Папярэдняя старонка: 2007

№ 17 (805) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 17 (805) 25 КРАСАВІКА 2007 г.

26 красавіка - 21 год Чарнобыльскай катастрофы

ЮБІЛЕЙ ГАЛІНЫ ДЗЯГІЛЕВАЙ

Актрыса Галіна Дзягілева святкуе свой юбілей. Яна стварыла адзіны ў Беларусі прафесійны тэатр аднаго актора "Зьніч". Галіна Дзягілева не толькі выконвае ролі сваіх гераінь, але паспяхова рэалізуе сябе ў рэжысуры, з'яўляецца мастацкім кіраўніком тэатра. Тэатр "Зьніч" - адна з праяў вольнага і высока-мастацкага беларускага слова. Як зьніч святы, так і "Зьніч" тэатральны вырашаюць адну задачу: разарваць, разагнаць цемру ці то начы прыроднай, ці то начы духоўнай. І нясе гэты зьніч спадарыня Галіна.

Віншуем і святкуем РАЗАМ.

(Пра Галіну Дзягілеву чытайце на ст. 2.)

29 красавіка ў 17.30 у Дольнай зале Чырвонага касгла адбудзецца спектакль "Пачакай сонца".


Пракуратура займаецца былым кляштаром бернардзінцаў

Минский городской

исполнительный комитет

Председателю общественного объединения

"Товарищество белорусского языка

им. Ф. Скорины"

Трусову О.А.

ул. Румянцева, д. 13, 220034, г. Минск

Направляется для рассмотрения обращение председателя общественного объединения "Товарищество белорусского языка им.Ф.Скорины", поступившее из Прокуратуры Республики Беларусь, по вопросам правомерности размещения гостиничного комплекса в месте расположения памятника архитектуры по ул. Кирила и Мефодия (дома №№ 6 и 8).

О результатах рассмотрения прошу уведомить заявителя.

Приложение: на 4 л. в первый адрес.

Начальник отдела по надзору за исполнением

законодательства и законностью правовых

актов советник юстиции В.В. Жданович.


Нягледзячы на гэта

Савет па пытаннях гісторыка - культурнай спадчыны Мінкульта ўхваліў перадпраектную прапанову па рэканструкцыі былога манастыра бернардзінцаў у Менску

19 красавіка ў Гародні Беларускі рэспубліканскі савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры ўхваліў перадпраектную прапанову па рэканструкцыі былога манастыра бернардзінцаў у Менску - помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя, што размешчаны па вуліцы Кірылы і Мяфодзія, 6 і 8.

Як паведаміў БелаПАН намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, будынак былога манастыра плануецца прыстасаваць пад гасцінічны комплекс. Спецыялісты мяркуюць, што гэты аб'ект сацыяльна-бытавога прызначэння, знаходзячыся побач з будынкам былога касцёла, не буде дысаніраваць з архітэктурай Верхняга горада. Распрацоўшчыкі праекта з унітарнага прадпрыемства "Мінскпраект" прапануюць актыўна выкарыстаць падземную прастору для паркінга, спартыўна-аздараўленчага і дзелавога цэнтра пры захаванні прасторы ўнутранага двара былога манастыра.

У той жа час аўтары праекта адмовіліся ад першапачатковай ідэі выкарыстання шкла ў афармленні фасадаў, бо гэта не гарманіруе з лініяй "ламаных дахаў", характэрнай для архітэктуры XVII стагоддзя.

Разам з тым, як зазначыў І.Чарняўскі, савет прапанаваў правесці "комплекснае навуковае даследаванне помніка архітэктуры, паколькі ўзнікла шмат пытанняў, якія могуць праясніцца толькі пасля правядзення такіх работ". І.Чарняўскі мяркуе, што вынікі навуковых даследаванняў, у тым ліку археалагічных, "могуць нават скарэктаваць функцыю аб'екта".

"Дата наступнага абмеркавання праекта на пасяджэнні савета залежыць ад тэрмінаў навуковага даследавання, якія вызначыць праекціроўшчыкам заказчык праекта - камунальнае унітарнае прадпрыемства "Мінская спадчына", - паведаміў І.Чарняўскі.

З 7 сакавіка, пасля таго як стала вядома аб планах гарадскіх уладаў перадаць будынкі манастыра інвестарам для іх рэканструкцыі і прыстасавання пад гасцінічны комплекс, пачаўся збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне манастыра бернардзінцаў рымска-каталіцкай абшчыне святога Іосіфа, якая трэці год штодня праводзіць набажэнствы за перадачу былой святыні вернікам. Апрача таго, пракуратура Менска разглядае зварот старшыні грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алега Трусава па пытанні законнасці размяшчэння гатэля і аб'ектаў гандлёва-бытавога прызначэння на месцы манастыра бернардзінцаў. Тым часам з будынкаў манастыра выселены службы ваеннай камендатуры і пракуратуры.

Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.


Стваральны дух Галіны Дзягілевай

Казаць пра Галіну Дзягілеву можна многа і з захапленнем. Стваральны дух прысутнічае ў ёй. Яна - актрыса. І з годнасцю нясе крыж свайго незвычайнага таленту. Яна мае ў сабе невытлумачальную таямніцу, уласцівую майстрам высокага класу, схаваную ў пытанні: як яна гэта робіць? Яна - адна на сцэне, а я бачу розных людзей, якія дзейнічаюць у п'есе. Гляджу, слухаю яе герояў, а часцей гераінь, і ў нейкі момант усведамляю, што мяне вядзе і прымушае перажываць не актрыса, а іншы чалавек. Ёй дадзена трапляць на хвалю духу тых, каго яна іграе. Адзін вядомы чалавек, які добра ведаў Ларысу Геніюш, быў здзіўлены неверагодна. Актрыса ніколі не сустракалася з паэтэсай, але ж у спектаклі прамаўляла з яе інтанацыямі, рухалася, як яна, была ёю. Рагнеда, Юліяна Мэнке - рэальныя гістарычныя асобы. Для многіх яны ўяўляюцца такімі, якімі іх сыграла актрыса. Таму што яны, гэтыя жанчыны, зусім розныя, - блізкія ёй па духу. Яна адчувае іх, яна разумее іх. Таму што яе ўласная душа адгукаецца на моц духу, годнасць, ахвярнасць, якімі былі адораныя гэтыя жанчыны.

Галіна Дзягілева мае прывілей самой рабіць выбар - каго ўвасабляць на сцэне. Яна стварыла тэатр - "Зьніч", Беларускі паэтычны тэатр аднаго актора. Выпеставала ідэю, пераканала ўладу маючых, знайшла фундатара, прыклала каласальныя намаганні. Тэатр працуе больш за 15 гадоў. Гэта зусім унікальная з'ява. Ён быў і застаецца адзіным у Беларусі прафесійным тэатрам монаспектакля. Такі фармат патрабуе высокага майстэрства выканаўцы, пэўнай падрыхтаванасці гледача. Як класічная музыка. Але тэатр Дзягілевай не робіць стаўку на эліту, ён - дэмакратычны і пры тым ніколі не саступае вульгарнай камерцыйнасці. Мне даводзілася назіраць, і з таго цешуся, як зусім маладыя людзі, якія прыйшлі на спектакль, па выгляду паспалітыя і відавочна не заўзятыя тэатралы, праходзілі праз пераўтварэнне. На пачатку спектакля яны былі занятыя сваімі думкамі. Хтосьці камусьці штосьці перадаваў, тамсям успыхваў кароткі смех... Але неўпрыкмет зала сціхала, хлопцы і панны пачыналі глядзець у адным кірунку, на сцэну, а той, хто на ёй быў усё больш і больш укручваў іх у вір сваіх пачуццяў і перажыванняў. Можа, не ўсё ім было зразумелым і ясным, але падсвядомасць сведчыла, што яны дакранаюцца да вельмі вартасных рэчаў. У душах маладых людзей адбывалася работа. Спектакль скончыўся. Кароткая цішыня і - гучныя шчырыя апладысменты. Твары былі іншымі, як быццам гэтым людзям адкрыліся новыя землі.

Тэатр месціцца ў касцёле, што зусім неардынарна, і што, на мой погляд, у свой час запатрабавала адвагі, а таксама нестандартнага мыслення ўсіх зацікаўленых бакоў. Свецкі тэатр, бо ён у структуры Белдзяржфілармоніі, - у культавай установе. І дзякуй Богу, што зроблена добрая справа!

Здзіўляе шырыня дыяпазону і свабода ў фармаванні рэпертуару тэатра. Спектаклі драматычныя, трагедыйныя, камедыйныя, знаходзім оперу і лялечны спектакль, прысутнічае сусветная класіка і творы малавядомых аўтараў... Выбар абумоўлены добрым густам і культураю. І за гэтым стаіць асоба кіраўніка тэатра. Галіна Дзягілева падкрэслівае: тэатр, якім яна кіруе, ёсць тэатрам аднаго актора (у шырокім сэнсе слова), а не тэатрам адной актрысы. Таму запрашае на сваю сцэну розных артыстаў. Лепшых артыстаў, як і лепшых мастакоў, кампазітараў, рэжысёраў.

Яе таленту цесна ў рамках актрысы. Яна ўпэўнена і паспяхова рэалізуе сябе ў рэжысуры. Усе пастаўленыя ёю спектаклі пералічваць не стану. Дастаткова назваць некалькі, каб мець уяўленне аб узроўні рэжысёрскай работы. Монаопера "Адзінокі птах", прысвечаная Адаму Міцкевічу; філасофская казкапрыпавесць "Маленькі Анёлак" паводле верша "Малітвы жывёлаў" французскай пісьменніцы Кармэн дэ Гаштольд; "Пачакай сонца" з трапяткімі кветкамі ўкраінскай і беларускай паэзіі. Уражанні першых імгненняў ад "Адзінокага птаха" - вельмі прыгожае відовішча, выгляд сцэны; потым захапляе музыка, галасы, перыпетыі лёсу героя. На "Маленькага Анёлка" дзеці і дарослыя прыходзяць ужо дзесяць, а можа й болей год. Некалькі гадоў таму назад з гэтым Анёлкам, а дакладней з вершамі, на якіх пабудаваны спектакль, я зусім нечакана сустрэлася ва ўтульным дворыку італьянскага горада Асізі. У дворыку, на прыступках старадаўняй лесвіцы сядзелі гледачы, а на пляцоўцы ўнізе дзеці школьнага ўзросту разыгрывалі сцэнкі. Штосьці мне падалося вельмі знаёмым. Гэта ж "Малітвы жывёлаў" са зьнічовага спектакля! Толькі на іншай мове. І цёплацёпла стала на сэрцы.

Што да "Пачакай сонца", леташняй прэм'еры, то работа акторская і рэжысёра ў мінулым годзе была адзначана "Залатой Марыяй" - прэміяй лаўрэата на фестывалі монаспектакля ў Кіеве. І зусім нядаўна, у сёлетнім красавіку, гэты ж спектакль разам з "Адзінокім птахам" стаў лаўрэатам тэатральнага фестывалю ў Валгаградзе.

Галіна Дзягілева - асоба незвычайна гарманічная. Ні для каго не сакрэт, што людзі творчыя, адораныя талентам, не важна, у якой галіне, як правіла, праблемныя ў кантактах. Абавязкі кіраўніка, рэжысёра, служэнне сцэне патрабуюць шмат сіл, нервовай энергіі. А ёсць яшчэ дом, сям'я, штодзённы клопат. Але гераіня майго артыкула застаецца інтэлігентнай у любых абставінах. Яна можа спазняцца на сустрэчы (гэта зразумела, не стае часу, каб аднавіць сілы пасля спектаклю), але ніколі не падвядзе, калі штосьці абяцала. Ёй давяраюць, яе шануюць. З ёю вельмі прыемна быць побач.

Адвагі і моцы духу патрабуе яшчэ адна справа, якую я б назвала грамадзянскай акцыяй - штогадовыя (амаль штогадовыя) ўшанаванні памяці Ларысы Геніюш у Зэльве. У гонар славутай паэтэсы тэатр штогод ладзіць гастролі ў слаўным мястэчку на Гарадзеншчыне ў дзень яе нараджэння. І гэта слушна і годна.

Галіна Дзягілева - прыгажуня. Час ад часу чую яе голас па радыё. Ён заварожвае, прымушае слухаць. А як яна спявае! Яна б магла стаць тварам сімвалам Беларусі.

У напісаных вышэй радках склаліся словы "тэатр Дзягілевай". Гэта - натуральна. Ён - яе стварэнне. У ім - яе жыццё.

І. З.


Дзеці і шчырыя вершы

У гімназіі №2 ёсць адна таленавітая імпэтная настаўніца беларускай мовы і літаратуры - Эла Іванаўна Петрачэнка. Арамя сваёй адданасці прафесіі выбітная яна тым, што тры гады таму стварыла на базе віцебскай гімназіі гурток маладых паэтаў "Першая спроба пяра". І на працягу яго існавання было выдадзена два паэтычныя зборнікі: "У духмяным водары акацый" (2005) і "Са дна акіяна" (2006).

Кагадзя адбылося мерапрыемства, якое стала своеасаблівым падрахункам дзейнасці 14 гурткоўцаў і іх маладой настаўніцы Элы Іванаўны. У бібліятэцы імя Янкі Купалы на Пакроўскай сабралося каля трыццаці чалавек. Яны прыйшлі паглядзець і паслухаць шчырыя дзіцячыя вершы. Насця Надысева, Воля Гіруць, Даша Гатальская і Арына Таболкіна навучэнкі дзевятага класа і адначасова паэткіпачаткоўкі чулліва і пранікнёна прэзентавалі разам са свёй настаўніцай другі згаданы зборнічак. Невялічкі - у 40 старонак. Але у гэтую сціплую форму змясціліся часткова скарбы са дна акіяна... душы кожнага маленькага аўтара, кожнага маладога творцы. Дарэчы, удзельнікі гуртка "Першая спроба пяра" мяркуюць, што насамрэч свет трымаецца на трох чарапахах. Імёны іхнія - Надзея, Вера і Творчасць. Кніжачка "Са дна акіяна" складаецца з шасці раздзелаў. "Чорная сінь" дзіцячага вагання, "Лёгкі брыз" акрыленасці і нават "Пацеркі кахання" юнацкага.... Тым больш каштоўны зборнік, што на вокладцы змешчаны малюнак марской істоткі, якая трымае пярліну, зроблены Машай Зайцавай, таксама навучэнкай Элы Іванаўны.

Прысутнічалі і вядомыя віцебскія літаратары Франц Сіўко, Уладзімір Папковіч і Давід Сімановіч. "Падкаваныя" паэты засталіся ў захапленні ад смелых юнацкіх спроб пяра. А некаторыя вершы, адзначылі яны, паводле формы ўжо дасканалыя. Гэта не магло не радаваць пісменнікаў, якія "ў курсе" ўсіх вершаваных памераў, цвёрдых вершаваных форм і г.д. і г.д. Але, наогул, для дэбютных, вершы надзвычайна ўдумлівыя, змястоўныя і шчырыя. Пагэтаму нягрубая недапрацаванасць формы іх не псавала. У рэшце рэшт Франц Сіўко ўсіх ахвочых запрасіў браць удзел у конкурсе "Верш на юбілей", прысвечаны 125годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Падборку да пяці твораў прасіў дасылаць на адрас vershnajubilej@mail.ru да 15 чэрвеня 2007 года. Удзельніку абавязкова трэба указаць свой дакладны адрас і нумар тэлефона. На пачатку ліпеня паводле падлікаў журы (Лера Сом і Франц Сіўко) для пераможцаў мяркуецца правядзенне вандроўкі ў купалаўскія Ляўкі.

Тым часам прэзентацыя сканчваецца. Прысутныя атрымалі ежу для душы. У асабліва чуллівых нават павільгатнелі вочы. А потым усе падмацаваліся фізічна - шакаладнымі цукеркамі ды гарбатай. Сардэчна атрымалася.

Вольга Чайкоўская.

На фота: (злева направа) Арына Таболкіна, Давід Сімановіч, Насця Надысева, Эла Петрачэнка, Франц Сіўко, Воля Гіруць, Уладзімір Папковіч.



Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусі

сп . Аляксандру Радзькову .

Пане Міністру,

я дазнаўся, што ў чарговы раз Міністэрства адукацыі мае рэвізаваць змест школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Калі я расказаў пра гэта сваім калегам у школе, то яны таксама абурыліся i казалі непрыемныя для вуха словы. I не проста казалі, але абгрунтавана пярэчылі маючай адбыцца рэвізіі. Але, пане Міністру, яны Вам не напішуць.

Тое, што Мністэрства мае намер выкінуць з праграмы творы найлепшых беларускіх пісьменнікаў - гэта, вядома, дзікунства i вандалізм. Гэта варварства i брыдоцце, як ні маскуй такі крок разважаннямі пра нейкую "дзяржаўную ідэалогію". Калі гэта дзяржаўная ідэалогія, то што тады "антыдзяржаўная"? Я выказваю Вам маю нязгоду i пратэст.

Падаецца, што, нажаль, Міністэрства адукацыі даўно выконвае i функцыі "міністэрства прапаганды". Іначай, чым тлумачыць ранейшыя распараджэнні сп. Слукі, і шчыраванне сп. Фарыны, і цяперашняе шчыраванне наконт барацьбы з слуханнем непажаданай музыкі... А вось цяперака літаратура. Вось і выходзіць, што пабочная функцыя даўно падмяла пад сябе асноўную. "Чаго вам хочацца, панове? Які вас выклікаў прымус...?"

Вядома, тут, у Беларусі, вы - я маю на ўвазе кангламерат улады - як Манас на Крыце - валодаеце ўciм, акрамя мо паветра. Вы можаце чыніць, што хочаце, не азіраючыся на грамаду, адпрэчыўшы такія чалавекатворныя катэгорыі, як мараль, прыстойнасць, гонар, сумленне і сорам. Але ні Вы, пане Miнicтpy, нi вашыя паплечнікі, нi вашыя працадаўцы не вечныя. На добры лад, то Вам, спадару міністру, трэба пайсці ў адстаўку. Старажытныя дбалі пра добрую славу ў нашчадках... А нашчадкі непазбежныя.

Між тым перад Міністэрствам стаяць супрацьлеглыя задачы. Вось колькі з ix. Як вынік зацятай барацьбы з беларускай мовай значна i прыкметна знізілася пісьменнасць работнікаў Міністэрства, што па пасадзе вышай за дырэктара школы i настаўніка. Hixтo не можа якасна перакласці на беларускую мову з расейскай падручнік, не кажучы, што i напісаць ix па-беларуску часцей за ўсё не ўмеюць. "Перакладчыкі" нават не карыстацца галіновымі слоўнікамі, не ведаюць тэрміналогіі. Праграму да прадмету не ўмеюць правільна выкласці па-беларуску, цi мо перакласці. Усе ўказальныя распараджэнні Міністэрства зараз выдае па-руску, дыскрамінуючы беларускую мову. Адказ з Міністэрства не ўмеюць - цi не хочуць - даць па-беларуску. (Kaлi не ўмеюць, то гэта сорам i невуцтва, калі не хочуць, то дыскрымінацыя i апартэід).

Неяк адна адукацыйная дама, пабачыўшы план наведання ўрока, прачытала: "Тэма...., з мэтаю... ", а потым спытала: "Хорошо, но у Вас нет цели посещения". Дык гэта яна нас, настаўнікаў, будзе правяраць?! Дзе ж яно, славутае двухмоўе?!

Пане Miнicтpy,

калі Ваша Міністэрства адукацыі, то цяперака ягоная задача - адукаваць cвaix работнікаў, каб не выстаўляцца на сорам педагагічнай грамадзе. Сорамна i ганебна ператварацца ў смершаўца беларускай мовы i літаратуры. А пакуль што, багата хто хіхікае, сочачы i за паводзінамі міністэрскіх работнікаў i з іхняй пісьменнасці. Мне прыкра i няёмка, бо я працую ў гэтай сістэме.

Тыя кіроўныя дакуманты, што зыходзяць з Міністэрства, часам супярэчаць адно аднаму. Падаецца, што іх мо прадукуе муза аўтаматычнага пісання, а не адказныя чыноўнікі. I тым больш недапушчальна праграмная мітусня, xaлi гэта тычыцца не толькі нацыянальнага гонару, але i інтарэсаў дзяцей. Не кажучы пра аўтарытэт Міністэрства.

Я выказваю Вам маю нязгоду i пратэст.

Задача Міністэрства - узброіць настаўніка сацыялагічнымі i псіхалагічнымі ведамі. Школа i без міністэрскай тузаніны жыве між перамен i ўзрушэння. Мы, настаўнікі, не маем i не ведаем навуковага погляду на сацыяльныя зрухі нашага грамадства. Нельга навучаць масава і эфектыўна, не маючы сацыялагічнай і псіхалагічнай карціны грамадства. Спробы прымяняць аджылую частку caвецкix метадаў у цяперашняй сітуацыі - гэта маразм.

Задача Міністэрства - выкрыць і выгнаць дробных i ўсякіх хабарнікаў з сістэмы адукацыі, пачынаючы з РАА.

Задача Міністэрства - дамагчыся годнага фінансавання сістэмы адукацыі, бо гэта - найважнейшая галіна ў сучаснай дзяржаве, калі ісці за цывілізаванымі народамі. А хіба мы не цывілізаваны народ?..

Задача Miнicтэpcтвa - аблегчыць дзецям вучэнне, зняць з ix прэсінг розных "выхаваўчых'" i "пазакласных" мерапрыемстваў.

Трэба рашуча спыніць вал патрабаванняў розных папер ад школы, колькасць i змест якіх набліжаецца да маразму.

Задача Міністэрства - разняволіць студэнтаў ВНУ, зняць адтуль дух казармы, аддаць універсітэту акадэмічныя імунітэты i свабоды, давесці гуманітарную адукацыю да еўрапейскага роўню.

Задача Міністэрства - вярнуць колішні ліцэй імя Я. Коласа да нармальнага жыцця.

I, вядома ж, задача Міністэрства - пеставанне i дбанне пра беларускую мову. Наша беларуская мова мае высокія эстэтычныя ўласцівасці.

Задача Міністэрства - заказаць і выдаць Граматыку Беларускай Мовы. Bapтa вялікага жалю, што дагэтуль навучэнцы i настаўнікі не маюць кадыфікаванага збору правіл беларускай мовы.

Пане Міністру, бывайце здаровы.

Мікалай Бусел, в. Дуброва Светлагорскага раёна.


Конкурс для навучэнцаў на ўдзел у "Народным альбоме"

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай школы" аб'явіла конкурс для школьнікаў на ўдзел у міжнародным праекце, вынікам якога будзе новая пастаноўка музычнага спектаклю "Народны альбом". Рэпетыцыі і паказы спектаклю адбудуцца падчас летніх вакацыяў у Беларусі і Польшчы - у гарадах Варшава, Гданьск, Закапанэ.

Да ўдзелу ў спаборы запрашаюцца навучэнцы 8 - 10 класаў, якія маюць акторскія і вакальныя здольнасці.


Сустрэча з пісьменнікам

Прэзентацыя кнігі заўжды значная падзея, асабліва калі яна адбываецца ў такім невялікім горадзе, як наш Дзяржынск. У чытальнай зале Дзяржынскай цэнтральнай бібліятэкі адбылася прэзентацыя новага твора нашага земляка пісьменніка Алеся Рыбака кнігі "Галаброды". Гэтая кніга з'яўляецца другой часткай рамана дылогіі (першая "Трэба было жыць"). Кніга выйшла ў свет у выдавецтве "Кнігазбор".

Нарадзіўся Алесь Рыбак у в. Макаўчыцы (зараз у межах г. Дзяржынска) у даваенны час. Падчас фашысцкай акупацыі маленькі хлопчык згубіў сваіх бацькоў, застаўся сіратою. Сіроцкі лёс склаўся так, што ён вымушаны быў пераехаць жыць у в. Мікалаеўшчына, што на Стаўбцоўшчыне. Магчыма, што повязь з радзімай песняра Якуба Коласа, а таксама сустрэча з ім, калі Алесь Рыбак навучаўся ў Мікалаеўшчынскай школе, дала штуршок развіццю яго талентаў, спрыяла праяўленню яго пісьменніцкіх здольнасцяў. За сваё жыццё Алесь Рыбак вызначыўся ў розных кірунках: як паэт, як журналіст, як празаік. Шмат артыкулаў ён прысвяціў творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. Сярод найбольш значных яго твораў можна назваць такія, як "Сёння прыедзе тата", "Што пасееш...", "Трэба было жыць" і іншыя. Трэба адзначыць, што ў свой час вялікую адзнаку творчасці пісьменніка даў і Васіль Быкаў.

Пра вялікую значнасць твораў пісьменніка сведчыць і тое, што летась на старонках папулярнай сярод народа газеты "Народная Воля" была надрукавана значная па памерах аповесць "Маша і Машка", у якой Алесь Рыбак закранае праблему выміраючых вёсак на Беларусі. Не кожны буйны твор згодзіцца друкаваць газета на сваіх старонках!

Пра ўсё гэта даведаліся прысутныя на вечарыне з выступлення вядоўцы прэзентацыі вядомага пісьменніка і журналіста А.І. Валахановіча, а таксама і ад самога пісьменніка. Дарэчы, чытальная зала была перапоўнена, на сустрэчы шмат прысутнічала моладзі, а гэта вельмі станоўчы момант. Гэта сведчыць пра тое, што на зло беларусафобам беларуская мова і літаратура жывуць і будуць жыць.

Падчас прэзентацыі было шмат выступаў работнікаў бібліятэкі. Аналіз твораў пісьменніка зрабіла загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі В.В. Клімовіч, адрыўкі з твораў А. Рыбака выконвала галоўны бібліёграф В.С. Жыбурт. Шчырую размову завяршылі адказы на пытанні, з якімі звярнуліся да пісьменніка прысутныя.

Трэба адзначыць, што раман "Галаброды", як і першая частка дылогіі, аўтабіяграфічны. У ім таленавіта апісваюцца падзеі ў заходнебеларускіх вёсках перад пачаткам калектывізацыі, пра цяжкі лёс сялянства ў гэты складаны перыяд, калі гвалтоўна прымушалі ісці ў калгасы, раскулачвалі, шукалі ворагаў народа і цэлымі цягнікамі адпраўлялі гаротных беларусаў у паўночныя раёны Расіі, адкуль многія не вярнуліся на Радзіму, загінулі на лесапавалах і на іншых катаржных работах. У кнізе змешчана таксама аповесць "Маша і Машка", а таксама іншыя аповесці і апавяданні.

Завяршылася прэзентацыя ўручэннем пісьменніку Алесю Пятровічу Рыбаку кветак, а таксама набыццём удзельнікамі прэзентацыі кніг з аўтографам аўтара.

Другая сустрэча ў пісьменніка адбылася з настаўнікамі і вучнямі Дзяржынскай гімназіі № 1 і таксама пры перапоўненай зале.

Апошнія гады пісьменнік на пенсіі, але ён не сядзіць склаўшы рукі, а актыўна няўрымсліва змагаецца за ідэі Беларушчыны, з болем успрымае ўсё тое негатыўнае, што адбываецца ў нашай краіне.

Моцнага здароўя табе, паважаны Алесь Пятровіч, новых творчых поспехаў і доўгіх гадоў жыцця.

Лявон Целеш. На здымку: А. Рыбак і А. Валахановіч.


Да літоўскай мяжы

Сёння Менск зіхаціць усімі агнямі і стаў вельмі прывабным горадам, як для гаспадароў, так і для турыстаў. Наша Заслаўе падобна на Меку прыцягвае да сябе мастакоў, гісторыкаў, краязнаўцаў. Мая родная Орша запрашае ўвосень на дажынкі і рыхтуецца не на жарт. А колькі яшчэ ёсць беларускіх вёсак і пасёлкаў, дзе не ступала нага цікаўнага турыста, у тым ліку і мая.

Па прыкладу замежнікаў, атрымаўшы пенсію, збіраюся вандраваць па свеце. Хочацца Ўсё пабачыць на свае вочы, а не толькі па тэлебачанні. Рызыка ў тым, што патрабуецца разумны і дасведчаны чалавек-экскурсавод, які добра валодае беларускай мовай. І такія людзі ёсць, яны вельмі запатрабаваныя. Я сустракала іх у Наваградку (музей А. Міцкевіча), у Заслаўі (музей-запаведнік) Івянцы, Ракаве і г. д. Мноства сяброў налічвае наша Таварыства, і трэба толькі зрушыцца з месца.

Нядаўна мяне запрасіў у падарожжа сямейны клуб "Сябрына", якім кіруе Ірына Марачкіна. Трэба адзначыць яе абаяльнасць і досвед, добрую згуртаванасць і ўменне зацікавіць усіх экскурсантаў. Ездзілі мы ў горад Паставы, амаль да літоўскай мяжы. За сімвалічныя грошы пабачылі цуды архітэктуры: касцёлы, цэрквы, палацы і паркі, першыя пралескі і непаўторную рэчку Страча, дзе зрабілі прывал. Кожны з вас можа паўтарыць маршрут: Менск - Лынтупы, Камаі, Паставы, Лучай, турыстычны комплекс "Салаўіны гай". Мне нават не хочацца зараз раскрываць усе таямніцы і знаходкі. Тым больш, што сапраўднай "знаходкай" быў наш экскурсавод Антон Астаповіч, які запрашае ўсіх свядомых і несвядомых у падарожжы па гістарычных мясцінах Беларусі. Я мару з яго дапамогай пабываць у Вільні, Гародні, Пінску... Галоўнае, каб сябры былі побач. Дзякуй вам, дзядзька Антось, за незабыўныя ўражанні і вашу такую патрэбную нам працу.

Яна Трубач.

На здымку: аматары турызму І. Марачкіна і Т. Трубач у сялянскай хаце.


Вольга Іпатава прыязджае дадому…

Калі ў Гародню прыязджае вядомая пісьменніца Вольга Іпатава , то заўсёды знаходзіць час , каб сустрэцца з прыхільнікамі свайго таленту , аматарамі роднага слова . І гэтым разам не адмовілася абмяняцца думкамі з чытачамі , якія сабраліся ў офісе гарадскога аддзялення Таварыства беларускай школы . Размова кранала не толькі ўласна творчасць і працэс стварэння знакамітых гістарычных аповесцей і раманаў. Але таксама і жыццёвыя перыпетыі самой аўтаркі…

На яе лёс выпала шмат выпрабаванняў. Нарадзілася ў мястэчку Мір Гарадзенскай вобласці. Калі было чатыры гады - памерла маці Марыя Якаўлеўна. Пазней Вольга прысвяціла ёй паэму "Слова пра маці" (1971). У новай сям'і бацькі не здолела паладзіць з мачыхай. Сама прыехала ў Гародню і ўладкавалася ў дзіцячы дом (19561961). Там пачала пісаць вершы, як жаданне выказаць сваё, набалелае. Ёй было 11 гадоў.

Першы верш "Кітайскім сябрам" апублікавала газета "Зорка" (1957). Пачала друкавацца ў газетах "Гродзенская праўда", "ЛіМ", " Чырвоная змена", Голас Радзімы", часопісах "Бярозка", "Маладосць", "Беларусь", " Полымя", " Работніца і сялянка"…

На яе звярнулі ўвагу Міхась Васілёк, Аляксей Карпюк, Васіль Быкаў. Першыя вершаваныя доследы дасылала Янку Брылю.

Прымала ўдзел у рабоце літаратурнага аб'яднання пры Гарадзенскім гарадскім Доме афіцэраў. Сюды прыходзілі літкансультант "Гродзенскай праўды" Васіль Быкаў, будучыя пісьменнікі Хведар Чэрня і Пятро Сушко, якія служылі ў войску. На сустрэчы з чытачамі завітвалі пісьменнікі з Менска.

Вялікімі святамі для школьніцы былі паездкі па вобласці і літаратурныя выступленні, якія ладзіў сакратар абласнога аддзялення СП Аляксей Карпюк. З яго іменем звязаны і выданне першага зборніка, і пераезд у Гародню з Віцебшчыны, і ўладкаванне на работу піянерважатай, і праца ў гаркаме камсамолу, і ўладкаванне на работу ў абласны тэлерадыёкамітэт…

Скончыла СШ у 16 гадоў. Паступіла на аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта (19611967). Так настойліва параіў зрабіць А. Карпюк, хаця сама хацела стаць актрысай. Дыплом абараняла па творчасці Міхася Васілька (навуковы кіраўнік - Сцяпан Александровіч).

Працуючы ў архівах Вільні, пазнаёмілася з Зоськай Верас, з яе зяцем Лявонам Луцкевічам. Тады ж пазнаёмілася з Ларысай і Янкам Геніюшамі. Была на пахаванні Ларысы Антонаўны (1983).

Пасля заканчэння БДУ працавала вярнулася ў Гародню. У снежні 1968 годзе пачала працу Гарадзенская студыя тэлебачання, і Вольга была адной з чатырох першых рэдактараў тэлевяшчання на Гарадзеншчыне. Сваю першую перадачу, тэленарыс "Ластаўка", прысвяціла партызанцы з Наваградчыны Людміле Сечка.

Адной з першых пачала рабіць перадачы пра вядомых беларускіх дзеячаў (Янка Шутовіч, Антон Шантыр, Зоська Верас). Стварыла творчыя партрэты многіх грамадоўцаў, заснавальнікаў і энтузіястаў Таварыства беларускай школы (Янка Багдановіч, Лявон Луцкевіч, Павел Крынчык) …

Першы паэтычны зборнік "Раніца" (1969) прымусіў скласці А.Карпюк. Ён пабачыў у маладой журналістцы патэнцыйную пісьменніцу. Асабіста завёз рукапіс зборніка ў выдавецтва. Вершы рэдагавала Данута Бічэль. У друку з'явіліся цёплыя рэцэнзіі, у тым ліку вядомага літаратурнага крытыка Варлена Бечыка.

Наступныя зборнікі "Ліпеньская навальніца" (1973), "Снягурка" (1974), "Парасткі" (1976), "Крыло" (на рускай мове, 1976) пацвердзілі, што гераіня паэтычных кніг - эмацыянальна ўражлівая, духоўна багатая, асоба, са сваім настроем, праўдай пачуццяў. У вершах рассыпана шмат біяграфічных радкоў ("Слова пра маці", "Бацьку", "Мачыха", "На Навагрудскіх могілках", "Маці", "Сыну", "Маім аднагодкам"…

Яе заўважылі не толькі ў Беларусі. Аб яе творчасці змясціў артыкул у газеце "Беларус" (НьюЁрк, 1967) С.Станкевіч. Ён адзначыў адсутнасць банальных вершаў, паўтораў вобразаў і думак, ужо выкарыстаных іншымі паэтамі. Добра адгукнуўся і Юрка Віцьбіч ("Беларус", 1971). У 1970 годзе была прынятая ў Саюз пісьменнікаў. Рэкамендацыю далі Васіль Быкаў, Данута Бічэль, Аляксей Карпюк.

Што да роднай мовы, то адной з першых рашуча выступіла ў яе абарону яшчэ напачатку 70х гадоў мінулага стагоддзя. У працяг гэтага на шырокім форуме адзіная з чатырох, з кім дамаўляліся, публічна адмовілася ад Граматы ЦК ВЛКСМ. Мела вялікія непрыемнасці…

У 1973 годзе была запрошана на работу як лепшы рэдактар Гарадзенскай студыі тэлебачання ў Менск (літаратурнадраматычная рэдакцыя). Але "зверху" была дадзена каманда: не браць! З цяжкасцю ўладкавалася малодшым літаратурным супрацоўнікам у газету "ЛіМ".

Перад цяжкасцямі не пасавала. Наадварот, рашуча дамагалася свайго. У 1975 паступіла ў аспірантуру Літаратурнага інстытута імя Горкага ў Маскве. Друкуецца ў "Литературной газете", Комсомольской правде", часопісах "Дружба народов", "Молодая гвардия". Працуе загадчыцай літаратурнай часткі Тэатра юнага гледача ў Менску, літкансультантам у газеце "Чырвоная змена", займаецца перакладамі з украінскай, літоўскай, латвійскай, армянскай, грузінскай…

А далей адна за адной выходзяць кнігі прозы. Не забудзем, што Вольга Іпатава вядомая і як аўтар шэрагу паэтычных зборнікаў.

Антон Лабовіч, Гародня.


Талент з Божай ласкі

Уладзімір Арлоў наведаў Гародню па запрашэнні гарадскога аддзялення Таварыства беларускай школы . Сустрэча ў Літаратурнай гасцёўні ТБШ выклікала вялікую цікаўнасць у прыхільнікаў роднага слова . Пісьменнік вядомы як таленавіты аўтар кніг з гістарычнага мінулага Беларусі , энергічны прапагандыст роднай спадчыны . Да таго ж, падзяляе еўрапейскія дэмакратычныя каштоўнасці…

Пісьменнік расказаў, над чым цяпер працуе, якія новыя творы падрыхтаваў да друку. Паведаміў, што ў траўні чакаецца выданне чарговага зборніка. А там, глядзіш, у Гародні будзе наладжана прэзентацыя…

Уладзімір Арлоў чытаў свае верлібры, сабраныя ў кнізе "Паром празь Ляманш", апошняй па часе выхаду ў свет. Аўтар быў у добры гуморы, таму сыпаў жартамі, трапнымі адказамі на пытанні, якія выклікалі ажыўленне ў зале.

Свой роздум над літаратурным працэсам у краіне выклаў адкрыта і шчыра. Прысутныя, а гэта была ў асноўным моладзь, наўпрост пыталіся шмат, у тым ліку і пра набалелае. Кожнаму хацелася даведацца аб творчым жыцці аўтара, паездках і сустрэчах за мяжой, стаўленні да канкрэтных асобаў з ліку творцаў, аб родным яму Полацку, нарэшце…

Прысутныя мелі на руках раней падрыхтаваныя звесткі пра госця. Яго біяграфія сама па сабе сведчыць, што сп. Уладзімір не з тых пісьменнікаў, якія трымаюцца толькі рабочага стала - і ні на метр убок. Ён шмат сустракаецца з чытачамі ў розных аўдыторыях, вядомы як публіцыст. Калі выказваецца, то не хавае сваіх ацэнак падзеям, якія адбываюцца ў Беларусі, пісьменніцкім асяроддзі.

Ён паабяцаў неўзабаве зноў прыехаць у Гародню, але ўжо з новай кнігай у якасці падарунка чытачам. Бясспрэчна, што зборнік будзе цікавым па змесце, як і ўсе, створаныя ім раней. Інакш Уладзімір Арлоў не ўмее. Такі па характару - настойлівы ў дасягненні мэты і ўпарты ў вывучэнні матэрыялаў. Стараецца, каб гістарычнае мінулае паўставала на старонках яго кніг не сухім пераказам падзей, а іх жывым адлюстраваннем.

Антон Лабовіч, Гародня.

На здымках: не так часта можна пабачыць Уладзіміра Арлова, калі ён усміхаецца; аўтограф на памяць;

Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX