Папярэдняя старонка: 2007

№ 44 (832) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 44 (832) 8 ЛІСТАПАДА 2007 г.


125 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа

Якуб КОЛАС - класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, Народны паэт Беларусі. Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадскі дзеяч. Сапраўднае імя Якуба Коласа - Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Ён нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. (па новым стылі) у засценку Акінчыцы Менскага павета Менскай губерні (цяпер у межах горада Стоўбцы Менскай вобласці), ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Бацькі - Міхаіл (Міхал) Казіміравіч і Ганна Юр'еўна (з роду Лёсікаў) паходзілі з сялян вёскі Мікалаеўшчына (12 км ад Стоўбцаў). З 13 дзяцей, якія нарадзіліся ў іх сям'і, да сталых гадоў дажылі 9. Бацька служыў лесніком у князя Радзівіла, маці вяла хатнюю гаспадарку. У хуткім часе пасля нараджэння Костуся (так хлопчыка звалі дома) сям'я пераехала ва ўрочышча Ласток (іншая назва - Сухошчына). У 1890-1904 гг. сям'я Міцкевічаў жыла ў леснічоўцы Альбуць недалёка ад Мікалаеўшчыны.

У 1898 г. паступіў "на казённы кошт" у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую закончыў у 1902 г.

Пасля заканчэння семінарыі ў 1902-1905 гг. малады настаўнік працаваў на Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён).

На першае дзесяцігоддзе XX ст. прыпадае пачатак працоўнай дзейнасці і першыя праявы грамадскай актыўнасці К. Міцкевіча, жанравы дыяпазон яго літаратурных твораў пашыраецца, яны робяцца больш дасканалымі, тады ж з'яўляюцца і першыя публікацыі.

1 верасня 1906 г. у віленскай беларускамоўнай газеце "Наша доля" з'явіўся верш - "Наш родны край", у якім аўтар называў родную зямлю "беднай старонкай", "забытым Богам краем". Гэта першы надрукаваны твор паэта.

У 1910-я гг. ён у сваёй творчасці звяртаецца да буйных літаратурных форм з філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці - пачынае працу над ліраэпічнымі паэмамі "Новая зямля" і "Сымон-музыка".

Якуб Колас пражыў складанае і плённае літаратурнае ды грамадскае жыццё. Без яго і беларуская літаратура і беларускі народ былі б няпоўнымі, шчарбатымі .

У Якуба Коласа заўсёды знаходзілі водгук праблемы асобных грамадзян, паслядоўна адстойваў ён інтарэсы і ўсёй беларускай нацыі. У 1956 г. пісьменнік напісаў ліст у вышэйшыя партыйныя інстанцыі, у якім выказаў занепакоенасць становішчам беларускай мовы ў грамадскім жыцці, прапанаваў меры па яе абароне

13 жніўня 1956 г. Народны паэт і акадэмік. Якуб Колас памёр за сваім рабочым сталом. Пахаваны ў Менску на Вайсковых могілках.


Радавод Якуба Коласа

Запіс у метрычнай кнізе Мікалаеўскага рыма-каталіцкага касцёла аб нараджэнні і хрышчэнні Мікалая Міцкевіча (прадзеда Я. Коласа). 2 траўня 1790 г. На лацінскай мове. (НГАБ, ф. 937, воп. 4, спр. 99, арк. 20 адв.)

Запіс у метрычнай кнізе Мікалаеўскага рыма-каталіцкага касцёла аб нараджэнні і хрышчэнні Казіміра Міцкевіча (дзеда Я. Коласа). 15 лютага 1820 г. На лацінскай мове. (НГАБ, ф. 937, воп. 4, спр. 100, арк. 208). Рэвізская сказка вёскі Мікалаеўшчына Менскага павета Менскай губерні, дзе згадваецца сям'я Мікалая Міцкевіча (прадзеда Я. Коласа). 20 студзеня 1834 г. На рускай мове. (НГАБ, ф. 333, воп. 9, спр. 283, арк. 435адв., 436).

Рэвізская сказка вёс-кі Мікалаеўшчына маёнтка Паздзержыцы Менскага павета Менскай губерні, дзе пад № 25 згадваецца сям'я Казіміра Міцкевіча (дзеда Я. Коласа), у тым ліку Міхал Міцкевіч (бацька Я. Коласа). 25 мая 1858 г. На рускай мове. (НГАБ, ф. 333, воп. 9, спр. 966, арк. 333адв.-334).

Рэвізская сказка вёскі Мікалаеўшчына маёнтка лясніцтва Арцюхоўскае Менскага павета Менскай губерні, дзе пад № 10 згадваецца сям'я Матэвуша Лосіка (Лёсіка) (дзеда Я. Коласа), у тым ліку Ганна Лосік (Лёсік) (маці Я. Коласа). 25 траўня 1858 г. На рускай мове. (НГАБ, ф. 333, воп. 9, спр. 966, арк. 249адв.-250). Кніга запісаў даходаў і расходаў ад выкарыстання лясных надзелаў, дзе маюцца звесткі пра гаспадарчую дзейнасць Казіміра Міцкевіча (дзеда Я. Коласа). 1874-1875 гг. На польскай мове. (НГАБ, ф. 694, воп. 2, спр. 6258, арк. 51адв.-52).

Службовы фармуляр лясной варты Акінчыцкага лясніцтва князя Радзівіла, дзе пад № 12 пазначаны вартаўнік Міхал Міцкевіч (бацька Я. Коласа). 1884-1885 гг. На польскай мове. (НГАБ, ф. 694, воп. 3, спр. 1991, арк. 1-1адв).

(archives.gov.by)


У МЕНСКУ АДКРЫЛАСЯ ВЫСТАВА, ПРЫСВЕЧАНАЯ 125-ГОДДЗЮ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ЯКУБА КОЛАСА

29 кастрычніка ў галярэі "Лабірынт" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. Арганізатарамі экспазіцыі выступілі Нацыянальная бібліятэка і Нацыянальны архіў Беларусі.

На выставе паказана больш за 200 дакументаў аб літаратурнай, навуковай і грамадскай дзейнасці народнага паэта Беларусі. "Найбольшую каштоўнасць на экспазіцыі, напэўна, маюць прыжыццёвыя выданні кніг Коласа і творы, напісаныя яго рукой", - паведаміла журналістам кіраўнік сектара арганізацыі кніжных выстаў Нацыянальнай бібліятэкі Вольга Ліхімовіч. Так, упершыню выстаўлены рукапісы, чарнавікі вершаў, напісаных паэтам з 1908 па 1918 гады, зборнік "Песні жальбы", выданы ў Вільні ў 1910 годзе, падручнік "Другое чытанне для дзяцей беларусаў" (СанктПецярбург, 1909 год). Прадстаўлена таксама польскамоўнае выданне рамана "На ростанях" - кніга з дароўным надпісам Якуба Коласа Нацыянальнай бібліятэцы (у той час бібліятэцы імя Леніна), датаваная 1953 годам.

Значнае месца ў экспазіцыі таксама займаюць сучасныя выданні твораў пісьменніка, выпушчаныя выдавецтвамі "Мастацкая літаратура", "Беларуская навука", "Народная асвета". Дырэктар "Мастацкай літаратуры" Уладзіслаў Мачульскі на адкрыцці выставы зазначыў, што выдавецтвы "імкнуцца ісці ў нагу з часам": нядаўна творы Я. Коласа "Новая зямля" і "На ростанях" былі выданы на электронных дысках. Упершыню таксама выйшла аўдыёкасета з творамі Якуба Коласа і Янкі Купалы, якія чытаюць самі аўтары. Выдавецтва "Народная асвета" ўпершыню выпусціла творы Коласа "На ростанях" і "Міхасёвы прыгоды", надрукаваныя шрыфтам Брайля для невідушчых.

Паводле слоў В. Ліхімовіч, частка з прадстаўленых на экспазіцыі дакументаў Нацыянальнага архіва з'яўляюцца унікальнымі. Так, да некаторых з іх не мелі доступу нават спецыялісты, якія вывучаюць творчасць Я. Коласа. Гэта ў асноўным дакументы, што сведчаць пра актыўную грамадскую дзейнасць паэта: анкеты, запоўненыя яго рукой, дакументы, якія паказваюць Якуба Коласа як выкладчыка БДУ.

"Фігура Якуба Коласа - гэта той фундамент, на якім трымаецца беларуская літаратура, ён застаецца прыкладам служэння літаратуры і свайму народу", - зазначыў намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Нёман" празаік і паэт Міхаіл Пазднякоў.

Як паведаміла В. Ліхімовіч, выстава будзе адкрыта на працягу месяца, але магчыма і падаўжэнне яе працы.

БелаПАН.


Нязгасныя зоркі беларускага небасхілу

(да 125-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа)

Гэты год прысвечаны класікам беларускай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу, якім споўнілася 125 год з дня іх нараджэння. Гэтая ўрачыстая падзея шырока адзначаецца літаратурнымі суполкамі, творцамі, беларускімі пісьменнікамі, бібліятэчнымі і навучальнымі ўстановамі.

Не абмінула гэтая падзея і Ліду. Ды і не здарма, бо яе жыхары ведаюць сваю гісторыю: 13 сакавіка 1940 года пясняр народных душ Янка Купала наведаў Лідчыну і прабыў тут тры дні на сустрэчах з яе жыхарамі, якія пасля абралі яго ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР; з дапамогай паэта гарадская бібліятэка атрымала ў той час вялікую колькасць першых экзэмпляраў беларускіх кніг; 5 жніўня 1945 года гарадской бібліятэцы прысвоена імя Янкі Купалы.

А сёння, 3 лістапада на дзень юбілею Якуба Коласа вышэйпазначаная Лідская цэнтральная раённая бібліятэка наладзіла імпрэзу, прысвечаную песнярам - аднагодкам у раённым Доме культуры.

Адкрыла гэтае мерапрыемства ісцэнізацыя казкі Якуба Коласа "Ноч, калі папараць цвіце" акцёрамі РДК. Прагучала мелодыя "Спеў дубраў" (муз. В. Іванова), пасля - песня "На зямлі Беларусі" (муз. В. Пыпеця) на словы Святланы Цішук у выкананні тэатра песні "Ліда - мюзікл". На імпрэзе вялі рэй супрацоўнікі вышэйназванай бібліятэкі. Яны і распавядалі пра жыццёвыя пуцявіны і творчасць песняроў, нагадалі розныя цікавыя гісторыі з жыцця класікаў і першую іхнюю сустрэчу ў трыццацігадовым узросце ў Смольні, якая паклала пачатак у іхнім сяброўстве. Прысутным быў даведзены факт, што Купала пачынаў пісаць папольску, а Колас - паруску да выхаду маніфеста Мікалая ІІ, які дазволіў пасля пісаць на сваёй роднай мове. Была ўзгадана перапіска Купалы і рускага класіка Горкага, перакладзены калісьці ім вядомы верш "А хто там ідзе". Цікавым было дазнацца гледачам, што Янка належаў да шляхецкага роду. Нагаданай была гісторыя аб жаніцьбе бацькоў Купалы, якая была апісана, няйначай, у камедыі "Паўлінка", што не сыходзіць са сцэны да гэтага часу і з'яўляецца візітнай карткай Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. А коласаўская "Новая зямля" - наогул мастацкая аўтабіяграфія класіка, твор, аднаго якога, хапіла б каб стаць ужо вялікім паэтам.

У Лідскім РДК у час гэтай аднагадзіннай імпрэзы панавала цішыня і спакой, бо бачна было, што прысутныя пільна сачылі і за іншымі выступленнямі таленавітых выканаўцаў, якія сумяшчаліся са звесткамі аб песняразх, прыгожа падрыхтаванымі вядоўцамі. Гучала мелодыя песні "Купалінка" у выкананні ансамбля "Славяначка", прагучалі песні "Спадчына" (муз. І. Лучанка) у выкананні Генрыха Сарокі, "Явар і каліна" (муз. Ю. Семянякі) была выканана Дар'яй Шыбаршыной і Мартай Календа, "Малітва" (муз. Л. Мурашкі) на словы Уладзіміра Караткевіча, якую выканаў узорны хор "Камертон" дзіцячай музычнай школы, "Я бачыў..." музыка і выкананне Аляксандра Маркевіча, "Мой родны кут" (муз. І. Лучанка) у выкананні цымбальнага аркестра дзіцячай музычнай школы.

Гучалі вершы, як песняроў, так і іншых беларускіх паэтаў У. Някляева, У. Карызны, Э.Валасевіча, Л. Геніюш, А. Русецкага, У. Караткевіча. Многія беларускія паэты лічылі і лічаць Купалу і Коласа сваімі настаўнікамі. Сярод іх шмат творцаў, якія нарадзіліся і жывуць на Лідчыне, і творчасць якіх натхніла ліра класікаў.

На 125годдзе Лідская цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы выдала краязнаўчы бібліядайджэст "Янка Купала і Лідчына", у якім змешчаны архіўны матэрыял, узяты з успамінаў і артыкулаў, надрукаваных у розныя часы лідскімі аўтарамі, якія нагадваюць пра той даўні незабыўны прыезд на Лідчыну самога класіка беларускай літаратуры. А таксама змешчаны ў гэтым выданні вершы, прысвечаныя класіку лідскімі паэтамі: Дануты Бічэль, Хрысціны Лялько, Міхася Мельніка, Уладзіміра Васько. Веры Ляцецкай, Марыі Масла, Станіслава Судніка, Юлі Песецкай, Івана Гушчынскага, Алеся Хітруна. Аляксандры Бурак, а былая лідзянка Ірына Багдановіч наогул займаецца даследаваннем творчасці Янкі Купалы.


Янка Купала.... Якуб Колас ... Два сябры - аднагодкі ... Абодва яны былі народжаныя для свайго роднага краю, для зямлі, верна служылі народу, верылі ў лепшае будучае.

Як вядома, Купала нарадзіўся ў купальскую ноч - адсюль і псеўданім яго, а Колас - хоць і нарадзіўся ў звычайны дзень, але памёр у час жніва. Яны і да гэтых пор з'яўляюцца загадкавымі імёнамі.

Хочацца верыць, што гэтыя дзве яркія зоркі, якія загарэліся 125 год таму назад на беларускім небасхіле, будуць ззяць незгасным адбіткам у памяці новых і новых пакаленняў беларусаў, перадаючы з кожным разам гэтыя імёны ў спадчыну.

Алесь Хітрун, студэнт завочнага аддзялення факультэта беларускай філалогіі І курса Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.


Амбасадары заходніх краінаў наведалі Курапаты

2 лістапада з нагоды Дня памяці продкаў амбасадары краінаў Еўразвязу, ЗША і Ізраіля ўшанавалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ва ўрочышчы Курапаты. Яны ўсклалі кветкі і запалілі свечкі ля Крыжа пакутаў, "Лавы Клінтана", польскага крыжа, габрэйскага знака і курапацкага каменя.

Жалобную цырымонію распачалі праваслаўны і каталіцкі святары, якія па чарзе правялі памінальную імшу ля Крыжа пакутаў

Пасля набажэнства пад "Магутны Божа" амбасадары ўсклалі кветкі і запалілі свечкі ля Крыжа пакутаў.

Далей усе рушылі ў бок адрэстаўраванай напярэдадні "Лавы Клінтана", мемарыяльнага знака "Ад народу Злучаных Штатаў народу Беларусі дзеля памяці".

Амбасадарка ЗША Карэн Ст'юарт сказала Радыё Свабода: "Гэта заўсёды вельмі кранальная цырымонія. Гэта ўжо другі раз, як я прыходжу сюды з іншымі амбасадарамі, каб ушанаваць памяць тых, хто быў расстраляны ў ХХ стагоддзі.

Я вельмі рада, што мы змаглі адрамантаваць "Лаву Клінтана" і здолелі ўсталяваць яе да гэтай цырымоніі. Гэтая лава з'яўляецца сімвалам сяброўства амерыканскага і беларускага народаў і таго, што мы памятаем пра мінуўшчыну і думаем пра будучыню. Я спадзяюся, што людзі будуць з павагай ставіцца да гэтага месца".

Амбасадарка падзякавала скульптару Алесю Шатэрніку, які адрэстаўраваў "Лаву Клінтана".

"Курапаты - гэта беларуская Галгофа. Гэты храм ствараўся воляй людзей, і гэта дае надзею, што дабро пераможа зло", - лічыць скульптар.

Польскі амбасадар Генрык Лiтвiн і ягоныя калегідыпламаты ўшанавалі памяць загінулых у Курапатах палякаў ля гэтак званага польскага крыжа.

"Тут знайшлі рэчы, і з іх можна здагадацца, што тут ляжаць палякі. Колькі - мы дакладна не ведаем. Ёсць такая гіпотэза, што частка расстраляных у Катыні - тут. Але дакументаў няма, расейскі бок закрыў следства", - сказаў польскі амбасадар.

Літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас кажа, што, праўдападобна, у Курапатах ляжаць і расстраляныя літоўцы, і літоўская грамада мае намер паставіць па іх крыж ва ўрочышчы

"Можа, і літоўцаў тут стралялі. Мы гаварылі з літоўскай грамадой. Найхутчэй, мы так і зробім. Што да ўражанняў, то гэта боль у сэрцы, што столькі людзей загінулі не ў часе ваенных дзеянняў", - гаворыць літоўскі амбасадар.

Моцна ўражаны Курапацкімі магіламі і кіраўнік дыпламатычнай місіі Швецыі Стэфан Эрыксан: "Гэтае месца сведчыць пра гісторыю. Гэтае месца вельмі патрэбнае людзям".

Амбасадары ўсклалі кветкі ля курапацкага каменя.

Разам з амбасадарам Ізраіля Зэевам БенАр'е ўшанавалі расстраляных ва ўрочышчы габрэяў

У Курапаты прыйшло шмат людзей. Была дэлегацыя моладзі з Нямеччыны, дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная, палітык Вячаслаў Сіўчык, гісторык Ігар Кузьняцоў ды іншыя.

У часе цырымоніі лунаў белчырвонабелы сцяг.

Выканаўца абавязкаў старшыні Кансерватыўнахрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі кажа, што сёлета амбасадары ўшанавалі памяць ахвяраў рэпрэсіяў у многіх месцах Курапацкага мемарыялу: "Я вельмі ўсцешаны, што прадстаўнікі дэмакратычных краінаў узялі ўжо за традыцыю прыходзіць на гэтае святое для беларусаў месца на Дзяды - ушаноўваць памяць ахвяраў расейскага бальшавізму".

Публіцыст Сямён Букчын робіць такую выснову:
Гэта не толькі памяць ахвяраў сталінізму. Гэта яшчэ нейкая грамадзянская зона. Гэта наша месца, якое ўладзе не ўдалося апанаваць".

Ганна Соўсь.


На Дзяды ў Лошыцкі яр

4 лістапада, сябры Партыі БНФ і моладзі БНФ, сябры ТБМ узялі ўдзел у жалобным шэсці і мітынгу ад Камвольнага камбіната да крыжа ў Лошыцкім яры. У гэтым месцы 70 год таму органамі НКВД былі расстраляныя ад 7 да 10 тысячаў беларусаў. Лошыцкі яр як месца масавых расстрэлаў быў адкрыты Фронтам у пачатку 90-х гадоў. Акцыі ўшанавання памяці расстраляных у Лошыцы сталіся традыцыйнымі.

Сёлетняя акцыя была санкцыянаваная гарадскімі ўладамі. Арганізатарамі выступілі сябры Кансерватыўна-хрысціянскай партыі. Больш за 70 чалавек сабралася апоўдні каля палаца культуры камвольнага камбіната. Сярод удзельнікаў акцыі былі сябры Кансерватыўна-хрысціянскай партыі, Партыі БНФ, аргкамітэту "Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі", сябры іншых грамадскіх ініцыятываў, навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэя. Было шмат моладзі. Шэсце прыходзіла пад нацыянальнымі сцягамі па вуліцы Маякоўскага да крыжа "Ахвярам бальшавіцкага тэрору" ў Лошыцкім яры. Удзельнікі акцыі трымалі расцяжкі "Дзяды" і «Памятайма пра ахвяры расейскага тэрору».Удзел у шэсці бралі сябра рады моладзі БНФ Стась Багданаў, старшыня культурніцкай камісіі БНФ "Адраджэньне" Франак Вячорка. "Варта ступіць на лошыцкую зямлю - адчуваеш боль і адначасова мужнасць людзей, якія, бязвінныя, тут ляжаць. Лошыцкі яр стаўся магілай для тысячаў беларусаў, - гаворыць Франак Вячорка. - Мы не маем маральнага права на гэта забывацца, як і забывацца на жахі сталінскіх рэпрэсіяў. Без памяці няма будучыні". Ля крыжа адбыўся мітынг. Сябры Партыі БНФ і моладзі БНФ усклалі да крыжа кветкі, запалілі знічы і паставілі вянок.

Культурніцкая камісія БНФ супольна з аргкамітэтам "Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі" плануе выдаць DVD-дыск з фільмамі ды іншай мультымедыйнай інфармацыяй пра рэпрэсіі 30-х гг. у Беларусі.

Наш кар.


На Дзяды на менскіх могілках маліліся за памерлых

Дзень памяці продкаў, Дзяды, на менскіх могілках адзначалі набажэнствамі і асвячэннямі магілаў. Многія людзі прыходзілі, каб прыбраць пахаванні, ускласці кветкі і запаліць свечкі.

Менскія Кальварыйскія могілкі традыцыйна лічацца каталіцкімі. Таму Дзяды тут пачалі адзначаць яшчэ напярэдадні - урачыстым набажэнствам у касцёле Ўзвышэння крыжа з нагоды Дня ўсіх святых.

Набажэнства праводзіў біскуп Антоні Дзям'янка:

Дарагія браты і сёстры! Наш Пан першы даў нам прыклад, што свой крыж мы павінны несці ў цярплівасці і разумна выкарыстаць час, які з'яўляецца для нас багаццем.

Набажэнствы і асвячэнні магілаў ў гэтыя дні адбываліся на ўсіх могілках Менска.

Г. Абакумчык.

На здымках: 1. Біскуп Антоні Дзям'янка падчас імшы. 2. На магіле Вацлава Іваноўскага знічы і кветкі.


Дзяды на Полаччыне

2 лістапада ўвечары група грамадскіх актывістаў з Полацка і Наваполацка прыйшла на Бельчыцкія могілкі, да Крыжа пакуты, каб ушанаваць памяць ахвяраў таталітарных рэжымаў. Згаданы крыж быў усталяваны ў 1991 годзе. Менавіта тут, у Бельчыцкім лесе, як сведчыць паданне, энкавэдысцкія каты хавалі свае ахвяры. Таму штогоду на Дзяды, у памяць ахвяраў бальшавіцкага і фашыстоўскага рэжымаў, ля Крыжа пакуты ладзяцца памінальныя мерапрыемствы. Сёлета тут былі запаленыя свечкі і адбылася задушная адправа, якую ладзіў настаяцель Полацкай грэка-каталіцкай парафіі а. Лявонці. Пасля супольнай малітвы адбыўся імправізаваны мітынг, і да Крыжа пакуты былі ўскладзеныя кветкі. Па традыцыі, пры канцы памінальнай імпрэзы яе ўдзельнікі праспявалі гімн "Магутны Божа".

Г. Абакунчык.


Дзяды ў Лідзе

3 лістапада ў Лідзе праходзіў справаздачна выбарчы сход Лідскай раённай арганізацыі ГА БНФ "Адраджэньне". У сходзе бралі ўдзел сябры ГА БНФ з Ліды, Бярозаўкі, Лідскага раёна, а таксама госці з Менска і Гародні начале з намеснікам старшыні БНФ А. Янукевічам і старшынём Гарадзенскай абласной арганізацыі С. Мальчыкам.

Пасля завяршэння сходу прадстаўнікі Лідскай раённай арганізацыі і госці з Менска і Гародні наведалі памятныя мясціны Ліды, звязаныя з гераічным змаганнем нашага народа за незалежнасць, усклалі кветкі і запалілі знічы на магілах герояў паўстання 1863 года: ксендза Адама Фалькоўскага ў гарадскім парку і Валерыі Цехановіч на могілках па вуліцы Энгельса.

Сёлета споўнілася роўна 10 гадоў, як была адноўлена магіла ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідскім парку, але дагэтуль там няма належнага помніка. Няма помніка, але жыве памяць, а гэта важней. Пройдзе час і памяць матэрыялізуецца, помнік будзе стаяць.

Наш кар.

На здымках: 1 Ля магілы А. Фалькоўскага. 2. Ля магілы В. Цехановіч.


Савет бяспекі ведае пра Гародню

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь уважліва разгледжаны Ваш зварот аб захаванні архітэктурных і археалагічных скарбаў, ходзе рэканструкцыі аб'ектаў культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі, у тым ліку ў Гродна. Намі з улікам значнасці дадзенай праблемы і шырокага грамадскага рэзанансу запрошаны адпаведныя матэрыялы. Па інфармацыі зацікаўленых дзяржаўных органаў рэканструкцыя гістарычнага цэнтра Гродна ажыццяўляецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы па захаванню гістарычнай спадчыны гарадоў рэспублікі.

Рэалізацыя названай праграмы праводзіцца за кошт дзяржаўных сродкаў шляхам паэтапнай комплекснай рэканструкцыі кварталаў, груп дамоў, асобных будынкаў, камунікацый і інжынерных збудаванняў і ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з планава-рэстаўрацыйнымі заданнямі, выдадзенымі ўпраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры.

Ход работ рэгулярна разглядаецца на пасяджэннях Гродзенскага аблвыканкама, гарвыканкама і праводзіцца ў поўнай адпаведнасці з гарадской праграмай рэканструкцыі цэнтральнай часткі горада.

Пры рэканструкцыі гістарычнай часткі выяўлены аб'екты, якія, па заключэнню спецыялістаў праектных інстытутаў, з'яўляюцца аварыйнымі і падлягаюць разборцы з наступным аднаўленнем іх архітэктурнага выгляду.

Для правядзення работ атрыманы неабходныя ўзгадненні ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры.

Вырашаюцца праблемы транспартнай схемы гістарычнага цэнтра. Плануецца будаўніцтва аб'яздных вуліц, рэканструкцыя цэнтральнага маста праз раку Нёман, які быў адноўлены у 1949 годзе.

Дадзенае пытанне знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сродкаў масавай інфармацыі, якімі падрыхтаваны цыкл розных праграм з удзелам гарадскіх уладаў, грамадскіх арганізацый і іншых зацікаўленых. Мясцовымі органамі ўлады на належным узроўні забяспечваецца захаванне норм дзеючага заканадаўства ў ходзе рэканструкцыі аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.

Гэтыя пытанні знаходзяцца на пастаяным кантролі Міністэрства культуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Генеральнай пракуратуры, Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

3 улікам вышэй адзначанага мяркуем, што меры, якія прымаюцца па рэканструкцыі гістарычнай часткі г. Гродна, на дадзеным этапе з'яўляюцца дастатковымі, але не выключаюць кантролю з боку грамадскасці.

Акрамя таго, у сувязі з тым, што да кампетэнцыі Савета Бяспекі адносяцца праблемы ўмацавання абароназдольнасці Рэспублікі Беларусь, вынясенне такога пытання на яго пасяджэнне ўяўляецца немэтазгодным.

3 павагай Ю.В. Крывашэеў, Намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь.


Магілёў: з'явілася беларуская група ў дзіцячым садку

Ад сёння ў магілёўскім дзіцячым садку №81 працуе першая ў горадзе беларускамоўная група. Загад аб яе адкрыцьці падпісаў начальнік аддзелу адукацыі Ленінскага раёну Магілёва Аляксандар Гапееў.

Загадчыца садка Элеанора Куляшова паведаміла "Свабодзе", што ў Ленінскім раёне абласнога цэнтру цяпер 53 дашкольныя ўстановы, дзе выхоўваюцца больш як шэсць тысяч дзяцей. "Наша беларускамоўная група - першая і пакуль што адзіная ў горадзе, на сёння ў яе складзе чацвёра дзяўчатак і хлопчыкаў", - адзначае загадчыца Куляшова.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзячкоў кажа, што вяртанне ў дашкольныя ўстановы Магілёва беларускай мовы ініцыявалі бацькі:

"Ужо, напэўна, гады чатырыпяць, як у Магілёве няма ніводнай беларускамоўнай групы ў дзіцячых садках. Гадамі гэтым ніхто не займаўся. А ўлічваючы, што гэта лакальны раён, не зусім зручны, то я мяркую, што мы атрымалі неблагі паказчык. Адукацыйная база ў гэтым садку ёсьць. Раней там былі беларускія групы. Напрацоўкі ў іх засталіся".

Алег Дзячкоў таксама паведаміў, што цяпер для стварэння ў дзіцячым садку беларускамоўнай групы патрэбна хаця б дзесяць заяваў ад бацькоў, якія хочуць запісаць дзяцей у такую групу.

"Улады саступілі ў гэтым патрабаванні, бо ахвотных навучаць сваіх дзяцей пабеларуску ў Магілёве значна больш", - канстатуе Алег Дзячкоў.

Вячаслаў Кулік.


Папаўненне кніжнага фонду на беларускай мове Савічунскай бібліятэкі імя Ф. Багушэвіча

Сёлета бібліятэка ў Савічунах (Віленскі р-н) пасля 5-годовай барацьбы з чыноўнікамі з AWPL (Акцыя выборча палякаў Літвы), ТБМ дамаглося таго, што мясцовая бібліятэка цяпер носіць імя Фр. Багушэвіча. Тут створаны куток паэта, а таксама ствараецца ў бібліятэцы аддзел беларускай кнігі (да гэтага часу чыноўнікі з AWPL якія верховодзяць у Віленскім р-не, не дазвалялі, каб тут былі кнігі беларускіх пісьменнікаў).

ТБМ імя Фр. Скарыны Віленскага Краю выступіла з ініцыятывай стварэння тут адпаведнага аддзела беларускай кнігі і накіравала туды ўжо больш за 200 кніжак.

Жонка памерлага віленскага пісьменніка Аляксея Анішчака таксама ахвяравала туды 150 кніжак. Фонд папаўняецца.

ТБМ звяртаецца да ўсіх свядомых беларусаў накіроўваць у бібліятэку кніжкі і газеты на беларускай мове, каб бібліятэка адпавядала свайму назову.

Адрас бібліятэкі: Jarmalkovic vanda. K. Savicunai, biblioteka, Vilniaus r. Lietuva.

Юры Гіль, старшыня ТБМ Віленскага Краю.


Па якіх правілах ездзіць беларускамоўным?

Старшыні грамадскага аб'яднання

«Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны»

спадару Алегу Трусаву

Паважаны Алег Анатольевіч!

Па даручэнню Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.А.Папова Пастаянная камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі разгледзела ваш зварот і паведамляе наступнае.

3 улікам палажэнняў артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і часткі першай артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» Палата прапсдаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разглядае і прымае законапраекты на той мове, на якой гэтыя законапраекты афіцыйна ўносяцца ў Палату прадстаўнікоў суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы.

Што датычыцца Правілаў дарожнага руху, нагадаем, што яны зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2005 года № 551 «Аб мерах па павышэнню бяспекі дарожнага руху». У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 62 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» афіцыйнае апублікаванне нарматыўных прававых актаў ажыццяўляецца на той дзяржаўнай мове, на якой яны прыняты (выдадзены).

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з'яўляецца заканадаўчым органам, яна не займаецца пытаннямі выдзялення фінансавых сродкаў на пераклад і выданне нарматыўных прававых актаў.

Правілы дарожнага руху, дарэчы, былі надрукаваны ў свой час на беларускай мове ў газеце «Звязда».

Старшыня Камісіі Ю.А.Кулакоўскі.


Жыццё звяло нашы дарогі

Першапачатковыя пасялені татараў - мусульман у цэнтры Еўропы, якіх цяпер называюць беларускапольскалітоўскімі татарамі, і якія нядаўна адзначылі 600годдзе свайго пражывання на гасціннай зямлі Беларусі, маюць ужо сваю гісторыю, якая цікавіць кожнага, хто неабыякавы да лёсу і жыцця людзей далёкай паўднёвай і ўсходняй культуры.

У вядомай кнізе С.В. Думіна і І.Б. Канапацкага "Беларускія татары, мінулае і сучаснасць" (Мінск, "Полымя", 1993 год) разглядаецца пытанне паходжання татараў у Беларусі, якія тут пасяліліся па розных прычынах: у канцы 14га стагоддзя князь Вітаўт прывёў вялікую колькасць татараў пасля разгрому Арды ў Вялікае Княства Літоўскае, каб яны тут неслі вайсковую службу, жаніліся, мелі сваю гаспадарку, а ў часе войнаў прымалі ўдзел і як дапаможныя войскі. Татары пасяліліся больш, чым у двух дзесятках паселішчаў і, атрымаўшы пэўныя надзелы зямлі і прывілеі, будавалі мячэці і захоўвалі рэлігію ісламу, дзякуючы чаму захавалі на доўгі час асаблівы этнічны востраў з невялікай этнічнай супольнасцю людзей з асаблівым псіхічным складам, бытам, рэлігіяй, традыцыямі і славянамоўнай духоўнай культурай. Пазней яны папаўняліся дабраахвотнымі пасяленцамі і мігрантамі з Залатой Арды, а магчыма, што другое масавае пасяленне татараў у Беларусі было звязана з разгромам крымскататарскага войска пад Клецкам у 1506 годзе, калі тысячы палонных крымчакоў з дазволу, хутчэй за усё, князёў Радзівілаў, рассяліліся тут на Клеччыне, ўтварыўшы цэлыя пасяленнівёскі, як Арда, Бабаевічы, Асмолава, Іванава і іншыя. Тыя з татарскага войска, каму пашчасціла ўцалець у вялікай крывапралітнай бітве - гісторыкі сведчаць, што вада ў рацэ Лані пад Клецкам была чырвоная, а тое месца і дасюль яшчэ называецца Краснаставам, рассяліліся на клецкіх землях і заняліся мірнаю працай, якою яны займаліся недзе там, у сваім далёкім цёплым Крыме, узяліся за агародніцтва, за выраб скураў, за развядзенне жывёлы - коней, кароў, авечак...

Паселішчы татар у Клецку мала чым адрозніваліся ад іншых паселішчаў татар ў Беларусі, Польшчы і Літве. Спачатку, жывучы кампактна, яны захоўвалі свае звычаі, мову, культуру. Маглі маліцца на роднай мове. Ўмелі пісаць і чытаць паарабску. Але паступова з рассяленнем, з этнічным змешваннем, узнікла двухмоўе: татары міжволі павінны былі ведаць мову сваіх суседзяў, з якімі жылі побач - беларускую, што паступова, год за годам, пачала выцясняць іх родную, становячыся, такім чынам, роднай і для татараў.

Сам я нарадзіўся ў Клецку ў 1924 годзе ў шматдзетнай татарскай сям'і Александровічаў - Мустафы і Айшы. У сям'і было 3 га. зямлі, што было недастаткова для далейшага падзелу паміж чатырма сынамі, таму пытанне жыцця і выжывання было вострым. Пры адсутнасці сродкаў механізацыі, пры пераважна ручной працы ў сельскай гаспадарцы, агародніцтве і вырабе скур жыццё было цяжкім.

На сваім лёсе я спазнаў усе радасці і нягоды жыцця чалавека, народжанага на зямлі, якая ўжо стала мне і маім сваякам і суродзічам роднаю і блізкаю. Жыццё, такім чынам, звяло нашы лёсы і нашы дарогі назаўсёды разам. На пачатку 20га стагоддзя ў Клецку жыло каля 6 тысяч людзей розных нацыянальнасцяў: беларусаў, яўрэяў, палякаў, татараў, якія былі ўзаемна звязаны матэрыяльнымі сувязямі і займаліся сваімі традыцыйнымі, што перадаваліся з пакалення ў пакалене, прафесіямі: беларусы - сельскаю гаспадаркай, яўрэі - гандлем і рамесніцтвам, татары - агародніцтвам і гарбарствам. Наш бацька вызначаўся добрасумленнасцю, кемлівасцю, памяркоўным характарам, разважлівым розумам і тактам. У час правядзення ў сярэдзіне 30х гадоў "хутарызацыі" зямель ён быў абраны сялянамі ўпаўнаважаным пры геафізічнай управе горада з мэтай урэгулявання канфліктных сітуацый пры абмеры і атрыманні новых палеткаў зямлі. З гэтым грамадскім абавязкам ён справіўся выдатна, бо пасля заканчэння гэтага даволі складанага мерапрыемства ў мясцовыя ўлады ад сялян не паступіла ніводнай скаргі.

У цэлым народ не вызначаўся высокаю культурай, нацыянальнай свядомасцю, высокім патрыятызмам. У Клецку не было прамысловасці, акрамя адной яўрэйскай ткацкай фабрыкі. Былі дзве праваслаўныя царквы, адзін касцёл для палякаў і беларусаўкатолікаў, адна яўрэйская сінагога са школай падрабінкаў і адна татарская мячэць для дзвюх сотняў вернікаў ісламу. Клецк, як і шэраг іншых рэгіёнаў пражывання татараў у Заходняй Беларусі, ў той даваенны час знаходзіўся ў буржуазнай Польшчы, таму маленства і юнацтва маё прайшлі ў складаных гісторыкаэканамічных і культурных умовах: першыя дзесяцігоддзі ў буржуазнай Польшчы з рынкавай эканомікай, нізкім узроўнем навуковатэхнічнага прагрэсу і частковаю асіміляцыяй палякамі, людзей іншых нацыянальнасцяў, але пры спрыяльных адносінах дзяржавы да рэлігіі; наступныя пяць гадоў - у перыяд войнаў і ваенных катаклізмаў з гвалтоўным уціскам, расстрэламі і высылкай асобных групаў насельніцтва (яўрэяў, татараў, беларусаў і польскай інтэлігенцыі), а затым - у 50ці гадовым перыядзе камуністычнай і атэістычнай ідэалогіі.

Наша сям'я, як і ўсе клецкія татары, традыцыйна займалася сельскай гаспадаркай, агародніцтвам, вырабам скуры. Ва ўмовах буржуазнай Польшчы інтэлектуальная праца і адукацыя, аб чым я марыў і да чаго імкнуўся з маленства, былі недасягальнымі, бо ў малазямельнага гаспадара, якім быў мой бацька, не было сродкаў для аплаты за адукацыю і пражыванне ў іншых месцах, бо ў Клецку, апроч сямігадовай пачатковай школы, нічога больш не было. Вучоба ў сярэдніх (гімназіях) і вышэйшых навучальных установах для асобаў не польскай нацыянальнасці была да таго ж амаль недаступнай.

Натуральна, што лад жыцця ва ўмовах даваеннай Польшчы не мог задаволіць усіх яе насельнікаў, выклікаў глухі, а то і адкрыты пратэст і абурэнне. Былі арышты, турмы, некаторыя з моладзі ўцякалі за блізкую тут мяжу - у Савецкі Саюз, думалі там знайсці сваё шчасце. Але, як паказаў час, іх там прымалі за польскіх шпіёнаў і адных расстрэльвалі, іншых высылалі ў Сібір.

У большай часткі працоўнага насельніцтва пераважалі дробнаўласніцкія інтарэсы, асобныя людзі цалкам апынуліся ва "ўладзе зямлі" і прагі назапашвання багацця, праца і набыццё грошай рабіліся для іх сэнсам жыцця.

Бяднейшыя пласты насельніцтва вызначаліся замкнутасцю, ізаляванасцю ад асяроддзя, у якім яны жылі. Аднак у цэлым гэта былі свабодныя людзі, якія шчыра і сумленна працавалі, каб мець хлеб і да хлеба, каб выводзіць у людзі сваіх дзяцей. Сяляне па сваёй ідэалогіі і па сродках вытворчасці былі стваральнікамі, адчувалі сябе гаспадарамі на ўласнай зямлі, паважліва адносіліся да працы, якую выконвалі сумленне і якасна, эканомна і ашчадна скарыстоўвалі сыравінныя, грашовыя і матэрыяльныя рэсурсы. Людзі карысталіся плёнам свае працы, а дзяржава гарантавала недатыкальнась іх прыватнай уласнасці. Паважлівыя адносіны да людзей працавітых і заможных, што ў сваю чаргу выклікала адпаведныя адносіны людзей да ўлады.

Іншымі сталі адносіны да простых працаўнікоў - уладальнікаў - і асабліва да больш заможнай часткі - у новай савецкай улады, якая прыйшла сюды ў верасні 1939 года. Чырвоную Армію многія віталі з кветкамі, з хлебамсоллю, але праз кароткі час надышло расчараванне - людзі ўбачылі, што савецкая ўлада не такая, якою яна сябе афішавала, якою яе ведалі, праўдзівей, чулі па радыё. Шмат хто з тых, што сядзеў у польскіх турмах за спачуванне саветам, апынуліся не ў пашане ў новай улады, а ва ўчарашніх прыхільнікаў савецкай улады з'явіўся страх і няўпэўненасць у заўтрашнім дні, боязь страціць сваю ўласную зямлю ды маёмасць пры пераходзе на калектыўную форму гаспадаркі. Пасля аб'яднання Заходняй Беларусі з Усходняй у жыцці народаў, у тым ліку і татар, пачаліся якасна новыя працэсы, выкліканыя практычным узддзеяннем народаўладдзя і асабліва атэістычнай і камуністычнай ідэалогіяй. Зямля як аснова для пражыцця людзей стала не ўласнай, а дзяржаўнай, агароды і прысядзібныя дзялянкі ў горадзе пачалі ліквідавацца праз новае будаўніцтва прыезджых людзей.

Татары і беларусы ў Клецку жылі побач на адных вуліцах, разам дзялілі гароты і радасці ваенных часоў. Чаго толькі ні было на вайне; білі нашых людзей не тое што немцы, а і свае сваіх. Напрыклад, напрыканцы 1943 года наш сусед праз две хаты з беднай рамесніцкай сям'і 19ці гадовы Жорж Гасцееў у пошуках сродкаў існавання стаў беларускім паліцаем. ён не вызначаўся вялікай актыўнасцю, аднак перад вызваленнем Клецка Чырвонай Арміяй спалохаўся і пачаў рыхтавацца да эвакуацыі разам з немцамі. Каня ў яго не было. Таму яго малодшы брат Барыс узяў ружжо ў брата прыйшоў да нашага бацькі з патрабаваннем даць каня і воза. Бацька яму адмовіў, бо конь быў схаваны ў другім месцы. Тады Барыс стукнуў бацьку ў твар прыкладам і, пагражаючы ружжом, забраў каня з возам, пасля чаго разам з сям'ёй выехаў з немцамі ў кіпрунку Баранавіч. І якая ж была радасць у бацькі, калі роўна праз адзін месяц, ужо пасля вызвалення Клецка ад нямецкафашысцкіх захопнікаў, я, будучы мабілізаваны ў Чырвоную Армію, сустрэў па дарозе на зборны пункт г. Стоўбцы свайго каня з людзьмі, якія вярталіся ў Клецкі раён. Находка была вельмі сваечасовай.

Хацеў бы таксама расказаць коратка пра лёс адной беларускай сям'і, якая жыла ў той час на суседняй з намі Слабодскай вуліцы горада Клецка. То была вялікая сям'я Сідаровічаў: гаспадар, гаспадыня і пяцёра дарослых дзяцей - дзве дачкі і тры сыны. Яны мелі каля 30 га ворнай зямлі, тэхнікі ніякай у іх не было, акрамя коннай жняяркі і коннай малатарні, ўсё астатняе рабілі ўласнымі рукамі без наёмнай рабочай сілы. Сям'я была дружная, працавітая, жылі яны заможна, але і працавалі да сёмага поту - ад цямна да цямна. Ураджаі ў іх у той час былі высокія, мо па 30 цэнтнераў з гектара, і гэта на натуральным угнаенні. Старэйшая іх дачка была замужам за праваслаўным святаром, што пасля перамены ўлады не абяцала нічога добрага. Малодшы сын Сяргей да вайны, за Польшчай, пасля "паўшэхнай" школы скончыў прыватную гімназію ў Нясвіжы, добра ведаў нямецкую мову, і на першым годзе акупацыі немцы забралі яго, 19ці гадовага юнака, у камендатуру за перакладчыка. Але папрацаваў ён там нядоўга. Казалі, што ён стараўся абараняць людзей, якія трапілі ў лапы да немцаў, знаходзіў нейкія спосабы, каб ім дапамагчы, выгарадзіць з бяды. Камусьці гэта не спадабалася, і яму з правакацыйным намерам паклалі аднойчы ў кішэню паліта лістоўку антынямецкага зместу. Яе тут жа "знайшлі", і ў гэты ж дзень Сяргея нямецкія жандары вывезлі ў Баранавічы і расстралялі у канцлагеры Калдычэва. Другі сын, 20гадовы Хведар, да вайны скончыў клецкую сямігодку і працаваў з бацькамі на гаспадарцы. З прыходам немцаў яго таксама ўкруціла ў вадаварот падзей. Ён стаў працаваць у адміністрацыі нямецкай гаспадарчай камендантуры, займаўся зборам падаткаў з прыватных уласнікаў зямлі - аднаасобнікаў. Хадзіў ён у цывільным, зброі не меў, паводзіў сябе прыстойна.

Пасля вызвалення Клецка ад нямецкіх захопнікаў, ён як і ўсе мужчыны маладзейшага і сталага ўзросту, у тым ліку і яго старэйшы брат Уладзя, быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Уладзя трапіў у пяхоту і неўзабаве загінуў ва Усходняй Прусіі. Хведар трапіў у запасны артылерыйскі полк. Яго, як і ўсіх, хто працаваў пры акупацыі хоць на нейкай мізэрнай рабоце, вельмі старанна правяралі ў органах "Смерша", але да арышту не дайшло, яго накіравалі на фронт. Адтуль ён дэмабілізаваўся пасля вайны і вярнуўся ў пагонах старшыны з многімі баявымі ўзнагародадмі. У Клецку Хведар доўга не пабыў, тут на Беларусі ён знаходзіўся як у пастцы, яму не давалі спакою асабісты, таму ён перабраўся ў Вільню, але праз кароткі час памёр ад сухотаў. Хутка памерлі і бацькі, якія не вынеслі ўсіх пакутаў, а старэйшая дачка са сваім мужам - святаром апынулася ў Ленінградзе, а малодшая, адзінокая, жыла у Менску, дзе і памерла.

Такі вось лёс напаткаў некалі вялікую і працавітую сям'ю Сідаровічаў з нашага Клецка. І трэба дадаць, што ён не быў адзінкавы.

Не абыходзіла сваёю увагай савецкая улада і іншыя слаі грамадства заходняй Беларусі. Дастаткова сказаць, што беларусы і людзі іншых нацыянальнасцяў, якія жылі тут пры Польшчы, а ў часе вайны знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй, у пасляваенны перыяд сталі, фактычна, людзьмі другога гатунку. Падставай для такіх адносін да жыхароў Заходняй Беларусі і выхадцаў з самой Польшчы, як стала нядаўна вядома з закрытых матэрыялаў (газета "Советская Белоруссия" за 19.10.2002 г.) быў сакрэтны загад № 00485 за 9 жніўня 1937 года і разам з ім закрыты ліст "О фашистскоповстанческой, шпионской, диверсионной, пораженческой і террористической деятельности польской разведки в СССР", дзе гаварылася, што "лукавые пралезлі не толькі ў кіраўніцтва кампартыі Польшчы і ў польскую секцыю камінтэрна, але яе палітэмігранты і перабежчыкі прасачыліся на кіраўнічыя пасады ў вядучыя камісарыяты СССР з самымі шкоднымі мэтамі - звяржэння савецкай улады і тэрытарыяльнага перадзелу. Гэта было галоўнай матывацыяй для антыпольскіх рэпрэсіяў і да заходніх беларусаў, якія былі апошнія дваццаць гадоў пад акупацыяй Польшчы, што пацвярджаецца шматлікімі прыкладамі з пасляваеннага жыцця. А самы яркі прыклад - гэта расстрэл у Катыні тысяч польскіх ваеннапалонных, сярод якіх было шмат беларусаў.

Далей - зза недаверу да мясцовага насельніцтва Заходняй Беларусі на яе тэрыторыю пачалі прыязджаць пасланцы і давераныя асобы савецкай улады, каб заняць кіраўнічыя месцы ў новай адміністрацыі. Нават сябры КПЗБ, якія сядзелі ў знакамітай КартузБярозе ці на Лукішках у Вільні на адказныя пасады не траплялі. Дырэктары школ, настаўнікі, адміністрацыйныя і судовыя органы камплектаваліся за кошт кадраў, прывезеных з Усходу. Нават шырока вядомаму ў Заходняй Беларусі падпольшчыку Сяргею Прытыцкаму даверылі толькі пост намесніка старшыні Беластоцкага аблвыканкаму.

Недавер да мясцовага насельніцтва, падазронасць у шпіянажы, у шкодным уплыве буржуазнай ідэалогіі на савецкага чалавека асабліва яскрава праявіліся на пачатку вайны 1941 года. У гэты час на старой польскасавецкай граніцы, якая праходзіла за дзевяць кіламетрах ад Клецка, большасці савецкіх і партыйных работнікаў, а таксама яўрэям, якія былі эвакуяваны з Польшчы ў 1939 годзе. органы энкавэдэ забаранілі выехаць на тэрыторыю старой БССР. Толькі сем'і вайскоўцаў змаглі прарвацца праз кардон, а тыя, хто прыехаў сюды год ці два назад, ужо не маглі вярнуцца да сябе на радзіму, бо, няйначай, былі заражаны заходнебеларускім буржуазным духам. Хоць, калі падумаць, то акцыя гэтая выглядала нават смешнаю: яны часова -не пусцілі дадому сваіх людзей, на гэта ў іх хапіла розуму і сілы, а вось чаму яны не затрымалі немцаў на былой мяжы?

Заходнебеларускае паходжане адбівалася потым на службовай кар'еры людзей гадамі, да іх вельмі ўважліва прыглядаліся ў асобых аддзелах высокіх устаноў.

Напрыклад, вядомы такі выпадак з жыцця аднаго работніка менскага аўтазавода, які займаў пасаду галоўнага інжынера прадпрыемства. Ён быў родам з Заходняй Беларусі, пасля вайны скончыў Палітэхнічны інстытут, прайшоў шлях ад шараговага работніка да начальніка цэха і галоўнага спецыяліста, а потым да галоўнага інжынера. Гэта быў дасведчаны, здольны чалавек, разумны кіраўнік. І вось яго хацелі перакінуць у Наберажныя Чаўны на пасаду дырэктара новага аўтамабільнага завода.

Для гэтага трэба было прайсці дадатковую праверку асобы - на больш густое сіта. І аказалася, што ён ў часе нямецкай акупацыі, зусім яшчэ юнаком, працаваў бухгалтарам у нейкай вясковай арганізацыі, а пры адыходзе немцаў спалохаўся і хацеў разам з імі ўцякаць на Захад, але потым адумаўся і вярнуўся дадому. Пасля вайны вучыўся ў школе, потым паступіў у Палітэхнічны інстытут. Стаў добрым спецыялістам. І вось гэтая праверка сапсавала яму кар'еру: яго не толькі не ўзялі дырэктарам новага завода, але і знялі з ранейшай пасады...

Асабліва пільна прыглядаліся належныя органы да нацыянальных канфесіяў, якія захаваліся яшчэ з даваеннага часу, у тым ліку да мусульманскай дыяспары клецкіх татараў. Так, майму бацьку, які ў вайну і невялікі час пасля вайны займаў пост мулы клецкай мусульманскай дыяспары, давялося перажыць нямала цяжкасцяў. Як выглядала ў той час татарская дыяспара горада Клецка? Тады ў ёй налічвалася каля 200 душаў, або 3035 сем'яў мусульманаўвернікаў. Большасць з іх былі звычайнымі працаўнікамі сельскай гаспадаркі і займаліся даволі рэдкай спецыяльнасцю, як гарбарства, гэта значыць ручным вырабам скуры. Пераважная большасць іх не мела нават пачатковай адукацыі, ніхто з іх ужо не ведаў татарскае роднае мовы і перакладу Карана з арабскай, у іх не было сваёй інтэлігенцыі і эліты, яны ніколі не займаліся палітыкай і ў партыях, рухах і акцыях ніколі не ўдзельнічалі.

На малебен у мячэць, якая існавала ў Клецку да 1944 года (згарэла пры адступленні немцаў) і ў наступныя гады на мізар (могілкі) у вёску Асмолава, што за 10 кіламетраў ад Клецка, збдіралася не больш як 1015 мужчынаў і 2030 жанчын, пераважна пажылога веку. Такім жа звычайным працаўніком быў і іхні мула, мой бацька, які адрозніваўся ад іх усіх хіба тым, што ўмеў чытаць Каран паарабску, не разумеючы яго сэнсу, і выконваць прынятыя ў мусульманаў малітвы і абрады.

Ці магла прынесці якуюнебудзь шкоду такая мікрадыяспара татараў горада Клецка савецкай уладзе, якая на працягу ўсяго пасляваеннага часу не выпускала з поля зроку ўсю так званую дзейнасць татарскай дыяспары і асабіста яе мулы? З боку савецкай улады, яе органаў у Клецку муле ўдзялялася не менш увагі, чым у свеце ўдзялялася Папе Рымскаму ці Патрыярху Усея Русі, за якімі стаялі мільённыя масы вернікаў. На працягу многіх гадоў вяліся няспынныя назіранні, віжаванні за кожным крокам таго, хто належаў да нацыянальнай меншасці.

Асабліва цяжкімі былі часы для татарскага мулы і іншых святароў, бо дзяржава афіцыйна паставіла і выконвала задачу вызвалення народа ад "рэлігійных прэдрассудкаў". Асабліва былі трывожнымі палітычныя працэсы, такія, як дэпартацыя людзей. Адразу пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі і пасля вайны пачаліся масавыя вывазы людзей у Сібір, у Сярэднюю Азію і Казахстан. Вывозілі былых асаднікаў, польскіх службоўцаў і ўсіх тых, хто не ўпісаўся ў савецкую сістэму. Наша ўся сям'я, асабліва бацька як мула клецкай парафіі, ў той час жыла як на парахавой бочцы: маральны стан наш быў напружаны да мяжы магчымага, неабходныя рэчы на дарогу былі спакаваныя, сухары высушаныя, а мы чакалі толькі страшнай гадзіны...

Трэба адзначыць, што пасляваенны час і далей для нашай сям'і быў няпросты, бо ўсе яе члены лічыліся непаўнацэннымі: жылі пры панскай Польшчы, былі пад нямецкай акупацыяй, былі дзецьмі татарскага святара і сялянінааднаасобніка. Таму нам, маладым, даводзілася напружваць усе свае сілы, шмат пацець, каб дасягнуць якіхнебудзь поспехаў у жыцці. Мне, старэйшаму, было мо трохі лягчэй, чым маім малодшым братам: я служыў у войску, быў на фронце, меў узнагароды, быў пасля дэмабілізацыі з арміі. Вярнуўшыся ў родны Клецк, скончыў вячэрнюю школу рабочай моладзі, ў 1948 годзе паступіў на хімічны факультэт БДУ ў Менску. Ужо пры паступленні і здачы ўступных экзаменаў на мандатнай камісіі сакратар парткаму надта пакутліва вырашаў пытанне - ці залічыць мяне ў студэнты, хоць я здаў усе ўступныя экзамены на чатыры і пяць. Пытанні, што турбавалі сакратара, былі такія: чаму мой бацька не працуе ў калгасе (хоць калектывізацыя ў Заходняй Беларусі яшчэ толькі пачыналася); чаму ў часе акупацыі я не быў у партызанах, у той час як увесь беларускі народ змагаўся ў партызанах з нямецкімі захопнікамі. Добра, што я не напісаў у аўтабіяграфіі пра рэлігійную пасаду свайго бацькі, было б яшчэ горш!

Прыблізна тое ж паўтарылася праз пяць гадоў, калі я скончыў хімфак з адзнакай (з чырвоным дыпломам), аднак пры размеркаванні на працу мяне выклікалі на камісію апошнім, нібы маё прозвішча было не на "А", а на "Я", і прапанавалі месца не ў аспірантуру, на што я спадзяваўся, а ў школу аднаго з раёнаў Віцебскай вобласці. Але паколькі і мая жонка закончыла таксама хімфак разам са мною, то ў сельскай школе двум хімікам было б цесна, дык мы атрымалі вольныя дыпломы.

І толька праз паўгода пасля пачатку палітычнай "адлігі" мне ўдалося паступіць ў аспірантуру пры інстытуце хіміі АН БССР. Падазронасць мясцовай улады адбівалася і на маіх малодшых братах. Сярэдні брат скончыў Клецкую школу разам са мною. Вучыўся ён выдатна. І пасля экзаменаў яму свяціў залаты медаль. Аднак школьнае начальства разам з партыйным кіраўніцтвам раёна, каб не выдаць яму медаля, прапанавала яму самому выбраць для атэстата дзве чацвёркі. Аднак гэта не перашкодзіла яму паступіць у Палітэхнічны інстытут і паспяхова яго закончыць, стаць добрым інжынерамбудаўніком. Малодшы брат скончыў школу ў 1953 годзе і меў усе выдатныя адзнакі ў атэстаце, аднак залатога медаля яму не далі, а ў атэстаце зрабілі прыпіску: "Без выдачы медаля". Гэтай прыпіскі было даволі, каб закрыць яму дарогу ва ўсе ВНУ Савецкага Саюза. І толькі пасля таго, як брат напісаў у Міністэрства асветы СССР, яму са спазненнем на два гады выдалі медаль. За гэты час ён паспеў паступіць у Інстытут народнай гаспадаркі ў Менску, у якім якраз быў недабор, і куды яго асмеліліся залічыць на бухгалтарскаэканамічны факультэт, які ён паспяхова закончыў і потым стаў доктарам эканамічных навук, прафесарам.

Пільнасць і падазронасць савецкіх органаў да нацыянальных меншасцяў у нас у Клецку даходзіла да абсурду. Быў адзін выпадак недзе ў 60я гады мінулага стагоддзя, калі ў Клецк з Амерыкі прыехаў адзін татарын (прозвішча яго здаецца Багушэвіч). Туды ён трапіў з Клецка ў 20я гады да свайго брата, які жыў у ЗША даўно і меў невялікую фірму па вырабу скур. У Клецку пайшла пагалоска, што амерыканец з'яўляецца буйным фабрыкантам, таму яго малодшы брат, які ў Клецку быў бедняком - пастухом, там разам з братам стаў уласнікам фабрыкі. І вось гэты былы пастух разам з нейкай амерыканскай дэлегацыяй ці турыстычнаю групай прыехаў на радзіму, каб узяць жменю зямлі з магілы сваіх бацькоў.

У органах візіт былога пастуха ў родны Клецак расцанілі як мэтанакіраваную акцыю амерыканскага шпіёна - для сувязі з клецкай нацыянальнай дыяспарай. Таму да яго былі прыстаўлены два афіцэры з органаў, якія на легкавіку прывезлі яго ў Клецк з самага Менска. Змясцілі ў гасцініцу, а потым завезлі ў Асмолава на магілы бацькоў. І так неадступна былі з ім увесь час яго візіту. Толькі на развітальным вечары, арганізаваным клецкімі татарамі, тыя расказалі чэкістам, хто такі іх зямляк і якую "ідэйную дыверсію" ад яго можна чакаць. Як здалося клецкім татарам, чэкісты былі вельмі расчараваныя. Відаць, яны разлічвалі на нешта большае, чым падзяка ад камандавання...

Але гэта між іншым. А са мною прыгоды адбываліся яшчэ пазней. У 1970 годзе я ўжо быў доктарам хімічных навук, прафесарам, і займаў пасаду намесніка дырэктара інстытута па навуковай рабоце і загадчыкам лабараторыі. Але. як ні дзіўна, быў беспартыйным.

Аднойчы дырэктар інстытута сказаў мне, што ён меў гутарку з прэзідэнтам АН БССР, і той выказаў здзіўленне, што намдырэктара ў яго інстытуце з'яўляецца беспартыйным, і таму параіў дырэктару тэрмінова прыняць мяне ў партыю або знайсці сабе партыйнага намесніка. Што рабіць? Падумаўшы, рараіўшыся з сімтым, я стаў рыхтавацца да прыёму. Палічыў, што пры ўступленні ў партыю трэба тамсям удакладніць аўтабіяграфію, без усякіх замоўчванняў адказваць на пытанні анкеты, з чым згадзіўся і мой дырэктар. Тым часам я атрымаў выдатныя рэкамендацыі акадэмікаў і на партсходзе інстытута быў прыняты аднагалосна.

Якое ж было маё здзіўленне, калі на пасяджэнні парткаму АН БССР мяне завалілі. Усе члены парткаму, якія ведалі мяне за многія гады сумеснай працы, сабраўшыся разам у прысутнасці партыйнага сакратара АН (на правах райкама) раптам не пазнавальна змяніліся і накінуліся на мяне, як галодныя ваўкі на авечку. Я ў іх вачах паўстаў сама мала як ідэйны вораг. Зноў былі пытанні, як на мандатнай камісіі пры паступленні ў БДУ, яшчэ і больш. Чаму я не ў камсамоле, у той час як большасць уступае ў партыю праз камсамол? Чаму я не быў у партызанах, у той час як ... Што я быў на фронце - гэтага нібы не заўважалі. Чаму я не сказаў пры паступленні ў БДУ пра пасаду (ах, якая вялікая пасада!) свайго бацькі, чаму ён не ўступіў у калгас? Чаму я прамаўчаў пра свайго старэйшага брата, які быў у вайну вывезены ў Германію і там прапаў, а потым апынуўся ў Амерыцы? І яшчэ многа ўсякіх пытанняў. Мне здавалася, што пад градам гэтых пытанняў я не ўстаю. Адказаў коратка, што калі вы мяне не прымаеце, калі я не падыхожу пад вашу мерку - што ж, хай будзе так. Але я пастараюся працаваць сумленна і шчыра, як і дагэтуль, каб прыносіць карысць нашаму грамадству.

Мінуў пэўны час, пакуль я супакоіўся і прыйшоў у норму. Але вынікі таго пасяджэння парткама, натуральна, адбіліся на маім далейшым навуковым і службовым росце.

Аднак, нягледзячы на такія нечаканасці, я працую і далей, вяду сваю навуковую працу і радуюся, калі яна прыносіць плён - не толькі мне, але і нашаму грамадству, дзяржаве.

Мною апублікавана 4 манаграфіі, 370 артыкулаў у навуковых беларускіх і зарубежных часопісах, атрымана 146 аўтарскіх пасваедчанняў камітэта па справах вынаходстваў, дзесяць з якіх выкарыстоўваецца ў народнай гаспадарцы Беларусі.

За плячыма ў мяне ўжо восем дзесяткаў, а я думаю: ці ўсё зроблена для таго, каб мая праца стала набыткам нашай навукі, грамадства? І бачу промахі, недапрацоўкі, пралікі, але няўмольны бег часу не дае. На жаль, магчымасці іх паправіць, узнавіць у новым, лепшым варыянце.

Але я рады таму, што вакол мяне шмат маладых па ўзросту вучняў, сяброў і супрацоўнікаў. Таленавітых і поўных энергіі, якія з поспехам памнажаюць мае дасягненні і ўзнімаючь іх на новую вышыню.

Хоць я і заняты чалавек, але мяне цікавіць і турбуе гісторыя пасялення татараў у беларусі, іх жыццё ў мінулым і сучасным, таму я, наколькі дазваляюць мне сілы, яшчэ прымаю ўдзел у адраджэнні нацыянальных і рэлігійных традыцыяў беларускапольскалітоўскіх татараў. Не забываю я і сваю малую радзіму - мой родны горад Клецк, горад майго маленства і маладосці, які сніцца мне і дагэтуль. Я яму ўдзячны за ўсё.

Хасень Александровіч, доктар хімічных навук.


Гістарычныя семінары ў ТБМ

13 верасня і 8 кастрычніка ў сядзібе ТБМ адбыліся гістарычныя семінары, на якіх выступіў знаўца гісторыі Беларусі, у тым ліку і гісторыі нашай сталіцы, - Захар Шыбека. Тэмы ягоных сустрэч - "Таямніцы Менска", "Шчасце і гора губернскага горада Менска"- выклікалі вялікую цікавасць у прысутных. Трэба адзначыць, што слухачоў было вельмі багата. Прыйшлі тыя, хто хацеў яшчэ больш даведацца пра гісторыю старажытнага горада, пра легенды, звязаныя з Менскам, пра яго славутых жыхароў..

Сярод слухачоў былі і знакамітыя людзі: паэт Сяргей Панізьнік, пісьменнікі: Уладзімір Дамашэвіч, Уладзімір Содаль. Захар Шыбека распавядаў адкуль пачынаўся Менск, калі дакладна ён узнік, хто яго заснаваў. Былі ўзнятыя пытанні вывучэння ландшафтаў Менска, навуковай рэстаўрацыі, аховы гісторыка-культурнай спадчыны горада. Гаворка ішла і пра даследаванне прыгарадаў, паркаў, сядзіб. Абыякавых і пасіўных не было. Слухачы задавалі пытанні, дзяліліся сваім досведам. Адбылося вельмі цікавае сумоўе.

Падчас сустрэчы Захар Шыбека прэзентаваў сваю кнігу "Мінск 100 гадоў таму", у якой шмат новых цікавых фактаў і звестак аб простых гараджанах. У ёй асвятляецца шмат аспектаў жыцця Менска пачатку 20 стагоддзя: гісторыя будынкаў, якія былі і якіх зараз, на жаль, няма; гісторыя знакамітых асоб, іх уладанні.

Дарэчы, хто жадае больш даведацца пра гісторыю Менска ад самога Захара Шыбекі, звяртайцеся на сайт tut.by.

Раю ўсім сябрам і прыхільнікам Таварыства беларускай мовы сачыць за абвесткамі і абавязкова прыходзіць на сустрэчы з славутымі дзеячамі навукі і культуры нашай краіны.

Марыя Бучына, удзельніца семінара.


Семінары ТБМ

У рамках гістарычнага семінара цягам лістапада ў памяшканні ТБМ (вул. Румянцава, 13) у Менску адбудуцца сустрэчы з лзеячамі навукі і культуры нашай краіны: Уладзімірам Арловым, Валянцінай Вяргей, Валерыем Мазынскім, Аляксеем Марачкіным, Ігарам Кузняцовым, Міхасём Чарняўскім.

13 лістапада запрашае пісьменніца Вольга Іпа-тава. Тэма сустрэчы "Сінія воды: бітва стагоддзя". Пачатак у 18.00

15 лістапада запрашае гісторык Ігар Кузня-цоў. Тэма сустрэчы "Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі: гісторыя і сучаснасць". Пачатак у 18.00.


Успаміны Эдварда Вайніловіча

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пасля абеду ля каміна мы актыўна абмяркоўвалі тое, што адбывалася, а ўвечар пасля вяртання ў Савічы даведаліся пра тое, што Сіняўка занятая немцамі, і што салдаты ўцякаюць з акопаў. І тое, што галоўны гасцінец з Баранавіч праз Слуцк да Бабруйска праходзіў праз савіцкі двор паміж хатай і стайняй яшчэ да нашага вяртання марадзёры, якія ўцякалі, пагражаючы рэвальверамі і багнетамі, звялі лепшую чацвёрку цуговых коней. Мы зразумелі адразу, што гэта не жарты, і што наступіла апошняя гадзіна ліквідацыі нашага дабрабыту на савіцкай зямлі. Ноч выдалася яснай, месячнай, мароз каля 15оС.

Перад вячэрай мы назіралі за абозам, які рухаўся праз двор велізарнай калоннай, "разбаўленым" пяхотай і некалькімі верхавымі. Нечакана абоз спыніўся, да яго падбегла з цемры група людзей, чальцоў "камітэта". Гэта быў змова аб правядзенні пагрому. Праз некалькі хвілін абоз зрушыўся далей, мы ўздыхнулі з аблягчэннем, не думаючы, што ён спыніцца за паўвярсты далей, за паркам, у вёсцы, якая таксама звалася Савічы, якая ніколі, ні ў часы прыгону, ні зараз, ні потым, не мела ніякіх адносінаў да маёнтка. Пасля нядоўгачасовай вячэры, якая была з'едзена спехам, мы адправіліся спаць. Я папярэдне пакінуў поруч з ложкам доўгія боты і кароткае лісінае футра. Не паспелі задрамаць, як нас пабудзіў нягучны грук у дзверы нашага пісарчука Дзімітра Шкуцько, які паведаміў, што прыйшлі тыя, хто будзе нас рабаваць.

Сам ён хутка ўцёк уніз. Я ўскочыў і, правёўшы жонку па чорнай лесвіцы ў сад праз бакавыя дзверы, сказаў, каб яна ішла ў садовы домік, у памяшканне пральні, і там, не турбуючыся пра мяне, пераседзела гэтую катастрофу. А я, знаходзячыся ўжо ўнізе, дазнаўся ад пісарчука, што ён, занепакоены гэтым абозам і нарадай камітэтчыкаў, з драбавіком на плячы, у старым кажушку, выйшаў як начны вартаўнік у двор, дзе поруч са свіранам да яго адразу ж прыскочылі двое, а затым яшчэ двое ўзброеных людзей з пытаннем, што ён тут робіць. Пісарчук адказаў, што з'яўляецца начным вартаўніком і правярае, ці ўсё ў парадку ў двары, і адначасова спытаў іх, чаго яны хочуць. Салдаты заявілі, што прыйшлі па авёс, які ім вельмі неабходны, нават уначы, паколькі яны павінны ехаць далей. Пісарчук прапанаваў ім пайсці да чальца камітэта, які распараджаўся дваром. Пакуль тыя радзіліся, ён скарыстаўся хвілінкай, каб нас пабудзіць і папярэдзіць.

Я ізноў выпусціў пісарчука з хаты, лічачы, што, калі нападаць будуць не салдаты, а мясцовыя сяляне, то нічога мне дрэннага не зробяць. І амаль адразу ж заўважыў бягучых да параднага ўваходу 12 15 узброеных салдат. Я выбег праз тыя бакавыя дзверы, праз якія нядаўна выпусціў жонку, і накіраваўся праз парк у бок дома ў садзе, за якім я ўвесь час назіраў. Перш чым дабег да першых дрэў, якія павінны былі мяне атуліць ад рабаўнікоў у такую ясную ноч, я пачуў шум, гам, стрэлы, крыкі натоўпу, які ўварваўся ў хату. Пачалося рабаванне, якое затым пракацілася па стайні, карэтнай адрыне і спынілася праз пару гадзін. Увесь гэты час, забываўшыся нават на мароз, я прастаяў паміж двума ліпамі, не адводзячы вачэй ад месца схованкі маёй жонкі, чуючы крыкі і грукат у хаце.

Трохі прыціхла, я выйшаў са схованкі і ўбачыў пісарчука, які папярэдзіў мяне аб з'яўленні новай партыі салдафонаў у суправаджэнні сялянскай браціі з суседніх Савічаў. Сялянам загадалі шукаць уладальніка, які павінен панесці пакаранне. Пісарчук параіў мне ад сябе і ад імя жонкі сыходзіць са двара, што я і зрабіў, правёўшы астатак ночы і ўвесь дзень да вечара наступнага дня ў ляску, сочачы пры гэтым за тым што адбываецца ў двары. А адтуль паранейшаму даносіліся стрэлы і да іх далучаліся нейкія выбухі. Колькасць адступаўшых войскаў (г. зн., марадзёраў) павялічвалася, цягнуліся чарадой сялянскія калёсы, дакладней, мае ўласныя калёсы, захопленыя дваровымі людзьмі, ездзілі туды і назад з накрадзенай маёмасцю. Я бачыў пераганянае быдла і коней, бачыў рабаўнікоў., якія сварыліся і біліся за здабычу

Нярвовая ўзрушанасць не давала змерзнуць, нягледзячы на тое, што я быў лёгка апрануты, хоць быў моцны мароз. Толькі ўвечар на наступны дзень я адважыўся пайсці ў суседні фальварак "Малыя Савічы", які належаў Чарноцкім, дзе гаспадароў ужо не было, і дзе я знайшоў сваю жонку пад апекай кіраўніка. Ноч я правёў, не распранаючыся, у крэсле, у цёплым пакоі пад дахам. Пагром працягваўся яшчэ два дні, а мы ўвесь тыдзень правялі ў чужым маёнтку, не паказваючыся людзям на вочы і атрымліваючы весткі з двара толькі ад блізкіх дваровых людзей, як мяне там шукаюць і разцягваюць рэшткі маёмасці. Толькі 13/27 лютага па мяне прыслалі пасланца з весткай, што прыбыў атрад нямецкага войска, саксы, полк № 100, і мяне выклікаюць. Я паехаў, у сядзібе знайшоў дваровую службу, якая сабралася на ганку палаца.

На компасным слупе размяшчаўся кулямёт, побач двое самых заўзятых з дваровых бальшавікоў пад вартай, якіх рыхтавалі да павешання. Чалавек 20 салдат з начальнікам хадзілі па памяшканнях і дзівіліся таму спусташэнню, якое людзі часам у стане ажыццявіць безразважна і без адмысловай галечы, дзеля задавальненні сваіх варварскіх інстынктаў. Ні аднаго століка, ні аднаго цвіка ў сцяне, ні адных дзверцаў ад печаў не засталося. Многія дзверы і вокны былі выбітыя, многія вывезеныя. Зза таго, што каналізацыйныя трубы былі выдраныя, падлогі на верхнім паверсе і столі на першым былі залітыя вадой. А што стала з архівам і бібліятэкай, якая налічвае звыш 5000 тамоў! Усё пашматанае, карціны і партрэты родапачынальнікаў парэзаныя на палосы або прастрэленыя.

Я ўпрасіў саксаў не вешаць арыштаваных пры ўмове, што яны і яшчэ чатыры самыя нядобранадзейныя сям'і на наступны дзень з'едуць з двара, што і было зроблена. Яны ж аселі ў суседніх вёсках, размешчаных за 1 2 вярсты, і працягвалі сваю прапаганду. Балючай за ўсё было тое, што сярод самых варожа настроеных людзей апынуліся тыя, у якіх не толькі бацькі, але нават дзяды нарадзіліся і правялі ўсё жыццё ў двары на службе ў маіх продкаў, унукаў якіх я дапамагаў выхоўваць. Праўда, было шмат людзей, якія засталіся мне вернымі ў самыя цяжкія часы, якія ўвесь час знаходзіліся побач і заўсёды былі гатовыя падзяліць мой лёс. Да іх ліку, у першую чаргу, я павінен прылічыць сына былога нашага вазака, кіраўніка Дзімітра Шкуцько, ахмістрыню, пісарчука, кухара і лёкая.

Пасля таго, як саксы вярнулі мяне ў маёнтак у якасці ўладальніка і гаспадара, яшчэ пару тыдняў я павінен быў правесці ў сястры ў Пузаве, пакуль хоць некалькі пакояў з паўднёвага боку прывядуць у парадак. Але кіраванне ў маёнтку адразу ж узяў у свае рукі, і тыя ж самыя людзі чальцы камітэта, якія так яшчэ нядаўна шкодзілі, сталі такімі паслухмянымі і згодлівымі. І трэба адкрыта прызнаць, што, калі ім нялёгка гэта забыць, то, з іншага боку, вельмі цяжка іх пашкадаваць, калі прыняць да ўвагі, што з моманту падзелаў Польшчы, або на працягу чатырох пакаленняў, урад не стамляўся пры дапамозе сваіх службоўцаў, святароў, шэрагу законаў і планаў аграрных рэформ, у судзе, воласці і школе, праводзіць палітыку, накіраваную на тое, каб вёску з дваром пасварыць і распаліць нацыянальнакласавую барацьбу. Я павінен таксама з задавальненнем адзначыць, што сяляне былой дваровай вёскі Браткава з самага пачатку ніякага ўдзелу ў пагроме не хацелі прымаць і падпарадкаваліся толькі пасля таго, як іх прыстрашылі, што калі не пайдуць рабаваць, то пры падзеле зямлі іх абыйдуць.

Я надаў гэтулькі ўвагі гэтаму эпізоду з асабістага жыцця, каб прадставіць карціну таго, што ў той перыяд адбывалася ў Краі: усё адбывалася падобна на хмару з градам, якая ў адным месцы знішчыць усё, а ў іншым, невядома чаму, усё захавае, нягледзячы на тое, што закрывае ўвесь гарызонт і ўсюды аднолькава грукоча. Не будзем хадзіць далёка па прыклады. Маёнтак Пузава, у якім жыла мая сястра, у той раз абыйшлі бокам. Раніцай на гарбату да яе прыйшлі бальшавікі, і хоць бы адна лыжачка знікла або шкода якаянебудзь была нанесена ёй і пляменніцам, якія былі пад яе апекай. Сапраўдны цуд Гасподні.

У выніку гэтага пагрому я пазбавіўся ўсіх сваіх цыдулак і дакументаў, што прашу ўлічваць пры праяве некаторых недакладнасцяў. Але, як я ўжо гаварыў вышэй, усё гэта не па маёй віне.


Наш беларускі нацыянальны герой

Вы жыхары Касцюшкавай зямлі,

Якую скрозь крывёю залілі

Сатрапы кацярынінскіх часоў...

Вы не забыліся на тую кроў?

Дж. Байран , "Бронзавы век", перакл. Уладзіміра Дубоўкі.

16 кастрычніка 2007 года быў адкрыты помнік чалавеку, які ў СССР лічыўся дваранскім рэвалюцыянерам, польскім шляхціцам, заклятым ворагам расійскай імперыі. Гэта стаўленне да яго цягнулася шмат дзесяцігоддзяў. І толькі ў пачатку перабудовы адносіны да яго ў корані змяніліся.

Беларускія гісторыкі, на хвалі агульнага перагляду і пераацэнкі шматлікіх гістарычных падзей, даюць налепшую ацэнку гэтаму чалавеку і павагу за яго неацэнную дзейнасць.

За мяжою, за граніцамі СССР, яго цанілі вельмі высока - нацыянальны герой Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі. І толькі ўжо ў наш час ён стаў нацыянальным героем Беларусі.

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка - наш зямляк. Нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі - у фальварку Мерачоўшчына - гэта каля горада Косава Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці, быў ахрышчаны 12 лютага 1746 года.

Тадэвуш Касцюшка - вядомы палітычны і вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай у апошнія гады існавання гэтай дзяржавы, кіраўнік нацыянальнавызвольнага руху вядомага паўстання 1794 года. Ён паходзіў з шляхецкага роду беларускага паходжання герба "Рох ІІІ". Першы вядомы прадстаўнік гэтага роду Фёдар памёр да 1509 года. Сын яго Канстанцін (Касцюшка) - Косця, Косьцік - быў дзякам велікакняскай канцылярыі, суддзём і гараднічым у Камянцы, валодаў маёнткам Сяхновічы, што ў Жабінкаўскім раёне, ад назвы якога род часам называўся Касцюшкі - Сяхновіцкія.

Сыны Канстанціна (Касцюшкі) - Іван і Фёдар - далі пачатак двум галінам Касцюшкаў - Сяхновіцкіх: Іванавічаў (старэйшай) і Фёдаравічаў (малодшай).

Найбольш вядомыя прадстаўнікі галіны Фёдаравічаў, з гэтай галіны выйшаў і Тадэвуш Касцюшка.

Тадэвуш Касцюшка ў 1760 годзе скончыў любяшоўскі піярскі калегіюм, у 1769 годзе Варшаўскі кадэцкі корпус, у 1774 годзе Парыжскую акадэмію. Ён вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыю (будаўніцтва абарончых цвердзяў), быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 17751776 гадах жыў у Парыжы.

8 год з 1776 па 1783 годы Касцюшка жыў у ЗША, дабраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі.

Служыў у амерыканскай арміі на пасадзе галоўнага вайсковага інжынера арміі Поўначы.

У 1777 годзе Касцюшка ўдзельнічаў у будаўніцтве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў будаўніцтвам найвялікшай цытадэлі ЗША ва УэстПойнце.

У 1783 Кангрэс Злучаных Штатаў Амерыкі надаў Тадэвушу Касцюшку званне брыгаднага генерала.

Ён быў узнагароджаны ордэнам Цынцынаці, атрымаў амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел.

У 1784 годзе Касцюшка вярнуўся на радзіму з ЗША з намерам служыць у войску Вялікага Княства Літоўскага. Жыў і гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы.

У 1789 годзе прызначаны генералмаёрам каронных войск.

Вызначыўся ў бітве пад Дубенскай як камандзір дывізіі ў арміі Юзафа Панятоўскага, за што быў узнагароджаны вышэйшым польскім ваенным ордэнам "Віртуці Мілітары" з прысваеннем яму вайсковага звання генераллейтэнант у 1792 годзе.

У 1792 -1793 гадах Т. Касцюшка выязджаў у Лейпцыг (Германія) і Парыж (Францыя) па дапамогу для паўстання, але канкрэтнай дапамогі не атрымаў.

24 сакавіка 1794 года Тадэвуш Касцюшка быў абвешчаны галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі і начальнікам паўстання Рэчы Паспалітай.

Касцюшка даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы - Рэчы Паспалітай.

Да 1794 года былі ўжо два падзелы Рэчы Паспалітай і яна ўжо згубіла 2/3 сваёй тэрыторыі! Расія, Аўстрыя і Прусія ў 1772 і 1793 гадах добра пажывілася за кошт тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Ён стаяў за ўстанаўленне самаўладдзя народа і за ўсеагульную свабоду гэта значыць за дэмакратыю, дэмакратычны лад у краіне.

У траўні 1794 года Касцюшка прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі ўніверсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці.

Касцюшка імкнуўся надаць паўстанню агульнанародны дэмакратычны характар, але намер Касцюшкі зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне польскай шляхты, што значна звузіла сацыяльную базу паўстання.

У бітве пад Мацяёвіцамі 10 кастрычніка 1794 года Тадэвуш Касцюшка быў цяжка паранены, трапіў ў палон расійскай арміі і быў заключаны ў Петрапаўлаўскую цверць (Пецярбург). Дарэчы, паўстанне патапіў ў моры крыві будучы генералісімус Аляксандр Васільевіч Сувораў.

Пасля вызвалення ў 1796 годзе з вязнення Т. Касцюшка выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі; але ў 1790 годзе вярнуўся ў Заходнюю Еўропу.

Памёр Тадэвуш Касцюшка ў Швейцарыі 15 кастрычніка 1817 года - роўна 190 год таму. Пазней яго парэшткі былі перапахаваны ў Кракаве.

Як жа ўшанавана памяць гэтага вялікага сусветнавядомага нацыянальнага героя ў свеце?

У гонар Касцюшкі пад Кракавам насыпаны курган і ўстаноўлены помнік - гэта Польшча.

У гонар Касцюшкі пастаўлены помнік, яго імем названа адна з акруг штата Індыяна, горад у Штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША).

У гонар Касцюшкі ўстаноўлены помнік у Швейцарыі, і ў Швейцарыі існуе музей Тадэвуша Касцюшкі ў горадзе Салюры.

Іменем Касцюшкі названа самая высокая гара ў Аўстраліі:

Іменем Касцюшкі названы вуліцы ў Гародні, Бярэсці, Косаве, Лідзе; у Гародні і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі.

Помнік Тадэвушу Касцюшку ўстаноўлены ў Менску на тэрыторыі амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі.

Нарэшце ў Старадарожскім мастацкім музеі таксама адкрыты помнік Тадэвушу Касцюшку, помнік адкрыты ў дзень 190годдзя з дня яго смерці. Яшчэ адздін помнік ад удзячных землякоў - беларусаў!

Імпрэзу пачаў уладальнік прыватнага Старадарожскага мастацкага музея, мастацтвазнавец, старшыня культурнаасветнага клуба "Спадчына" Анатоль Белы.

Мы жывём у той знамянальны час, калі мы пачалі збіраць і вяртаць у Беларусь нашых землякоў - герояў, якія нашыя папярэднікі на працягу стагоддзяў раздорвалі ў суседнія краіны. Мы страцілі і Станіслава Манюшку і Адама Міцкевіча, і Івана Фёдарава і Фёдара Дастаеўскага і Эмілію Плятэр і нават нашых нядаўніх герояў. І мы самі, не чакаючы каманды зверху, павінны больш актыўна ўключацца у справу вяртання іх на радзіму і прызнання, што яны нашы.

Пісьменнік журналіст і гісторык Анатоль Валахановіч расказаў пра ўвекавечанне імені Тадэвуша Касцюшкі ў свеце: у ЗША, Польшчы, Аўстраліі; Швейцарыі і нарэшце, у Беларусі.

Доктар тэхнічных навук, прафесар Аляксей Саламонаў коратка расказаў пра Тадэвуша Касцюшку, нагадаў яго асноўныя вехі жыцця і дзейнасці, яго заслугі перад народамі свету. Тадэвуш Касцюшка варты, каб яго імя было ўвекавечана ў метале ў нас, у беларусі.

Паэт Яўген Гучок прачытаў новыя і даўнія вершы, прысвечаныя Беларусі, яе незалежнасці, самастойнасці, беларускай мове.

Лідар дэмакратычнага руху "За свабоду", кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мілінкевіч зазначыў, што Тадэвуш Касцюшка быў асобай, для якой свабода і незалежнасць былі сэнсам яго жыцця, умовай існавання чалавека і ўсёй нацыі і ён актыўна змагаўся за іх ідэалы. І за гэтую свабоду і незалежнасць ён змагаўся і ў ЗША, і ў Рэчы Паспалітай.

У дзень адкрыцця помніка Тадэвушу Касцюшку ў музеі была Надзвычайны і Паўнамоцны пасол ЗША у Рэспубліцы Беларусь Карэн Сцюарт, якая адзначыла, што яе цікавіць гісторыя Беларусі, і яна будзе яе вывучаць, бо ёсць нагода - ў ЗША і Беларусі ёсць агульныя славутыя героі - Тадэвуш Касцюшка і іншыя

У гэты ж дзень (ужо не першы раз) музей і помнік Тадэвушу Касцюшку аглядаў і знаёміўся з новымі экспанатамі беларускі кампазітар, педагог народны артыст СССР і БССР, заслужаны дзеяч культуры Беларусі грамадскі і дзяржаўны дзеяч, старшыня праўлення Беларускага саюза кампазітараў Ігар Лучанок.

Акрамя адкрыцця помніка Тадэвушу Касцюшку ў гэты ж дзень на сядзібе музея былі пасаджаны два вечназялёныя невялікія дрэўцы. Іх высадзілі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол ЗША у Рэспубліцы Беларусь Карэн Сцюарт і лідар дэмакратычнага руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч.

Бард Зміцер Абразцоў праспяваў некалькі беларускіх песень. Імпрэза была закончана, калі на дварэ ўжо было цёмна.

Паболей бы такіх падзей на тэрыторыі Беларусі - славутых людзей на Беларусі, хто чакае сваёй чаргі, яшчэ многа. Добра было б, каб гэтую ініцыяцыву падхапілі і іншыя грамадскія аб'яднанні!.

Анатоль Валахановіч.


Злыдзень

Сатырычная камедыя ад Алеся Петрашкевіча як бы пра савецкае жыццё

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)


У гэты самы час Любачка разглядвае здымкі, рагоча ад душы.


Любачка. Бранябойны?! Мамачкі, ну і рыла!.. Дзюркіна? Якога гэта злыдня яна цалуе? А тут ужо зусім акасела. Ну і брыдота!.. I Самасейкін харошы! Жарэ, аж за вушамі трашчыць... I Яснотка?! Во сава!.. Ой, ой, ой! Ратуй мяне божа! Што ён наздымаў?! Ну, работнічкі, за гэтыя здымачкі вы ў мяне паскачаце! Зараз я вас усцешу! (Выбягае.)

Міленькі (заканчвае размову). Будзе зроблена, Іван Мікітавіч! Абсалютна справяд-ліва! (Паклаўшы трубку.) Зноў трэба матыля шукаць... Ну дык што, Неўпакоеў, за работу?

Неўпакоеў. Не да матыля мне. Я ў Дзелавога на мармышцы спецыялізуюся.

Міленькі. Я наконт матэрыялу ў газету. У суаўтарства, наогул не набіваюся, але развароцік мы маглі б з табой зрабіць - залюбуешся. У крайнім выпадку паласу ці падвал з пераходам на чацвёртую старонку. Для мяне фотарэпартаж - раз плюнуць! Былі б здымкі. I давай так: матэрыял робім пад псеўданімамі, ганарар дзелім папалам, выразку з газеты я прыкладаю да сваёй курсавой работы. Сесія на носе, а ў мяне ні радка.

Неўпакоеў. А чаго ты на вяселле не прыйшоў?

Міленькі. Пабаяўся. Як дарвуся, меру губляю. Ну, у цябе ж, відаць, уражанняў хапае?

Неўпакоеў. У мяне нават лішнія...

Міленькі. Вось бачыш! А наогул, я матэрыял бачу так: спачатку робім шапку - «Справа маладажонаў - наша справа!». Здымкі веерам! Загалоўкі - клішыраваныя, падзага-лоўкі - наборам! Тэкст восьмым паўтлустым! У правым баку - уступ-запеўка аб шлюбе наогул. У левым - цытату...

Неўпакоеў (іранічна). Люби меня, как я тебя...

Міленькі. Абсалютна справядліва! Па ходу раскрываем тэзіс: любоў - гэта гучыць моцна! Шырокім мазком даём момант рэгіст-рацыі шлюбу! Сюды ж манціруем вытрымку з тэксту віншавальнай Дзюркінай прамовы ў Палацы шлюбаў, якая ўсебакова раскрывае значнасць факта! Лірызм, усхваляванасць і іншыя дэталі адчуваюцца ў кожным элеменце народнага вясельнага абраду, што дайшоў да сталіцы праз вякі і ўзбагаціўся новым зместам. Асобнай урэзкай матэрыял, у якім аналізуецца душэўны стан бацькоў, што гатовы на ўсё ў імя стварэння выдатных жыллёвых умоў для маладых спецыялістаў. У фінале - заключны акорд, што ў адзінай гаме аб'ядноўвае галасы прадстаўнікоў грамадскасці, якая падзяліла ўрачыстасць моманту з роднымі і блізкімі нябожчыкаў.

Неўпакоеў (здзіўляецца). Нябожчы-каў?

Міленькі. Нябожчыкаў, чаму нябож-чыкаў? (Спахапіўся.) Кашмар! Месяц папра-цаваў у пахавальным бюро, а два гады адвык-нуць не магу.

Неўпакоеў (разглядвае здымкі). Заключнага акорду не будзе...

Міленькі. Чаго, кажаш, не будзе?

Неўпакоеў. Апафеозу... у адзінай гаме.

Міленькі (не разумее). А што будзе?

Неўпакоеў. Будзе вечная музыка.


Урываецца Стэла.


Стэла. Ачмурылі! Абкруцілі! Сярод белага дня абрабавалі. Што ж гэта ў вас за канцэпцыя такая атрымоўваецца, за шклянку віна любы шахер-махер робіце?! Няхай сабе зараз наша мама там не жыве, але якое яны маюць права здзекавацца са старога чалавека?!

Міленькі. Усё?

Стэла (садзіцца). Усё!.. (Апамята-лася.) Як гэта ўсё?!

Міленькі. А што ў вас яшчэ?

Стэла. За хабар кватэркі абмянялі, вось што! Чалавека без даху над галавой пакінулі, ад паўдня да паўночы п'янствавалі, вось што! Карэспандэнт не дасць схлусіць! Сам бачыў!


Неўпакоеў падае Міленькаму здымкі.


Міленькі (усхвалявана). Што гэта?

Стэла. П'яны дэбош на ўзорна-пака-зальным вяселлі, вось што!

Міленькі. Дык тут жа нашы?!

Стэла. А то хто ж?!

Міленькі. Як яны там апынуліся?

Стэла. А гэта ўжо вы ў іх самі спы-тайцеся!


Міленькі бярэ ў Неўпакоева здымкі, уважліва іх разглядае, хапаецца за галаву. Здымкі з вяселля праецыруюцца на задніку.

Злыдзень танцуе свой злыдзеньскі танец.


Міленькі (спакойна). Гэта нам непры-емна! Гэта нам балюча! Гэтага мы так не пакінем! (Стэле.) А за сігнал дзякуем. Вінаватыя будуць выкрыты! Вінаватыя панясуць адказнасць. Калі хочаце захаваць інкогніта, мы вас не затрым-ліваем.

Стэла. Мая справа прасігналіць, такая мая канцэпцыя.

Міленькі. Ні адзін сігнал знізу мы не пакідаем без увагі. Разбяромся, даложым, заяўніку паведамім.


Стэла выходзіць. Вяртаецца Любач-ка. За ёй прыбягаюць службоўцы, што былі на вяселлі. Яны абкружаюць Любачку і патра-буюць фотаздымкі. Міленькі таксама заняты фотаздымкамі. Ён думае.


Любачка. Не, даражэнькія, цяпер вы вакол мяне паскачаце! (Трымае здымкі над галавой, ідзе па крузе, прытанцоўвае.)


Ну-ка, русскую спляшите,

Удаль-ловкость покажите!


Усе пачынаюць скакаць і пець разам з Любачкай.


Прогуляемся, прогуляемся.


Любачка (пляскае ў далоні). Ладушки-ладушки, где были?- у бабушки...


З'яўляецца Міленькі.


Міленькі. Што гэта за канцэрт сярод белага дня? Учора не наскакаліся?

Бранябойны. Чуткі пацягнуліся, што ты, таварыш Міленькі, днямі жэнішся... Вось мы і рэпеціруем вакол Любачкі. А яна ўжо любога прымусіць вакол сябе танчыць.

Міленькі. Гэта справы не тычыцца! I папрашу ўсіх да мяне!

Бранябойны (Неўпакоеву). Нарада са здымкай?

Міленькі. Угадаў. Можа, каго і зняць давядзецца, Сядайце!

Бранябойны. Ну, што, Неўпакоеў, наводзь сваю пушку... У цябе няблага выхо-дзіць.

Міленькі (кідае на стол здымкі). Агідна! Непрыстойна! Сорамна і злачынна!.. Не змяшчаецца ў рамкі! Не лезе ў вароты! Цярпенне наша лопнула - паставім кропку над «і». Зараз жа, неадкладна кожны з вас пойдзе ў свой кабінет і ў пісьмовай форме адкажа пакуль на тры пытанні: (усе падрыхтаваліся запісваць) а) чаму ў рабочы час пакінулі свае рабочыя месцы і пайшлі на вяселле; б) якія сваякі вас туды запрасілі і в) больш падрабязна пра тое, чым бралі хабар за незаконны абмен кватэр і чаму пабіліся, калі дзялілі яго паміж сабой. Усё!


Запісваючы за Міленькім, службоўцы паўтараюць уголас гэтыя пункты, не думаючы пра тое, што яны якраз іх тычацца.


Усе разам. Усё!

Міленькі. Усё!

Усе разам. Усё!

Міленькі (б'е далоняй аб стол). Я сказаў, усё!!!


Паўза, службоўцы пачынаюць разу-мець.


Бранябойны. Дазвольце...

Міленькі. Не дазволім!

Самасейкін. Я хацеў бы сказаць...

Міленькі. Нас не цікавіць!

Яснотка. Але пачакайце...

Міленькі. У нас няма часу!


Усе выходзяць, акрамя Любачкі і Дзюркінай.


Дзюркіна. Калі гаварыць, як ёсць, то мы з Любачкай...

Міленькі. Тым горш!

Дзюркіна. Між іншым, мне вядома, што вы самі маглі быць на гэтым вяселлі ў якасці шафера.

Міленькі (з гонарам). Абсалютна справядліва! Толькі я там не быў! А праверка пакажа, дзе быў шафер (паказвае здымак), а дзе махер (паказвае другі здымак.)

Любачка. Мне таксама пісаць тлума-чэнне?

Міленькі. У нашым апараце я пакуль яшчэ нікому не рабіў выключэнняў. Гармар-наршырбытпаслуга вам не якая-небудзь кантора... савецкая.


Любачка шпурляе здымкі ў твар Неўпакоеву і абураная выбягае з кабінета.


Неўпакоеў. Факт - алмаз! Разануць бы фельетонам, га?


Міленькі думае.


Злыдзень (з параграфа). Самасейкіна, Бранябойнага і Яснотку пакуль не чапаць...


З'яўляюцца Самасейкін, Бранябойны, Яснотка і Дзюркіна. Ідуць страявым крокам, выстройваюцца ў шарэнгу перад Любачкай. Бранябойны выходзіць са строю, разгортвае папку, зачытвае «ноту».


Бранябойны. Прадала, халера!.. Гэта табе ад калектыву!.. (Робіць шаг улева, закрывае папку, перадае яе Любачцы.)

Любачка. Ну, дык няхай той, хто ўзяў хабар, зараз вернецца ў свой кабінет і павесіцца. А калі ўжо паспелі падзяліць, то засіліцеся ўсе трое ў адной пятлі!

Яснотка (істэрычна). Я палец аб палец не стукнула з гэтым абменам! I пра гэта ведаюць усе!

Бранябойны. Можна падумаць, што я на абмене мазалі нацёр?

Самасейкін. Да лямпачкі мне той абмен!


З'яўляецца Паўліна.


Любачка. Цётка Паша, якому абармо-ту вы далі хабар за абмен кватэр? Або вы зараз жа скажаце, або я сама засілюся!

Паўліна (перапалохана). Свят! Свят! Свят! (Тройчы цалуе Любачку ў лоб і сплёўвае.) Няхай гасподзь сцеражэ! У нас і завядзёнкі такой спрадвеку няма, каб за кожную дробязь хабарам масціць. Ну, накрые, бывала, цябе ўчастковы з самагонкай, ці брыгадзір, здарала-ся, вязанку салому з плеч здыме, дзе без чаго, паставіш чарку, з сабой бутэлечку дасі, таксама ж чалавек на рабоце, пі - заліся, а каб на лапу - ні ў жысць!

З'яўляецца Фядора.


Фядора (да службоўцаў). Вось дзе вы, мае госцейкі, вось дзе вы, мае родныя! А я іх па кабінетах шукаю! Даражэнькія, а можа б, да нас, на паўгадзіначкі, на апахмелачку? Яно б, яй жа богу, перад работай не пашкодзіла б для яснасці галавы. А заадно і ордэр той на кватэркі замачылі б.


Самасейкін, Яснотка, Бранябойны і Дзюркіна дэманстратыўна адзін за адным праходзяць міма.


А чаго гэта да іх ані прыступу?

Любачка. З перапою.

Фядора. І я такі-тое...

Паўліна. А можа, сюды бутэлечкі тры прынесці, каўбаску? Каб губу не закапыльвалі...

Любачка. Не возьмуць.

Фядора. Іш ты?! Саромеюцца!

Любачка. А як жа?

Фядора. Культурныя. А ўчора і пілі і елі... і ні адзін не папярхнуўся.


Любачка, Паўліна і Фядора выходзяць.


Неўпакоеў. Вось табе, Міленькі, і выходзіць: ні заключнага акорда ў адзінай гаме, ні ганарару, ні курсавой. А факт - алмаз! Павер майму нюху.

Міленькі. Не можам мы таварыша Дзелавога траўміраваць такімі алмазамі. Шукай што-небудзь больш ходкае. (Падае руку на развітанне.)

Неўпакоеў. Будзь здароў, Міленькі!

Міленькі. Буду. А інцыдэнт «предаём забвению», лады?

Неўпакоеў. Я маўчу, ты маўчыш, ён, яна, яно маўчыць. Мы маўчым, вы маўчыце, яны маўчаць. (Выходзіць.)


На прасцэніуме з'яўляецца Ігнат з раскладушкай і клункамі. Стэла стараецца яго спыніць, але Ігнат рашуча крочыць наперад. Злыдзень пляцецца за імі.


Злыдзень. Пры такой злыдні, як гэта Сцелачка, мне рабіць няма чаго.

Стэла. Ігнат, вярніся! Ігнат, гэта я табе кажу! Ігнат, папомніш маё слова!

Ігнат. Не блытайся пад нагамі!

Стэла. Слязьмі ўмыешся!

Ігнат. Не тлумі мне галавы!

Стэла. Паглядзі, у якое кодла лезеш?

Ігнат. Замоўкні!

Стэла. Жыў бы сабе з нашай мамай кум каралю...

Ігнат. Здалася мне ваша мама!..

Стэла. Цябе гэта Фядорка з Паўлінкаю вакол пальца абвядуць, у лапці абуюць, па свеце пусцяць!

Ігнат. Не трылюдзь дурноту! I ўсё тут!

Стэла. Ад двара адаб'ешся, назад дарогі не знойдзеш. Ты толькі глянь на гэту сваю сваццю! На ёй жа скура гарыць! Яна ж уся як на вінтах. Яна ж носіцца, задраўшы хвост. А з цябе які жыцель? Патурала ты, заткала, папіхач! Наярыжылі дурня, паднуцкалі, а ён і вушы развесіў. Гэта свацейка на табе пагарцуе! Яна цябе яшчэ так заездзіць, што ног не павалачэш! Ты ж ад яе некалі вылеціш абскуб-лены, як той певень бройлерны.

Ігнат (кідае на зямлю свае клункі). Хопіць!!!


З'яўляецца Фядора.


Фядора. А я чую: нехта заве... А чаго ж ты, сваток, не сказаў, мы ж бы табе ўсёй талакою памаглі перанесціся?

Ігнат. Нічога, мне Сцепаніда памагае. Чаго ты, кажа, марудзіш з перасяленнем. Пераходзь, кажа, дый жыві, калі добрыя людзі запрашаюць. (Бярэ клункі.)

Фядора. Не вялікі ў цябе пасаг, сваток.

Стэла. А чаго табе яго багацце лічыць? Ён жа не за цябе замуж ідзе.

Ігнат. Яна хоча, каб я з яе мамай ажаніўся. Тады яна мяне будзе зваць не Ігнатам, а татам.

Стэла. Ідыёт!

Фядора. I ў каго ты такая сур'ёзная ўрадзілася, Сцепаніда?

Стэла. Трэба ж некаму і сур'ёзным быць.

Фядора. А я думаю, што ты некалі з быка звалілася. На вёсцы, бывае, здараецца. От зваліцца чалавек ці баба з каня або з быка і аб нешта цюкнецца цемечкам... I тады ўжо ніякай радачкі... так і ходзіць усё жыццё сур'ёзным.

Стэла. Чалавека з уласнае кватэры выселілі, а у чужую, між іншым, без прапіскі і без ордэра ўсяляюць...

Ігнат (спакойна). Фядора, падцяры гэтай лахудры нос.

Фядора (наступае на Стэлу). Я так магу падцерці, што на патыліцу завернецца!

Стэла (адступае). Ад дзяроўні чую. (Знікае.)


З'яўляецца Яснотка. Яна ўцякае ад кліентаў і сутыкаецца са Злыднем.


Злыдзень. I зноў уліпла, як муха ў патаку. А за што?.. А калі да Дзелавога дойдзе?!

Яснотка (злосна, рашуча). Я ім намя-няю! Я ім так намяняю...


З'яўляецца Паўліна. Злыдзень адстае ад Ясноткі, назірае здалёк.


Паўліна (Яснотцы). Золатка маё, дзетухна, падпішы ты нам тую паперку, у мяне ж у горле горка... Няёмка ж неяк атрымліваец-ца. На вяселлі пра кватэру маладым аб'явілі, а цяпер нібы перадумалі... Падпішы паперку!..

Яснотка (здзіўлена). Якую паперку?

Фядора. На абмен, якую ж яшчэ?

Яснотка. А ніякага абмену не будзе.

Паўліна. Як гэта не будзе?

Яснотка. Вельмі проста. Не могуць савецкія людзі жыць у сумежных пакойчыках.

Фядора. Якія ж яны чужыя? Сват ён ёй! Дый калі тыя саветы былі...

Яснотка. Сёння сват, заўтра брат, а паслязаўтра палюбоўнікам стаць можа, а мы адказвай?

Паўліна. Пераксціся, маладзіца! Я другі год на пенсіі!

Яснотка. Ведаем мы такіх пенсіяне-рачак. (Знікае.)

Фядора. Во пачвара, каб цябе гром разбіў!

Паўліна (у роспачы). Галовачка мая бедная! Што ж гэта робіцца? Куды ж гэта кінуцца? Да каго бегчы?


З'яўляецца Бранябойны. Заўважыўшы Фядору і Паўліну, хоча збочыць, каб не сустрэцца, але сутыкаецца са Злыднем. Ён у сучаснай вопратцы.


Злыдзень. Піў на дурніцу, прамовы гаварыў, а цяпер бачком прашмыгнуць хочаш?

Бранябойны. Можна падумаць, дру-гія не пілі?

Фядора (затрымлівае Бранябойнага). Не, даражэнькі, мяне ты не абмінеш! Ты мяне на казе не аб'едзеш! Не на тую напаў! Гавары, круцель, будзеш мяняць ці не?!

Бранябойны. Пасля ўсяго гэтага я табе так памяняю, што кругі пойдуць, зялёныя мухі перад вачамі лётаць будуць. Бранябойнага за чарку купіць хацела? А ён не прадаецца! (Знікае.)


З'яўляецца Самасейкін.


Злыдзень (Самасейкіну). Да аддзела справядлівасці дойдзе!.. Да жонкі!.. З работы шугануць дэбашыра... П'яныя здымачкі ў вітрыне раймага выставяць.

Самасейкін. Усведамляю! Каюся! А хто паверыць? На каньяк, на ікру зярністую запрашалі - адмовіўся! На самагонку, на аладкі з макам паквапіўся!

Злыдзень. А Міленькі не ўпусціць! Міленькі даложыць! А там разматаюць клубо-чкі!..

Фядора (ідзе насустрач Самасейкіну). Во, дзякуй богу, што вы яшчэ тут!

Самасейкін (адным духам). Тут? Няма мяне тут! Пайшоў, паехаў, збег, у пельку галавой кінуўся ад сораму, ад ганьбы, ад вашага вяселля праклятага! Пакуль я не нарабіў бяды, ідзі адсюль, старая, да каго-небудзь іншага, а то я за сябе не ручаюся!!! (Знікае.)

Фядора. Бяры, Ігнатка, свае транты, на самы верх палезем. Дапамажы чалавеку, Паўліна!


З'яўляецца Неўпакоеў.


Вось і яшчэ адзін з'явіўся. (Бярэ Неўпакоева за крысо.) На вяселлі быў? Быў! Гарэлку піў? Піў! А цяпер пойдзем са мной, я вам усім разам закусіць дам... На развітанне...

Ігнат. Не трэба, Фядора, дарэмна ногі біць. Інструкцыю не пераскочыш. Ды і нача-льнікі, бачыла, як цуглі закусілі?

Злыдзень. Дзе не пераскочым, там падлезем.

Фядора. А за цуглі так шмаргану, што ў другога зубы пасыплюцца! Гарнармар... Іш, узялі злыдні моц!


VIII


Фядора, Паўліна, Ігнат і Неўпакоеў накіроўваюцца да Любачкі ў прыёмную Міленькага.


Фядора (Любачцы). Не хацела апасты-ляцца, галавой бы яны налажылі, толькі я ж лопну, калі не выгаваруся.

Паўліна. I вочы нагледзеліся, і ногі нахадзіліся... Падэшвы адбілі, каб іх кашаль біў, а гаворка без клею! А цяпер і зусім мяняць не хочуць...


Фядора, Ігнат, Паўліна і Неўпакоеў уваходзяць да Міленькага. У яго сядзяць Самасейкін, Бранябойны, Яснотка і Дзюр-кіна.


Міленькі (на высокай ноце). Цярпен-не наша лопнула, паставім кропку над «і»...

Фядора (з парога). Што ж гэта ў цябе, чалавек, робіцца?! Што ж гэта ў цябе пад носам дзеецца? Сем сёл, адзін вол, дзесяць начальнікаў, а рабіць некаму? (На прысутных.) Сядзяць завалы, доўбні, а справе ні толку, ні парадку даць не могуць?!

Міленькі. Пачакайце, грамадзянка!

Фядора. Не, цяпер ужо ты пачакай, грамадзянін!

Міленькі. Я папрасіў бы...

Фядора. Не перапыняй, сказала, усё роўна не спынюся, пакуль не выгаваруся. Ад гэтага ж абмену можна ровам зараўці. I чорт жа літасць мае! Нашай жа хадзьбе канца-берага не відно. Ну, добра выпілі - губа ні ў кога не замкнёна. Дык цяпер будзь жа ласкаў і справу зрабіць! Маладых віншавалі - салаўямі разліваліся. А цяпер яму, другому, фігаю носа не дастаць. Сядзяць цяцеры ў сабакі вачэй пазычыўшы!.. (Міленькаму.) I да цябе прыходзілі, і ты абяцаў... Што ж гэта за парадкі такія: нага нагу падпірае, рука руку абмывае, а людзі па паверхах матляюцца, прыступкі лічаць, «адзінага акна» шукаючы?!

Міленькі. Вы можаце памаўчаць, ці мне давядзецца амон выклікаць?!

Фядора (стукае кулаком па стале). Не буду маўчаць! I ты мяне лепей не чапай, а то і амону твайму хопіць! Сабраў са свету па злыдню і хочаш, каб я маўчала?! Усяляй мне свата да свацці, а то я да Мінска дайду, на самую макушку вертыкалі далезу. Хопіць, набегалася, язык высалапіўшы (да Ясноткі). Вось яна! Ты толькі глянь. Журжа гэтая з перастрахоўкі! Шалашма шалашмою, глядзець няма на што, а выпендрываецца, губу закапыльвае (перадраж-нівае): по инструкции не положено, по инструк-ции не положено. Перапішы свае інструкцыі, калі яны людзям не на карысць! Мала ў нас яшчэ дур¬ных інструкцый?! Тут жа такі выпадак, што ад свайго сэрца, здаецца, адарваў бы, адкалупнуў, а другому даў. Дык жа не! Як са злыднем згаварыліся!..

Яснютка. Лепш сыдзі, цётка, пакуль не атрымала два гады за дыскрэдытацыю ўлады і дзяржавы!

Паўліна (перапалохана). Фядорачка, хопіць! Фядорачка, не трэба! Пойдзем лепш, сястрыца, далей ад бяды!

Ігнат, Паўліна і Любачка выправа-джваюць Фядору. Даюць ёй вады.


Міленькі (Неўпакоеву). Ну і што ты, Неўпакоеў, на гэта скажаш?

Неўпакоеў. Да выступлення папярэд-няга аратара нічога дадаць не маю. (Выходзіць.)

Фядора (зусім спакойна). А што, ужо і выгаварыцца нельга? Якая ж гэта будзе самакрытыка, калі я гэтым злыдням на разві-танне вуха не прачышчу?


Iгнат, Паўліна і Фядора выходзяць.


Ігнат. Крыва пачалі, крыва і выходзіць. I цяпер няма чаго гвалт паднімаць.

Фядора. Не вучыце бязногага хадзіць. Ці будзе на маім, ці я не Фядора! Мне толькі падумаць дайце, дык я ім яшчэ такую кулю адалью...

Любачка (у роспачы). Як жа ім дапамагчы?! Што ж мне рабіць?!

Злыдзень. Што ведаеш, тое і рабі!

Любачка. Калі б ведала, то зрабіла б.

Злыдзень. У мяне ёсць ідэя...

Любачка. У мяне іх дваццаць, а толку?

Злыдзень. У мяне адна, але жалезная. (Нечакана.) Ажаніць трэба Ігната з Паўлінаю...

Любачка (здагадалася). I прапішуць яго без слова ў сумежным пакойчыку?!

Злыдзень. На векі вечныя. А прапі-саўшыся - развядуцца, калі захочуць.

Любачка. Геніяльна і проста!

Злыдзень. Геніяльнае заўсёды простае. А спосаб стары як свет. Ато адкуль бы тыя тысячы бязбацькавічаў...

Любачка (выбягае). Ну, Яснотачка! Ну, работнічкі!.. Вы мяне доўга памятаць будзеце!


Да Дзюркікай уваходзяць Ігнат, Паў-ліна, Фядора і Любачка.

Дзюркіна здзіўляецца.


Фядора (з парога). Ну, маладзіца, разумны з разумным доўга не гаворыць, дык і мы табе адразу... Прыйшлі вось да цябе Ігнат з Паўлінаю, душы спытаўшы, шлюб узяць. I ён адзін-адненькі, і яе шчасце як у казы хвост - з вайны ўдавою прасветлае часіны не бачыла. Яно ж, ведаеш сама, адной і птушцы нудна. Ну, а ўдваіх, кажуць, добра і жабраваць пайсці. Дый хата без гаспадара плача. А калі да таго - у Ігната яшчэ і сякець і паліць... (Паўліна тузае Фядору за крысо.) Не тузай мяне, Паўліна, тут не малыя дзеці сабраліся... Так што не будзем марудзіць, давай нам, маладзіца, тую бланку, што жэняцца, мы ўсё як належыць дома ўпішам і табе прынясём. А ты пячатку прылепіш без лішніх слоў і скрыпкі ў торбу, як той Гарык кажа.

Дзюркіна (здагадалася). Вядома... Зразумела... Канешне.... (Перадае лісткі Паўліне і Ігнату.) А мы ўжо як спецыялісты паста-раемся...

Фядора. Ну, дык прыходзь на зару-чыны! Не саромейся... Паколькі мы без спецыяліста ўсё адно не абыдземся.


Ігнат, Паўліна і Фядора выходзяць.


Дзюркіна (Любачцы). Твая ідэя?

Любачка. У мяне свой клопат.

Дзюркіна. Тады пасядзі, я зараз. (Хоча бегчы, але сутыкаецца з Міленькім.)

Дзюркіна. Чуў? Ну і дзялы! Сваточкі фіктыўна жэняцца! Любачка не дасць збрахаць! Гэта ж абы закон аб'ехаць!..

Міленькі. Не аб'едуць! Толькі ты не шумі, не спалохай. Ведаеш, як птушак ловяць? Пастаў начовачкі, падапры іх калочкам, а за калочак - вяровачку, пасып галубкам зярня-так, і няхай яны пачнуць спакойненька дзяў-баць... У гэты самы момант мы і шмарганём за вяровачку. I тады бяры іх цёпленькіх і аддавай прама на скавародку Неўпакоеву. А той ужо і абскубе, і абсмажыць... Гэта ж класічны сюжэт для фельетона!

Любачка (рашуча). Міленькі, ты гэтага не зробіш!

Міленькі (падкрэслена ласкава бярэ Любачку за плечы). Па-першае, у Гармарнары я табе не Міленькі, а па-другое, не сунь свой носік (дакранаецца да носіка) у дзяржаўныя справы, паколькі...

Любачка. ...я табе яшчэ не жонка?

Міленькі. Абсалютна справядліва, мая козачка. (Хоча прытуліць да сябе.)

Любачка (супраціўляецца). Відаць, я ёю і не стану, мой казёл.

Міленькі (не зразумеў). Станеш, станеш. Пацярпі тыдзень і станеш. (Абдымае.)

Любачка (моцна адштурхоўвае Міле-нькага). Сыдзі з вачэй, злыдзень!

Міленькі (ускіпае). Ну, ведаеш! Ты гэтыя штучкі кінь! Я гэтага не люблю!..

Любачка. Дзюркіна, знайдзі мне тую паперку, у якой мы з Міленькім пакляліся на вечны саюз і вернасць да скону.

Дзюркіна. Сама ў свае шчасце не верыш?

Любачка. Ага, не веру. Вельмі замуж хочацца.

Дзюркіна. Пацярпі дзянёк-другі, памучайся... (Знаходзіць заяву, падае Любачцы.) Я памятаю, мне жах як падабаўся вось гэты адзінаццаты пункцік (чытае): «к вступлению в брак препятствий у нас не имеется». У дзеўках яшчэ хадзіла...


Любачка бярэ заяву і рве на часткі. Дзюркіна слупянее ад нечаканасці.


Ашалела?! Што ты нарабіла, дурніца няўрымслівая?

Любачка (падкрэслена). «К вступле-нию в брак препятствия имеются», Дзюркіна. (Шматкі заявы кладзе ў руку Міленькаму.) Трымай, Міленькі, на добры ўспамін!..

Міленькі (зусім разгублена). Што гэта азначае, Люба?!

Любачка. Толькі тое, што я вам не жонка.

Міленькі. Ты што наогул хочаш?! Ты хочаш, каб я...

Любачка. Калі вельмі захачу, таварыш першы памочнік другога намесніка, то вас са мной, як некалі, мясцком ажэніць! Прафсаюз ў нас яшчэ савецкі! Толькі пакуль што я яшчэ не захацела... вельмі.

Дзюркіна (хапаецца за галаву). Божа-чка! Ад такога чалавека... Ад такога жаніха...

Любачка. Вазьмі яго сабе. А я такіх жаніхоў у імпартных шкарпэтках бачыла.


Міленькі дэманстратыўна выходзіць.


Дзюркіна. Звякуеш перастаркай! Жаніхі цяпер пад нагамі не валяюцца.

Любачка. Ха! (Цытуе.)


И рада, рада уж была,

Что вышла за калеку?


Дзюркіна. Ну, і што, што за калеку?

Любачка. Аўдавела хутка, вось што.

Дзюркіна. Ну і няхай сабе. Лепш быць маладой ўдавою, чым старой дзеўкай.

Любачка. Што каму, Дзюркіна. (Выхо-дзіць.)

Дзюркіна (звоніць па тэлефоне). Самасейкін, сенсацыя! Любачка Міленькага бартанула! Збірай актыў, параімся!


Па прасцэніуме бяжыць Самасейкін.


Самасейкін. Вось гэта нумар! (Су-стракае ўзбуджанага Бранябойнага.) Ты чуў, Любачка аборт зрабіла?!

Бранябойны. Такое дзіва... (Занепа-коена.) На сучасным этапе?!


З'яўляецца Яснотка.


Яснотка. Чулі? Жэняцца, круцялі, фіктыўным спосабам!

Самасейкін (здзіўлена). А навошта тады аборт было рабіць?!

Яснотка (усплёсквае рукамі). Дык гэна старушэнцыя яшчэ і панесла ад яго? Кашмар! Яму ж пад семдзесят!

Самасейкін. Відаць, у старога машына.

Яснотка. Якая машына? Для абмену фікцыю робяць. Пакойчыкі ж сумежныя!

Бранябойны. Якія пакойчыкі? У яго цудоўная кватэра.

Самасейкін. У каго?

Бранябойны. У Міленькага, а ў каго ж? Сам усяляў.

(Працяг у наступным нумары.)


Натхнёныя вандроўнікі-адраджэнцы

Вежы замкаў і палацаў

Мы адправіліся ў сяброўскае падарожжа па адным з самых папулярных маршрутаў «Замкі Беларусі» са Змітром Каспяровічам і Антосем Астаповічам.

Зміцер Каспяровіч - адзін з арганізатараў турыстска-краязнаўчых вандровак,сябра «Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Ён прапануе каля 150 маршрутаў наведвання гістарычных мясцін ў краіне. Праграмы вандровак вызначаюцца разнастайнасцю, зацікаўленым паглыбленнем ў гістарычную мінуўшчыну. Літаратурнае суправаджэнне ажыццяўляе вядомы краязнавец Антон Астаповіч.

Падарожжамі Зміцер зацікавіўся яшчэ ў студэнцкія гады. У Беларускім Дзяржаўным Універсітэце культуры і мастацтва ён займаўся па спецыяльнасці «Ахова помнікаў культуры».

Разам са сваім сябрам Паўлам Каралёвым, усталяваўшы кантакт з кіроўцамі, хлопец з другога курса пачаў ладзіць вандроўкі па маляўнічых, але занядбаных мясцінах. Адначасова юнак з'яўляўся маладафронтаўцам, удзельнічаў у акцыях, узначальваў адну з раённых радаў ў Менску. Адважны Мірон неаднаразова ўзнімаў над горадам белчырвонабелы сцяг. (За што яму давялося паспытаць 3 месяцы арышту ў вязніцы).

Скончыўшы навучанне ў ВНУ, Зміцер прысвяціў сябе цалкам улюбёнай справе турыстычнага менэджменту. Пяць гадоў З. Каспяровіч займаецца праектам «Беларускі шлях». Да яго далучыўся ягоны былы выкладчык энтналогіі і этнаграфіі БДУКіМ Антось Астаповіч. Ён мае вялікі досвед працы ў ВНУ і ў музеі народнай архітэктуры ў Строчыцах, дзе быў намеснікам дырэктара. Спадар Антось валодае фенаменальнай памяццю, гатовы гадзінамі з захапленнем апавядаць пра мінуўшчыну беларускіх гарадоў і мястэчак. Каментар суправаджае трапны гумар, ставараецца асаблівая атмасфера цеплыні і сяброўскасці, якая заахвочвае сталых вандроўнікаў на далейшыя сустрэчы.

Эксклюзіўныя, змястоўныя экскурсіі па Беларусі турыстычныя фірмы мала цікавяць. Іх ладзяць толькі апантаныя энтузіясты. Асноўныя грошы турфірмы зарабляюць на замежным выязным турызме, яны бачаць эканамічна нямэтазгодным развіваць нацыянальную сферу. Калі ў кіраўніка няма нацыянальнага пачуцця, то ён не будзе займацца вандроўкамі па Беларусі.

Сёння Зміцер і Антось упэўненыя, што як раз культурнаасветніцкая праца дае найвялікшы плён.

Азнаямленне моладзі з гістарычнай мінуўшчынай нашага краю дапамагае выхоўваць сапраўдных патрыётаў. У кожнай вандроўцы асоба далучаецца да роднамоўнага асяродка, пагружаецца ў беларускамоўную плынь, атрымлівае сваеасаблівае хрышчэнне беларускасцю.Калі аповед экскурсавода прыпыняецца, гучаць папулярныя нацыянальныя мелодыі.У падарожжах удзельнічаюць людзі самых розных узростаў, ад студэнтаў да пенсіянераў. Далучаюцца і замежнікі, якія хочуць бліжэй пазнаёміцца з культурай крывіцкіх і ліцвінскіх абшараў.

«Кожны такі заезд нас акрыляе і надае сілаў на цэлы тыдзень, лічаць заўсягдатаі падарожжаў. Мы праехалі цікавым маршрутам па Браслаўшчыне, Глыбоччыне, Мядзельшчыне. Выключную прыгажосць мы пабачылі ў падарожжы па маршруце: "Крэва - Баруны Гальшаны". «Як цуд узгадваем сёлетнюю вандроўку ў Мосар, кажа Яўгенія Аляксандраўна Астрэйка, Гэты аккуратны, дагледжаны і бласлаўлёны куточак зямлі, які захоўваецца рупнасцю ксёндза Ю.Булькі, касцёл, парк з дэкаратыўнымі каналамі. Есць мара трымаць усю нашу зямлю ў такім стане.»

Гонкіх храмаў звонкі адгалосак

Мы наведалі Ліду, Наваградак, Любчу, Мір, а таксама пазнаёміліся з непаўторнымі архітэктурнымі помнікамі, якія знаходзяцца ў Ліпнішках, Іўі і Гудах. Касцёл у Ліпнішках збудаваны з цэльных каменных плітаў, вострымі шпілямі ён парывае аблокі. У Іўі большасць насельнікаў каталікі. Каля касцёла ў імя Св. Пятра і Паўла была нядаўна пабудавана статуя Ісуса Хрыста, копія той, што ўзвышаецца ў РыадэЖанейра.

Ёсць ў Іўі прыхільнікі ісламу, мясцовыя татары. Пра іх культавую пабудову, дзе яны захоўваюць свае традыцыі, распавёў імам мячэці Алі Варановіч. Татары жывуць на Беларусі яшчэ з часоў князя Вітаўта. Яны служылі ў войску Вялікага Княства Літоўскага і ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве. Каля наваградскіх муроў мы патрапілі на тэатралізаваную каранацыю Міндоўга і завіталі ў музей Адама Міцкевіча. Пад час вандроўкі мы таксама даведаліся пра гісторыю паселішчаў Ракаў і Валожын, пра традыцыі габрэйскіх духоўных школ "ешыботаў", пачулі мясцовыя паданні.

Прыемна заўважыць, што кожны з маленькіх гарадкоў мае свой непаўторны каларыт, планіроўку, забудову.

"Чым больш арыгінальнасць і сваеасаблівасць будуць захоўвацца, тым меньш шанцаў будзе бачыць паўсюль сляды "савецкага барака" і " позняга рэпрэсансу", лічыць спадар Антось.

Акрамя паездак па Беларусі сяброўскі тандэм час ад часу арганізуе выезды ў суседнія краіны. За цёплы і спрыяльны перыяд году вандроўнікі наведалі Вільню і Коўна, пабывалі ў Грунвальдзе і Мальбургу. Дапамагае Зміцер Каспяровіч ў выездзе аматараў музыкі на фэст "Басовішча".

Зміцер і Антось развіваюць дзейнасць ў «Беларускім дабраахвотным таварыстве аховы помнікаў гісторыі і культуры». Заснаванае яшчэ ў 1966 годзе, Таварыста выжыла ў цяжкія часы і захавала дзейсную структуру ў рэгіёнах, праводзіць навуковыя канферэнцыі, выдае літаратуру. Антось і Зміцер выступілі з шэрагам прапановаў, якія былі падтрыманы. З ліпеня гэтага году А. Астаповіч узначальвае кіраўніцтва Таварыствам аховы помнікаў, а Зміцер з'яўляецца яго намеснікам па Менску.

"Абдыўся справаздачнавыбарчы з'езд, абрана новая Рада таварыства, новы Прэзідыюм, куды ўвайшлі і спецыялісты і прадстаўнікі грамадскасці, якім баліць за Бацькаўшчыну, культуру, гісторыю, мову, і якія гатовы ахвярна працаваць на ніве абароны нашых гісторыкакультурных помнікаў, каб захаваць памяць, народ, краіну.Таварыства будзе працягваць шэраг навуковадаследчых мерапрыемстваў па выяўленню стану захаванасці помнікаў, шырокай папулярызацыйнай і асветніцкай дзейнасці ў галіне гісторыі і культуры Беларусі," кажа Старшыня Рады БДТАПГК Антось Астаповіч.

(Калі вы хочаце далучыцца да краязнаўчых і культурніцкіх вандровак, то збірайцеся не адкладаючы, гэта варта ўвагі!

Э. Оліна. На здымках : 1.Зміцер і Антось 2.Касцел У Ліпнішках 3.Касцел Св. Пятра і Паўла ў Іўі 4.Царква ў Наваградку 5.У Вільні

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX