№ 49 (785) 6 СНЕЖНЯ 2006 г.
15 гадоў назад 8 снежня 1991 года ў Белавежскай пушчы дэнансавана дамова аб утварэнні СССР. Быў зроблены самы рашучы крок да незалежнасці Беларусі.
115 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча
БАГДАНОВІЧ Максім Адамавіч (9.12.1891, Менск - 25.5.1917), бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гародні (1892-96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896-1908) і Яраслаўлі (1908-16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Менск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор - алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-па-літ. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці - патрыят. служэнне сац. і нац. вызва-ленню бел. народа, сцвярдкэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Б. супрацьпастаўляў ім аіульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага.
Максім Багдановіч найлюбімейшы паэт многіх пакаленняў беларусаў, Страцім-лебедзь так любімай ім Бацькаўшчыны, адзін з выбітнейшых вершнікаў Пагоні нашага нацыянальнага адраджэння.
75 гадоў Уладзіміру Логашу
ЛОГАШ Уладзімір Міхайлавіч , нарадзіўся 10 снежаня 1931 года ў в. Ахонава Дзятлаўскага раёна, за 40 км ад г. Ліды.
Сярэдняя школа - 1950 год. Бела-рускі палітэхнічны інстытут - 1955 г. Інжынер - будаўнік.
Працу пачаў у 1955 годзе у Лідскім будаўнічым упраўленні на пасадзе прараба. Будаваў Лідскую ТЭЦ, абутковую фабрыку, завод "Лідсельмаш". У студзені 1959 г. прызначаны галоўным інжынерам будаўнічага ўпраўлення.
У 1963 годзе з пачаткам будаўніцтва ў краіне аб'ектаў "вялікай хіміі" пачалося ўзвядзенне Лідскага лакафарбавага завода. Калегіяй Міністэрства будаўніцтва У. Логаш прызначаны кіраўніком гэтай будоўлі.
У 1966 годзе будаўнічае упраўленне перарасло у Будтрэст № 19. Некаторы час быў на пасадзе галоўнага інжынера трэста, а затым у канцы года - упраўляючы трэста. З 1 снежня 1969 да снежня 1980 года старшыня Лідскага гарвыканкаму. Адзін з ініцыятараў рэстаўрацыі Лідскага замка.
Затым на працягу 11 год, пасля пераводу ў Гародню, працаваў загадчыкам аддзела будаўніцтва абкама КПБ.
Узнагароды: Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ордэн Знак Пашаны, Чытыры Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, медалі.
Шчыры беларус, актыўны сябар ТБМ, падпісчык газеты "Наша слова" з 1-га нумара да сённяшняга часу.
Старшыні Грамадскага аб'яднання
«Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны» Трусаву А.А.,
вул. Румянцава, 13, 220034, г. Мінск
Аб выпуску паштовых марак
Паважаны Алег Анатольевіч!
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Вашы прапановы і паведамляе наступнае.
Тэматычным планам выдання знакаў паштовай аплаты на 2007 год прадугледжаны выпуск канвертаў з арыгінальнай маркай і правядзенне спецыяльных памятных гашэнняў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. На канверце разам з партрэтам будзе адлюстраваны і музей. Выпуск паштовых марак не плануецца, паколькі ў 2002 годзе да 120-годдзя Янкі Купалы н Якуба Коласа, акрамя паштовых марак, быў выдадзены паштовы блок, на якім разам з партрэтамі класікаў адлюстраваны і мясціны, дзе яны нарадзіліся.
Адначасова паведамляецца, што да 200-годдзя з дня нараджэння беларускага мастака і кампазітара Напалеона Орды плануецца выпусціць паштовы блок, канверт Першага дня і правесці пямятнае гашэнне спецыяльным штэмпелем. Трэба таксама нагадаць, што ў 2004 годзе была выпушчана паштоўка з выявай помніка Напалеону Ордзе ў горадзс Іванава Брэсцкай вобласці.
Што датычыцца Вашых іншых прапаноў, то неабходна адзначыць. што ў тэматычным плане немагчыма прадугледзець нават усе найболыл значныя юбілейныя даты.
З павагай, Намеснік міністра Н.С. Гаўрылава.
Там, ля Чырвонага касцёла
21 лістапада ў малой зале Палаца Рэспублікі адбылася прэзентацыя дакументальнай стужкі "Каля Чырвонага касцёла". Гэтая дата абраная стваральнікамі фільма невыпадкова. Менавіта 21 лістапада 1910 года, 96 гадоў таму, быў асвечаны гэты храм, што цяпер велічна ўзвышаецца на плошчы Незалежнасці ў нашай сталіцы.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Уладзімір Арлоў сродкамі кінематографа праз маналог пробашча Чырвонага касцёла св. Сымона і св. Алены Уладзіслава Завальнюка раскрывае гледачам велічную постаць Эдварда Вайніловіча, фундатара і мецэната, на сродкі якога і быў збудаваны Чырвоны касцёл, як памяць пра сваіх заўчасна памерлых дзяцей, Сымона і Алену.
Эдвард Вайніловіч з'яўляецца ўзорам талерантных адносінаў да ўсіх канфесіяў. Ён жыў з людзьмі розных веравызнанняў экуменічна. Таму і будаваў не толькі каталіцкія, але і праваслаўныя святыні, а таксама габрэйскія сінагогі і татарскія мячэці.
У Эдварда Вайніловіча трэба вучыцца любіць сваю Бацькаўшчыну. Ён цудоўна валодаў беларускай мовай, падтрымліваў выдавецкае таварыства "Загляне сонца і ў наша ваконца", часопісы "Лучынка" і "Саха".
У выступленні рэжысёра У. Арлова на гэтай імпрэзе прагучала прапанова аб наданні імя Эдварда Вайніловіча адной з вуліц паблізу касцёла. Яна была горача падтрымана гледачамі.
Наш кар
У Менску прайшла VII міжнародная навуковая канферэнцыя "Мова і соцыюм"
VII міжнародная навуковая канферэнцыя "Мова і соцыюм" прайшла 1-2 снежня на базе філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Менску.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе БДУ, на форум сабралася каля 260 вучоных з 12 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Казахстана, Польшчы, Кітая, Ірана, Турцыі, Грэцыі і Славакіі. У цэнтры ўвагі даследчыкаў пытанні суадносінаў мовы і соцыюма, мовы і культуры, праблемы моўнай сітуацыі, моўнай палітыкі і двухмоўя, мовы сродкаў масавай інфармацыі і метадалогіі даследавання палітычнага дыскурсу.
Таццяна ДАРАШЧОНАК, БелаПАН.
Уладзімір Баран - педагог па прызванні
Вялікія настаўнікі Беларусі
28 лістапада 1991 года памёр дырэктар школы №1 Гародні Уладзімір Іванавіч Баран. На яго пахаванне сышліся, здавалася, усе жыхары горада. Гучалі развітальныя словы. Прызнаваліся вялікія заслугі настаўніка ў выхаванні моладзі. Выказвалася даніна павагі асобе, якая пакінула яркі след ў педагогіцы рэгіёна.
У некралогу абласная газета "Гродзенская праўда" адзначыла, што ў нябыт адышоў "адзін з самых таленавітых педагогаў Гродзеншчыны", Заслужаны настаўнік Беларусі, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Знак Пашаны, медалямі "За працоўную доблесць", "За працоўную адзнаку", знакам "Выдатнік народнай асветы". Дэпутат гарадскога Савета многіх скліканняў.
Прабеглі неўпрыкмет гэтыя 15 гадоў. Нядаўна мне пашчасціла праглядзець архіў Уладзіміра Іванавіча. Дырэктар школы пакінуў запісы па гісторыі школы, навучальным працэсе, рабоце з маладымі педагогамі, шматлікія метадычныя распрацоўкі, працоўнай падрыхтоўцы вучняў...
Уладзімір Баран жыў школай і яе праблемамі. Свае педагагічныя напра-цоўкі друкаваў у газетах. Яго роздум застаецца актуальным і цяпер. Мне, напрыклад, было надзвычай цікава чытаць, як у Гародні пачыналася працоўнае на-вучанне школьнікаў. Пазней гэты досвед быў пераняты ўсімі школамі Савецкага Саюза. Якраз у 1960 годзе я пайшоў у школу ў адным з раённых цэнтраў Менскай вобласці. У старэйшых класах мы штотыдзень на ўроках працы займаліся ў майстэрнях. Сваімі рукамі рабілі табурэткі, выконвалі простыя вырабы з металу. Былі дрэваапрацоўчыя і такарныя станкі.
Хіба тады было ў галаве, што прывіццё вуч-ням рабочай кемлівасці па-чыналася ў Гародні! Мінула звыш 40 гадоў з тых урокаў працы, а жыццё падказала, што не дарэмна вучылі нас, падлеткаў, майстраваць. Хіба гэта мужчына, які не можа дыван на сцяне прыла-дзіць ці адрамантаваць пра-сцейшую паломку крана на кухні?..
Нататкі дырэктара вяртаюць у тыя часы, калі ідэяй працоўнага навучання вучняў быў прасякнуты ўвесь падначалены яму пе-дагагічны калектыў школы. Газета "Народная асвета" (студзень 1963 года, №1) змясціла публікацыю Ула-дзіміра Барана "Праца - найлепшая школа выха-вання". Аўтар адзначае, што працоўнае навучанне добра вядуць настаўнікі Казбярук, Станцэля, Гро-мава, Кажэўнікава, В.Э. Гарэцкі. Школа была ўдзе-льнікам ВДНГ СССР. Вучні Віктар Васількоў, Алег Гу-дыма, Валеры Клімін, Юры Рымацкі ўзнагароджаны медалямі і прэміяваны каш-тоўнымі падарункамі. Два экспанаты адабраны камі-сіяй Міністэрства асветы Беларусі на выстаўку ў ЗША.
Таксама быў змеш-чаны фотаздымак выклад-чыкаў вытворчага наву-чання СШ №1 Е.Л.Дровіч, Ю.Д.Кліміна, В.І.Бельскага (завуч), Чарняўскага, І.Г. Мельнічук.
У 9-х -11-х класах вытворчаму навучанню ад-водзілася 10-12 гадзін у тыдзень. Настаўнікі прад-метаў палітэхнічнага цыклу А.В. Ермаловіч, А.Г. Дзяні-шчык, Е.П. Старавойтава, фізікі Е.С. Шустэр, В.В. Мілінкевіч, хіміі - О.Г. Да-рожкіна, О.П. Мінеева, П.С. Грышан умеюць знайсці ўзаемасувязь паміж тэорыяй і практыкай. Назіранне па-казала, што школьнікі, хто добра працуе, тыя і вучэбны матэрыял засвойваюць вы-датна. У мінулым 1962 годзе з 32 выпускнікоў было 7 медалістаў, 23 паступілі ў ВНУ. Астатнія працуюць па абранай імі прафесіі.
Дырэктар Гарадзенскай СШ №1 імя С.М.Кірава Уладзімір Іванавіч Баран нарадзіўся ў 1908 г. у в. Пілюкі Гарадзенскага р-на. У 1925 г. закончыў Верцялішскую школу, Гарадзенскую настаўніцкую семінарыю (1931), гуманітарны факу-льтэт Варшаўскага універсітэта (1935). Працаваў настаўнікам і выхавацелем ў дзіцячым доме Варшавы пад кіраўніцтвам вядомага педагога Януша Корчака; у ліцэі імя С.Баторыя (1931-1939); у Гарадзенскай гімназіі імя А.Міцкевіча, СШ № 1 Гародні (1939-1941). Завуч СШ № 7 Гародні (1944-1950). Дырэктар школы № 1 Гародні (1950-1972).
(З біяграфіі Ў. І. Барана)
Некалькімі гадамі раней адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Вытвор-чае навучанне і вытворчая праца ў школе" (1960) у сувязі з перабудовай работы школ. Даклады і выступ-ленні склалі выданне навукова-даследчага Інстытута педагогікі Міністэрства ас-веты БССР (1961). Сярод іншых быў змешчаны артыкул У.І. Барана "Шляхі ажыццяўлення вытворчага навучання".
Ён паведамляў, што на падставе глыбокага асэнсавання асноў навукі і агульнай падрыхтоўкі школьнікаў да жыцця ў школе рэалізуецца праграма "Руч-ная праца ў 1-4 класах", "У школьнай майстэрні і на прышкольным доследным участку (5-7 класы)", "Вытворчае навучанне ў 9-11 класах".
Ставала і праблем. Напрыклад, вядзенне прадмета ручной працы выклі-кала цяжкасці, бо настаўнікі не мелі практычнага досведу. Праводзілі семінары ў канцы летніх канікул па асноўных відах работ, якія неабходна выконваць вуч-ням па ручной працы.
Звярталі ўвагу на неабходнасць прывіць шко-льнікам навыкі захоўваць у парадку рабочае месца, эканомна расходаваць матэрыялы. Распрацавалі фор-му і методыку выкладання ручной працы. Напачатку гаварылі вучням аб значэнні работы. Паказвалі выраб і каментавалі яго характарыстыкі. Дэманстравалі нават рухі работніка, яго постаць у час работы, ву-чылі культуры працы, тэх-ніцы бяспекі.
Высокай культуры працы дасягнула настаўніца Марыя Філіпаўна Бялу-га.
Праца павінна быць карыснай для грамадства. Для Сіўкоўскай школы Скі-дальскага раёна вырабілі 8 сталярных і 3 слясарныя варштаты. Асвоілі выпуск акцябрацкіх зорачак, абсталявання для геаграфічных пляцовак, многіх відаў ста-лярнага і слясарнага інст-румента. Для падшэфнага дзіцячага садка № 1 і дзетсада № 3 піянеры зрабілі арэлі, санкі, інвентар для агарода.
Пад кіраўніцтвам настаўніка В.І. Бельскага шко-льнікі вырабілі шэраг скла-даных станкоў па апрацоў-цы драўніны і металаў, у тым ліку чатыры такарныя станкі па дрэву, цыркуляркі, фрэйсмусна-фуговачны ста-нок, фрэзерны па дрэву, свідравальны па металу, ролікавыя нажніцы.
Базавай для вытвор-чага навучання вучняў ста-рэйшых класаў стаў Гара-дзенскі завод бытавых пры-бораў. Добрыя адносіны склаліся з яго дырэктарам В.І. Раманенкам, галоўным інжынерам С.С. Цітовым.
Досвед паказвае, піша У.І.Баран, што школьнік, прылучаны ў якасці вучня да рабочага завода, пасіў-ны. Гэта не той шлях, па якім трэба ісці. Адмовіліся і ад думкі стварыць вучнёўс-кую змену. Выхад - у ства-рэнні вучэбнага цэха пры школе. Зрабілі прыбудоўку да вучэбна-вытворчых май-стэрняў. Там стварылі цэхі - сталярны (25 варштатаў і 9 станкоў для механічнай апрацоўкі дрэва). Слясарны - 25 рабочых месцаў. Меха-нічны - 15 станкоў. Ёсць таксама цэхі кавальска-зварачны, гальванічны, кабінет электратэхнікі і машыназнаўства.
Досвед чатырох гадоў падказаў, што трэба выбіраць для выкладання школьнікам прафесіі шырокага профілю, якія развіва-юць дастатковы палітэхніч-ны кругагляд, адкрываюць шлях у розныя галіны на-роднай гаспадаркі.
З квартальнага плана завода бытавых прыбораў выбіраецца такая на-менклатура вырабаў, якая лепш адпавядае вучэбнай праграме ў пэўны перыяд навучання. Дэталі, зробленыя вучнямі, прымала АТК завода. Кожны вучань меў спецыяльны дзённік, дзе адзначаў зробленыя за дзень вырабы.
Вучоба ў майстэрнях праходзіла цягам двух гадоў. У 11-м класе замацоўваліся навыкі на штатных рабочых месцах завода.
Праз шэфаў-завадчан СШ атрымала заказ ад Гарадзенскай мэблевай фабрыкі на выраб металічных трымальнікаў для драўляных ложкаў. Школьнікі вы-найшлі шаблоны для свідравання адтулін, вырабілі штампы. Гэта дазволіла палепшыць якасць вырабу дэталяў, паскарэнне самога вытворчага працэсу.
Дырэктар СШ №1 імя Кірава Баран Уладзімір Іванавіч прысвяціў педагагічнай дзейнасці 35 гадоў жыцця. Глыбока ведае педагагічную працу, працалюбівы, стварыў добры педагагічны калектыў. Дзякуючы правільнаму кіраўніцтву з боку дырэкцыі, школа з адстаючых стала адной з лепшых у Гарадзенскай вобласці.
З 1962 года школа зацверджана загадам аблАНА апорнай школай вобласці.
Баран У.І. спрактыкавана кіруе работай настаўнікаў. Высокая патрабавальнасць спалучаецца з педагагічнай тактоўнасцю. Валодае культурнымі навыкамі, якія дазваляюць станоўча ўплываць на ўсё жыццё школы, свабодна рэгуляваць, накіроўваць, змяняць гэтае жыццё.
Яму ўласціва пачуццё новага, уменне скарыстоўваць новае, што дазваляе рухаць школу наперад, падтрымліваць тое новае і выкарыстоўваць у поўнай меры. Асабліва вялікую ўвагу надае рабоце маладых настаўнікаў і тых, хто сустракае цяжкасці ў вучэбнай і выхаваўчай рабоце. Раіць, падтрымлівае, робіць заўвагі ў правільнай форме.
Як выкладчык геаграфіі выдатна ведае свой прадмет. Даска-нала валодае методыкай выкладання. Урокі праходзяць на высокім навуковым і ідэй-напалітычным узроўні. Карыстаецца рознымі метадамі работы. Па свайму прадмету ён заўсёды дабіваецца поўнай паспяховасці.
Неаднаразова дзяліўся досведам работы на гарадскіх і абласных педагагічных чытаннях, на рэс-публіканскіх навукова-педагаічных канферэнцыях. Многа разоў запрашаўся для выступлення на курсах Інстытута ўдасканалення настаўнікаў. Яго артыкулы друкаваліся ў газетах, часо-пісах і спецыяльных зборніках.
Актывіст грамадскага жыцця. Старшыня Гарадзенскага Савета садзейнічання сям'і і школе. Член Таварыства "Веды". З 1948 па 1962 гады і з 1965 года па гэты час выбіраўся дэпутатам гарадскога Савета.
Патрабавальны да сябе, чуллівы да іншых, надзвычай дысцыплінаваны, сціплы. Аўтарытэтны сярод настаўнікаў, бацькоў і шко-льнікаў.
(З характарыстыкі Ў.І. Барана, 1967 г.)
У зборніку "Працоўнае і вытворчае навучанне ў школах БССР" (Мн., 1963 г.) Уладзімір Іванавіч змясціў допіс "Вытворчае навучанне і сувязь яго з асновамі навукі". Удакладняе, што ў школе вытворчае навучанне праводзіцца па прафесіях слесар-інструментальшчык, токар-універсал, сталяр і швачка індывідуальнага шыцця летняй сукенкі.
Практыка спалучаецца з тэорыяй. Фізік Е.С. Шусцер ўвязвае матэрыялы 9-11-х класаў з праграмай вытворчага навучання. Настаўніцы хіміі Д.П. Трац-цякова і О.П. Мінаева прыводзяць прыклады з практыкі нашых шэфаў - гальванічнага цэха завода бытавых прыбораў. Матэматыкі М.Н. Казённава, І.М. Мурына і выкладчык вытворчага навучання В.І.Бельскі склалі з вучнямі старшых класаў больш 100 задач з вытворчым зместам, якія рашаюцца на ўроках матэматыкі. Настаўнік чарчэння Н.М.Крэчка імкнецца, каб школьнікі самастойна на ўроках рабілі чарцяжы, звязаныя з вытворчым наву-чаннем.
Аб сур'ёзным стаў-ленні дырэктара школы да працоўнага выхавання школьнікаў сведчыць, напрыклад, яго распрацоўка тэмы "Экскурсія на прамысловае прадпрыемства". Педагог указвае, што такая экскурсія патрабуе асабліва ўважлівай падрыхтоўкі (на прадпрыемстве асаблівы рух, даводзіцца адцягваць ўвагу рабочых ад працы, трэба захоўваць павышаную асцярожнасць, каб не атрымаць траўму). Карысць ад экскурсіі будзе тады, калі школьнікі пабачаць сам працэс вырабу прадукцыі.
Уладзімір Іванавіч распрацоўвае прыкладную схему падрыхтоўкі настаўніка. Трэба пабыць на фабрыцы некалькі разоў да экскурсіі, разабрацца ў вытворчасці, пагаварыць са спецыялістамі (галоўным інжынерам, майстрамі асобных цэхаў), дамовіцца, якія тлумачэнні трэба даць вучням. Абавязкова трэба паглядзець адпаведную літаратуру, падабраць папулярныя кнігі на тэмы вытворчасці для школьнікаў.
Вучні таксама павінны быць падрыхтаваны да экскурсіі. Задоўга да прызначанай даты адказны педагог гутарыць са школьнікамі, выказвае асноўныя задачы экскурсіі, указвае на якія моманты трэба звярнуць увагу, знаёміць з агульным планам экскурсіі, дае заданні створаным звенням: якія кнігі пачытаць, якія наглядныя дапаможнікі падрыхтаваць, у якіх пытанняў глыбей разабрацца.
Само правядзенне экскурсіі таксама не пераўтвараецца ў механічнае назіранне і слуханне. У дзень экскурсіі група школьнікаў наведвае дырэктара і галоўнага інжынера прадпрыемства. Спецыялісты знаёмяць з гісторыяй фабрыкі, кажуць пра лепшых работнікаў. Тлумачаць, адкуль паступае сыравіна, якія тэхналагічныя аперацыі праходзіць гэтая сыравіна, куды ідзе гатовая прадукцыя, перспектывы развіцця вытворчасці. Затым вучні па звеннях наведваюць цэхі, культурныя ўстановы, глядзяць побыт рабочых і службоўцаў, занатоўваюць пабачанае, калі можна, фатаграфуюць.
Але і на гэтым не пастаўлена апошняя кропка. Для арганізацыі апрацоўкі матэрыялаў трэба выявіць сувязь прадпрыемства з раёнамі пастаўкі сыравіны, шляхі рэалізацыі прадукцыі (падрыхтоўка карты). Належыць падабраць розныя віды сыравіны па іх якасці, скласці схему тэхналагіч-нага працэсу апрацоўкі сыравіны, мець узоры прадукцыі работы кожнага цэха і ўзоры прадукцыі прадпрыемства, разумець перспектывы развіцця прадпры-емства ў бліжэйшы час, ведаць быт і ўмовы работы прадпрыемства.
У 1945 годзе школа выпусціла сваіх першых пасляваенных гадаванцаў. Людміла Чарвінская і Яўген Саўко закончылі школу з залатым медалём. У верасні 1955 года школа атрымала першае прасторнае памяшканне з актавай і фізкультурнай заламі, майстэрнямі.
Школа стала базавай педінстытута і апорнай для школ горада. У 1960 годзе вучні школы былі ўдзельнікамі Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. Пяць чалавек удастоены дыпломаў і ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі.
(З выступлення У.І. Барана па Гродзенскім тэлебачанні 24 сакавіка 1976 г.)
Школа стала базавай педінстытута і апорнай для школ горада. У 1960 годзе вучні школы былі ўдзельнікамі Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. Пяць чалавек удастоены дыпломаў і ўзна-гароджаны каштоўнымі падарункамі.
(З выступлення У.І. Барана па Гарадзенскім тэлебачанні 24 сакавіка 1976 г.)
У адным са сваіх дакладаў дырэктар СШ № 1 Гародні У.І. Баран адзначыў, што толькі ў 1965-1966 гадах школу закончылі 177 чалавек, з якіх 81 атрымаў атэстат з адзнакай і ўзна-гароджаны медалямі. 70 працэнтаў выпускнікоў паступілі ў ВНУ - МДУ і БДУ, БПІ, Гарадзенскія медыцынскі і педагагічны інстытуты, вайсковыя вучэльні. Адзін паступіў ва універсітэт імя Патрыса Лумумбы, што ў Маскве.
Наогул, Уладзімір Іванавіч ганарыўся выпускнікамі школы. Сярод іх былі кандыдат геаграфічных навук АН БССР Рэгіна Кажэўнікава, вахценыя механікі атамахода "Ленін" Усевалад Чайка і Аляксандр Пахомаў, кандыдат мастацтвазнаўца Лідзія Рапапорт (Ленінград), актрыса Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатра Інэса Дзяніскевіч, літработнік аддзела літаратуры і мастацтва БТ Мая Гарэцкая, Заслужаная настаўніца БССР, дырэктар СШ № 14 Гародні Матрона Сукачова, сцэнограф, выпускнік МДУ Уладзімір Бубноў, інжынер камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Масквы Ларыса Кісялёва, аспірант-фізік АН БССР Віктар Радзівонаў, журналіст Вадзім Лабачэнка, выкладчыца музычнай вучэльні Тамара Маркава, старшыня кал-гаса "Іскра" Гарадзенскага раёна Канстанцін Кардаш, навуковы супрацоўнік АН БССР Нэлі Калеснікава, навуковы супрацоўнік кафедры хіміі Ленінградскага фармацэўтычнага інстытута Генадзь Пятроўскі, выкладчык кафедры элементарнай матэматыкі Гарадзенскага педінстытута Святлана Волкава, Заслужаны трэнер БССР Рэнальд Кныш, вайсковыя інжынеры Барыс Гарачоў і Генадзь Усманаў…
Антон Лабовіч, Гародня.
На здымку: дырэктар СШ №1 Гародні, Заслужаны настаўнік Беларусі Ўладзімір Баран (1959).
"НС". Колькі было і ёсць у Беларусі такіх самаадданых педагогаў, як Уладзімір Баран. Гэтыя сціплыя людзі працуюць у школах, знаходзяцца на пенсіі, але выклікаюць да сябе жывую цікавасць. Каб кожны з нашых чытачоў расказаў пра такога чалавека, то атрымалася б мноства ар-тыкулаў пра людзей, якія прысвяцілі жыццё выхаванню моладзі. Педагогі годныя такой увагі.
Памяць пра рэпрэсіі - гэта патрэбнасць чалавечага сумлення і сумлення нацыі
10.11.2006 года ў 11 гадзін у вёсцы Выня Капыль-скага раёна святарамі Нясвіжскага і Менскага Чырвонага касцёлаў быў асвечаны сціплы Памятны знак, але хочацца зваць яго Помнікам, 74 ахвярам сталінскіх рэпрэсій 1929-45 гг. , жыхарам вёскі, якая ў той час налічвала блізу 120 хат. Зараз жылых - каля 80. Амаль усе жыхары - каталікі. Улады Капыльскага раёна дапамаглі правільна зарыента-вацца ў месцы яго ўсталявання - не пасярэдзіне вёскі, не на Чубавай гары, а якраз там, дзе на ўездзе ў вёску раней стаялі тры драўляныя крыжы. Само месца абумовіла і карэктуру праекта.
Як жа цяпер выглядае гэтае месца? Дамінанта помніка - тры мятровыя роўні, тры крыжы - каталіцкі, праваслаўны і ўніяцкі. Уніяцкі крыж пастаўлены як сімвал згоды ўсіх рэлігійных плыняў, як на вёсцы, так і на Беларусі. Пад крыжамі насыпаны вялікі ўзгорак і яны добра відны адусюль. Таксама пад крыжамі стаяць тры пліты. На адной: Выненцам - пакутнікам
і вершы - рэквіем, побач:
Недзе ляжаць нявінныя ахвяры
Дойліды, ратаі, кавалі,
Хоць паплачце вы над імі, хмары,
Каб да Бога душы іх дайшлі.
Рыгор Барадулін.
Крывавіў боль, надзея палымнела,
Сплывалі слёзы воскам на алтар.
О, Беларусь, мой галубочак, белы
Ад чысціні нязлічаных ахвяр.
Ларыса Геніюш.
Другая:
Ахвярам палітычных рэпрэсій 1929 - 1945 гг. Вёска Выня, Капыльскі раён Мінскай вобласці.
Аднавяскоўцы ўмацавалі на помніку пліту ў памяць 4-х ахвяр савецка-фінскай вайны:
Смуткуем з заўчаснай смерці.
Крыху ніжэй замацавана арка Памяці са звонам. Пад ухілам на пагорку ніжэй ляжаць яшчэ 8 пліт, у якіх 4- асноўныя:
Вывезеныя ў Сібір, Казахстан, на Поўнач; расстра-ляныя ў Мінскай і Слуцкай турмах, зняволеныя ў ГУЛАГу СССР.
І пад гэтым тэкстам прозвішчы 74 чалавек, імёны ахвяраў і іх бацькоў, у тым выглядзе, як лягчэй было ўспрымаць людзям, і якіх тады так звалі. Напрыклад: Лукашэвіч Кастусь, сын Васіля; Юхо Яніна, дачка Пятра; Шэмбаўм Самуіл, сын Рыгора і г. д.
Паміж падвойнымі плітамі з прозвішчамі ляжаць пліты: " Дзядам, бацькам, дзецям" . Бо закрануты тры пакаленнні людзей.
І асобна - пліта тым, хто дапамагаў фізічна і духоўна. Тут у першую чаргу вялікі дзякуй выненцам і, асабліва, Ваціку і бацьку яго. Вялікі дзякуй ганчарам, Таварыству беларускай мовы, МГА ЗБС Бацькаўшчына і ксяндзу-пробашчу Завальнюку Уладзіславу. Сумленныя людзі! На маё здзіўленне, неяк узведала пра гэты помнік грамадскасць ЗША і не засталася ўбаку. У меру сваіх магчымасцяў значны ўплыў, на мой погляд, на дазвол будаўніцтва Капыльскім райвыканкамам зрабілі хада-тайніцтвы кіраўніцтваў Рэспубліканскага Беларускага грамадскага Савета ветэранаў і Рэспубліканскага мастац-ка-экспертнага Савета па манументальным мастацтве.
Капыльскі раён - датацыйны прыкладна на 45%. І ўлады, зразумела, не маглі фінансаваць работы. Але за тры гады помнік з Божай дапамогай зроблены. Наогул у Капыльскім раёне прыкладна з 200 вёсак рэпрэсіямі былі закрануты жыхары 159 вёсак.
Мне здаецца, што існуюць вёскі з яшчэ большай колькасцю ахвяр, чым Выня. Калі з кнігі "Памяць" раёна было вядома, што на Выні налічваецца 17 ахвяр і тры сям'і, то фактычна іх выяўлена 74 чалавекі. Альбо, у вёсцы Чарнагубава таго ж раёна па афіцыйных звестках 1995 г. была 21 ахвяра, потым гэтая лічба фактычна павялічылася да 67 чалавек. Дарэчы, там, у 1996 г.асвечаны таксама невя-лікі помнік.
У кнізе "Памяць" успа-мінаюцца вёскі з большай пачатковай колькасцю ахвяр. Напрыклад, у вёсцы Семе-жава афіцыйна лічыцца 62 ахфяры і 3 сям'і, у в. Чырвоная Дуброва - 27 чалавек і 4 сям'і, Бучаціна - 22 чалавекі і адна сям'я і г. д. А ёсць і цалкам знішчаныя вёскі. А помнікаў няма.
Пра раней успомненыя вёскі Выня і Чарнагубава існуе яшчэ адна жудасная статыстыка. Калі ў час вайны з в. Выня загінуў 38 салдат і адзін партызан, то рэпрэсіі тычыліся 74 чалавек, у в. Чарнагубава адпаведна 23 і 2, і адзін цывільны, а ахвярамі рэпрэсій сталася 67 чалавек. Безумоўна і тое, што не ўсе рэпрэсаваныя загінулі, але ж параўнальныя лічбы ўражва-юць... У Беларусі па афіцый-ных дадзеных ад рэпрэсіяў пацярпела блізу 600 тыс. чалавек, а гэта азначае, што сярэднестатыстычна ў кож-ным раёне з гарадскімі ўключна пацярпела блізу 3-х тысяч чалавек. Помнікі ахвярам амаль усюды адсутнічаюць. Безумоўна, будуюцца патрэбныя лядовыя палацы, аднаўляюць Лінію Сталіна, але дзяржава павінна рабіць захады па зберажэнні памяці пра рэпрэсаваных, асабліва ўлічваючы іх такую значную колькасць.
Без сумнення, нацыя і дзяржава не трывалыя без павагі да сваёй мовы. Як і асобны чалавек. П'янкі, наркаманія, анты-грамадскія паводзіны значнай часткі на-сельніцтва Беларусі не зменшыць толькі патрыятызмам, у тым ліку ваенным, ці спортам. І пакуль што ў гэтым пытанні спадзяванні толькі на грамадства. Няхай будзе вечнаю памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій! Будуйце помнікі ахвярам рэпрэсій, землякі! Пакуль яшчэ жывыя сведкі...
Адзін з удзельнікаў будаўніцтва
помніка
Стась Лісоўскі.
Слуцкі збройны чын і лёс яго ўдзельнікаў
( Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
4. Слуцкая брыгада.
Пры актыўнай патрыятычнай падтымцы сялян і гараджан, літаральна за тры дні з добраахвотнікаў была сфармаваная 1-я Слуцкая брыгада стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі, якая складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Першы полк фармаваўся ў Слуцку, другі - у мястэчку Грозаве.
Юнакоў і маладых людзей, якія скончылі або вучыліся ў Слуцкай гімназіі ці мелі іншую адукацыю, набіралі ў беларускую вайсковую школу ў Лодзі, каб мець потым свае афіцэрскія кадры. У пачатку снежня 1920 г. туды накіравалі каля 80 чалавек.
Фармавалася беларускае войска паспешна, бо паводле ўмоваў прэлімінарнага (папярэдняга) мір-нага дагавору польскія вой-скі павінны былі хутка адыйсці за лінію дзяржаўнай мяжы.
2-гі Грозаўскі полк, напрыклад, фармаваўся спачатку ў Грозаве, а потым у Слуцку і ў мястэчку Семежаве. Гэты полк складаўся з двух батальёнаў і рот. Камандзірам палка быў прызначаны капітан Лукаш Семянюк. Намеснікам камандзіра палка Антон Гнароўскі, камандзірамі бата-льёнаў капітан Антон Самусевіч і Янка Мацэй. Узбраеннем (вінтоўкі і некалькі кулямётаў) была зябяспечана толькі чвэрць асабовага складу. Усяго полк спачатку налічваў каля 2000 жаўнераў.
1-ы Слуцкі полк так-сама фармаваўся ў Слуцку, а потым і ў Семежаве з беларускай міліцыі, з сялян-добраахвотнікаў і жыхароў Слуцка. У пачатку зброй-нага чыну ў складзе Слуцкага палка налічвалася так-сама каля 2000 чалавек. Меліся і рэзервы, але зброі і боепрыпасаў было мала. І тут узбраення хапіла спачатку на чвэрць асабовага складу. За кошт здабытых у баях трафеяў і дапамогі Беларускай вайсковай ка-місіі ў Лодзі ў снежні 1920 г. была ўзброена палова жаўнераў палка.
Слуцкі полк складаўся з 4 батальёнаў, кожны батальён - з 3 рот. Камандзірам палка быў прызначаны капітан Павел Чайка, а потым падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч.
Камандзірам брыгады Рада Случчны прызначыла аднаго з сяброў Рады - капітана А. Анцыповіча, які, як і іншыя афіцэры-беларусы, меў багаты бая-вы досвед пад час Першай сусветнай вайны.
Слуцкая брыгада была пяхотнай. У брыгадзе быў свой штаб. Штабы былі і ў палках. У складзе бры-гады знаходзіліся таксама конны аддзел, палкавыя абозы і зброевая майстэрня. Быў яшчэ сфармаваны асобны ад брыгады аддзел з дзвюх рот. Пры штабе брыгады былі ўтвораны аддзе-лы выведкі і контрвыведкі. Лекар Арсен Паўлюкевіч разгарнуў палявы шпіталь, а Янка Біруковіч стаўся старшынём вайсковага суда.
Такім чынам, за некалькі дзён было створана вайсковае аб'яднанне рэгулярных войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Не паспеўшы канчаткова сфармаваць абодва палкі у Слуцку, Слуцкая брыгада вымушана была канчаткова фармаваць іх у мястэчку Семежаве.
У гэты час польскія войскі мусілі адыйсці за лінію мяжы, вызначаную прэлімінарным мірным да-гаворам. 14 лістапада было падпісана адмысловае пагадненне паміж польскім і расійскім бакамі аб вывадзе польскіх войскаў за мяжу. А сам вывад іх пачаўся 22 лістапада.
24 лістапада 1920 г. польскія войскі пакінулі Слуцк. Некаторы час у Слуцку не было войскаў, бо Слуцкая рада пастанавіла вывесці брыгаду ў нейтральную зону (на 15 кіламетраў з савецкага і з польскага боку ад лініі дзяржаўнай мяжы). Камандаванне Слуцкай брыгады выдала загад 24 лістапада пакінуць Слуцк, адыходзіць па дарогах, што вядуць на захад і збірацца ў Семежаве за 8 кіламетраў ад мяжы. Слуцк быў пакінуты жаўнерамі брыгады надвячоркам у той жа дзень. У Семежаве да канца лістапада заканчвалася фармаванне абодвух палкоў.
Слуцкая брыгада, як сведчыла 27 лістапада 1920 г. гарадзенская газета "Беларускае слова", і як потым пацвердзіў камандзір бры-гады Антон Сокал-Куты-лоўскі, спачатку складалася з 4 тысячаў жаўнераў. З рэзервай брыгада налічвала 10 тысяч чалавек.
Толькі 29 лістапада чырвоныя часткі занялі Слуцк і выйшлі на новую дэмаркацыйную лінію: мяс-тэчка Вызна - мястэчка Леніна.
5. Збройны чын.
Баявыя дзеянні жаўнераў Слуцкай брыгады пачаліся 27 лістапада 1920 г. гэты дзень і ўвайшоў у гісторыю як Дзень Герояў.
У першы ж дзень падраздзелы 1-га Слуцкага палка пачалі налёты на палявыя варты, заставы і месцы размяшчэння 8-й стралковай дывізіі Чырвонай арміі. Штодзёныя бесперапынныя атакі вяліся на фронце 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага палкоў на ўчастку працягласцю 60 кіламетраў. Асабліва моцна паўстанцы атакавалі на ўчастку Капыль-Цімкавічы-Вызна. Баі ішлі каля вёсак Садавічы, Дошнава, Быстрыца, Люта-вічы, Морач, мястэчак Капыль, Вызна. У паасобных баях з чырвонымі жаўнеры Слуцкай брыгады наносілі ім значныя страты, бралі палонных, адбівалі назад населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расійскіх сялян, сілаю мабілізаваных у Чырвоную армію, добраахвотна здаваліся ў палон або пераходзілі са зброяй у руках на бок Слуцкай брыгады.
Тады камандаванне 16-й савецкай арміі, што дзейнічала ў Беларусі, вы-рашыла ачысціць нейтральную зону ад жаўнераў брыгады паўстанцаў.
Польская дэлегацыя на перамовах у Рызе дала дазвол на ўваход з 4 снежня на тры дні савецкіх войскаў у нейтральную зону. На працягу месяца, пакуль доўжыліся ваенныя дзеянні, польская дэлегацыя на мірных перамовах у Рызе неад-наразова дазваляла савецкім часткам заходзіць у нейтральную зону па абодва бакі ад дзяржаўнай мяжы, каб перамагчы слуцакоў.
Аднак дзеянні Чырвонай арміі не мелі вялікіх вынікаў. Камандаванне Слуцкай брыгады і абодвух палкоў вывела галоўныя сілы з-пад выту чырвоных войскаў. Толькі ў раёне Семежава частка беларускіх падраздзелаў была разбіта і 7 снежня адкінута за польскую дэмаркацыйную лінію.
У гэты час у кіраўніцтве брыгады адбыліся змены. Рознагалоссі ў кіраўніцтве правялі да крызісу. Камандзір 1-га Слуцкага палка капітан Павел Чайка быў арыштаваны па абвінавачанні ў здрадзе П. Чайка, які да кастрычніка 1920 г. служыў ваенным памочнікам ваеннага кіраўніка у Слуцкім павятовым ваенным камісарыяце (на савецкай службе) спрабаваў праз аднаго старога перадаць на савецкі бок пакет з дакументамі. Старога затрымалі, знайшлі пакет. П. Чайку чакаў вайсковы суд, аднак яму ўдалося ўцячы з-пад арышту на савецкі бок. Там ён быў абвінавачаны ў здрадзе савецкай уладзе і на вырак "тройкі" асобага адзелу 16-й арміі расстраляны 9 студзеня 1921 г.
Рада Случчыны сабралася на надзвычайнае паседжанне і пастанавіла змяніць камандзіра брыгады і начальніка контрвыведкі. Камандзірам 1-й Слуцкай брыгады стральцоў БНР быў прызначаны штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, а камандзірам 1-га Слуцкага палка падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч (раней камандзір 4-га батальёна гэтага ж палка). Камандзіру брыгады Рада Случчыны часова перадала дыктатарскія паўнамоцтва.
Штаб Слуцкай брыгады пасля адступлення знаходзіўся ў вёсцы Грыцэвічы, за 2 кіламетры ад ракі Лані у нейтральнай зоне, але ўжо на тэрыторыі, якая адыйшла да Польшчы.
Пасля вяртання савецкіх адзінак з нейтральнай зоны на дэмаркацыйную лінію жаўнеры Слуцкай брыгады зноў пачалі напа-даць на перадавыя аддзелы Чырвонай арміі. Цяпер гэта звычайна былі начныя налёты. Так, у ноч на 10 снежня напад быў зроблены на вёскі Крывасёлкі і Нава-сёлкі, у ноч на 12-е на вёску Старынь. Потым была зроблена спроба адцясніць перадавыя часткі Чырвонай арміі з займаных імі пазіцый.
Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна. У ноч на 13 снежня аддзелы Слуцкай брыгады зноў занялі Семежава, але потым з боем адыйшлі.
Штаб Слуцкай брыгады перамясціўся ў вёску Морач (за 20 кіламетраў на захад ад Вызны). У наступных баях у ноч на 18 снежня аддзелы брыгады зноў занялі Семежава, а ў наступную ноч пасля бою занялі Вызну і прасунуліся на ўсход ад яе.
Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня войскі Чырвонай арміі пачалі свой наступ, каб ліквідаваць супраціўленне жаўнераў брыгады. У гэты ж дзень чырвонымі было адбіта мястэчка Вызна. Аддзелы Слуцкай брыгады ўжо мелі мала боепрыпасаў і харчавання. Яны пачалі адыходзіць на захад. 19 снежня чырвонымі была занята Вызна 20 снежня жаўнеры Слуцкай брыгады былі адціснуты да ракі Морач. У той жа дзень з боем яны былі выбіты і з Семежава.
Польская делегацыя на мірных перамовах у Рызе зноў дала згоду на ўвядзенне савецкіх войскаў у нейтральную зону, нават і на польскую тэрыторыю, каб пераследаваць беларускіх жаўнераў і там.
Штаб Слуцкай брыгады быў вымушаны перабрацца ў вёску Заастравечча (цяпер Клецкі раён), каля ракі Лань за якой стаялі польскія войскі. У гэтую вёску збіраліся аддзелы з абодвух палкоў. Рада Случчыны прыняла рашэнне аб пераходзе ракі, бо ўжо не хапала ні боепрыпасаў, ні харчавання.
Перад самым адыходам за Лань 1-шы Слуцкі полк за ўдзел у баях атрымаў у знак узнагароды ад Рады палкавы сцяг залацістага колеру два метры даўжынёю і метр шырынёю. Пасярэдзіне сцяга быў вышыты дзяржаўны герб - Пагоня дыяметрам 45 сантыметраў, а навокал Пагоні надпіс: "Першы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі".
28 снежня 1920 г. Слуцкая брыгада перайшла раку Лань. 31 снежня на тэрыторыю, кантраляваную Польшчай, перайшоў апошні аддзел слуцкіх жаўнераў. Аднак днём заканчэння Слуцкага збройнага чыну лічыцца 28 снежня. Такім чынам, ваенныя дзеянні Слуцкай брыгады доўжыліся месяц.
Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі не згадзіўся адыйсці на польскую тэрыторыю ді застаўся ў нейтральнай зоне, каб працягваць ваенныя дзеянні, але ўжо партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала С. Булак-Балаховіча. Гэты батальён падзяліўся на дзесятак груп, і яго жаўнеры партызанілі яшчэ некалькі гадоў.
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
Анатоль Грыцкевіч
Весткі з Віленшчыны
У сядзібе ТБК (кір. Х. Нюнька) у Вільні 25 ХІ. 2006 г. адбылася прэзентацыя кнігі краязнаўца, архівіста з г. Маладзечна Міхася Каз-лоўскага "Галасы разбуджаных птушак". Прысутнічаў і сам аўтар, які выступіў з цікавым і змястоўным дакладам. Кніжка скла-даецца з 3-х частак: 1. "Покліч роднай зямлі", 2. "З верай і любоўю",3. "Забытае рэха вяртаю", налічвае больш за 300 старонак і недзе 80 фотаздымкаў, з якіх 90% яшчэ нідзе не друкавалася.
У кнізе пададзена каля 2-х дзесяткаў літаратур-ных партрэтаў дзеячоў былой Заходняй Беларусі, незаслужана забытых ў апошні час. Аўтар прасочвае так-сама гісторыю асветніцтва ў рэгіёне , узгадвае жыццё ва шлях краязнаўцаў П. Бітэля, Г. Каханоўскага. М. Ермаловіча.
Ю. Гіль, Вільня.
Беларускі "Дамавік"
Фірма "Дамавік" рэкламуе сваю прадукцыю па-беларуску. Хочацца спадзявацца, што прадукцыя фірмы такая ж якасная, як і беларуская мова рэкламнага буклета.
Наш кар.