Папярэдняя старонка: 2007

№ 47 (835) 


Дадана: 14-11-2022,
Крыніца: pawet.net.



№ 47 (835) 28 ЛІСТАПАДА 2007 г.


З юбілеем, Данута Янаўна!

Данута Янаўна Бічэль , нарадзілася 03.12.1937 г. у вёсцы Біскупцы Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.У 1957 г. скончыла Наваградскую педагагічную навучальню, а ў 1962 г. - аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. З 1962 г. выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гародні. З 1982 г. працавала загадчыцай Дома-музея Максіма Багдановіча ў Горадні. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1964 г. Узнагароджана медалём.

У друку выступае з 1958 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты - гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палессі» (1990), "На белых аблоках сноў" (2002), "Нядзелька" і інш. Напісала паэмы і кніжкі вершаў для дзяцей: «Перапёлка» (1968), «Грыб-парасон» (1969), «Дзічка» (1971), «Рыжая палянка» (1971), «Дагані на кані» (1973), «Лузанцы» (1982), «Габрынька і Габрусь» (1985).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984) за зборнік вершаў «Дзе ходзяць басанож».

Дануце Бічэль

Добры дзень, дарагая, харошая,

маладзенькі. праменьчыку наш,

заварожана разам з Каложаю,

ганаровая Нёмнава страж.


Ноччу цьмянаю зоранька светлая

тым, хто ў цемры, ў бяспуцці - маяк,

беларуская, тысячалетняя,

ў кожнай песні, бы Нёман, свая.


Ві з праменняў сваю недавітую -

з хвойным пахам жывучай смалы -

залатую, пасажную нітачку

на падарак каханай зямлі.


Кіне месяц у Нёман па зорачцы,

потым выбежыць сам на папас.

Хай прадзецца табе, няхай творыцца -

яшчэ скрыні не поўныя ў нас...

1965.

Ларыса Геніюш

(Матэрыял, прысвечаны Дануце Бічэль, чытайце на ст. 2.)


Слуцкія паўстанцы выратавалі гонар беларускай нацыі

Каля 70-ці чалавек з Менска наведалі мясціны, дзе 27 лістапада 1920 году пачаліся баі войскаў Слуцкай Рады БНР супраць бальшавікоў. У вёсках Грозава і Семежава месцяцца памятныя крыжы на памяць пра палеглых случакоў. У мерапрыемстве, зладжаным Культурніцкай камісіяй БНФ і Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры" ўзялі ўдзел актывісты Партыі БНФ, моладзі БНФ, прадстаўнікі аргкамітэту па ўшанаванні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ды іншыя ахвотныя.

Экскурсію вёў гісторык Антон Астаповіч. Ён расказаў пра гістарычныя падзеі розных эпохаў, звязаныя са Случчынай і Слуцкам у прыватнасці.

У мястэчку Грозава удзельнікі вандроўкі запалілі свечкі, усклалі кветкі, праспявалі нацыянальны гімн "Магутны Божа". Старшыня камісіі па культуры Партыі БНФ Франак Вячорка зачытаў віншавальнае слова Старшыні Рады БНР з нагоды ўгодкаў Слуцкага паўстання. У звароце гаворыцца: "Вітаю ўсіх вас з слаўным чынам нашых слуцкіх герояў. Ганаруся імі. Ганаруся сваім народам, які, абвесціўшы незалежнасць Беларусі пасля доўгае няволі, знайшоў у сабе сілу і мужнасць, каб бараніць сваю маладую дзяржаву".

У мястэчках Вызна і Семежава удзельнікі вандроўкі усклалі кветкі, праспявалі патрыятычныя песні, паслухалі дуду ў выкананні фронтаўца Пана СкіргайлыПалянэцкага. Перад прыезджымі выступіў грамадзкі актывіст Вячаслаў Сіўчык, Франак Вячорка, Уладзімір Халіп.

У Слуцку адбыўся імправізаваны мітынг пад белчырвонабелымі сцягамі ля будынка, дзе праходзлі паседжанні Слуцкай Часовай Рады БНР.

Кульмінацыяй пілігрымкі сталася наведваннем музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах, там адбылося адкрыццё першага ў Беларусі помніка слуцкім ваярам.

(Працяг тэмы на ст. 5.)


Мітынг да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну

Каля васьмі дзясяткаў чалавек сабраліся ў нядзелю на мітынг ля будынка гістарычнага музея ў Слуцку. Менавіта ў гэтым будынку ў 1920-м годзе была створаная Слуцкая рада, якая сфармавала войска для барацьбы за незалеж-насць Беларускай Народнай Рэспублікі. 27 лістапада 1920 году случчакі пачалі баі з войскам бальшавікоў.

Сёлета афіцыйны дазвол на мэмары-яльны мітынг атрымала КХП БНФ. Да гасцей з Менска далучыліся прадстаўнікі салігорскай і слуцкай дэмакратычнай моладзі.

Перад мітынгам у Слуцку сябры КХП-БНФ наведалі вёскі Грозава, Семежава і Вызну (Чырвоную Слабаду).

Севярын Квяткоўскі.


"Добрыя сенцы адчыняюцца словамі праўды"

Перасыпаю сонечны пясок,

вучуся

простай шчырасці ў Купалы,

На кросенцах, дзе гукі не ступалі

сную, не дыхаючы, паясок.

Гэтыя радкі Дануты Бічэль былі напісаны на запрашальніку Літаратурнага музея Янкі Купалы, у якім 22, красавіка 1998 года ладзілася сустрэча з ёю, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы. Я тады працаваў вучоным сакратаром музея і прымаў удзел у падрыхтоўцы вечарыны. Мне, даўняму знаёмцу Дануты, хацелася, каб сустрэча прайшла цёпла, сардэчна, упоравень з вьппынёю яе таленту, "з Купалам у сэрцы".

Ёсць у маім архіве сведчанні той сустрэчы, але сёння хочацца паказаль свае фотаздымкі самыя даўнія. 3 25 сакавіка па 1 красавіка 1969 года ў Маскве праходзіла V Усесаюзная нарада маладых пісьменнікаў. 3 Беларусі прыехалі туды Данута Бічэль, Жэня Янішчыц, Анатоль Кудравец, Варлен Бечык, Мар'ян Дукса, Мікола Капыловіч, Валянцін Мыслівец, Сымон Блатун. Славамір Хадаронак і я былі на нарадзе як прадстаўнікі Савецкай Арміі. Кіраўнікамі нашага семінара былі прызначаны Дзмітрый Кавалёў, Якаў Хелемскі, Грыгорый Курынёў, Іван Бурсаў (Івану Цярэнцевічу, дарэчы, 19 снежкя спаўняецца 80 гадоў), а сакратаром - Мікола Федзюковіч.

Падзеяй, якая асабліва запомнілася, стала наша сустрэча з Паўлінай Мядзёлкай. Канешне ж, аб спатканні з легендарнай Паўлінкай пастаралася Данута. На жаль, не ўдалося з'ездзіць да Міхайлы Грамыкі, а ён нас вельмі чакаў.

У чэрвені таго ж 1969 гола Данута падарыла мне яшчэ адно дарагое знаёмства, на гэты раз з Васілём Быкавым. Я ўжо ведаў, што мяне, вайсковага журналіста з Уручча восенню адправяць служыць за мяжу. I пагэтаму ўсё лета напаўняўся, назапашваўся Беларусяй,. вандруючы з магнітафонам і фотаапаратам.

Мікола Прашковіч быў спадарожнікам у Зэльву, да Ларысы Геніюш, а Данута, як толькі прыбыў у Гародню, пазваніла Васілю Ўладзіміравічу, і папрасіла аб сустрэчы каля гарадзенскіх муроў. 3 ім быў Барыс Клейн. Ён і націснуў на кнопку затвора, калі я асцярожненька стаў каля Васіля Уладзіміравіча, а задаволеная Данута аказалася амаль над абрывам. У наступным кадры я пастараўся "прыўзняць" Дануту. Мур на заднім плане высвеціўся сімвалічным фонам, быццам Данута - на астэроідзе ў чорнай касмічнай прасторы.

У наступны раз мой фотаапарат "спыніў імгненне" 30 верасня 1982 года - у юбілейны для Зоські Верас дзень. Я ўжо не памятаю, хто націснуў кнопку, ці фотаапарат быў пастаўлены на аўтаспуск, але я паспеў дабегчы да Генадзя Каханоўскага. У кадры свецяцца абліччы Зоські Вірас, Дануты Бічэль, Лявона Луцкевіча, Марыі і Аляксея Пяткевічаў, Ніны Ляшковіч, Аляксандра Ліпеня... Адбыляася сустрэча ў двары знакамітай "лясной хаткі" Зоські Верас, пад Віллёю. Тады Данута, супрацоўніца Домамузея Максіма Багдановіча ў Гародні, запісала на магнітафоную стужку ўспаміны Зоські Верас, і найперш пра Максімакніжніка. Данута шчодра аддзячыла гаспадыні "лясной хаткі". Дазволю сабе нагадаць толькі адзін верш Дануты, які называецца "Зоська Верас":

У гняздзе жаўруковым

адчынены весніцы.

Зоська Верас,

дзе Вашы сяброўкі-равесніцы,

што пра песні і зоркі падумалі ўслых!

Давайце наведаем іх...


3-пад страхі,

як з-пад крылаў радзімы, святло

у чацвёртым калене

да сэрцаў дайшло.

Ад юнацкага вогнішча жар не патух, уздымае моладзі дух.


Клеплюць косы спрадвечныя

ў небе касцы,

каб касіць на сутонні нябёс паплавы. Каб звязаць у вузлак

двух стагоддзяў канцы,

Зоська Верае жывая

і з ёю - жывы

Багдановіч Максім !

Гарэцкі Максім.

I Купала...

Хоць не спатыкалася з ім.

На адзіным агні беларускім гарым.

На высокай пасадзе стаім.


Зерне кінута шчодра на долі загон.

У Гародні Ваш «Колас...» даспеў ,

У мурах Батароўкі

шчэ цепліцца спеў -

беларускай гімназіі плён.


Вы фасолю пасадзіце

на скразнячку -

хай казуля пашчыпле струкі.

Са сталіцы збіраюцца ў саснячку,

каб запоўніць душы скразнякі.

За прамінулыя гады і я атры-маў ад Дануты многа падарункаў -зборнікаў з дарчымі надпісамі, і ў вершаванай форме таксама. Аднаго разу, не памятаю ўжо калі, склаў для яе "эх-спромт", увёўшы у загаловак яе ж радкі: "Гэта лёс мой..."

Не жывецца камерна:

з крэктамі віціна ўся!

Я і ў белакаменнай

крэменем свіцілася:

маю вершы з пробаю

нёманскай аснежнасці.

Чула Плошча Лобная:

ёсць Пляц Незалежнасці!

Гордая, я гора дня

цешыла язмінамі ...

... Не прымоўкла Горадня:

стогне прыпамінамі.

Ах, успаміны-прыпаміны... Сто лят Табе, дарагая Данута.дачка Івана! Верыцца, што і надалей будзе так, як Ты выдрукавала ў кнізе "Нядзелька":

Мой Анёл на заснежанай вежы

Мне прыносіць у сны мае вершы.

Ты пытаешся ў "Асеннім экспромце": "Дзе ж мне месца выб-раць, каб заняць стагоддзе?" Спадзя-юоя, між тымі, хто Цябе кахае, любіць, паважае, шануе. "Добрыя сенцы адчыняюцца словамі праўды".

Сяргей Панізьнік.

ДАНУТА БІЧЭЛЬ-ЗАГНЕТАВА

Анатоль Сыс

Бязродная песня паэтава,

што птах са сляпымі вачыма.

Данута Бічэль-Загнетава -

якая паэтка айчынная!


I родам, і племенем гожая.

Як рэчка - змялелы брод,

хаваеш ад вока варожага

Айчыны сваёй радавод.


3 мінулых крывавых стагоддзяў

ляціць за табой страла,

а час, усім злодзеям злодзей,

выскубвае пёры з крыла.


Ды пёры твае не радзеюць,

і словы ад сэрца твае,

як слёзы, як зоркі, ірдзеюць,

як кроплі расы на траве.


Слязою, расою і зоркай

да Бацькаўшчыны далучы,

раллёю і пожняй колкай

аблудных дзяцей лячы.


Вось коціцца кола з дубовых лісцяў

і кліча цябе ў Кушляны,

там здані паўстанняў яшчэ не звяліся,

там мова Мацея ў пашане.


Цвітуць на мурох

старажытных зёлкі,

лячы імі люд тутэйшы.

Баляць Беларусі цярновыя зоркі,

паэтам - цярновыя вершы.


Вось коціцца кола з цярновых лісцяў,

каляных, суздром засохлых,

ты ўстала,ты ведаеш: трэба выйсці

насустрач сваёй Галгофе.

З ТАБОЮ

Ніна Мацяш

…стаілася з бядой

між сцежак і разор…

пагрэй мяне, віхор,

адзіны сябра мой…


Які абраць мне тон, сястра?

Якія падабраць мне словы,

каб на пранізлівых вятрах

яны патрапілі быць сховам

у непагадзь, каб стацца ім

хоць чарацянаю альтанкай,

дзе з жалем-болем ты сваім

знайшла б хвілінную адхланку?


…схавацца б за дні, за імёны,

няхай белы свет не зважае,

знікаю ў натоўпе - чужая,

і ты прада мною - знікнёны…


Стыгмат абранасці заўжды

наўпрост у сэрца ўтаўраваны,

і не ўхіліцца ад бяды,

хоць і крылмі абдараваны.

Пастушка найшчырэйшых слоў !

На гонях матчынае мовы

не абарона ад ваўкоў

няўступна зведзеныя бровы…

…сцежку сную ад вады,

ніткі пакручаны ў долі,

я не шукаю патолі,

сціснуты вусны заўжды…


Ды мае дух магутны чар:

з чатырохлапымі - арліца,

для ўмлелых ты ў дадушны сквар

перакідаешся ў крыніцу.

Хто прагне прасвіт а ніць змрок -

нясеш, малітвай перавіты,

як сцяг, як тарчу - свой снапок ,

натомленая жнейка жыта .


згодна

апошняй згарэць у адчаі

у перапёлкай аплаканым краі…


У чуйным, пр ы хваткамі, сне,

што ловіць ветах на паддашку,

ты носіш на руках мяне,

і гэта для цябе няцяжка.

Ахвярніца, перадусім

падняцца прагнеш над сабою.

Праймаюся тваёй сьлязою…

Гартуюся агнём тваім...


Адцемравеіцца світанак.

Край наш трымаецца на апантаных .


Самотная ліра паэта

Да 105-годдзя з дня нараджэння Рыгора Папараці (1902 - 1948)

Даруйце мне…

Выгнанніку даруйце,

Мае пахілыя бярозы і стагі,

Па мне ў самоце сцежкі не сумуйце,

Мяне прыклікалі чужыя берагі…

Гэтыя пранізлівыя радкі належаць Рыгору Папараці, таленавітаму беларускаму паэту, імя якога пасля трагічных 1930-х і да апошняга дзесяцігоддзя вельмі рэдка ўзгадвалася ў беларускай літаратуры. Рыгор Макаравіч Сапун (сапраўднае прозвішча паэта) нарадзіўся 17 лістапада 1902 г. у вёсцы Шэлягі Цытвянскай воласці Ігуменскага павету (цяпер Пухавіцкі раён) у сялянскай сям'і. З 1925 па 1938 ён жыў і працаваў у Ленінградзе, дзе вучыўся на факультэце мовы і матэрыяльнай культуры Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта. У 1930 г. факультэт быў рэарганізаваны ў Інстытут гісторыі, філасофіі і лінгвістыкі, які Рыгор Папараць закончыў з некаторым перапынкам у 1932 г. Яшчэ ў сярэдзіне 20-х гадоў, у час вучобы на рабфаку пры Белдзяржуніверсітэце, Рыгор Папараць пачаў пісаць вершы. Друкаваўся на старонках папулярных тады газет і часопісаў "Маладняк", "Узвышша", "Чырвоны сейбіт", "Са-вецкая Беларусь", "Малады араты" і інш. На ленінградскі перыяд жыцця прыпадае росквіт яго літаратурнай дзейнасці. Ён працягвае плённае супрацоўніцтва з беларускім друкам, стварае філію "Маладняка" у складзе 7 чалавек, аб чым дасылае ліст у ЦБ літаратурнага аб'яднання "Маладняк" у Менску (захоўваецца ў БДАМЛМ). Пазней становіцца актыўным членам беларускай секцыі Ленінградскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў.

Як і большасць паэтаў свайго часу, Рыгор Папараць вітаў будаўніцтва новага жыцця ў яркіх рэвалюцыйных метафарах: "дзе б я не йшоў, усюды чую моц, усюды чую спеў і барабан эпохі", "ідзём у сузорнасць лепшых дзён праз кручы і граніты", "шчаслівы я, што змог у час радзіцца, што мне знаём вялікі пералёт". Але асабістае, чалавечае, зямное пераважала ў яго вершах над сацыяльна-грамадскім. Матывы развітання і хуткаплыннасці жыцця, рэўнасці і неспраўджанага кахання напаўнялі творы Рыгора Папараці сумам і журбой:

Сядзіш ты ў самоце, прытуляна змрокам,

І слухаеш песні, што дзесь даканалі,

Скажы мне, скажы… я не веру прарокам,

Хто прадзе з вачэй тваіх смутку каралі.

Сядзіш і ня чуеш… Я ж плачу й пытаю,

Чало маё думкі глыбока ўзаралі…

Адзін па балоце я вохкім ступаю,

І сэрца губляе рубіны-каралі.

("Пра завеі пачуццяў")

Неаднойчы ў сваіх вершах паэт успамінаў басаногае галоднае дзяцінства, родную вёску, бацькоў, якіх вельмі шанаваў, маляўнічую беларускую прыроду.

Люблю праходзіць раніцою

Мяжой, усыпанай расою,

Глядзець на нівах хваляванне,

Дзе наша першае спатканне

Было адзначана слязою.


Звініць тут конік з каласкамі,

Жартуе пчолка з васількамі,

Бярозкі гонкае пялёсткі

Кудлаціць вецер, як валоскі,

Сваімі доўгімі рукамі…

("Люблю праходзіць")

У 30-я гады крытыкі-вульгарызатары не звярнулі ўвагі на самотную ліру паэта, у якой часта гучалі ясенінскія матывы. Аднак сталінскія паслугачы аказаліся куды больш пільныя. На апошнім курсе Рыгора Папараця выключылі з ліку студэнтаў за верш "Памяці Ігнатоўскага", напісаны ім пасля весткі пра самагубства выдатнага гісторыка, прэзідэнта Беларускай акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага. Нейкі час паэт працуе на кінастудыі "Савецкая Беларусь", выкладае рускую мову і літаратуру ў ленінградскай школе, шчасліва жэніцца з актрысай і балерынай, рамантычнай Эльвірай Багачунас, з сям'і былога "латышскага стралка". Але вясной 1937 г. Рыгора Папараця арыштоўваюць, абвінаваціўшы ў нацыяналістычнай дзейнасці, канфіскуюць частку рукапісаў, сярод якіх і "крамольны" верш… Праз 6 месяцаў жудасных катаванняў у ленінградскіх "Крыжах" жонка і бацька паэта, прадаўшы ўсе каштоўнасці і частку нерухомасці, выкупляюць яго з турмы, але з Рыгора Папараця бяруць падпіску аб тым, што ён больш не будзе займацца літаратурнай творчасцю.

У 1938 г. Рыгора Макаравіча высылаюць у глухі куток Беларусі: ён працуе настаў-нікам у Красналукскай школе Халопеніцкага раёна. У 1939 г. памерла ад сухот прыгажуня-жонка. Рыгор Папараць ажаніўся другі раз - з настаўніцай Л.К.Арловай, якая стала надзейнай спадарожніцай яго жыцця.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ён ўключыўся ў падпольную барацьбу, а вясной 1942 г. стаў партызанам брыгады "Беларусь". З наступаючымі часцямі Чырвонай Арміі дайшоў да Кёнігсберга, дзе быў цяжка паранены і кантужаны. Пасля вайны працаваў дырэктарам і выкладчыкам рускай мовы і літаратуры Дудзіцкай сямігадовай школы, што ў Рудзенскім раёне. Рыгор Макаравіч застаўся ў памяці сваіх вучняў сумленным, добрым, светлым чалавекам, выдатным знаўцам свайго прадмета. Але да паэзіі ні да вайны, ні пасля яе Рыгор Папараць ужо не вяртаўся. Цяжка ўявіць, якія мукі адчуваў паэт, калі ў душы нараджаліся паэтычныя вобразы, а ён павінен быў маўчаць дзеля будучыні сваіх дзяцей. Жахлівы вынік тых змрочных часоў - знявечаны талент, задушаныя словы, закрэсленыя мары і надзеі. І адной з ахвяр гэтай эпохі быў Рыгор Папараць.

30 красавіка 1948 г. скончыўся нялёгкі зямны шлях паэта і настаўніка. Пахавалі яго на могілках ў вёсцы Варонічы недалёка ад Рудзенска.

Трэба дадаць, што выдаць свае творы асобнай кнігай паэту не давялося. Але частка паэтычнай спадчыны Рыгора Папараці заха-валася, дзякуючы яго жонцы Любові Кузьмінічне Арловай і пляменніцы Ніле Канстанцінаўне Радзінскай, якія ахвярна, з вялікай павагай і любоўю ставяцца да яго творчасці. Сёння аўтографы вершаў і паэм, лісты Рыгора Папараці з фронту, біяграфічныя дакументы і фотаздымкі перададзены імі ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, а другая частака - у Пухавіцкі краязнаўчы музей. Творчая спадчына Рыгора Папараця чакае свайго ўдумлівага даследчыка, каб вярнуць яшчэ адно незаслужана забытае імя ў беларускую літаратуру.

9.11.2007 г.

Кекелева Таццяна - заг. аддзела інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў.


У Акадэміі Навук "скрыжавалі" Купалу і Коласа

Прэзідыюм Нацыянальнай Акадэміі навук (НАН) выдаў пастанову аб "рэарганізацыі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН". У дакуменце за подпісам старшыні прэзыдыюму НАН Міхаіла Мясніковіча паведамляецца: па ўзгадненні з міністэрствам фінансаў, міністэрствам эканомікі і Дзяржаўным камітэтам маёмасці рэарганізаваны Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН праз далучэнне да яго дзяржаўнай навуковай установы Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі.

Колішнія акадэмічныя інстытуты цяпер будуць мець агульную назву - "Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы". Базавым пры гэтым будзе Інстытут мовазнаўства, а ў бюро Прэзідыюму бліжэйшым часам мусяць быць пададзеныя змены і дадаткі ў новы Статут навуковай установы.

У Прэзідыюме Нацыянальнай Акадэміі навук увечары ў пятніцу не ўдалося атрымаць каментар адносна мэтазгоднасці захадаў на аб'яднанне Інстытута мовазнаўства з Інстытутам літаратуры НАН.

Супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка паведаміў, што ўжо адправіў ліст да прэм'ерміністра Касінца і перакананы, што Інстытуту літаратуры - жыць: "Праходзіць час, і думаю - а можа, і не шкодзіць нам часам сказаць: "Таварышы, а ведаеце? Вы не патрэбныя". І тады мы пачынаем думаць: сапраўды, а якую сацыяльную функцыю мы выконваем? Чаму вось, скажам, людзі на заводзе павінны гарбаціцца, а мы вось нібыта дармаеды? Тады я пачынаю сабе адказваць: а няўжо мы не выконваем важнейшыя сацыяльныя функцыі ў грамадстве? Няўжо не пашыраем духоўнасць у краіне? Мы ж працуем на сістэму адукацыі, на асвету, на культуру. Не сябе хвалю, няхай гэта на адрас маіх калег. Мы вельмі самааддана працуем на пашырэнне гуманізму ў нашай краіне і духоўнасці.

А калі няма духоўнасці - тады пануе бездухоўнасць, пануе крымінал, беззаконне. Гэта незаўважна, як паветра: калі паветра ёсць, людзі яго не заўважаюць. А вось уявіце, што яго, паветра, няма. Людзі пачнуць задыхацца.

Вось такая ж самая сітуацыя і з літаратуразнаўствам, гуманітарнай навукай. Калі яна ёсць, людзі жывуць, гуманітарныя веды выконваюць сваю ролю, і людзі не заўважаюць гэтага. А ўявіце сабе, што гэта знікне? Думаю, гэта будзе істотны ўдар па самаадчуванні грамадства. Натуральна, можна жыць без пальцаў. Але ж гэта будзе непаўнавартаснае жыццё. Можна жыць і без рукі. Можна жыць і без гістарычнай навукі, без літаратуразнаўства... Але гэта таксама будзе непаўнавартаснае жыццё грамадства".

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка з гэтай нагоды сказаў: "Я разглядаю гэты крок уладаў як чарговае пацверджанне іх курсу на знішчэнне беларускае культуры і мовы, прыхаванага за дэмагогіяй пра патрыятызм і незалежніцкай рыторыкай. Палітычную, эканамічную і культурную незалежнасць Беларусі, якая зноў апынулася пад пагрозай, уратуе толькі свядомы народ. Беларускі народ, які шануе сваю непаўторную мову, багатую літаратуру, гістарычную памяць, што сягае тысячагоддзя.

Даклярую, што Беларускі Народны Фронт чынна падтрымае захады дзеля абароны беларускае гуманістыкі, дзеля будучыні нашае навукі. Заклікаю саміх навукоўцаў не маўчаць. Бо калі скарыцеся цяпер - будуць заганяць у рэзервацыю далей."

Старшыня Прэзідыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч загадаў забяспечыць працаўладкаваньне супрацоўнікаў Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы "у адпаведнасці з заканадаўствам". Выканаўцу абавязкаў дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Валерыю Максімовічу даручана стварыць інвентарную камісію дзеля "сістэматызацыі матэрыяльных і фінансавых актываў".


Гадаванец горада Льва

20 лістапада споўнілася 70 гадоў мастаку Рыгору Фралову.

Нарадзіўся ў 1937 г. у вёсцы Закораў Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. У 1967 г. скончыў Львоўскі палі-графічны інстытут імя I. Фё-дарава. Працаваў у Ташкенце, а самыя творчыя, натхнённыя гады аддаў мастацкаму рэдагаванню кніг у выдавецтве "Народная асвета".

Першы экслібрыс выканаў у 1972 г. Удзельнік III рэспубліканскай выставы кніжнага знака (1974), выставы беларускага экслібрыса ў Польшчы (Люблін, 1976), выставы «Сучасны савецкі кніжны знак» (Менск, 1977) і іншых выставак экслібрыса.

У яго наробку ёсць і літаграфіі, і экслібрысы (для Міхася Лынькова, Веры Палтапан, Рыгора Барадуліна, Яўгеніі Янішчыц, Валянціны Коўтун, Генадзя Кісялёза і іншых). Асабіста я ўдзячны актыўнаму сябру даўняга "Беларускага зямляцтва" у Львове за экслібрысы, за цудоўнае афармленне майго зборніка вершаў "Крона надзеі"(1975).

Ад імя ўсіх выхаванцаў Львова зычу шаноўнаму Рыгору, сыну Сямёна, новых творчых здзяйсненняў.

Сяргей Панізьнік.


Успаміны Эдварда Вайніловіча

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Прадстаўнічы беларускі з'езд, скліканы ў снежні 1917 г., складаўся з элементаў не зусім свядомых, але паслухмяных, дарога якіх у Менск і знаходжанне ў ім былі аплачаныя, абраў "Раду Беларускай Народнай Рэспублікі", якая мела неасцярожнасць згадаць аб сваім суверэнітэце. Бальшавікі прыхільнікі "адзінай і непадзельнай Расіі" разагналі Раду, якая ў перыяд нямецкай акупацыі пачала ізноў збірацца, заняўшы Дом губернатара і вывесіўшы на балконе беларускі бела-чырвона-белы сцяг, паўторна выявіла неасцярожнасць, абвясціўшы Раду краявым урадам. Так-сама той факт, што з правых груповак правадыроў беларускага руху паўстаў "Камітэт", які знаходзіўся з Радай у некаторай канкурэнцыі, і што немцы наогул не жадалі мець урад ва ўрадзе стаў прычынай прыбыцця фельдфебеля, які разагнаў Раду. Дом жа быў перададзены ў распараджэнне генерала фон Фалькенхейна.

Неабходна так-сама адзначыць, што немцы, хоць і бачылі ў польскіх землеўладальніках адзіную культурную сілу ў Краі, але заўсёды і ўсюды былі настроеныя супраць польскага элемента, стараючыся ўхіляць любы польскі ўплыў, а беларусаў, у якіх бачылі элемент, які пратэстуе і супраць Польшчы, і супраць Расіі, падтрымлівалі, вядома ж пры ўмове, што апошнія поўнасцю прымаюць акупацыйныя ўлады. У такіх умовах Беларуская Рада ізноў акрыяла духам, але, хутка зразумеўшы, што не зможа зладзіць з задачамі, якія стаяцьперад ёй, а таксама па прычыне адсутнасці ў сваіх шэрагах інтэлігенцыі і барацьбы на два фронты (супраць палякаў і рускіх), вырашыла адмовіцца ад прынцыпу адасобленасці і прыцягнуць да сябе ўсе грамадскія класы. Такім чынам, сапраўды не памятаю, на якім з паседжанняў Аграрнага таварыства ў 1918 г., на якое заўсёды з'язджалася ў Менск шмат удзельнікаў, быў арганізаваны вялікі беларускі збор, як звычайна ў "Народным" (былым "Юбілейным") доме на архірэйскай тэрыторыі, на які былі запрошаныя прадстаўнікі ўсіх грамадскіх арганізацый: горада, Аграрнага таварыства, габрэйскай грамады, праваслаўнага брацтва і г д., у колькасці, раней устаноўленай беларусамі. Сярод запрошаных быў і я. Дом гэты быў пабудаваны па выпадку 300гадовага юбілею царавання Раманавых.

Збор быў шматлікім, на сцяне за старшынём вывешаная была велізарная карта Беларусі, межы якой з аднаго боку даходзілі да Падлесся, з другога да Смаленска і Чарнігава на ўсходзе. Старшынстваваў "старшыня міністраў" Лёсік, побач засядалі "міністры". Пасля аб'явы ўсталявання ўраду "Незалежнай Беларусі" было вырашанае паведаміць аб гэтым суседнім дзяржавам, натуральна толькі Цэнтральнай Еўропы, паколькі ўсё гэта адбывалася падчас нямецкай акупацыі ў 1918 г. Папе і Маскоўскаму патрыярху планавалася выслаць толькі тэлеграмы, у Берлін, Вену і Швейцарыю было вырашанае накіраваць дэлегацыі. Былі нават падлічаныя выдаткі дадзенай місіі прыкладна ў 29 000 рублёў, але пасля заявы міністра фінансаў, які паінфармаваў аб тым, што ў казне маецца ў наяўнасці ўсяго толькі 7 рублёў 50 капеек, ажыццяўленне прадпрыемства апынулася пад пагрозай. Аднак Нямеччына назаўтра вылучыла неабходную суму, прытрымваючыся прынцыпу "divide et impera" (падзяляй і пануй), як я ўжо сказаў, і падтрымала ў адпаведнай ступені беларускі рух.

Неабходна адзначыць, што ў склад дэлегацыі ўвайшлі, ужо не памятаю хто з беларусаў, а таксама Р. Скірмунт і нясвіжскі ўладальнік маярату (яшчэ адзін Радзівіл, які падтрымаў БНР, рэд. ), на міжнародныя сувязі якога рабілася вялікая стаўка. Але гэтая місія не прынесла пэўных вынікаў, паколькі нямецкае кіраванне набліжалася да канца. Як я ўжо згадваў, бальшавіцкае кіраванне, якое надышло пасля нямецкага, зусім не было настроенае падтрымліваць беларускіх нацыяналістаў, цвёрда прытрымліваючыся прынцыпу "адзінай і непадзельнай" некалі царскай, а зараз "салдат і рабочых" Расіі.

Беларускія арганізацыі распаліся на правінцыйныя фракцыі: менскую, гарадзенскую, віленскую, самай рознай, у большай або меншай ступені, чырвонай афарбоўкі, у залежнасці ад таго, як гэтыя правінцыі пачалі ўваходзіць сферу польскага кіравання. Беларускія прадстаўнікі арыентаваліся хутка. Калі на папярэднім з'ездзе згадванне аб "легіёнах" выклікала буру абурэння, то ўзімку 1918 1919 гг. ужо з'явіліся і пачалі прабівацца да вышэйшых кіраўнічых колаў у Варшаве дэлегацыі ад беларускіх арганізацый з ціскам, каб "легіёны" прасоўваліся далей, да Дняпра і Дзвіны, займаючы пад знакі "Арла" і "Пагоні" увесь беларускі край.

Пасля заняцця Менска польскімі войскамі і ўсталявання там цывільнай улады, на беларускім зборы ў тым жа Народным доме, 13 лістапада 1919 г., вылучылася група сацыялрэвалюцыянераў, якія пад правадырствам усё таго ж Лёсіка прыйшлі з чырвонымі бантамі і пачалі прыдумляць у стылі "польскіх жандараў" і з такімі настроямі друкаваць артыкулы ў беларускім выданні, якое, дарэчы, неабачліва субсідавалася польскімі ўладамі. Аднак гэта прынесла адзін вынік: у рэдакцыі пачаліся рэвізіі і арышты некаторых чальцоў, у сувязі з чым у іх шэрагах адбыўся адпаведны, магчыма, усяго толькі ўяўны, раскол у арыентацыі. У гэты ж час вядомы беларускі дзеяч Паўлюк Аляксюк узначаліў вербавальнае бюро і пад эгідай польскіх уладаў, якія яго субсідавалі, спрабаваў сфармаваць у Менску беларускае войска, на якое беларусы атрымалі "дабро" у Пілсудскага 28 ліпеня 1919 г. Гэта і дало ім падставы прамаўляць пахвальныя тосты ў гонар Начальніка дзяржавы на бяседзе 28 ліпеня 1919 г. у гасцініцы "Еўрапейская".

Далейшае развіццё падзей пакажа, наколькі абраны шлях быў правільным. Мусіць, не адзін з вас здзівіцца, што пытанне аб польскіх легіёнах у маіх успамінах абсалютна не закраналася. Хутчэй за ўсё таму, што я ў асноўным адзначаў тыя падзеі, у якіх самому даводзілася ўдзельнічаць, або на ход якіх мог асабіста паўплываць. Што ж датычыцца легіёнаў, то ў іх я не прымаў ніякага ўдзелу, акрамя як сур'ёзнымі выплатамі. Я паўтаруся, што гэты парыў нашай грамадскасці, хоць і павінен быў у будучыні стаць зародкам Войска польскага, лічыўся мной тады рызыкоўным і не зусім зразумелым. Рызыкоўным таму, што легіёны, якія складаліся з атрадаў, у якія ўваходзілі прадстаўнікі з розных пластоў грамадства, учынкамі і паводзінамі могуць пакінуць пасля сябе негатыўны асадак у месцах раскватаравання, як гэта бывала, а таксама і ў баявых мерапрыемствах, або ж могуць наўмысна заўсёды для нас чужым галоўнакамандаваннем быць падстаўленыя на поўнае знішчэнне, пазбавіўшы наша грамадства самых прадпрымальных яго чальцоў.

З другога боку, я не разумеў, і дагэтуль ніхто не змог мне растлумачыць гэтую канцэпцыю. Легіёны фармаваліся пад патранажам дзяржаў Цэнтральнай Еўропы, таму я не мог дапусціць, што яны з чыстым сумленнем змогуць выступаць супраць заходніх краін, бо, ваюючы супраць Расіі, якая была яшчэ ў Антанце, яны ваявалі б на нямецкім баку супраць Англіі, Францыі і Італіі, што па добрай волі паляк яшчэ ніколі не рабіў. Праўда, рызыка выйшла на славу і на карысць польскай дзяржавы, а традыцыі легіёнаў нямала паслужылі справе ўзняцця духу і дысцыпліны ў будучым польскім войску, але я гэтага не магу зразумець да цяперашняга часу. Вылучэнне некаторых польскіх баявых адзінак мела месца яшчэ ў царскім войску.

(Працяг у наст. нум.)


Слуцкія паўстанцы выратавалі гонар беларускай нацыі

24 лістапада ў Старых Дарогах на сядзібе музея Фонд Анатоля Белага адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне памятнага знака ў гонар герояў Слуцкага збройнага чыну 1920 года.

Памятны знак выкананы па праекту Анатоля Белага (картон Уладзіміра Каравацкага) і ўяўляе сабой плоскую праекцыю аб'ёмнага помніка скульптпра Інькова, макет якога захоўваецца тут жа ў музеі, а час устаноўкі якога ў Слуцку або ў адным з памятных месцаў паўстання абавязкова наступіць.

Адкрыццё знака адбылося пры вялікай колькасці народу. Прыехалі два вялікія аўтобусы з Менска з удзельнікамі пілігрымкі па памятных месцах паўстання, прыехалі аўтобусы і многія машыны з Слуцка, Салігорска, Ліды, прыйшлі мясцовыя жыхары. Прысутнічала аташэ чэшскай амбасады Яна Паўлава.

Помнік асвяціў айцец Леанід Акаловіч.

Падчас мітынгу прагучалі словы пра выключнае значэнне Слуцкага збройнага чыну не столькі для зыходу вайны і для лёсу беларусаў, якім давялося жыць пасля яе і напоўніцу паспытаць і бальшавіцкай і польскай ласкі, колькі для будучых пакаленняў, у падмурак свядомасці якіх Слуцкі збройны чын лёг прыкладам самаадданасці і мужнасці, вартымі пераймання. Не скарыліся навале слуцакі не скорымся і мы. Слуцкія паўстанцы не абаранілі ад бальшавікоў свой Край, яны абаранілі гонар беларускай нацыі, паказалі ўсяму свету яе волю да свабоды. Рэалізоўваць гэтую волю выпала сённяшнім пакаленням, і мужнасці ім трэба не менш, чым героям 1920 г.

Завяршыў мітынг гімн "Магутны Божа".

Яраслаў Грынкевіч.

На здымках: 1. Падчас адкрыцця знака. 2. Слова мае Анатоль Белы. 3. Малітву чытае айцец Леанід.


Памёр безкампрамісны барацьбіт, патрыёт Бацькаўшчыны - Аркадзь Блінкоўскі

12 лістапада 2007 года, на 67 годзе жыцця перастала біцца сэрца патрыёта Беларусі, актыўнага грамадскага-палітычнага дзеяча Аркадзія Аляксандравіча Блінкоўскага. Спадар Блінкоўскі шмат гадоў працаваў галоўным інжынерам у Беларускай гідрагеалагічнай экспедыцыі. Гэта быў вельмі кваліфікаваны спецыяліст, прыхільнік жорсткай працоўнай дысцыпліны, вельмі патрабавальным да сябе і сваіх падначаленых. Ён смела карыстаўся на працы беларускай мовай, вёў справаводства пабеларуску, не хаваў сваёй беларускасці, быў гарачым прыхільнікам адраджэння беларускай мовы і культуры ў паўсядзённым жыцці нашай краіны.

Падчас гарбачоўскай перабудовы і галоснасці Аркадзь Аляксандравіч адным з першых у Баранавічах пачаў працэс дэмакратызацыі грамадскапалітычнага жыцця, крытыкуючы кансерватызм і антыбеларускасць цэнтральных і гарадскіх улад.

Мала хто ведае, што Аркадзь Блінкоўскі нарадзіўся 25 сакавіка. Для свядомых беларусаў 25 сакавіка - гэта найгалоўнейшая падзея, самы святы і ўрачысты дзень. Менавіта 25 сакавіка 1918 года нашыя патрыёты стварылі незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Акт 25 сакавіка стаў адной з галоўных падзей у найноўшай гісторыі Беларусі. Ідэі БНР, беларускасць увайшлі ў яго цела і кроў, сталі сэнсам жыцця і практычных дзеянняў.

Вось чаму спадар Блінкоўскі быў адным з ініцыятараў стварэння ў Баранавічах Беларускага Народнага Фронта "Адраджэньне", а затым гарадской філіі Беларускай сацыялдэмакратычнай Грамады. Аркадзь Аляксандравіч шмат гадоў быў сябрам Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Чатыры гады быў рэдактарам гарадской газеты ТБМ "Баранавіцкае слова". Гэта была ў Баранавічах першая недзяржаўная газета, якая друкавалася пабеларуску, з 1991 па 1994 гады, якая ўздымала вострыя праблемы грамадскапалітычнага жыцця нашага горада. На старонках газеты можна было прачытаць навіны аб дзейнасці новых арганізацый і партый, канкрэтных прапановах дэмакратызацыі, неабходнасці рынкавых пераўтварэнняў, энэргетычнай бяспецы маладой беларускай дзяржавы. "Баранавіцкае слова" пісала пра антынародную прыхватызацыю дзяржаўнай маёмасці, працяг палітыкі русіфікацыі Беларусі, хабарніцтве вышэйшых службовых асобаў і мясцовага чынавенства. Карэспандэнты газеты на сваіх старонках смела раскрывалі праўдзівую гісторыю як самой Беларусі, так і баранавіцкай зямлі. Чытачы газеты ўпершыню даведаліся аб Палонкаўскай перамозе над рускай арміяй ваяводы Хаванскага ў 1660 годзе, аб Мілавідскай бітве 1863 года касінераў Кастуся Каліноўскага з царскімі карнікамі, аб антысавецкім супраціве на баранавіцкай зямлі ў 1945 - 1948 гг.

Аркадзь Аляксандравіч сам пісаў даволі цікавыя і змястоўныя артыкулы не толькі па гісторыі і культуры Беларусі, але і вострыя, крытычныя публікацыі аб нашым грамадскапалітычным жыцці. Мы добра памятаем артыкулы пра Пушкіна і Міцкевіча, гвалтоўную русіфікацыю, пра сялянскага паэта Паўлюка Багрыма, пра рускі імперыялізм і амерыканскую экспансію каштоўнасцей.

Безумоўна, многім асобам пры ўладзе такая актыўная і прынцыповая пазіцыя галоўнага рэдактара газеты як ў адраджэнні беларускай мовы, так і ў выкрыванні адмоўных з'яў у жыцці нашага грамадства падавалася надта радыкальнай, таму для адных спадар Блінкоўскі быў сапраўдным правадыром, а для другіх - зацятым нацыяналістам.

Асабліва моцна сп. Блінкоўскі крытыкаваў антыбеларускасць камуністаў, іх ідэалогію, састарэлыя стэрэатыпы і вобраз мыслення. Менавіта камуністы - артадоксы ўзбудзілі супраць газеты "Баранаіцкае слова" і яе галоўнага рэдактара крымінальную справу, ў выніку чаго баранавіцкі суд забараніў друкаванне газеты "Баранавіцкае слова".

Аркадзь Аляксандравіч Блінкоўскі шчыра хацеў змяніць нашае жыццё да лепшага, таму кіраваў гарадской філіяй партыі Беларускай сацыялдэмакратычнай Грамады. Неаднаразова быў кандыдатам у дэпутаты мясцовых і цэнтральных прадстаўнічых органаў улады.

Аркадзь Аляксандравіч Блінкоўскі крытычна ставіўся да антыамерыканскай і антызаходняй палітыкі беларускіх улад, быў чалавекам празаходняй арыентацыі, смела прапагандаваў неабходнасць дэмакратызацыі краіны і еўрапейскія каштоўнасці.

Мы на ўсё астатняе жыццё не толькі запомнім цябе, дзядзька Аркадзь, але і будзем працягваць тваю шчырую беларускую справу. Ад усяго сэрца выказваем шчырыя спачуванні родным, блізкім і сябрам-аднадумцам.

17.11.2007 г.

Віктар Сырыца, Віктар Мезяк, Сяргей Гоўша, Уладзімір Гундар, Карней Пятровіч,


СПРАВУ СВАЮ МЫ РАБІЛІ ШЧЫРА, САМААДДАНА, САМААХВЯРНА

У панядзелак, 19 лістапада, у Дэтройце памёр грамадскі дзеяч Язэп Сажыч.

Язэп Сажыч нарадзіўся 5 верасня 1917 г. у Гарадэчна, што на Наваградчыне. З лета 1944 г. на эміграцыі. Быў адным з арганізатараў беларускага жыцця ў Дэтройце, быў адным з заснавальнікаў парафіі Св. Духа Беларускай аўтакефальнай царквы ў гэтым горадзе. Узначальваў мясцовы аддзел Беларускаамерыканскага задзіночання.

Ад 1982 г. па 1997 г. узначальваў Раду БНР. У 1993 г. як старшыня Рады БНР прыязджаў у Менск.


Зусім гадка стала - ужо пад «дзевяностку» падыходжу. Фізычна я вельмі слабы, але, дзякуй Богу, мазгаўня трохі працуе. Не прапіў поўнасцю (смяецца). У кантакце з іншымі беларусамі, цікаўлюся падзеямі, чытаю нашы газеты («Беларуса», «Нашу Ніву»), хачу яшчэ нешта зрабіць для Бацькаўшчыны. Гэтым і трымаемся. Мяне, Барыса Рагулю і Ўладзіміра Набагеза мая нябожчыца жонка колісь назвала «трыма беларускімі мушкецёрамі». Надта падобны ў нас лёс: усе з Наваградскай акругі, скончылі адну гімназію, потым сталі афіцэрамі і, урэшце, - дактарамі. Да гэтых часоў разам трымаемся. Хаця Барыс, на жаль, ужо зусім слабы . Нябожчык Аляксандар Стагановіч - пасол у польскім Сойме - ахрысціў нас «наваградскай мафіяй». З трох «мафіёзі» я - найстарэйшы…

Ляжу часта ў ложку, і ўспаміны ў галаве страшэнна круцяцца: хоць кнігу выдавай. Мушу імі з Вамі падзяліцца.

Нарадзіўся 5 верасня 1917 г. у вёсцы Гарадэчна. Гадаваўся ў страшэннай беднаце: бацька памёр, калі мне было два годзікі (мамачка расказвала, што ён любіў мяне больш за ўсё на свеце), і маленькі хлопчык мусіў зрабіцца гаспадаром - араць, касіць. У семвосем гадоў я стаў у хаце лідарам: як скажу, так і мусіць быць! Калі мама злавалася, называла мяне «праклятым бальшавіком». «Чырвоных», як і палякаў, ніколі не паважала.

Мая маці, Вера Дарашэвіч, была для бацькі Сымона, які вярнуўся з заробкаў у ЗША, другой жонкай. Калі памерла першая, на бацькавых руках засталіся трое дзетак. А мамачка, зусім маладая тады жанчына, да шлюбу працавала ў Гарадэчна ў цёткі. Была яна чалавекам амаль непісьменным, але вельмі інтэлігентным, разумным.

Братка, ты не ўяўляеш, як мы з мамачкай любілі адно аднаго. Ужо апынуўшыся на вайне, перад апошняй атакай быў упэўнены, што мяне заб'юць. Смерці не баяўся, страшыўся аднаго: што мама не перажыве страты сыночка...

* * *

Калі споўнілася 14 гадоў, здарылася падзея, якая моцна паўплывала на мой лёс. Кашу ля рэчкі сена, пад'язджае брычка з войтам Сокалам: «Хадзі вучыцца, ты здольны хлопец». Я кажу: «Дык гэта грошай вялікіх каштуе». А ён: «Нічога, я ведаю дырэктара Ціханоўскага, прыходзь да мяне ў гміну». Войт мне выпісаў пасведчанне, перахрысціў і кажа: «Сынку, хадзі вучыся, але не давярай ніякай савецкай прапагандзе!» Пасля таго як зачынілі беларускую гімназію, перайшоў у наваградскую польскую гімназію, плаціў толькі 25 працэнтаў ад сумы. Я быў найбяднейшы з усіх хлопцаў. За гады навучання ў гімназіях не знайшоў магчымасці купіць аніводнай кнігі - пазычаў у багацейшых сяброў. Гімназія мела лінгвістычную скіраванасць, шмат вучылі на памяць. Я перапісваў на паперку і, ідучы дадому (дзесяць кіламетраў штодня), вучыў на памяць. І цяпер шмат лацінскамоўных твораў памятаю. Здараецца, як пачнем з Набагезам дэкламаваць па чарзе...

Відавочна, таму, што ў дзяцінстве галадаў, цяпер магу ні ў чым сабе не адмаўляць: хачу - ем сала, хачу - селядзец. Уявіце: дзесяць гадоў пешшу хадзіў з Гарадэчна ў Наваградак і назад. А гэта дзесяць кіламетраў кожны дзень. Чатыры кіламетры ішоў босы, а пад горад надзяваў чаравічкі, вось так, братка. На прыгарадку жылі Мазуры - бацькі маёй жонкі. Матка яе была стараверка, з сям'і Кашталянавых, паходзіла ад вялікіх расейскіх магнатаў. І калі я пачаў сустракацца з яе дачкой Варай, яна казала: «Што, я аддам сваю дачку за гэтага батрака? Што ў яго за гены?»

У гімназіі я быў неблагім матэматыкам, хацеў ісці на інжынера. І тут у Наваградак прысылаюць маладых украінскіх святароў, што скончылі ў Варшаве тэалогію. Быў такі святар Скрыпнік, ён мяне ўвесь час апякаў. Аднойчы ён кажа мне: «Ну што думаеш рабіць далей?» Паступаць ва ўніверсітэт было не па сілах фінансава. Скрыпнік націскаў, каб я ішоў на тэалогію: «Вам, беларусам, патрэбны адукаваныя патрыётысвятары». Рэлігію я паважаў, але разам з тым страшна любіў войска. Вучыцца вайсковай справе? Але ж куды цябе палякі прапусцяць?..

* * *

Пачалася Другая сусветная вайна. На фронце я зрабіўся героем: кідалі ў цяжкія абставіны, і я неяк з іх вылазіў. Камандзір дывізіі, таксама беларус, Мікалай Болтуць называў мяне «беларускім ільвом». Пяць разоў хадзіў у атаку - быў камандзірам левага флянгу. У час апошняй атакі паднімаю пісталет і крычу: «Хлопцы, за мною!» А кулямёт як трахне - добра мяне прасёк. Ляжу, гляджу на рану і думаю: усё, заб'юць немцы. Аказалася, што яны добра ратавалі афіцэраў, - адразу мяне паднялі з зямлі і адвезлі ў амбулянс. Нямецкі маёр, малады хірург, зрабіў рэнтген, пагладзіў па галаве і кажа: «Юнге, ты шчаслівы! Косць не закранута, мы цябе вылечым». Лячылі мяне ў вялікім ваенным шпіталі ў Лодзі.

Якраз тады саветы дамовіліся з Гітлерам: Нямеччына выпускае дадому беларусаў і ўкраінцаў, а СССР - г. зв. «фольксдойчаў», палякаў нямецкага паходжання. Я скарыстаў гэтую магчымасць, уцёк са шпіталю і пайшоў дадому, у Гарадэчна.

Нашая хатка стаяла на цэнтральнай вуліцы. Стаіць мая мамачка, прыглядаецца да хлопцаў у шынялёх. Падыходзіць да яе адзін, з суседняй вёскі: «Што, бабушка, сынка чакаеш? Выбачай, сам бачыў - палёг твой сынок у баі». Божачкі, а я ж адзін сынок у мамачкі.

Наша сям'я належала да наваградскага сабора святога Мікалая, настаяцелям там быў Мікалай Гарбацэвіч. Я добра яго ведаў, нават кадзіла падаваў. Мамачка, канешне, адразу пабегла да яго. Зрабілі па мне вялікую паніхіду, усе плакалі, сьпяваў хор - пра гэта я пазьней даведаўся. І вось прабіраюся агародамі да дому, а мамачка стаіць і набірае ў калодзежы ваду. Убачыла мяне і адразу ж, самлеўшы, упала: «Дзеці, глядзіце, што робіцца!» Думала, што прывіда ўбачыла.

Ужо ў Нямеччыне я спаткаў беларускага дзеяча Васіля Плескача, які ў францускай зоне акупацыі працаваў дырэктарам польскай школы. У 1948 г. у яго нарадзіўся сын, і Васіль папрасіў, каб я стаў хрышчоным бацькам. Прыязджаю на хрэсьбіны ў Швэнінген. Гляджу - Гарбацэвіч, божачкі ты мой! Той вочы вытарашчыў, падбег да мяне, цалуе і кажа: «Выбачай, родненькі. Я ж паніхіду па табе ўжо справіў. Вер, доўгім будзе тваё жыццё». Я асабіста прасіў Быкава апісаць гэты выпадак, аднак спадар Васіль адказаў: «Выбачай, даражэнькі, я не магу апісаць тое, што сам не перажыў».

* * *

Вярнуўся ў Гарадэчна. І тут сустракаю аднаго са сваіх таварышаў па гімназіі, а ён быў камсамольцам: «Юзік, хавайся. Табе тут не месца. Уцякай!» Выпісаў пасведчанне, у якім было сказана наступнае: «Сажич Иосиф Семенович, бедняк, направляется на учебу». І я паехаў у Львоў, праціснуўся ва ўніверсітэт, на ўліковаэканамічны факультэт. Зрабіў тры семестры, стаў выдатнікам. Між іншага, у Львове ў тыя часы апынулася шмат беларусаў: пасля таго як Вільню аддалі літоўцам, Віленскі ўніверсітэт перавялі на літоўскую мову. Парасейску ў Львове ніхто не размаўляў - расейцаў галічане не шанавалі. Калі прыехаў у Львоў, на нацыяналізм не «хварэў». І мае калегістудэнты, адданыя галіцкія патрыёты, уцягнулі мяне ў «бандэраўцы». Я сваімі вачыма бачыў, як на Галоўным рынку Львова было аб'яўлена аб стварэнні незалежнай дзяржавы, самаўраду. Якая весялосць пачалася, якое свята! А калі немцы заявілі, што Галіцыя - гэта частка Аўстрыі, - галічане пайшлі ў падпольле. Была ўтворана Ўкраінская паўстанчая армія, якая змагалася і з камуністамі, і з фашыстамі. Я таксама быў звязаны з гэтай арганізацыяй, з'яўляўся камандзірам у адной з вёсак. Потым мне далі харчовую краму, і ў Беларусь я паехаў самы апошні, бо мусіў забяспечваць харчамі ўсіх хто ад'язджаў.

Слухай, браток, нацыяналістам я стаў менавіта ў Львове. Калі жылі пад палякамі, пра незалежнасць і не марылі: нейкія правы, аўтаномія і ўсё. А ў сяле пад Львовам бачу: дзяўчаты выцягваюць зпад куфраў нацыянальныя «жоўтаблакітныя» сцягі, усе спяваюць, святкуюць - нацыянальны ўздым каласальны. Божа, думаю, а ў нас што?.. Украінцы мяне пытаюць, якія сцяг і гімн у Беларусі, а я чырванею - не ведаю... Нават вусаты селянінукраінец, калі пачуў адказ, адкуль я прыехаў, сказаў: «Дык ты ж ліцьвін!» Гэта мяне страшэнна ўзварушыла.

* * *

Але мусіў вярнуцца ў Наваградак, дзе ўсё апанавалі палякі, якія здавалі беларусаў немцам: ён, ён і ён - камуністы, і справа скончана... Стаўленне немцаў да нас было рознае: шмат было і добрага, і благога. Напрыклад, галоўны камісар Вільгельм Кубэ зрабіўся сябрам беларусаў, стараўся нам дапамагчы. Велізарная праблема крылася ў тым, што не ведалі, каму давяраць, а каму - не. Сярод нас, беларускіх нацыяналістаў, былі людзі, завербаваныя саветамі. Таму паводзіць сябе трэба было надта асцярожна. Лічу, што галоўным лідарам беларусаў тых часоў, нашым правадыром, быў Радаслаў Астроўскі - здольны, адукаваны, рашучы, сапраўдны шляхціц. Я быў на яго пахаванні ў ЗША, аддаў апошнюю даніну павагі гэтаму выдатнаму дзеячу.

Ратаваць суайчыннікаў ад немцаў і палякаў пачаў на Наваградчыне Барыс Рагуля, які вырваўся з палону і засеў у гэбітскамісарыяце. Барыс, як спаткаў мяне, адразу прапанаваў: будзеш камісарам паліцыі па цэлай Наваградскай акрузе. Але, пабыўшы ў Львове, я адрэзаў: «Ніякага супрацоўніцтва з немцамі! Дай мне войска - пайду ў войска».

Рагуля ўвесь час недзе матаўся: то ў Менск паедзе, то ў Вільню. Жылі мы ў адной хаце, і аднойчы ноччу, а другой гадзіне, прылятае Барыс, запальвае святло і кідае мне пачак папер: «На табе тваё войска!» Тады немцы далі дазвол утварыць Самаахову: адчынялася афіцэрская школа перашкалення ў Менску, у кожнай акрузе - падафіцэрскія школы і ў кожным раёне - батальёны. Да самай раніцы святкавалі падзею: выпілі, браток ты мой, добра.

Мяне прызначылі камандзірам падафіцэрскай школы ў Наваградку. Пад маім кіраўніцтвам было чалавек дзвесьце. Немцы паглядзелі, з якой адданасцю хлопцы вучыліся, і спалохаліся. Выдалі загад, паводле якога гэтыя кадры мусілі выкарыстоўвацца для дапаможных аддзелаў. Напрыклад, была створана лясная самаахова. Раптам мяне ў Менск выклікае Франц Кушаль і інфармуе, што немцы даюць дазвол утварыць чыгуначны батальён. Цікава, што Кушаль мяне спаткаў ужо ў чыгуначнай уніформе. У ранзе палкоўніка мяне тады сустрэў князь СвятаполкМірскі . Я быў супраць гэтай працы, аднак мне адказалі: «Сажыч, вы ёсць афіцэр, таму - ніякіх дыскусій». Я мусіў узяць 50 хлопцаў са сваёй школы ў Наваградку і ехаць у Ліду. Батальён не быў беларускай ваеннай адзінкай: я цягам шасці месяцаў школіў жаўнераў, і пасля іх накіроўвалі на ахову станцый. Мы мелі кулямёты, гранаты, вострую зброю. Нас апранулі ў сінюю нямецкую чыгуначную ўніформу, на шапках была нашыта «Пагоня», а на каўнярах - ярылаўскія крыжы.

Аднойчы на адной са станцыяў здарыўся такі інцыдэнт: жаўнер Слонімскі абяззброіў немцаў, забраў колькі хлопцаў і пайшоў у чырвоную партызанку. Двое хлопцаў, якія баяліся нямецкага расстрэлу, прыбеглі да мяне, і я іх накіраваў у Нямеччыну. А Слонімскі паехаў у тыл, бульбу абіраць.

* * *

Калі Барыс Рагуля арганізаваў у Наваградку швадрон, я туды не трапіў: мяне накіроўвалі з аднаго месца ў другое: Маладзечна, Стоўбцы... У кожным я меў па 200-300 хлопцаў для вучобы. У суме я перашколіў каля 2500 жаўнераў.

Браток, ты б ведаў, як мяне любілі хлопцы! Чаму? Бо ўмеў расказваць: сяду ды пачну апавядаць пра свае ваенныя прыгоды, а маладыя жаўнеры ажно раты параскрываюць.

Гадаваў іх у патрыятычным рэчышчы, рабіў заклікі хапаць зброю і бараніць Бацькаўшчыну. Мала хто ведае, што я з'яўляюся аўтарам некалькіх знакамітых вайсковых песень, падбіраў да іх мелодыі. Пад белчырвонабелымі сцягамі, з «Пагонямі» мае хлопцы маршыравалі і спявалі патрыятычныя песні. Лішнім будзе казаць, што размаўлялі мы толькі пабеларуску. А цяпер хтосьці ўяўляе сабе, каб лейтэнант беларускай арміі загаварыў на роднай мове?.. Дарэчы, я вывез з Баранавічаў апошні цягнік, а з ім - 300 чалавек. Усе палескія станцыі ўжо пазаймалі саветы.

На ІІ Усебеларускім кангрэсе ў Менску я меў ахоўныя функцыі: з двума пісталетамі, гранатамі дзяжурыў на балконе. Туды мяне асабіста направіў Усевалад Родзька. Калі б здарыўся нейкі сабатаж ці з савецкага, ці з нямецкага боку, я быў гатовы страляць ці кідаць у злачынцаў гранаты.

* * *

За мяжой закінулі нас ажно ў Саарбрукен, што знаходзіўся ў францускай зоне акупацыі. Родзька, які кіраваў Беларускай Незалежніцкай Партыяй, гэты вялікі канспіратар, даў мне загад перайсці да французаў. Раптам у Саарбрукен прыяжджае маёр Барыс Рагуля і забірае мяне ў Берлін, адкуль мы накіраваліся ва Ўсходнюю Прусію. Там быў ужо створаны беларускі дэсантны батальён «Дальвіц».

Колькі я там спаткаў знаёмых хлопцаў - не пералічыць! Кажу Рагулю: «Я ж нічога ў гэтай справе не разумею». На што генерал Міхал Вітушка, які пры сустрэчы пабацькоўску мяне расцалаваў, адказаў: «Не хвалюйся. Я ўсё вазьму на сябе».

Дарэчы, дэсантаваць у Беларусь мусіў Рагуля, аднак ён ужо меў сям'ю. Па адной з версіяў, у 1944м дэсантаваў Вітушка, які нібыта быў забіты ў баі з савецкім войскам. Паводле іншых, яму ўдалося схавацца дзесці на Захадзе. Апынуўшыся зноў у Берліне, тры дні сядзеў у начальніка галоўнага ваеннага ўпраўлення БЦР Канстанціна Езавітава, рабіў справаздачы. Потым Рагуля засунуў мяне ў Баварыю, дзе я зрабіўся камандзірам афіцэрскай школы. Працую, адказна раблю справу - і раптам немцы прысылаюць нейкага свайго афіцэра, які мусіў пераняць мае функцыі. Хлопцы распачалі бунт, а мяне пасадзілі пад хатні арышт і хацелі расстраляць. Але з дапамогай Рагулі, які ўсюды, дзе б ні быў, ствараў на прысутных цудоўнае ўражанне, мяне вызвалілі ды накіравалі ў нямецкую школу афіцэраў пад Ростак, у зямлю Мэкленбург.

* * *

Пасля вайны многія беларусы, якія перабіраліся ў ЗША, з той нагоды, што тым ці іншым чынам былі далучаны да немцаў, баяліся праблем. Яўрэі зрабілі так, што нас пачалі называць нямецкімі калабарантамі. А я нічога не баяўся, бо ведаў: мая біяграфія чыстая. Ніколі, ніводнага разу мяне не вінавацілі, што я быццам зрабіў штосьці благое для свайго народу. Калі даваў нямецкаму журналісту інтэрвію, сказаў наступнае: «З чортам кроўю падпішу дамоўленасць, каб толькі яны далі мне зброю, і я змог бы бараніць Беларусь».

Скончыўшы медыцынскі факультэт Марбурскага ўніверсітэта, на ваенным караблі накіраваліся з жонкай у ЗША. Шчыра кажучы, хацеў ехаць у Аргентыну ці Аўстралію, аднак жонка, у якой у ЗША жыў дзядзька, настаяла.

Цікавая размова адбылася, калі мы ўжо заходзілі на карабель. Правяральшчык глядзіць у мой пашпарт і кажа: «Хто Вы па нацыянальнасці?» - «Беларус». Той здзіўляецца: «Дык беларусы ж сталіся вольным народам, вяртайцеся на радзіму». Я не губляюся: «А я камуністаў не люблю». Мне ў лоб: «Ты што, - фашыст?» - «Чаму ж, я - дэмакрат». Той зарагатаў: «Тады, канешне, праходзь - будзеш у ЗША за нашую дэмакратычную партыю галасаваць». У той час пры ўладзе былі рэспубліканцы...

У Амерыцы я працаваў па спецыяльнасці - доктараманестэзіёлагам. Дачка Гелена нарадзілася, калі я яшчэ быў студэнтам у Нямеччыне. А сын Юзік з'явіўся на свет, калі мне было 44 гады! Я хацеў, каб ён таксама стаў лекарам, аднак сын выбраў іншы шлях - святарскі. Цяпер Юзік - знакаміты тэолаг, як місіянер нават да Беларусі дабраўся. Праўда, пратэстант.

Ёсць у мяне ўнукі, якіх я страшэнна люблю. У Фларыду перабраўся 15 гадоў назад: тут цудоўны клімат, цеплыня, мора. Дачка кажа, каб вяртаўся назад: «Буду цябе даглядаць». Аднак я і сам рады яшчэ даю, дый прызвычаіўся да Фларыды.

Прыехаўшы ў Дэтройт, адразу ж працягнулі нацыянальную справу. Мая жонка, якая раптоўна памерла ад раку, калі ёй было трохі больш за 50 гадоў, таксама была палымянай патрыёткай Бацькаўшчыны. Як і ўся яе інтэлігентная сям'я. Дарэчы, яе сястра яшчэ жыве ў Дэтройце, яна замужам за доктарамбеларусам Жывікам. Ведаеш, чалавеча, калі б я не быў у Дэтройце, ніхто б там не ведаў, што такое Беларусь, і хто такія беларусы. Справу сваю мы рабілі шчыра, самааддана, самаахвярна. Менавіта я заснаваў у Дэтройце праваслаўную парафію Святога Духа. Потым царкву напаткала бяда. Пра раскол у беларускім царкоўным жыцці сказанапісана шмат, таму спыняць на ім увагу не буду. Скажу адно: я заўсёды падтрымліваў беларускую аўтакефалію. Яна, а не вуніяцтва, мусіць быць нашай нацыянальнай рэлігіяй. Дарэчы, мяне хацелі высвяціць на святара, асабліва пасля смерці жонкі. Высвяціўся б - мог разлічваць стаць япіскапам. Але ўмяшаліся справы палітычныя, і я сказаў «выбачайце». І добра, бо я не веру ў Святую Тройцу...

Шчыра кажучы, я не збіраўся займацца палітыкай. Аднак у 1982 г. мяне нечакана абралі на пасаду старшыні Рады БНР. Хоць былы старшыня Вінцэнт ЖукГрышкевіч мяне не любіў, галасы за мяне падалі 70 % дэлегатаў. Раней ЖукГрышкевіч зрабіў мяне сакратаром па справах ветэранаў, заўсёды казаў, што палітычна я - няпісьменны.

Пісьменны, няпісьменны, але ж кіраваў 15 гадоў. Час майго праўлення хтосьці ахрысціў «брэжнеўскім застоем», але, паверце, гэта хлусня. Калі сыходзіў, галасаваў супраць цяперашняй старшыні Івонкі Сурвілы, і яна пра гэта ведае - хацеў, каб маё месца заняў Рагуля. Калі яе выбралі, я сказаў: «Івонка, будзеш нашай Маргарэт Тэтчар». Лічу, што яна добра кіруе справамі: усюды піша, прамаўляе. Сваім найвялікшым дасягненнем я лічу візіт на Радзіму ў 1993 г., калі святкаваліся 75я ўгодкі БНР. Ніколі не забуду гэтага гістарычнага моманту: я раблю прамову перад трыма тысячамі чалавек, усе скандуюць «Жыве Беларусь!» - і ў мяне цякуць сьлёзы... Ездзіў тады і ў Вільню, дзе адбыўся заклад магілы братоў Луцкевічаў. І ў Беларусі, і ў Літве за мной бегала прэса, усё пытала пра БНР. Я адказваў коратка: «Калі б не БНР, не было б БССР. Калі б не было БССР, не было б незалежнай Беларусі». Вось так, братка. Спаткаўся з нашымі адметнымі дзеячамі. Напрыклад, з Пятром Краўчанкам у добрым рэстаране пілі каньяк, з мітрапалітам Філарэтам. Апошні, дарэчы, абяцаў, што з цягам часу абавязкова пяройдзе на беларускую мову... Антыбеларускасць - страшэннае гора сучаснай Беларусі. Лукашэнка - хітры і здольны палітык. І сярод апазіцыі я сёння не бачу такіх жа здольных ды хітрых. Але ж, нягледзячы ні на што, Беларусь мусіць адрадзіцца.


Памёр народны артыст Віктар Роўда

Уначы на 18 лістапада на 87- м годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр народны артыст СССР і Беларусі , харавы дырыжор , прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ( БДАМ ) Віктар Роўда .

Віктар Уладзіміравіч Роўда нарадзіўся 10 лістапада 1921 года ў Смаргоні . У 1939 годзе скончыў Віленскую дзя-ржаўную духоўную семіна-рыю, у 1951 годзе - Літоўскую кансерваторыю ў класе народнага артыста Літоўскай Рэспублікі К. Кавяцкаса, потым аспірантуру пры Мас-коўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР, прафесара А.Свешнікава.

З 1951 года В.Роўда працаваў выкладчыкам Мас-коўскага харавога вучылішча і Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага, хормайстрам Дзяржаўнага акадэмічнага хору Саюза ССР імя Свешнікава., Беларускай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Р. Шырмы. Шмат гадоў прафесар Роўда В.У. узначальваў кафедру ха-равога дырыжыравання Бела-рускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

З верасня 1956 года В.У. Роўда працаваў галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком хору Беларускага тэлебачання і радыё.

Усю творчую энергію, веды і свой багаты вопыт працы ён накіраваў на тое, каб хор вырас у высокапрафесійны калектыў, які атрымаў шы-рокае прызнаннне і вядомасць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Актыўная зацікаўленасць, карпатлівая праца галоўнага дырыжора і артыстаў хору дапамаглі знайсці непаўторную выканаль-ніцкую манеру, тыя адметныя якасці, па якіх заўсёды можна пазнаць хор Беларускага тэлебачання і радыё (Белтэлерадыёкампаніі).

У жніўні 1990 года за вялікія заслугі ў развіцці музычнага мастацтва хору прысвоена ганаровае званне "Акадэмічны", а ў верасні гэтага ж года В.У.Роўдзе прысвоена ганаровае званне "Народны артыст СССР".

Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі быў утвораны ў 1931 годзе і з'яўляецца актыўным прапагандыстам народнай вакальнай творчасці.
Галоўная задача калектыву - далучыць шматмільённую аўдыторыю слухачоў да не-вычэрпнай крыніцы мудрасці і прыгажосці народнай песні. Пазнаёміць з творчасцю кампазітараў-класікаў і сучасных аўтараў, з найлепшымі ўзорамі духоўнай музыкі. Немагчыма пералічыць усе творы, якія былі выкананы за гады яго дзейнасці. У рэпертуары хору - творы розных стыляў і эпох, у якіх заўсёды чуецца ансамблевая дакладнасць кожнай партыі, мяккія, цёплыя фарбы гучання, выразнасць музычнай мовы. Вялізная колькасць запісаў хору захоўваецца ў фанатэцы Беларускага радыё. Тут прадстаўлены ўсе без выключэння жанры харавой музыкі: ад апрацоўкі невялікіх народных песень да твораў буйной формы (араторыі, кантаты). Многія з іх выкананы ўпершыню ў краіне.

Хор з'яўляецца першым выканаўцам і інтэрпрэтатарам твораў беларускіх кампазітараў. Вынікам цеснага супрацоўніцтва хору з бела-рускімі кампазітарамі з'яўляюцца новыя творы, спецыяльна напісаныя для акадэмічнага хору, якія потым развучва-юцца, выконваюцца і запіс-ваюцца ў фонд. Гуказапісы, зробленыя акадэмічным хорам, далі пуцёўку ў жыццё многім новым творам як мала-дых, так і ўжо вядомых бела-рускіх аўтараў.

Канцэрты ў розных залах Беларусі, гастролі ў блізкім і далёкім замежжы, удзел у Нацыянальных і Міжн-ародных музычных фестыва-лях і конкурсах - неад'емная частка жыцця калектыву. Хор пад кіраўніцтвам В.У.Роўды дэманстраваў сваё выканаль-ніцкае майстэрства ў Ватыкане, Германіі, Італіі, Польшчы, Славеніі, Прыбалтыцы, Расіі.

Шматлікія ўзнагароды, прызы, дыпломы сведчаць пра высокую ацэнку выканальніцкага майстэрства хору прафесіяналамі.

У ліпені 1989 года хор выязджаў на 24 міжнародны фестываль харавой песні ў Мендзыздроі (Польшча), на якім атрымаў Гран-пры, дып-лом за артыстычнае выкананне сваёй праграмы і спецыяльны прыз за выкананне конкурснага твора. У кастрычніку 1989 года калектыў удзельнічаў у першым Мінскім фестывалі духоўнай музыкі.

З'яўляецца пастаянным удзельнікам штогадовых фестываляў "Мінская вясна" і "Беларуская музычная во-сень".

У 1990 і 1991 гадах хор прымаў удзел у другім і трэцім фестывалях рускай праваслаўнай музыкі.

У жніўні 1990 года за вялікія заслугі ў развіцці музычнага мастацтва хору прысвоена ганаровае званне "Ака-дэмічны".

У 2001 годзе Акадэмічны хор атрымаў Гран-пры на фестывалі духоўнай музыкі ў горадзе Хайнове (Польшча).
У гэтым жа годзе за вялікія заслугі ў развіцці музычнага мастацтва хору было пры-своена ганаровае званне "За-служаны".

Па матэрыялах друку.


УВАГА!

Запрашаем наведаць выставу беларускай музыкі, кніг і часопісаў на сядзібе ТБМ (г. Менск. вул. Румянцава, 13). Працуем штодня, акрамя выходных, з 14.00 да 18.00.

Тут Вы можаце пазнаёміцца з новымі запісамі на CD, DVD, кнігамі з серыі "Беларускі кнігазбор", а таксама з новымі аўдыёкнігамі :

"150 пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі",

Мікола Ермаловіч "Лісты, выступы, гутаркі, вершы",

Дж. Оруэл "Ферма", "1984",

Андрэй Хадановіч "Абменьнік". Вершы і пераклады,

Максім Багдановіч "Вершы".

Новыя DVD : "Апакаліпсыс", "Лісты з Іўа Дзімы", "Тлум (Бабілён)" ды іншае.


Конкурс ці палітычная акцыя?

2-6 лістапада ў Полацку прайшоў конкурс даследчых работ школьнікаў Беларусі ды Расіі "Общность народов - общность литератур". Так, менавіта "общность", паруску, не па нашаму. Бо гэтае мерапрыемства выклікала шэраг балючых пытанняў, ці, хутчэй, паказала сумную праўду. Праўду пра нас.
Сам конкурс - гэта, канешне ж, цікава.Папершае, гэта спаборніцтва навуковай думкі, гэта першы вопыт маладых навукоўцаў. Падругое, за даволі сціслы адрэзак часу канкурсанты ( сярод якіх быў і я ) пражылі новае маленькае (ці вялікае - гэта ўжо як у каго атрымалася ) жыццё. Бо знайшліся і сябры, і сяброўкі, усе даведаліся шмат чаго цікавага і новага. З гэтага боку тыя пяць лістападаўскіх дзён назаўжды застануцца ў маёй душы і ў сэрцы.

Але, на жаль, усё добрае тым і абмяжавалася.І гэта не толькі мой уласны погляд, такое ж меркаванне зрабілі шмат юнакоў ды дзяўчат як з Беларусі, так і з Расіі.Па сутнасці, гэта быў конкурс аднаго народа і адной літаратуры - рускай. Бо беларускія ўдзельнікі амаль поўным складам абыякавапамяркоўна аднесліся да сваёй роднай мовы і культуры. Колькасць даследчых работ, якія былі напісаны пабеларуску, можна было пералічыць пальцамі аднае рукі (іх увогуле было 2 ці 3), удзельнікі да таго ж не карысталіся роднай мовай… Але ж не ўсе такія несумленныя .Напрыклад, каманда Менскай вобласці, якая на працягу ўсяго конкурса размаўляла толькі пабеларуску.

А астатнія… Тыя ж вядоўцы на канцэртах з нагоды адкрыцця і закрыцця конкурсу. Як было б прыгожа і патрыятычна, калі б яны праводзілі канцэрты на беларускай мове. Вось хтосьці скажа, што тады б рускія нічога не зразумелі б. Дык я і адкажу, што менавіта дзеля таго і былі прадугледжаны дзве пары вядоўцаў - адна пара кажа пабеларуску, другая - паруску. Проста, лагічна і рацыянальна. І, галоўнае, пасяброўску. А калі ўжо казаць зусім адкрыта, дык вось што: тыя рускія юнакі ды дзяўчаты, якія жадалі мяне зразумець, добра разумелі і без перакладчыка. І пэўная частка рускай моладзі зацікавілася нашай мовай, гісторыяй ды культурай.

А вось на афіцыйным узроўні атрымалася невядома што. Кінуць са сцэны колькі слоў пабеларуску, нібы тую костку сабакам. І яшчэ намагаюцца падаць гэта за экзотыку, спрабуюць апранаць простыя, мілыя словы ў адзенне нейкага кепскага жарта. І чырвонай ніткай праз усё - "Беларусь і Расія, Расія і Беларусь…" Адным словам - "союз нерушимый". А калі проста цвяроза паглядзець, то каму гэта патрэбна?Але тады мне было проста сорамна. Сорамна перад нашымі рускімі гасцямі, сорамна за сваіх суайчыннікаў…

Але ж, напэўна, трэба вярнуцца непасрэдна да конкурса.Не буду я нічога казаць пра тэмы даследванняў, што былі прапанаваны ўдзельнікам. Гэта не мая справа. Але я ўсё ж такі не згодзен з уключэннем у спіс тэм "Слова пра паход Ігаравы". Бо, асаблівай "общности" ў гэтым творы я не назіраю (можна, канешне, прыгадаць пераклады "Слова…" Купалы ды Барадуліна, каб праз гэта выйсці на "общность"). А яшчэ мяне закранула тое, што даследчыкі, якія абаранялі работы па гэтай тэме, абапіраліся на матэрыялы Д.С. Ліхачова, які адмаўляў факт існавання беларусаў як нацыі. Гэта выклікала моцны пратэст майго нацыянальнага пачуцця.

Што да тэм рытарычнага конкурсу, то тут увогуле няма чаго казаць. Як вам тэмы кшталту "приветственная речь президента союзного государства Беларуси и России ", "как вам видится будущее союзного государства?" и да т.п.?

Я ж выцягнуў тэму "ценит ли свою культуру наш народ?" Але мне "параілі" пакінуць гэтую тэму, бо яна "надта небяспечная" і рыхтавацца па другой тэме білета.
Вось усім гэтым нам яшчэ раз даюць зразумець, што палітызацыі і палітыкі нам ні ў якой сферы і ні ў якім разе не пазбегнуць, яна знаходзіць нас паўсюль і заўсёды. Дык ці не за лепшае было б самім "знайсці" гэтую палітыку, каб не проста бяздумна кудысьці паўзці, а быць кіроўцам і гаспадаром свайго жыцця - фізічнага і духоўнага, грамадскага ды палітычнага.

Дык пра што гэта я? Конкурс… "Общность народов - общность литератур."
Вось вам і "общность литератур и народов", вось як мы зберагаем сваю культуру… А мо і трэба было арганізатарам гэтае акцыі яшчэ раз адмовіць факт існавання беларускай нацыі, мо і сапраўды не трэба ўжо нам нашая мова і культура?.. Не! Я з гэтым ніколі не пагаджуся і нікому не дазволю ўбіваць такія шкоднавар'яцкія ідэі ў галовы сваіх суайчыннікаў і сяброў з замежжа.

І пакуль гэта так - ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Удзельнік конкурсу.

На здымках: падчас канцэрту; выступае прадста-ўнік Беларусі Яўген Балбераў.


Каб помнілі і ведалі

Праходзяць гады, усё далей аддаляюцца 80я, калі пачало адраджацца беларускае жыццё пасля пяцідзесяцігадовага перапынку, яго пачыналі нашчадкі беларускай інтэлігенцыі пачатку ХХ стагоддзя браты Лявон і Юрка Луцкевічы, Лявон Кароль, Хведар Нюнька, сярод іх і Мікола Рулінскі вучань легендарнай Віленскай Беларускай гімназіі. Ён браў актыўны ўдзел у розных беларускіх імпрэзах, меў добры голас, у міжваенны перыяд спяваў у царкоўным хоры ў Пятніцкай царкве, пазней у СвятаДухавым манастыры разам з братам Зміцерам Рулінскім. Мне пашчасціла пазнаёміцца з Міколам у 1985 годзе і сяброўства доўжылася да апошніх дзён яго жыцця. Сустракаліся мы часта, жылі на адной вуліцы, калі я прыходзіла да яго, ён спяваў "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" любімая песня яго маладосці, "Магутны Божа", якая стала гімнам беларусаў Вільні, "Ой. Нёман", чытаў вершы Янкі Купалы. Ад яго я ўпершыню пачула пра эскадрон Барыса Рагулі, у якім служыў Мікола Рулінскі. У 1997 годзе ў Вільні адбылася рада БНР, праз шмат гадоў сустрэліся былыя рагулеўцы ў гістарычнай Вільні. Барыс Рагуля прыляцеў з Канады. Тады ён наведаў і сям'ю Міколы Рулінскага. Старшыня Таварыства Беларускай Культуры ў свой час некалькі разоў прапаноўваў зняць відэафільм пра Міколу Рулінскага. Кастуся Шышэю, Адкладвалі на пасля, баяліся, абодва адбывалі пакаранне ў сталінскіх лагерах за тое, што былі шчырымі беларусамі. 9 лістапада па беларускім тэлебачанню паказалі фільм "Преступление века" пра "рагулеўца" Цімафея Баршчэўскага, які дажывае свой век у Гомелі, што зрабіла з чалавекам сістэма, вельмі страшна, яго паказваюць, як злачынцу века, хоць ужо і ХХІ стагоддзе. Вось, што значыць жыць у Беларусі .Цяпер я разумею Міколу Рулінскага, які бясконца гаварыў, каб не пашкодзіць родзічам, якія жывуць у Беларусі.

Ён нават не рэабілітаваны,не палічыў патрэбным. Няма ўжо сярод нас ні Кастуся Шышэі, ні Міколы Рулінскага. У кастрычніку споўнілася 5 год, як адышоў у іншы сьвет Мікола Рулінскі. У ТБК адбыўся вечар яго памяці успамінамі падзяліліся тыя, хто яго ведаў, чыталі вершы. Ён меў не толькі добры голас, а яшчэ пісаў вершы. маляваў краявіды, займаўся фатаграфіяй, граў на гітары. На мерапрыемстве былі паказаны фотаздымкі: сустрэча былых вучняў ВБГ, рада БНР, мерапрыемствы ў ТБК, дзе ўдзельнічаў М.Рулінскі. Яго пахавалі як героя, і на яго магіле заўсёды ёсьць белачырвонабелыя кветкі.

Адзначалі і чарговыя ўгодкі з дня нараджэньня яшчэ аднаго беларускага патрыёта Мар'яна Пецюкевіча, этнограф, вучоны, грамадскі дзеяч асоба, якая шмат зрабіла для беларускай культуры.

У выдавецтве ТБК выйшла шмат кніг М. Пецюкевіча. Ды і да гэтага мерапрыемства рыхтавыаліся загадзя улетку актывісты таварыства начале з старшынём , які быў за кіроўцу ўласнага аўтамабіля. здзейснілі вандроўку на азёрную Браслаўшчыну, наведалі краязнаўчы музей, у якім знаходзяцца экспанаты, кнігі М. Пецюкевіча, пабывалі ў вёсцы Цяцеркі, у якой нарадзіўся, сустрэліся з старэйшай жыхаркай, якая помніла М. Пецюкевіча, зрабілі фотаздымкі. Пра яго жыццё і дзейнасць гаварылі Л. Мілаш, Хв. Нюнька. У сядзібе ТБК дзейнічае выстава яго кніг, фатаграфіі пад час сустрэчы з яго дачкой Марыляй Пецюкевіч. На мерапрыемстве прысутнічаў і сын Галіны Антонаўны ВойцікЛуцкевіч, ён перадаў для таварыства бюст Івана Луцкевіча, каштоўныя дакуманты Мар'яна Пецюкевіча (дыплём універсітэта, фатаграфіі, лісты Марылі Пецюкевіч да Зоські Верас), іх перададуць у браслаўскі музэй.

Гэтым разам адзначылі і ўгодкі з дня нараджэння "вечнага вандроўніка", мастака Язэпа Драздовіча, ужо пачалі рыхтавацца да 110-годдзя. Пад час вандроўкі на Браслаўшчыну наведалі магілу мастака ў вёсцы Ліпляны, яго маці ў вёсцы Германавічы, наведалі адзіны музей Язэпа Драздовіча, сустрэліся з заснавальніцай музея Адай Райчонак, краязнаўцам К. Кажаном, ён правёў экскурсію па музеі, праехалі Шаркаўшчыну, Глыбоччыну. Гэтыя мясціны пешшу абышоў мастак, экскурсію вёў Алесь Адамковіч, ён на мерапрыемстве расказваў пра Я.Драздовіча, паказаў фільм "Зорны шлях", адзін з аўтараў А.Адамковіч. Да Драздовіча едуць і беларусы Вільні, яго лёс і жыццё звязаны і з нашым горадам, усе ведаюць скарынаўскі знак на Дамініканскай вуліцы, яго абаранялі беларусывіленчукі, каб захаваць для нашчадкаў, калі рамантавалі будынак. У апошняй кнізе "Свабода да апошняга дыхання"пісьменніца Вольга Іпатава піша пра Язэпа Драздовіча: "Ёсць пра што гаварыць, паказваць, абвяшчаць свету. Яго вобраз і творчасць уздымаюць усіх нас беларусаў. Я веру, што мы дачакаемся новых фільмаў пра Творцу, які ўсё жыцьцё жыў так, як тварыў- свабодным"...

Леакадзія Мілаш

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX