№ 35 (823) 12 ВЕРАСНЯ 2007 г.
УЛАДЗІМІРУ СОДАЛЮ - 70
СОДАЛЬ Уладзімір Ілліч - літаратурны краязнаўца. Нарадзіўся 13 верасня 1937 г. у мястэчку Мормаль колішняга Стрэшанскага р-на. Псеўданім - Уладзімір Мормальскі. Рэдактар навукова-папулярных і навучальных праграм Беларускага тэлебачання. Закончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (1963). Працаваў загадчыкам Мормальскага сельскага клуба, электрыкам Мурманскага сударамонтнага завода, скон-чыў брыгадныя курсы токараў, настаўнік беларускай мовы, гіторыі Астрашыцкага дзіцячага сухотнага санаторыя, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Мастацтва Беларусі".
Аўтар кніг "Людзьмі звацца" (1977), "Пуцявінамі сейбіта" (1982), "Кушлянскі кут" (1990), "Сцежкі Мацея Бурачка" (1991), "Жупранская старонка" (1991), "Тут бачу свой край" (1994), "Свіранскія крэскі" (1995), "Фальварак Карпілаўка" (2001) - пра сядзібу Ядвігіна Ш., "Святы той куточак фальварак Свіраны", "Умей слухаць" і інш., а таксама альбомаў "Францішак Бенядзікт Багушэвіч. Жыццё і творчасць" (1986) і "Вінцэнт Якуб Дунін-Марцінкевіч. Жыццё і творчасць" (1997). Укладальнік зборнікаў твораў Ф. Багушэвіча "Мая дудка" (1987), "Каму дудка паслушна" (1990), "Францішак Багушэвіч" (разам з Я. Янушкевічам; 1991), аўтар навучальных дыяфільмаў "Праўдашукальнік" (пра Ф. Багушэвіча), "Дудар Беларускі" (пра В. Дуніна-Марцінкевіча), "Кастусь Каліноўскі" і шматлікіх тэлепраграм. Сярод іх - "Роднае слова" - З 1979 г. - 2000 г.: "У кожнага была свая вайна".
Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1996 г. Сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, сябар рэдкалегіі газеты "Наша слова".
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць спадара Ўладзіміра з юбілеем, зычаць яму сілаў і імпэту на яшчэ многія гады для працы на карысць Беларусі.
(Аўтабіяграфічнае эсэ У. Содаля чытайце на ст. 2-3.)
15 верасня 645 гадоў перамозе войска ВКЛ на Сіняй Вадзе і вызваленню Ўкраіны ад татарскага ярма
Свята беларускай вайсковай славы можна адзначаць кожны дзень
15 верасня спаўняецца 645 гадоў з дня слаўнай перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Вялікага князя Альгерда над войскамі Залатой Арды на Сіняй Вадзе на Украіне.
Гэта быў вырашальны для Ўкраіны паход Альгерда. Ён вызваліў Кіеў, Чарнігаў, заняў Падолле і ўключыў яго ў склад ВКЛ. Татары былі адкінуты за Днепр. Украінскія землі атрымалі 100 мірных гадоў на адбудову эканамічнага і культурнага жыцця. Адраджаўся Кіеў, будаваліся новыя гарады. Калі пачаліся набегі крымскіх татараў, то Ўкраіна была ўжо зусім іншай, прынамсі даніны больш ніхто нікому не плаціў. Пачалася кансалідацыя ўкраінскай нацыі.
(Пра бітву на Сіняй Вадзе чытайце на ст. 7-8.)
ЧЫННАСЦЬ ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ АЛЬГЕРДА
Гістарычныя падзеі сярэдзіны XIV ст. знайшлі адлюстраванне ў летапісных "Запісах пра княжанне Альгерда". Гэты унікальны помнік нацыянальнай літаратуры і гістарыяграфіі захаваўся ў складзе Нікіфараўскага і Супрасльскага летапісаў.
"Запісы…" складаюцца з васьмі навел і паведамленняў. У творы раскрываюцца асноўныя вайсковыя і грамадска-палітычныя справы Вялікага князя Альгерда (1296-1377), а таксама працэсы станаўлення ВКЛ як моцнай цэнтральна-еўрапейскай дзяржавы, што праводзіла актыўную знешнюю палітыку. На старонках твора Альгерд пададзены як выдатны вайскованачальнік, таленавіты кіраўнік дзяржавы, які няспынна дбаў пра ўмацаванне і пашырэнне тэрытарыяльных межаў краіны.
Як вынікае з "Запісаў…", князь Альгерд для дасягнення ўласных палітычных мэтаў шырока выкарастоўваў дыпламатычныя манеўры, дынастычныя шлюбы, ствараў міждзяржаўныя альянсы, а таксама наўпрост ужываў вайсковую сілу. Сярод найважнейшых дзяржаўных і вайсковых учынкаў Альгерда пісьменнік вылучае тры яго паспяховыя паходы на Маскву - у 1368, 1370 і 1373 гадах.
Узнаўленне і пераклад "Запісаў пра княжанне Альгерда" ажыццёўлены паводле Нікіфараўс-кага летапісу (ПСРЛ.М.,1980.Т.35.С.28) і Супрасльскага летапісу (ПСРЛ.М.,1980.Т.35.С.46-49).
Іван САВЕРЧАНКА, доктар філалагічных навук
ЗАПІСЫ ПРА КНЯЖАННЕ АЛЬГЕРДА
I
У 1342 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага прыйшлі пад Мажайск. Пасады спалілі, але горада не ўзялі.
II
У 1350 годзе прыйшлі паслы ад літоўскага князя Альгерда да вялікага князя Cямёна Іванавіча. Яны прынеслі каштоўныя падарункі, прасі-лі падпісаць мір і вызваліць сваіх суайчыннікаў з палону.
Князь падпісаў замірэн-не з Альгердам на шмат гадоў і адпусціў з палону Карыятавых дзяцей.
III
У 1352 годзе вялікі князь Сямён Іванавіч пайшоў з войскам на Смаленск. Калі ён ужо быў у Вышгарадзе, яго спаткалі паслы князя Альгерда.
Паслы прасілі падпісаць мірнае пагадненне і не штурмаваць Смаленска.
Князь Сямён не адхіліў Альгердавай просьбы. Ён уга-нараваў паслоў, падпісаў замі-рэнне з Альгердам, а сам пайшоў на Угру.
IV
Увосень 1368 года, у лістападзе, князь літоўскі Альгерд, яго брат Кейстут і Міхал Цвярскі прыйшлі з войскамі пад Маскву. Яны зламалі маскоўскія заставы на Страшыне, разграмілі войскі князя Сямёна, Акінфа і іншых.
Стаялі войскі пад Масквой тры дні. А затым вярнуліся назад. Шмат людзей пасеклі, безліч павялі ў палон.
V
Увосень 1370 года, у лістападзе, літоўскія войскі на чале з Альгердам хадзілі на Волак.
У дзень святога Мікалая войскі Альгерда прыйшлі пад Маскву. Восем дзён яны трымалі горад у аблозе. Затым падпісалі пагадненне аб міры і вярнуліся ў сваю зямлю.
VI
У 1371 годзе адбыліся заручыны князя Уладзіміра з Альгердавай дачкой Аленай.
VII
У 1373 годзе літоўскі князь Альгерд пайшоў з войскам на Маскву.
Калі князь Дзмітрый Іванавіч даведаўся пра наступ, ён тэрмінова склікаў войска і выступіў насустрач Альгерду.
Войскі сустрэліся каля Любецка і сталі адно насупраць другога. Паміж імі быў глыбокі роў, які не дазваляў харугвам атакаваць.
І падпісалі князі вечны мір.
VIII
У 1377 годзе вялікі князь Альгерд памёр.
Пасля Альгерда на вялікае княжанне ўзышоў яго малодшы сын Ягайла.
Пераклаў Іван САВЕРЧАНКА
Старшыні грамадскага аб'яднання
«Таварыства баларускай мовы
імя Францішка Скарыны»
Трусаву А.А.
Аб увекавечанні памяці Некрашэвіча С.М.
Паважаны Алег Анатольевіч!
Ваш зварот па ўшанаванню памяці вядомага беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча, першага кіраўніка Інстытута беларускай культуры, віцэ-прэзідэнта АН БССР Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча разгледжаны ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама.
Паведамляем, што ў Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце пытанні па ўвекавечанню памяці знакамітых асоб у назвах вуліц разгледжвае Камісія па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска.
Прапанова аб прысваенні адной з вуліц г. Мінска імя Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча ўключана ў план работы дадзенай камісіі.
Начальнік упраўлення В.І. Кураш.
Які хрост - такі і лёс
Я ўжо гісторыя. Сёлета мне семдзесят. Нарадзіўся я ў суровым, карнараспраўным 1937 годзе. І мала што ў 1937 годзе, дык яшчэ 13га - трынаццатага верасня. І хрысцілі мяне патаемна. Не рассвечваючыся, поначы, вобмацак, бо хрост тады, як і ўсе народныя хрысціянскія абрады ва ўлады былі не ў пашане. І не проста не ў пашане, а ўсялякая праява іх каралася астрогам, высылкай у тыя краі, куды Макар цялят не ганяў. І нараклі мяне ў тым прыцемкавым хросце Ладымерам. Матулі маёй, паводле яе слоў, дужа не спадабалася гэтая мая назвіска. Яна, нібы ў одуме, запярэчыла:
- Ой, ойча, хаця б Ва-лодзя...
- Ну, добра. - пагадзіўся той. Хай будзе Валодзя, Уладзя. Уладзікам будзеце зваць...
З таго поцемкава патаемнага хросту і пакаціўся мой жыццяпіс, поўны розных жыццёвых патырчак ды выпрабаванняў пад зоркаю Дзевы. Дый і імя маё, калі згадаць, што тату майго звалі Ілля, а я, значыцца Ілліч, Уладзімір Ілліч, не токое ўжо другараднае. Але пра гэта мо пры нейкай іншай нагодзе - да Ілліча яшчэ трэба дарасці! А зараз трохі мо пра іншае. Апошнім часам, асабліва сёлета, у год майго сямідзесяцігоддзя, я пачаў пачуваць сябе ў сваёй краіне гэтак жа няўтульна, як пачуваў сябе пад час хросту ў той векапомны 1937 год, пра які я толькі што згадаў. Калі не верыце, памяркуйце самі. Сёлета, як ніколі раней, маёй сціплай асобай надта зацікавілася ўлада.
Першы, досыць адчувальдны стрэс я атрымаў ад яе 24га сакавіка напярэдадні Дня Волі. У той вечар я збіраўся заехаць да свайго ўнука, папрацаваць з ім творча. Балазе хлопчык мой творчы ўдаўся. Але перад гэтым мне трэба было акрэсліць у Менску тыя куточкі, якія так ці інакш звязаны з імем ДунінаМарцінкевіч, балазе здымаўся Белвідэяцэнтрам фільм да юбілею знанага драматурга. Я быў запрошаны на здымкі гэтага фільма як кансультант. І такія куточкі для сябе акрэсліў. Гэта, найперш, лапік за мостам ля колішняга губернатарскага саду - зараз гэта поблізу плошчы Перамогі. Дзесь каля згаданага саду і быў пісьменнікаў дамок, яго агароды. Непадалёку была і Залатая Горка з старым стагадовым могільнікам. І от я наважыўся перад здымкамі наведаць гэтыя куточкі, асвяжыць у памяці. Пашыбаваў да іх праз заразшні праспект Машэрава. Ішоў якраз паўз сядзібу Бел. Нар. Фронту. Белчырвонабелы сцяг над сядзібаю нагадаў заўтра ж Дзень Волі." Дай, думаю, зайду, удакладню, дзе заўтра і ў колькі збіраемся. Шмаргануў дзверы - зачыненыя, а поблізу стаяў гурт моладзі. Хтось з гурта сказаў, што сёння на сядзібе ўжо нікога не будзе. Было гэта дзесь а шостай гадзіне вечара. Хтось з таго гурта і пацікавіўся: ці не хацеў бы я ўзяць з сабой колькі газет з матэрыялам пра заўтрашні Дзень Волі. Калі так, то яны мне могуць удружыць колькі асобнікаў. Я, як чалавек вольны і прагны да друкавана-га слова, пагадзіўся, "Давайце, сказаў!" - і ўзяў з сабою колькі асобнікаў паклаў у сваю паходную сумку і пешкі наведаў Залатую Горку. Затым зайшоў у "Каравай", набыў два батончыкі дыябетычнага хлеба "Тонус" і толькі тады я накіраваўся да свайго унука, які жыве на Р. Люксембург. Ехаў да яго на метро да Інстытута культуры. У метро я пачаў праглядаць тыя газеты, якія мне ўдружыла моладзь на пр. Машэрава. Калі я выйшаў з вагона на перон, мяне гукнула перонная дыспектарка:
- Мужчына! - сказала яна, вы згубілі ці забыліся нешта, і падае адну з маіх газет. Я забіраю тыя свае газеты. Але побач з мною адкуль ні вазьміся, як зпад зямлі, міліцэйскі: прапануе мне зайсці на іхні метроўскі пост. Заходзім. Мне прапануюць выкласці на стол усё, што ёсць у маёй сумцы, і я паслухмяна выкладваю: два батончыкі дыябетычнага хлеба, аптэкарскія рацэпты - восем штук (меўся пасля зайсці ў аптэку), газеты, а яны ў мяне самыя розныя - ад "Кам. праўды" да апошніх "Навінаў БНФ" .
- Навошта вам гэтулькі газет? - пытаюцца.
Тлумачу, што я даследчык, а даследчык - гэта, той самы следчы. Мне абавязкова трэба мець сама мала два-тры асобнікі аднаго і таго ж выдання. Я іх разразаю, раскладваю па папках, па тэмах... А што і на абмен ідзе. Пакуль я тлумачыў спецыфіку свае даследчыцкай працы, дяжурны з некім вы-святляе па тэлефоне маю асобу. Чую, абмяркоўвае, што са мною рабіць.
- Ды ў гадах ужо, ветэран, інвалід з маленства. З вайны. Гаворыць па-беларуску...
Пакуль з некім высвятлялі маю асобу, хто я і што са мною рабіць, я, як чалавек уражлівы, атрымаў нечакана гіпертанічны стрэс: ехаў да ўнука, а патрапіў вось куды. І невядома, якая з гэтага будзе развязка.
Гэты мой стрэс заўважылі і ў пастарунку. Мяне тут жа і напраўду апанавала ім-арасць, выступіў халодны пот. Кінула у чырвань. Дзяжурны міліцэйскі прапанаваў глыток вады. І тут жа сказаў:
- Мы выклікаем вам хуткую дапамогу?!..
- Пакуль будзе тая хуткая дапамога, - кажу я, - я маю неадкладную патрэбу схадзіць на рэдкае.
І мяне пад міліцэйскім канвоем павялі у метроўскую прыбіральню на другім канцы станцыі Інстытута культуры. Калі я вярнуўся аблегчаны ў пастарунак, брыгада хуткай дапамогі ўжо была тут. Мне ўвялі магнэзію, зрабілі кардыяграму, праз нейкі час павезлі у пятую лякарню.
Гэтак закончылася першая, у гэтым годзе, мая затрымка. Хаця, папраўдзе, яна мела і свой працяг. Назаўтра. 25 сакавіка, раніцай зноў званок з мілдіцыі, але пра гэта можа іншым разам.
Роўна праз месяц, 26га красавіка, зноў непаразуменне з ахоўнікамі парадку. На гэты раз ужо з амапаўцамі. Мы вярталіся з гэтак званага Чарнобальскага шляху. Калі ішлі туды, ад Акадэміі навук, на так званы Бангалор, усё было ціхамірна. Шмат моладзі, сцягі розных краінаў: сярод іх і наш нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг. Усё, як мае быць. Калі ж вярталіся назад, як хто скруціў тых амапаўцаў. Пачалі нахрапам сціскаць людзей у якіясь колцы. У адно з тых колцаў патрапіў і я, той хто зведаў нямецка-фашысцкія аблавы. Душа мая, зведаўшая тыя акупацыйныя аблавы, імгенна запратэставала: як гэта, каб я, у так званай, незалежнай, вольнай дзяржаве трапляў у нейкія колцы? Чорная форма амапаўцаў, іхні нахрапісты ланцуг мне жыва нагадаў фашыстоўскія аблавы часоў акупацыі, і мая душа запратэставала. Я не на крок не адхіснуўся перад гэтым ланцугом, і ўжо праз некалькі секунд ляжаў, як віцязь, на зямлі. У адной руцэ маёй была між пальцаў тоўстая, чырвонасіняя шарыкавая ручка. А на лацкане красавалася значка таварыства беларускай мовы. Не буду нагаворваць лішняе: ніхто з амапаўцаў ні ботам мяне не штурхануў, ні палкай не агрэў, але я ляжаў на зямлі. І гэтага было дастаткова, каб я сябе адчуў безабаронным перад уладаю. Мяне паднялі з долу мае знаёмыя і сябры. Я і зараз чую іхнія галасы:
- Не дамо нашага Содальку ў крыўду!
- Не чапайце нашага Содаля!
А хтосьці з захапленнем выгукнуў:
- Ай, да ветэран! Ай да ветэран!...
Гэта была мне пахвала, што я не здрыгануўся перад амапаўскім ланцугом, не кінуўся ад іх на ўцёкі, а сустрэў іх належна, тварам у твар, хоць і апынуўся на зямлі. Інакш я і не мог: зразумейце мяне і тыя, і другія. Здавался б, годзе, хопіць з мяне гэтых сутычак з міліцыяй, з гэтымі "ахоўнікамі" парадку. Аж не! Сёмага ліпеня 2007 года. Вязынка. 125-ая гадавіна з дня народзінаў нашага Прарока Янкі Купалы. Я чакаў гэтага дня, як самага вялікага свята, і вось я ў Вязынцы. Прыехаў на электрычцы. З электрычкі пашыбаваў проста да таго дамка, у якім на свет радзіўся Янка. У Вязынку я прывёз апошнія нумары "Нашага слова". Адзін з выпускаў быў прысвечаны Янку Купалу, прынамсі, ушанаванню Купалавага імя ў Лодзі. Ім я пачаў надзяляць усіх, хто завітаў у парабковую хатку, у якой на свет радзіўся Янка. От да мяне падышоў малодшы Коласаў сын Міхась Канстанцінавіч... У мяне з ім цікавая творчая гаворка. Неўзабаве да нас падышлі госці з Беластоку. Я і іх надзяліў "Нашым словам". Праз якуюсь хвіліну да мяне падышлі людзі з Смаргонскага райвыканкаму і я ім прапанаваў дзве свае кніжачкі - "Святы той куточак фальварак Свіраны" і "Умей слухаць".
І от у гэтую хвілдіну я пачуў над сабою: з-за сваёй спіны:
- Падпалкоўнік (а мо і палкоўнік) міліцыі такі і такі... Вашы дакументы!...
Мне падумалася, што нехта з маіх сяброў, ці калегаў ведаючы мае апошнім частыя дачыненні з міліцыяй, жартуе з мяне. Паварачваю галаву, - і бачу: за маёй спіной чалавек сем міліцэйскіх: амаль усе ў афіцэрскай форме. Той, што адрэкамендаваўся палкоўнікам, ці падпалкоўнікам, працягваў:
- Разбярыцеся, якую ён тут літаратуру прапагандуе, пашырае...
І даручыў гэта зрабіць сваім калегам. З дакументаў у мяне толькі было інваліднае пасведчанне, якое сведчыла, што я інвалід па зроку, з маленства вайны. Але гэтага, мусіць, ахоўнікам Купалавага свята падалося мала, замала. Пачалі высвятляць, дзе жыву, які хатні адрас. І невядома, чым бы яшчэ скончылася гэтае высвятленне маёй асобы, калі б не падаспелі на гэты момант да месца інцыдэнту музейныя рупліўцы Марыя Чабатарэвіч і Алена Бурбоўская.
- Што вы да нашага Содалькі чэпіцеся, сказала адна з іх і назвала мяне поўным іменем:
- Уладзімір Ілліч, збірайцеся! Мы хутка паедзем. Гэтыя словы музейных рупліўцаў неяк хутка працвярэзілі ахоўнікаў прадку, і яны зрабілі толькі беглы агляд літаратуры ў маёй сумцы і таксама прапа-навалі мне хутчэй збірацца:
- Збірайцеся! Сказалі і яны. - Вас чакаюць...
І мне нічога не заставалася, як згарнуць сваю святочную актыўнасць і паплесціся следам за музейнымі рупліўцамі, якія збіраліся вяртацца у Менск. Настрой быў сапсаваны. Папраўдзе, я і па Вязынцы не пахадзіў, і свята таго не пабачыў, і Купалы не адчуў.
- Не бярыце да галавы, - суцяшалі мяне ўсё тыя ж музейныя рупліўцы. - Выкінце з галавы. Лічыце усё добра, што добра канчаецца.
Яно то так, і ў пастарунак не завялі, ніякага акта не склалі, і базавых штрафных велічыняў не налічылі. Адно толькі адрасок для нечага сабе запісалі, ды душу згавалцілі, ды імпэтнае парыванне яе прыглушылі. Каму яна наша душа патрэбна? І усё ж, хоць калегі і пераконвалі мяне не браць да галавы, а праз усю дарогу ў Менск з галавы не выходзіла гэтая міліцэйская бестактоўнасць, бесцырымоннасць. Можна ж было і з большай тактоўнасцю, пацікавіцца, што я за літаратуру прапаную на свяце Купалавага слова ў дзень ягонага 125-га юбілею, а не грымець знянацку: "Падпалкоўнік (палкоўнік) міліцыі... Вашы дакументы!.." - і мы б, пэўна ж, празумеліся.
І не было б той прыкрасці, той горычы, асадку, які я маю па сённяшні дзень. Між іншым я не першы раз у Вязынцы на Купалавым свяце. І заўсёды з кніжачкамі і газетамі. Пра гэта і фотаздымкі ёсць... і ніколі такога не было, каб хтось усумніўся ў дыверсійнасці маёй літаратуры. Але апошнім часам мяне ўсё часцей і часцей спыняе міліцыя, патрабуе паказаць, што ў маёй паходнай сумцы. Прыгадваецца, адкрыццё новай нацыянальнай бібліятэкі. То якое адкрыццё без мяне?!
Найперш, бібліятэка збудавана на колішнім маім агародзе. Гэта раз. Другое. На фасадзе новай бібліятэкі золатам накрэслены славутыя словызасцярогі майго літаратурнага куміра адваката Фр. Багушэвіча - Мацея Бурачка. Памятаеце: "НЕ ПАКІДАЙЦЕ МОВЫ НАШАЙ БЕЛАРУСКАЙ, КАБ НЕ УМЁРЛІ !"
То якое гэта адкрыццё без мяне?! І я прыйшоў на гэтае адкрыццё, балазе, жыву поблізу бібліятэкі, ля салона "Шчасце", дый і метро пад самы парог.
На адкрыццё бібліятэкі прыйшоў я, як вядома, са сваёй паходнаю сумкаю, з "Нашым словам", з сваімі аўтарскімі кніжачкамі, якія я з 1997 года выдаю за свой кошт. Мо хто падумае: у пана, мусіць, добрая пенсія! Не самая звычайная, як і ва ўсіх нас. Проста гарэлкі не п'ю, цыгарэтаў не смалю, а за гэтыя грошыкі кніжачкі пра Беларусь і беларусаў выдаю. Падумаў, мо хто імі зацікавіцца, набудзе на адкрыцці. І от ўпершыню ахоўнікі парадку тады запатрабавалі паказаць, што ў той маёй паходнай торбе.
Кажу, што газеты і мае аўтарскія кніжкі: мо хто на адкрыцці імі зацікавіцца.
- А вы ўсё ж пакажыце, - насядаюць міліцыянты. - Пакуль не пакажаце, мы з вас вока не спусцім.
- Дык жа кажу: розныя газеты, "Наша слова" і мае аўтарскія кніжкі.
- А можа ў вас там бомба? - насядаюць міліцэйскія.
Бачу: наш дыялог усё больш і больш абвастраецца, набывае ўсё больш і больш абвостраны характар.
- Хлопцы, - кажу я міліцэйскім, - калі вам праз мяне такія турботы, то я занясу сваю паходную торбу дадому, балазе я жыву недалёка. Але ведайце, калі спазнюся на адкрыццё бібліятэкі, я на вас паскарджуся прэзідэнту...
Я трохі блазнаваў. Але маё блазенства мела сякія-такія падставы ды трохі астудзіла міліцэйскіхд. Нехта з іх сказаў:
- Не трэба ісці дадому. Перайдзіце на другі бок вуліцы і вам адтуль будзе ўсё добра чуваць.
Жарты жартамі, але апошнім часам, куды ні ступіш, усюды нейкія абмежаванні. Неяк завітаў да мяне Мечысь Папкоўскі. Ён нарадзіўся ў Бараўцах, нейкі час жыў у той жа хаце, якую арандавалі Луцэвічы. То мне было цікава сустрэцца з такім чалавекам. Сустрэліся. Вясна. То ж не ў хаце сядзець! Балазе, я жыву ў найпрыгажэйшым куточку Менска. Я прапанаваў Мечысю прагуляцца да Дома Міласэрнасці. Там утульна, там Божая аўра. І ў дарозе пагаворым пра ўсё, што мяне цікавіць. Як дамовіліся, гэтак і зрабілі. Падышлі да Дома Міласэрнасці. А там ля уваходнай брамы якіясь людзі з мабільнікамі і зусім не духоўнага сану. Адзін з іх у веснічкавым уваходзе камусь дае загадраспаражэнне: "Нікога не выпускаць і нікога не ўпускаць!" Мы пераглянуліся: якоясь загадкавае распараджэнне. Трошкі пастаялі ля той веснічкі і скіраваліся ў кірунку Стара-Барысаўскага тракту. Прайшліся туды-сюды. Затым зноў вярнуліся да Дома Міласэрнасці. А там усё той жа малюнак: якіясь людзі з мабільнікамі. Насцярожаныя, напружаныя. Адзін з іх, заўважыўшы нас зноў, пацікавіўся:
- Вы некага тут чакаеце?
- Ды не! Хіба вас! - жартую.
Чалавек з мабільнікам усміхнуўся:
- Тады пагуляйце ў нейкім іншым месцы. У нас тут спецзаданне!
Эпізод гэты паказаль-ны. Ён пераконвае: нават для сяброўскай стрэчы цяжка знайсці ў Менску якісь інты-мны куточак: усе пад міліцэй-скім ці якімсь іншым наглядам. Нават такі божы куточак, як Дом Міласэрнасці. Але зга-даны эпізод паказальны і тым, што меў досыць інтэлектуаль-на-лагодную развязку, без тых пагрозлівых воклічаў, якія давялося мне пачуць на свяце паэзіі ў Вязынцы з нагоды 125-ай гадавіны народзінаў Янкі Купалы. Дык выходзіць, самыя непрадбачаныя сітуацыі можна вырашаць памяркоўна, па-людску, па-чалавецку, інтэлігентна. Хай жа заўсёды будзе так!
Пажадаў я гэтага, а ўжо 27-га ліпеня з нагоды Дня абвяшчэння Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі нашы ахоўнікі парадку зноў расчаравалі мяне дый і ўсіх іншых такіх, як я. Усіх, хто прыйшоў у гэты дзень у Купалаў парк, каб разам з Купалам раздзяліць радасць з нагоды такой вялікай гістарычнай падзеі, амапаўцы выціснулі з згаданнага парку, усіх незалежнікаў выціснулі ад Купалы. Бронзавы Купала глядзеў з шчымлівым болем на ўсё тое, што дзеялася ў той дзень на ягоных вачах. Хацеў выгукнуць штось ды не змог. Толькі шчымлівы боль застыў на яго ніжняй губе. Калі хто да гэтае пары не заўважыў гэтага болю, прыгледзьцеся, і вы ўбачыце гэты боль. Бронзавы Купала стаўся сведкам яшчэ аднаго, ні чым не апраўданага гвалту з нашай незалежнасці. З Дэкларацыі аб незалежнасці, з гістарычнага акту і з тых незалежнікаў, якія хацелі хоць як уганараваць такую памятную дату. А на каляндары быў ліпень 2007 году. Выцесненыя з Купалавага парку і ад беларускага незалежніка Купалы пад суправаджэннем амапаўцаў былі выкіраваны на вуліцу яго імя паўз оперны тэатр да піўзавода
Сваім сумным паглядам правёў нас і Максім Багдановіч. Нязмушана згадаваліся з гэтай нагоды і Максімавы словы:
Народ. Беларускі народ!
Ты - цёмны, сляпы,
быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалі
Цябе не пушчалі з ярма
І душу тваю абакралі, -
У ёй нават мовы няма.
Збудзіўшысь ад грознай бяды.
Увесь поўны смяротнай жуды,
Ты крыкнуць не вольны
"Ратуйце!"
І ты мусіш "Дзякуй"
Крычаць
Вось такім запомніўся беларускім незалежнікам дзень 27 ліпеня 2007 года.
Афіцыйная улада шмат гаворыць ды разважае пра незалежнасць Беларусі, пра яе суверынітэт, пра дэмакратыю. Але як тады назваць бяскоцыя мае стасункі з амапаўцамі ды міліцыяй. Неяк раз Пётра Садоўскі, колішні дэпутат Вярхоўнай Рады, пачуўшы пра некаторыя мае стасункі з міліцыяй, падзівіўся: "Калі ўжо і Содаль ім муляе, то я ўжо не ведаю, што і думаць..."
Будуць бланкі для цэнтралізаванага тэсціравання на беларускай мове
Старшыні грамадскага аб'яднання
«Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны» Трусаву А.А.
вул. Румянцава, 13
220034, г. Мінск
Паважаны Алег Анатольевіч!
Паведамляем Вам, што Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 28.08.2007 прыняў ра-шэнне № П-218/2007 «Аб вырабе бланкаў для цэнтралізаванага тэсціравання на беларускай мове».
Накіроўваем Вам копію дадзенага рашэння.
Дадатак: на 2 л. у 1 экз.
Старшыня Р.А. Васілевіч.
Савет Міністраў
Рэспублікі Беларусь
Аб вырабе бланкаў для цэнтралізаванага
тэсціравання на беларускай мове
У Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь паступіў зварот па пытанню адсутнасці бланкаў для цэнтралізаванага тэсціравання на беларускай мове.
Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", "Аб адукацыі", Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
Парадак арганізацыі, падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, парадак узаемадзеяння і функцыі юрыдычных асоб, правы і абавязкі асоб, якія ўдзельнічаюць у цэнтралізаваным тэсціраванні, вызначаны Палажэннем аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714 (далей - Палажэнне).
У адпаведнасці з пунктам 12 Палажэння для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні абітуры-ент падае заяву па форме згодна з дадаткам 6. Замежныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Бела-русь, якія пастаянна пражываюць за мяжой, маюць права накіроўваць заяву па пошце, запоўніўшы яе па форме згодна з дадаткам 7. Бланкі ўказаных заяў вырабляюцца толькі на рускай мове.
Бланкі для запісу адказаў абітурыента на тэставыя заданні (узор распрацаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў) вырабляюцца таксама на рускай мове. Пры гэтым абітурыенты, якія праходзяць цэнтралізаванае тэсціраванне на беларускай мове, запаўняюць бланк адказаў: месца рэгістрацыі (частка А) - на рускай мове; месца адказаў (частка Б) - на беларускай мове (запаўненне гэтай часткі бланка адказаў мае на ўвазе не толькі ўказанне аднаго з варыянтаў адказа, але і выкладанне кароткіх адказаў на заданні без варыянтаў адказу).
Адзначаючы, што сфарміраваная на падставе Палажэння практыка вырабу бланкаў заяў на ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні і бланкаў для запісу адказаў абітурыента на тэставыя заданні толькі на рускай мове не ўплывае на вынікі тэсціравання абітурыентаў, якія карыстаюцца беларускай мовай, лічым неабходным звярнуць увагу на наступнае.
Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская руская мовы (артыкул 17 Канстытуцыі). У артыкуле 2 Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (далей - Закон) указана, што Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецц права звяртацца ў дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання самакіравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганізацыі і грамадскія аб'яднанні на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове (артыкул 3 Закона).
У адпаведнасці з артыкулам 5 Закона дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі грамадскія аб'яднанні павінны прымаць і разглядаць дакументы, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай, рускай мовах.
Згодна з часткай першай артыкула 5 Закона "Аб адукацыі" асноўнымі мовамі навучання і выхавання ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару мовы навучання і выхавання і стварае адпаведныя ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Пры гэтым навучанню на беларускай мове, выданню літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на беларускай мове аказваецца дзяржаўная падтрымка. . .
Прававую пазіцыю аб неабходнасці дзяржаўнай падтрымкі выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскіх адносін Канстытуцыйны Суд выклаў у рашэнні ад 4 снежня 2003 г. "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абарачэння банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання", прапанаваўшы разгледзець пытанне аб унясенні ў Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і іншыя акты заканадаўства змяненняў і дапаўненняў, здольных забяспечыць фактычную роўнасць дзяржаўных моў.
На падставе выкладзенага лічым, што змест Палажэння і сфарміраваная на яго аснове практыка вырабу бланкаў дакументаў, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе цэнтралізаванага тэсціравання, не ў поўнай меры адпавядаюць нормам указаных вышэй заканадаўчых актаў.
У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд прапануе Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб унясенні ў Палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. .№ 714, змяненняў і дапаўненняў, якія забяспечаць магчымасць карыстання грамадзянамі ў роўнай меры на ўсіх этапах правядзення цэнтралізаванага тэсціравання дзяржаўнымі мовамі - як рускай, так і беларускай.
Уносіцца ў парадку часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.
Прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда 28 жніўня 2007 г.
Старшыня Р.А.Васілевіч
28 жніўня 2007 г., г. Мінск, № П-218/2007.
Паважаны спадар Рэдактар
У нумары газеты «Наша слова» ад 01.08.2007 быў апублікаваны матэрыял Алены Струвэ «Завяршылася 10-гадовая праца над ідыш-беларускім слоўнікам», засна-ваны на перадачы Беларускай службы «Радыё Свабода» ад 28.07.2007. Мае выказванні ў той перадачы былі перададзены і інтэрпрэ-таваны некарэктна. Журналістка папрасіла мяне сказаць што-небудзь на ідыш, я вымавіў некалькі слоў «для прыкладу», а ў яе матэрыяле выйшла, што гэтымі словамі мае веды нібыта абмяжоўваюцца. Да таго ж некаторыя лексемы былі пададзены ў няслушнай транскрыпцыі: я б ніколі не сказаў «Зэй ге'зынт… о зохэн вэй» (правільна «зай гезунт», «аз ох ун вэй»). Магчыма, адыграла ролю тое, што інтэрв'ю карэспандэнтка «Свабоды» брала па тэлефоне. На самай справе, у сярэдзіне 1990-х гадоў я наведваў моўныя курсы пры Мінскім аб'яднанні яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка і сяго-таго там навучыўся: прынамсі, ведаю не 5 слоў, а 500, падтрымаць гутарку на ідыш здольны. Мяркую, маім настаўнікам (cв. памяці Абраму Жаніхоўскаму, Гіршу Рэлесу, Дзіне Харык) было б непрыемна ўбачыць артыкул, дзе я выстаўлены невукам.
У пачатку жніўня я пісьмова паказаў спн. Алене на яе памылкі, і яна прынесла пісьмовыя прабачэнні , а тэкст на сайце
Было:
«З актывістам менскай гарадской габрэйскай суполкі, менскім шахматыстам і аўтарам "Анахну Кан" Вольфам Рубінчыкам мы размаўляем па-беларуску. Вольф прызнаецца, што на ідыш ведае ўсяго некалькі словаў і выразаў.
Рубінчык: "Зэй ге'зынт… о зохэн вэй, штарк ві а фэрд… вос нох? генуг…"
А стала:
«Наша размова з актывістам менскай гарадской габрэйскай суполкі, шахматыстам, журналістам, паліто-лягам, перакладчыкам Вольфам Рубінчыкам адбываецца па-беларуску. Вольф перакладаў зь ідыш на беларускую асобныя вершы і прозу, цяпер складае габрэйскія кры-жаванкі. Паводле ягоных словаў, актыўна размаўляць на ідышы ня можа - няма асяродку.»
Спадзяюся, што і рэдакцыя газеты «Наша слова», услед за «Радыё Свабода», паправіць тэкст, які з'явіўся ў Вашай паважанай газеце. Спадзяюся таксама, што гэта будзе зроблена аператыўна. На перадрук першапачатковай, аблуднай версіі артыкула «Завяршылася 10-гадовая праца над ідыш-беларускім слоўнікам» Вам спатрэбілася два дні, то няхай папраўкі будуць унесены цягам двух тыдняў.
Шчыра Ваш,
Вольф Рубінчык, адказны за выпуск беларуска-яўрэйскага бюлетэня «Мы яшчэ тут!»,
Мінск, 28 жніўня 2007 г.
Рэдакцыя газеты прыносіць прабачэнні спадару Рубінчыку за дапушчаныя недакладнасці, якія ўзніклі не зусім па нашай віне. Спадзяёмся, што больш падобных эксцэсаў не будзе.
Нажаль мы не можамзамяніць недакладную фразу ў аддрукаванай газеце, таму рэкамендуем нашым чытачам заміж старой версіі чытаць новую, прыве-дзеную асабіста спадаром Рубінчыкам.
У КІЕВЕ ВЫДАДЗЕНЫ БЕЛАРУСКА-УКРАІНСКІ СЛОЎНІК
Такое выданне пабачыла свет упершыню за гады незалежнасці Украіны, паведаміла старшыня Усеўкраінскага саюза беларусаў Ірына Аржахоўская.
Наклад слоўніка - 2 тысячы асобнікаў. У ім - 60 тысяч слоў. Частка накладу будзе накіравана ў абласныя арганізацыі суполкі беларусаў ва Украіне, яшчэ частка - зацікаўленым арганізацыям нашай краіны, перадае БЕЛТА.
Успаміны Эдварда Вайніловіча
(Працяг.Пачатак у папярэдніх нумарах.)
П. М. Дурнаво
Выдатнай асобай у Дзяржаўнай Радзе быў некалі ўсемагутны міністр унутраных спраў П. М. Дурнаво, старшыня правых у Дзяржрадзе, чалавек, які адрозніваўся выключна разважлівым розумам і сталасцю перакананняў, непахісны ў асуджэнні ўсякага парламентарызму і меней нацыяналістычна настроены ў адрозненне ад шматлікіх псеўдаліберальных чальцоў Дзяржаўнай Рады. Мне прыходзілася часта бываць у яго, а зза падабенства нашых поглядаў ён не раз выказваў шкадаванне, што я не належу да яго правай групы. Калі я павінен быў выступаць "contra lex Pichno" і праекту Сталыпіна, якія тычацца выбараў у Дзяржраду ў Заходнім краі, а ад правых у якасці апанента быў прызначаны віцастаршыня Кабылянскі, Дурново паўплываў так, каб ніхто з правых мне не апанаваў, пра што мне заявіў сам Кабылянскі, паціскаючы руку перад маім выхадам на трыбуну.
І наогул, варта адзначыць, што правыя больш за усіх мелі ў сваіх шэрагах дзяржаўных дзеячаў, якія былі моцныя сваімі службовымі традыцыямі і практыкай. І ў многіх выпадках нашай групе лёгка было б з імі ісці рука аб руку, калі б не прынцыповыя рознагалоссі, з якімі мы ніколі не маглі пагадзіцца, а менавіта адмаўленне пачатку ў дзяржаве канстытуцыйнай эпохі.
П. М. Дурнаво лічыўся адным з найбагацейшых і заклапочаных уласнымі інтарэсамі чальцоў Дзяржаўнай Рады. Ён меў вельмі вялікія незабудованыя гарадскія тэрыторыі на "астравах", кошт якіх з кожным годам рос, і быў уцягнуты ў пастаянныя канфлікты з гарадскім кіраваннем на грунце падаткаабкладання, якое ўзмацнялася. Паколькі большасць тагачасных саноўнікаў пачынала сваю службовую кар'еру ў той час, калі ён быў міністрам, Дурнаво ўспрымаў гэтых спадароў досыць паблажліва, да чаго ў некаторай ступені абавязвала і далёкае сваяцтва з старшынём Дзяржаўнай Рады М. Г. Акімавым.
Памятаецца, калі мы ў фінансавай камісіі разглядалі бюджэт канцылярыі варшаўскага генералгубернатара, і дакладчыкам быў тагачасны віцаміністр унутраных спраў Крыжаноўскі, бюракрат да мозгу костак і чыстай вады нацыяналіст, Дурнаво, які не любіў Сталыпіна (прэм'ер быў адначасова міністрам унутраных спраў), пачаў даказваць, якой абсалютна непатрэбнай "шрубкай" у дзяржаўным механізме з'яўляюцца намеснікі міністраў, што, калі ён, быўшы міністрам, часам сыходзіў у адпачынак, і імператар яго пытаў, каму з сваіх калегаў (віцаміністраў) ён перадасць свае абавязкі, заўсёды адказваў, што нікому, бо яны звычайна ніякага паняцця аб працы не маюць. Ёсць дырэктары дэпартаментаў, на якіх ён ускладзе адказнасць за парадак. Паколькі ён гэта гаварыў проста ў твар Крыжаноўскаму, мы баяліся ўзнікненні буйнога інцыдэнту ў Дзяржаўнай Радзе. Крыжаноўскі чырванеў, пацеў, але цярпліва выслухоўваў. Калі Дурнаво скончыў, Крыжаноўскі папрасіў мікрафон і сказаў: "Правілы маюць свае выключэнні. Такім выключэннем у свой час быў віцаміністр Дурнаво, без чыёй дасведчанасці і волі нічога ў міністэрстве не магло адбывацца". Прыйшла чарга пачырванець Дурнаво, прысутныя пазайздросцілі стрыманасці і знаходлівасці Крыжаноўскага.
Вітэ
Аб маіх адносінах з графам Вітэ, аўтарам манаполіі на алкаголь і залатую валюту, я ўжо трохі ўспамінаў. Не падлягае сумневу тое, што ён быў адным з найболей здольных дзяржаўных дзеячаў у тагачаснай Расіі. Сыйшоў з уладных структур у момант, калі запланаваныя ім рэформы пачалі ажыццяўляцца. Ці прадчуваў ён іх далікатнасць, або не верыў у магчымасць выканання, цяжка сказаць. Ва ўсякім разе, адчувалася, што ён любіць уладу, адмовіцца ад яе поўнасцю не зможа і што вернецца абавязкова. Гэта разумелі многія чальцы Дзяржаўнай Рады і ставіліся да яго з некаторай асцярогай. Не раз можна было пачуць у кулуарах выказванні: "Не прывядзі Госпад, каб Вітэ яшчэ спатрэбіўся Расіі", бо гэта сведчыла б аб тым, што ў Расіі ўсё вельмі дрэнна, калі звяртаюцца па выратаванне да графа; г. зн. раўназначна таму, як часам людзі звяртаюцца да ліхвяроў, калі інакш не могуць зладзіцца з фінансавымі праблемамі. Яго вінавацілі нават у двудушнасці. Аб характэрным эпізодзе распавядаў мне аднойчы ў клубе за сняданкам былы міністр гандлю Ціміразеў: "Вы ў правінцыі думаеце, што маніфесты пішуць багі, мы ж у сталіцы ведаем не толькі тое, што іх пішуць людзі, але і ведаем, якія". Аб Маніфесце 17 кастрычніка мы даведаліся з ранішніх навін. Вядома было, што гэта праца Вітэ. У той жа дзень было прызначана паседжанне Рады Міністраў пад старшынствам Вітэ. Спяшаемся, чакаючы даведацца, як гэты новы канстытуцыйны лад праявіцца. Граф Вітэ свой выступ пачынае словамі: "Мой самадзяржаўны манарх" і т. д., і т. д. Мы глядзім адзін на аднаго…вось ён увесь, граф Вітэ.
Выступы графа Вітэ ў Дзяржаўнай Радзе заўсёды былі "sans faconerja", як бы ён зусім не звяртаў на гэтую Раду ўвагі. Звычайна гаварыў без падрыхтоўкі, але заўсёды па сутнасці. Яго заўсёды слухалі ўважліва і каментавалі ў прэсе. Я часам заходзіў да яго. Ён жыў у асобным уласным невялікім палацы на Каменнавостраўскім праспекце, прымаў у выдатным кабінеце. Паказваў мне партрэт Вільгельма II з асабістым подпісам, паказваў месца, у якім хавае браўнінг, і дзе знаходзіцца электрычная кнопка сігналізацыі, бо паранейшаму існавала небяспека замахаў. Калі выносілася на павестку дня пытанне аб аўтаноміі Каралеўства, ён не быў яе прыхільнікам, ведаючы аб прапановах мне Сталыпіна, якога не любіў, знаходзіў, што я паступіў правільна, дапаўняючы: "Ці бачыце, спадар Вайніловіч, калі б мне сказалі, што Сталыпін добры маршалак дваранства па прызначэнні, я б адказаў бясспрэчна; калі б мне сказалі, што ён вельмі добры губернатар, я б адказаў магчыма, але калі б мне сказалі, што ён з'яўляецца адказным дзяржаўным дзеячам, я б адказаў не падыходзіць. Ці ведаеце, паважаны спадар, я люблю пасля сняданку пракаціцца ў аўтамабілі гэтая мая забаўка.
У мяне быў ідэальны кіроўца, я часта думаў, што я буду рабіць, калі ён пакіне мяне. У гэты час паміж ім і маёй жонкай адбылося нейкае непаразуменне, і настолькі сур'ёзнае, што жонка, нават не папярэдзіўшы мяне, разлічыла яго. Я саджуся ў аўто, гляджу новы кіроўца. У мяне нават паўстаў сумнеў, ці варта ехаць. Але і правакаваць інцыдэнт не хочацца еду. І вось, езджу ўжо трэці дзень і думаю, як я мог здавольвацца тым адным кіроўцам гэтулькі гадоў? Так і з Расіяй будзе, калі не стане шафёра Сталыпіна".
Граф не дачакаўся перавароту, але я перакананы, што не было б мірнага кангрэсу без яго ўдзелу.
А.С. Ярмолаў
Адным з галоўных ініцыятараў стварэння групы цэнтрыстаў у Дзяржаўнай Радзе быў А.С. Ярмолаў. Гэта быў чалавек састарэлых поглядаў, які не мог прыўнесці свежы струмень у сход. Пры гэтым, паколькі яго кандыдатура не выключалася з ліку меркаваных на пасаду Старшыні міністраў, ён быў вельмі асцярожным у сваіх выказваннях, каб не скампраментаваць сябе перад партыяй, якая кіравала дзяржавай. І калі паўстаў праект памяншэння ліку прадстаўнікоў у Дзяржаўнай Думе, ён горача падтрымаў гэты праект нават насуперак прынцыпам, якія сам рэдагаваў у статуце групы цэнтрыстаў.
Баючыся, што польскія галасы могуць скласці ў Думе не жаданую для выгады дзяржавы большасць, ён сцвярджаў: "Непажадана, каб польская кропля магла перапоўніць расійскую чарку".
Над аграрнымі пытаннямі ён працаваў шмат у свой час, але не заўсёды арыентаваўся ў сучасных умовах.
М.С. Таганцаў
М.С. Таганцаў - вядомы прафесар крымінальнага права, чалавек ліберальных поглядаў, патрыёт. Трохі падобных да яго мелася ў Дзяржаўнай Радзе.
А.Ф. Коні
Не меншымі вартасцямі валодаў А.Ф. Коні, які прыйшоў у Раду ў канцы майго знаходжання ў сталіцы, і які вельмі ўважліва выслухаў мой выступ на тэму выбараў у Дзяржаўную Раду ў Заходнім краі і адзначыў, наколькі спакойна ўсё было выкладзена.
Д. Д. Грым
Рэктар Пецярбургскага ўніверсітэта Д. Д. Грым вельмі слушна выступаў ад імя левых, але яго група была занадта малалікай, каб паўплываць на рашэнне.
Д.А. Алсуфеў
Граф Д.А. Алсуфеў, хоць і быў у той час правым, але звычайна выступаў у духу праграмы цэнтрыстаў, і наш старшыня, князь Трубяцкі, паранейшаму абяцаў "перацягнуць" яго да нас.
А.А. Сабураў
Адным з знакамітых чальцоў Дзяржаўнай Рады быў А.А. Сабураў, дзяржаўны дзеяч, хутчэй ангельскага, чым пецярбургскага тыпу, найвысакародны, які не змяняе сваім перакананням, чалавек, які заўсёды падтрымліваў нашу групу і шчыра быў да нас дабразычлівым; ужо пасля майго вяртання дадому даслаў мне сваю фатаграфію з вельмі пахвальным лістом.
Прадстаўнікі Прыбалтыйскіх губерняў
Не магу не ўспомніць паранейшаму ветлівага да нас стаўлення прадстаўнікоў Прыбалтыйскіх губерняў, баронаў Тызенгаўзена, Дэлінгаўзена, Будберга і графа Ройтэрна барона Нолькена (два прозвішчы і падвойны тытул). Гэта былі людзі, вельмі блізкія нам па духу, сапраўдныя джэнтльмены. Непахісныя ў захаванні традыцый, цаніўшыя сваё становішча ў правінцыі. Пры першай сустрэчы барон Тызенгаўзен прывітаў мяне, як калегу па "Патопу", у якім Сянкевіч згадвае абодва нашыя прозвішчы. Барон Дэлінгаўзен, Рэвельскі губернскі маршалак, замяніў забітага сялянамі барона Будберга і заўсёды горача падтрымліваў усе пастулаты нашай групы. Гасцінны і таварыскі РойтернНолькен, курляндскі губернскі маршалак, быў незвычайна да мяне ветлы, і на абедах у яго мне не раз прыходзілася сустракацца з прыбалтыйскімі баронамі, якія прыязджалі.
Усе гэтыя бароны былі чальцамі цэнтрысцкай групы, але падтрымлівалі цесныя адносіны з немцамі, якія належалі да правых і левых, а нам не стамляліся паўтараць: "Чаму вы ўвайшлі ўсе ў адну групу, трэба мець сваіх прадстаўнікоў у розных групах, каб ведаць, што ў іх адбываецца, і аказваць уплыў на іх рашэнні". Але хто ж з нашых дэпутатаў, абраных па адным ад губерні, мог мець грамадзянскую мужнасць, каб, не баючыся быць непажаданым сваім выбарнікам, уступіць, напрыклад, у правую кааліцыю, якая выступае супраць Заканадаўчых Палат, або ў левую, якая жадала адабраць землі ва ўласнікаў? Несумненна, новы Валенрод быў бы пабіты камянямі.
М. М. Кавалеўскі,
Мечнікаў
Не заўсёды прысутнічаў на паседжаннях, але з'яўляўся ў адказныя моманты ў Дзяржаўнай Радзе і гучным голасам апавяшчаў свае аргументы прафесар М. М. Кавалевскі, звяртаючыся часам па гістарычныя прыклады нават да эпохі фараонаў, за што яго часта заклікаў да парадку старшыня Акімаў.
Аднойчы, калі цэнтрысты разам з левымі перамаглі правых пры абранні старшыні фінансавай камісіі, што вельмі рэдка здаралася, Максім Кавалеўскі і прафесар Васільеў прапанавалі мне пайсці разам выпіць шампанскага. Але замест "Кубата" або "Данона" адвялі мяне на Канюшневую ў лабараторыю лактабацыліну Мечнікава, і там прыйшлося кубак гэтага прэпарату спажыць, ад чаго пры маёй уражлівасці (з'еў жывыя бактэрыі) у мяне так разбалелася галава, што, памятаецца, з велізарнай цяжкасцю я напісаў патрэбную тэлеграму.
С.С. Манюхін
З іншых чальцоў Дзяржаўнай Рады хачу назваць С.С. Манюхіна, былога міністра юстыцыі ў кабінеце Вітэ. Здольны чалавек, добра дасведчаны ў кодэксах, але скрупулёзна сачыўшы за тым, з якога боку "дзьме вецер", бо баяўся страціць кар'еру. Пасля некалькіх гадоў майго знаходжання ў вёсцы я прачытаў у газетах, што ён быў накіраваны ў Сібір з мэтай вывучэння і складання рапарту з нагоды выпадкаў, у залатаносных капальнях на рацэ Лене, якія карысталіся благой славай
Раманаў, Дзмітрыеў, Піхно, палякі
Станоўчым, заўсёды нейтральным і ўраўнаважаным, стала абіраным старшынём фінансавай камісіі быў І.М. Раманаў, а таксама М.Д. Дзмітрыеў, які не саступае яму ў вартасцях , чаго, мусіць, нельга сказаць пра Д.І. Піхно з Кіева, які ўяўляў сабой ваяўнічы нацыяналізм, характэрны для ўсіх красовых дзеячоў, чалавек, безумоўна здольны і дасведчаны ў праве. Калі тое, што 9 заходніх губерняў паставілі ў Дзяржаўную Раду 9 дэпутатаў ад польскіх землеўладальнікаў, калола вочы, то Піхно, у сувязі з гэтым, спаць не мог, і пачаў старанна працаваць над новым выбарчым законам, які пазбаўляў бы палякаў усякай надзеі на прадстаўніцтва ў Дзяржаўнай Радзе, супраць чаго я павінен быў выступіць ад імя нашай групы. Але пакуль гэтыя планы не ажыццявіліся, і яшчэ пасля майго сыходу з Дзяржрады нашы Крэсы былі прадстаўленыя палякамі, пакуль так званыя "сталыпінскія" земства ўсё не змянілі. У канцы існавання заканадаўчых палат толькі тры губерні, Віленская, Ковенская і Гарадзенская, не ахопленыя земствами, накіравалі сваіх прадстаўнікоў з асяроддзя польскіх землеўладальнікаў: А. Мяйштовіча, К. Скірмунта і С. Лапацінскага. Побач з Піхно можна было б змясціць У.Ф. Дзейтрыха. Наколькі Піхно апалчаўся супраць заходніх губерняў, настолькі спробы Фінляндыі ў пытанні аўтаноміі не давалі супакою Дзейтрыху. Нават не ведаю, ці дажыў ён да моманту прызнання яе незалежнасці.
Прадстаўнікі ад Крэсаў
З прадстаўнікоў ад крэсаў трэба назваць абсалютна нейтральных і не атручаных нацыяналізмам М.П. Балашова і Б. І. Ханенку. Першы з іх багаты расійскі землеўладальнік, да таго ж спадчыннік велізарнай маёмасці Паскевічаў у Гомелі, нягледзячы на тое, што яго сын узначальваў у Думе партыю нацыяналістаў, без усякіх прадузятасцяў ставіўся да нашых спраў, належным чынам ацэньваў заслугі нашых землеўладальнікаў на Крэсах. Ханенка быў вялікім нашым сябрам і ахвотна дапамагаў сваімі сувязямі і нават подпісам пры зваротах. Я пазнаёміўся з ім бліжэй і пасябраваў на клубных абедах, пасля якіх мы не раз ездзілі на астравы падыхаць свежым паветрам. Знаходзячыся ў Кіеве, я наведаў яго палац. Гаспадара не было, але палац я разгледзеў. Ён уяўляў сабой нешта накшталт музея прадметаў мастацтва, сабраных са ўсяго свету, але галоўным чынам прывезеных з Італіі. Яго маёмасны стан дазваляў яму гэтым займацца: ён быў прадстаўніком цукровай вытворчасці, да таго ж быў жанаты на сястры цукровага караля Цярэшчанкі.
8 верасня, або чму беларускія ўлады не любяць беларускую вайсковую славу?
Штогод 8-га верасня ў незалежнай Беларусі адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы, прымеркаваны да слаўнай перамогі беларускага войска пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага над маскоўскім войскам. Сёлета святкаванне павінна было прайсці ў 17ы раз. На Крапівенскім полі пад Оршай мусіў адбыцца бардаўскі фэст "Аршанская бітва". Аднак месца правядзення фэсту аказалася заблакаваным міліцыяй, было перакрыта міліцэйскімі машынамі.
Людзей, якія меліся ўзяць удзел у фэсце пачалі затрымліваць далёка ад Оршы.
Грамадскіх актывістаў з Магілёва, якія збіраліся выправіцца на фэст міліцыянты беларускай чыгункі змусілі сысці з цягніка "Магілёў-Орша" і прайсці ў пастарунак чыгуначнага вакзалу Магі-лёва. Сярод затрыманых - кіраўнік гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзячкоў, моладзевыя актывісты Яўген Бойка і Яўген Сувораў.
У Оршы затрымалі актывістаў з Горак. Мікрааўтобус, якім ехалі актывісты на фэст беларускай аўтарскай песні, міліцыянты спынілі нібыта для праверкі дакументаў кіроўцы. Затым на гэтай жа машыне актывістаў даставілі ў пастарунак.
На самім Крапівенскім полі было арыштавана каля 40 чалавек. Сярод затрыманых - Дзяніс Садоўскі, сакратар аргкамітэту па стварэнні "Беларускай хрысціянскай дэмакратыі", Андрэй Шарэнда, кіраўнік Берасцейскай філіі "Маладога фронту", менскія актывісты Алена Макарэвіч, Кацярына Краснова, Кацярына Галіцкая, Зміцер Хведарук, Наталля Старасціна, аршанскія актывісты. На вакзале затрыманыя актывісты "Маладога фронту" з Жодзіна, сярод якіх - Павел Красоўскі. Міліцыянты сустракалі цягнікі з Магілёва, Гомеля і Віцебска, у якіх на імпрэзу ехалі некалькі дзесяткаў моладзевых актывістаў.
Агульная колькасць затрыманых у Оршы і пад Оршай на момант здачы газеты не высветлена.
Былі затрыманы ўдзельнікі святкавання Дня вайсковай славы і ў Магілёве. Група грамадскіх актывістаў, прыкладна з дваццаці чалавек, затрыманая ў любускім лесапарку Магілёва міліцыянтамі з роты хуткага рэагаваньня.
Там актывісты сабраліся, каб адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы. Усіх затрыманых адвезлі ў Магілёўскі раённы аддзел міліцыі.
У Гародні абышлося без затрыманняў. Актывісты гарадзенскіх дэмакратычных арганізацый усклалі да мемарыяльнага знака "Пагоня на Грунвальд" ля Каложскай царквы кветкі з бел-чырвона-белымі стужкамі. Нягледзячы на вялікую колькасць міліцыянтаў у цывільным, апазіцыянерам удалося такім чынам ушанаваць Дзень беларускай вайсковай славы.
Бел-чырвона-белы сцяг лунаў у ноч на 8-е верасня над Віцебскам. Ён быў узняты каля 11-й вечара над домам №10 па паспекце Фрунзе.
Старэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда паведаміў, што да сцяга была прымацавана цыдулка наступнага зместу: "Віншую з Днём беларускай вайсковай славы. Мы абавязкова пераможам, як нашы гераічныя продкі пад Воршай, таму што з намі ўсепераможная крывіцкая Пагоня, а ў руках мы моцна трымаем белчырвонабелы сцяг. Жыве Беларусь, жыве вечна!" І подпіс: "Мірон".
Міліцыянты і супрацоўнікі камунальных службаў заўважылі сцяг не адразу, і ён лунаў над горадам некалькі гадзін.
Дзень беларускай вайсковай славы адзначылі ў Варшаве. Там з нагоды Дня беларускай вайсковай славы адбылося святочнае шэсце. Каля 50 чалавек - пераважна маладых беларусаў, што вучацца ў польскай сталіцы, - прайшлі па цэнтральных вуліцах Варшавы з бел-чырвона-белымі сцягамі да памятнай шыльды ў гонар генерала Станіслава Булак-Балаховіча.
Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі Антось Цялежнікаў:
- Гэта беларускае нацыянальнае свята, якое забаронена ў Беларусі, прынамсі, не адзначаецца на дзяржаўным узроўні і з'яўляецца адным з найважнейшых святаў. Гэта адна з найвялікшых перамог беларусаў за ўсю гісторыю, тым больш над маскоўскімі войскамі. Такая знакамітая дата павінна адзначацца таму, што гэта слава беларускай зброі і беларускай вайсковай справы.
Ну і што ж адбываецца ў нашай незалежнай краіне?
Тое, што нашая ўлада не гатовая святкаваць перамогу над маскоўцамі, гэта ясна. Да гэтага, мабыць не гатовая і ўкраінская ўлада. Гэта маглі б сабе дазволіць прыбалты, ды ў тых перамог няма. Але калі ўлада не гатова, а народ гатоў, то трэба шукаць кампраміс, і аднымі затрыманнямі і блакаваннямі Крапівенскага поля не абысціся. Гэтае пытанне трэба вырашаць інтэлектуальна, а не па салдафонску, бо калі за 17 гадоў народ не пакінуў гэты дзень, то так проста і не пакіне.
Па матэрыялах СМІ Яраслаў Грынкевіч.
"Паміж": прэзэнтацыя ў двары
Чарговы, шосты выпуск альманаху "Паміж" прэзентаваўся на двары аднаго з прыватных дамоў на ўскрайку Менску. Альманах робіцца сіламі навучэнцаў і выпускнікоў Беларускага калегіюму - незалежнай факультатыўнай навучальнай установы. "Паміж" - культурніцкі мыслярскі часопіс, дзе сярод аўтараў можна сустрэць як вядомыя імёны, гэтак і пачаткоўцаў.
На імправізаваных лавах сядзяць некалькі дзесяткаў маладых людзей. Некаторыя трымаюць у руках свежы выпуск "Паміж" - ладны томік з больш як дзвюмя сотнямі старонак тэксту. У змесце свежага нумару альманаха пазначаныя імёны Пётры Рудкоўскага, Валянціны Лойкі, Тацяны Барысюк, Аксаны Спрынчан ды шэрагу іншых.
Побач з публікай - яблыкі ў кошыках, мастацкая інсталяцыя з лялькамі за столікам. "На галёрцы" спявачка Тацяна Беланогая рыхтуецца да выступу напрыканцы імпрэзы. Прэзэнтацыя "Паміж" спалучаецца з уганараваннем выпускнікоў Калегіюму ганаровымі дыпломамі. Імпрэзай кіруюць дырэктар калегіюму Алесь Анціпенка і выкладчык Валянцін Акудовіч. Акудовіч: "Ёсць адметнае адрозненне нашага часопіса ад звычайнага студэнцкага. Нашы студэнты - любога ўзросту і любой адукацыі. У нашым часопісе друкуюцца аўтары, якія друкуюцца ў самых прэстыжных беларускіх часопісах. Гэта паўнавартасныя публічныя тэксты, якія маглі быць надрукаваныя ў любым і найлепшым выданні Беларусі". Слова рэдактарцы свежага "Паміж" Ціны Давыдчук:
"Паміж" застаецца пляцоўкай, на якой можна пакінуць свае сляды пошукаў у стварэнні ці перакладзе беларускіх тэкстаў. І гэта пляцоўка паміж ужо зробленым і паміж тым, што будзе зроблена пасля".
Беларускі калегі-юм існуе больш за 10 гадоў, а "Паміж" выдаецца ад 2001 году.
С. Квяткоўскі, Менск.
У Літве праходзіць фэстываль паэзіі і мастацтваў з удзелам беларускіх творцаў
8-13 верасня беларускія літаратары і мастакі бяруць удзел у Міжнародным фестывалі паэзіі і мастацтваў ў літоўскім горадзе Ніда на беразе Балтыйскага мора.
Як паведаміў БелаПАН кіраўнік беларускай дэлегацыі, старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, арганізатарам творчай акцыі выступіў Саюз пісьменнікаў Літвы пры падтрымцы літоўскага ўраду. Паводле яго слоў, да ўдзелу ў фестывалі ўпершыню запрошаны абодва саюзы беларускіх пісьменнікаў, зарэгістраваныя ў Менску і Вільні.
Апрача беларускіх, літоўскіх паэтаў, графікаў і жывапісцаў у акцыі возьмуць удзел польскія пісьменнікі і майстры выяўленчага мастацтва. Кожная краіна мела магчымасць накіраваць на фестываль дэлегацыю з пяці паэтаў і пяці мастакоў. Ад Беларусі ў Ніду заангажаваны Тацяна Сапач, Барыс Пятровіч, Алег Мінкін і Ўладзімір Някляеў, а таксама мастакі Кацярына Сумарава, Генадзь Драздоў, Аляксей Марачкін і Рыгор Сітніца.
У праграму фестывалю ўключана знаёмства з літара-турнай Вільняй, мастацкі пленэр, паэтычныя чытанні і ўзаемныя пераклады твораў. Вынікам творчай акцыі будзе сумесная мастацкая выстава і абмен публікацыямі ў літаратурных выданнях Беларусі, Літвы і Польшчы.
Паводле БелаПАН.
Па слядах літвы
Памяці Міколы Ермаловіча
(Працяг. Пачатак у ппярэдніх нумарах.)
І не хацелася б акцэнтаваць увагу на такой выпад-ковай агаворцы ці, магчыма, недакладнасці перакладу меркавання Э. Гудавічуса пра Даўспрунгавы ўладанні "з раёнам Вільні". Але летувіскі даследнік гатоў прыняць і большае, маўляў, у XIII cт., у Мяндоўгаву пару, Вільня была і духоўным цэнтрам летувісаў. Як згадваюць рэцэнзенты, "Э. Гудавічус дапускае нават, што раскапаныя археолагамі ў Вільні рэшткі муроў - рэшткі катэдральнага касцёла, пабудаванага пасля хрышчэння Міндоўга" (Насевіч В., Свяжынскі У. Міндоўг… С.) . - Вядома, дзеля чаго гэта было ўчынена. Летувіскія гісторыкі ўжо падумалі пра будучыя 750-я ўгодкі каталіцкага біскупства ва ўладан-нях Мяндоўга. (Далей, у адпа-ведным раздзеле, будуць зга-даны думкі розных даследнікаў што да месца, дзе магла быць пабудаваная катэдра.)
Але з пададзенага рэцэнзентамі меркавання Э. Гу-давічуса пра Вільню ў XIII ст. вынікае: былі і яе жыхары - вільняне. Вось што менавіта пра іх паведамляе Васкрасенскі летапіс: "А Вилняне взяша себе изъ Царяграда князя Полотц-кого Ростислава Рогволодо-вича детей, Давила князя да брата его Мовколда князя, и той на Вилне 1-й князь; Давилъ братъ Мовколдовъ болшей… А у Мовколда князя сынъ князь Миндовгъ…" (ПСРЛ. Т.7. СПб, 1856. С. 165).
Ці гатовы Э.Гудавічус прыняць такую версію пахо-джання літоўскіх князёў, і Мяндоўга ў тым ліку, з роду полацкіх князёў, заснаваную на згаданым паведамленні Васк-расенскага летапісу? Бо, уво-гуле, гэты факт гісторыкі ігнаруюць. А падставай для адмаўлення - летапіснае па-ведамленне пра заснаванне Вільні ў 1323 годзе Гедымінам (ПСРЛ. Т.32. С. 39). Варта сказаць, што Мікола Ермаловіч прызнаваў існаванне ў сутоку Вяллі і Віленкі кры-віцкага горада Крывічграда або Крывога Горада (Ермало-віч М. Па слядах аднаго міфа.- Мн., 1989.- С. 47) на падставе даследавання вядо-мых археолагаў Галубовічаў. Знаходжанне па-над Вяллёй і Віленкай засведчанага археолагамі крывіцкага, "Крывога" замка пацвярджае Хроніка Быхаўца: "І пойдзе пакі князь Вітолт ко городу Вільні со всімі сіламі, і оступіт город Вільню, і начнет добываты Крывого города і пушкамі біты; і взял город Крывы" (ПСРЛ. Т. 32. С. 146).
Меркаванне Міколы Ермаловіча і сведчанне Хронікі не тояць супярэчнасці, бо ў сутоку "Вілны" і Вяллі існавала паселішча, якое называ-лася на крывіцкі лад - паводле традыцыі нашага старадаўняга назоўніцтва - "Вилнем от Вил-ни реки" (Тамсама. С. 40), а на гары па-над ракой стаяў даўні крывіцкі (полацкі) замак. Полацку быў падпарадкаваны ўвесь абшар Павілля, прынам-сі, "завілейская зямля, якую ў той час (пачатак XIII ст. - З.С.) трымалі рускія (г.зн. полацкія - З.С.) князі" (Maciej Stryj-kowski) - А гэта словы Мацея Стрыйкоўскага, якога не па-пракнеш прыхільнасцю да палачанаў. Польскі гісторык XX ст. Г. Лаўмяньскі пацвер-дзіў: "Не сумняваемся, што падчас княжання Рагвалода-вага пераемніка Ўладзіміра * Полацкая зямля… ахапіла ча-тыры лівонскія плямёны, а, верагодна, і Павілейскую Літву" (Јowmiaсski H. Geneza ziemi Poіockiej. // Z polskich studiуw sіawistycznych. Seria 3. Historia. Warszawa, 1968. S. 24), г. зн. Віленшчыну, дзе Э. Гудавічус адшукаў уладанні міфічнага Даўспрунга. Дарэ-чы, лівонскі храніст Дзітліб фон Альнпэкэ, аўтар "Рыфма-ванай лівонскай хронікі", па-сяляе ў Павіллі Траняту (В. 8347-49) рэальнага князя, які вядомы таксама абедзьвюм згаданым хронікам.… (В. 8347-49: Kernowen… ward Konig Thoreidens Land.) (Нар-бут . Т. IV. Дад. С. 34. Tramata oder Trojnat.)
Верагоднасць існаван-ня Вільні ў XII ст. прызнае А.Г. Кіркор згадкай пра "вядомага скандынаўскага падарожніка Снора Стурлезона", які ў ваколіцах Вільні сустрэў сваіх землякоў (Живописная Россия. Т. 3. Ч. 1.СПб, М., 1882. С. 74). То, відаць, праўду напісаў пра вільнянаў Васкрасенскі лета-піс, які, дарэчы, вызначаецца тым, што "падае і такія паведам-ленні, якія не сустракаюцца ні ў Сафійскім, ні ў Ніканаўскім летапісах" (ПСРЛ. Т.7. С.VI) .
А што да Мяндоўгавай сталіцы, то Ю. Ляткоўскі пра-панаваў Варняны (Latkowski J. Mendog - krоl litewski) , якія паводле ягонай карты знахо-дзіліся паўднёвей Вільні, ве-рагодна, на месцы аднайменнага мястэчка Астравецкага раёна.
3. Адкуль (і што) мы ведаем пра Мяндоўга?
Перш чым спрабаваць спрычыніцца да разгадкі таям-ніцы паходжання Мяндоўга, варта разгледзець некаторыя згаданыя вышэй летапісныя творы, а таксама і дакументы, у якіх згадваецца імя гэтага Наваградскага князя і караля. Канешне, аўтары і рэдактары летапісаў стваралі, кожны па-водле асабістых дзяржаўных, сацыяльных ці нацыянальных поглядаў, сваю - праўдзівую або фальшывую - версію паходжання Мяндоўга і ад-паведна ацанілі ягоны чын. Як пісаў вядомы савецкі гісторык В.Ц. Пашута, "аналіз прыёмаў працы абласных летапісцаў… выяўляе, што ў аснове дзей-насці кожнага з іх ляжала імкненне абгрунтаваць прыя-рытэт свайго княства ва ўсёй Рускай зямлі і апраўдаць права мясцовага князя распараджац-ца яе лёсам" (В.Т. Пашуто. Киевская летопись 1238 г.// Исторические записки. Т.26. М., 1948. С. 305).
Самае ранняе згадван-не імя Мяндоўга - Мидогъ - знаходзім пад 1215 годам у Галіцка-Валынскім летапісе. Галіцка-Валынскі летапіс - трэцяя частка трохчасткавага старажытнага летапіснага твора, вядомага як Іпацеўскі звод або Іпацеўскі летапіс. Датаваныя падзеі, уключаныя ў трэ-цюю частку Іпацеўскага летапісу, звязаныя, пераважна, з гісторыяй Галіцка-Валынскага княства XIII ст., што і дало даследнікам падставу падаваць яе за асобны Галіцка-Валынскі летапіс.
У згаданы творы В. Чамярыцкага сцвярджаецца, што "непасрэднай крыніцай" для аўтараў дзвюх хронік стаў менавіта Іпацеўскі летапіс, "дакладны гістарычны матэ-рыял" якога быў адвольна перайначаны. Каб уявіць, што магло атрымацца пасля такой пераробкі, мы вымушаныя сама перш паглядзець, ці ў Іпацеўскім летапісе, а даклад-ней, у трэцяй частцы гэтага твора - Галіцка-Валынскім летапісе - пададзены сапраўд-ныя падзеі ды ці не выявіліся там палітычныя памкненні перапісчыкаў, рэдактараў.
Адступленне пра Іпацеўскі летапіс ды асаблівасці двух спісаў (копіяў) з яго. Іпацеўскі летапіс, а дакладней, спіс (копія) гэтага летапісу, знойдзены ў Кастрамскім Іпацеўскім манастыры, пачынаец-ца тэкстам "Аповесці мінулых часоў" ("Повесть временных лет"), у якой апісаныя падзеі да 1117 г.. Наступная, другая, частка Іпацеўскага летапісу, куды ўвайшлі некаторыя паведамленні "з Галіцка-Валынскага летапісу" (Д.С. Лихачев. Археографический обзор списков "Повести временных лет". // Повесть временных лет. Ч. ІІ. М.-Л-д, 1950. С.160), заканчваецца 1199 годам. "Трэцяя частка Іпацеўскага летапісу даводзіць апавяданне да 1292 г. і ўяўляе з сябе пера-важна Галіцка-Валынскі летапіс з выкарыстаннем некаторых растова-суздальскіх летапісных артыкулаў і, магчыма, Пінскіх летапісаў апошняй чвэрткі XIII ст." (Тамсама. Пінск. Летапіс Так! Запомнім гэтую згадку пра пінскія летапісы.)
Навукоўцам вядомыя некалькі копіяў (спісаў) Іпа-цеўскага летапісу. Паводле С.Д. Ліхачова, "асноўных спісаў Іпацеўскага летпісу два: Іпацеўскі і Хлебнікаўскі. Абодва спісы ўзыходзяць да летапіс-нага зводу канца XIII ст. (паводле М.Д.Прысёлкава) або XIV ст. (паводле А.А. Шахматава)" (ПВЛ. Ч. II. С.159).
Вядомы расійскі акадэмік А.С. Арлоў удакладніў, што паводле архаічнасці лек-сікі старшы з спісаў - Іпацеўскі - напісаны, як вынікае з паперы, каля 1425 г. (так меркаваў Н.П.Ліхачоў), або, калі быць асцярожным, - у сярэ-дзіне XV ст. (як меркаваў А.А.Шахматаў, 1916 г.), вера-годна, з паўднёварускага арыгіналу ў Пскове" ( А.С.Орлов. Труды ОДРЛ. Т. V. С.15). Архаічная пскоўская, а фактычна крывіцкая, лексіка, час ства-рэння - ужо толькі гэта за-слугоўвае нашай увагі. І спра-буючы ацэньваць і выкары-стоўваць Іпацеўскі летапіс як дакумент, мы павінны ўважна паставіцца да некаторых яго-ных паведамленняў.
Заўважым аднак, што сама цікавы для нас - Хлебні-каўскі спіс (далей: "Хл., XIV, XVI" ). У ім захавалася імя "Несцера, чарнарызца Фядо-сева манастыра Печэрскага", якога даследнікі маюць за аўтара "Аповесці мінулых гадоў". Іншыя перапісчыкі "Аповесці", "рэдактары, што належалі да іншай палітычнай арыентацыі ды да другога, варожага пячэрцам, манасты-ра, выкінулі імя Несцера з загалоўка летапісу" (ПВЛ. Ч. II. С. 103). А з гэтага вынікае, што стваральнік Хлебнікаў-скага летапісу чытаў той с-апраўды Нестараў тэкст і не дазваляў сабе яго правіць. Да таго ж, паводле М.Д. Пры-сёлкава, Хлебнікаўскі напісаны на пачатку XIV ст. (Труды ОДРЛ. Т. V. C. 16. {а таксама: Уч.зап. ЛенГУ № 32. Сер. Истор. Наук. Вып. 2. Л-д, 1939. С.82) , паводле А.А. Шахмата-ва, - "у XVI ст. у Паўднёва-Заходняй Русі" (Труды ОДРЛ. Т. V. С.15) . На жаль, я выму-шаны быў задаволіцца толькі параўнаннямі ды крытычнымі заўвагамі папярэдніх даслед-нікаў.
Увогуле, пра месца складання згаданых летапісных твораў навукоўцы шмат спра-чаліся. Перамагла тэндэнцыя лічыць іх прыналежнымі Паўд-нёва-Заходняй Русі, але не варта выключаць Наваградка, Ваўкавыска, дзе "знойдзена шмат прыладаў пісьма - піса-лаў" (А.Ф.Медведев. Древне-русские писала X - XV вв.// СА. 1960, № 1. С. 66-67) , Гародні (Гарадзеня) ды Слоніма з іх высокай культурай пісьмен-ства, як сцвярджае вядомая даследніца старажытнасцяў гэтага рэгіёна Ф.Д. Гурэвіч (Гуревич Ф.Д. Грамотность горожан древнерусского По-неманья. // КСИА. Вып. 135. М., 1973. С. 28-34).
Калі ўлічыць, што ўсе буйнейшыя гарады Галіцка-Валынскага княства былі ў 1240 годзе разбураныя і спа-леныя Батыевай ардой ( Па-шуто В. Т., Флоря Б.Н., Хоро-шкевич А.Л. Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славян-ства. М., 1982. С. 8) , то зразумела, што там не засталося ні ўмоваў для кніжнікаў, ні адукаваных людзей, якія маглі б складаць ці перапісваць летапісы. І таму "ўпадак га-ліцкага летапісання пачынаецца з 56-57 гг." (Л.В.Черепнин. Истор. Записки. № 12. 1941. С. 232. - Цыт. Труды. 5. С. 52) . А паводле Д.С. Ліхачова гэты заняпад пачынаецца "з сярэ-дзіны 50-х гадоў XIII ст." ( Д.С. Лихачев. Галицкая литера-турная традиция в житии А.Невского.// Труды (отдела древнерусской литературы). Т. V. М., Л-д, 1947. С. 52) . Дык выпадае меркаваць, што Хлеб-нікаўскі летапіс мог быць створаны ў Наваградскім кня-стве, у Наваградку, Слуцку або на Піншчыне, скажам, "в Пин(ь)ску". І таму згаданы летапіс можа ўтрымваць праў-дзівыя звесткі пра падзеі ў нашым краі. На жаль, мы вымушаныя карыстацца Галіцка-Валынскім летапісам.
Але час стварэння Га-ліцка-Валынскага летапісу, а дакладней, гэтага, вядомага цяпер, спісу (копіі) - іншы. Як згадвалася, копія была зроб-лена каля 1425 года ці ў ся-рэдзіне XV стагоддзя, а зна-чыць, праз паўтараста ці амаль дзвесце гадоў пасля смерці Мяндоўга. Вядома, за такі час шмат што магло забыцца. Маг-ло змяніцца стаўленне да пэў-ных асобаў і падзеяў.
А яшчэ трэба ўлічваць рэдактарскія скарачэнні ды праўкі. Апроч недакладнасцяў, у спісах маглі быць і свядомыя змяненні, падробкі, устаўкі. Акадэмік А.С. Арлоў, які даследаваў паходжанне і змест згаданага твора (Галіцка-Ва-лынскага летапісу), заўважыў, "што і над другой часткай летапісу ( а гэта падзеі 1262 - 1291 гадоў - З.С. ) працаваў галіцка-валынскі рэдактар" (Орлов А.С. О Галицко-Во-лынском летописании. // Тру-ды ОДРЛ. Т. V. М., Л-д, 1947. С. 31) . Больш таго, А.С. Арлоў зрабіў выснову: «Было два галіцка-валынскія рэдакта-ры…» (Тамсама. С. 32). Іх пяру можна прыпісаць, скажам, «палямічныя ўрыўкі супраць лацінянаў» (Тамсама. С. 33) . Нам яшчэ давядзецца ўбачыць, што маглі рэдактары навыдум-ляць пра непрыяцеля валынцаў - Мяндоўга, для якога, як напісала Канстанцыя Скірмунт, "летапісец знайшоў толькі чорныя фарбы", тым больш, што ён ахрысціўся паводле лацінскага абраду.
Зрэшты, Мяндоўг, як і шмат якія валадары таго часу, быў жорсткім князем. Валын-цы, прынамсі, памяталі, як то напісана ў Хроніцы Літоўскай і Жмойтскай, "окрутенство… Мендога, которое чинил над землями рускими, же неслу-шне оторвал замков руских килкось собе" (ПСРЛ. Т. 32. С.30).
З пададзеных сцвер-джанняў вядомых даследнікаў вынікае, што не ўсякаму паве-дамленню Галіцка-Валынскага летапісу варта давяраць. Перш таму, што стаўленне кожнага летапісца, рэдактара да пэўнай гістарычнай асобы адпавядае, як згадвалася, стаўленню да яе "мясцовага князя". І мы, відаць, не памылімся, калі скажам, што на змест Галіцка-Валынскага летапісу паўплывала думка Данілы Галіцкага.
Пра верагодныя дадат-кі другога рэдактара можна меркаваць з некаторых адмет-насцяў двух згаданых спісаў (копіяў) Іпацеўскага зводу. Да такіх адвольных уставак можна залічыць, прыкладам, дату першага згадвання Мяндоўга - 1215 год.
Увогуле, гадавую сет-ку Галіцка-Валынскага летапі-су - 1201-1292 гг. - навукоў-цы прызнаюць недакладнаю (ПСРЛ. Т.II. - С.V). Д. С. Ліхачоў падае, што "Звычайная летапісная сетка гадоў у Хлеб-нікаўскім спісе адсутнічае з 1201 года зусім. Складальнік жа Іпацеўскага спісу расставіў гады, але няўдала - часам з памылкамі да 4 гадоў" (ПВЛ. Ч. ІІ. С. 160) . Падобнае сцвя-рджае і А.А.Шахматаў: "… Складальнік зводу,.. што на-зываецца Іпацеўскім летапісам, не ўзяў сабе клопату размяс-ціць матэрыял Галіцка-Валын-скага… па гадах: гады, што ёсць у Іпацеўскім спісе, з'яві-ліся пазней…" (Тамсама) . Такія меркаванні вядомых даследнікаў даюць падставу сумнявацца пра дакладнасць згаданай даты ды падазраваць, што іншыя звесткі, пазнейшыя ўстаўкі ды пераробкі пер-шасных тэкстаў летапісаў так-сама маглі "з'явіцца пазней".
* Уладзімір, полацкі князь, якога Генрых Латвійскі называе magnus rex Woldemaro de Ploceke (вялікі кароль Уладзімір Полацкі), княжыў, паводле Хронікі Лівоніі, з 1186 па 1216 гг. Менавіта ў яго прасіў дазволу прапаведаваць лівам Хрыстову навуку Мейнард, святар ордэна аўгусцінцаў. Г. Лаўмяньскі не канкрэтызуе, хто такі быў Уладзімір. А рыжскі даследнік XIX ст. А. фон Рыхтар, згадваючы пра Васільку, сына сасланага ў Візантыю Давіда Полацкага, мяркуе, што "Уладзімір, сын Васількі, быў, мабыць, тым Уладзімірам, які паводле словаў Генрыха Латвійскага правіў Полацкам напачатку XIII ст. і пры якім Vetseka (Вячка) быў князем у Кукенойсе, а Vissewalde (Усевалад) - у Герсіке." (А.фон Рихтер. Прибалтийский край и его население до прибытия немцев.// Сборник материалов и статей по истории Прибалтийского края. Т.I. Рига, 1876. С. 16.)
(Працяг у наступным нумары.)
Здзіслаў Сіцька
Бітва на Сініх Водах 1362 г.
і роля Альгерда ў вызваленні Украіны ад татарскай няволі
У гэтым годзе восенню адзначаецца 645 гадоў з часу бітвы на Сіні Водах, у якой беларускія войскі разграмілі войскі татарскіх ханаў, вызвалілі тагачасныя ўкраінскія землі ад татарскай няволі і далучылі іх да Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Гэтая гістарычная падзея недастаткова вядомая і часам толькі згадваецца ў падручніках адным радком. Пра яе няшмат пішуць і гісторыкі зза недастатковасці гістарычных крыніц - летапісаў і хронік тым больш, што запісы ХІУ стагоддзя не захаваліся. Мы маем звесткі з ХУІ ст., якія перадаваліся ў летапісах амаль аднолькава: карацей, перапісваліся з аднаго летапісу ў другі, часам з дадаткам звестак (без іх дастатковай верагоднасці).
Даследчыкі звярнулі ўвагу на гэтую бітву яшчэ ў ХІХ ст., перш за ўсё украінскія гісторыкі У.Б. Антановіч і М.С. Грушэўскі, дарэчы, вялікі украінскі гісторык М.С. Грушэўскі крытычна падышоў да разгляду тэкстаў летапісаў і хронік, але не сумняваўся ў самой бітве і яе выніках для гісторыі украінскага народа. У канцы ХХ ст. гэтую праблему ў сваёй манаграфіі разглядаў кіеўскі гісторык Ф.М. Шабульдо (дарэчы беларускага паходжання). У Беларусі пра бітву каля Сініх Вод пісалі М.І. Ермаловіч, В.К. Чаропка і Г.М. Сагановіч. Апісвае бітву ў сваім рамане "Альгердава дзіда" і наша выдатная і абазнаная ў гісторыі Беларусі пісьменніца Вольга Іпатава.
З тымі падзеямі, якія змянілі лёс тагачасных украінскіх зямель і пашырылі тэрыторыю БеларускаЛітоўскай дзяржавы (Вялікага Княства Літоўскага і Рускага) цесна звязана імя вялікага князя Альгерда, пад началам якога была атрымана перамога над войскамі татарскіх ханаў.
Князь Альгерд (каля 1206-24 траўня 1377 г.) быў сынам заснавальніка новай дынастыі ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім Гедыміна. Ад 1345 г. Альгерд быў Вялікім князем, інакш кажучы гаспадаром, да канца сваіх дзён. Менавіта Альгерд далучыў да Беларуска-Літоўскага гаспадарства ўсходнія беларускія землі і падпарадкаваў дзяржаве вялікую тэрыторыю на ўсходзе.
Пасля прыходу да ўлады Альгерда зза складанай палітычнай сітуацыі Вялікага Княства Літоўскага, якое вяло няспынную барацьбу з крыжакамі Тэўтонскага ордэна, вышэйшая ўлада ў дзяржаве была падзелена паміж Альгердам і яго братам Кейстутам. Вялікім князем літоўскім і рускім стаўся Альгерд, захаваўшы ў сваіх руках Вільню і большую частку беларускіх зямель на ўсходзе. А Кейстут атрымаў частку заходніх балцкіх зямель з цэнтрам у Троках і некаторыя заходнебеларускія землі, а таксама асобныя воласці на ўсходзе (палову Бабруйскай воласці). Пры гэтым Кейстут падпарадкоўваўся Альгерду як Вялікаму князю. Такое фактычнае двоеўладдзе дазволіла Кейстуту сканцэнтравацца на барацьбе супраць націску крыжакоў, а Альгерду са сваімі сіламі праводзіць актыўную палітыку на ўсходнім і паўднёвым кірунку, вызваляючы рускія княствы зпад татарскай няволі і выступаючы непасрэдна супраць Залатой Арды. Але пры неабходнасці і Альгерд ваяваў на захадзе супраць крыжакоў.
Такім чынам, Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на палітычнае і культурна-этнічнае аб'яднанне беларускіх і ўсходнеславянскіх зямель у адной дзяржаве пад эгідай Вільні.
Менавіта Вялікае княства Літоўскае сталася ў часы Альгерда збіральнікам усходнеславянскіх земляў. Да 80-х гадоў ХІУ ст. скончыўся працэс уключэння асноўных беларускіх земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1358 г. была далучана Мсціслаўская зямля, тады ж - і Бранскае княства; у 60-70-х гг. - Чарнігава-Северскія землі. Далучэнне беларускіх і іншых земляў праводзілася на аснове пагадненняў з мясцовымі феадаламі і пры захаванні тагачасных прывілеяў на самакіраванне кожнай зямлі (або княства) паводле прынцыпа, што захаваўся ў вялікакняскіх граматах: "Мы старыны не рухаем, а навіны не ўводзім". Пры гэтым Літоўская Пагоня была агульнадзяржаўным гербам, як і родавым гербам Альгерда і яго нашчадкаў.
На працягу ХІУ ст. Вільня, сталіца Беларуска-Літоўскай дзяржавы, была цэнтрам аб'яднання ўсіх усходнеславянскіх зямель і вызвалення іх з-пад татарскай няволі, супернікам у гэтым аб'яднанні станавілася Маскоўскае вялікае княства, само падпарадкаванае Залатой Ардзе.
У ХІУ ст. ішла палітычная барацьба паміж імі за прамежкавыя землі - Кіеў, Цвер, Ноўгарад, Пскоў. У другой палове ХІУ ст. пачынаецца вайсковае супрацьстаянне Вільні і Масквы за землі Русі. Ноўгарад Вялікі, Пскоў і Цвярское вялікае княства шукалі падтрымкі супраць Масквы ў вялікіх князёў літоўскіх не толькі ў ХІУ, але і ў ХУ стагоддзі.
Да таго часу адносяцца тры паходы Альгерда на Маскву. У 1368 г. ён заключыў саюз з цвярскім вялікім князем Міхаілам Аляксандравічам і двойчы (1368 і 1370 гг.) падыходзіў да Маскоўскага Крамля (сам невялікі тады горад быў узяты). Толькі каменныя муры Крамля, пабудаваныя ў 1367 г., выратавалі маскоўскага вялікага князя Дзмітрыя Іванавіча. У Хроніцы Быхаўца пра гэта гаворыцца "І на самы Вялікдзень раніцаю рана князь вялікі (Дзмітрый Іванавіч - А.Г .) з баярамі і князямі ішоў з ютрані ад царквы, а князь вялікі Альгерд з усімі сваімі сіламі, распусціўшы сцягі свае, паказаўся на Паклоннай гары.
І пабачыўшы гэта, вялікі князь Маскоўскі моцна спужаўся і жахнуўся, убачыўшы вялікага князя Альгерда з ягонаю вялікаю сілаю, які прыйшоў да яго такім магутным. І, не маючы сілаў даць яму адпор, паслаў да яго паслоў, просячы яго аб міры і абяцаючы даць яму вялікія падарункі, просячы яго, каб яго з вотчыны яго Масквы не выгнаў. І князь вялікі Альгерд злітаваўся... і з Масквы князя Дзмітрыя Іванавіча не выганяў, і мір з ім заключыў".
Перад ад'ездам Альгерд, "на каня сеўшы, дзіду ўзяўшы ў рукі і прыехаўшы да горада (Крамля А.Г. ), дзіду тую да мура прысланіў і, едучы назад, сказаў голасна: "Княжа вялікі Маскоўскі! Памятай пра тое. што дзіда літоўская стаяла пад Масквой" гэтыя падзеі апісаны ў рамане Вольгі Іпатавай "Альгердава дзіда".
У 1372 г., пасля новага паходу Альгерда на Маскву, каля Любуцка быў заключаны канчатковы мір з маскоўскім вялікім князем. Хоць Маскву ўзяць не ўдалося, аднак тэрыторыі на поўдзень ад Масквы былі далучаны да Беларуска-Літоўскай дзяржавы.
Альгерд з маладосці знаходзіўся ў асяроддзі беларускай і ўвогуле ўсходнесла-вянскай культуры і беларускай мовы. Яшчэ ў 1318 г. ён ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай, дачкой апошняга віцебскага князя, і пасля смерці цесця ў 1320 г. стаўся і віцебскім князем (да таго быў толькі крэўскім князем). Пры падзеле тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага з Кейстутам Альгерду дасталася ўсходняя частка дзяржавы з Вільняй. Альгерд у сваёй палітыцы абапіраўся пераважна на беларускіх баяраў.
Пасля смерці першай жонкі ён у 1350 г. уступіў у шлюб з цвярской князёўнаю Ульянай Аляксандраўнай, што замацавала яго сувязі з рускімі княствамі. У выніку актыўнай усходняй палітыкі тэрыторыя Вялікага Княста Літоўскага павялічылася больш чым у два разы, а беларускія землі занялі цэнтральнае месца ў дзяржаве. Гэта забяспечыла рост іх эканомікі, развіццё культуры, умацаванне ў дзяржаве афіцыйнай беларускай мовы, пашырэнне ўплыву праваслаўнай царквы. Дзеці Альгерда - Альгердавічы (а ўсяго іх было ў яго 12 сыноў і 9 дачок ад двух шлюбаў) - былі праваслаўнымі. Толькі некаторыя з іх пасля Крэўскай уніі 1385 г. прынялі каталіцтва.
Цікавы факт. Старэйшыя Альгердавічы, ад першага шлюбу Альгерда (5 сыноў і 3 дачкі) мелі выключна праваслаўныя імёны. Дзеці яго ад другога шлюбу таксама былі праваслаўнымі, але, маючы праваслаўныя імёны, па волі бацькі, насілі літоўскія імёны язычніцкіх часоў. Альгерд гэта зрабіў з палітычных прычын. Старэйшыя сыны вызначаліся на ўдзелы ў беларускіх і нават рускіх землях. А малодшыя павінны былі атрымаць удзелы ў заходняй частцы дзяржавы, у землях, тады пераважна населеных літоўцамі. Так меркавалася захаваць дзяржаву ў руках адной дынастыі.
Але, паколькі ўсе дзеці выхоўваліся ў праваслаўі і карысталіся ў сваім асяроддзі беларускай мовай, то нават тыя, хто былі прызначаныя панаваць у літоўскіх удзелах, не ўсе ведалі добра літоўскую мову (або ведалі дрэнна).
Вядома (украінскі гісторык ХІХ -пачатку ХХ ст. А. Петрушэвіч, польскі гісторык ХІХст. Т. Чацкі), што сын Альгерда да другога шлюбу Ягайла (Якаў у хрышчэнні), у будучым Вялікі князь, разумеў літоўскую мову, але гаварыў па-беларуску. Нават у першыя гады свайго панаван-ня, як кароль Польшчы, ён размаўляў з вяльможамі ў Кракаве па-беларуску.
Альгерд прыдаваў вялікае значэнне ролі прваслаўнай царквы ў Беларуска-Лі-тоўскай дзяржаве, захаваўшы за ёю даўнія прывілеі, яшчэ з часоў Полацкага княства. Ён намагаўся аднавіць у дзяржаве асобную ад мітрапаліта Маскоўскага праваслаўную мітраполію (якая ўжо існавала ў Вялікім Княстве Літоўскім з 1317 да 1330 г.). Пасля намаганняў Альгерда канстанцінопальскі патрыярх Каліст у 1354 г. аднавіў Літоўскую праваслаўную мітраполію, асобную ад Маскоўскай і падпарадкаваную канстанцінопальскаму патрыярху ў Візантыі. Аднак асобная мітраполія праіснавала толькі да 1362 г.
Ці быў сам Альгерд праваслаўным? Літоўскія гісторыкі сцвярджаюць, што ён заставаўся язычнікам (паганцам). Ёсць апісанне польскага храніста Яна Длугаша пра пахаванне Альгерда паводле язычніцкага абраду целаспальвання нябожчыка ля Замкавай гары ў Вільні. Аднак адкуль узяў гэтыя звесткі кракаўскі канонік Ян Дугаш, невядома. Напісана яго хроніка ўжо пасля хрышчэння літоўцаўязычнікаў у Аўкштайціі (усходняй частцы Літвы) паводле каталіцкага абраду, пачынаючы з 1387 г. Таму храністу важна было падкрэсліць вырашальную ролю каталіцкага касцёлу ў хрысціянізацыі язычнікаў, не зважаючы на тое, што значная частка прадстаўнікоў пануючай дынастыі і некаторыя літоўскія паны і князі ўжо былі да таго акрышчаны, але па праваслаўнаму абраду.
Сам Альгерд у беларускіх летапісах называецца праваслаўным. Так, у Хроніцы Быхаўца пра гэта гаворыцца: "І тады князь Альгерд узяў сабе ў жонкі князёўну Улляну.. з- за якой князь Альгерд акрысціўся ў рускую веру, а паны літоўскія ўсе заставаліся язычнікамі". Паводле вядомага расійскага гісторыка ХІХ ст. С.М. Салаўёва, які абапіраўся на звесткі рускіх летапісаў, перад смерцю Альгерд у 1377 годзе пастрыгся ў манахі, узяўшы манаскае імя Аляксей замест свайго імя па праваслаўнаму хрышчэнню Аляксандр. Гэтыя факты цалкам супадаюць з асноўнай канцэпцыяй усходняй палітыкі Альгерда па аб'яднанні ўсіх усходнеславянскіх зямель і вызваленні іх насельніцтва з-пад прыгнёту Залатой Арды.
Наступ на поўдзень і далучэнне да БеларускаЛітоўскай дзяржавы тагачасных украінскіх зямель (цяперашняя паўночная частка Ўкраіны) дазваляла Альгерду значна пашырыць кантроль над вялікай тэрыторыяй Дзікага Стэпу (дзе насельніцтва не было) аж да самых паўночных берагоў Чорнага мора. Паколькі на пачатку 60-х гадоў ХІУ ст. палепшыліся адносіны з Польшчай, якая аспрэчвала ў БеларускаЛітоўскай дзяржавы Заходнюю Валынь, то можна было сабраць значныя сілы з Беларусі, каб пайсці паходам супраць некалькіх ханаў з Залатой Арды, якія падпарадкавалі Падолле.
Аднак напружаныя адносіны з Тэўтонскім ордэнам перашкаджалі сабраць для паходу ў стэп усе сілы дзяржавы. Як раз у 1362 г. крыжакі, маючы ўжо пад сваёй уладай Жамойцію, нават захапілі Коўню. Таму Кейстут са сваіммі войскамі стрымліваў крыжацкі наступ і ў паходзе не ўдзельнічаў.
Як ужо згадвалася, гістарычных крыніц пра бітву каля Сініх Водаў захавалася мала. І яны часта няясныя (звесткі ў большасці складзены ў ХУІ ст.). Доўгі час зза гэтай цмянасці запісаў у летапісах нават год гэтай бітвы аспрэчваўся. І месца самой бітвы дагэтуль аспрэчваецца гісторыкамі і археолагамі. Адно месца бітвы 1362 г. указваецца, паводле распаўсюджанай версіі сярод гісторыкаў, на рацэ Сінюха (Сініца), левым прытоку Паўднёвага Буга, даўжынёю 111 кіламетраў (а разам з прытокам Гнілым Цікічам 241 кіламетр). Гэтая рака працякае па тэрыторыі Чаркаскай, Кіраваградскай і Мікалаеўскай абласцей Украіны і ўпадае ў Пауднёвы Буг ля цяперашняга горада Першамайска Мікалаеўскай вобласці. Звычайна гісторыкі называлі раку Сінюху, а месца бітвы лакалізавалі на захадзе цяперашняй Кіраваградскай вобласці каля мястэчка Таргавіца (на ўсход ад Умані), якое больш вядомае як памежнае ў 1792 г. мястэчка на расійскапольскай мяжы і дзе пасля пераходу мяжы расійскімі войскамі ў 1792 г. была створана па папярэдняй дамоўленасці Кацярыны ІІ з магнатамі здраднікамі Таргавіцкая канфедэрацыя супраціўнікаў прагрэсіўных рэформ у Рэчы Паспалітай. Гэтага месца лакалізацыі бітвы прытрымліваецца і вядомы кіеўскі гісторык Ф. М. Шабульдо, які даследаваў гэтыя падзеі.
У апошнія гады вылучана яшчэ адна версія лакалізацыі месца бітвы. Мясцовыя гісторыкі і краязнаўцы, пераважна з Вінніцкай вобласці, а таксама некаторыя іншыя украінскія гісторыкі, прапануюць сваю версію, называючы месца бітвы ля ракі Сьнівада, таксама левага прытоку Паўднёвага Буга, але на поўнач ад звычайнага месца лакамізацыі, паблізу ад Нямірава ў цяперашняй Вінніцкай вобласці. Снівада (або Сіняя Вада) працягласці 58 кіламетраў. Дарэчы, адзін з першых даследчыкаў гэтай праблемы, вядомы украінскі гісторык М.С. Грушэўскі ў пачатку ХХ ст. дапускаў вызначэнне месцы бітвы ля ракі Сіняй Вады ХУІ ст. (а цяперашняй Снівады). Лакалізацыя месца бітвы каля ракі Снівады тлумачыцца і блізкасцю гэтага месца да населеных пунктаў, а не ў нязручным месцы ў далёкім стэпе, удалечыні ад, так бы мовіць, тылавых баз войска Альгерда.
Пытанне аб месцы лакалізацыі бітвы канчаткова да гэтага часу нявырашанае. Хаця апошняя версія мае пэўныя доказы.
Першымі, хто даследаваў пытанне пра бдітву, былі украінскія гісторыкі У.Б. Антановіч і М.С. Грушэўскі. У канцы ХХ ст. гісторыяй бітвы і яе наступстваў займаўся Ф.М. Шабульдо. У апошні час бітва 1362 г. прыцягвае ўсё больш увагі мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў. Цяжкасцю ў вывучэнні тагачасных падзей з'яўляецца абмежаванасць пісьмовых крыніц і нявывучанасць археалагічнага матэрыялу.
Трэба назваць асноўныя дакументальныя крыніцы. Гэта беларускія летапісы і перш за ўсё Летапіс вялікіх князёў літоўскіх, Хроніка Быхаўца і Хроніка Літоўская і Жамойцкая. У гэтых летапісе і хроніках прыводзяцца асноўныя звесткі пра бітву. Згадкі пра бітву ля Сіняй Вады ёсць і ў Супрасльскім і Слуцкім летапісах. Упамінанні пра гэтую бітву ёсць і ў рускіх летапісах (Рагожскі, Ніканаўскі ХУІ ст.). апошнім з летапісаў, ужо ў ХУІІ ст., з'явіўся Густынскі, дзе таксама ёсць звесткі пра бітву. Часта адны складальнікі летапісаў і хронік пераносілі гістарычныя звесткі з папярэдніх летапісаў. Такім чынам, мы сустракаемся са звычайнай для таго часу кампіляцыяй. Да таго часам уносіліся ў тэкст звесткі, так бы мовіць "заднім чыслом", з палітычных пазіцый аўтара ці па замове.
Больш поўна апісаў бітву каля Сініх Вод у сваёй хроніцы М. Стрыйкоўскі. Але мы не ведаем, на якія крыніцы ён абапіраўся. У М. Стрыйкоўскага звесткі ўзяў яго начальнік па вайсковай службе А. Гваньіні (і быў абвінавачаны ў плагіаце ў судзе М. Стрыйкоўскім).
Такі аўтарытэтны украінскі гісторык, як М.С. Грушэўскі, паставіўся да летапісных звестак з вялікай дозай сумнення. Ён жа прааналізаваў з навуковага погляду летапісныя звесткі пра падзеі 1362 г. праўда. М.С. Грушэўскі не назваў месца бітвы, што дае магчымасць сучасным гісторыкам прапаноўваць свае версіі. М. Грушэўскі ўказаў на некаторыя факты, якія прывёў М. Стрыйкоўскі, як на малаверагодныя. І ўсё ж у пачатку ХХ ст. М. С. Грушэўскі, як раней і В. Б. Антановіч, дапускаў вызначэнне месца бітвы ля Сіняй Вады ХУІ ст. (а цяперашняй Снівады). Такой жа пазіцыі прытрымліваўся і І.П. Крып'якевіч.
Паход Альгерда на Падолле 1362 г. быў вызначаны агульнай палітыкай БеларускаЛітоўскай дзяржавы ў пашырэнні тэрыторыі на ўсходзе і на поўдні і вызваленні зпад татарскай няволі ўсходнеславянскіх зямель. Але была і яшчэ адна важная прычына для паходу на поўдзень: усталяванне сваёй, Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, падпарадкаванай непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху, з цэнтрам у старадаўнім Кіеве. Бо і маскоўскі мітрапаліт меў пакуль тытул "мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі". А Альгерду патрэбны быў свой мітрапаліт з такім тытулам "усяе Русі", што давала ідеалагічныя перавагі ў падпарадкаванні яму рускіх княстваў.
Палітычная сітуацыя, якая склалася ў Залатой Ардзе ў 50-60 -х гадах ХІУ ст., была спрыяльнай для Альгерда. У Залатой Ардзе пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці і разам барацьба за ханскі пасад. Улада ханаў пахіснулася. Прэтэндэнтаў на ханскі пасад была процьма (яны былі абавязкова са шматлікіх нашчадкаў Чынгісхана. А дакладней яго ўнука Бату-хана). Прэтэндэнты аспрэчвалі ўладу адзін у аднаго. З 1357 г. увогуле пачаўся перыяд анархіі. У сталіцы Арды Сараі ханы мяняліся з вялікай хуткасцю. У 1362 г. барацьба паміж ханамі ўзмацнілася. Быў самы час ісці ў паход.
На поўдні цяперашняй Украіны, у неабсяжным стэпе (Дзікі стэп, або Дзікае поле, як тады яго называлі) і ў Крыме качавалі тры татарскія арды - рымская, Перакопская і Джамбулацкая, якія кантралявалі тэрыторыі на поўнач ад Чорнага мора, а ў сярэдзіне ХІУ ст. яшчэ і Падолле, з насельніцтва якога збіралі даніну. У Кіеве ў гэты час княжыў князь Фёдар, васал Залатой Арды. Такім чынам, перамога над татарамі на Украіне вызваляла насельніцтва не толькі Падолля, але і Кіеўскага княства, умацоўвала пазіцыі БеларускаЛітоўскай дзяржавы ў гэтым рэгіёне і давала магчымасць устанавіць сталыя сувязі з Візантыйскай імперыяй і ўсталяваць праваслаўную мітраполію ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Спрэчным да гэтага часу з'яўляецца пытанне, калі быў вызвалены Кіеў і Кіеўскае княства ад улады татарскага васала, князя Фёдара і, значыць, ад падпарадкавання Залатой Ардзе - ці да перамогі над Сінімі Водамі, ці пасля яе? Ад гэтага залежыць вырашэнне пытання і пра маршрут войска Альгерда да месца бітвы.
М. С. Грушэўскі згадвае, што паводле летапісаў далучэнне Кіева да Вялікага Княства Літоўскага ні з датай, ні з вынікамі бітвы 1362 г. не звязаны, а тэкст у летапісе зроблены кампілятарамі ўжо ў ХУІІ ст. у Густынскім летапісе.
Да прыхільнікаў версіі пра шляхі паходу ў стэп праз Кіеў (а, значыць, і заняцце Кіева перад бітвай 1362 г.) адносяцца украінскія гісторыкі Ф.М. Шабульдо, Н.М. Якавенка, польскі гісторык Г. Лаўмяньскі, беларускія гісторыкі В. Чаропка і Г. Сагановіч.
Мікола Ермаловіч жа лічыць, што Кіеў быў заняты Альгердам пасля бітвы каля Сініх Вод. Такой жа пазіцыі прытрымліваюцца гісторыкі і краязнаўцы з Вінніцкай вобласці. Таму прыхільнікі гэтай версіі называюць маршрут паходу Альгерда з поўначы на мяжу Падоліі, мінуючы Кіеў, з Беларусі праз Валынь. Тады цяжка патлумачыць упамінанне гісторыкамі ў войсках Альгерда таксама атрадаў з Кіеўскага і Чарнігаўскага княстваў.
Адказ на маршрут паходу даюць "Хроніка Літоўская і Жамойцкая" і "Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі" М. Стрыйкоўскага. У тэксце гэтых хронік прама ўказана на шлях войска Альгерда да месца бітвы: па Дняпры, "мінуўшы Канеў і Чаркасы", куды можна было дабрацца праз Кіеў, які, такім чынам, быў заняты раней, чым адбылася бітва каля Сініх Вод, для якой былі патрэбныя і мясцовыя вайсковыя атрады.
Пра колькасць воінаў, якія ўдзельнічалі ў бітве, можна толькі здагадвацца, бо ў гістарычных крыніцах звестак пра гэта няма. толькі В. Чаропка называе прыкладную лічбу воінаў у беларускім войску ў 15-20 тысяч чалавек. Аднак гэтая лічба выклікае сумненні, бо частка вайсковых сіл Вялікага Княства Літоўскага змагалася супраць Тэўтонскага ордэна, частка была на мяжы з Польшчай на Валыні, ды і ў замках і гарадах стаялі залогі. Насельніцтва краіны ў ХІУ ст. было значна меншым, чым у ХУІ ст., калі ў бітве пад Оршай пры мабілізацыі баяраў шляхты (паспалітае рушэнне) з усёй дзяржавы было сабрана толькі 30 тысяч чалавек ды яшчэ 5 тысяч было ў рэзерве. У бітве пад Грунвальдам у 1410 г. у войску Вітаўта было 10-12 тысяч коннікаў.
Дакладная дата бітвы таксама невядомая. Але гісторыкі пагаджаюцца, што бітва ля Сініх Вод адбылася на пачатку восені 1362 г., калі прыродныя ўмовы ва Украіне і ў стэпе дазвалялі лепш праводзіць бітву, чым у летнюю спякоту ці ў халодную восень. Ды і з харчаваннем для войска і кормам для коней было лепей у гэтую пару.
Татарскае войска ўзначальвалі ханы трох татарскіх ордаў-Кутлубуг (Кутлубай), Хаджы-бей (Кіўібей Керэй) і Дзмітр Салтан (Дзімейтэр Салтан). Імя Дзімейтэр у летапісах перадавалася як Дзмітр. Хроніка Быхаўца называе іх братамі, якія былі "дзедзічамі Падольскай зямлі, прызначалі сваіх атаманаў на Падоллі". А ў Слуцкім летапісе гэтых ханаў называюць "отчычамі і дзедзічамі Падольскай зямлі".
Такім чынам, мясцовым татарскім ханам было што страчваць - поўны кантроль над Падольскай зямлёй і "даніну" з яе насельдніцтва.
Колькасць татарскага войска таксама гістарычныя крыніцы не падаюць. Але вядома, што ў татараў была пагалоўная мабілізацыя ў паход. Можна ўпэўнена казаць пра колькасную перавагу татарскага войска. Узбраенне гэтага коннага войска было звычайным шаблі і лукі са стрэламі.
Войска Альгерда так-сама было конным, з такой жа зброяй: шаблямі і лукамі са стрэламі, дзідамі. Аднак у беларускім войску, дасведчаным у бітвах з крыжакамі і ўзяцці ўмацаванняў і замкаў, былі і баявыя даспехі, і кушы - самастрэльныя машыны, якія кідалі ў шчыльныя шэрагі ворага каменні і металічныя балты.
На полі бою каля Сініх Водаў татарскае войска, якое прыйшло раней, было пастаўлена ў тры палкі (адпаведна тром ордам) на чале са сваімі "царыкамі" (як называлі часам у летапісах ханаў). Альгерд падзяліў свё войска на шэсць гуфаў (палкоў) на чале з князямі, яго сваякамі. Адным з палкоў камандаваў яго сын Уладзімір. Сваімі навагародскімі палкамі камандавалі князі Карыятавічы, пляменнікі Альгерда.
У "Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай", а таксама ў хроніцы М. Стрыйкоўскага коратка пададзены ход самой бітвы. У "хроніцы Літоўскай і Жамойцкай" гаворыцца пра паход да месца бітвы: "Альгерд... выправіўся супраць татараў у Палі Дзікія; цягнулі таксама з імі і чатыры яго сыноўцы Карыятавічы: Аляксандр, Канстанцін, Юры і Фёдар - Карыята, князя новагародскага сыны. А калі прыйшлі да Сіняй Вады, мінуўшы Канеў і Чаркасы, паказалася ім у полі вялікая арда, з трыма царыкамі, на тры абозы падзеленая, гэта значыць Катлубая, Кацібея Бекера і Дзмітра Салтана. То ўбачыўшы, Альгерд, што да вайны гатовыя татары, расставіў сваё войска на шэсць гуфаў, закрыўленных з бакоў і на чола рассадзіўшы, каб іх татары танцамі (наскокамі - А.Г. ) звычайнымі агарнуці і стрэламі шкодзіці не маглі. А потым з вялікай запальчывасцю татары град жалезны з лукаў на літву густа пусцілі, але ім стральбою не зашкодзілі, зза параднага расстаўлення і хуткага расступлення".
Адбіўшы гэты першы націска татараў, войскі Альгерда самі перайшлі ў наступ. Хроніка паведамляе: "Літва ж з руссю скочыла зараз з дзідамі і шаблямі, змагаючыся, наступ ім перапынілі і танцы памяшалі, іншыя ж з куш балтамі, а асабліва новагараджане з Карыятавічамі, і валілі іх з коней, наступаючы на іх з бакоў; ляцелі не інакш, як снапы ад гвалтоўнага ветру, татары разбураныя, а не могучы больш літвы на чале вытрымаць, пачалі мяшацца і ўцякаць па шырокіх палях. Там жа царыкоў іх трох: Кацябая, Кацібея, Бекера - забітага, ад мурзаў і ўланаў пабіта вельмі многа, трупаў жа татарскіх поўныя полі і рэкі былі, статкаў некалькі дзесяткаў, вярблюдаў, абозы іх, у каторых усю маёмасць звычайна сваю татары ... вазілі..."
У "Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі" М. Стрыйкоўскага апісанне бітвы падаецца ў тых жа словах з дадаткам некаторых дэталяў. Атаку войска Альгерда храніст апісаў так: "А літва з русінамі адразу з шаблямі ды дзідамі наскочылі на іх і ў рукапашным баі прарвалі пярэднія шэрагі ды змяшалі ім танцы паўколам, а іншыя, асабліва навагародцы з Карыятавічамі, з самастрэлаў са стрэламі наскочылі з бакоў і доўгімі дзідамі скідалі іх з сёдлаў, як вецер снапы ў навальніцу. Не могшы дольш вытрымаці лабавога націску літвы, татары пачалі мяшацца і перапужаныя ўцякаць у палі.
На пабоішчы засталіся забітыя тры іх царыкі. Кутлубах, Качыбей і султан Дзімейтэр, ды разам з імі шмат мурзаў і ўланаў".
Трэба дадаць, што мурзы - гэта татарская, так бы мовіць, арыстакратыя, а ўланы штосьці накшталт нашых баяраў-шляхты, г.зн. па сучаснаму камандзіры.
Пасля перамогі над татарамі ўлада вялікага князя Альгерда была поўнасцю ўста-ноўлена на Падоллі, у Кіеўскім, Чарнігаўскім і Ноўгарад-Северскім княствах, а падпарадкаванне жыхароў гэтых зямель Залатой Ардзе скончылася. Сын Альгерда Уладзімр атрымаў свой удзел - Кіеўскае княства, а князі Карыятавічы - Падолле, якое пачалі асвойваць, забудоўваць гарадамі-цвердзямі. Усталяванне ж Альгердам свайго мітрапаліта Рамана ў Кіеве не ўдалося, бо мітрапаліт Літоўскі Раман памёр у 1362 г., а канстанцінопальскі патрыярх Каліст І прызнаў Кіеўскім мітрапалітам Алексія, мітрапаліта Маскоўскага. А для Вялікага княства Літоўскага з Канстанцінопаля быў прызначаны новы мітрапліт Кіпрыян.
Перамога 1362 года на Сінімі Водамі змяніла становішча украінскіх зямель, якія сталі свабоднымі ад татарскай няволі, і на пэўны перыяд адсунула непасрэдную для іх пагрозу татарскіх нашэсцяў.
Толькі праз сто гадоў, у другой палове ХУ ст. пасля стварэння Крымскага Ханства гэтая пагроза пастаянных нападаў крымскіх татараў на украінскія, а часта на польскія і беларускія землі, ўзнавілася і яшчэ больш узмацнілася. На пачатку ХУІ ст. для Беларусі гэтая пагроза была ліквідавана пасля разгрому крымскіх татараў пад Клецкам у 1506 г.
Вынікам перамогі над Сінімі Водамі было засяленне Падолля і ўмацаванне яго бяспекі пабудовай цвердзяў, а з ХУ ст. і засяленне на паўднёвых рубяжах асвоенай тэрыторыі вайсковага насельніцтва - казакоў, якія баранілі памежжа, а з цягам часу і самі рабілі набегі на тэрыторыю татарскіх паселішчаў.
Перамога каля Сініх Вод з'яўляецца гістарычнай падзеяй, агульнай для гераічнай гісторыі, як беларускага, так і украінскага народаў.
Анатоль Грыцкевіч