў не малыя.
Дарагі падарунак ад "Нівы"
Прыемна сустракаць і прымаць дарагіх свайму сэрцу гасцей, як і прыемна атрымліваць ад іх нечаканыя, ды так жаданыя падарункі. Менавіта такое шчасце зведаў я гэтай восенню. Адпачыць і падлячыцца ў санаторый лідскіх хімікаў "Вясёлка" прыехаў з Беластока мой даўні сябар Міхась Хмялеўскі. І перш на перш завітаў да мяне, падарыўшы змястоўны фотаальбом, прысвечаны 60годдзю тыднёвіка беларусаў у Польшчы "Ніва".
Скажу шчыра: аб такім падарунку можна марыць. Выданне гэта само па сабе вельмі цікавае. Гартаю яго старонкі, сустракаю там знаёмыя твары і прозвішчы, успамінаю пра сардэчныя сустрэчы з беларусамі Падлесся ў Беластоку і Гайнаўцы, Паўлах і Рыбалах ... Сэрца і душу напаўняюць цеплыня і дабрыня, згадкі аб незабыўных гутарках з братамі зза Буга. Рады сказаць яшчэ пра адзін дар. Спадар Міхась прывёз мне ў падарунак ад беларускага паэта Беласточчыны Віктара Шведа паэтычны зборнік "Мае Айчыны" з вельмі цёплым і крамольным лістом.
Колькі слоў пра Міхася Хмялеўскага. Пазнаёміўся з ім у час яго першага прыезду на Лідчыну ў 1986 годзе. Мы, як кажуць, з першага погляду палюбілі адзін другога. Ганаруся, што мой старэйшы братка Міхась многае зрабіў і робіць для захавання культуры, мовы і народных традыцый беларусаў Беласточчыны. Доўгія гады ён працаваў у "Ніве", быў старшынём праўлення Беларускага грамадскакультурнага таварыства ў Польшчы. І зараз, калі размяняў дзевяты дзесятак, працуе на карысць двух славянскіх народаў: беларускага і польскага.
І яшчэ пра юбілейны альбом "Нівы". Услед за яе рэдактарам Яўгенам Вапам я паўтараю: "Столькі гадоў для беларускай газеты і то яшчэ за межамі Беларусі - падзея незвычайная". Дык жыві і надалей і квітней, дарагая "Ніва", на радасць усім беларусам! А за падарунак вялікі дзякуй яе кіраўнікам Віталю Лубу і Яўгену Вапу. І найлепшыя пажаданні ім, а таксама дарагім мне людзям - Віктару Шведу і Міхасю Хмялеўскаму.
Алесь Жалкоўскі, г. Ліда.
Сістэма Windows будзе "беларускамоўнай"
Беларуская версія самай папулярнай аперацыйнай сістэмы з'явіцца ўжо ў наступным годзе.
Праект знаходзіцца ў працы, гаворыць мэнэджар па працы з партнёрамі кампаніі "Майкрасофт" у Беларусі Андрэй Баюшчанка. Ужо вылучаны бюджэт, зараз мы вырашаем пытанні, звязаныя з перакладам.
Беларускамоўная "вінда" з'явіцца меркавана ўлетку 2007 года. Першы крок беларусізавання Windows будзе складацца ў выпуску так званага Language Interface Pack (моўнага дапаўнення), якое будзе вывешана на сайце "Майкрасофт". Гэта значыць, што нават калі ў вас на кампутары ўжо ўсталяваная "вінда", запампаваўшы дапаўненне, вы зможаце "перавесці" яе на беларускую мову. А калі прыйдзеце купляць у "Майкрасофт" новую версію аперацыйнай сістэмы, то да яе вам змогуць прапанаваць і беларускае дапаўненне. Прычым за тыя ж грошы.
Адкуль наогул з'явілася ідэя "беларускамоўнай" Windows? пытаю Андрэя Баюшчанку.
Справа ў тым, што гэта частка палітыкі "Майкрасофта" ў плане развіцця бізнэсу на новых рынках. У Беларусі ёсць і рускамоўныя карыстальнікі, і беларусскамоўныя. А з кожным карыстальнікам мы павінны гаварыць на яго мове!
Зараз на сайце "Майкрасофт" ствараецца адмысловая старонка для беларускіх карыстальнікаў. Андрэй Баюшчанка спадзяецца, што яна будзе выкананая на дзвюх дзяржаўных мовах нашай краіны
Глеб Лабадзенка.
Дух - гэта, людзі, Я!
Альбо за тры сняжынкі ад Вечнасці...
Часу тры сняжынкі маю... Анатоль Сыс.
Аддаляючыся, набліжаюцца да кожнага з нас апосталы беларускага Духу - Янка Купала і Максім Багдановіч. Асабліва абвострана, адчайнабалюча адчуваецца гэта на Гарошкаўскіх могілках, пад Рэчыцай побач з апошнім выраем роўнавялікага ім паэта Анатоля Сыса.
Пад бярозаю косці,
а ў кроне птушка гняздо мосціць, тут вячыста - надзіва - здаецца:
я сам тут ляжу -
на вясковым пагосце
збаўляюцца людзі ад злосці,
ён, як гай запаветны,
здзіўляе спакоем душу.
Ці ведаў ты, Толя, што аднойчы гэтыя радкі стануць тваёй паэтычнай эпітафіяй самому сабе. Рана , ой рана, ты пайшоў ад нас да свайго бацькі Янкі і брата Максіма... Рана перасяліўся ў свой "гарошкаўскі рай ", як ты любіў заўсёды называць свае, самыя прыгожыя на Беларусі, могілкі. " I бярозы тут самыя белыя...Такія белыя, што ў начы здаюцца прывідамі..." Ты і сам стаў прывідам, Анатоль. Светлым анёлам-ахоўнікам улюбёнай сваёй Беларусі.
Беларусь, мая, мая магіла,
З бел-чырвона-белага радна
Ці кашулю мне на смерць пашыла?
Беларусь мая, мая магіла,
Ты ж адна ў мяне, як ёсць адна...
Міжволі згадалася кожна-му з нас, хто прыехаў да цябе ў госці на першае свята паэзіі ў твой гонар. Так пранізліва, так шчыра, так балюча пра Беларусь і яе месца ў сваім паэтычным сэрцы ніхто яшчэ не напісаў і наўрад ці ўжо напіша. Так сказаць можа толькі Геній.
Так і гаварылі пра цябе ў сваіх святочных выступах твае сябры-пабрацімцы, якія завіталі хто з Менска, хто з Гомеля, хто з Веткі, хто з Рэчыцы. На жаль, толькі змаглі прыехаць не ўсе... Бо і мёртвага цябе, Анатоль, баяцца не менш, чым жывога ўсе пілаты Беларушчыны. А дзе пілаты - там заўжды ёсць юды. I яны знайшлі для сябе сотні апраўданняў, каб не ўспомніць, не прыехаць, не пакланіцца і не пакаяцца перад тваёй светлай памяццю. Бог ім суддзя... Але чамусці само сабой згадалася зноў жа тваё, Анатоль: "Не выракалася жыта валошкаў..."
I, не гледзячы ні на што, Свята паэзіі ўдалося. Няхай не ў Заспенскім Доме культуры, дзе яно папярэдне планавалася, і дзе менавіта ў гэты дзень знайшлося болып важнае для тваіх землякоў-кіраўнікоў "культурнае мерапры-емства" - роспіс маладых. Бо ты ж нават і жанаты не быў... Ну хіба што з Паэзіяй узяў шлюб на ўсю астатнюю беларускую Вечнасць. Ды ці яны гэта разумеюць? Яны - сляпая гайня, якая каторы раз абразіла і прагнявіла Духа, імкну-чыся дагадзіць свайму "рагатаму і плюгаваму" павадыру.
А людзі закрыюць рот,
Людзі апусцяць вочы...
Вось табе і народ,
Думаць прывык моўчкі...
На шчасце, Толя, маўчалі не ўсе. Прынамсі тыя, хто любіў цябе пры жыцці і хто не здрадзіў табе па смерці, не маўчалі. Каб ты толькі чуў колькі светлых узнёслых словаў пра цябе прагучала на падворку тваёй роднай хаты, якая стала ў гэты дзень паэтычным Акропалем, на які па чарзе ўзыходзілі, каб прамаўляць Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла...
I нават дзіўны надпіс на тыльным баку вулічнай брамы зроблены табой "Цішка - 20001 " для кожнага з нас стаў сімва-лічным пасланнем з іншасвету. Значыць і праз 18 тысяч гадоў Беларусь будзе жыць, не можа не жыць, калі ў яе ёсць такія вялікія і адданыя сыны, як ты, Анатоль.
А свята паступова перамясцілася пад родную столю тваёй хаты. Хаты, у якой стараннай рукой тваёй сястры Тамары Ціханаўны аберагаецца твая паэтычная Планіда... Вось толькі б дах залапіць, ды сцены пабяліць, бо калісьці тут будзе, я ў гэта шчыра веру, твой музей... І будуць з'язджацца да цябе, Анатоль, на пагасціны людзі з усяе Беларусі і не толькі. I на старажытным гарадзішчы Мілаградскай культуры, а не на цесным падворку, як сёлета, будуць адбывацца грандыёзныя агульна-нацыянальныя святы Паэзіі і Песьні. I на гэтых святах будзе выступаць і чытаць на памяць твае вершы сам Прэзідэнт краіны, калі ён будзе гэтак жа любіць Беларусь, як яе любіў і любіш ты, Анатоль. Я веру. Так будзе. Мы яшчэ сустрэнемся... і ў тваім улюбёным Гарошкаве і ў нашых высокіх беларускіх нябёсах...
Але перад гэтым у нас яшчэ наперадзе шмат спраў. Трэба "засеяць і выгадаваць" твой паэтычны "Лён", бо "без мяне будуць жаць"... Сам ты не паспеў выдаць кнігу з такім назовам... Трэба узвесці на тваёй пакуль што непрытульнай магіле варты тваёй светлай памяці помнік. Бо што, што мы яшчэ можам цяпер для цябе зрабіць?..
Хіба што - "Як жыць, дык жыць для Беларусі..."
Лён
Ахвярую Алесю Бяляцкаму
Мне прыснілася сёння Доля,
запаветны, як Слова, сон.
Мы з Сысом у нябёсным полі
разам жалі блакітны лён.
Разам жалі, ды раптам серпам
я адцяў галаву вужу,
і цярновыя слёзы свербам
разарвалі маю душу.
Я заплакаў з такім адчаем
на які толькі ў сненні змог,
як па брату забітым Каін,
як Пілат ля Хрыстовых ног...
I сказаў мне на гэта Толя: -
Плачаш, -
значыць грахом жывеш...
Вуж скрываўлены ў белым полі -
гэта мой развітальны верш.
I замоўк. I пайшоў няспешна,
аж пакуль між аблок не знік.
Над вужом, над забітым верш ам
лён гайдаўся, як сіні німб...
Эдуард Акулін.
28 кастрычніка 2006 года, в. Гарошкаў.
Таварыства беларускай мовы смуткуе з прычыны трагічнай смерці ў аўтамабільнай катастрофе
Міляшкевіча Яраслава Генрыхавіча - старшыні Таварыства беларускай мовы БДТУ, выдатнага вучонага-хіміка, цудоўнага і сумленнага чалавека які шмат зрабіў для роднай мовы і беларускай навукі. Светлая памяць Вялікаму Чалавеку, шчырае спачуванне родным і блізкім.
Сакратарыят ТБМ.
Памяці продкаў
У цэнтральнай сядзібе ТБМ, што на вул. Румянцава. 13, адкрылася мастацкая выстава , прымеркаваная да штогодняга свята Дзядоў. У гэты святы дзень, 2 лістапада, традыцыйна адбываецца памінанне нашых продкаў, якія адышлі ў вечнасць.
Выставу наладзілі сябры ТБМ па ініцыатыве вядомага мастака Міколы Купавы. На ёй экспануюцца творы Пётры Сергіевіча, аднаго з нашых старэйшых творцаў. Пяць графічных малюнкаў, а гэта партрэты ягоных землякоў, створаныя ў 20я гады мінулага стагоддзя, уражваюць сваёй дасканаласцю і вобразнасцю. Глядач, безумоўна, зверне ўвагу на працу Яўгена Куліка "Святая Еўфрасіння Полацкая". Дарэчы, яе светлы вобраз адлюстраваны і ў іншых творах выставы: Мікола Купава "Еўфрасіння ў келлі" Ул. Стальмашонак "Беларусы". Алесь Мара паказвае палатно "Рэха даўняе прашчураў нашых", на якім у адметнай каляровай гаме, характэрнай для мастака, пададзена жытло нашых продкаў Акрамя гэтага ягонаму пэндзлю належыць копія твора Пётры Сергіевіча "Партрэт Янкі Пачопкі", які , па словах аўтара, немагчыма адрозніць ад арыгінала. Але гэта не падробка і не містыфікацыя. Аўтар свядома і адкрыта пранік у творчую манеру мастака Пётры Сергіевіча. Пра Янку Пачопку, тагачаснага вясковага інтэлігента можна гаварыць шмат. Гэта быў надзвычай арыгінальны, адукаваны і свядомы беларус, блізкі сябра Язэпа Драздовіча.
Твор Ул. Сулкоўскага "Партрэт Ул. Пракулевіча", героя Слуцкага збройнага чыну, паказаны рамантычна, узнёсла на фоне трывожнага неба. Ён ўражывае сваёй глыбінёй і пранікнёнасцю ў свет змагара за Беларусь.
Падчас адкрыцця выставы, на якім прысутнічалі навучэнцы Беларускага калегіюма, выступалі мастакі Алесь Мара і Мікола Купава, літаратар і выдавец Ул. Сіўчыкаў. Яны адзначылі важнасць свята Дзядоў для кожнага беларуса.
Памяць аб нашых продках дае ўпэўненасць, што мы ёсць і ніколі не згубімся ў часе сённяшняй глабалізацыі.
Наш. кар.