№ 18 (806) 2 ТРАЎНЯ 2007 г.
Вада і камень точыць
70 гадоў Івану Будніку
Часта падымаю тэлефонную трубку і чую добра знаёмы, зычны голас Івана Будніка: "Як ты пажываеш, што новага прачытаў? - добразычліва пытае ён. - Я, браток, прынёс з кнігарні цікавую кніжку з серыі "Кнігазбор" пра Элізу Ажэшку. Чытаю кожны дзень, не магу ніяк на што іншае адарвацца. У абласным архіве аб яе жыцці і творчасці я шмат новага знайшоў, магчыма, калінебудзь надрукую".
А сёння, дружа, у таварыстве беларускай школы, што месціцца на вуліцы Будзённага вечарына. Прысвечана памяці Аляксея Карпюка. На вечарыне будуць прысутнічаць жонка і дачка пісьменніка і старэйшы брат. Ты я ведаю з ім сустракаўся, можа ўспомніш штонебудзь, раскажаш, для моладзі будзе цікава. Прыйшлося выступаць, гаварыць аб незабыўных сустрэчах з пісьменнікам.
З Буднікам мне прыйшлося разам вучыцца ў Гарадзенскім педінстытуце імя Янкі Купала і нават некалькі гадоў жыць у адным пакоі. Я заўжды бачыў яго ў руках з кніжкай ці свежым часопісам. Ён быў не абыякі чытач, а пераборлівы. У час адлігі 60гадоў ён поўніцай чытаў часопіс "Новый мир", дзе друкаваліся творы Ф. Абрамава. Ул. Тэндракова, А. Салжаніцына і нашага Васіля Быкава. Мы разам хадзілі ў гарадскую бібліятэку імя Карскага, дзе абмяркоўваліся свежыя нумары альманаха "Нёман", у якім друкаваліся творы В. Быкава і А. Карскага. Набліжаўся 1958 год - год заканчэння педінстытута. У заліковай кніжцы Будніка адны пяцёркі, і ён паспяхова рухаўся, каб атрымаць дыплом з адзнакай.
І тут здарыўся несуцяшальны выпадак. Здаючы методыку па рускай літаратуры ён паспрачаўся з выкладчыкам наконт састарэлых, схаластычных палажэнняў у многіх метадычных падручніках.
За гэта атрымаў за ўсе гады вучобы "тройку". Нам аднакурснікам прыйшлося ісці да дырэктара інстытута прасіць, каб дазволілі пераздаць, і Буднік пераздаў паспяхова і пазней атрымаў дыплом з адзнакай.
Мне не раз прыходзілася пытаць у сябра, што прымусіла яго стаць такім апантаным адраджэнцам. "Ведаеш што? - сказаў Іван, напэўна, бацькоўскі дом. Тата і асабліва мама - Ганна Дзмітраўна" яна ў мінулым годзе адыйшла ў іншы свет. Пражыла слава Богу, больш за 90 гадоў. З роднай вёскі Ліпаўкі, якая размясцілася недалёка ад абласнога цэнтра.
Нікуды не хацела пераязджаць. Алеж дзеці, асабліва Іван, ніколі не забывалі яе. І калі занядужала, то ніколі не пакідалі, каб была адзінокай. І тут седзячы побач з хворай маці ля ложка сын запісваў казкі, легенды, песні, прыказкі, якія павольна ліліся з вуснаў роднай маці. Сабрана іх столькі, што хапіла б на зборнік. Але ж хіба дзяржаўныя чыноўнікі думаюць аб тым, каб захаваць родную спадчыну. Лепш сродкі накіраваць на будаўніцтва спорткомплексаў, якія, як грыбы пасля дажджу, растуць у нашай краіне.
Акрамя бацькоў вялікі ўплыў на свядомасць маладога настаўніка аказаў дырэктар Капцёўскай сярэдняй школы Іван Юльянавіч Здановіч, з якім некалькі гадоў працаваў Буднік. Здановіч на ўсіх раённых нарадах выступаў на беларускай мове. Нават семінар па асновах марксізму - ленінізму сярод настаўнікаў вёў на роднай мове. Другім чалавекам, з якім сутыкнуўся Буднік быў інспектар раённага аддзела народнай адукацыі Цыхун Апанас Пятровіч. Бывала прыедзе у школу, наведае урок, зробіць разбор, а потым пытае, ці шмат сабраў прыказак, прымавак, выслоўяў. Раіў Івану пісаць п'есу, нават падказаў назву "Усходнія крэсы".
Шмат гадоў Буднік узначальвае Гарадзенскую раённую арганізацыю "Таварыства беларускай мовы", якая лічылася лепшай у краіне. Хоць зараз Буднік на пенсіі, але не сядзіць склаўшы рукі. Яго абралі яшчэ і намеснікам старшыні абласного таварыства беларусай мовы. Часта наведвае гістарычны архіў. Вывучае мінулае Гарадзеншчыны. Каштоўныя матэрыялы друкуе ў раённай і абласной газетах. Нядаўна збіраў подпісы, каб аб'явы у гарадскім транспарце вяліся на беларускай мове.
Першая ластаўка абрадавала яго, на многіх рэйсах гучыць родная мова.
Іван Буднікаптыміст, заўжды паўтарае "вада точыць камень" і верыць, што наступіць час, калі беларуская мова загучыць у дзяржаўных установах, дзіцячых садках, школах, на вуліцах і зойме пачэснае месца у сувярэннай Беларусі.
Гэтую будучыню сваёй работай прыбліжае Іван Фёдаравіч Буднік, якому 2 траўня спаўняецца 70 гадоў.
Здароўя табе і творчага плёну дарагі сябра! Не спыняйся і надалей ідзі гэтай дарогай.
Іван Сухоцкі.
2 траўня 2007 года старшыні арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Гарадзенскага раёна Івану Будніку спаўняецца 70 гадоў.
Сакратарыят ТБМ і рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць Івана Фёдаравіча Будніка з юбілеем і зычаць яму сілаў і імпэту у змаганні за родную мову, каб споўнілася яго мара ўбачыць сапраўдны росквіт беларускай мовы ва ўсіх сферах нашага грамадства, каб яго любоў да Бацькаўшчыны матэрыялізавалася самым шырокім ужыткам беларускага слова.
БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА І СВЕТ
Шырока па ўсёй Беларусі праходзіць прэзентацыя двухтомніка "Беларуская літаратура і свет".
Папулярныя нарысы "Беларуская літаратура і свет: Ад эпохі рамантызму да нашых дзён" (аўтары Лявон Баршчэўскі, Пятро Васючэнка, Міхась Тычына) самы поўны на сённяшні дзень інтэграваны выклад найважнейшых з'яваў літаратуры ХІХ-пачатку XXI ст., у якім беларуская літаратура разглядаецца як неад'емная частка сусветнага літаратурнага працэсу. Аўтары нарысаў вядомыя ў Беларусі філолагілітаратуразнаўцы і пісьменнікі, якія маюць вялікі досвед выкладання літаратуры ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах Беларусі і замежжа. Кніга ёсць своеасаблівым працягам папулярных нарысаў Л. Баршчэўскага "Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму", што выйшлі ў 2003 г.
Адрасуецца старшакласнікам, настаўнікам, абітурыентам, студэнтам, выкладчыкам усім, хто цікавіцца мастацкім словам, пытаннямі беларускай і сусветнай літаратуры і культуры.
Другі том утрымоўвае выбраныя тэксты для чытання і аналізу.
На Парнасе агульначалавечай культуры і нацыянальнай літаратуры нікому не цесна. Набеліянты знаходзяцца ў добрым суседстве з майстрамі мастацкага слова, якія не дачакаліся пры жыцці прэстыжных прэмій і чые персаналіі таксама ўключаныя ў гэтую кнігу, бо яны, паводле агульнага прызнання знаўцаў, маюць усе падставы заняць «свой пачэсны пасад» у пантэоне сусветнай літаратуры.
Наш кар.
У Менску адбылася прэзентацыя зборніка "Мікола Ермаловіч"
Прэзентацыя зборніка "Мікола Ермаловіч" адбылася 27 красавіка ў Менску. Кніга падрыхтавана старшынём Менскага гарадскога культурнаасветніцкага клуба "Спадчына" Анатолем Белым, сябрамі клуба Анатолем Валахановічам і Надзеяй Сармант.
Як зазначыў рэдактар выдання А.Белы, М. Ермаловіч з'яўляецца не толькі выбітным гісторыкам, але і самым выдатным беларускім паэтам 1970-1980х гадоў, які ўзняўся на недасягальны ўзровень у грамадзянскай паэзіі, пра што сведчаць больш за 100 яго вершаў у зборніку. "А яго 52 гутаркі і інтэрвію з ім самім у 1970я гады, значная частка якіх раней не публікавалася, сведчаць аб ім як аб выбітным дысідэнце, - сказаў А.Белы. - Пасля выхаду гэтай кніжкі прыйдзецца пераглядаць увесь айчынны літаратурны працэс, бо раней лічылася, што на Беларусі не было дысідэнтаў".
Паводле слоў А. Белага, з усяго запланаванага па ўвекавечанні памяці М. Ермаловіча засталося адно - назваць яго імем вуліцу ў Маладзечне (Менская вобласць), дзе ён жыў шмат гадоў.
Заслужаны дзеяч культуры Беларусі Валер Мазынскі прачытаў вершы М.Ермаловіча, у якіх той заклікае беларусаў "не над Радзімаю ўзняцца, а ўзняць яе над сабой".
Артыст Уладзімір Цімашэвіч выканаў любімую песню М.Ермаловіча і Васіля Быкава "Шумныя бярозы пабяліў мароз".
15 траўня запланавана прэзентацыя зборніка на радзіме лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1992 года М. Ермаловіча. Ён нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі Менскага павету (цяпер - Дзяржынскі раён Менскай вобласці).
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН
Каб родная мова гучала!
Настаўнік не забудзь сваё імя,
Бо за табой стаіць твая Радзіма,
I маці, што дзіцятка нарадзіла.
Валянцін Шаўцоў.
Тоня Шаўко нарадзілася ў вёсцы Тарасавічы Карэліцкага раёна ў сям'і патомных хлебаробаў. У бацькоў з чатырох дзяцей - старэйшая. Атэстат сталасці атрымала ў Турэцкай сярэдняй школе (з гэтай школай лёсам звязаны два слынныя пісьменнікі - Янка Брыль і Янка Маўр). Вучылася Тоня добра, яе любімымі прадметамі былі родная мова і літаратура. Першыя зернейкі тае любові пасеяла ў дзіцячым сэрцы дапытлівай дзяўчынкі першая (прабачце за таўталогію) яе настаўніца - незабыўная Лідзія Дзмітраўна Ёрш. Менавіта ад яе здольная вучаніца ўпершыню спазнала магічна-чароўную сілу слова, навучылася ашчадна з ім абыходзіцца, каб у кожным, хай сабе маленькім вучні, бачыць і чуць Чалавека, настойліва шукаць і знаходзіць да трапяткіх дзіцячых сэрцаў сваю, адметную, непаўторную сцяжынку, вучыць, не павучаючы, дабрыні і чалавечай спагадзе. Бацькі ўхвалілі выбар дачкі стаць настаўніцай, і Тоня паступае на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. На жаль, па сямейных абставінах (цяжкае матэрыяльнае становішча) ёй давялося перайсці на завочную форму навучання. Яна настаўнічала ў вёсках Скрышава і Руд-нікі, Мядзвядскай васьмігодцы Карэліцкага раёна. Там і сустрэла сваю "палавінку" ў асобе настаўніка матэматыкі Віктара Аляксандравіча Арцюха. Стварылі сям'ю. Неўзабаве мужа з павышэннем пераводзянь на работу ў райцэнтр, а жонка стала выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Карэліцкага СПТВ-125 будаўнікоў. Затым - праца па спецыяльнасці ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе. I дваццаць год - з 1 верасня 1986 года, дня адкрыцця новай школы і па сёння - настаўніца роднай мовы і літаратуры СШ №26 г. Гародні.
Таленавітым, мэтанакіраваным і ўдумлівым педагогам лічыць сваю падначаленую Антаніну Фёдараўну дырэктар школы Валянціна Мікалаеўна Ількевіч. Настаўніца даскана-ла валодае сучаснымі метадамі навучання і выхавання, выкарыстоўвае на ўроках аптымальныя сродкі арганізацыі вучэбнай дзейнасці, элементы інавацыйных педагагічных тэхналогій, асобасна - арыентаванага навучання, стварае атмасферу творчасці. Яе ўрокі-дыспуты, урокі-залікі, урокі-падарожжы і практыкумы, урокі-канферэнцыі і семінары ствараюць атмасферу поўнай духоўнай блізкасці: даверу вучня і настаўніка. Настаўніца пераканана: разняволенасць, дзіцячая непасрэднасць стымулююць нават слабога вучня, дапамагаюць яму больш упэў-нена адчуваць сябе не толькі на ўроку, а, галоўнае, у жыцці. Належная ўвага надаецца ўдасканаленню вуснага маўлення і пісьмовага выказвання вучняў, прывіццю навыкаў выразнага чытання з улікам узроставых асаблівасцяў школьнікаў. Антаніна Фёдараўна працуе ў класах з павышаным узроўнем вывучэння мовы і літаратуры. Урочная работа эфектыўна дапаўняецца пазакласнай: віктарыны і вусныя часопісы, гасцёўні і літаратурныя вечары. Вынікам работы А.Ф.Арцюх з'яўляюцца шматлікія прызавыя месцы яе вучняў на раённых, абласных і Рэспубліканскіх алімпіядах. Так, у 2001-ым годзе яе навучэнцы занялі тры (!) прызавыя месцы на Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Штогод большасць яе выпускнікоў маюць па прадмеце добрыя і выдатныя адзнакі. 100% яе выпускнікоў выбіраюць беларускую мову для здачы на экзаменах за курс сярэдняй школы, значны працэнт паступае ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы краіны, дзе прафіліруючымі прадметамі з'яўляюцца беларуская мова і літаратура, і дэманструюць высокую якасць ведаў як на ўступных экзаменах, так і ў працэсе навучання. Антаніна Фёдараўна кваліфікавана кіруе школьным метадычным аб'яднаннем настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, выступае з творчымі справаздачамі на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх семінарах і канферэнцыях. Досвед яе работы па модульнай праграме "Адасобленыя члены сказа" быў абагульнены ў Гарадзенскім абласным інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Як класны кіраўнік, А.Ф. Арцюх імкнецца выхоўваць у дзяцей лепшыя якасці характару: працавітасць, сумленнасць, адказнасць за свае паводзіны і ўчынкі, грамадзянскую актыўнасць і патрыятызм. Праводзіць значную разнастайную работу па адраджэнні нацыянальна-культурнай спадчыны. Яна мае добрыя стасункі з бацькамі вучняў, вучыць іх выхаванню асобы з багатым творчым патэнцыялам, з ідэаламі добра і справядлівасці. Вялікая любоў да справы навучання і выхавання дзяцей, настойлівасць і дзелавітасць і выгадна вылучаюць яе сярод іншых як Настаўніка і Чалавека. Яе сціпласць, дабрыня і спагадлівасць, высокая адказнасць за вынікі сваёй работы, добрасумленнасць выклікаюць павагу не толькі сярод вучняў і іх бацькоў, ды і калег па працы. За значныя поспехі ў прафесійнай дзейнасці Антаніна Фёдараўна ўзнагароджана знакам "Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь", неад-наразова заахвочвалася Ганаровымі Граматамі ўпраўленняў адукацыі Гарадзенскага гарадскога і аблас-нога выканаўчых камітэ-таў, а таксама Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Як прызнанне высокага класа яе педагагічнай дзейнасці, атэстацыйная камісія надала А.Ф.Арцюх вышэйшую настаўніцкую катэгорыю.
- Я - шчаслівы чалавек, бо ажыццявіла сваю мару і стала настаўніцай роднай мовы і літаратуры. I ніколі, ні разу не пашкадавала аб тым, - разважае Антаніна Арцюх. - Бо на сваім жыццёвым шляху сустрэла многіх цудоўных настаўнікаў, якія дапамагалі і мне стаць не толькі настаўніцай, ды і чалавекам чулым і спагадлівым да іншых. Гэта і названая вышэй мая першая настаўніца Лідзія Ёрш, і настаўнікі-моваведы Марыя Кісцень і Марыя Пахадзенька, Іван Хаменка і Ірына Шумская, Дзімтры Дзятчык і Клаўдзія Кулік, вядомыя літаратары Алег Лойка і Ніл Гілевіч, паэт і чалавекалюб, першы дырэктар СШ №26 Валянцін Шаўцоў (на жаль яго ўжо няма сярод нас), і сённяшні - Валянціна Ількевіч і яе на-меснікі Данута Васілевіч і Алена Юрэвіч.
Не для пахвальбы - дзеля ісціны скажу: мы з мужам задаволены ўдвайне, бо сын стаў настаўнікам матэматыкі, а дачка Вольга - беларускай мовы і літаратуры. Выдатным настаўнікам - вышэйшай катэгорыі! Яе таксама любяць і паважаюць вучні, а ўзначальваны ёю кабінет роднай мовы і літаратуры ў 2006-ым годзе на раённым аглядзе заняў прызавое месца. Маю ўжо ўнучку Дзіяну і ўнукаў Дзіму і Дзяніса. Мае любімыя паэты і пісьменнікі: П. Броўка і Я. Брыль, Н. Гілевіч і А.Куляшоў, М.Танк і П.Панчанка, К.Чорны і І.Шамякін, незабыўная Я. Янішчыц і інш. Мне імпануюць крылатыя выразы знаных літаратараў, якія сталі і маім жыццёвым крэда. К.Чорны мовіў: "Чалавек - гэта цэлы свет." Я сказала б, што і кожны паэт і пісьменнік - гэта чалавек са сваім сакраментальным поглядам на наваколле, са сваей жыццёвай філасофіяй. А колькі мудрасці аб сэнсе жыцця і прызначэнні Чалавека на Зямлі, захаванні любові да Бацькаўшчыны змясцілі ў сабе ёмістыя радкі з вершаў П.Панчанкі:
Дабрадушны я
альбо сярдзіты,
Весела бывае ці нявесела -
Я штодня мяняю
гнеў на літасць, -
То маё прызванне і прафесія,
ці яго ж афарызм "... без чалавечнасці не будзе вечнасці" альбо М.Танка: "Ты толькі намёк на чалавека, калі ты ва ўсім спадзяваешся на маці, ... і тады то-лькі чалавек, калі ўсе спадзяваюцца на цябе".
Плённымі былі і на-шы сустрэчы з вядомымі майстрамі мастацкага слова Гародні: Данутай Бічэль і Віктарам Кудлачовым, Аленай Руцкай і Лідзіяй Ялоўчык і інш. Актывізую пазакласную работу: праводжу тыдні беларускай мовы, наладжваю выпуск літаратурнай газеты, "круглыя сталы" па абмеркаванні зборнікаў вершаў П. Панчанкі "I вера, і вернасць, і вечнасць", "Горкі жолуд"; М.Танка "Глыток вады" і "Збор калосся"; літаратурныя вечарыны "Сячэ мне душу бліскавіц агонь" і "Ёсць у паэта свой аблог цалінны", прысвечаныя творчасці П.Панчанкі і А. Куляшова; практыкую віктарыны па творчасці Я. Брыля, Я.Купалы і Я. Коласа, І.Шамякіна; падарожжы па памятных мясцінах роднага краю (пярліны старажытнай Гародні, Наваградак, Мікалаеўшчына, Нясвіж); конкурсы чытальнікаў, стварэнне малюнкаў да вывучаных твораў і інш. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці (заганная тэндэнцыя да змяншэння колькасці гадзін па роднай мове, літаратуры, залішняя мудрагелістасць і навуковасць падручнікаў па літаратуры для дзевяцікласнікаў і г.д.), радуюся, што мая павага да беларускай мовы і літаратуры перадалася не толькі дачцэ, ды і многім маім вучням, якія ўжо атрымалі філалагічную адукацыю ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы. Гэта цэлая плеяда рупліўцаў роднага слова, былых маіх выпускнікоў і ўдзельніц раённых (Кастрычніцкі раён г. Гародні), абласных і Рэспубліканскіх алімпіяд: Алеся Бяленік (у гэтым годзе з адзнакай закончыла філфак і размеркавана ў ліцэй №1 абласнога цэнтра) і Анжэла Васілевіч, Анжэла Габрукевіч і Ала Гіль, Ульяна Шубко (працуе дыктарам на радыё) і Аксана Янкоўская, Ганна Янкута (студэнтка філфака Белдзяржуні-версітэта) і інш. Лічу, кіраўніцтва ўпраўленняў аду-кацыі і галіновае Міністэрства павінны быць больш аператыўнымі і ўважлівымі да маладых, своечасова выяўляць і заахвочваць тых берагіняў і рупліўцаў род-нае мовы, хто апантаны сваёй прафесіяй і па-падзвіжніцку ўкладвае ў яе душу і здароўе, свой час і адметнае майстэрства. На жаль, нярэдка такое прызнанне прыходзіць дужа запознена, на схіле жыцця, перад развітаннем са школай. Калі чалавек фізічна ўжо зношаны....
Сённяшнія вучаніцы 10-а класа з філалагічным ухілам Вікторыя Вялічка і Юлія Гутоўская так выказаліся пра Настаўніцу:
- Антаніна Фёдараўна - наша любімая Настаўніца і "самы чалавечны чалавек". Яна шмат чытае і многа ведае, таму пры вы-вучэнні новага матэрыялу не абмяжоўваецца школьным падручнікам, дае да-датковыя цікавыя звесткі з гісторыі мовы, з жыцця беларускіх паэтаў і пісьмен-нікаў. Мы не сумуем на яе ўроках, а крапатліва набы-ваем новыя веды. Ды не толькі ведання мовы і літаратуры, а веды Яго Вялікасці Жыцця. Яна ж тонкі псіхолаг, дзякуючы прафесійнай інтуіцыі і педагагічнаму такту з паўслова распазнае нашы хітрыкі, ды мы гэтым не злоўжываем. Антаніна Федараўна карыстаецца аўтарытэтам не толькі ў нашай школе, яе ведаюць і ў іншых школах прынё-манскага краю. Бо яна - настаўнік ад Бога, сама добра разумее, што наша мова не толькі сродак узаемін, а неацэнная каштоўнасць, Божы дар. Мы хочам быць і будзем падобнымі да яе.
А ў яе і сапраўды ёсць, ёсць чаму давучыцца. Пры падрыхтоўцы матэрыялу не аднойчы назіраў, як у вольную хвіліну да яе паходзілі і сённяшнія, і былыя выпускнікі, і калегі-настаўнікі. I атрымлівалі: адны цёплую мацярынскую ўсмешку і падбадзёрванне ў пошуках правільнага ад-казу, другія - кваліфікаваную параду па высяванні зернетак "разумнага, доб-рага, вечнага". Па-добраму зайздросны лёс Настаўніка! На маё пытанне - што ў яе жыцці было найбольш знакавым і запамінальным,- Антаніна Фёдараўна адказала хутка і шчыра:
- Без пераболыпання, атрыманне ў Менску на другім з'ездзе настаўнікаў Рэспублікі Беларусь знака і пасведчання Заслужанага настаўніка, а таксама віншаванне з тае нагоды маёй першай настаўніцы Лідзіі Дзмітраўны Ёрш. Бо я рабіла, раблю і буду рабіць усё магчымае (і немагчымае!), каб родная мова гучала:
Усявышні адорваў
нас розумам
і вачыма не дзеля адчаю,
дык, людзі,
давайце ж усё зробім мы,
каб родная мова гучала.
(Мікола Віняцкі).
Леанід Раманенка , выдатнік адукацыі РБ, г. Гародня.
Як сказаці немаўляці не кусаці роднай маці?
Кожны чалавек хоча жыць годна і шляхетна. Але ў жыцці так здараецца, што для дасягнення мэты чалавек мусіць паступіцца мараллю. Першы раз яно адбываецца несвядома, калі рэжуцца зубкі. Потым кожны з нас будзе стаяць перад выбарам.
Настаўнік беларускай мовы ў тэлеімпрэзе "Зоркавы цырк" зрабіў свой выбар не на карысць Радзімымаці, а шкада, бо ў сваёй рэспубліцы стварыўшы сабе кар'еру праз рускую мову той жа настаўнік беларускай стане тыповым, звычайным русіфікатарам.
Аднак ёсць справы большай важнасці, чым меркантыльныя інтарэсы выпадковых людзей. У той жа цыркавой праграме прымалі ўдзел дыктары тэлевяшчання, якія апрыёры Мову ведаюць лепш за любога настаўніка беларускай мовы і літаратуры - яны таксама давалі інтэрв'ю паруску. Згодны, крытыкаваць настаўніка мілая справа, але чаму не падказаць дыктарам тэлерадыёвяшчання, якія штодня ў эфіры вяшчаюць паруску, якую гэта можа таіць у сабе небяспеку.
Не сакрэт, што многія нашыя слынныя асветнікі былі шчырымі беларусамі і папярэджвалі пра страшную пагрозу языка польскага ці рускага для мовы беларускай, ажно да знікнення апошняй. Лепшыя дзеячы беларускага адраджэння розных гадоў і стагоддзяў жыцці свае паклалі на алтар барацьбы за родную мову, каб Слова Беларускае не было ў загоне! Дык як жа ж можна асвятляць іх творчасць і лёс, гаварыць пра іхні бясцэнны ўклад у станаўленне беларускай дзяржаўнасці на "языке", а не на Мове?!
I калі падчас юбілею Купалы і Коласа іх, а таксама Багушэвіча і Багдановіча, Караткевіча і Пімена Панчанку і многіхмногіх іншых на беларускай зямлі пачынаюць хваліць у эфіры паруску - баюся, што стогнуць іхнія дуцы, а самі класікі беларускай літаратуры варочаюцца ў трунах...
Калі ж мы ўсе зразумеем нарэшце, што Мова - не абгортка і абалонка, яна ў нас ад маці і Бога, як і само жыццё. I кожнаму самабытнаму народу яна патрэбна СВАЯ! Мы ўбіраем яе ў сябе з першым глытком паветра і малака
Толькі Мова жывіць наш этнас, лучыць стагоддзі, хавае набытак духоўнай спадчыны, яднае народ і піша васільковыя ўзоры на ручніках нашай культуры. Замяніце ў гэтым сказе слова Мова на "язык", і Вы ўбачыце ўвесь калапс русіфікацыі.
З павагай
Алесь Яжэвіч.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў траўні
Касцюк Георгі Васільевіч Мурашка Людміла Мікал. Харланчук Аляксандр Ан. Салаўёў Зміцер Сяргеевіч Кандратовіч Ян Янавіч Калеснікава Алена Уладз. Талкачыкава Кацярына А. Жабінская Марыя Пятр. Навасельская Таццяна Ул. Коўган Сяргей Яўгенавіч Бушлякоў Юрась Сямён. Майсеня Людміла Іосіф. Праўдзін Віктар Аляксан. Александровіч Разалія Ад. Петрашкевіч Алесь Лявон. Цітоў Леанід Сцяпанавіч Рычык Васіль Анатольевіч Натынчык Уладзімір Ал. Астахновіч Андрэй Казім. Міцкевіч Яўгеній Фаміч Міцкевіч Яўген Фаміч Каляда Ніна Фёдараўна Кандракоў Міхаіл Валер. Стукаў Віктар Якаўлевіч Шарах Мікола Аркадзевіч Грумо Зміцер Шык Кірыл Іванавіч Корзан Уладзімір Сцяпан. Корзан Сцяпан Уладзімір. Корзан Яніна Браніслав. Карповіч Андрэй Іванавіч Валошчык Мікола Антон. Снітко Вольга Уладзімір. Касавец Іван Язэпавіч Быкава Надзея Мартын. Калацкая Вольга Строкач Алякчандр Пятр. Бахун Сяргей Пятровіч Пятрашка Майя Гарбачэўскі Васіль Пашкевіч Ігар Анапрыенка Ірына Акуленка Міхаіл Думанскі Аляксандр Макарскі Андрэй Георг. Харанека Святлана Стан. Хвайніцкі Часлаў Сіман. Шышкавец Ала Аркадз. Макарчык Уладзімір Лытнёў Міхаіл Кануннікаў Сяргей Іван. Адамковіч Аляксандр Эдм. Буднік Янка Фёдаравіч Вішнеўская Дар'я Дзмітр. Жукоўская Таццяна Яўг. Дзяконскі Аляксандр Ал. Радзюк Алена Іванаўна Чухліб Наталля Клімуць Вольга Бяйдук Наталля Сідар Маргарыта Сітнік Аляксандр Нікіпорчык Віктар Юрэвіч Генрых Іосіфавіч Паўлініч Валеры Валер. Лагун Вольга Эдвардаўна Шарыпкін Генадзь Лабачоў Яўген Дзмітр. Шыманіца Ала Іванаўна Отчык Андрэй Драўніцкі Іван Пятровіч Вайцэховіч А.Р. Драўніцкая К.М. Арлоў Валянцін Мікал. Сіўко Франц Іванавіч Снітко Галіна Мікалаеўна Аляшчэня Мікалай Мікал. Салговіч Вольга Віктар. Галубовіч Вольга Мацвееў Максім Іванавіч Бакшун Валянціна Мальцава Ганна Валянц. Сідаровіч Яніна Дзмітр. Пуцікаў Ілля Храмлюк Марыя Іосіфаўна Станевіч Юрый Сяліцкая Рыта Кудрашоў Віктар Сафро Марыя Залманаўна Карцель Настасся Крук Віктар Фёдаравіч Ляскоўская Зоя Нікіфар. Аскерка Зьміцер Пералыгін Алесь Моніч Алесь Шупенька Ірына Аляксан. Апон Мікалай Лапо Аляксандр Іванавіч Тырсін Васіль Анатольевіч Борсук Ніна Мікалаеўна Шчэрба Святлана Мікал. Рачэўскі Станіслаў Рыгор. Азарка Вольга Уадзімір. Бабіч Юрый Міхайлавіч Шуткін Сяргей Сяргеевія Богуш Святлана Яўген. Банкевіч Генадзь Уладзім. Калакольцава Аліна Кабылка Віталь Гнеўка Анатоль Лявонавіч Кручкоў Сяргей Мікалаев. Ніжанкоўская Ірына Уладз. Кампанеец Святлана Юр. Леўшык Станіслаў Стан. Таневіч Галіна Янаўна Якубчык Генрых Кандраццеў Андрэй Васіл. Салаўёў Зміцер Сяргеевіч Бордак Уладзімір Адам. Шкірманкоў Фелікс Пратасавіцкая Марыя Г. Шахмуць Ніна Іванаўна Алесіна Таццяна Міхайл. Карпінская Юлія Счасная Нэлі Пятроўна Буката Людміла Аляксан. Васільчук Іван Дзмітрыев. Шабуня Ніна Кот Алена Самасюк Ганна Кравец Дзмітры Юр'евіч Церпугова Алена Фёдар. Тышкевіч Галіна Франц. Быстранкова Таіса Вікенц. Мацвеева Тацяна Генадз. Цюрын Аляксей Сяргеевіч Хітрун Ілья Андрэевіч Шруб Марына Кляшторная Мая Тодар. Вераб'ёў Уладзімір Раман. Мяснянкіна Ала Міхайл. Саханчук Людміла Мікал. Міцкевіч Кастусь Панізьнік Сяргей Сцяпан. Астравух Аліна Эдмунд. Валчок Ліля Васілеўская Кацярына Валіцкая Іна Яцыновіч Святлана Карнееў Віктар Васільевіч Іванова Анфіса Міхайл. Брыцько Уладзімір Абухоўскі Юрый Сільвановіч Станіслаў Ал. Шчарбіна Святлана Даніловіч Раіса Марцінкевіч Яўгенія Паплаўская Ірына Станіс. Сцефановіч Рамуальд Гладкі Леанід Анатольевіч Дрозд Галіна Мекшыла Мікалай Бародзіч Сямён Дзмітр. Малько Пётр Іванавіч Рухлова Тамара Станевіч Тамара Іосіфаўна Рубанік Таццяна Апалька Жанна Віктар. Тарасенка Уладзімір Мік. Бароўскі Анатоль Мікал. Малышава Галіна Кавальчук Галіна Тадэв. Шароў Георгій Іванавіч Анішчык Барыс Вітальевіч Кульбянкова Іна Латоцін Лявон Лебедзева Наталля Мікал. Паўлаў Міхаіл Іванавіч Пыжык Аляксей Буз Андрэй Віктаравіч Баланчук Эдуард Мікал. Пожанька Ігар Леанідавіч Хоміч Генадзь Рыгоравіч Жураўлёва Таццяна Сярг. Грудзіна Аляксандр Пятр. Лук'янцаў Кірыл Шахаб Дар'ян
Памёр Васіль Супрун
У Слоніме памёр Васіль Супрун - актыўны ўдзельнік нацыянальнага падполля, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Яму быў 81 год. У 1946 годзе ён стварыў патрыятычную арганізацыю "Чайка", удзельнікі якой жылі ў Слоніме, Пінску, Баранавічах і Наваградку. У 1947 годзе Васіля Супруна арыштавалі і пакаралі 25 гадамі зняволення. Ён прабыў у ГУЛАГу каля дзесяці гадоў. У 1992 годзе Супрун падаваў прашэнне аб рэабілітацыі, але беларускія ўлады адмовілі яму ў гэтым.
Грамадскі дзеяч са Слоніма Міхась Варанец вельмі добра ведаў Васіля Супруна, наведваў яго ў шпіталі, каб маральна падтрымаць:
Моцная асоба. Ён быў вясковы чалавек, але ў яго прырода такая, у свае восемдзесят гадоў ён быў прыгожым чалавекам. Так рэдка бывае, бо старасць не красіць. І прыгажосць у яго ішла не толькі ад таго, што ён быў фізычна моцны, а знутры - ягоны дух, перакананасць.
Гэта ж пасля вайны такая махіна была - Савецкі Саюз, і ён у 18-19 гадоў не пабаяўся супраць яе арганізоўваць антысавецкую барацьбу. І не было ў яго злосці на людзей, на белы свет, на тых, хто яго марнаваў у турме.
Адзінае, што ён у апошнія гады перажываў, што ў апазіцыі самаахвярнасці не хапае. І перажываў, канешне, што ў Беларусі такія падзеі развіваюцца.
Пісьменнік, намеснік рэдактара "Газеты Слонімскай" Сяргей Чыгрын зазначае, што Васіль Супрун быў вядомы як аўтар кніг па гісторыі Слонімшчыны, а таксама літаратурных твораў. У яго выйшлі тры зборнікі вершаў, але самай вядомай стала кніга "Незабыўныя ксівы" - вершаваная канцлагерная перапіска з Ларысай Геніюш.
Калі мы пачалі выдаваць "Газету Слонімскую", ён прыйшоў і прапанаваў цыкл артыкулаў па гісторыі Слонімшчыны, і яны друкаваліся амаль паўгода. І гэтыя матэрыялы вельмі любілі чытачы, мы іх друкавалі ў форме кніжачкі.
Васіль Супрун быў маральным аўтарытэтам, ягоная смерць - страта не толькі для слонімцаў, але для Беларусі ўвогуле.
Васіля Супруна пасля адпявання ў царкве пахаваюць на слонімскіх могілках 2 траўня. У Слоніме жыве ягоная дачка Алена, а сын Аляксандар - у Бельгіі, ёсць унукі.
Сяргей Астраўцоў, Гародня.
Памяці Гая Пікарды
Англійскі беларусіст Арнольд Макмілін прыслаў мне сумнае электроннае паведамленне пра тое, што 20 красавіка ў Лондане адышоў у іншы свет англійскі і беларускі музыказнавец Гай Пікарда. Так, і беларускі, хаця Ён быў па паходжанні брэтонцам, працаваў у Вялікабрытаніі запатрабаваным адвакатам і дзесьці да пяцідзесяцігадовага ўзросту асабліва не цікавіўся Беларуссю. Праўда, любіў музыку, найперш славянскія царкоўныя песнапенні. Думаў, што ведае ўсе праваслаўныя і уніяцкія распевы.
Усё змянілася, калі аднойчы Гай Пікарда прыйшоў на службу ў царкву, якая месціцца насупраць Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў лонданскім прыгарадзе Фінчлі. Ён так захапіўся беларускімі песняспевамі, што адразу пачаў падпяваць. Потым пачаў прыязджаць сюды зноў і зноў, пазнаёміўшыся з беларусамі, пачаў вывучаць беларускую мову. Адчуў смак у бібліятэчных і архіўных пошуках невядомых музычных твораў. Пісаў рэцэнзіі на беларускія кнігі для англійскага часопіса "The Byelorussian Studies". У рэшце рэшт, хобі зрабілася галоўнай справай яго жыцця: Ён пакінуў адвакацкую практыку, пачаў штодзённа бываць у "Скарынаўцы", выдаваць тут англійскі беларусістычны часопіс. Стаў намеснікам старшыні навуковага Англабеларускага таварыства. Даследчыка і прапагандыста беларускай культуры ўзнагародзілі ордэнам Ф. Скарыны. Як паведамляла ў публікацыі ў "Голасе Радзімы" К. Немагай, ён перадаў у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі матэрыялы зборніка "Залатая Беларусь. Анталогія беларускіх мадрыгалаў і харавых песень", а таксама копіі гістарычных дакументаў з архіваў Міністэрства замежных спраў і па справах Садружнасці Вялікабрытаніі.
…З Гаем Пікардам мне давялося сустракацца не раз і ў Лондане, і ў Менску. Ён вазіў мяне ў прыгарад брытанскай сталіцы Тотнэм, дзе мы разам шукалі і знайшлі дом, у якім месцілася вольная славянская друкарня Аляксандра Рыпінскага (дарэчы, там была выдадзена яго беларуская рамантычная балада "Нячысцік"). У Беларусь Ён амаль штогод прылятаў на магілёўскія фестывалі духоўнай музыкі "Магутны Божа", дзе быў дасведчаным і аўтарытэтным членам журы. Але, бадай, адной з Яго найбольшых заслуг перад беларускай культурай з'яўляецца выданне зборнічкаў старых беларускіх царкоўных спеваў (прытым сам Ён іх апрацоўваў, сам перакладаў тэкст на англійскую мову, сам набіраў, друкаваў на прынтэры і рабіў вокладку). На Нараджэнне Хрыстова і на Вялікдзень ён абавязкова замест святочнай паштоўкі пасылаў сябрам друкаваныя сшытачкі з новаапрацаванымі духоўнымі спевамі. Адну са старонак, з калядным кандаком "Дзева сёння" ("A Virgin this day") прыкладаю да гэтых некалькіх слоў развітання з адданым сябрам беларускай культуры. Помніць Яго будуць і ў Лондане, і ў Менску, і ў Магілёве. Помніць доўга - так, як Ён помніў жыровіцкія, магілёўскія і супрасльскія царкоўныя спевы.
Адам Мальдзіс.
Талака ў "Засцянковай хатцы"
14.04.2007 г. адбы-лася талака, каб прывесці пасля зімы ў парадак сядзібу гістарычна- этнаграфічнага музея ў Вашунове.
Гэта была ўжо пад-рыхтоўка да правядзення літаратурна-рэлігійнай імпрэзы на тэму: "Святы засценак - родны мой каханы", якая адбудзецца 30.06. - 1.07. 2007 г.
У талацэ ўдзельні-чалі не толькі мясцовыя жыхары, але прыехалі хлопцы нават з Менска.
А працы зрабілі шмат - гэта перарабілі ко-мін (дымаход), падрамантавалі платы ля хаты, навялі парадак на сядзібе і ўста-навілі Фігуру Ісуса Хрыста, а таксама Анёлка ля "Зас-цянковай хаткі".
Трэба зазначыць доб-раю працу ў талацэ Гіля Генадзя, Русалоўскай Алы, Гіля Дзімы, Гардзіевіча Ра-мана, ды іншых. На 1-е траўня зноў працяг талакі, бо працы яшчэ шмат.
"Засцянковая хатка" рахтуецца дастойна прыняць гасцей і правесці імп-рэзы.
Юры Гіль.
Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г.
Пагадненне 4 жніўня 1392 г. паміж Вялікімі кня-зямі і стрыечнымі братамі Вітаўтам і Ягайлам адбылося ў маёнтку Востраў. Але да гэтага часу лакалізацыя маёнтка Востраў (Ostrow) выклікае спрэчкі сярод краязнаўцаў і гісторыкаў. Ёсць нават меркаванне аб тым, што яно адбылося пад Люблінам у населеным пункце Востраў (Ostrоw). У зборніку "Наш радавод" (кніга 6 стр 43) са спасылкай на Т. Нарбута даецца яшчэ адна версія месца падпісання пагаднення. Указваецца, што "имение литовской казны Остров с обширным дворцом располагалось к западу от Лиды недалеко от д. Мыто" на берегу Дитвы". Далей ро-біцца выснова, што Востраў знаходзіўся на месцы су-часнай вёскі Навасёлкі, дзе захаваліся старыя муры нейкай пабудовы.
Аўтар, працуючы з "Дзеямі народа Літоўскага" Т. Нарбута, дзеля размяшчэння ўсіх тамоў гэтай працы нашага выдатнага гісторыка і зямляка на сайте "Павет", (http://pawet.net), знайшоў тэкст Нарбута аб месцы, дзе знаходзіўся Востраў. Вялікі гісторык дае дакладную і дастатковую інфармацыю. У 5-тым томе "Дзеяў...", (выданне 1839 г., Вільня, на старонцы № 491, у дадатку № 1) Нарбут піша: "Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалёка ад Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, сад меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належаў да Тадэвуша Нарбута, падкаморага Лідскага. Зараз, пасля здрабнен-ня праз exdywizye, ёсць невялікім фальфаркам, які належыць да паноў Міхалоўскіх" (Ostrow w powiecie Lidzkim, na zachоd Lidy niedaleko Myta, za lewym brzegiem rzeki Dzitwy, niegdys ogromna majatnosc skarbu litewskiego, gdzie byly palace obszerne, jak dotad fundamenta i sklepy przekonywaja, ogrod owocowy mial zawierac w sobie 9 mor-gow przestrzeni, pod ostatnie czasy nalezala do Tadeusza Narbutta, Podkomorzego Li-dzkiego. Dzis w zdrobnieniu przez exdywizye jest niewielkim folwarkiem, nalezacym do pp. Michalowskich).
"За левым берагам" гэта адносна Мыто. Такім чынам маем, што Востраў знаходзіўся на левым - лід-скім беразе Дзітвы, але ж Навасёлкі знаходзяцца на правым беразе, значна на поўнач у бок Ваверкі.
У кнізе Часлава Малеўскага "Роды шляхецкія на Літве ў 19 стагоддзі, Лідскі павет", Вільня, 2005 г. на стар. 175 чытаем што панам Міхалоўскім, сярод іншага належаў Востраў (1832-1845 гг.) з вёскай Янцавічы - 350 дзесяцін, 40 душ мужчынскіх, 35 жаночых, у 1845 г., Лідская парафія. Такім чынам Востраў - гэта Лідская парафія, левы бераг Дзітвы, і не можа знаходзіцца ў Навасёлках, якія належаць да Ваверскай парафіі.
Знаходзім у Малеў-скага і дадатковую інфармацыю аб уладальніку маёнтка Востраў: Севярын Міхалоўскі (Michalowski Seweryn - Ostrуw - 39 dusz. Wykaz alfabetyczny z 1844 r. majatkow pow. Lidzkiego ze wskazaniem wlascicieli i ilosci dusz meskich przez nich po-siadanych wedlug spisu 1834 r. "Ziemia lidzka" kwiecieс, 2004 r., nr 2(60)).
Нарбуты - вельмі разгалінаваны шляхецкі род у Лідскім павеце. Але ж у спісе шляхты 1765 г. абодва Нарбуты - падкаморыя Лідскага павету Пётр і Міхал, уладальнікі Вострава ў 18 стагоддзі, таксама належаць да Лідскай парафііі (Popis szlachty lidzkiej z 1765 roku. Czeslaw Malewski, Wilno. "Rocznik Stowarzy-szenia Naukowcуw Polakow Litwy". Rok 2005, ss. 168-183.).
Знаходзіць лагічнае тлумачэнне і назва вёскі Астроўля (Астроўля: ля - Острава). Напрамкі ад Астроўлі да Янцавіч усяго некалькі кіламетраў. Значна бліжэй, чым да Навасёлкаў. Астроўля як раз знаходзіцца на месцы, дзе са старога шляху на Гародню неабходна было збочваць да маёнтка Востраў (Янцавічаў).
Янцавічы знаходзяцца ў забалочанай пойме ракі Дзітва і рэчкі Крупкі. Нават на сучаснай мапе бачна, што вада і дрыгва там з усіх бакоў. Праехаць да маёнтка Востраў можна толькі з усходу. У тыя часы - сапраўдны недаступны востраў сярод дрыгвы. Выдатнае месца для абароны і - сэрца старажытнага княства Дайнаўскага! Верогодна, менавіта гэтым і было абумоўлена месца падпісання дамовы. Нешта было там сакральнае для абодвух стрыечных братоў, тое, на чым можна было скласці зарок аб заканчэнні крывавай міжусобіцы ....
Улічваючы, што 350 дзесяцін маёнтка Востраў разам з вёскай Янцавічы - гэта невялікая плошча, рэшткі палаца неабходна шукаць каля сучаснай вёскі Янцавічы. Вось там і знаходзіцца маёнтак Востраў у якім было заключана Востраўскае пагадненне 1392 г.
І калі артыкул ужо быў напісаны, мне удалося знайсці нямецкую вайсковую мапу 1913 г. (перадрук 1893 г.), дзе каля Янцавіч абазначаны Востраў. Гэта здымае пытанне аб тым дзе было заключана Востраў-cкае пагадненне.
Працяг будзе.
Леанід Лаўрэш.
Рашэнні рэспубліканскага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны могуць прывесці да знішчэння гістарычнай забудовы цэнтра Гародні, лічаць прадстаўнікі грамадскасці
Рашэнні Беларускага рэспубліканскага навуковаметадычнага савета па пытаннях гісторыкакультурнай спадчыны, прынятыя на пасяджэнні 19 красавіка ў Гародні, могуць прывесці да знішчэння гістарычнай забудовы цэнтра горада, лічаць прадстаўнікі грамадскасці.
У інтэрвію БелаПАН удзельнік пасяджэння, старшыня гісторыкакраязнаўчага таварыства "Этна" Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Павел Каралёў паведаміў, што на пасяджэнні савета не разглядалася самае важнае пытанне - аб паэтапнай рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Гародні, якая прадугледжвае стварэнне ў горадзе малога аўтамабільнага кальца для транзітнага транспарту, а потым абнаўленне старога моста цераз Нёман або збудаванне новага. "Запланаваная ж раней першачарговая рэканструкцыя старога моста прывядзе да транспартнага калапсу ў цэнтры Гародні і немагчымасці стварэння тут пешаходнай зоны, прадугледжанай дакументамі, падпісанымі кіраўніком дзяржавы ў 2003 годзе", - падкрэсліў П.Каралёў.
Паводле слоў іншага ўдзельніка пасяджэння, члена Гарадзенскага абласнога грамадскага аб'яднання маладых вучоных "ВІТ" Ігара Лапехі, савет прыняў новы спіс помнікаў архітэктуры горада, а таксама рашэнне аб зносе шэрагу будынкаў у раёне гістарычнай забудовы (паміж вуліцамі Ажэшкі, Карбышава, Леніна і Кірава) і, пад выглядам капітальнага рамонту, збудаванні на іх месцы муляжоў. Разам з тым, паводле яго слоў, на пасяджэнні савета вырашана абнавіць помнік архітэктуры мадэрну пачатку XX стагоддзя з захаваннем фасада будынка, які выходзіць на вуліцу Сацыялістычную. "Грамадскасць самым рашучым чынам будзе адстойваць спробы замаху на гэты будынак", - зазначыў І. Лапеха.
Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.