Папярэдняя старонка: 2007

№ 05 (793) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 5 (793) 31 СТУДЗЕНЯ 2007 г.


20 гадоў з дня нараджэння Фабіяна Шантыра

ШАНТЫР Фабіян Гіляравіч [23.1(4.2).1887, г. Слуцк - 29.5.1920], бел. палітычны і грамадскі дзеяч, пісьменнік, публіцыст. У снеж. 1905 арыштаваны за рэв. дзейнасць у мяст. Старобін і зняволены ў слуцкую турму. Віленская судовая палата 15.3.1907 спыніла справу за «недаказанасцю падзей злачынства». Працаваў хатнім настаўнікам, мулярам, прыватным адвакатам у Слуцку. З 1914 у арміі, служыў пісарам, бухгалтарам, наглядчыкам палявога шпіталя ў Бабруйску. У 1916-17 удзельнічаў у рабоце клуба «Беларуская хатка» ў Менску, пазнаёміўся з З. Верас, якая стала яго жонкай. У 1917 адзін з лідэраў левага крыла БСГ, старшыня Бабруйскага к-та БСГ. Уваходзіў у Бел. нац. к-т і Цэнтр. раду бел. аргцый і партый. Дэлегат Усебеларускага з'езду 1917, адыгрываў вядучую ролю ў левай фракцыі з'езду, спадзяваўся на парытэтны саюз з бальшавіхамі Зах. вобласці і фронту. У 1918 заг. Смаленскага аддзялення Бел. нац. камісарыяту, разам з Г.І.Гарэцкім арганізаваў у Смаленску сход, на якім меркавалася стварьшь бел. партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У канцы 1918 уступіў у РКП(б), працаваў у Слуцкім пав. вайск. камі-сарыяце. У 1919 камісар па нац. справах Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі. У лют. 1919 зняволены ў менскую турму разам з членамі ўраду Я. Дылам і У. Фальскім, потым працаваў у Менскім губ. вайск. камісарыяце, Асобай харчовай камісіі Зах. фронту, з ліст. 1919 кіраўнік справамі Асобай харчовай камісіі 16-й арміі. У 1919-20 уваходзіў у Бел. рэдак-цыйную калегію ЦК КП(б) ЛіБ, удзельнічаў у выданні газ. «Савецкая Беларусь».

Арыштаваны 17.4. 1920 Асобым аддзелам 16-й арміі і, нягледзячы на заступніцгва В.Г. Кнорына і А.Р. Чарвякова, 26.4.1920 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў г. Навазыбкаў. Рэабі-літаваны Пракуратурай Рэспублікі Беларусь 23.3. 1992.

Друкаваўся з 1909 у газ. «Наша ніва», змяшчаў артыкулы ў рукапісных час. «Заря» і «Голос низа». Аўтар рамантычных, блізкіх да абразкоў імпрэсій. Пісаў вершы. Як публіцыст уздымаў актуальныя пытанні пашырэння асветы як умовы росту нац. свядомасці бел. народа. Аўтар публіцыст. працы «Беларускае пытанне» (1918, рукапіс рыхтаваўся да выдання, не збярогся).


У Святланы Багданкевіч юбілей

Багданкевіч Святлана Мікалаеўна нарадзілася ў вёсцы Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці. 30 студзеня ў яе біяграфіі круглая дата.

С. Багданкевіч скончыла Стаўбцоўскую СШ № 1 (з залатым медалём) і музычную школу ў 1965 годзе . У гэтым жа годзе паступіла ў Менскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага (цяпер БДПУ імя Максіма Танка) на літаратурна-музычны факультэт. Пасля яго заканчэння ў 1970 годзе ўладкавалася на працу ў Менскую педагагічную вучэльню, дзе працавала да 2003 года выкладчыцай фартэпіяна і беларускай музычнай літаратуры. З 1990 года сябар Таварыства беларускай мовы, з 1997 г. - сябра Рады ТБМ і Сакратарыяту ТБМ.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць спадарыню Святлану з юбілеем і зычаць ёй натхненя і імпэту на службе Беларусі.

(Інтэрвію з Святланай Багданкевіч чытайце на ст. 2.)



220034, г. Минск ул. Румянцева, 13

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Паважаны спадар Трусаў!

Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот адносна выдання Правілаў дарожнага руху на беларускай мове. Па закранутаму пытанню МУС Рэспублікі Беларусь накіраваны запыт у выдавецтва.

Аб выніках запыту мы паведамім Вам пазней.

Намеснік міністра В.Л. Філістовіч.



Старшыні Грамадскага аб' яднання

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13, 220034, г. Мінск.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь інфармуе Вас аб тым, што выпуск знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца на падставе тэматычных планаў. Праекты тэматычных планаў фарміруюцца ў адпаведнасці з «Палажэннем об знаках паштовай аплаты і спецыяльных паштовых штэмпелях Рэспублікі Беларусь», згодна якому выдатныя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, дзеячы навукі і культуры, мастацтва могуць быць адлюстраваны на знаках паштовай аплаты да юбілеяў са дня нараджэння, кратных 25.

Паведамлялась Вам таксама і аб немагчымасці прадугледзець у тэматычным плане ўсе юбілейныя даты.

Разам з тым, улічваючы Вашу просьбу, прынята рашзнне выпусціць да 90-годдзя з дня нараджэння Янкі Брыля мастацкі немаркіраваны канверт.

Намеснік міністра Н.С. Гаўрылава.



Старшыні ГА "Таварыства беларускай мовы

імя Ф. Скарыны" Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13, г. Мінск. 220034

Разгледзеўшы заяву ГА ТБМ, Баранавіцкі гарадскі выканаўчы камітэт паведамляе, што згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь грамадзяне "усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную ахову правоў і законных інтарэсаў".

У адносінах да В.А. Сырыцы праваахоўнымі органамі праводзіцца праверка ў межах дзеючага заканадаўства. Па яе выніках будзе вырашаыа пытанне аб адказнасці або вызваленні ад адказнасці Сырыцы В.А.

Заява, што "у нашай краіне ў асобных рэгіёнах працягваецца пераслед людзей, якія выяўляюць актыўную грамадзянскую пазіцыю", не адпавядас: рэчаіснасці.

Намеснік старшыні Дз.А. Касцюкевіч.


Слову свайму не здрадзім ніколі

Карэспандэнт " Нашага слова " Уладзімір Содаль сустрэўся з актывісткай Таварыства беларускай мовы , сябрам Рады і Сакратарыяту Святланай Багданкевіч і задаў ёй шэраг пытанняў з нагоды яе юбілею .

Карэспандэнт: "Спадарыня Святлана, як і калі Вы прыйшлі да беларушчыны?"

Святлана Багданкевіч: "Павінна прызнацца, што адбылося гэта не так лёгка і хутка, як хацелася б. У 1970 годзе я скончыла літаратурнамузычны факультэт Менскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (цяпер БДПУ імя Максіма Танка), рускае аддзяленне. Чаму рускае? Відаць, на той час такія былі прыярытэты, калі не ў мяне, то ў маіх бацькоў, якія мяне і накіроўвалі адпаведна свайму разуменню дабра і карысці. Сёння я лічу тагачасны свой выбар памылковым, але тады не магла гэтага разумець. Працавала ў Менскай педагагічнай вучэльні (пазней - Менскі дзяржаўны педагагічны каледж № 2 імя Максіма Танка) выкладала музычныя дысцыпліны. Ні пра якую беларушчыну мы тады і не думалі ў нашым асяроддзі, наўрад ці ўвогуле ўсведамлялі сябе беларусамі. Да таго часу (70я - 80я гады) беларусы ўжо вырабіліся ў сваёй большасці ва ўзорных савецкіх людзей, як і трэба. Безнацыянальных. І атрымалі такую моцную ды трывалую закваску гэтай самай савецкасці, што яна не выпетрылася аж да сённяшняга дня, пра што сведчаць сацыялагічныя даследаванні. Праўда, што да мяне, то я ніколі не адчувала сябе ў поўнай меры савецкім чалавекам. Я нібыта хавалася (ці захоўвалася) ад рэчаіснасці ў сваёй шкарлупіне. І вось дзесьці ў сярэдзіне 80х гадоў, калі пачалася перабудова, нечакана ў маім жыцці адбыўся цуд - нібыта заслона ўпала з вачэй, і я пазбавілася сваёй слепаты. Упершыню ўсвядоміла праўду пра сябе і нашу краіну. Што паспрыяла гэтаму? Цяжка сказаць. Магчыма, тая ж філалагічная адукацыя, магчыма, прыклад знаёмых палякаў ды ўкраінцаў, з якімі мела сталыя стасункі. Да таго ж, чытала шмат літаратуры, наведвала вечарыны ў Доме літаратара. Былі, праўда, "званочкі" і раней, яшчэ ў маладосці, але, відаць, для мяне занадта слабыя, і я на іх не адрэагавал. Шкада, бо гэта магло змяніць усё жыццё.

Усвядоміўшы сваю беларускасць, я перайшла на беларускую мову ў штодзённым пабыце, пачала яе ўдасканальваць. Адначасова вывучала гісторыю і культуру Беларусі. Для гэтага ў канцы 80х - пачатку 90х адкрыліся новыя магчымасці. Можна было наведваць заняткі народнага універсітэта, пасля - вечаровага ліцэю, моўныя курсы. З'явілася шмат кніжных выданняў, прысвечаных гэтай тэматыцы. Газеты і часопісы змяшчалі цікавыя матэрыялы. На пачатку 90х я ўжо была цалкам гатова ўспрыняць ідэі нацыянальнага адраджэння і ўліцца ў шырокі адраджэнцкі рух. Неўзабаве перайшла на беларускую мову выкладання свайго прадмета ў каледжы, стала актыўным сябрам Таварыства беларускай мовы і Беларускага народнага фронту.

К: "А як увогуле вырашалася пытанне з мовай выкладання ў вашай навучальнай установе?

С.Б.: У 1992 годзе наш коледж набыў статус беларускамоўнай навучальнай установы. Выкладчыкі здавалі экзамен на права выкладання пабеларуску і паступова, хто раней, хто пазней пераходзілі на беларускую мову. Пабеларуску вялася ўся дакументацыя, пісаліся аб'явы, расклады і г.д. для тых, хто ўжо добра валодаў мовай. Адкрылася шырокае поле дзейнасці па беларусізацыі ўнутранага моўнага рэжыму каледжа. Вось і мне даводзілася рабіць шмат перакладаў (праграмы, розная дакументацыя), дапамагаць іншым. Па сваім прадмеце - удзельнічала ў складанні музычнапедагагічнага тэрміналагічнага рускабеларускага слоўніка (разам з мужам Валянцінам Карпуцем, дацэнтам кафедры народных інструментаў БДПУ імя Максіма Танка). Даводзілася нават ствараць беларускія тэксты для дзіцячых песняў. І ўсё гэта я рабіла з вялікім энтузіязмам, радавалася, што магу паслужыць нашаму нацыянальнаму адраджэнню. Я нібыта набыла другое дыханне, новы стымул для сваёй прафесійнай дзейнасці.

К: А як Вы пачувалі сябе пасля рэферэндуму 1995 года, ці не адбылося адкату назад?

С.Б.: У мяне не адбылося. Але гэтага нельга сказаць пра нашую навучальную ўстанову. Адкат адбыўся, хоць ніхто яго не дэкляраваў. Такі ціхі "паўзучы" адкат. У некаторых, дык адразу. Як толькі пачуліся пэўныя сігналы зверху. Прыкра назіраць, як, здавалася б, інтэлігентныя людзі, прафесіяналы, кіруюцца ў сваіх дзеяннях не высокімі перакананнямі, не пачуццём грамадзянскага абавязку, а толькі імкненнем дагадзіць начальству. Вось гэтая здольнасць падпарадкоўвацца любой канюнктуры, любым павевам зверху - ці не агульная наша беларуская рыса, што праяўляецца ва ўсім грамадстве, на ўсіх узроўнях? Такая мяккацеласць і падатлівасць, якая дазваляе кожнаму, у каго сіла, беспакарана вырабляць у гэтай краіне, з гэтым народам усё, што заўгодна. Цвёрдых ды ўпартых аказваецца замала. Вось мы і маем, што маем. Што да мяне, дык я якраз і праявіла гэтую самую ўпартасць. І мала таго, што не перавярнулася назад да расейшчыны, але яшчэ і пашырыла поле сваёй дзейнасці: распрацоўвала і чытала курс беларускай музычнай літаратуры ад ХІІ стагоддзя і да нашых дзён, выкарыстоўваючы адкрыцці ў гісторыі беларускай прафесійнай музыкі апошніх гадоў, стварала для каледжа фанатэку беларускай музыкі, вяла літаратурны гурток. Тут спатрэбілася мая філалагічная падрыхтоўка, а таксама свой досвед літаратурнай творчасці.

Шкада, канечне, што палітычная кан'юнктура апошніх гадоў не дазволіла ў поўнай меры выкарыстаць патэнцыял адданых нацыянальнай ідэі і падрыхтаваных людзей. Усе мы маглі б зрабіць значна болей, калі б нашыя веды былі пасапраўднаму запатрабаваныя, калі б нас ужо не лічылі за непажаданых у грамадстве апазіцыянераў - нацыяналістаў. Для гісторыі нейкія там дванаццаць гадоў - невялікі перыяд, але не для людзей. Людзі сыходзяць і болей не вяртаюцца.

К.: Раскажыце, калі ласка, пра Ваша сяброўства ў Таварыстве беларускай мовы і Народным фронце.

С.Б.: Сёння многія асуджаюць "старую" апазіцыю: маўляў, састарэла, пара яе спісваць, замяняць на новую, маладую. Што ж, у гэтым ёсць рацыя, бо такі закон жыцця: старое адмірае, маладое прыходзіць на змену і робіць усё пановаму, пасвойму. Добра, што яны ёсць, гэтыя новыя, маладыя сілы. Але ж яны не з неба зваліліся. Гэта дзякуючы ў значнай ступені нашым намаганням яны такія выгадаваліся. І ім давядзецца зрабіць свой - немалы ўнёсак, папрацаваць, як працавалі мы. Цяпер ужо многія тыя старыя структуры распаліся. Добра, калі ўтварыліся новыя. А тады дзейнічала магутная, добра арганізаваная сіла. Да прыкладу, я кіравала суполкай БНФ, якая налічвала ад пятнаццаці да дваццаці чалавек. У нас быў улічаны і размеркаваны кожны дом у часе збору подпісаў, раскідвання ўлётак, агітацыі. Нашай працай было таксама ладжанне пікетаў сустрэч, удзел у камісіях, у назіранні на выбарах, масавыя акцыі. Гэтакі ж удзел я прымала і ў рабоце ТБМ - пікеты, зборы подпісаў, курсы па вывучэнні беларускай мовы. Пэўную работу я праводзіла ў сваім каледжы, дзе былі створаныя суполкі ТБМ. Ужо дзесяць гадоў з'яўляюся сябрам Рады і Сакратарыяту ТБМ, нязменным сакратаром яго паседжанняў. Працавала ў Адукацыйнай камісіі, нейкі час яе ўзначальвала. Нямала парупілася для арганізацыі курсаў па вывучэнні беларускай мовы і па культуры мовы пры ТБМ. З'яўляюся таксама аўтарам шэрагу публікацый у "Нашым слове", у "Літаратуры і мастацтве".

К.: Усё, пра што Вы казалі, патрабуе шмат высілкаў, затрат часу, нерваў, а часам і смеласці. Хочацца запытацца: а што гэта Вам дае? Што станоўчае Вы атрымліваеце ад удзелу ў адраджэнцкім руху?

С.Б.: Для мяне ўсё гэта і ёсць станоўчае. Усё гэта мы робім з сваёй волі, без разліку на ўзнагароду. Раблю, таму што я так хачу, мне гэта трэба. Таму, што гэта трэба Беларусі. Памятаю, як мне хацелася трапіць на першы, устаноўчы з'езд ТБМ, а я тады не мела ніякага запрашэння, дык знаёмая мяне правяла. Цяпер вось прызнаюся, што "прарывалася" на гэты з'езд нелегальна. Вельмі хацелася на ім прысутнічаць, бо я разумела, што гэта гістарычная, лёсавызначальная падзея. Пазней мне давялося браць удзел у шмат якіх такіх вось значных падзеях - прысутнічаць, бачыць, чуць! І я рада, што іх не праспала, як некаторыя мае знаёмыя, як многія нашыя суайчыннікі, якія ўсё яшчэ аплакваюць СССР. З канца 80х пачалося для мяне новае, можна сказаць, сапраўднае жыццё. Я сустрэла мноства выдатных людзей. Знаёмствам з якімі можна ганарыцца. Нас аб'ядноўвае наша любоў, вера, агульныя высілкі, пачуццё салідарнасці. Ну і, вядома, беларуская мова. Гэта наша мова, наша краіна. Мы гэтага не аддамо нікому, не здрадзім ніколі. Такое вось пачуццё еднасці, салідарнасці дае ні з чым не параўнальнае адчуванне. Разумееш, што не дарма жывеш, што жыццё тваё мае сэнс.

З вяртаннем да роднай мовы я адчула ў сабе надзвычайнае абуджэнне духоўных сілаў, прыліў энергіі. Нібыта адкрыліся нейкія таямнічыя яе каналы. Можа, таму не адчуваю свайго ўзросту. Нібыта гэта зусім і не мой такі паважны юбілей. А я паранейшаму маладая.

Вось і кажу сабе ў гэтыя дні: "Старасць - адтэрміноўваецца!"

Родная мова дала мне і праяўленне здольнасцяў, асабліва літаратурных, паэтычных. Складаю вось зборнік сваіх вершаў і спадзяюся яго выдаць.

К.: Святлана, я так мяркую: усё тое. што Вас хвалюе, знайшло свой адбітак і ў Вашых паэтычных творах?

С.Б.: Ну так. Вядома.

К.: То, калі ласка, на завяршэнне нашае шчырае гутаркі колькі сваіх паэтычных твораў.


Дзень закаханых

Беларускай моладзі, якая выходзіць

на незалежніцкія акцыі ў Дзень Св. Валянціна


У паветры трымціць прадчуванне вясны...

Час прадвесня і Дзень закаханых.

Беларусі ўсё сняцца нязбыўныя сны,

Ды маўчаць на завоблачных вежах званы

Пра прыход пераменаў чаканых.


Толькі вечны матыў абуджаецца зноў,

Ціха грае на камерных струнах,

Але ёсць жа на свеце такая любоў,

Што выводзіць на вуліцы гарадоў

Сёння ўсіх іх, прыгожых і юных!


На пляцы, дзе гартуецца дух маладых

(Мы і самі там колісь сталелі),

Кліча тых, хто аддасць за любоў кожны ўздых,

Бо на іхніх сцягах і ў сэрцах жывых -

Запаветная чырваць на белі.


То ахвярнай любові нявыстылы боль,

Знак пралітай крыві - ці дарэмна?

Сёння ў сэрцы сваім палымнець ёй дазволь,

Адкажы Кастусю на ягоны пароль:

- Каго любіш? - Люблю Беларусь!

- То ўзаемна.

* * *

Народ без мовы - сэрца без любві,

Адзін натоўп, а не народ, не нацыя.

І нікне сцяг, як цела без крыві,

Ператвараючыся ў сцяг капітуляцыі.

Снежань

Самотна ў заснежаным скверы.

Сутонне падкралася рана.

Гляджу я, як дзень цёмна-шэры

Пабелены снежнем старанна.


Умела ён выбеліў мелам

Пейзаж непрытульна-бязлісты,

Каб чорнае сталася белым,

А бруднае сталася чыстым,


Каб верылі ў пору сляпую,

Калі на душы халадзее,

Што цемра ўсё ж не запануе,

І што застаецца надзея.

Святлана Багданкевіч.


115 гадоў з дня народзінаў Алеся Гурло

ГУРЛО Алесь (Аляксандр Кандратавіч; 31.1.1892, г.п. Капыль Менскай юбл. - 4.2.1938), бел. паэт. Чл. Капыльскай арг-цыі РСДРП, удзельнічаў у выданні рукапісных час. «Заря», «Голос ннза», «Вольная думка» (1910-11, Капыль). Працаваў на ліцейным з-дзе «Вулкан» (Пецярбург). 3 1913 служыў на Балт. флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый, грамадз. вайны. У 1920-я г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. 25.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Сібір, пасля вызвалены. Рэабілітаваны.ў 1957. Друкаваўся з 1907 у газ. «Наша ніва». У ранніх творах - паэтызацыя працы, марыністычныя матывы. У творах 1920- 30-х г. апяваў працоўныя будні, родную прыроду (зб. «Барвёнак», 1924, «Спатканні», 1925, «Сузор'і», 1926, «Зорнасць», 1927, «Межы», 1929). Аўтар сямейна-быт. драмы «Любоў усё змагае» (нап. 1912). На бел. мову перакладаў творы А. Аўдзеенкі, Ф. Гладкова, Ш. Руставелі і інш.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лютым

Абраменка Эдуард Якаўл. Андруцэвіч Станіслаў Вяч. Ануфрыенка Валянціна Асташонак Людміла Аўкштулевіч Тамара Яўг. Аўсеенкава Кацярына Вал. Ахрамчук Віктар Георг. Бабічаў Антон Вячаслав. Багдановіч Эвеліна Паўл. Баравік Марыя Якаўлеўна Бардош Іна Анатольеўна Бекешка Вікторыя Сямён. Богуш Мікалай Болбас Вадзім Іванавіч Бубен Уладзімір Бублікава Лілія Бузо Алег Леанідавіч Бязрукая Аксана Юр'еўна Бярэзіна Надзея Уладзімір. Вабішчэвіч Таццяна Іван. Васючэнка Пятро Васіл. Ваўрышук Наталля Юр. Вашанка Дзмітры Дзмітр. Вашкевіч Марына Верхачуб Уладзімір Васіл. Войткун Галіна Вотэхаўна Галякевіч Яўген Ціханавіч Гаравы Леанід Антонавіч Гарнастай Алена Гарэцкі Іосіф Аляксандр. Гаўрон Алесь Гільвей Вацлаў Голуб Аксана Уладзімір. Грыгор'ева Жанна Іосіф. Грышан Мікола Паўлавіч Губарэвіч Настасся Уладз. Губарэвіч Юры Іванавіч Гуцалік Галіна Дамашэвіч Уладзімір Мак. Даніленка Сяргей Дземідовіч Вольга Валер. Дзенісевіч Павел Алегавіч Дзеружынскі Авяр'ян Ав. Добыш Генадзь Канстанц. Драгун Павел Якаўлевіч Дубіцкі Віктар Сымонавіч Емяльянава Аляксандра В. Жук Мікалай Жукоўская Л. С. Забаўская Святлана Засім Тамара Іваніцкі Павел Яўгенавіч Ігаценка М.І. Іжохіна Надзея Іванаўна Іжохіна Таццяна Мікал. Калядка Таццяна Рыгор. Камесніковіч Вольга Камінская Аліна Аляксан. Канановіч Ірына Канойка Ігар Карбановіч Сяргей Карнеева Алена Віктар. Карповіч Лявон Эдвард. Касаржэўскі Віктар Іван. Касцючык Валянціна Міх. Качура Яўген Кірэеў Антось Мікалаевіч Кішкурна Уладзімір Герас. Клімовіч Наталля Клімуць Лада Клімуць Станіслава Клімчык Генадзь Кляшчонак Алена Ковель Уладзімір Коласава Лілея Міхайл. Корзан Ала Вікеньцеўна Краснабаеў Артур Мікал. Красоўскі Сяргей Уладзім. Крук Алена Крываногава Святлана Крыванос Алеся Крысюк Людміла Крэйніна Людміла Міхайл. Кузьмянкова Наталля Ал. Курыленка Юлія Кур'ян Астап Андрэевіч Кухаронак Аляксандр Дзм. Кучаравенка Паліна Ул. Кучынскі Віталь Паўлавіч Лабада Анастасія Лагодская Ірына Ладыга Сяргей Паўлавіч Лазарэвіч Аляксандр Лашкоўская Рэгіна В. Ліс Тамара Літаш Вольга Літвінава Людміла Сямён. Лукашонак Тамара Лукашэвіч Тамара Георг. Лыч Леанід Міхайлавіч Лявончыкава Дз. Ляшчынскі Іван Купрыян. Мазынскі Валер Яўгенавіч Макарэвіч Алесь Макарэвіч Аляксандр Вас. Марачкін Ігар Аляксеевіч Мартынаў Мікола Рыгор. Маслюкова Алена Алякс. Матавілава Кацярына Іг. Матэлёнак Леанід Алякс. Машнюк Тацяна Аляксан. Мінько Жанна Місуна Раман Мішчанкова Юлія Анатол. Мудроў Максім Мурашка Ігар Мянькоў Юры Уладзімір. Мяцельскі Мікалай Міх. Надокунева Ірына Наскоў Міхаіл Андрэевіч Нікіценка Таццяна Пятр. Нікіцін Віталь Новікава Яна Нялепа В. Падашвялёў Дзмітрый Ал. Панізоўцаў Сямён Сямён. Паўкштэла Сюзана Алег. Петрашкевіч Аляксандр А. Петрашкевіч Часлава Петрушкевіч Ала Піўко Юры Плітко Віктар Васільевіч Праташчык Людміла Вікт. Працко Святлана Алякс. Прохарскі Аляксей Пухоўская Таццяна Фёдар. Пяткевіч Марына Пяткевіч Уладзімі Сцяпан. Пятровіч Аксана Іванаўна Пятроўскі Аляксандр Ражко Яўген Яўгенавіч Ражкоў Леанід Мікалаевіч Райчонак Аляксандр Алег. Раманцэвіч Валянціна Кар. Рачко Мікалай Рудніцкая Яніна Ружыцкі Павел Аляксанд. Русак Андрэй Рымко Вольга Рысявец Раіса Рыгораўна Савасцеева Людміла Савіцкі Мікалай Іванавіч Садоўская Яна Францаўна Сакалова Алена Георг. Сарока Андрэй Іванавіч Свістун Сяргей Сідарук Лілея Мікалаеўна Старжынскі Андрэй Стома Анастасія Строганаў Вадзім Вячасл. Стэпановіч Язэп Міхайл. Сучок Міхась Сцефановіч Галіна Іван. Сырасек Васіль Іванавіч Сянкевіч Мікалай Іванавіч Трубкін Аляксей Анатол. Туровіч Алесь Тэрэз Віктар Утохіна Наталля Ушакоў Сяргей Аляксанд. Філюта Ніна Рыгораўна Хадневіч Васіль Хацкевіч Анатоль Канст. Хмянчук Марыя Іванаўна Ходар Аляксандр Цімохін Лявон Аляксандр. Ціткоўскі Ігар Адамавіч Цішакіна Ірына Пятроўна Цэдрык Ганна Васільеўна Цярэнцеў Зміцер Ігаравіч Чарнышова Зоя Чарняўскі Сцяпан Чыбісаў Мікола Чылік Ніна Аляксандраўна Чычкан Фёдар Уладзімір. Шаўчук Аляксандр Мікал. Шашута Алесь Швайко Валянціна Рыгор. Шпакаў Фелікс Шундрык Георг Шчарбакоў Ян Сяргеевіч Шчасная Марыя Шырвель Андрэй Раман. Язукевіч Ганна Часлав. Яканюк Данат Лявонавіч Янушэўскі Віктар Пятр. Ярмусік Эдмунд Ятусевіч Сяргей Станісл. Яшчэня Ірына


Полацкія ўлады падтрымліваюць прапанову ТБМ

Днямі Павел Севярынец, які адбывае двухгадовае пакаранне за арганізацыю масавых пратэстаў на "хіміі" у вёсцы Малое Сітна Полацкага раёна, атрымаў ліст з Полацкага раённага выканаўчага камітэту:

" Старшыні Маласітнянскай суполкі ТБМ імя Ф . Скарыны

Севярынцу П.К.

Паважаны Павел Канстанцінавіч!

Ваша прапанова наконт усталявання новага памятнага знака "Крэпасць Сітна" заслугоўвае ўвагі і падтрымкі з боку мясцовых улад.

Пытанне разглядалася камісійна з выездам на месца намесніка старшыні райвыканкама Машчыцкага В.В., начальніка аддзела культуры Полушкіна В.А., старшыні Маласітнянскага сельсавета Івановай Г.Д.

Вырашана ў 2007 годзе на месцы замчышча "Малое Сітна" устанавіць памятны знак з надпісам на беларускай мове.

Ваш варыянт тэксту будзе разгледжаны і ўзгоднены са спецыялістамі і навукоўцамі Інстытута гісторыі Акадэміі навук, упраўлення па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з Законам навуковыя археялагічныя даследванні аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны праводзяцца спецыялістамі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, ці асобамі, працуючымі па ліцэнзіі інстытута гісторыі.

Безумоўна, што замчышча "Малое Сітна" з'яўляецца гіетарычным месцам і можа быць уключана ў турыстычны маршрут для агляду.

З ПАВАГАЙ

Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама В. В. Машчыцкі."

Яшчэ паўтара месяцы таму Павел як кіраўнік мясцовай суполкі ТБМ даслаў ліст старшыні райвыканкаму з прапановай устанавіць на месцы замчышча Сітна (ХVІ ст.) мемарыяльную пліту з беларускамоўным надпісам і ўключыць аб'ект у адзін з турыстычных маршрутаў па Полаччыне.

"Трэба падымаць беларушчыну там, дзе мы сёння ёсць - пракаментаваў гэтае рашэнне Павел. - У сучаснай няпростай сітуацыі ўлада часам вымушаная папаўняць дзяржаўную незалежнасць беларускасцю".

Наш кар.


Вяртанне Венеры...

Помніш, калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла...

26 студзеня а 14-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Менску адбылося ўрачыс-тае мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці "Адлюстраванні".

Дарэчы, конкурс быў прымеркаваны да святкавання 115-годдзя з дня нараджэння класіка нашай літаратуры М.Багдановіча. Да ўдзелу прымаліся творчыя работы школьнікаў у выглядзе літаратурных твораў розных жанраў (ці то невялічкае сачыненне-разважанне, ці то вершы, а таксама эсэ, апавяданні, казкі..., карацей, няма межаў чалавечай фантазіі). Тым больш, што і тэма даволі шырокая і агульная: "Асоба Максіма Багдановіча і яго творчасць вачыма дзяцей ХХІ стагоддзя". Паралельна з літаратурным праводзіўся і яшчэ адзін конкурс, куды прымаліся работы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на тую ж тэматыку.

Вось, менавіта з гэтай нагоды і сабралася вялікая колькасць таленавітых дзяцей і моладзі, што прыехалі сёння з розных куткоў Беларусі, каб атрымаць свае законныя ўзнагароды і падзякі. У невялічкай зале музея проста не было ні тое, што сядзячых месцаў, але, па прўдзе сказаць, і стаць дзе-небудзь аказалася даволі складана. Так, супрацоўнікі музея сапраўды не чакалі такой колькасці гасцей. Справа ў тым, што разам з пераможцамі, якім, дарэчы, музей даслаў запра-шэнні па пошце, прыйшлі таксама і іх бацькі, настаўнікі, сябры.

Перад уваходам у залу ўсім удзельнікам выдаваліся спецыяльная білеты, якія даюць права бясплат-нага наведвання самога музея і яго філіялаў на дзве асобы на працягу ўсяго 2007-га года, а таксама госці атрымалі маленькія беларускамоўныя каляндарыкі з выявай будынка музея.

Сцены ўтульнай светлай залы былі ўпрыгожаны малюнкамі ўдзельнікаў конкурсу. Сярод работ былі, як сапраўды вельмі таленавітыя і прафесійна выкананыя (напрклад, карціна "Страцім-лебедзь"), так і проста арыгінальныя, непаўторныя сваёй непадзельнай дзіцячай шчырасцю творы.

Сярод членаў журы былі знакамітыя беларускія пісьменнікі і мастакі: Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Васіль Жуковіч, Віктар Сташчанюк, а таксама дырэктар музея Таццяна Шэляговіч і галоўны каарды-натар праекта, супрацоўнік музея Таццяна Дубоўская.

Пераможцы былі адзначаны ганаровымі граматамі і дыпломамі, атрымалі зборнікі паэзіі М. Багда-новіча, а некаторым з іх вышэйназваныя пісьменнікі падаравалі свае апошнія кніжкі з аўтографамі.

Увогуле, атмасфера свята бала сапраўды нейкай па-хатняму цёплай і ўтульнай. А яшчэ хацелася б дадаць, што гэтая імпрэза - не толькі ўшанаванне памяці М. Багдановіча і адкрыццё новых талентаў, але і сапраўднае свята бела-рускай мовы і беларускасці, бо і ўдзельнікі, і арганізатары, і журы размаўлялі на чысцюткай беларускай мове, што сёння, на жаль, сустракаецца так рэдка...

Марына Глушко, навучэнка Ліцэя БДУ, Менск.


Жыве "Мсціслаўскае брацтва"

Напрыканцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя ў жыхароў Менска, якія паходзілі з Мсціслаўшчыны, гістарычнага цэнтра беларускай Смаленшчыны, узнікла ідэя стварыць згуртаванне землякоў. Вельмі актыўную пазіцыю ў гэтай справе займалі браты Міхась Ткачоў і Алесь Каралёў, карэнныя мсціслаўцы, а таксама і іншыя менчукі мсціслаўскага паходжання (сярод іх і аўтар зацемкі). Ахвотнікі ўтварыць земляцтва знайшліся хутка, і вось ужо болей за 15 год дзейнічае "Мсціслаўскае брацтва", якое кожны год (як правіла ў студзені) збіраецца ў адной з менскіх кавярняў, каб сумесна правесці вечарыну-сяброўскую сустрэчу.

У гэтым годзе мсціслаўцы сабраліся ў кавярні, "La Rose", дзе іх шчыра прыняла гаспадыня гэтай мясціны, якая паходзіць з Нясвіжчыны і змагла расказаць шмат цікавага пра сваю мілую радзіму.

Сабралася каля 40 чалавек, людзі розных прафесій, узросту і асабістых зацікаўленасцяў. Былі і цэлыя семейныя дынастыі, што паходзяць з Мсціслаўшчыны, прычым, як шляхецкія, так і сялянскія альбо мяшчанскія. Сярод прысутных былі два дэпутаты Верхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання, сябра беларускага "Пэн-клубу", сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, некалькі кандыдатаў навук, былыя афіцэры-вайскоўцы і міліцыянты, настаўнікі, медыкі, прадстаўнікі творчых прафесій.

Прысутнічала жанчына з Пачын-каўскага раёна Смаленскай губерні (цяпер Расія), прадстаўніца той часткі былога Мсціслаўскага павету, які ў 1924 годзе пакінулі Расіі. Яна шмат расказвала пра музей ведомага пісьменніка Твардоўскага, які таксама паходзіў з гэтых мясцін.

Спачатку прынялі ў склад "Мсціслаўскіга братства" новых сяброў, у асноўным моладзь, потым памянулі хвілінай маўчання адышоўшых у лепшы свет у мінулым 2006 годзе, затым пачаліся вясёлыя жарты, экспромты, песні і скокі.

Асаблівы смех выклікаў верш аднаго з прысутных, беларускага сатырыка Уладзіміра Ермалаева, "Вясковы нацюрморт", які цікава будзе прачытаць і пераказаць іншым.

Да цешчы ў госці завітаў зяцёк.

Накрыты стол абрусам беларускім.

Пад ручніком стаіўся кумпячок,

Ляжаць гуркі - найпершая закуска.


Нос дражніць самапханка-каўбаса.

Бліноў пухнатых на стале пагорак.

А ў пляшцы, як чысцюткая раса,

Гарэлачка зашкальвае за сорак.


І бульбачка... І скваркі верашчаць.

Яечня згатавана адмыслова...

Калі ўсё гэта зяць гатоў умяць,

Чаму ж ён - блін! -

не любіць роднай мовы?!

Пасля гэтага верша за сталом стала пераважаць сакавітая мсціслаўская гавор-ка, родны дыялект братоў Кутаргаў, Гарэцкіх, Івана Насовіча, Пятра Мсціслаўца, маці Уладзіміра Караткевіча, Георгія Юрчанкі, акадэміка Падлужнага і іншых знакамітых беларускіх пісьменнікаў, дзеячоў навукі і культуры.

Людзі бліжэй знаёміліся, абменьваліся тэлефонамі і адрасамі, успаміналі свой радавод, прыгожую Мсціслаўскую прыроду і асабліва гісторыю свайго горада і сваёй маленькай дзяржавы - Мсціслаўскага Княства, што існавала з ХІІ па ХVІ ст.ст. Некалькі гадзін праведзеных разам праляцелі, як адно імгненне. Мсціслаўцы зноў уліліся ў мільённыя шэрагі менчукоў, але памяць аб сваёй малой Радзіме бадзёрыла думкі і падымала настрой.

Алег Трусаў, прадстаўнік мсціслаўскага шляхецкага роду Драздоўскіх і мяшчанскага роду Палеўскіх.


"Лён" Анатоля Сыса

У Менску ў выдавецтве "Кнігазбор" выйшла кніга Анатоля Сыса. "Лён: выбраныя творы" . Укладанне і прадмова Міхася Скоблы.

Кніга «Лён» - найбольш поўнае выданне літаратурнай спадчыны выдатнага беларускага паэта Анатоля Сыса (1959-2005). Яго паэзія не пакідае чытача абыякавым. Яна нясе ў сабе і эстэтычнае пачуццё, і неўтаймоўны тэмперамент, і нічым не абмежаваную спавядальнасць. У аднатомавік апрача хрэстаматыйных вершаў увайшлі і невядомыя творы, а так-сама артыкулы і інтэрвію, якія істотна дапаўняюць воблік паэта.

Мастацкае афармленне У. Вішнеўскага.

Наш кар.


Польская паэзія беларускім дзецям

У менскім выдавецтве " Радыёла - плюс " выйшла кніга " Качка-дзіва-чка, Польская паэзія дзецям: выбраныя старонкі з паэтаў ХІХ - пачатку ХХІ ст."

Укладальнікі Лявон Баршчэўскі і Уладзімір Сіўчыкаў . Пераклад з польскай мовы . Рэдактары перакла - даў : Максім Танк , Лявон Баршчэўскі , Уладзімір Сіўчыкаў , Андрэй Хадановіч .

Мастак Алена Карповіч .

У кнізе беларускія дзеці , іх мамы , таты , бабулі і дзядулі знойдуць вершы , забаўлянкі - прыбабунькі , якія даўно палюбіліся польскай дзятве .

Кніжка таксама будзе карыснаю выхавальні - кам дзіцячых садкоў , настаўнікам пачатковых класаў .

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX