№ 36 (824) 19 ВЕРАСНЯ 2007 г.
95 гадоў з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Максіма Танка
ТАНК Максім (сапр. Скурко Яўген Іванавіч; 17.9.1-912, в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Менскай вобл. - 7.8.1995), бел. паэт, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1968). Акад. АН Беларусі (1972). Герой Сац. Працы (1974). У 1916-21 з бацькамі-бежанцамі апынуўся ў Маскве. У 1922 сям'я вярнулася ў Пількаўшчыну. Вучыўся ў Вілейскай, Радашковіцкай, Віленскай бел. гімназіях. У 1932 за ўдзел у падп. камсамольскай рабоце арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму (праз месяц вызвалены). Працаваў інструктарам ЦК КСМЗБ (1932-33), вёў рэв. дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. Неаднойчы быў арыштаваны, прасядзеў у турмах каля 2 гадоў. Пасля ўз'яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) працаваў у сельскім к-це, у газ. «Віленская праўда», вілейскай абл. «Сялянскай газеце». У пач. Вял. Айч. вайны эвакуяваўся ў г. Саратаў, уступіў у нар. апалчэнне. Пасля накіраваны на Бранскі фронт, супрацоўнічаў у газ. «За Савецкую Беларусь», якую рэдагаваў М. Лынькоў. Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1948-67 гал. рэдакгар час. «Полымя». У 1967-90 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Свае першью вершы змясціў у 1931 у рукапісным час. «Пралом» пад псеўд. А. Граніт. Псеўданім Максім Танк з'явіўся 7.4.1932 у львоўскай газеце-аднадзёнцы «Беларускае жыццё». У канцы 1933 у турме пры падтрымцы палітвязняў выдаваў рукапісны час. «Краты» (выйшла 6 нумароў). 3 2-й пал. 1930-х г. на рабоце ў легальных выданнях, што выяўлялі ідэі антыфаш. Нар. фронту: газ. «Наша воля», «Беларускі летапіс», што выдаваў Р. Шырма, час. «Калоссе». На сродкі Шырмы і КПЗБ у Вільні выйшаў першы яго зб. «На этапах» (1936, канфіскаваны). Кнігі «Журавінавы цвет» і паэма «Нарач» (абедзве 1937) таксама канфіскаваны польскімі ўладамі. Ранняя ідэйна-паліт. сталасць, шырыня светапогляду абумовілі хуткае яго станаўленне як мастака слова. Лёс і духоўны свет зах.-бел. працоўных выяўлены ім у грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай і інтымнай лірыцы, гумарыст. і сатыр. вершах, баладах, песнях, казках, героіка-рамант. паэмах («Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет», «Сказ пра Вяля»). У час Вял. Айч. вайны ў яго творчасці пераважалі сатыр.-выкрывальныя і публіцыст.-пафасныя жанры. Заклікі змагацца супраць фашызму, нічога не шкадаваць дзеля перамогі, паэтызацыя вычыну воіна. услаўленне неўміручасці роднага краю, народа, культуры і мовы - асн. матывы яго ваен. лірыкі («Падымайся, Беларусь», «Не шкадуйце, хлопцы, пораху», «Родная мова»). У паэме «Янук Сяліба» (1943) імкнуўся паказаць героіку партыз. руху на Беларусі. Патрыят. творы ваен. гадоў склалі кн. «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (абедзве 1945). Гордасць народа-пераможцы, радасць працы, сум па цяжкіх стратах у зб-ках «Каб ведалі» (1948. Дзярж. прэмія СССР 1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1959). У пасляваен. творчасці паэт звярнуўся да гісторыі Беларусі, фальклорных сюжэтаў, славіў працу рабочых і хлебаробаў. Паглыбленне гуманіст. пачатку, узмацненне філасафічнасці ліры-кі, пашырэнне і ўдасканаленне сродкаў паэт. выяўлення сталі вядучымі стылёвымі дамінантамі творчасці Т. 1960- 1980-х г.: зб-кі «Мой хлеб надзённы» (1962, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я. Купалы 1966), «Хай будзе святло» (1972), «Нарачанскія сосны» (1972, Ленінская прэмія 1978), «Прайсці праз вернасць» (1979, Літ. прэмія імя А. Фадзеева 1980), «За маім сталом» (1984). Паэзія Танка ўласцівы інтэлектуалізм; шырокамаштабнасць, найноўшьм маст. формы і сродкі, багацце вобразнай, рытміка-меладычнай (верш сілабатанічны, танічны, дольнік, верлібр), страфічнай (тэрцэт. катрэн, санет і інш.) арганізацыі верша. 3 канца 1950-х г. у яго паэзіі адрадзіўся сатыр. жанр (зб. «Селядцы з вершамі», 1966). Сувязь з фальклорам выявілася ў вершах для дзяцей (зб-кі «Галінка і верабей», 1946; «Казкі лірніка». 1948; «Ехаў казачнік Бай», 1955; «Светлячок», 1970; «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні», 1979; «Лемантар», 1993). Выступаў і як празаік-дакументаліст (кніга-дзённік «Лісткі календара», 1970). Многія творы паэта пакладзены на музыку. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А. Пушкіна, А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, У.Маякоўскага, У. Бранеўскага і інш. Ганаровы грамадзянін г. Менск (1987), г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на (1992). Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1966-86).
Атрымана чарговая маральная перамога
Дзякуючы шматлікім подпісам грамадзян накіраваных у Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі Міністэрства адукацыі змяніла свае адносіны да выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі, і ў сваіх інструктыўнаметадычных лістах ад 12 (геаграфія) і 17 ліпеня (гісторыя) 2007 года надрукаваных у "Настаўніцкай газеце" паведаміла наступнае: (цытуем на мове арыгінала):
"В соответствии с Законами об образовании и языках в нашей стране гарантировано право выбора языка обучения и воспитания. Эта позиция закреплена также в новом Законе «Об общем среднем образовании», который принят 5 июля 2006 года. Определение статуса школ или классов по языку обучения осуществляется по решению местных исполнительных и распорядительных органов с учетом пожеланий учащихся или их законных представителей.
В 2006 году утверждены новые правила приема в высшие и средние специальные учебные заведения, в соответствии с которыми абитуриентам предоставляется право сдавать профильные испытания на белорусском или русском языке (по выбору). Это также касается истории и географии Беларуси. В этой связи учащимся предлагается определиться, на каком языке (русском или белорусском) будет изучаться история Беларуси.
В настоящее время история Беларуси в школах с белорусским языком обучения изучается только на белорусском языке. В школах с русским языком обучения этот предмет может изучаться на русском или белорусском языке . Решение принимается местными исполнительными и распорядительными органами с учетом пожеланий учащихся или их законных представителей.
Обеспечение общеобразовательных учреждений учебной литературой осуществляется в соответствии с заказами управлений образования облисполкомов и Комитета по образованию Мингорисполкома, в которых содержится информация .. о контингенте учащихся и учителей и языках обучения по всем общеобразовательным предметам, включая историю и географию Беларуси."
Тое ж самае датычыцца і геаграфіі:
Такім чынам бацькі і вучні старэйшых класаў рускамоўных школ могуць законным шляхам працягнуць навученне гісторыі і геаграфіі сваёй краіны на роднай беларускай мове.
Дарэчы, настаўнікі Гародні даўно ўжо гэтым займаюцца і дабіліся выдачы ім беларускамоўных падручнікаў па гісторыі Беларусі.
Такім чынам, цяпер справа за Вамі, дарагія сябры.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
100 гадоў з дня нараджэння Сяргея Дзяргая
ДЗЯРГАЙ Сяргей Сцяпанавіч (17. .9.1907, Менск - 25.12.1980), беларускі сав. паэт. Скончыў Менскую чыгуначную школу (1924) і агульнаадук. курсы (1927). Удзельнік камуніст. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. У 30-я г. працаваў карэктарам у газ. «Звязда», з 1951 заг. аддзела паэзіі ў час. «Полымя», у 1953-67 адказны сакратар, заг. аддзела л-ры ў час. «Вожык». Друкаваўся з 1938. Першы зб. «Вачыма будучыні» (1953). Аўтар кніг «Крэмень аб крэмень» (1958), «Чатыры стыхіі» (1962, Літ. прэмія імя Я. Купалы 1964), «Свята ў будзень» (1964). Любоў да роднага краю, да роднай зямлі, неаслабная ўвага да чалавека, клопат пра яго самаўдасканаленне, засяроджанасць на складаных праблемах часу, зварот да гераічнага подзвігу бел. народа ў Вял. Айч. вайне - характэрныя для яго паэзіі тэмы. Дз. горача цікавіўся гіст. мінулым свайго народа (паэмы «Напрадвесні», 1960, «Над спакоем крыніц», 1962), паказваў пераўтварэнне чалавекам зямлі («Песня пра Туркменскі канал», 1951), ствараў гіст. эпас («Пушкін на шашы Энтузіястаў», 1953). Выкарыстанне разнастайных сродкаў і форм паэт. творчасці, умелае валоданне фальклорна-песенным вершам, сучасным верлібрам, філас. напоўне-насць радка і верша, культура творчасці, асацыятыўнасць мыслення, руплівыя адносіны да роднай мовы зрабілі яго паэзію адметнаю ў бел. л-ры і паставілі яе ў адзін шэраг з нашымі класічнымі набыткамі. Гумарыстычныя творы Дз. сабраны ў зб. «Цешча» (1959), «Салата з дзядоўніку» (1967). На бел. мову пераклаў паэмы «Гражына» А. Міцкевіча, «Бацька зачумленых» Ю. Славацкага, «Дванаццаць» А. Блока, «На ўвесь голас» У. Маякоўскага, «Сінія гусары» М. Асеева, «Сын» П. Антакольскага, «1905 год» Б. Пастарнака, асобныя творы Э. Багрыцкага, У. Бранеўскага, В. Брусава. У. Лугаўскога, Я. Райніса, М. Рыльскага, К. Сіманава, П. Тычыны і інш.
Безвыніковая стратэгія
Але ёсць задача над усімі задачамі, - задача, ад нашага разумення якой і нашага стаўлення да яе залежыць наш лёс - лёс беларускага народа. Гэта задача выратавання нашай роднай беларускай мовы і развіцця нацыянальнай самасвядомасці народа, паколькі па-за гэтым - усё астатняе траціць сэнс і значэнне.
Ніл Гілевіч.
Адным з галоўных духоўных падмуркаў для стварэння поўнавартаснага цывілізаванага беларускамоўнага асяроддзя ў Беларусі, як і ва ўсіх народаў свету, з'яўляецца сістэма выхавання і навучання на этнічнай мове нацыі. Беларускаму этнасу Бог даў беларускую мову. Мова жыве і развіваецца разам з народам у гістарычным часе. Галоўная роля ў гэтым працэсе належыць вышэйшай школе - універсітэтам.
Апошняе дзесяцігоддзе кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, сярод іншых, ставіла адной з асноўных мэтаў сваёй дзейнасці - гэта стварэнне і адкрыццё нацыянальнага беларускамоўнага універсітэта. З вуснай старшыні ТБМ А. Трусава мы чулі аб тым, што ўжо падабраны кандыдатуры на пасаду рэктара, дэканаў факультэтаў, загадчыкаў кафедры і спіс беларускамоўных выкладчыкаў. Адным словам, як бы ўсё ёсць, і нічога няма. Напэўна ў справаздачных папках ТБМ ёсць штатны расклад універсітэта. Гэта работа патрэбная. Ведаць наяўны інтэлектуальны патэнцыял для інтэлектуальнай лёсавызначальнай дзейнасці неабходна. Ён ёсць гарантыя ў паспяховай рэалізацыі прадэклараванай ідэі.
Трэба адзначыць, што ў апошнія гады кіраўніцтва ТБМ не толькі дэкларавала, але і імкнулася шукаць практычныя захады па прыбліжэнні гістарычнай падзеі, калі ўпершыню ў Беларусі будзе створаны і будзе функцыянаваць нацыянальны беларускамоўны ўніверсітэт. Актывісты ТБМ сабралі больш за паўміліёна подпісаў з патрабаваннем да цяперашняга кіраўніцтва дзяржавы адкрыць такі ўніверсітэт. І папярэні старшыня ТБМ Генадзь Бураўкін перадаў падпісныя лісты міністру адукацы. На жаль, вядомы паэт вельмі малы тэрмін ўзначальваў ТБМ.
Пасля наступіла зацішша са стварэннем нацыяльнага ўніверсітэта. Час ад часу ўзнікалі больш грандыёзныя словапраекты, такія як адкрыццё універсітэта за мяжой, у сусветным павуцінні Інтэрнэт і іншыя. Перыядычна рабіліся заклікі працягваць збор подпісаў за адкрыццё нацыянальнага ўніверсітэта. А беларускамоўнага універсітэта пакуль няма.
Каб любая ідэя была паспяхова рэалізавана ў рэальны аб'ект, неабходна аб'ектыўнае існаванне яе запатрабаванасці. Ці запатрабаваны ў Беларусі нацыянальны, цалкам беларускамоўны ўніверсітэт? Пытанне рытарычнае. Так, запатрабаваны.
Агульнавядома, што для развязання больш менш значнай праблемы неабходна правесці грунтоўную работу па выбару стратэгіі. Успомнім, што 26 студзеня 2003 г. Рада ТБМ ухваліла для практычнай дзейнасці важны дакумент: "Стратэгія дзейнасці ГА "ТБМ імя Ф.Скарыны" па развіцці беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі". Там напісана, што ТБМ мае намер кіравацца гэтым дакументам "у сваёй дзейнасці на працягу 20 гадоў". Прабеглі ўжо амаль 5 год. Зазірнём у Стратэгію толькі з пазіцыі закранутай намі праблемы.
У раздзеле "вышэйшая адукацыя" і падраздзеле "спосабы дзеяння ТБМ" запісана наступнае :"У найбліжэйшы час дамагчыся адкрыцця беларускамоўных плыняў ва ўсіх ВНУ Беларусі". У Стратэгіі і ўспаміну няма аб адкрыцці Беларускага нацыянальнага універсітэта. Запрашаю сяброў Рады ТБМ і чытачоў да роздуму, чаму ліберальная кіраўніцтва ТБМ і дэмакратычных партый і рухаў у сваіх праграмных дакументах застаюцца глухімі да публічных выказванняўпрапаноў лідэраў інтэлектуальнай эліты Беларусі Ніла Глевіча, Алеся Петрашкевіча, Аляксандра Рашчынскага і іншых выбітных сейбітаў нашай духоўнасці і мужнасці.
Як бачым стратэгія ёсць і бачым, што там акрэслена адносна беларускамоўнай нацыянальнай ВНУ. А што робім практычна? Безвынікова дамагаемся адкрыцця новага ўніверсітэта. Гэта і стратэгія і тактыка кіраўніцтва ТБМ у апошнія гады.
Але ж стварыць паўнавартасны высокапрафесійны калектыў беларускамоўнага нацыянальнага ўніверсітэта можна двума адначасна альбо адным з двух наступных падыходаў: 1) адрыць новы універсітэт; 2) у існуым універсітэце паступова на працягу пяці год перавесці выхаваўчавучэбны і навуковы працэс на дзяржаўную беларускую мову.
Кіраўніцтва ТБМ абрала першы шлях. Пакуль ён не прывёў нас да жаданай мэты. Узнікае пытанне: чаму?
Памылка ў тым, што мы імкнемся вырашыць гэтую ўнікальную праблему без уліку фактычнай колькаснай насычанасці універсітэтамі краіны і таму ідзем у тупік.
Кіраўніцтва краіны, якое праводзіць беларускамоўны лінгваэтнацыт над беларусамі, досыць лагічна на лічбах пакажа, што па колькасці ўніверсітэтаў, студэнтаў на тысячу насельніцтва Беларусь займае не апошняе месца сярод развітых краін свету. І адкрыццё яшчэ аднаго новага універсітэта ў Беларусі амаль па ўсіх параметрах не мэтазгодна. У Беларусі функцыянуе 53 ВНУ, з іх 43 дзяржаўных (31 універсітэт, 7 акадэмій, 2 інстытуты і 3 вышэйшыя каледжы) і 10 прыватных. Падрыхтоўка вядзецца па 360 спецыяльнасцях.
У 2007 годзе міністэрства адукацыі Беларусі афіцыйна абвесціла аб скарачэнні набору ў ВНУ па шэрагу спецыяльнасцяў: на 15% - на прававыя спецыяльнасці, на 18% - на эканамічныя, на 25% - на некаторыя педагагічныя спецыяльнасці. У агуле прыём у ВНУ Мінадукацыі скароціцца на 700 бюджэтных месцаў, матывуючы гэта тым, што існуе перанасычанасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, а таксама праблемай працаўладкаваньня маладых спецыялістаў. Па гэтым пытанні неабходна весці дыскусію, але гэта асобная праблема.
На пытанне ў другім ракурсе, што мы хочам адкрыць "нацыянальны універсітэт", таксама ёсць фарысейскі адказ - у нас усе універсітэты нацыянальныя і нават ёсць універсітэт, які афіцыйна названы "нацыянальны" - гэта "Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт". Заўважым, на сёння гэта адзіны універсітэт у афіцыйнай назве якога ёсць слова "нацыянальны". Да ведама высокага чынавенства і чытачоў паведамляю, што ў БНТУ пабеларуску на сёння выкладаюць аж чатыры выкладчыкі. Вось іх прозвішчы для сучаснікаў і нашых нашчадкаў: дацэнт Сухая (матэматыка), дацэнт М. Анцыповіч (філасофія), Мархвіда (геадэзія) і М. Бабко (энергетычны факультэт). Дыскусія з чынавенствам вакол святога, ключавога слова "нацыянальны" не мае сэнсу таму, што дыяметральна супрацьлеглы сэнс у яго укладваюць бакі.
Выснова:
Якой дарогай ісці да акрэсленай мэты? Адказ не адназначны. На маю думку, найбольш прымальным з'яўляецца афіцыйнае прыняццё ТБМ новай канцэпцыі - мы змагаемся за афіцыйны перавод (на першых парах хаця б аднаго) існага універсітэта ў статус нацыяльнага, у якім навучальнавыхаваўчы і навуковы працэсы праводзяцца на беларускай мове. Пры гэтым трэба зыходзіць з таго, што міністэрства адукацыі, як праваднік і рэалізатар палітыкі прэзідэнта, баючыся праяўлення нацыянальнай свядомасці, не будзе спрыяць практычнай рэалізацыі нашых мэтаў. У нацыянальнай свядомасці сённяшняе высокае кіраўніцтва краінай бачаць адну з галоўнейшых сваіх небяспек.
Які універсітэт прапанаваць для стварэння падмурка ў пабудове ў бліжэйшы час нацыянальнай беларускамоўнай вышэйшай адукацыі ў Беларусі? Бачацца два: БДУ і БДПУ ім. М.Танка.
Выбар БДУ у якасці стартавай пляцоўкі для беларусізацыі вышэйшай школы прывабны сваімі багатымі гістарычнымі і навуковымі традыцыямі, а таксама шырокім дыяпазонам вучэбнанавуковых кірункаў. Выпускнікі ДБУ рассяваюцца калі не ва ўсіх сферах жыццядзейнасці Беларусі, то ў большасці. Праз пяцьшэсць год Мацірадзіма прыме выпускнікоўапосталаў, якія панясуць евангелю адраджэння беларусаў ва ўсе сферы жыццядзейнасці. Досвед 90х гадоў мінулага стагоддзя сведчыць аб рэальных магчымасцях калектыва БДУ. Асоба рэктара прафесара В.Стражава таксама гістарычнаспрыяльная. У свой час на пасадзе намесніка міністра адукацыі ён мэтанакіравана вывучыў беларускую мову і прафесійна валодае ёй, што было адным з дадатных чыннікаў пры абранні яго Вярхоўным саветам 12 склікання на пасаду міністра. Гісторыя дае шанец прафесару В. Стражаву стаць другім У.І.Пічэтам, і я веру, што ён, калі захоча, ім можа стаць.
Выбар БДПУ ім. М. Танка для афіцыйнага надання статуса "нацыянальны беларускамоўны" прывабны тым, што ён у Беларусі з'яўляецца галоўным у сістэме педагагічных універсітэтаў і сярэднепедагагічных устаноў. БДПУ імя М.Танка як генератар педагагічнай навукі пацягне за сабой доўгачаканы працэс па падрыхтоўцы беларускамоўных настаўнікаў па усіх прадметах. У 90х гадах у гэтым універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Л.Н. Ціханава на малодшых курсах усе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Каб рэферэдум 1996 г. праводзіўся на два ці тры гады пазьней, то БДПУ імя М. Танка вырас бы ва універсітэт, аб якім мы марым - беларускамоўны, значыць сапраўды нацыянальны.
А што было б самым разумным, аптымальным у рэальна існай сітуацыі ў сістэме выхавання і навучання? Пачаць выконваць гістарычны закон Аб мовах, які прыняў камуністычны Вярхоўны Савет.
Як хочацца верыць, што прэзідэнт А.Лукашэнка сваёй усяўладнай рукой, усвядамляючы сваё месца і адказнасць у гісторыі беларускага народа, заканадаўча верне ў жыццё камуністычны закон "Аб мовах" з захаваннем абгрунтаваных тэрмінаў яго выканання, а таксама Дзяржаўную праграму па яго выкананні. І мы маглі б пачуць, як гэта робяць вялікія палітыкі развітых краін, ад А. Лукашэнкі ў апошні дзень свайго прэзідэнства: "Я дзякую вам за тое, што вы цешыліся разам са мной за мае поспехі, удачы і прашу прабачэння за памылкі, якія я зрабіў і не паспеў выправіць".
Мікола Савіцкі, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, прафесар. Травень - верасень 2007 г.
У тым бары сосны толькі шэпчуць па-купалаўску
Санаторый месціцца у цудоўным сасновым бары кіламетраў за дваццаць ад Маладзечна. Да самых вокнаў корпусаў лячэбніцы для ветэранаў вайны і працы туляцца стромкія, мачтавыя сосны. Адсюль ва ўсе бакі на сем кіламетраў - лес і лес сасновы. Месца выбралі далей ад шуму дарожнага і гарадскога. Выкапалі азярцо паблізу, праклалі вакол будынкаў па лесе дарожкі плітачныя і асфальтваныя. Метраў за сто ад азярца - шырокая плынь ракі Вілеі.
Страчаюць тут прыезджых па пуцёўках ветліва, дабра-зычліва, медперсанал ад санітаркі да галоўнага ўрача і медсястры на пасту ў лекавым корпусе, вызначаецца зайздроснай увагай да кожнага хворага. У сталоўцы набор страў - як у шыкоўным рэстаране і гатуюць смачна. Жыві і радуйся!
Вось толькі, на жаль, духу беларускага, нацыянальнага тут не стае. Хоць адсюль да Вязынкі, дзе нарадзіўся Янка Купала, нейкіх дваццаць кіламетраў. Госць з замежжа, наведаўшыся сюды, мог бы падумаць, што трапіў у расейскую глыбінку. І не выпадкова: шыльды перад уездам у санаторый (а назвалі яго "Вяжуці" - па аднаіменнай вёсачцы, што за дзесяць кіламетраў) аршыннымі літарамі напісана па-расейску. Ды і ўся тапаніміка на лекавых, працадурных кабінетах, на службовых пакоях, над уваходам у галоўны корпус з боку возера напісаны гэтак жа. Вядома ж, не па жаданні галоўнага лекара ці дырэктара здраўніцы, што прыязджаюць сюды, як і іншы медперсанал, з Маладзечна на службовым аўтобусе. А так захацелася чыноўнікам з Міністэрства аховы здароўя, якое "тытулявана" на шыльдах. Не дзіва - сем гадоў таму, калі здавалі пад ключ санаторый, на Беларусі ваўсю вялася русіфікацыя школаў, службовых устаноў, бальніц і паліклінік.
Не парадавала і тое, што амаль ніхто са 136 пасяленцаў санаторыя (112 жанчынаў і 24 мужчыны) не размаўляў па-беларуску ні між сабою ў палатах, ні са мною, калі да каго-небудзь я звяртаўся у час прагулак па наваколлі, пры сустрэчах у калідорах. Тут між іншымі вітаюцца нават з незнаёмымі людзьмі - так прынята ўжо. "Добрай раніцы" ці "Добры дзень", я чуў у адказ "Здрастуйце" ці "Доброе утро". Толькі аднойчы 81-гадовыя бабуля з Ушацкага раёна, колішняя даярка ў калгасе, мне адказвала: "Добрага здароўечка", - і стала цяплей на душы! Калі неяк прысеў да трох жанчын сталага ўзросту, якія вялі гутарку на лаўцы, і загаварыў з імі па-нашаму, адна, у саламяным капялюшыку, знешне быццам інтэлігентная, нечакана спытала:
- У каво это вы научылісь говорыть по-белоруску?
Я спярша сумеўся ад такога недарэчнага, у цэнтры Беларусі, пытання ад чалавека, які пражыў тут свой век напоўніцу.
- У сваіх маці, бацькі, дзядулі і бабулі, у школе, - адказваю ёй.
- А кем работалі до пенсіі? - зноў задае пытанне "саламяная" дама.
- У аддзеле культуры райвыканкама, - схлусіў ёй, не жадаючы раскрываць усе "карты".
- Ой, не паверу. Чтобы там вас терпелі с этой мовай, - з хітрынкай у вачох адказвае тая кабета.
- А вось цярпелі, не выганялі, - адказваю ёй.
- Цяпер бы выгналі, - дадае маўчаўшая дагэтуль суседка той дамы, у чым мела рацыю, бо амаль усе чыноўнікі аддзелаў адукацыі, культуры райвыканкамаў і гарвыканкамаў размаў-ляюць сёння толькі па-расейску - раўняюцца на "вертыкаль" усіх рангаў.
Уразіла не лепшым чынам і тое, што толькі 35 чалавек з прыехаўшых наведалі за час знаходжання ў санаторыі тутэйшую бібліятэку. Яна хоць бедная на літаратуру, выдадзеную пасля 1985 году (калі не сказаць, што яе тут адзіныя асобнікі), але ж кніжак з дзвесце беларускамоўных ёсць на паліцах. Бачу томік апавяданняў Коласа, сёе-тое з твораў Быкава, Шамякіна,Брыля, Броўкі, Панчанкі і іншых аўтараў таго, даперабудовачнага перыяду. Не адшукаў Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Арлова, Вольгі Іпатавай. Былыя франтавікі, ветэраны працы інваліды бралі фантастыку, дэтэктыўныя творы замежных аўтараў, любоўныя аповесці таннага выпуску ў мяккіх вокладках. Нават расейскай класікі дарэвалюцыйнай і савецкай эпохаў ніхто не крануў!
- З пачатку году беларускамоўныя кніжкі запатрабавала мо тры ці чатыры чалавекі, - прызналася бібліятэкарка. Гэта з ліку болей чым 1300 адпачываўшых у санаторыі. Дзе яшчэ, у якой самай закінутай краіне свету магчыма такое грэбаванне ўсім беларускім - мовай, культурай, нацыянальным гонарам!
Перад ад'ездам адсюль я, з дазволу бібліятэкаркі, рашыў апытаць тых, хто здаваў кніжкі. З адзіным пытаннем: "Які ваш любімы беларускі пісьменнік, і кнігі якога вы чыталі за апошні год?" Каб не выклікаць недарэчных запытаў, паказваў свае журналісцкае пасведчанне. То толькі адна жанчына, мінчанка, інтэлігентнага выгляду назвала Караткевіча, Быкава, Шамякіна. Астатнія або пацепвалі плячыма, або адказвалі, што не могуць назваць, бо не чытаюць нічога беларускага.
Абкрадзенае пакаленне, вырастае ў гады поўнай знявагі ўсяго беларускага пры Саветах і цяпер - пасля сумнавядомага 1995 году. Як сказаў калісці мудры Мікалай Гогаль: "Хто ўжо кулак, таго не разагнеш у далонь".
Міхась Тычына, г. Слуцк.
НЯМЕЦКІЯ НАЙМЕННІ ТРАНСПАРТНЫХ СРОДКАЎ, ІХ ЧАСТАК І ПРЫЛАДАЎ У ГАВОРКАХ ГАРАДЗЕНШЧЫНЫ
Гарадзеншчына - вельмі адметны рэгіён, дзе на працягу стагоддзяў жылі і кантактавалі розныя этнасы, што паспрыяла з'яўленню ў народна-дыялектнай мове шматлікіх пазычанняў. У гаворкі яны маглі трапіць непасрэдна з мовы-пазычальніцы або праз пасярэдніцтва іншых моваў. Значная частка слоў была пазычана з нямецкай мовы, што тлумачыцца цеснымі стасункамі жыхароў Гарадзеншчыны з прадстаўнікамі нямецкага этнасу. Ужо ў 1391 годзе Гародня атрымлівае абмежаванае, а ў 1444 поўнае Магдэбургскае права, якое паступова пашыраецца на іншыя гарады гэтага рэгіёну і аказвае пазітыўны ўплыў на развіццё гандлю і прамысловасці. Пачынаецца нямецкая міграцыя. Для нямецкамоўных эмігрантаў ствараюцца спрыяльныя ўмовы, ім надаюцца пэўныя льготы, каб яны маглі добра жыць і плённа працаваць на беларускіх землях, узмацнялі іх эканамічнае становішча. Для наладжвання прамысловасці і вытворчасці на Гарадзеншчыне запрашаецца шмат іншаземцаў, сярод якіх нямала немцаў. Так, на створаных у 1765 - 1780 гадах графам Антоніем Тызенгаўзам мануфактурах працавалі нямецка-моўныя дырэктары, майстры, спецыялісты з Гамбурга, Саксоніі і іншых земляў Германіі, а таксама швейцарскіх кантонаў. Акрамя гэтага ў гарадах і вёсках Гарадзеншчыны рэгу-лярна ладзіліся рынкі, праводзіліся кірмашы, на якія пры-язджалі замежныя купцы, у тым ліку з Германіі і іншых нямецкамоўных дзяржаваў. З уплывам нямецкай мовы на мясцовыя гаворкі звязаны і ўзброеныя сутычкі жыхароў рэгіёну з лівонскімі рыцарамі, крыжаносцамі Тэўтонскага ордэна, які пацярпеў сваё паражэнне толькі ў Грунвальдскай бітве 1410 года. Але і пасля гэтага на Гарадзеншчыне сяліліся нямецкія рыцары і наёмнікі ў войска ВКЛ, мова якіх таксама паспрыяла з'яўленню ў гаворках гэтага рэгіёну нямецкіх слоў. Акупацыя Гарадзеншчыны кайзераўскімі ў 1915 - 1920 і нямецка-фашысцкімі войскамі ў 1941 - 1945 гадах таксама садзейнічала пранікненню ў мясцовыя гаворкі нямецкіх найменняў. У бальшыні выпадкаў пры пранікненні ў гаворкі пэўных нямецкіх назваў ролю мовы-пасярэдніцы выконвала польская мова. Гэтаму садзейнічала гістарычнае знаходжанне тэрыторыі Гарадзеншчыны ў складзе Рэчы Паспалітай, а на працягу 1920 - 1939 года ў складзе Польшчы, дзе дзяржаўнай была польская мова, і сучаснае непасрэднае тэрытарыяльнае суседства з гэтай краінай. Яшчэ адна прычына - агульная для польскага народа і значнай часткі жыхароў рэгіёну рэлігія - каталіцызм, мова якога польская.
Улічваючы адносны характар пазычання, побач з нямецкімі словамі разглядаюцца і лексемы, якія маглі трапіць у мясцовыя гаворкі з іншых моваў праз нямецкую мову.
Як паказвае аналіз разгледжаных лексічных адзінак з нямецкай мовы, самая вялікая колькасць слоў - з побытавай лексікі. Адзін з яе найбуйнейшых пластоў - найменні транспартных сродкаў, іх частак і прыладаў.
Самую вялікую групу транспартнай лексікі складаюць назвы відаў вазоў, сярод якіх шмат нямецкіх назваў: драбчак, драпчак, драбчык, драпчык 'воз з гнутымі невялікімі драбінкамі, застаўле-нымі спераду і ззаду спле-ценымі з лазы паўкашамі': У драпчык наложыш збожа і вязеш да Крынак прадаваць. (Гродз.); фура 'воз з высокімі драбінамі, прызначаны для перавозу грузаў': У фуры верас складалі і немцы вывозілі ў Германю - гэта яшчэ ў тую вайну. (Астр.) ; фурманка, хурманка 'падвода' : Йакрас фурманка нам папала, мы пайехалі на фурманцы. (Ваўк.). Воз для перавозкі сена ці саломы жыхары Гарадзенш-чыны называюць нямецкімі найменнямі драба, драбы, драбіны : На драбах мы вазілі салому. (Ваўк.); лагеры: Тым летам бацьку конь панёс, дык лагеры ў шчэпкі, а яму нічога. (Свісл.); рэдалі: Тата запрох каня ў рэдалі і пайехаў сена вазіць. (Смарг.). У значэнні 'выязная павозка' ў гаворках ужываюцца лексічныя адзінкі з нямецкай мовы - брычка : Цяпер няма брычак, на машы-нах ездзяць. (Навагр.); драб-няк: Міця, запражы каня ў драбняк, пайедзям у госьці. (Астр.). А лексема нямецкага паходжання кары называе ў народна-дыялектнай мове так-сама разнавіднасці павозак і мае шмат значэнняў, нават супраць-леглых: 'воз з высокай драбінай': На кары ўсклалі куфар і пайехалі. (Карэл.); 'воз без драбін': Калі зняць драбіны - гэто кары . (Астр.); 'воз для двухконнай вупражы': Кары - параконны вос. (Лід.); 'спе-цыяльны воз для перавозкі бярвення': Кары, яны раз-двіжныя калёсы, якія разд-вігаюцца, у іх доўгі дышаль. (Смарг.).
Асобна можна вылу-чыць групу нямецкіх наймен-няў, якія абазначаюць дэталі - часткі вазоў: букса 'невялікае жалезнае кольца, што ўстаўля-ецца ў адтуліну калодкі, зас-церагаючы яе ад сцірання; утулка': Буксу нагнаў у калясо, то даўжэй хадзіцімя, а так раз-два прашаруяцца і лопня, як дзераво вазіцімяш. (Зэльв.); драбіна 'частка воза, якая навешваецца на ручкі': Па-скідаям адну, другую драбіну і гнаянкі пазакладаям, па гной паедзям. (Зэльв.); дышаль 'жэрдка, прымацаваная да сярэдзіны пярэдняй восі ка-лёс': Дышаль усаджваецца ў задні вузгавалак. (Шчуч.); люшня, люшні 'падпорка ў возе (ад восі пад ручку)': Зусім мала йаблыкаў, дык і люшні ні патребны. (Іўеу.); мутра 'жа-лезная гайка на канцы восі ў коле': Мутра - кап кола не ўпала. (Лід.); рох 'вугал воза': Зацягнуў рох воза. (Лід.); рэхва 'жалезны абруч, які надзяецца на драўляную калодку кола': Круглая жалеза наганялася на калотку - гэта рэхва. (Ашм.); шына 'металічны абруч, які накладваецца на вобад каляса, засцерагаючы яго ад знош-вання': Шыну на кола нацяга-юць. (Лід.).
І сярод іншых назваў транспартных сродкаў у га-ворках Гарадзеншчыны суст-ракаюцца словы нямецкага паходжання: баляноўка 'дава-еннай маркі веласіпед з драў-лянымі абадамі, з шырокімі шынамі': У нашага Стася ашчэ польская баляноўка ёсць, добро егдзіць па пясчанай дарозі. (Гродз.); брычка 1. 'тарантас': У Янака брычка на райсорах была. Бало, едзя і павагваяцца гэты панок! (Зэльв.) 2. 'самаробная каляс-ка': Гунь хлопцы ў брыццы малую вязуць . (Зэльв.); ма-тароўка 'маторная лодка': Да вайны ніякіх матаровак ні было, ніхто на іх не егдзіў. (Гродз.) і 'матацыкл': Йак вецяр, прыймчаўся на мата-роўцы. (Дзятл.); таксі, так-соўка, таксуфка 'легкавы аўтамабіль': Сваю таксі мая. (Воран.); трактар, трахтар, трахтор: Йон доўго хвареў, сам ні заўйоў трактар. (Сло-нім.). Часткі транспартных сродкаў таксама называюцца нямецкімі словамі: борт 'вер-хняя бакавая частка лодкі': Бартэ ў лоткі чырвоныйа, баке жоўтыйа. (Навагр.); гамулец 'тормаз': Цісні на гамульцы, йак йедзяш з гары, а то разнясе з гары цябе ровар. (Смарг.); мурлат 'намарзень': Мурлат у сані заганяйацца, на капылы кладзецца. (Воран.); шына 'жалезная планка, якая прыбіваецца пад полаз саней': Шыны пат палазы паткоўва-юцца ў кузьні. (Астр.).
Досыць пашыраныя ў народна-дыялектнай мове гэ-тага рэгіёну нямецкія лексемы, якія абазначаюць прылады для транспартных сродкаў: бома, бом 'шост для праверкі глы-біні ракі і спіхвання плытоў з мелі': Ні дастаць нават дна бомай. (Карэл.); лінка, лінька 'канат, па якім рухаецца паром': Лінькай цягнуць паром з аднаго берага на другі. (Навагр.); шмар, шмаравідла, шмаравідло 'каламазь': Пад-мазваюць колы шмаравідлам. (Маст.) і шмаравідліца 'ла-патачка для падмазвання ка-лёс': Шмаравідліцай набяруць шмаравідла. (Ваўк.).
Да транспартнай лексі-кі можна залічыць назвы збруі і яе частак, дзе таксама ёсць нямецкія найменні: аблядры 'частка конскай вупражы - драўляныя накладкі на па-стронках, каб не націралі бакі каню': Аблядры робяць з асі-ны, яны лёхкія і моцныя. (Гродз.); ворчык 'планка, якой злучаецца плуг з пастронкамі': Перш завядзі каня да бараны, а тагды начапляй пастронкі на ворчык. (Зэльв.); кульбач-ка 'частка вупражы, сядзёлка': Кульбачка на спіну каню, на-верх накладаецца патпінка. (Лід.); лейцы, лейчына, ляй-чына, ляйчынка, ляйчынкі 'вяроўкі, рамяні для кіравання коньмі ў запрэжцы': Лейцы купляйам з магазіна, зроблены з ніцей або з рамней. (Воран.); стальвага 'доўгі ворчык для параконнай запрэжкі': У плугу стальвага на двое коні. (Шчуч.); ухналь 'цвік да падковы': У каваля йосць ухналь, кап прыбіваць пат-ковы. (Бераст.); цуглі, цунглі, цуглей, цугундар 'два ме-талічныя звяны, якія пры-мацоўваюцца да рамянёў аб-році і служаць для закілзвання каня': Я заўсёды даю цуглей у зубы каню і еду сабе, ужэ ні панясе. (Гродз.); шлеі 'частка збруі - шырокая лямка, што замяняе хамут': Помню, як твой бацько ў вайну гараў шлеямі, хамута тагды ні было, а шлеі недзя дастаў на каня. (Зэльв.).
Да транспартнай лек-сікі нямецкага паходжання належаць дзеясловы: пашма-раваць 'памазаць': Йак паш-мараваў калёсы, то добра будзя йехаць. (Шчуч.), пач-шмараваць 'падмазаць': Пач-шмаруй калёса ў возі, вада, мусі, шмаравідло вымыла. (Гродз.); хураваць 'кіраваць запрэжаным канём': Ты ні-добра хураваў, то конь і сцу-дзіўся. (Дзятл.).
Высвятляючы дачы-ненні прааналізаваных нямецкіх слоў да лексічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы (супастаўляюцца дыялектныя лексемы з матэрыяламі лек-сікаграфічных даведнікаў лі-таратурнай мовы: Беларуска-рускі слоўнік. Т. 1 - 3. - Мінск, 2003; Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мо-вы. - Мінск, 2005; Тлумачаль-ны слоўнік беларускай мовы. Т. 1-5. - Мінск, 1977 - 1984.), мы выявілі шэраг нямецкіх слоў, не адлюстраваных у агульнанароднай беларускай мове. Гэта сведчыць пра ад-метнасць і лексічнае багацце народнай мовы гарадзенцаў. А значная колькасць зафікса-ваных у дыялектных лексіка-графічных даведніках гэтага рэгіёну нямецкіх пазычанняў паказвае на значны ўплыў нямецкай мовы на мясцовыя гаворкі Гарадзеншчыны.
Спіс скарачэнняў у назвах раёнаў
Астр. - Астравецкі, Ашм. - Ашмянскі, Бераст. - Бераставіцкі, Ваўк. - Ваўка-выскі, Воран. - Воранаўскі, Гродз. - Гродзенскі, Дзятл. - Дзятлаўскі, Зэльв. - Зэль-венскі, Іўеў. - Іўеўскі, Карэл. - Карэліцкі, Лід. - Лідскі, Маст. - Мастоўскі, Навагр. - Нава-грудскі, Свісл. - Свіслацкі, Слонім. - Слонімскі, Смарг. - Смаргонскі, Шчуч. - Шчучынскі.
Святлана Масленікава, аспірантка Гарадзенскага універсітэта імя Янкі Купалы.
Не парушаць словатворчых заканамернасцяў роднай мовы
Рухальны - а не рухацельны. «/ так аслаб мой апорна-рухацельны апа-рат» (Полымя. 2007. №1. С.144). Абодва варыянты сло-ва утвораныя ад асновы дзея-слова руха-(цца, ць); першы мае натуральны для беларус-кай мовы суфікс -льн- (руха-льны). Другі - неўласцівы нашай мове фармант -цельны (руха-цельны). Слоўнікі літаратурнай мовы фіксуюць толькі ўтварэнне з фармантам -льны: «Рухальны - двіігательный; рухальныя нервы - двига-тельные нервы» (Беларуска-рускі слоўнік, 1989, т.2, с.412). «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Ак-цэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэдакцыяй акадэміка М. Бірылы (1987, с.703) падае тры вытворныя прыметнікі з гэтым коранем, адзначаючы тэрміна-лагічны статус апошняга слова: «рухавы, рухлівы, рухальны анат.».
Дык ці маем мы права парушаць замацаваную нату-ральную форму слова руха-льны, замяняючы суфікс -льн- на небеларускі -цельн-?
Дарэчы, у шостым ну-мары гэтага часопіса на с. 160 падаецца заканамерная форма згаданага слова: «Мастачка Ала Замап ... пісала мой парт-рэт, я дні тры пазіраваў. Размаўлялі пра ўсё. Пра маю хваробу апорна-рухальнага апарату» (І. Шамякін. 3 дзён-нікаў).
Праўда, тут на с. 161 бачым іншае слова (з такім суфіксам), неўласцівае бела-рускай мове: «Хацеў пазваніць, павіншаваць. Стрымаўся - яго пашкадаваў: раптам рас-хвцлюецца, падумае немаве-дама што, хворыя мніцель-ныя».
Рас. мнптельный адпавядаюць іншакаранёвыя бела-рускія словы. «Русско-бело-русскнй словарь» (1993, т.2, с.66) падае: «Мннтельный (недаверліва) падазроны, не-даверлівы, надумлівы». Не падае «мніцельны» і згаданы «Слоўнік беларускай мовы» пад рэдакцыяй М.Бірылы, што пацвярджае штучнасць гэтага слова ў беларускай мове.
Састарэлы, застарэлы- а не прэстарэлы. «Не дзіва, што тутэйшаму я-герою, чыё жыццё мінае, калі не ў непасрэдным атачэнні, дык у фатальнай блізкасці да «прэстарэлых аўто» і «пла-чучых коўдраў», пасля смерці хочацца трапіць туды» (Ма-ладосць. 2007. № 5. С.111).
Беларускай мове не-ўласцівае ўтварэнне «прэста-рэлы». Расейскаму слову з прыстаўкаю пре- адпавядаюць беларускія з спрадвечнымі прыстаўкамі за- і са-, што і засведчана перакладнымі слоў-нікамі: «Беларуска-рускі слоў-нік» (1989, т.2, с.443) фіксуе: «Састарэлы (дожнвшнй до глубокой старостн) преста-релый». «Русско-белорус-скнй словарь» (1993, т.2, с.759): «Престарелый састарэлы, стары».
Даведнік, спадарож-нік-а не пуцевадзіцель. «Так Легал ... вызначае жанр тво-раў сп. Бахарэвіча як «па-радыйна-сатырычны», раз-глядаючы кароткі, але змя-стоўны пуцевадзіцель па таямнічай краіне Кудзіі ў «Прыватным пляжы...» (Ма-ладосць. 2007. № 5. С.114).
Рас. путеводитель - складанне (кампазіт) з частак путь і водитель. Ніводная з гэтых частак нехарактэрная для беларускай мовы. Таму ў слоўніках няма такога слова (пуцевадзіцель), яму адпавядае адметна беларускае слова да-веднік: у «Беларуска-рускім слоўніку» (1988, т.1, с.346) чытаем: «Даведнік м. справочннк; путеводнтель». Часам у перыядычным друку выка-рыстоўваецца пуцяводнік - калькаванне рас. «путево-днтель», дзе замест суфікса -тель выкарыстаны -нік. Але ж і першая частка «путе-» {«путь») таксама ненатураль-ная для беларускай мовы, бо рас. «путь» у нашай мове адпавядаюць адмысловыя лек-семы дарога, шлях, а таксама кірунак, маршрут, спосаб і іншыя. Пуць замацавалася толькі як спецыяльнае слова чыгуначнай тэрміналогіі (пу-цевымяральнік, чыгуначны пуць, пуцявік). Дый тут ня-рэдка адпаведнікам рас. путь выступаюць іншыя словы, параўн. чыгуначнік, транс-партнік (рас. путеец), транс-партны (путейский) і інш.
Варта зазначыць, што адметнасць мовы найперш выяўляецца ва ўстойлівых зваротах. Яны тут і сведчаць пра неўласцівасць лексемы «пуць» беларускай літаратур-най мове; параўн.: жизненный путь -жыццёвы шлях; счаст-лиеого пути - шчаслівай дарогі!; держать путь - браць кірунак; пути-дароги (нар.-паэт.) - шляхі-дарогі; стать поперёк пути - стаць поперак дарогі; сбить с пути - збіць з дарогі (з толку, з панталыку); избрать путь - еыбраць шлях (Русско-бело-русскнй словарь. - Минск, 1993, т. З, с.135). Усё згаданае дае падставу лічыць больш прыдатным канкрэтызатарам даведніка слова «спадарож-нік», якое мае выразную ма-тывацыю - 'тое, што спада-рожнічае наведвальніку'. Інакш сказаць: спадарожнік - даведнік для падарожніка (што яму спадарожнічае - ідзе з падарожнікам). Гэта выяўляецца, замацоўваецца ў марфемнай будове слова: з падарожнік(ам) -> спада-рожнік.
Павел Сцяцко
Да 70-годдзя з дня нараджэння Аляксея Канстанцінавіча Каўкі
Каўка Аляксей Канстанцінавіч, беларускі літаратуразнавец, гісторык, грамадскі дзеяч, доктар філалагічных навук, кандыдат гістарычных навук нарадзіўся 20 верасня 1937 г. у вёсцы Равецкі Бор (цяпер Машчаліна) Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Маці памерла рана, у 1938 г., а бацька загінуў на фронце на пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гадаваўся старэйшымі сёстрамі, а з 1948 г. - у дзіцячым доме г. Чэрвеня. Вучыўся спачатку ў пачатковай школе в. Машчаліна, скончыў сем класаў Беларускай сярэдняй школы г. Чэрвеня, потым паступіў у Менскі бібліятэчны тэхнікум (1951 - 1954). Пасля яго заканчэння працаваў у сельскай бібліятэцы в. Вялікаполле Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці. У 1955 - 1961 гг. вучыўся на завочным аддзяленні беларускай мовы і літаратуры БДУ, служыў у арміі (1956 - 1959). Пасля арміі прызначаны інструктарам Чэрвеньскага райкама КПБ, у хуткасці абраны другім, першым сакратаром РК ЛКСМ гэтага ж раёна. У 1963 г. - сакратар Менскага абкама ЛКСМБ. У траўні 1965 г. быў запрошаны на пасаду адказнага арганізатара па сувязях з маладзёжнымі арганізацыямі Польшчы. З гэтага часу жыве ў Маскве. Скончыў аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1971). У 1971 - 1979, 1983 - 1987 гг. - старшы навуковы супрацоўнік, загадчык сектара Польшчы Інстытута эканомікі сусветнай сацыялістычнай сістэмы АН СССР. З 1979 па 1982 г. працаваў у Варшаве прадстаўніком Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязей з замежжам, дарадцам пасольства СССР у Польшчы. З 1987 - галоўны рэдактар часопіса "Советское славяноведение", з 1989 - вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай літаратуры імя М. Горкага РАН. З канца 1980х гг. удзельнічае ў беларускім руху Адраджэння ў якасці аднаго з заснавальнікаў Маскоўскага таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны, Таварыства беларускай мовы, Усебеларускай краязнаўчай канферэнцыі, намеснікам старшыні Аргкамітэта па ўтварэнні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, дэлегата ІIV з'ездаў беларусаў свету "Бацькаўшчына".
У сваіх ранніх працах А. К. Каўка даследаваў гісторыю Польшчы, савецкапольскіх адносінаў, польскага рабочага руху. Ім было напісана шэраг прац па дадзенай тэматыцы "Вопросы патриотизма и социалистического интернационализма в деятельности ПОРП", (1972), "Польская Народная Республика" (1974), "Укрепление дружбы и сотрудничества между СССР и ПНР" (1977), "Варшава: непокорённая и возрождённая" (1980) і інш. З канца 1970х гг. А. К. Каўка ў сваіх даследаваннях звяртаецца да праблем беларускага нацыянальнага адраджэння: "Письмо русскому другу" (1979, дзе ідуць разважанні пра лёс беларускай мовы), "Иван Луцкевич. К 100летию со дня рождения" (1990), "Што трэба ведаць кожнаму беларусу?" (1991), "Мэта - нацыянальнае адраджэнне" (1993) і шмат іншых. Асаблівая ўвага надаецца постаці Ф. Скарыны: доктарская дыссертацыя "Тут мой народ. Францішак Скарына і беларуская літаратура ХVІ - пачатку ХХ стст." (1991), артыкулы "Патрыятычныя погляды Францішка Скарыны" (1984), "Паходня абуджанай памяці. Францішак Скарына і новая беларуская літаратура" (1987), "Францишек Скорина. Социальноэтнические аспекты творчества" (1988), "О национальном мировидении Францишека Скорины" (1993), "О просветительстве Скорины" (1994) і інш. Неаднаразова звяртаўся даследчык і да творчасці Ф. Багушэвіча, К. Б. Езавітава, М. І. Каспяровіча, Я. Купалы, А. І. і І. І. Луцкевічаў, М. М. Улашчыка, Б. І. Эпімах-Шыпілы і інш. У 1997 г. выйшаў зборнік гісторыкалітаратурных нататак "Жывом! Старонкамі беларускага самапазнання", а ў 1998 г., як працяг, - "Будам жыць! Пра тое самае". А. К. Каўка з'яўляецца ўкладальнікам літаратурнанавуковага гадавіка "Скарыніч" (вып. 1-5, 1991 - 2002). У штогодніку друкаваліся малавядомыя архіўныя дакументы і матэрыялы з літаратурнай і эпісталярнай спадчыны дзеячаў беларускай навукі і культуры Ф. Скарыны, Б. І. Эпімах-Шыпілы, І. І. Луцкевіча, А. А. Смоліча, В. Ю. Ластоўскага, пісьменнікаў А. Бабарэкі, З. Бядулі, У. Дубоўкі, Я. Пушчы, К. Чорнага. М. Лужаніна.
Уся гэта вялікая творчая спадчына А. К. Каўкі, нягледзячы на тое, што сам даследчык жыве ў Маскве, захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архівемузеі літаратуры і мастацтва.
Аляксей Канстанцінавіч Каўка і сёння плённа працуе над вывучэннем беларускіх гісторыкакультурных і літаратурных традыцый. Яскравым доказам гэтага з'яўляецца яго новая кніга "Каб не забыцца (допісы розных гадоў)", якая выйшла ў свет у 2006 г.
Т. М. Шырокава, мал. нав. супрацоўнік БДАМЛМ. 13.09.2007
70 гадоў нямецкаму беларусісту Карлу Гутшміту
Нямецкі славіст Карл Гутшміт (Gutschmidt) нарадзіўся 12 верасня 1937 г. ў в. Фербелін (Германія). У 1960 г. скончыў Берлінскі універсітэт імя братоў Гумбальтаў. 3 1967 г. выкладае там беларускую філалогію. Загадчык аддзялення славянскіх моў секцыі славістыкі гэтага універсітэта. У 1976 г. абараніў доктарскую дысертацыю «Нарысы па гісторыі славянскіх нацыянальных літаратурных моў». 3 1982 г.- прафесар.
К. Гутшміт аўтар навуковых публікацый па лексікаграфіі, фразеалогіі, дыялекталогіі, стылістыцы і інш. пытаннях беларускага мовазнаўства. Значнае месца ў яго даследаваннях займаюць пытанні гісторыі развіцця і сучаснага стану беларускай мовы. Абапіраючыся на працы Л. М. Шакуна, I. I. Крамко, А. К. Юрэвіч, А. I. Яновіч, М. Г. Булахава, А. I. Жураўскага і інш., Гутшміт раскрыў важнейшыя кірункі развіцця беларускай літаратурнай мовы ў параўнанні з іншымі славянскімі мовамі - рускай, польскай, сербскахарвацкай і балгарскай. Шмат увагі вучоны звяртае на ўплыў украінскага слоўнікавага складу на лексіку беларускай літаратурнай мовы. Ім упершыню шырока прааналізаваны шляхі і спосабы пранікнення балтызмаў у беларускую мову. Пытанні запазычанняў разглядаюцца ў шырокім дыяпазоне як часу (з сярэдзіны 19 да сярэдзіны 20 ст.), так і творчасці пісьменнікаў (В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, Цётка, Я. Колас, М. Гарэцкі, 3. Бядуля, К. Чорны, I. Мележ, Я. Брыль).
У 1980-я гг. Гутшміт звяртаецца да пытанняў стылістыкі беларускай літаратурнай мовы. У артыкуле "Аб развіцці стыляў беларускай прозы" (1983) аб'ектам даследавання сталі ўласныя імёны як кампанент стылю на прыкладзе ранніх апавяданняў Я. Коласа і М. Гарэцкага. Тут разглядаюцца не толькі прыватныя, але і агульныя заканамернасці развіцця стылю беларускай мастацкай прозы. Аўтар выяўляе функцыі ўласных імён у літаратурных творах і паказвае, як яны былі выкарыстаны ў маладой беларускай прозе.
Адзін з кірункаў дзейнасці Гутшміта - азнаямленне заходнееўрапейскай грамадскасці з даследаваннямі па беларускай лінгвістыцы. У часопісе «Zeitschrift fur Slawistik» («Часопіс па славістыцы») ён апублікаваў рэцэнзіі на «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1967) і бібліяграфічны паказальнік' «Беларускае мовазнаўства» (1968), разгледзеў выданні «Беларуская лінгвістыка», вып. 1-4 (1974), «Веснік БДУ імя У. I. Леніна» (1971, разам з К. Мюлерам) і інш. Высокую ацэнку ў яго рэцэнзіях атрымалі «Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны» I. К. Бялькевіча, «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 2) I. I. Крамко, А. К. Юрэвіч, А. I. Яновіч, «Дыялектны слоўнік», «Народная сінаніміка» Г. Ф. Юрчанкі, «Народная лексіка», «Дыялектны слоўнік» П. У. Сцяцко, «Лаціна-руска-беларускі батанічны слоўнік» А. I. Кісялеўскага, «Беларуская фразеалогія» Ф. М. Янкоўскага, а таксама працы беларускіх лінгвістаў А. I. Жураўскага, М. А. Жыдовіч, М. К. Клышкі, Я. М. Рамановіч, А. Я. Супруна, Л. М. Шакуна, П. П. Шубы і інш.
Важнае значэнне вучоны надае знаёмству лінгвістаў з гісторыяй і сучасным станам беларускай мовы на Захадзе. Ен прарэцэнзаваў працу амерыканскага вучонага Ч. Бідуэла па праблемах беларускай марфалогіі. У артыкуле «Аб беларускай філалогіі» (1980), прысвечаным А. Брукнеру, Гутшміт паказаў уклад польскага славіста ў знаёмства Заходняй Еўропы з беларусістыкай і духоўным жыццём беларускага народа, асабліва дзякуючы даследаванню сярэдневяковых помнікаў беларускага пісьменства. Гутшміт лічыць, што ўклад Брукнера недастаткова поўна і глыбока ацэнены, бо ён быў не толькі славістам за межамі тагачаснай Расіі, а адным з першых славістаў, які зрабіў беларускую мову, гісторыю літаратуры і культуры самастойным аб'ектам даследавання і тым самым садзейнічаў вывучэнню гэтай галіны філалогіі.
Значнае месца ў навуковай дзейнасці Гутшміта адводзіцца пытаннямбеларускай лінгвістыкі ў шырокім дыяпазоне параўнальных даследаванняў. Такая практыка шырока адлюстравана ў яго артыкулах «Беларуска-ўкраінскія ізалексы» (1971), «Даследаванне ўсходнеславянскіх моў у дыяхронным аспекце» (1972), «Балтыйскія даследаванні ў Беларускай ССР» (1978) і інш.
Не менш важнае значэнне нямецкі славіст надае стану і праблемам дыяхроннага і сінхроннага даследавання беларускай мовы. Гэтыя пытанні знайшлі сваё асвятленне ў артыкулах «Стан і значэнне дыяхроннага даследавання ў Беларускай ССР», «Даследаванне ўсходне-славянскіх моў у дыяхронным і сінхронным аспекце» і інш.
У публікацыях Гутшміта адзначаюцца і некаторыя вузкія месцы ў працах беларускіх лінгвістаў: недастаткова шырокае прымяненне метаду параўнальнага даследавання, нездавальняльнае выкарыстанне замежных прац па беларускім мовазнаўстве, слабая арыентацыя ў асвятленні і распрацоўцы праблем беларускай лінгвістыкі за мяжой, нават у бібліяграфічных крыніцах.
Гутшміт сам перакладае беларускую мастацкую літаратуру (Ядвігін Ш., 3. Бядуля і інш.). Ен прымаў удзел у выданні серыі «Бібліяграфі славістычных публікацый з ГДР», удзельнічаў у Міжнародных славістычных кангрэсах (Варшава - 1973 Кіеў - 1983, Сафія - 1988), дзе выступіў з дакладамі па праблемах беларускага мовазнаўства.
Семінары ТБМ
21 верасня. Уладзімір Арлоў "Гістарычныя ваколіцы Менска", Палац мастацтва, 18.00.
25 верасня. Ігар Кузняцоў "Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі: гісторыя і сучаснасць", ТБМ, 18.00.
27 верасня. Анатоль Грыцкевіч "Гістарычная тапаніміка і тапаграфія Менска. Старажытны Менск", ТБМ, 18.00.
Новая кніга Ніла Гілевіча
Пабачыла свет новая кніга Ніла Гілевіча "Бунт непрыкаенай музы. Маленькая анталогія вершаў з газетных палос (1991-2006)"
У гэтую невялічкую анталогію ўвайшлі лепшыя вершы з ліку тых, што друкаваліся на старонках беларускіх грамадска-палітычных газет на працягу 1991-2006 гадоў. Натуральна, што ўсе яны, так бы мовіць,- адкрытага грамадскага гучання. У такіх вершах павінен быць жывы і чуйны публіцыстычны нерв, гэта значыць - у іх павінен біцца пульс жыцця, адчувацца дыханне часу. Павінна быць бачна вялікая неабыякавасць аўтара да ўсяго жыццёва важнага, што адбываецца, чыніцца, дзеецца ў навакольным соцыюме і ў вялікім свеце. На-колькі гэта ў кожным канкрэтным разе выяві-лася ў паэтычных радках - меркаваць чытачам.
Што датычыць ідэйна-эстэтычнай арыентацыі адабраных у анталогію вершаў - яна вызначаецца сцвярджэннем жыцця па законах чалавечнасці, сацыяльнай справядлівасці, сумленнасці і дабрыні. Яе дэвіз - абарона чалавечай і нацыянальнай годнасці, служэнне Народу і Бацькаўшчыне. У гэтым сэнсе аўтар заўсёды быў і застаецца верным паслядоўнікам Максіма Багдановіча, залатыя радкі якога пра беларускую літаратуру ўзяты ў якасці эпіграфа да кнігі.
Перасцярога
Беларусы!
Ды не верце ж вы
Новаяўленым ілжэпрарокам:
Умярцвяць яны наш дух жывы -
I давер наш вылезе нам бокам!
Залатое пасвячы цяля
На лугах цяністага падполля,
Точаць зуб, каб нашая зямля
Стала іхняй,- і зямля, і воля.
I зямля, і воля, і душа! -
Лёсу трыадзіная апора. .
Завалодаўшы душой спярша,
Волю і зямлю прысвояць скора.
I тады ўжо - на вятрах чужых -
Нам павек гібець у беспрасвецці.
Не шукайце ж праўды-рады ў тых,
Што махлююць і ў царкве пры свечцы!
Ні на кроплю ім не верце вы -
Гэтым пафасным ілжэпрарокам:
Умярцвяць яны наш дух жывы -
I давер наш вылезе нам бокам!
Які ганебны пераход
Які ганебны пераход
Ад велічы і чыннасці -
Да чорнай роспачы згрызот,
Да нэндзы і нішчымнасці.
Хлусілі з пэўнасцю такой -
Што ў рот глядзелі многія.
Цяпер - з працягнутай рукой
Стаім, як старцы ўбогія.
Жывём-жуём - куды ўжо горш!
Любому рады донару,
Як бы няма ў нас ні на грош
Ні годнасці, ні гонару.
Куды ні глянь - разбой і гвалт,
Разгул драпежнай хцівасці,
Апораў людскасці абвал,
Агонія цярплівасці.
Дык што ж мы, братцы, за народ?
Што з намі ў свеце сталася?
Калі пазбудземся нягод?
Паўстанем з заняпаласці?
Палемічнае
Васпан! Здаецца, вы, хоць і не храбра,
Праўдзе служылі ў былыя гады?
Што ж вы мяняеце Бога на д'ябла,
Не прадчуваючы ўласнай бяды?
Д'ябал на тое і д'ябал, што здольны
Думкі заблытаць і крылы звязаць.
Д'яблу паверыўшы, вернік не вольны
Шчырае слова народу сказаць.
Д'ябал падмовіць і вас адракчыся
Ад векавечных народных святынь,
Як адракліся ўжо тысячы тысяч,
Моўчкі змірыўшыся з лёсам пустым.
Што ж прымушае вас гэтак заядла
I безразважліва кідацца ў бой
Не за гаротніка-брата - за д'ябла
3 хітрай ухмылкаю, з сытай губой?
Люду сумленнаму жыць на радзіме
Горай і горай. Народ - у бядзе!
Дзе ж вы шукаеце голас праўдзівы?
Брацкую вернасць шукаеце дзе?
Вы - за свабоду? Чыю і якую?
Тую, што здымуць нам з меркі чужой?
Знайце ж: зарана нячысцік святкуе
Верх-перамогу над нашай душой!
Знайце: жывучы народ наш і з пекла
Выйдзе і ўзвысіць свой полымны дух!
Ну, а паколькі душа ў вас аслепла -
Вашых у гэтым не будзе заслуг.
Аднаму з ніцых
Чаму ты радуешся, ніцы раб?
I што жабрачым пафасам вітаеш?
Пагібелі сваёй дзяржавы рад?
На згубу Бацькаўшчыны гімн складаеш?
Які ж ты ўсё-такі са смердаў смерд
I з халуёў халуй! Якая ганьба!
У тых ; што гоняць Беларусь на смерць -
Плюгавы, да агіды, памагайла!
Знай, лёкай, рады хамуту-ярму:
Я прозвішча тваё з радзімых гукаў
Не называю тут адно таму,
Што мне шкада тваіх дзяцей і ўнукаў.
Праклён
Будзыде пракляты вы, каты свабоды!
Вы, што душылі і душыце нас!
Вы, акупатары нашай гасподы,
Нашых багаццяў і нашых украс!
Будзьце пракляты і вы, запраданцы,
Лёсам народу майго гандляры!
Юдавы вылюдкі і ўзгадаванцы!
Брудных і блудных таргоў махляры!
Будзьце пракляты і вы, вырачэнцы
Мовы і духу бацькоўскай зямлі!
Вы, надзіманыя пыхай нікчэмцы,
Волі і хэнці чужой халуіі
Гэта з крыжа я крычу вам, распяты
Горам народа і болем маім.
Будзьце пракляты вы! Будзьце пракляты! Сёння і заўтра й вавекі! Амінь!
Кнігу можна знайсці ў сядзібе ТБМ.
Сынкавіцкая цвердзь-царква запрашае
29 верасня ў 12 гадзін у вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна ўпершыню адбудзецца Дзень беларускай хрысціянскай паэзіі, прысвечаны 600 - годдзю Сынкавіцкага храма.
У праграме:
1. Выступленне беларускіх паэтаў каля славутага помніка.
2. Экскурсія па храму.
3. Наведванне магілы Ларысы Геніюш у Зэльве.
4. Творчыя вандроўкі па Слонімшчыне і Зэльвеншчыне.
5. Адпачынак.
Запрашаюцца беларуская творчая інтэлігенцыя і ўсе ахвочыя. Чакаем!
Па слядах літвы
Памяці Міколы Ермаловіча
(Працяг. Пачатак у ппярэдніх нумарах.)
4. Ці хадзілі князі ў 1215 годзе "миръ дающе"?
«В лето 6723 (1215). Божиимъ повелениемь прислаша князи Литовьскии к великои княгини Романове и Данилови и Василкови миръ дающе. Бяхоу же имена лито-вьских князеи: се старешеи Живинъбоудъ * , Давъятъ, До-въспроункъ*, братъ его Мидогъ*, братъ Довъяловъ Виликаилъ; а Жемотьскыи князь Ерьдивилъ*, Выкынтъ*, а Роу-шьковичевъ Кинтибоуть, Вонибоут, Боутовить, Виж-еикъ и сынъ его Вишлии, Китении, Пликосова, а се Боу-левичи: Вишимоут, егоже оуби Миндого тъ и женоу его поялъ и братью его побилъ Едивила, Спроудеика, а се князи из Дяволтвы (у Хл., XVI і П., 1621 - изь лотвы - З.С.), Юдьки, Поукеикъ, Бикши, Ликиикъ. Си же вси миръ даша князю Данилови и Василкоу…» (ПСРЛ. Т.II. Стб. 735-736).
Калі ўважліва прачы-таць гэтыя радкі Галіцка-Валынскага летапісу, то перш кідаюцца ў вочы: год - 1215, пералік «племянных» князёў, вялікіх і "звычайных", а так-сама іх імёны. Забягаючы на-перад, можна сказаць, што, відаць, менавіта з гэтага паве-дамлення пачалася міфалагі-зацыя гісторыі ВКЛ, пера-тварэнне дзеяў літвы ў гіс-торыю балцкіх "літоўскіх" плямёнаў, або, дакладней, у гісторыю Жамойці, што ўрэ-шце выйшла на карысць гіс-торыі Летувы і паспрыяла хуткаму развіццю, станаў-ленню нацыянальнай сама-свядомасці ды адначасова пагардлівага стаўлення да суседніх народаў, якія, нібыта, былі заваяваныя літвой.
Спачатку пра князёў.
У першай частцы на-рыса, як згадвалася, на пад-ставе аналізу звестак храністаў і летапісцаў паказана, што літва - гэта не племя, а стан прафе-сійных ваяроў. Але такая выснова не азначае, што можна зусім адкінуць частку паве-дамлення, дзе пералічаны князі літвы. Правадыры ў гэтых ваяроў былі ды яны сапраўды называліся князямі, як то сведчаць летапісы, прыкладам, пад 1225 (ПСРЛ. Т. 7. СПб, 1856. С. 133) і 1239 гадамі (ПСРЛ. Т.25. М., Л-д, 1949. С.130) . Асаблівую ўвагу варта звярнуць на імёны князёў літвы, паводле этымалогіі, безумоўна, славянскія, бела-рускія (розныя напісанні па-даюцца паводле Хлебнікаў-скага ды Пагодзінскага лета-пісаў): Живиньбоуд, Живи-бундъ, Живинъбудъ , Живи-буднъ; Довъятъ, Довнятъ або Давят; Довятовъ, Довъяловъ (Даўялаў?) брат "Виликаилъ" (у Еўраінаўскім - Вилквилъ ), Довспруикъ (Довъспруйк), Довьспроуикъ . Да гэтых імёнаў у нашай мове маем шмат пара-леляў.
Падамо тыя, што перш прыйшлі на памяць: Жыва - паганскае боства жыцця, плён-насці; Жывунь , вёска ў Любан-скім раёне. Ердзівіл, Кунцібут, Вонібут, Бутавіт, Едзівіл (Едивала - у Пагодзінскім), Спрудзейка (Съпроудеика, Сопрудека) утрымваюць, пры-намсі, фарманты, што маюць паралелі ў славянскім на-зоўніцтве. І ўвогуле прозвішчы з фармантамі Жыв-, Бут- (-бут), Даў- (Доў-) даволі рас-паўсюджаныя на Беларусі. Да апошняга імя - Спроудеика - у нашай мове таксама знахо-дзяцца паралелі: прозвішча Дзейка ды словы: спрундзіўся, выпрундзіўся, спрунжына, спраўны, стронга. А таму не будзе, відаць, памылкі пры-знаць усіх іх, літоўскіх князёў, славянскімі, крывіцкімі ды ліцвінскімі родамі.
Як пазначана вышэй, некаторыя з іх - Живинъбоудъ, Довъспроункъ - згадваюцца ў Хроніцы Літоўскай і Жмой-цкай. І таму, відаць, няма падставы сумнявацца: згаданае поруч з імі імя Мидогъ - добра вядомы з розных крыніцаў князь літвы Мяндоўг. Але ўзнікаюць сумненні, што да ягонага брата, якога нібыта называлі "Довъспроункъ" . У Хроніцы напісана: «Доспрон-гус, товариш Палямонов, патрикий або отчичь кня-жат римских,.. тягнул… над Швету реку, там нашол па-горок… и збудовал на нем замок, а другий замок ниж-ший, и Волкомирою назвал; и написался… княжатем Девял-товским» (ПСРЛ. Т.32. Хр. Лит. и Жмойтская. С.16) . І хоць Дзяволтва ад Валкаміра недалёка, відаць, была на тое нейкая важная нагода, каб не звязваць сваё імя з ваўкамі ды «мірам», а запісацца «князем Дзевялтоўскім». Мабыць, ён прадбачыў, што праз стагоддзі ягоны нашчадак з такім жа, як і ў яго, імем панясе мір далёкім валынскім князям і што неда-рэчна будзе чытаць у летапісе «а се князи из Волкомира… миръ даша князю Данилови и Василкоу» . Словы «князи из Дяволтвы» чытаюцца ж лепш. Калі ж гаварыць усур'ёз, назву Валкамір можна ўвязваць з заходнеславянскім племенем люцічамі - ваўкамі-люцічамі. Што праўда, у назве Дзевял-това (Дзявілтова, Дзяволтва) прачуваецца слова волат, вялет, не выпадкова ж яе памянялі на Дзялтува. Што ж, пара пакі-нуць гэтага дзіўнага Палямона-вага таварыша, які пабудаваў нібыта аж два замкі ў Валка-міры, а стаў называцца князем Дзевялтоўскім.
Шаноўны чытачу, у тым летапісным запісе апроч часавага несупадзення, "веч-нага" імя «Доспронгус», заўважаеш раку Святую, сла-вянскую назву якой праз асі-міляцыю не схаваць. Тут са-праўды недаперайменавалі. Трэба было і з гэтай ракой абыйсціся па-валкамірскі: за-мак, які стаў родавым гняздом такога славутага ў летапісах літоўскага князя, атрымаў ад летувісаў новае імя - Укмерге. Старую назву як май змаяваў! Шаноўны чытачу, ты сцвяр-джаеш таксама, што, як вядома, у горадзе Валкаміры не было двух замкаў? У гэтым няма нічога дзіўнага. У той жа Хроніцы далей апісана падоб-нае заснаванне Гедымінам двух віленскіх замкаў, рэальных, не летапісных, з чаго можна зра-біць выснову, што аўтары Хронікі проста прыпісалі Даў-спрунгу падобны чын.
Амаль тыя ж звесткі пра Мяндоўгавага брата паў-тарыў і аўтар Хронікі Быхаўца: "A Dowsprunk imenem s Kita-wrasa poszoł rekoiu Swiatoiu y naszoł meysce welmi choroszo y horodyszczu podobnaho,.. y wczynił sobi horod, i dał imia tomu horodu Wiłkomir, a sam nazwałsia kniazem Diawiłtow-skim…" (ПСРЛ. Т.32. Хр. Бых. С.129). Як бачым, "Быхавец" большы рэаліст і пра два замкі не згадаў.
Але колькі разоў ні паўтарай лягенду пра два замкі ці пра адзін горад, яна за-стаецца толькі лягендай пра "патрыцыевага" нашчадка Доспронгуса-Даўспрунка, ста-рэйшага Мяндоўгавага брата. І няма ніякай патрэбы пытацца, які «князь Живынбут, сын Деспронгов, мешкал на Де-вялтове і Волкомиру» (Там-сама. С.17) , калі "Живинбуд тежь Доспронгович в Кернове, в Вилкомиру, в Девялтове и в Литве межи Невяжею и Ви-лиею в покою пановал…" (Тамсама. С.19) Храніст, відаць, такім чынам сцвярджаў, што Мяндоўгаў пляменнік доўга не заседзеўся ў родавым гняздзе ды ўжо авалодаў і Кернавам. Але ж там, як мяр-куюць некаторыя даўнія і нядаўнія гісторыкі (T. Narbut. Dzieje T. IV- Dodatek. S. 9; Археологические открытия 1982 г. М., 1984. С. 382. Што праўда, Т. Баранаўскас піша: "…у гістарычнай традыцыі толькі Кернаў і Вільнюс вядо-мыя як сталіцы Літвы. Але наўрад ці гэта азначае, што Кернаў сапраўды быў сталіцай (Т. Баранаўскас. Новогрудок в XIII в. История и миф.//Cast-rum, urbs et bellum. Барана-вічы, 2002. С. 41) , была Мян-доўгава сталіца. А, прыкладам, Д. фон Альнпэкэ пісаў пра Кернаў як Транятаву краіну, пра што згадвалася вышэй. Ды ўвогуле не зразумела, як гэты Даўспронгавіч «и в Литве межи Невяжею и Вилиею в покою пановал» , бо Мяндоўг, калі верыць летапісу, яшчэ да хрышчэння "Литвоу зане. Поимана бе вся земля Литовь-ская" (ПСРЛ. Т.II. C. 815) , да якой і «раён Вільні», павінен быў належаць. Ды, увогуле, усходняя частка Летувы - гэта ж, нібыта, Аўкштайтыя. Ды што там нашыя сумненні - ці ж мы можам накіроўваць шляхі нашчадкаў рымскіх герояў?
Аўтары іншых летапісаў усё перарабілі на свой капыл. "Кгируса, сына Дов-спрунскова з Дявилтова " - зусім іншага нібыта нашчадка Мяндоўгавага брата - згадвае Румянцаўскі летапіс і загадвае яму "пановати на всеи земли Завелскои по границу Латы-гонъскую и по Завелскии Бра-славль, аже по реку Двину" (ПСРЛ. Т. 35. С. 194) . Гэтага "Кируса" (Kirussa, Кгируса) надта ж упадабалі таксама складальнікі летапісу Рачын-скага (ПСРЛ.Т.35. С.146) ды Альшэўскага летапісу (ПСРЛ. Т. 35. С. 174) .
Што ж, у Даўспрунка магло быць некалькі сыноў. А месца "на горе одной над рекою Светою недалеко Девял-това" было, відаць, надта ж прывабнае. Там і нашчадак іншага племені Утенус паставіў стодзіва - «вчынил балъвана на паметь отца сваего» Куко-войта, князя "жомоитского" (Пазнанскі летапіс. Цыт. Паводле ПСРЛ. Т.32, С.132).
Ды кіньма ўжо цыта-ваць жарты храністаў і лета-пісцаў. З усіх прыкладаў гэтых пераробак вынікае: быў нейкі пачатковы тэкст. Вельмі вера-годна, што паведамленне пра князёў «миръ дающе» - гэта старонка згаданых Д.С. Ліха-човым "Пинских летописей последней четверти XIII в." (Повесть временных лет. Ч.II. М., 1950. С. 160).
Верагодна, Пінскі лета-піс чытаў перапісчык іншай копіі Іпацеўскага спісу - Хлеб-нікаўскага летапісу, які, як згадвалася, беражліва паста-віўся да Нестаравага тэксту. І ў гэтым выпадку ён сумленна перапісаў вядомых пінскаму летапісцу князёў "изъ Лотвы" ды "литовьских", г. зн. з паселішчаў Лотва і Літва су-седняй Наваградскай зямлі (цяпер Ляхавіцкі раён), а так-сама імёны князёў "роушько-вичевъ, боулевичи" . На ка-рысць такога меркавання мож-на падаць факты, што рушка-вічы і булевічы - гэта ваяры родаў, якія жылі ў Панямонні, што літва - гэта не племя, што гісторыя не ведае міфічнага племя лотва (у першай частцы нарыса ўжо гаварылася, што лотву нельга атаесамляць з сучаснай польскай назвай Ла-твіі). Мала верагодна, што і з далёкай Жамойці маглі прыйсці князі. Адно, як сцвярджалася ў першай частцы нарыса, там не было князёў. Ды каб яны і былі, то адныя, самі па сабе, не маглі б выбрацца ў далёкую Валынскую зямлю. А з гэтага вынікае, што князі "жемоть-скыи" - гэта, верагодна, ваяры з паселішча Жомайдзь (цяпер суседняга з Ляхавіцкім Клец-кага раёна).
Вядома, можна спраба-ваць даводзіць, што перапіс-чыку Хлебнікаўскага летапісу ўжо была вядомая іншая назва Інфлянтаў - Латвіі, якую ўвязваюць з сучасным поль-скім "Лотва". Але Хлебнікаўскі ды Пагодзінскі спісы, дзе замест Дзяволтвы падаецца "лотва", лічацца перапісанымі адпаведна ў XVI ст. і 1621 г. Назва ж Lothavia з'яўляецца ў аўтараў ХVII ст. як агульная назва Латвіі ды "падзяляецца на зямлю ліваў, уласна Латвію (Lothaviam veram), Курлян-дыю і Земгалію (Этногра-фические и лигвистические аспекты этнической истории балтских народов. Рига, 1980. С. 60) . З гэтага Lothaviam быццам можна вывесці "Лот-ва". Але ж у той час ужо была шырока вядомая польская назва Латвіі - Інфлянты. Пры-кладам, у летапісу Рачынскага, створанага, як мяркуюць, у другой палове XVII ст. (A. Brьkner. Archiw fьr slawische Philologi. Bd. IX. H. III. Berlin, 1886. C. 345-391. Цыт.: ПСРЛ. Т.35. С. 12) , чытаем: «прышли немцы з-за моря до тое ж земли Латыголское, и тую землю засели, и панове тои латыголе зостали, и назвалися Ифлянты» (ПСРЛ т.35 с. 149) . Як бачым, няма і згадкі пра "лотву". Але, як то вынікае з Хронікі Літоўскай і Жмойцкай, Дзяволтва ўвогуле не можа быць названа Лотвай хоць бы з тае прычыны, што Лотва і Дзяволтва - два розныя, прынамсі, геаграфічна, паняцці.
5. Дзяволтва ці Лотва?
Але што такое, насам-рэч, Дзяволтва ці, як у лета-пісах, Девялтова (Дявилтов) ? У розных энцыклапедыях яна падаецца як «Дзяволтва, гістарычная літоўская воб-ласць» (БелСЭ. Т. IV. Мн., 1971. С. 214) або як «Дзялтува. Гістарычная літоўская зямля, што ўпершыню згадваецца пад 1219 г. ў Галіцка-Валын-скім летапісе» (Tarybu Lie-tuvos enciklopedija. T. 4. Vilnius, 1985. C. 407) . Як бачым, месца знаходжання яе прывязваюць да паселішча Дзялтува Укмяр-гайскага раёна Летувы, а гэта ж рэгіён г. нз. Аўкштайціі. Там, дарэчы, павінен быць замак, які, калі верыць летапісу, нібыта захапіў у 1265 г. Вой-шалк. Самае незвычайнае, ад-нак, у тым, што ні Дзялтуўскім замчышчам, ні Валкамірскім гарадзішчам не зацікавіліся археолагі, якія павінны былі б імкнуцца туды, каб знайсці там пацвярджэнне сваім гіпотэзам. Прынамсі, у томе «Финно-угры и балты в эпоху сред-невековья», згаданым у пер-шай частцы нарыса, такая вобласць не называецца, не згадваецца і Дзялтува. Зна-чыць, там не вяліся раскопкі, хаця "у аўкштайцкім рэгіёне вядомае вялікая колькасць гарадзішчаў" (Финно-угры и балты в эпоху средневеко-вья.М.,1987. С. 388) . Шаноўны чытачу, хай табе не ўяўляецца вельмі дзіўным такое стаўленне да «гістарычнай вобласці». Якая «вобласць», такое і стаў-ленне. Відавочна, што лету-віскія археолагі не бачылі неабходнасці капаць ялавую зямлю, або, магчыма, знайшлі там тыпова славянскія рэчы. Няма згадак пра "гістарычную вобласць Дзяволтву" і ў ар-тыкуле С.Я. Цымерманіса і В.І. Маркунаса " Об историко-этнографических абластях в Латвии и Литве во второй половине XIX в." (Этно-графические и лингвисти-ческие аспекты этнической истории балтских народов. Рига, 1980. С. 9 - 45) , у якім, дарэчы, можна прачытаць, што абшар ваколіц Валкаміра пад-падае пад арэал селонскіх гаворак і вопраткі, як то згадвалася ў першай частцы на-рыса.
Дарэчы, польскі гісторык Ю. Ляткоўскі ў сваёй кнізе пра Мяндоўга, падаючы згада-ны ўрывак «Валынскай хронікі», чамусьці напісаў не словы гэтага летапісу «се князи изъ Дяволтвы», а за-мяніў іх выразам «а се князи изъ Лотвы» (J. Latkowski. Mendok - krуl litewski. S. 13). У дужках тут жа ён патлумачыў, маўляў, гэта Дзяволтва, але дадаў да апошняга слова «гіп.». Гэтае "гіпатэтычна" можа аз-начаць, што аўтар кнігі пра Мяндоўга сумняваўся ў існа-ванні зямлі Дзяволтва. Мерка-ванне пра такое сумненне пац-вярджаецца тым, што ў да-лейшым сваім разважанні Ю. Ляткоўскі гаворыць пра "ksią-żąt łotewskich" (Тамсама. С. 17), маючы на ўвазе латышскіх князёў.
Але і пад лотвай Хлеб-нікаўскага летапісу нельга бачыць міфічнае племя лотва. Такога не было. Прыкладам, Нестар у пераліку народаў, якія жывуць у Падзвінні ды плацяць даніну Полацку (Гл. Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951. С.154) , называе ліваў (либь), куршаў (корсь), зем-галаў (зимигола), латгалаў (летьгола) (Повесть времен-ных лет. СПб, 1916. С. 10) , але не падае лотвы. Мне могуць запярэчыць, што Нестар не ведаў і селаў. Але яны фігу-руюць, прыкладам, у папскіх булах. Не згадваецца лотва і ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага, якому вядомыя "лэты або лэцігалы (лэты-галы)" (Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. М.- Л-д, 1938. С.84. ды селы, "даннікі караля" (Тамсама. С. 104) - кукенойскага князя Вячкі.
* Пазначаны імёны князёў, якія згадваюцца таксама ў Хроніцы Літоўскай і Жмойцкай, праўда, не заўсёды, як вынікае і з пададзеных заўвагаў, у адпаведны час.
Паўторым і меркаванне сучаснага латышскага гісторыка Т.Я. Зейдса. Ён падае формы назваў даўніх латышоў - "этнічнага аб'яднання, якое Ноўгарадскія летапісы аба-значаюць як Лотыгола, лацінскія - Letti seu Lettigalli, а хронікі, складзеныя на ня-мецкай мове, - Letten" (Эт-нографические и лингвисти-ческие аспекты… С.58).
Калі б нават уявіць, што такое племя існавала, то яно разам з іншымі плямёнамі Падзвіння залежала б ад По-лацка. Т.Я. Зейдс, прыкладам, прызнае, што латгальскія "кня-ствы Ерсіка, Талава і Кокнесе на пачатку ХШ ст. былі звязаны з рускімі княствамі" (Тамсама. С. 61) , г.зн. з По-лацкам. Польскі даследнік Г. Лаўмяньскі дакладна вызначае ролю Полацка, які праз сваё "геаграфічнае месцазнаходжанне на важным камуні-кацыйным шляху,.. умацаваны ў VIII - IX стст., узяў пад кантроль рух па Дзьвінскім шляху" (Lowmianski H. Geneza ziemi Polockiej.//Z polskich studiow slawistycznych. Seria 3. Historia. Warszawa, 1968. S. 14), а тым самым падпарад-каваў і падзвінскія плямёны.
Трэба таксама сказаць, што С.А. Анінскі, перакладчык (на расійскую мову) Хронікі Лівоніі, у якой апісваюцца падзеі ў Падзвінні на пачатку XIII ст., палічыў неабходным адзначыць: "Рускіх (г.зн. по-лацкіх - З.С.) князёў Хроніка называе reges (князь - З.С.), г.зн. ставіць іх на ўзровень з князямі Даніі, Швецыі, Гер-маніі, а часам дае ім (полацкім - З.С.)… тытул magnus rex (вялікі кароль - З.С.)… Пра-вадыроў жа ліваў, эстаў храніст называе senior (старэйшы - З.С.) ды зрэдку princeps ac senior (першы як старэйшына - З.С.)…" (Генрих Латвий-ский. Хроника Ливонии. С. 248).
Тое самае можна ска-заць і пра правадыроў лэтаў. Аўтар жа Хронікі, паводле С.А. Анінскага, быў непасрэд-ным удзельнікам падзеяў у Падзвінні, а таму добра ведаў тытулы мясцовых "старэйшы-наў". Дадамо, што ў першай частцы нарыса пададзены па-добныя невысокія тытулы жамойцкіх нобіляў. Тым больш падаецца вельмі дзіўным, што летапісец (ці капіст) вядомага нам тэксту Галіцка-Валынскага летапісу, які, верагодна, жыў далёка ад Жамойці ды Па-дзвіння, шчодра адорвае кня-скімі і вялікакняскімі тытуламі ўсіх прыбылых асобаў «миръ дающе» валынскім князям. І праз супастаўленне тэксту Хронікі Лівоніі з пададзеным урыўкам (Галіцка-Валынска-га) летапісу выяўляецца, што сапраўдны ранг тагачасных падзвінскіх правадыроў быў нашмат ніжэй.
Такім чынам, не будзе памылкай сказаць, што тытул "балцкіх" нобіляў не адпавядаў высокаму тытулу "князёў", адкуль бы яны ні былі - з летапіснай Дзяволтвы, ці з-над Дзвіны. Але на такія "дробязі" ні складальнік Галіцка-Валын-скага летапісу, ні ягоныя рэ-дактары не звярталі ўвагі. Перад імі стаяла больш важная задача: даказаць, што іх гас-падары - нашчадкі рымскіх патрыцыяў.
Цяпер пра год - 1215. Сама перш згадаем заўвагу А.А. Шахматава пра пазней-шую ўстаўку гадоў у летапіс, што ўжо дае падставу для сумнення. І Ю. Ляткоўскі крытычна паставіўся да гэтай даты. Ён здзіўляўся, што Гус-тынскі летапіс "мала або зусім не памыляецца", падаючы 1218 год, але прызнаваў больш верагодным 1219 год (J. Lat-kowski. Mendok - krol litewski. S. 15). Ды ні першая, ні другая даты ў дачыненні да "князёў" нібыта "балцкіх" плямёнаў не могуць быць праўдзівымі.
Гэта адразу стане віда-вочным, варта толькі пагля-дзець, што дзеялася тады на тых абшарах, адкуль летапісец паслаў князёў на Валынь.
Як вядома, з XI ст. у Падзвінні знаходзіліся два падпарадкаваныя Полацку ўдзельныя крывіцкія княствы, у якіх валадарылі полацкія князі. Адно з іх, Кукенойс (Кукейнос), прыняло ўладу рыжскага арцыбіскупа Аль-берта ў 1207 г. (БелСЭ. Т. 6. С. 181), а другое, Герсіке, засна-ванае на абшары латгалаў (Low-mianski H. Geneza ziemi Po-lockiej. С. 20) , сталася васаль-ным ордэна мечаносцаў у 1215 г. (БелСЭ. Т.3. С. 458) . Племя селаў, не згаданае ў "Аповесці мінулых часоў", страціла сваю неза-лежнасць у 1208 годзе, калі рыжскі "біскуп Альберт за-хапіў галоўны горад селаў (castrum Selonum) ды прымусіў селаў хрысціцца, а таксама адмовіцца ад хаўрусу з літвой (Этнографические и лингви-стические аспекты…С. 60) . У 1218 годзе папа Ганоры ІІІ зацвердзіў межы зелонскага (селонскага) біскупства (Liv-, Esth- und Curlдndisches Ur-kundenbuch. Ed. F.G. Bunge. T. I. - Reval, Riga, 1853. - № 18), якое ахапіла землі ўздоўж левага берага Дзвіны. А з гэтага вынікае, што ў той час, калі перапісчык-рэдактар зага-даў князям "лотвы" несці "мір" валынцам, значная частка паўд-нёвага Падзвіння ўжо фак-тычна была падначалена Лівон-скаму ордэну, рэшта ж заста-валася ў складзе Полацкага княства (Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX-XIII вв.). Мн.,1978. С. 59), дакладней, у "Полацкай імперыі", як то сцвярджае Генрых Лаўмянскі (Lowmianski H. Geneza ziemi Polockiej. С. 23) .
І калі раней усе латыш-скія плямёны, скажам, тыя лівы, што ў Полацкай імперыі "захавалі свой уласны лад" (Тамсама. С. 22), маглі хаў-русавацца з суседзямі, разам з імі ісці супраць якога-небудзь агульнага ворага, то пазней яны вымушаныя былі слухац-ца мечаносцаў. Пра гэта, пры-кладам, сведчыць пад 1219 годам Ноўгарадскі летапіс: "Иде князь Всеволод с ново-городцы ко Пертуеву и устре-таша немци, литву, либь и бишася" (ПСРЛ. Т. 3. С. 39) . А да таго ж, у той час у Сярэднім і Ніжнім Падзвінні было, мякка кажучы, неспа-койна.
У Лівонскай хроніцы Генрыха Латвійскага пад 1215 годам, а гэта быў 17-ты год ад высвячэння біскупа Рыжскага - дата не выдуманая, не выпадковая! - апавядаецца, што "эсты дамовіліся з'явіцца адразу трыма войскамі раз-бураць Лівонію" . Жыхары Сакалы і Унгаўні прыйшлі з вялікім войскам на землю лэтаў і ўзялі ў аблогу замак Аўціне. Неўзабаве ў адказ лэты разам з "сваімі сябрамі і блізкімі, з братамі-рыцарамі з Вендэна, з іншымі тэўтонамі" пайшлі ва Унгаўнію, зямлю эстаў, дзе "спалілі замкі" (Генрых Лат-війскі. Хроніка Лівоніі. С 157). Таго ж году, калі замер-зла мора, рыжане з лівамі і лэтамі напалі на выспу Эзель. На наступны год "рыжане з лівамі ды лэтамі, магістр Во-лквін з братамі і пілігрымамі" пайшлі рабаваць ужо ахрыш-чаных жыхароў эстонскай воб-ласці Сакала (Тамсама. С. 168) . І, верагодна, у адказ "эсты паслалі да караля По-лацкага Уладзіміра, каб пры-йшоў на аблогу Рыгі, а самі паабяцалі гнаць ліваў і лэтаў" , пра што Хроніка Лівоніі па-ведамляе пад тым жа 1216 годам. Улетку 1917 года жыха-ры Сакалы "ўварваліся ў зямлю лэтаў, спустошылі іх вёскі, парушыўшы замірэнне" (Там-сама. С.172) . Узаемныя набегі паўтараліся. І пад 1218 годам Генрых Латвійскі напісаў: "Вось ужо ішла 20-я гадавіна біскупа ў Рызе, край жа Лівон-скі ад войнаў цішыні, як і раней, не бачыў" (Тамсама) . Але і пра далейшыя неспрыяльныя замі-рэнню падзеі пад 1219 г. свед-чыць Хроніка Лівоніі: "Рыжа-не паслалі па ліваў і лэтаў, каб ісці супраць эстаў" ( Тамсама. С.182), а "пад восень рускія з Пскова з'явіліся ў зямлю лэтаў ды зрабавалі іх вёскі" (Там-сама. С. 187) . Вышэй ужо згадвалася пра яшчэ адзін паход, пададзены ў Ноўгарад-скім летапісе пад 1219 годам.
І як вынікае з пададзе-ных звестак "Хронікі Лівоніі", у такіх умовах ніякія князі з Падзвіння, хоць бы яны і былі незалежныя, ні ў 1215, ні ў 1218 годзе, ні пазней не маглі вы-брацца ў далёкі край з "мірам". Не выяўляецца і нейкай пільнай неабходнасці "балцкіх" плямё-наў выпраўляць пасольства менавіта ў той неспакойны час у далёкую краіну. Ды і пра карысць для Галіцка-Валынскага княства пасольства якіх-сьці васалаў рыжскага біскупа і ордэна мечаносцаў гаворкі быць не можа. Не выпадкова такая "важная" падзея не трапіла ў Валынскі кароткі ле-тапіс (ПСРЛ. Т. 35. С. 120).
Як бачым, з геапалі-тычнага пункту гледжання звестка Галіцка-Валынскага летапісу пра 1215 год недарэчная. А што да меркавання некаторых даследнікаў пра нібыта высокае ўсведамленне "балцкімі" князямі неабход-насці яднацца ды заявіць пра сябе, то мы можам сказаць: аўтар вядомага цяпер тэксту Галіцка-Валынскага летапісу меў пад рукою ўзор для на-следавання.
Як і дзеля чаго з'явілася мноства князёў?
Пасольствы дзеля замі-рэння выпраўлялі згодна, прыкладам, крывіцкія кня-ствы. Падобна выступілі разам "кароль Смаленскі, кароль Полацкі і некаторыя іншыя рускія каралі", калі пасля бітвы на Калцы ў 1224 г. выправіліся ў Рыгу з "мірам" (Генрых Латвійскі. Хроніка Лівоніі. С. 210) . Ім неабходна было пасля шматгадовай кан-франтацыі мірыцца з небяс-печным суседам - ордэнам мечаносцаў, ордэнам, але не з падпарадкаванымі яму ліўскімі ды земгальскімі старэйшынамі.
Аднак напрашваецца параўнанне з адным пасольст-вам, апісаным у "Аповесці мінулых гадоў". Там падаецца грамата 944 года, што называе ўсіх удзельнікаў Кіеўскага пасольства "от рода рускаго съли и гостье" (паслы і купцы) ў Візантыю. У той грамаце «сярод імёнаў паслоў сустра-каюцца і скандынаўскія, і славянскія ("Улеб, Синко"), і эстонскія ("чудские: Іскусеви, Каницар, Апубьксаръ")… ад-нак сярод княскіх імёнаў пера-важаюць менавіта славянскія: "Святослав, Предслава, Воло-дислав"». Скандынаўскія імё-ны паслоў паданыя ў жывым рускім вымаўленні: "Слуды, Шихъберн, Кары, Руалд, Ал-дан, Фростенъ…»" (ПВЛ. Т. ІІ. С. 289) - усіх было 51 ча-лавек. Столькі паслоў ад літвы, жамойці, Дзяволтвы або лот-вы, рушкавіцкіх і булевіцкіх родаў не набралася, а таму аўтар ці "рэдактар" скіраваў да валынскіх уладароў напалову менш замірэнцаў. Але мэта ў летапісца ці рэдактара была падобная.
Некаторыя навукоўцы лічаць, што ў выпадку з кіеў-скімі "пасламі і гасцямі" выяў-лена "рэальнае палітычнае прадстаўніцтва за мяжой асоб-ных рускіх земляў, асобных прадстаўнікоў вялікакняжага дома, баяраў і "княжатаў" (Цыт.: Сахаров А.Н. Дипло-матия древней Руси. М., 1980. С. 237) . Такое меркаванне, вядома, не можа вытлумачыць знаходжанне ў складзе "рус-кага" пасольства асобаў з "чуд-скімі" імёнамі, а таму закрад-ваецца думка пра падробку. Відаць, менавіта таму А.Н. Сахараў (Сахаров А.Н. Дипло-матия Древней Руси. С.237) і Д.С. Ліхачоў (ПВЛ. Т.ІІ. М.- Л-д, 1950. С. 289) не пагадзіліся з такім меркаваннем і вылучылі сваю гіпотэзу: яны (Кіеўскія паслы - З.С. ) усе - прадстаўнікі рускай дзяржавы. Але ж эс-тонскія землі не ўваходзілі нават ў Пскоўскае княства, як то можна было ўжо пераканац-ца, калі разглядаліся падзеі пачатку ХІІІ стагоддзя ў Па-дзвінні.
Думка пра падобную падробку ў Галіцка-Валынскім летапісе мае, як то можна было пераканацца праз аналіз праў-дзівасці даты, падставы. Пра магчымасць яднання васальных падзвінскіх старшынаў з кня-зямі літвы разважаць не да-водзіцца. Не варта даказваць і памылку даследнікаў гісторыі ВКЛ, для якіх той запіс - сведчанне яднання ўсіх балцкіх плямёнаў ды іх правадыроў (J. Latkowski, Narbut, Lowmianski, Пашута) . Прыкладам, у Лі-вонскай хроніцы не аднойчы гаворыцца пра бітвы лэтаў і "літоўцаў" (Генрых Латвійскі. Хроніка Лівоніі) . Ды не зва-жаючы на такія канфрантацыі, тэзіс, што менавіта Мяндоўг аб'яднаў "літоўскія" плямёны, знаходзіць настойлівую пад-трымку некаторых навукоў-цаў (Latkowski; Пашута; Лаў-мяньскі; энцыклапедыя) . Калі верыць запісу Галіцка-Валын-скага летапісу, то ўжо ў 1215 годзе дружна выступілі літоў-скія, рушкавіцкія, булевіцкія, жамойцкія ды дзяволтаўскія князі. Ды не проста сабраліся разам, а прынеслі "мір" Га-ліцка-Валынскаму княству. (Пра ўяўнае "яднанне" ўсіх "літоўскіх плямёнаў" было згадана ў першай частцы на-рыса. Ніжэй таксама будзе разгледжана "адзінства" і "ад-надушнае" жаданне прынесці мір на Валынь.)
Калі ўлічыць вышэй пададзеную заўвагу А.А. Шах-матава пра больш позняе да-таванне падзеяў ды меркаванне А.С.Арлова пра "рэдактараў" гэтага летапісу, то напрош-ваецца выснова: устаўка пра шматлікіх "пасланцоў" на Ва-лынь зроблена пазней. Што да мяркавання: рэальныя ці мі-фічныя згаданы там князі, то пытанне можна вырашыць толькі праз дакладны лінгві-стычны ды гістарычны аналіз тэксту, што не ставілася за мэту гэтага даследавання.
Але, безумоўна, неаб-ходна памятаць заўвагі да летапіснага тэксту, што выка-залі некаторыя даследнікі. Больш за паўвека таму ака-дэмік А.С.Арлоў, аналізуючы іншыя спісы (копіі) Іпацеўскага летапісу, звярнуў увагу на словы "ино-славянского про-исхождения и западно-рус-ского употребления: «зарек-новаша», «с прилики», «кошю-ли», «витязей»,.. «конокръм-ци», «скарбу», «оплатки»… - украинско-белорусские слова" (Арлоў. С.30).
З уласцівымі беларус-кім гаворкам асаблівасцямі напісаны таксама родавыя прозвішчы князёў Булевічаў (боулевичи), Рушкавічаў (Ро-ушьковичевъ, роускович, рускович) - з іх больш вя-домы Айшвна Рушкавіч (ПСРЛ. Т. II) , які рабаваў Валынь. Іншае напісанне імя Едивила - «Едивала» таксама схіляе да думкі пра славянскае, а паводле сучаснага назоўніц-тва, беларускае (ліцвінскае), паходжанне асобы з такім імем. У нашым назоўніцтве шмат падобных словаў-прозвішчаў: Буяла, Вавула, Вакула, Даўгя-ла, Гікала, Забяла ды інш. А таму закрадваецца думка: ці не мог "галіцка-валынскі" летапі-сец "пазычыць" ідэю пра па-сольства балцкіх князёў на Валынь з "Аповесці мінулых гадоў", а імёны паслоў узяць з Пінскага ці Наваградскага летапісаў, у якіх згадваліся ваяры з Літвы, Лотвы цяпера-шняга Ляхавіцкага ды Жомадзі Клецкага раёнаў?
Паходжанне Мяндоўга (паводле Уваскрасенскага летапісу)
У пераважнай больша-сці летапісаў ды хронікаў, дзе неяк згадана пра дзеі Мян-доўга, не паведамляецца пра ягонае паходжанне. А ўвогуле навукоўцы разглядаюць дзве - процілеглыя - версіі Мяндоў-гавага радаводу і не могуць прыйсці да згоды. Прыкладам, яшчэ ў ХІХ ст. польскі гісторык Юльюш Ляткоўскі лічыў мер-каванне пра паходжанне Мян-доўга з нашчадкаў рымскіх патрыцыяў (паводле Хронікі літоўскай і жамойцкай) - фан-тастычным, а з роду полацкіх князёў (паводле Уваскрасен-скага летапісу) - недарэчным (Latkowski J. Mendog krуl litewski. Krakуw,1892.- S. ) . Гісторыкі паўночнай краіны-суседкі амаль адназначна пры-маюць генеалагічную гіпотэзу Хронікі. Мікола Ермаловіч жа схільны быў пагадзіцца з мер-каваннем аўтара Уваскрасен-скага летапісу. На карысць апошняга сведчыць нямецкі храніст Дзітліб фон Альнпэке, які, не падаючы імя, называе Мяндоўгавага бацьку магут-ным каралём. Забягаючы на-перад, скажам, што для мечаносцаў, для ўсяго Нямецкага ордэна магутным каралём мог быць толькі полацкі князь. І вядомы гісторык Тэадор Нарбут не змог цалкам адмовіцца ад версіі пра полацкае пахо-джанне Гедымінавічаў. У пада-дзеным ім г. нз. Раўданскім рукапісе Гедымін падаецца унукам нейкага "марскога разбойніка" Лютавора, сынам Віценя (Віценеса), які ўславіўся ў бітвах з манголамі, але трапіў у няволю да Бату-хана. Вызва-лены з палону Віцень кіраваў Полацкім княствам і ўрэшце быў абраны літоўскім князем. Пасля ягонай смерці вялікім князем стаў ягоны сын Гедымін, які жыў у Эйраголе. Такая версія - фактычна пераказ выкладзенай у Васкрасенскім летапісе лягенды пра смален-скага княжыча Віценя, які асеў і валадарыў на Жмудзі. Ягоны раб Гігеменік неправамоцна завалодаў Віценевай спадчы-най і захапіў уладу над літвой, а таму маскоўскія князі, Руры-кавічы, маюць права на тыя землі.
Адразу варта нага-даць, што паходжанне князёў Вялікага Княства Літоўскага выкарыстоўвалі дзеля сваіх разнастайных мэтаў усе нашыя суседзі. Ці не самае цікавае - заваёва нашых земляў Батыем была прыдумана складальнікамі ці рэдактарамі літоўскіх (беларуска-літоўскіх) летапі-саў. За такую фальсіфікацыю не хапіліся нават крыжакі, якія пасля Грунвальда затаілі крыўду і прагу помсты. Як сцвярджаюць некаторыя даследнікі, менавіта ў Нямеччыне нара-дзілася задума справакаваць Маскоўскую дзяржаву, каб тая заявіла пра свае прэтэнзіі на г.нз. Літоўскую Русь - крывіцкія, радзіміцкія землі, якія ўвайшлі ў склад ВКЛ.
(Працяг у наступным нумары.)
Здзіслаў Сіцька
Успаміны Эдварда Вайніловіча
(Працяг.Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Два прадстаўнікі данскога краю - А. А. Данецкі і Ў. І. Дзянісаў, першы з якіх прафесійны адвакат, другі уладальнік велізарных багаццяў і губернскі маршалак, заўсёды ўпарта, пераканаўча і па сутнасці стаялі на абароне інтарасаў казакоў. У Дзянісава дзверы дома заўсёды былі расхінутыя для сяброў, праўда, да моманту разводу з жонкай і самагубства сына (другое стала наступствам першага).
Корф
З баронам П. Л. Корфам мне даводзілася працаваць разам у аграрнай камісіі, і заўсёды паміж намі было паразуменне. Ён быў абраны ад Пецярбургскай губерні і не падтрымліваў адносін з прыбалтыйскімі баронамі.
Куламзін
З А. Н. Куламзіным, які пазней стаў старшынём Дзяржаўнай Рады, я бліжэй пазнаёміўся ў школьнай камісіі, старшынём якой ён быў. Бюракратычная кар'ера, якую ён абраў з маладых гадоў, дала яму як "кіраванцу" неабходны дослед. Але, памятаючы кірунак, які панаваў у часы Талстога, Пабеданосцава & К, ён нялёгка ўспрымаў новае, звязанае з народнымі школамі і вольным навучаннем, за якія я яго агітаваў. Задача была практычна невыканальная, тым больш што другі чалец камісіі, правадыр крыла нацыяналістаў у Дзяржаўнай Радзе і швагер самога Пятра Аркадзевіча, Аляксей Нейхард стала сачыў за тым, каб камісія не збочвала са шляху, пракладзенага Міністэрствам асветы.
А. Б. Нейхард, чалавек здольны і працавіты, з велізарнымі сувязямі, да нас быў настроены варожа.
З Куламзіным жа, нягледзячы на разыходжанне ў поглядах, адносіны заставаліся добрыя, і, калі я сыйшоў з Дзяржаўнай Рады, ён мне дасылаў у вёску работы школьнай камісіі, хоць я да яе "ipso facto" не належаў.
Леантовіч
Шаноўным чалавекам быў палтаўскі дэпутат, маршалак І. М. Леантовіч, шчыры наш сябар, ліберал, вялікі аўтарытэт у пытаннях, звязаных з перасяленнем, якога запрашаў віцаміністр Лукошын для працы ў "сарвітутных камісіях", пра што я згадваў вышэй.
Косіч
Генерал А. І. Косіч, у свой час вайсковы міністр у Балгарыі, камандзір корпуса, раскватараванага ў Менску, які прымаў удзел у справах Менскага аграрнага таварыства, наш сталы сябар, нядоўга быў чальцом Дзяржаўнай Рады. Як чалавек, які не асабліва лічыўся з настроямі вышэйшых сфер і не стрымліваўся ў выразах падчас выступаў, неўзабаве быў адпраўлены ў адстаўку. Ён запрашаў часам мяне да сябе на сняданкі, на вул. Кірачную, 24, дзе жыў разам з жонкай. Дзяцей у іх не было. Састарэлы, ён ужо не быў здольны да напружанай працы.
Хамякоў, Валконскі, Стаховіч
Калі М.А. Хамякоў і князь М.С. Валконскі, пярайшоўшы з Дзяржаўнай Рады ў Думу, занялі там годнае месца, то абсалютна не апраўдаў нашы надзеі М.А. Стаховіч, які прайшоў шлях "з дакладнасцю да наадварот", калі з выбітнага чальца Думы ён стаў вельмі пасрэдным чальцом Дзяржаўнай Рады, пазней стаўшы генералгубернатарам Фінляндыі.
Нарышкін, Какоўцаў
А. А. Нарышкін, ультраправы арыстакрат, але бліскучы джэнтльмен, які заўсёды паважаў меркаванні апанентаў, шанаваў нашу культуру і паводзіны ў Дзяржаўнай Радзе. У. М. Какоўцаў, тагачасны міністр фінансаў, вучань Вітэ, хоць і расходзіўся ў некаторых поглядах з міністрам, але быў чалавекам здольным і працавітым, праўда, любіў гаварыць занадта доўга, прыслухваючыся да сваёй прамовы і любуючыся каскадам сваіх слоў. Нягледзячы на маю ўраўнаважанасць, я аднойчы ў Думе дазволіў сабе працытаваць гістарычную прымаўку: "Слава Богу, у нас няма парламенту". Пасля трагедыі са Сталыпіным Нарышкін стаў прэм'ерам, аднак, не змог дабіцца такога ўплыву, які яго папярэднік меў у Заканадаўчых Палатах.
Мікалай
Не магу не ўспомніць таксама і пра Мікалая хелмскага і варшаўскага архібіскупа, з якім я таксама быў блізка знаёмы. Ён жыў на вуліцы Вялікай Падзячаўскай, на "Манастырскім падворку". Над ложкам у яго вісеў абраз з выявай Маці Божай Чанстахоўскай, падораны, з яго слоў, вядомым у свой час абатам О. Рэйманам. Ён распавядаў пра сваё абацтва ў Амерыцы і ў Крыме, дзе нібы татары з падзякай успамінаюць яго талерантнасць; а ці вылучаўся ён такой жа талерантнасцю ў Каралеўстве, іншым лепш ведаць. Ён падарыў мне выданне сваіх пропаведзяў, адна з якіх была прачытаная ў Чанстахове, і павінна была вылучацца асобай талерантнасцю.
Нольдэ Шум
Станоўчым героем у Дзяржаўнай Радзе быў таксама барон Э. І. Нольдэ, прадстаўнік каўказскага намесніка князя І. І. ВаранцоваДашкова, а таксама высакароднага яго абаронцы ў Думе, чаму сам быў сведкам. Калі левыя дэпутаты, якіх меў шмат Каўказ, пачалі тэндэнцыйна скланяць добрае імя намесніка, чалавека шаноўнага, барон Нольдэ з міністэрскай ложы прайшоў да трыбуны і, моцна ўзбуджаны, меў неасцярожнасць выказацца: "Тыя спадары, што так шукаюць намесніка, нават у падноскі яму не падыходзяць". Шум падняўся неапісальны, з нагоды, нібы, абразы прадстаўнікоў народа. Старшыня Хамякоў змушаны быў перапыніць паседжанне. Справа дайшла да Царскага Сяла і скончылася прапановай старшыні Думы на паседжанні, каб барон Нольдэ растлумачыўся, што не хацеў абражаць сваіх апанентаў як чальцоў Думы, а звяртаўся да іх як да прыватных асобаў, якія адмоўна адазваліся пра яго шэфа і сябра. Ці атрымаў вымову барон Нольдэ ў Царскім Сяле, я не ўпэўнены.
Акімаў
Нарэшце, жадаю ахарактарызаваць старшыню Дзяржаўнай Рады М. Г. Акімава, грубіянскага і ўладнага, падразаўшага крылы ўсім, хто хацеў падняцца вышэй ганка Марыінскага палаца. Акімаў, Булыгін і Дурнаво тройка з велізарным уплывам у Царскім Сяле. Але, асабіста я на свае адносіны з старшынём не магу наракаць. Ён часам нават запрашаў мяне на нарады канвента сеньёраў.
VI
Зараз наступіла чарга распавесці аб стаўленні дэпутатаў Дзяржаўнай Рады да ўсіх дэпутатаў Думы і аб стаўленні дэпутатаў Думы ад Заходняга краю да дэпутатаў Думы ад Канграсуўкі. У пачатку заканадаўчай дзейнасці мы рэдка сустракаліся з думскімі дэпутатамі ад Каралеўства, дзесьці некалькі раз у год. Звычайна гэта адбывалася ў бібліятэцы касцёла святой Кацярыны, напрыклад, з мэтай абмеркавання ўдзелу нашых дэпутатаў у міжпарламенцкай канферэнцыі ў Лондане, г.зн. у выпадках, якія не адносяцца да прамой кампетэнцыі заканадаўчай дзейнасці. Часцей дэпутаты Дзяржрады і Думы ад 9 заходніх губерняў збіраліся ў вузкім коле з мэтай абмеркавання сваіх праблемаў.
Біскуп Роп
У раздзеле дэпутатаў Думы знаходзіўся, паводле свайго статусу, віленскі біскуп Эдвард Роп чалавек ініцыятыўны і дасведчаны ў тым, чаго жадае. Але нельга сказаць, што такое становішча рэчаў давала толькі станаўчыя вынікі. Першым чынам, біскуп Роп імкнуўся выканаць сваю сацыяльнакаталіцкую праграму, калі можна яе так назваць, якая не кожнаму была па душы. Падругое, яго пасада стварала тую сітуацыю, пры якой дэпутаты, сярод якіх большасць складалі католікі, абавязаныя былі яе паважаць, што перашкаджала свабодзе спрэчак і апаніравання.
Зборы, якія праходзілі на кватэры думскага дэпутата Баляслава Ялавецкага, доўжыліся нядоўга, магчыма, збольшага прычынай таму была адсутнасць уласнага памяшкання, але, хутчэй усяго некаторыя рознагалоссі ў поглядах і вялікая занятасць, як адных, так і другіх дэпутатаў у камісіях абедзвюх Заканадаўчых Палат, у якіх, трэба прызнаць, нашы дэпутаты сур'ёзна працавалі. Хачу, аднак, зрабіць абмоўку, што ва ўсім сказаным мной вышэй, і ў тым, пра што яшчэ распавяду, адлюстраваны мае асабістыя погляды. Магчыма, я памыляюся, хай іншыя паправяць, але раблю я гэта, ва ўсякім разе, з самымі лепшымі намерамі.
Некаторыя адрозненні ў поглядах
З самога пачатку, будзьто на неафіцыйных зборах нашай групы, будзьто на афіцыйных выступах у Думе, назіраліся некаторыя адрозненні ў поглядах прадстаўнікоў Літвы і Русі і прадстаўнікоў Канграсуўкі. Ды інакш і быць не магло. У нашым выпадку закраналася пытанне аб валоданні зямлёй і нежаданні ад яе адракацца, прадстаўленым у выглядзе асноўнага артыкула палітычнага катэхізісу Літвы і Русі, на алтар якога, як я ўжо ўспамінаў, польскія землеўладальнікі Заходняга краю паклалі ўсё самае дарагое, каб захаваць сваё маёмаснае становішча, нягледзячы на ўсялякія снежаньскія законы; зямля, якая сыйдзе з рук, ужо больш да іх ніколі не вернецца. Гэтае пытанне для дэпутатаў ад Кангрэсуўкі мела з нацыянальнага пункта погляду другараднае значэнне.
Калі б, напрыклад, у Каралеўстве нейкі Падфіліпскі ажыццяўляў бы распарцэляцыю сямейнага гнязда, то замест яго там б аселі Войткі, Мацюсі і іншыя нашчадкі таго ж колавага майстра, ад якога і былы ўладальнік паходзіў, і з рук якіх, само сабой зразумела, зямля "выслізнуць" не магла. А нацыянальнае выхаванне і самасвядомасць маглі б сфармаваць яшчэ лепшага грамадзяніна краіны, чым спадар Падфіліпскі. І таму праграма кадэтаў, якія вылучалі розныя ліберальныя прапановы, і якая з самога пачатку паказвае на адпаведныя "fata morgana" аўтаноміі Каралеўства, была для "каронцаў", безумоўна, прывабнай. Група I Думы магла хоць дзесяць раз засядаць на тэму павесткі дня ў Думе, але ўсе ведалі, што "le mot d'ordre" вызначаецца не ў групе, а ў кадэцкім клубе. Што датычыцца дэпутатаў Літвы і Русі, то для іх кадэты былі кашмарам, параза якіх аддаляла здань прымусовага адчужэння, таму прадстаўнікам Літвы і Русі больш блізкія былі погляды акцябрыстаў (расійскіх рэалістаў).
Другім пытаннем, з тых што ўплывалі на разыходжанні ў поглядах абедзвюх груп, былі асноўныя мэты палітыкі: тамтэйшыя землеўладальнікі адчувалі ў сабе сілы дабіцца лепшай долі для свайго Краю нават пры існым дзяржаўным парадку. А прадстаўнікі Кароны, спасылаючыся на Венскі трактат, на арганічны статут, на рэформы эпохі вялікага князя, лічылі шырокую аўтаномію адзіна магчымым рашэннем гэтага пытання. На неафіцыйных зборах нашай групы ўдзельнікі ўсё далей адхіляліся ў бок, і нават ужо абмяркоўвалася пытанне аб колерах будучага войска, аб праве габрэяў на жаргонную школу і г. д. Гэтыя адрозненні ў поглядах характэрныя для прадстаўнікоў раёнаў Рэчы Паспалітай, для Літвы ж і Русі (уключаючы Белую Русь і Малую Русь) тагачаснай марай было раўнаванне ў правах з іншымі губернямі краіны.
Дасведчаныя і загартаваныя ў складаных умовах выключнага права дзеячы выяўляліся не толькі на неафіцыйных паседжаннях, але і станавіліся ўсеагульным здабыткам, дзякуючы выступам дэпутатаў абодвух раёнаў на пленарных паседжаннях Думы. Хачу распавесці, як на неафіцыйным паседжанні дэпутат У. Грабскі вельмі майстэрскі тлумачыў, што адчужэнне зусім не з'яўляецца чымсьці выключным, што яно існуе ва ўсіх заканадаўствах у выпадках сумеснага карыстання, напрыклад, дарогі, каналы і да т.п.; нарэшце, разняволенне сялян у апошні час з'яўляецца найзырчэйшым таму прыкладам. Ён толькі забываў аб вялікай розніцы, якая існуе паміж гэтымі паняццямі. Што маёмасцю, экспрапрыяванай пад будаўніцтва чыгункі або канала, можа карыстацца не толькі грамадства ў цэлым, але і сам былы гаспадар, у той час як раллёй, адабранай у Падфіліпскага, карыстаецца толькі Слімак, які не толькі былога ўладальніка, але і суседа Мацька з яе палкай прагоніць. А прыклад "разняволення" сялян ужо, як сведчыць сама наменклатура, па сутнасці з'явіўся дакументальным афармленнем уласнасці тых, хто гэтай зямлёй фактычна валодаў і ўсё жыццё лічыў сваёй.
У той час як "экспрапрыяцыя" падрывае самае каштоўнае культурнае набыццё права ўласнасці: адбіраецца поле або луг у Яна, каб перадаць іх Паўлу толькі таму, што Павел у іх мае патрэбу або хоча іх мець без усякіх на тое правоў, у той час, як Ян мае ўсе дакументы, якія пацвярджаюць куплю або атрыманне ў спадчыну, валодаў фактычна сваёй уласнасцю, карыстаўся, працаваў на ёй і падвышаў культуру земляробства і прадукцыйнасць.
Неяк выпадкова мне прыйшлося прысутнічаць у Думе на вядомым выступе дэпутата Стэцкага. Дэпутат Стэцкі падобна габрэям, якія, хварэючы халерай, баяліся нават прамаўляць гэтае слова, так лавіраваў, не ўжываючы слова "экспрапрыяцыя", што кожны здагадваўся аб тым, што сам прадмет гутаркі зусім яму не праціўны. І тое, што гэты выступ не толькі я адзін так зразумеў, можа сведчыць той факт, што, здаецца, Дурнаво, які сядзеў побач у ложы, нават спытаў у мяне: "Гэты дэпутат з Польшчы, ён што, кадэт?". А пасля таго, як я адказаў, што не, бо палякі складаюць асобную групу, ён заўважыў: "Калі ён не кадэт, то "кадэтствуючы". Тое, пра што я гаварыў, успамінаючы Ў. Грабскага, было сказана на неафіцыйным паседжанні, і, лічу, спадар Грабскі не будзе мяне аспрэчваць. Выступ дэпутата Стэцкага можна знайсці ў стэнаграмах Думы, каб пераканацца, ці правільна я зразумеў яго арыентацыю і ці меў рацыю Дурнаво. У канцы канцоў, у краі яго выступ так і ўспрынялі. (Чытай артыкул Езеранскага ў "Слове" за 14/27 жніўня 1907 г.).
Такі выступ, такое ігнараванне нашых інтэрасаў, такое адрачэнне ад польскіх Крэсаў, і ўсё дзеля таго, каб дагадзіць кадэтам. Крэсаў, якія гэтулькі нацярпеліся за сваю салідарнасць з Каронай, якія фанатычна ўступілі ў паўстанцкую барацьбу 1863 г., каб сваёй разлітай крывёй пазначыць былыя межы Рэчы Паспалітай. Крэсаў, якія далі краіне Касцюшку, Рейтана, Міцкевіча, Славацкага, Сыракомлю, Адынца, Манюшку, Вайсенгофа, Кажона, Спасовіча!.. Усё гэта да глыбіні душы абурала пасланцаў Заходняга Краю на паседжаннях I Думы. Тыя спадары з Кароны не адчувалі за сабой граху, даказваючы, што мы чытаем паміж радкамі тое, чаго няма, і што яны паводзяць сябе падобным чынам толькі з тактычных меркаванняў. Але мы разумелі, што тактычнымі меркаваннямі кіруюцца тыя, хто лічыць, што на двух крэслах зручней сядзець. Падчас склікання II Думы дасведчаны старшыня групы дэпутатаў Кароны ср Раман Дмоўскі цалкам выразна пазначыў праблему, прызнаючы, што "заходнія правінцыі" (так у той час звалі ўсходнія Крэсы) трэба лічыць страчанымі для Польшчы.
Польшча не павінна звязваць сваю будучыню з імі, а адгэтуль хай гэтыя правінцыі самі займаюцца сваімі праблемамі.
Памяці рыцараў Аршанскай бітвы
Жыццё народа неразрыўна злучанае з дзеямі мінулага, якія стварылі сённяшні дзень і памяць - тую неразрыўную нітку, звязаўшую нацыю ў цэльнасць і далучыўшую да агульначалавечага быцця.
Але памяць народа, яго дзеі, якія ўпісаны залатымі літарамі ў старонкі яго жыцця, зачастую застаюцца не толькі забытымі, але адмыслова выкрасленымі і выдаленымі з быцця той ці іншай нацыі.
Так сталася з беларусамі. Гісторыя і дзеі іх зямлі перадусім невядомыя ім самім. Акупацыйныя ўлады, якія змяняліся адна за адной спрабавалі разарваць ніткупамяць, каб раскідаць нацыю па кавалках і пасля са спакойным сумленнем прыпісаць іх да сябе. І на жаль, гэта адбываецца і сёння - у ХХІ стагоддзі цывілізаванага дэмакратычнага свету, які не стаў на абарону пакрыўджанай нацыі, а заняў пазіцыю чакання...
І таму яскравы прыклад, падзеі 8 верасня 1514 г., калі войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з Кастусём Астрожскім у бітве пад Воршай перамаглі раці Маскоўскага княства.
Так. У самой Беларусі забаронена не толькі гэтае свята, але і магчымасць яго адзначаць і прапагандаваць. З нацыянальнай памяці выціраюцца самыя лепшыя і самыя яскравыя моманты. І сёння, Таварыста беларускай культуры ў Літве, выправіўшыся ў вандроўку па былых этнічных беларускіх землях, адзначала не толькі гэтае свята, але зазначыла ўсяму цывілізаванаму свету аб яго існасці.
Раніцай, 9 верасня, сябры ТБК, на чале з яго старшынём Хведарам Нюнькам выправіліся ў вандроўку, якая стала трэцяй па ліку за гэты год, каб аддаць павагу забытым героям Аршанскай перамогі.
Мы праехалі па тых рэгіёнах, ведамых не толькі сваёй гісторыяй і знакамітымі асобамі, але і тым, што і сёння тут яшчэ размаўляюць на беларускай мове, але ўжо згубіўшы сваю нацыянальную самаіндэнтыфікацыю, і думаючы, што яны палякі. Вось адзін з прыкладаў таго, што згубіўшы нацыянальную свядомасць, чалавек ужо не суадносіць сябе са сваімі каранямі і продкамі. І гэта сведчыць аб тым, на колькі важна яе не толькі захоўваць, але і фармаваць.
Першым нашым прыпынкам былі Яшуны. Тут захаваліся (праўда ў занядбаным стане) сядзіба Балінскіх і Снядэцкіх і ў надзвычай цудоўным стане сямейныя могільнікі. Гэты род даў шмат навуковых і культурных дзеячоў. Сярод іх: Ян Снядэцкі - рэктар Віленскага унівэрсітэта, прафесар астраноміі, фізікі і матэматыкі, Міхаіл Балінскі - гісторык, Ян Балінскі - прафесар псіхалогіі Пецярбуржскай вайсковай акадэміі.
Затым мы спыніліся ў Салечніках і наведалі помнік Кастусю Каліноўскаму - кіраўніку паўстання 186364 г.г., які быў адкрыты ў верасні 1999 г., а таксама літоўскую гімназію тысячагоддзя Літвы, якая ў гэтым годзе адзначыла сваё дзесяцігоддзе. Гледзячы на яе толькі зайздросціш літоўцам, наколькі яны ўмеюць і могуць думаць аб фармаванні нацыянальнасвядомай літоўскай моладзі.
І вось мы ўсё бліжэй і бліжэй да афіцыйнай беларускай граніцы, бачым памежную агароджу, якая падыходзіць да самой дарогі, раздзяляючы не бачнай, але неперасягальнай мяжой тыя народы, што больш за тысячагоддзі жылі разам, мелі супольную гісторыю і дзяржаву. Але гэта было...
Прыехаўшы ў Дзевянішкі, адразу вухам схопліваеш тую мову, на якой размаўляюць тутэйшыя. Праўда, як згадвалася вышэй, яны не лічаць сябе беларусамі, за рэдкімі выключэннямі. Маючы літоўскія прозвішчы, размаўляючы пабеларуску, яны ўсімі праўдамі і няпраўдамі даказваюць, што самыя што не на ёсць чыстыя палякі, такія, як і ў Варшаве. Але ўзнікае пытанне - калі вы палякі, то чаму не размаўляеце папольску, чаму цалкам адсутнічае польскі фальклор, польскія традыцыі, а калі і спяваюць польскія народныя песні, то яны зусім не з гэтага рэгіёна.
Самым цікавым і плённым у нашай вандроўцы было наведванне Нарвялішак. Мы ў другі раз змаглі быць і ля самой мяжы з Беларуссю і адчуць духам, што мы знаходзімся на сваёй этнічнай бацькаўшчыне. Якраз народ збіраўся на нядзельную імшу. І нас у чарговы раз уразіла іх беларуская мова. І тут адчуўся чарговы боль - мяжа, што раздзяліла гэты рэгіён. Па той бок агароджы мы бачым людзей, што прыйшлі таксама на нядзельную імшу, але патрапіць у касцёл яны не могуць, бо ён за плотам, які сёння аддзяліў іх ад таго, што было для іх часткай жыцця, светаўспрымання. Бо як яны не могуць хадзіць па той зямлі, у якую ўраслі, якую стапталі сваімі нагамі. Тут і могільнік, дзе спачываюць іх родныя і блізкія - а яны практычна не могуць іх наведаць. І так не могуць зразумець, што здарылася такое, што яны сёння там і не могуць сюды патрапіць. Вось адна бабулька скардзіцца, што нават не змагла патрапіць на пахаванне сваёй роднай сястры. Бо так не пускаюць, а афармленне візы патрабуе часу - гэтулькі часу нябожчыцу ніхто не будзе трымаць ў хаце.
І тут нас чакала невялікая прыемнасць. Прыехаўшы мясцовы ксёндз (літовец па нацыянальнасьці) надзвычай прыязна да нас паставіўся. Нават прамовіў некалькі слоў на беларускай мове і праспяваўшы калядку "Сёння ў Бэтлеем, сёння ў Бэтлеем, дзіўная навіна, Святая Панна, Святая Панна, нарадзіла Сына ", сказаў, што быў асабіста знаёмы з беларускім ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім. І дадаў, што сапраўды мясцовыя парафіяне варожа ставяцца не толькі да беларускай мовы ў касцёле, але і да літоўскай. На прапанову праспяваць беларускі гімн "Магутны Божа" паставіўся станоўча сябра ТБК Андрусь Старавойтаў. Праўда, сам ксёндз баяўся рэакцыі парафіянаў, і нават прадугледжваў такі варыянт, што бабулькі могуць выйсці з касцёла ў часе гучання спеву. Але і на наша здзіўленне і ксяндза, ім не толькі спадабалася гучанне гімну, але ў канцы яны аддзячылі гучным воплескам апладысментаў.
І на прыканцы мы наведалі знакаміты Нарвялішскі замак, які жыве пятым жыццём. Аб яго гісторыі нам распавёў мясцовы супрацоўнік, апрануты ў адзенне манаха. Пабудова замка звязана з каханнем, калі маладая пара пажадала жыць разам у адным месцы, пасля тут быў кляштар францішканцаў, зачынены расейкімі ўладамі ў 1831 г. за ўдзел манахаў у паўстанні. Пасля тут была створана расейская вайсковая база, пасля жаночая вучэльня і вось зараз, пятае жыццё - гатэль.
Так заканчвалася наша вандроўка, прысвечаная рыцарам, што палеглі на Аршанскім полі, баронячы незалежнасць свае зямлі. Яны аддавалі ўласныя жыцці, жадаючы бачыць веліч свае Бацькаўшчыны, яе незалежнасць, яе існасць як Еўрапейскай дзяржавы.
Мова, якая гучала з іх вуснаў, калі яны каналі пасля цяжкіх раненняў, яшчэ жыве, але іх надзеі аб вольнасці іх святое зямлі так і не збыліся. Яна сёння акупавана тымі, каго яны перамаглі тады, пяць стагоддзяў назад.
І нам сорамна перад іх памяццю. Але нашае жыццё, тое, што мы іх узгадалі - сведчанне таго, што іх кроў не была дарэмнай, што іх мары аб незалежнай Беларусі збудуцца.
Вільня, 9 верасня 2007 г. Алесь Адамковіч, Язэп Русакевіч (здымкі).
Час збіраць камяні
У вёсцы Станькава, што на Дзяржыншчыне, знаходзяцца руіны некалі аднаго з прыгажэйшых на Меншчыне праваслаўных храмаў - Свята - Мікалаеўскай царквы.
Пабудаваны храм быў у 1858 г. пры фундацыі ўладальніка Станькаўскага маёнтка, вядомага бібліяфіла, калекцыянера графа Эмерыка фон ГутэнЧапскага, а таксама на ахвяраванні прыхаджан. Аўтарам праекта быў вядомы ў той час архітэктар Канстанцін Тон. Неабходна адзначыць, што граф па веравызнанні быў католікам, і займаў у Царскай Расіі высокую пасаду.
З тым, каб даказаць цару і Айчыне сваю адданнасць, ім і была закладзена ў Станькаве Праваслаўная царква. Для пабудовы царквы было выбрана маляўнічае месца - на беразе штучнага возера, створанага шляхам запруды рэчкі Рапусы. Насупраць, праз возера графскаі палац. За будаўніцтва гэтага храма імператар Расіі Аляксандр ІІ аб'явіў графу Найвышэйшую Падзяку, што было ў той час высокай узнагародай.
Першым святаром у Мікалаеўскім храме быў пратаіярэй Мікалай Трускоўскі, будучы архімандрыт, гісторык, краязнавец, пісьменнік.
З 1883 г. да 1918 г. святаром служыў пратаіярэй Фёдар Чарняўскі, бацька кананізаванай царквой у лютым 2006 г. святой Валянціны Менскай (Валянціны Сулкоўскай). У 20я гады ХХ стаг. у храме служыў айцец Мікалай Атавараў, расстраляны ў канцы 20х гадоў, а апошнім святаром быў іярэй Ілья Мендзік, таксама расстраляны ў 1936 г. Уся яго сям'я была безпадстаўна рэпрасавана. А колькі, наогул, святароў на Беларусі было расстраляна?
Па ўсяму перыметру царкоўнай агароджы раслі высокія ліпы, паміж якімі былі высаджаны кусты бэзу і чаромухі. На званіцы віселі чатыры званы вагой у 12,5; 3, 2 пуды і ў 20 фунтаў.
У кожнага з нас на Зямлі свой лёс. Іншы народзіцца і прыгожым, і таленавітым, а лёс яго незайдросны, трагічны. Тое самае можна сказаць і пра лёс гэтай, некалі вельмі прыгожай царквы. Зачынілі царкву ў 1936 годзе у разгар барацьбы з рэлігіяй і "ворагамі народа". З яе было вынесена, разрабавана ўсё каштоўнае, большасць абразоў была спалена, а званы пусцілі на пераплаўку. Шэраг абразоў царквы быў вынесены вернікамі ў надзеі, што ў будучым царква будзе адноўлена, і абразы будуць вернуты на сваё законнае месца. Потым з царквы зрабілі зернясховішча. У часы Вялікай Айчыннай вайны ў царкве трымалі зброю, якая пры адным з баёў была ўзарвана, у выніку чаго былі пашкоджаны інтэр'еры храма. Пасля вайны храм зноў быў прыстасаваны пад зернясховішча. Але ў выніку пажару зза навальніцы ўсё зерне выгарала, і храм пуставаў.
На Беларусі вядомы і больш жудасныя гісторыі, звязаныя з выкарыстаннем нялюдскімі ўладамі святынь цэркваў, касцёлаў і інш.
Так, у г. Мазыры напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, царква была прыстасавана пад турму, у якой трымалі палітвязняў "ворагаў народу". У сярэдзіне царквы, на баках яе, былі абсталяваны вышкі, з якіх узброенныя вартавыя ў любы час маглі пачаць страляніну па ахвярах тэрору - былых працавітых сялянах і рабочых. Аб гэтым можна даведацца з кнігі аўтараў А. Кавалёва і А. Майсені пад назвай "Колокол мойправда", "Забыть не дано", якая выйшла ў свет у выдавецтве "Беларусь" у 1989 г.
У пачатку 70-х гадоў, калі я быў камандзіраваны ў якасці глебазнаўца ў сельскія гаспадаркі Дзяржыншчыны, мне неаднойчы даводзілася праязджаць праз в. Станькава.
Пачуццё вялікага смутку ахоплівала мяне пры позірку на руіны былой царквы, быццам гэта былі не руіны колісь цудоўнага храма, а знявечаны блізкі чалавек, якому нельга нічым дапамагчы. Аб тым, хто здзейсніў разбурэнне царквы, і як адбываліся падзеі, я даведаўся летась, у час наведвання ў Дзяржынскім краязнаўчым музеі выставы, прысвечанай графу Эмерыку фон ГутэнЧапскаму і яго сынам. Выстава была арганізавана гісторыкакраязнаўчым аб'яднанням "Прылуцкая спадчына" і архітэктарамрэстаўратарам Беларускай праваслаўнай царквы, навуковым кіраўніком аб'екту СвятаМікалаеўскай царквы і станькаўскага парку Алегам Масліевым, жыхаром в. Станькава.
Падзеі разгортваліся наступным чынам.
У 1961 г. вясною прарвала драўляную плаціну, якая перагароджвала раку Рапусу. У выніку са штучнага возера хлынула вада. Былі затоплены вёска Камянка і калгаснае поле.
У ліквідацыі аварыі была задзейнічана Станькаўская вайсковая залога. Па камандзе "зверху" матэрыялам для рамонту пашкоджанай плаціны павінна была быць выкарыстана Свята-Мікалаеўская царква, што стаяла побач.
І ў храм была закладзена ўзрыўчатка.
Пасля 2х моцных выбухаў сцены храма ўцалелі. Верныя людзі, якія назіраллі за падзеямі, углядзелі ў гэтым адзнаку (ці "знаменне" па расійску), што царква можа застацца. І толькі пасля 3га выбуху вайскоўцы атрымалі "перамогу". Сцены храма, яго паўднёвы і заходні прыдзелы з вялікімі намаганнямі расцягнулі з дапамогай вайсковай тэхнікі. Вось такі трагічны лёс напаткаў праваслаўную святыню - Свята-Мікалаеўскі храм.
Летась, пасля кананізацыі Святой Валянціны Менскай, было атрымана дабраславенне Мітарпаліта менскага і слуцкага Філарэта, Патрыяршага экзарха ўсёй Беларусі на адраджэнне храма. Сёлета, у ліпені, мне, а таксама супрацоўніцы газеты "Звязда" Лане Тарасевіч давялося наведаць Станькава.
Пра рэстаўрацыю царквы, цяжкасці, якія пры гэтым сустракаюцца, нам паведамілі жыхар в. Станькава, вышэй названы Алег Масліеў; гісторык, журналіст, пісьменнік, выдатны знаўца Дзяржыншчыны Анатоль Валахановіч, прыхаджанка царквы Святлана Кароткая.
Зараз руіны царквы знаходзяцца ў рыштаваннях, вядуцца работы. Як лічаць многія жыхары в.Станькава. найбольшымі рупліўцамі па адраджэнні храма і Станькаўскага парка з'яўляюцца Алег Масліеў, прыхаджанкі Святлана Кароткая і Тамара Казей, а таксама Анатоль Валахановіч. Знаёмства з імі зацвердзіла мяне ў маіх перакананнях, што і ў наш час ёсць людзі, для якіх духоўныя каштоўнасці пераважваюць усе астатнія.
З пачаткам адраджэння будынка царквы праводзіцца дабрачынная акцыядабраахвотны збор ад насельніцтва ахвяраванняў на адбудову храма. Ёсць надзея, што ў гэтай дабрачыннай акцыі прымуць удзел не толькі праваслаўныя, але і вернікі іншых канфесій, і, навогул, тыя, у каго неабыякавыя адносіны да нашай спадчыны.
Магчыма, што "адгукнуцца" сваімі ахвяраваннямі і тыя, хто аддаваў загад разбураць царкву. Яны, ці іх ведамства.
Дарэчы, ахвяравальнікам будуць выдадзены пасведчанні на імянную цагліну. Цагліна з напісанным на ёй імем ахвяравальніка будзе ўкладзена ў сцяну ці царкоўны памурак, а імёны ахвяравальнікаў будуць пастаянна згадвацца пры божых літургіях, канонах і іншых богаслужэннях.
Спяшайцеся рабіць дабро! Пакідаць у руінах спадчыну - вялікі грэх!
Быў час раскідваць камяні, зараз час збіраць іх!.
Ахвяраванні можна дасылаць па адрасу:
Г. Дзяржынск
АСБ Беларусбанк, філіял 606, код 514,
р/р 3015000460014, УНП 600470110
Лявон Целеш, г. Дзяржынск.
Абаронцы помнікаў гісторыі і культуры аб'ядноўваюцца
У Менску сустрэліся навукоўцы, прадстаўнікі грамадскіх і палітычных арганізацыяў, якія займаюцца пытаннямі абароны помнікаў. Сустрэчу арганізавалі грамадскае аб'яднанне БНФ "Адраджэнне" і Партыя БНФ, а таксама Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. У сустрэчы ўдзельнічалі Алег Трусаў, Вінцук Вячорка, Уладзімір Дзянісаў, Захар Шыбека, а таксама грамадскія актывісты Магілёва, Гародні, Берасця, Глыбокага ды іншых гарадоў.
Гэта першая сустрэча грамадскіх абаронцаў гістарычнакультурнай спадчыны ў сучаснай Беларусі.
Адной з нагодаў сталася масавае разбурэнне гістарычных цэнтраў і старажытных будынкаў у шэрагу гарадоў краіны.
Пра яшчэ адну праблему гаворыць мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:
- Нас непакоіць практыка руйнавання і адбудовы помнікаў, калі падмяняецца панятак аўтэнтычнасці і сапраўднасці. Калі падробкі і навабуды выдаюцца за помнікі архітэктуры.
Адзін з прыкладаў, гатэль "Еўропа" - на два паверхі вышэйшы і ў тры разы карацейшы, і гэта выдаецца за аднаўленне. Адбудова з бетону вежы Альгерда ХІV стагоддзя ў Віцебску, бязладны прыклад адбудовы Мазырскага замка. І гэтая практыка толькі пачынае нарастаць.
Акрамя таго, як паведаміў спадар Харэўскі, пасля актыўнага пратэсту грамадскасці ўлады распачалі дыскрымінацыю ўдзельнікаў руху ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, а таксама пераслед і запалохванне.
Асабліва гэта заўважна ў рэгіёнах, паведаміў адзін з удзельнікаў сустрэчы, стваральнік аргкамітэту для правядзення рэфэрэндуму ў Гародні Алесь Смалянчук:
- Гарадскія ўлады намагаюцца надаць нашай дзейнасці палітычны аспект. Быў такі ліст надрукаваны ў "Гарадзенскай праўдзе", дзе нас звінавацілі, што мы - пасобнікі Мілінкевіча. Што мы хочам парушыць грамадскі парадак не толькі ў Горадні, але агульнабеларускі.
Дыялог ніяк не атрымліваецца. У мяне самога была сустрэча са старшынём гарвыканкаму. Мы пагутарылі, нібыта ўсё добра, усе паразумеліся. А пасля сустрэчы мяне забрала міліцыя.
Адной з мэтаў сустрэчы было менавіта наладжванне дыялогу грамадскасці і ўлады дзеля аховы гістарычнай спадчыны. Для гэтага арганізатары падрыхтавалі альтэрнатыўныя праекты рэканструкцыі старога горада ў Менску і Гародні.
Гаворыць кіраўнік Таварыства аховы помнікаў Антось Астаповіч:
- Мы ніякія не шпіёны, мы не дэструктыўныя элементы. Мы хварэем за гэтую справу і здольныя не толькі канфліктаваць, але падаваць альтэрнатыўныя прапановы. Спадзяёмся, што мы знойдзем паразуменне.
Як паведаміў спадар Астаповіч, на сустрэчу з навукоўцамі і грамадскасцю таксама запрасілі прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Менгарвыканкаму, пракуратуры. Аднак чыноўнікі гэтых дзяржаўных установаў сустрэчу праігнаравалі.
Удзельнікі сустрэчы пастанавілі рас-працаваць супольную праграму дзеянняў, каб абараніць помнікі гісторыі і культуры ў Беларусі.
Галіна Абакунчык, Менск.
У Менску адкрылася выстава да ўгодкаў перамогі на Сініх Водах
У Таварыстве беларускай мовы адкры-лася выстава дзіцячых твораў, прысвечаная 645-м угодкам перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваньнем князя Альгерда на Сініх Водах і вызвалення Ўкраіны ад татарскага панавання.
Падчас адкрыцця адбылося ўрачыстае паседжанне, прысвечанае гэтай падзеі. Вольга Іпатава прэзентавала сваю кнігу, гістарычны раман, прысвечаны тым падзеям. Паэты чыталі вершы - свае і школьнікаў, якія даслалі іх у ТБМ з рэгіёнаў краіны. На сценах - малюнкі дзяцей і студэнтаў.
Амбасадар Украіны Ігар Ліхавы выказаў упэўненасць, што з цягам часу ва Ўкраіне будзе стаяць помнік князю Альгерду.
Разгром аб'яднаных татарскіх сілаў каля Сініх Водаў стаў першай буйной перамогай над ардынцамі ва Ўсходняй Еўропе. Яна была натхняльным прыкладам для ўсходніх славянаў, што цярпелі пад ярмом Залатой Арды. Поспех князя Альгерда каля Сініх Водаў падрыхтаваў другую вялікую перамогу над татарамі - разгром хана Мамая на Куліковым полі ў 1380 годзе.
Дагэтуль гісторыкі дакладна не вызна-чылі месца, дзе адбылася бітва. Раскопкі на рэчцы Сінюсе не далі плёну. Паводле адной з версіяў, бітва паміж беларускім войскам і татарскім адбылася на тэрыторыі сучаснай Хмяльніцкай вобласьці.
Амбасадар Украіны казаў пра тое, што толькі цяпер навукоўцы пачынаюць шукаць сапраўдную гісторыю краіны.
- Я думаю, што ва Ўкраіне таксама праходзяць такія мерапрыемствы, магчыма, не столькі дзён і не ў такім фармаце. Але даты трэба ведаць. Я цяпер жыву больш беларуска-ўкраінскімі адносінамі, чым тым, як жыве Ўкраіна.
Мастак Мікола Купава, намеснік стар-шыні аргкамітэту святкавання юбілею, паве-даміў, што ў Менгарвыканкаме ўжо знаходзяцца заяўкі пра наданне вуліцам славутых гіста-рычных імёнаў.
- Мы не праводзім нашы мерапрыемствы ў Палацы Рэспублікі, напрыклад. Але мы мяркуем, што вельмі важна тое, што мы адзначылі гэтую дату, і ў нас запланаваны яшчэ шэраг мерапрыемстваў. Прыйдзе той час, калі мы гэта будзем адзначаць на дзяржаўным узроўні. Гэта будзе дзяржаўнае свята. Кары-стаючыся гэтай датай, мы даслалі і ў Савет міністраў, і ў Менгарвыканкам просьбу надаць аднаму з праспектаў ці плошчы імя Альгерда.
Любоў Лунёва, Менск.
Як не любіць вось гэты край...
Як не любіць цябе, Радзіма,
Твае чароўныя лясы,
Палеткі з кветкамі на дзіва
Запалі ў сэрца назаўжды!
(Рычард Груша.)
Ці часта вам выпадае мажлівасць пазнаёміцца з таленавітым чалавекам, з сапраўдным геніем слова або пэндзля? Напэўна, не, і вы так многа губляеце! Асабліва, калі яшчэ не пабывалі на выставе вядомага мастака і паэта Рычарда Грушы, адкрыццё якой адбылася шостага верасня па адрасу г. Гародня, вул. Савецкая 25 у чытальнай зале аддзела мастацтва цэнтральнай абласной бібліятэкі імя Карскага (уваход з вуліцы).
Цяжка перадаць словамі тое ўсхваляванае ўзнёслае пачуццё, калі перад табою ў арыгінале такое... Ідзеш і зачаравана пераводзіш позірк з аднаго пейзажа на другі, а там у кожным сваё жыццё і ў кожным часцінка душы мастака, закаханага ў прыгажосць. І гэта пры тым, што на выставе прадстаўлена больш за пяцьдзесят карцін! Каб абазначыць тэматыку работ мастака, досыць звярнуць увагу на назву выставы "Родныя краявіды Прынямоння". Таксама з пяшчотай і любоўю названы і самі карціны : "Дарога бацькоў," "Прынёманскі настрой", "Подых вясны", "Гамоніць Дзітва", "Апошняе жніво", "Спатканне на лузе" і інш.
Ведаеце, ужо пры першай сустрэчы з Рычардам Грушам і яго работамі хочацца выказаць сваё захапленне. Таленавіты мастак з прафесійным густам адлюстраваў прыгажосць родных крявідаў і зрабіў гэта з асаблівай любоўю. Глядзіш здалёк на пейзаж і здаецца, нібы сядзіш на ўзгорку на мяккай спаленай сонцам траве. А перад табой расцілаецца жытнёвы ды палявы прастор, дзе гуляе бадзёры вецер і больш нікога.. Толькі неба. Як на карцінах Рычарда Грушы, насычана блакіт і бялюткія пухнастыя аблокі, такія павольныя і спакойныя, як і ўсё навокал, як і ты сам.
Глядзіш і з асалодай усміхаешся, успамінаючы добрае недалёкае дзяцінства: невялікая бабуліна хатка, клапатліва укутаная квітнеючымі галінкамі раскідзістых яблынь; гай, дзе так лёгка дыхаецца, дзе калісьці, ўпершыню закахаўся; і рэчка - зеленавата-празрыстая стужка паміж дрэў. І шырокая вясковая дарога, па якой яшчэ дзецьмі бегалі басанож па цёплых веснавых калюжах...
Вось так кожны стаяў і думаў нешта.
Потым падыходзіш бліжэй, узіраешся і заўважаеш, што гэтаму спрыяе і незвычайная, нібы гіпнатычная тэхніка мастака: шырокі смелы мазок пэндзлем, яшчэ і яшчэ адзін, і ў кожным свой кірунак, свой настрой, свой адметны і непаўторны каларыт.
Вось яно, сапраўднае мастацтва - глядзіш і не можаш адвесці вачэй. Хочацца проста забраць з сабою куточак "над Нёманам - бацькам", што і намагаліся зрабіць патэнцыяльныя пакупнікі ўжо ў першы дзень выставы - гэта быў сапраўдны поспех арганізаванага мерапрыемства. Хаця не першы і, я ўпэўнена, што і не апошні для Рычарда Грушы.
На самой справе, гэта ўжо трыццаць першая выстава Рычарда, сярод якіх было дваццаць шэсць персанальных, якія з поспехам праводзіліся нават далёка за межамі нашай краіны. І можна ганарыцца тым, што карціны гэтага мастака прадстаўлялі Беларусь у Францыі.
Акрамя таго, Рычард Груша займаецца манументальным мастацтвам. На Беларусі больш за пяцьдзесят манументальных работ, прысвечаных памятным датам, загінуўшым у час вайны людзям і заслужаным дзеячам культуры Беларусі, зробленых рукамі гэтага чалавека.
Але не толькі на карціны можна было паглядзець на выставе. Шмат сяброў мастака і вядомых дзеячаў культуры прыйшлі, каб павіншаваць яго. Сярод іх былі: начальнік упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Лойка А., старшыня таварыства польскай культуры на лідчыне Колышка А., консул амбасады Польшчы па культуры Марэк Малюхнік, сябар праўлення саюза мастакоў Гарадзескага аб'яднання Асапралка С., кіраўнік літаб'яднання "Суквецце" Міхась Мельнік, старшыня саюза мастакоў - палякаў на Беларусі Кічко С. І інш.
З асаблівым задавальненнем госці слухалі песні на словы Рычарда Грушы ў выканні кампазітараў Ігара Ворана, і Аляксандра Якіменкі ды тэтра песні "Лідамюзікл" пад кіраўніцтвам кампазітара Вячаслава Пыпеця.
Дарэчы, Рычард Груша яшчэ і паэт на адным дыханні ўспрымаліся гасцямі праніклёныя душэўныя вершы Рычарда пра каханне да той, пра якую паэт піша:
"З такой, напэўна,
Мадонну пісаў калісьці Рафаэль"
і пра патрыятычна-самаадданую любоў да Радзімы.
І сапраўды, глядзіш на карціны Рычарда Грушы і думаеш: "Як не любіць вось гэты край", дзе "над дзедавай нівай, над сонечным гаем" квітнеюць і свецяцца жыццём такія незабыўна прыгожыя краявіды, дзе жывуць такія цудоўныя таленавітыя людзі, душа ў якіх яшчэ большая, чым насычанае блакітам неба. І Рычард Груша шляхам самавыражэння дапамагае нам адчуць усё гэта. Чаму?
Бо гэта Радзіма, а я - яе сын.
З маленства кахаю палеткі, лясы.
Відаць, падарунак у Бога такі
Мне выпаў ад бацькі на роднай зямлі.
(Р. Груша.)
Падрыхтавала навучэнка Лідскага каледжа Іна Міхалюк .
Хадзіце, сваточкі, да маёй дочкі!
Мы, вядзем свайго бычка,
Каб пабачыла ваша дачка.
Як згода будзе, то вяселле
Прыбудзе.
(З народнага)
Традыцыйныя дзеі народа на шчаслівы шлюб маладых пачыналіся з таго часу, як у полі сабраны ўраджай. Заручыны, сватанне, агледзіны "Зборная субота", асноўнае іх дзеянне віццё вянка для маладой, апошні вечар дзявоцтва:
Дабраславі Божа вянок віці,
Нашым маладым доўга жыці
І з суботы на нядзелю,
А з нядзелі на весь век.
Звіўшы вянок, дзяўчата клалі яго на талерку, пасыпаную жытам і падавлі маці, а маглі і каціць па сталу:
Сёння ў нас паненкавы
Вечар настаець,
Паследні раз малада Манечка
Каску запляцець.
Таямніца вянчання адбываецца у спа-койным рытме. У хаце маладой дзяўчаты водзяць карагод вакол нявесты, маці з абразом право-дзіць з хаты маладых.
Як Манечка к вянцу ідзе,
Доля яе ля ворот стаіць,
Манечка долечку просіць:
- Доля мая, доля,
Калі харошая.
Дык садзіся са мною.
Хлебу пакланяліся, на ім прысягалі, хлебу асабістая пашана. Таму ў абрадах беларусаў каравай - як багацце, як дабрабыт. Каравай на вяселлі пяклі толькі для тых, хто першы раз уступаў у шлюб.
Удаўся, удаўся каравай,
Чаму яму не ўдацца?
Багатыя ўчынялі,
Прыгожыя качалі,
Пузатыя ў печ саджалі.
Вясельнае гулянне у маладой, маладога-доўжылася тры дні, сваеасаблівыя песні, танцы, жарты, падкалупкі, перабрэхі, ўсё гэта пры-сутнічала, усе дні, тут і маладую падмянялі (каб выкуп атрымаць) і сватоў не міналі каб зачапіць за жывое:
Дзе вы сваты забурыліся,
Што к нам спазніліся?
Ці ў жлукце кіпелі,
Што к нам не паспелі.
На вяселлі нікога не міналі каб, як не падкалупнуць:
Ай, вяселлечка Бог нам даў:
Жаніх-мех, торбу ўзяў.
Ай, дзякуй табе торбачка
Што знайшла!
Ой, дзякуй табе, мяшок,
Што мяне ўзяў!
Ці свату:
А ў нашага свата лыса галава,
Ды казліна рыжа барада.
Па хаце плыве сваце як таракан,
Лыпае вачыма, як баран.
Есць яшчэ рытуал Перазовы - гэта паслявясельная заключная традыцыя, калі на працягу тыдня сваякі - родзічы маладажонаў запрашалі (перазывалі) і хадзілі адзін да аднаго ў госці з мэтай больш цеснага знаёмства.
"Калі сваяк дарагі, кліч на пірагі!"
"Перазовы прайшлі, маладыя зажылі".
Не хочацца верыць, што пайшоў з жыцця сябра, дарадчык, фалькларыст, чалавек улю-бённы ў родны край, яго людей, іх песні, абрады, звычаі. Васіль Дзітравіч Ліцьвінка.
Я ўзяў у рукі яго манаграфію "Святы і адрады беларусаў", прысвячаю гэты матэрыял яго светлай памяці.
Мікола Котаў, фалькларыст, г. Менск. Здымак з архіву Васіля Ліцьвінкі.