№ 20 (808) 23 ТРАЎНЯ 2007 г.
125 гадоў з дня нараджэння Ўладзіслава Галубка
ГАЛУБОК (сапр. Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч (15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Берасцейс-кай вобл. - 28.9.1937), бел. тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар. арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п'ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел. прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Г. у 1917-20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел. дзярж. т-ры (цяпер Нац. т-р імя Я. Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Менску калектыве - Трупе бел. артыстаў. Аснову рэпертуару складалі п'есы Г.: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Г. Яго пастаноўй вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Г. з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п'есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п'еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж. бел. нар. т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў досвед Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Г. стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А. Бараноўскі, С. Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял. культ.-асв. работу сярод насельнішва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п'ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Г. пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсаваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Patria superomnio
Такі дэвіз быў напісаны на сцягу аднаго з рыцарскіх гуфаў, якія бралі ўдзел у Фэсце рыцарскіх баёў, што праходзіў у Лідзе 1920 траўня. Фэст ладзілі Менская унія "Меч і крумкач" і Лідскі райвыканкам. Арганізатарам коннага турніру быў менскі клуб "Залатая шпора".
У фэсце бралі ўдзел каля 40 рыцарскіх клубаў і калектываў па рэканструкцыі старадаўняй культуры з пяці краін. На рысталішча выходзілі рыцары трох краін: Беларусі, Украіны і Расіі.
Беларусь была рэпразантавана Менскам, Віцебскам, Полацкам, Магілёвам, Гомелем, Берасцем, Гародняй, вядома, Лідай і многімі іншымі гарадамі.
Каля паловы беларускіх клубаў займаецца рэканструкцыяй культуры Вялікага Княства Літоўскага, другая палова рэканструе культуры сярэднявечных Германіі, Францыі, Італіі, вікінгаў. Расіяне і ўкраінцы прадставілі рэкантрукцыю толькі еўрапейскіх традыцый.
(Працяг на ст. 4.)
Председателю общественного объединения
«Товарищество белорусского языка
им. Ф.Скорины»
Трусову О. А.
ул. Румянцева, 13 220034, г. Минск
О реконструкции зданий
по ул. Кирилла и Мефодия, 6, 8
Уважаемый Олег Анатольевич!
Рассмотрев по поручению руководства Мингорисполкома Ваше обращение, направленное в Прокуратуру Республики Беларусь по вопросу реставрации и реконструкции зданий по ул. Кирилла и Мефодия, 6, 8, комитет архитектуры и градостроительства в пределах своей компетенции информирует.
Разработка проектной документации по реконструкции и реставрации памятника архитектуры XVII - XVIII вв. - комплекса зданий №№ 6, 8 по ул. Кирилла и Мефодия ведется по заказу КУП «Минская спадчына» в соответствии с решением Мингор-исполкома и на основании разрешения на право проведения работ на историко-культурных ценностях, выданного Министерством культуры Республики Беларусь. Научным руководителем историко-культурной ценности является Кропотов А.Н.
В настоящее время по данному объекту выполняются комплексные научно-исследовательские работы, ведется проработка проектных предложений. Заключен договор с Институтом истории Национальной академии наук Беларуси на проведение археологических исследований.
Дополнительно сообщаем, что по поручению Администрации Президента Республики Беларусь в связи с коллективным обращением верующих в настоящее время создана межведомственная комиссия для изучения вопроса о планируемой реконструкции комплекса зданий по ул. Кирилла и Мефодия, 6, 8.
Председатель комитета В. Д. Никитин.
Каб "Nokia" стала беларускамоўнай
19 траўня адбылася сустрэча прадстаўнікоў таварыства "Фінляндыя-Беларусь" са старшынём ТБМ Алегам Трусавым.
Фінскі бок цікавіў стан беларускай мовы і беларускамоўнай адукацыі ў Беларусі, перспектывы іх развіцця і захавання.
Фіны атрымалі інфармацыю згодна з выніка-мі апошняга перапісу. Было адзначана складанае становішча з беларускай мовай, але разам з тым канстатавана, што нам крыху лягчэй, чым шатландцам ці ірландцам.
У сваю чаргу старшыня ТБМ прапанаваў, каб фірма "Nokia" зрабіла беларускамоўнае меню ў сотавых тэлефонах, якія яна выпускае.
Алег Трусаў прапанаваў фінам таксама вы-даць на беларускай мове гісторыю Фінляндыі.
Наш кар.
Дайсці да Беларусі
Рэдактару " Беларускага гістарычнага часопіса " Сымону Вінцэсевічу Барысу , нашаму сталаму аўтару , 20 траўня споўнілася 70 гадоў . У сувязі з юбілеем рэдактар штотыднёвіка " Наша слова " Станіслаў Суднік сустрэўся з С . Барысам і папрасіў адказаць на некалькі пытанняў .
- Сымон Вінцэсевіч, раскажыце коратка пра сябе. Дзе нарадзіліся? Дзе вучыліся? Якую маеце пра-фесію?
- Нарадзіўся я ў Заходняй Беларусі, у вёсцы Касечы Войстамскай гміны, ў 1937 годзе. Вёска тая адным канцом амаль упіраецца ў бераг ракі Нарачанкі. Скончыў тры класы Кузьмінскоўскай пачатковай школы. У чацвёртым класе зламаў нагу і вярнуўся толькі вясной. Закончыў Рускасельскую сямігодку, а ў 1957 годзе там жа ў Рускім Сяле - 10 класаў. Восьмы клас закончыў у Войстамскай школе. Пачаў выбіраць прафесію. Мяне вабіла марская форма і рамантыка мора. Так я трапіў у Кілійскую мараходную школу на Дунаі. У 1955 годзе закончыў яе і адзін сезон плаваў на Чорным моры і Дунаі. Адным словам, працаваў у Савецкім Дунайскім дзяржаўным параходстве (СДГП) кацельным машыністам і матросам, а завочна вучыўся ў дзевятым класе.
А вучыца завочна ў школе - гэта тое самае, што піць або есці цуру праз саломінку.
Зноў вярнуўся ў Беларусь і пайшоў у школу.
Рашыў вучыцца далей. Хоць я закончыў сярэднюю школу на выдатна і толькі па беларускай, рускай і нямецкай мовах атрымаў добрыя адзнакі (па "4"), выбраць прафесію не мог. Але калі паглядзець сёння, дык не я, а прафесія сама мяне выбрала.
Як гэта здарылася?
Пачаў пісаць нататкі і вершы ў газеты "Піянер Беларусі", "Чырвоную змену", адтуль прыходзілі лісты у якіх мяне хвалілі. Але не друкавалі. А вось раённая газета "За Савецкую Радзіму" (г. Вілейка) мяне падтрымала. Здаецца, я вучыўся ў сёмым класе. Прыехаў у рэдакцыю на ровары, супрацоўнік рэдакцыі Храмцоў пасадзіў мяне за стол і кажа: "Ні прайсці, ні праехаць", а далей пішы сам так, як ты мне расказаў.
Вось так я стаў селькарам. Першую нататку падпісаў "Жаваранкаў". Аднойчы прыехаў у рэдакцыю і менш, чым за гадзіну напісаў тры нататкі. Памятаю, супрацоўнік рэдакцыі Панцялеяў за гэта мяне пакрытыкаваў, а Храмцоў прамаўчаў. Я матэрыял не забраў, а пакінуў у рэдакцыі. Усё надрукавалі і заплацілі ганарар. Будучы школьнікам я яшчэ меў адзін ганарар ад лоўлі кратоў. Кожная шкурка крата каштавала 1 рубель. На чаравікі я змог зарабіць такім ганарарам.
Неяк напісаў я летам нарыс "Дзень смерці Сталіна". Занёс у раённую газету. Рэдактар Г. Лысоў прачытаў і пачаў мяне хваліць. Я абрадаваўся, а ён пасля кажа мне: "Шкада, што не напісаў тады ў сакавіку. Мы надрукавалі б. А цяпер не". "Чаму не будзеце?" - запытаўся я. "Позна. Але ты не растрайвайся, што не надрукуем. Пройдзе некалькі гадоў, і ты будзеш абрадаваны, што я гэта не надрукаваў. Не пытайся чаму, бо я не скажу. Не маю права", растлумачыў ён.
Было яшчэ адно для мяне прадказанне. Напісаў я неяк бяскрыўдную заяву ў міліцыю. Выклікаў мяне начальнік Вілейскага раённага аддзела міліцыі і кажа: "Не ведаю будзеш ты, юрыстам ці міліцыянерам, а вось журналістам табе наканавана стаць". А я пытаюся: "А што такое журналіст? А чаму журналіст, а не газетчык?". Справа ў тым, што я селькор не ведаў, чым займаюцца журналісты.
Калі я закончыў сярэднюю школу, то з пасведчаннем пазаштатнага карэспандэнта раённай рэдакцыі збіраў і накіроўваў для публікацыі ў газеце матэрыялы. Дзейнічаў я на тэрыторыі Рускасельскага і Бароўскага сельсаветаў. На палях вырошчвалі спачатку каксагыз, а пасля - кукурузу. Мяне бралі ў штат рэдакцыі, але пры ўмове, калі не возьмуць у войска.
У армейскім дывізіёне мяне зрабілі рэдактарам сценгазеты. Выступаў з нататкамі у газетах - армейскай "Боевая тревога" і акружной "На страже Родины". Абедзве выдаваліся ў Ленінградзе. У канцы снежня 1959 года я ўдзельнічаў у нарадзе ваенкараў Ленінградскай вайсковай акругі, дзе выступаў у спрэчках, і маё выступленне надрукавалі.
Гаспадар Сымоне. Пасля дэмабілізацыі вы паступілі на факультэт журналістыкі?
Не. Я - вясковы хлопец - баяўся конкурсу, а вяртацца ў калгас не хацеў. У Ноўгарадскім педагагічным інстытуце было вячэрняе аддзяленне. Вырашыў паступіць туды, каб можна было вучыцца і зарабляць на хлеб, бо бацькі дапамагчы мне не маглі. У Ноўгарадзе, будучы ва ўвальненні, я пазнаёміўся з тэлефаністкай Жэняй і ўгаварыў яе паступіць са мной ў педінстытут на гістарычнафілалагічны факультэт. "Я стану гісторыкам, а ты філолагам, і будзем працаваць у адной школе", - даводзіў я ёй. Праз 5 гадоў так і атрымалася.
У войску я служыў авіядыспетчарам на аэрадроме. А каханая дзяўчына працавала на міжнароднай тэлефоннай станцыі. Падчас начнога дзяжурства я шчабятаў ёй гадзінамі па тэлефоне. У выніку пасля дэмабілізацыі я паехаў не да бацькоў, а да Жэні.
А чаму Вы вярнуліся на Беларусь?
Іншы раз і сам думаю: чаму? Ці правільна я паступіў? Калі вучыўся ў Антоневым манастыры (у мурах манастыра знаходзіўся педінстытут), дык быў сяржантам міліцыі, ахоўваў ноўгарадскія абкам КПСС і аблвыканкам. Мог пры жаданні зрабіць партыйную або міліцэйскую кар'еру. Мог стаць аспірантам маскоўскага гісторыка Яніна, які праводзіў у Ноўгарадзе раскопкі. Але археалогіяй я мала цікавіўся, хоць у цэлым я гісторыю любіў.
Будучы студэнтам я захапіўся фальклорам. Калі ў 1962 годзе я прыехаў да бацькоў на адпачынак на хутар Струменне, дзе прайшло маё юнацтва, я звярнуў увагу на тыя песні, якія спявала мая непісьменная маці. Іх не пяялі па радыё, іх не было і ў кнігах. Я іх запісаў. Паказаў у Ноўгарадзе нейкаму беларускаму артысту, які быў там на гастролях. Ён сказаў мне, што такіх не чуў, і раіў сустрэцца ў Менску з Шырмам або Цітовічам. У наступны мой прыезд у Менск я пазнаёміўся з Рыгорам Шырмам у оперным тэатры. Я стаў яго карэспандэнтам. Даслаў яму песні і прыпеўкі да зборніка "Беларускія народныя песні. Т.4. Вяселле".
Шырму паказаў свае вершы, але ён, параіўшыся з Нілам Гілевічам, сказаў мне, каб я болей не складаў, а заняўся фальклорам.
І вы рашылі пайсці ў навуку?
Так рашыў паступаць у аспірантуру ў Менск. А да таго папрацаваў пару гадоў у школе і пару гадоў у шматтыражнай абласной газеце "За рулём" (г. Ноўгарад). У 1969 годзе тую газету закрылі, а ў мяне з жонкай Яўгеніяй Іванаўнай выйшаў канфлікт, я прыехаў у Беларусь. У нас ужо было двое дзяцей: дачка Света толькі пайшла ў першы клас і сын Вова, якому было крыху больш за год.
Патрэбна не раз, а некалькі разоў сказаць дзякуй маёй былой жонцы, якая ахвяруючы сям'ёй, вырашыла адправіць непуцёвага хворага мужа ў беларускую навуку. Было гэта так. Ноўгарадскі гаркам КПСС адхіліў маю кандыдатуру на пасаду намесніка дырэктара ПТВ будаўнікоў па выхаваўчай рабоце. Я папрасіў сваю жонку схадзіць у гаркам і заступіцца за мяне. Яна сказала, што не пойдзе, і што я павінен выехаць у Беларусь, бо "цябе туды цягне". Мне вельмі падабаўся маляўнічы старадаўні Ноўгарад. А ў Беларусі, апрача бацькоў, ніхто мяне не чакаў.
Чым вы заняліся ў Беларусі?
Вяртанне ў Беларусь было вельмі цяжкім. З выканаўчым лістом на аліменты мяне на 30ты дзень выжылі з лагойскай раённай рэдакцыі газеты "Ленінскі шлях". Пачаў працаваць настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў Браўкаўскай васьмігадовай школе Менскага раёна. І да канца 1969 года бог даў мне два шчаслівыя падарункі: на Камароўскім рынку я купіў лекі, якімі лёгка вылечыўся ад хваробы, якой хварэў два гады. А ў Акадэміі навук БССР мяне залічылі ў аспірантуру, праўда, на завочнае аддзяленне. Але я марыў вучыцца ў аспірантуры на дзённым аддзяленні.
Якія вынікі навучання ў аспірантуры? Што вы зрабілі для навукі?
Аспірантуру я закончыў. Дысертацыю пісаў пабеларуску. Затым давялося перарабляць паруску. Атрымалася каля 300 старонак. А патрэбна было не больш 200. Часу перарабляць не было, і я яе закінуў. Амаль усю дысертацыю надрукаваў. Толькі артыкул "Велічальныя і дакаральныя песні на вяселлі" не змог апублікаваць. На ім ляжыць праклён.
Я яго аднойчы ў 1977 годзе забраў з навуковага зборніка з Гомеля. Гэта самы хадавы папулярны артыкул па тэме, але ... цяпер я хацеў бы яго паправіць з улікам досведу і часу, ды няма калі ім займацца.
Няўжа вельмі заняты, гаспадар Сымон?
Так. Заканчваю трэцюю кніжку, а ў чэрвені ў час адпачынку трэба дапісаць чацвёртую "На берагах Нарачанкі" (у сааўтарстве з Анатолем Рогачам,). Толькі хто і за якія грошы надрукуе аж чатыры кнігі?!.
Пра што вашы кніжкі?
Пра гісторыю і краязнаўства, паліталогію і метралогію.
Тыя кніжкі, якія вы пісалі ў сааўтарстве, "Сцежкамі дзядоў", "Сыны і пасынкі", добра прыняты чытачамі. Заўважаецца, што вы працуеце на школьнікаў. Кім вы сябе лічыце педагогам, гісторыкам, журналістам, фалькларыстам ці этнографам, або краязнаўцам?
Цяжка адказаць на такое пытанне. У школе я настаўнічаў 7 гадоў, 2 гады выкладаў рускі фальклор і старажытную рускую літаратуру на філфаку ў Берасцейскім педінстытуце. Затым 10 гадоў адпрацаваў у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыі ў першых дзвюх залах распрацаваны і зроблены пад маім кіраўніцтвам. 5 гадоў быў навуковым рэдактарам у рэдакцыі часопіса "Роднае слова" (19871992 гг.) і з 1992 г. вяду аддзел методыкі выкладання гісторыі ў школе ў рэдакцыі "Беларускага гістарычнага часопіса". Рэдагую артыкулы і пішу пакрыху сам.
Калі маю час пішу гумарэскі і апавяданні.
Ці ўсё вы напісалі, што запланавалі?
Не. Я ў вялікім даўгу перад сваёй маці Соняй Ільінічнай. Памятаю, яна сказала мне (памерла рана, у 1973 годзе): "Сынок, нічога я табе добрага не пакінула, апроч песень". Я магу ёй адказаць: "Дарагая матулька, хопіць таго, што пакінула. Да смерці мне хопіць працаваць з уласным архівам запісаў фальклору. Я перад табой у даўгу. Бо не давёў твае песні да ладу, да кнігі, адных толькі вясельных ад цябе запісаў каля 100. А песня "Дубочак зялёненькі" спяваецца па радыё, і яе ўжо ведаюць."
Якія ў вас цяпер стасункі з першай сям'ёй. ?
Добрыя. Дзеля яе я згадзіўся на сённяшнюю гутарку. Руская па нацыянальнасці Яўгенія Іванаўна замуж не выйшла, бо любіла мяне і любіла Беларусь. Не стала зрываць мяне з наседжаных месцаў, з Беларусі ў Ноўгарад.
Так я хацеў вярнуцца не раз, але мая бяда ў тым, што я за сваё жыццё пяць або шэсць разоў быў закаханы. Адзін раз у Яўгенію Іванаўну. Гэта было у 1960 годзе. А вось пятае каханне перашкодзіла вярнуцца ў Ноўгарад, хоць было яно зусім пустым. Каханне сапраўднае - гэта хвароба, якую трэба лячыць. З таго пятага кахання цяпер магу толькі пасмяяцца, але тады...
Пасля дэмабілізацыі майго наўгародскага сына Валодзі з войска я яго рашыў у Менску ажаніць з Ірынай Сімановай (руская). А калі ён вярнуўся ў Ноўгарад, маці знайшла ў Ноўгарадзе беларуску Ірыну Адамовіч і з ёй ажаніла нашага сына.
Відавочна, яна паказала сябе як беларуская патрыётка. А сёлета на Дзень Перамогі нагадала дачцэ Свеце, каб тая не забылася павіншаваць бацьку з юблеем.
Кожны год у першым нумары "Беларускага гістарычнага часопіса" вы друкуеце хроніку падзей мінулага года. Хто яе складае і навошта яна?
На працягу года, пачынаючы з 1994 года, я вяду запіс падзей, якія адбыліся. Затым друкую іх за год. Такім чынам, вядзецца сучасны летапіс. Бо ўсё з цягам часу забываецца.
Якой партыі або арганізацыі вы аказваеце сімпатыі? За якой больш пільна сочыце.
Ніякай партыі я не аддаю перавагі. Я беспартыйны. Маю дакумент члена Саюза журналістаў Беларусі. Удзельнічаю ў рабоце грамадскага аб'яднання ТБМ. Узначальваю суполку ТБМ у нашай рэдакцыі. Кожны другі супрацоўнік рэдакцыі падтрымлівае ТБМ. Лічу, што гэта кепска, бо ўся рэдакцыя жыве з беларускага слова.
У якой партыі Вы працавалі?
У партыях не працаваў, а ў суполках быў сябрам. Па перакананні ўступіў у члены КПСС. У гэтай парыі быў 30 гадоў. Выйшаў з КПСС услед за Барысам Ельцынам таксама па перакананні. Разам з Анатолем Жыватнюком на аснове Дэмакратычнай платформы ў КПБ ствараў АДПБ (сучасная АГП). Пасля ІІ з'езда АДПБ я ўступіў у сябры БНФ, а затым у сябры БСДГ. Пасля пераўтварэння яе ў БСДП (Народная грамада) выйшаў з яе і больш палітыкай не займаюся.
Якая прычына адмовы займацца палітыкай або падтрымліваць якую-небудзь партыю?
Маральныя прынцыпы. Праўда і справядлівасць - для мяне святыя прынцыпы. Як толькі я даведаўся, што ўсе кіраўнікі УКП(б) - КПСС абманвалі сваіх членаў і свой народ, я пакінуў гэтую партыю. АДПБ не змагалася за беларускую мову і беларушчыну. Беларускія сацыялдэмакраты, як і ў 1918 -1920 гг., падзяліліся на некалькі сектаў, дзелячы пустыя партфелі.
Вы надрукавалі брашуру "Беларускія імёны". А ці бачыце, гаспадар Сымоне, перспектыву беларускай нацыі? Ці ёсць у Беларусі будучыня?
Ёсць і будучыня, ёсць і перспектыва. Пакуль простыя беларусы, старыя і маладыя людзі, змагаюцца за нацыянальную ідэю, за беларускую мову, за незалежнасць Беларускай дзяржавы, Беларусь жыве і будзе жыць вечна.
Будзе жыць, бо моладзь за Беларусь здольна выходзіць на вуліцы і сядзець за кратамі. А вось палітыкі Мілінкевіч, Пазьняк, Шушкевіч, Вячорка, Лябедзька, Казулін, Статкевіч, і Калякін не могуць аб'яднацца дзеля Беларусі. Крыўдна ад таго. Выклікае трывогу абыякавасць беларусаў да свайго лёсу, лёсу мовы і дзяржавы.
Так і хочацца зноў нагадаць верш Максіма Багдановіча:
Народ, Беларусі народ!
Ты - цёмны, сляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе не пушчалі з ярма
І душу тваю абакралі,
У ёй нават мовы няма.
І сапраўды зайдзіце на гарадскія ці вясковыя могілкі і паглядзіце ды пачытайце надпісы на помніках. Усюды рускія. Зрэдку на польскай мове і толькі зусім рэдка можна знайсці беларускія надпісы. Цяжка нам ісці да Беларусі, але рухаемся. Дай Бог нам сілы і плёну.
Дзякую, Сымоне, за шчырую гутарку. Дай, Божа, ВАМ сілы і часу давесці матчыны песні да ладу.
Памяці Алеся Пісьмянкова
3 траўня а 17 гадзіне ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся вечар, прысвечаны памяці Алеся Пісьмянкова.
На вечары прысутнічалі блізкія паэту людзі. Гэта яго сябры, таварышы ці проста знаёмыя. Кожны, хто меў слова гэта Павел Саковіч (часопіс "Вожык"), Пётр Русаў (беларускі археолаг), Вольга Сакалова (беларуская паэтка) і інш. гаварылі пра тое, што Алесю Пісьмянкову было ўласцівае ёмістае мысленне, што паэт не дазваляў ніякай расплыўчывасці ў словах і радках. Не раз адзначаўся незвычайны талент паэта, яго гучны голас, фізічная прыгажосць і душэўная дабрыня.
Пад час вечарыны прагучалі вершы Алеся Пісьмянкова. Пётр Русаў выканаў пад гітару некалькі песняў, якія былі напісаны на вершы паэта.
Алесь Пісьмянкоў выдатны і таленавіты беларускі паэт. Ён з'яўляецца аўтарам тысяч вершаў, якія надрукаваныя ў кнігах паэзіі "Белы камень" (1983), "Лясунвесялун" (1996), "Вершы" (1997), "Журавель над студняй" (1998). Творы паэта перакладаліся на рускую, украінскую, балгарскую, польскую мовы. Кампазітары Ул. Буднік, Юрась Багаткевіч, Ул. Дамарацкі, Алег Чыркун паклалі вершы паэта на музыку.
Алесь Пісьмянкоў лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі, літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова.
Але на вялікі жаль Алеся Пісьмянкова не стала тры гады назад. Памёр чалавек застаўся паэт. І з надзеяй хочацца верыць, што голас Алеся Пісьмянкова не заглушыць хада гадоў.
Кацярына Галадок.
Беларускамоўе на FM радыё - гэта патрыятычна
У старажытным Полацку, у калысцы беларускай гісторыі, як тут можна прачытаць на шыльдах, гучыць тры FM радыёстаныі: Радыюс FM (Менск), радыё Віцебск, Еўропа плюс (Масква).
Эфір апошняй разбаўляецца музычнымі праграмамі і навінамі полацкага філіяла. Відавочна, што ўсе FM радыёстанцыі працуюць на моладзевую аўдыторыю і імкнуцца забяспечыць густ моладзі. Але дзякуючы таму, што FM праграмы на 9095% складаюцца з сучасных песень то іх слухаюць прадстаўнікі сярэдняга і нават старэйшага пакалення, забаўляючы свой час пад час працы, адпачынку ці проста на кухні. Я таксама слухаю час ад часу FM радыё, але доўга слухаць іх мне немагчыма, таму што не падабаецца змест некаторых песень, а падругое з дынамікаў гучаць чужыя, далёкія для майго сэрца і душы песні, песні на чужых мне мовах - расейскай, англійскай - на мовах розных народаў свету, але ж толькі не на нашай, беларускай. Дзве, тры песні за 24 гадзіны эфіру - гэта не паказчык, каб казаць, што я слухаю радыё на тэрыторыі суверэннай Беларусі. Катэгарычна не пагаджуся з тым, што песня беларускага кампазітара, напісанная парасейску ці паанглійску - гэта беларуская песня. Беларуская песня - калі яна гучыць менавіта на беларускай мове, на мове краіны, назва якой Беларусь, на мове народа, які тут жыў і жыве. Нехта скажа, што народ выбраў рускамоўе. Не, браткі. Гэта для народа яго выбралі, прыкрыўшыся рэферэндумам. Народ прымушаюць размаўляць, слухаць і спяваць парасейску і FM радыё гэтаму сведчанне.
Усё пачынаецца з дзіцячага садка, дзе нашае будучае беларускага слова не чуе. Далей школа, дзе родная беларуская мова вывучаецца, як замежная. Рускамоўныя телеканалы газеты, радыё, у тым ліку і FM радыё, якое ўжо з маленства сваімі маладзёвымі музычнымі праграмамі пачынае фармаваць у беларуса - хлопчыка ці дзяўчынкі адмоўнае стаўленне да беларускай песні і слова. Да мовы іх дзядоў і прадзедаў. У беларускіх цягніках пасажыраў забаўляюць выключна расейскай эстрадаю. Прыкладаў шмат. Усім гэтым народу хочуць сказаць, што на Беларусі няма праблем з беларускамоўем. Таму што ўсё навокал гучыць парасейску.
Усюды чытаеш рэкламу - купляй беларускае. Але нідзе не ўбачыцш шыльды з заклікам размаўляць і слухаць пабеларуску. Ніхто афіцыйна не кажа, што беларуская мова па сваёй прыгажосці і мілагучнасці па прызнанню ЮНЕСКО займае другое месца сярод моваў свету пасля італьянскай. Ці не падстава для гонару і патрыятызму за сваю мову для любога беларуса? Мы ж усе з задавальненнем слухаем па FM радыё песні італьянскай эстрады, а дзе ж нашыя, родныя? Аднойчы пачуў, што беларускамоўныя песні не вытрымліваюць канкурэнцыі ў эфіры ў параўнанні з іншымі песнямі на іншых мовах. Гэта глупства казаць у тых абставінах, у якіх існуе беларускамоўе на Беларусі. Хто дае месца беларускамоўнай песні на FM радыё, якое слухае пераважна моладзь, дзе яна можа купіць беларускамоўныя запісы, каб іх паслухаць не ў эфіры, а асобна ад бязглуздзіцы? Што робіцца для таго, каб папулярызаваць беларускамоўную песню? А нічога. Моладзь не спявае пабеларуску. Таму што яна беларускамоўя не чуе. А значыць і не ведае. Ва ўсіх хітпарадах і конкурсах удельнічаюць рускамоўныя і англамоўныя песні, напісаныя кампазітарамі, якія называюць сябе беларусамі. А няўжо перавяліся на Беларусі кампазітары, якія пішуць беларускамоўныя хітовыя песні? А можа на іх нашае чынавенства не звяртае ўвагі? Любую песню, у тым ліку і беларускамоўную, могуць папулярызаваць сродкі масавай інфармацыі, калі ёсць такая мэта. Беларускую мову, яе пашырэнне ў штодзённым жыцці могуць папулярызаваць нашыя палітыкі. На вялікі жаль ані тыя, ані гэтыя да гэтага мэтанакіравана не імкнуцца. З гэтай нагоды хочацца нагадаць факт з гісторыі расейскага царызму, калі апошні русіфікаваў свае ўскраіны. Той час быў мне зразумелы. Толькі не разумею, чаму русіфікацыя праводзіцца зараз, у незалежнай дзяржаве, сваім жа кіраўніцтвам.
Даўно вядома, што няма мовы, няма нацыі. Мова народа - гэта адзіная адметнасць якая адрознівае народы свету. Прыедзеш у вёску на беларускае Палессе, у Польшчу, Літву ці Украіну - адразу адчуваеш, дзе знаходішся. У Полацк прыязжаюць замежнікі і здзіўлена кажуць: "Дык тут жа Расея". Чаму так, спадары палітыкі і кіраўнікі, атрымліваецца?
Няўжо вы беларускай мове рыхтуеце лёс мовы старажытных скіфаў? Няўжо вы думаеце выгадаваць патрыётаў на русіфікатарскай палітыцы, на помніках Вялікай Айчыннай вайны, ны, на лініі Сталіна. Гэта ж не тая глеба. Аднойчы догмы разбураюцца, як гэта стала з былым Савецкім Саюзам, і чалавек пачынае вяртаццца да бога, да сапраўды патрыятычных пачуццяў у пошуках адказаў на пытанне: адкуль род яго, дзе яго Радзіма, якая мова яго, і дзе яго песня?
Нашым беларускім палітыкам ужо час павярнуццца да стану беларускамоўя на Беларусі тварам, і не словам, а на справе ўплываць на яго адраджэнне.
Мова беларуская павінна жыць і быць любімай ў народзе, сярод моладзі. Можа толькі тады з гаворкі знікне брыдкаслоўе і мацюкі, якія так спрытна вылятаюць з вуснаў нашай "патрыятычнай" моладзі. Калі сустракаеш чалавека, які размаўляе пабеларуску, ад яго сапраўды вее культураю, а не брыдкаслоўем. Таму што, як правіла, ён валодае добра і іншымі мовамі як расейская, англійская, французская. І на сэрцы ў яго Беларусь з яе прыгожай, пявучай мовай, з яе песнямі і гісторыяй.
Ул. Яцкевіч, г. Полацк.
Вярхоўны Суд зліквідаваў Беларускі літаратурны фонд
У адпаведнасці з артыкулам 29 закону Рэспублікі Беларусь " Аб грамадскіх аб ' яднаннях " Вярхоўны Суд пастанавіў ліквідаваць Беллітфонд . Як заявіў суддзя Валер Самалюк , рашэнне канчатковае - касацыйнае абскарджванне і апратэставанне немагчымае .
Як паведамілі прадстаўнікі Грамадскага аб'яднання "Беларускі літаратурны фонд" 2 траўня ў 11.30 у офіс Беллітфонду з'явіліся сакратарка Вярхоўнага суда і начальнік арганізацыйнага аддзелу Міністэрства юстыцыі, яны ўручылі кіраўніцтву Беллітфонду позву, у якой паведамлялася, што судовае паседжаньне адбудзецца праз дзень, 3 траўня.
Намеснік дырэктара Беллітфонду Мікола Міхноўскі кажа, што за такі кароткі час немагчыма было падрыхтавацца да судовага паседжання, знайсці адваката:
Як можна было за адзін дзень зрабіць нешта, нават сабраць усіх чальцоў праўлення? Немагчыма. Хадайніцтва мы падалі, дзе прасілі адтэрміноўкі, каб мы паспелі аформіць дамову з адвакатам як з нашым абаронцам. Гэтае хадайніцтва суд адхіліў.
Кіраўніцтва Беллітфонду да апошняга спадзявалася, што судовага паседжання без афіцыйных прадстаўнікоў грамадскага аб'яднання не адбудзецца.
Але суддзя Валер Самалюк вырашыў разглядаць справу без адказчыкаў і абаронцаў, толькі ў прысутнасьці прадстаўніка Міністэрства юстыцыі і пракурора. На першым паседжанні выслухалі прэтэнзіі Мін'юсту і пракурора да Беллітфонду, на другім суддзя зачытаў рашэнне аб ліквідацыі.
Паводле Міністэрства юстыцыі, грамадскае аб'яднанне дапусціла шэраг парушэнняў. Мін'юст вынес Беллітфонду летась тры пісьмовыя папярэджанні.
Суддзя Самалюк адзначыў, што паколькі Беллітфонд не абскардзіў пісьмовых папярэджанняў праз суд, гэтым ён фактычна прызнаў свае памылкі.
Дырэктар Беллітфонду Алесь Данільчык лічыць, што парушаны артыкул 143 Грамадзянскапрацэсуальнага кодэксу пра тэрміны разгляду справы.
Грамадскае аб'яднанне "Беллітфонд" было створанае ў 1992 годзе на базе беларускага аддзялення Літфонду СССР. Арганізацыю афіцыйна зарэгістравалі ў Міністэрстве юстыцыі 23 красавіка 1992 года, двойчы яна праходзіла перарэгістрацыю.
Паводле кіраўніцтва Беллітфонду, ужо створана камісія пад апекай Міністэрства юстыцыі, якая зоймецца маёмасцю зліквідаванага грамадскага аб'яднання.
Іна Студзінская
Фэст рыцарскіх баёў у Лідзе
Праграма фэсту ўключала па чатыры сеансы кожны дзень. У першы дзень адбыліся два пешыя рыцарскія турніры, бугурт "Бой на мосце", конны рыцарскі турнір. У другі дзень адбыліся два бугурты, коннае меле і інсцэніроўка бітвы за замак.
У пешым шыхце найбольшай арганізаванасцю, моцаю і непахіснасцю вызначыўся клуб з Менска "Рыцарскі род снежнага барса". Параўнальна невысокага росту і сярэдняга целаскладу дзесятка "барсаў" ламала любога супраціўніка, выйграла 9 з 9-ці бітваў на мосце. "Барсы" ж складалі і аснову залогі горада. Кожная іхняя перамога суправаджалася воклічам: "Слава Вялікаму Княству Літоўскаму". Наогул у славу Вялікага Княства Літоўскага, а з ім і ў славу Беларусі на гэтым фэсце звінеў кожны меч, свістала кожная страла, грымела кожная гармата.
І цяпер можна вярнуцца да дэвізу "Patria superomnio", бо ўсё, што робяць гэтыя рыцарскія клубы і служыць менавіта таму, каб Бацькаўшчына для ўсіх нас была перад усім і над усім.
У замак на кожны сеанс збіралася некалькі тысяч чалавек, гледачоў пускалі па дзве тысячы, а за сценамі працавалі, адпачывалі, гулялі многія тысячы лідзян і гасцей горада. Працаваў горад майстроў, кіпеў гандаль, раз пораз мяняліся бочкі з півам і квасам, не змаўкалі песні і музыка на сцэнічнай пляцоўцы.
Уразіў выкананнем старадаўніх песняў на французскай, правансальскай і іншых еўрапейскіх мовах гурт "DROLLS" з Петразаводска, цудоўна глядзеўся паланэз у выкананні "Тутэйшай шляхты" з БДУ, не адпускалі адысціся іншыя нумары і выканаўцы.
У Лідзе было свята нацыянальнай гісторыі, нацыянальнага духу.
Яраслаў Грынкевіч.
На здымках: 1-я ст. 1. Вялікі князь Гедзімін абвяшчае ўказ аб заснаванні Ліды, 2. Рыцары перад боем. 4-я ст. 1. "Барсы" перад атакай. 2. Бой на мосце. 3. Конны турнір. Галярэі сценаў запоўнены гледачамі. 4. Ліцьвіны, разграміўшы тэўтонаў, выйшлі з горада.
Беларуская мова ў СМІ
Выбарка з выставы СМІ (Купалы, 27), зробленая Тацянай Таполяй 4 траўня 2007 года.
Агледжана 115 адзінак перыядычных выданняў.
Свабодная прэса выставай не прэзентавана.
У 1715% ад агульнай колькасці трапляліся беларускія словы.
З іх цалкам беларускамоўнымі трапіліся толькі 4 3,5%. Гэта Настаўнік, Унівэрсітэт (БДУ), Сельская праўда (Жабінкаўскі раён), Народная трыбуна (Берасцешчына).
З ужываннем беларускай мовы 9 8% .
Навіны Камянеччыны на рас. мове толькі ТБпраграма, 5\6 бел. мовы.
Ляхавіцкі веснік на рас. мовеТБпраграма і рэклама.
Пружанскія Раённыя будні тоеж.
Да новых перамог (Клецкі раён) болей за палову рас. моўная.
Асіловіцкі край 1/7 па беларуску.
Зямля і людзі (Магілёўшчына) 16 бачын фармату АЗ 1 бачына беларуская.
Веснік Магілёва на бел. толькі гімн Магілёва.
Магілёўскія ведамасці 16, АЗ пабеларуску толькі маленькая зацемка пра Шклоў Леаніда Анціпенкі.
Кобрынскі веснік - пабел. толькі адзінае віншаванне.
А Драгічынскі веснік, наадварот, успамінае родную мову толькі ў спачуванні родным нябожчыкаў(!), затое рэклама СОВБЕЛкі займае 1/4 бачыны.
Ну і ўжо зусім брутальна дзейнічаюць Беларускі час (ФПБ), Царкоўнае слова (16, А2) маскоўскай царквы, Шахцёр і Пінскі вёснік аніводнага слова пабеларуску, выкарыстоўваючы беларускую вывеску. Прыпамінаецца такіж "беларускі" часопіс Гаспадыня.
Атрымоўваецца 11,5% цалкам ці часткова беларускамоўных і 96,5% цалкам ці часткова расейскамоўных выданняў. Гэта адзначае, што колькасць апошніх недзе ў 8,4 разы больш за колькасць газет з ужываннем беларускай мовы.
Юрась Навіцкі.
Парусія: псіхалогія прысутнасці
"Дай жа, Божа, каб воля вас упадабала
Ды сваволя над ёю ўжо не панавала…"
Андрэй Волан.
У тразні 2007 года пабачыла свет кніга грэкакаталіцкага святара Яўгена Маліноўскага "Парусія: псіхалогія прысутнасці". Артыкулы з гэтай кнігі пэўны час друкаваліся на старонках баранавіцкай газеты "Intexpress" і мелі вялікі водгук у нашым грамадстве. У гэтым годзе спаўняецца 10годдзе Баранавіцкай уніяцкай парафіі, таму сябры і прыхільнікі грэкакаталіцкай царквы вырашылі сабраць ў адзінае цэлае, каб напісанае айцом Яўгенам надрукаваць суцэльнай кнігай.
Кніга святара Яўгена Маліноўскага "Парусія: псіхалогія прысутнасці" - гэта першы вопыт псіхалагічнага абагульнення рэлігійнай і палітычнай практыкі. Хацеў бы адзначыць, што гэтую тэму сучасныя навукоўцы і святары даліканта абыходзяць, "пераканаўча" спасылаючыся, што сапраўдная рэлігія паза палітыкай. Пэўна яно так ёсць ў дэмакратычным грамадстве, але не ў нашай дзяржаве, дзе пануе афіцыйная ідэалогія ды і абавязковае папярэдняе галасаванне. Трэба прызнаць мужнасць уніяцкага святара, які ў сваіх разважаннях пра Бога і існасьць спалучае рэлігію і палітыку, псіхалогію і мастацтва. Праўда, айца Яўгена цікавіць не столькі сама палітыка, як прававая свабода. І калі палітыка перашкаджае свабодзе, то трэба пра гэта смела казаць. Але на такі крок сёння здольны не кожны чалавек. На гэтыя мужныя дзеянні здольны такія, як святар Аляксандр Шрамка, якому праваслаўны суд забараніў служэнне за ўдзел у кампаніі за перагляд закону "Пра свабоду сумлення".
Хацеў бы адзначыць, што слова "свабода" на санскрыцкай мове (Індыя) азначае "каханы", бо менавіта ва ўмовах свабоды чалавек раскрывае свой інтэлектуальны і фізічны патэнцыял, толькі ва ўмовах волі людзі пасапраўднаму каханыя і шчаслівыя. І гэта яскрава паказвае Яўген Маліноўскі ў сваёй кнізе.
У адным са сваіх меркаваннях аўтар кнігі гаворыць пра сапраўднага мужчыну, і каб ім стаць, ён ў сваім жыцці павінен зрабіць некалькі рэчаў. Найперш, неабходна прыйсці да сваёй веры, каб жыць у гэтым свеце пахрысціянску. Сапраўдны мужчына павінен знайсці сваю жанчыну, стварыць сям'ю і прысвяціць ёй усё астатняе жыццё. Калі ж мужчына гэтага не зробіць, то ён будзе жыць у неўгамонным хаценні сваіх пачуццяў, стане рабом «своих страстей». Гэтая кніга пра тое, як стаць мужам, як элемент веры дае ўпэўненасць і моц чалавеку ў штодзённым жыцці.
У мінулым стагоддзі ўніяцкі святар Леў Гарошка, які ў гады Другой сусветнай вайны кіраваў у Баранавічах медычнай школай, напісаў кнігу "Навука і рэлігія". Аўтар абвяргаў савецкія тэзісы аб шкоднасці рэлігіі, нясумяшчальнасці веры ў Бога і навукі, пераканаўча даказваў, што найбольшыя вучоныя ў аграмаднай большасці былі веруючымі людзьмі. Традыцыі, архімандрыта Льва Гарошкі жывуць і працягваюцца сённяшнімі ягонымі пасцежнікамі.
Аднойчы англійскі лекар Даўсан ашукаў увесь вучоны сьвет. У 1911 годзе ён чэрап сучаснага чалавека з мясцовасьці Пільтдаўн так спрытна пафарбаваў на ўзор старых касцей, што вучоныя антраполагі доўгі час лічылі яго чэрапам аднаго з найстаражытнейшых людзей. Толькі ў 1955 годзе, на аснове пробы фтору ў касцях, было даказана, што гэта падман. Цяперашняе нашае жыццё - гэта суцэльнае ашуканства ў палітыцы, эканоміцы і маралі. Дык чытайце кнігу грэкакаталіцкага святара айца Яўгена Маліноўскага "Парусія: псіхалогія прысутнасці", якая дазваляе ўбачыць і разпазнаць ілжывасць, сцвердзіць прыгожае і ўзнёслае, якая Вас наблізіць, а магчыма, і прывядзе да Бога. Кнігу грэкакаталіцкага святара Яўгена Маліноўскага "Парусія: псіхалогія прысутнасці" можна набыць па тэл. 8(0163) 416461.
Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы.
Св. пам. АЛЯКСАНДАР СІЛЬВАНОВІЧ
7.ІІІ.1937 - 14.V.2007
З Беларусі Алекс Сільвановіч выехаў разам з бацькамі ў часе Другой сусветнай вайны ў 1944 годзе. У Амерыку яны прыбылі з Нямеччыны ў 1950 годзе. Тут Алекс скончыў у СаўтРыверы, штат НьюДжэрсі, сярэднюю школу ды атрымаў вышэйшую асвету ў Ратгерскім універсітэтце ў галіне хіміі. Працаваў у Тэхналагічнай Групе ў штаце НьюДжэрсі, займаў адказныя становішчы. Калі пачала пашырацца кампутарызацыя, стаўся выдатным экспертам кампутарнай тэхналогіі.
Бацькі Алекса перадалі свайму адзінаму сыну глыбокую рэлігійнасць. Царкоўны прыслужнік у юнацкім веку, Алекс праз усё сваё жыццё пранёс цеснае дачыненне да справаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Працягам 30 гадоў выконваў абавязкі скарбніка прыходу Жыровіцкай Божай Маці ў ГайлендПарку, уваходзіў у склад Кансісторыі БАПЦ. Выдатна разумеў спалучальную ролю царквы ў абставінах дыяспарнага існавання грамады. Рэлігійнасць была яму таксама асноваю маральных прынцыпаў, крыніцай пачуцця спагады да людзей у бядзе. Калі на пачатку 1990х гадоў рухнуў у Беларусі камуністычны рэжым і з'явілася магчымасць пасылаць гуманітарную дапамогу ахвярам чарнобыльскай ядравай катастрофы, Алекс разам з жонкай Нінай і ў супрацоўніцтве з дабрачыннай арганізацыяй СітыГоўп узяўся за вялікую справу завозу ў Беларусь дапамогі пацярпелым ад Чарнобыля. У некалькіх падарожжах у Беларусь яны не толькі завезлі медыкаменты і медыцынскія прыпасы - усяго вартасцю больш як шэсць міліёнаў даляраў - але і дагледзелі, каб усё было развезена па месцах, што мелі патрэбу ў дапамозе.
Пасля таго як абвалілася жалезная заслона і пашырыліся людскія сувязі з суродзічамі ды ажывілася беларускае жыццё ў Амерыцы, Алекс узяў на сябе цэлы шэраг абавязкаў у дадатак да тых, што былі звязаны з ягоным удзелам у царкоўных справах. Ён узначаліў новую арганізацыю Фонд Беларускага Адражэння, быў адным з заснавальнікаў і сустрашынём Кааліцыі ў Абарону Дэмакратыі і Правоў Чалавека ў Беларусі, увайшоў у склад Прэзідыюму Рады БНР. У 1993 г. браў удзел у першым сусветным з'ездзе беларусаў у Менску і увайшоў у склад Вялікай Рады Згуртавання Беларусаў Свету "Бацькаўшчына". Усё гэта ў дадатак да сяброўства ў БеларускаАмерыканскім Задзіночанні і Беларускім Інстытутце Навукі і Мастацтва.
Алекс Сільвановіч быў шчырым працаўніком, чалавекам высокіх маральных крытэраў і выразнай жыццёвай арыентацыі. Ён ведаў сваю галоўную мэту - свабода і незалежнасьць Беларусі - і гэтае ўсведамленне давала яму вытрываласць у працы. Ён быў заўсёды гатовы выканаць тое, што ад яго патрабавалася. Ніколі не наракаў на перагружанасць працай - ці то якое паседжанне, ці падарожжа ў складзе дэлегацыі ў Вашынгтон, ці нейкі выдавецкі праект, ці што б там ні было - Алекс заўсёды быў гатовы.
Калі шмат хто з нас пачаў азнаямляцца з загадкавай машынай, якою быў кампутар, Алексава валоданне гэтай тэхналогіяй заашчадзіла шмат каму даўгія гадзіны пакутаў у намаганнях прабіцца наперад. Цярплівы і дабразычлівы, Алекс заўсёды быў даступны з дапамогай і парадай.
Ягоная лагодая натура мела ў сабе выразны паэтычны складнік. Алекс любіў прыгажосць, асабліва прыгажосць прыроды. У яго было вострае вока на бачанне наваколля, і гэтая здольнасць зафіксавалася ў мностве фатаздымкаў, зробленых працягам дзесяцігоддзяў. Алекс быў заўсёдным удзельнікам мастацкіх выставак, што адбываліся штогоду на працягу 25 гадоў у БеларускаАмерыканскім Цэнтры ў СаўтРыверы. Ён таксама ўдакументаваў фатаграфічна сотні большых і меншых падзеяў беларускага грамадскага жыцця ў Амерыцы. Ягоны фотаархіў - гэта цэлая скарбніца матар'ялу для гісторыі беларускаамерыканскай грамады, пачынаючы ад 1950х гадоў.
Алекс правёў сотні а сотні гадзінаў каля свайго кампутара, збіраючы інфармацыю патрэбную для агульнага ўжытку або распаўсюджваючы інфармацыю ў інтарэсах беларускае справы.
Алексава веда навукі і тэхнікі сталася на пачатку гэтага стагоддзя каштоўным укаладам у апрацоўваны супольна з сябрамі БІНіМу ангельскабеларускі слоўнік, да рэдкалегіі якога ён належаў ды які цяпер высока ацэньваецца як тут, у Амерыцы, гэтак і ў Беларусі.
На працягу доўгіх гадоў Алексавага жыцця ў здароўі, а пасля ў часе недамаганняў, разам з ім заўсёды была ягоная жонка Ніна. Яна яго верна падтрымлівала і ўдзельнічала ў ягонай дзейнасці.
Пра адыход з жыцця Алекса Сільвановіча паведамілі мясцовая газета "Home News Tribune", радыё "...", а таксама анлайнавыя сайты Хартыі97 і газеты "Наша Ніва". У каментарох да паведамлення "Нашай Нівы" хтосьці на імя Соль нагадаў адну з заслугаў нябожчыка: "Алекс Сільвановіч дапамагаў шмат незалежнай прэсе ў Беларусі ў 1990я: кампутарамі, прынтарамі, ксераксамі"... А нехта іншы там жа, падпісаўшыся Мікалай, дадаў лаканічна: "Вечная памяць!"
У апошні шлях з царквы Жыровіцкай Маці Божай у ГайлендПарку да праваслаўнага могільніка ў ІстБрансвіку Алекса Сільвановіча праводзілі святар а. Пол, сям'я - жонка Ніна, жанатыя сыны Тонік і Андрэй з сем'ямі ды замужнія дочкі Лена і Іра з сем'ямі - сваякі, сябры і супрацоўнікі. Над дамавінай пакрытай белчырвонабелым сцягам прагучаў на развітанне ў выкананні хору жалобны марш "Спі пад курганам герояў".
Вечная памяць Аляксандру (Алексу) Сільвановічу, вернаму сыну Беларусі, якую ён любіў і дзеля якой працаваў.
Янка Запруднік.