№ 46 (782) 15 ЛIСТАПАДА 2006 г.
Анатолю Вярцінскаму - 75
ВЯРЦІНСКІ Анатоль Ільіч (н. 18.11. 1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.), бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975-82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986-90 гал. рэдакгар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990-96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях - у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З'яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам В. ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы - ліраэпічныя паэмы «Заазер'е» і «Дажынкі» (1968) - прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці - вясковай працаўніцы - лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п'ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест - друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Ёркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус, укр., літ., лат., балг., польск., венгерскай паэзіі, п'есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М. Себасцьяна «Безыменная зорка», В. Пальчьшскайтэ «Спяшаюся за летам».
Сябар рэспубліканскай Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".
Заява Рэспубліканскай Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"
"Абаронім беларускую мову ў ВНУ"
У сувязі з распрацоўкай Міністэрствам адукацыі новых адукацыйных стандартаў у галіне вышэйшай адукацыі істотна відазмяніўся блок сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Зменшыліся як аб'ём гадзін, так і колькасць дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага блоку.
У прыватнасці, беларуская мова ў вучэбных стандартах, адпаведна і ў планах, адсутнічае зусім.
У той час, калі кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў, што беларуская мова знаходзіцца пад пільнай дзяржаўнай апекай і клопатам, рэальная палітыка Міністэрства адукацыі супярэчыць гэтым заявам. Разам з дазволам выкладаць гісторыю Беларусі і геаграфію на рускай мове ўвядзенне новых стандартаў нанясе непапраўную шкоду не толькі самому прадмету. але і агульнай культуры грамадства.
Міністэрства адукацыі апраўдвае гэтыя меры тым, што акцэнт пераносіцца на вывучэнне беларускай мовы ў школе. Тым не менш, вынікі цэнтралізаванага тэставання паказваюць, што ўзровень ведаў школьнікаў па гуманітарных дысцыплінах не адпавядае сучасным патрабаванням (сярэдні бал па беларускай і рускай мовах - 30 б.). Акрамя таго, варта звярнуць увагу і на сацыяльнае вымярэнне праблемы. У выніку рэалізацыі новых стандартаў без працы застануцца не толькі выкладчык, але і будучыя спецыялісты па гуманітарных дысцыплінах.
У той жа час статус беларускай мовы як дзяржаўнай абавязвае спецыялістаў любога ўзроўню дасканала ведаць дзяржаўную мову.
Такім чынам, калі ўлічыць, што ў сталіцы Беларусі і іншых гарадах, пасёлках, мястэчках амаль няма беларускіх школ і ўстаноў новага тыпу, калі штучна завышаецца ўзровень складанасці цэнтралізаванага тэставання, калі выціскаецца беларуская мова з вышэйшых навучальных устаноў, то напрошваюцца наступныя высновы:
Міністэрства адукацыі насуперак заявам кіраўніка дзяржавы мэтанакіравана выводзіць беларускую мову з усіх сацыяльных сфераў. У цяперашні складаны палітычны час такія недаравальныя акцыі Міністэрства не толькі вядуць да духоўнай катастрофы, але і самым непасрэдным чынам ставяць пад пагрозу незалежнасць краіны, яе аўтарытэт у свеце.
Асабліва варта падкрэсліць, што рэальнымі праваднікамі дзяржаўнай ідэалогіі і найбольш падрыхтаванымі заўсёды былі і ёсць выкладчыкі роднай мовы, менавіта яны, маючы высокі ўзровень педагагічнай і сацыяльна-гуманітарнай падрыхтоўкі, выхоўваюць сапраўдны патрыятызм, любоў і павагу да каштоўнасцяў беларускай дзяржавы, імкненне працаваць на сваёй роднай зямлі.
Тая зацятасць і паслядоўнасць, з якой Міністэрства адукацыі праводзіць антынародную адукацыйную палітыку, прывялі да таго, што беларуская мова апынулася пад пагрозай абсалютнага знішчэння.
Калі ж палітыка русіфікацыі і надалей будзе беспакарана працягвацца, то ўзнікнуць справядлівыя сумненні ў шчырасці дэклараванай дзяржавай падтрымкі нацыянальнай мовы і культуры.
Таварыства беларускай мовы вымушана звярнуцца да ўсіх уладных структур, каб папярэдзіць згубныя вынікі гэтых неабачлівых крокаў з боку Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Прынята на пасяджэнні Рады ТБМ 5 лістапада 2006 г.
Эрнэсту Ялугіну - 70
ст. Асінаўка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.), бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1962). 3 1954 працаваў у раённых газетах, у 1961-72 у газ. «Знамя юностн», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва», у 1976-84 заг. аддзела, адказны сакратар, нам. гал. рэдактара час. «Неман», у 1991-97 гал. рэдактар газ. «Наша слова». Друкуецца з 1955. Піша на бел. і рус. мовах. Аповесці «Мсціслаўцаў посах» (1971), «Апошні князь» (1986) пра аднаго з айч. першадрукароў Пятра Мсціслаўца. У дакумент. аповесці «Без эпітафіі» (1989) творчая і грамадска-паліт. дзейнасць Ц. Гартнага. Аўтар раманаў «Астравы» (1975), «Год другі ў Алжыры» (1986), аповесці ў дыялогах «Свечкі на Дзяды» (1991), зб-ка нарысаў «Салёная планета» (1973), на-рысаў пра дзеячоў бел. л-ры і навукі, сцэнарыяў дакумент. тэлефільмаў «Мсціслаў: звенні часу» (1984), «Без эпітафіі» (1990), гістарычна-крымінальнага рамана "Алжырская пастка" (2004) і інш.
Сябар рэспубліканскай Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".
(Інтэрвію з Э. Ялугіным чытайце на ст. 2.)
Запланаванае на 10 лістапада адкрыццё ў Маскве помніка народнаму паэту Беларусі Янку Купалу не адбылося
Адкрыццё помніка народнаму паэту Беларусі Янку Купалу на Кутузаўскім праспекце расійскай сталіцы перанесена, як мяркуецца, на 28 лістапада.
Прычыны пераносу адкрыцця помніка не паведамляюцца.
Марат Гаравы, БелаПАН.
На моўнай арбіце
Эрнэст Ялугін - знаны на Беларусі празаік, аўтар шэрагу твораў на гістарычную тэматыку. Сярод іх - "Мсціслаўцаў посах" (пра юнацтва першадрукара Пятра Мсціслаўца), "Без эпітафіі" (раман на дакументальнай аснове пра трагедыю заснавальнікаў БССР на чале з Зм. Жылуновічам-Цішкам Гартным), раман "Алжырская пастка" (дэтэктыўны сюжэт; пра навейшую гісторыю Беларусі праз лёсы беларусаў часоў "перабудовы"), раман "Ідзі і кажы" (ХУІ стагоддзе; гісторыя станаўлення ў Беларусі нацыянальнай самасвядомасці ў стасунках з Масковіяй і Польшчай, апублікаваны пакуль вельмі скарочаны варыянт у часопісе "Полымя", 2006 г., №№ 1- 2), гістарычна-сацыялагічныя эсэ "Рой чалавечы", "Нарманскі след" ("Рускія...) і інш.
Эрнэст Ялугін з 1991 г. - першы галоўны рэдактар "Нашага слова" як газеты-штотыднёвіка адказвае сёння на пытанні Уладзіміра Содаля .
"Эрнэст Васілевіч, хто Вас сасватаў на гэтую пасаду?"
Э. Я.: "Як вядома, "Наша слова" напачатку было бюлетэнем Таварыства беларускай мовы, а рэдактарам першы старшыня ТБМ, Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Але ў 1991 годзе Таварыству ўдалося "выбіць", як тады гаварылася, дзяржаўнае фінанасаванне, вельмі сціплае, для выдання газеты, і тады спатрэбілася рэдакцыя журналістаў-прафесіяналаў на пастаяннай аснове. І вось аднойчы мне патэлефанаваў намеснік старшыні ТБМ, дэпутат Вярхоўнага Савета Яўген Цумараў і запрасіў на гутарку з Нілам Гілевічам. Але "сасватаў", як Вы кажаце, мяне хутчэй за ўсё Алег Трусаў. Хоць і Ніл Сымонавіч мяне ведаў па ранейшай працы як намесніка галоўнага рэдактара часопіса "Нёман".
У. С. Рускамоўнага?
Э. Я. Ну так. Я і сам быў як пісьменнік - рускамоўны, кнігі мае выдаваліся паруску: аповесці, нарысы, раман "Астравы" пра Алжыр, які тады змагаўся за нацыцянальнае вызваленне, і працу там нашых беларусаў, вельмі прафесійных тэхнічных спецыялістаў. Але ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, дзе Ніл Гілевіч быў першым сакратаром праўлення, я некалькі гадоў на грамадскіх, вядома, пачатках, быў намеснікам старшыні секцыі прозы, калі яе ўзначальваў Васіль Быкаў. Васіль Уладзіміравіч сам і выбраў мяне сабе ў памочнікі. Сумесная праца з ім была для мяне выдатнай школай па літаратурнай і нацыянальнай адукацыі. Само сабой, шмат увагі заўсёды ўдзялялася пытанням мовы. Бо не можа быць добрага літаратурнага твора без дасканалай мовы. Пісьменнікмастак можа стварыць пераканаўчы для чытача мастацкі вобраз толькі адным спосабам - Словам. Ужываю тут вялікую літару. А з Алегам Трусавым мы былі знаёмыя з часоў Мсціслава. Затым я быў яго даверанай асобай, калі ён абіраўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета. А ў Вярхоўным Савеце ён стаў намеснікам старшыні камісіі па культуры, падчас кіраўніцтва ёю Нілам Гілевічам.
У. С. Вы былі гатовыя для рэдактарства такога спецыфічнага выдання? Разумееце, чаму я пра гэта пытаюся?
Э. Я. Цудоўна разумею. Канешне, да таго моманту я ўжо развітаўся з сваімі рускамоўнымі тэкстамі. Яшчэ ў савецкі час, дарэчы. Згадаю сваю прыгодніцкую аповесць для юнацтва "Сіндбад вяртаецца", а затым, ужо ў эпоху "перабудовы", але калі бастыёны КПСС нават не хісталіся - раман (для мяне гэта - аповесць, на славянскі лад) "Без эпітафіі". Хоць каб тады я рэч выдаў на рускай мове, я займеў бы ўсесаюзнага ды і замежнага чытача, і адпаведны ганарар. Але ў мяне з'явілася самапачуванне - трэба пераходзіць цалкам на нацыянальную, беларускую мову. Думаеце, такое лёгка даецца? Спытайцеся хаця б у такога добрага празаіка, як Алег Ждан, мсціслаўца родам, дарэчы.
У. С. Значыць, Вас запрасілі да Ніла Гілевіча...?
Э. Я. Так. Але я ўбачыў перад сабой цэлы арэапаг беларускіх мовазнаўцаў, а не аднаго Ніла Сымонавіча. З ім былі народны пісьменнік Янка Брыль, дырэктар Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук акадэмік Аляксандр Падлужны, доктар мовазнаўства Генадзь Цыхун, яшчэ нехта з слынных навукоўцаў. Ну, пачалася размова. Мне як рэдактару прапанавалі ў асноўным займацца мовазнаўчымі пытаннямі, плюс даваць звесткі пра дзейнасць суполак ТБМ. Я спаслаўся, што гэта для газеты надта завужаная тэматыка, а ўвогуле папрасіў даць мне тыдзень на роздум, але, што хутчэй за ўсё, я не вельмі падыходжу для пасады рэдактара такой незвычайнай газеты.
У. С. І Вам далі такі доўгі таймаўт?
Э. Я. Я спачатку падумаў, што за гэты час знойдзецца на такое рэдактарства нехта больш падрыхтаваны. Але праз тыдзень мне зноў патэлефанаваў Цумараў.
У. С. Вы сказалі, што хацелі агучыць сваю праграму?
Э. Я. І я яе агучыў.
У. С. З Вамі згадзіліся?
Э. Я. Лепей няма, як мець справу з сапраўднымі высокакваліфікаванымі навукоўцамі. Ім толькі трэба здолець ясна і доказна давесці сваю пазіцыю. Я пераканаў высокі арэапаг, што газета для таго і створана, каб займацца рэальнай палітыкай. У нашым выпадку - палітыкай беларускасці як асновы выжывання народу ў свеце, што немагчыма без уласнай мовы, закладзенай у чалавечую падсвядомасць. Бо свая мова - гэта цудадзейны абярэг нацыі. Гэтак распарадзіўся Ўсявышні. Але ажыццяўляецца такое без мітынгаў, без крыку і ўціску. Іначай можна атрымаць супроцьстаянне груповак і раздрай, што для такой нацыі, як беларуская, якая яшчэ як мае быць не выспела, можа павярнуцца катастрофай.
У. С. Што дала Вам праца ў "Нашым слове" ў моўным плане?
Э. Я. Адказнасць за Слова. Звычку пастаянна гартаць слоўнікі, цаніць працу мовазнаўцаў.
У. С. Ці сістэматычна Вы чытаеце цяперашняе "Наша слова"?
Э. Я. Гэта стала адной з маіх звычак.
У. С. Ці можаце Вы зрабіць якое параўнанне "Нашага слова" свае пары з цяперашнім?
Э. Я. Далікатнае пытанне. Я працаваў у іншых умовах. Было хоць нейкае дзяржаўнае фінансаванне, былі іншым разам станоўчыя кантакты з вышэйшымі ўрадавымі ўстановамі і чыноўнікамі. А цяпер тыя ж чыноўнікі глядзяць на "Наша слова", як Ленін на буржуазію, забываючы, што гэтым самым сякуць галіну, на якой сядзяць. Не будзе насельніцтва нацыянальнай з'яднанае, разбягуцца хто куды здаравейшыя і мацнейшыя, з кім будуць чыноўнікі, з каго будуць браць падаткі сабе на хлеб з маслам? З калек і алкаголікаў, якія таксама ж безнадзейныя калекі?
У. С. Зараз, як вядома, рыхтуецца ці то рэформа беларускага правапісу; ці то нейкае ўдакладненне. Ваша думка з гэтай нагоды. Ці ёсць патрэба ў рэформе?
Э. Я. Ні Вы, ні я не ведаем, што там рыхтуецца! Не ведаюць і ўсе астатнія, хто неабыякавы да беларускага слова. Мая думка - не час цяпер займацца ажно "рэформай" мовы, калі яна ўвогуле выходзіць з жывога ўжытку, з сродкаў дзяржаўнай інфармацыі. За наша /наша?/ тэлебачанне дык проста сорамна. Ідзе разбурэнне беларускасці, што, як я ўжо казаў, можа скончыцца нацыянальнай катастрофай. Унармаванне? Хто толькі не хоча гэтым заняцца! Вось хочуць аднавіць "тарашкевіцу", нехта марыць пра "лацінку" і гэтак далей. Усё такое толькі на наша раз'яднанне, на аслабленне нацыі. Ёсць сучасны правапіс. Ім, дарэчы, карыстаўся і Іван Мележ, які напісаў раман па мастацкіх якасцях і па сіле выразнасці характараў мацнейшы за "Ціхі Дон" Шолахава, ёсць выдатныя творы Васіля Быкава, у тым ліку такі шэдэўр, як "Знак бяды". Ім жа не перашкодзіў сучасны правапіс стварыць свае шэдэўры?
У. С. А ўсё ж якія ўдакладненні Вы прапанавалі б, прыгадаўшы штокольвек з свае рэдактарскай практыкі?
Э. Я. Я ў сваёй працы рэдактарскай заўсёды абапіраўся і на рэдакцыйную раду, у якой толькі акадэмікаў было некалькі чалавек, і на рэдакцыйны калектыў з вельмі сумленных і кваліфікаваных прафесіяналаў, і на чытацкія водгукі, ну, і на моўную камісію ТБМ. Мы не аднойчы звярталіся з сацыялагічнымі апытаннямі да ўсіх гэтых груп "падтрымкі" газеты. Дык вось, урэшцерэшт за рэфармаванне правапісу, у тым ліку ўжыванне "тарашкевіцы" і іншае, выказалася недзе крыху болей за тры працэнты ўдзельнікаў апытання.
У. С. А якая Ваша моўная база з маленства, як размаўлялі ў сям'і?
Э. Я. У сям'і размаўлялі паруску, затым я вучыўся ў рускай школе. Але, на шчасце, была ў мяне яшчэ адна настаўніца па мове. Мая цётка з бацькоўскага боку Матрэна, якая нас апякала пяць ваенных гадоў у вёсцы Бель пад Крычавам. Ад яе я чуў аповеды пра наш радавод. А паколькі яна была знахаркай і варажбіткай, чуў, як яна размаўляла з "пацыентамі". На вельмі сакавітай і метафарычнай беларускай мове. А адразу пасля вайны я яшчэ паспеў паслухаць свайго дзеда - Зміцера Чубкова з вёскі Коцні пад Магілёвам. А потым слухаў з дыктафонам яшчэ і бабулю сваёй жонкі на Случчыне, у Вяркалах. О, якая ў бабы Каці Шохан была беларуская мова! А ў дадатак дасціпны іранічны розум і нейкая вясёлая працавітасць. Нездарма яе бацькоў абібокі раскулачылі. Гэта, з большага, пра маю моўную навуку.
У. С. Між іншым, чаму Вы рассталіся з "Нашым словам"? Якім было гэтае расстанне?
Э. Я. Пачну хіба з таго, што праз кожныя два гады мяне на пасаду нанава зацвярджаў справаздачнавыбарчы з'езд ТБМ. Крытыкавалі, але зацвярджалі, хоць, вядома, я кожны раз рыхтаваўся маральна да расстання. А давялося расстацца зза таго, што канчаткова спынілася дзяржаўнае сціплае фінансаванне (дарэчы, зза сціпласці нашых зарплат у мяне аказалася і пенсія невялікая), а ў дадатак рэдакцыю выкінулі і з памяшкання, бо нечым было плаціць за арэнду. Выдатнаму, дарэчы, калектыву рэдакцыі давялося разбрыдацца, хто куды, і мне таксама. З сваім адказным сакратаром пісьменнікамперакладчыкам Уладзімірам Анісковічам мы за свае грошы нанялі грузчыкаў, машыну, каб адвезці рэдакцыйныя сціплыя пажыткі на сядзібу ТБМ, адкуль усё тое, дарэчы, у хуткім часе было затым перавезена чыноўнікамі Гарсавета на склад, бо і памяшканне, якое займала ўправа ТБМ, забіралі за нявыплату завышанай арэнднай аплаты. Гэта вычын, што потым усё ж Станіслаў Суднік знайшоў магчымасць выдання газеты ў паважанай Лідзе. Але ўжо, зразумела, без майго ўдзелу. Новая эпоха, новыя, больш стойкія да нягод патрыёты Беларусі.
У. С. Што ў Вас зараз на творчым варштаце? З чым сустракаеце сваё сямідзесяцігоддзе? Што Вас турбуе, хвалюе ў нашым жыцці?
Э. Я. Усё канчаткова не расстануся з рукапісам рамана "Ідзі і кажы". Шукаю выдаўца, а пакуль тэкст у мяне, то нене ды і зазірну туды. Хоць гэта, можа, і шкодна - гартаванне радка мастацкага твора, як і гартаванне сталі, павінна мець свае межы. Настае час, калі твае радкі павінен агледзець рэдактардарадчык, рэдактарсябра, але прынцыповы сябра. Кваліфікаванае і прыязнае рэдагаванне яшчэ нікому не шкодзіла, нават геніяльным творцам, а мяне добра, калі нехта прызнае майстрам, а не шараговым рамеснікам Яе вялікасці мастацкай літаратуры. Што турбуе? Ага, перш пра сямідзесяцігоддзе. Ну, дзіўлюся, што неяк дажыў да такога веку, бо шмат было шанцаў загрымець на той свет яшчэ ў часе вайны, калі я быў малы, спяваў антыгітлераўскія прыпеўкі і быў скалечаны паліцаем, а мог быць забіты. О, многа было чаго! І выбухам гранаты цяжка паранены, і тануў (па малечай, канешне, дурасці) разы два ці тры, і на нож хуліганскі ледзьве не трапіў... У канцы вайны ад тыфу канаў, ад малярыі... Чаго шкада? Мала паспеў зрабіць. Гэтулькі гадоў лёс падарыў, а зроблена малавата. Ну, зараз яшчэ п'есу пра сучаснасць беларускую напісаў. У тэатрах нашых хваляць, а кажуць - не пойдзе. Бо вострая, апазіцыйная нават. Адважыўся яе паставіць Валянцін Ермаловіч з Магілёва, сам захацеў галоўную ролю выконваць. Былы франтавік, брат Міколы Ермаловіча, сябра ТБМ, на працы, у змаганні, у часе рэпетыцыі спектакля па маёй п'есе і памёр, на вялікае шкадаванне. Во гэта быў чалавек, сапраўдны волат беларускага Адраджэння! Кінасцэнар вось заканчваю. Таксама праблема. Заяўку на Беларусьфільме круцілікруцілі - і пабаяліся, надта ж востра. Кажуць, яшчэ непрыемнасцяў на галаву атрымаеш замест славы. Ну, годзе! Мой дзед так казаў: пакуль жывы - варушыся, рабі, а там бачна будзе.
Прэзентацыя ў "Спадчыне": вяртанне праз пятнаццаць гадоў
Музыка і Слова
7 траўня 1992 года (па звестках бюлетэню "Спадчына" "20-гадовы шлях да Беларусі", 2004 год) на паседжанні клуба "Спадчына" адбылася прэзентацыя першай у Беларусі рок-энцыклапедыі Вітаўта Мартыненкі і Анатоля Мяльгуя "Праз рок-прызму", выдадзенай пры дапамозе нью-ёркскага БІНІМу - буйнейшай у замежжы навуковай і выдавецкай установы беларусаў ЗША.
Тады ў краіне гэта была адна з нешматлікіх прэзентацый, дзе аўтараў чакала такая зацікаўленая размова пра будучыню беларускамоўнай масавай культуры. Так, сябры клуба "Спадчына" цікавіліся ў аўтараў тым, якую ролю ў творчасці беларускіх рок-музыкантаў адыгрывае родная мова, ці не стане ўсеагульнае захапленне су-часнымі музычнымі кірункамі канцом традыцыйнай культуры беларусаў, хто з беларускіх выканаўцаў найбольш перспектыўны на маладой нацыянальнай рок-сцэне…
На гэтыя і іншыя пытанні аўтарамі кнігі "Праз рок-прызму" даваўся вычарпальны адказ, а ў прыклад слоў аўтараў гучалі кампазіцыі ў той час ужо вядомых беларускамоўных гуртоў "Мроя", "Бонда", "Рэй", бардаў А. Камоцкага, С. Сокалава-Воюша і іншых. Тады аўтары завяр-шылі прэзентацыю кнігі "Праз рок-прызму" ўручэннем асобніка кіраўніку клуба Анатолю Беламу. Анатоль Яўхімавіч паабяцаў, што гэтая кніга зойме пачэснае месца ў ягоным музеі, які толькі пачынаў на-бываць абрысы, вядомыя многім беларусам сёння. Ну а аўтары паабяцалі працяг размовы праз некаторы час…
І вось амаль праз пятнаццаць гадоў гэтая тэма набыла лагічны працяг. На першым у гэтым сезоне паседжанні клуба "Спадчына" тагачасныя госці клуба - журналісты Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй прэзентавалі сваю новую працу - энцыклапедыю беларускай дыскаграфіі "222 альбомы беларускага року і ня толькі…"
Аўтары распавялі сябрам клуба пра гісторыю стварэння новай энцыклапедыі, прынцыпы яе пабудовы, навінкі, якія адрозніваюць яе ад папярэдняй працы - кнігі "Праз рок-прызму". В. Мартыненка і А. Мяльгуй падкрэслілі, што за гэты час беларуская аўдыё-скарбонка, а з ёй і ўся беларуская культура сучаснасці, папоўнілася шматлікімі дыскамі з узорамі нацыянальнага фальклору, ягонымі апрацоўкамі, што надалі нашай спадчыне но-выя формы існавання ў век кампутарных тэхналогій. Адзначалася, што ў кнізе ў строга структурызаваным парадку змешчаны рэцэнзіі на шматлікія выданні беларускіх рок-гуртоў, выканаўцаў сярэднявечнай музыкі, водгукі на альбомы бардаў. Есць на яе старонках таксама аналіз дыскаў, на якіх змешчана музычная спадчына Беларусі. Так, у кнізе разглядаюцца альбомы з унікальнымі запісамі музыкі Станіслава Манюш-кі, Міколы Равенскага, спевы Міхася Забэйды-Суміцкага, ёсць рэцэнзіі на дыскі літаратурнага і філасофскага зместу. Такіх, як дыск-прысвячэнне Ларысе Геніюш, ці запіс прамоў Беларускага Генія ХХ стагоддзя, пісьменніка Васіля Быкава на Радыё "..."…
Шмат акцэнтаў было зроблена адносна моў-ных асаблівасцяў, якімі багатае гэта выданне. Асабліва гэта актуальна ў свеце новых спробаў рэвізаваць асновы беларускай мовы, зрабіць яе яшчэ больш далёкай ад мовы нашых продкаў.
Падтрымаць аўтараў кнігі "222 альбомы бе-ларускага року і ня толь-кі…" на паседжанне "Спадчыны" прыйшлі героі гэтага выдання, вядомыя беларус-кія выканаўцы - лідар гурта "P.L.A.N." Андрэй Плясанаў і вядомы бард, былы ўдзельнік гурту "Камэлот" Зміцер Сідаровіч. Рэцэнзіі на іх музычныя альбомы не здарма былі змешчаныя ў прэзентаванай кнізе.
Першыя ж акорды песні Андрэя Плясанава "Спадчына" прымусілі зася-родзіцца на тым глыбокім змесце твораў, які спраба-ваў данесці аўтар да слухачоў. Да таго ж, мелодыі наступных песень "Рабы і Воля", "Успамін пра буду-чыню", "Два шляхі" былі настолькі яскравымі, што гэта не пакінула абыяка-вымі нікога з сяброў клубу. Спадчынаўцаў кранула сугучнасць іхніх думак і ме-ладычнага, выканаўчага імпэту выканаўцы. Андрэя яны віталі гучнымі воплескамі.
"Высокі градус" выступленняў у рамках прэзентацыі быў падтрыманы і наступным выканаўцам - бардам Зміцерам Сідаровічам. Зміцер - піянер пераасэнсавання гістарычных фактаў з жыцця Вялікага Княства Літоўскага з дапамогай музычных сродкаў. Песні ў ягоным выкананні "А дзе ж тыя ваяры", "Краіна Талераў", "Ясна панна мая" стварылі іншую аўру мерапрыемства - вярнулі слухачоў да вытокаў мужнасці Беларускага народу, які адстойваў сваю незалежнасць ад шматлікіх ворагаў. Апладысментамі Зміцер быў адзначаны і таму, што нагадаў сябрам клуба "Спадчына" пра важнасць той працы, якую яны вядуць па ўшанаванні памяці продкаў, якія ў розныя эпохі прысвячалі жыццё роднай Беларусі.
Агульны настрой выказаў адзін з сяброў клуба, які прапа-наваў адну з песень Андрэя Плясанава ці Зміцера Сідаровіча ўзяць у якасці гімна "Спадчыны"…
Як і ў 1992 годзе, аўтары кнігі "222 альбомы беларускага року і ня толькі…" В. Мартыненка і А. Мяльгуй уручылі асобнік сваёй навінкі кіраўніку "Спадчыны" А. Беламу. Анатоль Яўхімавіч паабяцаў, што кніга знойдзе сваё заслужанае месца ў экспазіцыі, прысвечанай сябрам клуба "Спадчына", дзе да гэтага часу захоўваецца іх папярэдняя праца - кніга "Праз рок-прызму".
Т. Цывінская.
Фота А. Плясанава.
Госць музея Васіля Быкава ў Гародні - Вольга Іпатава
У музеі Васіля Быкава ў Гародні, што быў створаны амаль адразу пасля яго смерці ў Гарадзенскім гарадскім грамадскім аб'яднанні ветэранаў вайны, працы і Ўзброенных сілаў, адбылася вечарына - сустрэча з вядомай беларускай пісьменніцай, ганаровым акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук "Еўразія", кавалерам ордэна "Знак пашаны" і медаля Ф. Скарыны, лаўрэатам многіх літаратурных прэмій, актыўнай грамадскай дзяячкай Вольгай Іпатавай.
На сустрэчу з нашай слыннай зямлячкай у музеі сабраліся пабеленыя сівізною ветэраны аб'яднання начале са сваім старшынём і кіраўніком музея Міколам Мельнікавым, студэнцкая моладзь, старэйшыя настаўнікі.
Сюды ў невялічкі, але ўтульны пакойчык аб'яднання прыйшлі і былыя калегі пісьменніцы па ранейшай працы ў Гародні, і, вядома ж, усюдыісныя журналісты...
У атмасферы цёплай шчырай размовы з прысутнымі рэй сустрэчы вяла сама шаноўная госця Вольга Міхайлаўна Іпатава.
Маладыя ўдзельнікі вечарыны чыталі ёй свае вершыпершыя спробы пяра. Госця ўважліва іх слухала і давала кожнаму свае парады.
Памайстэрску, з прысмакам гумару і нават артыстычнасці прачытаў верш незабыўнага нашага земляка паэта Міхася Васілька "Як я пана перавёз" старэйшы настаўнік зпад Скідаля Андрэй Юшкевіч.
А затым пайшлі ўспаміны... Сябры і знаёмыя пісьменніцы згадвалі некаторыя цікавыя моманты з сумесных працоўных будняў з Вольгай Іпатавай ў яе гарадзенскі перыяд...
Напрыканцы сустрэчы старшыня Рады аб'яднання і кіраўнік музея Мікола Мельнікаў распавёў пра ветэранскія справы і клопаты, іх высілкі, скіраваныя на далейшую шматгранную працу музея па ўвекавечанні памяці вялікага і славутага беларуса Васіля Быкава. А дарагая шаноўная госця музея Вольга Міхайлаўна Іпатава перадала ў дарунак музею Васіля Быкава новыя цікавыя фотаздымкі, зробленыя на яго малой радзіме ў вёсцы Бычкі, а таксама шмат кніг са сваёй асабістай бібліятэкі і з некаторых новых выданняў В. Быкава і іншых беларускіх пісьменнікаў. Усё гэта так ці інакш знойдзе сваё, вартае мейсца сярод экспанатаў музея і будзе адлюстравана на стэндах і старонках экспазіцыі пры яе далейшым разгортванні.
Аляксей Дземідовіч, Гародня.
Пра калыханку і бялюткую хрызантэму
Клуб сямейнага адпачынку "Сябрына" запрашае сваіх удзельнікаў ці то ў вандроўку, ці то ў тэатр, ці то ў кавярню. Найчасцей у Палац дзяцей і моладзі, што на Старажоўскім тракце. Там 26 кастрычніка адбылася сустрэча знакамітага паэта Леаніда Пранчака і школьнікаў з Сеніцы, Бараўлян, Ждановічаў, Менска, а таксама некаторых бацькоў і настаўнікаў. Вялікая падборка кніг паэта хутка разышлася сярод прыхільнікаў яго творчасці. "Беларусь - Айчына,
родны дом...
Слоў бацькоўскіх
я не забываю.
Покуль мы гаворым і пяём,
мова беларуская жывая!" -
прачытала верш са зборніка "Вольны птах" на пачатку вечарыны Ганна Азёма. Вядома, што на вершы Леаніда Пранчака кампазітары напісалі мноства (дакладна ніхто не падлічыў) песень - лірычных, жартоўных, дзіцячых. Памятаяце: "Цёмнавокая пані", "Даставай, Язэп, гармонік!" , "Ціктак ходзікі"...?
Вакальная група дзяцей (СШ №115, г. Менск) выканала любімую беларускую "Калыханку". Яшчэ цудоўна спявалі Дзіма Ромбак і Каця Азёма, гучалі музычныя запісы. Мамы і таты былі задаволены такім адпачынкам, арганізаваным спадарыней Ірынай Марачкінай, яна ж была і вядоўцай. Дык у чым тут "ноў хаў", як кажуць паангельску?
Адказ знаходзім у вершах:
"... З богам гавару
на роднай мове.
Мне б яшчэ
з людзьмі пагаварыць".
Майстар слова расказвае нам пра сум далёкіх зорак, святло кахання, цеплыню дома. Я выразна бачу, як цвітуць на мяжы касачы, чую голас старой Нямігі, люблю Гародню і Маладэчна. Беларус беларуса пазнае па любові да старонкі сваёй (верш "Роднасць"). Паэт лёгка пераходзіць на жывую гутарку з дзецьмі, якія развучвалі лічылкі, хутка задавалі цікавыя пытанні. Леанід Пранчак артыстычна валодае аудыторыяй. І школьнікі заслужылі яго пахвалу. Шкада было развітвацца, але ж ніхто не перашкодзіць ім сустракацца надалей.
Яна Трубач.
На здымку: сустрэча паэта Леаніда Пранчанка з чытачамі.
Наша Вільня
Гэты горад - асаблівы ў маім жыцці. Не надта ведаючы беларускую гісторыю, бо вучыліся ў школе па савецкіх падручніках, мы ўсё ж такі сэрцам цягнуліся да Прыбалтыкі. Найперш, у Вільнюс. Там знаходзілі даўніну, паветра, аўру, якіх не было ў Беларусі. Добра памятаю першую ж вандроўку на кірмаш "Казюкас", утульнае сямейнае кафэ ў раёне Лаздзінай, музей, дзе звярнулі ўвагу на невядомыя карты Вялікага Княства Літоўскага. Горад быў як быццам бы наш і не наш. У падсвядомасці нешта падказвала, што мы з сябрамі тут не выпадковыя госці. Пад час экскурсіі надарылася падняцца на гару Гедзіміна, убачыць пад сабой вялікі горад і натуральна адчуць крылы за спіной.
Новыя межы ўскладнілі нашы вандроўкі. Візы і матэрыяльныя праблемы амаль назусім закрылі для мяне нашу былую сталіцу, сённяшні духоўны цэнтр і прытулак беларускай душы. "Усё не так безнадзейна", падумала я, у Еўропе межы сталі празрыстымі. Ды і мы не ў лагеры жывём. Калі вельмі пажадаем, то і Вільня стане бліжэйшай, роднай, знаёмай, як маці. Шлях да яе не блізкі, але рэальна магчымы. Больш кароткі, калі ісці з двух бакоў. Гэта значыць, трэба спрасціць для беларусаў пераадоленне мяжы. Што мы прынясём з сабою, беларусы - ліцвіны? Тут разам трэба падумаць.
Мне падабаецца, як газета "Наша слова" ставіцца, уважліва і настойліва, да віленскай тэматыкі. Дам прыклад толькі артыкулаў Леакадзіі Мілаш і Уладзіміра Содаля. Першым было Слова, сёння патрэбны дзеянні, разумныя і неадкладныя. Сцяжыну можна пратаптаць, калі ісці з верай і добрым сэрцам. Пройдзе час, і мы спазнаем Вільню, як браты Луцкевічы, М. Багдановіч ...
Магчыма, распачнем дыскусію на старонках газеты?
Засядзем у бібліятэцы? Убачым фільмы, наладзім вечарыны, экскурсіі, праявім ініцыятыву...? Чакаю водгукаў і прапаноў.
Яна Ліцьвінка.
Былы палац Тышкевічаў у Вільні. У гэтым будынку працаваў у свой час адвакатам Францішак Багушэвіч, тут размяшчаўся 2-гі акруговы суд. Вясной гэтага года падчас аўтамабільнай катастрофы адзін з атлантаў быў разбіты. Аднак на сёння ўжо ўсё адрамантавана, засталося толькі рыштаванні вывезці.
Здымак і інфармацыя Юрыя Гіля.
Пётра Багданаў - мастак і педагог
У выставачнай зале Цэнтра культуры, што ў Лагойску, адкрылася персанальная выстава мастака-жывапісца Пётры Багданава. Акрамя гасцей, якія прыехалі з Менска, на імпрэзу сабраліся жыхары Лагойска. Сярод іх - вучні, мясцовая інтэлігенцыя, раённае начальства. Для мастака гэта была надзвычай хвалюючая часіна, таму што сам ён нарадзіўся і ўзгадаваўся ў Лагойску. Тут ён скончыў сярэднюю школу. Пасля - Менскую мастацкую вучэльню, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Упершыню Пётра Багданаў паказваў свае творы землякам. Упершыню ён чуў пра сябе шчырыя словы сваіх настаўнікаў, якія прыгадалі школьныя гады будучага мастака. Калегі па пэндзлю гаварылі аб творчых набытках.
Пра сябе як творцу Пётра Багданаў заявіў у 1997 годзе, калі быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў, стаў яго сябрам. За гэты час ён стварыў цыкл жывапісных палотнаў: "Народныя святы Беларусі", "Метамарфозы жанчыны", "Анёлы майго жыцця", а таксама пейзажы, партрэты, нацюрморты. У экспазіцыі выставы - каля 35 твораў. Усім ім характэрна жывапісная эмацыянальнасць, згарманізаваная каляровая гама. У выступленнях прамоўцаў закраналася педагагічная дзейнасць мастака, якую ён, мяркуючы па выставе, удала спалучае з творчасцю. Адразу ж па заканчэнні Беларускай акадэміі мастацтваў застаўся працаваць на кафедры жывапісу, а з 2002 года Пётра Багданаў працуе намеснікам дырэктара Рэспубліканскага каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка, дзе гартуецца маладое пакаленне будучых мастакоў.
Выставы, якія ладзіць раённы Цэнтр культуры, становяцца добрай традыцыяй. І паказаць свае творы тут могуць не толькі лагойскія мастакі. Дык хай асветніцкая праца гэтага Цэнтра прыносіць добры плён.
Наш кар.
У Горадні адзначылі 410-я ўгодкі Берасьцейскай уніі
11-га лістапада ў Горадні была адзначана 410я гадавіна падпісання Берасцейскай царкоўнай уніі, а таксама свята Святога Язафата, якое прыпадае на 12е лістапада. Святую літургію ўзначаліў апостальскі візітатар для грэкакатолікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек разам з гарадзенскім каталіцкім біскупам Аляксандрам Кашкевічам, які прачытаў казань.
На святочнае набажэнства сабраліся вернікі з Гародні ды з іншых мясцінаў. Яно адбылося ў часовай капліцы пры будучым касцёле Найсвяцейшага Збаўцы, што ў гарадскім раёне "Дзевятоўка". Душпастыр для грэка-каталікоў Гародні і Ліды Андрэй Крот паведаміў, што ў нядзелю будзе святкаванне ў Віцебску, дзе Язафат Кунцэвіч загінуў пакутніцкай смерцю. Яно адбудзецца ў Кафедральным касцёле Святой Барбары, а ўжо пазней святкаваць будуць у Берасці, дзе ў 1596 годзе была падпісана Унія.
Я папрасіў айца Андрэя распавесці пра гарадзенскіх уніятаў, якія сёння ўдзельнічалі ва ўрачыстай службе.
У Гародні ёсць некалькі дзясяткаў грэкакатолікаў, я быў прызначаны сюды каля Вялікадня, паўгады тут працую. Мы спрабавалі служыць нават кожны дзень, але асноўнае набажэнства адбываецца кожную нядзелю. Парафія мае свой будынак у цэнтры горада на вуліцы Гараднічанскай, там размешчаная капліца і зала для сустрэчаў, для катэхізаў.
Андрэй Крот зазначае, што парафіяне цяпер рыхтуюцца да рэканструкцыі будынка. Нядаўна пачаліся заняткі ў нядзельнай школцы пры парафіі. Дзецям выкладаюць асновы рэлігіі на беларускай мове.
У вобласці грэка-католікі ёсць яшчэ ў двух гарадах. А. Крот працягвае:
Таксама на Гарадзеншчыне ёсць парафія ў Лідзе, там недзе дзясяткі тры актыўных вернікаў. Ёсць суполкі, якія знаходзяцца ў стадыі арганізацыі, я хацеў бы назваць яшчэ суполку ў Слоніме, але на дадзены момант няма магчымасці яе духоўна акармляць. Працэс яе рэгістрацыі мы мяркуем распачаць у бліжэйшы час і спадзяёмся на хуткія вынікі ў гэтым.
Сяргей Астраўцоў.