Папярэдняя старонка: 2007

№ 08 (796) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 8 (796) 21 ЛЮТАГА 2007 г.

Сёння - Міжнародны дзень роднай мовы

Віленскай друкарні Ф. Скарыны 485 гадоў

Сёлета спаўняецца 485 гадоў з моманту, як вялікі беларускі асветнік і першадрукар Францішак Скарына заснаваў у Вільні, сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, першую ва Ўсходняй Еўропе друкарню і выдаў "Малую падарожную кніжку" (1522), якая складалася з 23 частак: «Пісаныя рэчы», Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст магіле гасподняй», «Канон магіле гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст святым Пятру і Паўлу», «Канон святым Пятру і Паўлу», «Акафіст святому Міколе», «Канон святому Міколе», «Акафіст крыжу гасподняму», «Канон крыжу гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаяльны», «Канон на ютрані», «Саборнік». Некаторыя часткі «Малой падарожнай кніжкі», магчыма, выходзілі як асобныя выпускі.

Францішак Скарына надрукаваў "Малую падарожную кніжку" ў Вільні на 42 гады раней, чым іншыя два беларусы Іван Федаровіч і Пётр Мсціславец надрукавалі "Апостал" у Маскве.


"Гліняны Вялес-2006" прысуджаны В. Акудовічу

Філосафу і эсэісту Валянціну Акудовічу прысуджана бадай самая вядомая нонканфармісцкая літаратурная прэмія "Гліняны Вялес" - за кнігу "Дыялогі з Богам", якая пабачыла свет летась у выдавецтве Логвінава.

Прэмію заснавала ў 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў, і з таго часу нязьменна штогод вызначаецца лаўрэат за лепшую мастацкую кнігу.

Традацыйна прэмія "Гліняны Вялес" уручаецца ў Полацку ў сакавіку.

Васіль Кроква


Шаноўнае спадарства!

Менская гарадская арганізацыя ТБМ 22 красавіка 2007 годаў г. Менску праводзіць Рэспубліканскую навуковую канферэнцыю " Інбелкульт - асяродак навуковай дзейнасці беларускай інтэлігенцыі". Тэматыка канферэнцыі:

1. Гісторыя Інстытута беларускай культуры.

2. Навуковая дзейнасць і лёс яго супрацоўнікаў.

3. Асноўныя кірункі беларускай навукі і культуры за 1922 - 1928 гг.

4. Культурная і гістарычная спадчына Інбелкульта.

Рабочыя мовы канферэнцыі: беларуская, руская і іншыя славянскія, ангельская.

Аргкамітэт запрашае зацікаўленых да ўдзелу ў канферэнцыі да 14 красавіка 2007 г. выслаць заяўку з указаннем дадзеных пра аўтара і матэрыялы для апублікавання.

Матэрыялы да 7 старонак фармата А-4 у электронным варыянце, набраныя ў тэкставым рэдактары Microsoft Word for Windows (версія не ніжэй 6,0), шрыфт Times New Roman - кегль 14, праз 1 інтэрвал, на дыскеце 3,5(А), а таксама ў раздрукаваным варыянце дасылаць на адрас аргкамітэту, або па E-mail Матэрыялы, не прысвечаныя тэматыцы канферэнцыі, разглядацца не будуць.

Па выніках канферэнцыі плануецца выдаць зборнік матэрыялаў. Аргузнос па курсе 5 у.а. у аргкамітэт ТБМ падчас рэгістрацыі. Выдаткі на праезд, харчаванне і пражыванне - за кошт удзельнікаў канферэнцыі.

Патрабаванні да афармлення матэрыялаў.

У першым радку справа паўтлустым шрыфтам друкуюцца ініцыялы і прозвішча аўтара(аў), у круглых дужках - назва горада. Праз радок па цэнтры прапіснымі літарамі друкуецца назва даклада, яшчэ праз радок - тэкст. Палі - па 20 мм з кожнага краю. Спасылкі ў тэксце афармляюцца ў квадратных дужках з указаннем нумара крыніцы ў спісе літаратуры і нумара старонкі [1, с. 50].

Рэгістрацыя ўдзельнікаў 22 красавіка з 9.30 у сядзібе ТБМ, вул. Румянцава, 13. Пачатак канферэнцыі - 10.00.

Адрас аргкамітэту:

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, вул. Румянцава, 13, г. Мінск 220034


ТБМ прапануе надаць адной з менскіх вуліц імя Напалеона Орды

13 лютага старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў звярнуўся да старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава з прапановай назваць адну з вуліц сталіцы імем мастака, кампазітара, педагога і пісьменніка Напалеона Орды.

У лісце да М. Паўлава зазначаецца, што Беларусь разам са сваімі суседзямі Літвою і Польшчаю пад эгідай ЮНЭСКА адзначае 200годдзе з дня народзінаў славутага земляка Напалеона Орды.

- На жаль, дагэтуль у сталіцы няма вуліцы імя гэтага выбітнага дзеяча нацыянальнай культуры, - піша Трусаў. - Ведаючы ваша паважлівае стаўленне да шанавання памяці нашых слаўных продкаў, прапануем з нагоды юбілею назваць адну з вуліц Менска імем Напалеона Орды.

ТБМ прапаноўвае зрабіць гэта ў цэнтры горада. Да прыкладу, перайменаваць вуліцу Камуністычную, бо існаванне вуліцы з такой назвай у сталіцы незалежнай дзяржавы з'яўляецца гістарычным нонсэнсам, - гаворыцца ў лісце.

Радыё Рацыя.


Ствараецца "Таварыства ведыйскай культуры"

На паседжанні Рады ТБМ 4 лютага 2007 года заснаваны аргкамітэт па стварэнні грамадскага аб'яднання "Таварыства ведыйскай культуры". Ад ТБМ у склад аргкамітэту ўвайшлі: Вольга Іпатава, Сяргей Панізьнік, Станіслаў Суднік. Акрамя таго згоду на ўваход у аргкамітэт далі Васіль Ліцьвінка і Антаніна Хатэнка.

Многія беларускія даследчыкі ў самых розных абласцях ведаў (фальклор, філасофія, гісторыя, народная творчасць, філалогія і інш.) у сваіх даследваннях выходзяць на індаеўрапейскую і ведыйскую тэматыку, што з'яўляецца лагічным і абгрунтаваным. Разам з тым у беларускай наасферы адсутнічае беларускамоўны масіў інфармацыі па азначанай праблематыцы. Найбольш значныя працы ў гэтай тэматыцы выкананы не пабеларуску. Беларускія даследчыкі скарыстоўваюць ужо другасную, у многім павярхоўную, інфармацыю, што значна зніжае сам узровень даследванняў. Беларусі патрэбна свая школа па вывучэнні "Ведаў" і індаеўрапейскай тэматыкі, а таксама свая школа санскрыту. Дзяржава сама да гэтага прыйдзе, як прыйшла з кітайскай мовай, але яна прыйдзе да вырашэння гэтай праблемы ў рускай мове. Мы маем магчымасць пачаць развязванне гэтай праблемы ў беларускай мове.

Арганізацыя вывучэння санскрыту адна з асноўных задач будучага Таварыства. Як гэта можа быць? Санскрыту павінен быць нададзены статус класічнай мовы. Яго павінны вучыць на ўсіх факультэтах, дзе цяпер вучаць старажытнагрэцкую мову і латынь. Надаць статус класічнай мовы санскрыту трэба заканадаўча, як гэта летась зрабілі ў Індыі. Разам з тым правесці такое рашэнне заканадаўча ў нашай краіне, ды і не толькі ў нашай, не так проста. Да гэтага не гатовы ні грамадства, ні эліты. Таму трэба стварыць пад гэты закон моцную інтэлектуальную і інфармацыйную базу. А для гэтага патрэбны як мінімум Ведыйскі адукацыйны цэнтр і крыніца інфармацыі: часопіс або сайт у Інтэрнэце з назвай, скажам, "Белведа" ці "Белаведа".

Мусяць быць выдадзеныя "Санскрыцкабеларускі слоўнік" і "Падручнік санскрыту", падрыхтаваны педагагічныя кадры, арганізаваны магчымасці па ўстаноўцы на кампутарах азбукі дэвангары.

Павінны быць прынятыя меры па стварэнні Нацыянальнай бібліятэкі ведыйскай літаратуры, адразу папяровай і электроннай. Трэба шмат чаго яшчэ.

На добры лад усё гэта павінна рабіцца на ўзроўні Нацыянальнай Акадэміі Навук, і яно будзе некалі рабіцца на ўзроўні Акадэміі, але да гэтага трэба прыйсці, гэтага трэба дабіцца.

Сёння, як на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў, многія народы шукаюць карані сваіх нацый, сваіх этнасаў. Нам іх не трэба шукаць, яны нам вядомыя, як вядомыя і вытокі нашай мовы і нашай культуры.

Наша бяда ў тым, што маючы ў аснове сваёй цывілізацыі магутны пласт ведыйскай культуры, літаратуры, філасофіі мы зза сваёй непісьменнасці, неадукаванасці не карыстаемся гэтым багаццем.

Мы просім усіх, каму гэта цікава, і хто гатовы ўвайсці ў аргкамітэт па стварэнні ГА "Таварыства ведыйскай культуры", звяртацца ў сядзібу ТБМ у Менску па адрасу: Румянцава, 13, тэл. 80172848511, непасрэдна да Вольгі Іпатавай, Сяргея Панізьніка, Антаніны Хатэнкі, Васіля Ліцьвінкі, а таксама да Станіслава Судніка ў Лідзе.

Калі набярэцца больш за дзесяць ахвотнікаў, будзе склікана першае паседжанне аргкамітэту, на якім будуць вызначаны крокі да ўстаноўчага сходу Таварыства.

Станіслаў Суднік.


Нарачанская Чайка

30 студзеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася творчая сустрэча з народнай артысткай Беларусі Марыяй Захарэвіч.

Імя Марыі Захарэвіч шмат гадоў у цэнтры агульнай ўвагі. Калі згадваюць лепшых купалаўскіх акцёраў, абавязкова згадваюць і яе. Той, хто хоць аднойчы бачыў гэтую актрысу на сцэне, знаходзіцца пад уплывам яе вобразаў і надалей. Нам, прыхільнікам таленту Марыі Захарэвіч, згадваюцца яе ролі: Таня з "Жаніцьбы Бялугіна" А. Астроўскага, Ліза Хрэнава з "Традыцыйнага збору" В. Розава, Марыя са "Святая святых" І. Друцэ, Маша з "Эшалона" М. Рошчына, Ганна з "Плачу перапёлкі" І. Чыгрынава, Варвара з "Навальніцы" А. Астроўскага, Зношчыха з "Тутэйшых" і Альжбэта з "Паўлінкі" Янкі Купалы...

Марыя Захарэвіч, выхаваная ў простай сялянскай сям'і на Мядзельшчыне, дасягнула высокіх зорак у творчасці.

Мядзельшчына - радзіма знакамітых людзей. Згадаем Народнага паэта Беларусі Максіма Танка, вядомага мастака Васіля Шаранговіча, выдатнага харавога дырыжора, народнага артыста Беларусі Віктара Роўду, дзяржаўнага дзеяча Георгія Таразевіча, першую выканаўцу ролі Паўлінкі ў аднайменнай камедыі Янкі Купалы Паўліну Мядзёлку, саліста тэатра оперы і балета Уладзіміра Каўруса, археолагаў Яраслава Звяругу, Міхася Чарняўскага, пісьменнікаў Іосіфа Скурко, Адольфа Варановіча, Мар'яна Дуксу, Яўгена Шабана, Генадзя Шупеньку.

У нарачанскім сузор'і асоб запалілася адметная зорка таленту і Марыі Захарэвіч. Прырода Мядзельшчыны, яе людзі, карані продкаў - і ёсць тая чыстая, бруістая крыніца, якая натхніла і натхняе народную артыстку Беларусі.

Мерапрыемства сабрала пісьменнікаў, мастакоў, даследчыкаў, навукоўцаў, сяброў і шматлікіх прыхільнікаў таленту Марыі Захарэвіч. Адмысловай музычнай праграмай гасцей сустрэчы прывіталі вучні філіялу Дзіцячай музычнай школы № 19 з праблемамі зроку. Адкрыў мерапрыемства дырэктар музея Сяргей Вечар, які расказаў пра юбілейны 2007 год для музея і пра невыпадковасць сустрэчы з Марыяй Захарэвіч у Доме Купалы. Пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Ліпскі даўно і плённа працуе ў жанры дакументальнамастацкай літаратуры. Сваю чарговую дакументальную аповесць "Нарачанская Чайка", прысвечаную народнай артыстцы Беларусі Марыі Георгіеўне Захарэвіч, Уладзімір Ліпскі прэзентаваў на мерапрыемстве.

М. Захарэвіч адолела грандыёзную дыстанцыю ад аматарскага гуртка да акадэмічнага тэатра, Купалаўскі тэатр з'яўляецца сімвалам беларускай тэатральнай культуры, здабыткам нацыі, мастацкім летапісам гісторыі. На сцэне тэатра ўтвараўся падмурак нацыянальнай акцёрскай школы. Свой арыгінальны голас набывала нацыянальная рэжысура і нацыянальная сцэнаграфія. Тут праходзіла выпрабаванне нацыянальная драматургія.

Паэзія і драматургія Янкі Купалы стала крыніцай творчасці тэатра з першых дзён яго існавання. У трагічным 1942 годзе, калі загінуў паэт, было вырашана ўсю ўвагу скіраваць на дасканалае вывучэнне яго творчасці. Тады і нарадзілася ідэя ажыццявіць на сцэне глыбокапаэтычныя народныя п'есы: драму «Раскіданае гняздо», камедыі «Прымакі» і «Паўлінка». Спектакль «Тутэйшыя» Я. Купалы таксама стаў адметнай з'явай беларускага тэатра.

Шмат было сказана цёплых слоў у адрас таленавітай артысткі. Дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Кірычэнка расказаў пра жыццё тэатра і сённяшнія ролі Марыі Георгіеўны. Дырэктар Літаратурнага музея Пятруся Броўкі Іван Вашкевіч доўгі час быў дырэктарам Купалаўскага тэатра. Іван Іванавіч паведаміў шмат цікавага пра творчыя стасункі з Марыяй Захарэвіч.

Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, дырэктар музея сучаснага выяўленчага мастацтва Васіль Шаранговіч - зямляк Марыі Захарэвіч. Васіль Пятровіч расказаў, што вучыліся яны ў адной школе, у адным інстытуце, толькі ў розныя гады. У маленстве і юнацтве хадзілі аднымі сцежкамі, чэрпалі натхненне з адной крынічкі - з азёрнай Мядзельшчыны. Гадамі яны крыху размінуліся, але лёсам, думкамі, памкненнямі - вельмі роднасныя душы.

Амаль з усімі беларускімі пісьменнікамі Марыя Захарэвіч зналася, а з многімі і сябравала. У яе хатняй бібліятэцы ёсць кнігіпадарункі з аўтографамі Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Эдзі Агняцвет, Максіма Лужаніна, Сяргея Грахоўскага, Еўдакіі Лось, Ніла Гілевіча, Анатоля Вярцінскага, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законнікава, Раісы Баравіковай, Уладзіміра Някляева…

Марыя Захарэвіч нястомна чытала, вучыла на памяць вершы паэтаў, сваіх сучаснікаў. З імі выступала ў Доме літаратара, гарадскіх палацах, сельскіх дамах культуры, бібліятэках, школах, на прадпрыемствах, у калгасах, на радыё і тэлебачанні.

Тэатру і сваёй акцёрскай прафесіі Марыя Георгіеўна служыць верна, цярпліва, аддана. Свае жыццёвыя нервы, сваю жывую кроў, свае розум і талент яна ўмела ўплятае ў свае сцэнічныя ролі. Яны - яе жыццё, любоў, шчасце. І пра гэта хораша сказаў паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоль Вярцінскі ў сваім прысвячэнні Марыі Захарэвіч:

Твае ролі - твае болі,

Твае мукі і любові,

Тваё лецейка і золь.

Твае ролі - твая доля.

А ўсіх роляў твая роля -

Беларусі роднай боль.

Сваё бачанне Марыі Захарэвіч на Купалаўскай сцэне выказаў паэт Васіль Жуковіч:

Трапяткое сэрца

на далоні сцэны.

Бацькаўшчыны цяжкі

шлях яму баліць.

Трапяткому сэрцу

не існуе сценаў,

Што маглі б ад свету

ўзяць і аддзяліць.


Да людзей дарога -

шчодры дар ад Бога.

Трэба ж так ахвярна,

мужна так любіць

І ў палоне Слова

і жыцця чужога

Самасці не страціць -

так, сабою быць.

У п'есах "Паўлінка", "Тутэйшыя" Марыя Захарэвіч стварыла такія вобразы маці, якія адчуваў і памастацку выпісаў у сваіх творах наш класік і гонар нацыі Янка Купала. Марыя Георгіеўна паправу атрымала "Крыштальную Паўлінку" - прэстыжную ўзнагароду за талент, за творчыя набыткізнаходкі, за адданасць беларускай тэатральнай культуры. Але найвышэйшыя ўзнагароды для Марыі Захарэвіч былі і ёсць падзякі людскія, словы добрыя. Паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Мікола Мятліцкі выказаў сваё паэтычнае прызнанне любімай артыстцы:

Быццам зноў чую голас

матулі жывы

У далёкай адсюль

дачарнобыльскай хаце.

У сцэнічным святле зноў

чытаеце вы

Вершы пра маці.


Ад людзей не хаваеце

слёз у вачах,

Аб заўчаснай прачула

гаворачы страце,

Бо узрушана б'ецца

у вашых грудзях

Сэрца сапраўднай маці.

Успамін, як лёгкі ветрык, варушыць попел, а пад ім - залатое, гарачае вуголле. Яно нагадвае пра жыццё агню, полымя, пра тое цяпло, якое грэла і апякала ўсіх, хто быў навокал. Ніна Сняжкова пятнаццаць гадоў працавала ў Саўміне, была апякункай артыстам, мастакам і пісьменнікам, яны назыалі яе "мамай". Многія прадстаўнікі мастацтва любяць і помняць з удзячнасцю яе шчырыя, мацярынскія клопаты. Ніна Лявонаўна з задавальненнем успамінала былыя часы, расказвала цікавыя гісторыі пра Марыю Захарэвіч.

Міхась Чарняўскі - вядомы археолаг, кандыдат навук, загадчык аддела археалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Зрабіў нямала цікавых адкрыццяў, напісаў шмат навуковых і дакументальнамастацкіх кніг. Працаваў у архівах, раскопваў старажытныя курганы, гарадзішчы ў розных раёнах Беларусі. Прысутныя з цікавасцю слухалі расповед Міхася Чарняўскага пра старадаўні род Захарэвічаў. А пачынаўся вядомы вучоны і прызнаны пісьменнік з вёскі Мікасецк, што побач з вёскай Марыі Захарэвіч.

Шмат гадоў Марыя Захарэвіч выходзіла ў эфір беларускага радыё. Яе называлі каралевай радыё. Яна і навіны перадавала, і пра надвор'е паведамляла. А часцей за ўсё чытала творы беларускіх аўтараў, удзельнічала ў паэтычных перадачах, у радыёп'есах. Іх набралася больш за 200.

Іван Шамякін, народны пісьменнік Беларусі пісаў: "Яна ўмее перадаваць па радыё ўсю гаму пачуццяў, якія нясуць у сабе героі радыёп'есы. Гэта вельмі важна, бо слухачы не бачаць твару, вачэй актрысы. Яны толькі чуюць яе голас. Кожнаму з нас, аўтараў, проста шанцуе, гэта шчасце, што ў нашых п'есах заняты такія акцёры, як Марыя Захарэвіч. Мы па праву ганарымся ёй. Увесь народ ганарыцца…"

За выкананне роляў у радыёспектаклях "Рыбакова хата" паводле Якуба Коласа і "Хамуціс" Аркадзя Куляшова Марыя Георгіеўна Захараэвіч атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі.

Шмат перадач на радыё з Марыяй Захарэвіч і пра яе зрабіла паэтэса Ніна Загорская, якая ў свой час працавала ў літаратурнадраматычнай рэдакцыі Беларускага радыё і тэлебачання. Пра незвычайны талент Марыі Захарэвіч - верш Ніны Загорскай:

Колькі ў табе зор,

нарачанскіх хваль,

мястрынскіх глыбінь?!

Колькі ў табе неба,

колькі Вечнасці -

ад зжатых каласоў,

ад вырванага льну,

ад вытканых палотнаў?!

Колькі ў табе песень -

ад бароў,

што закалыхвалі

дзяцінства ў Навасёлках?..

Ніна Загорская шмат расказала пра народную артыстку, сваю сяброўку. Цікава было паслухаць пра паходы з Дабрадатным Агнём ад Труны Гасподняй па гістарычных святынях Беларусі. Гэты духоўны рух распачаўся на нашай зямлі ў 1994 годзе. Ініцыятарам, арганізатарам і кіраўніком яго стала паэтэса Ніна Загорская, дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва Беларусі. У першую ж навуковатворчую экспедыцыю "Дарога да Святыняў" была запрошана і Марыя Захарэвіч.

Успамін пра мінулае - гэта той магнітны агонь, які ўтрымлівае, падаграе, падсілкоўвае нас ў сённяшняй яве і надае веры ў заўтрашні дзень. Пражытае прымушае радавацца і засмучацца, смяяцца і плакаць, раскайвацца і спавядацца... Марыя Захарэвіч чытала беларускую паэзію, якую ўсё сваё свядомае жыццё даносіла да слухачоў, вершы Янкі Купалы, успамінала цікавыя гісторыі са свайго жыцця, расказвала пра шматлікія творчыя паездкі па Беларусі.

У сваім дзённіку Марыя Захарэвіч напісала: "Хачу, каб гледачы выходзілі з тэатра са слязьмі. Але каб вочы вільгатнелі не ад жалю, перажывання, спачування да герояў, а каб то былі слёзы ачышчэння, захаплення ад сустрэч з высокім мастацтвам".

Сустрэча ў Купалавым доме з высокім мастацтвам, з цікавымі людзьмі нікога не пакінула абыякавымі, госці выходзілі з музея з добрымі ўражаннямі.

Дзіяна Філіповіч, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Фотаздымкі: 1. Выступаюць вучні філіяла ДМШ № 19 пад кіраўніцтвам Алены Маславай. 2. Анатоль Вярцінскі і Марыя Захарэвіч. 3. Іван Вашкевіч і Марыя Захарэвіч.


Жальбінны радок у вянок для Тамары Грузновай

Лёгкай птушкай адляцела ў найлепшы свет на 56м годзе жыцця Тамара Грузнова, старшыня Свіслацкай Рады ТБМ Ленінскага раёна г. Менска, сакратар сядзібы ТБМ, сябра Беларускага народнага фронту.

Нарадзілася Тамара ў Рагачове ў сям'і Кандраццева Івана Васільевіча і Аляксандры Сцяпанаўны. Жылі цяжкавата, але дапамагалі сваякі. Цётка Люба даглядала Тамарку, спявала ёй песні, баяла казкі, расказвала беларускія пацешкі. Можа, пагэтаму дзяўчынка ў дзяцінстве вельмі любіла ставіць спектаклі. Суседзі з задавальненнем глядзелі ў двары "Церамцерамок", "Чырвоны каптурок", "Кошкін дом" у выкананні маленькіх артыстаў. Завадатарам была заўсёды Тамара. І каманду цімураўцаў яна таксама зладавала. Так у Рагачове ў 5060х гадах выспявалі арганізатарскія здольнасці Тамары.

Калі дзяўчына паступіла ў Менску ў педагагічны тэхнікум, пачаўся менскі перыяд яе жыцця. Тут яна прапрацавала ўсё жыццё ў дзіцячым садочку, вучыла дзетак разважлівасці, мудрасці, любві да роднай мовы і культуры. Тут яна і каханне сваё сустрэла, сям'ю зладавала. Усе гады побач з ёй заўсёды быў Валера Грузноў. Такой пары зайздросцілі ўсе. Не шмат знойдзецца ў Беларусі такіх палавінак, што моцненька трымаюцца адзін аднаго, паважаюць, любяць, кахаюць.

Разам яны і краіне сваёй служылі, дапамагалі Беларусі незалежнасць усталёўваць. Ад пачатку 90х гадоў Тамара і Валера Грузновы ўдзельнічалі ў мітынгах, пікетах, зборах подпісаў, выбарчых кампаніях. Іх сціплая кватэра ў Серабранцы шмат разоў ператваралася ў перадвыбарчы штаб, дзе днём і ноччу ішла работа.Гэтую сям'ю ведаюць многія выбітныя беларускія палітыкі.

Сябры і аднадумцы адзначаюць, што Тамара мела незвычайны талент прыцягваць людзей, лучыць іх у грамаду. Гэта яна зладавала вялікую арганізацыю ў Ленінскім раёне, паклікала людзей да яднання. Разам яны арганізоўвалі мноства вандровак па Беларусі, наведвалі цікавыя мясціны, знаёміліся з архітэктурай, з нашым мінулым. А колькі святаў яны адзначылі разам: і Каляды, і Вялікдзень і інш.

Калі Тамара пачала працаваць ў сядзібе Таварыства беларускай мовы, усе адразу адчулі яе дакладнасць у рабоце, пунктуальнасць і адказнасць. Пабольшала наведвальнікаў асветніцкіх семінараў, што ладаваліся ТБМ. Асабліва гэта праявілася ў наведванні семінара "Я магу жыць лепей". Тамара неяк так ласкава і ветліва запрашала людзей, што ім хацелася прыйсці.

Канкрэтнасць яе дзеянняў уражвала, а даручанае можна было не правяраць-самадысцыпліна была на найвышэйшым узроўні. Ды і ідэяў было багата ў гэтай маленькай сціплай жанчыны. Гэта яна натхняла сяброў Сакратарыяту на ладаванне святаў. І часта на вуліцы Румянцава гучалі каляндарнаабрадавыя песні, а Тамару ўсе помняць яркай выканальніцай ролі Казы.

Яскравай свечкай гарэла жыццё Тамары Грузновай. І адпалала гэтак жа ярка. Да апошняга ўдыху яна служыла роднай зямлі і людзям, бо мела вялікае сэрца, дзе месціліся любоў да роднай мовы, гонар быць беларускай, павага да ўсіх і ўсяго.

І мы не развітваемся з нашай сябровачкай, нашай калегай, бо нашы стасункі працягваюцца на іншым, найвышэйшым узроўні: думкай, пачуццём, успамінамі, светлай памяццю пра цудоўную працаўнічку, слаўнага чалавека, актыўную грамадскую дзяячку, абаяльную жанчыну Тамару Грузнову.

Сакратарыят ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".


Пясняр залатой Крывіі...

Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.

Маё асабістае знаёмства з Эдуардам Акуліным, ягонымі песнямі і выканаўчай манерай адбылося недзе на пачатку 90х гадоў з прычыны прафесійнай. Для раённай газеты "Вясьнянка", у якой я пачынаў свой журналісцкі шлях, давялося рыхтаваць матэрыял пра адну з самых гучных культурніцкіх падзеяў таго часу - стварэнне ў Менску музея Максіма Багдановіча, адкрыццё якога было прымеркавана да 100х угодкаў з дня народзінаў паэта. Дырэктар музея, як аказалася, адзін з узгаданых раней "баскаў", Алесь Бяляцкі пасля нашай размовы прапанаваў пазнаёміцца з яшчэ адной важнай гістарычнай кропкай на менскай мапе - філіяй музея М. Багдановіча "Беларуская хатка". Так я апынўуся на вуліцы Рабкораўскай, 19. На ёй сярод шматпавярховых гмахаў адразу пабачыў цудам уратаваны рупліўцамі Беларушчыны і старанна адрэстаўраваны дом, у якім у 1617 гадах ХХ стагоддзя амаль паўгода жыў Максім Багдановіч. Тут паэт стварыў два сапраўдных шэдэўры патрыятычнай лірыкі - верш "Пагоня" і паэму "СтрацімЛебедзь".

Памятаю, калі я пераступіў парог "Беларускай хаткі", адразу, нібы ў галівудскім фільме, унутраны аб'ём не надта вялікай драўлянай хаціны для мяне пашырыўся да памераў цэлай гістарычнай эпохі, цэлага беларускага Сусвету… Я адчуў магію гэтага запаветнага кутка ў самым сэрцы нашай урбанізаванай сталіцы. Не магчыма нават перадаць той настрой, які стварала з густам створаная экспазіцыя "хаткі", асабліва мемарыяльны пакой Максіма. Мяне увесь час не пакідала пачуццё блізкай прысутнасці самога Багдановіча... І безумоўна не магла пакінуць абыякавым "душа беларускай хаткі" - Батлейка. Адгучалі батлеечныя баталіі, патухлі свечкі пры драўляных ліштвах і да наведвальнікаў музея выйшаў з гітарай у руках Эдуард Акулін. Працуючы загадчыкам "Беларускай хаткі" паэт і бард таленавіта спалучаў у сабе аж тры іпастасі: адміністратара, экскурсавода і батлейшчыка. З першых жа акордаў і словаў песні мяне, як і ўсіх прысутных, уразіў голас выканаўцы - мяккі, лірычны і пранікнёны. Слухачы адразу адчулі тую невыказную любоў да паэзіі Максіма Багдановіча, якую месціў у сваёй душы малады бард:

Месячнай цёплай ноччу

Шляхам апошнім млечным

Ціха ў Сусвет пакрочу,

Буду сабе свяціць...

Каб і адтуль, з нябёсаў,

Каб і адтуль, з далечы,

Бачыць цябе, Радзіма,

І як цяпер любіць…

(Э. Акулін "Зорка Максіма")

Чым жа так прывабліваў Эдуарда паэтычны свет Максіма Багдановіча: непагасным святлом ягонай "Зоркі Венеры" ці звонкім пошчакам капытоў "ваякаў на грозных канях" Максімавай "Пагоні"? На гэтае пытанне ў адным са сваіх інтэрвію Э.Акулін адказаў: "Дух паэзіі Багдановіча - гэта наш беларускі дух. На першым этапе сваёй творчасці паэт імкнуўся да еўрапейскіх узораў версіфікацыі, прышчапляў да дрэва айчыннай паэзіі класічныя вершаваныя формы: санет, трыялет, рандо, пентаметры... Але пазней прыхінуўся да вершаў гэтак званага "беларускага складу", якія заснаваныя перадусім на народнай паэтыцы. Галоўнае ў іх не рыфма і рытм, а нацыянальны дух і каларыт".

Такім жа "беларускім складам" у багдановічаўскім разуменні адрозніваўся і першы магнітаальбом Эдуарда Акуліна "Мая Крывія" (1995). Ягоны змест склалі 20 цудоўных песень, якія ў хуткім часе сталі класікай беларускай бардаўскай песні. Прыгадайма такія вядомыя хіты, як "Зорка Максіма", "Пагоня", "Гэй, Беларус", "Каханая мая", "Пяшчота ліўня" "Калыханка", "Вальс" - словы і мелодыі якіх нагадвалі слухачам пра тое, што ў нашым жыцці павінна заставацца месца для высокіх і вечных пачуццяў - любові да роднай зямлі і кахання да любай жанчыны.

Імкненне да гарманічнага спалучэння зместу і формы (атрыманае Э. Акуліным у спадчыну ад М. Багдановіча), пранікнёны лірызм, шчырасць і выкшталцоная манера выканання ў спалучэнні з непаўторным меладызмам - вось тая аснова поспеху, які напаткаў першы магнітаальбом аўтара. Не марна некаторыя музычныя крытыкі ў рэцэнзіях на альбом параўноўвалі Эдуарда Акуліна з непаўторнымі па манеры выканання - Хуліо Эглесіасам і славутым Джо Дасэнам. Між тым Э. Акулін вельмі арганічна здалеў спалучыць у сваёй творчасці і тонкую лірыку кахання, і высокія патрыятычныя матывы. Вось чаму барда можна было часта ўбачыць і пачуць і ў кулуарах сталічнай паэтычнай багемы і на шматтысячных мітынгах пратэсту, якія ладзіла ў той час беларуская апазіцыя.

Цудоўна, што альбом "Мая Крывія", як і любое незалежнае выданне, застаўся недасягальным для літаратурных цэнзараў. Таму, як адзначалася ў газеце "Новы Час" (№3, 2003): "Студыйны запіс песень Акуліна імгненна разышоўся па ўсёй Беларусі і прынёс аўтару заслужаную вядомасць." Затое, калі Эдуард Акулін у 2000 годзе паспрабаваў выдаць свой чацвёрты па ліку паэтычны зборнік "Радно", дык ягоны наклад, быў "пушчаны пад нож", кажучы метафарычна, трапіў пад кніжную гільяціну... Вось якія радкі з бачынаў "Радна" прывялі ў стан шаленства літаратурных цэрбераў:

Пры гэтым народзе, пры гэтай уладзе,

паэтаў народных штурхаюць на здраду,

паэтаў вялікіх, чый век несканчоны,

змушаюць маліцца на псеўдаіконы.

Віжуюць, не спяць

слугачыянычары,

драпежна рыпяць валадарскія нары...

Гэты нечуваны акт вандалізму над сучаснай нацыянальнай літаратурай вельмі паказальны для сённяшніх часоў. Толькі ў ролі сярэднявечных інквізітараў выступаюць прадстаўнікі цяперашніх уладных структураў.

Новую хвалю папулярнасці Эдуарду Акуліну прынеслі і чарговы ягоны магнітальбом "Як я і яна" (2000), а таксама першы ў дыскаграфіі барда песенны the best "Напачатку была Песня" (2003). Наступныя праграмы значна пашырылі і паглыблыбілі той эмацыянальнаінтэлектуальны патэнцыял, які быў закладзены ў альбоме "Мая Крывія". Вось чаму яны карыстаюцца немалым попытам у аматараў беларускай бардаўскай песні, побач з дыскамі калегаў і сяброў па песенным цэху - Данчыка, Сяржука СокалаваВоюша, Алеся Камоцкага, Віктара Шалкевіча, Вальжыны Цярэшчанкі... Творы Эдуарда Акуліна і тады, у часы ўздыму нацыянальнага Адраджэння 8090 гадоў, і цяпер, калі ідзе размова пра спад адраджэнцкіх працэсаў, нязменна задавальняюць неспатольную прагу слухачоў да песняў з глыбокім паэтычным падтэкстам ды глабальным беларускім кантэкстам. Э. Акулін быў і застаецца верным ідэалам свайго духоўнага пабраціма і настаўніка Максіма Багдановіча. Такой уяўляецца песенная творчасць Эдуарда Акуліна, якая неад'емная ад ягонай паэтычнай дзейнасці. Не марна ж сам паэтбард называе Паэзію і Песню сваімі двума творчымі крыламі. Кожным вершаваным зборнікам Эдуард Акулін таленавіта пацвярджае гэтую выснову. Ці гэта дэбютны зборнік "Лес дзённага асветлення", ці то кнігі паэзіі "Пяшчота ліўня" і "Крыло анёла", ці нядаўна выдадзены паэтычны зборнік "Непрычалены човен" - паўсюль чытач знойдзе вершы, якія самі просяцца ў песенны рэпертуар аўтара. Значыць, можна чакаць новых адкрыццяў на творчым даляглядзе паэта і барда.

…Не так даўно зноў давялося сустрэцца з песеннай творчасцю Эдуарда Акуліна. На прэзентацыю нашай з Вітаўтам Мартыненкам кнігі "222 альбомы беларускага року і не толькі…" мы запрасілі героя нашага выдання - барда Эдуарда Акуліна (цяпер яшчэ і намесніка старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў, а таксама намесніка галоўнага рэдактара часопіса "Дзеяслоў"). Імпрэза адбывалася ў Краязнаўчай школе, што працуе пры Гістарычнай майстэрні ў Менску. Эдуард са светлай настальгіяй у вачах распавёў маладым слухачам пра той цікавы перыяд сваёй творчасці, які быў звязаны з рокгуртом "Баскі", а пасля выканаў некалькі лірычных песень, чым выклікаў шквал гарачых апладысментаў. Слухачы пыталіся, дзе можна набыць дыскі барда, пра творчасць якога распавядаецца ў нашай кнізе... Выдаўцы спадзяюцца, што і новы дыск Эдуарда Акуліна з серыі "Беларускі музычны архіў" будзе спрыяць таму, што песні барда стануць больш блізкімі маладым слухачам генерацыі "Вясна2006", а беларуская бардаўская песня здабудзе яшчэ больш сталых прыхільнікаў.

…Падводзячы вынікі нашай прэзэнтацыі, мы з Вітаўтам сышліся на адзінай думцы наконт Эдуарда Акуліна: бард усе гэтыя гады застаецца ў выдатнай творчай форме, заўважна падвышае сваё выканаўчае майстэрства, а ягоныя песні захоўваюць тую ж шчырасць і пранікнёнасць, як і 1015 гадоў таму. А гэта значыць, што ў нас ёсць рэальная магчымасць дачакацца "залацістага, яснага дня", у які свята верыў Максім Багдановіч, не толькі для нашай беларускай Песні, а і для нашай залатой Крывіі, у якую верыць і якую апявае Эдуард Акулін.

На здымку: Эдуард Акулін у Лідскім ПТВ-235.

Анатоль Мяльгуй

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX