№ 6 (794) 7 ЛЮТАГА 2007 г.
200 гадоў з дня нараджэння Напалеона Орды
ОРДА Напалеон (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Берасцейскай вобл. - 26.4.1883), піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва «Заране». Удзельнік паўстання 1830-31, пасля яго задушэння эміграваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф. Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С. Вітвіцкага і А. Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. - дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П. Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862-63 у Гародні, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэляў у 1873-83 створаны (мастак А.Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І. Голубеў). У 2001 годзе ў Беларусі выдадзены мастацкі альбом "Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова ХІХ стагоддзя" (122 малюнкі).
Да 200-годдзя Н. Орды спланаваны шэраг мерапрыемстваў у Беларусі, Польшчы і Літве. У Літве ўжо выдадзены мастацкі альбом з 260-цю творамі мастака. Упершыню ўвесь альбом выдадзены ў колеры. Укладальнікі Вітаўтас Левандаўскас і Рэната Вайчэканітэ-Кепажынскене.
РАДА ТБМ
4 лютага ў Менску ў сядзібе ТБМ прайшло паседжанне Рады ТБМ. На паседжанні прысутнічалі 42 сябры Рады. На парадак дня былі вынесены наступныя пытанні:
1. Справаздача аб праведзенай рабоце за 2006 год.
2. Абмеркаванне і зацверджанне плана работы на 2007 год.
3. Аб дзейнасці Установы інфармацыі "Выдавец-кі дом ТБМ".
4. Аб зменах у Статут ТБМ.
5. Аб зменах у складзе Сакратарыяту ТБМ.
6. Прыняцце Пастановы аб святкаванні 450-х угодкаў з дня нараджэння Льва Сапегі.
7. Прыняцце Звароту "Часопісу "Роднае слова" - быць".
8. Прыняцце Заявы па святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы.
9. Аб зменах у скла-дзе рэдкалегіі газеты "Наша слова".
10. Рознае.
Рада заслухала і прыняла да ведама справаздачу старшыні ТБМ Алега Трусава аб дзейнасці ТБМ у 2006 годзе. Даклад будзе надрукаваны ў адным з наступных нумароў.
Рада зацвердзіла план работы ТБМ на 2007 год і ўнесла змены ў Статут ТБМ.
Рада вызваліла Лідскую гарадскую арганізацыю ТБМ ад абавязкаў па выданні газеты "Наша слова" і перадала выданне газеты Установе інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ".
Рада зацвердзіла змены ў Сакратарыяце і вызваліла Міхася Булавацкага ад абавязкаў сябра рэдакцыйнай калегіі "Нашага слова" па яго просьбе.
Рада прыняла шэраг дакументаў, якія будуць апублікаваны па меры гатоўнасці да друку.
Рада заснавала аргкамітэт па стварэнні "Таварыства ведыйскай культуры". Падрабязнасці ў наступным нумары.
Наш. кар.
Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 125-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа
Прэзідэнт Беларусі 29 студзеня падпісаў указ "Аб мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 125годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа".
Як паведаміла прэсслужба кіраўніка дзяржавы, рашэнне прынята з мэтай арганізацыі шырокамаштабнага святкавання юбілею класікаў беларускай літаратуры.
Дакументам зацверджаны склад рэспубліканскага аргкамітэту па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 125годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа і план мерапрыемстваў юбілею.
Святочныя мерапрыемствы і ўрачыстыя сходы, прысвечаныя гэтай даце, будуць праведзены на працягу 2007 года ў Беларусі і за яе межамі. Сярод іх - стварэнне тэматычных літаратурнамастацкіх і дакументальнапубліцыстычных праграм, запіс і трансляцыя найлепшых тэатральных спектакляў паводле твораў класікаў.
У межах IХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі плануецца правесці канцэрт, падчас якога прагучаць творы беларускіх кампазітараў на вершы Купалы і Коласа. У Нацыянальнай бібліятэцы з ліпеня па лістапад будзе працаваць рэспубліканская выстава выданняў твораў класікаў беларускай літаратуры.
У верасні адбудзецца міжнародная навуковапрактычная канферэнцыя "Янка Купала і Якуб Колас у сістэме дзяржаўнакультурных і духоўнаэстэтычных прыярытэтаў ХХI стагоддзя". Ва ўстановах адукацыі краіны пройдуць паэтычныя чытанні, святы паэзіі, конкурсы на найлепшыя сачыненне і малюнак.
"Да юбілейных дат плануецца выданне друкаванай і сувенірнай прадукцыі, а самі ўрачыстыя мерапрыемствы атрымаюць шырокае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі. Прыняцце ўказу дазволіць арганізаваць усенароднае святкаванне юбілею славутых дзеячаў беларускай літаратуры і культуры", - гаворыцца ў паведамленні прэсслужбы прэзідэнта.
У інтэрвію БелаПАН старшыня грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Трусаў зазначыў: "Вельмі добра, што беларускія ўлады зразумелі ролю Купалы і Коласа ў гісторыі краіны і стварэнні незалежнай беларускай дзяржавы". Ён выказаў надзею, што "ў гэтым кірунку кіраўніцтва краіны зробіць і наступныя крокі".
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН
Нацыянальнаму мастацкаму музею перададзены літаграфіі Напалеона Орды, карціны Пётры Сергіевіча і копія "Радзівілаўскай карты"
Нацыянальнаму музею Беларусі перададзены ў дар тры каляровыя літаграфіі Напалеона Орды , дзве карціны Пётры Сергіевіча і копія карты Вялікага княства Літоўскага "Радзівілаўская карта", датаваная 1613 годам.
Як паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі, удзел у афіцыйнай цырымоніі перадачы 30 студзеня ўзяў міністр Сяргей Мартынаў. "МЗС і беларускія замежныя ўстановы на працягу шэрагу гадоў праводзяць мэтанакіраваную працу па пошуку і вяртанні на радзіму гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі, якая апынулася з прычыны розных гістарычных абставінаў за мяжой", - падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы.
Так, у 2005 годзе філіялу Нацыянальнага мастацкага музея "Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХIХ стагоддзя" былі перададзены факсімільныя рэпрадукцыі рэдкіх фотаздымкаў і гістарычных дакументаў, звязаных з імем таленавітага менскага жывапісца пачатку ХIХ стагоддзя Валенція Ваньковіча (1800-1842). У гэтым жа годзе створанаму ў Іванаўскім раёне Берасцейскай вобласці музею мастака, музыканта і кампазітара Напалеона Орды былі перададзены копіі дакументаў аб парыжскім перыядзе яго жыцця і дзейнасці.
Таццяна КАРАВЯНКОВА, БелаПАН.
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францыска Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб выкладанні беларускай мовы ў вышэйшых навучальных установах.
У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны, накіраваныя ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ваш зварот і заява Рэспубліканскай рады ТБМ, якія датычацца стану выкладання беларускай мовы ў ВНУ. Паведамляем наступнае.
У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь распрацавана і зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2005 г. № 755 Праграма пераходу на дыферэнцыраваныя тэрміны падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у Рэспубліцы Беларусь на 2005 - 2010 гады (далей - Праграма), у якой прадугледжана скарачэнне тэрмінаў падрыхтоўкі спецыялістаў па шэрагу спецыяльнасцей на першай ступені. Гэта ў сваю чаргу патрабавала скарачэння ў тыпавым вучэбным плане для першай ступені вышэйшай адукацыі агульнай колькасці аўдыторных гадзін, ў тым ліку і па сацыяльна-гуманітарных дысціплінах.
У аснову распрацоўкі дакумента "Адукацыйны стандарт. Вышэйшая адукацыя. Першая ступень. Цыкл сацыяльна-гуманітарных дысцыплін" (далей - стандарт СГД) былі паложаны мэты і задачы Праграмы, накіраваныя на ўзмацненне спецыяльнай (прафесійнай) і фундаментальнай адукацыі, зніжэнне долі дапаможных дысцыплін і павышэнне ролі самастойнай работы студэнтаў.
Пры распрацоўцы адукацыйных стандартаў для ВНУ улічвалася, што ў вучэбных планах агульнаадукацыйных устаноў значнае месца адводзіцца на вывучэнне дзвюх дзяржаўных моў. Яны выкладаюцца на базавым, павышаным і паглыбленым узроўнях.
Трэба адзначыць, што ў вышэйшых навучальных установах і раней не вывучаліся беларуская і руская мовы, акрамя філалагічных факультэтаў. У пералік сацыяльна-гуманітарных дысціплін быў уключаны невялікі па колькасці гадзін курс беларускай мовы (прафесійная лексіка).
Вышэйшыя навучальныя ўстановы будуць самастойна вырашаць пытанне аб неабходнасці ўвядзення курса беларуская мова (прафссійная лексіка) за кошт гадзін, якія адводзяцца ў вучэбных планах на спецкурсы і факультатывы.
Што тычыцца пытання аб арганізэціі навучання ў вышэйшых навучальных установах на беларускай мове, то студэнты маюць магчымасць выбіраць мову навучання па асабістаму жаданню. На сённяшні дзень у шэрагу вышэйшых навучальных устаноў існуюць беларускамоўныя плыні, аддзяленні, вучэбныя групы. На факультэтах устаноў адукацыі: "Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка", "Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А.А.Куляшова", у Беларускім дзяржаўным універсітэце і іншых ВНУ створаны беларускамоўныя плыні. У большасці вышэйшых навучальных устаноў існуюць вучэбныя групы, у якіх выкладанне вучэбных дысцыплін ажыццяўляецца на дзвюх мовах (рускай і беларускай).
Гісторыя Беларусі ў вышэйшых навучальных установах у асноўным выкладаецца на беларускай мове.
У праекце Закона Рэспублікі Беларусь "Аб вышэйшай адукацыі'" у пункце 3 артыкула 21 пятай главы запісана, што у мэтах рэалізацыі права грамадзян на выбар дзяржаўнай мовы прадугледжваецца стварэнне ў вышэйшых навучальных установах беларускамоўных і рускамоўных груп (плыняў).
У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь будзе і ў далейшым ажыццяўляцца работа па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў вышэйшых навучальных установах.
Першы намеснік Міністра А.І. Жук.
Старшыні ГА
"Таварыства беларускай мовы
імя Ф. Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб выданні календароў.
Паважаны Алег Анатольевіч!
Адносна Вашай прапановы аб тэрміновым выданні серыі насценных баларуска-моўных календароў з выявамі Янкі Купалы і Якуба Коласа паведамляем наступнае.
Як Вам тлумачылася раней, органы дзяржкіравання ў гаспадарчую дзейнасць выдавецтваў не ўмешваюцца і якіх-небудзь указанняў па выпуску тых ці іншых выданняў апошнім не даюць. Што тычыцца выпуску выданняў з прыцягненнем бюджэтных сродкаў, то парадак іх выдання строга рэгламентаваны, і выдзяленне субсідый на выпуск календароў па заказах і для патрэб арганізацый, устаноў, грамадзянскіх аб'яднанняў не прадугледжана.
Разам з тым, гэта не выключае магчымасці выпуску патрэбных, на Вашу думку, грамадзянам Беларусі насценных беларускамоўных календароў на заказных умовах з абавязковым выкупам тыражу.
Паведамляем, таксама, што да юбілею народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа будуць выдадзены іх творы, у прыватнасці, выдавецкім домам "Беларуская навука" распачнецца выпуск збору твораў Якуба Коласа ў 20-ці тамах.
Намеснік Міністра І.М.Лапцёнак.
Сябар ТБМ Марыя Сафро
Марыя Сафро стала жыве ў Маскве. Але яе Радзіма - Беларусь. Тут яна нарадзілася, атрымала вышэйшую адукацыю і працавала настаўніцай роднай мовы.
Лёс склаўся так, што давялося пакінуць Радзіму, якую яна любіць аддана і ахвярна. Нягледзячы на паважны ўзрост (ёй 91 год), яна ўдзельнічала ў імпрэзах, якія ладзіць беларуская дыяспара, з Бацькаўшчынай, падтрымлівае сувязь праз сваіх былых вучняў і нашу грамадскую арганізацыю.
Гэта ўжо не першая публікацыя спадарыні Сафро ў "Нашым слове". Мы ўдзячны ёй за сталую матэрыяльную падтрымку, за ейную адказнасць і сумленнасць як сябра ТБМ. Спадзяёмся, што яна ёсць жыватворнай крыніцай натхнення шаноўнай спадарыні Марыі.
У № 22, 23, 26 за мінулы год чытачы газеты мелі магчымасць азнаёміцца з вельмі цікавай працай прафесара, доктара педагагічных навук Еўфрасінні Андрэевай, дзе ўзнаўляюцца і аналізуюцца старонкі з нашай гісторыі - станаўленне і развіццё нацыянальнай асветы і школы на Беларусі пасля кастрычніка 1917 года.
Я чытала гэтыя даследаванні з вялікім хваляваннем, бо вучылася ў той гістарычны час якраз па гэтых падручніках, пра якія піша вучонымовавед.
Імкліва бяжыць час, і, відаць, не так шмат засталося сведкаў тых дзён, таму ў мяне ўзнікла жаданне ўзнавіць сёетое з таго, што захавала дзіцячая памяць. Нарадзілася і вучылася ў мястэчку Крычаве. Мястэчка наша было беларускагабрэйскае, і мова беларуская была для нас сваёй мовай. У 1922 г. пайшла ў школу, якая насіла імя Чарвякова. Потым знялі гэтую назву. Ніхто не тлумачыў - чаму, ды мы, малыя, яшчэ не цікавіліся гэтым.
Вучыліся мы пабеларуску. Настаўнікам роднай мовы быў дзядзька Кастусь (так мы яго клікалі), настаўніца прыродазнаўства - цётка Надзея. У старэйшых класах настаўнікаў называлі звычайна, як і зараз.
Памятаю свае першыя падручнікі. Вядома ж, мы, дзеці, асабліва не засяроджвалі ўвагу на тым, хто іх складаў. Але вось тое, што я вучылася па граматыцы Язэпа Лёсіка - гэта добра памятаю. І называлася яна "Пачатковая граматыка". Чыталася з задавальненнем, лёгка запаміналася, бо ўсё, змешчанае ў ёй, было па сілах нашаму ўзросту і разуменню, з гумарам, досціпам. У згадваю такія жартаўлівыя карацелькі.
"Пану аканому трэба было ўзімку кудысьці ехаць. Дамовіўся з селянінам, зайшоў да яго ў хату. Там палуднавалі. Гаспадар запрашае паесці капусту, а той адказвае: "Дзякую, я ўжо гарбату піў". Сабраліся ехаць. Гаспадарселянін і кажа: "Вазьміце кажух", а той адказвае: "Дзякую, у мяне паліто на ваце". Праз некаторы час пану стала зімна і захацелася есці. А ў дарозе не было дзе ўзяць. Гаспадар і кажа: "Вось і ведайце: што кажух, то не вата, што капуста, то не гарбата". Так і называлася гэтая замалёўка.
Сапраўдным святам былі для нас урокі прыродазнаўства. Мы займаліся па падручніку В. Ластоўскага "Першае чытанне". Чытаючы артыкул Е. Андрэевай. я ўзнавіла ў памяці тыя апавяданні "Чатыры стараны свету", "Зямля - мацікарміліца", "Перамены вады" ... Сапраўды, гэта ў тыя часы было амаль адзінай крыніцай ведаў, што раскрывала таямніцы свету, і ён рабіўся ўсё шырэйшым, больш зразумелым.
А пісалі мы, кіруючыся правапісам Тарашкевіча. Мне здаецца, што я і зараз без цяжкасцяў змагла б пісаць тарашкевіцай, бо яна вельмі дакладна захоўвае асаблівасці вымаўлення, мяккасць, мілагучнасць мовы.
З вышыні пражытых гадоў я разумею, што менавіта таленавіта распрацаваная сістэма навучання і выхавання, цікавыя падручнікі, складзеныя асветнікаміадраджэнцамі 20х гадоў дапамаглі мне. як і шмат каму з майго пакалення, звязаць свой лёс з роднай мовай і літаратурай і перадаць гэты неацэнны скарб любові да Радзімы наступным пакаленням беларусаў.
Сафро Марыя, сябра ТБМ.
Пачуцці перадаць я папрашу радкі…
Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін паўторна вылучаны на атрыманне Нобелеўскай прэміі за зборнік духоўнай паэзіі "Ксты" (Выдавецтва касцёла св. Сымона і св. Алены, укладальнікі кс. Уладзіслаў Завальнюк і Ала Сакалоўская, рэдактар Ала Сакалоўская, 2006г.)
Кнігі - як птушкі. Аперыўшыся, яны пакідаюць гняздо майстра і ляцяць у свет.
Звыш сотні кніг-птушак вылецела з паэтычнага гнязда народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
У выдавецтве касцёла св. Сымона і св. Алены днямі выйшла новая кніга паэта "Гуканне паэзіі Усходу" (укладальнік кс. Уладзіслаў Завальнюк, укладальнік і рэдактар Ала Сакалоўская).
Гэта зборнік перакладаў класічнай паэзіі Кітая, Японіі, Карэі, Уетнама. Аўтар называе свае пераклады пазыкамі.
Ён "пазычае" ў класікаў усходняй літаратуры : Ван Вэя, Лі Бо, Ду Му, Су Дун-по (Кітай), Оно-но Комаці, Сайгё, Басё, Бусона, Ісы Ісікава Такубоку (Японія), Чхве Чхівона, Чон Чхоля, Сін Хыма (Карэя), Ман Зіяка, Чан Нян Тонга, Зыонг Кхонг Ло (Уетнам) і дзесяткаў іншых.
Вершы падаюцца па краінах у хра-налагічнай паслядоўнасці. Указваюцца даты жыцця кожнага паэта. Кожны раздзел мае эпіграф. Па часе - вершы ад VIII стагоддзя да нашых дзён. Большасць іх - вершы Сярэднявечча.
Калі я працавала над удакладненнем і рэдагаваннем гэтай кнігі, то міжволі прыходзіла думка: у гэты час жыла і шчыравала на ніве асветы, культуры Еўфрасіння Полацкая, у гэты - Францішак Скарына, Сымон Будны…
Такі далёкі час, такія далёкія краіны - Беларусь і Усход! А чытаеш гэтую кнігу і адчуваеш, што для сапраўднай паэзіі няма прасторы і часу. Яна - агульначалавечая.
Дзякуючы вялікаму таленту Рыгора Барадуліна, вішня, якая цвіце на Усходзе, успрымаецца як тая, што цвіце каля тваёй хаты. Ты чуеш, як "плачуць без просыху пад вясновым дажджом салаўі", "травеньскіх ліўняў гнеў". Бачыш, як заткаў павучок малады бодню студні маёй за ноч", як пасля дажджу "жабка заплыла ў дом цераз парог", а "дзікі гусак-ветралом… небасхіл падмятае крылом". Адчуваеш, як "паўдзён задыха-ецца без ракі. На аблачынцы адпачываючы, пяюць жаўрукі".
Услухайцеся ў музыку верша:
"Ліст на ліст ляціць ахвоча,
Усё асыпалася, й дождж
Па дажджу дажджыста хвошча".
Я не ведаю, як гэта гучыць па-японску, але ў барадулінскіх пазыках вы чуеце шум дажджу.
Пачуцці, думкі паэтаў далёкіх краін і часоў блізкія Рыгору Барадуліну. Асаблі-васць яго арыгінальнай паэзіі - ачала-вечванне прыроды, жывой і нежывой, нават стану душы:
"Пасмуткуем, самота, з табою.
Ты адна, я таксама адзін".
Тое ж у паэтаў Усходу. Іх вершы - гэта гімн прыродзе - птушкам, кузуркам, траве, цвету вішні, вадзе, поўні, навальніцы, горнаму ручаю, снегу… Любуйцеся Пры-родай, беражыце яе, бо яна жывая, умейце адчуць чужы боль, вучаць яны.
"Не біце муху, ёй страху стае!
Рукі дрыжаць у яе…
Ногі дрыжаць у яе…"
А якая неўміручасць жыцця ў наступных радках:
"Дрэва павінны ссячы…
А птушкі ўсё завінаюцца,
Гняздзечка на ім уючы".
Што ёсць талент і слава - адказваюць вялікія Су Дун-по і Сын Хым:
"Што за талент няма нічога
Даражэйшага ў свеце - верым.
Але ці лёгка з талентам
Пазбыцца бяды й нуды?"
"Слава - гэта стаптаныя чаравікі
На дзіравых панчохах, што помняць ваду".
Як па-сучаснаму гучаць радкі Басё:
"Сустрэўшыся з мясцовым вучоным,
Перш за ўсё спытаю тады,
Як завуць па-тутэйшаму
Гэты чарот малады?"
А якая любоў да роднай мовы ў вершы Ісікава Такубоку!
"Без матчынай мовы мы ўсе - бабылі.
Змяшаўся з людской гаманою на станцыі,
Каб толькі пачуць словы роднай зямлі".
Поўныя замілавання да роднага краю радкі Ісы:
"Край родны поўны хараства.
У ім цвіце вішнёвым цветам
І дзікая трава".
Прачытаўшы гэтую кнігу, ты зразу-мееш, якая вялікая і адначасова малая планета Зямля. Зразумееш, што час, пра-стора не мяняюць чалавека, яго сутнасць. Мяняюцца толькі краявіды, мовы, адзенне. А чалавек нашага часу думае, разважае, радуецца, пакутуе, плача, смяецца, як і чалавек далёкіх вякоў.
"Чужых няма ў гэтым свеце!
Мы ўсе адзін другому браты
Пад вішнямі ў квеце" (Іса).
Вялікае шчасце Беларусі, што Уся-вышні даў нам чаканага паэта- Рыгора Барадуліна, які не толькі піша непаўторныя арыгінальныя вершы, але і з высокім майстэрствам набліжае да нас паэзію іншых народаў і часоў.
Ала Сакалоўская.