Папярэдняя старонка: 2006

№ 51 (787) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 51 (787) 20 СНЕЖНЯ 2006 г.

З Калядамі, шаноўныя беларусы!

На Каляды ўзрастае папулярнасць беларускай мовы

Хутка Каляды, Новы год, і трэба спяшацца, каб павіншаваць родных, сяброў, знаёмых са святамі. І хоць новае пакаленне выкарыстоўвае для гэтага ў асноўным мабільныя тэлефоны, дасылае SMS, электронныя лісты, якія далятаюць да адрасата амаль імгненна, засталася старая добрая традыцыя - дасылаць блізкім паштоўкі. Ці ёсць ў продажы беларускамоўныя віншавальныя паштоўкі, высвятляла карэспандэнтка Свабоды.

Некалькі гадоў таму гэта сапраўды было праб-лемай. Віншавальныя паштоўкі былі ў асноўным расейскамоўнымі. Перад святамі я накіравалася на менскі паштамт. Гутару з наведнікамі адмысловага стэнду.

Карэспандэнтка:

- Зараз на паштамце ёсць цэлы стэнд - "Беларускія паштоўкі" - навагоднія, калядныя. Як вы ацэньваеце выбар?"

Дзяўчына:

- Калі шчыра, хацелася, каб было яшчэ значна больш. Але вельмі прыгожыя!

Карэспандэнтка:

- Тут і Новы год, і Каляды, і Раство, Божае нараджэнне. А вы набываеце беларускім сябрам альбо за мяжу збіраецеся паслаць?

Дзяўчына:

- Частка сяброў ў мяне тут, у Беларусі, частка родных у Расеі жыве, у Польшчы. І я хачу менавіта беларускія паштоўкі, таму што калі выбіраеш на расейскай мове - гэта звычай-на, а калі дасылаеш на роднай, беларускай мове - гэта вельмі прыгожа, і родныя вельмі рады.

Карэспандэнтка:

- Як вам асарты-мент?

Спадар:

- Вельмі добры, падабаецца.

Карэспандэнтка:

- А выбіраеце замежным сябрам ці беларускім? Чаму менавіта на беларускай мове?

Спадар:

- Якія прыгажэйшыя, тыя і выбіраем".

Спадарыня:

- У Расею хочам даслаць. І канечне, толькі па-беларуску.

Дзяўчына:

- Я хачу даслаць за мяжу сваім сябрам, у Англію. Ім, напэўна, будзе цікава атрымаць менавіта беларускія паштоўкі. Вельмі прыгожыя паштоўкі, на любы густ - тут і праваслаўныя храмы, і беларуская прырода. Выбар проста цудоўны!"

Сапраўды, выбіраць ёсць з чаго - я налічыла больш за чатыры дзясяткі разнастайных беларускіх паштовак - з Калядамі, са святам Божага нараджэння, з Новым годам. У савецкія часы, не сакрэт, паштоўкі выпускаліся толькі навагоднія, Пасля таго, як Беларусь стала незалежнай, з'явіліся паштоўкі "З Ражджаством". Таварыства бе-ларускай мовы стала на абарону чысціні мовы і пачало ліставанне з Міністэрствам сувязі і інфарматыкі.

Распавядае старшыня ТБМ Алег Трусаў:

- Мы пісалі лісты, што гэта "ражджаство" ні ў адным слоўніку беларускай мовы не прысутнічае, а "ражджаство" па-беларуску і ёсць Каляды. Ну, а пасля таго, як на абарону "ражджаства" выступіла Руская праваслаўная царква, цяпер мы маем самыя розныя варыянты: у нас ёсць і з Калядамі, і з Новым годам, і з Ражджаством, і з Раством, і са святам Божага нараджэння. Прычым, я што заўважыў: у першую чаргу народ раскупіў не з "Ражджаством", а з "Божым нараджэннем". Ужо "З Божым нараджэннем" амаль няма ў продажы, а "Ражджаство" стаіць.

Цікавыя фотаздымкі, прыгожыя малюнкі, сучасны дызайн, цудоўная паліграфія. І выпускае гэта ўсё "Белпошта", адмысловы аддзел выдання знакаў паштовай аплаты. Дарэчы, лепшыя ўзоры адбіраюцца на конкурснай аснове.


Помнік Валянціну Таўлаю

У Менску ў майстэрні скульптара Ігара Голубева ідзе праца над бюстам беларускага паэта Валянціна Таўлая для горада Ліды. Кіруе праектам Анатоль Белы.

Бюст плануецца ўстанавіць каля замка перад домікам Валянціна Таўлая, з якога зараз высяляецца спорткамітэт, і дзе ў 2007 годзе будзе адкрыты Лідскі літаратурны музей.

Днямі ў Ліду дастаўлены макет бюста ў мяккім матэрыяле. Сам помнік будзе адліты ў метале (бронза або сілумін) велічынёю 1,5 - 2 натуры.

Скульптар Ігар Голубеў вядомы такімі творамі як помнікі Напалеону Ордзе ў Іванава, Ефрасінні Полацкай у Менску, помнік-дыспут Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага ў Менску, помнікі Язэпу Драздовічу ў Менску, Уладзіміру Караткевічу ў Оршы, Ефрасінні Полацкай у Полацку і інш. Пры выкананні многіх з гэтых праектаў кіраўніком быў Анатоль Белы.

Постаць Валянціна Таўлая ўшанавана ў Лідзе ў назве вуліцы, тут праходзіць штогадовы літаратурны конкурс імя Таўлая, напісаны многія літаратурныя творы пра Валянціна Таўлая, тут жыве шмат сваякоў паэта. Устаноўка помніка будзе яшчэ адной праявай нашай павагі да гэтага Творцы і Змагара.

Яраслаў Грынкевіч.

На здымку: макет бюста В. Таўлая.


На Кальварыйскіх могілках адкрыты помнік Вацлаву Іваноўскаму

Больш двух дзясяткаў актывістаў розных грамадскіх арганізацыяў прыйшлі 16 снежня на менскія Кальварыйскія могілкі, каб ушанаваць памяць аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя Вацлава Іваноўскага. Забіты ў снежні 1943 года ў Менску невядомымі тэрарыстамі прафесар Іваноўскі быў пахаваны на Кальварыі, але ягоная магіла доўгі час была занядбаная.

Толькі напрыканцы 80-х гадоў на ёй з'явіўся драўляны крыж. А сёлета грамадская актывістка Людміла Ліцьвінава разам з аднадумцамі наладзіла збор сродкаў на помнік Вацлаву Іваноўскаму.

Невялікую гранітную стэлу з надпі-сам: "Вацлаў Іваноўскі, 1880-1943" асвяціў ксёндз з Кальварыйскага касцёла.

Вацлаў Іваноўскі - адзін з засна-вальнікаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. У 1903 годзе Іваноўскі ўдзельнічаў у заснаванні Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады.

У 1906 годзе ўзначаліў славутую выдавецкую суполку "Загляне сонца і ў наша ваконца" ў Пецярбурзе.

1918 годзе - міністар асветы Бела-рускай Народнай Рэспублікі, рэктар Мен-скага педагагічнага інстытута.

Ад лістапада 1941 года - бурга-містар Менска, заснавальнік нелегальнага Беларускага нацыянальна-дэмакратычнага аб'яднання.

Альгерд Невяроўскі.


Дарагія суайчыннікі,беларускія патрыёты!

Таварыства беларускай культуры ў Літве віншуе Вас

са святымі Калядамі і Новым 2007 годам.

Жадаем моцнага здароўя, асабістага шчасця і поспехаў на ніве змагання за незалежную, свабодную і дэмакратычную Беларусь,

за светлыя ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рада Таварыства беларускай культуры ў Літве.


Літары мусілі быць залатымі

Напрыканцы мінулага тысячагоддзя, у 1998 годзе, Анатоль Белы ініцыяваў сярод мастакоў-манументалістаў конкурс на стварэнне помніка "Роднаму слову". Задума магла падацца парадаксальнай, нават смешнай, калі б не дэвіз конкурсу - неўміручыя словы Францішка Багушэвіча: "Не накідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!". Яны ставілі ўсё на еваё месца, пякуча хвалявалі і (шмат раней за Юліюша Фучыка) перасцерагалі быць пільнымі. У гэтым конкурсе, разам са скульптарам Ігарам Голубевым, я прыняла ўдзел у якасці архітэктара аднаго з варыянтаў. Ідэі комкурса рэапізацыі не атрымалі, але засталіся жыць у нашых думках. Крылатая фраза Ф. Багушзвіча - гэта своеасаблівы "попел Клааса", што грукае ў сэрца беларусаў (павінен грукаць). На сённяшні дзень гэтыя словы адлітыя ў метале на сцяне Музея выяўленчага мастацтва ў горадзе Старыя Дарогі (фонд А. Белага). Так атрымалася, што тое ж, па-свойму, зрабіла і я ў якасці чальца Рэспубліканскага Экспертнага савета па манумента-льнаму мастацтву пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Са жніўня 2004 года манументальны савет пачаў каардынаваць работу па мастацкім афармленні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ушчыльную супрацоўнічаць з аўтарамі гэтага сацыяльна знакавага збудавання, архітэктарамі В. Крамарэнка і М. Вінаградавым, і кіраўніцтвам бібліятэкі, прадстаўнікі якой звычайна прысутнічалі на агульных паседжаннях, што адбываліся амаль штотыднёва. Да таго часу архітэктары былі засяроджаны пераважна на складаных функцыянальных і тэхнічных праблемах збудавання. У семантычнамастацкім плане іх задавальняла адзінае вобразнае параўнанне будынка бібліятэкі з "дыяментам" - бліскучым сімвалам пыхлівага багацця. Адразу было вырашана пашырыць вобразна-сімвалічны змест незвычайнага па кампазіцыі будынка бібліятэкі з поліцэнтрычнай шматграннай формай кнігасхопішча, трактаваць яго як "сонца ведаў", "скарбонку духоўнасці", а ўсё мастацкае афармленне прысвяціць гісторыі беларускяй культуры і, у першую чаргу, бсларускаму кнігадрукаванню. Ключом для гэтай задумы стаў помнік Францішку Скарыну, які меркавалася паставіпь перад уваходам у бібліятэку, па цэтральнай восі булынка. Асветнік з першай друкаванай усходнеславянскай кнігай ў руцэ нібыта адкрываў перад чытачом шлях у свет велаў. Але такую ўстаноўку помніка не дазволіў менскі гарвыканкам, дакладней, сам М. Паўлаў. У выніку помнік пастаўлены наўзбоч ад увахода, на фоне велічнай адкрытай прасторы, дзе ён у значнай стунені страчвае свой маштаб і сэнсавую значнасць.

Вялікая роля ў кампазіцыі галоўнага ўвахода бібліятэкі надаецца бака-вым крылам, што нагадваюць разгорнутую кнігу. Але першапачаткова аўтары праектавалі апрацаваць паверхню сцен так званым дыяентавым рустам з цёмнага граніту, каб падтрымаць асноўную вобразную тэму будынка. З майго боку спатрэбілася шмат часу, каб пераканаць іх адмовіцца ад гэтай некалькі "лабавой" і мала эстэтычнай задумы. Цёмны важкі руст з трохвугольнымі і трапецыяпадобнымі гранямі не "працаваў" бы на паўночным неасветленым фасадзе, а толькі абцяжарваў бы празрыстаць і лёгкасць кампазіцыі. Было вырашана зрабіць абліцоўку крылаў з светлага каменю і аздобіць іх тэматычнымі надпісамі, выкананымі ў тэхніцы нізкарэльефнай заглыбленай разьбы. Агульны малюнак крылаў, відавочна, павімен быў мець два розныя маштабы, каб успрымацца з далёкіх пунктаў агляду, з аўтамагістралі, і пры падыходзе да ўвахода, дзе важным становіцца ўжо не толькі малюнак, але і змест надпісаў. Аўтарскім калектывам мастакоў-манументалістаў, які ўзначаліў У. Крываблоцкі, папярэдне былі зроблены картоны крылаў у натуральную велічыню, агульнай плошчай каля 200 квадратных метраў. Буйны маштаб на левым крыле ўвахода забяспечыў умоўны малюнак геліяцэнтрычнай сістэмы Канерніка, а тэмай надпісаў стала адзіная цытата з Бібліі на розных мовах свету "Каб дасканалы быў чалапек Божы" . На правым крыле адпаведна ў буйным маш-табе выкананы сімвалы Ф. Скарыны Сонца і Месяц, а для надпісаў супрацоўнікамі бібліятэкі былі пада-браны цытаты вялікіх асветнікаў Беларусі (ці з Беларусі) на тэму значнасці слова, вучонасці, ведаў таксама на розных мовах, што бытавалі ў нашай краіне. Першапачаткова Ф. Ба-гушэвіч у гэтым пантэоне быў прадстаўлепы вершам:

I разышлося тое слова

па свеце,

Як праменні сонейка

ў леце...

Толькі з трэцяга пра-гляду і абмеркавання картонаў мне ўдалося пераканаць адказных асобаў, што гэты нейтральны, дзякуй Богу, радок па рыфме і сэнсу амаль цалкам паўтараецца ў цытаце з Янкі Кулалы, размешчанай побач, што па духоўнаму запалу ён саступае палкаму закліку да беларусаў помніць родную мову, што высечаныя ў камені словы не бываюць "банальнымі", як мне казалі апаненты.

Заглыбленыя рэльефныя літары мусілі быць пакрытымі сусальным золатам, але хапіла толькі на вохрыстую фарбу. Я не буду казаць, што яшчэ з задуманага не спраўдзілася. Работа была праведзена тытанічная і не заўсёды аднадумцамі, але ж усё-такі Багушэвіч звяртаецца да кожнага чытача ці "экскурсанта" са сцен Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі сваімі неўміручымі словамі: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"

Тамара Габрусь, доктор мастацтвазнаўства.

На здымках: словы Францішка Багушэвіча на сцяне Музея выяўленчага мастацтва Анатоля Белага ў Старых Дарогах і на На-цыянальнай бібліятэцы.


Пра натуральныя і штучныя формы словаў

Беларускай мове неўласцівы збег галосных у межах адной марфемы, таму ён раздзяляецца зычным дзеля гармоніі гукаў. Гэтаму закону падлягаюць і словы іншамоўнага пахо-джання, дзе спалучэнне (збег) галосных раздзяляе зычны [й]; параўн. біялогія [бійалогійа] з biologia . Такую адмысловасць нашай мовы добра засведчыў акадэмічны «Руска-беларускі слоўнік» (Масква, 1953) пад рэдакцыяй Я.Коласа, К. Крапівы, П.Глебкі. У ім бачым: «Ион физ. іён, ионийцы ист. іянійцы, Ионическое море - Іянічнае мора, адажио - адажыё, сольфе-джио -сальфеджыё; трио в разн. знач. - трыё, триод - трыёд; триолет - трыя-лет».

I ў тэрміналагічных слоўніках 1990-х гадоў так-сама бачым гэта: іён, ія-трон, іянізацыя, іянізаваць, іённая атмасфера, радыюс, трыё і пад.

Зазначым: спалучэнне (збег) галосных у межах адной марфемы падзяляецца зычным ва ўсіх фанетычных пазіцыях - пачатку, сярэдзі-не і канцы іншамоўных словаў. I гэта адпавядае гука-вому ладу нашай мовы: зеўранне (збег галосных) парушае гэтую заканамер-насць беларускай мовы.

Невыпадкова ў «Выніковым дакуменце» (1994 г.) Дзяржаўная арфагра-фічная камісія этымалагіч-нае іо (ыо) на канцы слова раіла перадаваць як іё (ыё) : адажыё, сальфеджыё, трыё.

I гэта правільна: бе-ларусы пісалі і пішуць такія словы з падзелам канцавога спалучэння галосным зыч-ным гукам: параўн. радыё (рас. радио), як і студыя (італ. studio) і пад.

Прапанова канцавое этымалагічнае спалучэнне іо (ыо) перадаваць на пісь-ме як іа (ыа) не мае ніякай падставы і парушае закон гармоніі гукаў. У такім разе трэба будзе ўжо пісаць піа-нер, патрыатычны, біалогія і пад., што пярэчыць усталяванай традыцыі беларускага пісьма.

Павел Сцяцко


Паўстагоддзя на балгарскай ніве

Можа, крыху і нясціпла, але мушу гэтыя нататкі пачаць з сябе.

Нядаўна ў Доме дружбы народаў у Менску ад-былася прэзентацыя гіста-рычнага рамана балгарскага пісьменніка Антона Дончава "Час памежны" ў маім перакладзе на беларускую мову. Пераклад яго стаўся вынікам таго, што я прыхільнік, вучань і паслядоўнік слыннага беларускага паэта і перакладчыка-балгарыста, даследчыка балгарскай паэзіі Ніла Гі-левіча.

У свой час пад яго ўплывам я захапіўся бал-гарскай мовай і літарату-рай. Н. Гілевіч паспрыяў маёй паездцы на вучобу ў Сафію ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, затым яшчэ раз на міжнародны сімпозіюм перакладчыкаў. Балгары актыўна рыхтавалі творчыя перакладчыцкія кадры за межамі краіны.

У той час вельмі папулярным быў сатырычны часопіс "Вожык". Напрыканцы 1956 года я з цікавасцю прачытаў у ім гумарэску балгарскага пісьмен-ніка Мікалая Хайтава ў перакладзе Ніла Гілевіча, з чаго, відаць, і пачынаецца ягоная праца на балгарскай літаратурнай ніве.

У нашых часопісах і газетах тады пачалі публікавацца вершы балгарскіх паэтаў, у якіх беларускім чытачам праз мастацкія вобразы адкрываўся новы свет - новы, а ў нечым блізкі і яскравы... Кожны ж чалавек па-свойму унікальны, а нацыянальны паэт тым больш.

Сёння, аглядаючы здабыткі Ніла Гілевіча на балгарскай літаратурнай ніве ў 50-60 -я гады мінулага стагоддзя, міжволі здзіўляешся плённасці і размаху яго творчасці. У перы-ядычным друку ён рэгулярна публікаваў творы выдат-ных балгарскіх паэтаў. Але не толькі паэзіяй займаўся Ніл Гілевіч. Ён паспяхова перакладае і аб'ёмную мастацкую прозу, якая вымагае вялікай працы. У ягоным перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П. Вежынава "Сляды застануцца" (1960), зборнік апавяданняў "Любча-безбілетнік". У гэты ж час ён выдаў зборнік паэзіі "Балгарскія народныя песні", анталогію сучаснай балгарскай паэзіі "Ад стром балканскіх" . У прадмове да анталогіі пад назвай "Пер-шая ластаўка" Н. Гілевіч піша: "Гэта першая ў нашым беларускім небе паэтычная ластаўка з-за Дуная, услед за якою прыляціць іх яшчэ нямала - бо час ідзе ім насустрач, бо наступіла вясна вялікага братэрства народаў". Тут жа Ніл Сымонавіч выказвае ўдзячнасць сваім кансультантам, нашым сябрам, балгарскім паэтам Н. Вылчаву і І . Давыдкаву. Сам добры знаўца балгарскай літаратуры, з дапамогай сяброў ён вызначыў кола аўтараў, выбраў творы пераклаў іх па-майстэрску, бліскуча. Яму сапраўды ўдалося захаваць і перадаць на роднай мове хараство і водар паэзіі братняй балгарскай зямлі.

За "першай ластаўкай", як і прадбачыў майстар, прыляцелі яшчэ.

У 1973 г. Н. Гілевіч (з удзелам А. Разанава) выдаў "выбраныя старонкі класічнай балгарскай паэзіі" пад назвай "Хай зорыць дзень!"

Гэтая кніжка, а так-сама пераклады балгарскіх паэтаў Н. Вапцарава, Хр. Радзеўскага, Г. Джагарава, Л. Леўчава. Хр. Боцева, І. Вазава, Н. Вылчава і многіх іншых у перакладзе нашага слыннага паэта Ніла Гіле-віча сапраўды зораць нам і новым пакаленням беларусіх чытачоў.

Уладзімір Анісковіч.


"Камунарка" беларусізуецца

ААТ "Камунарка" пачало ўжываць пры упа-коўцы сваёй прадукцыі беларускую мову. Хоць на гэтай паперцы ўсяго тры бела-рускія словы "Чырвоная Шапачка" і "цукеркі", але, як кажуць, дзякуй і за гэта.

Беларускія надпісы з'явіліся і на пачках з пра-дукцыяй "Камунаркі". Хоць яны займаюць там і не ас-ноўнае месца, тым не менш ўсё-такі ёсць.

Наш кар.


Свята " Першаліст" у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва

Шмат добрых традыцый у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Адна з іх - віншаванне першакурснікаў з іх новым крокам у жыцці - паступленнем ва універсітэт. Яны стаялі на школьных прыступках у святочным выпускным убранні і не ведалі, што іх чакае наперадзе. А сёння яны ўжо першакурснікі, студэнты 139 групы - будучыя спецыялісты, будучыя настаўнікі. З гэтай важнай падзеяй іх вырашылі павіншаваць выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі, студэнты другога курса факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый і іх куратар Людміла Мікалаеўна Дзіцэвіч, студэнты старэйшых курсаў.

Уступнае слова ўзяла загадчык кафедры беларускай філалогіі Вольга Алексееўна Гуліцкая, якая павіншавала першакурснікаў і пажадала ім поспехаў. Да віншавання студэнтаў далучылася Алена Міхайлаўна Пісарэнка. Выдатны выкладчык, Алена Міхайлаўна піша вершы, кіруе творчай суполкай "Букет", дзе збіраюцца таленавітыя маладыя людзі і дзеляцца сваімі творчымі поспехамі. У "Букеце" ужо чакаюць адораных першакурснікаў.

А прыйшлі ва універсітэт сапраўды самыя здольныя. Усе выкладчыкі з зачараванасцю і гонарам глядзелі на таленавітых першакурснікаў. Стараста 1-га курса Вольга Крыжаноўская падзякавала ўсім выкладчыкам за цёплыя словы і прадставіла сваю групу.

Іна Галаванёва прапанавала ўвазе свае малюнкі. Больш за ўсе яна любіць маляваць жывёл. Адзін малюнак ствараецца больш за тры месяцы, калі прыходзіць натхненне. Вольга Ганусевіч вышывае крыжыкамі розныя выявы - ад нацюрморта да пейзажаў. Вікторыя Тыльковіч пяе цудоўныя беларускія пес-ні не горш, чым эстрадная спявачка. Святлана Малейка пляце макрамэ і піша казкі, якія чытаюць нават на радыё. Адну з іх мы пачулі і былі зава-рожаныя таленавітасцю на-шай першакурсніцы.

Колькі таленавітых мастакоў слова і справы ўвайшло ў наш храм навучання. Акрамя гэтага, яны праз пяць гадоў будуць несці веды ў свет. Гэтыя натхнёныя маладыя асобы з палкімі вачыма цягнуцца да ведаў і прагнуць творчасці.

Першакурснікі пазнаёміліся з выкладчыкамі беларускай кафедры, убачылі сваіх калег-студэнтаў старэйшых курсаў, якія ім расказалі пра студэнцкае жыццё: вясёлае, жартоўнае, працоўнае, цікавае і маладое. Студэнткі 4-га і 5-га курсаў паведамілі пра ўсе таямніцы стварэння будучых настаўнікаў. Расказалі пра педагагічную практыку - натхнялі першакурснікаў будучай прафесіяй.

Так прайшло яшчэ адно свята ў сценах Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, якое пасвяціла першакурснікаў у студэнты. У сваю чаргу, я пажадаю ім шмат цярпення, увагі і любові да таго шляху, які яны абралі, бо настаўнік - гэта найлепшая з прафесій у свеце.

Вольга Глінская, стараста 439 групы

факультэта інфармацыйна-дакументных

камунікацый. Фотаздымкі

Алены Мамонькі.


Кліча памяць

10 снежня вёска Сейлавічы Нясвіжскага раёна святкавала свааё 420-годдзе. Гэтае свята некалькі разоў пераносілася: хацелі зрабіць на Зельну - жніво, хацелі на Багача - бульбу трэба было капаць. Можа і яшчэ б аднеслі, ды ўжо няма куды, хутка і Каляды з Новым годам, а свята мусяла адбыцца сёлета і не магло не адбыцца, бо яго хацелі. Гэта першы юбілей вёскі, які тут святкуецца. Не зусім круглы, мо не зусім дакладны, але вельмі знакавы. Людзі захацелі адзначыць юбілей вёскі, захацелі згадаць пра свае карані. Магчыма гісторыкі знойдуць больш раннія звесткі пра Сейлавічы, магчыма аднясуць дату заснавання яшчэ глыбей у мінуўшчыну, гэта ўжо па сутнасці нічога не зменіць, людзі адчулі тую апору, якую заклалі пад гэтую вёску 20 пакаленняў яе папярэдніх жыхароў. Продкі не пакінулі сённяшнім сейлаўцам замкаў, палацаў, яркіх паданняў. Яны на працягу 20 пакаленняў проста аралі і баранілі гэтую зямлю, гадавалі дзяцей і ўнукаў, збераглі і перадалі праз стагоддзі вёску ў тры кіламетры даўжынёй з пасёлкамі і новым мікрараёнам, вёску, не горшую за іншыя, а ў многім лепшую, дзе нават аграгарадок плануецца.

Клуб начале з дырэктарам Марынай Навоша падрыхтаваў святочную праграму, якая вялася на добрай беларускай мове, хаця многія эстрадныя нумары гучалі і па-руску.

Спявалі, танчылі, жартавалі, ушаноўвалі выбітных вяскоўцаў. Самая старэйшая 98-гадовая жыхарка Сейлавічаў на свята не прыйшла, а вось мама самай маленькай Каці Андрайчук атрымала падарунак з рук старшыні сельсавета.

На свяце была ўся тутэйшая ўлада і прадстаўнікі раёна, але магчыма больш важна, што не засталіся абыякавымі людзі, і ў разгар свята тут, як у добрыя старыя часы зноў не хапала месцаў, хоць і была самая сярэдзіна дня. А гэта значыць, што стаяць Сейлавічам, як і стаялі, адлічваць новыя гады і дзесяцігоддзі, пераходзіць ад дзядоў да ўнукаў на гонар і славу нашай Беларусі.

Станіслаў Суднік.


"Рэп-вакацыі": вулічныя рыфмы па-беларуску

Яшчэ адзін доказ таго, што беларускамоўны рэп (рэп - частка гарадской гіп-гоп-культуры) стаў рэальнай з'явай, слухачы атрымалі падчас нядаўна пра-ведзенага ў Менску фэсту "Рэп-вакакцыі-2006". Ягоным арганізатарамі стала суполка БМАgroup і вядомы беларускі рэпер "Шляхта" - С. Давідзенка. Адзначу, што Сяржук паспрабаваў сябе не толькі ў якасці выканаўцы, але і як прадзюсер. Само асяроддзе рэп-выканаўцаў пачало вылу-чаць сваю эліту - крэатыўных арганізатараў, якім наканавана рухаць справу далей…

Аб'ектыўныя і суб'ектыўныя фактары не дазволілі ажыццявіць на гэтых "Рэп-вакацыях" усё заду-манае, але фэст стаў са-праўднай стартавай пляцоўкай для многіх беларускамоўных выканаўцаў. На-прыклад, для маладой рэп-каманды "Чорны квартал". І хоць ім яўна не хапала майстэрства чыткі, а іхнія тэксты былі далёкія ад ўзроўню творчай сталасці, удзельнікі "Чорнага кварталу" атрымалі неацэнны до-свед выступу перад зацікаўленай публікай, а таксама магчымасць суаднесці свой узровень з больш вопытнымі выканаўцамі.

Напрыклад, з творчасцю МС ( МС - значыць, рэп-выканаўца-саліст) "Condor", які прадэманстра-ваў арганічнасць вострых беларускамоўных тэкстаў і майстэрства выканання, а таксама, вядзення свайго выступу. Яго ж калега - МС "Goodwin", таксама адзначыўся схільнасцю да дасканалага выканання, але вось з "арганічнасцю" былі праблемы: усё псавалі ягоныя рэмаркі "Спасибо!", "До свидания!". Калі рэпер цы-туе ў тэксце Ф. Багушэвіча: "Не пакідайце ж мовы беларускай, каб не ўмёрлі…", дык слухачы чакаюць адпа-ведных гэтым вялікім сло-вам учынкаў. Для беларускамоўнага рэпера важна, каб не толькі ў песнях уздымалася тэма роднай мовы, але каб і ў самога выканаўцы прага гаварыць па-беларуску была жыццёвай неабходнасцю. Як, напрыклад, у МС "Шляхта" ці "Shekspeare-MC". Гэтыя выканаўцы выказвалі свае адносіны да моўнай і сацы-яльнай сітуацыі ў краіне. МС "Шляхта" з публіцыстычна-эмацыянальным зме-стам тэкстаў выступаў у абарону роднай мовы. Некаторыя тэксты Сяржука па структуры і функцыі наблі-жаліся да мастацкіх маніфестаў. І гэта зразумела: адзін з самых дасведчаных выканаўцаў - МС "Шляхта" слушна спрабуе абагу-льніць мэты і спраецыраваць кірункі беларускамоўнага рэпу.

Больш малады "Shekspeare-MC" тых ж мэ-таў дасягае з дапамогай прыроджанай пластыкі, схільнасці да сатыры і гумару. Ягоны рэп-рэфрэн "Ё, ё! У нас бульба ё!", як і рэфрэн "N.R.M."-"Крамы" "Хавай-ся ў бульбу", уваходзіць у аналы сучаснага гарадскога фальклору.

З прыхільнасцю слухачы прымалі і іншых перс-пектыўных чытальнікаў рэпу - дуэт "TROOL", гурт "Sila Slova" і іншых.

Украінскія госці "Рэп-вакацыяў" - гурт "Эпіцэнтр Уніі" перад сваім выступам меў сумненні. Адзін з яго ўдзельнікаў прызнаўся слухачам: "Мы баяліся, што не зразумеем беларускую мову, але пасля таго, як паслухалі вашых выканаўцаў, мы адчулі, што нашы мовы вельмі блізкія. Мы разумеем беларусаў!" Упэўнены, што і бела-русы маглі сказаць у адказ: "Мы таксама разумеем тое, пра што чытае рэп гурт "Эпіцэнтр Уніі"!

Адзначу, што такія творчыя кантакты вельмі спрыяльныя для развіцця гэтага напрамку сучаснага мастацтва, бо падчас іх адбываецца ўзаемаўзбагачэнне, як у мастацкім, так і ў выка-наўчым плане.

Хэд-лайнеры "Рэп-вакацыяў" - гурт "Чырвоным па Белым" выканаў не-калькі кампа-зіцый са свай-го дэбютнага альбома "Вулічныя байцы", чым вы-клікаў шмат станоўчых эмоцый у сваіх прыхільнікаў. Пабачыць сваіх куміраў з "ЧпБ" - Krou I Imperator'а, паслухаць іх рэп "жыўцом" - гэта была іх мара! Для справядлівасці заўважу, нягледзячы на мо-ўныя хібы тэкстаў "ЧпБ", іх рэп можа зачапіць за жывое, крэўнае… Мо таму гурт усё часцей адносяць да лідараў беларускага рэпу.

Але такія адзнакі не даюць права ім дрэнна адгукацца пра сваіх калег па творчаму цэху. Ёсць такія прыкрыя спробы ў удзельнікаў гурту "Чырвоным па Белым". У адной з кампазіцый яны неабгрунтавана "наязджаюць" на Аляксандра Памідорава. (Гэта той рэдкі выпадак, калі цытаваць тэкст не выпадае). Той, хто ведае Алеся, упэўнены, што такі паважаны музыка не заслугоўвае дрэнных слоў з боку "ЧпБ". Перш чым кінуцца ў музычна-публічныя "разборкі", трэба памятаць, што ўсе мы беларусы і павінны трымацца адзін аднаго. Толькі так можна дасягнуць поспехаў! Добра, каб Krou і ягоная каманда зразумелі гэтую ісціну...

Так, "Рэп-вакацыі-2006" сталі здабыткам гісторыі. На жаль, не ўсё задуманае удалося ажыццявіць. У прыватнасці, не адбыўся фрыстайл - рыфмаваныя двубоі паміж рэп-выканаўцамі, якія заўсёды выклікаюць жывую рэакцыю слухачоў. Але не бяда: арганізатары абяцаюць прыхільнікам беларускамоўнага рэпа новыя сустрэчы ў нас наступным годзе.

Анатоль Мяльгуй,

фота аўтара.


З паэзіяй па жыцці

Яна чароўная, яна прыгожая, яна захапляе і адрывае душу чалавека ад зямлі. Яна прымушае забыць штодзённыя чалавечыя клопаты і адкрывае для яго новы, яшчэ не зведаны свет. Яна - паэзія.

Нядаўна адбылася сустрэча сяброў літаратурнага аб'яднання "Суквецце", якім кіруе паэт Міхась Мельнік, з моладдзю. На гэты раз пасяджэнне прайшло ў Маладзёжным цэнтры, які знаходзіцца ў інтарнаце Лідскага каледжа. На сустрэчу з навучэнцамі і выкладчыкамі навучаль-най установы былі запрошаны вядомыя на Лідчыне літаратары і барды. Сярод іх Станіслаў Суднік, Пятро Макарэвіч, Васіліса Пазну-хова, Аляксандр Слука. Сяржук Чарняк. Генадзь Зубрыцкі, Алесь Хітрун, Вольга Верасняк, Аксана Басалай, Людміла Русь, а таксама пачынаючыя па-эты, навучэнцы каледжа: Вольга Цяслюк, Яўген Пац, Іна Міхалюк і іншыя.

Васіліса Пазнухова пранікнённа спявала песні на свае словы, захапіў прысутных песнямі і бард Генадзь Зубрыцкі. Сяржук Чарняк выканаў песні на словы беларускіх класікаў і мяс-цовых аўтараў. Станіслаў Суднік пазнаёміў слухачоў са сваімі паэтычнымі творамі на гістарычную тэму. Пятро Макарэвіч чытаў свае пераклады на бела-рускую мову твораў Адама Міцкевіча. Міхась Мельнік эмацыянальна чытаў свае творы, напісаныя ў часы малодосці, і новыя. Разам з тым выступалі і пачына-ючыя паэты Лідчыны, якія даюць надзею на будучае беларускай літаратуры, на працяг вялікага скарба паэзіі, перададзенага нам ад продкаў.

Вольга Цяслюк,навучэнка Лідскага каледжа.

На здымках: спявае Сяргей Чарняк; у зале; свае творы чытаюць Алесь Хітрун, Вольга Цяслюк, Міхась Мельнік.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX