№ 29 (817) 1 ЖНIЎНЯ 2007 г.
АДАМУ МАЛЬДЗІСУ - 75
МАЛЬДЗІС Адам Восіпавіч (псеўд. А. Гудас, Адам Гудас, А. Расольскі, Адам Расольскі, А. Свіслацкі; н. 7.8.1932, в. Расолы Віленска-Трокскага пав. Віленскага ваяв., цяпер Астравецкі р-н Гарадзенскай вобл.), беларускі літаратуразнавец, пісьменнік-публіцыст, грамадскі дзеяч. Д-р філал. н. (1987), праф. (1990). Скончыў БДУ (1956). У 1963-91 працаваў у Ін-це л-ры імя Я. Купалы АН Беларусі (з 1981 заг. аддзела). З 1991 дырэктар Нац. навук.-асв. цэнтра імя Ф.Скарыны. Прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі беларусістаў, старшыня камісіі «Вяртанне» Беларускага фонду культуры. Пад рэдакцыяй М. выдадзены бібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1- 6, 1992 -95). Даследуе бел. л-ру 17-19 ст., заканамернасці яе станаўлення і гіст. развіцця, гісторыю бел. культуры, бел.-польскія, бел.-рускія і бел.-літоўскія літ. ўзаемасувязі. Адзін з аўтараў даследавання «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Садружнасць літаратур» (1968), «Старонкі літаратурных сувязей» (1970). Аўтар гіст. аповесці «Восень пасярод вясны» (1984), краязн. нарыса «Астравеччына, край дарагі...» (1977), літ. партрэта «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
У памяць паўстанцаў 1863 года
29 ліпеня ва ўрочышчы "Крыжы" паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы Лідскага раёна адбылася святая імша ў памяць паўстанцаў 1863 года. Арганізатарамі імпрэзы выступалі Лідская гарадская арганізацыя ТБМ, іншыя грамадскія арганізацыі, а таксама Белагрудскі рымска-каталіцкі касцёл, лідская каталіцкая моладзь. Нягледзячы на дажджлівае надвор'е на імшу сабралася да паўсотні чалавек з Ліды і навакольных вёсак.
Імша на гэтым месцы, каля магілы паўстанцаў праводзілася сёлета ў 13-ты раз. Памяць, ператвораная ў традыцыю, гэта вялікая сіла. Праз колькі гадоў тут будуць збірацца сотні і тысячы патрыётаў Беларусі, а сёння вельмі важна, каб традыцыя не перарвалася, тады не перарвецца і памяць.
Наш кар.
АЛЯКСАНДРУ МІЛІНКЕВІЧУ - 60
25 ліпеня споўнілася 60 гадоў сябру ТБМ, адзінаму кандыдату ад дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года, кіраўніку незарэгістраванага руху "За свабоду" Аляксандру Мілінкевічу .
Яго прадзед і прапрадзед бралі ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага 1863 года, былі рэпрэсаваны царскімі ўладамі. Дзед - актывіст беларускага руху 1920-х гадоў на Гарадзеншчыне. Бацька - заслужаны настаўнік БССР. Сам Аляксандр Мілінкевіч усім сваім жыццём паказвае сябе годным нашчадкам сваіх слаўных прашчураў.
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць шаноўнага Аляксандра Уладзіміравіча з юбілеем і зычаць яму не пахіснуцца, не стаміцца на нашым адвечным шляху да Беларусі, дайсці да нашай велічнай мэты, каб словы "Жыве Беларусь" гучалі не лозунгам, а былі канстатацыяй факту, што нашая краіна ёсць вольнай навекі.
Вельмішаноўны Адам Восіпавіч!
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны далучаецца да шматлікіх віншаванняў з нагоды Вашага юбілею, 75-годдзя з дня нараджэння.
У гэтыя святочныя дні нам ганарова ўсведамляць, што выбітны грамадскі і культурны дзеяч Беларусі, імя якога шырока вядомае ў свеце, - адзін з заснавальнікаў і найактыўнейшых сяброў нашага грамадскага аб'яднання.
Сваёй шматгадовай, нястомнай навуковай і даследніцкай працай Вы дасягнулі зорных вышыняў: доктар філалагічных навук, прафесар, літаратуразнавец, крытык, празаік, публіцыст, - і разам з тым засталіся надзвычай сціплым, шчырым, сумленным, далікатным, талерантным, як само ўвасабленне беларускага інтэлігента, адданага нацыянальнай справе.
Больш за 50 гадоў Вы шчыруеце на літаратурнай ніве. Сёння варта пералічыць некаторыя творы, напісаныя Вамі: "Творчае пабрацімства", "Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст.", "Таямніцы старажытных сховішчаў", "Астравеччына, край дарагі", "На скрыжаванні славянскіх традыцый", "Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст.", "З літаратурных вандраванняў", "Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў", "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча", "І ажываюць спадчыны старонкі". Вашаму пяру належыць гістарычная аповесць "Восень пасярод вясны", а таксама шэраг кніг у сааўтарстве з іншымі творцамі: "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры", "Старонкі літаратурных сувязей", "Шляхі вялі праз Беларусь", "Перазовы сяброўскіх галасоў".
Цягам шэрагу гадоў Вы паспяхова спалучалі тытанічную працу, пасільную сапраўднаму волату духу, лідэру нацыянальнага адраджэння, - на пасадзе дырэктара Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны, прэзідэнта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кіраўніка аддзела культуралогіі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, старшыні мемуарнай камісіі Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама камісіі "Вяртанне" Беларускага фонду культуры.
Дзякуючы Вам, наша музычная спадчына ўзбагацілася старажытнымі мелодыямі, вядомымі грамадскасці як "Полацкі сшытак".
Ваш унёсак у даследаванне беларуска-польскіх і беларуска-літоўскіх узаемасувязей адзначаны ўзнагародамі Польшчы і Літвы.
Таварыства беларускай мовы, рэдкалегія "Нашага слова" шчыра зычаць Вам здзейсніць задуманае, захаваць на доўгія леты ўласцівую Вам бадзёрасць, аптымізм і веру у перамогу дэмакратычных сілаў на Беларусі.
Упэўненыя, што Вашае імя назаўсёды застанецца ў шэрагу тых, хто сваім багатым навуковым досведам, талентам творцы змагаўся за вольную Беларусь.
Выдатны даследчык беларушчыны, адзін са знакамітых людзей нашай краіны
(Да 75-годдзя Адама Мальдзіса)
7 жніўня 2007 года спаўняецца 75 гадоў аднаму са славутых людзей Беларусі Адаму Язэпавічу Мальдзісу. Ён з'яўляецца выдатным даследчыкам беларускай гісторыі і літаратуры, прадстаўляе сабой унікальны тып таленавітага вучонага, чалавека энцыклапедычных ведаў, пісьменніка, літаратуразнаўцы, крытыка і грамадскага дзеяча адначасова. Імя Адама Мальдзіса і яго творы вядомыя далёка за межамі Беларусі. Адам Мальдзіс - вучоны з сусветным імем. Ён таксама з'яўляецца ўзорам сціплага і абаяльнага чалавека, асобы высокай культуры (што не часта сустракаецца ў наш час). Яго кнігі і публікацыі заўсёды прыцягваюць вялікую ўвагу чытачоў і хутка становяцца рарытэтамі.
Адам Язэпавіч Мальдзіс быў першым сярод літаратараў на Беларусі, які адкрыў чытачам, і перш за ўсё маладому пакаленню, сістэматычную гісторыю беларускай літаратуры ХУІ - ХІХ стагоддздяў на падставе знойдзеных ім у архівах Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі дакументаў і твораў. Менаіта Адам Мальдзіс знайшоў ноты "Полацкага сшытка", мелодыя якога сталася гімнам Міжнароднага Згуртавання Беларусаў Свету "Бацькаўшчына".
Сваёй нястомнай, ахвярнай працай даследчыка, вынікамі яе Адам Мальдзіс яшчэ ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя значна пашырыў прадмет даследаванняў беларускай літаратуры, справядліва ўключыўшы ў яго літаратурныя творы на іншых мовах, але на беларускім матэрыяле і тагачасных беларускіх рэаліях. Гэта творы на польскай і лацінскай мовах, якіх цураліся (часткова з-за таго, што не ведалі гэтых моў, а часткова баяліся далучаць іх да беларускай літаратуры) ранейшыя даследчыкі.
Сваёй працай яшчэ ў савецкі час Адам Язэпавіч Мальдзіс аб'ектыўна стаўся адным з пачынальнікам беларускага Адраджэння апошняй чвэрці ХХ ст. Рашучасць у адстойванні сваіх навуковых і грамадскіх поглядаў у дыскусіях і публікацыях, у тым ліку і ў энцыклапедычных выданнях, дала магчымасць гэтымі сваімі кнігамі і публікацыямі пашырыць кола прыхільнікаў беларушчыны нават у тыя, ужо далёкія і нялёгкія часы.
Імя Адам Мальдзіса шырока вядома ў Беларусі. Калі на рубяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў А.Я. Мальдзіс быў запрошаны ў Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, каб прымаць дзяржаўныя экзамены як старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі для выпускнікоў музеязнаўчай спецыялізацыі, то студэнты ганарыліся тым, што ў іх прымае дзяржаўныя экзамены Адам Язэпавіч Мальдзіс.
Адам Мальдзіс нарадзіўся 7 жніўня 1932 года на беларуска-літоўскім памежжы, у вёсцы Расолы тагачаснага Віленска-Троцкага павету Віленскага ваяводства, за якія-небудзь 40 кіламетраў на ўсход ад былой сталіцы Беларуска-Літоўскай дзяржавы - Вільні. Цяпер гэта Астравецкі раён Гарадзенскай вобласці.
Сялянскі род Мальдзісаў мае летувіскія карані, пра што гаворыць само прозвішча. Пра гэта згадвае і сам пісьменнік у сваёй гістарычнай аповесці "Восень пасярод вясны". На беларуска-літоўскім памежжы некалькі стагоддзяў ішоў працэс асіміляцыі летувісаў беларусамі.
Адам Мальдзіс нарадзіўся ў беларускай каталіцкай сям'і Віленшчыны. Ён атрымаў ад продкаў не толькі сталыя беларускія традыцыі, але і здольнасці да навукі. Прага да ведаў, аналітычны розум юнака прывялі яго ў Беларускі дзяржаўны універсітэт, на факультэт журналістыкі, які ён паспяхова скончыў у 1956 г. Некалькі годоў Адам Мальдзіс працаваў сакратаром у раённай газеце "Сцяг Ільіча" (Радашковічы). Потым вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі. Аспірантуру скончыў у 1962 г., а ў 1963 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ўдругой палове ХІХ ст." і атрымаў навуковую ступень кандытата філалагічных навук. Ад 1962 г. Адам Мальдзіс працаваў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі, у якім дзесяць гадоў (1981-1989гг.) ён быў загадчыкам аддзела беларускай дакастрычніцкай літаратуры.
Ад самага пачатку сваёй працы ў Акадэміі навук Адам Язэпавіч Мальдзіс праявіў сябе як перспектыўны і здольны даследчык, які выходзіць далёка за межы вузкага кола тэмы, зацверджанай навуковым начальствам. Вялікая працаздольнасць, самадысцыпліна, сур'ёзныя адносіны да навукі, смелая абарона сваіх навуковых палажэнняў і прынцыпаў адрознівалі Адама Мальдзіса ад шараговых і паслухмяных навуковых супрацоўнікаў. У гэты час ён становіцца вядомым і за мяжой.
Менавіта ў гэты перыяд сваёй дзейнасці ў Акадэміі навук Адам Язэпавіч Мальдзіс зрабіў свае асноўныя даследаванні па гісторыі беларускай культуры і літаратуры ХУІІ -ХІХ стагоддзяў, а таксама па гісторыі беларуска-польскіх і беларуска-літоўскіх літаратурных узаемадачыненняў. Тале-навітаму пяру Адама Мальдзіса належаць навуковыя працы, у якіх упершыню былі апублікаваныя шматлікія факты, літаратурныя і гістарычныя крыніцы, якія да таго часу знаходзіліся ў архівах і бібліятэках, і ніхто з даследчыкаў іх да А. Мальдзіса не кранаў. Адам Мальдзіс знайшоў у архівах і невядомыя музычныя творы.
Адам Мальдзіс - чалавек самадысцыпліны, які амаль увесь свой час прысвячае творчай працы. Плён гэтай працы відавочны - шматлікія манаграфіі, многа соцень навуковых і публіцыстычных артыкулаў, арганізацыя навуковай і выдавецкай працы, выданне кніг, навуковых зборнікаў, навуковых бюлетэняў.
Цяжка пералічыць яго навуковыя працы. У свой час Адам Мальдзіс удзельнічаў, як адзін з аўтараў, у выданні кніг "Садружнасць літаратур" (1968 г.) "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры (том 2, 1969 г.) "Старонкі літаратурных сувязяў" (1970 г.). У гэты ж час А. Мальдзіс выдаў свае манаграфіі "Творчае пабрацімства" (1966 г.) і "Падарожжа ў ХІХ стагоддзе" (1969 г.). Апошняя манаграфія выклікала вялікую цікавасць у навукоўцаў і стала для некаторых з іх настольнай кнігай.
У ХІ томе Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (1972 г.) быў змешчаны біяграфічна-бібліяграфічны артыкул пра Адам Мальдзіса. Рэдка пра каго з кандыдатаў навук змяшчала такія артыкулы Энцыклапедыя. У асноўным друкавалі артыкулы пра дактароў навук. У наступныя гады Адам Язэпа-віч Мальдзіс працягваў плённую творчую працу. Яго манаграфіі выходзяць адна за адной. Яны становяцца крыніцай для іншых даследчыкаў і для студэнтаў ВНУ гуманітарнага профілю. Гэта "Традыцыі польскага асветніцтва ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя" (1972 г.) "Таямніцы старажытных сховішчаў" (1974 г.), "Астравеччына, край дарагі..." (1977г.), "На скрыжаванні славянскіх традыцый" (1980), вельмі папулярная манаграфія "Шляхі вялі праз Беларусь" (1980), у сааўтарстве з Валянцінам Грыцкевічам), "Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХУІІІ стагоддзя " (1982). Гэтыя кнігі хутка былі раскупленыя чытачамі.
У 1980 годзе Адам Мальдзіс атрымаў дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа за ўдзел у двухтомным даследаванні "Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры" і "Гісторыя савецкай літаратуры" (1977г.).
Акрамя сваёй аўтарскай працы, Адам Язэпавіч Мальдзіс ажыццявіў каменціраванне выдання "Твораў" Я. Дылы (1981 г.) і перакладу на беларускую мову "Пана Тадэвуша" Адама Міцкевіча, зробленага Браніславам Тарашкевічам (1981).
У гэты ж перыя ім была выдадзена гістарычная аповесць "Восень пасярод вясны" (1984), прысвечаная падрыхтоўцы паўстання 1863 г. у гэтай аповесці Адам Мальдзіс паказаў сябе ўжо не толькі як даследчык, а як пісьменнік. твор якога чытаецца з вялікай цікавасцю, бо, акрамя сюжэту, усе дэталі грунтоўна абасна-ваныя і паказаны праўдзіва з гістарычнай дакладнасцю.
У 80-х гадах мінулага стагоддзя Адам Язэпавіч Мальдзіс працягвае цыкл сваіх публікацый. У 1987 г. выйшла кніга А. Мальдзіса "З літара-туразнаўчых вандраванняў". У 1988 г. ён публікуе працу "Перазовы сяброўскіх галасоў: Беларуска-літоўскае літаратурнае ўзаемадзеянне ад старажытнасці да нашага часу" (у сааўтарстве з Альмай Лапінскене), "Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў" (1988 г.), "Літоўска-беларускія літаратурныя сувязі" (Вільня, 1989, у сааўтар-стве з А. Лапінскене, на літоўскай мове), "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча" (1990).
Гэтая кніга, прысвечаная творчасці Уладзіміра Караткевіча, ёсць не толькі літаратурным даследаваннем, але і асабістымі ўспамінамі аўтара, які доўгі час сябраваў з Уладзімірам Караткевічам. У некаторых сваіх творах Ул. Караткевіч нават ускосна апісваў самога Адама Мальдзіса і яго кватэру на першым паверсе.
У гэты ж перыяд А.Я. Мальдзіс выдаў свае чарговыя творы, нягледзячы на напружаны рытм працы. У 1994 г. выйшла яго чарговая кніга "І ажываюць спадчыны старонкі". У 2001 г. Адам Мальдзіс апублікаваў сваю кнігу "Як жылі нашы продкі ў ХУІІІ стагоддзі", якая мае шырокі попыт у чытачоў.
З апошніх прац А. Мальдзіса трэба ўзгадаць яго па-ранейшаму цікавыя і бліскучыя працы пра Ежы Гедройца, біяграфічныя нарысы пра Ігната Дамейку, Канстанціна Ельскага, Зыгмунта Мінейку і Марыю Багушэвіч у зборніку "Славутыя імёны Бацькаўшчыны" (вып.1, 2000). Выпушчаны пад яго рэдакцыяй зборнік артыкулаў і матэрыялаў ІУ міжнароднага кангрэса беларусістаў у у 2005 г. (Мн., 2006), яго матэрыялы ў кнізе выдадзенай міжнародным грамадскім аб'яднаннем "Згуртаванне беларусаў свету" Бацькаўшчына" пад назвай "Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы" (2002, 2005 гг.).
Пасля абароны доктарскай дысертацыі на тэму "Заканамернасці развіцця беларускай літаратуры пераходнага перыяду (другая палова ХУІІ - ХУІІІ ст.)" у 1986 г. Адам Язэпавіч Мальдзіс атрымаў вучоную ступень доктара філалагічных навук, а ў 1990 г. вучонае званне прафесара. Ад 1991 г. да 1998 г. Адам Мальдзіс быў дырэктарам Беларускага Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францішка Скарыны, а потым - загадчыкам аддзела ў гэтым цэнтры. Тады ж ён стварыў і асабіста рэдагуе навуковы інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь "Кантакты і дыялогі". Пасля закрыцця ўладамі цэнтра бюлетэнь выдаваўся як навуковы дадатак да газеты "Голас Радзімы", а цяпер - газеты "Minsk Times".
А. Я. Мальдзіс ініцы-яваў і асабіста рыхтаваў да друку каля дваццаці выпускаў зборнікаў навуковых артыкулаў па гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мовы, гісторыі Беларусі, аб'яднанных адзіным кірункам пад назвай "Беларусіка-Albaruthenica".
Адам Язэпавіч Мальдзіс стварыў Навукова-асветніцкі цэнтр імя Францішка Скарыны і надаў яму навуковы кірунак у галіне культуралогіі, літаратуразнаўства і гісторыі, а таксама навукова-інфармацыйны ў пытаннях па беларускай дыяспары. Менавіта пад кіраўніцтвам прафесара Адама Мальдзіса супрацоўнікі Цэнтра імя Францішка Скарыны выканалі шэраг навуковых даследаванняў па тэорыі і гісторыі беларускай культуры, яе ўзаемадзеянні з культурамі іншых народаў, даследаванні па беларусазнаўству, краязнаўству, праводзілі збор бібліяграфічнай інфармацыі па гэтых і іншых навуковых кірунках.
Адам Язэпавіч Мальдзіс быў адным з арганізатараў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў у 1991 г. і яе першым прэзідэнтам (да 2005 г.). Вядома, паколькі А.Я. Мальдзіс быў дырэктарам Цэнтра імя Ф. Скарыны, то і Міжнародны камітэт беларусістаў (які ўзначальваў ён як прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў) знаходзіўся і працаваў на базе Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. У сваю чаргу абедзве арганізацыі праводзілі сумесныя міжнародныя кан-ферэнцыі, сімпозіюмы, семінары і "круглыя сталы". На базе цэнтра імя Ф. Скарыны працаваў і навукова-даследчы Інстытут Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, пакуль не быў зачынены ўладамі ў 2000 г.
Адам Язэпавіч Мальдзіс з'яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра, дзе ў 2001 г. быў абраны першым віца-прэзідэнтам.
У Беларускім фондзе культуры Адам Мальдзіс з 1987 г. - старшыня камісіі "Вяртанне", якая апублікавала звесткі аб ўлічаных культурных каштоўнасцях беларускага народа, страчаных на ка-рысць іншых народаў на працягу апошніх стагоддзяў.
Пад рэдакцыяй А. Я. Мальдзіса выдадзены блібліяграфічны слоўнік "Беларускія пісьменнікі".
Адам Мальдзіс паказаў сябе і як публіцыст. Адкрыццём для многіх чытачоў, напрыклад, былі яго бліскучыя рэпартажы ў часопісе "Беларусь" (1991, №2,3) з міжнароднай канферэнцыі ў Рыме ў красавіку-траўні 1990 г., калі тры навукоўцы з Менска ўпершыню ўдзельнічалі ў міжнароднай канферэнцыі ў далёкай Італіі і дзе таксама ўпершыню сустрэліся з беларускімі дзеячамі замежжа Янкам Запруднікам, Зорай і Вітаўтам Кіпелямі, а таксама польскімі калегамі - лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі паэтам Чэславам Мілашам (мне ён падаўся такім сваім засцянковым панам, з якім было лёгка размаўляць), прэзідэнтам Польскай Акадэміі навук гісторыкам Аляксандрам Гейштарам (з якім я быў знаёмы даўно і нават выслаў яму раней радавод Гейштараў на аснове беларускага архіву) і іншымі. Адам Мальдзіс занатаваў нашы ўражанні ад сустрэчы з папам рымскім Янам Паўлам ІІ (для мяне гэта была першая з трох сустрэч і магчымасць пагаварыць з папам).
За свае навуковыя дасягненні Адам Язэпавіч Мальдзіс атрымаў у 1982 г. ад польскага ўрада ганаровае званне заслужанага дзеяча польскай культуры. Ён узнагароджаны медалём Францішка Скарыны, мае іншыя беларускія ўзнагароды, а таксама пяць польскіх. Так, у 2006 г. за сваю навуковую дзейнасць ён атрымаў прэмію і адпаведны дыплом часопіса "Пшэглёнд Всходні", які выдаецца пры Варшаўскім універсітэце.
Адам Мальдзіс з'яўляецца акадэмікам Міжнароднай Акарэміі навук Еўразіі, у якой з 1996 г. кіруе аддзеладм культуралогіі.
Адам Язэпавіч Мальдзіс - адзін з выдатных сыноў беларускага народа, а яго навуковы і публіцыстычны дарабак стала ўвайшоў ва ўжытак пры вывучэнні беларускай літаратуры, гісторыі і культуры.
Яшчэ напярэдадні беларускага Адрадждэння канца 80-х - 90-х гадоў ХХ ст. Адам Мальдзіс быў адным з нешматлікіх, лічаных тады беларускіх інтэлігентаў і навукоўцаў, якія яшчэ ў савецкі час паднялі тэму адмаўлення ад савецкай міфалогіі ў грамадскіх навуках, і перш за ўсё ў гісторыі Беларусі, і вяртання сапраўднай гістарычнай спадчыны беларусаў.
Да гэтага перыяду адносіцца артыкул А. Я. Мальдзіса "Чалавек - стварэнне гістарычнае" (1988). Асабліва трэба адзначыць артыкул "Няўжо" забароненая зона?", які Адам Язэпавіч Мальдзіс з двума сааўтарамі надрукаваў у маскоўскім часопісе "Советское славяноведение" (№3, 1988), бо ў Беларусі і ў Маскве іншыя часопісы і газеты адмовіліся яго друкаваць. Гэта быў знакавы для таго часу артыкул, у якім аргументавана была паказана неабходнасць перагляду састарэлых, штучна накінутых камуністычнай уладай поглядаў на гісторыю Беларусі. Пазней гэты артыкул быў надрукаваны ў Менску ў зборніку "З гісторыя на "Вы". У самым пачатку 1991 г. гэты артыкул выклікаў супрацьдзеянне кіраўнічых кампартыйных колаў у Беларусі, аднак ён даў падставу беларускім гісторыкам пачаць перагляд сваіх ацэнак цэлых перыядаў беларускай гісторыі. Гэта шмат у чым садздейнічала падрыхтоўцы да абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 г. вяртання дзяржаўнага бела-чырвона-белага сцяга і герба "Пагоня". Іншыя гісторыкі тады яшчэ сядзелді моўчкі ці звярталіся з просьбамі ў вышэйшычя партыйныя органы.
З нагоды юбілею хачу павіншаваць вельмі шаноўнага юбіляра і пажадаць дарагому Адаму Язэпавічу Мальдзісу здароўя, моцы, бадзёрасці, аптымізму, новых творчых поспехаў у навуцы і справе беларускага Адрадждэння.
Анатоль Грыцкевіч.
Рыцар Беларускага Адраджэння
Успамінаю пачатак 70-х гадоў, калі шчаслівы лёс спрыяў майму першаму знаёмству з Адамам Восіпавічам Мальдзісам, вядомым пісьменнікам, публіцыстам, крытыкам, літаратуразнаўцам.
Тады, пасля заканчэння геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, я працаваў глебазнаўцам у праектным інстытуце "Белдзіпразем", а ў мясцовым прафкоме адказваў за культурна-масавы сектар. І вось сябры прафкаму пажадалі, каб я запрасіў на сустрэчу з супрацоўнікамі беларускага пісьменніка. У Доме літаратара мне параілі кандыдатуру Адама Мальдзіса. У вызначаны час ён прыехаў да нас, і пры паўнюткай актавай зале больш гадзіны распавядаў пра сваю творчасць, адказваў на шматлікія пытанні. І потым, калі я недзе ў газеце ці часопісе сустракаў яго імя, мне заўсёды прыходзіла на ўспамін гэтая першая сустрэча.
Зараз доктара філалагічных навук, прафесара, аднаго з вядучых даследчыкаў беларускай дакастрычніцкай літаратуры Адама Мальдзіса ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.
На погляд многіх суайчыннікаў, як асабіста і мой, велізарная яго заслуга перад Бацькаўшчынай - Беларуссю ў тым, што сваёй шматгадовай працай і таленавітымі творамі Адам Мальдзіс, як і вядомы гісторык Мікола Ермаловіч, змог даказаць, што мы - беларусы, высокацывілізаваная нацыя. Культура наша пачыналася не з часоў бальшавіцкага перавароту 1917 года, а з сівой даўніны.
Працуючы ў архівах Пецярбурга, Вільні, Лондана і Кракава Адам Восіпавіч ад-шукаў дыяменты, якія з гадамі ззяюць ярчэй і натхняюць беларускіх празаікаў і паэтаў ствараць новыя мастацкія творы, даюць свядомым беларусам і слых, і зрок.
Першым творам Адама Мальдзіса, з якім я пазнаёміўся, была цудоўная, даступная нават для вучняў, кніга, напісаная ў сааўтарстве з В. Грыцкевічам, "Шляхі вялі праз Беларусь".
Уразіла мяне таксама яго кніга "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча", шмат цікавага і пазнавальнага я даведаўся і з выдатнай кнігі "Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХУІІІ стагоддзя".
Адам Вопіспавіч задае пытанне, чаму гэта сёй-той адзываецца пра беларуса, што ён быў неадукаваны, не меў сваёй гісторыі і гэтак далей. І тут жа адказвае пытаннем на пытанне, а чыімі ж рукамі пабудаваны полацкая Сафія і замак у Нясвіжы. І адкуль з'явіліся Францішак Скарына, Сімяён Полацкі?
Ад сябе адзначу, што хто як не мсціслаўскі Сцяпан Палубес і шмат іншых майстроў зямлі беларускай аздаб-лялі і ўпрыгожвалі маскоўскія Крамлёўскія палацы?
Стагоддзямі беларусы былі донарамі культуры суседніх народаў. Пакутліва чакае вяртанне Беларусь таго, што было прысвоена польскімі магнатамі і ідэолагамі рускага самадзяржаўя. Адам Мальдзіс разбіў міф пра тое, што многія вядомыя пісьменнікі, асветнікі мінулых гадоў і стагоддзяў - рускія ці польскія. Адам Міцкевіч, Станіслаў Манюшка. Уладзіслаў Сыракомля - ураджэнцы Беларусі, радаводы іхнія беларускія.
Неяк прачытаў я ў нядаўна выдадзеным у Расіі даведніку, што Марк Шагал, 120-годдзе з дня народжэння якога споўнілася сёлета, вядомы рускі мастак, які нарадзіўся ў рускім горадзе Віцебску. А ў зборніку навукова-фантастычных твораў пад назваю "Пасынки Вселенной», выданнай у 1980 г., пра вядомага амерыканскага пісьменніка - фантаста, ураджэнца Мсціслаўшчыны, надрукавана, што ён нарадзіўся ў Расіі. І такіх недарэчнасцяў можна сустрэць шмат. Як пісаў у сваім вершы "Водпаведзь" вядомы гісторык, пісьменнік Мікола Ермаловіч:
"Вы дастаеўскіх у нас бралі.
А нам давалі мураўёвых".
Незразумела, як гэта наш беларускі песняр Янка Купала, які пісаў таксама і на польскай мове, не трапіў у спіс польскіх паэтаў? Адам Восіпавіч вельмі ў люблённы ў сваю малую радзіму - Астравеччыну, пра якую ён з прачулай шчамлівасцю напісаў у сваёй аповесці "Восень пасярод вясны".
Была Астравеччына і ў маім жыцці. Неяк, у пачатку 90-х гадоў, у якасці геолага мне давялося пабываць там у камандзіроўцы. Шмат добрых слоў пра выдатнага земляка я пачуў там ад жыхароў гэтага маляўнічага куточка беларускай зямлі, дзе амаль усе жы-хары размаўляюць на нашай сакавітай цудоўнай беларускай мове.
І сёння, калі ў мяне ёсць складаныя пытанні наконт якіх-небудзь гістарычных падзей ці пра вядомых людзей, я звяртаюся да Адама Восіпавіча, і ён, нягледзячы на сваю занятасць, заўсёды з ветлівай усмешкай дае грунтоўныя адказы.
Адам Мальдзіс - аўтар шматлікіх артыкулаў у хроніка-дакументальных кнігах "Памяць", выдадзеных у кожным адміністрацыйным раёне Беларусі, ён таксама кіраўнік навуковай тэмы "Беларускія пісьменнікі: бібліяграфічны слоўнік у 6 тамах".
Навогул, цяжка пералічыць усё тое што стварыў Адам Восіпавіч за сваю шматгадовую плённую дзейнасць.
З 1991 года Адам Мальдзіс - дырэктар Нацыянальнага навкова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, старшыня камісіі "Вяртанне" Беларускага фонда культуры, прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі беларуістаў. Гэта - не поўны пералік яго ганаровых пасад.
Ад імя ўдзячных беларусаў, ад сябе асабіста, віншуем Вас, Рыцар Беларускага Адраджэння, паважаны Адам Восіпавіч. З юбілейнай датай - 75 годдзем з дня нараджэння! Моцнага здароў'я Вам, новых творчых поспехаў і доўгіх гадоў жыцця на славу нашай Бацькаўшчыны - незалежнай Беларусі.
Лявон Целеш, г. Дзяржынск.
Мовазнаўчы досвед
Насуперак нормам нацыянальнай мовы
Швагер - а не шурын. «Мы, лічы, з маім мужам і шурынам дачу збудавалі» (По-лымя. 2006. № 12. С.79). Слова шурын беларускай літаратурнай мове неўласцівае, яго не падаюць слоўнікі. Расейскаму шурын у беларускай мове адпавядае слова швагер. Гэта засведчана ўсімі слоўнікамі: «Русско-белорусский словарь» (1993, т.З, с. 762): «Шурнн - швагер». «Беларуска-расійскі слоўнік» (1926, с.349) М.Байкова і С.Некрашэвіча: Швагер м. - шурин, свояк; «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэдакцыяй К.Крапівы (Т.2, с. 708): «Швагер, м. 1. (брат жены) шурин; 2. (муж сестры) свояк». Гэтае слова мае і свой жаночы варыянт - "швагерка" (сестра жены) свояченица» (Тамсама).
Падтакваць - а не паддакваць. «Адны з іх згаджаліся, паддаквалі кіўком галавы, іншыя спрачаліся». (Полымя. 2007. № 1. С.36).
Паддаквалі - памыл-ковае слова. Гэта - утварэнне ад слова «Да! Да!» (паддакивать). Яму ў беларускай нармаванай мове адпавядае падтакваць - ) выказваць згоду (з чужой гаворкай), адабрэнне, часта вымаўляючы «так». Гэта засведчана слоўнікамі, напрыклад, «Русско-белорусским словарём» 1993 г. (т.2, с.591). Дарэчы, у іншым месцы гэтага тэксту (С.54) бачым нармаваную форму - падтакваць: «- Усюды ён проста пішчом лезе. - Ага, праўда, - падтакнуў другі жаночы голас. - Усё' наві-давоку хоча быць».
Знізіцца, спасці - а не ўпасці. «За апошнія дваццаць год узровень возера ўпаў на 45 сантыметраў». (Полымя. 2006. № 12. С.127). Тут памыл-кова ўжытае слова «ўпаў». У нармаванай мове павінна быць «знізіўся» ці «спаў». Гэта засведчана слоўнікамі. Так, «Русско-белорусский словарь» 1993 года (т.З, с.616) фіксуе: «Упасть... 4. уровень водыупал - узровень вады знізіўся; барометр упал -барометр спаў (знізіўся)».
Зыржавець - а не саржавець. «Ну, што ты можаш пераіначыць, калі ўжо даўно тут усё пайшло прахам, збуцвела, згніло і саржавела» (Полымя. 2006. №12. С.40). У беларускай мове выкарыстоў-ваецца слова іржа і ўтвораны ад яго дзеяслоў іржавець (рас. ржаветь), у закончаным трыванні з прыстаўкаю з- зыржавець. Форма саржавець - гэта ўтварэнне ад ржавець, якога няма ў беларускай мове. Не можа быць тут і варыянта «сыржавець», бо прыстаўка-фанема ў моцнай пазіцыі (перад галоснай ці санорнай зычнай) - гэта з- (а не с-), параўн.: зэканоміць - рас. сэкономить (Русско-белорусскнй словарь. 1993, т.З, с. 493).
Гаротны, горкі, туж-лівы - а не горасны. «Не кожны з нашых, хто вырваўся на волю і ад занудлівага сядзення за ватманам, і ад хатніх клопатаў і згрызот, мог бы доўга слухаць чужую, тым больш горасную споведзь». (Полымя. 2006. № 12. С.41).
Беларускай мове неўласцівае слова горасны. Ад-паведнікам рас. горестный выступаюць адмысловыя беларускія лексемы. «Русско-белорусскнй словарь» (1993, т.1, с.323) падае: «Горестный - (полный горя) гаротны; горкі; (выражаюшнй скорбь) туж-лівы; жаласны».
Тодарышын - а не Тодарыхін. «Вось і Тодарыхін надворак». (Полымя. 2006. № 12. С.70). Форма Тодарыхін парушае норму беларускай мовы: перад суфіксам -ін- у прыналежных прыметніках адбываецца чаргаванне гукаў к-ч, х-ш: Зоська - Зосьчын, Андрусіха - Андрусішын, Тодарыха -Тодарышын.
Купіла б - а не купіла бы. «Лепш купіла бы сабе што-небудзь талковае... Ця-пер знайшліся бы лекі ад алергіі і не мучылася б». (По-лымя. 2006. № 12. С.81, 85). Беларуская мова мае два варыянты часціцы, якая ў расейскай мове выступае заўсёды ў адной форме бы. Дзвюхфанемны варыянт бы выкарыстоўваецца ў беларускай мове пасля папярэдняга слова, якое канчаецца зычным: прынёс бы, стаў бы, купіў бы. Аднафанемавая часціца б ужываецца пасля слова, якое канчаецца галоснай: чытала б, купілі б, прынеслі б. Ужыванне часціцаў бы, б дыктуецца гармоніяй гукаў. На жаль, гэты фанетычны закон беларускай мовы парушаецца пры неадрозніванні сістэмаў беларускай і расейскай моваў, ствараючы тым самым трасянкавы варыянт маўлення. А трасянка ж разбурае мову, яе сістэму!
Мілата - абаянне. Слова абаянне не падавалі на сваіх старонках беларускія слоўнікі 1920-х гадоў.
Рас. обаяние - утва-рэнне ад баять 'загаворваць, абварожваць, зачароўваць' (М. Фасмер). Нашыя акадэмічныя слоўнікі фіксуюць беларускія яго адпаведнікі - чароўнасць, прывабнасць (Русско-белорусский словарь. 1953, с. 329).
«Беларуска-рускі слоўнік» (Т.1, 1988) змяшчае яшчэ адзін яго адпаведнік: «Мілата - Обаяние» (с. 692). Падае гэтае слова і трохтомавае яго перавыданне (2003 года): «Мілата - обаяние».
Знаходзім ускоснае пацвярджэнне гэтага і ў «Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы» (1996): «Мілы - які выклікае прыхільнасць да сябе; прыемны, абаяльны» (с. 345). На жаль, лексема мілата тут не фіксуецца. А вось шасцікнігавы яго папярэднік падае гэтае слова з характарыстыкай значэння і адпаведнымі ілюстрацыйнымі прыкладамі. У трэцім томе ТСБМ (1979, с. 154) чытаем: «Мілата. Чароўнасць, прыгажосць, абаянне чаго-небудзь прыгожага». «У Лявона на сэрцы неяк стала лёгка і соладка, калі адчыніў варотцы ў свой садок. Мілата і любата!» (Чарнышэвіч). Зафіксаваў гэтае слова і «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэдакцыяй акадэміка М. Бі-рылы (Мінск, 1987, с. 388)
Дык мілата ! I для душы, і для маўлення.
(Ня)спешна - (не)таропка. «Дзеці адразу перасталі шморгаць носам і хто таропка, ажно часам падаючы на зямлю, хто няспешна, хто мітусліва шнуравалі ў танцавальнае кола» (Полымя. 2007. № 1. С. 26).
«Васіль пачынаў нетаропка вальс або падыспань, і ўсе дзівіліся жвавасці танцо-раў». (Полымя. 2007. № 1. С.22) «Петрык пачаў няспешна апаражняць напарсткі». (Тамсама, с.55)
Слова таропка - утварэнне ад торопиться (то-роп-к-а), якому ў беларускай мове адпавядае спяшацца, а яно - ад торопить - падганяць, прыспешваць (Русско-белорусский словарь. Мннск, 1993, с. 533). Дый сам ілюстрацыйны прыклад сведчыць пра гэта: антонімы «таропка» - «няспешна». Таму па-беларуску натуральна было б сказаць (напісаць): хто спя-шаючыся (спешна), хто няспешна...
Дык ці трэба нам пазычаць тыя словы, «якіх (іх адпаведнікаў) поўна ў сваёй мове»? (Я.Скрыган). Моўная ж трасянка не ўзбагачае, а разбурае сістэму мовы.
Удалыя знаходкі-лексемы
Нападарожныя сло-вы. «Паводле «Жыція» Мяфодзія, імператар сказаў ім нападарожныя словы...» (А. Каўрус, М. Круталевіч. Стара-славянская мова. - Мінск, 2005. - С. 13).
Слова нападарожны не фіксуюць нашыя слоўнікі. Пры перакладзе расейскага напутственный у слоўніках падаюцца апісальныя звароты "сказаны на дарогў", "дадзе-ны на дарогу"; обратыться с напутственной речью - сказаць слова на дарогу; напутственный совет - парада на дарогу (Русско-белорусский словарь. 1993. Т. 2. С. 146).
Адмысловы знаўца мовы, аўтар кнігі (пакуль рукапіснай) «Словы без прапіскі (пазаслоўнікавая лексіка беларускай мовы)» Алесь Каўрус стварыў натуральнае сло-ва-адпаведнік рас. напутственный. Яго (слова) можна кваліфікаваць як конфіксавае ўтварэнне ад падарожжа (на - падарож-н-ы) з матываван-нем (унутранай формай) 'сло-вы-наказ на дарогу, падчас падарожжа'.
Удалае і вельмі неабходнае слова. Ёсць усе падставы, каб замацавацца ў слоўніку літаратурнае мовы і тым самым унікнуць лакуны ў моўным скарбе беларусаў.
Тэставанне - тэсціраванне. «Цэнтралізаване тэставанне - гэта першы этап конкурсу на шляху ў ВНУ. Таму падрыхтоўка да яго патрабуе не толькі пэўных ведаў, але і ўмення выконваць тэставыя заданні», -чытаем у аўтарытэтным штомесячным навуковым і метадычным часопісе «Роднае слова» (2007. № 2. С. 66) у рубрыцы «Рыхтуемся да цэнтралізаванага тэставання». Форма тэставанне арганічна стасуецца з яго аданкаранёвымі тэст - тэставы - тэставаць.
Параўнайма аднамадэльныя : анкета - анкета-ваць - анкетаванне, пакет - пакетавы - пакетаванне.
Варыянт з -ір- - тэсціраванне - не адпавядае фа-нетычным і словаўтваральным нормам беларускай нацыянальнай мовы: суфікс -ірава- штучны для беларускай (як і іншых славянскіх моваў - украінскай, польскай, славацкаў, чэшскай...). Апроч таго, фі-нальны зычны [т] звычайна захоўвае сваю цвёрдасць, параўн.: фетыш - фетышызаваны, фанат фанатызм, фанатычны; фантаст - фантастыка. Пра гэта сведчаць таксама аднамадэльныя ўтварэнні, зафіксаваныя слоўнікамі, напрыклад: савет - саветызаваць (рас. совет - советизировать). Адсюль натуральна тэст - тэставаць - тэставанне (рас. тест - тестировать - тестирование).
Павел Сцяцко
ГАВОРЫЦЬ НАША ГРОДЗЕНШЧЫНА
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
11. Было нас у бацька дзесяцёра, бацько, мацi, баба Хвядорка i цётка Ульянка (замуш нi пайшла). Сямья велькавелька ў хацi, у гэдыкум горы, у гэдыкум сьцiслум. Зямлi много, бацько i мацi с поля нi сходзяць, а тая Хвядорка i Ульянка знай дзiсьцiплiну дзяржаць. Пасьпеюць картофлi - сем гадоў ужэ, iдзi накапай кунатку на вячэру. Канешна, каб дзьве i каб нi больш, а то як больш, то змарнуяш. А малая ляжыць у калубелi. Цяпер вось i стушкi, i малако, i ўсё, а тагды нiчого. Мацi напоiць, баба хлеба нажуе, трохо цукру туды i ганучку зробiць i гэтаму дзiцяцi ў рот вапхне, а сама тожа штонiбуць у гародзi робiць, а нам у хату нi ўваходзiць, калi ўваходзiць, то нi енчыць. Вайдзеш у хату, а тоё дзiця мухi апануюць, тую дунду (гэта дунда называлася тая гануча). Да таго сасе дзiця той хлеп, што анно лапiко тоё стрычыць у роцi. Баба крычыць, што нi плакало iшчэ, не, нi плакало, а ўжэ зьзело той хлеп. Яна нi пытаяцца, цi высмактало, цi зьзело. Зьзело, зьзело, та там зрабiця, а як ты зробiш. А мацi на полi, нiма, а яно цыцкi хоча. Прыдзя ў хату, адрэжа кусочак хлеба, пажуепажуе ды малака капяльку вазьме, ды на паляц, ды дзiця разьзяўляе рот, а яна яму - рас у рот. Есьць малоё дзiця, алi есьць, тры месяцы есьць гэдыку жувачку. Ну, гэто як малыя. Ужэ як пад восянь, iзноў бацькi с поля нi сходзяць. Сем лет хлопцу, а ўжэ трэба, каб каравэ хлопяц пасьвiў, ужэ жанi кароўку пасьвiць, ды яшчэ нi анно сваю, ды там суседзяў сем якiх штук. А рано ўставаць, тыя лапцi пака абуя с аборамi, панакручвая тыя аборы. Цяпер гэто раз ды панчоху адзеняш, а тагды скуль тая панчоха, калi якую панчоху зробiш, то гэто трэба, кап свая нiтка была. А жане ўрано, у дванаццаць часоў. Што, ён хлеп с сабою бярэ? Ні бярэ. Якiя здаровыя парасьлi. Як дубэ братэ мае. Ну анно дзьве сястры мае ўмярло зь дзесяцi, а гэтыя ўсе парасьлi. Ну i цiпер, брат умёр, а гэтыя астальныя жывуць. Ну i прышла тая восянь. Як цiпер школы, а тагды якая школа. Цiпер есьць, ды нi вучацца. А тагды кап вучыцца - дзе там. Анно багатыя, што жывуць, мало дзяцей, то тыя у Дзярэчын, то ў Зельвi наймаюць квацеры, вучацца. Знай прыдзя восянь. Вясною гэты лён поляшполяш, поляшполяш, а ўжэ прыдзя восянь, ужэ так сьцеляш, патом церцi яго трэба. Ужэ ў гэтым цернiку яго зноў трэштрэш, трэпляш, трапачка гэдыка зроблена. Гэтаю трапачкаю гэдык трэба выпiлiць, кап каросты нiдзе, страсанеш, каб нiдзе каросты нi было. Мацi праверыць - добро, добро. О ўжо як мы сабярэмся сь цернiцамi, нас там дзяўчат многомного, дзе да каго ў хлеў гэдыкi парожнi. У нас быў склеп мураваны, папрыходзiм, ужэ там вясельля, нi гэдак, як цiпер.
Жанчына, 1918 г. н. в. Крывiчы Зэльвенскага раёна, 1995 г.
12. Хай Бух крэя, як жылі. Пасьля вайны была бяднота, адналічно жылі, лён абівалі, пралі. Тады калгасы сталі закладаць. Людзі не хацелі, сапраціўляліся. Гэта цяпер усе ў калгасах, а тады падавалі коні, кароў, рабілі ўручную. Жалі рукамі, капалі картоплі спат коней. Трудадзень ставілі, давалі дзьвесьце грам жыта. Бувало, здумаю, як паявіліся плюш, байка, дык адразу панашывалі шапок. Пальтачко пашыла, плашчык. О гэдак і гадавалі дзяцей. Як навару зацірачкі, налажу маслам, і ўсё. Як ацеліцца кароўка раней у каго, насілі адзін аднаму. Шкадавалі, адносіліся добра, у каго няма чаго, дзяліліся статнім. Не було хлеба. Дзяцька нясе бохан велькі хлеба, пака нажнем. А як нажнем, баба нажне снапочкаў раней, пасушым каля плота, намалоцім, цэлы тыдзень ямо, а гумно было далёка. Ды, бало, тоё жыто барджэй абмалоцім, ды баба напячэ. Але, бало, хавалі сьвіней, смалілі ноччу, бо трэба було гасударству андаць. А ў вайну па балотах начавалі - ішла акцыя. Бацька не пайшоў да немцаў, ды ў алсі хаваліся. А мы, матка і нас пяцёро (бацька згубіў нас ды пабег на лес), а мы на Дубраўку валаклі ўсё сваё дабро. Па вадзе халоднуй дайшлі да рова, а роў глыбокіглыбокі. Мая матка стала плакаць: "Оёй, Сьцяпанко, а што мы будзям рабіць?!" Дзяцька браў і перакідваў нас праз роў. Бярэ і пуляе, а сам у вадзе стаіць. А там на Дубраўцы акцыя. Усе баяцца трымаць каго ў сябе. Матка бярэ нас трох, а на мяне кажа: "Ідзі, дачушка, дахаты, паглядзі, што там". Даходзім да сяла чалавек трыццаць дзяцей і баб. А немцы дасталі пулямёты, а мы ідзём на пулі, на сьмерць. Даходзім мы мо метраў пяць, і ўжо здэцца, восьвось будуць страляць. Паглядзеў немец, што там старыкі і дзеці - і ўсе свае пулямёты на машыны. А ў сяле ўжо голасам гудуць. А потым быў случай, як немцы на гары знайшлі нас. Я баялася, пабегла да падругі, палезьлі на гару. І немец туды залес, наставіў аўтамат. Мы зьлезьлі з гары. Галіна ўцякала ў гарот, ды застрэлілі. Іншых дзяўчат пазьбіралі ў Германю. Мае ногі сінія, халадно мне, а я кульгаю. Тых дзяўчат падзялілі, а на мяне кажа: "Ідзі!" А я не магу ісьці, набоі баляць, на адной назе скачу. А матка баіцца выбягаць мне памахчы. Нам па чатырнаццаць гот было, яшчэ дзяўчуке. Свой гузялок кінула. Пасьля матка забрала той гузялок з лахманікамі. Ніхто яго не браў. Усяго було. Як стану ўсё ўспамінаць - плакаць буду.
Жанчына, 1929 г. н. в. Вострава Зэльвенскага раёна, 1993 г.
13. Як я была дзеўкаю, мы жылі на футары за жалезнай дарогай. Называўся ён Маляво. Скучно было на гэтым футары. А мы маладыя былі, патанцаваць хацелася. І вось на танцы хадзілі за сем кіламетраў у вёску Ярняво. Хадзілі напрасткі, каб бліжай было, прас лес, Брынькава яго называлі. Дарога ў Ярняво была зусім нікуды не годная: канавы адны з вадою. Мы лапці паскідаем, тады пасьля вайны болей нічога не было, мой бацька пакойны распорваў рэзіну с калёс і шыў нам лапці. Дык вось мы бярэм іх у рукі і босыя па вадзе. А канавы глыбокія трэба было пераходзіць, калі і лёт быў дажа. І мы плылі на гэтых крэгах на тыя танцы, босыя сядзем на крылі лядзянкі і плывём вось. А на танцах граў дзяцька Кастын на скрыпцы, гармошкі ў нас не было, танцавалі мы польку, падыспан, кракавяк. Але польку мы больш любілі, трапечамся, трапечамся, потым аддыхнем крышачку і зноў просім дзяцьку Кастына, кап польку граў. Танцавалі недзе да часу ночы. На танцы нас ішло сем дзевак с хутара, а назад ужо кожная с хлопцам ішла. Бывала, прыйдзеш с хлопцам пат хату, сядзеш на дзеравіне і сядзіш, пакуль маці не пражане. Калі і разьвіднее ўжо, а ў хату ісьці не хочацца. Вось што значыць маладосьць! Бегалі, шукалі нечага, бо глуш на футары была. Там я і с мужыком сваім пазнаёмілася, разам танцавалі. А калі мне было дзевятнаццаць год, мы пажаніліся. Адно што мала жылі, а так усё было добра.
Жанчына, 1928 г. н. в. Азярніца Слонімскага раёна, 1992 г.
14. Маці мая гадавалася сіратою, жыла пры сястры, пагэтаму замуш вышла рано, маладая. Бацько быў на дзесяць лет старшы. Маці за ракою служыла, і там яны пажаніліся. Яна хацела мець сваю сям'ю, бо й служыць было цяшко й пры швагры жыць тожа цяшко. У сям'і нас было дзесяць дзяцей. Я ў трыццаць трэцюм годзі радзілася ў Навасёлках. Было бенно, зямлі было мало, а сям'я велька, самаму меньшаму ано было паўгодзіка, як бацько ўмёр. Хадзілі гэдак людзям рабілі за міску гароху ці картоплі. Гадаванё было цяжолаё, але Бог даў павырасталі ўсе. Хлопцы арміі паатслужвалі, пажаніліся. У сям'і сем хлопцаў было і тры дзеўчыны. Паразьяжджаліся па ўсём белум сьвеці: і ў Смаленск, і ў Талін, і на цаліну. Але ні ўсім Бог пажыць даў: пяць браточкаў ужэ ўмярло, а троё - шчэ як маці жывая была, з гэтага гора яна й асьлепла. Анна я ў сяле пры мацяры асталася. Замуж вышла тожа за сірату, жыў пры мачасі. Памахчы ні было каму, усё с сваіх пяці пальцаў нажывалі. Жылі добро, дружно, хоць і бенно. Абжыліся, хатку пастроілі. Пакуль здароўё было, ў калхос хадзілі. Нажылі двоё дзетак, выгадавалі. Стараліся, вучылі іх, каб іх доля была лепшай, бо самым ні было за кім вучыцца. Хацеласё, кап дзеці былі граматнымі. Сын робіць электрыкамшафёрам, тожа мая дваіх дзетак, дочка - настаўніцай. Цяпер анно жыць і жыць, а здароўя ўжэ німа. Але мы й так пажылі. Слава Богу ўнучкаў во дачакаліся. Хочацца, кап дзеці і ўнукі нашы ні бачылі такого гора і страданьня, як мы.
Жанчына , 1933 г. н. в. Навасёлкі Слонімскага раёна, 2003 г.
15. А ў нас у той чацьвер уноч у суседа стох гарэў. Якрас зьвечару дошч пашоў і крапацеў такі маленькі ўсю ноч. Паляглі мы ўсе ўжо спаць. Я ўночы прачнулася, чую, крыху грыміць, на гуліцы цёмна. Ізноў я заснула. Потым чую, Лідзя стукая ў шыбу мне, усё крычыць: "Пажар! Пажар!" Я схапілася, выбегла, стала на парозі і паглядаю, як гэты стох гарыць. А спалохалася я спалохалася, стаю, а мяне ўсю калоціць. Пакуль я ўспакоілася... А Лідзя пабегла ў той канец людзей будзіць. Яна потым казала, што як праснулася і ўбачыла, што нешта гарыць, дык адразу падумала, што гэта хлеў мой гарыць. А Марыля падумала, што хата мая гарыць. Ну ды што я думаю рабіць - пабегла будзіць гэтага Валодзіка. Стукала я стукала ў акно, а яны нічога ні чуюць. А потым, проўда, чую, што нехта па хаце ходзіць. Гэта Алех іх прачнуўся, учуў, што я стукаю, і пабудзіў, мусіць, усіх. Ён як выбех і адразу пабех у пажарну званіць. А стары выбех у адных кальсонах, а Ядзя ў сароццы, ды як пачалі махаць рукамі і крычаць: "Людзі! Ратуйце! Тушэце!" А хто тут будзе тушыць, пасталі ўсе як укопаныя. Я скарэй пабегла, вядро прынясла, тут яшчэ нехта прынёс. Пачалі з лужыны чэрпаць воду ды як плюхнем на стох, а іскры як сыпануць угору. Добра што яшчэ дошч крапаў. А так згарэў бы стох, і ніхто не ўбачыў бы. Тут пажарна прыехала, пачалі ліць воду. Глядзімо, і дровы пачынаюць гарэць. Пажарныя пачалі крычаць, кап дровы аткідвалі. Пабеглі мы дровы аткідаць. Кап дровы загарэліся, то пачало п і гумно за імі. Пааткідалі мы тыя дровы. А тут у пажарнай вада кончылася. Паехала яна па воду, а куды яна езьдзіла запраўляцца, не ведаю, не скажу. Ну што, прыехала пажарна, датушыла ўжо гэты стох ды паехала, а мы расьцягнулі салому, што асталася, а яна курэла яшчэ аш да раніцы. Пастаялі людзі ды пашлі па хатах. А я прышла ў хату, глянула на часэ, было ўжо пяць, я і не клалася. Пашла падаіла карову, управілася. А во на другі дзень прыехала міліца. Пачалі ў мяне распытваць пра пажар. "А можа, - кажуць, - бачылі каго, а можа, ат маланкі?" Але ат маланкі ні можа быць, там крыху пагрымела ўночы. Я ім так і расказала, што збудзіла Лідзя. Кажу ім: "Аткуль я ведаю, хто тут патпаліў? Мяне клікалі на пажар, ды я другіх клікала". Пашлі потым міліцыянеры да Лідзі, пачалі ў яе распытваць: "А што? А як?" А што яна скажа? Тоя само, што і я. А хто ўжо запаліў гэты стох, то і невядома. Хто яго зная, можа, хто ішоў курыў ды кінуў акурак, і загарэўся гэты стох. А Валодзік кажа, што гэта яму пазавідавалі, што аш чатэры стогі мая, ды гэта ўжо патпалілі адзін, але прас два дні новы стох прывёс с калхозу.
Жанчына, 1927 г. н в. Лозкі Дзятлаўскага раёна, 1994 г.
16. Адзін гот гэты, тут я была, пасьвілі каровы, дажа тут у нас сусет, ён замаўляў ад гадаў. Там знахары не вылечваюць, токі замоваю. Пасьвілі мы з ім разам. Ён з аннаго боку лесу, я з другога. Усё было пакошана, мы пасьвілі каровы. А я зьбірала казьлячкі маладзенькія, узяла цэлафанаву торбачку, ножык у міне быў. І я ўсё каля лесу, маладзенькія казьлячкі, дык я яго вазьму аблуплю і ўсё ў цэлафанаву торбачку. Іду - як вожычак, ляжыць каля хвойкі гэдака ш бальшая гадзіна. А міне палка была пат пахаю, я забылася, што яна ў міне пат пахаю е. Думала, як жа ш яе забіць, ах Божа ш мой. Я паціхеньку атхілілася, узяла там сучок такі добры і прышла. Яна ляжыць. Я як дала па галаве - скруцілася. Біла я яе біла, на кускі ні паб'ю ніяк. Такая велька во гэдыка ды тоўстая. Як б'ю, дак сераўно як па падушцы ці гэдак. Ніяк ні каб гэта забіць. Ужэ ш галаву гэту дак разьбіла проста галаву. Ну так па ёй б'ю -ні разаб'ю, ана тоўста, ці яна мо паросна была, хвароба яе знае. Ага, ну то забіла, што ш, яна ўжо выцянуўшыся, ні рушыцца. Я ўзяла на сучок я яе павесіла. Павесіла я яе на сучок, на хвойку гэту, і вісіць. І гэты чалавек, ужо каровы прышлі на мой бок, ён прыйшоў. Я кажу: "Руткоўскі, хадзі я табе нешта пакажу". Ён кажа: "А што ты мне пакажаш?" - "Ну хадзі сюды". Ён прышоў, дак яна, халера, аджыла і ўжо аткацілася пат куст. Я яе апяць гэтай палачкай зноў падлажыла і давай біць. Я павесіла, а яна звалілася, халера на яе. Ну дак ён кажа гэдак на міне: "І гэта ты гэтаю палачкай і гэту гадзіну забіла?" Кажу: "Забіла, толькі, - кажу, - гэтаю палачкай". Дак ён дзівіўся: "Як ты ні баялася біць!?" Кажу: "Знаяш, каб мусі штук дваццаць ішло, дак я ўсе перабіла п. Гэдак б'ю, і ахвота, вот біць хочацца мне яе біць, і ўсё! Вот!" Ён кажа: "Ну ты ш і адважная. Ах Божа ш Божа, дак гэта, - кажа, - пакажы каму гэту гадзіну, дак будзе уцякаць. А цібе адвагі хваціла біць". - "Так вот як б'еш, дак хочацца, каб забіць". Ён кажа: "Правільна. Гэдак гадзіну станеш біць - да таго ахота, каб невядома сколькі лезла, дак усіх перабіў бы, і страху німа". Ён тады зь міне гэдак дзівіўся, што, кажа, гэтаку гадзіну і забіла. От. Кажу, міне людзі тожа навучылі, я кажу, уцякала некалі. І бывала, абы ў лес, ну сераўно найду гадзіну. Вот ці грыбы зьбіраю, ці ягады, як нагнуся - ляжыць гадзіна. Ах Божа ш мой, я тады ў крык, уцякаю і ўжо кажда ў куст хаваюся, дзе ні гляну, мне здаецца - гадзіна ляжыць. А як я стала іх біць, ужэ мне страху ні было, ужэ аны ад міне хаваліся. От. Была, калі дзе ідзеш, дак толькі шшш - і ўцякла. От. Хай іх халера! Ой. Дахтары ш ні памагаюць ад гада - толькі замовы. Во так вот некалі лячылі сколькі то, ужэ ні памагала - толькі замова. Я помню, адну жэншчыну ў нас за нагу ўкусіла гадзіна, і яна тожа лячыла, лячыла, лячыла і дахтарамі, і замаўляла, і ў яе на назе, во тут во, вылілася гадзіна, настаяшча рабая гадзіна, во гэдак во на лытцы. От. Усё роўна, гавораць, дзе яна ўкусіць, дак гэты ят пройдзе і ўсё раўно знак паложыць свой. Хай іх халера! Гат страшны. Ой, я была адзін гот сюды ў Немераўшчыну, раньшэ як я была яшчэ малотшы, дак я, бывала, адна за грыбамі хадзіла. Пайду, ні баялася нічога. І тут жа лесам, такі густы, і Бох мой, ні знаю ні ведаю, чорт яго знае, хадзіла. Ішла я рас, ішла там, дзе па баравікі пайду глядзець. Божачка, калі падышла ш я - ляжыць гэдака гадзіна, і ўся галава ў пер'і, і сьпіна ў пер'і. Ну я та аттуль уцякла ўжо. Пашла, і ўжо сколькі жыву я, то той бок у лес ніколі ні іду. Там старая гадзіна, бо на старой дак расьце пер'е, як на курыцы, такое пер'е на гадзіне. Гэта гат, на сьвеце німа нічога ўжэ горш, чым гэты гат.
Жанчына, 1913 г. н. в. Уселюб Навагрудскага раёна, 1987 г.
Мікалай Даніловіч, доктар філалагічных навук, прафесар
Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы будзе знаходзіцца на вуліцы Янкі Купалы
30 траўня 2007 года, як ужо коратка паведамляла "Наша слова" гарадская рада горада Гайнаўка, што ў Падлесскім ваяводстве, прыняла рашэнне аб наданні дзвюм вуліцам горада імёнаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, якое ўступіла ў сілу ў канцы чэрвеня бягучага года.
Неабходна адзначыць, што ініцыятыва пасольства Беларусі ў Польшчы па ўвекавечанні ў Гаўнаўцы памяці Янкі Купалы і Якуба Коласа была ў свой час падтрымана прадстаўнікамі грамадскасці ваяводства, неаднаразова абмяркоўвалася ў час сустрэч пасла Беларусі Паўла Латушкі з кіраўнікамі органаў мясцовага самакіравання. Прыняццю дадзенага рашэння спрыялі і шматлікія захады Пасольства ў гэтым кірунку на працягу апошніх двух гадоў. У Музеі і асяродку беларускай культуры, школах з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы былі праведзены Дні і Вечары беларускай культуры, Дні беларускага кіно, 8 мастацкіх і дакументальнамастацкіх выставаў, у тым ліку, прысвечаных Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Францішку Багушэвічу і іншыя мерапрыемствы.
Асабліва сімвалічна, што наданне дзвюм вуліцам імёнаў класікаў беларускай літаратуры адбылося ў год адзначэння 125гадовага юбілею з дня нараджэння Я. Купалы і Я.Коласа і ў горадзе, у якім большасць жыхароў маюць беларускую нацыянальнасць і падтрымліваюць пастаянныя. стасункі з Беларуссю, дзе шмат гадоў існуюць і плённа дзейнічаюць Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы, Музей і асяродак беларускай культуры, шматлікія беларускія мастацкія калектывы. Вельмі важна, што цяпер Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы будзе знаходзіцца на вуліцы Янкі Купалы.
У сувязі з гэтай падзеяй і напярэдадні дня нараджэння Янкі Купалы Пасольствам Беларусі ў Польшчы разам з Генконсульствам Беларусі ў Беластоку пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі 6 ліпеня 2007 года ў Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы было праведзена Свята беларускай культуры, прысвечанае 125годдзю з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа. У час свята адбыліся ўрачыстае адкрыццё выстаўкі "Мой родны кут" мастацкіх твораў народнага мастака Беларусі, дырэктара Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску Васіля Шаранговіча, прэзентацыя відэяфільма "Карані" аб дзейнасці беларускай меншасці ў Польшчы, знятага Белтэлерадыёкампаніяй, выступленне ансамбля Беларускай дзяржаўнай філармоніі "Купалінка".
Адначасова была адкрыта выставапрэзентацыя мастацкіх вырабаў і сувенірнай прадукцыі Дзяржаўнага аб'яднання "Белмастацпромыслы", Узрушана і вельмі цёпла былі ўспрыняты ўдзельнікамі Свята беларускай культуры ўручаныя Пасольствам Беларусі ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі пераможцам 13й Усяпольскай алімпіяды па беларускай мове, а таксама ўдзельнікам вакальнага ансамбля "Знічка" лаўрэату фестывалю "Беларуская песня 2007", Комплексу школ з паглыбленым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы,
Музею і асяродку беларускай культуры і гарадской бібліятэцы ў Гайнаўцы Генеральным консульствам Беларусі ў Беластоку былі перададзены падборкі твораў беларускіх класікаў, а Комплексам школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску Падлесскім бібліятэчкі беларускай вучэбнаметадычнай літаратуры.
Лагічным працягам Свята беларускай культуры ў Гайнаўцы стала традыцыйнае народнае "Купалле" ў Белавежы, якое праводзілася Беларускім грамадскакультурным таварыствам у Польшчы пры падтрымцы Пасольства і самаўрадавых органаў гміны Белавежа ўжо 23ці раз. Распачаўшыся традыцыйным маляўнічым шэсцем па вуліцах Белавежы яно працягвалася некалькіх гадзін. У час канцэртнай праграмы евята выступілі звыш 20 беларускіх аматарскіх калектываў з Падлесскага ваяводства, а таксама творчыя калектывы з Пружанскага раёну і ансамбль Беларускай дзяржаўнай філармоніі "Купалінка". Купальскія песні, песні на словы Я.Купалы і Я.Коласа, іншыя народныя і сучасныя беларускія песні вельмі цёпла ўспрымаліся амаль 6ці тысячнай аўдыторыяй гледачоў. А завяршылася свята фейерверкам і традыцыйным купальскім абрадам апускання вянкоў з запаленымі свечкамі на рацэ Нараўцы.
Наш кар.
Удакладненне
У сувязі з інфармацыяй на "Радыё' Свабода" (23 чэрвеня б.г., карэспандэнт А.Дзікавіцкі) ("Наша слова " размясціла гэтую інфармацыю ў № 25 за 27 чэрвеня, рэд. ) аб адкрыцці памятнага знака Янкі Купалы на вуліцы Купалы ў Гданьску Пасольства Беларусі ў Польшчы паведамляе наступнае. МЗС Беларусі прафінансаваў выраб памятнай табліцы, прысвечанай Янку Купалу ў Гданьску. Рэалізацыя гэтага праекта адбылася, дзякуючы актыўным намаганням беларускай дыяспары і Генеральнага консульства Беларусі ў Гданьску.
Пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка планаваў удзел ў цырымоніі адкрыцця табліцы 23 чэрвеня б.г., аднак 22 чэрвеня вечарам быў запрошаны на тэрміновую сустрэчу ў МЗС Польшчы і толькі па гэтай прычыне быў вымашаны выехаць ў Варшаву.
Можна выказаць зноў толькі шкадаванне, што журналісты інтэрпрэтуюць сітуацыі без спраўджвання сапраўдных фактаў.
Пасольства Беларусі ў Польшчы.
Гародня: устаноўчы сход прагаласаваў за мясцовы рэферэндум
26 ліпеня ўвечары ў Гародні адбыўся ўстаноўчы сход ініцыятыўнай групы для правядзення гарадскога рэферэндуму, прысвечанага праблемам захавання гісторыкакультурнага ансамбля цэнтральнай часткі гораду.
У сходзе ўдзельнічалі 64 чалавекі, пераважна моладзь. Кіраўніком групы абраны доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.
Зараз спіс ініцыятыўнай групы, у якой агулам 126 чалавек, а таксама пытанні для рэферэндуму будуць перададзеныя для рэгістрацыі ў гарвыканкам.
Каардынатарам папярэдняга працэсу быў Вадзім Саранчукоў. Ён адказаў, што было галоўнай праблемай, чаму давялося некалькі разоў адкладаць дату правядзеньня сходу?
"Гэта дастаткова складаная працэдура. Адмовіць у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы могуць на любой фармальнай падставе. У тым ліку, калі ўлады палічаць: тыя пытанні, што выносяцца на рэферэндум, не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству. Таму асноўнай прычынай была экспертыза гэтых пытанняў, каб выключыць нават мінімальную магчымасць нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы".
Павел Мажэйка ўдзельнічае ў кампаніі па абароне гістарычнай забудовы Гародні ад разбурэнняў. Пытаюся ў яго, якія вынікі змагання, улады звярталі на гэта ўвагу ці не?
"Магу сказаць, што мы, абаронцы Горадні, дасягнулі самай важнай мэты, гэта - інфармаванне гарадзенцаў пра тое, што сапраўды адбываецца, і якія планы выношваюць гарадскія ўлады па знішчэннях у гістарычнай частцы Гародні. Яны ўсе свае планы трымалі ў таямніцы, і для нас было вельмі важна, каб як мага больш гарадзенцаў дазналася пра тое, што горад знішчаюць і пра тое, што ёсць людзі, якія гатовыя абараняць яго. У выніку ўлада ў сваю чаргу пачала інфармацыйную вайну, мы так гэта называем, -супраць абаронцаў Гародні, публікуючы мноства артыкулаў у газетах, у інтэрнэце, чым яны толькі прыцягваюць увагу яшчэ большай часткі гарадзенцаў да праблемы знішчэння архітэктуры",- сказаў Павел Мажэйка.
Адным з ініцыятараў правядзення рэферэндуму стаў доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук:
"Спадзаюся, што нас падтрымае значная частка гарадзенцаў. Здаецца, тыдзень таму была інфармацыя, што на сайце выканкаму з'явілася апытанне наконт стаўлення да рэканструкцыі, і з тых, хто адказаў на пытанне, дзевяноста адсоткаў адмоўна выказаліся адносна рэканструкцыі".
Карэспандэнт: "А ці не выклікае скепсіс тое, што пэнсіянеры не карыстаюцца інтэрнэтам і не маглі ўдзельнічаць у гэтым апытанні на сайце? А між тым пэнсіянеры самыя актыўныя ўдзельнікі ўсіх рэферэндумаў і выбараў таксама".
Смалянчук: "Я ведаю розных пенсіянераў. Ёсць такія, што кідаліся тут на здымачную групу расейскага тэлебачання, ды спрабавалі разагнаць флэшмоб. Але таксама ёсць іншыя пенсіянеры. І я не думаю, што ўсе з іх настроеныя негатыўна супраць нашай акцыі. Пенсіянеры таксама гарадзенцы, і сярод іх ёсць розныя людзі".
Удзельнікі сходу лічаць, што гарадзенцам трэба прапанаваць выказацца па наступных пытаннях: пабудова чацвёртага моста цераз Нёман, каб разгрузіць гістарычную забудову ад транспарту і зрабіць яе пешаходнай зонай; адмена ўсіх рашэнняў аб разбурэнні будынкаў ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў;
увесь працэс рэканструкцыі павінен адбывацца адкрыта і публічна; прапанова аднавіць гатычны касцёл - Фару Вітаўта, што быў зруйнаваны напачатку 1960-х гадоў.
Сяргей Астраўцоў, Гародня.
Па слядах літвы
Памяці Міколы Ермаловіча
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Тыя курганы В.В. Сядоў адрозніваў ад "славянскіх пахавальных помнікаў і ад усходнебалцкіх магільных старажытнасцяў" (В.В.Сядоў. Балты. С. 414) . Сваю выснову ён падмацоўваў меркаваннямі іншых даследнікаў, што "для плямёнаў заходніх балтаў цягам доўгага часу было характэрна выкарыстанне камення пры пахаваннях". А сам незвычайны абрад "распаўсюдзіўся ва ўсіх заходнебалцкіх плямёнаў яшчэ ў І тысячагоддзі да н.э." (В.В. Сядоў. Балты. С. 414). Пасля В.В. Сядоў удакладняў, што яцвяжскія помнікі - "каменныя курганы і магілы ХІ - ХVI стст. (значна пазнейшыя! - З.С. ), нельга адносіць безумоўна да яцвягаў" ( Тамсама) , тлумачачы, што "гэтыя помнікі паводле паходжання з'яўляюцца яцвяжскімі, але маглі быць пакінуты… і славянскім насельніцтвам, якое ўспрыняло яцвяжскі пахавальны абрад" (Тамсама) .
Падставаў для такога сумнення хапала. Прыкладам, у літоўскім Занямонні сярод круглых яцвяжскіх курганоў сустракаюцца "асобныя доўгія насыпы" (В.В.Сядоў. Балты. С. 415) . Асабліва цікавы " каменны вал даўжынёю 40 метраў, шырынёю 3-4 метры і вышы-нёю 0,5 - 0,6 метра" каля вёскі Вількяўцініс (Тамсама. С. 416) . (Ці не вільцы-люцічы заснавалі гэтую вёску з такой адметнай назвай?) В.В. Сядоў згадвае і могільнік каля вёскі Ясудава Гродзенскага раёна, дзе "два насыпы мелі падоў-жаную форму" (Тамсама) . Варта таксама ўспомніць заўвагу А.З. Таўтавічуса, што сярод "усходнелітоўскіх" курганоў сустракаюцца "асобныя авальныя або прадаўгаватыя насыпы" (Таутавичус А.З. Восточнолитовские курганы. С. 144) .
Іншыя навукоўцы былі больш катэгарычнымі. М.П. Авенарыус сцвярджаў, што "яцвягі былі пераважна лаўцамі і бадзягамі, а таму не пакінулі помнікаў археалогіі" (В.В.Сядоў. Балты. С. 413) . Вядомы расійскі даследнік А.А. Спіцын, "прапанаваў лічыць каменныя курганы і магілы Беларускага Панямоння помнікамі рускага насельніцтва Чорнай Русі" (Тамсама. С. 414) . Свае меркаванні яны высноўвалі на падставе хаўтурных звычаяў. "У ІІІ - ІV стст. абрад трупапалажэння суіснаваў у яцвягаў з абрадам трупаспалення. Ды, пачынаючы з V ст., трупаспаленні пачынаюць пераважаць, а неўзабаве становяцца адзіным абрадам " (Тамсама. С. 415) .
Такія ж незвычайныя, як уяўляецца, высновы зрабілі археолагі і паводле знаходак у прыпісаных яцвягам каменных курганах. Прыкладам, у кур-ганах Версекеле (на памежжы з Воранаўскім раёнам) "сярод камянёў пахавальных насыпаў… знойдзены вузкалёзая жалезная сякера, утульчаты наканечнік дзіды, канічны умбон шчыта, жалезная спражка, тачыльны камень" (Там-сама) . В.В. Сядоў абагуліў меркаванне некаторых даследнікаў, што гэты рыштунак тыповы для "ўсходнелітоўскіх" курганоў . Напрошваецца думка, ці не мелі літва і яцвягі падобны ваярскі рыш-тунак. Зрэшты, падобнае мер-каванне нашмат раней выказаў В.В. Сядоў. Так, ён падаў "Розныя знаходкі з помнікаў літоўскіх плямёнаў і яцвягаў" у табліцы СХХІV (Тамсама. С. 443) , а ў табліцы СХХVІ "Кераміку з помнікаў літоўскіх плямёнаў і яцвягаў" (Тамсама. С. 445) . А.З.Таўтавічус таксама звярнуў увагу, што камен-ныя курганы на правым беразе Нёмана паводле рэчавага ін-вентару падобныя на "ўсход-нелітоўскія" курганы" (Там-сама. С. 417) .
На мапе згаданага тома, дзе пададзены яцвяжскія пом-нікі, побач з умоўнымі знакамі - могільнікамі каменных курганоў каля в. Версекеле - намаляваны і ўмоўныя знакі "курганоў усходнелітоўскага тыпу", а ніжэй па Нёмане - нават уперамешку. Як бачым, археалагічныя знаходкі ды помнікі супярэчаць пераказанаму В.В. Сядовым меркаванню Н.П. Барсава, што "старажытнейшыя пасяленні яцвягаў аж да ІХ - ХІ стст. знаходзіліся ў Верхнім Панямонні ды аддзялялі рускія землі ад Літвы" (С. 413) . Курганы сведчаць, што літва і яцвягі "суіснавалі", аж пакуль яцвягі "ў ХІІ - ХІІІ стст. не былі выціснуты славянамі і літвой за Нараў і Бебжу" (Тамсама) . Верагодна, некаторыя групы яцвягаў усё ж засталіся і перанялі славянскія звычкі ды аздобы. Так В.В. Сядоў паведамляе пра яцвяжскія пахаванні ў падкурганных ямах мужчынаў "галавой на захад" ды знаходкі скроневых колцаў у яцвяжскіх жаночых пахаваннях (Тамсама. С. 417) .
А на абшары "ўсходне-літоўскіх" курганоў яшчэ доўга дзейнічалі літва і русь. Яны сумесна баранілі, прыкладам, у ХV ст. віленскі Крывы замак. Там тады загінула "14000 літвы і русі" (Хроника литовская и жмойтская. ПСРЛ. Т. 32. М., 1975. С. 68) . Дарэчы, на сумес-ную дзейнасць літвы і русі звярталі ўвагу не толькі аўтары летапісаў. За тым паганскім ваярскім станам пільна сачылі браты ордэна францішканаў ды іншыя ватыканскія місіяне-ры яшчэ з таго часу, калі Бруна Кверфуртскі спрабаваў ахрыс-ціць яцвягаў "in confinio Rusciae et Litvae" ("паміж Руссю і Літвой"). І стагоддзямі пазней Ягайлаў спаведнік Геранім Пражскі распавядаў Папе Рымскаму, што мова ў Літве славянская. І праз шмат стагоддзяў вядомы польскі гісторык Касцёла ксёндз Ян Фіялэк сцвярджаў, што ў цікавым нам рэгіёне жыла "літва з руссю ўперамешку" (Fijałek Jan, ks. Dr. Kościół rzymskokatolicki na Litwie. //Chrystianizacja Litwy. Kraków, 1987. S. 141) .
NB. Сярод яцвягаў, як і сярод літвы, былі людзі рознага этнічнага паходжання і яны трымаліся сваіх звычаяў і абрадаў, хоць і прысвяцілі сябе выключна адной, ваярскай справе.
7. Высновы
У 1-ай палове І тысячагоддзя носьбіты КШК хавалі нябожчыкаў у курганах. Самыя раннія, ІІ - ІV стст., знаходзяцца па-над Даўгавай, дзе жылі селы. Але на сярэдзінным абшары КШК - "будучым арэале літвы" - ў той час нібыта не насыпалі курганоў. Так, сярод раскапаных усходнелі-тоўскіх курганоў (даследавана больш за 850 з 7000) "сінхронных" раннім селонскім нібыта не знайшлі. Самыя раннія тут - курганы ІV ст. Таму В.В. Сядоў сцвярджае: "Звычай узвядзення курганных насыпаў у гэтым раёне КШК безумоўна быў прынесены звонку", нібыта з "сярэдзінных" раёнаў Летувы і памежных латышскіх абшараў. Ягоны аргумент: "Агульныя элементы ў дэталях абраднасці і пахавальным інвентары".
Так і павінна быць: "агульнасць" - спадчына КШК. Але нават А.З. Таўтавічус, сцвярджаючы падабенства, падае адметныя аздобы ды асаблівасці пахавальнага абраду. [Прыкладам, ён напісаў, што "ва ўсходняй Літве няма курганоў з калектыўнымі пахаваннямі". Але ж у паўднёвых раёнах, прыкладам, у Салеч-ніцкім (Шальчынінкайскім) раёне, "пераважаюць" курганы з парэшткамі некалькіх нябожчыкаў. Аднак гэтую асаблівасць А.З. Таўтавічус тлумачыць уплывам яцвяж-скага пахавальнага звычаю. Таксама пад іх уплывам "у V ст. ва ўсходнелітоўскіх кур-ганах з'яўляюцца і трупаспаленні" - насуперак традыцыям пераемнасці хаўтурнага звычаю балцкіх плямёнаў.] Аднак ні В.В. Сядоў, ні А.З. Таўтавічус не здагадаліся патлумачыць, чаму сярод "ус-ходнелітоўскіх" і круглых яцвяжскіх курганоў сустракаюцца асобныя прадаўгаватыя насыпы, чаму вынікі шматлікіх даследаванняў не апублікаваны.
З агалошаных летувіскімі археолагамі ды пера-казаных В.В. Сядовым матэрыялаў раскопак вынікае, што адрозненні значныя.
Няма падабенства ў хаўтурных абрадах насель-ніцтва, якое жыло па-над Даўгавай і ў "сярэдзінных і паўночных раёнах Літвы", ды "племені, што пакінула ўсход-нелітоўскія курганы".
Там , у селаў і латгалаў - пераемнасць : ад курганнага да бескурганнага абраду. (Нябожчыкаў не спальвалі, хавалі ў магілах побач з продкамі. Гэта адзін з доказаў, што мясцовае насельніцтва нікуды не перасялялася.)
Тут перамена абраду: з VІ ст. трупаспаленні пераважаюць (Тамсама. С. 393) . [Курганы ІV-V стст., паводле В.В.Сядова, утрымваюць трупапалажэнні (В.В. Сядоў. Балты. С. 392) . Абрад жа крэмацыі, паводле таго ж В.В.Сядова, - верагодна, "вынік уздзеян-ня пахавальнага рытуала абарыгенаў" (Тамсама. С. 395) . (Зразумела, што абверг-нуць такія процілеглыя меркаванні, або пацведзіць іх слушнасць, можна толькі з дапа-могай матэрыялаў археалагічных даследаванняў, што "засталіся неапублікаванымі ".)]
Розная арыентацыя касцякоў паводле бакоў свету.
Там : у селаў калектыўныя трупапалажэнні ІІ - VІ стст. не былі арыентаваны паводле старон свету (на прыкладзе курганоў з каменным вянком Ратуланскага могільніка); пасля, да ХІІІ ст., у латгалаў і селаў арыентацыя шыротная: мужчынаў клалі галавой на ўсход .
Тут : Мужчынаў хавалі галавой на захад - і ў грунтавых ямах пад курганамі, і ў грунтавых пахаваннях.
Розныя жаночыя аздобы.
Там : у латгалаў і селаў "спіральныя і жгутавыя галаўныя венчыкі ". Тут : "характэрныя толькі для ўсход-нелітоўскіх курганоў скроневыя колцы ". [І толькі ці не праз тры стагоддзі, "жанчыны літвы - племені…" нібы пачынаюць насіць "венокого-ловье" (падобны на селонска-латгальскія ўборы) - жаночы галаўны ўбор VІІІ - ХІ стст., "узноўлены з парэшткаў".]
З нарысаў В.В.Сядова вынікае, што адметным было і стаўленне літвы да зброі ды прылаў працы.
Там , у пахавальных помніках земгалаў, куршаў знаходзяць матыкі , косы; у могільніках селаў "V-VІІ стст." - сярпы, матыкі, зернецёркі . Зброі ж, прыкладам, у селаў выяўлена "параўнальна няшмат".
Тут у пахаваннях "VІ-VІІІ стст. паўсюдныя наканечнікі дзідаў, умбоны шчы-тоў, вузкалёзыя сякеры " - усё тое, што спатрэбіцца ваярам-літве ў новым жыцці. А ворыўных прыладаў працы ў раскапаных 850 "ўсходне-літоўскіх" курганах, як падкрэсліў В.В.Сядоў, не знойдзена.
Заўважым : Менавіта такія факты даюць падству сцвярджаць, што з суседнімі балцкімі плямёнамі прафесійныя ваяры-літва не былі спараднёныя. Яны прыйшлі ў гэты край з адмысловай зброяй у руках і дзеля ваярскага чыну. "Узаемадзеянне" абары-генаў і навасельцаў скончылася не "растварэннем" апошніх у "асяроддзі мясцовага насельніцтва", а панаваннем ваяроў-літвы, што ўскосна пацвярджаецца і распаўсюджаннем абраду крэмацыі памерлых. Пра аўкштайтаў ды "фармаванне літвы як асобнага балцкага племя" ўвогуле не можа быць гаворкі.
N.B. Кожны "ўсходне-літоўскі" курган, - верагодна, асобны помнік ваяру з "харобрай літвы" . (Насыпалі курган таксама шмат каму з палеглых на чужыне, пра што сведчаць "насыпы без пахаванняў". А "грунтавыя трупапалажэнні з ідэнтычным інвентаром" - звычайныя магілы. )
"Іn соnfіnіо Rusсіае еt Litvае", або Лiтва ў Пабужжы
Высновы папярэдняга раздзела ўскосна пацвярджаюцца знаходжаннем тапонімаў "Літва" ў польскiм Пабужжы, далёка ад рэгіёну "ўсходне-літоўскіх" курганоў. Адзін з іх занатаваны ў аналах бенедыктынскага абацтва, што знаходзілася ў нямецкім горадзе Кведлінбургу. Як згадвалася, кведлінбургскі храніст паведаміў пад 1009 г. пра забойства "іn соnfіnіо Rusсіае еt Litvае" ('паміж Руссю і Літвой') вядомага каталіцкага місіянера Бруна-Баніфацыя з Кверфурту, якога Папа Рымскі паслаў хрысціць яцвягаў.
Бруна ахрысціў "над Бугам яцвяжскага князя Націмера * (Zaleski Wincenty, ks., SDB. Święci na każdy dzień. Warszawa, 1989. С. 389) , праз што абодва і загінулі, бо яц-вяжскія жрацы выступілі супраць спробы хрысціянізацыі. Цела місіянера выкупіў польскі кароль Баляслаў Харобры, які, безумоўна, ведаў, куды накіраваўся Бруна, ведаў да каго звяртацца, каб дамовіцца пра выкуп. Пазней Бруна быў абвешчаны святым, а з гэтага вынікае, што было праведзена грунтоўнае даследаванне абставінаў ягонай трагічнай гібелі. То можна сказаць: назва мясцовасці, дата, імя яцвяжскага князя пададзены дакладна.
На прыбужскім Падлессі, не называючы канкрэтнае паселішча ці мясцовасць, лакалізаваў месца гібелі Бруна і вядомы польскі даследнік Х. Лаўмяньскі. Каментуючы ў сваёй кнізе "Zagadnienie roli normanów w genezie państw słowiańskich" ('Праблема ролі норманаў у генезісе славянскіх дзяржаваў', у расійскім перакладзе "Русь и норманны") згаданую звестку Кведлін-бургскіх аналаў, ён зрабіў выснову: "З гэтых запісаў відаць, што Русь даходзіла да тэрыторыі прусаў" (Ловмяньский Х. Русь и норманны. М., 1985. С. 192) .
Знакаміты гісторык абмежаваўся гэтай агульнай заўвагай, але далей патлума-чыў, што паводле звесткі Кведлінбургскіх аналаў "зямля дрыгавічоў павінна была ўваходзіць у яе" (Русь - З.С. ). Такім чынам, вынікала, што ў згаданым рэгіёне на пачатку другога тысячагоддзя былі толькі два гістарычныя суб'екты: Русь і Прусія. Х. Лаўмяньскі нібыта праігнараваў іншых, хаця ён не мог не ведаць, прыкладам, летапіснай звесткі пра паход кіеўскага князя Яраслава Мудрага на яцвягаў у 1040 г., што пацвярджала знаходжанне ў Пабужжы яшчэ аднаго гістарычнага суб'екта - яцвягаў, ігнараваць якіх кіеў-скія князі не маглі. (Сам факт паходу зусім не азначае, што Яраслаў Мудры заваяваў яцвягаў.)
Дарэчы, Х. Лаўмяньскі ў тым сваім тлумачэнні згадаў падзеі 981 г., калі кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч заняў гарады "Чэрвенскай Русі і Пярэмышль" (Ловмяньский Х. Русь и норманны. С. 192) . З гэтых дзвюх падзей вынікае, што сярэдняе Пабужжа з горадам Драгічынам не належала кіеўскім князям, а "драгічынская зямля належала да 1181 г. князям турава-пінскім" (Traj-dos T.M. Kościół katolicki na ziemiach ruskich Korony i Litwy. T. I. Warszawa, 1983. S. 94) . Згадаўшы ранейшае Х. Лаўмяньскага сцверджанне: "Русь даходзіла да тэрыторыі пру-саў", выпадае меркаваць, што пад словам "русь" падразумеваліся палачане. Славуты польскі гісторык не мог не ведаць, што пэўнаю часткаю абшару Прыбужжа валодалі ў той час полацкія князі. Прыкладам, у "Кройніцы літоўскай і жмойцкай" згадваецца, што "Берест, которого теперь зовут Литовским… на той час належал до князства Полоцкого (ПСРЛ. Т. 32. С. 17) . Пра гэта сведчаць і знаходкі "віслых пячаткаў-пломбаў", г.нз. "пломбаў драгічынскага тыпу", "якіх у Драгічыне Надбужскім знойдзена некалькі тысяч" (Энцыклапедыя Археалогія і нумізматыка Беларусі. Мн., 1993. С. 504) . Прынамсі, Х. Лаўмяньскі не мог не ведаць пра спрэчкі навукоўцаў аб прыналежнасці "пломбаў драгічынскага тыпу".
Былі спробы прызнаць драгічынскія пломбы яцвяжскімі. Паводле Канстанціна Тышкевіча, яны "могли быть печатями, привешиваемыми к документам ятвягов" (Тышкевич К. Свинцовые оттиски, найденные в реке Буг у Дрогичина. // Древности. Труды Императорского Московского Археологического обще-ства. Т. 1. Выпуск 2. М., 1865 - 1867. С. 115- 124) . Але, пры-кладам, вядомы расійскі археолаг і гісторык Н.П. Авена-рыус, згадаўшы, што К. Тышкевіч не сказаў ні слова пра славянскія літары на драгі-чынскіх пломба х, прызнаў ягоную выснову "тэндэнцыйнай, або, сама менш, ненаву-ковай " (Авенариус Н.П. Дрогичин Надбужский и его древ-ности. // Материалы по археологии России. № 4. Древности Северо-Западного края. СПб., 1890. С. 15) . А прафесар А. Катлярэўскі выявіў шмат агульнага ў драгічынскіх пломбах і знаках-клеймах на пахавальных урнах , г. нз. "магільных гаршках", знойдзеных у Віленскай губерні (Котляревский А. Заметка къ статье гр. К.П. Тышкевича «О свинцовых оттискахъ, найденных в реке Буге у Дрогичина».// Матери-алы по археологии России. № 4. Древности Северо-Западного края. С. 245) , значыць, на абшары ўладанняў полацкіх князёў. Ужо нават з разважанняў гэтых двух навукоўцаў можна зрабіць выснову, што драгічынскія пломбы былі прымацаваны да полацкіх та-вараў. Верагодна, у Драгічыне над Бугам канчалася падначаленая палацкім князям тэрыторыя, і на мытні мянялі полацкія пломбы-біркі. Так, А. Катлярэўскі адзначыў, што біркі і клеймы - "вядомы знак уласнасці", але пры перадачы рухомай уласнасці не патраба-валася перадаваць бірку (Там-сама. С. 246) . Ён жа параў-ноўваў біркі-"маркі з Паме-раніі , Мекленбурга " з полацкімі, а таксама "нашыя ганчарныя знакі і германскія маркі", заўважыў іх падабенства ды сцвярджаў, што яны належаць да аднаго і таго ж роду рэчаў" (Тамсама) .
Дзіўна, што Х. Лаўмяньскі працытаваў выраз "іn соnfіnіо Rusсіае еt Litvае", але разважаў толькі пра Русь, а пра назву Litvае "не сказаў ні слова". Нельга ж уявіць, што гэты дасведчаны навуковец, аўтар шматлікіх прац з гісторыі ВКЛ, не пацікавіўся, што ж азначае слова Litvае ў Кведлінбургскіх аналах і хто жыве ў мазавецкіх вёсках Stаrа Litwа і Starа Ruś. Верагодна, не заўважыўшы слова "Літва", Х. Лаўмяньскі пазбег адказу на пытанне: а як жа атрымалася, што па-над Бугам, на яцвяжскай (яна ж, паводле В.В. Сядова, і дрыгавіцкая (Седов В.В. Восточные славяне… С.121. Карта 16) зямлі, знаходзілася яшчэ нейкая Літва. (За месца пасялення літвы Х. Лаўмяньскі падаваў толькі абшары на ўсход ад Нёмана.)
Дарэчы, біскуп Мерзебургскі Дзітмар, родзіч і равеснік Бруна-Баніфацыя, ук-лючаючы ў сваю хроніку такое ж, як і ў Кведлінбургскіх аналах, паведамленне, наогул выкінуў слова Litvае, а напісаў "Тunс іn соnfіnіо рrаеdісtае rеgіоnіs (Рrussіае ) еt Russіае ... " Цытую паводле: (Daniłowicz I. Skarbiec… S. 36) . Аднак аўтары кнігі "Древняя Русь в свете зарубежных источников" не палічылі такую замену раўнавартаснай, а паспрабавалі растлумачыць матывы адвольнага трактавання кведлінбургскага паведамлення. Згадваючы гэты факт, яны спачатку гавораць пра місію Бруна да прусаў, пасля падаюць месца гібелі місіянера - "верагодна, на зямлі яцвягаў", ды нарэшце заўважаюць у дужках: "гэта, дарэчы, першая згадка этно-німа «літва», тады яшчэ прак-тычна невядомага і малазразумелага, мяркуючы з таго, што Дзітмар Мерзебургскі, выкарыстоўваючы паведам-ленне Кведлінбургскіх аналаў, слова «Літвы» прамінуў, не ўключыў " (Древняя Русь в свете зарубежных источни-ков. М., 1999. С. 313).
Што да "практычна невядомага і малазразумелага" этноніма «літва», то, вера-годна, усё якраз наадварот. Біскуп Мерзебургскі, як выні-кае з ягоных святарскіх аба-вязкаў, безумоўна, ведаў пра паганцаў-літву, пра іх сталае месцазнаходжанне менавіта ў Палаб'і, пра перасяленне вая-роў-літвы на ўсход. Але запіс-ваючы паведамленне пра смерць родзiча і аднадумца ўсведамляў, што згадванне вядомай ягоным землякам літвы не дасць уяўлення пра месца гібелі Бруна. Таму і змяніў, папярэджваючы блыта-ніну, слова літва на назву вядомай краіны таго паганскага рэгіёну - рrаеdісtае rеgіоnіs - Прусію.
Хоць блытаніны, як бачым, не паменела, усё ж аўтары згаданай кнігі сцвяр-джаюць - насуперак Х. Лаў-мяньскаму - раптоўнасць з'яўлення "практычна невя-домай" літвы ў Пабужжы.
Літва асела па-над рэч-кай Слінай, прытокам Нарава. Там і цяпер, як пазначана на сучаснай мапе Беласточчыны, бачым паселішча Stаrа Litwа (Województwo Białostockie. Mapa turystyczna. Białystok, 1990) . Квадрат I - 1 (Старая Літва). Недалёка ад яго - Starа Ruś Тамсама. Квадрат J - 2 (Старая Русь). Верагодна, з гэтай мясцовасцю і трэба звя-зваць запiс у Кведлінбургскіх аналах пра месца гiбелi біску-па-місіянера Бруна-Баніфа-цыя. Як можна меркаваць, не выпадкова ў XVII ст. святы Бруна быў прызнаны патро-нам каталікоў Варміі * , а ў 1963 г. абвешчаны галоўным апеку-ном Ломжынскай дыяцэзіі (Zaleski Wincenty, ks., SDB. Święci na każdy dzień. S. 389) , якая ахопвае той рэгіён па-над прытокам Буга ракой Наравам, дзе і знаходзяцца згаданыя паселішчы Старая Літва і Старая Русь. Дарэчы, у Попісе войска Вялікага Княства Лі-тоўскага за 1528 г. згадваюцца Літва Стара Кулешкасцель-най гміны Высокамазавецкага павету Падлесскага ваяводства (Перапіс войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 г. Мн., 2003. № 273) ды Русь Стара , вёска Высокамазавецкай гміны і павету таго ж Падлесскага ваяводства (Тамсама. № 416).
Зрэшты, трагедыя 1009 г. магла адбыцца і паўднёвей: на згаданай мапе пазна-чаны паселішчы Коstrу-Lіtwа (Тамсама) кв. К - 2 і Wуlіnу-Ruś (Тамсама) кв. L - 2.
Падобныя назвы зна-ходзім i паўночней. Недалёка ад горада Ломжы на правым беразе ракі Нараў, ніжэй вусця ракі Бобр знаходзіцца старажытны горад Візна * *. Як падае "Słownik geograficzny", свед-чаннем старажытнасці горада можа быць "nasyp podłużny", абвод (перыметр) якога - 540 крокаў (Słownik geograficzny Krуlestwa Polskiego oraz innych ziemi słowiańskich. T. ХІІІ. Warszawa, 1885. С. 686) . "Na-syp podłużny" - гэта, верагодна, падоўжаны курган . Такія курганы, як згадвалася, прыпі-сваюць крывічам. Дарэчы, менавіта ў тым рэгіёне вядо-мыя: прозвішчы Mathias Krew-ny, Krzywanięta… (Pawiński A. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. V. Mazowsze. Warszawa, 1895. S. 20, 69,73,) "вёскa фальварачнай шляхты" Krziwkowy Piczki (Krzywki) (Тамсама. С. 53) , "вёскi заградовай шлях-ты" Krziwkowy Batki (Krzyw-ki Bratki), Krzywki Piczki (Krzywki Piaski) (Тамсама. С. 61) . У візненскай парафіі меліся таксама вёскі Krzewo (Там-сама). С. 355, Krzewo Plebianki, Krzewo Nowe , Krzewo Stare (Тамсама. С. 379) .
Паводле люстрацыі 1660 г. "візненскае староства ўключала ў ліку іншых вёсак паселішчы "Wierciszew аl Russ ды Litwа а1 Кsiężа" (Słownik geograficzny. T. ХІІІ. С. 687) (Вярцішаў, альбо Рус ды Літва, альбо Ксенжа).
Як бачым, русь не толькі "даходзіла" да прусаў, але і жыла ў Пабужжы ў сваіх асобных паселішчах недалёка ад вёсак Літва. Русь была такімі ж прафесійнымі ваярамі, як і літва, так што палачанам было на каго абаперціся ў каланізацыі Падлесся.
Сваім чарадом, русь і літва з абшару "ўсходнелітоўскіх" курганоў разам выпраў-ляліся ў набегі ды вайсковыя паходы, пра што чытаем у Кройніцы літоўскай і жмойцкай (ПСРЛ. Т. 32. С. 25) . Траплялі яны і ў згаданы край. Прыкладам, А. Гваньіні піша, што ў 1263 г. "літва і русь... у Мазоўша ўварваліся... замак Ловіч сляндравалі". У 1265 г. "русь і літва… бедную Мазов-шу окрутне сплюндровалі" (ПСРЛ. Т.32. С. 209) .
(Прычыны, з якіх русь і літва з'явіліся ў Пабужжы, з большага вядомыя. Але іх статус, вядомае з хронік і летапісаў шматвекавое - ад 1009, прынамсі, да 1391 году - суіснаванне ды "супрацоўніцтва" на ратным полі патрабу-юць асобнага даследавання.)
N.B. Мы яшчэ не раз вымушаны будзем заўважыць: " Не сказаў ні слова ", " слова «Літвы» прамінуў ".
Дзе магла ўтварыцца літва?
У розны час розныя навукоўцы, не зважаючы на сведчанні летапісаў, хронік, упарта перакручвалі факты, ставілі, як кажа наша прымаў-ка, воз наперадзе каня. Гісто-рыкі і мовазнаўцы зыходзілі з уяўлення пра літву як этнаграфічную адзінку. Імі пры-знавалася першынство назвы Летува, хаця ў крыніцах перш засведчаны менавіта тэрмін "літва", а назва "Lietuvб" ("Ле-тува") значна пазнейшага паходжання.
Самая значная асаблі-васць функцыянавання тэрміна "літва", як адзначалася, - надтэрытарыяльнасць. Ён, кажучы сучаснай мовай, між-нацыянальны, хаця ўзнік у славянскім асяроддзі. Але ўмовы ўзнікнення літвы - сацыяльныя. Пэўнай сацыя-льнай функцыяй гэтай структуры ў грамадстве абумоў-леныя матывы і мэты ўсіх чынаў літвы. Менавіта сацыяльная аснова "літвы" абумоўлівала адасабленне гэтага ваярскага стану ў любым этнічным асяроддзі, спрыяла яе захаванню. Не менш важнай умовай, пры-намсі, на пэўным этапе існавання, сталася і рэлігія літвы - паганства. Таму літва цягам стагоддзяў не знікла, не злучылася, прынамсі, ні з усход-німі славянамі, ні з балцкімі плямёнамі. Літва трымалася асобна і на Куліковым полі, у асобных атрадах служыла і ў Сібіры, куды трапіла як палонныя ў выніку войнаў XVI ст. Дакументы з Табольскага архіву, сабраныя расійскім навукоўцам Г.Ф. Мілерам і пададзеныя ў "Истории Сибири" (М., 1750-1752 гг.) , пацвярджаюць, што літва была служ-бовым станам, наёмнікамі, якія за грошы пайшлі заваёўваць і Сібірскія землі. Варта адзначыць, што ў сібірскіх дакумен-тах літву адрозніваюць ад "литовских людей", г.зн. ад звычайных грамадзянаў ВКЛ.
Сацыяльнай базай для ўзнікнення менавіта прафесійных ваяроў было развітое феадальнае грамадства, засведчанае ў адпаведным дзяржаўным утварэнні - княстве, якое мела ўсе неабходныя для існавання дзяржавы струк-туры. А таму асобныя вайско-выя фармаванні - як бы іх ні называлі - маглі ўзнікнуць і ўзнікалі ў любым рэгіёне свету.
Як вядома, у XII ст. пачаў вылучацца ваенна-феадальны стан Японіі - самураі, княжыя васалы, для якіх адзіным вартым заняткам лічылася вайсковая служба БелСЭ. Т. 9. Мн., 1973. С. 349. І Турэччына мела з XIV ст. падобныя фар-маванні рэгулярнай пяхоты - янычараў, якія перш набіраліся з захопленых у палон падлеткаў. Праз два стагоддзі янычары ўжо сталі вайсковай кастай і нават умешваліся ў палітыку султанскага ўраду ды ўдзельнічалі ў палацавых пераваротах БелСЭ. Т. 11. Мн., 1974. С. 548. Добра вядомыя і прафесійныя ваяры-разбой-нікі, якіх называлі варагамі, а таксама і казакі.
Асобна трэба сказаць пра франкаў. Як падае славуты прафесар Маскоўскага універсітэта М. П. Грацыянскі, упер-шыню франкі з'явіліся на гістарычнай арэне ў 242 г., калі іх атрад уварваўся ў Галію. Тады яны былі разбітыя рымскім легіёнам: 700 ваяроў загінула, 300 чалавек рымляне павялі ў рабства. М.П. Грацы-янскі меркаваў, што назва " франкі " ( pranci ) як тады, так і пазней, "не ўжывалася ў сэнсе этнічнага тэрміна, а дадавалася да шмат якіх заходнегерманскіх народнасцяў,.. хаўкаў, ампсі-арыяў, хамаваў" (Грацианский Н.П. Из социально-эканомической истории западно-евро-пейского средневековья. М., 1960. С. 77). Назву "франкі" ён лічыў "простым эпітэтам" (Тамсама. С. 78) . М.П. Грацы-янскі звярнуў увагу на незвычайную асаблівасць франкаў: "Гістарычныя дакументы не гавораць нам пра тое, каб франкі падпарадкоўваліся агульным правадырам і пераймаліся агульнымі мэтамі. Наадварот, яны звычайна нападаюць і абараняюцца паасобку" (Тамсама) . Вядома, гэты факт не трэба разумець літаральна, бо, прыкладам, у згаданым вышэй атрадзе было тысячу франкаў. Але, відавочна, гэтыя ваяры дзейнічалі самастойна, незалежна ад племянных правадыроў, і ў іх былі свае, карпаратыўныя, інтарэсы.
Пра паходжанне назвы гэтых "асобных атрадаў ваяроў, што паходзілі з складу германскіх народнасцяў", М.П. Гра-цыянскі меркаваў: "Дадзены эпітэт, верагодна, паказваў ці на бадзячы лад жыцця герман-цаў-франкаў (wang, wrang), ці на іх адвагу (frak, ferax)" (Там-сама. С. 78) . У М.П. Грацы-янскага можна прачытаць вельмі важную вестку пра далей-шы лёс некаторай часткі гэтых германскіх ваяроў. "Паразы франкаў суправаджаліся іх масавымі пасяленнямі на тэрыторыі Рымскай імперыі то ў якасці рабоў і калонаў, то ў якасці ваенных пасяленцаў - летаў" (Тамсама. С. 79) .
Асобныя дружыны па-добных ваяроў мелі палабскія ды паморскія славяне. Гер-манскі храніст Гельмольд пісаў у сваёй "Славянскай хроніцы" пра плямёны "дашанаў, любу-шанаў, вілінаў, стадаранаў,.. пра краіну вінулаў" (Гельмольд. Славянская хроника. М.,1963. С. 37) . Менавіта "плямёны вінулаў раскіданыя па землях, абласцях і выспах на моры. Гэты народ, вандроўны і рухавы, што займаецца разбоем, увесь час турбуе данаў і саксаў" (Тамсама. С. 38) . Згадвае Гельмольд і "разбой-нікаў, якія, часам прыходзя-чы… ад ранаў або вільцаў", рабавалі ўладанні біскупа Вага (Тамсама. С. 59 ). Марскіх піратаў-разбойнікаў мела і славянскае Ругійскае княства (Mały słownik kultury dawnych słowian. S. 334) , якое знахо-дзілася на выспе Руген у Вянедскім (Балтыйскім) моры. Так, Гельмольд паведамляе, што пірацкага промыслу не цураліся і абадрыты. Напа-чатку ХІІ ст., калі яны часова трапілі ў залежнасць ад саксонскага герцага Генрыха-Льва, ён загадаў іх князю Ніклоту "прывесці ў Любек усе славянскія разбойніцкія караблі" і перадаць іх ягонаму паслу. Але славяне "прывялі толькі невялікую колькасць старых караблёў, лоўка ўтаіўшы ўсе астатнія, прыдатныя для вайны" (Гельмольд. Славянская хроника. С. 196) .
Узнікненню асобнага стану прафесійных ваяроў у заходнеславянскіх княствах спрыялі ўмовы, якія на пачатку IX ст. склаліся ў палабскіх, абадрыцкіх і вялецкіх княствах, ва ўсім Мекленбургскім краі. Як ужо згадвалася, "галоўнай галіной вытворчасці ў палабскіх славянаў было землероб-ства" (Развитие этнического самосознания славянских народов в эпоху раннего средневековья. М.,1982. С. 196) . Нямецкі гісторык Й. Герман пацвярджае, што ў міжрэччы Одры і Лабы назіраўся "значны рост земляробчай вытворчасці, жывёлагадоўлі ды рамесніц-кай альбо іншай прадпрыймальніцкай дзейнасці" (Херрманн Й. Общество у германских и славянских племён и народностей между Рейном и Одером в VI - ХІ веках. // Вопросы истории. 1987, № 9. С.80) . З VI па XIII стст. славяне абадрыцкага і вялецкага племянных звязаў пабудавалі каля 3000 бургаў - умацаваных паселішчаў, дзе расквітнелі рамёствы і культура (Herrmann J. Zwischen Hradschin und Vineta. Frьhe Kulturen der Westslawen. Leipzig, 1971. S. 114) . Прыкладам, абадрыты мелі вялікія племянныя гарады, сярод якіх вылучаўся Мехлін (Мекленбург) - месца побыту племяннога князя (Херрманн Й. Общество у германских и славянских племён… С. 81) . Й. Херман адзначае, што ў гарадах, якія з'яўля-ліся адначасова і асяродкамі культуры, працавалі рамеснікі, якія забяспечвалі ваяроў дасканалай зброяй і рыштункам. Таму і змаглі заходнеславянскія княствы цягам стагоддзяў выстаяць у змаганні з рыцарамі нямецкіх княстваў.
Ці склаліся такія ўмовы ў Жамойці пачатку XI ст., калі ўпершыню ў нямецкай хроніцы ды ў рускіх летапісах з'яўляюцца звесткі пра літву? Польскі гісторык Ю. Ляткоўскі, аўтар кнігі пра Мяндоўга, апісваючы падзеі пер-шай паловы XIII ст., згадаў "уласна Літву" з яе "нізкай культурай, дзе апрацоўка зямлі, напэўна, яшчэ не была агульным і галоўным сродкам забеспячэння і дзе пра існаванне гарадоў гаворкі амаль не можа быць..." (Latkowski J. Mendog - krуl lite-wski. S.21) . А дасведчаны В.В. Сядоў пісаў, што на абшары "племянной групоўкі, называнай літвой", у VI - VIII ст. меліся гарадзішчы, але яны, "відавочна, былі сховішчамі" (В.В.Сядоў. Балты. С. 394) . Значная іх частка толькі ў ІХ - ХІІІ ст. была шчыльна забудавана і заселена (Тамсама) . Будынкі ж былі зрубнымі, што не ўласціва балтам. А ўвогуле, "летувіскія даследнікі лічаць гарадзішчы ІХ - ХІІІ ст. феадальнымі замкамі" Тамсама. С. 395. Відаць, гэтыя гарадзішчы так і не сталі асяродкамі ўзнікнення гарадоў.
(Працяг у наст. нумары.)
Здзіслаў Сіцька
Культурна-літаратурная Гарадзеншчына на старонках "Нівы"
У пачатку 1980-х гадоў я ўпершыню трымаў у руках беларускі тыднёвік "Ніва", які 50 гадоў ужо выдаецца ў Беластоку. А справа была вось як. Неяк я, студэнт-першакурснік Белдзяржуніверсітэта, прыехаў у родны Слонім і завітаў да мясцовага, але вядомага ў свой час у Заходняй Беларусі паэта Анатоля Іверса (Івана Дарафеевіча Міско). Сядзім, гутарым, а пасля Анатоль Іверс пытае: "А ці ведаеш ты пра беларускую газету "Ніва", якая выдаецца ў Беластоку? Ты такой цікавай і дэмакратычнай газеты яшчэ не чытаў. Я яе перачытваю ўсю". Паэт дастаў з шуфлядкі свайго стала некалькі нумароў двух-колернай "Нівы" і даў мне на некалькі дзён пачытаць. А пасля параіў: "Ты паспрабуй сваю падборачку вершаў даслаць у гэту газету, адрас там знойдзеш". Я паслухаўся старэйшага слонімскага сябра і даслаў у "Ніву" свае паэтычныя радкі. Яны хутка былі апублікаваныя, нават са здымкам. І мне з рэдакцыі прыслалі нават газету. Гэта была вялікая радасць.
Па словах Анатоля Іве-рса, як я памятаю, у 1980-х гадах у Слоніме 8 чалавек выпісвалі тыднёвік з Беластока. Пасля з падпіскаю былі праблемы: то газету не ўносілі ў падпісны каталог Беларусі, то калі яна там была - выкрэслівалі, то газета дастаўлялася нерэгулярна, то зусім не дахо-дзіла да адрасатаў у Слоніме. Анатоль Іверс хадзіў альбо тэлефанаваў на пошту, сва-рыўся, высвятляў. І ўсе слонімскія паштальёны пра "Ніву" добра ведалі, бо калі яна з'яў-лялася, яе адразу няслі на вуліцу Дабрыяна, 8, каб толькі паэт ім не дакучаў.
Але Анатоль Іверс не толькі чытаў "Ніву", як кажуць, "ад коркі да коркі", ён у тыднёвіку друкаваў і свае вершы. У асноўным гэта былі творы, якія прысвячаліся Польшчы, Беласточчыне, сябрам. Напрыклад, у сакавіку і ў жніўні 1977 года ён апублікаваў вершы "Зацес-на Нарве ў берагах", "У Плоцку", "Успамінаю Беласток", "Дзе тыя Пясчанікі?", у 1978 - "На братняй зямлі" і іншыя. Вось некалькі радкоў з верша "Дзе тыя Пясчанікі?":
Вёска ёсць Пясчанікі -
Так ці мо не так?
Запрашаў на дранікі
Беларус-зямляк:
- Запытай Лісоўскага,
Кожны скажа дзе.
Вельмі была коўзкая
Сцежка для людзей…
Так мы разляцеліся
З Плоцка ў свой куток:
Я - дзе Шчара сцелецца,
Ён - пад Беласток…
Дзе ж тыя Пясчанікі
Сябрука майго?
Недзе пахнуць дранікі.
А ўжо сорак год!
Згадваў Анатоль Іверс на старонках "Нівы" і пра свайго земляка-паэта Гальяша Леўчыка. Пра Леў-чыка на старонках тыднёвіка цікавы артыкул-успамін надрукаваў у 1980 годзе Сяргей Новік-Пяюн ("Ніва", 20.07. 1980). А калі Янка Саламевіч падрыхтаваў і выдаў кніжку выбраных твораў Гальяша Леўчыка "Доля і хлеб", Міхаць Шаховіч надрукаваў невялікую зацемку ў газеце пра кнігу. У прыватнасці аўтар падкрэс-ліў, што творчасць Гальяша Леўчыка "ішла следам купалаўскай рамантычнай музыкі. Безупынныя заломы - нечаканая змена радасці ў сум, эмоцыя і меланхолія, пастаян-ная сувязь з вёскай і фальклорам з'яўляюцца галоўнымі рысамі творчасці Гальяша Леўчыка".
"Ніва" вельмі часта друкавала вершы Гальяша Леўчыка. У 1980 годзе ў ліпені на яе старонках былі апублікаваны некалькі твораў паэта са Слоніма, сярод якіх і верш "Хто адрокся сваіх…":
Хто адрокся сваіх,
Хто стыдацца нас стаў
І прыліп да чужых, -
Каб ён свету не знаў.
Мову родную хто
Пазабыў, асмяяў,
Загубіў за нішто, -
Каб ён свету не знаў… і г.д.
Для людзей літаратуры і культуры зямлі слонімскай заўсёды знаходзілася месца на старонках "Нівы". Вельмі цікавыя знаходкі пра слонімскага грамадскага і рэлігійнага дзеяча Лукаша Дзекуць-Малея апублікавала найвыдатнейшая беларуская даследчыца нашай літаратуры і гісторыі ў Польшчы Лена Глагоўская. Лукаш Дзекуць-Малей у 1920-х гадах пераклаў на беларускую мову 17 рэлігійных брашур з польскай і рускай моў. У 1942 годзе выдаў на беларускай мове малітоўнік.
На старонках "Нівы" толькі на працягу апошніх трыццаці гадоў былі апублікаваныя творы слонімскіх літаратараў Уладзіміра Ягоўдзіка, Сяргея Хмары, Алега Бембеля (Зьніча), Алега Лойкі і многіх іншых маіх землякоў ці асобныя артыкулы пра іх дзейнасць і творчасць. 12 красавіка 1987 года Аляксандр Баршчэўскі апублікаваў інтэрвію з прафесарам Алегам Лойкам. На пытанне: што вы думаеце аб нашай "Ніве", Алег Лойка сказаў: "Зразумела, што найбольш мяне цікавяць матэры-ялы фальклоразнаўчыя і літаратурныя, асабліва паэтыч-ныя і крытычна-літаратурныя. Цікавяць мяне таксама фатаграфіі, якія ілюструюць гісторыю Беласточчыны і яе сённяшні дзень. З цікавасцю чытаю апошнюю старонку, запоўненую, як вядома, гумарам. Хацелася б на старонках "Нівы" бачыць большую коль-касць прадстаўнікоў маладой паэзіі. У цэлым "Ніву" успры - маю як жывы водгалас народнага беларускага жыцця. Цешуся, што на старонках з'яўляюцца матэрыялы, звязаныя з Беларуссю".
На працягу 50-гадовага свайго існавання, "Ніва" надрукавала на сваіх старонках творы амаль усіх літаратараў Гарадзеншчыны, а таксама інтэрвію з імі, артыкулы пра іх творчасць. Найперш гэта вершы Цёткі, Ларысы Геніюш, Дануты Бічэль, Міхася Васілька, Зянона Пазьняка, Міхася Скоблы, Пятра Ламана, Мар'яна Дуксы, Юры Гуменюка, Алеся Чобата, Юркі Голуба, Аляксея Пяткевіча, Станіслава Валодзькі, Язэпа Палубяткі, Аўгінні Кавалюк, Антаніны Хатэнкі і дзесяткі іншых таленавітых людзей Гарадзенш-чыны, якія нарадзіліся тут, жылі ці жывуць цяпер. "Ніва" заўсёды была, а тым больш сёння, яна з'яўляецца не толькі тыднёвікам беларусаў у Польшчы, але і нашым гарадзенскім грамадска-культурным выданнем. Сёння на Гарадзеншчыне засталася толькі адна незалежная газета - гэта "Газета Слонімская" у Слоніме і ў Лідзе - "Наша слова" - рэспубліканская газета ТБМ. Усё! Больш выданняў няма, дзе свае творы могуць друкаваць літаратары Гарадзенскай вобласці. Нядаўна "Гродзенскую праўду" узначаліла новы рэдактар, нехта Берэснева. Гэта рэдактарка вельмі хутка зніш-чыла тое, што на працягу дзесяцігоддзяў мела месца на старонках абласной газеты. Я маю на ўвазе рэгулярны што-месячны выпуск літаратурных старонак, старонак, прысвечаных гісторыі роднага краю, яе знакамітым людзям. Паэт Юрка Голуб і былы рэдактар "Гродзенскай праўды" Іосіф Багіна ў 2003 годзе пры газеце пачалі выдаваць штогоднік "Галасы", дзе друкаваліся творы гарадзенскіх літаратараў. Пра гэтае выданне зычлівы водгук быў надрукаваны і ў "Ніве" (6.10.2002). "Цешыць тое, што выхад новай кнігі падтрымалі ў Гродне дзяржструктуры…", - пісала "Ніва". Але з прыходам у "Гродзенскую праўду" спадарыні Берэсневай, выданне ўжо не выходзіць. Аказваецца, што і дзяржструктуры не дапамаглі. А можа наадварот?..
Так што цяпер увесь спадзеў у творцаў беларускай літаратуры і культуры Гарадзеншчыны толькі на "Ніву". Ды і на працягу 50 гадоў тыднёвік у Беластоку быў і застаецца прапагандыстам літаратурных твораў пісьменнікаў прынёманскага краю. Найбольш сваіх старонак "Ніва" прысвяціла творчасці Ларысы Геніюш. Асабліва ў апошнія два дзесяцігоддзі. Вельмі часта друкуюцца ў "Ніве" вершы паэткі, артыкулы пра яе кнігі і жыццё. 17 жніўня 2003 года ў "Ніве" была апублікавана невялікая інфармацыя аб тым, як Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся рэабілітаваць Ларысу Геніюш. Суд, дарэчы, пастанавіў, што паэтка ўвогуле не падлягае рэабілітацыі. 21 сне-жня 2003 года "Ніва" паведаміла аб тым, як мясцовыя зэльвенскія ўлады хочуць дэмантаваць помнік Ларысе Геніюш у Зэльве каля Троіцкай царквы. Дзякаваць Богу, помнік удалося адстаяць і ён па-ранейшаму займае належнае месца ў Зэльве.
Распавядала "Ніва" і пра штогадовыя ўшанаванні ўгодкаў паэткі, што адбываюц-ца ў Зэльве, а таксама пра яе сына Юрку Геніюша і яго кнігі.
Пісьменнік Аляксей Карпюк хоць і нарадзіўся на Беласточчыне, але ўсё жыццё пражыў у Гародні. "Ніва" шчыра пісала і пра яго, хоць можа і не так часта. Мне запомніліся два вялікіх артыкулы-згадкі пра Аляксея Карпюка - гэта Алеся Чобата і Дануты Бічэль, якія былі апублікаваныя ў "Ніве" у 1992 годзе. Калі артыкул Алеся Чобата пра Аляксея Карпюка быў чыста суб'ектыўны і крыху іранічны, то Данута Бічэль пісала вельмі шчыра. "Аляксей Карпюк быў і такі самы, і абсалютна другі. Гэта быў чалавек іншага пакалення. Пакалення мужыкоў, якія хадзілі да навукі, да культуры - і абагаўлялі яе… Мужыцкі народ ужо ведаў, што кніга нясе дабро. Ён яшчэ не ведаў, што і кніга можа гэтаксама хлусіць, як чалавек…" , - пісаў Алесь Чобат. ("Ніва", 9.08.1992 г.). А Данута Бічэль у сваіх успамінах, якія яна назвала "Каго помню і люблю" ("Ніва", 23.08.1992 г.) згадала імгненні жыцця Аляксея Нічыпаравіча. Гэтыя імгненні былі розныя: то светлыя, то радасныя, то маркотныя: "Ужо перад смерцю Аляксей Карпюк папрасіў дзяцей і жонку, каб памаглі яму сесці ў ложку, потым сказаў, што адсюль трэба ехаць… Куды?.. У Англію. У Лондан. Тут дрэнна…" . Хаця мы ведаем, што ніколі Карпюк у тым Лондане не быў…
Успаміны Алеся Чобата пра Аляксея Карпюка - гэта не адзіны ягоны матэрыял, які пабычыў свет на старонках "Нівы", бо было публікацый шмат. І тое, пра што напісаў гарадзенскі паэт і публіцыст, запомнілася. Найперш ягоныя добрыя пераклады на родную мову вершаў Іосіфа Бродскага і Чэслава Мілаша. Вось як гучаць радкі Іосіфа Бродскага па-беларуску з цыкла "Літоўскі дывертысмент":
Пакінь смурод
і грукат месца -
Завулкам ціхім час ступаць
Між дворыкаў, глухіх і цесных,
Зайдзі ў касцёл, на лаўку сядзь
І там, ад пылу залатога,
Калі падступіць горлам плач,
Ўздыхні святло ад Пана Бога
І ціха выдыхні: - Прабач.
Піша ў "Ніву" не толькі Алесь Чобат, але пішуць і пра яго. Сакрат Яновіч аналізуючы кнігу "Год" Алеся Чобат сказаў: "Гэты марудны акулярнік у гадах майго большага сына здзівіў мяне не майстэрствам формы - яна ў яго беспрэтэнцыёзная - а пранікнёнасцю думкі. Не купалаўскімі снамі аб Беларусі, а бязлітасным аналізам яе… Трымайся, Алесь, свайго прыгожага адкрыцця, што "бацькі зямля вялікая, маці зямля вялікая" ("Ніва", 23. 08.1992 г.). І Алесь трымаецца, як трымаюцца яго землякі Юры Гумянюк, Віктар Шалкевіч і Лявон Вашко з Мастоў, творчая дзейнасць якіх таксама мела адлюстраванне на старонках "Нівы". Пра вялікі канцэрт Віктара Шалкевіча ў памяшканні БГКТ пісаў тыднёвік у красавіку 1995 года. "Шалкевіч на Беластоцкім радыё" - матэрыял пад такім назовам з'явіўся ў "Ніве" летам 1998 года. Гэты канцэрт, як пісала газета, стаў "нагодай для прамоцыі новага альбома Віктара Шалкевіча "Балады і рамансы", загаловак якога ўпісваецца ў святкаванні юбілейнага года Міцкевіча, але і добра паказвае характар творчасці апошняга грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага, пеюна правінцыі і малых беларускіх мястэчак, пільнага назіральніка, з'едлівага сатырыка і заадно лірычнага рамантыка". Так пісаў тады пра Шалкевіча Мікола Ваўрынюк.
Наогул, які б беларускі калектыў з Гарадзеншчыны не выступаў са сваімі канцэртнымі праграмамі на Беласточчыне, пра яго заўсёды пісала і піша "Ніва", знаёмячы беларусаў Польшчы і палякаў з песеннай творчасцю сваіх суседзяў. Гартаючы "Ніву" мінулых гадоў, можна пазнаёміцца з цікавымі калектывамі, найперш, беларускай народнай творчасці з Гарадзенскай вобласці, з фотаздымкамі гэтых калектываў, з іх песенным рэпертуарам.
Аўтары ніўскіх публікацый не даюць грунтоўных аналізаў выступленняў народных калектываў з Гарадзеншчыны, яны проста знаёмяць з беларускімі калектывамі. Знаёмствы гэтыя шчырыя, добрыя, светлыя, як і сама беларуская песня. Толькі за апошнія 10 гадоў на Беласточчыне былі наладжаны сотні шматлікіх беларускіх музычных фэстаў, аглядаў, конкурсаў, канцэртаў асобных выканаўцаў з прынёманскага краю. Амаль пра ўсіх пісала "Ніва". Вось як сказаў Міхась Хмялеўскі пра гарадзенскі мастацкі калектыў "Гарадніца": "Хто прысутнічаў на канцэрце калектыву "Гарадніца" з Гродна, той значыць, пабываў на шыкоўным, беларускім духоўным банкеце. Выступленне "Гарадніцы" - высокае майстэрства, дасканаласць" ("Ніва", 27.10.2002 г.). Пра калектыў песні і танца "Вяселле" з Ваўкавыска, які выступаў на адным з фэстаў у Нараўцы, Янка Целушэцкі падкрэсліў, што "гваздом мастацкай праграмы быў канцэрт калектыву песні і танца "Вяселле" з Ваўкавыска" ("Ніва", 10.06. 2001 г.). Пісала газета і пра частыя гастролі ансамбля народнай песні і музыкі са Слоніма "Грымата", ансамбля народнай песні "Бераставіцкія музыкі", мужчынскі гурт "Лявоны" з Воранава і пра іншыя калектывы. Заўсёды шырока асвятляюцца на старонках "Нівы" мастацкія сустрэчы Беласток - Гродна, фэсты ў Гайнаўцы, дні Беласточчыны на Гарадзеншчыне. Не ведаю толькі, ці праводзяцца гэтыя дні цяпер, а вось у 1990-х гадах такія дні сустрэч адбываліся.
У 1970 - 80-х гадах у "Ніве" бала цікавая рубрыка "Беларускія кнігі". У ёй паведамлялася пра кнігі на беларускай мове, якія можна было купіць тады ў "кнігарні імпартных выданняў" у Беластоку. Друкаваліся не толькі назвы кніг, але і кароткія анатацыі да іх. У кнігарні прадаваліся і кнігі гарадзенскіх літаратараў, пра якія шмат пісала "Ніва".
Добра, што, пачатае Аляксандрай Бергман, напісанне нарысаў пра знакамітых людзей Гарадзеншчыны на старонках "Нівы", працягваецца і сёння. Але гэта не проста вялікія артыкулы, а гэта новыя факты з жыцця і творчасці той ці іншай знакамітай асобы. Дзякуючы такім матэрыялам, "Ніва" была і застаецца сваесаблівай энцыклапедыяй не толькі беларусаў Польшчы, але і ўсёй Гарадзеншчыны. Пра Казіміра Сваяка ў 1990-2005 гадах на старонках "Нівы" цікавыя матэрыялы пісалі Аляксей Пяткевіч і Лена Глагоўская. Пра Апанаса Цыхуна публікавалі артыкулы Зміцер Кісель і Уладзімір Хільмано-віч, пра кампазітара Аляксандра Шыдлоўскага - Віталь Луба і Ада Чачуга, пра Адама Станкевіча - Яўгенія Шымянчук, пра Вінцэся Каратынскага - Уладзімір Мархель, пра Яфіма Карскага - Апанас Цыхун, пра Хведара Ільяшэвіча - Масей Сяднёў у сваім "Беластоцкім сшытку", пра Аляксея Карпюка - Уладзімір Хільмановіч, пра Алеся Белакоза - Юрка Баена і Ганна Кандрацюк, пра Язэпа Найдзюка - Лена Глагоўская і г.д.
У 1998-2000-х гадах цікавыя культуралагічныя матэрыялы з Гародні дасылаў у "Ніву" таленавіты хлопец Зміцер Кісель. На вялікі жаль, ён рана ад нас адышоў. У адным з нумароў "Нівы" (17.01.1999 г.) Зміцер Кісель пісаў: "30 снежня 1998 года вядомая беларуская паэтка Данута Бічэль была звольнена з музея Максіма Багдановіча ў Гродне. Спадарыня Данута стварыла музей з 1982 года. Пасля адкрыцця ў 1986 годзе была яго нязменным дырэктарам. Усе экспанаты сабраны яе намаганнямі… Данута Бічэль стала душой музея Максіма Багдановіча. Без яе існаванне гэтага музея здаецца немагчымым". А ў верасні 1999 года ў "Ніве" быў надрукаваны верш Дануты Бічэль, які меў назоў "Мяне выгналі на пенсію з Музея Максіма Багдановіча". Пачынаўся ён радкамі:
Выйшла. Куды мне вяртацца?!
Выгналі з Дому і Працы.
Злыя бясплодныя жабы
Сажалку
робяць з дзяржавы…
Ды не. Нас усе роўна ўсіх ніхто ніколі ні адкуль выгнаць не зможа. Пакуль мы ёсць на роднай зямлі, пакуль будзе выходзіць у Беластоку наш агульны беларускі тыднёвік "Ніва".
Сяргей ЧЫГРЫН
Завяршылася 10-гадовая праца над ідыш-беларускім слоўнікам
1000-старонкавы ідыш-беларускі слоўнік менскага перакладчыка і рэстаўратара Аляксандра Астравуха - другая за ўсю беларускую гісторыю спроба аб'яднаць абедзве гэтыя мовы. Першы "Кішэнны габрэйска-беларускі слоўнік" выйшаў у 1932 годзе. Ягоныя стваральнікі - Самуіл Плаўнік (беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля) і Нохім Рубінштэйн, рэпрэсаваны як агент сіянізму ў 1937.
Ва ўступе да кішэннага выдання напісана: "Гэты слоўнік будзе карысным тым габрэйскім таварышам, якія пачынаюць вывучаць беларускую мову, а таксама таварышам беларусам, якія пачынаюць вучыць ідыш, каб яны маглі зразумець лёгкі тэкст у звычайным газетным артыкуле" . Сёння гэты слоўнік з'яўляецца рарытэтам. Аднак на пачатку 1930-х ён быў вельмі запатрабаваным. Разам з беларускай, расейскай і польскай ідыш належаў да чатырох дзяржаўных моваў Беларускай ССР. Ідыш выкладалі ў школах, гэтая мова гучала ў тэатрах, на ёй выходзілі газеты і часопісы. Да вайны ў беларускай сталіцы, насельніцтва якой складала каля 300 тысячаў чалавек, на ідышы размаўляла больш за палову Менска. Сёння ў Беларусі выходзіць толькі адна габрэйская расейскамоўная газета "Анахну Кан".
"Мела б слоўнік, дык пераклала б тое, што прысніла"
Разам з 55-гадовай жыхаркай Менска Святланай Гарэлік мы шпацыруем па горадзе яе дзяцінства. Святлана - мянчанка ў трэцім пака-ленні. Большасць яе продкаў таксама пахаваныя ў гэтым горадзе. Праўда, месцаў пахавання ўжо няма. На былых габрэйскіх могілках, што ў раёне Старажоўкі, непадалёк ад Моладзе-вага тэатру, цяпер пракладзена аўтамагістраль. Перазахавання, тады ў 1970-я, гарадскія ўлады не рабілі.
Некаторыя сваякі Святланы загінулі ў часе Другой Усясветнай вайны ў менскім гета, там, дзе цяпер вуліцы Сухая, Раманаўская слабада. Пасля вайны на гэтым месцы, таксама на касцях, былі пабудаваны жылыя будынкі.
У сям'і Святланы размаўляюць па-расейску. Аднак жанчына ўзгадвае, што яе бабуля і дзядуля гаварылі на ідыш. Гэта мова ў 1950-1960-я гучала таксама і на вуліцы Гандлёвай, дзе жылі аднакласнікі Святланы, дзеці габрэйскіх краўцоў, цырульнікаў. Сям'я ж Святланы да пачатку 1960-х жыла на Стараві-ленскай, там, дзе цяпер знаходзіцца Траецкае прадмесце - маленечкі куток гістарычнага Менска.
Святлана: "Такі габрэйскі квартал тут у нас быў. Тут да 1960-х гучаў ідыш. Яшчэ на Гандлёвай вуліцы, дзе жыла мая настаўніца Фрыда Аронаўна. Яна выкладала ў нас беларускую мову. Там таксама размаўлялі на ідыш. На Гандлёвай вуліцы сёння дамоў амаль не заста-лося. Яны былі разбураныя дзесьці ў 1970-я. Штосьці засталося толькі ў Траецкім штосьці засталося. Тыя ж дамы, толькі інтэр'ер змянілі. Тады прыбіральні, зразумела, былі ў двары, таксама калонка з вадой. Узгадваю габрэйскае пахаванне бабулі Ханы. Было выключана святло, свечка гарэла, бабуля ляжала на падлозе ў саване. Выносілі яе з дому не ў труне… Такое далёкае дзяцін-ства..."
Ні ідыша, ні габрэйскіх традыцыяў Святлана не ведае. Як, дарэчы, і беларускай мовы. "Мы - савецкія габрэі", кажа яна і ўзгадвае, як яе сваякі і знаёмыя дзеля таго, каб зрабіць пры Саветах кар'еру не тое, што забывалі мову, але і ўвогуле мянялі свае прозвішчы і імёны па бацьку на расейскі ўзор. Святлана - не выключэнне. Доўгім часам нішто не нагадвала ёй пра яе габрэйскія карані. Аднак з узростам пачалі прыходзіць дзіцячыя ўспаміны. Час ад часу яна сніць сваю бабулю, і тая размаўляе на ідыш.
"Мела б слоўнік, дык пераклала б тое, што прысніла", кажа жанчына, даведаўшыся пра працу Астравуха.
З актывістам менскай гарадской габрэйскай суполкі, менскім шахматыстам і аўтарам "Анахну Кан" Вольфам Рубінчыкам мы размаўляем па-беларуску. Вольф прызнаецца, што на ідыш ведае ўсяго некалькі словаў і выразаў.
Рубінчык: "Зэй ге'зынт… о зохэн вэй, штарк ві а фэрд… вос нох? генуг…"
Вольф вельмі чакае выхаду ідыш-беларускага слоўніка. Дарэчы, з ягоным аўтарам Аляксандрам Астравухам ён сябруе яшчэ з 1990-х.
Рубінчык: "Пры канцы 1990-х, як Аляксандар пачаў рабіць свой слоўнік, ён мне пра гэта тады і паведаміў. Я ўжо тады чытаў некаторыя ўрыўкі ягонай працы - прыказкі, прымаўкі. Пяць год таму я нават рабіў інтэрвію з Аляксандрам для газеты "Анахну Кан". Я ведаю, што ўсе гэтыя 10 гадоў Аляксандар працаваў па 10-15 гадзін у суткі.
Спадзяюся, што слоўнік выйдзе сёлета. Хутчэй за ўсё, у прыват-ным выдавецтве. Думаю, што даведнік справакуе некага вывучаць ідыш, а не проста будзе стаяць у кніжнай шафе ці бібліятэцы".
Перакладчык-беларус вучыць ідышу сваіх дзяцей
Складальніку слоўніка Аляксандру Астравуху 48 год. Ён прафесійны рэстаўратар. Размаўляе на пяці мовах - беларускай, расейскай, украінскай, літоўскай, ідыш.
Паводле паходжання Аляксандар беларус. Нарадзіўся ў вёсцы на Ўздзеншчыне. Жаданне скласці слоўнік у яго ўзнікла больш за 20 гадоў таму. Сваё незразумелае для многіх рашэнне ён тлумачыў прафесійным рэстаўратарскім памкненнем.
Першыя ўрокі ідышу Аляксандр атрымаў у часе вучобы ў Менскім тэатральна-мастацкім інстытуце. Ягоны настаўнік вырас у менскім габрэйскім квартале. Ад яго студэнты навучыліся габрэйскім прыказкам, песням, першым літарам габрэйскага альфабэту... Калі не хацелася ісці на заняткі, студэнты ішлі ў парк Чалюскінцаў, дзе падслухоўвалі старых габрэяў, якія, шпацыруючы альбо гуляючы ў шахматы, размаўлялі на ідыш.
Вялікай дапамогай сталі так-сама перакладзеныя на ідыш зборы твораў генеральнага сакратара КПСС Леаніда Брэжнева. У савецкія часы кнігі Брэжнева перакладаліся на ўсе мовы СССР. І Аляксандар, і ягоныя сябры завучвалі на памяць мастацка-дакументальныя мемуары Брэжнева "Малая зямля".
Сёння Аляксандар вучыць ідышу сваіх дзяцей, габрэяў па лініі ягонай жонкі, іхняй маці.
Дзеля таго, каб пачуць "жы-вы" ідыш і гутарыць на ім, Астравух час ад часу наведвае суседнюю Літву, колішнюю гістарычную беларускую сталіцу - Вільню. Паводле ягоных словаў, габрэі ў Вільні не цураюцца ідыш, і таму здаецца, што ў гэтым горадзе вялікая габрэйская грамада, хаця ў колькасным вымярэньні яна саступае менскай.
Аляксандар падкрэслівае, што ў Вільні захавалася не толькі ўсё габрэйскае, але і ўсё ці амаль усё беларускае - бібліятэкі, архітэктура, асяродкі Беларушчыны. Не кажучы ўжо пра літоўскую ці польскую спадчыну.
"Я бачу пэўныя паралелі паміж лёсам ідыш і беларускай мовы"
Ураджэнец Бабруйска Віталь Каракорскіс працуе на Віленскім тэлебачанні ў рэдакцыі праграмаў для нацыянальных меншасцяў. Як кіраў-нік мясцовай габрэйскай суполкі ён з гонарам распавядае пра тое, што амаль зруйнаваныя пры Саветах кварталы віленскага гета сёння сталі асновай старога горада, які трапіў у спісы усясветнай спадчыны ЮНЭСКА.
Наша размова з Віталем праходзіць па-беларуску. Каракорскіс распавядае, што не так даўно ў Вільні адбылася прэзентацыя 10-гадовай працы Аляксандра Астравуха.
Каракорскіс: "Гэта добрая праца і добрая справа. Я бачу тут пэўныя паралелі паміж лёсам мовы ідыш і беларускай мовы. Наколькі я ведаю, Астравух адмыслова ездзіў у Вільню на летнія курсы па ідышы. Тут у Вільні ўжо колькі год дзейнічае інстытут мовы ідыш пры Віленскім унівэрсітэце. Курсы адбываюцца штогод. Вось і заўтра адкрываецца чарговая летняя школа. Я так разумею, што Астравух ўбачыў паралелі лёсаў гэтых моваў, традыцыйных для Беларусі і Літвы. Менавіта ў гэтым пэўная цікавасць працы. Моўная палітыка цяперашняга беларускага рэжыму, палітычная сытуацыя ў краіне, на жаль, не спрыяюць развіц-цю традыцыйных для беларускай зямлі моваў. За выключэннем расейскай мовы. У тым ліку, не спрыяюць разьвіццю беларускай мовы і мовы ідыш".
Ідыш - германская мова, узнікла у Цэнтральнай і ва Ўсходняй Еўропе ў 10-14 стагоддзях на аснове сярэдненямецкіх дыялектаў, старажытнагабрэйскай, арамейскай і славянскіх моваў. Паводле тэорыі лінгвіста Тэль-Авіўскага ўніверсітэта Пола Вэкслера, ў аснове ідышу ляжаць хутчэй славянскія, а не германскія мовы. На пачатку ХХ стагодзя на ідышы размаўлялі 11 мільёнаў чалавек.
Алена Струвэ, Менск. "Радыё Свабода".
Помнік Янку Брылю з'явіцца ўвосень
25 ліпеня споўніўся год, як не стала народнага пісьменніка Беларусі, ляўрэата многіх літаратурных прэміяў СССР і БССР, класіка айчыннай літаратуры Янкі Брыля. Родныя і сябры сабраліся на магіле пісьменніка, каб ушанаваць памяць, згадаць добрым словам Івана Антонавіча.
Згодна з запаветам класіка, пахаваны ён на могілках у менскім прыгарадзе Калодзішчы, побач з жонкай Нінай Міхайлаўнай.
Як народны пісьменнік Янка Брыль мог быць пахаваны на Ўсходніх могілках. Але некалькі гадоў таму, калі памерла жонка, яму не дазволілі пахаваць яе ні на Ўсходніх, ні на Кальварыйскіх могілках. Разлучацца з каханай, з якой пражыў амаль шэсцьдзесят гадоў, Янка Брыль не захацеў, таму цяпер магілы іх побач.
Афіцыйныя ўлады ні ў пахаванні год таму, ні ва ўшанаванні памяці пісьменніка ніякай дапамогі сям'і не аказалі. Помніка на магіле пакуль няма. Сям'я мяркуе ўсталяваць яго ўвосень.
Распавядае дачка народнага пісьменьніка Наталля Семаш-кевіч:
- Мы не звярталіся па дапамогу, таму і ніякай прапановы не было. А помнік... Паколькі бацька - чалавек старой загартоўкі, ён усё пакінуў на помнік, распавёў, што зрабіць, як зрабіць. Ён як цвярозы чалавек ведаў, што ніякай дапамогі не дачакаешся, таму сям'я гэтым займаецца".
Гісторык, публіцыст, блізкі сябар сям'і Янкі Брыля Анатоль Сідарэвіч кажа:
- Дзяржава ніякага дачынення да ўстаноўкі помніка не мае. Граніт для помніка Івану Антонавічу прывезены з Жытомірскай вобласці, так што неўзабаве будзе яму помнік. Гэта будзе сціплы помнік без усялякіх барэльефаў, гарэльефаў.
За шэсцьдзесят гадоў творчай дзейнасці Янка Брыль напісаў дзясяткі кніг, апавяданняў, апове-сцяў, мініяцюр, дакументальных хронік. У яго вялікія архівы. Але што да выдання поўнага збору твораў класіка, дык на гэта час яшчэ не прыйшоў, сцвярджае Анатоль Сідарэвіч:
- Яшчэ многае цяпер нельга раскрываць. Ён даў пэўны тэрмін на раскрыцьцё ягонага машынапіснага і рукапіснага архіву, таму немагчыма поўны збор пакуль выдаваць. Трэба пачакаць мінімум чатыры гады. Тое, што выдавалася, дзякуй Богу, яно выходзіла някепска ў Івана Антонавіча. А астатняе - дасць Бог, перачакаем гэты тэрмін і пачнем друкаваць.
Сёлета 4 жніўня Івану Антонавічу споўнілася б 90 гадоў. Пакуль ніякіх афіцыйных урачыстасцяў і імпрэзаў з гэтай нагоды не плануецца, акрамя фотавыставы. Да сваякоў ніхто не звяртаўся, кажа дачка Янкі Брыля Наталля Семашкевіч:
- 2 жніўня ў Літаратурным музеі будзе адкрыццё фотавыставы, прысвечанай 90-годдзю. Там будуць некаторыя рэчы, кнігі з кабінета Івана Антонавіча, і шмат фатаздымкаў з сямейнага архіву. Пакуль больш ніхто не звяртаўся.
Магчыма, увосень, пасля адпачынкаў і вакацыяў родныя і сябры Янкі Брыля зладзяць вечарыну, прысвечаную 90-годдзю пісьменніка.
Іна Студзінская, Менск.
Крыж Еўфрасінні Полацкай і яго функцыянальнае прызначэнне
Славуты крыж быў зроблены Лазарам Богшам у 1161 г. па заказу Еўфрасінні для Спаскага кляштара.
У геральдычнай навуцы такую форму шасціканцовага крыжа называюць патрыяршым ці падвоеным крыжом, пад якім разумеюць два грэцкія крыжы спалучаныя разам.
І так, патрыяршы крыж складецца з галоўнага стаўпа і двух паралельных папярэчак. Сустракаюцца варыянты розных па велічыні папярэчак ці роўных. Але гэта не мае істотнага значэння. У гэты ж час на каралеўскіх пячатках і манетах вугорскай зямлі пры каралі Вугорыі Бэле ІІІ (1173-1193гг.) з'яўляецца, так званы, вугорскі крыж, або патрыяршы крыж, або падвоены грэцкі крыж, з верхняй папярэчынай карацейшай ад ніджняй. Усе наступнікі караля Бэлы ІІ адбіваюць манеты з такім крыжом. Такая форма крыжа стала гербавай фігурай Вугоршчыны. А справа у тым, што віздантыйскі імператар Мануіл у 1163 г. заручыў сваю дачку з вугорскім прынцам Бэлам. Бэла прыехаў у Канстанцінопаль, хрысціўся, атрымаў імя Аляксея. Мануіл надаў яму тытул дэспата і абвясціў, што Бэла будзе ягоным спадкаемцам. Аднак, неспадзявана для Мануіла, ягоная жонка нарадзіла яму сына ў 1169 г. Мануіл змяніў сваю пастанову і адмяніў заручыны сваёй дачкі з Бэлам і ажаніў яго з братавай прынцэсай Ганнай. Пры гэтым дазволіў яму ўжыванне імператарскага падвоенага крыжа, які Бэлам ІІ і яго наступнікамі дынастыі Арпадаў пачаў ужывацца як герб Вугоршчыны. З цягам часу гэты герб замацаваўся ў Славакіі, якая была залежнай ад Вугоршчыны краінай, і цяпер ён з'яўляецца гербам незалежнай Славацкай дзяржавы. Адсюль узнікае заканамернае пытанне. А ці не з'яўляецца знакаміты крыж Еўфрасінні Полацкай сімвалам пакравенства Полацкага княства з боку імператараў Візантыі і менавіта таго ж самага Мануіла. У жыціі пр. Еўфрасінні Полацкай чытаем: "І посла слугу своего Міхаіла ў Царьград, ко царю, наріцаемому Мануілу, і к патриарху Луце с дары многоценнымі, просящи от него святой Богородицы, еже бо евангелист Лука написал 3 иконы еще при животе светой Богородицы. Постави едину во Ерусалиме, другую во Цариграде. І третюю во Ефесе". Імператар Мануіл і патрыярх Лука Хрысаверх падманулі Еўфрасінню і перадалі не арыгінал абраза Багамацеры Эфескай, але спісак з яе. Але згодна з хрысціянскімі канонамі спісак з цудатворнага абраза не розніцца ад арыгінала "новая аки старая" і мае тую ж цудатворую сілу. Еўфрасіння ўпрыгожыла абраз золатам і каштоўнымі каменнямі, паставіла яе ў Спаскай царкве. У 1239 г., калі ноўгарадскі князь Аляксандр Неўскі жаніўся на дачцы полацкага князя Брачыслава, яна ўзяла з сабою Эфескі абраз і паставіла яе ў Багародзіцкім саборы Тарапца, дзе яна вядомая пад імем Карсунскай і лічыцца цудатворнаю. Мы ведаем, што імператар і патрыярх па просьбе Еўфрасінні акрамя абраза далі усё святое хрысціянскае начынне для крыжа: кроплю крыві Ісуса Хрыста, частку крыжа Панскага, каменьчык ад труны Багародзіцы, частку мошчаў святых Панцеляймона і Стэфана і г.д. Але крыж абазначаў нешта большае, чым хрысціянскія святыні, заложаныя ў ім. Ён азначаў поўнае пакравіцельства Полацкаму княству з боку імператара, а таксама пакравіцельства і поўную юрысдыкцыю Спаса-Еўфрасінеўскага манастыра з боку Візантыйскага патрыярха. Гэта значыць, што гэты манастыр падпарадкоўваўся не полацкай епархіі, а непасрэдна патрыярху Візантыйскаму. Як жа трапіў Крыж св. Еўфрасінні Полацкай на дзяржаўны герб "Пагоня". Гісторыя гэта даволі складаная. Пасля прымірэн-ня стрыечных братоў Вітаўта і Ягайлы ў 1392 годзе, Вітаўт атрымлівае паўнамоцтвы Вялікага князя Літоўскага і робіць сваю пячатку, на якой рыцар-князь на кані з узнятым мячом у правай руцэ, у левай трымае шчыт, на якім не крыж, а геральдычная фігура "Калюмны". Ягайла пасля каранацыі ў Кракаве зрабіў сваю маестатычную пячатку, на якой вакол яго фігуры змешчана 7 шчытоў з гербамі, якія сімвалізавалі тыя земліўладанні, якія належалі каралю Польшчы. Уверсе з левага боку ад сябе ён змяшчае герб "Пагоня", на шчыце якога Еўфрасіннеўскі крыж. Тое самае на саркафагу Ягайлы, які знаходзіцца на Вавелі ў Кракаве. Збудавалі саркафаг ужо пасля смерці, але рабіўся ён пад наглядам Соф'і Гальшанскай. На саркафагу з двух бакоў змешчаны герб "Пагоня". На шчыце, які трымае рыцар - крыж, той жа формы, што і Еўфрасіннеўскі. Прымаючы каталіцызм, больш лагічным было б для Ягайлы ўзяць лацінскую форму крыжа. У жонкі Ягайлы, польскай каралевы Ядвігі, былі свае дынастычныя гербы-паясы і лілеі. Але Ягайла, а пасля яго нашчадкі не ўзялі ў сваё карыстанне Ефрасіннеўскі крыж як дынастычны герб. Падвоены крыж быў гербам даўно вы-мершай полацкай дынастыі. Гэты крыж быў сакральнай рэліквіяй для Полацка, для Полацкага княства, і Ягайла паклаў яго на шчыт герба "Пагоня". Гэтым актам Ягайла як бы падкрэсліваў сваё права спадкаемцы на Полацкую зям-лю і яе вялікае дынастычнае мінулае, звязанае з Візантыяй. У гэтым заключаецца таямніца Еўфрасіннеўскага крыжа на гербе "Пагоня". Крыж пр. Еўфрасінні Полацкай стаў часткай, прычым, неад'емнай і вельмі значнай, усяго герба "Пагоня". І яшчэ адно функцыянальнае прызначэнне Крыжа пр. Еўфрасінні Полацкай. На ім змешчаны выявы, Ісуса Хрыста, Багародзіцы, Іаана Хрысціцеля, 4-х евангелістаў, архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла. Святых Еўфрасінні, Сафіі, Георгія і іншых - усяго 21 выява. Гэта па сутнасці ўвесь іканастас царквы. Такім чынам, Крыж прызначаўся і як паходная капліца ці нават царква. Ці сустракаліся крыжы такой формы на тэрыторыі рускіх зямель? Вельмі многа. Зроблены некалькі выдатных даследаванняў аб гэтай цікавай з'яве. Даследчыкі сведчаць, што форма шасціканцовага крыжа была вельмі пашыраная на ўсіх землях не толькі Полацкага княства. Але ў Маскоўскай дзяржаве, ды іншых княствах рускіх зямель, форма шасціканцовага крыжа, праўда з другой касой папярэчкай, захавалася да нашых дзён, як у царкоўным, так і ў паўсядзённым народным і абрадавым кульце пахавання памёрлых на Украіне. Прывяду і свой непасрэдны прыклад сустрэчы з такім Крыжом. У 1990 г. я ладзіў выстаўку ў былым Спаскім манастыры г. Яраслаўля і менавіта там у выставачнай зале старажытнага рускага мастацтва я ўбачыў дакладна такі ж па форме і памерах і нават таго часу (ХІІ ст.) крыж. Я быў узрушаны. Не мог паверыць гэтаму. Мне здавалася, што гэта сам Еўфрасіннеўскі Крыж. Але ён быў з цэльнагасрэбра. На ім не было знакамітай каляровай змалі з выявамі святых. Але тое, што я бачыў, уражвала і зачароўвала мяне. У апісаннях даследчыкаў гэты крыж чамусьці не сустракаецца. Варта было б дадаць яго і ўвесці ў навуковы абарот.
Можна зрабіць вывад, што ў сярэднявеччы экспансія падвоенага крыжа з Полацка была вельмі моцнай і даволі пашыранай, калі яго форма трапіла аж у Яраслаўскае княства. Можа таму на стаглавым Саборы рускі цар Іван Грозны прымае рашэнне аб уніфікацыі формы крыжоў на купалах цэркваў, каб адмежаваць Маскоўскую дзяржаву ад "літоўскага, Полацкага крыжа". У Стаглаве глава 41, пытанне 8 запісана "водружен бысть и поставлен святый крест благочестивым царем Иваном на саборной церкви пречистыя Богородицы... и таковые святые кресты на церквях и впредь до поставляются же ".
Так што трэцяя касая папярэчына была зроблена па "благославению" Івана Васілевіча і ім жа ўніфіцыравана і замацавана на Стаглавым саборы 1551 года. Васьміканцовы крыж увайшоў у гісторыю як рускі праваслаўны крыж. Такая форма крыжа больш позняга часу і паходзіць з формы падвоенага грэцкага крыжа. Трэцяя папярэчка з'явілася з прычыны распаўсюджвання ўжывання падстаўкі для падвоенага крыжа.
Ну, а якое ж функцыянальнае прымяненне Крыжа пр. Еўфрасінні Полацкай у нашыя дні? Калі да нядаўняга часу на нашай Бацькаўшчыне такога функцыянальнага прымянення мы не бачылі, то гэта не значыць, што яго наогул не існавала. Яно існавал, але па-за межамі нашай краіны. Закон жыцця такі, калі хто-небудзь наўмысна не ўжывае тыя сакраментальныя каштоўнасці нацыі, то іх ужываюць іншыя. І што б не рабілі першыя і як бы ні паганілі гэтыя каштоўнасці, але дух нацыі, яго святыні пераадольваюць усе перашкоды, становяцца здабыткам усяго народа. Прыкладаў таму безліч. Нагадаем хаця б сітуацыю з нашым гербам "Пагоня" і бел-чырвона-белым сцягам. Прыйшла чарга і да Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Калі ў канцы 50-х гадоў у Кліўлендзе беларусы Амерыкі заклалі царкву Жыровіцкай Божай Маці, узнікла пытанне аб крыжы. Нават правялі навуковую дыскусію вакол гэтай праблемы, у выніку якой тагачасны архіепіскап Беларускай Аўтакефальнай Царквы, што ў Паўночнай Амерыцы, даў сваё дабраслаўленне на ўстаноўку Еўфрасіннеўскага крыжа на купал царквы. Гэты акт стаў прыкладам і для іншых пазнейшых царкоўных пабудоваў. 5 верасня 1988 г. у Канадзе ў г. Мідлянт быў узведзены і пасвечаны Памятны Крыж у гонар тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі. Ён быў названы "Беларускі памятны крыж". Форма і прапорцыі яго поўнасцю паўтараюць крыж Еўфрасінні Полацкай. Гэты крыж стаў настолькі папулярным і святым для ўсіх беларусаў Паўночнай Амерыкі, што ва ўсе нацыянальныя ўрачыстасці і парафіяльныя святы тут адбыдваюцца набажэнствы, паломніцтвы. Праводзяцца штогадовыя піліграмкі з усіх куткоў Амерыкі і нават з Бацькаўшчыны да гэтага стаўшага ўжо святога для беларусаў месца. У той час, калі беларусы адзначалі 1000-годдзе хрышчэння на Беларусі, у Беласточыне Беларуская Асацыяцыя Студэнтаў (БАС) на знакамітай гары Грабарка, на якой стаіць царква Праабражэння Гасподня, паставілі сямімятровы Крыж, які па форме адпавядае Крыжу Еўфрасінні Полацкай. Трэба адзначыць, і тое, што на Бела-сточыне на многіх праваслаўных цэрквах, пабудаваных яшчэ за часы рэвалюцыі, стаяць шасціканцовыя крыжы. Ідэя Беларускага памятнага крыжа ўрэшце зноў вярнулася на Бацькаўшчыну. 26 красавіка 1991 г. у 6-я угодкі Чарнобыльскай трагедыі беларускі народ ішоў па вуліцах Менска пад сваім нацыянальным Еўфрасіннеўскім крыжам.
На святыя Дзяды, ды іншыя святы на многіх плакатах усё актыўней пачынае ўжывацца шасціканцовы крыж, які становіцца сімвалам Адраджэння Беларусі. Шасціканцовыя крыжы былі ўстаноўлены на памятных і мемарыяльных месцах змагання слуцкіх паўстанцаў 1921 г.
На навуковай нарадзе ў Віцебску і Полацку, якую ладзілі многія грамадскія таварыствы Віцебска ў тым ліку і Полацка-Віцебская праваслаўная епархія 16-17 лістапада 1991 г. "Да 830-годдзя стварэння Лазарам Богшам крыжа для пр. Еўфрасінні Полацкай", я выступіў з дакладам: "Функцыянальнае ўжыванне Крыжа пр. Еўрасінні Полацкай". У ім я прапанаваў Беларускай Праваслаўнай Царкве абвясціць Крыж Еўфрасінні Полацкай перш за ўсё як нацыянальную беларускую святыню, прыняць адпаведнае рашэнне Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы, каб ва ўсіх адноўленых і нанава адбудаваных цэрквах узводзіць крыж па форме Еўфрасіннеўскага.
Ці прыняў Сінод маю прапанову, мне невядома. Але само жыццё падказвае ім такую неабходнасць. Гэтыя ідэі праз тоўстую заслону ўсялякіх перашкод прабіваюць сабе шлях і пачынаюць ажыццяўляцца. Так на ўрачыстыя дні святкавання 1000-годдзя Праваслаўнай Царквы на Беларусі ў Віцебску на самым высокім пункце горада Успенскай гары намаганнямі Віцебскай епархіі быў пастаўлены жалезны шасціканцовы крыж. Самі ўрачыстасці ў Беларусі прайшлі пад эмблемай і знамам Крыжа Еўфрасііі Полацкай. Была выпушчана марка з выявай гэтага Крыжа, паштоўкі, канверты, а таксама значкі. Усе крыжовыя ходы ішлі пад штандарамі з выявай Крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Неабходна выказаць падзяку Беларускай Праваслаўнай Царкве за тыя намаганні, якія яна праявіла ў справе вяртання ў свядомасці і памяць беларускага народа яго нацыянальнага сімвала - Крыжа Еўфрасінні Полацкай. У чэрвені 1993 г. у Менску праходзіў з'езд беларусаў свету, таксама пад знакам Крыжа Еўфрасінні Полацкай, выдатна распрацаванага мастаком Эдуардам Агуновічам. Эмблема гэтага з'езду - выява патронкі Беларусі Еўфрасінні Полацкай з крыжом у руках - была выдадзена масавым накладам у форме плаката-календара.
У 1997 г., дзякуючы таму ж Эдуарду Агуновічу, Крыж Еўфрасінні Полацай зноў вярнуўся ў культавыя збудаванні. У Рэчыцы на беразе Дняпра па яго праекту і мастацкім афармленні быў пабудаваны грандыёзны памнік-капліца. У цэнтры капліцы магутны Крыж з маронага дуба, які па форме адпавядае Крыжу Уўфрасінні Полацкай. Але самай вялікай і радаснай падзеяй стала тое, што на дні патронкі і заступніцы Беларусі і пр. Еўфрасінні Полацкай 5 чэрвеня 1998 г. у Полацку адбылося Узнясенне Святога Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, гэты Святы Крыж зноў вярнуўся на нашую зямлю. Дзякуючы намаганням Царквы, таварыства "Бацькаўшчына", Міжнароднага Дабрачыннага фонду Крыжа Еўфрасінні Полацкай, фундатару Анатолю Сіліванчыку і мастаку Мікалаю Кузьмічу.
У 1990 г. на сядзібе Музея выяўленчага мастатцтва фонд Анатоля Белага ў Старых Дарогах маімі намаганнямі быў пастаўлены вялізны каменны помнік, на якім быў выразаны шасціканцовы крыж пр. Еўрасінні Полацкай. Ён сімвалізіруе не толькі заступніцу а і ахову музея нашай беларускай апякункай ад усялякіх знешніх і ўнутраных напасцяў, нядобрых і варожых сілаў, нясе на сабе ўвесь сакраментальны сэнс ідэі Крыжа, яго вялікую ролю ў фармаванні свядомасці народа яе нашую дзяржаўнасць, нашу незалежнасць, нашу гістарычную памяць.
Мы падалі прыклады таго, як ідэя Крыжа Еўфрасінні Полацкай вяртаецца зноў на нашую Бацькаўшчыну, а ці вяртаецца яна ў нашыя душу, ці становіцца нашай свядомасцю, сакраментальным знакам і найвялікшай каштоўнасцю нацыі. Мяне ўразіла адна рэч, у свой час, пры высвечванні царквы Жыровіцкай Божай Маці было высвечана некалькі дзесяткаў кіпарысавых драўляных копій Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Цяпер гэты крыж кладуць у труну нябожчыка, каб і на тым свеце перад вачыма Пана Бога беларусы былі адметныя сваёй верай і сваім Беларускім Крыжам, і каб іх ніхто не змог зблытаць з іншымі хрысціянскімі народамі.
Ці прыйдзе такая свядомасць да большасці нашага народа на Бацькаўшчыне? Думаю і веру, што прыйдзе.
Некалькі гадоў назад у нашым друку было аб'яўлена, што створаны грамадскі Камітэт па пабудове помніка "Пакутнікам Беларусі!" у форме Крыжа Еўфрасінні Полацкай у Курапатах. У Камітэт увайшлі такія арганізацыі, як "Мартыралог Беларусі", Хрысціянская злучнасць "Курапаты", клуб "Спадчына", Міжнародны дабрачынны фонд Крыжа Еўфрасінні Полацкай, многія даволі вядомыя гісторыкі, літаратары, грамадскія дзеячы. Далі згоду ўвайсці ў гэты Камітэт святары розных хрысціянскіх канфесіяў. Усе пагадзіліся, што Крыж Еўфрасінні Полацкай з выявамі святых - найлепшае вырашэнне і найлепшы сэнсавы знак не толкі ўвасаблення ў помніку курапацкай трагедыі, але адлюстраванне пакутніцкага лёсу мільёнаў беларусаў, загінуўшых ад рэпрэсіяў.
Але знайшлліся людзі, якія па недасведчанасці, як у гісторыі, так і ў сакраметнальнай сутнасці гэтага крыжа, а можа і па сваёй заангаджаванасці, успрынялі гэтую ідэю не толькі ў штыкі, а надзвычай варожа і ваяўніча, заявіўшы, што "помнік не можа мець адбітак якой-небудзь адной канфесіі, а мусіць адлюстроў-ваць боль усіх ахвяраў, памяць усяго народа". Паўтаруся яшчэ раз, што для нас беларусаў Крыж Еўфрасінні Полацкай не проста крыж, а нешта значна большае. Ён з'яўляецца неад'емнай часткай нашага гістарычнага і нацыянальнага герба "Пагоня", які належаць не адной канфесіі, а ўсяму народу Беларусі.
Пара ўжо адмовіцца ад таго заганнага, бытуючага ў недасведчанай часткі народа погляду, што Крыж Еўфрасінні Полацкай - гэта чыста канфесійны крыж ці то праваслаўных беларусаў, ці то ўніятаў. Пара таксама адмовіцца і ад таго, неабгрунтаванага ніякімі навуковымі досведамі погляду, што крыжы як бы дзеляцца па канфесійных прыналежнасцях - праваслаўны, каталіцкі, уніяцкі. Няма нічога больш абсурднага за гэты погляд. Спецыялісты, па крыжах налічваюць боль за пяцьдзесят рознавіднасцяў канфігурацыі крыжоў. Па логіцы такіх людзей трэба, каб было і 50 канфесій. А як абгрунтаваць тады і такі факт, што канфігурацыя Крыжа Ефрасінні Полацкай поўнасцю супадае з канфігурацыямі так званага "вугорскага крыжа" у поўнасцю каталіцкай Венгрыі, Славакіі, дзе гэты крыж, як і на нашай "Пагоні" змешчаны на гербе дзяржавы, а знакаміты Латарынгскі Крыж у паўночнай Францыі, які ў часы Другой Сусветнай вайны сімвалізіраваў увесь французскі Рух супраціўлення. Прыклады можна працягваць. Але з прыведзенага выцякае наступнае: усе хрысціянскія крыжы маюць сваё функцыянальнае прызначэнне не столькі па канфесійнай прыналежнасці, колькі па рэгіянальнай, гістарычнай будучы звязанымі з тым ці іншым рэгіёнам ці дзяржавай. Так як, на прыклад, знакаміты Мальційскі Крыж ці Крыж Еўфрасінні Полацкай, які ўмацаваныя на шчыце герба "Пагоня".
Крыж Еўфрасінні Полацкай уяўляе сабой агульнанацыянальную Беларускую святыню, ён з'яўляецца сакраментальным сімалам усіх беларусаў, як Бацькаўшчыны, так і зямежжа. Сама пр. Еўфрасіння Полацкая з'яўляецца патронкай і заступніцай усёй зямлі Беларускай, яе святасць прызнюць усе канфесіі Беларусі.
Вось чаму мы лічым, што крыж Еўфрасінні Полацкай з'яўляецца найлепшым сэнсавым знакам для Курапатаў, які ні ў якім разе не будзе раз'ядноўваць людзей, а наадварот будзе спрыяць вяртанню народу яго гістарычнай памяці, яго нацыянальных сімвалаў, яго свядомасці, стане сімвалам пакутніцкага лёсу мільёнаў беларусаў.
Анатоль Белы.
Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў
Гісторыя роду Радзівілаў - гэта адначасова і гісторыя развіцця культурна-гістарычнага працэсу, і ваенна-палітычных саюзаў, і эканамічных сувязяў, і многіх іншых аспектаў жыцця, як унутры Нясвіжа, так і за межамі радавога маёнтка. Фармаванне бібліятэкі Нясвіжа мае такія ж глыбокія гістарычныя карэнні, як сам род Радзівілаў. Багацце і слава Радзівілаў былі заснаваны не толькі на матэрыяльных, але і на культурных каштоўнасцях, якія захаваліся да цяперашняга часу ў выглядзе архіўных дакументаў (у бібліятэках і архівах Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Фінляндыі), пісцовых кніг. Радзівілам польскім каралём былі дараваны правы на захаванне і размяшчэнне дзяржаўных і ўласных архіваў у Нясвіжы. Як правіла, у буйных гарадах і адміністратыўных цэнтрахлатыфундыях існавалі бібліятэчныя зборы.
У XVI стагоддзі архіўныя матэрыялы былі прадстаўлены Радзівіламі трох галін: Ганельска-Мялдзельскай, Біржанска-Дубінскай і Нясвіжскай ліній. Першая лінія была перапынена у канцы XVI стагоддзя, другая - у другой палове XVII стагоддзя. Архіўныя і рукапісныя матэрыялы былі часткова перададзены ў Нясвіж, часткова ў іншыя радзівілаўскія маёнткі. 3 канца XVI -пачатку XVII ст.ст. большая частка архіўных дакументаў была сканцэнтравана ў нясвіжскім архіве.
З рэестра Нясвіжскай бібліятэкі, які належаў Аляксандру Людвіку Радзівілу, відаць, што агульны аб'ём кніжнага збору налічваў больш за 700 тамоў. Асноўная частка бібліятэкі была сістэматызавана ў 30 аддзелах. Шэсць аддзелаў ахоплівалі царкоўную і багаслоўскую літаратуру, восем - друкаваныя кнігі і манускрыпты, сабраныя па моўнай прыкмеце, шаснаццаць - галоўным чынам "свабодныя" навукі ці мастацтва. Самым багатым быў аддзел гісторыі. Асаблівай разнастайнасцю кніг вылучаўся аддзел літаратуры на розных еўрапейскіх мовах. Упершыню ў рэестрах асабістых бібліятэк у Беларусі была асобна апісана група забароненых выданняў, у тым ліку творы Жана Бадэна, Эразма Ратэрдамскага. У бібліятэцы захоўваўся таксама збор карт і выяўленчых матэрыялаў.
Нясвіжская бібліятэка ў сярэдзіне XVII ст. размяшчалася ў замку. У памяшканні былі лавы для сядзення, восем вялікіх кніжных шафаў, закрытых металічнымі кратамі, шмат скрынь з кнігамі і архіўнымі справамі. Камін і ліхтар на жалезным ланцужку дапаўнялі ўбранства пакоя.
Нясвіжскі кніжны збор значна ўзрос пры Мікалаі Крыштафе Сіротку, які павышаў свае веды праз чытанне кніг, што перыядычна купляў у мясцовых і замежных друкарнях. Набытыя кнігі, як правіла, перапляталі у Нясвіжы, дзе існавала пераплётная майстэрня. У фондах Нясвіжскай бібліятэкі захоўваліся рукапісы і друкаваныя выданні саміх Радзівілаў, напрыклад, кніга Мікалая Крыштафа Сіроткі аб вандраваннях на Бліжні Усход.
У канцы XVIII стагоддзя Нясвіжская бібліятэка мела звыш 24 тысяч кніг па розных галіных ведаў на разнастайных еўрапейскіх мовах. У фондах бібліятэкі захоўваліся і іншыя прадметы мастацтва: вялікая калекцыя старажытных манет, гетманскія булавы, вайсковая амуніцыя, якую калекцыянавалі Радзівілы з XV ст., карцінная галерэя, ювелірныя вырабы, знакамітыя слуцкія паясы.
Дакументы радзівілаўскай бібліятэкі маюць экслібрысы - радавыя гербы, якія з'яўляліся сімвалам дынастыі і падкрэслівалі прыналежнасць не некаму з членаў сям'і, а магнацкаму роду ў цэлым. У кніг ёсць адна бясспрэчная перавага перад сваім уладальнікам: яны часта перажываюць апошняга, але памяць аб ім не знікае, калі кніга азначана экслібрысам.
У 1772 г. Нясвіж апынуўся ў паласе ваенных дзеянняў. Рускія войскі, захапіўны горад, вывезлі кніжную калекцыю ў Санкт-Пецярбург. Больш за 50 год кнігі заставаліся некранутымі, захоўваліся ў дубовых скрынях і толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя былі ўведзены ў фонд Акадэмічнай бібліятэкі Расійскай імперыі, дзе і захоўваюцца да цяперашніх часоў. Да 30-х гг. XX ст. калекцыі кніг Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў неаднаразова цярпелі вялікія ўзрушэнні, фактычна фармаваліся наноў. У пачатку 1941 г. Нясвіжская бібліятэка была вывезена ў Менск і па акту перададзена Цэнтральнай Бібліятэцы Акадэміі Навук БССР. Аднак, апрацаваць і ўліць у фонд бібліятэкі кніжную калекцыю перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі кніжныя фонды многіх буйных бібліятэк вывозіліся ў Германію. Цягнікі, нагружаныя кніжнымі рарытэтамі, так і засталіся стаяць на запасных калеях. Пасля капітуляцыі Германіі пачаўся працэс звароту нарабаваных культурных каштоўнасцяў. Кніжныя зборы вярталіся ў месцы першапачатковага захавання. Аднак, так як ледзь не ўсе кнігі Радзівілаўскай калекцыі мелі меткі ці пячатку Акадэміі Навук БССР, большая частка іх трапіла ў кніжныя фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Урадавай бібліятэкі. Зараз матэрыялы Нясвіжскага архіву Радзівілаў знаходзяцца таксама ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі; у ЦДГА Украіны ў Кіеве; у Вільні, у дзяржаўным гістарычным архіве Літвы; у галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, у архівах іншых краін.
Нясвіжская раённая бібліятэка мае ў сваім фондзе частковы збор ксеракопій з дакументаў Радзівілаўскай бібліятэкі: тытульныя лісты кніг, храналагічны вопіс гістарычных дакументаў Нясвіжскага архіва, рэпертуар Радзівілаўскіх тэатраў "Талія і Мельпамена ў Нясвіжы". А чытачы, якія жадаюць падрабязна пазнаёміцца з рарытэтамі, што захоўваюцца у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, знойдуць рэквізіты радзівілаўскіх кніг у картатэцы "Скарбы Радзівілаўскай бібліятэкі".
Галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Людміла Жук
"Я нарадзіўся тут"
Песня паклікала ў дарогу
Бярозаўка - невялічкі гарадок паблізу ад Ліды ў Гарадзенскай вобласці. Тут адчуваецца былая веліч Вялі-кага Княства, моц і неўміручасць яго духу. У 1323 князем Гедзімінам быў заснаваны Лідскі замак, а ў 1410 лідская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве. У старажытным замку з яго магутнымі вежамі цяпер час ад часу збіраюцца рыцары з розных краін і ладзяць турніры.
У Бярозаўцы знаходзіцца вядомы на ўвесь свет шклозавод "Нёман". Тут вырабляюць посуд, упрыгожванні, сувеніры з крышталю. Мястэчка было заснавана ў 19-тым стагоддзі, а будаўніцтва гуты распачата абшарнікам Зянонам Ленскім ў 1883 годзе. Далейшыя гаспадары гуты Юліюс Столе і Вільгельм Краеўскі запрашалі працаваць на Беларусь бяльгійскіх, нямецкіх і польскіх адмыслоўцаў, майстроў з Венецыі. Іх здабыткі захоўваюць сучасныя мастакі па шклу.
Дзе беластвольныя гонкія прыгажуні выцягнуліся вышэй за 5-павярховыя дамы і гойдаюць галінкамі з подыхам ветрыку - побач карпусы вядомага прадпрыемства.
Сосны, такія ж вялізныя, паўсюль абсыпаюць дол шышкамі. Паветра, насычанае пахам хвоі, чысцюткае, нібы сам крышталь. Дубы ў гаі над Нёманам за некалькі кіламетраў ад цэнтру гарадка не менш дзівосныя і старажытныя, кожнаму гадоў за двесці..
Журчыць-струменіць Нёман, абхінаючы водмелі. Жывіцай напаўняюць паветра сосны, карэнчыкамі ўплятаюц-ца ў пясчаны бераг. Казачная мясціна.
Тут, у Бярозаўцы, нарадзіўся аўтар папулярнага сучаснага гіта, што чуецца з крыжэлак, гучыць на аўтарадыё, захоўваецца з мелодыямі мабільных тэлефонаў: "Я нарадзіўся тут". Ды справа не ў тым, что менавіта ён, а ў тым, як дарагі нам куточак Радзімы, адкуль мы пайшлі на свет.
"Толькі на Радзіме чалавеку
Думаецца й дыхаецца ў смак."
(Р. Барадулін.)
Вуліца Нёманская невялічкая, знаходзіцца ў трох хвілінах хадзьбы ад гуты. За-любаваўшыся магутным ду-бам, што узнёс купу над стра-хой дома, і ружовымі флоксамі ў гародзе, я спынілася на хвіліну.Тут да мяне падышла добрая і гасцінная жанчына і ветліва запрасіла зайсці. У доме - утульна, прыгожа, дываны - у пярэстых, вясёлых колерах, ў акенка глядзяць кветкі.Тут, як у музеі, захоўваюцца разнастайныя шкляныя вырабы: крышталёвыя вазы, кубкі, ў белым празрыстым кашпо - лімончыкі, яблычкі, вінаград, памідоры - літыя, каляровыя. Ды ёсць яшчэ розныя жывёлкі - рыбкі (бел-чырвоныя), ракі, зубраняткі.
- Вось у гэтай хаце, а ёй больш за 100 год, Зміцер і нарадзіўся. Некалькі хат, наша і суседнія, былі пабудаваны панам адразу пасля акрыцця гуты. Усе мы на шклозаводзе працавалі, бацька і маці Змітра, - распавяла Марыя Аляксандраўна Вайцюшкевіч, цёця спевака, бацькава сястра.- Нас у сям'і было 7 чала-век дзяцей, жылі мы небагата, амаль усе браты і сёстры працавалі тут.
Сапраўды, з 12 тысяч насельнікаў мястэчка больш 4 тысяч жыхароў заняты працай на прадпрыемстве. Больш за 45 гадоў рабіў на заводзе майстрам Казімір Антонавіч, дзядзька артыста. Разам з калегамі адзначаў 100-годдзе прадпрыемства.
У краіне сотняў парушаных храмаў
Добразычлівыя Марыя Аляксандраўна і яе муж Казімір Антонавіч Хлябовіч за гаворкай пачаставалі мяне смажаным шчупаком і сваёй вішнёўкі прапанавалі, бо акурат ў гэты дзень у гаспадара быў дзень народзінаў. А потым ён правёў па ціхіх вуліцах гарадка, расказваючы пра былое.
- Мясціны ў нас маляўнічыя, ў Нёмане шмат рыбы - шчупакоў, акунёў, плотак ходзяць карагоды. Грыбоў штогод кілаграм трыццаць збіраем.
Была ў нас у Бярозаўцы драўляная праваслаўная царква, але яе ў 1954 годзе спалілі.
Ведаеце, якія былі часы. На месцы былога касцёла, як раз на яго фундаменце, паставілі інтэрнат для будаўнікоў. Тады дзяцей патаемна хрысцілі ў нашай хаце, я за-прашаў бацюшку, ён прыязджаў, і так чалавек 15 пераксціў, ў тым ліку і свайго пляменніка. Але, дзякуй Богу, усё вяртаецца на месцы свае. Цяпер адбудавалі новую царк-ву, мураваную, яшчэ прыгажэй. І касцёл новы пабудавалі, мне давялося ў гэтым дапамагаць ксяндзу.
- Зміцер звычайна ў нас гасцюе, як прыяжджае,- распавяла Марыя Аляксандраўна. - Пойдзе, узрадаваны, кураня-так, гусей, свінку прылашчыць, з сабачкам павітаецца. Ён у кожным лісціку бачыць неш-та дзівоснае, прыгожае. Толькі не ўсе тут яго ў нас ведаюць. Раней, калі гралі песні па беларускім радыё, ды яшчэ адна з мелодый была абрана песняй году, то людзі прыходзілі ў хату, дзячылі, казалі добрыя словы. Цяпер Дом Культуры наш бывае часам зачынены. Сумна ды ціха. Не даюць прастору незалежным беларускім музыкам. (А ў Змітра ёсць мара зрабіць вялікі канцэрт ў Бярозаўцы для сваіх родных і суседзяў.)
- Бацька Змітра быў таленавіты і вядомы на Лідчыне, - падзялілася ўспамінамі спадарыня Марыя. -Янак, заспявай! - прасіла яго ўся грамада, як збіраліся разам. І ў маці дужа добры голас. Мы яе называлі - наша Русланава.
Толькі Янаку не пашчасціла, ён патрапіў ў дарожнае здарэнне на матацыкле і загінуў вельмі маладым. Дзіме тады толькі тры годзікі было. Ды мы яго гадавалі як свайго!
А потым, як скончыў 8 класаў, ад дому адараваўся і пайшоў ў вялікі свет, паехаў у музычную вучэльню ў Ліду, а потым - у Менск, у Інстытут Культуры. Цяпер мы самі прыязджаем да яго на канцэрты. Аднойчы незнаёмы дзядуля стаяў каля сцэны з кветкамі і плакаў. Кажа, я гэту песню на лецішчы пачуў і вось шукаў выканаўцу...
Дзе спрадвеку гучыць наша мова, булатны клінок
З тых часоў шмат вандраваў спявак па свеце, быў у Варшаве і Парыжы, у Італіі, Нарвегіі, Германіі, спявае па польску, па-італьянску, а больш за ўсё - па-беларуску. Складае рамантычныя песні на вершы вядомых паэтаў ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Самыя дарагія суайчыннікам, бадай, творы з розных альбомаў - "Я нарадзіўся тут", "Дзе мой край" на вершы Ул. Караткевіча.
Цыкл "Месяц і сонца" напісаны на словы японскіх паэтаў у перакладзе А. Камоцкага, а ў іх чуецца плёскат нёманскіх хваляў, бачацца пясчаныя сцяжынкі ў векавечным гаі.
"Веру,
што здзейсніцца мара мая.
Тымі мясцінамі ціха прайсці.
І адчуўшы,
што чакала мяне
родная зямля,
Больш не шукаць
сабе новых мясцін."
("Радзіма")
Э. Оліна.