№ 12 (800) 21 САКАВІКА 2007 г.
25 сакавіка - Дзень Волі
Герояў БНР не забывае Беларусь
Пад 25 сакавіка лідскі краязнавец Лявон Лаўрэш выдаў кнігу пра аднаго з міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі генерала ад інфантэрыі Кіпрыяна Кандратовіча.
Імя Кіпрыяна Кандратовіча доўгі час замоўчвалася. Лічылася, што ён памёр недзе ў Парыжы, а генерал жыў у сваім маёнтку Гародна Лідскага павету, а пасля смерці быў пахаваны на лідскіх праваслаўных могілках.
Кніга Лявона Лаўрэша падсумоўвае ўсе ранейшыя напрацоўкі і публікацыі на гэтую тэму і разам з тым ставіць шэраг пытанняў. Добра, мы вярнулі з бяспамяцтва яшчэ аднаго дзеяча БНР, але побач з Кандратовічам на беларускай ніве ў 1918-20 гадах дзейнічалі генералы Пажарскі, Багдановіч, палкоўнік Камароўскі. Яны таксама чакаюць сваіх даследчыкаў, і, будзем спадзявацца, дачакаюцца.
Магчыма святло на асобы гэтых беларусаў пральюць дзённікі генерала Кандратовіча, якія знаходзяцца недзе ў Англіі, хаця ніхто пакуль не ведае, які перыяд тыя дзённікі кранаюць. Генерал пісаць умеў, ён адзін з аўтараў кнігі "Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.", супрацоўнічаў з газетай "Московские ведомости" у якасці вайсковага аглядальніка. Дасць Бог, Л. Лаўрэшу, а мо каму іншаму пашчасціць здабыць хаця б копіі тых дзённікаў, і, магчыма, у гісторыі БНР будзе прыадкрыта яшчэ адна невядомая старонка.
Наш кар.
Дзень Волі - галоўнае нацыянальнае свята беларусаў усяго свету
Праз год мы будзем святкаваць дзень аднаўлення беларускай дзяржаўнасці - 90я ўгодкі абвяшчэння БНР, першай беларускай дзяржавы ў ХХ стагоддзі. ТБМ лічыць, што ўжо зараз трэба пачаць падрыхтоўку да ўсенароднага святкавання гэтага юбілею і стварыць нацыянальны камітэт з абавязковым прадстаўніцтвам беларускай дыяспары.
Сёлета свята 25 Сакавіка прапануюць абвесціць Днём нацыянальнай еднасці, і ўжо зроблены адпаведныя звароты з боку грамадскасці да Савета Міністраў Беларусі. Далучаючыся да гэтых прапаноў, ТБМ адзначае, што галоўным фактарам яднання беларусаў у адзіную нацыю была, ёсць і заўжды будзе толькі беларуская мова, якая ў ХХ ст. была абвешчана дзяржаўнай менавіта Урадам БНР у 1918 годзе. Таму мы заклікаем усіх удзельнікаў святкавання 25 Сакавіка шырока ўжываць дзяржаўную беларускую мову ў штодзённым жыцці і тым самым далучыцца да святой справы беларускага адраджэння.
Заклік прыняты на Сакратарыяце ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" 15 сакавіка 2007 г.
Дарагія суайчыннікі, беларусы !
Таварыства беларускай культуры ў Літве віншуе Вас з самым вялікім нацыянальным святам беларусаў Днём Волі, з 89 гадавінай абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гераізм нашых продкаў, з якім на працягу дзесяцігоддзяў змагаліся і гінулі лепшыя Сыны і Дочкі нашага народу, прывёў да стварэння Незалежнай Беларускай Рэспублікі, якая абавязкава стане свабоднай, дэмакратычнай, эўрапейскай дзяржавай.
Рада беларускай культуры ў Літве.
Вільня, сакавік 2007.
"Наша слова" № 800
КАЛІ АДЗНАЧАЦЬ 490-ГОДДЗЕ ПЕРШАЙ БЕЛАРУСКАЙ КНІГІ?
Сёлета грамадскасць рэспублікі адзначыць важную падзею ў гісторыі Беларусі і ўсходняга славянства , якую можна назваць ДНЁМ ДРУКУ - 490- годдзе першай беларускай друкаванай кнігі . Многія сродкі масавай інфармацыі ўжо абвясцілі ( ды гэта вынікае з адпаведных кніг , даведнікаў ), што 6 жніўня 1517 года Францішак Скарына ў Празе здзейсніў першае беларускае друкаванне кнігі « Псалтыр ». Мушу , удакладніць . Першай была ўсё - такі кніга Святога Іава , якая выйшла , як вядома , 10 верасня 1517 года , а « Псалтыр » з ' явіўся амаль праз 11 месяцаў (6 жніўня ) і быў ужо , магчыма , чацвёртай кнігай . Непаразуменне тлумачыцца проста. Новы год тады пачынаўся 1 верасня, г. зн., што жнівень быў апошнім месяцам года.
А цяпер больш падрабязна.
Многія лічаць, што каляндар - гэта вельмі дакладная і строгая справа, якая ўзгоднена з зорамі і іншымі астранамічнымі арыенцірамі. Так і не так. У свой час амерыканскі даследчык храналогіі Э.Бікерман афарыстычна выказаўся: «Каляндар - гэта такая рэч, якую не ў сілах растлумачыць ні логіка, ні астраномія».
Здаўна чалавек за-ўважыў тут асноўную праблему: час сутачнага звароту Зямлі не кратны часу яе гадавога звароту вакол Сонца. Пазней ён выявіў, што астранамічны год складае 365 сутак 5 гадзін 48 хвілін 46 секунд, астранамічны месяц - 29 сутак 12 гадзін 44 хвіліны 3 секунды, з-за чаго немагчыма ідэальна выразіць даўжыню месяца і года у сутках і - года ў месяцах. Месяцавы год карацей сонечнага амаль на 11 сутак. Але, каб гэта зразумець, патрэбна знайсці ў кругазвароце дзён сталую кропку адліку, якую мы цяпер называем Новым годам, і стварыць як найбольш адпаведную сістэму колькасці дзён у 12 (ці 13) месяцах. Каб прыйсці да Грыгарыянскага календара з пачаткам адліку дзён ад 1 студзеня, які ўжо цяпер лі-чыцца адмысловымі знаў-цамі не ідэальным, чалавецтву давялося апрабаваць дзесяткі варыянтаў летазлічэнняў. Праблема ўскладнялася яшчэ і тым, што ў адной і той жа краіне, не гаворачы пра ўвесь свет, карысталіся рознымі каляндарнымі стылямі. У нашай краіне цяпер пра іх не ведае шырокае грамадства і нават гісторыкі. Апошнімі пытанне не вывучана, няма грунтоўных даследаванняў, таму і ўзнікаюць часам дыскусіі і падобныя непаразуменні, што згаданыя на пачатку.
Звычайна ўсе ведаюць, што існуе стары стыль, які звязаны з юліянскай рэформай календара (уведзены ў 46 г. н. э. у Старажыт-ным Рыме) і якога прытрымліваецца дагэтуль праваслаўная царква, і новы стыль (грыгарыянскі, сучасны, у асобных еўрапейскіх краінах з 1582 г.). Цяпер яны розняцца на 13 сутак. Пад стылем летазлічэння таксама вызначаецца пачатак года. Еўрапейскім народам у розныя перыяды найбольш было вядома 6 каляндарных стыляў. Гэта значыць, што адлік дзён у годзе пачыналі з 25 снежня, 1 студзеня, 1 сакавіка, 25 сакавіка, Вя-лікадня і 1 верасня (Климишин И. А. Календарь и хронология. 3-е изд. М., 1990. С. 395). Адпаведна і стылі называліся "калядны", "студзеньскі", "сакавіцкі", "дабравешчанскі", "вялікодны", "вераснёўскі". Цяпер усе карыстаюцца студзеньскім (некаторыя народы прытрымліваюцца сваіх нацыянальных летазлічэнняў, але ў міжнародных адносінах - сучасным, грыгарыянскім, календаром).
Як вядома, вераснёў-скі стыль выкарыстоўваўся некаторымі краінамі яшчэ з візантыйскага перыяду, напрыклад, у паўднёвай частцы Італіі. Старажытныя рымлянне септэмбер прысвячалі Вулкану, богу агню, і святкавалі Вулканаліі, забіваючы ў ахвяру парася і цяля. Афіцыйна вераснёўскі стыль быў уведзены ў 321 г. імператарам Канстанцінам і адлік пачынаўся з 23 верасня, дня нараджэння першага рымскага імператара Актавіяна Аўгуста. У 462 г. пачатак новага года быў перанесены на 1 верасня. Старажытныя германцы таксама пад уплывам рымскай культуры адлічвалі год з позняй восені і дзялілі яго на дзве палавіны, зважаючы на раўнадзенства/раўнаночча. Александрыйскі ка-ляндар (26 г. да н. э.) пачынаў год 1 Тота - 30 жніўня (12 верасня н. ст.). Гэтае стабільнае егіпецкае летазлічэнне ў першых стагод-дзях н. э. было ўведзена ў старажытнай Грузіі, дзе першапачаткова Новы год адзначалі 6 жніўня па юліянскім календары. На медалі, які быў заснаваны ў гонар увядзення рэспубліканскага календара Французскай рэвалюцыі, быў зроблены надпіс «Пачатак французскай эры з восеньскага раўнадзенства 22 верасня 1792 г.». Гэтае цікавае летазлічэнне праіснавала да падзення камуны - 28 траўня 1871 г. (Хренов Л. С., Голуб И. Я. Время и календарь. М., 1989. С. 78). Яўрэі і цяпер адзначаюць Новы год па сонечна-месяцавым календары ад першага дня месяца Тышры, які пачынаецца ў маладзік, перад во-сеньскім раўнадзенствам, таму асноўнае свята можа адбывацца ў межах ад 6 верасня да 6 кастрычніка. Згодна вучэнню рабінаў, у першы дзень Бог стварыў першага чалавека Адама, які судзіць у гэты дзень людзей за іх грахі ў мінулым годзе. Народны каляндар большасці мангольскіх плямёнаў утрымліваў Новы год восенню, які быў звязаны з днём раўнадзенства (22 верасня) (Календарь в культуре народов мира. М., 1993. С. 191).
З 1493 па 1770 г. вераснёўскі стыль быў афіцыйным ў Расіі, Руская праваслаўная царква дагэтуль лічыць яго пачаткам індыкта, што сцвярджае любы праваслаўны каляндар. Усходнеславянская пісьменнасць карыстаецца візантыйскім стылем з канца ХV ст., побач з рымскім (студзеньскім) ён таксама ўжываўся ў справаводстве Вялікага Княства Літоўскага. Згодна з аўтарытэтным сведчаннем В. Тумаша: «Ад ХІІ стагодзьдзя побач з'яўляецца аднак, а каля палавіны ХV стагодзьдзя й канчаткова замацоўваецца ў Беларусі візантыйскае асеньняе навагодзьдзе ад 1 верасьня. У часы Скарыны ў Вялікім Княстве Літоўскім у дзяржаўна-адміністрацыйным і царкоўным ужытку тарнаваўся скрозь ужо верасьнё-вы пачатак каляндарнага году. Ад 1550-га прыблізна году канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага вера-сьнёвае навагодзьдзе аднак адкідае ды пераходзіць на навагодзьдзе ад 1 студзеня. У царкоўным-жа праваслаўным ужытку, а пасьля і ўжытку вуніяцкае царквы, заставалася й далей нав-агодзьдзе асеньняе, верасьнёвае. Што ў першай палове ХVІ стагодзьдзя пачатак каляндарнага году на землях Беларусі лічыўся яшчэ ад 1 верасьня, відаць гэта і па "Сьвятцах" Скарынавага календара - пачынаюцца яны 1 верасьнем, а канчаюцца 31 жнівеня словамі: "Конець вократце свят-цем"» (Тумаш В. Скарынаў каляндар і каляндарная сістэма Белорусі яго пары // Запісы БІНіМ. 1988. № 18. С. 100-101).
Пераважна такога парадку стаўлення да раз-гляданага стылю прытрымліваюцца замежныя даследчыкі. Гісторыкі Энцыклапедыі Брытаніка (1969 г.) пі-шуць: «Першы пераклад Новага Запавету на рускую мову быў апублікаваны сумесна з царкоўнаславянскай версіяй у 1821 г... Але яшчэ раней некаторыя кнігі Бібліі ўжо былі надрукаваны па-беларуску, пачынаючы з кнігі Іава...». Англійскі беларус а. Аляксандар Надсан, прадстаўляючы капенгагенскую знаходку «Малой падарожнай кнігі» таксама сцвярджае, што Скарына карыстаецца стылем, «паводле якога новы год пачынаецца не 1 студзеня, а 1 верасьня» (Божым шляхам. №5/128. Лёндан, 1971). «Украінская гістарычная школа, як і англійская, - заўважае Уладзімір Агіевіч, - не грашыла супраць каляндарных стыляў. Напрыклад, П.Папоў у 1924 г. пісаў, што Скарына выдаў перш за ўсё кнігі Бібліі філасофскага зместу - Іава, Саламонавы прыпавесці, Сіраха, г. зн. зусім слушна першым вызначае выданне пачатку 1517 г. "Книги Светого Иова" (10 верасня), а не "Псалтыра" 6 жніўня - месяца, які быў апошнім у каляндарным годзе» (с. 60).
Непараўнальна значны ўнёсак здзейснілі беларускія даследчыкі ў Скарыніяну, адкрыццё вялікага Беларуса, развіццё наступных даследаванняў. Беларускі філосаф і апантаны скарынавед Уладзімір Агіевіч унёс грунтоўныя праўкі ў храналогію выданняў Георгія (Францыска) Скарыны і па-новаму ацаніў духоўную спадчыну вядомага палачаніна ў сусветнай культуры. А далі святло яго манаграфіі «Імя і справа Скарыны: У чыіх руках спадчына» (Мн.: Бел. навука, 2002) аўтарытэтныя даследчыкі акадэмік Іван Навуменка і прафесар Уладзімір Конан. Выданне, на нашу думку, незаслужана аказалася абыйдзена ўвагай шырокай грамадскасцю, магчыма таму, што прымушала змяніць некаторыя ўсталяваныя думкі, выпрацаваныя стэрэатыпы. Ну, а як жа, прыйдзецца перапісваць зноў падручнікі, бо ўсе па іх навучаліся, што, напрыклад, першае скарынаўскае выданне «Псалтыр», а цяпер падаецца, што яно недзе зусім чацвёртае-пятае.
Не будзем адказваць за ўсю манаграфію (а ў ёй таксама знаходзяцца асобныя памылкі і не толькі граматычныя), але тое, што датычыць абгрунтавання фактаў, звязаных з разумен-нем вераснёўскага стылю, ды і ролі Скарыны заслугоўвае самай слушнай увагі. Пра першае мне даводзіцца канстатаваць таму, што сам займаюся пытаннямі летазлічэнняў, беларускага народнага календара і ў тым ліку каляндарнымі стылямі 1 . Не хочацца стамляць чытача раскрыццём усёй тэхналогіі спасціжэння доказаў аўтарам, але дзеля перакананасці ў галоўным неабходна спыніцца толькі на некаторых вузлавых момантах. У асноўным яны заснаваны на аўтарскім аналізе тэкстаў. Вось, на-прыклад, разуменне паняцця "кніжнага" года, месяца, што згадваецца ў выданнях першадрукара. Уладзімір Агіевіч даводзіць, што «жні-вень, калі выдаваўся "Псалтыр", быў 12-м месяцам кніжнага года. Гэту ідэю Скарына запісаў у падзагалоўку да "Саборніка": "Последование церковного собърания всълетъняго от месеца сепътеврия до месеца августа повъставу Ерусалимъское церкви". "Кніжнае" вызначэнне месяцаў знайшло адлюстраванне ў пасляслоўі перакладчыка да кнігі "Суддзяў": "Выдана и выложена По летехъ нарожения нашего спасителя Тысеща Пятистехъ и девятинадесяти Месеца Книжънаго Декаврия Дня пятого да десять...» (С. 56-57, тут і далей графічныя друкарскія знакі апускаем па тэхнічных прычынах). Як відаць, Скарына спасылаецца на пастанову Маскоўскага Сабора 1492 г., згодна якога праваслаўныя прынялі з наступнага года летазлічэнне "ад месяца верасня да месяца жніўня", якім і карыстаецца паслушны вернік-першадрукар. Дарэчы, у беларускім фальклоры захаваўся цікавейшы абрад святкавання восеньскага навагоддзя/навалецця пад таямнічай назвай «Жаніцьба коміна (пасьвета)».
Аўтары энцыклапедычнага выдання «Францыск Скарына і яго час» (Мн., 1998), як і некаторыя скарынаведы, прызнаюць (бо гэта вельмі яўна), што «ў скарынінскім календары "Малой падарожнай кніжкі" новы год пачынаецца з верасня» (с. 352), але ўсё-роўна пры храналогіі яе, як і іншых выданняў і летапісных дакументаў, карыстаюцца сучасным летазлічэннем, а шматлікія нестыкоўкі, якія ўзнікаюць пры гэтым, адносяць да памылак друкара ці звязваюць з нелагічнымі (надуманымі) «асаблівасцямі вылічэння астранамічных сутак у той час» (с. 249) і інш. Гэта асабліва праяўляецца пры аналізе зацменняў («гибель солнца», «гибель месеца»), якія падае Скарына ў «Пасхаліі» на 1523 - 1543 гады, адпаведнасць суаднясення якой праяўляецца пры вераснёўскім стылі, а не студзеньскім, пра што слушна тлумачыць У.Агіевіч (с. 56 - 62).
Добрым пацвярджэннем выкарыстання вераснёвага стылю пры храналогіі сваіх выданняў Скарынам з'яўляецца знаходка беларускага лінгвіста Сяргея Шупы. У 1997 годзе яму пашчасціла выйграць лот лонданскага аўкцыёна (уладальнік невядомы) - канвалют першадрукара, які складаўся з пяці першых пражскіх кніжак. Канвалют (лац. сonvolutus - скручаны, сплецены) азначае збор, які складзены з раней самастойных выданняў твораў, пераплеценых у адзін том. Калі гэта на самой справе «канвалют першадрукара», як піша аўтар, то, улічваючы наяўныя фактары, і пытанняў не павінна быць. Пра гэта згадвае аўтар манаграфіі наступным чынам: «У канвалют уваходзяць першыя Скарынавы палеатыпы за выключэннем "Песні песняў". Гэта - першая пражская кніга "Иов" (10 верасня 1517 г.), другая - "Притчи Соломона царя" (6 красавіка 1517 г.), трэцяя - "Исуса Сирахова" (5 снежня 1517 г.), чацвёртая - "Еклесиастесъ" (2 студзеня 1518 г.), шостая - "Премудрость божия" (19 студзеня 1518 г.). Пятай быў "Псалтыр" ( 8 жніўня ( 8.12) 1517 г.». (С.72). Абвяшчаючы такую добрую падзею, Уладзімір Агіевіч умудрыўся і сам зрабіць некалькі важных памылак (падкрэслена намі), што зусім не зразумела. Мы зрабілі б наступны шэраг: першая пражская кніга "Иов" (10 верасня (10.01) 1517 г.), другая - "Притчи Соломона царя" (6 каст-рычніка (6.02) 1517 г.), трэцяя - "Исуса Сирахова" (5 снежня (5.04) 1517 г.), пятая - "Еклесиастесъ" (2 студзеня (2.05) 1518 г.), сёмая - "Премудрость божия" (19 студзеня (19.05) 1518 г.). Чацвёртай быў "Псалтыр" ( 6 жніўня ( 6.12) 1517 г., шостай - "Песнь песнямъ" (9 студзеня (9.05) 1518 г.). Асобныя памылкі, якія больш падобныя на просты недагляд, не ўплываюць істотна на агульную канцэпцыю выкарыстання разгляданага стылю.
Як вядома, Францішак Скарына рыхтаваў Біблію для ўсходніх славян, (для праваслаўных тым больш), дзе панаваў вераснёвы каляндарны стыль (канцылярыя ВКЛ толькі ў 1550, а Расія ў 1700 гадах пяройдуць на студзеньскі), таму і лагічна, што карыстаўся ён адпаведнымі сродкамі летазлічэння, штучнае ж прывязванне сучаснага каляндара да той пары толькі заблытвае справу. Вялікае імя Беларуса-Ліцьвіна абавязвае не спыняцца на месцы, глыбей даследаваць яго спадчыну. Асноўныя мэта і задачы нашага артыкула гэтаму і прызначаны: звярнуць увагу на праблемныя пытанні, ажывіць навуковую дыскусію, прывучаць да думкі, каб былі гатовымі прыняць новае, больш дакладнае, хоць часам і не звыклае.
І яшчэ раз хочацца нагадаць пра значэнне культурнай спадчыны Францішка Скарыны ў сувязі з узнятай тэмай. Першадрукар усходняга славянства з'яўляецца ў шэрагу першых у свеце выдаўцоў перакладу самай папулярнай кнігі Бібліі на новыя мовы (пасля нямецкага, італьянскага і чэшскага), а таксама трэцім сярод выдаўцоў календара. «Малая падарожная кніга» (1522 ці 1523 г.) - першы друкаваны скарынаўскі каляндар (пасля нямецкага і чэшскага).
1 Лозка А. Беларускі народны каляндар. Мн.: Полымя, 1993; 2002. Ён жа. Беларускі каляндар у славянскім і еўрапейскім свеце: Манаграфія. Мн.: БДПУ, 2002. Феномен Новага года ў беларускім фальклоры: Манаграфія. Мн.: БДПУ, 2004. Феномен белорусского фольклора: Концепция отражения календарных стилей // На перехрестях світовоп науки. Матеріали ІІІ Міжнародноп науковоп конференціп "Вікно в европейську науку". Чернівці: Прут, 2006. С. 20 - 23 і інш.
Алесь ЛОЗКА
Дзе ж праўда, спадар Казлоў?
У № 9 сёлетняга "Нашага слова" прачытаў палоснае інтэрвію з сённяшнім галоўным рэдактарам тыднёвіка спадаром Анатолем Казловым. Інтэрвію было ўзятае карэспандэнтам паважанай ТБМ-аўскай газеты з нагоды 75-годдзя з дня выхаду першага нумара "ЛіМа". Вядома, добра было б, калі б яго сённяшні галоўны рэдактар узгадаў, напрыклад, тыя слаўныя часіны, калі "ЛіМ" быў сапраўды газетай, якую цяжка было знайсці ў кіёсках, калі менавіта БЕЛАРУСКАЕ друкаванае слова пачало імкліва набіраць аўтарытэту сярод мінчан (і не толькі), многія з якіх да таго часу ўвогуле не чыталі па-беларуску. Я маю на ўвазе перабудовачныя часы, калі тыднёвік узначальваў Анатоль Вярцінскі. Нагадаю, што наш выдатны паэт, менавіта як галоўны рэдактар "ЛіМа" займеў тады зусім не "ліпавы" аўтарытэт, бо ў 1990 г. у Мінску без вялікіх праблем выйграў выбары (якія ўсё ж такі тады былі выбарамі) у Вярхоўны Савет Беларусі.
Але Анатоль Казлоў у гэтую гісторыю заглыбляцца неяк не жадае, куды больш падрабязна разважаючы пра 30я і пазнейшыя гады мінулага стагоддзя: толькі каб - ліха на яе! - не закранаць тае самае перабудовы. Зрэшты, гэта яго права, адкуль яму чэрпаць натхненне для штодзённай рэдактарскай і ўласнае творчае працы. Асабліва пранікнёна гучаць наступныя выказванні сп. Казлова:
"Пры гэтым сучасныя класікі, прызнаныя літаратары лічаць за гонар друкавацца ў роднай газеце..."
І ў іншым месцы:
"...Наша кіраўніцтва надае сёння прыярытэтнае значэнне адукацыі, культуры, навуцы, падтрымлівае мастацкую творчасць, нацыянальную літаратуру, развіццё роднай мовы і кніжнай справы..."
Словы гэтыя, аднак, не надта стасуюцца з канкрэтнымі фактамі. Нешта, пасля таго як "ЛіМ" у 2002 г. быў прысабечаны сумна вядомым аднайменным холдынгам, не бачыў я на яго старонках публікацый Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Віктара Казько, Генадзя Бураўкіна, Святланы Алексіевіч, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева, Алеся Разанава, Вольгі Іпатавай, таго ж Анатоля Вярцінскага... У маім уяўленні менавіта гэтыя творцы былі і ёсць класікамі нашай сучаснай літаратуры.
"Штосьці тут спадар Казлоў наблытаў", - падумаў я сам сабе. А пасля раптам узгадаў пра адзін дакумент, "народжаны" ў кабінетах прэзідэнцкай Адміністрацыі яшчэ летась, але толькі нядаўна апублікаваны на адным з інтэрнетсайтаў. У гэтым дакуменце, у прыватнасці, Міністэрству адукацыі і Нацыянальнаму інстытуту адукацыі аддаецца наступны загад, адносна новых школьных праграм па беларускай літаратуры:
"... мінімізаваць выкарыстанне твораў апазіцыйна настроеных пісьменнікаў: паўсюль, дзе выкарыстанне твораў Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна і іншых, не выклікана крайняй неабходнасцю характарыстыкі іх творчасці як прадстаўнікоў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя, замяніць іх творы на сачыненні іншых пісьменнікаў і паэтаў.
Гранічна мінімізаваць змест манаграфічных тэм, прысвечаных творчасці Н. Гілевіча, Р. Барадуліна (да 23 вершаў) і іншых, выключыць пападанне ў вучэбныя праграмы твораў нацыяналістычнага, палітызаванага характару.
Выключыць са спісаў літаратуры для вывучэння і пазакласнага чытання творы С. Алексіевіч, С, Законнікава, В. Іпатавай, У. Арлова, М. Скоблы, В. Чаропкі і іншых апазіцыйна настроеных пісьменнікаў "сярэдняй рукі". Выключыць з ілюстраваных матэрыялаў творы мастака А. Марачкіна...
...Перафармуляваць назву і змест раздзела 5 "Літаратура нацыянальнага адраджэння" у праграме для 11 класа праграмы "Беларуская літаратура, 510 класы: Базавы і павышаны ўзроўні" (с. 51) у адпаведнасці з агульнапрынятай гістарычнай перыядызацыяй, напрыклад "Літаратура другой паловы 19-пачатку 20 стагоддзя".
Выключыць негатыўныя палітызаваныя ацэнкі літаратуры 30і 50х гадоў у змесце тэмы 1 "Беларуская літаратура першай паловы 20 стагоддзя" для 10 класа праграмы "Беларуская літаратура, 510 класы: Базавы і павышаны ўзроўні". Абавязкова нагадаць пра стварэнне Саюза пісьменнікаў Беларусі і яго ролі ў аб'яднанні літаратурных сіл, развіцці літаратуры.
На старонцы 67 праграмы "Беларуская літаратура, 510 класы: Базавы і павышаны ўзроўні" пры вывучэнні творчасці В. Быкава прапанаваць для абавязковага чытання аповесць "Сотнікаў" замест "Аблавы".
На старонцы 32 праграмы "Беларуская літаратура, (базавы і павышаны ўзровень): Праграмы для 11 і 12 класаў пры вывучэнні творчасці Янкі Купалы выключыць п'есу "Тутэйшыя", замяніўшы яе вершамі і паэмамі, прызначанымі для самастойнага чытання.
Праекты праграм абавязкова узгадніць з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і прадставіць дапрацаваныя праекты праграм з візаю М. Чаргінца 1 сакавіка 2007 года."
Вось цяпер я пачынаю разумець словы спадара Казлова. «Класікаў» літаратуры ў Беларусі цяпер будзе ствараць не талент саміх творцаў: гэтым "падзяржаўнаму" зоймецца праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі на чале з мясцовым КонанДойлем (сп. Чаргінцом - літаратарам - ойёёй, вядома ж, не "сярэдняй рукі", бо ўжо ж уключаным у праграму па расійскай літаратуры!)
Натуральна, спадару Казлову, які таксама ўваходзіць у той самы Саюз, наўрад ці дазволяць "пераскочыць" цераз галаву бацькі КонанДойля і паўнавартасна ў гэтым працэсе ўдзельнічаць. Бо піша ён на "хамскай мове", мала ўжывальнай у тым самым Саюзе...
Зрэшты, я ўжо бачу яшчэ аднаго прэтэндэнта ў класікі. Небезвядомы Мікола Мятліцкі адкрывае студзеньскі нумар рэдагаванага ім самім жа холдынгавага часопіса "Полымя" шматстаронкавай падборкай сваіх "шэдэўраў". Ва ўступным вершы ён, вядома ж, расстаўляе ўсе кропкі над "і", з шабляю ў руцэ налятаючы, трэба разумець, на тых, хто не піша такія "шэдэўры", як ён:
І фыркаюць злосна, і лжэдэмакратыю
Гадуюць на долары ў сэрцы здрайцы,
Душу тваю бруднымі пальцамі кратаюць
Заакіянскія хватыдарайцы...
А ты - галасуеш па клічу сэрца,
А ты галасуеш душой і зрокам,
Не трутняў спажывы, а аднаверцаў
Маеш у свеце шырокім.
Яшчэ ў адным вершы гэты "змагар з чыстымі пальцамі" бядуе пра страту былой "вялікай Радзімы":
Межы паклалі сваю баразну,
Вырасла шчэцце тыну.
Толькі куды я душой ні зірну -
Бачу сваю Айчыну...
Тут мы душою жылі і былі,
Долі не зналі лайдачай.
Вочы заплюшчу - і Віскулі
Кропкай астатняй бачу.
Як філолаг і аматарлітаратуразнавец я, вядома, разумею, што літаратурныя творы не трэба разумець літаральна, што Мікола Мятліцкі, магчыма, "карнавалізуе" матэрыял, удае з сябе блазна.
Ясна, што сваю СЁННЯШНЮЮ ДОЛЮ ён не можа ўяўляць сабе лайдачаю (інакш за што ён атрымлівае заробкі і ганарары ў тым самым "Полымі"?) Бяда ў іншым. Не зразумела, на якой мове ён піша, бо нават акадэмікмовазнаўца не здолее патлумачыць, хто такія "у сэрцы здрайцы" або "трутні спажывы". Між іншым, на старонках "ЛіМа" з Мятліцкага ўжо злеплены вобраз гэткага "мэтра" ці "літаратурнага генерала". Не, вядома ж, не генерала. Бо генерал у Саюзе пісьменнікаў Беларусі адзін, і другому, канечне ж, не бываць...
На апошнім з'ездзе "старога" і "няправільнага" Саюза беларускіх пісьменнікаў адзін з цяперашніх супрацоўнікаў холдынгу "Літаратура і мастацтва" сказаў: "Не чапайце вы нас. Нам і так там вельмі цяжка. А калі сыдзем, хто тады пасля нас там застанецца?"
Спадарства, у вас ёсць годнае выйсце. Прапануйце начальству на сваё месца тых самых Арлова, Разанава, Някляева, Бураўкіна, Іпатаву, Законнікава (усе яны маюць не абыякі рэдактарскі досвед)... Скажыце: маўляў, няёмка займаць у рэдакцыях месцы сапраўдных класікаў. Зрабіце так, як зрабіў аўтар вось гэтай нататкі: калі толькі Уладзімір Някляеў, які пагаджаўся ўзначаліць наш ПЭНЦэнтр, вярнуўся ў Беларусь, я адразу саступіў яму старшыняванне. Таму што Някляеў - гэта Паэт, і гэтым усё сказана...
Вы скажаце: а як нам жыць? чым карміць сям'ю? - і г.д. ... Гэта сапраўды цяжкае пытанне. Ваш пакорны слуга пасля гвалтоўнага закрыцця "клапатлівымі" ўладамі ліцэя імя Якуба Коласа апынуўся з воўчым білетам на вуліцы (маючы, дарэчы, трое дзяцей і таксама звольненую жонкунастаўніцу, жывучы ў паўтарапакаёвай 45гадовай "хрушчобе" без шанцаў палепшыць свае жыллёвыя ўмовы). Пасля гэтага выявілася, што ў мяне няма аніякіх магчымасцяў уладкавацца ані ў ВНУ, ані нават у школу (пра гэта мне асабіста сказаў тагачасны кіраўнік Мінскага ўпраўлення адукацыі сп. Воранаў).
Ну што ж, трэба было выжываць. І я выжыў: сёння неяк падрабляю: то перакладамі, то падмяняючы прараба ў будаўнічай арганізацыі, то робячы метадычныя матэрыялы для Таварыства беларускай школы, то даючы кансультацыі, пішучы артыкулы. Падобным чынам жыве вядомы рэжысёр Валеры Мазынскі, жыве кіраўнік СБП, таксама кандыдат навук Алесь Пашкевіч, жывуць многія нашы звольненыя з палітычных прычын літаратары, мастакі, музыканты, выкладчыкі, палітыкі, навукоўцы... Жыве, атрымоўваючы ад дзяржавы пенсію менш за 10 тысяч рублёў, першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь і сын рэпрэсаванага паэта Станіслаў Шушкевіч. Жывуць тыя, хто ніколі не пойдзе кланяцца дэмагогам, невукам і тарбахватам. Бо сам жа спадар Казлоў у сваім інтэрв'ю сказаў абсалютна слушныя словы: "Наша нацыянальная інтэлігенцыя ніколі не адмяжоўвалася ад прадстаўнікоў іншых сацыяльных груп..."
Я, напрыклад, і не адмяжоўваюся. Пры гэтым лічу, што інтэлігенцыя павінна мець уласны гонар і не дапускаць рэчаў амаральных. Не можна па касцях іншых пракладаць сабе дарогу. Бо яна ніколі не прывядзе ў Рай, а рана ці позна зробіць адмысловы закрут і зашпурне вас у пекла.
І апошняе. Тыднёвік "Наша слова"я паважаю за тое, што на яго старонках розныя людзі могуць выказваць СВАЕ думкі. Толькі не ведаю: ці варта даваць каштоўную газетную плошчу тым людзям, якія гавораць НЕ СВАІМІ словамі? Пытанне, вядома ж, рытарычнае...
Лявон Баршчэўскі.
100 гадоў Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага
Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага, прафесійны бел. тэатр у 1907-13. Створана па ініцыятыве акцёра і тэатр. дзеяча І. Буйніцкага ў фальварку Палівачы Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер в. Палевачы Глыбоцкага рна Вшебскай вобл.). Узнікла на аснове бел. вечарынак, аматарскіх «сямейных» спектакляў і да 1910 мела аматарскі характар. Трупа праводзіла асв. работу, шмат зрабіла для развіцця самадз. творчасці і прапаганды бел. мастацтва, стварыла асновы нац. прафес. тэатра. Пад уплывам яе дзейнасці і традыцый у крас. 1917 узнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Калектыў шмат гастраляваў па Беларусі, у Вільні (1910), Пецярбургу (1911 і 1912), Варшаве (1913). У праграму паказаў спачатку ўваходзілі бел. нар. песні, танцы, дэкламацыя вершаў і апавяданняў на роднай мове, невял. п'есы. З 1910 паказы складаліся з некалькіх самаст. частак: 1-2 п'ес, дэкламацый, спеваў і танцаў. Тэатр прытрымліваўся нар. традыцый, вылучаўся сінт. характарам сваёй творчасці і рэаліст. накіраванасцю. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы бел. нар. выяўл. мастацтва, акцёры выступалі ў бел. нац. касцюмах. Сярод драм. выканаўцаў вызначаліся Буйніцкі (іграў характарнадрам. ролі), А.Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.Забель (З.Абрамовіч); сярод музыкантаў - Дз. Крывадубаў (Няленка) і І. Голер; сярод спевакоў - Я.Феакцістаў; сярод танцораў - Буйніцкі, яго дочкі Ванда і Алена, Ч., Л. і Я.Родзевічы. Муз. часткай кіраваў Л.Рагоўскі. Рэжысёрамі былі А.Аляксеенка, Бурбіс і інш. У рэпертуары: пастаноўкі «Модны шляхцюк» К. Каганца, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.Чэхава, «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх; вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Я. Лучыны, А.Паўловіча; песні «Чаму ж мне не пець», «Дудавесялуха», «За гарамі, за лясамі» і інш.; танцы «Юрка», «Гняваш», «Верабей», «Лявоніха», «Мельнік», «Мяцеліца» і інш.
Знявераны ранак сіні ціха выстуджваў... душу
Паэт, журналіст, публіцыст Алесь Емяльянаў нарадзіўся 20 сакавіка 1952 года ў вёсцы Забалацце блізу Чавусаў, на Магілёўшчыне. Закончыў філфак БДУ. Працаваў у газетах "Піянер Беларусі", "Чырвоная змена", на тэлебачанні, у Саюзе пісьмен-нікаў. Актыўна ўдзельнічаў у адраджэнцкім руху 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Аўтар паэтычных кніг "Ранак поўніцца жыццём", "Нязжатае поле", "На падкове дарог". Памёр у кастрычніку 2005-га з цяжкай хваробы. Пахаваны на вясковых могілках пад Менскам, побач з бацькамі. Пакінуў на зямлі дзвюх дочак - Міхаліну і Сьвятаяну. Сёлетняй вясной яму споўнілася б 55.
***
А на камені росы ляжаць,
а з-пад каменя б'е крыніца.
Паміж небам і долам мяжа -
мая скамянелая Зьнічка.
Паміж небам і долам душа
зьнерухомелай птушкай зімее,
і нікому яе ня жаль…
Камень дольны пад сонцам сівее.
Росы весьнія, мудрасьць крыніц -
сьлёзы космасу, нетравы покліч.
Ні зямля не бярэ, ні Зьніч
атуліць адзіноты ня хоча.
Так і летаваць, так і жыць,
чуць і нетры, і цішу нябёсаў
на пакутнай, балючай мяжы.
І збавеньня маліць безгалоса.
Жыва*
Хто "за"? - і рукі ў столь!
Хто "супраць"? - аніводзін…
Пульсуе ў скроні боль.
Народзе мой…
Народзе!
…Ішла-брыла па сьвеце Жыва
між курганоў паганскай веры,
жыла, употай варажыла.
А час бяздоньнем чорным зеўраў.
Хоць люду-люду ў навакольлі,
ды меней людзкай, Божай мілы.
І ўжо сабака заскуголіў,
адзін
над белаю магілай.
Нямелі вусны,
пальцы мерзьлі,
усё ў нутрох ахаладзела,
і ў кожным годзе кветкі мерлі,
і скразьнякі сушылі цела.
І толькі зрэдзь у ноч купальску,
ці ў скамянелы Дзень задушны
яна, як прывідную ласку,
страчала змораныя душы.
І не згасаў агеньчык, ліўся!
І долу падалі зярняты,
будзілі пустач немаўляты.
Што з душаў выдзерлі гвалтоўна,
кроў берагла і бунтавала.
Плыве няскораная поўня,
дзяўчаты клічуць на купалу…
Рунее дол.
Крыляе Жыва,
аберажоная, жывая!
Ня ўпала сьцерпнаю спажывай
у тройчы ўкрыжаваным краі…
Хто "за" - і рукі ў столь.
Хто "супраць"?
Хто?
Скажыце!
Паганскі дух спатоль,
багіня Жыва.
Жыцьмем!
*Жыва - багіня крыніц, жыцьця і прадзіва долі ў паганскай веры.
Спроба верлібра
Народжаны памерці ўчора -
памёр...
Сышла лавіна гора
з гор.
Горы засталіся горамі.
Народжаны памёрці сёньня -
памірае...
Курган уздрыгнуў сонна -
змярае.
Курган заручоны вякамі.
Народжаны памерці заўтра,
я іду.
Дарога - гуллівы суаўтар
маіх дум.
Дарога вечная, як камень...
Але
і горы, і курганы, і дарогі
павінны памерці таксама,
бо некалі яны нарадзіліся...
Хто пачатак зазнаў, мае край...
Бясконцасьць жыцьця
у няспыннасьці нараджэньня-сьмерці -
у чалавеку!
Расстаньне
Душа баліць і просіцца дамоў.
Зацісну боль зубамі і стрываю.
Калі няма між душамі дамоў,
то ці даедзеш да душы трамваем?
Калі няма між душамі дамоў, -
рукой падаць да д'яблавага раю.
Баліць душа і просіцца дамоў…
Куды мяне вязеш, начны трамваю?
Сталеньне
Я прагнуў лавіць аблокі,
я марыў ходзіць па аблоках.
Мяне з-за хмарных абломкаў
клікаў блакіт высокі.
А што на зямлі? -
Ды глупства!
Нявартае юнай мары!..
Над белай
радзіннаю хустай -
ня бачыў -
чарнелі хмары.
Здрадай ляглі на плечы,
як шматпудовы камень.
Хістаўся я,
гнуўся,
малеча,
паветра лавіў рукамі.
І задрыжалі ногі,
упаў,
ня ўтрымаў цяжару...
Прарвацца праз тоўшчу хмараў
прасіў у зямлі дапамогі.
У мамы маліў я сілы,
каб змрок расхінуць кудлаты...
Зьнявераны ранак сіні
ціха выстуджваў хату.
Плывуць без аброцяў аблокі.
Дзірван на руках трымаю.
Іду па зямлі,
і высока
мяне Беларусь уздымае.
Чырвоны бунт
Чырвоны бант,
Чырвоны бунт.
Нямее цела.
Шыпіць вужакаю бізун
над Краем Белым.
Хто бублік,
Хто - дзірку ад бубліка
ды кожны хапае.
Аўтаномія?
Ці Рэспубліка?
Ці зноў - «северо-западный»?
Ды што ім - з адвечнаю бульбаю,
мужыцка-лапатным?!
Аўтанамію ім?
Рэспубліку?
Хопіць «северо-западной»!
Ды ў іх там загнаная публіка
з крывымі зяпамі!
Аўтаномію!
Не рэспубліку!
Або - «северо-западный».
Як можна - людзей,
нібы рублікі,
абмацваць лапамі?!
Аўтаномію - не!
Рэспубліку!
Далоў «северо-западный»!
І хопіць рашэньняў купкаю
смаленска-ўладнаю!
Будзе Край мой
Вольнай Рэспублікай,
Не «автономно-западным»!..
Чырвоны бант,
чырвоны бунт…
Мярцьвее цела.
Шыпіць вужакаю бізун
Над Краем белым.
Беларусам
Край бяздоньня, край нямога сьвету,
дзе адно - касьцей нязломных хруст,
прывідна ўставала над Сусьветам
белая ад болю Беларусь.
Хто тут ні кружыў і ні крыжаліў,
сьмерць і зьдзекі ладзілі хаўрус.
Ды ўстаяла,
не растала ў жалі
белая ад болю Беларусь.
У бяздольлі сьпела непакора -
вояў вёў у раніцу Кастусь…
Не счарнела ў ненажэрным горы
белая ад болю Беларусь.
Бляск агню.
Затвораў люты ляскат
абуджалі здрадную зару.
Ты ішла разважна, па-сялянску,
белая ад болю Беларусь.
Зноў Усход і Захад крыжавалі,
зноў касьцей нявінных немы хруст,
не спыталі -
кінулі на шалі
белую ад болю Беларусь.
Васількоў вясёлых на Купальле
назбіраў здарожаны Гарун.
Ды зьнямела разьнявольна ў далях
белая ад болю Беларусь.
Насыпаў рупліва 37-мы
Курапатаў скрывянелы груд
і ня спала на начах мільённа
белая ад болю Беларусь.
Праз вайну і паваенны холад
зноў брыла маўкліва інтэррусь,
і маўчала сьцята,
выбухова
белая ад болю Беларусь.
А калі душу мне крыжавалі,
клікалі спакусьліва ўгару,
галасіла да языцкіх даляў
белая ад болю Беларусь.
Прычакала!
У нямым прасьцягу
дзідамі ўзрастае сьмела рунь -
і пад бел-чырвона-белым сьцягам
сьпеліць спадзяваньні Беларусь.
Сон
Здарожаны за доўгі божы дзень
са стрэльбаю і кайстрай паляўнічай,
цяпельцам асьвяціў зьмяркальны цень,
задумаўся…
Ляцелі ў неба зьнічкі…
Дзе выйсьце?
Дзе пачатак?
Дзе канец?
Балюе сыта без душы бязьвер'е.
Ізноў самаабраны цар-мудрэц
мне расчыняе ў будучыню дзьверы.
І звыкла б'юць у бомы скразьнякі,
І глушыць енк гаворку зорак вышніх.
Званы, як непатрэбныя глякі,
чарнеюць спрэс на мёртвым папялішчы.
І ноч наўкол.
А сьветла - мы ідзём.
Пажадна скачуць языкі пажару.
А што гарыць?
Ламачча?
Цёплы дом?
Ці песьню продкаў кінулі ў ахвяру?
Што - людзі?
Як сьляпыя мурашы,
ня бачаць ночы пад сівой пакутай -
і ў скрывянелым зарыве грашы
ад сажы адціраюць
…белай сукняй.
Дымяцца сукні.
Нехта сам гарыць.
Ды немы крык у скразьняках канае.
Імкліва з Жывароднае гары
ляціць Ратунак і…
не пасьпявае…
У таўкатні -
дзе людзі, дзе натоўп? -
нібы, і ёсьць спрадвечнае ад руху.
І толькі чырванее стольны стол,
Не ўспых яшчэ, ня сьцёк на пацяруху…
Даволі!
Дос!
Спынеце баль вагню!
Няўжо вам неба засьцяць галавешкі?!
Прачнецеся!
Адкрыйце вочы дню!
І малітоўна засьвяцеце сьвечкі!
Апалены,
дзяруся між людзей,
буджу,
штурхаю -
не хапае сілы…
Прачнуўся. Золка.
Зорыў новы дзень
Ды каня - над балотам - …галасіла…
Вось пайшоў ты, Алесь, а як захацелі згадаць цябе ў дзень твайго не адбыўшагася пры жыцці 55-годдзя, то высветлілі, што не засталося твайго партрэта ні ў тоўстых энцыклапедыях, ні ў сусветнай павуціне, і прыйшло разуменне, што трэба выглядваць твой партрэт у тваіх вершах, і слухаць твой голас у тых жа вершах.
Яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя ты атрымаў найганаровейшае званне ў нашай краіне - званне дысідэнта, бо ты быў інакшы, ты думаў інакш, гаварыў інакш, пісаў інакш. І не так важна ў адносінах да каго ці да чаго ты быў інакшы, важна, што ты заўсёды выбіваўся з натоўпу, як з маўклівага, так і з крыклівага. Ты гаварыў, калі маўчалі ўсе і замоўк, калі ўсе загаварылі.
У тым твой лёс, у тым твой шлях.
Станіслаў Суднік.
220034, г. Мінск вул. Румянцава, 13
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Паважаны спадар Трусаў!
Па выніках накіраванага МУС' Рэспублікі Беларусь запыту ў выдавецтва паведамляем, што зацікаўленасць у выданні Правілаў дарожнага руху на беларускай мове выказала толькі выдавецтва "Літаратура і мастацтва" Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (гл. дадатак).
Што тычыцца іншых выдавецтваў, то яны адмовіліся ад прапановы па прычыне адсутнасці афіцыйна зацверджанага перакладу.
УДАІ МУС Рэспублікі Беларусь не мае магчымасці выйсці ў якасці заказчыка Правілаў дарожнага руху на беларускай мове, але пры неабходнасці прыме ўдзел у якасці дарадцы па тэхнічных аспектах пры падрыхтоўцы перакладу.
Дадатак на 5 лістах.
Намеснік начальніка І.А.Ваніцкі.
Намесніку Мнністра
унутраных спраў
Рэспублікі Беларусь
Філістовічу В.Л.
Паважаны Віктар Леанідазіч!
Рэдакцыйна-выдавецкая установа «Літаратура і Мастацтва» Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь створана ў 2002 годзе.
У яе склад уваходзяць рэдакныі вядомых беларускіх часопісаў "Полымя" (выдаецца з 1922 года), "Нёман" (з 1945 года), "Маладосць" (з 1953 года), новага часопіса "Всемирная литература" (з 1997 года), штотыднёвай газеты "Літаратура і мастацтва" (з 1932 года).
Наша ўстанова цесна супрацоўнічае з Саюзам пісьменнікаў Ееларусі, які ўзначальвае М.І.Чаргінец, актыўна займаецца кнігавыдавецтвам, іншымі відамі выдавецкай дзейнасці і ўдзельнічае ў грамадскім жыцці Беларусі.
Такім чынам, мы можам гарантавадь, што наш творчы і тэхнічны патэнцыял дазваляе Рэлакцыйна-выдавецкай установе "Літаратура і Мастацтва" на высокім узроўні выдаць беларускамоўныя Правілы дарожнага руху.
Калі Вы зацікаўлены ў супрацоўніцтве, прапануем заключыць адпаведны дагавор.
Заўсёды гатовы абмеркаваць іншыя цікавыя, на Ваш погляд, прапановы і сумесныя праекты.
Дырзктар А.М.Карлюкевіч.
Старшыні ГА "Таварыства
беларускай мовы імя Ф. Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб выданні альбома
Паважаны Алег Анатольевіч!
Па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ваш зварот разгледжаны ў Міністэрстве інфармацыі.
У частцы, якая датычыць кампетэнцыі міністэрства, паведамляем, што дзяржаўнымі выдавецтвамі выданне ў 2007 годзе мастацкага альбома, прысвечанага 450-годдзю з дня нараджэння Льва Сапегі, не запланавана. Падрыхтаваць яго да 4 красавіка не прадстаўляецца магчымым.
Адносна ўшанавання памяці канцлера Вялікага Княства Літоўскага (устаноўка помнікаў, правядзенне навуковых канферэнцый, урокаў і інш.) раім Вам звярнуцца непасрэдна ў Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, Мінгарвыканкам і аблвыканкамы.
Намеснік Міністра І.М. Лапцёнак.
Аднаўляе дзейнасць сайт ТБМ
Аднаўляе дзейнасць сайт Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" па адрасу: http://tbm.org.by.
Калі ласка, дасылайце свае прапановы аб удасканаленні дзейнасці сайта на нашу электронную пошту
Сакратарыят ТБМ.
Пад зваротам да прэзыдэнта аб вяртанні каталіцкага манастыра ўжо сабралі 773 подпісы
Подпісы за вяртанне вернікам бернардынскага манастыра з касцёлам збірае Менская рымска-каталіцкая грамада святога Язэпа, зарэгістраваная ў Чырвоным касцёле сталіцы
Як паведаміла ў інтэрвію агенцтву БелаПАН сябра камітэту грамады Івона Мацукевіч, збор подпісаў пачаўся 7 сакавіка пасля таго, як стала вядома аб планах Менскага гарвыканкаму перадаць помнік архітэктуры барока XVII стагоддзя інвестарам для рэканструкцыі і прыстасавання пад гатэльны комплекс і аб'екты гандлёвабытавога прызначэння.
- Ужо 13 сакавіка мы накіравалі звароты з 773 подпісамі прэзідэнту краіны, - кажа І. Мацукевіч, - а цяпер працягваем гэтую акцыю.
- Самае страшнае, калі людзей падманваюць улады, - заявіла яна. - У траўні мінулага года, яшчэ за некалькі дзён да рашэння Менгарвыканкаму аб перадачы святыні інвестарам, нас запэўнівалі ў тым, што будынкі будуць вернутыя вернікам.
Прыхаджанін грамады Алесь Белы звяртае ўвагу на тое, што манастыр бернардынцаў, узведзены на сродкі дабрачынцаў, а не казны, незаконна канфіскавалі ў 1864 годзе ўлады Расейскай імперыі пасля задушэння нацыянальнавызвольнага паўстання супраць расейскага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
- І ў незалежнай Беларусі трэба было б адмяніць гэтую несправядлівасць, - кажа Белы, - тым больш што ў сталіцы, дзе 30 каталіцкіх грамадаў маюць толькі шэсць храмаў, катастрафічна не хапае касцёлаў.
Старшыня грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) Алег Трусаў паведаміў, што ТБМ таксама пачало збор подпісаў за перадачу вернікам будынкаў былога манастыра.
Зараз у будынку былога храма месцяцца архівы. Пачынаючы з 19 сакавіка 2004 года вернікі двойчы ў дзень праводзяць маленні каля будынка былога касцёла.
Радыё Рацыя.
"Урок беларускай мовы"
У Празе на Міжнародным фэстывалі дакументальных фільмаў праваабарончай тэматыкі фільм польскага рэжысёра Міраслава Дэмбінскага "Урок беларускай мовы" атрымаў два прызы. Адзін з гэтых прызоў штогод прысуджае адмысловае журы пад ганаровым кіраўніцтвам Вацлава Гаўла - за фільм, які ўносіць надзвычайны ўклад у справу абароны правоў чалавека. Другі прыз - за лепшы фільм у намінацыі "Наступнае пакаленне Еўразвязу" прысуджае студэнцкае журы фестывалю. Міраслаў Дэмбіньскі даў Беларускай службе Радыё Свабода эксклюзіўнае інтэрвію.
Гэтыя дзве ўзнагароды вельмі важныя. Мне прыемна, што фільм, які я зрабіў, быў узнагароджаны. Але я ўспрымаю гэта ня як узнагароды фільму, але як узнагароды той справе, якую я хацеў паказаць у сваім фільме. Справа Беларусі вельмі важная і вельмі актуальная і трэба прыкласці шмат высілкаў, каб Беларусь і яе праблему прапагандаваць як найшырэй.
Радыё Свабода.
Леў Сапега
Да 450 - годдзя з дня нараджэння
У старадаўняй гісторыі Беларусі было нямала гістарычных асоб, дзеянні якіх уплывалі на ход падзей нашай, ды і не толькі нашай гісторыі. Да нядаўнага часу імёны гэтых дзеячоў не згадваліся ў гістарычныай, і тым больш у папулярнай, літаратуры, альбо згадваліся ў адмоўным гучанні, часта як іншаземцаў. А ўвогуле беларусы не ведалі сваіх геро-яў і дзеячоў, але ведалі рускіх цароў, палкаводцаў, дыпламатаў, дзеячоў культуры і навукі як, "сваіх".
Гэты ўплыў русіфікатарскай палітыкі на гісто-рыю Беларусі працягваецца і цяпер афіцыйнымі органа-мі дзяржавы ў іх мэтанакіраванай антыбеларускай палітыцы.
Да адной з больш вядомых (за апошнія 15 гадоў) гістарычных асобаў нашай Бацькаўшчыны адносіцца Леў Іванавіч Сапега, вялікі канцлер Беларуска-Літоўскай дзяржавы. У 1992 г. яго біяграфію выдаў кніжкай Іван Саверчанка. А ў 2000 г. змешчана біяграфія Льва Сапегі ў выданні "Славутыя імёны Бацькаўшчыны", а таксама артыкулы пра Л. Сапегу ў "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" і "Бела-рускай Энцыклапедыі".
Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г. і стварэння федэратыўнай дзяржавы - Рэчы Паспалітай (якая складалася з Поль-шчы і Беларуска-Літоўскай дзяржавы) значная частка магнатаў Беларусі і Літвы працягвала адстойваць самастойнасць сваёй краіны. Адной з праяваў такой барацьбы за незалежнасць ад Польшчы была гісторыя стварэння Статута Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага 1588 года, звода асноўных законаў. Актыўным удзельнікам падрыхтоўкі і прыняцця Статута 1588 года быў Леў Сапега, у той час падканцлер Вялікага Княства Літоўскага.
Леў Іванавіч Сапега нарадзіўся 4 красавіка 1557 г. у Астроўне (адным з ма-ёнткаў роду Сапегаў), у Віцебскім павеце. Леў Сапега нарадзіўся ў магнацкай сям'і, якая паходзіла з полацкіх баяраў. Ён быў старэйшым сынам Івана Іванавіча Сапегі, старасты драгіцкага, і князёўны Баг-даны Друцкай-Саколінскай-Канаплі. Дзед Льва Сапегі, Іван Багданавіч быў ваяводам віцебскім, а потым пад-лескім.
Калі Леў Сапега быў яшчэ хлопцам, бацька аддаў яго на выхаванне на двор віленскага ваяводы і канц-лера вялікага Мікалая Ра-дзівіла Чорнага ў Нясвіж.
У 1570 г. Л. Сапега разам з трыма малодшымі сынамі М. Радзівіла Чорнага выехаў у Нямеччыну, дзе запісаўся ў тым жа годзе студэнтам у Лейпцыгскі універсітэт. Там пад уплывам Рэфармацыі ён змяніў сваё праваслаўнае веравызнанне і перайшоў у кальвінізм. Ён добра ведаў правы, замежныя мовы і бегла размаўляў на латыні. У 1573 г. Леў Сапега вярнуўся на радзіму.
У 1579-1581 гг. на чале гусарскай харугвы Л. Сапега прымаў удзел у Лівонскай вайне. У 1579 г. ён удзельнічаў у вызваленні Полацка ад войскаў Івана Жахлівага. Хадзіў са сваёй харугвай на Вялікія Лукі - Пскоў. Стэфан Баторы прызначыў яго ў 1580 г. на пасаду вялікакняскага сакратара, а ў 1581 г. - на пасаду пісара вялікага Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Ад гэтага часу ён уваходзіць у склад сціслага кола кіраўнікоў дзяржавы.
Разам з канцлерам Астафіем Валовічам і падканцлерам Крыштафам Мікалаем Радзівілам Леў Сапега удзельнічаў у стварэнні вышэйшага апеляцыйнага суда ў дзяржаве - Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. Такім чынам, завяршылася судовая рэформа ў дзяржаве, і судовая сістэма мела цяпер выбарных (а не прызначаных кіраўніком дзяржавы) суддзяў з шляхецкага саслоўя.
У лютым 1584 г. Леў Сапега ў рангу пасла быў накіраваны ў Маскву, дзе было падпісана новае перамір'е і вызвалены з палону 900 чалавек. За ўдалую дыпламатычную місію Леў Сапега атрымаў ад Вялікага князя і караля Стэфана Баторыя ў 1585 г. пасаду падканцлера Вялікага Княства Літоўскага, а ў 1586 г. - пажыццёва Слонімскае староства, прыбыткі з якога ішлі яму. Пасля гэтага Леў Сапега зрабіў Слонім сваёй галоўнай рэзідэнцыяй.
У 1586 г. Л. Сапега перайшоў у каталіцтва і ажаніўся з Даротай, дачкой люблінскага кашталяна Андрэя Фірлея, удавой троцка-га ваяводы князя Стэфана Збаражскага. Праз пяць гадоў жонка памерла. І Л. Сапега пахаваў яе у вілен-скім касцёле святога Міха-іла.
У час бескаралеўя ў 1587 г. ён распрацаваў і прапанаваў план федэрацыі Польшчы, Беларуска-Літоўскага гаспадарства і Мас-коўскай дзяржавы з адным каралём, якім меркаваў абраць цара Фёдара Іванаві-ча, сына Івана Грознага. На элекцыйным (выбарным сойме 1587 г. Л. Сапега пад уплывам віленскага ваяводы і гетмана вялікага Крыштафа Мікаля Радзівіла Перуна выказаўся за абранне каралём польскім і вялі-кім князем літоўскім маскоўскага цара Фёдара Іванавіча, але, калі гэтая кандыдатура не атрымала падтрымкі, разам з часткай дэпутатаў ад Вялікага Кня-ства Літоўскага падтрымаў кандыдатуру шведскага каралевіча Жыгімонта Вазы, унука па матчынай лініі караля і вялікага князя Жы-гімонта Старога. Пад уплывам Сапегі Беларуска-Літоўская дзяржава, асобна ад Польшчы, заключыла з Расіяй прамір'е на 15 гадоў. Аднак пасля абрання Жыгі-монта Вазы гэты дагавор не быў зацверджаны.
Леў Сапега ўзначальваў камісію па падрыхтоўцы Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., адрэдагаваў яго тэкст і фінансаваў яго выданне ў віленскай друкарні Мамонічаў. Каб атрымаць падтрымку беларуска-літоўскіх магнатаў, Жыгімонт Ваза 28 студзеня 1588 г. выдаў прывілей, якім за-цвярджаў ІІІ Статут 1588 г. Статут падкрэсліваў самастойнасць Беларуска-Літоўскага гаспадарства ("панства"), як і да Люблінскай уніі 1569 г. А польская шляхта, паводле Статута, прызнавалася "суседзямі", "чужаземцамі" і не мела права набываць і атрымоў-ваць у Беларуска-Літоўскай дзяржаве маёнткі і дзяржаўныя пасады.
Так, 12-ы артыкул 3-га раздзелу Статута 1588 г. забараняў надаваць якія-небудзь дзяржаўныя пасады, надаваць або здаваць у арэнду польскай шляхце мясцовасці, гарады і мястэчкі, маёнткі. Ёй забаранялася купляць маёнткі або атрымлваць іх у спадчыну. Толькі ўраджэнцы Вялікага Кня-ства Літоўскага мелі права займаць любыя (і высокія, і малыя) дзяржаўныя пасады. Таму ў Беларусь і Літву наплыву польскай шляхты не было, у адрозненне ад Украіны, якая з 1569 г. ува-ходзіла ў склад Польшчы. За беларуска-літоўскай шляхтай замацоўваліся шматлікія прывілеі Статут 1588 г. пачынаўся з прад-мовы, якую напісаў Леў Сапега. Маючы на ўвазе беларускую мову Леў Сапега пісаў: "А если которому народу встыд прав своих не имети, поготовю нам, которые не обчым яким языком, але своим власным пра-ва списаные маем и каждого часу чаго нам потреба ку отпору всякое кривды ведати можем" . Статут дзейнічаў на тэрыторыі Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны да 1840 г., пакуль не быў скасаваны Мікалаем І.
У красавіку 1589 г. Жыгімонт Ваза надаў Л. Сапегу тытул канцлера вялікага Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Такім чы-нам, Леў Сапега становіцца кіраўніком знешняй і ўну-транай палітыкі Вялікага Княства Літоўскага ў адказны гістарычны перыяд для нашай тагачаснай дзяржавы.
У 1591 г. у Вялікім Княстве Літоўскім адбыўся канфлікт паміж пратэстантамі (пераважна кальвіністамі) і дзяржаўнымі ўладамі. Пратэстанты патрабавалі ад уладаў выканання акту Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г., якая (на правах сойму Рэчы Паспалітай) пацвярджала вольнае выка-нанне сваёй рэігійнай дзейнасці вернікамі ўсіх хрысціянскіх канфесій. Канцлер абяцаў бараніць правы і вольнасці, якія дагэтуль парушаліся. Дзеля гэтага Л. Сапега сустрэўся з адным з кіраўнікоў пратэстантаў Літвы і Беларусі Андрэем Валянам.
У гэты ж час Леў Сапега ўвайшоў у канфлікт з каралём Жыгімонтам Вазам і польскімі ўладамі. У 1596 г. ён адмовіўся паставіць вялікую дзяржаўную пячатку на акт аб пры-значэнні на пасаду віленскага біскупа ўраджэнца Польшчы луцкага біскупа Бернарда Мацяёўскага. А без гэтай пячаткі прызначэнне не было сапраўдным і не мела законнай сілы нават з подпісам караля (вялікага князя). Сапегу падтрымалі ў гэтым іншыя вышэйшыя саноўнікі Вялікага Княства Літоўскага, бо парушаліся нормы Статута 1588 года. Канфлікт скончыўся толькі ў 1600 годзе, калі на віленскую біскупскую кафедру быў прызначаны мясцовы ўраджэнец Бенедыкт Война, а не паляк.
У кастрычніку 1596 г. у Бярэсці была заключана царкоўная унія, акт пра арганізацыйнае аб'яднанне каталіцкага касцёлу і праваслаўнай царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Мэтамі уніі былі неабходнасць аб'яднання абедзвюх цэркваў супраць пратэстанцтва, ідэйнае аб'яднанне духавенства і феадалаў Рэчы Паспалітай пры правядзенні ўнутранай і знешняй палітыкі, захаванне рэлігійна-культурнай незалежнасці дзяржавы, супрацьдзеянне імкненню расійскага цара захапіць землі Беларусі і Украіны. Леў Сапега падтрымаў ідэю стварэння ўніяцкай царквы. Ён асабіста прысутнічаў на Берасцейскім царкоўным саборы як каралеўскі камісар і выступіў на саборы з палымяннай прамовай у абарону царкоўнай уніі.
Леў Сапега займаўся і ўпарадкаваннем дзяржаўных дакументаў. Пры ім спраўна працавала дзяржаўная канцылярыя. Паводле яго загаду з 1594 г. пача-лося перапісванне кніг Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага (Літоўскай метрыкі), дзяржаўнага архіва, яно было скончана ў 1607 г. гэта было зроблена, каб рабіць выпіскі для дзяржаўнай дакументацыі з архіва. Дарэчы, гэтая ініцыятыва Льва Сапегі дапамагла захаваць старажытныя акты ХУІ і нават ХУ стагоддзяў.
У гэты ж час Леў Сапега ўзмацніў сваё становішча ў вышэйшых колах дзяржавы. У 1599 г. 42-гадовы канцлер ажаніўся другі раз, на гэты раз з 16-гадовай князёўнай Гальшкай (Лізаветай) Радзівіл (1583-1611), дачкой Крыштафа Мікалая Радзівіла Перуна, ваяводы віленскага і вялікага гетмана Вялікага Княства Літоўскага, галавы кальвіністаў у Беларуска-Літоўскай дзяржаве. Гальшка Радзівіл унесла мужу, як тады называлі, новыя маёнткі. Пасля шлюбу Леў Сапега купляе багатыя маёнткі. Да іх ліку адносяцца мястэчкі Друя (Браслаўскі павет) і Асвея (Полацкае ваяводства) з навакольнымі вёскамі. Пазней Сапега набывае Круглае, Шапялевічы, мястэчка Барань, Калапава і частку маёнтка Копысь (Аршанскі павет).
Шлюб з князёўнай Радзівіл меў і палітычныя наступствы, уладжваліся сувязі Л. Сапегі з апазіцыяй. Цяпер ён часта выступаў у палітычных спрэчках як пасярэднік паміж каралём і пратэстантамі.
Леў Сапега працягваў актыўна праводзіць усходнюю палітыку дзяржавы Пасля смерці ў 1598 г. цара Фёдара Іванавіча Л. Сапега спрабаваў выставіць кандыдатуру Жыгімонта ІІІ на маскоўскі трон, але Барыс Годуноў хутка арганізаваў сваё "абранне" царом. Тады Сапега прапанаваў праект жаніцьбы караля Жыгімонта (які аўдавеў на пачатку 1598 г.) з царэўнай Ксеніяй Барысаўнай. Кан-чатковая мэта гэтага праекту прадугледжвала дзяржаўную унію Рэчы Паспалітай з Масквой. І гэты праект не здзейсніўся.
Сойм 1600 г. прызначыў Льва Сапегу кіраўніком вялікага пасольства ў Маскву. Перамовы ў Маскве вяліся доўга і цяжка. У сакавіку 1601 г. была дасягнута дамова аб працягу перамір'я на 20 гадоў, аднак план дзяржаўнай уніі не ўдаўся. Сапега разлічваў у гэтым пытанні на маскоўскіх баяраў, але цар Барыс Гадуноў якраз у гэты час разграміў баярскую апазіцыю на чале з баярамі Раманавымі.
Леў Сапега выступіў супраць падтрымкі Ілжэдзмітрыя І, хаця ёсць версія, што менавіта Сапега і падрыхтаваў яго для ролі царэвіча Дзмітрыя (так лічыць расійскі гісторык С.М. Салаўёў). На сойме 1605 г. Сапега асудзіў падтрымку паходу Ілжэдзмітрыя І на Маскву, бо лічыў, што лепш трэба было заключыць дзяржаўную унію з Маскоўскім царствам.
Ён і далей звяртаў вялікую ўвагу на падзеі ў суседняй Маскоўскай дзяржаве. Асабліва пасля забойства ў траўні 1606 г. у Маскве Ілжэдзмітрыя І. У 1607 г. Леў Сапега прыйшоў да высновы, што вайны з Расіяй не пазбегнуць. У жніўні 1607 г. з яго згоды стрыечны брат Ян Пётр Сапега паступіў на службу да Ілжэдзмітрыя ІІ. Ужо на сойме 1609 г. Леў Сапега рашуча выступіў за ўступленне ў вайну з Расіяй, бо "Ніколі Рэч Паспалітая лепшай аказіі для пашырэння граніц не мела". Ён нагадаў тэрытарыяльныя страты, панесеныя Беларуска-Літоўскай дзяржавай у папярэдні перыяд.
Разам з каралём Жыгімонтам Леў Сапега ў верасні 1609 г. адправіўся на вайну з Расіяй, пад Смаленск. Ён узначальваў полк, які выставіў у войска за свой кошт. У складзе палка было 550 коннікаў - гусараў, казакоў (лёгкая кавалерыя) і пэтыюрцаў (сярэднеўзброеная конніца), а так-сама 200 пехацінцаў. Сапе-га са сваім палком першы падышоў да смаленскіх муроў 29 верасня 1609 г., калі пачалася паўтарагадовая аблога Смаленска войскам караля.
Аднак абога Смаленска зацягвалася, і Сапега зноў вяртаецца да думкі аб неабходнасці мірных перамоў з Масквой. Ён лічыў, што партнёраў для гэтых перагавораў трэба шукаць у тушынскім лагеры Ілжэдзімітрыя ІІ і адначасова сярод баяраў цара Васіля Шуйскага. У пачатку 1610 г. Леў Сапега ўдзельнічаў у перамовах з пасольствам баярына Міхаіла Глебавіча Салтыкова, якое прыехала з Тушына у каралеўскі лагер пад Смаленскам.
14 (4) лютага 1610 г. гэтае пасольства падпісала дагавор з каралём. Тушынскія паслы прасілі караля адпусціць на маскоўскі трон яго старэйшага сына Уладзіслава. Жыгімонт Ваза даў згоду. Паводле дагавора, каралевіч Уладзіслаў Жыгімонтавіч павінен быў "вянчацца на царства" ў Маскве ад рукі патрыярха Маскоўскага - Філарэта (што быў у Тушыне).
(Заканчэнне ў наст. нумары.)
А. Грыцкевіч
ЯША ХЕЙФЕЦ І ПОЛАЦАК
Арганізатар ініцыятыўнай групы па ўстаноўцы ў Полацку помніка сусветна вядомаму скрыпачу Яшу Хейфецу, дырэктар школы мастацтваў у г.п. Ветрына Полацкага раёна Уладзімір Амосаў 13 лістапада 2006 года звярнуўся з гэтай прапановай у Полацкі гарвыканкам і ўпраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама. Адказу на прапанову не дадзена.
Выхадцы з Поўнача-Заходняга краю пачатку ХХ стагоддзя - мастакі М. Шагал, Х. Суцін, Марк Ротка, скульптар Восіп Цадкін, скрыпач Іосіф (Яша) Хейфец у сваім мастацтве дасягнулі вышэйшага сусветнага ўзроўню, прызнання і славы. Сярод пералічаных імёнаў імя Яшы Хейфеца нам мала вядома. З вялікім спазненнем прыйшоў час даведацца, што скрыпач, перад імем якога схіляе галовы ўвесь цывілізаваны свет, ад прафесійных музыкаў да чальцоў манаршых сям'яў, мае полацкія карані. Полацкі род Хейфецаў і Шарфштэйнаў даў свету вялікага музыку ХХ стагоддзя.
Дзед Яшы Хейфеца, Ілля (Елья) Хейфец, жыў у Полацку ў раёне Задзвінне. Бацька Яшы, Рувін (Рувім) Хейфец, карэнны палачанін, быў адораным скрыпачомсамавукам. Ён іграў на скрыпцы ў полацкіх рэстаранах і на вяселлях. Маці, народжаная Шарфштэйн, жыла на станцыі Баравуха 17 км ад Полацка. Там і адбылося вяселле бацькоў музыкі.
Да нараджэння сына сям'я пераехала ў Вільню, тагачасную неафіцыйную сталіцу ПоўначаЗаходняга краю, дзе і нарадзіўся вялікі музыка. Яша - гэтае ласкавае скажэнне бацькамі імя Іосіф, якое замацавалася за музыкам, стаўшы яго своеасаблівым псеўданімам.
З трохгадовага ўзросту Яша вучыўся іграць на скрыпцы ў бацькі, потым працягваў навучанне ў музычнай вучэльні ў Вільні. Ва ўзросце 8 гадоў ён паступіў у СанктПецярбургскую кансерваторыю, якую скончыў у выбітнага педагога, заснавальніка рускай скрыпічнай школы Леапольда Аўэра.
У семігадовым узросце Яша стаў канцэртаваць, і на яго ганарары жыла не толькі ўся сям'я, але і аказвалася дапамога ўсёй радзіне. Ва ўзросце 13 гадоў ён зарабляў да 30 тысяч царскіх рублёў у год. Ганарары за адзін канцэрт складалі да 1500 рублёў. Такой да яго была зацікаўленасць, такіх здольнасцяў быў гэты хлопчык. Ён аб'ехаў з канцэртамі шматлікія гарады Расіі, гастраляваў па Заходняй Еўропе. Сустрэцца з хлопчыкам і паслухаць яго імкнуліся выбітныя музыкі таго часу.
У дзяцінстве Яша прыязджаў у Полацак іграў у Віцебску і іншых гарадах Беларусі.
У 1917 годзе сям'я Хейфецаў пераехала ў ЗША. У перыяд жыцця на Захадзе Яша Хейфец некалькі разоў аб'ехаў зямны шар з канцэртамі, займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Памёр вялікі музыка ў 1987 годзе. У адпаведнасці з тастамантам яго прах быў развеяны над Ціхім акіянам.
Фармаванне Хейфеца-музыкі з ранняга дзяцінства праходзіла ў асяроддзі, насычаным аркестравай музыкай і гукамі скрыпкі. Прырода шчодра адарыла род Хейфецаў музычнасцю. Апроч Яшы і яго бацькі, на скрыпцы гралі два бацькавыя браты, Арон і Натан.
Тут неабходна сказаць, што асаблівасцю музычнай культуры Беларусі таго часу, дзе праходзіла рыса габрэйскай аселасці, была шырокая распаўсюджанасць музыцыравання на струннасмычковых і іншых класічных музычных інструментах. Гэта ставіла тагачасную Беларусь на заходнееўрапейскі ўзровень. У адрозненне ад губерняў цэнтральнай Расіі, дзе народная музычная культура абмяжоўвалася балалаечнай ігрой, у Полацку, як і ў іншых гарадах і мястэчках беларускай зямлі, у вялікай колькасці існавалі габрэйскія аркестры, якія мелі сімфанічную структуру. У іх склад уваходзілі аднадзве скрыпкі, альт, віяланчэль, басэтля, кларнет, карнет або трамбон, барабан. Апроч нацыянальнай музыкі, выконваліся творы, якія слухалі і пад якія танчылі ва ўсёй Заходняй Еўропе. Гэтая музыка добра ўспрымалася насельніцтвам і была запатрабаваная.
У нас паняцце народнай культуры вельмі аднабокае. У музыцы гэта звялося да сялянскіх працоўных і абрадавых песень… Аднак пры цывілізаваным разуменні да народнай нацыянальнай культуры адносіцца ўсё тое, што стваралася жыхарамі дадзенай краіны незалежна ад іх этнічнай прыналежнасці. Напрыклад, музычная культура афраамерыканцаў з'яўляецца нацыянальнай культурай ЗША. Плёнам яе зліцця з еўрапейскай музычнай культурай стаў джаз. У гэтым сэнсе музычная культура месцаў габрэйскай аселасці ёсць народная нацыянальная культура Беларусі. Больш за 60% насельніцтва Полацка ў пачатку ХХ ст. складалі габрэі, і адпаведным быў іх уклад ў музычную культуру горада.
Асабліва цёплыя адносіны Яша падтрымліваў з полацкімі сваякамі. Перад вачыма устаюць далягляды тагачаснага Полацка з паштовак пачатку ХХ стагоддзя, у прыватнасці, від на Полацкі кадэцкі корпус, у якім зараз знаходзіцца адзін з карпусоў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Падчас прыезду ў Полацак каля гэтага будынка без сумнення прагульвалася сям'я Хейфецаў, захапляючыся яго веліччу.
Знакаміты фотаздымак тых гадоў студэнта кансерваторыі Я.Хейфеца высокамастацкі і зграбна скульптурны. Створаны ў стылі мадэрн у 1913 годзе віленскім майстрам, ён добра перадае час. Яго аб'ёмная скульптурная копія, у межах росту Хейфецападлетка магла б стаць выдатным помнікам музыку ў Полацку.
Універсітэт у Полацку добрае месца для ўсталявання помніка Хейфецустудэнту. Апроч таго, што помнік меў бы вялікае культурнае значэнне, ён бы спрыяльна адбіўся на іміджы ўніверсітэта і беларускай культуры. Ён стаў бы для моладзі прыкладам поспеху, якога дасягнуў 100 гадоў назад іх аднагодак сын полацкіх бацькоў найбуйнейшы скрыпач ХХ стагоддзя Яша Хейфец.
Пры падрыхтоўцы матэрыялаў артыкула выкарыстоўвалася інфармацыя з кнігі Г.Капытавай "Яша Хейфец у Расіі" (Копытова Г. Яша Хейфец в Расии / Г.Копытова. Спб.: "Композитор", 2004.).
У. Амосаў.