№ 14 (802) 4 КРАСАВІКА 2007 г.
450 гадоў з дня нараджэння канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі
Медаль "Леў Сапега. За адраджэньне беларускай дзяржаунасьці". Медальер Валянцін Прыешкін. Бронза, ліццё. 2007 г. Музей выяўленчага мастацтва Фонд Анатоля Белага. г. Старыя Дарогі. Медаль створаны па замове Камітэта Ушанавання клуба "Спадчына" да 450-годдзя Л. Сапегі.
Сапега Леў Іванавіч (4.4.1557, в. Астроўна Віцебскага пав.-7.7.1633), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Са старэйшай, чарэйскай лініі магнацкага роду Сапегаў, сын Івана Іванавіча Сапегі, старасты дарагічынскага і падстарасты аршанскага, і Багданы Друцкай-Саколінскай. Пісар вялікі ВКЛ у 1581-85, падканцлер у 1585-89, канцлер у 1589-1623, ваявода віленскі з 1623 і адначасова гетман вялікі з 1625. Праваслаўны, вучыўся ў кальвінісцкіх настаўнікаў у Нясвіжы, у 1570-73 у Лейпцыгскім ун-це, дзе перайшоў у кальвінізм. Добра ведаў замежныя мовы. У 1579-81 на чале гусарскай харугвы прымаўудзел у Інфлянцкай вайне 1558-82. Разам з канцлерам А.Б. Валовічам і падканцлерам К.Радзівілам удзельнічаў у стварэнні Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. У 1586 перайшоў у каталіцтва. У час бескаралеўя ў 1587 прапаноўваў план федэрацыі Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы з адным каралём. Узначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588, адрэдагаваў яго тэкст і фінансаваў яго выданне ў віленскай друкарні Мамонічаў. З 1589 як канцлер стаў кіраўніком знешняй і ўнутр. палітыкі ВКЛ. На царк. саборы ў Берасці ў 1596 як каралеўскі камісар выступіў у абарону царк. уніі. Па яго загадзе ў 1594-1607 былі нанава перапісаны кнігі Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, каб пры карыстанні яны не прыходзілі ў непрыгоднасць (новыя кнігі зберагліся да нашага часу). У 1600-01 узначальваў пасольства ў Маскву, але дзярж. уніі з Масквой не дамогся. С. не падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, і падтрымаў Ілжэдзмітрыя II. Удзельнічаў у перагаворах з маскоўскімі пасламі, у выніку чаго падпісана Дэўлінскае перамір'е 1618. У сваёй палітыцы адстойваў суверэнітэт ВКЛ у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай, няўхільна прытрымліваўся 12-га артыкула 3-га раздзела Статута ВКЛ 1588, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і пасады ў ВКЛ. С. быў адным з найбагацейшых магнатаў.
Леў Сапега ў Беларусі не забыты
Старшыні
Грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб ушанаванні памяці Льва Сапегі
Паважаны Алег Анатольевіч!
Ваш зварот на імя Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Нявыгласа Г.М. і старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Мясніковіча М.У. разгледжаны ў Аддзяленні гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У межах сваёй кампетэнцыі НАН Беларусі паведамляе, што ў красавіку 2007 года Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі плануецца правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая будзе прысвечана жыццю і дзейнасці канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі.
Намеснік Старшыні Прэзідыума
Нацыянальнай акадэміі
навук Беларусі А.І.Лесніковіч.
г. Минск, ул. Румянцева, 13,
Трусову О. А.
На Ваше обращение в Администрацию Президента Республики Беларусь Гродненский областной исполнительный комитет сообщает, что имя Льва Сапеги, государственного и политического деятеля Великого Княжества Литовского, сохранено на территории Гродненщины.
В г. Слониме одна из площадей носит имя Льва Сапеги, в фондах районного краеведческого музея имеются экспонаты, посвященные Льву Сапеге, сохранена планировка улиц, заложенная при нем.
В связи с 450-летием со дня рождения Льва Сапеги в городе Гродно 4-5 апреля 2007 года Министерство образования Республики Беларусь, учреждение образования Гродненский государственный университет имени Янки Купаны проводят международную научную конференцию «Лев Сапега (1557-1633 г.г.) и его время» с участием ученых Республики Беларусь, Литовской Республики, Республики Польша, Российской Федерации, Украины.
В городе Лида со 2 по 7 апреля историко-художественным музеем будет проведена неделя информации, посвященная Льву Сапеге, в Лидской центральной библиотеке и филиалах организованы книжные выставки «Лев Сапега - канцлер Великого Княжества Литовского».
В школах города будут проведены тематические часы о Льве Сапеге и его деятельности.
Начальник управления В.П.Омелько.
(Іншыя матэрыялы пра Льва Сапегу чытайце на стст. 2-3.)
ПРА ПОМНІК ЛЬВУ САПЕГУ
Старшыні
Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны
Трусаву А.А.
Міністэрства культуры разгледзела Ваш зварот, які быў накіраваны на імя Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аб святкаванні 450-годдзя з дня нараджэння Л.Сапегі і паведамляе наступнае.
На сёняшні дзень адна з плошчаў горада Слоніма носіць імя Льва Сапегі, у фондах раённага краязнаўчага музея маюцца тэматычныя экспанаты таго часу. У горадзе Ліда з 2 па 7 красавіка 2007 года гісторыка-мастацкім музеем будзе праведзены тыдзень інфармацыі, прысвечаны Льву Сапегу. Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай арганізаваны кніжныя выстаўкі пад назвай "Леў Сапега - канцлер Вялікага Княства Літоўскага", а 4 красавіка, у дзень нараджэння знакамітага земляка адбудзецца гадзіна цікавай інфармацыі "Леў Сапега і Статут ВКЛ".
Што тычыцца помніка, то у адпаведнасці з п.6 пастановы калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2005 г. № 90 "Аб стане і перспектывах разввіцця выяўленчага мастацтва Беларусі" на 2006-2010 годы прадугледжваецца на тэрыторыі Гродзенскай вобласці стварыць сярод шэрагу іншых твораў манументальнага мастацтва, помнік Льву Сапегу ў г. Слоніме.
Намеснік Міністра В.К.Гедройц.
Старшыні ГА «Таварыства
беларускай мовы імя Ф.Скарыны»
Трусаву А.А.
Аб прапановах
Паважаны Алег Анатольевіч!
На Ваш зварот ад 13.03. 2007 № 30 паведамляем, што выдавецтву «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» даручана вывучыць попыт кнігагандлёвых арганізацый і бібліятэк на альбом і набор каляровых паштовак, прысвечаных юбілею Льва Сапегі, і прыняць рашэнне аб мэтазгоднасці іх выдання.
Аб выніках Вы будзеце праінфармаваны выдавецтвам дадаткова.
Выданне календара на бягучы год лічым нямэтазгодным, паколькі яго рэалізацыя па заключэнню спецыялістаў кнігагандлёвых аргапізацый будзе праблематычнай. Як Вам паведамлялася ў нашым лісце ад 30.01.2007 № 05-07/671, выданне календара можа быць ажыццёўлена зацікаўленымі арганізацыямі, аб'яданнямі, таварыствамі на заказных умовах.
Намеснік Міністра І.М. Лапцёнак.
Старшыні грамадскага аб'яднання
«Таварыства беларускай мовы імя
Францішка Скарыны»
Трусаву А.А.
Аб увекавечанні памяці Льва Сапегі
Паважаны Алег Анатольевіч!
У адпаведнасці з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Вашы прапановы аб правядзенні ў Рэспубліцы Беларусі. мерапрыемстваў, прысвечанных 450-годдзю з дня нараджэння канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, разгледжаны ў Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце.
Паведамляем, што пытанне аб наданні адной з вуліц г. Мінска імя Льва Сапегі будзе разгледжана на пасяджэнні Камісіі па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска. Аб прынятым рашэнні Вам будзе паведамлена дадаткова.
Намеснік старшыні М.С. Ціцянкоў.
Общественное объединение
«Общество Белорусского языка
им. Ф.Скорины»
О праздновании 450-летия
со дня рождения канцлера ВКЛ Льва Сапеги
Ваше обращение по вопросу проведения в Республике Беларусь мероприятий, посвященных 450-летию со дня рождения канцлера Великого Княжества Литовского Льва Сапеги рассмотрено в Минском областном исполнительном комитете, совместно с заинтересованными лицами.
Учитывая, что установка памятника Льву Сапеге (автора И. Мисько) запланирована Гродненским областным исполнительным комитетом в г. Слониме в 2009 году, рассматривать вопрос об установке памятника в г. Несвиже считаем нецелесообразным.
По вопросу о возможном наименовании одной из улиц именем Льва Сапеги в г. Несвиже сообщаем, что при планировании микрорайона новой застройки города будет рассмотрен вопрос о наименовании одной из новых улиц именем Льва Сапеги.
Начальник главного управления
идеологической работы Т.В. Дедух.
Помнік Льву Сапегу ў Слоніме з'явіцца не хутка
4 красавіка споўнілася 450 гадоў з дня нараджэння канцлера Вялікага Княства Літоўскага і слонімскага старасты Льва Сапегі (1557-1633). У гэты дзень у Слоніме магла быць самая яркая і знамянальная падзея - адкрыццё помніка гэтаму вялікаму чалавеку, які шмат зрабіў для эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця майго роднага горада. Але, як заўважыў аўтару гэтых радкоў скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі, мой зямляк Іван Якімавіч Міско, пэўных зрухаў ў гэтым кірунку пакуль не адчуваецца.
- Іван Якімавіч, дык калі ў Слоніме з'явіцца помнік Льву Сапегу?
- Пакуль помнік Льву Сапегу ў Слоніме застаецца нават не на паперы, а толькі на словах. Я некалькі гадоў таму казаў у райвыканкаме, што трэба адкрыць банкаўскі рахунак на помнік славутаму канцлеру і паціху туды пералічваць грошы, збіраць іх грамадой разам па крупінцы, калі гэты праект немагчыма прафінансаваць адразу. Міністэрства культуры фінансаваць помнік не будзе, толькі трэба спадзявацца на мясцовае фінансаванне. Так цяпер робіцца ўсюды. Але мяне ніхто не паслухаў, таму помніка ў Слоніме няма і калі будзе - невядома. Мне чыноўнікі з райвыканкама кажуць: "Мы вам патэлефануем. Мы вам патэлефануем..." Да сённяшніх дзён я чакаю іх званкоў і канкрэтных прапаноў і спраў.
- Але намеснік міністра культуры Валерый Гедройц старшыні ТБМ Алегу Трусаву сказаў, што помнік Сапегу ў Слоніме будзе пастаўлены...
- Ён у плане ёсць. Пытаюся ў міністэрстве, а хто помнік фінансаваць будзе? За кошт мясцовага бюджэту - адказваюць. Вось так. І кошт помніка невядомы, бо цэны з кожным месяцам на ўсё павялічваюцца.
- А ці падрыхтаваны праект помніка?
- Рабочая мадэль помніка даўно падрыхтавана і зацверджана Рэспубліканскім манументальным саветам. Усе астатняе робіцца хутка.
- Дзе плануецца паставіць помнік Льву Сапегу?
- На плошчы Льва Сапегі ў Слоніме вельмі дрэннае месца для помніка, яго там ставіць нельга. Таму яго плануюць узвесці у цэнтры горада ў скверы. Ды і сквер увесь трэба пераабсталёўваць паіншаму.
- Іван Якімавіч, над чым Вы працуеце цяпер?
- Рыхтуюся да персанальнай выставы, прысвечанай космасу. Яна адкрыецца ў пачатку красавіка ў зале мастацкага музея ў Мінску.
Сяргей ЧЫГРЫН.
На здымку: рабочая мадэль помніка Льву Сапегу ў Слоніме.
Леу Сапега
Да 450 - годдзя з дня нараджэння
(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
У выніку перагавораў 11 (1) снежня 1618 г. паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай было заключана ў сяле Дэўліна перамір'е (Дэўлінскае перамір'е) на 14 з паловай гадоў. Да Вялікага Княства літоўскага афіцыйна адыходзіла Смаленскае ваяводства (страчанае ў 1514 г.), за выключэннем Вязьмы, якая засталася ў складзе Маскоўскай дзяржавы, а да Польшчы - Ноўгарад-Северскія і Чарнігаўскія землі (страчаныя ў 1503 г.). Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул "цара маскоўскага і ўсяе Расіі", але на троне застаўся Міхаіл Раманаў. Пытанне аб кончатковым міры было адкладзена. Пасля падпісання акту аб перамір'і Леў Сапега адразу ж вярнуўся ў Вільню.
У пачатку 1623 г. Леў Сапега ўдзельнічаў у Варшаве ў працы сойма. 6 лютага 1623 г. ён атрымаў ад Жыгімонта Вазы прызначэнне на самую ганаровую ваяводскую пасаду ў Вялікім Княстве Літоўскім - ваяводы Віленскага. Адначасова Сапега адмовіўся ад пасады канцлера вялікага на карысць пападканцлера Альбрыхта Станіслава Радзівіла. Адмовіўся Леў Сапега і ад пасады старасты берасцейскага.
У гэты ж час прыйшлося Л. Сапегу займацца і спрэчкамі паміж іерархіяй уніяцкай царквы і праваслаўнымі вернікамі ў Беларусі. На Украіне ўжо ў 1620 г. была ўзноўлена праваслаўная іерархія на чале з мітрапалітам (пасля уніі 1596 г.) . аднак Укараіна была ў складзе Польскага каралеўства, і там дзейнічалі польскія законы. У Беларусі і Літве заканадаўства і яго выкананне былі свае ўласныя. У гэтым рэлігійным канфлікце Леў Сапега выконваў волю караля-католіка, ды і сам быў рыма-католікам. Таму і выступаў на баку уніяцкай іерархі.
Аднак Л. Сапега намагаўся неяк улагодзіць канфлікт. Калі ў 1618 г. уніяцкім архіепіскапам Полацкім стаўся Язафат Кунцэвіч, у новага архіепіскапа пачаўся канфлікт з праваслаўнымі магілёўскімі мяшчанамі, якія яму не падпа-радкоўваліся і ў кастрычніку 1618 г. зачынілі перад ім гарадскую браму. 22 сакавіка 1619 г. Сапега апублікаваў дэкрэт. Кароль патрабаваў пакарання смерцю бунтаўшчыкоў - магілёўцаў. Аднак Леў Сапега, дзяржаўца Магілёўскай эканоміі, пакараў магілёўцаў буйным грашовым штрафам і загадаў гарадскім уладам перадаць цэрквы пад юрысдыкцыю Я. Кунцэвіча. У лютым 1621 г. Леў Сапега, тады яшчэ канцлер, адмовіўся прыкласці вялікую дзяржаўную пячатку да універсама Жыгімонта Вазы, якім вялікі князь забараняў полацкаму магістрату дапусціць у горад тагачаснага праваслаўнага полацкага архіепіскапа Мялеція Сматрыцкага. Такім чынам, універсал Жыгімонта Вазы не меў законнай сілы. 12 сакавіка Леў Сапега накіраваў ліст да Язафата Кунцэвіча, у якім абвінавачваў уніяцкага архіепіскапа ў рэпрэсіўных дзеяннях супраць праваслаўных і папярэджваў яго аб трагічных наступствах такой палітыкі.
На сойме 1623 г. Л. Сапега быў уключаны ў склад соймавай камісіі, якая павінна была прымірыць абодва бакі - уніятаў і праваслаўных - шляхамі узаемных уступак. Аднак прадухіліць канфлікт не ўдалося. 12 лістапада 1623 г. віцебскія праваслаўныя мяшчане забілі Язафата Кунцэвіча. Леў Сапега 11 снежня 1623 г. атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта асобыя паўнамоцтвы для правядзення судовага працэсу ў Віцебску. Узначальваная Л. Сапегам судовая камісія, разгледзеўшы справу аб забойстве архіепіскапа, 22 студзеня 1624 г. прыгаварыла 19 мяшчан да смяротнага пакарання, 78 мяшчанам, якія ўцяклі з горада, прысуд быў вынесены завочна. У Віцебска было адабрана магдэбурскае права і ўсе вялікакняскія і каралеўскія прывілеі . была разбурана гарадская ратуша. Званы з праваслаўных цэркваў былі знятыя.
25 ліпеня 1625 г. вялікі князь літоўскі і рускі Жыгімонт Ваза прызначыў Льва Сапегу гетманам вялікім літоўскім. Галоўнакамандуючым беларуска-літоўскім войскам Л. Сапега стаўся ўжо ў 68-гадовым узросце. Жыгімонт разлічваў на здольнасць Сапегі забяспечыць фінансамі войска, без чаго працягваць шматгадовую вайну са Швецыяй было немагчыма.
На тэатр ваенных дзеянняў стары гетман не паехаў. Знаходзячыся ў сваім маёнтку Талачыне і выязджаючы ў Магілёў, Л. Сапега фармаваў вайсковыя аддзелы. А камандаваць войскам у Інфлянтах замест яго быў прызначаны Ваявода Смаленскі Аляксандр Гасеўскі. Толькі ў верасні 1625 г. Сапега выехаў на фронт на Заходнюю Дзвіну. У лістападзе 1625 г. вялікі гетман Л. Сапега і польны гетман Крыштаф Радзівіл сустрэліся і прынялі агульны план ваенных дзеянняў. Пасля гэтага Леў Сапега ад'ехаў на сойм у Варшаву.
Улетку 1627 г. 70-гадовы Леў Сапега зноў вырушыў на вайну. Але неўзабаве зноў выехаў у Варшаву на сойм. Урэшце 26 верасня 1629 г. у горадзе Альтмарк (Стары Торг) быў падпісаны дагавор аб перамір'і.
30 красавіка 1632 г., пасля 45 гадоў панавання, памёр кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза. Наступіла міжкаралеўе. На нарадзе сенатараў у Варшаве Л. Сапегу было даручана забяспечыць усходнія межы Вялікага Княства Літоўскага , узмацніўшы залогі памежных замкаў на маскоўскім рубяжы. На элекцыйным (выбарным) сойме ў жніўні 1632 г. Леў Сапега падтрымаў кандыдатуру Уладзіслава Вазы, старэйшага сына папярэдняга караля. На гэтым сойме ў лістападзе 1632 г. Уладзіслаў Ваза быў абраны каралём польскім (і аўтаматычна вялікім князем літоўскім).
Але яшчэ перад выбарамі караля польскага, карыстаючыся бескаралеўем у Рэчы Паспалітай, расійскі цар Міхаіл Фёдаравіч Раманаў накіраваў у верасні 1632 г. пад Смаленск 40-тысячнае войска, каб захапіць горад і ўсё Смаленскае ваяводства. У гэты час Леў Сапега фармаваў новыя роты і накіроўваў іх не толькі на фронт, але і ў свае маёнткі на ўсходзе Беларусі, каб ахоўваць іх ад нападаў расійскіх аддзелаў.
Памёр Леў сапега 7 ліпеня 1633 г. у Вільні. Быў пахаваны ў касцёле святога Міхаіла Архангела ў Вільні. Леў Сапега быў адным з самых багатых магнатаў Беларусі і Літвы. У вялікіх маёнтках Сапегі раздаваліся ўчасткі зямлі (нярэдка з сялянамі) дробнай шляхце пры ўмове нясення ёю вайсковай службы ў аддзелах самога Сапегі.
Леў Сапега прычыніўся не толькі да ўзрастання багацця свайго роду, а і да заняцця родам Сапегаў най-вышэйшых пасад у дзяржаве. Сапегі пачалі супернічаць з Радзівіламі па сваёй значнасці ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве. Леў Сапега быў і мецэнатам. У сваёй рэзідэнцыі ў Ружанах ён стварыў багатую па кнігазборы бібліятэку. Садзейнічаў развіццю беларускага кнігадрукавання.
Увайшоў у гісторыю Беларусі Леў Сапега як выдатны дзяржаўны дзеяч, які адстойваў суверэнітэт Беларуска-Літоўскай дзяржавы, як дыпламат і палкаводзец, прыхільнік прававой дзяржавы і дакладнага выканання законаў.
А. Грыцкевіч
У ТАВАРЫСТВЕ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ Ў ЛІТВЕ АДЗНАЧЫЛІ ДЗЕНЬ ВОЛІ
На зямлі тэўтонаў-абярогам
Мова- незабытая ральля.
Чым бліжэй да роднага парога,
Тым мілей бацькоўская зямля.
("На зямлі тэўтоўнаў",
Вольга Іпатава)
24 сакавіка ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве (ТБК) адзначылі самае вялікае свята для кожнага нацыянальна свядомага беларуса - Дзень Волі. Зала ўпрыгожана ў бел-чырвона-белым стылі, на сцяне надпіс "25 сакавіка 2007 года", побач бел-чырвона-белы сцяг, а на стале такія ж ружы. Упрыгожваннем і дызайнам займалася мастачка Хрысціна Балаховіч. Поўная зала народу, сярод іх вядомыя літоўскія дзеячы, інтэлігенцыя.
Распачаў урачыстасць старшыня ТБК Хведар Нюнька, ён распавёў пра гістарычныя падзеі 1918 года, на жаль і сёння Беларусь не вольная і не дэмакратычная краіна. Напрыканцы свайго выступлення старшыня зачытаў віншавальны ліст ад прэзідэнта рады БНР Івонкі Сурвілы, а пасля ўсе прысутныя разам праспявалі гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", Прысутнічаў на свяце і меў слова дырэктар фонду абароны грамадзян Літвы Стасіс Каўшыніс. Ён павіньшаваў прысутных са святам і адзначыў, што 25 сакавіка для беларусаў тое самае, як і 16 лютага для літоўцаў, якое адзначаецца дзяржавай як нацыянальнае.
У другой частцы святочнай імпрэзы адбылася прэзентацыя апошняй кнігі пісь-менніцы Вольгі Іпатавай "Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба", у якой адлюстроў-ваюцца гістарычныя падзеі 14 стагоддзя, калі за хрысціянскую веру былі заката-ваныя вернікі беларусы Антоні, Еўстафі, Іаан. Сімвалічна, што гэта адбылося на тэрыторыі, дзе пазней месцілася Віленская Беларуская Гімназія, зараз на тым месцы знаходзіцца царква Святой Тройцы, пабу-даваная князем Канстанцінам Астрожскім у гонар перамогі над маскоўцамі пад Воршай у 1514 годзе. Таму, вядома, кніга цікавая для беларусаў Вільні, для тых, хто цікавіцца гісторыяй Вялікага Князтва Літоўскага, каму не абыякава мінулае і будучыня радзімы. Пісьменніца распавяла пра доўгую, нялёгкую працу над кнігай, колькі трэба было папрацаваць у архівах Літвы і Беларусі, прачытаць стосы гіста-рычнай літаратуры. Вольга Міхайлаўна вядомая пісьменьніца, аўтарка гістарычных рамананаў, грамадская дзеячка, уваходзіць у вялікую раду Бацькаўшчыны, з'яўлялася старшынёй Саюза пісьменнікаў у вельмі складаны і неспрыяльны для беларускасці час, але ж Вольга Міхайлаўна мужна змагалася і змагла захаваць Саюз. Сёння імя пісьменніцы вядома далёка па-за межамі Беларусі, як Васіля Быкава, Рыгора Бара-дуліна, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Арлова. В. Іпатава чытала свае вершы, прысвечаныя У. Быкаву, які першым заўважыў талент Вольгі Міхайлаўны, падтрымаў і надрукаваў першыя вершы ў "Гродзенскай праўдзе", адказала на пы-танні слухачоў, якія доўга не разыходзіліся, а працягвася суразмоўе за кубкам гарбаты.
Цікава было ўсё - і творчыя планы, і апошнія падзеі ў Беларусі, а Вольга Мі-хайлаўна была ў 80 раёнах Бе-ларусі з 114, яе запрашаюць, кнігі не залежваюцца на паліцах кні-гарняў. Ахвочыя віленчукі-бе-ларусы набылі кнігу пісьменніцы з дыдыкацыяй. Вольга Іпатава ў Вільні не першы і не апошні раз. Так урачыста ў Таварыстве Беларускай Культуры Літвы адзначылі чарговыя ўгодкі БНР, а сустрэча з пісьменніцай духоў-на ўзбагаціла, прысутныя ў зале добра знаёмыя з яе гістарычнымі раманамі, а старшыня ТБК Хв. Нюнька прачытаў і апошнюю кнігу. Не так часта адбываюцца сустрэчы з асобамі такога маш-табу, а калі кнігі чытаюць, значыць яны патрэбныя, а гэта вельмі важна для пісь-менніка.
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
Леакадзія Мілаш
Захавальнік і ахоўнік нашага слова
Не стала Рагойшы Антося Іосіфавіча. Дзядзькі Антося, як усе мы, блізкія родзічы, пляменнікі і не пляменнікі, называлі яго ў гонар Коласавага дзядзькі Антося, сімпатычнейшага персанажа "Новай зямлі". Як і коласаўскі дзядзька Антось, ён быў вялікім працалюбам, сямейнікам, прыроджаным (а пасля і прафесійным) педагогам, адменным знаўцам прыроды. Сын патомных сялян з Пярэжар, што каля Ракава, ён пераняў ад бацькоў лепшыя рысы беларускага хлебароба. Хоць пасля і стаў інтэлігентам у першым пакаленні, але не ў прыклад яго некаторым калегам назаўсёды захаваў у сваім сэрцы і бязмежную любоў да зямлікарміліцы, да роднага кута, БацькаўшчыныБеларусі, да роднага, беларускага, нашага слова. Больш таго, стаў актыўным прапагандыстам і ахоўнікам усяго беларускага, у тым ліку і беларускай мовы.
Адыход Антося Іосіфавіча 18 сакавіка г. г. у лепшы свет з жалем успрынялі ўсе, хто яго ведаў і хто яшчэ пакуль што застаўся на гэтым свеце. Гэта былыя вучні Ракаўскай польскай сямігодкі і Вілейскай беларускай гімназіі, студэнты фізікаматэматычнага факультэта былога Гарадзенскага педінстытута, які ён у свой час закончыў, настаўнікі і вучні Мастоўскай і Ражанкаўскай сярэдніх школ, дзе ён пасля працаваў, калегі па аспірантуры Менскага педінстытута імя М. Горкага, студэнты і выкладчыкі цяперашняга Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, дзе Антось Іосіфавіч выкладаў матэматыку і ажно пятнаццаць год узначальваў факультэт методыкі пачатковага навучання. Я ўжо не кажу пра родзічаў, сяброў, а таксама пра суседзяў па Ракаўскаму лецішчу, якое ён разам са сваёй неразлучнай Марыяй Іванаўнай набыў некалькі гадоў таму назад, калі сужэнцы пераехалі з Гародні ў Менск, бліжэй да сваіх дзяцей, Аляксандра і Генадзя супрацоўнікаў хімфака БДУ...
Лёс падараваў Антосю Іосіфавічу сяброўства з некаторымі выдатнымі асобамі, у тым ліку з вядомым вучоным і пісьменнікам, прафесарам Фёдарам Міхайлавічам Янкоўскім. Сяброўства гэта, якое пачалося яшчэ ў студэнцкім інтэрнаце Гарадзенскага педінстытута, многае дало Антосю Іосіфавічу. Але і Фёдар Міхайлавіч, які добра ведаў радню свайго сябра, партызанячы, а пасля вайны і працуючы паблізу яго родных мясцін, нямала ад яго успрыняў. I сюжэтаў для сваіх абразкоў, і сакаўных слоўцаў, моўных выразаў з Ракаўшчыны, дзе беларуская мова, у яе блізкім да літаратурнага варыянце, распаўсюджана, на шчасце, даволі шырока. Я памятаю, як Фёдар Міхайлавіч, які нарадзіўся і гадаваўся ў БССР, уважліва слухаў расказы свайго заходнебеларускага сябра "аповеды дзядзькі Антося". Менавіта пад такой рубрыкай асобныя з іх пазней былі надрукаваны ў газеце "Ракаўскі шлях".
Антось, які нарадзіўся 25 студзеня 1925 года, быў апошнім, шостым дзіцем у вялікай і дружнай сям'і Язэпа і Алены Рагойшаў. Сям'і, якая здаўна была далучана да беларушчыны. Бацьку свядомым беларусам зрабілі рэвалюцыйныя падзеі, калі ён быў абраны ў павятовы Савет сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Як прыгадваў дзядзька Антось, ягоны бацька яшчэ пры паляках, едучы з Ракаўскага кірмашу, не прамінаў, каб не купіць беларускі каляндар або якуюнебудзь іншую беларускую кніжку. Вечарамі ў пярэжарскай хаце Рагойшаў збіраліся вяскоўцы паслухаць вершы Купалы, Коласа, Багдановіча, Крапівы, Танка, іншых паэтаў. Відаць, ужо тады ў аднаго з братоў, Косці, успыхнулі іскры паэтычнага натхнення, якія час ад часу арыгінальнымі вершаванымі радкамі асвятлялі старонкі "Шляху моладзі", маладзечанскай раённай газеты, абласной "Вілейскай праўды"... Сёння асобныя з вершаў Кастуся Рагойшы, настаўніка, дырэктара Пугачоўскай няпоўнай сярэдняй школы, беспадстаўна рэпрэсаванага ў 1948 годзе і па часе цалкам рэабілітаванага, можна прачытаць у анталогіі "Люблю наш край...: Валожыншчына літаратурная" (Мінск: Мастацкая літаратура, 2006, стар. 187-190). I гэта ў вялікай ступені дзякуючы Антосю Рагойшу, які напісаў да публікацыі цікавы ўсгупны артыкул. Што да беларускасці іншых родзічаў Антося Іосіфавіча, то чаго вартая адна Марыя Іванаўна, якая паўстагоддзя прывівала вучням любоў да беларускай мовы і літаратуры, працуючы на Гарадзеншчыне настаўніцай. Радаваўся дзядзька Антось, што ўсе Рагойшы "засталіся шчырымі беларусамі". Гэта ён напісаў у сваім допісе "З радаслоўнага кораня", што ўвайшоў у кнігу "Памяць: Валожынскі раён" (Мінск: Мастацкая літаратура, 1996, стар. 413-416). Закончыў ён той допіс наступным прызнаннем (даруйце за ўпамінанне ў ім і майго імя): "Брат Іван загінуў на вайне. Рыгор жыве на бацькоўскай сядзібе, вельмі радуецца звесткам беларускага адраджэння і засмучаецца, калі чуе пра нацыянальны нігілізм беларусаў. Яму ўжо 77 гадоў. Старэйшы брат Пётр выгадаваў слаўнага сына вядомага літаратуразнаўца Вячаслава Рагойшу. Сам я выкладчык матэматыкі Гарадзенскага універсітэта, першы ва універсітэце пачаў выкладанне матэматыкі пабеларуску. Мой сын Аляксандр першы ў БДУ (і, мусіць, у менскіх ВНУ) пачаў выкладанне хіміі на беларускай мове. Сястра Надзя, настаўніца пачатковых класаў, як магла прывівала любоў і павагу да ўсяго роднага. Яе дачка выкладае ў школе беларускую мову і літаратуру. Дзякаваць Богу, ніхто са сваякоў не здрадзіў, яўна ці няяўна, роднай Беларусі".
Антося Рагойшу назаўсёды прыняла да сябе ракаўская зямліца.
Але жыве ягоная душа.
Яна - ва ўсім, што ён пасля сябе пакінуў. У тым ліку - і ў ягоных сынах, у родным унуку, поўным цёзку, цяперашнім студэнце-гісторыку Антосю Рагойшы. Бо заўсёды запаветам бацькі і дзеда было:
Годзе ныць:
"Загіне Айчына... "
Лепш з сябе пачынай без прынукаў:
Навучы роднай мове сына,
Навучы роднай мове ўнука!
Вячаслаў Рагойша.
З БЫКАВЫМ У СЭРЦЫ
Гарадзенскае гарадское грамадскае аб'яднанне ветэранаў вайны, працы і Ўзбоеных Сілаў абвяшчае конкурс сачыненняў "З БЫКАВЫМ У СЭРЦЫ".
Калі вы любіце Беларусь, калі вас хвалюе лёс аднаго з вялікіх рупліўцаў - пісьменніка Васіля Быкава, а сэрцу ёсць што сказаць, то ў такім выпадку запрашаем прыняць удзел у нашым конкурсе.
Мэта конкурсу: абудзіць у вучняў цікавасць да асобы Васіля Быкава, да яго твораў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.
Умовы конкурсу: у ім могуць прыняць удзел вучні ад 7-га да 11-га класа ўключна і студэнты ўсіх курсаў.
ТЭМЫ, ЯКІЯ, ПРАПАНУЮЦЦА ДЛЯ УДЗЕЛЬНІКАУ КОНКУРСУ:
1. "Чытае свет яго вайну"(Д. Бічэль).
2. Горкая праўда пра Вялікаю Ай-чынную вайну ў творах Васіля Быкава.
3. Урокі кахання, дабрыні і чалавечнасці ў кнігах Васіля Быкава, пры-свечаных вайне ("Альпійская балада", "Абеліск", "Воўчая зграя").
4. Вобраз селяніна-кулака Хведара Роўбы ў аповесці "Аблава".
5. "Васільком у жыце Беларушчыны назаўсёды застанецца Васіль Быкаў" (Р. Барадулін).
6. Гародня - горад, "які гэтак грунтоўна і на шмат год прычыніўся да майго чалавечага лёсу" (В. Быкаў).
7. Мой праект помніка і вуліцы Васіля Быкава ў Гародні.
Абавязковыя патрабаванні да сачыненняў:
1. Сачыненне павінна быць на беларускай мове.
2. Змест сачынення павінен раскрываць абраную тэму, утрымліваць уласныя думкі, меркаванні. асабісты арыгінальны погляд вучня на жыццё і творчасць Васіля Быкава.
Заўвага: форма і памер работы не абмяжоўваюцца.
Конкурс у конкурсе: асобны дадатковы конкурс будзе праведзены для тых, хто дашле вершы і малюнкі на прапанаваныя тэмы.
Тэрмін адсылкі працаў: да 24-га крзсавіка 2007 года па адрасу: Гродна, 230023, вул. Савецкая, дом 31, пакой 12.
Даведкі па тэлефонах: 74-11-98, 48-42-12.
Вынікі конкурсу будуць падведзены да 9 траўня 2007 г.
"Лінія фронту - 2"
У менскім выдавецтве "Логінаў" на беларускай і нямецкай мовах выйшла анталогія сучаснай беларускай і нямецкай прозы і паэзіі "Лінія фронту - 2".
Як паведаміў БелаПАН адзін з куратараў і аўтараў кнігі, беларускі літаратар, мастак і перформер Зміцер Вішнёў, у 245-старонкавы зборнік уключаны творы 16 беларускіх і нямецкіх аўтараў. "Першае выданне анталогіі выйшла ў 2003 годзе і выклікала пэўны рэзананс у літаратурных колах Беларусі і ФРГ. У адказ на пажаданне нямецкага боку паўтарыць выданне мы з Вольгай Гапеевай прапанавалі зрабіць іншы варыянт анталогіі, уключыўшы ў яе новых аўтараў. Калі ў першым выданні пераклады на нямецкую мову ажыццяўляў толькі Андрэ Бем, то для "Лінія фронту - 2" гэтую працу разам з Бемам рабілі Катарына Нарбутовіч і Марціна Мрохен", - зазначыў З.Вішнёў.
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.